Вярнуцца: Марозава С.В.

Вялікі князь літоўскі Аляксандр - Алена Маскоўская: дынастычны шлюб (1495 г.), які не прынёс Усходняй Еўропе міру


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 28-06-2016,
Крыніца: Марозава С.В. Вялікі князь літоўскі Аляксандр - Алена Маскоўская: дынастычны шлюб (1495 г.), які не прынёс Усходняй Еўропе міру // Мир для женщины - женщины для мира: материалы 5-й Междунар. науч.-практ. конф..- Гродно : ЮрСаПринт, 2016 . С.284-289.

Спампаваць




Постаць дачкі вялікага князя маскоўскага Івана III і візантыйскай прынцэсы Сафіі Палеалог Алены Іванаўны (1476, Масква - 1513, Браслаў, Беларусь), вядомай таксама як Алена Маскоўская, здаўна прываблівала да сябе цікавасць даследчыкаў. Праўда, у беларускай гістарыяграфіі да гэтага часу адсутнічае прысвечанае ёй спецыяльнае комплекснае даследаванне, якое да таго ж давала бы беларускі погляд на яе ролю ў гісторыі. Маскоўская княжна, якая ў 1494 г. стала вялікай княгіняй літоўскай, а ў 1501 г. - некаранаванай польскай каралевай, такім чынам аб'яднала сабой дзве дзяржавы ў нялепшы перыяд іх узаемаадносін.
Мяжа XV-XVI ст. - час складаных міжнародных адносін ва Усходняй Еўропе, ускладнення міжканфесійнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне, найперш на восі Масква-Вільня.
У канцы ХV ст. узмацняецца канфрантацыя Маскоўскай Русі з Вялікім Княствам Літоўскім. Асноўнай праблемай палітычных дачыненняў Вільні і Масквы становіцца так званая «спадчына Рурыкавічаў» - землі былой Кіеўскай Русі. Саперніцтва за яе пачалося яшчэ ў XIV ст., калі вялікія літоўскія князі сабралі пад эгідай Наваградка і Вільні большасць зямель старажытнай Русі. 3 канца ХV ст. ініцыятыва ў збіранні «рускіх зямель» пераходзіць да Масквы, якая прэтэндуе на абшары ўсёй былой «імперыі Рурыкавічаў» і абгрунтоўвае сваю палітыку двума галоўнымі аргументамі: лозунгам абароны праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім і прыналежнасцю вялікіх князёў маскоўскіх да дынастыі Рурыкавічаў.
У 1489 г. вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір IV (1440-1492) пачуў адкрыты папрок Івана III, князя вялікага маскоўскага: «Нашы гарады і воласці, і землі, і воды кароль за сабою трымае...». Вайна паміж дзяржавамі станавілася непазбежнай.
Яна выбухнула ў 1492 г. - адразу, як толькі Іван III даведаўся пра смерць Казіміра. На працягу 1492-1493 гг. руская армія захапіла значныя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Не жадаючы ісці на паглыбленне канфлікта з усходнім суседам, віленскі двор намераваўся нейтралізаваць яго праз шлюб новага вялікага літоўскага князя Аляксандра (14921506) з дачкой Івана III Аленай.
Пытанне аб шлюбе Алены Іванаўны з адным з сыноў Казіміра IV абмяркоўвалася ўжо тады, калі ёй было 8 гадоў. Шлюбныя саюзы ў тыя часы былі сродкам умацавання палітычных сувязяў паміж дзяржавамі. Але міждзяржаўныя адносіны тады былі ўрэгуляваны без шлюбнага пагаднення.
Гэта пытанне было зноў узнята ў 1492 г. на мірных перагаворах паміж ваюючымі бакамі - Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім - па ініцыятыве ліцвінскіх дыпламатаў. Вялікі князь літоўскі Аляксандр праз свах паслоў прасіў тады рукі Алены Іванаўны, але найперш патрабаваў пагаднення аб землях і гарадах, захопленых войскам Івана ІІІ. Перагаворы пра замужжа зацягнуліся амаль на два гады, зыходзячы з такой пастаноўкі пытання з літоўскім бокам і жаданнем князя маскоўскага выступіць у якасці абаронцы праваслаўнай веры ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пасля доўгіх і няпростых перагавораў бакі прыйшлі да пагаднення - змацаваць мір паміж дзяржавамі шлюбным саюзам.
6 лютага 1494 г. адбыліся агледзіны і заручыны. Вялікага князя літоўскага на заручынах прадстаўляў яго пасол, стараста жамойцкі Станіслаў Янавіч. У сувязі з тым, што Іван III запатрабаваў ад будучага зяця пісьмовага абавязацельства не прымушаць жонку прымаць каталіцтва, справа з заключэннем шлюба зацягнулася. Аляксандр такое абавязацельства даў, праўда, у ім было агаворана: «Калі захоча (літоўская вялікая княгіня - С. М.) сваёю воляю прыступіць да рымскага закону, то ёй воля». Іван III адмрвіўся прыняць такі дакумент, і толькі калі з тэксту абавязацельства гэтыя словы прыбралі, у студзені 1495 г. Алена Іванаўна паехала ў Вільню.
Сваю згоду на шлюб вялікі князь маскоўскі суправадзіў шэрагам дадатковых пажаданняў: узвесці для Алены праваслаўны храм на вялікакняскім двары, каб яе прыдворнае акружэнне складалася з праваслаўных людзей яе ўзросту, каб у абрадзе вянчання разам з лацінскім біскупам ўдзельнічаў правосласлаўны архірэй або архімандрыт.
У студзені 1495 княгіня са світай выехала з Масквы. Яе суправаджала цэлае пасольства, якое Іван ІІІ выслаў суправаджаць і аберагаць сваю дачку. Абоз вёз пасаг: шкуры сабалёў, вавёрак, гарнастаяў, дарагія тканіны, ювелірныя вырабы. Пасаг быў даволі сціплым. Князь Аляксандр чакаў ад цесця таксама вяртання зямель, захопленых маскоўскім войскам пад час вайны 1492-1494 гг., але яго чаканні не спраўдзіліся.
Абрад шлюбу здзейсніў у саборы святога Станіслава віленскі каталіцкі біскуп Войцех Табар, а запрошаны на цырымонію архімандрыт Макарый, як сведчаць гістарычныя крыніцы, «вялікай князёўне малітваў не адважваўся гаварыць», баючыся гневу Аляксандра. Вялікі князь адмовіўся ўзводзіць для жонкі праваслаўную царкву, спасылаючыся на ўстаноўлены яго продкамі забарону будаваць у Вялікім Княстве Літоўскім праваслаўныя храмы, хоць пры двары Алену Іванаўну акружалі таксама праваслаўныя людзі. Выхаваная, разумная, тактоўная і самастойная жанчына, Алена Іванаўна мела пры двары пашану.
Дынастычны шлюб, на жаль, не прынёс Вялікаму Княству Літоўскаму жаданага міру. Іван III хоць і не вёў цяпер супраць зяця адкрытай вайны, шкодзіў яму чужымі рукамі падбухторваў крымскага хана Менглі-Гірэя, з якім быў звязаны мірным пагадненнем 1480 г. Называючы яго «братам і сябрам», Іван III накіраваў хана пустошыць суседнюю краіну: «Сядай на каня і ідзі на Літоўскую зямлю, не марудзячы!» 3 таго часу пачаліся штогадовыя набегі татараў на ВКЛ: 1494 г., 1495 г., 1496 г., 1497 г., 1498 г.
Мірнай згоды 1494 г. паміж Іванам III і Аляксандрам хапіла на шэсць гадоў. У XVI ст. абедзве дзяржавы ўвайшлі ў стан вайны паміж сабою.
Фармальнай зачэпкай для яе з'явілася раздутае маскоўскай прапагандай пытанне аб веры вялікай княгіні літоўскай Алены Іванаўны, якую нібыта схілялі ў каталіцтва, і быццам бы маючых месца пераследах праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, а таксама спрэчка аб новым тытуле маскоўскага князя - «государь всея Руси», які заключаў у сабе непрыхаваную, адкрытую прэтэнзію на «рускія» землі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, вызначаў палітычную праграму Івана III. Аляксандр не прызнаў за маскоўскім уладаром новага тытула, бачачы ў ім замах на дзяржаўную ўласнасць сваёй краіны.
Абураны гэтым, маскоўскі князь абвясціў Аляксандру вайну. Але фактычна новае ваеннае сутыкненне было справакавана пераходам вясной 1500 г. на бок Масквы некаторых памежных князёў, незадаволеных умовамі службы ў Аляксандра: Сямёна Бельскага, Сямёна і Івана Мажайскіх, Васіля Шамяціча. Разам з імі адпалі іх валоданні: Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Рагачоў і інш. Прымаючы ўцекачоў, Іван III апраўдваў гэта неабходнасцю бараніць аднаверцаў, якія быццам бы церпяць уціск і гвалт у сваёй краіне.
Каб урэгуляваць канфлікт паміж дзяржавамі, у Маскву адразу накіравалася ліцвінскае пасольства. Вялікі князь Аляксандр пайшоў на кампраміс і ўпершыню звярнуўся да Івана III як да «государя всея Руси», патрабуючы вярнуць «здрадцаў» (князёў-перабежчыкаў) і не чыніць больш крыўд на межах. Але вялікі князь маскоўскі пераклаў усю віну на Аляксандра і, выслаўшы назад яго паслоў, у маі 1500 г. накіраваў на Вялікае Княства Літоўскае сваё войска. Толькі пасля гэтага ў Вільню быў адпраўлены ганец з граматай пра абвяшчэнне Іванам III, які «за хрысціянства хоча стаяць», вайны. Яго войска тым часам авалодала Бранскам, Пуціўлем, Старадубам, Гомелем, Ноўгарад-Северскім і іншымі гарадамі.
Не падрыхтаваны да вайны, вялікі літоўскі князь Аляксандр спадзяваўся ўрэгуляваць канфлікт дыпламатычным шляхам, апеляваў да хрысціянскай маралі і заклікаў свайго цесця апамятацца, скардзіўся, што яго ваяводы «шкоды вялікія ўчынілі, замкі знакамітыя паздабывалі, воласці папалі і людзей пабралі... да Масквы завялі», прызнаў за ім новы тытул. Ліцвінскія паслы спрабавалі нейтралізаваць саюзніка Івана III - хана Менглі-Гірэя і разарваць небяспечны маскоўскакрымскі саюз, а таксама заручыліся падтрымкай Заваложскай Арды і Лівонскага ордэна. Абранне Аляксандра польскім каралём у 1501 г. давала магчымасць выкарыстаць і польскую дапамогу ў вайне з Масковіяй, войскі якой у 1502 г. беспаспяхова намагаліся ўзяць непрыступны Смаленск. Гэта адкрыла бы маскавітам шлях у глыб Літвы, але, па словах «Хронікі Быхаўца», пад горадам «пераможаны былі і з ганьбаю ды няславаю прагнаны». Аднак жа яны захапілі і спалілі Оршу, разрабавалі ваколіцы Мсціслаўля, Полацка, Віцебска, даходзілі аж да Бярэзіны.
Толькі заключэнне ўніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай і падтрымка яго Лівонскім ордэнам схілілі Івана III да перамоў. Спыніць вайну яго заклікаў і папа рымскі, і дачка - вялікая літоўская княгіня Алена. Яе просьба, мяркуюць, адыграла немалаважную ролю ў заключэнні ў 1503 г. шасцігадовага перамір'я. Былі вызначаны новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышла трэцяя частка тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з 19 буйнымі гарадамі, у тым ліку Гомелем, Бранскам, Чарнігавам, Ноўгарад-Северскім, Старадубам і 70 валасцямі ў вярхоўях Акі, Дзясны і Дняпра і ў ніжнім цячэнні Сажа. Мяжа наблізілася да жыццёва важных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. Тады Беларусь упершыню страціла свае этнічныя зямлі: Гомельшчыну, Смаленшчыну, Браншчыну. На перамовах 1503 г. упершыню ў гісторыі ўзаемаадносін дзяржаў маскоўскі бок запатрабаваў усёй «Рускай зямлі»: «уся Руская зямля, Божай воляй, са старыны, ад нашых прабацькоў наша вотчына». Іван III ужо забыўся, што «са старыны» яго вотчынай быў невялікі маскоўскі ўдзел.
Што датычыць жаночай долі Алены Іванаўны, то з самага пачатку паміж ёй і Аляксандрам склаліся добрыя адносіны. Летам 1495 г. яна выступіла ў падтрымку Аляксандру ў барацьбе супраць Менглі-Гірэя. Вялікая княгіня падтрымлівала праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1500 г., калі раззлаваны Іван ІІІ распачаў вайну супраць зяця, Алена Іванаўна адаслала да бацькі пісьмо, што разам з ёй усё зло ўвайшло ў Літву, што ёй сорамна паказаць вочы сваякам. Іван ІІІ згадзіўся тады на шасцігадовы мір і саступіў некаторыя гарады, уважыўшы і просьбу дачкі.
У 1501 г. Аляксандр быў абраны яшчэ і польскім каралём. Алена Іванаўна каралевай станаць адмовілася - дзеля гэтага ёй трэба было прыняць каталіцтва. Яна не прысутнічала на каранацыі мужа ў снежні 1501 г. Не гледзячы на гэта адносіны паміж «разнавернымі» супругамі па-ранейшаму заставаліся цёплымі.
Разам з Аленай Аляксандр аб'ехаў свае польскія ўладанні, паказваючы тым самым, што яна фактычна стала каралевай Польшчы. Тады ён падарыў жонцы землі каля Мінска, Гродна, а таксама ў Віленскім і Трокскім ваяводствах. Алена Іванаўна падрымала мужа і ў барацьбе са шляхтай за цэнтралізацыю ўлады.

Літаратура і крыніцы:

1. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVІІІ ст.: Курс лекцый / І. П. Крэнь, І. І. Коўкель, С. В. Марозава [і інш.]. - Мінск: РІВШ БДУ, 2000. - 656 с.
2. Елена Иоанновна // rulex.ru/01060104.htm
3. Семенкова, Т. Г.; Карамова О. В. Русские великие княгини, царевны и царицы. - М., 2005 // mirkin.ru/_docs/semenkova_book_ch5.pdf
4. Флоря, Б. Н. Великая княгиня Елена Иоанновна // sedmitza.ru/text/682256.html
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX