Вярнуцца: Падалінскі Уладзімір

Шляхта ВКЛ і вальны сойм Рэчы Паспалітай 1570 года


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 16-03-2012,
Крыніца: Шляхта ВКЛ і вальны сойм Рэчы Паспалітай 1570 года // Беларускі Гістарычны Часопіс. - 2004. №6. - С. 50-54.

Спампаваць




12 жніўня 1569 г. закончыў сваю працу Люблінскі сойм, на якім 1 ліпеня была заключана унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім (Княствам) і Каралеўствам Польскім (Каронай). На палітычнай карце Еўропы з'явілася новая дзяржава - Рэч Паспалітая. Паводле ўмоў Люблінскай уніі найвышэйшым саслоўна-прадстаўнічым органам дзяржавы стаў агульны вальны сойм Рэчы Паспалітай. На прыкладзе правядзення вальнага сойма 1570 г. паспрабуем вызначыць стаўленне палітычнай эліты ВКЛ да важнейшых праблем грамадска-палітычнага жыцця краіны, паказаць адносіны сенатараў і шляхты да ініцыятыў манарха, адлюстраваць дзейнасць прадстаўнікоў ВКЛ на вальным сойме.

Сойм 1569 года, які доўжыўся амаль сем месяцаў, тым не менш пакінуў пасля сябе шмат нявырашаных праблем. На наступны сойм 1570 г. былі перанесены пытанні фінансавага забеспячэння нашчадкаў манарха, абмеркаванне механізму існавання дзяржавы ва ўмовах бескаралеўя, спосабу і месца выбару караля (элекцыі), заснавання пастаяннага дзяржаўнага скарбу, правядзення рэформы судаводства, пытанне дакладнага вызначэння статусу Інфлянтаў у складзе Рэчы Паспалітай, а таксама разгляд спраў, адкладзеных з мінулых соймаў [1]. На Люблінскім сойме не было зроблена і канчатковае размежаванне кампетэнцыі паміж урадамі маршалкаў Княства і Кароны. Для вырашэння ўсіх гэтых пытанняў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст выступіў з ініцыятывай правядзення новага сойма ўжо праз паўтары месяцы пасля заканчэння сойма ў Любліне.

У лісце да Рамана Сангушкі, ваяводы брацлаўскага і палявога гетмана ВКЛ, ад 30 верасня 1569 г. манарх пералічваў таксама і знешнепалітычныя праблемы Рэчы Паспалітай, якія патрабавалі неадкладнага вырашэння. Сярод іх важнейшымі былі пытанні аб правядзенні перамоў з вялікім князем маскоўскім Іванам IV аб прадаўжэнні перамір'я і вызначэнні захадаў па абароне краіны ў выпадку іх няўдачы, разгляд вынікаў перамоў з Гданьскам, адказ на патрабаванне пасольства крымскіх татараў аб выплаце ўпамінак і яго скаргі на "нізовых" казакаў. Неабходна было вырашыць, як рэагаваць на агрэсіўныя дзеянні караля Даніі Фрыдэрыка II у дачыненні да Рэчы Паспалітай [2].

Заключэнне Люблінскай уніі выклікала абвастрэнне адносін паміж Жыгімонтам Аўгустам і віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам Рудым. Ён, першы свецкі сенатар ВКЛ, не прысутнічаў у Любліне падчас заключэння дзяржаўнага саюза паміж Княствам і Каралеўствам, а прысягу на унію прынес толькі ўвосень 1569 года [3]. Паляпшэнне адносін паміж каралём і М. Радзівілам павінна было забяспечыць падтрымку ініцыятыў Жыгімонта Аўгуста з боку дэлегацыі ВКЛ і паспрыяць плённай працы будучага сойма. Пры пасрэдніцтве гаспадарскага пісара М. Савіцкага манарх і віленскі ваявода ўзгаднілі пазіцыі адносна пытанняў, вынесеных на сойм. 17 снежня 1569 г. М. Радзівіл накіраваў мемарыял да Жыгімонта Аўгуста, а 9 лютага 1570 г. кароль - свой ліст да віленскага ваяводы.

Для забеспячэння сваіх нашчадкаў Жыгімонт Аўгуст імкнуўся ператварыць спадчынныя ўладанні сваёй маці каралевы Боны, што знаходзіліся ў ВКЛ, у дзедзічныя ўладанні Ягайлавічаў (Гедымінавічаў), а М. Радзівіл настойваў на тым, што гэтыя маёнткі павінны належаць да каралеўскага стала. Віленскі ваявода лічыў непатрэбным абмеркаванне на будучым сойме парадку элекцыі, бо, на яго думку, усё ўжо было вызначана Статутам Яна Ласкага 1506 г. і актам Люблінскай уніі. Жыгімонт Аўгуст лічыў гэта недастатковым, апасаўся, што падчас бескаралеўя могуць распачацца спрэчкі аб працэдуры абрання, пра тое, хто будзе вызначаць час элекцыйнага з'езда і кіраваць на ім, якім колам асоб будзе абірацца кароль. М. Радзівіл Руды таксама папярэджваў Жыгімонта Аўгуста, што шляхта ВКЛ, абцяжараная значнымі падаткамі, можа не ўхваліць пабор на аплату дарогі сваім паслам у Варшаву [4].

Відавочна, што па гэтых важнейшых пытаннях унутранай палітыкі паміж віленскім ваяводам і манархам на пачатку 1570 г. усё яшчэ існавалі разыходжанні.

Доўгі час не маглі вызначыцца і з датай пачатку сойма. Паводле Статута ВКЛ 1566 г. павятовыя соймікі склікаліся не менш як за чатыры тыдні да вальнага сойма. Было вырашана склікаць сойм 16 красавіка 1570 г. Павятовыя соймікі ў Княстве павінны былі адбыцца 19 сакавіка або крыху раней, у Каралеўстве ў залежнасці ад рэгіёну - з 9 па 15 сакавіка 1570 г.

Пазіцыю часткі шляхты ВКЛ па пытаннях, якія абмяркоўваліся, можна прасачыць па праекту інструкцыі віленскага сойміка паслам на вальны сойм з уласнаручнымі праўкамі М. Радзівіла і па двух лістах Жыгімонта Аўгуста да віленскага ваяводы ад 25 сакавіка і 2 красавіка 1570 г. У інструкцыі на першае месца было пастаўлена пытанне адносін з Маскоўскай дзяржавай. У выпадку няўдачы пасольства Рэчы Паспалітай на перамовах з Іванам IV неабходна было склікаць паспалітае рушэнне для Княства і Кароны і пачаць наступальную вайну. Пры такім варыянце развіцця падзей прапаноўвалася заключыць мір з Даніяй і Крымскім ханствам [5].

Жыгімонт Аўгуст настойліва заклікаў павятовыя соймікі даць згоду на ўхваленне новага падатку, сродкі ад якога пайшлі б на абарону памежных тэрыторый Рэчы Паспалітай. Манарх асабіста прасіў М. Радзівіла паспрыяць таму, каб паслы ад паветаў ВКЛ атрымалі паўнамоцтвы для зацвярджэння на вальным сойме новых падаткаў. Аднак віленскі соймік не даў такіх паўнамоцтваў, спаслаўшыся на "вялікі голад і спусташэнне жаўнерскае" [6].

М. Радзівіл паведамляў Жыгімонту Аўгусту, што не здолеў пераканаць соймік запісаць у інструкцыі патрэбнае каралю рашэнне аб спадчынных маёнтках і забеспячэнні яго нашчадкаў [7]. Улічваючы велізарны ўплыў, які меў М. Радзівіл у ВКЛ, а таксама залежнасць сярэдняга шляхецтва ад магнатэрыі, падаецца малаверагоднай такая самастойная пазіцыя віленскага сойміка. Верагодна, віленскі ваявода не імкнуўся ва ўсім падтрымліваць палітыку манарха, каб мець магчымасць уплываць на Жыгімонта Аўгуста пры вырашэнні важных для палітычнай эліты ВКЛ спраў на вальным сойме.

Шляхта Віленскага ваяводства не згадзілася з прапановай заснаваць дзяржаўны скарб, бо бачыла небяспеку ўвядзення кварты (выплаты чацвертай часткі даходаў у дзяржаўны скарб) з даменіяльных уладанняў у Княстве, што ў першую чаргу закранула б эканамічныя інтарэсы дзяржаўцаў і старостаў, прадстаўнікоў магнатэрыі [8].

Каб паскорыць разгляд судовых спраў, віленскі соймік прапаноўваў Жыгімонту Аўгусту знаходзіцца год у Каралеўстве, год у Княстве. У праекце інструкцыі было ўзнята яшчэ адно важнае для ВКЛ пытанне - суаднясенне курсу грошай Княства і Каралеўства адпаведна іх рэальнай вартасці [9]. Паколькі большая па вартасці манета ВКЛ бралася па аднолькавым кошце з польскай манетай, то гэта прыводзіла да значных фінансавых страт для Княства. Кароль абяцаў канчаткова вырашыць гэтае пытанне на сойме.

На сойміку ў Вільні закраналіся і іншыя пытанні: аб рэгламентацыі перамяшчэння і пастояў войска Рэчы Паспалітай на тэрыторыі ВКЛ, аб раздачы зямель "у краінах пустых валынскіх, падольскіх і кіеўскіх" тым шляхціцам Княства, чые ўладанні былі захоплены падчас Інфлянцкай вайны (1558-1582), аб своечасовай выплаце раней ухваленых падаткаў [10].

Пасяджэнні вальнага сойма Рэчы Паспалітай распачаліся ў Варшаве 3 мая 1570 г. Спачатку была агучана прапазіцыя * Жыгімонта Аўгуста да сенатараў і земскіх паслоў. У ёй гаварылася аб небяспецы для Рэчы Паспалітай заключэння саюза Даніі з Маскоўскай дзяржавай, неабходнасці фінансавага забеспячэння абароны Інфлянтаў і ВКЛ, выплаце запазычанасці жаўнерам, а таксама аб справах, адкладзеных з Люблінскага сойма [11].

Галоўнымі пытаннямі, якія літвіны спрабавалі вырашыць на сойме 1570 г., былі: забеспячэнне абароны Княства, зацвярджэнне раўнапраўнага курсу грошай і ўрэгуляванне паўнамоцтваў маршалкаўскіх урадаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. У працы сойма ўдзельнічалі 7 сенатараў ад Княства (29% ад агульнай колькасці сенатараў ВКЛ): віленскі ваявода, канцлер М. Радзівіл Руды, трокскі кашталян, падканцлер Астафей Валовіч, жамойцкі староста, земскі маршалак Ян Хадкевіч, полацкі ваявода Станіслаў Давойна, наваградскі ваявода Павел Сапега, земскі падскарбі Мікалай Нарушэвіч і дворны маршалак Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка.

На жаль, інфармацыі аб дэпутатах ад ваяводстваў і паветаў ВКЛ на сойме 1570 г. вельмі мала. Вядомы, што прысутнічалі стольнік ВКЛ Мікалай Дарагастайскі (пасол Віленскага ваяводства), ковенскі харужы Ян Выдра, Крыцкі, а таксама невядомы віленскі стольнік, хоць, магчыма, у дыярыушы памылка і гаворка вядзецца аб М. Дарагастайскім. Віленскае ваяводства, верагодна, было прадстаўлена толькі трыма пасламі, з-за "малога складання на страву", г. зн. на аплату дарогі і пражывання падчас сойма. У Варшаве таксама прысутнічалі некаторыя вышэйшыя ўраднікі ВКЛ: падскарбі дворны Лаўрын Война, чашнік Мацей Пяткевіч, лоўчы Рыгор Валовіч, гаспадарскія маршалкі Ян Палускі і Ян Свірскі, але невядома, ці былі яны пасламі [12].

У справе абароны дзяржавы пазіцыю Княства агучыў ваявода віленскі М. Радзівіл Руды. Літвіны выступалі за скліканне ў выпадку вайны паспалітага рушання ў ВКЛ, на якое таксама павінны былі выйсці і тыя шляхціцы Падляшша і Валыні, якія мелі маёнткі ў Княстве. Прапаноўвалася спецыяльна пазначыць у соймавай канстытуцыі, што літвіны вызваляюць палякаў ад паспалітага рушання толькі на гэты раз. Такое рашэнне М. Радзівіл Руды патлумачыў спусташэннем Княства падаткамі і немагчымасцю забяспечыць пастой жаўнераў. Земскія паслы ВКЛ таксама імкнуліся вырашыць пытанне абароны сваёй дзяржавы. 31 мая сенатарам былі пададзены артыкулы ад пасольскай ізбы. У трэцім артыкуле адзначалася, што літвіны нічога не жадаюць абмяркоўваць, пакуль не будзе вырашана пытанне абарона Княства. Толькі пасля гэтага паслы ВКЛ былі гатовы разглядаць іншыя справы. Такую пазіцыю літвіны патлумачылі паўнамоцтвамі, якія ім надалі выбаршчыкі [13].

Па пытанні арганізацыі абароны ВКЛ погляды разышліся. Паслы не згаджаліся ўхваляць падатак на наём пастаяннага войска, а выступалі за паспалітае рушэнне. Сенатары настойвалі на прызначэнні новага падатку, лічылі такі сродак абароны, як паспалітае рушэнне, неэфектыўным і прапаноўвалі перанесці вырашэнне гэтага пытання на павятовыя соймікі, якія планавалася склікаць адразу пасля сойма. Аднак паслы на паслясоймавыя соймікі "як на рэч новую" не згаджаліся [14]. Безвыніковасць гэтых спрэчак вымусіла манарха і прадстаўнікоў Княства шукаць іншыя крыніцы фінансавага забеспячэння войска ВКЛ. Часовае выйсце да наступнага вальнага сойма было знойдзена ў рэвізіі ўхваленых раней падаткаў, сродкі ад збору якіх павінны былі пайсці на выплату запазычанасці перад жаўнерамі. Жыгімонт Аўгуст, "за радою панов рад их милости и за прозьбою послов земских з сойму теперешнего Варшавского, ку слуханьню личбы с податков в рокох, нижей помененых (1565, 1567, 1568 і 1569 гг. - Ул.П.), уфаленых для заплаты заслужоного служебным", прызначыў са складу сенатараў Княства спецыяльных камісараў: біскупа віленскага Валерыяна Пратасевіча, ваяводу віленскага, канцлера Мікалая Радзівіла, кашталяна трокскага, падканцлера Астафея Валовіча, старосту жамойцкага, маршалка земскага Яна Хадкевіча і падскарбія земскага Мікалая Нарушэвіча [15].

Варта звярнуць увагу і на чацверты артыкул петыцыі. У ім паведамлялася аб канфлікце маршалка надворнага Каралеўства Польскага Станіслава Бажы з адным з паслоў Княства. Падчас сумеснай нарады Жыгімонта Аўгуста з прадстаўнікамі сената і пасольскай ізбы некаторыя паслы, спазніўшыся, патрабавалі пусціць іх у залу, што польскі ўрадоўца і дазволіў. Утварылася цісканіна, і надворны маршалак сваім жэзлам адштурхнуў назад аднаго з прысутных, не пазнаўшы ў ім земскага пасла ВКЛ. Дэпутаты ад паветаў Княства абурыліся гэтым учынкам, палічылі яго абразай для сябе і запатрабавалі, каб усе паслы, як палякі, так і літвіны, ішлі да манарха са скаргай на маршалка Каралеўства Польскага. Земскія паслы ВКЛ адмовіліся займацца якімі-небудзь соймавымі справамі, пакуль не будзе кампенсавана іх абраза. Канфлікт удалося ўладзіць толькі пасля доўгіх угавораў і прабачэнняў з боку палякаў, у тым ліку і пасольскага маршалка С. Шафранца [16]. Гэты выпадак паказвае, наколькі раўніва ставіліся літвіны да захавання свайго раўнапраўнага становішча ў Рэчы Паспалітай і нават у дробных канфліктах з палякамі бачылі парушэнне правоў і вольнасцяў шляхты ВКЛ.

Прынцыповую пазіцыю занялі прадстаўнікі Княства і ў пытанні вызначэння рэальнай вартасці грашовага курсу манеты Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. У дыярыушы сойма гэта не адлюстравана. Ёсць толькі згадка пра скаргу віленскага стольніка на пасяджэнні 30 чэрвеня аб вялікай колькасці фальшывых грошай у ВКЛ. Аднак у гаспадарскай інструкцыі на павятовыя соймікі Княства перад вальным соймам 1572 г. Жыгімонт Аўгуст узгадвае, што на сойме 1570 г. літвіны ставілі ў залежнасць ад вырашэння пытання пра курс манеты ВКЛ свой удзел у далейшых нарадах сойма: "панове рады великого князства Литовского, так на прошломъ сойме тутошнемъ Варшавскомъ, яко тежъ и теперь черезъ листы свои его королевской милости въ томъ оповедалися, ижъ гдебы се на початку сойму о томъ шацунку монеты Литовское не намовило и не постановило статечне, трудно бы послове и сами ваша милость панове рады великого князства Литовского на томъ же сойме особами своими ку дальшимъ поступкомъ соймовымъ задержатися могли" [17]. Зазначым, што па пытанні вызначэння рэальнага курсу грошай Княства і Кароны вальны сойм 1570 г. не вынес ніякага рашэння.

На пасяджэннях сойма была нададзена значная ўвага заканадаўчаму зацвярджэнню роўнасці паміж прадстаўнікамі розных канфесій, супраць чаго выступіў маршалак дворны ВКЛ М.К. Радзівіл Сіротка. Польская шляхта адмаўлялася абмяркоўваць пытанне забеспячэння нашчадкаў манарха, патрабавала, каб з маёнткаў каралевы Боны выплочвалася кварта, але Жыгімонт Аўгуст на гэта не згаджаўся. Такія спрэчкі зацягвалі працу сойма. Ужо 7 чэрвеня кароль вырашыў перанесці на наступны сойм пытанні спосабу і месца элекцыі і забеспячэння сваіх нашчадкаў [18].

На сойме 1570 г. узнікла спрэчка аб кампетэнцыі ўрадаў маршалкаў Княства і Каралеўства. Маршалак вялікі Каралеўства Польскага Ян Фірлей спрабаваў дабіцца прыняцця рашэння, якое б абмежавала паўнамоцтвы маршалкаў ВКЛ на тэрыторыі Польшчы. Аднак гэтая ідэя сустрэла супраціўленне з боку літвінаў. 10 ліпеня ў акты Кароннай Метрыкі былі ўнесены пратэстацыі * маршалка Я. Фірлея і канцлера Каралеўства Польскага В. Дэмбіньскага аб абмежаванні іх паўнамоцтваў з боку маршалкаў і канцлера ды падканцлера ВКЛ адпаведна. 15 ліпеня манарх адклаў урэгуляванне гэтага пытання да наступнага сойма [19].

Спрэчкі і канфлікты, якія разгарнуліся ў Варшаве, прывялі да таго, што сойм 1570 г. скончыўся без прыняцця канстытуцый. Жыгімонт Аўгуст у соймавым рэцэсе ** перанёс усе справы Княства на наступны вальны сойм [20].

Традыцыйна ў гістарычнай літаратуры датай заканчэння вальнага сойма называецца 10 ліпеня. Аднак матэрыялы Метрыкі ВКЛ сведчаць, што ён працягваўся 11 і 12 ліпеня, а ў Кнізе судных спраў за 1566-1571 гг. адзначана: "... по выволанью со й му (1570 г. - Ул.П.) ... которы й естъ выволанъ … июля 28 дня" [21]. На падставе гэтых звестак варта лічыць датай заканчэння сойма менавіта 28 ліпеня 1570 г.

Такім чынам, галоўнай мэтай палітычнай эліты ВКЛ у соймавай кампаніі 1570 г. было забеспячэнне абароны сваёй дзяржавы ад магчымай агрэсіі з боку Маскоўскай дзяржавы, а таксама канчатковае ўрэгуляванне пытанняў, адкладзеных з сойма 1569 г., - усталяванне раўнапраўнага курсу грошай і размежаванне кампетэнцыі маршалкаў. Аднак з-за безвыніковасці сойма вырашэнне гэтых праблем было адкладзена да наступнага вальнага сойма. Трэба адзначыць, што літвіны дзейнічалі ў адпаведнасці з умовамі Люблінскай уніі і не аспрэчвалі іх. Тым не менш, паміж кіруючымі коламі ВКЛ і Жыгімонтам Аўгустам заставаліся пэўныя супярэчнасці па пытаннях унутранай палітыкі (спосаб элекцыі новага караля і вялікага князя, фінансавае забеспячэнне нашчадкаў манарха), што, на нашу думку, было абумоўлена палітычнай каньюнктурай і наступствамі канфліктнай сітуацыі вакол заключэння Люблінскай уніі.



* Прапазіцыя - уступная прамова, якую ад імя караля і вялікага князя агучваў канцлер або падканцлер Каралеўства Польскага і ў якой акрэсліваліся пытанні, вынесеныя на разгляд сойма.

* Пратэстацыя - дакумент з выказваннем пратэсту супраць пэўных рашэнняў сойма.

** Рэцэс - дакумент, у якім вызначаліся пытанні, што пераносіліся на наступны сойм.

[1] Volumina Legum. Petersburg, 1859. T. 2. S. 101; Zbiór pamiętników do dziejów polskich. T. 2. Warszawa, 1858. S. 17-18.

[2] Archiwum książąt Sanguszków w Sławucie. T. 7: 1554-1572. Lwów, 1910. S. 333-334.

[3] Дневник Люблинского сейма 1569 года: Соединение Великого Княжества Литовского с Королевством Польским / Изд. М. Коялович. СПб., 1869. С. 411-485; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 56.

[4] Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów, dział II, nr. 62, s. 2, 3, 6-7; nr. 63, s. 2-6.

[5] Российская национальная библиотека (РНБ) в Санкт-Петербурге. Ф. 971. Собрание автографов П.П. Дубровского. Авт. 152. Л. 60-60адв., 62адв.; Lulewicz H. Gniewów o unię… S. 62.

[6] Listy króla Zygmunta Augusta do Radziwiłłów / Oprac. I. Kaniewska. Kraków, 1999. S. 570, 577.

[7] Listy króla… S. 576-578.

[8] РНБ. Ф. 971. Авт. 152. Л. 61; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). S. 62-63.

[9] РНБ. Ф. 971. Авт. 152. Л. 61-61об., 62.

[10] Listy króla… S. 578-579; РНБ. Ф. 971. Авт. 152. Арк. 61об.-62.

[11] Pirożyński J. Sejm Warszawski roku 1570 / Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. CCLXXIX. Prace historyczne, z. 36. Kraków, 1972. S. 41; Dyaryusze sejmów Koronnych 1548, 1553 i 1570 r. / Wyd. J. Szujski. Kraków, 1872. S. 113.

[12] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 49, арк. 76; спр. 52, арк. 114, 126адв.; спр. 265, арк. 259адв., 267, 267адв., 268адв., 272адв., 281адв.-283; Dyaryusze sejmów... S. 115, 116, 130; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616) wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 47, 62; Pirożyński J. Sejm Warszawski... S. 5, 28, 51; Listy króla… S. 575.

[13] Dyaryusze sejmów... S. 115, 119.

[14] Ibidem, s. 124-129.

[15] Беларускі архіў. Т. 1: XVI-XVII ст. Мн., 1927. С. 220-223.

[16] Dyaryusze sejmów... S. 119-120.

[17] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 2: 1599-1637 гг. СПб., 1863. С. 174.

[18] Dyaryusze sejmów… S. 114-132; Kempa T. Mikołaj Krzysztof… S. 47; Pirożyński J. Sejm Warszawski... S. 41-56.

[19] Akta unii Polski z Litwą 1385-1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 385-386; Kempa T. Mikołaj Krzysztof… S. 62-63; Lulewicz H. Gniewów o unię… S. 48.

[20] Lulewicz H. Gniewów o unię… S. 66; Pirożyński J. Sejm Warszawski... S. 56-61.

[21] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 55. Арк. 11; Спр. 265. арк. 270адв.-272адв., 283адв.-284.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX