Вярнуцца: Марозава С.В.

Iдэя царкоўнай уніі грамадска-палітычным жыцці Беларусі


Аўтар: Марозава С. В.,
Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Марозава С. В. Ідэя царкоўнай уніі ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі XV - пачатку XVI ст. // Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Т. 2. Протарэнесанс і Адраджэнне. Мінск, 2010. С. 248-262.



Царкоўны раскол 1054 г. моцна аслабіў хрысціянства. З кожным стагоддзем паглыблялася прорва паміж праваслаўем і каталіцызмам. Лепшыя розумы, у тым ліку самі лідары Усходняй і Заходняй цэркваў, неаднаразова прадпрымалі спробы пераадолець раскол і аднавіць страчанае адзінства хрысціянства. У ХІІІ-XV стст. ранні экуменічны рух увасабляўся ў форму ўсяленскіх (глабальных) царкоўных уній, заключаных на ўмовах прызнання Усходняй царквой каталіцкай эклезіялогіі і дагматыкі, але пры захаванні свайго літургічнага абраду. Такімі былі Ліёнская ўнія 1274 г. і Фларэнтыйская ўнія 1439 г., закліканыя пакласці канец раз'яднанню хрысціянскага Усходу і Захаду. Іх заключэння дамагаліся не толькі рымскія папы, але і візантыйскія імператары, якія разлічвалі на дапамогу папства і каталіцкай Еўропы ў барацьбе супраць шматлікіх ворагаў Візантыі. Гэтыя ўніі аказаліся нетрывалымі, праіснавалі нядоўга, з часам былі адвергнуты большасцю ўсходніх цэркваў і ануляваны.
Раскол 1054 г. з'яўляецца ці не найбольшай недарэчнасцю сусветнай гісторыі. Яго наступствы многія стагоддзі адчувалі на сабе розныя народы і краіны, найперш тыя, што знаходзіліся на месцы разлому хрысціянства - у зоне сустрэчы-сутычкі яго ўсходняга і заходняга адгалінаванняў. Такім народам з'яўляюцца беларусы, якія жывуць на памежжы двух светаў: усходне- і заходнеславянскага, у кантактнай зоне дзвюх цывілізацый: праваслаўна-візантыйскай і рымска-каталіцкай. У супрацьстаянні і пад ціскам праваслаўнага Усходу і каталіцкага Захаду нашы продкі стагоддзямі вымушаны былі шукаць сваё месца ў агульнагістарычным працэсе, у тым ліку на царкоўным полі.Геапалітычная спецыфіка Беларусі, дзе з часоў Крэўскай уніі ўсходнехрысціянскі свет сутыкаўся з такім жа хрысціянскім, толькі ў іншай культурна-рэлігійнай версіі, Захадам, набіраючы з канца ХІV ст. сілу рэлігійны антаганізм паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам Вялікага Княства Літоўскага проста вымагалі пошуку кампрамісаў у канфесійнай сферы, патрабавалі рэлігійна-культурнага дыялога і стваралі спрыяльную глебу для выспявання і прарастання тут уніяцкай ідэі. Цесна знітаваная з праблемай адстойвання царкоўнага і дзяржаўнага суверэнітэту ВКЛ, гэта ідэя то ажывала, то затухала. Яе жывілі тут геапалітычны і экуменічны фактары.
Першы раз пытанне аб уніі у ВКЛ было ўзнята каля 1396 г. Ягайла і Вітаўт прапанавалі склікаць сабор, які мог бы заняцца пытаннем рэлігійнага аб'яднання хрысціянскага Усходу і Захаду, дзесьці на іх «рускіх» землях, паколькі ў тагачаснай рэлігійна-палітычнай сітуацыі такі сабор не мог быць скліканы ні на Захадзе, ні на Усходзе [Halecki 1997:36-37]. Са згоды Вітаўта і Ягайлы мітрапаліт «Кіеўскі, Рускі і Літоўскі» Кіпрыян (каля 1330-1406) накіраваў Канстанцінопальскаму патрыярху Антонію IV ліст з прапановай склікаць «на Русі» агульнацаркоўны сабор і дамовіцца пра аб'яднанне з каталіцкай царквой. Але патрыярх адхіліў праект Кіпрыяна, спаслаўшыся на неспрыяльную для праваслаўя часіну [Саверчанка 1998а:86-87].
Рост у ХIV-XV стст. у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы ВКЛ, якое ўвабрала ў сябе вялікія абшары беларускіх і ўкраінскіх земляў з хрысціянізаваным насельніцтвам і царкоўна-іерархічныя структуры значнай часткі Кіеўскай мітраполіі, абумовіла стварэнне ў дзяржаве ў 1415 г. аўтакефальнай Літоўска-Наваградскай мітраполіі. Разам з мітрапаліцкай рэзідэнцыяй у Наваградку яна стала буйным усходнееўрапейскім цэнтрам праваслаўя.
Новая мітраполія адразу праявіла цікавасць да заключэння Усяленскай уніі. Яе кіраўнік Грыгорый Цамблак быў адным з першых праваслаўных мітрапалітаў, які, не здраджваючы праваслаўю, намагаўся ўсталяваць кантакт з кіраўніцтвам каталіцкай царквы. Па загадзе вялікага князя літоўскага Вітаўта Цамблак ў 1418 г. узначаліў вялікую дэлегацыю ад ВКЛ на Канстанцкі сабор (1414-1418 гг.) самы прадстаўнічы царкоўны сабор Сярэднявечча. Сярод шматлікіх праблем, якія абмяркоўваліся на саборы, кіраўнікі Усходняй і Заходняй цэркваў выпрацоўвалі ўмовы аб'яднання.
На Канстанцкім саборы Цамблак выступіў з праектам Вітаўта аб заключэнні царкоўнай уніі, які шляхам уніі жадаў устараніць антаганізм паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам Княства, што набіраў сілу з часоў Крэўскай і асабліва Гарадзельскай уніі. Пры гэтым Літоўска-Наваградскі мітрапаліт рабіў націск на паразуменне ў гэтым пытанні з візантыйскім імператарам і Царгарадскім патрыярхам. Гэта быў першы крок з таго часу ўжо безупыўных - аж да Фларэнтыйскай уніі 1439 г. - перамоў аб уніі. Наваградак, такім чынам, з пачатку ХV ст. становіцца генератарам і носьбітам моцных уніяцкіх тэндэнцый і можа лічыцца радзімай уніяцкай ідэі ў ВКЛ.
У царкоўна-рэлігійным жыцці Вялікага Княства Літоўскага і Усходняй Еўропы ХІV-ХV стст. гэтаму беларускаму гораду належала вялікая, а нярэдка і вызначальная роля. Валянцін Пікуль, рускі гісторык і раманіст, пісаў пра сярэднявечную Беларусь: «Калі б беларусы змаглі прыўзняць гістарычную заслону мінулага, то ... свае гістарычныя цэнтры Полацк і Наваградак яны паставілі б паводле гістарычнага рэйтынгу і ўплыву ў Еўропе на першае месца ў ХІХІІ-ХV стагоддзях» [Беларуская літаратура 1997:7].
Ад Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблака ідэю і справу царкоўнай уніі пераняў Смаленскі епіскап Герасім, у 1432 г. пастаўлены на мітрапаліцкі прастол вялікім князем літоўскім Свідрыгайлам і зацверджаны Царгарадам. Герасім меў тытул «мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі», аднак улада яго абмяжоўвалася тэрыторыяй ВКЛ і некаторымі прылеглымі ўсходнеславянскімі землямі. Рэзідэнцыяй гэтага мітрапаліта быў Смаленск.
Папа Рымскі Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма заключыць унію з праваслаўнай царквой ВКЛ [Бажэнаў 2001]. Захаваліся папскія булы Яўгена IV, якія давалі Герасіму паўнамоцтвы склікаць у ВКЛ сабор у справе ўніі, бо патрыярхат у Царгарадзе толькі тады праяўляў схільнасць да аб'яднання, калі яму пагражалі туркі [Лужницький 1954:177].
Свідрыгайла ўхваляў уніяцкія схільнасці Герасіма, але ў 1435 г. западозрыў яго ў палітычнай здрадзе і загадаў пакараць смерцю. Мітрапаліт быў публічна спалены на вогнішчы ў Віцебску.
У сярэдзіне 1430-х гг. кіруючыя колы Візантыйскай імперыі праявілі гатоўнасць падпісаць унію з Рымам. Візантыйскі імператар Іаан VIII Палеалог і Царгарадскі патрыярх Іосіф II спадзяваліся ў абмен на саступку ў дагматыцы атрымаць дапамогу каталіцкай Еўропы ў змаганні з турэцкай пагрозай і абароне імперыі. Удзел уплывовай і буйной Усходнеславянскай царквы ў задуманым грэкамі злучэнні цэркваў забяспечваўся прызначэннем імі ў 1436 г. на Кіеўскую мітраполію (тады яшчэ адзіную для Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага) свайго суайчынніка Ісідара (канец ХIV ст., Фесалонікі, Грэцыя - 1462 г.), вядомага сваімі сімпатыямі ідэі ўніі. Яго высокая адукаванасць разглядалася як сіла, з дапамогай якой спадзяваліся атрымаць перамогу над лацінянамі.
Па даручэнні візантыйскага імператара Ісідар ужо ўдзельнічаў у перамовах аб аб'яднанні цэркваў на Базэльскім саборы (1431-1437 гг.). Вынікам гэтых перамоў з'явілася скліканне Фларэнтыйскага сабора, які павінен быў пакласці канец раз'яднанню хрысціянскага Усходу і Захаду. У 1436 г. Ісідар быў пасвечаны Царгарадскім патрыярхам Іосіфам II у сан Кіеўскага мітрапаліта замест спаленага па загадзе Свідрыгайлы мітрапаліта Герасіма.
2 красавіка 1437 г. ужо з мандатам прадстаўніка рускай (усходнеславянскай) царквы на будучы Усяленскі сабор Ісідар прыбыў з Царгарада ў Маскву і адразу пачаў збірацца ў дарогу. Давяраючы вучонаму і аўтарытэтнаму грэку, вялікі князь маскоўскі Васілій II адправіў яго на сабор са шматлікай світай, адпаведна годнасці сваёй дзяржавы: пасольства з ста чалавек, абоз з двухсот коней [Мартос 1990:111].
Сабор, на якім меркавалася заключыць унію, быў скліканы ў 1438 г. у Ферары Папам Рымскім Яўгенам IV. На працягу красавікакастрычніка праводзіліся папярэднія прыватныя нарады і перамовы паміж прадстаўнікамі лацінскай і грэчаскай партый. Сабор урачыста адкрыўся 8 кастрычніка. Паколькі ў Ферары лютавала эпідэмія і меліся фінансавыя цяжкасці, у лютым 1439 г. сабор перанеслі ў Фларэнцыю.
Удзельнікі сабора падзяліліся на два лагеры: супернікі і прыхільнікі ўніі. Доўга ішлі дагматычныя пярэчанні, у якіх адзін бок дарэмна чакаў саступак ад іншага. Самымі дзейнымі прыхільнікамі ўніі з Рымам на саборы аказаліся Нікейскі мітрапаліт Вісарыён і Кіеўскі мітрапаліт Ісідар, які прадстаўляў праваслаўную царкву ўсяе Русі, г. зн. Русі Маскоўскай і Русі Літоўскай. Апазіцыю ўніі ўзначальваў Эфескі мітрапаліт Мануіл (Марк) Яўгенік.
Ісідару прыпісваюць першарадную ролю ініцыятара і галоўнага наладжвальніка Фларэнтыйскай уніі. Будучы патрыётам Візантыйскай імперыі, ён не бачыў іншага спосабу яе выратавання ад турак, як шляхам атрымання дапамогі каталіцкага Захаду. Разам з Вісарыёнам ён пераканаў падпісаць унію візантыйскага імператара і паміраўшага Царгарадскага патрыярха. Удзельнік сабора біскуп Мятонскі пісаў, што Ісідар першы пачаў даказваць неабходнасць прыняцця ўніі на ўмовах, прапанаваных папам, і рашуча паўплываў у гэтым сэнсе на імператара, карыстаючыся сваім вялікім аўтарытэтам. Рускае «Слово о составлении осьмаго собора» ўсю віну за ўнію ўскладае на Ісідара: «Царя обольстил еси, патриарха смутил еси и царствующий град погибели исполнил еси» [Карташев 1991:353].
5 ліпеня 1439 г. быў падпісаны акт уніі. З каталіцкага боку свае подпісы пад ім паставілі Папа Рымскі Яўген IV, 143 кардыналы, прымасы, біскупы і арцыбіскупы, з праваслаўнага - візантыйскі імператар Іаан VIII і 18 мітрапалітаў. Подпіс патрыярха Іосіфа II у акце ўніі адсутнічае, бо ён памёр 10 чэрвеня. Але ён пакінуў дакумент, у якім засведчыў сваю згоду [Белы 2001:340]. Пад актам уніі стаіць подпіс Ісідара: «Подписуюсь с любовью и одобрением». 6 ліпеня адбылося ўрачыстае абвяшчэнне аб'яднання Усходу і Захаду ў царкоўнай сферы.
Царгарадская царква, у адпаведнасці з Фларэнтыйскай дамовай, разам з даччынымі цэрквамі злучалася з Рымам. Лаціняне і грэкі прыналежалі цяпер да адзінай Хрыстовай царквы на роўных умовах. Праваслаўная царква прызнавала шэраг каталіцкіх догматаў, у тым ліку філіоквэ (у кампрамісным варыянце), пры захаванні абраднасці і богаслужэння на грэчаскай, царкоўнаславянскай і іншых мовах, шлюбу свецкага духавенства, права свецкіх людзей прычашчацца віном і г. д.
У канцы 1439 г. Ісідар адправіўся ў зваротны шлях, які ляжаў праз Венецыю - Харватыю - Заграб - Буду - Кракаў у Вялікае Княства Літоўскае і ў Маскоўскую дзяржаву. З вугорскай сталіцы Буды ў пачатку 1440 г. ён разаслаў ва ўсе падпарадкаваныя яму епархіі Маскоўскай дзяржавы, ВКЛ, Польшчы, Лівоніі афіцыйныя пастырскія пасланні, у якіх абнародаваў факт злучэння цэркваў і ўсталяванае ў Фларэнцыі раўнапраўе ўсходняга і заходняга абрадаў. Яго пасланне адрасавалася «всем христоименитым людям - латинянам и грекам, и всем, кто принадлежит к соборной Царгородской церкви, то есть русинам, сербам, волохам и другим родам христианским» і заклікала гэтыя цэркві Усходняй Еўропы «принять это святое и пресвятое единение с великою духовною радостью и гордостью» [Гудзяк 2000:60].
Дзейнасць мітрапаліта у 1440-1441 гг. праходзіла ў Польшчы, ВКЛ, Маскоўскай дзяржаве. У Кракаве, на Вавелі, у гонар Ісідара быў арганізаваны ўрачысты прыём; адбылася сустрэча з польскім каралём. Тут ён здзейсніў грэчаскую літургію ў каталіцкім храме. Далей былі Пярэмышль, Холм, Львоў, дзе ён здзяйсняў урачыстую літургію і абвяшчаў акт Фларэнтыйскай уніі. Дзейнасць мітрапаліта не сустрэла цяжкасцей, якія з'яўляліся па меры яго перасоўвання ў паўночным і ўсходнім кірунках.
На працягу шасці месяцаў (з жніўня 1440 г.) Ісідар знаходзіўся ў ВКЛ, наведаў Вільню, Тураў і іншыя гарады, быў дружалюбна прыняты ў Смаленску і Полацку, выязджаў у Кіеў, дзе 5 лютага 1441 г. абвясціў Фларэнтыйскую ўнію ў саборы Святой Сафіі. Прызначыў біскупа Уладзімірскага і Брэсцкага Данілу, які пазней адрокся ад Ісідара. Праваслаўная шляхта ВКЛ добразычліва прымала Ісідара. Граматай кіеўскага князя Аляксандра Алелькі былі амаль афіцыйна прызнаныя паўнамоцтвы новага мітрапаліта. Затое Віленскі каталіцкі біскуп не дазволіў Ісідару абнародаваць акт Фларэнтыйскай уніі ў сталіцы Княства.
Справа ў тым, што ўніі ў ВКЛ і Польшчы тады ніхто асабліва не жадаў: ні праваслаўныя, ні каталіцкія іерархі, якія яе праігнаравалі, ні ўрад, ні нават сам папскі прастол. Неадназначным было стаўленне да яе ў 1430-1440-я гг. ва ўрадавых колах Польшчы і ВКЛ. Таму ўнія ўводзілася павольна і спачатку не мела тут дзяржаўнай падтрымкі. Гэта збольшага тлумачыцца і тым, што з двух тагачасных пап - арганізатара Фларэнтыйскага сабора Яўгена IV і абранага Базэльскім саборам Фелікса V - адны дзяржаўныя мужы не прызнавалі ні таго, ні другога; іншыя, а таксама большасць каталіцкіх іерархаў падпарадкоўваліся Феліксу V.
Найбольшым поспехам дзейнасці Ісідара ў Польшчы і ВКЛ было выданне каралём Уладзіславам у 1443 г. прывілея аб ураўноўванні ў правах і прывілеях духавенства абодвух абрадаў у адпаведнасці з пастановамі Фларэнтыйскага сабора. Але гэты прывілей застаўся толькі на паперы і не стаў абавязковай нормай.
У параўнанні са спакойнай рэакцыяй на Фларэнтыйскі сабор і ўнію ў беларуска-ўкраінскіх землях у Маскоўскай дзяржаве на іх адрэагавалі бурна. Іх успрынялі як здраду праваслаўнай веры візантыйскім імператарам, Царгарадскім патрыярхам і прагнымі да грошаў грэкамі. Акты Фларэнтыйскага сабора прызналі некананічнымі. Вялікі князь маскоўскі Васілій II не жадаў дапусціць царкоўнага аб'яднання Усходу і Захаду ў сваёй дзяржаве, бо яно перашкаджала яму ва ўсталяванні абсалютнага адзінаўладдзя. Да прыезду Ісідара ў Маскву 19 красавіка 1441 г. Васілій II і праваслаўная іерархія з Разанскім біскупам Іонам на чале прасякліся рашучасцю адрачыся ад здрадніка-мітрапаліта. Яго, непахіснага, скінулі з мітрапаліцкай пасады і заключылі ў манастырскую турму, адкуль ён 15 верасня 1441 г. уцёк у ВКЛ, дзе ў Наваградку сустрэўся з вялікім літоўскім князем Казімірам, а потым - у Рым. Ісідар намерваўся аднавіць сваю ўладу над рускай царквой, вярнуцца на Русь і там завяршыць справу аб'яднання цэркваў. Але наступныя рэлігійнапалітычныя падзеі перакрэслілі яго планы. Сваёй дзейнасцю на карысць уніі, без ведама Вільні і насуперак жаданню Масквы, Ісідар на шматлікія гады вызначыў лёс Беларуска-Украінскай царквы і ўсяго Усходу Еўропы. З пункту гледжання яго ўдзелу ў падрыхтоўцы, заключэнні і рэалізацыі Фларэнтыйскай уніі Ісідар выступае важнай асобай сусветна-царкоўнай гісторыі.
У наступныя гады ў Маскве ўзняўся шквал палемічных сачыненняў, якія падступству грэчаскага патрыярха і візантыйскага імператара супрацьпастаўлялі непахісную праваслаўную веру маскоўскага князя. Іх аўтары тлумачылі падзенне ў 1453 г. пад ударамі турак Візантыйскай імперыі, згубу «царствующего града» (Царгарада) іх адрачэннем ад сваёй веры. Распрацаваная Філафеем Пскоўскім тэорыя «Масква - трэці Рым» засноўвалася на дзвюх пазіцыях: здрадзе грэчаскай веры на Фларэнтыйскім саборы і паразе ў 1453 г. грэчаскай зброі пад другім Рымам - Царгарадам.
Блізкае суседства і дачыненні беларускіх земляў з лацінскім Захадам, знаёмства і далучэнне да сістэмы яго каштоўнасцей праз традыцыйныя палітычныя і культурныя сувязі з Польшчай, актыўнае збліжэнне з заходнехрысціянскай культурай, міжканфесійныя шлюбы выпрацавалі спецыфічны, адметны ад маскоўскага, менталітэт беларуска-ўкраінскага праваслаўя. Яму ўласцівы здольнасць лавіраваць паміж Царгарадам і Рымам, гатоўнасць пэўных колаў да дыялога і кампрамісу на годных умовах, урэшце, папулярнасць ідэі хрысціянскага адзінства [Падокшын 1998:43-44]. Адсутнасць кантактаў з каталіцкім светам абумовіла лацінафобію маскоўскай знаці і духавенства.
15 снежня 1448 г. сабор рускіх епіскапаў упершыню без санкцыі Царгарадскага патрыярха - бо ён прыняў унію - узвёў на мітрапаліцкі прастол даўно ўжо нарачонага на гэтую пасаду Разанскага епіскапа Іону. Гэтая падзея стала пачаткам аўтакефальнага існавання Рускай праваслаўнай царквы, якая, па словах яе гісторыка А. Карташава, «отрешилась от трусливого канонического предрассудка», быццам яна не можа пачаць самастойнае, незалежнае ад Канстанцінопаля існаванне [Карташев 1991:362]. Дзесяць гадоў Іона кіраваў мітраполіяй «усяе Русі», г. зн. яе абедзвюма часткамі - маскоўскай і літоўскай.
Рым, хоць і не цешыў сябе ілюзіяй адносна будучыні Фларэнтыйскай уніі ў Маскоўскай дзяржаве, не прызнаў маскоўскага рашэння, лічыў Ісідара законным першасвяшчэннікам Русі, а Іону узурпатарам. У Рыме не гублялі надзеі аднавіць уладу Ісідара над той часткай Кіеўскай мітраполіі, якая ўваходзіла ў склад ВКЛ. У 1458 г. Папа Каліст III дамогся згоды вялікага князя літоўскага Казіміра на адыманне літоўскай часткі мітраполіі ад Іоны і перадачы яе Ісідару.
Ісідар у той час быў ужо стары і на кіеўскі мітрапаліцкі пасад не вярнуўся. Папа пакінуў яму тытул мітрапаліта Маскоўскага з намінальнай уладай над епархіямі Маскоўскай Русі. А для фактычнага кіравання Праваслаўнай царквой ВКЛ у 1458 г. Царгарадскі патрыярхуніят Грыгорый III Мамма, які быў выгнаны грэкамі з Царгарада за прыняцце Фларэнтыйскай уніі і знайшоў прытулак у Рыме, са згоды Папы Каліста III пасвяціў галавой Рускай царквы вучня, паплечніка і пераемніка Ісідара, удзельніка Фларэнтыйскага сабора Грыгорыя Балгарына (1458-1472 або 1473 г.). Яму, ураджэнцу Балгарыі, былі падпарадкаваны 6 епархій у ВКЛ і 3 - у Кароне. 11 верасня 1458 г. на гэтай пасадзе Грыгорыя зацвердзіў сваёй граматай Папа Пій II.
Вынікам Фларэнтыйскай уніі было тое, што папы рымскія сталі прымаць непасрэдны ўдзел у справах Рускай (Усходнеславянскай) царквы, і гэта, з пераменным поспехам, мела месца да пачатку XVI ст., але на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў рабіла нявызначаным юрысдыкцыйны статус Кіеўскай мітраполіі.
Прыбыўшы ў Вільню і Наваградак, Грыгорый Балгарын прывёз вялікаму князю літоўскаму Казіміру ліст ад Папы Рымскага, у якім гаварылася, што ўсе рускія ў яго каралеўстве адбіраюцца ад «злочестивого монаха Ионы» і перадаюцца ўніяту Грыгорыю. Яго прыбыццё ўнесла новы парадак у царкоўнае жыццё ВКЛ. Са свайго боку, Іона выступіў супраць Грыгорыя і неаднаразова, хоць і беспаспяхова, імкнуўся распаўсюдзіць сваю ўладу на епархіі ў ВКЛ. Ён разаслаў пасланне да ўсіх епіскапаў ВКЛ, пераконваючы іх не прызнаваць мітрапаліта-ўніята і не падпарадкоўвацца яму. З дзевяці ўладык тых епархій толькі Яўфімій, епіскап Чарнігаўскі і Бранскі, адазваўся на заклік Іоны - не прызнаў новага мітрапаліта і ў 1464 г. з'ехаў у Маскву, кінуўшы сваю епархію. Прыняцце мітрапаліта-ўніята астатнімі епіскапамі сведчыла аб іх імкненні да незалежнасці ад Масквы.
Прэтэнзіі Грыгорыя на кананічную ўладу над усёй тэрыторыяй былой Кіеўскай Русі і спробы пашырыць унію выклікалі рэзкі пратэст Масквы. Для яе Грыгорый, як і яго папярэднік Ісідар, быў сімвалам грэчаскай інтрыгі, якая ў Фларэнцыі праявіла сваё радство з лацінскай ерассю. Скліканы Іонай у 1459 г. сабор епіскапаў у Маскве склаў саборную пастанову супраць Грыгорыя. Летапісец канстатаваў: «И оттоле разделися митрополия: король сего прия Григория, а князь велики [московский] не восхоте; и оттоле сотворишася два митрополита на Руси, един на Москве, а вторый в Киеве» [Мартос 1990:115].
У лісце Казіміру IV маскоўскі князь прасіў яго не прымушаць праваслаўнае насельніцтва ВКЛ падпарадкоўвацца Грыгорыю. У зваротным лісце Казімір запрашаў Васілія прызнаць і прыняць Грыгорыя мітрапалітам у Маскве замест састарэлага мітрапаліта Іоны. Гэту прапанову Васілію і яго сыну Івану III Казімір рабіў неаднаразова, але безвынікова. Пасля смерці ў 1461 г. Іоны яго пераемнік Фядосій стаў ужываць скарочаны тытул «мітрапаліт усяе Русі» (без «Кіеўскі»), верагодна, канчаткова змірыўшыся з стратай беларускіх і ўкраінскіх епархій.
Такім чынам, Фларэнтыйская ўнія 1439 г. шмат у чым вызначыла наступны лёс Усходнеславянскай царквы і ўсяго Усходу Еўропы. Адным з яе наступстваў было самастойнае, без санкцыі Царгарада, які «запляміў» сваю веру, прыняўшы «папскія ерасі», пастаўленне ў 1448 г. мітрапаліта ў Маскве і канчатковы падзел у 1458 г. Праваслаўнай царквы Усходняй Еўропы на дзве часткі - Кіеўскую і Маскоўскую мітраполіі.
Нягледзячы на намаганні Грыгорыя Балгарына, праваслаўнае духавенства і вернікі ВКЛ не прынялі ўнію. У 1469 г. ён сам адмовіўся ад уніі і быў зацверджаны ў сане праваслаўнага мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсяе Русі Царгарадскім патрыярхам Дыянісіем, які, такім чынам, не прызнаў фактычнай аўтакефаліі Маскоўскай мітраполіі. У адказ Масква разарвала адносіны і з Царгарадскай патрыярхіяй, і з Кіеўскай мітраполіяй. Іван ІІІ загадаў не ўпускаць у маскоўскія абшары пасланнікаў і Грыгорыя, і патрыярха. Ноўгарад, які рызыкнуў заявіць аб сваім пераходзе пад юрысдыкцыю Грыгорыя, Іван ІІІ у 1471 г. проста раздушыў вайсковай сілай і назаўсёды ануляваў федэратыўныя ноўгарадскія вольнасці [Карташев 1991:548]. У канцы ХV ст. у архірэйскую прысягу ў Маскоўскай мітраполіі было ўведзена абяцанне адрачыся ад Ісідара і Грыгорыя Балгарына і ад усіх пасля іх, «кому случится придти на Киев от Рима латинского или от Царьграда турецкия державы».
Хоць спробы рэалізацыі Фларэнтыйскай уніі ў Кіеўскай мітраполіі, на землях Беларусі скончыліся правалам, аднак вызначылі тут устойлівую ўніяцкую традыцыю на працягу ХV - пачатку XVІ ст. Гэтая ўстойлівая цікавасць да ідэі царкоўнай уніі крыецца ў геапалітычным становішчы Беларусі і Украіны паміж хрысціянскімі Усходам і Захадам, якое на працягу стагоддзяў абумоўлівала неабходнасць рашэння дзвюх актуальных для дзяржавы задач: захавання і ўмацавання дзяржаўна-палітычнай і рэлігійна-культурнай незалежнасці. Пяцёра з дзевяці мітрапалітаў ВКЛ, якія ўзначальвалі Праваслаўную царкву ў ХV ст., былі ўніятамі або прыхільнікамі Фларэнтыйскай уніі (Грыгорый Цамблак, Ісідар, Грыгорый Балгарын, Місаіл Пестручэй, Іосіф І Балгарынавіч) [Абламейка 1994:35]. Яе падтрымлівалі вялікія князі літоўскія Казімір IV і Аляксандр. І ў другой палове ХV ст. кіеўскія мітрапаліты, як уяўляецца, усё яшчэ не прызнавалі катэгарычнага канфесійнага размежавання, хоць у вачах і Рыма, і Царгарада іх прымірэнне, дасягнутае на Фларэнтыйскім саборы, завяршылася.
Пасля смерці Грыгорыя Балгарына (пахаваны ў Наваградку), аднаго з першых дзеячаў уніі праваслаўнай царквы з каталіцкай у ВКЛ, мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі быў абраны ў 1475 г. Смаленскі епіскап Місаіл, ураджэнец в. Чарэя (цяпер у Чашніцкім раёне), які падтрымаў ідэю царкоўнай уніі. Але ён не быў зацверджаны Царгарадскім патрыярхам, які не ўхваляў яго зносін з Рымам. Рэзідэнцыяй Місаіла быў Наваградак - рэлігійная сталіца ВКЛ у XIII-XV стст.
Місаіл у 1476 г. арганізаваў зварот вышэйшага праваслаўнага духавенства Кіеўскай мітраполіі і свецкіх асоб да Папы Рымскага Сікста V. Пад гэтым зваротам-эпістоліяй акрамя яго ўласнага аўтографа стаялі подпісы архімандрытаў Кіева-Пячэрскага манастыра Івана і Свята-Троіцкага манастыра ў Вільні Макарыя, а таксама 13 прадстаўнікоў беларуска-ўкраінскай шляхты (князёў Міхаіла Алелькавіча, Фёдара Бельскага, Дзмітрыя Вяземскага, намесніка віцебскага Івана Хадкевіча і інш.). Пасланне напісана шматслоўна і мудрагеліста. У ім выказвалася гатоўнасць прыняць унію, утрымліваліся скарга на рымска-каталіцкае духавенства ВКЛ і Польшчы, якое крыўдзіць Рускую царкву і вінаваціць усходніх хрысціян у ерасі, і просьба ўраўнаваць іх з рыма-каталікамі. Пасля панегірыка ў гонар Папы Рымскага выказана бачанне рэлігійнай згоды паміж хрысціянскім Захадам з яго дактрынаю папства і Усходам. Пасланне адстойвала ідэю, што «няма адрозненняў у Хрысце паміж грэкамі і рымлянамі», але кожны закліканы жыць у адпаведнасці са сваёй традыцыяй. Відавочным і дэкларатыўна шчырым з'яўляецца прызнанне папскага вяршэнства над Кіеўскай мітраполіяй. Ухвалены Фларэнтыйскі сабор і філіоквэ.
Мяркуюць, што ліст з прапановай царкоўнай уніі быў накіраваны Папе Рымскаму ад імя епіскапата і шляхты Наваградскім саборам. Ліст перадалі праз папскага легата Антоніа Банумбрэ, які ўдзельнічаў у саборы. Гэты дакумент застаўся без адказу. Ствараецца ўражанне, што ў канцы ХV ст. у Рыме сталі прызвычайвацца да думкі аб бесперспектыўнасці Фларэнтыйскай уніі на беларускаўкраінскіх землях і з недаверам ставіліся да ўсіх паспешных планаў новай уніі. Упершыню ліст быў апублікаваны ў 1605 г. мітрапалітам Іпаціем Пацеем, які ў пачатку ХVII ст. выкарыстоўваў яго дзеля прапаганды ідэі ўніі. Асобныя даследчыкі падвяргалі сумневу аўтэнтычнасць гэтага ліста, сцвярджалі аб магчымасці яго фальсіфікацыі ў пачатку ХVII ст., верагодна, І. Пацеем. Адказам праваслаўнага боку на апублікаванае Пацеем пасланне мітрапаліта Місаіла да Папы Рымскага стаў вядомы палемічны твор «Перестрога».
У 1498-1501 гг. на мітрапаліцкай кафедры ў Наваградку сядзеў Іосіф І Балгарынавіч, прыхільнік далучэння Праваслаўнай царквы ВКЛ да Фларэнтыйскай уніі. Ён паходзіў з шляхецкага роду Балгарынавічаў, з'яўляўся блізкім сваяком Івашкі Сапегі, пісара вялікага князя літоўскага Аляксандра, і меў радавы маёнтак у Слуцкім павеце. Да пастаўлення на мітраполію быў ігуменам слуцкага Троіцкага манастыра, потым - епіскапам Смаленскім. У 1497 г. Іосіф І Балгарынавіч, верагодна, звярнуўся да патрыярха Ніфанта II з лістом, просячы яго выказаць сваё меркаванне аб Фларэнтыйскай уніі. У зваротным лісце ад 5 красавіка 1497 г., аўтэнтычнасць якога, аднак, ставіцца некаторымі даследчыкамі пад сумнеў, Ніфант заклікаў Літоўска-Наваградскага мітрапаліта трымацца ўніі, але захоўваць пры гэтым усе ўсходнія традыцыі. Адказ Ніфанта, арыгінал якога згублены, упершыню быў апублікаваны ў 1617 г. у польскім перакладзе Львом Крэўзам у яго творы «Абарона царкоўнага адзінства». Толькі праз два гады, 10 мая 1500 г., Іосіф быў зацверджаны на мітраполіі царгарадскім патрыярхам Іакімам I. Той не мог не ведаць аб тым, што Іосіф цікавіўся правамоцтвам Фларэнтыйскай уніі, верагодна, з намерам весці праўнійную дзейнасць. Гэта, аднак, не перашкодзіла патрыярху зацвердзіць яго ў сане. Такім чынам, можна думаць, што стаўленне Царгарада да ўніі не было такім ужо варожым.
У той час рэлігійная палітыка афіцыйных улад ВКЛ выклікала асуджэнне ў Маскоўскай дзяржаве. У сувязі з палітычнымі амбіцыямі, хоць і не без пэўных падстаў, Масква абвінаваціла ўлады ВКЛ у парушэнні рэлігійных свабод усходніх хрысціян, маючы на ўвазе найперш выпадак з дачкой вялікага маскоўскага князя Івана III Аленай, якую нібыта мітрапаліт Іосіф прымушаў перайсці ва ўнію (або ў лацінскі абрад) пасля яе замужжа з вялікім князем літоўскім Аляксандрам. Маскоўская дзяржава, якая вясной 1500 г. пачала буйны наступ на ВКЛ, выкарыстала гэту рэлігійную праблему як падставу, даказваючы, што абавязкам Масквы з'яўляецца абарона аднаверцаў, якіх мітрапаліт Іосіф па ўказанні кіраўніка ВКЛ нібы прымушаў пакарацца Рыму.
Вялікі князь літоўскі Аляксандр, які імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу шляхам увядзення канфесійнай гармоніі і парытэту паміж Усходняй і Заходняй цэрквамі, нягледзячы на моцныя антырускія настроі, якія панавалі сярод лацінскага духавенства на падпарадкаваных яму тэрыторыях, заахвочваў дзейнасць мітрапаліта на карысць царкоўнага аб'яднання. 20 студзеня 1499 г. ён выдаў грамату, якой гарантаваў юрысдыкцыю мітрапаліта, епіскапаў і іх царкоўных судоў ва ўсіх кананічных спрэчках і абавязваў падаваць у мітрапаліцкі суд скаргі на католікаў або праваслаўных, якія ўчынялі гвалт над «рускімі» святарамі.
Падтрыманы вялікім князем, Іосіф, у пэўнай меры ўспадкоўваючы Місаілу, 20 жніўня 1500 г. напісаў пасланне да Папы Рымскага Аляксандра VI. У ім ён прызнаваў папскую ўладу і сімвал веры, згодна з дэкрэтамі Фларэнтыйскага сабора, уключаючы філіоквэ. З дапамогай гэтага паслання мітрапаліт шукаў шляхоў паляпшэння лёсу сваёй паствы, уцісканай рыма-католікамі. Дэлегацыя з пасланнем Іосіфа, якую вялікі князь Аляксандр падрыхтаваў у Рым з мэтай перамоў аб стварэнні кааліцыі хрысціянскіх дзяржаў супраць Турцыі і Крымскага ханства, прыбыла туды 11 сакавіка 1501 г. У складзе пасольства, якое ўзначальваў Вітэлій Эразм Цёлак, быў прадстаўнік «рускай» царквы Іван Сапега. У Рыме Цёлак, які па сутнасці выступаў ад імя Віленскага рымска-каталіцкага біскупа Войцеха Альберта Табара, вёў перамовы і меў дзве прыватныя аўдыенцыі ў папы. Цёлэк даў зразумець, што лічыць недарэчным пасылаць папскую місію на рускія землі для афіцыйнага ўзнаўлення Фларэнтыйскай уніі.
Інтарэсы апостальскага прастола і выстаўленыя ім умовы Папа Рымскі выказаў у двух сваіх лістах: да Табара (ад 26 красавіка) і вялікаму князю Аляксандру (ад 7 ліпеня). Рым быў асцярожны ў фармулёўках. У лісце да Віленскага біскупа папа адзначыў, што «царкоўную супольнасць не павінны псаваць дагматычныя разыходжанні. ...А таму, ухвалілі мы, ...што важнейшым з'яўляецца берагчы здаровы і бязгрэшны статак, чым аслабіць яго бяспеку, упускаючы ў яго авечак, пазначаных плямамі ерасі або іншых адрачэнскіх хвароб». Падобна, папства было гатова прызнаць часткай каталіцкай супольнасці Кіеўскую мітраполію, аналіз адданасці якой пастановай Фларэнтыйскага сабора павінен быў правесці біскуп Табар. Галоўным каменем спатыкнення для Рыму было тое, што Іосіфа высвяціў «ерэтык Іаакім», пасаджаны на царгарадскі пасад турэцкім султанам. Ні папа, ні прызначаны ім царгарадскі патрыярх кардынал Джавані Мікеле не зацвердзілі Іосіфа ў сане Кіеўскага мітрапаліта.
Хоць Папа Аляксандр VI стрымана прывітаў ініцыятыву Іосіфа Балгарынавіча, непасрэдна яму ён не адказаў. Рымскі архірэй не быў гатовы мець справу з Кіеўскім мітрапалітам, пакуль той не адрокся ад патрыярха ў Царгарадзе і не атрымаў прызнання папы або ўніяцкага патрыярха Мікеле. Упаўнаважаным на перамовах было сказана, што Іосіфа можа прыняць у рымскую царкву Віленскі біскуп Табар. Хоць рымскія дакументы, якія з'явіліся ў адказ на афіцыйныя звароты мітрапаліта Іосіфа, неаднаразова спасылаюцца на Фларэнтыйскі сабор, дух уніі на той час ужо, відавочна, згас [Гудзяк 2000:73-76].
У 1501-1502 гг. у адказ на пасланне мітрапаліта Іосіфа да Папы Аляксандра VI прафесар і рэктар Кракаўскай акадэміі Ян Сакран напісаў востры палемічны памфлет «Elucidarius errorum ritus Ruthenici», у якім нападаў на русінаў, крытыкуючы іх багаслоўскую і маральную свядомасць, царкоўную дысцыпліну і наогул рэлігійны этас. Сакран пісаў, што Руская царква не можа быць партнёрам у прымірэнні з Рымскай царквой, што русіны - самыя дрэнныя з усіх ерэтыкоў - могуць быць толькі суб'ектамі ў пераварочванні ў адзіна правільную лацінскую веру. Меркаванні тыпу тых, якія выказаны ў памфлеце Я. Сакрана, былі тыповыя для каталіцкіх царкоўных і свецкіх колаў Польшчы і ВКЛ.
Ісідар, Грыгорый Балгарын, Місаіл Пестручэй, Іосіф Балгарынавіч фармальна лічылі Фларэнтыйскую ўнію сапраўднай на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ, хоць гэта фактычна не адбівалася на жыцці духавенства і вернікаў. Да пачатку ХVI ст. кіеўскія мітрапаліты, не парываючы з Царгарадам, шукалі спосабы працягу або ўзнаўлення адносін з Рымам, аднак, убачыўшы, што папства - і найперш вышэйшае каталіцкае духавенства ВКЛ і Польшчы - лічаць Фларэнтыйскую ўнію ўжо скасаванай (у 1501 г. Папа Рымскі Аляксандр VI прызнаў яе нядзейнай у ВКЛ), паклалі канец гэтым пачынанням. Пасля смерці ў другой палове 1501 г. Іосіфа Балгарынавіча яго пераемнікі, кіеўскія мітрапаліты, да канца XVI ст. не прадпрымалі спроб узнаўлення ўніі ў ВКЛ.
Увасабленнем Фларэнтыйскай уніі ў мастацтве ВКЛ лічацца пабудаваныя на мяжы ХV-XVI стст. у Сынкавічах, Мураванцы і Супраслі храмы-крэпасці, з якімі Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры. Праваслаўныя культавыя пабудовы візантыйскага тыпу тут упершыню ўвабралі гатычныя рысы, уласцівыя заходнееўрапейскаму дойлідству.
Прыхільнікам і прапагандыстам ідэй фларэнтыйскага экуменізму - «царкоўнай единоты» - быў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар Францыск Скарына. Ён падкрэсліваў бессэнсоўнасць падзелу хрысціянства і надуманасць спрэчак аб першынстве паміж найвышэйшымі іерархамі Заходняй і Усходняй цэркваў. У «Прадмове да «Першага Паслання Паўла да Карынфянаў» ён пісаў аб велізарнай грамадскай карысці ад усехрысціянскага адзінства [Мальдзіс 1990; Саверчанка 1998:91].
У ХVI ст. уляглася ўзрушанасць у праваслаўным міры, выкліканая Фларэнтыйскай уніяй, сцерліся супярэчнасці паміж пра- і антыўніяцкай праваслаўнай партыямі, якія перад самым прыходам турак у Візантыю так дбайна змагаліся паміж сабой. Фларэнтыйская традыцыя была забыта або напаўзабыта да апошняй трэці ХVI ст., калі на беларускай глебе сталі прарастаць новыя праекты царкоўнай уніі. Яе зноў успомнілі і ў Рыме, і ў Вільні. Фларэнтыйская мадэль аб'яднання, адаптаваная да новых гістарычных і геапалітычных умоў, была пакладзена ў аснову Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г., якая аказалася найбольш трывалай з усіх спроб аб'яднання ўсходняга і заходняга хрысціянства і стала ўкладам Беларусі ў сусветную цывілізацыю. Эстафета італьянскай Фларэнцыі пераходзіла да беларускага Брэста.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX