Папярэдняя старонка: Уніяцкая царква Ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады)

Заключэнне 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 05-09-2021,
Крыніца: Уніяцкая царква Ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады), Гродна: ГрДУ, 2001.

Спампаваць




ЗАКЛЮЧЭННЕ

Берасцейская унія гістарычна дэтэрмінавана геацывілізацыйным становішчам Беларусі. Яна з'явілася ў выніку збегу як комплексу еўрапейскіх рэлігійна-палітычных адносін 60-90-х гадоў ХVІ ст., так і ўнутраных абставін. З апошніх галоўным было імкненне часткі беларуска-ўкраінскай інтэлектуальнай эліты да пераадолення духоўнага крызіса грамадства праз перабудову царкоўна-рэлігійнага жыцця на шляхах інтэграцыі з каталіцкім посттрыдэнцкім Захадам, які кінуў магутны культурна-інтэлектуальны выклік усходнеславянскаму свету і даў прыцягальны прыклад аздараўлення культавых інстытутаў.

Інтарэсы суб'ектаў уніі не супадалі. У мэтах, умовах і мясцовай практыцы яна ў той ці іншай ступені мела характар этнаабароны і захавання ўласнай духоўнай тоеснасці. Лідары уніяцкай царквы дастаткова паслядоўна адстойвалі мясцовыя рэлігійна-палітычныя і этнакультурныя інтарэсы на фоне польска-ватыканскай палітыкі. Сімпатыі Рыма і польска-каталіцкіх колаў да уніяцтва з яго прэтэнзіяй на царкоўна-культурную індывідуальнасць і супрацьдзеяннем лацінізацыі не варта перабольшваць.

Уніяцтва сінтэзавала на мясцовай глебе розныя культурныя пачаткі Беларусі. Яно стваралася на спрадвечнай візантыйска-славянскай аснове з дапушчэннем заходніх запазычанняў і развівалася ва ўзаемадзеянні дзвюх тэндэнцый: абараняўшай чысціню і недатыкальнасць усходняга абраду і накіраванай на лацінізацыю, якія то ўжываліся разам, то спрачаліся за прыярытэт. Узнікшай на скрыжаванні дзвюх культур і цэркваў уніяцкай веры было наканавана балансаваць паміж імі, і схіленне ў адзін ці другі бок было аднолькава небяспечным, бо пагражала стратай уласнай канфесійнай ідэнтычнасці. Заходнехрысціянскія запазычанні ўваходзілі натуральным шляхам, калі для іх ужо мелася глеба. Прыўнесеныя штучна выклікалі супраціў і нараджалі рух за рэарганізацыю царквы ў духу берасцейскіх умоў. Мяжа, пастаўленая навацыям гэтымі ўмовамі, была пяройдзена ў ХVIII ст. Праціўнікамі крайняй лацінізацыі былі І.Руцкі, А.Сялява, Я.Суша, Л.Кішка, І.Лісоўскі. Эвалюцыя веры адбывалася пад уплывам наступных фактараў: пазіцыя Рыма, палітыка ўрада Рэчы Паспалітай, паслядоўнасць правядзення ў жыццё ўласнай царкоўнай і нацыянальнай лініі, этнаканфесійная свядомасць вернікаў.

1596 г. выклікаў усплёск актыўнасці этнасу, стаў каталізатарам росту этнічнай, культурнай, канфесійнай і гістарычнай самасвядомасці па абодва бакі уніяцка-пр аваслаўнага муру, спрыяў павышэнню гістарычнай культуры, разам з тым ён паглыбіў рэлігійнае супрацьстаянне ў грамадстве. Ідэолагі кожнага з табараў толькі сябе лічылі выразнікамі інтарэсаў этнасу, ад яго імя апелявалі і менавіта на аснове сваёй веры бачылі шлях кансалідацыі рэлігійна неаднароднага этнаса. Арганізатары уніі ўсведамлялі сваю справу годнай, законнай, нават выратавальнай, уяўлялі яе фактарам абнаўлення хрысціянства, яднання, выканання волі продкаў, але спатыкнуліся аб менталітэт традыцыяналісцкі арыентаванай праваслаўнай большасці. Іх апаненты бачылі ў берасцейскай мадэлі уніі здраду свайму народу, Айчыне, знявагу нацыянальна-рэлігійных традыцый. Сутыкнуліся два разуменні доўгу перад духоўнымі традыцыямі і звычаямі продкаў.

Барацьба уніяцкай царквы за кананічную прастору, з аднаго боку, і вайна, абвешчаная ёй праваслаўнай апазіцыяй, з другога, сталі крыніцай пастаянных узрушанняў у дзяржаве. Асабліва моцныя антыуніяцкія настроі панавалі да сярэдзіны ХVII ст. З 30-х г. настроі шляхты, а з другой паловы стагоддзя - і ўсяго грамадства паварочваюцца з бок уніі.

Шляхі прыняцця веры вызначылі наяўнасць дзвюх катэгорый вернікаў: добраахвотных і нявольных. Прымяненне прымусу абарочвалася яе фармальным прыняццем. Набліжэннем да каталіцкага Захаду уніяты адштурхнулі ад сябе праваслаўнае насельніцтва ВКЛ і афіцыйную Расію, якая падагравала антыуніяцкія настроі на Беларусі, чым фармавала ў іх антырасійскі менталітэт. Яны не былі прынятыя роўнымі і на Захадзе. Польска-каталіцкія колы прышчэплівалі уніятам комплекс ніжэйшасці і няпоўнавартасці, чым разбуралі іх этнічную самасвядомасць. Уніяты ўпадабалі сваёй веры, лічылі яе больш дасканалай ў параўнанні з праваслаўем, разам з тым, яны былі пазбаўлены сляпога пакланення Захаду, выхоўваліся царквой у духу вернасці сваёй дзяржаве (ВКЛ).

1596 г. даў моцны штуршок актывізацыі інтэлектуальна-культурнага жыцця, якая праявілася ў літаратурным уздыме, росквіце перакладчыцкай дзейнасці, кароткачасовым узлёце кірылічнага кнігадрукавання, актывізацыі школьнай справы, навуковага вывучэння мінулага, увядзенні нацыянальнай мовы ў сакральную сферу. Культуратворчая дзейнасць уніяцкай царквы спрыяла павышэнню ўзроўню пісьменнасці і асветы на Беларусі, падрыхтоўцы значнага слою інтэлігенцыі, стымулявала развіццё мастацтваў, у тым ліку нетрадыцыйных для класічнага праваслаўя, пашырала міжнародныя кантакты, садзейнічала набліжэнню Беларусі да еўрапейскай культурнай прасторы. Культуратворчая дзейнасць узмацняецца з канца ХVII cт. са стабілізацыяй царквы; яе росквіт і нараджэнне новых творчых павеваў адбываецца ў ХVIII ст. У сувязі з функцыянаваннем уніяцкай царквы фармуецца пласт культуры (у галіне кнігадрукавання, архітэктуры, жывапісу, скульптуры, музыкі) з выразна акрэсленымі нацыянальнымі асаблівасцямі.

Рэвізія уніяцкага культурна-абрадавага комплексу, якой суправаджалася духоўная пераарыентацыя Беларусі канца ХVIII - першай паловы ХІХ ст., і запаўненне вызваленай нішы каштоўнасцямі іншакультурнага паходжання - гвалтоўны і штучны працэс, які абярнуўся вымываннем магутнага пласту нацыянальнай культуры і разрывам культурнай пераемнасці.

Уніяцкая царква праводзіла сваю мэтанакіраваную і ўсвядомленую, арыентаваную на ўласную паству - просты беларускамоўны народ, моўную лінію. У яе аснове ляжала ўвядзенне ў сакральную сферу беларускай мовы пры захаванні кананічнасці царкоўнаславянскай, якая падвяргалася дэмакратызацыі, што было паказчыкам уключанасці царквы ў нацыянальна-культурны працэс. У канцы ХVI - першай палове XVII ст. яна задавала тон у беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця. Лінгвістычная сітуацыя ў царкве карэкціравалася дзяржаўнай палітыкай і культурнымі павевамі часу. Польская мова загучала ў царкве спачатку эпізадычна, а бліжэй да канца ХVII ст. - усё часцей, што з'яўлялася адлюстраваннем змены моўных арыентацый у грамадстве. Латынь была прынята духоўнай элітай, але шырокага распаўсюджання ва уніяцкім асяроддзі не атрымала. Пранікненне польскага слова выклікала супраціў патрыятычна настроеных уніяцка-базыльянскіх колаў. На нізавым узроўні царкоўнай лесвіцы і ва уніяцкай вёсцы з яе лінгвістычным імунітэтам народная мова захавалася да 1839 г.

З канца ХVIII ст. лінгвістычная сітуацыя ў царкве штучна мяняецца на карысць польскай мовы (у першай чвэрці ХІХ ст.), з другой паловы 1820-х г. культывуецца расійская мова. Тады ж аднаўляецца пахіснуты ў ХVII-XVIII ст. статус царкоўнаславяншчыны, якая была прыведзена ў адпаведнасць з расійскай рэдакцыяй.

Прыняцце уніяцтва не змяняла этнічнай тоеснасці і арыентацыі. Яго носьбіты аднолькава з праваслаўнымі лічылі сябе, сваю веру, абрады, храмы, духавенства, прыходы, населеныя пункты «рускімі». У ХVII-XVIII ст. «рускасць» уніятаў прызнавалі Польшча, Ватыкан, мясцовае праваслаўнае насельніцтва. Арэал распаўсюджання канфесіі супадае з акрэсленай ў ХІХ - пачатку ХХ ст. этнічнай тэрыторыяй Беларусі. Уніяцтва спрыяла этнічнай індывідуалізацыі беларусаў ва ўсходнеславянскай супольнасці, дыферэнцыяцыі раней «адзінай русі».

З канца ХVIII ст. адбываецца падрыў этнаканфесійных стэрэатыпаў «руска»-уніяцкага насельніцтва ВКЛ: яму навязваецца польская і расійская тоеснасць, што вядзе да двайнога этнаграфічнага рабаўніцтва беларусаў. Асноўны масіў уніятаў стаў этнічным матэрыялам для росту расійскай народнасці. Старая «рускасць» была ператворана ў «расійскасць».

Дэунізацыя 1780-1839 г. абярнулася асабістымі і грамадска-сацыяльнымі трагедыямі. Яна выклікала масавую праяву нацыянальна-рэлігійнага патрыятызму народа, які адказаў вялікай прывязанасцю да сваіх пастыраў, абрадаў, традыцый. Антыўз'яднаўчы рух ахапіў усю Беларусь, хоць меў больш актыўны і арганізаваны характар на ўсходзе, і дасягнуў апагея ў другой палове 1830-х г. Яго сацыяльную базу складалі шараговае духавенства, базыльяне, шляхта, сяляне. Рух умацоўваў сувязь паміж пакаленнямі і праяўляўся ў абароне сваіх сакральных рэліквій і выкарыстанні забароненай культавай атрыбутыкі, выгнанні місіянераў і камісій па пераварочванню, байкоце новаправаслаўнага духавенства і навязанай абраднасці, у цягаценні да касцёла, адмове святароў ад удзелу ў «падпісной» кампаніі, непрыняцці новых служэбнікаў, падачы петыцый на царскае імя. Настальгія па уніі і страчанай разам з ёй сакральнай культуры захоўвалася да пачатку ХХ ст.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX