Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Супраціў дэмантажу уніяцкай царквы на Гродзеншчыне ў 30-60-я г. XIX ст. 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 26-05-2012,
Крыніца: Марозава С.В. Супраціў дэмантажу уніяцкай царквы на Гродзеншчыне ў 30 - 60-я г. XIX ст. // 60-летие образования Гродненской области: Материалы Междунар. науч. конф., 3-4 марта 2004 г., Гродно 2004. С. 53-58.



Для беларускай гістарыяграфіі Берасцейская царкоўная унія - праблема асаблівага рангу. Стагоддзі палемікі так і не прывялі да кансэнсусу адносна гэтай старонкі нашай гісторыі. Пры вялікім корпусе літаратурыі апублікаваных крыніц у данай праблеме яшчэ шмат непаразуменняў і супярэчнасцяў навуковага характару. А такі яе аспект, як адносіны беларускіх уніятаў да дэмантажу сваёй царквы, наогул застаецца малавядомай старонкай нашай мінуўшчыны.

Афіцыйная гістарыяграфія Расійскай імперыі, падводзячы «навуковы грунт» пад дэнансацыю акта уніі, выкрэслівала грэка-каталіцкую веру з сэрца і памяці тутэйшага люду ды яшчэ выпрацоўвала ў «восоединенных» пачуццё ўдзячнасці за знішчэнне іх царквы. Савецкая навука, з яе адмаўленнем усякай рэлігіі, прадоўжыла традыцыю дыскрэдытацыі уніі, а пра яе скасаванне і наогул лічыла за лепшае маўчаць. Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў канцы ХІХ - першай трэці ХХ ст. канстатавалі факт супраціву дэунізацыі, але спецыяльных даследаванняў у гэтай галіне не праводзілі. Між тым шматлікія дакументы, выяўленыя аўтарам у архівах і рукапісных аддзелах бібіліятэк Беларусі, Літвы, Расіі і Польшчы, наводзяць на думку аб неабходнасці перагледзець гістарыяграфічную традыцыю, якая сцвярджала аб масавым добраахвотным адыходзе беларускіх уніятаў ад сваёй веры.

Погляды, звычаі і нахілы, выпрацаваныя за два з паловай стагоддзі уніяцтвам у царкоўна-рэлігійным жыцці і культурна-бытавой сферы, увайшлі ў свядомасць многіх пакаленняў, сталі іх патрэбай. «Уз'яднанне» 1839 г. змяніла не толькі рэлігію, але парушыла звычайную размераную хаду сялянскага жыцця: пацягнула за сабой адмену іх святаў, абрадаў, рытуалаў, іх мовы ў храме; адбілася на царкоўным праве; абярнулася асабістымі і сацыяльна-грамадскімі трагедыямі, узбударажыла народ. Так доўга выхаваны пад уплывам уніяцтва, ён не мог раптоўна кінуць ранейшыя сімпатыі, змяніць звычкі і хутка прывыкнуць да каштоўнасцяў, што яму навязваліся. У гэты час унія трымалася на аўтарытэце духавенства і народным традыцыяналізме. Асабліва нялёгка было пераадолець гэты царкоўна-гістарычны рубеж старэйшаму пакаленню і тым вернікам, якія лічылі уніяцтва сваёй рэлігіяй і не бачылі патрэбы яе мяняць. Зламаць гэту агромністую культурную сілу і рэлігійную традыцыю, пранізаўшую

многія сферы людскога жыцця, было нялёгка, нават складаней, чым задушыць паўстанне. Таму на іх знішчэнне была накіравана ўся сістэма царскай улады: суд, Сінод, мясцовая адміністрацыя, паліцыя, часам у ход ішло войска.

У экстрэмальнай сітуацыі шматгадовай неабвешчанай вайны супраць іх веры, адзіным злачынствам якой было тое, што яна разыходзілася з казённым праваслаўем, уніяцкая супольнасць (сялянства, духавенства, шляхта) кансалідуецца, мабілізуе сілы самазахавання. Найбольш паслядоўнымі барацьбітамі за унію былі прыходскія святары. Духавенства, больш адукаванае, адданае сваёй справе, узначальвала сялянскія масы. На абарону уніі выступіла шляхта - людзі адукаваныя, сацыяльна актыўныя, найбольш апазіцыйнае тады саслоўе, доля якой сярод уніяцкага насельніцтва ўсходу Беларусі была большай, чым на захадзе. Гэты фактарам можна растлумачыць большую моц і маштабнасць антыўз'яднаўчага руху ў Беларускай епархіі як па колькасці барацьбітоў, так і па ўдзелу ў ім людзей таленавітых і ўплывовых [1, с. 126]. Тон задавалі буйныя ўплывовыя паны з сувязямі, якія «мелі больш сілы і сродкаў для ўпартасці». Яны, як правіла, тайна стымулявалі і падтрымлівалі сялян, гараджан і духавенства ў іх супраціве палітыцы дэунізацыі. На Беларусі зусім рэальнай была магчымасць арганізаванага супраціву, узначаленага шляхтай. Хваляванні ва уніяцкіх прыходах намагаліся пагасіць «вразумлениями» сялян духавенствам, земскімі чыноўнікамі, губернатарам. У ход ішлі запалохванне і пагрозы, матэрыяльныя пакаранні, турэмнае зняволенне. Калі гэта не дапамагала, супраціў уніятаў знішчалі з дапамогай паліцыі і войска. Заўсёды ў такіх выпадках шукалі падбухторшчыкаў - людзей больш высокага сацыяльнага статусу, рангу і адукацыі (паноў, адміністрацыю маёнткаў, грамадзянскае начальства, духавенства), якіх імкнуліся нейтралізаваць, аддаліць ад народа, пазбавіць уплыву на сялян шляхам паніжэння або зняцця з пасады, заменай «добранадзейнымі» людзьмі, часовым выдаленнем і дэпартацыяй.

Да 1839 г. Гродзенская губерня лідзіравала на Беларусі па колькасці прыхільнікаў уніяцкага веравызнання. Паводле тагачаснай статыстыкі, у 1833 г. іх тут жыло 472 тыс. чалавек (пры агульнай колькасці насельніцтва 783 тыс. у 1835 г.). Для параўнання: у Мінскай губерні тады было 376 тыс. уніятаў, Віцебскай - 273 тыс., Магілёўскай - 228 тыс. 99 % уніятаў Гродзеншчыны і Брэстчыны - гэта сяляне [2, с. 97-100]. У 1827 г. на тэрыторыі губерні дзейнічала 279 храмаў гэтай канфесіі і 20 базыльянскіх манастыроў [3, с. 43-63].

У 1833 г. пачынаецца чарговы, на гэты раз апошні, наступ на уніяцкую царкву, справакаваны актыўнай дапамогай яе духавенства паўстанцам 1830-1831 г. Быў узяты ўрадавы курс на яе збліжэнне з праваслаўем праз рэфармаванне. У 1834-1838 г. па ўсёй Беларусі праводзілася санкцыянаваная Пецярбургам кампанія па ачышчэнню уніяцкай абраднасці і інтэр'ера храма ад лацінскіх запазычанняў і замене богаслужэбных кніг. Яна паставіла духавенства перад неабходнасцю лавіраваць паміж вернасцю уніі і націскам улад і нарадзіла розныя метады супраціву: ад зваротаў да імператара да непадпарадкавання загадам аб новаўвядзеннях.

Распаўсюджанай формай абароны сваёй веры ў тых умовах сталі калектыўныя і індывідуальныя пратэсты на адрас вышэйшых уладаў. Ці не самымі першымі заявілі аб сваёй нязгодзе з гэтай рэформай 57 святароў Наваградскага павета. 2 красавіка 1834 г., у час наведвання літоўскім епіскапам Іосіфам Сямашкай Наваградка, ад іх імя яму было пададзена прашэнне аб звальненні ад ужывання ў набажэнстве служэбніка маскоўскай сінадальнай друкарні. Улады тлумачылі такога роду заявы і пратэсты нечымі «інтрыгамі», шукалі зачыншчыкаў. Падпісантаў прымушалі маўчаць высылкай, дэпартацыяй, зняволеннем. «Вінаватымі» ў данным выпадку былі прызнаны святары Адам Плаўскі, Іпацій Дылеўскі і Антон Гарбацэвіч. Наваградскіх святароў, якія адмовіліся на патрабаванне літоўскага епіскапа адклікаць свой ліст, на год упяклі ў манастыры «на пакуту» [4, с. 117]. Пад цяжарам рэпрэсій папы і парафіяне адзін за другім пачыналі здавацца і выяўляць сваю пакорнасць уладам. Пісьмовыя пратэсты поспеху не прынеслі.

Масавы характар набыло непадпарадкаванне шараговага духавенства свайму схільнаму да перамены веры начальству. Адукаваны, «фанатычна адданы свайму абраду... і любімы чэрню» астрынскі святар В.Жэромскі «смела працівіцца епіскапу, пры ўсіх яго пагрозах, што датычыць новага ўладкавання царквы», а гэта «чэрнь» - прыхаджане Ракавіч і Астрына (Лідскі павет), дзе духавенства больш адукаванае, моцна гневаецца з нагоды любых перамен у храме [5, с. 5]. Сотні перакананых у праваце сваёй веры беларускіх святароў, чый аўтарытэт жывіў апазіцыйныя настроі народа, сурова заплацілі за свой уніяцка-папоўскі патрыятызм.

Між тым махавік далучэнняў раскручваўся ўсё мацней. Падпарадкаванне ў 1837 г. уніяцкай царквы обер-пракурору Сінода азначала яе хуткі фінал. Насельніцтву было даведзена, што палітыку дэунізацыі праводзіць урад. Раней супраціўляліся свайму уніяцкаму начальству, цяпер усялякі супраціў разглядаўся як супраціў ураду. У тым жа годзе Сямашка ініцыяваў падпісанне духавенствам фармальнага акта згоды далучыцца да праваслаўя, калі на тое «последует высочайшая воля». Ён павінен быў стварыць уражанне добраахвотнасці далучэння. Збор подпісаў вёўся больш за год індывідуальным спосабам, каб лягчэй уздзейнічаць на святароў, большасць якіх напачатку адмовілася падпісацца «на здраду грэка-уніяцкага нашага спавядання, якога дагматы не толькі прыродай, але нават і клятвай абавязаны суць захоўваць цэла і непарушна да канца жыцця нашага» [6, с. 145-146]. Адны адкрыта абураліся, другія, выдумляючы розныя прычыны, ухіляліся.

Супраць «адмаўленцаў» пачаліся рэпрэсіі. Застрашаныя іх доляй, звязаныя сям'ёй, не маючы ніадкуль аніякай падтрымкі, апынуўшыся самнасам са сваім епіскапам-здраднікам, святары ламаліся і «добраахвотна» давалі вымагальнікам свой подпіс. Было назбірана 1 305 подпісаў. 593 адважныя святары, не зважаючы на пагрозы, адмовіліся іх даць [7, с. 89]. Са 170 базыльян Літоўскай правінцыі падпіскі далі толькі 66 [8, с. 236].

Факт «уз'яднання» уніятаў, ажыццёўлены 12 лютага 1839 г. Полацкім саборам, некалькі месяцаў хавалі ад народа. У Пецярбургу ўсур'ёз баяліся ўзброенага супраціву. Належная шматгадовая падрыхтоўка да адмены уніі, увод войскаў у найбольш «выбухованебяспечныя» населеныя пункты на ўсходзе Беларусі далі свой плён: 1839 год прайшоў адносна спакойна. Беларусь яшчэ не ведала такога маштабнага адначасовага і радыкальнага перакройвання яе канфесійнай карты. За няпоўныя 2 месяцы ў праваслаўе было афіцыйна перапісана 1,5 млн уніятаў, аб'яднаных у каля 1 470 парафіях [9, с. 89]. Іх жаданне далучыцца да пануючай веры зусім не лічылася абавязковай умовай пераварочвання. Супрацьстаяць палітыцы царызму і здрадзе вышэйшага духавенства, якія не грэбавалі сілавымі метадамі ў вырашэнні канфесійнай праблемы, беднае і слабаадукаванае духавенства, непісьменнае, не разумеўшае палітычнага аспекту акцыі, забітае прыгонам сялянства, дробная шляхта і гараджане, пазбаўленыя падтрымкі сваёй дзяржавы, ды і самой дзяржавы, не змаглі. Ліквідацыя ўніяцкай царквы на захадзе Беларусі прайшла лягчэй, чым на ўсходзе, хоць польска-каталіцкі ўплыў там быў больш моцны. Значыць, справа не ў ім. Гэтаму парадоксу беларуская гістарыяграфія яшчэ не дала пераканаўчага тлумачэння.

Вайна самаўладдзя з уніяй 1839 годам не завяршылася. Яму спатрэбілася яшчэ не адно дзесяцігоддзе, каб знішчыць уніяцкі дух народа, які падтрымлівалі апранутыя ў праваслаўныя рызы былыя уніяцкія святары, што працягвалі цягнуцца да афіцыйна пакінутай веры. Забароненая Сінодам, яна стала для многіх яшчэ больш дарагой. З'явіліся новая катэгорыя вернікаў - «тайныя» уніяты, а таксама нямала тайных прыходаў, якія скрытна ад улад вызнавалі ганімую веру, прыкідваючыся лаяльнымі да праваслаўя. Схільнасць да яе ў сярэдзіне ХІХ ст. больш моцна захоўвалася ў заходніх раёнах Беларусі [10, с. 82]. Даследчыкі тых падзей трапляюць на яшчэ адну неразгаданую загадку: на беларускім захадзе, які лягчэй, чым усход, даў схіліць сябе да афіцыйнага скасавання ўніі, перажыткі гэтай веры аказаліся больш жывучымі.

Вынішчаючы рэшткі уніі, улады шукалі спосабы ўтрымаць яе спаведнікаў у праваслаўі, масавая абыякавасць і халоднасць да якога была відавочнай. Па словах віленскага генерал-губернатара Ф.Мірковіча (1841 г.), нагляд за справамі «новадалучанай царквы» ў Гродзенскай і Мінскай губернях павінен быць больш пільным, чым у іншых месцах даверанага яму краю [11, с. 334]. У сваім рапарце на імя обер-пракурора Сінода ў 1853 г. Сямашка пісаў, што не трэба забывацца, што ўсе праваслаўныя ў заходніх раёнах Беларусі «свежага перавароту» і пры першай жа магчымасці хутчэй, чым дзе яшчэ, адарваліся б ад усходняй царквы і ад рускай народнасці, бо «яшчэ стала жыве на Літве пачуццё іншай веры і іншай народнасці» [12, с. 1063]. Нават Мураўёў «Вешальнік» не мог даць рады. На яго пытанне да царкоўных іерархаў, як утрымаць новых спаведнікаў у праваслаўі, віленскі архімандрыт Макарый (Булгакаў) адказаў: «Чыноўнікі іх наварочвалі на праваслаўе, дык няхай яны знойдуць спосаб іх утрымаць» [13, с. 174]. Калі не дзейнічалі настаўленні на розум, то падахвочвалі паліцэйскімі мерамі. «Адпадзенне» ад праваслаўя разглядалася як злачынства супраць веры і каралася ў судовым парадку. Але ў пагоні за колькасцю пануючая вера губляла на якасці сваёй паствы.

Уступленне на трон Аляксандра ІІ дало мясцоваму сялянству і шляхце ілюзорнае спадзяванне на адмену «варварскіх» указаў Мікалая І адносна іх веры. У 1856-1860 г. па Беларусі пракацілася хваля легалізацыі і актывізацыі тайных спаведнікаў уніі. Тады «отпали в унию» і больш ста сялян мястэчка Поразава Ваўкавыскага павета. Іх «всекли в православие». Узброеная зграя салдат і паліцэйскіх напала на вёску і без суда і следства вылупцавала ўсіх [14, с. 1064-1066]. Людзей секлі розгамі да таго часу, пакуль мучанік не згаджаўся прыняць прычасце ад праваслаўнага папа. Гэты эксцэс атрымаў міжнародны рэзананс, а рускі дэмакрат А.І.Герцэн у сувязі з ім увёў ва ўжытак новае паняцце - «секущее православие» [15, с. 176-177]. Такі ж лёс напаткаў і жыхароў Кляшчэль (Гродзенская губ.), якія пажадалі вярнуцца ва уніяцтва. У кожным такім выпадку на сялян і духавенства абрушваліся рэпрэсіі. Тады ж замыкалі суседнія кляштары, касцёлы, капліцы. А кожны уніяцкі поп ведаў: калі ён ахрысціць дзіця ці павянчае тайных уніятаў, нішто яго не ўратуе ад Сібіры. У чэрвені 1862 г. з Вільні да папы рымскага пайшла просьба заступіцца за ганімых «літоўскіх» і беларускіх уніятаў [16, с. 1061-1073].

Настальгія па уніяцтву ў розных формах давала аб сабе знаць на Гродзеншчыне аж да пачатку XX ст. Так, яго традыцыі жылі ў вёсцы Трашчычы Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён), у праваслаўнай сям'і Харошкаў (Гарошкаў). Асабліва захоўваў традыцыі «старой» веры дзед. Ён прытрымліваўся яе абрадаў, спяваў уніяцкія песні [17, с. 68]. Аддаленай рэакцыяй на скасаванне уніі стаў масавы пераход нашчадкаў беларускіх уніятаў у рыма-каталіцызм пасля маніфеста 17 кастрычніка 1905 г., які абвясціў свабоду веравызнання. Праваслаўную царкву заходніх губерняў імперыі ахапіў тады крызіс - паства дзесяткамі тысяч пакідала яе.


Спіс літаратуры

1. Киприанович Г.Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского и воссоединение западно-русских униатов с православною церковию в 1839 г. - Вильна, 1893.

2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. Ф. 14, воп. 1, спр. 639.

3. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў ў Санкт-Пецярбургу. Ф. 824, воп. 1, спр. 78.

4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1297, воп. 1, спр. 7815.

5. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 695.

6. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1297, воп. 1, спр. 11116.

7. Dylągowa H. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918). - Warszawa-Olsztyn, 1996.

8. Извеков П.Д. Исторический очерк состояния православной церкви в Литовской епархии за время с 1839 по 1889 г. - М., 1899.

9. Dylągowa H. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918). - Warszawa-Olsztyn, 1996.

10. Брэсцкай царкоўнай уніі - 400: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі / Рэд. А.А.Акінчыц. - Брэст, 1997.

11. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1297, воп. 1, спр. 11116.

12. Рукапісны аддзел Бібліятэкі Асалінскіх у Вроцлаве. Спр. 6854/ІІ.

13. Гарошка Л. Пад знакам «рускае і польскае веры» // Спадчына. - 2000. - № 1. - С. 142-199.

14. Рукапісны аддзел Бібліятэкі Асалінскіх у Вроцлаве. Спр. 6854/ІІ.

15. Герцен А.И. Секущее православие // А.И.Герцен об атеизме, религии и церкви / Под ред. А.Ф.Смирнова. - М., 1976. - С. 176-177.

16. Рукапісны аддзел Бібліятэкі Асалінскіх у Вроцлаве. Спр. 6854/ІІ.

17. Барыс С. Слова пра айца Льва Гарошку // Беларускі гістарычны часопіс. - 1996. - № 3. - С. 68-72.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX