Вярнуцца: Марозава С.В.

Эвалюцыя імперскай палітыкі ў адносінах да ўніяцкай царквы


Аўтар: Марозава С. В.,
Дадана: 15-01-2016,
Крыніца: Марозава С. В. Эвалюцыя імперскай палітыкі ў адносінах да ўніяцкай царквы / С. В. Марозава // Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (Канец XVIII- пачатак XX ст.) / Яноўская В.В. [і інш.]. - Мінск: Беларуская навука, 2015. - 496 с. - C. 120-136.



Уніяцкая царква ў канфесійнай структуры Вялікага княства Літоўскага напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай. Імкненне да сінтэзу каштоўнасцей усходняга і заходняга хрысціянства - прадвызначаная геаграфічна і гістарычна асаблівасць Беларусі. Экуменічны і геапалітычны фактары забяспечылі жывучасць тут з XV ст. уніяцкай ідэі [1]. Пошукі месца сваёй царквы ў еўрапейскіх рэлігійна-палітычных працэсах другой паловы XVІ ст. прывялі кіраўніцтва Кіеўскай мітраполіі да заключэння ў 1596 г. Брэсцкай царкоўнай уніі і стварэння своеасаблівай рэлігійнай альтэрнатывы праваслаўю і каталіцызму.

(86KB) Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (Канец XVIII- пачатак XX ст.) / Яноўская В.В. [і інш.]. - Мінск: Беларуская навука, 2015. - 496 с.

Брэсцкая ўнія стала пераломнай падзеяй усходнеславянскай канфесійнай гісторыі і аказала істотны ўплыў на цывілізацыйную сітуацыю ва Усходняй Еўропе. За час свайго існавання ўніяцкае веравызнанне пацясніла ў Вялікім княстве Літоўскім пазіцыі праваслаўя, стрымала пашырэнне рыма-каталіцтва і к канцу XVІІІ ст. ахопліва тут прыблізна 39% насельніцтва. Асноўную масу ўніяцкіх вернікаў складала бедная засцянковая шляхта, мяшчане, сяляне, у той час як багатая і сярэдняя частка шляхты належала да рымска-каталіцкай канфесіі [2]. Больш глыбокае ўкараненне ўніяцкая вера мела ў заходняй частцы Беларусі. Так, па даных на 1790 г,. на беларускіх землях Рэчы Паспалітай уніятамі былі ад ⅔ да 80% (у сельскай мясцовасці) насельніцтва [3]. Шэраг гісторыкаў лічыць, што ў канкрэтна-гістарычных абставінах канца ХVIII ст. - першай паловы ХІХ ст. уніяцкае веравызнанне адыгрывала важную ролю як дзейсны фактар самасцвярджэння беларускага народа і яго абароны ад іншых этнасаў [4].

Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай уніяцкая царква мела 8 епархій з 9300 прыходамі, 10300 святарамі, 4,5 мільёнамі вернікаў і 172 манастыры з 1478 манахамі [5]. Уніяцкія цэрквы Вялікага княства Літоўскага ўваходзілі ў склад мітрапаліцкай Кіеўска-Віленскай, Пінскай епархій і Полацкай архіепархіі. У 1772 г. у Кіеўска-Віленскай епархіі было 2490 прыходаў з 1 804 388 прыхаджанамі, у Полацкай - адпаведна 598 і 765154, у Пінскай - 238 і 83103 [6]. Такім чынам, Кіеўска-Віленская епархія была самай шматлікай па колькасці вернікаў. У склад яе ўваходзілі беларускія дэканаты: Ашмяны, Блонь, Бобр, Брагін, Ваўкавыск, Вільна, Глуск, Гомель, Гродна, Далгінаў, Ігумен, Клецк, Лагойск, Ліда, Мінск, Мядзель, Навагрудак, Нясвіж, Падляскі, Пухавічы, Рагачоў, Слонім, Цырын [7]. У склад Полацкай архіепархіі ўваходзілі дэканаты: Бабынічы, Бешанковічы, Быхаў, Веліж, Віцебск, Гарадзец, Запаляны, Засокі, Лепель, Мсціслаўль, Орша, Полацк, Рагачоў, Себеж, Смаляны, Талачын, Цяцерын Чашнікі, Чэрыкаў і інш. [8]

Палітыка Кацярыны ІІ у адносінах да ўніятаў на тэрыторыі Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) уніяты на далучаных да Расійскай імперыі беларускіх землях заставаліся ў складзе Полацкай архіепархіі, тэрыторыя якой апынулася ў складзе дзвюх дзяржаў. Месцазнаходжаннем кансісторыі, юрысдыкцыя якой да 1780 г. распаўсюджвалася на абедзьве часткі архіепархіі, быў абраны Полацкі кляштар базыльян Св. Барыса і Глеба (в. Бельчыцы) [9].

У першыя гады пасля інкарпарацыі тэрыторыі ў склад Расійскай імперыі ўніяцкая царква захоўвала ўсю сваю маёмасць, уласнасць, правы і прывілеі. Імкнучыся заручыцца лаяльнасцю новых падданых, выклікаць прыхільнасць насельніцтва, царскі ўрад гарантаваў свабоду ўніяцкага веравызнання. Гэта свабода была замацавана пятым артыкулам трактата, заключанага паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 18 верасня 1773 г. Па даным на 1784-1785 гг. у Полацкай і Магілёўскай губернях уніяцкімі былі 445 цэркваў, да якіх належала 665414 вернікаў [10]. Базыльяне - манахі ўніяцкага ордэна св. Васіля, якія не прысягнулі на вернасць Кацярыне ІІ, былі дэпартаваны ў Рэч Паспалітую [11].

(106KB) Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (Канец XVIII- пачатак XX ст.) / Яноўская В.В. [і інш.]. - Мінск: Беларуская навука, 2015. - 496 с.

Уплыў на выпрацоўку расійскай урадавай палітыкі адносна ўніяцкай царквы аказваў Беларускі (Магілёўскі) праваслаўны епіскап Георгій Каніскі. Яшчэ з часоў каранацыі Кацярыны ІІ ён заклікаў яе ўмяшацца ў справы Рэчы Паспалітай, каб змяніць канфесійную сітуацыю на беларускіх землях на карысць праваслаўя. Ён прапаноўваў уключыць у трактат аб першым падзеле Рэчы Паспалітай артыкул аб ліквідацыі ўніі. Калі ж імператрыца на гэта не пайшла, Г. Каніскі ініцыяваў складанне заяў ад прыходаў аб іх жаданні далучыцца да праваслаўя, распрацаваўшы інструкцыю, як пісаць такія заявы на імя губернатара. Такіх заяў назбіралася восем дзесяткаў. У выніку на працягу 1773-1774 гг. на ўсходзе Беларусі, у Полацкім, Віцебскім, Дзвінскім, Аршанскім, Мсціслаўскім і Рагачоўскім паветах, на аснове гэтых заяў было пераведзена ў праваслаўе 433 царквы [12]. Гэтыя абставіны паўплывалі на тое, што канфесійнай стратэгіяй самадзяржаўя на наступныя дзесяцігоддзі стаў курс на звужэнне ўплыву ўніяцкай царквы з мэтай ліквідацыі яе ў перспектыве.

У сваім імкненні падпарадкаваць уніяцкую царкву кантролю, абмежаваць кантакты з Папам Рымскім, вырваць з-пад уплыву каталіцкага касцёла Кацярына ІІ указам ад 2 ліпеня 1780 г. "Об учреждении консисторий для управления духовными делами униатских церквей в Полоцком и Могилевском наместничествах" скасавала пасаду ўніяцкага мітрапаліта, а для кіраўніцтва ўніяцкімі справамі стварыла ў Полацку асобную кансісторыю [13]. Указ забараніў прымаць у вакантныя прыходы новых уніяцкіх святароў без уліку жадання прыхаджан. Калі ж большасць прыхода выказвала жаданне мець праваслаўнага святара, царкву пераасвячалі і перадавалі ў праваслаўнае ведамства [14].

На падставе вышэйазначанага ўказа на працягу чатырох гадоў (1780-1783) ад уніі адпала 112,5 тысяч жыхароў Магілёўскай губерні і 95 цэркваў [15]. Сярод іх былі і тыя, што перайшлі ў каталіцтва [16]. Праваслаўе прымалі, галоўным чынам, тыя прыходы, дзе ўладальнікамі маёнткаў, у выніку дарэнняў, станавіліся рускія памешчыкі. Зразумела, што праваслаўным іерархам было лягчэй дамовіцца з імі аб пераводзе ў праваслаўе прыгонных сялян, жадання якіх ніхто не пытаў. Але ўсеагульнай канверсіі ўніятаў праз іх добраахвотнае жаданне (апытанне - «приглашение») вярнуцца ў праваслаўе ў той час не атрымалася.

З 1784 г. уніятаў пакінулі ў спакоі. Іх веравызнанне па-ранейшаму заставалася колькасна дамінуючым у канфесійнай структуры далучаных зямель Беларусі. Свецкім і духоўным уладам імперыі прыйшлося шукаць новыя сродкі і чакаць новых зручных абставінаў для рашаючага наступу на ўнію. Повадам для змены канфесійнага курса паслужыла паўстанне 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Паўстанне спарадзіла цвёрды намер пакончыць з уніяй. Усталяванне палітычнай стабільнасці ў рэгіёне, ізаляцыю паўстанцаў-католікаў урад бачыў у праваслаўным яднанні афіцыйных ўлад і сялянства. Указамі 22 красавіка 1794 г. і 10 студзеня 1795 г. Кацярына ІІ заявіла аб сваім намеры «искоренить унию» ў Беларусі і Украіне; здымаліся ўсялякія абмежаванні для пераходу ўніятаў у праваслаўе. Навуковы падмурак пад урадавы курс падвёў стацкі саветнік М. Бантыш-Каменскі сваёй працай «Историческое известие о возникшей в Польше унии», падрыхтаванай у 1794 г. па заказу Кацярыны ІІ і спачатку прызначанай толькі для службовага карыстання [17].

Вялікую ролю на гэтым этапе знішчэння ўніі адыграў Мінскі, Ізяслаўскі і Брацлаўскі праваслаўны архіепіскап Віктар Садкоўскі. Яшчэ ў 1793 г. Кацярына ІІ даручыла Херсонскаму архіепіскапу Яўгенію Булгарысу даць прапановы, «как лучше и приличнее можно польских униатов обратить» у праваслаўе. Адказам стала яго 70-старонкавая запіска «О наилучшем способе воссоединения униатов с православной церковью» [18]. Ажыццявіць гэты план і павінен быў Віктар Садкоўскі.

Пастырская грамата Віктара Садкоўскага ўніятам аб свабодным іх вяртанні ў праваслаўе чыталася ва ўсіх цэрквах гарадоў і вёсак Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў. Ад беларускага генерал-губернатара П. Пасека Св. Сінод запатрабаваў рупліва назіраць, каб пры гэтым вяртанні ўсялякі непарадак і неспакой былі адхілены, і каб ніхто з мясцовых памешчыкаў, чыноўнікаў і духоўных асоб не адважыўся рабіць перашкоды. Уніяцкага святара, які разам з прыходам пераходзіў у праваслаўе, на тым жа прыходзе і пакідалі. Той, хто перайсці адмаўляўся, падлягаў выдаленню з прыхода. На яго месца прызначалі «годнага» з праваслаўнага духавенства [19].

У 1794-1795 гг. у Літве, Беларусі, Украіне, Валыні і Падоллі на падставе згаданых указаў ад уніі адышлі да праваслаўя 1 572 067 чалавек, 2603 царквы і 1552 святары [20]. На украінскіх землях у той час засталося 200 уніяцкіх цэркваў [21]. На тэрыторыі Беларусі такога памеру гэты рух не набыў, але і тут на працягу жніўня 1794 г. - сакавіка 1795 г. уніяцкая царква страціла звыш 200 тыс. чалавек: 80 тыс. у Мінскай губерні і 120 тыс. у Магілёўскай [22].

Наступ на ўніяцкую царкву набыў даволі востры характар. 10 ліпеня 1795 г. П. Пасек прадпісаў начальнікам губерняў тых духоўных асоб, якія перашкаджалі пераходу ўніятаў, арыштоўваць і аддаваць крымінальнаму суду, а ў памешчыкаў - яшчэ і секвестроўваць маёнткі [24]. Вядома, што для правядзення місіянерскай працы сярод уніятаў Віктару Садкоўскаму было дазволена выкарыстоўваць вайсковыя атрады [25]. Вынікам гэтых захадаў стала ліквідацыя да канца 1795 г. ўсіх уніяцкіх епархій у Расійскай імперыі, за выключэннем Полацкага архіепіскапства, закрыццё шэрагу базыльянскіх кляштараў і канфіскацыя іх маёнткаў.

Але па шэрагу прычын у канцы XVІІІ ст. унія не была скасавана. Яна пратрымалася яшчэ больш за сорак гадоў. А 1,5 мільёна тых, што засталіся ва ўніяцтве, яшчэ больш у ім умацаваліся

Адмаўленне ад палітыкі дэўнізацыі. Як толькі антыўніяцкі курс пасля смерці Кацярыны ІІ спыніўся, уніяцкая царква пачала хутка аднаўляцца. Памяркоўная канфесійная палітыка Паўла І прыпыніла пачаты Кацярынай ІІ перавод уніятаў у праваслаўе і прывяла да вяртання да 90% «уз'яднаных» [26]. Пры абмеркаванні сітуацыі ў Св. Сінодзе і Сенаце былі вылучаны тры асноўыя прычыны «ўхілення новаправаслаўных»: а) крах надзеяў сялян на змяншэнне падаткаў і павіннасцей, якія не спраўдзіліся; б) уплыў уніяцкіх святароў, якія не былі выдалены з прыходаў і знеслаўлялі пануючую веру, хвалілі ўнію і ўсялякімі сродкамі спакушалі у яе новаправаслаўных; в) грубыя метады новых святароў, прысланых са Смаленскай губерні, якія вымагалі грошы за рэлігійныя паслугі і тым зрабіліся агіднымі народу. Павел І загадаў Беларускаму епіскапу тэрмінова адаслаць назад у Смаленскую епархію тых святароў, якія сваімі дзеяннямі дыскрэдытыравалі справу ўз'яднання ўніятаў, а на іх месца прызначыць іншых, больш лагодных святароў.

28 ліпеня 1797 г. з'явіўся імператарскі загад даць свабоду веравызнання тым жыхарам, якія, будучы пераведенымі з уніі, ухіляліся ад выканання праваслаўных абрадаў. У адрозненне ад праваслаўнага духавенства вышэйшая свецкая ўлада ў той час яшчэ не была схільнай прымусова ўтрымліваць уніятаў у праваслаўі. На просьбу Беларускага епіскапа Анастасія выдаць урадавае распараджэнне, якое бы абавязала, а фактычна прымусіла ўсіх уніятаў перайсці ў праваслаўе, Павел І адмовіўся пераконваць у справе веры сілай улады, і прапанаваў схіляць уніятаў перакананнямі [27]. Указам Св. Сінода ад 24 верасня 1797 г. праваслаўнаму духавенству прадпісвалася быць далікатнымі з уніяцкімі святарамі, ухіляцца ад раздораў з імі у веры, з уніятамі абыходзіцца ласкава, паблажліва [28].

Але на справе дэклараваная Паўлам І свабода веры выглядала інакш, а яго палітыка была не заўсёды паслядоўнай. Указам 1798 г. Павел І, па ўзгадненню з Рымам, узнавіў уніяцкія епархіі: Брэсцкую (ахоплівала, галоўным чынам, тэрыторыю Беларусі) і Луцкую. Разам з тым, паколькі масавае вяртанне ўніятаў у сваю веру ставіла пад пагрозу зрыву справу замацавання праваслаўя на ўсходзе Беларусі, у 1800 г. Павел І забараніў вяртанне «новаправаслаўных» і заахвочваў мясцовыя ўлады і праваслаўнае духавенства да далейшага наступа на ўніяцкую царкву. Са свайго боку і Св. Сінод указам ад 10 лютага 1800 г. [29] намагаўся стрымаць працэс рэўнізацыі. Але ў той час гэта аказалася не пад сілу ні праваслаўнаму епіскапату, ні нават Св. Сіноду і Сенату.

Перавод уніятаў у рымска-каталіцкае веравызнанне. Становішча ўніяцкай царквы ўскладнялася тым, што абараняцца ёй давялося ад «разбору» з двух бакоў - не толькі ад наступу праваслаўя, але і ад захадаў рымска-каталіцкага касцёла, які заўсёды глядзеў на ўнію як на часовую з'яву, жадаючы інкарпараваць яе ў свой склад. Выкарыстаўшы пралікі «ўз'яднання» 1794-1795 гг. і спрыяльную кан'юктуру ў першыя гады пасля смерці Кацярыны ІІ, баючыся згубіць уніятаў з-пад свайго ўплыву, з 1796 г. барацьбу за іх пачаў актывізаваць касцёл. У сувязі з пагрозай уніяцкай царкве Магілёўскі рымска-каталіцкі біскуп С. Богуш-Сестранцэвіч пачаў дзейнічаць па пераводу ўніяцкіх прыходаў у рыма-каталіцызм, што аслабляла ўніяцкую царкву. Тым больш што і Павел І не лічыў уніятаў самастойнай царквой, а патэнцыйнай часткай праваслаўнай або рыма-каталіцкай [30]. Пастанова Сената 1801 г. падпарадкавала ўніяцкую царкву рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу пры Міністэрстве юстыцыі, што нарадзіла ўпартыя чуткі аб намерах урада ліквідаваць унію. Гэтыя чуткі разам з непаслядоўнай палітыкай урада, падпарадкаваннем уніятаў рыма-каталіцкай духоўнай калегіі, намерамі і дзеяннямі асобных прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства па пераводу ўніятаў у праваслаўе прывялі да страты ўніяцкай царквой сваіх пазіцый. У выніку на працягу 1798-1803 гг. 200 тысяч уніятаў прынялі лацінскі абрад [31]. У гэтых пераходах - намер уніятаў схавацца пад апеку касцёла, аддацца на волю рыма-каталіцтву, знайсці ў ім паратунак ад аправаслаўлівання. Спрыяла пераходам і тое, што ў каліцкім касцёле ў параўнанні з праваслаўнай царквой было менш пастоў і ён знаходзіўся ў лепшым матэрыяльным становішчы.

Палітыка Аляксандра І. Перавод беларускіх уніятаў на лацінскі абрад выклікаў моцны каталіцка-ўніяцкі канфлікт. Пратэсты Полацкай уніяцкай кансісторыі і архіепіскапа І. Лісоўскага ў Пецярбург вымусілі Аляксандра І указамі 1803, 1806 і 1807 г. забараніць пераход уніятаў у рымска-каталіцкае веравызнанне. Пачалося вяртанне вернікаў у уніяцтва, якое набыло даволі шырокі размах Гэта выклала абурэнне з боку каталіцкіх уладаў. Магілёўская рымска-каталіцкая кансісторыя запатрабавала ад уніяцкага кіраўніцтва, каб яно перастала спрыяць вяртанню вернікаў [32].

У 1804 г. у Расійскай імперыі налічвалася 1338 уніяцкіх цэркваў, 91 базыльянскі манастыр, каля 1,4 млн. вернікаў. Указам ад 16 чэрвеня 1805 г. Аляксандр І падзяліў Рымска-каталіцкую духоўную калегію на два асобныя дэпартаменты: рымска-каталіцкі і ўніяцкі. Апошні цалкам заняўся ўніяцкімі справамі. У 1806 г. была адноўлена пасада мітрапаліта. Яе атрымаў І. Лісоўскі - праціўнік дамінацыі рымска-каталіцкага касцёла над уніяцкай царквой.

Пры Аляксандры І адбылася частковая рэарганізацыя епархіяльнай структуры ўніяцкай царквы. У 1807 г. была створана Віленская (Літоўская) епархія і, такім чынам, уніяцкая царква мела 4 епархіі: Віленскую (Літоўскую), Полацкую, Брэсцкую і Луцкую. Адбыліся змены ў падрыхтоўцы кадраў для ўніяцкай царквы. Будучых святароў рыхтавала заснаваная ў 1803 г. Галоўная семінарыя пры Віленскім універсітэце, аддаленая ад ўплыву базыльян. Яе выпускнікі маглі займаць вышэйшыя пасады ва ўніяцкай царкве, а нежанатыя і ўдовыя, з адпаведнымі навуковымі ступенямі - прэтэндаваць на епіскапскі сан.

Зыходзячы з пастулата, што ўніяцкай царквой павінен кіраваць манарх, а не Рым, Аляксандр І зменшыў уплыў Папы Рымскага на жыццё царквы і падпарадкаваў яе органам дзяржаўнага кіравання: спачатку - створанаму згодна з Маніфестам ад 25 ліпеня 1810 г. Галоўнаму ўпраўленню духоўнымі справамі розных (замежных) веравызнанняў начале з князем А. Галіцыным. У 1817 г. яно адышло ў падпарадкаванне Міністэрства Духоўных спраў і Народнай Асветы, якое складалася з двух дэпартаментаў. У сферу кампетэнцыі Дэпартамента духоўных спраў увайшлі справы ўсіх веравызнанняў, у тым ліку і ўніяцкага.

Да пачатку 1820-х г. становішча ўніяцкай царквы стабілізавался. Яна атрымала пэўны юрыдычны статус у дзяржаве, і знаходзілася пад кантролем расійскага ўрада.

Змена ўрадавага курса на мяжы 20-х - 30-х г. ХІХ ст.У 1820-я - 1830-я гг. урадавую палітыку адносна ўніяцкай царквы фарміравалі розныя дзяржаўныя ўстановы і асобы ў Пецярбургу. Пасля раздзела ў 1824 г. Міністэрства Духоўных спраў і Народнай Асветы справамі ўніяцкай царквы займалася першае аддзяленне Галоўнага ўпраўлення духоўных спраў замежных веравызнанняў, у юрысдыкцыю якога ўваходзілі справы рымска-каталіцкай царквы. З мэтай адарваць уніяцкую царкву ад рымска-каталіцкай указам ад 22 красавіка 1828 г. была заснавана незалежная ад апошняй грэка-уніяцкая калегія. У 1832 г. у сувязі з рэарганізацыяй сістэмы адміністрацыйнага кіравання Галоўнае ўпраўленне духоўных спраў замежных веравызнанняў было пераўтворана ў Дэпартамент духоўных спраў замежных веравызнанняў з перападпарадкаваннем яго Міністэрству ўнутраных спраў. З 1 студзеня 1837 г. грэка-уніяцкая калегія была выведзена з-пад юрысдыкцыі МУС і падпарадкавана Св. Сіноду.

Да асоб, якія ўплывалі на ўрадавую палітыку адносна ўніяцкай царквы, адносіліся міністр асветы князь А. Галіцын, а потым яго пераемнік на гэтай пасадзе А. Шышкоў; міністр юстыцыі, у 1832-1837 г. міністр унутраных спраў Дз. Блудаў. Важнай асобай у справе скасавання ўніі з'яўляўся таксама обер-пракурор Св. Сінода М. Пратасаў. Калі А. Галіцын і А. Шышкоў характарызаваліся больш талерантным стаўленнем да ўніі, што было ўласціва для перыяда праўлення Аляксандра І, то Д. Блудаў і М. Пратасаў вызначаліся варожымі адносінамі да яе і з'яўляліся стараннымі выканаўцамі волі Мікалая І [33]. Да асоб, што ўплывалі на распрацоўку і ажыццяўленне палітыкі па скасаванню ўніяцкай царквы, адносіўся і Іосіф Сямашка (з 1833 г. епіскап Літоўскай уніяцкай епархіі) - самы адданы выканаўца імператарскай волі.

Пры Мікалаі І урадавая палітыка ў дачыненні ўніяцкай царквы пачала мяняцца. У другой палове 1820-х гг. у афіцыйных пецярбургскіх колах узнік намер умацавання рускай народнасці і праваслаўнай веры за кошт уніятаў, якіх у заходніх губернях налічвалася каля 1,5 мільёнаў. Пачатак новаму курсу паклала забарона ў 1826 г. продажу ўніяцкіх кніг на кірмашах, адпустах і іншых месцах збору вялікай колькасці людзей. Указ Мікалая І ад 9 кастрычніка 1827 г. прадугледжваў вывад уніяцкай царквы з-пад каталіцкага ўплыву праз ачышчэнне абрада ад лацінскіх запазычанняў, заснаванне асобных школ для ўніяцкай моладзі, забарону прымаць рыма-католікаў у базыльянскі ордэн [34]. Аргументамі пра лацінізацыю і паланізацыю ўніяцкай царквы імкнуліся падарваць давер да яе народа.

Свой асабісты праект рэарганізацыі, а фактычна ліквідацыі ўніяцкай царквы, распрацаваў член уніяцкага дэпартамента Пецярбургскай Духоўнай калегіі І. Сямашка. Гэты праект ён выклаў у запісцы ад 5 лістапада 1827 г., з якой праз дырэктара Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў Р. Карташэўскага і міністра асветы А. Шышкова звярнуўся да цара [35]. Унія, паводле І. Сямашкі, - гэта спроба палякаў і католікаў усталяваць сваё панаванне над праваслаўным рускім насельніцтвам Вялікага Княства Літоўскага. Ім удалося перацягнуць у каталіцтва шляхту, але народ і ніжэйшае духавенства засталіся ва ўніяцтве. Акт Берасцейскай уніі гарантаваў захаванне нескажонасці ўсходняга абрада, аднак на справе ён быў зменены, і гэта адбывалася з ведама Папы Рымскага. Прычынай гэтых змен І. Сямашка лічыў паступовае пранікненне рыма-католікаў, прывабленых багатымі фундушамі, у шэрагі ўніяцкага манаства. Менавіта манахі-базыльяне, якія падпарадкоўваліся толькі свайму протаархімандрыту (генералу), і ажыццяўлялі галоўным чынам змены ў грэчаскім абрадзе. Але і свецкае духавенства, якое атрымлівала адукацыю ў асноўным у базыльянскіх ці рымска-каталіцкіх манаскіх навучальных установах, таксама займалася ўвядзеннем скажоных грэчаскіх абрадаў. Што датычыць патрыятызма, то шараговае ўніяцкае духавенства лічыла сваёй радзімай Рэч Паспалітую, а да Расіі і рускай культуры дэманстравала пагарду і варожасць. Гэтаму спрыялі яго традыцыйныя блізкія кантакты з рыма-католікамі. Знаходзячыся ў падпарадкаванні адной Калегіі, уніяцкае духавенства было ў залежнасці ад рымска-каталіцкіх памешчыкаў-палякаў, атрымлівала ад іх матэрыяльныя ўзнагароды [36].

У сувязі з гэтым І. Сямашка лічыў, што ўрад павінен «насадить в сердцах падданных своих (г.зн. уніятаў - аўт.) <…> любовь к общему отечеству» [37]. Для гэтага ён прапаноўваў наступныя крокі: ліквідаваць большасць базыльянскіх манастыроў; матэрыяльна ўзмацніць і аддаліць ад польскага ўплыву прыходскае духавенства; забяспечыць незалежнасць уніяцкіх царкоўных структур ад рымска-каталіцкіх; рэарганізаваць сістэму адукацыі ўніяцкага духавенства на ўзор праваслаўных навучальных устаноў; русіфікаваць, уніфікаваць уніяцкую літургію з праваслаўнай [38]. Бачанне ўніі І. Сямашкам, прадстаўленае ў запісцы ад 5 лістапада 1827 г., абумовіла стратэгію далейшай урадавай палітыкі ў дачыненні да ўніяцкай царквы.

«Частные обращения». З 1833 г. улады сталі на шлях адміністрацыйна-сілавога вырашэння праблемы, справакаванага дапамогай уніяцкага духавенства паўстанцам 1830-1831 г. Гэтыя дзеянні грунтаваліся на пастулаце пра адзінства «расійскага народа», рабіўся націск на агульнасць гістарычнага мінулага Беларусі і Расіі.

Першы і галоўны ўдар было вырашана нанесці па базыльянскаму ордэну. Лічылася, што калі ўзяць гэты «бастыён уніяцтва», то ўніяцкая царква распадзецца. Паўстанне 1830-1831 гг. дало повад абвінаваціць уніятаў у палітычнай нядобранадзейнасці. Пачалі закрывацца базыльянскія манастыры. Як пісаў расійскі дэмакрат А. Герцэн, наступіла тое «душеспасительное время, когда Николай с благочестивым свирепством всекал униат в православие» [39].

У ход былі пушчаны адразу два падыходы дэўнізацыі. Першы, з улікам няўдалага досведу Кацярыны ІІ, аддаваў перавагу «ціхім», увасобленым у кананічную форму грэка-усходняй царквы метадам «уз'яднання». Гэты падыход прадугледжваў разлічаную на некалькі гадоў падрыхтоўку ўсіх уніяцкіх вернікаў да перамены веры і прытым самім жа ўніяцкім духавенствам. Другі - заключаўся ў пераводзе ў пануючую праваслаўную веру асобных уніяцкіх вернікаў праваслаўным духавенствам пры дапамозе грамадзянскіх чыноўнікаў і паліцыі.

Адзін з найбольш зацятых прыхільнікаў і праваднікоў другога падыходу Полацкі праваслаўны епіскап Смарагд (А. Крыжаноўскі) лічыў бескарысным чаканне агульнай гатоўнасці ўсёй масы ўніятаў да прыняцця праваслаўя і займаўся так званымі «частными обращениями» асобаў, груп, вёсак, прыходаў без указу зверху [40]. Гэтым шляхам епіскап Смарагд з дапамогай Віцебскага, Магілёўскага і Смаленскага генерал-губернатара М. Хаванскага і Віцебскага губернатара М. Шрэйдэра на працягу 1833-1837 г. «воссоединили» 94 прыходы і больш за 120 тысяч уніятаў [41]. Ёсць звесткі, што М. Шрэйдэр атрымліваў адзін рубель за кожнага прыняўшага праваслаўе ўніята. Усяго ён атрымаў 33 тысячы рублёў [42].

Схіленыя да адрачэння ад уніі ўгаворамі, падманам і прымусам, новаправаслаўныя нарабілі тады шмат клопатаў мясцовым і вярхоўным уладам. Адказам на «частные обращения» стаў шырокі антыўз'яднаўчы рух. Не было, бадай, ніводнага прыхода, дзе б далучэнне адбывалася мірным шляхам, без усялякіх пратэстаў з боку духавенства і большых ці меншых хваляванняў з боку прыхаджан. У 1835 г. у адзінаццаці з пяцідзесяці прыходаў Полацкага, Гарадзецкага, Лепельскага, Невельскага і Себежскага паветаў адбыліся моцныя хваляванні [43]. Такі паварот спраў напалохаў урад, і ён хутка змяніў епіскапа Смарагда больш памяркоўным Ізідарам. Але і сам Смарагд ужо зразумеў, што галоўнай умовай выцяснення ўніі можа быць толькі змена пакаленняў. «Униатское дело может быть успешным - адзначаў Г. Шавельскі, - разве когда теперешний род униатов пройдет и настанет новое, более склонное к православию, поколение» [44].

Поспех так званых «частных обращений» у казенных маёнтках і ўладаннях праваслаўных памешчыкаў, далучэнне вернікаў без духавенства не задавальняў афіцыйны Пецярбург. Быў гэты поспех «не вовсе надежным и прочным», непрацяглым. Як і прадбачылі, ён спыняўся на ўладаннях рымска-каталіцкіх землеўласнікаў, «для обуздания противудействия коих нужны будут меры более резкие» [45].

Штаб-афіцэр корпуса жандараў падпалкоўнік Куцынскі, які па роду сваёй службы вымушаны быў актыўна займацца «частными обращениями»

у Магілёўскай губерні, быў адным з тых нешматлікіх чыноўнікаў, якія цвяроза ацэньвалі сітуацыю і бачылі абсурднасць шырока дэклараванай «добровольности», неадэкватнасць гэтых метадаў далучэння уніятаў да праваслаўя ўрадавай мэце. «Величайшее зло - пісаў ён у 1837 г., - есть поспешность и употребление полицейских мер. Умы местной власти заняты только тем, как бы успеть побольше присоединить униатов за время своего влияния на дела <…> Обыкновенные пружины, <…> употребляемые к присоединению униатов, - это непозволительные обольщения и угрозы <…>. Чиновники, командируемые для присоединения по какому-нибудь неосновательному доносу нашего священника, <…> увлекаются избытком усердия». Іх не цікавіла, што «крестьяне были искренне привязаны к своему униатскому священнику» [46].

Практыку такіх далучэнняў асудзіў і міністр унутраных спраў Д. Блудаў: «Униатов более 1,5 миллионов, и мы можем потерять для православной церкви всю cию огромную массу, гоняясь за незначительной частицей. Посему надобно быть очень осторожными в отношении частных присоединений, если только предвидится значительное сопротивление» [47].

Рэфармаванне ўніяцкай царквы. Адмовіўшыся ад няздольных вырашыць уніяцкую праблему «частных обращений», урад узяў курс на збліжэнне ўніяцкай царквы з праваслаўнай праз рэфармаванне - ажыццяўленне шэрагу захадаў па яе ўнутранай і знешняй трансфармацыі ў абрадавай, іерархічнай і прававой сферах.

Чарговы крок да пераводу ўніятаў у праваслаўе прадугледжваў абрадавае збліжэнне абедзвюх цэркваў праз замену ўніяцкіх служэбнікаў, змену дэкора храма і цырымоній, выдаленне арганаў. 7 лютага 1834 г. Грэка-ўніяцкая калегія ў асобе мітрапаліта І. Булгака, епіскапа І. Сямашкі і новапрызначаных епіскапаў В. Лужынскага, А. Зубко і Я. Жарскага загадала ўніяцкаму духавенству прыняць да выкарыстання служэбнікі і кнігі малітоўных спеваў, надрукаваныя ў маскоўскай сінадальнай друкарні (адпаведна ў 1831 і 1828 гг.); усталяваць (аднавіць) іканастасы і выдаліць (знішчыць) уніяцкую атрыбутыку. З гэтай мэтай было распаўсюджана 600 служэбнікаў сярод духавенства Беларускай епархіі і 700 - Літоўскай. Фінансаванне вырабу іканастасаў ускладалася на былых калятараў цэркваў. У манастырах іканастасы належала ўзвесці за свой кошт. На ўсталяванне іканастасаў ў бедных парафіях выдзялялася па 300 рублёў з дзяржаўнай казны з фонда, прызначанага на адкрыццё ўніяцкай акадэміі ў Полацку (яна так і не была створана) [48]. Тыя з духавенства, хто мог праявіць нядбайнасць у выкананні гэтай пастановы, падлягалі пакаранню [49]. Каб рэалізаваць гэтую грандыёзную задуму, толькі ў Беларускай епархіі трэба было перавыхаваць і перавучыць да 1300 святароў з прычтам і пераабсталяваць 800 храмаў [50].

Падрыхтоўку новых духоўных кадраў, здольных працаваць у рэфармаванай царкве, вялі рэарганізаваная ўніяцкая семінарыя ў Полацку (рыхтавала святароў для Беларускай епархіі), а таксама створныя ў 1828 г. семінарыя і сярэдняя школа ў Жыровіцах (для Літоўскай епархіі), сюды ж пераводзіліся ўніяцкія навучэнцы з Галоўнай Віленскай семінарыі. Было забаронена накіроўваць уніяцкіх семінарыстаў на навучанне ў Рым. Змест навучання ў новаствораных семінарыях быў падпарадкаваны мэтам русіфікацыі ўніяцкага духавенства [51].

Распачатая духоўная пераарыентацыя ўніяцкай царквы Беларусі была заклікана ўзмацніць яе ўнутранае аб'яднанне з Расіяй і аддаліць, ізаляваць ад заходнехрысціянскіх уплываў. Яна суправаджалася рэвізіяй уніяцкага культурна-абрадавага комплексу. Гэты комплекс, які здолеў сумясціць элементы заходняга і ўсходняга хрысціянства, аказаўся прынцыпова несумяшчальным з каштоўнасцямі праваслаўнай царквы імперыі, якая не жадала прызнаваць множнасці і раўнацэннасці культур. Вывозілася на Усход або нішчылася культавае начынне, што адрознівалася ад рэчаў такога кшталту, створаных у Расіі. Вызваленае месца запаўнялася праваслаўнымі культурнымі каштоўнасцямі, якія павінны былі фарміраваць у беларускага народа адпаведную самасвядомасць. Па загаду І. Сямашкі ў Жыровічы былі дастаўлены прызнаныя «ненужными» манстранцыі. Медныя манстранцыі перадавалі ў Пецярбург, срэбныя - пераплаўлялі ў зліткі, якія таксама паступалі ў сталіцу імперыі ў абмен на царкоўныя кнігі і начынне, «однообразное» з тымі, што мелі храмы Расіі.

Санкцыянаваная Пецярбургам кампанія па ачышчэнню ўніяцкай абраднасці і інтэр'ераў храмаў ад лацінскіх запазычанняў і замене богаслужэбных кніг, якая праводзілася ў 1834-1838 гг., вымушала духавенства лавіраваць паміж вернасцю ўніі і націскам улад і сустрэлася з апазіцыяй, больш моцнай у Беларускай епархіі [52].

Святароў абавязалі даць распіскі аб адказнасці за пераабсталяванне храмаў [53], што яны і вымушаны былі зрабіць. Але па розных прычынах (беднасць фундушаў, адсутнасць царкоўных грошай, старасць, хваробы), пры спрыянні мясцовых благачынных, ухіляліся ад збудавання іканастасаў, не давалі знішчаць лаўкі, арганы, званочкі. Памешчыкі адмаўляліся забяспечваць пераўладкаваныя храмы свайго краю абразамі. Мясцовым уладам было прадпісана прымусіць адміністрацыю маёнткаў «решительными полицейскими мерами под опасением за медленность строгого взыскания» пераабсталяваць цэрквы [54]. Сродкі бралі з царкоўнай касы, абавязвалі выдзяляць сродкі уладальнікаў, устанаўлівалі спецыяльныя падаткі з сялян. Выцясненне з царкоўнага ўжытку адных прадметаў культу і іх замена іншымі, адаптаванымі да праваслаўна-расійскіх узораў, праходзіла пад пільным кантролем свецкіх уладаў і наглядам паліцыі. У 1837 г. ваенных начальнікаў паветаў абавязалі даваць штомесячныя справаздачы пра пераабсталяванне храмаў. Урадавы указ аб суровых пакараннях за невыкананне распараджэнняў аб увядзенні праваслаўных літургічных кніг і іканастасаў вымусіў большасць святароў выканаць патрабаванні [55].

Распачатае з 1834 г. вяртанне ва ўніяцкую царкву ўсходніх абрадаў і звычаяў стала прадвесцем яе хуткай ліквідацыі. Прывядзенне ўніяцкай царквы «в однообразие» з праваслаўнай павінна было аблегчыць будучае зліццё канфесій, бо ўніяцкія кнігі, святы, спевы, адзенне, прадметы культу падтрымлівалі «дух отчуждения от России» [56].

Падрыхтоўка да ўсеагульнай рэлігійнай канверсіі ўніятаў. Важным элементам палітыкі Мікалая І ў дачыненні да ўніяцкай царквы стала дзейнасць сакрэтных камітэтаў. Першы з іх быў створаны па ініцыятыве міністра ўнутраных спраў Д. Блудава, які ў 1834 г. прадставіў імператару стратэгію дзейнасці адносна ўніяцкай царквы, у тым ліку ідэю Маскоўскага мітрапаліта Філарэта, што пры Св. Сінодзе належыць стварыць асобны камітэт па ўніяцкіх справах [57]. Гэтая ідэя была падтрымана Мікалаем І, і ў снежні 1834 г. камітэт пачаў сваю працу. У яго склад увайшлі міністр унутраных спраў, обер-пракурор Св. Сінода і некаторая іншыя высокія ўрадавыя асобы, мітрапаліты Маскоўскі і Ноўгарадскі, Цвярскі архіепіскап. Ад уніяцкай царквы ў склад камітэта былі ўключаны мітрапаліт Я. Булгак і епіскап І. Сямашка. У складзе камітэта існаваў яшчэ адзін, больш вузкі склад, у які ўваходзілі мітрапаліт Маскоўскі Філарэт, епіскап І. Сямашка, міністр Д. Блудаў і обер-пракурор С. Нячаеў. Фактычна гэты, таемны склад, і прымаў сур'ёзныя рашэнні. Задачай камітэта было не толькі далучэнне ўніятаў да праваслаўнай царквы, але і перавод у праваслаўе тых уніятаў, якія перайшлі ў рымска-каталіцкае веравызнанне. Лічылася, што дадзеную акцыю неабходна было здзейсніць яшчэ перад пачаткам «обращения» уніятаў [58].

Камітэт праіснаваў нядоўга - да 1836 г. Замест яго з прыходам новага обер-пракурора Св. Сінода М. Пратасава былі паслядоўна створаны два новых: аб'яднаўчы і па справах былых уніятаў (пачаў дзейнічаць ужо пасля скасавання ўніі, са жніўня 1839 г.). У склад Сакрэтнага аб'яднаўчага камітэта ўвайшлі: шэф корпуса жандараў генерал А. Бенкендорф, міністр дзяржаўнай маёмасці П. Кісялёў, міністр унутраных спраў Д. Блудаў, обер-пракурор Св. Сінода граф М. Пратасаў. Ужо па асабовым складзе камітэта можна меркаваць, якую вялікую ўвагу імператар надаваў уніяцкаму пытанню. Гэты камітэт фактычна падрыхтаваў скасаванне ўніі. Планы яе знішчэння распрацоўваліся патаемна. Паяднаўчы камітэт, давёўшы справу скасавання ўніі да канца, быў распушчаны 16 снежня 1839 г.

1 студзеня 1837 г. па падставе царскага указу «О заведывании всеми духовными делами Греко-Унитского исповедания Обер-Прокурору Св. Синода» уніяцкая царква (мела тады 1 млн. 470 тыс. вернікаў) перайшла ў падпарадкаванне Св. Сінода, што азначала хуткі крах уніі. Насельніцтву было даведзена, што палітыку дэўнізацыі праводзіць урад. Раней гэта выглядала так, нібыта пераўтварэнні ўніяцкай царквы робяцца самім яе духоўным кіраўніцтвам насупраць намерам імператара. Адпаведна і ўсялякі супраціў разглядаўся як супраціў ураду.

У тым жа годзе І. Сямашка ініцыяваў падпісанне духавенствам фармальнага акта згоды далучыцца да праваслаўя, калі на тое «последует высочайшая воля». Ён павінен быў стварыць бачнасць добраахвотнай адмовы уніятаў ад сваёй веры. Збор подпісаў вёўся больш за год індывідуальным спосабам, каб лягчэй было ўздзейнічаць на святароў, большасць якіх спачатку адмовілася падпісацца «на измену греко-униатского нашего исповедания, которого догматы не только природой, но даже и клятвой обязаны суть сохранять цело и нерушимо до конца жизни нашей» [59]. Адны адкрыта абураліся, другія, выдумляючы розныя прычыны, ухіляліся. У ход пайшлі пагрозы, шантаж, прымус. Супраць «адмаўленцаў» - тых, хто адмовіўся даць падпіску, - пачаліся рэпрэсіі. Застрашаныя іх доляй, звязаныя сям'ёй, не маючы ніякай падтрымкі, святары ламаліся і «добраахвотна» ставілі свой подпіс. Было назбірана 1305 подпісаў ад святароў і манахаў. У Літоўскай епархіі з 1057 духоўных асоб такія подпісы паставілі 760, але ў Беларускай епархіі з 680 духоўных за далучэнне да праваслаўя выказалася толькі 186. Амаль 1/3 духавенства (593 чалавекі), не зважаючы на пагрозы, адмовіліся даць падпіскі [60]. Са 170 базыльян Літоўскай правінцыі іх далі толькі 66 [61]. Усе «адмаўленцы» былі пакараны: пераведзены на бяднейшыя прыходы, паніжаны ў пасадзе, заключаны ў манастыры. Найбольш «упорных» святароў высылалі ў праваслаўныя манастыры Расіі нібыта дзеля лепшага пазнання імі «чистого» усходняга абраду. З тэрыторыі заходніх губерняў тады было выслана 160 святароў [62].

Смерць у лютым 1838 г. апошняга ўніяцкага мітрапаліта Я. Булгака, праціўніка ліквідацыі ўніяцкай царквы, адкрыла новаму епіскапату шырокія магчымасці для рэалізацыі іх ліквідацыйных планаў. Каб мець цэласнае бачанне сітуацыі ва ўніяцкай царкве і ўпэўніцца ў паспяховасці праведзеных для яе ліквідацыі захадаў Мікалай І выслаў ў маі 1838 г. у заходнія губерні чыноўніка па асобых даручэннях пры обер-пракуроры Св. Сінода В. Скрыпіцына. Яго шлях ляжаў праз Себеж - Полацк - Віцебск - Оршу - Мінск - Вільню - Слонім - Жыровічы - Гродна - Беласток - Брэст - Мазыр - Украіну - Магілёў. В. Скрыпіцын павінен быў звярнуць асаблівую ўвагу на настроі ўніяцкага духавенства і вернікаў, веданне імі рускай мовы, карыстанне маскоўскімі літургічнымі кнігамі, ачышчэнне храмаў і абрадаў ад лацінскіх «заимствований», пабудову іканастасаў і ацаніць стан гатоўнасці мясцовага грамадства да ліквідацыі ўніяцкай царквы.

За час трохмесячнага падарожжа чыноўнік наведаў 77 цэркваў і 10 манастыроў. Ён убачыў, што ў большасці храмаў ужо былі пабудаваны іканастасы, прыбраны амбоны, арганы і бакавыя алтары. Паўсюль выкарыстоўваліся маскоўскія літургічныя кнігі. Уніяцкіх святароў, паводле іх стаўлення да скасавання ўніі, В. Скрыпіцын падзяліў на тры катэгорыі: станоўча настроеных да перамены веры, паслухмяных і непрыхільных. Да першай катэгорыі ён залічыў 633 чалавекі, да другой - 441 і 151 - да трэцяй. На апошнюю катэгорыю раіў звярнуць асаблівую ўвагу.

Чыноўнік заўважыў розніцу ў стаўленні духавенства да скасавання ўніі паводле тэрытарыяльнага прынцыпу: у Беларускай епархіі згоду на прыняцце праваслаўя выказала 25% духавенства (680 святароў), а ў Літоўскай - каля 72 % (1057 святароў) [63]. Таму ён раіў часткова замяніць святароў Беларускай епархіі душпастырамі з епархіі Літоўскай. Акрамя таго, ён лічыў патрэбным дадаткова накіраваць ва ўніяцкія духоўныя навучальныя ўстановы выкладчыкаў з унутраных губерняў Расіі. Агульная выснова В. Скрыпіцына была наступная: планы скасавання ўніі не з'яўляюцца таямніцай, таму сам факт скасавання не выкліча бунтаў. Прамаруджванне са скасаваннем можа парушыць планы ўладаў і прывядзе да ўзмацнення супраціву [64].

Але тут да Пецярбурга дайшла вестка: 111 святароў з усходняй часткі Беларусі вырашылі стаяць за ўнію. 16 верасня 1838 г. яны правялі ў в. Царкоўня (Дрысенскі павет Віцебскай губерні) несанкцыянаваны сход, які выпрацаваў петыцыю да імператара з пратэстам супраць падрыхтоўкі да скасавання ўніі. А падчас шэсця заклікалі мясцовы люд, каб моцна трымаліся сваёй веры [65]. І гэта адбывалася ў той час, калі ў Літоўскай епархіі ўся без выключэння ўніяцкая эліта далучылася да лагера прыхільнікаў праваслаўя. Царкаўнянская акцыя пратэсту прыспешыла санкцыю афіцыйнага Пецярбурга на ўсеагульную канверсію уніятаў, бо яна ставіла пад сур'ёзную пагрозу рэалізацыю яго планаў.

Падрыхтоўка Полацкага царкоўнага сабора. 22 і 26 снежня 1838 г. і 4 студзеня 1839 г. у Пецярбургу адбыліся пасяджэнні Сакрэтнага аб'яднаўчага камітэта. Іх мэтай была распрацоўка інструкцыі для генерал-губернатараў адносна іх дзеянняў падчас канчатковага «воссоединения» ўніятаў. На пасяджэнні 4 студзеня 1839 г. прысутнічалі усе члены камітэта. Запрасілі на яго і генерал-губернатараў: Смаленскага, Віцебскага і Магілёўскага П. Дзякава; Віленскага, Гродзенскага, Беластоцкага і Мінскага М. Далгарукава.

Абмяркоўвалі выпрацаваную камітэтам інструкцыю (яе падрыхтаваў Маскоўскі мітрапаліт Філарэт), якая, з санкцыі імператара, на перыяд усеагульнай рэлігійнай канверсіі уніятаў надзяляла генерал-губернатараў надзвычайнымі паўнамоцтвамі [66]. Паводле гэтай інструкцыі, генерал-губернатары павінны былі спыняць любыя спробы прапаганды супраць дзяржаўнага курса на ўз'яднання уніятаў, любыя факты непакоры начальству і парушэння грамадскага спакою. Абмяжоўвалася перамяшчэнне рымска-каталіцкага духавенства ў межах заходніх губерняў. Землеўладальнікаў належала папярэдзіць аб адказнасці за супраціў іх сялян праваслаўным святарам. Прадвадзіцелі дваранства, гараднічыя, земскія спраўнікі, западозраныя ў саўдзеле ў «противодействию видам правительства», адхіляліся ад пасады. Пакаранне высылкай пагражала рымска-каталіцкаму і ўніяцкаму духавенству, а дваранам, акрамя таго, яшчэ і канфіскацыя маёнткаў. Пра ўсе свае захады адносна духоўных і свецкіх асоб генерал-губернатары павінны былі інфармаваць Міністэрства ўнутраных спраў і Св. Сінод. Акрамя таго, у мясцовасцях, якія генерал-губернатары лічылі патэнцыйна небяспечнымі з пункту погляду верагоднасці супраціўлення, напярэдадні скасавання ўніі прадугледжвалася магчымасць увядзення войскаў [67]. Гэту інструкцыю цар падпісаў праз некалькі дзён пасля пасяджэння камітэта.

Незадоўга да сабора, які павінен быў паставіць апошнюю кропку на гісторыі ўніяцкай царквы ў заходніх губернях, па загаду Мікалая І у Полацк прыбыў дарадчык обер-пракурора Св. Сінода В. Скрыпіцын. Ён меў «особое поручение по греко-униатских делах», выкладзенае ў сакрэтнай запісцы-інструкцыі ад 6 студзеня 1839 г., атрыманай ад свайго шэфа. Інструкцыя патрабавала: «Внимательно наблюдать за направлением греко-униатского духовенства <…> Обращать постоянное внимание на могущие быть противодействия от помещиков и духовенства латинского <…> Если замечено будет где-либо начало беспокойства, поступки, расположенные к волнению, немедленно с эстафетою извещать о том местного губернатора <…> Еженедельно докладывать мне о всем замеченном вами по возложенному на вас поручению, о ваших действиях, о лицах, особенно отличившихся усердием или замеченных в упорстве и неблагонамеренности, дальнейшее пребывание которых в том крае может быть ныне вредно» [68].

У сувязі з прашэннем царкаўнянскіх «заговорщиков», якое выяўляла «дух своеволия и непокорности», у пачатку лютага ў Полацк, згодна імператарскаму загаду, прыбыў І. Сямашка, які заняўся разборам «дела 111-ти». Ён хацеў падарваць салідарнасць святароў, умацаваць аўтарытэт епархіяльных уладаў і іх ўплыў на духавенства, якое яшчэ заставалася верным уніі. Шукалі складальніка прашэння; тых, хто сваімі даверанасцямі ўпаўнаважылі дэлегацыю на яго падачу імператару.

«Истекшую неделю, - пісаў епіскап обер-пракурору Св. Сінода 8 лютага, - посвятил я рассмотрению обстоятельств дела, мне порученного». Каб «разорвать шайку» падпісантаў прашэння на імя імператара, пазбавіць іх магчымасці падтрымліваць кантакты паміж сабой і з астатнім духавенствам Беларускай епархіі, ён загадаў неадкладна выслаць з епархіі ў суправаджэнні паліцэйскіх 20 святароў, якія далі даверанасці на падачу прашэння [69]. Лёс яшчэ 68 святароў, якія падпісалі «противозаконные доверенности», быў вырашаны 11 лютага. І. Сямашка распарадзіўся выклікаць іх па чарзе ў Беларускую кансісторыю для настаўлення на розум. Меркавалася, тых, хто раскаецца, вяртаць на месца службы. Тых, хто адмовіцца ад раскаяння, і нядобранадзейных падвяргаць забароне займаць святарскія пасады. «Вредных» заключаць пад нагляд у манастыр [70]. Па падліках польскага даследчыка М. Радвана, 42 удзельнікі царкаўнянскага пратэсту былі пазбаўлены духоўнага сану або сасланы ў манастыры, у тым ліку 19 чалавек высланы ва ўнутраныя губерні Расіі.

12 лютага 1839 г. у Полацку тры ўніяцкія епіскапы (І. Сямашка, В. Лужынскі, А. Зубко) і 21 прадстаўнік духавенства падпісалі саборны Акт аб адзінстве з праваслаўнай царквой і просьбу да імператара садзейнічаць хучэйшаму далучэнню ўніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта дадавалася 1305 распісак-абавязацельстваў уніяцкіх святароў і манахаў прыняць праваслаўную веру. 593 святары (каля 1/3 усяго ўніяцкага духавенства), не зважаючы на пагрозы, адмовіліся іх даць. Ды і з тых, хто падпісаў згоду, значная частка зрабіла гэта няшчыра, са страху або з разліку [71].

Такім чынам, з канца XVIII ст. зместам імперскай палітыкі ў адносінах да ўніяцкай царквы, якая яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў колькасна дамінавала ў канфесійнай структуры Беларусі, пры ўсёй непаслядоўнасці гэтай палітыкі, было звужэнне сферы ўплыву і поўнае выцясненне ўніяцкай версіі хрысціянства. Ад дэкларацыі талерантнасці (1773 г.), запрашэння ўніятаў да пераходу ў праваслаўе (1780 г.) і абароны іх ад паглынання рымска-каталіцкім касцёлам (1803-1807 гг.) палітыка імперыі эвалюцыянізіравала з кожным новым паўстаннем да намеру «искоренить унию» (1794-1795 гг.), "частных обращений" (1832-1836 гг.), рэфармавання (1834-1838 гг.) і ліквідацыі ўніяцкай царквы. 1839 г. падвёў рысу пад яе гісторыяй у Беларусі. 1,5 мільёна вернікаў і каля 1470 прыходаў былі далучаны да рускай праваслаўнай царквы [72]. Беларусь яшчэ не ведала такога маштабнага адначасовага і радыкальнага перакройвання яе канфесійнай карты. Вынікам стала змена тут суадносін хрысціянскіх веравызнанняў.



[1] Падокшын С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз). 2-ое выд. - Мінск, 2000. - С. 21-22, 25-30.

[2] Грыгор'ева В.В., Завальнюк У.М., Навіцкі У.І., Філатава А.М. Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ-ХХ ст.). - С. 5.

[3] Марозава С., Філатава А. Уніяцкая царква // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Т. 6. - Кн. 1. - Мінск, 2001. - С. 584.

[4] James T.Flynn. The Uniate Church in Bielorussia: A Case of Nation Building ? // Religious Compromise, Political Salvation: The Greek Catholic Church and Nation-building in Eastern Europe / J.Niessen, Editor. - University of Pitts burgh, 1993. - P. 27-46; Конан У. Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа // Конан У. Выбранае. - Мінск, 2009. - С. 202; Лыч Л. Уніяцкая царква Беларусі: этнакультурны аспект. - 2-е выд. - Мінск, 2011.

[5] Марозава С., Філатава А. Уніяцкая царква // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Т. 6. - Кн. 1. - Мінск, 2001. - С. 584.

[6] Грыгор'ева В.В., Завальнюк У.М., Навіцкі У.І., Філатава А.М. Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ-ХХ ст.). - С. 5.

[7] Nabywaniec S. Unicka archidiecezja kijowska w okresie rządów arcybiskupa metropolity Felicjana Filipa Wołodkowicza. 1762-1778. - Rzeszów, 1998. - S. 222-223.

[8] Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - Lublin, 2004. - S. 40.

[9] Лісейчыкаў Д.В. Святар у беларускім соцыуме; прасапаграфія ўніяцкага духавенства. 1596-1839 гг. - С. 71.

[10] Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ. - Мінск, 1996. - С. 157.

[11] Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku uważane głównie ze względu na przyczyny jego upadku. - S. 184.

[12] Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku uważane głównie ze względu na przyczyny jego upadku. - S. 174.

[13] ПСЗРИ. -№ 15 028. - Т. 20. - С. 953-954.

[14] ПСЗРИ. - № 15 028. - Т. 20. - С. 953-954.

[15] Горючко П.С. Материалы для истории воссоединения униатов в Белоруссии 1780 - 1795 годов: Списки воссоединенных церквей. - Могилев, 1903. - С. 1-5; Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 года). - Минск, 1999. - С. 208.

[16] Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku uważane głównie ze względu na przyczyny jego upadku. - S. 185.

[17] Бантыш-Каменский Н.Н. Историческое известие о возникшей в Польше унии, с показанием начала и важнейших, в продолжение оной чрез два века, приключений, паче же о бывшем от римлян и униятов на благочестивых тамошних жителей гонении. - М., 1805.

[18] Записка архиепископа Евгения Булгариса о лучшем способе воссоединения униатов с православною церковию. - СПб., 1887. - С. 3.

[19] Горючко П.С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795-1805 годов. - С. 2-4.

[20] Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku uważane głównie ze względu na przyczyny jego upadku. - Cz. 1-2. - S. 249.

[21] Paszkiewicz P. W służbie Imperium Rosyjskiego. 1721-1917: Funkcje i trześci ideowe rosyjskiej architektury sakralnej na zachodnich rubieźach cezarstwa i poza jego granicami. - Warszawa, 1999. - S. 79.

[22] Сосна У. Уніяцкае пытанне ў беларускай вёсцы ў канцы ХVIII - першай палове ХІХ ст. // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі). - С. 96.

[24] Горючко П.С. Из истории воссоединения униатов в Белоруссии 1795-1805 годов. - С. 18, 21.

[25] Істория релігій в Украіні: В 10 т. - Т. 4: Католицизм. - Киів, 2001. - С. 297.

[26] Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 года). - С. 362-363; Никольский Н.М. История русской церкви. - Минск, 1990. - С. 289.

[27] РДГА. - Фонд 468. - Воп. 43. - Спр. 626. - Арк. 17-17 адв.

[28] Горючко П.С. Из истории возсоединения униатов в Белоруссии 1795-1805 годов. - С. 37.

[29] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 82. - Спр. 23. - Арк. 1.

[30] Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - Lublin, 2004. - S. 49.

[31] Dylągowa H. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918). - Warszawa-Olsztyn, 1996. - S. 78.

[32] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. - Т. 2 :1701-1839. - СПб., 1907. - С. 621, 623-629.

[33] Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - S. 55.

[34] ПСЗРИ. - № 1449. - T. 2. - C.877-878.

[35] Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - S. 55.

[36] Записки Иосифа митрополита Литовского. - Т. І. - СПб., 1883. - С. 32-38.

[37] Записки Иосифа митрополита Литовского. - Т. І. - С. 39.

[38] Записки Иосифа митрополита Литовского. - Т. І. - С. 40-44.

[39] Герцен А.И. Секущее православие // А.И. Герцен об атеизме, религии и церкви - М., 1976. - С. 176.

[40] Морошкин М. Воссоединение унии: Исторический очерк. - Б.м., б.г. // Оттиск из Вестника Западной России. - С. 524, 526.

[41] Глубоковский Н. Н. Архиепископ Смарагд в его деятельности по воссоединению униатов (1833-1837 гг.) // Христианское чтение. - 1914. - Апрель. - С. 486.

[42] Lencyk W. The Eastern Catholic Church and Czar Nicholas I. - Romae-New York, 1966. - P. 72.

[43] Шавельский Г. Последнее возсоединение с православною церковію уніатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.). - СПб., 1910. - С.143, 144.

[44] Шавельский Г. Последнее возсоединение с православною церковію уніатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.). Дадатак. - С. 38.

[45] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 205. - Спр. 183. - Арк. 8-8 адв.

[46] ДАРФ. - Фонд 109. Сакрэтны архіў. - Воп. 2. - Спр. 311. - Арк. 1-4.

[47] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 4. - Спр. 14074. - Арк. 19.

[48] Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku.- S. 82-83.

[49] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк. 1-7; Спр. 383. - Арк. 9-10, 13 адв.

[50] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк. 16 адв.

[51] Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - S. 153.

[52] Lencyk W. The Eastern Catholic Church and Czar Nicholas I. - P. 63.

[53] НГАБ. - Фонд 3245. - Воп. 2. - Спр. 512. - Арк. 43-43 адв.

[54] НГАБГ. - Фонд 2. - Воп. 21. - Спр. 327. - Арк. 21-21 адв., 25-26 адв., 50 адв.

[55] Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku. - S. 94-95.

[56] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк. 40 адв.

[57] Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - S. 173.

[58] Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - S. 173.

[59] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 11116. - Арк. 145-146 адв.

[60] Dylągowa H. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918). - S. 89.

[61] Извеков П.Д. Исторический очерк состояния православной церкви в Литовской епархии за время с 1839-1889 г. - М., 1899. - С. 236.

[62] Гарошка Л. Пад знакам «рускае і польскае веры» // Спадчына. - 2000. - № 1. - С. 169.

[63] Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - S. 174.

[64] Марозава С. Місія камергера Скрыпіцына // Царква. - 2005. - № 3. - С. 12.

[65] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23446.

[66] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 87. - Спр. 22. - Арк. 1-1 адв.

[67] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 87. - Спр. 22. - Арк. 1 адв.-7; Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839. - S. 175-177.

[68] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23446 - Арк. 62-67.

[69] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23446. - Арк. 121, 132-132 адв., 138 б.

[70] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23446. - Арк. 123-123 адв.

[71] Марозава С. Беларусь, восень 1838 - вясна 1839 г.: апошні акт уніяцкай трагедыі (некаторыя малавядомыя старонкі) // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. - Ч. 1. - Гродна, 2009. - С. 316.

[72] Dylągowa H. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918). - Warszawa-Olsztyn, 1996. - S. 89.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX