Папярэдняя старонка: Падалінскі Уладзімір

Ліст полацкага падкаморыя Міхала Францковіча да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла 


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 25-03-2012,
Крыніца: Ліст полацкага падкаморыя Міхала Францковіча да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла (погляд пасла ВКЛ на вальны сойм Рэчы Паспалітай 1590 г.) // Commentarii Polocenses Historici-Полацкія гістарычныя запіскі. - Т. 3. 2006. - С. 45-49.

Спампаваць




(погляд пасла ВКЛ на вальны сойм Рэчы Паспалітай 1590 г.)

Вальны сойм Рэчы Паспалітай 1590 г., які адбываўся ў Варшаве з 8 сакавіка па 21 красавіка, быў перадусім прысвечаны абмеркаванню захадаў па абароне краіны ў сувязі з магчымай вайной з Турцыяй і крымскімі татарамі. Надзвычай важным было і пытанне аб невыкананні эрцгерцагам Максімільянам умоваў Бытамска-Бендзінскага пагаднення, заключанага паміж прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Габсбургаў 9 сакавіка 1589 г.

Падзеі, звязаныя са скліканнем і працай сойма 1590 г., разглядаліся галоўным чынам у польскай гістарычнай навуцы. Т. Кэмпа, К. Лепшы ў сваіх працах адлюстравалі важнейшыя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі, якія сталі тэмай абмеркавання ў Варшаве [1]. Падатковыя рашэнні сойма адзначаны ў даследаванні Г. Філіпчак-Коцур [2]. Я. Сэрэдыка звярнуў увагу на прадстаўніцтва сенатараў Рэчы Паспалітай на сойме 1590 г. [3]

У агульных рысах праца дадзенага вальнага сойма Рэчы Паспалітай закраналася таксама ў расійскай і беларускай гістарыяграфіі [4]. Аднак асобнага комплекснага даследавання, прысвечанага сойму і ўсёй соймавай кампаніі 1590 г., да сённяшняга часу не існуе. Верагодна, гэта звязана з даволі абмежаванай базай крыніц па дадзеным сойме. На жаль, нам не вядомы яго дыярыуш, як і пасольскія інструкцыі з паветаў ВКЛ [5]. Аб падрыхтоўцы склікання сойма і яго працы каштоўную інфармацыю нясуць эпісталярныя крыніцы: лісты караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы да канцлера ВКЛ Льва Сапегі, трокскага кашталяна Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, Л. Сапегі і канцлера Кароны Яна Замойскага да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла [6]. Канстытуцыі і падатковы універсал, прынятыя ў Варшаве, змешчаны ў Volumina Legum [7]. Важныя звесткі аб працы сойма і пазіцыі на ім прадстаўнікоў ВКЛ утрымлівае пратэстацыя, з якой выступілі паслы Княства хутка пасля завяршэння пасяджэнняў [8]. Некаторыя матэрыялы па сойме 1590 г. захаваліся ў Метрыцы ВКЛ [9]. Фрагментарныя звесткі падае хроніка пшэмысльскага біскупа Паўла Пясэцкага, створаная ў XVII ст. [10]

Яшчэ адной цікавай і фактычна невядомай крыніцай па працы дадзенага сойма з'яўляецца ліст соймавага пасла ад ВКЛ полацкага падкаморыя Міхала Францковіча да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла з Варшавы ад 31 сакавіка 1590 г. [11]

Міхал Францковіч (Францковіч-Радзімінскі) з 1560-х гг. выступае як кліент (слуга) віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Рудога, пры заступніцтве якога за ванную службу атрымліваў розныя зямельныя наданні [12]. За заслугі ў Інфлянцкай вайне ў 1583 г. быў прызначаны полацкім падкаморым, пасля смерці папярэдняга падкаморыя Анікея Корсака [13]. Падобна, што пасля смерці М. Радзівіла Рудога ён пэўны час быў кліентам яго сына Крыштофа, наступнага віленскага ваяводы [14]. Магчыма, М. Францковіч меў блізкія стасункі і з Л. Сапегам, бо быў жанаты на яго роднай сястры [15].

Жыгімонт Ваза склікаў вальны сойм Рэчы Паспалітай на 8 сакавіка 1590 г. у Варшаве. З-за спазнення соймавых лістоў, а таксама для большай зручнасці шляхце, перадсоймавыя соймікі ў ВКЛ пераносіліся з 25 студзеня на 1 лютага і сумяшчаліся з дэпутацкімі соймікамі, а Галоўны соймік у Слоніме прызначаўся на 22 лютага 1590 г. [16] На адным з павятовых соймікаў паслом быў абраны і М. Францковіч. Цяжка вызначыць, прадстаўніком якога павета ці ваяводства ВКЛ быў полацкі падкаморы. Акрамя зямель у Полацкім ваяводстве, ён меў уладанні ў Віленскім, Лідскім, Новагародскім і Мазырскім паветах [17]. Заўважым, што М. Францковіч ужо меў вопыт парламенцкай дзейнасці. Улетку 1587 г. ён удзельнічаў у працы элекцыйнага сойма Рэчы Паспалітай, а ў лістападзе таго ж года браў удзел у пасяджэннях Галоўнага з'езда ВКЛ у Вільні [18].

Праграму працы сойма Жыгімонт Ваза ў асноўным акрэсліў у снежні 1589 г. Рэч Паспалітая апынулася ў складанай знешнепалітычнай сітуацыі. З аднаго боку, татары па загаду Турцыі і з-за інтрыг Маскоўскай дзяржавы гатовы былі ўварвацца ў межы краіны. З іншага, эрцгерцаг Максімільян так і не прысягнуў на ўмовы Бытамска-Бендзінскага акта і па-ранейшаму ўжываў тытул караля польскага. Акрамя таго, неабходна было разгледзець пытанне аб цяжкім стане скарбу Рэчы Паспалітай і вырашыць справы, адкладзеныя з мінулых соймаў [19]. Заклапочанасць небяспекай з боку татараў, набегаў якіх "чакалі" нават на землі Княства, ды дзейнасцю Максімільяна выказвала і палітычная эліта ВКЛ [20].

На вальным сойме 1590 г. прысутнічала даволі прадстаўнічая група сенатараў ВКЛ (13 чалавек, 48,2% ад усіх сенатараў-літвінаў): віленскі біскуп Юры Радзівіл, К. Радзівіл, віленскі кашталян Ян Кішка, трокскі ваявода Ян Глябовіч, М.К. Радзівіл, новагародскі ваявода (намініраваны на гэты ўрад падчас сойма, 13 сакавіка) Фёдар Скумін-Тышкевіч, менскі, а з 25 сакавіка смаленскі кашталян Вацлаў Агрыпа, полацкі кашталян Вацлаў Шэмет, берасцейскі кашталян Адам Пацей, земскі маршалак Альбрыхт Радзівіл, Л. Сапега, падканцлер Габрыэль Война, земскі падскарбі (прызначаны 6 красавіка) Дзмітры Халецкі [21]. Акрамя М. Францковіча, нам вядомы яшчэ 9 земскіх паслоў Княства: войскі ашмянскі Мікалай Адаявец (пасол Віленскага ваяводства), Пётр Гарабурда (пасол Віленскага ваяводства), ваўкавыскі староста, стольнік (з 11 красавіка - крайчы) ВКЛ Крыштоф Дарагастайскі (пасол Віленскага ваяводства), каралеўскі сакратар Станіслаў Лакніцкі, гарадзенскі падкаморы Рыгор Масальскі, гаспадарскі маршалак Абрам Мялешка, цівун віленскі Ян Пац, староста трэйдэнскі, цівун вяйшвянскі Пётр Стаброўскі, Андрэй Цеханавецкі [22].

Як і меркавалася пытанні, узнятыя Жыгімонтам Вазам у канцы 1589 г. і сталі галоўнымі пры абмеркаванні на сойме. "Прапазіцыю ўчынілі, - паведамляў К. Радзівілу М. Францковіч, - найперш, аб абароне супраць турка, … па-другое, аб забеспячэнні скарбу, па-трэцяе, аб ізаляванні (ад элекцыі ў Рэчы Паспалітай - Ул.П.) дому Ракузскага, … на якія тры артыкулы былі прызначаны дэпутаты" [23].

Адносна канфлікту з эрцгерцагам Максімільянам у Варшаве гучалі прапановы адхіліць ад будучых выбараў у Рэчы Паспалітай увогуле ўсю дынастыю Габсбургаў. У прыватнасці, да гэтага заклікаў Я. Замойскі, але былі і праціўнікі такога рашэння, напр., Ю. Радзівіл [24]. Ужо на 31 сакавіка сенатары і паслы ў цэлым прыйшлі да згоды: вырашылі пакуль забараніць удзельнічаць у элекцыі толькі Максімільяну, а імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Рудольфу II Габсбургу нагадаць, каб быў выкананы Бытамска-Бендзінскае акт. У адваротным выпадку, на наступным сойме ад выбараў караля і вялікага князя маглі б быць адхілены ўсе Габсбургі [25]. Канчаткова ў соймавыя канстытуцыі было ўнесена рашэнне аб забароне прэтэндаваць на ўладу ў Рэчы Паспалітай эрцгерцагу Максімільяну як зараз, так і падчас наступнага бескаралеўя, а тым, хто ўсё ж наважыцца парушыць гэтую пастанову, пагражала пакаранне як за абразу каралеўскай годнасці [26].

Полацкі падкаморы інфармаваў віленскага ваяводу аб прынцыповай пазіцыі паслоў Кароны, якую тыя занялі ў справе фінансавага забеспячэння каралеўскага скарбу: "Паслы праз увесь час толькі прывілея патрабуюць, з-за чаго да ніводнай рэчы прыступаць не жадаюць" [27]. Гаворка ішла аб перадачы некаторых даходаў і старостваў у Польшчы на забеспячэнне патрэбаў караля. У выніку, адпаведная канстытуцыя і была ўхвалена [28]. Заўважым, што аналагічнае рашэнне аб утварэнні эканомій у ВКЛ было абвешчана ў прывілеі Жыгімонта Вазы ў 1588 г. і зацверджана канстытуцыяй сойма 1589 г. [29]

Безумоўна, важнейшай задачай сойма было абмеркаванне захадаў па абароне Рэчы Паспалітай ад магчымай агрэсіі Турцыі і татараў. Для хуткага найму вялікага войска краіне патрабаваліся вялізарныя фінансавыя рэсурсы. Акрамя традыцыйных пабораў надзвычайным сродкам атрымання грошай мог стаць пагалоўны падатак з усіх жыхароў Рэчы Паспалітай. На час напісання ліста паслы яшчэ толькі чакалі канкрэтных прапаноў ад Жыгімонта Вазы і сената наконт памераў пабору. Зразумела, ухваленне новых значных падаткаў не выклікала аптымізму ў прадстаўнікоў шляхты. М. Францковіч непасрэдна адзначаў: "Пана Бога просім, каб ад такога цяжкага і мудрагелістага пабору вольнымі быць маглі" [30]. Ва універсале Жыгімонта Вазы ў паветы ВКЛ ад 5 красавіка 1590 г. чытаем: "… послове коронные и великого князъства литовъского жадъныхъ поборовъ и тежаровъ поступовати не хотели" [31]. Да таго ж, польскі бок для найму сваіх жаўнераў хацеў выкарыстаць грошы з падаткаў, ухваленых літвінамі на мінулым сойме 1589 г., а для найму жаўнераў ВКЛ прапаноўваў зацвердзіць новыя падаткі ў Княстве. Літвінам такая ідэя прыйшлася не даспадобы. "На той пабор, які выбраны ў Літве, жаніхоў шмат, аб чым Пана Бога просім, каб ухаваў ад іх," - пісаў М. Францковіч [32]. Упартыя спрэчкі на гэты конт паміж прадстаўнікамі ВКЛ і Польшчы адбываліся як мінімум да сярэдзіны красавіка: літвіны не згаджаліся з прапановай палякаў і даводзілі, што новы пабор хутка сабраць у ВКЛ немагчыма з-за "вялікага ўбоства падданых" [33]. Тым не менш, зважаючы на пагрозы Турцыі разарваць перамір'е і пачаць вайну з Рэччу Паспалітай, сойм зацвердзіў пагалоўны, ланавы і чопавы падаткі, а тэрмін збору ў ВКЛ мыта "новападвышанага", прызначанага ў 1589 г., быў працягнуты да 11 лістапада 1591 г. [34] Акрамя таго, ВКЛ абавязвалася ў якасці пазыкі на ваенныя патрэбы выдаць 500 000 злотых польскіх (для Польшча сума пазыкі складала 1 000 000 зл.). З сенатараў і земскіх паслоў былі выбраны правізары, адказныя за збор і выдаткаванне грошай. Адным з правізараў, які павінен быў пастаянна знаходзіцца пры вялікім гетмане ВКЛ К. Радзівіле, стаў сам М. Францковіч [35]. Пра надзвычайную сітуацыю, у якой апынулася Рэч Паспалітая, сведчыць і тое, што літвіны нават ухвалілі на адзін год выплату "на ратаванне стала нашага" кварты (1/4 даходаў) амаль з усіх гаспадарскіх уладанняў у ВКЛ [36]. Дарэчы, прадстаўнікі ВКЛ усё ж пагадзіліся выдаць палякам частку грошай, а дакладней 65 000 зл., з пабору 1589 г., а астатнюю частку накіравалі на наём уласных жаўнераў [37]. Таксама пры каралі і вялікім князі ствараўся дарадчы орган - Ваенная рада, якая павінна была займацца дачыненнямі з Турцыяй і татарамі (напр., вядзеннем перамоў, арганізацыяй паспалітага рушання і інш.) [38]. Праўда, большасць пастаноў сойма 1590 г., звязаных з падрыхтоўкай да вайны, была адменена наступным вальным соймам Рэчы Паспалітай 1590/91 г. у сувязі з нармалізацыяй адносінаў з Турцыяй [39].

Аднак для дэлегацыі ВКЛ на сойме 1590 г., разам з пытаннем абароны ад Турцыі і Крымскага ханства, было яшчэ адно надзвычай важнае пытанне - захаванне мірных адносінаў з Вялікім Княствам Маскоўскім (ВКМ). Жыгімонт Ваза быў сынам шведскага караля Ёхана III, а стасункі паміж Швецыяй і Маскоўскай дзяржавай у той час былі вельмі напружанымі. У студзені-лютым 1590 г. маскоўскія войскі вялі баявыя дзеянні са шведамі ў Фінляндыі і Эстоніі: захапілі некаторыя замкі, даходзілі нават да Рэвеля, няўдала спрабавалі ўзяць штурмам Нарву. У выніку, паміж краінамі было заключана перамір'е на год, паводле якога Швецыя саступала ВКМ Яму, Івангорад, Капор'е [40]. Была верагоднасць, што Жыгімонт Ваза захоча дапамагчы свайму бацьку і ўцягне Рэч Паспалітую ў новую вайну з Маскоўскай дзяржавай. Так, планы вайны з Масквой на сойме 1590 г. выношваў Я. Замойскі [41]. З іншага боку, вышэйшыя маскоўскія баяры ў сваіх лістах да Ю. Радзівіла, К. Радзівіла і Я. Глябовіча імкнуліся захаваць добрыя адносіны з палітычнай элітай ВКЛ [42].

Літвіны на сойме 1590 г. адназначна выступілі супраць ваеннага канфлікту з Маскоўскай дзяржавай. У сваім лісце М. Францковіч між іншым выказваў асцярогу, што ёсць людзі, гатовыя хутчэй выступіць супраць Маскоўскай дзяржавы, чым Турцыі [43]. Больш падрабязна аб пазіцыі прадстаўнікоў ВКЛ у гэтым пытанні можна даведацца з іншых крыніц. Земскія паслы Княства, і ў гэтым іх падтрымалі польскія паслы, згаджаліся на выплату пагалоўнага, ланавага і чопавага падаткаў, пазыкі ў 500 000 зл. і кварты з гаспадарскіх уладанняў толькі пры ўмове, што Жыгімонт Ваза на гэтым сойме прызначыць пасольства, якое павінна будзе заключыць з Маскоўскай дзяржавай вечны мір або як мінімум зацвердзіць перамір'е, пастаноўленае сенатарамі ВКЛ і пасламі ВКМ на элекцыі ў жніўні 1587 г. Таксама літвіны прасілі зацвердзіць мір з Масквой адмысловай соймавай канстытуцыяй [44]. Жыгімонт Ваза імкнуўся ўлагодзіць паслоў і таму ўжо 5 красавіка 1590 г. у паветы ВКЛ быў накіраваны універсал, у якім апісвалася небяспека з боку Турцыі і ўтрымлівалася абяцанне адправіць "теперъ зъ со йму теперешнего пословъ нашых великих" да вялікага князя маскоўскага Фёдара Іванавіча, "с такою наукою абы о вечны й покой тракътовали" [45]. Аднак перад самым закрыццём сойма аказалася, што рэальна нічога ў гэтай справе не зроблена. Тады земскія паслы адмовіліся прыступаць да канклюзіі і падалі ў канцылярыю ВКЛ пратэстацыю. Каб не дапусціць зрыву сойма, Жыгімонт Ваза паабяцаў усё ж адправіць паслоў у Маскоўскую дзяржаву і заключыць з ёй мір. Земскія паслы ВКЛ пасля такога абяцання і нарады са сваімі сенатарамі згадзіліся зацвердзіць усе падаткі, кварту і пазыку ў 500 000 зл. ды адступілі ад патрабавання ўхваліць спецыяльную соймавую канстытуцыю аб міры з Масквой [46]. Праўда, і пасля заканчэння пасяджэнняў Жыгімонт Ваза не спяшаўся выконваць сваіх абяцанняў, таму дэпутаты, адмыслова абраныя з ліку паслоў ВКЛ, хутка пасля сойма выступілі з пратэстацыяй, у якой заявілі, што пакуль іх патрабаванні аб заключэнні міру з Маскоўскай дзяржавай не будуць выкананы, то яны і ўся шляхта Княства "ні пад якія цяжары, тут на тым сойме пастаноўленыя, падлягаць не жадаем і не павінны будзем" [47]. У выніку, ужо 29 красавіка Жыгімонт Ваза накіраваў у Маскву ганца гарадзенскага стольніка Яна Дзевялтоўскага за глейтам для вялікага пасольства Рэчы Паспалітай, якое накіравалася ў Маскоўскую дзяржаву ўвосень 1590 г. [48] Літвіны праявілі прынцыповасць у абароне сваіх інтарэсаў і не дазволілі ўцягнуць краіну ў вайну, патрэбную Швецыі, а не ВКЛ. Верагодна, пра сойм 1590 г. пісаў К. Радзівіл у сакавіку 1591 г. трокскаму ваяводзе М.К. Радзівілу: "Добра памятаю, што як у нашым сенатарскім, так і ў пасольскім коле на тым сойме, на якім найбольш палякі стараліся, каб перамір'е, намі на элекцыі з Масквой пастаноўленае, разбурыўшы ўшчэнт, вайну супраць яе пачаць, - усе абывацелі народу нашага цвёрда тую вайну з Масквой не дазвалялі, не дапамагаючы такому прадпрыемству, якое разумелі за шкадлівае народу свайму" [49].

Адзначым яшчэ некалькі момантаў, якімі быў адметны вальны сойм Рэчы Паспалітай 1590 г. Так, канстытуцыі, якія датычылі непасрэдна ВКЛ, былі вылучаны ў спецыяльны раздзел "Справы Вялікага Княства Літоўскага" [50]. Таксама падчас сойма праявіліся адасобленыя формы дзейнасці дэлегацыі ВКЛ: адбываліся асобныя нарады паміж сенатарамі і земскімі пасламі, прадстаўнікі шляхты Княства звярталіся да Жыгімонта Вазы з асобнымі ад палякаў просьбамі, а таксама выступілі з асобнай пратэстацыяй ад імя ўсіх паслоў ВКЛ [51]. Сярод іншых соймавых канстытуцый адзначым толькі адну, якая непасрэдна тычылася М. Францковіча. Пастанаўлялася, што межы Полацкага ваяводства неабходна ўдакладніць адпаведным падкаморым [52], г.зн. падкаморым полацкаму, браслаўскаму, ашмянскаму, менскаму, аршанскаму і віцебскаму.

Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін момант з ліста М. Францковіча. Вядома, што ў сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ і Рэчы Паспалітай у XVI ст. была даволі шырока распаўсюджана такая з'ява, як пратэкцыянізм [53]. Полацкі падкаморы, з пэўнай доляй незадаволенасці, наступным чынам апісваў працу пасольскай ізбы на сойме 1590 г.: "У нашым рыцарскім коле амаль усё дваранамі каралеўскімі і слугамі гетмана засадзілі, якія нічога іншага не робяць, толькі тое, што ім скажуць" [54]. Гэта сведчыць аб тым, што ў Рэчы Паспалітай адносіны "патрон-кліент" актыўна выкарыстоўваліся як інструмент палітычнай барацьбы, у прыватнасці, у прадстаўнічых інстытутах улады.

Такім чынам, разглядаемы ліст М. Францковіча да К. Радзівіла ўтрымлівае досыць важныя і цікавыя звесткі па працы вальнага сойма 1590 г., паказвае настроі сярод паслоў у дачыненні да розных соймавых спраў, адлюстроўвае механізмы ціску на пасольскую ізбу з дапамогай пратэкцыянісцкіх адносінаў. Вельмі важна, што гэты ліст дазваляе паглядзець на падзеі сойма з пункту гледжання прадстаўніка Вялікага Княства Літоўскага, дапамагае ацаніць стаўленне беларуска-літоўскай шляхты да важнейшых пытанняў унутранай і знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай.



[1] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616) wojewoda wileński. Warszawa, 2000; Lepszy K. Walka stronnictw w pierwszych latach panowania Zygmunta III. Kraków, 1929; Idem. Rzeczpospolita w dobie sejmu inkwizycyjnego (1589-1592). Kraków, 1939.

[2] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej 1587-1648. Projekty-ustawy-realizacja. Warszawa, 2006.

[3] Seredyka J. Senatorowie Rzeczypospolitej na sejmach Zygmunta III Wazy (1587-1632) // Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. S. 174; Idem. Ministrowie Rzeczypospolitej na sejmach epoki trzech Wazów (1587-1668) // Ibidem. S. 259.

[4] Жукович П. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией (до 1609 г.). Спб., 1901. С. 60-64; Падалінскі У. Палітычная эліта Вялікага Княства Літоўскага ў пачатку панавання Жыгімонта Вазы (1588-1591 гг.) // Acta Albaruthenica: Навуковы зборнік / Пад агульн. Рэд. М. Хаўстовіча, А. Баршчэўскага, С. Запрудскага. Вып. 5. Мн., 2005. С. 150-152.

[5] Вядомы толькі ўскосныя звесткі аб працы соймікаў ВКЛ перад соймам 1590 г.: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 268; Lepszy K. Rzeczpospolita... S. 126.

[6] Archiwum Domu Radziwiłłów. Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki-Jana Zamoyskiego-Lwa Sapiehy (далей - ADR). Kraków, 1885. S. 37-38, 99-100, 202-206; Archiwum Domu Sapiehów wydane staraniem rodziny (далей - ADS) / Wyd. dr. A. Prochaska. T.I (listy z lat 1585-1606). Lwów, 1892. S. 48-52, 56-57.

[7] Volumina Legum (далей - VL). Przedruk źbioru praw staraniem XX. Pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782 wydanego: W 8 t. T. 2. Petersburg, 1859. S. 304-326.

[8] Konopczyński W. Liberum veto: studyum porównawczo-historyczne. Kraków, 1918. S. 433-435.

[9] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (далей - НГАБ). Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 283. Арк. 19адв.-20адв. Агульнае апісанне працы сойма і прынятых на ім рашэнняў утрымліваецца ў гаспадарскай інструкцыі на павятовыя соймікі перад соймам 1590/91 г.: Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (далей - AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей - AR). Dział II. Nr. 239. S. 2-10, 13.

[10] Kronika Pawła Piaseckiego biskupa przemyślskiego. Kraków, 1870. S. 96-100.

[11] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 4-6.

[12] Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kancleris Mikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515-1584 m.). Vilnius, 2002. P. 331-332, 373. Тут М. Францковіч памылкова названы Мікалаем.

[13] Радаман А., Галубовіч В., Вілімас Д. Земскія ўраднікі Полацкага ваяводства (другая палова XVI-першая палова XVII стст.) // Полацкія гістарычныя запіскі. Т.1. 2004. С. 73; Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios... P. 331. Гэтую пасаду М. Францковіч займаў да сваёй смерці 12 сакавіка 1603 г.

[14] У 1585 г. ён (дарэчы, кальвініст, як і біржанскія Радзівілы) быў віленскім намеснікам: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy. T. 1: Województwo Wileńskie XIV-XVIII wiek / Pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2004. S. 160. Пра сваю службу К. Радзівілу ўзгадвае у адным са сваіх лістоў і сам М. Францковіч: "Былі часы, калі і па чатыры гады вашай міласці служыў, не беручы ні пенязя": AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 8. Аднак з сярэдзіны 1590-х гг. паміж полацкім падкаморым і віленскім ваяводам пачынаюцца маёмасныя канфлікты, якія нават даходзілі да судовых разбораў, напр. у 1596-1597 гг.: Ibidem. S. 11-15.

[15] Sapiehowie. Materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe: W 3 t. T. 1. Petersburg, 1890. S. 72, 145, 190-191. На жаль, як у айчыннай, так і замежнай гістарыяграфіі няма біяграфіі М. Францковіча. Увага была звернутая толькі на двух з трох сыноў полацкага падкаморыя - Юрыя і Мікалая: Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Мн., 2006. С. 705; Polski Słownik Biograficzny. T. VII, z. 1-4. S. 99-100.

[16] ADS. S. 48-52. Паводле Статута 1588 г. соймікі ў паветах ВКЛ павінны былі склікацца за 6 тыдняў да пачатку сойма, г.зн. якраз 25 студзеня: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн., 1989. С. 115; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 76. Па асабістай просьбе К. Радзівіла соймік у Вільні склікаўся на некалькі дзён пазней за іншыя соймікі ВКЛ - 5 лютага: ADR. S. 205.

[17] Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 331, 373.

[18] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. Warszawa, 2006. T. 1. S. 261, 266, 290.

[19] ADS. S. 48-49. Улетку 1587 г. у Рэчы Паспалітай былі выбраны адразу два каралі і вялікія князі: эрцгерцаг Максімільян Габсбург і шведскі каралевіч Жыгімонт Ваза. Барацьба паміж прэтэндэнтамі скончылася перамогай і каранацыяй Жыгімонта. Паводле Бытамска-Бендзінскага пагаднення, Максімільян павінен быў канчаткова адмовіцца ад усялякіх прэтэнзій на ўладу ў ВКЛ і Польшчы. Сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў гэты акт у 1589 г.: Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae. Vilnae, 1758. T. 1. S. 231-244; VL. T. 2. S. 278. Гл. таксама: Kempa T. Mikołaj Krzysztof... S. 274.

[20] У прыватнасці, М.К. Радзівіл і Л. Сапега: ADR. S. 37-38, 202-204.

[21] ADS. S. 56; Kempa T. Mikołaj Krzysztof... S. 277; Seredyka J. Senatorowie Rzeczypospolitej... S. 174; VL. T. 2. S. 305. К. Радзівіл прыбыў на сойм толькі пасля 12 красавіка: ADS. S. 56-57.

[22] Konopczyński W. Liberum veto... S. 435; VL. T. 2. S. 306-307, 316, 325.

[23] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 4.

[24] Kempa T. Mikołaj Krzysztof... S. 277.

[25] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 4.

[26] VL. T. 2. S. 304-305.

[27] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 5.

[28] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 362-363; VL. T. 2. S. 312.

[29] Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией: В 39 т. Т. 7. Вильна, 1874. С. 94-97; Т. 8. Вильна, 1874. С. 262-263; НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 65. Арк. 277адв.-281; Спр. 72. Арк. 62адв.-63адв., 64адв.-65адв.; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 214. S. 1-3; VL. Т. 2. S. 289. Гл. таксама: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 346-347.

[30] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 4-5.

[31] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 283. Арк. 20.

[32] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 5. Дарэчы, у Польшчы яшчэ перад соймам гучалі абвінавачванні ў бок літвінаў, што тыя, нягледзячы на ўсе просьбы, нічым не дапамагаюць палякам у змаганні з татарамі: ADR. S. 204. Такія закіды сустракаюцца таксама і ў лісце Я. Замойскага да К. Радзівіла: Ibidem. S. 99-100.

[33] Гл. лісты Л. Сапегі да К. Радзівіла з сойма ад 3 і 12 красавіка 1590 г.: ADS. S. 56-57.

[34] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 235, 255, 268; VL. Т. 2. S. 301-302, 319-326. На сойме былі прызначаны і паборцы ў большасці паветаў і ваяводстваў ВКЛ.

[35] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 238, 240, 268; VL. T. 2. S. 306-308. Правізарамі ад ВКЛ сталі таксама сенатары Я. Глябовіч, Л. Сапега, Дз. Халецкі і паслы А. Цеханавецкі, Р. Масальскі.

[36] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 259-260; VL. T. 2. S. 316. Ад кварты вызваляліся Гарадзенская і Берасцейская эканоміі, а таксама ўладанні, выдзеленыя на забеспячэнне каралевы Ганны.

[37] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 268; VL. T. 2. S. 316.

[38] VL. T. 2. S. 305-306. ВКЛ у Радзе прадстаўлялі сенатары Я. Кішка, Я. Глябовіч, Л. Сапега, Г. Война і Дз. Халецкі, а таксама земскія паслы: Я. Пац, Р. Масальскі, А. Цеханавецкі і А. Мялешка.

[39] Ibidem. S. 332.

[40] Карамзин Н.М. История государства Российского: В 3-х кн. Кн. 3. Т. 10. Спб., 1998. С. 325-328; Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Кн. 4 (1584-1613). Т. 7. М., 2001. С. 305-306.

[41] Kempa T. Mikołaj Krzysztof... S. 277.

[42] У прыватнасці, гэтыя лісты былі накіраваны ад князя Фёдара Мсціслаўскага, Барыса Гадунова і Фёдара Раманава. Маскоўскі ганец Андрэй Іваноў быў выслуханы ў Вільні 9 лютага 1590 г.: Карамзин Н.М. История государства… С. 328; Соловьев С.М. История России… С. 306; ADR. S. 205-206; Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика / Liet. istorijos inst. Kn. 594: 1585-1600 / Parengė A. Baliulis. Vilnius, 2006. P. 95-97.

[43] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 5.

[44] Konopczyński W. Liberum veto... S. 433-434.

[45] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 283. Арк. 19адв.-20адв.

[46] Konopczyński W. Liberum veto... S. 434.

[47] Не павінны былі пачынаць дзейнасці і правізары ад ВКЛ: Ibidem. S. 434-435. Дарэчы, супраць некаторых рашэнняў сойма пратэставала і частка польскай шляхты: Dzieje Sejmu Polskiego / Aut. J. Bardach, S. Grodziski, A. Gwizdz i in. Warszawa, 1993. S. 35; Konopczyński W. Liberum veto... S. 195, 255, 258; Opaliński E. Sejm srebrnego wieku (1587-1652). Między głosowaniem większościowym a liberum veto. Warszawa, 2001. S. 194, 234.

[48] Lietuvos Metrika. P. 98-156. Гл. таксама: Карамзин Н.М. История государства… С. 328; Соловьев С.М. История России… С. 307-311.

[49] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 244. S. 2.

[50] VL. T. 2. S. 316-317. Гл. таксама: Дружчыц В. Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі // Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску. 1925. № 6-7. С. 248; Rachuba A. Wielkie Księstwo... S. 186; Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z czasów Zygmunta III i Władysława IV Wazy. Wydanie II. Warszawa, 2001. S. 59.

[51] Подолинский В.А. Великое Княжество Литовское в системе представительных органов власти Речи Посполитой: обособленные формы парламентской деятельности в последней трети XVI в. // Парламентаризм в Республике Беларусь: опыт становления и развития: сб. науч. статей / Ин-т парламентаризма и предпринимательства; под ред. В.А. Божанова. Минск, 2006. С. 57-59.

[52] VL. T. 2. S. 317.

[53] У польскай і літоўскай гістарыяграфіі гэтая праблематыка вывучаецца даволі актыўна. Сярод асноўных даследаванняў адзначым: Рагаускене Р. Радзивилл Рыжий и Радзивилл Сиротка: преемственность клиентуры в Великом княжестве Литовском в XVI в. // На шляхах да ўзаемаразумення. Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 15. Мінск, 2000. С. 209-215; Augustyniak U. Dwór i klientela Krzysztofa Radziwiłła (1585-1640). Mechanizmy funkcjonowania patronatu. Warszawa, 2001; Eādem. W służbie hetmana i Rzeczypospolitej. Klientela wojskowa Krzysztofa Radziwiłła (1585-1640). Warszawa, 2004; Kempa T. Urzędnicy i klienci Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. Poznań, 2003. T. IX. S. 193-221; Mączak A. Klientela. Nieformalne systemy władzy w Polsce i Europie XVI-XVIII w. Wyd. 2. Warszawa, 2000; Idem. Rządzący i rządzeni. Władza i społeczeństwo w Europie wczesnonowożytnej. Wyd. 2, poprawione i uzupełnione. Warszawa, 2002; Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios...

[54] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 4.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX