Вярнуцца: Марозава С.В.

Супрасльскі манастыр як буйны інтэлектуальны цэнтр Вялікага княства Літоўскага (XVI - XVIII ст.)


Аўтар: Марозава Святлана,
Дадана: 18-08-2016,
Крыніца: Марозава, С.В. Супрасльскі манастыр як буйны інтэлектуальны цэнтр Вялікага княства Літоўскага (XVI - XVIII ст.): гістарыяграфічнае асэнсаванне / С.В. Марозава // Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі: матэрыялы ХХІ Міжнар. навук. канф. "Шлях да ўзаемнасці = Droga ku wzajemnosci" (Беласток, 25-26 верасня 2015 г.) / пад рэд. Б.Сегеня. - Беласток, 2015. - С. 315-326.



Заснаваны ў 1498 г. на Падляшшы маршалкам Вялікага Княства Літоўскага, наваградскім ваяводам Аляксандрам Хадкевічам і смаленскім епіскапам Іосіфам Солтанам Супрасльскі манастыр з часам стаў буйным праваслаўным, а потым уніяцкім культурным, інтэлектуальным цэнтрам дзяржавы. Як цэнтр літаратуры, кнігапісання і кнігадрукавання, царкоўнага мастацтва ён адыграў важную ролю ў развіцці шэрагу славянскіх культур. Манастыр меў шырокія міжнародныя сувязі, падтрымліваў цесныя кантакты з галоўнымі агменямі рэлігійнага жыцця праваслаўнай царквы: Кіевам, Слуцкам, Масквой, Сербіяй, Балгарыяй і Грэцыяй.

Супрасльский монастырь стварыў адну з багацейшых бібліятэк Вялікага княства Літоўскага і канцэнтраваў у ёй вялікія кніжныя скарбы розных краін і народаў. У 1557 г. у ёй было звыш 200 рукапісаў і друкаваных кніг, у 1645 г. - каля 600, у 1764 г. - амаль 1,5 тысячы. Сярод асабліва каштоўных кніг манастыра былі Супрасльскі кодэкс (мінэя ХІ ст.), «Касмаграфія» Космы Індыкаплова, Супрасльскі летапіс, жыццяпісы віленскіх пакутнікаў, пахвальныя словы ў гонар Клімента Охрыдскага, пропаведзі і пісьмы літоўска-наваградскага мітрапаліта Рыгора Цамблака і інш.

Адукаванымі працалюбівымі насельнікамі гэтай абіцелі былі створаны шматлікія помнікі беларускай тэалагічнай думкі. У 1593 г. кніжнік Іван Праскура напісаў тут «Жыціе Святога Сергія Раданежскага». У яе сценах перапісваліся кірылічныя рукапісы, у распаўсюджванні якіх на беларускіх і ўкраінскіх землях манастыру належала вялікая роля. Перапісчыкамі былі беларусы і ўкраінцы.

У другой палове XVI ст. манастырскай браціяй - беларусамі і ўкраінцамі - было створана і перапісана мноства твораў у абарону праваслаўнай веры на землях Рэчы Паспалітай: «Спісанне проці лютраў», «Пасланне да лацінян», «Размова хрысціяніна з юдзеем пра веру і іконы», «На богапраціўную, на паганую лаціну… » і інш.

Кнігі актыўна чыталіся, перапісваліся, мігрыравалі. Іх давалі для чытання нават свецкім асобам. Манастырская бібліятэка славілася сваімі кніжнымі багаццямі. У пачатку ХІХ ст. яна стала прыцягваць буйнейшых славістаў свету.

У пачатку XVII ст. Супрасльскі манастыр прыняў Берасцейскую ўнію, хоць яшчэ доўга захоўваў праваслаўную царкоўную традыцыю, і стаў базыльянскім.

У другой палове ХVІІ ст. тысячам уніяцкіх храмаў ВКЛ патрэбны былі ўласныя літургічныя кнігі. З-за іх недахопу ўніяты карысталіся маскоўскімі выданнямі, якія былі няпэўнымі дагматычнымі крыніцамі, або тэкстамі лацінскага абряду, што вяло да лацінізацыі ўніяцкай царквы. Таму новы мітрапаліт, ураджэнец Полаччыны, доктар тэалогіі Цыпрыян Жахоўскі заснаваў у Супрасльскім манастыры друкарню. Першым яе выданнем быў уніяцкі "Служэбнік" (Вільня, 1692; Супрасль, 1695).

З пачатку ХVІІІ ст. з невялікай майстэрні з ігуменам на чале друкарня пераўтвараецца ў буйную цэнтралізаваную мануфактуру, узначальваемую прэфектам (загадчыкам), з пятнаццацю і больш рабочымі. «Ціснулі» кнігі самі манахі ды рамеснікі-друкары з ліку манастырскіх падданых. У 1710 г. на прыбыткі ад манастырскай гаспадаркі і самой друкарні была заснавана паперня. На пачатак ХІХ ст. меліся ўжо тры друкарскія варштаты. У 1710 г. мітрапаліт Л.Кішка выклапатаў у караля прывілей на права выдання ў Супраслі кніг на лацінскай, польскай і «рускай» мовах. У 1713 г. прывілей быў пацверджаны ў Рыме з умовай, каб кнігі праходзілі папярэднюю цэнзуру вучоных мужоў і папскага нунцыя.

З узмоцненай нагрузкай друкарня пачала працаваць пасля Замойскага сабора, які забараніў набываць богаслужэбныя кнігі старога ўзору, выдадзеныя ў Маскве. Атрыманае манапольнае права на выданне ў Вялікім Княстве Літоўскім літургічнай уніяцкай літаратуры новай рэдакцыі стварыла для друкарні спрыяльныя ўмовы, дазволіла пашырыць выдавецкую дзейнасць, павялічыць наклады. Быў пабудаваны кніжны склад і адчынена кнігарня.

Сярэдні наклад кніг - больш тысячы экзэмпляраў - забяспечваў літургічнай літаратурай уніяцкія храмы ўсёй Беларусі. На фоне тагачаснай кніжнай прадукцыі супрасльскія выданні вылучаюцца імпазантнасцю і своеасаблівай манументальнасцю. Адметнай рысай іх аздаблення з'яўляецца яскравая дэкаратыўнасць, святочнасць, багацце дэкору.

За 100 гадоў існавання (1695 - 1803 г.) Супрасльская друкарня выпусціла 456 назваў кніг. З іх толькі 35 % складаюць рэлігійныя выданні, у тым ліку 45 уласна ўніяцкіх рэлігійных кніг, якія служылі справе ўмацавання чытачоў ва ўніяцкай веры. Звыш паловы друкаванай прадукцыі ніяк не было звязана з мэтамі базыльянскага ордэна [16; 17, с.142, 182 - 183]. У выдавецкі рэпертуар друкарні ўваходзілі мастацкія творы, панегірыкі, працы па філософіі, геаграфіі, гісторыі, медыцыне, сельскай гаспадарцы, заканадаўчыя акты, падручнікі, слоўнікі, практычныя парады і інш. Выдадзеныя ў Супраслі ў першай палове XVIII ст. "Календары польскія і рускія" сталі першай масавай свецкай кнігай у Рэчы Паспалітай. Свецкая літаратурая прапагандавала ў Беларусі дасягненні еўрапейскай культуры эпохі Асветніцтва. Яе выданне - адказ супрасльскіх базыльян на павевы часу.

Каля 67% прадукцыі Супрасльскай друкарні выдадзена на польскай мове, што сведчыць пра пашыраную паланізацыю як самога выдавецкага асяродка, так і спажыўцоў яго прадукцыі; 23% - кірыліцай, 10% - на лаціне, 0,22% - на літоўскай мове [16; 17, с.182].

Зразумеўшы грамадскія і культурныя змены свайго часу і ўласную ролю ў іх, базыльяне паставілі свае веды і дзейнасць друкарні на карысць асветы ўсяго грамадства. У апошнія два дзесяцігоддзі яна выдала шмат "новай" літаратуры: працы еўрапейскіх асветнікаў, творы вядучых майстроў пяра "польскага" Асветніцтва, мемуары ўдзельніка Барскай канфедэрацыі К. Хаецкага і інш.

Выданне шматлікай публіцыстыкі і палітычных твораў, прысвечаных грамадска-палітычнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай і Вялікім Княстве Літоўскім апошняй трэці XVIII ст. (працы палітыкаў, сеймавыя прамовы, паўстанцкія матэрыялы 1794 - 1795 г. і інш.) - сведчанне адкрытасці супрасльскіх базыльян грамадству і іх зацікаўленасці лёсам Айчыны. Шэраг публікацый надрукаваны на гербавай паперы з выявай Пагоні.

На працягу 1772 - 1796 г. тут таксама было выдадзена 60 кніг для рускіх старавераў.

Феномен Супрасля здаўна прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Першымі да яго звярнуліся рускія вучоныя ХІХ ст.

В.С. Сопікаў у даведніку "Опыт российской библиографии, или полный словарь сочинений и переводов, напечатанных на славенском и российском языках от начала заведений типографий до 1813" піша пра сваіх папярэднікаў, знатакоў кніг, бібліёграфаў, што яны "весьма разумно и основательно почитали типографию небесным даром". "И действительно, - сцвярджае ён, - сие чудесное и несравненное изобретение справедливо может спорить о преимуществе со всеми другими как древними, так и новыми искусствами» [12, c. XXV].

Паказаўшы пачаткі друкарскага майтэрства ў Еўропе, В.С. Сопікаў пераходзіць да гісторыі кнігадрукавання ў «славено-руссов» і канстатуе, што «славяне не намного отстали от просвещенной Европы, в рассуждении заведения типографического» [12, c. C. ХLVIII]. Сярод "произведений ума человеческого", як ён называе кнігі, пералічвае шэраг супрасльскіх выданняў, што захоўваліся ў імператарскай публічнай бібліятэцы : «Лексикон, сиречь словесник славенский» (1722), Служебник (требник) униатский (XVIII ст.), "Патерик скитский, изданный старообрядцами в Супрасле" (1791 г.) [12, c. 138, 172 і інш.].

Ф.Н. Дабранскі ў апісанні царкоўнаславянскіх і "рускіх рукапісаў" Віленскай публічнай бібліятэкі называе кнігі з Супрасля [3, c. 196, 197, 306 і інш.], у тым ліку "Требник (Епископский понтификал)", які мае "переплет старинный золотообрезный" і надпіс: «Сия книга написася мною, многогрешным рабом Алексием Плашкевичем ЧСВВ ("професар Супрасльскага манастыра - С.М.) в употребление монастыря Супрасльского, юже аще бы кто взял, даровал, предал или где инде обернул, завезл или отдал, а кто бы ю себе привлащил, с таковым всяким аки с хищником или лихоимцем суд буду мети в второе и страшное трепетное и ужасное пришествие Христово» [3, c. 306].

У другой палове ХІХ ст. з'явіліся першыя спецыяльныя працы, прысвечаныя Супрасльскаму манастыру М.К. Сцябельскага [10], М. Далматава [2]. Яны апісвалі яго гісторыю, унутраную структуру, рэлігійную дзейнасць, архітэктуру і начынне Благавешчанскага храма, літаратурныя шэдэўры і друкарню.

Аднак толькі ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. даследчыкі звярнулі ўвагу на Супрасль як на асобы культурны цэнтр. Першым у СССР гэта зрабіў культуролаг і славіст Ю.А. Лабынцаў, які ўжо чацвёртае дзесяцігоддзе праводзіць экспедыцыйнае даследаванне літаратурнай культуры Падляшша [5 - 8]. Вучоны даказаў, што Супрасльскі манастыр - гэта беларускі культурна-асветны цэнтр, буйны інтэлектуальны асяродак ВКЛ, размешчаны на тэрыторыі Гродзенскага павета, а створаная базыльянамі друкарня з'яўлялася буйнейшай беларускай друкарняў эпохі феадалізма. Тут было надрукавана каля 300 выданняў лацінскага шрыфта і больш за 120 кірылічнага, у тым ліку беларускіх - 60 і апошнія адыгралі вялікую ролю ў развіцці нацыянальнай культуры канца ХVІІ - ХVІІІ ст.

Калі ўлічыць, што на працягу ХVІІІ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі выйшла ўсяго 10 кірылічных выданняў (на царкоўнаславянскай мове), а ў Супраслі - больш за 120 (у тым ліку 60 - беларускіх), слушнай можна прызнаць выснову Ю.А. Лабынцава пра тое, што беларускае нацянальнае кнігадрукаванне ў гэтым стагоддзі цалкам канцэнтруецца ў сценах Супрасльскага манастыра [7, с. 7-8, 11].

Назіранням Ю.А. Лабынцава сугучны зводны каталог "Кніга Беларусі. 1517 - 1917". У ім зарэгістравана 96 супрасльскіх кірылічных выданняў ХVІІІ ст., у тым ліку "Собрание припадков краткое" (1722)" на старабеларускай мове, буквары славянскай мовы, першы славяна-польскі друкаваны лексикон (1722), першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697, у зборніку "Паследаванне пострыгу"). Улічыўшы гэтыя 96 выданняў, Г. Я. Галенчанка паставіў пад сумнеў агульнапрынятае палажэнне аб заняпадзе беларускага кірылічнага кнігадрукавання ў ХVІІІ ст. у сувязі з закрыццём праваслаўных брацкіх друкарняў. Яно працягвала развівацца ва ўніяцкім асяроддзі, дзе, больш таго, нарадзіўся новы від рэлігійнай літаратуры, у якой кананічныя і літургічныя тэксты былі перададзены беларускай рэдакцыяй царкоўнаславянскай мовы, пачатак чаму паклаў яшчэ Ф. Скарына [4, c. 19, 147 - 189]. Віленская і Супрасльская друкарні, а таксама ўніяцкія скрыпторыі рабілі гэтыя ўнікальныя помнікі беларускага пісьменства набыткам грамадскасці і нашай культуры.

Разам з Л. Шчавінскай Ю. Лабынцаў звярнулі ўвагу на тое, што размешчаны на мяжы паміж Каронай Польскай і Вялікім Княствам Літоўскім Супрасльскі манастыр знаходзіўся ў зоне сустрэчы-сутыкнення дзвюх культур - праваслаўнай і каталіцкай, г.зн. належаў культурнаму памежжу, дзе адбываецца асабліва напружанае і прадукцыйнае жыццё культуры. У Супраслі адбывалася ўзаемапранікненне двух славянскіх светаў: Slavia Orthodoxa і Slavia Romana. Цэлае стагоддзе Супрасльскі манастыр захоўваў непарушнай ар­ганічную для уніяцтва праваслаўную традыцыю, што выра­жалася ў выкарыстанні тых жа богаслужэбных кніг, у захаванні кірылічнага пісьма, роўна як і старабеларускай мовы ў манастырскім справаводстве Польска- і лацінамоўная кніга садзейнічала распаўсюджванню на беларускіх землях еўрапейскай навукі і культуры [13 - 15].

Значнымі вяхамі на шляху асэнсавання ролі Супрасльскага базыльян­скага кляштара ў гісторыі інтэлектуальнай культуры ХVIII ст. сталі працы польскіх даследчыц М. Чубрыньскай-Леанарчык [16 - 18] і М. Підлыпчак-Маяровіч, спецыяльна прысвечаныя яго кнігавыдавецкай дзейнасці [21 - 22].

Гэта, спачатку невялікая друкарня, заснаваная ў правінцыі, у аддаленні ад вёсак і гарадоў, як піша М. Чубрыньска-Леанарчык, у выніку аказалася сярод дзесятка такіх устаноў з сярэдняй прадукцыяй асветніцкага літаратурнага пісьменніцтва (пасля Варшавы, Вільні, Кракава, Львова, Познані, Гданьска, Любліна, Вроцлава і Крулеўца). Па яе словах, гэта незвычайны выдавецкі асяродак у часы Рэчы Паспалітай [18, с. 2]. Даследчыца выдзяляе ў яго дзейнасці перыяды: цяжкія пачаткі (1695 - 1708 г.), росквіт (1708 - 1730 г., калі друкарня атрымала каралеўскі прывілей і ў 1713 г. дэкрэт у яе падтрымку Кангрэгацыі распаўсюджвання веры), росквіт кляштару і крызіс друкарні (1730 - 1760 г.) і яе паступовы шлях да Асветніцтва (1760 - 1786 г.), друкаванне кніг на карысць свайго ордэна і дзеля грамадскіх патрэб грамадзян (1786 - 1795 г.) і апошнія гады, барацьба за выжыванне (1795 - 1803 г.).

Матэрыяльная дапамога і заангажаванасць Супрасльскага манастыра ў паўстанне Т. Касцюшкі (друкарня выдавала ўніверсалы паўстанцкіх улад Гродзенскага павета, у склад якіх уваходзіў настаяцель Віслоцкі) не засталося па-за ўвагай прускіх улад, якія прадпрымаюць намаганні, каб выціснуць супрасльскую друкарню з выдавецкага рынку [18, с. 65]. У апошнія гады ХVІІІ ст. выдавецкая дзейнасць друкарні рэзка скарачаецца з прычыны неспрыяльных палітычных умоў і ўзросшай канкурэнцыі з боку каралеўскіх германскіх друкароў: ўсё рабілася для яе выцяснення з гандлёвага рынку. У 1803 г. загадам прускіх улад збяднелы кляштар вымушаны быў прадаць друкарню з усім яе абсталяваннем беластоцкаму купцу Аарону.

Гэта не была адзіная базыльянская друкарня ў Рэчы Паспалітай, заўважае М. Чубрыньска-Леанарчык. Функцыянавалі яны таксама ў Вільні і Пачаеве. Але Супрасльская вызначалася асаблівай актыўнасцю, пра што сведчаць каля 500 рознага роду публікацый. Палову з іх складалі свецкія друкі, якія не былі непасрэдна звязаны з мэтамі базыльянскага ордэна. Асабліва гэта было відавочна ў апошнім дзесяцігоддзі XVIII ст. У гэты час выдаваліся аповесці, зборнікі паэзіі, публіцыстычныя творы, падручнікі і іншыя выданні, прызначаныя для выкарыстання ў школах, зборнікі парад для паўсядзённага жыцця. Важнымі былі календары, якія распаўсюджвалі рацыянальны погляд на рэчаіснасць ў духу Асветніцтва. Супрасль быў тым месцам, з якога выпраменьвалася культура еўрапейскага Асветніцтва на ўсходнія тэрыторыі, найперш на Беларусь. Выданні Супрасльскай друкарні распаўсюджваліся ў Вільні, Варшаве, Кракаве, Познані, Ловічу. Гэта ўказвае на тое, што яна не мела выключна лакальнага характару [18, с. 67].

Па падліках М. Чубрыньскай-Леанарчык, каля 67% прадукцыі Супрасльскай друкарні выдадзена на польскай мове, што сведчыць пра пашыраную паланізацыю як самога выдавецкага асяродка, так і спажыўцоў яго прадукцыі; 23% - кірыліцай, 10% - на лаціне, 0,22% - на літоўскай мове [16; 17, с.182].

Значнымі з'яўляюцца дасягненні Супрасля ў галіне кірылічнага друкавання, якое, як правіла, мела рэлігійны характар. Трэба мець на ўвазе, адзначае М. Чубрыньска-Леанарчык, што рознага роду малітоўнікі і катэхізмы служылі таксама для навучання чытання і выкарыстоўваліся ў якасці буквароў і неслі асвету для людзей, якія насялялі малыя гарады і вёскі на ўскраінах Рэчы Паспалітай. Акрамя кірылічных друкаў, прызначаных для ўніяцкай царквы, важную ролю ў зберажэнні старай рускай традыцыі адыгрывалі выданні для стараабрадцаў - адгалінавання праваслаўя, з якім змагалася Руская праваслаўная царква [18, с. 67]. Сёння гэтыя кнігі знаходзім на тэрыторыі суседніх з Польшчай краін (Літвы, Беларусі, Украіны), а таксама ў Малдавіі, еўрапейскай частцы Расіі і ў Сібіры, а таксама ў Казахстане [18, с. 68].

Не ўсе выданні захаваліся да нашых часоў. Некаторыя, напрыклад, падручнікі падлягалі натуральнаму працэсу знішчэння (былі зачытаныя), іншыя (напрыклад, календары), калі яны пераставалі быць актуальнымі. Няшмат захавалася з рэлігійных публікацый пачатку ХVІІІ ст. Кірылічныя друкі сістэматычна знішчаліся пасля скасавання ў 1839 г. царкоўнай уніі. Як вынікае з мемуараў праваслаўнага мітрапаліта І.Сямашкі і архіўных актаў праваслаўнай кансісторыі за 1837 - 1857 гг., у Жыровіцах, Вільні і Пецярбургу было спалена каля 3500 уніяцкіх кніг, сярод якіх, напэўна, таксама былі супрасльскія выданні [18, с. 68].

Гэта друкарня, заключае даследчыца, - надзвычай цікавая старонка гісторыі не толькі Польшчы, але Літвы, Беларусі і іншых славянскіх краін. Яе рэлігійныя друкі служылі інтэграцыі грамадства ў межах уніяцкай царквы, а свецкія - пашыралі яго інтэлектуальныя гарызонты ў духу еўрапейскага Асветніцтва [18, с. 69].

Па падліках М. Підлыпчак-Маяровіч, за больш чым стогадовую працу супрасльская друкарня выдала 502 назвы рэлігійнай і свецкай літаратуры. Друкарня належала да найлепш дзеючых інструментаў базыльянскага ордэна, пра што сведчыла як форма, так і змест друкаў. Уплыў на добрую дзейнасць друкарні аказвала матэрыяльныя і арганізацыйныя ўмовы старога манастыра. Даследчыца адзначыла значную долю ў яе выдавецкім рэпертуары кніг, якія датычаць гісторыі і палітыкі: працы Ігнація Кульчынскага па гісторыі царквы, "Кароткі збор гісторыі геаграфіі польскай" Тэадора Вагі, семавыя прамовы, прамовы і лісты Вацлава Жавускага і інш.

М. Підлыпчак-Маяровіч канстатуе, што ў XVI - XVIII ст. лідзіруючую ролю ў друкарскай справе адыгрывалі езуіты ў Вільні і Полацку і базыльяне ў Вільні і Супраслі. Ордэнскія выданні аказвалі манахам дапамогу ў іх пастырскай, школьнай і навукова-літаратурнай дзейнасці. А друкаванай прадукцыяй на літоўскай мове (хай сабе нават невялікай, вядомай польскім бібліяфілам) яны падтрымлівалі найперш у народным асяроддзі жыццяздольнасць літоўскай мовы на працягу ўсяго перыяду падзелаў Рэчы Паспалітай, што мела вялікае значэнне для літоўскай нацыянальнай культуры [21; 22].

Кнігазнаўцаў, гісторыкаў літаратуры цікавяць і асобныя супрасльскія выданні. Так, па словах А. Майхровіча, вялікі «Лексікон геаграфічны» базыльяніна Іларыёна Карпіньскага (1766 г.) з'яўляецца першым такім выданнем у Вялікім Княстве Літоўскім. Ён утрымлівае не толькі важную геаграфічную і гістарычную інфармацыю аб краінах і народах Еўропы і іншых кантынентаў. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць арыгінальныя звесткі пра ваяводствы, паветы, гарады, мястэчкі і нават вёскі Беларусі, Літвы, Польшчы [9, с.116-117]. Навукова-асветніцкую вартасць гэтага выдання высока ацэньваюць сучасныя даследчыкі.

Ю. Русек даследаваў супрасльскі царкоўнаславянска-польскі слоўнік выдання 1722 г. пад назвай "Лексікон", які на працягу ста гадоў быў адзіным друкаваным кірылічным слоўнікам, прызначаным, галоўным чынам, для духоўных асоб;, але таксама ім карысталася насельніцтва памежжа Кароны і Літвы [23].

На Супрасльскі манастыр як на цэнтр міжславянскіх культурных сувязяў першым звярнуў увагу рускі гісторык А.І. Рогаў [11]. Яго ідэі атрымалі працяг ў дысертацыі Э. Возняк, выкананай у Інстытуце славяназнаўства і балканістыкі Расійскай акадэміі навук у 1993 г. [1].

Дысертацыя характарызуе Супрасльскі манастыр як магутны культурны і асветніцкі цэнтр Вялікага княства Літоўскага і фенаменальны прыклад культурнага супрацоўніцтва славянскіх народаў Усходу і Поўдня Еўропы. Адзначаецца, што, размешчаны ў заходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага, ён арганічна ўпісаны ў гісторыю Беларусі.

Э. Возняк даказвае, што XVI ст. - гэта «залаты век» у гісторыі манастыра, які выявіўся ў інтэнсіўным развіцці тут літаратурнай творчасці, перакладў з розных моў, дзейнасці кнігапіснай майстэрні, стварэнні багацейшай, вядомай ва ўсім славянскім свеце бібліятэкі. Папячыцельства кцітатараў Хадкевічаў робіць Супрасль аплотам праваслаўя і праваслаўнай культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім, роўным Кіева-Пячорскай лаўры.

Далучэнне ў 1601 г. манастыра да ўніі, як канстатуе Э. Возняк, спрыяе развіццю цікавасці да заходняй, лацінскай культуры. На тэрыторыі Супрасля суіснуюць на роўных правах элементы гречаскай і лацінскай культур. У рукапісах, а потым і ў друкаваных выданнях грэчаская традыцыя злучаецца з рымскай, і яны дзейнічаюць на роўных правах, ствараючы дзіўную мазаіку. І славянская мова існуе на роўных правах з латынню. Адна культура не выцясняе іншай, а дзейнічае сумесна з ёй паспяхова і плённа аж да нашых дзён. Гэта з'ява характарызуе і дзейнасць заснаванай ў канцы XVII ст. друкарні. Ва ўніяцкім асяроддзі захоўваецца праваслаўная традыцыя - традыцыя кірылаўскага кнігадрукавання.

Шмат увагі ў рабоце ўдзяляецца супрасльскай біблятэцы, яе багатаму і разнастайнаму кніжнаму збору. Адзначана, што дамінуюуць кнігі царкоўнага зместу на царкоўнаславянскай мове, хоць прысутнічаюць кнігі і на грэчаскай мове. У кніжнай колекцыі знаходзіўся шэраг шэдэўраў візантыйскай і славянскай літаратур. Захоўваўся адзін з самых вялікіх славянскіх кірылічных помнікаў - Чэцця-мінэя. Мінэю ў Супраслі знайшоў у 1823 г. філолаг, прафесар Віленскага ўніверсітэта Міхаіл Баброўскі.

Праявай прывязанасці да старажытнаславянскай гісторыі і культуры з'яўляецца знаходжанне ў супрасльскіх тэкстах твораў першых славянскіх настаўнікаў - св.Кірыла і св. Мефодыя, а таксама твораў іх вучняў - напрыклад, св. Клімента Охрыдскага.

Добры былі вядомыя працы знакамітых выхадцаў з Балкан -Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблакаў, а таксама серба, які працаваў у Маскоўскай Русі - Пахомія Лагафета. У тэкстах супрасльскіх зборнікаў прысутнічаюць жыцці старажытнарускіх святых, трох віленскіх святых - Іаана, Яўстафія і Антонія, а таксама Евфрасінні Полацкай. У склад зборнікаў уваходзілі таксама тэксты аўтарства Кірылы Тураўскага. Прапагандуецца память уніяцкага пакутніка - св. Ясафата Кунцэвіча, а таксама яго творы.

Цікавасць да агульнаславянскай культуры, як сцвярджае Э. Возняк, перапляталася з асаблівай цікавасцю да ўласнай беларускай культуры і гісторыі. Доказам гэтаму служаць вядомыя супрасльскія летапісы: Супрасльскі летапіс, Валынскі кароткі летапіс, Радзівілаўскі летапіс - самыя знакамітыя беларускія хронікі, якія, акрамя фактаў з гісторыі Вялікага княства Літоўскага ўтрымліваюць звесткі "агульнарускага значэння".

Манастырская бібліятэка - працягвае Э. Возняк пералік яе інтэлектуальных скарбаў - захоўвала выданні першых славянскіх друкароў - Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага, Івана Фёдарава. Выданні гэтыя потым выкарыстоўваліся супрасльскімі аўтарамі пры стварэнні ўласных твораў.

Манастырская друкарня, паводле Э. Возняк, стала прадаўжальніцай лепшых традыцый беларускага кніадрукавання. Самая знакамітая ва ўсходнеславянскім свеце, яна спрыяла развіццю беларускай мовы; яе выданні даходзілі да самых розных слаёў насельніцтва.

Даследчыца прыходзіць да высновы, што ў сценах Супрасльскага манастыра адбіліся ўсе грамадскія і палітычныя плыні і перамены, якія адбываліся ў Вялікім княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. Манастыр як культурны цэнтр вельмі жыва на іх рэагаваў, актыўна прымаў у іх удзел, дзякуючы саму "стаў трыбунай, з якой раздаваліся галасы ад імя праваслаўнага, а потым і ўніяцкага насельніцтва Літоўскай Русі".

Вялікае значэнне для асэнсавання феномена Супрасля маюць працы Ю. Марошака. Адна з іх прысвечана мастацкай спадчыне ўніяцкай царквы на Беласточчыне [19]. Цікавасць навуковага свету і дыскусіі выклікала яго грунтоўная праца "Мonografia miasta i gminy Supraśl", дзе гісторыя манастыра, у тым ліку яго інтэлектуальна-культурная дзейнасць разглядаецца скрозь прызму распаўсюджвання царкоўнай уніі [20].

Такім чынам, феномен Супрасля стаў прыцягваць увагу даследчыкаў з пачатку ХІХ ст., а яго спецыяльнае вывучэне мае ўжо 150-гадовую традыцыю. Гэты буйны праваслаўны, а потым уніяцкі цэнтр літаратуры, кнігапісання і кнідрукавання, царкоўнага мастацтва Вялікага Княства Літоўскага, які за сваю пяцісотгадовую гісторыю адыграў важную ролю ў развіцці шэрагу славянских культур, вывучалі бібліёграфы, гісторыкі, філолагі, кніга- і мастацтвазнаўцы. Вывучэнне вялося ў Расіі і Польшчы, Беларусі і Літве. Даследчыя цэнтры па вывучэнню феномена Супрасля сфарміраваліся ў Маскве (Інстытут славяназнаўства Расійскай акадэміі навук), Варшаве, Вроцлаве, Любліне, Беластоку, Мінску, Вільнюсе. Ім цікавяцца таксама вучоныя ЗША і Канады. Уклад Супрасля ў культурнае развіццё славянскіх народаў вывучали М. Далматаў, М. Чубрыньская-Леанарчык, М. Підлыпчак-Маяровіч, Ю. Лабынцаў, Л. Шчавінская, А. Рогаў, Э. Возняк, Ю. Марошак, якія прысвяцілі яму спецыяльныя працы, і іншыя аўтары.

Сукупнасцю іх прац Супрасльскі манастыр паказаны як адзін з буйнейшых цэнтраў беларускай культуры, тэалагічнай думкі, які сканцэнтраваў вялікія кніжныя скарбы розных краін інародаў, стварыўшы адну з багацейшых бібліятэк Вялікага Княства Літоўскага. Надзвычай цікавай старонкай гісторыі Польшчы, Літвы, Беларусі і іншых славянскіх краін паўстае са старонак навуковых прац базыльянская друкарня, якая прызнаецца самай знакамітай друкарняй XVIII cт. ва ўсходнеславянскім свеце, буйнейшай беларускай друкарняй эпохі феадалізма, чые выданні спрыялі развіццю беларускай мовы, звязвалі каштоўнасці беларускай, цэнтральна- і заходнееўрапейскай культур, а ў другой палове гэтага стагоддзя пашыралі інтэлектуальныя гарызонты грамадства ў духу еўрапейскага Асветніцтва.


Спіс літаратуры

1. Возняк Э. Супрасльский монастырь как центр межславянских культурных связей (XVI - XVIII вв.): Диссертация. - М., 1993.

2. Далматов Н. Супрасльский благовещенский монастырь. Историко-ста­тистическое описание. - СПб.: Синод. тип., 1892. - 611 с.

3. Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковно-славянских и русских. - Вильно, 1882.

4. Кніга Беларусі. 1517 - 1917: Зводны каталог / Склад. Г.Я.Галенчанка і інш. - Мінск: БелСЭ, 1986. - 615 с.

5. Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Беларуская друкаваная літаратура эпохі Рэнесансу. - Минск: Мастацкая літаратура, 1990. - 333 с.

6. Лабынцев Ю. Некоторые вопросы кирилловского книгопечатания в Супрасле // Федоровские чтения. - М.: Гос. б-ка СССР им. Ленина, 1981. - С. 168-179.

7. Лабынцев Ю.А. Кирилловское книгопечатание в Супрасле и его роль в развитии восточнославянских культур ХVІІ - ХVІІІ веков: Автореф. дис. … канд. филол. наук: 05.25.04 / Гос. б-ка СССР им. В.И.Ленина. - М., 1980. - 15 с.

8. Лабынцев Ю.А. Первый славяно-польский печатный «Лексикон» (1722) и его переиздания // Русско-польские связи в области книжного дела. Актуальные проблемы книговедения. - М.: Гос. б-ка СССР им. Ленина, Нац. б-ка ПНР, 1980. - С. 35-44.

9. Майхровіч С.К. Нарысы гісторыі старажытнай беларускай літаратуры ХІV-ХVІІІ ст. - Мінск: Вышэйшая школа, 1980. - 254 с.

10. Модест (Стебельский Д.К.). Супрасльский Благовещенский монастырь. - Вильна: Тип. Губ. правл., 1867. - 137 с.

11. Рогов А.И. Супрасль как один из центров культурных связей Белоруссии с другими славянскими странами // Славяне в эпоху феодализма. - М., 1978. - С. 321 - 334.

12. Сопиков В.С. Опыт российской библиографии, или полный словарь сочинений и переводов, напечатанных на славенском и российском языках от начала заведений типографий до 1813 года. - М., 1813.

13. Щавинская Л. Белорусская книжная культура пограничья Slavia Ortho­doxa - Slavia Romana: К 500-летию Супрасльского Благовещенского мо­настыря // Polsko-białoruskie związki językowe, literackie i kulturowe / Pod. red. M.Kondratiuka. - Białystok, 2000. - T. 2. - S. 259-272.

14. Щавинская Л.Л. Литературная культура белорусов Подляшья ХV-ХIX вв. - Минск: Нац. б-ка Беларуси, 1998. - 175 с.

15. Щавинская Л.Л., Лабынцев Ю.А. Книжные собрания Супрасльского Благовещенского монастыря (ХV-ХІХ вв.) // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі / Склад. Л.Г.Кірухіна, Т.І.Рошчына. - Мінск, 1998. - Вып. 3. - С. 37-45.

16. Cubrzyńska - Leonarczyk M. Katalog druków supraskich. - Warszawa: Biblioteka Narodowa, 1996. - 170 s.

17. Cubrzyńska-Leonarczyk M. Oficyna supraska. 1695-1803: Dzieje i publikacje unickiej drukarni ojców bazylianów. - Warszawa: Biblioteka Narodowa, 1993. - 228 s.

18. Cubrzyńska-Leonarczyk M.: Dziedzictwo Unii Brzeskiej. Z dziejów Oficyny wydawniczej OO Bazylianów w Supraślu (1695 - 1803). - Warszawa - Białystok: Książnica Podlaska im. Łukaszа Górnickiego w Białymstoku i Państwowe Muzeum Archeologiczne w Warszawie, 2007.

19. Maroszek J. Dziedzictwo unii kościelnej w krajobrazie kulturowym Podlasia. - Białystok, 1996. - 63 s.

20. Maroszek J. Мonografia miasta i gminy Supraśl. - Supraśl, 2013. - 623 s.

21. Pidłypczak-Majerowicz M. Bazylianie w Koronie i na Litwie: Szkoły i książki w działalności zakonu. - Warszawa - Wrocław: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1986. - 272 s.

22. Pidłypczak-Majerowicz M. Biblioteki i bibliotekarstwo zakonne na wschod­nich ziemiach Rzeczypospolitej w XVII-XVIII wieku. - Wrocław: Wy­dawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 1996. - 194 s.

23. Rusek J. Supraski cerkiewnosłowiańsko-polski leksykon z roku 1722 // Unia brzeska 1596-1996: Sesja gdańska z okazji 400-lecja. - Gdańsk: Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1999. - S. 52-57.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX