Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Рэакцыя беларускага грамадства і міжнародны рэзананс на палітыку рэфармавання і ліквідацыю ўніяцкай царквы 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 16-01-2016,
Крыніца: Марозава, С.В. Рэакцыя беларускага грамадства і міжнародны рэзананс на палітыку рэфармавання і ліквідацыю ўніяцкай царквы / С. В. Марозава // Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (Канец XVIII- пачатак XX ст.) / Яноўская В.В. [і інш.]. - Мінск: Беларуская навука, 2015. - 496 с. - C. 241-272.



Рэакцыя ўніяцкага насельніцтва на першыя спробы дэўнізацыі. Першыя згадкі аб супраціве ўніятаў спробам перавесці іх у праваслаўную веру, вядомыя ў беларускай гістарыяграфіі, адносяцца да пачатку 1780-х гг. На сходзе 8 кастрычніка 1780 г. віцебскі мяшчанін Лук'ян Струй ад імя прыхаджан Троіцкай царквы на намер перавесці іх у праваслаўе заявіў, «что де им хотя головы отрежут, но они к благочестивому священнику не пойдут», а аканом С. Дзядзерка заклікаў прысутных не аддаваць сваю царкву. У сакавіку 1783 г. адмовіліся мяняць веру жыхары мястэчка Калышкі, сяляне Забежскай царквы Савінскага староства і Прудзенскай царквы Дрысенскага павета [1].

Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (Канец XVIII- пачатак XX ст.) / Яноўская В.В. [і інш.]. - Мінск: Беларуская навука, 2015. - 496 с.

Больш моцная хваля супраціву, распачалася ў 1794-1795 гг. у сувязі са зменай урадавай палітыкі, калі пад уплывам паўстання 1794 г. Кацярына ІІ заявіла аб сваім намеры «искоренить унию» на тэрыторыі Украіны і Беларусі. Адмена ўсялякіх абмежаванняў для пераходаў уніятаў у праваслаўе выклікала выданне 18 мая 1795 г. ўказа Св. Сінода, па якому падлягалі перадачы ў праваслаўнае ведамства ўніяцкія цэрквы, большасць прыхаджан якіх згаджалася перайсці ў праваслаўную веру.

У справу заахвочвання ўніяцкіх вернікаў і святароў да пераходу ў праваслаўе ўключылася як праваслаўнае духавенства, так і грамадзянскія ўлады. Ігумену Куцеінскага манастыра Давыду, якога Магілёўскі архіепіскап Афанасій, накіраваў у Полацкую губерню падрыхтаваць глебу для далучэння ўніятаў, Полацкі губернатар М. Лапацін 8 чэрвеня 1795 г. раіў камандзіраваць у гарады і вёскі групу з духоўных і свецкіх асоб, якая б перамяшчалася з месца на месца, зачытвала ўсюды пастарскую грамату Мінскага, Ізяслаўскага і Брацлаўскага праваслаўнага архіепіскапа В. Садкоўскага і ўказ аб свабодным вяртанні ў праваслаўную веру і складала спісы тых, хто пагаджаўся перайсці ў праваслаўе, і ведамасці аб колькасці тых, хто адмовіўся. Камандзіраваным на месцы чыноўнікам было загадана неадкладна паведамляць у праўленне Полацкага намесніцтва пра ўсіх, хто будзе перашкаджаць «уз'яднанню» для аддачы пад суд і секвестра іх маёнткаў [2].

Але справы прынялі непажаданы кірунак. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла пазіцыя Полацкага ўніяцкага архіепіскапа Іраклія Лісоўскага. Ён склікаў падначаленае яму духавенства і пераконваў, «чтобы крепко стояли и никто не надумал от унии отстать». Калектыўная адмова духавенства адбілася на настроях народа. Цяжкасці сустрэліся ўжо ў самім Полацку: «никакое предложенное им (уніятам - аўт.) спасительное средство, ни насильный на унию перевод» не змаглі схіліць прыняць праваслаўную веру. Палачане спасылаліся на духавенства: «Если те вожди и пастыри наши сначала согласятся, то и мы вслед за ними пойдем» [3].

Як ні намагаліся высланыя на месцы камісіянеры схіліць вернікаў ў пануючую веру, але тыя, папярэджаныя «наставлениями своих священников», не пагаджаліся. Ды і каталіцкае духавенства актывізавалася: схіляла іх у каталіцызм. У выніку місія ігумена Давыда правалілася. Сам ён пісаў архіепіскпу Афанасію: «Наше здесь пребывание [...], если не будут открыты [...] более надежные к обращению унитов средства, [...] является совсем напрасным» [4].

Падобная сітуацыя назіралася і ў Мінскай губерні. З самага пачатку абнародавання пастарскай граматы В. Садкоўскага ўніяцкія святары, загадзя падрыхтаваныя сваім начальствам, узбуджалі супраць яе народ. Некаторыя з іх пры набліжэнні праваслаўных місіянераў ад'язжалі і забіралі з сабой ключы ад царквы. Там, дзе ключы заставаліся ў руках прыхаджан, святар прыхопліваў з сабой царкоўнае начынне, грошы, богаслужбовыя кнігі. У выніку летам 1794 г. да праваслаўя далучылася ўсяго адна царква з 849 прыхаджанамі. Астатнія працягвалі супраціўленне. Так, сяляне вёсак Саламарэчча і Мацкі Мінскага павета заявілі праваслаўным агітатарам: «В какой вере родились, в той и умрем; какую веру деды имели, не знаем, но своей веры ломать не будем, хотя бы нам поломали и головы». На настойлівую прапанову «ўз'яднацца» жыхары вёскі Бранчыцы Слуцкага павета адказалі: «Бей нас, мучь, куй, а мы останемся в униатской вере» [5]. Прыхаджане Целеханскай, Обраўскай, Добравіцкай, Выганаўскай, Глінянскай і шэрагу іншых цэркваў Пінскага павета выказалі цвёрды намер застацца «в униатской религии, в которой их отцы, деды, прадеды» былі «и без всякого препятствия ее исповедали, которую из груди своих матерей высосали» [6].

Аб тым, як адбываліся справы па пераводу ўніятаў у праваслаўе ў Магілёўскай губерні засталіся нататкі чыноўніка Г. Дабрыніна, які ўзначальваў групу людзей, камандзіраваных Магілёўскім губернатарам Г. Чарамісінавым у Сенненскі павет. Ён пісаў: «Всех церквей униатских в Сенненском уезде тридцать три, которых все мы посетили. К каждой церкви собирали прихожан, [...] при каждой читали им распоряжения, предписания, спрашивали про свободную склонность их к перемене веры, или, лучше сказать, к одному только перенаименованию веры. Уговаривали их через духовного депутата и не заимели ни единой души, которая бы желала отстать от унии и пристать к греко-российской церкви» [7].

Незгаворлівых уніятаў аднаго з казённых маёнткаў Быхаўскага павета далучаў да пануючай веры сам Магілёўскі губернатар з атрадам кананіраў і гарматай. Калі атрад наблізіўся да вёскі, губернатар загадаў даць залп з гарматы. Напужаныя стрэлам нечуванай раней моцы, вяскоўцы схаваліся ў лесе. Калі іх сабралі, губернатар пачаў дакараць, навошта яны супраціўляюцца, - «вера вся же одна, та же христианская». На што адзін стары адказаў: «Если б тебе приказали принять нашу веру, а захотел бы ты быть униатом?». Губернатарская місія поспеху тады так і не мела [8].

Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (Канец XVIII- пачатак XX ст.) / Яноўская В.В. [і інш.]. - Мінск: Беларуская навука, 2015. - 496 с.

Справа пераводу ўніятаў натыкалася на ўсё большы супраціў, народныя выступленні станавіліся больш моцнымі. Так, у мястэчку Мікулін Бабінавіцкага павета місіянеры ўгаварылі сялян (2118 чалавек) далучыцца да праваслаўя. Але калі збіраліся пераасвяціць царкву, пачаўся бунт. На званіцы забілі ў набат, схавалі ключы ад царквы, каб сарваць пераасвячэнне. Калі камандзіраваныя царкву апячаталі, сяляне ўзламалі пячатку і сталі слухаць вячэрню ўніяцкага святара. Пасланцы епіскапа Афанасія так «ни с чем оттуда уехали, и в другие места, из-за создания явных препятствий и бунтов, ехать [...] для склонения униатов [...] не осмеливаются» [9].

У 1795 г. сталі праваслаўнымі абедзве цэрквы мястэчка Любавічы Аршанскага павета. Але ўжо на другі дзень раніцай мяшчане «со страшными угрозами» прагналі са сваёй царквы новага святара, які вёў у ёй богаслужэнне [10]. Афанасій дакладваў Св. Сіноду, што гэтыя «бунты» выклікаюць сярод уніятаў «разными злохитрыми спосабами» каталіцкае духавенства, шляхта і адміністрацыя маёнткаў. Нешта падобнае адбылося і з Куляшоўскай царкой Клімавіцкага павета, прыхаджане якой нібыта выказалі «добровольное желание» далучыцца да пануючай веры і нават пісьмова «просили» асвяціць іх храм. Але калі туды прыбыў праваслаўны святар, яго да асвячэння не дапусцілі [11].

Хваля супраціву далучэнню да праваслаўя суправаджалася яшчэ адной праблемай для ўладных структур у справе ажыццяўлення акцыі «уз'яднання» - адмоўнае стаўленне да яго з боку ўніяцкага шараговага духавенства. Так, далучэнне ўніяцкіх святароў у Мінскай губерні назіралася вельмі рэдка. Мінскі, Ізяслаўскі і Брацлаўскі архіепіскап В. Садкоўскі спадзяваўся на далучэнне ўсіх святароў, чые прыходы сталі праваслаўнымі. Ён не чакаў, што лік «упорствующих» будзе такім вялікім: «Страшно было оставлять за собой неизбежными врагами целые сотни старых, опытных, сжившихся со своими прихожанами священников» [12]. Каб выправіць сітуацыю, выклікалі 60 святароў са Смаленскай праваслаўнай епархіі. Яны прыбылі ў сярэдзіне лістапада 1795 г. і архіепіскап размеркаваў іх па вакантных прыходах [13].

А ўніяцкія святары, пазбаўленыя сваіх прыходаў за нязгоду разам з імі перайсці ў праваслаўе, заставаліся жыць у цяпер ужо праваслаўным асяроддзі. Падтрыманыя памешчыкамі і адміністрацыяй маёнткаў, яны «самовольно» праводзілі богаслужэнні, нават для новаправаслаўных, «соблазняли их в свой закон» і тым выклікалі ў прыходах «волнения».

3 красавіка 1796 г. обер-пракурор Св. Сінода А. Мусін-Пушкін загадаў тэрмінова выдаліць уніяцкіх святароў ад стаўшых праваслаўнымі прыходаў, забараніць ім жыць у тых вёсках і адправіць да ўніяцкага Полацкага архіепіскапа І. Лісоўскага для размяшчэння па іншых прыходах [14]. Выдаленне з прыхода было суровым пакараннем для святара, бо несла, побач з рэлігійнымі, значныя маральныя і матэрыяльныя выдаткі. Уніяцкі прыход, па большай частцы, замяшчаўся па спадчыне. Святар быў звязаны з ім родавымі паданнямі, маёмасцю. Каб не пазбавіцца наседжанага месца, шмат хто з духавенства згаджаўся перайсці ў праваслаўе. Адданыя ж уніі адстойвалі сябе ўсімі спосабамі. У 1801 г. толькі ў Мінскай губерні застаўшыхся без прыходаў было 103 уніяцкія святарыі [15]. Яны пераўтварыліся ў небяспечны каталізатар народнага незадавальнення: хадзілі па вёсках, несучы людзям сваю крыўду і абурэнне, заклікалі іх моцна трымацца сваёй веры. Дзейнасць гэтых святароў набыла пагрозлівыя маштабы для дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі ў заходніх губернях. Так, у Слуцкі суд паступіла справа святара Я. Касперскага, які ў сакавіку 1796 г. пасылаў па свайму прыходу дзяка з указамі-заклікамі трымацца веры бацькоў. Дзякуючы гэтым дзеянням у унію вярнуліся сяляне вёскі Пукова. Мяцежнага святара ў гэты час трымалі пад вартай у калодках [16]. За «униатское упорство» у 1796 г. былі накіраваны на разборку да мітрапаліта чатыры святары з Барысава [17]. Новаправаслаўныя вёскі Падгацце (Пінская акруга) у 1797 г. прынялі да сябе ўніяцкага святара Чарнякоўскага, сілай адабраўшы ў праваслаўнага святара ключы ад царквы. Таму сельскай паліцыі Мінскай губерні было загадана неаслабна сачыць, каб уніяцкіх свяшчэннікаў у новаправаслаўных вёсках не толькі на суткі, але нават на гадзіну не дапускаць, бо ім, маўляў, болей няма там аніякай справы, як толькі «совращать простолюдинов с правого пути», а калі з'явяцца, арыштоўваць [18]. Але яшчэ і на пачатку новага стагоддзя дарэмна намагаліся духоўныя і свецкія ўлады «остановить развращение присоединенного народа неприсоединенными униатскими священниками» [19].

Спробы вырашэння «уніяцкага пытання» палітычнымі метадамі і іх крах. Рэўнізацыя. Імператарскі загад ад 28 ліпеня 1797 г. аб наданні свабоды веравызнання новаправаслаўным, якія ухіляліся ад выканання праваслаўных абрадаў, выклікаў масавы усплеск руху вяртання ва ўніяцкую веру. Вось, напрыклад, як гэта адбывалася на паўночна-усходняй частцы Беларусі. Яшчэ ў 1794 г., згодна з рэскрыптам Кацярыны ІІ, сяляне з пагостаў Лаўдэра, Буншыж і Брадайжскага прыхода Люцынскага павета, а таксама пагоста Сойна Себежскага павета былі падзелены на тых, хто пажадаў прыняць пануючую веру, і тых, хто адмовіўся пакінуць унію. Першыя былі пераведзены ў праваслаўе. Але, калі прыйшоў час пераасвячэння вясковых цэркваў, пачаліся збоі. Мясцовыя чыноўнікі, якім праўленне Полацкага намесніцтва прадпісала ехаць у пагосты «для отобрания и освящения церквей», не спяшаліся рабіць гэта. Ішлі гады, а да пагостаў яны так і не даехалі, цэрквы, «и поднесь не отобрали», уніяцкіх святароў з вёсак не выдалілі [20].

У 1797 г. стала відавочнай дарэмнасць затрачаных высілкаў на аправаслаўліванне сялян ў гэтым кутку Беларусі. Як пісаў Магілёўскі праваслаўны епіскап у Св. Сінод, ранейшыя «старательства здесь доселе были безуспешны и почти тщетны». «Иноверцы» не даюць асвяціць уніяцкія цэрквы, прыхаджане якіх у 1795-1796 гг. былі цалкам або часткова далучаны «из унии в благочестие». Уніяцкія святары «возмущают» «присоединившихся уже прихожан» і нават «совращают [...] многих паки в унию». А мясцовае чыноўніцтва «чинит» ім у тым «послабление» і не імкнецца дапамагчы праваслаўным місіянерам [21].

У выніку, звыш за 400 прыхаджан Лаўдэраўскай Петрапаўлаўскай царквы, якія ў 1795 г. далучыліся да праваслаўя, «первый год держались благочестия твердо», а ў 1797 г. «отвратились от благочестия», перасталі хадзіць у праваслаўную царкву і пускаць у свае хаты праваслаўных святароў для выканання духоўных патрэбаў. Такая сітуацыя адмыслова ўплывала і на новаправаслаўных суседніх прыходаў [22].

Уніяцкіх святароў аддавалі пад суд «за чинимое ими препятствие во становлении Православия», за «совращение в унию», а сялян - «за дерзость и преступление». Святароў прыводзілі да пакоры таксама высылкай з прыхода разам з сем'ямі. На сялян уздзейнічалі праз землеўладальнікаў, якім гразілі, што ў выпадкуіх непакоры, адказваць будуць самі Але гэтыя пагрозы дзейнічалі слаба.

Класічным сюжэтам, які адлюстроўваў тагачасныя падзеі, лічыцца ў гістарыяграфіі інцыдэнт, што здарыўся ў 1797 г. у мястэчку Любавічы Магілёўскай губерні. З «уз'яднаўчай» місіяй, падмацаванай вайсковай камандай і зброяй, сюды з'явіўся Магілёўскі губернатар Г. Чарамісінаў. Па загаду губернатара ўніяцкія цэрквы - Успенскую базыльянскую і Мікольскую прыходскую - перавялі ў праваслаўе. Але прыхаджане, «из которых [...] 28 человек от пяты ног до самой головы суковатыми и толстыми палками так секли, что у иных и внутренности были видны, почти все остались при их и предков вере - унии». У вёсцы на трохтыднёвы пастой пакінулі вайсковую каманду. Яе гаспадаранне абярнулася збядненнем мяшчан, «но и тогда в присоединении их сердца были непреклонные». Каб пазбавіць жыхароў мястэчка падтрымкі базыльянскіх манахаў і прыходскіх святароў, іх адтуль выдалілі. Тады ў мястэчку пачаўся збор подпісаў (даверанасцяў кожнага з прасіцеляў) падацелю іх калектыўнай просьбы ў вышэйшую інстанцыю (якімя меркаваўся князь Любамірскі, або да іншы аўтарытэтны і ўплывовы чалавек) з просьбай хадайнічаць аб «вяртанні ўніі» у Любавічы [23]. Урэшце ў кастрычніку 1800 г. (па іншых звестках, у 1797 г.) уніяты мястэчка Любавічы ўсё ж былі далучаны да праваслаўя. Праваслаўны святар Тамашэўскі, які шмат папрацаваў над гэтым, атрымаў ад Паўла І узнагароду - ордэн св. Іаана Іерусалімскага [24].

Несціхаючыя канфліктныя сітуацыі, што ўспыхвалі то ў адным, то ў іншым месцы спарадзілі імператарскі ўказ з ад 16 сакавіка 1798 г., які патрабаваў «нужных мер к пресечению всяких злоупотреблений, происходящих от унитов к разврату жителей, обратившихся уже из Унии в благочестие, [...] а в рассуждении самых сих жителей ко удержанию их в благочестии» [25]. Тым не менш канфліктная сітуацыя расрасталася. Сціхаючы ў адным месцы, веравызнаўчы разлад успыхваў у другіх. У вёсцы Мікуліна пасля таго, як частка сялян прыняла праваслаўе, пачаліся «крайние возмущения и неспокой, даже с возвращением некоторых в униатство». У Мікуліна накіраваліся духоўныя і грамадзянскія чыноўнікі. Пад іх уздзеяннем 30 лістапада 1801 г. «добровольно» перайшлі ў праваслаўе 145 сялянскіх сем'яў [26].

Характэрным сюжэтам дэўнізацыі Беларусі былі хваляванні ў маёнтку Дзісна Полацкага павета Беларускай губерні ў чэрвені-ліпені 1799 г. Калі ў Дзісну прыбыла з Полацка камісія для перавводу ў праваслаўе, узмоцненая воінскай камандай у 12 салдат, «крестьян е[...], кои были на дворе для работ, вдруг бросясь со двора, умножаясь толпою человек до ста с дубьем, [...] стерегли церковь. Назавтра, когда им при церкви прочитаны были указ Св. Синода [...] оне, не оказав малейшего повиновения и не допустя к церкви, дерзнули с пономарем Зеленкевичем и церковным старостою Максимом Вороновичем прийти на двор в виде разбойническом, требовали выдачи протоиерея, дабы умертвить, ломали в покоях двери, выбивали окны. Комисар с командою потерпели побои». Протаіерэй выратаваўся ўцёкамі, чыноўнікі ні з чым вярнуліся ў Полацк, апраўдваючыся, «что взять церковь, усмирить буйство крестьян без большой команды и без некоторой строгости нет возможности». На месца здарэння выехаў сам Беларускі губернатар П. Севярын. Царкву ён загадаў запячатаць. Данясенне аб інцыдэнце было адпраўлена ў Пецярбург. Павел І азнаёміўся з данясеннем, у якім адзначалася, што сяляне мястэчка Дзісна «препятствуют в обращении в благочестие находящейся там унитской церкви». Манаршая воля ў адрас Беларускага губернатара была наступнай: «Дабы к приведению крестьян в повиновение, когда мирные внушения того зделать не могут, потребовал помощи от ближайшей воинской команды; виновных, здав под караул, предал бы суду по всей строгости законов, [...] а между тем церковь освятить» [27].

Для выканання імператарскага ўказа ў Дзісну быў накіраваны маёр Сяліверстаў разам з губернскім чыноўнікам і ротай салдат. Натоўп сялян з дубінамі зноў акружыў царкву. Для іх уціхамірвання у ход была пушчана «команда». 11 чалавек арыштавалі. «Прочие удалились на некоторое разстояние в поле. Собрались более с дубинами и до самого вечера от местечка не отступали. А разошлись по наступлению ночи и на другой день уже не показывались. Посему сего числа церковь и освящена» [28]. Святароў і сялян, якія пабуджалі вяскоўцаў да супраціву, аддалі пад суд. Святара пакаралі царкоўнай эпітыміяй, утрыманнем пад вартай, высылкай у Віцебск; іншых - бізунамі. «В местечке Дисна все смирно и благополучно», - адрапартавалі пасля гэтага ў Пецярбург [29].

Чвэрць стагоддзя адстойвалі сваю царкву, у 1795 г. прызначаную Св. Сінодам для перадачы ў праваслаўнае ведамства, сяляне вёскі Свяцілавічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, хоць частка іх і згадзілася змяніць веру [30]. 23 лютага 1800 г. праваслаўную камісію яны сустрэлі з дубінамі, злосна лаялі місіянераў, гналі іх прэч ад царквы. Забілі ў званы. На іх кліч збеглася і захвалявалася ўся ваколіца. Камісія аказалася ў акружэнні «толпы разъяренных мужчин и женщин с оружием». Сялян падтрымала ваколічная шляхта. Дарэмна намагаліся чыноўнікі ўгаварыць іх, пагражалі карай «за их непослушание и возмущение». Місіянераў разам з земскім камісарам з ганьбай выштурхалі за ваколіцу [31]. У 1816 г. місіянеры зноў прыбылі ў вёску разам з паліцыяй. Але сяляне, «при всех со стороны земской полиции настойчивых и строгих приказах» зноў не дапусцілі «к исполнению указа Святейшего Синода» [32]. У 1822 г. місіянерам і паліцыі свяцілавіцкія ўніяты заявілі, што самі фундавалі царкву, пабудавалі яе ў памяць продкаў і намераны пры ёй памерці, але ў іншую веру не аддадуць. У 1825 г. са «Свяцілавіцкай справай» знаёміўся новы імператар Аляксандр І. Уніятаў часова пакінулі ў спакоі, прыпісаўшы тых, хто прыняў праваслаўе, да суседняга прыхода [33].

Масавае вяртанне ўніятаў у сваю веру ставіла пад пагрозу зрыву ўсю праваслаўную справу на ўсходзе Беларусі. Сваім указам ад 10 лютага 1800 г. аб «неумножении униатских церквей и попов» Св. Сінод намагаўся стрымаць гэты працэс [34]. Але спыніць працэс рэўнізацыі аказалася тады не пад сілу ні праваслаўнаму епіскапату, ні Св. Сіноду, ні Сенату. «Униаты по Белорусской губернии усиливаются, - непакоіліся яны, - и успевают снова создавать церкви в таких местах, где совсем не нужны (где униаты переведены в православие - аўт.), [...] чтобы таким образом [...] наводить искушение» [35].

Выступленні ўніятаў супраць далучэння да праваслаўя ў 1830-я гг. Яшчэ ў 1795 г. Пячарская ўніяцкая царква Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні была пераведзена ў праваслаўе. Але па прашэсці гадоў прыхаджане пачалі ўхіляцца ад новай веры. З 1831 г. узяліся за сялян, жыхароў вёскі Цехановічы. Іх угаворвалі місіянеры, «вразумлял» памешчык; выклікалі ў Магілёў, дзе іх ушчуваў сам уладыка. Але поспеху не мелі. У 1832 г. за справу ўзяліся Клімавіцкі павятовы суд, Магілёўская крымінальная палата, губернскае праўленне і больш высокія інстанцыі ў Пецярбургу: грэка-уніяцкая і рымска-каталіцкая калегіі, Св. Сінод, Сенат, Міністэрства ўнутраных спраў. Пачалі шукаць, хто стаіць за гэтымі адмаўленцамі. Заключылі: яны навучаны ўніяцкім святаром Падабедам. Праўда, святар да гэтага часу ўжо памёр, а сяляне заставаліся непахіснымі. Урэшце Сенат вырашыў паставіць на гэтай справе кропку: у выпадку адмаўлення, абвяшчаў сенацкі ўказ, паступіць з імі згодна артыкула Зводу законаў аб злачынствах супраць веры [36].

Адбываліся падобныя выпадкі і ў Мінскай губерні. Так, сяляне вёскі Азарычы Пінскага павета Мінскай губерні, запісаныя ў праваслаўную веру (відаць, у 1795 г.), зноў «совратились в унию». Гледзячы на іх, унію кідаць не жадалі і вернікі суседніх прыходаў: Паршэвіцкага, Лагішынскага і Выганошскага [37]. Св. Сінод убачыў прычыну такой сітуацыі ва ўніяцкіх святарах, што засталіся без прыходаў, якія быццам бы «совращают крестьян [...], чрез что происходит между ними неудовольствин и самому начальству затруднение». Мясцовыя ўлады, духоўныя і свецкія, неаднойчы намагаліся змяніць стан рэчаў у Азарычах. Яшчэ ў 1826 г. 28 сялян «за совращение» назад ва ўнію былі аддадзены пад суд, але прысуду яны не падпарадкаваліся. Таму ў 1833 г. за іх узяліся зноў. 13 чалавек пакаралі бізунамі - па 25 удараў, васьмярых, з-за іх старасці не білі, але вытрымалі тры тыдні ў астрозе. Пасля пакаранняў 17 чалавек згадзіліся стаць праваслаўнымі. Двое «остались упорными». Іх, «яко вредных в обществе и могущих упорством своим поселить в других худое влияние», суд у 1836 г. прыгаварыў да высылкі ў Сібір на пасяленне. Але Дэпартамент духоўных спраў замежных веравызнанняў вырашыў так далёка азарыцкіх сялян не высылаць, а накіраваў іх у праваслаўны манастыр «для преподавания им опытными монахами духовных увещаний, продолжая оныя до восчувствования ими своего заблужения» [38]. У 1832 г. рашэннем Мінскага суда былі адпраўлены на пакаянне ў Лядзенскі базыльянскі манастыр святары В. Сушчынскі і І. Вішнеўскі, якія «соблазнили» назад ва ўнію некалькі сялян памешчыцкага маёнтка Талкачэвічы [39].

У в. Гарбовічы Рэчыцкага павета Мінскай губерні былі дзве царквы: праваслаўная і ўніяцкая, пры якой служыў святар Малевіч. Ён спакусіў паству свайго праваслаўнага калегі. Па даносу апошняга ў 1833 г. Малевіча прыцягнулі да судовай адказнасці. Але справа набыла нечаканы паварот - суд абвінаваціў праваслаўнага святара «в слабом наблюдении [...] за своими прихожанами, из коих одни уклонились от Православия, а другие обращались за духовными требами к [...] Малевичу по согласию его» [40].

У архівах Беларусі і Расіі захавалася шмат спраў, што даволі падрабязна распавядаюць аб тым, як адбываліся падобныя акцыі ў розных месцах Беларусі. Прывядзем толькі некалькі з іх, каб падмацаваць сцвярджэнні аб тым, што беларускія ўніяты не былі пасіўным «элементам» на працягу шматгадовых намаганняў ўладных структур і праваслаўнага духавенства зрабіць з іх праваслаўных вернікаў.

Хадайнікі за ўнію з вёскі Белая. У студзені 1834 г. сялян вёсак Полацкага павета (Белая, Бароўцы, Дубеніцы, Экімань, Цынаўка, Дварэц і інш.) разам з прыходскай царквой перавялі, нібыта па іх добрай волі, у «греко-российскую веру». Аднак калі пачалі прымушаць хадзіць на споведзь і прычасце ў праваслаўную царкву, на дзесятках вёрст запанаваў агульны настрой: «Жыць і памерці ў прыроднай уніяцкай веры». Абшчына накіравала ў Полацк, у грэка-уніяцкую кансісторыю, хадака, усімі паважанага старца Савелія Лаўскага, «прасіць за ўнію». Напісаць прашэнне ад імя сялян дапамог Полацкі павятовы маршалак Л. Беліковіч, актыўны змагар за ўнію. Але С. Лаўскі вярнуўся ні з чым: прашэнне ў кансісторыі не прынялі [41]. Тады сяляне выпрацавалі новы план дзеянняў. Згодна з ім 12 сакавіка з просьбай аб дазволе па-ранейшаму быць уніятамі і прасіць замены праваслаўнага святара ўніяцкім у Полацк прыйшлі ўжо 44 хадакі з розных вёсак. Спачатку звярнуліся да ўніяцкага епіскапа з просьбай, каб ён не дапускаў іх у «рускую веру». Той адмовіў, спаслаўшыся, што царква і прыход ужо праваслаўныя. Дэлегацыя накіравалася да павятовага суддзі з просьбай абараніць іх ад прымусу да перамены веры, вярнуць іх святара. Але па загаду падпалкоўніка Агатонава за «необоснованную, общим скопом, жалобу против благочестивой веры, ими принятой добровольно из унии» просьбіты былі жорстка збіты і кінуты ў астрог [42].

Падчас судовага разбору высветлілася, што праблема перасягнула далёка за межы гэтага маёнтка ў сувязі «с начавшимися меж обращенными в православие крестьянами и других мест волнений» [43]. Спачатку «бельские бунтовщики», як ахрысціў іх Полацкі праваслаўны епіскап Смарагд (А. Крыжаноўскі), паводзілі сябе стойка, з рашучым намерам трымацца ўніі. «Рускай веры я не асуджаю [...], але ж хачу толькі памерці ва ўніяцкай веры», - заявіў на допыце непісьменны Трафім Літвінаў. Сяляне адмаўлялі, што яны давалі згоду на перамену веры; абвяргалі і падазрэнне, што нехта іх падбухторыў звярнуцца ў Полацк да ўладаў [44]. Тым не менш астрог зламаў людзей. Настаўленыя ў Полацку на розум, яны «чистосердечно раскаялись в своих ошибочных взглядах» і былі адпушчаны дахаты; акрамя дваіх, якія «менее каялись в своих ошибках». А ў маёнтку Белым «навели совершенное спокойствие» [45].

Барацьба за сялянскія душы ў Шыпаве і Юровічах.У сакавіку 1834 г. пра свой намер застацца ўніятамі, нават коштам сваёго жыцця, заявілі 66 сялян вёскі Шыпаў Сенненскага павета Магілёўскай губерні, якія чатырма месяцамі раней перайшлі па настаянню свайго памешчыка ў праваслаўе [46]. На розум іх настаўлялі памешчык, грамадзянскае начальства, новы прыходскі святар. Усё было дарэмна. Справай шыпаўскіх сялян заняўся земскі суд. Пачалі шукаць падбухторшчыкаў, каб з імі «поступить по всей строгости» [47]. Падазрэнне пала на ўніяцкага святар Фадзея Насовіча з суседняй вёскі Утрылава. Яго перамясцілі ў аддалены прыход, а на яго месца прызначылі «благонадежного» [48]. Прынятыя меры далі вынік. У маі 1835 г. жыхары Шыпава «вновь присоединились к греко-российской церкви и изъявили желание содержать непоколебимо веру православную до конца жизни». Следства было спынена [49]. Аднак у жніўні зноў высветлілася, што 6 вяскоўцаў, нягледзячы на моцныя дамаганні кінуць уніяцкую веру, «следуя примеру своих предков, бывших унитами, изменить оной не согласились» [50].

У другой палове 1834 г. разгарнулася барацьба за душы і розум пяці тысяч казённых сялян суседняга з Полацкам уніяцкага пагоста Юровічы (маёнтак Спас), а таксама за ўпартых «в своей унитской твердости» жыхароў бліжэйшых маёнткаў: Струнь, Сосніцы, Сітна, Стаек, Непадовіч, Чэмес, Обаль, Альбрэхтаў Полацкага павета. Барацьбу за іх павялі праваднік урадавай палітыкі Смаленскі, Віцебскі і Магілёўскі генерал-губернатар і падначаленыя яму службы; ваенна-павятовы начальнік падпалкоўнік Агатонаў, які прадстаўляў корпус жандараў; Полацкі праваслаўны епіскап Смарагд. Яны абапіраліся на ўніяцкага юровіцкага святара Кнышэўскага, пра якога епіскап Смарагд гаварыў: «Между священством униатским [...] перваго нашел такого, который единственно по убеждению совести расположен к нашему православию» [51]. На баку ўніятаў былі Полацкая грэка-уніяцкая кансісторыя, якая дарэмна намагалася выдаліць з Юровіч святара Кнышэўскага; валасны пісар маёнтка Спас і засядацель Полацкага земскага суда Рудкоўскі; мясцовыя памешчыкі і былы настаяцель юровіцкага прыхода С. Златкоўскі. Мясцовыя ўлады прынялі ўсе меры, каб нейтралізаваць падтрымку ўніятаў: засядацеля Рудкоўскага замянілі «другим совершенно благонадежным лицом» [52]; святара С. Златкоўскага «за возмущение крестьян» выдалілі з прыхода [53].

З канца жніўня ў пагост зачасцілі камісіі, адна паважней за другую. Сялян пераконвалі, што з адрачэннем ад уніі яны «не должны приходить в уныние, а должны еще и радоваться», бо вяртаюцца ў веру продкаў [54]; што яны будуць «одноверцами со своим государем». Пасля такіх угавораў да 1300 сялян, як рапартавалі генерал-губернатару, «единодушно и радостно изъявили добровольное желание оставить унию». 2 верасня Полацкі праваслаўны епіскап урачыста асвяціў царкву, частаваў сялян [55].

Аднак «утверждению в новой вере» сялян перашкаджалі суседнія прыходы з іх «унитской цвердостью» і капліцы, у акружэнні якіх апынуліся новаправаслаўныя Юровічы [56]. Да таго ж мясцовыя памешчыкі запрацівіліся перадачы ў праваслаўнае ведамства сваёй маёмасці: капліц, у іх маёнтках уласным коштам пабудаваных [57]. Супраціў землеўладальнікаў ламалі судом.

Традовіцкі «мяцеж».Восенню 1834 г. на абарону сваіх святынь - Заборскай і Традовіцкай цэркваў - узняліся жыхары шэрагу вёсак Полацкага павета. Царква ў Забор'і мела каля 1000 прыхаджан, з якіх адны згадзілася, а другія запрацівілася перадачы царквы ў праваслаўнае ведамства. Апошнія звярнуліся ў Полацк, да духоўных улад, з просьбай пакінуць царкву ў уніі.

Пакуль «заборская справа» разглядалася ў інстанцыях, паўсталі сяляне маёнтка Крашуты з суседняга Традовіцкага прыхода. Яны, як паведамлялі з месца генерал-губернатару, «добровольно» прынялі праваслаўе, а потым не пусцілі святара ў сваю царкву. Полацкі праваслаўны епіскап Смарагд паведаміў у Св. Сінод, што пачалі «взбунтовывать» і суседнія вёскі, збірацца на «самовольные сходки». Смарагд запатрабаваў аддаць бунтаўшчыкоў пад суд, бо інакш «государственного единомыслия и безмятежного спокойствия, а также и верности в клятвенных обещаниях в стране сей никак ожидать нельзя» [58]. Камісія, высланая губернатарам на месца здарэння, поспеху не мела, сяляне «еще более различными способами показали возмутительный дух и совершенное неповиновение правительству». 11 снежня ў вёску прыбыў сам губернатар «с полным судом и одною ротою солдат [...] для приведения в должный порядок зачинщиков тродовицкого мятежа». Яго місія была больш паспяховай. Пасля «кротких, но сильных внушений и убеждений касательно худых последствий от произшедшаго мятежа» усе сяляне, 750 чалавек: і тыя, «кои учинили много буйства и своеволия», і тыя, якія вагаліся, прынялі праваслаўе, што і пацвердзілі крыжацалаваннем і падпіскамі. Зачыншчыкі прынеслі «чистосердечное раскаяние» і самі аддалі ключы ад царквы яе новым гаспадарам. Пасля «благополучного окончания тродовицкого дела» 15 снежня здаліся і заборскія сяляне.

Справаздача аб трыумфе пануючай веры ў гэтым кутку Беларусі паляцела ў Пецярбург: у Св. Сінод, імператару. Праўда, Полацкаму праваслаўнаму епіскапу адтуль давялі да ведама, што здарэнні, падобныя традовіцкаму, даюць падставы для грамадскага ганьбавання дзеянняў грэка-расійскага духавенства, і запатрабавалі, «чтобы в деле присоединения униат поступаемо было не поспешно», з усялякай асцярогай і звярталі асаблівую ўвагу на шчырасць іх ахвоты далучыцца да праваслаўя [59]. З нагоды тых падзей Смарагд пісаў, што гэты сумніўны куток Полацкага павета «питает мысли противиться прямым пользам России» і таму «требует особенного за ним наблюдения» [60].

Вілейскі эксцэс.Гісторыя з пераходу ў канцы 1834 - пачатку 1835 г. у пануючую веру ўніятаў Вілейкі на месяцы і гады стала «галаўным болем» Мінска, Вільні і Пецярбурга [61]. 18 снежня 1834 г. духоўна-цывільная місія прыбыла ўВілейку для пераводу ўніяцкага прыхода, які аб'ядноўваў больш за дзве тысячы гараджан і жыхароў навакольных вёсак, у праваслаўе. Сабралі людзей. Тыя слухалі ўважліва, згаджаліся з кожным словам. Але ніхто не згадзіўся змяніць сваю веру. Цэлы тыдзень угаворваў і пераконваў вернікаў Мінскі протаіерэй, але поспеху не меў. Пакрыўджаны на цёмны люд, на «интриги панов», ён разам з місіянерамі пакінуў Вілейку.

Пасля гэтага па даручэнню Мінскага губернатара за ўгаворы ўзяўся Вілейскі гараднічы Дзяконскі. Раз'юшаны іх безвыніковасцю, 27 снежня ён разам з паліцыяй уварваўся падчас набажэнства ва ўніяцкую царкву, разагнаў вернікаў, выгнаў святара, замкнуў храм. Ключ разам з царквой ён перадаў расійскім вайскоўцам, якія кватэравалі ў горадзе. Гвалт і незаконнасць гэтага наскоку зрабіў «вредное впечатление [...] на умы» мясцовых жыхароў. А тут яшчэ ўніяцкі святар Савіцкі выказаў сваю рашучасць супрацьдзейнічаць збліжэнню народа да праваслаўя. Учынак Вілейскага гараднічага быў асуджаны ў Вільні і Пецярбургу. Нават І. Сямашка звярнуўся да Віленскага губернатара з просьбай вярнуць уніятам іх царкву і пакараць заўзятага гараднічага [62].

Каб прыкрыць сваё абуральнае беззаконне, Мінскі губернатар і Вілейскі гараднічы вырашылі стварыць ілюзію добраахвотнага жадання вілейцаў кінуць унію. У ход пайшлі паліцыя і … гарэлка. «Разве несколько пьяниц по сильному наговору местного городничего на сие согласились, - дакладваў епіскапу Іосіфу мясцовы благачынны, - что уже впоследствии, и то насильно, солдаты с заседателем, разъезжая по деревням, сгоняли народ в Вилейку, где их, напоив водкою, взяли подписки от 150 человек» [63]. Так з'явіліся першыя заявы аб жаданні кінуць унію і дэкларацыі адданасці новай веры. На адной з іх стаяла 60 крыжыкаў - сярод падпісантаў не было пісьменных. Прыходскага ўніяцкага святара Савіцкага, «дабы он не подстрекал народ», гараднічы прымусова выдаліў з горада пад канвоем салдат.

У сакавіку 1835 г. імператару і міністру ўнутраных спраў паспяшаліся адрапартаваць, што жыхары Вілейкі і тутэйшага казённага староства - 2034 чалавекі - «по изъяленному ими желанию возвратились из унии в православие [...] и что к утверждению их в оном приняты надлежащие меры». 16 сакавіка імператар Мікалай І уласнаручна напісаў на тым рапарце: «Слава Богу!» [64]. Гараднічага Дзяконскага, які прадэманстраваў «трыумф» пануючай веры ў Вілейцы, вырашылі не караць, бо «и незначительное гласное взыскание сего чиновника поколебало бы, по настоящим обстоятельствам, присоединенных из унии в их образе мыслей» [65]. Праўда, і пазней вілейцаў гналі да споведзі пры дапамозе салдат і паліцыі. Відавочцы абураліся наконт «общего насилия противу униатов, тогда как все прочие вероисповедания под покровом Державы Всеавгустейшего нашего монарха наслаждаются безопасностью и спокойствием» [66].

Фармальна пераведзеныя ў пануючую веру, пазбаўленыя сваёй царквы, перададзенай у праваслаўнае ведамства, вілейскія экс-уніяты знайшлі спачуванне сярод сялян і духавенства суседніх прыходаў, дзе сачылі за падзеямі ў Вілейцы: Куранецкага, Вязынскага, Касуцкага, Нароцкага, Мыскага. 11 чэрвеня 1835 г. іх святары правялі ў Куранцы сход і на ім вырашылі ўзяць на сябе аказанне рэлігійных паслуг вілейцам, якія не па сваёй волі былі далучаны да чужой і ад таго яшчэ больш нямілай ім рэлігіі [67]. Аднак іх дзеянні былі кваліфікаваны ўладамі як злачынства. Усе святары паплаціліся за гэта сваімі пасадамі і былі выдалены з прыходаў [68].

Гарадок: з каламі за веру. 9 студзеня 1836 г. сабралі разам сялян з вёсак Гарадок, Гразь, Драздоўка, Каскова і Клюкіна Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні. Прыбылі місіянеры, чыноўнік з Мсціслаўля і начальнік IV акругі корпуса жандараў падпалкоўнік Крыгельскі. На іх прапанову прыняць праваслаўе згадзіліся 412 чалавек. Праз 10 дзён місіянеры зноў прыбылі ў Гарадок, каб асвяціць царкву. Але група сялян, 21 чалавек, з каламі ў руках запатрабавала пакінуць іх царкву ў спакоі, не пусцілі туды аднавяскоўцаў, якія змянілі веру, адганяючы іх каламі. Пабілі царкоўнага старасту, якога абвінавацілі ў здрадзе. Ушчуванні духавенства і пагрозы грамадзянскага начальства не падзейнічалі, і тыя вымушаны былі пакінуць узбунтаваную вёску [69].

За аднаўленне спакою ў Гарадкоўскім прыходзе ўзяўся Магілёўскі губернатар. Каб папярэдзіць новыя хваляванні, туды ўвялі вайсковую каманду [70]. Уніяцкага святара Сабалеўскага, які штодня склікаў сялян, уніятаў і праваслаўных, «для внушения им вредных советов», заперлі ў камору пад ахову. Але новую камісію, якая 26 студзеня з'явілася ў Гарадок, сустрэў натоўп сялян, узброеных каламі. Пачалася сутычка. «Разъяренная толпа мужиков, - рапартаваў вышэйшаму начальству падпалкоўнік Крыгельскі аб стратах сваёй каманды, - била кольями часовых и чем попало, избили унтер-офицера, двух рядовых, изломали несколько штыков» [71]. Усіх удзельнікаў хваляванняў арыштавалі. Тых, хто двойчы, 19 і 26 студзеня, нападаў на царкву, аддалі пад суд. З Гарадка выдалілі святара Сабалеўскага. За уладальнікам маёнтка, быў устаноўлены паліцэйскі нагляд. Некалькі сялян, пераведзеных у праваслаўе, 28 студзеня напісалі просьбу, каб іх пакінулі ва ўніяцкай веры. Але рэпрэсіі зламалі вяскоўцаў. Каб пазбегнуць пакарання, 51 чалавек папрасіў прыняць іх у праваслаўе, што і было зроблена. Праўда, шчырасць іх жадання слушна ставілася пад сумнеў, хоць сяляне і пераконвалі, што пераходзяць «не из страха, но по велению своих сердец» [72].

Падобныя справы даюць падставу сцвярджаць, што распаўсюджванне пануючай веры з дапамогай паліцыі і салдат не дадавала ёй аўтарытэту і вяло да ўпартага супраціўлення ўніятаў. Важнае значэнне ў такіх выпадках мелі аўтарытэт і пазіцыя прыходскага святара. Тых з іх, якія не падпарадкоўваліся ўказу кансісторыі аб перадачы царквы ў праваслаўнае ведамства, нейтралізоўвалі выдаленнем з прыхода. А былыя ўніяцкія вернікі працягвалі бараніць сваю веру пазбяганнем навязанай яму праваслаўнай абраднасці.

Шляхта на абароне ўніі. Унія, як пісаў у канцы ХІХ ст. адзін з прыхільнікаў «воссоединения», «в своей предсмертной агонии [...] нашла себе горячих защитников в среде интеллигенции» [73]. На яе абарону выступіла шляхта - людзі адукаваныя, сацыяльна актыўныя, найбольш апазіцыйнае тады саслоўе, доля якой сярод уніяцкага насельніцтва ўсходу Беларусі была большай, чым на захадзе. Гэтым фактарам можна растлумачыць большую моц і маштабнасць антыўз'яднаўчага руху ў Беларускай епархіі як па колькасці барацьбітоў, так і па ўдзелу ў ім людзей таленавітых і ўплывовых [74]. Яны, як правіла, тайна стымулявалі і падтрымлівалі сялян, гараджан і духавенства ў іх супраціве палітыцы дэўнізацыі; фарміраваннем адпаведнай грамадскай думкі, рассейваннем чутак, бясплатнай раздачай хлеба і рознымі ільготамі ўмацоўвалі іх у сваёй веры. Удзелам «вераадступнікаў» і «хрыстапрадаўцаў» былі насмешкі, папрокі, праклёны, пагрозы, эканамічныя санкцыі, а бывала, і фізічнае пакаранне. Прыклад з буйнай шляхты брала дробнапамесная [75].

У 1833 г. шляхціч Тамашэўскі такім чынам высмеяў святара з Ліёзнаў, які хваліўся, што лёгка схіліў да перамены веры дзесяць сялян: «Попытались бы Папу Римского уговорить и других, поумнее мужиков [...]; а обращать чарками вина мужиков - это в самом деле вещь немудреная и очень нетрудная» [76]. У Барысаўскім павеце, нягледзячы на поспехі ў распаўсюджванні праваслаўя (у 1834 г. да яго далучылі каля 6 тыс. чалавек), адбываліся «весьма неприятные случаи, ясно доказывающие сопротивление ксендзов, помещиков, арендаторов и других из лиц римско-католического вероисповедания» [77]. Пра здарэнне ў чэрвені 1834 г. у вёсцы Сяльцы Барысаўскага павета Мінскай губерні былі праінфармаваны імператар, міністр юстыцыі, шэф жандараў. Падчас літургіі мясцовыя шляхцічы зайшлі ў праваслаўную царкву і пачалі насміхацца з новаправаслаўных, а потым зачынілі іх у храме. Тыя доўгі час не маглі выйсці, пакуль ім не адкрыў дзверы выпадковы падарожны. Імператарскі ўказ з гэтай нагоды абавязваў губернатараў не пакідаць без пакарання ніводнага антыправаслаўнага выпаду [78].

Група інтэлігенцыі г. Лепеля (Віцебская губерня) ратавала ўнію сваімі спосабамі, ствараючы негатыўную грамадскую думку вакол яе ліквідатараў. Радыкальнасцю вылучаўся сакратар павятовага суда тытулярны саветнік Плісоўскі. Ён заклікаў духавенства ўдзельнічаць у хваляваннях далучаных сялян, абяцаючы за гэта падзяку шляхты; знеслаўляў адступнікаў і пагражаў ім карай божай і людской [79]. У жніўні 1834 г. пры актыўным садзеянні мясцовага гараднічага жыхароў Лепеля далучылі да праваслаўя. Праз 2 дні, у ноч з 24 на 25 жніўня, па горадзе былі раскіданы ўлёткі з заклікам да насельніцтва захоўваць вернасць уніі і з пагрозай шыбеніцай мясцовым «уз'яднальнікам». Пачалося следства. У напісанні і распаўсюджванні ўлётак былі западозраны шляхцічы Мікалай і Восіп Сіпкаў, Людвіг Барцэвіч, за якімі быў устаноўлены сакрэтны паліцэйскі нагляд [80].

Супраціў «уз'яднанню» меў характар стыхійных лакальных раздробленых выступленняў, якія ўспыхвалі то тут, то там і гэтак жа паасобку гасіліся мясцовымі ўладамі. Тыя хваляванні не зліліся ў адзін суцэльны кіруемы рух - толькі ў такім выпадку ён мог мець нейкі поспех. Аднак зусім рэальнай была магчымасць арганізаванага супраціву, узначаленага шляхтай. У 1834-1838 г. неаднаразова прадпрымаліся спробы каардынацыі антыўз'яднаўчага руху ў межах асобных паветаў, губерняў, нават усёй тэрыторыі Беларусі і былога Вялікага княства Літоўскага.

Першая спроба аб'яднання антыўз'яднаўчага руху зыходзіла ад шляхты Віцебскай губерні. У снежні 1834 г. шляхта Віцебскай губерні, абураная дзеяннямі Полацкага праваслаўнага епіскапа Смарагда, на сваім сходзе вырашыла звярнуцца са скаргай на яго да імператара. Калі іх «возмутительная бумага» лягла на стол міністра ўнутраных спраў, Смарагду давялося апраўдвацца і самому станавіцца ў позу абвінаваўцы. Ён скардзіўся на «особенную дерзость и сопротивление» пераводу ўніятаў з боку Віцебскага дваранства «польскай нацыі», памешчыкаў, арандатараў, адміністратараў маёнткаў. Сцвярджаў, што падтрымка судоў і паліцыі абнадзейвала іх на поспех у гэтай справе.

Акт Віцебскага дваранскага сходу ў выглядзе «всеподданейшей просьбы на принуждение униатов обращаться к греко-российской церкви», як вынікае са спраў Трэцяга аддзялення імператарскай канцылярыі, быў паўсюдна распаўсюджаны ў простым народзе [81]. Акт гэты, разам з пералікам шматлікіх фактаў жорсткіх пакаранняў за адмову ад перамены веры, складаўся з 12 пунктаў-абвінавачванняў у адрас Смарагда. Так, сцвярджалася, што сялян схілялі да перамены веры абяцаннем асаблівых даброт, аблягчэннем павіннасцяў, нават надзеяй на вызваленне ад прыгону, з-за чаго пераведзеныя ў праваслаўе сяляне неаднойчы «приходили в буйство и неповиновение владельцам». Для лягчэйшага схілення сялян, адзначалася ў акце, ужываліся гарачыя напоі. Там, «где никакие меры убеждения не могли отторгнуть жителей от веры их предков, там они заставлены к тому неотступным и наглым требованием со внушением, что таковая есть воля Вашего Императорского Величества, которую должно исполнить непременно под опасением самострожайшего наказания». Калі і пасля гэтага вернікі не згаджаліся, іх чакалі арышты, калодкі, жорсткае збіццё.

Як гаварылася далей у скарзе Віцебскай шляхты, прымусіўшы страхам і спакусай прыняць праваслаўе некалькіх сялян з вёскі (маёнтка, прыхода), і астатніх жыхароў запісвалі ў лік новадалучаных, а царкву неадкладна пераасвячалі ў праваслаўе. Нягледзячы на рашучую адмову некаторых вернікаў памяняць веру, іх залічвалі як новадалучаных, а начальству даносілі, што далучэнне адбылося па волі саміх жыхароў. Былі прыняты меры, каб скаргі на гэткі ўціск сумлення не даходзілі да ведама ўраду. Іх сачыніцеляў падвяргалі пераследу. Калі ж, пераадолеўшы ўсе перашкоды, сяляне звярталіся да мясцовага духоўнага і грамадзянскага начальства з просьбай абараніць іх ад прымусу, «то их впрочем весьма смиренный поступок почитаем был как бунт, незаконное скопище». За гэта іх мардавалі пагрозамі, следствам і нават турэмным зняволеннем. Гэтыя злоўжыванні вымушалі часам памешчыкаў за заступацца за сваіх сялян, аднак іх просьбы амаль заўсёды заставаліся без сатысфакцыі. Саміх жа дваран кожны раз імкнуліся ўблытаць у несправядліва выдуманыя справы аб стварэнні нібыта перашкод распаўсюджванню пануючай веры [82].

Час пацвердзіў слушнасць абвінавачванняў на адрас Смарагда, выказаных шляхтай Віцебшчыны. У 1862 г. гісторыку М. Каяловічу даручылі выканаць імператарскі заказ - скласці гістарычную запіску аб ўз'яднанні ўніятаў. У сваім плане запіскі ён прызнаваў, што неразважная паспешнасць епіскапаў Смарагда ў Полацку і Яўгенія ў Мінску мела «дурные последствия». Іх распараджэнні былі «неуместными, даже вредными во многих отношениях» [83].

Рашучым ідзейным праціўнікам царскай палітыкі «благоустройства» Беларусі як «страны издревле русской» быў Полацкі павятовы прадвадзіцель дваранства Людвік Беліковіч. Ён, як вынікае з даклада Беларускага генерал-губернатара на імя шэфа жандараў, пахіснуў гатоўнасць тысяч жыхароў Беларусі кінуць унію, рассейваючы па Беларусі і іншым заходнім губерням паміж дваранствам і людзьмі іншых саслоўяў «разные нелепые толки и разглашения, колебал легковерных, подстрекая их всеми возможными средствами к противудействиям и жалобам на местныя начальства». Па загаду Мікалая І за антыўз'яднаўчай дзейнасцю Л. Беліковіча з вясны 1835 г. сачылі пільным жандарскім вокам з Пецярбурга. Уплыў і абсяг сваіх дзеянняў, як даносілі жандарскія агенты, ён распаўсюдзіў на Вільню і Мінск, куды ў 1835 г. неаднаразова ездзіў. «Там он занимался, - зафіксавана ў справах корпуса жандараў, - распространением многих вредных в политическом отношении мыслей, [...] возбуждая к негодованию против правительства и как бы к возмущению». Далей адзначалася, што ён не абмяжоўваўся дзеяннем у Беларусі і Літве, але намагаўся і ў замежных землях узбудзіць непрыязнь да Расіі, дзеля чаго пасылаў за мяжу розныя артыкулы для надрукавання ў газетах [84].

Каб адхіліць уніятаў ад далучэння, Беліковіч разаслаў і ў іншыя губерні экзэмпляры складзенага на дваранскіх выбарах у Віцебску ў снежні 1834 г. акта-пратэста супраць дзеянняў Смарагда. Шмат садзейнічаў яму ў распаўсюджванні па Мінскай губерні гэтага пратэсту прадвадзіцель дваранства гэтай губерні Оштарп [85]. Меў Беліковіч уплывовых аднадумцаў і ў Вільні. Імі былі: граф Канстанцін Тышкевіч, барон Корф, Ромер, Шумскі - «соучастники вредных в политическом отношении совещаний». Вялікім праціўнікам палітыкі далучэння ўніятаў і наогул царскай палітыкі ў Беларусі быў буйны памешчык Мінскай губерні Канстанцін Тышкевіч, з якім Беліковіч сустракаўся ў Вільні [86].

Быў «обвиняем по делам Унии» і памешчык Себежскага павета Віцебскай губерні Віктар Ульяноўскі. Полацкі праваслаўны епіскап Ісідор лічыў яго «главнейшим виновником в упорстве крестьян имения Долосце против принятого ими православия». У 1836 г. гэтыя сяляне, 121 чалавек, запрацівіліся перадачы іх царквы ў праваслаўнае ведамства, ды так, што для іх ўціхамірвання давялося ужыць ваенную сілу. Ульяноўскага выслалі на пасяленне ў Смаленскую губерню. Дазвол на вяртанне далі толькі пасля ліквідацыі ўніяцкай царквы [87]. Гэтак жа «за противление в делах нашей веры» дэпартавалі ў Смаленскую губерню памешчыка Віцебскай губерні Корсака [88]. 18 лютага 1835 г. уніяцкая шляхта і сяляне Пустынскага прыхода (Мсціслаўскі павет) звярнуліся да мітрапаліта Булгака з пратэстам супраць змены абрадаў, нібы яны «были установлены не основательно и неответственно» [89].

Сярод прычын, паводле якіх далучэнне ўніятаў у Магілёўскай губерні не мела чаканага поспеху [90], мясцовыя ўлады ўбачылі сабатаж урадавай палітыкі мясцовай шляхтай, якая ішла на ўсялякія хітрыкі. Яна прадстаўляла ўніяцкім святарам розныя выгоды і дапамогі (забяспечвала сенакосамі, дровамі і іншымі жыццёвымі патрэбамі), і тыя не згаджаліся прыняць праваслаўе ўжо з-за боязі згубіць свае месцы і выгоды, якімі карысталіся. Праваслаўным жа святарам шляхта не аказвала ніякай дапамогі, што не давала ім магчымасці выконваць свае святарскія абавязкі з падобнай бескарыснасцю. З-за гэтага, тыя, хто памяняў унію на праваслаўе, зведвалі вялікія нязручнасці [91]. Моцны ўплыў на грамадскія настроі ў губерні аказала пазбаўленне ў 1836 г. сваіх пасад начальнікаў, «в деле присоединения особенно усердствовавших» [92] (беларускага генерал-губернатара М. Хаванскага, віцебскага губернатара М. Шрэдара, полацкага праваслаўнага епіскапа Смарагда). Гэты факт зрабіў уражанне не толькі на сялян, але і на самых «благонадежных помещиков». Секвестрам маёнткаў, судамі, перасяленнямі ўраду ўдалося супакоіць бунтуючую шляхту.

Абарона ўніятамі сваіх сакральных рэліквій. Як ужо адзначалася, з 1834 г. пачалося рэфармаванне ўніяцкай царквы ў духу яе збліжэння з Рускай праваслаўнай царквой - увядзенне маскоўскіх богаслужэбных кніг, аднаўленне ўсходняга абраду, аднаўленне іканастасаў і знішчэнне ўніяцкай атрыбутыкі. Гэта павінна было аблегчыць будучае зліццё канфесій. Рэакцыя ўніятаў на змены ў многім вызначалася пазіцыяй святара. Людзі слухаліся яго, калі ён свядома і добраахвотна прымаў праваслаўе і пераконваў сваю паству ў неабходнасці змен у храме, у форме і змесце набажэнства, пры ўмове, што не былі з ім у канфліктных адносінах. Але прыхаджане апазіцыйна настроенага святара бурна рэагавалі на ўсялякія спробы злому традыцый.

У абарону ўніяцкай кнігі. Уніяцкая кніга карысталася павагай у духавенства і вернікаў. Таму ўвядзенне новых служэбнікаў, змест якіх разыходзіўся з традыцыйным, збянтэжыла духавенства і народ, устрывожыла наконт мэтаў рэформы. Між іншым, нават у імператарскім акружэнні з трывогай ставіліся да замены ўніяцкіх кніг. Так, міністр унутраных спраў Д. Блудаў асцерагаўся, што супраціў можа выйсці з-пад кантролю урада [93] . Але І. Сямашка даказаў Д. Блудаву неабходнасць такога кроку і ўзяў на сябе адказнасць.

Першы прыклад непрыняцця служэбніка маскоўскай сінадальнай друкарні даў святар з Любчы Адам Плаўскі. Ураджэнец Брэстчыны, магістр багаслоўя, выпускнік Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце, дзе вучыўся там разам з Іосіфам Каяловічам (бацькам гісторыка М. Каяловіча) і Іосіфам Сямашкам, А. Плаўскі разам з І. Каяловічам занялі прынцыпова адрозную ад І. Сямашкі пазіцыю адносна лёсу ўніяцкай царквы, сталі на абарону яе сакральных каштоўнасцяў.

У верасні 1834 г. прыходскі святар А. Плаўскі і епіскап І. Сямашка сустрэліся ў Навагрудку, куды на сустрэчу з епіскапам сабраліся 57 мясцовых святароў. Ад іх імя навагрудскі благачынны Ян Гамаліцкі прадставіў епіскапу ініцыяванае А. Плаўскім пісьмовае прашэнне - вызваліць іх ад ужывання ў набажэнстве гэтага служэбніка. У прашэнні падкрэслівалася, што абрады, прылады і начынне ўніяцкай царквы, неабходнае для літургіі, устаноўлены Брэсцкім і Замойскім саборамі, зыходзячы больш з нацыянальных звычаяў, а не са старых абрадаў царградскіх. І яны, святары, пад прысягай абавязаліся гэтыя абрады захоўваць. Зварот да епіскапа завяршаўся словамі: «Гэтыя пажаданні, аб'яўленыя аднагалосна, падпісаны кожным уласнай рукой» [94] .

За гэта І. Сямашка зрабіў строгую вымову благачыннаму. Прыгразіў, што вышле яго ў манастыр і пазбавіць прыхода, калі той праз тры дні не прадставіць пісьмовага адрачэння ўсіх святароў ад свайго прашэння і не выдасць завадатараў. Пад моцным ціскам імёны завадатараў былі раскрыты і святары падпісаліся пад патрабаванай ад іх паперай [95] . Тых, хто адмовіўся адклікаць свой подпіс, на год саслалі ў манастыр «на пакуту» [96].

У манастырскім заключэнні А. Плаўскі напісаў трактат у абарону ўніі і ўніяцкай кнігі. Перакладзены на розныя мовы, гэты твор неаднаразова перавыдаваўся на працягу XIX ст. за мяжой [97]. Яго аўтара, у адносінах да якога, як палічыў іерарх, патрэбны «более действительныя средства обуздания и исправления», адхілілі ад Любчанскага прыхода і разам з сям'ёй пад канвоем паліцыі адправілі дзячком у Магілёўскую губерню «на бедный приход», а пазней выслалі ў Смаленскую губерню [98].

Пасля Навагрудка, дзе прагучаў першы моцны пратэст супраць рэформы [99], хваляванні святароў супраць увядзення кніг маскоўскага друку пракаціліся па усёй Беларусі. Свае сакральныя каштоўнасці яны баранілі з дапамогай групавых і аднаасобных просьбаў-петыцый на адрас вышэйшых улад. У канцы 1835 г. себежскае (17 чалавек), лепельскае (18 чалавек), чашніцкае, бешанковіцкае і дрысенскае духавенства адмовілася прыняць прысланыя кнігі і заявіла пісьмовыя пратэсты. Святары Докшыцка-Барысаўскага дэканата на сходзе ў Докшыцах у кастрычніку 1835 г. заявілі аб сваёй адмове прынять служэбнікі маскоўскага друку [100]. Шмат якія прыходскія святары, як пісаў у красавіку 1836 г. Аршанскі епіскап Васілій, тады «дерзновенно входили с нелепыми объявлениями в Белорусскую консисторию противу сих служебников» [101]. Салідарнасць са святарамі праяўляла чыноўніцтва мясцовага паходжання.

Свабоды сваёй веры і захавання яе адрознення ад праваслаўя патрабавалі ў імператара 40 святароў Клецка. З петыцыяй на царскае імя звярнуліся 10 ліпеня 1835 г. святары і вернікі з Любавіч. Яны прасілі даць рэлігійную свабоду і не ідэнтыфікаваць іх з расіянамі. Гэту петыцыю падпісалі 120 чалавек [102]. У 1835 г. была паслана петыцыя з Ушач. Вяскоўцы заявілі прыбыўшай камісіі, што яны не хочуць іншай веры, акрамя сваёй, і захаваюць яе, нават калі ў іх забяруць святароў. Ніяк не хацелі развітвацца, хоць на двары ўжо стаяла лета 1837 г., са старымі служэбнікамі многія святары Вілейскага дэканата [103]. Аляксандр Забела са Свіслачы (Ваўкавыскі дэканат) толькі пасля 12-дзённай эпітыміі ў Жыровіцах, згадзіўся служыць па служэбніку маскоўскага друку [104].

У такіх умовах Міністэрства ўнутраных спраў запатрабавала ўрэшце «положить конец беспорядкам», калі «нет возможности искоренить cие злоупотребление без решительного отобрания из униатских церквей старых книг». Уніяцкія служэбнікі канфіскоўвалі і звазілі ў Полацк і Жыровіцы [105]. Але ў час чарговай рэвізіі Полацкі архіепіскап В. Лужынскі не знайшоў ні ў адной з 16-ці наведаных ім цэркваў маскоўскіх служэбнікаў і пераканаўся, што ўсе святары так і не развітваліся са старадрукамі, а новыя - байкаціравалі. Каб прымусіць духавенства падпарадкавацца, В. Лужынскі асабіста праводзіў рэвізію цэркваў і, знаходзячы непарадкі ў дакументах, фінансавых справаздачах, кнігазборах, пагражаў святару адлучэннем ад прыхода, а то і судом кансісторыі. Ён унушаў, што выкарыстаннем старых кніг робіцца злачынства [106].

Але супрацьстаянне працягвалася. У чэрвені 1838 г. у в. Сожыцы Сенненскага павета Магілёўскай губерні адбыліся моцныя хваляванні сялян з-за знявагі ўніяцкай кнігі. Уніяцкі благачынны Васютовіч, выконваючы волю начальства аб замене служэбнікаў, у прысутнасці прыхаджан выразаў з кнігі 48 лістоў, «змест якіх не адпавядаў духу ўсходняй царквы». Гэта выклікала гоман і засмучэнне ў народзе. Назаўтра група сялян, сабраўшыся ў храме, завязалі званы, каб тыя не склікалі сялян на набажэнства, зачынілі царкву і забралі ад яе ключы. Пяць дзён, з 19 па 24 чэрвеня, духавенства дарэмна пераконвала сялян адкрыць храм і выслухаць абедню. У адказ яны «с грубостью и какой-то уверенностью в правоте своего дела отказали» [107]. 5 ліпеня, калі ў Сожыцы прыбыў земскі спраўнік Кругоўскі, ахоўваць царкву збеглася больш за 300 чалавек. Толькі пасля таго, як стражнік запалохаў непазбежным пакараннем, сяляне перадалі яму ключы ад царквы, два старыя служэбнікі, а таксама петыцыю за 167 подпісамі, з просьбай, каб літургію служылі па-ранейшаму і каб вярнулі ім вырваныя лісты [108]. Складальнікі петыцыі патрабавалі суда над благачынным, а сабе патрабавалі святара, якому яны давяраюць.

40 дзён працягвалася супрацьстаянне. Сожыцкія сяляне склалі адозву да мясцовага духавенства з заклікам не здраджваць уніяцкай веры і Папу Рымскаму. Адозву чыталі па цэрквах, вымусілі свайго святара В. Квяткоўскага прынесці прысягу на вернасць ўніі [109]. Мясцовыя ўлады запрасілі санкцыі Пецярбурга на расправу з сожыцкімі «бунтовщиками» [110]. З'яўленне ў вёсцы паліцыі зрабіла сялян больш згаворлівымі. Вынік быў звычайны: сожыцкіх складальнікаў петыцыі аддалі пад суд [111].

Гэты інцыдэнт у невялікай беларускай вёсцы выклікаў пярэпалах у Віцебску, Вільні, Пецярбургу - там баяліся, што «данный пример найдет себе многих подражателей». Мясцовыя ўлады намагаліся пагасіць канфлікт, інакш, як паведамляў падпалкоўнік корпуса жандараў Куцынскі, «помещики могут лишиться многих крестьян через ссылку» [112].

У 1838 г. 111 святароў Беларускай епархіі звярнуліся з прашэннем да цара аб захаванні ўніі і ўладкаванні друкарняў для выдання ўніяцкіх набажэнскіх кніг. Яны прапаноўвалі самі выдаткаваць грошы на гэтыя патрэбы [113].

Але нават шлях лаяльных просьб на карысць уніі быў непрымальны для царызму. Улады тлумачылі такога роду заявы і пратэсты нечымі «інтрыгамі», шукалі зачыншчыкаў. Падпісантаў прымушалі замаўчаць высылкай, дэпартацыяй, зняволеннем. Пад цяжарам рэпрэсій святары і прыхаджане адзін за другім пачыналі здавацца і выяўляць сваю пакорнасць уладам. Пісьмовыя пратэсты поспеху не прынеслі.

Пратэсты супраць змены інтэр'ера храмаў. У 1835 г. Полацкі епіскап паведамляў Беларускаму генерал-губернатару аб грэбаванні ўсходняй абраднасцю віцебскага духавенства, невыкананні пастановы магілёўскім святарствам [114]; Віленскаму генерал-губернатару - аб перашкодах з боку духавенства Мінскай губерні [115].

Востра адрэагаваў на змены і клір Літоўскай епархіі. Рэзка выступіў супраць рэформы настаяцель Віленскага базыльянскага манастыра, буйнейшага ўніяцкага цэнтра краю, іераманах В. Басяцкі, за што трапіў у лік нядобранадзейных [116]. Святар Любішчыцкай царквы (Слонімскі павет), нягледзячы на прымус, пад рознымі зачэпкамі адмаўляўся пераабсталёўваць сваю царкву і будаваць іканастас. Адукаваны, «фанатически преданный своему обряду [...] и любимый чернью» астрынскі святар В. Жэромскі смела працівіўся епіскапу, пры ўсіх яго пагрозах, што датычыць новага ўладкавання царквы. А гэтая «чэрнь» - прыхаджане Ракавіч і Астрына (Лідскі павет), дзе духавенства было больш адукаванае, моцна гневалася з нагоды любых перамен у храме [117]. Калі вернікі словам і справай выказвалі сваё негатыўнае стаўленне да парушэння традыцыйнага царкоўнага інтэр'ера, то святары рабілі гэта, як правіла, больш асцярожна і абачліва, бо за непадпарадкаванне начальству іх пазбаўлялі прыхода. Так, святар Дзярэчынскай царквы Гродзенскага павета Павел Жалязоўскі на патрабаванне разбіць каменныя прастолы, прадаць званочкі, знішчыць лаўкі і цыборый адказаў: «Не я збудаваў - не мне і знішчаць» [118].

Увядзенне іканастасаў у Гродзенскай губерні зацягнулася з-за супраціву духавенства і насельніцтва, у сувязі з чым ад чыноўнікаў і паліцыі патрабавалі «особенной в оном заботливости» [119]. Мясцовым уладам прыйшлося аказаць націск на святароў, прыхаджан і ўладальнікаў. Спосабам злому непакорных святароў былі эпітымія ў Жыровіцах, утрымліванне там у голадзе і холадзе, паніжэнне ў пасадзе, выдаленне з прыхода. Самых упартых высылалі ў расійскія губерні [120].

Восенню 1836 г. кіраўніцтва Літоўскай епархіі ўсур'ёз узялося за ўкараненне новых парадкаў, дзеля гэтага начальства заручылася адпаведным указам Мікалая І ад 26 верасня 1836 г. Цяпер пярэчыць і супраціўляцца было цяжэй - палітыка рэфармавання царкоўнага жыцця зыходзіла ад вышэйшай дзяржаўнай улады.

Тым не менш, не выконваў імператарскі ўказ святар Сцяпуржынскі з Маламажэйкава (Лідскі дэканат) [121]. Ухіляліся ад новых абрадаў і, адпаведна, ад пакоры вышэйшай уладзе чатыры святары Ратненскага дэканата, некаторыя святары Гродзенскага дэканата [122]. Аляксандр Забела са Свіслачы (Ваўкавыскі дэканат) стаў больш згаворлівым толькі пасля 12-дзённай эпітыміі ў Жыровіцах [123]. Святары Ізабелінскай, Свіслацкай, Дабравольскай, Ляўкоўскай, Ляўшоўскай, Яцвезскай, Мсцібоўскай і Зельчынскай цэркваў Ваўкавыскага павета адмаўляліся дэкарыраваць свае храмы праваслаўнымі абразамі, спасылаючыся на адсутнасць сродкаў і жывапісцаў [124]. «Самым вредным священником» аказаўся Антон Самовіч, які не прымаў ад памешчыкаў грошы на іканастас, выконваў богаслужэнні па-ранейшаму ды распаўсюджваў чуткі, што пераўладкаванне царквы - гэта выдумка губернатара.

У 1836 г. сяляне маёнтка Рэчыцы (Пінскі павет), «не наставленные» сваім святаром наконт чаканых змен у храме, прысунулі да сцяны пастаўлены пасярэдзіне алтара сталец і падрыхтаваныя для іканастаса рамы. Як заўсёды ў такіх выпадках рабілася, на месца «надзвычайнага здарэння» прыбывалі чыноўнікі і ад імя губернатара даводзілі сялян да розуму. 238 з 600 вяскоўцаў пасля адпаведнай апрацоўкі губернатарскімі пасланцамі «выказалі жаданне» далучыцца да праваслаўя і ўжо не супраціўляліся пераўладкаванню іх царквы. Астатнія засталіся вернымі ўніі і яе каштоўнасцям. Свой пратэст новаўвядзенню яны выказалі дзеяннем - разбурылі іканастас [125].

Шмат якія памешчыкі адмаўляліся выдзяляць сродкі на пераўладкаванне храмаў. У такіх выпадках на іх уздзейнічалі з дапамогай паліцыі [126], праз прадвадзіцеляў дваранства [127], або заводзілі судовыя справы. Напрыклад, памешчык Клаўдзій Мірскі адмовіўся пераабсталёўваць Узменскую ўніяцкую царкву (Дзісненскі павет), якая служыла яму хатняй капліцай. Ён не дазволіў знішчаць начынне, бо лічыў яго сваёй уласнасцю, не даў ключы самазваным новым гаспадарам, але вярнуў царкву ўніятам. Сваіх сялян ён пераконваў перайсці ў каталіцтва, што 272 чалавекі і зрабілі. На Мірскага завялі справу, якую прадставілі імператару. Выслаць у Вятку пад нагляд - такой была манаршая воля [128].

Яшчэ больш сурова абышліся з дваранінам Андрушкевічам, які 30 мая 1836 г. у царкве вёскі Гулі дэманстратыўна і своеасабліва выказаў пратэст супраць змены абрадаў. Яго аддалі пад суд, 9 месяцаў трымалі пад арыштам, спагналі ў казну грошы, якія пайшлі на разгляд яго справы, а самога пастанавілі аддаць у салдаты [129].

Уладкаванне іканастасаў сабатавала і само прыходскае ўніяцкае духавенства. Калі прайшоў год, прызначаны на ўладкаванне іканастасаў, ад пагроз на адрас святароў перайшлі да спраў: неслухаў падвяргалі духоўнаму суду [130]. Дзеля гэтага іх выклікалі, «хоть бы с помощью полиции », у Жыровіцы на расправу. Рэпрэсіі прымушалі іх раскаяцца і падпарадкавацца. Так, святар Рабунскай царквы, адбыўшы 17-дзённую эпітымію, іканастас усталяваў [131].

Незайздросным быў лёс пераасвячоных храмаў. У 1834 г. рэзка скарацілася наведванне сялянамі Голдаўскай царквы (Навагрудскі павет) пасля ўсталявання ў ёй іканастаса - многія пайшлі ў суседні Баброўскі храм, дзе захаваўся ранейшы інтэр'ер [132]. Як пісаў у 1837 г. штаб-афіцэр Куцынскі з Магілёва, пераасвячэнне царквы ў праваслаўную для ўніяцкага насельніцтва было раўназначна яе страце - царкву адразу ж пераставалі наведваць. Непрыемная для іх перамена ў пастары рабіла яго зусім чужым - яны бачылі ў ім хатняга ворага [133]. У далейшым яны праяўлялі абыякавасць да лёсу царквы, а шляхціцы сабатавалі яе рамонт і ўладкаванне, нягледзячы на строгія ўказы, якія пагражалі за гэта высылкай у вялікарасійскія губерні. Таму ў другой палове ХІХ ст. новаправаслаўныя храмы ўражвалі беднасцю, убоствам, трухлявасцю, нібы дажывалі свой век.

Антыарганная кампанія як памылка «ўз'яднання». У 1829 г. было забаронена ўстанаўліваць у цэрквах арганы як неўласцівыя грэчаскаму абраду богаслужэння [134]. Антыарганная кампанія, якая распачалася ў 1833 г., выклікала вялікія нараканні ў свецкіх і духоўных колах Беларусі. Амаль усё духавенства Віцебскай губерні (мястэчак Юхновічы, Тадулін, Сероцін, Ушачы і інш.) не толькі не выкараняла гэты «чужой Восточной церкви обычай», але «нарочито» абзаводзілася новымі музычными інструментамі. Таму генерал-губернатар М. Хаванскі запатрабаваў ад Беларускай кансісторыі музыку ў храмах забараніць, а неслухаў пакараць [135].

Замест «теплых молитв всевышнему по случаю запечатания органа» ў 1835 г. Себежскім дэканам «неблагодарные» сяляне м. Юхновічы «произнесли великий ропот, вопль и сожаление». Яно і зразумела, арган быў устаноўлены іх стараннем і коштам, да яго музыкі яны прывыклі з маленства. Ад «неудовольствия и печали столь нечаянной перемены» юхновіцкія сяляне нават «оторвались» ад богаслужэння і перасталі наведваць царкву. Царква страціла свае даходы. Улічваючы такія настроі, святар П. Макавецкі самавольна распячатаў інструмент і вярнуў музыку ў храм, пераконваючы начальства, што са знішчэннем аргана царква застанецца глухой [136].

Пазбаўленне беларускіх уніятаў велічнай музыкі, сугучнай настрою набажэнства, стала адной з тых памылак «уз'яднання», якія схілілі частку насельніцтва да рыма-каталіцтва. Так, адышлі ад праваслаўя прыхаджане царквы м. Крывічы Вілейскага павета, «находя себе духовное утешение в величественном костеле с громкогласным органом» [137]. Музыка для православного белоруса, як пісаў пазней адзін з мясцовых праваслаўных дзеячаў, - «приятная особенность его стародавней веры, упраздненная помимо его воли и согласия» [138].

Вонкавыя змены ў храме - з'яўленне іканастасаў, выдаленне арганаў, нязвыклыя рытуалы - балюча ўздзейнічалі на народ. На іх фоне больш істотныя змены, якія, аднак, не кідаліся ў вочы, - падпарадкаванне царквы Св. Сіноду і выхад з-пад папскай юрысдыкцыі, рашэнне Полацкага сабора - такога ўздзеяння не мелі.

Абарона ўніятамі сваіх сакральных каштоўнасцяў (арганаў, кніг, скульптур, абрадаў і г.д.) абвяргае ўсталяваны ў навуцы і ўкаранёны ў грамадскую думку стэрэатып, што ўсе новаўвядзенні ўніі, у тым ліку заходнехрысціянскага паходжання, з'яўляючыся прымусова навязанымі варожымі беларускаму народу вонкавымі і ўнутранымі сіламі, для яго чужародныя і непрымальныя. Тым больш недарэчнымі з'яўляюцца сцвярджэнні ліквідатараў уніі, што новыя элементы і вонкавыя атрыбуты культа сапсавалі, «нарушили благолепие» абраду і храма. У другой трэці ХІХ ст. новаправаслаўнае духавенства, нават з ліку начальніцкіх асоб, яўна выказвала шкадаванне аб харастве страчанай уніі [139]. Каштоўнасці, якія ўдалося зберагчы, працягвалі выкарыстоўвацца і шанавацца тайнымі прыхільнікамі ўніяцтва ў сярэдзіне - другой палове ХІХ ст. Таму змагацца з уніяцкімі рэліквіямі ўладам давялося некалькі дзесяцігоддзяў.

«Адмаўленцы». Арганізаваны ў 1837 г. збор падпісак з духавенства аб згодзе далучыцца да праваслаўя, калі на тое «последует высочайшая воля», вёўся шляхам пагроз, шантажа, прымусу. Лепельскі благачынны падманам вырваў у Івана Катырла з Хоціна такую распіску і адаслаў яе епіскапу В. Лужынскаму. Але праз некалькі дзён уладыка атрымаў ад хоцінскага святара «дерзкое заявление»: не лічыць распіску сапраўднай, «бо я ні пад якім відам працівіцца не магу сумленню майму і не пакіну веры па жыццё маё» [140].

Супраць «адмаўленцаў» даць подпіс адступніцтва пачаліся рэпрэсіі. Дзевяць святароў Палескага дэканата начале з Фадзеем Плескацэвічам (Вялікарытская царква) і Іосіфам Паўловічам (Пажэжынская царква) у сакавіку 1838 г. падалі свайму дэкану пратэст супраць вымаганых з іх падпісак аб згодзе далучыцца да праваслаўя. «Сопротивление распоряжениям духовного начальства», - так ацанілі іх дэмарш у Літоўскай кансісторыі. Апазіцыйным святарам забаранілі свяшчэннадзейства і адправілі ў Жыровіцы на эпітымію. Шмат было і іншых захадаў, каб прымусіць іх з'явіцца ў кансісторыю са «слёзным раскаяннем» і павіннай [141].

Манахі-базыльяне Лыскаўскага манастыра, што ў Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні, адмовіліся змяніць абрады і кінуць ўнію. Яны тлумачылі вяскоўцам, што набліжаецца час выпрабаванняў, і заклікалі трымацца сваёй веры. Настаяцель пасля богаслужэння прынёс перад прыхаджанамі прысягу на вернасць уніі. У храме панаваў агульны настрой нібыта падрыхтоўкі да смерці. Некаторыя плакалі. Базыльяне прасілі І. Сямашку, калі ён прыехаў у Лыскава, каб пакінуў іх у спакоі [142]. Калі перагаворы аб дачы падпісак закончыліся беспаспяхова, пачаліся здзекі. Манахаў трымалі ў хляве, мучылі голадам. Потым выслалі ў Тараканскі базыльянскі манастыр (Пружанскі павет), які «прымаў» на пакуту ўпартых уніяцкіх духоўных. Адзін з рэпрэсіраваных, святар Бараноўскі напісаў пра гэтыя пакуты і злоўжыванні цару і знайшоў спосаб перадаць яму сваю скаргу. Ад'ютант генерал-губернатара, якога прыслалі праверыць скаргу, даў вязням шэсць месяцаў на прыняцце праваслаўя, прыгразіўшы, што не пашкадуе розаг і сам знішчыць іх, бо «царь ликвидировал унию». Пасля гэтага пачаліся яшчэ большыя ганенні, катаванні [143].

14 год адпакутаваў манастырскім вязнем Рыгор Міцэвіч з Камянца - адзін з 593 святароў, якія адмовіліся даць пісьмовую згоду кінуць унію. Ён быў рэпрэсіраваны за адмову прыняць сінадальны служэбнік [144] .

У 1837 г., пасля адмовы прыняць новыя абрады і даць «подписку на православие», пачаліся шматгадовыя хаджэнні па пакутах настаяцеля базыльянскага Ануфрэйскага манастыра з-пад Віцебска Іллі Андрушкевіча. У лістападзе 1836 г., абвінавачаны ў «предосудительной» перапісцы, базыльянскі настаяцель быў ізаляваны [145]. Яго апрацоўвалі, але так і не змаглі дамагчыся падпіскі тры епіскапы: Васіль Лужынскі, Іосіф Сямашка і Антоній Зубко. Многія гады яго перасылалі з аднаго манастыра ў другі. У кожным яго прымалі нібы на жыхарства. Пераконвалі і, не атрымаўшы «подписки на православие», згодна з прадпісаннем І. Сямашкі, з тытулам «неблагонадежного» высылалі ў наступны манастыр [146]. За першыя тры гады няволі яго прагналі праз 11 былых базыльянскіх кляштараў Беларусі і Украіны: Тадулін, Жыровіцы, Быцень, Таракань, Любар і інш. Жыццёвымі спадарожнікамі нязломнага іераманаха сталі дарогі, холад, голад, абразы [147].

Збой у падпісной кампаніі атрымаўся ў жніўні 1838 г. у Літоўскай епархіі, дзе справа дэўнізацыі ішла, здавалася, больш гладка. Цэнтрам супраціву тут стала Беластоцкая вобласць. Калі Брэсцкі епіскап Антоній Зубко стаў збіраць тут подпісы, пайшлі масавыя адмовы. Амаль усе яны прыйшліся на Бельскае благачынне. Ідэйнымі натхняльнікамі адмовы сталі паважаныя і любімыя прыхаджанамі святары Фаустын Гаворскі з Чыжэва, Антон Панькоўскі з Новабярозава і протаіерэй Антоній Сасноўскі з Кляшчэль - чалавек высокаадукаваны, паважаны духавенствам, былы старшыня скасаванай Віленскай грэка-уніяцкай кансісторыі. Адмовіліся даць падпіскі таксама Леў Казмянскі з Корніна, Іван Імшэнін з Вялікіх Грыневіч і інш. [148].

Больш таго, 15 святароў з Беласточчыны падалі імператару просьбу, каб іх не прымушалі да праваслаўя. Гэта была не звычайная скарга, а юрыдычнымі нормамі абгрунтаванае абвінавачванне, патрабаванне спыніць уціск іх веры. Фактычна імператара заклікалі загадаць духоўнаму і грамадзянскаму начальству прытрымлівацца дзеючага заканадаўства, якое гарантавала свабоду веравызнання. У чаканні станоўчага адказу са сталіцы завадатары адмовіліся ад падпісак і ўзбунтавалі сялян прыходаў Чыжэў і Новабярозаў [149], так што для ўтаймавання хваляванняў у вёсках спатрэбіліся вайсковыя каманды [150].

За «неподчинение духовному начальству» ўсе «адмаўленцы» былі аддалены ад прыходаў. Але калі ў Чыжэў прыбыў для прыняцця прыхода благачынны Лапушынскі, па закліку звона ля царквы сабраўся натоўп сялян, каб бараніць свой храм і святара Ф. Гаворскага. На другі дзень у Чыжэў з'явіўся іншы благачынны, Кастыцэвіч, каб прымусіць Гаворскага следаваць у вызначаны яму Тараканскі манастыр. Па знаку, дадзенаму звонам, зноў вырас натоўп чалавек да 500. Кастыцэвічу нічога не заставалася, як з Чыжэва ўдаліцца. Тады ён накіраваўся ў Новабярозаў - дзеля высылкі святара Панькоўскага. Але і там сяляне абаранілі свайго настаяцеля. Кастыцэвіча яны прымусілі даць распіску, што больш у іх прыходзе не з'явіцца [151].

У бунтоўныя прыходы «с целью предостережения» ўвялі на пастой ваенныя каманды - па роце салдат. Апазіцыйныя святары вымушаны былі самі з'явіцца ў Беласток [152]. У Беласток, Вільню і Пецярбург пайшло данясенне, што паміж уніятамі шэрагу прыходаў Бельскага павета - хваляванне, яго галоўныя віноўнікі - уніяцкія святары, якія падбухторылі сваіх прыхаджан да супраціўлення духоўнай і паліцэйскай уладзе [153].

Апошнім радыкальным крокам уніяцкага духавенства ў ратаванні ўніі было ўжо ўпамянутае выступленне, якое атрымала ў літаратуры назву «Справа 111-ці». У сярэдзіне верасня 1838 г. у вёску Царкоўня, што ў Дрысенскім павеце Віцебскай губерні, з'ехаліся і сышліся звыш сотні святароў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. Там 16 верасня яны правялі несанкцыянаваны сход, на якім рашылі стаяць за ўнію. Арганізатарамі акцыі пратэсту былі асэсар Полацкай грэка-уніяцкай кансісторыі Іван Ігнатовіч і святар Адам Тамкавід. Іван Ігнатовіч звярнуўся з пропаведдзю да народа, у якой пераконваў, каб цвёрда трымаліся сваёй уніяцкай веры. Зачыншчыкі, як праходзіць па дакументах Св. Сінода, «хотели возбудить народ к сопротивлению» [154].

Царкаўнянскі сход выпрацаваў петыцыю-просьбу да імператара аб абароне і дапамозе. Уніяцкія святары прасілі назаўсёды пакінуць духавенства і прыхаджан паветаў, чые прадстаўнікі падпісалі петыцыю, у ўніі.Імператар выдаў загад: знайсці вінаватых ў складанні гэтай дзёрзкай просьбы і зрабіць падрабязнае прадстаўленне. Ён даручыў епіскапу І. Сямашку ехаць у Полацк, каб там «вникнув в действительные причины означенного беспорядка, принять меры к исправлению онаго». Туды ж, згодна імператарскаму загаду, быў накіраваны і чыноўнік па асобых даручэннях Св. Сінода В. Скрыпіцын [155].

Усе ўдзельнікі царкаўнянскага сходу і падачы петыцыі імператару былі пакараныя. Прыцягнулі да адказнасці 29 падпісантаў. Арганізатараў гэтай акцыі пратэсту Івана Ігнатовіча і Адама Тамкавіда адправілі пад нагляд у (часовы) Курскі манастыр [156] - найбольш вядомы «перавыхаваўчы» цэнтр, спецыяльна адкрыты ў 1833 г. «для униатских духовных, которые по образу мыслей своих не должны оставаться в западных губерниях» [157].

Пецярбург імкнуўся пераканаць свет, што ўсё робіцца з добрай волі ўніятаў, - а тут гэтыя акцыі пратэсту: Царкоўня, Беласток. Яны выклікалі пры двары эфект выбухнуўшай бомбы, бо ставілі рэалізацыю «благодетельных видов правительства» пад сур'ёзную пагрозу. Да таго ж восенню 1838 г. пайшло па высокім інстанцыям (у Св. Сінод і Міністэрства ўнутраных спраў) сакрэтнае данясенне Літоўскага епіскапа, што памешчыкі Беларусі супрацьдзейнічаюць уніяцкай справе, а асаблівую небяспеку для яе ўяўляюць прадвадзіцелі віцебскага, магілёўскага і полацкага дваранства [158]. Усё гэта разам з аўтарытэтнай заявай В. Скрыпіцына, што Беларусь да ліквідацыі ўніяцкай царквы гатова, а прамаруджванне можа разбурыць так старанна падрыхтаваную справу, прыспешыла санкцыю афіцыйнага Пецярбурга на ўсеагульную канверсію ўніятаў.

Пасля Полацкага сабора. Міжнародны рэзананс. Рашэнне Полацкага царкоўнага сабора некалькі месяцаў хавалі ад народа - урад і царкоўныя ўлады баяліся выбуху бунтаў. Для прадухілення хваляванняў імператар распарадзіўся накіраваць на тэрыторыю Беларусі 29-ты казацкі полк, які ішоў з Фінляндыі на Дон, і прыбыў у Беларусь у сярэдзіне сакавіка. У красавіку пачалося абвяшчэнне саборнага Акта - яго даводзілі да ведама «благонадежных» святароў, якіх па аднаму выклікалі ў кансісторыю. І толькі ў сярэдзіне мая ў галоўных гарадах пачаліся ўрачыстыя набажэнствы з нагоды «воссоединения», у якіх удзельнічала былое ўніяцкае і праваслаўнае духавенства.

Ліквідацыя ўніяцкай царквы стала нібы дэтанатарам выбуху, які аднак не скалануў дзяржаву, - улады яго папярэдзілі. Былі нейтралізаваны ўсе актыўныя сілы, што сталі на абарону ўніі (шляхта, духавенства). Напярэдадні ліквідацыі ўніяцкай царквы яна была ізалявана ад кіруючага цэнтра ў Рыме - былі перарваны яе кантакты з папствам. Замежнаму духавенству забаранілі ўмешвацца ў справы царквы.

Пецярбург хвалявала, што скажа Еўропа. Царкаўлянскі пратэст і «збой» на Беласточчыне выклікалі пры двары эфект выбуху бомбы не толькі тым, што ставілі «решение униатского вопроса» пад сур'ёзную пагрозу, але іх рэзанансам у імперыі і магчымым рэзанансам у свеце. Таму з уніяй рашылі хутчэй пакончыць, каб «не осквернили» (не дыскрэдытавалі) уніяты сваім супраціўленнем «благодетельные виды правительства». Як успамінаў пазней паплечнік І. Сямашкі М. Сушкоў, асцерагаліся «не разозлить Европу», каб «не ополчились на нас заграничные всех цветов журналы» [159].

У той жа час лідары антыўз'яднаўчага руху імкнуліся данесці да міжнароднай супольнасці інфармацыю пра пераслед сваёй царквы ў Расійскай імперыі. Аўтарытэтны і ўплывовы прадвадзіцель полацкага дваранства Людвік Беліковіч, адзін з арганізатараў руху супраціўлення ў заходніх губернях, па данясенню жандарскіх агентаў ІІІ аддзялення, у распаўсюджванні «многих вредных в политическом отношении мыслей» не абмяжоўваўся дзеяннем у Беларусі і Літве, але намагаўся і ў замежных землях узбудзіць непрыязнь да Расіі і дзеля гэтага пасылаў за мяжу розныя артыкулы для надрукавання ў газетах [160].

Такім чынам, нягледзячы на ўсялякія перашкоды, інфармацыя пра пераслед уніятаў усё ж прасочвалася ў свет. Яе змясцілі ў 1839 г. англійскія, французскія, нямецкія газеты [161]. Лонданскі часопіс «The Catholic Magazine» у лістападзе 1839 г. адазваўся на ліквідацыю ўніі рэзкім артыкулам «Religious persecution in Poland». У ім сярод фактаў жорсткага абыходжання з уніятамі апісана расправа з 54 прыходскімі святарамі з Навагрудчыны, якія ў 1834 г. сваёй «пачцівай, але цвёрдай петыцыяй» адмовіліся выкарыстоўваць Літургікон, надрукаваны ў Маскве. Усе, хто адмовіўся адклікаць свой подпіс пад петыцыяй, як гаварылася ў гэтым перыёдыку, былі пакараны турэмным зняволеннем, высылкай у Сібір. Згадвалася, што адзін са святароў, Плюскі (Pluski; згаданы вышэй Адам Плаўскі), выступіў з рэзкай крытыкай палітыкі замены богаслужэбных кніг і абверг усе аргументы на карысць увядзення маскоўскага Літургікона. За гэта ў яго канфіскавалі ўсю маёмасць, а самаго з шасцю дзецьмі выслалі ў «пустыні Масковіі» [162].

Са свайго боку, расійскі ўрад скарыстаўся еўрапейскімі сродкамі масавай інфармацыі, каб супакоіць еўрапейскую грамадскую думку і навязаць свой пункт погляду на «ўз'яднанне» уніятаў. Клопатам пра адпаведны міжнародны рэзананс вакол факта ліквідацыі ўніі быў выкліканы падрыхтаваны па заданню ІІІ аддзялення і змешчаны ў замежнай прэсе артыкул з адказам «многочисленным недоброжелателям России» і расійскай трактоўкай падзей. Але ён не даў жаданага эфекту. Як паведамляў у 1839 г. обер-пракурор Св. Сінода шэфу корпуса жандараў генералу А. Бенкендорфу, нямецкамоўны пераклад гэтага артыкула, змешчаны ў аўсбургскай газеце «Allgemeine Zeitung», зроблены з некаторымі пропускамі і скажэннямі арыгінала, «так что читатели не могут получить полного понятия о правильности и законности события, и нет сомнения, что сие известие в том же виде перейдет из Аусбургской газеты и в другие заграничные ведомости немецкие и французские» [163]. Таму ўзнікла патрэба падрыхтаваць новы, лепшы артыкул для апублікавання ва ўплывовых замежных органах друку.

Еўрапейскую грамадскую думку бударажыла эміграцыя з зямель былой Рэчы Паспалітай начале з Адамам Чартарыйскім. Вельмі важнай была рэакцыя (а не маўчанне) папства на факт ліквідацыі ўніі. А. Чартарыйскі дамогся, каб Рым выказаўся на гэты конт [164]. У сваёй прамове 22 лістапада 1839 г. Папа Рымскі Грыгорый ХVІ асудзіў епіскапаў-адступнікаў ад уніі і выказаў сімпатыі тым, хто застаўся ёй верным. Яго прамова завяршалася пагрозай божай кары «рускім епіскапам, якія здрадзілі ўніі» [165].

Рымская курыя пераклала папскую прамову на нямецкую, польскую, рускую мовы і пастаралася зрабіць яе шырока вядомай у Расіі. Але там схавалі ад народа гэтую рэакцыю Рыма. Каб не даць уніятам ніякай надзеі на дапамогу, цар не дапусціў у дзяржаву брэве Грыгорыя ХVІ. Ён забараніў цэнзуры друкаваць яго ў замежных газетах, што выдаваліся ў межах імперыі. Не з'явілася яно і ў расійскай прэсе. У адказ на папскую падтрымку экс-уніятаў урад паслаў у замежныя газеты новыя рэлізы, якімі імкнуўся замаскіраваць праўду [166].

Разам з тым, асцерагаючыся за лёс у імперыі рымска-каталіцкага касцёла, Папа Рымскі не асудзіў Мікалая І і яго антыўніяцкую палітыку. Міжнародная грамадскасць не дапамагла беларускай уніяцкай царкве ў крытычны для яе момант, хоць меў месца аддалены па часе рэзананс на падзеі 1839 г. У 1842-1843 гг. у Еўропе з'явіліся першыя працы, прысвечаныя ліквідацыі ўніі і пераследу яе абаронцаў.

Пра неадпаведнасць карціны ліквідацыі ўніі, створанай царскай прапагандай, і грамадскай думкай, сведчыць гісторык М. Каяловіч. У 1862 г. ён, «известный уже историческими своими исследованиями по сему предмету, человек во всех отношениях благонадежный» [167], выконваў даручэнне імператара Аляксандра ІІ - скласці гістарычную запіску аб уз'яднанні ўніятаў. У расійскім грамадстве, а тым больш у замежным, як пісаў тады М. Каяловіч у сваім плане гэтай гістарычнай запіскі, усе абставіны ўз'яднання ўніі вельмі скажоныя, распаўсюджана ўяўленне, быццам бы яно было справай сваволля і гвалту. Аўтар выказваў дакор рускаму ўраду і ўсім «двигателям воссоединения» [168].

Уступленне на трон Аляксандра ІІ дало мясцоваму сялянству і шляхце спадзяванне на адмену ўказаў Мікалая І адносна іх веры. У 1856-1860 гг. па тэрыторыі Беларусі пракацілася хваля легалізацыі тайных вызнаўцаў уніі, адказам на якую стала серыя карных аперацый [169]. Напрыклад, у 1856-1857 гг. сялян вёсак Дудаковічы Магілёўскай губерни і Дзярновічы Віцебскай губерняў [170] кіямі зноў загналі ў пануючую веру. Сенатар М. Шчарбінін, які кіраваў расправай, у сваёй справаздачы імператару раіў, «чтобы на будущее в случае новых проявлений унии, не колебаться, хоть бы всех вывозить в Сибирь, не останавливаясь перед строжайшими средствами». Цар ухваліў сенатара і загадаў узяць прапанаваныя меры на ўзбраенне, «подавляя без всякого милосердия любую унитскую манифестацию» [171]. Праз месяц пасля дзярновіцкай экзекуцыі «отпали в унию» больш ста сялян мястэчка Поразава Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. Узброеная група салдат і паліцэйскіх, як паведаміў свету пра гэта здарэнне ў лонданскім «Колоколе» А. Герцэн, напала на вёску і без суда і следства вылупцавала ўсіх. Людзей секлі розгамі да таго часу, пакуль пакутнікі не згаджаліся прыняць прычасце ад праваслаўнага святара. Падзеі атрымалі міжнародны рэзананс - інфармацыю пра расправу з уніятамі «местечка Пороцево Волковицкого повета» надрукавалі тады шмат якія замежныя газеты. У сувязі з тымі падзеямі рускі дэмакрат увёў ва ўжытак новае паняцце «секущее православие» [172].

Такім чынам, на шляху ажыццяўлення палітыкі рэарганіцыі і ліквідацыі ўніяцкай царквы ўлады сустрэліся з вялікімі цяжкасцямі, выкліканымі праявамі рэлігійнага патрыятызму. У экстрэмальнай сітуацыі падаўлення іх веры, адзіным злачынствам якой было тое, што яна разыходзілася з праваслаўем, уніяцкая супольнасць (сялянства, духавенства, шляхта) кансалідавалася і мабілізавала сілы самазахавання. Найбольш паслядоўнымі барацьбітамі за ўнію былі шараговыя прыходскія святары і манахі-базыльяне. Духавенства, больш адукаванае, адданае сваёй справе, узначальвала сялянскія масы.

Адстойванне сялянствам сваёй веры атаясамлівалася ўладамі з народным бунтам. Хваляванні ва ўніяцкіх прыходах намагаліся пагасіць «вразумлениями» сялян духавенствам, земскімі чыноўнікамі, губернатарам. У ход ішлі запужванні і пагрозы, матэрыяльныя пакаранні, турэмнае зняволенне. Калі гэта не дапамагала, супраціў уніятаў ламалі з дапамогай паліцыі і войска. Заўсёды ў такіх выпадках шукалі падбухторшчыкаў - людзей больш высокага сацыяльнага статуса, ранга і адукацыі (землеўладальнікаў, адміністрацыю маёнткаў, грамадзянскае начальства, духавенства), якіх імкнуліся нейтралізаваць, аддаліць ад народа, пазбавіць уплыву на сялян шляхам паніжэння або зняцця з пасады, заменай «благонадежными» людзьмі, часовым выдаленнем і дэпартацыяй.

Прычынай шматгадовага народнага супраціўлення дэўнізацыі бачыцца тое, што ва ўніяцтве вырасла і выхавалася дзесяць пакаленняў людзей. За два з паловай стагоддзі народ паспеў прывязацца да веры, якая ў многім адпавядала яго нацыянальна-культурным памкненням і сацыяльнаму статусу. Выпрацаваныя ёю погляды, звычаі і схільнасці ў царкоўна-рэлігійным жыцці і культурна-бытавой сферы ўвайшлі ў свядомасць многіх пакаленняў, сталі іх патрэбай. У ХІХ ст. уніяцкая царква ўжо была традыцыйным рэлігійным інстытутам у Беларусі і трымалася на аўтарытэце духавенства і народным традыцыяналізме.

«Уз'яднанне» мяняла не толькі рэлігію, але парушала звычайную размераную хаду сялянскага жыцця: цягнула за сабой адмену яго святаў, абрадаў, рытуалаў; абярнулася асабістымі і сацыяльна-грамадскімі драмамі, узбударажыла народ. Так доўга выхаваныя пад уплывам уніяцтва, вернікі не маглі раптоўна кінуць ранейшыя сімпатыі, змяніць звычкі і хутка прывыкнуць да каштоўнасцяў, што ім навязваліся. Асабліва нялёгка было пераадолець гэты царкоўна-гістарычны рубеж старэйшаму пакаленню і тым вернікам, якія лічылі ўніяцтва сваёй верай і не бачылі патрэбы яе мяняць. Зламаць гэту агромністую культурную сілу і рэлігійную традыцыю, пранізаўшую многія сферы людскога жыцця, было нялёгка, нават цяжэй, чым задушыць паўстанне. Менавіта таму на іх знішчэнне і была накіравана ўся сістэма царскай улады: суд, Св. Сінод, Сенат, мясцовая адміністрацыя, паліцыя. Часам у ход ішло войска.

Ва ўніяцкай упартасці адыгрывалі ролю не адны рэлігійныя перакананні, але і нацыянальны аспект. Супраціў пераводу ў праваслаўе, зробленае шляхам этнічнага зліцця беларусаў з расіянамі, трэба разглядаць як барацьбу за захаванне свайго нацыянальнага аблічча, якое падтрымлівала ўнія. Рэлігійна афарбаваны «местный лжепатриотизм», як назваў яго спадвіжнік І. Сямашкі М. Сушкоў, перашкаджаў усталяванню «русских начал» у Беларусі.



[1] Анішчанка Я. Перавод беларускіх уніятаў у праваслаўе у 1781-1783 гг. // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі). - Мінск, 1996. - С. 87-88.

[2] Горючко П. С. Из истории возсоединения униатов… - С. 8.

[3] Горючко П. С. Из истории возсоединения униатов… - С. 11, 17.

[4] Горючко П. С. Из истории возсоединения униатов… - С. 11-13.

[5] Цыт. па: Рункевич С. История Минской архиепископии (1793-1832 гг.) с подробным описанием хода воссоединения западнорусских униатов с православной церковью в 1794-1796 гг. - С. 255.

[6] РДГА. - Фонд 823. - Воп. 2. - Спр. 1301. - Арк.1.

[7] Истинное повествование, или Жизнь Гавриила Добрынина, им самим писанная в Могилеве и в Витебске. 1752-1823. - СПб., 1872. - С. 298.

[8] Истинное повествование, или Жизнь Гавриила Добрынина, им самим писанная в Могилеве и в Витебске. 1752-1823. - С. 301-302.

[9] Горючко П. С. Из истории возсоединения униатов… - С. 21-23.

[10] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 79. - Спр. 628. - Арк. 46 адв.-47.

[11] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 79. - Спр. 628. - Арк. 46.

[12] Рункевич С. История Минской архиепископии (1793-1832 гг.) с подробным описанием хода воссоединения западнорусских униатов с православной церковью в 1794-1796 гг. - С. 213-214.

[13] Рункевич С. История Минской архиепископии (1793-1832 гг.) с подробным описанием хода воссоединения западнорусских униатов с православной церковью в 1794-1796 гг. - С. 250.

[14] Горючко П. С. Из истории возсоединения униатов… - С. 31.

[15] НГАБ. - Фонд 3245. - Воп. 2. - Спр. 3. - Арк. 7, 10, 25 адв.

[16] РДГА. - Фонд 823. - Воп. 2. - Спр. 2925. - Арк. 1.

[17] РДГА. - Фонд 823. - Воп. 2. - Спр. 2880. - Арк. 1-2.

[18] РДГА. - Фонд 823. - Воп. 2. - Спр. 2934. - Арк. 1-5.

[19] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 79. - Спр. 628. - Арк. 36.

[20] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 78. - Спр. 614. - Арк. 2.

[21] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 78. - Спр. 614. - Арк. 1, 11-12.

[22] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 78. - Спр. 614. - Арк. 2 адв.-3.

[23] РДГА. - Фонд 1374. - Воп. 1. - Спр. 43. - Арк. 1, 6.

[24] Горючко П. С. Из истории возсоединения униатов…- С. 54.

[25] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 78. - Спр. 614. - Арк. 5-6 адв., 11-13.

[26] РДГА. - Фонд 1374. - Воп. 3. - Спр. 2447. - Арк. 1-12.

[27] РДГА. - Фонд 1374. - Воп. 2. - Спр. 1695. - Арк. 25.

[28] РДГА. - Фонд 1374. - Воп. 2. - Спр. 1695. - Арк. 14 адв.

[29] РДГА. - Фонд 1374. - Воп. 2. - Спр. 1695. - Арк. 22 адв., 26

[30] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 84. - Спр. 204. - Арк. 140.

[31] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 84. - Спр. 204. - Арк. 67-68.

[32] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 84. - Спр. 204. - Арк. 116.

[33] РДГА. - Фонд 796. -Воп. 84. - Спр. 204. - Арк. 140, 157; Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22589. - Арк. 1-3.

[34] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 82. - Спр. 23. - Арк. 1.

[35] РДГА. - Фонд 796. - Воп. 82. - Спр. 23. - Арк. 29.

[36] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22268. - Арк. 2 адв.-3 адв., 5-7, 9-10, 17, 19 адв.

[37] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22287. - Арк. 5-5 адв.

[38] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22287. - Арк. 3 адв.-7 адв.

[39] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22785. - Арк. 19 адв.

[40] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22290. - Арк. 2-2 адв.

[41] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7797. - Арк. 29 адв., 43, 48 адв., 79, 82, 92 адв.-93.

[42] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7797. - Арк. 1, 29 адв., 40 адв., 77, 82; ДАРФ - Фонд 109. - IV экспедыцыя. - Воп. 175. 1835 год. - Спр. 83. - Арк. 33 адв.

[43] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7797. - Арк. 2 адв.-3 адв., 6, 30.

[44] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7797. - Арк. 41, 48 адв.

[45] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7797. - Арк. 19, 77-77 адв.

[46] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8513. - Арк. 2-2 адв.

[47] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8513. - Арк. 4 адв.-5.

[48] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8513. - Арк. 8-9.

[49] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8513. - Арк. 13 адв.-14.

[50] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8513. - Арк. 15.

[51] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8509. - Арк. 22 адв.

[52] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8509. - Арк. 26-27, 36.

[53] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8509. - Арк. 17-17 адв.

[54] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8509. - Арк. 50.

[55] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8509. - Арк. 49-50, 60.

[56] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8509. - Арк. 71 адв.

[57] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 8509. - Арк. 92 адв.-93, 98.

[58] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 6799. - Арк. 6 адв.

[59] РДГА. - Фонд 815. - Воп. 16. - Спр. 1043. - Арк. 1-8 адв.

[60] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7800. - Арк. 2 адв.

[61] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22974; ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2972.; Спр. 2516; Спр. 2315.

[62] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22974. - Арк. 1-1 адв., 7.

[63] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22974. - Арк. 11 адв.

[64] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22974. - Арк. 9.

[65] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22974. - Арк. 29 адв.

[66] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22974. - Арк. 11 адв.

[67] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2315. - Арк. 16, 25, 35, 39 адв., 42.

[68] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2315. - Арк. 9, 45.

[69] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 23016. - Арк. 3-5 адв.

[70] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 23016. - Арк. 7, 19 адв.

[71] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 23016. - Арк. 20.

[72] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 23016. - Арк. 21, 28 адв., 33.

[73] Фотинский О. Иоанн Красовский - униатский архиепископ полоцкий и луцкий. - Почаев, 1894. - С. 2.

[74] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского и воссоединение западно-русских униатов с православною церковию в 1839 г. - Вильна, 1893. - С. 126.

[75] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 9196. - Арк. 3-5.

[76] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 6768. - Арк. 1 адв.

[77] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7766. - Арк. 1 адв.-2.

[78] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7766. - Арк. 1-6.

[79] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7814. - Арк. 15, 17 адв., 332, 340-341 адв., 352, 380.

[80] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7814. - Арк. 17 адв., 380.

[81] ДАРФ - Фонд 109. - IV экспедыцыя. 1835 год. - Спр. 83. - Арк. 3-17.

[82] ДАРФ. - Фонд 109. - IV экспедыцыя. 1835 год. - Спр. 83. - Арк. 19-29.

[83] РДГА. - Фонд 1282. - Воп. 2. - Спр. 2022. - Арк. 31.

[84] ДАРФ. - Фонд 109. - IV экспедыцыя. 1835 год. - Спр. 254. - Арк. 1-1 адв.

[85] ДАРФ. - Фонд 109. - IV экспедыцыя. 1835 год. - Спр. 254.- Арк. 5-5 адв., 12, 13.

[86] ДАРФ. - Фонд 109. - IV экспедыцыя. 1835 год. - Спр. 254. - Арк. 2 адв.-3.

[87] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23363. - Арк. 10, 18, 37, 40.

[88] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23363. - Арк. 28.

[89] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк.109-109 адв.

[90] ДАРФ. - Фонд 109. - І экспедыцыя. 1837 год. - Спр. 86. - Арк. 3-8 адв.

[91] ДАРФ. - Фонд 109. - І экспедыцыя. 1837 год. - Спр. 86. - Арк. 1 адв.-2.

[92] ДАРФ. - Фонд 109. - І экспедыцыя. 1837 год. - Спр. 86. - Арк. 4 адв.

[93] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского и воссоединение западно-русских униатов с православною церковию в 1839 г. - С. 79.

[94] Цыт. па: Лаўрэш Л.Л. Жыццё святара Адама Плаўскага // Актуальныя праблемы гістарычнай навукі і адукацыі. - Гродна, 2014. - С. 57-59.

[95] Киприанович Г.Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского и воссоединение западно-русских униатов с православною церковию в 1839 г. - С. 82.

[96] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк. 117.

[97] Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского и воссоединение западно-русских униатов с православною церковию в 1839 г. - С. 96.

[98] Записки Иосифа Митрополита Литовского. - Т. 3. - СПб., 1883. - С. 166-167, 583.

[99] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк. 117; Lencyk W. The Eastern Catholic Church and Czar Nicholas I. - P. 62, 65-66.

[100] НГАБ. - Фонд 1416. - Воп. 2. - Спр. 7900. - Арк. 15 адв., 28 адв.-33; Фонд 3245. - Воп. 2. - Спр. 468. - Арк. 15 адв., 28 адв., 33-34.

[101] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 23015. - Арк. 21 адв.

[102] Lencyk W. The Eastern Catholic Church and Czar Nicholas I. - P. 71.

[103] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2147. - Арк. 244.

[104] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2147. - Арк. 117.

[105] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк. 137-137 адв., 147-149, 163 адв., 167-168 адв., 199 адв., 202 адв.-203, 212 адв., 222.

[106] Записки Василия Лужинского, архиепископа полоцкого. - С. 109, 111, 118, 120, 122-123, 125-126, 147.

[107] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23410. - Арк. 2-2 адв.

[108] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23410. - Арк. 2 адв.-3.

[109] НГАБ. - Фонд1297. - Воп. 1. - Спр. 10700. - Арк. 2 адв.-4, 12 адв., 49-50, 55.

[110] ДАРФ. - Фонд 109. - ІV экспедыцыя. 1838 год. - Спр. 165. - Арк. 7.

[111] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23410. - Арк. 18.

[112] ДАРФ. - Фонд 109. - ІV экспедыцыя. 1838 год. - Спр. 165. - Арк. 1-7.

[113] Шавельский Г. Последнее возсоединение с православною церковию униатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.). - СПб., 1910. - С. 285.

[114] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк. 95, 96 адв.-99.

[115] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 370. - Арк. 39.

[116] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 22996. - Арк. 15, 46.

[117] НГАБГ. - Фонд 1. - Воп. 27. - Спр. 695. - Арк. 5.

[118] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2713. - Арк. 32.

[119] НГАБГ. - Фонд 1. - Воп. 1. - Спр. 1747. - Арк. 5-5 адв., 120-121; Фонд 1. - Воп. 21. - Спр. 605. - Арк. 11.

[120] Марозава С. Дэпартацыя як сродак вырашэння рэлігійных праблем (ХVІІ-ХІХ ст.) // Дэпартацыя як сацыяльная праблема: Тэматычны зборнік навуковых прац. - Брэст, 1997. - С. 10-12.

[121] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2147. - Арк. 108.

[122] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - С пр. 2147. - Арк. 249.

[123] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2147. - Арк. 117.

[124] НГАБГ. - Фонд 2. - Воп. 21. - Спр. 327. - Арк. 21-21 адв., 25-26 адв., 50 адв.

[125] РДГА. - Фонд 824. - Воп. 1. - Спр. 36. - Арк. 1, 2 адв., 5.

[126] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23236. - Арк. 5, 22 адв., 25.

[127] ДГАЛ. - Фонд 634. - Воп. 1. - Спр. 47. - Арк. 386-387, 389.

[128] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23161. - Арк. 43-43 адв., 48-48 адв.

[129] ДГАЛ. - Фонд 634. - Воп. 1. - Спр. 47. - Арк. 233-233 адв.

[130] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2482. - Арк. 9.

[131] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 2482. - Арк. 62 адв.

[132] НГАБ в Гродно. - Фонд 1. - Воп. 27. - Спр. 693. - Арк. 1.

[133] ДАРФ. - Фонд 109. І экспедыцыя. 1859 г. - Спр. 264. - Арк. 2.

[134] ЦДГАУ - Фонд 201. - Воп. 4. - Спр. 2021.

[135] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 7815. - Арк. 47-47 адв.

[136] РДГА. - Фонд 823. - Воп. 3. - Спр. 1563. - Арк. 2-6 адв.

[137] Извеков П. Д. Исторический очерк состояния православной церкви в Литовской епархии за время с 1839-1889 г. - М., 1899. - С. 381.

[138] Голос православного из литовско-белорусского края // Церковный вестник. - 1906. - № 35, 36, 39, 44, 47, 48. - С. 1541.

[139] Миловидов А. Заслуги графа М. Н. Муравьева для православной церкви в Северо-Западном крае. - С. 42.

[140] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 11262. - Арк. 2-4 адв.

[141] ДГАЛ. - Фонд 605. - Воп. 1. - Спр. 3444. - Арк. 5-5 адв.

[142] Руски уніаты под панованем московским. - Львов, 1882. - С. 8-10.

[143] Akta męczeńskie unji // Rocznik Towarzystwa Historyczno-Literackiego w Paryżu. - Rok 1866. - Paryż, 1867. - S. 118; Руски уніаты под панованем московским. - С. 14-15.

[144]Успаміны Рыгора Міцэвіча, пароха з Камянца, аб пераследзе ўнітаў // Ягелонская біблітэка. Аддзел рукапісаў. - Спр. 4294. - 52 арк.

[145] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 6. - Спр. 23039.

[146] Ягелонская біблітэка. Аддзел рукапісаў. - Спр. 5916. - Сшытак 2. - Арк. 137

[147] Ягелонская біблітэка. Аддзел рукапісаў. - Спр. 5916. - Сшытак 3. - Арк. 19; Сшытак 4. - Арк. 103.

[148] ДАРФ. - Фонд 109. - Сакрэтны аддзел. - Воп. 2. - Спр. 289. - Арк. 2.

[149] ДАРФ. - Фонд 109. - IV экспедыцыя. 1838 год. - Воп. 178. - Спр. 212. - Арк. 6 адв.-21.

[150] ДГАЛ. - Фонд 378. - Агульны аддзел. 1838 год. - Спр. 1383.

[151] ДАРФ.- Фонд 109. - IV аддзел. - Воп. 178. 1838 год. - Спр. 212. - Арк. 16 адв.-17.

[152] ДАРФ. - ФондД 109. - IV аддзел. Воп. 178. 1838 год. - Спр. 212. - Арк. 6.

[153] ДАРФ. - Фонд 109. - IV аддзел. Воп. 178. 1838 год. - Спр. 212. - Арк. 6 адв.

[154] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23446. - Арк. 43 адв.

[155] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23446. - Арк. 32, 39, 61, 138 б.

[156] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 10716. - Арк. 22 адв., 45.

[157] НГАБ. - Фонд 1297. - Воп. 1. - Спр. 11116. - Арк. 78.

[158] РДГА. - Фонд 797. - Воп. 7. - Спр. 23222. - Арк. 6-11.

[159] Сушков Н.В. Воспоминания о митрополите Литовском и Виленском Иосифе и об уничтожении унии в России. - М., 1869. - С. 8.

[160] ДАРФ. - Фонд 109. IV экспедыцыя. 1835 год. - Спр. 254. - Арк. 1-1 адв.

[161] Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie i Rusi w XVIII i XIX wieku uwążane głównie ze względu na przyczyny jego upadku. - S. 130.

[162] Religious persecution in Poland // The Catholic Magazine. - 1839. - November. - Vol. VIII. - P. 707-711.

[163] ДАРФ. - Фонд 109. - I экспедыцыя. 1839 год. - Спр. 303. - Арк. 10.

[164] Zywczyński M. Emigracja polska i Kuria rzymska wobec upadku unii w Rosji w r. 1839 // Ateneum. - 1939. - № 2. - S. 183-196.

[165] БАН Літвы. Аддзел рукапісаў. - Фонд 273. - Спр. 1405. - Арк. 2-4.

[166] Lencyk W. The Eastern Catholic Church and Czar Nicholas I. - P. 137.

[167] РДГА. - Фонд 1282. - Воп. 2. - Спр. 2022. - Арк. 1, 8.

[168] РДГА. - Фонд 1282. - Воп. 2. - Спр. 2022. - Арк. 31.

[169] Рукапісны аддзел Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве. - Спр. 5813; Akta męczeńskie unji // Rocznik Towarzystwa Historyczno-Literackiego w Paryżu. - Rok 1866. - Paryż, 1867; Руски уніаты под панованем московским. - Львов, 1882.

[170] Lencyk W. The Eastern Catholic Church and Czar Nicholas I. - P. 17.

[171] Рукапісны аддзел Бібліятэкі Асалінскіх у Вроцлаве. - Спр. 6854 / ІІ. - Арк. 1064-1066.

[172] Герцен А.И. Секущее православие // А.И.Герцен об атеизме, религии и церкви. - М., 1976. - С. 176-177.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX