Папярэдняя старонка: Леў Сапега i яго час

V. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ ДУМКА 


Дадана: 23-10-2009,
Крыніца: Леў Сапега i яго час, Гродна : ГрДУ, 2007. - 422 с..

Спампаваць




V. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ ДУМКА... 200

Касцюк М.П. ІДЭІ СВАБОДЫ І ПРАВА Ў СВЕТАПОГЛЯДЗЕ І ДЗЕЙНАСЦІ ЛЬВА САПЕГІ... 200

Самусік А.Ф. СКЛАДВАННЕ ГУМАНІСТЫЧНАГА СВЕТАПОГЛЯДУ Ў АСЯРОДДЗІ ПРАВЯЧАЙ ЭЛІТЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVI - ПАЧАТКУ XVIІ стст. ... 204

Стасевіч М.П., Ламека В.М. ЛЕЎ САПЕГА - «НЕВЯДОМЫ» ГУМАНІСТ ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ... 209

Габрусевіч С.А. ІДЭЯ СВАБОДЫ Ў САЦЫЯЛЬНАЙ ФІЛАСОФІІ ЛЬВА САПЕГІ... 212

Красноў М.І. ІДЭЙНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ Ў ГРАМАДСКАЙ СВЯДОМАСЦІ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ XVII ст. ... 215

Прыка Г.А. TERRA PATERNA Ў РАЗУМЕННІ БЕЛАРУСКІХ ЛАЦІНАМОЎНЫХ ПАЭТАЎ XVI ст. ... 220

Дземідовіч А.В. ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ 1569 г. ВА ЎСПРЫМАННІ ШЛЯХТЫ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ (ДРУГАЯ ПАЛОВА XVI - ПЕРШАЯ ТРЭЦЬ XVII ст.)... 224


V. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ ДУМКА


М.П. Касцюк

ІДЭІ СВАБОДЫ І ПРАВА Ў СВЕТАПОГЛЯДЗЕ
І ДЗЕЙНАСЦІ ЛЬВА САПЕГІ


Сярод выдатных прадстаўнікоў ранняга Новага часу ў Беларусі адно з першых месцаў належыць Льву Іванавічу Сапегу. Сёлета - 450-годдзе з часу яго нараджэння. Знамянальна, што пасля многіх гадоў стрыманых адносін і нават замоўчвання мы зноў звярнуліся да гэтай неардынарнай асобы, каб больш аб'ектыўна ацаніць яе месца ў нашай гісторыі.

Л. Сапега прайшоў грунтоўны шлях адміністрацыйнай дзейнасці ў Вялікім княстве Літоўскім. Пачаўшы ў даволі маладым, дваццацічатырохгадовым узросце працаваць вялікім пісарам у княстве, ён затым стаў падканцлерам. На працягу значнага адрэзку часу, а менавіта ў 1589-1623 гг., быў канцлерам ВКЛ. Пасля гэтага з'яўляўся віленскім ваяводай і адначасова з 1625 г. - вялікім гетманам.

Для працы на такіх высокіх і адказных пасадах Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега быў дастаткова падрыхтаваным чалавекам. Спачатку ён вучыўся ў Нясвіжы, а ў 1570-1573 гг. засвойваў многія навукі ў Германіі, у Лейпцыгскім універсітэце. Аб яго падрыхтоўцы, у першую чаргу гуманітарнай, гаворыць той факт, што ён добра ведаў шэраг замежных моў.

У працэсе вучобы ў яго актыўна фарміраваліся адпаведныя погляды. Як звычайна бывала ў тыя часы, свецкі светапогляд людзей быў цесна звязаны з рэлігійным. Пачынаў ён сваю дзяржаўную дзейнасць як праваслаўны. Затым, у час вучобы ў Германіі, перайшоў у кальвінізм. Аднак можна меркаваць, што кальвінісцкае вучэнне не пакінула ў яго светапоглядзе прыкметнай устойлівасці і дастаткова выразнага праяўлення. Ва ўсялякім разе ў наступных сведчаннях аб яго поглядах на арганізацыю жыцця ў Вялікім княстве Літоўскім асноўны пастулат кальвінісцкай тэалогіі - вучэнне пра наканаванне - у яго выражаны дастаткова ўмерана і праглядаецца ў натуральных праявах чалавека на жыццё, маёмасць і інш.

Пераход Л. Сапегі ў 1586 г. у каталіцтва таксама сведчыў аб няўстойлівасці яго кальвінісцкіх поглядаў. Яны праяўляліся значна менш, чым, напрыклад, у Мікалая Радзівіла Чорнага ці прадстаўнікоў іншых знакамітых родаў Беларусі - Кішкаў, Валовічаў, Хадкевічаў, Саламярэцкіх, Тышкевічаў і гэтак далей.

Аднак Л. Сапега выступаў як актыўны прыхільнік захавання суверэнітэту Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць яго ўдзел разам з канцлерам А.Б. Валовічам і падканцлерам К. Радзівілам ва ўтварэнні Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Характэрна, што паводле закона «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага», прынятага ў 1581 г., у гэты орган маглі быць выбраны толькі ўраджэнцы княства, а менавіта шляхціцы, якія мелі ўласныя маёнткі. Да таго ж патрэбна было падцвярджэнне гэтага ў адпаведных прававых дакументах. Дадзеная і іншыя акалічнасці ў фарміраванні і дзейнасці Трыбунала сведчылі аб дастаткова выразным праяўленні поглядаў яго стваральнікаў, у тым ліку, а, магчыма, у першую чаргу Льва Сапегі, на карысць максімальнага захавання аўтаномнага статуса Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай.

Нельга не адзначыць, што, перайшоўшы ў каталіцтва, Л. Сапега падзяляў план стварэння федэрацыі, у якую планавалася ўключыць Польшчу, Вялікае княства Літоўскае і Маскоўскую дзяржаву. Меркавалася, што на чале яе будзе адзін кароль і, магчыма, ім павінен быць цар маскоўскі. Не зусім зразумелыя матывы, якія рухалі Л. Сапегам у гэтым напрамку. Магчыма, тут таксама праглядаецца яго імкненне да захавання суверэнітэту ВКЛ пасля Люблінскай уніі.

Неабходна канстатаваць, што маскоўскі напрамак у дзейнасці Льва Сапегі быў даволі ўстойлівым. Дастаткова нагадаць вядомыя факты аб тым, што ён нярэдка ўдзельнічаў у дыпламатычных місіях па ўрэгуляванню адносін з Маскоўскай дзяржавай. У той жа час ім не была падтрымана місія Ілжэдзмітрыя І, таму што быў намер мець з усходнім суседам адпаведную унію. Аднак вядома, што ён падтрымаў Ілжэдзмітрыя ІІ і ўдзельнічаў у некаторых яго акцыях у барацьбе за маскоўскі трон.

Характэрна, што прымаючы ўдзел у царкоўным саборы ў Бярэсці ў 1596 г., ён падтрымаў царкоўную унію, пасля забойства ў Віцебску праваслаўнымі мяшчанамі уніяцкага полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ўзначаліў судовую камісію па гэтай справе. Менавіта пад яго кіраўніцтвам былі вынесены суровыя пакаранні ўдзельнікам гэтай акцыі.

І ўсё ж такі ў светапоглядзе і дзейнасці Л. Сапегі надзвычай адметнае месца займала ўсё, што было звязана з умацаваннем і ўдасканаленнем прававой асновы Вялікага княства Літоўскага. Пасля заключэння Люблінскай уніі гэта з'яўлялася асабліва надзённым і, больш таго, крайне неабходным. Нагадаем, што менавіта па загаду Л. Сапегі ў канцы ХVІ - пачатку ХVІІ стст. былі нанава перапісаны кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. Гэтая праца вялася больш дзесяці гадоў. Як вядома, гэтыя кнігі захаваліся праз стагоддзі, і мы маем магчымасць карыстацца імі цяпер.

Погляды Л. Сапегі і яго прававая дзейнасць найбольш выразна праявіліся, калі ён узначаліў соймавую камісію па падрыхтоўцы разам з канцлерам ВКЛ А.Б. Валовічам Статута Вялікага княства Літоўскага, які быў выдадзены ў 1588 г. у друкарні Мамонічаў у Вільні. Характэрна, што Статут у шэрагу выпадкаў ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569 г. Л. Сапега не толькі фінансаваў гэтае выданне, але рэдагаваў артыкулы Статута і напісаў да яго знакамітую прадмову. Яна, як вядома, называецца «Зварот да ўсіх саслоўяў Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі».

Нельга не звярнуць увагу на яго разуменне свабоды як надзвычай важнай і істотнай з'явы ў жыцці чалавека. У «Звароце» аб гэтым гаворыцца: «Усматривали то всех веков люди мудрые, что в каждой речи посполитой порядочному человеку нет ничего дороже свободы. А неволя так должна быть отвратительна, что не только сокровищами, но и смертью ее от себя отгонять обязан». Характэрна і зусім натуральна, што ўжо ў тыя часы аўтар параўноўвае свабоду з няволяй і нават супрацьпастаўляе гэтыя паняцці і станы чалавека.

Свабода выступае ў разуменні Л. Сапегі як найвялікшая каштоўнасць. З ёю не могуць параўнацца ні маёмасць, ні нават жыццё чалавека. Таму катэгарычна яго сцвярджэнне: «А поэтому порядочные люди не только имущества, но и жизней своих против каждого неприятеля выносить не жалеют, чтобы под их жестокую власть не попасть».

Акрамя агульных падыходаў у сваім звароце-прадмове да Статута Леў Сапега сфармуляваў сваё больш канкрэтнае разуменне свабоды. Яно гучыць так: «... Та цель и результат всех прав есть и должны быть на свете, чтобы каждый добрую славу свою, здоровье и имущество в целости имел, а на том всем никакого ущерба не терпел и то есть наша свобода».

Характэрны «тры рэчы», якія выстаўляліся аўтарам «Зварота» на першы план пры разуменні свабоды. Гэта - «слава добропорядочная», жыццё, у тым ліку здароўе, і маёмасць. Усім гэтым трэба карыстацца свабодна. Мы не можам не звярнуць увагу на паслядоўнасць пераліку гэтых трох найбольш важных рэчаў у жыцці чалавека. На першае месца Л. Сапега ставіць славу. Пры гэтым яна павінна быць «добропорядочной». Гэтым характарызуецца яе выключнае значэнне, а таксама роля сумлення чалавека. Затым ідуць жыццё і маёмасць. Як бачым, маёмаснае становішча таксама займала адно з першых месцаў у тагачасным жыцці і дзейнасці. І гэта зразумела, калі прыняць да ўвагі матэрыяльнае забеспячэнне Л.Сапегі і тыя падыходы да прыватнай уласнасці, якія меліся ў той час.

Аднак свабода, як вядома, - гэта не толькі незалежнае становішча ад каго бы то ні было. Гэта яшчэ і ўсвядомленая неабходнасць. А яна вызначаецца пэўнымі прававымі нормамі. Л. Сапега ў прынцыпе падышоў да разумення гэтага, таму ў яго «Звароце» ідэя свабоды так непасрэдна суседнічае з ідэямі права. Асэнсаванне права, яго месца і ролі ў жыцці грамадства - адзін з важнейшых бакоў светапогляду кіраўніка працы па стварэнні трэцяга Статута ВКЛ.

Ставячы правы грамадзян вышэй іх маёмаснага становішча, Л.Сапега выступаў за фактычнае ўраўненне ўсіх жыхароў Вялікага княства Літоўскага перад законам. Гэта тым больш паказальна, што ён сам адносіўся да самых заможных прадстаўнікоў грамадства. У гэтай сувязі нельга не звярнуць увагу на яго сцвярджэнне: «Тогда тот мундштук или удило, на сдерживание каждого наглеца был изобретен, чтобы боясь права от всякого насилья и произвола сдерживался, а над более слабым и худшим не издевался и угнетать его не мог, ибо для того права установлены, чтобы богатому и сильному не все можно было делать».

Аддаючы належнае і высока ўзносячы тагачаснага караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ, прысвячаючы яму нават ствараемы Статут, Леў Сапега тым не менш лічыў, што і манарх павінен падпарадкоўвацца агульным прававым законам. У гэтай сувязі ён пісаў: «Ибо не только сосед и совместный наш житель в отечестве, но и сам государь пан наш никакого верховенства над нами употреблять не может, единственно столько, сколько ему право допускает».

Паказальна для сярэднявечча сцвярджэнне, якое заключаецца ў тым, што права павінны ведаць усе прадстаўнікі грамадства. Даволі разгорнута аб гэтым сказана наступным чынам: «Следует каждому порядочному человеку, чтобы о нем знал, а будучи хорошо осведомлен, чтобы как сам себя и свою вспыльчивость сдерживал и согласно праву писаному действовал и никого не обижал, так если бы кем-либо был обижен, чтобы знал, где защиту и лекарство в обиде своей должен искать. Ибо как один сенатор римский другого штрафовал, что прав отечества своего не знал, так каждый житель заслуживает порицания, который свободой похваляется, а прав уметь и понимать не хочет, которым правом всю свободу свою защищенную имеет».

Характэрна рэмарка адносна таго, што права ў Вялікім княстве Літоўскім ствараецца на сваёй мове. Ужо ў той час Леў Сапега палічыў неабходным гэта адзначыць: «А если некоторому народу стыдно права своего не знать, особенно нам, которые не чужим каким языком, но своим собственным права записанные имеем и в каждое время что нам необходимо к отражению всякой обиды можем знать». Гэта - надзвычай паказальна. Л. Сапега разумеў, што прававыя катэгорыі значна лепш даходлівыя да жыхароў на іх роднай мове. Дзяржаўны статус старабеларускай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім тым больш павышаў гэтую яе функцыю. Таму і з дадзенага пункту гледжання ствараемаму Статуту было наканавана доўгае жыццё.

Грамадска-палітычную і сацыяльную значнасць Статута Леў Сапега разумеў ва ўсім аб'ёме, таму «стоимости и расходов своих не жалел». І гэта таксама паказальна для яго пазіцыі. Як і тое, што ён занепакоена турбаваўся: хто ж будзе праводзіць Статут у жыццё, як будуць рэалізоўвацца яго ідэі свабоды і прававыя палажэнні, закладзеныя ў гэтым кодэксе законаў. Таму свой «Зварот да ўсіх саслоўяў Вялікага княства Літоўскага» яго аўтар заканчвае даволі знамянальнымі словамі: «Прошу соизволить ваши милости тот труд от меня благодарно принять, а имея свободы свои правом хорошо защищенные, то оберегать, чтобы вы в суды и трибуналы не только людей добрых и эти права наши хорошо знающих избирали, но боящихся господа Бога и добродетельных, которые бы не для корысти своей и во вред ближнего из-за жадности своей и для подарков права искажали, но простым порядком идя святую правду и справедливость соблюдали, а ту свободу, которой пользуемся, в целости нам сохранили».

Дзейнасць Льва Сапегі па стварэнню трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага, як і іншыя справы прадстаўніка знакамітага беларускага роду, ужо ў тыя часы высока ацэньваліся сучаснікамі. Характэрны ў гэтых адносінах словы Андрэя Рымшы з яго «Панегірыка гербу Льва Сапегі»:

Они в небытие бесследно не уйдут,

Что ими начато - потомки доведут.

І мы, сённяшнія нашчадкі нашых далёкіх продкаў, належным чынам ацэньваем іх справы, у тым ліку дзейнасць Льва Сапегі, увасабленне яго ідэй свабоды і права ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Вядома, што некаторыя палажэнні Статута карэктавалі шэраг артыкулаў Люблінскай уніі ў бок захавання суверэнітэту ВКЛ. А гэта ў тых умовах было надзвычай важна.

Многія іншыя рысы тагачаснага беларускага грамадства былі замацаваны ў выніку прымянення трэцяга Статута ВКЛ - талерантнасць, міжканфесійныя, сацыяльныя адносіны і гэтак далей. Ва ўмовах знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, нарастання палітыкі паланізацыі гэта мела важнае значэнне для захавання беларускага этнасу і ўсяго беларускага народа.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Мінск, 1989.

2. Саверчанка, І.В. Канцлер Вялікага княства: Леў Сапега / І.В. Саверчанка. - Мінск, 1992.

3. Лабынцев, Ю.А. Статут Великого княжества Литовского 1588 г. - памятник белорусской старопечатной литературы (к 400-летию выхода в свет) / Ю.А. Лабынцев // Советское славяноведение. - 1988. - № 5.

4. Третий литовский Статут 1588 г.: материалы республиканской научной конференции. - Вильнюс. 1989.




А.Ф. Самусік

СКЛАДВАННЕ ГУМАНІСТЫЧНАГА СВЕТАПОГЛЯДУ Ў АСЯРОДДЗІ ПРАВЯЧАЙ ЭЛІТЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVI - ПАЧАТКУ XVIІ стст.


У XV-XVI стст. Еўропа ўяўляла сабою рэгіён, дзе на фоне бурлівых палітычных падзей і хуткай эвалюцыі гаспадаркі адбываліся істотныя змены ў сацыяльна-культурным развіцці. Секулярызацыя паўсядзённага жыцця, узмацненне ў ім свецкага пачатку паступова ахапілі большую частку еўрапейскіх краін. Вызначальную ролю ў гэтым працэсе адыграў новы гуманістычны светапогляд - ідэалагічная аснова эпохі Адраджэння.

Гуманізм у азначаны перыяд ператварыўся ў шырокі грамадскі рух. Паўсюдна ўзнікалі гурткі гуманістаў, іх прыватныя навучальныя ўстановы. Прыхільнікаў новага светапогляду пачалі запрашаць ва універсітэты. Якраз яны сталі ўсё часцей займаць адказныя дзяржаўныя пасады. У рэшце рэшт, з'явілася новая «гуманістычная інтэлігенцыя», аб'яднаўшая прадстаўнікоў навукова-асветных і творчых колаў тагачаснага грамадства [3, с. 7].

Гуманістычная культура пры гэтым склалася ў межах феадальнага асяроддзя і таму была вымушана суіснаваць з кансерватыўна-рэлігійнай традыцыяй. Іх сінтэз найлепш праявіўся якраз у паступовай трансфармацыі светапогляду еўрапейскай арыстакратыі, якая лёгка ўспрыняла тыя ідэі гуманістаў, што датычыліся атрымання асалоды ад зямнога жыцця (эпікурэйска-гедыністычны рух). Дзякуючы гэтаму новая свецкая культура выйшла за межы нешматлікіх гурткоў гуманістаў і дамоў буржуазіі. Двары манархаў і заможных арыстакратаў сталі новымі культурнымі цэнтрамі. Тут збіраліся вядомыя мастакі, архітэктары і паэты. У выніку гэтага хутка пашырылася мода на мецэнацкую дзейнасць, якая неўзабаве стала фінансавай асновай перабудовы асноў паўсядзённага жыцця.

Спачатку ўсё гэта праявілася ў так званых «малых адраджэннях», якія рушылі ўслед за знакамітым «Каралінгскім Адраджэннем», - вядомымі месцамі сканцэнтравання навуковага і мастацкага жыцця былі двары заснавальніка Свяшчэннай Рымскай імперыі Атона І (Х ст.), караля Касціліі Альфонса Х (ХІІІ ст.), караля Шатландыі Якава І (XV ст.). У Чэхіі эпоха асветнага праўлення прыйшлася на час Карла І (XІV ст.), у Польшчы - Уладзіслава ІІ (Ягайлы). У Вялікім княстве Літоўскім (далей ВКЛ) шырока вядомы асяродак культуры склаўся пры двары Вітаўта. Менавіта тут, напрыклад, у 1408 г. адбылося найбольш ранняе ў Еўропе прадстаўленне клавікорда [11, с. 6-7]. З цягам часу прыклад манархаў стаў пераймацца і іншымі феадаламі, абавязковай нормай жыцця для якіх стала навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах, збіранне кніг і мастацкіх твораў, знаёмства з вядомымі літаратарамі, навукоўцамі і мастакамі, арганізацыя ва ўласных сядзібах музычна-тэатральных відовішчаў.

Беларускія землі ў гэтым плане не ўяўлялі выключэння, бо былі адкрытыя для знешняга культурнага ўздзеяння. У першую чаргу, гэта датычылася кантактаў з Заходняй Еўропай, чые дасягненні ў развіцці сацыяльна-эканамічных адносін і культуры разглядаліся айчынным грамадствам у якасці выдатнага прыклада для пераймання. Сярод прычын складвання падобнай тэндэнцыі можна вылучыць: падабенства дзяржаўнага ладу і сацыяльных адносін, якія ўсталяваліся; паступовы заняпад візантыйскай культурнай традыцыі; трывалыя гандлёвыя сувязі; зацікаўленасць Еўропы у пашырэнні свайго ўплыву на ВКЛ як верагоднага саюзніка ў барацьбе супраць Асманскай імперыі [4, с. 4-6]. Спецыфіку ж і асноўныя напрамкі міжнародных сувязяў Беларусі заўсёды вызначала яе важнае геапалітычнае палажэнне пасрэдніцы паміж Еўропай і Усходам.

Інтэнсіўнае пранікненне на беларускія землі еўрапейскай культуры пачалося ў XV ст. Шмат у чым гэта звязана з тым, што ўсё больш выхадцаў з ВКЛ сталі атрымліваць адукацыю за мяжой. Пры гэтым поруч з мяшчанамі адпраўлялася на Захад і тутэйшая арыстакратыя. Вядома, што ў Кракаўскім універсітэце вучыўся цэлы шэраг славутых прадстаўнікоў айчыннай правячай эліты - князь Андрэй са Свіры (1476 г.), Ян Альшанскі (1488 г.), князь Павел з Гродзеншчыны (1504 г.), Міхаіл Сапега (1542 г.) [1, с. 13-15]. Менавіта з гэтай вышэйшай навучальнай установай звязаны і першыя звесткі аб асветнай мецэнацкай дзейнасці магнатаў з ВКЛ - у спісе фундатараў універсітэта значацца віленскі кашталян і жмудскі староста М. Кезгайла, віленскі ваявода Я. Гаштольд і інш. [6, с. 234].

Што ж датычыцца навучання за мяжой, то ў далейшым яно пачало атрымліваць усё новыя формы. Дзеці магнатаў сталі адпраўляцца ў еўрапейскія універсітэты з цэлай світай - у 1580-х гг. у Інгальштадскім універсітэце вучыўся князь А. Алелькавіч, якога суправаджала 15 шляхціцаў, якія знаходзіліся на поўным яго забеспячэнні [7, с. 26]. Звычным стала і наведванне некалькіх універсітэтаў з вывучэннем у кожным з іх асобнага курсу навук. Князь Б. Саламярэцкі ў канцы XVI ст. разам з уласным настаўнікам славутым асветнікам М. Сматрыцкім наведаў Лейпцыгскі, Нюрнбергскі і Вітэнбергскі універсітэты, дзе пазнаёміўся з прафесарамі гэтых «чужаземных Акадэмій свабодных навук» [10, с. 27].

Відавочна, што разуменне неабходнасці атрымання належнай адукацыі пранікала ў арыстакратычнае асяроддзе паступова. Зафіксавана гэта і ў заканадаўчых дакументах. Так, калі ў першым Статуце ВКЛ выезд у Еўропу дазваляўся для «навченья вчинков рыцэрских», то ўжо ў трэцім Статуце ВКЛ давалася больш разгорнутае тлумачэнне: «для набытья наук, в писме цвиченья и учинков рыцерских» [13, с. 112; 15, с. 120]. Змянялася і сутнасць адукацыі. Нямецкі дыпламат С. Герберштэйн ва ўласных нататках пісаў аб славутым М. Глінскім тое, што ён з дзяцінства: «усвоил себе все благородные привычки и рыцарские упражнения, а так же всё, относящееся к делам воинским, ристалищам, колотью, борьбе и прыжкам» [5, c. 171]. У лісце ж да М. К. Радзівіла Сіроткі ў Страсбург яго бацька канцлер ВКЛ М.Радзівіл Чорны наступным чынам акрэсліў пастаўленыя перад сынам задачы: «З дапамогай Божай добрым аратарам і добрым пісарем лацінскім да хаты рыхтуйся прыехаць» [16, c. 84].

Зразумела, што толькі сферай асветы інтарэсы прадстаўнікоў правячай эліты ВКЛ у Еўропе не абмяжоўваліся. Звычным для іх стала служба пры дварах тутэйшых манархаў. Ужо згаданы М. Глінскі пасля вучобы ў Германіі, Італіі і Іспаніі служыў у войску саксонскага герцага Альбрэхта, а таксама імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна I, дзе «пройдя все ступени воинской службы, стяжал себе славное имя». Ф. Еўлашоўскі ў сваіх славутых мемуарах адзначаў, што яго сын Яўхім звыш дзесяці год служыў у князёў Ганзага ў Мантуі [14, c. 53]. Далучэнне айчынных магнатаў да еўрапейскай арыстакратыі праявілася і ў атрыманні імі з рук высакародных асоб тытулаў графаў (А. Гаштольд, 1529 г.) і князёў (М. Радзівіл Чорны, 1547 г.).

Асобныя праявы праеўрапейскай арыентацыі правячай эліты ВКЛ зліліся ў адзіны буйны напрамак пасля прыбыцця ў Беларусь знакамітай каралевы Боны (1518 г.). Справа тут нават не ў тым, што разам з ёй прыбыла шмат асветных італьянскіх дваран (той жа П. Сцыпіён дэль Кампа) і быў прывезены выдатны збор твораў антычных аўтараў і гуманістаў. Якраз яна заклала ў ВКЛ асновы гуманістычнага ідэала арыстакрата, выдатна сфармуляваныя ў той час графам Б. Касцільёне ў «Кнізе аб прыдворным» (Венецыя, 1528). Згодна змешчаным у ёй разважанням, узорны прадстаўнік прывілеяванага саслоўя - гэта універсальна развітая духоўна і фізічна асоба, якая спалучае цэлы шэраг прывабных якасцей (шляхетнасць, дабрадзейнасць, вытанчанасць, адукаванасць) і сваім прыкладам станоўча ўздзейнічае на манарха. Надзвычай важнай была і агучаная аўтарам «наватарская» думка аб тым, што грамадскую павагу і бессмяротную славу можна зарабіць не толькі ў бітве, але і на дзяржаўнай службе - праз сваю адданасць Радзіме, эрудыцыю і дабрачыннасць [2, с. 36-37].

Менавіта гэтым усім запатрабаванням цалкам адпавядалі славутыя прадстаўнікі правячай эліты ў XVI - пачатку XVII ст., дзякуючы якім і сапраўды дадзены перыяд айчыннай гісторыі можна лічыць «залатым векам». Першай найбольш адметнай асобай тут стаў, безумоўна, М. Радзівіл Чорны, актыўная грамадская пазіцыя якога была скіравана на ўмацаванне ВКЛ. У прыняцці кальвінізму ён бачыў не шлях да захопу царкоўнай уласнасці, а выдатную магчымасць вызваліць уласную Айчыну ад рэлігійнага ўціску з боку Польшчы і Расіі. Яго ж фундатарская дзейнасць з адкрыццём новых храмаў, школ, друкарань была разлічана на шырокія масы насельніцтва, што таксама цалкам адпавядала гуманістычнаму ідэалу.

Якраз пашырэнне асветы стала адным з найбольш важных вынікаў складвання на беларускіх землях новай культурнай традыцыі. Мецэнацтва магнатаў і шляхты тут мела вызначальны характар. Пад іх пільнай апекай навучальныя ўстановы пераўтвараліся ў буйныя цэнтры культурнага жыцця ВКЛ. Пад патранажам Я. Кішкі была адкрыта Іўеўская арыянская акадэмія, Я. Радзівіла і яго жонкі Соф`i з роду князёў Алелькавiчаў - Слуцкая кальвінісцкая гімназія. Сярод фундатараў Магілёўскай брацкай школы былі Е. Саламярэцкая і Я. Агінскі, Полацкай брацкай школы - браслаўскi земскi суддзя С. Мiрскi [17, с. 370-372]. Далейшае пашырэнне асветы прывяло да ўзнікнення першых прыватных бібліятэк. Напрыклад, канцлер ВКЛ Л. Сапега валодаў буйнейшым айчынны кнігазборам XVI ст. У яго склад уваходзіла да 3 тысяч тамоў, сярод якіх дамінавалі творы свецкага характару (Вяргілій, Цыцэрон і інш.) [12, с. 64-65].

Праявай паступовага ўкаранення гуманістычнага светапогляду ў арыстакратычным асяроддзі стала ўзмацненне іх дзяржаўнай і грамадскай самасвядомасці. Выдатным сведчаннем гэтага з'яўляецца змаганне А. Валовіча і Я. Хадкевіча за абарону правоў сваёй шматпакутнай Радзімы на Люблінскім сейме 1569 г. Пры гэтым прамова апошняга перад каралём, сенатарамі і пасламі 27 чэрвеня адносіцца да лепшых узораў тагачаснага аратарскага майстэрства з глыбінным філасофска-патрыятычным сэнсам і непаўторнымі эмацыянальна-вобразнымі адступленнямі [8, с. 467-471]. Відавочна, што рашучая пазіцыя асобных дэлегатаў не была ў стане дапамагчы ВКЛ захаваць сваю незалежнасць, але менавіта высокі ўзровень адукацыі тутэйшай правячай эліты ў далейшым дазволіў нівеляваць «дасягненні» палякаў пры заключэнні Люблінскай уніі. Нездарма ж менавіта выхаванец Лейпцыгскага універсітэта славуты Л. Сапега, вядомы ўласнай выдатнай падрыхтоўкай у галіне права, красамоўствам і шчырым патрыятызмам здолеў не толькі арганізаваць працу па стварэнню Статута ВКЛ 1588 г., але і дамагчыся яго зацвярджэння Жыгімонтам ІІІ Вазай.

Актыўная грамадская пазіцыя асобных прадстаўнікоў беларускай шляхты знайшла свой водгук і ў тагачасных літаратурных творах. А. Волан у сваіх трактатах абараняў правы простых грамадзян і выступаў за абмежаванне дзяржаўнага ўмяшання ў іх паўсядзённае жыццё. Ф. Кміта-Чарнобыльскі ў «Водпісах» рэзка крытыкаваў айчынную правячую эліту за бяздзейнасць і недастатковы патрыятызм. В. Цяпінскі адным з першых у ВКЛ акцэнтаваў увагу на неабходнасці абароны і развіцця народнай мовы і асветы як важнейшых фактараў умацавання самасвядомасці, этнічнай ідэнтычнасці тутэйшага грамадства [9, с. 90].

Нягледзячы на ўсё гэта, у цэлым перайманне асобных рэнесансавых традыцый феадальным асяроддзем аказалася ў пэўнай ступені часовай і нават фармальнай з'явай, што не дазволіла гуманістычнаму светапогляду трывала ўсталявацца ў Беларусі. Элітарная арыстакратычная культура ўсё больш пачала адасабляцца ад народнага асяроддзя. Контррэфармацыя і звязанае з ёй прыбыццё ў ВКЛ езуітаў спрыялі пашырэнню рэлігійнай нецярпімасці. Аграрная ж рэформа XVI ст. праз масавае запрыгоньванне сялянства прывяла да значнага ўзрастання прыбыткаў магнатаў і шляхты, якія цяпер сталі ўжо разглядаць усялякія прагрэсіўныя ідэі як рэальную пагрозу свайму дабрабыту.

Зразумела, што ўсё гэта не азначала вяртання да ранейшага ўкладу. Мясцовае прывілеяванае саслоўе трывала ўвайшло ў склад еўрапейскай арыстакратыі. Калі дакладней - у склад яго кансерватыўнага крыла. Нездарма ж, менавіта ў азначаны час у Рэчы Паспалітай пашырылася канцэпцыя сармацкага паходжання шляхты. Яна не толькі істотна замарудзіла працэс кансалідацыі беларускай народнасці і складвання нацыянальнай культуры, але і ў значнай ступені супярэчыла гуманістычнаму светаўспрыманню. Толькі эпоха Асветніцтва здолела прынесці ў Беларусь прагрэсіўныя змены. Але пры гэтым трэба ўсё ж прызнаць, што і яны наўрад ці былі б магчымы, калі б у XVI - пачатку XVII ст. ідэі гуманізму не знішчылі ў рэгіёне ранейшую сацыяльна-канфесійную замкнёнасць і не зрабілі яго арганічнай часткай еўрапейскай культурнай прасторы.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Александровіч, С. Кнігі і людзі / С. Александровіч. - Мінск, 1976.

2. Баткин, Л. М. Итальянские гуманисты: стиль жизни, стиль мышления / Л. М. Баткин. -М., 1978.

3. Брагина, Л.М. Итальянский гуманизм. Этические учения XIV-XV вв. / Л.М. Брагина. - М., 1977.

4. Галенчанка, Г.Я. Еўрапейскія сувязі Беларусі ў этна-канфесійным і духоўным кантэксце (ХІІІ - сярэдзіна XVII ст.) / Г.Я. Галенчанка. - Мінск, 1998.

5. Герберштейн, С. Записки о Московитских делах / С. Герберштейн. - СПб., 1908.

6. Голенченко, Г.Я. Студенты Великого княжества Литовского в Краковском университете XV-XVI вв. / Г.Я. Голенченко // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. - М., 1976. - С. 228-240.

7. Грыцкевіч, А. Рэгіянальная культура Случчыны ў XVI-XVIII стст. / А. Грыцкевіч // Беларусіка=Albaruthenica. - Кн. 3. - Мінск, 1994. - С. 23-31.

8. Дневник Люблинского сейма 1569 года. - СПб., 1869.

9. Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. - Минск, 1961.

10. Короткий, В. Творческий путь Мелетия Смотрицкого / В. Короткий. - Минск, 1987.

11. Музыка Беларусі эпох сярэднявечча і Рэнесанса. - Т. 1. - Мінск, 2005.

12. Нікалаеў, М. Аблічча сярэдневяковай бібліятэкі. Кнігазборы Сапегаў / М. Нікалаеў // Мастацтва Беларусі. - 1985. - № 7. - С. 64-65.

13. Первый Литовский статут. Тексты на старобелорусском, латинском и старопольском языках. - Т. 2. Ч. 1. - Вильнюс, 1991.

14. Помнікі мемуарнай літаратуры XVII ст. - Мінск, 1983.

15. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Мінск, 1989.

16. Федорук, А.Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А.Т. Федорук. - Минск, 2004.

17. Харлампович, К. Западнорусския православныя школы XVI и начала XVII века / К. Харлампович. - Казань, 1898.




М.П. Стасевіч, В.М. Ламека

ЛЕЎ САПЕГА - «НЕВЯДОМЫ» ГУМАНІСТ ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ


За апошнія два дзесяцігоддзі на хвалі пошуку вытокаў беларускай дзяржаўнасці ўзмацнілася цікавасць да гістарычных асоб, дзейнасць якіх была цесна звязана з Беларуссю. Асоб, як дагэтуль малавядомых, так і вядомых, але дзейнасць якіх доўгі перыяд (з-за пэўных прычын) замоўчвалася. Да ліку апошніх, безумоўна, адносіцца і Леў Сапега.

Нягледзячы на прызнанне заслуг Льва Сапегі ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці, тым не менш, дагэтуль адносна яго даюцца такія характарыстыкі (нават у сучасных энцыклапедычных выданнях), якія, на наш погляд, не да канца раскрываюць адметнасць гэтай знакамітай асобы. Прызнаюцца яго заслугі, як дзяржаўнага дзеяча, мецэната, юрыста, палітыка і г.д., але чамусьці мала дзе ўказваецца прызнанне яго гуманістычных якасцей. Гэта здзіўляе, бо эпоха, у якую ён жыў, якраз-такі вылучаецца значнай колькасцю асоб, якіх прынята акрэсліваць словам «гуманіст».

Калі зазірнуць у «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі», то да гуманістаў адносяць, напрыклад, С. Буднага, М. Гусоўскага, Ф. Скарыну. Л.Сапега ж вызначаецца як «беларускі дзяржаўны дзеяч ВКЛ» [7, с. 222]. Можа дзяржаўны дзеяч увогуле, па вызначэнню, не можа быць гуманістам? Але ж вядомы англійскі гуманіст эпохі Адраджэння Т. Мор таксама быў, як вядома, дзяржаўным дзеячам, і нават, як і Л. Сапега, - канцлерам.

Чаму ж адных лічаць гуманістамі, а іншыя не падпадаюць пад такое вызначэнне? Для таго, каб разабрацца ў гэтым пытанні, патрэбна, мабыць, спыніцца на самім тэрміне «гуманізм». У вядомай «Энцыклапедыі Кірыла і Мяфодзія» даецца наступная фармулёўка: «Гуманізм (от лат. humanus -- человеческий, человечный), признание ценности человека как личности, его права на свободное развитие и проявление своих способностей, утверждение блага человека как критерия оценки общественных отношений. В более узком смысле -- светское вольномыслие эпохи Возрождения, противостоявшее схоластике и духовному господству церкви...». «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» дае амаль такое ж акрэсленне і адзначае, што паняцце «гуманізм» у сучасных навуках «тлумачыцца неадназначна» [6, с. 173].

Так і ёсць! Сведчаннем гэтага з'яўляецца «абойдзены» Л. Сапега і незразумелы сучасны «выбарчы падыход» у адносінах да тых, каго лічыць гуманістамі, а хто не падыходзіць пад гэтае вызначэнне.

Магчыма бурлівая ваенная дзейнасць Л. Сапегі не дазваляе прымяніць да яго эпітэт «гуманіст»? Але ж вядомы Леанарда да Вінчы, служачы правіцелю Мілана Лодовіку Мора, праславіўся, паміж іншага, як ваенны інжынер, канструктар розных машын для забойстваў. Тым не менш, гэты факт не дае магчымасці нават нашым суайчыннікам адмаўляць гуманістычную накіраванасць дзейнасці «вялікага» Леанарда!

Ваенныя дзеянні, зразумела, далёкія ад гуманізму. Тым не менш, факт застаецца фактам: Леанарда да Вінчы - гуманіст, а Л. Сапега - не!

Магчыма, даследчыкаў асобы Л. Сапегі пужае яго супярэчлівая дзейнасць ва ўладзе, дзе, асабліва ў тыя часы, нават «гуманісту» было лёгка «запэцкаць рукі». Прынятая ў гэтай сферы «палітыка падвойных стандартаў» часам прыводзіла да ўчынкаў, да якіх цяжка прымяніць слова «гуманны». Той жа прыклад з уніяцкім епіскапам Іасафатам Кунцэвічам (пазней - святым грэка-каталіцкай царквы), забітым у лістападзе 1623 г. віцяблянамі, незадаволенымі яго палітыкай у адносінах да праваслаўя. Л.Сапега бачыў залішнюю «радыкальнасць» І. Кунцэвіча і за год да гэтай трагедыі ў лісце да яго наракаў: «Мне ніколі не прыходзіла думка, што Вы адважыцеся прыводзіць да яе (уніі - М. Стасевіч, В. Ламека) такімі гвалтоўнымі сродкамі...» [5, с. 155]. Тым не менш, разуменне сітуацыі не дазволіла Л. Сапегу, як старшыні камісіі, прызначанай каралём Жыгімонтам ІІІ для расследавання факта забойства, змягчыць прысуд. Звыш 100 чалавек у Віцебску, Полацку і Оршы былі асуджаны ім на смерць. І хоць пакаралі толькі 20, гэты факт усё роўна не дазваляе гаварыць аб справядлівым судзе, да якога імкнуўся Л. Сапега, і, нават наадварот, паказвае адыход ад закладзенага ў Статуце 1588 г. прынцыпу справядлівасці [1, с. 15]: «Мы... шлюбуем одинакую справедливость чинить усим» [4, с.136].

Але гэта выглядае так з сучаснага пункту гледжання. На той момант нельга было патрабаваць ад дзяржаўнай асобы «лішняга гуманізму» і імкнення да аб'ектыўнасці. З чалавекалюбствам былі ў гэтыя часы праблемы не толькі ў Льва Сапегі. Ды што там гаварыць, калі нават прызнаны чалавекалюбца І.Хрыстос прапаноўваў ворагаў сваіх збіваць пры ім [Лук. 19, 27] і адкрыта гаварыў: «Не мір прыйшоў я прынесці, але меч» [Мат. 10, 34].

Калі нельга пра Л.Сапегу гаварыць, што ён гуманіст у шырокім сэнсе слова, чаму нельга прызнаць яго гуманістам у больш вузкім? Калі С.Будны, М. Гусоўскі і Ф. Скарына пісалі пра ідэалізаваныя адносіны паміж людзьмі, то Л. Сапега быў рэалістам і свае ідэалы стараўся ўвасабляць у законах. Статут ВКЛ 1588 г. - сведчанне таму. Ён быў напісаны чалавекам, які добра арыентаваўся ў асноўных ідэях Рэнесансу, які ў свецкай дзейнасці імкнуўся адыйсці ад царкоўных забабонаў [5, с.135-136]. Гэта быў чалавек, які ўзняўся над сваёй эпохай у імкненні рэалізаваць правы чалавека праз заканадаўства, праз Статут 1588 г., які вядомымі сучаснымі навукоўцамі прызнаецца «выдающимся правовым документом всего европейского континента» [3, с. 185].

Зразумела, не ўсё было дасканала і ў Статуце, меліся і перагіны, як тыя ж смяротныя прысуды, але...

Як вядома, Рэспубліка Беларусь з'яўляецца адной з нешматлікіх еўрапейскіх дзяржаў, дзе існуе смяротнае пакаранне.Аднак гэта не перашкаджае СМІ гаварыць, што ў Беларусі - «гуманнае заканадаўства».

Так чаму ж Леў Сапега не гуманіст?!

Ці зноў дзейнічае правіла «палітыкі падвоеных стандартаў»: «Што дазволена Юпітэру, не дазволена быку»? Чаму нельга прама сказаць: «Леў Сапега - беларускі гуманіст эпохі Адраджэння», а не сціпла ўказваць, што ён - «носьбіт гуманістычных ідэй Рэнесансу» [1, с. 16]? Чаму прызнаюцца яго іншыя вартасці, а гуманістычная не заўважаецца? Няўжо спадчына Сапегі-гуманіста меншая, чым, напрыклад, спадчына Гусоўскага-гуманіста?

Пытанні ёсць, а адказ на іх дасць час, бо стэрэатыпы, як вядома, бывае вельмі цяжка пераламіць.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Бяспалы, Ю. Прынцып справядлівасці ў Статутах Вялікага княства Літоўскага / Ю. Бяспалы // Беларускі гістарычны часопіс. - 2003. - № 9.

2. Новый Завет.

3. Права человека: учебное пособие / А.Д. Гусев, Я.С. Яскевич, Ю.Ю. Гафарова и др. - Минск, 2002.

4. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Мінск, 1989.

5. Тарасаў, К. Памяць пра легенды: постаці беларускай мінуўшчыны / К. Тарасаў. - Мінск, 1993.

6. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Т. 3. - Мінск, 1996.

7. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Т. 6. - Мінск, 2001.




С.А. Габрусевіч

ІДЭЯ СВАБОДЫ Ў САЦЫЯЛЬНАЙ ФІЛАСОФІІ ЛЬВА САПЕГІ


Вялікія ідэі, як і людзі, маюць свае біяграфіі, сваіх продкаў, свае генеалагічныя дрэвы, праросшыя каранямі ў сівую даўніну. Вялікія ідэі - гэта заўсёды вынік усёй папярэдняй культуры і агромністай духоўнай працы яе творцаў.

Адной з такіх вялікіх ідэй з'яўляецца ідэя свабоды ўвогуле і палітычнай свабоды, у прыватнасці. Высокае і салодкае гэтае слова «свабода». Настолькі салодкае, што ў еўрапейскай культуры, пачынаючы са старажытных грэкаў, не было ніводнага значнага мысліцеля, які б не аддаў яму даніну, які б яго не ўславіў.

Разуменне свабоды як родавай прыкметы чалавека і адпаведна яго неад'емнага права ўпершыню даў еўрапейскі лібералізм у вядомай формуле Джона Лока «жыццё, свабода, уласнасць». Менавіта гэтай формулай кіраваўся Томас Джэферсан, рыхтуючы праект Дэкларацыі незалежнасці, якая абвясціла прынцып: «Усе людзі створаны роўнымі, усе яны адораны сваім стваральнікам некаторымі неад'емнымі правамі, да ліку якіх адносяцца права на жыццё, свабоду і імкненне да шчасця» [1, с. 134]. Як бачым, Т. Джэферсан часткова змяніў формулу Д. Лока: замест слова «ўласнасць» з'явілася фраза «імкненне да шчасця». Гэта змена, як вынікае з апошняга пісьма Т. Джэферсана, была зроблена ім свядома, каб падкрэсліць рэвалюцыйна-дэмакратычны характар Дэкларацыі незалежнасці.

Такім чынам, ліберальнае разуменне свабоды ў завершаным выглядзе склалася ў еўрапейскай сацыяльнай філасофіі ў канцы XVIII ст. Значны ўнёсак у фарміраванне такога разумення зрабілі беларускія мысліцелі XVI ст. і перадусім Леў Сапега.

Сёння ўжо паўсюдна прызнана, што Статуты ВКЛ - гэта своеасаблівы феномен у феадальным праве Еўропы і што XVI ст. у гісторыі ВКЛ - век росквіту прававой і сацыяльнай думкі.

Пісьмовая фіксацыя правоў ды прывілеяў феадалаў - заканамерная з'ява, характэрная амаль для ўсіх дзяржаў. Найбольш старажытным пісьмовым феадальным кодэксам з'яўляецца «Салічнае права» (Lex Salica), які з'явілася яшчэ ў V-VI стст. У 802-803 гг. быў складзены (запісаны) больш дасканалы судзебнік - «Люстэрка Саксаў», або «Саксонскае права» (Lex Saxonum). У ХІ ст. з'явілася «Руская праўда», у XІV ст. - польскія статуты: Петркаўскі (1346) і Вісліцкі (1347), судзебнік сербскага караля Душана (1349), у XV ст. - вялікага маскоўскага князя Івана ІІІ (1497). Аднак ніводзін з гэтых помнікаў нельга прыраўняць нават да першага Статута ВКЛ не толькі па аб'ёму, але і па зместу. Вядомы літоўскі даследчык Статутаў ВКЛ Станіслаў Лазутка бачыць прычыну гэтага ў тым, што ўжо для першага Статут «характэрны дух Рэнесансу» [2, с. 100].

Аналізуючы эпоху стварэння Статутаў ВКЛ, С. Лазутка вылучае пяць гістарычных прычын, якія абумовілі іх высокі тэарэтычны і дэмакратычны ўзровень. Па-першае, феадалы ВКЛ мелі такія свабоды («вольности»), якіх не было ў іншых краінах Еўропы, акрамя Польшчы. Па-другое, у Петркаўскім і Вісліцкім статутах польскія феадалы зафіксавалі свае свабоды і правы амаль на 200 гадоў раней, калі еўрапейская прававая культура знаходзілася на значна ніжэйшым узроўні, а світанак Рэнесансу толькі што заняўся.

Па-трэцяе, у XVI ст. склаўся парытэт паміж дзвюма асноўнымі этнаканфесійнымі групоўкамі феадалаў ВКЛ - літоўцамі-католікамі ды праваслаўнымі беларусамі, украінцамі, рускімі. Паводле дадзеных А.П.Грыцкевіча аб складзе паноў-рады ВКЛ у канцы XV ст.-1569 г. [3, с. 23], у першай палове XVI ст. колькасць беларускіх і ўкраінскіх феадалаў у Радзе амаль зраўнялася з колькасцю літоўскіх, а ў сярэдзіне стагоддзя дасягнула двух трэцей. Апошняе вызначала этнічную і рэлігійную талерантнасць у дзяржаве і свецкі дэмакратычны характар Статутаў.

Па-чацвёртае, палітычная і прававая думка дасягнула ў ВКЛ высокага ўзроўню. Ф. Скарына асноўнае прызначэнне права бачыў у тым, што яно садзейнічае «паспалітаму дабру». Усходнеславянскі першадрукар надаваў вялікае значэнне справядлівасці судовай сістэмы. Паводле Ф.Скарыны, суддзі абавязаны судзіць людзей не «яко цари или властители вишнии, силу имеющие над нами, но яко ровнии и товарищии, раду им даючи и справедливость межи ними чинечи». «Судьи и справце, - патрабаваў Ф. Скарына, - да судят людей судом справедливым, и да не уклонятся ни на жадную страну, а да не зрять на лица, и не принимать даров, понеже дарове ослепляют от мудрых людей и заменяють слова справедливых» [4, с. 37]. Характэрна, што гэтая думка з'яўляецца дамінуючай у эпіграфе да Статута ВКЛ 1588 г.

Палітычным ідэалам Ф. Скарыны была асвечаная, гуманная і моцная манархічная ўлада. Уладар абавязаны кіраваць краінай у строгай адпаведнасці з законамі, назіраць за справядлівым выкананнем судаводства. Разам з гэтым ён павінен быць рашучым, каб у выпадку неабходнасці абараніць свой народ.

Важна адзначыць, што сярод беларусаў было шмат такіх людзей з еўрапейскай адукацыяй і мысленнем. Многія прадстаўнікі беларускіх магнацкіх родаў вучыліся ў еўрапейскіх універсітэтах, мелі свае бібліятэкі, былі добра адукаванымі ў прававым і палітычным сэнсе людзьмі.

І, урэшце, пятае: высокага ўзроўню ў палітычнай культуры ВКЛ дасягнула старабеларуская мова - мова Статута 1588 г.

Няма сумневу ў тым, што гэтыя гістарычныя фактары паўплывалі на фармаванне канцэпцыі свабоды Льва Сапегі. Ён разумеў свабоду як найвялікшую каштоўнасць чалавека і грамадства. Сведчаннем гэтага з'яўляецца «Зварот да ўсіх саслоўяў Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі» - магчыма, самы выдатны панегірык свабодзе ў сацыяльнай філасофіі Еўропы XVI ст.

У «Звароце» Л.Сапега гаворыць аб свабодзе грамадства і дзяржавы ад знешняга непрыяцеля - па сутнасці, аб дзяржаўным суверэнітэце. «Усматривали то всех веков люди мудрые, что в каждой речи посполитой порядочному человеку нет ничего дороже свободы. А неволя так должна быть отвратительна, что не только сокровищами, но и смертью её от себя отгонять обязан. А поэтому порядочные люди не только имущества, но и жизней своих против каждого неприятеля выносить не жалеют, чтобы под их жестокую волю не попасть. А будучи лишенными свободы своей, согласно воли и мыслям их, как невольники не хотели жить» [5, с. 350].

Хутчэй за ўсё акцэнт на свабодзе як суверэннасці грамадства і дзяржавы быў звязаны з той пагрозай, якая навісла над ВКЛ пасля Люблінскай уніі. Вядома, што створанай на сойме 1569 г. адмысловай камісіі даручылі прывесці заканадаўства ВКЛ, Статут 1566 г. у адпаведнасць з актам уніі, правам Кароны і новым статусам Княства як часткі Рэчы Паспалітай. Выдаючы новы Статут, як сцвярджаў Мікола Шкялёнак, «Леў Сапега зламаў пастановы Сойму ў двух найгалоўнейшых кірунках: фармальным і матэрыяльным» [6, с. 263].

Фармальны злом выявіўся ў тым, што Статут 1588 г. быў уведзены ў дзеянне не рашэннем сойму Рэчы Паспалітай, але на падставе зацвярджэння караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы, гэта значыць, такім парадкам, які існаваў у ВКЛ да Люблінскай уніі. «Матэрыяльнае зламаньне пастаноў Люблінскага Сойму, - пісаў М.Шкялёнак, - выявілася ў тым, што трэці Статут не толькі не зліў правы Вялікага Князьства з польскім, як гэтага дамагаліся палякі ў Любліне, але нават захаваў усе тыя артыкулы, якія выклікалі вялікае абурэнне ў кароннай шляхты» [6, с. 264]. Размова ідзе пра артыкул, што абавязваў гаспадара супольнай дзяржавы захоўваць ВКЛ у яго межах, забараняў раздаваць пасады і нерухомую маёмасць іншаземцам, да ліку якіх Статут адносіў і шляхту Кароны.

Свабода грамадзяніна, на думку Льва Сапегі, магчыма тады, калі ён «славой добропорядочный, так жизнью и имуществом» [5, c. 350].

Такім чынам, нават кароткі аналіз ідэі свабоды ў сацыяльнай філасофіі Льва Сапегі дазваляе гаварыць, што ён на стагоддзі апярэдзіў еўрапейскую думку. І, што яшчэ больш важна, юрыдычна рэалізаваў сваё разуменне свабоды ў Статуце ВКЛ 1588 г.

Далейшае развіццё ідэя свабоды атрымала ў эпісталярнай спадчыне Льва Сапегі. Маецца на ўвазе ягонае ліставанне з Крыштафам Радзівілам, а таксама знакаміты ліст да полацкага уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Вядома, што Леў Сапега быў прыхільнікам Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. і шмат зрабіў дзеля далучэння праваслаўных да уніяцкай царквы. Аднак ён рэзка асудзіў прымус, які ўжыў Я.Кунцэвіч пры распаўсюджванні уніі ў сваёй епархіі. Леў Сапега лічыў, што чалавек мае права на свабодны выбар веравызнання. У гэтым жа лісце ён гаварыў і аб праве чалавека на палітычны выбар. Такім чынам, формула свабоды ў сацыяльнай філасофіі Льва Сапегі канчаткова набывае наступны выгляд: свабода - гэта «годнасць, жыццё, уласнасць, права канфесійнага і палітычнага выбару».


Спіс крыніц і літаратуры


1. История США. - Т. 1. - М., 1983.

2. Лазутка, С. Літоўскія Статуты (1529, 1566, 1588). Іх стваральнікі і эпоха / C.Лазутка // Край - KRAJ. - Мінск, 2001.

3. Грыцкевіч, А.П. Палітычнае становішча Беларусі ў эпоху Скарыны / А.П. Грыцкевіч // Спадчына Скарыны: зборнік матэрыялаў. - Мінск, 1989.

4. Подокшин, С.А. Проблема человека и общества в философско-этическом учении Ф.Скорины / C.А. Подокшин // Франциск Скорина - белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. - Минск, 1989.

5. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Мінск, 1989.

6. Шкялёнак, М. Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы / М. Шкялёнак. - Беласток, 2003.




М.І. Красноў

ІДЭЙНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ Ў ГРАМАДСКАЙ СВЯДОМАСЦІ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ XVII ст.


Адной з яскравых старонак жыцця Л. Сапегі быў перыяд, калі ён узначальваў камісію, што рыхтавала трэці Статут ВКЛ. Падканцлер княства асабіста адрэдагаваў артыкулы новага кодэкса законаў краіны і падрыхтаваў яго да друку. Статут замацаваў феадальны грамадскі лад і прывілеі пануючага саслоўя, стварыўшы, па сутнасці, падмурак для ідэалогіі «шляхецкага народа».

Шляхецкая ідэалогія як своеасаблівая сістэма ідэй, вераванняў і ўяўленняў прадстаўлена, на погляд аўтара, дзвюма падсістэмамі ідэалагічных каштоўнасцей:

Тыя, што былі ўласцівы для свядомасці ўсяго еўрапейскага дваранства XVI-XVIII стст. - «шляхецтва» і звязаныя з ім «годнасць» і «рыцарства». У кожнай краіне яны атрымлівалі спецыфічнае напаўненне, якое залежала ад канкрэтных гістарычных умоў.

Ідэйныя каштоўнасці, якія мелі мясцовае паходжанне і былі ўласцівы толькі шляхце ВКЛ і Рэчы Паспалітай - «зямянства» і звязаныя з ім «роўнасць», «вольнасць» і «традыцыяналізм».

ШЛЯХЕЦТВА. Для ўсведамлення людзей XVII ст. было характэрна разуменне існуючага грамадства як іерархічна ўпарадкаванай пабудовы, у якой кожнае саслоўе мела ўласнае месца і функцыі. Такое ўяўленне было чымсьці натуральным і справядлівым нават у вачах прыгонных. Гэтае разуменне адмысловага грамадскага прызначэння чалавека ў залежнасці ад паходжання і маральных якасцей стварала найбольш важную ідэйную каштоўнасць - «шляхецтва». Лічылася, што сапраўдны шляхціц ад нараджэння атрымлівае ў спадчыну ад высакародных продкаў іх лепшыя якасці і валодае нават асобай фізічнай дасканаласцю: «Вока яго здольна далёкія небасхілы ахопліваць, вусны незвычайныя прамовы казаць, меў рукі і ногі не для поўзання па зямлі і выканання штодзённай працы, але для кіравання лёсамі свету», - так лічылі сучаснікі [10, с. 6-7].

Уяўленне пра «шляхецтва» як нешта надзвычайнае замацоўвалася выключным становішчам прывілеяванага саслоўя ВКЛ у дзяржаўна-палітычным і эканамічным жыцці. Інакш у той час і не магло быць. Л. Сапега і астатнія сябры статутавай камісіі перш за ўсё абаранялі сваё саслоўнае права. Статут 1588 г. гарантаваў носьбіту «шляхецтва» недатыкальнасць маёмасці, вольнасці і прывілеяў, якіх ён не мог быць пазбаўлены. Таксама забараняўся арышт шляхціца да суда.

ГОДНАСЦЬ. Уяўленне пра шляхецкую годнасць было вельмі своеасаблівай з'явай, паколькі яна таксама прысутнічала ў прадстаўнікоў іншых слаёў - купцоў, майстроў, гарадскога патрыцыяту, нарэшце, сялян. Аднак толькі ў шляхты яна прадстаўляла пэўную сістэму этычных абавязкаў, якія паходзілі з факта яе грамадскай становішча. Саслоўны падзел меў двайное абгрунтаванне - маральнае і функцыянальнае. Для дваранства ўсіх еўрапейскіх краін былі абавязковымі мужнасць (неабходная рыса вайсковай функцыі саслоўя), абмежаванае кола заняткаў, праўдзівасць, велікадушнасць, маральнасць, павага да жанчыны і г.д. Сюды можна дадаць якасці, што лічыліся прыналежнымі выключна шляхце. «Галоўнымі звычаямі тых часоў былі пабожнасць, гаспадаранне на зямлі, гасціннасць», - адзначыў у сваіх успамінах Ю.У. Нямцэвіч [9, с. 22]. Шляхціц С.Я. Слізень пакінуў у дамовай рукапіснай кнізе наступны запіс: «Трох рэчаў павінен прытрымлівацца кожны. Першае, паважаць і славіць заўсёды малітвамі Пана Бога. Другое, паважаць і кахаць караля. Трэцяе, берагчы і шанаваць Рэч Паспалітую» [6, арк. 269].

РЫЦАРСТВА. Функцыянальнае абгрунтаванне саслоўнага падзелу грамадства выяўлялася ў параўнанні дзяржавы з целам чалавека. Галава - гэта кароль, рукі - шляхта, а ногі - халопы, якія нясуць ўсё цела [11, с. 195]. Падобныя тлумачэнні былі зручным аргументам як для адхілення шляхты ад «невысокародных заняткаў» (рамяство, гандлёва-фінансавыя аперацыі), так і для недапушчэння простых людзей да кіравання дзяржавай. Ва ўсiх краiнах сярэдневяковай Еýропы дваранства выконвала пэўныя сацыяльныя функцыi, што давала маральнае i юрыдычнае права карыстацца на гэтай падставе шэрагам прывiлеяў. Самай важнай была вайсковая функцыя. Еўрапейскія дваранскiя роды так цi iнакш выводзiлi сваё паходжанне ад славутых ваяроў, i гэта паходжанне нібы абумоўлiвала годныя дзеяннi iх нашчадкаў [3, c. 262]. Для беларускай шляхты таксама былi ўласцiвы ўяўленнi пра рыцарскi стыль жыцця як важную шляхецкую каштоўнасць. Але звязана яна была пераважна з вайсковай службай. Лiчылася, што шляхцiц ёсць народжаны для «бронi» [8, с. 165]. Таму абавязак несці вайсковую службу быў адмыслова замацаваны трэцім Статутам ВКЛ.

ЗЯМЯНСТВА. Шляхецкі жыццёвы ідэал - гэта землеўладальнік, які стала жыве ў сваім фальварку і займаецца ўласнай гаспадаркай. У гэтай вясковай гармоніі ўсё было проста і надзейна. Спрадвечны парадак, пабудаваны на натуральнай змене пор года, і звязаны з ім цыкл аграрных прац дазвалялі не клапаціцца пра наступны дзень, жыць у дабрабыце і ні ад каго не залежаць. Менавіта гэтая прастата жыцця цешыла мемуарыстаў. Паляванне, добрая кампанія, вясёлыя забавы складалі іх жыццё. Вось, напрыклад, звычайныя запісы ў дзённіку мінскага ваяводы К. Завішы: «Цэлую ноч аж да сонца гулялі, пілі, танцавалі, шалелі. На заўтра мала спалі, гулялі зноў да пазна... Дзіўна гулялі, жартавалі, без меры пілі, танцавалі да ўпаду і болі ў нагах... З каралём на пакоях упіліся да сытасці» [12, с. 64, 65, 69]. Тое ж самае сустракаем у князя М.К. Радзівіла «Рыбанькі». Толькі паляванне ў ягоным дзённіку займае менш месца, а сямейныя справы і банкеты - больш: «Дзень цэлы прайшоў у гульнях, танцах і розных забавах... Бавіўся дамовымі інтарэсамі... Банкет і бал давалі аж да дня...» [5, ф. 694, воп. 1, спр. 159, арк. 57, 112 адв., 179 адв.]. Віцебскі ваявода Я.А. Храпавіцкі, калі не ў раз'ездах, сядзіць дома, вядзе вялікую перапіску, піша дзённік, займаецца гаспадаркай. Каб прагуляцца - палюе на трусаў. Для гэтых людзей характэрна схільнасць да хатняга жыцця. Праца і адпачынак тут ураўноўвалі адно другое. Шляхціц, які эксплуатаваў прыгонных, не працаваў у поце чала. Пры жаданні ён заўсёды мог пакінуць гаспадарку, каб з'ездзіць у госці ці прыняць іх самому. «Па ранняму сняданню і малітве, - успамінаў Нямцэвіч, - шляхціц-гаспадар выходзіў у поле, каб паназіраць за сельскай працай, абед заўсёды апоўдзень, калі хто-небудзь прыязджае - сардэчна прымаў яго. Пасля абеду гулялі ў «марыша», затым размовы, а сёмай гадзіне - вячэра, а дзевятай гадзіне клаліся спаць» [9, с. 22]. Такое жыццё, забяспечанае грамадскімі і палітычнымі правамі, давала шляхціцу ілюзію неабмежаванай свабоды распараджацца самім сабой і сваім часам. Побач з дастаткам прадуктаў харчавання, вольнасць часу ў асенне-зімовы перыяд заклаў традыцыю хлебасольнай гасціннасці, працяглых банкетаў.

РОЎНАСЦЬ. Роўнасць стаяла на адным з першых месцаў сярод шляхецкіх ідэйных каштоўнасцей. Псіхалагічная ўстаноўка на быццё ў спакоі, імкненне да асабістай незалежнасці патрабавалі ўстрымання ад актыўнасці ў сферы грамадскага жыцця. Польскі гісторык Я. Тазбір адзначаў: «Пры феадальным парадку сатырыкі, маралісты і прапаведнікі заўсёды клеймавалі плебеяў, якія жадалі пераадолець саслоўныя і грамадскія межы. Характэрна, аднак, што шляхціц, які дамагаўся «магнацкага звання», выклікаў на сябе рэзкую вымову» [7, с. 160]. Магнаты таксама не былі выключэннем. Пра гэта сведчыць, напрыклад, факт абвінавачвання Сапегаў менавіта ў жаданні ўзвысіцца «над роўнай сабе браціяй» [2, с. 129].

Кожны шляхціц быў вольны ўдзельнічаць у сойміку (хоць багатая фальварковая шляхта, якая змагалася з уплывам магнатаў, дамаглася ў канцы XVII ст. пастановы аб выключэнні беззямельнай шляхты з ліку ўдзельнікаў соймікаў, але пастанова фактычна не выконвалася), выбіраць на сойміку паслоў, уключаць у інструкцыю на сойм свае патрабаванні. Сапраўдную праяву шляхецкай вольнасці і роўнасці бачылі ў праве выбіраць караля і падпарадкоўвацца толькі тым законам, якія сама шляхта ўсталявала [8, с. 164]. Сродкам забеспячэння правоў і прывілеяў кожнага было адзінадушнае прыняцце рашэнняў. Абавязковыя фармулёўкі «згодна», «аднадушна» ў пастановах шляхецкіх соймікаў павінны былі дэманстраваць шанаванне правоў усякага і кожнага. Уяўленне пра ўсеагульную роўнасць «паноў-браццяў» яскрава выявілася ў адмоўных адносінах шляхты да тытулаў. Так, у 1673 г. сойм забараніў ужыванне замежных тытулаў, а ў 1736 г. забараніў каралю даваць фамільныя тытулы [8, с. 173]. Калі ў 1699 г. выявілася, што ў канстытуцыі сойма 1690 г. прамільгнуў выраз «меншая шляхта», узнялася сапраўдная хваля пратэстаў. Было вырашана «знішчыць гэтыя слова, паколькі вядома, што ў роўнасці ні меншага, ні вялікага няма» [3, с. 213]. Роўнасць у адносінах паміж шляхціцамі падкрэсліваў адмысловы стыль паводзін, які прымаў часам самыя нечаканыя формы. Прыдворны шляхціц, напрыклад, мог быць падвергнуты па загаду магната цялеснаму пакаранню, аднак секлі яго на спецыяльным дыване, без лаянкі, і звярталіся да яго «пан».

ВОЛЬНАСЦЬ. Уяўленне пра «вольнасць» і прывілеі, якія з ёй былі звязаны, магчыма звесці да наступнага: гэта права падпарадкоўвацца толькі тым законам і пастановам, на якія шляхта дала згоду. Ідэал старажытнарымскага рэспубліканскага ладу быў свядома выбраны і замацаваны ў Статуце 1588 г. Гэта не было механічнае перанясенне на айчынную глебу антычных палітычных інстытутаў. Выкарыстоўвалася толькі ідэя «народнага кіравання», якое праз абмежаванне выканаўчай улады забяспечвала шляхціцу асабістую незалежнасць, свабоду і грамадзянскія правы. Ідэя «вольнасці» лічылася ўвасобленнай у рэчаіснасць. Сумнавядомыя бойкі паміж шляхціцамі на павятовых сойміках былі наступствам цвёрдай агульнай упэўненасці, што без згоды кожнага з прысутных нічога не можа быць ухвалена.

ТРАДЫЦЫЯНАЛІЗМ. «Без традыцыі (як і без шляхецтва) ніводная ідэя, ніводная задума не мелі шанцу на здзяйсненне. Таму асабліва заслужаных ці патрэбных людзей уводзілі ў шляхецтва, таксама як надзённыя ідэі ў мэтах прыцягнення да іх шляхты атрымлівалі «годную генеалогію» ў выглядзе нацыянальнай традыцыі,» - адзначаў даследчык шляхецкай літаратуры позняга барока і эпохі асветніцтва А.В. Ліпатаў [4, с. 98].

Побытавая замкнёнасць фальварка была спробай зыходу ад сацыяльных канфліктаў таго часу. Каб захаваць стабільнае становішча, шляхта імкнулася пазбегнуць любых змен у палітычнай сістэме дзяржавы. Кансерватызм шляхты таксама быў заснаваны на перакананні ў дасканаласці грамадскага ладу Рэчы Паспалітай. Усялякае новаўвядзенне магло парушыць асновы «залатых вольнасцей». У пастановах павятовых соймікаў пераважала патрабаванне «nihil novo» - нічога новага. Напрыклад, соймік Гродзенскага павета ў інструкцыі паслам ў 1714 г. запісаў: «Абавязаць іхмосцяў (паслоў - М. К.) вернасцю, гонарам і сумленнем на той радзе не дапускаць ніякіх новаўвядзенняў, шкодных для свабоды айчыны» [1, с. 199]. Інструкцыяй Рэчыцкага павета 1720 г. абавязалі паслоў назіраць, каб «праз якія-небудзь новаўвядзенні існуючыя парадкі Рэспублікі не былі закрануты..., асабліва вольная элекцыя і фундаментальны Статут нашага права» [5, ф. 1736, воп. 1, спр. 5, арк. 332]. У іншым месцы гэтае жаданне канкрэтызавалася ў патрабаванні не дазваляць рэформ у парадку сойма, каб яны «не пераўтварылі наш сойм у англійскі парламент» [5, ф. 1736, воп. 1, спр. 5, арк. 332 адв.].

Трэці Статут ВКЛ садзейнічаў замацаванню саслоўных ідэйных каштоўнасцей ў грамадскай свядомасці беларускай шляхты, што пераўтварала яе ў адзіную сацыяльную групу. У гэтым, безумоўна, ёсць заслуга Л. Сапегі.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией для разбора и издания древних актов (далей - АВК). Т. 1-39. - Вильно, 1865-1915. - Т. 7: Акты Гродненского гродского суда (1501-1784 гг.). - 1874.

2. АВК. - Т. 13: Акты Главного Литовского трибунала (1395-1797 гг.). - 1886.

3. Дмитриев, М.В. Польская шляхта XVI-XVIII вв. / М.В. Дмитриев // Европейское дворянство XVI-XVIII вв.: границы сословия. - М., 1997.

4. Липатов, А.В. Литература в кругу шляхетской демократии. (Позднее барокко, просвещение, предромантизм) / А.В. Липатов. - М, 1993.

5. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ( г. Мінск).

6. Księga uczyniona do opisania rzeczy politycznych y domowych dla utrzymania w pamięci kaźdej rzeczy ad anno 1675 diebus junii // Рукапісны аддзел Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

7. Тазбир, Я. Привилегированное сословие феодальной Польши / Я. Тазбир // Вопросы истории. - 1977. - № 12.

8. Bystroń, J.S. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce, wiek 16-18 / J.S. Bystroń. - 4. wyd. - Warszawa, 1994. - T. 1.

9. Niemcewicz, J. Pamiętniki czasów moich / J. Niemcewicz.. - Tarnów, 1880.

10. Smoleński, W. Pisma historyczne / W. Smoleński. - Kraków, 1901. - Т. 1.

11. Wyczański, A. Uwarstwienie społeczne w Polsce XVI wieku. Studia / A. Wyczański. - Wrocław, 1977.

12. Zawisza, K. Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody Mińskiego (1666-1721) / K. Zawisza. - Warszawa, 1862.




Г.А. Прыка

TERRA PATERNA Ў РАЗУМЕННІ БЕЛАРУСКІХ
ЛАЦІНАМОЎНЫХ ПАЭТАЎ XVI cn.


XVI ст. у гісторыі Вялікага княства Літоўскага было адзначана цэлым шэрагам падзей, а жыццё - напоўнена яркімі асобамі. Аднак як сцвярджае В. Дарашкевіч, «на Захадзе не мелі яшчэ выразнага і праўдзівага ўяўлення пра Русь і Літву. ... У заходніх літаратурах гэтага часу назіраўся востры недахоп у канкрэтных фактах пра жыццё ўсходніх славян і літоўцаў, а еўрапейская грамадскасць адчувала патрэбу ў такой інфармацыі» [1, с. 69]. Пазнаёміць іншаземныя народы з айчынным краем («terra paterna») узяліся праз свае творы беларускія лацінамоўныя паэты Ян Вісліцкі, Мікалай Гусоўскі і Ян Радван. Словамі з «Оды да чытача» Яна Вісліцкага можна пазначыць іх агульнае творчае крэда:

Quae nostra fundet gutture Musula

Donando laudi carmina patriae [10. Ode ad lectorem. 29-30].

І Муза наша будзе цяпер спяваць,

Уславіць гучнай песняй айчынны край [4].

Менавiта аўтар паэмы «Пруская вайна» (1516 г.) з'яўляецца родапачынальнікам новалацінскай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу. Ён нарадзіўся, па меркаванню беларускіх даследчыкаў В.Дарашкевіча, Я.Парэцкага, Ж.Некрашэвіч-Кароткай, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, атрымаў адукацыю і жыў у Кракаве. Я. Парэцкі зазначае, што «з паняццем «айчына» Вісліцкі звязвае не толькі дзяржаўную прыналежнасць, падданства ці мясцовасць, але таксама мясціны, дзе чалавек вучыўся» [4, с. 14]. Кракаў для яго «цудоўны, як Атыка, слаўная ў цэлым сусвеце, што ззяла калісьці вучонасцю мудрых Афінаў» [10, с. 121]. Ян Вісліцкі з аднолькавым пачуццём любові гаворыць і пра «Палонію», і пра Літоўскі край. Для паэта яны адна агульная Радзіма. Terra Lithuana - радзіма ў непасрэдным сэнсе слова, а terra Polona - духоўная радзіма аўтара. «На яго думку, народы Польскай Кароны і Вялікага княства Літоўскага, аб'яднаныя ўладай Ягелонаў, павінны жыць у палітычным саюзе, гістарычную неабходнасць і мэтазгоднасць якога даказала перамога ў Грунвальдскай бітве» [5, с. 70]. Патрыятызм паэта базуецца на яго асаблівым разуменні дынастычных праблем. У. Кароткі заўважае, што «кіруючай дамінантай у канцэпцыі патрыятызму Яна Вісліцкага з'яўляецца федэратыўны патрыятызм паэта, звязаны з землямі, падуладнымі Ягелонам» [3, с. 91]. Фарміраванню ідэйнай канцэпцыі твора спрыяе і яго арыгінальная кампазіцыйная пабудова, якая «на макраструктурным узроўні стала мастацкай ілюстрацыяй федэратыўнага мыслення паэта» [5, с. 57].

Terra sub arctoa famata Lycaonis ursa

Immensum complexa orbis spatium imperiumque

Nomine multijugas renitenti terminat oras.

Sarmatiam titulo veteri rudis accola dixit,

Quae proprium merito sortita Polonia nomen [10. I. 110-114].

Слаўная тая зямля пад мядзведзіцаю Лікаонскай,

Што ахапіла прастору бязмежную і валадарства,

Многія землі ў сабе замыкае з адрозным найменнем.

Тытул даўнейшы - Сарматыя - даў ёй сусед, бо не ведаў:

Лёсам прызначана ёй па заслугах Палоніяй звацца [10, с. 119].

Наступныя радкі - «Nam sua sic dicti patrio sermone Poloni // rura tenent...» («Люд, што сябе на мове спрадвечнай палякамі кліча, // Тут свае нівы абходзіць») - сведчаць пра тое, што Ян Вісліцкі быў знаёмы з гістарычнымі крыніцамі, якія тлумачылі этымалогію назвы «Polonia». Нават у пазнейшыя часы існавала трывалае ўяўленне пра тое, што назва «Polonia» «a Slavonica voce «pole» derivatur, quod planitiem, seu regionem campestrem indigitat» («паходзiць ад славянскага выразу «поле», што азначае «нiва» або «зямельны надзел») [7, с. 269].

Другая кніга «Прускай вайны» пачынаецца з апісання Вялікага княства Літоўскага:

Est locus umbrosis celeberrimus undique silvis

Imperio Scythicos late protensus ad agros

Frugiferis revirens pratis et abundus inhaustu

Mellifico, dives populis ac milite forti,

Quem dixere rudi Lithuanam nominee terram

Indigenae veteres...[Bellum II. 1-6].

Ёсць нязведаны край, славуты сваімі лясамі,

Ён уладанні шырока раскінуў да скіфскіх прастораў;

Плодны, квітнее лугамі, цячэ ў ім струмень меданосны:

Край на народы багаты, таксама й на вояў адважных.

Простым найменнем - зямлёю Літоўскай - краіну назвалі

Продкі мясцовага люду... [13, с. 129].

Да назвы «terra Lithuana» Ян Вісліцкі далучае словазлучэнне «rudi nomine», якое В. Дарашкевіч перадае як «грубае імя» [1, с. 56]. Але, на думку Ж. Некрашэвіч-Кароткай, «для «rudis» у дадзеным выпадку трэба выбраць іншы лексічны адпаведнік у беларускай мове: не «грубы», а «простанародны, просты» [5, с. 58]. Ян Вісліцкі не згадвае ў паэме легенду пра паходжанне арыстакратаў і ўладароў Вялікага княства Літоўскага ад рымскага патрыцыя Палямона, але гэта не азначае , што яна яму не была вядома. Паэт знаёміць чытача з іншымі насельнікамі Літоўскага краю:

Nomine Tartarico Nomades quos nuncupat aetas,

Incurvis validos frameis validosque sagittis,

Massagetasque truces, quos terminat ora profundi

Baltiaci, spumosis irrequieta procellis,

Ac albos belli celebres virtute Ruthenos [10. II. 18-22]

...вось тартарыкі, ці, па-другому, намады,

Спрытна валодаюць хуткімі стрэламі, выгнутай шабляй;

Іншы народ - масагеты суровыя, іх аддзяляюць

Хвалі Балтыйскага мора, што водамі пеніцца бурна;

Беларусіны яшчэ, вельмі слаўныя мужнасцю ў войнах [10, с. 129].

Мэце рэпрэзентацыі гісторыі, культуры, побыту і звычаяў свайго краю прысвечана паэма Яна Радвана «Радзівіліяда» (1592):

...na tibi sugit opus Lituania praestans

Terra potens armis est, et notissima fama

Hic ubi se latis pandit Lituania campis,

Magna parens frugum, studio gens aspera belli [9.I. 30-34].

... Свой твор я Магутнай Літве прысвячаю.

Непераможны і велічны край, добра ў свеце вядомы, -

Гэта Літва, што шырока раскінула плодныя нівы,

Гэта народ, што надзвычай суровы ў памкненні да войнаў [5] [6, с. 163].

Ян Радван у сваім творы згадвае легендарнага родапачынальніка беларускай арыстакратыі, рымскага патрыцыя Публія Палямона Лібона:

... quis nunc aut forte Libonis

Exsilium nescit, magnatosque Palaemonis ausus? [9.I. 35-36]

...успомнім выгнанне Лібона

Ці палямонаву мудрасць згадаем, ягоныя планы [6, с. 163].

Паэта надзвычай цікавіць пытанне:

Unde venit longa serie Lituana propago,

Gens gravida imperiis: etenim sub Balthica fines

Littora, et Euxinum mare, famam extendit Olympo [9.I. 37-39]

Скуль жа ідзе радавод старадаўні літоўскі і скуль жа

Гэты народ шматуладны, бо і на балтыйскіх узмежжах,

І на ўзбярэжжы Эўкінскім ён славіцца аж да Алімпа [6, с. 163].

Ян Радван пры апісанні велічы і прыгажосці лясоў і пушчаў Літвы абапіраецца на «Георгікі» Вергілія, што дэталёва прааналізаваў Сігітас Нарбутас у свёй манаграфіі, якая прысвечана паэме «Радзівіліада» [8, с. 166-176].

Hic vitreos amnes sylvarum celsa coronant

Tesqua, decus terries, quae quantum vertice in astra

In Stygios manes tantum radice minantur.

Hic cervis,alcique domus, saevoque bisonti ...

Virgatisque notis maculoso tegmine lynci,

Et celery capreae, nec non ingentibus uris.

Quid fluvios, lacuumque canam certantia ponto

Aequora? Quid pisces? Sunt hic etiam sua cete.

Ouid referam albenti canentia iugera lino?

Aut cur enumerem lucis concessa beatis

Dona? Latet magnis ingens opulentia sylvis.

Hic sese liquido distendunt nectare quercus,

Arboribus spumant purissima mella, savisque

Mactant agricolas, injussaque robora sudant,

Plena Palatinae fragrantia pocula mensae [9.I. 47-63].

Рэкі празрыстыя тут апярэзваюць гонкія дрэвы

Нашых лясоў, дзе яны верхавінамі нават да зораў,

А каранямі да самых стыгійскіх сутонняў сягаюць.

Лось і алень тут жывуць, люты зубр знаходзіць прытулак...

Плямістаскурая рысь з паласатымі знакамі пысы,

Лёгкая ў руху казуля і тур - велізарны, магутны.

Што гаварыць тут пра рэкі, азёры, якія з морам

Могуць спрачацца? А рыбы? Тут нават тунца можна ўбачыць!

Я не хачу й светлы лён параўноўваць са срэбнай прасторай.

Мо палічыць мне дары блаславёнага сонца? Навошта?

Лепей скажу, што ў лясах нашых велічных - безліч багаццяў.

Дуб напаўняецца тут прамяністым, чысцюткім нектарам,

Пеніцца ў дуплах празрысты мядок, каб вясковаму люду

Сотаў духмяных прынесці, і аж па стваліне бруіцца;

Кубкі на княскім стале напаўняюцца пахкім напоем.

Як апісаць мне ўсе рэкі, што з розных крыніц выцякаюць? [6, с. 163].

Прыгожы аповяд пра беларускія рэкі працягвае апісанне, кожную з іх аўтар надзяляе своеасаблівым эпітэтам: «магутны Барысфен», «вірлівая Дуна», «Вілія чыстая», «лёгкая Вільна», «прыгажэйшы ў свеце Хрон» і «прывабная Свента».

Не абыходзіць увагай Ян Радван і народы, якія жывуць на Літоўскай зямлі:

Haec eadem Litavos tellus, acresque Sudinos,

Jazygaque intrepidum mortis, Nomadesque Polovcos

Et veteres Prussos, et fortia pectoral Alanos,

Cognatosque illis Gepidas, populosque potentes [9.I. 80-83].

Гэты вось край - для літоўцаў айчына, для мужных судзінаў

І для бясстрашных яцвягаў, для полаўцаў і для намадаў,

Прусаў яшчэ старажытных, адважных душою аланаў

І сваякоў іх гепідаў - народаў магутных і здольных [6, с. 163].

Ян Радван робіць своеасаблівы экскурс у гісторыю, згадвае дзеянні старажытных знакамітых князёў Трайдэна, Эрдзівіла, Мінгайлу, неадольнага і непераможнага Скірмонта, валадароў Рамонта і Міндоўга, паважнага Віценя і шматпераможнага Гедзіміна, яго годных і мужных сыноў Кейстута з Альгердам. На думку С. Кавалёва, «паэт у сапраўднасці стварыў велічны гімн Радзіме, ... паказаўшы прыгажосць і багацце прыроды Літвы, а затым апісаўшы доўгія стагоддзі змагання народа супраць розных агрэсараў, паэт даводзіць да чытачоў нескладаную, але вельмі важную думку: багацце і хараство Літвы здаўна прываблівалі прагных захопнікаў, таму ... ліцвіны вымушаны былі ў жорсткіх войнах бараніць сваю Айчыну» [2, с. 61].

У паэтычных сачыненнях на лацінскай мове, створаных у Вялікім Княстве Літоўскім, узнёсла праслаўляецца наша зямля, згадваюцца назвы беларускіх гарадоў, рэк, імёны беларускіх герояў-змагароў - усё тое, з чаго ў свядомасці кожнага чалавека фармуецца паняцце «радзіма». А значыць, гэтыя творы - неад'емная частка духоўнай спадчыны беларускага народа.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Дорошкевич, В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы / В.И. Дорошкевич. - Минск: Наука и техника, 1979

2. Кавалёў, С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. / С.В. Кавалёў. - Мінск: Універсітэцкае, 1993.

3. 3.Кароткі, У. Пісаў пра мінуўшчыну, думаў пра будучыню... / У. Кароткі. // Маладосць. - 1997. - № 12. - С. 89-93.

4. Парэцкі, Я. Ян Вісліцкі / Я. Парэцкі. - Мінск, 1991.

5. Некрашэвіч-Кароткая, Ж.В. Творчасць Яна Вісліцкага і лацінамоўная пісьмовая культура эпохі Рэнесансу на Беларусі / Ж.В. Некрашэвіч-Кароткая // Joannis Visliciensis. Bellum Prutenum = Ян Вісліцкі. Пруская вайна: На лацінскай і беларускай мовах. - Мінск: Прапілеі, 2005. - С. 7-98.

6. Радван, Ян. Радзівіліяда...(урывак) / Пер.з лац.мовы Ж. Некрашэвіч-Кароткай / Ян Радван // Кавалёў С. Літаратура Беларусі позняга Рэнесансу: жанры, творы, асобы. - Мінск: ВТАА «Права і эканоміка», 2005. - С. 162-164.

7. Geographica globi terraquei synopsis, [...] in qua omnium mundi Regionum et locorum situs pro Mapparum geographicarum usu exactissime describuntur. - Tyrnaviae: Typis Academicis Soc. Jesu, Anno 1745.

8. 8. Narbutas, S. Tradicija ir originalumas Jono Radvano «Radviliadoje» / S. Narbutas // Senosios literaturos studijos. - Vilnius: Lietuvi literaturos ir tautosakos institutes, 1998. - P. 166-176.

9. Radvanus, Joannes. Radivilias sive De vita et rebus praeclarissime gestis, immortalis memoriae, illustrissimi principis Nicolai Radivili... libri quattuor Joannis Radvani... / Joannes Radvanus. - Vilnae: Ex officina Ioannis Kartzani, [1592].

10. [Visliciensis J.]. Joannis Visliciensis. Bellum Prutenum = Ян Вісліцкі. Пруская вайна: На лацінскай і беларускай мовах / Уклад., перакл., камент. Ж. В. Некрашэвіч-Кароткай. - Мінск: Прапілеі, 2005.




А.В. Дземідовіч

ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ 1569 г.
ВА ЎСПРЫМАННІ ШЛЯХТЫ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ
(ДРУГАЯ ПАЛОВА XVI - ПЕРШАЯ ТРЭЦЬ XVII стст.)


Сярод грамадска-палітычных дзеячаў зямлі беларускай асоба Льва Іванавіча Сапегі адрозніваецца выключнай шматграннасцю (дыпламат, юрыст, вайсковы дзеяч, дзяржаўны рэфарматар, мысліцель-філосаф) і адмысловым плёнам ягоных спраў. Ён - вызначальны сімвал сваёй эпохі, якая сталася складаным часам для Вялікага княства Літоўскага: ваеннае ліхалецце, рэлігійныя супярэчнасці, унутраны разлад, барацьба за дзяржаўную незалежнасць пасля Люблінскай уніі. Мы па праву можам назваць паслялюблінскі перыяд «сапегаўскім» часам. Менавіта палітыка Льва Сапегі як дзяржаўнага лідэра у 80-я г. XVI - 20-я г. XVII ст. з'явілася гарантам захавання Вялікага княства Літоўскага.

Згодна акту Люблінскай уніі 1569 г., Вялікае княства Літоўскае і Каралеўства Польскае аб'ядноўваліся ў адну дзяржаву: «З гэтага часу абедзве дзяржавы ўяўляюць сабою адно непадзельнае цела, а таксама адну агульную Рэч Паспалітую, у якой абодва гаспадары і абодва народы ўз'ядналіся ў адзіны народ і адзіную дзяржаву» [1, с. 725]. Прадугледжвалася выбіраць аднаго гаспадара на агульным сойме, манарх аб'яўляўся каралём польскім, вялікім князем літоўскім, рускім, прускім, мазавецкім, жмудскім, кіеўскім, валынскім, падляшскім і інфлянцкім. Асобнае выбранне вялікага князя Літоўскага спынялася. Каранацыя павінна адбывацца толькі ў Кракаве. Для абмеркавання агульнадзяржаўных праблем прадугледжваліся агульныя соймы. Правы палякаў у Княстве і жыхароў Княства ў Польшчы ўраўноўваліся. Заканадаўства ВКЛ трэба было прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам Кароны, што меркавалася ўвасобіць у новым выданні перапрацаванага Статута. Аднак Вялікае княства Літоўскае захавала асобныя ад Польшчы адміністрацыйны апарат, заканадаўства, судовую сістэму, войска, тытул і пячатку, а таксама мову [1,с. 727].

Нешматлікае ліцвінскае прадстаўніцтва ў агульным сенаце Рэчы Паспалітай, страта багатых украінскіх тэрыторый, наданне палякам права набываць землі і займаць службовыя пасады ў Княстве - усё гэта выклікала незадавальненне грамадства ВКЛ.

На момант заключэння Люблінскай уніі Льву Сапегу было усяго 12 гадоў і, вядома, паўплываць на яе ўмовы ён не мог. Але яму лёсам было наканавана скарэктаваць яе вынікі, удасканаліўшы адносіны паміж Княствам і Каронай, якія ў практычнай рэалізацыі фактычна не адпавядалі Люблінскаму акту.

Дзяржаўна-палітычная дзейнасць Льва Сапегі была скіравана на забеспячэнне дзяржаўнай годнасці і суверэнітэту Княства. Дзякуючы яго намаганням быў уведзены ў дзеянне новы звод законаў - Статут 1588 г., які ігнараваў Люблінскі акт. Асабліва яскрава падкрэслена самастойнае дзяржаўнае значэнне Вялікага княства Літоўскага ў першым, чацвёртым і пятым артыкулах трэцяга раздзела Статута: захаванне поўнай асобнасці ад Польшчы, недатыкальнасці і цэласнасці яго тэрыторыі з абавязкам для гаспадара вярнуць у склад тое, што разабрана і «ўпрошана» другімі дзяржавамі; асобную прысягу гаспадара Княству, знішчаную ў 1569 г.; незалежную і асобную ад кароннай рады дзейнасць рады Княства; прызнанне права на атрыманне «спадкавых» зямель выключна за ўраджэнцамі Княства. Важна і тое, што Статут быў напісаны на старабеларускай мове - мове дзяржаўных дакументаў ВКЛ: «Не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем». Ці не самым моцным доказам непрыняцця ўмоў Люблінскай уніі з'яўляўся артыкул 12 раздзела ІІІ, што скасоўваў тое права польскай шляхты, дзеля якога, фактычна, і заключалася унія: «...В том паньстве Великом князстве Литовском и во всих землях, ему прислухаючих, достойностей духовных и светских городов, дворов, грунтов, староств, держав, врядов земских и дворных ...жадных чужоземцом и заграничником, ани суседом того паньства давати не маем. Але то все мы и потомки нашы, великие князи литовские, давати будем повинни только Литве, Руси, Жомойти, родичом старожитным и уроженцом Великого князства Литовского...». Такім чынам, палякам забаранялася набываць і атрымоўваць у Княстве маёнткі і дзяржаўныя пасады.

Катэгарычнае імкненне абараніць недатыкальнасць зямель і тытулатуры ўвасаблялася не толькі на паперы, але і на практыцы. У пачатку 1590-х г. Жыгімонт ІІІ спрабаваў абысці норму дванаццатага артыкула ІІІ раздзела Статута. У 1591 г. віленскі біскуп Юрый Радзівіл стаў кракаўскім біскупам. У Польшчы ўзнікла адпаведнае жаданне мець у Вільні біскупам паляка, чаму, аднак, засупрацівілася шляхта Княства. З гэтай нагоды ў лісце да віленскага ваяводы Крыштафа Радзівіла Леў Сапега пісаў: «Цяпер, калі наш ліцвін зрабіўся кракаўскім біскупам, можна ў выглядзе выключэння на адзін раз пагадзіцца з гэтым, але не інакш, як па пастанове сойма, каб у будучым не было сумненняў, што на ўсе пасады ў Польшчы павінны назначацца палякі, а ў Літве - ліцвіны» [4, с. 197]. Выразы «у выглядзе выключэння», «не інакш, як па пастанове сойма» характарызуюць Сапегу як гнуткага палітыка. Ён мог улічваць канкрэтную сітуацыю і кіравацца ёй у прыняцці рашэння. Але палажэнні Статута вымушалі яго быць прынцыповым у выпрацоўцы канчатковага рашэння аб віленскім біскупстве. К. Радзівіл згадзіўся з Сапегам і прапанаваў нейкім чынам абмежаваць практыку займання ліцвінамі пасад у Польшчы: «Мне падабаецца ваш праект абвясціць закон, згодна якому ніхто з нашага ліцвінскага народа пад страхам вялікага пакарання не адважыўся бы прымаць санаў і пасад у Польшчы ...» [4, с. 197].

У 1596 г. Л. Сапега адмовіўся паставіць дзяржаўную пячатку на акт аб прызначэнні на вакантную пасаду віленскага біскупа ўраджэнца Польшчы луцкага біскупа Бернарда Мацяёўскага. Зацяты канфлікт скончыўся тым, што пасаду заняў ураджэнец Княства Бенедыкт Война. Паказальны настрой Льва Сапегі ў вырашэнні гэтай справы ў наступнай фразе: «Тады паддайцеся ва ўсім палякам, адмоўцеся ад літоўскай пячаткі, маршальскага жэзла і гетманскай булавы, і няхай будуць польскія жэзлы, пячаткі і булава, ды і агульны скарб... Ці загінуць, ці дабіцца таго, каб ліцвін быў Віленскім біскупам» [2, с. 117].

Абарона ўласных інтарэсаў Княства вельмі актыўна адбывалася і на мясцовым узроўні. Напрыклад, соймік Наваградскага павета ў студзені 1598 г. выдаў інструкцыю паслам на вальны сойм, якая дазваляла дамаўляцца з панамі кароннымі аб віленскім біскупстве, але з умовай, што будуць выконвацца Канстытуцыі Вялікага княства Літоўскага, каб у Княстве пасады былі нададзены толькі «родзічам тутэйшым» [8, арк. 2] .

Традыцыйнай глебай для непаразуменняў паміж абедзвюма часткамі Рэчы Паспалітай з'яўлялася тэрытарыяльнае пытанне. На першым месцы знаходзілася праблема вяртання ўкраінскіх тэрыторый у склад Княства. Шкадаванне аб іх страце і клопат аб вяртанні з'яўляліся лейтматывам амаль усіх соймаў і сомікаў паслялюблінскай эпохі. «Оторванье от нас тых панств... завжды раною тяжкою в сердцах нашых зоставаеть. Просити и упомнетися панове послове нашы паном поляком мають о приверненье их зас под наш реимент князства Литовского, же бы там сумненье свое перед паном богом очыстили, а нам в том милость повинную отдали», - выказваў сваю пазіцыю шляхецкі соймік у Ашмянах у 1590 г. [6, арк. 2].

У сваім жаданні аднаасобна валодаць уласнымі, хоць і былымі, землямі шляхта ВКЛ была дастаткова ўпартай. Тэрытарыяльны канфлікт з Польшчай адбыўся ў 10-х г. XVI ст. з-за Смаленска, адваяванага войскам Рэчы Паспалітай у выніку ваеннай кампаніі 1609-1618 г. Настрой ліцвінскай шляхты выдатна адлюстроўвае пазіцыя сойміка Ашмянскага павета: «Смаленск і шмат замкаў Северскай зямлі, дзякуючы Богу і яго каралеўскай міласці, аддадзены. Неабходна прасіць на сойме, каб землі гэтыя былі ва ўласнасць Вялікага княства Літоўскага за асвячэннем яго каралеўскай міласці далучаны, і кожны, у каго здаўна ў той правінцыі што належала і на што права прад'явіць, каб пры сваім заставалася» [10, арк 1]. Сойм 1611 г. адхіліў прэтэнзіі ВКЛ на Смаленшчыну. Зноў Л. Сапега рашуча ўстаў на абарону інтарэсаў радзімы. У лісце да Януша Радзівіла, напісаным у канцы 1611 г., ён адзначае: «Браты нашыя палякі канстытуцыю напісалі народу нашаму шкодную ...прывілей напісалі сабе на Смаленск і на іншыя правінцыі і замкі, нібыта гэта ім кароль даруе, што ў Маскве возьмуць. Вымушаны быў учыніць пратэст супраць той канстытуцыі і таго дыплому» [3, с. 54]. Пазіцыя канцлера была актыўна падтрымана шляхтай беларускіх зямель. Урэшце рэшт, канфлікт быў вырашаны кампрамісным шляхам: пасля заключэння Дэўлінскага пагаднення 1618 г. Польшча атрымала Чарнігаўшчыну і Ноўгарад-Северскія землі, да ВКЛ далучалася Смаленшчына і Старадуб.

З'яўляючыся абаронцам правоў ВКЛ ад польскіх намераў дамінаваць у Рэчы Паспалітай, Л. Сапега быў прыхільнікам скаардынаванасці іх дзеянняў на міжнароднай арэне. Наконт малдаўскага пахода Замойскага ў 1595 г. ён пісаў Радзівілу: «Цяпер каронны гетман стаіць лагерам за межамі каралеўства, не дае доступу няверным, а мы, Літва, не дапамаглі у гэтым нават добрымі пажаданнямі. Ці добра гэта?» [4,с. 198 ].

У прынцыпе такая палітычная лінія ў адносінах да Польшчы ў паслялюблінскі перыяд характэрна для ўсяго грамадства ВКЛ. У залежнасці ад набыцця магчымых выгадаў ці страты ўласных правоў шляхецкае саслоўе аналізавала існуючую рэчаіснасць і рабіла адпаведны выбар: прытрымлівацца або ігнараваць акт уніі. Але з цягам часу ў грамадска-палітычнай свядомасці насельніцтва Княства адбываюцца змены: назіраецца «адрыў ад мясцовага патрыятызму і адбываецца фармаванне патрыятызму дзяржаўнага» [3, с. 88]. Рэч Паспалітая вызначаецца «агульнай» [9, арк.1], становіцца «Айчынай-маткай», «нашай Айчынай» [7,арк.1; 11, арк. 2] для усходняй і заходняй частак Рэчы Паспалітай.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Дневник Люблинского сейма 1569 года: Соединение Великого Княжества Литовского с Королевством Польским. - СПб., 1869.

2. Лаппо, И.И. Люблинская уния и третий Литовский статут / И.И. Лаппо // Журнал Министерства народного просвещения. - 1917. - № 5.

3. Лойка, П. А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI - першай трэці XVII ст. / П.А. Лойка. - Мінск, 2002.

4. Пташицкий, С. Переписка литовского канцлера Льва Ивановича Сапеги / С. Пташицкий //Журнал Министерства народного просвещения. - 1893. - Январь.

5. Статут Вялікага княства Літоўскага, 1588 год. - Мінск, 2002.

6. Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (ГАСА). Архіў Радзівілаў (АР) Аддз. ІІ. Спр. 165.

7. ГАСА. АР. Аддз. ІІ. Спр. 354.

8. ГАСА. АР. Аддз. ІІ. Спр. 373.

9. ГАСА. АР. Аддз. ІІ, Спр. 510.

10. ГАСА. АР. Аддз. ІІ. Спр. 560.

11. ГАСА. АР. Аддз. ІІ. Спр. 1007.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX