Вярнуцца: IX - XII стагоддзе

Распаўсюджанне хрысціянства ў Еўропе


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 16-11-2010,
Крыніца: pawet.net.



Раскол на каталіцызм і праваслаўе

Хрысціянства ўзнікла ў І ст. ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі як рэлігія прыгнечаных, якія шукалі збаўлення ад бесчалавечных умоў жыцця ў прыходзе месіі (збавіцеля). Хрысціянская ідэя адплаты абяцала ўсім пакутным і абяздоленым атрыманне шчасця і свабоды ў царстве нябесным. Касмапалітызм хрысціянства, універсалізм яго маральных прынцыпаў, нівеліроўка класавых і нацыянальных адрозненняў, місіянерская дзейнасць спрыялі яго адносна хуткаму распаўсюджанню сярод розных сацыяльных і этнічных груповак імперыі. З цягам часу са зняважанай і гнанай "іудзейскай секты" яно ператварылася ў дзяржаўную рэлігію Рымскай імперыі. Рашаючы паварот адбываецца ў ІV ст.

Праследаванне хрысціян Дыяклетыянам у 303 г. было адным з самых жорсткіх і практычна апошніх ганенняў. Ганімае на пачатку ІV ст. язычніцкім грамадствам і дзяржавай, раздзіраемае ўнутры складанейшымі багаслоўскімі спрэчкамі, хрысціянства сустракае новае V ст., будучы адзінай афіцыйна прызнанай рэлігіяй Рымскай імперыі. Перамога хрысціянства звязана з імем імператара Канстанціна І (274 - 337), які прымаў удзел не толькі ва ўмацаванні афіцыйнага становішча хрысціянства ў імперыі, але і ў вырашэнні унутрыцаркоўных, дагматычных пытанняў. З выданнем Міланскага эдыкта (313 г.) хрысціяне становяцца пад абарону дзяржавы і атрымліваюць роўныя з язычнікамі правы. З сярэдзіны ІV ст. хрысціянства стала афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіяй, абавязковай для ўсіх паўнапраўных членаў Рымскай імперыі. К канцу стагоддзя імператар Феадосій І накладае забарону на язычніцкія культы. Храмы язычнікаў былі разбураны ці ператвораны ў цэрквы. Можна гаварыць аб канчатковым трыумфе новай веры. Рымская імперыя стала хрысціянскай імперыяй. Новая вера спачатку распаўсюджваецца ў гарадах. Сельскія прыходы з'явіліся толькі ў V - VI ст. На мяжы VI - VII ст. яно распаўсюджваецца паўсюль.

Пры падтрымцы дзяржавы ў ІV ст. завяршылася фарміраванне царкоўных дыяцэзаў (епіскопій і мітраполій). Асабліва вялікі ўплыў у царкве набылі дыяцэзы Рыма, Александыі і Антыахіі. Афіцыйна іх першынства было зацверджана Першым (Нікейскім) Усяленскім саборам (325 г.). У канцы ІV ст. ранг патрыярха атрымаў епіскап Канстанцінопаля. Яму было адведзена другое месца "па годнасці" пасля рымскага папы. Вялізныя тэрытарыяльныя абшары юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата і яго ганаровае першынства, побач з Рымам, былі ўстаноўлены Халкідонскім саборам 451 г. Пад уладай гэтага патрыярхата апынуліся ўсе землі Усходне-Рымскай імперыі, якія ляжалі на поўнач ад Сірыі. На гэтым жа саборы да ліку дыяцэзаў вышэйшага рангу быў дададзены даволі сціплы па памерах Ерусалімскі патрыярхат, які артымаў пятае месца ў царкоўнай іерархіі. Такім чынам, уся хрысціянская царква апынулася пад кіраваннем пяці патрыярхаў, а падданыя Рымскай імперыі апынуліся пад кантролем дзвюх улад - свецкай і духоўнай. Шматвекавая барацьба за першынства ў кіраванні царквой разгарнулася, у асноўным, паміж папствам і Канстанцінопальскім патрыярхатам.

Ужо ў ІV ст. намеціліся заўважныя адрозненні паміж усходняй і заходняй цэрквамі і ў пытаннях дагматыкі, і ў арганізацыі кіравання, і ў абраднасці. Карэннае адрозненне усходняй царквы ад заходняй, было ў тым, што яна знаходзілася ў большай залежнасці ад дзяржаўнай улады і была на працягу тысячагоддзя яе вернай саюзніцай.

З часу ператварэння хрысціянства ў дзяржаўную рэлігію ўлада Рымскай імперыі нязменна клапацілася пра яе інтарэсы і матэрыяльны дабрабыт. Да сярэдзіны ІV ст. па колькасці і багаццю зямельных уладанняў царква мала ўступала імператарскаму дому.

Адначасова са станаўленнем царкоўнай арганізацыі і ўмацавання яе статуса ў дзяржаве шырокае распаўсюджанне ў імперыі атрымлівае інстытут манаства. З руху пустэльнікаў-адзінак, якія шукалі (спачатку ў Егіпце) "спасення" ў пячорах і пустынях, манаства пераўтварылася ў магутную карпарацыю, валодаўшую буйнай рухомай і нерухомай маёмасцю. Манастырі ўзнікалі ўсюль. Нават Ірландыя, дзе прапаведаваў у V ст. св. Патрык, становіцца важнейшым асяродкам манаскага жыцця - факт зусім нечаканы для хрысціянства ў сувязі з геаграфічнай аддаленасцю Ірландыі. Чорнае духавенства набывала ўсё большы грамадскі ўплыў. Нягледзячы на адрозненні ўставаў манастыроў, манахі як на Усходзе, так і на Захадзе (першыя менш падтрымліваюць сувязь са знешнім светам, другія болей удзельнічаюць у жыцці грамадства) садзейнічаюць распаўсюджанню хрысціянства і заахвочваюць імкненне да ведаў. Менавіта з асяроддзя манахаў абіралася вышэшае духавенства, аж да патрыярхаў. Цэрквам і манастырам дзяржаўная ўлада раздавала прыілеі ў першую чаргу, вызваляла іх ад шмат якіх падаткаў і павіннасцяў, іерархам - дала права суда над падуладнымі ім духавенствам.

Працэс фарміравання хрысціянскай дагматыкі расцягнуўся на некалькі стагоддзяў. Яе афармленне адбывалася на царкоўных саборах і дзякуючы дзейнасці айцоў царквы - тых хрысціянскіх вучоных і пісьменнікаў, якіх царква прызнала найбольш аўтарытэтнымі тлумачальнікамі хрысціянства. Хрысціянскай дагматыцы прысвяцілі свае працы выдатныя багасловы ІV - V ст., часта называемыя "усяленскімі настаўнікамі": Афанасій Александрыйскі, Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Рыгор Ніскі, Іаан Златавуст, Аўгусцін Блажэнны і інш. Творы айцоў царквы з'яўляюцца састаўной часткай Свяшчэннага Падання, якое разам са Свяшчэнным Пісаннем (38 кнігамі Старога і 27 кнігамі Новага Запаветаў) і склала хрысціянскае веравучэнне. Усяленскія саборы: Нікейскі 325 г., Канстанцінопальскі 381 г., Эфескі 431 г., Халкідонскій 451 г., Канстанцінопальскія 553 і 680 гг. і сёмы Усяленскі сабор у Нікеі 787 г. - далі дакладныя агульнацаркоўныя вызначэнні па агульным пытанням хрысціянскага веравучэння, ісцінам веры (дагматыцы) і правілам царкоўнай арганізацыі і дысцыпліны (канонам). Гэтыя пастановы лічыліся абавязковымі для ўсяго хрысціянскага свету. Выйшаўшае з іудаізма, хрысціянства ўсё больш ад яго аддаляецца.

Паралельна з інстытутам Усяленскіх сабораў складваецца другое ўяўленне аб агульнацаркоўным аўтарытэце: у выніку рознагалоссяў належыць звяртацца да апостальскіх епіскапскіх кафедр. Такія кафедры былі заснаваны самімі апосталамі Хрыста, і таму, меркавалася, што іх пераемнікі захавалі хрысціянскае веравучэнне ў першазданнай чысціні. Галоўнай з кафедр лічылася рымская, заснаваная "князем апосталаў" Пятром.

Абгрунтаванне агульнацаркоўнага прымата (вяршэнства) кафедры апостала Пятра стала асноўным напрамкам дзейнасці папства ў ІV - V ст. Найбольш поўна гэту дактрыну выказаў папа Леў І Вялікі (440 - 461). Аднак на ўсходзе імперыі першынства рымскага епіскапа прызнавалі толькі фармальна і прыцязанні Льва Вялікага ўстаць над самімі Усяленскімі саборамі, якія працягвалі лічыцца вышэйшым царкоўным аўтарытэтам, былі адвергнутыя.

Разам з тым, сярод усходніх патрыярхаў ужо ў V ст. лідзіруючае становішча заняў Канстанцінопаль.

Калі на ўсходзе імперыі царква апынулася пад жорсткім кантролем імператара, які актыўна ўтручаўся ў рашэнне дагматычных пытанняў, то на захадзе папства імкнулася адстаяць аўтаномію духавенства, а адпаведна, і сваёй улады. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічаў перанос сталіцы імперыі з Рыма і ліквідацыя Заходняй Рымскай імперыі. Папа Геласій І у канцы V ст. абвясціў безумоўным злом любое ўтручанне імперыі ў справы

Да канца ІV ст. хрысціянства зацвердзілася практычна ва ўсіх правінцыях Рымскай імперыі. На яго зацвярджэнне не паўплывала і стварэнне германскіх дзяржаў на Захадзе. За выключэннем франкаў, усе іншыя народы Захаду былі перавернуты ў хрысціянства ў яго ератычнай, арыянскай трактоўцы яшчэ да іх пасялення на тэрыторыі імперыі. Яшчэ ў 40-я г. IV ст. намаганнямі епіскапа Вульфілы арыянства (ад імя александрыйскага святара ІV ст. Арыя, які абвяргаў дагмат траічнасці Хрыста) пранікае да готаў. У V ст. у Іспаніі ад вестготаў арыянства прынялі вандалы і свевы, а ў Галіі - бургунды. Лангабарды, якія ў 568 г. уварваліся у Італію, перанялі арыянства ад астготаў.

На поўнач ад маршрутаў вестготаў і астготаў працягвала панаваць артадаксальнае хрысціянства. У 496/497 г. яго прыняў франкскі кароль Хлодвіг. Прынятае на Нікейскім саборы веравызнанне запанавала на паўднёвым захадзе Еўропы: у пачатку V ст. у бургундаў, у 589 г. у вестготаў, да канца VII ст. у лангабардаў. У Ірландыі, якая не ўваходзіла ў склад Рымскай імперыі, хрысціянства пачынае распаўсюджвацца ў першай палове V ст.

Хрысціянізацыя варварскіх народаў у асноўным адбывалася зверху, у свядомасці мас доўгі час працягвалі жыць язычніцкія ўяўленні і вобразы. Нярэдка і каралёў да хрышчэння падштурхоўвалі чыста палітычныя матывы, ці жаданне набыць пакравіцельства больш магутнага бога, здольнага забяспечыць удачу. У імкненні пашырыць свой уплыў царква прыстасоўвала язычніцкія ўяўленні да хрысціянства. У выніку нараджаўся дзіўны сплаў хрысціянскай дактрыны і язычніцтва. Язычніцкія святы і рытуалы напаўняліся новым, хрысціянскім зместам. Неадукаванымі слаямі насельніцтва словы хрысціянскіх прапаведнікаў тлумачыліся, насуперак волі апошніх, у духу, далёкім ад багаслоўскай традыцыі.

У 597 г. папа накіраваў да англасаксаў-язычнікаў прапаведнікаў хрысціянства на чале з манахам Аўгусцінам. Да канца VІІ ст. англасаксонская царква стала першай царквой на поўначы ад Альп, падпарадкавнай непасрэдна Рыму, засвоіўшай яго звычаі і літургію.

На працягу VIII ст. еўрапейскі кантынент больш глыбока далучаецца да хрысціянства. Заслуга пераварочвання ў хрысціянства германскіх народаў належыць англасаксонскаму манаху Баніфацыю з Уэссекса, які ў першай палове VIII ст. разгарнуў у Германіі місіянерскую дзейнасць. Ён правёў рэформу франкскай царквы, мэтай якой была яе уніфікацыя і падпарадкаванне Рыму. Каралінгі выкарысталі хрысціянізацыю дзеля ўмацавання франкскага панавання на заваяваных тэрыторыях і зрабілі яе зброяй знешняй палітыкі. Менавіта ў гэты час з'ўляецца асобы тып хрысціянскай місіі, якая несла новую веру на вастрыі мяча. Такой была хрысціянізацыя Саксоніі ў апошняй трэці VIII ст. Каралінгі ўспрынялі ад св. Баніфацыя ідэю царкоўнай рэформы, з дапамогай якой яны стварылі ў цэлым рымскую царкву і замацавалі аўтарытэт папства ў Заходняй Еўропе.

У канцы Х - пачатку ХІ ст. язычніцкі свет адступае на поўначы і ўсходзе Еўропы.

Часткай экспансіянісцкай палітыкі германскіх імператараў стала хрысціянізацыя суседніх язычніцкіх народаў. У Х ст. намаганнямі германскіх місіянераў хрысціянства зацвярджаецца ў Чэхіі, Польшчы і Венгрыі. У 1000 г. прымае хрысціянства венгерскі герцаг. Тады ж пачалася прымусовая хрысціянізацыя славянскіх плямёнаў міжрэчча Эльбы і Одэра, якая працягвалася аж да ХІІІ ст. У Х ст. нямецкія місіянеры далі імпульс распаўсюджанню хрысціянства ў Скандынавіі. У 1010 - 1030 г., пасля пераварочвання ў хрысціянства нарманскіх герцагаў, каралі Нарвегіі, Швецыі і Даніі таксама далучаюца да хрысціянскага света.

Уключэнне паўднёвых і ўсходніх славян у хрысціянскі свет адбываецца ў многім дзякуючы Візантыі. Пачынаючы пераход да хрысціянства, сербы, балгары, а таксама ўсходнеславянскія плямёны аддаюць перавагу Візантыі перад германскімі плямёнамі. Але заходнія славяне (палякі, чэхі, славакі) і некаторыя паўднёвыя славяне (харваты, славенцы) звернуты да хрысціянства франка-германскімі манахамі, што адыграла сваю ролю ў падзеле славянскіх народаў.

Пачынаецца цяжкая работа па стварэнню кліра, будаўніцтву храмаў, фарміраванню корпуса богаслужэбнай літаратуры. Важнай падзеяй для хрысціянскага света стала дзейнасць святых братоў Канстанціна (Кірыла) і Мефодыя. Візантыйскія манахі Кірыл і Мефодый, закліканыя мараўскімі правіцелямі ў 863 г., ствараюць славянскі алфавіт, заснаваны на грэчаскіх літарах, які лёг у аснову сучаснага беларускага алфавіта, перакладаюць з грэчаскай на славянскую мову богаслужбовыя кнігі і сталі праводзіць набажэнства на славянскай мове ў Вялікай Маравіі.

У 864 г. быў ахрышчаны разам з сям'ёй і саноўнікамі балгарскі хан Барыс. Расправіўшыся з антыхрысціянскім рухам (загадаў знішчыць 52 удзельнікаў язычніцкага бунту, асляпіць уласнага сына за здраду хрысціянству), ён, лавіруючы паміж Рымам і Канстанцінопалем, увергнуўшы новаперавернутых балгар у бездну раздора паміж імі, распачынае шматвекавую барацьбу за самастойнасць балгарскай царкоўнай арганізацыі.

Непасрэдным штуршком для абвяшчэння хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй у Польшчы і на Русі паслужылі палітычныя абставіны. Ведучы барацьбу за Заходняе Памор'е і сустрэўшыся з пагрозай нямецкай палітычна-рэлігійнай экспансіяй, польскі кароль Мешка І імкнуўся знайсці саюзніка ў асобе чэшскіх правіцелей і ўстаць на роўную нагу ў палітычных і дыпламатычных зносінах са Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Саюз з Чэхіяй быў замацаваны шлюбам з чэшскай княжной, які суправаджаўся хрышчэннем самога Мешкі і яго бліжэйшага акружэння. Хрысціянізацыя Польшчы да ХІІ ст. была клопатам дзяржавы. Першымі аплотамі хрысціянства былі манастыры. Паўстанне 1037 г. сведчыць аб цяжкасцях пранікнення новай веры ў народныя пласты. На працягу Х-ХІІ ст. польская культура перажывала працэс глыбокай унутранай трансфармацыі, становячыся часткай заходняга хрысціянства.

У 988 г. хрысціянства было прынята княжацкім дваром Русі і кіеўлянамі, а затым і жыхарамі іншых гарадоў і рэгіёнаў. Працэс хрысціянізацыі ўсходніх славян працягваўся не адно стагоддзе, але рашучы крок быў зроблены. Русь атрымала доступ да больш высокай візантыйскай культуры. Услед за арганізацыяй царквы сюды стала пранікаць не толкі грэчаская, але і славянамоўная (спачатку набажэнская, потым і свецкая) літаратура. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыграла Балгарыя, у якой славянская пісьменнасць абапіралася больш чым на стогадовую традыцыю і ўласная літаратура дасягнула высокага ўзроўню. Русь актыўна пераймала вопыт візантыйскай імперыі ў каменным дойлідстве, жывапісе, кніжнай справе, ювелірнай і шкларобчай вытворчасці. У ХІ ст. на Афоне быў заснаваны рускі манастыр, які стаў важным цэнтрам усходнеславянска-візантыйскіх культурных сувязяў. Культурныя і гандлёвыя сувязі паміж краінамі не перарываліся да канца ХІ ст., а потым на доўгі тэрмін амаль спыніліся ў сувязі з захопам крыжакамі Канстанцінопаля ў 1204 г. і спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 г.

Такім чынам, да пачатку ІІ тысячагоддзя хрысціянства зацвердзілася на ўсёй тэрыторыі Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, за выключэннем Прыбалтыкі, а таксама часткі Іспаніі і Сіцыліі, занятых арабамі.

Раўсюджанне хрысціянства ў многім змяніла аблічча сярэднявечнай Еўропы. Хрысціянскія цэрквы - рымска-каталіцкая, праваслаўная грэчаская і на познім этапе феадалізма пратэстанцкія і уніяцкая - сталі вядучымі фактарамі яе духоўнага і сацыяльна-палітычнага жыцця. Хрысціянства фарміравала рэлігійную свядомасць і садзейнічала развіццю культуры еўрапейскага грамадства - пісьменства, літаратуры, філасофіі, архітэктуры і выяўленчага мастацтва, было захавальнікам антычнай культурнай спадчыны, садзейнічала стварэнню і ўмацаванню цывілізацыйнага адзінства Еўропы, далучаючы яе народы да новых этычных каштоўнасцяў, спрыяла ўзмацненню дзяржаўнасці шмат якіх народаў. Разам з тым хрысціянская царква стала буйным зямельным уласнікам (у заходнееўрапейскіх краінах, напрыклад, ёй належала прыкладна трэць зямельнага фонда), а таксама галоўнай ідэалагічнай сілай феадальнага грамадства, сваім вучэннем асвячала феадальныя парадкі.

Між тым адносіны паміж хрысціянскім Усходам і Захадам усё больш псуюцца. Ужо ў ІХ ст. паміж Візантыйскай і заходняй Рымскай імперыямі з розным палітычным ладам, з рознымі мовамі і канфесіямі ўжо няма амаль нічога агульнага. Канчатковы разрыў паміж Рымам і Канстанцінопалем становіцца толькі пытаннем часу. Раздзелены палітычна і культурна, хрысціянскі свет падзяляецца і царкоўна. У 1054 г. адбыўся раскол паміж папствам і ўсходняй царквой, які паклаў пачатак асобнаму існаванню дзвюх цэркваў: рымска-каталіцкай і праваслаўнай. На самай справе, цэрквы на лацінскім Захадзе і грэчаскім Усходзе ўжо даўно развіваліся адасоблена, а расколы (схізмы) здараліся і раней. Супрацьстаянне усходняй і заходняй цэркваў шмат у чым вызначалася рознымі ўяўленнямі аб узаемаадносінах свецкай і духоўнай улады, гэтак і саперніцтвам рымскага папы і канстанцінопальскага патрыярха. Істотную ролю ў абвастрэнні ўзаемаадносін Рыма і Канстанцінопаля адыгралі палітычныя фактары: адраджэнне Рымскай імперыі на Захадзе і барацьба імперыі і папства супраць Візантыі на поўдні Італіі ў першай палове ХІ ст.

Разам з тым, паміж лацінскай і грэчаскай цэрквамі да сярэдзіны ХІ ст. назапасіліся і значныя адрозненні ў тлумачэнні хрысціянскага вучэння. Так, да нікейскага сімвала веры на захадзе сталі дадаваць філіокве (дадатак "і ад Сына"), сцвярджаючы, такім чынам, зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога Айца, але і ад Сына. Цэрквы разыйшліся па ўяўленням аб замагільным свеце. Грэчаскія багасловы лічылі замагільны свет двухчастным: складаўся з рая і ада. Папства ў ХІІІ ст. зацвердзіла догмат аб чыстцы як асобным, трэцім "адсеку" замагільнага свету.

У апошнім канфлікце ХІ ст. паміж Рымам і Канстанцінопалем сутыкаюцца патрыярх Міхаіл Кілуарый і кардынал Умберта, легат папы Льва ІХ. Абодва непрымірыма адстойваюць свае пазіцыі, дзейнічаюць храбра і рашуча, па-свойму інтэрпрэтуючы асобныя, парой нязначныя бакі літургічнай практыкі ў рымскай царкве. 16 ліпеня 1054 г. папскія легаты адлучаюць Міхаіла Кілуарыя, а той, у сваю чаргу, са згоды імператара, адлучае ад царквы папскіх легатаў. Хрысціянскі свет назірае за гэтым даволі абыякава, лічачы, што гэта толькі адзін з эпізодаў у зацягнутай спрэчцы. Ніхто не западозрвае, што наступае канчатковы разрыў, які яшчэ больш падкрэслівае ўсю глыбіню прорвы, што паступова ўтварылася паміж хрысціянскімі светамі Усходу і Захаду.

Нягледзячы на паглыбленне тэалагічных разыходжанняў, сучаснікі не ўспрымалі раскол 1054 г. як канчатковы. Ён стаў магчымым толькі пасля разгрома крыжакамі Канстанцінопаля у 1204 г., які суправаджаўся бясчынствамі лацінян у грэчаскіх цэрквах. З кожным стагоддзем пропасць паміж двума адгалінаваннямі хрысціянства паглыблялася. Прадпрымаліся спробы пераадолець раскол і аднавіць страчанае адзінства хрысціянства. У 1274 г. у Ліёне і ў 1439 г. у Фларэнцыі былі заключаны уніі, фактычна падпарадкоўваўшыя папе царкву аслабелай Візантыйскай імперыі. У далейшым яны былі адвергнуты праваслаўнай царквой, атрымаўшы, аднак, прызнанне ва уніяцкіх цэрквах Беларусі і Украіны, дзе, пасля правалу спроб глабальнага аб'яднання хрысціянства, у 1596 г. была заключана рэгіянальная Берасцейская царкоўная унія. Рух за вяртанне былога адзінства хрысціянства (экуменізм) працягваецца і сёння.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX