Вярнуцца: Марозава С.В.

Дзейнасць уніяцкай царквы ў кансалідацыі беларускага народа


Аўтар: Святлана Марозава,
Дадана: 04-06-2010,
Крыніца: Марозава С. Дзейнасць уніяцкай царквы ў кансалідацыі беларускага народа // Беларуская нацыянальная ідэя: Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, 18-19 красавіка 1999, г. Гродна / Пад рэд. А.Астроўскага, В.Санько. – Мінск, 2000. – С. 213-222.



Гісторыя - гэта кніга, напісаная пераможцамі. Тыя пераможцы, якія знішчалі наш народ, цывілізавана ці па-варварску, духоўна або фізічна, нярэдка прыпісвалі сабе ролю яго вызвольніка, выратавальніка, абаронцы, дабрадзея (цар Аляксей Міхайлавіч, Кацярына ІІ, Сталін, Гітлер - спіс можна працягваць).

Афіцыйная версія гісторыі уніяцкай царквы напісана тымі і на заказ тых, хто перамог яе ў 1839 г. Зразумела, на старонках гэтай «кнігі» не знайшлося месца добрай памяці пра берасцейскую ўгоду 1596 года. Стацкі саветнік Мікалай Бантыш-Каменскі ў канцы XVІІІ ст., родапачынальнік беларускага нацыянальнага нігілізму прафесар Міхаіл Каяловіч у другой палове ХІХ ст. і савецкія эпігоны "западно-руссизма", якія вызвалялі народ ад рэлігіі наогул, падавалі гэтую старонку беларускай мінуўшчыны як 200-гадовую гісторыю гвалту і здзеку з беларусаў, іх духоўнага вымірання пад уніяцкім ярмом. Іншай трактоўкі не варта было і чакаць ад прадстаўнікоў гістарыяграфіі праваслаўнай царквы, чые пазіцыі ў XVII-XVIII стст. моцна пацясніла уніяцтва, што скансалідавала пад сваім крылом да 3/4 беларускага народа, і ад прыдворных гісторыкаў дзяржавы, якая стагоддзі пераследавала рэлігійную еднасць, аж пакуль не паставіла на ёй кропку.

Сёння відавочная тэндэнцыйнасць, зададзенасць і аднабаковасць той рэдакцыі гісторыі уніі, якая падавала амаль чвэрцьтысячагадовую дзейнасць царквы ў этнаканфесійнай кансалідацыі нашых продкаў выключна разбуральнай у сферы культуры і асімілятарскай у этнічным плане, падавала створаныя ёю каштоўнасці чужымі і варожымі беларускаму народу, ігнаравала намаганні яе лідараў дасягнуць рэлігійнай самастойнасці Беларусі на аснове уніі. Але гэты адыёзны вобраз уніі беларуская гістарыяграфія, якая сама так і не стала крыніцай кансалідацыі нацыі, чым з'яўляюцца польская, руская ды іншыя гістарыяграфіі для сваіх народаў, прышчапіла ў гістарычную свядомасць беларускага грамадства.

Наш погляд на праблему грунтуецца на наступных метадалагічных падыходах: разлядзе Беларусі не як аб'екта, а як суб'екта гісторыі, гэта значыць творцы ўласнага лёсу; улік абумоўленасці спецыфікі гістарычнага шляху, пройдзенага нашым народам, геапалітычным фактарам; прызнанні таго, што рэлігіі не застаюцца нязменнымі, а трансфармуюцца ў ходзе гісторыі, адаптуюцца да новых этнічных, дзяржаўных, грамадскіх умоў; прызнанні спалучэння традыцый і навацый як залогу прагрэсу культуры; успрыманні Брэсцкай уніі як працэсу пошуку нашымі продкамі свайго тыпу рэлігіі, якая б найлепей адпавядала этнакультурным запытам беларусаў.

Рэлігійная інтэграцыя 1596 г. была выклікана да жыцця як збегам унутраных абставін, так і цэлым комплексам еўрапейскіх рэлігійна-палітычных стасункаў канца XVI ст. Другая палова гэтага стагоддзя з'яўляецца часам бурных царкоўных абастрэнняў і часам стварэння новай духоўнай і этнакультурнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе і на Беларусі.

У комплексе перадумоваў і прычын Брэсцкай уніі вылучаюцца наступныя:

1. Заняпад праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага, з аднаго боку; наступ ваяўнічага посттрыдэнцкага каталіцызму, які ішоў на Беларусь з Польшчы ці праз Польшчу і ў польскай упакоўцы, - з другога; і заяўка Масквы, асабліва пасля стварэння ў 1589 г. уласнага патрыярхата, аб сваёй рэлігійна-культурнай і месіянскай выключнасці (тэорыя "Масква - трэці Рым"), з трэцяга боку, прымушалі мясцовых лідараў хрысціянства шукаць рэлігійную альтэрнатыву праваслаўю і каталіцтву [ Европейське відродження та украінська література XIV-XVIII стст. - Киів, 1993. - С.323 ]. Абстаноўка пастаяннай канфрантацыі ўсходняга і заходняга хрысціянства на тэрыторыі Беларусі, расцягванне праваслаўнага насельніцтва касцёлам, пратэстанцкімі абшчынамі, ерэтычнымі сектамі патрабавалі пошуку шляхоў выхаду са складанай міжканфесійнай сітуацыі і рэлігійнай кансалідацыі народа.

2. Завяршалася фармаванне беларускай і ўкраінскай народнасцяў, якім трэба было вызначыцца ў рэлігійным плане. Да сярэдзіны XVI ст. праваслаўе з'яўлялася адным з этнакансалідацыйных фактараў. Але ў новай сітуацыі яно праявіла нягнуткасць і няздольнасць перабудавацца з улікам інтарэсаў гэтых народнасцяў, і тармазіла іх этнічную дыферэнцыяцыю з раней "адзінай Русі" і індывідуалізацыю ва ўсходнеславянскім свеце, у той час як расейская праваслаўная царква ў 1589 г. стварала новы хрысціянскі нацыянальны цэнтр і сама набывала нацыянальны характар. На хвалі Адраджэння і Рэфармацыі ў Еўропе ўзьнікаюць іншыя нацыянальныя цэрквы: гусіцкая ў Чэхіі, лютэранская ў Германіі, кальвінісцкая ў Швейцарыі. Зараджэнне ў выглядзе уніяцтва беларускай нацыянальнай царквы цалкам упісваецца ў культурна-гістарычны кантэкст таго часу. Ва ўмовах жывучасці антылюблінскіх настрояў у Вялікім княстве Літоўскім у апошняй трэці XVI ст. некаторыя яго дзяржаўныя дзеячы (у тым ліку канцлер Леў Сапега) намерваліся з дапамогай уніяцкай царквы захаваць рэлігійную асобнасць сваёй дзяржавы ў саюзе з каталіцкай Польшчай.

3. Заключэнню Брэсцкай уніі папярэднічала спецыфічная моўная сітуацыя: пранікненне польскай мовы ў грамадскае жыццё, культуру Беларусі; патрэба ў лаціне як сродку адаптацыі да заходнееўрапейскай навукі і культуры; штучнае падтрымліванне праваслаўнай царквой царкоўнаславяншчыны, якая зжывала сябе; і, галоўнае, абуджаная Рэфармацыяй цікавасць да нацыянальнай мовы. Услед за Ф.Скарынам, які надаў беларускую афарбоўку царкоўнаславянскай Бібліі, С.Будным і В.Цяпінскім, якія выдавалі рэлігійныя кнігі ўжо ўласна на роднай мове, узнікла патрэба шырокага ўвядзення нацыянальнай мовы ў сакральную сферу. На гэты запыт нованароджанага этнасу адказала уніяцкая царква ў абстаноўцы, калі касцёл працаваў на польскай мове і лаціне, а праваслаўе не дапускала ў набажэнства народнай мовы.

4. У паслялюблінскі перыяд нацыянальна-культурны патэнцыял беларускай народнасці быў значна аслаблены, бо на працягу аднаго - двух пакаленняў яна страціла арыстакратыю, інтэлектуальную і палітычную эліту, якая, не знаходзячы задавальнення сваіх інтэлектуальна-духоўных патрэб у праваслаўі, перайшла ў каталіцызм, але ў значнай меры не праз унію, а праз Рэфармацыю. З пачаткам паланізацыі эліты, ажыццёўлянай праз касцёл, слабелі кансалідацыйныя працэсы ўнутры этнасу, адбывалася спіхванне беларусаў у шэраг пазагістарычных народаў. Ужо тады нашаму народу акрэслівалася перспектыва стаць этнасам з няпоўнай сацыяльнай структурай - народам мужыцкім, сялянскім. "Хлапее рускі народ", - заўважыў на гэты конт М.Сматрыцкі [ Grabowski T. Z dziejow literatury unicko-prawoslawnej w Polsce. 1630-1700. - Poznan, 1922. - S.13 ]. Трэба было ратаваць паству ад пераходу на лацінскі абрад і аб'ектыўна - ад дэнацыяналізацыі. Дапушчэннем элементаў каталіцтва, схільнага да валявога навязвання сваёй дактрыны, і некаторым адыходам ад праваслаўя стваралася альтэрнатыва "польскай" і "рускай" веры. Ва уніяцтве трэба бачыць клопат аб выратаванні нацыянальных формаў культуры перад пагрозай дэнацыяналізацыі, шлях да духоўнага адраджэння беларускага грамадства і ўмацавання яго культурна-рэлігійнай і этнічнай асобнасці ў праваслаўна-каталіцкім атачэнні.

Брэсцкая унія была прынята не паспешна і бяздумна, а пасля працяглых роздумаў і шматлікіх сустрэч (падрыхтоўка доўжылася 5 гадоў) і была заключана толькі тады, калі яе арганізатары дамагліся гарантый выканання артыкулаў-умоў аб'яднання (іх усяго 33) ад Ватыкана і польскага караля.

Складальнікі берасцейскіх артыкулаў - праграмнага дакумента уніятаў - паслядоўна праводзілі ў жыццё ўласную царкоўную і нацыянальную лінію. Забяспечвалася багаслоўская, літургічная і арганізацыйная самабытнасць аб'яднанай царквы. З дзіўнай годнасцю і смеласцю спалучыліся ў іх элементы старога і новага, мінулага і будучага, айчыннага і замежнага. Артыкулы былі закліканы нейтралізаваць небяспеку лацінізацыі і паланізацыі. Сярод іх - даданне духоўных пасад "толькі людзям народу рускага… каб былі нашай рэлігіі"; забарона прыняцця уніятаў у рымскі абрад і пераварочвання цэркваў на касцёлы. Гісторыя уніі не ведае выпадку прызначэння на духоўныя пасады ўраджэнцаў Польшчы і прадстаўнікоў рыма-каталіцкага веравызнання. Уся уніяцкая іерархія была мясцовага, беларуска-украінскага паходжання і праводзіла інтарэсы сваіх народаў. Ужо сам факт абрання іерархіі з уласнага народа з'яўляецца паказчыкам нацыянальнага характару царкоўнай арганізацыі. Дадамо, што апошняя не была ўключана ў склад польскага касцёлу, а непасрэдна падпарадкавана Рыму.

Названыя, а таксама шэраг іншых артыкулаў берасцейскай угоды 1596 г. (аб непарушнасці сваіх абрадаў і цырымоній, звычаяў і святаў, захаванні царкоўна-славянскай мовы ў набажэнстве) насілі ярка акрэслены этнаахоўны характар. Пры ўвядзенні уніяцтва не было радыкальнай ломкі народных традыцыяў і звычаяў, якая б груба і балюча закранула рэлігійную свядомасць вернікаў. У адваротным выпадку яго творцы засталіся б у ізаляцыі.

У экстрэмальных умовах існавання беларускага этнасу, калі цяжар за яго лёс узяло на сябе духавенства, у народзе пачалі абуджацца вялікія дрымотныя сілы. Прамоўцы з царкоўных кафедраў і вулічных падмосткаў, палемісты са старонак сваіх кніг вяшчалі народу pro i contra уніі. Духавенства з розных прыступак іерархічнай лесвіцы, магнаты і шляхта, брацтвы, гараджане спяшаліся засведчыць сваё стаўленне да берасцейскай угоды. Ніхто з інтэлектуальных людзей не мог застацца абыякавым да гэтай падзеі, а для некаторых яна стала мэтай жыцця (з рознай накіраванасцю: стварэнне або знішчэнне уніяцтва), выклікала цвёрдасць, ахвярнасць, гатоўнасць пацярпець за веру і перакананні.

1596 год стварыў неардынарную сітуацыю на Беларусі, даў магутны штуршок развіццю царкоўнай самасвядомасці насельніцтва, прывёў да ўздыму актыўнасці этнасу і апынуўся ў цэнтры грамадска-палітычнага жыцця наступнага паўстагоддзя. Увядзенне і распаўсюджванне уніяцтва выклікала мабілізацыю праваслаўя, якая мела сваім вынікам яго інтэлектуальна-культурную перабудову ў другой і апошняй трэці XVII ст. Валынскі чашнік Лаўрэнці Дрэвінскі на сойме 1620 г. гаварыў на гэты конт наступнае: "Калі б некаторыя з нашага духавенства не адступілі ад свайго законнага пастыра і калі б тыя, што адышлі ад нас, не паўсталі на нас, - то такія навукі, такія вучылішчы і такая колькасць дастойных і вучоных людзей ніколі не з'явілася б у рускім народзе" [Европейське відродження та украінська література XIV-XVIII стст. - Киів, 1993. - С.323 ]. Вядомы ўкраінскі пісьменнік І.Франко назваў Брэсцкую унію "ферментам духоўнага жыцця народаў" [ Franko I. Z dziejow synodu brzeskiego 1596 r. // Kwartalnik historyczny. - Rocznik IX. - Lwow, 1895. - S.1 ].

Падагрэтыя уніяй нацыянальна-рэлігійныя пачуцці дасягнулі высокай ступені напалу ў канцы XVI - першай палове XVII ст. Барацьба вакол царкоўнага аб'яднання сведчыла пра рост этнічнай, культурнай самасвядомасці нашых продкаў, абуджэнне іх гістарычнай памяці, незалежна ад таго, сімпатызавалі яны яму, альбо яго ненавідзелі. Беларусь перажывала тады перыяд паскоранага нацыянальнага развіцця. У працэс фармавання этнічнай самасвядомасці ўцягваліся ўсё больш шырокія слаі народа. Калі ў эпоху Адраджэння і Рэфармацыі яна праяўлялася найперш на ўзроўні перадавых дзеячаў культуры (Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі), то цяпер - масава (шляхта, духавенства, гараджане). На апошнім этапе існавання гэтай веры даволі высокі ўзровень рэлігійнай (з якой шчыльна звязана этнічная) самасвядомасці выявіла беларускае сялянства - уніяцкае ў сваёй асноўнай масе.

Духоўная эліта, як вядома, нароўні з элітай палітычнай і культурнай, заўсёды прэтэндуе на ролю правадыра этнасу. Уніяцкая духоўная эліта хацела перахапіць гэтую ролю ў праваслаўнай царквы, якая да таго часу стала сімвалам "рускай народнасці". Ідэолагі кожнага з лагераў былі шчыра перакананыя, што менавіта яны з'яўляюцца выразнікамі інтарэсаў свайго народа, і імкнуліся ўпэўніць у гэтым як сваіх прыхільнікаў, так і праціўнікаў. Кожны выступаў ад імя ўсяго этнасу і менавіта на аснове свайго веравызнання бачыў шлях да кансалідацыі рэлігійна дэзінтэграванага народа. У сувязі з гэтым варта згадаць мудрую думку украінскага праваслаўнага мітрапаліта Іларыёна (ХХ ст.), што ў народзе не можа быць дзвюх процілеглых нацыянальных ідэалогій (у тым ліку ў рэлігійнай сферы), бо тады яны абяссіляць і разваляць яго [ Митрополит Iларіон. Украінська церква за час уіні (1657-1687). - Вінніпег, 1956. - С.9 ]. Кожны - прыхільнік уніі і яе праціўнік - укладваў тады сваё разуменне ў паняцце этнаканфесійнага патрыятызму. У першых ён выступаў у жаданні духоўнага адраджэння свайго народапраз "паправу" (рэформу) царквы шляхам набліжэння яе да культурна прываблівага каталіцкага захаду. Патрыятызм другіх выяўляўся ў недапушчэнні якіх бы то ні было зменаў у царкве, у кансервацыі сярэднявечных традыцый, у супрацьдзеянні ўзмацненню кантактаў з заходнееўрапейскімі краінамі, у захаванні вернасці Канстанцінопальскаму патрыярхату.

Далёка не ўсё беларуска-украінскае грамадства пагадзілася тады з такім гістарычным выбарам епіскапату. Старанні духоўнай эліты, за якой спачатку пайшла толькі жменька народа, спатыкаюцца аб менталітэт уласнай паствы і падначаленага духавенства, выхаваных на звернутым у мінулае традыцыяналісцкім прынцыпе "чым старажытней, тым сапраўдней". Унушаючы грамадству ідэю аб выключнасці праваслаўя, яго наканаванасці для беларусаў, артадоксы навязвалі думку, што уніяцкае "новомыслие" з'яўляецца скажэннем веры, нясе нізвяржэнне праваслаўя і замену яго каталіцтвам. Яны анафемствавалі і пракліналі арганізатараў уніі, паралізоўвалі ўсе іх дзеянні, арганізавалі акцыю імпічменту царкоўнага кіраўніцтва. Разгорнутая лідарамі праваслаўнай апазіцыі антыуніяцкая істэрыя дала плён: да пачатку XVIIст. царкоўная ўгода была дастаткова дыскрэдытаваная ў вачах грамадства.

Пайшоўшы на уніяцкі эксперымент, епіскапы не змаглі прадбачыць такога масавага моцнага супраціву, арганізаванага іх апанентамі. Спачатку ўсё здавалася прасцей: шараговае духавенства пойдзе за сваім кіраўніцтвам і павядзе за сабой масы. Але добрыя намеры падтрыманых дзяржавай ініцыятараў царкоўнага яднання натыкнуліся на неразуменне і байкот праваслаўнай большасці, якая падбухторвалася традыцыяналістамі і ў сваім патрыятычным кансерватызме не прызнала рэформы. Замест чаканай кансалідацыі 1596 год кінуў у канфесійна раз'яднаную беларускую народнасць новае зерне рэлігійнага супрацьстаяння, яшчэ больш накаліў канфесійную напружанасць. Разлік на безбалеснае рэфармаванне і трансфармацыю праваслаўя абярнуўся яго расколам. Дзве веры грэцкага абраду сталі антаганістамі на Беларусі і распачалі барацьбу за "месца пад сонцам" і за паству.

У сваёй антыпатыі да уніяцтва, якая пераходзіла ў варожасць, праваслаўная апазіцыя знайшла разуменне і падтрымку далёка не ўсёй ёю любімай Масквы, дзе з утварэннем патрыяршаства ўзмацніліся антылацінскія настроі, а з заключэннем дапусцілай лацінства Брэсцкай уніі - недавер да Захаду. Апантаныя ўсведамленнем праваслаўнай рэлігійнай выключнасці, духоўныя і свецкія ўрадавыя колы Расіі, пачынаючы з 1620-х гадоў, на працягу больш чым двух стагоддзяў праводзілі варожую палітыку ў дачыненні да уніяцкай царквы, распальвалі антыуніяцкія настроі на Беларусі. Антырасійскі менталітэт уніяцкага народа і духавентсва і іх боязь гэтай краіны, такім чынам, мелі пад сабой грунт. Яны былі пазбаўленыя спаконвечнай цягі аддацца пад уладу расійскага самадзержца, якую айчынная гістарыяграфія прыпісала ўсяму беларускаму народу.

Уніяцкая царква выхоўвала сваю паству ў духу вернасці сваёй дзяржаве - ВКЛ, у той час як праваслаўе і каталіцтва арыентавалі народ на замежныя цэнтры - Маскву і Варшаву.

Вайна 1654-1667 гг. істотна развеяла ілюзіі аб выратавальнай місіі расійскага самадзяржаўя, разбурыла імідж цара-вызваліцеля, хаця русафільскія настроі сярод праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай былі даволі моцнымі аж да падзелаў іх дзяржавы. Факт падпарадкавання Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату ў 1685 г. змяніў стаўленне беларуска-украінскага грамадства, урада Рэчы Паспалітай у бок спрыяння уніі, у якой убачылі аснову незалежнасці ад Расіі і нейтралізацыі прамаскоўскі зарыентавага праваслаўя. Гэта разам з ростам унійных настрояў у грамадстве, унутраным расколам у праваслаўнай царкве, адыходам ад яе шляхты, разам са спадам пасля 1667 г. палітычнага значэння казацтва - галоўнага ўнутрага ворага Брэсцкага саюзу - спрыяла павелічэнню ўплыву уніяцтва на тэрыторыі з перавагай праваслаўнага насельніцва. Яшчэ нядаўна асуджанае на поўнае вынішчэнне, яно ў апошняй трэці XVII ст. вырасла колькасна, узмацнілася ўнутрана і на мяжы XVII-XVIII стст., нягледзячы на моцнае супрацьдзеянне звонку, стала самай масавай канфесіяй на Беларусі. Трыўмфальны поступ уніяцтва, часова перарваны яшчэ адной спробай расійскага ўрада яго поўнага, у тым ліку і фізічнага, вынішчэння ў час Паўночнай вайны, працягваўся амаль да канца XVIII ст. і суправаджаўся моцным парадзеннем праваслаўных шэрагаў. У беларускіх паветах ВКЛ, паводле звестак Я.Н.Мараша, у 1790 г. было 143 праваслаўных, 283 каталіцкіх і 1199 уніяцкіх прыходаў [ Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII века. - Мн., 1974. - С.226 ].

Пашырэнне уніяцтва за кошт праваслаўных братоў у Хрысце не абыходзілася без іх дыскрымінацыі. Аднак гэты прыцэс ішоў не толькі пад прымусам, як тое намагалася паказаць праваслаўная апазіцыя, але ў значнай ступені добраахвотна. Пайшоўшы ў яе на повадзе, гісторыкі канца XVIIІ-XХ стст. намалявалі не адпаведную рэчаіснасці карціну маштабных рэпрэсій у сувязі з увядзеннем Брэсцкай уніі. Зразумела, вера не змагла б шырыцца і пратрымацца 243 гады, калі б грунтавалася толькі на прымусе.

Поўнае атаясамленне уніяцтва з каталіцызмам, якое вынікае з непрызнання за нашымі продкамі гістарычнага і маральнага права на царкоўна-рэлігійнае самавызначэнне і індывідуальнасць у рамках хрысціянскага свету, з ігнаравання ўмоў угоды 1596 г., не дазволіла царскай і камуністычнай гістарыяграфіі ўбачыць розную ролю гэтых канфесій у этнагенэзе беларусаў у канцы XVI-XVIII стст. і выйсці за межы разумення уніяцтва толькі як паслухмянай зброі ў руках езуітаў і польскага касцёлу дзеля іх акаталічвання і паланізацыі.

Так, 1596 год зняў той канфесійны бар'ер, які аддзяляў праваслаўных ад каталікоў. Але гэта быў толькі адзін бок справы. Стаўшы на берасцейскі шлях, нашы продкі адышлі ад праваслаўя, але і злівацца з рыма-каталіцтвам не жадалі. Ім здавалася, што царкоўная згода - гэта тая форма рэлігіі, якая паспрыяе незалежнай пазіцыі паміж Польшчай і Расіяй. Асвоіць новы статус у хрысціянскай супольнасці, вытрымліваючы пры гэтым уласную лінію і адстойваючы свае інтарэсы, беларускай царкве было нялёгка. Гісторыя уніяцкай царкоўнай арганізацыі, пры ўсёй яе інтэграванасці з Ватыканам, прасякнута імкненнем захаваць і ўмацаваць беларускую плынь і стараславянскі дух, барацьбой за сваю самабытнасць і адасобленасць ад касцёлу, найперш у яго польскай форме.

Ужо Іпаці Пацей, які паходзіў з брэсцкай шляхты, паводле прызнання М.Каяловіча, паказаў, "што стаіць са сваёй уніяй паміж Руссю і Польшчай, праваслаўем і лацінствам" [ Коялович М.О. Литовская церковная уния. - СПб., 1861. - Т.2. - С.87 ]. Адзін з біёграфаў мітрапаліта сцвярджаў, што той, "здавалася, і ўмеў, і мог зрабіць уніяцкую царкву самастойнай, адметнай ад праваслаўя і лацінства" [ Трипольский Н. Униатский митрополит Ипатий Потей и его проповедническая деятельность. - Киев, 1878. - С.44 ]. Дзейнасць яго наступніка мітрапаліта Іосіфа Руцкага, ураджэнца Наваградчыны, скіравалася на духоўна-культурны ўздым сваёй веры і супрацьдзеянне ўплывам каталіцкага касцёлу і дэнацыяналізатарскім настроям, асабліва моцным сярод адукаваных колаў грамадства.

Руцкі распачаў барацьбу за эліту, знаць, бо кожная царква зацікаўленая мець багатую, уплывовую, адукаваную паству. Яго імкненне ўтрымаць пры уніі рэшткі найзаможнейшых і найбольш уплывовых родаў аб'ектыўна з'яўлялася барацьбой супраць дэнацыяналізацыі беларускага народа. Мітрапаліт дамагаўся ад рымскай курыі забараніць пераход і без таго нешматлікай беларускай шляхты на лацінскі абрад, бо з-за гэтага царква несла вялікія людскія і маральныя страты. Паводле яго падлікаў, штогод на лацінскі абрад пераходзілі мінімум 200 "рускіх шляхцічаў", найбольш праз езуіцкія школы. "Хто са шляхты праз 10 год застанецца ў рускім народзе?" - пытаўся ён у ватыканскай кангрэгацыі прапаганды веры ў лісце ад 28 чэрвеня 1628 г. Перацягванне "русінаў" на рымскі абрад наносіла вялікую шкоду "рускай" царкве, хаця б ужо таму, што адштурхоўвала патэнцыяльную паству з ліку праваслаўных, якія прадузята ставіліся да уніі, бо бачылі, што касцёл хацеў праз яе зусім знішчыць "рускі" абрад " [Хома І. Киівська церква в Берестейськім періоді. - Рим, 1979. - С.124-125.].

І.Руцкі патрабаваў, каб езуіты спынілі перацягваць беларускую моладзь у свой абрад, пагражаючы ў адваротным выпадку забараніць бацькам пасылаць дзяцей у іхнія школы, імкнуўся да стварэння сваёй сістэмы адукацыі. Выдадзены 7 ліпеня 1624 г. у адказ на настойлівыя хадатайніцтвы Руцкага дэкрэт папы рымскага Урбана VIII спыніў масавае спакушэнне уніятаў у "вышэйшую" веру і выратаваў значную частку беларускай шляхты для уніяцкай царквы і сваёй народнасці. Дэкрэтам ватыканскай кангрэгацыі прапаганды веры 1627 г. базыльянскіх манахаў дазвалялася прымаць у рыма-каталіцтва толькі з асобага дазволу Рыма ў кожным канкрэтным выпадку, а "рускаму уніяцкаму народу" наогул быў забаронены пераход у лацінства [ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбургу. - Ф.823. - Воп.1. - Спр. 539. Арк.1-2.]. Этнаахоўная палітыка Руцкага мела плён: нават папскі нунцый Ланчэлоці ў 1622г. прызнаў, што лепш бы не было уніі, бо без яе лягчэй было пераварочваць у каталіцкую веру праваслаўных вяльмож " [ Белоруссия в эпоху феодализма: Сборник документов и материалов. - Мн., 1959. - Т.1. - С.388.].

На жаль, згаданыя дэкрэты не сталі нормай кананічнага права Рэчы Паспалітай, што мела негатыўныя наступствы для уніяцкай царквы і беларускага этнасу. Па-першае, яны (як, дарэчы, і праваслаўная царква) страцілі амаль усю арыстакратыю, якая перайшла на лацінскі абрад і апалячылася. Па-другое, гэта выклікала папрок у бок царквы, што яна спрыяе лацінізацыі, і, у сваю чаргу, не спрыяла росту яе прэстыжу ў грамадстве. Украінскі царкоўны гісторык І.Хама небеспадстаўна лічыць гэты папрок несправядлівым: лацінізацыя паходзіла не з сутнасці уніяцкай царквы, а ад знешніх фактараў: караля, езуітаў, польскай каталіцкай іерархіі, уплывовага нунцыя, ад недаверу апостальскай сталіцы да сіл уніі " [ Хома І. Указ. Твор. - С.126].

Маючы значны ўплыў на ўнутраную і знешнюю палітыку ВКЛ, Руцкі імкнуўся да "універсальнай" уніі - аб'яднання праваслаўных і уніятаў у рамках адной царкоўнай арганізацыі - і дамагаўся адміністрацыйнай незалежнасці апошняй ад Масквы, Канстанцінопаля, Рыма і Польшчы шляхам стварэння ўласнага патрыярхата. Гэтай ідэяй ён змог зацікавіць нават некаторых сваіх праваслаўных апанентаў, у прыватнасці М.Сматрыцкага, які лічыў ВКЛ і Кіеўскую мітраполію годнымі для падвышэння царкоўнага статусу. Заснаванне новага цэнтра хрысціянства ўзвысіла б прэстыж Княства сярод краін Еўропы. Але гэты план натыкнуўся на варожае стаўленне рымскага панціфіка, што не жадаў уласнымі рукамі ствараць царкоўную арганізацыю з шырокімі суверэннымі правамі, якая з часам магла не толькі выйсці з-пад яго падпарадкавання, але і выставіць прэтэнзіі на роўнасць з папствам. Праект патрыярхата для ВКЛ не выклікаў сімпатый у польскага караля, які не жадаў умацавання княства; супярэчыў інтарэсам Масквы і Канстанцінопаля і, урэшце, не быў падтрыманы праваслаўнымі сваёй дзяржавы. Аддаленыя гістарычныя перспектывы і значэне праекту Руцкага для кансалідацыі беларускага і украінскага народаў усвядомілі толькі лічаныя асобы таго часу " [ Саверчанка І. Праект сваёй патрыярхіі // Голас Радзімы. - 1994. - N 9-12; Плохий С.Н. Борьба украинского народа с католической экспансией (XVI-XVII вв.). - Днепропетровск, 1987. - С.13; Коршунов А. Афанасий Филиппович: жизнь и творчество. - Мн., 1965. - С.23-24 ]. Непрабачальна ўпусціўшы ў XVII ст. гістарычны шанц, беларуская царква ўжо ніколі болей не была здольнай узвысіцца да пастаноўкі такога роду пытання.

Наогул, сімпатыі папства і асабліва польскіх уладаў да уніяцтва з яго прэтэнзіямі на самабытнасць і нежаданнем поўнасцю пераходзіць на пазіцыі каталіцтва не варта перабольшваць. У такім выглядзе яно ім не было патрэбнае. "Некаторыя дзеячы уніі, - пісалі ў 1929 г. ініцыятары яе адраджэння, - выходзіўшыя з беларускага асяроддзя, мелі тэндэнцыю спыніцца на "беларускай уніі", акапаўшыся, так сказаць, на гэтых нацыянальных пазіцыях трывала і ўстойліва. Але гэта не адпавядала інтарэсам Рыма - езуіты далей гналі уніятаў, не даючы ім застойвацца на гэтым мосце, акапвацца на беларускіх пазіцыях" [ Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў у Львове. - Ф.684. - Воп.1. - Спр.3208. - Арк.9 адв ]. Палітыку Ватыкана можна ацаніць як дваістую: з аднаго боку, ён імкнуўся праз унію прыцягнуць да сябе народы еўрапейскага Усходу, а з другога - абмяжоўваў яе разрастанне. Двухзначным было і стаўленне ўрада Рэчы Паспалітай. Ужо сам факт прыналежнасці уніяцкай царквы да каталіцтва вымагаў яе падтрымкі.

З другога боку, "руская" царква з асобнай іерархічнай структурай і асаблівым абрадам была перашкодай на шляху асіміляцыі ўсходнеславянскага насельніцтва. Лацінізатарская і паланізатарская дзейнасць касцёлу, даючы пэўныя вынікі, спрыяла абуджэнню сярод уніяцкіх масаў, якія не менш за праваслаўных супраціўляліся спробам навязаць рыма-каталіцызм, нацыянальнай і рэлігійнай свядомасці. Яго лінія на згладжванне спецыфічных рысаў уніяцтва дасягала мэты толькі часткова ў сувязі з пазіцыяй беларускага духавенства і вернікаў, што адстойвалі царкоўна-культурную індывідуальнасць свайго народа. Ад новага вітка дэнацыяналізацыі, пачаткам якога ўмоўна можна лічыць 1696 год, уніяцкую царкву выратавала рэфарматарская дзейнасць мітрапаліта Льва Кішкі (1714-28 гг.), які ўсведамляў, што самастойнай, жыццяздольнай і даўгавечнай яна можа быць толькі пры ўмове ўтрымання сваёй асобнасці і пры апоры на старажытныя этнаканфесійныя традыцыі.

Знішчальную ацэнку Брэсцкай уніі з пункту погляду інтарэсаў касцёлу даў польскі аўтар Э.Старчэўскі. Ён лічыць наіўнымі разлікі польска-ватыканскіх палітыкаў аб'яднаць пад адным дахам дзве разнавіднасці каталіцтва: з іх утварыліся два асобныя веравызнанні. На яго думку, "з уніі была зроблена нейкая спецыфічная русінская рэлігія", якая стала канкурэнткай касцёлу, перашкодзіла яму шырыцца далей на ўсход і зрабіла "русінскі арганізм" гэтак непадобным да Польшчы нацыянальна, культурна і сацыяльна. Яна, як клін, убілася паміж Польшчай і Руссю (Беларуссю-Украінай), паміж каталіцтвам і ўсходнім веравызнаннем і тое, што павінна была злучыць, надоўга развярэдзіла і раздзяліла [ Starczewski E. Widma przeszlosci. Szkice historyczne. - Krakow, 1929. - S.283-284, 329-330 ]. Гэты яе курс на хрысціянскі нацыяналізм праігнараваны дарэвалюцыйнай і савецкай гістарыяграфіяй. Адстойваючы сваю веру, уніяцкія дзеячы аберагалі такім чынам і самабытнасць беларускага народа, якой яна спрыяла.

Узнікшы на хвалі контррэфармацыі, уніяцкая царква тым не менш выкарыстала народжаную Рэфармацыяй цікавасць да нацыянальнай мовы і дала ёй поўнае права грамадзянства ва ўсіх сферах сваёй дзейнасці (у паўсядзённым ужытку, казаннях, палемічнай публіцыстыцы, рэлігійнай літаратуры, справаводстве), акрамя літургічнай. У аснове яе моўнай палітыкі ляжала ўвядзенне ў сакральную сферу беларускай ("рускай" паводле крыніц) мовы пры захаванні ў якасці кананічнай царкоўнаславянскай. Увядзенне народнай мовы, якой раней адводзілася роля непрыстыжнага, другараднага сродку камунікацыі, у рэлігійнае жыццё спрыяла кансалідацыі беларускай народнасці, з'яўлялася своеасаблівым індыкатарам фармавання апошняй. У канцы XVI - пачатку XVII ст. уніяцкае духавенства задавала тон у беларусізацыі царквы. Вымушаныя лічыцца з гэтым ва ўмовах канкурэнцыі за паству дзеячы брацкага руху наследавалі уніяцкім калегам і ішлі на парушэнне праваслаўнай традыцыі, якая перасцерагала ад захаплення "подлешей и простейшей» «рускай» мовай у царкве.

У абстаноўцы, калі адшліфаваная пад пёрамі берасцейскіх палемістаў з дзяржаўным статусам, нацыянальная мова імкліва страчвала апору ў адукаваных колах і здавала свае пазіцыі ва ўстановах, грамадскім жыцці і пісьменстве на карысць польскай і лацінскай, дзеячы уніі ўсвядомілі цяжар адказнасці за яе стан, узаконіўшы ў 1636 г. выкарыстанне ў сваёй царкве. Віленская базыльянская кангрэгацыя пастанавіла ў 1636 г., «абы отцове и братия закону нашого в церквах не иншым, але руским толко языком проповед слова Божого чинили» [ Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў Львове. - Ф.408. - Воп.1. - Спр.827. - Арк.111-112 ]. Зразумелая народу мова была той прыцягальнай сілай, дзякуючы якой уніяцкая царква здолела павесці за сабой значную частку праваслаўнага насельніцтва. Пры ўсёй гістарычна-культурнай супярэчлівасці уніяцтва нельга не ўбачыць, што сярод нізавой часткі яго духавенства і ў патрыятычных базыльянскіх колах ажыццяўлялася супрацьдзеянне польскаму засіллю. Выкарыстанне і падтрымка уніяцкай царквой нацыянальнай мовы спрыяла яе выжыванню ва ўмовах паланізацыі, станавілася фактарам этнічнай самасвядомасці, з аднаго боку, а з другога - спрыяла, садзейнічала дыферэнцыяцыі ўсходнеславянскіх этнасаў, паглыбленню моўнага бар'еру паміж беларусамі і рускімі.

Уніяцкая царква, трэба аддаць ёй належнае, ні ў XVII, ні нават у XVIII ст. не стала фактарам масавай паланізацыі. У лінгвістычных катаклізмах канца XVI - першай трэці XIX ст. яна здолела захаваць сваю моўную спецыфіку і фактычна заставалася адзіным рэлігійным інстытутам, у якім у большай ці меншай меры паспяхова функцыянавала народная мова і беларуская рэдакцыя царкоўнаславяншчыны, што з'яўляецца паказчыкам уключанасці царквы ў нацыянальную культуру. "Увесь грэка-уніяцкі народ размаўляе мовай беларускай альбо маларасійскай, дзеці уніяцкага духавенства ў доме сваіх бацькоў і па-за ім амаль выключна чуюць гэтую мову," - пісаў адзін з галоўных "ліквідатараў" уніі І.Сямашка [ Записки Иосифа, митрополита Литовского. - Т.1. - СПб., 1883. - С.572 ]. "Уніяцкія прыхаджане, гаворачы адной простай беларускай гаворкай… польскіх казанняў не разумеюць, бо ўсе уніяты складаюцца з сялянскіх саслоўяў і найбяднейшай шляхты," - канстатаваў у 1834 г. яго калега полацкі епіскап Смарагд [ Шавельский Г. Последнее воссоединение с православною церковию униатов Белорусской епархии (1833-1839). - Спб., 1910. - Приложения. - С.26 ]. Са скасаваннем уніі нацыянальнай мове не засталося месца ў афіцыйным царкоўным жыцці Беларусі: адну частку беларусаў, аправаславіўшы, прымушалі перайсці на расійскую мову; другую прыгарнуў касцёл, які культываваў пальшчызну.

Такім чынам, уніяцтва прыйшло ў беларускі свет, ужо падзелены на сферы ўплыву паміж праваслаўем і каталіцтвам, з намерам яго аб'яднаць і прымірыць і моцна пасунула пазіцыі традыцыйных "мацнейшых" канфесій, хаця ў рэшце рэшт само стала іх ахвярай. Колькасць паслядоўнікаў новай веры спачатку была нязначнай. Але паступова яна ўсё больш заваёўвала сімпатыі народа. У 1630-я гады адзначаецца паварот шляхты ў яе бок. Уніяты ў другім-трэцім пакаленнях ужо лічылі яе роднай верай, якая дасталася ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў. Рэформы мітрапалітаў І.Руцкага і А.Сялявы ўмацоўвалі царкву. У апошняй трэці XVII ст. яна істотна пашырае, а на мяжы XVII-XVIII стст. займае ключавыя пазіцыі, становіцца самай масавай і пачынае адыгрываць ролю традыцыйнага царкоўнага інтытута. Да канца XVIII ст. уніяцтва скансалідавала вакол сябе да 80% беларускіх сялян, частку гараджан, дробнай і сярэдняй шляхты [ Грыцкевіч А.П. Рэлігійнае пытанне і знешняя палітыка царызму перад падзеламі Рэчы Паспалітай // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук. - 1973. - N 6. - С.63 ]. Больш моцныя пазіцыі і больш даўнія традыцыі яно мела на захадзе Беларусі, хаця абсалютна дамінавала і на ўсходзе. На далучаных пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі землях пражывала 100 тысяч католікаў, 300 тысяч праваслаўных і 800 тысяч уніятаў [ Ільяшэвіч М. Расейская палітыка на землях былога Беларуска-літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны ІІ і Паўла І (1772-1801). Вільня, 1993. - С.11 ]. У 20-30-я гады XIX ст., нават пасля дзвюх урадавых "уз'яднаўчых" акцый, на Беларусі пражывала 1,5 мільёна уніятаў [Хрестоматия по истории Западной России. - Вильна, 1892. - С.757].

Ва уніяцтве вырасла і выхавалася 12 пакаленняў людзей. За два с паловай стагоддзяў народ прызвычаіўся да веры, якая ў многім адпавядала яго нацыянальна-культурным памкненням і сацыяльнаму статусу. Скансалідаванасць народа уніяцтвам, прывязанасць да яго найбольш выявілася тады, калі над іх царквой навісла пагроза знішчэння. Сучаснікі 1839 года адзначалі закаранеласць уніятаў у сваёй веры. Многія з абурэннем сустрэлі так званае "ўз'яднанне", бачачы ў ім вялікую несправядлівасць; лічылі, што іх вера прададзена, а пастыры здрадзілі. Іх пратэст падаўляўся адміністрацыйнымі мерамі, а бывала, і карнымі аперацыямі.

Не выпадкова, відаць, прадвеснікамі і пачынальнікамі беларускага адраджэння XIX ст. сталі выдатныя вучоныя Віленскага універсітэта М.Баброўскі, І.Даніловіч, П.Сасноўскі, І.Анацэвіч, Я.Ярашэвіч, А.Марціноўскі - пераважна сыны уніяцкіх святароў з вясковых парафій. Яны ж заклалі падмурак нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Іх навуковая спадчына спрыяла паўстанню і развіццю беларускай самасвядомасці і была той базай, на якой грунтаваўся і якую выкарыстоўваў пазнейшы свядомы беларускі нацыянальны рух.

Каб адказаць на пытанне, якое хвалюе сёння многіх: ці стала уніяцкая царква беларускай нацыянальнай? - звернемся да адраджэнца В.Ластоўскага і сучаснага вучонага С.Падокшына, якія, трэба адзначыць, вынеслі ёй строгі прысуд. Першы з іх ацэньвае Брэсцкую унію як няўдалую спробу Беларусі рэлігійна самаакрэсліцца ў экспансіўным міжнародным праваслаўна-каталіцкім атачэнні. Правалу гэтай спробы спрыялі як унутраныя фактары (супярэчнасці паміж белым і чорным духавенствам у самой царкве, лацінізатарская дзейнасць базыльянскага ордэна, цяжкае матэрыяльнае і маральнае становішча прыходнага кліру), так і знешнія (вераломства польска-каталіцкіх колаў, якія глядзелі на унію толькі як на спосаб асіміляцыі беларусаў; своекарыслівая царкоўная палітыка Расіі). Унія, паводле В.Ластоўскага, магла стаць нацыянальным абрадам толькі як дзяржаўная рэлігія са сваёй уласнай іерархіяй, народнай мовай у літургіі і пры ўмове прыналежнасці да яе ўсіх класаў грамадства [ Ластоўскі В. Унія // Выбраныя творы. - Мн., 1997. - С.400-414 ]. Ён, на жаль, не бачыў, што з наяўных тады на Беларусі хрысціянскіх царкоўных арганізацый менавіта уніяцкая царква найбольш наблізілася да гэтых крытэрыяў: мела іерархію мясцовага паходжання, беларусізаваную царкоўнаславянскую мову літургіі і з'яўлялася самай масавай у XVIII ст. Як сцвярджаў С.А.Падокшын, у сілу розных гістарычных абставін за некалькі апошніх стагоддзяў не ўдалося стаць агульнанацыянальнай ніводнай з наяўных на Беларусі хрысціянскіх канфесій. Філосаф прызнае, што існавала тэндэнцыя ператварэння уніяцкай царквы ў беларускую нацыянальную, але яе рэалізацыі перашкодзілі паланізацыя і каталізацыя "вярхоў", забарона уніяцтва на Полацкім саборы і палітыка царызму [ Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасоўска-гістарычны аналіз). - Мн., 1998. - С.105-107 ].

Сапраўды, калі б не штучны абрыў 1839 г., уніяцтва, пры ўсіх перыпетыях яго лёсу (грубае ўмяшанне ў берасцейскі працэс палітычных колаў Рэчы Паспалітай і Расейскай дзяржавы, грэбаванне польскім касцёлам, няўдзячная місія прымірэнцы - стала ахвярай тых, каго хацела прымірыць), пры ўсіх няўдачах і выдатках (няздольнасць стварыць канкурэнтаздольную адукацыйную сістэму і даць належную адукацыю прыходскаму святарству - таму слою інтэлігенцыі, які непасрэдна працаваў з народам; няздольнасць стаць агульнанацыянальнай верай - спыніць дэнацыяналізацыю шляхты і ахапіць увесь народ; паланізацыя найвышэйшай іерархіі і лацінізацыя базыльянскага ордэна; супярэчнасці паміж белым духавенсвам і манаствам ды інш.) магло б у XIX ст. стаць магутным фактарам яднання нацыі, як гэта паказаў вопыт Заходняй Украіны.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX