Папярэдняя старонка: Лыч Л.М.

Краязнаўства ў кантэксце сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі 


Аўтар: Лыч Леанід,
Дадана: 11-02-2015,
Крыніца: Мінск, 2013.

Спампаваць




Леанід Лыч

Краязнаўства ў кантэксце сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі

Мінск, 2013



Кніга прысвечана раскрыццю сучаснага становішча краязнаўчага руху ў Рэспубліцы Беларусь, паказаны яго дасягненні ў даследаванні розных праблем, звязаных з гісторыяй, сучасным нацыянальна-культурным жыццём. Зусім свядома аўтар шмат увагі надаў моўнаму і тапанімічнаму аспектам краязнаўчых даследаванняў. Разлічана на масавага чытача і асабліва тых, хто заняты краязнаўчымі пошукамі.

Змест

Уступ. 3

1. У пошуках свайго імя. 5

2. Моўны аспект краязнаўства - галоўны напрамак працы.. 8

3. Патэнцыялу мінулага служыць сучаснасці 17

4. Тапанімія, як ключавая дзялянка краязнаўства. 23

5. Краязнаўства спадзяецца на спонсараў. 32

6. Краязнаўству дасканалую структуру кіравання. 36

Змест. 42


Уступ

Гадоў дваццаць таму мала хто нават з самых вялікіх аптымістаў мог думаць, як доўга па часе працягнецца ў Беларусі працэс стварэння нармальнага, прыстойнага нацыянальнага жыцця. Было ж яно ў нас, як ў ніводнай з колішніх саюзных рэспублік СССР, страшэнна здэфармаваным. І беларусы, за рэдкім выключэннем, да такога становішча прыцярпеліся, а хтосьці і ўхваляў яго. Аднак нягледзячы на ўсе перашкоды з боку значнай па колькасці часткі зрусіфікаванага насельніцтва, прагрэсіўным нацыянальным сілам удалося 26 студзеня 1990 года прыняць супердасканалы, цалкам адпаведны міжнародным стандартам Закон "Аб мовах у Беларускай СССР". Міне зусім мала часу і Беларусь юрыдычна сцвердзіцца ў статусе палітычнай суверэннай дзяржавы. У самыя сціслыя тэрміны яе ўлады прынялі шэраг архіважных нарматыўных актаў, накіраваных на карэнныя перамены ў такіх важных нацыянальных сферах, як адукацыя, культура. Не будзе памылкай сказаць, што ў канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў у нас практычна пачалося сапраўднае нацыянальна-культурнае Адраджэнне на дзяржаўнай аснове. Дзеля яго інтарэсаў уладныя структуры рабілі не менш, чым грамадскія арганізацыі. Самы ўплывовы палітычны орган краіны Камуністычная партыя Беларусі вось-вось збіралася сваё службовае справаводства перавесці, як гэта было ў гады міжваеннай беларусізацыі, на беларускую мову. Гэта быў вельмі правільны, узважаны падыход, апраўданы практыкай многіх еўрапейскіх краін і найперш Чэхаславакіяй. І ўсе саюзныя рэспублікі, стаўшы пасля распаду СССР палітычна незалежнымі, адразу ж пачалі з укаранення сваіх нацыянальных моў у службовае справаводства. Заўважу, што ў бальшыні з іх родныя мовы так і не былі да канца выпхнутымі з дадзенай сферы рускай мовай. Гэта толькі ў Беларускай ССР па віне яе кіраўніцтва яна ў першыя пасляваенныя гады цалкам запанавала і ў службовых кабінетах, стала адзіным ў сваім родзе камунікацыйным сродкам зносін улады з народам.

Вострая неабходнасць для народжанай Рэспублікі Беларусь у арганізацыі абслугоўвання свайго службовага справаводства беларускай мовай абумоўлівалася найперш клопатамі пра яе далейшы лёс. Для палітычнага кіраўніцтва, ідэалагічных структур краіны не з'яўлялася сакрэтам, калі беларускую мову ў поўным аб'ёме не надзяліць такімі функцыямі, яе ніякімі сіламі не ўдасца ўвесці ў педагагічны працэс вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Ва ўсіх без выключэння краінах планеты Зямля такія навучальныя ўстановы рыхтуюць спецыялістаў на той мове, на якой дзяржаўны апарат вядзе службовае справаводства. Яно, як нішто іншае, спрыяе падтрыманню прэстыжу, распаўсюджванню афіцыйнай мовы ў грамадстве. Не трэба забывацца і на такую акалічнасць: пры адсутнасці беларускай мовы ў навучальна-выхаваўчым працэсе ўніверсітэтаў, ліцэяў, каледжаў яе ўсяляк будзе імкнуцца не пускаць у свае класы агульнаадукацыйная школа, бо ў такім выпадку яна стане тупіковай. На моўны рэжым у школе не могуць не рэагаваць установы дашкольнага выхавання. Таму як бы нацыянальна-патрыятычныя колы грамадства нават супольна з афіцыйнымі ўладамі настойліва не агітавалі бацькоў пасылаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя сады і школы, спасылаючыся на прыгажосць роднай мовы, неабходнасць добрага валодання ёю дзеля сцвярджэння сябе сапраўдным грамадзянінам любой Айчыны, таты і мамы не прыслухаюцца да такіх угаворванняў. Яны будуць кіравацца толькі тым, на якой мове працуе вышэйшая і сярэдняя спецыяльная школа, а гэтыя самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы ў сваю чаргу будуць глядзець на тое, якая мова абслугоўвае службовае справаводства. Словам, нішто як яно, так маштабна, так магутна не ўплывае на моўныя працэсы ў краіне. Дарэчы, пра ўсё гэта мелі вельмі добрую дасведчанасць ідэолагі і арганізатары міжваеннай беларусізацыі, таму з яе ажыццяўленнем не ўзнікала сур'ёзных праблем, пакуль у нацыянальную палітыку не ўмяшаўся Маскоўскі Крэмль і ў службовае справаводства не стала вяртацца руская мова. Не ўсе пагаджаюцца, але яно пры пэўных варунках можа быць надзейным выратавальнікам ці далакопам беларускай мовы. Пажадана, каб з такіх пазіцый службовае справаводства разглядалася не толькі сучаснымі палітыкамі, але і шырокімі коламі грамадства, не выключаючы з іх і краязнаўцаў. Шкода, што гэта вельмі працяглы час не з'яўляецца нормай для нашай краіны. Палітыкаў тут можна зразумець, паколькі ў іх планах за галоўную мэту даўно стаіць утварэнне саюзнай з Расіяй дзяржавы, у якой зусім не будзе месца беларускай мове, таму няма аніякай патрэбы сёння штосьці практычнае рабіць па яе ажыўленні.

Уход дзяржаўных структур з беларускамоўнага поля, што асабліва яскрава выявілася ў першыя два-тры гады пасля майскага рэферэндуму 1995 года, абавязваў адраджэнскія сілы неадкладна заняць і апрацоўваць яго толькі пад беларускасць. Што-небудзь іншае тут не павінна было высявацца, расці. На жаль, такога не адбылося. Прычым нават і само беларускамоўнае поле перастала быць такім, бо на ім адразу ж забуялі руская мова і культура. Зараз у краіне іх носьбітаў у дзясяткі разоў больш, чым тых, хто шануе, трымаецца такога роду беларускіх каштоўнасцяў. Рэспубліканскае Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, выпускаючы на нацыянальнай мове малатыражныя газеты "Наша слова", "Новы час", кішэнныя календарыкі, а таксама сваёй рэгулярнай перапіскай па моўным пытанні з рознымі ведамствамі, установамі і арганізацыямі дамагаецца вельмі нязначнай карысці для роднага слова. А чагосьці большага для яго не так проста зрабіць, бо гэтаму не толькі не спрыяюць, а, наадварот, перашкаджаюць улады. Кіраўніцтва ТБМ не мае нават прыстойнай залы, каб размясціць у ёй дастатковую колькасць людзей падчас правядзення сур'ёзных мерапрыемстваў ідэалагічнага, практычнага парадку дзеля абмеркавання набалелых, ключавых пытанняў выратавання тытульнага народа ад беларускамоўнага анямення. Бо калі яго не ўдасца адолець, выратаваць нас ад этнічнага вымірання і сам Бог не зможа.

Недарэчна, што гэтага ніхто як след не разумее з кіраўнікоў апазіцыйных партый і рухаў. Вылучаныя імі прадстаўнікі для ўдзелу ў апошніх парламентскіх выбарах далікатна абышлі культурна-моўную праблему, хаця ад яе напрамую залежыць будучыня Рэспублікі Беларусь як палітычна суверэннай дзяржавы. З усяго вышэй сказанага лёгка зразумець, у якіх архіскладаных умовах даводзіцца працаваць тым, каму я прысвячаю дадзеную публікацыю.

Аўтар выказвае сардэчную падзяку Надзеі Сармант за бясплатны набор рукапісу яго кнігі на кампутар, якую выдаў за ўласны кошт.

1. У пошуках свайго імя

Па розных прычынах краязнаўства і раней, і зараз не знаходзіць асаблівай увагі да сябе з боку афіцыйных уладаў, самых вядомых, найбольш аўтарытэтных навукоўцаў, грамадскіх і культурных дзеячаў. І вось, здаецца, нарэшце лёд крануўся. На старонках, на вялікі жаль ужо не цалкам беларускамоўнай газеты "Звязда" па дадзенай тэме было ўзята інтэрв'ю ў акадэміка-сакратара Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Аляксандра Кавалені (г-та "Звязда" № 39 ад 28 лютага 2012 г.). Больш высокай паводле службовага статусу асобы навукоўцаў гуманітарнага профілю няма ў краіне. Радуе, што так пашчасціла раней грунтоўна забытаму ў вярхах краязнаўству. І хоць у інтэрв'ю ў асноўным закранаецца толькі школьны аспект краязнаўства, паасобныя выказванні шаноўнага аўтара датычаць гэтай праблемы ў цэлым. Усе яны вельмі слушныя, як след узважаныя, носяць праграмны характар. І калі да іх прыслухацца, узяць на ўзбраенне і пачаць рабіць канкрэтныя практычныя захады, упэўнены, краязнаўства стане не толькі яшчэ больш любімым заняткам школьнікаў, але і істотна дапаможа ім папоўніць свае веды па гісторыі таго дарагога куточка роднай зямлі, на якім яны з'явіліся на свет, унутрана адчуць, як падкрэслена ў інтэрв'ю, "сваю прыналежнасць да лёсу беларускага народа". А гэтай жа якасці так нестае сучасным маладым пакаленням беларусаў! Аднак хутчэй за ўсё не па віне апошніх, а па віне галоўным чынам іх бацькоў, адарваных ад уласных гістарычных каранёў. Многія з татаў і мамаў супольна з дзецьмі ўжо 15-гадовага ўзросту пачынаюць на поўным сур'ёзе абмяркоўваць праблему выбару краіны для эміграцыі, максімальна выкарыстоўваючы дзеля ажыццяўлення гэтай з усіх пунктаў гледжання зусім неапраўданай мэты ўвесь свой рэсурс як унутры краіны, так і з боку беларускай дыяспары. Хтосьці з маладых людзей, прычым прафесійна падрыхтаваны, становіцца эмігрантам у выніку атрымання адукацыі за мяжой, хтосьці падаецца сюды, набыўшы дома спецыяльнасць. Колькасць і першых, і другіх мае тэндэнцыю да павелічэння. Ад усяго гэтага ў Беларусі толькі абвастраюцца дэмаграфічныя, эканамічныя, этнакультурныя праблемы. Можа я трохі і пераацэньваю рэальнае становішча, але лічу, каб у маладых людзей былі больш глыбокія веды па айчыннай гісторыі ў цэлым, сваёй малой радзімы ў прыватнасці, па-сапраўднаму здаровая нацыянальная самасвядомасць, моцная інтэграцыя ва ўласны культурна-моўны лад жыцця - а на ўсё ж гэта краязнаўства і асабліва школа робяць велізарны ўплыў - , наша моладзь так масава не кідалася б на пошукі лепшага жыцця дзесьці на чужыне, старалася б аддана працаваць на карысць Бацькаўшчыны, імкнулася зрабіць яе самадастатковай краінай не толькі ў эканамічным, але і нацыянальна-культурным зрэзе.

Актуальнасць апошняга ніколькі не знізілася і ва ўмовах незалежнага існавання Рэспублікі Беларусь. Хаця "у іншых краінах, - як справядліва заўважае А.Каваленя, - ніхто не задаецца пытаннямі "Хто мы такія?", "Адкуль мы?", у нас яны, як ніколі раней, ледзь не на ўвесь рост узняліся на паверхню. Не выключана, што іх, мо, першым паставіў наш нацыянальны дойлід, геніяльны паэт Максім Багдановіч. Амаль сто гадоў таму (у 1914 г.) у яго выйшаў з друку артыкул пад назвай "Хто мы такія?" Тагачасная рэальнасць давала дастаткова падстаў для такога наймення, што добра пацверджана наступнымі словамі з названай вышэй публікацыі: "Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць (сёння ўжо ў асноўным мы самі. - Л.Л.), яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пашыраецца, мае сабе пашану і павагу". Жывучы ў багдановічавыя часы ў тыпова каланіяльных умовах, людзям зусім не проста было адказаць, хто яны такія. Вядома, не беларусы ж, паколькі ў прафесійных пластах культуры, ва ўсёй сістэме адукацыі, царкоўна-рэлігійным жыцці не мелася нічога свайго беларускага, спрэс панавала ўсё чужое, навязанае свецкімі і духоўнымі ўладамі царскай імперыі.

Вось і сёння нічым не апраўданая франтальная адсутнасць беларускай мовы ў грамадскім жыцці, падпарадкаванае становішча ў родным доме беларускай культуры рускай не дазваляюць многім беларусам глядзець на сябе як на прадстаўнікоў менавіта свайго народа (хаця з дазволу ўладаў развешаныя ў людных месцах плакаты і транспаранты настойліва заклікаюць да гэтага), прычыняюцца да рэанімацыі колішняга энтоніма ў дачыненні да карэннага насельніцтва краіны - ліцвіны (літвіны). Пэўная логіка ў гэтым ёсць. Дарэчы, апошнім часам нямала народаў Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі адмовіліся ад накінутых ім каланізатарамі этнонімаў і вярнулі сабе са згоды і пры падтрымцы свецкіх, духоўных уладаў свае ўласна-гістарычныя. Нашая ж дзяржава, яе ідэалагічны апарат ні ў якім разе не пагодзяцца з трансфармацыяй беларусаў у ліцвінаў, бо пры запанаванні ў свядомасці людзей апошняга этноніма было б проста нелагічна весці сур'ёзную размову пра палітычнае аб'яднанне з Расійскай Федэрацыяй, спасылаючыся на наяўнасць шмат чаго і сапраўды агульнага з ёю ў гісторыі, побыце, рэлігіі, культурна-моўнай сферы.

Залішне было б тлумачыць, што сам лад жыцця абсалютнай колькасці сённяшніх беларусаў рэальна не робіць іх, асабіста па мове і культуры, беларусамі, і як вынік ініцыянуе найбольш заклапочаных такой негатыўнай з'явай людзей да пошуку сабе адпаведнага этноніма. Ім на сёння наўрад ці можа быць гістарычная назва ліцвіны. Яна (назва) можа мець такі лакальны характар, ужывацца выключна ў дачыненні да тых, хто размаўляе, ці вучыцца размаўляць па-беларуску, бо яны, не ў прыклад нам, ніколі не размаўлялі па-руску. Адшуканы для канчаткова, беспаваротна зрусіфікаваных беларусаў этнонім павінен арганічна ўпісвацца ў нашу недарэчную рэчаіснасць. Называць жа іх рускімі з той прычыны, што яны на службе, у сям'і, грамадскіх месцах карыстаюцца рускай мовай, будзе не лагічна, бо не толькі гэтай, няхай сабе і архіважнай прыкметай, вызначаецца нацыянальная прыналежнасць чалавека. У якасці пераходнага, часовага этноніма для безнадзейна засіміляваных, зусім не здольных да этнічнай рэабілітацыі рускамоўных беларусаў можна пагадзіцца з тэрмінам "безназоўныя" або вярнуцца да добра знаёмай з нашай гісторыі назвы "тутэйшыя" [1], няхай сабе і ў пэўнай ступені абразлівай, асабліва для элітарнай часткі грамадства: інтэлігенцыі, палітыкаў, а таксама тых, хто ўжо ўпакаваў ці пакуе сумкі для паездкі ў эміграцыю ў пошуках райскага жыцця на чужыне.

Як бачым, з-за незаслужанага занядбання свайго, росквіту не ў меру распаўсюджанага чужога на нашай зямлі ўзнікла вельмі складаная сітуацыя з вызначэннем нацыянальнай ідэнтыфікацыі людзей. Як выйсце, многія пад уплывам росту аўтарытэту Вялікага Княства Літоўскага, асабліва сярод інтэлектуалаў, моладзі, не знаходзяць лепшай назвы, чым ліцвіны. Не вельмі супраць яе і аўтар гэтай публікацыі. Але калі, стаўшы імі, мы не загаворым па-беларуску, нуль цана такой этнанімічнай рэвалюцыі. Спачатку трэба вярнуць беларускую мову ва ўсе сферы грамадскай дзейнасці, вось тады і загавораць на ёй у кожнай сям'і, у публічных месцах. І толькі пасля гэтага ўсур'ёз можна будзе заняцца вырашэннем, несумненна, архінадзённага пытання: "Хто мы такія?, "Адкуль мы?", "Для чаго жывем на белым свеце?"

2. Моўны аспект краязнаўства - галоўны напрамак працы

Шкада, што А.Каваленя ў сваім цікавым, не пабаюся гэтага слова, змястоўным інтэрв'ю газеце "Звязда" "Ці патрэбна сучаснай школе краязнаўства?" толькі адзін раз ужыў слова "мова", прычым у кантэксце з іншымі духоўнымі, краязнаўчымі складнікамі. Чытача ж напэўна прывабілі б да сябе разважанні гэтага добра вядомага ў нашай краіне навукоўца наконт беларускай мовы, у якой з кожным годам становіцца ўсё больш і больш неразвязаных праблем. Я, да прыкладу, ніколькі не сумняваюся, што не толькі ў мінулым, але і на сучасным этапе фактар беларускай мовы - гэта стрыжань усёй краязнаўчай дзейнасці, таму лічу сваім святым абавязкам больш падрабязна спыніцца на ім.

У арозненне ад многіх маіх калег я ўжо даўно страціў усякі аптымізм датычна лёсу роднага слова беларусаў. Цвёрда перакананы, што сучасны сацыяльны стан беларускай мовы не дае нам аніякіх падставаў сцвярджаць, што мы нарэшце выканалі так даўно адрасаваны нам запавет славутага песняра Янкі Купалы і занялі "свой пачэсны пасад між народамі". Ён па-ранейшаму працягвае пуставаць сярод спрэс занятых незасіміляванымі народамі пасадаў. Паколькі дзяржава так грунтоўна занята развязваннем надзённых праблем эканамічнага і сацыяльнага парадкаў - як матэрыяльнай асновы існавання ўсялякага соцыуму -, грамадства не можа чакаць, калі яна (дзяржава) нарэшце збольшага вызваліцца ад гэтых важных функцый і пачне наводзіць узорны парадак у страшэнна запушчанай моўнай гаспадарцы. А калі як след разабрацца, становіцца відавочным, што нашае грамадства ў сваім алімпійска-спакойным чаканні такога моманту зусім нічога не робіць дзеля ўзняцця сацыяльнага прэстыжу беларускай мовы. Дык чаму ж у такіх неспрыяльных варунках краязнаўцам не паказаць павучальны прыклад такому грамадству? У іх ёсць на гэта пэўныя магчымасці. Вось толькі бяда ў тым, што мала якія з краязнаўчых арганізацыяў прыводзяць іх у рух.

Вышэй сказанага, лічу, больш чым дастаткова, каб зразумець, наколькі нам сёння патрэбен мэтанакіраваны, масавы ўдзел і краязнаўчых суполак па тэрміновым выпраўленні сур'ёзных хібаў у моўнай гаспадарцы краіны, хаця гэтым у першую чаргу павінны займацца афіцыйныя бюджэтныя ўстановы і арганізацыі. Ці ж не сорамна усім нам, што адпаведныя структуры ЮНЭСКА ўнеслі нашу родную дзяржаўную мову ў Чырвоную кнігу, паколькі не бачаць ніякіх перспектываў яе выжывання? Памылкі я не знаходжу ў такім суровым вердыкце і мяркую, што сёння стан беларускай мовы непараўнальна горшы, чым у сярэдзіне 1920-х гадоў, калі ў БССР актыўна пачала разгорвацца краязнаўчая дзейнасць. Дарэчы, найгалоўным яе абавязкам прызнавалася вывучэнне дыялектаў беларускай мовы. Сёння, зразумела, не гэтае самае актуальнае для нас пытанне. Дзяржаве і грамадству трэба ўсяляк дамагацца хутчэйшага павышэння сацыяльнай ролі беларускай мовы. Ад поўнага заняпаду не выратуюць яе ні багатая нацыянальная мастацкая літаратура, ні вяртанне ў сем'і, ні пераўтварэнне ў галоўны камунікацыйны сродак зносінаў людзей, хаця ўсё гэта і вельмі важна.Тут найважней за ўсё будзе зрабіць беларускую мову адзіным сродкам абслугоўвання палітычнага, эканамічнага, культурнага, ідэалагічнага жыцця краіны. У беларускай мовы не павінна быць якіхсьці недаступных ёй дзялянак, як гэта сёння ледзь не спрэс назіраецца ў сферы палітыкі, грамадскай дзейнасці чалавека. Мо нам усім супольна варта было б падумаць над стварэннем на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях брацтваў аматараў беларускай мовы. Яны будуць шмат у чым прынцыпова адрознівацца ад першасных суполак Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ад сяброў брацтваў ніхто не мусіць патрабаваць ніякай справаздачнасці, складання планаў працы, залежнасці ад якіх-небудзь галаўных інстанцый, уплаты ўзносаў. Усю сваю дзейнасць яны будуць ладзіць толькі ў адпаведнасці з інтарэсамі канкрэтнай суполкі, пажаданнямі, зацікаўленасцю яе сяброў да тых ці іншых праблем, звязаных з гісторыяй ці сучасным станам, перспектывамі беларускай мовы.

Бессэнсоўным было б краязнаўцам ставіць пад агонь крытыкі сучасную дзяжаўную моўную палітыку, у якой і сапраўды багата недахопаў, бо такая крытыка - няхай сабе ва ўсіх дачыненнях узважаная, справядлівая - абавязкова выкліча рэзка адмоўную рэакцыю кіраўніцтва прадпрыемства, арганізацыі, установы, якія адразу ж пазбавяць брацтва службовага памяшкання і фінансавай дапамогі. Каб ухіліцца ад такіх непажаданых наступстваў, брацтва павінна займацца толькі тымі справамі і праблемамі, што непасрэдна датычацца самой беларускай мовы, пакідаючы за кадрам палітыку дзяржавы ў гэтай самай галоўнай этнаўтваральнай сферы. Найлепш за ўсё пакінуць гэта за апазіцыйнымі партыямі, гамадскімі культурна-асветніцкімі арганізацыямі нацыянальна-адраджэнскага накірунку. Не сумняюся, што такія брацтвы хоць крыху ды палепшаць стаўленне беларусаў да роднай мовы, нягледзячы на традыцыйнае невыкарыстанне яе ў афіцыйным жыцці і поўнае задавальненне патрэб апошняга рускай мовай. Дапускаю, што дзесьці нават і пры такіх архінеспрыяльных для беларускай мовы варунках значная частка людзей у тым ці іншым калектыве будзе ўсяляк імкнуцца ўжываць яе ў зносінах паміж сабой. З трох такіх суполак хоць адна ды падпішацца на беларускамоўнае перыядычнае выданне, створыць бібліятэку нацыянальнай літаратуры за кошт кніг з уласнага бібліятэчнага фонду ці набыцця іх у крамах. Шмат карысці дало б уваходжанне па жаданні самой суполкі ў яе склад настаўніка беларускай мовы, а яшчэ лепш - журналіста, пісьменніка.

У мяне няма аніякіх сумненняў у тым, што ў агляднай перспектыве моўны аспект у практычнай дзейнасці краязнаўчых арганізацый, калі толькі яны хочуць самааддана служыць Бацькаўшчыне, павінен займаць цэнтральнае месца. За апошнія амаль два дзесяцігоддзі так склалася не па волі і жаданні людзей, што беларуская мова, г. зн. мова тытульнай нацыі, практычна поўнасцю выпала са сферы дзяржаўнага кіравання, чаго сёння не назіраецца ва ўсіх цывілізаваных краінах свету. І як вынік такой палітыкі, у іх не існуе аніякай пагрозы адмірання моваў тытульных народаў. Сусветны досвед пераканаўча паказаў, што мова карэннага насельніцтва той ці іншай краіны можа існаваць, развівацца толькі тады, калі ў першую чаргу яна абслугоўвае яе палітычнае і эканамічнае жыццё, такія важныя сферы, як адукацыя, навука. Ва ўсім пералічаным роля беларускай мовы роўная нулю. Незайздроснае месца займае яна на ўсіх дзялянках прафесійнай культуры (апошнім часам нават у мастацкай літаратуры), сродках масавай інфармацыі (за выключэннем апазіцыйных), царкоўна-рэлігійным жыцці. У такіх варунках любой мове наканаваны смяротны зыход. Думаць, што ад яго нейкім цудам удасца ўхіліцца беларускай мове, няма ніякіх падстаў, асабліва, калі ўлічыць факт франтальнага выключэння яе з ужытку самімі людзьмі. А пайшлі яны на такі антынацыянальны, злачынны ўчынак толькі з прычыны незапатрабаванасці іх мовы самой дзяржавай, створаным у ёй ладам палітычнага, грамадскага жыцця. Разлічваць, што яна вось-вось адумаецца і забяспечыць рэальны статус дзяржаўнай мовы беларускай за кошт рэзкага абмежавання сацыяльных функцый рускай мовы (а іншага ж выйсця для выратавання беларускай мовы ад смерці не існуе ў прыродзе), ніяк не даводзіцца. Дзяржаўны чыноўніцкі апарат, узятыя ім на службу ідэолагі, інтэлігенцыя рукамі і нагамі трымаецца за рускую мову, з зайздросным спакоем назіраючы, як на сваёй гістарычнай, этнічнай тэрыторыі гіне беларуская мова. Я, напрыклад, ніколькі не веру, што ў бліжэйшы час палітычнае кіраўніцтва краіны палепшыць сваё стаўленне да беларускай мовы. Але не выключаю, што некалі ўсё ж ля стырна ўлады могуць стаць высокай нацыянальнай самсвядомасці палітыкі і не пабаяцца ўзяцца за вяртанне на дзяржаўны п'едэстал адзінай законнай для гэтага беларускай мовы, як падобнае ў свой час зрабіла кіраўніцтва Ізраіля з роднай мовай карэннага насельніцтва дадзенай краіны - іўрытам, ледзь не цалкам забытым. У выпадку карэннага змянення стаўлення кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь да ўсяго, што звязана з яе нацыянальным інтарэсам, нашым палітыкам аблегчыць вярнуць беларускую мову з небыцця да жыцця зможа толькі той, у каго хоць крупінка засталася ад нацыянальнага, хто канчаткова не парваў з родным словам. У да крайнасці нешматлікіх на сёння носьбітаў апошняга адсутнічаюць усялякія магчымасці дамагчыся вяртання яго ў афіцыйнае службовае справаводства, сістэму адукацыі, навуку, найважнейшыя пласты прафесійнай культуры і іншыя сферы грамадскага жыцця. Застаецца толькі адно: захоўваць, карыстацца беларускай мовай у сям'і, у атачэнні сваіх блізкіх і знаёмых. І прыклад у гэтай архіпатрыятычнай справе павінны паказаць краязнаўцы, тым болей, што ўвесь спектр іх дзеяння, дзякаваць богу, не падлягае дзяржаўнаму рэгуляванню, у тым ліку і ў пытаннях мовы. Беларускія навукоўцы многае зрабілі і робяць па яе даследаванні, але тут яшчэ ёсць над чым працаваць, асабліва над зборам, вывучэннем дыялектычнага лінгвістычнага матэрыялу, які можа вельмі спатрэбіцца, калі мы нарэшце дачакаемся найлепшых часоў - у гэта трэба верыць -, і наша родная мова адновіцца ў сваіх законных правах на ўсім беларускім абсягу.

Мы пакуль яшчэ можам сябе цешыць магчымасцю вольна займацца зборам, апрацоўкай дыялектаў, публічна выступаць з лекцыямі па моўным пытанні, таму вельмі пажадана, каб краязнаўцы найчасцей абмяркоўвалі яго з жыхарамі сваёй мясцовасці. А вось можа і ўдасца каго-небудзь з іх зрабіць носьбітам беларускай мовы і нават нягледзячы на поўнае выключэнне яе з афіцыйнага ўжытку. Надзвычай добра было б, каб такі носьбіт адшукаўся сярод прадпрымальнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў прыватнага сектару. У адпаведнасці з існым заканадаўствам ім жа ніхто не забараняе весці службовае справаводства на беларускай мове, выкарыстоўваць яе ў зносінах з членамі калектыву. Вось пошукамі такіх прадпрымальнікаў, кіраўнікоў і павінны займацца краязнаўцы. Калі б падобны прагрэсіўны рух знайшоў належнае распаўсюджванне у краіне, гэта не толькі адсунула б на больш позні тэрмін адміранне беларускай мовы, а, мо, і падштурхнула б улады задумацца пра яе трагічны лёс і штосьці канкрэтнае рабіць па яго прадухіленні.

У практычным жа жыцці, бадай, няма нічога такога, што прыцягнула б увагу кіраўніцтва краіны да беспрычынна занядбанай беларускай мовы. Яно ўжо даўно не чуе, каб ёю хтосьці карыстаўся пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, пры зносінах паміж сабою, у грамадскіх месцах. І нягледзячы на ўсю экстрэмальнасць моўнай сітуацыі ў краіне ніякія нацыянальна-патрыятычныя сілы не бамбяць ўлады сваімі патрабаваннямі ўшчыльную заняцца на самым высокім дзяржаўным узроўні лёсам роднага слова тытульнага народа. Такую абсалютную пасіўнасць грамадства ніяк нельга апраўдаць. А раз не бамбяць, могуць падумаць улады, значыцца, людзі прымірыліся, што асірацелі, засталіся без роднай беларускай мовы. Зусім іншая справа, каб яна хоць збольшага чулася па-за грамадскім жыццём, як гэта ў нас назіралася ў першыя гады пасля прыняцця 26 студзеня 1990 года сапраўднага закона века "Аб мовах у Беларускай ССР" і да правядзення 14 мая 1995 года рэферэндуму, якім наперакор сусветнай практыцы ў аднанацыянальнай Рэспубліцы Беларусь статусам дзяржаўнай мовы без дай прычыны надзялілі яшчэ і мову суседняй нам Расійскай Федэрацыі - рускую. Паколькі чыноўніцкі апарат у адно імгненне зрабіў яе фактычна адзінай дзяржаўнай, беларуская мова стала проста лішняй у грамадскім жыцці. У нас практычна так і не сфарміравалася афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе, на якое такія вялікія надзеі (не магу сказаць наколькі гэта шчыра) ускладала чынавенства. Адсутнасць афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя прычынілася да таго, што ў нас не магло скласціся і неафіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе. Абсалютная незапатрабаванасць беларускай мовы грамадскім жыццём прывяла да крытычнага змяншэння яе носьбітаў. Сучасны беларускі народ у аснове сваёй ўжо ёсць народ аднамоўны: рускамоўны. Таго, чаго не ўдалося дасягнуць царызму за 1772 - 1917 гады, бальшавікам за 1917 - 1991 гады, неверагодна хутка дамагліся ўлады Рэспублікі Беларусь, прычым без асаблівых цяжкасцяў. Беспрасветны трагізм сённяшняй моўнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь не дае яе нацыянальна-здаровым сілам, у тым ліку і краязнаўцам, нават самай мізэрнай падставы апускаць рукі, бо тады і сапраўды надыдзе поўны крах. У нашай айчыннай гісторыі нямала выпадкаў, калі, здавалася, краіна знаходзіцца на мяжы неадступнага заняпаду, аднак заўсёды знаходзіла ў сабе сілы, каб ухіліцца ад такой катастрофы. Нам трэба - і як мага хутчэй, актыўна - на ўсім беларускім абшары, насуперак існаванню на ім толькі афіцыйнага і практычна неафіцыйнага рускага аднамоўя ўкараняць, пашыраць, нягледзячы на цяжкасці, неафіцыйнае беларускае аднамоўе, г. зн. пры ўсіх жыццёвых нагодах карыстацца паміж сабой толькі родным словам, што абавязкова верне нам і здаровую нацыянальную самасвядомасць і сапраўдны нацыянальны патрыятызм, навучыць паважаць сваё мінулае, абудзіць няўмольнае жаданне быць носьбітам уласнай, а не чужой культуры, як гэта ўжо не першы год характэрна абсалютнай большасці беларусаў, у чым ніколькі няма іх віны.

Калі б стала хоць збольшага прыкметным неафіцыйнае беларускае аднамоўе, гэта абавязкова вымусіла б адпаведныя ўладныя структуры задумацца, чаму ў нас так дамінуе афіцыйнае і неафіцыйнае рускае аднамоўе, і штосьці такое практычнае рабіць, каб моўную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь наблізіць да моўнай сітуацыі такіх аднанацыянальных краін, як Чэхія, Венгрыя, Літва, Латвія, Эстонія, Румынія, Германія… Нельга ж увесь час дурыць галовы людзей беспадстаўным сцвярджэннем, што ў нас, маўляў, так гістарычна склалася з беларускай мовай. Хлусня! Яе сваімі валасатымі рукамі на працягу доўгага часу душылі мураўёвы, не мілавалі бальшавікі, як след не цанілі і не цэняць свае ўлады. Усё гэта ніяк не ўпісваецца ў словы "так гістарычна склалася". Наадварот, усё свядома рабілася насуперак гістарычнай неабходнасці, заканамернасцям развіцця беларускага народа. З краязнаўцаў усё гэта павінен добра ведаць нават і той, хто толькі сёння ўступіў у іх шэрагі.

Нікога не збіраюся запалохаць, але калі нам не ўдасца рэальна існаму на сёння неафіцыйнаму рускаму аднамоўю супрацьпаставіць ва ўсіх сферах неафіцыйнага жыцця беларускае слова, гэта за нас зробіць наша кітайская дыяспара, не шкадуючы сіл дзеля ўмацавання на беларускай зямлі пазіцый, зразумела, не яе, а сваёй роднай мовы. У адрозненне ад амаль усіх дыяспар нашай краіны кітайцы зносяцца паміж сабой толькі на сваёй роднай мове, што заслугоўвае толькі станоўчай адзнакі. Дарэчы, так паводзяць сябе кітайскія дыяспары ва ўсіх краінах планеты Зямля. Мне яшчэ ні разу не даводзілася чуць, каб кітайцы Беларусі размаўлялі паміж сабой па-руску (во прыклад беларусам для пераймання!), хаця і вучацца ў нашых рускамоўных навучальных установах ці ў свой час паканчалі іх. У такіх варунках складванне ў Беларусі кітайскага неафіцыйнага аднамоўя падаецца зусім рэальным, і я заўсёды буду падтрымліваць яго ў надзеі, што гэта можа некалі падштурхнуць і беларусаў на ўсе сто восемдзесят градусаў змяніць сваё стаўленне да роднай мовы. Затое я ніколькі не апраўдваю, што ў грамадскіх месцах мы зусім не чуем роднага слова палякаў, украінцаў, літоўцаў, хаця яны стагоддзямі жывуць на беларускай зямлі, унеслі велізарны ўклад у яе эканамічнае і культурнае развіццё. Гаворка гэтых дыяспар Беларусі на сваіх родных мовах таксама магла б паспрыяць каму-небудзь з яе карэнных жыхароў вярнуцца да сваёй спрадвечнай беларускай мовы, не быць спажыўцом той, што чужынцы занеслі ў наш край з усходу. Усё роўна, як на нас нахлынула нейкае сатанінскае пакаранне: шукай ні шукай, а не знайсці аніякага сродку, каб хоць трохі затармазіць тэмпы, зменшыць маштабы русіфікацыі беларускага народа, даць людзям адумацца, зразумець, якая страшэнная катастрофа іх чакае ўжо ў агляднай перспектыве. У неафіцыйных сродках масавай інфармацыі ўс ё часцей і часцей падаюцца жахлівыя з жахлівых звестак, што ў нашай незалежнай, суверэннай краіне не больш за два працэнты жыхароў зносяцца паміж сабою на беларускай мове, чытаюць на ёй газеты, часопісы, кнігі. Афіцыйныя СМІ маўчаць аб гэтым і іх лёгка зразумець: улады ж нясуць прамую адказнасць за татальны заняпад беларускай мовы ў грамадскім жыцці, што заканамерна паспрыяла і выключэнню яе з асабістых кантактаў людзей. Калі б у моўнай палітыцы ўлады кіраваліся нацыянальным інтарэсам, яны б пасля майскага 1995 года рэферэндуму ўжо мо пяць - дзесяць разоў разгледзелі б на самым высокім дзяржаўным узроўні прычыны цалкам бесперспектыўнага стану беларускай мовы. Не разглядалі ні разочку, бо не знаходзілі ў гэтым патрэбы. Агідна становіцца ад думкі, што нават воўчая зграя і тая вые па-свойму, а нас, беларусаў, вымусілі адцурацца ад роднай мовы і навязалі чужую. Акрамя беларусаў, аніводзін еўрапейскі народ не паразітуе на чужой мове. І што самае страшнае: і палітыкі, і элітарная частка беларускага грамадства нічога заганнага не бачаць у тым, што на ўсім еўрапейскім кантыненце толькі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь выступае ў паганай ролі прыгнятальніка роднай мовы свайго дзяржаўнага народа.

Можна перагарнуць старонкі выдадзеных на працягу цэлага месяца афіцыйных газет "Звязда", "Народная газета", "Рэспубліка" (аж рука ледзь падымаецца напісаць назву гэтай газеты па-беларуску, бо ў ёй на рускамоўныя тэксты прыпадае 80 - 85 працэнтаў усёй плошчы) і не знайсці ў іх ніводнага артыкула па моўнай праблеме, нягледзячы на яе вастрыню, актуальнасць. Лічу не лішнім хоць хрэдку закранаць яе і ў газеце "Советская Белоруссия", бо ў такім выпадку гаворка ў ёй вялася б не пра будаўніцтва чарговага, не заўсёды запатрабаванага лядовага палаца, а пра самае дарагое, што паспеў стварыць наш народ за час свайго існавання - беларускую мову. Па-добраму здзівілі слушныя разважанні на старонках часопіса "Беларуская думка" (2012, май), рэдакцыя якога не заўсёды займае ўзважаную пазіцыю па беларускім нацыянальным пытанні. І што самае адметнае, важнае, яны (разважанні) належаць аўтарытэтнаму ў навуковым свеце чалавеку Аляксандру Каваленю, пра якога я ўжо ўзгадваў вышэй. Яго артыкул мае загаловак "Засталася спадчына - людзьмі звацца". О, як цяжка нам "людзьмі звацца", жывучы не адзін дзясятак гадоў у чужой культурна-моўнай стыхіі! Здавалася б, для нашых палітыкаў і ідэолагаў няма нічога больш простага і ў той жа час важнага, як сказаць свайму беларускаму народу шчырую праўду, у якую нявылазную асіміляцыйную багну ён трапіў - няхай сабе не па сваёй волі і жаданні - і як з яе можна выкараскацца, каб "людзьмі звацца", г. зн. быць не на палову, а цалкам без усялякіх комплексаў беларусамі. Галоўным вагаром, якім можна ўзняць беларусаў з асіміляцыйнай багны на паверхню, А.Каваленя справядліва лічыць іх родную мову. Вось яго асноўныя думкі наконт гэтай з ніякай іншай не параўнанай духоўнай каштоўнасцю. "Каб жыць паўнавартасным жыццём у Рэспубліцы Беларусь - без роднай мовы народа не абысціся…Упэўнены, што ў недалёкім часе мілагучная беларуская мова не толькі пашырыцца, але і стане моднай, будзе знакавым атаясамленнем найвышэйшай ступені культурнасці беларускіх людзей" (с. 74). Эх, каб гэтыя пранікнёныя, кранальныя словы трапілі не так у вушы Бога, як у вушы кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, бо родная мова яго тытульнага народа знаходзіцца ў такім страшэнным заняпадзе, што без выкарыстання дзяржаўнага рэсурсу яе ніяк нельга паставіць на ногі. Прывядзенне ў ход такога рэсурсу апраўдана яшчэ і тым, што беларускую мову загубілі па ініцыятыве дзяржаўнай улады, таму толькі з яе дапамогай і трэба вяртаць да жыцця наша роднае слова. Калі б на пазіцыях А.Кавалені стаяў хаця б кожны дзясяты палітык, кожны дзясяты інтэлігент, кожны соты шараговы чалавек, многае зусім інакш выглядала б у нашым моўным жыцці, так моцна не ўздрыгвалі душы беларусаў ад жахлівых звестак, што ў краіне толькі два працэнты жыхароў з'яўляюцца актыўнымі, свядомымі носьбітамі беларускай мовы. З вялікім болем у сэрцы я веру ў гэтыя жахлівыя два працэнты, але не веру, што яны ўсур'ёз занепакояць палітыкаў, у чыіх руках сёння лёс беларускай мовы і беларускага народа. Да ўсяго гэтага з такой жа абыякавасцю паставіцца і нашая інтэлігенцыя, бо нацыянальны інтарэс нельга адстойваць, паважаць, будучы дашчэнту з'асіміляванай, адарванай ад родных культурна-моўных каранёў.

Апошнім часам у нас з'яўляецца ўсё больш і больш навуковай, публіцыстычнай літаратуры, у якой жыццё роднага краю асвятляецца зусім не так, як гэта сотні гадоў пісалі пра яго. Людзі ахвотна набываюць і чытаюць яе. Вось толькі бяда: ствараецца яна на рускай мове, што яшчэ больш спрыяе яе пранікненню ў душы беларусаў, адрываючы ад роднага слова, а значыцца і ад нацыянальнай культуры. Аўтары такой літаратуры тлумачаць яе напісанне на рускай мове шырокім распаўсюджваннем апошняй у народзе і амаль поўным выключэннем з ужытку роднага слова. Пагадзіцца з імі ніяк нельга. Наадварот, чым менш пашырана родная мова - а гэта ж сур'ёзны сігнал яе цалкам рэальнага заняпаду -, тым больш трэба старацца пісаць на ёй такія творы, што могуць выклікаць зацікаўленасць у чытача. У нашых крайне экстрэмальных варунках не так страшна ствараць на рускай мове ўсялякую бязглуздзіцу (дарэчы, нямала яе з'яўляецца ў нас, а яшчэ больш паступае на айчынны кніжны рынак з Расійскай Федэрацыі), а беларускую трэба выкарыстоўваць для напісання сур'ёзных рэчаў, усяго таго, што не можа не прыцягнуць да сябе ўвагу шырокага кола чытачоў. Толькі так, а не інакш павінны паступаць аўтары з ліку пісьменнікаў, публіцыстаў, гісторыкаў. Напісанне ж, прапаганда чымсьці цікавых для людзей рускамоўных твораў, калі на ладан дыхае наша слова, гэта нішто іншае, як выгульванне траянскіх коней на беларускіх гонях. З усяго таго, што ствараецца намі, мае цану толькі тое, што ўмацоўвае сацыяльныя пазіцыі беларускай мовы, бо толькі дзякуючы ёй можна забяспечыць сапраўдны росквіт нацыянальнай культуры, падтрымліваць на належным узроўні нацыянальную самасвядомасць народа, не даць яму трапіць у каланіяльную культурна-моўную залежнасць ад краіны, духоўнымі каштоўнасцямі якой ён пад уплывам самых розных фактараў пачаў карыстацца. Сказанае ўзята зусім не са сферы фантастыкі. Яно ўжо не першы год ёсць жорсткай рэальнасцю нашага сучаснага, дазвання здэнацыялізаванага жыцця. Вызваліцца ад гэтай татальнай навалы можна толькі супольнымі намаганнямі, прычым абавязкова максімальна выкарыстоўваючы і вялізныя кадравыя, фінансавыя магчымасці сучаснага нечувана шматлікага дзяржаўнага чыноўніцкага апарату.

Першачарговай агульнанацыянальнай задачай лічу ўстаноўку шлагбаума перад далейшым скарачэннем колькасці беларусаў у роднай мове - гэтых сапраўдных магікан, залатога фонду нацыі. Па сутнасці сёння ўжо ў нас няма той крытычнай масы беларускамоўных грамадзян, якімі б можна было б спаўна ўкамплектаваць ключавыя дзялянкі нацыянальна-культурнага жыцця і распачаць буйнамаштабную дзейнасць па выратаванні беларускага народа ад русіфікацыі. Таму, калі адчуваецца такі востры дэфіцыт на беларускамоўных грамадзян, трэба не толькі рыхтаваць іх, але і надзейна захоўваць шэрагі тых, хто не паддаўся дэнацыяналізацыі. Суцяшае, што такім рэдкім у наш час скарбам адпавядаюць многія краязнаўцы, прычым і занятыя ў падведамных дзяржаўным уладам структурах.

Ледзь не агульным правілам для ўсіх краязнаўчых прац з'яўляецца напісанне іх на роднай беларускай мове. У абсалютнай бальшыні такія працы вельмі запатрабаваныя чытачамі, не выключаючы і тых, хто слаба валодае беларускай мовай. Для цікавай, змястоўнай беларускай кнігі краязнаўчага жанру гэта зусім не прычына, каб не трапіць у рукі рускамоўнага чытача. Зразумела, далёка не ўсіх, але досыць многіх з іх такая кніга зможа наблізіць, далучыць да беларускай мовы, што надзвычай важна, улічваючы практычна поўную адсутнасць яе ў грамадскім жыцці, а самае страшнае, трагічнае - у сістэме адукацыі, якая, не па сваёй віне, зусім не спраўляецца з узгадаваннем маладых пакаленняў беларусаў у нацыянальна-культурным духу, працягвае заставацца далакопам яго.

Толькі станоўча можна цаніць, што краязнаўчыя арганізацыі шырока выкарыстоўваюць беларускую мову пры правядзенні разнастайных культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, бо дзякуючы такому падыходу ў іх удзельнікаў, напэўна ж, будзе захоўвацца надзея, што яшчэ не час правіць паніхіду па беларускай мове. Затое такое трывожнае, бязрадаснае пачуццё абавязкова агорне, калі не ўсіх, дык бальшыню людзей, калі пры ладкаванні падобнага роду культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў выкарыстоўваецца руская мова, прычым нават і ў тым выпадку, калі яны вымагаюць толькі беларускай мовы.

Краязнаўцы, як найбольш нацыянальна свядомая частка беларускага грамадства, не маюць права ні на ёту саграшыць перад родным словам Бацькаўшчыны, што сёння стала ўласціва і тым, хто ў моц сваёй прафесійнай дзейнасці павінен шанаваць яго, як мо нішто іншае ў свеце. Не толькі мяне, але і ўсіх нераўнадушных да будучыні роднага краю людзей, вельмі моцна хвалюе, што з-за бесканкурэнтнага панавання рускай мовы ва ўсіх сферах нашага жыцця, яе ўсё часцей і часцей выкарыстоўваюць у якасці рабочай тыя, хто папаўняе сабой шэрагі празаікаў, паэтаў, публіцыстаў, журналістаў. Калі такія прагрэсіўныя, уплывовыя катэгорыі творчай інтэлігенцыі ва ўсё большым маштабе сваю дзейнасць будуць звязваць з рускай мовай, беларускую, паколькі яна цалкам выведзена ўладамі з усх сфераў грамадскага жыцця, нічога іншага не чакае, як толькі апошні дзень Пампеі. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў савецкай гісторыі пералічаныя вышэй катэгорыі інтэлігенцыі сваёй творчай дзейнасці ўсяляк спрыялі захаванню роднага слова, сёння яны ва ўсё большай меры выкарыстоўваюць рускую мову, магутныя пазіцыі якой уяўляюць сабой сур'ёзную пагрозу для этнакультурнай самабытнасці беларускага народа, захавання яго ў сваёй іпастасі.

3. Патэнцыялу мінулага служыць сучаснасці

Гісторыя любога народа, а тым больш беларускага з-за свядомага заблытвання, фальсіфікацыі яго мінулага - гэта той аб'ект даследавання, які, бадай, ніколі не будзе да канца вывучаным. На паверхню заўсёды будуць усплываць усё новыя і новыя цікаўныя для грамадства аспекты, што нельга пакідаць без даследавання.

Не памылюся, сказаўшы, што да Гарбачоўскай перабудовы, да магутнай хвалі нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 80-х - пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя ў нас адсутнічала сапраўдная айчынная гістарычная навука і як вынік беларускі народ жыў у гістарычным вакууме, у гістарычным беспамяцтве, а таму быў няздольным да актыўнай нацыянальна-стваральнай дзейнасці. Калі ён штосьці і ведаў пра сваю гісторыю, дык гэта толькі тое, што яна з'яўлялася нібыта нейкім неістотным адгалінаваннем ад рускай гісторыі, што нашыя продкі не мелі і не імкнуліся да ўласнай дзяржавы, увесь час займалі сябе думкай, як хоць на самых абмежаваных правах жыць супольна з рускім народам у адной дзяржаве. Такі антынавуковы погляд дарэвалюцыйных гісторыкаў без усялякай крытыкі прыняла бальшыня іх савецкіх калег з Беларусі. Надуманаму імі спрадвечнаму жаданню беларусаў знаходзіцца толькі пад скіпетрам рускага цара прысвячалі не толькі кандыдацкія, але і доктарскія дысертацыі.

Было б крайне несправядлівым, некарэктным заяўляць, што беларускія гісторыкі вельмі мала чаго зрабілі дзеля вывучэння\ мінулага сваёй краіны. Пазітыўныя набыткі ёсць у іх па самых розных накірунках. Асабліва добра даследаваны эканамічны зрэз айчыннай гісторыі, барацьба народных масаў супраць сваіх эксплуататараў, войны, рэвалюцыйныя падзеі, ход сацыялістычнага будаўніцтва, выхаванне людзей у камуністычным духу. Зразумела, памылак у трактаванні гэтых, як і многіх іншых пытанняў, процьма. І шкада, што мы ніколькі не спяшаемся іх (памылкі) выпраўляць, асабліва афіцыйныя гісторыкі. Практычна на працягу ўсяго часу існавання СССР галоўным лічылася правядзенне даследаванняў у межах храналагічных рамак савецкай гісторыі. Па вядомых прычынах тут не абышлося без сур'ёзных фальсіфікацый, свядомага замоўчвання таго, чаго бальшавіцкая партыя не жадала, каб ведаў народ. І такога яна з поспехам дамагалася. Народжаныя пасля Другой сусветнай вайны пакаленні маладых людзей, чытаючы падручнікі, гістарычную, публіцыстычную, мастацкую літаратуру, не атрымлівалі з іх ніякіх праўдзівых звестак пра цяжкія наступствы прымусовай калектывізацыі сельскай гаспадаркі, катастрафічныя страты людзей у выніку масавых фізічных распраў з імі ў 1937 - 1938 гадах.

Велізарны дэфіцыт у ведах беларусамі ўласнай гісторыі існаваў па яе самым старажытным перыядзе. У падручніках, навуковай, публіцыстычнай літаратуры і адным словам не згадвалася, што ў фармаванні беларускага этнасу ўдзельнічалі балты, угра-фіны ці яшчэ якія-небудзь неславянскія народы. Еўфрасіння Полацкая альбо зусім не згадвалася, а калі што і пісалі пра яе, дык толькі ў негатыўным плане. Не заўсёды праўдзівая ацэнка давалася дзейнасці вядомага ва ўсёй Еўропе беларускага першадрукара і асветніка Францішка Скарыны.

Але, бадай, больш за ўсё хлусні падавалася на тых старонках гістарычнай літаратуры, дзе разглядалася праблема нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Ні Полацкае, ні Турава-Пінскае, ні Смаленскае княствы не паказваліся, як дзяржаўныя ўтварэнні, хаця такім патрабаванням яны ў поўным аб'ёме адпавядалі. Ні ў кога з беларускіх савецкіх гісторыкаў неставала смеласці прызнаць пераважна за беларускую дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае, чаму вельмі радаваліся і здабывалі для свайго народа вялікую карысць іх літоўскія калегі. Сваімі навуковымі працамі яны сфармавалі ў літоўцаў - і не толькі! - цвёрды погляд на ВКЛ як на выключна літоўскую дзяржаву. Такіх навукоўцаў усяляк падтрымлівалі рускія гісторыкі вялікадзяржаўнай арыентацыі, каб абгрунтаваць нібыта спрадвечную няздольнасць беларусаў да нацыянальна-дзяржаўнай творчасці, што ўласную дзяржаву яны, як нейкі нябесны падарунак, атрымалі з ласкі бальшавіцкай партыі толькі ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі. І не адно пакаленне беларусаў, не выключаючы і досыць адукаваных, пагаджалася з гэтай несусветнай фальсіфікацыяй. Трэба зняць шапкі, стаць на калені перад тымі, хто нанёс ёй смяротны ўдар, пераканаўча паказаў, што нашай дзяржаўнасці больш за тысячу гадоў, што яна хоць і моцна аслабела ў перыяд Рэчы Паспалітай, але працягвала жыць, а закончыла сваё існаванне толькі трапіўшы пад уладу Расійскай імперыі. Сама ж ідэя беларускай дзяржаўнасці ніколі не знікала, працягвала жыць у думках прагрэсіўнай часткі грамадства і пры любым зручным моманце з'яўлялася на паверхню, як гэта было ў лютым 1918 года пры ўтварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі і 1 студзеня 1919 года пры абвяшчэнні Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.

З-за сур'ёзных хібаў у правядзенні даследаванняў гуманітарнага плана, што мо ў большай ступені характэрна для гістарычнай навукі, беларускае грамадства і сёння мае вельмі туманнае ўяўленне пра прычыны амаль поўнай страты сваёй нацыянальна-культурнай адметнасці, ледзь не канчатковага знікнення сваёй найдаражэйшай духоўнай каштоўнасці - роднай мовы. Пры дасканальным веданні мінулага ў нас сёння не існавала б ніякіх цяжкасцяў даць правільны адказ на гэтыя пытанні. Яны ж, на нашую бяду, усё яшчэ працягваюць заставацца неасветленымі, вісець у паветры. Не выключаю, што каля 80 - 90 працэнтаў жыхароў краіны, прычым і з дыпломамі аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы, страту іх роднай мовы тлумачаць уяўнай гістарычнай заканамернасцю, бо яны як след не ведаюць якую сістэмную палітыку па знішчэнні яе (мовы) вялі царскія вялікадзяржаўнікі, ідэалагічныя службы бальшавіцкай партыі супольна з рэпрэсіўнымі органамі З прычыны адсутнасці аб'ектыўнай, вычарпальнай інфармацыі пра найноўшы перыяд айчыннай гісторыі людзі крайне мала ведаюць, чаму да такога сур'ёзнага сацыяльнага спаду прыйшла беларуская мова за гады, калі наша краіна стала суверэннай. Ад народа трымаюць у глыбокай тайне трагічныя наступствы майскага 1995 рэферэндуму з-за надання, паводле яго вынікаў, статусу дзяржаўнай рускай мове.

Я, шчыра прызнаюся, не прадбачу, што ў бліжэйшыя гады можа адбыцца штосьці такое кардынальнае, і дзяржава ўсяляк будзе садзейнічаць распаўсюджванню праўдзівых ведаў па ўсіх перыядах гісторыі нашай Бацькаўшчыны, таму трэба ўсяляк паляпшаць дзейнасць краязнаўчых арганізацый у правядзенні даследаванняў па гэтай лёсавызначальнай для нас праблеме. Актуальнасць яе будзе толькі ўзрастаць. Спадзявацца, што беларускаму народу нарэшце дапамогуць развітацца з гістарычнай хлуснёй сучасная сістэма адукацыі, афіцыйныя ідэалагічныя структуры, зыходзячы з іх метадалагічных установак, няма важкіх падстаў. Хаця дзейнасць нашай адукацыйнай сістэмы і дадзеных структур абапіраецца на магутную матэрыяльна-тэхнічную базу, забяспечана дастатковай колькасцю высокакваліфікаваных кадраў, гэта ніколькі не робіць лішнім сістэматычнае правядзенне краязнаўчых даследаванняў гістарычнага накірунку з-за іх практычна поўнай незалежнасці як ад унутраных, так і знадворных фактараў, якія, думаю, няма патрэбы тлумачыць чытачу.

Калі б дзяржава, на вялікі здзіў усіх нас, нарэшце ўзяла курс на нацыянальна-культурнае Адраджэнне, яна ніяк не магла б абаперціся на недасведчанае ў гісторыі, моцна адарванае ад родных каранёў грамадства. Дзеля вываду яго з такога незайздроснага стану патрэбны велізарныя высілкі не толькі навуковых калектываў грамадскага профілю, але і краязнаўчых арганізацый.

З гісторыі савецкага перыяду мы ведаем, што на першым этапе сацыялістычнага будаўніцтва ідэалагічны апарат бальшавіцкай партыі вылучыў, бясспрэчна, прагрэсіўны для таго часу лозунг "Прэч, непісьменнасць!" Беларуская ССР дасягнула тады немалога поспеху дзеля пераўтварэння яго ў практыку. Ва ўмовах суверэннай Рэспублікі Беларусь зусім не лішнім, наадварот, вельмі актуальным мог бы быць лозунг "Прэч, гістарычнае беспамяцтва!" Стала завядзёнкай, што ў калектывах нашых прадпрыемстваў і ўстаноў рэгулярна раз на тыдзень ладзяцца рознага роду мерапрыемствы ідэалагічнага парадку. Ну чаму б, скажам, на працягу месяца хоць адно з іх не прысвяціць гістарычнай тэматыцы? Дасведчаных у ёй прафесіяналаў багата ў нас. Не сумняваюся, што з вялікай ахвотай у гэтых мерапрыемствах удзельнічалі б і краязнаўцы. Працы тут у нас - непачаты край.

Ужо не першы год вядзецца гаворка і штосьці практычнае робіцца ў нас дзеля агратурызму, у якім важнае месца надаецца гістарчнаму аспекту. Мне, як выхадцу з вёскі, гэтая ідэя вельмі па душы. Моцна хвалюе толькі адно: а вёска ж амаль дазвання страціла сваё беларускае аблічча, да чаго прычыніліся многія варожыя, цёмныя сілы. Не лічацца з ім нават уладныя структуры Рэспублікі Беларусь. Наведванне турыстамі нашай сучаснай вёскі ніколькі не паспрыяе стварэнню ў іх ўяўлення пра апошнюю, як пра штосьці адметнае ад іншых, беларускае. Яна практычна нічым не адрозніваецца ад падобнага тыпу населеных пунктаў Тамбоўшчыны, Валагодчыны і іншых адміністратыўных адзінак Расіі, таму ёсць прамы сэнс пастарацца надаць ёй (вёсцы) як мага больш беларускасці. Тут мы аніяк не перагнем кій. Першае, што трэба зрабіць, - гэта скасаваць усе неўласцівыя беларускай лексіцы назвы вёсак, часцей за ўсё рускага паходжання, а таксама тыя, ад якіх на вялікай адлегласці адчуваецца бальшавіцкая з'ідэалагізаванасць. Пра ўсё гэта за савецкім часам вельмі добра пастараліся мясцовыя ўлады. Выключна беларускамоўным павінна быць візуальнае афармленне вёсак, вызначаных для наведвання турыстамі. У побыце, адзенні, абутку жыхароў такіх вёсак павінна быць як мага больш традыцыйнага, не выключна, што і самаробнага. Было б пажадана, каб хоць на трох гаспадароў прыпадаў адзін конь, каб вуліцы вёскі і яе наваколле не былі з'ежджаны аўтамабілямі, каб людзі для сваіх патрэб здабывалі ваду не з калонкі, а з прыгожа пабудаванай, з густам аздобленай студні. І апошняе па ліку, але самае важнае па значэнні, жыхары такіх вёсак павінны больш-менш чыста размаўляць толькі на беларускай мове, бо менавіта гэты фактар дазволіць глядзець на іх (жыхароў), як на сапраўдных беларусаў. Як бы цяжка ні было добра зрусіфікаванага на сёння вяскоўца навучыць карыстацца сваёй прыроднай мовай, на такі цалкам апраўданы крок трэба смела ісці. У 20-я ж гады мінулага стагоддзя абсалютная бальшыня непісьменнага дарослага насельніцтва пры актыўным удзеле мясцовых уладаў вучылася ў вольны ад працы час чытаць і пісаць, прычым па-беларуску. І многія ліквідавалі сваю непісьменнасць, ад чаго іх жыццё стала больш цікавым і змястоўным. Дык ці ж марная гэта справа сёння адарваць вяскоўца ад навязанай яму рускай мовы і вярнуць да роднай, беларускай? Думаю, што не. Патрэбны толькі пэўныя намаганні. Бібліятэкі ў такіх вёсках павінны мець кніг на беларускай мове не менш як 90% ад агульнай колькасці.Сказанае датычыць і перыёдыкі. З-за адсутнасці ў сельскай мясцовасці шырокай сеткі школ нельга разлічваць на дапамогу настаўнікаў у ліквідацыі беларускамоўнай непісьменнасці яе жыхароў. А вось студэнты філалагічных факультэтаў шмат у чым ім могуць дапамагчы. Але галоўнае ў гэтай справе - жаданне саміх людзей жыць і размаўляць па-беларуску, бо гэта ж сваё, роднае, не занесенае знадворку. Зразумела, далёка не ва ўсіх уключаных у агратурыстычны маршрут вёсках удасца првесці беларусізацыю іх жыцця, але хоць адна з такіх вёсак абавязкова павінна быць у кожным раёне. Калі ж у якім-небудзь іх будзе больш, дык гэтаму трэба толькі радавацца, бо яно на карысць беларускай справе.

Не выключана, што невялікія аазісы беларускаці ў сельскай мясцовасці прывабяць да сябе не толькі замежных турыстаў, але і нашых зрусіфікаваных гараджан і хоць трохі адаб'юць у іх ахвоту жыць паводле чужых рускіх культурна-моўных стандартаў. Вось мо гэта і паслужыць штуршком для разгортвання чарговага Беларускага Нацыянальна-культурнага Адраджэння. Усё апісанае вышэй адкрывае шырокую прастору для краязнаўчай дзейнасці, якая можа адыграць вялікую ролю ў беларусізацыі агратурызму. Хочацца верыць, што да такой дзейнасці актыўна падключацца не толькі з багатым вопытам краязнаўцы, але зусім новыя, свежыя сілы, бо нельга ж спакойна назіраць, як гінуць, адыходзяць у нябыт апошнія прыкметы беларускасці, а іх месца займае штосьці чужое для нашай Бацькаўшчыны.

Нашых краязнаўцаў лёгка зразумець за іх вялікае жаданне займацца даследаваннямі ратных подзвігаў сваіх землякоў, многіх адметных гістарычных падзей, што адбываліся на малой радзіме. Усё гэта і вельмі важна, і надзвычай цікава, аднак перавагу трэба аддаваць таму, што ў далёкім мінулым і сёння самым пазітыўным чынам адбівалася і адбіваецца на нашым нацыянальна-культурным жыцці, бо ад нічога так не залежыць быць беларусам самадастатковай, самабытнай нацыяй, як ад яго. Таму трэба аддаць належную павагу тым, хто не шкадаваў сілы, свайго таленту дзеля таго, каб культурна-моўная аснова жыцця нашага народа была беларускай. Трэба ведаць, што напісаны на беларускай мове верш нам у сотні разоў даражэй за створаны на польскай, рускай ці яшчэ на якой-небудзь мове, што без усялякай меры на шкоду нашаму нацыянальнаму інтарэсу практыкавалася раней і практыкуецца зараз. Лічу, што наш зямляк Адам Міцкевіч сваімі шматлікімі польскамоўнымі творамі куды менш зрабіў для яго карысці, чым Паўлюк Багрым адным невялічкім беларускамоўным вершам, бо ён калі не ў мільёнаў, дык у дзясяткаў тысячаў людзей абудзіў любоў, інтарэс да свайго роднага слова, дапамог ім лепш зразумець усю шкоду і паланізацыі, і русіфікацыі. Падобныя П.Багрыму асобы не павінны быць забытымі ні сённяшнімі, ні заўтрашнімі пакаленнямі беларусаў, што ў вельмі вялікай ступені залежыць ад прафесіяналізму вядзення краязнаўчых даследаванняў. Не будзем забывацца, што ў кожным раёне нашай краіны абавязкова была ці ёсць хоць адна вартая памяці постаць за яе вялікія набыткі ў той ці іншай сферы культурнага жыцця. Сучасныя пакаленні беларусаў проста не могуць не ведаць пра такіх людзей, каб па прыкладу іх і самім рабіць каштоўныя ўнёскі ў духоўную спадчыну Радзімы. Наш час не з простых з-за няспыннага паглыблення працэсаў глабалізацыі культурнага жыцця ўсяго свету. З нялёгкімі выпрабаваннямі яе паспяхова справяцца толькі народы, якія свята шануюць, жывуць у поўнай адпаведнасці са сваімі культурна-моўнымі набыткамі, што ніколькі не перашкаджае карыстацца і чужымі духоўнымі каштоўнасцямі. Важна толькі не дапусціць, каб яны пацяснілі родную культуру, занялі яе гістарычную тэрыторыю, што абавязкова трагічна закончыцца для яе карэннага насельніцтва, звядзе яго са свету ў выніку асіміляцыі, якой ва ўсе часы і сёння так ахвотна займаюцца вялікія народы з багатай культурай. Стаць яе бязвіннай ахвярай не ўяўляе сабой аніякай складанасці. Затое агідна.

4. Тапанімія, як ключавая дзялянка краязнаўства

За час свайго існавання чалавецтву ўдалося стварыць найбагацейшую духоўную спадчыну. Яна застаецца такой, нават нягледзячы на разбуральныя войны, стыхійныя прыродныя катаклізмы. У гэтую спадчыну трапіла нямала чаго і такога, на стварэнне якога не спатрэбіліся асаблівыя намаганні людзей. І тым не менш яно з'яўляецца неацэнна важным, без чаго цяпер было б немагчыма ўявіць само жыццё людзей на планеце Зямля. Пад такім неацэнным я разумею геаграфічныя назвы, у нараджэнні якіх бралі ўдзел многія пакаленні. Бадай няма ніводнай старонкі ў гісторыі чалавецтва, якая б не атрымала ўвасаблення ў геаграфічных назвах. Дакладны і вычарпальны адбітак знайшлі ў іх мясцовыя прыродна-кліматычныя асаблівасці, культура, быт людзей, эканамічныя працэсы і інш.

З усёй палітры геаграфічных назваў, бясспрэчна, найбольш важныя - найменні населеных пунктаў. У цывілізаваных краінах яны па сутнасці з'яўляюцца недатыкальнымі, таму многія з іх налічваюць сотні, а можа і тысячы гадоў. На вялікі жаль, у нас так паважліва не ставіліся да гэтага неацэннага нацыянальнага скарбу. Першыя сур'ёзныя выпрабаванні выпалі на долю тапаніміі яшчэ ў перыяд, калі наш народ знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. Як толькі афіцыйныя ўлады і каталіцкі касцёл паставілі перад сабой злачынную задуму распачаць паланізацыю беларусаў, гэта адразу ж закранула і іх спрадвечную тапанімію. Не пакінулі яе ў спакоі свецкія і духоўныя ўлады Расійскай імперыі, а ўслед за імі і камуністы, якія ніколькі не ўступалі апошнім паводле маштабаў сваёй русіфікатарскай дзейнасці на тэрыторыі нашага краю.

Маладая суверэнная Рэспубліка Беларусь ад першых дзён свайго існавання сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі эканамічнага і сацыяльнага парадку, што магло адсунуць на задні план развязванне якіх-небудзь іншых не так важных праблем. Не выключаю, што менавіта па гэтай прычыне моцна зачакалася пільнай увагі да сябе з боку дзяржавы і грамадства тапанімія. І хутчэй за ўсё беспадстаўна. Нельга ж, стаўшы суверэннай краінай, жыць той тапаніміяй, якая табе была навязана папярэднімі, варожымі беларускаму нацыянальнаму інтарэсу палітычнымі рэжымамі. Яна ў нас не павінная быць копіяй характэрных для Тамбоўшчыны, Валагодчыны, Наўгародчыны і іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі тапанімічных ландшафтаў. Даўно наспеў час вызначыцца з мовай мікратапаніміі населеных пунктаў, іх візуальнага афармлення. Паколькі пэўныя інстытуцыі так ушчыльную наблізілі беларускую мову да рускай, то апошнюю наўрад ці мэтазгодна выкарыстоўваць для мікратапаніміі і візуальнага афармлення гэтых мясцовасцяў. Тут неабходна даць поўную, неабмежаваную прастору для роднай мовы, каб не толькі мы, але і госці разумелі, што знаходзяцца ў Беларусі, а не ў Расіі. Ставячыся такім узважаным чынам да развязвання дадзенага надзвычай важнага пытання, мы хоць трохі падтрымаем аўтарытэт беспадстаўна выкінутай з усіх сфераў грамадскага жыцця беларускай мовы. Меў рацыю сцвярджаць яшчэ больш за дваццаць гадоў таму шчыры сябра беларусаў англа-французскі даследчык іх культуры Гай Пікарда (1931 - 2007), пішучы, што "толькі мова, якую відаць паўсюдна, будзе зброяй адраджэння беларускага ва ўсіх галінах грамадскага жыцця". Гэта павінны цвёрда засвоіць сабе ўсе грамадскія краязнаўчыя арганізацыі і пастарацца ўсімі сродкамі і метадамі пераканаць адпаведныя ўладныя структуры менавіта так ставіцца да разгляданага мною пытання.

Толькі ў цесным кантакце і глыбокім паразуменні краязнаўцаў і такіх структураў улады можна будзе нарэшце вызваліцца ад той процьмы тапонімаў, што не маюць нічога агульнага з гісторыяй, прыродай, культурай, нацыянальнымі традыцыямі, прыродна-геаграфічнымі і іншымі асаблівасцямі нашай бацькаўшчыны і што самае агіднае - пад час нават зневажаюць яе народ. Як на дзіва, у службоўцаў, адказных за забеспячэнне той ці іншай мясцовасці ва ўсім адпаведнымі ёй тапонімамі, аж рукі трасуцца, калі ўзнікае патрэба пайсці на скасаванне чужой, абразлівай для беларусаў назвы населенага пункта, вуліцы, сквера, парка. Марным было б спадзявацца, што рана ці позна за карэннае змяненне несастыкаваных з нацыянальнымі інтарэсамі тапанімічных і мікратапанімічных назваў возьмуцца самі структуры ўлады. Не той зарад нацыянальнай самасвядомасці ў іх чыноўнікаў! З гэтай самай хваробы не будуць наступаць ім на пяткі і сярэднестатыстычныя беларусы. Дзяржаўны чыноўніцкі апарат пры самым актыўным удзеле паслухмяных яму дапамагатых так нацыянальна абяскровіў, адарваў людзей ад прыродна беларускага грунту, што ў іх адсутнічае амаль усялякае жаданне жыць паводле традыцый роднага краю. Абсалютнай большасці народа куды лягчэй проста не заўважаць іх, чым захоўваць, ганарыцца імі. Такія людзі, са спакойнай душой, узняўшы ўвысь галаву, крочаць па вуліцах, наведваюць паркі, прадпрыемствы, установы, што носяць імёны не толькі далёкіх, чужых, але і варожых паводле сваіх поглядаў і ўчынкаў нашай Бацькаўшчыне асобаў. У нас нават не знайшлося сілы і жадання вярнуць жыхарам Верхнядзвінска і Дзяржынска гвалтам, падманам адабраных бальшавіцкімі ідэолагамі назвы Дрыса і Койданава. Жыхарам першага з названых гарадоў навукоўцы пераканаўча не давялі, што ў тапоніме Дрыса няма нічога немілагучнага, абразлівага для чалавека, што яно балцкага паходжання, ды і знаходзцца не ў верхнім, а ў сярэднім цячэнні ракі Дзвіны, і калі была б такая пільная патрэба дадзены населены пункт дастасаваць да геаграфічных умоваў, тады яго належала б назваць Сярэднедзвінскам.

Ніяк не апраўдана захаванне сучаснай назвы Дзяржынскага раёна, бо яе з'яўленне на свет было вынікам палітычнай гульні, якую дазволіў праводзіць Савецкай Беларусі Маскоўскі Крэмль. Мае рацыю гісторык Ігар Пушкін, пішучы, што пераўтварэнне ў сакавіку 1932 года Койданаўскага раёна з беларускага ў польскі і ўслед за гэтым перайменаванне яго ў Дзяржынскі раён паўплывалі згортванне дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, пэўнае паляпшэнне савецка-польскіх дачыненняў, а пры іх абвастрэнні такая польская аўтаномія на захадзе БССР спрыяла б падрыхтоўцы "своеасаблівага "польскага рэвалюцыйнага войска" на выпадак вайны з Польшчай" [2]. Калі ж сітуацыя карэнным чынам змянілася, далейшае існаванне Дзяржынскага раёна ў якасці нацыянальна-польскага палічылі немэтазгодным. Ён стаў,

як такое і павінна было быць, ізноў беларускім, да чаго вельмі прыхільна паставіліся мясцовыя жыхары - у абсалютнай бальшыні беларусы, а не палякі. Калі 28 ліпеня 1937 года па ініцыятыве прадстаўніка Масквы Я.Якаўлева, абмяркоўвалі пытанне "Аб ліквідацыі палітыкі паланізацыі Беларусі" яе былых кіраўнікоў (ужо нябожчыкаў) Старшыню Савета Народных Камісараў БССР Мікалая Галадзеда (21 чэрвеня 1937 г. выкінуўся з вакна пятага паверха будынка Народнага Камісарыята Унутраных Спраў БССР), члена ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б (1934 - 1937) Аляксандра Чарвякова (16 чэрвеня 1937 г. у час перапынку паміж пасяджэннямі ХVІ з'езда КП(б)Б застрэліўся), а таксама першага сакратара ЦК КП(б)Б Васіля Шаранговіча моцна крытыкавалі за правядзенне такой палітыкі. А вось колішняй назвы пабаяліся вярнуць Койданаўскаму раёну, бо давялося б дзеля гэтага ахвяраваць прозвішчам савецкага чэкіста №1. Не будзем забывацца, што ў той час на неабсяжных прасторах СССР лютавалі жорсткія масавыя фізічныя рэпрэсіі. Сёння з гэтым фактарам не даводзіцца сутыкацца, таму ў краязнаўцаў ёсць спрыяльныя магчымасці выхаду на мясцовыя ўлады, каб схіліць іх да аднаўлення гістарычнай праўды. Дзяржынскі раён належыць да мізэрнай паводле сваёй колькасці раёнаў, у назву якога закладзена ў чымсьці вядомая ў краіне асоба. Для Беларусі такое не характэрна. Каб СССР, а пазней Расійская Федэрацыя не пайшлі на карэнны перагляд сутнасці камуністычнай ідэалогіі, у нас яшчэ і сёння захоўвалася б процьма тапонімаў, звязаных з іменем "бацькі ўсіх савецкіх народаў" Сталіным, яго паплечнікамі, і з такім становішчам, думаю, мірыліся б нават нашчадкі раскулачаных і сасланых у Сібір сем'яў ці ахвяраў масавых фізічных рэпрэсіяў 30-х гадоў. Такое ўласціва толькі дашчэнту адарванаму ад родных каранёў народу. Затое цесна прывязаныя да іх ніколі не стомяцца адстойваць свае гістарычныя правы, заўсёды спыняць нацыянальную катастрофу, якія б моцныя ўнутраныя і знешнія сілы не выклікалі яе сваімі дэструктыўнымі дзеяннямі.

Хаця нашы чыноўнікі амаль не прыслухоўваюцца да парад нацыянальнага гарту інтэлектуалаў, не хочуць вучыцца ў былых

савецкіх народаў, што трэба рабіць дзеля прывязкі тапаніміі да мясцовых умоў, дазволю сабе прывесці шэраг павучальных і пераканаўчых фактаў з гэтай практыкі, прытым нават характэрных і эпосе СССР.

У канцы 1943 - пачатку 1944 года яшчэ працягвалася вайна паміж Германіяй і СССР. Сілы моцна падарваныя ў абодвух бакоў. І нямецкія, і савецкія ідэолагі пускалі ў ход усё новыя і новыя сродкі, каб узняць у салдат патрыятызм, так неабходны для атрымання перамогі. Вось на які крок з гэтай мэтай пайшлі ўлады Ленінграда ў студзені 1944 года: г. зн. адразу пасля зняцця блакады (27 студзеня). Праспекту 25 Кастрычніка вярнулі колішнюю назву Неўскі праспект, плошчы імя Вароўскага - Ісакіеўская плошча, праспекту імя Валадарскага - Ліцейны праспект, плошчы імя Урыцкага - Дварцовая плошча, плошчы імя Лібкнехта - Вялікая плошча, праспекту Нахімсона - Уладзімірскі праспект, плошчы імя Ахвяр Рэвалюцыі - Марсава поле. Вось якія велізарныя ахвяры панесла з'ідэалагізаваная бальшавікамі мікратапамія горада на Неве! Цяпер, дзякуй богу, ніякая вайна не вядзецца, Беларусь не знаходзіцца пад блакадаю, але тым не менш, нашую тапанімію трэба капітальна рамантаваць з тым, каб яна нарэшце як след запрацавала на нацыянальную ідэю, спрыяла фармаванню патрыятызму ў людзей, не сцірала праз ужыванне чужых геаграфічных назваў тапанімічную адметнасць Беларусі ад любой з суседніх краін. Імкненне да падабенства ў сферы культуры праз перанясенне чужога на родную глебу ніколі пазітыўна не адаб'ецца на нацыянальным. Болей за тое - можа звесці яго ў магілу. Абавязак кожнага краязнаўцы, а таксама кожнага сумленнага грамадзяніна краіны максімальна ачысціць яе тапанімію і мікратапанімію ад чужога ўплыву, які найчасцей гвалтам навязваўся звонку. Зямлю упрыгожваюць не толькі архітэктурныя помнікі, паркі і скверы, узведзеныя паводле апошніх дасягненняў тэхнікі будынкі ўстаноў і прадпрыемстваў, але і геаграфічныя назвы, нацыянальнае візуальнае асвятленне населеных пунктаў. І як мы многа страчваем ад таго, што менавіта дзве апошнія пазіцыі не толькі не ўпрыгожваюць, а наадварот, надаюць беларускай зямлі непрыгляднае, чужое аблічча, робяць яе безнацыянальнай, не сваёй. Калі з гэтым можна было хоць крышку мірыцца за савецкім часам, паколькі Беларусь мела толькі сімвалічную дзяржаўнасць, дык стаўшы, як у нас прынята казаць і пісаць, палітычна незалежнай, трэба мець прынцыпова іншую геаграфічную наменклатуру, іншае візуальнае афармленне. Радуе тое, што гэтаму можна навучыцца ў любой з еўрапейскіх краінаў. Было б толькі жаданне.

Даводзіцца толькі дзівіцца, што яшчэ і пасёння многімі з нас не пераадолены па-сапраўднаму паталагічны страх перад цяжкадаступнымі разуменню ці не надта мілагучнымі тапонімамі. А яны ж зачастую ўтрымліваюць у сабе дзясяткі разоў больш каштоўную інфармацыю, чым тапонімы тыпу Ураджайная, Вішнёўка, Камунарка, Дружба, Ударная і іншыя. Такім людзям хацеў бы нагадаць словы вядомага географа Э.Мурзаева "…безсэнсоўных назваў не бывае" (выдзелена аўтарам). Такімі яны бываюць толькі да таго часу, пакуль іх не разгадае дасціпны розум чалавека. Зацятыя змагары з беларускай нацыянальнай тапаніміяй вызвалілі нас да гэтага віду даследчай працы, змяніўшы амаль усе незразумелыя ім траскучымі, ура-патрыятычнымі словамі, што зусім не пралівае святло на гісторыю, культуру роднага краю, яго прыродна-кліматычныя асаблівасці. Адзначу, што да поўнай бязмежнасці у сваёй разбуральнай антынацыянальнай дзейнасці ў пытаннях тапаніміі мясцовыя органы ўлады прыйшлі неўзабаве пасля таго, як у 1961 годзе была прынята новая рэдакцыя Праграмы Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, і краіна нібыта ўжо практычна прыступіла да пабудовы шчаслівага камуністычнага грамадства. Да выхаду на гэты запаветны фантастычны рубеж, ой як далёка было (адвялі два дзесяцігоддзі), а ў тапанімію адразу ж пачалі ўносіць карэнную ломку, высунуўшы на першы план ідэалагічны фактар. Як і трэба было чакаць у той падобнай на сапраўдную гульню ў камунізм сітуацыі, мясцовае чынавенства тэрмінова, без аглядкі па баках, пачало ў масавым парадку замяняць, на яго думку, немілагучныя, абразлівыя для людзей назвы населенных пунктаў чымсьці больш светлым, радасным, цалкам адпаведным нормам прыгажосці, высокаму ўзроўню дабрабыту, што ў большасці выпадкаў зусім не дастасоўвалася да непрыгляднай рэчаіснасці. Шкада, што на той надзвычай стратны для нацыянальнай тапаніміі час не знайшлося нікога з навукоўцаў, які змог бы патлумачыць чыноўнікам этымалогію хаця б некалькіх добра вядомых у свеце, сапраўды немілагучных назваў: Берлін - лужа (на мове яго заснавальнікаў славянскага племені лужычан); Масква - брудная вада (у перакладзе з угра-фінскай мовы); Чыкага - смуродны (на мове мясцовых індзейцаў). А ў нас чыноўнікаў не задавальнялі не толькі Дрыса і Койданава, але і Шацілкі (замянілі на Светлагорск), Царкаўшчына (Сакалоўка Віцебскага раёна), Папоўшчына (Рабінаўка Полацкага раёна), Панскае (Майск Крупскага раёна), Свінка (Лугавая Капыльскага раёна) і многія іншыя назвы, хаця яны нічым не абражалі мясцовых жыхароў

У нашай зусім не простай і сёння сітуацыі краязнаўцам трэба ўзяць за правіла: чым цяжэй на сучасную беларускую мову перакладаецца той ці іншы не прыналежны да яе лексікі тапонім, тым большую каштоўнасць ён мае для беларускай гістарычнай навукі, для разумення намі свайго далёкага і блізкага мінулага. Затое каштоўнасці зусім не ў'яўляюць прыдуманыя за савецкім часам назвы населенных пунктаў: Ульянаўка, Звязда, Партызанская, Савецкая, Першае Мая, Усход, Іскра, Чырвоны Кастрычнік… Думаю, што нават самы адпеты невук не адважыцца аднесці гэтыя назвы да гістарычных помнікаў. Чым хутчэй мы вызвалім нашую зямлю ад усяго гэтага бруду, тым больш у нас будзе падставаў лічыць сваю адноўленую тапанімію сапраўдным беларускамоўным, гістарычным і культурным скарбам беларускага народа. Даўно, вельмі даўно, яшчэ за пушкінскім часам, у Расіі перыядычна выходзілі з друку тамы "Библиотеки для чтения". У адным з іх за 1837 год можна знайсці вельмі павучальныя для нас словы вядомага рускага географа-этнографа Н.І.Надзеждзіна: "земля есть книга, где история человечества записывается в географической номенклатуре". А цяпер давайце задумаемся, ці з'яўляецца такой кнігай беларуская зямля са сваімі штучна надуманымі, безсэнсоўнымі назвамі? Вядома ж не. Яе геаграфічная наменклатура не вытрымліае аніякай крытыкі. І калі ўжо ў нас з'явіцца хоць адзін мо не так дасведчаны, як смелы, рашучы грамадскі палітычны дзеяч, які на ўвесь голас заявіць: "Людзі добрыя! Нам ніяк нельга надалей мірыцца з ганебнымі для святой беларускай зямлі тапонімамі! Давайце максімальна вернем нашаму народу скрадзеныя ў яго царскімі сатрапамі і бальшавіцкімі ідэолагамі назвы, нададзім роднаму краю сапраўднае нацыянальнае аблічча, дзякуючы якому не толькі самі, але і нашы госці па найменнях населеных пунктаў змаглі б адчуць, зразумець, што знаходзяцца на тэрыторыі не каланіяльна залежнай, а вольнай, суверэннай Рэспублікі Беларусь. Ад бессэнсоўнай да асэнсаванай тапаніміі - магістральны шлях свабодалюбівага беларускага народа ў светлую будучыню". Зайздрошчу тым, хто некалі пачуе такія словы з вуснаў сапраўднага нацыянальнага палітыка, нацыянальнага лідара, які ўсё яшчэ ніяк не можа з'явіцца на беларускім небасхіле.

Бязлітасным, вандалісцкім знішчэннем тапаніміі мы вельмі ўскладнілі працу па даследаванні этнічнай гісторыі роднага краю. Вялікі гонар за прашчураў, што яны сваімі тапонінамі так грунтоўна, дакладна вызначылі арэалы рассялення розных плямёнаў, народаў яшчэ той далёкай пары, калі не паспела сфармавацца беларуская народнасць. Напрыклад, у айчыннай гістарычнай тапаніміі знайшлося месца і назве такога племені, як неўры, якіх лічаць продкамі славянаў. Яны ўвасоблены ў назвах наступных вёсак: Нароўля (Бялыніцкі раён), Наўры (Мядзельскі), Няроўка (Смаргонскі), Няроўкі (Валожынскі і Іўеўскі раёны). Выказваюцца меркаванні, што і возера Нарач паходзіць ад назвы гэтага старажытнага даславянскага племені. Пры наяўнасці такой колькасці датычных неўраў тапонімаў наўрад ці знайшоўся б хоць адзін з сур'ёзных даследчыкаў, які адмаўляў бы іх колішняе рассяленне на беларускай зямлі.

Ужо не першае дзесяцігоддзе навукоўцы нашай краіны сур'ёзным чынам даследуюць этнічны аспект айчыннай гісторыі. Цікавіць ён і звычайнага чытача, бо яму хочацца ведаць, якія плямёны, народы жылі на яго зямлі. У цывілізаваных краінах, як правіла, даведацца пра гэта ў многім дапамагаюць назвы населенных пунктаў, рэк і азёраў. І як шкада, што за царскім і савецкім часамі многія назвы неславянскага паходжання выключылі з ужытку. А ў іх жа столькі бясцэннай, праўдзівай інфармацыі па этнічнай гісторыі! Такія назвы ў большай ступені датычацца сельскай мясцовасці. Але вядома, што ў выніку шматлікіх неабдуманных рэарганізацый жыцця на вёсцы яна безнадзейна абязлюдзела. У яе амаль не засталося не толькі свядомых носьбітаў айчыннай гісторыі, але і самой нацыянальнай культуры, беларускай мовы. Усе гэтыя духоўныя каштоўнасці пайшлі пад нож, знікаюць, не пакідаючы пасля сябе аніякага следу. І хоць сёння ўжо занадта позна, так многа беззваротна страчана, хацеў бы парэкамендаваць нашым парадзелым вясковым краязнаўцам заняцца стварэннем у кожным раёне тапанімічных слоўнікаў пры абавязковай умове ўключэння ў іх скасаваных недасведчанымі ў гісторыі мясцовымі ўладамі тапонімаў. У такіх слоўніках ні ў якім разе не варта абмінаць назвы прыродна-геаграфічнага характару: лясоў, балотаў, малых рачулак (зніклых рачулак), палёў, лугоў і інш. Бо яны зачастую з'яўляюцца найкаштоўнымі праўдзівымі сведкамі колішняга ландшафту той ці іншай мясцовасці. Як вядома, вытворчая дзейнасць людзей і яго не пакінула без змяненняў. У гэтым жа напрамку дзейнічалі і самі прыродныя сілы, што мне добра запомнілася з дзяцінства на прыкладзе ракі Нёман у раёне роднага мястэчка Магільнага. Сваё рэчышча ён не раз мяняў у мінулым стагоддзі. У першыя яго дзесяцігоддзі Нёман працякаў упрытык да вёскі Замосьце, што за адзін кіламетр на паўночны ўсход ад Магільнага. Затым ён падаўся да самога Магільнага, каля якога і сёння гоніць свае дарэчы вельмі збяднелыя воды ў далёкае Балтыйскае мора. Калі яшчэ і ў 1930-я гады ў былым рэчышчы Нёмана ля вёскі Замосьце вадзілася рыба, дык зараз там і жабу не напаткаеш. Відаць, некалі гэтае месца людзі абавязкова зафіксавалі б у назве. Сучаснага ж чалавека такая прыродная з'ява зусім не хвалюе, застаецца безназоўнай. Што і казаць. Усё ж малайцамі былі нашы непісьменныя прашчуры! Любілі зямлю, на якой жылі, зрабілі для нас праўдзівую пашпартызацыю яе.

Як сыну, выхадцу з сельскай мясцовасці, мне бясконца шкода без патрэбы загінулых у выніку сацыялістычных эксперыментаў саміх вёсак, а пад уздзеяннем бальшавіцкай ідэалогіі і велізарнай колькасці назваў населеных пунктаў. Проста грэх нам сучаснікам, найперш краязнаўцам, не ведаць іх найменняў. І не толькі! Трэба кожнае з іх выкарыстаць у якасці мікратапонімаў свайго райцэнтра. Яму ж зусім не патрэбныя назвы тыпу: Савецкая, Інтэрнацыянальная, Камуністычная, імя Чэхава, імя Лермантава, імя Крупскай і г. д. Затое ён мусіць увабраць у сябе максімальна назвы населенных пунктаў, асабліва зніклых, што належалі і належаць да навакольнай мясцовасці. Гэта ж якімі трэба быць няўдзячнымі да памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі, калі ў мікратапаніміі таго ці іншага раённага цэнтра адсутнічаюць назвы знішчаных чужынцамі вёсак. Згадванне іх наймення толькі дзесьці на помніку зусім не вырашае праблемы. Лічу, што гэты накірунак з'яўляецца адным з магістральных у дзейнасці краязнаўчых арганізацыяў. З асаблівай стараннасцю да гэтага трэба паставіцца ў Мінску, абласных цэнтрах, буйных гарадах краіны. Не будзем забываць, што амаль кожны з іх за пасляваенныя гады ў два-тры разы павялічыў сваю тэрыторыю і што гэта адбылося за кошт бязлітаснага паглынання суседніх гарадам вёсак. Дзе-нідзе ў мясцовых жыхароў нават слёзы ліліся з-за такой страты. Ці ж не абавязаны горад хоць у назвах сваіх вуліц адзначыць такі далёка не заўсёды прыемны факт? Дзеля гэтага ёсць проста невычэрпная магчымасць, бо ў сучаснай гарадской мікратапаніміі безліч такога, што зусім не датычыць сучаснай айчыннай гісторыі, нацыянальнай культуры, біяграфій славутых постацяў Бацькаўшчыны.

Хацелася б звярнуць увагу яшчэ і на такую акалічнасць. Звычайна самую плённую краязнаўчую дзейнасць у нас ажыццяўляюць яе энтузіясты з сельскай мясцовасці і раённых цэнтраў. У першую чаргу гэта датычыцца настаўнікаў і навучэнцаў старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ, а таксама каледжаў, ліцэяў. Ім шмат у чым саступаюць пералічаныя з тых катэгорыяў людзей, што жвыуць і працуюць у гарадах, не знаходзячы (і дарэмна!) патрэбнай прасторы для занятку даследчымі, краязнаўчымі пошукамі. На самой жа справе і для іх дастаткова цікавых, з багатай гісторыяй аб'ектаў. Гэта заводы і фабрыкі, установы, скверы, паркі і іншыя. Болей за тое, надзвычай прывабным аб'ектам для краязнаўчай працы могуць служыць паасобныя дамы, асабліва калі ім налічваецца не адна сотня гадоў, калі яны знаходзяцца ў старажытных месцах горада. Думаю, што многія заўважаюць, як шмат барэльефаў усталявана ў Мінску на доме, размешчаным на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы. Барэльефы выкананы ў памяць галоўным чынам дзеячам навукі і культуры, палітыкам. А ці ж у нашых дамах мала жыло выдатных постацяў з ліку людзей іншых прафесійных катэгорыяў? Не сумняюся, што жыхары кожнага чымсьці адметнага дома хацелі б мець складзены на яго пашпарт з найбольш слынных персаналіяў. Лепш за дапытлівых краязнаўцаў ніхто не можа падрыхтаваць цікавы, патрэбны дакумент. Раіў бы нашым краязнаўцам глыбей удумацца у сэнс наступных слоў гродзенскага гісторыка, аўтара кнігі "Гродно. Студенческая, 3; история дома и жизни его обитателей. Век ХХ" (Гродна, 2012) Валерыя Чарапіцы: "Горад - гэта ў першую чаргу дамы, якія фарміруюць яго вуліцы і завулкі… Гісторыя аднаго гродзенскага дома пры ўважлівым прачытанні дазваляе не толькі азнаёміцца з жыццём яго насельнікаў, але і ў многім зразумець, чым было напоўнена ХХ стагоддзе для Гродна і ўсёй вялізнай краіны" [3].

Тапанімія - гэта такая ўдзячная дзялянка, на якой праца знойдзецца кожнаму, хто толькі пажадае зрабіць штосьці карыснае для роднай Бацькаўшчыны. І самае першачарговае тут дазвання, канчаткова вызваліць апошнюю ад усяго таго, што не ўпісваецца ў яе гісторыю і культуру, што не стыкуецца з нацыянальным інтарэсам.

5. Краязнаўства спадзяецца на спонсараў

Бяда, што мы ўсё яшчэ ніяк не навучыліся падключаць да беларускай справы людзей з прыстойным, высокім матэрыяльным дастаткам. Не ўсе ж яны безнадзейна адарваныя ад роднай зямлі, запісаліся ў касмапаліты. Ёсць сярод іх і па-сапраўднаму шчыра ўлюбёныя ў яе. Не думаецца, што такія асобы пашкадуюць выдаткаваць трохі сваіх грошай на патрэбы

краязнаўства, усведамляючы яго неацэнную ролю ў актывізацыі нацыянальнай дзейнасці народа, у супраціўленні ўсім спробам навязаць яму чужыя культурна-моўныя каноны. Як бы хацелася, каб нашыя з напоўненымі грашыма кішэнямі прадпрымальнікі дзеля выратавання беларусаў ад асіміляцыі хоць сотую долю зрабілі з таго, што ў змаганні з гэтай злыбедай зрабілі ў царскай Расіі ў ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя

яўрэйскія таўстасумы. Практычна толькі на іх сродкі існавалі ўсе яўрэйскія арганізацыі імперыі. А было іх нямала. Галоўным лічылася Таварыства па распаўсюджванні асветы паміж яўрэямі Расіі. Пры ім працавала Яўрэйскае гісторыка-этнаграфічнае таварыства, якое выдавала салідны часопіс "Яўрэйская даўніна". Тры яўрэйскія сястры Алена, Яўгенія і Марыя Гнесіны на ўласныя сродкі заснавалі Маскоўскае музычнае вучылішча, якое сёння носіць іх імя. Дарэчы, у той час мецэнацтва не зусім у загоне знаходзілася і ў нашым забраным краі. Як і многа дзе ў Расіі, і ў ім рабіліся крокі па нацыянальна-культурным адраджэнні, чаго не дасягнеш аднымі толькі заклікамі. Прарускія мясцовыя ўлады і капейчыны не выдзелілі на гэтыя мэты, бо былі праціўнікамі беларускага нацыянальнага руху. А вось сёй-той з заможных людзей не стаяў убаку, дзякуючы чаму ўдалося арганізаваць выпуск у Вільні беларускамоўных газет "Наша доля" і "Наша ніва", наладзіць выданне ў гэтым горадзе беларускамоўных календароў. Як шмат страціў бы беларускі інтарэс, каб на гэтую гістарычнай важнасці справуўнаснезнайшлосямецэнатаў.Не выключана, што наш любімы пясняр Янка Купала не быў бы такім, якім ён стаў у жыцці, каб вядомы дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец Браніслаў Эпімах-Шыпіла (з другой паловы 80-х гадоў ХІХ стагоддзя жыў і працаваў у Санкт-Пецярбургу) не ўзяў на сябе ўсе выдаткі па яго навучанні на агульнаадукацыйных курсах Чарняева, на ўтрыманне і аплату кватэры. Гэты ж гатовы ўсім ахвяраваць дзеля шчасця Бацькаўшчыны Чалавек разам з іншымі актыўнымі ўдзельнікамі беларускага нацыянальнага руху шмат сродкаў уклаў у заснаванне ў 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу першай легальнай беларускай выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца". За час свайго існавання (спыніла яе дзейнасць у 1914 годзе Першая сусветная вайна) яна выпусціла каля чатырох дзясяткаў назваў беларускамоўных кніг агульным накладам больш за 100 тысяч паасобнікаў. Сёння і ў сне нельга ўявіць такога, хаця багатых людзей у нас у сотні-тысячы разоў больш, чым на пачатку ХХ стагоддзя.

У нашых жа сучасных багацеяў, што жывуць у метраполіі ці за мяжой, не выбіць і такой ужо невялікай сумы грошай на выданне кнігі, выпуск газеты ці часопіса, на арганізацыю якога-небудзь культурна-асветніцкага мерапрыемства нацыянальна-адраджэнскага плана. Затое заможныя беларусы не шкадуюць грошай на дарагія адпачынкі ў экзатычных краінах, будоўлю дыхтоўных катэджаў, іншую раскошу. Так яны сябе паводзяць галоўным чынам з прычыны нястрыманай прагі да багацця. Яна выяўлялася б зусім не з такім маштабам, каб душы гэтых людзей да краёў былі напоўнены беларускасцю, каб у іх балела сэрца, што ў выніку сур'ёзных хібаў, злога намеру дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі, асабліва ў дачыненні да роднай мовы тытульнага насельніцтва краіны, беларусы дажываюць свае апошнія гады ў фармаце самабытнага, арыгінальнага этнасу. Каб замарудзіць тэмпы, абмежаваць маштабы рускай культурна-моўнай асіміляцыі, патрэбны не толькі велізарныя высілкі яшчэ да канца не зломленых беларусаў, але і немалыя матэрыяльныя і фінансавыя сродкі. Так склалася, што ў адраджэнскіх шэрагах пераважаюць людзі сярэдняга і малога дастатку. Пры ўсім сваім жаданні яны не могуць нічога ахвяраваць дзеля вяртання, умацавання нацыянальнага пачатку ў культурным жыцці краіны. У нас з неверагодным напружаннем выдаюцца нацыянальнага накірунку газеты ("Наша слова", "Новы Час", "Краязнаўчая газета") невялікага фармату, у якіх нестае рэсурсаў, каб сваімі грунтоўнымі матэрыяламі істотным чынам паўплываць на спыненне працэсу хранічнага размывання нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, выратаванне яго культуры ад празмернага замежнага ўплыву, ад чаго можна пазбавіцца толькі праз узмацненне ў ёй ролі этнічнага фактару. Але яна з-за беднасці нацыянальнага перыядычнага друку, немагчымасці многіх падпісацца хоць на адну газету вельмі туманна разумеецца сярэднестатыстычным беларусам.

Прынцыпова інакш да мецэнацтва ставяцца заможныя людзі ўсіх іншых утвораных на постсавецкай прасторы краінаў. Асабліва гэта датычыцца той катэгорыі іх багацеяў, што апынуліся ў эміграцыі. Нібы адчуваючы сваю віну перад мітраполіяй, што замест таго, каб у цяжкую гадзіну дапамагчы апошняй хутчэй стаць на ногі, махнулі на яе рукой і ў пошуках шчаслівага жыцця для сябе кінулі радзіму, а з гадамі паразумнеўшы, фінансава дапамагаюць ёй у надзеі змыць свае грахі. Беларусь, вядома, не Украіна, якая ад сваёй дыяспары толькі за студзень - верасень 2011 года атрымала 4,4 мільярда долараў. Нам бы хоць дзясятую долю ад такой сумы. Як бы гэта магло паспрыяць вырашэнню многіх задачаў нацыянальна-культурнага Адраджэння, у тым ліку і актывізацыі дзейнасці краязнаўчых арганізацыяў.

Каб нейкая невядомая сіла падштурхнула нашых з добрым матэрыяльным дастаткам людзей да спонсарства, я б іх сродкі ў першую чаргу накіраваў у сельскую мясцовасць, якой мы так шмат у чым абавязаныя, што яшчэ хоць трохі супраціўляемся этнічнаму выміранню, працягваем дыхаць. Усе сумленныя, нацыянальнай арыентацыі людзі, асабліва краязнаўцы, павінны ведаць, што цяпер у Беларусі больш мёртвых, чым жывых вёсак. Гэтага факта ніяк нельга абмінуць, бо ён з нашай айчыннай гісторыі і часта з'яўляецца не вынікам праявы нейкай аб'ектыўнай заканамернасці, а бяздушным стаўленнем мясцовых улад да лёсу сваіх людзей. Наўрад ці сёння можна дакладна вызначыць месца ўсіх загінуўшых вёсак: іх старэйшыя пакаленні адышлі ў невядомы свет, а маладыя паразляталіся па розных кутках планеты Зямля, не маюць часу, сродкаў наведаць роднае котлішча. Як жа быць у такой складанай сітуацыі? Відаць, варта было б прыкласці ўсе намаганні пра захаванне ў памяці народа мёртвых вёсак праз усталяванне на іх месцы хаця б мемарыяльнага знака. Ён можа быць як надзвычай сціплым, танным, так і вельмі велічным, мемарыяльным. Усё будзе залежыць ад наяўных матэрыяльных і фінансавых сродкаў не столькі ў мясцовых органаў (яны ўсяляк будуць скнарнічаць), колькі ў тых, хто мае дачыненне да зніклай вёскі. Не сумняваюся, што сярод іх будуць не толькі заможныя, але і моцна ўлюбёныя ў свой край асобы, не адарваныя ад яго гісторыі з-за свайго знаходжання на чужыне. Суцяшае, што ўжо ёсць прыклады іх удзелу ва ўвекавечванні сваіх родных вёсак. З вялікай павагай назаву ўраджэнца зніклай вёскі Соўна Магілёўскай вобласці заслужанага эколага Расійскай Федэрацыі, акадэміка Мікалая Крупініна з далёкага Ханты-Мансійска. Выраб і ўстаноўку помніка цалкам прафінансаваў навуковец-патрыёт. "Мемарыял выглядае вельмі ўнушальна. На верхавіне (як і водзіцца ў Беларусі. - Л.Л.) - бусел, які вылятае з роднага гнязда. На мемарыяльных плітах выбіты 348 імён. Гэта тыя, што калісьці жылі ў Соўне. Увекавечаны і імёны загінулых у час вайны - больш за сорак чалавек. Спецыяльна да ўрачыстай даты пра Соўну склалі вершы і песню. А знайсці многіх з аднавяскоўцаў, якія прыехалі на адкрыццё манумента, Мікалаю Крупініну дапамог інтэрнэт" [4].

Паўтарыць апісанае вышэй мала каму ўдасца, што не дае падставы не шукаць іншых, больш танных варыянтаў дзеля ажыццяўлення гэтай - я сказаў бы суперважнай - справы. Хаця чаго я так недаацэньваю фінансавыя магчымасці сучасных беларусаў. Вунь якая аграмада іх штогод ездзіць грэць жывоцікі на Канары, Гаваі, у Таіланд і іншыя чымсьці прывабныя, экзатычныя мясціны, раскідваючыся налева і направа далярамі. А колькі нашыя багачы за год узводзяць катэджаў, будуюць у гарадах кватэр (у некаторых ужо іх да дзясятка і больш), зусім не залазячы ў даўгі, абыходзячыся без крэдытаў. Дык мо, каб давесці да ведама такім багачам, што ў краіне ставяцца рознага роду мемарыяльныя знакі змяртвелым вёскам, таго і глядзі, што калі не многія, дык хоць хтосьці ўрэжа фінансы на ўласную раскошу, каб пусціць іх на агульнанацыянальную справу. На шчасце, ва ўсе часы айчыннай гісторыі сярод заможных беларусаў заўжды меліся сапраўдныя мецэнаты, без якіх наш край не выглядаў бы больш-менш прывабным і для нас саміх, і нашых гасцей. Не хочацца думаць, што і сярод небеларусаў нашай зямлі зусім адсутнічаюць асобы, для якіх мясціна, дзе прайшлі іх дзяцінства і юнацтва, не з'яўляецца чымсьці бясконца дарагім, і што яны паскупяцца страсянуць кішэню, каб увекавечыць сваю малую радзіму. Гэтыя мае разважанні базуюцца на ўласным - зусім не бедным - досведзе. За свой доўгі век многа дзе давялося быць - праўда, не на Канарах, Гавайях ці ў Таіландзе - але нішто так глыбока не запала ў душу, нішто з такой настальгіяй не ўзгадваецца сёння, як летнія адпачынкі, што праводзіў у 60-я - 70-я гады ХХ стагоддзя ў родным Магільным (Уздзенскі раён), хадзіў з мамай у ягады і грыбы, дапамагаў ёй у працы на прысядзібным участку.

Магільнаму, дзякаваць богу, у бліжэйшы час не пагражае стаць мёртвай вёскай. Але, каб такое, крый божа, сталася, не адзін мільён беларускіх рублёў вытрас бы з кішэні на ўстаноўку мемарыяльнага знака ў сувязі з гэтай трагічнай нагодай.

Не магу абысці ўвагай і такога варыянту падыходу да ўвекавечвання памяці загінулых населеных пунктаў, як збудаванне на тэрыторыі кожнага раёна адмысловага мемарыяльнага комплекса з пазначэннем найменняў пунктаў-мерцвякоў. Толькі ва ўсіх выпадках назвы вёсак даваць першапачатковыя, спаконвечныя, а не тыя, што нарадзіліся ў галовах адарванай ад роднай глебы мясцовай адміністрацыі і не маюць ніякага дачынення да гісторыі, культуры, прыродна-геаграфічных асаблівасцяў нашага краю. І, зразумела, найменні вёсак на такіх мемарыяльных комплексах павінны падавацца толькі на беларускай мове, бо ў разгляданай катэгорыі населеных пунктаў толькі яна, а не якая-небудзь іншая, мілагучна гучала з незапамятных часоў. Гэтую вартую самай вялікай павагі традыцыю ўдалося падарваць толькі дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі, самы моцны ўдар якой прыпаў на пачатак ХХІ стагоддзя. З улікам сучасных маштабаў глабалізацыі, з яе магутным англа-амерыканскім асяродкам, відаць, ёсць сэнс пры візуальным афармленні такіх мемарыяльных комплексаў выкарыстоўваць разам з беларускай і англійскую мову, як найбольш распаўсюджаную ў свеце.

6. Краязнаўству дасканалую структуру кіравання

Краязнаўства, нягледзячы на паўсюднае затуханне нацыянальна-культурнага руху, паглыбленне асіміляцыйных працэсаў, з якімі ўлады, грамадства не вядуць нават сімвалічнай барацьбы, дзякаваць богу, не губляе сваёй прыцягальнай сілы, знаходзіць падтрымку ў многіх неадарваных ад роднага грунту людзей, неацэнная заслуга ў чым рэдакцыі "Краязнаўчая газета". На яе старонках шырока асвятляецца пазітыўны вопыт краязнаўчых арганізацый, прычым аўтарамі такіх матэрыялаў найчасцей за ўсё з'яўляюцца самі краязнаўцы.

Жыццё, як вядома, не стаіць на месцы, і тое, што нас сёння задавальняе, заўтра ўжо можа не адыгрываць такой ролі. Ад гэтага не застрахаваны краязнаўчы рух, таму трэба ўсяк узбагачаць яго змест, дасканаліць структуру, шукаць больш эфектыўныя формы кіравання. Не больш як толькі прыемнай размовай застаецца краязнаўства, калі яно не будзе абапірацца на трывалы матэрыяльна-фінансавы грунт, не будзе мець надзейнага прафесійнага ідэалагічнага забеспячэння. Зрабіць гэта рэальнасцю можна толькі ў апоры на дзяржаўную падтрымку. Залішнюю эканомію праяўляць тут ніяк не выпадае. Спаўна вернутая народу гістарычная памяць як найважнейшы фактар здаровай нацыянальнай свядомасці кампенсуе ўсе звязаныя з гэтым выдаткі. Узброеныя дастатковымі ведамі пра сваё мінулае людзі ў дзясяткі разоў мацней будуць любіць Бацькаўшчыну, шанаваць, абараняць ад любых замахаў на яе дзяржаўны суверэнітэт. Адпадзе ўсякая патрэба агітаваць бацькоў за пасылку сваіх дзяцей у школы з роднай мовай навучання. Цывілізаваным народам і раней, і зараз падобная агітацыя ўспрымаецца за вялікую абразу, бо яны выдатна разумеюць, што выкарыстанне ў дадзеных мэтах якой-небудзь іншай мовы - гэта магістральны шлях у асіміляцыйную багну, гэта канчатковае спыненне свайго зямнога існавання ў якасці самабытнага этнасу. На такую канчыну са спакойнай душою можа пагадзіцца толькі народ са страчанай гістарычнай памяццю, адарваны ад сваіх нацыянальна-культурных традыцый. Сказаць, што ў сучасных беларусаў тут не існуе аніякіх праблемаў, могуць толькі самыя недасведчаныя ў такіх пытаннях людзі ці тыя, каго зусім не хвалюе, што чакае іх наперадзе ў выпадку гістарычнага беспамяцтва, глыбіннай дэфармацыі нацыянальнай самасвядомасці народа.

Лічу, што вышэй сказанага больш чым дастаткова, каб усвядоміць, як нам важна паставіць краязнаўства на трывалы дзяржаўны грунт, як не толькі наспела, але пераспела пытанне аб стварэнні стройнай структуры гэтай важнай дзялянкі навукова-пазнавальнай, культурна-асветніцкай, нацыянальна-патрыятычнай дзейнасці. У нас не будзе аніякага апраўдання перад гісторыяй і будучымі пакаленнямі беларусаў, калі мы не выйдзем на ўзровень 1920-х гадоў і не створым таго, што тады ўдалося зрабіць адданым святой нацыянальнай справе краязнаўцам у апоры на самую дзяржаву і прагрэсіўныя колы грамадства. На мой погляд, цэнтральны орган па краязнаўстве мэтазгодна зрабіць пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, што толькі павысіць яго аўтарытэт сярод грамадскасці. Не будзем забывацца, што менавіта ў гэтым навуковым калектыве сканцэнтраваныя ў дастатковай колькасці самыя высокакваліфікаваныя, эрудзіраваныя кадры гісторыккаў краіны.

Проста не паддаецца тлумачэнню адсутнасць у нас такой ва ўсе часы патрэбнай грамадскай арганізацыі, як Беларускае краязнаўчае таварыства. Ужо былі дзве, здавалася б, сур'ёзныя спробы заснаваць яго, а справа не зрушылася з месца. Асабліва добра запомнілася аўтару гэтых радкоў першая з такіх. Канферэнц-залу мінскага Дома літаратара запоўнілі 27 снежня 1989 года даадказу тыя, хто жадаў прысвяціць сябе актыўнаму служэнню краязнаўчай справе ў самы пік беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Прапаноўвалася і мая кандыдатура ў раду БКТ, але паколькі ў гэты час выконваў абавязкі сябра сакратарыята рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, быў намеснікам старшыні такога таварыства горада Мінска, папрасіў не ўключаць мяне ў кіраўнічыя структуры краязнаўчага таварыства. Узначаліў яго выдатны гісторык, археолаг, краязнавец, шчыра адданы роднаму краю Генадзь Каханоўскі. Вось толькі хісткае здароўе, ранняя смерць (15 студзеня 1994 г.) не дазволілі яму штосьці адметнае зрабіць дзеля актывізацыі краязнаўчай дзейнасці ў краіне. Але ўсё ж пэўныя крокі рабіліся. Што датычыць спробы стварыць такое таварыства другім разам у сакавіку 2004 года, дык арганізатары яго так і не зрушылі развязванне дадзенай праблемы з нулявога цыклу, прычыну чаму трэба шукаць і ў абыякавасці да гэтай важнай справы ўладных структур. Выходзіць, што суверэнная Рэспубліка Беларусь са сваёй высокаэрудзіраванай інтэлігенцыяй не ў стане зрабіць таго, што ўдалося ў 1923 годзе (пры Інстытуце беларускай культуры пачало дзейнічаць Цэнтральнае бюро краязнаўства) моцна залежнай ад Маскоўскага Крамля БССР з яе малаадукаванай і мізэрнай па колькасці інтэлігенцыяй. Ну ці ж не сорамна нам сёння за сваю безініцыятыўнасць?

Тагачасныя сапраўдныя нацыянальныя патрыёты проста не маглі не далучацца па закліку сэрца да краязнаўчага руху. У 20-я гады, асабліва з пераходам у ліпені 1924 года да дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, ён быў вельмі папулярным. У ім, не ў прыклад практыцы сённяшняга дня, удзельнічала сапраўдная краса інтэлігенцыі: пісьменнікі Змітрок Бядуля, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Кандрат Крапіва, гісторыкі - Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімір Пічэта (узначальваў краязнаўчае таварыства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), Дзмітрый Даўгяла, Васіль Дружчыц, Даніла Васілеўскі, Мікалай Улашчык, этнографы Мікалай Каспяровіч, Аляксандр Шлюбскі, мастацтвазнавец Мікалай Шчакаціхін, літаратуразнавец Іван Замоцін, навуковец і журналіст Сяргей Сандракоў і інш. Варта заўважыць і такое, што прыродазнаўчыя кірункі краязнаўчых даследаванняў курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Дзейнасць краязнаўчых арганізацый не абыходзілі сваёй увагай мясцовыя органы ўлады. Цяпер такога не могуць уявіць сабе нават самыя вялікія аптымісты.

Не проста паверыць і ў такое, што ў 1930 годзе ў БССР мелася больш за 330 краязнаўчых арганізацый, да дзейнасці якіх было далучана 8,8 тыс. чалавек. Вось гэта сіла! Калі б мы сёння валодалі такім краязнаўчым патэнцыялам, многія самыя надзённыя пытанні нацыянальна-культурнага жыцця не мелі б такой вастрыні. Сказанае ў першую чаргу датычыла б і лёсу беларускай мовы, актыўным носьбітам якой не можа не быць сапраўдны краязнавец. Выхад сучаснага краязнаўства на ўзровень 1930 года не лічу зусім не рэальнай з'явай. Па-першае, у нас хапае дзеля гэтага і адукаваных, і бясконца ўлюбёных у свой край людзей, асабліва сярод моладзі. Па-другое, у развіцці краязнаўства не могуць не быць зацікаўленымі самі ўлады, бо ім адным, без апоры на нацыянальна-патрыятычныя сілы - а краязнаўцы ж мо ў самай высокай ступені адпавядаюць такім якасцям - не ўдасца спыніць нечуваную для ўсіх папярэдніх часоў культурна-моўную асіміляцыю беларускага народа. А гэта ж усяго толькі пачатак сусветнай глабалізацыі, якая не шкадуе, нівелюе народы, што не ўмеюць, не жадаюць ці не ў стане абараніць сваю этнакультурную самабытнасць. Хтосьці можа патлумачыць, што сёння няма такой патрэбы ў масавасці краязнаўчага руху, як гэта было ў 1920-я гады з-за слабай дасведчанасці людзей у пытаннях сваёй айчыннай гісторыі, вырашальнай ролі нацыянальнай культуры ў прадухіленні асіміляцыі. Хто так думае, той страшэнна памыляецца. Беларусы ўся яшчэ стаяць толькі на першай прыступцы, каля падножжа піраміды ведаў пра сваё мінулае, прычым і таго пласта яго, што прыпадае на час пасля згортвання ў другой палове 1930-х гадоў па волі ідэалагічных службаў бальшавіцкай партыі дзейнасці Цэнтральнага бюро краязнаўства. Марудзіць з вывучэннем нацыянальнай гісторыі, рашучым вызваленнем яе ад усялякіх фальсіфікацыяў мы ніяк не можам у святле паглыблення палітычных інтэграцыйных працэсаў паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь. Правільна вызначыць месца апошняй у якасці палітычнага суб'екта адзінай саюзнай дзяржавы немагчыма без глыбокага ведання айчыннай гісторыі, асабліва ў перыяд, калі даводзілася жыць у складзе Расійскай Імперыі і Савецкага Саюза, зведваць сур'ёзныя абмежаванні сваіх правоў, вялікую несправядлівасць з боку цэнтральных органаў. Дасканала разабрацца ва ўсім гэтым прафесійным гісторыкам у многім могуць дапамагчы краязнаўцы, бо ніхто лепш за іх не дасведчаныя ў пытаннях мінулага той ці іншай канкрэтнай мясцовасці як складовай часткі ўсёй беларускай зямлі. Пацвердзіць сказанае не ўяўляе аніякай складанасці, бо ў шэрагах сучасных краязнаўцаў дзясяткі асобаў, што вядуць свае даследаванні на ўзроўні прафесійных гісторыкаў, па мастацкім адлюстраванні любых, нават самых складаных падзей ніколькі не ўступаюць вядомым пісьменнікам Многія белыя плямы з гісторыі роднай мясцовасці зніклі дзякуючы плённым краязнаўчым пошукам Іераніма Філіповіча (Магілёў), Рыгора Родчанкі (Слуцк), Уладзіміра Кісялёва (Мінск), Сяргея Чыгрына (Слонім), Алеся Зайкі (загадчык школьнага этнаграфічнага музея з Івацэвічаў) і інш. Першы з названых захапіўся краязнаўствам яшчэ ў даваенныя гады, але сапраўдны поспех прыйшоў да яго намнога пазней. З мэтай вывучэння гісторыі роднага Магілёва і Прыдняпроўскага краю ён перагледзеў каля 200 архіўных фондаў, зрабіў з іх велізарную колькасць выпісак (117 агульных сшыткаў). Сістэматызаваная ім картатэка складаецца з 12 тыс. картак. Магілёўскі краязнавец падрыхтаваў да 2,4 тыс. фотанегатываў, 10 тыс. адзінак даведачнага матэрыялу. Усё гэта перададзена Магілёўскаму абласному краязнаўчаму музею. З надрукаваных І.Філіповічам прац найбольшую навуковую каштоўнасць маюць кнігі "Міфы і праўда аб Магілёве" (1993) і "Могилев: хроника событий 1917 - 1918 гг. (по архивам и печатным материалам)". [5]Пяру Р.Родчанкі належаць наступныя публікацыі: "Старэйшая школа Беларусі" (пра заснаваны ў 1617 г. Слуцкі ліцэй), "З вечнага" (зборнік фальклорна- этнаграфічных матэрыялаў Случчыны), "Альгерд Абуховіч-Бандынэлі. Нарыс жыцця і творчасці", "Альгерд Абуховіч. Творы" (укладанне, прадмова і каментары), "Слуцкая Старасветчына (факты і разважанні)".

Працяглы час жыцця і працы ў сталіцы Рэспублікі Беларусь Мінску ніколькі не адарваў ад малой радзімы У.Кісялёва. Ёй прысвечана каля дзясятка краязнаўчых прац, у тым ліку "На истоках неманских", "Прафесар электраграфіі і магнетызму: Якуб Наркевіч-Ёдка" (разам з В.П.Грыбкоўскім, В.П.Гапоненка), "Исследователь внимательный и трудолюбивый. О жизни и деятельности историка и богослова, профессора В.З.Завитневича" (родам з Уздзеншчыны).

Слонімшчыне дужа пашчасціла, што на яе зямлі нарадзіўся, жыве, творыць пісьменнік і краязнавец Сяргей Чыгрын. У сваіх шматлікіх краязнаўчых працах ён не абмінуў ні адной гістарычна важнай падзеі гэтага славутага куточка беларускай зямлі. Вялікую каштоўнасць маюць публікацыі гэтага даследчыка пра беларусаў Беласточчыны. Яго кнігі цікавяць многіх не толькі таму, што прысвечаны адметным у айчыннай гісторыі падзеям. Немалаважную ролю тут адыгрывае і высокапрафесійная літаратурная падача фактычнага матэрыялу.

Бадай нідзе так не крынічыць краязнаўчая дзейнасць, як на Лідчыне. Без такой дзейнасці наўрад ці з'явіўся б у 1997 г. у свет краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс "Лідскі Летапісец" (у год выходзіць чатыры разы). Яго рэдактарам - Станіслаў Суднік. Акрамя саміх лідчан, у штоквартальніку друкуюцца і аўтары з іншых месцаў пры ўмове, што іх матэрыялы прысвечаны Лідскаму краю. На старонках гэтага альманаха актыўна друкаваліся і друкуюцца добра вядомыя і за Лідчынай краязнаўцы Леанід Лаўрэш, Антось Савук, Валерый Сліўкін і інш. Як многа выйграла б краязнаўства Беларусі, каб прыклад лідчан знайшоў у ёй шырокае распаўсюджванне. А такое ж цалкам рэальна, бо ў кожным горадзе сярэдніх памераў дастаткова людзей, здольных займацца краязнаўчымі даследаваннямі, пісаць на падставе здабытых матэрыялаў навуковыя, публіцыстычныя артыкулы, на якія заўсёды быў, ёсць і будзе шырокі попыт.

З гісторыі добра вядома, што калі на долю таго ці іншага народа выпадалі вялікія выпрабаванні, яму на дапамогу прыходзілі валанцёры. Відаць, без іх не абысціся і сучаснаму краязнаўству. Краіна ў цэлым многа выйграла б, калі з пяці краязнаўцаў хоць адзін быў бы сапраўдным валанцёрам у нашым нялёгкім, не заўсёды з афіцыйнага погляду патрэбным змаганні за адраджэнне гістарычнай памяці народа, за вяртанне беларускай мовы на толькі для яе адзіны законны дзяржаўны п'едэстал, за ператварэнне тапаніміі ў сапраўдную нацыянальную каштоўнасць, непаўторную, адрозную ад тых, што маюцца ў нашых суседзяў. Толькі пры такім паважлівым стаўленні беларусаў да свайго роднага, нацыянальнага адпадзе, назаўжды знікне цалкам рэальнае на сёння растварэнне іх у чужой культурна-моўнай стыхіі. Гэтая небяспечная з'ява не можа не хваляваць усё беларускае грамадства, перадусім высокага рангу палітыкаў, элітарныя колы інтэлігенцыі. Пэўныя прыкметы такой занепакоенасці назіраюцца. Радуе, што плённую, надзвычай карысную працу краязнаўцаў не абыходзяць сваёй увагай, стараюцца ўсяляк дапамагчы ў шэрагу раёнаў краіны. Шкода толькі, што не ўсе яны як след забяспечаны фінансавымі сродкамі. Зразумела, наша небагатая краіна не павінна пускаць грошы на вецер, але калі краязнавец падрыхтаваў да выдання цікавы матэрыял, шкадаваць іх на гэтую мэту ніяк нельга, бо яны шматкроць акупяцца. Датычыць гэта і "Краязнаўчай газеты" (выходзіць з 2003 г.), якую мінаюць дзяржаўныя датацыі, у выніку чаго яна параўнальна дарагая па цане і не можа пахваліцца вялікім тыражом. Па гэтай важкай прычыне цікавыя, змястоўныя матэрыялы газеты застаюцца недаступнымі для многіх. На добры лад яна павінна паступаць ва ўсе бібліятэкі, нават школьныя ці створаныя на прадпрыемствах, ва ўстановах.

Спыніўся на "Краязнаўчай газеце" зусім не выпадкова. У 2013 годзе спаўняецца 90 гадоў ад часу нараджэння ў БССР Цэнтральнага бюро краязнаўства. Гэтую без перабольшвання гістарычную падзею абавязкова трэба адзначыць стварэннем Беларускага краязнаўчага таварыства, што ў многім аблегчыцца, калі тыраж "Краязнаўчай газеты" падвоіцца ці патроіцца. Ідэю такога таварыства неабходна давесці да як мага больш шырокага кола людзей і праводзіць яе ў практыку ў апоры на ўладныя структуры. У наш час, калі так страшэнна здэфармавана нацыянальная свмасвядомасць беларусаў, калі іх нацыянальна-культурнае жыццё зусім не дапасоўваецца да назвы дзяржавы, калі сацыяльная роля мовы яе карэннага насельніцтва зведзена да нулявой адзнакі, калі народ анямеў у роднай мове, нам, як кісларод, патрэбна Беларускае краязнаўчае таварыства. Яно б толькі выйграла, каб у яго кіраўнічыя структуры прыйшлі маладыя, непенсійнага ўзросту, ініцыятыўныя людзі. І мо ці варта яго сядзібу абавязкова мець у Мінску, які і так перагружаны разгалінаванай сеткай розных грамадскіх арганізацый і рухаў, што вядзе да пасіўнасці жыхароў нашых абласных цэнтраў. Архісур'ёзных праблем на шляху да прыстойнага, цывілізаванага нацыянальна-культурнага жыцця сёння ў нас так багата, што ніводзін яе буйны населены пункт не можа быць выключаны з актыўнай стваральнай дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны.



[1] Да слова, яе ж не цураюцца вытворцы моцных напояў, з такой назвай прадаюць у крамах гарэлку і настойку. Шкада толькі, што, акрамя назвы, яны больш нічога не пішуць па-беларуску.

[2] Пушкін І.А. Удзел нацыянальных меншасцяў у грамадска-палітычным жыцці Савецкай Беларусі (1919 - 1990 гг.). Мн., 2010. С. 49.

[3] Літаратура і мастацтва. 9 лістапада 2012 г. С. 23.

[4] "Комсомольская правда" в Белоруссии. 2012. 5 октября . С.6.

[5] Краязнаўчая газета. 2012. №31 (жнівень).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX