Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Наваградак як царкоўна-рэлігійны цэнтр Вялікага княства Літоўскага (ХІІІ - XVI ст.) 


Аўтар: Марозава С. В.,
Дадана: 04-07-2016,
Крыніца: Марозава С. В. Наваградак як царкоўна-рэлігійны цэнтр Вялікага княства Літоўскага (ХІІІ - XVI ст.) / С. В. Марозава // Людзі і ўлада Навагрудчыны: гісторыя ўзаемадзеяння: (да 500-годдзя надання Навагрудку прывілея на магдэбургскае права): зб. навук. арт. - Мінск: Беларуская навука, 2013. С. 65-88.



Пытанне аб месцы і ролі Наваградка ва ўсходнееўрапейскіх палітычных працэсах XIII - XIV ст. здаўна прыцягвае ўвагу расійскіх, беларускіх, польскіх і літоўскіх вучоных. Аднак гістарычны «рэйтынг» і ўплыў гэтага горада ў канфесійным жыцці Еўропы XIII - XVI ст. яшчэ далёкі ад навуковага асэнсавання. Для большасці даследчыкаў гісторыі Беларусі Наваградак знікае з гістарычнай арэны пасля страты ім адміністрацыйнага сталічнага статуса. Між тым з утварэннем Літоўскай праваслаўнай мітраполіі ён на два стагоддзі стаў царкоўнай сталіцай Вялікага княства Літоўскага і аказваў значны уплыў на справы ва ўсходнееўрапейскім хрысціянскім свеце.

З першых жа крокаў новай дзяржавы, якія яна рабіла ў сярэдзіне XIII ст. у Наваградку, значную ролю ў яе станаўленні і лёсе адыгрываў царкоўна-рэлігійны фактар. Горад, у якім на той час пераважала праваслаўнае насельніцтва, становіцца пераемнікам хрысціянскай традыцыі Кіева і Полацка. Пачаткам надання Наваградку статуса значнага рэлігійнага цэнтра Вялікага княства Літоўскага стала хрышчэнне па праваслаўнаму і каталіцкаму абрадах, а пасля і каранацыя Міндоўга, які, паводле "Хронікі Быхаўца", «панаваў у Навагародку і рускіх гарадах» [1]. Гэтыя хрышчэнні робяць горад галоўным цэнтрам хрысціянскай культуры "Чорнай Русі" і літоўскіх плямёнаў, што прадвызначыла яго лёс на некалькі стагоддзяў.

Дакладных звестак аб месцы хрышчэння Міндоўга ў праваслаўе, датаванага Густынскім летапісам 1246 г., няма. Але лагічна лакалізаваць гэта месца ў Наваградку. Каб быць перакананымі ў сапраўднасці факта хрышчэння Міндоўга, мясцовыя баяры, якія запрасілі яго на княжанне, правялі гэта мерапрыемства ў сваім горадзе, дзе ўжо з ХІІ ст. існаваў праваслаўны Барыса-Глебскі храм. Прыняццем праваслаўя Міндоўг разлічваў на падтрымку мясцовага насельніцтва і на саюз з суседнімі праваслаўнымі князямі - прыняцце іх веры хутчэй за ўсё было ўмовай прызнання яго князем наваградскім.

Каталіцкае хрышчэнне Міндоўга ў 1251 г. тлумачыцца зацікаўленасцю папства ў хрысціянізацыі ўсходнеславянскіх земляў, важнай часткай якіх з'яўлялася Наваградская зямля, і літоўскіх плямёнаў. Князь меў свой інтарэс у гэтай справе. Яго дэкларацыя аб жаданні прыняць каталіцызм з'яўлялася дыпламатычным ходам у барацьбе з Тэўтонскім ордэнам - стрымлівала экспансію ордэна на літоўскія і беларускія землі. Акрамя таго, прыняцце каталіцызма ставіла Міндоўга ўпоравень з заходнімі манархамі.

Перамовы аб хрышчэнні ў каталіцызм Міндоўг вёў з магістрам Лівонскага ордэна Андрэем фон Сцірландам. Той прыбыў на хрышчэнне асабіста ў суправаджэнні світы з рыцараў і духавенства. Абрад праводзіў прэсвітэр ордэна Хрысціян, які папярэдне навучыў князя, яго сям'ю і дружыну асновам заходняй хрысціянскай веры. Хрысціян стаў першым каталіцкім біскупам у Наваградку [2].

Крыніцы не называюць месца хрышчэння, але гісторыкі схільны бачыць яго ў Наваградку. А.Жлутка на падставе аналізу некаторых геаграфічных назваў летапісаў мяркуе, што яно адбылося ў вёсцы Латава, у 5 км ад горада [3].

Адразу пасля хрышчэння Міндоўг накіраваў пасольства да папы рымскага Інакенція IV з лістом, у якім пісаў, што стаў хрысціянінам і прасіў прыняць яго пад апеку рымскай царквы. Папа, як гэта падаецца ў яго буле ад 17 ліпеня 1251 г., не толькі задаволіў просьбу Міндоўга, але і тытулаваў яго каралём. 1 ліпеня 1252 г. князь наваградскі быў увенчаны хелмскім біскупам Генрыхам каралеўскай каронай. Цырымонія адбылася з вялікай урачыстасцю паводле прынятага ў Заходняй Еўропе рытуалу. Так Міндоўг стаў першым і апошнім каралём ВКЛ. Яго хрышчэнне і каранацыя азначалі ўзмацненне заходнееўрапейскай арыентацыі дзяржавы [4].

У беларускай гістарыяграфіі традыцыйна лічыцца, што каранацыя Міндоўга адбылася ў Наваградку - першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага. Літоўскія гісторыкі факт каранацыі Міндоўга ў Наваградку, як і самую «сталічнасць» Наваградка падвяргаюць сумненню. Так, Т.Баранаускас сцвярджае, што ў рэальнай гісторыі Навагрудка адбіліся складаныя адносіны Літвы і Русі ў пачатку літоўскай экспансіі. Горад стаў першай і галоўнай апорай літоўскай улады на Русі, апорным пунктам заваёвы Літвой зямель Русі, а не сталіцай ВКЛ, і, тым больш, не месцам хрышчэння Міндоўга. Прыняцце праваслаўя літоўскім князем, яго цярпімасць да мясцовых традыцый, пошукі спосабаў інтэграваць рускія тэрыторыі ў Літоўскую дзяржаву былі, на яго думку, тымі фактарамі, якія абумовілі, што складаны працэс збліжэння Літвы і Русі менавіта ў Наваградскай зямлі прасунуўся далей за ўсё" [5].

Летапісы сцвярджаюць, што папа Інакенцій IV быў у захапленні ад саюзу паміж Ордэнам і Міндоўгам, паколькі пад уплыў каталіцтва трапляла ўсё ВКЛ. Далейшыя дзеянні Міндоўга, які "паслаў да папы, прыняў хрышчэнне …, прыносячы ахвяры багам сваім патаемна", паказалі, што хрышчэнне яго ў каталіцызм было няшчырае - «льстиво бысть» [6] і з'яўлялася чыста дыпламатычным крокам. У 1260 г. Міндоўг кінуў хрысціянства і не перадаў нашчадкам каралеўскі тытул. Пасля гэтага каталіцкія святары ў хуткім часе былі выгнаны з Наваградка.

Густынскі летапіс паведамляе, што лівонскі ландмайстар Андрэй, які дазволіў Міндоўгу абхітрыць сябе, быў пазбаўлены пасады. Паводле Рыфмаванай хронікі, Андрэй фон Сцірланд пакінуў сваю пасаду па стане здароўя [7].

Наданне Наваградку статуса буйнейшага хрысціянскага цэнтра ВКЛ працягнуў Войшалк, які "хрысціўся ў Навагародку, і пачаў быць у хрысціянстве" [8]. Хрышчэнне Войшалка адбылося дзесьці на мяжы 1240-х - 1250-х г., хутчэй за ўсё, у Барыса-Глебскай царкве - галоўным храме Наваградскай зямлі.

Пасля няўдалай спробы паломніцтва на гару Афон Войшалк "вернулся до своей земли до Новгородка, и збудовал собе монастыр над Немном межи Литвою и Новогородком, и там мешкал" [9], прыняўшы манаства пад імем Лаўрэнцій [10]. Манастыр стаў называцца Лаўрышаўскім. Гэта самы ранні манастыр Гродзеншчыны са згаданых крыніцам. Паводле дадзеных А.Мірановіча, першы настаяцель гэтага манастыра - Елісей Лаўрышаўскі, быў кананізаваны ў 1514 г. На думку шэрагу даследчыкаў (М.Ермаловіч, С. Думін, В. Насевіч), Лаўрышаўскаму манастыру ў планах Войшалка адводзілася роля праваслаўнай хрысціянізацыі гістарычнай Літвы, аднак раптоўная гібель князя гэтыя планы перакрэсліла.

Есць меркаванне, што Войшалк мог быць пахаваны ў Наваградку, у Барыса-Глебскай царкве, або па манаскаму абраду - ў заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры.

Гэты манастыр ад самага пачатку стаў значным культурным асяродкам ВКЛ, адным з цэнтраў пачатковага летапісання. Тут хутчэй за ўсё быў створаны Наваградскі летапіс ХІІІ ст. Тут працаваў скрыпторый, з якога каля 1329 г. выйшаў выдатны твор пісьмовай культуры і жывапіснага мастацтва - Лаўрышаўскае Евангелле. Яно была выраблена ў сувязі з кананізацыяй фундатара і настаяцеля манастыра. Мініяцюры Евангелля мастацтвазнаўца В. Шматаў разглядае як ключавыя помнікі беларускага жывапісу таго часу. Найперш дзякуючы гэтаму пісьмоваму помніку Лаўрышава вядома сёння ў славянскім свеце. Яго арыгінал зараз захоўваецца ў Бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве [11].

Манастыр атрымаў шчодрыя фундшы ад магнатаў Хадкевічаў, Храптовічаў, а таксама ад мясцовых шляхціцаў, якія з павагай ставіліся да праваслаўнай святыні. Манастыр і яго землі даваліся ва ўладанне кіеўскім мітрапалітам, чые рэзідэнцыі знаходзіліся ў Наваградку (І. Пацею, І.Руцкаму). Манастыр адным з першых на Беларусі прыняў царкоўную ўнію. У 1615 г. ён стаў базыльянскім.

За час існавання манастыр сфарміраваў багатую калекцыю рукапісных дакументаў XIV - XIX ст., бібліятэку, меў праваслаўную школу. У наш час гэта багатая сваімі культурнымі традыцыямі абіцель аднаўляецца.

У імкліва разрастаючымся з пачатку ХIV ст. ВКЛ Наваградак і надалей адыгрываў важную ролю - палітычную (бо меў мураваную крэпасць) і рэлігійную. Нават пасля таго, як Гедымін заснаваў горад Вільню і зрабіў яе сталіцаю княства, Наваградак яшчэ значны час захоўваў статус аднаго з галоўных грамадска-палітычных і культурных цэнтраў дзяржавы [12]. Сюды збіраліся для вырашэння важных дзяржаўных і царкоўных спраў высокія свецкія валадары і духоўныя іерархі.

У першай палове ХIV ст. тут была збудавана царква св. Багародзіцы. У пасланні 1323 г. вялікага князя Гедыміна згадваецца пра заснаванне ў Наваградку францысканскага касцёла, які аднак "спалілі прускія крыжакі… і які ў тым жа годзе мы загадалі адбудаваць зноў» [13]. На 1323 г. у ВКЛ існавалі толькі тры каталіцкія храмы - два ў Вільні і адзін у Наваградку. Па некаторых звестках, францысканскі касцёл у Наваградку з'явіўся яшчэ пры Віцені [14]. Такім чынам, тут была закладзена першая ў межах сучаснай Беларусі каталіцкая парафія.

З канца XIІІ - пачатку XIV ст. палітычныя і царкоўна-рэлігійныя інтарэсы ВКЛ, якое хутка расло ў геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы, увабрала ў сябе вялікія абшары беларускіх і ўкраінскіх зямель з хрысціянізаваным насельніцтвам і царкоўна-ерерахічныя структуры значнай часткі Кіеўскай мітраполіі, патрабавалі стварэння ў дзяржаве сваёй мітраполіі. Тым больш, што пасля спусташэння Кіева татарамі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Максім у 1300 г. перасяліўся ва Уладзімір-на-Клязьме і туды перанёс сваю кафедру і рэзідэнцыю. У пачатку ХIV ст. мітрапаліты перабраліся на пастаяннае жыхарства ў Маскву, працягваючы велічаць сябе тытулам «кіеўскі і ўсяе Русі». Перасяленне мітрапалітаў з Кіева, які быў для праваслаўнай Русі не толькі «маці гарадоў рускіх», але і калыскай праваслаўя, выклікала незадавальненне ў ВКЛ.

Праблема мітрапольнай прыналежнасці праваслаўнага насельніцтва ВКЛ набыла тады асаблівую значнасць. Незалежная дзяржава не магла мірыцца з падпарадкаваннем яе грамадзян у рэлігійным плане мітрапаліту маскоўскаму, бо гэта фактычна сцвярджала падпарадкаванне Маскоўскаму княству, дзе глава царквы знаходзіўся ў залежнасці ад свецкага манарха. Імкненне уладаў ВКЛ захаваць рэлігійную самастойнасць сваіх хрысціян ад уплыву дзяржавы-саперніцы магло быць задаволена стварэннем асобнай мітраполіі. Ужо Віцень хадайнічаў аб гэтым перад Канстанцінопальскім патрыярхатам, але заўчасная смерць князя не дала магчымасці завяршыць гэту важную для дзяржавы справу. Ажыццявіў яе Гедымін [15]. Ідэя стварэння асобнай мітраполіі для ВКЛ атрымала падтрымку канстанцінопальскага патрыярха Іаана Глікіса, зацікаўленага ў пашырэнні свайго ўплыву ў дзяржаве, якой кіравалі і значную частку насельніцтва якой складалі язычнікі.

Гісторыкі разыходзяцца ў даце заснавання Літоўскай мітраполіі. В. Ластоўскі сцвярджае аб заснаванні ў 1291 г. Наваградскай аўтакефальнай мітраполіі [16]. 1291 годам датуе заснаванне Літоўскай мітраполіі А.Мірановіч [17]. Але ў літаратуры звычайна фігуруе 1316 або 1317 год - дата, якая з'яўляецца агульнапрызнанай.

Цэнтрам новай мітраполіі быў абраны Наваградак, які Канстанцінопаль разглядаў як апору праваслаўнага місіянерства сярод язычнікаў. Як цэнтр мітраполіі Наваградак узгадваецца ў граматах канстанцінопальскіх патрыярхаў з сярэдзіны ХІV, а па некаторых звестках - з канца ХІІІ ст. Дарэчы, Масква стала рэзідэнцыяй маскоўскіх мітрапалітаў у 1330 г.

Першым літоўска-наваградскім мітрапалітам быў грэк Феафіл. У 1317, 1327 і 1329 г. ён удзельнічаў у пасяджэннях патрыяршага Сінода ў Канстанцінопалі [18]. Такі актыўны ўдзел у яго працы кіраўніка аддаленай мітраполіі сведчыць аб тым, што Канстанцінопаль надаваў ёй важнае значэнне, разглядаючы Наваградак як апору праваслаўнага місіянерства сярод язычнікаў.

Кафедральным саборам у Наваградку была Барыса-Глебская царква, пабудаваная ў ХІІ ст. Манастыр, які знаходзіўся пры гэтай царкве, служыў рэзідэнцыяй для мітрапаліта. Сабор і сядзіба мітрапаліта абслугоўваліся манахамі гэтага манастыра. Сродкі на ўтрыманне мітрапаліта, яго двара, духавенства давалі прыбыткі ад вялікіх зямельных угоддзяў, якімі была надзелена кафедра, і грашовыя ўклады багатых дабрадзеяў.

У сілу гістарычных, дзяржаўна-палітычных і геаграфічных абставін царкоўны тытул мітрапаліта меў тры варыянты. Мітрапаліты па-ранейшаму называліся кіеўскімі і лічылі Кіеў сваёй сталіцай, хоць там былі рэдка, а некаторыя туды і наогул не ездзілі. Такім чынам, тытул «кіеўскі» меў для іх намінальнае значэнне.

Кіеўскімі называлі сябе мітрапаліты, якія жылі і ў Наваградку, і ў Маскве. Адбывалася некананічнае паўтарэнне тытула рознымі мітрапалітамі, падпарадкаванымі Канстанцінопальскаму патрыярхату. Паміж мітрапалітамі літоўскім і маскоўскім мела месца працяглая спрэчка за тытул і валоданне Кіевам. Намінауючы мітрапалітаў для ВКЛ, патрыярхат не цікавіўся іх тытулатырай і ніякіх указанняў наконт яе не даваў. Але згодна са старажытнай хрысціянскай царкоўнай традыцыі і практыкі, епіскапы, мітрапаліты і патрыярхі тытулаваліся па месцу жыхарства і размяшчэння кафедры. Таму кіраўнік мітраполіі называўся мітрапалітам наваградскім, або - ў спалучэнні з дзяржаўным тытулам - літоўска-наваградскім [19]. Тытул «мітрапаліт літоўскі» часта сустракаецца ў крыніцах ХIV - XV ст.

Спачатку Наваградская мітраполія аб'ядноўвала толькі Полацкую і Тураўскую епархіі. Пазней, калі ВКЛ адсунула свае межы далей на ўсход, да іх далучыліся Смаленская і Чарнігаўская епархіі. Акрамя таго, мітрапаліты мелі сваю, мітрапаліцкую епархію. У яе склад ўваходзілі заходняя частка Беларусі, Віленшчына, пазней і Кіеў, а таксама цэрквы ў Галіцыі, Валыні, Падоллі, калі там не было свайго епіскапа. Гэтай епархіяй мітрапаліт кіраваў сам або праз свайго намесніка.

Стварэнне Літоўскай мітраполіі садзейнічала больш цеснаму ўключэнню ВКЛ у кола краін, зарыентаваных на грэка-візантыйскую хрысціянскую культуру і тып ментальнасці. З яе заснаваннем Наваградак становіцца буйным усходнееўрапейскім цэнтрам праваслаўя. Статус цэнтра мітраполіі Наваградак захоўваў і ў далейшым, нават пасля пераносу сталіцы дзяржавы ў Вільню.

У сувязі з канкурэнцыяй Вільні і Масквы за царкоўныя ўплывы ва Ўсходняй Еўропе пасля смерці ў 1330 г. літоўска-наваградскага мітрапаліта Феафіла канстанцінопальскі патрыярх не прызначыў новага мітрапаліта для Літоўскай Русі. Ён прыслухаўся да просьбы мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Феагноста, які імкнуўся сабе падпарадкаваць Літоўска-Наваградскую мітраполію. Іншыя настроі запанавалі тады і ў Канстанцінопалі: не дзяліць праваслаўны ўсходнеславянскі свет, а аб'ядноўваць яго. Феагност прыязджаў тады з Масквы ў Наваградак і ўзяў маёмасць архіерэйскага дома пад свой кантроль [20]. Падарункамі патрыярху Іаану XIV ён дамогся закрыцця ў 1347 г. аб'яднанай Гедымінам у адну Галіцка-Літоўскай мітраполіі.

Імкненне вялікага літоўскага князя Альгерда рэалізаваць так званую агульнарускую праграму - аб'яднаць пад уладай Вільні ўсе ўсходнеславянскія землі былой Кіеўскай Русі і завяршыць гэты працэс у Маскве - надало ў 50 - 60-я г. ХIV ст. новую вастрыню пытанню аб самастойнасці праваслаўнай царквы ВКЛ і наяўнасці Літоўска-Наваградскай мітраполіі.

Пачынаючы з XIV ст., барацьба за агульнарускую ідэю стала суадносіцца з кіеўскай спадчынай, на якую прэтэндавалі і ВКЛ, і набіраючае моц Вялікае княства Маскоўскае. Альгерд зрабіў на Маскву тры ваенныя паходы (1368, 1370 г., 1372 г.) і тры "духоўныя" паходы - здзейсніў тры спробы атрымаць асобнага мітрапаліта для падуладных яму зямель [21]. На літоўскую кафедру вызначаліся паслядоўна тры чалавекі: Феадарыт, Раман і Кіпрыян.

У 1353 г., пасля смерці мітрапаліта ўсяе Русі Феагноста, у царкоўнай сферы сутыкнуліся палітычныя інтарэсы Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага. У 1354 г. Альгерд дамогся ад Канстанцінопаля прызначэння мітрапалітам Літоўскай і Малой Русі з рэзідэнцыяй у Наваградку свайго стаўленіка Рамана. У склад мітраполіі ўвайшлі Полацкая, Тураўская, а потым і Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая, Холмская і Пярэмышльская епархіі. Тым самым ствараліся ўмовы для нейтралізацыі ў гэтым рэгіёне царкоўна-палітычнага ўплыву Масквы і ўзмацнення тут пазіцый Альгерда [22]. Патрыярх зацвердзіў за Раманам усе епархіі ВКЛ, за выключэннем Кіева, тытул якога насіў мітрапаліт у Маскве. У той жа час патрыярх прызначыў кандыдата Масквы Алексія мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Паўнамоцтвы паміж мітрапалітамі не былі размежаваны, і абедзве мітраполіі прэтэндавалі на права агульнарускага праваслаўнага цэнтра. Кіеў стаў аб'ектам спрэчкі двух мітрапалітаў: Рамана ў ВКЛ і Алексія ў Маскве. Раман прадпрыняў захады, каб перанесці сваю кафедру ў Кіеў, які фармальна ўваходзіў у сферу дзейнасці Алексія, але знаходзіўся на тэрыторыі ВКЛ [23]. Гэта спрэчка выклікала, як назваў яго летапісец, «мяцеж во святительстве» - духавенства не ведала, якому мітрапаліту падпарадкоўвацца: таму, што жыве ў Маскве, або таму, што знаходзіцца ў Наваградку [24].

Алексій паскардзіўся на свайго наваградскага калегу ў Канстанцінопаль. Той выклікаў абодвух мітрапалітаў на патрыяршы суд. Канстанцінопальскі сабор 1356 г. усталяваў тэрыторыю Літоўска-Наваградскай мітраполіі ў межах Наваградскай мітрапаліцкай, Полацкай, Тураўскай, Уладзіміра-Валынскай, Луцкай, Холмскай, Галіцкай і Пярэмышльскай епархій. Пасля да іх была далучана і Бранска-Чарнігаўская епархія. Але Раман не адмовіўся ад намеру пашырыць сваю ўладу і на Кіеў. У патрыярхаце гэта расцанілі як перавышэнне ім сваіх паўнамоцтваў. Патрыярх накіраваў у ВКЛ сваіх паслоў для расследавання гэтай справы, якая была спынена толькі са смерцю Рамана ў 1362 г. [25]. Напружанне, што ўзнікла тады ў царкоўным жыцці, барацьба за лідэрства ў царкоўнай сферы паміж Наваградкам і Масквой працягвалася некалькі стагоддзяў [26].

Зацяжная спрэчка двух мітрапалітаў выклікала непрыемнае ўражанне ў Канстанцінопалі. Каб не ствараць такога прэцэдэнту ў далейшым, пасля смерці літоўска-наваградскага мітрапаліта Рамана патрыярх адмовіўся ад прызначэння для ВКЛ асобнага мітрапаліта, і праваслаўная царква Літоўскай Русі больш за 10 гадоў падпарадкавалася маскоўскаму мітрапаліту, чым было адноўлена адзінства мітраполіі ўсяе Русі, Літоўскай і Маскоўскай. Але Альгерд не змірыўся з гэтым.

Каля 1373 г. канстанцінопальскі патрыярх паслаў ў ВКЛ і Цвер для прымірэння літоўскага і цвярскога князёў з мітрапалітам Алексіем іераманаха Кіпрыяна. Ён быў балгарынам або сербам, хоць некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. Ідучы насустрач Альгерду, які з прычыны варожых адносін з Масквой дамагаўся для ВКЛ асобнага мітрапаліта, і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, патрыярх прыняў кампраміснае рашэнне. У 1375 г. ён пасвяціў Кіпрыяна, якому Альгерд прапанаваў заняць прастол літоўска-наваградскага мітрапаліта, у мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з разлікам, каб ён пасля смерці Алексія аб'яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі» [27].

У 1376 г. Кіпрыян, ужо у новым сане, прыехаў з Канстанцінопаля на Русь. Па вяртанні ў Наваградак ён выдаў цыркулярнае апавяшчэнне аб сваім пастаўленні ў сан мітрапаліта «ўсяе Русі» і разаслаў яго ўсім рускім епіскапам. Ноўгарадцы адказалі Кіпрыяну: «Посылай к великому князю в Москву, если он примет тебя митрополитом на Русь, то и нам будешь митрополитом». У такім жа духу адказалі і пскавічы. Вялікі маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (Данскі) адказаў Кіпрыяну: «Зачем поставился на живого митрополита?» и разам з мітрапалітам Алексіем выказалі ў Канстанцінопаль свой пратэст супраць Кіпрыяна [28].

Кіпрыян жыў у ВКЛ, у Вільні, Наваградку, Кіеве. Пасля смерці ў 1378 г. Алексія літоўска-наваградскі мітрапаліт двойчы ездзіў у Маскву, каб узначаліць нанова аб'яднаную мітраполію. Але быў пасаджаны маскоўскім князем Дзмітрыем у цямніцу і двойчы выгнаны з княства як некананічна пастаўлены на мітраполію яшчэ пры жыцці Алексія. У 1389 г. Кіпрыян рашэннем канстанцінопальскага патрыярха быў абвешчаны мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі», а ў 1390 г. быў прызнаны і новым вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам [29]. Прызнаны дзяржаўнай уладай Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага, ён паспяхова ажыццяўляў духоўную ўладу на абшарах усяе Русі: Літоўскай і Маскоўскай. Хоць пасля таго Кіпрыян жыў пераважна ў Маскве, але часта наведваў ВКЛ, у тым ліку быў у Наваградку [30].

Пасля смерці ў 1406 г. мітрапаліта Кіпрыяна Вітаўт, зыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў ВКЛ, не жадаў падпарадкавання праваслаўнай царквы княства мітрапаліту Фоцію, які жыў у Маскве і праводзіў прамаскоўскую палітыку (хоць спачатку і прызнаў яго як мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі). Вітаўт, выдатна разумеючы палітычнае значэнне царквы, у тым ліку праваслаўнай ерархіі, пачаў дамагацца ад Канстанцінопальскага патрыярхата прызначэння асобнага мітрапаліта для ВКЛ. Пасля доўгіх і беспаспяховых перагавораў з патрыярхам, у Наваградку быў створаны прэцэдэнт - выбар мітрапаліта на саборы, незалежна ад Канстанцінопаля [31].

У 1414-1415 г. да Наваградка была прыкавана ўвага духавенства, свецкіх улад і шырокай грамадскасці, бадай, усёй Усходняй Еўропы і Канстанцінопаля. Тут вырашаўся лёс агульнарускай праваслаўнай мітраполіі. Тройчы ў замкавай царкве св. Багародзіцы збіраўся высокі сабор беларуска-украінскага епіскапату, каб вырашыць пытанне надзвычайнай складанасці і важнасці: мець або не мець праваслаўнай царкве Вялікага княства Літоўскага свайго асобнага, незалежнага ад Масквы мітрапаліта? [32].

Найважнейшым для арганізацыі праваслаўнай царквы ВКЛ быў наваградскі сабор, які адбыўся 15 лістапада 1415 г. "…Князь великий Витовт собрал тогды вси владыки Литовское земли, полоцкого и черниговского, и туровского, и луцкого, и володимерского, и тыми владыками поставил у Великом княжстве Литовском митрополита на имя Григоря з Болгарское земли Цамивлака" [33]. На тым прадстаўнічым з'ездзе прысутнічалі сам Вітаўт, свецкія магнаты. Епіскапы выказалі свае скаргі на Канстанцінопаль, пералічылі злоўжыванні ў візантыйскай царкве ў ХIV ст., у тым ліку парушэнні пры назначэнні кіеўскіх мітрапалітаў [34].

Улічваючы вышэйшыя дзяржаўныя інтарэсы Княства і цвёрдую волю вялікага князя, насуперак рэзка адмоўнай пазіцыі канстанцінопальскага патрыярха і маскоўскага мітрапаліта, сабор у Наваградку пайшоў на парушэнне кананічнай традыцыі і абраў без дазволу Канстанцінопаля асобнага мітрапаліта для ВКЛ. Ім стаў высокаадукаваны багаслоў і добры дыпламат Рыгор Цамблак, балгарын па паходжанні. Такім чынам, наваградскі сабор 1415 г. абвясціў незалежнасць праваслаўнай царквы ВКЛ ад мітраполіі ўсяе Русі і ад Канстанцінопальскага патрыярхата і аднавіў незалежную ад Масквы Літоўска-На­ваградскую мітраполію. Гэта была другая ў межах усходнеславянскай праваслаўнай царквы, асобная мітраполія [35]. Як запісана ў Густынскім летапісе, «з таго часу пачалі быць два мітрапаліты, адзін у Кіеве, а другі ў Маскве» [36].

Пасвячэнне Цамблака на мітрапаліта без дазволу канстанцінопальскага патрыярха было смелым актам. З дзяржаўнага пункту погляду, як сцвярджае А.Мартас, гэты акт быў неабходны, але кананічна не можа быць апраўданы [37]. Гэты акт выклікаў шалёны адпор маскоўскага мітрапаліта і канстанцінопальскага патрыярха. Першы напісаў тры пасланні, у якім пракляў як сабор 1415 г., ахрышчаны ім «неправедным сборищем», так і новаабранага мітрапаліта. Епіскапаў ВКЛ ён называў «помраченниками, а не просветителями», «волками, а не пастырями» і пад пагрозай праклёну забараніў уступаць у якіясьці кантакты з адступнікамі [38], якія ўчынілі падзел у царкве. Але гэтыя пасланні не мелі вялікага значэння ў ВКЛ. У сваю чаргу, канстанцінопальскі патрыярх не прызнаў рашэнне наваградскага сабора і не зацвердзіў кандыдатуру Цамблака, бо не хацеў «терпети еже на церковь Божию насилие царево» [39], адлучыў Г.Цамблака ад царквы. Рускія гісторыкі ХІХ - пачатку ХХ ст. таксама лічылі Цамблака царкоўным мяцежнікам [40].

Канфлікт вырашыла смерць мітрапаліта, якую датуюць 1419 г. Смерць Цамблака азначала канец Літоўскай мітраполіі [41].

Мітрапаліцкая кафедра Р.Цамблака знаходзілася ў Кіеве, але пасля 1416 г., калі Кіеў быў разбураны ханам Эдыгеем, ён перанёс яе ў Вільню, а сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак [42]. Наданне ў 1415 г. Наваградку статуса рэзідэнцыі аўтакефальнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ зноў-такі сведчыла пра вялікае значэнне гэтага горада ў познім сярэднявеччы.

Цамблак карыстаўся даверам Вітаўта, нават неаднойчы спрабаваў ўгаварыць князя перайсці ў праваслаўе. Новая мітраполія адразу праявіла цікавасць да заключэння ўсяленскай уніі. Не здраджваючы праваслаўю, Р.Цамблак быў адным з першых праваслаўных мітрапалітаў, які намагаўся ўсталяваць кантакт з кіраўніцтвам каталіцкай царквы. Па загаду Вітаўта Р.Цамблак ў 1418 г. (па іншых звестках, у 1417 г.) узначаліў вялікую дэлегацыю, ускладзе якой былі і святары з Наваградка, на Канстанцкі сабор - даволі прадстаўнічы царкоўны форум, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі розных канфесій. Сярод шматлікіх праблем на саборы абмяркоўваліся ўзаемаадносіны паміж ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам [43]. Кіраўнікі ўсходняй і заходняй царквы выпрацоўвалі на саборы ўмовы паяднання.

На Кастанцкім саборы Цамблак выступіў з праектам Вітаўта аб заключэнні царкоўнай уніі, які шляхам уніі жадаў устраніць антаганізм паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам княства, і пры гэтым рабіў націск на паразуменне ў гэтым пытанні з візантыйскім імператарам і канстанцінопальскім патрыярхам. Гэта быў першы крок з таго часу ужо непрарыўных - аж да Фларэнційскай уніі 1439 г. - перамоў аб уніі.

Але пасля паездкі на Канстанцкі сабор Цамблак сышоў з гістарычнай арэны, а Вітаут прызнаў главенства над праваслаўнай царквой княства маскоўскага мітрапаліта Фоція, які ўжо ў 1421 г. бесперашкодна раз'язджаў па гарадах ВКЛ. Тады ж ён наведаў Наваградак [44]. «В лето 6928, - паведамляецца ў Cупрасльскім летапісе, - поеха митрополит Фотей в Литву месяца июня 1, а с ним владыка Амбросей. И наехал великого князя Витовта в Новегородце» [45].

У лютым 1422 г. Наваградак стаў сведкам яшчэ адной вялікай урачыстасці. У новым касцёле, узведзеным ля Замкавай гары ў пачатку ХV ст., адбыўся шлюб стагоддзя. У шлюбны саюз у чацвёрты раз уступаў кароль Польшчы Уладзіслаў Ягайла. Ён браў у жонкі князёўну Софью Гальшанскую. Урачыстасцямі кіраваў віленскі біскуп Мацей. Паколькі ад ранейшых трох жонак кароль не меў нашчадкаў па мужчынскай лініі, то гэты шлюб выратаваў дынастыю Ягелонаў - ад яго нарадзіліся 2 сыны: Уладзіслаў і Казімір [46].

У сярэдзіне - другой палове ХV ст. у Наваградку па-ранейшаму адбываліся значныя царкоўна-рэлігійныя падзеі ўсходнееўрапейскага маштабу, праходзіла дзейнасць цэлага шэрагу літоўска-наваградскіх мітрапалітаў. У 1441 г. «поехал в Литву к Казимеру в Новый Городок ( Наваградак - С.М.) и пробыв тамо поиде к Риму» падпісант Фларэнційскай уніі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Ісідар. Урачыста выпраўлены ў 1438 г. з Масквы на Ферара-Фларэнційскі сабор, ён па вяртанні быў арыштаваны за тое, што не такую унію заключыў, «еретическую». З заключэння яму ўдалося ўцячы - ў Цвер, потым у ВКЛ, у Наваградак. Далейшы шлях апальнага мітрапаліта ляжаў у Рым [47].

Мітрапаліт маскоўскі і ўсяе Русі Іона, пры якім у 1448 г. Руская праваслаўная царква стала аўтакефальнай, незалежнай ад Канстанцінопаля (мітраполія ў Маскве з 1459 г. стала афіцыйна называцца Маскоўскай), паспяшаўся пасля свайго абрання ў Літоўска-Наваградскую мітраполію, якая не мела тады ўласнага мітрапаліта, каб аб'яднаць усе епархіі ВКЛ пад сваім кіраўніцтвам. Тады ён наведаў Кіеў, Галіч, Львоў, Вільню і Наваградак [48] і змог замацаваць у гэтых абласцях сваю ўладу.

Але ў 1458 г. у Вільню і Наваградак прыбыў вучань і паплечнік мітрапаліта Ісідора, прыхільнік Фларэнційскай уніі Рыгор Балгарын [49]. Ён прывёз вялікаму літоўскаму князю Казіміру ліст ад папы рымскага, у якім гаварылася, што ўсе рускія ў яго каралеўстве адбіраюцца ад «злочестивого монаха Ионы» і перадаюцца ўніяту Рыгору. Тытул Рыгора «архіепіскап кіеўскі, літоўскі і Ніжняй (Малой) Русі» сведчыў аб яго прэтэнзіях на кананічную ўладу над усёй тэрыторыяй былой Кіеўскай Русі і выклікаў зразумелы пратэст з маскоўскага боку. Прыбыццё Рыгора Балгарына ў ВКЛ унесла новы парадак у царкоўнае жыццё. З гэтага часу пачаўся новы перыяд незалежнага ад Масквы існавання Літоўска-Наваградскай мітраполіі. 13 верасня 1459 г. Іона склікаў у Маскве сабор епіскапаў, на якім была складзена саборная пастанова супраць Рыгора. Для Масквы Рыгор, як і яго папярэднік Ісідар, быў сімвалам грэчаскай інтрыгі, якая ў Фларэнцыі праявіла сваё радство з лацінскай ерассю. Адбыўся канчатковы падзел Рускай праваслаўнай царквы на 2 мітраполіі: Маскоўскую і Кіеўскую, або Літоўска-Наваградскую. Рыгор Балгарын меў рэзідэнцыю ў Наваградку, тут памёр у 1482 ці 1483 г. і быў пахаваны ў Наваградку [50].

Пасля смерці Рыгора Балгарына мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі з рэзідэнцыяй у Наваградку ў 1475 г. быў абраны смаленскі епіскап Місаіл, які падтрымаў ідэю царкоўнай уніі. Але ён не быў зацверджаны Канстанцінопалем [51]. Абранне Місаіла хутчэй за ўсё адбылося на саборы епіскапаў, архімандрытаў, князёў, баяр і шляхты ВКЛ у Наваградку. Місаіл у 1476 г. арганізаваў зварот вышэйшага праваслаўнага духавенства і свецкіх асоб ВКЛ да папы рымскага Сікста V, у якім выказваў гатоўнасць прыняць унію, скардзіўся на ўціск з боку рымска-каталіцкага духавенства і прасіў ураўняць яго ў правах з лацінскімі біскупамі. Польскія гісторыкі сцвярджаюць, што ліст з прапановай заключэння царкоўнай уніі з Рымам быў накіраваны папе рымскаму ад імя епіскапата і шляхты наваградскім саборам. Ліст яму перадалі праз удзельнічаўшага ў саборы папскага легата Антоніа Банумбрэ [52]. Адказу на гэта пасланне папа рымскі не даў - падобна, ліст з Наваградка да адрасата не дайшоў. Місаіл жыў у мітрапаліцкім доме, дзе знаходзілася яго кафедра. Ён памёр у Наваградку ў 1480 г. [53].

У 1481 г. у Наваградак з Канстанцінопаля спецыяльна прыбылі два экзархі патрыярха: мітрапаліт енейскі Ніфант і епіскап іпанейскі Феадарыт, каб пасвяціць новага мітрапаліта кіеўскага для ВКЛ з кафедрай у Наваградку. Яны прывезлі патрыяршае пасланне і разам з мясцовым епіскапатам учынілі тут інтранізацыю новага літоўска-наваградскага мітрапаліта. Ім стаў полацкі архіепіскап Сімяон (1481 - 1488 г.) [54].

У 1498 - 1501 г. на мітрапаліцкай кафедры ў Наваградку сядзеў Іосіф І Балгарыновіч - прыхільнік далучэння праваслаўнай царквы ВКЛ да Фларэнційскай уніі. У перапісцы з рымскім папам Аляксандрам VI мітрапаліт абгаворваў умовы гэтага акта, аднак у хуткім часе захварэў і памёр [55].

У другой палове ХV ст. Кіеў, які стаў цалкам безабаронным перад набегамі крымскіх татар, ужо толькі тэарэтычна лічыўся сталіцай мітраполіі. Некаторыя з мітрапалітаў часова або пастаянна перасяляліся на беларускія землі, у Наваградак. У ХVI ст. ужо ніхто з мітрапалітаў не жыў у Кіеве [56], але - ў паўночнай частцы сваёй мітраполіі - ў Наваградку або Вільні. У гэтых цэнтрах канцэнтравалася палітычнае, культурнае, рэлігійнае жыццё ВКЛ. З пачатку ХVI ст. царкоўныя саборы праводзяцца ўжо і ў Вільні. Мітрапаліт Іосіф ІІ Солтан (1507-1521 або 1522 г.) меў рэзідэнцыю ў Вільні і там склікаў у 1509 г. сабор [57].

Выгаднае геаграфічнае становішча, багатыя гістарычныя традыцыі, а таксама важная роля Наваградка як цэнтра вялікага рэгіёна дзяржавы абумовілі абранне яго ў 1507 г. на годнасць сталіцы новага ваяводства і наданне ў 1511 г. магдэбургскага права. Гэтыя знакавыя падзеі адкрылі новую эпоху ў шматвяковай гісторыі старажытнага Наваградка [58]. У ХVI ст. Наваградак працягваў захоўваць становішча другой пасля Вільні кафедры мітрапалітаў, якія захоўвалі ў ім сваю рэзідэнцыю.

У пачатку ХVІ ст. (да 1519 г.) на грошы князя Канстанціна Астрожскага тут была амаль цалкам перабудавана Барыса-Глебская царква ХІІ ст. [59]. Храм меў гатычныя рысы, але ў ХVII і ХІХ ст. перабудоўваўся, прычым апошні раз - на маскоўска-візантыйскі ўзор [60]. Напярэдадні Люблінскай уніі ў Наваградку было 10 праваслаўных храмаў і адзін каталіцкі касцёл [61].

Вядома, што ў 1539 г. у Наваградку прыносіў прысягу кіеўскаму мітрапаліту Макарыю ў прысутнасці епіскапаў полацкага, віцебскага і мсціслаўскага перад пасвячэннем на львоўскага епіскапа Макарый Тучапскі.

У Наваградку жыў і тут у 1547 г. памёр мітрапаліт Сільвестр Белькевіч [62]. Пераважна ў Наваградку жыў мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі Анісіфар Дзевачка (1579 - 1589 г.), які да гэтага займаў пасаду лаўрышаўскага архімандрыта. Анісіфар дамогся ад караля Стэфана Баторыя дазволу адпраўляць царкоўныя святы паводле юліянскага календара. Пазбаўлены ў 1589 г. сану канстанцінопальскім патрыярхам за парушэнне кананічнага правіла (быў двойчы жанаты), ён застаўся архімандрытам Лаўрышаўскага манастыра, дзе і памёр у 1592 ці 1594 г. [63].

Другая палова ХVI ст. яшчэ больш узбагаціла рэлігійную мазаіку Наваградка. У горадзе, дзе жыў мітрапаліт, набыў сілу рэфармацыйны рух, які ў ВКЛ дасягнуў свайго апагею ў 50-60-я г. ХVI ст. Рэфармацыя ў Кіеўскай мітраполіі прыжылася не ўсюды (напрыклад, не прыжылася на Украіне), затое мела сілу ў заходніх і цэнтральных абласцях Беларусі [64]. Тут атрымалі распаўсюджанне кальвінізм і арыянства. Найбольшая колькасць пратэстанцкіх (пераважна кальвінісцкіх) абшчын было тады ў Трокскім, Віленскім, Жмудскім і Наваградскім ваяводствах [65]. Магнаты-пратэстанта занялі ўплывовыя пасады ваяводаў, у тым ліку ў Наваградку [66]. Шматлікая шляхта «поеретичела» - кінулася ў вір рэфармацыйнага руху. На 1572 г. з 600 шляхецкіх сем'яў Наваградскага ваяводства ў праваслаўнай веры засталося толькі 16, астатнія перайшлі ў кальвінізм [67]. Затое няма ніякіх звестак, каб тагачасны мітрапаліт Сяльвестр (1556-1567 г.) якімсьці чынам намагаўся згуртаваць праваслаўных для супрацьдзеяння пратэстантызму. Вядома, што ён выступіў з ініцыятывай правядзеня сабора ў 1559 г., але ніякія дадзеныя пра факт яго правядзення да нас не дайшлі [68].

З 1580-х г. на тэрыторыі Беларусі пачало шырыцца вучэнне Фауста Соцына, які здолеў выхаласціць сацыяльны радыкалізм арыянства. Цэнтрам сацыніянізма ў Беларусі стаў Наваградак [69]. Шэраг гадоў пратэстанцкім зборам у Наваградку кіраваў Ян Ліцыній Намыслоўскі з Сілезіі - адзін з вядомых прапаведнікаў вучэння Ф.Соцына. У 1609 і 1616 г. у горадзе адбыліся атрымаўшыя шырокі рэзананс дыспуты паміж католікамі і пратэстантамі. Годам пазней арыян выгналі з горада, а потым па каралеўскаму ўказу зачынілі і святыню [70].

У канцы ХVI ст. ва ўсходнеславянскім свеце назіраюцца новыя царкоўна-рэлігійныя тэндэнцыі. Усё болей абцяжарвала Маскоўскую дзяржаву і ВКЛ за­лежнасць, хоць і намінальная, ад Канстанцінопальскага патрыярхата, які знаходзіўся пад уладай туркаў і не мог праводзіць самастойную царкоўную палітыку. У 80-90-я г. ХVI ст. усходнеславянскі свет выходзіць з-пад юрысдыкцыі Канстанцінопаля. Пры гэтым Масква ў 1589 г. стварае ўласны патрыярхат - новы хрысціянскі нацыянальны цэнтр, чым наносіць новы ўдар па прэстыжу Канстанцінопаля. Як яго правапераемніца Масква (тэорыя «Масква» - трэці Рым») яна прэтэндуе на ўключэнне Беларусі, дзесяцігоддзем раней вырванай з яе рук С.Баторыем, у склад сваёй кананічнай тэрыторыі. Устурбаваныя нежаданай перспектывай узмацнення ўплыву Масковіі на беларуска-ўкраінскіх землях, афіцыйныя колы ВКЛ і Рэчы Паспалітай распрацоўваюць так і не рэалізаваны праект пераносу канстанцінопальскага прастола на сваю тэрыторыю. Стаць рэзідэнцыяй патрыярха роўны шанец мелі гарады: Кіеў, Львоў і Наваградак. Абмяркоўвалася пытанне, якому з іх аддаць прыярытэт [71]. Знешнепалітычныя фактары і слабасць унутраных структур Кіеўскай мітраполіі не дазволілі ёй стаць трэцім альтэрнатыўным усход­нееўрапейскім праваслаўным цэнтрам.

У першай палове 90-х г. ХVI ст. Наваградак стаў важным цэнтрам падрыхтоўкі Берасцейскай царкоўнай уніі. Апошнім з шэрагу літоўска-наваградскіх мітрапалітаў, што ўзначальвалі праваслаўную царкву ў ВКЛ да уніі 1596 г., быў Міхаіл Рагоза, узведзены на гэту пасаду ў 1589 г. патрыярхам Ярэміям у час яго знаходжання ў Вільні.

24 снежня 1594 г. у Наваградку з'явіўся мемарандум, падпісаны епіскапам берасцейскім Іпаціем Пацеем, епіскапам луцкім Кірылам Тарлецкім, Міхаілам Капысценскім, Гедэонам і Дыянісіем. Ён павінен быў служыць рабочым дакументам тым прадстаўнікам епіскапату Кіеўскай мітраполіі, якія збіраліся абмяркоўваць з каралём Жыгімонтам ІІІ пытанне аб заключэнні царкоўнай уніі. Тут уладыкі выліваюць свае скаргі на ўсходніх патрыярхаў і выразна агаворваюць жаданне злучыцца з рымскай царквой. Далей сабраныя ў Наваградку епіскапы агаварылі шэраг умоў, на якіх яны хацелі б заключыць унію: недатыкальнасць іх цэркваў, літургічнай практыкі і традыцый, старога календара, захаванне епархій, цэркваў і манастыроў пад юрысдыкцыяй епіскапаў Кіеўскай мітраполіі, забяспечыць неўмяшанне грэчаскіх царкоўных улад у справы Кіеўскай мітраполіі і інш. [72].

Намагаючыся нейтралізаваць уплыў ідэолага Віленскага брацтва Стэфана Зізанія, які выкрываў падрыхтоўку ерархіяй царкоўнай уніі і чыім пропаведзям людзі, паводле слоў сучасніка, «лепей, ниж Евангелии верят», мітрапаліт Міхаіл Рагоза склікаў у студзені 1596 г. у Наваградку сабор дзеля нарад аб уніі [73]. Сабор пракляў і адлучыў ад царквы Зізанія і яго аднадумцаў Васіля і Герасіма [74].

21 жніўня 1596 г. мітрапаліт выдаў у Наваградку пасланне, якім абвясціў скліканне 6 кастрычніка гэтага года ў Брэсце Літоўскім сабора [75], які ўвайшоў у гісторыю як знакаміты Берасцейскі царкоўны сабор 1596 г.

Лёс уніяцкага пачынання беларускага епіскапата ў многім залежаў ад пазіцыі наваградскага ваяводы Фёдара Іванавіча Тышкевіча (1590-1618 г.). Не выпадкова брэсцкі епіскап Іпацій Пацей прысвяціў яму свой твор у абарону уніі «Уния алъбо выклад преднейшых арътыкулов ку зъодноченью греков с костелом римским належащых» (1595). Разам з кіеўскім ваяводам Канстанцінам Астрожскім Ф.Тышкевіч настойваў на скліканні царкоўнага сабора, каб на ім звесці рахункі з «облудными пастырями нашими». Сабор першапачаткова меркавалася правесці ў Наваградку. У адрозненне ад К.Астрожскага, які спачатку прапаноўваў епіскапам свае паслугі ў заключэнні царкоўнай уніі, а потым стаў ў апазіцыю да яе, Ф.Тышкевіч, хоць спачатку ставіўся да ўніяцкай ідэі асцярожна, стаў першым з беларускіх магнатаў, які прыняў унію [76]. У апошні дзень Берасцейскага сабора, 10 кастрычніка 1596 г., мітрапаліт М.Рагоза запэўніваў «столпа церкви нашое первого» - наваградскага ваяводу: «Видети будеш радил: ... во исповедании веры все вцале и неотменне, и в церемо­неях и в обрядех старовечных» [77]. Прадстаўнікі ад Наваградскага ваяводства прысутнічалі і на альтэрнатыўным Берасцейскім саборы [78].

Высокі царкоўна-рэлігійны статус Наваградак яшчэ доўгі час захоўваў і ва ўніяцкі перыяд сваёй гісторыі. Ён служыў рэзідэнцыяй уніяцкіх мітрапалітаў, быў месцам фарміравання знакамітага «Архіва уніяцкіх мітрапалітаў», які сёння захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу і з'яўляецца далёка не вычарпанай крыніцай для асэнсавання канфесійнай гісторыі Беларусі. Тут таксама знаходзілася адна з трох кафедр (яшчэ - Кіеў, Вільня) мітрапаліцкай епархіі.

У 1609 г. прадстаўнікі наваградскага духавенства падпісалі ў Вільні абавязацельства аб далучэнні да ўніі і падпарадкаванні ўніяцкаму мітрапаліту І.Пацею. Вядома, што Пацей называў у сваім тэстаменце Наваградак (побач з Уладзімірам і Вільняй) адным з магчымых месцаў свайго пахавання.

Яго наступнікам на мітрапаліцкай кафедры стаў ўраджэнец Наваградчыны Іосіф Руцкі (1613-1637 г.), які, набыўшы салідную адукацыю ў Пражскім і Вюрцбургскім універсітэтах, а таксама ў Грэчаскай калегіі ў Рыме, - адукацыю, якой не меў ніхто з тагачаснага беларускага духавенства. У 1601 г. ён вярнуўся на радзіму, поўны жадання і энергіі прысвяціць сябе службе на карысць уніі. І.Руцкі шмат зрабіў для надання ўніяцкай царкве арганізацыйнай зграбнасці, для павышэння яе культурнага ўзроўню і захавання ў самабытных формах. Царква здабыла ў выніку рэформ І.Руцкага большую мабільнасць, адаптаванасць да сацыяльна-палітычных умоў Рэчы Паспалітай [79].

Такім чынам, вялікая, а ў многіх выпадках і вызначальная роля Наваградка ў царкоўна-рэлігійным жыцці Вялікага княства Літоўскага і Усходняй Еўропы ў ХІІІ - ХVI ст. не падлягае сумненню.

У ХІІІ ст. Наваградак адыгрываў для ВКЛ такую ж ролю, як Кіеў для Старажытнарускай дзяржавы Х ст. - быў цэнтрам распаўсюджвання хрысціянства на землях язычнікаў. Тут двойчы прымаў хрысціянства заснавацель ВКЛ Міндоўг. Яго хрышчэнне ў 1246 г. па праваслаўнаму ўзору, што, відаць, было ўмовай абрання на трон у Наваградку, фактычна вызначала дзяржаўны статус праваслаўнай царквы ў ВКЛ. Каталіцкае хрышчэнне Міндоўга ў 1251 г. паклала пачатак распаўсюджванню тут заходняга хрысціянства. Пры ім Наваградак стаў цэнтрам першага ў ВКЛ каталіцкага біскупства, а пры Гедыміне (верагодна, пры Віцені) тут была закладзена першая ў межах сучаснай Беларусі каталіцкая парафія. У наваколлі Наваградка быў заснаваны Лаўрышаўскі манастыр, знакаміты сваім Евангеллем, а таксама багаты сваімі культурнымі традыцыямі. Ён меўся стаць аплотам праваслаўнай хрысціянізацыі язычніцкай літвы. Хрышчэнне Міндоўга і заснаванне каля Наваградка Лаўрышаўскага манастыра сведчаць пра тое, што горад становіцца галоўным рэлігійным асяродкам новай дзяржавы.

Са стварэннем у 1316 (1317, 1291) г. Літоўскай мітраполіі Наваградак на два стагоддзі стаў царкоўна-рэлігійнай сталіцай ВКЛ і захоўваў гэты высокі статус нават пасля пераносу сталіцы дзяржавы ў Вільню. Ператварыўшыся ў буйны ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя, Наваградак прэтэндаваў на кананічную ўладу над ўсёй Кіеўскай мітраполіяй («усёй Руссю») і ўступіў у барацьбу з Масквой за лідэрства ў царкоўнай сферы. Гэта барацьба працягвалася амаль тры стагоддзі. Утварэнне і дзейнасць мітраполіі з цэнтрам у Наваградку - адна з лёсвывызначальных падзей у гісторыі беларускіх зямель.

У 1415 г. у Наваградку быў створаны прэцэдэнт, які потым увайшоў у жыццё, у тым ліку быў пераняты Масквой, - выбар мітрапаліта на саборы, незалежна ад Канстанцінопаля. З 1416 г. Наваградак стаў рэзідэнцыяй аўтакефальнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ. З пачатку ХVI ст. роля царкоўна-рэлігійнай сталіцы ВКЛ паступова пераходзіць да Вільні, але Наваградак працягваў захоўваць становішча другой пасля Вільні кафедры і рэзідэнцыі мітрапалітаў.

У праекце 1580-х г. пераноса рэзідэнцыі канстанцінопальскага патрыярха ў ВКЛ Наваградак, побач з Кіевам і Львовам, разглядаўся як месца новай рэзідэнцыі.

З сярэдзіны ХVI cт. Наваградак - буйны цэнтр рэфармацыйнага руху ў ВКЛ, пазней - цэнтр сацыніянізма.

З пачатку ХV ст. Наваградак становіцца генератарам і носьбітам моцных уніяцкіх тэндэнцый і можа лічыцца радзімай уніяцкай ідэі ў ВКЛ, у першай палове 1590-х г. - важным цэнтрам падрыхтоўкі Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. У студзені 1596 г. тут адбыўся царкоўны сабор, скліканы дзеля нарад аб уніі. Прыхільная да уніі пазіцыя наваградскага ваяводы Фёдара Тышкевіча абумовіла поспех уніяцкага пачынання беларускага епіскапата. У канцы ХVI ст. Наваградак, страціўшы ролю праваслаўнага цэнтру, паступова адыходзіць на другі план у царкоўна-рэлігійным жыцці ВКЛ.



[1] Полное собрание русских летописей. Т. 32. М., 1975. С. 132.

[2]Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Рэшаў, 2000. С. 157 - 158.

[3] Жлутка А. Да пытання аб месцы каранацыі Міндоўга (Міндава) і сядзібе першага біскупа Літвы // Наваградчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы): зборнік навуковых артыкулаў. Мінск, 2010. С. 97 - 100.

[4] Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. С. 157-159.

[5] Баранаускас Т. Новогрудок в ХІІІ в.: История и миф // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац. - Баранавічы: Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня, 2002. С. 29 - 44; Баранаўскас, Т. Месца каранацыі Міндоўга // Спадчына. 2002. № 5 - 6. С. 26 - 31.

[6][6] Полное собрание русских летописей. Т. 32. С. 132 - 133.

[7] Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. С. 158.

[8][8]Полное собраніе русскіх летопісей. Т. 32. С. 133.

[9] Полное собрание русских летописей. Т. 32. С. 28.

[10] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мінск, 1990. С. 25, 81.

[11] Mironowicz A. Kościoł prawosławny w dziejach dawnej Rzeczypospolitej. Białystok, 2001. S. 40.

[12] Чамярыцкі В. Ад сталіцы княства да цэнтра ваяводства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. Мінск, 1996. С. 69.

[13] Чамярыцкі В. Ад сталіцы княства да цэнтра ваяводства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 71.

[14] Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVIII стагоддзя. Мінск, 2001. С. 71, 83.

[15] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 86.

[16] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 89.

[17] Mironowicz A. Kościoł prawosławny w dziejach dawnej Rzeczypospolitej. S. 22.

[18] Жарскі М. Наваградак - сталіца мітраполіі Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. Мінск, 1996. С. 78.

[19] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 110; Жарскі М. Наваградак - сталіца мітраполіі Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 78.

[20] Жарскі М. Наваградак - сталіца мітраполіі Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 79.

[21] Голубев О.Е. Планы восстановления Литовской митрополии в церковной политике великого князя Ольгерда // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1. Гродна: ГрДУ, 2009. С. 148.

[22] Думин С.В. Другая Русь (Великое княжество Литовское и Русское) // История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России ІХ - начала ХХ в. / Сост. С.В.Мироненко. М., 1991. С. 97.

[23] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 276.

[24] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 94.

[25] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С. 276.

[26] Саверчанка І. Вялікае княства Літоўскае: Утварэнне дзяржавы // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 2. С. 15.

[27] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С. 158.

[28] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 98.

[29] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С. 158-159.

[30] Чамярыцкі В. Ад сталіцы княства да цэнтра ваяводства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 72.

[31] Historia koscioła w Polsce. T. 1. Cz. 1. Poznań-Warszawa, 1974. S. 387.

[32] Чамярыцкі В. Ад сталіцы княства да цэнтра ваяводства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 72.

[33] Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980. С. 140.

[34] Саборная грамата беларуска-ўкраінскіх епіскапаў пра абранне мітрапалітам Грыгора Цамблака 15 лістапада 1415 г. // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 83-84.

[35] Historia koscioła w Polsce. T. 1. Cz. 1. S. 387.

[36] З Густынскага летапісу пра абранне мітрапаліта Грыгора Цамблака // Сведкі сівой мінуўшчыны: Зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі VI-XV стст. / Пад рэд. Г.В.Штыхава. Мінск, 1996. С. 145.

[37] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 104.

[38] Украіна крізь віки: Т. 6: Русина О.В. Украіна під татарамі і Литвою. Киів, 1998. С. 214-215.

[39] Чамярыцкі В. Грыгор Цамблак // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 83.

[40] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 106.

[41] Украіна крізь віки: Т. 6: Русина О.В. Украіна під татарамі і Литвою. С. 214-215.

[42] Чамярыцкі В. Грыгор Цамблак // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 81-83.

[43] Казакова Т. Уніяцкая ідэя ў Вялікім княстве Літоўскім напачатку XV ст . // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі). Мінск, 1996. С. 17-22; Казакова Т.П. Царкоўна-палітычная пазіцыя Р.Цамблака // Брэсцкай царкоўнай уніі - 400: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Брэст, 8-9 кастрычніка 1996 г. Брэст, 1997. С. 16- 9.

[44] Жарскі М. Наваградак - сталіца мітраполіі Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 80.

[45] Полное собрание русских летописей. Т. 35. С. 56.

[46] Чамярыцкі В. Ад сталіцы княства да цэнтра ваяводства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 72.

[47] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 112.

[48] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 113.

[49] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 118.

[50] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С. 84-85; Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 115.

[51] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С. 212.

[52] Historia koscioła w Polsce. T. 1. Сz. 1. S. 391.

[53] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 119.

[54] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С. 300.

[55] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С.130.

[56] Гудзяк Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі: Пер. з англ. Львів, 2000. С. 89.

[57] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С. 130.

[58] Чамярыцкі В. Ад сталіцы княства да цэнтра ваяводства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. С. 73.

[59]Гайба М.П. Навагрудак: Гістарычны нарыс. Навагрудак, 1992. С. 17.

[60] Polska w krajobrazie i zabytkach / Pod red.W.Dzwonkowskiego. Warszawa, 1929. S. 128.

[61] Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVIII стагоддзя. С. 159.

[62] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 128.

[63] Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. С. 16.

[64] Гудзяк Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі: Пер. з англ. С. 91.

[65] Гудзяк Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі: Пер. з англ. С. 142.

[66] Гудзяк Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі: Пер. з англ. С. 108.

[67] Гайба М.П. Навагрудак: Гістарычны нарыс. С. 22.

[68] Гудзяк Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі: Пер. з англ. С. 92.

[69] Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVIII стагоддзя. С. 230.

[70] Kaczorowski B. Nowogrodek: Historia i zabytki. Warszawa, 1992. S. 7.

[71] Яременко П.К. «Пересторога» - украінський антиуніатській памфлет початку ХVII ст. Киів, 1963. C. 15; 400-летие учреждения патриаршества в России: Доклады междунар. конф., посвящ. 400-летию учрежд. патриаршества в России, Москва, 5-6 февраля 1990 г. Рим, 1990. С. 148, 212.

[72] Гудзяк Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі: Пер. з англ. С. 285-287.

[73] 1595 г. октября 28. Окружная грамота Киевского митрополита Михаила Рагозы православному духовенству о созыве Собора в Новогородке Литовском для совещания по вопросу об унии // Уния в документах: Сборник / Cост. В.А.Теплова, З.И.Зуева. Минск, 1997. C. 117-118.

[74] Загайко П.К. Украінські письменники-полемісти ХVI - початку ХVII ст. в боротьбі проти Ватікану та уніі. Киів, 1957. С. 22.

[75] 1596 г. августа 21. - Окружное послание Киевского митрополита Михаила Рагозы православным сановникам и мирянам о съезде на Собор в Бресте Литовском шестого октября 1596 года // Уния в документах: Сборник / Cост. В.А.Теплова, З.И.Зуева. Мінск, 1997. C. 135.

[76] Викторовский П.Г. Западно-русские дворянские фамилии, отпавшие от православия в конце ХVІ и ХVІІ вв. Киев, 1912. С. 214-215.

[77] Documenta Unionis Berestensis Eiuque Auctorum (1590-1600) / Edit. A. Welykyj. Romae, 1970. S. 359.

[78] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. С. 165.

[79] Кутузова Н.А. Нация, религия и государственность в полемической литературе Беларуси конца ХVI - первой половины ХVII вв.: Учебное пособие. Минск, 1998. С. 63.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX