Папярэдняя старонка: Канец XVII - пачатак ХХ стагоддзя

Місія камергера Скрыпіцына 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 17-11-2010,
Крыніца: pawet.net.



Чиновник Сіноду Скріпіцин - малознана для історіків особа. В 1838-1839 рокі він двічі бул віднаряджени Миколаем І в західні губерні: для вивчення ступеня готовності білоруського та украінського суспільства до ліквідаціі уніатськой церкви і для забеспечення успіху на останнім етапу "возз'еднання уніатів".

Ліквідаціі уніатськой церкви, Сінод, віднаряження Скріпіцина, аналітична доповідь, опір возз'еднанню, петиція 111-ті священників царю, придушення оппозиціі.


Сярод "ліквідатараў" уніяцкай царквы на Беларусі (галоўным чынам) і Украіне ёсць адна постаць, якую звычайна не згадваюць гісторыкі. Між тым чалавек гэты, упаўнаважаны самім імператарам, адыграў важную ролю ў падзеях сярэдзіны 1838 - пачатку 1839 г., звязаных з масавай рэлігійнай канверсіяй уніятаў.

Каб паспяхова давесці да канца распачатую ў Расійскай імперыі справу ліквідацыі царкоўнай уніі, Мікалай І 23 мая 1838 г. камандзіраваў на Беларусь і Украіну камергера В.Скрыпіцына - чыноўніка па асобых даручэннях пры обер-пракуроры Сінода. Мэтай яго падарожжа было вывучэнне сітуацыі на месцах, азнаямленне з ходам рэфармавання уніяцкай царквы ў духу яе збліжэння з расійскім праваслаўем, аналіз настрояў беларускага і ўкраінскага грамадства і ацэнка стану яго гатоўнасці да ліквідацыі уніі. Шлях Скрыпіцына ляжаў праз Люцын - Себеж - Полацк - Віцебск - Оршу - Мінск - Вільню - Слонім - Жыровічы - Гродна - Беласток - Брэст - Ратна - Луцк - Дубна - Пачаеў - Крамянец - Жытомір - Кіеў і назад праз Жытомір - Оўруч - Мазыр - Магілёў - Віцебск - Полацк - Люцын. Па дарозе Украіну, Скрыпіцын наведаў у Беларускай і Літоўскай епархіях 77 цэркваў і 13 манастыроў. З розных гарадоў ён накіроўваў у сталіцу імперыі лісты і рапарты з характарыстыкай сітуацыі на месцах. А па заканчэнні свайго падарожжа 31 жніўня 1838 г. склаў пісьмовую справаздачу аб выкананні задання [4; 6; 8, с.174-175].

10 чэрвеня пецярбургскі чыноўнік паведамляў у сваім сакрэтным рапарце № 4 з Віцебска обер-пракурору Сінода: "…У грэка-уніяцкім духавенстве відаць столькі дзейнасці, а ў прыхаджанах - столькі пакоры, што уніяцкая царква павінна прыйсці да жаданага ўладкавання.., калі толькі грамадзянскае начальства будзе шчыра імкнуцца ўтаймоўваць намаганні супрацьдзеяння нясхільных да гэтай справы асоб" [6, арк. 1 адв.-2]. З Мінска 17 чэрвеня Скрыпіцын пісаў пра тое, што вельмі важна, каб "кожная нядобранамерная асоба была прасякнутая не запальчывасцю, а непахіснай цвёрдасцю і няўмольнай воляй галоўнага начальніка (генерал-губернатара караць - С.М.), каб адна думка пра яго нейтралізоўвала ўсялякі супрацьзаконны і непрыязны замах". Ліквідацыя уніі, як паведамляў у Сінод Скрыпіцын, "тут ужо не з'яўляецца тайнай, бо ўсе пра гэта галосна гавораць" [6, арк. 3 адв., 5 адв.].

Найбольшую інфармацыйную каштоўнасць уяўляе аналітычны рапарт Скрыпіцына за № 18, ад 31 жніўня 1838 г., пададзены обер-пракурору Сінода [6, арк. 14-32].

Высокі чыноўнік прыйшоў да высновы, што настроі духавенства Беларускай і Літоўскай епархій адрозніваюцца. На 15 жніўня 1838 г. у першай выказала згоду кінуць унію толькі 25 % духавенства, а ў другой - амаль 72 %. Гэта згода афармлялася ў выглядзе пісьмовых распісак, якія рознымі, часта несумленнымі спосабамі браліся, выбіваліся духоўным начальствам з падведамнага клеру. Паводле падлікаў Скрыпіцына, у абедзвюх епархія было сабрана 946 такіх распісак (760 - у Беларускай епархіі і 186 - у Літоўскай). Іх адмовіліся даць 791 чалавек белага духавенства і манахаў (494 - у Беларускай епархіі і 297 - у Літоўскай) [8, с. 174]. "Адмаўленцы" (ад дачы падпісак) не ведалі, што для іх ўжо вызначаюцца месцы зняволення. Мясцовыя духоўныя ўлады, як вынікае са справаздачы, намервалася пры агульным далучэнні уніятаў заключыць "недастаткова надзейных" манахаў Літоўскай епархіі ў Быценьскі манастыр, ля Жыровіч, пад бліжэйшы нагляд епіскапа Іосіфа Сямашкі. Для "зусім ненадзейных" прызначаўся Любарскі манастыр у Валынскай губерні, акружаны праваслаўнымі прыходамі [4, арк. 2б].

Статыстыка Скрыпіцына пацвярджае яго выснову, што найбольшы супраціў "уз'яднанню" аказала духавенства ўсходу Беларусі. Завадатарамі ён лічыў святароў Івана Ігнатовіча (Галаўчынская царква Полацкага павета), Адама Тамкавіда (Іказненская царква Дзісненскага павета), Ігнація Малішэўскага (Зяленская царква Дзісненскага павета), Іаана Тачыцкага (Дварэцкая царква Лепельскага павета) і Канстанціна Мальчэўскага (Старабыхоўская царква Новабыхаўскага павета). "Гэтыя 5 святароў хвалююць духавенства і нават сам народ не з рэлігійнага фанатызму, але з вальнадумства, таму неадкладнае выдаленне іх з епархіі ва ўсіх адносінах крайне неабходнае". Ён раіў пад зручнай зачэпкай выслаць іх у расійскія праваслаўныя манастыры. Такі прэцэдэнт уціхамірыў бы і астатняе "свавольнае духавенства" [6, арк. 20 адв.-21].

Сярод прычын, якія ўскладнялі далучэнне уніятаў на ўсходзе Беларусі, галоўнымі Скрыпіцын назваў наступныя: 1) уплыў памешчыкаў-католікаў на сялян і святароў; 2) паслабленні для завадатараў супраціву з боку грамадзянскіх чыноўнікаў каталіцкага веравызнання; 3) пакіданне ў многіх прыходах маланадзейных святароў; 4) сакрэтнае процідзеянне епархіяльнага начальства і некаторых уніяцкіх святароў, звязаных з памешчыкамі [4, арк. 1-2 адв.].

"Рашучае садзейнічанне ўрада, - рабіў выснову камергер, - цяпер ужо неабходна, бо ўсялякае прамаруджванне можа расстроіць і добранамернае духавенства ў абедзвюх епархіях, а пры далейшым адкладванні - і іх пісьмовыя абавязацельствы могуць страціць сваю сілу" [6, арк. 21 адв.].

Больш смелы, нават дзёрзкі супраціў "відам ураду", паводле назіранняў імператарскага ўпаўнаважанага, аказвалі таксама памешчыкі і сяляне ўсходу Беларусі. Ён прапанаваў ускласці на паноў адказнасць за антыўз'яднаўчыя хваляванні сялян. За ўсялякі сялянскі супраціў памешчыка належала дэпартаваць у расійскія губерні, а маёнтак браць у секвестр, бо непакорнасць сялян заўсёды адбываецца не інакш, як "паводле таемных настаўленняў паноў, арандатараў, упраўляючых маёнткамі і ксяндзоў" [6, арк. 21 адв.].

Усіх уніятаў наогул Скрыпіцын падзяліў на 3 групы: добранадзейных, якія станоўча ставіліся да перамены веры; паслухмяных і непрыхільных. Да першай катэгорыі ён залічыў 633 прыходы Гродзенскай і Віленскай губерняў, Беластоцкай вобласці, заходніх паветаў Валынскай і Мінскай губерняў, а таксама Пінскага, Слуцкага і Мінскага паветаў. Да другой групы быў аднесены 441 прыход амаль усёй Віцебскай і Магілёўскай губерняў і той часткі Мінскай губерні, якая да іх прымыкае. Да трэцяй групы належалі паўночныя паветы Віцебскай губерні: Себежскі, Полацкі, Лепельскі і Дрысенскі, Дзісненскі павет Мінскай губерні, Мсціслаўскі і Сенненскі паветы Магілёўскай губерні, Оўручскі павет Валынскай губерні і Радамышльскі павет Кіеўскай губерні - усяго 151 прыход. На гэту апошнюю групу прыходаў і паветаў Скрыпіцын раіў звярнуць асаблівую ўвагу [6, арк. 27 адв.-28].

Агульная выснова чыноўніка з Сінода была наступнай: пры цяперашніх абставінах "усялякае замаруджванне здаецца быць толькі шкодным, а далейшае адкладванне лёгка можа, калі не зусім разбурыць, дык адтэрмінаваць … вялікае дзяржаўнае прадпрыемства далучэння грэка-уніяцкай царквы" [6, арк. 31].

Дзякуючы аналітычнай справаздачы камергера Скрыпіцына афіцыйны Пецярбург у прынцыпе арыентаваўся ў сітуацыі і настроях, якія панавалі на Беларусі і Украіне. Да восені 1838 г. і на месцах, і ў сталіцы было відавочна, што знішчэнне уніі - справа часу. Завяршаўся збор падпісак аб згодзе далучыцца да праваслаўя, "калі на тое з'явіцца найвышэйшая воля". Усе чакалі толькі імператарскага ўказу аб усеагульнай канверсіі уніятаў.

Але тут, нібы гром сярод яснага неба, у сталіцу імперыі прыляцела вестка: 111 папоў з Белай Русі (усходняй Беларусі) рашылі стаяць за унію. І гэта ў той час, калі ў Літоўскай епархіі ўся без выключэння уніяцкая эліта далучылася да лагера прыхільнікаў праваслаўя! Такога дзёрзкага і масавага выступлення "супраць урадавай мэты" ніхто ў Пецярбургу не чакаў.

К сярэдзіне верасня ў вёску Царкоўна, што ў Дрысенскім павеце Віцебскай губерні, з'ехаліся і сышліся многія апазіцыйныя святары. Там яны правялі несанкцыянаваны сход, на якім рашылі стаяць за унію. Арганізатарамі гэтай акцыі пратэсту былі асэсар Полацкай грэка-уніяцкай кансісторыі Іван Ігнатовіч і Адам Тамкавід. Ігнатовіч звярнуўся да народа з заклікам, "каб цвёрда трымаліся сваёй уніяцкай веры". Зачыншчыкі, як праходзіць па дакументам Сінода, "хацелі ўзбудзіць народ да супраціўлення" [4, арк. 43 адв].

Царкаўлянскі сход выпрацаваў петыцыю-просьбу да імператара аб абароне і дапамозе. У кіраўніка дзяржавы прасілі назаўсёды пакінуць духавенства і прыхаджан паветаў, чые прадстаўнікі падпісалі петыцыю, ва уніі. Прасілі прызначыць для тых, хто застаўся ва уніі, асобага пастыра і духоўнае начальства. Петыцыю падпісалі 111 святароў. Для яе дастаўкі ў Пецярбург сход абраў дэлегацыю. Выканаць гэту місію выпала святарам Лепельскай і Астровенскай благачыній [4, арк. 6 адв., 24]. Каб звярнуцца з лістом да імператара, трэба было атрымаць пісьмовыя даверанасці на тое кожнага з падпісантаў.

11 лістапада ў Царскім сяле обер-пракурор Сінода граф Пратасаў дакладваў імператару, з падачы Скрыпіцына, наступнае: "Справа агульнага ўз'яднання уніятаў магла б лічыцца ўжо далёка прасунутай, калі б Беларуская епархія дасягнула роўнай ступені (гатоўнасці - С.М.) з Літоўскай. …Цяпер асабліва патрэбнае намаганне мясцовых грамадзянскіх начальстваў утаймоўваць яўныя і тайныя супрацьдзеянні… У дачыненні асоб, якія распасціраюць сваю нядобранадзейнасць да дзёрзкага ўзбуджэння іншых супраць урадавай мэты, … прысутнасць іх у заходніх губернях робіцца шкоднай". Кіраўнік рэлігійнымі справамі імперыі прасіў найвышэйшага дазволу на высылку тых духоўных Беларускай епархіі, якіх епархіяльнае начальства прызнае патрэбным, у вялікарасійскія манастыры, а таксама на сакрэтнае даручэнне генерал-губернатарам заходніх губерняў "аб узмацненні … мер асцярогі і пільнага нагляду дзеля папярэджання найменшых беспарадкаў пры цяперашнім пераўтварэнні грэка-уніяцкай царквы" [4, арк. 1-2 адв.].

28 снежня 1838 г. обер-пракурор Сінода прапанаваў імператару ў сувязі са справай 111-ці зноў камандзіраваць у Беларускую епархію Скрыпіцына дзеля "садзеяння ходу уніяцкай справы ў цяперашняй важнай для яе сітуацыі". Мікалай І даручыў Скрыпіцыну вінаватых у падачы дзёрзкай просьбы разшукаць і пакараць. [4, арк. 29-29 адв., 32]. Для разборкі па гэтай справе ехаць у Полацк імператар даручыў і літоўскаму епіскапу Сямашку.

Зусім верагодна, што царкаўлянская акцыя пратэсту, разам з аўтарытэтнай заявай Скрыпіцына, што Беларусь гатова да ліквідацыі уніяцкай царквы, а прамаруджванне можа разбурыць так старанна падрыхтаваную справу, прыспешылі санкцыю афіцыйнага Пецярбурга на ўсеагульную канверсію уніятаў.

Царкаўлянскі сход і петыцыя на царская імя былі апошнім радыкальным крокам у супраціве духавенства. Далей ужо ішлі, галоўным чынам, рэпрэсіі. Пачалася, скажам так, зачыстка рэлігійнага поля на Беларусі.

4 студзеня 1839 г. у Пецярбургу адбылося чарговае пасяджэнне Сакрэтнага камітэта па уніяцкіх справах. На ім прысутнічалі шэф жандараў генерал Бенкендорф, міністр дзяржаўных маёмасцяў П.Кісялёў, міністр унутраных спраў Д.Блудаў, обер-пракурор Сінода граф Пратасаў. На пасяджэнне былі запрошаны генерал-губернатары: смаленскі, віцебскі і магілёўскі Дзякаў і віленскі, гродзенскі, беластоцкі і мінскі Далгарукаў. Іх надзялілі на тым пасяджэнні надзвычайнымі паўнамоцтвамі на час канверсіі уніятаў [7, арк. 1-1 адв.].

Апошні акт уніяцкай трагедыі няўмольна набліжаўся. Па загаду Мікалая І ў заходнія губерні быў камандзіраваны ўсё той жа саветнік обер-пракурора Сінода камергер Скрыпіцын. Ён меў "асобае даручэнне па грэка-уніяцкім справам", выкладзенае ў сакрэтнай запісцы-інструкцыі ад 6 студзеня 1839 г., якую атрымаў ад свайго шэфа. "Уважліва назіраць за настроямі грэка-уніяцкага духавенства, - патрабавала інструкцыя. - Звяртаць пастаянную ўвагу на супрацьдзеянні, якія могуць быць ад памешчыкаў і лацінскага духавенства… Калі заўважаны будзе дзесьці пачатак неспакою, схільнасць да хвалявання, неадкладна з эстафетай апавяшчаць пра гэта мясцовага губернатара, даводзячы разам з тым да ведама генерал-губернатара, з дадаткам яму, калі будзе вядома, якія асобы ёсць галоўныя зачыншчыкі і завадатары астатніх… Штотыднёва дакладваць мне пра ўсё заўважанае вамі па ўскладзенаму на вас даручэнню, пра вашы дзеянні, пра асобаў, якія асабліва адзначыліся руплівасцю або заўважаныя ва ўпартасці і нядобранадзейнасці, далейшае прабыванне якіх у тым краі можа быць у цяперашні час шкодным" [7, арк. 62-67].

Дзеля канчатковых нарад адносна "вяртання уніятаў да праваслаўнай царквы" прыбылі епіскапы Іосіф Сямашка, Васіль Лужынскі, Антоній Зубко. Сямашка, паводле загада імператара, заняўся таксама разборкай па "справе 111-ці".

"Падрыхтаваны для паднясення гасудару імператару акт (аб далучэнні уніятаў да Рускай праваслаўнай царквы - С.М.), - даносіў з Мінска Бенкендорфу маёр корпуса жандараў Ламачэўскі, - будзе падпісаны важнейшымі духоўнымі асобамі, у колькасці да 22-х. Да яго будзе дададзена да 1800 падпісак уніяцкіх благачынных і святароў, якія выказалі жаданне на прыняцце ранейшых абрадаў праваслаўнай царквы, перайначаных часам і ўплывам палітычных абставін" [1, арк. 6-6 адв.]. Планавалася прадэманстраваць ураду поўнае, 100-працэнтнае, аднадушша духавенства ў жаданні кінуць унію. Да апошняга моманту спадзяваліся дамагчыся менавіта такой колькасці згодных на далучэнне. Трэць духавенства іх усё-такі не дала. Гэта тлумачыць і жорсткасць таго рэпрэсіўнага махавіка, які да апошняга дня выбіваў з раз'яднаных святароў іх подпісы і караў тых са 111-ці, хто ад свайго подпісу ў абарону уніі не адрокся. Скрыпіцыну і Сямашцы належала ў гэтым першаступенная роля.

Ужо пасля Полацкага царкоўнага сабора 12 лютага 1839 г. Скрыпіцын прасіў віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара аб высылцы з Сенненскага павета Віцебскай губерні 14 святароў, якія ў верасні мінулага года падпісалі прашэнне ў абарону уніі на царскае імя [3, арк.19-21, 29 адв.]. 25 лютага 1839 г. у Віцебску яны трымалі адказ перад самім царскім пасланнікам. Прысутнічаў запрошаны ім палкоўнік корпуса жандараў Куцынскі. Абвінавачаныя ў супрацьдзеянні імператарскай волі, маральна зламаныя і застрашаныя, безабаронныя, святары далі пісьмовае абяцанне, што "заўсёды будуць павінавацца свяшчэннай волі манарха і … ўладам".Адзін толькі Адам Ранчэўскі ад такога абавязацельства, а, значыць, як націскалі высокапастаўленыя следчыя, ад пакоры ўладам адмовіўся, "выявіў дух упартасці і дзёрзкага свавольства". Па распараджэнню Скрыпіцына яго павезлі пад паліцэйскім канвоем у Полацк, да аршанскага епіскапа Васілія. Далейшы лёс святара быў прадвызначаны [2, арк. 1-2].

Потым Скрыпіцын паехаў у Магілёў і Мінск , каб там давяршыць справу "уз'яднання уніятаў". Але варта было яму часова выехаць з Полацка, як пачалася новая хваля антыўз'яднаўчых хваляванняў. "Злосць ворагаў … не дрэмле… , - канфіцэндыйна паведамляў обер-пракурору Сінода аршанскі епіскап Васілій Лужынскі. - Гэтыя ворагі туземцы ў час ад'езда пана камергера Скрыпіцына … распусцілі чуткі, … быццам бы ён адкліканы ў Пецярбург, і ўжо болей не вернецца". Сяляне шэрагу прыходаў пад уздзеяннем гэтых чутак адмовіліся аддаць новым, прызначаным уладыкай "добранадзейным святарам" ключы ад сваіх цэркваў. Адных бунтаўшчыкоў епіскапу Васілію ўдалося супакоіць самому з дапамогай мясцовых "добранадзейных" памешчыкаў. Для ўтаймавання іншых прыйшлося звярнуцца па дапамогу да генерал-губернатара Дзякава.

Выкліканыя ад'ездам Скрыпіцына чуткі натхнілі некаторых святароў, якія паставілі свой подпіс пад зваротам 111-ці да цара, на новую дзёрзкасць. Яны, якія амаль раскаяліся перад камергерам, цяпер зноў "моцна стаяць на сваім", сцвярджаюць, што высланыя святары не пазней мая - чэрвеня вернуцца ў свае прыходы. Адзін з іх, Ігнацій Малішэўскі, які "здаваўся агнцам перад панам Скрыпіцыным", нібыта ў насмешку прасіў кансісторыю паспяшацца з вырашэннем яго лёсу. Высылаемыя ў Курск святары Казаневіч і Макавецкі, развітваючыся са сваімі прыхаджанамі, публічна заклікалі іх стаяць за сваю веру, байкатаваць новых святароў. Завяралі, што яны хутка вернуцца, застаўшыся уніятамі. Памешчык Валер'ян Місевіч таксама агітаваў тады сваіх сялян байкатаваць святароў, якія змянілі веру.

Як толькі Скрыпіцын вярнуўся ў Полацк, гэтыя "шкодныя" чуткі сціхлі. В.Лужынскі інфармаваў тады обер-пракурора Сінода, што прабыванне Скрыпіцына "як руплівага і бескарыслівага дзеяча паскарае ход справы наконт уніі" у Полацку і "пры цяперашніх абставінах неабходна", бо тады "і духавенства робіцца больш паслухмяным, а прыхаджане - ціхмяныя" [5, арк. 1-5 адв.].


SUMMARY

Sviatlana Marozava

The kamerger Scripitcyn mission

The official of Synod Scripitcyn is a little-known to the historians person. In 1838-1839 he was twice sent by Nicolas І to the western ãóáåðíèè: for study of a degree of readiness of Belarusian and Ukrainian society to the liquidation of the Union church and for the maintenance of success at the last stage of "the rejoining of the Uniates".

The liquidatiof the Union church, Synod, sending of Scripitcyn, the analytical report, the resistance to the rejoining, the petition of 111 priests to tsar, the suppression of the opposition.


Литература:

1. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, г. Масква. Ф. 109. IV аддзяленне. 1839 год. Воп. 179. Спр. 58.

2. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, г. Масква. Ф. 109. IV аддзяленне. 1839 год. Воп. 179. Спр. 96.

3. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, г. Мінск. Ф. 1297, воп. 1, спр. 11116.

4. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, г. Санкт-Пецярбург. Ф. 797, воп. 7, спр. 23446.

5. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, г. Санкт-Пецярбург. Ф. 797, воп. 9, спр. 25802.

6. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, г. Санкт-Пецярбург. Ф. 797, воп. 87, спр. 18.

7. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, г. Санкт-Пецярбург. Ф. 797, воп. 87, спр. 22.

8. Radwan M. Carat wobec kościoła greckokatolickiego w zaborze roszjskim 1796-1839. Roma-Lublin, 2001. - 504 s.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX