Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Лёс культурнай спадчыны уніяцкай царквы ў Беларусі 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 08-11-2008,
Крыніца: Спадчына. 1996. №6. С. 100-118.



На працягу больш як двух стагоддзяў працай шэрагу пакаленняў беларускага нараду былі створаныя самабытныя культурна - рэлігійныя каштоўнасці, звязаныя з дзейнасцю уніяцкай царквы. Яны сталі часткай нашай нацыянальнай культурнай спадчыны, але, на жаль, не знайшлі разумення і прыняцця тых, хто ў XIX ст. усталяваў на беларускай зямлі вяршэнства праваслаўя. Духоўная пераарыентацыя на Усход, закліканая ўзмацніць палітычную інтэграцыю Беларусі ў склад Расейскай імперыі, суправаджалася знішчэннем культурнага набытку уніяцтва. Нішчылася ўсякая мясцовая даўніна, якая не была падобная па стылю да расейскай. Пры гэтым пераследаваліся не толькі рэлігійныя мэты - вынішчэнне уніяцкай традыцыі, але і этнапалітычныя - перапісванне нашай гісторыі на новую, у якой памяці пра унію не знайшлося б месца.

Пачатак сапраўднай вайне супраць спадчыны уніяцкай царквы пакладзены ў 1833-1834 гг., хаця заканадаўчая база падводзілася раней. Пачалі з ліквідацыі базылянскіх манастыроў і іх навучальных установаў, якія мелі багатыя бібліятэкі і архівы. У 1828 г. на царскі загад была зачыненая свецкая базылянская вучэльня ў Жыровіцкім манастыры, у 1835 г, - знакамітая сваімі выхаванцамі Барунская базылянская школа. Кнігазбор і архіў базылянаў горадзенскага Барыса-Глебскага (Каложскага) манастыра напаткаў неблагі лёс - больш за тысячу тамоў кнігаў у 1870-я гг. перададзеныя ў Віленскую публічную бібліятэку, а стосы царкоўных дакументаў утварылі асобны фонд Беларускага дзяржаўнага гістарычнага архіву ў Горадне. Паперы Тадулінскага манастыра захоўваюцца сёння ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь у Менску. А колькі манастырскіх кніжных і дакументальных багаццяў было тады расфармавана, перавезена, згублена, спарахнела ў скляпах і на гарышчах, папсавана пацукамі, спалена. Усяго ў 1835 г. было скасавана 36 кляштараў з 81-го больш ці менш значных духоўна - культурных асяродкаў нашага краю.

Гравюра-партрэт Ясафата Кунцэвіча з рукапісу кнігі 'Залатая карона'.XVIII ст..

Культавыя пабудовы, заснаваныя ў XVII-XVIII стст. як уніяцкія, пераводзіць на праваслаўныя пачалі яшчэ ў канцы XVIII ст. Гэты працэс ішоў у тры этапы і супадаў з урадавымі наступамі на унію ў 1780, 1794-1796 і 1830-х гг. У шэрагу выпадкаў вернікам часова ўдавалася адстаяць храмы. Адданасцю сваёй святыні ўвайшлі ў гісторыю сяляне в.Свяцілавічы на Полаччыне. У 1800 г. раз'юшаны натоўп узброеных дубінамі людзей выштурхаў за вясковую ваколіцу праваслаўных місіянераў і прадстаўнікоў губернскай і земскай уладаў, што прыбылі для пераасвячэння іхняга храма. У 1822 г. свяцілавіцкія уніяты зноў не дапусцілі навароту, хоць на дапамогу місіянерам прыбыла паліцыя. Яны заявілі, што з'яўляюцца фундатарамі гэтай царквы, пабудавалі яе ў памяць продкаў і наважаны памерці пры ёй, але ў іншую веру не аддадуць. Імператарскім загадам іх часова пакінулі ў спакоі.

Распараджэннем грэка-уніяцкай калегіі 1830 г. ва уніяцкай царкве аднаўляўся ўсходні абрад. 7 лютага 1834 г. была прынятая пастанова пераабсталяваць храмы на ўсходні лад, забяспечыць іх кнігамі маскоўскага друку, зліквідаваць запазычанні ў заходнехрысціянскім духу. Выконваючы іх, біскуп Іосіф Сямашка ў 1835 г. загадаў на працягу года ўстанавіць у цэрквах іканастасы, у якіх уніяцкім абразам не было месца. Дзеля гэтага з расейскіх губерняў былі выкліканыя мастакі і майстры.

Пераабсталяванне храмаў паводле праваслаўных канонаў выклікала неразуменне, непрыняцце, а то і абурэнне людзей. Народ дзівіўся, чаму тое, што яшчэ ўчора шанавалася, лічылася святым, дагодным Богу, сёння прыгнятаецца і забараняецца. А некаторыя бурна рэагавалі на ўсялякія змены іхных традыцыяў. У 1834 г. рэзка скарацілася наведвальнасць сялянамі Голдаўскай царквы Лідскага павету пасля ўсталявання ў ёй іканастаса - многія пайшлі ў суседнюю Баброўскую царкву, дзе захаваўся ранейшы інтэр'ер.

У 1836 г. насельнікі маёнтка Рэчыцы Пінскага павету Менскай губерні, "не быв вразумлены приходским своим священником Хлебцевичем о долженствующем быть устроении в церквах унияцких иконостасов", прысунулі да сцяны пастаўлены пасярод алтара сталец і падрыхтаваныя для іканастаса рамы. Як заўсёды ў такіх выпадках рабілася, на месца "надзвычайнага здарэння" прыбывалі чыноўнікі і ад імя губернатара даводзілі сялянаў да розуму. Да Рэчыцкай царквы было прыпісана больш за 600 вяскоўцаў, 238 з іх пасля адпаведнай апрацоўкі губернатарскімі пасланцамі "выказалі жаданне" далучыцца да праваслаўя. Астатнія засталіся адданымі уніі і яе каштоўнасцям. І ці не гэтыя засталыя супрацівіліся новаўвядзенню, пра што ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы захавалася цяжкадаступная сёння для беларускага даследчыка справа "Аб разбурэнні прыхаджанамі Рэчыцкай царквы іканастаса. 1836г."

Святароў абавязалі даць распіскі аб адказнасці за пераабсталяванне храмаў на грэка-рускі манер, але шмат хто негатыўна сустрэў гэта і аказаў процідзеянне. Вайсковы начальнік Вілейскага і Дзісенскага паветаў пісаў полацкаму архібіскупу В. Лужынскаму ў 1836 г., што, нягледзячы на шматразовыя прадпісанні вышэйшага начальства толькі ў 1/3 частцы цэркваў Дзісеншчыны зроблены іканастасы, а стальцоў і ў пятай долі няма з-за ўпартасці святароў, якія з розных прычынаў ухіляюцца ад збудавання іканастасаў, не даюць знішчаць лаўкі і званочкі; і гэтаму спрыяюць благачынныя. Некаторыя святары далі распіскі, што не ў стане пабудаваць іканастасы з-за беднасці фундушаў і адсутнасці царкоўных грошай. Тады абавязалі абшарнікаў унесці патрэбную суму, але тыя адмовіліся ад такой успамогі. "Самым шкодным святаром" стаўся Антон Самовіч, які не прымаў ад паноў грошы на іканастас, выконваў набажэнства па-ранейшаму ды распаўсюджваў чуткі, што ўладкаванне царквы на ўсходні абрад - гэта выдумка губернатара. Хутка ён быў асуджаны на двухтыднёвую эпітымію і зняты з пасады.

Калі сяляне і гараджане словам і справай выказвалі сваё негатыўнае стаўленне да парушэння традыцыйнага царкоўнага інтэр'еру, то святары рабілі гэта, як правіла, больш асцярожна і абачліва, бо за непадпарадкаванне свайму начальству пазбаўляліся прыходу.

Даволі шматлікім было апазіцыйнае духавенства ў Літоўскай епархіі, на захадзе Беларусі. Слонімскі земскі спраўнік даносіў у 1834 г. у Літоўскую духоўную кансісторыю на любішчыцкага святара Гамаліцкага, які, спасылаючыся на старасць і хваробы, адмаўляецца пераабсталёўваць сваю царкву. З-за супраціву духавенства і насельніцтва ўвядзенне іканастасаў у Горадзенскай губерні зацягнулася, у сувязі з чым яе кіраўніцтва патрабавала ад чыноўнікаў і паліцыі "асаблівай на гэты конт клапатлівасці". Мясцовым уладам прыйшлося аказаць націск на святароў, прыхаджанаў і абшарнікаў, каб выканаць загад. Дзейны ўдзел свецкай адміністрацыі ў гэтых мерапрыемствах спарадзіў сярод сучаснікаў думку, што праводзіцца чарговая кампанія грамадзянскіх уладаў. Архібіскуп Сямашка вымушаны быў даваць тлумачэнні з гэтай нагоды, што рэформа здзяйсняецца епархіяльнымі ўладамі, якія дзейнічаюць "ни своим домыслом, ни самовольно", але выконваюць манаршую волю, выказаную ва ўказе 22 красавіка 1828 г.

У 1837 г. ваенных начальнікаў паветаў абавязалі сачыць і даваць штомесячныя справаздачы пра пераабсталяванне храмаў. Тым ня менш, той жа восенню з Берасцейскага павету даносілі, што ў вёсках Астрамечы, Косіцы, Камяніца Жыровіцкая, нягледзячы на шматлікія запрашэнні, і "за многим настаиваннем успеха не видно". У шэрагу цэркваў не было мясцовых абразоў, якія б замянілі выкінутыя уніяцкія. Апошнія часцей за ўсё замяняліся на творы расейскіх мастакоў. Вандруючы ў 1841 г. з крыжам Еўфрасінні Полацкай, які да гэтага быў святыняй уніятаў, па Маскве ды Пецярбурзе, полацкі архібіскуп сабраў там вялікія ахвяраванні на пераабсталяванне храмаў сваёй епархіі.

Ачышчэнне уніяцкай царквы ад "лацінскіх скажэнняў" прадугледжвала знішчэнне скульптураў, бо праваслаўе не прызнае аб'ёмных выяваў біблейскіх персанажаў. Але нялёгка было гэта ўкараніць у людскую свядомасць. Пакланенне былых уніятаў статуям святых анёлаў адзначана нават у другой палове XIX ст. Да 1865 г. у капліцы Моўчадскай царквы Слонімскага павету была статуя Антонія Падуанскага вышынёй у рост чалавека, якую працягвалі шанаваць праваслаўныя вернікі. На загад грамадзянскіх уладаў яе прыбралі, і на гэтае месца паставілі абраз прападобнага Антонія. "Літоўскія епархіяльныя ведамасці" за 1894 г. паведамілі, што і цяпер народ па-ранейшаму прыходзіць сюды на ўшанаванне А. Падуанскага і з глыбокай пашанай паглядае ў акно царкоўнага склепа, з якога відаць кавалкі статуі.

Уніяцкая царква Барунскага базылянскага манастыра. XVIII ст..

Рэшткі уніяцкай атрыбутыкі (скульптуры, абразы, бакавыя стальцы з падсвечнікамі ды "пушкі") у наваствораных праваслаўных храмах выклікалі незадавальненне свецкіх і духоўных уладаў. Аглядаючы ў 1865 г. Горадзенскую губерню, генерал-губернатар Каўфман аддаў загад адправіць рэчы уніяцкага царкоўнага побыту ў Літоўскую духоўную кансісторыю. Але мітрапаліт Іосіф Сямашка, зрабіўшы кар'еру на "ўз'яднанні", сакрэтна загадаў знішчыць іх пад наглядам благачынных. У 1870 г. духоўнае начальства выявіла ў шэрагу цэркваў Дзісенскага павету скульптурныя разныя выявы. Мітрапаліт Макары, наступнік Іосіфа, загадаў пазбавіцца іх спакваля, карыстаючыся, напрыклад, рамонтам або афарбоўкай царквы. Але "рэшткі лацінства" заставаліся ў многіх царквах і пазней. Яшчэ ў 1870-я гг. у іх трапляліся вельмі старыя уніяцкія абразы, драўляныя скульптуры. Вынесеныя на загад епархіяльнага начальства з прыходскіх храмаў, многія ўпрыгожанні знайшлі прытулак у прыпісных і могільнікавых цэрквах, усё начынне якіх і ў апошняй трэці мінулага стагоддзя "аддавала уніяй".

Частка маёмасці уніяцкіх храмаў (абразы, культавыя рэчы, царкоўная вопратка, харугвы, кнігі) была вывезеная ў суседнія касцёлы і там захоўвалася. Але пасля паўстання 1863 г. пачынаецца наступ і на касцёл. Любая знойдзеная там рэч з адзнакамі ўсходняй абраднасці магла стаць падставай для пераводу яго ў царкву. Таму ксяндзы пачалі знішчаць гэтыя "кампраметуючыя" рэчы: у 1860-я гг., напрыклад, іх палілі ў Дзісне і Друі, у 1880-я - у мястэчку Гарманавічы (Дзісенскага павету).

Яшчэ ў пачатку XX ст. у царкоўных званіцах, скляпах у пыле і брудзе, у спарахнелых шафах і скрынях рызніц знаходзілася шмат розных старажытных рэчаў: драўляныя скульптуры, кнігі, абразы, падсвечнікі.

Але вернемся да лёсу былых уніяцкіх цэркваў. Царкоўныя дзеячы і даследчыкі таго часу звярнулі ўвагу на беднасць, убоства, трухлявасць новаўтвораных, на месцы базылянскіх храмаў. Як даносіў у 1842 г. у Сінод беларускі (смаленскі, віцебскі і магілеўскі) генерал-губернатар, "замест храмаў божых... больш падобныя на запусцелыя хаціны, напаўразваленыя, ледзь прыкрытыя саломай і, звыш таго, абстаўленыя халупамі сялянаў, так што погляд на такія цэрквы нявольным чынам прыводзіць у збянтэжанасць душу праваслаўных, паноўную веру спавядаючых, жыхароў". Цэрквы гэтыя, як даносілі ў 1855 г. Мікалаю I, па сваім вонкавым выглядзе розняцца ад вясковых свірнаў толькі крыжам, усталяваным на даху. Убоствам і нядобраўпарадкаванасцю вылучаўся і інтэр'ер. Як пісаў тагачасны даследчык Ізвекаў, тое, што было наспех зроблена падчас уз'яднання, уражвала прымітыўнасцю. Іканастасы там, дзе яны былі ўсталяваныя, уяўлялі брыдкую, не пафарбаваную перагародку з дошак, не меўшую ніводнай іконы. Там, дзе і меліся абразы, жывапіс на іх быў агідны і не адпавядаў святасці намаляваных выяваў. А на некаторых іканастасах былі вельмі старыя уніяцкія абразы. У далейшым патрэбы цэркваў задавальняліся дзякуючы дапамозе з боку ўраду і добраахвотным ахвяраванням дабрачынцаў з цэнтральнай Расеі, асабліва з Масквы. Паводле статыстыкі 1857 г., у Літоўскай епархіі патрабавалася пабудова 22-х прыходскіх вясковых цэркваў, згарэлых, запячатаных ці зусім струхлелых, і капітальны рамонт або перабудова 290. Перабудоўваліся яны ў маскоўска-візантыйскім стылі. Не адзін дзесятак былых уніяцкіх храмаў, шэраг з якіх зменены да непазнавальнасці, стаяць і сёння на нашай зямлі.

Тыя экс-уніяты, што працягвалі наведваць сваю перахрышчаную на праваслаўе царкву, балюча ўспрымалі любыя нязвыклыя ім новаўвядзенні. Сяляне Старакорненскага прыходу Літоўскай епархіі выказалі незадавальненне тым, што звон робіцца не так, як раней. Яны ўварваліся ў званіцу, перавязалі звону "языкі" і сталі званіць па-ранейшаму, а служку, які гэтаму перашкаджаў, скінулі адтуль. А ў адным з прыходаў Сядлецкай губерні ў канцы XIX ст. адбыўся амаль анекдатычны выпадак - сяляне "адпалі назад у унію" пасля таго, як у іх царкве ўсталявалі ацяпленне, бо уніяцкія храмы не абаграваліся. Яны заявілі, што "печка - гэта прыстасаванне для практыкаванняў чортаў пекле".

У 1829 г. ва ўсе культавыя ўстановы Літоўскай правінцыі было накіравана паведамленне грэка-уніяцкай калегіі, што яна лічыць неўласцівым грэцкаму набажэнству арганы і забараняе іх нанава ўсталёўваць у цэрквах. Рашучы наступ на арганы, лаўкі, званочкі, бакавыя стальцы распачаўся ў 1833 г.

1 ліпеня 1833 г. Сямашка выдаў загад пра продаж арганаў, якія знаходзіліся ў Жыровіцкім кафедральным саборы, таму што яны нібы "занимают напрасное место в соборе и безобразят вид онаго". Калі ж не знаходзілася пакупнікоў, іх трэба было разабраць і матэрыялы выкарыстаць па іншаму прызначэнню. 3 канца 1835 г. кампанія набывае масавы характар. Мясцовым уладам загадвалася прыбраць арганы, дзе яны ёсць, і адрапартаваць начальству да 1 траўня. 1836 г. 11 лютага 1836 г. кансісторыя вызначыла трохмесячны тэрмін іх продажу. Арганісты пазбаўляліся службы ў царкве або прызначаліся на іншыя духоўныя пасады. З месцаў пачалі паступаць справаздачы аб выкананні загаду: ад лідскага, слонімскага, брэсцкага, кобрынскага, пружанскага, ваўкавыскага, наваградскага земскіх спраўнікаў.

У сакавіку гэтага года Сямашка піша горадзенскаму губернатару, што арганы перашкаджаюць царкве, іх захаванне "могло быть поводом к соблазну", і даводзіць да яго ведама, што ў храмах Літоўскай епархіі яшчэ засталося 86 гэтых музычных інструментаў. Але справа ішла марудна. Народ не ,хацеў развітвацца з арганамі. Таму з другой паловы 1836 г. зусім забаранялася іх выкарыстанне.

Як успамінаў у 1836 г. малады праваслаўны бацюшка, прысланы са Смаленска ў былы уніяцкі прыход, ён прывабліваў сялянаў у перахрышчаную царкву з дапамогай таннай сівухі. Такі пачастунак быў, паводле ягоных словаў, "славным средством для уловления сих отчаянных любителей "гарелцы".

Калі святар зваў сялянаў на абедню, у яго спыталі: "А на варгане повинны б гратсь?" На што ён адказаў: "Не, некому, детуньки, некому... Почекайте! Я привезу от Полотська органиста..." Але з тых часоў ніхто з іх не прыходзіў да яго на імшу, як успамінаў протаірэй, таму што "варган молчит": "Так тянулось до вербного воскресенья, а отсюда всё пошло по маслу. Прихожане уважили Казённую Палату, которая стала угощать их лучше меня - палками".

Пазбаўленне беларускіх уніятаў велічнай музыкі, сугучнай настрою набажэнства, сталася адной з тых падставаў, якія схілілі частку насельніцтва да каталіцтва. Так, прыхаджане царквы м. Крывічы Вілейскага павету адышлі да касцёлу пасля скасавання уніі, "знаходзячы сабе духоўную ўцеху ў велічным касцёле з гучным арганам".

Ужо ў пачатку XX ст. невядомы аўтар, заклапочаны заняпадам у заходніх губернях імперыі праваслаўя, раіў на старонках "Царкоўнага весніка" (за 1906 г.) выправіць зробленую памылку шляхам дапушчэння ва ўжытак праваслаўнай царквы Беларусі музыкі - "прыемнай асаблівасці старадаўняй веры беларусаў", скасаванай па-за яго воляй і згодай. Гэта было б справядлівым аднаўленнем таго, да чаго беларусы набылі векавую звычку яшчэ ў часы уніі.

Выкараняліся уніяцкія набажэнскія спевы. У 1867 г. расследавалася справа пра спяванне прыхаджанамі Кляшчэльскай праваслаўнай царквы Бельскага павету уніяцкіх псальмаў.

Пастановамі 30-х гг. XIX ст. адмяняліся ўсе абрады, неўласцівыя расейскай царкве. У 1835 г. было забаронена адступаць ад "абрадаў рускага набажэнства... зліквідоўваючы па магчымасці... навіны, праціўныя духу... устанаўленняў царквы ўсходняй". Але святары тайна выконвалі ў далучаных да праваслаўя прыходах старыя абрады.

Калі святары Перавалачнянскай царквы ў 1839 г. рабілі хросны ход паводле праваслаўнага абраду, то народ не пайшоў за імі, узняўшы лямант. Не дапамаглі яго супакоіць ні ўшчуванні духавенства, ні прыбыўшы на месца здарэння жандар. Расследаванне паказала,што людзі разглядаюць змену ранейшых абрадаў як змену важнейшых канонаў уніяцтва. "Неизменное удерживание в униатских. церквах прежних отступлений и римских нововведений, - пісаў у 1836 г. з Пецярбурга граф Пратасаў, - сильно действует на умы возвратившихся в православие простолюдинов, которые, видя не малую разницу между богослужением униатским и греко-российским, ослабевают в веровании и убеждении, что прежняя вера их есть почти та же, что православная, и отпадают в унию".

Але, нягледзячы на ціск духоўных і свецкіх уладаў, народ яшчэ доўга захоўваў прыхільнасць да сваіх абрадаў, байкатуючы пры гэтым абраднасць, што навязвалася яму звонку. Таму выкараненне "даўніны" расцягнулася на дзесяцігоддзі. У 1859 г. мясцовая жандармерыя інфармавала вышэйшыя інстанцыі пра "ўпартасці, асабліва што да хросных ходаў", былых уніятаў Горадзенскай губерні, якія жывуць у сумежных раёнах з Каралеўствам Польскім. Прыхаджане Кляшчэляў ды шэрагу іншых вясковых прыходаў на патрабаванне епархіяльнага начальства рабіць хросны ход паводле праваслаўнага звычаю пачалі наракаць і да 160 чалавек сталі ўхіляцца ад наведвання царквы. Яны адмаўляліся ўдзельнічаць у такіх працэсіях, гаворачы, як бацькі іх і дзяды хадзілі па сонцу, так і яны не пойдуць супраць сонца; што ісці ў такім ходзе значыць ісці супраць Хрыста.

Адмене падлягалі святы, якіх няма ў праваслаўнай царкве. Замест запазычанага ў каталікоў свята Божага Цела, да якога народ меў асаблівую прыхільнасць, В.Лужынскі прыдумаў і ўвёў новае -свята ў памяць уз'яднання уніятаў.

Схільнае да змены веры уніяцкае духавенства раптам сутыкнулася з нечаканай перашкодай - з рызыкай быць абсмяяным тутэйшым жыхарствам з прыняццем аблічча расейскага папа. Даючы ў 1833-1834 гг. падпіскі пра згоду прыняць праваслаўе, святары агаворвалі за сабой права галіць бараду і стрыгчы на галаве валасы паводле свайго звычаю, насіць уніяцкае святарскае адзенне, паколькі барада і раса былі ў вялікай пагардзе ў краі. Прымаючы да ўвагі, што "ў барадзе рэлігіі няма", урад пайшоў насустрач - нейкі час не патрабавалася яе "адгадоўваць", было дазволена пакінуць і ранейшае адзенне. Разлік быў на тое, што, не заўважыўшы вакол сябе ніякіх зменаў, вернікі пагодзяцца з далучэннем іх духавенства да грэка-рускай царквы.

Падлягаў выкараненню шырока распаўсюджаны звычай даваць пры хрышчэнні імёны святых, шанаваных уніяцкай царквой. Святароў абавязалі называць нованароджаных толькі імёнамі, унесенымі ў праваслаўныя святцы. У 1843 г. перайменавалі вучняў Літоўскай семінарыі, чые імёны не ўпісваліся ў дазволеныя расейскія праваслаўныя нормы.

Разам з гэтым выганялася з царквы яе галоўная каштоўнасць - беларуская мова, якая замянялася на расейскую. У 1830 г. у час рэвізіі Беларускай і Літоўскай епархій звярталася асаблівая ўвага на веданне апошняй шараговым духавенствам. І хоць царскім загадам 16 снежня 1839 г. прыходскім праваслаўным святарам Беларусі і Украіны прадпісвалася, каб яны "па магчымасці чыталі ў цэрквах у нядзельныя і святочныя дні казані простай агульназразумелай мовай", яе дапушчэнне ў набажэнства не з'яўлялася самамэтай, а было заклікана пераконваць былых уніятаў, што праваслаўе - вера іх продкаў і служба ў ім адбываецца, зразумелая на роднай мове". Тым не менш, М.Гарэцкі ў сваёй "Камароўскай хроніцы" занатаваў успаміны аднаго старажыла пра скасаванне уніі ў 1839 г.: "I тады клопату набраліся, калі хто хацеў жаніцца, а ня ўмеў маліцца па-руску. Поп не вянчаў або дужа вялікія грошы браў. Хадзілі да аднэй бабы, што ўмела маліцца па-руску. У яе вучыліся. Адзін вянчальнік хацеў ашукаць папа, пачаў мармытаць: "Міцца, сына... Міцца, сына... Верую, верую..." Поп прагнаў яго".

Больш таго, паслабленне беларускай мове, зробленае ў 1839 г., цяжка ўзгадняецца з загадам Сямашкі ад 1840 г. забяспечыць святароў Літоўскай епархіі ўзорнымі казанямі на расейскай мове, каб яны былі ў стане "ў сваіх павучаннях на простанародных тамашніх гаворках дапасоўвацца да агульнага духу расейскай мовы".

Нягледзячы на адміністрацыйны ціск, у 60-90-я гг. мінулага стагоддзя ў шэрагу праваслаўных цэркваў заходніх паветаў Беларусі таемнасці хрышчэння, вянчання,пахавальны абрад выконваліся паводле уніяцкага звычаю, захоўваўся звычай даваць дзецям традыцыйныя імёны, а тайныя уніяцкія прыходы падтрымлівалі і зберагалі беларускую мову. Яшчэ ў канцы 1880-х гг. традыцыяў уніі трымалася бальшыня насельніцтва Горадні і яе ваколіцаў, у дамах прыхаджанаў захоўваліся уніяцкія абразы і адзначаліся свае святы (напрыклад, св. Ясафата), паводле уніяцкага звычаю хрысцілі дзяцей.

Богаслужэбныя кнігі беларускіх уніятаў - сёння вялікая рэдкасць. Абсалютная большасць загінула яшчэ ў 30-50-я гг. XIX ст. ад рук тых, хто ўсталёўваў грэка-рускае праваслаўе. Паход супраць уніяцкай кнігі - "крыніцы іншавер'я ды іншадумства" - пачаўся яшчэ ў канцы XVIII ст.

Імператарскім указам 1787 г. дазвалялася друкаваць і прадаваць малітоўнікі і іншыя царкоўныя кнігі толькі духоўным друкарням, падкантрольным Сіноду. У сувязі з узятым у 1794 г. Кацярынай II курсам на скасаванне уніі, паўстала пытанне пра друкарскую дзейнасць пачаеўскіх базылянаў, ад якой, баяліся, "особливо между простым народом могут происходить возражения, не соответствующие желаемому преклонению жителей от унии к благочестию". Пачаеўскія выданні распаўсюджваліся і чыталіся на Беларусі, пра што сведчаць спісы бібліятэк тутэйшых базылянскіх кляштараў. Друкарні тады было дазволена выдаваць кнігі на ўзор тых, што друкуюцца ў Кіева-Пячорскай лаўры, з дадаткам, дзе трэба, сімвалу веры "по униатскому их умствованию", месяцаслова з імёнамі шанаваных уніяцкай царквой святых і з імем Папы рымскага. Што датычыць выдадзеных у Пачаеве кнігаў з такімі назвамі, якіх няма ў праваслаўнай царкве, іх належала даслаць у Сінод на разгляд, "нет ли в них особливых каких униатских усиливаюшихся явно против исповедания православныя нашия церкви умствований, или к суеверию и соблазнам относящихся выражений". У XIX ст. святарам забаранялі купляць для прыходскіх цэркваў кнігі пачаеўскага друку.

Указам Сенату 1826 г. быў абмежаваны продаж усіх уніяцкіх службоўнікаў. У 1828 г. усе выдавецтвы падпарадкоўваліся духоўнай цэнзуры. Пастановай грэка-уніяцкай калегіі ад 7 лютага 1834 г. усіх святароў абавязалі карыстацца толькі службоўнікамі і кнігамі малітоўных спеваў, надрукаванымі ў маскоўскай сінадальнай друкарні адпаведна ў 1826 і 1831 гг. Каля трох тысячаў такіх выданняў было загадана адправіць у Беларусь па памяркоўнаму кошту. Але адны святары вярталі прысланыя кнігі назад, іншыя, пакінуўшы іх, у набажэнстве не выкарыстоўвалі. З месцаў пачалі паступаць масавыя пратэсты супраць увядзення новых службоўнікаў. Знайшоўшы ў іх адрозненні ад сваіх, дрысенскае і себежскае духавенства прасіла пазбаўлення "ад безумоўнага прыняцця і даслоўнага карыстання" імі. У 1838 г. 111 святароў Беларускай епархіі звярнуліся з прашэннем да цара пра захаванне уніі і ўладкаванне друкарняў для выдання уніяцкіх набажэнскіх кнігаў. Яны прапаноўвалі самі выдаткаваць грошы на гэтыя патрэ.бы. Але на неслухаў абрынуліся рэпрэсіі. Адных паддавалі эпітыміі. Клірыкаў, не згодных прыняць новыя службоўнікі, пераводзілі ў дзякі і нават служкі. Паліцыі было даручана сачыць, каб святары прытрымліваліся новых кніжак і ад іх не адступалі.

Ям Непамук, Сярэдзіна XVIII ст. Святадухаўская царква. (в. Вялікае Падлессе Берасцейскай вобл.)

У 1834 г. ва ўсе парафіі Літоўскай епархіі паступіў загад - адабраць з цэркваў старыя уніяцкія службоўнікі ды іншыя кнігі пачаеўскага, віленскага і супрасльскага друку і выслаць іх у Літоўскую духоўную кансісторыю. Толькі старым святарам, не здольным асвоіць новыя псалтыры ды малітоўнікі, і тым, хто, прыкрываючыся гэтым, не хацеў "граць пад маскоўскую музыку", часова былі пакінутыя старыя кнігі.

У 1836 г. полацкі архібіскуп Лужынскі распарадзіўся адабраць ад святароў сваёй Беларускай епархіі уніяцкую духоўную літаратуру. Але ў час чарговай рэвізіі ён не знайшоў ні ў адной з наведаных 16-ці цэркваў пасланых туды маскоўскіх службоўнікаў і пераканаўся, што ўсе святары так і не развітваліся са старымі кнігадрукамі. Святар Пршэброўскай царквы хаваў новую кнігу ў кладоўцы. Сенненскі благачынны Квяткоўскі, атрымаўшы маскоўскі службоўнік, у прысутнасці людзей кідаў яго на зямлю, гаворачы пры гэтым дзёрзкія словы ў адрас епархіяльнага начальства, якое прымушае па ім служыць. Святар Ліскоўскай царквы Арашкевіч на пытанне, чаму ён карыстаецца забароненай кнігай, а не новай, адказаў: "Сумленне маё мне не дазволіла гэтага". Ён, як і іншыя, што супрацівіліся "найвышэйшай волі", быў аддадзены суду Беларускай кансісторыі.

18 чэрвеня 1839 г. Літоўская кансісторыя выдала пастанову пра зняцце трэбнікаў мінулага друку з ужытку. Іх звозілі ў Жыровічы. Але ўжо ў жніўні ўзнікла праблема - што з імі рабіць? Вырашылі спаліць, пакінуўшы па 1-2 асобнікі кожнага выдання для бібліятэкі Літоўскай епархіяльнай семінарыі. У 30-50-я гг. на загады літоўскага біскупа (а потым мітрапаліта) Сямашкі адбылося некалькі аўтадафэ ў Жыровічах і Вільні. За адзін раз была спалена 201 кніга, за 3 гады - больш як дзве тысячы.

Уратаваныя ад знішчэння кнігі выкарыстоўваліся ў набажэнстве, прыхільным да уніі духавенствам. Святар Крайскай царквы Кіпрыяновіч быў пакараны двухтыднёвай эпітыміяй у манастыры за служэнне па старой кнізе пры наяўнасці новай.

У Лідскім і Ашмянскім паветах у 1852 г. набажэнства праводзілася па кнігах уніяцкага друку. 30 траўня 1852 г. Сенат распарадзіўся канчаткова забараніць выкарыстоўваць уніяцкую літаратуру. У 1852-1853 гг. паўтары тысячы яе асобнікаў, тады яшчэ сабраных па цэрквах і манастырах, былі спаленыя. Тым не менш... У час рэвізіі цэркваў Кобрынскага павету ў 1856 г. было знойдзена 16 уніяцкіх службоўнікаў, па якіх праводзілі набажэнства тамашнія святары. Адзін з іх адмовіўся выдаць кнігу, за што быў выкліканы на эпітымію ў Вільню. Нават у 1865 г. мітрапаліт Іосіф звяртаў увагу Сіноду на выкарыстанне даўно забароненых кнігаў. Яго наступнік Макары працягваў выкараняць рэшткі уніяцтва. Паводле звестак В. Ластоўскага, яшчэ ў 1860-я гг. на Беларусі ды Украіне выдаваліся загады пра паленне кнігаў уніяцкага выдання, якія дагэтуль дзе-нідзе захоўваліся на званіцах.

Такім чынам, культурная спадчына уніяцкай царквы ў значнай ступені страчана не натуральным шляхам, а ў выніку мэтанакіраванага знішчэння. За 2-3 дзесяцігоддзі зруйнавана шмат з таго, што было створана ў папярэднія два з паловай стагоддзі. Але зламаць моцную уніяцкую культурна-рэлігійную традыцыю, што працяла ўсе сферы людскога жыцця, было нялёгка. Урад і духоўныя ўлады сустрэліся з вялікімі цяжкасцямі выкліканымі праявамі нацыянадьнага і рэлігійнага патрыятызму. Тыя каштоўнасці, што ўдалося зберагчы, працягвалі жыць, выкарыстоўвацца і шанавацца тайнымі прыхільнікамі уніяцтва.

У 1830-1850-я гг. адбылося знішчэнне магутнага пласта беларускай культуры, што, у сваю чаргу, абмежавала даследчыкаў у вывучэнні яе мінулага. Уніяцкія абразы, кнігі, скульптуры ды іншыя рэчы - сёння рэдкія і унікальныя экспанаты ў музеях і бібліятэках Рэспублікі. Не менш рэдкая і унікальная зъява ў нашым жыцці - беларуская мова, названая калісьці К. Гаворскім "униатским наречием". Непапраўныя разбуральныя наступствы для нацыянальнай культуры, якія сталі следствам гвалтоўнага скасавання уніяцкай царквы на Беларусі, на доўгія дзесяцігоддзі вызначылі развіццё нашай краіны.


Крыніцы і літаратура

  1. Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 1430, воп.1, спр. 4475, арк. 1; ф. 3245, воп. 2, спр. 445, арк. 2 -19адв.; спр. 538, арк. 20.
  2. Беларускі гістарычны архіў у Горадні, ф. 1, воп.6, спр. 873, арк. 1-4; воп. 19, спр. 1005. арк. 5-8; спр. 1364, арк17адв.; 45, 46; спр. 1752, арк. 11; воп. 27, спр. 693, арк. 1; спр.708, арк. 261-265; спр. 714, арк. 2-19адв.; спр.1747, арк. 5-5адв., 120-121.
  3. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы ў Вільні, ф. 634, воп. 2, спр.401.
  4. Рукапісны аддзел бібліятэкі Віленскага універсітэта, ф. 3, спр. 155, 156/ІІІ.
  5. Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў Львове, ф. 201,воп. 4, спр. 1878, арк. 1, 2-2адв.; спр. 2021, арк. 10адв.
  6. Дзяржаўны гістарычны архіў Расеі ў С.-Пецярбургу, ф. 824, воп. 1, спр.36, арк. 1-1адв., 5; спр. 109, арк. 1-2.
  7. Дзяржаўны гістарычны архіў.-Расеі ў Маскве, ф. 109, воп. 2, спр. 311, арк. 2; 1 экспедыцыя, 1837 г., спр. 23, арх. 19-22адв.; 1842 г., спр. 29, арк. 5адв.; 1859 г., спр. 264, арк. 5-5адв., 14 адв.-17. Рассйскі дзяржаўны архіў старажытных актаў у Масквс, ф. 18, спр. 321,арк. 3-4.
  8. Акты, издавасмые Виленской Археографической комиссией. - Вильно, 1889. Т. 16- С. 112, 653-654.
  9. Описания документов архива западнорусских уннатскнх митрополитов.- СПб., 1907. Т. 2- С. 1098-1099.
  10. На униатском приходе. // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских при Московском университете. - М, 1910, кн.І. 1909,ч.ІІ,с.5-6.
  11. Записки Василия Лужинского, архиепископа полоцкого. Казань, 1855.
  12. Записки Иосифа, митрополита Львовского.- СПб., 1883, у 3-х т.
  13. Церковный вестник.-Вильно, 1906. № 47.- С. 1541.
  14. В-ст (Ластоўскі В.). Паленьне кніг на Беларусі. // Крывіч. 1924. № 1. -С. 61.
  15. Гарэцкі М. Збор твораў. У 4-х т.- Мн., 1986. Т. 4.-С. 9.
  16. Горючко П. С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии. 1795-1805 г- Кнев, 1902.
  17. Извеков Н. Д. Исторический очерк состояния православной церкви Литовской епархии за время 1839-1889 гг.- М., 1899.
  18. Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединения западно-русских униатов с православною церковью в 1839 г.- Вильно, 1893. Логанов Н. А. Униатские дела в воспоминаниях А. Ф. Кони н в действительности.-Седлец, 1913.
  19. Шавельский Г. Последнее воссоединение с православной церковию униатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.).- СПб., 1910.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX