Вярнуцца: Уніяцкая царква Ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады)

Уводзіны


Аўтар: Марозава С.В.,
Крыніца: Уніяцкая царква Ў этнакультурным развіцці Беларусі(1596-1839 гады). Гродна: ГрДУ, 2001.

Спампаваць




Новыя гістарычныя ўмовы, у якіх апынулася Беларусь са стварэннем суверэннай дзяржавы, супярэчлівыя, сягаючыя каранямі ў мінулае, сучасныя нацыянальна-культурныя працэсы ў краіне запатрабавалі перагляду і пераасэнсавання яе гістарычнага шляху, значнай вяхой на якім была Берасцейская царкоўная унія 1596 г. Два з паловай стагоддзі пасля 1596 г. беларускае духоўна-культурнае і грамадска-палітычнае жыццё так ці інакш было пазначана ўплывам царкоўнай уніі, якая пасля хрышчэння стала другой па значнасці пераломнай падзеяй усходнеславянскай канфесійнай гісторыі. Увабраўшы ў сябе і адлюстраваўшы многія з тых праблем і супярэчнасцяў, якімі жыло беларускае грамадства XVІ - ХІХ ст., аказаўшы істотны ўплыў на геацывілізацыйную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, яна і сёння не пахавана ў архівах, але з'яўляецца жывым фактам.

На мяжы XX - ХХІ ст., калі актуалізавалася вывучэнне гістарычнай і нацыянальнай спецыфікі Беларусі, пытанне аб пошуках нашымі продкамі свайго ўласнага месца ў еўрапейскіх рэлігійна-палітычных працэсах канца XVI - першай паловы XIX ст., на раздарожжы Усходу і Захаду, набывае асаблівую цікавасць. Гэта была эпоха, менталітэт якой у многім прадвызначала і фарміравала рэлігія, што арганізоўвала вонкавае і ўнутранае жыццё чалавека і грамадства, будучы ў той самы час полем жорсткай барацьбы; эпоха, калі царква з'яўлялася важным інстытутам культуры і чыннікам дзяржаватварэння, а канфесійны фактар быў своеасаблівым этнічным дэтэрмінатывам народа. Прыменшанне і ігнараванне месца і ролі ў гэтых з'явах і працэсах уніяцтва, якое за час свайго існавання значна пацясніла пазіцыі традыцыйных рэлігій на Беларусі і ў XVIII ст. стала канфесійнай дамінантай, мела сваім вынікам стварэнне абедненай, няпоўнай і нават перакручанай карціны айчыннай гісторыі таго часу.

Сучасныя пошукі новых шляхоў паяднання ўсяго хрысціянскага свету і ўзаемаразумення розных культур выклікаюць зразумелую цікавасць да гістарычнага рэгіянальнага аналага, які меў месца ў адвечна поліканфесійнай і культурна разнастайнай Беларусі - галоўнай тэрыторыі пашырэння уніі ў ХVII ст. Прагматычнае выкарыстанне ўрокаў мінулага экуменічным рухам патрабуе аналізу набыткаў і выдаткаў спробы стварыць на беларускай глебе рэлігійную альтэрнатыву заходняму і ўсходняму хрысціянству. Самой Беларусі, рэлігійна раз'яднанай і сёння, гэты досвед дапаможа лепей асэнсаваць сваё месца ў дыхатаміі Усходу і Захаду.

Зварот да рэлігійнага мінулага Беларусі вызначаны адраджэннем, насуперак моцнай антыуніяцкай прапагандзе, у 1990 г., пасля 150-гадовага небыцця, гэтай веры, невядомай ужо некалькім пакаленням людзей. Рэлігійны «рэнесанс» канца ХХ ст. і саперніцтва розных адгалінаванняў хрысціянства за сферы ўплыву і лідэрства ў нацыянальным адраджэнні абумовілі цікавасць да асэнсавання іх этнакультурнага патэнцыялу. Разам з шэрагам буйных царкоўных гадавін: 1000-годдзя хрышчэння Русі і 1000-годдзя Полацкай епархіі, 400-годдзя Маскоўскага патрыярхата, 2000-годдзя хрысціянства і асабліва 400-годдзя Берасцейскай уніі - гэта актуалізавала ў грамадска-палітычным і навукова-тэарэтычным планах пытанне аб месцы і статусе Беларусі ў сям'і хрысціянскіх народаў.

Манаграфія з'яўляецца адказам на ўсплёск цікавасці апошняга дзесяцігоддзя айчыннай і еўрапейскай навукі да уніяцкай праблематыкі, якая ўжо пятае стагоддзе прыцягвае розумы людзей. У які ўжо раз адноўленых дыскусіях вакол неардынарнай і супярэчлівай з'явы уніяцтва, што загнана ў ХІХ - ХХ ст. у нябыт і разглядаецца гістарычным перажыткам з сумніўнай эклезіялагічнай ідэнтычнасцю, найбольшую цікавасць выклікаюць тыя змены, якія яно прынесла ў непасрэдны геапалітычны і культурны кантэкст народаў і якія да гэтага часу з'яўляюцца занядбанай дзялянкай беларускай гістарычнай навукі. Каб зняць шэраг навуковых непаразуменняў, вакол іх нагрувашчаных, і дасягнуць кансэнсусу паміж даследчыкамі, патрабуецца неканфесійнае, адпаведнае сучаснаму стану навукі асэнсаванне уніяцтва як этнакультурнага феномена.

Аўтар паставіў перад сабой мэту - вызначыць і ахарактарызаваць праявы уніяцтва ў культуры і этнічным абліччы беларускага народа. Дзеля яе рэалізацыі прадугледжваецца вырашэнне наступных задач:

- Раскрыць перадумовы Берасцейскай уніі, паказаць яе як кампраміс у культурна-рэлігійнай сферы паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам.

- Прасачыць генезіс уніяцкай веры, змену ў ёй суадносін традыцый і навацый, узаемадзеянне арыентальных і празаходніх тэндэнцый.

- Прааналізаваць культурнастваральную дзейнасць уніяцкай царквы ў галіне асветы, кнігадрукавання, бібліятэчнай справы, выяўленчага, музычнага і тэатральнага мастацтва, акцэнтаваўшы ўвагу на новых з'явах у айчыннай духоўнай культуры, якія ўзніклі ў сувязі з тэорыяй і практыкай хрысціянскага адзінства і канфесійна-культурнага дыялога.

- Паказаць сувязь паміж заключэннем уніі і беларускім этнакультурным бумам канца ХVI - першай паловы XVII ст.

- Прасачыць працэс вымывання культурных каштоўнасцяў уніяцтва ў 1830 - 1850-я г., які з'явіўся ўдарам па нацыянальнай культуры і самасвядомасці.

- Ахарактарызаваць царкоўны менталітэт уніятаў і іх імідж у вачах прадстаўнікоў сумежных канфесій і суседніх этнасаў.

- На фоне дынамікі этнамоўных працэсаў на Беларусі даследаваць моўную палітыку і практыку уніяцкай царквы.

- Даследаваць працэс адстойвання уніяцкай царквой сваёй самабытнасці ў межах інтэграцыі з рыма-каталіцтвам.

- Высветліць этнічную тоеснасць уніятаў і прасачыць механізм яе трансфармацыі ў канцы ХVIII - першай палове ХІХ ст.

- Разглядзець антыўз'яднаўчы рух праз прызму нацыянальнай культуры і этнічнай свядомасці народа.

Храналагічныя межы манаграфіі акрэсліваюцца 243 гадамі паміж Берасцейскім, 6 - 9 кастрычніка 1596 г., і Полацкім, 12 лютага 1839 г., царкоўнымі саборамі, у межах якіх існавала уніяцкая царква на Беларусі і двойчы адбыўся пералом у становішчы асноўных хрысціянскіх канфесій. Але пры разглядзе перадумоў уніі і постунійнай рэчаіснасці адбываецца выхад за гэтыя межы, і яны пашыраюцца з апошняй трэці ХVI да пачатку ХХ ст. У даследаванні прасочваюцца працэсы, якія маюць свой пачатак і канец, але завершанымі яны не з'яўляюцца, бо былі штучна перарваны ў 1830-я г. Разгляд праяў берасцейскага працэсу ў сферы культуры і свядомасці народа ад яго пачатку да абрыву, а не асобным фрагментам, дазваляе стварыць цэласнае ўяўленне па праблеме і пазбегнуць аднабаковасці, якой грашаць працы, што акцэнтавалі ўвагу толькі на пачатковым этапе уніі (як правіла, яе дыскрэдытацыя) або толькі на этапе завяршальным (апалогія яе скасавання).

Праблема разглядаецца ў межах этнічнай тэрыторыі Беларусі, дзе ў канцы ХVI - XVIII ст. мела распаўсюджанне уніяцтва.

Прапанаванае ў манаграфіі канцэптуальнае асэнсаванне гісторыі уніі ў яе этнічным і культурным аспектах грунтуецца на прынцыпах аб'ектыўнасці і гістарызму, з якіх вынікаюць наступныя тэарэтычныя палажэнні:

-Рэлігійныя ўяўленні «развіваюцца ў кожнага народа своеасабліва, адпаведна жыццёвым умовам, што выпалі на яго долю», вырастаюць з іх і зрастаюцца з імі [1322, с.313].

-Рэлігіі не застаюцца нязменнымі, а трансфармуюцца ў адпаведнасці з ходам гісторыі. Самаразвіццё хрысціянскіх канфесій праяўляецца ў іх практычным прыстасаванні да канкрэтных нацыянальных, грамадскіх і дзяржаўных умоў. Беларускае хрысціянства ў розныя гістарычныя эпохі набывала адпаведныя царкоўныя і культурныя формы. Уніяцтва з'яўляецца адным з этнаадаптыўных сродкаў і фактарам прыстасавання хрысціянскай царквы да новых гістарычных умоў функцыянавання беларускага грамадства.

- Адмова ад падзелу хрысціянскіх кафесій, што існавалі на Беларусі, на ісцінныя і памылковыя, гістарычныя і негістарычныя, а звязаныя з імі культурныя тыпы - на перша- і другагатунковыя; прызнанне іх штучна створанымі людзьмі веравызнаннямі і арыентацыя на гуманістычныя прынцыпы духоўнай і рэлігійнай свабоды, роўнасці вер.

- Спецыфіка гістарычнага развіцця Беларусі ў мінулым, у тым ліку ў канфесійнай сферы, у значнай ступені вызначалася яе геапалітычным становішчам. «Ваганне паміж Захадам і Усходам і шчырая непрыхільнасць ні да аднаго, ні да другога з'яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народа» [657, с.9]. Разгляд Беларусі не як аб'екта інтарэсаў суседніх дзяржаў, а ў якасці паўнацэннага і суверэннага суб'екта гісторыка-цывілізацыйнага працэсу, а Берасцейскай уніі - як аднаго з варыянтаў пошуку свайго канфесійнага «я» ва ўмовах супрацьстаяння і ціску Усходу і Захаду, як спробы займець сваё месца ў еўрапейскім рэлігійна-культурным хрысціянскім раскладзе.

- Падыход да рэлігіі і царквы як да культуратворчага і этнаўтваральнага фактара, як да адной з форм праявы нацыянальнай культуры [1067, с.35,53, 86] і да міжканфесійных адносін як да праявы дыялогу культур [1026, с.6]. Разгляд культавага комплексу, культуры і этнічных з'яў як узаемазвязаных, узаемадзейных сістэм. Прызнанне за царквой прэтэнзій на ролю правадыра этнасу; прызнанне духавенства прадстаўнікамі і лідарамі народа не ў меншай меры, чым яго дзяржаўныя, палітычныя, грамадскія і культурныя дзеячы.

- Культура не можа існаваць, не абнаўляючыся. Адзінства традыцыі і абнаўлення - універсальная характарыстыка любой культуры, адзін з галоўных крытэрыяў яе жыццястойкасці і прагрэсу і ў той жа час адна з супярэчнасцяў культурнага працэсу. Адкрытасць да іншых культур, пастаяннае ўзаемадзеянне з імі складаюць магутны бок любой культуры. Абсалютызацыя традыцыі, замкнёнасць вядзе да згасання стымулаў яе развіцця і да змярцвення. Намер адгарадзіць свой народ і яго культуру ад «чужых» уплываў і інавацый з добрымі мэтамі захавання веры, традыцый, звычаяў і г.д. абарочваецца ў рэальнасці духоўным збядненнем і высіленнем. Гістарычная практыка «жалезных заслонаў» паказала сваё абсалютнае банкруцтва [1258, с.336, 354; 1270, с.56].

- Вітаючы адкрытасць культуры і рэлігіі беларускага народа да Захаду і Усходу, не трэба абсалютызаваць уплывы звонку, калі яны навязваліся прымусова, рабілі замах на рэлігійную свабоду, вялі да дэнацыяналізацыі нашых продкаў, замаруджвалі фармаванне іх этнічнай самасвядомасці і, ізалюючы іх ад другой часткі Еўропы, тармазілі культурны прагрэс.

У манаграфі прапанавана новае канцэптуальнае пераасэнсаванне берасцейскага працэсу 1596 - 1839 г. на аснове цывілізацыйнага падыходу і дасягненняў сусветнага уніязнаўства.

Берасцейская унія разглядаецца як пошук кампраміса у сутыкненні дзвюх хрысціянскіх канфесій і цывілізацый на Беларусі, які прывёў да супярэчлівых вынікаў - раскола грамадства, але сінтэза культур. Уносяцца істотныя карэктывы ў разуменне перадумоў і прычын уніі, якая падаецца як выбар з магчымага і адпаведнага нацыянальнай традыцыі і логіцы грамадскага развіцця. Унія разглядаецца з пункту погляду эвалюцыі інтарэсаў трох суб'ектаў: беларускай царквы, Ватыкана і Польшчы. Па-новаму інтэрпрэтуюцца уніяцка-рыма-каталіцкія ўзаемаадносіны і ўпершыню грунтоўна прааналізавана шматбаковая дзейнасць уніяцкай царквы па захаванню самабытнасці і адноснай незалежнасці.

Зроблены шэраг новых навуковых назіранняў: аб прыярытэтнай прываблівасці заходняй культуры для арганізатараў і дзеячаў уніі; аб намерах з дапамогай новага тыпу рэлігіі зберагчы беларускую шляхту ад дэнацыяналізацыі праз каталіцызм; аб дзвюх катэгорыях уніятаў: «нявольных» і добраахвотных; аб нязменнасці этнічнай тоеснасці з прыняццем уніяцтва і інш.

Перагледжана ўсталяваная ацэнка уніі ў плане яе ўплыву на развіццё беларускай культуры. На падставе аналізу праяў уніяцтва ў сферы асветы, кніжнай культуры і мастацтва Беларусі абвяргаецца тэорыя культурна-гістарычнай няпоўнавартасці уніі, выпрацаваная гістарыяграфіяй «западно-русского» толку. Беларускі культурны ўздым канца XVI - першай паловы XVII ст., абуджэнне нацыянальнай свядомасці і павышэнне гістарычнай культуры грамадства ў значнай ступені звязваюцца з заключэннем і пашырэннем Берасцейскай уніі. Упершыню паказаны страты ў розных галінах беларускай культуры ў сувязі са скасаваннем уніі.

Аспрэчваецца тэзіс аб уніі як выключна сродку паланізацыі беларусаў. Упершыню грунтоўна аналізуецца дынаміка этнамоўных працэсаў ва уніяцкім асяроддзі. Прасочаны механізм трансфармацыі этнічнай тоеснасці уніятаў у канцы ХVIII - першай палове ХІХ ст. Разглядаецца недастаткова асветленая ў беларускай гістарыяграфіі праблема абароны рэлігійна-культурных каштоўнасцяў уніі і барацьба супраць яе ліквідацыі. Абвяргаецца гістарыяграфічны стэрэатып аб этнакультурнай і палітычнай апраўданасці і безбалесным характары скасавання уніі.

У навуковае абарачэнне уводзіцца шэраг раней невядомых крыніц з архіваў і рукапісных аддзелаў бібліятэк Беларусі і гістарычна звязаных з ёю краін: Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы. Пры гэтым пераадолена тэндэнцыйнасць і аднабаковасць у адборы крыніц, што праяўлялася ў апоры, галоўным чынам, на тыя з іх, што зыходзілі з лагера апанентаў і нядобразычліўцаў уніі.

На думку аўтара, разгляд міжканфесійных адносін на Беларусі мінулых стагоддзяў па-за ўсялякай сувязі з агульнакультурным кантэкстам перашкаджае прывядзенню беларускай гістарыяграфіі ў адпаведнасць з сучасным сусветным уніязнаўствам; усведамленню айчыннымі даследчыкамі гістарычнай важнасці падзей 1596-1839 г., перагляду іміджа самой уніі і яе дзеячаў. Узнятыя ў працы пытанні (базыльянскія свецкія школы, роля уніяцкай царквы ў развіцці музычнай культуры, беларуская уніяцкая царква і польскі касцёл, успрыманне Берасцейскай уніі ў Расійскай дзяржаве, дзейнасць уніяцкіх брацтваў, Берасцейская унія і фармаванне гістарычнай культуры грамадства, рэгіянальныя асаблівасці антыўз'яднаўчага руху і інш.) могуць стаць перспектыўнымі кірункамі для далейшай распрацоўкі. А сутыкненне сучаснага беларускага грамадства, якое захавала культурна-моўны і канфесійны плюралізм, з тымі ж праблемамі, што спрабавалі ў канцы ХVI cт. праз унію вырашыць нашы продкі, робіць мэтазгодным працяг вывучэння іх спраў і спадчыны.

Манаграфія значна пашырае і паглыбляе карціну айчыннай духоўнай культуры, ўяўленне аб этнічных працэсах на Беларусі канца ХVI - першай паловы ХІХ ст., даследаванне якіх у адрыве ад рэлігійна-царкоўнага жыцця вяло да стварэння няпоўнай, дэфармаванай гісторыі народа. Праца паспрыяе аб'ектыўнай ацэнцы месца Беларусі на сумежжы цывілізацый і больш лаяльным адносінам да ўласнай мінуўшчыны. У пэўнай меры запаўняецца «ніша» ў беларускай гістарыяграфіі уніі. Адкрываецца перспектыва для больш адэкватнага бачання праблемы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX