Вярнуцца: Навуковыя канферэнцыі

2006 г.


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 21-11-2010,
Крыніца: pawet.net.



Міжнародны навуковы сімпозіум "Берасцейская царкоўная унія перспектывы навуковага кансэнсусу ў кантэксце нацыянальна-канфесійнага дыскурсу" (Львоў, 24-26.08.2006 г.))

Берасцейскія чытанні: дзесяць год пасля


24-26 жніўня 2006 г. ў Львове адбыўся міжнародны навуковы сімпозіум "Берасцейская царкоўная унія: перспектывы навуковага кансэнсусу ў кантэксце нацыянальна-канфесійнага дыскурсу". Яго ладзіў Інстытут гісторыі Царквы - недзяржаўная навукова-даследчая установа, створаная ў 1992 г. з мэтай даследавання становішча Царквы ва ўмовах таталітарнага камуністычнага рэжыму. Сімпозіум праводзіўся пры падтрымцы фундацыі "Pro Oriente", якая знаходзіцца ў Вене і ўжо некалькі гадоў падтрымлівае праект "Наступствы [наслідкі] Берасцейскай уніі".

Удзельнікамі сімпозіума былі вучоныя шасці краін (Украіна, Беларусь, Расія, Польшча, Аўстрыя, Канада) - буйнейшыя спецыялісты па Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. і гісторыі грэка-каталіцкай Царквы. Сярод іх Яраслаў Ісаевіч, Барыс Гудзяк і Ігар Скочыляс са Львова, Наталля Якавенка і Васіль Ульяноўскі з Кіева, Леанід Цімашэнка з Драгобыча, Міхаіл Дзмітрыеў і Сяргей Якавенка з Масквы, Таццяна Апарына з Навасібірска, Анджэй Гіль з Любліна, Сяргей Плохій з Эдмантана і іншыя У працы сімпозіума ўдзельнічала таксама кіраўніцтва фундацыі "Pro Oriente": прафесар Эрнст Крыстаф Суттнер, прафесар Філіп Гарнонкур. Беларускую навуку прадстаўляў на сімпозіуме аўтар гэтых радкоў.

Удзельнікаў сімпозіума гасцінна прыняла Львоўская грэка-каталіцкая семінарыя, якая нядаўна пераехала ў новы будынак на ўскраіне заходнеўкраінскай сталіцы.

Арганізатары сімпозіума (арганізацыйны камітэт ўзначальваў дырэктар Інстытута гісторыі Царквы, вядомы даследчык уніі Алег Турый) ставілі мэту ўзгадніць пазіцыі вучоных розных краін і навуковых школ з улікам новых напрацовак апошняга дзесяцігоддзя.

На працягу 1994-1996 г. Інстытут гісторыі Царквы правёў серыю Берасцейскіх чытанняў - міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла ў шасці сесіях, што адбыліся ў розных гарадах Украіны: Львове, Івана-Франкоўску, Кіеве, Днепрапятроўску, Харкаве, Луцку, Пярэмышлі, Ужгарадзе. На гэтых чытаннях адмяркоўваліся гісторыя заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. (адсюль - Берасцейскія чытанні) і лёс грэка-каталіцкай Царквы Украіны і Беларусі ў XVII ст. Тыя чытанні атрымалі шырокі міжнародны рэзананс у навуковым свеце, а матэрыялы чытанняў, выдаденыя Інстытутам, сталі каштоўным укладам у сусветную навуку.

І вось прайшло 10 год. Удзельнікі Берасцейскіх чытанняў працягнулі навуковыя даследаванні. За гэты час імі, і не толькі, выяўлены новыя архіўныя дакументы, пераасэнсаваны ўжо вядомыя крыніцы, па "берасцейскай" праблематыцы з'явіліся дзесяткі новых артыкулаў, выйшла з друку некалькі салідных манаграфій, абаронена шэраг кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Некаторыя з палажэнняў, што тады з цяжкасцю прабіваліся ў навуку, сёння сталі ледзь не аксіёмамі. І, наадварот, рашуча абвергнуты тыя стэрэатыпы царскай і камуністычнай гістарыяграфіі, якія яшчэ дзесяцігоддзе таму вучоныя толькі падверглі сумненню.

І вось два з паловай дні ў канцы гэтага лета вучоныя розных краін: гісторыкі, філосафы, філолагі, тэолагі, духоўныя асобы - у вострых дыскусіях шукалі навуковага кансэнсусу адносна фенаменальнай з'явы еўрапейскай гісторыі, якой з'яўляецца Берасцейская царкоўная унія.

На сімпозіуме адбылося 6 сесій: "Гістарычныя перадумовы Берасцейскай уніі: факты і інтэпрэтацыі", "Фактары заключэння або запярэчання уніі", "Працэс зацвярджэння/процістаяння уніі ў Кіеўскай мітраполіі", "Стаўленне да царкоўнага расколу і уніі ў Рэчы Паспалітай", "Духоўна-культурнае жыццё", "Нацыянальная і канфесійная ідэнтычнасць".

Берасцейская унія разглядалася на сімпозіуме ўсебакова, у розных ракурсах, зыходзячы з розных метадалагічных падыходаў. Погляды на яе даследчыкаў розных краін і нацый, навуковых школ, канешне ж, адрозніваліся. Затое, здаецца, ўсе яны сыходзіліся на тым, што Берасцейская унія - гэта знакавая з'ява ў цывілізацыйнай прасторы, у якой беларускае і ўкраінскае грамадства імкнулася знайсці сваё месца.

На закрыцці сімпозіума яго ўдзельнікаў вітаў патрыярх Любамір Гузар. Многія сучасныя праблемы, гаварыў ён маюць карані ў мінуўшчыне. Гэта навуковая сустрэча - яшчэ адзін крок у напрамку лепшага разумення, як пачаліся шматлікія цяжкасці нашай Царквы і як іх вырашаць. Прыйшоў час, падкрэсліў патрыярх, калі трэба аб мінуўшчыне гаварыць праўду.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX