Папярэдняя старонка: Леў Сапега i яго час

IV. ВАЙСКОВАЯ СПРАВА 


Дадана: 23-10-2009,
Крыніца: Леў Сапега i яго час, Гродна : ГрДУ, 2007. - 422 с..

Спампаваць




IV. ВАЙСКОВАЯ СПРАВА... 184

Каляда В.В. АРТЫКУЛЫ ПУШКАРСКІЯ 1557 І 1567 гг. ЯК КРЫНІЦЫ ВАЙСКОВАГА ЗАКАНАДАЎСТВА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА... 184

Парфёненка В.В. ДА ПРАБЛЕМЫ ВАЙСКОВАГА БУДАЎНІЦТВА Ў ЧАСЫ ЛЬВА САПЕГІ... 189

Уваров И.Ю. ЗЕМСКАЯ СЛУЖБА ПО СТАТУТУ ВКЛ 1588 г. ... 196


IV. ВАЙСКОВАЯ СПРАВА


В.В. Каляда

АРТЫКУЛЫ ПУШКАРСКІЯ 1557 І 1567 гг.
ЯК КРЫНІЦЫ ВАЙСКОВАГА ЗАКАНАДАЎСТВА
ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА


У XVI ст. у войску Вялікага княства Літоўскага адбываецца значнае пашырэнне выкарыстання артылерыі, якая тады канчаткова афармляецца ў самастойны род войска [1, с. 102]. Прынцыпы арганізацыі артылерыі ў ВКЛ істотна адрозніваліся ад прынцыпаў арганізацыі такіх класічных родаў войска як кавалерыя і пяхота. Паўстала патрэба прыняцця адпаведных заканадаўчых актаў, якія б рэгламентавалі парадак арганізацыі службы артылерыстаў з улікам спецыфікі гэтага роду войска. З найбольш важкіх заканадаўчых актаў, якія рэгламентавалі службу артылерыстаў у войску ВКЛ у XVI ст., з'яўляліся «Артыкулы пушкарскія» 1557 г. і 1567 г., выдадзеныя Жыгімонтам Аўгустам.

Згодна з артыкуламі 1557 г., пры паступленні на службу пушкары павінны былі прадставіць цэхмістру дакумент аб сваёй папярэдняй службе. Апошні, пераверыўшы досвед пушкара, рэкамендаваў або не рэкамендаваў яго каралю да прыняцця на службу. Артыкулы прадугледжвалі ўзаемны абавязак караля і пушкара загадзя, за паўгода, паведаміць аб сваім нежаданні далей працягваць службу альбо карыстацца паслугамі пушкара. Вучні пушкароў прымаліся на службу толькі з ведама цэхмістра і цэгварта. У абавязкі пушкара ўваходзіла выкананне загадаў камандзіраў, годная і руплівая служба. Пушкары павінны былі па загаду камандзіра з'яўляцца ў вызначаны час і на вызначанае месца; не разыходзіцца пад час збору без дазволу; выконваць даручаную ім работу; паважаць саслужыўцаў; вырашаць усе спрэчкі паміж сабой толькі ў прысутнасці даводцаў; у выпадку абразы сваёй годнасці з боку іншага пушкара данесці аб гэтым кіраўніцтву; з'яўляцца ў вызначаны час на суд цэхмістра і цэгварта; пад час паступлення на службу прад'явіць цэхмістру дакумент аб папярэдняй службе; не прымаць вучняў без ведама кіраўніцтва; грошы, атрыманыя ад вучня, аддаваць у агульную скрынку; быць богабаязным і цвярозым; пад час знаходжання ў войску не трымаць у сябе кабетаў, акрамя законнай жонкі; не перахоўваць у сябе злачынцаў; кожную чвэрць году збірацца разам для сумеснага вырашэння ўсіх наспелых пытанняў; у выпадку сваркі не пакідаць службу, а судзіцца толькі пушкарскім судом паводле дадзеных артыкулаў; атрымаўшы са скарбу грошы за службу за паўгода, сысціся разам, падбіць рахунак у касе і пакласці 4 грошы да агульнай скрынкі; начаваць толькі ў горадзе, дзе служыў. Такім чынам, артыкулы пушкарскія даволі дакладна вызначалі прававы статус пушкароў, якія знаходзіліся на службе ў войску ВКЛ.

Цэлы шэраг нормаў пушкарскіх артыкулаў 1557 г. быў прысвечаны пытанням дысцыплінарнай адказнасці пушкароў за розныя правапарушэнні. Артыкулы ўтрымліваюць амаль два дзесяткі складаў правапарушэнняў: непаслушэнства цэхмістру альбо цэгварту, ухіленне ад выканання сваіх абавязкаў, начлег без дазволу цэхмістра альбо цэгварта па-за межамі гораду, бойкі і нанясенне пашкоджанняў, перахоўванне злачынцаў, абраза гонару саслужыўца і інш. Большасць пакаранняў мела грашовы характар. Цяжкія злачынствы (шматразовыя начлегі па-за межамі горада, нез'яўленне пушкара на суд цэхмістра і цэгварта за чацвёртым разам) караліся турэмным зняволеннем. Мера пакарання за некаторыя цяжкія правапарушэнні (напрыклад, нез'яўленне за трэцім разам па закліку цэхмістра альбо цэгварта, забойства альбо нанясенне ран іншаму пушкару) прызначалася пушкарскім судом, які складаўся з цэхмістра і (альбо) цэгварта і ўсіх пушкароў. Некаторыя справы разглядаліся цэхмістрам (цэгвартам) аднаасобна.

Усе штрафы выплачваліся на карысць пушкарскай скрынкі, якая выконвала функцыю касы ўзаемнай дапамогі. Акрамя выплат штрафаў, яна папаўнялася таксама за кошт асабістых унёскаў кожнага з пушкароў. Згодна з арт. 25, пушкары па атрыманні заплаты за паўгода павінны былі пакласці ў агульную скрынку па 4 грошы. Арт. 13 абавязваў пушкара, які атрымаў першую заплату, пакласці паў злотага. У скрынку паступалі грошы і ад продажу маёмасці памерлага пушкара, які не меў спадкаемцаў. Сродкі са скрынкі маглі выдаткоўвацца на ўтрыманне і харчаванне новапрыбылага пушкара, на пазыкі пушкарам, у тым ліку захварэўшым і занямоглым, на фінансаванне пахавання памерлага пушкара, які не меў блізкіх родзічаў альбо прыяцеляў. Апошняянорма была актуальнай, бо на пушкарскай службе ў ВКЛ і ў Польшчы было шмат чужынцаў. Галоўнымі пастаўшчыкамі cпецыялістаў у галіне артылерыі былі Італія і Нямеччына [1, с. 102].

У артыкулах відавочныя рысы цэхавай арганізацыі пушкароў. Як і ў цэхах рамеснікаў, на чале пушкароў быў цэхмістр. Асобным цэхгаўзам кіраваў цэгварт. Права судовага разбору і вызначэння пакарання належала да кампетэнцыі цэхмістра, у некаторых выпадках, сумесна са старэйшымі майстрамі. У цэху была агульная каса, якая таксама звычайна выкарыстоўвалася на розныя сацыяльныя патрэбы цэхавых сяброў. Цэхавыя статуты рэгламентавалі парадак службы і навучання рамяству [2, с. 125-126]. Гэтак, як і ў рамесных цэхах, існавалі пасады дапаможных службовых асобаў: цэхпісара і загадчыка пушкарскай касай. Гэткае падабенства ў арганізацыі службы пушкароў і працы рамесных цэхаў адлюстроўвае спецыфіку тагачаснай пушкарскай службы, якая шмат у чым была больш блізкай да рамесніцтва, чым да традыцыйных вайсковых прафесій.

Артыкулы амаль не закраналі правоў і абавязкаў пушкароў пад час знаходжання ў дзеючым войску (у полі) і пад час бою, абмяжоўваючыся адной толькі ўзгадкай у арт. 19 аб забароне ўтрымання пушкарамі жанчын лёгкіх паводзін у вайсковым лагеры [3, с. 74-78]. Затое досыць падрабязна рэгламентаваліся розныя аспекты службы пад час працы ў цэгхаўзе і, наогул, паводзінаў артылерыстаў у мірны час. Артыкулы 1557 г. распаўсюджвалі сваю моц перш за ўсё на пушкароў, якія працавалі ў віленскім цэгхаўзе.

Артыкулы пушкарскія 1567 г. [3, с. 138-142], наадварот, былі прынятыя з мэтай урэгуляваць асноўныя аспекты службы пушкароў і іх памочнікаў менавіта ў дзеючым войску ВКЛ і Польшчы пад час радашковіцкай ваеннай выправы супраць Маскоўскай дзяржавы ў Інфлянцкай вайне. На той момант у войску ВКЛ і Кароны знаходзілася больш за 100 гармат розных тыпаў: абложных, палявых, а таксама прызначаных для страляння вогнепальнымі зарадамі [1, с. 104]. Відавочна, што эфектыўнае кіраванне такой вялікай артылерыйскай гаспадаркай было магчымым толькі ў выпадку наяўнасці пэўных прававых нормаў, якія павінны былі вызначаць асноўныя правы і абавязкі артылерыстаў, а таксама ўсталяваць адказнасць за розныя правапарушэнні, што б дазволіла трымаць узровень вайсковай дысцыпліны на належным узроўні.

Усе нормы артыкулаў 1567 г. можна падзяліць на дзве вялікія групы. Да першай з іх адносіліся нормы, якія вызначалі правы і абавязкі пушкароў, стральцоў і іх памочнікаў, а таксама іх кіраўнікоў.

Артылерысты павінны былі слухацца загадаў як караля, так і сваіх камандзіраў; заўсёды абараняць каралеўскія інтарэсы; добра і трапна страляць з гармат, каб як мага болей учыніць шкоды ворагу; ашчадна ставіцца да амуніцыі і дарэмна не страляць; у належным стане захоўваць даручаную гармату, не адлучацца ад яе без дазволу камандзіра, каб заўсёды быць падрыхтаваным да бою; не ўступаць у размовы і кантакты з непрыяцелем без дазволу камандзіра; пад час руху, калі чакаўся магчымы напад непрыяцеля, пушкар павінен быў з агнём і запаленым кнатам знаходзіцца пры сваёй гармаце. У выпадку патрэбы адлучыцца артылерыст павінен быў даручыць абслугоўванне сваёй гарматы таварышу на час сваёй адсутнасці. Нельга было страляць з чужых гармат без дазволу пушкара, які адказваў за яе абслугоўванне. Пасля выстаўлення варты па сігналу горна пушкар павінен быў з'явіцца для начлегу ў лагер. Нельга было страляць з ручніцаў у лагеры. У выпадку сваркі альбо бойкі паміж пушкарамі іх належала разняць і супакоіць, а вырашэнне спрэчкі адкласці да раніцы да яе разгляду камандзірам.

Акрамя гэтых абавязкаў, пушкарскія артыкулы мелі цэлы шэраг нормаў маральна-выхаваўчага характару, якія прадпісвалі дарэмна не ўжываць імя Бога, а заўсёды яго хваліць і ставіцца пачціва; устрымлівацца ад п'янства і абжэрства; не гуляць у косці і іншыя азартныя гульні; не трымаць жанчын лёгкіх паводзінаў у вайсковым лагеры. Знойдзеную рэч належала вяртаць яе ўласніку альбо свайму камандзіру, не чыніць шкодаў і рабункаў цывільнаму насельніцтву, а ва ўсіх астатніх выпадках, не прадугледжаных дадзенымі артыкуламі, слухацца свайго камандзіра.

Другая група нормаў была прысвечана пытанням дысцыплінарнай адказнасці пушкароў за правапарушэнні. Звяртае на сябе ўвагу больш строгі характар пакаранняў, чым у ранейшых артыкулах пушкарскіх. Пушкарскія артыкулы 1567 г. пералічваюць больш чым дзесяць складаў правапарушэнняў і меры пакарання за іх:

- самавольнае адлучэнне ад гарматы каралася смяротным пакараннем і стратай гонару; артылерыст, які ўцёк, караўся стратай гонару (арт. 2);

- смяротнае пакаранне прадугледжвалася за размовы і кантакты з непрыяцелем без ведама камандзіра (арт. 2);

- пашкоджанне чужой гарматы па прычыне свавольнага страляння з яе каралася выплатай шкоды (арт. 4);

- свавольнае і непачцівае ўжыванне імя Бога пушкаром каралася цялеснымі пакараннямі (арт. 5);

- пушкар, які не згаджаўся з выракам камандзіра па спрэчцы паміж пушкарамі, павінен быць пакараны, аднак канкрэтнай санкцыі арт. 5, ч. 2 не прадугледжвала;

- паводле арт. 6, за правапарушэнні, учыненыя ў п'яным выглядзе, пушкар караўся аднолькава, як і ў цвярозым стане. Увогуле п'янства было забаронена разглядаць як змякчаючыя абставіны;

- начлег па-за межамі вайсковага лагеру без ведама камандзіра першы і другі раз караўся штрафам, за трэцім разам - цялеснымі пакараннямі (арт. 7);

- неаднаразовыя азартныя гульні і ўтрыманне жанчын лёгкіх паводзін павінны былі карацца «сувора і без усялякай міласэрнасці», бо гэтыя дзеянні былі крыніцаю рознага роду сварак, боек і правапарушэнняў (арт. 8);

- за страляніну з ручніцаў пасля выстаўлення варты ў лагеры вінаваты караўся смерцю. Той, хто страляў паблізу лагеру, павінен быў заплаціць грашовы штраф (арт. 9);

- згодна з арт. 10, за ўтойванне факта сваркі і не паведамленне пра яе камандзіру караліся абодва бакі;

- утрыманне артылерыстам знойдзенай рэчы каралася гэтак сама, як і крадзеж (арт. 11);

- вінаватых у гвалтоўных рэквізіцыях і іншых шкодах цывільнаму насельніцтву прадпісвалася падвяргаць без міласэрнасці цялесным пакаранням (арт. 13) .

Можна заўважыць, што шмат з якіх пакаранняў маюць не грашовы характар, а ў адрозненне ад пушкарскіх артыкулаў 1557 г. прадугледжваюць пакаранне «горлам» альбо цялеснымі карамі - гэткія кары ўжо з'яўляюцца характэрнымі для вайсковага заканадаўства ВКЛ. Галоўнай мэтаю пакарання ў артыкулах 1567 г. з'яўляецца папярэджанне будучых злачынстваў, што выражалася ў жорсткім і публічным, часта цырыманіяльным спосабе выканання пакаранняў, што характэрна і для агульнавайсковых артыкулаў, якія распаўсюджваліся на кавалерыю і пяхоту [4, с. 37].

У артыкулах 1567 г. была замацавана кампетэнцыя камандзіраў па разгляду спрэчак паміж пушкарамі. Хоць у артыкулах не ўзгадана, але хутчэй за ўсё яны мелі таксама права судзіць артылерыстаў за ўчыненыя вайсковыя злачынствы і парушэнні ваенна-дысцыплінарных нормаў і прызначаць вінаватым апісаныя вышэй пакаранні.

З аналізу тэксту дадзеных артыкулаў вынікае своеасаблівая камандная іерархія: камандзір - пушкар - памочнік пушкара. Да ліку памочнікаў маглі адносіцца прадстаўнікі розных прафесій: муляры для ламання муроў і камення, стэльмахі, слесары, грабары для земляных работ, кавалі, цесляры і інш. [1, с. 56].

Адпаведна артыкулам, камандзірам была любая асоба, прызначаная кіраваць як усёй артылерыяй у войску, гэтак і асобным артылерыйскім аддзелам. Па ўсіх тых пытаннях, якія не былі агавораны дадзенымі артыкуламі, камандзіры-артылерысты павінны былі кіравацца ўласным меркаваннем. Іх загады былі абавязковыя для выканання падначаленымі.

У абавязкі пушкара ўваходзіла непасрэднае абслугоўванне гарматы, а таксама выкананне іншых прац па артылерыйскай гаспадарцы: выраб пораху і зарадаў, рамонт гармат і інш. У гэтым ім дапамагалі памочнікі, якія знаходзіліся пры пушкары і звычайна атрымлівалі заплату ў два і болей разы меншую ад пушкарскай. На памочнікаў таксама распаўсюджвалася дзеянне артыкулаў пушкарскіх.

У адрозненне ад пушкарскіх артыкулаў 1557 г., артыкулы 1567 г. маюць яўныя «баявыя» рысы. Па сваёй прыродзе яны з'яўляюцца блізкімі да традыцыйных вайсковых артыкулаў - тагачасных крыніц вайсковага заканадаўства большасці еўрапейскіх краінаў, у тым ліку і ВКЛ, у якіх утрымліваліся нормы адносна парадку выканання службы ў дзеючым войску, усталявання дысцыплінарнай адказнасці вайскоўцаў-артылерыстаў, вызначэння правоў і абавязкаў як каманднага складу, гэтак і ніжэйшых чыноў, а таксама парадак адпраўлення вайсковай юстыцыі ў артылерыі.

З'яўленне артыкулаў пушкарскіх 1557 і 1567 гг. адлюстроўвае працэс развіцця ўжытку артылерыі ў ВКЛ і Польшчы, выдзяленне яе ў самастойны род войску, што патрабавала спецыфічнага прававога рэгулявання ў форме выдання адпаведных актаў вайсковага заканадаўства - артыкулаў пушкарскіх. Гэтыя нарматыўныя акты рэгламентавалі цэлы шэраг пытанняў, звязаных са знаходжаннем артылерыстаў у дзеючым войску, устанаўленнем іх дакладных абавязкаў і адказнасці, падтрыманнем на належным узроўні вайсковай дысцыпліны сярод асабістага складу і г.д.. Можна гаварыць аб тым, што пушкарскія артыкулы 1557 і 1567 гг. з'яўляліся важкімі пісанымі законамі Вялікага княства Літоўскага ў сферы арганізацыі і дзейнасці артылерыі ў XVI ст. З'яўленне дадзеных артыкулаў можна звязваць перш за ўсё з энергічнымі захадамі вялікага князя Жыгімонта Аўгуста па рэфармаванню артылерыі ВКЛ (таксама як і Кароны Польскай), што вылілася ў тым ліку і ў выданне адпаведных нарматыўных актаў па пытаннях арганізацыі і дзейнасці артылерыі ў войску ВКЛ і Кароны Польскай.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Kotarski, H. Wojsko polsko-litewskie pod czas wojny Inflanckiej 1576-1582 / H. Kotarski // Studia i materiały do historii wojskowości. - Warszawa, 1971. - T. XVII, cz. II .

2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. - Т.6. Кн. ІІ. - Мінск, 2003.

3. Kutrzeba, S. Polskie ustawy i artykuły wojskowe od XV do XVIII wieku / S. Kutrzeba. - Kraków, 1937. - 350 s.

4. Organiściak, W. Z badań nad karami na ciele w prawie wojskowym / W. Organiściak // Z dziejów prawa: Prace naukowe Uniwersytetu Śląskiego. - № 2048. - Katowice, 2002.




В.В. Парфёненка

ДА ПРАБЛЕМЫ ВАЙСКОВАГА БУДАЎНІЦТВА
Ў ЧАСЫ ЛЬВА САПЕГІ


У працэсах грамадскага і дзяржаўнага развіцця любой краіны важнае месца займае пытанне вайны. Хцівасць суседзяў да беларускіх зямель - геапалітычна прыцягальных - абумовіла неабходнасць развіцця вайсковага майстэрства і пастаяннага яго ўдасканалення. У дадзеным артыкуле аўтар спрабуе акрэсліць дынаміку вайсковага будаўніцтва ў эпоху Л.Сапегі, а таксама фактары, якія аказвалі ўплыў на развіццё вайсковасці.

Гэты перыяд гісторыі (Новы час) дынамічна паўплываў на змены ў падыходах да «вайсковага рамяства»: ў дзяржаўных даходах, людскіх рэсурсах, тэхналагічных зрухах, што, ў сваю чаргу, пацягнула перамены ў кіраванні вайсковымі дзеяннямі, спрычынілася да з'яўлення бюракратыі, гэтак неабходнай для вядзення вайны.

Змены ў характары войнаў, якія вяло Вялікае Княства, уплывалі на перамены ў вайсковай сістэме. Кры­ні­цы натхнення вайсковыя начальнікі чэрпалі хутчэй за ўсё з працаў аўтараў тэорыі вайны: Міколы Макіявелі («Мастацтва вайны», «Гаспадар», «Развагі»), Вегетыя («Rei militaris instituta», канец IV - пачатак V ст.), Юлія Фронтына («De re militari, І ст.), Юста Ліпса (XVI ст.).

Думкі Вегетыя не карысталіся папулярнасцю сярод яго сучаснікаў, а толькі ў сярэднявеччы атрымалі ўдзячных вучняў. Ён выступаў за адраджэнне ўжо заняпаўшых тады легіёнаў, якія выцясняла дамінуючая барбарская кавалерыя. Папулярнасць яго прац у XV-XVI стст. была вялікай, бо эўрапейскі свет перажываў адваротны працэс - рэнесанс пяхоты. Яго думкі былі крыніцай каштоўных парадаў для палкаводцаў. У яго працах, у прыватнасці, распавядалася пра тэхналогію вядзення вайны і кіраванне войскам на працягу кампаніі. Вегетый раіў пазбягаць бою ва ўмовах неспрыяльнага размяшчэння сілаў, пераграць ворага на манеўр альбо нават змяніць стратэгію ў адпаведнасці з неабходнасцю, каб перамагчы ворага. Ён падкрэсліваў важнасць суровай вайсковай дысцыпліны і мовіў пра тое, што палкаводзец мусіць добра асэнсоўваць магчымасці і здольнасці аддзелаў яго войска [9, c. 134].

Прыкладна ў той жа час (XVI ст.) ідэі неастаіцызму аказаліся ўшчы­ль­ную знітаваны з вайсковым мастацтвам. Неастаіцызм фармаваў ідэалагічны падмурак для функцыяў прафесійнага вайскоўца новага тыпу - афіцэра. Навука патрабавала ад апошняга выканання павіннасцяў без увагі на варункі і магчымыя цяжкасці. Ад такога чалавека чакалася пакорнае прыняцце Божай волі, якая вызначае ў свеце ўсё, а таму і пасылае для вайскоўцаў выпрабаванні. Кальвінісцкая ідэя правідэнцыяналізму, відаць, моцна паўплывала на фармаванне характару тае эпохі - станаўленню вобраза рыцара, як ідэала прафесійнага вайскоўца. Леў Сапега, пэўна, быў знаёмы з гэтымі працамі за час сваіх студый у Нямеччыне.

Характар камандавання і арганізацыі войска. Першапачаткова камандзірскае рамяство неразрыўна залежала ад двух фактараў - геаграфіі (спецыфікай абшараў) і тэхналогіі (асаблівасці разгортвання войскаў у кампаніі, кошту ды саставу войска).

У канцы XVI - пачатку XVII стст. войны, якія праводзіліся ў Еўропе, пра­ходзі­лі пад знакам адстойвання дынастычных інтарэсаў, што пра­дуг­лед­ж­ва­ла распаўсюджванне іх далёка па-за межы таго ці іншага гаспа­дар­с­т­ва. Гэтая акалічнасць таксама мела месца для Беларусі таго часу. Выключэннем можа быць Сцяпан Батура. Ён, стаўшы гаспадаром Вя­лі­ка­га княства, шмат зрабіў для падвышэння абароназдольнасці сваёй кра­і­ны: асабіста быў добра абазнаны ў новачаснай тактыцы і стратэгіі вядзення войнаў. Яшчэ жывучы ў Сямігароддзі, адкуль ён паходзіць, князь Баторый няспынна зма­гаў­ся з насядаўшымі там туркамі і ў прышласць песціў сябе планамі вызвале­н­ня Сямігароддзя ад ярма турэцкага султана. Але на пачатку свай­го панавання ў Рэчы Паспалітай мусіў забяспечыць спакой яе паўночных межаў. Перамога над маскоўцамі пачала стварацца яшчэ да пачатку вай­с­ко­вых дзеянняў. Пад прыкрыццём працяглых перамоваў Сцяпан Батура вёў падрыхтоўку да вайны. Кароль і вялікі князь прытрымліваўся тактыкі хут­ка­га наступальнага руху войска, што пазбаўляла ворагу ведаць, адкуль будзе зроблены напад.

Вялікае значэнне мела таксама стратэгічнае бачанне ім кампаніі, вы­яў­ле­н­не ключавых пунктаў, якія змяняюць сітуацыю на карысць таго боку, хто імі валодае. У Полацка-Інфлянцкай вайне такім пунктам быў Полацак, які з'яў­ляў­ся ключом як да Лівоніі, так і да ўсяго ВКЛ [4, с. 107] .

Перамога ў гэтай вайне 1579-1582 гг., калі Інфлянты ды По­ла­цак былі вернуты да Вялікага княства, стала магчымай у многім дзякуючы вайско­вай рэформе, якую ажыццявіў Сцяпан Батура. Пачаткі дзейнасці Л.Сапегі, як дзяржаўнага мужа прыпала менавіта на гэтую вайну; там ён, камандуючы гусарскай харугвай, атрымаў ты­тул каралеўскага двараніна [2, с. 86]. Ён пад уладаю Сцяпана Батуры назіраў, як апошні арганізоўваў якасна новы тып войска, ядром якога магло б стаць прафесійнае найманае. Вялікае княства шмат асягнула ў стварэнні ўласнай артылерыі. Гэ­та ўрэшце значна палепшыла яго баявыя здольнасці і, пэўна, сталася чы­н­ні­кам у перамозе з Масковіяй.

З XVI ст. назіраецца стварэнне новых бюракратычных вайсковых па­са­даў. Найвышэйшы гетман стаў вярхоўным начальнікам усіх войскаў ВКЛ (вайсковы міністр), якія меліся сабрацца на вайну. Урад найвышэйшага гет­ма­на заўсёды пажыццёва даваўся людзям слынным і заслужаным [14, с. 102]. Такую пасаду атрымаў у 1625 г. Леў Сапега. Улада гетмана най­вы­шэй­ша­га сягала паспалітага рушання, найманага войска, павятовых і пры­ват­ных харугваў, якія прыйшлі да гетманскага абозу.

Існавала «піраміда» вайсковай ўлады: за найвышэйшым гетманам быў дворны гетман, галоўны начальнік най­ма­ных войскаў гаспадарскага двара. За дворным ішлі гетманы асобных кар­пу­соў і, урэшце, - польныя гетманы, камандуючыя войскамі на поле біт­вы, падлеглыя найвышэйшаму гетману, але толькі з асабістай згоды [12, c. 34]. Абмежаванасць ва ўладных магчымасцях найвышэйшага гетмана пра­яў­ля­ла­ся таксама ў вырашальным значэнні ўхвалы сойму ды лістоў гаспадара Вя­лі­ка­га княства. Фінансы для наймання жаўнераў гетман атрымаць мог толькі ад падскарбія земскага. Паводле В. Ластоўскага, улада найвышэйшага гетмана ў пачатку XVII ст. аба­пі­ра­ла­ся на «Артыкулы гетманскія» - першы беларускі вайсковы ста­тут [10, c. 79].

Важнае значэнне для камандавання адыгравалі разнастайныя сімва­лы вайсковай улады. Сцягі, харугвы пастаянна ўжываліся ў бітвах, як ары­ен­цір для вызначэння месца аддзела ў хаосе бітвы. Вайсковец, абавязаны ахоўваць харугву, называўся харужым. Харужыя былі трох ступе­няў: земскі ВКЛ, дворны і павятовы. Гэтая пасада зацвярджалася гаспа­да­ром ВКЛ. Паводле Статута 1588 г. (раздз. 2, арт. 5), вызначалася, хто мо­жа быць харужым, а таксама яго абавязкі [14, c. 103]. Былі іншыя знакі вайсковай улады. Бу­ла­ва - кароткая ляска з галкай на версе - была сімвалам гетманскай ўла­ды. Пернач, або буздыган - сімвал улады палкоўнікаў, ротмістраў і паруч­ні­каў. Булавой называлі агу­лам вайсковы ўрад найвышэйшага гетмана, а меншай булавой - урад по­ль­на­га гетмана [10, c. 80].

Асновай узброеных сі­лаў у беларускай дзяржаве часоў Льва Сапегі было паспалітае ру­ша­нне, або абарона земская. Гэтак называлася вайсковая служба для тых, хто яе павінен быў несці. Служба выконвалася ў адпаведнасці з даходамі і ве­лі­чы­нёй уласнасці [3, с. 186]. Выз­ва­ля­лі­ся ад паспалітага рушання тыя, хто пражываў на памежных тэрыторыях, у якіх размяшчаліся замкі, а таксама хворыя. Вайсковай павіннасцю былі абкладзе­ны разам са шляхтай і мяшчане. Часам мяшчане, замест абавязку па­сы­лаць ратнікаў, абкладаліся адмысловым падаткам на патрэбы вайны.

Паспалітае рушанне збіралася з дапамогай выбранага шляхтай паручніка, які кіраваў дружынай сваёй аколіцы. Той пасылаў свой пер­нач да найбліжэйшага суседа з наказам аб месцы і часе сходу, той, у сваю чаргу, пераказваў іншаму суседу і, такім чынам, пернач, абышоўшы ўсіх, як відавочны знак загаду і сімвал улады, вяртаўся да паручніка. Ха­ру­жым таксама належалі функцыі ў інфармаванні шляхты пра пачатак вай­ны і месца збору. Уладных функцый ён не меў.

Найманыя войскі ў ВКЛ займаюць сціплае месца. Толькі багацей­шыя краіны маглі дазволіць сябе вялікую па колькасці найманую пяхоту. Грошай жа ў Рэ­чы Паспалітай заўсёды не ставала. Сталага войска тут фактычна не было. То­ль­кі на ўсходніх межах у замках знаходзіліся пастаянныя залогі. Існуе думка, што агульная колькасць іх не перавышала двух тысяч ча­ла­век, і яшчэ «надворнае войска» - некалькі тысяч найманай конніцы [12, c. 19].

Фінансаваліся гэтыя войскі дзеля сталай абароны краю з «кварцянага» - чацвёртай часткі каралеўскіх сталовых даходаў. Толькі ў вы­ні­ку вайсковай рэарганізацыі, якую правёў Сцяпан Батура, найманаму вой­с­ку пачала адводзіца галоўная роля ў вайне. Была адразу павялічаная коль­касць платных жаўнераў: вугорская конніца, нямецкія рэйтары і аркебу­зе­ры. Заручыўшыся матэрыяльнай падтрымкай магнатаў, у вайне 1579-1582гг., відавочна, брала ўдзел даволі значная сіла надворных (найманых) войскаў - 10-15 тысячаў. [3, c. 186]. Паводле дадзеных, у Полацкай кампаніі 1579 г. у амаль 23-тысячным беларускім войску найманая конніца складала 3220 жаўнераў, а пяхота - 6330. На ўтрыманне такога войска давялося выдаткаваць 155 840 злотых. Паводле этнічнага складу найманае войска было стракатым. Апроч мясцовых наймітаў у дзяржаўным войску ВКЛ служылі замежнікі.

Галоўнай цяжкасцю ў развіцці найманага войска бачыцца брак яго фінансавання; яно магло быць забяспечана толькі на кароткі час. Цяжкія падаткі і вайсковыя спусташэнні на працягу дзесяцігоддзяў прывялі фінансавую сістэму тагачаснай Беларусі да заняпаду. Дысцыплінаванасць наймітаў, іх вывучка абярталася сваволяй, калі б тыя не атрымалі своечасовай аплаты за «заганараваныя заслугі» [13, c. 260]. Бунты наймітаў былі арганізаваныя і набывалі выгляд канфедэрацый. Выхад найманых войскаў з падпарадкавання вышэйшаму камандаванню быў адным з чыннікаў іх невысокай папулярнасці ў жыхароў ВКЛ. Таму, відаць, нягледзячы на рэформы, распачатыя Батурам, зем­с­кая (шляхецкая) конніца працягвала ўдвая пераўзыходзіць пяхоту.

У канцы XVI ст. у Беларусі па прычыне браку фінансавання пяхоты паўстае яшчэ адна фармацыя вайсковых - выбранецкая пяхота. Фармавалася яна па ўзорах вугорскай [3, c. 186; 11, с. 26]. Войска гэтае было малым - у Вялікім княстве, мяркуецца, ніколі не перавышала 1000 чалавек (у Кароне -3000). Рэкрутацыя на службу праводзілася паводле прапарцыйнага прынцыпу: 1 жаўнер з 20 валок уладанняў. Сяляне-выбранцы вызваляліся ад даніны, павіннасцяў і падаткаў. Выбранец абавязаны быў служыць з уласнай зброяй і мундурам. Меліся штоквартал праходзіць шкаленні ў вайсковым майстэрстве. Увогуле, як паказала практыка, выкарыстанне выбранцаў было малаэфектыўным. Ім даручаліся дапаможныя функцыі: ахова замкаў, будова мастоў, земляныя і фартыфікацыйныя працы.

Значнае месца ў арганізацыі вядзення вайны адыгрывалі «літоўскія татары» - шляхта, якая мусіла несці земскую службу. Гэта была элітная адзін­ка пад зверхніцтвам найвышэйшага гетмана. Рашэнне пра іх мабілізацыю прымаў сам гаспадар або найвышэйшы гетман [11, с. 28]. Усе «літоўскія татары» былі вершнікамі, а колькасна - не больш за паўтысячы. Нягледзячы на малую колькасць, іх лёгкія харугвы актыўна ўжывалі для выведак, пераследу супраціўніка, а таксама ў паштовых камунікацыях.

Што да казацтва, якое актыўна выкарыстоўвалася палякамі на землях, сумежных з турэцкімі і крымскімі ўладаннямі для абароназдольнасці старабеларускай дзяржавы, то яно не мела якога-небудзь важнага зна­чэ­н­ня. [3, с. 187; 11, с. 29].

Войска Вялікага княства Літоўскага традыцыйна дзялілася на конні­цу і пяхоту. Рост колькасці войска прымусіў стварыць больш высокія аддзелы за харугвы-роты, імі сталі палкі. Упершыню яны з'явіліся ў 1580 г. Іх колькасць вагалася ў межах ад 400 да 2000 чалавек. З ростам лічбы цэлага войска расце колькасць палкоў. Найвялікшыя палкі былі зафіксаваны ў 1621 г.: полк каралевіча Уладыслава меў 10200 жаўнераў, камандуючага беларускім войскам - вялікага (ранейшая пасада - найвышэйшага) гетмана Яна Караля Хадкевіча - 4600 жаўнераў, яго наступніка Станіслава Любамірскага - 3300 жаўнераў. Паводле правілаў, палкі камандуючых пераважалі колькасна звыклыя палкі часамі ў колькі разоў. Палкі камандуючых маглі быць мяшанымі: конніца - пяхота [3, с. 189].

Кавалерыя падзялялася на цяжкую і лёгкую. Цяжкая кавалерыя - гусарская фармацыя - была найважнейшай часткай конніцы. Характэрнай зброяй былі дзіды. Яны рабіліся з лёгкага дрэва і дасягалі 5-метровай даўжыні. Да іх жалезных вастрыёў мацаваліся сцяжкі. Як падае даследчык вайсковай гісторыі Міхась Чарняўскі, прызначэнне дзідаў было спецыфічнае - яны служылі для знішчэння шчыльных простакутнікаў пяхотнікаў-пікінэраў або закаваных у жалеза турэцкіх вершнікаў [15, с. 27]. Лёгкая кавалерыя была прадстаўлена пераважна гэтак званымі пяцігорцамі, вершнікамі казацкага строю і загонамі беларускіх татараў. Асноўнае іх узбраенне - шаблі і лукі.

Агнястрэльная зброя вымагала вялікіх фінансавых сродкаў ды для абслугоўвання была надзвычай складанай. Найбольшыя цяжкасці выклікала ўменне маніпуляваць кнотам, які, каб пазбегнуць выпадковага выбуху, неабходна было перад кожным наладаваннем зброі вывярнуць з замка. Таму практычна ў час адной сутычкі жаўнер рабіў толькі адзін стрэл. Рушніцы вырабляліся ў беларускіх гарадах Вільні, Пінску, Мядзелі, Браславе [5, с. 76].

Вышэйназваны спосаб вядзення агню быў прыдатны для рушніц і аркебузаў, але не быў магчымы для ўжывання мушкетамі. Мушкетэры для добрага вядзення агню мусілі былі ўмець весьці працяглы агонь у шасьцішэраговым шыхту цэлага «дывізіёну». Стралялі залпамі, па чатыры жаўнеры адначасова. Добрая вывучанасьць дывізіёна мушкетэраў на полі боя магла даць вялікі плён. Гэта дасягалася вывучанасцю, даведзенай да аўтаматызму.

Што да перспектыў развіцця артылерыі, то яна ў XVI-XVII стст. мела яшчэ шмат недахопаў: гарматы адрозніваліся надзвычайнай груваздкасцю, што патрабавала вялікую цяглавую сілу (валы, коні, людзі). Развагі пра дакладнасць стрэлу, яго дальнасць і шпаркасць прадстаўляюцца немэтазгоднымі. Асабліва, што да дакладнасці стрэлу. Таму ў людзей матывацыя на пабудову сістэмаў умацавання расла разам з удасканаленнем гарматнага майстэрства, як асноўнай асаднай зброі, і ўдасканаленнем сапёрнай справы.

Артылерыя ў той перыяд уяўляла сабой збор гарматаў розных калібраў і дальнасці стрэлу, якія ўжываліся для асады горада і замка з адзінай задачай дамагчыся мэты за кошт простага сумарнага ўздзеяння на варожую абарону - як на мур, гэтак і на душы абаронцаў.

Гарматы выкарыстоўваліся, галоўным чынам, для прабіцця муроў і стварэння праломаў у іх. Аднак пры стасоўна палогай траэкторыі яны не заўсёды былі эфектыўнымі для ўздзеяння на аб'екты за мурамі: арсеналы, парахавыя магазіны. Таму з'явіўся новы тып гарматаў - марціра, якая паспяхова вырашала гэтыя задачы. Адлівалася яна з бронзы, важыла амаль паўтоны, таму каштавала нетанна. Пры такой масе мела калібр 127 мм і даўжыню рулі паўметра, з якой стралялі чугуннымі або каменнымі ядрамі. Яшчэ з часоў Сцяпана Батуры гарматы пачалі адліваць у віленскай майстэрні. Частку гарматаў закупалі ў бліжэйшых Мальборку і Гданьску.

Чыннікі перамог і праблемаў вайсковай справы. У войнах той пары гісторыкі звяртаюць увагу на ахвярнасць і гарачы патрыятызм вышэйшых станаў, якія самі прапаноўвалі арганізацыю паспалітага рушання для помачы найманаму [5, с. 76]. Мяркуецца, што ў кампаніі 1622-1629 гг. Леў Сапега, як шчыры патрыёт сваёй краіны, нёс вялікія асабістыя выдаткі на швыдкую мабілізацыю войска і будову фартыфікацый у Вялікім княстве [16, с. 44].

У цяжкіх войнах той пары серыі перамог над ворагам атрымалі беларускія ваеначальнікі Крыштаф Радзівіл Пярун (найвышэйшы гетман у 1589-1603 гг.) і Ян Караль Хадкевіч (найвышэйшы гетман у 1605-1621 гг.) у вайне са Швецыяй у кампаніі 1600-1605 гг., Хацінскай вайне (1621 г.).

Як у гэтых, так і ў іншых бітвах нашай вайсковай гісторыі XVI-XVII стст. не знікае пачуццё захаплення з тактычнай дасціпнасці беларускіх павадыроў, якія перамагалі ў пастаяннай дыспрапорцыі сілаў, якая была не ў іх карысць [12, с. 55].

Вось некалькі характэрных узораў тактычнага майстэрства беларускіх гетманаў, вызначаныя даследчыкамі ў сваіх працах: 1) імкненне да палявой баталіі; 2) борзды наступальны рух ды імклівасць манеўра; 3) раптоўнасць нападу (уласціва для тактыкі ўсходніх народаў - асабліва крымчакоў); 4) спалучэнне франтальных удараў з флангавымі і тылавымі, а таксама з засадамі (уласціва для заходняга вайсковага мастацтва); 5) імкненне камбінаваць з рознымі відамі ўзбраення і фармацыяў войска; 6) пераслед праціўніка з мэтай яго знішчэння або захопу ў палон [3, с. 112; 12, с. 56; 15, с. 34].

Названыя тактычныя перамогі даводзяць, што толькі майстэрства гетманаў, але не стан войсковай справы ў ВКЛ былі чыннікамі перамогаў. Ужо за вайну 1621-1629 гг. значна вырасла майстэрства шведскай пяхоты, у прыватнасці, мушкетэраў. Гэтую акалічнасць цудоўна разумеў стаўшы вялікім гетманам літоўскім Леў Сапега, які не толькі на дыпламатычным, але і на полі бою бараніў тэрытарыяльную цэльнасць Вялікага княства. Так, пазбягаючы адкрытых баёў, бо не было магчымасці фінансаваць большае войска, ён займаўся ўмацаваннем залогі Дзвінску - фарпоста Полацкай зямлі з паўночнага захаду. Гэта дало яму магчымасць паспяхова абараніць крэпасць 15 кастрычніка 1625 г. ад атак удвая большых сілаў шведскіх войскаў пад камандаваннем Якуба дэ ля Гард'е. Але ўрэшце колькасная і якасная перавага на баку шведаў прывяла да перамогі іх у кампаніі над беларускім рыцарствам у Інфлянтах. Густаў Адольф пад Вальмойзам разбіў войска вялікага гетмана (камандаванне на той час было перададзена сыну Льва Сапегі - Станіславу) 16-17 кастрычніка 1625 г. [3, с. 245].

Цяжкае паражэнне ў бітве пад Вальмойзам паказала перавагу шведскай пяхотнай тактыкі мушкетэраў над беларускай конніцай. Хоць гэта было першае паражэнне, атрыманае беларускім войскам ў адкрытым полі, яшчэ за год да таго польны гетман Крыштаф ІІ Радзівіл дамагаўся на сой­ме (1624 г.) вайсковых рэформаў, апелюючы на немагчымасць вытрымаць агнявога ўдару шведскай пяхоты. Алярм Радзівіла тады не быў пачуты, і войска працягвала камплектавацца пераважна па старым прынцыпе.

Вузкастанавае камплектаванне войска, слабы рост гаспадарчага поступу прыводзілі да слабой кансалідацыі грамадства, дзе малую папулярнасць у народзе меў сойм - прадстаўнічы орган сацыяльна вузкага пласта насельніцтва краіны. Таму войны, якія праводзіліся, асабліва па-за межамі Беларусі, мелі малое разуменне і падтрымку - былі непапулярныя ў народзе. Таму, комплексна ацэньваючы стан вайсковай справы ў Вялікім княстве Літоўскім, можна сцвердзіць, што тагачаснае войска не магло даць рады ў паўсталых навачасных праблемах пры абароне дзяржавы і патрабавала рэфармавання палітычнай і эканамічнай сістэмаў краіны.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Podhorecki, L. Stanisław Żółkiewski / L. Podhorecki. - Warszawa, 1988. - 318 s.

2. Polski Słownik Biograficzny. - T. XXXV/1. - Warszawa-Kraków, 1994. - S. 84-88.

3. Polskie tradycje wojskowe. - T. 1. - Warszawa, 1990. - 479 s.

4. Абрамович, Г. Князья Шуйские и российский трон / Г. Абрамович. - Л.,1991. - 192 с.

5. Адраджэнне: Гістарычны альманах. - Вып.1 / cклад. і навук. рэд. А. Грыцкевіч. - Мінск, 1995. - 259 с.

6. Арлоў, У. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862-1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі / У. Арлоў, Г. Сагановіч. - 2-е выд. - Вільня, 2000. - 223 с.

7. Бельскі, А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч / А. Бельскі, М. Ткачоў. - Мінск, 1992. - 52 с.

8. Доўнар-Запольскі, М. Гісторыя Беларусі / М. Доўнар-Запольскі. - Мінск, 1994. - 510 с.

9. Ёргенсен, К. Войны и сражения Нового Времени 1500-1763 гг. / К. Ёргенсен, М. Павкович и др. - М., 2006. - 264 с.

10. Ластоўскі, В. Нарысы з беларускай гісторыі / В. Ластоўскі // - Спадчына. 1996. - № 5. - С. 58-122.

11. Саверчанка, І. Астафей Валовіч / І. Саверчанка. - Мінск, 1992. - 93 с.

12. Сагановіч, Г. Войска Вялікага княства Літоўскага ў ХVI-XVII стст. / Г. Сагановіч. - Мінск, 1994 - 79 с.

13. Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г. Сагановіч. - Мінск, 2001. - 412 с.

14. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Мінск, 1989. - 573 с.

15. Чарняўскі, М. Правадыр крылатых вершнікаў. Ян Кароль Хадкевіч / М. Чарняўскі. - Мінск, 1998. - 61 с.

16. Шкялёнак, М. У трохсотыя ўгодкі сьмерці Льва Сапегі / М. Шкялёнак // Гадавік БНТ. - Кн. 1. - Вільня, 1933. - С. 17-45.




И.Ю. Уваров

ЗЕМСКАЯ СЛУЖБА ПО СТАТУТУ ВКЛ 1588 г.


В XVI в. вооруженные силы ВКЛ формировались из поветовых ополченцев - выходцев из шляхетско-боярской среды, которые были приписаны к своим воинским подразделениям - «почтам». Боевые качества этого войска были не очень высоки: слабоорганизованное, малодисциплинированное. Зато значительной боеспособностью обладало в этот период наемное войско, которое набиралось в странах Западной Европы. Для обеспечения обороноспособности страны услугами наемных отрядов пользовались великий князь Сигизмунд І «Старый», Сигизмунд Август. Но полностью укомплектовать свою армию силами наемников ВКЛ не могло из-за нехватки денежных средств [2, с. 128].

В XVI в. великокняжеское войско перестало отвечать требованиям эпохи, новой тактике и стратегии ведения войны. Армия ВКЛ состояла из наспех собранной, не имевшей единого руководства, к тому же лишенной стратегической инициативы феодальной конницы [5, с. 262-263], тогда как значительного успеха в битве могла достичь пехота. По состоянию на осень 1567 г. в гродненской хоругви насчитывалось 29 пеших и 714 конных воинов [6, с. 711-712]. В других поветах положение было практически аналогичным. Трокский повет выставил тогда 614 всадников, Новогрудский - 465; в Пинском ополчении было 234 всадника и наименьшее количество пеших воинов [6, с. 673, 838, 1215].

Порядок несения военной службы в ВКЛ в конце ХVI в. был оговорен целым рядом положений Статута 1588 г., зафиксированных в разделе «О земской службе». В нем оговаривалось, что вопросы обороны страны и сбора серебщины находятся в компетенции сейма [7, разд. ІІ, ст. 2].

Согласно Статуту, военнообязанными были духовенство, князья, паны, дворяне, земяне, шляхта, а также татары и мещане, которые владели имениями, купленными у шляхты [7, разд. ІІ, ст. 1]. От несения военной службы господарь освобождал людей по болезни и другим причинам. Из пограничных замков служилых людей в войско не призывали [7, разд. ІІ, ст. 3]. Если шляхтич отдавал свое имение в залог под определенную сумму денег, отправлять земскую службу должен был тот, кто давал залог [7, разд. ІІ, ст. 4].

Сбор и отправка шляхты на войну осуществлялась в соответствии со следующими правилами: 1) шляхетское ополчение собиралось после постановления вального сейма; 2) поветовая хоругвь собиралась в определенном месте и организованно двигалась к месту сбора войска; 3)каждая хоругвь под руководством каштеляна или маршалка поступала в распоряжение воеводы, который проверял всех прибывших по списку; 4)после регистрации у воеводы все хоругви данного воеводства двигались к общему месту сбора войска, которое указывал великий князь или гетман; 5)в период движения войска на марше представители военной администрации обязаны были следить, чтобы их подчиненные не причиняли убытков местным жителям; 6) если шляхтич, находясь в войске, нарушал дисциплину, то его судили в присутствии двух других шляхтичей; при совершении более тяжких преступлений суд чинило вышестоящее начальство [7, разд. ІІ, ст. 7].

Если ратники, идущие на войну, причинили обиды духовным или светским лицам: нападали на дома, гумна, ловили рыбу в прудах, избивали кого-либо по пути следования, - за такие преступления виновных наказывали смертью. За воровство назначался денежный штраф [7, разд. ІІ, ст. 18].

При объявлении начала военных действий и сбора войска, в соответствии со Статутом, на войну обязаны были идти все старосты, державцы, врядники земские и поветовые, а также шляхта. Шляхтич, занятый на службе при дворе, был обязан вместо себя отправить в войско своего брата или другого родственника. Шляхтич, который имел владения в нескольких поветах ВКЛ, становился во главе ополчения от своего главного имения, а служилые люди из других его имений поступали в распоряжение местных поветовых хорунжих [7, разд. ІІ, ст. 8].

Участие духовенства в отправлении земской службы оговаривалось в Статуте 1588 г. следующим образом: 1) представители духовного сословия от всех своих владений были обязаны выставлять на войну ратников, а во главе каждого воинского подразделения назначать опытного шляхтича; 2) ратники от имений духовенства поступали в состав ополчения данного повета; 3) освобождались от призыва в войско крестьяне из владений Виленского иезуитского коллегиума, приобретенных им до 1588 г. [7, разд. ІІ, ст. 9].

Предусматривалось освобождение от военной службы по состоянию здоровья: 1) шляхтич, заболев, был обязан доложить об этом хорунжему своего повета через трех шляхтичей, которые осмотрели больного и подтвердили его немощь; 2) «паны-рады, врядники и других чинов люди» отсутствие в войске по причине болезни должны были объяснить самому великому кнзяю или гетману. Шляхтич мог послать в армию вместо себя сына при условии, что тот годен к земской службе и не отделен от хозяйства отца [7, разд. ІІ, ст. 11].

О дисциплине в войске в период войны в Статуте сказано следующее: 1) каждый шляхтич исполнял ратную службу со своим оружием и конем; 2) оставление без согласия гетмана расположения своей части считалось дезертирством; 3) в походе и на месте расположения армии все ратники должны были находиться при своем хорунжем [7, разд. ІІ, ст. 10]. Хорунжие не имели права отпускать военнообязанных без веской на то причины. Военачальник среднего звена, который утаил от гетмана отсутствие ратника, и это было доказано, утрачивал свое хорунжество [7, разд. ІІ, ст.18].

Ратников, опоздавших на сбор войска (такими считались те, кто без уважительной причины не явился в срок к гетману на регистрацию), отправляли в пограничные гарнизоны, и они должны были служить в войске дополнительный срок, равный времени опоздания [7, разд. ІІ, ст.13]. Бегство с поля боя каралось лишением шляхетской чести и прав на владение имением [7, разд. ІІ, ст.14]. Ратник, потерявший на войне коня или оружие, лишался права владеть ими [7, разд. ІІ, ст.15].

Статут предусматривал вознаграждение армейских делопроизводителей за работу по регистрации прибывших в войско ратников - по полгроша за каждого оформленного. На должность армейского писаря принимались грамотные люди из шляхетского сословия [7, разд. ІІ, ст.16].

Таким образом, раздел Статута 1588 г. «О земской службе» являлся своего рода воинским уставом, оговаривавшим порядок призыва на службу и ее несения и способствовавшим укреплению дисциплины в шляхетских формированиях.


Список источников и литературы


1. Доỹнар-Запольскi, М.В. Асновы дзяржаỹнасцi Беларусi / М.В. Доỹнар-Запольскi. - Минск,1994.

2. Кутшеба, С. Очерк истории общественно-государственного строя Польши /C. Кутшеба. - СПб., 1907.

3. Лаппо, И.И. Литовский Статут в Московском переводе / И.И. Лаппо. - Юрьев, 1916.

4. Лаппо, И.И. Литовский Статут 1588 года / И.И. Лаппо. - Т. 2. - Каунас, 1938.

5. Леонтович, Ф.И. Крестьянский двор в Литовско-русском государстве / Ф.И. Леонтович. - Вып. I. - СПб., 1897.

6. Литовская Метрика // Русская историческая библиотека. - Т. XXXIII. - Пг., 1915.

7. Статут Вялiкага княства Лiтоỹскага 1588. Тэксты. Даведнiк. Каментарыi. - Мінск, 1989.

8. Bardach, J. Historia państwa i prawa Polskiego / J. Bardach, B. Lesnodorski, M. Pietrzak. - Warzawa: PWN, 1985.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX