Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Да пытання пра перыядызацыю канфесійнай гісторыі Беларусі 


Аўтар: Марозава Святлана,
Дадана: 23-05-2010,
Крыніца: Гістарычны Альманах том 7-2002.



Тэндэнцыя замоўчвання ды ігнаравання ролі канфесійнага фактару ў жыцці грамадства, якая мела месца сем савецкіх дзесяцігоддзяў, змянілася ў канцы 20 ст. узмоцненай увагай да царкоўна-рэлігійнай гісторыі, без якой - і гэта стала відавочна - немагчыма адэкватна зразумець культуру нашай краіны, менталітэт беларускага народа, увесь гістарычны працэс ды і сённяшнія нацыянальна-рэлігійныя рэаліі Беларусі. Гэта ставіць задачу, побач з правядзеннем факталагічных даследаванняў, распрацоўку перыядызацыі як адной з формаў колькаснага і якаснага вызначэння гісторыка-канфесійнага развіцця Беларусі. Айчынная гістарыяграфія яшчэ не дала цэласнай універсальнай перыядызацыі канфесійнай гісторыі, якая дазваляла б убачыць спецыфіку кожнага з этапаў гістарычнага шляху, пройдзенага нашым народам ад старажытнасці, у кантэксце ўсходнеславянскай і еўрапейскай гісторыі. Ды й абагульняючыя працы беларускіх аўтараў па айчыннай канфесійнай гісторыі толькі пачынаюць з'яўляцца [1].

Стварыць такую універсальную перыядызацыю - справа няпростая, асабліва калі ўлічыць гістарычную поліканфесійнасць беларусаў. У залежнасці ад крытэрыя, пакладзенага ў аснову дзялення канфесійнай гісторыі Беларусі на храналагічныя пласты - а крытэрый вынікае з задач, якія павінны быць вырашаны, - перыядызацыя будзе выглядаць па-рознаму. Справа ў выбары найбольш істотнага крытэрыя, якія б даваў магчымасць убачыць своеасаблівасць кожнага перыяду, усебакова ўлічваў змены ў грамадстве. Але знайсці такі універсальны крытэрый нялёгка. Трэба мець на ўвазе і тое, што палітычны фактар звычайна аказваўся мацнейшым за канфесійны. Больш таго, не заўсёды ўдаецца з дакладнасцю да году, а то і дзесяцігоддзя акрэсліць храналагічныя цэзуры этна-культурна-канфесійных працэсаў. Часам рознанакіраваныя з'явы і працэсы канфесійнага характару працякалі сінхронна і накладаліся адзін на другі.

У аснову падзелу павінны быць пакладзены такія факты і падзеі, якія выклікалі найбольш глыбокія перамены не толькі ва ўласна царкоўна-рэлігійнай сферы, але і ў іншых сферах жыцця: сацыяльнай, культурнай, нацыянальнай, палітычнай, і вызначылі далейшы лёс народу. Несумненна, што падзеямі першаразраднага значэння ў гэтым плане былі прыняцце хрысціянства, Крэўская унія, Берасцейская царкоўная унія. Мы б дадалі да канфесійных падзеяў першай велічыні, яшчэ недаацэнены даследчыкамі Полацкі сабор 12 лютага 1839 г., пасля якога 1,5 млн. беларускіх уніятаў былі перапісаны ў праваслаўе. Беларусь да таго не ведала такой беспрэцэдэнтнай па масавасці аднаактнай перамены веры яе насельнікамі, якая суправаджалася грандыёзнай пераробкай свядомасці і спосабу жыцця людзей.

Найбольш агульная перыядызацыя канфесійнай гісторыі Беларусі выглядае наступным чынам:

Да канца 10 ст. - Беларусь паганская

Другое тысячагоддзе - хрысціянская

20 ст. - атэістычная

Мяжа 2 - 3 тыс.- рэлігійны "рэнесанс". Яшчэ на пераломе 80 - 90-х г. наша краіна ўяўляла сабой нібыта чысты аркуш паперы, на якім розныя канфесіі спяшаліся пазначыць свае кананічныя тэрыторыі. Гэты працэс працягваецца. Але масавага вяртання да рэлігіі не адбылося. Далі сябе знаць дзесяцігоддзі атэізацыі, а таксама развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Гісторыкаў, зразумела, больш цікавіць хрысціянская гісторыя Беларусі, ці гісторыя апошняга тысячагоддзя. Тут трэба агаварыць шэраг момантаў. Па-першае, хрысціянства было прынята на нашай зямлі, яшчэ не падзеленым афіцыйна на два адгалінаванні. Па-другое, канец 10 ст. (афіцыйная дата - 998 г.) - гэта толькі пачатак яго распаўсюджвання, а ідэалагічную перамогу над язычніцтвам яно атрымлівае толькі ў 12 ст., доказам чаму з'яўляецца масавае будаўніцтва ў гэтым стагоддзі праваслаўных храмаў на Беларусі. Аднак язычніцкія перажыткі захоўваліся і ў наступныя стагоддзі, а некаторыя дажылі і да нашага часу (напрыклад, у выглядзе гукання вясны, купалля, дажынак і г.д.).

У перыядызацыі хрысціянскай гісторыі Беларусі - 12 ст. - перамога праваслаўя, 14 ст. - пачатак распаўсюджання каталіцтва, 16 ст. - стварэнне уніяцтва - кідаецца ў вочы частотнасць у два стагоддзі - такі тэрмін прайшоў ад усталявання дамінацыі на Беларусі хрысціянства ўсходняга ўзору да пачатку ўвядзення заходняга хрысціянства, а яшчэ праз два вякі прадпрымаецца спроба іх сінтэзу, якой была Берасцейская царкоўная унія 1596 г.

На канец 20 ст. прыпаў шэраг буйных царкоўных гадавін, з трыма і нават чатырма нулямі: 400-годдзе Берасцейскай уніі, 1000-годдзе Полацкай епархіі, 2000-годдзе хрысціянства і інш. З улікам гістарычнай ретраспектывы Ігар Аржахоўскі прапанаваў дзяліць канфесіі на Беларусі на гістарычна традыцыйныя - тыя, якія аказалі вызначальны ўплыў на развіццё духоўнасці і культуры народаў, што яе насяляюць, на фармаванне яе дзяржаўнасці і якія склалі частку яе гістарычнай, духоўнай і культурнай спадчыны, - і нетрадыцыйныя. Да першых ён аднёс праваслаўе, рыма-каталіцызм, іудаізм і мусульманства, адзначыўшы, што наша дзяржава заканадаўчымі ўстанаўленнямі аддала перавагу на карысць гістарычна традыцыйных канфесій [2].

Унутры гісторыі кожнай з хрысціянскай канфесій на Беларусі існуе свая перыядызацыя. Праваслаўе нядаўна пачало адлік другога тысячагоддзя сваёй гісторыі, у межах якой выразна вылучаюцца наступныя перыяды:

З канца 10 ст. (992 г.) - пачатак хрысціянізацыі Беларусі, перамога праваслаўя над язычніцтвам (12 ст.) і яго манапольнае панаванне да заключэння Крэўскай уніі.

3 1385 г. - праваслаўная царква вымушана дзяліць сваю кананічную тэрыторыю з заходнім хрысціянствам, але да Люблінскай уніі захоўвае моцныя пазіцыі.

У 16 ст. яна зведвае тры моцныя ўдары, якія ёй нанеслі Рэфармацыя, Контррэфармацыя і Берасцейская унія. У другой палове гэтага стагоддзя беларуска-ўкраінская праваслаўная царква апынулася ў стане крызісу. У абстаноўцы міжканфесійнага супрацьстаяння апошняй трэці 16 - сярэдзіны 17 ст. яна вяла барацьбу за выжыванне, стала ў апазіцыю да дзяржаўных уладаў Рэчы Паспалітай і неаднойчы голасна заяўляла пра сябе (антыўніяцкая і антыкаталіцкая барацьба, літаратурная палеміка, саюз з пратэстантамі 1599 г., выступленні 1619 г. у Магілёве і 1623 г. у Вільні, аднаўленне праваслаўнай іерархіі ў 1620 г. і яе прызнанне вярхоўнай уладай у 1633 г. пад пагрозай зрыву элекцыйнага сойму праваслаўнай шляхтай, казацка-сялянская вайна пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага).

Апошняя трэць 17 - канец 18 ст. - рэзкае звужэнне сферы ўплыву праваслаўя, спробы яго поўнага выцяснення з канфесійнай прасторы Беларусі. Але, нягледзячы на моцныя ўзрушэнні і ўсю неспрыяльную ў Рэчы Паспалітай абстаноўку, яно збераглося, пакуль змена палітычных абставінаў не забяспечыла яго далейшае існаванне.

Канец 18 - пачатак 20 ст. - ператварэнне праваслаўя з рэлігіі цярпімай у пануючую, пашырэнне і ўмацаванне пазіцый, у тым ліку коштам уніятаў і католікаў, і яго дамінаванне ў духоўнай сферы ў апошняй трэці 19 - пачатку 20 ст., пакуль маніфест 17 кастрычніка 1905 г., які гарантаваў свабоду веравызнання, не ўверг праваслаўную царкву заходніх губерняў Расейскай імперыі ў крызіс - тыя уніяты і католікі і іх нашчадкі, якія былі прымусова пераведзены ў праваслаўе, тысячамі пачалі кідаць яго.

Яшчэ большай бядой, ды й не толькі для праваслаўнай царквы, абярнуўся бальшавіцкі пераварот 1917 г.: арышты духавенства, канфіскацыя царкоўнай маёмасці, закрыццё храмаў і манастыроў, знішчэнне культавых будынкаў, масавая атеізацыя насельніцтва.

У гады Другой сусветнай вайны назіралася ажыўленне царкоўна-рэлігійнага жыцця на акупаванай тэрыторыі Беларусі. У сярэдзіне 40-х - сярэдзіне 80-х г. працягваўся працэс выцяснення рэлігіі з духоўнага жыцця народу. Сёння ў рэлігійна-духоўнай сферы праваслаўная царква займае дамінуючае становішча ў дзяржаве.

З пункту погляду кананічнай падпарадкаванасці і іерархічнай залежнасці праваслаўнай царквы Беларусі яе гісторыя падзяляецца на 2 асноўныя перыяды:

візантыйскі (канец 10 - канец 17 ст.).

маскоўскі (з 1686 г., калі была паламана традыцыя залежнасці Кіеўская мітраполіі ад Царграда-Канстанцінопаля, і яна была падпарадкаваная створанаму ў 1589 г. Маскоўскаму патрыярхату, з чым канстанцінопальскі патрыярх быў вымушаны згадзіцца).

У гісторыі беларускай праваслаўнай царквы прадпрымаліся неаднаразовыя спробы атрымання незалежнасці ад свайго кіруючага цэнтру. Яны мелі месца ў кожным стагоддзі, акрамя 19. У 1317 г. была створана, а ў 1354 г. адноўлена Літоўская мітраполія [3]. У 1415 г. сабор епіскапаў у Наваградку абраў без згоды Канстанцінопаля і Масквы свайго мітрапаліта - Рыгора Цамблака. Справа ў тым, што пасля спусташэння ў 13 ст. Кіева мангола-татарамі рэзідэнцыя кіеўскага мітрапаліта - вышэйшага кіраўніка праваслаўнай царквы Беларусі і Украіны - была перанесена ва Уладзімір на Клязьме, адтуль - у Маскву. З 14 ст. з агульнай візантыйска-славянскай спадчыны Кіеўскай Русі фармуецца нацыянальна адметнае расейскае хрысціянства вакол Масквы і "рускае" (беларускае і ўкраінскае) праваслаўе ў межах Вялікага Княства Літоўскага. У 15 ст. завяршаецца канчатковы падзел праваслаўнай царквы на дзве мітраполіі: Маскоўскую і Літоўскую, кіраўнік апошняй атрымаў тытул мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі, хаця цэнтр мітраполіі быў перанесены ў Вільню, а мітрапалічая рэзідэнцыя - у Наваградак (месцам рэзідэнцыі пазней былі і іншыя гарады ВКЛ). Важнымі вяхамі на гэтым шляху былі 1415 і 1458 г., калі Масква ўпершыню без санкцыі патрыярха абрала сабе мітрапаліта ў сувязі з падзеннем прэстыжу Канстанцінопаля пасля яго захопу туркамі ў 1453 г. і недаверам да патрыярха пасля заключэння Фларэнційскай уніі 1439 г.

У 80-90-я г. 16 ст. назіраецца тэндэнцыя выхаду ўсходнеславянскіх земляў з-пад іерархічнай залежнасці ад Канстанцінопаля. Масква пры гэтым стварае ў 1589 г. уласны патрыярхат, а кіраўніцтва Кіеўскай мітраполіі паводле Берасцейскай уніі 1596 г. прызнае над сабой вярхоўную ўладу папы рымскага. У сувязі з крызісам патрыярхату ў вышэйшых духоўных і свецкіх колах ВКЛ у канцы 16 ст. абмяркоўваецца пытанне аб пераносе рэзідэнцыі патрыярха на тэрыторыю сваёй дзяржавы. Абмяркоўвалася месца яго рэзідэнцыі: Львоў, Вільня, Наваградак.

У 20-60-я г. 17 ст. неаднаразова з'яўляўся праект стварэння ўласнага, Кіеўскага патрыярхату, агульнага для уніятаў і праваслаўных. На пасаду патрыярха меркавалася абраць буйнага царкоўнага, грамадскага і культурнага дзеяча Пятра Магілу. На гэты конт вяліся уніяцка-праваслаўныя перамовы на вышэйшым узроўні. Заснаванне новага цэнтра хрысціянства дало б Кіеўскай мітраполіі надзвычай шырокія магчымасці самастойнага развіцця і ўзвысіла б прэстыж ВКЛ сярод краінаў Еўропы. Але гэты грандыёзны план натыкнуўся на варожыя адносіны рымскага панціфіка, не жадаўшага уласнымі рукамі ствараць царкоўную арганізацыю з шырокімі суверэннымі правамі, якая з часам магла не толькі выйсці з-пад яго кантролю, але і прад'явіць прэтэнзіі на роўнасць з папствам. Праект патрыярхату для ВКЛ не выклікаў сімпатый у польскага караля, які не жадаў умацавання княства; супярэчыў інтарэсам Масквы і Канстанцінопаля і, урэшце, не быў зразуметы і падтрыманы праваслаўнымі сваёй дзяржавы, якія паглядалі болей у бок Масквы. Аддаленыя гістарычныя перспектывы і значэнне гэтага праекту для кансалідацыі беларускага і ўкраінскага народаў усвядомілі толькі лічаныя асобы таго часу. Недаравальна ўпусціўшы ў 17 ст. свой гістарычны шанец, беларуская царква ўжо ніколі болей не была здольнай узвысіцца да пастаноўкі такога роду пытання.

На Вялікім сойме Рэчы Паспалітай 1788 - 1792 г. была прынята канстытуцыя, якая устанаўлівала адміністрацыйную і кананічную незалежнасць праваслаўнай іерархіі дзяржавы ад маскоўскага патрыярха і прадугледжвала аднаўленне напасрэдных сувязяў з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Другі падзел Рэчы Паспалітай перакрэсліў гэту царкоўную рэформу.

Спробы стварэння аўтакефальнай праваслаўнай царквы прадпрымаліся і ў 20 ст., у тым ліку ў Заходняй Беларусі, у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Каталіцтва на Беларусі сягнула ў 7 стагоддзе сваёй гісторыі (ад заключэння Крэўскай уніі), калі не лічыць эпізадычныя спробы распаўсюджвання хрысціянства заходняга ўзору ў пачатку 11 ст. тураўскім князем Святаполкам у сваёй зямлі і прыняцце каталіцтва вялікім князем літоўскім Міндоўгам ў 1252 (1253) г., пасля чаго, як сцвярджаецца, у Наваградку нібыта з'явіўся першы на тэрыторыі Беларусі касцёл. У 1260 г. Міндоўг кінуў каталіцтва і вярнуўся ў сваю паганскую веру. Заўважана: першыя вялікія літоўскія князі мянялі веру ў залежнасці ад палітычнай кан'юнктуры.

У 1387 г. у ВКЛ было створана першае каталіцкае біскупства - Віленскае, духоўная ўлада якога ахапіла амаль усю Беларусь, і 7 каталіцкіх парафій, у тым ліку тры - на тэрыторыі Беларусі: у Крэве (цяпер Смаргонскі раён), Абольцах (Талачынскі раён), Гайне (Лагойскі раён). Спачатку епархія падпарадкоўвалася папе, з 1415 г. - прымасу польскай каталіцкай царквы - архіепіскапу гнезненскаму. У канцы 14 ст. у ВКЛ існавала 12 касцёлаў, з іх 6 - на Беларусі (у Быстрыцы, Гародні, Лідзе, Наваградку і інш.), у 1430 г. - 27 кацёлаў, у тым ліку 12 - на Беларусі. У 14 - 15 ст. было заснавана ўсяго 4 каталіцкія біскупствы: акрамя Віленскага, Кіеўскае, Луцкае (у яго ўваходзіла і Берасцейская зямля), Жмудскае.

Ад Крэва да Любліна (1385 - 1569 г.) каталіцкі касцёл пры падтрымцы вялікіх князёў літоўскіх і феадалаў-католікаў замацаваўся на сучасных паўночна-заходніх беларускіх землях і ў Літве. За 1387 - 1550 г. на тэрыторыі Віленскай епархіі было заснавана 259 касцёлаў, у тым ліку 176 - на беларускіх землях. Касцёлы размяшчаліся пераважна на захадзе Беларусі па лініі Браслаў-Вілейка-Менск-Нясвіж- Пінск, на ўсход ад яе былі толькі ў Полацку, Віцебску, Абольцах і Слуцку. У сярэдзіне 16 ст. 19 каталіцкіх парафій існавалі ў Гарадзенскім павеце, 20 - у Наваградскім, 16 - у Менскім, 15 - у Ваўкавыскім, 7 - у Слонімскім павеце [4]. Гэтая сіла разгарнула актыўную дзейнасць па акаталічванню язычнікаў-балтаў, а таксама праваслаўнага насельніцтва Беларусі. Яна прыўносіла ў ВКЛ элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры.

З заключэннем Люблінскай уніі пачынаецца другі этап каталіцкай экспансіі на Беларусі, завяршэнне якога мы прапаноўваем датаваць не падзеламі Рэчы Паспалітай, але першай чвэрцю (ці нават першай трэццю) 19 ст. - многія аўтары слушна адзначаюць, што ў часы Расейскай імперыі (да задушэння паўстання 1830 - 1831 г.) акаталічванне беларусаў і спадарожная ёй паланізацыя набылі большы размах, чым за два стагоддзі (1569 - 1772/1795) знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай.

У межах гэтага перыяду адбываюцца Рэфармацыя і Контррэфармацыя. У 16 ст. усходняе і заходняе хрысціянства напаткаў крызіс. У каталіцтве ён праявіўся ў выглядзе Рэфармацыі, у праваслаўі - ерэтычных рухаў. Берасцейская унія 1596 г. - гэта таксама вынік крызісу беларуска-ўкраінскай праваслаўнай царквы. У перыядызацыю гісторыі каталіцкай царквы на Беларусі лагічна ўкліньваецца гісторыя пратэстантызму. У параўнанні з ужо стаўшымі на той час традыцыйнымі праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі ён нядоўга віраваў у ВКЛ і хваляваў розумы інтэлектуальнай і палітычнай эліты дзяржавы. Выдзяляюцца наступныя яго перыяды:

1553 - 1570 г. - з часу ўзнікнення першых пратэстанцкіх абшчынаў да з'яўлення езуітаў у ВКЛ. Гэта час узнікнення і хуткага развіцця руху, які неўзабаве дасягае апагея.

1570 - 1596 г. - да заключэння Берасцейскай уніі. На гэтым этапе ўскладняецца грамадска-палітычнае жыццё, нарастаюць контррэфармацыйныя тэндэнцыі, умацоўваюцца пазіцыі каталіцкай царквы ў ВКЛ і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Звужаецца сацыяльная база Рэфармацыі - адбываецца масавы пераход шляхты, якая раней падтрымлівала яе, у каталіцтва.

1596 г. - сярэдзіна 17 ст. - крызіс руху, выкліканы наступленнем контррэфармацыі, унутранымі супярэчнасцямі ў ім, расколам сярод пратэстантаў, звужэннем сацыяльнай базы.

Другая палова 17 ст. - рэфармацыйны рух на Беларусі згас. Засталася народжаная ім пратэстанцкая царква, роля якой ў духоўным і грамадска-палітычным жыцці сталася мізэрнай [5], і прыкладна 1 % пратэстантаў у канфесійнай структуры насельніцтва Беларусі ў 18 - 20 ст.

Умоўнай датай пачатку Контррэфармацыі ў ВКЛ, якая ахапіла рэлігію, палітыку, ідэалогію, культуру і мела на мэце рэстаўрацыю пазіцый, страчаных каталіцтвам у перыяд Рэфармацыі, лічыца прыбыццё езуітаў у Вільню ў 1569 г. Завяршэнне Контррэфармацыі храналагічна дакладна не акрэслена - яго датуюць другой паловай, канцом 17 ст., а некаторыя даводзяць і да пачатку 18 ст.

Хацелася бы звярнуць увагу таксама і на новы змест, які ўкладвае найноўшая еўрапейская гістарыяграфія ў паняцце "Контррэфармацыя", разглядаючы яе не толькі як сістэму рэпрэсіўных мераў, але як рэлігійна-культурны пераварот, якому Еўропа 16 ст. у аднолькавай з Рэфармацыяй меры абавязана сваім духоўна-культурным абнаўленнем. Паралельна з Контррэфармацыяй адбывалася каталіцкая рэформа, праводзячы якую, каталіцкі Захад знайшоў у сабе дастаткова сілаў і гнуткасці, каб пераадолець рэфармацыйны крызіс - эпоху сваёй часовай слабасці і заняпаду, каб рэарганізавацца, умацавацца і, апынуўшыся ў зеніце сваёй велічы, даць прыцягальны прыклад духоўнага ўздыму.

З падзеламі Рэчы Паспалітай каталіцтва ператвараецца з рэлігіі пануючай у цярпімую. У 19 - пачатку 20 ст. праводзіцца дзяржаўная палітыка яго абмежавання і выцяснення. Пасля кастрычніцкага маніфеста 1905 г., вырванага працоўнымі ў царызма ў ходзе першай рускай рэвалюцыі, касцёл папоўніў свае шэрагі за кошт новаправаслаўных, незадаволеных сваім прымусовым веравызнаўчым станам.

У савецкія часы каталіцызм выклікаў асаблівую падазронасць у савецка-партыйных структураў, бо арыентаваўся на Ватыкан - ідэалагічную і палітычную антытэзу савецкай сістэмы.

З пачаткам перабудовы каталіцкая царква разгарнула актыўную дзейнасць на Беларусі. Рэлігійна яна арыентуе беларусаў на каталіцкі Захад, палітычна і культурна - на Польшчу, хаця існуе тэндэнцыя улічыць нацыянальныя асаблівасці беларускага народу. Варта адзначыць і тое, што з часоў Крэўскай уніі больш моцныя пазіцыі касцёл меў на захадзе Беларусі.

Самае "маладое" з хрысціянскіх веравызнанняў па часу з'яўлення на Беларусі - уніяцтва (афіцыйная назва ў 20 ст. - грэка-каталіцтва), хаця некаторыя схільныя выводзіць яго вытокі з непадзеленага яшчэ хрысціянства. Вось ужо чатыры стагоддзі уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква з'ўляецца важным фактарам грамадска-палітычнага і духоўна-культурнага жыцця беларускіх і ўкраінскіх земляў. У яе гісторыі на Беларусі выразна вылучаюцца наступныя храналагічныя пласты:

1590 - 1595 г. - на саборах, нарадах і перамовах, у розных пастановах і палемічнай літаратуры выкрышталёўваліся змест і аблічча інтэгральнай версіі хрысціянства, акрэсліваліся патрабаванні да дзяржаўных уладаў Рэчы Паспалітай і Ватыкану, пры ўмове выканання якіх кіраўніцтва праваслаўнай царквы згаджалася прыступіць да уніі.

1596 - сярэдзіна 17 ст. - арганізацыйнае афармленне царквы, якое суправаджалася шэрагам выкліканых, галоўным чынам, вонкавымі фактарамі крызісаў (прызначэнне ў 1620 г. праваслаўных іерархаў на занятыя уніятамі кафедры і іх прызнанне дзяржаўнай уладай у 1633 г.; забарона дзейнасці царквы акупацыйнай адміністрацыяй ў вайне 1654 - 1667 г.). Для гэтага перыяду характэрны моцны антыуніяцкі рух, эпіцэнтр якога ў сярэдзіне 17 ст. перамяшчаецца на поўдзень, на Украіну.

Другая палова 17 ст. - 1720 г. - апазіцыя не змагла стрымаць з'яўлення і поступу альтэрнатыўнай царквы. Тая вытрывала, нягледзячы на вонкавыя цяжкасці, а ў другой палове 17 ст. фартуна стала паварочвацца да яе тварам. Ужо з 1630-х гадоў ідзе паварот у яе бок настрояў шляхты, якая да таго часу ў асноўнай сваёй масе адвярнулася ад праваслаўя і акаталічылася. Адпадзенне часткі Украіны ў 1667 г., падпарадкаванне ў 1686 г. Маскоўскаму патрыярхату Кіеўскай мітраполіі змянілі адносіны беларуска-ўкраінскага грамадства, ураду Рэчы Паспалітай у бок спрыяння уніі, у якой убачылі аснову незалежнасці ад Расеі і нейтралізацыі па-маскоўску з'арыентаванага праваслаўя, якое шукала загранічнай пратэкцыі. Рост унійных настрояў у грамадстве, унутраны раскол у праваслаўнай царкве, адыход ад яе шляхты разам са спадам пасля 1667 г. палітычнага значэння казацтва - галоўнага ўнутранага ворага рэлігійнай інтэграцыі - спрыялі павелічэнню ўплыву уніяцтва на тэрыторыях з перавагай праваслаўнага насельніцтва. Яшчэ нядаўна асуджанае на поўнае вынішчэнне, яно ў апошняй трэці 17 ст. вырасла колькасна, узмацнілася ўнутрана і на мяжы 17 - 18 ст., нягледзячы на моцнае супрацьдзеянне звонку, стала самай масавай канфесіяй на Беларусі. Стогадовы перыяд гісторыі уніяцкай царквы, пачынаючы ад заключэння Берасцейскай уніі, праз цяжкія войны сярэдзіны 17 ст., у якіх ставілася пытанне аб яе знішчэнні, завяршыўся ў канцы 17 ст. яе істотнай перавагай, у грамадска-палітычных адносінах.

У гэты час ідзе нарастанне ролі заходнехрысціянскіх элементаў, хоць палітычна скіраванае на Захад уніяцтва па-ранейшаму псіхалагічна было арыентавана на Усход, і ў сувязі з гэтым пачынаецца раздваенне веры.

20 - 70-я г. 18 ст. - трыумфальны поступ уніяцтва, часова перарваны яшчэ адной спробай расейскага ўраду яго вынішчэння падчас Паўночнай вайны, працягваўся амаль да канца 18 ст. і суправаджаўся моцным парадзеннем праваслаўных шэрагаў. У беларускіх паветах ВКЛ, паводле даных Якава Мараша, у 1790 г. было 143 праваслаўныя, 283 каталіцкія і 1199 уніяцкіх прыходаў [6]. Ад 2/3 да 3/4 усяго беларускага грамадства і, паводле падлікаў Анатоля Грыцкевіча, 80 % сялянства спавядалі ў канцы 18 ст. уніяцтва [7].

На гэтым этапе адбываецца умацаванне гэтага культавага інстытута, ўпарадкаванне нормаў царкоўнага жыцця і абрадавай практыкі, актывізацыя культурна-асветнай дзейнасці, паляпшэнне духоўнай адукацыі і інтэнсіўнае нарастанне заходніх запазычанняў, чаму спрыяў Замойскі сабор 1720 г., прызнаны за буйную царкоўную рэформу. Але сабор унёс у царкву раскол. Адны прынялі замойскія наватарствы, другія адстойвалі непарушнасць старыны. Мяжа заходнехрысціянскім запазычанням, якую змаглі паставіць арганізатары уніі ў 1595-1596 г., у 18 ст. была пяройдзена. У надзеі зберагчы чысціню сваёй рэлігіі пад напорам каталіцкага Захаду (найперш Польшчы) прыхільнікі другой плыні, пры іх шчырым жаданні прымірыць каталіцызм з праваслаўем, пачалі схіляць свае позіркі на Усход, на Маскву і Пецярбург, чым закладвалі парасткі "западно-руссизма" ў сваім асяроддзі.

Канец 18 ст. - 1839 г. - у дзейнасці уніяцкай эліты бачацца тры плыні, якія паставілі царкву перад выбарам паміж духоўнасцю Усходу і Захаду: 1) "стараўніяцкая", якая трымалася карэнняў беларушчыны, шанавала яе, пагаджала з польскай культурай і імкнулася павярнуць веру да літургічных першаасноў (І.Лісоўскі); 2) на зліццё з рыма-каталіцтвам (базыльяне) і 3) на збліжэнне з праваслаўем (І.Сямашка, В.Лужынскі, А.Зубко, І.Тупальскі), якая, стымулюемая і падтрымліваемая ўрадам, у 30-ыя г. бярэ верх. Але спроба часткі духавенства зрабіць сваю веру самастойнай, незалежнай ад каталіцызму, абапёршыся пры гэтым на Маскву і Пецярбург, закончылася трагічна для уніяцтва - замест дапамогі Мікалай І і Блудаў "сапхнулі яго на рэйкі праваслаўя". У выніку трох татальна-вынішчальных удараў (1780, 1794 - 1795 і 1839 г.) уніяцкая царква спыніла сваё існаванне на Беларусі.

Далей ідзе 150-гадовы перыяд небыцця уніяцтва, з трохразовай, аднак, у 20 ст. спробай яго адраджэння на Беларусі: у пачатку 20 ст., у 20 - 30- г. у Заходняй Беларусі (у 1932 г. было зарэгістравана 32 прыходы і 20 тыс. вернікаў [8]).

Мяжа 80 - 90-х г. - адраджэнне уніяцтва (грэка-каталіцтва). Самы масавы ў 18 - першай трэці 20 ст. на Беларусі культавы інстытут, прадстаўлены сёння 11 зарэгістраванымі абшчынамі і прыкладна трыма тысячамі актыўных вернікаў, як правіла, прадстаўнікамі навуковай і творчай інтэлігенцыі і студэнцкай моладзі [9].

Прапанаваныя перыядызацыі гісторыі канфесій на Беларусі могуць вар'іравацца ў залежнасці ад задачаў даследчыка і абраных ім крытэрыяў, а ўнутры вылучаных этапаў - пры больш дэтальным разглядзе - падзяляцца на больш дробныя перыяды.

Звяртае на сябе ўвагу насычанасць 16 ст. лёсаноснымі царкоўна-рэлігійнымі падзеямі. Беларусам, якія да сярэдзіны гэтага стагоддзя, здавалася, былі народам двух асноўных хрысціянскіх канфесій, яно прынесла яшчэ дзве новыя версіі хрысціянства: пратэстанцтва і уніяцтва. Масавымі рэлігійнымі канверсіямі вылучаецца 19 ст.

Пры спробе сінтэзаваць вышэйпрапанаваныя перыядызацыі, з улікам такіх крытэрыяў як фармаванне арганізацыйных царкоўных структураў і дзяржаўная рэлігійная палітыка, мы атрымліваем наступную карціну змены суадносінаў розных хрысціянскіх плыняў на Беларусі ў другім тысячагоддзі:

Канец 10 - канец 14 ст. - распаўсюджанне, фармаванне арганізацыйных структураў і манапольнае панаванне праваслаўя.

1385 - 1569 г. - пры захаванні моцных пазіцый праваслаўнай царквой распаўсюджанне каталіцтва. Існаванне раўнавагі паміж гэтымі адгалінаваннямі хрысціянства.

Сярэдзіна 16 - першая палова 17 - Рэфармацыя, з якой часткова супадае па часе Контррэфармацыя (1569 г. - 17 ст.), што надало тут рэлігійнаму супрацьстаянню асаблівую напружанасць.

На хвалі Контррэфармацыі ствараецца і амаль 2,5 стагоддзі функцыянуе, пры гэтым істотна пацясніўшы пазіцыі традыцыйных канфесій, уніяцкая царква (1596-1839 г.).

Канец 18 - пачатак 20 ст. - новае пераразмеркаванне сфераў уплыву: праваслаўе становіцца пануючай верай, каталіцтва і спачатку уніяцтва пераходзяць у разрад цярпімых, але ў 1839 г. ліквідуецца уніяцкая царква, пасля 1863 - 1864 г. адбываецца ўзмоцнены наступ на касцёл. Сацыяльная база каталіцтва, прадстаўленая грамадска актыўным слоем - шляхтай заходніх губерняў, і моцная падтрымка ў асобе ўплывовага папства, якая стаяла за касцёлам Беларусі, не далі знішчыць апошні, як гэта здарылася з беднай і "хлопскай" уніяцкай царквой. Праваслаўе ў яго расейскай версіі запаланіла духоўную інфраструктуру беларускага грамадства ў 19 - пачатку 20 ст.

Бальшавіцкі рэжым нанёс удар па ўсім канфесіям, якія зараз ад гэтага ўдару апраўляюцца і сапернічаюць за сферы ўплыву на Беларусі.



[1] Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ - ХХ ст.) /В.В.Грыгор'ева, У.М.Завальнюк, У.І.Навіцкі, А.М.Філатава; Навук. рэд. У.І.Навіцкі. Мінск, 1998.

[2] Оржеховский И.В. Церковь и государство в современной Беларуси // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 3. 1996. № 3. С. 11, 14.

[3] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Минск, 1990. С. 88, 93.

[4] Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1988. С. 358.

[5] Іванова Л.С. Рэфармацыя на Беларусі ў другой палове ХVI - першай палове XVII ст. // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі. Мінск, 1999. С. 72-83.

[6] Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии ХVІІІ века. Минск, 1974. С. 226.

[7] Грыцкевіч А.П. Рэлігійнае пытанне і знешняя палітыка царызму перад падзеламі Рэчы Паспалітай // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. 1973. № 6. С. 63.

[8] Мараш Я.Н. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918-1939). Минск, 1983. С. 15.

[9] Gajek S., Moskałyk J. Kościoły greckokatolickie w świecie // Unia brzeska z perspektywy czterech stulеci: Materiały międzynarodowego sympozium naukowego. Lublin, 20-21/IX 1995 r. Lublin, 1998. S. 249.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX