Папярэдняя старонка: Святыя Беларусі

Ефрасіння Полацкая 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 21-11-2010,
Крыніца: pawet.net.



Ефрасіння Полацкая (каля 1101 - 23 ці 25.5.1167 г.) - полацкая князёўна, ігумення, якая займае асаблівае, пачэснае месца ў нашай старажытнай гісторыі; беларуская святая.

Радзіма асветніцы - Полацкае княства, магутная раннефеадальная дзяржава, дзе кіравала дынастыя Рагвалодавічаў. Каля 1101 г. у Полацку з'явілася на свет дзяўчынка Прадслава, якой было наканавана далучыць да свайго імя назву роднага горада і назаўсёды застацца ў гісторыі. Яна паходзіла з роду полацкіх князёў. Яе продкамі ў чацвёртым калене былі вялікі кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч, хрысціцель Русі, і полацкая князёўна Рагнеда. Дзедам Прадславы быў легендарны полацкі (а некалі і кіеўскі) князь Усяслаў Чарадзей. Блізкімі сваякамі былі візантыйскія імператары, князі кіеўскія, тураўскія, пераяслаўскія, смаленскія, растова-суздальскія, уладзіміра-валынскія, каралі Венгрыі.

Асноўная крыніца біяграфічных звестак пра асветніцу - яе "Жыціё", напісанае невядомым аўтарам у Полацку на мяжы ХІІ-ХІІІ ст. Да нас дайшло больш за 130 спісаў "Жыція святой і найпрападобнейшай Ефрасінні", што сведчыць пра шанаванне яе ў мінулым. Да "Жыція" далучаецца інфармацыя нешматлікіх звестак летапісаў.

Маленькая Прадслава была здольнай дзяўчынкай, мела ахвоту да вучэння, цікавілася рукапіснымі кнігамі, якія меліся пры княжацкім двары. Яе настаўнікамі былі духоўныя асобы, вучылася пераважна па рэлігійных кнігах. Чуткі пра прыгожую і адукаваную - што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю - дзяўчыну разышліся за межы Полацкай зямлі. Калі Прадславе споўнілася 12 гадоў (узрост, з якога дзяўчынка магла ўступаць у шлюб), да яе зачасцілі сваты князі. Але дзяўчына адмовілася ад дынастычнага шлюбу і, насуперак волі бацькоў, тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Ефрасінні, каб аддаць жыццё служэнню Богу і свайму народу. Жыла яна ў келлі Сафійскага сабора ў Полацку.

Князёўна, якая стала манашкай, не хавалася за манастырскімі сценамі ад свецкіх клопатаў. Наадварот, яна брала чынны ўдзел у палітычным жыцці Полацкай зямлі, знаходзілася у цэнтры культурнага жыцця княства, амаль на поўстагоддзя разгарнула шматгранную асветніцкую дзейнасць. Займалася перапісваннем кніг для бібліятэкі полацкай Сафіі, што было нялегкай працай, якая тады лічылася выключна мужчынскай. Садзейнічала пабудове храмаў і заснаванню манастыроў. Збірала вакол сябе таленты, займалася мецэнацтвам. У канцы 1120-х гадоў яна заснавала пад Полацкам жаночы манастыр св. Спаса (стаў называцца Спаса-Ефрасіннеўскі), дзе па яе замове полацкі дойлід Іаан паставіў мураваны храм. Спаская царква, у якой размяшчалася келля Ефрасінні, захавалася да нашага часу. Храм багата распісаны фрэскамі, якія маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць. У канцы 1150-х г. Ефрасіння заснавала мужчынскі манастыр з царквой св. Багародзіцы, дзеля якой набыла ў Царгарадзе абраз Адзігітрыі (Багародзіцы) Эфескай, напісаны, паводле падання, першым іканапісцам апосталам Лукой. Гэты жывапісны твор прыслаў асветніцы па яе просьбе блізкі сваяк полацкіх князёў візантыйскі імператар Мануіл Комнін ў 1158 г. Абраз быў бласлаўлёны царгарадскім патрыярхам. Цяпер ён знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу ў фондах Рускага музея.

Для прывезеных святынь па замове Ефрасінні ювелір Лазар Богша ў 1161 г. зрабіў рэліквіяр у форме крыжа (даўжыня 51 см) для царквы св. Спаса. Ён быў выраблены з кіпарысу, абкладзены залатымі і срэбнымі пласцінкамі з каштоўнымі камянямі, эмалевымі выявамі святых і надпісамі. Гэты шэдэўр мастацтва атрымаў назву - крыж Ефрасінні Полацкай і стаў нацыянальнай рэліквіяй беларусаў, шануемай праваслаўнымі, католікамі і уніятамі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік з Беларусі. Вучоныя мараць знайсці яго і вярнуць у скарбніцу нашага гістарычнага багацця. Нядаўна зроблена копія крыжа, якая зберагаецца ў Полацку.

Заснаваныя Ефрасінняй манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве: пры іх працавалі школы, бібліятэкі, скрыпторыі - перапісаныя ў іх кнігі разыходзіліся па Полацкай зямлі і за яе межы, - верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні. Сама Ефрасіння складала і, магчыма, запісвала малітвы і дыдактычныя пропаведзі. Яна была вядомай сярод суайчыннікаў і як справядлівы суддзя, дарадчык і міратворца.

У пажылым веку (пачатак 1167 г.) Ефрасіння рушыла ў паломніцтва па святых месцах у Іерусалім. У гэтым нялёгкім падарожжы славутую палачанку "с великою честью" сустракаў візантыйскі імператар Мануіл, блаславіў царгарадскі патрыярх. Яна была добра прынята і ў Іерусаліме. Але, знясіленая падарожжам, захварэла і памерла там 23 або 25 мая 1167 г. Пахавалі яе ў манастыры св. Феадосія, непадалёку ад Іерусаліма. У 1187 г. перепахавалі ў Кіева-Пячорскай лаўры - на той час гэта было самае святое месца на ўсходнеславянскіх землях. У 1910 г. астанкі асветніцы даставілі ў заснаваны ёю Спаскі манастыр у Полацку, дзе яны захоўваюцца і сёння.

Дзейнасць Ефрасінні Полацкай пакінула след не толькі ў гісторыі, але і ў душы беларускага народа. Ефрасіння стала сімвалам духоўнага служэння сваёй Радзіме, невычарпальнай крыніцай маральнай сілы і духоўнага адраджэння нашага народа. Яе царкоўнае шанаванне пачалося на Беларусі ў канцы ХІІ ст. без афіцыйнай кананізацыі. Тады ж было напісана "Жыціё Ефрасінні Полацкай" - адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы. Яно ўслаўляе настойлівую і самаахвярную жанчыну, яе імкненне да ведаў і дасканаласці. Былі створаны царкоўныя спевы пра Ефрасінню, самыя старажытныя з якіх узыходзяць да ХІІ ст. У Маскоўскай Русі Ефрасіння Полацкая стала шырока вядомая ў ХVI ст., калі мітрапаліт Макарый уключыў яе "Жыціё" ў Мінеі-чэцці". Яна стала першай жанчынай, кананізаванай Рускай праваслаўнай царквой (1547 г.), прызнана святой і каталіцкай царквой.

У канцы ХХ ст. асветніца з роду Усяслава была вернута ў гістарычную памяць беларускага народа і прызнана святой апякункай Беларусі. У 1984 г. яна была далучана праваслаўнай царквой да Сабора беларускіх святых за дзейнасць на ніве ўмацавання хрысціянскай веры і асветы. Дзень памяці Св. Ефрасінні адзначаецца царквой 23 траўня. Імя Ефрасінні носяць цэрквы ў Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада), беларускі прыход у Лондане (Англія).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX