Вярнуцца: Марозава С.В.

Dylągowa, Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918)


Аўтар: Марозава Святлана,
Дадана: 22-05-2011,
Крыніца: Беларускі Гістарычны Агляд. 1999 Т.6 Сш. 1-2.



Dylągowa, Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918). Warszawa - Olsztyn, 1996. 228.

Манаграфія Ганны Дылянговай выдадзеная да 400-й гадавіны заключэння царкоўнай уніі ў Берасці. Праца складаецца з трох раздзелаў. Першы - "W Rzeczypospolitej" - раскрывае прычыны уніі, яе ідэю і заключэнне акту уніі, станаўленне уніяцкай царквы ў нялёгкае для яе XVII ст.; паказвае яе тэрытарыяльную і ерархічную структуру, ролю базыльянскага ордэна і працэс лацінізацыі. У другім раздзеле - "Pod rozbiorami" - прасочваецца лёс царквы на тэрыторыях, якія ў канцы XVIII ст. падпалі пад уладу Аўстрыі і Расіі; канфесійная палітыка расійскіх манархаў ад Пятра І да Мікалая І і барацьба царквы за выжыванне.

Калі першыя два раздзелы кнігі ўяўляюць сабой даволі беглы агляд трохсотгадовай гісторыі уніяцкай царквы, заснаваны ў асноўным на вядомых фактах, то на іх фоне выгадна адрозніваецца трэці раздзел - "W Królewstwie Polskim". Ён складае больш за палову кнігі і прысвечаны падзеям ХІХ ст. у Холмскай уніяцкай епархіі, паўночная частка якой ахоплівала беларускія этнічныя тэрыторыі Падляшша, а тэрыторыя былога Аўгустоўскага дэканата часткова (вёскі Лабна, Галынка, Перстунь, пасёлак Сапоцкіна) сёння ўваходзяць у склад Гарадзенскай вобласці. Напісаны на дакументах польскіх (люблінскага, седлецкага), ватыканскіх і расійскіх (пецярбургскага і маскоўскага) архіваў, гэты раздзел уяўляе вялікую цікавасць, навуковую каштоўнасць і чытаеццца як сенсацыйная аповесць. Даволі стрыманая ў сваёй ацэнцы Берасцейскай уніі, Дылянгова паказвае ў гэтым раздзеле ўвесь фальш і жах "добраахвотнага" далучэння нашых продкаў да праваслаўя.

Аўтар зыходзіць з добраахвотнасці прыняцця Берасцейскай уніі магутнымі гэтага свету: да яе можна было прыступіць і ад яе можна было адысці, не баючыся наступстваў, - шляхта мела поўную свабоду ў выбары веравызнання. Зразумела, думкі пазбаўленых грамадзянскіх правоў сялян ні пад час сабора ў Берасці, ні пазней ніхто не пытаўся. Ліквідацыя ж уніі расійскім урадам суправаджалася прымусам упартых уніятаў прыняць праваслаўе. Іншай магчымасці, як, напрыклад, пераходу на лацінскі абрад, ім не пакідалі.

Аўтар акцэнтуе ўвагу на такіх прычынах Берасцейскай уніі, якія і сёння не заўважаюцца шэрагам беларускіх даследчыкаў: "не найлепшы" стан праваслаўнай царквы Беларусі і Украіны ў канцы XVI ст., боязь падпасці пад уладу Маскоўскага патрыярха, прыцягальнасць каталіцкага касцёла лепшай арганізаванасцю.

Хоць рэлігійных войнаў у Рэчы Паспалітай не было, але, паводле Г.Дылянговай, сітуацыя тут не была такой ідылічнай. Адназначна ненавідзелі унію казакі. Варожа да яе ставіліся і карысталі кожнай аказіяй, каб з ёй расправіцца, расійскія цары і падпарадкаваны ім Маскоўскі патрыярхат. Замест усталявання рэлігійнага адзінства хрысціянства пасля Берасцейскага сабора надышоў дадатковы яго падзел на уніяцкую і праваслаўную цэрквы. Выкліканы уніяй падзел і канфлікты не абмежаваліся чыста веравызнавальнымі справамі, а ахапілі сферы палітычную, нацыянальную, грамадскую, культурную. Дагматычныя разыходжанні адыходзілі на другі план, а на першы высоўваліся, у залежнасці ад абставінаў, часам адзін з пералічаных фактараў, часам усе разам.

Трэба прызнаць справядлівай думку даследчыцы, што становішча уніяцкай царквы, якая мела падтрымку караля і Ватыкана, і царквы праваслаўнай, фармальна не прызнанай дзяржавай, але фактычна талераванай (так, бо захоўвалі свае пасады і маёнткі епіскапы, што не прынялі унію), не было ні моцным, ні пэўным. Абедзве яны страчвалі найвышэйшыя пласты грамадства і ўсё больш станавіліся "хлопскімі". 1635 г. зацвердзіў падзел усходняй царквы на дзве легальныя і раўнапраўныя Кіеўскія мітраполіі - уніяцкую і праваслаўную. Пры канцы XVII ст. уніяцкая мела 7 епархій, праваслаўная - 6. Усталявалася перавага уніяцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім і на паўночна-заходняй частцы "рускіх" земляў Кароны, у цэнтральных жа і паўднёва-ўсходніх землях Русі кароннай дамінавала тады праваслаўе. Слушна адзначаецца, што страта палітычнай ролі казацтва, заняпад праваслаўных царкоўных брацтваў, пераход рэшты шляхты ў каталіцтва прывялі да заняпаду праваслаўя і росту уніяцкіх настрояў у грамадстве. Многія уніяцкія храмы былі фундаваныя рыма-каталіцкай магнатэрыяй, якая заказвала для сябе і нашчадкаў рымскую імшу ў заснаваных ёю цэрквах. Аўтарка зазначае, што заснаванне новай уніяцкай царквы абыходзілася танней, чым лацінскага касцёла.

Падзяляем думку Дылянговай, што лацінізацыя і паланізацыя уніяцкай царквы, праваднікамі якой былі базыльяне, рэкрутаваныя з каталіцкіх шляхецкіх родаў і выхаваныя ў лацінскіх школах епіскапы, а таксама Рым, былі праявай польскай палітычнай, грамадскай і культурнай экспансіі на "рускіх" землях Рэчы Паспалітай. Яны давалі неаднолькавыя вынікі, розніца якіх залежала ад размяшчэння парафіі.

Дарэчы прыгадаць, што назву "грэка-каталіцкі" як афіцыйную назву для уніяцкага абраду ўвяла ў 1774 г. аўстрыйская імператрыца Марыя Тэрэзія.

Паводле дадзеных Дылянговай, напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай уніяты мелі тут 8 епархій з 9300 парафіямі, 10 300 святарамі, 4,5 млн. вернікаў і 172 кляштары з 1458 манахамі, тады як праваслаўныя мелі толькі 2 епархіі з 400 парафіямі, 52 манастырамі і 0,5 млн. паствы. Уніяты трапілі пад Расію і Аўстрыю. Толькі невялікая іх колькасць - каля 70 тыс. - была пад прускім панаваннем, але ў 1807 г. і яны перайшлі пад уладу Расіі. У 1794-1795, 1839 і 1875 г. уніяцкая царква была ліквідаваная на землях, якія апынуліся пад панаваннем Раманавых. Засталася яна толькі пад аўстрыйскай уладай ва Усходняй Галіцыі і там паспрыяла "нацыянальнаму выспяванню" галіцыйскіх русінаў - украінцаў, стала важным элементам фармавання іх нацыянальнай свядомасці. Але і тут у 1946 г. была ліквідаваная.

Пасля акцыі Кацярыны II 1794-1795 г. па знішчэнні уніі апошняя засталася пад расійскай уладай толькі на тэрыторыі Беларусі. Ліквідацыйны план Мікалая I, заўважае Г.Дылянгова, адрозніваўся ад кацярынінскага: ён прадугледжваў не аднаразовае пераварочванне уніятаў у праваслаўе, а доўгапланавую дзейнасць. Уся аперацыя была падрыхтаваная старанна, з раскладам на некалькі гадоў. Уступам да яе павінна было стаць вяртанне ўсходніх абрадаў і звычаяў. Спрыяльны расклад для ліквідацыі уніяцкай царквы стварыла смерць пяці епіскапаў - праціўнікаў зліцця з праваслаўем. Новы епіскапат - І.Сямашка, А.Зубко, В.Лужынскі, І.Жарскі - былі да гэтай акцыі гатовыя. Пасля паўстання 1830-1831 г. быў аслаблены базыльянскі ордэн, які мог стаць дадатковай перашкодай у ліквідацыйных планах. Фактычна лёс уніі ў Расійскай Імперыі быў вырашаны яшчэ да 1839 г.

Г.Дылянгова адзначае моцны адпор уніяцкага кліру і паказвае метады ліквідацыі уніі: заключэнне ўпартых святароў у кляштарах, пазбаўленне прыходаў, высылка ўглыб Расіі. 593 манахі і святары не далі тады згоды на злучэнне з праваслаўем (1305 чалавек згадзілася). Прымаліся меры, каб у замежжа не трапілі звесткі пра пераслед ці прымус уніятаў. Усё павінна было ствараць уражанне добраахвотнасці прыняцця праваслаўя. Улады пастараліся, каб папская алакуцыя ад 22 лістапада 1839 г. з асуджэннем адступнікоў ад уніі не дайшла да тых, хто цярпеў пераслед за веру, каб яны не спадзяваліся на чыюсьці дапамогу.

Для беларускага даследчыка гісторыя уніі завяршаецца звычайна 1839 г. Кніга Дылянговай раскрывае далейшы лёс уніяцкай царквы на тэрыторыі, што апынулася пад уладай Раманавых, дае магчымасць правесці гістарычную нітку ад 1839 да 1946 г. І нават да распачатага ў 1991 г. працэсу беатыфікацыі падляшскіх пакутнікаў за веру.

Пасля выкаранення уніі на забраных землях у Расійскай імперыі засталася толькі адна уніяцкая дыяцэзія - Холмская ў Каралеўстве Польскім. У ёй як у лінзе сфакусаваліся адносіны Расіі да уніяцтва. Працэс яго ліквідацыі ў 1864-1875 г. царызмам выразна паказаў, што Пецярбург не лічыўся з еўрапейскай думкай. Значная частка уніятаў на працягу многіх гадоў бараніла тут сваю веру перад праваслаўем, што прыносіла ім толькі матэрыяльныя страты ды фізічныя пакуты, аж да страты жыцця наогул.

Расійскія ўлады дзейнічалі тут адміністрацыйнымі метадамі, не адмаўляючыся і ад сродкаў фізічнага ўздзеяння. Адпор вернікаў быў амаль усеагульным. Распачаліся арышты, накладанне кантрыбуцыі, размяшчэнне войскаў па уніяцкіх вёсках. Шырока ўжывалася збіццё, заключэнне ў турму як сродак пераканання да пераходу ў праваслаўе. Фізічныя здзекі складалі значную частку арсеналу метадаў далучэння да гэтай веры. У тых умовах некаторыя уніяты пачалі пераходзіць на лацінскі абрад, што наогул не ўваходзіла ў планы царызму. З такім моцным масавым адпорам, як адзначае Дылёнгова, расійскія ўлады не сустракаліся пры папярэдніх ліквідацыйных акцыях (у 1794-1795 і 1833-1839 г.). Арганізацыя уніятаў у барацьбе супраць навязванага сілай праваслаўя была першым, як здаецца аўтару, нізавым грамадскім рухам такога масавага маштабу не толькі ў Каралеўстве, але наогул на землях былой Рэчы Паспалітай. На аснове малавядомых тагачасных карэспандэнцый, пратаколаў, справаздач і падобных дакументаў даследчыца раскрывае механізм дзеяння расійскіх уладаў, іх страх перад салідарным адпорам уніятаў, метады адпору апошніх: байкот парохаў-адступнікоў, перавернутых у панавальную веру храмаў і набажэнства ў іх, уцёкі ад пераследу ў лясы.

Афіцыйна закрытая уніяцкая праблема нагадвала пра сябе і пазней. Уніяты неаднойчы звярталіся да ўладаў і Ватыкана з просьбамі дазволу вярнуцца ў сваю веру, пра што распавядае асобны пункт манаграфіі. У 80-я г. найбольш упартых высылалі ў Арэнбургскую губерню. Праз 30 гадоў пасля скасавання уніяцтва на Падляшшы (1875) пасля ўказу Мікалая ІІ пра талерантнасць значная частка былых уніятаў і іх нашчадкаў запісалася ў рыма-каталіцызм і на працягу наступных дзесяцігоддзяў цалкам паланізавалася.

У працы Г.Дылянговай шмат цікавай статыстыкі, арыгінальныя карты: "Уніяцкія епархіі Рэчы Паспалітай (каля 1772 г.)" і "Холмская уніяцкая епархія (1874 г.)", выява унікальнага помніка драматычных падзеяў 1874 г. у Дрэлёве, Пратуліне і Палюбічах - медаля з надпісам "Братам русінам, замардаваным маскоўскім царызмам за вернасць касцёлу і Польшчы".

Багатая на факты, кніга з'яўляецца важкім укладам у сучаснае уніязнаўства і істотна ўзбагачае ўжо вядомую нам карціну берасцейскага працэсу, які пачаўся ў канцы XVI ст. і, нягледзячы на неаднаразовыя спробы спыніць яго (у 1794, 1839, 1875 г.), мае рэальны працяг і сёння.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX