Вярнуцца: Марозава С.В.

Злом царкоўна-рэлігійнай спадчыны Рэчы Паспалітай у найноўшай беларускай гістарыяграфіі (2000-я гады)


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 22-06-2012,
Крыніца: Марозава, С.В. Злом царкоўна-рэлігійнай спадчыны Рэчы Паспалітай у найноўшай беларускай гістарыяграфіі (2000-я гады) / С.В. Марозава // История Польши в историографической традиции XIX - начала XXI вв.: материалы международной научной конференции (Гродно, 29 - 30 октября 2009 г.) / ГрГУ нм. Я.Купалы; под об. ред Т.Т. Кручковского. - Гродно: ГрГУ, 2011. - С. 214 - 221.



С. В. Марозава, Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы

Даецца агляд трактовак сучаснымі айчыннымі спецыялістамі ў галіне канфесійнай гісторыі Беларусі канца XVIII - пачатку XX ст. працэса перакройвання царскай уладай канфесійнай карты Беларусі, якая дасталася ў спадчыну ад Рэчы Паспалітай, i яе адаптацыі да расійскіх традыцый царкоўна-рэлігійнага жыцця i тагачаснай дзяржаўнай ідэалогіі.

Знаёмства з навуковай літаратурай сведчыць, што ў апошняе дзесяцігоддзе (2000-я г.) канфесійная гісторыя Беларусі канца XVIII - пачатку XX ст. прыцягвала значную ўвагу беларускай гістарыяграфіі. Ёй прысвяцілі спецыяльныя дысертацыйныя даследаванні і/або манаграфіі A. М. Філатава [10], I. Г. Ганчарук [4], В. В. Яноўская [12], A. I. Ганчар [2; 3], В. М. Лінкевіч [5], А. Ю. Бачышча [1]. Гэты перыяд царкоўна-рэлігійнай гісторыі Беларусі разглядаецца таксама асобным пытаннем у дысертацыях і/або манаграфіях С. В. Марозавай [7], A. А. Сушы [9], М. А. Папова [8], Д. В. Лісейчыкава [6] i іншых. Розным аспектам гэтай складаемай гістарычнага працэса прысвечаны шматлікія артыкулы, якія выйшлі з-пад пяра сучасных беларускіх даследчыкаў розных пакаленняў.

Канфесійная гісторыя Беларусі канца XVIII - пачатку XX ст. з'яўлялася прадметам абмеркавання на шматлікіх науковых канферэнцыях, якія прайшлі ў навуковых i навучальных цэнтрах наша й краіны i - з удзелам беларускіх гісторыкаў - за мяжой. Некаторыя з гэтых канферэнцый сталі серыйнымі ("Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа" - праводзіць Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы; "Рэлігія i грамадства: актуальныя праблемы свабоды сумлення" - праводзіць Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя A. А. Куляшова; i інш.). Так, у 2009 г. у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшоў круглы стол, прысвечаны Полацкаму царкоўнаму сабору [11].

Кожнаму з этапаў канфесійнай гісторыі Беларусі, якія ў цэлым супадаюць з агульнай перыядызацыяй айчыннай гісторыі, уласціва сваё зместавае напаўненне. Асноўным зместам перыяду канца XVIII - пачатку XX ст. нам уяўляецца злом царкоўна-рэлігйнай спадчыны Рэчы Паспалітай, перакройванне канфесійнай карты Беларусі, трансфармацыя канфесійнай структуры беларускага грамадства. У гэты час адбылася змена суадносін асноўных плыняў хрысціянства. Яна выразілася ў звужэнні сферы ўплыву, рэфармаванні i ліквідацыі уніяцкай царквы (канец XVIII - 1839 г.), ганенні на рымска-каталіцкі касцёл (другая палова XIX ст.), пашырэнні сферы ўплыву праваслаўя (з 1830-х г. i асабліва з 1860-х г.). Як трактуюцца гэтыя з'явы i працэсы ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі?

A. М. Філатава ў сваёй манаграфіі "Конфессиональная политика царского правительства в Беларуси. 1772 - 1860 гг." сцвярджае, што асноўнымі напрамкамі гэтай палітыкі адносна хрысціянскіх i нехрысціянскіх канфесій былі уніфікацыя царкоўнага кіраўніцтва i структур канфесій, умацаванне статуса праваслаўнай царквы, заканадаўчае афармленне міжканфесійных адносін [10].

Даследчыца выдзяляе тры этапы эвалюцыі дзяржаўнай канфесійнай палітыкі, характэрныя для гэтага часу: 1772 - 1796 г., 1797 - 1825 г., 1826 - 1860 г.

Для першага перыяду характэрны вывучэнне структур канфесій, стану царкоўнай маёмасці, адукаванасці духавенства i інш. Па меры далучэння да Расійскай імперыі новых тэрыторый пры падзелах Рэчы Паспалітай узмацняецца імкненне царскага ўраду да знішчэння старых царкоўных структур i стварэння новых. Аднак распрацоўваючы ідэалогію стварэння новых органаў па кіраванню канфесіямі, урад практычна не ўмешваўся ў ix унутранае жыццё.

Другі перыяд стаў пераходным ад тэарэтычнага асэнсавання рашэння канфесійных праблем да пачатку ix практычнай рэалізацыі. Урадавую палітыку гэтага часу A. М. Філатава характарызуе як крайне непаслядоўную: мелі месца асобныя змены ў кіраўніцтве канфесіямі i ix царкоўных структурах, але гэты працэс не быў завершаны. Урад практычна працягваў палітыку неўмяшання ў канфесійнае жыццё губерняў, рэагуючы ўказамі толькі па спрэчных міжканфесійных пытаннях.

На трэцім этапе адбылося завяршэнне працэса стварэння кіруючых органаў канфесій i уніфікацыі царкоўных структур па ўзору праваслаўнай царквы. Даследчыца адзначае працэс зрошчвання духоўнай i дзяржаўнай улады на месцах, калі ўсе жыццёва важныя пытанні канфесій былі пастаўлены ў залежнасць ад згоды праваслаўнага архіерэя i губернскіх улад. На першае месца ва ўрадавай палітыцы ў гэты час выходзіць накірунак па ўмацаванню пазіцый праваслаўнай царквы. Дзеля ўстанаўлення фактычна пануючага становішча праваслаўнай царквы ўрад ідзе на ліквідацыю уніяцкай царквы.

Палітыку самаўладдзя адносна каталіцкай царквы на працягу 1772 - 1860 г. A. М. Філатава лічыць вельмі непаслядоўнай. 3 аднаго боку, урад дэклараваў свой недавер ёй, але, з другога, імкнуўся як найменей умешвацца ў яе ўнутраныя справы, каб не абвастраць адносін са шляхтай беларуска-літоўскіх губерняў. Тым не менш, праводзіўся курс на аслабленне ўплыву папы рымскага i генералаў каталіцкіх ордэнаў, якія апынуліся па-за межамі імперыі. Рэальныя крокі па аслабленню каталіцтва ўрад пачаў прадпрымаць толькі пасля паўстання 1830 - 1831 г. У выніку да сярэдзіны XIX ст. каталіцтва, страціўшы статус пануючай царквы, змагло захаваць свой уплыў [10, с. 178 - 180].

I. Г. Ганчарук, прааналізаваў становішча рымска-каталіцкага касцёла на тэрыторыі Беларусі ў 1772 - 1830 г., яго ролю ў тагачасным грамадстве i прыйшоў да наступных высноў [4, с. 15 - 17].

Пасля 1772 г. расійскія ўлады самастойна, без кансультацый з духавенствам, правялі распрацоўку заканадаўчай базы ў дачыненні касцёла, каб уключыць яго ў прававое поле Расійскай дзяржавы ў адпаведнасці з дзеючай практыкай падпарадкавання царквы дзяржаўнаму апарату. Залежнае ад дзяржавы становішча касцёла адлюстравалася ў яго новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры. Усталяваны над касцёлам кантроль прадугледжваў вызначэнне ўладамі яго дыяцэзіяльнай арганізацыі, якая праводзілася без узгаднення з прадстаўнікамі духавенства. Але стварэнне новых дыяцэзіяльных адзінак прывяло да значнага ўзмацнення дыяцэзіяльных структур; павялічылася колькасць парафій i дэканатаў. Аб'ектыўна гэта спрыяла павышэнню рэлігійнасці i ўмацаванню пазіцый касцёла.

Ураду, як лічыць I. Г. Ганчарук, хоць i ўдалося паставіць касцёл у залежнасць ад дзяржавы, значна абмежаваць яго сувязь з папам, але дасягнуць пастаўленых мэтаў у поўным аб'ёме не атрымалася. Касцёл не быў кананічна адарваны ад Рыма, Пецярбург падтрымліваў з ім дыпламатычныя сувязі, a каталіцкае духавенства працягвала захоўваць свае ўплывы ў грамадстве.

Каталіцкія манаскія ордэны захавалі сістэму ордэнскіх правінцый i атрымалі аўтаномію ад дыяцэзіяльных біскупаў, але ім было забаронена падтрымліваць афіцыйныя сувязі з замежным кіраўніцтвам i займацца пераводам у каталіцтва вернікаў іншых канфесій. Амаль не змянілася агульная колькасць кляштараў (без уліку езуіцкіх асяродкаў): каля 1772 г. ix было 144, у 1820-х - 147. Існаванне i дзейнасць каталіцкіх кляштараў, на думку I. Г. Ганчара, сведчыць аб адсутнасці памкненняў з боку улад гвалтоўна разбураць кананічную арганізацыйную структуру касцёла ў Расійскай імперыі. Ён сцвярджае, што пытанне захавання i выгнання езуітаў, у сувязі з яго выразна акрэсленай палітычнай афарбоўкай, нельга разглядаць у сувязі са становішчам іншых манаскіх ордэнаў.

На працягу 1772 - 1830 г. касцёл захоўваў усе інстытуты, у якіх здзяйснялася падрыхтоўка духавенства. Да 1825 г. дзяржава заахвочвала касцёл да адукацыйна- педагагічнай дзейнасці.

Слушна адзначаецца, што ў палітычных умовах Расійскай імперыі значна звузілася сацыяльна-актыўная роля каталіцкага духавенства ў грамадстве i яго ўдзел у грамадска- палітычным жыцці. Тым не менш, прадстаўнікі духавенства ўдзельнічалі ў вызваленчым руху. Аднак ix апазіцыйная дзейнасць не адлюстроўвала афіцыйную пазіцыю каталіцкага касцёла, які ў цэлым заставаўся лаяльным да царскіх улад.

Даследуючы напрамкі, характар i ўмовы дзейнасці рымска-каталіцкага касцёла на тэрыторыі Беларусі ў 1864 - 1905 гг. i яго намаганні па захаванню сваіх уплываў, A. I. Ганчар адзначае наступнае [2, c. 147 - 149; 3, с. 350 - 352].

Ва ўрадавым курсе адносна касцёла галоўным было ўстанаўленне над ім поўнага кантролю ў адпаведнасці з дзеючай практыкай падначалення царквы дзяржаўнаму апарату. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў заканатворчасці касцёл у прававых адносінах быў выведзены з-пад непасрэднага ўплыву рымскай курыі i ўключаны ў расійскую прававую сістэму. Гэта азначала фактычную ліквідацыю яго аўтаномнасці i залежнасць ад свецкай улады. Але царскаму ўраду не ўдалося дасягнуць сваёй мэты ў поўнай меры. Былі захаваныя кананічныя сувязі мясцовага касцёла з рымскай курыяй, з якой свецкая ўлада імкнулася падтрымліваць дыпламатычныя адносіны. Касцёл захаваў свой уплыў у грамадстве дзякуючы палітычнай гнуткасці вышэйшых іерархаў i падтрымцы паствы.

Свецкая улада прысвоіла сабе права вызначаць епархіяльную арганізацыю, без узгаднення з каталіцкай іерархіяй. Была скасаваная Мінская рымска-каталіцкая епархія; адвольна змяняліся межы прыходаў; скарочана колькасць рымска-каталіцкіх храмаў i прыходаў.

Царская палітыка нанесла магутны ўдар па пазіцыях, традыцыйна займаных касцёлам у сістэме канфесійных адносін на беларускіх землях. Адбылося значнае аслабленне епархіяльных структур, зменшылася колькасць прыходаў, скарацілася колькасць вернікаў. Рымска-каталіцкі ўплыў быў аслаблены.

Урад імкнуўся да максімальнага абмежавання ўплыву рымска-каталіцкага духавенства на выхаванне i адукацыю падрастаючага пакалення. У выніку секулярызацыі i русіфікацыі школы касцёл страціў трывалыя пазіцыі ў вучэбных установах.

У гэтых умовах для касцёла на першы план выступала задача выжывання, захавання хоць бы часткі мінулых уплываў без адкрытага выступлення супраць існуючага парадку. Палітыка царскіх уладаў не пакідала касцёлу магчымасці для дзейнага ўдзелу ў нацыянальна-вызваленчым i рэвалюцыйным руху i змушала яго быць лаяльным у стаўленні да расійскага самадзяржаўя. Імкнучыся захаваць свой уплыў, касцёл нязменна дэманстраваў лаяльнасць да ўлад, падкрэсліваючы сваё імкненне быць легітымным рэлігійным інстытутам Расійскай імперыі.

Касцёл усяляк супрацьстаяў абмежаванням рэлігійнага жыцця, пастырскай працы, свабоды адпраўлення культу. Адказам касцёла i паствы на царскую этнаканфесійную палітыку стала з'яўленне i развіццё рымска-каталіцкіх братэрстваў. Яны дазвалялі ўздзейнічаць на вернікаў не толькі ў храме, але i за яго сценамі. На ўвядзенне рускай мовы ў богаслужэнне ксяндзы адказалі вернасцю традыцыі, парушэнне якой магло пахіснуць аўтарытэт касцёла сярод вернікаў. Захаванне традыцыйных форм рэлігійнага жыцця (абрадаў, рытуалаў) было важным для аўтарытэту касцёла сярод вернікаў.

В. В. Яноўская ў сваёй манаграфіі "Хрысціянская царква ў Беларусі 1863 - 1914 гг." адзначыла, што за часы знаходжання ў складзе Расійскай імперыі у Беларусі адбыліся значныя змены ў становішчы хрысціянскіх канфесій. У 1839 г. перастала існаваць уніяцкая царква. Удзел каталіцкага духавенства ў паўстаннях XIX ст. стаў падставай для жорсткай мэтанакіраванай палітыкі на змяншэнне ўплыву касцёла на мясцовае насельніцтва. Вынікам такой палітыкі стала змена веравызнаўчай структуры насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў. Колькасць каталіцкіх вернікаў i ix доля ў структуры насельніцтва зменшылася. Пануючая становішча тут заняла праваслаўная царква, інкарпараваная ў палітычную структуру імперыі.

У XIX - пачатку XX ст., паводле В. В. Яноўскай, калі канфесіі становяцца структурнай часткай дзяржаўнага апарату (пры пануючым становішчы праваслаўнай царквы), змяніліся многія функцыі культавых устаноў, якія яны выконвалі на працягу стагоддзяў. Асветніцкая роля царкоўных устаноў розных канфесій у гэты час "стала не такой аднароднай i не заўсёды прыносіла станоўчыя вынікі для беларускага народа". Праваслаўная царква з дапамогай дзяржаўнага апарату адхіляе ўсе іншыя канфесіі ад народнай адукацыі i асветы. Права на жыццё мелі толькі тыя царкоўныя школы, што знаходзіліся ў падпарадкаванні праваслаўнага ведамства i з'яўляліся добрай зброяй у ажыццяўленні палітыкі русіфікацыі. Так асветніцкая роля царквы, што стагоддзямі несла святло ў народ, павярнулася да яе адмоўным бокам, імкнучыся ператварыць беларуса ў "Ивана безродного". Гэта тычылася i іншых механізмаў уплыву на беларускае насельніцтва. Перыядычны друк i нават дабрачыннасць становяцца прэрагатывай, галоўным чынам, праваслаўнай царквы. Аднак удзел праваслаўнага i каталіцкага духавенства ў руху беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX ст. з'яўляецца, на думку даследчыцы, сведчаннем таго, што "ні апалячыць, ні русіфікаваць як сам беларускі народ, так i тых выхадцаў з яго, што прысвяцілі сваё жыццё служэнню богу i народу, нікому не ўдалося" [12, c. 174 - 175].

В. М. Лінкевіч, зыходзячы з таго, што адну з важнейшых асаблівасцяў айчыннай гісторыі сярэдзіны XVI - пачатку XX в. складала міжканфесійная барацьба, у сваіх даследаваннях робіць акцэнт на міжканфесійныя адносіны ў Беларусі ў 1861 - 1914 г. [5]. Гэта барацьба, як ён сцвярджае, была выклікана не толькі рэлігійнымі супярэчнасцямі, але i палітычнымі фактарамі. Праваслаўная царква актыўна выступала за інтэграцыю Беларусі ў палітычных i духоўных адносінах з Расіяй i садзейнічала правядзенню палітыкі дэпаланізацыі. Каталіцкі касцёл, у сваю чаргу, выступаў за аднаўленне Рэчы Паспалітай i паланізацыю краю. Таму супрацьстаянне гэтых культавых інстытутаў насіла тут не столькі рэлігійны, колькі рэлігійна-палітычны характар, цесна пераплятаючыся з барацьбой польскага i рускага элементаў на беларускіх землях [5, c. 70].

У экстрэмальнай сітуацыі паўстання 1863 г. адносіны паміж гэтымі канфесіямі ўскладніліся, што было выклікана, найперш, ix рознымі палітычнымі арыентацыямі. Канфесійная палітыка, становішча канфесій, ix узаемаадносіны ў наступны перыяд напрамую залежалі ад гэтай падзеі [5, c. 4, 13]. Даследчык прыводзіць факты ўмацавання пазіцый праваслаўя i пагаршэння прававога становішча касцёла ў апошняй трэці XIX - пачатку XX ст. Развіццё каталіцкай канфесіі тармазілася шэрагам негалосных урадавых распараджэнняў, якія дапоўнілі агульнарасійскія законы ў Паўночна-Заходнім краі [5, c. 21].

Ю. А. Бачышча вывучаў месца каталіцкай царквы ў нацыянальна-рэлігійнай палітыцы царызму ў Беларусі ў 1900 - 1914 гг. [1]. Ён адзначыў цяжкае становішча каталіцкай царквы ў першыя гады XIX ст. Да 1905 г. працягвала дзейнічаць большасць абмежавальных пастаноў, выкліканых актыўным удзелам каталіцкага духавенства i насельніцтва ў паўстаннях XIX ст. Расійская дзяржава, якая не дапускала незалежнага існавання царквы, падпарадкавала сабе касцёл. Былі забаронены непасрэдныя кантакты католікаў са сваім кананічным цэнтрам у Ватыкане. Касцёл быў пастаўлены ў эканамічную залежнасць ад дзяржавы. На каталіцкае духавенства i насельніцтва аказваўся адміністрацыйны i заканадаўчы ціск. Быў утвораны шэраг шэраг дзяржаўных i касцёльных ведамстваў па кіраўніцтву справамі каталіцкай царквы ў імперыі, прычым першыя з ix па сутнасці з'яўляліся кіраўнікамі касцёла, другія ж выконвалі бюракратычныя функцыі.

Царызм, паводле Ю. А. Бачышча, выкарыстоўваў рэлігійную сферу дзеля дасягнення сваіх палітычных інтарэсаў i кансервацыі існуючага ладу. У рэчышчы імперскай нацыянальна-рэлігійнай палітыкі справы асветы, землеўладання, мясцовага самакіравання, усяго духоўнага развіцця грамадства былі пастаўлены на службу фарміраванню рускага нацыянальнага светапогляду ў насельніцтва Беларусі. Дзеля гэтага была знішчана пачатковая каталіцкая адукацыя, праўда, яна працягвала існаваць па-за законам. Дзяржава давяла да заняпаду справу касцёлабудаўніцтва, усяляк абмяжоўваючы ўзвядзенне новых i абнаўленне абвятшалых храмаў. Да 1905 г. пры ўмяшальніцтве дзяржавы працягвалася змяншэнне ўдзельнай колькасці католікаў на карысць праваслаўных.

Гісторык прыйшоў да высновы, што прыгнечанае становішча прымушала каталіцкую царкву змагацца за свае правы. Адзначае, што ў XIX ст. яна ўсё больш набывала польскі характар, аднак, менавіта ў ёй ў пачатку XX ст. зараджаўся i шырыўся беларускі нацыянальны рух. Вялікая палітызаванасць абедзвюх хрысціянскіх канфесій, ix змаганне забівала ў беларусаў пачуццё нацыянальнай свядомасці i адзінства.

Ва ўрадавай палітыцы Ю. А. Бачышча выдзяляе палітыку адносна каталіцкага духавенства i палітыку, накіраваную на насельніцтва. Першая зводзілася да адміністрацыйна-паліцэйскага ўдзеяння на ксяндзоў з мэтай падаўлення ix актыўнай дзейнасці сярод беларускага насельніцтва. Другая праявілася ў прымусовым далучэнні да праваслаўя без права адпадзення ад дзяржаўнай веры, a ад выдання 17 красавіка 1905 г. указа "Аб асновах верацярпімасці" - ва ўтрыманні любымі сродкамі ў лоне праваслаўнай царквы ўсіх жадаючых перайсці з яе ў каталіцызм.

У аснове такога стаўлення царызму да канфесій даследчык бачыць імкненне захаваць вялікую "непадзельную" Расійскую імперыю. 3 1903 г. назіраецца паступовы адыход ад прамалінейных адміністрацыйна-рэпрэсіўных мер, што звязана з пашырэннем народных выступленняў i асэнсаваннем урадам магчымай ролі каталіцкага духавенства ў барацьбе з сацыялістычным рухам. Аднак нацыянальна-рэлігійная палітыка была няўзважанай i няўстойлівай, залежала ад сітуацыі ў краіне i ад асобных прадстаўнікоў урада.

Націск у 1905 г. рэвалюцыі прымусіў урад пайсці на значныя палёгкі ў адносінах каталіцкай царквы, яе становішча адчувальна паляпшаецца. Стала магчымым вяртанне з праваслаўя ў каталіцтва, паменшылася аправаслаўліванне каталіцкага i былога уніяцкага насельніцтва, усталявалася адносная раўнавага ў прыросце колькасці праваслаўных i католікаў. Але з 1906 г. урад усё больш абмяжоўваў свабоду сумлення.

Палітыка "распалячання касцёла", якая праводзілася з мэтай раскалоць яго па нацыянальнай прыкмеце, хоць i мела пэўныя поспехі, аднак сваёй мэты не дасягнула. Палітыка дэпаланізацыі садзейнічала русіфікацыі беларусаў i па сутнасці была накіраваная i супраць беларускай культуры i мовы, забівала ўсё беларускае ў насельнітцве Заходняга краю. Але нечакана яна ўскосна паспрыяла зараджэнню беларускага каталіцкага руху ў Вільні i Санкт-Пецярбургу.

Як сцвярджае Ю. А. Бачышча, няўзважаная палітыка царызму ў адносінах да веравызнанняў, адсутнасць верацярпімасці, падпарадкаванне каталіцкай i праваслаўнай царквы дзяржаве i замена ў выніку хрысціянскіх каштоўнасцей на дзяржаўныя прывялі да страты шырокімі коламі насельніцтва духоўнасці i даверу да царквы. Гэта паспрыяла нараджэнню атэізму ў той форме, у якой ён праявіў сябе ў асяроддзі бальшавікоў пасля кастрычніцкай рэвалюцыі [1, c. 12 - 16].

Такім чынам, беларуская канфесійная гісторыя перыяду Расійскай імперыі цікавіць сучасных айчынных даследчыкаў найперш з пункту погляду распрацоўкі i рэалізацыі дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі, злому тых царкоўна-адміністрацыйных структур i змены той царкоўнай ідэалогіі, якія дасталіся Расійскай імперыі ў спадчыну ад Рэчы Паспалітай, i ўсталявання новых канфесійных рэалій, адаптаваных да расійскіх традыцый царкоўна-рэлігійнага жыцця i пануючай дзяржаўнай ідэалогіі. Для найноўшай беларускай

гістарыяграфіі характэрны разгляд падзей i працэсаў канца XVIII - пачатку XX ст. у беларускім нацыянальным кантэксце.

Назапашаны беларускімі даследчыкамі значны новы матэрыял, ix палажэнні i высновы, разам з найноўшымі навуковымі напрацоўкамі замежных вучоных, адкрываюць магчымасць стварэння абагульняючай працы па канфесійнай гісторыі Беларусі гэтага перыяду, якая адлюструе сучасны стан ведаў у дадзенай галіне. Актуальнай навуковай задачай з'яўляецца таксама выданне важнейшых крыніц з канфесійных архіваў, якія раскіданы па іншых краінах (Расія, Польшча, Літва, Украіна), a таксама з тых дакументальных зборнікаў, што даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Спіс крыніц i літаратуры

1. Бачышча, Ю. А. Каталіцкая царква ў нацыянальна-рэлігійнай палітыцы царызму ў Беларусі (1900 - 1914 гг.): аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук. - Мінск, 2003. - 21 с.

2. Ганчар, A. Н. Римско-католический костел в Беларуси (1864 - 1905 гг.) / A. Н. Ганчар. - Гродно: ГГАУ, 2008. - 216 с.

3. Ганчар A. Н. Римско-католическая церковь в Беларуси (вт. пол. XIX - нач. XX вв.). Исторический очерк: монография / A. Н. Ганчар; под науч. ред. С. Е. Сельверстовой - Гродно: ГГАУ, 2010. - 512 с.

4. Ганчарук, I. Г. Каталіцкі касцёл на Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. 1772 - 1830 гг.: аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / I. Г. Ганчарук. - Мінск, 2005. - 21 с.

5. Линкевич, В. Н. Межконфессиональные отношения в Беларуси (1861 - 1914 гг.): пособие / В.Н. Линкевич. - Гродно: ГрГУ, 2008. - 105 с.

6. Лісейчыкаў, Д. В. Штодзённае жыццё уніяцкага парафіяльнага святарства беларуска-літоўскіх зямель (1720-1839 гг.): аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / Д. В. Лісейчыкаў. - Мінск, 2009.

7. Марозава, С. В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596 - 1839 гады) / Пад навук. рэд. У. М. Конана / С. В. Марозава. - Гродна: ГрДУ, 2001. - 352 с.

8. Попов, М. А. Митрополит С. Богуш-Сестренцевич: роль в формировании правительственной политики по отношению к римско-католической церкви на белорусских землях (конец XVIII - первая четверть XIX в.): автореф. днс. ... канд. нст. наук / М. А. Попов. - Минск, 2008. - 24 с.

9. Суша, A. А. Культурная спадчына грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі ў кантэксце дыхатаміі "Усход - Захад" : аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / A. А. Суша. - Мінск, 2009. - 27 с.

10. Филатова, Е. Н. Конфессиональная политика царского правительства в Беларуси. 1772 - 1860 гг. / Е. Н. Филатова. - Минск: Белорусская наука, 2006. - 192 с.

11. Уніяцкая царква ў Расійскай імперыі: Да 170-годдзя Полацкага царкоўнага сабора 1839 г. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. : у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. - Гродна : ГрДУ, 2009. - C. 285 - 382.

12. Яноўская, В. В. Хрысціянская царква ў Беларусі 1863 - 1914 гг. / В. В. Яноўская. - Мінск: БДУ, 2002. - 199 с.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX