Папярэдняя старонка: Лыч Л.М.

Беларусы на мяжы нацыянальнай катастрофы 


Аўтар: Лыч Леанід,
Дадана: 13-02-2015,
Крыніца: Мінск, 2015.

Спампаваць




Леанід Лыч

Беларускае нацыянальнае пытанне ў калейдаскопе думак

Мінск, 2015


Лыч Л.

Беларусы на мяжы нацыянальнай катастрофы /Лыч Леанід. - Мінск.2015 − … с. 54.

У кнізе раскрываюцца прычыны неверагодных цяжкасцяў этнакультурнага жыцця беларускага народа ў выніку правядзення супярэчнай яго інтарэсам дзяржаўнай моўнай палітыкі ўладамі Рэчы Паспалітай, царскай Расіі, СССР - БСССР і Рэспублікі Беларусь. На аснове аналізу фактычнага матэрыялу паказана, што праблема захавання беларусамі сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці істотна абвастрылася пасля правядзенага па ініцыятыве палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь у 1995 г. рэферэндуму, згодна з якім насуперак сусветнай практыцы краін з адным тытульным народам статус другой дзяржаўнай мовы надалі ў Беларусі і рускай мове. Пры падтрымцы дзяржаўнага чыноўніцкага апарату яна трывала ўсталявалася ва ўсіх сферах афіцыйнага жыцця, зрабіўшы лішняй, непатрэбнай для яго беларускую мову. Яшчэ ніколі беларусы не былі так масава адарванымі ад роднай мовы, як сёння, што немінуча вядзе іх да нацыянальнай катастрофы.
Сваю кнігу прысвячаю тым, каго глыбока непакоіць трагічны лёс беларускай мовы, будучыня роднай Бацькаўшчыны, хто гатоў дзеля яе выратавання ад этнічнага вымірання ісці на любыя выпрабаванні.

Змест

Ад аўтара

1. Катастрофа рыхтавалася здаўна і грунтоўна

2. Войны ўладаў з беларускай мовай

3. Дзяржава не жадае - народ не можа

4. Не ўпусціць апошні шанец


Прысвячаю носьбітам беларускай
нацыянальнай культуры і мовы

Ад аўтара

Як да болю мала чаго прагрэсіўнага, усцешнага дала нацыянальна-культурнаму жыццю беларусаў уласная суверэнная (так і хочацца ўзяць у двукоссе) дзяржава. Хто толькі мог падумаць, прадбачыць, што і на трэцім дзясятку існавання такой ліпавай незалежнасці сваё ў духоўнай сферы будзе знаходзіцца ў загоне, а чужое выступаць у ролі гаспадара? У такіх варунках ні культуру Беларусі, ні яе існы палітычны лад нельга называць нацыянальнымі, а апошні яшчэ і незалежным. Каб быць такімі, уся іх дзейнасць павінна падпарадкоўвацца інтарэсам нацыянальнай ідэі, максімальна адпавядаць этнакультурнай самабытнасці ўласнага народа. Такое ж можа быць рэальнасцю толькі тады, калі ён развіваецца на сваім культурна-моўным грунце. Ігнараванне падобнай практыкі - а яно акурат з'яўляецца нормай для ідэолагаў і праваднікоў антынацыянальнай палітыкі Рэспублікі Беларусь - да ніякіх іншых вынікаў не можа прывесці, як толькі да асіміляцыі народа. У гэтым плане нашыя датла зрусіфікаваныя палітыкі ў апоры на шматлікую бюджэтную катэгорыю інтэлігенцыі ледзь не цалкам адарвалі яго ад сваёй нацыянальнай культуры і мовы. Абсалютная бальшыня карэннага насельніцтва краіны не з'яўляецца носьбітамі гэтых толькі аднаму яму прыналежных духоўных каштоўнасцяў, якімі яно павінна жыць, развіваць іх, каб этнічна не заняпасці, не стаць ахвярай чужога культурнага ўплыву.

Становішча сур'ёзна ўскладняецца з прычыны таго, што многія, у тым ліку і тыя, хто застаецца шчырым прыхільнікам нацыянальнага ў культуры, не бачаць рэальнай пагрозы для яе заняпаду з-за празмернага панавання рускага пачатку ў духоўным жыцці краіны, з вялікім гонарам заяўляюць пра свой аптымізм у дачыненні да будучыні ўласнага народа, з чым ніяк нельга пагадзіцца. Такіх людзей можна пахваліць толькі за тое, што яны хоць штосьці карыснае робяць дзеля захавання беларускай культуры ад дэнацыяналізацыі. Але гэта дробязь, безвыніковыя патугі у параўнанні з тым, што ўчыняе сама дзяржава дзеля забеспячэння непадзельнага панавання ў краіне рускамоўнай адукацыі, культуры і ўвогуле рускага пачатку ў нашым духоўным жыцці. Не, апошняму ніяк не пазайздросціш, бо беларускае ў ім толькі на сподзе, з дня на дзень усё бяднее і як след не дапамагаюць яму ні штогадовыя беларускамоўныя дыктоўкі, ні бесперапынныя грамадскія акцыі пад дэвізамі "Будзьма беларусамі!", "Мы - беларусы!", ні вывешаныя ў многіх людных месцах транспаранты з падобнымі заклікамі. З такімі акцыямі трэба ісці ў народ (ведаю, што дзяржава іх не забароніць такога). Каб яны сталі рэальнасцю, патрэбна ўвесь лад жыцця нашай зямлі рабіць беларускім. А такога без удзелу па-сапраўднаму нацыянальнай дзяржавы не дасягнеш, бо гэта надзвычай складаная для рэалізацыі праблема.

Як і многія мае сябры, аднадумцы, я таксама хацеў бы быць бясконцым аптымістам у дачыненні да перспектываў беларускай культуры і мовы, асабліва апошняй, бо пры заняцці ёю прыстойнага месца ў грамадстве - а яна такога заслугоўвае на ўсе сто адсоткаў - абавязкова ўдасца выцягнуць нацыю з асіміляцыйнай багны. Такім аптымістам я ніяк не магу стаць, бо не знаходжу аніводнага важкага доказнага прыкладу ўзмацнення пазіцый беларускай мовы хоць на якой-небудзь дзялянцы нашага грамадскага жыцця ад часу ўсталявання прэзідэнцкага кіравання краінай, хаця яму ўжо болей за два дзясяткі гадоў! А вось як гэта форма кіравання дзяржавай бязлітасна, ненажэрна душыць роднае слова тытульнай нацыі, прыкладаў процьма. Хтосьці мне можа запярэчыць спасылкай на дзяржаўную падтрымку ўвядзення новага, нібыта больш дасканалага правапісу беларускай мовы. Згодзен. Было такое. Але ж рабіць падобнае пры адначасовай поўнай ізаляцыі беларускай мовы ад абслугоўвання грамадскага жыцця - гэта ніяк нельга назваць, як блюзнерствам з боку дзяржавы. За гады функцыянавання прэзідэнцкай сістэмы кіравання не без яе непасрэднага ўдзелу і зацікаўленасці беларускую мову вельмі моцна пацяснілі ў сродках масавай інфармацыі, асабліва папяровага фармату. Добра дасталася і літаратурнаму працэсу, дзякуючы якому наш народ да канца не здэнацыяналізаваўся за так неспрыяльным для яго савецкім часам. Сёння ў суверэннай дзяржаве Беларусь на літаратурнай ніве ўвачавідкі запанаваў рускі пачатак. Праз дзесяць-дваццаць гадоў тут яго пазіцыі могуць так утрываліцца, што беларускамоўныя мастацкія творы будуць выдаваць накладамі не больш як па сто паасобнікаў. Ну і як жа ў такой бесперспектыўнай сітуацыі я магу быць аптымістам? Ім можна стаць толькі тады, калі да ўлады прыйдуць людзі са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю, здольныя, моцна ахвочыя самі да жыцця паводле нацыянальна-культурных традыцый сваёй зямлі. У асяроддзі сённяшніх апазіцыйных партый і рухаў я такіх людзей таксама асабліва не бачу. Падаецца, што поўнасцю яны адсутнічаюць сярод высокага рангу дзяржаўных дзеячоў. Рэспубліка Беларусь ужо больш за дваццаць гадоў не мае сапраўднага нацыянальнага лідара, здольнага аб'яднаць вакол сябе тую жменьку беларусаў, што яшчэ не адарваліся ад роднай глебы, захоўваюць сваё адметнае ад усіх суседзяў этнакультурнае аблічча, спрэс карыстаюцца толькі нацыянальнай мовай. Не выключана, што такіх шчырых беларусаў у нас было б непараўнальна больш, каб дзяцей яшчэ ў школьным узросце бацькі і настаўнікі вучылі, што адзіным аб'ектыўным індыкатарам нацыянальнага здароўя, самадастатковасці народа была, ёсць і навекі застанецца яго родная мова; што як бы ён ні вызначаўся сваімі дасягненнямі ў розных сферах чалавечай дзейнасці, але калі ў моц тых ці іншых прычын застаўся па-за роднай мовай, ён ужо не народ, а нейкая без уласнай назвы бесхрыбетная істота, якой нічога іншага не наканавана ў бліжэйшы час, як толькі стаць трупам. Колькі народаў планеты Зямля не ўхілілася ад такой катастрофы?! Колькі народаў, у тым ліку і беларускага, чакае яна ўжо ў агляднай перспектыве, калі ім не ўдасца вярнуцца, утрываліцца ў сваім нацыянальным культурна-моўным улонні?!

Я дзвюма рукамі галасую толькі за беларускамоўную Беларусь. Ёй зусім не патрэбна, нават шкодна, каб на яе тэрыторыі на дзяржаўным узроўні функцыянавала яшчэ якая-небудзь мова, нават самая развітая, самая распаўсюджаная, прэстыжная ў свеце, бо гэта пярэчыць самай элементарнай логіцы, нашаму нацыянальнаму інтарэсу. Людзі могуць быць і шматмоўнымі, але афіцыйнае жыццё краіны, калі яна жадае быць самабытнай, са сваім нацыянальным тварам, павінна абслугоўвацца толькі роднай мовай карэннага насельніцтва. Каб такое не здарылася, нашыя ўлады гатовыя на прыняцце любых захадаў і нават загнаць у месцы зняволення ўсіх актыўных змагароў, шчырых прыхільнікаў беларускага слова. Правядзенню акцый "Мы - беларусы!", "Будзьма беларусамі!", напісанню беларускамоўных дыктовак, дзеянню Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ўлада не перашкаджае толькі таму, што ведае: яны ніколькі не пахіснуць незвычайна трывалыя пазіцыі так жаданай і любімай ёю рускай мовы - фактычна адзінай дзяржаўнай у краіне. З вялікім болем у сэрцы канстатую: у масе сваёй беларусы не разумеюць, якая страшэнная катастрофа навісла над імі ў выніку амаль поўнага адыходу (па форме і характару - вымушанага) ад роднага слова, татальнай русіфікацыі духоўнага жыцця краіны, тым болей, што ўсё гэта, як толькі можа, утойвае ад людзей дзяржаўны ідэалагічны апарат. Жаданне хоць чым-небудзь дапамагчы ім разабрацца ў гэтай няпростай сітуацыі, без чаго немагчыма рабіць пэўныя крокі па яе карэнным выпраўленні, і паслужыла для аўтара падставай узяцца за пяро і паказаць, што сучасная дзяржаўная культурна-моўная палітыка ні да чога іншага не можа прывесці беларускі народ, як толькі да яго этнічнай гібелі, канчыны. Яна ўжо не на дварэ, не на ганку, а ў самой хаце. Для мяне, як сына беларускай нацыі , было б вялікім грахом, прадбачачы непазбежнасць яе скону, не сказаць сваім супляменнікам такіх горкіх, але праўдзівых слоў.

Рэдагаванне і карэктура выкананы аўтарам.


1. Катастрофа рыхтавалася здаўна і грунтоўна

Рознай масці асімілятарам спатрэбіліся стагоддзі брутальнай руйнавальнай працы, каб нарэшце вымусіць калі не ўвесь, дык абсалютную бальшыню беларускага народа ўвайсці ў чужую культурна-моўную каляіну. Не толькі сёння, але ўжо і ўчора я не заўважаў яго сапраўднага самадастатковага нацыянальнага жыцця, хаця і вельмі стараўся ўбачыць такое. Праўда, зрэдку сустракаліся зайздроснага гонару беларускамоўныя асобы - гэтыя малалікія, дробненькія адшчэпкі ад нацыі, але ўсё ж не якія-небудзь цэласныя, не адрынутыя ад бацькоўскай мовы пласты грамадства. Па злой чужой волі, а апошнім часам і ўласных уладных структур яны даўно пазнікалі са свету. Назваць такое грамадства самабытнай, арыгінальнай беларускай нацыяй ніяк не выпадае, бо ледзь не ўся яна прытрымліваецца не сваіх, а рускіх культурна-моўных традыцый, не разумеючы ці не жадаючы зразумець, што гэта ні да чога добрага не можа прывесці, як толькі да этнічнага заняпаду. Яшчэ ніводнаму народу не ўдавалася заставацца самім сабой, вызначацца адметнасцю, самабытнасцю, паразітуючы на чужой культуры і мове. Беларусы не могуць быць шчаслівым выключэннем, прытрымліваючыся гэтай агіднай, цалкам бесперспектыўнай практыкі.

Беларусы, ці як іх працяглы час раней называлі літоўцы, ліцвіны, свой першы сур'ёзны іспыт на этнічнае выжыванне з трэскам правалілі яшчэ за часамі Рэчы Паспалітай. Падставілі ж іх уласнай гадоўлі здраднікі з ліку самых багатых, найбольш адукаваных людзей, што перайшлі на спажыванне польскіх культурна-моўных каштоўнасцяў, змянілі праваслаўе, а пазней уніяцтва на каталіцкую веру польскага ўзору. У цеснай апоры на гэтых адшчапенцаў прапольскай арыентацыі ўлады спрэс вывелі, у адпаведнасці з пастановай 1696 года, беларускую мову са службовага справаводства, добра ведаючы з сусветнай практыкі, што калі тая ці іншая мова не абслугоўвае палітычнага жыцця краіны - гэта ўжо не мова, а смецце, у першую чаргу зусім не патрэбная сістэме адукацыі, дзе якраз і адбываецца фармаванне новых пакаленняў - будучыні ўсякага народа. Учыненая людаедская экзекуцыя над беларускай мовай кінула наш народ у сапраўдны кацёл паланізацыі. У ім этнічную смерць знайшоў сабе ні адзін мільён беларусаў! І самае агіднае, вартае суровага асуджэння: не было сур'ёзнага супраціву, асабліва з боку заможных і адукаваных станаў, палітыцы паланізацыі, якую ў поўнай згодзе паміж сабой праводзілі дзяржава і касёл. Больш за тое, гэтыя станы часта выступалі ў ролі распаўсюджвальнікаў польскай культуры, мовы, лацінскай веры польскага ўзору ў асяроддзі простых людзей. І толькі галоўным чынам нізкі ўзровень іх адукаванасці, амаль поўная адарванасць ад цывілізацыі не спрыялі хуткаму, маштабнаму распаўсюджванню чужой мадэлі духоўнага жыцця на нашай зямлі. Але ж культурнае развіццё яе ўсё-такі моцна затармазілася, інтэнсіўна, у вялікай меры папаўнялася польскім элементам. Не існавала і нулявой гарантыі, што ў тых неспрыяльных варунках беларускую культуру чакаў нейкі прагрэс. Ён не мог адбывацца ўжо таму, што з абслугоўвання афіцыйнага жыцця цалкам выключылі беларускую мову, замяніўшы польскай. Ад гэтага часу на ёй пачалі вучыць дзяцей ва ўсіх тыпах навучальных устаноў, ствараць усіх жанраў мастацкую літаратуру, пісаць навуковыя працы (ужывалі і латынь), развіваць тэатральна-музычнае мастацтва. Праўда, у гэтых мэтах выкарыстоўвалі і некаторыя мовы цэнтральных, заходніх краін Еўропы. Наша ж слова гучала толькі ў сельскй мясцовасці і ва ўніяцкіх храмах, але рана ці позна і на вёску прыйшла з нядобрым намерам паланізацыя, галоўным чынам праз чужую сістэму адукацыі, не ў роднай мове мастацкую літаратуру і касцёл. Але каб такой асіміляцыйнай з'явы не назіралася, царская Расія не змагла б апраўдаць свой удзел у злачыннай акцыі па ліквідацыі Рэчы Паспалітай неабходнасцю выратавання яе "рускага" праваслаўнага насельніцтва ад паланізацыі і акаталічвання.

Задуманае свецкімі і духоўнымі ўладамі Расіі збылося. Не ўдалося далучыць толькі Беласточчыну, якая дасталася Прусіі. Будучы добра дасведчанымі, як у Рэчы Паспалітай літвінаў-беларусаў пераўтваралі ў штосьці бесструктурнае ў этнічным плане, каб іх затым лягчэй было перавесці на польскі лад жыцця, нешта падобнае адразу ж сталі рабіць з імі і новыя гаспадары, толькі ўжо з мэтай русіфікацыі. Ёй у нашым краі больш упарта супраціўлялася апалячанае, акаталічанае насельніцтва, галоўным чынам заможныя, адукаваныя станы, чым самі этнічныя мала ці зусім неадукаваныя беларусы. Без добра выханаваных у нацыянальным духу палякаў карэнныя жыхары нашай зямлі наўрад ці адважыліся б у 1794 годзе на выступленне супраць царскай Расіі, якім кіраваў Тадэвуш Касцюшка, на паўстанні 1830-1831 і 1863-1864 гг. Тым не менш і пад уладай царызму палякі ўмудраліся праводзіць так жаданую, звыклую для іх палітыку паланізацыі беларусаў, толькі ўжо не ў апоры на мясцовыя органы ўлады, а найперш на ўсемагутны касцёл. Дзе-нідзе ў гэтых мэтах з належнай аддачай выкарыстоўваліся і польскамоўныя навучальныя ўстановы. Адукаваныя беларусы і пад царскім прыгнётам не пераставалі цягнуцца да польскай мастацкай літаратуры, тым больш што на яе ніве плённа працавалі і ўраджэнцы нашага краю. Добра паспрыяў распаўсюджванню польскасці сярод яго пісьменных жыхароў сваімі высокамастацкімі творамі Адам Міцкевіч, асабліва тымі, што прысвячаліся паказу мясцовага жыцця. А іх было нямала.

Свецкіх і духоўных уладаў царскай Расіі ў аднолькавай ступені не задавальняла прысутнасць на інкарпарацыйных землях колішняй Рэчы Паспалітай ні беларуская, ні польская культуры. Запаветнай мэтай лічылася бесканкурэнтнае панаванне тут толькі адной адзінай культуры - рускай. А што гэта з цягам часу прывядзе да поўнай асіміляцыі двух славянскіх народаў - беларускага і польскага, − мала каго турбавала з высокіх дзяржаўных дзеячоў Расійскай імперыі.

У царскіх чыноўнікаў вельмі добра атрымлівалася з асіміляцыяй беларусаў, бо яны не так упарта супраціўляліся гэтай злачыннай палітыцы дзяржавы і праваслаўнай царквы, як палякі, паколькі апошнія мелі багатую нацыянальную культуру і не ўяўлялі жыцця без яе. Надзейнай апорай у іх з'яўляўся і касцёл. Царызм больш як за 140 гадоў жорсткага каланізатарскага панавання ў нашым краі не стварыў тут аніводнай беларускамоўнай школы, не кажучы ўжо пра навучальныя ўстановы больш высокага тыпу, і толькі ў пачатку ХХ стагоддзя даў дазвол на выданне газеты на мове карэннага насельніцтва. Пасля гвалтоўнага скасавання ў 1839 годзе ўніяцкай царквы беларусы больш не чулі сваёй роднай мовы ні ў час набажэнстваў у праваслаўных, ні ў час казанняў у каталіцкіх храмах. Касцёл - і то з вялікай неахвотай - упусціў яе ў некаторыя свае святыні толькі ў пачатку ХХ стагоддзя. Усе самыя адукаваныя, здольныя ў тым ці іншым відзе творчай дзейнасці асобы працавалі на рускую ці польскую культуры. Беларускі нацыянальны дух амаль цалкам адсутнічаў у жыцці элітарных пластоў насельніцтва нашай бязлітасна змардаванай русіфікацыяй Бацькаўшчыны. Як і за Рэччу Паспалітай, беларусам рэальна паграджала нацыянальная катастрофа. Адбыцца такому не далі ўлюбёнае ў сваю культуру і мову сялянства, звяржэнне рэакцыйнага палітычнага рэжыму царскай Расіі.

Трохі пажыць цывілізавана па-беларуску дазволілі падзеі Першай сусветнай вайны, кастрычніцкі пераварот 1917 года. У сваім стаўленні да беларускай нацыянальнай культуры і мовы нямецкія псы-рыцары аказаліся непараўнальна больш спагадлівымі, чым свецкія і духоўная ўлады братняга рускага народа. Нацыянальнае ажыўленне беларусаў у той экстрэмальнай сітуацыі добра падсілкавала іх для далейшай працы ў гэтым выратавальным для народа кірунку. Шырокі размах яна атрымала з ліпеня 1924 года, калі сама дзяржава вырашыла не на словах, а на справе далучыцца да беларусізацыі, зрабіць яе асяродкам сваёй нацыянальнай палітыкі. Набыткі беларусізацыі проста ўражвалі. Партыйныя, савецкія чыны на здзіў усім і кожнаму загаварылі з беларусамі на іх роднай мове, лічачы гэта для сябе за вялікі гонар. Сёння, мо, самы зацяты фантазёр не паверыць у такое. Здавалася, наспеў час ад вялікай радасці трубіць у фанфары! І трубілі б, каб не ўчынілі барацьбу з надуманымі нацдэмамі, каб у 1930-я гады не адбыліся масавыя фізічныя рэпрэсіі, якія пакінулі беларускую нацыю без галавы: зніштожылі амаль усю бясконца ўлюбёную, шчыра адданую Бацькаўшчыне, творча актыўную інтэлігенцыю, нацыянальна свядомы пласт палітыкаў. Пры вострым дэфіцыце такіх прэстыжных для любога грамадства катэгорый людзей высокага нацыянальнага чарту ніводзін народ не зможа нармальна развівацца, захоўваць сваю этнакультурную самабытнасць, у чым нас так добра пераконвае да апошніх падвалін здэнацыяналізаванае жыццё сучаснай Беларусі.

І ўсё ж беларуская нацыя не сканала, хаця і панесла велізарныя нацыянальныя страты ў выніку бальшавіцкіх рэпрэсій. Варта было толькі фашысцкім акупантам абвясціць, што яны ў Беларусь прыйшлі не дзеля таго, каб пазбавіць народ магчымасці развівацца на ўласнай нацыянальна-культурнай аснове, а, наадварот, будуць усяляк садзейнічаць пераадоленню шкодных наступстваў і русіфікацыі, і паланізацыі, як адразу ж здаровыя нацыянальныя сілы пачалі ствараць на беларускай мове рознага тыпу навучальныя і культурныя ўстановы, выдаваць на ёй газеты, часопісы і кнігі. Фашысцкая акупацыя - гэта найвялікшая трагедыя для беларускага народа. Але будзем справядлівымі і, не крывячы душой, смела заявім: ён, дзякуючы старанням сваёй нацыянальна зарыентаванай інтэлігенцыі, не паддаўся палітыцы анямечвання з яе надзвычай багатай практыкай і ў мінулым, і ў гады Другой сусветнай вайны культурна-моўнай асіміляцыі еўрапейскіх народаў, і асабліва славянскіх, з якімі немцы стагоддзямі жылі па-суседству. У працах навукоўцаў розных пакаленняў даволі часта адзначалася, што ў жылах карэнных жыхароў і кайзераўскай, і фашысцкай Германіі славянскай крыві цячэ не менш, чым нямецкай, што, аднак, ніколькі не спрыяла ўсталяванню, падтрыманню чалавечых дачыненняў паміж гэтымі народамі. І ўсё ж, заваяваўшы Беларусь, акупанты не ставілі сваёй мэтай дазвання вынішчыць тут нацыянальную культуру і мову, не пайшлі на ўкараненне ў практыку грамадскага жыцця афіцыйнага двухмоўя, не арганізавалі аніводнага рэферэндуму з тым, каб юрыдычна ўраўняць нямецкую і беларускую мовы, а не дык і зусім зрабіць першую адзінай дзяржаўнай. Каб толькі фашысты паставілі перад сабою такую мэту, яна абавязкова стала б рэальнасцю. І раней, і зараз вельмі многіх з нас здзіўляе сваёй маштабнасцю актывізацыя нацыянальна-культурнага, рэлігійнага жыцця беларусаў на акупаванай фашыстамі тэрыторыі. У пошуках адказу на гэтае пытанне многія часцей за ўсё схіляюцца тлумачыць такую маштабнасць гуманным стаўленнем да беларускай культуры самога начальніка Беларускай генеральнай акругі гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Пэўная доля праўды ў гэтым ёсць, бо ён і сапраўды не быў непрымірымым ворагам нацыянальна-культурных традыцый насельніцтва краю, якім давялося кіраваць. Быў бы заклятым ворагам, дык не пісаў бы ў адным са сваіх артыкулаў: "Поле і хата, сямейнае жыцьцё, школа, царкоўная свабода, культура, тэатр, асьвета й мастацтва ў беларускім характары - вось тая мэта, якую мы ставім…" На вялікі жаль, сёння кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь не толькі не ставіць перад сабой такіх мэтаў у сваёй культурнай палітыцы, а нават і не дае магчымасці нацыянальна зарыентаваным колам грамадства публічна пагаварыць са сваім народам пра незайздросны лёс тых духоўных каштоўнасцяў, якія арганічна звязаны з беларускім характарам.

І ўсё ж прыкметнае ажыўленне нацыянальнай працы на акупаванай фашыстамі беларускай зямлі - гэта далёка не заслуга створанага тут імі палітычнага рэжыму. Такому ажыўленню беларускі народ найперш абавязаны вялікім старанням здаровай нацыянальнай самасвядомасці тагачасных грамадска-палітычных і культурных дзеячоў. Шкада толькі, што да пачатку вайны з Германіяй самых лепшых, найбольш актыўных з іх з'елі фізічныя масавыя рэпрэсіі 1930-х гадоў. У жывых засталіся нацыянальныя дзеячы мо на адзін-два парадкі ніжэй за закатаваных. Але і ў іх хапіла розуму, энергіі, каб разабрацца, што можа здарыцца з народам, калі яму навязаць нямецкія культурна-моўныя каштоўнасці. Этнічная смерць! Каб не дапусціць такой трагедыі, усе найлепшыя ў плане этнічнай спеласці сілы беларускага народа актыўна ўзяліся за стварэнне адпаведнага яго нацыянальна-культурным традыцыям жыцця, якое ў міжваенныя гады так і не вызвалілі ад цяжкіх наступстваў русіфікацыі.

Фашысцкі акупацыйны рэжым пагражаў беларускаму народу дэмаграфічнай, а не этнакультурнай катастрофай. З такімі цяжкімі выпрабаваннямі яму не раз даводзілася сутыкацца, асабліва ў перыяд Сярэднявечча, калі вяліся частыя кровапралітныя войны паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. Але міналі гады, і Беларусь аднаўляла сваю колішнюю колькасць насельніцтва. Такое не магло не адбыцца і пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.

Пра яе цяжкія дэмаграфічныя, эканамічныя наступствы шмат чаго праўдзівага сказана і напісана. А вось пра карысную працу і лёс тых, хто ратаваў беларусаў ад анямечвання, стараліся альбо маўчаць, альбо беспрычынна навешваць ярлыкі калабарантаў. Як і трэба было чакаць, гэты не адарваны ад нацыянальнай глебы пласт грамадска-палітычных і культурных дзеячоў, ратуючыся ад суровага, хаця і незаслужанага пакарання савецкім судом, кідае ўлетку 1944 года бясконца дарагую ім Бацькаўшчыну і шукае сабе паратунку ў розных краінах Еўропы, а яшчэ пазней і ўсяго Заходняга паўшар'я зямлі. Ну ці ж гэта не трагедыя для нацыі?! Трагедыя, прычым з неверагодна цяжкімі для яе (нацыі) наступствамі. Трагедыя, якая пры самым неспрыяльным збегу абставін з цягам часу магла б вельмі лёгка перарасці ў сапраўдную для беларускага народа этнічную катастрофу.

А абставіны менавіта так і складваліся на працягу ўсіх пасляваенных гадоў і нават пазней, уключаючы пачатак Гарбачоўскай перабудовы. З выгнаннем фашысцкіх акупантаў адразу ж пачаліся ганенні на тых, хто да вызвалення працаваў у культурна-асветніцкай сферы. Пры нечувана вострым дэфіцыце такіх спецыялістаў у пасляваеннай Беларусі не даюць працы асобам, прыцягнутым акупантамі ва ўстановы адукацыі і культуры. Цяпер іх у масавым парадку ўкамплектоўваюць людзьмі без адпаведнай адукацыі і прафесійнага вопыту, а таксама адкамандзіраванымі з саюзных рэспублік спецыялістамі, зусім не беручы пад увагу іх поўную адарванасць ад беларускай культуры, невалоданне беларускай мовай. Таму і не дзіва, што за пасляваенныя гады мы нічога не зрабілі па стварэнні беларускамоўнай сістэмы адукацыі, а беларускай нацыянальнай культуры забяспечвалі толькі другарадную ролю ў духоўным жыцці рэспублікі, даўшы трывала запанаваць у ім рускаму элементу, што няўхільна вяло да русіфікацыі беларускай нацыі. Непазбежны надыход для яе ў падобнай сітуацыі этнічнай катастрофы прадбачыўся і многімі палітыкамі, і самымі шырокімі коламі творчай інтэлігенцыі, але ўсе яны маўчалі, баючыся здабыць сабе ярлык беларускага нацыяналіста. Білі ў званы, папярэджвалі пра немінучы надыход сапраўднай этнічнай смерці для беларускага народа галоўным чынам толькі грамадска-палітычныя, культурныя дзеячы нашай дыяспары - г. зн. пераважна тыя асобы, што ў гады акупацыі супрацоўнічалі з немцамі.

У нас ёсць усе падставы і здзіўляцца, і радавацца, што ва ўмовах страшэнна знявечанага русіфікацыяй беларускага ладу жыцця ўсё ж падчас Гарбачоўскай перабудовы знайшліся асобы з вялікай літары, якія не толькі паверылі, але і актыўна ўзяліся за выратаванне карэннага насельніцтва сваёй краіны ад буйнамаштабнай нацыянальнай дэградацыі. Пачалі - хай сабе і ў нязначнай колькасці, не так рашуча - змагацца з ёю партыйныя і савецкія дзеячы, даволі шырокія колы інтэлігенцыі, якія да гэтага самым актыўным чынам праводзілі культурна-моўную русіфікацыю свайго кроўнага народа. Да Гарбачоўскай перабудовы думка пра такі рух за нацыянальныя ідэалы нават і ў ва сне не прыходзіла ў галаву. Беларусь яшчэ працягвае заставацца ліпавым палітычным суб'ектам СССР, а яе самыя высокія ўлады супольна з цвёрдай нацыянальнай пазіцыі часткай інтэлігенцыі 26 студзеня 1990 года прымаюць гістарычнай важнасці Закон аб мовах у Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім родная мова яе тытульнага народа аб'яўляецца цалкам правамерна адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы. Ад вялікай радасці нацыянальныя патрыёты проста рвалі свае горлы крыкамі "Ура!", бо разумелі, што, дзякуючы такому ўзважанаму, прагрэсіўнаму Закону, адродзіцца і запануе ў грамадскім жыцці беларуская мова і, значыцца, будзе існаваць, квітнець беларуская нацыя. Закон аб мовах у Беларускай ССР - гэта самае лепшае, што ёсць у савецкай заканадаўчай практыцы ўвогуле. Яго смела можна назваць Законам дваццатага стагоддзя. Разам з міжваеннай беларусізацыяй перыяд з 26 студзеня 1990 года да 14 мая 1995 года (правядзенне рэферэндуму па мове і нацыянальнай сімволіцы) - гэта па-сапраўднаму залатыя старонкі ў нашай айчыннай гісторыі. І як шкада, што пра іх мы сёння практычна нічога не гаворым у нашых сем'ях, у школах, ліцэях, каледжах, універсітэтах, па радыё і тэлебачанні, не пішам на старонках перыядычнага друку, мастацкай, публіцыстычнай, навуковай літаратуры, таму беларускі народ у масе сваёй амаль нічога не ведае з таго, чым ён мо толькі і можа ганарыцца за апошнюю чвэрць стагоддзя. Эканоміка ж на дзве нагі - і не першы год - кульгае. Выручаюць галоўным чынам замежныя крэдыты, пастаўкі з Расіі па зніжаных цэнах нафты і газу. З-за непрадуманай меліярацыі, заганнай арганізацыі працы на палях да страшэннай ступені абмялелі нашыя рэкі і азёры.У іх не маецца і сотай долі даваеннай колькасці рыбы, беззваротна пазнікалі багатыя на кісларод балоты, неверагодна збяднелі на дзічыну, грыбы, ягады, лекавыя расліны нашыя лясы, архінебяспечнай для існавання ўсяго жывога, у тым ліку і самога чалавека, склалася пасля Чарнобыльскай катастрофы экалагічнае становішча ў краіне. Мо таму нам ніяк не ўдаецца стварыць нармальныя ўмовы для дынамічнага развіцця Беларусі, павышэнне дабрабыту яе насельніцтва. Роля ж геаграфічнага фактару надзвычай вялікая ў лёсе кожнага народа.

2. Войны ўладаў з беларускай мовай

У нацыянальна-культурным, моўным вымярэннях сённяшняя Беларусь карэнным чынам адрозніваецца - прычым у горшы бок! - ад учорашняй. Усяму вышэйназванаму пра негатыўныя з'явы ў эканоміцы і экалогіі цалкам адпавядае зруйнаванае да апошніх падвалін культурнае жыццё Беларусі, у якім чужога ў дзясяткі разоў больш, чым свайго. Асабліва ўзмоцніліся шкодныя знадворныя ўплывы на яго пасля нядобрай памяці майскага рэферэндуму 1995 года. Чыноўніцкі апарат максімальна і ў самыя сціслыя тэрміны выкарыстаў атрыманае ад вынікаў галасавання права захаваць, а дзе-нідзе ўжо і аднавіць колішнюю сацыяльную ролю статус рускай мовы, прычым зараз ужо не толькі фактычна, але і юрыдычна дзяржаўнай. Усім гэтым надзялялася і беларуская мова, але толькі фармальна, сімвалічна. Абруселыя чыноўнікі, як толькі маглі, турылі яе з грамадскага жыцця чыноўнікі, нахабна тлумачачы, што яна не можа якасна абслугоўваць палітычную, эканамічную, навуковую сферы, працу медыцынскіх, сацыяльна-бытавых арганізацый і прадпрыемстваў, вайсковай, спецслужбаў, устаноў адукацыі, за выключэннем яе пачатковага звяна. Пад вялікае сумненне ставілася мэтазгоднасць будаваць і культуру на беларускамоўнай аснове, з чым амаль на ўсе сто працэнтаў пагаджаўся ўжо не першы год наймагутнейшы ў нашай краіне пласт рускамоўнай творчай інтэлігенцыі.

Ці маглі такія, без перабольшвання, катастрафічныя для беларускай нацыі наступствы прадбачыць самыя высокія палітыкі, ідэолагі і непасрэдныя арганізатары правядзення майскага рэферэндуму? На пастаўленае пытанне даю толькі сцвярджальны адказ: маглі! Сярод жа іх колькасна пераважалі асобы з вышэйшай адукацыяй. Былі і такія, што мелі ступені кандыдата, доктара навук, прычым і гуманітарнага профілю. Пад той час айчынныя навукоўцы далі людзям нямала праўдзівай інфармацыі па моўнай праблеме ў перыяд уваходжання нашых зямель у склад Рэчы Паспалітай, дзе яна па волі свецкіх і духоўных уладаў набыла незвычайную вастрыню. Не толькі тэарэтыкі, арганізатары ніколькі непатрэбнага краіне рэферэндуму, але і многія шараговыя грамадзяне добра ведалі, што яе прапольскай арыентацыі ўплывовыя колы нямала папрацавалі дзеля пазбаўлення беларусаў роднага слова з той мэтай, каб яны не пад прымусам, а з бегам часу па ўласнай волі перасталі глядзець на сябе як на самабытны, адрозны ад палякаў народ. А калі ж такога ніяк не ўдавалася дамагчыся, было вырашана максімальна выкарыстаць уладны рэсурс. І яго выкарысталі: 29 жніўня 1696 года Усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла спецыяльную пастанову, у адпаведнасці з якой у службовым справаводстве Вялікага Княства Літоўскага "ўсе рашэнні павінны складацца на польскай мове". У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пра тую смяротную для нашай мовы пастанову даволі часта пісалі не толькі ў падручніках па гісторыі Беларусі, але і на старонках афіцыйнага перыядычнага друку з тым, каб як мага больш людзей добра ўсведамляла сабе, як важна для кожнай мовы выкарыстанне яе ў службовым справаводстве. Злы лёс не даў беларускай мове такога. Многія ведаюць, што ў гэтую сферу савецкая ўлада не пусціла яе з першых жа пасляваенных гадоў. Хаця Закон аб мовах у Беларускай ССР абавязваў службовае справаводства весці толькі на беларускай мове, сюды ёй з-за ўпартага супраціву засіміяванага чынавенства вельмі цяжка было трапіць. Разлічваць, што ў тагачаснай няпростай моўнай сітуацыі ў краіне беларускае слова адродзіцца і без яго выкарыстання ў службовым справаводстве, было б крайне памылкова, бо яна (сітуацыя) з'яўлялася прынцыпова іншай, куды больш неспрыяльнай, чым у жніўні далёкага 1696 года.

Калі ў той даўні ракавы для нас час беларускую мову вывелі са службовага справаводства, што неўзабаве зрабіла яе зусім незапатрабаванай усімі сферамі грамадскага жыцця, і асабліва сістэмай адукацыі, яна (мова) усё ж працягвала шырока ўжывацца ў якасці сродку зносін паміж людзьмі. Найбольш характэрна гэта было жыхарам сельскай мясцовасці, на якіх прыпадала абсалютная бальшыня насельніцтва беларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага. Гэта адна з прычын, што пасля адміністрацыйнага вываду мовы беларусаў з грамадскага ўжытку да іх у Рэчы Паспалітай яшчэ амаль сто гадоў працягвалі ставіцца, як да самабытнага народа, лічыліся з яго палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі, нацыянальна-культурнымі запатрабаваннямі. А вось у прынятай 3 мая 1791 года Канстытуцыі Вялікае Княства Літоўскае ўжо не згадваецца як самастойны палітычны суб'ект Рэчы Паспалітай. Толькі коштам вялікіх намаганняў патрыятычнай арыентацыі колаў беларуска-літоўскага грамадства ўдалося трохі палепшыць сітуацыю. Аднак колішняй палітычнай аўтаноміяй беларусы ўжо не карысталіся ў пасляканстытуцыйнай Рэчы Паспалітай, што адкрыла непараўнальна лепшыя перспектывы для канчатковай паланізацыі іх. І яна абавязкова сцерла б беларусаў з этнічнай карты свету, каб не адбыліся ў 1793 годзе другі, а ў 1795 годзе трэці падзелы Рэчы Паспалітай, высока прафесійнымі архітэктарамі якіх выступалі Расія, Прусія і Аўстрыя.

Як бачна, ад разгледжаных вышэй падзей і да часу правядзення майскага рэферэндуму 1995 года мінула каля двухсот гадоў. Узаемадачыненні паміж народамі істотным чынам змяніліся, але не да лепшага. Цяпер са слабейшым ніхто не лічыцца. Сур'ёзна памыляюцца тыя, хто грамадскі прагрэс Беларусі звязвае з палітычным аб'яднаннем яе з Расіяй у адну дзяржаву. У ёй ніхто не будзе глядзець на практычна без сваёй нацыянальнай культуры і мовы сучаснага беларуса як на самабытны этнас, адрозны ад рускага. Ніхто з кіраўнікоў саюзнай дзяржавы і не падумае ствараць ім не толькі палітычнай, але і якога-небудзь фармату нацыянальна-культурнай аўтаноміі, бо яны ж, найперш дзякуючы майскаму рэферэндуму, сёння ўжо нічым асабліва не адрозніваюцца ад рускіх у культурна-моўным вымярэнні. Калі б саюзная дзяржава дала беларусам, якую-небудзь форму культурна-моўнай аўтаноміі, дык заўтра, таго і глядзі, яе папросяць у Масквы жыхары Арлоўскай, Курскай, Ніжагародскай… губерняў, бо паводле гэтых прыкмет у іх адсутнічаюць адрозненні ад жыхароў Рэспублікі Беларусь. Уласнай гадоўлі палітыкі, ідэолагі супольна з аднолькавага погляду з імі інтэлігенцыяй так знявечылі нацыянальна-культурнае жыццё беларусаў, што яны ўжо і ў сябе дома не ёсць самабытны народ. Марна было б ім спадзявацца, што самабытным можна будзе стаць у саюзнай поліэтнічнай краіне, дзе спрэс пануе ўсё рускае і, бясспрэчна, будзе надалей панаваць, не даючы нават дыхнуць чамусьці беларускаму.

Ніколькі не сумняваюся, што падобны погляд на культурна-моўную праблему ў яе далёкім мінулым і ў першыя гады існавання суверэннай Рэспублікі Беларусь мела абсалютная бальшыня тых, хто хоць у чымсьці прычыніўся да арганізацыі правядзення майскага рэферэндуму 1995 года. Злачынная акцыя па поўным вывядзенні беларускай мовы з афіцыйнага жыцця і значыцца па яе ўмярцвленні рабілася цалкам усвядомлена, мэтанакіравана. Палажэнні рэферэндуму распрацоўвалі, а пазней яго вынікі дастасоўвалі да практыкі зусім не выпадковыя, не шараговыя людзі, што не ведалі з сусветнага вопыту, наколькі непрактычным, нерэальным, не ў меру цяжкім для падаткаплацельшчыкаў было б уводзіць афіцыйнае двухмоўе ў аднанацыянальнай краіне, г. зн. у якой жыве толькі адзін тытульны народ − беларусы. Рускія ж у ёй не мелі ніводнага квадратнага кіламетра сваёй этнічнай тэрыторыі. У Рэспубліцы Беларусь адсутнічалі нават самыя мізэрныя падставы надаваць рускай мове статус дзяржаўнай яшчэ і таму, што тут яна і без гэтага з даўняе пары выконвала і працягвала выконваць галоўную ролю ў абслугоўванні грамадскага жыцця. Адбылося ж такое насуперак карэнным інтарэсам беларускага народа, ажыццяўлялася гвалтоўна, тыповымі каланізатарскімі метадамі, у жорсткім змаганні з усім, што вызначала яго самабытны характар, падкрэслівала найбольш істотныя адрозненні ад рускіх. Высокія свецкія і царкоўныя ўлады царскай Расіі нават не далі беларусам магчымасці стварыць сваю нацыянальную, а навязалі паводле зместу і духу Рускую праваслаўную царкву, таму яны вымушаныя былі маліцца, звяртацца да Бога, ужываючы дзеля гэтага чужое, напачатку яшчэ і незразумелае рускае слова, мо таму Усявышні і тады, і сёння ніяк не рэагуе на іх просьбы. Такую ж чужую, спрэс рускамоўную атрымалі беларусы ад царскай імперыі і сістэму адукацыі. Гэтая зусім не заслужаная сатанінская кара і сёння, нібы дамоклаў меч, вісіць над іх галовамі, перашкаджаючы заставацца, развівацца як самабытнаму народу.

Калі пагадзіцца з тым, што на час правядзення майскага рэферэндуму Беларусь і сапраўды была суверэннай, тады яе кіраўніцтва разам са сваімі ідэолагамі, шматлікай інтэлігенцыяй павінны былі б, не аглядваючыся на Маскоўскі Крэмль, правесці маштабную растлумачальную асветніцкую працу сярод да апошняй ніткі зрусіфікаваных беларусаў аб прычынах панавання ў краіне рускай мовы і да канца іх пераканаць, што далей ніяк нельга трываць нязменнай такую недарэчную каланіяльнага характару моўную сітуацыю, што нам трэба развівацца, як гэта з'яўляецца нормай для ўсіх цывілізаваных народаў, паводле ўласных нацыянальна-культурных традыцый, што рэальна магчыма толькі ў варунках, калі толькі беларускай мове будзе нададзены статус адзінай дзяржаўнай, як гэта, дарэчы, ужо было зафіксавана ў Законе аб мовах у Беларускай ССР. Беларусам жа бесперапынна ўбівалі ў галовы - добра, што хоць не фізічнымі метадамі, − што калі яны выкажуць згоду на наданне статусу дзяржаўнай яшчэ і рускай, дык будуць адзіным у свеце ўнікальным, проста боскім тытульным народам, на гістарычнай тэрыторыі якога мірна існуюць, жывуць у вялікім, шчырым сяброўстве дзве дзяржаўныя мовы. І татальна адурманены народ, не будучы добра дасведчаным ва ўсіх складанасцях моўнай праблемы, паверыў у казачку пра белага бычка.

Затое ўсяму гэтаму, цвёрда упэўнены, не верыла абсалютная бальшыня ініцыятараў, праваднікоў майскага рэферэндуму. Для іх не з'яўлялася сакрэтам, што наданне і рускай мове статусу дзяржаўнай адразу ж выкліча паміж ёю і беларускай мовай бязлітаснае саперніцтва за права быць фактычна дзяржаўнай, і перамогу з іх атрымае тая, у якой больш багатая практыка працы ў такім статусе (у беларускай дзякуючы старанням уладных структур яна адсутнічала ад першых пасляваенных гадоў), у якой больш актыўных носьбітаў з ліку ў першую чаргу саміх высокіх палітыкаў, чыноўнікаў, службоўцаў у цэлым, інтэлігенцыі. Ва ўсім гэтым зняважаная ўладамі беларуская мова на некалькі парадкаў уступала рускай, прычыну чаму трэба шукаць у вельмі працяглай па часе і надзвычай жорсткай, бесчалавечнай паводле метадаў правядзення дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі. Ці ж не магло ў такой сітуацыі адарванае ад нацыянальных каранёў, чужое Бацькаўшчыне чынавенства не пайсці на арганізацыю рэферэндуму з мэтай надання так незаслужанага для рускай мовы статусу дзяржаўнай? Зразумела, не магло не пайсці, бо не сумнявалася ў падтрымцы збітага з панталыку народа.

Дадатковую ўпэўненасць у дасягненні поспеху ад правядзення той смяротнай для беларускай нацыі акцыі многія ініцыятары яе чэрпалі з багатай спадчыны галоўнага ў Еўропе канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя тэарэтыка ў галіне нацыянальнага пытання Карла Каўцкага (1854 - 1938). Паводле яго беспамылковага меркавання двухмоўе з'яўляецца не больш, як толькі пераходнай стадыяй да аднамоўя. "Там, дзе кожны валодае дзвюма мовамі, − пісаў ён, − заўсёды нарэшце агульная перавага па тых ці іншых прычынах будзе аддадзена адной з іх - ці таму, што гэта мова больш багатага і моцнага народа, ці таму, што яна адкрывае доступ да больш дасканалай культуры, якая зусім адсутнічае ў іншага народа." [1] Распрацоўшчыкі рэферэндумных палажэнняў выдатна разумелі, што зместу вышэй прыведзеных слоў К. Каўцкага адпавядае не беларуская мова, а руская. Значыцца, яны свядома, з паднятым забралам, прыўзнятым настроем ішлі на загубу беларускай мовы, таму не народ, а выключна яны нясуць поўную адказнасць за яе выміранне, якое мы так выразна назіралі ўжо і ўчора.

Не менш упэўненасці ў лёгкасці перамогі пры правядзенні задуманай акцыі надавалі рэферэндумшчыкам і вынікі міжваеннай беларусізацыі. У самы яе пік - шкада, што толькі кароткатэрміновы, − калі ў рэальнасць, перспектыву перамогі беларушчыны паверылі нават у рускіх сем'ях, яны без усялякіх хістанняў выбіралі для сваіх дзяцей не руска-, а беларускамоўныя дзіцячыя сады і школы, бо навошта ім было глыбока ведаць рускую мову, калі ў вышэйшай і сярэдняй школе, ва ўсіх відах службовага справаводства ўжывалася пераважна беларуская мова. Без дасканалага валодання ёю ніяк нельга было стварыць сабе службовую кар'еру ў Беларусі, чаго сёння не дасягнуць без ведання фактычна адзінай дзяржаўнай у ёй рускай мовы.

Для абсалютнай бальшыні ідэолагаў, улучаных у розныя структуры прэзідэнцкай вертыкалі, не з'яўлялася сакрэтам, што падобную міжваеннай беларусізацыі моўную трансфармацыю, толькі ўжо ў адваротным напрамку, можна паўтарыць, калі праз правядзенне рэферэндуму статус дзяржаўнай будзе нададзены яшчэ і рускай мове, якая пры падтрымцы, вялікім жаданні ўсемагутнага зрусіфікаванага чыноўніцкага апарату ў выніку бязлітаснай канкурэнтнай барацьбы вельмі хутка адусюль выцесніць беларускую мову, пасля чаго ад яе будуць масава адыходзіць і законныя, прыродныя носьбіты. Чыноўнікі не памыліліся ў сваіх пражэктах. Адным махам мову беларускую яны зрабілі зусім незапатрабаванай грамадствам і са спакойнай душой, з вялікай радасцю паціралі свае злачынныя, акрываўленыя да плечавых суставаў рукі, назіраючы, як людзі выракаюцца роднага слова.

Шкада, што навукоўцаў, як нацыянальнай арыентацыі, так і інтэграваных у афіцыйнае жыццё Рэспублікі Беларусь, і раней і зараз вельмі мала цікавіць, мяркуючы паводле іх публікацый, прычына правядзення яе кіраўніцтвам у маі 1995 года рэферэндуму па мове, таму для многіх людзей ён усё яшчэ працягвае заставацца загадкай. Для мяне і тады і сёння не існуе ніякага сумнення ў тым, што на рэферэндум, усебакова падрыхтаваным і ідэалагічна, і практычна, чыноўніцкі апарат пайшоў у немалой ступені з-за пераканання, што калі праз якія-небудзь дзесяць гадоў беларуская мова спрэс усталюецца ў грамадскім жыцці (а такое немінуча адбылося б), дык той, хто не будзе ведаць яе, страціць усялякую магчымасць утрымацца ва ўтульным службовым крэсле, стварыць для сябе жаданую кар'еру. Асаблівага жадання вывучаць беларускую мову чыноўнікі не мелі з-за сваёй высокай ступені зрусіфікаванасці і да таго ж яшчэ сярод іх вялікі працэнт падаў на асобаў некарэннай нацыянальнасці. Усіх іх кідаў у дзікі страх актыўны ўдзел беларусаў у вяртанні да жыцця роднай мовы. Не магла быць раўнадушнай да ўсяго гэтага і Масква,бо калі б беларуская мова ўладарна запанавала ў сваёй краіне, яе карэннае насельніцтва ўжо ніяк не выпадала б Крамлю атаясамліваць з рускай нацыяй, выглядалі б агрэсіўнымі любыя спробы палітычнага аб'яднання ў адной дзяржаве гэтых двух розных, хаця і даволі блізкіх па культуры, мове народаў. Як вядома, не хацелі бачыць у беларусах і рускіх два розныя народы таксама і многія палітыкі, афіцыйныя ідэолагі, значная частка інтэлігенцыі Рэспублікі Беларусь, зразумела, найбольш зрусіфікаваныя з іх, невылечна хворыя на нацыянальны нігілізм.

Проста не можа не здзіўляць, не радаваць, што і пры такім негатыўным стаўленні ўласных дэструктыўных сіл з ліку палітыкаў і інтэлектуалаў да беларускай культуры, і асабліва мовы, яны да правядзення рэферэндуму пазіцыю за пазіцыяй заваёўвалі ў грамадскім жыцці і што самае важнае - ва ўсіх звёнах сістэмы адукацыі. Беспаваротна была знятая з парадку дня праблема ўкамплектавання дзецьмі першых беларускамоўных класаў агульнаадукацыйных школ. У такія класы ахвотна пасылалі дзяцей і з іншанацыянальных сем'яў, бо людзі не сумняваліся, што праз пэўны час у краіне ўсе выхаваўча-навучальныя ўстановы, пачынаючы ад дзіцячага сада і канчаючы ВНУ, у якасці рабочай будуць выкарыстоўваць адзіна законную для нашай зямлі, адзіна патрэбную ёй для дадзенай сферы беларускую мову. Не абдзеленыя здаровым беларускім нацыяналізмам настаўнікі агульнаадукацыйных школ у масавым парадку выказвалі іх кіраўнікам жаданне пераходзіць на выкладанне сваіх прадметаў з рускай мовы на беларускую. Як правіла, такое патрыятычнае, цалкам апраўданае жаданне падтрымлівалася, што толькі віталі бацькі дзяцей. Год ад году расла колькасць педагогаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, якія чыталі лекцыі, праводзілі практычныя заняткі на беларускай мове, у тым ліку па тэхнічных, прыродазнаўчых дысцыплінах. Такая пазітыўная, цалкам лагічная моўная трансфармацыя не стала прычынай якіх-небудзь непаразуменняў, супраціву з боку навучэнцаў і студэнтаў, бо бальшыня з іх шчыра жадала, стаўшы спецыялістамі, аддана служыць дарагому, святому беларускаму ідэалу.

Шмат нацыянальна-прагрэсіўнага назіралася і ва ўсіх астатніх сферах духоўнага жыцця. Добра адчуў на сябе гэта і літаратурны цэх краіны. Калі да Гарбачоўскай перабудовы нямала надзеленых прыродай дарам мастацкага слова маладых асобаў імкнулася насуперак інтарэсам нацыянальнай культуры краіны пісаць свае творы па-руску, г. зн. спрыяць русіфікацыі яе тытульнага народа, дык зараз такога амаль не назіралася. Наадварот, усё часцей і часцей здараліся пазітыўнага характару выпадкі, калі празаікі і паэты пераходзілі з рускай на беларускую мову. Здавалася, што вось-вось беларуская культура і мова ўступяць адной нагой у свой чарговы мо, як ніколі да гэтага, залаты век. На вялікі жаль, такога не адбылося, у чым, як лёгка здагадацца, вінаватыя ідэолагі і непасрэдныя арганізатары майскага рэферэндуму 1995 года - гэтай самай злачыннай, супрацьзаконнай палітычнай акцыі за ўсю шматгадовую гісторыю нашага народа. Паводле сваіх цяжкіх наступстваў учыненае ў тым годзе ліхадзейства на некалькі парадкаў перасягае тое гора, што па віне камуністычнай таталітарнай сістэмы прынесла беларускаму народу катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Яе наступствы паступова мінімізуюцца, а вось шкода нацыянальнаму інтарэсу Бацькаўшчыны ад майскага рэферэндуму, як і трэба было чакаць, з году ў год павялічваецца. Гэта ён, а не хто-небудзь іншы, галоўны віноўнік глабальнай паралізацыі беларускага нацыянальнага арганізму, які ніяк не можа існавать, немінуча сканае, будучы адарваным ад сваёй роднай культуры і мовы. У арсенале сучаснай дзяржаўнай палітыкі ў галіне духоўнага жыцця не адшукаць нічога такога нават сімвалічнага, касметычнага, што было б скіравана на адраджэнне, павышэнне сацыяльнай ролі беларускай мовы - гэтага сапраўднага стрыжня нашай нацыянальнай культуры. Яна можа існаваць, развівацца не інакш, як толькі ў сваёй роднай беларускай мове. Забяспечыць культуры Беларусі нацыянальнае аблічча, самабытнасць не можа ні адна з самых развітых, распаўсюджаных у свеце моваў, у тым ліку і руская. Кожная чужая мова ў культуры беларусаў - гэта яе магільшчык, што пераканаўча пацвярджаецца іх жыццём у Рэчы Паспалітай, царскай Расіі.

Зыходзячы са шматгадовых уласных назіранняў, магу з усёй упэўненасцю сцвярджаць, што за нязначным выключэннем сённяшняе пакаленне беларусаў, у тым ліку і высокага рангу палітыкі, самыя адукаваныя колы інтэлігенцыі, ужо не валодае, не карыстаецца сваёй прыроднай роднай мовай. А не валодае таму, што з ёю не даводзіцца па-сур'ёзнаму сутыкацца ва ўсіх звёнах сістэмы адукацыі, ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека. З тысячы палітыкаў ці высокаадукаваных інтэлектуалаў добра, калі хоць адзін дзясятак з іх можа без памылак пісаць і вусна размаўляць па-беларуску. З журналістамі радыё на беларускай мове могуць весці дыялог пераважна толькі тыя, хто яе выкарыстоўвае ў сваёй прафесійнай дзейнасці. На такі дыялог не адважваецца ісці нават абсалютная бальшыня кіраўнічых кадраў сферы адукацыі і культуры. Са сваёй практыкі праслухоўвання перадач праваднога радыё цвёрда пераканаўся, што зараз насуперак традыцыям усіх папярэдніх гадоў найбольш праблем з невалоданнем беларускай мовай у вясковых жыхароў (уплывае і больш нізкі адукацыйны ўзровень), асабліва Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей. Рускамоўныя сродкі масавай інфармацыі, нібы тая саранча, ледзь не дазвання вынішчылі беларускую мову жыхароў вёскі, якая стагоддзямі з'яўлялася сапраўдным абярэгам гэтага бясцэннага, унікальнага багацця Бацькаўшчыны. Супрацьстаяць распачатай дзесьці з канца 1950-х гадоў мэтанакіраванай дэнацыяналізацыі вёскі, што працягнула і працягвае рабіць кіраўніцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь, было немагчыма з-за характэрнага таму часу нізкага ўзроўню адукацыі і як след несфармаванай этнічнай свядомасці яе (вёскі) жыхароў. На вялікі жаль, страчаную з-за адпаведнай дзяржаўнай палітыкі колішнюю прыроджаную беларускамоўнасць карэннага насельніцтва краіны не ў стане хоць збольшага вярнуць да жыцця звароты інтэлігенцыі (мо іх трэба часцей і больш прадумана складаць?) да людзей з заклікам зберагчы ад пагібелі сваё роднае слова, а разам з ім і самога сябе. Страшэнна зрусіфікаваны беларускі народ не вызначаецца сваёй нацыянальнай актыўнасцю, таму ўжо не першы год застаецца нямым у роднай мове. Існуе прамая пагроза, што гэта немінуча прывядзе яго да пагалоўнага вырачэння ад прыналежнасці да ўласнай нацыі, хаця абанкрутаваныя палітыкі нібыта імкнуцца захаваць яе, каб не несці адказнасці перад сваёй гісторыяй, усім цывілізаваным светам. Многія вядомыя тэарэтыкі нацыянальнага пытання, сярод іх і Карл Каўцкі, справядліва лічылі перамену людзьмі мовы за найлепшы варыянт перамяніць і самую нацыянальнасць. І з такім поглядам нельга не пагадзіцца. Я, напрыклад, ніколькі не сумняваюся, што для беларусаў поўнае невалоданне роднай мовай і татальны пераход на рускую абавязкова закончыцца адрачэннем ад сваёй нацыянальнасці і самазалічэннем сябе ў рускую. У сённяшнім нашым жыцці я не знаходжу нічога такога, каб беларусы, адцураўшыся па волі ўладаў ад роднай мовы і прыняўшы рускую, не маглі адысці і ад сваёй нацыянальнасці. З намі абавязкова адбудзецца тое, што ў свой час пісаў К. Каўцкі: "… нацыя знікае… проста таму, што яна перастае гаварыць на сваёй мове, бо лічыць іншую мову больш для сябе мэтазгоднай". 1 Не адно стагоддзе вялі беларусаў да этнічнага вымірання варожыя ім палітычныя рэжымы, падаючы гэта за нейкую гістарычную заканамернасць, але тое, што пасля майскага рэферэндуму дзеля такой загубы зрабіў уласны, − гэта сапраўдны трыумф, варты занясення ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Сучаснай катастрофы для беларускай нацыі з-за яе вымушанага масавага адрачэння ад роднай мовы магло б не быць ці яна (катастрофа) не ўяўляла б такога практычна незваротнага характару, калі б мы мелі крытычную масу інтэлігенцыі са здаровай этнічнай самасвядомасцю. Яе не было ўчора, няма і сёння, бо ў нас ніхто не займаўся і не займаецца ўзгадаваннем па-сапраўднаму беларускай інтэлігенцыі. Са сцен вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы беларусы, за рэдкім выключэннем, выходзяць цалкам завершанымі нацыянальнымі нігілістамі, абыякавымі, а то і з адкрыта варожым стаўленнем да роднай культуры і мовы. Як да такіх маладых пакаленняў беларускага народа, адукаваных у адрыве ад нацыянальнага, не дапасоўваюцца наступныя словы К. Каўцкага: не ў прыклад пралетарыю і капіталісту, пісаў ён, больш за ўсё "зацікаўлены ў велічы сваёй нацыі інтэлігент. Для яго мова ёсць нешта большае, чым просты толькі сродак згаворвання ў грамадскіх стасунках; для яго гэта - адзін з самых важных сродкаў, часта нават адзіны сродак і прытым такі, які ён наўрад ці можа перамяніць…" 1 Як нейкае сатанінскае, д'ябальскае наканаванне, ўсё гэта такім далёкім і чужым з'яўляецца для абсалютнай бальшыні нашых інтэлігентаў, часта не выключаючы і тых, хто мае прафесійны занятак, ганаровае месца у сферы культуры. Дзеля нейкай выгоды для іх змяніць родную мову на рускую - гэта ўсяго толькі дробязь, пусцяковіна, не вартыя сур'ёзнай гаворкі.

3. Дзяржава не жадае - народ не можа

У зацяжной крайне экстрэмальнай для беларускай мовы сітуацыі, а ў выніку гэтага і для нацыянальнай культуры ўвогуле, велізарны пласт інтэлігенцыі стаўся зусім не здольным да нацыятворнай дзейнасці, што не магло абмінуць сваімі благімі, катастрафічнымі наступствамі ўсю нашу зямельку. Вось як гэта праўдзіва паказаў добра вядомы ў краіне паэт Мікола Мятліцкі:

Беларусь мая, кветка белая,

Ветрам ядзерным крэпка бітая.

Анямелая,

Абруселая,

Як крынічанька панадпітая. 1

Як трапна сказана: "анямелая", "абруселая"! Толькі вось шкада, што гэта асабліва нікога не падштурхоўвае як след задумацца, не кажучы ўжо пра тое, каб рабіць якія-небудзь практычныя захады. Цяжка, ой як цяжка, а то можа і зусім немагчыма мастацкім словам дагукацца да ўжо не першае дзесяцігоддзе анямелых беларусаў. Дапамагчы ім вярнуцца, загаварыць на роднай мове можна толькі з дапамогай наяўных у самой дзяржавы матэрыяльных рэсурсаў, кадравага патэнцыялу. Але ж ці дзеля гэтага яна ладзіла ў маі 1995 года рэферэндум? Пазіцыю ўладных структур па дадзеным лёсавызначальным для беларускага народа пытанні гранічна выразна сфармуляваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, прычым перад самімі журналістамі, якія, як мала хто іншы, павінны не толькі добра валодаць беларускай мовай, але і ўсяляк супраціўляцца яе зыходу ў нябыт, асабліва, калі такое адбываецца з-за дзяржаўнай антынацыянальнай палітыкі. Дык вось якімі словамі супакоіў іх, а мо і абрадаваў палітычны лідар краіны: "Мы договорились быть откровенными, и я вам скажу откровенно: вопросы языковые раз и навсегда в стране решены (такога яшчэ не ўдавалася і не ўдасца зрабіць аніводнай краіне, бо мовы не стаяць на месцы, развіваюцца і таму маюць сталую патрэбу ва ўнясенні якіхсьці ўдакладненняў. - Л.Л.). По крайней мере, в тот период, пока я буду президентом (І як тут не пажадаць, каб гэты перыяд хутчэй закончыўся, не пазбавіўшы беларускую мову хоць мінімальнага апошняга шанца на выратаванне. - Л.Л.). Мы этот вопрос однозначно решили на референдуме (чытай: наўмысна зрабілі беларускую мову незапатрабавальнай грамадствам, каб праз пэўны час паставіць кропку на яе далейшым існаванні. - Л.Л.), и я не собираюсь вносить какие-то дополнения и новшества." 1

Са зместу прыведзенай цытаты лагічна вынікае, што ўлады Рэспублікі Беларусь не будуць займацца так востра набалелымі праблемамі роднай мовы свайго тытульнага народа. Не будуць таму, што гэта супярэчыла б патаемным устаноўкам майскага рэферэндуму па мэтанакіраваным вывадзе беларускай мовы з грамадскага ўжытку. Добра, што хоць няма афіцыйнай забароны рознага роду добраахвотным аб'яднанням займацца выратаваннем беларускай мовы ад канчатковага заняпаду. Але магчымасці ў іх надзвычай абмежаваныя, таму не бачна аніякіх станоўчых зрухаў. Даведзеную антынацыянальнай дзяржаўнай палітыкай беларускую мову да паралюшу можа выратаваць ад канчатковага заняпаду толькі непасрэдны віноўнік гэтай катастрофы. Таму нацыянальна-адраджэнскія сілы ў сваіх спробах як-небудзь засцерагчы ад яе беларускую мову не павінны абмінаць дзяржаўныя ўлады. Раз яны заварылі кашу ў маі 1995 года, таму няхай і расхлёбваюцца.

Каб змыць з сябе гэтую чорную пляму, хоць трохі апраўдацца перад гісторыяй і будучымі пакаленнямі беларусаў за злачынную расправу з іх роднай мовай, што напрамую звязана з майскім рэферэндумам 1995 года, кіраўнікі Рэспублікі Беларусь на ўвесь голас заяўляюць, што на правядзенне такой расправы яны атрымалі дазвол ад народа, таму шчырыя беларусы няхай абвінавачваюць яго, а не нас. Практыка прыкрывацца воляй народа мае досыць багатую гісторыю. Такім метадам карысталіся і ў далёкія старажытныя часы, але асабліва часта звярталіся да яго пры жыцці камуністычнага дыктатара № 1 Іосіфа Сталіна. Воляй народа апраўдваліся нават крывавыя масавыя фізічныя расправы над невінаватымі людзьмі ў злавесныя 1937 - 1938 гг. Як належала развязваць такое архіскладанае пытанне, як наданне рускай мове статусу дзяржаўнай на чужой для яе тэрыторыі, уяўляла б немалую цяжкасць, а хутчэй за ўсё падалося б зусім нерэальнай справай, і для высокай кваліфікацыі спецыялістаў-філолагаў. Абсалютная бальшыня з іх, маючы здаровую нацыянальную самасвядомасць, не сумняваюся, што катэгарычна выказалася б супраць нічым не абгрунтаванага надання рускай мове статусу дзяржаўнай, бо справядліва, беспамылкова бачыла б у ім магутны сродак далейшай культурна-моўнай асіміляцыі беларусаў, чаго затое ніяк не маглі разумець асноўныя ўдзельнікі рэферэндуму - шараговыя грамадзяне. У навуковай літаратуры не раз даводзілася сутыкацца з такога роду праўдзівымі меркаваннямі: "… народ можа памыляцца не менш, чым яго кіраўніцтва". Дадзеная цытата належыць і пяру К. Каўцкага.

Мае разважанні з рэзкім крэнам на карысць паўсюднай прысутнасці беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці ніколькі не сведчаць, што я выступаю супраць ужывання ў краіне якіх-небудзь моваў, акрамя роднай. Сёння без гэтага ніяк нельга абысціся нават краінам з багатымі, развітымі мовамі. Сказанае датычыць як сферы грамадскага жыцця ўвогуле, так і паасобных грамадзян, асабліва высокага інтэлектуальнага ўзроўню. Але ўсё трэба рабіць з розумам, у меру, каб чужая мова не выцесніла з грамадскага ўжытку родную, бо гэта немінуча паставіць пад пытанне само існаванне нацыі, абавязкова выльецца для яе ў сапраўдную катастрофу. А яна ж якраз і прыйшла няпрошаным госцем да нас. Як ні цяжка прызнаць, але беларуская мова ўжо не ёсць мовай вытворчых, культурных, міжасобасных зносін беларускага народа. Антынацыянальныя палітыкі і ідэолагі спрытна навязалі яму чужую рускую мову, а разам з ёю і рускую культуру, практычна ўвесь уклад рускага жыцця. Для рускіх вялікадзяржаўнікаў гэта сапраўдная радасць, а для беларусаў - сапраўдная нацыянальная катастрофа, і асабліва тых, хто ўсё гэта добра разумее, блізка прымае да сэрца, жыве інтарэсамі роднай Айчыны.

Катастрафічнасць сучаснага становішча беларускай нацыі яскрава даказваецца адсутнасцю ў яе, і нават у самага высокага рангу палітыкаў, найбольш тэарэтычна адукаванай часткі інтэлігенцыі, сур'ёзнага жадання хоць трохі змяніць да лепшага культурнае жыццё краіны, не пазбавіць яго таго, што яшчэ носіць хоць выцвілыя рысы этнічнай адметнасці. Зусім процілеглую культурную палітыку праводзяць многія краіны, у якіх, здавалася б, няма аніякіх сур'ёзных праблем у гэтай, як жыццё пераконвае, самай важнай сферы грамадскай дзейнасці людзей. Нацыянальная культура Расіі пачувае сябе ў тысячы разоў лепш за нацыянальную культуру Беларусі. На добры лад кіраўніцтва, інтэлігенцыя не першай, а другой павінны былі, закасаўшы рукавы, больш актыўна працаваць над захаваннем сваёй культурнай адметнасці, ставячы пры гэтым на самае бачнае месца інтарэс роднай культуры. На практыцы ж усё адбываецца наадварот: Расія ўсяляк падтрымлівае нацыянальную культуру свайго карэннага насельніцтва і нават шырыць яе за ўласныя дзяржаўныя межы, а Беларусь толькі і думае пра тое, што яшчэ запазычыць, перанесці з культуры ўсходняй суседкі на сваю родную ніву, як яе паўней абрусіць, прычым і за кошт асігнавання велізарных ўласных бюджэтных сродкаў, неабмежаванага выкарыстання творчага патэнцыялу сваёй інтэлігенцыі.

Можа нішто не цягне за сабой такіх стратэгічных катастрафічных наступстваў для культуры краін постсавецкай прасторы, і найбольш для моцна зрусіфікаванай з іх Рэспублікі Беларусь, як прасоўванне сюды рускага мастацкага слова. Каб такое рабілася з захаваннем пачуцця меры, яно, несумненна, прыносіла б узаемную карысць. Такое пачуццё меры адсутнічае, бо ў Расіі на першым месцы стаіць задума, калі не цалкам аднавіць савецкіх часоў статус рускай мовы ў саюзных рэспубліках, дык сёння хоць наблізіцца да яго. З колішніх саюзных рэспублік Расію ў гэтым плане задавальняе толькі Беларусь, бо цяпер у яе пазіцыі рускай мовы нават больш моцныя, чым за савецкім часам. Каб гэта з'яўлялася нормай і для ўсёй постсавецкай прасторы, палітыкі, ідэолагі, шырокія колы творчай інтэлігенцыі Расіі ажыццяўляюць даволі абдуманыя, як след узважаныя мерапрыемствы па прасоўванні яе роднай мовы на чужыя тэрыторыі. На іх Расія нікога так высока не цэніць, як мясцовых рускамоўных пісьменнікаў, яшчэ асабліва калі яны належаць да карэннага насельніцтва. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і яе прамаскоўскай арыентацыі пісьменніцкія колы максімальна выкарыстоўваюць такі фактар. Імі робіцца ўсё, каб апераджальнымі тэмпамі колькасна раслі шэрагі рускамоўных пісьменнікаў. І яны растуць, як грыбы пасля цёплага дажджу. У сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі ахвотна прымаюць і тых, у творчым "багажы" якіх не якія-небудзь сур'ёзныя мастацкія творы, а нічым сабе неадметныя аповесці і апавяданні, а то і проста рознага роду метадычкі службовага характару, інструкцыі. Галоўнае, каб яны былі напісаны па-руску.

Выкарыстанню мясцовымі майстрамі былых саюзных рэспублік мастацкага слова рускай мовы спрыяе сістэматычнае правядзенне Масквою адмысловых міжнародных літаратурных конкурсаў. Удзельнічаць у іх усяляк заахвочваюць рускамоўных пісьменнікаў, што жывуць па-за межамі Расійскай Федэрацыі. Аргкамітэт па правядзенні такіх конкурсаў мае неабходную падтрымку ад Прэзідэнцкага цэнтра імя Б.М. Ельцына. Кіраўніцтва ж Рэспублікі Беларусь ніколі не пойдзе на падобны крок у моўнай палітыцы, бо яно нават у межах сваёй этнічнай тэрыторыі не адважваецца зрабіць хоць самую мізэрную ласку беларускай мове, не кажучы ўжо аб клопатах пра яе па-за гэтай тэрыторыяй. На такі разумны, апраўданы крок ідуць у многіх краінах, таму ў іх не існуе ніякіх праблемаў з роднай мовай. У нас іх з кожным годам становіцца ўсё больш і больш, паколькі ўладныя структуры не займаюцца імі, а калі і займаюцца, дык толькі дзеля таго, каб у нас ніхто не ўздумаў абмежаваць рамкі выкарыстання рускай мовы ў той ці іншай сферы дзейнасці чалавека. І як вынік, на літаратурнай ніве нашай краіны ў рускай мовы бліскучая, ну проста зайздросная будучыня, што не можа не ўлічвацца маладой зменай прадстаўнікоў прыгожага пісьменства. Таму не дзіва, што ўжо не першы год, як у шэрагах сяброў СПБ колькасна пераважаюць рускамоўныя аўтары. Яны ўяўляюць сабою даволі магутную сілу, здольную ўнесці важкі ўклад у русіфікацыю культурна-моўнага жыцця Рэспублікі Беларусь, дапамагчы яе ўладам давяршыць дэфармацыю нацыянальнай самасвядомасці той нязначнай часткі насельніцтва, якая яшчэ нейкім цудам трымаецца сваіх прыродных традыцый.

Амаль дваццацігадовая пасля рэферэндуму практычна поўная адсутнасць беларускай мовы ў грамадскім жыцці мела і мае надзвычай цяжкія наступствы і для яе самой. Яна не толькі не набыла новых носьбітаў, а, наадварот, страціла многіх з тых, хто карыстаўся ёю да гэтай трагічнай падзеі ў айчыннай гісторыі. За мінулыя гады з-за поўнага ці недастатковага валодання беларускай мовай у розныя сферы і так моцна зрусіфікаванай культуры ўлілося шмат творцаў, зусім не здольных працаваць у адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі канонамі. Страшна, што гэта непажаданая з'ява з найбольшай сілай праяўляецца на самых важных дзялянках этнастваральных сфераў культуры: літаратурным працэсе, вакальна-музыкальным мастацтве. Амаль дазвання зрусіфікаваная сістэма адукацыі папаўняе іх, за рэдкім выняткам, толькі рускамоўнымі кадрамі, у абсалютнай бальшыні сваёй здольных не больш як на герастратаўскія ўчынкі ў дачыненні да нацыянальнай культуры і мовы.

Прачытаўшы вышэй мною самім жа напісанае, неяк нечакана прыйшла ў голаў думка: а можа я занадта строгі да айчынных далакопаў беларускай мовы? Можа пры распрацоўцы асноўных палажэнняў, пытанняў моўнага рэферэндуму ‒ і не толькі яго - ім сваю волю дыктаваў усходні сусед, дзе пагражаючы якімі-небудзь строгімі санкцыямі,а дзе і абяцаючы падтрымаць эканамічна, сацыяльна. Не магло ж сярод некалькіх соцень палітыкаў, некалькіх тысяч прадстаўнікоў інтэлігенцыі, задзейнічаных у рэферэндумную справу, не знайсціся хоць з дзясятка разумных, з недэфармаванай нацыянальнай свядомасцю асобаў, якія на ўвесь голас сказалі б "Не!" гэтай злачыннай акцыі. Былі, але, відаць, не сказалі "Не!" толькі таму, што баяліся нейкай адказнасці. Толькі вось да канца пагадзіцца з выказанай мною высновай усё ж не магу з-за таго, што ніхто з тых асобаў ужо ў больш позні час, а то і развітваючыся з зямным светам, так і не прызнаў уласнай віны, не папрасіў у беларускага народа прабачэння за свае прамыя дачыненні да драконаўскай расправы з яго самым дарагім багаццем - роднай мовай. Выходзіць, і гэтыя асобы, ідучы ў народ з рэферэндумам не толькі разумелі, не толькі прадбачылі, што з дапамогаю апошняга ім удасца адаслаць беларускую мову ў нябыт, але нават жадалі такога трагічнага для яе зыходу. Такога яны дамагліся і, думаю, бясконца рады. І тады і зараз, каб зняць з сябе ўсялякую віну, моўныя злачынцы не стамляюцца раз-за-разам беспадстаўна заяўляць, што на гэта была воля самога беларускага народа. Вось няхай і бяруць яго загрудкі занадта свядомыя носьбіты беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Не. Яны яго загрудкі браць не будуць, бо цвёрда перакананы, што беларускую мову, а разам з ёю і беларускую культуру і як заканамерны, непазбежны вынік - і беларускую нацыю ўгробілі адарваныя ад яе карэнных інтарэсаў палітыкі супольна з пастаўленай сабе на службу інтэлігенцыяй. Беларуская нацыя не магла быць сама сабе ворагам. Яе вакол пальца абвялі і пазбавілі самадастатковасці канкрэтныя асобы, якія добра вядомыя гісторыі. Яны не будуць у пашане нават і тады, калі беларусам давядзецца знікнуць з этнічнай карты свету, бо ў гэтым яны не маюць аніякай зацікаўленасці, выгоды.

Мяркую, сказанага вышэй цалкам дастаткова, каб галоўную прычыну сучаснай катастрофы з роднай мовай, культурай нашай зямлі, а разам з імі і беларускай нацыі ўвогуле бачыць выключна ў самой дзяржаўнай палітыцы, галоўным чынам у майскім рэферэндуме 1995 года, праведзеным не знадворнымі чужымі сіламі, а кіраўніцтвам самой суверэннай Рэспублікі Беларусь. Будучым пакаленням гісторыкаў не спатрэбіцца пераварочваць горы архіўных матэрыялаў, каб знайсці сапраўдных далакопаў старажытнай, багатай сваёй культурнай спадчынай беларускай нацыі. Прозвішчы яе забойцаў вельмі добра прадстаўлены на старонках перыядычнага друку 1995 года. Бяры і чытай! Вельмі добра, што тады яны не выступалі пад псеўданімамі, бо ганарыліся сваёй крывавай расправай над быццам нікому не патрэбнай, амярцвелай беларускай мовай, былі на ўсе сто працэнтаў упэўненымі, што ўжо ніколі нікому не прыйдзе ў голаў думка шукаць віноўнікаў прычыны этнічнага вымірання беларусаў, выкліканага стратай (не па сваёй волі!) роднай мовы. Якая вялікая памылка! Майскі рэферэндум 1995 года навекі ўвайшоў самай змрочнай, чорнай старонкай у летапіс айчыннай гісторыі. Сёння ніхто не можа прадбачыць, якое праз 100−200 гадоў будзе сапраўднае этнічнае аблічча насельніцтва нашай зямлі, а вось што ў канцы ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя жылі тут беларусы, але вымушаны былі зысці ў нябыт з-за таго, што ў іх уласныя палітыкі і ідэолагі праз майскі рэферэндум нахабна адабралі родную мову, будуць ведаць. І праз многія стагоддзі іх прозвішчы не перастануць згадвацца ў самых негатыўных танах на адпаведных уроках навучальных устаноў, як гэта сёння назіраецца, калі гаворка заходзіць пра грэка з горада Эфеса (Малая Азія) Герастрата. А спаліў жа ён, каб навекі праславіцца, адно з сямі цудаў свету храм Артэміды Эфескай ажно ў 356 годзе да нашай эры, г. зн. 2371 год таму. Не сумняваюся, што яшчэ і праз столькі гадоў яго імя таксама будзе згадвацца, бо не толькі добрае, але і дурное, ганебнае не забываецца.

Пішу пра ўсё гэта не дзеля таго, каб дапамагчы аўтарам драконаўскага рэферэндуму добра ўсвядоміць сваю вялікую віну перад беларускай нацыяй і знайсці ў сябе смеласць пайсці на яго адмену, а затым прыступіць да распрацоўкі канкрэтных практычных мерапрыемстваў па выратаванні, вяртанні да нармальнага жыцця беларускай мовы. На такі высакародны нацыянальна-патрыятычны вычын рэферэндумшчыкі не здольныя, як не здольныя на гэта ўвесь сучасны чыноўніцкі корпус краіны, яе сама высокае палітычнае кіраўніцтва. Беларуская мова, калі і ўваскрэсне, дык толькі дзякуючы зусім іншага кшталту дзяржаўных мужоў, колаў грамадства, для якіх сваё нацыянальнае будзе ў сотні разоў даражэй і мілей за накінутае звонку. Цяпер няма такіх сапраўдных нацыянальных патрыётаў, рыцараў ні ў высокім кіраўніцтве краіны, ні ва ўсіх эшалонах прэзідэнцкай вертыкалі і шкада, што вельмі мала іх і у самім асяроддзі нашай пазабюджэтнай інтэлігенцыі. Сёння на дзяржаўным узроўні цалкам неверагодна ну хоць штосьці карыснае зрабіць у інтарэсах беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. А апошняму ж акурат і патрэбны такі ўзровень, бо русіфікацыя так бязлітасна стачыла беларускі нацыянальны арганізм, што ў ім ужо працяглы час адсутнічае крытычная маса здаровай этнічнай самасвядомасці людзей, якім падуладна было б спыніць магутнай сілы махавік асіміляцыі і прымусіць яго рабіць абароты ў адваротным напрамку. Як нельга выяўлены ў хворага прабадны апендыцыт вылечыць адварам з якіх-небудзь зёлак, так немагчыма дарэшты знявечаную русіфікацыяй беларускую нацыю вылечыць толькі высілкамі жменькі цудам уцалелых ад гэтай злыбеды нацыянальна свядомых людзей. Менавіта з такіх пазіцый і зыходзілі палітыкі, ідэолагі міжваеннай беларусізацыі, таму і дасягнулі неблагіх вынікаў ад яе правядзення. Праўда, сучасная ступень рускай культурна-моўнай асіміляцыі беларусаў у дзесяткі разоў перасягае даваенную (вельмі ўжо добра пра гэта патурбавалася кіраўніцтва краіны пасля майскага рэферэндуму), але гэта ніколькі не вызваляе нас ад абавязку паўтарыць практыку міжваеннай беларусізацыі, як толькі ўсталюецца адпаведны яе высакародным мэтам палітычны рэжым. Я асабіста не выключаю з'яўлення яго на свет, бо на ўсе сто працэнтаў не веру ў канчатковую, беззваротную страту нацыянальнага жыцця беларускім народам, хаця сёння яно практычна ні ў чым не праяўляе сябе.

Улады ў сваім супрацьстаянні - і трэба сказаць даволі паспяховым - беларускаму нацыянальна-культурнаму руху абапіраюцца на вялікі па колькасці і магутны па ўплыву на людзей пласт інтэлігенцыі. У лепшыя для нашага нацыянальнага жыцця гады, яшчэ не зусім далёкія, многія яе прадстаўнікі самааддана і самаахвярна працавалі на карысць беларускай ідэі. Але час унёс сур'ёзныя карэктывы ў паводзіны колішняй нацыянальнай арыентацыі інтэлігенцыі. У моц розных прычын - найчасцей сацыяльнага характару - на службу існага палітычнага рэжыму падаліся нават шмат з тых інтэлектуалаў, якія яшчэ і ў другой палове 1990-х гадоў, калі пайшоў на спад адраджэнскі працэс, прынародна білі сябе кулаком у грудзі, заяўляючы, што ні на крок не адступяць ад святых беларускіх ідэалаў. Зараз ад тых уяўных нацыянальных герояў і беларускага слова не пачуеш. Іх цяперашняя мова - гэта мова неаднаразова абранага народам Прэзідэнта краіны. І ўсё гэта дзякуючы таму, што ўлады, прыцягнутая імі да сябе інтэлігенцыя добра пастараліся пасля майскага рэферэндуму, каб усе сферы грамадскай дзейнасці чалавека абыходзіліся без беларускай мовы, ведаючы, што ў такіх неспрыяльных варунках да мінімуму панізіцца яе роля ў міжасобасных зносінах паміж людзьмі. Вось чаму амаль што не ўсё наша сучаснае грамадскае і асабістае жыццё знаходзіцца ў адкрытым супрацьстаянні беларускай мове. Надзвычай вялікія, проста катастрафічныя страты нясе нацыя з прычыны таго, што яе родная мова выключана ўжо і з першых звёнаў сістэмы адукацыі. Трагізм такога становішча не абыходзіў увагай шэрагу кіраўнікоў гэтай сферы, педагагічнай інтэлігенцыі і ў савецкі перыяд гісторыі, бо было з каго браць прыклад. У многіх саюзных рэспубліках - толькі не ў БССР - прыкладаліся тытанічныя намаганні, каб забяспечыць дзецям тытульнай нацыі хоць пачатковае навучанне на роднай мове, што, справядліва лічылася, зробіць іх пазней не такімі бездапаможнымі, бязвольнымі ў супрацьстаянні русіфікатарскай палітыцы Маскоўскага Крамля. Канкрэтныя практычныя крокі такіх рэспублік па развязванні дадзенага пытання цалкам упісваліся ў тэарэтычныя разважанні не раз цытаванага мною буйнога спецыяліста па нацыянальным пытанні Карла Каўцкага: "… за выключэннем нямногіх, асабліва здольных асобаў, цалкам авалодаць якой-небудзь мовай можа толькі той, хто выкарыстоўвае яе з самага ранняга дзяцінства". 1 Таму ўсіх, каго хоць трохі хвалююць сучаснае катастрафічнае становішча беларускай нацыі, зусім рэальны выкід яе на сметнік сусветнай цывілізацыі, прасіў бы не заўтра, а ўжо сёння рашуча патрабаваць ад уладаў увесці спрэс на ўсёй тэрыторыі краіны абавязковае выхаванне дзяцей у дзіцячых садках і навучанне дзяцей у першым-чацвёртым класах агульнаадукацыйных школ толькі на беларускай мове, што нас хоць трохі наблізіць да цывілізаванага свету, дзе стагоддзямі практыкуецца такое.

Па маштабнасці здрады нацыянальнаму інтарэсу сучасная інтэлігенцыя ў дзясяткі разоў перасягнула тых сваіх калег 1930-х гадоў, якія, хто ад страху, а хто і дзеля кар'еры адышоў ад беларусізацыі і пачаў актыўна дапамагаць уладзе аднаўляць былыя ўсталяваныя каланізатарскімі метадамі пазіцыі рускай культуры і мовы ў чужым для іх беларускім доме. Сённяшняя Беларусь нават шмат у чым не падобная на тую, якой яна была ў канцы мінулага стагоддзя. У ёй не толькі колькасна, але і якасна (прафесійна) вырасла самая прэстыжная для любога соцыуму катэгорыя людзей - інтэлігенцыя, невымерна павялічыўся яе ўклад ва ўсе сферы грамадскай дзейнасці чалавека, узмоцніўся ўплыў на стан нацыянальна-культурнага жыцця. Толькі шкада, што не ў тым напрамку, у якім мае вострую патрэбу Бацькаўшчына. Штодня інтэлігенцыя робіць яго ўсё больш і больш як па форме, так і змесце тыпова рускім, хаця гістарычнае прызначэнне яе ‒ солі беларускай нацыі ‒ цалкам і поўнасцю працаваць выключна толькі на яе карысць. У наш час народу без нацыянальна свядомай інтэлігенцыі немагчыма выжыць, яго рана ці позна немінуча напаткаюць надзвычай цяжкія этнакультурныя выпрабаванні. Гэта добра разумеў і разумее чыноўніцкі апарат Рэспублікі Беларусь, таму і пастараўся прыгарнуць да сябе як мага больш такой прэстыжнай катэгорыі людзей. Часам і яны самі выяўлялі і выяўляюць сёння зайздросную актыўнасць, каб апынуцца пад крылом чыноўніцкага апарату, не мець у сваім асабістым жыцці якіх-небудзь сур'ёзных сацыяльных праблем.

Не можа не здзіўляць, што такое варожае беларускаму нацыянальнаму ідэалу супрацоўніцтва інтэлігенцыі з чынавенствам адбывалася і адбываецца у час, калі людзьмі яшчэ вельмі добра памятаецца, як яно (супрацоўніцтва) ішло ў нагу з нацыянальна-культурным Адраджэннем у апошнія гады Гарбачоўскай перабудовы і першыя гады пасля абвяшчэння Беларусі суверэннай дзяржавай. Мы яшчэ не забыліся, што час тады быў далёка не з лёгкіх. Напярэдадні развалу СССР з сур'ёзнымі цяжкасцямі сутыкнулася эканоміка, што адразу ж прывяло да рэзкага зніжэння жыццёвага ўзроўню людзей. Не назіралася яго росту і пасля таго, як Беларусь стала на шлях незалежнага палітычнага развіцця. Дый і ў апошняга мелася нямала ворагаў як унутры краіны, так і сярод палітыкаў Расійскай Федэрацыі. Аднак, якія б цяжкасці тады не ўзнікалі ў сацыяльна-эканамічнай, палітычнай сферах, культурная функцыя дзяржавы ніколі не адыходзіла на задні план. Больш за тое, за першыя тры гады незалежнасці Беларусі яе свядома скіраваныя на нацыянальную ідэю ўлады прынялі столькі датычных культуры прагрэсіўных, глыбока ўзважаных нарматыўных актаў, што, каб іх удалося выканаць хоць на пяцьдзесят працэнтаў, яна вельмі хутка са зрусіфікаванай ператварылася б у беларускую нацыянальную і з парадку дня нарэшце канчаткова знікла б пытанне аб выратаванні нашага народа ад этнічнага вымірання. З усталяваннем у Рэспубліцы Беларусь у 1994 годзе прэзідэнцкай сістэмы кіравання ў нашага народа ў чарговы раз - і думаецца, мо ўжо ў апошні - ізноў узнікла закаранелая ад працяглага часу праблема, як выратавацца ад так абрыдлай русіфікацыі. Нацыянальныя патрыёты адразу ж беспамылкова зразумелі, што вызваліцца ад яе будзе вельмі складана, а не дык і зусім немагчыма, бо за аднаўленне, праведзенае дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі ўзяліся не адарваныя ад роднай глебы адзіночкі, а ўладныя структуры самой Рэспублікі Беларусь. Гэта ўнікальны выпадак для планеты Зямля ўвогуле, бо ва ўсіх краінах галоўнай задачай улады з'яўляецца абарона нацыянальных інтарэсаў тытульнага народа ад лютых замахаў на яго прыродную этнакультурную самабытнасць. Як след выступіць на змаганне з русіфікацыяй перашкаджала глыбокае, буйнамаштабнае яшчэ ад савецкіх часоў пранікненне рускага пачатку (вядома ж, прымусовае) ва ўсе поры беларускага нацыянальнага арганізму. Да ўсталявання ж прэзідэнцкай улады ўдалося толькі нязначную частку людзей вярнуць да беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Праз год, як адбыліся гэтыя палітычныя перамены, такой пазітыўнай з'явы ўжо зусім не назіралася. Хутчэй наадварот, бо ўлады свядома пачалі надаваць прэстыж усяму рускаму і галоўнае - рускай мове.

Са зместу няспынных публічных выступленняў Прэзідэнта краіны з усёй катэгарычнасцю вынікала, што яе ўладам ужо практычна няма аніякай патрэбы штосьці пазітыўнае рабіць дзеля падтрымання жыцця беларускай мовы. Грамадства, маўляў, цалкам задавальняецца і адной рускай мовай, будучы цвёрда ўпэўненым, што Расія ніколі не забароніць бясплатна карыстацца ёю. Гэта толькі надавала смеласці кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь рабіць чарговыя захады па далейшым выключэнні мовы тытульнай нацыі з грамадскага ўжытку. Уладамі асабліва непажаданым лічылася і лічыцца яе прысутнасць сярод самых маладых пакаленняў. Сусветная дый сама беларуская практыка вельмі доказна засведчылі: калі роднае слова глыбока западзе ў душы дзяцей, іх надзвычай цяжка адлучыць ад яго ў больш познія гады. А здараецца так, што кагосьці цалкам і не адлучыш. Вось чаму ў савецкай і постсавецкай Беларусі, нягледзячы на адсутнасць самых мінімальных умоў для выкарыстання беларускай мовы ў грамадскім жыцці, канчаткова не выводзіліся раней і не выводзяцца сёння гарачыя, шчырыя прыхільнікі яе, здольныя ствараць на ёй сапраўдныя літаратурныя шэдэўры, што зусім не вітаецца пазбаўленым беларускасці чынавенствам. Каб больш вынікова весці змаганне з такой крайне непажаданай для сучасных архітэктараў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі з'явай, яны ў кастрычніку 2011 года нават пайшлі на закрыццё адной-адзінай у краіне дзіцячай беларускамоўнай газеты з больш чым 80-гадовым стажам "Раніца" і адзінага дзіцячага беларускага часопіса "Бярозка", першы нумар якога пабачыў свет у снежні 1924 года. А яны ж, як вынікае, выходзілі і ў самыя цяжкія ў эканамічных дачыненнях гады жыцця нашай краіны, і выходзілі таму, што тады і народ, і многія пастаўленыя над ім палітыкі мелі не размытую, здаровую беларускую нацыянальную самасвядомасць, што сёння так не характэрна ўсім нам. Праклятая русіфікацыя зрабіла амаль усіх людзей зусім няздольнымі жыць паводле ўласных культурна-моўных традыцый. І як тут ад невыноснага болю не закрычаць: беларуская нацыя гіне, стаіць на парозе рэальнай катастрофы!

Нашыя ў пераважнай бальшыні дашчэнту адарваныя ад нацыянальных каранёў палітыкі і афіцыйныя ідэолагі не нарадуюцца шырокай прысутнасцю рускай мовы ва ўсіх жанрах літаратурнага працэсу. Бадай, нішто гэтаму так не паспрыяла, як стварэнне ў 2006годзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе лейцы кіравання адразу ж захапілі ў свае рукі майстры рускага мастацкага слова. Іх высілкам Саюз абавязаны апераджальнымі тэмпамі колькаснага росту рускамоўных сяброў. Якіх-небудзь цяжкасцяў з такім ростам не можа назірацца, дзякуючы апекаванаму дзяржавай фунцыянаванню ў нас шырока распаўсюджанай рускамоўнай (чытай: антынацыянальнай) сістэмы адукацыі. Як і спадзяваліся, ужо праз пяць гадоў ад часу ўтварэння СПБ у яго шэрагах па колькасці сяброў на першае месца выйшлі рускамоўныя аўтары. Яны ж у дзесяткі разоў перасягаюць беларускамоўных у журналісцкім корпусе краіны. Словам, поўны росквіт, поўная, а з бегам часу мо і канчатковая перамога рускага слова над беларускім на ніве прыгожага пісьменства. Вось якімі цяжкімі, смяротнымі наступствамі сталася для яго бязглуздая гульня кіраўнікоў Рэспублікі Беларусь і іх падпявалаў з боку інтэлігенцыі ў русіфікацыю. Яны бессаромна ставяць сабе ў вялікую заслугу, што ў краіне ствараецца неістотна адрозная з-за сваіх беларусізмаў ад рускай мовы Масквы другая па ліку літаратурная руская мова, хаця як адна, так і другая патрэбная Беларусі не больш, як пятае кола ў возе. Выходзіць, беларускі народ гэта ўжо нейкая такая недаразвітая, недаспелая бесструктурная этнічная маса, што нават не ў стане будаваць сваё культурнае жыццё ў роднай мове, а павінен дзеля гэтага мець нешта падобнае на сурагат рускай мовы ці незабруджаную, класічную рускую мову Масквы. Усім, хто так безпадстаўна цешыць сябе моўнай раздвоенасцю літаратурнага працэсу краіны, рэкамендаваў бы глыбока ўдумацца і зразумець сэнс наступных слоў К. Каўцкага: "З агульнасці літаратурнай мовы ўзнікае сучасная нацыянальнасць.

(…) Агульнасць мовы з'яўляецца магутным звяном сувязі людзей, розныя мовы - перашкода паміж імі (людзьмі. - Л. Л.), якую цяжка пераадолець". 1

Ус народы Еўропы, уключаючы і тытульныя нацыі дзяржаў постсавецкай прасторы, акрамя беларускай, ішлі і ідуць гэтым грунтоўна вывераным гістарычным досведам шляхам і не ведаюць асаблівых праблем з захаваннем сваёй нацыянальна-культурнай адметнасці, нягледзячы на ўзмацненне выкліканых сусветнай глабалізацыяй інтэграцыйных працэсаў у духоўнай сферы. Мы ж, беларусы, з-за неадпаведнай нашым карэнным інтарэсам нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі не можам забяспечыць сваёй роднай мове абсалютна законнага для яе - і толькі яе! ‒ прэстыжнага становішча ні ў службовым справаводстве, ні ў розных сферах ідэалагічнай працы, ні ў адукацыі, культуры, навуцы, а апошнім часам нават ужо і ў такой святой для нас справе, як літаратурны працэс. Ганьба! Пры такіх сур'ёзных афіцыйных абмежаваннях сацыяльных функцый роднай мовы беларусаў яны ніяк не змогуць захаваць сябе, сцвярджацца ў сваёй нацыянальнасці. Яна ў іх дашчэнту спаралізавана, знаходзіцца ў катастрафічным стане. Адмаўляць такое могуць толькі тыя, хто давёў яе да такога трагічнага канца. Я цвёрда стаю на пазіцыі, што ў сучасных беларусаў ужо не першы год няма таго, што ў цывілізаваным свеце прынята называць нацыянальнасцю. Па віне ў найбольшай ступені сваёй жа дзяржавы яны пераўтварыліся ў безнацыянальны соцыум.

У нашыя дні сярод беларусаў знойдзецца вельмі мала людзей, якія былі б згодныя з такімі словамі К. Каўцкага: "… нацыянальнасць з'яўляецца вышэйшай грамадскай святыняй, якой усякі павінен служыць верай і праўдай…" 1 Як усё гэта неўласціва - і прычым ужо даволі даўно - абсалютнай бальшыні беларусаў. Сваёй нацыі яны не служаць нават і паўверай і паўпраўдай. Антынацыянальныя палітыкі, паводле сваіх поглядаў і дзеянняў ва ўсім падобныя да іх афіцыйныя ідэолагі, не выключаючы і ўласнай гадоўлі, навучылі, а дзе і прымусілі беларусаў жыць у згодзе толькі з рускімі культурна-моўнымі стандартамі, і яны спакойна жывуць з імі, хаця і бачаць, як гэта руйнуе, нішчыць іх прыродную аснову існавання. Нават утварэнне ўласнай суверэннай дзяржавы не натхніла людзей да пошуку шляхоў вяртання ў сваё нацыянальнае лона. Як аддавалі, так і аддаюць прыярытэт усяму чужому, бессаромна заяўляючы, моцна б'ючы сябе кулаком ў грудзі, што яно нібыта лепшае за ўласнае. Ну ці ж гэта не нацыянальная катастрофа беларускага народа?! Катастрофа! Дый яшчэ якая. Надзейнага выйсця з яе не падрыхтаваў яшчэ аніводзін творчы, навуковы калектыў, аніводзін палітык, аніводзін нацыянальны лідар. І ўдзень, і ўначы беларуская нацыя ўсё глыбей і глыбей апускаецца безнадзейна ў непралазную твань. Сёння ў дашчэнту анямелай беларускай нацыі няма неабходнай колькасці ні будзіцеляў, ні выратавальнікаў, што акурат і дазваляе дзяржаве без асаблівай цяжкасці нахабна давяршаць без аглядкі па баках культурна-моўную русіфікацыю свайго тытульнага насельніцтва.

У таго ж К. Каўцкага знаходзім і такія кранальныя словы: "здрадзіць сваёй нацыянальнасці не менш паскудна і непрыстойна, чым адцурацца ад бацькі і маці". 2

"Ну і ну! Зусім здурэў гэты навуковец з сусветным імя - абавязкова ўсклікнуць сённяшнія беларусы. - Ці ж гэта здрада сваёй нацыянальнасці, калі ты адцураўся ад яе культуры, мовы і перайшоў на рускія ім адпаведнікі? Зроблена ж гэта дзеля павышэння якасці духоўнага жыцця беларускага народа, умацавання братэрскіх дачыненняў з рускімі. Не, тут у нас і на ёту няма нічога паскуднага і непрыстойнага, зняважлівага да нашых далёкіх і не так далёкіх прашчураў, што дарэмна, бяздумна трымаліся свайго, не жадалі чужога."

Працяглы час жыцця беларусаў па-за сваёй нацыянальнасцю мае для іх не толькі цяжкія наступствы этнакультурнага парадку. Гэта не магло не адбіцца і на іх палітычным лёсе. А ён жа ці не па ўсіх сваіх параметрах мог быць і раней і сёння даволі шчаслівым, бо не ўвесь жа час даводзілася пакутаваць пад чужым прыгнётам. Калі і сённяшняй Беларусі як палітычнай адзінцы ў чымсьці пашанцавала, дык, я лічу, гэта найперш ў тым, што яна з'яўляецца аднанацыянальнай дзяржавай. Усе яе жыхары, што не належаць да тытульнага народа, - гэта не больш, як толькі этнічныя мяншыні, што істотна аблягчае правядзенне нацыянальнай палітыкі. Пра перавагу аднанацыянальнай дзяржавы добра ведалі і пісалі даўно вельмі многія палітыкі і тэарэтыкі. Дзякуючы багаццю, праўдзівасці такой інфармацыі нацыі, асабліва ў Еўропе, вялі - і не беспаспяхова - жорсткую, часта кровапралітную барацьбу за стварэнне для сябе ўласнай дзяржавы, ведаючы, што ў апоры на яе лягчэй будзе развязаць свае нацыянальна-палітычныя, эканамічныя і мо самыя галоўныя - нацыянальна-культурныя праблемы, бо калі з апошнімі не ўдасца справіцца, народ будзе пастаянна знаходзіцца пад неадступнай пагрозай асіміляцыі. Бадай, ніхто з тэарэтыкаў нацыянальнага пытання так не спрыяў руху народаў за дзяржаўнае адасабленне, як К. Каўцкі, што практычна вынікае са зместу такіх яго слоў: "Нацыянальная дзяржава з'яўляецца найбольш адпаведнай сучасным дачыненням формай дзяржавы, − формай, у якой яна лягчэй за ўсё можа ажыццяўляць свае задачы". 1 Практычна ўсе створаныя на постсавецкай прасторы дзяржавы акурат і прытрымліваюцца такога беспамылковага, разумнага курсу, што станоўча адбіваецца на ўсіх баках іх развіцця. Не жадае ісці такім вывераным курсам толькі Рэспубліка Беларусь у спадзеве знайсці рай у супольнай з Расійскай Федэрацыяй саюзнай дзяржаве. Калі мы не пакончым са шкоднай маніяй дзяржаўнага саюзніцтва, у нас прападуць усялякія шанцы ўхіліцца ад нацыянальнай катастрофы. Русіфікацыя дабярэцца да апошняга беларуса.

4. Не ўпусціць апошні шанец

Сёння спрэс зрусіфікаваныя беларусы пакуль што яшчэ маюць сваю дзяржаву, хаця калі на ўсім сур'ёзе падысці да гэтага пытання, дык яна ім мо і ня дужа патрэбная. Дзяржава, як вядома, не ў апошнюю чаргу ствараецца дзеля таго, каб свайму тытульнаму насельніцтву забяспечыць усе ўмовы для складвання ў народнасць, нацыю, гарантаваць прыстойнае, безасіміляцыйнае этнакультурнае развіццё. Прычым нарэдка бывае і такое, што гэтая функцыя з'яўляецца самай галоўнай, ключавой у дзяржаўнай дзейнасці. Зразумела, гэта ва ўмовах, калі тытульнай нацыі рэальна пагражае культурна-моўная асіміляцыя. З увядзеннем у Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкай сістэмы кіравання яе ўлады цалкам знялі з сябе абавязак дбаць пра ліквідацыю прычын моцна здэфармаванага этнакультурнага жыцця беларусаў з тым, каб у ім пераважала, квітнела сваё, а не чужацкае. На справе ж у сферы культуры іх (уладаў) цікавіла і цікавіць толькі адно, як не дапусціць зніжэння ў ім ролі рускага фактару. З падобнай задачай яны на выдатна справіліся і працягваюць упэўнена, без збояў наперад рухацца ў гэтым магістральным для іх напрамку, не заўважаючы канчатковай страты, татальнага адыходу беларусаў ад сваёй прыроднай этнакультурнай самабытнасці, уласнага нацыянальнага ладу жыцця ўвогуле. За мала ў чым патрэбную ў такіх варунках дзяржаву чыноўніцкі апарат трымаецца толькі дзеля сваіх сацыяльных выгод, а не адстойвання нацыянальных ідэалаў Бацькаўшчыны. Лічу, мець дзяржаву такой амаль няма ніякага сэнсу, найперш таму, што ў яе практыцы цалкам адсутнічае самая галоўная (на дадзены час) функцыя: забеспячэнне на належным узроўні этнакультурнай самабытнасці свайго тытульнага народа, што магчыма толькі праз спыненне яго далейшай русіфікацыі. Бо што ж гэта за нацыянальная дзяржава, калі яна, бачачы вакол сябе, як гібее, дажывае апошнія гады пад магутным прэсам русіфікацыі тытульны народ, замест хоць самай мізэрнай падтрымкі яго, дае каманду, як пісалася раней, на згортванне выдання прызначаных для дзяцей ‒ будучыні беларускай нацыі газеты "Раніца" і часопіса "Бярозка". На такі злачынны крок нельга было б ісці нават і пасля таго, каб з-за неверагодна цяжкага фінансавага становішчы давялося спыніць выпуск якой-небудзь адной з афіцыйных газет: "Советская Белоруссия", "Белорусская нива", "Народная газета", "Рэспубліка" і інш.

Пазбавіўшы з другой паловы 1990-х гг. беларускі народ галоўнага, што магло б надзейна прадухіліць так рэальную для яго нацыянальную катастрофу, улады на гэтым супакоіліся і ўсю сваю энергію пачалі аддаваць стварэнню адзінай з Расійскай Федэрацыяй саюзнай дзяржавы, нягледзячы на тое, што ў ёй, думаецца, многімі палітыкамі разумелася, моцна зрусіфікаваная Беларусь у момант згубіць сваю ўжо не першы год нікчэмную, сімвалічную нацыянальна-культурную самабытнасць.

Паколькі дзяржаўны чыноўніцкі апарат, усе яго ідэалагічныя службы дазвання перанасычаны зацятымі прыхільнікамі палітычнай інтэграцыі з Расіяй, прывяду з мэтай мо хоць трохі паўплываць на іх настрой яшчэ адну цытату К. Каўцкага: "З дэмакратычнага пункту погляду нацыянальная дзяржава бясспрэчна з'яўляецца самай дасканалай формай сучаснай дзяржавы, бо ў ёй народная маса лепш за ўсё можа палітычна паказаць сябе…" 1 І тытульныя народы колішніх саюзных рэспублік, акрамя Беларускай ССР, даволі добра паказваюць сябе, прычым не толькі ў палітычным плане. Іх нішто так не радуе, як цвёрдая ўпэўненасць, што яны больш ніколі не стануць аб'ектам дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі з боку Масквы, а мо яшчэ і якіх-небудзь мясцовых уладных структур, антынацыянальных рухаў і партый. Адсутнасць усялякай базы для такой упэўненасці ў Беларусі спрыяла, дзе спакваля, а дзе і навочна, узнікненню перадумоў, якія з цягам часу не маглі не прывесці да сапраўднага катастрафічнага становішча тытульнай нацыі. Сказанае на ўсе сто працэнтаў пацвярджае яе татальны зыход з роднага і пераход на рускае культурна-моўнае поле. Толькі хацеў бы давесці чытачу, што такое адбылося не па волі народа, а з ініцыятывы, у выніку мэтанакіраванай русіфікатарскай палітыкі самых высокіх уладных структураў краіны.

Таго, што мы сёння перажываем, яшчэ ніколі не было ў айчыннай гісторыі. Улічваючы катастрафічны характар да апошніх падвалін здэфармаванага нацыянальнага жыцця, я вельмі прасіў бы актыўных і пасіўных удзельнікаў нацыянальна-культурнага Адраджэння (ужываю апошняе слова проста па ўсталяванай звычцы, добра ўсведамляючы, што яму ўжо даўно на змену прыйшло больш адпаведнае сучаснай рэчаіснасці слова "выраджэнне") не ўсцешваць сябе ліпавым аптымізмам ад таго, што чыноўнікі абавязалі сваіх калег на беларускамоўныя лісты адказваць толькі па-беларуску, што ў чарговым навучальным годзе ў якім-небудзь абласным цэнтры адкрылі беларускамоўны клас на пяць вучняў, што ў гарадскім транспарце робяць аб'явы па-беларуску. Усяго гэтага вельмі і вельмі мала, каб уцалела беларуская мова - аснова нашай нацыянальнай культуры, каб прадухіліць нацыянальную катастрофу беларускага народа. Паверце, што яна ўжо на поўных правах гаспадара пасялілася ў нашым доме. Мы ўжо не сутыкаемся - прычым не першы год - з сапраўдным беларускім нацыянальным жыццём. Яно з ласкі дзяржавы, дзякуючы буйнамаштабным намаганнем мясцовай творчай інтэлігенцыі амаль цалкам выцяснена рускай культурай і мовай. Ці ж можа ў такіх залежніцкіх ад чужога ўплыву ўмовах існаваць беларуская нацыя? Адказ можа быць толькі такі: "Не!" Гатоў ісці ў заклад, прычым на немалую суму грошай, што на сваім 87-м годзе жыцця я перажыў сваю дарагую родную беларускую нацыю. Вось дык перамога над апошняй яе нічым не адметнага індывідыума?! Але такое мяне ніколькі не радуе, а, наадварот, толькі засмучае, гняце. Супольна з ёю, таго і глядзі, я мог бы і яшчэ з дзясятак гадоў пражыць. Без яе ж, усім нутром адчуваю, такое немагчыма. На маім настроі, агульным стане здароўя, як нішто іншае, самым негатыўным чынам адбіваюцца вывешаныя на многіх вуліцах горада Мінска велізарныя, размалёваныя ў вясёлкавых колерах транспаранты са здзеклівымі, думаю для ўсіх нацыянальна свядомых людзей, словамі "Квітней, Беларусь!" Ужо большага здзеку з Беларусі, каб і хацеў, дык не прыдумаеш. Забраць у яе маладых пакаленняў родную мову, пачынаючы ад дзіцячага сада і канчаючы ВНУ, забяспечыць стараннямі самых высокіх дзяржаўных структур панавальнае становішча рускаму фактару ва ўсіх без выключэння прафесійных, элітарных пластах культуры, а за тытульным народам захаваць магчымасць развівацца практычна толькі ў традыцыйна-фальклорным рэчышчы і пасля такой несправядлівасці пісаць на транспарантах "Квітней, Беларусь!" - гэта ўжо зусім не лезе ў аніякія вароты. Найбольш прымальны на сёння для транспарантаў такі тэкст: "Беларусь! Ты на парозе нацыянальнай катастрофы!" Вось тады можа хоць трохі зварухнецца народ, даведзены сваімі палітычнымі лідарамі і элітарнымі коламі інтэлігенцыі да поўнага нацыянальнага краху. Не верыцца, што сярод нас не знойдзецца хоць з сотні разумных, смелых АСОБАЎ, якія роднае, самае любімае дзіця дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі майскі рэферэндум 1995 года назавуць найвялікшым злачынствам дваццатага стагоддзя, якое пазбавіла беларускі народ магчымасці нармальна развівацца на сваёй прыроднай культурна-моўнай аснове, амаль ушчыльную прывяло яго да нацыянальнай катастрофы.

Поўнасцю не страціўшы веры ў з'яўленне такіх АСОБАЎ, хацеў бы даць ім некалькі найбольш важных практычных парадаў па выратаванні беларускага народа ад канчатковага этнічнага вымірання. Пачынаць трэба са службовага справаводства, прычым з самых высокіх эшалонаў заканадаўчай і выканаўчай улады, услед за якімі без усялякага прымусу, гужом пойдуць падначаленыя ім структуры. Нягледзячы на ўсе сучасныя інавацыі ў арганізацыі палітычнай дзейнасці, ускладненні зместу апошняй, яна ніколі не зможа абысціся без пісьмовага і вуснага слова. У межах нават невялікай па колькасці жыхароў краіны чыноўніцкі апарат штодзённа пры выкананні сваіх службовых функцый выкарыстоўвае мільярды слоў. Сёння яны ў нас за рэдкім выключэннем вымаўляюцца і пішуцца толькі па-руску. А каб у гэтых мэтах выкарыстоўвалася беларуская мова? Ужо праз год-два на ёй загаварылі б і тыя людзі, што ніколі не вывучалі граматыкі беларускай мовы, не трымалі ў руках руска-беларускіх ці беларуска-рускіх слоўнікаў. Тады ўжо ніхто не асмеліўся б зрабіць беларусу з родным словам на вуснах агідную заўвагу: "Говорите на нормальном языке".

Пачынаць беларусізацыю жыцця Бацькаўшчыны са службовага справаводства і пачынаць маштабна мэтазгодна яшчэ і таму, што на гэта адразу ж адрэагуе, прычым без усялякай каманды зверху, нашая начыста адарваная ад нацыянальнай глебы сістэма адукацыі, бо навошта навучальна-выхаваўчы працэс будаваць на рускай мове, калі на беларускую ўскладзена абслугоўванне службовага справаводства палітычнай і эканамічнай сфераў, усіх адміністрацыйных, судовых, вайсковых структур, спецслужбаў, навукі і культуры. З заменай у навучальных установах рускай мовы беларускай яны ўжо будуць выпускаць у самастойнае жыццё не нацыянальна абалваненых манкуртаў, а ў належнай ступені здольных актыўных і пасіўных прадаўжальнікаў этнакультурных традыцый роднай зямлі. Калі такія ўзгадаваныя ў беларускім духу маладыя пакаленні складуць крытычную масу нашага грамадства, дзеля яго ўжо не будзе існаваць аніякіх непераадольных праблемаў, каб стаць па-сапраўднаму нацыянальна-беларускім. Гэтаму, як нішто іншае, будзе спрыяць прыход у сферу культуры добра прафесійна падрыхтаваных на беларускай культурна-моўным матэрыяле творцаў, здольных паспяхова, рашуча супрацьстаяць не толькі русіфікацыі, але і ў разумных межах дыстанцыравацца ад сусветнай глабалізацыі. Пішу "ў разумных межах", таму што ў апошняй ёсць нямала чаго і такога, што, не парушаючы нацыянальнага ядра беларускай культуры, можа даць ёй і нямала карысці.

Калі б да развязвання незаслужана запушчанай праблемы нацыянальна-культурнага Адраджэння Рэспублікі Беларусь максімальна падключыць дзяржаўны матэрыяльны і кадравы патэнцыял, яно зусім не ўяўляла б сабой нечага, як сцвярджаюць ва ўладных структурах, архіскладанага, неажыццявімага. Яно такім і сапраўды з'яўляецца толькі тады, калі за нацыянальнае адраджэнне бяруцца маладзейсныя грамадска-палітычныя, культурна-асветніцкія арганізацыі, а то і проста невялікія купкі людзей, якія ніяк не могуць змірыцца з супярэчным законам развіцця сусветнай цывілізацыі зыходам у нябыт беларускага народа, як арыгінальнай самабытнай нацыі. Здзіўляе, што ўсёй стратнасці, недарэчнасці такога этнічнага становішча яе яшчэ і да сённяшняга дня не разумеюць ці не хочуць разумець і ў самых высокіх эшалонах улады, і ў элітарных інтэлектуальных колах. Ці не час цвёрда ўсвядоміць усім і кожнаму, што многія палітыкі і ідэолагі Расійскай Федэрацыі так прагнуць інкарпарацыі ў яе склад Рэспублікі Беларусь і вераць у такое толькі таму, што яны не бачаць у яе карэнным насельніцтве да канца сфармаванай тытульнай нацыі (і гэта не пярэчыць ісціне), нічога прынцыпова адметнага ў ім ад рускага народа. І сапраўды, мець у перспектыве ў такіх блізкіх, амаль аднатыповых этнакультурных умовах з магутнай рускай краінай самастойную дзяржаву ў асобе Рэспублікі Беларусь падаецца вельмі мала апраўданым. Тамбоўшчына, Валагодчына, Яраслаўшчына ці яшчэ які-небудзь адміністрацыйны раён Расіі не выстаўляюць жа перад яе кіраўніцтвам патрабаванняў на самастойную дзяржаву. Словам, усёй сваёй заганнай нацыянальнай палітыкай і асабліва майскім рэферэндумам 1995 года кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь загнала сябе ў кут, зрабілася спакуслівым, лёгка даступным для Расіі кавалкам. Іншага выйсця з такога недарэчнага, вартага вялікага жалю становішча няма, як толькі вярнуць Беларусь ва ўласнае нацыянальна-культурнае, моўнае ўлонне.

На шчасце, не будучы пазбаўленым святога пачуцця нацыянальнага патрыятызму, я ахвотна, па ўласнай ініцыятыве ўзяўся за напісанне дадзенай кнігі і ўзяўся толькі дзеля таго, каб падзяліцца з палітыкамі і ідэолагамі, элітарнымі коламі грамадства любых арыентацый, усім народам Рэспублікі Беларусь некаторымі няхай сабе можа і няспелымі меркаваннямі датычна шляхоў прадухілення яе ад так рэальнай на сёння нацыянальнай катастрофы. Не выключана, што адшукаўшы розумам, досведам усёй нашай эліты такія шляхі, нам усё-такі пашчасціць вярнуць Беларусь у рэчышча прыстойнага самабытнага этнакультурнага развіцця, вызваліць яе народ ад русіфікацыі.

У аснову маіх меркаванняў пакладзены досвед, атрыманы ад знаёмства з досыць багатай практыкай нацыянальна-культурнага адраджэння іншых народаў, якія выйшлі пераможцамі са здавалася б у зусім безнадзейнай сітуацыі і дзякуючы гэтаму змаглі ўнесці і сёння працягваюць уносіць свой неацэнны ўклад у культурную разнастайнасць сусветнай цывілізацыі. Беларусаў ніхто не пахваліць, калі яны не пажадаюць, выявяць поўную няздольнасць зрабіць ёй такі неацэнны падарунак. Зрабіць жа яго можна толькі тады, калі будзеш развіваць, узбагачаць, жыць набыткамі ўласнай культуры, а не паразітаваць на чужой, якой бы прагрэсіўнай яна не была. Суцяшае, абнадзейвае, што гэта разумее ўсё больш і больш людзей і галоўнае - маладых узростаў.

Свой погляд на прадухіленне беларусаў ад так рэальнай для іх сёння нацыянальнай катастрофы не лічу адзіна верным, бездакорным. Узнятая мною праблема да такой ступені складаная, што яе як след можа раскрыць не адзіночка, а толькі калектыў прафесійна падрыхтаваных аўтараў. Буду рады, калі я сваёй публікацыяй кагосьці натхню больш падрабязна, больш грунтоўна асвятліць закранутую мною архінадзённую праблему. Упэўнены, што ў нас яшчэ ёсць моц, талент, жаданне, каб не даць якім-небудзь нядобрым, варожым знадворным і тутэйшым сілам пусціць на звод беларускую нацыю, пазбавіўшы яе магчымасці развівацца на ўласным культурна-моўным грунце.

Мне бясконца шкада людзей, якія думаюць, што дарэшты змардаванага дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі беларуса можна выратаваць правядзеннем сістэматычных нешматлікіх па колькасці ўдзельнікаў акцый з заклікамі: "Будзьма беларусамі!", штогадовых беларускамоўных дыктовак, хаця ўсё гэта і патрэбна ў дазвання здэнацыяналізаванай Беларусі. Але ёй куды больш патрэбны сапраўдны агульнанародны рух за этнічнае выжыванне, актыўны ўдзел у нацыянальным адраджэнні самой дзяржавы, бо менавіта яна нясе галоўную адказнасць за культурна-моўную асіміляцыю беларускага народа ў фармаце русіфікацыі.



1 Каутский Карл. Национальные проблемы. Пг. 1918. С. 39.

1 Каутский Карл. Национальные проблемы. С. 40.

1 Каутский Карл. Национальные проблемы. С. 49, 50.

1 Літаратура і мастацтва. 2000. 27 кастрычніка. С. 8.

1 Цытавана па газеце "Народная Воля". 2010. 21-24 мая.

1 Каутский Карл. Национальные проблемы. С. 50.

1 Каутский Карл. Национальные проблемы. С. 108, 112.

1 Каутский Карл. Национальные проблемы. С. 139.

2 Там жа.

1 Каутский Карл. Национальные проблемы. С. 58.

1 Каутский Карл. Национальные проблемы. С. 129.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX