Вярнуцца: Марозава С.В.

Гістарыяграфія канфесійнай гісторыі Беларусі Historiography of the religious history of Belarus


Аўтар: Святлана Марозава,
Дадана: 15-03-2010,
Крыніца: Гістарычны Альманах том 4-2001.



У святовым рэлігіязнаўстве апошніх двух стагоддзяў канфесійная гісторыя Беларусі абрасла цяжкааглядным морам літаратуры рознай навуковай вартасці, сярод якой чутны і голас айчынных даследчыкаў. Умоўна можна выдзеліць рэлігійны напрамак гістарыяграфіі канфесійнай гісторыі Беларусі, для якога характэрна пастаноўка на першы план рэлігійнага пытання, і свецкі, схільны яго замоўчваць або прымяншаць. Першы напрамак, у сваю чаргу, падзяляецца на тры пункты бачання і падачы царкоўна-рэлігійнай гісторыі: праваслаўны, рымска-каталіцкі і грэка-каталіцкі, кожны з якіх імкнецца падкрэсліць лепшыя бакі сваёй веры і выпукліць недахопы іншай. Асабліва гэта характэрна для праваслаўнага і рымска-каталіцкага бачання. Грэка-каталіцкі падыход спачатку два с паловай стагоддзі на практыцы, а потым яшчэ два стагоддзі ў навуцы намагаецца сцвердзіць паўнавартасць сваёй веры сярод традыцыйных, больш "моцных" сумежных канфесій. Уласна навуковы, пазаканфесійны падыход да канфесійнай гісторыі Беларусі нараджаецца ў пачатку 20 ст., хаця рознага роду спрашчэнні, звязаныя з тымі ці іншымі канфесійнымі прыхільнасцямі, не зжыты да нашага часу.

У беларускім рэлігіязнаўстве склаліся два гістарыяграфічныя комплексы. Першы аформіўся ў другой палове 19 - першай трэці 20 ст.; другі - ствараецца з 90-х гадоў. Распрацоўка канфесійнай гісторыі Беларусі пачынаецца з канца 18 cт. і актывізуецца з 60-х гадоў 19 ст., што звязана з двума этапамі буйнамаштабных зменаў рэлігійна-палітычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне Еўропы.

Паказальна, што ля вытокаў расійскай гістарыяграфіі гісторыі Беларусі стаіць праца пра Берасцейскую унію [1], цікавасць да якой абумоўлена ўдзелам Расіі ў яе лёсе. Яна была напісаная па загаду Кацярыны ІІ стацкім саветнікам М.М.Бантыш-Каменскім на аснове кампраметуючых уніяцкую царкву дакументаў Калегіі замежных справаў. Сведчанні, што зыходзілі з уніяцкага лагеру, да ўвагі не прымаліся. Праца, якая падавала гісторыю уніі як летапіс генацыду беларускага праваслаўнага насельніцтва, стала навуковым падмуркам урадавага курса на "выкараненне" уніяцкай царквы. Аўтар быў узнагароджаны брыльянтавым пярсцёнкам. Другое выданне кнігі з'явілася ў 1866 г. [2], калі на афіцыйным узроўні пачалася новая хваля апалагетыкі царскай палітыкі ў Беларусі. М.Мураўёў чэрпаў тады з яе аргументы для свёй рэпрэсіўнай нацыянальна-рэлігійнай палітыкі. З лёгкай рукі М.Бантыш-Каменскага уніяцкая царква на наступныя два стагоддзі займела ў афіцыйнай гістарыяграфіі імідж ворага беларускага народа. Такім чынам, адначасова з урадавымі рэпрэсіямі супраць уніяцтва рэпрэсаваць яго пачалі гісторыкі. Галоўная віна бачылася ў тым, што яно скіравала Беларусь у такое рэчышча рэлігійна-культурнага развіцця, якое разышлося са шляхам расійскай народнасці.

Царская ўлада і Сінод мабілізуюць "вернападданых" гісторыкаў, пачынаючы з М.Бантыш-Каменскага, на выпрацоўку навуковага і ідэалагічнага абгрунтавання сваёй рэлігійнай палітыкі ў Беларусі. Трактаваць гісторыю Беларусі ў духу ўвараўскай формулы "праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць" пачалі і айчынныя гісторыкі.

На другую палову 19 - пачатак 20 ст. прыходзіцца найбольш плённы перыяд распрацоўкі беларускай рэлігійнай праблематыкі. На большасці працаў беларускіх даследчыкаў ляжыць пячатка "западноруссизма", які бярэ пачатак з 18 ст. ад тых колаў праваслаўнага і уніяцкага духавенства, што ў сваёй барацьбе з польска-каталіцкім уціскам пачалі арыентавацца на Расію. "Хросным бацькам" "западноруссизма" быў літоўскі епіскап І.Сямашка, а ідэолагам - вядучы дарэвалюцыйны даследчык уніі і яе праціўнік, прафесар расійскай гісторыі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, выхадзец з сям'і уніяцкага святара і наш зямляк Міхаіл Каяловіч. Праца над гісторыяй уніі [3] стала справай усяго жыцця Каяловіча, прынесла яму прызнанне ў вышэйшых афіцыйных колах імперыі і сталічным навуковым свеце, зрабіла яго імя папулярным сярод славянафілаў і мясцовых "западно-руссов", дала прафесарскае званне, але і спарадзіла нямала нядобразычліўцаў і крытыкаў сярод "ліцвінаў-патрыётаў", беларускай нацыянальнай і польскай гістарыяграфіі, сярод расійскіх "западников".

Даследчык, на жаль, не змог стаць аб'ектыўным суддзёю у вырашэнні праблемы гісторыі уніі, а выступіў хутчэй у ролі пракурора з абвінавачваннем у яе адрас. Аўтар не імкнуўся, як ён сам пазней прызнаваўся, да "бесплодной погони за объективной истиной". У аснову трактоўкі канфесійнай гісторыі Беларусі ён паклаў славянафільскі суб'ектывізм і метадалогію, заснаваную на прызнанні месіянскай ролі Расіі, перавагі расійскай цывілізацыі і непрызнанні за Беларуссю права на самастойны, па-за межамі Расіі, шлях нацыянальна-культурнага і рэлігійнага развіцця.

Услед за М.Каяловічам "западноруссы" І.Чыстовіч [4], Ю.Крачкоўскі [5], П.Жуковіч [6], Г.Кіпрыяновіч [7], С.Рункевіч [8], Г.Шавельскі [9] і інш. сцвярджалі, што, знаходзячыся паміж дзвюма больш моцнымі дзяржавамі, культурамі і рэлігіямі, Беларусь занадта слабая для самастойнасці, не ў стане выпрацаваць нешта сваё, а толькі можа схіліцца да Расіі або Польшчы. Трэцяга шляху - шляху асобнасці - яны не дапускалі. Выратаванне сваёй радзімы яны бачылі ў саюзе з адзінавернай Масквой і ўсе свае здольнасці ставілі на службу навуковага абгрунтавання вяртання свайго народу на праваслаўна-расійскі шлях развіцця.

Канфесійная гісторыя Беларусі, створаная гісторыкамі пануючай нацыі і мясцовымі "западноруссами" з іх канцэпцыяй вызвалення "Заходняй Русі" ад "тлетворного влияния" каталіцкага Захаду, атрымалася далёкай ад рэальнай. Сфармаваўшы адыёзны вобраз уніі, яны змаглі ўвесці яго ў гістарычную свядомасць усходнеславянскіх народаў .

Сваё разуменне канфесійнай гісторыі Беларусі прапанавалі ў апошняй трэці 19 - першай трэці 20 ст. прадстаўнікі нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі, якіх веравызнаўчая праблема цікавіла найперш з пазіцыі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, нацыянальнай самадзейнасці беларусаў. Сваімі працамі яны не толькі прасунулі беларускае рэлігіязнаўства наперад, але і раскрылі жахлівую неадпаведнасць паміж гістарычнай рэчаіснасцю і яе адлюстраваннем у тагачаснай афіцыёзнай навуцы.

У апошніх двух нумарах "Мужыцкай праўды" асудзіў рэлігійную палітыку самадзяржаўя на Беларусі К.Каліноўскі, які выступіў супраць падаўлення уніяцтва праваслаўем [10].

М.Доўнар-Запольскі [11], В.Ластоўскі [12], У.Ігнатоўскі [13], А.Станкевіч [14], А.Цвікевіч [15] у сваёй трактоўцы канфесійнай гісторыі Беларусі зыходзілі з таго, што культурна-рэлігійныя працэсы на беларускіх землях працякалі адасоблена ад аналагічных працэсаў у Расіі і Польшчы. У поглядах на унію першых трох аўтараў праявілася пэўная супярэчлівасць. Унія ў іх працах эвалюцыянавала ад сродка знішчэння беларусаў як этнаса да прызнання яе своеасаблівай формай беларускай нацыянальнай царквы. В.Ластоўскі ацаніў унію, як няўдалую спробу Беларусі рэлігійна самаакрэсліцца ў экспансіўным міжнародным праваслаўна-каталіцкім акружэнні. Правалу гэтай спробы спрыялі як унутраныя фактары, так і знешнія (вераломства польска-каталіцкіх колаў, якія глядзелі на унію як на спосаб зліцця беларусаў з палякамі; карыслівая царкоўная палітыка Расіі [16]. Сваім асуджэннем ліквідацыі уніяцтва ў 1839 г. гісторыкі беларускай нацыянальнай плыні разышліся з "западноруссами", якія ўсхвалялі гэтае мерапрыемства царызму. Першае пакаленне беларускіх адраджэнцаў звязвала надзею стварэння нацыянальнай царквы з уніяцтвам, а не з праваслаўем, якое з'яўлялася тады носьбітам вялікадзяржаўнай імперскай ідэалогіі.

Гісторыкі нацыянальнай арыентацыі здзейснілі пералом у поглядах на ролю асноўных хрысціянскіх плыняў у лёсе беларускага народу. Але ў 30-я гады гэты гістарыяграфічны напрамак быў разгромлены. На іх галовы пасыпаліся апранутыя ў навуковае адзенне палітычныя абвінавачванні. Іх навуковыя выкладкі былі аб'яўленыя шкоднымі для ўмацавання ідэйна-палітычнага адзінства савецкага народа, а самі яны скінутыя з навукова-гістарычнага Алімпу. Канфесійная праблематыка стала небяспечнай для даследавання і папоўніла негалосны спіс табуіраваных тэмаў беларускай савецкай гістарыяграфіі, які старанна абыходзілі беларускія гісторыкі.

На змену ўзмоцненай ўвагі да канфесійнай гісторыі ўсходнеславянскай гістарыяграфіі другой паловы 19 - першай трэці 20 ст. прыйшла тэндэнцыя да застою ў яе вывучэнні. У 30 - 80-я гады яе лічылі неактуальнай, далёкай ад культурных патрэбаў пралетарыяту. Але прынцыпова варожая да рэлігіі і царквы савецкая гістарыяграфія цалкам унаследавала канфесійны дух старой школы. Ідэя аб супрацьстаянні на Беларусі "истинно православной" Руси каталіцкаму Захаду, якая зыходзіла яшчэ ад маскоўскай кніжнасці 16 ст., узмоцненая славянафільскай літаратурай 19 ст., была пракарэктаваная з марксісцкіх пазіцый. Яе дапоўнілі тэзісам пра рашаючаю ролю народных масаў у гісторыі і патрабаваннем класавага падыходу. Пашырэнне каталіцызма і уніяцтва атаясамлівалася з узмацненнем прыгонніцтва, барацьба за праваслаўе - з абаронай беларусаў ад росту феадальнага ўціску. Катэгорыі "праваслаўе" і "руская народнасць" былі замененыя катэгорыямі "камунізм" і "савецкі народ".

Сталінізм, а затым застойны перыяд затрымалі распрацоўку ў БССР канфесійнай гісторыі, надалі ёй аднабаковы характар, ізалявалі вучоных ад дасягненняў сусветнага рэлігіязнаўства, практычна выключылі магчымасць выкарыстання замежных крыніцаў. У гэтым інфармацыйным вакууме запанавалі цытатніцтва і дагматызм. Тагачасная гістарыяграфія, замацоўваючы ўяўленне пра місію Расіі як дзяржавы-вызваліцельніцы праваслаўных народаў ад чужаземнага і іншавернага ярма, не здолела даць навуковага тлумачэння прычынаў пераходу беларускай шляхты ў каталіцызм, шырокага супраціву уніятаў і католікаў у 19 ст. пераходу ў праваслаўе. Аднак загнаная ў глыб, гісторыка-канфесійная праблематыка ад гэтага не перастала існаваць.

Гістарыяграфія 60 - 80-х гадоў была пастаўленая ў такія ўмовы, пры якіх царкву можна было паказваць толькі як феадальную арганізацыю, вотчынніка і эксплуататара народных масаў (працы Я.Мараша [17] С.Корзуна [18] і інш.). Берасцейская унія разглядалася як звяно контррэфармацыі, а тая, у сваю чаргу, як сістэма рэпрэсіўных мерапрыемстваў. Барацьба супраць уніі і каталіцызму, якая стала тады папулярнай тэмай, у гэтым кантэксце падавалася як супраціў этнацыду і тэрору (працы А.Коршунава [19], Я.Мараша [20], С.Палуцкай [21]; сюжэты ў манаграфіях па гісторыі беларускіх гарадоў З.Капыскага [22], А.Грыцкевіча [23], В.Мялешкі [24]).

У той жа час у гістарыяграфіі 60-х гадоў тэндэнцыю замоўчвання і дыскрэдытацыі уніі і яе дзеячоў парушала асцярожная да іх цікавасць (працы К.Пракошынай [25], рэцэнзія М.Прашковіча на кнігу А.Коршунава [26]), а таксама "крамольныя" думкі, якія не толькі разыходзіліся з устаялай акадэмічнай канцэпцыяй, але і супярэчылі ёй. У 70-80-я гады гэта тэндэнцыя ўзмацнілася (артыкул В.Грыцкевіча ў "Весцях АН БССР" [27], кніга К.Тарасава "Памяць пра легенды" [28], сюжэт Г.Каханоўскага пра базыльянскага гісторыка І.Кульчынскага [29] ).

Калі ў 70 - 80-я гады гісторыкі, як правіла, ішлі па наезжанай каляіне, паўтараючы зады гістарыяграфіі "западнорусского" толка, філосафы (С.Падокшын [30]), літаратуразнаўцы (А.Мальдзіс [31]), мастацтвазнаўцы (Э.Вецер [32], Н.Высоцкая [33], Ю.Хадыка [34], К.Лявонава [35]), кнігазнаўцы (Г.Галенчанка [36], Ю.Лабынцаў [37]) даследавалі культурна-інтэлектуальны набытак асноўных хрысціянскіх культавых інстытутаў як помнікі беларускай літаратуры, мастацтва, кніжнай культуры. А аўтары першага абагульняючага даследавання развіцця беларускага этнасу прызналі памылковасць тэзісу, што беларусы заўсёды ўяўлялі сабой выключна праваслаўную этнаканфесійную супольнасць, які значна звужаў сапраўдны этнічны масіў народа, бо ў 18 ст. яго асноўны этнічны масіў трымаўся ўжо не на праваслаўнай, а на уніяцкай веры [38].

Шэраг працаў па канфесійнай гісторыі стварылі беларускія эмігранцкія даследчыкі А.Мартас [39] і І.Касяк [40], зарыентаваныя на праваслаўе, а таксама прыхільнікі уніяцтва В.Пануцэвіч [41] і Л.Гарошка. Не ў аднаго беларускага навукоўца пахіснулася вера ў беспамылковасць пануючай канцэпцыі міжканфесійных узаемадачыненняў на нашых землях, калі у свой час у СССР стала вядомай праца Л.Гарошкі, прысвечаная крывадушнай палітыцы польскага касцёла і рускай праваслаўнай царквы на Беларусі [42]. Ён даказаў, што погляд, быццам, берасцейская згода была творам палякаў, раздзьмуты расійскай прапагандай з мэтай яе дыскрэдытацыі ў вачах саміх уніятаў.

Стаўшы ад пачатку прадметам раздораў, Берасцейская унія па сённяшні дзень выклікае спрэчкі па розных аспектах - рэлігійных, палітычных, ідэалагічных, культуралагічных, этнічных і ўласна гістарычных. Розніца поглядаў даследчыкаў на гэты факт усходнееўрапейскай гісторыі адлюстроўвае іх грамадскія, палітычныя, рэлігійныя, нацыянальныя сімпатыі і антыпатыі. У поглядзе на унію выразна акрэсліваюцца два падыходы: дыскрэдытацыйны і апалагетычны. Сёння відавочна, што дарэвалюцыйныя і савецкія гісторыкі пісалі гісторыю не уніі, а антыуніі.

Ва ўмовах разняволення навуковай думкі на мяжы 80 - 90-х гадоў, калі пачаўся інтэнсіўны працэс пераасэнсавання айчыннай мінуўшчыны скрозь прызму нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў беларускага народа, занядбаная раней гісторыя канфесій і міжканфесійных узаемадачыненняў апынулася ў ліку прыярытэтных тэмаў айчыннай гістарыяграфіі. Змена дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі, працэс нацыянальнага і рэлігійнага адраджэння, своеасаблівая рэабілітацыя рэлігіі ў грамадскай свядомасці і шэраг буйных царкоўных гадавінаў (1000-годдзе хрышчэння Русі, 400-годдзе Маскоўскага патрыярхата, 1000-годдзе Полацкай епархіі, 400-годдзе Берасцейскай уніі і 2000-годдзе хрысціянства) абудзілі ў грамадскасці і навуковых колах цікавасць да зняважанай раней гісторыі царквы ў Беларусі.

Даследаванні апошняга дзесяцігоддзя дазволілі па-новаму ацаніць ролю царкоўна-рэлігійнага фактару ў жыцці грамадства і фармаванні грамадскай свядомасці, у міжэтнічных адносінах і ў працэсе інтэграцыі і дэзынтэграцыі славянскіх народаў. З пераадоленнем ідэалагічных наслаенняў пераасэнсаваныя працы ранейшых аўтарытэтаў у рэлігіязнаўстве, ідзе адмаўленне ад крайнасцяў рускай і польскай канцэпцыяў, пашырылася кола даследчыкаў, узмацнілася дакументальная база даследаванняў, падвергнуты сумненню ранейшыя аксіёмы, новая трактоўка прыйшла ў поўную супярэчнасць з ранейшым акадэмічным канонам.

Паказальна, што новы этап даследавання канфесійнай гісторыі адкрыла перавыданне працы М.Нікольскага "История русской церкви" з раздзелам аб Берасцейскай уніі, які па ідэалагічных меркаваннях быў апушчаны ў ранейшых выданнях [43].

Гісторыяй канфесій на Беларусі сёння займаюцца В.Грыгор'ева, У.Завальнюк, У.Навіцкі і А.Філатава(іх калектыўная праца стала першым у беларускай гістарыяграфіі абагульняючым даследаваннем па гэтай праблеме) [44], А.Грыцкевіч [45], С.Падокшын [46], Т.Блінова [47], І.Саверчанка [48], Л.Іванова [49], Г.Васюк [50], С.Марозава [51] і інш., за мяжой - А.Мірановіч [52], Р.Сасна [53], М.Гайдук [54] і інш.

Сюжэты царкоўна-рэлігійнай гісторыі праходзяць скрозь даследаванні У.Конана [55], Г.Галенчанкі [56], У.Кароткага [57], Л.Лыча [58], В.Чарапіцы [59], Я.Анішчанкі [60], У.Сосны [61], Ю.Драгуна [62], М.Хаўстовіча [63], Ю.Хадыкі [64], Т.Габрусь [65], Д.Карава [66], В.Старасценкі [67] і інш.

Найбольш значныя працы апошніх гадоў: "Канфесіі на Беларусі" калектыва аўтараў, зборнік артыкулаў "З гісторыі уніяцтва ў Беларусі" (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) [68] і даследаванне С.А.Падокшына "Унія. Дзяржаўнасць. Культура (гісторыка-філасофскі аналіз)" [69]. Канфесійнае пытанне выйшла ў цэнтр дыскусіі вакол канцэптуальных падыходаў да школьных падручнікаў па гісторыі Беларусі. Яна знайшла адлюстраванне на старонках "Беларускай мінуўшчыны"за 1997 г. [70]

90-я гады ўнеслі істотныя карэктывы ў разуменне канфесійнай гісторыі Беларусі і прынеслі ў айчынную гістарыяграфію шэраг новых пазіцый: аб адметным, адрозным ад маскоўскага, менталітэце беларуска-украінскага праваслаўя 16 ст. і гістарычнай перадвызначанасці Берасцейскай уніі геацывілізацыйным становішчам Беларусі, новае разуменне контрэфармацыі і каталіцкай рэформы не толькі як сістэмы рэпрэсіўных мерапрыемстваў, але як з'явы, якая разам з рэфармацыяй у 16 ст. прывяла да духоўна-культурнага аднаўлення Еўропы і інш. Растаўленыя іншыя акцэнты ў ацэнцы ролі хрысціянскіх канфесій у этнагенезе беларусаў, напрыклад, прызнанне асімілятарскай дзейнасці на Беларусі ў канцы 18 - пачатку 20 ст. рускай праваслаўнай царквы.

З'явіліся і такія гістарыяграфічныя навацыі, як, напрыклад, тэзіс, што захаванне беларускай мовы уніяцкай царквой - гэта інспірацыя Ватыкана і польскага каталіцкага духавенства [71]; што беларушчына з'яўляецца параджэннем уніяцка-каталіцкай ці польскай культуры, якую, аднак, адкідвае сам народ, арыентаваны на руска-праваслаўную культуру [72].

Інэрцыя ў падыходзе да канфесійнай гісторыі ў навуцы вельмі моцная. Так склалася, што гістарыяграфічная традыцыя лічыцца ісцінай. Традыцыйная канцэпцыя, якая сёння прымаецца многімі на веру, без звароту да крыніцаў, часта аказвацца мацнейшай за ўсялякія навуковыя довады. Перагляд ранейшай гістарыяграфічнай схемы выклікаў атаку ахоўнага напрамку ў гістарыяграфіі, які не пайшоў далей сваіх аўтарытэтаў з 19 ст. Бантыш-Каменскага, Каяловіча і інш. Аргументы і факты для сваіх навуковых выступаў яго прадстаўнікі бяруць з працаў афіцыйных дарэвалюцыйных гісторыкаў, а не з архіўных матэрыялаў, імі далёка не вычарпаных. Не будучы ў стане стварыць нічога новага і арыгінальнага, гэты напрамак пайшоў па шляху перавыдання працаў сваіх класікаў [73]. Ці не сведчыць гэта пра тое, што "западнорусский" погляд на гісторыю Беларусі на даным этапе вычарпаў сябе і няздольны даць новыя фундаментальныя канцэпцыі?

У намаганнях сучасных паслядоўнікаў Каяловіча рэанімаваць масквацэнтрычны погляд на беларускую гісторыю справа даходзіць да тэрміналагічнай блытаніны ("ненависть русских белоруссов к униатско-католической культуре") [74], крыкаў замест навуковай дыскусіі і навешвання ярлыкоў, а таксама сапраўдных гістарыяграфічных недарэчнасцяў (перадрук раздзела з брашуры Л.Абэцэдарскага ў газеце "7 дней" пад іншым прозвішчам) [75].

З сярэдзіны 90-х гадоў вызначылася тэндэнцыя да рэстаўрацыі прасавецкіх, па сутнасці, прарасійскіх канцэпцый беларускай мінуўшчыны. Інструменталізацыя гісторыі ў інтарэсах бягучай палітыкі на аснове прымітыўна ўспрынятага і засвоенага славянскага адзінства вядзе да спрошчанага разумення месца Беларусі ў мінулым і сучаснасці да спробаў даказаць, што ўсё нацыянальнае - гэта разбуральнае, дэзынтэгруючае. Звяртае на сябе ўвагу, што гістарыяграфічную традыцыю, якая ўзаконіла ганьбаванне уніі, наследавалі тыя гуманітарыі, якія не падвяргалі праблему спецыяльным даследаванням, не вывучалі яе па архівах, не ўлічвалі ўсёй сукупнасці фактаў, а працавалі на аснове другаснага, значыць, ужо адпрацаванага матэрыялу, і грунтавалі свае палажэнні на выбарачных фактах і паблёклых сёння аўтарытэтах папярэднікаў.

У трактоўцы гісторыі канфесій айчынная навука зайшла ў тупік. Яна не ў стане выпрацаваць адзінага зладжанага і ўзгодненага погляду. Наяўнасць сёння супярэчлівых, узаемавыключных ацэнак праваслаўя, каталіцтва, уніяцтва толькі падкрэслівае складанасць гэтай праблематыкі. Рознадумства, ідэалагічная і канфесійная ангажаванасць даследчыкаў, якая зыходзіць з рэлігійнай, ідэалагічнай і культурнай раз'яднанасці беларусаў, ускладняе фармаванне адзінай канцэпцыі, з'яўленне якой мела б для станаўлення беларускай нацыянальнай гістарычнай навукі вялікае практычнае і навуковае значэнне. Яе адсутнасць перашкаджае беларускай гістарыяграфіі стаць крыніцай кансалідацыі нацыі, чым з'яўляюцца польская і расійская гістарыяграфія для сваіх народаў. Кансалідацыя магчыма толькі на аснове нацыянальнай ідэалогіі і гістарыяграфіі.

Сёння відавочна, што працяг гістарыяграфіі ў старым заміфалагізаваным ключы, на аснове ўжо адпрацаваных крыніцаў, без уліку дасягненняў святовага рэлігіязнаўства бесперспектыўны. Час патрабуе навуковага, пазаканфесійнага асэнсавання гісторыі канфесій на Беларусі на аснове нацыянальна-дзяржаўнага падыходу.


Пытанні да выступоўцы і ягоныя адказы.

Ігар Марзалюк (Магілёў): Чаму Вы лічыце, што М.Доўнар-Запольскі і В.Ластоўскі ацэньвалі унію як нацыянальную царкву? Я не ведаю такіх тэкстаў, дзе б яны прыйшлі да падобнай высновы. Здаецца іх ацэнка выглядала па-іншаму.

Святлана Марозава: Сапраўды, яны неадназначна ацэньвалі унію. Погляд М.Доўнар-Запольскага эвалюцыянаваў у накірунку разумення уніі як нацыянальнай царквы. Гэта вынікае з яго працаў. Яго погляд супярэчлівы, але вучоны паступова набліжаўся да пазітыўнай ацэнкі уніі. Ён сцвярджаў, што ад уніі беларускі народ шмат страціў, але набыў значна болей. Даследчык таксама пісаў, што унія стала сумленнем народу, а яе скасаванне было пакушэннем на гэтае сумленне.

Ігар Марзалюк (Магілёў): Вы казалі, што ў 17 - 18 ст. большасць беларусаў стала уніятамі. Пра 18 ст. спрачацца не буду. Скажыце, на якіх статыстычных звестках 17 ст. грунтуецца Вашае сцвярджэнне? Прынамсі для першай паловы 17 ст. гэта гучыць вельмі рызыкоўна.

Святлана Марозава: Размова ішла пра палажэнні працы "Этнаграфія Беларусі. Гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя" (Мінск, 1985). Колькасць уніятаў перавысіла колькасць праваслаўных на мяжы 17 - 18 ст. Да сярэдзіны 17 ст. лік прыхільнікаў уніі быў нешматлікім.

Алег Латышонак (Беласток): Чый погляд на унію Вы лічыце больш суб'ектыўным М.Каяловіча ці К.Каліноўскага?

Святлана Марозава: К.Каліноўскі падыходзіў з нацыянальнай пазіцыі. У гістарычных даследаваннях кожны аўтар павінен вызначыцца з уласнай пазіцыяй. Зразумела, яна найперш павінна адлюстроўваць інтарэсы свайго народу. Нацыянальная пазіцыя не разыходзіцца з прынцыпам аб'ектыўнасці. Кожны народ зацікаўлены ведаць праўду пра сваё мінулае, каб рэальна ацэньваць свае магчымасці і перспектывы. Замежныя даследчыкі здзіўляюцца, як казаў учора Алесь Краўцэвіч, чаму беларускія навукоўцы не пішуць гісторыю з пазіцыі свайго народу.

Ігар Марзалюк (Магілёў): Якія крыніцы сведчаць, што унія стварала беларускую нацыю?

Святлана Марозава: Яна не стварала нацыю, а падтрымлівала народнасць. Мы маем звесткі пра стаўленне уніяцкіх святароў да свайго народу, яго мовы, да дзяржавы. У адрозненні ад праваслаўнай і каталіцкай канфесій, якія арыентавалі беларусаў адпаведна на Расію і Польшчу, уніяцтва выхоўвала сваю паству ў духу вернасці ВКЛ. З 20-х г. 17 ст. праваслаўнае духавенства з Беларусі і Украіны пачынае збліжацца з маскоўскім цэнтрам, які ў 1686 г. падпарадкаваў сабе Кіеўскую мітраполію. Хаця і сярод праваслаўных былі патрыятычна настроеныя колы, напрыклад, Сяльвестр Косаў.



[1] Бантыш-Каменский Н.Н. Историческое известие о возникшей в Польше унии. Москва, 1805.

[2] Бантыш-Каменский Н.Н. Историческое известие о возникшей в Польше унии. Вильна, 1864.

[3] Коялович М.О. Литовская церковная уния: Исследования. В 2-х томах. Санкт-Петербург, 1859-1861; Ён жа. История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 года). Санкт-Петербург, 1873; Ён жа. Разбор сочинения П.О.Бобровского "Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра І. Историческое исследование по архивным документам" и указание на основании архивных документов иной постановки всех главных униатских вопросов того времени. Санкт-Петербург, 1890 і інш.

[4] Чистович И. Очерк истории западнорусской церкви. Т.1-2. Санкт-Петербург, 1882-1884.

[5] Крачковский Ю.Ф. Очерки униятской церкви. Москва, 1871.

[6] Жукович П.Н. Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595-1600 гг.). Санкт-Петербург, 1897; Ён жа. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией (до 1609 г.). Санкт-Петербург, 1901; Ён жа. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией (с 1609 г.). Вып. 1-6. Санкт-Петербург, 1903-1912; Ён жа. Жизнеописание митрополита Иосифа Вельямина Рутского, составленное митрополитом Рафаилом Корсаком, и сочинение Рутского об улушении внутреннего строя униатской церкви // Христианское чтение. 1909. Август-сентябрь. С.1089-1107; Ён жа. О неизданных сочинениях Иосафата Кунцевича. Санкт-Петербург, 1910.

[7] Киприанович Г. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита Литовского и Виленского и воссоединение западнорусских униатов с православною церковью в 1839 г. Вильно, 1893.

[8] Рункевич С. История Минской архиепископии (1793-1832 гг.) с подробным описанием хода воссоединения западнорусских униатов с православной церковью в 1794-1796 гг. Санкт-Петербург, 1893; Ён жа. Краткий очерк столетия Минской епархии. Минск, 1893.

[9] Шавельский Г. Последнее возсоединение с православною церковию униатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.). Санкт-Петербург, 1910.

[10]Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. Минск, 1988. С. 36, 57-58, 60.

[11] Довнар-Запольский М.В. Исследования и статьи. Т.І. Киев, 1909; Ён жа. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Вільня, 1919; Ён жа. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994.

[12] Ластоўскі В. Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910; Ён жа. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926; Ён жа. Унія // Ластоўскі В. Выбраныя творы. Мінск, 1997. С. 400-414.

[13] Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. Мінск, 1991.

[14] Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. Вільня, 1934; Ён жа. Хрысьціянства і беларускі народ. Вільна, 1940.

[15] Цьвікевіч А. "Западно-руссизм". Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. Менск, 1993.

[16] Ластоўскі В. Унія // Ластоўскі В. Выбраныя творы. С. 407.

[17] Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569-1795). Минск, 1971; Ён жа. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии ХVІІІ века. Минск, 1974.

[18] Корзун М.С. Русская православная церковь на службе эксплуататорских классов. Х век-1917 г. Минск, 1984.

[19] Коршунов А.К. Афанасий Филиппович: Жизнь и творчество. Минск, 1965.

[20] Мараш Я.Н. Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви. Минск, 1969.

[21] Полуцкая С.В. Брестская церковная уния и борьба народных масс Белоруссии против национально-религиозного гнёта (1596-1667 гг.). Дис. ... канд. ист. наук. Минск, 1983.

[22] Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в ХVІ-первой половине ХVІІ в. Минск, 1975.

[23] Грицкевич А.П. Социальная борьба горожан Белоруссии (ХVI-ХVIII вв.). Минск, 1979.

[24] Мелешко В.И. Могилев в XVI-середине XVII в. Минск, 1988.

[25] Прокошина Е.С. Мелетий Смотрицкий. Минск, 1966.

[26] Прашковіч М. Слова пра Афанасія Філіповіча // Полымя. 1965. № 1. С. 174-177.

[27] Грыцкевіч А.П. Рэлігійнае пытанне і знешняя палітыка царызму перад падзеламі Рэчы Паспалітай // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1973. № 6. С. 62-71.

[28] Тарасов К. Память о легендах: Белорусской старины голоса и лица. Минск, 1984.

[29] Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVI-ХІХ ст. Мінск, 1984.

[30] Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI-начало XVII в.). Минск, 1970.

[31] Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна ХVІІ-ХVІІІ ст.). Мінск, 1980 і інш.

[32] Вецер Э.І. Рэльефныя абразы як прыклад адлюстравання народных густаў у культавым мастацтве // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мoнcк, 1984. С. 37-43; Яна ж. Асаблівасці жывапісу Столінскага рэгіёна // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мінск, 1985. С. 39-44 і інш.

[33] Высоцкая Н.Ф. Станковая живопись Белоруссии второй половины ХVІ-ХVІІІ вв. Автореферат дис. ... канд. искусствоведения. Минск, 1986.

[34] Хадыка Ю. Аб датаванні групы помнікаў канца ХVI-пачатку XVII ст. // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Минск, 1984. С. 30-37.

[35] Лявонава А.К. Старажытная беларуская скульптура. Минск, 1991.

[36] Голенченко Г.Я. Литературная полемика XVI-первой половины XVII вв.// Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Минск, 1972. С. 164-199; Ён жа. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в ХVІ-середине ХVІІ в. Минск, 1989 і інш.

[37] Лабынцев Ю.А. Кирилловское книгопечатание в Супрасле и его роль в развитии восточнославянских культур ХVІІ-ХVІІІ веков. Автореф. дис. … канд.филологич.наук. Москва, 1980 і інш.

[38] Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя /В.Бандарчык, І.Чаквін, І.Углік і інш. Мінск, 1985.

[39] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Минск, 1990.

[40] Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956.

[41] Panucević V. Śv. Jasafat, Archijap.Połacki. 1623-1963. Chikago, 1963.

[42] Гарошка Л. Пад знакам "рускае і польскае веры" // Спадчына. 1999. № 5-6; 2000. № 1.

[43] Никольский Н.М. История русской церкви. Минск, 1990. Параўнай: Никольский Н.М. История русской церкви. Минск, 1988; Ён жа. История русской церкви. Москва-Ленинград, 1931.

[44] Канфесіі на Беларусі (канец ХVIII-ХХ ст.) / В.В.Грыгор'ева, У.М.Завальнюк, У.І.Навіцкі, А.М.Філатава. Мінск, 1998.

[45] Грыцкевіч А. Уніяцкая царква на Беларусі ў канцы ХVІІІ-пачатку ХІХ ст. // Хрысьціянская думка. 1993. № 3. C.118-132; Ён жа. Уніяцкая царква на Беларусі ў XVIII ст. // Наш радавод. Кн.7: Матэрыялы міжнар. навук. канф. "Гістарычная памяць народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі. ХІІІ-ХХ ст." Гродна, 1996. С.358-360 і інш.

[46] Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мінск, 1990; Ён жа. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз). Мінск, 1998; Ён жа. Праблема рэлігійнага выбара ў грамадскім жыцці Беларусі ХVІ-ХVІІ ст. (Вопыт гісторыясофскага аналіза) // Наш радавод. Кн. 8: Беларусы і палякі: дыялог народаў і культур. Х-ХХ ст. Гродна-Беласток, 1999 (2000). С. 164-172 і інш.

[47] Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Минск, 1990 і інш.

[48] Саверчанка І. Праект сваёй патрыярхіі //Голас Радзімы. 1994. № 9-12; Ён жа. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мінск, 1994 і інш.

[49] Іванова Л.С. Рэфармацыя на Беларусі ў другой палове ХVI-першай палове ХVII ст. // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 72-83 і інш.

[50] Васюк Г.В., Карев Д.В. Православная церковь в ВКЛ и Польше в ХІV-ХVІІІ в.в. // Наш Радавод: Материалы междунар. научн. конф. "Культура народов Великого княжества Литовского и Белоруссии". Гродно, 1991. Кн. 3. Ч. 2 . С. 203-210; Васюк Г., Караў Д. Правячыя колы Рэчы Паспалітай і праваслаўнае насельніцтва дзяржавы ў другой палове ХVI-XVIII ст. (навукова-папулярныя нарысы) // Наш радавод. Кн. 8: Беларусы і палякі: дыялог народаў і культур. Х-ХХ ст. Гродна-Беласток, 1999 (2000). С. 192-233 і інш.

[51] Марозава С.В.Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі (1596-1839). Гродна, 1996 і інш.

[52] Mironowicz A. Podlaskie ośrodki i organizacje prawosławne w XVI i XVII wieku. Białystok, 1991; Ён жа. Kośćioł prawosławny i unicki w połowie lat sześćdziesiątych XVII wieku na terenie Rzeczypospolitej // Наш радавод. Кн.7: Матэрыялы міжнар. навук. канф. "Гістарычная памяць народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі. ХІІІ-ХХ ст." Гродна, 1996. С. 348-352 і інш.

[53] Сасна Р.А. Аснова і наступствы Берасцейскай вуніі 1596 года // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў "Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы)": Тэзісы дакладаў і паведамленняў. Ч.1: Гісторыя Беларусі. Мінск, 1993. С. 74-75 і інш.

[54] Гайдук Н. Брестская уния 1596 года. Минск, 1996.

[55] Конон В. Вера и нация: христианство в судьбе белорусов // Неман. 1994. № 5. С. 156-164; Ён жа. Я.Руцкі і станаўленне уніяцкай царквы // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) / С.Марозава, Т.Казакова, Ю.Бохан і інш. Пад рэд. М.В.Біча і П.А.Лойкі. Мінск, 1996. С. 54-71 і інш.

[56] Галенчанка Г.Я. Царква, канфесія і нацыянальная свядомасць беларусаў у ХV-ХVІ стст. // Наш Радавод: Матэрыялы міжнар. навук. Канф. "Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі ХІІІ - пачатку ХХ стст. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 1. С. 45-48 Ён жа. Пасланне да папы рымскага Сікста IV 1476 г. Паходжанне помніка // Наш радавод. Кн. 8: Беларусы і палякі: дыялог народаў і культур. Х-ХХ ст. Гродна-Беласток, 1999 (2000). С. 79-107 і інш.

[57] Кароткі У. Павел і Савел // Крыніца. 1994. № 5; Ён жа. Адзінства і двайніцтва ў сферы ідэй Брэсцкай царкоўнай уніі // Брэсцкай царкоўнай уніі-400: Матэрыялы міжнар. навук. канф. Брэст, 1997. С. 13-16 і інш.

[58] Лыч Л. Уніяцтва ў лёсе беларускага народа // Голас Радзімы. 1996. № 39-48; Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996 і інш.

[59] Черепица В.Н. Очерки истории православнай церкви на Гродненщине (с древнейших времен до наших дней). Ч.1. Гродно, 2000.

[60] Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ (1772-1796 гады). Мінск, 1998 і інш.

[61] Сосна У. "... С благочестивым свирепством ..." // Беларуская мінуўшчына. 1996. № 4; Ён жа. Уніяцкае пытанне ў беларускай вёсцы ў канцы ХVIII-першай палове ХІХ ст. // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) / С.Марозава, Т.Казакова, Ю.Бохан і інш. Пад рэд. М.В.Біча і П.А.Лойкі. Мінск, 1996. С. 90-103 і інш.

[62] Драгун Ю. Пра уніяцтва і дзяржаўную палітыку // ЛіМ. 1990. № 1; Ён жа. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на Вы: Публіцыстычныя артыкулы. Вып. 2. Мінск, 1994. С. 89-106.

[63] Хаустовіч М. Скасаванне уніі // З гісторыяй на Вы: Публіцыстычныя артыкулы. Вып 2. Мінск, 1994. С. 107-117 і інш.

[64] Хадыка Ю. Культуратворчая роля Берасьцейскай уніі ў Беларусі // Наш радавод. Кн.7: Гістарычная памяць народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі. ХІІІ-ХХ ст. Гродна, 1996. С.337-342 і інш.

[65] Габрусь Т. Адлюстраванне канфесійна-палітычнай сітуацыі ў культавым дойлідстве Беларусі // Беларусіка=Albaruthenica / Рэд. А.Анціпенка і інш. Мінск, 1992. Кн. 2: Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. С.317-322; яе ж: Стылістычныя аспекты архітэктуры віленскага барока // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Пад рэд. В.Ф.Шматава. Мінск, 1998. С. 140-166 і інш.

[66] Карев Д. Иезуиты и культура народов Великого княжества Литовского (ІІ пол. ХVI-XVIII вв.) // Наш радавод. Кн. 8: Беларусы і палякі: дыялог народаў і культур. Х-ХХ ст. Гродна-Беласток, 1999 (2000). С.184-191.

[67] Старостенко В.В. Общественно-философская мысль и национальное самосознание белорусов ХVІ-ХVІІ вв.: Очерки истории. Учебное пособие. Могилев, 1999 і інш.

[68] З гісторыі уніяцтва ў Беларусі" (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) / С.Марозава, Т.Казакова, Ю.Бохан і інш.. Пад рэд. М.В.Біча і П.А.Лойкі. Мінск, 1996.

[69] Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз). Мінск, 1998; 2-е выд. Мінск, 2000.

[70] Чарапіца В.М. "Падручнік будзе цяжка чытаць нават студэнтам гістфака…" // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 3. С. 50-52; Біч М. "З прапанаванай канцэпцыяй пагадзіцца не магу" // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 3. С. 53-56.

[71] Гісторыя Беларусі: Вучэбны дапаможнік. У 2-х ч. Ч.І. Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. Мінск, 1998.

[72] Чарапіца В.М. "Падручнік будзе цяжка чытаць нават студэнтам гістфака…" С.50-52.

[73]Зноско К. Исторический очерк церковной унии. Москва, 1993; Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 года). Минск, 1999; Флеров И.И. О православных церковных братствах, противоборствовавших унии в Юго-Западной России в ХVI, XVII и XVIII столетиях. Минск, 1996 і інш.

[74] Анцыповіч М. Гульні ў "путаніцу" // ЛіМ. 24 лістапада 1995 г. С.3.

[75] Волошин А. О "белорусской" "народной" религии // 7 дней. 20 января 1996 г. С.14.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX