Вярнуцца: Леў Сапега i яго час

VI. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫЯ АДНОСІНЫ


Дадана: 23-10-2009,
Крыніца: Леў Сапега i яго час, Гродна : ГрДУ, 2007. - 422 с..

Спампаваць




VI. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫЯ АДНОСІНЫ. ШТОДЗЁННАСЦЬ. ... 229

Каўн С.Б. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ДЭМАГРАФІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ ЗЯМЕЛЬ БЕЛАРУСІ Ў ЧАСЫ ЛЬВА САПЕГІ... 229

Ключынскі М.К. СВАБОДНЫЯ СЯЛЯНЕ БЕЛАРУСІ - З XVI ст. ... 233

Амелька С.У. ДА ПЫТАННЯ АБ ПАХОДЖАННІ ПАЛІТЫЧНАЙ ЭЛІТЫ ЛІДСКАГА ПАВЕТА Ў XVII ст. ... 238

Соркіна І.В. РОЛЯ СТАТУТА ВКЛ 1588 г. У РАЗВІЦЦІ МЯСТЭЧАК БЕЛАРУСІ ... 242

Алексейчикова Н.Н. ИНСТИТУТ ОПЕКУНСТВА В ГОРОДАХ БЕЛАРУСИ В XVI-XVIIвв. (НА ПРИМЕРЕ МОГИЛЕВА)... 247

Пушкін І.А. ГАСПАДАРЧЫ І КУЛЬТУРНЫ РОСКВІТ МАГІЛЁВА Ў ЧАСЫ ЛЬВА САПЕГІ 251 ...

Чыгрын С.М. ЛЕЎ САПЕГА І СЛОНІМ... 257

Шнэйдэр А.А. ТАЛАЧЫНСКІ «АДРАС» ЛЬВА САПЕГІ... 260

Баранаў А.Я. БЕРАСЦЕ Ў XVI ст. ... 263

Скеп'ян А.А. ШТОДЗЁННАЕ ЖЫЦЦЁ ШЛЯХТЫ ВКЛ У XVI СТ. ПА ЛІСТАХ Л. САПЕГІ І ЯГО СУЧАСНІКАЎ... 266

Сушко В.А. ІСТОРИКО-ЕТНОГРАФІЧНІ ОСОБЛИВОСТІ ЗАСЕЛЕННЯ СЛОБІДСЬКОЇ УКРАЇНИ (XVII ст.)... 277


VI. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫЯ АДНОСІНЫ. ШТОДЗЁННАСЦЬ


С.Б. Каўн

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ДЭМАГРАФІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ ЗЯМЕЛЬ БЕЛАРУСІ Ў ЧАСЫ ЛЬВА САПЕГІ


У часы Льва Сапегі на землях Беларусі назіраўся пэўны эканамічны ўздым. Яго прычынай быў узмоцнены попыт на збожжа і сельскагаспадарчую прадукцыю ў краінах Заходняй Еўропы, якія развіваліся па капіталістычнаму шляху. У гэтых дзяржавах хуткімі тэмпамі ішоў працэс урбанізацыі (напрыклад, у Амстэрдаме, цэнтры заходнееўрапейскага «міра-эканомікі», паводле данных французскага гісторыка Ф. Брадэля, у першай палове XVII ст. пражывала больш за 200 тысяч чалавек). Насельніцтва заходнееўрапейскіх гарадоў, колькасць якога няўмольна павялічвалася, патрабавала прадуктаў харчавання, а мануфактуры, што ў гэты час актыўна развіваліся ў Англіі і Галандыі, мелі неабходнасць у сыравіне, якую пастаўляла сельская і лясная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага (96 % усяго экспарту). У Англіі працэс імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі стымуляваўся правядзеннем палітыкі агароджвання, якая скарачала вытворчасць збожжа на месцы. Гэтыя агульнаеўрапейскія працэсы прывялі на тэрыторыі Беларусі да павелічэння плошчы ворыўных зямель, скарачэння лясных ўгоддзяў, фарміравання фальваркова-паншчыннай сістэмы і канчатковага запрыгоньвання сялян.

У спалучэнні з агульнаеўрапейскімі працэсамі на эканамічнае развіццё зямель Беларусі ў часы «транзітыўнага стагоддзя» (другая палова ХVI - першая палова XVII ст.) значна паўплывалі геаграфічныя ўмовы і кліматычны фактар. Так, фальваркі (паводле інвентароў, якія на Беларусі з'явіліся ў першай палове XVI ст.) атрымалі распаўсюджанне ў Падзвінні і Панямонні, г.зн. у басейне тых рэк, па якіх можна было дасягнуць Балтыйскага мора і далей - краін Заходняй Еўропы. З іншага боку, штучна створаныя фальваркі ў час «валочнай памеры» хутка спынілі сваё існаванне, напрыклад, вакол Пінска і Кобрына ў 50-60-я гг. XVI ст. у сувязі з немагчымасцю дастаўкі збожжа на рынкі заходнееўрапейскіх краін [9; 10; 17, c. 246-248]. Пры традыцыйным вядзенні сельскай гаспадаркі і прымітыўнай агракультуры, калі ўраджайнасць на землях Беларусі была сам-2 - сам-4, кліматычныя змены прыводзілі да неўраджаяў, голаду і нават міграцый насельніцтва. Прыкладам падобных сацыяльных працэсаў можа служыць голад 1601-1602 гг., які апісаны ў Баркулабаўскім летапісе. Гэты голад прывёў да масавага перасялення насельніцтва Усходняй Беларусі на «Ніз» (на землі Украіны). Не выключана, аднак, што пасля заканчэння голаду частка насельніцтва вярнулася на радзіму.

Эканамічны ўздым суправаджаўся дэмаграфічным ростам. Калі ў 1548 г. на землях Беларусі пражывала 1,5 млн. жыхароў, у 1569 г. - 1,8 млн. жыхароў, то ў 1648 г., па ацэнцы польскага гісторыка Ю. Можы, - 2,9 млн. чалавек [14, c. 213-214]. Такім чынам, кожны год прырост насельніцтва складаў 14-14,5 тыс. чалавек або 0,5-1 %. Зразумела, гэта сярэднія лічбы, але за стагоддзе 1548-1648 гг. колькасць насельніцтва Беларусі павялічылася амаль у два разы. Калі б тэмпы прыросту насельніцтва захаваліся на такім жа ўзроўні, то да 1795 г. на тэрыторыі Беларусі пражывала 6,5 млн. чалавек, тады як на самой справе гэтая колькасць дасягнула толькі 3,3-3,6 млн.

У польскай гiстарыяграфii ў 1960-я гг. з'явiлiся вельмi цiкавыя даследванні дэмаграфiчнай статыстыкi Вялiкага княства Лiтоўскага. Г. Лаўмянскi на аснове распрацоўкi попiсаў войска Вялiкага княства Лiтоўскага 1528, 1565 i 1567 гг. паспрабаваў вызначыць прыкладную колькасць насельнiцтва ВКЛ у XVI ст. [18]. Ю. Можы вызначыў колькасць насельнiцтва ВКЛ да пачатку дэмаграфiчнага крызiсу сярэдзiны XVII ст. [19].

Аднак распрацаваная польскім гісторыкам Г. Лаўмянскім метадалогія падлікаў, якая абапіралася на попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 гг., дала не вельмі высокую дакладнасць саміх падлікаў. Прынцып выстаўлення пэўнай колькасці коней ад вызначанай колькасці службаў і дымоў дазваляе прыкладна вызначыць менавіта колькасць службаў і дымоў (прычым не заўсёды дакладна і поўна, што звязана з асаблівасцямі стварэння саміх крыніц, як гэта паказаў Г.Я. Галенчанка) [2, c. 4-5]. Разлік, пры якім ва ўсіх дымах лічыцца па 6-7 чалавек, што не зусім адпавядае рэчаіснасці, мае вялікую статыстычную пагрэшнасць.

На рэгіянальным узроўні прасачыць дынаміку росту народанасельніцтва можна ў тым выпадку, калі ёсць шэраг паслядоўных па часе інвентароў, якія ахопліваюць адзін геаграфічны рэгіён (княства, староства) або маёнтак з нязменнымі межамі. Пры гэтым трэба глядзець, каб інвентары складаліся па аднолькавых прынцыпах. Так, можна параўнаць паміж сабой інвентары Смаргоні 1622 г. і 1640-х гг., але з інвентаром Смаргоні 1601 г., які складзены па іншых прынцыпах, іх параўнаць немагчыма [6, c. 16-68].

На гады жыцця Льва Сапегі прыходзіцца правядзенне аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста - «валочнай памеры». Даследаваннем гэтай праблемы займаліся многія беларускія гісторыкі. М.В. Доўнар-Запольскi вывучаў гiсторыю абшчыны на землях Беларусi i Лiтвы ў XVI ст. Ён паказаў, якiя змены ў арганiзацыi побыту сялянства адбылiся ў гэты час па прычынах правядзення аграрнай рэформы i станаўлення фальваркова-паншчынай гаспадаркi [4; 5]. Аналiз значных змен сацыяльнай i эканамiчнай структуры Вялiкага княства Лiтоўскага, выклiканых аграрнымi пераўтварэннямi, праводзiў У.I. Пiчэта. Ён вызначыў эканамiчныя перадумовы, мэты i уплыў рэформы на розныя слаi насельнiцтва [11; 12; 13]. П.А. Лойка вывучаў праблему эвалюцыi феадальнай рэнты прыватнаўласнiцкiх сялян у другой палове XVI-XVIII стст. i зрабiў выснову аб перавазе паншчыны i фальваркаў у зоне, дзе былi рачныя i сухапутныя гандлёвыя шляхi i буйныя гандлёвыя цэнтры, якiя дазвалялi шляхце праводзiць экспартныя аперацыi [7]. Землеўладанню i землекарыстанню сялян Беларусi ў другой палове XVI - першай палове XVII ст. прысвечаны раздзел працы В.Ф. Голубева, у якiм аўтар робiць высновы аб вынiках «валочнай памеры» ў дзяржаўных уладаннях, аб рознiцы памiж структурай прыватных i царкоўных уладанняў на захадзе i ўсходзе Беларусi [3, c. 45-89].

У той час, калі жыў Леў Сапега, адбыліся і значныя змены ў заканадаўстве Вялікага княства Літоўскага, да якіх ён меў непасрэднае дачыненне. У першае дзесяцігоддзе яго жыцця (1557-1566) дзейнiчаў Статут 1529 г. Найбольш важнымi для даследавання сацыяльна-эканамiчных працэсаў з'яўляюцца IV i V раздзелы Статута 1529 г. - шлюбна-сямейнае i спадчынае права, а таксама i VIII раздзел - зямельнае права. Былi нормы, якiя рэгулявалi сацыяльна-эканамiчныя працэсы i ў iншых раздзелах (напрыклад, па артыкулу 7 другога раздзела вольны чалавек за здзейсненае злачынства не павiнен быў аддавацца ў вечную няволю, г.зн. была зроблена спроба абмежаваць халопства).

У сярэдзiне XVI ст. Статут 1529 г. ужо не адпавядаў юрыдычнай рэчаiснасцi (асаблiва ў сувязi з ростам уплыву сойма), i ў 1551 г. па загаду Жыгiмонта II Аўгуста была створана спецыяльная камiсiя з 10 чалавек (5 католiкаў i 5 праваслаўных) для яго рэдагавання. Ад католiкаў у склад камiсii ўвайшлi жамойцкi бiскуп Ян Даманоўскi, вiленскi канонiк Станiслаў Габрыловiч, вiленскi войт i вялiкакняжацкi сакратар Аўгустын Ратундус, вiленскi суддзя Павел Астравiцкi i Марцiн Валадковiч. Прозвiшчы праваслаўных членаў камiсii невядомыя. Аднак усе члены камiсii, як гэта адзначалася ў прывiлеi ад 1 лiпеня 1564 г., былi «особы певные, рады нашое маршалкове, врадники земские, хоружие и иные особы роду и народу шляхецкого, доктори прав чужоземских, которые заседши не одно поправили тот статут старый, але теж новым кшталтом некоторые розделы звлаща судовый, за засаженьем новым обычаем суду и порадку судового то становили и написали». Праца над другiм статутам працягвалася да 1561 г., калi яго праект быў перададзены сойму.

Адной з мэтаў «паправы Статута» было наданне аднолькавага прававога статуса ўсяму шляхецкаму саслоўю. Гэта выклiкала жорсткую апазiцыю з боку магнатаў - буйных землеўласнiкаў, якiя не хацелi судзiцца ў агульных судах са шляхтай. Таму хоць Статут быў зацвержаны 1 лiпеня 1564 г. i планавалася яго ўвесцi ў дзеянне з 11 лiстапада 1564 г., аднак ён набыў законную сiлу толькi з 1 сакавiка 1566 г.

Статут 1566 г. мае складаны характар. У яго склад былi ўключаны шэраг iншых дакументаў: Вiленскi прывiлей 1563 г., у якiм ўраўноўвалiся ў палiтычных правах праваслаўная i каталiцкая шляхта, Бельскi прывiлей 1564 г. аб неўмяшаннi выканаўчай улады (ваяводаў i старостаў) у судовыя справы шляхты, Вiленскi прывiлей 1565 г. Сацыяльна-эканамiчныя правы насельнiцтва ВКЛ найбольш поўна былi раскрытыя ў V i VI раздзелах, прысвечаных сямейнаму i апякунскаму праву; VII, VIII i IX раздзелах грамадзянскага права. Так, паводле артыкула 1 сёмага раздзела Статута, усе феадалы атрымлівалi права вольна распараджацца сваiмi маёнткамi, што паступова трансфармавала феадальную форму ўласнасцi ў буржуазную.

Аднак адразу ж пасля прыняцця Статута 1566 г. пачалася яго «поправа». Унесці змены ў яго прапанаваў ужо гродзенскi сойм 1568 г. Аднак найбольш радыкальныя змены былi прапанаваны на Люблiнскiм сойме, бо акт Люблiнскай унii прадугледжваў унiфiкацыю права Вялiкага княства Лiтоўскага i Польскага каралеўства.

Статут 1588 г., да якога спрычыніўся і Леў Сапега, абараніў не толькі палітычную і культурную, але і эканамічную самастойнасць Вялікага княства Літоўскага. Таксама ён прывёў да канчатковага запрыгоньвання сялянства [16, c. 317-320].


Спіс крыніц і літаратуры


1. Временник императорского Общества истории и древностей российских. - М., 1855. - Кн. 23.

2. Галенчанка, Г.Я. «Перапісы войска Вялікага княства Літоўскага» 1528, 1565, 1567 гг. як гістарычная крыніца па гісторыі Беларусі / Г.Я. Галенчанка // Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. - Мінск, 2003. - С. 3-6.

3. Голубеў, В.Ф. Сялянскае землеўладанне i землекарыстанне на Беларусi XVI-XVIII стст. / В.Ф. Голубеў. - Мінск, 1992.

4. Довнар-Запольский, М.В. Западнорусская сельская община в XVI в. / М.В. Довнар-Запольский. - СПб., 1897.

5. Довнар-Запольский, М.В. Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVI в. / М.В. Довнар-Запольский. - Киев, 1905.

6. Инвентари магнатских владений Белоруссии XVII-XVIII вв.: Владение Сморгонь. -Минск, 1977.

7. Лойка, П.А. Прыватнаўласнiцкiя сяляне Беларусi. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI-XVIII ст. / П.А. Лойка. - Мінск, 1991.

8. Первый Литовский Статут: в 2 т. - Т. 1, ч. 1-2. - Вильнюс, 1983-1985.

9. Писцовая книга Пинского и Клецкого княжества, составленная пинским старостою Станиславом Хвальчевским в 1552-1555 гг. - Вильна, 1884.

10. Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда-Августа в 1561-1566 годах пинским и кобринским старостою Лаврином Войною. - Ч. 1-2.- Вильна, 1874.

11. Пичета, В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве / В.И. Пичета. - Ч. 1, 2. - М., 1917.

12. Пичета, В.И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии (до конца XVI в.) / В.И. Пичета. - Ч. 1. - Минск, 1927.

13. Пичета, В.И. Аграрные реформы в восточных областях Литовско-Русского государства во второй половине XVI в начале XVII в. / В.И. Пичета // Белоруссия и Литва XV-XVI вв. (Исследования по истории социально-экономического, политического и культурного развития). - М., 1961

14. Сагановіч, Г.М. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г.М. Сагановіч. - Мінск, 2001.

15. Статут Великого княжества Литовского 1529 г. - Мінск, 1960.

16. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Мінск, 1989.

17. Улащик, Н.Н. Кобринская экономия после проведения волочной померы (К истории аграрной реформы в Великом княжестве Литовском XVI в.) / Н.Н Улащик // Ученые записки Института славяноведения АН СССР. - 1957. - Т. 15. - С. 246-268.

18. Lowmiański, H. Popisy wojska Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI w. jako źrodlo do dziejów zaludnenia / H. Lowmiański, // Mediaevalia w 50-a rocznica pracy naukowej Jana Dąbrowskiego. - Warszawa, 1960.

19. Morzy, J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII w. / J. Morzy. - Poznań, 1965.




М.К. Ключынскі

СВАБОДНЫЯ СЯЛЯНЕ БЕЛАРУСІ - З XVI ст.


XVI ст. з'яўлялася часам інтэнсіўнага запрыгоньвання сялянства ў ВКЛ. У гістарыяграфіі склалася трывалае ўяўленне аб завяршэнні дадзенага працэсу, нягледзячы на існаванне розных меркаванняў адносна яго датавання. Адны гісторыкі звязвалі завяршэнне запрыгоньвання сялян з выданнем Статута ВКЛ 1588 г., другія - з аграрнай рэформай, трэція - з заключэннем Люблінскай уніі [14, с. 127]. У першым томе «Гісторыі Беларускай ССР» сцвярджаецца, што «да сярэдзіны XVII ст. сялянства Беларусі ў пераважнай большасці было запрыгонена не толькі фактычна, але і юрыдычна» [1, с. 192]. Паводле даследавання М. Спірыдонава, гэты працэс завяршыўся да сярэдзіны XVI ст. У метадалагічным плане высвятленне дадзенага пытання, па сутнасці, зводзілася да вызначэння часу запрыгоньвання асноўнай масы сялян [14, с. 127-128].

Аднак у канцы XVIII ст., пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, расійскі ўрад сутыкнуўся са значнай колькасцю вольных людзей, якія «па кантрактах, карыстаючыся свабодай пераходу ў іншыя месцы, плацяць толькі чынш за зямлю і падаткі ў казну, але паншчыны ніякай не выконваюць» [13, с. 30-31]. Да іх ліку таксама былі аднесены баяры, зямяне, рускія стараверы і разнастайныя замежныя перасяленцы [7, с. 148]. Асабіста свабоднымі былі і прадстаўнікі ваенна-служылага насельніцтва - панцырныя баяры Віцебшчыны і выбранцы былога Слуцкага княства. Паводле вынікаў V рэвізіі (1795 г., у Віленскай і Слонімскай губернях лічылася 117084 мужчынскага і 111215 жаночага полу вольных сялян, якія мелі права перамяшчэння [12, с. 83], што складала 18,3% ад агульнай колькасці сялянскага насельніцтва. Нават пэўная недакладнасць дадзеных рэвізіі не дае падставаў сумнявацца ў наяўнасці на тэрыторыі былога ВКЛ вялікай колькасці юрыдычна незапрыгоненага сялянства [8, с. 390].

Царскі ўказ ад 23 лютага 1799 г., які замацаваў назву «вольныя людзі», сцвярджаў, што яны былі выхадцамі з «Цесарии, Пруссии и иных земель», аднак, улічваючы агромістую колькасць вольных людзей у Жамойці, дзе яны месцамі складалі большасць насельніцтва, і тое, што па мове, звычаям і ўсяму ўкладу жыцця яны нічым не адрозніваліся ад астатняга карэннага насельніцтва, неабходна прызнаць, што іншаземцы маглі складаць сярод іх нязначную частку. Як зазначыў М. Улашчык, «пытанне гэта настолькі бясспрэчнае, што... трэба высвятляць не тое, ці з'яўляюцца яны нашчадкамі прышэльцаў або мясцовага насельніцтва, а тое, з якіх слаёў мясцовага насельніцтва ... сфарміраваўся гэты разрад» [16, с. 68-69.].

Як можна растлумачыць наяўнасць значнай колькасці асабіста свабодных сялян праз два стагоддзі пасля завяршэння працэсу запрыгоньвання сялянства? Дадзены казус узнік у гістарыяграфіі як з-за пэўнага разрыву паміж працамі па гісторыі сялянства ў Расійскай імперыі і працамі гісторыкаў-медыевістаў, так і з-за ўмоўнасці паняцця «канчатковае запрыгоньванне». Самі аўтары часта выкарыстоўвалі больш гнуткае вызначэнне «запрыгоньванне большасці сялян». Цікавасць да лёсу «меншасці» была слабейшай, і ўпамінанні ў крыніцах аб вольных людзях разглядаліся як «адгалоскі мінулага» [2, с. 106]. Між тым, як сведчаць адпаведныя даследаванні, працэс запрыгоньвання працягваўся [18, с. 104-109], больш таго, у невялікіх памерах мела месца і адваротная з'ява.

Вытокі паходжання асабіста свабоднага сялянства, відаць, трэба шукаць у XVI ст. Аснову дадзенай катэгорыі склала частка людзей пахожых, якія захавалі сваю свабоду, нягледзячы на намаганні землеўладальнікаў пазбавіць іх права пераходу. М. Улашчык тлумачыў значную канцэнтрацыю вольных людзей у Жамойці гісторыка-геаграфічным фактарам. Паводле даследчыка, Жамойць, якая ўваходзіла клінам паміж Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, вытрымлівала найбольш частыя і моцныя ваенныя ўдары, таму большасць яе насельніцтва павінна была складацца са свабодных грамадзян, гатовых узяцца за зброю. Чым далей на ўсход, тым меншай станавілася пагроза нападу і тым большай колькасць запрыгоненых сялян, галоўным абавязкам якіх была не вайсковая служба, а павіннасць на карысць феадала. Нягледзячы на разгром Ордэна, правы, атрыманыя ў XV ст. (у тым ліку асобыя правы Жамойці), захаваліся да пачатку XIX ст. [16, с. 76].

Ва ўмовах інтэнсіўнага запрыгоньвання колькасць пахожых людзей істотна скарацілася ўжо да сярэдзіны XVI ст., аднак, цалкам не знікла. Частка пахожых людзей змагла захаваць сваю волю шляхам перыядычных пераходаў ад адных феадалаў да іншых. Гэта быў легальны спосаб захавання права на выхад. Дзеці пахожых людзей лічыліся вольнымі. У склад свабоднага сялянства ўвайшла тая нявольная чэлядзь, якая была адпушчана на волю або атрымала свабоду іншымі шляхамі (выкуп, знішчэнне дакументаў, уцёкі). Некаторая частка вольных людзей па сваім паходжанні складалася з былых непахожых людзей, якія вызваліліся рознымі шляхамі. Вядомы выпадкі вызвалення феадаламі непахожых слуг за іх верную службу. Часам вольнымі станавіліся тыя отчычы, якія, трапіўшы ў палон, уцякалі і вярталіся на радзіму. У асобных выпадках прыгонныя сяляне дамагаліся вызвалення шляхам выкупу [14, с. 132-134]. Свабоднай станавілася і чэлядзь нявольная ў тым выпадку, калі ўладальнік выганяў яе ў час голаду [15, раздз. XII, арт. 20]. Паказальна, што шляхта ВКЛ на сойміках 1764-1775 гг. спрабавала растлумачыць узнікненне катэгорыі вольных і іх значны рост наступствамі Паўночнай вайны. У гэты час быццам бы ніхто не мог кантраляваць сваіх прыгонных, з-за чаго пачаліся пераходы людзей. Аднак дадзеную з'яву можна разглядаць толькі як механізм папаўнення, але не прычыну ўзнікнення разраду вольных людзей, бо вольнае насельніцтва існавала яшчэ да войнаў сярэдзіны XVII ст. [18, с. 103] Д. Пахілевіч выказаў меркаванне, што свабоднае сялянства магло папаўняцца і за кошт гараджан, якія з-за галечы перасяляліся на вёску. Паводле даследчыка, гэтая з'ява стала прыкметнай з сярэдзіны XVII ст., калі гарады пачалі перажываць востры крызіс [10, с. 84].

Значную ролю ў захаванні свабоднага сялянства адыгралі палажэнні Статута ВКЛ 1588 г., які завяршыў працэс заканадаўчага афармлення прыгоннага права, але замацаваў прававое поле, у межах якога маглі існаваць нешматлікія групы юрыдычна вольных сялян. Гэтая з'ява падаецца тым больш унікальнай, што ў Расійскай дзяржаве, дзе юрыдычнае афармленне запрыгоньвання сялянства завяршылася толькі ў 1649 г. з выданнем Саборнага улажэння [6, с. 16], свабоднае сялянства знікла (Сібір, Архангельшчына складаюць выключэнне). Таму наяўнасць значнай колькасці вольных людзей на тэрыторыях, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, выклікала ў расійскай адміністрацыі шчырае здзіўленне і імкненне да зліцця дадзеных катэгорый насельніцтва з астатняй масай прыгоннага сялянства.

Статут ВКЛ 1588 г. захаваў магчымасць пераходаў вольнага сялянства. Былі рэгламентаваны правілы выхаду сялян, якія перасядзелі тэрмін даўнасці. Людзі пахожыя, каб пакінуць землеўладальніка, у якога яны пражылі больш 10 гадоў, павінны былі выплаціць 10 коп грошаў і кампенсаваць атрыманую дапамогу. Дадзеная норма распаўсюджвалася і на дзяцей вольных людзей. Калі вольныя людзі, пражыўшыя ў феадала 10 гадоў, уцякалі, не выплаціўшы належную кампенсацыю, то тэрмін вышуку для іх складаў 10 гадоў [15, раздз. XII, арт. 13]. Вольны чалавек не мог быць аддадзены ў няволю ні за якое злачынства. Аднак дазвалялася часовая служба да вяртання запазычанасці [15, раздз. XII, арт. 11]. Статут, які прадугледжваў магчымасць перадачы самога сябе ці членаў сям'і ў няволю ў час голаду, абавязваў пасля выплаты ці адпрацоўкі дапамогі вызваляць такога чалавека [15, раздз. XII, арт. 19]. Пакідалася магчымасць атрымання волі збеглым прыгонным, якая грунтавалася на тэрміне даўнасці. Для сялян, якія ўцяклі на адлегласць да 5-6 міль ён складаў 10 гадоў, а пры ўцёках на адлегласць ў 10 і больш міль - 20 гадоў. Аднак гэтыя нормы не распаўсюджваліся на чэлядзь дворную і палонную [15,раздз.XII,арт.12,16].

Вольныя людзі ўступалі ў пэўныя дагаворныя адносіны з землеўладальнікамі. Свабодныя людзі былі абавязаны несці павіннасці з той зямлі, якая знаходзілася ў іх трыманні. Павіннасці маглі быць разнастайнымі і залежалі ад пагаднення, заключанага паміж бакамі. Свабодныя сяляне маглі выконваць цяглую службу, аднак, гэта не азначала іх прыналежнасць да юрыдычна залежнага сялянства. Так, у XVI ст. цяглая служба вольных людзей была шырока распаўсюджана ў Полацкай і Віцебскай землях [9, с. 316, 318, 320-321].

У другой палове XVIII ст. з'яўляюцца кантракты паміж вольнымі людзьмі і абшарнікамі. Яны былі прыватнай справай пана і не ахоўваліся дзяржавай. Статут 1588 г. не надаваў сялянам права юрыдычнага боку. Таму кантракт стаў новай з'явай, выкліканай, магчыма, умацаваннем таварна-грашовых адносін. Толькі канстытуцыя 3 мая 1791 г. уключыла патрабаванне гарантыі дамовы паміж абшарнікам і сялянамі: «свабоды, падараванні і дамовы пана з селянінам..., ці былі яны з грамадамі або з кожным жыхаром вёскі, становяцца агульным і ўзаемным абавязкам» [17, с. 295-298].

Працэс запрыгоньвання вольных людзей працягваўся ў XVII-XVIII стст. Меў месца і так званы «добраахвотны» пераход пахожых людзей у разрад прыгонных. Яго прычынамі выступалі нястача, нявыплачаная запазычанасць хлебам, грашамі, інвентаром, нанесеныя землеўладальніку страты. Такія выпадкі звычайна назіраліся ў неўраджайныя гады і ў час стыхійных бедстваў [18, с. 104-109].

Пэўную цяжкасць выклікае характарыстыка такіх груп насельніцтва як баяры і зямяне. Дадзеная сітуацыя абумоўлена шматзначнасцю гэтых паняццяў. У другой палове XVI - першай палове XVII ст. тэрмін «баярын» выкарыстоўваўся як для абазначэння залежнай шляхты прыватных уладанняў (разам з тэрмінам «зямянін»), так і асоб сялянскага стану ў дзяржаўных і прыватных уладаннях, асноўнай павіннасцю якіх была ваенная ці кур'ерская служба. У XVII ст. шляхта і сяляне-путнікі атрымалі кожны сваё найменне, а ў XVIII ст. словы «зямяне» і «баяры» разглядаліся ўжо як сінонімы. Баяры не былі замкнёнай групай. Жаніцьба на дачцы баярына давала права пераходу на гэтае становішча [5, с. 8-9].

Асобна трэба закрануць тую частку свабоднага сялянства ВКЛ, якую складалі ваенна-служылыя людзі. На Віцебшчыне пражывалі панцырныя баяры - памежная варта ВКЛ. Яны набіраліся з незапрыгоненага насельніцтва і атрымлівалі за нясенне вайсковай службы зямельныя ўладанні са спадчыннымі правамі [11, с. 82-84]. Пасля зменаў у выніку ваенных дзеянняў усходняй мяжы Рэчы Паспалітай баяры звярталіся з просьбамі аб пацвярджэнні іх статусу, якія неаднаразова задавальняліся (1580, 1593, 1636 гг.). Нават цар Аляксей Міхайлавіч у 1667 г. пацвердзіў іх правы [19, с. 419-420].

Недахоп пяхоты ў ВКЛ выклікаў з`яўленне ў канцы XVI ст. катэгорыі выбранцаў. За сваю службу яны вызваляліся ад павіннасцей, а «выбранецкае права» пашыралася на іх нашчадкаў. У 1649 г. выбранецкая пяхота была ліквідавана. Аднак гэтая група захавалася ва ўладаннях Радзівілаў - у Слуцкім княстве. Выбранцы набіраліся са складу вольных людзей, дробнай шляхты і зямян. Прыналежнасць ваенна-служылых людзей да той ці іншай катэгорыі прывілеяванага насельніцтва была спадчыннай, і пераводу ў ніжэйшыя катэгорыі сельскага насельніцтва не было. У судовых адносінах яны карысталіся правам экстэрытарыяльнасці. Да канца XVIII ст. зямяне маглі пакінуць свой надзел, перадаўшы яго зямянам таго ж засценка [3, с. 246, 250], [4, с. 249-252].

Такім чынам, можна зрабіць выснову аб няпоўным запрыгоньванні сялян у ВКЛ. Рэшткі людзей пахожых і ваенна-служылыя людзі склалі аснову свабоднага сялянства, якое папаўнялася за кошт замежных перасяленцаў, збеглых і адпушчаных на волю прыгонных.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. - Мінск: Навука і тэхніка, 1972-1975. - Т. 1: Першабытнаабшчынны лад на тэрыторыі Беларусі. Эпоха феадалізму / рэдкал.: К.І. Шабуня [і інш.]. - 1972.

2. Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1: Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. / Анішчанка Я.К. [і інш.]. - Мінск: Беларуская навука, 1997.

3. Грицкевич, А.П. Хозяйственное и правовое положение военно-служилого населения в Слуцком княжестве в XVI-XVIII вв. / А.П. Грицкевич // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1962 г. / АН СССР, АН БССР; редкол.: В. К. Яцунский [и др.]. - Мінск: Наука и техника, 1964.

4. Грыцкевіч, А.П. Беларускія выбранцы / А.П. Грыцкевіч // Полымя. - 1970. - № 11.

5. Доўнар, А.Б. Сацыяльна-эканамічнае становішча сялян-слуг дзяржаўных і прыватных уладанняў на беларускіх землях у другой палове XVI - сярэдзіне XVIII ст.: Аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук: 07.00.02 / А.Б. Доўнар; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. - Мінск, 2004.

6. История крестьянства СССР с древнейших времён до Великой Октябрьской социалистической революции: в 5 т. Т. 2: Крестьянство в периоды раннего и позднего феодализма / АН СССР; редкол.: В.И. Буганов, И.Д. Ковальченко (отв. ред.) [и др.]. - М.: Наука, 1990.

7. Козловский, П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII - первой половине XIX в. / П.Г. Козловский. - Минск: Наука и техника, 1982.

8. Неупокоев, В. И. «Вольные» люди Литвы в первой половине XIX в. / В.И. Неупокоев // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1960 г. / АН СССР, АН УССР; отв. ред.: В.К. Яцунский [и др.]. - Киев, 1962.

9. Пичета, В.И. Белоруссия и Литва XV - XVI вв. / В.И. Пичета / АН СССР. - М., 1961.

10. Похилевич, Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI-XVIII вв. / Д.Л. Похилевич / Львов. ун-т. - Львов, 1957.

11. Сементовский, А.М. Историческая записка о панцирных боярах / А.М. Сементовский // Памятная книжка Виленского генерал-губернаторства на 1868 год / Вилен. губ. стат. ком.; под ред. А.М. Сементовского. - Спб., 1868.

12. Сосна, У.А. Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст. / У.А. Сосна. - Мінск: БДУ, 2000.

13. Сосно, В.А. Формирование «вольных» людей Западных губерний и слияние их с основной массой крестьянства (конец XVIII - первая половина XIX вв.) / В.А. Сосно // Вопросы истории Европейского Севера (Проблемы общественно-политической истории XIX - XX вв.): межвуз. сб. науч. ст. / Петрозавод. гос. ун-т им. О. В. Куусинена. - Петрозаводск, 1991.

14. Спиридонов, М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV-XVI вв.) / М.Ф. Спиридонов - Минск: Наука и техника, 1993.

15. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989.

16. Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик. - М.: Наука, 1965.

17. Ючас, М.А. Аренда земли вольными людьми в Литве во второй половине XVIII в. / М.А.Ючас // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1962 г. / АН СССР, АН БССР; редкол. В.К. Яцунский [и др.]. - Минск: Наука и техника, 1964.

18. Ючас, М.А. О добровольном переходе вольных людей в крепостные в Литве XVI-XVIII вв. / М.А. Ючас // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1968 г. / АН СССР; редкол.: Ю.В. Бромлей (отв. ред.) [и др.]. - Ленинград: Наука, 1972.

19. Rychlikowa, I. Bojarzy pancerni na pograniczu moskiewskim w XVI-XIX wieku / I. Rychlikowa // Przegląd Wschodni. - 1994. - T. III, z. 3.




С.У. Амелька

ДА ПЫТАННЯ АБ ПАХОДЖАННІ ПАЛІТЫЧНАЙ ЭЛІТЫ
ЛІДСКАГА ПАВЕТА Ў XVII ст.


Тэрыторыя Лідскага павета Трокскага ваяводства ў XVII ст. ахоплівала шэраг населеных пунктаў, які знаходзіліся, як у дзяржаўнай, так і ў прыватнай уласнасці. Сярод іх вылучаліся Ражанка, Ваверка, Блотна, Беліца, Дакудава, Жалудок, Жыжма, Ішчолна і іншыя [1]. На працягу XVI ст. колькасць коннікаў, выстаўленых з прыватнаўласніцкіх маёнткаў згодна попісаў войска ВКЛ 1529 г. і 1567 г., складала ад 80 да 980 чалавек. Пасля правядзення адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565-1566 гг. да павета былі далучаны Астрынскае, Васілішскае, Радуньскае і Эйшышскае наместніцтвы, шэраг буйных прыватных уладанняў. Згодна падымных рэестраў Вялікага княства Літоўскага 1690 г., заможнымі землеўласнікамі з'яўляліся Аляксандровічы (Лычкоў Нявіша, Нявіша, Дубічы, 50 дымоў), Быхаўцы (маёнткі Горнішкі, Салабяцішкі, Глыбокае, 63 дымы), Ворбек-Летавы (Івашкевічы, Лебяда, 915 дымоў), Глядавіцкія (45 дымоў), Грыневічы (маёнтак Казакоўшчызна, 20 дымоў), Дамаслаўскія (маёнткі Стокі, Сялец, Дакудаў, Крывое сяло, 243 дымы), Кастравіцкія (маёнтак Паперня, 60 дымоў), Масевічы (маёнткі Бердаўка, Гародна, Блотна, 131 дым), Нарбуты (маёнткі Заблоцце, Ремзоўды, 80 дымоў), Нарушэвічы (Хадкевічы) (маёнтак Мажэйкова, першапачаткова 251 дым), Невяроўскія (маёнтак Хацяновічы, 36 дымоў), Радзівілы (маёнткі Беліца, Смолач, Бабры, Пішчоўцы, Ліпічна, 695 дымоў), Ромеры (маёнткі Шчэркаў, Балундзі, Баяры, 49 дымоў), Роры (маёнтак Няцеча, 37 дымоў), Рымвіды (маёнткі Дзембрава Пуша, Хамаўшчызна, Ельна Рамейкі, 99 дымоў), Сяклюцкія (маёнтак Бурчэвічы, Красулі, 26 дымоў), Тызенгаўзы (маёнтак Бычкаўшчызна, 41 дым, які набылі Купішскі і Лемзельскі стараста Вільгельм і Ганна з Цехомскіх ад лідскага маршалка Аляксандра Халецкага [2]), Францкевічы (маёнткі Ольшэў, Наркушкі, Канцк, Агароднікі лідскія, Раманішкі, Касцянева, Жалудок, Ішчолна, Нявіша, 524 дымы), Хелхоўскія (маёнтак Радзівонішкі, 65 дымоў), Храпавіцкія (маёнтак Гародна, 20 дымоў) [3, с. 200-235]. Разам з тым, згодна прынятым крытэрыям прымяненне ў дачыненні да шляхты маёмасных ці родавых крытэрыяў выяўлення палітычнага лідэрства не заўсёды магчымае. Так, з 22 родаў большасць асоб займалі пасады ў мясцовай адміністрацыі, у тым ліку і павятовай. Актыўны ўдзел шырокага кола шляхты ў дзейнасці павятовых соймікаў, выпрацоўка інструкцый паслам на сойм, абмеркаванне розных пытанняў патрабавала і вылучэння асоб, якія маглі б адлюстроўваюць інтарэсы шырокага кола грамадства. Асаблівасцю з'яўляецца і тое, што тут неабходна разглядаць шэраг акалічнасцей, якія ўплывалі на гэты працэс: сацыяльна-этнічнае паходжанне, асаблівы статус [4, с. 80]

Непасрэдны ўплыў адбываўся і праз пэўную сістэму сацыялізацыі, веды, уменне, навыкі і г.д., якія набываюцца індывідам шляхам выхавання. Але галоўную ролю тут адыгрываў працэс палітычнай сацыялізацыі. Паняцце эліта мае шмат значэнняў. Найбольш зручным здаецца вызначэнне групы асоб, якія прымаюць удзел у фарміраванні і прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Эліта характарызуецца актыўным удзелам у грамадскім жыцці. Шэраг даследчыкаў ставіць пад сумненне прыняцце ў поўнай меры прадстаўнікоў эліты. Гэта залежыць і ад гарантый таго, што яны заўсёды прытрымліваліся (былі згодныя са зместам) падпісваемых актавых матэрыялаў, так і прызначэння для выканання дыпламатычных (ці дзяржаўных) місій [6, с. 35-36]. I маёмасны фактар не заўсёды адыгрывае тут вядучую ролю. Нездарма у вышэйзгаданым спісе не ўсе заможныя землеўласнікі прадстаўлены ў павятовай ці дзяржаўнай службовай іерархіі, займаючы пасады чэсніка, падстолія, скарбніка, харужага, падчашага, старосты, стольніка. Больш значныя пасады займалі толькі восем асоб: Юрый Караль Хадкевіч (літоўскі абозны), Аляксандр Ян Масевіч (мсціслаўскі ваявода), Мацей Ромер (палкоўнік войска літоўскага, генерал-майор, генерал артылерыі), Эліяш Міхал Рынвід (лідскі маршалак), Стэфан Еўстафій Аляксандровіч (гродзенскі войт, падкаморы, маршалак, навагрудскі кашталян), Стэфан Тызенгауз (навагрудскі ваявода), Крыштаф Вікторын Збігнеў Ворбек-Летаў (старадубаўскі маршалак), Казімір Францкевіч Радзімінскі (лідскі падкаморы, лідскі староста, падскарбій надворны літоўскі). Хоць наданне ў валоданне старостваў паказвала іх узаемаадносіны з каралеўскім дваром. Ворбек-Летавы трымалі Барцянскае і васілішскае, Дусяцкія - Радунькае, Эліяш Міхал Рынвід (лідскі маршалак) - Новадворскае староствы, Радзімінскія - Лідскую эканомію і г.д. Асобныя маёнткі трымалі лідскі войскі, падкаморы, а затым брэсцкі кашталян Стэфан Казімір Курч і мсціслаўскі ваявода Аляксандр Ян Масевіч [3, c. 233-235].

Род Аляксандровічаў, дастаткова вядомы сваёй актыўнай палітычнай дзейнасцю ў Гродзенскім павеце з ХV-ХVІ ст., набыў асобныя населеныя маёнткі на Лідчыне. I калі Андрэй Аляксандровіч ў 1505 г. з'яўляўся лідскім намеснікам, Рыгор Аляксандровіч, віленскі кашталян, - гетманам ВКЛ. У XVII ст. прадстаўнікі роду паступова займалі вядучыя пазіцыі ў Лідскім павеце. Міхал Аляксандровіч падпісаў суфрагію пры абранні караля Яна III у 1674 г. [5, c. 150]. Казімір быў абраны лідскім падчашым, а яго сын Лукаш, лідскі харужы, бярэ шлюб з Канстанцыяй Аляксандровіч, дачкой Стэфана Еўстафія, навагрудскага кашталяна. Сын апошняга Ян-Казімір з'яўляецца астрынскім старостай. Увогуле, менавіта яны складаюць найбольш уплывовую частку эліты. Стэфан Еўстафій неаднаразова абіраўся паслом на сеймы, быў шырока прызнаным прамоўцам, адстойваў інтарэсы Сапегаў [7, c. 71]. У супрацьстаянні Сапегаў з каралём Міхал-Ян Аляксандровіч, лідскі земскі пісар, ротмістр, узначальваў ў 1698 г. харугву Лідскага павета пры заключэнні трактатаў з войскам ВКЛ пад Скідзелем, паміж Пузевічамі і Лаўна. Побач з ім былі Самуэль з Кастравіц Кастравіцкі, наўгародска-северскі стольнік, харужы і Францішак Курч, брэсцкі ваявода, паручык. Яго бацькам быў Стэфан, лідскі войскі, брэсцянскі ваявода, а маці - Іаанна, дачка, Мікалая Сапегі. Стэфан быў маршалкам Літоўскага трыбунала ў 1677 г. [8, с. 453]. Магчыма, другі яго сын Ян, харужы ці блізкі крэўны, у 1655 г. прысягаў на вернасць рускаму цару [9]. Яшчэ адна асоба, якая выступае ў спісе побач з імі, - гэта Ян Сцыпіён, лідскі гродскі пісар. Род Сцыпіёнаў (ці Сцыпіёнаў дэль Кампо) трапіў у ВКЛ з Італіі, а з'яўленне іх на Лідчыне звязваецца з Крыштафам Сцыпіёнам, які праз шлюб на Сімфарозе, дачцы Адама Сіруця, лідскага суддзі, атрымаў усю спадчыну Сіруцей. Выхадцамі з Фларэнцыі былі і Лімонты, якія з'явіліся тут разам з жонкай караля Жыгімонта Старога Бонай Сфорцай. Магчыма, з дапамогай мсціслаўскага кашталяна Фёдара Лімонта прадстаўнікі роду авалодалі спадчынай Давойнаў. 3 другой паловы вядомы лідскі земскі суддзя, затым віцебскі кашталян, васілішкаўскі староста Марцін Лімонт. Ён актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, быў паслом на соймы 1652, 1658, 1662, 1668, 1669 гг. Захаваліся яго асобныя прамовы ў абарону шляхецкіх правоў ад магнацкіх парушэнняў. Вядомы Мікалай Лімонт, лідскі войскі ў 1632 г., Ежы Петр Лімонт, лідскі чашнік у 1648 г., Ян Лімонт, лідскі канюшы ў 1694 г. Але гэта быў закат роду, які згас у пачатку XVIII ст. [10, с. 26-30].

Францкевічы-Радзімінскія былі пароднены з Сапегамі і Патоцкімі. Міхаіл браў шлюб з роднай сястрой Льва Сапегі, канцлера ВКЛ, Ганнай і верна служыў свайму швагру, а яго сын Крыштаф загінуў у барацьбе супраць дысідэнтаў [11, с. 48]. Стэфан Францкевіч-Радзімінскі, слонімскі староста, быў уладальнікам Ішчолнаў. На Варшаўскім вальным з'ездзе ў 1674 г. ён быў уключаны ў склад камісіі рэвізіі казны ВКЛ [6, с. 116].

Найбольшай палітычнай актыўнасцю выдзяляліся Эліяш Рынвід, падстароста Лідскага павету, падкаморый, і Тэафіл Дунін Раецкі, лідскі маршалак. Апошні ў 1661 г. на вальным сойме быў абраны ў трыбунал казны ВКЛ, падпісаў канстытуцыю варшаўскага сойму 1667 г. (фігураваў як лідскі маршалак, але пасол Вількамірскага павета) [12, с. 371, 498], варшаўскую генеральную канфэдэрацыю ў 1668 г.; элекцыю караля 1669 г., уваходзіў у юрамент абранага каралём Міхала Карыбута, падпісваў канфірмацыю Віленскага сойма 1670 г. На гэтым сойме ён быў сярод прадстаўнікоў ВКЛ для напісання легацыі сойма да маскоўскага цара. Канстытуцыяй ВКЛ 1670 (і 1676) г. Тэафіл Раецкі ўключаны ў склад камісіі для разгляду спраў паміж грамадзянамі Пільтыньскага павета і кн. Курляндскім, 1673 г. -- у склад Ваеннай рады і трыбунал скарбу ВКЛ. Ён жа пералічваецца сярод падпісаўшых суфрагію караля Яна III [6, с. 19, 20, 27, 64, 82, 149]. Прозвіша Рынвіда, падстаросты, гродскага суддзі, падкаморыя, віцэ-кашталяна, неаднаразова называецца сярод паслоў ад Лідскага павета. Ён быў абраны дэпутатам у Генеральны суд, у юрамент Яна III і г.д., уключаны для размеркавання гіберны войска ВКЛ у 1678 г. З'яўляўся дэпутатам на соймы 1685 г., 1690 г. і абіраўся ў Трыбунал ВКЛ. Пэўнае месца займаў і род Кунцэвічаў, якія абіраліся дэпутатамі ў сойм, займалі пасады лідскага падсудка, падстаросты, падкаморыя, харужага Эйшышскай парафіі і г.д.. У 1655 г. лідскі падкаморы Якуб Тэадор Кунцэвіч з'яляўся палкоўнікам Лідскага павету [9, с. 60]. Вылучаўся і род Нарбутаў. Адам Нарбут, лідскі войскі, падпісваў суфрагію Яна III, а к канцу XVII стагоддзя Нарбуты прадстаўляюць ужо інтарэсы часткі шляхты Лідскага павету на сойме 1697 г. (лідскі падкморы Уладзіслаў Нарбут, Ян Нарбут, Адам Нарбут). Харугва палкоўніка, лідскага падкаморыя Міхала Нарбута (земскага суддзі) ставілася на паспалітае рушанне ў жніўні 1698 г. паміж Лаўна і Пузевічамі.

Яшчэ адным з паказчыкаў заможнасці, «уплывовасці» роду становіцца фундатарская дзейнасць, якая ў сістэме культурных уяўленняў становіцца не проста захапленнем, але і асаблівым прэстыжам - свецкім, грамадскім, дзяржаўным. Гэтыя сумы ахвяруюцца на штотыднёвае адпраўленне службаў, ці пэўную колькасць набажэнстваў, утрыманне альтарый ці алтарыстаў, дабрачыннасць, пабудову і рамонт манастыроў, касцёлаў, цэркваў, капліц і г.д. Сярод фундацыйных запісаў, што захаваліся, вядомы ахвяраванні Сапегаў, Сцыпіёнаў, Радзівілаў, Аляксандровічаў, Белазораў, Палупент і іншых [13]. У канстытуцыях каранацыйнага сойма былі пацверджаны асобныя фундацыі. Сярод іх ахвяраванне Дзебраўскаму касцёлу, зробленае лідскім падстарастай Эліяшам Міхалам Рынвідам і яго жонкай у спадчынным маёнтку Дзембрава Лідскага павета. Асабіста каралём да гэтай фундацыі была далучана вёска Аплейкі. Там жа пацверджаны і фундацыі Радзівілаў, Катовіча, Шпілеўскага, Дамашэўскага, лідскага войскага Адама Нарбута [6, с. 213]. У 1684 г. віленскі біскуп Аляксандр Міхал Катовіч даў блаславенне і прызнаў ахвяраванне на карысць Васілішскага касцёла, зробленае пры выправе супраць турак Фларыянам Аляксандровічам. Ён абяцаў пабудаваць капліцу на зямлі, званай Вяржбоўцы, і далучыць яе да парафіяльнага касцёла, а таксама надзяліць валокай зямлі, званай Енералаўшчынай [14].

Такім чынам, мы можам вылучыць пэўную групу асоб, якая прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці не толькі Лідскага павета, але і на дзяржаўным узроўні. Адбываецца змена і ў іх асабовым складзе ў другой палове стагоддзя. Калі для XVI - пачатку XVII ст. характэрны ўплыў і ўдзел прадстаўнікоў заможных родаў, то к канцу XVII ст. тут шырока прысутнічаюць і дробныя землеўласнікі. Менавіта ім ваенная і палітычная фартуна дазволіла заняць высокае месца ў грамадскай іерархіі.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Насевіч, В. Лідскі павет / В. Насевіч. // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. - Т. 2. - Мінск: БелЭн, 2006. - С. 198-199.

2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1034. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 2-26.

3. Литовская метрика. Реестры подымного Великого Княжества Литовского: Виленское воеводство 1690 г. / подг. А. Рахуба. - Варшава, 1989.

4. Ирхин, Ю.В. Политология: Учебное пособие. / Ю.В.Ірхін. - М.: Изд-во РУДН, 1996.

5. Korczak, L. Ksztaltowanie elity władzy w Wielkim Księstwie Litewskim (zagadnienie kryteriów kwalifikacyjnych) / L. Korczak // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellonskiego. - MCCLXII. - 2003. - Prace Historyczne. - Z. 130.

6. Volumina Legum. - T. V.

7. Polski slownik biograficzny. - T. 1. - Kraków, 1938.

8. Niesiecki, K. Herbarz Polski / K. Niesiecki. - T. V. - Lipsk, 1840.

9. Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г. / Под ред. Б. Флори. - Москва-Варшава, 1999. - С. 61.

10. Данскіх, С.У. Наш Шчучын / С.У. Данскіх / Пад навук. рэд. У.Д. Разенфельда. - Гродна, 2001.

11. Niesiecki, K. Herbarz Polski / K. Niesiecki. - T. 3. - 2002.

12. Volumina Legum. - T. ІV.

13. Нацыянальны гістарычны архіў у г. Гродна. Ф. 1. Воп. 2. Спр. 103. Арк. 83-96.

14. Бібліятэка Акадэміі навук у Вільні. Ф. 273. Спр. 1357.




І.В. Соркіна

РОЛЯ СТАТУТА ВКЛ 1588 г. У РАЗВІЦЦІ МЯСТЭЧАК БЕЛАРУСІ


XVI - першая палова XVII ст. - час найбольшага культурнага росквіту Беларусі, час вялікіх людзей, дзяржаўных і культурных дзеячаў сусветнага маштабу. На Вялікае княства Літоўскае распаўсюдзіўся інтэлектуальны ўздым эпохі Адраджэння і Рэфармацыі. Сямён Падокшын, звярнуўшыся да ключавога паняцця філасофіі гісторыі Карла Ясперса - «восевы час» - асноватворнага перыяду ў гісторыі чалавецтва, назваў XVI - пачатак XVIІ ст. «восевым часам», «восевай эпохай» для Беларусі [1, c. 93]. Менавіта ў гэты перыяд сфарміраваліся каштоўнасці і ідэалы, якія складаюць аснову сучаснай духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. У гэты час жылі асноватворцы айчыннай гуманістычнай культуры, нацыянальнага духу, беларускай ідэі: Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Андрэй Волан, Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі і многія іншыя. Эпоха XVI - першай паловы XVII ст. з'яўлялася таксама часам эканамічнага ўздыму Беларусі, часам гаспадарчых ініцыятыў і прадпрымальніцтва. На гэты перыяд прыпадае і працэс актыўнага паўставання і развіцця мястэчак на беларускіх землях.

Узнікненне мястэчка як з'явы супадае з інтэнсіфікацыяй феадальнага спосабу вытворчасці, цэнтралізацыяй і дзяржаўнай кансалідацыяй Вялікага княства Літоўскага. Спрыяльная эканамічная і палітычная сітуацыя, якая склалася на нашых землях, садзейнічала колькаснаму і якаснаму росту гарадскіх паселішчаў, прычым колькаснае іх прырошчванне адбывалася менавіта за кошт мястэчак. У сярэдзіне ХVI ст., паводле картаграфічных дадзеных (М.Ф.Спірыдонаў, 1988 г.), на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 210 мястэчак [2, с. 15].

Зіновій Капыскі на карце Тамаша Макоўскага (1613 г.) налічыў на беларускіх землях 272 мястэчка, а на карце ВКЛ 1665 г. - 315 мястэчак [3, c. 206, табл. 1]. Да сярэдзіны XVII ст., па падліках гэтага ж даследчыка, на беларускіх землях было 37 гарадоў і 425 мястэчак [4, c. 10]. Большасць гарадоў склалася да XVI ст. Значыць, XVI - першая палова XVII ст. былі часам імклівага развіцця ў Беларусі мястэчак. Гэты час можна назваць часам беларускага местачковага «бума». Якую ж ролю адыграў у гэтым Статут ВКЛ 1588 г.?

Узнікненне мястэчак было цесна звязана з заснаваннем таргоў, што, у сваю чаргу, было выклікана патрэбамі ўнутранага рынку. З'яўленне на землях Беларусі грашовай рэнты і паступовы яе рост у даходах скарбу і феадалаў вымушаў сялян прадаваць частку сваёй прадукцыі. Побач з вялікакняжацкімі і прыватнаўласніцкімі маёнткамі ў XV ст. узнікаюць таргі, якія і рабілі магчымым продаж сельскагаспадарчых прадуктаў, а таксама набыццё неабходных тавараў, якія натуральная сялянская гаспадарка вырабіць не магла. Таргі прыцягвалі, такім чынам, не толькі сялянскія масы, якія сцякаліся сюды спарадычна, але і рамеснікаў і гандляроў, што сяліліся тут стала. У выніку побач з таргамі ўзнікалі паселішчы, якія маглі спачатку развіцца ў гандлёва-рамесніцкія асяродкі і зрабіцца мястэчкамі фактычна і толькі пасля набыць юрыдычны статус «места» праз атрыманне прывілея. Заснаванне таргоў было настолькі моцна звязана з узнікненнем мястэчак, што ў далейшым пры выдачы прывілея на заснаванне мястэчка абумоўлівалася права на адначасовае адкрыццё торгу і карчмы. І наадварот, права на адкрыццё торгу з'яўлялася раўнацэнным праву на заснаванне мястэчка [5, c. 35].

Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць скарбу. Вялікакняжацкая адміністрацыя напачатку строга рэгламентавала заснаванне новых мястэчак прыватнымі асобамі, а таксама ўвядзенне новых пошлін на існуючых ужо таргах. Гэта знайшло адлюстраванне ў Статутах ВКЛ 1529 г. і 1566 г., паводле якіх забаранялася ўстанаўліваць новыя пошліны на таргі пад пагрозай секвестрацыі, а ў асобных выпадках і канфіскацыі маёнткаў. Нават на гаспадарскіх землях мястэчкі маглі засноўвацца толькі з дазволу ўладаў. Артыкул 14 «Уставы на валокі» 1557 г. забараняў адкрыццё новых прыватнаўласніцкіх таргоў бліжэй, чым за тры мілі ад ужо існуючых вялікакняжацкіх [6].

Шляхта, зацікаўленая ў стварэнні мястэчак, дамагалася адмены абмежаванняў і хадайнічала перад вялікім князем аб дазволе засноўваць іх без прывілеяў. Напрыклад, падобная просьба шляхты ВКЛ была прадстаўлена на Гродзенскім сойме 1568 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст адмовіў у яе задавальненні [7, с. 51].

Нягледзячы на шматлікія абмежаванні і цяжкасці, звязаныя з заснаваннем новых мястэчак, колькасць іх працягвала расці. Па падліках Юрыя Бохана, да 1588 г. на тэрыторыі вярхоўяў Віліі і нёманскай Бярэзіны існавала 22 мястэчка, што складала каля 60 % ад агульнай лічбы мястэчак у дадзеным рэгіёне [5, c. 37]. Не выключана, што частка мястэчак была закладзена без адпаведнага прывілея.

Няспынны рост колькасці мястэчак, а таксама настойлівыя просьбы шляхты аб наданні ёй права вольнага заснавання новых таргоў і мястэчак прывялі, у рэшце рэшт, да скасавання існуючых абмежаванняў. Статут ВКЛ 1588 г. у 29 артыкуле I раздзела абвяшчаў: «хто б з абывацеляў таго панства нашага якога-кольвек стану і народу шляхецкага для прымнажэння сабе пажытку хацеў на грунце сваім мястэчка новае садзіці, то яму вольна будзе ўчыніці, і тарговае ў ім паводле даўняга звычаю... устанавіць» [8, c. 98-99]. Гэта рашэнне было сведчаннем развіцця феадальнай гаспадаркі на землях Беларусі. Насычаны сельскагаспадарчай прадукцыяй рынак меў патрэбу ва ўсё новых гандлёвых цэнтрах. Пасля 1588 г. працэс узнікнення мястэчак спрасціўся і паскорыўся. Хоць выданне каралеўскага прывілея, хутчэй за ўсё фармальнае, на закладанне мястэчак сустракаецца нават у XVIІІ ст. [5, c. 38]. У канцы XVI - пачатку XVIІ ст. пачынаецца бурны рост мястэчак, большасць іх узнікла менавіта ў гэты час.

Такім чынам, дзякуючы скасаванню абмежаванняў на заснаванне мястэчак прыватнымі асобамі, Статут ВКЛ 1588 г. садзейнічаў працэсу імклівага развіцця прыватнаўласніцкіх мястэчак. Так, па падліках Афроіма Карпачова, у другой палове XVIII ст. сярод 276 мястэчак, у адносінах да якіх вядома іх прыналежнасць да пэўнага віду ўладання, прыватнаўласніцкіх было 212 (ці 77 %) [9, c. 91]. Па звестках Захара Шыбекі, у пачатку 60-х гг. ХІХ ст. 82,5 % мястэчак Беларусі былі прыватнаўласніцкімі [10, c. 38].

Каб заахвоціць жыхароў перасяляцца ў новыя мястэчкі, іх уладальнікі вызвалялі навасёлаў на пэўны тэрмін ад усіх падаткаў. Так, у Баркалабаве, заснаваным В. Корсакам у 1567 г. ва ўрочышчы Бурсы, «прыхожыя людзі» вызваляліся на 12 гадоў ад натуральных і грашовых павіннасцей. Мястэчка Лагішын, створанае каля 1569 г. сярод пушчы, атрымала «вольнасць» на 8 гадоў, а Воля Радзівілаўская (цяпер в. Нача), заснаваная князем Радзівілам у 1568 г. у пушчы на гасцінцы з Барысава ў Оршу, - на 20 гадоў [6].

У жаданні забяспечыць сваім мястэчкам дадатковыя прывілеі і тым самым актывізаваць іх гаспадарчае жыццё, паправіць эканамічную сітуацыю, паспрыяць засяленню жыхарамі іншых гарадоў, павялічыць іх жыццяздольнасць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі паміж шматлікімі «местамі», уладальнікі дамагаюцца для некаторых мястэчак самакіравання па магдэбургскаму праву, што юрыдычна замацоўвае іх паўнапраўны гарадскі статус. Афіцыйна мястэчкі атрымалі магчымасць набываць магдэбургскае права паводле рашэння бельскага сойма 1564 г. [10, c. 78]. Аднак некаторыя мястэчкі карысталіся ім яшчэ да гэтай пастановы (Высокае - з 1494 г., Браслаў - з 1501 г. і інш.). Па падліках А. Карпачова, у другой палове XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі было 438 гарадскіх паселішчаў: 39 гарадоў і 399 мястэчак. 38 мястэчак (ці амаль 10 %) мелі самакіраванне паводле магдэбургскага права [9, c. 91]. Усё гэта знайшло сваё адлюстраванне ў характары матэрыяльнай культуры мястэчак, якая ўсё больш набліжаецца да гарадской. У адпаведным накірунку адбываецца і планіровачнае развіццё мястэчак, многія з якіх набываюць дастаткова развітую плошчава-вулічную структуру. Эканамічная дзейнасць мястэчак станавілася ўсё больш разнастайнай, ускладняліся і іншыя бакі функцыянавання гэтых паселішчаў.

Значную ролю адыгрывалі мястэчкі ў развіцці культуры Беларусі. У XVI - першай палове XVII ст. яны, побач з гарадамі, з'яўляліся цэнтрамі Адраджэння і Рэфармацыі. Многія мястэчкі Беларусі, дзякуючы перш за ўсё сваім адукаваным уладальнікам, носьбітам гуманістычных і рэфармацыйных ідэй, змаглі ператварыцца ў буйныя культурныя цэнтры, вядомыя нават за межамі Беларусі. На гэты час прыпадае росквіт інстытута патраната (ці мецэнацкай дзейнасці). Такім магнатам, як Сапегі, Радзівілы, Пацы, Хадкевічы і інш., належала большасць гарадоў і мястэчак Беларусі. У сваіх мястэчках многія з іх будуюць асобныя рэзідэнцыі, якія становяцца культурнымі цэнтрамі, дзе працуюць дзеячы навукі, мастацтва, літаратуры. Многія мястэчкі былі цэнтрамі адукацыі, кнігадрукавання, бібліятэчнай, музейнай справы. Так, кнігадрукаванне развівалася ў Заблудаве (друкарня тут была заснавана ў канцы 1560-х г. на сродкі Рыгора Хадкевіча), Лоску (друкарня існавала з 1574 г. да 1592 г. на сродкі Яна Кішкі), Любчы (1612-1656 гг., Крыштаф Радзівіл), Еўе (Багдан Агінскі), Бялынічах (Казімір Сапега), Буйнічах (Багдан Статкевіч), магчыма, ва Уздзе і Заслаўі [11; 12; 13]. Многія магнаты для пашырэння і росквіту кніжна-пісьмовай культуры запрашалі ў свае маёнткі вядомых друкароў, такіх як Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца (Заблудаўская друкарня); Сымона Буднага, Даніэля Ланчыцкага, Яна Карцана (Лоская друкарня); Пятра Бластуса Кміту, Яна Ланге (Любчанская друкарня); Спірыдона Собаля (Куцейнская друкарня, друкарня ў Буйнічах). Яны ўнеслі свой уклад у развіццё кніжна-пісьмовай справы не толькі як друкары, але і як перакладчыкі, мовазнаўцы, паэты, тэолагі. Як бачым, і на культурным ландшафце Беларусі мястэчкі праявілі сябе яскрава і шматгранна.

Такім чынам, Статут ВКЛ 1588 г. аказаў станоўчы ўплыў на працэсы урбанізацыі беларускага грамадства, якія рэалізоўваліся ў «малых» формах, у выглядзе невялікіх «мест» - мястэчак. Адной з прычын гэтага з`яўляўся феадальны характар гаспадаркі, патрэбы якой абумовілі новы этап урбаністычнага развіцця ў гэты час. Ва ўмовах пашырэння таварна-грашовых адносінаў кожны феадал імкнуўся да заснавання ўласнага «места» як прыдатку феадальнага маёнтка, механізму атрымання ад яго найбольшага прыбытку. У выніку гэтага стваралася такая канцэнтрацыя гарадскіх паселішчаў і канкурэнцыя паміж імі, якая да максімуму звужала сферу іх гаспадарчага ўплыву. Другой прычынай досыць шчыльнай сеткі дробных гарадскіх паселішчаў на беларускіх землях было моцнае гаспадарчае ўздзеянне буйных гарадоў, якія склаліся яшчэ да XV ст. і вакол якіх канцэнтрацыя мястэчак была найбольшай. Гаспадарчая дзейнасць буйных гарадскіх цэнтраў патрабавала найбольшай уключанасці сельскага насельніцтва ў рыначны абарот, што забяспечвалася максімальнай шчыльнасцю пасрэднікаў-мястэчак. Іх масавае ўзнікненне, такім чынам, сведчыла аб далейшым развіцці вытворчых сіл і таварна-грашовых адносінаў у феадальным грамадстве. Складанне сеткі мястэчак абумоўлівалася тыповымі для урбанізацыйных працэсаў прычынамі - патрэбай у трывалых пунктах гандлёвага абмену паміж сельскагаспадарчымі і рамесніцкімі вытворцамі. Ажыццяўленне гэтага абмену і ўцягванне сельскагаспадарчага насельніцтва вёскі ў рыначныя адносіны з'яўлялася галоўнай функцыяй мястэчка, якая лічыцца класічнай. Таму XVI - першая палова XVII ст. - час паўставання і росквіту «класічных» (ці «ўласна») мястэчак. Акрамя гэтай эканамічнай функцыі мястэчкі выконвалі не менш значную функцыю культурных асяродкаў. Пазней, асабліва ў ХІХ - пачатку ХХ ст., адбываўся працэс паступовага «размывання» сярэднявечных мястэчак. Яны гублялі сваю сярэднявечную аднатыповасць. Адны з іх апускаліся да становішча звычайных сельскіх паселішчаў. Іншыя захоўвалі сваю класічную функцыю эканамічнага абслугоўвання на лакальных рынках пераважна тых панскіх і сялянскіх гаспадарак, якія з цяжкасцю пераходзілі на прадпрымальніцкі лад. Частка мястэчак здолела ўзняцца на ўзровень гарадоў. Працэс «размывання» мястэчак вызначаўся зменамі ў сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краі і палітыкай царызму ў дачыненні да мястэчак.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Падокшын, С.А. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры / С.А. Падокшын. - Мінск: Беларуская навука, 2003. - 316 с.

2. Лакотка, А.І. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры / А.І. Лакотка. - Мінск: Ураджай, 1999. - 366 с.

3. Копысский, З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в ХVI - первой половине ХVII в. / З.Ю. Копысский. - Минск: Наука и техника, 1966. - 192 с.

4. Копысский, З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI - первой половине XVII в. / З.Ю. Копысский. - Мн: Наука и техника, 1975.

5. Бохан, Ю.М. Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Беразіны ў XV-XVIII ст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) / Ю.М. Бохан: Дыс... канд. гіст. навук: 07.00.06./АН Бел. Ін-т гісторыі. - Мн, 1994. - 266 с.

6. Гуркоў, У.С. Мястэчка / У.С. Гуркоў // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. - Мн: БелСЭ, 1989. - С. 332.

7. Aleksandrowicz, S. Geneza i rozwój sieci miasteczek Białorusi i Litwy do połowy 17 w. / S. Aleksandrowicz // Аcta Baltico-Slavicа. - Białystok, 1970. - T. 7. - S. 47-108.

8. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Мн: БелСЭ, 1989. - 573 с.

9. Карпачев, А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии во второй половине 17-18 в. / А.М. Карпачев: Дис...доктора ист. наук: 571. /АН БССР Ин-т истории. - Минск, 1969. - 661 с.

10. Шыбека, З.В. Гарады Беларусі (60-я гг. ХІХ - пачатак ХХ стст.) / З.В. Шыбека. - Мінск: ЭўроФорум, 1997. - 319 с.

11. Бярозкіна, Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI - пачатак XX ст.) / Н. Ю. Бярозкіна. - Мінск: Беларуская навука, 2000. - 199 с.

12. Смалянчук, А.Ф. Кнігадрукаванне на Гродзеншчыне ў XVI-XVIII ст. / А.Ф. Смалянчук // Мінулае Гродзеншчыны. - Вып. 1. - Гродна, 1995. - С. 27-45.

13. Семянчук, А. Мястэчка Любча як асяродак культуры ў XVI-XVII ст. / А. Семянчук // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа : зб. навук. прац / адк. рэд. М Я. Пашкевіч. - Гродна: ГрДУ, 2003. - С. 44-52.




Н.Н. Алексейчикова

ИНСТИТУТ ОПЕКУНСТВА В ГОРОДАХ БЕЛАРУСИ
В XVI-XVIIвв. (НА ПРИМЕРЕ МОГИЛЕВА)


В XVI-XVII вв. многие города Беларуси были наделены магдебургским правом, что оказывало значительно влияние на жизнь жителей городов, т.к. в таких городах наряду с общегосударственным законодательством действовало и «городское» право. Это обстоятельство определило не только специфику законодательства белорусских городов, но и оказало значительное влияние на матримониальное поведение горожан. Среди целого ряда вопросов, попавших в поле зрения составителей памятников городского права, огромное внимание уделялось проблеме несовершеннолетних детей-сирот. Это было связано с тем, что в рассматриваемое время очень часто несовершеннолетние дети становились сиротами. Только с июня по декабрь 1578 г. в суде Могилевского магистрата рассматривалось пять дел, касавшихся несовершеннолетних детей, оставшихся без родителей [1, с. 21, 77, 83-84, 94, 168]. Как общегосударственное, так и городское законодательство предусматривало назначение для них опекунов: «Уставуем, абы по смерти родичов детям, лет не дорослым, шкоды и роспрошенья маетности их яко лежачых, так и рухомых не было, с тое причыны таковые дети, лет не дорослые, мають быти под справою и опатрностью опекунов» [5, с. 224-225]; «Если умрет человек и оставит детей, которые не достигли своих (взрослых) лет, то... равный по рождению, должен стать их опекуном до их взрослых лет» [4]. К категории детей-сирот причислялись не только дети, потерявшие обоих родителей, но и дети, у которых умирал один из родителей. В случае смерти отца, ребенок не только становился сиротой, но и нуждался в опеке со стороны родственников-мужчин. В 1570 г. умер Карп Пашкевич, а опекуном его несовершеннолетнего сына, Яцко, был назначен дядя последнего: «преречоный Клишъко, будучи екуномъ помененого Iацка, братаниича» [3, с. 5]. В данном деле Яцко именуется «сиротой-убогой» несмотря на то, что его родная мать была жива, хотя она и вышла повторно замуж: «Федко Огапонович, отчим Iацка Карповича дитяти... до часу пришлого своего опатровати и опекуномъ его бытии мел,... когды тот Iацко до летъ зуполных придет» [3, с. 107-108]. Это было обусловлено 37 статьей «Вайхбильда магдебургии», где отмечалось, что опекунами назначались только представители мужского пола по отцовской линии: «Если умрет человек и оставит детей, которые не достигли своих (взрослых) лет, то, их ближайший (родственник) по мечу (с отцовской стороны), равный по рождению, должен стать их опекуном до их взрослых лет. Если же он (опекун) не может быть представителем по делам об их имуществе, то его помощником должен стать его ближайший (родственник) по мечу (с отцовской стороны) до их (детей) (взрослых) лет» [4]. Данная статья противоречит общегосударственному законодательству, т.к. ее составители отрицали право матери или других ближайших родственниц быть опекунами ребенка, в то время как статья 3 VI раздела Статута 1588 г., хотя и отмечает преимущественное право опеки родственниками по мужской линии, отдает право опеки женщинам-родственницам при отсутствии родственников-мужчин [5, c. 226]. В еще одном памятнике городского права - «Саксонском зерцале» также имеется статья, позволяющая говорить, что в случае смерти одного из родителей, второй мог стать опекуном своих несовершеннолетних детей: «Если дети после смерти матери остаются под опекой отца... То же самое должна сделать жена отца детей, если их отец умирает» [6, c. 22]. Изучение актовых книг Могилевского магистрата свидетельствует о том, что в реальной жизни горожане отдавали предпочтение статье Статута и следовали нормам «Саксонского зерцала». Опекунами назначались как родственники-мужчины («учтивая Ульяна Процъковна, жалова(ла‹... на учстивого Ходора Яроминича, яко опекуна небожчика мужа своего першого Клишъка... Ходор Яронимич... поведил, иж дей я небожчика Клишчка брата своего» [1, с. 231], так и женщины, прежде всего, матери («Ждан Мишкович... таковы тестамент учинил... которое дитя взял был собе за сына Яцъка, тое мает при жене его бытъ, яко пры матце своей мешкати, кгдыж ее властное дитя, которы кгды доростет лет, мает его матка датъ на науку якогож колъвек ремесъла. А иж жона его бременъна была на тотъ ч(а)съ, тогды тот потомокъ, которого панъ Б(о)гъ дат рачил, якоеж колвекъ пл(о)цы мужчкой, албо невещой, мает матка о нимъ старанъе метъ, яко о дитяти своем» [1, с. 83-84].

В XVI-XVII вв. немало внимания уделялось и вопросам взаимоотношений между опекаемыми и их опекунами. Прежде всего законодательство регулировало их имущественные взаимоотношения, поскольку опекуны «управляли» всем имуществом своих подопечных до их совершеннолетия: «Семен Микитич, мещанин и рыболовъ места Могилевского... которым детемъ своимъ вышъ преречонымъ (Опанас, Ивашко, Ходося и Улита - Н.А.) установилъ и назначыл опекуном зятя своег(о) Пашка Сопроновича, маючы то о немъ уфане доброе, же вси долги помененые справит мает и волю его остаточную выполнит, а особливе о детях ег(о) прощу и старанье мети мает, абы были выховани в боязни Божой и в твиченю добром» [1, с. 566-567]. Как видим, опекун также обязан был возместить долги усопшего родителя подопечных, чего не могли сделать наследники в силу своего возраста. Кроме того, еще одной обязанностью опекунов являлась забота о воспитании подопечных, а также их содержание. Недобросовестное исполнение обязанностей опекуна в этом отношении приводило к вмешательству со стороны городских властей, дабы призвать последнего к исполнению своих прямых обязанностей. Так, 29 апреля 1579 г. «Уляна Процъковна, жалова(ла) через отца своего Процъка на учтивого Ходора Яромича, яко опекуна небожчика мужа своег(о) першого Клишъка, о томъ, иж онъ Ходор, опекунъ детей небожчиковских, скоро по смерти мужа дей моего Клишка на должниках ведлуг тестаменту небожчиковского гр(о)ши выплативши, у себе держит, а яко будучи опекуномъ детемъ небожчиковскимъ по небожчику позосталым Никипору а Селивону, на выховане ничог(о) не дает... А уряд сказал, абы у суботу пришлу лавники тамъ до дому шотши и пораховане о вси речи, яко у дому и всю маетность небожчиковскую пораховане межи ними учинили» [1, с. 231]. С целью защиты имущества несовершеннолетних детей, опекуны должны были ежегодно отчитываться перед подопечными об опекаемом ими имуществе: «И из года в год опе(опекун) должен давать им отчет об имуществе, которое они имеют для повседневных (нужд) до тех пор, пока он может отстаивать права на их имущество» [4]. В отличие от других родственников или опекунов, назначаемых органами власти, родители не отчитывались подобным образом перед своими детьми. Однако когда дети достигали совершеннолетия, они должны были также, как и все остальные опекуны, передать им все имущество сполна: «Если дети после смерти матери остаются под опекой отца и затем от него отделяются, то он должен им сохранить и вернуть все имущество их матери, разве только он утерял это имущество вследствие несчастной случайности и без его вины. То же самое должна сделать жена отца детей, если их отец умирает» [6, с. 22].

Большое значение в этом отношении играли составленные реестры, которые содержали в себе перечень всего имущества несовершеннолетних детей. Данные реестры передавались опекунам от душеприказчика, если смерть настигала человека в дороге: «Артем Кириллович покладал духовницу небожчика Якова Тейнина, который, за допущенемъ Божьим, будучы в дорозе... умер, и тамъ волю свою остаточную духовницою росправил, которая духовница от того Артема покладана была перед нами». К завещанию также прилагался реестр имущества: «Нижли тот Артемъ Кондратовичь покладал реестръ скоро по смерти небожчыка Якова, на што се дал, чого всего учынило коп три безъ полтера гроша и то яко мы з уряду за слушне приняли... А учстивая Пекла позосталая жона небожчыка Якова, будучы пытана од уряду, если ей по достатку водлуг духовницы мужа ее и узнанья урядовог(о) што на не(е) приходило сполно дошло, што Пекла Яковлевна перед урядомъ то вызнала, иж все справедливее поделено» [1, с. 487]. Впоследствии на основании таких реестров происходила передача наследства по достижении подопечными совершеннолетия от их опекунов: «На враду войтовства Могилевского Окула Осипович принiала того днiа присегу претивко Федору Осиповичу... опекуну тестаменту маетности и детей небожчицы Параски Опанасовое, позасталой пред тымъ вдовы iако осми копъ на тестаменте от небожчыцы помененыхъ детей ей на тотъ часъ по ней позосталыхъ невиненъ и кгды рокъ присезе прынать аз Окула Осиповичъ с поводовою стороною ставшы ку присезе был готов, нижли сторона поводовая бачечы на его убозство а ижъ лютость маючы надъ нимъ шесть копъ грошей ему опустила, а вгоду на двухъ копахъ прынела, которые Окула Осипович з сказанiа врадового заплатити и отдати подвезал, што себе они дали и до книгъ записати з обудву сторонъ» [3, с. 15-16]. В данном случае опекаемые сами приняли решение не взыскивать с опекуна недостающее имущество.

Таким образом, в рассматриваемое время в Беларуси институт опекунства был хорошо развит. К числу опекаемых относились несовершеннолетние дети, оставшиеся как без обоих родителей, без одного из них, чаще без отца. Законодательство защищало права опекаемых, регламентировало их взаимоотношений с опекунами. Специфику института опекунства в городах, наделенных магдебургским правом, определило действие здесь как общегосударственного, так и городского права одновременно.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Акты издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов: в 39 т. - Вильна: Тип. Губ. правл., 1865-1915. - Т. 39: Акты Могилевского магистрата XVI в. (1578-1580). - 1915. - 664 c.

2. Дзербіна, Г. Права і сям'я ў Балерусі эпохі Рэнесансу / Г. Дзербіна. - Мінск: Тэхналогія, 1997. - 175 с.

3. Историко-юридические материалы. - Витебск: Тип. Губ. правл., 1871-1906. - Вып. 30: Акты, извлеч. исключительно из книг бывших присутственных мест Могилев. губ. за 1592-1796 гг. - 1903. - 360, 164 с.

4. Право, посланное (сообщенное) шеффенами Магдебурга городу Гёрлицу в 1304 году // Хрестоматия памятников феодального государства и права стран Европы / пер. Л. П. Галанзы, Л. И. Дембо. - М. Гос. изд. юр. лит., 1961. -[Электронный ресурс]. - Режим доступа: http://www.vostlit.info/Texts/Dokumenty/Germany/XIV/Magdeburg_recht/ text.htm. - Дата доступа: 08.01.2007.

5. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 573 с.

6. Эйке из Репкова Саксонское зерцало. В 3-х ч. Ч. 1: Земское право. Кн. 1. /пер. Л. И. Дембо. - М.: Наука, 1985. - [Электронный ресурс]. - Режим доступа: http://www.vostlit.info/Texts/Dokumenty/Germany/XIII/ Sachsenspiegel/ frametext1.htm. - Дата доступа: 08.01.2007.

7. Юргинис, Ю.М. Судьба магдебургского права в литовских городах / Ю.М. Юргинис // История СССР. - 1975. - № 4. - С. 145-155.

8. Юхо, І. Крыніцы беларуска-літоўскага права / І. Юхо.- Мінск: Беларусь, 1991. - 238 с.




І.А. Пушкін

ГАСПАДАРЧЫ І КУЛЬТУРНЫ РОСКВІТ МАГІЛЁВА
Ў ЧАСЫ ЛЬВА САПЕГІ


У другой палове XVI ст. Магілёў развіваецца з нечуваным да таго дынамізмам і ў пачатку XVIІ ст. становіцца адным з буйнейшых гарадскіх цэнтраў Вялікага княства Літоўскага. Росквіту гарадскога жыцця і велічы гэтага важнейшага на той час усходнебеларускага горада паспрыяў Леў Сапега - староста магілёўскі ў пачатку XVIІ ст.

Здаецца не выпадковым, што «час велічы Магілёва» прыпадае, як адзначае той перыяд І. Саверчанка, «на залатую пару гісторыі Беларусі - эпоху гуманізму і адраджэнскага асветніцтва, зорны час старажытнай беларускай культуры,... дзейнасці дыпламата і палітыка, найадукаванейшага юрыста, таленавітага пісьменніка - публіцыста Льва Сапегі» [9, с. 5].

Некалькі знакавых падзеяў з гісторыі Магілёва і жыцця Л. Сапегі супадаюць. Росквіт горада пачынаецца з атрыманнем ад караля С. Баторыя ў 1577 г. права на самакіраванне. У гэты ж час Л. Сапега пачынае службу на карысць Бацькаўшчыны пры двары гэтага ж валадара.

У савецкай гістарыяграфіі дзейнасць магілёўскага старосты ў беларускім Падняпроўі асвятлялася аднабакова і толькі ў кантэксце пакаранняў гараджан за непадпарадкаванне ўладам у пачатку XVII ст. і уніяцкаму епіскапу Кунцэвічу ў пачатку 1620-х гг. Замоўчваліся сапраўдныя матывы дзеянняў Л. Сапегі як дзяржаўнай асобы.

Магілёў знаходзіўся на ўсходняй мяжы Вялікага княства Літоўскага. Праз яго праходзілі буйныя гандлёвыя шляхі. «Геаграфія» спрыяла эканамічнаму і культурнаму развіццю горада, але адначасова прыносіла шмат непрыемнасцяў ад усходніх суседзяў. Шмат гора і страт зведалі магілёўцы ў XVI-XVIІ стст. ад збройнага змагання паміж ВКЛ (пазней Рэччу Паспалітай) з Маскоўскай дзяржавай. Першы ўдар з усходу заўсёды прыходзіўся на Усходнюю Беларусь, адпаведна, на Магілёў.

Сур'ёзным выпрабаваннем абярнулася для горада Лівонская вайна, у якой прымаў удзел і Леў Сапега. У чэрвені 1581 г. у неўмацаваныя магілёўскія пасады ўварвалася вялікае маскоўскае войска. Пасады гарэлі, але магілёўцы адстаялі свой горад [3, с. 38; 1, с. 21-22].

Не здабыў у Магілёве славы і поспеху і добра вядомы цяпер Ермак Цімафеевіч, які штурмаваў горад, і адсюль накіраваўся на ўсход на пакарэнне Сібіры [8, с. 63].

У 1595 г. Магілёў захапілі і два тыдні ўтрымлівалі казакі на чале з Севярынам Налівайкам. Дзякуючы клопату і арганізацыйным здольнасцям Л.Сапегі і К. Радзівіла супраць Налівайкі выступіла 18-тысячнае войска і ў бітве на Буйніцкім полі пад Магілёвам разграміла яго. Адступаючы, казакі спалілі частку горада, у тым ліку праваслаўныя цэрквы, разграмілі і разрабавалі дамы месцічаў і крамы багатых купцоў [4, с. 18].

Рост гарадскіх пасадаў разам са знешняй пагрозай абумовілі стварэнне развітай абарончай сістэмы Магілёва. Работы па яе стварэнню былі распачаты пры старосце магілёўскім Л. Сапеге: узвялі тры паласы ўмацаванняў, якія праіснавалі да пачатку ХІХ ст. [6, с. 23].

У другой палове ХVI ст. адбывалася інтэнсіўнае асваенне тэрыторый, прылеглых да магілёўскага замка, узнікненне новых пасадаў, колькасны і якасны рост гарадской забудовы, у тым ліку мураванай. У 1604 г. тэрыторыя Магілёва складалася з 15 соцен. Пісьмовыя крыніцы і матэрыялы археалагічных даследаванняў дазваляюць з упэўненасцю сцвярджаць, што ў канцы XVI - пачатку XVIІ ст. горад дасягнуў межаў, акрэсленых трэцяй лініяй умацаванняў. Гістарычныя планы Магілёва сведчаць, што ён не выйшаў за гэтыя межы да канца XVIII ст. Яго плошча тады складала каля 58 га [6, с. 23-25].

У гэты перыяд пачаўся хуткі эканамічны рост Магілёва, павялічылася колькасць насельніцтва, якое папаўнялася, галоўным чынам, за кошт «прихожих людей селян» і выхадцаў з Крычава, Мсціслава, Смаленска і іншых месцаў.

Да канца XVI ст. у выніку далейшага развіцця рамеснай вытворчасці і гандлю Магілёў стаў адным з буйнейшых гарадоў у Вялікім княстве Літоўскім. У 1577 г. у горадзе налічвалася 1261 дамоў і каля 6,5 тысяч жыхароў, у 1604 г. - 2211 дамоў і 15 тысяч жыхароў, у 1661 г. - 2940 дамоў.

У 1577 г. у Магілёве было 157 крам, у пачатку XVIІ ст. - каля 400. 3 канца XVI ст. большасць рамеснікаў аб'ядноўвалася ў рамесныя цэхі, якіх у Магілёве спачатку было 12, у 1604 г. - 18.

Першыя рамесныя карпарацыі (першапачаткова называліся староствамі, брацтвамі, пазней цэхамі) вядомы ў Магілёве з другой паловы XVI ст. У 1577 г. на гарадской радзе былі зацверджаны статуты цэхаў кушняроў, калачнікаў, хлебнікаў, у 1579 г. - краўцоў, у 1580 г. - цесляроў, у 1583 г. - маслабойнікаў, у 1588 г. - саладоўнікаў, мяснікоў, шаўцоў, кавалёў і іншых. У канцы XVI - пачатку XVIІ ст. у Магілёве значна павялічылася колькасць рамесных спецыяльнасцей - да 40. Вырабы магілёўскіх саф'яннікаў, гарбароў, кушняроў-футравікоў (юфта, саф'ян, замша, футра, вырабы з футры) карысталіся вялікім попытам на заходнееўрапейскім рынку.

Развіццё рамёстваў актывізавала гандаль. У першай палове XVIІ ст. купцы складалі да 26-30% гарадскога насельніцтва. Яны падтрымлівалі гандлёвыя сувязі больш як з 60 гарадамі: Віцебскам, Мінскам, Полацкам, Оршай, Мсціславам, Гроднам, Брэстам, Слуцкам, Барысавам, Крычавам, Гомелем, Бабруйскам, Заслаўем, Слонімам і іншымі. Асабліва ажыўлены гандаль вёўся з найбліжэйшымі (у радыусе 10 міль) населенымі пунктамі, дзе магілёўскія купцы былі вызвалены ад пошлін.

Гандаль Магілёва вёўся з Масквой і Смаленскам, з гарадамі Левабярэжнай Украіны (Нежынам, Кіевам, Ромнамі). Сярод польскіх гарадоў галоўнымі гандлёвымі партнёрамі Магілёва былі Гданьск і Вроцлаў, якія знаходзіліся пад уладай Прусіі. Развіваліся сувязі з Рыгай, Дынабургам, Круляўцом і іншымі прыбалтыйскімі гарадамі. Іншаземны гандаль Магілёва сканцэнтраваўся ў руках багатых купцоў [1, с. 19-21].

Культурны росквіт горада непасрэдна звязаны з атрыманнем 28 студзеня 1577 г. магдэбургскага права. Быў створаны выбарны орган самакіравання - магістрат, які ведаў адміністрацыйнымі, гаспадарчымі, фінансавымі, паліцэйскімі і судовымі справамі горада, быў распарадчым, выканаўчым і судовым органам. Да 1636 г. магілёўскі магістрат выбіраўся на 2 гады. Выбары праходзілі на агульным сходзе гараджан.

У магістрат, як правіла, выбіраліся найбольш уплывовыя гараджане (прадстаўнікі гарадскога купецтва, цэхмістры, заможныя майстры). Некаторыя з іх займалі гэтыя пасады на працягу некалькіх гадоў. Замацаванне вышэйшых пасад за вузкім колам асоб прыводзіла да злоўжыванняў з боку вярхоў магістрата. У 1580 г. пры магістраце быў створаны кантрольна-дарадчы орган з 12 «паспалітых», якія выбіраліся з ліку гараджан ратушнай юрысдыкцыі і сачылі за правільнасцю выкарыстання бюджэту горада.

У 1588 г. пад уплывам гарадской абшчыны паўнамоцтвы «паспалітых» былі пашыраны, яны атрымалі права дарадчага голасу на выбарах службовых асоб абодвух складаў магістрата, на іх ускладаліся абавязкі «справовать и заведовать» усімі гарадскімі даходамі, весці строгі ўлік фінансавых спраў у сваіх спецыяльных ведамасцях і інш. Былі ўведзены пасады 4 «шафаров» - два ад рады і два ад «паспалітых». Без удзелу апошніх магістрат не меў права прымаць рашэнні па фінансавых пытаннях. У 1589 г. гараджане дамагліся права выбіраць лентвойта (намеснік войта, спачатку прызначаўся войтам і ў яго адсутнасць меў законную ўладу ў горадзе) і заключылі пагадненне аб адмове войта ад свайго суда [8, с. 25-28].

Паводле магдэбургскага права, гораду надаваўся герб - своеасаблівая візітная картка. Герб з'яўляецца сімвалам незалежнасці і падкрэслівае супольнасць людзей, якія карыстаюцца ім.

У 1577 г. Магілёў атрымаў свой першы герб: сярэбраная (белая) вежа на блакітным полі, упрыгожаным раслінным арнаментам. У 1661 г. герб горада змяніўся. Цяпер на блакітным полі былі тры срэбныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме - рыцар з узнятым мячом, а над ім герб - «Пагоня». 3 2005 г. гэты герб зацверджаны ў якасці афіцыйнага герба Магілёва. Горад атрымаў і дазвол на пабудову ратушы.

Унутрыпалітычнае жыццё Магілёва ў канцы XVI - першай палове XVII ст. напоўнена вострай барацьбой гараджан супраць магістрата, уладаў, за што горад праславіўся як «краіна бунтаў». Выступленні гараджан былі абумоўлены сфарміраваным пачуццём уласнай годнасці, адчуваннем волі і адказнасці за ўласны лёс і лёс горада, дзяржавы. Магілёўцы імкнуліся адстойваць інтарэсы вольных і роўных людзей. Яны не палохаліся выступаць супраць злачыннага, на іх думку, мясцовага кіраўніцтва, браць уладу ў свае рукі і несці адказнасць за свае справы і дзеянні. Увайшлі ў гісторыю Беларусі гарадскія паўстанні ў Магілёве ў 1606-1610 г., 1636 г. і 1638 г.

Да 80-х г. XVI ст. насельніцтва Магілёва было суцэльна праваслаўным. У апошняй чвэрці стагоддзя з'яўляюцца мяшчане рыма-каталіцкага веравызнання. У XVI ст. у горадзе ўзнікае і яўрэйская абшчына. Нягледзячы на пэўныя супярэчнасці, у горадзе не было буйных міжканфесійных канфліктаў.

1596 год адзначыўся заключэннем у Брэсце царкоўнай уніі. Была аб'яднана праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай з каталіцкай. Не ўсе грамадзяне з ахвотай выканалі пастановы Брэсцкага царкоўнага сабора. Праваслаўным, у першую чаргу гараджанам, вельмі не падабалася, што ў каталіцкай царкве духоўная (царкоўная) улада вышэй за свецкую. Магілёўскія праваслаўныя братчыкі прызвычаіліся, у пэўнай меры, нават дыктаваць сваю волю святарам, успрымаючы царкоўную маёмасць як сваю і заключаючы дамовы са святарамі. Такое было немагчымым ва ўмовах падпарадкавання каталіцкім біскупам. Гэта прыводзіла да шматлікіх канфліктаў паміж праваслаўнымі гараджанамі і святарамі, якія прынялі уніяцтва. З аднаго боку, - жаданне захаваць традыцыю, з другога, - прымус.

У знак пратэсту жыхары Магілёва ў 1599 г. не пусцілі ў горад архіепіскапа Г. Загорскага, які прыняў унію. Такім жа чынам у кастрычніку 1618 г., пагражаючы зброяй, яны абышліся з архіепіскапам I. Кунцэвічам, які хацеў падпарадкаваць праваслаўныя цэрквы уніі. Кунцэвіч паскардзіўся каралю на магілёўцаў і дамогся ад яго універсала, паводле якога 20 удзельнікаў выступлення (Ісаеў, Шульха, Пуцята, Шэўнік і іншыя) прыгаварылі да смяротнай кары, а на жыхароў горада быў накладзены штраф [4, с. 18-19].

Своеасаблівай формай сацыяльна-эканамічнага і рэлігійна-палітычнага руху былі праваслаўныя брацтвы, куды ўваходзілі пераважна рамеснікі, гандляры, а таксама духавенства і шляхта. Брацтва кушняроў Магілёва, створанае ў 1589 г., было адным з першых на Беларусі. Вядомы брацтвы пры цэрквах Святога Спаса (1597), Ушэсця (1602), Прэабражэнскай (1605), Богаяўленскай (1633), Крыжаўздвіжанскай (1634). Статут брацтваў прадугледжваў збор унёскаў, сумеснае святкаванне, адпраўленне набажэнстваў чатыры разы на тыдзень, раздачу міласціны, аказанне дапамогі збяднелым «братчыкам», стварэнне школ. У Магілёве першая брацкая школа ўзнікла ў 1590-1592 гг. У ёй навучаліся дзеці магілёўскіх братчыкаў, а таксама сіроты. Вывучаліся царкоўнаславянская, «руская» (беларуская), польская, грэчаская і лацінская мовы, арыфметыка і іншыя прадметы. Выкладчыкамі былі адукаваныя для таго часу людзі - Цімафей Грыбач, Павел Канстанцін, Апанас Стралецкі, Фёдар Тарасевіч і іншыя [8, с. 23].

У апошні год жыцця Л. Сапегі (1633 г.) гараджане дамагліся каралеўскага прывілею на пабудову школы пры Богаяўленскім манастыры. Школа таксама займалася вялікай выдавецкай дзейнасцю і ў 1757 г. была пераўтворана ў духоўную семінарыю.

Кнігі, выдадзеныя Магілёўскай брацкай друкарняй, з'яўляюцца найцікавейшай старонкай гісторыі беларускага кнігавыдання, а прозвішчы першых магілёўскіх кнігадрукароў занялі пачэснае месца сярод славянскіх асветнікаў XVIІ-XVIІІ стст.

У XVI-XVII стст. Магілёў з´яўляўся адным з буйнейшых цэнтраў мастацкай культуры. У выніку плённай працы таленавітых магілёўскіх майстроў у гэты перыяд пачалі складвацца Магілёўская школа дойлідства, Магілёўская школа іканапісу, Магілёўская школа кніжнай гравюры. Сталі добра вядомы такія паняцці як магілёўская разьба, кафля, шкло, кераміка і г.д.

Сярод верхнепрыдняпроўскіх гарадоў Магілёў з'яўляўся характэрным узорам горадабудаўнічага мастацтва. Аднак архітэктурныя збудаванні з уласцівымі толькі ім рысамі, творы мясцовых гравёраў па медзі, мастакоў іканапісу і разьбы па дрэве сведчылі аб фарміраванні ў Магілёве высокаразвітой мастацкай культуры са своеасаблівымі мясцовымі традыцыямі, прыёмамі і формамі.

Магілёўская школа дойлідства пачала фарміравацца ў XVIІ ст. у грамадзянскім і культавым мураваным дойлідстве. Яна спалучала мясцовыя архітэктурна-будаўнічыя традыцыі і элементы стылю барока. Найбольш значныя яе пабудовы: ратуша, Успенская, Пакроўская, Петрапаўлаўская, Богаяўленская, Спаская і іншыя цэрквы. Да сёняшніх дзён захаваўся толькі адзін узор Магілёўскай школы дойлідства - Мікалаеўская царква (1669-1772 гг.) [2, с. 12-14].

Першыя каталіцкія касцёлы былі заснаваны ў Магілёве ў пачатку XVIІ ст. згодна прывілея караля Жыгімонта III. Касцёл Св. Казіміра, ці Фарны, як яго часцей называюць, быў пабудаваны ў самым пачатку XVIІ ст. Ён быў перабудаваны ў 1810 г. у стылі класіцызму. Зачынены ў 20-я гады ХХ ст., паціху разбураўся. У тым, што засталося сёння, месціцца гаспадарчае памяшканне ўпраўлення сувязі. Гэта самы стары мураваны будынак у Магілёве, які захаваўся да нашага часу.

У савецкай гістарыяграфіі панавала думка, што большасць культавых пабудоў Магілёва разбурана ў гады вайны 1941-1945 гг. Гэта не так. Пашкоджаны? Так. Але знішчаны яны ў 50-60-я гг. ХХ ст. Пры ўмове існавання прыходаў іх было магчыма аднавіць, але ўлады змагаліся з «рэлігійным дурманам» - не дазвалялі рэгістраваць прыходы, праследаваліся актывісты, вялася моцная антырэлігійная прапаганда. Храмы без вернікаў паціху разбураліся, а праз колькі год дзяржава засведчыла немагчымасць і немэтазгоднасць іх рэстаўрацыі і адбудовы. Не пашкадавалі нават унікальныя помнікі Магілёўскай школы дойлідства.

Калі казаць пра разбурэнне Магілёва ў 1941-1945 гг., асабліва падчас абароны і вызвалення горада, трэба дадаць наступны факт. У ноч на 28 мая 1943 г. савецкая авіяцыя жорстка бамбіла цэнтральную частку горада. Мэтаю было знішчыць як мага больш жаўнераў гітлераўскай дывізіі, што знаходзілася на адпачынку ў Магілёве. Разам з гітлераўцамі знішчаліся і гарадскія забудовы, у тым ліку і культавыя будынкі. Званіцы і купалы ў цэнтры горада былі арыенцірамі для бомбакідання. Такім чынам былі пашкоджаны амаль усе праваслаўныя храмы, частка якіх у 1941-1944 гг. з дазволу акупацыйных уладаў дзейнічала (перад вайной у Магілёве ўлады закрылі ўсе без выключэння цэрквы, касцёлы, сінагогі, афіцыйна ліквідавалі рэлігійныя абшчыны). Пашкоджана была прыгажосць горада! Канчаткова рэшткі помнікаў культавай архітэктуры былі зруйнаваны ў 1950-я г. [2, с.12].

Творы іканапісу і жывапісныя роспісы мелі вялікае значэнне ў культурным жыцці горада. Імі былі ўпрыгожаны ўсе храмы Магілёва. Магілёўскія абразы XVIІ-XVIІІ стст. вызначаюцца асаблівасцю пісьма, іканаграфічным тыпажом, арнаментам, які нагадвае сетку або дыван раслінных матываў. Прафесіяналізм выканання абразоў сведчыць аб росквіце Магілёўскай школы іканапісу як значнай гісторыка-мастацкай з´явы ў старажытнабеларускім жывапісе. Інтэр'еры цэркваў упрыгожвалі разныя шмат'ярусныя іканастасы (зберагалася разьба іканастаса Мікалаеўскай царквы), насценныя размалёўкі, брацкія і цэхавыя абразы. У сярэдзіне XVІ - пачатку XVIІІ ст. фрэскавыя размалёўкі былі ў Богаяўленскай і Мікалаеўскай цэрквах. Твораў магілёўскага іканапісу таго перыяду захавалася мала.

Неад'емнай часткай гарадскога жыцця былі святы. Святкаванні агульнагарадскіх падзеяў (выбары гарадской рады 20 снежня), рэлігійных святаў, сустрэчы знакамітых і важных персон, як падкрэслівае даследчык І. Марзалюк, праводзіліся вельмі пышна. Перад кожным з іх абавязкова падмяталіся вуліцы, падтрымлівалася чысціня ў дамах і гарадскіх установах. Як агульнагарадскія, святкаваліся і праваслаўныя, і рыма-каталіцкія святы, на працягу іх забаранялася працаваць.

Пад час святаў салютавалі гарматы, а па вуліцах паважна ішлі працэсіі ўсіх гарадскіх цэхаў з уласнымі харугвамі. Наперадзе лунала гарадская харугва. Яна была «чырвоная, з крыжом нябескім [г. зн. блакітным]». Кожны з магілёўскіх цэхаў таксама меў свой адметны герб.

Вельмі пышна сустракалі знакамітых, важных персонаў. Сярод іх і Льва Сапегу. Пад час такіх сустрэчаў гараджане мусілі апранацца належным чынам. Статут купецкага брацтва абавязваў, «каб у выпадку агляду альбо сустрэчы пры ўездзе ў горад яго вялікасці караля альбо высакароднага сенатара... мы, усе купцы,.. павінны будзем выступаць конна, па-гусарску, са сцягам і барабанам, усе без выключэння» [3, с. 30-31; 6, с. 114-117].

Такім чынам, у першай палове XVII ст. Магілёў перажыў невядомы да таго надзвычайны культурны росквіт, гаспадарчае ажыўленне і грамадска-палітычную актыўнасць жыхароў. К канцу гэтага стагоддзя выявіліся першыя прыкметы заняпаду. Перыяд росквіту і ажыўлення завяршыўся ў пачатку XVIII ст. са знішчэннем горада ў Паўночнай вайне.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Агеев, А.Г. Перекрёстки Могилёвской истории / А.Г. Агеев, Я.И. Климуть, И.А. Пушкин. - Минск: ООО «Туринфо», 2004. - 216 с.

2. Агееў, А.Р. Магілёў на скрыжаванні / А.Р. Агееў, І.А. Пушкін. - Магілёў: Магілёўская абласная друкарня, 2000. - 96 с.

3. Агееў, А.Р. і інш. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах / А.Р. Агееў, І.А. Марзалюк, І.А. Пушкін. - Магілёў: Магілёўская абласная друкарня, 1999. - 204 с.

4. Гаўрылава, С.М. Леў Сапега - знакаміты дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай / С.М. Гаўрылава // Магілёўшчына. - VIII выпуск. - Магілёў, 1998. - С. 16-20.

5. Курков, И. Могилёвщина. Легенды, события, люди / И. Курков, И. Пушкин. - Минск: «Медиафакт», 2004. - 304 с.

6. Марзалюк, І.А. Магілёў у XII-XVIII стст. Людзі і рэчы / І.А. Марзалюк. - Магілёў-Мінск: «Веды», 1998. - 260 с.

7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Магілёва. - Мінск: БелЭн, 1998. - 496 с.

8. Пушкін, І.А. Гістарычная і культурная спадчына г. Магілёва: курс лекцый / І.А.Пушкін. - Магілёў: УА «МДУХ», 2006. - 150 с.

9. Саверчанка, І.В. Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега / І.В. Саверчанка. - Мінск: Навука і тэхніка, 1992. - 63 с.




С.М. Чыгрын

ЛЕЎ САПЕГА І СЛОНІМ


У маім хатнім архіве захоўваецца копія акта Слонімскага раённага краязнаўчага музея ад 30 верасня 1944 г., у якім пералічаны разрабаваныя падчас Другой сусветнай вайны слонімскія каштоўнасці. Сярод скарбаў, якія зніклі з музея, пад нумарам адзін запісана шахматная дошка Льва Сапегі з чорнага дрэва і слановай косці (XVI cт.). Сёння ў музеі пра гэтага выдатнага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, які на працягу 47 гадоў быў старостам слонімскім і пакінуў значны след на Слонімскай зямлі, нагадвае адзіны дакумент - польскамоўнае выданне 1648 г. Статута ВКЛ 1588 г.

У лютым 1584 г. Леў Сапега ў рангу пасла ВКЛ быў накіраваны ў Маскву да цара Івана IV для вырашэння шэрагу памежных пытанняў і абмену ваеннапалоннымі. Пасольства затрымалі ў Мажайску, бо якраз памёр Іван Грозны. Паслы дабраліся-такі да новага рускага цара Фёдара Іванавіча і былі ім прынятыя. Перамовы адбыліся на належным узроўні. Яго вынікам было падпісанае перамір'е. Льву Сапегу ўдалося тады вызваліць з палону каля 1000 ліцвінаў.

За гэту ўдалую дыпламатычную місію 2 лютага 1585 г. ён атрымаў пасаду падканцлера Вялікага княства Літоўскага, а 20 ліпеня 1586 г. атрымаў пажыццёва Слонімскае староства. У склад староства ўваходзілі двары і маёнткі Слонімскага павета - Авішчы (Вітараж), Альба (Косаў), Востраў, Бароўка, Бацікі, Белавіца, Бліжня, Була, Бусячы, Вязавец (Вензавец), Дзярэўна, Езерніца (Азярніца), Здзетэль, Стары Здзітаў, Ількавічы, Ладэніца, Ласосна, Мерачоўшчына, Палонск, Пярвалкі, Радванае, Ружаны, Сідараўшчына, Шапякі, Явар. Акрамя таго, да 1611 г. Л. Сапега атрымаў у пажыццёвае валоданне Слонімскае лясніцтва, адзін двор пасля смерці ў 1599 г. яго ўладальніка Эразма Баркоўскага, а таксама вялікакняжацкі прывілей, паводле якога жонка Сапегі атрымала права на трыманне Рэтаўскага і Блудзенскага старостваў.

Галоўнай рэзідэнцыяй канцлера стаў з таго часу горад Слонім. Фінансавыя магчымасці Льва Сапегі пачалі хутка расці, таму ён мог не толькі сам набываць мноства двароў, але і даваць у пазыку наяўныя грошы. Мінскі ваявода Ян Пац 27 чэрвеня 1600 г. выдаў яму пазыковы акт на 625 коп грошай. Зыходзячы з ускосных сведчанняў, Леў Сапега меў шмат даўжнікоў. Аднак асноўныя фінансавыя выдаткі ішлі на набыццё ўсё новых і новых землеўладанняў [1, с. 65]. Сапега хутка стаў сапраўдным магнатам. Будучы даволі шчодрым чалавекам, ён пачаў дарыць некаторыя свае ўладанні сваякам і сябрам. Кузіне Раіне Сапежанцы і яе мужу Грыгалю Трызне Сапега падараваў фальварак Булы ў Слонімскім старостве. Вёску Бароўка ахвяраваў слонімскаму маршалку Аўраму Мялешку.

Леў Сапега палюбіў Слонім. Пры ім горад стаў значным культурным, прамысловым і палітычным асяродкам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер узвёў сабе мураваны палац. Са студзеня 1597 г. да 1685 г. у ім праходзілі генеральныя сеймы Вялікага княства Літоўскага. Сюды прыязджалі пасланцы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Смаленскага, Чарнігаўскага і іншых ваяводстваў.

У слонімскім замку знаходзіліся багатая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аустэрыяў. У 1595 г. слонімскі староста аднавіў спалены крымскімі татарамі ў 1506 г. касцёл св. Андрэя. Пазней касцёл быў перабудаваны, а сучасны выгляд ён набыў у 1775 г. Сярод вялікай колькасці сапегаўскіх фундацый (на сродкі канцлера на тэрыторыі ВКЛ было ўзведзена каля 25 храмаў) слонімскі касцёл св. Андрэя, які да сённяшняга дня выдзяляецца адметным архітэктурным стылем. У часы Сапегі гэты касцёл ператварыўся ў адзін з цэнтраў рэлігійнага жыцця не толькі горада, але і ўсяго Княства. На тэалагічныя дыспуты сюды прыязджалі нават Сымон Будны і Пётр Скарга.

Нашчадкі Льва Іванавіча ўзвялі ў Слоніме касцёл бернардзінцаў, малітоўню для канонікаў рэгулярных. Пры храмах на сродкі Сапегаў адкрываліся навучальныя ўстановы. У Слоніме часоў Льва Сапегі, як піша Валянцін Дубатоўка ў сваёй кнізе «Архіпелаг Сапегаў», існавала «адна з самых вялікіх у ВКЛ друкарняў, дзе, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, набіраўся вядомы на ўсю Еўропу Статут Вялікага княства Літоўскага» [2,с.117].

Леў Сапега таксама адкрыў у Слоніме новы кірмаш, мануфактуры, будаваў адміністрацыйныя ды гаспадарчыя будынкі. Дарэчы, у сапегаўскіх тэстаментах Слонім і аднайменнае староства падаюцца як радавая маёмасць.

Слонім і яго жыхары і сёння ганарацца сваім гербам, распрацаваным і ўхваленым па хадайніцтве Льва Сапегі ў 1561 г.: на блакітным полі залаты леў з гербам «Ліс» у лапах, таксама знакамітым Жыровіцкім Евангеллем з уласнаручным фундушавым запісам канцлера.

Пра вялікага канцлера сёння ў Слоніме нагадвае плошча Сапегі перад касцёлам св. Андрэя. А мясцовы скульптар Іван Міско, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, працуе над помнікам Льву Сапегу, які ён плануе ўстанавіць у Слоніме ў 2007 г. Гэта будзе першы помнік славутаму сыну нашай Бацькаўшчыны на Беларусі.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Лазутка, С. Леў Сапега (1557-1633) / С. Лазутка. - Магілёў, 2004.

2. Дубатоўка, В. Архіпелаг Сапегаў / В. Дубатоўка. - Мінск, 2002.

3. Саверчанка, І. Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега / І. Саверчанка. - Мінск, 1992.

4. Dyczkowski, A. Słonim. Historia i zabytki / A. Dyczkowski. - Warszawa, 1992.

5. Goldberg, G. Zarys dziejów miasta Slonima / G. Goldberg. - Słonim, 1934.

6. Lorentz, S. Wycieczki Słonimskie / S. Lorentz. - Słonim, 1933.

7. Sapieha, E. Dom Sapieżynski / E. Sapieha. - Warszawa, 1995.

8. Sosinski, T. Słonim / T. Sosinski. - Sulejowek, 1996.




А.А. Шнэйдэр

ТАЛАЧЫНСКІ «АДРАС» ЛЬВА САПЕГІ


На левым беразе Друці знаходзіцца невялікі беларускі горад Талачын, які ў XVI ст. быў мястэчкам і належаў знакамітаму канцлеру Льву Сапегу. Ён у 1604 г. заснаваў тут касцёл, школу і бальніцу для беднякоў. На месцы гэтага касцёла сёння ўзвышаецца манументальны будынак, узведзены ў 1769 г. у стылі так званага «віленскага барока» Сангушкамі.. Няспынная і вострая рэлігійная барацьба абумовіла ператварэнне касцёла ў 1796 г. ва уніяцкую царкву, а ў 1804 г. - у праваслаўную Пакроўскую царкву. Сёння гэты архітэктурны помнік стаіць у адным шэрагу з такімі шэдэўрамі, як згаданы ў «Слове аб палку Ігаравым» Сафійскі сабор у Полацку, як касцёл у Глыбокім і іншыя творы мясцовай школы дойлідства віленскага барока.

З Друцка-Талачынскай зямлёй цесна звязаны лёс і дзейнасць канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Іванавіча Сапегі. Яму, прыроджанаму дыпламату і палітыку, дзяржаўнаму дзеячу, палкаводцу, таленавітаму публіцысту і літаратару, высокаадукаванаму мысліцелю і юрысту, належыць выдатнае месца ў барацьбе Вялікага княства, эканамічным, палітычным і культурным ядром якога з'яўляліся беларускія землі, за самастойнасць.

Грунтоўная гісторыя сярэдневяковых беларускіх княжацкіх родаў Радзівілаў, Хадкевічаў, Агінскіх, Валовічаў, Сапегаў, з якімі звязаны важнейшыя падзеі мінулага нашай Айчыны, на жаль, яшчэ не напісана. Леў Сапега - нашчадак Івана Іванавіча Сапегі, драгічынскага старосты, і знакамітага роду Друцкіх-Сакалінскіх, з якога паходзіла маці Льва - княгіня Багдана. Яна была не толькі адзінай спадчынніцай згаслай галіны Друцкіх-Канопляў, але адначасова - і пляменніцай Васіля Талачынскага, які частку зямельнай уласнасці (вёска Канапельчыцы ў 3 км. ад Талачына) атрымаў ад князёў Красных.

Багдана Друцкая-Сакалінская мела герб «Друцк» свайго бацькі Івана Васільевіча. У полі шчыта - аголены меч рукаяткай угару, а па баках ляза - чатыры паўмесяцы.

Родавы герб Льва Сапегі змешчаны на тытульным лісце Статута ВКЛ 1588 г., ім адрэдагаваным. Герб мае форму шчыта, падзеленага на чатыры часткі, з шыльдай у цэнтры. Адпаведна правілам геральдыкі, на шыльдзе павінен знаходзіцца бацькоўскі герб, у полі - гербы маці, бабкі па маці, а таксама бабкі і прабабкі па бацьку. У гэтым сэнсе герб Льва Сапегі не адпавядае класічным патрабаванням геральдыкі. Відаць, гэта тлумачыцца тым, што ён быў трэцім сынам у сям'і. Яго гербам з нязначнымі зменамі карысталіся яшчэ 120 родаў.

У панегірыку на герб Льва Сапегі яго сучаснік Андрэй Рымша пісаў:

Взгляни на герб Сапеги величавый:

В нем чести суть и знаки славы,

Которая пришла не сразу и не вдруг,

И главный перечень заслуг.

Три графских линии, а справа рыцарь конный

Готов властителю помочь в любой нужде,

Не думая о собственной судьбе.

Род князёў Друцкіх у XV-XVI стст. быў не толькі адным з найбольш палітычна ўплывовых, але і валодаў вялікімі зямельнымі абшарамі. Феадальныя сядзібы («двары») князёў Друцкіх становяцца шырока вядомымі ў XVI ст., калі іх род ужо моцна разгалінаваўся, а частка маёнткаў перайшла да іншых магнацкіх родаў. У далейшым Друцкае княства працягвала драбіцца, але адбываліся і супрацьлеглыя працэсы. Паводле Статута ВКЛ 1566 г., уласнікі набылі поўнае права прадаваць і завяшчаць свае вотчыны па ўласнаму гледжанню. Гэта паскорыла стварэнне вялікіх латыфундый шляхам скупкі маёнткаў збяднелых братоў па класе. Асабліва значная латыфундыя на землях, што прылягалі да Друцка, утварылася ў пачатку XVIІ ст. дзякуючы дзейнасці канцлера Льва Сапегі.

Як ужо згадвалася, маці Л. Сапегі была адзінай спадчынніцай згаслай галіны Друцкіх-Канопляў. Дзякуючы гэтаму роду Сапегам перайшлі іх вотчыны, якімі пэўны час валодалі Гарнастаі. Рознымі шляхамі Іван Іванавіч Сапега і яго сын Леў набылі шэраг іншых навакольных маёнткаў. У былым Друцкім княстве Леў Сапега валодаў большасцю Худайскай воласці (яна была далучана да яго маёнтка Чарэя ў сучасным Чашніцкім раёне), Талачыном з мястэчкамі Славені, Яблынка, Коханава, Круглае, са значнай часткай мястэчка Друцк, а ў задняпроўскіх валасцях -- Гарамі, Горкамі, Шышавым, Юркавам і часткай воласці Басея з Сяльцом і Якаўлевічамі. Да таго ж яму належалі прылеглыя да Друцкага княства з поўдня Цяцерын і Бялынічы, а на ўмовах закладу - Любашанская воласць (часова), Капыль з Баранню. Сын Льва Сапегі Іван Станіслаў праз шлюб з Ганнай Хадкевіч набыў маёнтак Стары Быхаў, які некалі таксама з'яўляўся часткай Друцкага княства.

У сярэдзіне XVII ст. латыфундыя Льва Сапегі раздрабнілася паміж яго нашчадкамі, але на яе месцы паўсталі іншыя. Да Чарэйскага графства Сапегаў па-ранейшаму належала былая Худаўская воласць (на поўначы сучаснага Крупскага раёна). Гэтыя латыфундыі праіснавалі да падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 і 1793 гг., калі землі колішняга Друцкага княства адышлі да Расійскай імперыі.

У сваёй дзяржаўнай дзейнасці Сапега шмат увагі надаваў унутранаму жыццю ВКЛ; клапаціўся аб яго дабрабыце, згодзе паміж рознымі грамадскімі слаямі і рэлігійнымі канфесіямі краіны: каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай, уніяцкай, мусульманскай і іудзейскай. Рэлігійную палітыку канцлера цяжка ацаніць адназначна. Ён быў прыхільнікам Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г., з якой звязваў, па-першае, спыненне пастаянных міжканфесійных канфліктаў, што аслаблялі княства, і, па-другое, рабіў на яе стаўку ў захаванні беларускага этнасу ад апалячвання.

Да 1700 г. у Сенненскім павеце шэраг праваслаўных цэркваў сталі уніяцкімі, у тым ліку Няклюдаўская і Талачынская. Аднак Сапега ніколі не быў прыхільнікам сілы і жорсткасці, адстойваў прынцыпы цярпімасці ў пытаннях веры, аб чым сведчыць яго перапіска з полацкім уніяцкім архіепіскапам Іасафатам Кунцэвічам. Апошні не прыслухаўся да мудрых парад канцлера, у выніку чаго паплаціўся жыццём за сваю рэлігійную ваяўнічасць. У той жа час Леў Сапега пастаянна выступаў супраць любых парушэнняў законнасці. 11 снежня 1623 г. ён узначаліў следчую камісію па выяўленні абставін забойства полацкага архіепіскапа. У камісію ўвайшлі таксама віцебскі ваявода, аршанскі староста, князь Друцкі-Сакалінскі і інш. Камісія вынесла прыгавор 74 чалавекі пакараць смерцю, вечавы звон з віцебскай ратушы і званы ўсіх цэркваў горада, якія клікалі народ на паўстанне, зняць і з іх адліць адзін вялікі звон з надпісам аб пакаранні вінаватых у забойстве, а будынак ратушы разбурыць. 55 чалавек з ліку прыгавораных паспелі схавацца, 19 былі пакараны смерцю.

Жыццёвае крэда і сэнс усёй дзейнасці Льва Сапегі -- барацьба за захаванне незалежнасці Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай, пастаянны клопат аб умацаванні яго эканамічнай, палітычнай і абароннай магутнасці. Разглядаючы гістарычныя працэсы мінулага і ацэньваючы месца і ролю ў іх Льва Сапегі, чалавека выключна адоранага і шматграннага, бачна, што без такой каларытнай і адначасова вельмі неадназначнай і супярэчлівай асобы беларуская сярэдневяковая дзяржава ў канцы ХVI - першай палове XVII ст. наўрад ці змагла б захаваць сваю незалежнасць, не кажучы ўжо аб узвышэнні і той магутнасці, якой яна на самай справе дасягнула, дзякуючы дзейнасці канцлера. Пацвярджэннем таму служаць падзеі 1625-1629 гг., калі на тэрыторыю ВКЛ уварваліся шведскія войскі караля Густава Адольфа. Менавіта ён, вялікі канцлер, у гэты складанейшы для Беларусі перыяд, калі да варожага нашэсця дадаліся неўраджай і голад, змог згуртаваць вакол сябе ўсе сілы княства і ахвяраваўшы сваім асабістым багаццем, зрабіў усё магчымае для абароны радзімы ў цяжкі час. Леў Сапега аддаў тады большую частку свайго капіталу на ўтрыманне войска, выплаціўшы воінству 77 тысяч злотых і 40 тысяч флорэнаў са сваіх запасаў, бо дзяржаўная казна была пустая. Вось тут і спатрэбіўся даход ад латыфундый, якімі валодаў канцлер.

Здзейсненае Львом Сапегам, вялікім дзяржаўным дзеячам, палітыкам, палкаводцам, «бацькам і збаўцам Айчыны» заслугоўвае ўдзячнай памяці нашчадкаў.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Живописная Россия. - Т. 3, ч. 1. - СПб., 1882.

2. Насевіч, В.Л. Пачатак роду князёў Друцкіх / В.Л. Насевіч // Друцк старажытны. - Мінск,2000.

3. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна. - Мінск, 1988.

4. Саверченко, И. Блестящий канцлер / И. Саверченко // Советская Белоруссия. - 1990. 9 октября.

5. Шнейдер, А.А. Толочин / А.А. Шнейдер. - Минск, 1984.




А.Я. Баранаў

БЕРАСЦЕ Ў XVI ст.


У XVI ст. Берасце з'яўлялася адным з найбольш буйных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Яно сумяшчала ў сябе функцыі рачнога порта і цэнтра шляхоў зносін з розных частак ВКЛ, а затым і Рэчы Паспалітай, якія пралягалі праз Берасце.

Крыніцы дазваляюць зрабіць прыкладны падлік колькасці гараджан у сярэдзіне XVI ст. Падлік гэты вельмі ўмоўны, бо ён абапіраецца на колькасць двароў у горадзе. Паводле даных 1566 г., насельніцтва Берасця складала прыкладна 6-7 тысяч чалавек.

На працягу XVI ст. тут неаднойчы збіраліся соймы ВКЛ. Вядома, што на сойме 1505 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр прымаў шаха Ахмета. Галоўнай мэтай соймаў 1511 і 1515 г., адкрытых Жыгімонтам І, быў пошук сродкаў для арганізацыі абароны ад нападаў крымскіх татараў.

Берасце першым сярод гарадоў Беларусі атрымаў магдэбургскае права. Уладу ў горадзе ажыццяўляў магістрат. Узначальваў яго войт, прызначаны вялікім князем з феадалаў або заможных мяшчан. Войт ажыццяўляў галоўную распарадчую ўладу, а таксама вяршыў войтаўскі суд. Органам гарадскога самакіравання была рада. Лава ажыццяўляла судовыя функцыі. Значную тэрыторыю горада займалі юрыздыкі - кварталы або ўчасткі з дамамі, якія з'яўляліся ўласнасцю феадалаў і гарадской уладзе не падлягалі [1, с. 48 ].

Гарадскія ўмацаванні Берасця ў XVI ст. размяшчаліся па перыметры тэрыторыі, абмежаванай двума рукавамі ракі Мухавец. Агульная даўжыня ўмацаванняў раўнялася 2,5 кіламетры. Аснову іх складаў земляны вал з парканам і абарончы роў, запоўнены вадой. Паводле пісьмовых звестак XVI-XVІI ст., структура абароны Берасця вызначалася як стабільная. Лічыцца, што ў лініі гарадскіх умацаванняў было як мінімум 4 брамы. Ва ўсходняй частцы горада знаходзілася «брама от улицы Заугринки», якая выводзіла на Віленскі гасцінец, дарогу на Кобрын і далей у паўднёвыя і ўсходнія раёны Беларусі. У розных дакументах яна называецца то «брама Завгрынецкая», то «брама Виленская». Другая брама - Пясочная - запірала «улицу Песок» і адчыняла шлях да «гостинца Краковского» ў Забужжа. Трэцяя- Рынкавая - адчыняла дарогу з гарадскога рынку ў Берасцейскі замак, а чацвёртая - Замухавецкая - выводзіла ў Замухавечча (за раку Мухавец ) і далей на Ковель, у Валынь. Магчыма, што ў лініі ўмацаванняў была і пятая брама - выхад на гарадскія сенажаці. Перад кожнай брамай знаходзіўся мост. Самы вялікі мост быў перад Віленскай брамай - яго даўжыня складала прыкладна 9-10 метраў. Абарончы вал праходзіў па краі астраўной тэрыторыі горада, але параметры яго дакладна невядомыя.

Абарону Берасця ажыццяўлялі самі гараджане - рамеснікі, аб'яднаныя ў цэхавыя ваенныя фарміраванні (мечнікі, слесары, кавалі, рэзчыкі, сталяры, шынкары, краўцы, пекары і інш.). Кожны цэх са сваёй зброяй удзельнічаў у ваенных аглядах - «пописах». Акрамя таго яны прымалі ўдзел у рамонце гарадскіх умацаванняў, асобныя ўчасткі якіх былі замацаваны за кожным цэхам .

Адзін з соймаў адзначаў стратэгічную важнасць Берасцейскага замка як «брамы Вялікага княства Літоўскага ў Карону», на якой трымалася «сіла ўсяе Рэчы Паспалітай» .

У 1525 г. у Берасці адбыўся вялікі пажар. Ён знішчыў цэнтральную частку горада і замак. Пасля тых падзей гараджане прасілі Жыгімонта І перадаць ім права «у месте Берестейском мыто брати с купцов». За гэтыя прыбыткі яны абавязваліся «ку обороне паркану гаковницы и порохи и иные потребы бронные справовати и к тому мосты мостити на Муховцы, на Угринце, на Струзе... и по улицам своим, где перед тым мащивали». Кароль даў-такі дазвол на 10 гадоў. Пры гэтым ён нагадаў, каб неадкладна, у першую чаргу пачалі будаваць «паркан как наши мещане, так и князские, и панские, и духовные тыи вси маюць делницы свои заробити потому, как и перед тым мащивали» .

Часовае вызваленне ад усіх падаткаў станоўча адбілася на аднаўленні гарадскіх умацаванняў. Паводле апісання Берасцейскага староства за 1566 год, тут быў нанова адбудаваны замак, «место в паркане», «место за парканом» і новы раён Замухавечча [2]. Рамонт умацаванняў праходзіў паэтапна, для выканання «валавай работы» дробныя рамесныя цэхі аб'ядноўваліся .

У XVI ст. за Берасцем быў замацаваны гарадскі герб з выявай срэбнага лука са стралой, накіраванай джалам угору, у блакітным полі. Гэты герб пастаянна фіксуецца на гарадскіх пячатках з XVI ст. Яго выява размешчана і ў кнізе Барташа Папроцкага, надрукаванай у 1578 г. Адзінае адрозненне малюнка гарадскога герба, прыведзенага Б. Папроцкім, ад вядомых варыянтаў берасцейскіх пячатак - гэта накірунак джала стралы - не ўгору, а ўправа. У гэтай выяве герба адлюстроўваецца роля горада ў абароне краіны - падобныя гербы звычайна надаваліся гарадам, якія знаходзіліся на межах дзяржавы. На войтаўскай пячатцы Берасця ў XVI ст. таксама выкарыстоўвалася выява вежы альбо замка ля сутоку дзвюх рэк у чырвоным полі [3, с. 44]. Гэта выява рэальна існаваўшага помніка абарончага дойлідства - вежы, пабудаванай некалькімі стагоддзямі раней.

Такім чынам Берасце адносіўся да ліку гарадоў, якія мелі адначасова дзве пячаткі: пячатку рады (лук з стралой) і войтаўска-лаўнічую (вежа ў сутоцы дзвюх рэк). Трэба мець на ўвазе, што адміністрацыя войта назначалася або зацвярджалася вярхоўнай уладай і ў яе кампетэнцыі знаходзілася вузкае кола пытанняў і таму яна ў значна меншай ступені адлюстроўвала інтарэсы горада, чым калегія рады. Гэта значыць, што толькі герб на пячатках бурмістраўскай калегіі можна лічыць паўнапраўным гарадскім гербам.

Вельмі шматбаковым і насычаным падзеямі было царкоўна-рэлігійнае жыццё Берасця. Здаўна горад з'яўляўся буйным аплотам праваслаўя, цэнтрам епархіі. Пасля Крэўскай уніі сюды пранікае каталіцызм. На сярэдзіну XVI ст. у Берасці суіснавалі тры асноўныя плыні хрысціянства: праваслаўе, каталіцызм і пратэстантызм (найперш у выглядзе кальвінізму). Пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. з'явіўся яшчэ адзін культавы інстытут - грэка-каталіцкая царква.

З нехрысціянскіх канфесій найбольш пашыраным з'яўляўся іудаізм. Горад быў адным з першых у ВКЛ, куды з Караўства Польскага прыйшлі яўрэі і, напэўна, гэтым можна растлумачыць той факт, што берасцейскія яўрэі прыпісвалі сабе нейкія правы старшынства і першынства над яўрэямі іншых гарадоў ВКЛ [4, с. 27-28].

На 1566 г. ў Берасці былі Спаса-Праабражэнская царква, Сімяонаўскі манастыр і манастыр Нараджэння Багародзіцы з дзвюма цэрквамі. На сярэдзіну XVI ст. у горадзе ўсяго існавала 9 цэркваў.

Асобай каралеўскай граматай ад 26 студзеня 1591 г. было зацверджана праваслаўнае брацтва ў Берасці і школа пры ім, у якой выкладаў знакаміты прапаведнік і педагог Лаўрэнцій Зізаній. З каралеўскай граматы бачна, што ў склад праваслаўнага брацтва пры царкве святога Мікалая ўваходзілі бурмістры, радцы, лаўнікі і «некаторыя мяшчане ... закону грэчаскага», а таксама «цэхмістры ... розных рамёстваў народу рускага» [5, с. 161]. На жаль, нам невядомы ўстаў гэтага брацтва.

18 кастрычніка 1596 г. у Берасці на царкоўным саборы было абвешчана пагадненне пра аб'яднанне праваслаўнай царквы з каталіцкай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Фактычна 16-20 кастрычніка ў Берасце праходзілі два асобныя саборы: прыхільнікаў уніі і яе праціўнікаў.

У сярэдзіне XVI ст. у ВКЛ з'яўляецца кальвінізм. Яго асноўную сацыяльную базу складалі магнаты, а таксама шляхта і частка гараджан. Пачатак кальвінізму ў ВКЛ паклаў віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны, які з'яўляўся таксама і старостай берасцейскім . У 1553 г. ён заснаваў у Берасці першы кальвінісцкі збор і пры ім - друкарню, у якой у 1563 г. была выдадзена знакамітая брэсцкая Біблія на польскай мове - шэдэўр тагачаснага паліграфічнага майстэрства.

На працягу XVI ст. адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел ВКЛ неаднаразова мяняўся. Гэты працэс закрануў і Берасце. Некаторыя гісторыкі лічаць, што Берасцейскі павет увайшоў у склад утворанага ў 1520 г. Падляшскага ваяводства [6, с. 18; 7, с. 373] . Існуе і другая версія, што Берасцейскі павет у першай палове XVI ст. быў падпарадкаваны Трокскаму ваяводству і ўваходзіў у яго склад разам з Камянецкім і Кобрынскім паветамі [8, с. 58-64]. З 18 лістапада 1565 г. да 11 сакавіка 1566 г. у Вільні адбыўся вальны сойм, які ўтварыў цэлы шэраг новых ваяводстваў. Берасце стаў сталіцай аднаго з іх.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя: у 2 т. - Т. 1. - Мінск, 2005.

2. Ткачев, М. Замки Белоруссии / М. Ткачев. - Минск, 1987.

3. Акты, издаваемые Виленской Археографической комиссией. - Т. 4: Акты Брестского гродского суда. - Вильна, 1870.

4. Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. - Т. 29: Акты о евреях. - Вильно, 1902.

5. Копысский, З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI - первой половине XVIІ в / З.Ю. Копысский. - Минск, 1975.

6. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. - Т. 2. - Мінск, 1994.

7. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. - Т. 5. - Мінск, 1999.

8. Metriciana: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. - Т. 3. - Мінск, 2004.




А.А. Скеп'ян

ШТОДЗЁННАЕ ЖЫЦЦЁ ШЛЯХТЫ ВКЛ У XVI ст.
ПА ЛІСТАХ Л. САПЕГІ І ЯГО СУЧАСНІКАЎ


Вывучэнне штодзённай гісторыі ў наш час прыцягвае ўсё больш увагі айчынных гісторыкаў, што бяруць на ўзбраенне метады і вопыт французскіх даследчыкаў плыні «Новай гісторыі», нямецкай школы вывучэння штодзённасці. За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў выйшаў шэраг прац польскіх даследчыкаў, прысвечаных штодзённаму жыццю гараджан, шляхціцаў і нават сялян. Асобнымі ж накірункамі жыцця чалавека эпохі Рэнесансу і барока займалася вялікае кола навукоўцаў. Сярод апошніх асобую цікавасць выклікаюць даследаванні З. Куховіча, прысвечаныя шляхецкаму побыту і ментальнасці эпохі барока [9, с. 10].

Арыентацыя на знешнія бакі жыцця, якія прываблівалі ўвагу сваёй адметнасцю, яркасцю, не дазваляла стварыць усебаковы вобраз жыцця чалавека з яго штодзённымі патрэбамі, думкамі, імкненнямі. Тым цікавей падаецца нам звярнуць увагу на эпісталярныя крыніцы, якія раскрываюць характар чалавека, яго асабістыя густы, прыхільнасці, пачуцці, якія фарміруюць не толькі светапогляд асобы, але і лад яго жыцця, дазваляюць зразумець матывы ўчынкаў. Калі гісторык жадае наблізіцца да разумення, што такое асоба ў мінулую эпоху, яму неабходна змяніць традыцыйны пункт гледжання на крыніцы і пашырыць іх кола, прыцягнуўшы новую метадалогію.

Адной з найбольш карысных крыніц для аналізу гэтых аспектаў з'яўляецца асабістае ліставанне. Мы паспрабуем аднавіць лад жыцця, паўсядзённыя заняткі Льва Сапегі, а таксама людзей, цесна звязаных з ім, - Крыштафа «Пяруна» Радзівіла і яго сям'і, прадстаўнікоў родаў Хадкевічаў і Алелькавічаў [2; 3; 4; 5]. Большасць гэтых лістоў захоўваецца ў Варшаве, у Галоўным архіве старажытных актаў. Карэспандэнцыя Л. Сапегі была часткова надрукавана А. Прахаскай ў выданні «Archiwum domu Sapiehów»[7].

Аднавіць парадак дня шляхціцаў, якія мелі зямельную маёмасць і пэўную пасаду ва ўрадзе, дастаткова цяжка, і тут мы можам разглядаць толькі іх уласныя апісанні і заўвагі. Наладзіць стабільны побыт у адной рэзідэнцыі было вельмі цяжка для заможнай шляхты, бо большую частку года яна праводзіла ў пераездах, якія вынікалі са службовых абавязкаў у якасці прыдворных, судовых і ваенных ураднікаў. На адным месцы яны заставалася не больш за месяц-другі. Найбольшую колькасць часу вышэйшыя ўраднікі праводзілі ў сталіцах: Вільні і Кракаве, разам са дваром ці панамі-радай. Затрыманне на адным месцы, як правіла, азначала нейкую хваробу ці праблемы, што вымагалі доўгатэрміновай прысутнасці шляхціца.

Шляхціц, які нават і не меў пэўнага ураду, на працягу года таксама быў вымушаны ўвесь час пераязджаць. Так, князі Алелькавічы, якія не вызначаліся добрым здароўем, ажыццяўлялі штогод не менш 8-10 падарожжаў [2; 3; 5]. Гэта было выклікана гаспадарчымі патрэбамі і неабходнасцю прадстаўлення ўласных інтарэсаў у розных рэгіёнах краіны і пры каралеўскім двары. Наяўнасць вялікай маёмасці вымагала адказнасці не толькі за сабе і сваю сям'ю. Уласнік нёс адказнасць і за жыццё сваіх падданых.

Значнай праблемай быў штодзённы недахоп грошай. Гэта турбавала не толькі моладзь, што не магла самастойна распараджацца маёнткамі, але і асоб, якія займалі вышэйшыя пасады. Рэпрэзентацыя роду, сябе, шматлікае сядзібнае будаўніцтва, апека над роднымі і рэлігійныя фундацыі вымагалі такіх сум, якія не ў стане былі даць нават вялізныя ўладанні Сапегаў ці Радзівілаў. У сваю чаргу, гэта прыводзіла да неабходнасці браць пазыкі пад заклад маёнткаў або каштоўнасцяў.

Такім чынам, паўсядзённае жыццё магната ў коле Л. Сапегі складалася з паездак, ліставання і кіравання маёмасцю. Чалавек ці знаходзіўся ў дарозе, ці збіраўся ў яе. Пад час прысутнасці пры асобе караля неабходна было наведваць афіцыйныя імпрэзы, ажыццяўляць падрыхтоўку як папер, так і вялікай колькасці разнастайных просьбаў родзічаў і знаёмых. Той жа Л. Сапега часам быў вымушаны ўставаць зрання, калі было яшчэ цёмна, ехаць да вялікага князя, заставацца пры двары ўвесь дзень і толькі ўвечары ён мог патрапіць на вячэру да сабе ці ў гасцях.

Сярод падзей, якія суправаджаюць прыватнае жыццё кожнага чалавека, у лістах асобна адзначалася нараджэнне дзіцяці, заручыны ці вяселле і, нарэшце, хвароба і смерць. Усе астатнія прыкметы жыцця, што суправаджаюць нас, закраналіся не вельмі часта і падрабязна. Толькі асобныя згадкі дазваляюць нам адчуць подых часу. Лісты Льва Сапегі, як мала якія з шляхецкіх лістоў, акрамя інфармацыі пра паўсядзённыя справы на дзяржаўнай службе, выкананне разнастайных сяброўскіх даручэнняў і просьбаў, характарызуюцца эмацыянальнасцю. Менавіта ўспамін пра сям'ю падкрэслівае эмацыянальнасць, добразычлівасць Льва Сапегі. Прыкладам з'яўляюцца некалькі лістоў да Радзівілаў за розныя гады, лісты да другой жонкі. Большасць лістоў да Крыштафа Радзівіла Пяруна мае невялічкія пастскрыптумы, ці ўласнаручныя дапіскі, што характарызуюць адносіны паміж сябрамі [6; 7].

Стварэнне сям'і амаль заўсёды выклікала вялізнае ліставанне. Самі маладыя звычайна бачыліся зрэдку, што было звязана з вялікай занятасцю жаніхоў. Звычайна яны знаходзіліся ў адукацыйных падарожжах, прымалі ўдзел у шматлікіх ваенных дзеяннях або спяшаліся па пільных гаспадарчых і дзяржаўных справах. Адзінай магчымасцю ўпэўніць жаніха ці нявесту ў сваіх пачуццях становяцца лісты. Аднак эмоцый ў іх асабліва не пабачыш, асабліва калі пасрэднікам выступаў бацька ці апякун.

Падзякі да апекуноў былі рэдкія, але ж не ў Л. Сапегі: «За жаніцьбу і раней дзякаваў і зараз не варта дзякаваць, але дакуль душа ў целе, служыць гатовы» [6, c. 186], - піша ён Крыштафу Радзівілу і спадзяецца, што захаваюцца не проста прыязныя адносіны [7, c. 209].

Зрэдку заручаныя бачыліся пад час сяброўскіх візітаў ці на балях, зноў жа пад наглядам старэйшых. Залёты суправаджаліся разнастайнымі падарункамі. Так, у якасці падарункаў нявесце дасылаліся марцыпаны і арганізоўваліся цукровыя цырымоніі [2, с. 70]. Адкладанне вянчання выклікала адмоўныя эмоцыі: Януш Радзівіл мог дазволіць выказваць сваё абурэнне толькі сябрам, але не сваім бацькам ці апекунам нявесты [1, № 13]. У сваю чаргу, Леў Сапега звяртаўся непасрэдна да бацькі Гальшкі Радзівіл [7, с. 217].

Зусім па іншаму будаваліся адносіны паміж удовымі людзьмі, якія самі былі сабе гаспадарамі. Тут пачуцці выказваліся значна часцей і досыць прама. «Жадала бы пана ў сужонцах мець», - пісала Кацярына Тэнчынская ў 1582 г., пазней - лепшая сяброўка першай жонкі Л. Сапегі, Крыштафу Радзівілу [6, c. 3].

Не апошняе месца для разумення асобы, матываў яе ўчынкаў, сэнсу, што напаўняе яе штогадзіннае існаванне, становяцца праблемы рэлігійнасці, бачання сабе і свайго месца ў зямным жыцці і праблема здароўя і смерці. Жыццё шляхты і магнатэрыі з пэўнага моманту пераўтвараецца ў пошукі лекара, які здолеў бы пераадолець шматлікія хваробы. Колькасць адукаваных лекараў была вельмі малая, ды і жылі яны пераважна ў вялікіх гарадах. Часта не лекар ехаў да хворага, а наадварот. Такім цэнтрам быў Кракаў, куды накіроўваліся для атрымання медыцынскіх кансультацый і лячэння [2, c. 22-24]. Гэта вымушала магнатаў не проста выказваць спачуванні пры цяжкіх захворваннях, але і даваць разнастайныя парады па лячэнню з дапамогай розных рэчываў.

Так, Леў Сапега раіў ад нездароўя ўжыць нейкі «зялёны камень», які вельмі дапамог яму і ў выніку выкарыстання якім ён ужо доўгі час адчувае сабе вельмі добра [7, c. 248]. Лепшымі лекамі сам канцлер лічыў самога чалавека. Калі ты не ў стане перамагчы ўласную «меланхолію» і не будзеш змагацца з хваробай, то і сам Бог, а не толькі лекі, не дапаможа [7, c. 398]. Лісты даюць падрабязную справаздачу пра тое, хто, калі захварэў і што раілі лекары [7, c. 191], і дазваляюць атрымаць уяўленне і пра стан гігены ў тыя часы, і пра найбольш пашыраныя хваробы. Магнаты актыўна абменьваліся дактарамі, як гэта было ў маладых князёў Алелькавічаў [4], Паўла Сапегі і Мікалая Крыштафа Радзівіла [7, c. 249, 401, 487, 494].

У ліставанні праблема смерці ўзнікае не так часта, бо звычайна карэспандэнт яшчэ толькі рыхтаваўся да яе ў будучым. У той жа час яе непазбежнасць і становіцца стымулам для фундатарскай дзейнасці. Смерць ішла побач з усімі карэспандэнтамі. Найперш яны былі воінамі, і смерць успрымалася як суровая паўсядзённасць, а, значыць шляхціцы ставіліся да зыходу з жыцця як да такой жа звычайнай з'явы, што і нараджэнне дзіцяці або да шлюбу. Гэта была адна з важнейшых падзей у жыцці чалавека, і пазбегнуць яе немагчыма. Пры характарыстыцы памерлага мужчыны-шляхціца, найперш адзначалі яго паходжанне і тую карысць, якую ён прынёс дзяржаве [7, c. 400], для жанчын жа выбіраліся іншыя крытэрыі.

Шляхціцы адчувалі вялікае шкадаванне пры страце родных - пераважна, жонак і дзяцей. Звязана гэта было з высокай смяротнасцю жанчын і немаўлят пад час родаў. Небяспека пры нараджэнні дзіцяці добра разумелася ўсімі членамі сям'і і цягнула за сабою ўладкаванне ўсіх маёмасных справаў і чаканне добрага зыходу [6]. Скон жонкі або дзіцяці ўяўляўся магнату больш цяжкай стратай, нават чым уласная смерць [6, с. 46]. Магчыма, гэта было звязана са змяненнем характару сям'і ў тую эпоху, узмацненнем яе эмацыянальнай ролі ў жыцці [8, с. 267].

Аддушынай у насычаным грамадскім жыцці былі сям'я і баўленне вольнага часу на ловах і рыбалцы. Пацехі для занятых людзей былі досыць рэдкія, але ўжо дзеля іх адкладаліся нават і пільныя справы, ды і апісанні саміх пацехаў былі насычаны цікавымі падрабязнасцямі. Здабычу адвозілі дадому, каб ёю пахваліцца [7, c. 506]. Шляхціцы актыўна абменьваліся птушкамі, сабакамі і нават коньмі.

Такім чынам, лісты ўтрымліваюць самую разнастайную інфармацыю аб розных баках прыватнага жыцця шляхты і могуць сведчыць не толькі пра аб'ектыўныя гістарычныя падзеі, нават, у большай ступені, - пра лад жыцця і склад мыслення чалавека.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Archiwum Główny Akt Dawnych (AGAD). Archiw Radziwiłłów (AR). Dz. IV. Teka 14. Kop.170.

2. Listy Hieronima Chodkiewicza. 1588-1616 // AGAD. AR. Dz.V. Nr. 2043.

3. Listy ks. Aleksandra Słuckiego. 1582-1589 // AGAD. AR. Dz.V. Nr. 14631.

4. Listy ks. Jana Simiona Słuckiego. 1581-1591 // AGAD. AR. Dz.V. Nr. 14633.

5. Listy Katarzyny Słuckiej z Tęnczynskich. 1581-1582 // AGAD. AR. Dz.V. Nr. 14635.

6. Archiwum domu Radziwiłłów. - T. 8. - Kraków, 1885.

7. Archiwum domu Sapiehów, wydane staraniem rodziny. - T. I: Listy z lat 1575-1606. - Lwów, 1892.

8. Гуревич, А.Я. Смерть как проблема исторической антропологии: о новом направлении в зарубежной историографии / А.Я. Гуревич // История - нескончаемый спор. - М., 2005

9. Kuchowicz, Z. Obyczaje staropolskie XVII-XVIII wieku / Z. Kuchowicz. - Łоdź, 1975.

10. Kuchowicz, Z. Człowiek polskiego baroku / Z. Kuchowicz. - Łоdź, 1992.




В.А. Сушко

ІСТОРИКО-ЕТНОГРАФІЧНІ ОСОБЛИВОСТІ ЗАСЕЛЕННЯ СЛОБІДСЬКОЇ УКРАЇНИ (XVII ст.)


Слобідська Україна (інша назва - Слобожанщина, Слобідчина) постала як історико-етнографічний регіон у XVII ст. на теренах Дикого поля - незаселеної прикордонної території між Річчю Посполитою, Московською державою та Кримським ханством [2, с. 6; 4, с. 214].

Питання меж регіону різними науковцями розв'язувалося по-різному: в залежності від основного спрямування досліждень. Історики (акад. Д.І. Багалій, Д.І. Дорошенко, А.Г. Слюсарський та ін.) схильні ототожнювати межи історико-етнографічного регіону та п'яти слобідсько-українських козацьких полків, що й дали назву та жителів цьому краю. Етнографи (О. Пошивайло, Л.М. Чіжикова) подеколи розширюють ці кордони, спираючись на дані матеріальної культури (гончарство, предмети одягу та декоративно-утилітарного призначення), а іноді - звужують, як проф. А. Пономарів [16, с. 42]. Не поодинокими є спроби не просто розширити кордони Слобожанщини на захід за рахунок Полтавщини, а й просто описувати ці два регіони як одне ціле. На наш погляд, це невірно: хоч деякі нові поселення засновувалися у XVII ст. вихідцями з Правобережної України і на історичній Полтавщині, однак до Слобідської України ці населені пункти не мали жодного відношення, хоча за локальними особливостями етнокультури їх мешканці і можуть бути близькими до слобожан.

Таким чином, на нашу думку, до Слобожанщини слід відносити лише землі, які належали слобідсько-українським козацьким полкам XVII-XVIII стст. та землі між тодішніми Ізюмським та Остогозьким полками (сучасні Харківська та південь Луганської областей України). Тобто за сучасним адміністративним поділом історико-етнографічний регіон Слобожанщини включає в себе майже всю Харківську область (без 4-х південно-західних та південних районів - колишня Слов'яносербія), південно-східні райони Сумської, найпівнічніші райони Донецької (до м.Святогорська) та північні райони Луганської областей України (північніше р.Сіверський Донець), а також - південь Курщини, Бєлгородщини та Воронежчини Російської Федерації.

Найдавніші поселення краю - Цареборисів (1599 г.), Чугуїв (1638 г.), Валки (1646 г.) - невдовзі по заснуванню покидалися мешканцями, які поверталися до Московщини (засновники Цареборисова) або до Наддніпрянщини (засновники Чугуєва та Валок) через непевність становища та постійні татарські набіги.

Масове заселення північного сходу сучасної України та півдня Росії було спричинене поразками у Визвольній війні під проводом Богдана Хмельницького: «Нещаслива Берестецька січа розвіяла надії ... перемогти ворога і здобути волю... , і у 1651 р. ми бачимо перше велике переселення народу» [2, с. 25].

1652 р. було засноване на ріках Тихій Сосні та Острогощі місто Острогозьк - полкове містечко Острогозького полку на чолі з полковником Іваном Зіньківським (за іншими відомостями - Дзиковським) [2, с. 28, 238].

У тому ж 1652 р. козаки під проводом осадчого Герасима Кондратьєва заснували місто, а 1653 р. побудували фортецю Суми - центр Сумського козацького полку [2, с. 29-30].

1654 р. на Харківському городищі, де вже жили 37 родин «черкасів», була побудована Харківська фортеця, що стала полковим містечком Харківського полку [2, с. 30].

Відомості щодо заснування полкового містечка Охтирського полку різні: поважний дослідник акад. Д.І. Багалій наводить 1654 р., однак сам Дмитро Іванович твердить, що м. Охтирка було відоме і раніше як прикордонне місто Польщі [2, с. 33]. Інші історичні джерела називають роком заснування міста 1641 рік [2, с. 238].

1634 р. козачий отаман Яків Черніговець збудував на півдні Харківщини місто Балаклію, яка стала центром Балаклійського полку, що існував до заснування фортеці Ізюм та постання Ізюмського полку. Лише для розбудови останнього запрошувалися козаки Харківського полку. Уся решта слобідсько-українських полків засновувалися українцями [9, с. 80], про яких навіть такий прискіпливий архівіст як Д.І. Багалій здебільшого зміг дізнатися лише, що вони «черкаси» - тобто українці.

За даними етнодемографії, українці становили від понад 90 % населення краю на поч. XVIII ст. до 80-50% у ХХ ст. (Сумщина - понад 80%, Харківщина - до 70%, Донеччина та Луганщина - понад 50%, даних щодо північної частини регіону немає) [17, с. 148-149]. У зв'язку із різночасовим переселенням до Слобідської України нащадки переселенців до початку ХХІ ст. зберігають особливості побутової культури, які дають змогу виділити утрадиційній культурі Слобожанщини декілька локальних зон.

Так, дослідивши лише поховальну обрядовість українців Слобожанщини як найконсервативніший вид етнокультури, ми дійшли висновку, що за наявності регіонального інваріанта обрядовості з чіткою структурою, який загалом тяжіє доцентрально-українського, накопичений масив відомостей дає змогу за ареалами побутування окремих видів атрибутики (зокрема, тканих виробів, ритуальних страв) виокремити в українському етносі регіону 3 основні локальні групи:

Населення південно-західних районів Сумщини, більшої частини Богодухівського, Золочівського, півночі Харківського (колишня Липецька округа), Вовчанського районів Харківської області та південних українських сіл Шебекінського району РФ ми відносимо до північної групи, а регіоном його походження, користуючись даними поховальної обрядовості, визначаємо Волинь та Східну Галичину.

Чугуївський, Шевченківський, Дворічанський, Ізюмський, Борівський, Куп'янський райони Харківської області, а також північ Луганської області складають окремий спільний різновид традиційної культури, який ми позначаємо як південно-східний. Регіоном походження цих переселенців, нанашу думку, є Поділля.

«Перехідну» групу становлять західні райони Харківщини (південь Богодухівського, Краснокутський, Коломацький, Валківський та Нововодолазький, а також частково Зміївський), оскільки деякі особливості традиційної культури наближають ії до північного, а за певними ознаками ця частина Слобожанщини тяжіє до сусідньої Полтавщини. На нашу думку, регіоном походження українського населення цієї частини Слобожанщини є Середнє Подніпров'я.

Незаперечним фактом є карпатська, зокрема, бойківська колонізація земель сучасного Лебединського району Сумської області (дані підтверджуються відомостями з народної та церковної архітектури цих місцевостей як сер. ХХ ст., так і 1990-х рр.).

Дослідження проводилися за допомогою діахронного та синхронного аналізу, базованого на польових матеріалах класиків української етнографії (акад. М.Ф.Сумцов, чл.-кор. ВУАН П.В.Іванов та ін.), а також власних, зібраних впродовж 1989-1998 та 2001-2006 рр. у 99 населених пунктах регіону, серед яких майже половина досліджувалися вперше. З метою порівняльного аналізу стану збереженості обраної галузі народної культури польові дослідження проводилися і в населених пунктах, де подібний матеріал був зібраний у ХІХ - напочатку ХХ ст.

На жаль, локальні особливості народної культури не завжди зауважувалися дослідниками минулого, переселенці XVII ст. нерідко змінювали декілька місць проживання і були схильні приховувати точне місце походження. Однак оскільки побутова культура довгий час була досить сталою, а деякі ії особливості зберігаються і донині, вивчення локальних особливостей традиційної народної культури та виявлення регіонів походження сучасних українців-слобожан є перспективним напрямком подальших регіональних українознавчих студій.

Стан вивчення етнокультури російського населення краю навряд чи можна визнати задовільним, хоча у ній регіональні особливості походження одразу впадають в око. Адже російське населення краю є дуже неоднорідним за часом переселення, за місцем походження, за тодішнім соціальним станом, за соціальною самосвідомістю, конфесійно тощо.

Слід відзначити, що іноді до російської діаспори відносять і нащадків білоруських переселенців. Причиною того можуть бути як помилки адміністрації при визначені етнічної приналежності нових підлеглих, так і ставлення довколишнього українського населення («якщо не по-нашому балакаєш - значить, росіянин»), а також і бажання виселених дещо підвищити свій статус на новій батьківщині. До білоруських поселень, на нашу думку, слід віднести сел. Жихар Харківського району Харківської області, можливо, с. Борщову того ж району.

У XVII ст. населення краю складалося виключно з представників східно-слов'янських народів (як твердить П.Лаврів, на 100 тисяч українців - 20 росіян [9, с. 80]). Навіть в «Описах Харківського намісництва кінця XVIII ст.», яке постало 1765 р. після скасування слобідсько-української автономії, наводяться дані лише про циган [12, с. 133-170]. Цигани Слобожанщини, як осілі, так і групи, що найчастіше кочували Слобожанщиною, у 1930-ті роки були добре вивчені та описані проф. Баранніковим, саме з урахуванням їхніх локальних груп. Однак ІІ Світова війна нанесла непоправних втрат ромському етносу.

Діаспори інших етносів з'являються на Слобожанщині у XVIII ст. (єврейська, німецька та німецькомовна), у ХІХ ст. (татарська, польська, караїмська та ін.), у ХХ ст. (корейська, болгарська, вірменська та ін.). Їхні долі та роль у розвитку нашого регіону різні.

Своєрідність історико-етнографічного регіону Слобожанщини зумовлюють: 1) пізня остання колонізація краю; 2) багатонаціональний склад населення зі збереженням в межах одного етносу локальних рис регіону походження; 3) ранній та інтенсивний промисловий розвиток регіону; 4)сучасна територіальна розірваність регіону між двома державами.

Нагальним науковим завданням є відновлення на належному рівні систематичних етнологічних досліджень Слобідської України, адже узагальнюючі праці з етнографії Слобідської України датуються 1918 р. [14], і лише в останній чверті ХХ століття поновлено накопичення польового етнографічного матеріалу [11; 15]. Проте це - лише початок роботи над повномасштабним історико-етнографічним дослідженням краю.


Спіс крыніц і літаратуры


1. Артюшенко, М.М. Історія Боромлі. З найдавніших часів до наших днів / М.М. Артюшенко. - Тростянець, 1999. - 672 с.

2. Багалій, Д.І. Історія Слобідської України / Передмова, коментар В.В. Кравченка / Д.І. Багалій. - Харків: Основа, 1991. - 256 с.

3. Багалій, Д.І. Очерки из истории колонизации степной окраины Московского государства / Д.І. Багалій. - Москва: Изд. Императорского общества истории и древностей Российских при Московском Университете, 1887. - 614 с.

4. Дорошенко, Д.І. Нарис історії України в 2-х томах. Т. ІІ: від половини XVII століття / Д.І. Дорошенко. - Київ: Глобус, 1992. - 349 с.

5. Дьяченко, Н.Т. Этнографические исследования Слободской Украины вXVIII - первой половине XIX ст. (Историко-этнографическое исследование) / Дьяченко Н.Т. Автореф. дис. ... канд. ист. наук. - Киев, Институт искусствоведения, фольклора и этнографии им.М.Ф.Рыльского, 1971. - 28 с.

6. Етнографія України / За ред. С. А. Макарчука. - Львів: Світ, 1994. - 520 с.

7. Історія міст і сіл Української РСР: у 26 т. Харківська область. - Київ: Головна редакція Радянської енциклопедії АН УРСР, 1967. - 1002 с.

8. Куліш, П. Записки о Южной Руси в двух томах / П. Куліш. - Київ.: Дніпро, 1994. - 719 с.

9. Лаврів, П.І. Історія Південно-Східної України / П.І. Лаврів. -Київ: «Українська Видавнича Спілка», 1996. - 208 с.

10. Луганщина:Етнокультурнивимір. - Луганськ:Альма матер,2001. -360с.

11. Муравський шлях-97: Матеріали комплексної фольклорно-етнографічної експедиції / Упор. Красиков М., Олійник Н., Осадча В., Семенова М. - Харків: ХДІК, 1998. - 360 с.

12. Описи Харківського намісництва кінця XVIII ст.: Описово-статистичні джерела / АН УРСР. Археограф. Комісія та ін. Упоряд. В.О. Пірко, О.І. Гуржій; Редкол. П.С. Сохань (відп. ред.) та ін. - Київ: Наук. думка, 1991. - 220 с.

13. Слюсарський, А.Г. Слобідська Україна: історичний нарис / А.Г. Слюсарський. - Харків, 1954. - 164 с.

14. Сумцов, М.Ф. Слобожане. Історико-етнографічна розвідка / М.Ф. Сумцов.- Харків: Акта, 2002. - 282 с.

15. Традиційна народна культура Дворічанського району Харківської області / Упор. М. Семенова. - Харків: Регіон-інформ, 2001. - 160 с.

16. Украинцы. - Москва: Наука, 2000. - 535 с.

17. Українці: Історико-етнографічна монографія у двох книгах. Книга 1.- Опішне: Українське народознавство, 1999. - 528 с.

18. Українці: Історико-етнографічна монографія у двох книгах. Книга 2.- Опішне: Українське народознавство, 1999. - 544 с.

19. Чижикова, Л.Н. Русско-украинское пограничье: история и судьбы традиционно-бытовой культуры / Л.Н. Чижикова. - Москва: Наука, 1988. - 256 с.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX