Папярэдняя старонка: Лыч Л.М.

Першаму з'езду беларусаў свету-20 гадоў 


Аўтар: Лыч Леанід,
Дадана: 19-01-2015,
Крыніца: Мінск, 2013.

Спампаваць




ЛЕАНІД ЛЫЧ

ПЕРШАМУ З'ЕЗДУ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ - 20 ГАДОЎ

Мінск
2013

Леанід Лыч. Першаму з'езду беларусаў свету - 20 гадоў. Мінск, 2013. 108 с.

Кніга прысвечана станаўленню і дзейнасці Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" па наладжванні стасункаў метраполіі Беларусь са сваім блізкім і далёкім замежжам. Падрабязна асвятляецца, які вялікі ўклад для дасягнення гэтай мэты мелі Першы сход беларусаў блізкага замежжа і Першы з'езд беларусаў свету. Разлічана на тых, каго цікавяць праблемы сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі і яе дыяспары.


Уступ

Уступ

1. Эмігрантам выдаюць візы

2. Фармаванне структуры кіравання эміграцыйнай працай

3. Узаемазбліжэнне метраполіі і дыяспары

4. На сход, беларусы, на сход!

5. Першы З'езд беларусаў свету - знакавая падзея ў гісторыі краіны

А. Размова за "круглымі сталамі"

Б. Звароты і дэкларацыі З'езду

В. Адгалоскі З'езду

ДАДАТАК

1. Беларуская нацыя ў небяспецы.

2. Удзел дзяржаўнага чыноўніцкага апарату ў руйнаванні нацыянальна-культурных традыцый беларускага народа.


Сваю кнігу прысвячаю
першаму старшыні
Згуртавання беларусаў свету
"Бацькаўшчына"
Яўгену Лецку

Уступ

У многіх дачыненнях для нас, беларусаў, сёлетні год з'яўляецца годам знакавым. Характарызаваць яго такім эпітэтам дае шмат што з нашага няпростага жыцця, у тым ліку і праведзены 23-24 ліпеня ў Мінску Шосты з'езд беларусаў свету. Першы ж такога роду форум адбыўся роўна дваццаць гадоў таму назад. Як тады, так і сёння гэтыя знамянальныя сустрэчы беларусаў метраполіі і замежжа не былі абыдзены ў сродках масавай інфармацыі. У апошнім выпадку гэта ў найбольшай ступені датычыць неафіцыйных СМІ, галоўным чынам газет "Народная Воля" і "Наша слова". Асвятляць жа такога роду мерапрыемствы архіважна, бо паводле самых прыблізных звестках сёння па-за тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь жыве парадку 2,5-3 мільёны нашых суродзічаў. Сярод іх, як ніколі раней, адбываецца магутнай, неадольнай сілы працэс культурна-моўнай асіміляцыі, да чаго не могуць быць абыякавымі ні кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, ні яе прагрэсіўна з'арыентаваная на нацыянальны інтарэс частка грамадства. Трэба не забывацца, што з пераходам людзей у выніку асіміляцыі на жыццё згодна з чужымі культурна-моўнымі стандартамі ў яе ахвяраў слабее, а не дык і зусім адыходзіць у нябыт усведамленне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, яны, за рэдкім выключэннем, залічваюць сябе да таго народа, чыімі духоўнымі каштоўнасцямі пачалі задавальняць сябе. Такая непажаданая, шкодная нацыянальная трансфармацыя асабліва інтэнсіўна адбываецца сярод тых адарваных ад роднага дома людзей, якія і раней не ўмелі як след шанаваць сваё, ганяліся за чужым. Гэтая па ўсіх пазіцыях адмоўная з'ява мала каму з народаў прычыніла такую велізарную шкоду, як беларусам. Ніколькі не памылюся, сказаўшы, што за апошнія сто гадоў мільёны іх бясследна растварыліся ў гушчы іншых народаў, пераважна тытульных. Каб хоць сёння збольшага зменшыць этнічныя страты нашага народа, неабходна сістэмная супольная праца самой дзяржавы, прагрэсіўных колаў грамадства Рэспублікі Беларусь і яе дыяспары па ўсталяванні цеснай дзелавой садружнасці, распрацоўцы канцэпцыі па захаванні этнакультурнай самабытнасці беларусаў як у сябе на радзіме, так і за мяжой. Калі ў гэтым кірунку нічога не рабіць, бясклапотна сядзець, склаўшы рукі на калені, нас вельмі хутка - раней за ўсе еўрапейскія народы - праглыне ненажэрная глабалізацыя. Не знаходжу аніякага апраўдання ў адсутнасці і пасёння спецыяльнага закона "Аб беларусах замежжа", распрацоўкай якога ўжо дзесяць гадоў займаюцца адпаведныя дзяржаўныя структуры.

Для ўсіх, без выключэння, краін Еўропы сустрэча з прадстаўнікамі сваёй дыяспары - гэта самае знакавае з усіх знакавых мерапрыемства, прысутнічаць на якім за вялікі гонар лічаць першыя дзяржаўныя асобы. У нас такую цалкам заслужаную ўвагу да сябе меў толькі праведзены 8-10 ліпеня 1993 г. Першы з'езд беларусаў свету: на ім прысутнічаў і прывітаў яго ўдзельнікаў Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч. Усе ж астатнія з'езды беларусаў свету з'яўляліся для палітычнага кіраўніцтва іх Бацькаўшчыны не больш, як нейкім другарадным мерапрыемствам: улады не бралі на сябе аніякага абавязку па іх фінансаванні. Згуртаванню беларусаў свету "Бацькаўшчына" даводзілася нават самому плаціць за арэнду памяшкання, дзе праходзіў з'езд. А ў якім офісе яно штодзённа ажыццяўляла і ажыцяўляе сваю прафесійную дзейнасць? Па вялікім рахунку нават сорамна прыняць шаноўнага госця з-за мяжы. Пры такім абыякавым стаўленні афіцыйных уладаў да беларускай дыяспары наўрад ці яна зможа захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, быць у стане хоць чымсьці дапамагчы мацерыковым беларусам засцерагчы сваю этнакультурную самабытнасць ад эразійнага ўздзеяння на яе, як ніколі раней, магутнай, дзяржаўнага характару рускай культурна-моўнай асіміляцыі.

Трэба сказаць, што ў пераломныя гады айчыннай гісторыі перадавыя людзі нашай зямлі заўжды звярталіся да сваіх братоў і сёстраў, што па розных прычынах апынуліся па-за роднай Бацькаўшчынай, каб аб'яднанымі намаганнямі шукаць надзейныя шляхі яе выратавання ад любых формаў прыгнёту. Прыгадаем наш нялёгкі складаны пасля кастрычніка 1917 г. час. Неўзабаве пасля тых рэвалюцыйных падзей суседзі Беларусі ўжо паспелі самавызначыцца ў самастойныя дзяржавы, а нашаму народу з-за яго раз'яднанасці ніяк не ўдавалася здзейсніць такога рыўка. З усіх бакоў рабіліся замахі па захопе беларускай гістарычнай тэрыторыі, для чаго пускаліся ў ход плёткі быццам бы беларусы не ўяўляюць сабой цэласнага, самабытнага этнасу. У гэты час вельмі важным было як мага хутчэй і цясней згуртаваць беларускі народ у адну адзіную грамаду, не забываючы і пра тых, хто жыў на чужбіне. Значэнне дадзенага фактару вельмі добра разумела рэдакцыя нацыянальна-дэмакратычнага кірунку газеты "Вольная Беларусь" (рэдактар Язэп Лёсік). У адным з яе нумароў пісалася: "Народная сьвядомасць збліжае і злучае людзей у адну моцную сям'ю. Даражэйшы і мілейшы нашаму сэрцу будзе кожны беларус, хоць бы ён надалей ад нас жыў, бо ён належыць да нашага беларускага народа, бо гэта наш брат па народнасьці."

З прыведзенай цытаты лагічна вынікае, як нам важна, каб закінутыя ў розныя краіны беларусы пачувалі сябе такімі не па месцы нараджэння, а па культуры і мове, каб мелі ў сябе дастаткова моцы, жадання, здольнасці супрацьстаяць руйнавальным асіміляцыйным працэсам і не трацілі свайго адзінага ва ўсім цывілізаваным свеце нацыянальнага аблічча на шматколернай культурнай ніве планеты Зямля, мелі свой адметны ад іншых цудоўны загончык. Менавіта такімі прагрэсіўнымі задумамі кіраваліся не толькі ўсе сябры Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", а і многія дзяржаўныя, грамадскакультурныя дзеячы, увогуле людзі непахіснай нацыянальнай арыентацыі, калі ў ліпені 1993 г. ладзілі ў Мінску проста незвычайны, унікальны для нашай айчыннай гісторыі шырока прадстаўнічы форум - Першы з'езд беларусаў свету. З такіх жа нацыянальна-патрыятычных пазіцый і сёння зыходзілі тыя, хто рыхтаваў чарговы шосты па ліку з'езд беларусаў свету.

Будзем жа да канца самакрытычнымі і шчыра прызнаем, што мы, беларусы, сталіся як след непадрыхтаваныя да выклікаў сусветнай глабалізацыі, за дваццаць гадоў пасля Першага з'езду беларусаў свету панеслі каласальныя нацыянальныя нематэрыяльныя страты. Мільёны беларусаў метраполіі, блізкага і далёкага замежжа беззваротна адарваліся ад роднай культуры і мовы, сталі перакананымі спажыўцамі аналагічнага роду чужых духоўных каштоўнасцяў. У гэтай крайне неспрыяльнай для Беларусі сітуацыі моцнага маху дала інтэлігенцыя, у тым ліку і творчая. Замест таго, каб на ўсю шырыню сваіх грудзей стаць насупраць культурна-моўнай асіміляцыі, гэты пласт грамадства хуценька павярнуўся да яе спіной і супольна са здэнацыялізаваным натоўпам людзей пачаў выпіхаць на задворкі родную культуру і мову беларускага народа. Найбольш жа ўвішныя прадстаўнікі інтэлігенцыі палічылі за лепшае ў той складанай сітуацыі даць драпака за мяжу, часта выкарыстоўваючы дзеля гэтага свае сяброўскія сувязі з эмігрантамі, чым толькі аслаблялі супраціў асіміляцыі. З ёю, пры шчырым жаданні, можна вынікова змагацца, застаючыся толькі са сваім народам, не пакідаючы бацькоўскага дома. Гэта польскім эмігрантам у Францыі ўдалося ў ХІХ стагоддзі арганізаваць два нацыянальна-вызвольныя паўстанні ў 1830-1831 і 1863-1864 гг., каб вярнуць палітычную незалежнасць сваёй краіны, выратаваць яе народ ад рускай культурна-моўнай асіміляцыі. Беларуская эміграцыя і ўчора, і сёння - гэта не польская эміграцыя. Дай божа, каб у нашых эмігрантаў хаця б хапіла сілы, магчымасці, жадання ствараць фонд для фінансавання выдання ў метраполіі хоць адной саліднай газеты, аднаго часопіса, выпуску літаратуры нацыянальна-адраджэнскага характару. Сучаснае дарэшты зруйна ванае нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі знаходзіцца на такой стадыі дэградацыі, што выезд за мяжу нават трох-пяці не адарваных ад роднай глебы чалавек уяўляе сабой вялікую страту для нацыянальнага інтарэсу. Не эміграцыя, а рээміграцыя - вось што толькі можа прынесці яму карысць. Зразумела, у апошнім выпадку размова ідзе толькі пра зваротнікаў са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю, перакананых носьбітаў беларускай культуры і мовы, на якіх такі велізарны дэфіцыт мы зведваем сёння і не знаходзім аніякіх магчымасцяў хоць трохі яго зменшыць.

Як бы цяжка ні было, але трэба пагадзіцца з тым, што сённяшняя беларуская дыяспара не на адзін парадак адстае ад той, што сфармавалася ў 1950-я гады і жыла да канца ХХ стагоддзя. Дваццаць гадоў таму народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў меў дастаткова падставаў з усёй катэгарычнасцю казаць, што наша дыяспара можа стаць захавальніцай беларускага нацыянальна-культурнага генафонду. Сённяшняя, падаецца мне, беларуская дыяспара не здольная быць такім чыннікам, бо яе арганізм занадта ўжо засмечаны рускамоўным матэрыялам. У многіх яе людзей і дома, і на чужыне на першым месцы стаіць матэрыяльная выгода, а не нацыянальны інтарэс. А як добра, каб усё было наадварот, бо не выключаецца варыянт, калі і надалей улады нашай краіны будуць праводзіць ашалелую палітыку русіфікацыі, нацыянальна-самасвядомым беларусам (нават і ў колькасці 100 тыс. чалавек) давядзецца дзеля выратавання хоць частачкі свайго народа ад асіміляцыі пакінуць бацькоўскі дом і прасіць прытулку ў любым куточку зямной кулі. Мне думаецца, што яго хутчэй за ўсё можна было б знайсці ў не так шчыльна заселенай Аўстраліі. Паколькі яе карэннае насельніцтва і пасёння цалкам не пераадолела цяжкіх наступстваў каланіяльнага прыгнёту, яно магло б вельмі гасцінна сустрэць на сваёй зямлі беларусаў-уцекачоў ад свайго ўласнага антынацыянальнага палітычнага рэжыму. Не сумняваюся, такі выратавальнага характару ўчынак беларусаў знайшоў бы паразуменне і падтрымку ўсяго цывілізаванага свету. Дык мо давайце асабліва не будзем марудзіць? Час ляціць на карысць усяго рускага на беларускім абшары, а не нацыянальна-беларускага. З кожным годам на Радзіме застаецца ўсё менш і менш тых, хто жыве адпаведна з беларускімі культурна-моўнымі стандартамі. Паводле свайго ўкладу Беларусь няўмольна пераўтвараецца ў ліхой памяці "Северо-Западный край России". І гэты працэс можа стаць рэальнасцю, паколькі за яго плячыма стаіць магутны, добра спрактыкаваны ў сваёй сістэмнай русіфікатарскай палітыцы шматлікі сваёй колькасцю дзяржаўны чыноўніцкі апарат. Пакуль жа гэта ліха не агорала Беларусь, трэба мацаваць, гуртаваць яе ўнутраныя і знадворныя нацыянальныя сілы, максімальна выкарыстоўваючы набыты ў мінулыя гады досвед і асабліва той, што назапасілі ў час падрыхтоўкі да Першага з'езду беларусаў свету.

Аўтар выказвае шчырыя словы падзякі загадчыку аддзела ўсеагульнай гісторыі і міжнародных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі Міхасю Кошалеву за дапамогу ў падрыхтоўцы рукапісу да друку. Яго цікавыя ўспаміны і ўражанні папоўнілі карціну тых насычаных падзеямі дзён, былі ўключаны ў тэкст гэтай працы. Шмат карысці атрымаў аўтар ад заўваг і прапаноў акадэміка НАН Беларусі Радзіма Гарэцкага, Валеры Герасімава, Барыса Стука, за што ім вельмі ўдзячны.

1. Эмігрантам выдаюць візы

Не сакрэт, што многія знакавыя падзеі другой паловы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя так ці інакш звязаныя з Гарбачоўскай перабудовай. Палітыкі, навукоўцы не маюць - і, думаю, не будуць мець - адзінага погляду на яе, што цалкам заканамерна. Пры ўсёй супярэчлівасці поглядаў на гэтую неардынарную з'яву трэба прызнаць, што пры яе адсутнасці Беларуская ССР, як і ўсе астатнія саюзныя рэспублікі, не мела б і дзесятай долі з таго, што яна ў першую чаргу атрымала з ласкі Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Хто гэта раней мог падумаць, што Беларусь стане суверэннай дзяржавай?! Шкада толькі, што сімвалічна.

Яшчэ да здзяйснення ў ліпені 1990 г. такой важнай палітычнай акцыі перадавыя колы беларускага грамадства пачалі рабіць незвычайныя для ўсіх папярэдніх гадоў крокі па выратаванні нацыі ад стратных наступстваў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, якую так паспяхова, на вялікую радасць Маскоўскага Крамля праводзілі ў апоры на мясцовую здэнацыяналізаваную інтэлігенцыю партыйныя і савецкія органы БССР. Не толькі сапраўднага супраціву, але нават і асцярожнай, памяркоўнай крытыкі ніхто не асмельваўся даць той злачыннай палітыцы. І як гром сярод яснага неба, 15 снежня 1986 г. (праз паўтара гады перабудовы!) на свет з'явіўся ліст на імя М. Гарбачова, аўтары якога ўзялі на сябе смеласць даць адмоўную ацэнку нацыянальнай палітыцы кіраўніцтва рэспублікі, асабліва ў галіне мовы. Для праверкі прыведзеных у лісце фактаў ЦК КПСС накіраваў у Беларусь адмысловую камісію, якая прызнала наяўнасць сур'ёзных адхіленняў у нацыянальна-культурнай палітыцы. З 28-мі падпісантаў (да іх належаў і аўтар гэтых радкоў) ніхто не быў пакараны. Не сумняваюся, у гады брэжнеўскага кіравання краінай ніхто з інтэлігенцыі не адважыўся б удзельнічаць у складанні такога ліста, і не толькі з-за страху панесці пакаранне, але і не ў малой ступені з-за бесперспектыўнасці такой задумы.

Пасля пасылкі ў Маскву згаданага вышэй ліста ў нацыянальна-культурнай палітыцы партыйна-савецкага кіраўніцтва БССР напачатку не адбылося ніякіх пазітыўных перамен. Махавік русіфікацыі не запавольваў абароты. Але ж не бяздзейнічалі, не спалі і нацыянальна-патрыятычныя сілы рэспублікі, пільна ўглядаючыся да ўсяго, што адбывалася на неабдымнай савецкай прасторы. А адбывалася нямала перспектыўнага. Трэба прызнаць, што ў той час БССР у развязванні набалелых нацыянальна-культурных праблем на два-тры парадкі адставала ад усіх саюзных рэспублік. Прычына: страшэнная зрусіфікаванасць грамадства, найперш саміх палітыкаў, інтэлігенцыі, у тым ліку і творчай. Калі ў абсалютнай бальшыні саюзных рэспублік нацыянальна-адраджэнскі працэс узначалілі першыя сакратары іх кампартый, у Беларусі, наадварот, такая асоба ні на крок не жадала адступіць ад хвалёнай ленінскай нацыянальнай палітыкі - галоўнай віноўніцы этнічнай смерці многіх народаў СССР, сярод якіх праз якую-небудзь чвэртку стагоддзя апынуліся б і беларусы. На шчасце, лёс змілаваўся над імі. Вось, каб і сёння паўтарылася такое!

Яўна насуперак волі партыйных вярхоў БССР у чэрвені 1989 г. быў створаны Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" (устаноўчы з'езд адбываўся ў Вільні). Старшынёй Сойму БНФ абралі вядомага ў рэспубліцы грамадска-культурнага дзеяча, навукоўца Зянона Пазьняка.

У гэтым жа месяцы пераломнага для нашай айчыннай гісторыі года адбылася таксама вельмі важная нацыянальная падзея - устаноўчы з'езд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Прычым нараджалася, стваралася яно ўжо не насуперак, а са згоды высокіх партыйных і савецкіх органаў рэспублікі. Яго заснавальнікі: Саюз пісьменнікаў Беларусі, міністэрствы адукацыі, культуры БССР, інстытуты мовазнаўства і літаратуры Акадэміі навук БССР, Дзяржаўны камітэт БССР па друку, Беларускі фонд культуры, таварыства "Радзіма", Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, Нацыянальная тэлерадыёкампанія БССР. Вельмі занядбаны з-за сістэмнай русіфікацыі стан беларускай мовы з аднаго боку і яе выключна важная роля у лёсе народа - з другога абумовілі ўдзел такіх аўтарытэтных уладных і ведамасных структур у стварэнні, дзейнасці надзвычай патрэбнага ў той час краіне таварыства. Узначаліў жа яго народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Мінула ўсяго толькі паўгода, як пры самым актыўным удзеле гэтага таварыства быў распрацаваны і прыняты Вярхоўным Саветам БССР Закон "Аб мовах у Беларускай ССР", у адпаведнасці з якім беларуская мова атрымала законны толькі для яе адной у нашай краіне статус адзінай дзяржаўнай. Вось што значыць надаць нацыянальна-адраджэнскаму працэсу дзяржаўны характар. Закон "Аб мовах у Беларускай ССР" смела, беспамылкова можна назваць Законам ХХ стагоддзя.

Ужо на другім-трэцім гадах Гарбачоўскай перабудовы выявіліся пазітыўныя зрухі ў стаўленні не толькі саміх людзей, але і ўладных структур да беларускай пасляваеннай эміграцыі, сканцэнтраванай галоўным чынам у заходніх краінах. На яе ўсё менш і менш пачыналі глядзець, як на штосьці злачыннае, варожае. І тут не было аніякай памылкі. З розных крыніц інфармацыі ўсё больш шырокаму колу людзей станавілася вядома, што крывавая, асабліва для беларусаў, вайна з фашысцкай Германіяй вымусіла нямалую частку нашай інтэлігенцыі, каб не загінуць з голаду, пайсці на службу ў створаныя акупантамі органы мясцовага кіравання, падначаленыя ім ведамствы, прадпрыемствы і ўстановы. Сярод такіх людзей знаходзіліся асобы, па віне якіх не праліта ні кроплі беларускай крыві. Але ад страху быць сурова пакаранымі з прыходам Чырвонай Арміі многія з іх з вялікім болем у душы папакідалі свае родныя котлішчы. Хто выратаваўся ўцёкамі на Захад, не баяўся, не саромеўся сваёй беларускасці і ў бальшыні выпадкаў заставаўся там доўгі час, а не дык і да самага скону, да канца адданым роднай культуры і мове. Аб літаратурным патэнцыяле беларускага замежжа добра можна меркаваць па творчых набытках пісьменнікаў. Сярод іх у першую чаргу адзначу Вітаўта Тумаша, які раней, чым тут у нас на Беларусі, пачаў працаваць над Скарынадай, Ул. Глыбіннага з яго 12 кнігамі і 330 артыкуламі, Аўгена Калубовіча аўтара манаграфіі "Мова ў гісторыі беларускага пісьменства" (1978 г.), кнігі ўспамінаў пра савецкія канцэнтрацыйныя лагеры "На крыжовай дарозе" (1986 г.).

Затое шмат чаго крытычнага можна было сказаць у 1980-я гады пра беларусаў, у якіх не мелася патрэбы шукаць паратунку за мяжой. У многіх з іх ад нацыянальнай культуры і мовы засталіся толькі адны парэшткі, бо ўжо шмат чаго роднага, свайго было спаралізавана працяглай дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі. Ні ў адной з саюзных рэспублік так старанна, дасканала не праводзілі яе, як у БССР, што добра даецца ў знакі і па сёння. Ніводзін беларускі нацыянальна свядомы эмігрант не жадаў яе бачыць такой.

Чым усё гэта магло б закончыцца, не цяжка прадбачыць. На шчасце, крутыя перабудовачныя перамены ў нацыянальнай палітыцы КПСС дакаціліся і да Беларусі, што істотным чынам паўплывала не толькі на яе ўнутранае, але і вонкавае жыццё, у т.л. і на афіцыйнае стаўленне да сваёй шматлікай дыяспары. Без усялякай ініцыятывы з боку ўладных структур, грамадскіх арганізацый пачасціліся выпадкі наведвання нашымі эмігрантамі сваёй дарагой незабыўнай радзімы. Немалую ролю ў гэтым адыграла і Чарнобыльская катастрофа. Што яна паскорыла, трохі шырэй прыадчыніла шлюзы для сувязяў метраполіі з дыяспарай, можна меркаваць з прыняцця ў 1989 г. пяццю грамадскімі арганізацыямі БССР і праваслаўнай царквой "Звароту да суайчыннікаў свету" з просьбай дапамагчы ў выратаванні людзей аб гэтай страшэннай чумы ХХ стагоддзя. У ліку тых пяці арганізацый, зразумела, было і таварыства "Радзіма" з яго нязменна галоўнай функцыяй ажыццяўляць сталую сувязь з зарубежнымі супляменнікамі. Калі спачатку ў адказ на Зварот у Беларусь паступалі ў звычайным парадку толькі грузы, дык пазней разам з імі прыязджалі і ахвярадаўцы.

На гэтую вялізную бяду адгукнуліся самыя розныя прадстаўнікі беларускай дыяспары. Сярод іх быў і ваеннапалонны беларус Міхаіл Мельнік. Пасля заканчэння вайны жыў на тэрыторыі Заходняй Германіі. Калі даведаўся пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, страшэнна перажываў за сваю краіну. Увосень 1989 г. ён падаўся ў Беларусь, прывёз з сабой 10 тыс. аднаразавых шпрыцоў і шмат рознага іншага медыцынскага абсталявання. Падобным чынам мог паступіць толькі вялікі патрыёт сваёй Радзімы. Такое высокароднае пачуццё захаваў М. Мельнік, нягледзячы на тое, што дзясяткі гадоў пражыў за яе межамі.

Станавілася нярэдкасцю, калі ў Беларусь цэлымі сем'ямі прыязджалі эмігранты з цалкам заканамерным для іх жаданнем наведаць дарагую айчыну, сустрэцца, пагаварыць з роднымі і блізкімі, з якімі так надоўга разлучылі праклятая фашысцкая акупацыя, усталяваныя ў пасляваеннай БССР далёка не дэмакратычныя палітычныя парадкі. І што вельмі важна, практычна ніхто з яе жыхароў асабліва не глядзеў на эмігрантаў, як на заклятых ворагаў, здраднікаў, хаця савецкая прапаганда так шмат і так доўга папрацавала над фармаваннем у людзей такога негатыўнага погляду на іх.

Сапраўдны пераварот у стаўленні жыхароў нашай краіны да сваёй эміграцыі зрабіў гасцявы прыезд з Амерыкі на радзіму бацькоў беларуска-ўкраінскага спявака-аматара Багдана Андрусішына, найбольш вядомага, як Данчык (ласкальнае імя ад Багдана). Дзякуючы магнітафонным запісам аматары эстраднай песні і раней добра ведалі пра багатыя вакальныя даныя гэтага самавучкі. Пра гэта пастаралася і агульнасаюзная газета "Советская культура", дзе 8 верасня 1988 г. друкавалася інтэрв'ю з беларускім спеваком Леанідам Барткевічам напярэдадні яго паездкі па запрашэнні Данчыка ў ЗША. У тым інтэрв'ю ён даў "высокую ацэнку вакальным здольнасцям свайго амерыканскага калегі", паведаміў "пра выхад у ЗША пласцінкі "Данчык спявае "Беларусачку". Кіраўніцтва ж Міністэрства культуры БССР не выказвала аніякага жадання арганізаваць выступленні Данчыка ў нашай рэспубліцы, што не задавальняла прагрэсіўную частку беларускага грамадства. У верасні 1988 г. група з 17 чалавек, у іх ліку сам Леанід Барткевіч, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Ірына Жарнасек, праз газету "Літаратура і мастацтва" (1988, 30 верасня, с. 2), выказалі пажаданне, каб гастролі Данчыка адбыліся і ў БССР, што магло б "адыграць неацэнную ролю ў павышэнні прэстыжу беларускай культуры і роднай мовы". Яны мелі рацыю заявіць, "што асабісты прыклад гэтага чалавека, які, ніколі не быўшы на радзіме сваіх продкаў, за тысячы кіламетраў ад яе вывучыў родную мову і сэрцам далучыўся да беларускай песні, можа паслужыць найлепшым урокам для шмат якіх нашых землякоў, расплюшчыць (у крыніцы: "раскрыць" - Л.Л.) ім вочы на тое хараство, якое яны не бачаць, а часам і не хочуць бачыць." А тады, як і сёння, такіх людзей хапала ў нас. На шчасце, лёд скрануўся. Данчык, на радасць сваім шматлікім прыхільнікам, завітаў у Беларусь. Вельмі цікавая сустрэча з ім адбылася 7 кастрычніка 1989 г. у Доме літаратара ў Мінску. Спяваў ён тут разам з мясцовымі беларусамі Лявонам Барткевічам і Сержуком Сокалавым-Воюшам. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, вітаючы Данчыка, назваў яго прадаўжальнікам справы вядомага беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Паводле дадзенай у той вечар ацэнкі Данчыку пісьменнікам Барысам Сачанкам (вёў сустрэчу) - гэта беларускі салавей.

Наведвальнікам канцэртаў Данчыка, які, акрамя Мінска, выступаў у тым годзе ў Віцебску, Полацку, Вільні, падабаліся не толькі яго песні, але і дасціпныя жарты, трапныя адказы на пытанні, прычым на чыстай, прыгожай беларускай мове, на што ў тыя гады быў здольны вельмі мала хто з айчынных артыстаў. Моўны фактар канцэртных выступленняў Данчыка так ацаніў старшыня сябрыны "Таварыства беларускай мовы Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР" Алесь Лозка: "Мне асабіста прыходзілася наглядаць факты моўнага станоўчага ўздзеяння "амерыканца" на душы рускамоўных беларусаў. Калі б такіх сустрэч было больш, то другі этап беларусізацыі (першы - 20-я гады) толькі б паскорыўся". Пра сённяшніх бюджэтных эстрадных артыстаў такое ўжо не скажаш, бо іх рэпертуары проста трашчаць ад рускамоўных песняў. З-за сваёй суцэльнай беларускамоўнай нематы дыялог з залай яны вядуць толькі па-руску.

Увосень 1989 г. у спакойнай, а больш дакладна, ва ўрачыстай абстаноўцы ладзілі ў Мінску вечар памяці выдатнага беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага (1900 - 1991 гг.), на што да Гарбачоўскай перабудовы не далі б згоды партыйныя ідэолагі. І гэта для колішняга саліста Міланскага, Познаньскага, Пражскага оперных тэатраў, у рэпертуары якога заўсёды прысутнічалі беларускія творы! Некаторыя з тых, хто слухаў сусветна вядомага спевака падчас яго прыезду ў 1960-я гады ў Беларусь, былі пазбаўленыя працы.

Словам, ужо першыя візіты эмігрантаў да нас выявілі, што на стаўленне да іх, як да размешчаных па розныя бакі барыкады ад беларусаў метраполіі, куды большы ўплыў рабіў этнічны, чым палітычны фактары. Да прыкладу, канцэрты Данчыка ахвотна наведвалі, апладзіравалі за выдатнае выканальніцкае майстэрства камуністы і беспартыйныя, камсамольцы і несаюзная моладзь. Па ўсім было відаць, што загойваюцца нанесеныя дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі нацыянальнай свядомасці беларусаў цяжкія, крывавыя раны. Са свайго боку, дыяспара ахвотна прымала ў сябе жыхароў Беларусі. Неабходна адзначыць, што па самых розных прычынах іх паездкі за мяжу ўжо не былі такой рэдкай з'явай. Прынцыпова іншы характар набылі афіцыйныя візіты за мяжу па лініі партыйных і савецкіх органаў, культурна-асветных, навуковых арганізацый. Калі раней у знак пратэсту ладзіліся дэманстрацыі, мітынгі падчас прыезду першых з названых візіцёраў за іх дэструктыўную нацыянальную палітыку ў дачыненні да карэннага насельніцтва БССР, і па гэтай прычыне яны ўсяляк імкнуліся ўхіліцца ад сустрэчы з беларускай эміграцыяй, дык зараз такое нідзе не назіралася. Наадварот, станавілася за правіла: калі хто-небудзь з дзяржаўных дзеячоў Беларусі выязджаў па службовых справах за мяжу, дык, як правіла, імкнуўся абавязкова сустрэцца з землякамі. Не адмовіў сабе ў гэтым і Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгій Таразевіч, калі ў ліпені 1989 г. наведваў Аргенціну (святкавалася 173-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці). Сустракаўся з беларусамі "Федэрацыі клубаў савецкіх грамадзян ў Аргенціне", лаяльна настроеных да СССР. Многія з іх падтрымлівалі сувязь са сваімі суродзічамі з БССР, таму добра ведалі, якая няпростая сітуацыя склалася ў ёй.

У тыя перабудовачныя гады сталі больш змястоўнымі, цікавымі, нацыянальна акрэсленымі Дні культуры Беларусі ў замежных краінах, што рэгулярна ладзіліся і раней у замежжы. Іх кіраўнікі цяпер ужо не толькі не цураліся, а наадварот, шукалі сустрэч з нашымі эмігрантамі. Так паступіла ў лістападзе 1989 г. беларуская дэлегацыя (кіраўнік сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Л. М. Сыраегіна) пры наведванні Канады. У час сустрэчы з выхадцамі з Беларусі адбылася цікавая гутарка з нашчадкам нашага першадрукара і асветніка Францішка Скарыны, доктарам філасофскіх і медыцынскіх навук, прафесарам, буйным спецыялістам у галіне лячэння ракавых і страўнікавых захворванняў Станіславам Скарынам.

Як і трэба было чакаць, пазітыўныя зрухі ў дачыненнях Беларусі са сваёй дыяспарай не маглі заставацца незаўважанымі для нашых сродкаў масавай інфармацыі. Відаць, самай ранняй, грунтоўнай, зусім новай паводле сваіх падыходаў публікацыяй пра лёсы выкінутых за межы роднай айчыны людзей, трэба лічыць змешчаны ў лістападаўскім нумары за 1988 г. часопіса "Маладосць" артыкул пісьменніка Барыса Сачанкі "Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні". У ім чытач знайшоў шмат чаго такога, з чым яму раней ніколі не даводзілася сустракацца. І пазней Б. Сачанка будзе асвятляць дадзеную праблему на старонках моладзевага перыядычнага выдання.

Для фармавання ў людзей аб'ектыўнага - і ў адначассе станоўчага - погляду на заходнюю паваенную эміграцыю неацэнны ўклад зрабілі афіцыйныя, галоўным чынам урадавыя, сродкі масавай інфармацыі. Не знайсці нават абласной газеты, дзе б не асвятлялася гэтая праблема. І ўсё ж галоўную ролю ў гэтым трэба аддаць газетам "Літаратура і мастацтва", "Звязда", "Голас Радзімы", "Настаўніцкай газеце", "Народнай газеце". У якасці аўтараў такіх публікацый выступалі самі прадстаўнікі эміграцыі, журналісты вышэй пералічаных перыядычных выданняў, пісьменнікі, навукоўцы. Бадай, роўных тут не знайсці эміграцыйнаму паэту Масею Сяднёву.

З усіх публікацый перыядычнага друку ў найбольшай ступені спрыялі духоўнаму паяднанню метраполіі з дыяспарай тыя, што прысвячаліся жыццю і дзейнасці эмігрантаў з багатымі творчымі набыткамі ў самых розных сферах культуры, навукі. Многія з такіх людзей незаслужана пакутавалі ў сталінскіх лагерах, а ў гады нямецкай акупацыі, каб не памерці з голаду, вымушаны былі працаваць на карысць новага гаспадара, а незадоўга да вызвалення Беларусі з вялікім болем у сэрцы пакідалі яе, ратуючыся ад незаслужанага суровага пакарання, нават расстрэлу. Знаёмячыся з такога роду публікацыямі, ужо нельга было і надалей глядзець на ўсіх нашых пасляваенных эмігрантаў, як на лютых ворагаў беларускага народа. У гэтым плане вельмі пашанцавала нашаму выдатнаму паэту на эміграцыі Масею Сяднёву. Нават рускамоўная газета "Знамя юности" ў жніўні 1989 г. дала артыкул пра яго, змясціла колькі напісаных ім вершаў. З цікавым артыкулам у газеце "Літаратура і мастацтва" ад 24 лістапада таго ж года выступіў пісьменнік Васіль Хомчанка, які быў добра знаёмы з вершамі свайго калегі М. Сяднёва яшчэ ў даваенны час, сустракаўся тады з ім у Мінску ў падвальнай камеры на рагу вуліц Урыцкага і Савецкай.

Заўважалася, што з усіх афіцыйных газет найбольш грунтоўна асвятляла далёка не простыя пытанні колішняга і сучаснага жыцця эмігрантаў, а таксама праблемы набліжэння іх інтарэсу да ўсяго таго, што даводзілася вырашаць Беларусі ў ходзе перабудовы, не які-небудзь партыйна-савецкі перыядычны орган, а "Літаратура і мастацтва" (галоўны рэдактар Анатоль Вярцінскі). Адным з аўтараў такіх матэрыялаў для гэтай газеты 27 кастрычніка 1989 г. быў нацыянальна-актыўны ўжо і ў той час віленскі беларус Хведар Нюнька. За два месяцы знаходжання ў Канадзе і ЗША ён наведаў шэраг найбольш значных асяродкаў беларускай культуры і цікава расказаў пра іх дзейнасць чытачу. Багатыя і да таго ж суцяшальныя ўражанні вынес Х. Нюнька ад наведвання беларускага грамадска-культурнага цэнтра "Полацак" у Кліўлендзе (ЗША) і нью-йоркскага згуртавання беларусаў, дзе былі сканцэнтраваны галоўныя пісьменніцкія сілы нашых суродзічаў, функцыянаваў навукова-мастацкі інстытут.

Гэтая ж газета, як перыядычны орган творчай інтэілгенцыі Беларусі, актыўна выступала за ўсталяванне самых цесных, сталых кантактаў з эмігрантамі. У яе нумары за 10 лістапада 1989 г. пісалася, што неспра вядліва і неразумна абыходзіць маўчаннем набыткі трох мільёнаў беларусаў у галіне навукі і культуры, створаныя імі ў эміграцыі бібліятэкі, перыядычныя выданні, да прыкладу, "Бацькаўшчына", "Беларус", "Зважай" і інш., Беларускі архіў у Нью-Йорку, бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане і іншыя цэнтры беларусазнаўства.

З матэрыялаў перыядычнага друку, радыё і тэлебачання людзі даведваліся і пра такіх асобаў з нашага эміграцыйнага асяроддзя, якімі мог бы ганарыцца любы народ. Беларусы звярнулі ўвагу і зацікавіліся прозвішчам занкамітага канадскага хакеіста Уэйна Грэцкага. А ён і сапраўды меў беларускія карані: дзед за некалькі гадоў да Першай сусветнай вайны эміграваў ў Амерыку. Заўважу, што этнонім "беларус" не з'яўляўся чымсьці зусім чужым і незразумелым для самога хакеіста.

Мяняла свае пазіцыі да лепшага ў працы з пасляваеннымі эмігрантамі прадзяржаўнае ў поглядах на іх беларускае таварыства "Радзіма". Паводле слоў яго першага намесніка Мікалая Васілёнка, ужо не былыя эсэсманы і паліцэйскія вызначаюць аблічча беларускай эміграцыі. Ён ставіў у вялікую заслугу, што ў нас перасталі, як гэта было раней, забіваць у эмігрантаў пачуццё любові да іх Радзімы. У інтэрв'ю газеце "Звязда" (21 лістапада 1989 г.) ён прызнаў, што ўжо зараз усіх агулам пасляваенных эмігрантаў не лічаць за нацыяналістаў. "З імі ў нас ёсць шмат агульнага. Яны любяць Бацькаўшчыну, захавалі яе культуру, гісторыю, мову (трэба было сказаць, што лепш, чым у БССР. - Л. Л.) Яны выступаюць у абарону міру, экалогіі ў краіне і свеце - мы таксама. Ёсць яшчэ нямала праблем, нямала ўзаемных інтарэсаў. Шукаць іх трэба. Такі пошук - гэта і адначасова вяртанне ім Бацькаўшчыны, а нам - нашых замежных суайчыннікаў." Такога пяць гадоў таму не змясціла б аніводная з афіцыйных газет. Час уносіў відавочныя карэктывы ва ўзаемадачыненні БССР з яе раскіданымі па ўсім свеце дзецьмі. У ліпені 1990 г. па запрашэнні таварыства Радзіма" ў нас на працягу дзесяці дзён гастраляваў беларускі танцавальны гурток "Васілёк" з ЗША.

Мала каго з нашых людзей, незалежна ад таго, дома ці за мяжой, не ўзрадаваў факт абвяшчэння 27 ліпеня 1990 г. Беларусі суверэннай дзяржавай. Стагоддзямі ішоў, абліваючыся крывёю, наш народ да гэтай запаветнай мары. І нарэшце яна здзейснілася. Цяпер важна было, каб ля стырна ўлады сталі шчыра адданыя беларускай нацыянальнай ідэі палітыкі, здольныя забяспечыць краіне сапраўдную дзяржаўную незалежнасць, спыніць махавік русіфікацыі, каб народ мог прыстойна жыць паводле ўласных культурнамоўных традыцый. На вялікі жаль, на такіх палітыкаў у краіне зведваўся страшэнны голад. Сярод іх колькасна пераважаў моцна здэнацыяналізаваны, нямы ў беларускай мове элемент. Болей за тое, знаходзіліся і такія, што ўсімі фібрамі сваёй душы ненавідзелі яе - гэты найкаштоўнейшы скарб беларускай нацыі.

2. Фармаванне структуры кіравання эміграцыйнай працай

Глыбокае ўсведамленне ўсёй рэальнасці тагачаснага далёка не лёгкага становішча ў краіне ініцыявала нацыянальна зарыентаваных людзей да пошукаў надзейнага выйсця з яго. Многімі яно бачылася ў аб'яданнні ўнутраных і знадворных беларускіх нацыянальна-патрыятычных сіл. Балазе, пэўныя пазітыўныя зрухі, дзякуючы Гарбачоўскай перабудове, выйшлі на паверхню.

У такіх больш-менш спрыяльных варунках проста не магла не ўзнікнуць думка пра наданне сувязям жыхароў метраполіі са сваёй дыяспарай арганізаванага характару. Нарадзілася ж яна (думка) не ў галовах высокага рангу прафесійных палітыкаў, афіцыйных ідэолагаў, а ў тых, хто актыўна ўключыўся ў нацыянальна-адраджэнцкі рух, імкнуўся дзеля яго перамогі выкарыстоўваць не толькі ўнутраныя рэсурсы, але і наяўныя духоўныя, матэрыяльныя магчымасці беларускай дыяспары. Дзякуючы сустрэчам з прадстаўнікамі апошняй, стала вядомым, што яна ўяўляе сабою даволі ўнушальную сілу, валодае дастаткова шматлікім кадравым патэнцыялам, багатым жыццёвым досведам, назапашаным у самаахвярным змаганні за беларускі нацыянальны інтарэс на тэрыторыі Савецкай Беларусі, другой Рэчы Паспалітай, падчас фашысцкай акупацыі. На шчасце, гэты інтарэс і ў 1980-я гады працягваў панаваць сярод беларускіх паваенных эмігрантаў у месцах іх кампактнага рассялення.

Яўген Лецка.

Гісторыя так распарадзілася - і, думаю, не дапусціла памылкі, - што ініцыятыву па згуртаванні рассеяных па ўсім свеце беларусаў дзеля шчаслівай будучыні сваёй Бацькаўшчыны ўзяў у свае рукі не такі ўжо і вядомы ў сябе дома і за мяжой, затое надзвычай актыўны, здольны арганізатар, даволі маладога ўзросту (1945 г.н.) пісьменнік Яўген Лецка. Яго некаторыя літаратуразнаўчыя, крытычныя творы былі мне знаёмыя, пакідалі добрыя ўражанні пра гэтага аўтара. Яму вельмі хутка ўдалося сабраць вакол сябе і стварыць працаздольны калектыў з людзей самых розных прафесій, прасякнутых вялікім, шчырым жаданнем аддаць усе свае сілы, досвед на карысць роднай краіны. Кожны з іх меў цвёрдую ўпэўненасць, што немалаважную ролю для яе эканамічнага росту, усталявання дэмакратычнага палітычнага рэжыму, вызвалення культуры з-пад магутнага і, як правіла, руйнавальнага рускага ўплыву, для развіцця яе на ўласцівай толькі ёй адной на нашай зямлі нацыянальнай аснове могуць станоўчую ролю адыграць і тыя, што ў моц розных абставін апынуліся ў далёкім, невядомым, чужым замежжы.

Бадай, з усіх тых, хто меў жаданне і прыйшоў працаваць дзеля таго, каб як мага мацней далучыць эмігрантаў да адзінай для ўсіх нас беларускай справы, найлепш ведаў іх рэальнае жыццё Я. Лецка, бо ён ужо паспеў наведаць шэраг краін з найбольшай па колькасці беларускай дыяспарай, з многімі сустрэцца і пагутарыць у сябе на радзіме. Сваімі цікавымі аповедамі пра эмігрантаў ён спрыяў аб'яднанню вакол сябе аднадумцаў, выклікаў у іх жаданне штосьці карыснае рабіць дзеля хутчэйшага наладжвання рознабаковага супрацоўніцтва беларускай дыяспары з метраполіяй. Тыя цікавыя сустрэчы адбываліся даволі часта, іншым разам доўжыліся да позняга часу. Пратаколы не вяліся, бо не было цвёрдай упэўненасці, што некалі ўдасца прыйсці да канкрэтнай мэты. Іншым разам выказваліся думкі, што развязваннем гэтай надзвычай важнай, складанай агульнанацыянальнай праблемы трэба заняцца больш вядомым у рэспубліцы асобам, накшталт тых, што ўваходзілі ў кіраўнічыя структуры Беларускага народнага фронту "Адраджэньне", Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Такіх высокааўтарытэтных асобаў сярод тых, хто жадаў, нешта рабіў, каб павярнуць тварам адну да адной Беларусь і эміграцыю, не так ужо і багата мелася. Але яны не бяздзейнічалі, бо грамадскае жыццё бурліла, усё больш масавы характар набывалі кантакты беларусаў са сваімі замежнымі супляменнікамі. Я. Лецка і яго паплечнікі вырашылі далей не марудзіць. Зайшла размова пра стварэнне адмысловай групы, якая занялася б вырашэннем пытанняў, звязаных з наладжваннем сталых, дзелавых дачыненняў з беларускім замежжам. Як і трэба было чакаць, узначаліць яе даверылі Я. Лецку. Ад гэтага часу праца набыла больш-менш арганізаваны характар. Стала за правіла на паседжанні запрашаць каго-небудзь з самых аўтарытэтных замежных гасцей, якія наведвалі сваю радзіму. Прадметныя размовы з імі дапамаглі Лецку вызначыць галоўныя напрамкі працы, актывізаваць яе. І як заканамерны вынік усіх гэтых старанняў 6 сакавіка 1990 г. было прынята рашэнне пра стварэнне Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" .

Паводле больш позніх звестак, атрыманых з газеты "Звязда" (12 верасня 1990 г.), даведваемся, што сама ідэя стварэння ЗБС "Бацькаўшчына" узнікла падчас размовы Я. Лецкі з канадскім беларусам Алесем Пятровічам і г.зн. у аднолькавай ступені належыць беларусам метраполіі і замежжа.

Да таго як усім сябрам ініцыятыўнай групы на чале з Я. Лецкам пагадзіцца з наданнем задуманаму згуртаванню беларусаў свету наймення "Бацькаўшчына", адбылося нямала спрэчак, дыскусій. Галоўны довад яго апанентаў: даволі частае ўжыванне гэтага слова нашымі папярэднікамі. І ім нельга было запярэчыць, бо і сапраўды такое мела месца ў нашай гісторыі. І ўсё ж бальшыня выказалася за "Бацькаўшчыну". Бо размова ж датычыла, без перабольшвання, знакавай падзеі ў жыцці беларускага народа. У той памятны дзень 6 сакавіка 1990 г. на сход сабралася багата прадстаўнікоў творчай, навуковай, тэхнічнай інтэлігенцыі. Прысутнічалі таксама народныя дэпутаты СССР, БССР, Мінскага гарадскога Савета. У выбраны Арганізацыйны камітэт трапіла нямала каго з тых, хто яшчэ да гэтага паспеў унесці значны ўклад у працу з эміграцыяй. Ні для кога не з'явілася нечаканасцю, што за старшыню Аргкамітэта абралі Я. Лецку. Яго з усёй падставай можна называць родным бацькам "Бацькаўшчыны".

Заўважалася, што ў зладжанасці, эфектыўнасці працы Аргкамітэта былі зацікаўленыя афіцыйныя ўлады, што цалкам апраўдана, паколькі развязваць даводзілася надзвычай складаную і адначасова вельмі надзённую для краіны праблему. Досведу ў гэтым улады не мелі, бо раней яны ў дачыненні да эміграцыі, асабліва паваеннай, займалі далёка не канструктыўную пазіцыю, а зараз жа даводзілася ісці на збліжэнне, цесную супрацу з тымі, хто ўвесь час незаслужана ігнараваўся.

На той час адным з галоўных абавязкаў абранага Аргкамітэта з'яўлялася выпрацоўка ўсіх неабходных праграмных дакументаў па рэгламентаванні дзейнасці Згуртавання. І тут не абыходзілася без дапамогі дзяржаўных структур, найперш юрыдычнага профілю. Праца істотна актывізавалася і набыла мэтавы характар пасля ўтварэння рэдакцыйнай камісіі. У яе склад увайшлі прафесар Язэп Юхо (старшыня), кандыдат юрыдычных навук Віктар Гараднюк, мастак Яўген Кулік, літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша, гісторык Міхась Чарняўскі. Скласці рабочы варыянт Статута ЗБС "Бацькаўшчына" даручылі В. Гараднюку, з чым ён паспяхова справіўся. Заслугоўвае ўвагі, асабліва з пазіцый сённяшняга часу, пяты пункт Статута, сфармуляваны наступным чынам: "Згуртаванне ажыццяўляе свае мэты і задачы ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі (падкрэслена мною. - Л.Л.), прадпрыемствамі, навуковымі і навучальнымі ўстановамі, грамадскімі і іншымі арганізацыямі". Як вынікае з прыведзеных слоў, ЗБС "Бацькаўшчына" не знаходзілася ў апазіцыі да тагачаснай улады, мела намер толькі супольнымі сіламі і намаганнямі шукаць з імі шляхі да ўсталявання цесных, рознабаковых сувязяў з беларускай дыяспарай.

ЗБС "Бацькаўшчына" проста на вачах набірала сабе сілу, павялічвала свой аўтарытэт у грамадстве. На стане яе працы пазітыўна адбілася абвяшчэнне 27 ліпеня 1990 г. дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Не мінула і паўмесяца пасля прыняцця адпаведнай дэкларацыі, як у друку, у т.л. і ў газеце "Літаратура і мастацтва" ад 10 жніўня 1990 г. з'явіўся падрыхтаваны Аргкамітэтам ЗБС "Бацькаўшчына" Зварот да беларусаў свету. З усіх пунктаў гледжання - гэта вельмі дасканалы сваім зместам дакумент, у якім аб'ектыўна асветлены шляхі беларускага гістарычнага развіцця, правільна вызначаны асноўныя задачы на перспектыву. Сваю галоўную задачу, як вынікае са Звароту, ЗБС "Бацькаўшчына" бачыла ў тым, "каб аб'яднаць беларусаў Савецкага Саюзу, а потым і свету, стварыць каардынацыйны цэнтр і весці мэтанакіраваную працу па задавальненні культурна-асветных патрэб суайчыннікаў, спрыяць духоўнаму, нацыянальнаму адраджэнню ўсяго беларускага народа, палітычнаму і эканамічнаму суверэнітэту". Да Звароту быў дададзены даволі грунтоўны артыкул старшыні Аргкамітэта па стварэнні згуртавання "Бацькаўшчына" Я. Лецкі. Ён нават асмеліўся ўступіць у палеміку з міністрам унутраных спраў СССР В. Бакаціным за тое, што крытыкаваў саюзныя рэспублікі за іх імкненне да дзяржаўнага суверэнітэту. Глыбокія веды Я. Лецкі пра жыццё беларускіх эмігрантаў, атрыманыя дзякуючы яго частым паездкам за мяжу, дазволілі выказаць у артыкуле шэраг слушных прапаноў па кансалідацыі беларусаў метраполіі, саюзных рэспублік СССР, розных капіталістычных краін. У канцы артыкула аўтар прасіў чытачоў адказаць на шэсць ключавых пытанняў датычна таго, як хутчэй стварыць і на высокім узроўні арганізаваць працу згуртавання "Бацькаўшчына".

Трэба сказаць, што Зварот Аргкамітэта "Бацькаўшчына", артыкул Я. Лецкі вельмі расчулілі пачуцці многіх раскіданых па свеце беларусаў, а таксама тых, хто не зрываўся з родных мясцін. Не мінула і месяца, як у газеты пачалі ў масавым маштабе паступаць лісты ад заклапочаных лёсам Беларусі яе сыноў і дачок. Пісалі і з такіх аддаленых месцаў, як Нарыльск (Краснаярскі край), Чалябінск, Якуцк… Не павінна здзіўляць, што многіх чытачоў не пакінуў абыякавымі допіс у газету "Літаратура і мастацтва" (7 верасня 1990 г.) ветэрана Узброеных сіл СССР, палкоўніка ў адстаўцы, беларуса з Масквы В. Астаповіча. Ён скардзіўся, што да створанага тут Таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны не выяўляюць ніякай увагі ўлады Беларусі, у т.л. і Прадстаўніцтва БССР у Маскве. Будучы моцна заклапочаным станам жыцця беларусаў у сталіцы СССР і ў сябе дома, ён пастараўся выказаць свае меркаванні наконт гэтага Камісіі па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах Вярхоўнага Савета БССР. Цяпер даю слова аўтару: "Канверт я атрымаў з беларускамоўным аздабленнем, але сам ліст за подпісам старшыні Камісіі мяне вельмі ўразіў. Я звяртаўся да Вярхоўнай улады маёй рэспублікі на беларускай мове (як, цікава было б ведаць, на якой мове сёння звяртаюцца былыя вайсковыя чыноўнікі да такой улады? - Л.Л.), цяпер дзяржаўнай, а адказ мне пішуць па-руску. Большай непавагі да сябе я не чакаў…"

Як бачым, праца па стварэнні Згуртавання "Бацькаўшчына" вялася ў надзвычай складаных умовах, без асаблівага спрыяння ёй напачатку ўладных структур. Але моцна, шчыра прасякнутыя святой ідэяй нацыянальнага Адраджэння людзі не пасавалі перад цяжкасцямі, упарта ішлі супольна з Я. Лецкам да вызначанай мэты: аб'яднання ўсіх беларусаў у адзін кулак дзеля пабудовы сапраўднай нацыянальнай дзяржавы, здольнай забяспечыць прыстойнае жыццё свайму народу, выратаваць ад усіх формаў культурна-моўнай асіміляцыі, якая на працягу некалькіх апошніх стагоддзяў амаль без усялякага перадыху душыла яго.

Пры такім велізарным старанні ўсіх паплечнікаў Я. Лецкі справы не маглі не рухацца наперад. Настрой ініцыятараў стварэння Згуртавання "Бацькаўшчына" значна ўзняўся пасля таго, як яго фундатарамі-заснавальнікамі згадзіліся стаць 15 устаноў, аб'яднанняў і арганізацый краіны, у тым ліку Акадэмія навук БССР, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. Леніна, Беларускі фонд культуры, Саюз пісьменнікаў БССР, газета "Літаратура і мастацтва", Саюз кааператараў Беларусі, вытворчае аб'яднанне "Белаўта-МАЗ".

У плане кансалідацыі нашага народа выключную ролю адыграла праведзеная ў жніўні 1990 г. у Кліўлендзе, штат Агаё (ЗША) ХІХ сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі (ЗША, Канада), на адрас якой прыйшла прывітальная тэлеграма нават ад самога Прэзідэнта ЗША Джорджа Буша. На ёй упершыню прысутнічалі прадстаўнікі ад Беларусі, прычым у даволі значнай колькасці: каля 50 чалавек. Сярод іх ансамбль Валянціны Пархоменкі "Жывіца", дэлегацыя таварыства "Радзіма", група сяброў БНФ "Адраджэньне" разам з намеснікам старшыні сойма Юрыем Хадыкам і народным дэпутатам БССР Анатолем Грушавым, сябры Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" на чале з сваім кіраўніком Анатолем Белым, паэты Сяржук Сокалаў-Воюш, Сяргей Панізнік. У сваім выступленні Ю. Хадыка расказаў пра нялёгкае палітычнае і эканамічнае становішча ў тагачаснай Беларусі, а Анатоль Белы зачытаў прывітанне ЗБС "Бацькаўшчына", паведаміў пра мэты і задачы, распачатую дзейнасць гэтай маладой, але ўжо дастаткова вядомай грамадскай арганізацыі. Удзельнікам той ХІХ сустрэчы амерыканскіх беларусаў прынесла вялікую радасць перадача пастаянным прадстаўніком БССР пры ААН Генадзем Бураўкіным беларускаму цэнтру "Полацак" у Кліўлендзе ў якасці падарунка алейных партрэтаў народных песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, добра запомніліся словы прамоўцы: "Шаноўныя землякі! Мне вельмі прыемна быць тут у Полацаку, бо я палачанін. І я вітаю яшчэ адзін Полацак, тут, на амерыканскай зямлі".

У прынятай на гэтым форуме рэзалюцыі пад 9-м пунктам згад валася і ЗБС "Бацькаўшчына": "Мы падтрымліваем ініцыятыву Аргкамітэту згуртавання "Бацькаўшчына" ў Менску дзеля аб'яднання Беларусаў свету, каб супольна спрыяць (кажучы словамі аргкамітэту са "Звароту да беларусаў свету") "нацыянальнаму адраджэньню ўсяго беларускага народу, палітычнаму і эканамічнаму суверэнітэту Беларусі". Лішнім было б падрабязна пісаць, як гэтыя словы з рэзалюцыі ўзнялі настрой сяброў Згуртавання і станоўча паўплывалі на іх працу. Падрабязна працу ХІХ сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі асвятліў у жнівеньскіх нумарах газеты "Літаратура і мастацтва" за 1990 г. намеснік старшыні ЗБС "Бацькаўшчына" Леанід Казыра.

Аргкамітэт ЗБС "Бацькаўшчына" змог у досыць сціслы тэрмін сваёй дзейнасці як след падрыхтаваць і на належным узроўні правесці ў Мінску ў Доме Літаратара вельмі важнае мерапрыемства - ўстаноўчую канферэнцыю (10-11 верасня 1990 г.). Па колькасці ўдзельнікаў яе з поўнай падставай можна аднесці да катэгорыі прадстаўнічай. У яе працы, акрамя 300 дэлегатаў ад усіх абласцей і бальшыні раёнаў БССР, удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх (акрамя Крымскага) беларускіх зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР. На той час многія нашыя не адарваныя ад родных каранёў суродзічы паспелі ўтварыць беларускія культурныя згуртаванні ў Расіі, Прыбалтыцы, ва Украіне, у Казахстане, Карэліі і іншых рэгіёнах Савецкага Саюза. Шырока былі прадстаўлены на канферэнцыі самыя аўтарытэтныя беларускія арганізацыі Беласточчыны (Польшча): Беларускае дэмакратычнае аб'яднанне, Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб'яднанне студэнтаў, штотыднёвая газета "Ніва".

Устаноўчая канферэнцыя пачалася з прачытання навуковым супрацоўнікам Інстытута кібернэтыкі Акадэміі навук БССР А. Бураўкіным верша У. Караткевіча "Дзе мой край". Затым яе ўдзельнікаў вітаў народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль "Неруш". Вялікі аўтарытэт канферэнцыі надалі вітальныя на яе адрас словы пісьменнікаў Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (вершаванае пасланне "Да згуртавання беларусаў свету"), акадэміка АН БССР Радзіма Гарэцкага. Верш Р. Барадуліна пад назвай "Да згуртавання беларусаў свету" пачынаўся такімі словамі:

Беларусы ўсіх краёў, яднайцеся!

Нас няшмат, а будзе менш яшчэ,

Як адступім,

Зломімся пад націскам,

Як ад нас рашучасць уцячэ.

Асноўны даклад пра арганізацыю, першыя крокі працы ЗБС "Бацькаўшчына" зрабіў галоўны заснавальнік гэтага добрааахвотнага таварыства Я. Лецка. З прачытаных дакладаў найбольшую зацікаўленасць у прысутных выклікалі: "Замежная палітыка БССР на новым этапе" - міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка; "Беларуская дзяржаўнасць: ад старажытнасці да нашых дзён" - Язэп Юхо; "Ці здолеем захаваць незалежнасць?" - доктар эканамічных навук Уладзімір Кулажанка; "Чарнобыль і генацыд нацыі" - старшы навуковы супрацоўнік АН БССР Міхась Малько; "Беларусь і яе сябры за мяжой" - доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс; "Праблемы беларускай эміграцыі" - пісьменнік Барыс Сачанка. Варта згадаць і такое, што перад удзельнікамі канферэнцыі з малітвай па-беларуску выступіў уніяцкі святар Ян Матусевіч.

Праслуханыя на канферэнцыі даклады і паведамленні дазволілі яе ўдзельнікам паўней разабрацца ў тым, што адбывалася ў тыя дні ў самой Беларусі і ў яе эміграцыйных асяродках. Падтрыманню ў людзей добрага настрою, цвёрдай упэўненасці ў заўтрашнім дні паспрыяў факт нядаўняга абвяшчэння БССР незалежнай рэспублікай, распачатыя яе кіраўніцтвам практычныя захады па спыненні русіфікацыі, асабліва ў такой важнай этнаўтваральнай сферы, як адукацыя.

Удзельнікі канферэнцыі былі вельмі задаволенымі, што даў згоду і быў абраны прэзідэнтам ЗБС "Бацькаўшчына" самы аўтарытэтны і паважаны ў рэспубліцы яе народны пісьменнік Васіль Быкаў. Узначаліць Раду ЗБС "Бацькаўшчына" даверылі Я. Лецку, які гэтулькі сіл і намаганняў прыклаў дзеля яе стварэння. Праз колькі дзён яго абралі яшчэ і за старшыню Управы гэтага згуртавання, якая паводле ўскладзеных на яе функцый з'яўлялася выканаўчым органам. Час правядзення ўстаноўчай канферэнцыі, вызначэння структуры кіравання працай з дыяспарай справядліва лічыцца афіцыйнай датай нараджэння ЗБС "Бацькаўшчына". Не будзе лішнім яшчэ раз згадаць, што найбольшы ўклад у гэтую гістарычна важную справу ўнёс на той час яшчэ даволі малады Яўген Лецка. Яго стараннасці, заўзятай напорыстасці па стварэнні грамадскай арганізацыі, здольнай ідэю аб'яднання беларусаў планеты Зямля зрабіць рэальнасцю, проста нельга было не пазайздросціць. З пачуццём вялікай адказнасці перад краінай, беларускай дыяспарай працавалі ўсе сябры ўправы ЗБС "Бацькаўшчына". Не шкадавала ні часу, ні энергіі на гэтую важную справу першы намеснік старшыні ўправы, кандыдат філалагічных навук, сакратар Рады Лідзія Савік.

Усе, хто прыйшоў да кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына", добра разумелі, як будзе цяжка, складана схіліць асноўную гушчу жыхароў БССР глядзець на сваіх эмігрантаў, як на братоў, родных па крыві. Выліты на іх камуністычнымі ідэолагамі бруд не так лёгка было змыць. Яны нават і пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі не выказвалі свайго жадання змяніць погляды на дадзеную лёсавызначальную праблему. Таму даводзілася гэтую надзённую справу за іх рабіць інтэлігенцыі цвёрдай нацыянальнай пазіцыі. Актыўна далучыўся да такой прапагандысцкай дзейнасці першы намеснік старшыні Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Вячаслаў Рагойша, у чым пераконвае яго артыкул "Бацькаўшчына кліча!" ("Звязда", 30 верасня 1990 г.). Надзейна ўратаваць нашую нацыю ад Чарнобыля духоўнага і Чарнобыля радыяцыйнага ён лічыў магчымым, толькі аб'яднаўшы "беларусаў краіны і свету на практычную рэалізацыю палітычнага і эканамічнага суверэнітэту беларускага народа". Дзеля дасягнення такой мэты прапаноўвалася згуртаваць паміж сабой верных сыноў і дачок "незалежна ад палітычных поглядаў, веравызнання, мовы, месца пражывання". Прычым размова ішла не толькі пра "этнічных беларусаў, але ўсіх, каму маці-Беларусь стала Радзімаю, хто хоча і можа працаваць дзеля яе сапраўднага адраджэння". Гэта была далёка не адзіная публікацыя В. Рагойшы па эміграцыйнай праблематыцы.

Па ёй перыядычна выступаў на старонках газет старшыня Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Я. Лецка. З цікавасцю чыталіся яго інтэрв'ю, слухаліся выступленні ў электронных сродках масавай інфармацыі, чаму тады не перашкаджалі ўлады. У гісторыі ЗБС "Бацькаўшчына" 1990 год быў знамянальны яшчэ і тым, што ў канцы яго Міністэрства юстыцыі БССР зарэгістравала гэтае так неабходнае краіне нацыянальна-патрыятычнае грамадскае аб'яднанне.

У духу прынятых на ўстаноўчай канферэнцыі рашэнняў і працягвалася ўся далейшая дзейнасць Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". З дня ў дзень тут толькі прыбывала працы. І такое вельмі радавала, бо ўсім хацелася як мага больш і найлепей зрабіць дзеля ўсталявання, паглыблення супрацоўніцтва Беларусі з яе шматлікай, раскіданай па ўсім свеце дыяспарай. Менавіта з гэтай мэты і зыходзілі сябры Рады ЗБС "Бацькаўшчына", калі 27 кастрычніка 1990 г. на сваім чарговым паседжанні ўтварылі 9 камісій, у іх ліку культурна-асветніцкая (старшыня пісьменніца Ніна Загорская), гаспадарча-эканамічная (Віктар Лазар), рэлігійна-свецкіх узаемін (Алег Бембель), арганізацыйная (Алесь Крыштаповіч), па вяртанні культурнай спадчыны (Анатоль Сабалеўскі), па краязнаўстве, айчынным і замежным турызме (Генадзь Каханоўскі), па ўшанаванні памяці выгнанцаў (Міхась Чарняўскі), па праблемах Заходнебеларускага рэгіёна (Арсень Ліс), інфармацыйна-выдавецкая (Сяргей Навумчык). На правах камісій функцыянавалі групы, якія займаліся пытаннямі навуковай дзейнасці (узначальваў Вячаслаў Рагойша), сувязямі з беларусамі замежных краін (намеснік старшыні Рады Леанід Казыра), сувязямі з беларускімі зямляцтвамі ў СССР (намеснік старшыні Рады Валерый Герасімаў). Усе пералічаныя асобы вызначаліся не толькі сваёй здольнасцю да выканання кіраўнічых функцый, але і шчырай адданасцю беларускай справе.

3. Узаемазбліжэнне метраполіі і дыяспары

Людзям даўно вядома, што поспех усялякай калектыўнай працы ў многім перадвызначаецца дасканаласцю структуры кіравання. Немалаважную ролю адыгрываюць прыцягнутыя да гэтай справы людзі. У ЗБС "Бацькаўшчына" ужо ад самага пачатку заўважалася, што тут у яе будзе нямала сур'ёзных праблем. Датычыла гэта як унутраных, так і знадворных. Апошнія, як вынікае ўжо з самой назвы грамадскай арганізацыі, павінны былі займаць і сапраўды займалі ключавое месца ў яе практычнай дзейнасці.

У заслугу кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына" з поўным правам можна паставіць яго ўменне ладзіць цесныя кантакты са сродкамі масавай інфармацыі, бо без іх непасрэднага ўдзелу было б немагчыма эміграцыйную праблему давесці да шырокага кола людзей. У той час ахвотна адгукалася на патрэбы "Бацькаўшчыны" газета "Літаратура і мастацтва", галоўнымі рэдактарамі якой з'яўляліся не толькі таленавітыя пісьменнікі, але і актыўныя ўдзельнікі нацыянальна-культурнага адраджэння, сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны Анатоль Вярцінскі, а затым - Мікола Гіль. Тады гэтай газеце не было роўных сярод перыядычных выданняў па глыбіні і аб'ектыўнасці асвятлення ўсяго таго, што ў той адказны для Айчыны час рабілася па згуртаванні раскіданых па ўсім свеце беларусаў. Такога не мог не адзначыць падчас выступлення ў жніўні 1990 г. у Кліўлендзе на ХІХ сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі старшыня згуртавання беларусаў Канады Мікола Ганько. "Мы прыйшлі да агульнай высновы, што паправіць жыццё ў Беларусі можна толькі ў цесным супрацоўніцтве ўсіх зацікаўленых бакоў. Важную ролю пры гэтым павінна адыграць пазітыўная інфармацыя аб усім, што адбываецца ў рэспубліцы. У гэтым сэнсе добрых слоў заслугоўвае газета "Літаратура і мастацтва", якая ў нас тут лічыцца адным з самых праўдзівых і дэмакратычных выданняў". Як станоўчае трэба адзначыць атрыманую ў 1991 г. ад рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва" згоду рэгулярна змяшчаць тут старонку пад назвай "Бацькаўшчына" - газета ў газеце. Рыхтавалі яе Вячаслаў Рагойша і Алена Ціхановіч.

Праблема беларускай эміграцыі вельмі хутка прыжылася на старонках "Настаўніцкай газеты". І ў гэтым няма нічога дзіўнага, улічваючы велізарную колькасць настаўнікаў, што працавалі ў школах падчас нямецкай акупацыі, а ўлетку 1944 г. пакінулі сваю дарагую Радзіму. Сярод гэтай катэгорыі эмігрантаў было нямала тых, хто атрымаў багатую нацыянальную загартоўку ў гады міжваеннай беларусізацыі, пра якую ў 1970-1980-я гады педагагічная інтэлігенцыя БССР не мела амаль аніякага ўяўлення, ніколькі не задумваючыся, укладвала ўсе свае сілы і талент у русіфікацыю навучальна-выхаваўчага працэсу агульнаадукацыйных школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Цалкам лагічна, што ў ліку першых публікацый гэтага перыядычнага выдання па праблеме беларускага замежжа быў артыкул Уладзіміра Палупанава "Аб чым расказаў лемантар" (13 лістапада 1991 г.) пра яго аўтара Язэпа Гладкага (родам з Лагойшчыны). Свой "Лемантар для школаў і хатняга навучання" ён выдаў у 1964 г. у Нью-Ёрку. Усяго ж на яго рахунку мелася больш за дзесяць выдадзеных у эміграцыі кніг і брашур.

Для фармавання аб'ектыўнага погляду на самыя складаныя пытанні эміграцыі каштоўны ўклад унесла няштатны карэспандэнт "Настаўніцкай газеты" Святлана Белая. Тут у першую чаргу варта адзначыць яе артыкул "Мара Скарыны збылася" (12 снежня 1990 г.), у якім гаворка ішла пра святкаванне на амерыканскай зямлі, у доме Асамблеі Аб'яднаных Нацый, 500-годдзя славутага беларускага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны. Па запрашэнні старшыні Беларускай місіі пры ААН Генадзя Бураўкіна ў яе зале сабралася нечуваная да гэтага колькасць беларускіх эмігрантаў і гасцей з Беларусі, у іх ліку і Старшыня Савета Міністраў БССР Вячаслаў Кебіч. Перад імі пра постаць Скарыны гаварылі вядомы беларускі скарыназнаўца, пісьменнік Адам Мальдзіс і міністр замежных спраў БССР Пётр Краўчанка, які ў сваёй прамове пафасна заявіў: "Пачатак нашаму сяброўству з беларускай эміграцыяй пакладзены. Мы сустрэліся з вамі тут, у Амерыцы, цяпер чакаем вас на Беларусі. Да новых сустрэч на Бацькаўшчыне!"

І да яго прамовы многія нашыя замежныя суродзічы прыслухаліся, адказалі канкрэтнымі ўчынкамі, ад чаго значна прыбавілася працы ў ЗБС "Бацькаўшчына". Мінула трохі больш, як год ад часу ўтварэння апошняга, а пра яго існаванне, практычную дзейнасць ужо добра ведалі многія і ў Беларусі, і за яе межамі, адкуль нязменна павялічваліся плыні людзей, у сваім заканамерным жаданні як мага хутчэй выкарыстаць дадзены ім шанец наведаць родную зямлю. Кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына", як толькі магло, садзейнічала ім у гэтым. Так, па яго запрашэнні з 29 ліпеня і ажно па 13 жніўня 1991 г. на сваёй гістарычнай радзіме знаходзілася група нашых суайчыннікаў з ЗША на чале з Сяргеем Карніловічам - адным з заснавальнікаў беларускага грамадска-культурнага цэнтра "Полацак" (штат Агайо). "Госці агледзелі культурна-гістарычныя помнікі нашай сталіцы, пабывалі ў Курапатах, Хатыні, з'ездзілі ў Вязынку, Мікалаеўшчыну, Нясвіж, Жыровічы, мелі сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, выдаўцамі, мастакамі, танцорамі і спевакамі." Радасны настрой той групы такімі словамі выказаў старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночання штата Нью-Джэрсі Янка Азарка: "Нідзе я не бачыў такіх прыгожых краявідаў, як у Вязынцы і Мікалаеўшчыне. Усе мы расчулены і глыбока крануты той цеплынёй і шчырасцю, з якой нас прымалі прадстаўнікі "Бацькаўшчыны" .

Такое можна было пачуць і ад іншых эмігрантаў, якія самастойна ці па запрашэнні ЗБС "Бацькаўшчына" наведвалі Беларусь. Яно рэгулярна ладзіла калектыўныя экскурсійныя паездкі па памятных месцах Беларусі, найперш у Мір, Нясвіж, Наваградак, Полацк, Гародню і інш., усяляк спрыяла ўсталяванню кантактаў гасцей з мясцовым насельніцтвам. Звычайна самым масавым характарам вызначаліся сустрэчы эміграцыйных пісьменнікаў са сваімі землякамі. І тут няма нічога дзіўнага, бо ў гэтай катэгорыі творчай інтэлігенцыі быў надзіва складаны лёс і ў сябе дома (ішлі ж бесперапынныя рэпрэсіі), і ў эміграцыі. Да таго ж яшчэ іх літаратурныя творы даволі многіх цікавілі сваім зместам. Гэта ўжо сёння яны для нас не з'яўляюцца рэдкасцю.

Было што паслухаць тым, каму ўдавалася сустрэцца ў поўным сэнсе слова з гонарам нашай пасляваеннай эміграцыі дырэктарам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўтам Кіпелем. Наўрад ці хто-небудзь быў больш дасведчаным за яго па праблеме гісторыі беларускай эміграцыі ў ЗША. Таму ў час сустрэчы з гэтым дзеячом вельмі многа цікавага можна было пачуць, бо ён у тыя гады працаваў над кнігай "Беларусы ў ЗША" (выдадзена ў 1993 г. у Мінску). Звычайна разам з ім Беларусь наведвала яго жонка Зора Кіпель - літаратуразнаўца, перакладчык, публіцыст. Некалькі гадоў загадвала беларускім сектарам Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, рэдагавала газету "Беларус". Кола тых, хто мог штосьці ведаць пра жыццё і грамадска-культурную дзейнасць В. Кіпеля, значна павялічылася пасля змяшчэння падрабязнага інтэрв'ю з ім у газеце "Звязда" (10 ліпеня 1991 г.), пра што парупіліся яе вядучыя супрацоўнікі Алена Ціхановіч і Анатоль Мяснікоў.

Ахвотна наведвалі людзі сустрэчы з вучоным буйнога маштабу Барысам Кітом - сапраўдным вялікім гонарам нашай нацыі. Нарадзіўся ён ў 1910 г. у Пецярбурзе, куды прыехалі яго бацькі з Наваградчыны. Усё ж сталае жыццё Б. Кіта аж да эміграцыі ўлетку 1944 г. звязана з Беларуссю. У ЗША яго ведалі як аднаго з таленавітых стваральнікаў першых міжкантынентальных сістэм, аўтара першага падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве. У 1991 г. ён стаў акадэмікам Міжнароднай Акадэміі Астранаўтыкі. З такой выбітнай асобай мала хто не пажадаў бы сустрэцца, даведацца як мага больш пра яе жыццё. "Бацькаўшчына" ўсяляк дапамагала ў арганізацыі такіх сустрэч, бо гэта якраз і адпавядала характару яе статутнай дзейнасці.

Усіх, хто ўжо паспеў як след азнаёміцца з эмігрантамі, па-добраму здзіўляла, што абсалютная бальшыня з іх ў адрозненне асноўнай масы карэннага насельніцтва краіны, ледзь не да канца выхаванага камуністычнымі ідэолагамі ў носьбіта рускай культуры і мовы, у зносінах паміж сабой карысталася толькі роднаю мовай. Уражвала, што яе ўжываў нават і сёй-той з народжаных у эміграцыі, што ў заслугу можа быць пастаўлена, галоўным чынам, сямейнаму выхаванню, якое ў нас сёння амаль зусім не працуе на нацыянальны інтарэс.

У традыцыях беларускасці вырас у г. Кам (Баварыя) Анатоль Чайкоўскі (1947 г. нараджэння), бацька якога родам з наваколля Мінска. Удалечыні ад Бацькаўшчыны ў Анатоля пачалі заўважацца здольнасці да выяўленчага мастацтва. Яго творчасць фармавалася пад уздзеяннем твораў класікаў сюррэалізму Макса Эрнеста і Сальвадора Далі. У 1991 г. ён упершыню наведаў Беларусь, каб арганізаваць з нагоды стогадовых угодкаў Максіма Багдановіча выставу сваіх твораў мастацтва. У мінскім Доме работнікаў мастацтва іх экспанавалася каля 50, выкананых у тэхніцы гравюры і арыгінальнай графікі. Да гэтага яго творы выстаўляліся ў Германіі, Аўстрыі, Італіі, Францыі, ЗША.

Ніколькі не здзіўляе, што пры такой актыўнай, мэтанакіраванай дзейнасці саміх заснавальнікаў грамадскай арганізацыі "Бацькаўшчына", пра яе павінны былі хутка даведацца нашыя суродзічы і ў самых аддаленых куточках планеты Зямля і найперш на ўсёй савецкай прасторы. Пераканаўчым доказам тут могуць служыць прыклады закладкі такога роду беларускіх нацыянальна-культурных цэнтраў у шэрагу буйных гарадоў саюзных рэспублік. Як правіла, для кіраўніцтва такімі цэнтрамі абіраліся самыя аўтарытэтныя сярод нашых супляменнікаў асобы. Так, заснаваную ў маі 1991 г. у г. Алматы "Бацькаўшчыну" ўзначаліў рэктар мясцовага архітэктурна-будаўнічага інстытута, народны дэпутат Казахскай ССР Павел Атрушкевіч. Станоўчым у практыцы беларускіх суполак гэтай рэспублікі трэба лічыць іх арыентацыю не толькі на культурную, але і на гаспадарчую дзейнасць, што пры станоўчым яе ажыццяўленні магло стаць грунтам для незалежнага ад дзяржаўнай падтрымкі развіцця і самафінансавання.

Далейшаму аўтарытэту "Бацькаўшчыны" сярод людзей, жаданню далучыцца да яе дзейнасці надало надрукаванае ўлетку 1991 г.у газетах "Статута Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Яго, як ужо пісалася вышэй, прынялі яшчэ ў верасні 1990 г. на Устаноўчай канферэнцыі гэтай грамадскай арганізацыі. Газета "Літаратура і мастацтва" надрукавала яго 12 ліпеня 1991 г.

Напачатку існавання ЗБС "Бацькаўшчына" важнае месца ў яго працы займала беластоцкая праблема. Многімі нашымі суседзямі палякамі не дужа прыхільна быў сустрэты распачаты ў БССР рух за нацыянальна-культурнае адраджэнне. Відаць, баяліся, каб ён як-небудзь не актывізаваў і нацыянальнае жыццё нашых суродзічаў з Беласточчыны, таму тут так узмоцнілі сваю антыбеларускую дзейнасць польскія экстрэмісты. Іх варожыя ўчынкі не абышлі сваёй увагай удзельнікі ўжо не раз згаданай мною ХІХ-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, на якой прысутнічалі і прадстаўнікі з Беласточчыны. У 11-м пункце прынятай на ёй рэзалюцыі заяўлялася: "Мы выказваем непакой з прычыны нарастання антыбеларускай акцыі на Беласточчыне, якая выяўляецца ў хлуслівай прэсавай кампаніі ды ў паленьні цэркваў і знішчэньні помнікаў беларускай культуры. Нас таксама трывожаць выпадкі частага прападаньня ў дарозе да адрасатаў ў БССР і Польшчы беларусаведных публікацый, у тым ліку зборнікаў мастацкай літаратуры і навуковых артыкулаў, рэлігійных выданняў". Да ўсяго гэтага не магла быць абыякавай "Бацькаўшчына", паставіўшы для сябе за мэту аб'яднаць усіх беларусаў у інтарэсах святой для іх нацыянальнай ідэі. З вялікай радасцю беластаўчане - гэта пераважна навучэнцы Гайнаўскага ліцэя - сустрэлі прыезд да іх у маі 1991 г. старшыні Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Я. Лецкі і добра вядомага гісторыка з неафіцыйнага кола навукоўцаў Міколы Ермаловіча. У гэты шмат у чым адметны асяродак беларускага жыцця прыехаў ён не з пустымі рукамі, а з нядаўна выдадзенай сваёй вельмі папулярнай сярод чытачоў кнігай "Старажытная Беларусь". За вялікую радасць імі лічылася атрымаць яе з рук самога аўтара. Лепшым вучням беларускіх школ і ліцэяў былі падараваныя фірменныя майкі з выявай эмблемы "Бацькаўшчыны" .

У часы станаўлення і разгортвання працы ЗБС "Бацькаўшчына" даволі заўважаным у нашым грамадстве стала рэлігійнае аднаўленне. Было б недаравальным не выкарыстаць дадзены фактар у дзейнасці Згуртавання. Менавіта ў гэтых мэтах ім у студзені 1991 г. ладзілася ў Доме літаратара Мінска дабрачынная хрысціянская вечарына. Вёў яе старшыня Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Я. Лецка. На яе запрасілі прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, "якія добра валодаюць беларускай мовай, у той ці іншай ступені выкарыстоўваюць яе ў набажэнстве. Кожны са святароў заклікаў да згоды, да міласэрнасці, любові да блізкіх, да роднага краю і мовы", г. зн. да таго, што магло паспрыяць аб'яднанню, узаема-паразуменню беларусаў планеты Зямля. Адкрыў жа вечарыну В. Быкаў, "які гаварыў пра самаіснасць і вялікае значэнне для грамадства хрысціянскай маралі". Свае вершы прачыталі Р. Барадулін, старшыня камісіі рэлігійна-свецкіх узаемаадносін "Бацькаўшчыны" Алесь Бембель. Вершы Казіміра Сваяка (рэлігійны і грамадскі дзеяч Канстанцін Стаповіч) прачытала артыстка Таццяна Мархель.

На тагачаснае без перабольшвання планетарнае ажыўленне беларусаў не маглі не рэагаваць афіцыйныя навуковыя структуры. Іх і раней цікавіла беларуская эміграцыя, асабліва пасляваенная, але пераважна толькі з мэтай пошукаў у яе асяроддзі калабарантаў, аглабельнай крытыкі літаратурных твораў нашых замежных аўтараў. Але часы калі не карэнным чынам, дык блізка да гэтага змяніліся і эміграцыю патрэбна было вывучаць аб'ектыўна, неперадузята. З 1991 г. даследаваннем гэтай праблемы заняўся аддзел гісторыі замежных сувязяў Беларусі Інстытута гісторыі АН БССР, якім загадвала кандыдат гістарычных навук Галіна Сяргеева. У лютым адбылося пашыранае пасяджэнне аддзела з удзелам навукоўцаў, творчых работнікаў, іншых устаноў. Гэта загадчык гістарычнай рэдакцыі Беларускай савецкай энцыклапедыі Міхась Ткачоў, загадчык аддзела Інстытута літаратуры АН БССР Адам Мальдзіс, дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Беларусі, старшыня бібліяграфічнай і архіўна-музыкальнай камісіі ЗБС "Бацькаўшчына" Ганна Сурмач, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР, намеснік старшыні Рады ЗБС "Бацькаўшчына", старшыня камісіі па зарубежных сувязях гэтага Згуртавання Леанід Казыра і шэраг іншых асобаў. Іх удзел у абмеркаванні разгляданай праграмы дапамог лепш вызначыць галоўныя напрамкі яе даследавання. Праводзілася яно на належным узроўні і хутка станавілася здабыткам шырокага кола навукоўцаў, у чым вялікая заслуга рэдакцыі газеты "Навіны Беларускай акадэміі". У яе сталах матэрыялы пра беларускую эміграцыю падоўгу не затрымліваліся. З найбольш змястоўных і цікавых па дадзенай праблеме заслугоўвае быць згаданым артыкул супрацоўніка Інстытута гісторыі АН Беларусі Тацяны Папоўскай "Беларуская эміграцыя ў Францыі (20-30-я гады)", змешчаны ў "Навінах..." ад 14 лютага 1992 г. Заўважу, што на той час у літаратуры па праблемах беларускай дыяспары гэтая краіна незаслужана была вельмі недастаткова прадстаўлена. Сведчаннем таму - запрашэнне Т. Папоўскай Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Францыі ў Рэспубліцы Беларусь на афіцыйную сустрэчу, якая адбылася неўзабаве пасля выхаду ў свет згаданага артыкула. У ходзе размовы, французскі пасол шчыра прызнаўся ў тым, што да гэтага часу нічога не чуў аб наяўнасці беларусаў у Францыі ў міжваенныя гады, аб іх жыцці, арганізацыйна-культурнай дзейнасці. Ён выказаў глыбокую падзяку аўтару артыкула за яе даследаванні гэтай цікавай старонкі гісторыі беларуска-французскіх узаемадачыненняў. На хвалі агульнай цікавасці да жыцця беларусаў замежжа здараліся моманты і бадай што анекдатычныя. Адзін чалавек (не будзем згадваць яго прозвішча), які меў, праўда, пасведчанне члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, прынёс у рэдакцыю газеты "Голас Радзімы" рукапіс даволі значнага па памерах артыкула, прысвечанага гісторыі беларускай эміграцыі ў адной з краін Паўднёвай Амерыкі. Артыкул, насычаны арыгінальным матэрыялам, цікавымі фактамі з жыцця беларусаў у гэтай аддаленай краіне быў сустрэты з радасцю і неадкладна надрукаваны ў газеце як аўтарскі твор "пісьменніка". Цяжка сказаць, на што разлічваў "аўтар", бо неўзабаве высветлілася, што артыкул напісаны той жа Таццянай Папоўскай і быў раней змешчаны ў зборніку навуковых матэрыялаў па адпаведнай праблематыцы. Новы "аўтар" перадрукаваў яе працу пад сваім прозвішчам, як кажуць "ужывую", не змяніўшы ад пачатку да канца ніводнай літары ці коскі!

Творчыя людзі нацыянальнай арыентацыі актыўна адгукнуліся на прапанову кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына" стварыць для яе адмысловы гімн. У той час з падобнымі ідэямі насіліся многія афіцыйныя і неафіцыйныя арганізацыі, установы. Праводзіўся конкурс і на дзяржаўны гімн для Рэспублікі Беларусь, але ніводзін з іх, галоўным чынам з-за сваёй выразнай нацыянальнай накіраванасці, не быў ухвалены яе ўладамі, афіцыйнымі ідэолагамі. Адной з першых на прапанову кіраўніцтва "Бацькаўшчыны" адгукнулася ў газеце "Літаратура і мастацтва" (9 мая 1991 г.) вершам "Песня "Бацькаўшчыны" паэтэса Соф'я Шах. Яе радкі не могуць не кранаць душу кожнага шчырага беларуса. Да прыкладу, такія:

За вялікасную волю

незалежны ўзмоцнім рух,

уратуем нашу долю -

роднай мовы існы дух.

Покуль будзе ён ва ўздыме

светлы наш яднаць хаўрус,

наша Бацькаўшчына жыцьме,

жыцьме наша Беларусь!

Ах, як шкада, што і тады, і сёння ў нас не стае падобнага духу! Зусім не такой знявечанай нацыянальна была б зараз наша Бацькаўшчына. Незычліўцаў жа ў яе ў дзясяткі разоў болей, чым сапраўдных народных патрыётаў.

Цешыла, што ў кірунку збліжэння метраполіі з дыяспарай пачыналі працавць і іншыя грамадскія творчыя аб'яднанні, у прыватнасці заснаваная 25-26 мая 1991 г. у Мінску Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. З гэтай нагоды да нас прыехала з усяго свету каля 120 дэлегатаў. У першы дзень працы кангрэса на ім выступілі намеснік старшыні Вярхоўнага Савета БССР Станіслаў Шушкевіч, прэзідэнт АН БССР Уладзімір Платонаў, народны пісьменнік БССР Васіль Быкаў, міністр замежных спраў БССР Пётр Краўчанка. Ад ЗБС "Бацькаўшчына" прывітанне ўдзельнікам кангрэса перадаў Я. Лецка, ад Беларускага ПЭН-цэнтра - паэт Рыгор Барадулін.

Не толькі на сам змест, але і характар, рытм дзейнасці Рады і Управы ЗБС "Бацькаўшчына" моцны ўплыў зрабілі надзвычай крутыя палітычныя падзеі 1991 г. і, вядома ж, наданне 25 жніўня Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статусу канстытуцыйнага закона. Гэтую гістарычнай важнасці падзею з радасцю вітала нашая эміграцыя. Яна, як і многія жыхары метраполіі, яшчэ з большай сілай паверыла ў рэальнасць яе незалежнага палітычнага развіцця. З гэтай прыемнай нагоды такога зместу ліст прыслалі ў рэдакцыю газеты "Літаратура і мастацтва" (1991, 27 верасня. С. 3) беларусы з далёкай Аўстраліі: "Беларускія эмігранты ў Аўстраліі з вялікай радасьцю ўспрынялі пацяшаючую весту аб Абвешчаньні Беларускай Народнай Рэспублікі Незалежнай Дзяржавай. Мы ўпэўненыя ў тым, што дэмакратычныя працэсы, якія цяпер праходзяць у Вас, прывядуць да адбудовы нашай Незалежнай Беларускай Дзяржавы і нацыянальнага і культурнага адраджэньня нашага Беларускага Народу, які быў паняволены на працягу стагоддзяў.

З нагоды гэтай вялікай падзеі ў жыцьці беларускага Народу і нашай Краіны, засылаем усім Вам, а ў асаблівасьці ўсім адданым, стойкім і непахісным змагаром за Волю і Незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны найшчырэйшую падзяку і сардэчныя прывітаньні."

Заканчваўся ліст такімі палымянымі словамі: "Жыве змагарны і вольны Беларускі Народ". Яго падпісалі старшыня Выканаўчага камітэта Федэральнай Рады беларускіх арганізацый ў Аўстраліі Е. Груша і сакратар такой Рады П. Гуз. Ён быў прысланы ў газету, каб выказаць падзяку дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь за абвяшчэнне яе незалежнай.

У той незвычайны паводле сваёй палітычнай актыўнасці час не толькі апазіцыйны, але і дзяржаўны друк не скупіўся на інфармацыю пра гэтую гістарычную, па-сапраўднаму эпахальную ў лёсе беларускага народа падзею. Важна, што людзям усяляк імкнуліся давесці, што ідэя беларускай дзяржаўнасці мае глыбокія і магутныя карані, заўжды прысутнічала ў галовах прагрэсіўных, цвёрдай нацыянальнай пазіцыі людзей. Арыгінальныя, мала каму вядомыя па дадзенай праблеме матэрыялы змяшчаў на сваіх старонках заснаваны беларускім эмігрантам Міхасём Белямуком і Святланай Белай у 1991 г. у Кліўлендзе (ЗША) часопіс "Полацак", фінансаваны мясцовай царквой Жыровіцкай Божай Маці. У ім ахвотна друкаваліся вядомыя навукоўцы і з Рэспублікі Беларусь. Іх публікацыі дапамагалі эмігрантам лепш даведацца пра многія адметныя старонкі гісторыі і культуры, сучаснае становішча нашай айчыны, чым выклікалі вялікае жаданне наведаць яе.

У поўным сэнсе слова пазітыўныя падзеі нацыянальна-адраджэнцкага характару ў Беларусі радавалі абсалютную бальшыню яе суродзічаў за мяжой, станоўча адбіваліся на ўсіх баках іх жыццядзейнасці.

Зразумела, што ў ліку першых на адраджэнцкія захады, што з такой актыўнасцю рабілі нацыянальна свядомыя людзі ў БССР, адгукнуліся нашыя супляменнікі з Вільні, дзе ў пераломныя часы айчыннай гісторыі, як вядома, сталі выходзіць першыя ў нас легальныя беларускамоўныя газеты "Наша доля" і "Наша ніва", адкрыліся першыя беларускамоўныя школы і прафесійны беларускамоўны тэатр. У гэтым колішнім сапраўдным асяродку беларускага нацыянальнага жыцця былі заснаваны ў 1988 г. Таварыства беларускай культуры ў Літве (старшыня Хведар Нюнька) і клуб аматараў народнай творчасці "Спадчына". Пра іх папулярнасць можа сведчыць такі факт: калі ў год свайго нараджэння "Спадчына" налічвала ўсяго толькі 26 чалавек, дык роўна праз два гады - ўжо больш за 150. Праўда, і гэтую лічбу нельга прызнаць аптымальнай, бо ў Вільні тады жылі дзясяткі тысяч беларусаў. Кожны з іх, хто толькі меў жаданне, мог два разы на месяц паслухаць па мясцовым радыё перадачы, што арганізоўвала "Спадчына", раз на месяц сустрэцца з беларускай старонкай у літоўскай моладзевай газеце "Летувас Рытас" ("Раніца Літвы"). У сакавіку 1990 г. з'явілася першая беларуская рубрыка ў рэспубліканскай газеце "Эхо Литвы". У тым жа годзе ў сталіцы Літвы распачала сваю дзейнасць першая нядзельная беларуская школа. Усё гэта не магло не радаваць, не натхняць да больш маштабнай працы тых, хто прысвяціў сябе наладжванню цесных кантактаў з адарванымі ад Рэспублікі Беларусь людзьмі.

Беларусы, незалежна ад месца свайго пражывання, павінны быць вельмі ўдзячнымі віленскім братам за тое, што яны зрабілі па ўвекавечванні памяці слыннага сына нашай Бацькаўшчыны Івана Луцкевіча. 18 мая 1991 г. на віленскіх могілках Росы былі перазахаваны яго патаемна вывезеныя з Закапанэ (Польшча) рэшкі. У гэтай жалобна-пахавальнай працэсіі разам з нашчадкамі роду Луцкевічаў, шматлікімі віленчукамі бралі ўдзел і вядомыя сваёй нацыянальнай актыўнасцю грамадска-палітычныя, культурныя дзеячы Беларусі: Зянон Пазьняк, Алесь Марачкін, Юры Хадыка, Міхась Ткачоў, Анатоль Сідарэвіч і інш. Рэлігійны чын правіў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. З нагоды перазахавання праху І Луцкевіча ў катэдры адбылася імша, увечары ў віленскім Доме настаўнікаў - памінальная імпрэза.

Не ўяўляла б складанасці назваць і яшчэ шэраг нацыянальна-адраджэнскага кшталту мерапрыемстваў, праведзеных у тыя гады ў Віленскім краі. Заўважалася па ўсім, што яго роля ў нашым няпростым нацыянальным жыцці, у наладжванні, паглыбленні ўсебаковых стасункаў паміж беларусамі свету будзе заставацца адной з самых галоўных, што заўжды ўлічвала ў сваёй практычнай дзейнасці кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына".

Павышэнню эфектыўнасці дзейнасці, пашырэнню аўтарытэту Згуртавання вельмі добра спрыяла сяброўская падтрымка яго беларусамі Масквы і Ленінграда. Звычайна гэта былі самыя аўтарытэтныя ў названых гарадах асобы, з глыбокай дасведчанасцю пра ўсё, што адбывалася на неспакойнай, бурлівай неабсяжнай прасторы СССР. У іх небеспадстаўна мелася пэўная асцярога, што беларусы з-за сваёй даведзенай да крайнасці нацыянальнай палітыкай КПСС зрусіфікаванасці будуць цягнуцца ў хвасце характэрнага для ўсіх саюзных рэспублік упартага змагання за дзяржаўную незалежнасць і, больш таго, яшчэ могуць выступіць у ролі контррэвалюцыйнай Вандэі. На канструктыўныя кантакты, прадметныя размовы з кіраўніцтвам ЗБС "Бацькаўшчына" з радасцю ішлі беларусы Масквы Алесь Глод, Алесь Драянкоў, Антон Сабалеўскі, іх калегі з Санкт-Пецярбурга Валянцін Грыцкевіч, Анатоль Кірвель, Мікалай Нікалаеў, Іван Чарнякевіч. У маі 1991 г. у Маскве былі ўтвораны такія важныя асяродкі беларускага руху, як група падтрымкі БНФ "Адраджэньне", рэгіянальнае згуртаванне беларускіх вайскоўцаў. А яшчэ раней тут заснавалі таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны. Увесну 1991 г. яго ўзначаліў вядомы беларускі пісьменнік, крытык, грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (з 1987 г. - дырэктар Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута кінамастацтва). Заснаванае ў 1989 г. у Санкт-Пецярбурзе Беларускае грамадска-культурнае таварыства праз пэўны час наладзіла выданне газеты "Родзічы" (рэдактар А. Кірвель) .

Для названых гарадоў Расійскай Федэрацыі была традыцыйна характэрная вялікая колькасць беларускай студэнцкай моладзі, якую вельмі клапаціў лёс роднай Бацькаўшчыны ў гады як Гарбачоўскай перабудовы, так і напярэдадні развалу СССР. Праз кантакты са сваімі сябрамі па вучобе з іншых рэспублік яны даведваліся, што ў ніводнай з іх культурна-моўная сфера так татальна не зрусіфікавана, як у Беларускай ССР. Яе незайздроснае становішча хвалявала вельмі многіх з нашых маскоўскіх, ленінградскіх студэнтаў. Невыпадкова яны не раз спецыяльна прыязджалі ў Беларусь, каб узяць непасрэдны ўдзел у ладжаных тут нацыянальна-адраджэнцкіх акцыях, навукова-практычных канферэнцыях, "круглых сталах". З'яўлялася нярэдкасцю, калі нашыя студэнты выпускных курсаў прасілі накіраваць іх на працу ў Беларусь, бо жадалі ў нялёгкую, адказную для яе часіну быць разам са сваім народам, дапамагаць яму пабудаваць уласную суверэнную дзяржаву.

Адраджэнцкія працэсы на тэрыторыі галоўнага мацерыка беларусаў не маглі пакінуць абыякавымі іх суайчыннікаў з ліку вайскоўцаў. Практыка сведчыць, што дадзеная катэгорыя людзей вельмі востра рэагуе на такія працэсы, прычым нават незалежна ад геаграфічнага фактару. Так, вялікая аддаленасць ад Радзімы ніколі не перашкаджала афіцэрам беларускай нацыянальнасці з горада Прыазёрск Джэзказганскай вобласці Казахскай ССР ужо ў 1990 г. стварыць Таварыства беларускай мовы, наладзіць выпуск (недрукарскім спосабам) беларускамоўнай газеты "Рокаш" пад двума эпіграфамі: "Жыве Беларусь" і "Бійце ў сэрцы іх, бійце мячамі. Не давайце чужынцамі быць..." (другі з верша Максіма Багдановіча). У гэтым казахскім горадзе функцыянавала і беларуская нядзельная школа. Сваім беларускім нацыянальным жыццём ён нікому так моцна не быў абавязаны, як ураджэнцу з Нясвіжчыны падпалкоўніку Станіславу Судніку. Самай надзённай праблематыкай газеты "Рокаш", вядома ж з'яўлялася вайсковая. З цвёрдых нацыянальных пазіцый па ёй выступаў капітан І. Супаненка. Паводле яго сцвярджэння дзяржава, каб быць сапраўднай, павінна мець уласнае войска. Зараз для маладой Рэспублікі Беларусь "пытанне ўтварэння Узброеных Сіл выходзіць на першае месца, з'яўляецца карэнным пытаннем суверэнітэту". У адказ на інтэрв'ю камандуючага Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі генерал-палкоўніка Кастэнкі (друкавалася ў газеце "Літаратура і мастацтва", ён слушна сцвярджаў: "Такі дзяржаўны інстытут, як армія, патрэбны дзеля таго, каб падкрэсліць, што гэта не якая там вобласць ці аўтаномная акруга, а суверэнная дзяржава. Зрэшты нішто так не паўплывае на нацыянальную свядомасць, як свая армія, гэта інстытут, дзе можна дасягнуць нацыянальнага адзінства." Цалкам апраўдана, што такія думкі І. Супаненкі падала на сваіх старонках газета "Літаратура і мастацтва", бо гэта давала чытачу зразумець якія слынныя сыны нашай зямлі, сапраўдныя нацыянальныя патрыёты служаць на неабсяжнай прасторы СССР, што метраполія абавязкова павінна падтрымліваць з імі цесныя ўсебаковыя сувязі, спрыяць вярнуцца на Радзіму ў такі адказны для яе час. Рэдакцыя газеты "Рокаш" выступала за ўвядзенне беларускай мовы ва Узброеныя сілы РБ.

Зусім нядзіўна, што пры такой вялікай павазе нашых землякоў з Прыазёрска да роднай мовы сярод іх сустракаліся і тыя, што за тысячы кіламетраў ад бацькаўскага краю пісалі на ёй і свае вершы. У гэтым, бадай, не было роўных самому С. Судніку. З напісаных ім пад знакам Пагоні паэтычных твораў былі наступныя: "Радзіма-Маці", "Мы не ўсё беззаганна рабілі...", "Мы інакшыя, мы інакшыя...", "Наш Грунвальд", "Беларусь. Красавік - 91", "Пагоня за мову". Усе яго вершы вызначаліся высокім нацыянальным патрыятызмам, цвёрдай упэўненасцю прыходу на беларускую зямлю сапраўднага адраджэнцкага руху, што добра вынікае і з такога чатырохрадкоўя:

"Радзіма-маці, памяць і надзея,

Мне радасна, што ты ўстаеш з калень

І на святло выводзіш ліхадзеяў,

Сціраеш з твару непагоды цень."

Улетку 1992 г. рэдакцыя часопіса "Полымя" змясціла нізку вершаў С. Судніка.

Але сярод нашых суродзічаў блізкага замежжа хапала з лішкам і такіх, хто нават і ў думках не мог пагадзіцца са стварэннем незалежнай беларускай дзяржавы, найчасцей за ўсё хацеў яе бачыць палітычным суб'ектам Расійскай Федэрацыі. Як правіла, такой шкоднай для беларускага нацыянальнага інтарэсу пазіцыі прытрымліваліся нашыя дазвання зрусіфікаваныя супляменнікі, для якіх беларуская культура і мова з'яўляліся нечым чужым і далёкім. Такія адарваныя ад духоўнай спадчыны роднага народа беларусы, знаходзячыся ў месцы пражывання рускага насельніцтва, нібыта ў мэтах ва ўсім дагадзіць, здабыць павагу, атрымаць якую-небудзь сацыяльную выгаду ў яго краі, гатовыя былі да ганьбавання, аплёўвання ўсяго таго, што ад самой прыроды належала іх продкам. Ці ж не так выглядала зробленая 1 верасня 1991 г. заява па расійскім радыё народнага дэпутата РСФСР ксяндза Аксючыца: "Хоть я родился в Западной Белоруссии и по паспорту являюсь белорусом, но считаю себя русским потому, что до Октябрьской революции территория, на которой я родился, входила в состав России как Северо-Западный край". Цалкам пагаджаюся з меркаваннямі А. Цыркунова датычна прыведзенай мною цытаты: "…калі б гэтага Аксючыца выбралі ў польскі сейм, ён з такой жа лёгкасцю назваў бы сябе палякам, матывуючы гэта тым, што Заходняя Беларусь, дзе ён калісьці нарадзіўся, ўваходзіла да вайны ў склад Рэчы Паспалітай". Да сказанага хацелася б дадаць, што Аксючыц і на Беларусі не быў бы супраць запісацца ў беларусы, калі б змог на сваёй радзіме займець прэстыжную пасаду. Мо на такі выпадак і захоўваў у пашпарце беларускую нацыянальнасць, бо замяніць яе на рускую не ўяўляла аніякай цяжкасці паводле законаў тагачаснай Расійскай Федэрацыі.

Ёсць дастаткова падстаў прыклад з ксяндзом Аксючыцам не лічыць тыповым для абсалютнай бальшыні прадстаўнікоў беларускай дыяспары і асабліва тады, як у жыцці саюзных рэспублік адбыліся буйныя палітычныя змяненні. Падчас іх выявілася, што ва ўтвораных на развалінах СССР маладых дзяржавах жыло нямала і такіх нашых суродзічаў, якія пад уздзеяннем русіфікатарскай палітыкі КПСС яшчэ не паспелі канчаткова развітацца са сваёй беларускасцю. У інтарэсах і метраполіі, і дыяспары было пажадана любою цаною захаваць гэтую вялікую этнічную каштоўнасць і ў карэнна змененых умовах жыцця. Як нішто іншае, гэтаму маглі б паспрыяць гастролі беларускіх прафесійных і самадзейных майстроў культуры і мастацтва ў месцы кампактнага пражывання нашых супляменнікаў. І такія гастролі даволі часта ладзіліся, нягледзячы на сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці. Вялікую радасць прынеслі беларусам Масквы - і не толькі - ладжаныя 19 і 21 снежня 1991 г. у канцэртнай залі імя П. Чайкоўскага выступленні дзяржаўных акадэмічных народных аркестра Беларусі імя І. Жыневіча і хора Беларусі імя Г. Цітовіча. Разам з гэтымі калектывамі ў сталіцу Расійскай Федэрацыі прыехалі намеснік міністра культуры РБ Уладзімір Гілеп, паэтка Ніна Загорская. На тых канцэртах сярод прысутных пераважалі маскоўскія беларусы. Да іх належаў і палкоўнік запасу Ігар Паўлоўскі. Выступленні артыстаў прынеслі яму вялікую радасць, а вось што ў час антрактаў яны размаўлялі паміж сабой па-руску, гэтага ніяк не мог апраўдаць, пра што напісаў у артыкуле "Трэба сябе паважаць..." для газеты "Літаратуры і мастацтва" (10 студзеня 1992 г., С. 4). Ён заканчваўся такімі не састарэлымі і на сёння пажаданнямі: "Шаноўныя майстры культуры і мастацтва! Вы можаце шмат зрабіць на карысць беларускага адраджэння, калі з годнасцю будзеце несці ў свет нашае роднае слова. Але вы здольныя і канчаткова пахаваць нашу мілагучную мову (што так сёння характэрна беларускім артыстам! - Л.Л.), калі не будзеце ставіцца да яе з павагаю. Бо калі мы не навучымся паважаць самі сябе, дык ніхто ў свеце нас не прызнае і паважаць не будзе."

На пашырэнні кантактаў з нашымі эмігрантамі, а таксама і на працу самога ЗБС "Бацькаўшчына" станоўча адбілася заснаванне 28 мая 1991 г. у Мінску Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Таму кіраўніцтва Згуртавання не збіралася стаяць убаку ад правядзення такога важнага мерапрыемства і запрасіла ўзяць удзел у ім англійскую перакладчыцу беларускай паэзіі Веру Рыч, выдаўца газеты "Беларус" Янку Запрудніка, Васіля Мельяновіча з Пенсільваніі (не так даўно працаваў на амерыканскай выставе ў Мінску і ўсіх наведвальнікаў яе здзіўляў сваёй адмысловай беларускай мовай), заснавальнікаў беларускай культурна-асветніцкай арганізацыі "Полацак" у Кліўлендзе (штат Агаё, ЗША) Сяргея Карніловіча і Кастуся Калошу, кіраўніка Згуртавання беларусаў Канады Міколу Ганько, старшыню Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Янку Міхалюка і шэраг іншых вядомых дзеячоў беларускага замежжа. На кангрэс з'ехалася каля 70 замежных удзельнікаў. На той час за мяжой налічвалася больш за 600 беларусістаў. На кангрэсе было заяўлена, што "ўратаваць Беларусь, беларускую нацыю можна адзіным шляхам - шляхам нацыянальнага Адраджэння. Супольна вырашыць гэтую задачу нам будзе значна лягчэй." На кангрэсе быў зацверджаны статут Міжнароднай арганізацыі беларусістаў (МАБ), утворана яе Рада. Прэзідэнтам МАБ абраны Адам Мальдзіс, віцэ-прэзідэнтамі Адам Бэрд (ЗША), Джэймс Дзінглі (Вялікабрытанія), Міхал Кандрацюк (Польшача), Рыгор Піўтарак (Украіна), навуковым сакратаром - Генадзь Цыхун (Беларусь).

Ужо ў першыя гады дзейнасці МАБ сюды ўваходзіла каля ста беларусістаў з самых розных краін свету. Сваімі навуковымі даследаваннямі яны садзейнічалі паглыбленню ведаў пра наш край. Забягаючы наперад, адзначу, што некаторыя з удзельнікаў таго Міжнароднага кангрэсу беларусістаў праз два гады прыедуць у Мінск у якасці дэлегатаў Першага з'езду беларусаў свету. Прыедуць, ужо як беларусісты, з дастаткова багатымі ведамі па гісторыі, па сучасных праблемах нацыянальна-культурнага адраджэння. Такое з поўным правам можна сказаць пра нашага амерыканскага супляменніка Янку Запрудніка, які ў тыя адметныя сваёй зайздроснай нацыянальнай актыўнасцю беларусаў часы плённа працаваў над кнігай "Беларусь паміж Захадам і Усходам", для серыі манаграфій па рэспубліках былога СССР, што рыхтаваліся ў Калумбійскім універсітэце, пісаў кнігу пра Беларусь.

Кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына" з асаблівай адказнасцю ставілася да арганізацыі сустрэч беларусаў метраполіі з тымі прадстаўнікамі эміграцыі, што выконвалі святарскія функцыі, належачы да розных хрысціянскіх канфесій. Такую ўвагу добра адчулі на сябе ў кастрычніку 1991 г. святары-пратэстанты з Канады Якуб і Юрка Рапецкія. Апошні з іх быў шырока вядомы ў Беларусі дзякуючы выдадзенай у Канадзе дарэформенным беларускім правапісам кнігі "Новае жыцьцё ў Хрысьце". Сустрэча з гэтымі святарамі адбылася ў перапоўненым малітоўным пратэстанцкім Доме на праспекце Пушкіна ў Мінску. "Да казанняў святароў хораша дапасаваліся спевы дзвюх надзвычай прывабных канадскіх спявачак - блізнятак", якія "з мілым англійскім акцэнтам... спявалі па-беларуску" (во прыклад для сучасных беларускіх спявачак! - Л.Л.). Згуртаванне "Бацькаўшчына" арганізавала ў Доме літаратараў вечарыну для гасцей з Канады .

Цяжка даецца веры, але круты паварот да эміграцыйнай праблемы стаў назірацца на пераломе 80-х - 90-х гадоў мінулага стагоддзя з боку Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі, г.зн. таго органа, які больш за іншых паганіў тых, хто жыў па-за яе мяжой, уносіў уласцівымі яму сродкамі раздрай у іх асяроддзе, не дапускаў і думкі пра збліжэнне, прымірэнне з апошнімі. Сказанае пацвярджаецца зместам праведзенай у снежні 1991 г. размовы кіраўнікоў КДБ Рэспублікі Беларусь з журналістамі газеты "Набат" (№ 17, рэдактар Васіль Якавенка). Сам старшыня КДБ РБ Эдуард Шыркоўскі заявіў, што гэты орган бярэ "на сябе частку адказнасці за тое, што рабілася ў дачыненні да нашай эміграцыі ў мінулым... Калі мы аб'явілі сябе суверэннымі, незалежнымі, дык збліжэнне за зарубежжам павінна стаць нашай дзяржаўнай палітыкай." З вуснаў жа намесніка начальніка адной з управы КДБ РБ Аляксея Даніліка прагучала такое, чаго раней не пачуў бы і ў самым вузкім коле работнікаў савецкай наменклатуры: "Нават тыя, хто супрацоўнічаў з немцамі ў гады акупацыі не падлягаюць крымінальнаму праследу, ім не трэба баяцца якіх-небудзь рэпрэсій". Тую "неардынарную" размову начальнік аднаго з аддзелаў КДБ РБ Віктар Дзмітрыеў і Э. Шыркоўскі закончылі даволі аптымістычна: "Што да эмігрантаў - трэба дараваць ім усім за тэрмінам даўнасці і, магчыма, усім пакаяцца" (В. Дзмітрыеў). "Я не схільны да таго, каб прасіць нашых эмігрантаў пакаяцца. Яны і без таго ў замежжы накаяліся. Менш ім трэба нагадваць пра гэта" (Э. Шыркоўскі). Газета "Набат" не мела такога вялікага накладу, як "Советская Белоруссия" ці якая-небудзь іншая афіцыйная газета, аднак змест той размовы мог стаць здабыткам для значнай колькасці людзей, што толькі на карысць было развязванню эміграцыйнай праблемы. Яна працягвала быць такой жа любімай тэмай для перыядычнага друку, у тым ліку і для афіцыйнага. Атрымалі магчымасць і выступілі на яго старонках, а таксама па радыё і на тэлебачанні найбольш вядомыя асобы беларускай дыяспары, якіх да нядаўняга часу так беспадстаўна называлі ў нас ворагамі савецкага народа, калабарантамі, хаця ўсе яны, за рэдкім выключэннем, з'яўляліся нявіннымі ахвярамі дзвюх самых жорсткіх таталітарных у Еўропе палітычных рэжымаў - фашысцкага і савецкага. Цяпер жа многімі жыхарамі Рэспублікі Беларусь сустрэчы з такімі людзьмі ўспрымаліся як сапраўднае свята. А такіх сустрэч ладзілася нямала, асабліва ў самім Мінску і ў заходніх рэгіёнах краіны.

Меліся ўсе падставы меркаваць, што і наступны 1992 г. ніколькі не ўступіць папярэдняму па маштабах дзейнасці ЗБС "Бацькаўшчына" з эміграцыяй. І такое пацвердзілася на практыцы, у чым, несумненна, вялікая заслуга ўладных структур. Пераконвае нас ў гэтым прынятая ў красавіку 1992 г. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь пастанова "Пытанні згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Самым важным у ёй трэба прызнаць даручэнне ўладам Мінска стварыць тут Беларускі культурны цэнтр для забеспячэння духоўных патрэб беларускай дыяспары і размяшчэння кіраўнічых органаў ЗБС "Бацькаўшчына". Міністэрствы і ведамствы, мясцовыя выканаўчыя органы абавязваліся аказваць "Бацькаўшчыне" ўсямерную дапамогу з тым, каб актывізаваць і палепшыць яе дзейнасць "па ўмацаванні культурных і эканамічных сувязяў з суайчыннікамі, якія пражываюць за межамі рэспублікі". Улічваючы цяжкі фінансавы стан ЗБС "Бацькаўшчына", камерцыйным банкам рэкамендавалася ажыццяўляць ільготнае крэдытаванне яго. Вартым за вельмі важны прыняць сёмы пункт пастановы, у якім адзначалася, "што выдаткі, звязаныя з пражываннем і транспартным абслугоўваннем замежных грамадзян, прыбыўшых у рэспубліку па запрашэнні "Бацькаўшчыны" для ўдзелу ў мерапрыемствах Згуртавання, падлягаюць аплаце ў рублях па тарыфах, устаноўленых для грамадзян Рэспублікі Беларусь". Да пастановы за такія паслугі даводзілася плаціць у доларах. Па розных прычынах не ўсё з той пастановы выконвалася, аднак пэўныя ільготы і Згуртаванню, і гасцям яна давала. У 1992 г. Беларусь у большай ступені, чым у папярэднім годзе, перажывала сапраўдны бум у нацыянальна-культурным адраджэнні, у наведванні яе эмігрантамі. Ехалі нават і тыя, у каго тут не мелася ні родных, ні сваякоў, ні знаёмых.

Вялікую зацікаўленасць у людзей выклікаў візіт у нашую краіну мітрапаліта Беларускай Праваслаўнай аўтакефальнай царквы (сядзіба ў канадскім горадзе Таронта) Мікалая. Яго прыезд у лютым 1992 г. супаў з даволі вострымі, прынцыповымі дыскусіямі ў грамадстве датычна мовы праваслаўнага набажэнства. Цалкам залежныя ад Маскоўскага патрыярхату, пераважна не беларускага паходжання кіраўнікі гэтай самай масавай у нас канфесіі і слухаць не хацелі пра ўвядзенне беларускай мовы ў набажэнства. А ўладыка Мікалай, наадварот, скрозь карыстаўся ёю, у тым ліку і пад час малебну ў Курапатах у памяць пра нявінныя ахвяры сталінізму. Высокую духоўную асобу вельмі цешыла дастаткова вялікая колькасць на Беларусі прыхільнікаў аўтакефаліі праваслаўнай царквы.

Не адчувалі на сябе якіх-небудзь абмежаванняў з боку ўладаў і тыя, хто не так па грамадскіх, як асабістых справах наведваў Беларусь. Многа дзе давялося пабыць увесну 1992 г. (знаходзілася тры тыдні) ураджэнцы з вёскі Панямонь на Наваградчыне Ірэне Каляда-Смірноў (жыла ў амерыканскім горадзе Кліўленд). Шмат радасці прынеслі ёй сустрэча са стрыечным братам Андрэем Калядой - першым прарэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, удзел у святкаванні чарговай гадавіны абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. А вось што сказала яна ў сваёй размове з карэспандэнтам газеты "Звязда" (14 мая 1992 г.) Таццяне Антонавай: "Некалькі разоў па справах я мела гутаркі з беларускімі парламентарыямі. І што вы сабе думаеце, я з імі па-беларуску, а яны са мною - па-расейску (тут прычына не ў адсутнасці этыкету, а ў высокай ступені зрусіфікаванасці. - Л.Л.). Ледзь тады стрымлівалася, каб не нагаварыць ім рэзкасцей. А напэўна ж трэба было."

Пры нагодзе прадстаўнікоў пасляваеннай эміграцыі ўсё часцей і часцей пачалі запрашаць у Беларусь для ўдзелу ў працы канферэнцый, семінараў, сімпозіумаў. Звычайна іх выступы выдзяляліся ад астатніх сваёй арыгінальнасцю і, як правіла, мелі значны навуковы і практычны інтарэс. Усяму гэтаму ў поўнай меры адпавядаў даклад амерыканскага беларуса Янкі Запрудніка на праведзенай у верасні 1992 г. у Маладзечна міжнароднай канферэнцыі "Фарміраванне і развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці". У адрозненне ад погляду шэрага дакладчыкаў на беларускую мову ледзь не як на адзіны паказчык беларускасці Я. Запруднік выказваў такое меркаванне: "Сёння трэба казаць так: хоць ты і мову пакінуў, але ты не памёр. У цябе ёсць дзяржава, ёсць багатая гістарычная спадчына, ёсць традыцыі, ёсць зямля..." Так, усё гэта было ў беларусаў, ёсць яно і сёння, аднак, адрынутыя ў асноўным самой жа дзяржавай ад роднай мовы яны па гэтай прычыне і тады, і зараз не ўяўляюць сабой той прыдатнай сілы, што ў стане зрабіць каштоўны ўнёсак у кансалідацыю нацыі, садзейнічаць яе самадастатковасці, захаванню этнакультурнай самабытнасці, паколькі ў дзесяткі разоў большы ўклад уносяць ва ўзбагачэнне рускай, чым беларускай культуры і дзеля задавальнення сваіх духоўных запатрабаванняў у сотні разоў больш выкарыстоўваюць набыткі першай (чужой), чым другой (уласнай).

Як і трэба было меркаваць, да кантактаў з прадстаўнікамі беларускай паваеннай эміграцыі з'явіўся інтарэс і ў саміх органах улады краіны. Звычайна сустракаліся з самымі аўтарытэтнымі асобамі дыяспары, якія мелі што сказаць. Цікавай і карыснай для абодвых бакоў сталася сустрэча 18 верасня 1992 г. ужо не раз згаданага Янкі Запрудніка з супрацоўнікамі Міністэрства інфармацыі РБ і рэспубліканскіх выдавецтваў. З першых вуснаў яны даведаліся пра жыццё і клопаты беларусаў ЗША, абмяняліся думкамі датычна перспектыў нацыянальнага адраджэння, шляхоў пашырэння сувязяў паміж беларусамі свету .

Па рознага роду прычынах і даволі часта з-за вялікай перагружанасці працай самога ЗБС "Бацькаўшчына" некаторыя культурніцкага характару мерапрыемствы з эмігрантамі маглі і не даваць належнага эфекту. Не заўсёды ахвотна ішлі на кантакт з імі нават прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, бо на той час не ўсе яны паспелі канчаткова развітацца са сфармаванымі ў іх пад уплывам бальшавіцкай ідэалогіі стэрэатыпамі на дадзеную з'яву.

Куды большую актыўнасць у кантактах са сваімі калегамі з замежжа пажадана было бачыць і з боку майстроў прыгожага пісьменства. Калі ў Доме кнігі ў Мінску ў кастрычніку 1992 г. адбывалася прэзентацыя складзенага пісьменнікам Барысам Сачанкам зборніка "Туга па Радзіме" (машынапісны тэкст амаль тры гады праляжаў у выдавецтве!), зала была паўпустой. Яе запаўненню мала паспрыяла і прысутнасць на прэзентацыі аднаго з самых таленавітых празаікаў і паэтаў беларускага замежжа жыхара ЗША Масея Сяднёва.

Упэўнены, далёка не кожны паверыць у напісанае мною: сапраўдны пераварот у поглядах многіх людзей на эмігрантаў зрабілі канцэртныя выступленні іх дзяцей у Беларусі. У рэпертуарах канцэртных праграм іх аднагодкаў з метраполіі даўным-даўно зусім альбо амаль адсутнічалі беларускамоўныя творы. Таму выступалі пераважна з тым, што для дзяцей усяго СССР стваралі рускія паэты-песеннікі і кампазітары. Пра нацыянальнае выхаванне праз песенна-музычнае мастацтва не ў прыклад эмігрантам мала хто думаў. Гэтае хранічнае захворванне руйнуе душы маладых пакаленняў беларускага народа і ў нашыя дні. Добра, калі з дзесяці хлопчыкаў ці дзяўчынак хоць адзін можа праспяваць сваю беларускую песню.

Глыбока запалі ў душы тых беларусаў, у якіх яшчэ не да канца патух нацыянальны агмень, выступленні створанага нашымі амерыканскімі эмігрантамі дзіцячага танцавальнага фальклорнага ансамбля "Васількі". У маі 1992 г. яго з вялікай радасцю сустракалі ў палацы "Юнацтва" г. Гродна. Праграму вялі добра вядомыя на Беларусі самадзейныя артысты Валянціна Пархоменка са сваім мужам Алесем Казаком. На тым канцэрце пашчасціла быць настаўніцы са Шчучына Н. Сыч, на ўражанні якой я дазволю сабе спаслацца: "Мы слухалі і здзіўляліся: людзі, якія нарадзіліся і жывуць у Амерыцы, цудоўна ведаюць мову продкаў, адраджаюць народныя традыцыі, культуру беларускай нацыі.

(…) Амерыканскіх гасцей шчыра здзівіла тое, што ў Беларусі рэдка гучыць беларускае слова. Сорамна было чуць такое. Мы плакалі ад шчасця, калі чулі з вуснаў амерыканскіх гасцей-беларусаў: "Няхай жыве Беларусь!"

Сёння, відаць, ужо вельмі мала хто плакаў бы ад такіх слоў: за гэтыя 20 гадоў шмат хто са свядомых беларусаў развітаўся з зямным жыц цём і да таго ж яшчэ ў нас не практыкуецца, каб дзеці свае публічныя выступленні арганізоўвалі па-беларуску. Моцна здалі!

Прысутнасць беларускасці, і асабліва роднай мовы, у душах эмігрантаў бясконца радавала, па-добраму здзіўляла не толькі шчучынскую настаўніцу. Дый як тут было не радавацца, не здзіўляцца, калі ў метраполіі амаль спрэс заняло на яе родную мову, а ў чужых краінах яна працягвала жыць.

Сказанаму вышэй прынцыпова іншую ацэнку, лічу ўсё ж памылковую, даваў пісьменнік Барыс Сачанка, які няблага ведаў жыццё пасляваенных эмігрантаў, шмат зрабіў на прапагандзе іх літаратурнай спадчыны. Дзякуючы яго велізарным старанням у 1992 г. у Мінску выйшла кніга "Туга па радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі". Ён быў яе ўкладальнікам, аўтарам прадмовы і кароткіх бібліяграфічных даведак. У кнізе змешчаны паэтычныя творы пятнаццаці самых вядомых у эміграцыі аўтараў. У невялікай нататцы "Чарговы міф" для газеты "Літаратура і мастацтва" (8 студзеня 1993 г., с. 10-11) Б. Сачанка рашуча не пагаджаецца з тымі, хто лічыць, што " быццам толькі эміграцыя захавала чысціню нашай мовы (у метраполіі і сапраўды такое было немагчыма з-за ўведзенага ў 1933 г. новага правапісу. - Л.Л.), толькі яна здольна адрадзіць яе, вярнуць на Бацькаўшчыну…

(…) Аддаючы належнае тым, хто, жывучы на чужыне, не выракся роднай мовы, мушу заўважыць, - літаратурнай мовай там, за межамі Беларусі, валодаюць толькі лічаныя асобы. Ды і тыя ў большасці не навучылі ёй сваіх дзяцей. Пра ўнукаў нават і размовы няма - яны амаль ўсе сталі англічанамі, амерыканцамі, французамі…"

З аўтарам цытаты нельга як цалкам пагадзіцца, так і цалкам быць нязгодным, асабліва, што датычыць месца беларускай мовы ў жыцці нашых эмігрантаў. Не ў прыклад беларусам метраполіі яны дзесяцігоддзямі знаходзіліся ў асяроддзі чужароднага карэннага насельніцтва і вымушаныя былі, каб забяспечыць сабе прафесійны занятак, валодаць яго мовай. Яшчэ ў большай ступені з такой моўнай практыкай патрэбна было лічыцца дзецям і ўнукам нашых эмігрантаў. У дзіцячыя сады, навучальныя ўстановы яны павінны былі ісці з той мовай, якая тут з'яўлялася рабочай. Зразумела ж, не з беларускай. У сям'і роднай мовай яшчэ можна паслугоўвацца, што, аднак, не дае гарантыі добрага валодання, надзейнага захавання яе. Сусветная практыка пераканаўча засведчыла, што эмігранты ў другім-трэцім пакаленнях - гэта звычайна ўжо мёртвыя душы для сваёй Бацькаўшчыны. Памяць пра яе яны могуць захоўваць, але жыць паводле яе культурна-моўных традыцый ім ўжо непадуладна. Яны захоўваюцца, узбагачаюцца толькі тады, калі запатрабаваныя грамадствам, чаго не мог не ведаць Б. Сачанка і на прыкладзе роднай Беларусі. Выключэнне з грамадскага жыцця яе роднай мовы прычынілася да таго, што нават і многія дзеці, не кажучы ўжо пра ўнукаў саміх пісьменнікаў нашай краіны, не карысталіся ёю, таму дакараць эмігрантаў што іх дзеці і ўнукі цураліся сваёй ідэнтычнасці і ў выніку гэтага станавіліся англічанамі, амерыканцамі, французамі ў Б. Сачанкі не было падстаў. А ці нямала маладых пакаленняў беларусаў, узгадаваных у савецкі час у сябе дома на чужых ім рускіх культурна-моўных стандартах, у час перапісаў насельніцтва залічвалі сябе да рускіх. Яны схамянуліся і пачалі вяртацца ва ўлонне сваёй законнай нацыі толькі тады, калі ў яе з'явілася ўласная суверэнная дзяржава, узнікла рэальная магчымасць (шкада, што толькі фармальна) будаваць жыццё на ўласнай культурнамоўнай аснове.

Натуральна, сказанае Б. Сачанкам пра стан валодання нашымі эмігрантамі роднай мовай амаль зусім не датычыла майстроў прыгожага пісьменства, мастацкага слова, у тым ліку і тагачаснага частага госця на зямлі бацькоў пісьменніка Масея Сяднёва. Паслухаем яго самога: "Фактычна я не ведаю ніякай мовы, апрача беларускай. Англійскую, нямецкую нібыта і ведаю - нават перакладаю з гэтых моў, але застаюцца яны для мяне чужымі, малазразумелымі. Ды што там англійская, нямецкая? Нават расейская застаецца ўжо на ўзбоччы. Я застаюся фактычна толькі з адной мовай - беларускай. Яна сталася ўжо маёй доляй." Вось бы дачакацца тае залатой пары, калі б абсалютная бальшыня беларусаў, не выключаючы дзяржаўных дзеячоў, бюджэтнай інтэлігенцыі, магла б такое сказаць пра сваю родную мову.

4. На сход, беларусы, на сход!

У той нязвыклай, зусім не характэрнай для савецкай рэчаіснасці сітуацыі масавага наведвання Беларусі эмігрантамі проста не магла не ўзнікнуць думка пра правядзенне з імі і мясцовым насельніцтвам якога-небудзь больш саліднага мерапрыемства. Моцна паспрыяла гэтаму ўтварэнне на тэрыторыях былых савецкіх рэспублік незалежных дзяржаў. Іх грамадзяне беларускай нацыянальнасці, па сутнасці, у момант сталі для Беларусі эмігрантамі, хаця некалі пакідалі яе зусім не ў такім статусе, бо змянілі ж месца свайго пражывання ў межах агульнай для ўсіх савецкіх народаў поліэтнічнай дзяржавы. Заўважу, што гэтых новаэмігрантаў не так і мала было ў іх Маці-Беларусі. Паводле апошняга Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1989 г. у Расіі жыло 1,2 млн. беларусаў, ва Украіне - 440 тыс., у Казахстане - 183, Латвіі - 120, Літве - 63, Узбекістане - 29, Эстоніі - 28, Малдове - 11, Туркменістане - 9, Кыргызстане - 9, Грузіі - 9, Азербайджане - 8, Таджыкістане - 7, Арменіі - 1 тыс.

Насуперак мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі далёка не ўсе беларусы тых рэспублік навекі развіталіся са сваёй нацыя нальнай ідэнтыфікацыяй, адышлі ад бацькоўскіх культурна-моўных традыцый. Сярод нашых тамтэйшых суродзічаў былі і такія, якіх не так-то проста было адшукаць і ў самой Беларусі. Скажам 80-гадовы беларус Яўхім Кохан з горада Багародзіцк Тульскай вобласці. Меркаваць так дазваляюць наступныя радкі з яго верша:

Хай быццам дома я ў Расіі, -

Жыве ва мне ўсё ж Беларусь

(...) Кал я ў Беларусь трапляю

Дык ледзьве спазнаю яе,

Што не па-свойму размаўляе,

Што ёй ніяк не прыстае.

Усё ў ёй фауна і флора

Па-беларуску мовіць мне,

А на трасянцы люд гаворыць -

Што можа быць яшчэ сумней?

У метраполіі ж на мяжы 1980-1990 гадоў многім беларусам такая недарэчнасць, як трасянка, ужо не была сумнай з'явай.

З улікам таго, што адбывалася на велізарным постсавецкім абшары, і вырашана было ў першую чаргу правесці з яго даволі шматлікай катэгорыяй нашых супляменнікаў сур'ёзую размову ў снежні 1992 г. ў Мінску. Выкананне гэтай адказнай агульнанацыянальнай місіі, як і трэба было чакаць, легла галоўным чынам на плечы ЗБС "Бацькаўшчына". І яно ўпэўнена спраўлялася з такой далёка не лёгкай задачай, маючы, на вялікае шчасце, неабходную падтрымку і ад уладных структур.

Зусім немалаважным для кіраўніцтва, актывістаў ЗБС "Бацькаўшчына" трэба лічыць іх добрую дасведчанасць датычна таго, якія ў плане паяднання метраполіі і дыяспары захады рабілася ў суседняй нам Украіне. Як не раз здаралася, і зараз яны ў развязанні гэтай праблемы ішлі наперадзе беларусаў, паставіўшы перад сабой задачу правесці ў жніўні 1992 г. у Кіеве Сусветны форум украінцаў. Пад зваротам яго Арганізацыйнага камітэта "Да ўкраінцаў на Украіне і па-за яе межамі", змешчаным у газеце "Літаратура і мастацтва" ад 10 ліпеня 1992 г., значылася і Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі. Неабходна адзначыць, што яна вяла вельмі актыўную дзейнасць сярод украінскай дыяспары ў нашай краіне, нібыта паказваючы беларусам, як трэба ім дзейнічаць у месцах пражыванне сваіх эмігрантаў.

Сябрам Згуртавання "Бацькаўшчына" добра паддала настрою праведзеная ў верасні 1992 г. у Нью Брансьвіку (штат Нью-Джэрсі) ХХ-я сустрэча беларусаў ЗША і Канады. Акрамя прадстаўнікоў названых краін, на яе прыехалі нашыя супляменнікі з Бельгіі, Германіі, Польшчы. Даволі прадстаўнічай была дэлегацыя з Беларусі. Прывітанне ад старшыні Вярхоўнага Савета РБ С. Шушкевіча зачытаў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін, ад старшыні ўрада РБ Вячаслава Кебіча - міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка. Прысутных той сустрэчы ад імя апазіцыі ў беларускім парламенце і ад сойма Беларускага народнага фронту "Адраджэньня" вітаў Валянцін Голубеў. Удзельнікі ХХ-ай сустрэчы нашых амерыканскіх і канадскіх супляменнікаў падтрымалі ініцыятыву правядзення ўлетку 1993 г. у Мінску Першага з'езду беларусаў свету. У рамках сустрэчы адбыўся канцэрт, у якім удзельнічалі беларускія артысты Іна Афанасьева, Тацяна Мархель, Мікалай Скорыкаў, кампазітар Зміцер Еўтуховіч, паэт-бард Сяржук Сокалаў-Воюш, паэт Леанід Пранчак, хор "Васількі" з Кліўленда, ансамбль "Васілёк" з Нью-Ёрка. Удзельнікаў той юбілейнай сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі горача вітала ЗБС "Бацькаўшчына" на чале са старшынёй яго Рады Я. Лецкам, запэўніла сваіх амерыканскіх суродзічаў такімі абнадзейлівымі словамі: "Мы рабілі і ўсё будзем рабіць дзеля таго, каб на грунце нацыянальнага адраджэння аб'яднаць беларусаў свету, будаваць мост лучнасці, даверу і дружбы паміж сынамі (дарэмна не напісана "і дачкамі." - Л.Л.) на ўсіх абшарах планеты, каб вы і вашыя дзеці, прыехаўшы на зямлю бацькоў, адчулі спрадвечную беларускую шчырасць і дабрыню..." Лішнім было б пісаць, як гэтыя словы пазітыўна паўплывалі на настрой беларусаў ЗША і Канады, як яны ўзмоцнілі ў іх жаданне да прыезду на Радзіму. Той ліст падпісалі В. Быкаў і Я. Лецка.

Як ніколі да гэтага, шмат часу ў кіраўніцтва, сяброў ЗБС "Бацькаўшчына" ішло на працу з наведвальнікамі сваёй малой радзімы - эмігрантамі блізкага і далёкага замежжа. Уласных сіл на іх абслугоўванне не заўсёды хапала, таму даводзілася запрашаць на дапамогу тых, каго паводле ўскладзеных на іх абавязкаў можна было называць валанцёрамі. Як правіла, працавалі яны супольна з кім-небудзь з сяброў Згуртавання. Даволі часта іх паслугамі карыстаўся і сам старшыня яго Рады Я. Лецка. Такім памагатым была ў яго і Людміла Казлова. У Беларусі не знайсці ніводнага буйнога гістарычнага культурнага цэнтра, які ў 1992 г. не наведвала б яна разам з групамі эмігрантаў, прычым не раз выкарыстоўваючы дзеля гэтай мэты сваю машыну, з чым у "Бацькаўшчыны" заўсёды меліся сур'ёзныя праблемы. У гасцей, а гэта добра вядомыя ў замежжы беларускія грамадскія, культурныя дзеячы, навукоўцы Янка Запруднік, Уладзімір Набагез, добрыя ўражанні засталіся ад арганізаванай для іх Я. Лецкам і Л. Казловай паездкі ў Вільню. Тамтэйшыя беларускія актывісты, сярод іх і самы вядомы ў горадзе нацыянальны адраджэнец Хведар Нюнька, наведалі разам з гасцямі шэраг культурных мясцін, забяспечылі ім выступленне па радыё. Л. Казловай, медыку па адукацыі, не раз даводзілася працаваць з эмігрантамі і як доктару, бо сярод іх было нямала людзей сталага ўзросту. У кагосьці здароўе магло здаць з-за празмерна вялікай радасці ад сустрэчы з даўно пакінутай радзімай, а былі і такія, што моцна перажывалі, убачыўшы, якія страшэнныя нацыянальныя страты панесла яна ў пасляваенныя гады ў выніку мэтанакіраванай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі.

Няспыннае павелічэнне аб'ёму функцый ў ЗБС "Бацькаўшчына", выкліканае галоўным чынам пашырэннем кантактаў з дыяспарай, абумовіла неабходнасць пошукаў шляхоў да ўдасканальванняў сваёй працы. З гэтай мэтай пачалі стварацца рэгіянальныя цэнтры Згуртавання. У пачатку лета 1992 г. яны ўжо пачалі дзейнічаць у Гомелі, Віцебску, Наваполацку, Брэсце і неўзабаве планавалася заснаванне такой структуры ў Наваградку, Лёзне, Радашковічах і ў іншых населеных пунктах .

Пры ўсёй сваёй занятасці ЗБС "Бацькаўшчына" не аслабляла ўвагі да Чарнобыльскай праблемы, бо яна не пераставала хваляваць нашых эмігрантаў. Дапамога ад іх сістэматычна паступала, але па вядомых прычынах, не ў такіх маштабах, каб істотна паўплываць на ход барацьбы з гэтай страшэннай тэхнагеннай катастрофай. Таму вялікай пахвалы заслугоўвае прыпалая на восень 1992 г. ініцыятыва Згуртавання па арганізацыі ў ЗША для нашых мастакоў выставы-аўкцыёна з тым, каб частку атрыманых ад продажу іх карцін грошай перадаць у фонд Чарнобыля. Для ажыццяўлення кантактаў мастакоў са ЗБС "Бацькаўшчына" ім праз газету "Літаратура і мастацтва" (2 кастрычніка 1992 г., с. 13) былі прапанаваны нумары тэлефонаў Я.Лецкі і сакратара-рэферэнта Алены Макоўскай.

Клопаты ад замежжа адчулі на сабе і інваліды Беларускага таварыства па зроку. Руку братэрскай дапамогі працягнула ім Асацыяцыя Амерыканскіх Цэркваў. Па даручэнні ЗБС "Бацькаўшчына" размеркаваннем атрыманых ад іх сродкаў займаліся яго сябры Алена Макоўская і Барыс Стук.

У той цяжкай для краіны эканамічнай сітуацыі не магло не быць надзвычай складаным для ЗБС "Бацькаўшчына" фінансавае забеспячэнне звязаных з правядзеннем першага сходу беларусаў блізкага замежжа мерапрыемстваў. Створанаму дзеля гэтага Арганізацыйнаму камітэту на чале з намеснікам Рады Згуртавання Валерам Герасімавым неаднаразова даводзілася звяртацца з просьбай аб фінансавай дапамозе не толькі да ўрада, але і да Саюза прадпрымальнікаў Беларусі, прыватных фірмаў. З апошніх найбольшую суму грашовых сродкаў пералічылі "Амега" з Беласточчыны, "Беларускі шлях" з Рыгі, "Дайнова" з Мінска. Паступова ў названага Саюза ўсталяваліся дзелавыя сувязі з эмігрантамі, што мелі багаты досвед у тых ці іншых сферах вытворчай дзейнасці, не на словах, а на справе добра ведалі механізм прыватнага гаспадарання. У той ці іншай ступені, да ўсяго гэтага быў далучаны беларус з амерыканскага горада Кліўленд Міхась Белямук, больш вядомы як навуковец, сакратар часопіса "Полацак". У сакавіку 1992 г. у Мінску ў яго адбылася сустрэча з беларускімі прадпрымальнікамі.

Не чакаючы якіх-небудзь прыкметных пазітыўных зрухаў ва ўсіх сферах эканамічнага, палітычнага, сацыяльна-культурнага жыцця краіны, у кастрычніку 1992 г. кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына" выступіла з ініцыятывай аб скліканні і правядзенні Першага сходу беларусаў блізкага замежжа, пра што паведамлялася ў шэрагу газет. Заяўлялася, што сход будзе праходзіць пад дэвізам: "Мы не пасынкі твае, Беларусь". Меркавалася разам з іншымі пытаннямі разгледзець умовы набыцця "замежнымі беларусамі грамадзянства Рэспублікі Беларусь, а таксама ўласнасці", вяртання "беларускіх афіцэраў на Бацькаўшчыну". Тым, хто жадаў узяць удзел у падрыхтоўцы, працы Сходу, старшыня Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Я. Лецка і старшыня Аргкамітэта Сходу Валер Герасімаў прапанавалі карыстацца іх хатнімі і службовымі тэлефонамі, нумары якіх змяшчаліся ў газетах . І такую зручную паслугу шмат хто пастараўся выкарыстаць.

Ход падрыхтоўкі да форуму выявіў, што ў гэтай ідэі шмат шчырых прыхільнікаў як у самой краіне, так і па-за яе межамі. "На заклік Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", - як пісаў старшыня яго Рады Я. Лецка, - узяць удзел у сходзе адгукнулася столькі суродзічаў, што, кажучы па шчырасці, мы напачатку на гэта і не спадзяваліся. Водгук беларускіх сэрцаў сведчыць, што ідэя яднання і ўзаемадапамогі беларусаў, пад знакам якой разгортвае сваю дзейнасць "Бацькаўшчына", блізкая нашым суродзічам, многія з якіх ужо даўно, нягледзячы на ростань з Беларуссю, захоўвалі вернасць духоўным першавытокам свайго народа, іншыя ж толькі цяпер пачынаюць дарастаць да ўсведамлення сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Дапамагчы ім у гэтым і павінна Бацькаўшчына..." Я. Лецка меў падставы сцвярджаць, што пасля распаду СССР "узрасла патрэба ў абароне правоў тых беларусаў, якія сёння ўжо жывуць ці будуць жыць заўтра ў незалежных краінах, дзе існуюць розныя падыходы ў вырашэнні этнічных і нацыянальных пытанняў." Выказвалася справядлівая думка пра супольнае развязванне іх ЗБС "Бацькаўшчына" і дзяржаўнымі ўладамі. Так яно і адбывалася на практыцы, шкада толькі, што на працягу кароткага часу.

Кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына" добра сабе ўсведамляла неацэнную важнасць культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў выразнага нацыянальнага зместу для правядзення на самым высокім ўзроўні сур'ёзнай размовы з дыяспарай блізкага замежжа, таму на працягу ўсяго 1992 г. іх адбылося нямала, прычым не толькі ў самой Рэспубліцы Беларусь. Так, з удзелам сябра Згуртавання Ганны Сурмач у Вільні ладзілася святкаванне сотых угодкаў шчырай руплівіцы на ніве Беларускага нацыянальнага адраджэння Зоські Верас (нарадз. 30 верасня 1892 г.). Ладзіць свята дапамагаў тамтэйшы актыўнай нацыянальнай пазіцыі беларус Лявон Луцкевіч. У тых мерапрыемствах браў удзел папулярны ў Беларусі і за яе межамі хор "Унія". ЗБС "Бацькаўшчына" актыўна далучылася да правя дзення мерапрыемстваў з нагоды святкавання чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну ў Мінску, Семежаве і Слуцку. Гэтае свята стала адзначалі паваенныя эмігранты. На гэты раз ад іх у адрас "Бацькаўшчыны" прыйшлі дзесяткі віншавальных тэлеграмаў, лістоў, паштовак. За правядзенне звязаных з ладкаваннем свята мерапрыемстваў адказвалі Я. Лецка і Г. Сурмач.

Першы сход беларусаў блізкага замежжа праходзіў 19-20 снежня 1992 г. у канферэнц-зале мінскага Дома літаратара. У ёй разам з дзяржаў-нымі асобамі самых высокіх рангаў сабраліся прадстаўнікі ад усіх найбольш вядомых у той час нацыянальна-адраджэнцкіх рухаў, грамадскіх культурна-асветніцкіх аб'яднанняў як нашай краіны, так і замежжа. Гэта было першым у гісторыі Беларусі ХХ ст. агульнанацыянальным мерапрыемствам, у якім пад незалежніцкім сцягам супольна з уладнымі структурамі аб'ядналіся прадстаўнікі самых розных сацыяльных колаў, для якіх глыбінныя, карэнныя інтарэсы народа былі вышэй за групавыя, асабістыя. З прывітаннямі на Сходзе выступілі Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, Старшыня Савета Міністраў РБ Вячаслаў Кебіч, Прэзідэнт ЗБС "Бацькаўшчына" Васіль Быкаў, Старшыня Беларускага народнага Фронту "Адраджэньне Зянон Пазьняк. Па даручэнні кіраўніцтва Рады ЗБС "Бацькаўшчына" даклад "Беларусы свету: гісторыя, сучаснасць, праблемы і шляхі іх вырашэння" прачытаў доктар гістарычных навук Леанід Лыч. На парадку дня Сходу названы даклад стаяў першым, што выклікалася неабходнасцю ўжо на самім пачатку працы пазнаёміць прысутных з такой малавядомай для многіх з іх з'явай, як беларуская эміграцыя. У першы дзень Сходу выступілі старшыня Камісіі па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах Вярхоўнага Савета РБ Міхаіл Слямнёў, намеснік Старшыні Савета Міністраў РБ Міхаіл Дзямчук, віцэ-прэзідэнт АН Рэспублікі Беларусь Радзім Гарэцкі, у другі - міністр замежных спраў РБ Пётр Краўчанка. Шырокую магчымасць для выступу мелі ўдзельнікі Сходу як з замежжа, так і самой Беларусі. З вялікай карысцю для агульнай справы прайшлі праведзеныя з імі ўладнымі структурамі Беларусі кансультацыі. У заключны дзень працы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (20 снежня) з імі адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам сяброў Рады ЗБС "Бацькаўшчына", прадстаўнікоў Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У тыя знакавыя для нашай айчыннай гісторыі дні нельга было не звярнуць увагі на прысутнасць у зале паседжанняў людзей у вайсковай форме, якія ў гэты адказны, лёсавызначальны для народа час прыбылі на Сход з розных краін постсавецкай прасторы, каб засведчыць сваё шчырае жаданне дапамагчы Беларусі стаць па-сапраўднаму палітычна незалежнай, здольнай абараніцца ад усялякіх замахаў дзяржавай. З выступленняў беларускіх афіцэраў не раз чулася пра іх гатоўнасць прадоўжыць вайсковую службу ў сябе на радзіме. Асабліва прыемнае ўражанне ў прысутных у зале пакідалі выступленні афіцэраў на беларускай мове. Той з іх, хто прызабыў роднае слова, стараўся тэкст свайго выступлення даць на праўку каму-небудзь з цывільных, бо перад такой паважанай аўдыторыяй не хацеў мовіць не толькі па-руску, але і на сапсаванай беларускай мове. Кіраўнікі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь разам са сваімі расійскімі калегамі вельмі мала што зрабілі па перадыслакацыі беларускіх афіцэраў нацыянальнай арыентацыі на радзіму, у выніку чаго яна страціла шмат сапраўдных патрыётаў, многія з іх не толькі тады, але яшчэ і зараз маглі б прыносіць вялікую карысць свайму народу.

Хаця разгляданы форум меў статус Сходу беларусаў блізкага замежжа, на ім прысутнічалі і самыя выбітныя прадстаўнікі з беларускай заходняй дыяспары, пераважна з ЗША, Канады, Аўстраліі, Англіі. Яны не ўтойвалі сваёй велізарнай радасці ад усяго пачутага і пабачанага на Сходзе, са зместу выступленняў прыйшлі да пераканання, што ў Беларусі дастаткова рэальных шанцаў стаць на шлях незалежнага палітычнага развіцця, дамагчыся жаданага поспеху па ўпарадкаванні свайго эканамічнага, сацыяльнага жыцця, пераадоленні цяжкіх наступстваў шматгадовай русіфікацыі, асабліва ў сферы культуры і адукацыі.

Даклады афіцыйных асобаў, кіраўнікоў ЗБС "Бацькаўшчына", выступленні гасцей Сходу ў многім дапамаглі правільна ацаніць эканамічнае, сацыяльна-палітычнае, культурнае становішча ў краіне, скласці рэальны малюнак жыцця нашага блізкага замежжа, вызначыць кірункі далейшага ўмацавання яго кантактаў з метраполіяй.

Арганізатары Першага сходу беларусаў блізкага замежжа з усёй адказнасцю паставіліся і на высокім тэарэтычным узроўні склалі вялікай практычнай значнасці Заяву да Парламента і Ўрада Рэспублікі Беларусь, з якой і сёння ёсць усе падставы, каб звярнуцца да аналагічных дзяржаўных структур. Яна з'явілася на старонках шэрага афіцыйных перыядычных выданняў, бо пад уплывам нацыянальна-дэмакратычных рухаў, тых лёсавызначальных падзей, што адбываліся на постсавецкай прасторы, не магла заставацца абыякавай да будучыні сваіх суродзічаў і сама беларуская дзяржава, тым больш суверэнная. Першае, да чаго заклікала Заява Парламент і Урад Рэспублікі Беларусь - надаць арганізаваны характар працы з эмігрантамі, узвесці яе на ўзровень высокай дзяржаўнай палітыкі. Складальнікі названай Заявы прасілі "Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь абавязаць Камісію па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах займацца пытаннямі беларускай дыяспары". Просьба да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь заключалася ў тым, каб стварыць Дзяржаўны Камітэт па нацыянальных пытаннях, адной з задач якога было б вырашэнне праблем культурнага, эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця, рэальная дапамога ў гэтым Згуртаванню "Бацькаўшчына"… прыспешыць выкананне пастановы Саўміна РБ… па арганізацыі Культурнага Цэнтра (Беларускага Дома) - грамадскага, культурна-асветнага і эканамічна-камерцыйнага асяродка беларускай дыяспары". Заслугоўвае ўвагі сфармуляваная ў Заяве прапанова па арганізацыі культурна-асветнай працы сярод беларусаў, што кампактна расселены на Віленшчыне, у Латгаліі, Беласточчыне, паўднёвай Пскоўшчыне, паўночнай Чарнігаўшчыне, заходняй Смаленшчыне і Браншчыне.

У дні правядзення Першага сходу беларусаў блізкага замежжа, як і шмат часу раней, у вельмі абвостранай сітуацыі даводзілася развязваць вайсковае пытанне, што, натуральна, не магло быць абыйдзеным у разгляданай Заяве. У ёй адзначана, што Сход "салідарызуецца з Беларускім Згуртаваннем Вайскоўцаў і іншымі патрыятычна настроенымі афіцэрамі ў намаганнях пашырыць сярод беларускіх вайскоўцаў веды па беларускай мове, культуры, гісторыі, лічыць такую справу справай дзяржаўнай важнасці, выказваецца за неабходнасць канкрэтных і дзейсных захадаў па вяртанні, размяшчэнні і прызначэнні на пасады ў беларускія Ўзброеныя Сілы афіцэраў-беларусаў, якія жадаюць абараняць незалежнасць сваёй дзяржавы, але па тых ці іншых прычынах працягваюць служыць у арміях чужых дзяржаў - рэспубліках былога СССР; лічыць недапушчальнай дыскрымінацыю (звальненне ў запас, адстаўка і г.д.) афіцэраў за адстойванне патрыятычных ідэй, нацыянальнае адраджэнне ва Узброеных Сілах Беларусі, якімі б знешне "правамоцнымі" матывамі гэтае звальненне не прыкрывалася."

На многае з таго, што было выкладзена ў Заяве па вайсковым пытанні, давялося пазней звярнуць сваю ўвагу і ўдзельнікам Першага з'езду беларусаў свету, паколькі перамен да лепшага тут не назіралася. Жыццё ў войску з вялікімі цяжкасцямі ўпісвалася ў беларускі нацыянальны кантэкст.

Заключная частка Заявы датычыла самога ЗБС "Бацькаўшчына", што можа разглядацца ў якасці доказу правільнага разумення ўдзельнікамі Сходу ролі такога грамадскага аб'яднання ў працы з беларусамі як блізкага, так і далёкага замежжа. Сход звярнуўся з наступнымі просьбамі да Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі:

"- вызваліць ЗБС "Бацькаўшчына" ад падаткаў з гаспадарчай дзейнасці;

- вызваліць ад падаткаў тыя сродкі, якія іншыя прадпрыемствы і ўстановы пералічваюць на рахунак "Бацькаўшчыны";

- устанавіць мінімальную пошліну для тавараў, якія правозяцца праз мяжу Беларусі для "Бацькаўшчыны" і самой "Бацькаўшчынай" для беларусаў замежжа;

- (…) дапамагчы Згуртаванню "Бацькаўшчына" ў забеспячэнні для яго выдавецкіх патрэб папераю па дзяржаўнай цане, у тым ліку - на выданне штогадовіка "Беларускае замежжа", перыядычнага органа, выданне лепшых публіцыстычных, навуковых і літаратурна-мастацкіх твораў беларускага замежжа і г.д.;

- выдзеліць па магчымасці ў асобным прэстыжным будынку разам з "Беларускім домам" прэстыжнае памяшканне пад офіс ЗБС "Бацькаўшчына";

- падтрымаць захады Згуртавання "Бацькаўшчына" па стварэнні Саюза прадпрымальнікаў беларускага замежжа, адпаведнага банка і грамадскага Фонду Узаемадапамогі".

Як вынікае, у прыведзеных, як і ва ўсіх іншых просьбах Сходу дапамагчы ЗБС "Бацькаўшчына", няма нічога залішняга. Усе яны скіраваныя толькі на тое, каб дапамагчы яму найлепшым чынам арганізоўваць працу са сваёй дыяспарай. Праз год-два ўсе гэтыя просьбы засталіся толькі на паперы. У нашыя дні ЗБС "Бацькаўшчына" атрымлівае ад дзяржавы не дапамогу, а стала зведвае ад яе толькі ўсялякія перашкоды. Кожны раз узнікаюць немалыя праблемы і з выдзяленнем памяшкання для правядзення чарговага з'езду беларусаў свету.

Шмат карыснага, павучальнага, важнага нават і для сучаснай практыкі мелася ў Звароце ўдзельнікаў Першага сходу беларусаў блізкага замежжа да парламентаў і ўрадаў дзяржаў, якія да распаду СССР знаходзіліся ў яго складзе. Пасля выкладу асноўных прычын рассялення беларусаў на тэрыторыі гэтай вялізнай шматнацыянальнай краіны ўдзельнікі Сходу прасілі ўрады ўтвораных на яе развалінах дзяржаў аказваць нашым супляменнікам "усебаковае садзеянне ў рэалізацыі іх нацыянальна-культурных запатрабаванняў, у іх прававой абароне, у захаванні і пашырэнні сярод іх беларускай мовы, культуры, звычаяў, гістарычнай памяці. Гэта - далей адзначалася ў Звароце, - паслужыць не толькі захаванню і ўзбагачэнню беларускага этнасу, але і развіццю беларуска-іншанацыянальных культурных узаемасувязяў, узаемаўзбагачэнню розных народаў і іх культур, а ў канчатковым выніку - умацаванню дружбы паміж беларускімі і іншымі народамі, захаванню міру на нашай неспакойнай планеце. Са свайго боку, мы будзем рабіць усё магчымае, каб прадстаўнікі вашых дзяржаў, якія цяпер з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, мелі аналагічныя правы і ўмовы нацыянальна-культурнага жыцця".

І трэба сказаць, што такое рабілася як на тэрыторыі іншых дзяржаў, так і ў Беларусі. Пры жаданні нашых суродзічаў ніхто не перашкаджаў ім жыць на тэрыторыі іншых дзяржаў паводле сваіх нацыянальна-культурных традыцый. І Рэспубліка Беларусь, што толькі было ў яе сілах, старалася дапамагаць этнічным мяншыням не адрывацца ад роднай культуры з тым, каб выракшыся яе, не страціць свайго нацыянальнага "Я".

На тым форуме яго ўдзельнікі, і асабліва само кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына", не маглі не выказаць сваёй пазіцыі датычна беларускай усходняй і заходняй дыяспары ўвогуле. Выкладзена ж яна была ў кароткай, але змястоўнай Заяве да беларусаў свету. Прывяду з яе толькі адну на мой погляд вельмі важную вытрымку: "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", як маладая незалежная арганізацыя, не абцяжараная ідэалагічнымі догмамі і стэрэатыпамі, рабіла і будзе рабіць усё, каб будаваць мост лучнасці, даверу і дружбы паміж сынамі Беларусі на ўсіх кантынентах планеты. Спадзяёмся, што трывалым і надзейным падмуркам у гэтай будоўлі стане Першы з'езд беларусаў свету... Гэты З'езд мы разглядаем як важнейшую агульнанацыянальную акцыю ў справе яднання беларускай нацыі дзеля адраджэння незалежнай, суверэннай Беларусі." Пачуўшы ці прачытаўшы такія словы, думаю, мала хто з нашых замежных супляменнікаў не зразумеў, у які магутны рух уступаюць беларусы дзеля сваёй нацыянальнай кансалідацыі, а зразумеўшы, не пажадаў у той ці іншай форме ўзяць удзел у ім.

Перад тым, як закончыць гаворку пра знамянальны ў многіх дачыненнях для нашай айчыннай гісторыі форум, адзначу, што напярэдадні і ў час працы яго, як ніколі раней, у Беларусі знаходзілася шмат прадстаўнікоў паваеннай эміграцыі. Іх цікавіла літаральна ўсё ў жыцці сваёй Маці-Радзімы. Сярод такіх шчасліўчыкаў наведаць яе быў і добра вядомы паэт Янка Золак (сапр. Антось Даніловіч). Яго, як і ўсіх іншых эмігрантаў, сустрэча з землякамі мела немалую карысць для паразумення паміж тымі, хто жыве на роднай зямлі і па-за яе межамі. Такое ж паразуменне, якраз і патрабавалася для паспяховага правядзення Першага сходу беларусаў блізкага замежжа.

У тых, хто браў удзел у яго працы не мелася аніякіх сумненняў у магчымасці правядзення ўжо і ў не такой далёкай перспектыве яшчэ больш маштабнага форуму са сваімі суродзічамі, ад чаго можна было атрымаць вялікую карысць не толькі для іх, але і для Беларусі ў цэлым. Не робячы аніякага перапынку ў працы, ЗБС "Бацькаўшчына" разгарнула актыўную падрыхтоўчую дзейнасць па правядзенні ў ліпені 1993 г. у Мінску Першага з'езду беларусаў, г.зн. толькі трохі больш, як праз паўгода пасля завяршэння працы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа. Па гэтай прычыне 1993 г. ужо ад самага пачатку павінен быў стаць і сапраўды стаў самым напружаным у дзейнасці і ЗБС "Бацькаўшчына", а таксама ўладных структур, прычым у найбольшай ступені для першага. Усё тое важнае, адметнае, што адбывалася ў краіне і ў месцах пражывання яе эмігрантаў за шэсць месяцаў да правядзення прызначанага на першую дэкаду ліпеня 1993 г. сусветнага форуму беларусаў, нельга было б ўмясціць нават ў вялікага аб'ёму кнігу. Таму я гэта раскрыю толькі ў самай сціслай форме.

Як ніколі раней, увесь ход падрыхтоўкі да маючай адбыцца ў ліпені 1993 г. гістарычнай важнасці падзеі неабходна было на самым высокім ўзроўні забяспечыць ідэалагічна, даць людзям як мага больш праўдзівай інфармацыі пра нашую дыяспару. Мы моцна памыляліся б, мяркуючы, што нацыянальна-патрыятычным сілам удалося за апошнія 1980-я - першыя 1990-я гады сфармаваць ва ўсяго насельніцтва краіны аб'ектыўны погляд на эміграцыю, асабліва паваенную, і што яно будзе бясконца рада правядзенню ў Мінску з'езду з яе прадстаўнікамі. Хаця і не так часта, але ў шэрагу афіцыйных перыядычных выданняў усё ж з'яўляліся вытрыманыя ў духу колішняй бальшавіцкай прапаганды матэрыялы пра беларускіх эмігрантаў. Мала хто сумняваўся, што незадоўга да адкрыцця З'езду яны стануць куды часцей трапляць на старонкі афіцыйнай перыёдыкі, пра што яшчэ мною будзе сказана.

Эміграцыя сталася любімай тэмай для беларускага пісьменніка Леаніда Пранчака. Шмат краін давялося наведаць яму, сустрэцца, паразмаўляць з многімі славутымі, але мала вядомымі ў Беларусі постацямі. У якасці такіх першымі былі выбраны калегі па пяру Наталля Арсеннева, Кастусь Акула, Янка Золак, Масей Сяднеў, па кожны з якіх змяшчаліся публікацыі ў газеце "Літаратура і мастацтва". На чарзе за імі ў Л. Пранчака быў вядомы ў беларускім замежжы філосаф, перакладчык, літаратар Ян Пятроўскі (замест слоў "мысліцель", "мысляр", лічу, ён вельмі слушна ўжываў - "думаннік"). Пераклаў на беларускую мову шмат твораў грэцкіх аўтараў, найбольш - Платона. Ён аўтар невялікага "Грэцка-беларускага слоўніка". У адказах на пытанні Л. Прачанка даў некалькі станоўчых ацэнак паводзінаў нашых людзей за мяжою:

"1. Беларуская эміграцыя ў сваёй цэласці ўтрымала сваю нацыянальную свядомасць...

2. На заслугу беларускае эміграцыі павінен быць запісаны факт, што яна захавала беларускую літаратурную мову ў тым часе, калі дома, у Рэспубліцы, выкарчоўвалі яе сістэматычна."

Сучасным беларусам даў такую параду: "Мы не можам і не павінны ў нашым культурным поступе заўсёды раўняцца на Маскву". Не паслухалі і сёння ў афіцыйным, асабістым жыцці карыстаемся яе мовай, не можам ніяк наталіцца чужой рускай культурай.

Сталая прысутнасць у сродках масавай інфармацыі ў аснове сваёй пазітыўных матэрыялаў пра дыяспару, што асабліва было характэрна за колькі месяцаў да склікання Першага з'езду беларусаў свету, дапамагала рабіць яго пажаданай падзеяй для многіх людзей краіны і ў адначассе павышала ў іх вачах імідж нашай эміграцыі, якую раней так незаслужана бічавалі палітычныя ідэолагі. Цяпер жа ёю ўсё больш шырокія колы грамадства пачыналі ганарыцца, бо і сапраўды было за што. Ну хаця б, скажам, за тое, што не растварыліся ў чужародным асяроддзі, мелі такія жыццяздольныя нацыянальныя арганізацыі, як "Згуртаванне беларусаў у Велікабрытаніі", "Згуртаванне беларусаў у Канадзе", "Беларуска-амерыканскае задзіночанне", "Беларускае аб'яднанне ў Аўстраліі", "Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі", "Беларускае нацыянальнае аб'яднанне ў Канадзе", "Беларускі саюз моладзі ў Канадзе" і інш. У ЗША і Канадзе меўся свой Беларускі інстытут навукі і мастацтва (у Нью-Ёрку ён выдаваў навуковы зборнік "Запісы"). Варты быць згаданымі Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане, Беларускі (Вялікалітоўскі) фонд Л. Сапегі ў ЗША, Англа-беларускае таварыства, якое выдавала на англійскай мове "Часопіс беларускіх даследаванняў". У Нью-Ёрку з 1950 г. выходзіла адна з самых папулярных сярод нашай эміграцыі газета "Беларус", а ў Кліўлендзе (ЗША)з 1991 г. - часопіс "Полацак". "Беларуская эміграцыя дала свету таленавітых спевакоў (Пётра Конюх, Міхась Забэйда-Суміцкі, Мікола Стрэчань), кампазітараў (Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Эльза Зубковіч), мастакоў (Віктар Жаўняровіч, Уладзімір Шыманец, Зміцер Чайкоўскі), паэтаў (Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Алесь Салавей ды інш.). У сем'ях беларускіх эмігрантаў нарадзіліся Алія Клеч (Пашкевіч) - вядучы мастак "Дыснэйлэнду" і Уэйн Грэцкі - "зорка" паўночнаамерыканскага хакею". Народ Рэспублікі Беларусь мог ганарыцца і такімі эмігрантамі, як Ілля Прыгожын - прэзідэнт Бельгійскай каралеўскай акадэміі навук, літаратуры і прыгожых мастацтваў, дырэктар Міжнароднага інстытута фізікі і хіміі ў Сальвэ, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1977 г. па хіміі, Барыс Кіт - аўтар першага ў гісторыі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве (1960), дарадчык Урада ЗША ў галіне развіцця астранаўтыкі, акадэмік Сусветнай акадэміі астранаўтыкі. Ён не быў бы сапраўдным гонарам беларускай нацыі, а лічыўся б яе найвялікшым злачынцам, толькі тады, калі б яго дасягненні ў галіне ракетнай тэхнікі і ракетнага паліва Ўзброеныя сілы ЗША, выкарыстоўваючы ў вайне з СССР, сцерлі б з твару зямлі Беларусь. Дзякаваць богу, такога, на шчасце яе і Б. Кіта, не здарылася, і мы па праву ганарымся ім.

Не трэба забывацца, што пасляваенная эміграцыя - гэта ў абсалютнай сваёй бальшыні людзі высокай беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Калі б яны не былі так шчодра надзеленымі найлепшымі этнічнымі якасцямі беларускага народа, гадоў праз дваццаць-трыццаць у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы ці Заходняга паўшар'я нам наўрад ці ўдалося б адшукаць хоць з паўсотні сваіх суродзічаў. На вялікае шчасце, такога не адбылося. Забягаючы наперад, адзначу, што калі ў ліпені 1993 г. у Мінску праходзіў Першы з'езд беларусаў свету, дык высветлілася, што бальшыня нашых эмігрантаў не толькі не ўступала ў сваёй беларускасці тым (уключаючы і прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі), хто ўсе пасляваенныя гады бязвыездна жыў дома, а наадварот, нават перасягала іх. Не жыхарам метраполіі, а нашым амерыканскім эмігрантам трэба дзякаваць, што беларуская мова ўнесена ў "Лінгвістычны банк Злучаных Штатаў". Прэзідэнцкая улада Рэспублікі Беларусь і пад дулам пісталета не адважылася б на такі крок, таму за час існавання гэтак далёкай сваёй палітыкай ад нацыянальнай ідэі дзяржавы ёю нічога не зроблена дзеля павышэння сацыяльнай ролі роднай мовы тытульнага народа.

Набыты за першыя гады існавання ЗБС "Бацькаўшчына" досвед дазваляў яго кіраўніцтву, актывістам нават у самых складаных сітуацыях унутранага і знадворнага парадкаў прымаць правільныя, узважаныя рашэнні, дамагацца ажыццяўлення пастаўленых задач. Упершыню сур'ёзная, прадметная размова пра неабходнасць правядзення сустрэчы з прадстаўнікамі заходняй і ўсходняй беларускай дыяспары адбылася ў Мінску яшчэ 29 ліпеня 1992 г. Іменавалі ж такую сустрэчу Усебеларускім кангрэсам, нібыта ў памяць таго Першага ўсебеларускага кангрэса, што ладзілі ў Мінску ў снежні 1917 г. Зыходзячы з выключна важнага значэння маючага адбыцца ў 1993 г. Першага ўсебеларускага кангрэса беларусаў свету, абмеркаванне гэтага пытання правялі ў вялікай зале мінскага Дома літаратара на пашыраным пасяджэнні Рады ЗБС "Бацькаўшчына". Сюды былі запрошаны актывісты ад беларускіх зямляцтваў краін СНД, прадстаўнікі ўлад, лідары і актыў нядаўна створаных палітычных партый і грамадскіх рухаў. "Першым выступіў старшыня Рады "Бацькаўшчына" Яўген Лецка, які расказаў пра зробленае згуртаваннем на шляху яднання беларусаў свету, пра нявырашаныя праблемы, якія... затарможваюць дзейнасць грамадскай арганізацыі." да такіх праблем належала і адсутнасць у Рады ЗБС "Бацькаўшчына" адпаведнага памяшкання, хаця ўжо і мінула нямала часу ад яе прыходу да жыцця. Змястоўнымі, напоўненымі канкрэтнымі прапановамі вызначаліся выступленні сябра Рады ЗБС "Бацькаўшчына, міністра замежных спраў РБ П. Краўчанкі, старшыні Згуртавання беларускіх вайскоўцаў М. Статкевіча і іншых удзельнікаў таго пасяджэння. Падчас свайго другога выступу Я. Лецка запэўніў прысутных, што Рада, Управа ЗБС "Бацькаўшчына" ў стане выпрацаваць канцэпцыю Кангрэса, з усёй адказнасцю бяруць на сябе ініцыятыву яго склікання, прыкладуць максімум намаганняў па яго арганізацыі і правядзенні; з поўнай падставай назваў гэтую справу агульнанацыянальнай, дзяржаўнай, ад удзелу ў якой не могуць стаяць у баку ўладныя структуры, партыі і рухі. З гэтай мэтай Управа ЗБС "Бацькаўшчына" прапанавала стварыць досыць прадстаўнічы Аргкамітэт па арганізацыі і правядзенні Усебеларускага кангрэса. Акрамя сяброў Рады "Бацькаўшчына", у яго склад ад афіцыйных улад былі абраны Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. Шушкевіч, намеснік прэм'ер-міністра М. Дзямчук, міністры: замежных спраў П. Краўчанка, культуры - Я. Вайтовіч, адукацыі - В. Гайсёнак, інфармацыі - А. Бутэвіч, старшыня Камітэта знешнеэканамічных сувязяў У. Радкевіч, мэр горада Мінска А. Герасіменка, старшыня Камісіі па міжнацыянальных адносінах М. Слямнёў, старшыня Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі В. Зуёнак.

Ідэю склікання Усебеларускага кангрэса падтрымалі і ўвайшлі ў Аргкамітэт ад Беларускага народнага фронту "Адраджэньне" Зянон Пазьняк, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады - Міхась Ткачоў, нацыянальна-дэмакратычнай партыі - Мікола Ермаловіч, Беларускай Хрысціянска-дэмакратычнай Злучнасці - Пятро Сіўка, Аб'яднанай дэмакратычнай партыі - Аляксандр Дабравольскі, Партыі народнай згоды - Генадзь Карпенка, Таварыства беларускай мовы імя Францішкі Скарыны - Ніл Гілевіч, Беларускага фонду культуры - Іван Чыгрынаў, Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам - Арсен Ваніцкі, рэдактар газеты "Літаратура і мастацтва" Мікола Гіль. Пры поўнай згодзе прысутных за сустаршынь Аргкамітэта абралі прэзідэнта ЗБС "Бацькаўшчына", народнага пісьменніка В. Быкава і сябра Рады гэтага Згуртавання, міністра замежных спраў П. Краўчанку. Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"ніколькі не перабольшыў, заявіўшы: "Можна сказаць з упэўненасцю - 29 ліпеня былі закладзены падваліны пад будучую гістарычную падзею - Усебеларускі кангрэс..."

Скіроўваючы ўсю сваю дзейнасць пераважна па-за межы Беларусі, ЗБС "Бацькаўшчына" пільна сачыла і за тым, што адбывалася ўнутры яе, бо магло ж мець месца і такое, што сур'ёзна ўскладніла б працу з эміграцыяй. Законную занепакоенасць у Згуртавання, як і ў многіх нацыянальна зарыентаваных людзей, выклікала афіцыйная рэанімацыя Камуністычнай партыі Беларусі. У складзенай з гэтай нагоды Заяве ЗБС "Бацькаўшчына" выказала сумненне датычна магчымасці прыезду на Першы з'езд беларусаў свету шматлікіх замежных суродзічаў, якія "непасрэдна звязвалі і звязваюць наша нацыянальнае адраджэнне са спыненнем дзейнасці КПБ-КПСС - структуры былой імперыі". Актывісты ЗБС "Бацькаўшчына" выказалі пратэст у адрас тых газет, што "рэгулярна змяшчаюць матэрыялы, накіраваныя супраць рэальнага станаўлення нашай незалежнай дзяржавы, за прыніжэнне, а то і выкараненне беларускай мовы". Звычайна такога рэакцыйнага антыбеларускага курса прытрымліваліся выдаваныя ў краіне рускамоўныя газеты.

Складанае становішча ўзнікла для ЗБС "Бацькаўшчына" ў сувязі з адмовай кіраўніцтва Беларускага народнага фронту "Адраджэньне" ўдзельнічаць у працы Першага з'езду беларусаў свету, хаця, як вядома, прыкладна год таму - 6 сакавіка 1992 г. - сябра Сойму гэтага фронту Сяргей Навумчык на паседжанні Управы ЗБС "Бацькаўшчына" сам унёс такую прапанову і яе ўхвалілі. І толькі канцэнтрацыя ўсёй увагі гэтай арганізацыі на падрыхтоўцы да Першага сходу беларусаў блізкага замежжа на пэўны час адсунула на задні план прапанову народафронтаўца.

Самаўхіленне кіраўніцтва БНФ "Адраджэньне" ад удзелу ў працы Першага з'езду беларусаў свету была яўна памылковай. У той час у палітыцы ўладных структур мелася шмат чаго адпаведнага нацыянальнаму інтарэсу краіны, таму лідары БНФ "Адраджэньне" беспадстаўна праігнаравалі ідэю З'езду з прычыны таго, што ім так актыўна занялася і сама дзяржава. А без яе ж гэты форум альбо зусім не адбыўся б, альбо меў бы другараднае значэнне для нашай гісторыі. Народафронтаўцам варта было б не забывацца на вялікую зацікаўленасць да з'езду саміх беларусаў далёкага і блізкага замежжа. Ці ж не пра гэта, да прыкладу, сведчыць факт пералічэння нашымі суродзічамі з расійскага горада Сургута да мая 1993 г. 10 млн. руб. на патрэбы з'езда? Нямала мецэнатаў знайшлося ў Львове, Рызе і іншых гарадах.

Нягледзячы на тагачасны высокі аўтарытэт БНФ "Адраджэньне", заява яго сойму ад 13 лютага 1993 г. аб няўдзеле ў працы З'езду ніколькі не паўплывала на пазіцыю кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына". 17 лютага 1993 г. яго Ўправа прыняла Зварот (надрукаваны ў газеце "Звязда" 24 лютага) такога зместу: "Мы не схільны ўслед за Народным фронтам панікаваць з выпадку адмовы Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь часовай забароны КПБ (Камуністычнай партыі Беларусі. - Л.Л.), бо гэта і так не перашкаджала камуністам аб'ядноўвацца ў свае арганізацыі". Ставіць скліканне Першага з'езду беларусаў свету ў непасрэдную залежнасць ад такой пазіцыі вярхоўнай ўлады і сапраўды не было ніякіх падстаў, і каб паступілі інакш, няцяжка прадбачыць, якія б гэта мела сур'ёзныя негатыўныя наступствы. У наступным жа годзе праводзіліся выбары прэзідэнта і да ўлады прыйшло многа людзей, калі не варожых, дык абыякавых да ідэі паяднання метраполіі са сваёй дыяспарай, пра што ўжо пераканаўча сведчыць іх негатыўнае стаўленне да правядзення ўсіх наступных пасля Першага з'езду беларусаў свету такога роду форумаў. Са сказанага вынікае, якія далёкабачлівыя асобы стаялі тады на чале ЗБС "Бацькаўшчына". Зварот ад яго падпісалі Старшыня Рады Я. Лецка, яго намеснікі Лявон Казыра - па далёкім замежжы, Валеры Герасімаў - па блізкім.

Тут будзе дарэчы адзначыць, што з пазіцыяй БНФ "Адраджэньне" не салідарызаваліся многія дэмакратычныя партыі і рухі, у іх ліку і адна з самых масавых і ўплывовых - Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Яе Цэнтральная рада няўхільна выступала за правядзенне Першага з'езду беларусаў свету, лічыла, калі станаўленню беларускай незалежнай дзяржавы перашкаджаюць магутныя антыдэмакратычныя і антынацыянальныя сілы, "нам трэба сёння як ніколі быць згуртаванымі".

Кіраўніцтва БНФ "Адраджэньне" не знайшло сабе падтрымкі і за межамі Беларусі, бо эмігранты правільна разумелі значэнне такой важнай акцыі, як З'езд. І вельмі важна, што на яго баку сталі самыя шматлікія ўплывовыя беларускія эміграцыйныя асяродкі ЗША і Канады. Такое, да прыкладу, выразна назіралася і ў час святкавання 21 сакавіка 1993 г. ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША) 75-х угодкаў з дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Цікавы ў многіх дачыненнях даклад на ім старшыні Беларускага кангрэсавага камітэта Расціслава Завістовіча надрукавала 16 красавіка 1993 г. газета "Літаратура і мастацтва".

Варта адзначыць, што іншым разам у кіраўніцтва, сяброў ЗБС "Бацькаўшчына" ўзнікалі пэўныя праблемы і з эмігрантамі падчас іх знаходжання на зямлі сваіх продкаў. Любоў да яе была неверагодна вялікай. Разам з тым эмігранты, асабліва пасляваеннай хвалі, ніяк не маглі змірыцца з велізарнай стратай іх Радзімай сваёй нацыянальна-культурнай адметнасці ў выніку дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі. Справядліва абвінавачваючы яе ідэолагаў і непасрэдных праваднікоў, разам з тым яны выказвалі шмат - лічу заслужана - крытыкі і на адрас даволі шматлікай у савецкай Беларусі інтэлігенцыі за яе поўную няздольнасць, нежаданне пастаяць за карэнныя інтарэсы нацыі. І хоць апошнім часам улады ў апоры на нацыянальна актыўныя пласты грамадства паспелі штосьці зрабіць па ліквідацыі наступстваў русіфікацыі, асабліва ў сферы адукацыі, у нашым духоўным жыцці вельмі мала чаго было беларускага, асабліва мовы. І як вынік, нават і бясконцая любоў эмігрантаў да роднага краю не перашкаджала ім убачыць шмат чаго такога ў яго эканамічным, грамадска-палітычным жыцці, што не прыносіла жаданай радасці. Не мог не заўважыць такога і старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Сажыч. Добра вынікае гэта з наступных яго слоў: "Уражанне даволі складанае. Людзі змрочныя, раздражнёныя і памяшканні патрабуюць рамонту. На сваёй мове гавораць толькі асобныя людзі. А ў асноўным усе па-расейску. Адбудоўваць Беларусь будзе цяжка…" Сказана справядліва, стрымана, тактоўна, на што далёка не кожны з нашых суродзічаў быў здатным.

Больш крытычных поглядаў ды яшчэ як след тэарэтычна падрыхтаваныя эмігранты былі не супраць атрымаць доступ у афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, каб даць аб'ектыўную ацэнку ўбачанаму ў страшэнна пакалечаным нацыянальна-культурным жыцці краіны і выказаць меркаванні па яго аздараўленні. Па вядомых прычынах, такіх архікрытычных поглядаў эмігрантаў не пускалі на старонкі газет, не запрашалі на радыё- і тэлеперадачы.

У самы пік візітаў нашых эмігрантаў на радзіму незвычайную актыўнасць, а мо лепш сказаць: нясціпласць выявіў беларускага паходжання граф, грамадзянін Канады і Польшчы Аляксандр Прушынскі. Не будучы грамадзянінам Беларусі, зусім не валодаючы родным словам яе карэннага насельніцтва (праўда, зыходзячы з сённяшніх рэалій - гэта дробязь!), ён на наладжанай у пачатку студзеня 1993 г. на беларускім тэлебачанні прэс-канферэнцыі выказаў жаданне стаць першым у гісторыі Беларусі прэзідэнтам, хаця ў той час яшчэ толькі працягваліся дыскусіі па мэтазгоднасці мець ёй такую пасаду.

Непараўнальна лягчэй было працаваць ЗБС "Бацькаўшчына" з тымі эмігрантамі-наведвальнікамі Радзімы, якіх не так цікавілі прычыны неверагоднага запусцення нацыянальна-культурнага жыцця, колькі што трэба тэрмінова рабіць па вяртанні яго да самабытнасці. А такіх асобаў, на вялікую радасць, мелася нямала. Не будучы задаволенымі ходам нацыянальна-культурнага адраджэння, на што меліся важкія прычыны, нашыя эмігранты імкнуліся хоць у чымсьці паспрыяць яму, хутчэй вызваліць свой народ з-пад накінутага на яго ярма русіфікацыі. Арыгінальна падключыліся да супраціўлення гэтай злыбедзе нашыя суродзічы з Францыі - кіраўнікі тамашняй арганізацыі беларусаў "Хаўрус" Міхась Навумовіч і Лявон Шыманец. Яны з радасцю ўспрынялі звестку пра існаванне з 1991 г. у Мінскім медыцынскім інстытуце адзінай у сваім родзе беларускамоўнай групы, створанай па ініцыятыве саміх жа студэнтаў. Практычна ўсе заняткі з імі вяліся на беларускай мове. Будучыя медыкі плённа займаліся і навуковай дзейнасцю: склалі і выдалі першы ў краіне "Руска-беларускі хімічны слоўнік", на той час ужо аддалі ў друкарню "Фізіялагічны слоўнік", рыхтавалі да выдання шэраг кніг і падручнікаў на беларускай мове. Каб падтрымаць гэтую прагрэсіўную нацыянальна-патрыятычную ініцыятыву, М. Навумовіч і Л. Шыманец, будучы ў лютым 1993 г. у Мінску, сустрэліся з беларускамоўнай групай студэнтаў-медыкаў і перадалі ім не такую ўжо і малую на той час суму грошай - 180 тыс. руб.

Толькі радасць і карысць была для ЗБС "Бацькаўшчына" ад сустрэч са старшынёй Згуртавання беларусаў Канады (г. Таронта) Міколам Ганькам. За паўтара года да З'езду ён тройчы наведаў Радзіму, кожны раз спатыкаючыся з людзьмі, якія мелі самае непасрэднае дачыненне да правядзення гэтага мерапрыемства.

І чым менш заставалася часу да З'езду, тым ўсё больш і больш прыбаўлялася працы ў ЗБС "Бацькаўшчына". На ўсю моц працавалі спецыяльна створаныя дзеля гэтай мэты структуры. Як толькі ўлады ўпэўніліся ў рэальнай магчымасці правядзення З'езду, яны не шкадавалі сіл, каб гэтую важную справу ўзяць у свае рукі, мець вялікі ўплыў на ЗБС "Бацькаўшчына". Іх высокае чынавенства далёка не задавальняў сваімі рашучымі, канкрэтнымі дзеяннямі старшыня Рады Згуртавання Я. Лецка. Пэўныя прэтэнзіі меліся таксама да шэрагу іншых сяброў Рады і Ўправы ЗБС "Бацькаўшчына". Таму калі ўлетку 1992 г. справа дайшла да ўтварэння Арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні той знакамітай сустрэчы з прадстаўнікамі нашай эміграцыі, у яго склад пастараліся ўключыць як мага больш афіцыйных асоб. Абавязкі сустаршынь Аргка мітэта выконвалі народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, міністр замежных спраў Пётр Краўчанка. У мэтах аператыўнага вырашэння звязаных з правядзеннем З'езда задач па ініцыятыве ЗБС "Бацькаўшчына" была створана адмысловая Рабочая група (кіраўнік Ганна Сурмач), што адразу ж надало працы па-сапраўднаму арганізаваны характар, дапамагала паспяховаму вырашэнню ўсіх звязаных з гэтам форумам праблем. Высокай кваліфікацыі прафесіяналы ўвайшлі ў рэдакцыйную камісію Рабочай групы па падрыхтоўцы З'езду. Многія з іх лічылі для сябе за вялікі гонар удзельнічаць у ідэалагічным забеспячэнні яго працы. Узначаліў камісію па падрыхтоўцы асноўнага даклада для З'езду "Нацыянальная ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці" сябра Рады ЗБС "Бацькаўшчына" доктар мастацтвазнаўства Анатоль Сабалеўскі.

Усяго да адкрыцця З'езду Аргкамітэт правёў больш за дзесяць паседжанняў, кожны раз прысвячаючы іх разгляду самых актуальных пытанняў. Да іх, натуральна, належала і фінансаванне дадзенага мерапрыемства. Дзяржава на гэтыя мэты выдзеліла толькі 60 млн. руб., што далёка не пакрывала рэальныя патрэбы. Тут дарэчы будзе сказаць і пра тых, хто не шкадаваў уласных грашовых сродкаў на правядзенне Першага з'езду беларусаў свету, бо рабілася гэта з самым высакародным нацыянальна-патрыятычным пачуццём, а не з-за наяўнасці ў кішэні дастатковай сумы грошай. Роўных тут не было нашаму суродзічу старшыні акцыянернага таварыства "Варыянт" горада Сургут Цюменскай вобласці Анатолю Сілівончыку. На патрэбу З'езду ён перадаў ажно 20 млн. руб., г. зн. траціну таго, што было выдаткавана для гэтай мэты самой дзяржавай.

У перадз'ездаўскія дні ў большай меры, чым раней, грошы ад эмігрантаў паступалі і на іншыя мэты. Так, у маі 1993 г. амерыканскі бізнесмен беларускага паходжання А. Лук'янчык перадаў праз міністра замежных спраў П. Краўчанку 10 тыс. долараў на рэстаўрацыю Мірскага замка.

У ходзе падрыхтоўкі да З'езда не раз узнікала патрэба выезду каго-небудзь з сяброў ЗБС "Бацькаўшчына" ў тую ці іншую краіну з мэтай наведвання яе беларускай дыяспары. Звычайна галоўнай прычынай такіх выездаў з'яўляўся падбор кандыдатур для ўдзелу ў працы форуму. Старшыня Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Я. Лецка выбраў для сябе далёкую Аўстралію, дзе з гэтым існавалі сур'ёзныя праблемы: для паездкі ў Мінск вызначылі толькі двух чалавек, што крайне мала, улічваючы яе даволі шматлікую беларускую дыяспару. Пасля наведвання ў чэрвені 1993 г. самых буйных аўстралійскіх гарадоў Мельбурна (тут знаходзілася Федэральная Рада беларусаў), Сіднея, Адэлаіды і іншых колькасць кандыдатур для ўдзелу ў З'ездзе склала больш за дзесяць чалавек.

Усе, хто наведваў беларускія асяродкі за мяжой, выносіў цвёрдае перакананне ў іх самым прыхільным стаўленні да ідэі правядзення З'езду, чаго нельга агулам сказаць пра жыхароў метраполіі, асабліва колішніх бальшавіцкіх ідэолагаў ці занятых ва ўладных структурах РБ чыноўнікаў. Па віне эмігрантаў не была сарвана ні адна з адправак дэлегатаў на З'езд у Мінск, што можна разглядаць як доказ іх павагі, любові да Радзімы. Цяпер ужо мала ў каго з яе жыхароў тоіліся ў галаве думкі, што калі не ўсе, дык абсалютная бальшыня нашых паваенных эмігрантаў - гэта зацятыя ворагі беларускага народа.

З набліжэннем даты адкрыцця З'езду, як і трэба было чакаць, істотна прыбавілася працы на ідэалагічнай дзялянцы. З прыемнасцю можна адзначыць, што ў ЗБС "Бацькаўшчына" хапала патэнцыялу на роўных весці канструктыўную палеміку з прасавецкі настроенымі ідэолагамі высокага тэарэтычнага ўзроўню. Прыклад у гэтым паказваў сам старшыня Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Я. Лецка. Пераканацца ў гэтым можна з выкладзеных ім у інтэрв'ю газеце "Звязда" (16 сакавіка 1993 г.) поглядаў на тагачаснае палітычнае і сацыяльна-эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь, яе стаўленне да сваёй эміграцыі. Паводле яго ацэнкі Згуртаванне, як самастойная грамадска-культурная асацыяцыя, павінна быць незалежнай "ад палітычных партый і ад урадавых структур". У найбольшай ступені дзякуючы намаганням Я. Лецкі яно ў асноўным і з'яўлялася ў той час такім.

Больш аб'ектыўна глянуць людзям на яшчэ да канца імі так і не зразуметую з'яву эміграцыі шмат у чым дапамаглі змешчаныя на дзвюх старонках перадз'ездаўскага нумара газеты "Літаратура і мастацтва" "Выбраныя месцы з перапіскі Я. Лецкі з дзеячамі беларускага замежжа". Проста немагчыма ўстрымацца, каб не прывесці колькі вынятак з той несастарэлай і да гэтага часу перапіскі. Пачну з паслання старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Сажыца, які ў лісце да Я. Лецкі дзяліўся сваімі ўражаннямі ад пачутай па "Радыё Беларусь" з Мінска прысягі беларускага войска "Беларускаму Народу". "Паверце, што са слязамі ў вачах пільна слухаў гэтую перадачу, бо як сказаў Высока Шаноўны Спадар Шушкевіч: "Беларусы ў далёкай мінуўшчыне і ў апошняй гісторыі складалі прысягі шмат якім уладам і нават сваім ворагам, за якіх мусілі ваяваць, а вось упершыню прысягаюць свайму Народу (за гэта неўзабаве амаль усіх афіцэраў пазвальнялі з войска. - Л.Л.), за вольнасць і свабоду якога будуць змагацца.

А вось што пісаў Я. Лецку старшыня беларусаў у Бельгіі Янка Жычка: "Статут і хроніку станаўлення Згуртавання "Бацькаўшчына" прачытаў за адзін замах. Усё вельмі добра. Актыўнасць Вашая надзвычай багатая. Спадзяюся і жадаю, што Вашыя планаванні будуць поўнасцю дасягнутыя." Колішняму журналісту беларускай рэдакцыі радыёстанцыі "Свабода" Паўлу Урбану сталае знаходжанне ў Нямеччыне не перашкодзіла выказаць праўдзівае меркаванне пра наяўнасць у нашай краіне антынацыянальных сіл, падтрыманых нават урадавымі коламі, што "ахоп леныя сумам і скіроўваюць свае настальгічныя позіркі ў бок былога "Саюза", мараць пра такую Беларусь, якая заставалася б нейкай складовай часткай Расеі… Гэтым тлумачыцца адмоўнае стаўленне да беларускага нацыянальнага адраджэння, асабліва моўнага і дзяржаўнага." Хаця гэта сказана дваццаць гадоў таму, але яно нібыта спісана з сучаснай беларускай занядбанай рэчаіснасці.

Намеснік старшыні БНР Барыс Рагуля (меў уласную бальніцу ў Канадзе) у сваім пасланні да Я. Лецкі назваў кампартыю Беларусі партыяй, якая "слепа калабаравала з акупацыйнымі ўладамі БССР, імпэтна выконваючы іх загады з мэтай знішчэння ўсяго нацыянальнага элементу", выказаў меркаванне, што ў 1920-я гады "было шмат больш беларускага, чымся цяпер".

"Вы сапраўды выконваеце энергічна і паспяхова ўзложаную на вас гістарычную місію - аб'ядноўваеце беларусаў усяго свету". Гэта ёсць словы акадэміка сусветнай акадэміі астранаўтыкі Барыса Кіта на адрас Я. Лецкі. І тут няма ніякага перабольшвання, бо ў той час ён і сапраўды быў непараўнальным ні з якім іншым грамадска-палітычным лідарам паводле асабістага ўкладу ў аб'яднанне беларусаў метраполіі і замежжа.

Апярэджваючы час, адзначу, што гэта акурат найбольш, чым што іншае і непакоіла ўлады, паколькі яны ўсё яшчэ працягвалі хістацца ў поглядах на дзяржаўную незалежнасць Беларусі, у многім не давяралі эмігрантам, таму хацелі, каб на пасадзе старшыні Рады ЗБС "Бацькаўшчына" з імі працавала добра правераная на службе ў савецкіх ідэалагічных установах асоба і не дужа актыўная. З прычыны вялікай занятасці ўсяго гэтага, напэўна ж, не заўважаў Я. Лецка і працягваў актыўна працаваць, кіруючыся толькі інтарэсамі "Бацькаўшчыны".

У тыя гарачыя дні сярод сяброў ЗБС "Бацькаўшчына", бадай, не было такой асобы, якая хоць дзесьці ды не выступіла б па праблеме, звязанай з колішнім ці сучасным жыццём нашай дыяспары. Асвятлялі ж яго тады не ў прыклад нядаўнім савецкім часам аб'ектыўна, не баючыся паказаць нешта нават такое, чым магла ганарыцца і метраполія. Шырокае кола чытачоў мелася ў Лідзіі Савік дзякуючы яе цікавым публікацыям пра нашага земляка, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы Барыса Кіта.

Прысутнасць, асабліва ў перыядычным друку, значнай колькасці матэрыялаў пазітыўнага характару пра жыццё і ўчынкі беларускіх эмігрантаў, хаця і крута змяніла ў лепшы бок погляды нашага народа на іх, аднак у кагосьці заставалася наконт гэтага і нямала сумненняў, шчодра пасеяных за пасляваенныя гады камуністычнымі ідэолагамі. Наяўнасць такіх сумненняў у людзей не ў інтарэсах было маючага адбыцца Першага з'езду беларусаў свету. Таму мелі рацыю рэдакцыі газет, што напярэдадні гэтай падзеі не пераставалі даваць аб'ектыўную інфармацыю - а яна была пазітыўнай, - пра нашых выгнанцаў. Вынікае гэта і з інтэрв'ю газеце "Звязда" (8 ліпеня 1993 г.) пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН у Нью-Ёрку Генадзя Бураўкіна. Грунтоўна вывучыўшы стан жыцця беларускай дыяспары гэтага горада і краіны ў цэлым, ён даў такі адказ на пастаўленае журналістам пытанне: для нашых заакіянскіх землякоў характэрна "нязгасная любоў да гісторыі і мовы Бацькаўшчыны (што па віне бальшавіцкіх ідэолагаў было так неўласціва для бальшыні жыхароў метраполіі. - Л.Л.) і нядрэннае веданне іх. Мова для іх - тая вечная духоўная "нітка", якая лучыць з Радзімай. І гэта трэба не толькі паважаць, гэта трэба асэнсоўваць і памятаць усім беларусам. Калі на вуснах і ў памяці памірае матчына слова, памірае свядомы беларус, дзе б ён ні жыў". Сённяшняя архітрагічная сітуацыя з беларускай мовай сведчыць, што да прароцкіх слоў Г. Бураўкіна вельмі мала хто прыслухаўся, а яшчэ менш хто зараз жыве паводле іх праўдзівага сэнсу.

Узаемапаразуменню жыхароў БССР са сваімі выгнанцамі напярэдадні З'езду моцна паспрыялі публікацыі Таццяны Антонавай, якая ў той час працавала ў рэдакцыі газеты "Голас Радзімы". Узначальваў жа яе шчыра адданы беларускай нацыянальнай ідэі, выдатны публіцыст Вацлаў Мацкевіч.

Як і трэба было чакаць, на такую важную падзею, як Першы з'езд беларусаў свету, не маглі не адгукнуцца нашыя паэты, тым больш, што ведалі: у Мінск прыедуць і іх калегі. У прысвечаным той падзеі вершы Яўгена Хвалея "Беларусы свету" былі такія радкі:

Беларусы свету,

Шляхам жураўліным

Паляцім дасвеццем

Да сваёй Айчыны.

І сапраўды ад вялікай радасці нямала беларусаў, калі не на самалётах, дык проста на ўласных фантастычных крыллях ляцела на той З'езд.

Як і прадбачвалася многімі, незвычайная для айчыннай гісторыі падзея - З'езд беларусаў свету, сярод якіх пераважалі тыя, каго ў нас такі доўгі час проста без разбору, оптам, называлі калабарантамі, мог у некаторых людзей выклікаць і адмоўную рэакцыю. І такое сапраўды мела месца, прычым нават і ў чэрвені 1993 г., г.зн. за колькі дзён да масавага заезду замежных гасцей ў сталіцу Беларусі. Не можа не здзіўляць, што дэструктыўнага характару матэрыялы змяшчаліся і на старонках афіцыйнай перыёдыкі, на што ніяк нельга было не рэагаваць уладным структурам. А яны ж нібыта не заўважалі такога. Вось якую ацэнку гэтаму даў у інтэрв'ю газеце "Звязда" (6 ліпеня 1993 г.) міністр замежных спраў П. Краўчанка: "… яны (матэрыялы. - Л.Л.) з'явіліся напярэдадні З'езда зусім не выпадкова, а з мэтай кампраметацыі канцэпцыі нацыянальнай згоды. За гэтым стаяць пэўныя палітычныя сілы (падкрэслена мною - Л.Л.), якія б хацелі абвастрыць існуючыя ў нас супярэчнасці, скампраментаваць ідэю склікання З'езду і тых людзей, якія займаліся яго падрыхтоўкай.

(…) Я перакананы, што абсалютная большасць нашай эміграцыі - шчырыя і сумленныя людзі, патрыёты сваёй Бацькаўшчыны."

Сказаць такое мог сабе дазволіць П. Краўчанка, бо дзякуючы сваёй пасадзе добра вывучыў жыццё беларускай пасляваеннай эміграцыі, часта сустракаўся з найбольш вядомымі яе прадстаўнікамі і не бачыў сярод іх зацятых ворагаў нашага народа.

Думаю, не патрабуецца адмысловага тлумачэння, чаму скіраваныя на зрыў З'езду, кампраметацыю яго замежных удзельнікаў матэрыялы з'явіліся перш за ўсё ў газеце "Советская Белоруссия" (22 чэрвеня 1993 г.). Яе рэдакцыя практычна праігнаравала саму ідэю З'езду. Адмоўна выказалася пра яго і расійская газета "Правда" (26 чэрвеня 1993 г.). Ад гэтых газет нікому так не дасталася, як ініцыятару выдання і сакратару часопіса "Полацак" (Кліўленд) Міхасю Белямуку. Калі незадоўга да адкрыцця Першага з'езду беларусаў свету ў адным з артыкулаў "Правды" пісалася, што "героями дня в Беларуси провозглашают пособников фашистов", дык пад імі ў першую чаргу падразумяваўся М. Белямук. Не выключана, што тут мелася на ўвазе прынізіць ролю гэтага чалавека ў нацыянальна-культурным жыцці беларускай дыяспары, чалавека, які з'яўляўся аўтарам шматлікіх артыкулаў у эміграцыйных выданнях: "Бацькаўшчына", "Беларускі эмігрант", "Беларускі час", "Беларус", "Беларускі сьвет", "Голас царквы", "Голас часу" і інш. , а ў 1993 г. Вучоным саветам Інстытута гісторыі НАН Беларусі быў абраны яго ганаровым членам.

Справядліва заклапочаныя незаслужаным шальмаваннем такога лёсавызначальнага мерапрыемства, як Першы з'езд беларусаў свету, вядомыя ў рэспубліцы асобы строга асудзілі праз газету "Звязда" (6 ліпеня 1993 г.) такія паклёпы. Зварот напісалі акадэмік АН РБ Радзім Гарэцкі, дактары гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, Леанід Лыч, Георгій Штыхаў, кандыдаты гістарычных навук Леў Мірачыцкі, Віталь Скалабан, Галіна Сяргеева, Міхась Чарняўскі; дырэктар Архіва-музея літаратуры і мастацтва, старшыня Рабочай групы па падрыхтоўцы З'езду беларусаў свету Ганна Сурмач, публіцыст, недзяржаўнага сектара навукі гісторык Мікола Ермаловіч, мастакі Міхась Карпук, Яўген Ціхановіч, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Сяргей Законнікаў (галоўны рэдактар часопіса "Полымя"), Васіль Якавенка (галоўны рэдактар газеты "Набат"), гісторык, адказны сакратар Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" Яўген Калубовіч, намеснік старшыні Згуртавання беларускіх вайскоўцаў Уладзімір Савянок.

За ходам падрыхтоўкі З'езду з вялікай зацікаўленасцю сачылі многія з тых, хто не змог прыехаць у Мінск, заставаўся дома. Усяляк падтрымліваў ідэю склікання форуму Прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады А. Зуй (Аўстралія), пасланне якога змясціла на сваіх старонках рэдакцыя газеты "Літаратуры і мастацтва" (2 ліпеня 1993 г., с. 3). Вось яго поўны тэкст:

"Шаноўная Арганізацыя "Бацькаўшчына"!

Сардэчна вітаю вашу ідэю з'яднанымі сіламі адрадзіць знішчаную ворагамі нашу Бацькаўшчыну - Беларусь, устанавіць у ёй справядлівы лад і збудаваць лепшую долю шматпакрыўджанаму беларускаму народу.

Дай, Божа, вам найлепшых поспехаў у вашай цяжкай і ахвярнай працы на карысць свайго народа!

Жыве Беларусь!"

У гэтым жа нумары названай газеты надрукавалі пасланне рэдактара часопіса "Голас часу" (Лондан) Юры Весялкоўскага (аўтар шэрага змястоўных прац па гісторыі Беларусі). Ён горача вітаў ідэю склікання З'езду, бо "асабліва цяпер гэтага вымагаюць абставіны часу, калі наша маладая беларуская дзяржава знаходзіцца пад пагрозай". Сёння гаротная Маці-Беларусь "патрабуе нашай кансалідацыі, каб даць адпор варожым сілам, якія імкнуцца вярнуць Беларусь у старую каланіяльную сістэму… Беларуская эміграцыя праз паўстагоддзе змагалася, змагаецца і будзе змагацца за сапраўдную незалежную Беларусь і будзе рада аб'яднаць свае сілы з беларусамі на Бацькаўшчыне дзеля супольнай працы на карысць нашага народа". У канцы паслання выказвалася ўпэўненасць, "што ў суверэннай беларускай дзяржаве будзе красаваць беларуская мова, а беларускі народ будзе адчуваць сябе гаспадаром сваёй незалежнай Рэспублікі Беларусь".

Вось тут і выявілася абсалютная няздольнасць вядомага гісторыка, публіцыста, грамадскага і рэлігійнага дзеяча Ю. Весялкоўскага, як і абсалютнай бальшыні яго калег, правільна вызначаць будучыню сваёй Айчыны, бо лёс яе і тады, і сёння абсалютна непрадказальны, асабліва датычна палітыкі дзяржаўнага будаўніцтва, ладкавання нацыянальна-культурнага жыцця.

З розных крыніц уладам рэспублікі было вельмі добра вядома, што мовай зносін паваенных эмігрантаў з'яўляецца беларуская (во якія людзі ўлетку 1944 г. пакінулі нашую Радзіму!). Каб не сесці ў лужыну перад замежнымі носьбітамі беларускай мовы, яе абавязалі вывучаць тых чыноўнікаў, што павінны былі абслугоўваць дэлегатаў З'езду. І трэба сказаць, што пэўныя пазітыўныя зрухі былі дасягнуты, у тым ліку і з боку самага высокага рангу чыноўнікаў. Найперш сярод тых, хто за авалодванне родным словам з усёй адказнасцю ўзяўся адразу ж пасля прыняцця 26 студзеня 1990 г. Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". На вялікае шчасце, у пачатку 1990-х гадоў у краіне мелася, прычым нямала, палітыкаў, інтэлектуалаў, што ўмелі цаніць родную мову, працаваць на беларускую нацыянальную ідэю. Гэта толькі пасля майскага 1995 г. рэферэндуму яны амаль пазводзіліся са свету, бо самі ўмовы працы на службе абавязвалі карыстацца толькі рускай мовай.

У цэлым жа краіна ў моўным плане была вельмі кепска падрыхтавана да сустрэчы са сваімі замежнымі супляменнікамі. Не дзіва, што ад гэтага некаторыя з іх прыходзілі ў вялікі жах. Што бальшавіцкі палітычны рэжым з зайздроснай зацятасцю праводзіў у Беларускай ССР сістэмную дзяржаўную палітыку русіфікацыі, добра ведалі нашыя эмігранты. А вось што такой злачыннай палітыкай уладам удалося не толькі амаль цалкам вывесці з афіцыйнага жыцця беларускую мову, але і зрабіць яе лішняй, непатрэбнай для камунікацыйных зносін людзей, пра такое мала хто мог падумаць. Таму зусім няма патрэбы тлумачыць, чаму ганебнае становішча беларускай мовы на яе бацькоўскай зямлі так моцна непакоіла ўдзельнікаў З'езду, што пры любой нагодзе амаль кожны з іх абавязкова закранаў гэтае лёсавызначальнае для краіны пытанне. Яно працягвала хваляваць нашых супляменнікаў і па прыбыцці на сваю другую радзіму, што вельмі добра засведчана ў прысланых імі лістах у рэдакцыі газет Рэспублікі Беларусь. Да слова, яны ахвотна друкавалі такія матэрыялы, бо іх супрацоўнікі верылі ў жаданне яе кіраўніцтва давесці нацыянальна-культурнае Адраджэнне да пераможнага канца. Што ж, і ім уласціва памыляцца.

На самым заключным этапе падрыхтоўкі да З'езду Згуртаванню нарэшце выдзелілі на вуліцы Рэвалюцыйная г. Мінска ў былым будынку Інстытута беларускай культуры невялічкае памяшканне, што зняло шэраг важных праблем у арганізацыі працы. Да ліпеня 1993 г. ЗБС "Бацькаўшчына" паспела за атрыманыя ад дзяржавы сродкі выпусціць некалькі кніг, у тым ліку факсімільнае выданне зборніка паэзіі Наталлі Арсенневай. Паспяхова ажыццяўлялася праца па выданні кнігі эміграцыйнага аўтара Яўгена Калубовіча "На крыжовых дарогах", выбраных вершаў Рыгора Крушыны, успамінаў Васіля Рагулі.

Адмыслова створаная група навукоўцаў, культурных дзеячоў справілася да пачатку З'езду з напісаннем урадавай праграмы "Беларусы ў свеце". Кіраваў групай, займаўся рэдагаваннем тэксту гэтага дакумента акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук АН Беларусі Генадзь Лыч.

Усяго за колькі дзён да адкрыцця З'езду адчувалася, што ў Рэспубліцы Беларусь адсутнічаюць сілы, здольныя сарваць яго. За ўсё гэта ў першую чаргу трэба дзякаваць кіраўніцтву ЗБС "Бацькаўшчына", згрупаваным вакол яго сябрам, чаго не маглі не прызнаць самі ўладныя структуры. Калі ў час выступлення на З'ездзе намеснік Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Міхаіл Дзямчук пажадаў выказаць "словы вялікай падзякі" за арганізацыю такога мерапрыемства грамадскім, дзяржаўным арганізацыям і структурам, першым было названа ЗБС "Бацькаўшчына", а за ім таварыства "Радзіма", нацыянальна-асветніцкі цэнтр імя Францішка Скарыны, Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. І гэта поўнасцю адпавядала рэчаіснасці, бо Першы з'езд беларусаў свету і сапраўды ёсць дзецішчам ЗБС "Бацькаўшчына". Практычна ўсё пачыналася з нуля, а не прайшло і пяці гадоў, як рух за аб'яднанне беларусаў блізкага і далёкага замежжа трансфармаваўся ў вялікую этнаўтваральную сілу, здольную карэнным чынам паўплываць у лепшы бок на ўсе сферы жыцця Беларусі. Галоўнае, каб толькі такога пажадала яе кіраўніцтва. Тады ў гэта верылі многія яе жыхары і эмігранты, што ў вырашальнай ступені прадвызначыла і падрыхтоўку і саму працу нечуванага для гісторыі нашай краіны форуму.

Пра шырокае прадстаўніцтва, дакладную геаграфію прыбыцця людзей на З'езд можна меркаваць паводле наступных звестак: усяго з блізкага і далёкага замежжа з'ехалася больш за 900 беларусаў, у тым ліку з Расійскай Федэрацыі - 143, Амерыкі - 108, Польшчы - 91, Сярэдняй Азіі - 26, Украіны і Малдовы - 25, Аўстраліі - 14, Англіі - 11. Варта адзначыць, што да гэтага часу прымеркавалі свой прыезд на радзіму нават і многія з тых, каго не запрасілі на З'езд. Разам з дарослымі прыбылі і іх народжаныя ў эміграцыі дзеці, што дазваляе лепш уявіць значэнне, маштабнасць той усебеларускай нацыянальнай падзеі.

Ніколькі не маючы сумненння ў тым, што многія з дэлегатаў З'езду загадзя прыбудуць у беларускую сталіцу, арганізатары паклапаціліся пра наладжванне для іх рознага роду культурна-асветніцкіх і забаўляльных мерапрыемстваў. Задаволенымі засталіся тыя, хто змог паўдзельнічаць у святкаваннях з нагоды 770-годдзя Нясвіжа, 740-годдзя з дня каранацыі ў Наваградку літоўскага князя Міндоўга, папрысутнічаць у Дзяржаўным акадэмічным тэатры Янкі Купалы на 3-й Усебеларускай палітычнай канферэнцыі. У апошні перадз'ездаўскі дзень праводзілася Усебеларускае Купалле. Наколькі важнае значэнне надавалася культурнаму абслугоўванню З'езду, можна меркаваць па тым, што адпаведным сектарам супольна з Уладзімірам Мамонькам кіраваў і сам старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп. Для мастацкага афармлення З'езду разам з іншымі запрасілі і таленавітага майстра пэндзля Аляксея Марачкіна.

5. Першы З'езд беларусаў свету - знакавая падзея ў гісторыі краіны

Апошняе дзесяцігоддзе дваццатага стагоддзя ставіла рэкорд за рэкордам па ліку сапраўды адметных падзей у нашай нацыянальнай гісторыі: 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прымае Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25 жніўня 1991 г. Пятая нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прымае Закон "Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". У тым жа годзе 7-8 снежня ва ўрадавай рэзідэнцыі каля былога хутара Віскулі Пружанскага раёна паклалі канец існаванню самай гіганцкай на планеце Зямля дзяржавы СССР і падпісалі пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Усе гэтыя карэнныя перамены ў нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве Беларусі дазволілі яе кіраўніцтву істотным чынам перагледзець сваю палітыку ў дачыненні да даволі шматлікай эміграцыі, што зрабіла неабходным і магчымым правядзенне 8-10 ліпеня 1993 г. у Мінску Першага з'езду беларусаў свету.

Да правядзення такога незвычайнага для Беларусі роду форумаў даволі часта звярталіся і яшчэ будуць звяртацца многія народы. Як правіла, арганізоўвалі іх тады, калі патрэбна было развязваць тую ці іншую гістарычнай важнасці праблему, на што не заўсёды меліся сілы і сродкі ў метраполіі. Да прыкладу, нашыя заходнія суседзі палякі ў нялёгкі для сябе час правялі ў Варшаве "Сусветны з'езд палякаў замежжа" яшчэ ў 1937 г. Не ў зорны час, не для пустой забавы збіраліся і нацыянальна-патрыятычныя сілы нашай краіны правесці першы ў яе гісторыі З'езд беларусаў свету. Праблем, прычым даволі складаных, тэрміновых назбіралася процьма. Адной з галоўных з'яўлялася, як у маладой беларускай дзяржаве не аддаць уладу тым, хто не любіў яе, быў адарваны ад роднага карнявішча, ненавідзеў родную нацыянальную для Бацькаўшчыны культуру і мову, гатоў быў і надалей праводзіць злачынную русіфікатарскую палітыку. А такіх прайдзісветаў быў легіён і ў краіне і па-за яе межамі! Кавалерыйскай атакай іх не пераможаш. Наперадзе беларусаў чакалі вельмі сур'ёзныя выпрабаванні, і, каб вытрымаць, паспяхова справіцца з імі, патрэбныя былі калектыўны розум, супольныя намаганні ўсяго народа, уключаючы і тых, хто ў моц розных прычын тэрытарыяльна адарваўся ад яго. Добрага слова нельга не сказаць пра айчынных навукоўцаў-грамадазнаўцаў. Яны вельмі хутка і дасканала авалодалі надзвычай складанай для іх праблемай замежнай эміграцыі, якую ў пасляваенныя і ў больш познія гады да самых глыбокіх падвалін пастараліся сфальсіфікаваць бальшавіцкія ідэолагі. Як ужо адзначалася вышэй, шэраг аб'ектыўных, сур'ёзных публікацый па дадзенай праблеме з'явіўся ў перыядычным друку яшчэ ў канцы 1980-х - першыя два гады 1990-х гадоў. Найчасцей жа на старонкі газет і часопісаў такія матэрыялы траплялі ў апошнія месяцы перад З'ездам. У гэтым плане шмат старанняў прыкладала загадчыца Аддзела гісторыі беларускай эміграцыі і міжнародных адносін Беларусі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Галіна Сяргеева. 5 лютага 1993 г. рэдакцыя газеты "Літаратура і мастацтва" змясціла яе інтэрв'ю, насычанае багатымі, пазнавальнымі, малавядомымі чытачу матэрыяламі па эміграцыйнай тэматыцы. Яна была добра адлюстравана як у гістарычным, так і ў сучасным вымярэннях. Сказанае датычыла як далёкага, так і блізкага замежжаў. Як станоўчае аўтар адзначыла першыя прыкметы ўзаемадзеяння іх паміж сабой, справядліва крытыкавала ўлады за адсутнасць у іх структур па арганізацыі працы з эміграцыяй, што ўжо не з'яўлялася праблемай для Расійскай Федэрацыі, Украіны, Літвы, Эстоніі.

Лічачы мэтазгодным правядзенне З'езду, некаторыя асобы ўсё ж прапаноўвалі адтэрмінаваць яго скліканне з-за непадрыхтаванасці краіны да такога важнага мерапрыемства. Іх вельмі не задавальняла прысутнасць у тагачасным жыцці шмат чаго ад бальшавіцкіх парадкаў, застойных гадоў: помнікі Леніну, зрусіфікаванае візуальнае афармленне населеных пунктаў, бедныя крамы. Ветэран працы з Мінска Я. Пугачэўскі заяўляў, што сваім супляменнікам мы зможам паказаць "толькі той "Паўночна-Заходні край", у якім прыезджаму чалавеку не бачна ніякага адраджэння. У якой краіне можа такое быць, каб дзяржаўны служачы не ведаў мовы! (меў на ўвазе беларускую. - Л.Л.). А вазьміце наша тэлебачанне. Мала дзвюх расійскіх (маскоўскіх. - Л.Л.) праграм, дабавілі трэцюю - пецярбуржскую... сёння дыскутуюць, што ў нас: дзве мовы альбо адна. Я магу сказаць, што ў нас адна мова - руская." Сказана 20 гадоў таму, а як гэта арганічна ўпісваецца ў сучасную моўную сітуацыю! Выснова ў Я. Пугачэўскага такая: "Трэба хоць збольшага навесці парадак, а затым запрашаць гасцей" . Час паказаў, што адтэрміноўка правядзення З'езду пайшла б толькі на шкоду беларускай нацыянальнай справе. Дый улады не дазволілі б правесці яго ў 1994 г. Такое добра прадбачылі актывісты ЗБС "Бацькаўшчына" і ў апоры на нацыянальныя патрыятычныя сілы краіны і дыяспары рабілі ўсё, каб З'езд абавязкова адбыўся. Да таго ж яшчэ на практыцы адбывалася падзеі, якія ў думках людзей пасялялі надзею на лепшае па ўсталяванні, умацаванні ўзаемакарыснага супрацоўніцтва нашай краіны з беларускім замежжам, чаму вельмі добра мог бы паспрыяць такі форум. Многіх жыхароў яе абрадавала, што з красавіка 1993 г. можна было "ў Мінску, у кіёсках Таварыства беларускай мовы, "Выбранецкіх шыхтоў", а таксама ў Задзіночанні беларускіх студэнтаў набыць вельмі папулярную сярод нашых эмігрантаў газету "Беларус" з даволі вялікім накладам. На Беларусь яна прыйшла на 42-м годзе свайго існавання. Яе выпускала Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне, а калектыў рэдакцыі апошнім часам узначальваў Янка Запруднік .

Месцам правядзення З'езду стала самая прэстыжная ў Мінску культурная ўстанова - Вялікі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета. Першы дзень працы З'езду - 8 ліпеня 1993 г. Рэдакцыя часопіса Беларусь цалкам прысвяціла яму свой маляўніча аформлены, з цікавымі артыкуламі шосты нумар. На яго першай старонцы былі змешчаны два вершы Янкі Купалы і Рыгора Барадуліна "На сход!" (1918 г.) і "Да беларусаў свету", а таксама невялікі артыкул народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава "Ці варты мы існаваць на гэтай беднай, але адзінай для нас боскай зямлі?" Чытаючы яго, нельга было не звярнуць увагі на словы аўтара, што беларусы "і дагэтуль спяць, колькі іх не будзяць іхнія і чужыя апосталы, уласныя няшчасці і беды", што нацыянальная свядомасць беларусаў "недаравальна буксуе і не рухае грамадства". Другая, трэцяя і 24-я старонкі часопіса былі абведзены пад артыкул гісторыка Леаніда Лыча: "Беларусы свету: гісторыя, сучаснасць, праблемы і шляхі іх вырашэння". Гэта быў яго істотна дапоўнены даклад, прачытаны на Першым сходзе беларусаў блізкага замежжа".

У матэрыялах часопіса падрабязна паведамлялася пра сучаснае жыццё беларусаў Эстоніі, Аўстраліі, Беласточчыны, Латвіі. Ганна Сурмач выступіла з артыкулам "Беларускае слова ў Празе", Яўген Лецка пазнаёміў чытача з жыццём і навуковай дзейнасцю ў галіне астранаўтыкі Барыса Кіта (у час з'езду жыў у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія), Валянцін Грыцкевіч расказаў пра слынных эмігрантаў з Беларусі ХІХ - першай паловы ХХ ст. Шмат цікавага, раней зусім невядомага можа было даведацца пра беларускага пісьменніка Кастуся Акулу (Канада), святара Аляксандра Надсана (Вялікабрытанія), казахстанскую ссылку паэткі Наталлі Арсенневай (ЗША). Была надрукавана нізка вершаў вядомых эміграцыйных беларускіх паэтаў Рыгора Крушыны, Масея Сяднёва. Пры жаданні шосты нумар часопіса "Беларусь" за 1993 год мог атрымаць кожны з удзельнікаў З'езду.

З прывітальным словам да дэлегатаў і гасцей форуму выступіў ад імя Аргкамітэта з'езда Прэзідэнт ЗБС "Бацькаўшчына", народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Звычайна ў такіх выпадках да аўдыторыі звяртаюцца з узнёслымі словамі, чаго, аднак, не мог дазволіць сабе сапраўдны патрыёт сваёй краіны, бо яго мала што цешыла ў той час, у тым ліку і пасля распаду СССР, атрымання палітычнай незалежнасці. Пра стаўленне прамоўцы да тагачаснага жыцця вельмі добра можна меркаваць паводле наступнай цытаты: "Распалася савецкая імперыя, але ў нас ў галоўным мала што змянілася ад гэтага. Нават тыя малыя рэшткі дэмакратыі і свабоды, якія рознымі высілкамі дэмакратычных сілаў і, найперш, іх авангарду - Беларускага народнага фронту - адваяваныя ў камуны, рызыкуюць быць адабранымі назад. Ідзе змаганне за нацыянальную, дэмакратычную будучыню Беларусі, і змаганне гэта далёка не скончана."

Як пераканаўча пацвердзіў праўдзівасць працытаваных слоў пройдзены пасля З'езду час! Такое ж можна сказаць і пра наступныя словы пісьменніка: "Наша зямля ўсё належыць не нам, не мы на ёй гаспадары. Тут гаспадараць чужынцы." У заслугу эміграцыі В. Быкаў паставіў захаванне нацыянальнай культуры, чысціні роднай мовы.

У многім зусім іншым зместам быў напоўнены даклад старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча. Сам З'езд беларусаў ён вельмі высока ацаніў, назваўшы яго гістарычным, выказаў цвёрдую перакананасць, "што ў нас ёсць шлях да сапраўднай дэмакратыі", зусім не бачачы, аднак, якія магутныя антыбеларускія сілы гатовыя былі ў любы момант разбурыць яго. Сваю прамову закончыў ура-патрыятычнымі словамі: "Мы здолеем выкарыстаць лепшыя якасці беларусаў; у нас хопіць і розуму, і інтэлекту, і тэрыторыі на тое, каб Беларусь стала свабоднай і шчаслівай. За работу!" На справе ж за работу як след не ўзяліся. У палітыкаў, грамадскіх дзеячоў нацыянальнага толку шмат было непатрэбных спрэчак, валтузні, затое згаданыя ў выступленні В. Быкава пятыя калоны "иноязычных" працавалі зладжана, не збіваліся з рытму. Чым усё гэта скончылася, не патрабуе тлумачэння.

Многае, але не ўсё спалучалася ў ацэнцы тагачаснага становішча ў краіне са светлымі надзеямі на будучыню ў віншавальным слове старшыні Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета РБ па культуры, адукацыі і захаванні гістарычнай спадчыны народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Ён без усялякіх хістанняў, справядліва сцвярджаў, што "наша дзяржава яшчэ далёка не стала ў поўным сэнсе слова беларускай дзяржавай", але наўрад ці меў дастаткова падстаў заяўляць, што "мы не дазволім ужо, каб наш народ і краіна зноў былі адкінуты далёка назад… што на гэты раз ашукаць нас нікому не ўдасца і мы ўжо не выпусцім з рук сваю ўласную долю" (с. 22). На справе ж цёмныя, варожыя беларускаму народу сілы вельмі хутка адкінулі назад і краіну, і яе народ, ашукалі яго, як хацелі, так і распараджаліся ўласнай доляй людзей.

Як і чакалася, удзельнікі З'езду з вялікай увагай праслухалі даклад віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Радзіма Гарэцкага "Беларуская ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці", бо прачытаў жа яго не толькі шырока вядомы ў краіне і за яе межамі навуковец, але і самы паважаны сярод сваіх паплечнікаў сябар Рады ЗБС "Бацькаўшчына". Ён правамерна засяродзіў увагу на неабходнасці тэрміновага правядзення маштабнай беларусізацыі ўсіх сфераў жыццядзейнасці чалавека. Гэта найперш датычыла развіцця нацыянальнай культуры, выратавання мовы, таму што тут быў непачаты край працы, спрэс адчуваўся негатыўны ўплыў рускага пачатку. Р. Гарэцкім была выказаная радасная, прыемная для ўсёй залы надзея, што нашая дзяржава абавязкова будзе садзейнічаць паяднанню беларусаў метраполіі і замежжа, што Беларусь стане роднай маці для ўсіх беларусаў свету. "Пільна ўглядаючыся ў мінулае, - адзначыў дакладчык, - узважна аналізуючы сучаснае… мы можам дасягнуць поспехаў у будаванні нашага беларускага дзяржаўнага дому (па сёння ж для яго не закладзены нават падмурак. - Л.Л.)… мы павінны ўпісацца ў еўрапейскі інтэгральны працэс і разам з тым пазбегнуць ператварыцца ці то ў правінцыю Еўропы (адназначна не ператварыліся. - Л.Л.) ці Расіі" (с. 29). Вось тут неблагія набыткі маем!

Аптымізм, вера ў лепшую будучыню, не ў меру ўзнёслы тон характэрныя для многіх выступоўцаў, у т.л. і замежных, што ні ў якім разе нельга ставіць ім у віну. Людзі зачакаліся прыстойнага нацыянальнага жыцця, хацелася як мага хутчэй сустрэцца з ім. Дый у жыцці краіны быццам бы пэўныя надзеі на гэта і меліся, што ахвотна распаўсюджвалі ў народзе палітыкі, асабліва новыя. Што ўжо праз год пасля З'езду дзяржава наадрэз адмовіцца ад здаровага, прагрэсіўнага нацыянальнага курсу, вернецца да гнюснай палітыкі русіфікацыі ўласнага народа, не мог прадбачыць нават самы празорлівы чалавек, падобны да балгарскай прадказальніцы Вангі.

Мала каго не зацікавіў і асноўны для З'езду даклад намесніка Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Міхаіла Дземчука. Думаецца, што ў такой ролі магла б выступіць і больш высокага рангу дзяржаўная асоба. Дакладчык падрабязна асвятліў эканамічнае становішча краіны, яе знешнія сувязі ў гэтай сферы, запэўніў прысутных, што праявы крызісу ў ёй, абумоўленыя галоўным чынам распадам СССР, удасца пераадолець. Шмат канструктыўнага ўтрымлівалася ў дакладзе адносна нацыянальна-культурнага адраджэння. Такое словазлучэнне вельмі часта гучала з вуснаў выступоўца, бо ў той час і сапраўды шмат чаго рабілі ў гэтым кірунку і ўлады, і грамадскасць, чаго ўжо больш не назіралася пасля ўсталявання ў краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання. Глыбока пераканаўшыся ад сустрэч з эмігрантамі ў іх шчырай павазе да роднага слова, М. Дзямчук ніяк не мог абысці дадзенай праблемы, тым больш, што па ёй было што казаць у станоўчым плане, хаця і мала часу мінула пасля прыняцця 26 студзеня 1990 г. Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Прамоўца ніколькі не перабольшыў, кажучы: "Галоўны вынік моўнага адраджэння апошніх гадоў - на Беларусі стала больш беларускасці, у грамадзян Беларусі паступова знікае комплекс непаўнавартасці, які не можа не мець месца, калі грамадзянін не валодае сваёй мовай, мовай карэннай нацыі" (падкрэслена мною. - Л.Л.), (с. 35-36).

А як і праз два дзесяцігоддзі надзённа гучаць для нацыянальных актывістаў наступныя прамоўленыя А. Дземчуком на З'ездзе словы: "…тым, хто займаецца праблемай нацыянальнага адраджэння ці то на прафесійнай, ці то на грамадскай аснове, трэба, як гаворыцца, выйсці ў людзі, бо зараз, і гэта вельмі прыкметна, асветніцкі бок справы адстае…" (с. 36).

Сёння ж асобам нацыянальнай арыентацыі выйсці ў народ з моўным пытаннем не толькі немагчыма (і мясцовыя ўлады, і кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў не дазволяць такога), а, не выключаючы, што нават і супрацьпраўна, бо палітычным лідарам краіны не раз заяўлялася пра канчатковае развязанне моўнага пытання. Так, яно развязана, але толькі на карысць рускай і на загубу беларускай мове. Народ жа маўчыць мо таму, што не разумее самага элементарнага: разам са стратай мовы страціць і самога сябе, ператворыцца з народа, нацыі ў неакрэсленую папуляцыю людзей пэўнай тэрыторыі.

Ад дакладаў прадстаўнікоў Беларусі на З'ездзе істотным чынам адрознівалася выступленне старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Яўгена Лецкі. Калі першыя асвятлялі ў асноўным унутраныя пытанні развіцця краіны, ён сканцэнтраваў сваю ўвагу пераважна на вонкавым фактары. І раскрыў яго вельмі грунтоўна, чаму не ў малой ступені паспрыяў і памер даклада. Па колькасці старонак яму не было роўных, бо прамоўцу мелася што сказаць за справаздачны перыяд дзейнасці. Дый сама зала з вялікай зацікаўленасцю слухала інфармацыю той асобы, па ініцыятыве якой прыйшло ў свет гэтае аўтарытэтнае грамадскае аб'яднанне, нарадзілася задума правядзення Першага з'езду беларусаў свету. Прамоўца дэталёва прааналізаваў крыніцы колькаснага росту беларускай эміграцыі, правільна растлумачыў прычыны яе растварэння сярод іншых дыяспар. Цалкам апраўдана, што ў выступленні Я. Лецкі шмат месца адведзена самому зараджэнню ЗБС "Бацькаўшчына", паказу яго дзейнасці, бо гэта павінны ведаць людзі, гэта абавязкова павінна знайсці сабе месца ў гістарычных аналах. З вуснаў Я. Лецкі прысутныя ў зале даведаліся, што афіцыйныя структуры не мелі ніякага дачынення да правядзення 10 верасня 1990 г. у Мінску ўстаноўчай канферэнцыі. Толькі пазней, дзякуючы настойлівасці арганізатараў Згуртавання, улады сталі больш згаворлівымі. Яны пачалі выдзяляць неабходныя сродкі для арганізацыі паездак мастацкіх калектываў ў госці да беларускіх асяродкаў блізкага замежжа. Пасля паездкі намесніка старшыні ЗБС "Бацькаўшчына" Леаніда Казыры на ХІХ-ю сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі ўсталяваліся крайне патрэбныя жывыя кантакты з суродзічамі ЗША і Канады. Як зрабіў бы кожны сумленны кіраўнік, Я. Лецка не забыўся адзначыць вялікі ўклад у тое, што адбывалася 8-10 ліпеня 1993 г. у оперным тэатры Мінска, у першую чаргу старшыні Рабочай групы па падрыхтоўцы З'езду Ганны Сурмач, а з афіцыйных асобаў - міністра замежных спраў РБ Пятра Краўчанкі.

Цалкам лагічна, што пасля выступу афіцыйных асобаў, грамадска-культурных дзеячоў Рэспублікі Беларусь сталі выходзіць за кафедру прадстаўнікі далёкага замежжа. Як і трэба было чакаць, рэдка хто з іх абмінаў такую вострую для краіны праблему, як страшэнная дэградацыя яе нацыянальна-культурнага жыцця. Прывядзенне ж яго да сваёй прыроднай асновы яшчэ толькі пачалося і таму якіх-небудзь прыкметных пазітыўных перамен не назіралася, асабліва ў самым ключавым пытанні - у беларускай мове. Калі асноўная маса людзей метраполіі, найбольш гараджане, амаль змірылася з адсутнасцю іх роднай мовы ў грамадскім ўжытку, для неадлучаных ад яе заходніх эмігрантаў - гэта быў нясцерпны боль, што яны не ўтойвалі падчас сваіх выступленняў на З'ездзе. Паводле ацэнкі гісторыка, беларускага грамадскага дзеяча, рэдактара газеты "Беларус" (Нью-Ёорк) Янкі Запрудніка (далі слова першаму ад далёкага замежжа), наша "Бацькаўшчына ў пэўным сэнсе слова апынулася на чужыне"; чыноўнікі, што не карыстаюцца родным словам - гэта людзі, якія ў моўным сэнсе знаходзяцца ў чужой хаце. З яго вуснаў прагучалі такія словы: "Спадары міністры (беларускія. - Л.Л.), пара варочацца з эміграцыі дамоў" (с. 39).

"Самым страшным крызісам, хваробаю нашае нацыі" (с. 44) назваў старшыня Беларускага Кангрэсавага Камітэту (ЗША) Расціслаў Завістовіч яе духоўную і нацыянальную абыякавасць. Мяркую, што яго словы: "…няхай кожны з нас адчуе гонар за сваю мову, культуру… Давайце палюбім саміх сябе…" (с. 45) мала каго пакінулі ў абыякавасці. Такое ж ўздзеянне на прысутных у зале, напэўна, зрабіла трапная фраза беларускага пісьменніка, навукоўца з Беластока Аляксандра Баршчэўскага (Барскага): "Кожны з нас, едучы ў Беларусь, між іншым, і на гэты З'езд, ехаў з надзеямі, і палова гэтых надзей адразу ж рухнула на мяжы, калі сутыкнуліся з суцэльнай русіфікацыяй" (с. 51). А такія яго словы "стан беларускай культуры і беларускай мовы трагічны і трэба гэты стан ратаваць" (с. 51), амаль спісаны з сучаснай рэчаіснасці. Во як разбуральна працуюць улады суверэннай Рэспублікі Беларусь! Не сумняюся, што сёння А. Баршчэўскі яшчэ з большай горыччу паўтарыў бы сказаныя ім дваццаць гадоў таму на З'ездзе словы: "З болем назіраем мы за нашай Маці, за Рэспублікай Беларусь", бо за гэты час яе ўлады пад корань вынішчылі тое, што прагрэсіўным колам грамадства ўдалося здзейсніць у канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў дзеля нацыянальна-культурнага адраджэння краіны.

Складанай, трагічнай, але не безнадзейнай ахарактарызавала палітычную, эканамічную, нацыянальна-культурную сітуацыю Беларусі старшыня Каардынацыйнага Савета Канады Раіса Жук-Грышкевіч. Самае ж вялікае яе пажаданне: "…каб беларуская мова была дзяржаўнай, каб школы былі беларускія, каб Беларусь загаварыла па-беларуску. І яна, Беларусь, загаворыць па-беларуску…" (с.54). Пажаданні зусім лагічныя, бо ў той час такое было рэальнасцю для абсалютнай бальшыні еўрапейскіх народаў, за выключэннем тых, што знаходзіліся ў складзе Расійскай Федэрацыі. Дый магла б і "Беларусь загаварыць па-беларуску", каб яе людзей не зацягнулі на майскі 1995 г. рэферэндум, вынікам якога стала злачыннае афіцыйнае двухмоўе.

Куды больш натуральным падавалася б, калі б падчас выступаў на З'ездзе беларусы метраполіі схілялі сваю дыяспару не забывацца, жыць у поўным суладдзі з роднай мовай, што толькі можа даць людзям надзейную гарантыю не растварацца ў чужародным асяроддзі. Атрымлівалася ж наадварот: у ролі агітатара за беларускую мову часцей за ўсё выступалі эмігранты, бо яны непараўнальна лепш за мясцовую інтэлігенцыю валодалі ёю, захавалі нацыянальную свядомасць.

Нялёгкае жыццё за мяжою навучыла многіх нашых суродзічаў дасканала разбірацца ў тонкасцях дзяржаўнай палітыкі. Ім вельмі мала спатрэбілася часу, каб беспамылкова ацаніць і тую, што да і ў час З'езду праводзілася ў Беларусі. Чаго-небудзь асабліва станоўчага па дадзеным пытанні яны не выказалі, затое крытыкі хапіла ў іх выступленнях. Давялося пачуць яе і ад пісьменніка, старшыні Беларускага Вызвольнага Фронту Уладзіміра Шнэка (Мельбурн, Аўстралія). Многіх прымусілі задумацца такія яго словы: "Дзяржаўнасць беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь стаіць пад пагрозай" (с.94). Сказаў жа ён такое таму, што добра ведаў, як варожыя беларуская нацыянальнай ідэі палітыкі супольна з ідэолагамі стараюцца навязаць краіне небяспечнае афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе, якое ўсё-такі і было навязана пасля мая 1995 г. і праз два-тры гады прывяло, дзякуючы адпаведнай палітыцы ўладных структур, да поўнага выцяснення беларускай мовы з усіх сфераў грамадскай дзейнасці чалавека.

Ад пільнага вока спрактыкаванага жыццём эмігранта цяжка было ўтаіць сімвалічны характар новай беларускай дзяржаўнасці, якую неправамерна віталі некаторыя прадстаўнікі нашай заходняй дыяспары. Вось што пра гэта сказала сакратар Беларускага Каардынацыйнага Камітэта ў Чыкага (ЗША) Вера Рамук: "Калі мы пачулі ў 1991 годзе, што Беларусь сталася свабоднай і незалежнай, мы плакалі. Мы плакалі з радасці, што яна ўжо свабодная. І дзякавалі Богу, што Ён выслухаў нашыя малітвы, каб усе народы, уключна з Беларуссю, Савецкага Саюзу сталіся свабоднымі" (с. 95).

Не паверыць, засумнявацца удзельнікам З'езду з далёкага замежжа ў рэальнасці дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у многім дапамаглі тыя, хто непасрэдна ад яе трапіў у Мінск на форум. У гэтым плане паказальнымі могуць быць такія словы старшыні Беларускай сялянскай партыі Яўгена Лугіна: "Разважанні наменклатуры пра дэмакратыю, правы чалавека, плюралізм думак і шматпартыйную сістэму ёсць ні што іншае, як дымовая завеса. За гэтай дымовай завесай стаіць таталітарны рэжым" (с.97). Думаю, што толькі самых смелых людзей не прывялі гэтыя словы ў жах.

У канву аб'ектыўных, узважаных выступленняў на З'ездзе вельмі добра ўплялася кароткая прамова нашага суродзіча з Бельгіі Яна Жычкі. З вышэйнапісанага мною чытач, напэўна, заўважыў, як часта тымі, хто браў слова, закраналася моўная праблема. Прычым усе яны зыходзіліся на тым, што ў Беларусі з адным тытульным народам дзяржаўнай павінна быць выключна толькі беларуская мова, што ніколькі не ўшчамляла моўныя інтарэсы нашых этнічных груп. Я. Жычка належаў да тых, хто лічыў за вялікае злачынства ўводзіць ў Беларусі дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе. Ведаючы з перыядычнага друку, што прыхільнікі такой моўнай палітыкі ў Беларусі любяць спасылацца на бельгійскі досвед, ён параіў ім не забывацца, што ў гэтай краіне два "абсалютна розныя этнасы, і яны карыстаюцца дзвюма мовамі і ў розных рэгіёнах. Там няма супольнасці двухмоўя" (с.127). Беларускія палітыкі і ўслужлівыя ім ідэолагі, прадстаўнікі інтэлігенцыі і тады, і зараз не лічацца з такім фактарам, таму не збочваюць з вызначанага Мураўёвым-вешальнікам русіфікатарскага курсу. Ім напляваць, што сёння не тыя часы, што Беларусь ёсць юрыдычна суверэннай дзяржавай і таму павінна ствараць прэстыжныя ўмовы для развіцця нацыянальнай культуры і мовы свайго народа, а не якой-небудзь іншай дзяржавы, хоць сабе і саюзнай. Пераход на яе культурна-моўныя каштоўнасці немінуча прывядзе Беларусь да страты дзяржаўнага суверэнітэту.

Заўважалася, што прысутныя ў зале выказвалі вялікую зацікаўленасць да выступленняў прадстаўнікоў беларускай дыяспары Расіі. І мелі рацыю, бо лепш за іх ніхто не ведаў, якую нацыянальную палітыку праводзіць яна сярод нярускага насельніцтва, якія апошняе панесла і яшчэ можа панесці страты ў культурна-моўнай сферы ў выніку сталага і, як правіла, магутнага ўздзеяння на яе рускага фактару. А ён жа не спыняў свайго ўплыву, прычым найчасцей з цяжкімі асіміляцыйнымі наступствамі, на беларускую культуру, мову і ў час, калі наша краіна стала незалежнай. Першым ад беларусаў нашай усходняй суседкі выступіў старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства (Санкт-Пецярбург) Валянцін Грыцкевіч. Яму было што сказаць, бо набыткі ў таварыства і сапраўды былі істотныя. Будучы незадаволеным ходам культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі і пасля таго, як апошняя стала суверэннай, палічыў патрэбным папярэдзіць яе кіраўніцтва, што пераход да афіцыйнага двухмоўя "будзе смерцю беларускай мовы і смерцю беларускай культуры" (с. 48). І тут ён ні на ёту не памыліўся: як у ваду глядзеў.

У Беларусі яшчэ да З'езду добра ведалі пра актыўную нацыянальна-культурную дзейнасць нашых юнакоў і дзяўчат, што вучыліся ў маскоўскіх вышэйшых навучальных установах або працавалі ў сталіцы. Таму ніколькі не здзіўляе, што на форум у Мінск быў пасланы старшыня Згуртавання беларускай моладзі ў Маскве "Пагоня" Андрэй Алешка. Пра працу свайго згуртавання ён не стаў казаць. Пачаў адразу з агульнабеларускіх праблем, паставіўшы з іх на першае месца не эканамічную, а адраджэнне, арганізацыю беларускай духоўнасці. Поспех жа апошняму, лічыў, будзе забяспечаны толькі тады, калі ў неабходнасці такога адраджэння пераканаецца бальшыня народа. На вялікі жаль, яно не стала ў нас рэальнасцю і да сённяшняга дня: шляхі выхаду нацыянальных сіл у народ з мэтай яго прасвятлення надзейна перакрыты ўладамі.

Было што паслухаць з выступлення старшыні Таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны г. Масквы Антона Сабалеўскага, колішняга палкоўніка Ўзброеных сіл СССР. Шматгадовае пражыванне за межамі Бацькаўшчыны ніколькі не паўплывала на цудоўнае валоданне ім роднай мовай. Ён моцна абураўся, зыходзячы з уласных назіранняў тэлеперадач пра паседжанні Вярхоўнага Савета РБ, цкаваннямі Старшыні парламента Станіслава Шушкевіча "за яго намаганні па нацыянальным адраджэнні дэмакратычнай Беларусі, ужыванні беларускай мовы" (с. 106). Не пабаяўся сказаць пра пагардлівае стаўленне да яе некаторых прадстаўнікоў беларускай амбасады ў Маскве. А. Сабалеўскі першым з дэлегатаў З'езду прапанаваў абвясціць дзень 25 сакавіка дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь.

Інакш, як эмацыянальным, але ў поўнай меры насычаным рацыянальным, заслугоўвае быць названым выступленне старшыні Рады культурнага таварыства "Беларусы Сібіры" (Навасібірск) Альберта Мітэра. Да прысутных на з'ездзе ён звярнуўся вельмі ласкава: "Дарагія браткі!", "родныя людзі", "духоўная краса нацыі". Воды Нёмана, у якім паспеў пакупацца, параўнаў са свяшчэннымі водамі індыйскага Ганга. Прапаноўваў грамадзянам нашай краіны, што не любяць беларускай культуры і мовы, пераязджаць у Сібір, дзе яны і слова не пачуюць па-беларуску. Шкада, што і тады і сёння ніхто не адгукнуўся на такую слушную прапанову, бо гэта магло б істотна зменшыць колькасць нацыянальных нігілістаў у нас. Гэтак жа сама не палічыліся мы з ягонай прапановай завесці ў краіне Кнігу хамаў, у якую заносіць тых герастратаў, якія ненавідзяць беларускую культуру і мову.

Актыўна рваліся да выступу ўдзельнікі З'езду з самой Беларусі. І іх лёгка зразумець: у яе жыцці назапасілася процьма вострых праблем, якія хацелася як мага паўней і глыбей, праўдзіва раскрыць, галоўным чынам перад эмігрантамі.

У поўнай меры адпавядала рэчаіснасці выступленне старшыні БНФ "Адраджэньне" Зянона Пазьняка, сустрэтага залай бурнымі воплескамі. Ён справядліва наракаў, што і пасля ўтварэння суверэннай Рэспублікі Беларусь не адбылося ніякіх кадравых перамен у складзе яе ўраду, Вярхоўнага Савета, што ў краіне адсутнічае рынкавая эканоміка, няма ўласнай валюты, а лёс беларускай мовы хочуць вырашыць праз рэферэндум. Але прамоўца верыў у хуткія пазітыўныя перамены ў краіне, калі толькі зменіцца яе кіраўніцтва. Нібыта паводле аднаго агульнага з З. Пазьняком сцэнару пабудаваў сваю прамову старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў Мікола Статкевіч. І абвешчаную незалежнасць і саму нашую дзяржаўнасць ён назваў штучнымі з'явамі, закончыў жа выступ на бадзёрай ноце: "Беларусь будзе жыць і квітнець" (с. 81).

Адказныя за правядзенне З'езду пастараліся забяспечыць удзел у ім і прадстаўнікоў духавенства, што на той час з'яўлялася рэдкай практыкай. Першаму са свяшчэннаслужыцеляў далі слова праваслаўнаму святару з Полацка айцу Міхаілу Уляхіну, затым уніяцкаму святару, дэкану беларускіх грэка-католікаў Яну Матусевічу (Мінск), праваслаўнаму святару Георгію Латушку (Мінск), Уладзіміру Місеюку (Беласток, Польшча). Прадстаўнікі ад каталіцкага касцёла, пратэстанцкай царквы адсутнічалі на З'ездзе, чаму нельга знайсці апраўдання.

Аўтару гэтых радкоў (сядзеў за сталом прэзідыума З'езду) далі слова на трэці дзень пленарнага пасяджэння, якое вёў Я. Лецка. Для выступу запісалася шмат людзей, таму прасілі кожнага ўкласціся ў пяць хвілін. Такія абмежаванні закранулі і мяне. Улічваючы ў цэлым занадта аптымістычны настрой прысутных у зале, я свядома не стаў аб'ектыўна паказваць у сваім дакладзе (поўны тэкст яго змешчаны ў дадатку да кнігі) навіслыя над краінай пагрозы ў самых розных сферах яе грамадскага жыцця. Даклад меў назву "Беларуская нацыя ў небяспецы".

Пленарнае паседжанне закончылася дакладам міністра замежных спраў П. Краўчанкі, перад якім шмат было пастаўлена пытанняў у ходзе выступленняў. Як дзяржаўная асоба, ён пастараўся тагачасную Беларусь паказаць з найлепшага боку, у якой "пануе ўвогуле дэмакратычная атмасфера" (с.133). Разам з тым прызнаў, што краіна знаходзіцца ў цяжкім эканамічным становішчы. Каб удзельнікі З'езду не раз'ехаліся па дамах з бяскрайняй заклапочанасцю пра цяжкі стан роднага слова, П. Краўчанка запэўніў іх, "што ўрад будзе рабіць усё магчымае і… зробіць, каб на гэтай этнічнай тэрыторыі была толькі адна дзяржаўная мова - наша родная беларуская мова" (с. 137). Не выключаю, што ён верыў у тое, што казаў прысутным у зале. Ад яго мы пачулі такую горкую праўду: зараз у Беларусі рэальная дзяржаўная мова - гэта руская, беларускую мову ўжывае не больш як 6% жыхароў краіны. "І калі дзяржава не выкарыстае свае магчымасці для юрыдычнай, эканамічнай падтрымкі гэтай мовы, то што гэта за дзяржава?" (с.137). Не выкарыстала і за дваццаць гадоў, а нашыя палітыкі, ідэолагі не саромеюцца прылюдна называць яе нацыянальнай!? Эмігранты з вялікім задавальненнем пачулі ад П. Краўчанкі, што адным з напрамкаў дзейнасці Міністэрства адукацыі РБ стане "стварэнне беларускамоўных школьніцкіх асяродкаў на прасторах многіх краін свету" (с. 137). А мінуць жа ўсяго тры гады і такія асяродкі ў масавым маштабе пачнуць руйнаваць у самой Беларусі! Поўнасцю правалілася прадказанне гэтага палітыка, што беларускі народ загаворыць на роднай мове. О, як цяжка, няўдзячна старацца стаць прарокам на сваёй радзіме.

А. Размова за "круглымі сталамі"

Пра многае з таго, што хвалявала, непакоіла ўдзельнікаў Першага з'езду беларусаў свету - і не толькі - ішла ў тыя дні сур'ёзная гаворка на паседжаннях "круглых сталоў": "Беларуская дзяржаўнасць", "Беларуская культура", "Беларуская гаспадарка" і "Беларуская дыяспара". Матэрыялы тых "сталоў" не страцілі сваёй актуальнасці і пасёння, маглі б стаць асновай для сур'ёзнай публікацыі і, думаю, што калісьці яна з'явіцца, бо разгледжаныя на іх праблемы не адышлі ў нябыт, працягваюць заставацца нерэалізаванымі, што не на карысць ні палітычнаму, ні сацыяльна-эканамічнаму, ні нацыянальна-культурнаму жыццю краіны, перашкаджаюць ёй падтрымліваць узаемавыгадныя, разнапланавыя сувязі са сваёй дыяспарай, якая мае тэндэнцыю да колькаснага росту, хаця такое і супярэчыць нашаму нацыянальнаму інтарэсу.

Лейтматыў першага з названых "круглых сталоў" (кіраўнік Аляксей Каўка) - як ад дэкларатыўнай, фармальнай дзяржаўнасці перайсці да рэальнай. І шляхі да яе ў асноўным правільна бачыліся. Здзіўляе, што часам больш прагрэсіўныя на гэтае лёсавызначальнае пытанне меркаванні выказвалі расійскія беларусы, у прыватнасці Міхась Байкачоў (Ніжні Ноўгарад), што вынікае з такіх яго слоў: "…нам патрэбен беларускі нацыянальны сойм, выбраны вольным беларускім грамадствам, а не тая хеўра (справядліва сказана! - Л.Л.), якую мы маем зараз. Нам патрэбен сапраўдны нацыянальны ўрад, а не той, які заўсёды глядзіць у бок усходняга суседа. Нам патрэбна новае нацыянальнае войска, а не гэта чырвоная пятая калона, якая брацае стрэльбамі на нас. Нам патрэбна сапраўды мясцовая нацыянальная служба бяспекі, а не нашчадкі ЧК і ГПУ…" (с. 183). Без усялякіх правак такія словы і сёння цалкам дапасоўваюцца да жыцця нашай краіны.

Калі М. Байкачоў толькі некалькі слоў прысвяціў вайсковаму пытанню, дык Мікола Статкевіч, як старшыня Рады Беларускага згуртавання вайскоўцаў - усё сваё выступленне. Практычна ўсіх удзельнікаў "круглага стала" ўстрывожылі звесткі прамоўцы, што сярод камандзіраў батарэй і палкоў на беларусаў падае ад 7 да 10 працэнтаў. Глыбокая дасведчанасць М. Статкевіча ва ўсім, што тут дзеялася ў тыя дні, дазволіла зрабіць аб'ектыўную выснову: "…зараз расце пагроза ўмяшання войска ва ўнутраныя справы, у грамадскае жыццё; каб не дапусціць нават самой магчымасці замены палітычнай улады дэмакратычным шляхам" (с. 185). І калі войска не ўмяшалася дык толькі таму, што для ўлады не існавала рэальнай пагрозы быць вымушанай адступіць ад абранага курса з-за вельмі нерашучых, нескаардынаваных дзеянняў нацыянальных, патрыятычных сіл.

Мала каго з прысутных на "круглым стале" не ўсхвалявалі такія словы палкоўніка, выкладчыка Ваеннай акадэміі Расіі Вінцэнта Чорнага: "…цяперашнія Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь не з'яўляюцца беларускім войскам. І ключ праблемы - у кіраўніцтве, як урада, так і Міністэрства абароны" (с.197). Ён абвінаваціў апошняе за незаконнае звальненне старшыні Рады Беларускага згуртавання вайскоўцаў М. Статкевіча, якога належным чынам не падтрымала і нашае грамадства. Пра ўзнаўленне старшыні і сяброў Рады БЗВ на вайсковай службе гаварылася Анатолем Гурыновічам у абвешчаным на "круглым стале" праекце "Заявы З'езду беларусаў свету па вайсковым пытанні". Падавалася яно, як надзвычай складаным: "…Беларусь, утрымліваючы за свой кошт велізарную ўзброеную сілу, дагэтуль не мае надзейнага, адданага справе абароны беларускай дзяржаўнасці войска. У тых вайсковых адзінках, якія называюцца Узброенымі сіламі, пануюць негатыўныя адносіны да яе незалежнасці і нацыянальнага адраджэння. У войску не ўжываецца беларуская мова, не спыняюцца спробы фальсіфікацыі беларускай гісторыі, асабліва тых яе перыядаў, якія звязаны з войнамі супраць маскоўскай агрэсіі" (с. 192). Разлічваць, што ў такіх варунках магчыма забяспечыць Беларускай дзяржаве рэальны суверэнітэт, ніяк не выпадала, з чым пагадзіліся ўдзельнікі "круглага стала".

Не маглі яны абмінуць праблемы ўсталявання прэзідэнцкай формы кіравання, якая ўжо не першы год хвалявала беларускае грамадства і вызначалася прама процілеглымі поглядамі на яе. Больш за ўсё прысутных задаволіла пазіцыя старшыні Згуртавання беларусаў Канады Міколы Ганько, які быў лепш за сваіх суродзічаў з метраполіі дасведчаны ў палітычным жыцці краіны з прэзідэнцкай формай кіравання. "Прэзідэнцкая пасада, - на думку канадскага беларуса, - вельмі лёгка можа замяніцца ў прэзідэнцкую дыктатуру… Форма дзяржаўнай ўлады павінна быць у такім выглядзе, каб выбраных прадстаўнікоў народ мог у кожную хвіліну замяніць (не далі раней, і сёння беларусы пазбаўлены такога дэмакратычнага права. - Л.Л.), калі яны не выконваюць сваіх абавязкаў". Найлепшай формай дзяржаўнага ладу ён прызнаў парламенцкую сістэму (с. 193).

За "круглым сталом" зусім не чуваць было пахвальных слоў у адрас тагачаснага ўраду і Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Асабліва незадаволенай іх дзейнасцю была старшыня Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады Раіса Жук-Грышкевіч, заяўляючы: "…трэба змяніць кіраўніцтва Беларусі. Урад і Парламент, у яго большасці, ёсць ворагі беларушчыны, ёсць ворагі незалежнасці" (с. 198). Нібыта да яе закліку і прыслухаліся: улетку 1994 г. змянілі Ўрад і Парламент, але ж замянілі на парадак горшымі. Калі раней улады хоць трохі лічыліся з беларускасцю, дык новыя ўсяляк ігнаравалі яе, асабліва, мову. Ад другой паловы 1990-х гадоў дзяржава распачала няспынную татальную русіфікацыю тытульнай нацыі і сёння яе ўжо ніяк не выпадае называць самабытнай, беларускай. У Рэспубліцы Беларусь спрэс патыхае рускім духам.

Калі не ўсе, дык бальшыня ўдзельнікаў "круглага стала" былі аднадушны ў адсутнасці рэальнай дзяржаўнай незалежнасці нашай краіны. Спашлюся на меркаванне кіраўніка беларускай рэдакцыі Радыё "Свабода" Вячкі Станкевіча (Мюнхен, Германія): "Сённяшні ў многім фармальны суверэнітэт Беларусі вымагае дзеянняў па яго палітычным, ваенным напаўненні. Працэс гэты на Беларусі ідзе вельмі цяжка. Часам яго імкнуцца павярнуць назад свядома. Часам абставіны не даюць зрабіць усё, што хацелася б. Па розных прычынах нялёгка ідзе рэальнае прызнанне Беларусі ў свеце" (с. 205). Не сумняваюся, каб В. Станкевіч пастараўся разабрацца ў тых прычынах, абавязкова на першае месца паставіў бы моўны фактар. Татальнае панаванне рускай мовы ў афіцыйным жыцці Рэспублікі Беларусь аніяк не дазваляе глядзець на яе, як на суверэнную дзяржаву, бо паводле гэтага найгалоўнага этнаўтваральнага фактару яна ёсць нішто іншае, як заняпалы Паўночна-Заходні раён Расійскай Федэрацыі.

За рэдкім выключэннем усе палітычныя рэжымы імкнуцца стварыць сабе надзейную апору ў самай масавай і ўплывовай для той ці іншай краіны рэлігійнай канфесіі. На той час, як і сёння, у Беларусі такой канфесіяй з'яўлялася ва ўсім падпарадкаваная Маскоўскаму патрыярхату праваслаўная царква. Яе ніяк нельга было назваць беларускай з'явай, паколькі ўсю сваю дзейнасць яна ажыццяўляла ў рускім духу. Кіраўніцтва гэтай канфесіі не вяло аніякай працы па беларусізацыі праваслаўнага набажэнства, і само не толькі не выкарыстоўвала, але нават і на самым элементарным узроўні не валодала беларускай мовай. Такую адарванасць праваслаўя ад беларускай нацыянальнай ідэі не маглі абысці ўвагай удзельнікі "круглага стала". Нямала хто з іх закранаў спрадвеку актуальную для нашай краіны праблему аўтакефальнай беларускай царквы. "Я таксама лічу, - казаў старшыня маскоўскай суполкі падтрымкі БНФ Генадзь Лех, - што праваслаўныя беларусы павінны мець сваю праваслаўную царкву… тая царква, якая ў нас зараз пануе… гэта не беларуская царква. Зайдзіце ў бліжэйшы храм, зайдзіце, пачуйце, там беларускага - нічога! Паглядзіце, якой там літаратурай гандлююць. Таму трэба прыняць абавязковую рэзалюцыю па ўмацаванні дзяржаўнасці, аб звяртанні на Бацькаўшчыну беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы" (с. 208). Да слоў Г. Леха не прыслухаліся ні духоўныя, ні свецкія ўлады Рэспублікі Беларусь, і таму яе праваслаўная царква працягвае адыгрываць у нас ролю рускага пачатку. Мо, акрамя Бога, ніхто не ведае, колькі яшчэ часу заставацца гэтай канфесіі марыянеткай Маскоўскага патрыярхата.

Шкада, што з удзельнікаў таго "круглага стала" ніхто не выказаў думку сфармаваць з грамадска-палітычных і культурных дзеячоў беларускага замежжа сімвалічны ўрад Рэспублікі Беларусь. Не сумняваюся, што ён атрымаўся б даволі салідным як з прафесійнага, так і з нацыянальнага пункту гледжання, быў бы здольным ужо на працягу якіх-небудзь пяці-дзесяці гадоў многа карыснага зрабіць дзеля пераўтварэння сваёй краіны ў рэальна суверэнную дзяржаву, дзеля пераадолення незвычайна цяжкіх наступстваў шматгадовай русіфікатарскай палітыкі, дзеля закладкі трывалага нацыянальнага культурна-моўнага падмурка пад духоўнае жыццё беларускага народа. Супольнай з дыяспарай працай нашую краіну ўжо і праз пяць гадоў можна было б пераўтварыць у краіну прыстойнага нацыянальнага жыцця. Яе ніхто з замежных гасцей не зблытваў бы з Расіяй, як гэта спрэс назіраецца сёння. Але нелітасцівы лёс, як гэта часта здаралася ў айчыннай гісторыі, зусім інакш распарадзіўся з нашай дарагой Бацькаўшчынай. Ужо праз год пасля Першага з'езду беларусаў свету адарваны ад родных каранёў дзяржаўны чыноўніцкі апарат пачаў мэтанакіравана спіхваць яе ў чужое рускае культурна-моўнае рэчышча, па якім яна, як круглая сірата, стагоддзямі крочыла пры царызме і савецкім камуністычным рэжыме. З гэтага паскуднага рэчышча не хочуць вывесці яе і сучасныя ўлады.

Моцна заклапочаныя няспыннай дэнацыяналізацыяй духоўнага жыцця асобы сабраліся на паседжанне "круглага стала" па тэме "Беларуская культура" (вядучы доктар філасофіі з Мінска Уладзімір Конан). Прапаноўвалася падчас выступлення засяродзіцца галоўным чынам на самых надзённых момантах, у тым ліку: "як ператварыць цэнтры адукацыі з цэнтраў русіфікацыі ў цэнтры нацыянальнага адраджэння, як захаваць культуру ва ўмовах нецывілізаванага рынку" (с. 211). Закраналіся і пытанні захавання здабыткаў беларускай культуры замежжа, пра што за савецкім часам зусім не прынята было казаць. Па гэтай праблеме выказаліся дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва (ЗША) Вітаўт Кіпель, доктар мастацтвазнаўства, галоўны рэдактар часопіса "Тэатральная Беларусь" (Мінск) Анатоль Сабалеўскі. Апошняму належаць такая слушная прапанова: "Неабходна найхутчэй асвоіць багацце беларускай замежнай культуры і ўліць яго ў агульны кантэкст нашай культуры. Гэта нас узбагаціць" (с. 217). На паседжанні "круглага стала" справядліва сцвярджалася, у прыватнасці гродзенскім прафесарам Аляксеем Пяткевічам, што сёння "праблем у галіне культуры не менш, чым у галіне паліты-кі… Мы можам адрадзіць нашу культуру, калі абаронім нашу нацыянальную дзяржаўнасць", якая "у пэўнай меры залежыць ад узроўню нашай культуры" (с. 215).

Шмат радаснага, жаданага было пачута ад выступлення намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Людмілы Сухнат, асабліва пасля такіх яе слоў: "Органы адукацыі ўзялі цвёрды курс на нацыянальнае адраджэнне, і з гэтага курса мы не звернем" (с. 219). Звярнулі ж праз два гады, чаму як нішто іншае паспрыяў праведзены ў маі 1995 г. рэферэндум. Настрой прысутных прыўзняўся, калі пачулі ад міністэрскай кіраўнічкі, што "змест адукацыі… павінен быць скіраваны на нацыянальна-культурнае адраджэнне" (с. 219). У нашыя дні за такія словы і міністра адукацыі знялі б з пасады! Суцяшалі і прыведзеныя Л. Сухнат статыстычныя звесткі: з агульнай колькасці дзіцячых садоў 63% беларускія, на беларускай мове працуе 69% першых класаў адукацыйных школ, прычым у гарадах - 59%. Ва ўсіх навучальных установах уведзеныя абавязковыя іспыты па беларускай мове, што ўзняло яе прэстыж. Сёння і ў сне такое не з'явіцца!

У канцы паседжання дэманстраваліся два дакументальныя этна-музычныя фільмы, адной са стваральніц якіх была вядомы ў краіне доктар мастацтвазнаўства Зінаіда Мажэйка. Сюжэты гэтых фільмаў - народнае мастацтва беларускай вёскі. Адзін з іх выклікаў настальгічны, а другі - гумарыстычны настрой, што якраз і характэрна было яе жыхарам. На гэтыя фільмы адгукнуўся і народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, назваўшы іх таленавітымі. "Фільмы, якія мы паглядзелі, - мовіў выдатны знаўца беларускага фальклору, - пераконваюць нас, што не можа народ, такі прыгожы, моцны, таленавіты, здольны, скласці рукі і пагадзіцца з тым, што наша доля прапашчая" (с. 221). Сказана гэта дваццаць гадоў таму. За гэты час шмат што змянілася (на вялікае няшчасце, у горшы бок) у жыцці беларускай вёскі. Падобных паказаным удзельнікам "круглага стала" фільмаў не ствараюць нават самыя таленавітыя майстры. Бо ў самім жыцці ўжо няма адпаведных для гэтага сюжэтаў. Вёска разам са сваім традыцыйным народным мастацтвам беззваротна гіне, і аніякія аграгарадкі яе не заменяць.

Самым масавым па колькасці ўдзельнікаў быў "круглы стол" пад назваю "Беларуская гаспадарка". Праходзіў ён у актавай зале Акадэміі навук РБ, а кіраваў ім акадэмік - сакратар Аддзялення гуманітарных навук, дырэктар Інстытута эканомікі АН Рэспублікі Беларусь Генадзь Лыч. Разам з дыяспарай на паседжанні прысутнічалі вучоныя, эканамісты, службоўцы афіцыйных структур, дзяржаўных камітэтаў, міністэрстваў, дзелавых колаў краіны, у іх ліку першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па знешнеэканамічных сувязях Міхаіл Марыніч, намеснік міністра замежных спраў РБ Аляксандр Сычоў, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання РБ Дзмітрый Руцкі. У спрэчках выступілі 25 чалавек, у т.л. восем чалавек з блізкага і далёкага замежжа. Прысутныя на паседжанні прадпрымальнікі рэзка крытыкавалі ўрад і Вярхоўны Савет РБ, што яны не ствараюць ім належных умоў для заняцця эканамічнай дзейнасцю. Была выказана слушная думка пра неабходнасць аб'яднання намаганняў прадпрымальнікаў - беларусаў метраполі і замежжа - дзеля хутчэйшага пераадолення эканамічнага крызісу, чаму ўсяк павінны дапамагаць улады.

Шмат канструктыўных прапаноў, як зрабіць жыццё нашых суродзічаў у замежжы больш нацыянальна-беларускім, было выказана на паседжанні "круглага стала" "Беларуская дыяспара". Вёў яго беларус з Санкт-Пецярбурга Валянцін Грыцкевіч, і ён адным з першых узяў слова. Выказаў слушную прапанову, што, акрамя культурнай працы, неабходна займацца і эканамічнай, бо сучасная Беларусь з прычыны вялікіх фінансавых цяжкасцяў не ў стане дапамагчы сваім замежным супляменнікам. У многім з ім пераклікалася выступленне старшыні суполкі "Бацькаўшчына" Алеся Глода (Масква), які сказаў: "…нам трэба менш скардзіцца, а больш працаваць на месцах" (с. 225). Добра ўсцешыў аўдыторыю міністр адукацыі РБ Віктар Гайсёнак сваімі проста фантастычнымі на сённяшні дзень лічбамі па арганізацыі беларускага навучання: у 1993/94 н.г.70% дзяцей будуць наведваць беларускамоўныя школы. Радавалі прысутных з замежжа і тыя практычныя захады, што рабіла міністэрства адукацыі дзеля вывучэння гісторыі беларускай дыяспары, усталявання з ёю шматбаковых кантактаў. Каштоўнасць выступу беларуса з Украіны Пятруся Капчыка (больш за 20 гадоў выкладаў рускую мову ў г. Ізяславе) заключалася ў тым, што ён, дзякуючы добраму веданню моўнай сітуацыі ў гэтай краіне, пераканаўча абгрунтаваў, якую вялікую шкоду можа прынесці Рэспубліцы Беларусь увядзенне афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Сваю кароткую прамову закончыў такімі павучальнымі для нас словамі: "Я не хачу змірыцца з тым, што тут, у Беларусі, многія не валодаюць сваёю моваю, не шануюць беларускасць. Трэба мець свой гонар і павагу да сябе" (с. 228). Не маем, таму і дакаціліся да мяжы энічнага вымірання. Вось тут і паспрабуй даказаць каму-небудзь, што Рэспубліка Беларусь - сапраўдная суверэнная нацыянальная дзяржава, а ўлады апошняй не галоўны віноўнік руйнавання культурна-моўных асноў існавання свайго тытульнага народа.

Б. Звароты і дэкларацыі З'езду

Удзельнікі Першага з'езду беларусаў свету з вялікай адказнасцю падышлі да складання выніковых дакументаў. Кожны з іх (усяго дзевяць) рыхтаваўся кабінетным метадам спецыяльна выдзеленымі дзеля гэтага людзьмі, а затым абмяркоўваўся на паседжанні З'езду, падчас чаго маглі ўносіцца прынцыповага характару карэктывы. Праект Звароту беларусаў замежжа - удзельнікаў Першага з'езду беларусаў свету да беларускага народа зачытаў беларус з ЗША Янка Запруднік (заўваг не мелася), праект Звароту Першага з'езду беларусаў свету да беларускага народа - супрацоўнік Радыё "Свабода" Мікола Іваноў (заўвагі не паступілі), праект Звароту да парламента і ўрада рэспублікі - сябра Рады ЗБС"Бацькаўшчына" Валеры Герасімаў, праект Дэкларацыі аб прынцыпах нацыянальнага дзаржаўнага будаўніцтва - старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў Мікола Статкевіч, пасля чаго пачалося іх абмеркаванне. З пералічаных праектаў спынюся ў некалькіх словах на тым, які даклаў З'езду М. Іваноў. На мой погляд, сам гэты праект трохі лепшы за яго канчатковы прыняты З'ездам варыянт і нават заслугоўвае таго, каб з ім штогод звярталіся да народа, бо за дваццаць гадоў ад напісання дадзенага дакумента нішто не састарэла ў ім, скажам, такія словы: "Час развітацца з бездухоўнасцю і нацыянальнай абыякавасцю. Цяпер альбо ніколі! Сапраўднае нацыянальнае адраджэнне, адраджэнне мовы, культуры нашага народа - гэта адзіны шлях у сям'ю цывілізаваных еўрапейскіх народаў… Духоўнае, нацыянальнае абуджэнне - гэта зусім не менш важная справа, чымся перабудова эканомікі, стварэнне рынкавых гаспадарчых адносінаў" (с. 140). Улады ж сёння, як ніколі раней, не даюць ходу такому адраджэнню, і народ гібее ў "сяброўскіх" абдымках надакучлівай русіфікацыі.

Нішто не выклікала такіх гарачых спрэчак, як зачытаная Анатолем Гурыновічам Заява З'езду па вайсковым пытанні. Вастрыню тых спрэчак лёгка зразумець, паколькі ў Заяве ўтрымлівалася сур'ёзная крытыка на адрас кіраўніцтва Міністэрства абароны РБ: мае непамерна вялікае войска, дзе "пануюць негатыўныя, пагардлівыя адносіны"да незалежнасці Беларусі. "Большасць вайскоўцаў варожа ставіцца да беларускай мовы. Не спыняюцца спробы фальсіфікацыі беларускай гісторыі…" (с. 156).

Заяву прынялі з папраўкаю аб адстаўцы міністра абароны РБ Паўла Казлоўскага, супраць якой, дарэчы, выступіў сам старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў Мікола Статкевіч, заняўшы выказаную да гэтага пазіцыю Зянона Пазьняка, што першую асобу гэтага міністэрства вымусілі больш высокага парадку ўладныя структуры сурова расправіцца з беларускімі афіцэрамі нацыянальнай арыентацыі. Пры паўторным разглядзе Заявы папраўка аб адстаўцы П. Казлоўскага была знята.

На трэці дзень працы ў Мінску незвычайнага для гісторыі нашай краіны форуму было прынята рашэнне надалей яго называць не Першым з'ездам беларусаў свету, а Першым з'ездам Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Гэта была вялікая пашана для дадзенай грамадскай арганізацыі, яе сяброў і найперш галоўнага стваральніка ЗБС Я. Лецкі. Дарэчы, у прынятай Першым з'ездам беларусаў свету рэзалюцыі былі аднадушна ўхвалены "першыя крокі (а яны ўжо былі далёка не першымі. - Л.Л.) ЗБС "Бацькаўшчына" па яднанні беларусаў свету, па наладжванні сувязяў з грамадска-культурнымі суполкамі беларускага замежжа, па абмене інфармацыяй, прапагандзе культуры" (с. 159).

Асноўнымі пытаннямі першага пасяджэння Першага з'езду ЗБС "Бацькаўшчына" былі выбары прэзідэнта, персанальнага складу Вялікай рады ЗБС "Бацькаўшчына". Па прапанове Васіля Быкава першым кандыдатам на пасаду прэзідэнта быў вылучаны акадэмік, віцэ-прэзідэнт Акадэміі Навук Беларусі Радзім Гарэцкі (абраны аднагалосна). Леанід Казыра агучыў персанальны склад Вялікай рады ЗБС "Бацькаўшчына", які затым быў дапоўнены і аднагалосна абраны з 97 чалавек. На сваім першым паседжанні 10 ліпеня 1993 г. яна абрала за свайго старшыню Ганну Сурмач і яе намеснікаў Н. Загорскую, У. Мамоньку, А. Сабалеўскага, Б. Стука. Новы старшыня Рады Г.Сурмач падзякавала свайму папярэдніку Я. Лецку, які ўвайшоў у склад Вялікай і Малой радаў, ва Управу ЗБС "Бацькаўшчына". Праўда, колішняй, па-добраму зайздроснай актыўнасці ў працы з эмігрантамі ён ужо не паказваў, хаця многія з іх усяляк імкнуліся падтрымліваць рознабаковыя сувязі з ім.

Паплечнікі Я. Лецкі па арганізацыі працы з эміграцыяй (да іх належаў і я) былі нямала здзіўлены адстаўкай гэтага чалавека, меркавалі, што яго не вылучылі для паўторнага абрання за старшыню Рады ЗБС "Бацькаўшчына", напэўна толькі ў выніку ўмяшання ў гэтую справу зацікаўленых прадстаўнікоў уладных структур і спецслужбаў, якія не дужа жадалі, каб такім аўтарытэтным, уплывовым грамадскім аб'яднаннем кіравала занадта актыўная, незалежная ад афіцыйных колаў асоба. Ім куды зручней, выгадней было мець на гэтай пасадзе не такога актыўнага, а больш памяркоўнага, паслухмянага чалавека, прычым з асяроддзя тых, хто за савецкім часам знаходзіўся на кіраўнічай ідэалагічнай працы. Усяму ж гэтаму Я. Лецка не адпавядаў, бо добра засвяціўся, як незалежніцкая асоба. Трэба сказаць, што і ў многіх іншых выпадках спрактыкаваным у палітычнай дзейнасці ўладным структурам і афіцыйным асобам удавалася праводзіць сваю не заўжды інтэграваную ў беларускую нацыянальную ідэю лінію. Між іншым, гэта ў пэўнай ступені адбілася і на змесце прынятых на З'ездзе выніковых дакументаў. Не баюся памыліцца ў сцвярджэнні, што ўжо і тады многія чыноўнікі былі ўпэўнены ў тым, што дзяржава з асаблівым жаданнем не пойдзе на рэалізацыю ідэй З'езду. І яны, як пакажа час, не памыліліся ў гэтым.

У той час, калі Вялікая рада і Рэвізійная камісія абіралі сваіх кіраўнікоў, Першы з'езд ЗБС "Бацькаўшчына" працягваў працу, што дало магчымасць многім з яго ўдзельнікаў выступіць па тых пытаннях, якія альбо зусім не закраналіся, альбо былі асветлены з неналежнай глыбінёй. Такую магчымасць адным з першых выкарыстаў і выкарыстаў належным чынам старшыня Мінскай гарадской рады Таварыства беларускай мовы, прафесар Беларускага эканамічнага ўніверсітэта Мікола Савіцкі. На грамадскіх пачатках працаваў за старшыню рабочай групы камісіі Вярхоўнага Савета па праверцы выканання Закона аб мовах у Беларускай ССР, таму вельмі добра ведаў пра стан нацыянальна-культурнай сферы краіны. Асаблівую незадаволенасць меў ад заганнай практыкі тагачаснай сістэмы адукацыі і не мог не заявіць адкрыта перад удзельнікамі З'езду такое: "Пакуль не стане сістэма адукацыі нацыянальнай беларускай па мове, па змесце, па духу, адраджэнню беларускай нацыі будзе вельмі многае замінаць. І поспеху чакаць вельмі цяжка. Рэальны стан вышэйшай школы вельмі страшэнны… Усё трымаецца на энтузіязме асобных выкладчыкаў, якія па сваёй свядомасці змагаюцца з кіраўніцтвам і пачынаюць выкладаць на беларускай мове" (с. 169). З гадамі, як нам вядома, дзяржаўная сістэма адукацыі ў нашай краіне стала яшчэ ў большай ступені антынацыянальнай і, на вялікую бяду, сёння нават няма каму з ёю па-сур'ёзнаму змагацца.

Закончылася першае (яно ж і апошняе) паседжанне Першага з'езду ЗБС "Бацькаўшчына" на высока эмацыянальнай ноце, пра што пастаралася і беларуска з Чыкага (ЗША) Вера Рамук. Пачала свой выступ з прачытання складзенага ёю ў Мінску верша "Беларусь". Прысутным заявіла, што ад сустрэчы з пакінутай у 1944 г. Беларуссю мае незвычайную радасць, вялікае захапленне, выказала ўпэўненасць, што калі давядзецца яшчэ раз сустрэцца з ёю, дык "не буду бачыць чужацкіх лёзунгаў, але я буду бачыць лёзунгі беларускія. Усюды і паўсюль." (с.171). Такія памылковыя спадзяванні на лепшае ў жыцці былі характэрны мо больш, як палове ўсіх замежных эмігрантаў. З-за цёмных хмараў на палітычным небасхіле Беларусі ім цяжка было разабрацца, што задумвалася, што рыхтавалася варожымі ёй сіламі.

Не мог інакш, як толькі ў аптымістычным плане, гаварыць у сваім заключным слове пра будучыню Беларусі, па-сапраўднаму веруючы ў яе шчаслівы лёс, нанова абраны за прэзідэнта ЗБС "Бацькаўшчына" Радзім Гарэцкі. Ён ніколькі не перабольшыў, назваўшы Першы з'езд беларусаў свету падзеяй надзвычайнай, бо гэта і сапраўды было так. Ва ўнісон узнёсламу настрою абсалютнай бальшыні прысутных у зале выказаў упэўненасць, што "калі вы ў наступны раз прыедзеце сюды, у Мінск… пачуеце мову беларускую не так, як зараз, не толькі ў гэтай зале. І ваша радасць будзе яшчэ большая, чым зараз" (с. 172). Толькі адзінкі маглі не паверыць у такую радасную, жаданую перспектыву, якую са страшэннай лютасцю зруйнаваў неўзабаве ўсталяваны ў краіне антынацыянальны палітычны рэжым. Пасля абвяшчэння З'езду закрытым прагучаў не прыняты афіцыйнымі ўладамі беларускі нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Паводле ўспамінаў Міхася Кошалева па заканчэнні ўрачыстасцяў, звязаных з закрыццём З'езду, яго ўдзельнікаў, што выходзілі з тэатра, прыцягнула незвычайнае відовішча, якое разгортвалася на пляцоўцы побач. Група спецыяльна запрошаных адмыслоўцаў намагалася запусціць паветраны шар, абалонка якога была выканана з чаргаваннем белых і чырвоных палос. Да гандолы быў прымацаваны транспарант з прыві таннем. Але запуск адцягваўся. Дзьмуў моцны вецер, які зносіў аэрастат убок і не дазваляў равучаму полымю з фарсункамі апарата скіраваць гарачы струмень паветра ўнутр шара. Усе спробы былі марнымі. Ён так і не ўзляцеў. Аэранаўты пачалі збіраць шар. Сімвалічная імпрэза не адбылася. Расчараваныя гледачы пацягнуліся да аўтобусаў, якія чакалі іх...

В. Адгалоскі З'езду

Незвычайная для айчыннай гісторыі падзея - Першы з'езд беларусаў свету ніяк не мог адысці ў нябыт, тым болей адразу ж пасля заканчэння сваёй працы і адбыцця яго ўдзельнікаў па хатах з дарагой і любай усім ім Бацькаўшчыны. Пэўны час пра той знакавы форум працягвалі згадваць нават і афіцыйныя асобы, якія яшчэ не далучыліся, а можа, і не збіраліся далучыцца да той вялізнай зграі дзяржаўных чыноўнікаў, што мелі за мэту на 180 градусаў павярнуць кола беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, як толькі раз'едуцца нашыя эмігранты. На першым часе ніякіх прэтэнзій нельга было выставіць супраць афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі. Як і ў дні працы З'езду, яны працягвалі ахвотна - і да таго ж яшчэ аб'ектыўна - асвятляць па-ранейшаму актуальную эміграцыйную праблему, прыцягваючы да абмеркавання апошняй і яго ўдзельнікаў. Трэба сказаць, што па вяртанні дамоў іх уражанні ад убачанага на Радзіме, пачутага на З'ездзе не толькі не аслабявалі, а наадварот, узмацняліся, у памяці з'явілася нямала чаго такога, з чым проста нельга было не падзяліцца з шырокімі коламі грамадства.

Друкаваныя і электронныя СМІ ахвотна ладзілі інтэрв'ю з тымі, хто найбольшы ўклад унёс ў падрыхтоўку, саму працу З'езду, хто, як толькі мог, стараўся праводзіць яго рашэнні ў жыццё. Шмат цікавай, карыснай інфармацыі ўтрымлівала інтэрв'ю новага старшыні Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Ганны Сурмач для газеты "Літаратура і мастацтва" (20 жніўня 1993 г.), якая вельмі падрабязна асвятляла ход працы З'езду. Хоць аўтар інтэрв'ю - асоба жаночага полу, а "ЛіМ" - газета творчай інтэлігенцыі, гэта ніколькі не перашкодзіла абмеркаванню - прычым даволі прафесійнаму - вайсковага аспекту. Дазволю сабе прывесці такія словы з інтэрв'ю: "Здзіўляе ў пазіцыі Міністэрства абароны найбольш тое, што, адмаўляючы ў праве на беларускія збройныя сілы прадстаўнікам беларуская нацыі, яно лічыць абсалютна нармальным давяраць лёс нашай дзяржавы расійскім генералам і наогул трымаць на сваёй тэрыторыі чужую армію" (прасіў бы чытача змест цытаты супаставіць з тым, што сёння характэрна нашаму войску). Слушныя прапановы выказаны Г. Сурмач па ўсталяванні на афіцыйным і неафіцыйным узроўнях узаемавыгадных дзелавых кантактаў паміж метраполіяй і яе дыяспарай.

А вось змясціць архіважныя выніковыя дакументы Першага з'езду беларусаў свету не ўдалося ні ў адной з асноўных афіцыйных беларускіх газет. Тады ж яны выходзілі даволі вялікімі накладамі і, значыцца, маглі б давесці змест тых дакументаў да шырокіх гушчаў людзей (прычым не толькі метраполіі) і гэтым самым актывізаваць іх удзел у грамадскім жыцці. Ці ж не паспрыялі б, скажам, гэтаму такія словы з прынятага З'ездам Звароту беларусаў замежжа: "У лучнасці з Бацькаўшчынай, з гэтай жыватворнай духовай крыніцай, тоіцца сакрэт… вытрываласці да перамогі над усімі цяжкасцямі і перашкодамі на шляху да свабоды і дабрабыту" (с. 234). Многім людзям не давялося прачытаць і такое месца са Звароту да беларускага народа: "Мы можам… назаўсёды замацаваць незалежную Беларусь на карце Еўропы… толькі аб'яднаўшы сілы беларусаў на Бацькаўшчыне і тых яе адданых дзяцей, што жывуць па-за межамі…" (с. 235). Што ж датычыць уладаў, дык яны, відаць, былі знаёмыя са зместам прыведзенай цытаты і таму мо так рашуча супрацьдзейнічалі ўсталяванню супрацоўніцтва беларусаў Бацькаўшчыны і замежжа. З Дэкларацыі аб прынцыпах нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва ўвагу ўладаў, але толькі не шырокіх колаў грамадства па віне афіцыйных СМІ, напэўна ж, прыцягнуў такі радок: у Беларусі "няма падстаў для далучэння да якіх-небудзь ваенных саюзаў" (с. 236), толькі адпаведная рэакцыя на гэта адсутнічала. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і тады, і зараз з незвычайнай ахвотай цягнецца да ваенных саюзаў з Расійскай Федэрацыяй, хаця нападаць на нас ніхто не збіраецца.

Думаецца, што многіх людзей падштурхнулі б не толькі да роздуму, але і да актыўнай стваральнай дзейнасці наступныя радкі са Звароту да Парламента і Ураду Рэспублікі Беларусь: "Надаць статус найбольшага эканамічнага спрыяння прадпрымальнікам беларускага паходжання з эміграцыі, якія жадаюць прыняць удзел у вырашэнні эканамічных праблем краіны…" (с. 238). У гэтым плане ўлады і за дваццаць гадоў не зрабілі аніводнага практычнага кроку, аддаючы перавагу цёмным дзялкам небеларускай нацыянальнасці з Расіі ці кітайцам. Вядомыя выпадкі, калі па віне апошніх цяжка знайсці працу мясцоваму чалавеку.

Крайне вострая неабходнасць была ў тым, каб праз перыядычны друк пазнаёміць народ са зместам заявы удзельнікаў Першага з'езду беларусаў свету па вайсковым пытанні, у якой справядліва крытыкавалася "ўрадавая вайсковая палітыка, пры якой на ключавыя пасады ва Узброеных Сілах прызначаюцца тыя асобы, якія адмоўна ставяцца да незалежнасці Беларусі…" (с. 240). Такіх асобаў ніколькі не паменела і ў нашыя дні.

З'езд, натуральна, не мог не выклікаць дадатковага прыліву энергіі ў нацыянальных актывістаў краіны ў цэлым, што станоўча адбівалася на ўсе сферы яе жыцця. Яшчэ ў большай ступені такі прыліў энергіі быў характэрны для ЗБС "Бацькаўшчына", куды былі абраны новыя людзі з вялікім жаданнем унесці свой асабісты уклад у паяднанне метраполіі з дыяспарай. І пэўныя крокі ў гэтым тэрмінова рабіліся, у т.л. колішнім старшынёй Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Я. Лецкам, які меў найбагацейшы досвед працы з дыяспарай, асабіста ведаў многіх з нашых эмігрантаў, прычым найбольш аўтарытэтных, уплывовых. Найчасцей за ўсё імі былі яго землякі з Наваградчыны. Нібыта па інерцыі імя колішняга рухавіка працэсу збліжэння беларусаў незалежна ад іх месца пражывання Я. Лецкі раз-пораз з'яўляўся на старонках перыядычнага друку Рэспублікі Беларусь. Спашлюся па артыкул вядомага журналіста Алеся Марціновіча "Без свайго, як дрэва без лісця", надрукаванага амаль праз год пасля з'езду ў "Народнай газеце" (1 чэрвеня 1994 г.). Аўтар дае самую высокую адзнаку гэтай падзеі і піша: "Я ўсё пра з'езд.. а хачу сказаць пра чалавека, без высілкаў якога, здзіўляючай энергіі, апантанасці ён бы проста не адбыўся (мо трохі і залішняя катэгарычнасць. - Л.Л.). Не адбыўся б па той прычыне, калі б ініцыятарам правядзення яго не выступіла Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".

А згуртаванні, як вядома, самі па сабе не з'яўляюцца, як і розныя саюзы, суполкі. Для ўзнікнення іх неабходны людзі ініцыятыўныя, энергічныя. Дык, вось аднаго з гэтых людзей і маю на ўвазе - Яўгена Лецку. Вядомага беларускага крытыка і літаратуразнаўцу, празаіка. А да ўсяго - чалавека апантанага, улюбёнага ў Беларусь. Гэта ён, Яўген Лецка, яшчэ задоўга да таго, як ледзь ці не ўсе раптоўна зразумелі, што і за мяжой нямала жыве беларусаў, якія таксама рупіліся і рупяцца, каб жыла і квітнела родная Бацькаўшчына, пачаў задумвацца, каб стварыць арганізацыю, што ўзяла б на сябе адказнасць (а спачатку жаданне) згуртаваць тых, хто адарваны ад Радзімы.

Можна, зразумела, шмат гаварыць, як нялёгка давалася гэта. Ды Яўген Лецка не адступаўся... пасля ўтварэння "Бацькаўшчыны" ён, выбраны старшынёй Рады Згуртавання, адразу перайшоў да канкрэтных спраў. І найбольш яны далі пра сябе знаць, калі ўрэшце рэшт у Мінску змаглі сабрацца беларусы з так званага блізкага замежжа."

Як сведка, непасрэдны ўдзельнік ты падзей, я не бачу аніякага перабольшвання А. Марціновічам ролі Я. Лецкі ў іх.

Не дапускаючы ў голаў думкі, што такі адданы беларускай нацыянальнай ідэі чалавек, як Я. Лецка, мог адысці ад актыўнай дзейнасці ў сістэме ЗБС "Бацькаўшчына", некаторыя з беларусаў замежжа яшчэ доўгі час справядліва глядзелі на яго, як на галоўнага творцу гэтай самай папулярнай у канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў грамадскай арганізацыі (прэстыж жа яе пазней знізіўся толькі па віне ўладных структур). Сказанае можна пацвердзіць з прысланага ўлетку 1999 г. з г. Львова ад старшыні суполкі "Белая Русь" Барыса Цімошчанкі на імя Я. Лецкі ліста (Голас Радзімы, 24 ліпеня). Падзякаваўшы яму, што некалі гэтак добра дапамог развіццю беларускага руху на Галічыне, наш суродзіч з болем паведамляў, што зараз такі рух замірае, прычым, галоўным чынам, па віне саміх беларусаў (тлумачылася ж такое рэзкім спадам іх нацыянальнай актыўнасці ў метраполіі). Заканчваўся той ліст такімі словамі: "Штось маўчыць наша "Бацькаўшчына" (пра гэта, паўтаруся, як след пастараліся ўлады. - Л.Л.). Як яна там? Ці плануецца якая-небудзь сустрэча Рады ці іншая імпрэза з боку "Бацькаўшчыны"? Чарканіце мне, як будзе магчымасць". Думаю, што Я. Лецка не чыркануў, бо на гэты час - і вельмі шкада - яго дзейнасць у ЗБС "Бацькаўшчына" ўжо насіла чыста сімвалічны характар. А было ж тады першаму старшыні Рады Згуртавання трохі больш за 50 гадоў. Пры ўсім старанні мне ў перыядычным друку канца 1990-х гадоў удалося адшукаць толькі адну яго сур'ёзную публікацыю, датычную жыцця і творчай дзейнасці выдатных постацяў беларускай эміграцыі. З'явілася яна 16 верасня 1999 г. на старонках газеты "Голас Радзімы" неўзабаве пасля таго, як у тым жа месяцы адбыўся VI з'езд Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Шмат чаго трывожнага было сказана на ім пра сірочы стан роднага слова карэннага насельніцтва краіны, што, не выключана, і падштурхнула Я. Лецку паведаміць чытачу, як на гэтую вечна пакутлівую праблему дый увогуле на ўсё нацыянальнае жыццё беларусаў у свой час глядзелі нашыя эмігранты. У артыкуле прыведзены трапныя вытрымкі з твораў Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Рыгора Крушыны, Янкі Золака, Міхася Кавыля, Уладзіміра Дудзіцкага, Уладзіміра Клішэвіча, Вінцука Адважнага. Ну ці ж гэта не букет нашых выбітных эміграцыйных твораў?! Букет. І была вялікая карысць ад той публікацыі Я. Лецкі, бо чытач хоць штосьці даведаўся пра іх духоўныя набыткі, пра іх погляды на складаны лёс свайго народа.

На добры ж лад, у той час ад Я. Лецкі, як пісьменніка, ужо можна было чакаць і саліднай кнігі па гісторыі "Бацькаўшчыны". Мінула ж каля дзесяці гадоў, як яна з'явілася на свет. Мы, беларусы, неяк не спяшаемся рабіць добрыя справы. У трэці дзесятак жыцця ўступілі Беларускі народны фронт "Адраджэньне", Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, больш за дзесятак розных партый, грамадскіх рухаў. А што пра іх сур'ёзнае напісана? Мне, да прыкладу, нічога не трапляла ў рукі. А пісаць трэба. І не так пра станоўчае, як пра нашыя промахі, недахопы. Не сакрэт, закладзены ў канцы 1980-х гадоў нацыянальна-культурны рух правалены, у чым ёсць пэўная віна, недапрацоўкі і з боку ўсіх грамадскіх аб'яднанняў. Упэўнены, такі рух яшчэ вернецца на нашую зямлю, і яго арганізатарам, ідэолагам крайне важна ведаць, што рабілі іх папярэднікі дзеля выратавання беларускага народа ад руйнавальных наступстваў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. І нават калі яе архітэктарам, не дай божа, удасца цалкам вынішчыць усё беларускае на нашай зямлі, да яе заўжды будуць выказваць сваю зацікаўленасць тыя, хто тут мае свае карані. Напэўна, і яны некалі захочуць тут сабрацца, правесці нейкі форум, толькі ён ужо будзе называцца не так, як той, што 8-10 ліпеня 1993 г. адбываўся ў Мінску, а хутчэй за ўсё мець такое найменне: "Першы з'езд нашчадкаў беларускага (ліцвінскага) народа".

Пад канец ХХ стагоддзя не толькі ў Я. Лецкі, але і ў многіх іншых грамадска-палітычных, культурных дзеячоў ужо не было той колішняй зайздроснай нацыянальнай актыўнасці. Хтосьці з іх стаміўся, а хтосьці страціў надзею на поспех нацыянальна-культурнага адраджэння, на што меў рацыю з-за ўпартага супраціву яму ўсемагутнага, пад самы корань зрусіфікаванага дзяржаўнага чыноўніцкага апарату.

З набліжэннем восені 1993 г. адчулася заўважнае пахаладанне не толькі ў самой прыродзе. Прыкметна змяніліся ў горшы бок ацэнкі ўсяго таго, што адбывалася на тым гістарычным форуме ў Мінску. І гэта цалкам заканамерна, улічваючы істотнае зніжэнне зацікаўленасці многіх людзей да эміграцыйнай праблемы. Па-добраму толькі можа здзіўляцца, як гэта магутнаму пласту адарваных ад нацыянальнай ідэі дзяржаўных ідэолагаў удалося стрымаць сябе ад нападак на Першы з'езд беларусаў свету ў дні яго працы і колькі тыдняў пазней, бо гэтую выключнай важнасці сустрэчу далёка не ўсе віталі з афіцыйных колаў грамадства. І вось нарэшце рэдакцыя газеты "Звязда", якая так шырока і аб'ектыўна асвятляла перадз'ездаўскія падзеі, працу гэтага форуму, 7 верасня 1993 г. змяшчае на сваіх старонках вялікі артыкул неаддзельнага ад афіцыйных поглядаў доктара філасофскіх навук, прафесара Івана Антановіча, праўда, з дыпламатычнай агаворкай, што "далёка не поўнасцю падзяляе яго пункт погляду і не ўсе аргументы прымае". Галоўны дакор гэтага навукоўца сродкам масавай інфармацыі быў выказаны за тое, што "найчасцей у артыкулах і матэрыялах аб з'ездзе ідзе бессаромнае перабольшванне і ролі яго ўдзельнікаў, і сэнсу прынятых ім рашэнняў". На самім аўтарам пастаўленыя пытанні: ці з'яднаў нас з'езд "на ніве працы за росквіт Бацькаўшчыны, ці дапамог ён нам лепш зразумець адзін аднаго, ці знайшоў ён нейкія новыя, арыгінальныя шляхі выйсця з крызісу…?" даюцца ім адмоўныя адказы. Але ці ж можна было гэта ставіць у віну З'езду, калі на такія архіскладаныя пытанні не было правільнага адказу і ў самога дзяржаўнага навукова-аналітычнага корпусу, які працаваў гадамі, а не толькі 8-10 ліпеня 1993 г.? У аўтара артыкула меліся таксама вялікія сумненні адносна сапраўднай каштоўнасці літаратурных твораў нашых эмігрантаў.

Рэдакцыя газеты "Звязда" прасіла беларусаў з-за мяжы адгукнуцца на артыкул І. Антановіча. Такую магчымасць пастараўся выкарыстаць вядомы беларускі пісьменнік з Беластока Сакрат Яновіч. Ён заслужана даў высокую адзнаку Першаму з'езду беларусаў свету пішучы, "што гэтае мерапрыемства больш было патрэбным самой Беларусі, чымсьці дыяспары. Адыгрывала яно ролю істотнага элемента ў будаванні духа беларускасці на Бацькаўшчыне..." Ён дакараў І. Антановіча за тое, што апошні не звярнуў увагу, чаму "нацыянальна свядомыя беларусы ў Рэспубліцы Беларусь даўно зрабіліся нешматлікай меншасцю, фактычна такой жа дыяспарай. Чыя ў гэтым "заслуга", што беларуская мова сталася чужаніцаю ў роднай ёй радзіме?" Беластоцкі пісьменнік назваў І. Антановіча жартаўніком за сцвярджэнне, "што камунізм не пярэчыць нацыянальнай ідэі". Тым, хто выступаў за аб'яднанне Беларусі з Расіяй, тлумачыў, што "саюз у палітыцы вялікага з малым.. камічнае відовішча".

Пры жаданні ў выдадзеных увосень 1993 г. нумарах афіцыйных газет было б зусім не складана знайсці нямала чагосьці такога, пра што пісаў І. Антановіч. Цяпер яны стараліся альбо зусім не згадваць пра З'езд, альбо пісаць пра яго надзвычай стрымана, пераважна ў адмоўным плане, што ў значнай ступені адпавядала, асабліва годам пазней, дзяржаўнаму погляду на сваю дыяспару.

Да ліку тых рэдкіх публікацый другой паловы 1993 г., дзе давалася аб'ектыўная ацэнка ролі З'езду, выказваліся слушныя меркаванні па ўвасабленні яго ідэй у практыку, у першую чаргу хацеў бы згадаць выступ вядомага ў краіне філосафа, члена-карэспандэнта АН Беларусі Леаніда Яўменава ("Звязда", 27 Х 1993), які пра беларускую дыяспару ведаў не толькі з кніг, перыядычнага друку, а і з уласнага жыццёвага досведу. Свае разважанні пра З'езд ён закончыў такімі словамі "Першы вянец яднання вякамі разарванай нацыі быў нарэшце пакладзены". І каб толькі ва ўладаў было жаданне, на гэтым вянцы вельмі хутка паўсталі б сцены і ўсё астатняе, што патрэбна для пабудовы Беларускага Нацыянальнага Дома.

На такі высакародны нацыянальны вычын ва ўладаў не ставала жадання, чаго ніяк не маглі ім дараваць найперш самі ўдзельнікі Першага з'езду беларусаў свету, у іх ліку і інжынер-канструктар з расійскага горада Сергіеў Пасад Антось Садлуцкі (40 гадоў пражыў у гэтым горадзе). З артыкулам "Нягледзячы на здзек" ён звярнуўся у газету "Літаратура і мастацтва" (надрукаваны 24 чэрвеня 1994 г., с. 13) крыху больш як праз месяц пасля майскага 1994 г. рэферэндуму, але і гэтага часу хапіла, каб зразумець, якую бяду ён можа прынесці Бацькаўшчыне. У вялікай роспачы за яе трагічны лёс піша: "Вожди" беларускага народа душаць усё, што хоць трошкі пахне беларускім, асабліва тое, чым адрозніваецца беларус ад іншых еўрапейскіх народаў, - мову." А. Садлуцкі заяўляе пра страту ўсялякай веры, што беларусы змогуць "людзьмі звацца", выказвае вялікую крыўду, што "беларускія кіраўнікі-здраднікі вельмі стараюцца ператварыць Беларусь ў калонію Расіі... мову рускую зрабіць дзяржаўнай для беларусаў." І яна, як мы ведаем, з дапамогай дазвання зрусіфікаваных чыноўнікаў і значнай часткі інтэлігенцыі і сапраўды неўзабаве стала такой.

Не мінула і года пасля Першага з'езда беларусаў свету, як улады амаль цалкам забыліся (натуральна, свядома) на ўсё, што там гаварылася, прычым не шараговымі выступоўцамі, а высокімі дзяржаўнымі дзеячамі, што было запісана ва ўрадавай праграме "Беларусы ў свеце". Павіслі ў паветры агучаныя на тым форуме словы намесніка старшыні Савета Міністраў РБ М. Дземчука: "Аксіёмай з'яўляецца тое, што чым больш цесныя вузы паміж народамі асноўнага арэала і яго дыяспарай, тым больш паўнацэннай, больш багатай з'яўляецца нацыя". Пра падтрыманне на дзяржаўным узроўні такіх вузаў з эмігрантамі ўжо ніхто не дбаў. А М. Дземчуком выказвалася ж меркаванне - і яго аніхто не аспрэчваў - пра неабходнасць мець "міністэрства ці кабінет, які б працаваў з беларускай дыяспарай". Заяўлялася ім і такое: "Лагічна было б зрабіць так, каб з лепшых прадстаўнікоў беларускай дыяспары быў створаны свайго роду інстытут консулаў (а то і афіцыйных консулаў) нашай рэспублікі ў краінах замежжа" з мэтай ажыццяўлення дыпламатычнай працы. І гэта, несумненна, прынесла б немалую карысць, зрабіла б дыпламатычную службу не такой дарагой для краіны, якая перажывала эканамічны і фінансавы крызіс. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь не пайшло на такое канструктыўнае збліжэнне, супрацоўніцтва з дыяспарай і не выключана, што, можа, з-за паталагічнага нежадання гаварыць з ёй адной мовай - беларускай, бо яе ж на падставе праведзенага ў маі 1995 г. рэферэндуму мэтанакіра-вана выперлі з грамадскага ўжытку, увялі і як след утрывалілі тут рускую мову, надаўшы апошняй насуперак сусветнай практыцы, статус другой дзяржаўнай. Прымусіць жа карыстацца ёю высокага нацыянальнага гарту нашую дыяспару ў дзяржавы не ставала надзейнага сродку. Прагрэсіўныя, нацыястваральныя ідэі Першага з'езду беларусаў свету ўлада пусціла пад нож.

Прынцыпова не так глядзелі, глядзяць і будуць глядзець на той эпахальны З'езд нацыянальна-патрыятычныя колы беларускага грамадства. У першую чаргу гэта датычыць тых, хто меў непасрэднае дачыненне да той падзеі. З ёю яны справядліва звязвалі свае самыя найлепшыя спадзяванні на светлую будучыню Радзімы. Так думаў і актыўнай нацыянальнай пазіцыі беларус з Літвы Хведар Нюнька. Амаль праз дзесяць гадоў пасля той знамянальнай падзеі ён пісаў: "Дзякуючы намаганням "Бацькаўшчыны" з'езд прайшоў на высокім патрыятычным і культурным узроўні. Дэлегаты верылі, што Беларусь, як заснавальнік ААН, раней за іншыя рэспублікі былога СССР пойдзе па шляху дэмакратычнага развіцця: адродзяцца беларуская мова і школа, нацыянальная культура, стануць свабоднымі СМІ". Але дзе-небудзь ужо праз год пасля З'езду Х. Нюнька, як і многія іншыя ўдзельнікі яго, зразумеў, што па волі тагачаснай дзяржавы нічога добрага не адбудзецца ў жыцці беларускага народа, бо і яна ва ўнісон усім папярэднім палітычным рэжымам актыўна ўзялася за працяг яго русіфікацыі, разглядаючы апошнюю ў якасці аднаго з галоўных фактараў утварэння саюзнай з Расійскай Федэрацыяй дзяржавы.

Зразумела, ёсць пэўная доля віны і ў нас саміх, беларусаў метраполіі і замежжа, што многія прагрэсіўныя ідэі З'езду практычна засталіся толькі на паперы. Прыемна было, калі не ўсім, дык амаль усім, на працягу некалькіх перадз'ездаўскіх гадоў чытаць шчырыя прызнанні нашых эмігрантаў у іх вялікай, невычэрпнай любові да роднай беларускай зямлі. Нельга было не здзіўляцца з іх цудоўнага валодання матчынай мовай, не папсаванай рэформай правапісу 1933 г. Шмат хто, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, спадзяваліся на абавязковае вяртанне на любую, незабытую бацькоўскую зямлю многіх выгнанцаў з яе, як гэта назіралася ў суседніх нам краінах Польшчы, Літве, Латвіі. І на дзіва, і на жаль, з такім цалкам апраўданым, заканамерным фактам нам не давялося сутыкнуцца. Затое нашым эмігрантам, асабліва з краін развітых эканамічна, з высокім узроўнем матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва, удалося "ўмыкнуць" сяго-таго з жыхароў метраполіі, прычым і тых, хто выдаваў сябе за сапраўдных адраджэнцаў, шчырых патрыётаў айчыны. Зразумела, такая эміграцыя не падпадае пад катэгорыю ні палітычнай (пагрозы стаць зняволенымі для іх не існавала) ці эканамічнай (не знаходзіліся на мяжы хранічнай беднасці). Я залічыў бы такую эміграцыю да разраду эгаістычных, меркантыльных. Пакінуць краіну на ростанях - гэта, даруйце мне, нешта блізкае да злачынства. У стаўленні да гэтай праблемы я цалкам падзяляю ўзважаную пазіцыю вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, паэта Уладзіміра Някляева. На пытанне Зміцера Лукашука "Ці гатовыя вы да эміграцыі?" ён, як сапраўдны нацыянальны патрыёт, адказаў: "Не. Я не выеду з Беларусі. Не таму, што я ўжо меў гэты вопыт і ведаю, што такое жыццё за мяжою і што такое барацьба ў зарубежжы. Не выеду я таму, што люблю гэтую зямлю больш, чым сябе, як бы пафасна гэта ні гучала".

Усім нам вядома, у якіх экстрэмальных умовах даводзілася раней і зараз працаваць грамадскім арганізацыям і мо найперш Згуртаванню беларусаў свету "Бацькаўшчына" з-за яго шчырай адданасці нацыянальнай ідэі, г. зн. той ідэі, якая адкрыта ігнаруецца, зусім не прызнаецца нашымі ўладамі, паколькі на першым плане ў іх далейшае правядзенне ў краіне русіфікатарскай палітыкі. Пры ўсіх цяжкасцях кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына" не можа бачыць сваю галоўную функцыю толькі ў падрыхтоўцы і правядзенні кожнага чарговага з'езду. Трэба прыняць за цвёрдае правіла штогод ладзіць у Мінску ці іншым горадзе, не выключаючы і замежжа, хоць па аднаму знакаваму мерапрыемству з мэтаю самага глыбокага аналізу так страшэнна здэфармаванага, "абязводжанага" нашага нацыянальнага жыцця. Сёння ў ім, як ніколі раней, назапасілася проста процьма складаных, тэрміновых праблем, да развязвання якіх не могуць не быць далучаныя і эмігранты. Іх жа не дзесяткі тысяч, а некалькі мільёнаў! Прычым высокаадукаваных, з добрым прафесійным, жыццёвым досведам. Нельга яго трымаць у багажніку, калі на вачах людзей гіне беларускі народ. Нацыянальная актыўнасць беларусаў метраполіі і дыяспары зусім неадэкватная таму, што робяць улады па іх культурна-моўнай асіміляцыі.

Не выключаю, што ў такой нечувана катастрафічнай для Бацькаўшчыны сітуацыі ёй руку дапамогі (не зводжу толькі да матэрыяльнай, аддаю перавагу ідэалагічнай) маглі б працягнуць і тыя, хто нарадзіўся на яе зямлі, а цяпер жыве ў розных краінах свету. Лічу неапраўданым для ўсіх пакаленняў кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына", што імі засталіся незаўважанымі прамоўленыя прэзідэнтам Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Радзімам Гарэцкім справядлівыя словы на арганізаванай 10 ліпеня 1993 г. прэс-канферэнцыі: "Мы, Згуртаванне беларусаў - не толькі адныя беларусы па нацыянальнасці - гэта ўсе тыя людзі, што жывуць на нашай Бацькаўшчыне… І мы ўсіх клічам у Згуртаванне, хто прызнае нашу Бацькаўшчыну незалежнай, змагаецца за яе адраджэнне". А яшчэ некалькі гадзін раней да Р. Гарэцкага нешта падобнае казаў падчас выступлення на пленарным пасяджэнні З'езду старшыня Сусветнага згуртавання яўрэяў Беларусі (як шкада, што яно ўжо даўно не падае сур'ёзнага голасу пра сябе) Якаў Гутман (Нью-Ёрк). Ніколькі не перабольшваючы, "што Беларусь у ХVІІІ-ХІХ стагоддзях і да пачатку Другой сусветнай вайны была сусветным цэнтрам духоўнай культуры яўрэяў", ён пажадаў, каб такое не забывалася і ў нашыя дні. "Я думаю, - працягваў выступоўца, - што калі "Бацькаўшчына" будзе мець на ўвазе інтарэсы ўсіх нацыянальнасцей, якія жывуць тут, дык гэта дасць нам магчымасць супрацоўнічаць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах" (с. 108). Цалкам падзяляю сказанае Р. Гарэцкім і Я. Гутманам і лічу сур'ёзнай памылкай, што кіраўніцтва ЗБС "Бацькаўшчына" не прыслухалася ні тады, ні зараз да іх прапаноў. Асабліва варта яму было б пайсці на самае цеснае супрацоўніцтва з яўрэйскай дыяспарай Беларусі, якая так колькасна павялічылася апошнім часам, да таго ж яшчэ яе прадстаўнікі не забываюцца на радзіму сваіх продкаў, часта наведваюць яе, ахвотна ідуць на кантакты з раскіданымі па свеце беларусамі. Асабліва шмат прыкладаў такіх можна знайсці ў ЗША. Калі б знайшліся ініцыятары, правялі ў Беларусі з'езд яе яўрэйскай дыяспары, гэта выклікала б вялікую зацікаўленасць, прынесла немалую карысць і першай і другой.

Не збылося выказанае многімі ўдзельнікамі З'езду пажаданне пра стварэнне ў Мінску "Беларускага дома", які і сапраўды мог бы стаць родным домам для ўсіх беларусаў свету, і такая архіпатрэбная ім грамадская арганізацыя, як ЗБС "Бацькаўшчына", не тулілася б на задворках сталічнага горада краіны.

Дэлегатамі Першага з'езду беларусаў свету выказвалася вельмі слушная, цалкам апраўданая з тэарэтычнага і практычнага гледзішчаў прапанова пра неабходнасць мець саліднае перыядычнае выданне для ЗБС "Бацькаўшчына". Зразумела, за кошт дзяржаўнага фінансавання, паколькі ў такім органе не могуць не мець прамой зацікаўленасці ўлады з прычыны таго, што за межамі Рэспублікі Беларусь жывуць парадку двух, а то і болей яе суродзічаў самых розных прафесій і сацыяльных катэгорый. Згуртаванне ж мае толькі невялічкага фармату штомесячны бюлетэнь на восем старонак. Для шырокага асвятлення жыцця сваёй дыяспары Беларусі трэба мець газету накшталт "Звязды", "Рэспублікі", "Народнай газеты". Няцяжка ўявіць, каб такая газета пачала выдавацца адразу ж пасля Першага з'езду беларусаў свету, як нашыя палітыкі, усё грамадства былі б добра праінфармаваны пра сваю дыяспару і пры патрэбе не зведвалі б аніякіх цяжкасцяў у пажаданым накірунку паўплываць на розныя бакі яе жыцця і, нарэшце, штосьці карыснае для сябе атрымаць ад апошняй. У наш інфармацыйны век дзяржава проста не мае аніякага права абмяжоўвацца толькі самымі скупымі звесткамі пра разляцелых у розныя куткі планеты Зямля сваіх суродзічаў. Да таго ж яшчэ мала каго з іх не цікавіць, што адбываецца ў роднай краіне. Усе гэтыя пытанні без асаблівых цяжкасцяў можна зняць праз выданне саліднай газеты ці часопіса. Таго і глядзі, што за дваццаць пасляз'ездаўскіх гадоў на базе ў чымсьці цікавых, каштоўных публікацый з такога перыядычнага выдання не складана было б стварыць не адну салідную манаграфію па многіх праблемах сучаснага жыцця нашых суродзічаў з беларускага блізкага і далёкага замежжа. А цікавага, практычна патрэбнага фактычнага матэрыялу на гэта хапіла б, бо сярод нашых эмігрантаў ёсць нямала ў чымсьці адметных асобаў. Інфармацыйная адарванасць Беларусі ад сваёй дыяспары - адна з самых вялікіх памылак яе палітыкі ў гэтай сферы.

Пасля Першага з'езду беларусаў свету ўжо праведзена пяць такога роду форумаў, але ніводны з іх нельга параўнаць паводле масавасці, прафесіяналізму, адданасці нацыянальнай ідэі ўдзельнікаў з тым, што праходзіў 8-10 ліпеня 1993 г. у Мінску. І мясцовыя, і замежныя ўдзельнікі той памятнай падзеі ў абсалютнай бальшыні шчыра верылі ў шчаслівую будучыню беларускага народа і ў адпаведнасці з ёю рыхтавалі свае ў пэўнай ступені нацыянальна-рамантычныя выступленні. Не памыляліся ў рэальнай ацэнцы перспектыў далейшага нацыянальна-дзяржаўнага, культурнага развіцця нашай краіны толькі адзінкі, за што ні ў якім разе нельга абвінавачваць непразорцаў, бо вельмі складанай, засланай густым туманам была ў нас тагачасная раскладка палітычных сіл. Затое двума гадамі пазней усё і ўсім без выключэння стала зразумелым, у якое страшэннае пекла вядуць улады беларускі народ пасля не раз згаданага мною ў самым адмоўным плане майскага рэферэндуму 1995 г., які паклаў канец Беларускаму нацыянальна-культурнаму адраджэнню. Аднаўленне пасля таго злачыннага рэферэндуму дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі вельмі ўскладніла змаганне прагрэсіўных колаў беларускай нацыі за захаванне этнакультурнай самабытнасці. З мэтай выключэння народа ад удзелу ў такой гістарычна апраўданай барацьбе ўлады не раз публічна заяўлялі пра яго абсалютную тоеснасць з рускай нацыяй, што, на іх погляд, цалкам апраўдвае перавод на яе культурна-моўную аснову ўсяго жыцця Рэспублікі Беларусь. "Дасягненні" яе кіраўніцтва ў гэтай выключна важнай сферы нацыянальнай палітыкі ўжо ў першыя гады пасля рэферэндуму можна прызнаць проста каласальнымі і, зразумела, немінуча вялі да таго, што беларусаў паводле ўсіх найважнейшых этнічных параметраў, і асабліва па маштабах выкарыстання рускай мовы, усё менш і менш было падстаў называць самабытным народам. Такое не магло не хваляваць ЗБС "Бацькаўшчына", таму яе чарговы другі з'езд (праходзіў 26-27 ліпеня 1997 г. у Мінску) меў зусім не радасную назву "Праблемы захавання беларускай прысутнасці ў свеце". Вось так: размову вялі не пра росквіт, а хаця б пра захаванне беларускай супольнасці на Зямлі. У адпаведнасці з назвай форуму будаваліся і выступленні. Іх да канца не выслухалі запрошаныя на яго афіцыйныя асобы і разышліся па сваіх службовых кабінетах. З улікам такой сітуацыі я адмовіўся чытаць свой даклад на тэму "Удзел дзяржаўнага чыноўніцкага апарату ў руйнаванні нацыянальна-культурных традыцый беларускага народа" (змешчаны ў Дадатку да кнігі).

Поўнае праігнараванне ўладамі ўсяго таго, што было сказана на Першым з'ездзе беларусаў свету моцна заклапочанымі цяжкім непрадвызначальным лёсам краіны людзьмі, ніколькі не прыніжае па-сапраўднаму эпахальнай ролі той сустрэчы. Нават пры самым вялікім жаданні яе нікому і ніколі не ўдасца выкрэсліць з аналаў айчыннай гісторыі. Пра яго ўжо і раней падаваліся звесткі ў розных энцыклапедычных даведніках, праўда, досыць сціслыя, што тлумачыцца крайне неспрыяльнымі для беларускай нацыянальнай ідэі гадамі іх выдання. Але ж такое не можа доўжыцца бясконца.

Ніколькі не перабольшу, сцвердзіўшы: падрыхтоўка і правядзенне Першага з'езду беларусаў свету адбываліся ў самы пік тагачаснага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Ледзь не сакральны для нашай айчыннай гісторыі 1993 год па ўсіх якасных параметрах беларускага нацыянальнага жыцця перасягаў папярэдні год, а што ж датычыць наступнага, 1994 года, калі ў краіне адбыліся карэнныя перамены ў палітычнай сферы, дык ад гэтага часу ў адраджэнцкай практыцы пачалі, праўда не зусім выразна, назірацца і адмоўныя з'явы, асабліва ў забеспячэнні беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай. Хоць за апошнія сто гадоў і вельмі рэдка здаралася, каб сонца заглядвала і ў нашае ваконца, але будзем спадзявацца на гэтае і трымаць яго заўжды адчыненым.

ДАДАТАК

Святочны настрой у зале тэатра оперы і балета моцна паўплываў на змест выступленняў, надаючы ім не ў меру шмат аптымізму. Аднак былі сярод іх і такія, хто вызначаўся вялікай заклапочанасцю станам нацыянальна-дзяржаўнага жыцця, падаваў яго ў змрочных танах. У такім плане пабудаваў і я сваё выступленне.

1. Беларуская нацыя ў небяспецы.

У многіх дачыненнях, і асабліва ў нацыянальна-культурным зрэзе, сённяшняя Беларусь без перабольшвання - гэта неабсяжная пустыня, дзе толькі зрэдку трапляюць нацыянальна-беларускія аазісы. Над імі ледзь не штодня ўздымаюцца велізарныя, густыя клубы пяску, якія з няўмольнай моцай насоўваюцца і на тыя куточкі, дзе яшчэ пульсуе беларускасць. Такім прыемным, прыгожым куточкам вось ужо трэці дзень з'яўляецца памяшканне і дадзенага тэатра. Але літаральна ўжо праз адзіндва дні тут завіруе зусім іншае жыццё. Яно не будзе нацыянальна-беларускім. У адпаведнасці са шматгадовай практыкай тут ізноў на ўсю моц загучаць галасы оперных спевакоў і спявачак на чужой мове.

Не гледзячы на прыняцце 26 студзеня 1990 года закона "Аб мовах у Беларускай ССР", згодна з якім беларускай мове нададзены статус адзінай дзяржаўнай, не гледзячы на прыняцце законаў аб нацыянальнай адукацыі, аб нацыянальнай культуры, абвяшчэнне Беларусі незалежнай дзяржавай, мы ўсё ж яшчэ не зрушыліся з нулявога цыкла ў сваім нацыянальна-культурным адраджэнні, а сям-там нават робім крокі назад. Асабліва істотна аслабелі пазіцыі беларускай мовы ў перыядычным друку, роля якога ў фармаванні нацыянальнай самасвядомасці, бадай, адна з самых вырашальных. Гэта намнога лепш за нас разумеюць праціўнікі беларускага Адраджэння, таму не выпадкова сёлета, як ніколі раней, яны рэгулярна, метадычна на сваіх старонках фармуюць у чытачоў негатыўныя погляды на заканадаўчае зацвярджэнне ў рэспубліцы ў якасці адзінай дзяржаўнай мовы беларускай.

А цяпер аб некаторых парадоксах нашага нацыянальнага жыцця.

Першы парадокс: ужо працяглы час захоўваецца такая недарэчная, заганная практыка, што ў перыядычным друку рэспублікі змяшчаецца куды больш публікацый у абарону рускай, чым беларускай мовы. Другі парадокс: калі ў беларускамоўнай прэсе рукапісы па самых важных праблемах сацыяльнай ролі беларускай мовы чакаюць надрукавання два-тры месяцы і болей, дык у рускамоўных газетах, у абарону дзяржаўнага двухмоўя і тыдня не ляжаць на рэдактарскіх сталах. А як умела і інтэнсіўна інспірыруюць грамадскую думку на карысць рускай мовы і афіцыйнага двухмоўя ідэалагічныя службы, асабліва дзяржаўныя! Трэці пара докс: мы яшчэ робім толькі-толькі першыя крокі па нацыянальна-культурным Адраджэнні, а ўжо колькі ўзведзена перашкодаў на яго шляху?! Прычым ва ўзвядзенні такіх перашкодаў - да таго ж яшчэ і найбольш непераадольных - удзельнічаюць i самі беларусы, што вельмі ўмела выкарыстоўваюць нашыя нядобразычліўцы, на ўвесь голас заяўляючы: "Глядзіце, самі ж беларусы выступаюць супраць нацыянальнай ідэі! Навошта ж ісці да Адраджэння валявым адміністрацыйным шляхам?!"

Гістарычны досвед сведчыць, што за ўвесь час, як існуе чалавецтва, ніводнаму народу яшчэ не ўдавалася захаваць сваю этнічную супольнасць, нацыянальна адрадзіцца стыхійна, толькі ініцыятыўнымі высілкамі найбольш адданых радзіме сумленных людзей. Дадзеную велізарнай складанасці праблему падуладна развязаць толькі дзяржаве, якая, мэтанакіравана пераадольваючы любыя цяжкасці, гадамі ідэалагічна рыхтуе да гэтай свяшчэннай місіі свой народ, праводзіць i адпаведныя ёй адміністрацыйныя захады. Поспех жа прыходзіць толькі тады, калі дзяржаве разам з высокаінтэлігентнымі, спаўна надзеленымі этнічнай, нацыянальнай самасвядомасцю людзьмі ўдаецца далучыць да ідэі Адраджэння шырокія пласты народа.

На вялікі жаль, нашая дзяржава ўсё яшчэ ніяк не адважваецца на такое, таму i надалей працягвае збядняцца нацыянальна-духоўны патэнцыял беларускага народа. Але так не павінна быць бясконца. Не для гэтага, я думаю, сабраліся сёння i беларусы свету. Наперадзе нас чакаюць велізарныя намаганні ў справе пашырэння шэрагаў актывістаў беларускага нацыянальнага руху. Дзеля дасягнення гэтага вельмі важна бесперапыннае супрацоўніцтва метраполіі Беларусь са сваей дыяспарай. Першыя крокі ўжо зроблены i далі пэўны плён. Але рэзервы намі далёка не выкарыстоўваюцца нават i тыя, што ляжаць на самой паверхні. Я не палітык. На шчасце ці на бяду, нават i дэпутатам сельскага савета не выбіраўся. I ўсё ж пэўныя меркаванні дазволю выказаць, зусім не прэтэндуючы на ix абавязковае дастасаванне да практыкі. Досыць будзе, калі яны навядуць каго-небудзь проста на роздум. Пачну з фармавання вышэйшага органа ўлады - Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Мне здаецца, у iм сёння вельмі не стае дэпутатаў, якія прадстаўлялі б беларусаў Еўрапейскай Pacii i Паўночнай Амерыкі, Украіны i Паўднёвай Амерыкі, Прыбалтыкі i Аўстраліі, Урала i Бельгіі, Казахстана i Францыі, Закаўказзя i Вялікабрытаніі i г.д. Як вы пераканаліся з выступленняў, для бальшыні з ix не icнye моўнага бар'ера. Наадварот, яны ў стане павучыць роднай мове многіх пашпартных беларусаў, якія паканчалі нават беларускамоўныя школы.

Мяне моцна ўразіла, калі я пачуў ад аднаго з удзельнікаў нашага з'езду, беларуса з Арэнбургскай вобласці, што i там жыве 12 тысяч беларусаў. Дык xiбa ж яны не маюць права, калі адчуваюць сваю беларускасць, паслаць аднаго дэпутата ў наш Вярхоўны Савет? Упэўнены, што маюць. Пашлюць жа яны, думаецца, самага апантанага нацыянальнай ідэяй, прафесійна падрыхтаванага работніка, які, напэўна, лепш дапаможа нам ва ўсталяванні неабходных эканамічных сувязей, чым пяць-дзесяць чалавек, якіх мы адсюль, з Беларусі накіруем у гэты ці які-небудзь іншы раён СНД для наладжвання такіх стасункаў. Эфект ад уключэння ў дзеянне выгодных нам міждзяржаўных эканамічных сувязяў у некалькі разоў перакрые тыя выдаткі, якія будзе несці Рэспубліка Беларусь па ўтрыманні дэпутатаў з блізкага i далёкага замежжа падчас ix працы ў заканадаўчым ці якім-небудзь іншым органе. Не трэба баяцца паглыблення такога роду сувязей з беларускім замежжам. Вунь у нашай суседкі Латвіі нават міністэрскія пасады даюць сваім найлепшым людзям з эміграцыі, i яны прыносяць даволі адчувальную карысць маладой незалежнай рэспубліцы.

Цяпер дазволю сабе колькі слоў сказаць пра неабходнасць навукова-гістарычнай распрацоўкі найважнейшых пытанняў жыцця беларускіх эмігрантаў. З агульнай колькасці краін планеты Зямля мо ледзь не ў трэцяй частцы ix была ці ёсць беларуская дыяспара. З прычыны несправядлівага стаўлення ўрада Беларусі, ідэалагічных службаў кампартыі ў нас існавала толькі сімвалічная сувязь з нашымі супляменнікамі за мяжой. Гэта прывяло да бясследнага этнічнага растварэння немалой колькасці эмігрантаў у многіх краінах свету. Назіраецца такое i цяпер пад уплывам розных формаў культурна-моўнай асіміляцыі. Толькі лічаныя дзеці нашай пасляваеннай эміграцыі валодаюць беларускай мовай, усведамляюць сябе беларусамі. Не ў лепшым, а калі быць больш дакладным, яшчэ ў горшым стане знаходзіцца беларускасць у тых нашых суродзічаў, лёс якіх некалі закінуў у розныя куткі Савецкага Саюза. Раней яны не пачувалі сябе эмігрантамі, а сёння на ўсе сто працэнтаў адпавядаюць гэтаму статусу. Трэба усё рабіць, каб яны, жывучы ў далечыні ад маці-Беларусі, усведамлялі сябе яе дочкамі i сынамі. Зрабіць гэта было цяжка раней, а сёння ці заўтра, не выключана, будзе яшчэ больш складана. Нагадаю, што ніводны народ, які меў сваю саюзную рэспубліку ў складзе СССР, так бяздумна i лёгка не адмаўляўся ад сваёй нацыянальнай прыналежнасці, як беларусы. Асабліва гэта было характэрна для змешаных сямей, незалежна ад таго, у такі шлюб уступала асоба мужчынскага ці жаночага полу беларускага паходжання. Гэтыя негатыўныя з'явы яшчэ больш распаўсюдзяцца ва умовах, калі былыя саюзныя рэспублікі ў поўнай меры стануць суверэннымі дзяржавамі. Таму усё, што можа стрымаць працэс размывання беларускай дыяспары на тэрыторыі колішняга СССР, трэба неадкладна i з самай вялікай адказнасцю выкарыстаць. Асабліва гэта датычыць беларусаў, якія жывуць на сваёй этнічнай, гістарычнай тэрыторыі на Віленшчыне, Смаленшчыне, Пскоўшчыне, Браншчыне, Чарнігаўшчыне. Вялікі грэх ix не выратаваць!

Мы ўжо не першы год рыхтуем i нават выдалі шэраг кніг з серыі "Памяць", у кожнай з якіх адлюстраваны самыя адметныя старонкі гicтopыі i сучаснасці таго ці іншага адміністрацыйнага раёна Рэспублікі Беларусь. Такія кнiгi трэба рыхтаваць i ў разрэзе паасобных геаграфічных рэгіёнаў беларускай эміграцыі. I аўтарамі ix у першую чаргу павінны быць caмi беларусы, што жывуць у гэтых месцах. Аднак гэта не вызваляе навуковыя калектывы Рэспублікі Беларусь ад аказання дапамогі такім аўтарам, асабліва ў рэдагаванні. Калі мы не зробім гэтага, беззваротна страцім для свайго народа вельмі шмат чаго каштоўнага, збяднім сваю гістарычную памяць. А якое неацэннае значэнне будуць мець такія публікацыі для адраджэння, стабілізацыі i ўзбагачэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў! Многія пакаленні рускай інтэлігенцыі i пры жыцці, i пасля смерці Мікалая Карамзіна, аўтара добра вядомай капітальнай працы "Гісторыя дзяржавы Расійскай" выказвалі на яго адрас шчырыя падзякі, што ён cваімі кнігамі па гісторыі выратаваў рускі народ ад заходнееўрапейскай асіміляцыі, вярнуў яго да самабытнага нацыянальнага жыцця. Не сумняваюся, што i кнiгi па розных геаграфічных рэгіёнах беларускай эміграцыі істотна дапамогуць вярнуць мільёны беларусаў ва ўлонне cвaix нацыянальных традыцый.

Трэба як мага хутчэй аднавіць добрую практыку 20-х гадоў, калі беларускамоўныя школы ствараліся нават у далёкай Ciбіры. Без ведання беларускай мовы ні на Бацькаўшчыне, нi ў замежжы беларус не будзе пачуваць сябе сапраўдным беларусам. Вось чаму сённяшні форум беларусаў свету павінен у cвaix выніковых дакументах даць адмоўную адзнаку ідэі дзяржаўнага двухмоўя i адаслаць гэты дакумент на адрас Вярхоўнага Савета. Усялякага роду публікацыі ў абарону дзяржаўнага двухмоўя прычыняюць нашаму Адраджэнню куды большую шкоду, чым гэта зpaбiў для ісламскай рэлігіі сваімі вершамі з абразамі на яе брытанскі паэт Салман Руждзі. Аднак вышэйшае мусульманскае духавенства аб'явіла ix сатанінскімі i вызначыла самую суровую меру пакарання для аўтара. Я супроць такой характарыстыкі публікацый аб дзяржаўным двухмоўі i якіх-небудзь санкцый да ix аўтараў. Але ўсё ж, калі дзяржава паважае свае законы i тым больш свой народ, яна павінна рашуча супрацьдзейнічаць усяму таму, што шкодзіць яго Адраджэнню. Быць талерантнай, памяркоўнай у дачыненні да таго, што не адпавядае інтарэсам нацыі, не ёсць прыкмета вялікай дэмакратыі i цывілізацыі. Хутчэй, наадварот. Зyciм нельга дапусціць такога, каб i моўнае пытанне было вынесена на рэферэндум. Не трэба забывацца, што ніводная еўрапейская аднанацыянальная дзяржава, якой з'яўляецца i Рэспубліка Беларусь, не праводзіла такіх рэферэндумаў. Само жыццё зрабіла мову ix карэннага насельніцтва адзінай дзяржаўнай, што цалкам справядліва і заканамерна. Так павінна быць i ў нас, калі мы хочам стаць па-сапраўднаму еўрапейскай, цывілізаванай нацыяй. Не моўным рэферэндумам, а толькі ўзважанай, мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкай у галіне нацыянальна-культурнага Адраджэння можна стварыць усе варункі, каб нарэшце стаў рэальнасцю любімы i дарагі жыхарам нашай краіны дэвіз "Жыве Беларусь!"

2. Удзел дзяржаўнага чыноўніцкага апарату ў руйнаванні нацыянальна-культурных традыцый беларускага народа.

Паступальны ход нашага народа па шляху ад юрыдычнага да фактычнага дзяржаўнага суверэнітэту сур'ёзна запавольніўся пасля ўсталявання ў 1994 г. прэзідэнцкага кіравання краінай. Абыякавым, а дакладней будзе сказаць, варожым да беларускай нацыянальнай ідэі сілам удалося сфармаваць такі урад, які пачаў больш старацца аб паглыбленні розных формаў інтэграцыі, у тым ліку і палітычнай, з Расіяй, чым развіваць сваю эканоміку і культуру ў поўнай адпаведнасці з унутранымі рэсурсамі, нацыянальнымі інтарэсамі Бацькаўшчыны. Усялякія спробы прагрэсіўных колаў грамадства, што стаялі і працягваюць стаяць на пазіцыях суверэннага нацыянальна-дзяржаўнага развіцця Беларусі, схіліць і ўрад на такі адзіна правільны ў нашых умовах шлях заканчваліся поўным правалам. Маладая беларуская дзяржава пазіцыю за пазіцыяй губляла ў сваім нацыянальным суверэнітэце, нічога не рабіла, каб аб'яднаць вакол гэтай гістарычнай важнасці ідэі ўсе здаровыя, прагрэсіўныя пласты грамадства. Наадварот, афіцыйныя (прэзідэнцкія) сродкі масавай інфармацыі, як толькі маглі, даказвалі беларускаму народу, што яго краіна ў моц саміх аб'ектыўных прычын не ў стане існаваць як незалежная, суверэнная дзяржава, што яе сацыяльна-эканамічны і духоўны прагрэс можа быць забяспечаны толькі праз аб'яднанне з Расіяй. Асабліва шырокі доступ у сродкі масавай інфармацыі даваўся асобам, якія стаялі на пазіцыях поўнай палітычнай інтэграцыі гэтых дзвюх краін і ўтварэння на іх аснове адзінай саюзнай дзяржавы. Наяўнасць вялікай колькасці людзей такіх поглядаў у складзе дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання, у самых высокіх органах улады і кіравання садзейнічала таму, што праціўнікам сапраўднага беларускага нацыянальнага суверэнітэту ўдалося праз правядзенне ў лістападзе 1996 г. рэферэндуму пазбавіць улады законна абраны Вярхоўны Савет РБ і стварыць цалкам залежны ад волі Прэзідэнта Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь пасля лістападаўскага (1996 г.) рэферэндуму праўкамі Прэзідэнт краіны атрымаў нечувана вялікія паўнамоцтвы, што ім было максімальна выкарыстана дзеля надання ўсім ажыццёўленым апошнімі гадамі мерапрыемствам па збліжэнні з Расіяй юрыдычнай сілы: 2 красавіка 1997 г. падпісваецца Дагавор аб саюзе Беларусі і Расіі, 23 мая таго ж года - Статут саюза Беларусі і Расіі. Усялякае дзяржаўнае аб'яднанне дзвюх ці некалькіх краін, як вядома, заўсёды звязана з узрастаннем эканамічнай, сацыяльна-палітычнай і культурнай ролі адной з іх і аслабленнем такой ролі другой ці ўсіх астатніх. Звычайна ў выйгрышы застаецца той палітычны суб'ект поліэтнічнай краіны, які перасягае іншыя паводле памераў сваёй тэрыторыі і колькасці насельніцтва, мае лепшыя ўмовы для развіцця эканомікі, валодае багатым духоўным патэнцыялам, надзейна забяспечвае мове свайго карэннага насельніцтва статус адзінай дзяржаўнай. На час падпісання Статута саюза Беларусі і Расіі першая ў дзесяць, а то і больш разоў адставала ад апошняй па ўсіх гэтых параметрах, таму не магло быць аніякай гаворкі аб захаванні ў выніку такога аб'яднання суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у яго ранейшым аб'ёме.

Курс на цесную, усебаковую інтэграцыю Беларусі з Расіяй, якога ўплывовыя палітычныя колы на чале з прэм'ер-міністрам Вячаславам Кебічам няўхільна трымаліся ад першых дзён распаду СССР, не дазволіў па-сапраўднаму і на дзяржаўным узроўні праводзіць палітыку нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа. Калі пад магутным напорам дэмакратычных сіл, якіх падтрымліваў беларускі народ, колішні Вярхоўны Савет Рэспублікі і прымаў законы, скіраваныя на карысць нацыянальнай ідэі, іх вельмі лёгка блакіравалі праціўнікі беларускага Адраджэння. Гэта яны нясуць поўную адказнасць перад сённяшнімі і будучымі пакаленнямі беларускага народа за свядомае ігнараванне і невыкананне дзяржавай прагрэсіўных законаў аб мове, адукацыі і культуры.

Асабліва масіраваны наступ органы ўлады і кіравання ўсіх узроўняў вялі супроць прынятага ў студзені 1990 года Закона аб мовах, якім беларуская мова цалкам лагічна аб'яўлялася адзінай дзяржаўнай мовай у краіне. У адпаведнасці з яго артыкуламі ўжо ў сярэдзіне 90-х гадоў беларуская мова павінна была зусім заканамерна заняць пануючае месца ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека. І пэўныя пазітыўныя зрухі яскрава абазначыліся на гэтым гістарычнай важнасці шляху. Народ, хаця і з вялікімі хістаннямі і сумненнямі, усё ж памкнуўся да роднай мовы, бо зразумеў яе ролю ў сваім лёсе, чым моцна запалохаў праціўнікаў беларускага Адраджэння, якіх было багата ў самых высокіх эшалонах дзяржаўнай улады. Дзеля недапушчэння далейшага моўнага прасвятлення людзей у яе кабінетах выспела ідэя правядзення рэферэндуму з мэтай атрымаць ад насельніцтва згоду на ўраўненне статусаў беларускай і рускай моваў. Разлік быў такі: калі на дзяржаўным узроўні як след разгарнуць прапагандысцка-агітацыйную дзейнасць на карысць рускай мовы, дык беларусы, якія на працягу некалькіх стагоддзяў знаходзіліся пад магутным прэсам паланізацыі і русіфікацыі, вымушаны былі жыць паводле чужых духоўных стандартаў, напэўна ж, ахвяруюць сваім родным словам і абавязкова падтрымаюць мову суседняга ўсходняга народа, дзеля распаўсюджання якой у нашым краі так пастаралася ў пасляваенныя гады самая "дэмакратычная і інтэрнацыянальная" у свеце савецкая сістэма адукацыі. Той маштабнасці, напорыстасці растлумачальнай работы, з якой задоўга да рэферэндуму адкрыта вялася прапаганда ў інтарэсах мовы рускага народа, маглі б пазайздросціць ідэалагічныя службы колішняга ЦК КПБ. Затое афіцыйныя прэзідэнцкія сродкі масавай інфармацыі не выкарысталі аніводнага матэрыялу, які дапамог бы ў пераважнай бальшыні дашчэнту зрусіфікаваным беларусам усвядоміць, як ім неабходна дзеля выжывання і сцвярджэння сябе ў якасці самабытнага этнасу захаваць родную мову і зразумець, што такое рэальна толькі ў варунках, калі яна, як і ва ўсіх іншых унітарных аднанацыянальных краінах, будзе з'яўляцца адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы. Народу цвердзілі зусім адваротнае: беларускарускае дзяржаўнае двухмоўе умацуе пазіцыі яго роднага слова, узбагаціць апошняе, забяспечыць беларусам выхад на новыя вышыні духоўнага прагрэсу. І збітыя з панталыку людзі паверылі, у выніку яны атрымалі тое, што і павінны былі атрымаць. Маючы надзвычай багаты досвед дыскрымінацыі беларускай мовы на партыйна-дзяржаўным узроўні, набыты ў пасляваенны перыяд, новыя наменклатуршчыкі, умела маніпулюючы недасведчанасцю абсалютнай бальшыні народа ў пытаннях яго культурна-моўнага развіцця, вельмі хутка ўстанавілі такую квоту выкарыстання беларускай мовы ў грамадскім жыцці, што ўзнікла і працягвае захоўвацца пасёння рэальная пагроза поўнай страты ёю фактычнага статусу дзяржаўнай. Адарваныя ад нацыянальных каранёў чыноўнікі асабліва бязлітасна выштурхоўвалі і выштурхоўваюць рускай мовай беларускую з усіх тыпаў навучальных устаноў, службовага справаводства дзяржаўных устаноў, са сродкаў масавай інфармацыі. Прыведзеная за некалькі месяцаў да майскага (1995 г.) рэферэндуму і пасля яго работа па свядомым абмежаванні сацыяльных функцый беларускай мовы адкінула яе да ўзроўню самых горшых гадоў савецкага камандна-бюракратычнага кіравання грамадствам.

Пры поўнай згодзе і напасрэдным дачыненні дзяржавы быў убіты асінавы кол у самае сэрца беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. Ад часу майскага рэферэндуму яно цалкам легла на кволыя плечы дэмакратычных сіл беларускага народа, усяляк ігнаруецца і тармозіцца дзяржавай. Пагроза яго канчатковай культурна-моўнай асіміляцыі яшчэ ніколі не была такой сур'ёзнай і небяспечнай, як у нашыя дні.

Узяты з 1994 г. вышэйшай дзяржаўнай уладай рашучы курс на інтэграцыю, аб'яднанне з Расіяй не спрыяў пошукам і правядзенню ў дзеянне ўсіх наяўных унутраных рэзерваў з мэтай спынення спаду грамадскай вытворчасці. У той час як афіцыйная Беларусь горкімі слязьмі залівалася з-за распаду СССР, жыла ў чаканні аб'яднання з усходнім сусе дам, усе памежныя з ёю былыя саюзныя рэспублікі і асабліва Прыбалтыйскія, без усялякай настальгіі па мінулым і прамаруджвання праводзілі ў сябе эканамічныя рэформы, што станоўча адбілася на стане развіцця іх прадукцыйных сіл, дазволіла істотна стрымаць рост інфляцыі, спыніць падзенне жыццёвага ўзроўню сваіх грамадзян. Паводле памераў рэальных даходаў на душу насельніцтва і Літва, і Латвія, і Эстонія, як тыпова незалежныя, суверэнныя дзяржавы, пакінулі далёка ззаду ў многім залежную ад Расіі Беларусь, даказалі, што можна паспяхова вырашаць самыя складаныя эканамічныя праблемы і не маючы многіх самых каштоўных відаў прыроднай сыравіны.

Галоўнае багацце кожнай краіны - гэта спаўна надзеленыя нацыянальнай самасвядомасцю, апантаныя ідэяй нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту людзі. Калі іх у дастатковай колькасці, народ у стане выйсці пераможцам з любой цяжкай сітуацыі. На працягу ўсяго пасляваеннага перыяду і зараз у нас ніхто не прышчапляў і не прышчапляе беларусам так неабходнай ім нацыянальнай самасвядомасці, не вучыць цаніць дзяржаўны суверэнітэт сваёй краіны, а, наадварот, рознай масці афіцыйныя ідэолагі заяўляюць, што змагары за яго прывялі і вядуць народ да далейшай ізаляцыі ад краін-членаў Садружнасці незалежных дзяржаў, ад супольнасці славянскіх нацый, штурхаюць у небяспечныя абдымкі Захаду.

Абыякавыя стаўленні да нацыянальнага суверэнітэту высокіх службовых асобаў і запраданых дзяржаўным уладам розных грамадскіх рухаў ужо далі свае адмоўныя вынікі. Сучасную Беларусь толькі з вялікай доляй умоўнасці можна назваць суверэннай дзяржавай. Яе знешнія межы ўсё яшчэ ахоўваюцца пагранвойскамі Расіі. Яна ўжо не раз умешвалася ў рэгуляванне рознага роду канфліктаў паміж палітычнымі партыямі і рухамі ў Беларусі, адкрыта і рашуча падтрымліваючы тыя з іх, што вызначаюцца прарускай арыентацыяй. Ва ўсіх перамовах дзяржаўных органаў Расіі і Беларусі апошняя адыгрывае другарадную ролю. Намечаныя на бліжэйшую перспектыву захады па паглыбленні інтэграцыі паміж гэтымі краінамі прывядуць да яшчэ большай эканамічнай і ваенна-палітычнай залежнасці Беларусі ад Расіі, зробяць наш край па волі яго палітыкаў звычайным суб'ектам Расійскай Федэрацыі, тыпу яе сённяшніх аўтаномных рэспублік. Калі дэмакратычныя рухі Беларусі глыбока не ўсвядомяць небяспекі ўсяго таго, што робяць яе дзяржаўныя органы па разбалансаванні дзяржаўнага суверэнітэту, поўная страта яго немінуча адбудзецца ўжо у бліжэйшы час. Тое, за што найлепшыя сыны і дочкі беларускага народа змагаліся на працягу некалькіх стагоддзяў і паспяхова завяршылі ў ліпені 1990 г., можа быць страчана на доўгія гады, пакуль на змену дзяржаўным дзеячам з дашчэнту размытай нацыянальнай самасвядомасцю не прыйдуць сапраўдныя палітыкі-патрыёты сваёй любай Бацькаўшчыны, якія, як Божы дар, будуць шанаваць яе гістарычныя традыцыі, ідэю дзяржаўнай незалежнасці, духоўную спадчыну, ва ўсіх жыццёвых сітуацыях размаўляць толькі на сваёй роднай мове.

На аб'ядноўчыя працэсы паміж беларускім і рускім народамі пэўныя палітычныя колы Беларусі глядзелі і глядзяць як на сродак сцірання ўсялякіх яе культурна-моўных адрозненняў ад Расіі. Апошнім часам дзеля дасягнення гэтай нічым не апраўданай мэты ўлады з ўдзелам адданай ім часткі інтэлігенцыі давялі да поўнага апагею барацьбу з усім тым, што складае нацыянальна-самабытнае нашага краю. Гэта вынікае, па-першае, з таго, што пасяджэнні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь зараз вядуцца толькі на рускай мове. Па-другое, паколькі руская мова з'яўляецца адзінай рабочай мовай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ніхто з падначаленых яму асобаў ні ў цэнтры, ні на месцах, за выключэннем толькі міністраў асветы і культуры, не асмельваецца публічна выступаць па-беларуску. Аналагічным чынам паводзяць сябе і беларускія дыпламаты. Іх галасы даносяцца ў Беларусь на рускай мове і ва ўсіх тых, хто іх чуе, ствараецца ўражанне, што замежныя сувязі наша Бацькаўшчына ажыццяўляе праз рускіх паслоў і консулаў. Па-трэцяе, з прычыны глабальнага выцяснення дзяржаўнымі органамі беларускай мовы з усіх сфераў сваёй дзейнасці і замены яе рускай цяпер апошняя амаль цалкам пануе ў народнай адукацыі, у візуальным афармленні нашых гарадоў, у выступленнях вакальна-інструментальных ансамбляў, што асабліва выразна адбываецца ў час правядзення ў Віцебску "Славянскіх кірмашоў", якія цяпер ужо афіцыйна прынята называць "базарамі".

Калі карэнным чынам не змяніць дзяржаўнай палітыкі ў галіне культурна-моўнага развіцця беларускага народа, ужо праз 10-15 гадоў яго нацыянальную самабытнасць давядзецца шукаць толькі пад мікраскопам ці сярод музейных экспанатаў. На сёння ўзровень русіфікацыі беларускага народа самы высокі за ўсю яго гісторыю. І здарылася гэта не стыхійна ці па волі народа, а праз мэтанакіраваную дзейнасць самых высокіх эшалонаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, якія не ўяўляюць свайго жыцця інакш, як толькі цалкам інтэграваным у рускую культурна-моўную стыхію, у якую, як толькі могуць валакуць усю беларускую нацыю. Тое, чаго на працягу соцень гадоў не ўдалося здзейсніць польскім і рускім асімілятарам, з поспехам давяршаюць сваёй гадоўлі герастраты.

26 ліпеня 1997 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX