Вярнуцца: Марозава С.В.

Стэфан Баторый і Гродна


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 17-01-2011,
Крыніца: Марозава С. Веліч правіцеля, спалучаная з трагедыяй чалавека // Стэфан Баторый у гістарычнай памяці народаў Усходняй Еўропы: Матэрыялы міжнароднага круглага стала, Гродна, 26 верасня 2003 г. – Гродна, 2004. – С. 4-17.



Веліч правіцеля, спалучаная з трагедыяй чалавека

Кандыдатура на трон Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя - князя Семіграддзя, нашчадка старажытнага венгерскага роду - разглядалася ўжо ў 1573 г. Аднак тады быў абраны Генрых Валуа. У час выбараў 1576 г. стаўку на Баторыя зрабіла шляхта, прапанаваўшы яму ажаніцца на Ганне Ягелонцы - апошняй прадстаўніцы дынастыі. Такім чынам стваралася бачнасць працягу праўлення Ягелонаў. 1 мая 1576 г. семіградскага князя з помпай каранавалі ў Кракаве, хоць элекцыя была двайной - сенат абраў каралём Максімільяна Габсбурга. Аднак той не спяшаўся ў сваю новую сталіцу, а ў хуткім часе - і памёр.

На трон Рэчы Паспалітай сеў сталы, адукаваны, з выразнымі поглядамі на ролю ўладара ў дзяржаве і на палітычную сітуацыю ў Еўропе чалавек, да таго ж вопытны палкаводзец і дасведчаны дыпламат.

Гародню Стэфан упершыню наведаў у 1579 г. Ён прыбыў сюды 3 лютага дзеля ўдзелу ў пашыранай нарадзе Сената разам з прадстаўнікамі шляхты. Ішла Лівонская вайна. Абмяркоўваўся далейшай ход вайны з Масквой і фінансавы ўклад у яе Вялікага княства Літоўскага. Гадавы падатак з усяго яго абшару мог прынесці толькі 150 тысяч злотых. Прысаромленыя станам сваёй арміі і фінансаў, ліцвінскія магнаты абавязаліся выставіць 10 тысяч жаўнераў. Свой абавязак зразумелі і дэлегаты павятовых соймікаў - склікаць паспалітае рушанне ва ўсім княстве - ўсё ж гэта больш іхняя вайна, чым Кароны. Вырашалі, на якую цвердзь, што адгароджвае Расію ад Інфлянтаў, ударыць: Полацк, Вялікія Лукі ці Пскоў. Ян Замойскі, зыходзячы са старога выслоўя "бяры, што бліжэй", раіў ісці на Полацк, які 17 год таму Масква адабрала ў княства.

Пасля нарады ў Гародні Баторый накіраваў пасла ў Маскву для прапаганды ідэі уніі з Рэччу Паспалітай, для разведкі тамтэйшых настрояў. Гэта ідэя тады прыхільна ўспрымалася шляхецкай супольнасцю і часткай маскоўскага баярства.

2 сакавіка 1579 г. Баторый быў ужо ў сталіцы ВКЛ. Але з той нарады зрабіў Гародню сваёй прыватнай сталіцай. Неспакойны духам правіцель, які нідзе не мог доўга сядзець на адным месцы, найлепей адчуваў сябе тут, у сэрцы вялізных пушчаў, дзе мог уволю паляваць. Паляванне было яго любімым заняткам і найбольшай радасцю. Кароль паляваў усюды, дзе мог, і заўсёды, як толькі мог. З прыдворнай казны пастаянна выдаткоўвалі сродкі на паляўнічых сабак і сокалаў. А сам ён, напэўна, - самы рухлівы ўладар ВКЛ і Польшчы. Мала пушчаў і лясоў, якія б Стэфан сам не перамераў на кані ў час сваіх частых падарожжаў.

Стэфану спадабаўся Стары замак на высокім маляўнічым абрыве Нёмана, і ён загадаў яго перабудаваць. Дзеля гэтага ў Гародню былі выкліканы знакамітыя італьянскія архітэктары: Скота з Пармы і Антонія дэ Грэта. Як напісаў тагачасны храніст біскуп Павел Пясецкі, кароль часцей за ўсё жыў у Гародні пад выглядам найбольш зручнага для палявання месца, а на самай справе ён пазбягаў нямілага сужыцця са сваёй жонкай, каралевай Ганнай, старэйшай за яго на 10 гадоў. А яшчэ Баторый баяўся атруты ад жонкі, што, па чутках, унаследавала ад маці - Боны Сфорца - майстэрства атручвання.

Ганна не мела ўплыву на палітыку мужа, але пляла інтрыгі. Яна, напэўна, прагнула ўлады, але не мела ніякай гарантыі перажыць Стэфана. Яна пастаянна хварэла: да даўняй неўралгіі далучылася хвароба сэрца, пастаянна балелі вочы. Калі Ганне споўнілася 60 гадоў, яна пачала рыхтаваць сабе грабніцу на Вавелі ў Кракаве. Яна рыхтавала грабніцу толькі для сябе, бо разлічвала, што ў мужа яшчэ будзе час паклапаціцца аб месцы ўласнага пахавання. Многія былі перакананы, што Стэфан перажыве Ганну. Было б неасцярожна сцвярджаць, што так лічыў і сам кароль. Меў ён загадкавую "любоў" да напісання завяшчанняў. У час праўлення ў Рэчы Паспалітай напісаў іх тры.

Мяркуюць, што ў Гародні кароль меў каханку - прыхожую дачку ляснічага, якая нарадзіла яму сына. Пазашлюбнага каралевіча звалі Княбоўскі, паводле іншай версіі, - Князёўскі. Ён меў у Гародні маёмасць. Пры Жыгімонце ІІІ ўдзельнічаў у вайне з Масковіяй з уласным атрадам у 12 коннікаў і прывёз з-пад Крамля сабе сяброўку. Праўда, яму адмаўлялі ў шляхецкім званні.

Другія сцвярджаюць, што ад той сувязі нарадзіўся будучы цар Дзмітрый І Самазванец. Іншыя лічаць усё гэта плёткамі, не пацверджанымі больш сур'ёзнымі крыніцамі: караля характарызавала нечуваная ў тую эпоху сексуальная ўстрыманасць, за якой магла хавацца нейкая таямніца. Існуе нават версія, што ён перанёс сіфіліс.

Затое Стэфан не цураўся віна, нягледзячы на папярэджанні і просьбы лекараў, каб хоць разбаўляў яго або запіваў вадой. Праўда, ніхто не бачыў яго моцна п'яным.

Кароль любіў Гародню. Тут ён, пазбавіўшыся прыдворных уплываў, мог праводзіць самастойную палітыку. Тут ён быў бліжэй да тэатра баявых дзеянняў Лівонскай вайны і ў той жа час не надта аддаляўся ад сталіцы. Налічваюць да 10 прыездаў Стэфана Баторыя ў наш горад. Неаднойчы ён меў збіраў тут войска, адсюль рушыў на пераможныя бітвы з маскоўскім царом Іванам. Стэфан лічыў Гародню наймілейшым горадам "і для часовага жыхарства, і для вечнага спачынку", як ён казаў езуіту Кампані.

Пасля шасці гадоў прабывання на троне Рэчы Паспалітай Баторый стаў адным з найбольш знакамітых манархаў Еўропы, з асобай якога каталіцкі свет звязваў вялікія надзеі. Паходам 1581 - 1582 г. на Пскоў ён аслабіў Маскоўскую дзяржаву, адсунуў яе на ўзбочыну еўрапейскай палітыкі і прыкладна на паўвека даў магчымасць Рэчы Паспалітай праводзіць сваю ўсходнюю палітыку. Без яго, сцвярджаюць, гісторыя Рэчы Паспалітай была бы на некалькі дзесяцігоддзяў карацейшай. Весткі пра караля-ваяра, выдатнага стратэга, рэфарматара арміі пашыралі людзі пяра, яго канцылярысты, "лятучыя лісткі" і ваенныя спецыялісты, якіх прыцягвала яго вайсковая слава.

Баторый пільна сачыў за палітычнымі падзеямі ў Еўропе. Смерць Івана Грознага зноў звярнула яго ўвагу на знясіленую апрычнінай Маскоўскую дзяржаву. Армія Рэчы Паспалітай мела тады перавагу перад рускім войскам ў полі, славілася яе конніца. Кароль Стэфан вырашыў выкарыстаць замяшанне ў Крамлі і нанесці Маскве апошні ўдар, каб потым, забяспечаны з тылу, ударыць на Канстанцінопаль і разбіць небяспечную для ўсяго хрысціянства турэцкую моц, атрымаць для Польшчы доступ да Чорнага мора, а потым аб'яднаць пад сваім скіпетрам падзеленую Венгрыю, вызваліўшы яе ад апякунства Габсбургаў.

На з'ездзе ў Любліне ў жніўні 1584 г. Баторый імкнуўся пераканаць сенатараў у неабходнасці барацьбы за шапку Манамаха. Ён накіраваў у Маскву пасла - мінскага кашталяна Гарабурду - з праектам уніі пад скіпетрам Баторыя. А калі тая не захоча прыстаць, тады нагадаць ёй пра Смаленск і Северскую зямлю. Маскоўскія паслы адмовіліся - дзверы для вайны былі адчыненыя. Але планы караля сустрэлі ў Польшчы апазіцыю. Не падтрымаў яго задумы і папа рымскі Грыгорый ХІІІ, які аднак у красавіку 1585 г. памёр.

Тады Баторый узняў свой дзёрзкі план перад новым папам Сікстам V... і змог прыцягнуць яго на свой бок. Праз папскага нунцыя Вінцэнта Лаурэа ён паведамляў у Рым аб намеры ўдарыць на Смаленск і Маскву. Сікст V паабяцаў 25 тысяч скуда на падтрымку гэтых грандыёзных намераў. Пратэстанты распаўсюджвалі чуткі, што папа выставіў умовай фінансавай дапамогі Баторыю ў вайне з Масквой і Турцыяй знішчэнне пратэстантызму ў Рэчы Паспалітай.

У верасні 1585 г. кароль накіраваўся ў Вялікае княства Літоўскае, спадзеючыся, што ліцвінскія паны лягчэй дадуць схіліць сябе да вайны, чым польскія. 2 лістапада ён быў ужо ў Гародні. Цешыўся новым будынкам на Замкавай гары, з якога адкрываўся маляўнічы від на цёмназялёныя лясы, што шчыльна атулялі горад з усіх бакоў. Тут ён пражыў цэлы год: паляваў, піў, абдумваў і рыхтаваў паход праз Маскву на Стамбул. У Гародні Баторый разгарнуў інтэнсіўную дыпламатычную дзейнасць: вёў шматлікую карэспандэнцыю, падрыхтоўваючы міжнародную глебу для паходу, вёў перамовы з Рымам, Масквой, а таксама з Рыгай, дзе тады абвастрылася каляндарнае пытанне; праз ганцоў падтрымліваў пастаянную сувязь з Кракавам і Вільняй. Раскручваў таксама машыну збору падаткаў.

У жніўні 1586 г. Баторый прымаў у Гародні пасольства рускага цара Фёдара. Пра унію цар гаварыць не хацеў, але дамагаўся толькі працягу мірных перагавораў і то з умовай тэрытарыяльных саступак на карысць Масквы. Гэта было абураючае і нават смешнае жаданне ў момант, калі Масква перажывала ўнутранае перасільванне, а Рэч Паспалітая ўжо ў думках злучала яе з сабой ці то шляхам дамовы, ці то сілай зброі. Перамовы былі перарваны.

Вайна ўжо вісела ў паветры. Значна аслабла апазіцыя батарыянскаму праекту ў Польшчы. Ужо шляхецкія соймікі па ваяводствах схіляліся да падтрымкі задум караля і ўхвалялі ўстанаўленне новага падатку на вайну. Ужо былі абраны дэпутаты, якія спрыялі палітыцы караля, на вальны сойм Рэчы Паспалітай, прызначаны на люты 1587 г. - той сойм павінен быў стаць трыумфам задум Баторыя. Ужо ў Рыме грузілі на падводы абяцаныя грошы... Калі раптам, як гром, разышлося па свеце нечаканае паведамленне, што памёр ініцыятар гэтых смелых планаў. 12 снежня 1586 г. манарх, чые спартанскія звычаі і нявыкарыстаная сіла здзіўлялі акружэнне, чый размах задум і энергія спраў зачароўвалі сучаснікаў, заснуў вечным сном у Гарадзенскім замку. Манарх, які так шмат зрабіў для нашага горада.

Аказваецца, тыя гіганцкія планы строіў чалавек, чыё жалезнае здароўе было міфам і, несумненна, палітычнай каштоўнасцю, ад якога залежала будучыня цэлай дзяржавы.

На самай справе ён усё сваё жыццё пакутаваў. Яшчэ ў маладосці Стэфана ўкусіў сабака, з таго часу ён меў на правай назе, ніжэй калена, пастаянна цякучую рану - эксудат, які ўвесь час дакучаў. Рану прыпальвалі агнём, рабілі кровапусканне, забаранялі спажыванне моцных напояў - нічога не дапамагала. Медыкі Бляндрата і Бучэла вырашылі рану не загойваць, а, наадварот, пашырыць, каб даць выхад "злой матэрыі". На назе ўстанавілі прыстасаванне, якое пастаянна бярэдзіла рану, і, як ні дзіўна, з ім кароль адчуваў сябе лепей.

У спадчыну ад бацькі, які памёр ледзь за 50, Стэфану дастаўся яшчэ адзін дэфект - эпілепсія. Ужо ў Семігараддзі ў яго былі таямнічыя прыступы са стратай прытомнасці. Востры прыступ здарыўся з ім незадоўга да каранацыі. Тыя, хто былі да караля бліжэй, ведалі рэальны стан яго здароўя, заўважалі, як часам ён трывожна бляднеў. Але на паляваннях і войнах ён вёў сябе так, нібыта фізічныя недамаганні яго ніколі не турбавалі. Яго постаць і паводзіны не пакідалі сумневу ў жалезным здароўі.

Прыдворны медык Мікола Бучэла з Падуі, хоць і быў вялікім майстрам лекарскай справы, але, ведаючы стан здароўя свайго пацыента і баючыся адказнасці, у 1583 г. угаварыў Баторыя прыняць на двор вядомага лекара і філосафа Сімона Сімонія з Луккі. Адносіны паміж лекарамі, якія разыходзіліся ў дыягназе і, адпаведна, у метадах лячэння, складваліся па меры змены здароўя караля: пагаршаліся марудна, але безупынна. Бучэла нават хацеў пакінуць двор, але Баторый стрымаў яго наданнем новага маёнтка.

Хоць у лісце падканцлеру Льву Сапегу ад 23 красавіка 1583 г. Баторый пісаў: "Не думаю, што мне дадзена жыцця яшчэ 10 гадоў", ён, відаць, з усіх сіл адганяў думкі аб смерці. У той жа час фатальная хвароба стала істотным рухавіком пачынанняў і планаў Баторыя: ён павінен быў спяшацца, увесь час спяшацца…

Раптоўнае абвастрэнне хваробы наступіла ў час сойма 1585 г., і Стэфан ужо не мог цярпець: кідаўся то ў прыпадкі злосці, то ў апатыю. Нават быў вымушаны пакінуць пасяджэнне сената. Пра гэта даведаўся аўстрыйскі цэзар, які ўтрымліваў шпіёнаў у Рэчы Паспалітай. Пасля сойма лекар Мікола Бучэла выказаў каралю трывогу наконт яго здароўя - каб той меў доўга жыць. Больш смелы маршалак Апалінскі рэзка напомніў манарху, што ён, як чалавек смертны, павінен урэгуляваць справы наследавання і элекцыі.

Кароль, напэўна, прадчуваў свой канец. 12 мая 1585 г. напісаў тэстамент, у якім завяшчаў 96 тысяч злотых Семіграддзю, 30 тысяч - любімай Гародні, 20 тысяч - на шпіталь для старых салдат, закладзены ім у Варшаве. Баторый тады нават на некалькі месяцаў схаваўся ад надакучлівых вачэй у Непаломіцах (на тэрыторыі Польшчы). У канцы лета яму стала лепей, і ён 6 верасня выехаў з Непаломіц праз Корчын-Сандамір-Варшаву ў Гародню, якую ўжо больш не пакідаў.

Тут кароль Стэфан надалей лячыўся, як звычайна, на незлічоных паляваннях ветрам, марозам, ператамленнем, а таксама келіхам віна. Ён гартаваў на тых паляваннях сваё цела і задумы перад гіганцкім паходам, што меў змяніць карту Еўропы. Адно з іх, у лютым 1586 г., ледзь не скончылася трагічна. Пад каралеўскімі санямі праламаўся лёд. Цудам уратаваўся ад смерці. Крыкнуў прыдворным, каб ніхто не смеў рызыкаваць жыццём і ісці яму на дапамогу. Сам поўз па лёдзе да берага, каб той не зламаўся, пагружаючыся ў ледзяную ваду. Зноў зрабіў уражанне чалавека надзвычайнай моцы, спрытнасці, здароўя.

Дні з 25 лістапада па 7-8 снежня 1586 г. (паводле новага календара) былі на Гарадзеншчыне выключна марознымі, ветранымі, імглістымі, і нават мясцовыя жыхары гэта цяжка пераносілі. Але Баторыя непагадзь не пужала. Кожную раніцу, пасля сняданка, нягледзячы на забарону прыдворных лекараў, ён выязджаў на паляванне. Вяртаўся зацемна з закасцянелымі нагамі, прамарожаным целам і ледзь адаграваўся ля агню. 2 снежня выбраўся ў Кундзінскі лес - ў 5-6 мілях ад Гародні - паляваць на дзікоў. 3 снежня выехаў туды ж на світанку і да прыцемкаў забіў да 20 дзікоў. Паляваў і ўвесь дзень 4 снежня.

З апошняга палявання кароль вярнуўся хворы, з ціскам у грудзях і прыступамі задышкі і на наступны дзень застаўся дома. Аднак у нядзелю, 7 снежня, пагрэбаваўшы перасцярогай медыка, зноў сеў на каня і паехаў у Фару Вітаўта на набажэнства. Не ведаў, што сядае на каня апошні раз. З 7 па 12 снежня - гэта ўжо была барацьба са смерцю. Баторый да канца захоўваў надзею на выздараўленне. Але прырода аказалася мацнейшай за жалезную волю караля...

Апоўдні 7 снежня Баторый адчуў сябе дрэнна, адправіў прыдворных з пакоя і сеў за чарговае завяшчанне. Задышку і галаўны боль уціхамірваў віном. Заснуць не змог. Пайшоў у суседні пакой, дзе былі адчынены вокны. Хацеў ахаладзіцца, глытнуць свежага паветра. Але страціў прытомнасць, ўпаў і трохі параніўся - ўдарыўся аб лаву. На грукат прыбег прыдворны. Да ложка кароль вярнуўся сам. Казаць аб начным выпадку забараніў.

У аўторак, 9 снежня, пасля вячэры і змены павязак, Сімоній суцешыў манарха: "Будзь, ваша каралеўская міласць, спакойны, ніякай небяспекі няма". "Добра ведаю, што няма," - нецярпліва парыраваў кароль. Але тут жа аслупянеў, закаціў вочы, пачаў скрыгатаць зубамі. Абодва лекары і прыдворны Францішак Вясельны кінуліся прыводзіць яго ў прытомнасць: пырскалі на твар вадой, тузалі за валасы, нос і пальцы. Адкрыўшы вочы, Стэфан паглядзеў на іх са здзіўленнем. "Радзі Бога, што робіце?" - спытаўся, дыхаючы цяжка і глыбока.

Далей паміж прафесіяналамі не было аднадумства. Яны не маглі згадзіцца ні адносна дыягназу, ні ў метадах лячэння. Прыступы з сутаргамі і стратай прытомнасці, якія паўтараліся, адзін з іх прыпісваў астме, другі - эпілепсіі. Ссылаліся і на віно, якое пацыент пастаянна патрабаваў. Згадзіліся на лекі, якія не маглі пашкодзіць ніводнай з хвароб, - паставілі на плечы п'яўкі.

У перапынках паміж прыступамі кароль адчуваў сябе не блага. Стан яго здароўя медыкі павінны былі трымаць у тайне, і прысутныя ў Гародні сенатары не маглі падумаць нават, што манарх такі дрэнны, хоць і бачылі, што той слабее. 10 снежня ён прыняў кароннага падканцлера і пярэмышльскага біскупа. Назаўтра паклікаў да сябе літоўскага канцлера Астафея Валовіча разам з падканцлерам Львом Сапегам - саноўнікі пакінулі яго з упэўненасцю, што стан каралеўскага здароўя здавальняючы.

12 снежня медыкі заўважылі ў хворага змучаны выгляд і ліхаманкавы няроўны пульс, чаго раней не здаралася. Яго мучыла страшная смага - загадаў прынесці сабе віна. На ўцяшэнне медыкаў адказаў: "Ужо аддаўся ў рукі Бога, падрыхтаваны да смерці, не бярэ мяне яна; раз не гавару, гэта з-за таго, што мне гняце галаву і хацеў бы заснуць". Вырашыў назаўтра спавядацца і прыняць апошняе таінства.

Занепакоеныя прыдворныя, нягледзячы на каралеўскую забарону, паведамілі пра небяспеку абодвум канцлерам. Выкліканыя на крык сенатары прыбылі ў каралеўскія пакоі і пачалі выгаворваць прыдворным за ўтойванне праўды. Тыя не хацелі пусціць прыбыўшых далей, у спальню. А ў гэты час там ужо паміраў Стэфан Баторый. Заліты слязьмі Францішак Вясельны выйшаў да сенатараў і правёў іх да нежывога ўжо караля. Была шостая гадзіна вечара…

Назаўтра паведамленне пра смерць караля, нягледзячы на тое, што гэта ўтойвалі, хутка разышлося па Гародні. Яно зрабіла моцнае ўражанне. З усіх бакоў горада пачалі збягацца да каралеўскай рэзідэнцыі людзі, настойліва дапытваючыся пра праўдзівасць гэтай сумнай навіны.

У розныя канцы краіны пабеглі з Гародні кур'еры з данясеннем аб смерці: да Ганны Ягелонкі, кароннага канцлера і вялікага гетмана Яна Замойскага, да біскупаў і сенатараў. Сенатары, якія знаходзіліся на той час у Гародні, пісалі 13 снежня 1586 г. у Вільню, віленскаму ваяводзе і гетману літоўскаму Крыштафу Радзівілу пра тое, што Бог забраў свайго памазанніка. Не могучы без удзелу іншых сенатараў вырашыць найважнейшыя справы, яны прасілі іх як найхутчэй прыбыць да каралеўскага цела ці хаця б выказаць сваю думку адносна некаторых тэрміновых спраў: выплаты войску, што складалася з вялікай колькасці венграў, надворнаму войску, якога ў Гародні было каля 200 пешых. Венгры пасля смерці Баторыя засталіся як статак без пастыра. Яны пачалі патрабаваць жалавання, каб хутчэй з'ехаць на радзіму.

Тым часам вестка аб смерці разнеслася па ўсёй Рэчы Паспалітай. Было шмат людзей, якія аддавалі справядлівасць Баторыю, разумелі памер панесенай страты і смуткавалі з гэтай нагоды. Ян Замойскі, яго правая рука, пісаў, што ад здароўя манарха залежаў лёс Рэчы Паспалітай. Райнгольд Гейдэнштэйн пісаў: "Заслугі Стэфана Баторыя для Польшчы неацанімыя. Калі б не хуткая смерць, здзейсніліся бы намнога больш вялікія справы, якія ўжо ў думках падрыхтаваў". З'явіліся шматлікія "ляменты" і "льзы" (слёзы) на смерць караля. Але найбольш славілі караля езуіты, якія былі яму шмат чым абавязаны.

Не ўсіх аднак агарнулі смутак і жалоба. Пад канец панавання Баторый не быў любімым і ацэненым усёй шляхтай. Шмат для каго ён быў ненавісным. Незадаволеныя яго праўленнем, пакрыўджаныя цешыліся гэтай смерці. Карыстаючыся бескаралеўем, імкнуліся ўзнагародзіць свае крыўды - ў ход пайшлі пасквілі, вершыкі і ўлёткі, якія ачарнялі гонар і славу нябожчыка.

Яшчэ большае ўражанне выклікала смерць Стэфана Баторыя за мяжой. У Рыме аплаквалі караля, бо з яго смерцю зноў гінула надзея на стварэнне антытурэцкай лігі. "Хрысціянская справа панесла вялікую страту," - пісаў папа да польскіх біскупаў. У адзін дзень Сікст выслаў з Рыму 17 лістоў у розныя бакі свету з інфармацыяй пра смутнае здарэнне. Удаве Стэфана ён паслаў Залатую Ружу - папскі сімвал з Х ці нават VIII стагоддзя. Наколькі папулярным было імя Баторыя за мяжой, сведчыць перадрук пахавальнай прамовы каралеўскага сакратара Крыштафа Варшавіцкага ў шасці гарадах Заходняй Еўропы.

Затое цешыўся аўстрыйскі двор ды лікавала Масква: яна пазбавілася суперніка, які ў хуткім часе збіраўся прывесці яе да пагібелі. "Стэфан Баторый, - пісаў вядомы расійскі гісторык Мікалай Карамзін, - быў адным з найбольш знакамітых манархаў свету, адзін з самых небяспечных ворагаў Расіі, чыя смерць больш нас пацешыла, чым дзяржаве, у якой панаваў, смутку прынесла...".

Так адразу пасля смерці Баторыя адны палітыкі, пісьменнікі і гісторыкі адкрывалі дарогу залатой легендзе, другія - легендзе чорнай.

Хоць блізкае акружэнне караля і ведала пра яго хваробу, але вобраз уладара, моцнага і здаровага, у свядомасці людзей яшчэ доўгі час не даваў многім паверыць у паведамленне аб яго смерці. Як пярун гэта вестка ўдарыла Рэч Паспалітую. Яго раптоўны адыход выклікаў найгоршыя чуткі. Маштабы намераў, энергічныя хады, якія далі яму больш ворагаў, чым прыяцеляў, адразу выклікалі плёткі аб яго атручванні. Успомнілі, што Баторый, хоць і не бярог здароўя, але баяўся атруты, у тым ліку з рук сваёй жонкі. Паўсюдна верылі ў гэту версію. Западозрывалі, што ён атручаны "сіламі пратэстанцкай Еўропы".

Толькі закрыў вочы Баторый, а ўжо над яшчэ непахаваным целам завязалася спрэчка аб прычынах смерці. Прыдворных лекараў абвінавачвалі не толькі ў нядбайным лячэнні, але нават у атручванні караля, нібыта па намове Збароўскіх. Западозрывалі ўсіх з блізкага акружэння нябожчыка. Вясельнага і наогул абвінавацілі ў тым, што не дапускаў прыдворных і сенатараў да каралеўскай асобы і што менавіта ён прычыніўся да смерці. Найбольш абвінавачвалі Сімонія, які, маўляў, сваёй лекарскай няздольнасцю загубіў манарха. Той хацеў выступіць на канвакацыйным сойме з апраўданнем, але яму не далі слова. Тады па парадзе літоўскага надворнага маршалка А. Радзівіла ён апублікаваў брашуру, у якой апісаў хваробу караля і яго апошнія хвіліны.

З трактоўкамі Сімонія не мог згадзіцца другі каралеўскі лекар, Мікола Бучэла, абвінавачаны ім ў няправільным лячэнні каранаванага пацыента. У сваю чаргу Бучэла ўсклаў усю віну на свайго калегу. Даўняя тайная ўзаемная непрыязнь, якая зыходзіла са спаборніцтва за ласкі і першынство ў манарха, знайшла цяпер шырокі выхад. Спрэчкі і падазрэнні пашыраліся. Для скідвання з сябе віны каралеўскай смерці медыкі не ашчаджалі адзін другога закідамі. Палеміка расцягнулася на 3 гады і вылілася на 1000 друкаваных старонак паперы. Так што апісанне хваробы Баторыя атрымалася вялікім, праўда, каламутным, і, хоць з'яўляецца важнай гістарычнай крыніцай, аднак на прычыну смерці святла не праліў.

Дзеля высвятлення ісціны, праз некалькі дзён пасля смерці, пасля адпаведных песень, заклінанняў і піцця віна, цела нябожчыка анатаміравалі. Прысутныя пры гэтым лекары Якуб Гаслаўскі і Мікола Бучэла выявілі, што Баторый "меў ныркі надта вялікія, як валовыя". Але і пратакол ускрыцця не высветліў цалкам прычыну смерці, бо яно было зроблена хутчэй у мэтах бальзаміравання, чым у навуковых мэтах.

Скрозь стагоддзі дайшлі да нас тры версіі прычыны смерці Стэфана Баторыя: прыступ сэрца, атрута або урэмія. Дапускаюць і сіфіліс, што аднак для аднаго з найбольш сексуальна стрыманых уладароў Рэчы Паспалітай было бы горкай іроніяй лёсу і гісторыі. Паводле меркаванняў большасці медыкаў, і праз стагоддзі даследуючых праявы хваробы караля, гэтак жа адпадае і хвароба сэрца.

Ці смерць выклікана натуральнымі прычынамі, ці гэта забойства - адно з важнейшых пытанняў нашай гісторыі. Вось ўжо пятае стагоддзе трымаецца ўпартае падазрэнне, што кароль, апроч астатняга, быў атручаны. Ён памёр без споведзі і прычашчэння, бо не адчуваў сябе смяртэльна хворым. Яго згубіла не хвароба, але атрута, якую ён адчуў запозна і ўжо не меў часу падрыхтавацца да смерці па-хрысціянску. Усе сучаснікі Баторыя пішуць пра яго смерць як нечаканую, раптоўную.

Урач і гісторык-аматар Ц. Шэўрынг сабраў 13 прыкмет, якія сведчаць пра атручванне Баторыя па заказу магутных пратэстанцкіх колаў, што баяліся ўзмацнення каталіцызму пасля заваёвы ім Расіі. Дасягаючы сваёй палітычнай мэты, як сцвярджае даследчык, Баторый - хацеў ён таго ці не - натрапіў на барацьбу гігантаў. Спачатку меў зваду з Габсбургамі, якія карысталіся падтрымкай рымскага папы Грыгорыя ХІІІ. Калі быў абраны каралём, яго галоўным праціўнікам стала Масква. Патэнцыйнай пагрозай для Рэчы Паспалітай была і Турцыя. Кароль Стэфан, на думку Шэўпынга, заплаціў жыццём за тое, што ўмацаваў свае пазіцыі ва ўнутранай палітыцы, а пазіцыі Рэчы Паспалітай - на міжнароднай арэне. Магутны ўладар, ініцыятар і арганізатар плана "праз Маскву на Царград", ён памёр напярэдадні ажыццяўлення вялікіх планаў, сярод ваеннай падрыхтоўкі, сярод разбуджаных самых смелых надзей. Польскія гісторыкі згаджаюцца, што гэта смерць была надта важнай падзеяй, ударам для народа. Калі б Баторыя не атруцілі, Рэч Паспалітая вырасла бы ў магутную дзяржаву і, напэўна, змагла бы ў наступных пакаленнях абараніцца перад паражэннем, якія на яе абрынуліся.

Так, Баторый меў шмат ворагаў, але прычынай яго заўчаснай смерці, хутчэй за ўсё, была урэмія. Ён не быў такім геркулесам, за якога сябе выдаваў. Умеў толькі сапраўды па-мужчынску пераносіць пакуты і таіць іх перад людзьмі. Ён сам неасцярожна прыспешваў смерць: мёрз і ператамляўся на паляваннях, лячыўся моцным напоем.

Вынікі анатаміравання, дакладна апісанага ў снежні 1586 г. і прааналізаванага кракаўскімі прафесарамі медыцыны ў 1934 г., не пакідаюць сумневу: ныркі. Яго арганізм не змог справіцца з атрутнымі і не выдзеляемымі прадуктамі абмену рэчываў. Баторыя забіла віно, моцнае венгерскае віно, ад якога, нягледзячы на перасцярогі прыдворных лекараў, ён так і не змог адрачыся. 51 бочка з венгерскім віном была знойдзена пасля смерці караля ў склепах гарадзенскага замку.

Цела Баторыя доўга спачывала ў Гародні, дзе ён завяшчаў сябе пахаваць. У Рэчы Паспалітай існаваў арыгінальны і не менш красамоўны звычай. Публічным коштам хавалі толькі тых манархаў, якіх шляхта прызнавала заслужанымі для краіны. Пахаванне іншых аплочвалі спадкаёмцы з прыватнага скарбу роду. Стэфана пахавалі за публічны кошт. Пачаўся збор грошай на пабудову капліцы, якая была бы дастойнай для вечнага захавання цела такога выдатнага манарха. Капліца Стэфана паўстала на Вавелі ў Кракаве.

23 мая 1588 г., у час каранацыйнага сойма Жыгімонта ІІІ, у Кракаве адбылося ўрачыстае перазахаванне астанкаў Баторыя. Паўтара гады чакання далі гісторыку-медыку Ц. Шэурынгу падставу сцвярджаць, што такім чынам - каб цела добра прагніло - хацелі схаваць сляды атруты.

Да 29 красавіка ў Гародню з'ехалася вялікая колькасць польскіх і ліцвінскіх сенатараў і ўраднікаў, прызначаных або запрошаных новым каралём на тую сумную ўрачыстасць. Наднёманскі люд развітваўся ў гэты дзень са сваім дастойным жыхаром і апекуном. Пасля жалобнага набажэнства памясцілі труну на пахавальныя дрогі і прыкрылі аксамітным пакрывалам з срэбна-белым крыжом пасярэдзіне. Усе цэрквы жалобна білі ў званы. Працэсія рушыла праз мост на Нёмане з Гародні на стары тракт, які вёў да Варшавы.

Картэж адкрывала вялікая працэсія з духавенства ў белых комжах і беднякоў, апранутых у чорныя раздадзеныя ім накідкі, з запаленымі свечкамі ў руках. Потым на конях ехалі два харунжыя са сцягамі: каронным і літоўскім. За імі - рыцары, якія везлі зброю караля. Далей вялі яго каня, пакрытага чорным сукном з трызубным родавым гербам Баторыяў. Перад самым целам ехалі тры ваяводы, якія везлі карону і іншыя знакі каралеўскай годнасці. Далей - некалькі коней, накрытых пакрываламі з каралеўскімі гербамі, цягнулі катафалк. 12 прыбліжаных караля, аднолькава апранутых, ішлі з абодвух бакоў жалобнага возу, трымаючы ў адной руцэ аксаміт, якія прыкрываў труну, у другой - запаленую свечку. Потым ішлі іншыя прыбліжаныя са свечкамі. Сенатары, шляхта, мяшчане замыкалі жалобны картэж.

Калі пахавальнае шэсце апынулася за горадам, усе, хто павінен быў прыняць удзел у пахавальнай цырымоніі ў Кракаве, селі на коней і павозкі і падаліся ў далёкую дарогу... Больш трох тыдняў працягвалася тое апошняе падарожжа Баторыя па зямлі беларускай і польскай. 3 дні потым доўжыліся пахавальныя ўрачыстасці ў Кракаве.

11 кароткіх, але інтэнсіўных гадоў панавання Баторыя моцна адбілася ў свядомасці народаў Рэчы Паспалітай, Венгрыі і ўсёй Еўропы. Яго палітыка паказала ліцвінска-польскай шляхце і Еўропе, на што здольная Рэч Паспалітая, хоць гэта была мяжа фінансавай і вайсковай магутнасці дзяржавы. Кароль стрымаў развіццё Расіі, зламаў яе растучую моц, што дазволіла ўтрымаць дзяржаўныя пазіцыі Рэчы Паспалітай і павялічыць яе бяспеку ў Еўропе.

З часам гэты кароль стаў сімвалам моцы Рэчы Паспалітай. Калі дзяржава пачала хіліцца да заняпаду, успамін аб энергічным манарху стаў для народа дарагім, а памяць пра яго паходы амаль святой. У ХVІІІ ст. з'явілася легенда пра астатняга караля-рэфарматара, які змог стварыць моцную дзяржаву і стрымаць яе ўнутраны распад.

"Стэфан Баторый перамог Івана Грознага: Памятай сваю гісторыю," - такі надпіс на гіганцкім плакаце, убачаны мной аднойчы ў цэнтры Варшавы, фарміруе гістарычную свядомасць сучаснага пакалення палякаў. А што ведаюць пра Баторыя сённяшнія беларусы?


Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Besała J. Stefan Batory. - Warszawa, 1992.

2. Grzybowski S. Król i kanclerz. - Kraków, 1998.

3. Jankowski T. Smierć Stefana Batorego w Grodnie. - Grodno, 1930.

4. Jasienica P. Ostatnia z rodu. - Warszawa, 1998.

5. Onesyfor Dziewoczka // Polski słownik biograficzny. - T. XXIV. - Wrocław-Warszawa-Kraków, 1979. - S. 64 - 65.

6. Scheuring Z., dr. medycyny. Czy królobojstwo? Krytyczne studium o śmierci króla Stefana Batorego. - Londyn, 1964.

7. 100 postaci które miały największy wpływ na dzieje Polski / Konrad T. Naylor. - Londyn, 1996. - S. 139-144.

8. Wielka Historia Polski. - T. 4: Dzieje Polski i Litwy (1506-1648). - Kraków, 2000.

9. Ziembicki W. Ostatnie łowy Batorego: W 350 rocznica zgonu wielkiego króla (grudzień 1586 - grudzień 1936). - Lwów, 1937.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX