Вярнуцца: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. 2008

ГІСТАРЫЯГРАФІЧНЫ ВЫКЛІК ЧАСУ


Дадана: 31-03-2009,
Крыніца: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. 2008, Гродна: ГрДУ, 2008.

Спампаваць




С.В. Марозава, Гродна, ГрДУ імя Я.Купалы,
ГІСТАРЫЯГРАФІЧНЫ ВЫКЛІК ЧАСУ

У пачатку 1990-х гг. прафесар Ежы Клачоўскі, польскі даследчык гісторыі хрысціянства ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, выказаў думку, што гісторыка-канфесійная праблематыка хутка стане адным з прыярытэтных напрамкаў еўрапейскай гістарыяграфіі [1]. Гэта яго ідэя ўразіла сваёй смеласцю, хоць і выклікала тады недавер: як ён бярэцца меркаваць аб гістарычнай навуцы цэлага кантынента? Прайшло пару гадоў, як прадбачанне вучонага пачало спраўджвацца, у тым ліку і на Беларусі.

(17KB) Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа .

На мяжы -ХХІ ст. пытанне аб месцы і статусе Беларусі ў сям'і хрысціянскіх народаў надзвычай актуалізавалася ў грамадска-палітычным і навукова-тэарэтычным планах. З кожным годам павялічваецца колькасць курсавых і дыпломных работ, дысертацый, артыкулаў і манаграфій, прысвечаных розным аспектам гісторыі хрысціянскіх культавых інстытутаў. Вялікая цікавасць да гісторыі пошукаў нашымі продкамі свайго ўласнага месца ў еўрапейскіх рэлігійна-культурных працэсах, на раздарожжы Усходу і Захаду ў таго пакалення даследчыкаў, якое цяпер уваходзіць у навуку. Не адзін з прадстаўнікоў старэйшага пакалення вучоных скарэкціраваў магістральны напрамак сваіх навуковых даследаванняў у бок гісторыка-канфесійнай праблематыкі, якая нібы перажывае другое нараджэнне ў айчыннай гуманістыцы. Мы ўсвядомілі, што зразумець гістарычную, культурную, нацыянальную спецыфіку Беларусі без вывучэння гісторыі рэлігіі немагчыма. Рэлігія шмат у чым прадвызначала і фарміравала менталітэт эпох, арганізоўвала вонкавае і ўнутранае жыццё чалавека і грамадства, будучы ў той самы час полем жорсткай барацьбы. Царква з'яўлялася важным інстытутам культуры і фактарам дзяржаватварэння, а канфесійны фактар быў своеасаблівым этнічным дэтэрмінатывам народа. Відавочна, што сучасная этнакультурнаканфесійная сітуацыя ў Беларусі, асабліва стракатая ў яе заходніх раёнах, - гэта аддаленая ў часе праява тых з'яў і працэсаў далёкага мінулага.

Цікавасць да нашай канфесійнай гісторыі апошні час нязмерна вырасла за мяжой. Ці не паказальна, напрыклад, што на працягу пяці гадоў (1998-2003 гг.) у ЗША, на Украіне і ў Расіі выйшлі грунтоўныя манаграфіі, прысвечаныя пярэдадню Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., прычым у аснову гэтых кніг ляглі доктарскія дысертацыі, напярэдадні абароненыя адпаведна ў Гарвардскім і Маскоўскім універсітэтах [2-4].

Але паказальна і наступнае. Нашы суседзі на ўсходзе, захадзе і поўдні (расіяне, палякі, украінцы) даўно маюць або нядаўна стварылі шматтомныя працы па гісторыі царквы сваіх краін. Возьмем хоць бы 12-томную «Историю русской церкви» мітрапаліта Макарыя [5; 6], «Historia kościoła w Polsce» у чатырох кнігах [7], 10-томнік «Історія релігіі в Украіні» [8]. Беларусь з яе унікальнай канфесійнай гісторыяй, хрысціянскай у сваёй аснове, не мае напісанай на ўзроўні сучаснай навукі падобнай капітальнай працы. Ці не на нас ужо ўскладаецца адказнасць за яе адсутнасць? Ці не прыйшла пара кансалідаваць свае навуковыя сілы даследчыкам гісторыі царквы Беларусі?

Даследаванне гісторыі хрысціянскіх культавых інстытутаў на Беларусі з'яўляецца традыцыйным навуковым напрамкам гродзенскай школы гісторыкаў. Распачатае прафесарам Я.Н. Марашам вывучэнне гэтай праблематыкі мае ўжо паўвекавую традыцыю. Цэлая група выкладчыкаў (толькі на кафедры гісторыі Беларусі іх сям) прафесійна займаецца гісторыка-канфесійнымі даследаваннямі: абаранілі кандыдацкія, рыхтуюць або абаранілі доктарскія дысертацыі, выдаюць манаграфіі [9-14 і інш.]. Таму факультэт гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы не выпадкова выступіў ініцыятарам правядзення серыі канферэнцый «Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа». Спадзяемся, яны паспрыяюць лепшаму разуменню ролі хрысціянства ў духоўна-культурным, грамадска-палітычным, этнанацыянальным жыцці беларускага народа і, акумуляваўшы найноўшыя дасягненні айчыннай і замежнай навукі, стануць нашым адказам на гістарыяграфічны выклік часу.

У аснову прапанаванага вашай увазе зборніка артыкулаў пакладзены матэрыялы рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі «Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа», якая адбылася 20 красавіка 2007 г.


Спіс крыніц і літаратуры

1. Kłoczowski, J. Młodsza Europa: Europa Srodkowo-Wschodnia w kręgu cywilizacji chreścijańskiej średniowiecza / J. Kłoczowski. - Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1998. - 534 s.

2. Gudziak, B. A Crisis and Reform: The Kyivan Metropolitanate, the Patriarchate of Constantinopole, and the Genesis of the Union of Brest / B. Gudziak. - Cambridge: Harvard Ukrainian Research Institute, 1998. - XVIII, 489 p.

3. Гудзяк, Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі / Б. Гудзяк; пер. з англ. - Львів: Інститут Історіі Церкви Львівськоі Богословськоі Академіі, 2000. - 426 с.

4. Дмитриев, М.В. Между Римом и Царьградом: генезис Брестской церковной унии 1595-1596 гг. / М.В. Дмитриев. - М.: Изд-во Московского университета, 2003. - 320 с.

5. Макарий (Булгаков), митрополит. История Русской Церкви: в 12 т. - СПб., 1857-1883.

6. Макарий (Булгаков), митрополит. История Русской Церкви: в 12 т. - М., 1994-1998.

7. Historia kościoła w Polsce / red. B.Kumor, Z.Obertyński. - Poznań-Warszawa, 1974 - 1979 .

8. Історія релігіі в Украіні: в 10 т. - Киів: Видавництво «Світ знань», 1996-2002.

9. Блинова, Т.Б. Иезуиты в Белоруссии / Т.Б. Блинова. - Минск: Беларусь, 1990. - 110 с.

10. Блинова, Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в образовании и просвещении/ Т.Б.Блинова. - Гродно: ГрГУ, 2002. - 427 с.

11. Силова, С.В. Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941 - 1945 гг.): монография / С.В.Силова. - Гродно: ГрГУ, 2003. - 105 с.

12. Силова, С.В. Крестный путь: Белорусская Православная Церковь в период немецкой оккупации 1941 - 1944 гг.) / С.В.Силова. - Минск: Белорусский экзархат, 2005. - 72 с.

13. Ярмусик, Э.С. Католический костел в Белоруссии в годы Второй мировой войны: монография / Э.С. Ярмусик. - Гродно: ГрГУ, 2002.

14. Ярмусик Э.С. Католический Костёл в Беларуси в 1945-1990 годах: монография / Э.С.Ярмусик. - Гродно: ГрГУ, 2006. - 568 с.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX