Папярэдняя старонка: Падалінскі Уладзімір

Дзмітры Халецкі, падскарбі земскі Вялікага княства Літоўскага 


Аўтар: Уладзімір Падалінскі,
Дадана: 07-02-2012,
Крыніца: Уладзімір Падалінскі. Дзмітры Халецкі, падскарбі земскі Вялікага княства Літоўскага: ад 'слугі' да 'прыяцеля' // Парламенцкія структуры ўлады ў сістэме дзяржаўнага кіравання Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у XV-XVIII стагоддзях: Матэрыялы міжнар. навук. канферэнцыі (Мінск-Наваградак, 23-24 лістапада 2007 г.) / Навук. рэд. С.Ф. Сокал, А.М. Янушкевіч. - Мінск: БІП-С Плюс, 2008. - С. 127-151.

Спампаваць




Дзмітры Халецкі, падскарбі земскі Вялікага Княства літоўскага: ад "слугі" да "прыяцеля"

Назва дадзенага артыкулу ў пэўнай ступені адзываецца да працы Г. Міхаляк, у якім прасочваецца бліскучая і унікальная ў тагачаснай Рэчы Паспалітай кар'ера славутага канцлера і гетмана Каралеўства Польскага Яна Замойскага ды яго стасункі з Радзівіламі [1]. У Вялікім Княстве Літоўскім канца XVI ст. таксама можна знайсці прыклады, хаця, і не такога маштабу, уздыму прадстаўніка сярэдняй шляхты да вышэйшых кіроўных колаў краіны [2]. Менавіта такім выпадкам нам падаецца кар'ера Дзмітрыя Халецкага. У першую чаргу засяродзім увагу на яго парламенцкай дзейнасці [3].

Пачатак палітычнай кар'еры і соймавай дзейнасці Дз. Халецкага фактычна супадаюць. У верасні 1579 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый прызначыў яго мечнікам ВКЛ, а ўжо ў лістападзе Дз. Халецкі быў абраны паслом Трокскага ваяводства на вальны сойм Рэчы Паспалітай 1579-1580 г. [4] На сойме 1581 г. ён быў прызначаны адным з шафараў у ВКЛ - адказным за паступленне і размеркаванне ў войску ўхваленых падаткаў [5]. Адзначым, што на тым сойме польскія паслы неаднаразова патрабавалі праверыць, як у Княстве выдаткоўваюцца грошы з папярэдніх пабораў, зацверджаных на вядзенне вайны з Маскоўскай дзяржавай [6]. У такой сітуацыі абранне соймам Рэчы Паспалітай Дз. Халецкага на такі адказны ўрад сведчыць аб даволі высокай ступені даверу да яго з боку "палітычнага народу" краіны.

У наступныя гады панавання Стэфана Баторыя Дз. Халецкі палітычнай актыўнасці не праяўляў, выконваў розныя гаспадарскія даручэнні, умацоўваў сваё маёмаснае становішча [7]. Падобна, меў добрыя стасункі з чарэйскай лініяй Сапегаў. Так, у сакавіку 1586 г. ён выступіў палюбоўным суддзём з боку братоў Мікалая і Льва Сапегаў (дарэчы, стрыечных братоў падканцлера ВКЛ Льва Сапегі) у адным з іх судовых працэсаў [8].

Досыць гучна Дз. Халецкі заявіў аб сабе як аб папулярным у шляхецкім асяроддзі парламентарыі пад час бескаралеўя пасля смерці Стэфана Баторыя. Праўда, дзейнічаў ён яшчэ не самастойна, а паводле ўказанняў магутных патронаў. У красавіку 1587 г. мечнік ВКЛ атрымаў "ліст і загад" віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла прыбыць у Варшаву, на элекцыйны сойм, як яго "даўні слуга" [9]. Дз. Халецкі, які ўзгадняў свае дзеянні і з Л. Сапегам, абяцаў з'явіцца і ў Варшаве, і ў Ваўкавыску на Галоўным сойміку ВКЛ, каб дзейнічаць "не на словах, а на справе (…) паводле любога загаду" віленскага ваяводы [10]. Адначасова ён прасіў К. Радзівіла "не пакінуць слугі свайго і нявольніка" і абараніць яго інтарэсы ў маёмасным канфлікце з трокскім ваяводам Янам Глябовічам [11].

Верагодна, Дз. Халецкі прыбыў у чэрвені 1587 г. на Галоўны соймік, бо сенатары ў Ваўкавыску выдалі яму ліст на васкаўніцтва ў ВКЛ, але земскі падскарбі Фёдар Скумін-Тышкевіч выступіў супраць, і канчатковае рашэнне адклалі на волю будучага караля і вялікага князя [12]. На элекцыйным сойме Рэчы Паспалітай, які адбываўся пад Варшавай у ліпені-жніўні 1587 г., мечнік ВКЛ дакладна прысутнічаў і браў удзел у перамовах літвінаў з палякамі вакол умоў абрання новага кіраўніка краіны [13].

Выбары, як вядома, скончыліся расколам. Былі абраны адразу два каралі - шведскі каралевіч Жыгімонт Ваза і эрцгерцаг Максімільян з дынастыі Габсбургаў. Большасць літвінаў выступіла з пратэстам і не прызнала абодвух электаў, бо іх абранне адбылося без згоды прадстаўнікоў ВКЛ [14]. Пасля элекцыйнага сойма палітычная эліта ВКЛ фактычна раскалолася на два лагеры. Адны, на чале з К. Радзівілам, не прызнавалі вынікаў мінулых выбараў і выступалі за скліканне новай элекцыі, другія, лідэрам якіх па сутнасці стаў віленскі кашталян і канцлер ВКЛ Астафей Валовіч, заяўлялі аб падтрымцы Жыгімонта Вазы [15]. Верагодна, ужо на элекцыі, ці хутка пасля яе, у "партыі" шведскага каралевіча апынуўся і Дз. Халецкі [16]. Прынамсі, ён дзейнічаў ужо паводле ўказанняў А. Валовіча, "як айца свайго" [17].

Палітычны крызіс у Рэчы Паспалітай усё больш паглыбляўся. Ні Максімільян, ні Жыгімонт не збіраліся адмаўляцца ад свайго выбрання. Галоўны з'езд у Вільні 8-20 лістапада 1587 г. павінен быў канчаткова вызначыць, на чыім баку выступіць кіроўная эліта Княства і якую тактыку далейшых дзеянняў абярэ. Дз. Халецкі на з'ездзе быў адным з галоўных прыхільнікаў шведскага каралевіча. Значным поспехам "партыі" Жыгімонта Вазы было абранне Дз. Халецкага маршалкам пасольскага кола [18].

Аднак, з іншага боку, ён разам са сваімі аднадумцамі аказаўся ў Вільні ў меншасці. Так, падчас галасавання шляхты па кандыдатах, толькі 13 паслоў, разам з мечнікам ВКЛ, выказаліся ў падтрымку Жыгімонта, у той час як Максімільяна падтрымала 70 шляхціцаў, яшчэ два ўстрымаліся [19]. Праціўнікі Жыгімонта Вазы спрабавалі паўплываць на пазіцыю пасольскага маршалка не толькі парламенцкімі метадамі: Дз. Халецкі паведамляў А. Валовічу, што на з'ездзе "досыць (…) пагрозаў выцерпеў" [20].

Тым не менш, у Вільні прыйшлі да пэўнага кампрамісу. Да абодвух прэтэндэнтаў ад сенатараў і паслоў было накіравана пасольства, якое мела паўнамоцтвы весці з імі перамовы і вызначыцца, каго ВКЛ урэшце прызнае каралём і вялікім князем. Шляхецкую частку паслоў узначаліў Дз. Халецкі [21]. Паслы, разам з іншымі сенатарамі і шляхтай, сустрэліся з прадстаўнікамі абодвух прэтэндэнтаў на ўладу ў Рэчы Паспалітай на з'ездзе ў Берасці ў снежні 1587 г. На той момант палітычная сітуацыя ў краіне змянілася і большасць літвінаў выказалася ў падтрымку Жыгімонта Вазы. Пасольства, вызначанае яшчэ ў Вільні, хаця і ў даволі змененым складзе, накіравалася ў Кракаў на каранацыйны сойм. На чале паслоў ад шляхты на каранацыю паехаў і Дз. Халецкі [22].

На пасяджэннях у Кракаве ў 1587/1588 г. ён сябе асабліва нічым не праявіў, але адразу пасля сойма ў лютым 1588 г., відаць за актыўную падтрымку Жыгімонта Вазы ў час бескаралеўя, Дз. Халецкі быў прызначаны дворным падскарбіем ВКЛ, а таксама атрымаў ад новага караля і вялікага князя прывілей на васкаўніцтва ў Вялікім Княстве [23]. Таксама ў лютым 1588 г. ён быў прызначаны адным з камісараў у Інфлянты, каб правесці падзел правінцыі пароўну паміж ВКЛ і Польшчай [24].

У часы панавання Жыгімонта Вазы новы дворны падскарбі Вялікага Княства надзвычай актыўна ўдзельнічаў у парламенцкім жыцці краіны. Так, ён быў абраны паслом Трокскага ваяводства на вальны сойм Рэчы Паспалітай 1589 г. (хутчэй за ўсё, з Гарадзенскага павета) [25]. Больш таго, земскія паслы ВКЛ і Польшчы абралі Дз. Халецкага маршалкам пасольскай ізбы, хаця той з пачатку і адмаўляўся ад такой адказнай пасады [26]. Аднак з традыцыйнай прывітальнай прамовай перад каралём выступіў не пасольскі маршалак, як павінна было быць, а стольнік ВКЛ Крыштаф Дарагастайскі [27]. Невядома, чаму з прамовай не выступіў сам Дз. Халецкі. Верагодна, абранне маршалкам было для яго нечаканасцю і выступіць "з чыстага ліста" не хапіла аратарскага майстэрства.

На сойме, акрамя ўхвалення падаткаў, былі прыняты рашэнні, якія непасрэдна датычыліся скарбовай сістэмы дзяржавы. Напэўна, дворны падскарбі ВКЛ адыграў у гэтым не апошнюю ролю. Соймавай канстытуцыяй зацвярджаўся прывілей, выдадзены Жыгімонтам Вазам яшчэ на каранацыі 28 студзеня 1588 г., згодна з якім Гарадзенскае і Берасцейскае староствы, Аліцкая, Кобрынская, Шаўліская і Магілёўская дзяржавы з усімі фальваркамі, мястэчкамі, вёскамі, воласцямі, сёламі, лясніцтвамі і даходамі перадаваліся, з захаваннем правоў актуальных трымальнікаў, на забеспячэнне гаспадарскага "стала" ў ВКЛ з забаронай іх наступнай раздачы "никому зо всими доходами ихъ безъ чиненья личбы…, одно на личбе людемъ заслужонымъ водле права народу великого князства Литовского" [28]. Акрамя таго, сойм прызначыў у ВКЛ на два гады "новападвышонае"мыта, палова прыбытку з якога накіроўвалася на выкуп даменіяльных уладанняў, перададзеных у «заставу» яшчэ перад Люблінскай уніяй (напр., Бабруйскага, Любашанскага старостваў і інш.) [29].

Можна меркаваць, што на сойме 1589 г. Дз. Халецкі карыстаўся падтрымкай як Жыгімонта Вазы, так і першага свецкага сенатара ВКЛ К. Радзівіла. Віленскі ваявода ў Варшаве прапаноўваў каралю на пасаду земскага падскарбія ВКЛ менавіта яго кандыдатуру [30]. Хаця з гэтай намінацыяй прыйшлося пачакаць, але ў траўні 1589 г., адразу пасля сойма, дворны падскарбі атрымаў прывілей на віленскае "дровництво" [31].

Падчас наступнага вальнага сойма Жыгімонт Ваза 6 красавіка 1590 г. усё ж прызначыў Дз. Халецкага земскім падскарбіем ВКЛ [32] Такім чынам, 40-гадовы Дз. Халецкі стаў сенатарам.

Да сваёй смерці ў студзені 1598 г. удзельнічаў ва ўсіх соймах Рэчы Паспалітай: 1590, 1590/91, 1592, 1593, 1595, 1596 і 1597 гг. [33] У цэлым, у сваёй парламенцкай дзейнасці земскі падскарбі ВКЛ выступаў як паслядоўны раяліст, знаходзіўся на баку Жыгімонта Вазы пры вырашэнні важнейшых пытанняў унутранай і знешняй палітыкі краіны. На вальным сойме 1590 г. Жыгімонт Ваза ў сувязі з небяспекай вайны з Турцыяй утварыў Ваенную раду, у склад якой увайшлі як сенатары, так і земскія паслы ВКЛ ды Польшчы. Вялікае Княства ў Радзе, прынамсі, з боку сенатараў, рэпрэзентавалі выключна раялісты: Я. Глябовіч, віленскі кашталян Ян Кішка, канцлер Л. Сапега, падканцлер Габрыэль Война, а таксама Дз. Халецкі [34]. Ён падтрымаў караля, калі той вырашыў склікаць вальны сойм 1595 г. не ў Варшаве, а ў Кракаве, нягледзячы на хвалю незадаволенасці такім рашэннем у Рэчы Паспалітай [35]. Дз. Халецкі апынуўся на баку Жыгімонта Вазы і ў сітуацыі, калі "палітычны народ" Княства адмаўляўся выдаваць паборы, ухваленыя на соймах 1593 і 1595 гг., патрабуючы ад караля і вялікага князя адмяніць намінацыю паляка Бернарда Мацяёўскага на пасаду віленскага біскупа [36]. Як вядома, Жыгімонт Ваза ў 1591 г. прызначыў віленскага біскупа Юрыя Радзівіла кракаўскім біскупам, а на яго месца, насуперак Статуту ВКЛ [37], луцкага біскупа Б. Мацяёўскага.

Дз. Халецкі лічыў няслушным звязваць выплату пабораў з вырашэннем канфлікту. Так, на павятовым сойміку ў Вільні ў лютым 1596 г. Дз. Халецкі настойліва заклікаў шляхту і сенатараў ВКЛ згадзіцца выплаціць падаткі [38]. Магчыма, пад яго ўплывам, як і іншых раялістаў, на Галоўным сойміку ў Слоніме ў сакавіку 1596 г. сенатары і паслы Вялікага Княства ўжо схіляліся да выдачы спрэчных пабораў і, увогуле, падтрымалі фінансавыя ініцыятывы Жыгімонта Вазы [39]. У гэтым канфлікце земскі падскарбі быў настолькі паслядоўным, што ў жніўні 1597 г. нават выклікаў спецыяльнымі мандатамі адказваць перад гаспадарскім судом некаторых павятовых паборцаў ВКЛ за нявыплату ў скарб пабораў 1593 і 1595 гг. [40] Што датычыць знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай, то Дз. Халецкі двойчы, на соймах 1595 і 1596 гг., уключаўся ў склад камісіі, якая павінна была весці перамовы з прадстаўнікамі еўрапейскіх дзяржаў аб умовах стварэння Хрысціянскай Лігі - саюза дзяржаў Еўропы, скіраванага на барацьбу з экспансіяй Турцыі і яе васалаў - крымскіх татар [41].

У пытаннях, якія непасрэдна закраналі правы і свабоды ВКЛ, яго ўнутрыпалітычную аўтаномію, Дз. Халецкі перадусім абараняў інтарэсы Княства. Так, на сойме 1590/91 г. ён спачатку адмовіў просьбе Жыгімонта Вазы выдаць са скарбу ВКЛ 5 000 злотых, бо скарб Кароны не меў сродкаў, на выплату "стравы" (кошту паездкі на сойм) польскім паслам, якія без гэтага нават не хацелі прыступаць да абмеркавання соймавых спраў. Аднак пад ціскам сената Рэчы Паспалітай і пасля згоды ўсіх сенатараў Княства, хто быў на сойме, земскі падскарбі ўсё ж тыя грошы выдаў [42].

Найбольш паслядоўна адстойваў Дз. Халецкі правы ВКЛ у канфлікце вакол віленскага біскупства. Земскі падскарбі быў адным з першых, хто выступіў супраць намінацыі Б. Мацяёўскага на гэты ўрад. На Галоўным з'ездзе ВКЛ у Вільні 20 мая 1591 г. 11 сенатараў, у т.л. і Дз. Халецкі, звярнуліся з лістом да Жыгімонта Вазы і Ю. Радзівіла. Яны прасілі караля і вялікага князя не парушаць ні сваёй прысягі, ні правоў ды вольнасцей Вялікага Княства і прызначыць віленскім біскупам толькі літвіна, а Ю. Радзівіла заклікалі паступаць "з міласці да сваёй Айчыны, (…) наследуючы ў гэтым продкаў сваіх, якія запабягалі раздачы палякам урадаў ВКЛ" і раілі адмовіцца ад пасады кракаўскага біскупа, за што ён "ад усіх станаў і браціі народу нашага міласць і пахвалу атрымае і несмяротную славу" [43].

Дз. Халецкі захоўваў прынцыповую пазіцыю і ў далейшым. Так, у сваім выступленні на перадсоймавым сойміку ў Вільні ў лютым 1596 г. ён выказваўся за тое, каб віленскае біскупства было нададзена паводле пастаноў Галоўных з'ездаў ВКЛ, г.зн. толькі літвіну [44]. Падпісаў Дз. Халецкі і ліст ад сенатараў і шляхты Княства да Б. Мацяёўскага, высланы з пасяджэння Трыбуналу ВКЛ у чэрвені 1597 г., у якім літвіны зноў выказвалі пратэст супраць намінацыі паляка на віленскае біскупства і падкрэслівалі нязменнасць сваёй пазіцыі ў дадзеным канфлікце [45].

Аднак найбольшую актыўнасць праявіў Дз. Халецкі ў дзейнасці, непасрэдна звязанай са скарбам. На вальным сойме 1590/91 г. была створана камісія (правобраз скарбовага Трыбуналу ВКЛ), якая мела на мэце правесці рэвізію ўсіх мінулых пабораў, прызначаных ад каранацыі Стэфана Баторыя ў 1576 г. Усе шафары і паборцы, старосты і іх нашчадкі павінны былі прадставіць справаздачы аб зборы ўсіх падаткаў перад земскім або дворным падскарбіем і інстыгатарамі, у складзе 4 сенатараў, прызначаных на сойме, і прадстаўнікоў шляхты, выбраных на адпаведных паслясоймавых з'ездах у кожным ваяводстве ВКЛ [46]. Камісія разгарнула актыўную працу. Яна паслядоўна дабівалася, нават праз гаспадарскі суд, выплаты ў Княстве кварты (1/4 даходаў) з даменіяльных уладанняў, ухваленай на сойме 1590 г. [47]

У выніку ў камісіі і асабіста ў Дз. Халецкага ўзнікалі канфлікты з трымальнікамі такіх маёнткаў, якія збольшага паходзілі з магнацкага кола. Так, К. Радзівіл і яго пляменнік мазырскі староста Юры Радзівіл абвінавачваліся ў нявыплаце кварты з індурскай, мерацкай, мазырскай і барысаўскай дзяржаў [48]. Зразумела, што гэта справа прывяла да напружанасці ў адносінах Дз. Халецкага са сваім патронам. Земскі падскарбі і камісія мелі таксама прэтэнзіі ў нявыплаце кварты да полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага, канюшага ВКЛ Гераніма Хадкевіча і інш. [49]

Важнейшым бокам парламенцкай дзейнасці Дз. Халецкага ў 1590-я гг. былі спробы рэфармавання скарбовай сістэмы ВКЛ. У кастрычніку 1590 г. з Гародні ён даслаў ліст на перадсоймавы соймік у Вільні (магчыма, такія лісты былі дасланы і на іншыя павятовыя соймікі Княства), дзе падрабязна пералічыў праблемы, з якімі сутыкнуўся надворны і земскі скарб, і прапанаваў канкрэтныя захады па іх вырашэнні [50].

Земскі падскарбі ВКЛ скардзіўся, што гаспадарскія ўладанні трымаюцца з парушэннем права, і раздаваліся ўжо пасля уніі, заднім днём, а сталовыя маёнткі, насуперак прывілею 1588 г., таксама раздаюцца, абцяжарваюцца юргельтамі, аддаюцца трымальнікам у "няслушную" арэнду з беспадстаўна заніжанымі чыншамі і павіннасцямі, закладваюцца без згоды сойма [51]. Звяртаў увагу шляхты Дз. Халецкі і на тое, што дзяржаўцы гаспадарскіх маёнткаў не робяць "лічбу" (справаздачу) з даходаў перад падскарбіем, чым змяншаюць яго ўладу, без ведама караля і скарба ў каралеўскіх лясах вырабляюць "лясныя тавары", прадаюць іх і забіраюць сабе прыбытак, наносячы вялікую шкоду скарбу, як надворнаму, так і земскаму [52]. У выніку, на думку земскага падскарбія, кароль і яго двор не могуць мець належнага забеспячэння, а шляхта пастаянна мусіць плаціць розныя паборы.

Каб вырашыць праблемы скарбу і зняць падатковы цяжар са шляхты, Дз. Халецкі заклікаў даваць даменіяльныя маёнткі толькі на ўмовах выканання дзяржаўцамі "лічбы" перад скарбам, забараніць абцяжарваць сталовыя ўладанні арэндамі і юргельтамі, усе "лясныя тавары" ў каралеўскіх лясах вырабляць выключна са згоды караля і ведама скарба [53]. На выкуп закладзеных гаспадарскіх маёнткаў земскі падскарбі ВКЛ прапаноўваў ухваліць на 5 гадоў "новападвышонае"мыта, прычым ён асабліва звяртаў увагу, што мыта не закране інтарэсаў шляхты, а толькі купцоў. Пасля выкупу, неабходна было правесці рэвізію маёнткаў і ўвесці з іх кварту, якая б ішла на ўтрыманне жаўнераў і забеспячэнне памежных замкаў [54]. Дз. Халецкі заклікаў шляхту даручыць сваім паслам на сойме разгледзець гэтыя прапановы і стварыць спецыяльную соймавую камісію, якая б разабралася з усімі парушэннямі пастаноў і прывілеяў, што датычылі скарбу [55].

З такой шырокай праграмай рэформаў Дз. Халецкі выступіў без узгаднення з вышэйшымі коламі палітычнай эліты ВКЛ. Зразумела, магнатэрыя Княства, з асяроддзя якой паходзіла большасць старостаў і дзяржаўцаў гаспадарскіх (у т.л. і сталовых) маёнткаў, не магла падтрымаць фактычна ўвядзенне ў ВКЛ экзекуцыйнага заканадаўства, ад якога яна абараніла сябе на сойме 1569 г. у Любліне [56]. Так, Л. Сапега ў лістах да К. Радзівіла ў лістападзе 1590 г. абураўся, што земскі падскарбі даслаў пісьмовую прапазіцыю на соймікі, на што права меў толькі кароль, і прапаноўваў правесці экзекуцыю ў ВКЛ. Канцлер заўважаў, што "трэба мець вока на таго новага сенатара і ўрадніка", які "(...) зусім хоча дзяржаву перавярнуць, права паламаць і г.д." [57] Л. Сапега нават заклікаў К. Радзівіла прыбыць на паседжанні Галоўнага сойміка ў лістападзе 1590 г. у Слоніме, каб там нейтралізаваць дзейнасць Дз. Халецкага [58].

Што датычыць павятовых соймікаў ВКЛ, то іх рэакцыю на прапановы земскага падскарбія цяжка вызначыць з-за недахопу крыніц. Напрыклад, шляхта Віленскага і Ашмянскага паветаў у цэлым адрэагавала досыць стрымана. Соймік у Вільні выказаў сумненне ў цяжкім становішчы надворнага скарбу, вызнаў увядзенне ў ВКЛ кварты супярэчным умовам Люблінскай уніі і забараніў паслам абмяркоўваць і зацвярджаць кварту, а таксама ўхваляць мыта на 5 гадоў. У той жа час ён даручыў сваім паслам прасачыць, каб сталовыя маёнткі не абцяжарваліся арэндамі, шкоднымі краіне, згадзіўся, каб дзяржаўцы гаспадарскіх уладанняў рабілі "лічбу" з даходаў і нагадаў, каб, паводле канстытуцыі 1589 г., грошы з "новападвышонага" мыта ішлі толькі на выкуп перададзеных у «заставу» даменіяльных маёнткаў [59]. У інфармацыі Дз. Халецкага аб раздачы гаспадарскіх уладанняў заднім днём, пасля уніі, віленская шляхта ўбачыла абразу былых кіраўнікоў канцылярыі і скарба ды нагадала земскаму падскарбію, каб той не перавышаў сваіх паўнамоцтваў [60].

Ашмянскі соймік таксама не паверыў у крытычны стан каралеўскага скарбу, але гатовы быў згадзіцца на адмену юргельтаў і ўвядзенне кварты, аднак, пры ўмове, што яна будзе ісці толькі ў скарб ВКЛ, а таксама заклікаў паслоў узняць пытанне аб перададзеных у «заставу» пасля уніі і без згоды сойма гаспадарскіх уладаннях і прасачыць, каб палова сумы ад мыта 1589 г. ішла на выкуп даменіяльных маёнткаў [61].

Падобна, што разлік Дз. Халецкага зацікавіць шляхту ў рэформах тым, што гэта можа зняць з яе падатковы цяжар, а таксама апеляцыяй да яе патрыятызму, зважаючы на крызіс скарбовай сістэмы дзяржавы, у поўнай меры не спраўдзіўся. Гэта магчыма растлумачыць тым, што адна частка шляхецтва ВКЛ па-ранейшаму заставалася пад уплывам магнатэрыі, другая не мела дастатковай інфармацыі і не ўсведамляла сур'ёзнасць праблемаў, з якімі сутыкнуўся скарб, а трэцяя проста не магла фармуляваць самастойных патрабаванняў і дабівацца іх выканання.

На вальным сойме 1590/91 г. Дз. Халецкі таксама звяртаў увагу сенатараў і земскіх паслоў на пусты скарб, але абмеркаванне фінансавай сітуацыі ў дзяржаве не мела вынікаў [62]. Прадстаўнікі ВКЛ нават не ўхвалілі падаткаў, а перанеслі іх зацвярджэнне на разгляд паслясоймавых рэляцыйных соймікаў у паветах [63].

Аднак ні Дз. Халецкі, ні шляхта, зацікаўленая ў ажыццяўленні прапанаваных рэформ, ад сваіх ідэй не адмовіліся. У траўні 1591 г. у Вільні адбыўся Галоўны з'езд ВКЛ, на якім дыскусія аб становішчы скарбу разгарнулася з новай сілай. Паслы ад паветаў Княства прадставілі сенатарам шэраг прапаноў па паляпшэнні фінансавага стану краіны, якія ў значнай ступені супадалі з прапановамі, агучанымі Дз. Халецкім увосень 1590 г. У прыватнасці, шляхта прасіла не раздаваць больш каралеўскія ўладанні, не даваць эканоміі ці іх часткі (ключы) у арэнду, заклікала выкупіць усе гаспадарскія маёнткі і ўвесці з іх пастаянную кварту (суму якой паслы ацэньвалі ў 100 000 зл. штогод), а таксама выслаць рэвізораў у такія маёнткі, каб правесці іх люстрацыю [64].

Сенатары ў сваім адказе паслам частку іх прапаноў адхілілі, частку падтрымалі. Сенат не пагадзіўся, каб была спынена раздача гаспадарскіх уладанняў (за выключэннем сталовых маёнткаў), бо бачыў у гэтым крыніцу ўзнагароды заслужаных людзей, выступіў супраць правядзення люстрацыі і адмовіўся ўводзіць кварту, спаслаўшыся на тое, што аб гэтым пытанні няма ніякай інфармацыі ад Жыгімонта Вазы і, увогуле, з'езд быў скліканы з іншай мэтай [65]. Разам з тым, сенатары ВКЛ згадзіліся зацвердзіць ланавы і чопавы падаткі на выкуп закладзеных даменіяльных уладанняў, захаваўшы правы тагачасных уладальнікаў. Яны пагадзіліся аддаваць каралеўскія маёнткі ў заставу не "да жывата", але толькі да моманту выплаты пазычанай скарбу сумы, падтрымалі пастулат, каб сталовыя маёнткі ці асобныя іх часткі не аддаваліся ў арэнду і каб адзін чалавек не трымаў больш за адну эканомію [66]. Абмяркоўваць прапанову паслоў аб выкупе з уведзенай кварты ўсіх гаспадарскіх уладанняў у ВКЛ сенатары не сталі, патлумачыўшы сваю пазіцыю тым, што гэта пытанне будучыні, а зараз трэба вырашаць надзённыя праблемы: забеспячэнне каралеўскага скарбу, выплату татарскіх падарункаў, утрыманне маскоўскіх паслоў і фінансавую дапамогу польскаму боку [67].

На нашу думку, менавіта Дз. Халецкі, які, нагадаем, браў удзел у пасяджэннях Галоўнага з'езда 1591 г., быў ініцыятарам (ці адным з галоўных ініцыятараў) гэтага выступлення шляхецкіх паслоў за рэформу скарбовай сістэмы ВКЛ.

Бурлівая дзейнасць Дз. Халецкага ўсё ж не прыносіла значных вынікаў. Кварта ў ВКЛ уведзена не была, грошы, сабраныя на выкуп перададзеных у «заставу» гаспадарскіх уладанняў, па прызначэнні не выкарыстоўваліся. А вось адносіны земскага падскарбія з першым свецкім сенатарам ВКЛ значна пагоршыліся. Ужо ў лісце да віленскага ваяводы ад 6 лістапада 1590 г., Дз. Халецкі згадвае пра "няласку" да сябе з боку К. Радзівіла, а ў ліпені 1594 г. адзначае, што Радзівіл яго "ад сябе і ад паслуг сваіх" адштурхоўвае [68].

Разам з тым, земскі падскарбі паступова станавіўся ўсё больш самастойным палітычным дзеячам. Пра павышэнне сацыяльнага статусу Дз. Халецкага сведчыць тое, што ў сакавіку 1593 г. ён у лісце да віленскага ваяводы ўпершыню падпісваецца ўжо не толькі як "слуга", але і "прыяцель добразычлівы" К. Радзівіла [69]. Свой статус Дз. Халецкі ўмацоўваў і дзякуючы паляпшэнню матэрыяльнага становішча: з 1592 г. ён трымаў адны з буйнейшых старостваў у Княстве - Берасцейскае і Магілёўскае [70].

Пасля пэўнага перапынку пытанне паляпшэння фінансавага стану скарбу было ўзнята ў 1593 г. Верагодна, сітуацыю з эканоміямі ў ВКЛ абмяркоўвалі на сойме Рэчы Паспалітай таго года. Прынамсі, 10 мая 1593 г., у самым пачатку сойма, па просьбе Дз. Халецкага з кніг канцылярыі яму быў выдадзены «видимусъ» прывілея Жыгімонта Вазы ад 1 лютага 1588 г., у якім, акрамя іншага, утрымліваўся артыкул аб стварэнні ў ВКЛ сталовых маёнткаў [71]. Аднак калі земскі падскарбі і звяртаў увагу на парушэнне прывілея ці прапаноўваў нейкія захады па выпраўленні сітуацыі, ніякіх канкрэтных рашэнняў у Варшаве прынята не было [72].

Больш грунтоўная дыскусія аб фінансавым становішчы ў краіне адбылася ў Вільні на Галоўным з'ездзе ВКЛ у ліпені-жніўні 1593 г. На з'ездзе зацвярджаліся, пры пэўных умовах да Жыгімонта Вазы, ланавы і чопавы падаткі, шос і пагалоўны пабор з габрэйскага насельніцтва [73]. Прысутныя ў Вільні сенатары і паслы дамовіліся, каб грошы з пабору 1591 г., паводле супольнага рашэння і згоды ўсіх станаў ВКЛ на Галоўным сойміку ў Слоніме перад будучым соймам, накіраваць на выкуп гаспадарскіх уладанняў [74]. Былі прызначаны дэпутаты, якія мелі кантраляваць збор падаткаў, ухваленых у 1591 г., і захоўваць сабраныя на выкуп грошы: ад сенатараў - ваявода менскі Ян Абрамовіч і Дз. Халецкі, ад шляхты - лоўчы ВКЛ Ян Нарушэвіч, маршалак гаспадарскі Мальхер Шэмет, падкаморы трокскі Багдан Агінскі і намеснік віленскі Мікалай Зяновіч [75].

З'езд звяртаўся да Жыгімонта Вазы з просьбай, каб той сваім прывілеем дазволіў выкупіць даменіяльныя маёнткі ў ВКЛ, застаўленыя перад Люблінскай уніяй, з варункам, што трымаць іх будзе земскі падскарбі, які даходы з гэтых уладанняў будзе аддаваць з "лічбай" у земскі скарб [76].

На з'ездзе таксама ўзнялі пытанне аб тым, што некаторыя дзяржаўцы карыстаюцца сталовымі маёнткамі насуперак прывілея 1588 г. і соймавай канстытуцыі 1589 г., нічога з іх не выплачваюць у скарб, з-за чаго надворнаму скарбу наносіцца вялікая шкода. Сенатары і паслы адзначылі, што такія пытанні могуць быць вырашаны толькі на вальным сойме, таму дамовіліся на будучым сойме адразу ж разабрацца з гэтай праблемай [77]. Заўважым, што пытанне ўвядзення кварты з гаспадарскіх уладанняў, як тое было на Галоўным з'ездзе 1591 г., у рашэннях з'езда 1593 г. не было адлюстравана, а, магчыма, і не ўздымалася.

Наступны вальны сойм Рэчы Паспалітай быў скліканы ў Кракаве на 6 лютага 1595 г. Дз. Халецкі, абапіраючыся на пастанову Галоўнага з'езда 1593 г., зноў паспрабаваў вынесці на абмеркаванне сойма праблемы выкупу перададзеных у «заставу» маёнткаў, увядзення кварты, выканання прывілея аб утварэнні эканомій.

У лісце да К. Радзівіла (не выключана, што з падобнымі лістамі ён мог звярнуцца і да іншых сенатараў і шляхты) Дз. Халецкі заклікаў на Галоўным сойміку ў Слоніме, які павінен быў адбыцца ў 20-х чыслах студзеня 1595 г., разгледзець наступныя пытанні. Па-першае, земскі падскарбі звяртаў увагу віленскага ваяводы, што прывілей 1588 г. не выконваецца, бо частку з эканомій трымаюць без законных падстаў, на "благіх і малых чыншах" (з валокі выплачваецца па 1 зл., калі, на думку падскарбія, можна было б браць па 10 зл.), у "лёгкіх арэндах" (з заніжанымі выплатамі ў скарб). Дз. Халецкі ў асобе К. Радзівіла заклікаў сенатараў, як "чуйных вартаўнікоў Рэчы Паспалітай", разабрацца на Галоўным сойміку і сойме з такімі парушэннямі і вызначыць за іх соймавай канстытуцыяй больш жорсткія пакаранні, бо эканоміі разараюцца і ў выпадку прыезду караля ў ВКЛ не будзе чым забяспечыць яго "стол" [78]. Па-другое, Дз. Халецкі адзначаў, што грошы з пабору 1591 г. ляжаць у яго і іншых дэпутатаў без справы, "цвіллю пакрываюцца", а для карысці краіны лепш было б за гэтыя сродкі выкупіць застаўленыя даменіяльныя ўладанні і ўвесці з іх кварту, якая б штогод ішла ў земскі скарб і, адпаведна, была б пастаяннай крыніцай яго павелічэння. Таму земскі падскарбі прапаноўваў станам ВКЛ вынесці гэтае пытанне на абмеркаванне на вальным сойме. Жыгімонт Ваза, па меркаванню Дз. Халецкага, такой прапанове пярэчыць не будзе і зацвердзіць адпаведнае рашэнне [79].

На Галоўным сойміку ў студзені 1595 г. Дз. Халецкі не прысутнічаў, але быў там К. Радзівіл [80]. Ці абмяркоўваліся ў Слоніме прапановы земскага падскарбія невядома. Хутчэй за ўсё, асноўная ўвага пасяджэнняў была прысвечана пытанню, ці ехаць сенатарам і паслам ВКЛ на сойм у Кракаў, ці толькі адправіць дэлегацыю з пратэстацыяй, бо шмат хто ў Княстве, у т.л. віленскі ваявода, лічылі скліканне вальнага сойма не ў Варшаве парушэннем умоў Люблінскай уніі [81].

На сойме ў Кракаве, на якім прысутнічаў і Дз. Халецкі, нічога не было вызначана ні наконт пакарання парушальнікаў прывілея 1588 г., ні наконт увядзення ў ВКЛ кварты, ні наконт накіравання грошай з пабору 1591 г. на выкуп аддадзеных у «заставу» уладанняў. Рэхам на ідэю аб выкупе гаспадарскіх маёнткаў можна лічыць толькі запіс у падатковым універсале аб тым, што рэшта з пабору 1593 г., калі будзе сабрана звыш 100 000 злотых, абяцаных непасрэдна Жыгімонту Вазе, павінна пайсці на выкуп у нашчадкаў М. Палецкага і М. Стравінскага дзяржавы Эйшышкі і даходаў з Магілёва адпаведна, аддадзеных у «заставу» яшчэ Стэфанам Баторым на патрэбы вайны з Маскоўскай дзяржавай [82].

Хаця прапановы Дз. Халецкага так і не даходзілі да лагічнага завяршэння, ён усё роўна настойліва дамагаўся правядзення рэформы скарбовай сістэмы ВКЛ. У лютым 1596 г. на перадсоймавым сойміку ў Вільні земскі падскарбі зноў даводзіў шляхце неабходнасць заснавання пастаяннага скарбу ў краіне. Для гэтага Дз. Халецкі прапаноўваў выкупіць застаўленыя гаспадарскія ўладанні і ўвесці з усіх даменіяльных маёнткаў штогадовую кварту, прыбытак з якой ён ацэньваў, "калі б справядліва даходзіла", у звыш за 160 000 злотых [83] З пастаяннага скарбу, на думку Дз. Халецкага, сродкі маглі б ісці на абарону, забеспячэнне і пабудову замкаў і, што асабліва магло зацікавіць шляхецтва - на аплату паездак павятовых паслоў на вальны сойм [84]. І сапраўды, частка ўдзельнікаў віленскага сойміка падтрымала прапановы земскага падскарбія: падчашы ВКЛ Крыштаф Дарагастайскі, віленскі земскі пісар Мальхер Пяткевіч і некаторыя іншыя [85].

Пра выкуп гаспадарскіх уладанняў згадала ў лютым 1596 г. на сваім сойміку і аршанская шляхта. Павятовым паслам яна даручала прасіць Жыгімонта Вазу, каб ён дазволіў выкупіць за сродкі пабору 1591 г. даменіяльныя ўладанні [86].

Аднак у палітычнай эліты ВКЛ і ў Жыгімонта Вазы былі іншыя намеры наконт гэтага пабору. У лютым 1596 г. Л. Сапега раіў накіраваць грошы, якія, на яго думку, ніякай карысці дзяржаве не прыносяць, на найм войска для барацьбы з казацкім бунтам Севярына Налівайкі [87]. Такую ідэю падтрымліваў і Жыгімонт Ваза. Дарэчы, Дз. Халецкі таксама прапаноўваў выкарыстаць грошы з падаткаў 1591 г. на найм жаўнераў, але заклікаў кампенсаваць гэтыя выдаткі за кошт пабору, прынятага на сойме 1595 г. [88].

Вядома, што земскі падскарбі прысутнічаў на Галоўным сойміку ў Слоніме ў сакавіку 1596 г. [89] Сенатары і паслы ВКЛ вырашылі наймаць жаўнераў для барацьбы з бунтам казакоў за сродкі пабору 1591 г., аднак з агаворкай, што грошы на выкуп гаспадарскіх уладанняў будуць кампенсаваны "для памнажэння пажыткаў к[араля] я[го] м[іласці] і заснавання скарбу Рэчы Паспалітай" [90]. Цалкам магчыма, што гэтая агаворка была ўпісана ў тэкст пастановы Галоўнага сойміка менавіта па ініцыятыве Дз. Халецкага і той шляхты, што падтрымлівала яго ідэі аб утварэнні пастаяннага скарбу ў ВКЛ. Між іншым, у гэтую пастанову быў унесены пастулат і аб тым, каб прыбыткі з вырабу "лясных тавараў" ішлі толькі ў надворны скарб і каб дзяржаўцы, якія не маюць адпаведных прывілеяў, рабілі "лічбу" з такой сваёй дзейнасці [91], г.зн. было ўзнята пытанне, увагу на якое Дз. Халецкі звяртаў яшчэ ў кастрычніку 1590 г.

На вальным сойме Рэчы Паспалітай 1596 г. пытанні выкупу ў ВКЛ гаспадарскіх уладанняў, увядзення кварты і заснавання пастаяннага скарбу зноў былі абыдзены ўвагай. Грошы жаўнерам за барацьбу з казакамі былі выплачаны з падаткаў, ухваленых у 1595 г. [92], а пабор 1591 г. так і не быў выкарыстаны па прызначэнні. Хаця адразу пасля сойма 1596 г. Жыгімонт Ваза выдаў лісты аб выкупе Бабруйска ў Яна Баяноўскага і Мейшагалы ў К. Радзівіла Гэта выклікала вельмі сур'ёзны канфлікт паміж земскім падскарбім і віленскім ваяводам [93].

Вальны сойм 1598 г. ужо пасля смерці Дз. Халецкага са сродкаў падаткаў 1591 г. і рэшты пабору 1595 г. выдаткаваў 100 000 злотых. Жыгімонту Вазе на яго паездку ў Швецыю, адзначыўшы, што грошы звыш гэтай сумы павінны пайсці на абарону краіны, а ў выпадку адсутнасці нейкай "гвалтоўнай" небяспекі - на выкуп перададзеных у «заставу» гаспадарскіх маёнткаў у ВКЛ [94]. Што датычыць увядзення кварты, то ў ВКЛ гэтая ідэя была рэалізавана толькі ў XVII ст. [95]

Хаця пры жыцці Дз. Халецкі так сваіх рэфарматарскіх задумаў і не ажыццявіў, але яго прапановы станавіліся ўсё больш папулярнымі сярод шляхты. Пра гэта сведчаць матэрыялы соймавай кампаніі 1597 г. Так, перадсоймавы соймік Віленскага павета 30 снежня 1596 г. у інструкцыі сваім паслам даручаў на вальным сойме ўзняць пытанне аб парушэннях прывілея 1588 г. Шляхта патрабавала вярнуць у склад эканомій тыя землі, якія некаторыя дзяржаўцы атрымалі насуперак прывілею, а справы тых, хто будзе гэтаму супраціўляцца, разглядаць у Трыбунале ВКЛ [96]. Віленскі соймік падтрымаў ідэю заснавання пастаяннага скарбу. Для гэтага прапаноўвалася за грошы пабору 1591 г. выкупіць перададзеныя ў "заставу" даменіяльныя ўладанні, з якіх трэцюю частку даходаў выплачваць у скарб, перастаць раздаваць гаспадарскія маёнткі без "лічбы", з якіх (за выключэннем эканомій) дзяржаўцы таксама павінны перадаваць у скарб трэцюю частку прыбыткаў [97].

Соймік Лідскага павета, які адбыўся 30-31 снежня 1596 г., для лепшай абароны раіў ухваліць з гаспадарскіх уладанняў кварту, стварыць спецыяльную камісію, каб атрымаць справаздачу ад земскага падскарбія аб стане надворнага скарбу ВКЛ, і зацвердзіць соймавай канстытуцыяй, па прыкладу Польшчы, утварэнне павятовых скарбаў у Княстве [98].

На Галоўным сойміку ў студзені 1597 г. паслы Гарадзенскага і Віцебскага паветаў лепшым сродкам паляпшэння становішча скарбу і забеспячэння абароны краіны называлі ўвядзенне кварты з даменіяльных уладанняў [99]. Ужо на самім вальным сойме 1597 г. за ўвядзенне кварты выступалі Дз. Халецкі і К. Зяновіч [100], але сойм скончыўся без прыняцця рашэнняў.

Такім чынам, патрабаванні рэформы скарбовай сістэмы робяцца адным з галоўных пастулатаў пэўных колаў шляхецтва ВКЛ, ідэйна блізкіх да экзекуцыйнага руху польскай шляхты. У сувязі з гэтым паўстае вельмі важнае пытанне аб існаванні падобнага самастойнага шляхецкага руху ў ВКЛ, яго праграмы і лідэраў у апошняй трэці XVI ст. Дз. Халецкі мог быць адным з такіх лідэраў, калі зважаць на яго аўтарытэт, здабыты актыўнай палітычнай дзейнасцю з канца 1580-х гг.

Узімку 1596 г. уплыў земскага падскарбія ў шляхецкім асяроддзі праявіўся найбольш яскрава. Як вядома, увосень 1595 г. на беларускія землі ўварваліся казацкія аддзелы на чале з С. Налівайкам і Р. Лабадой [101]. Вялікі гетман К. Радзівіл заклікаў шляхту выйсці ў паспалітае рушанне і даць адпор "гультайству".

Дз. Халецкі, якога бунт закрануў непасрэдна як магілёўскага старасту і ўладальніка Хальча на поўдні Беларусі, вельмі актыўна праявіў сябе ў абмеркаванні сярод шляхты захадаў барацьбы з казакамі, выкарыстоўваў дзеля гэтага розныя шляхецкія форумы. На "роках земскіх" у Вільні ў студзені 1596 г. ён асабіста абмяркоўваў з мясцовай шляхтай заклік К. Радзівіла выйсці ў паспалітае рушанне, але віленская шляхта фактычна праігнаравала падобныя заклікі [102]. Дз. Халецкі накіраваў ліст на "рокі земскія і гродскія" Берасцейскага павета, каб шляхта была гатова да рушэння. Яму адказалі, спаслаўшыся на "безуладдзе і непадрыхтаванасць" Айчыны, што лепш будуць утрымліваць жаўнераў, чым асабіста выходзіць у паспалітае рушанне: "не маючы сілы, такому бязбожнаму тырану распуснаму з горламі і з усім у рукі давацца" [103]. Верагодна, Дз. Халецкі меў кантакты і з іншымі паветамі, бо паведамляў К. Радзівілу аб сумненні, што на рушэнне згадзіцца шляхта "з Берасця, з Гародні, з Трокаў, з Коўна, са Жмудзі, з Вільні" [104]. Аднак на гэтым земскі падскарбі не спыніўся і ў канцы студзеня 1596 г. асабіста сабраў у Вільні нефармальны соймік (ці як яшчэ называў яго "сход невялікі людзей") для забеспячэння абароны ад казакоў, на якім было вырашана прасіць К. Радзівіла пра пазыку грошай на хуткі найм жаўнераў [105].

Для абмеркавання захадаў па падаўленні казацкага бунту Дз. Халецкі выкарыстаў нават пахаванне жонкі полацкага ваяводы М. Дарагастайскага, якое адбылося ў пачатку лютага 1596 г. у Вільні. На пахаванне прыбылі сам М. Дарагастайскі, Г. Война, В. Агрыпа, кашталян вышаградскі Каспер Кладзіньскі, крайчы Андрэй Война, дворны падскарбі Пётр Весялоўскі і шмат шляхты. Ім Дз. Халецкі прадставіў ліст К. Радзівіла аб небяспецы ад казакоў. Усе выказвалі сваю гатоўнасць бараніць Айчыну, але фактычна прызналі пытанне неактуальным, спасылаючыся на інфармацыю ад жамойцкага кашталяна Мікалая Нарушэвіча, што С. Налівайка і Р. Лабада нібыта збіраюцца пакінуць землі ВКЛ [106]. Праблему абароны ад казакоў закрануў земскі падскарбі ВКЛ і ў сваім вотуме на сойміку Віленскага павета ў лютым 1596 г. [107]

Актыўная і, галоўнае, самастойная палітычная дзейнасць Дз. Халецкага вяла да канфліктаў з буйнейшымі магнатамі ВКЛ, у прыватнасці, з К. Радзівілам: у жніўні 1595 г. ён непасрэдна адзначаў, што яго выгналі з "дому" Радзівіла [108]. Аднак земскі падскарбі ўжо даволі ўпэўнена адчуваў сябе на палітычнай арэне ВКЛ і Рэчы Паспалітай. У 1595-1597 гг. ён усё часцей называе сябе менавіта "прыяцелем" віленскага ваяводы, а не проста "слугой" [109]. А ў маі 1596 г., адказваючы на "ліст досыць грозны і строгі", з крыўдай заўважаў, што К. Радзівіл хоча вырачыся яго як "мізэрнага паходжання чалавека, а не сабе роўнага (падкрэслена мною - У. П.)", падкрэсліваючы, што ніколі не быў слугой Радзівіла ды ніколі нічога ад яго не браў [110].

Неаднаразова земскі падскарбі ВКЛ падкрэсліваў сваю шляхецкую годнасць, што адлюстроўвалася ў сумленным і прынцыповым выкананні сваіх службовых абавязкаў, нягледзячы на ўсялякія сваяцкія ці сяброўскія адносіны. На ўсе прэтэнзіі з боку віленскага ваяводы наконт скарбовых спраў, Дз. Халецкі паслядоўна даводзіў, што паступае выключна "паводле Бога і права" і сумленнем сваім нікому не служыць, а "толькі Пану Богу", а ў лютым 1596 г. заяўляў К. Радзівілу: "Што буду бачыць шкадлівым Айчыне і Рэчы Паспалітай, і чаго я слушна сцерагчы маю, не прапушчу і не спынюся, нічога ні ўласнаму бацьку і брату не прабачу" [111].

Цікава заўважыць, што выхадзец з асяроддзя сярэдняй шляхты Дз. Халецкі адчуваў пэўны антаганізм паміж магнатэрыяй і сярэднім ды дробным шляхецтвам ВКЛ. Так, у снежні 1595 г. ён пісаў М.К. Радзівілу: "Прашу, каб ганарлівасць мне ніякая не была прыпісана, бо гэта высокім панам належыць, а не нам, беднай шляхце" [112]. Дарэчы, у Дз. Халецкага было даволі моцнае самаўсведамленне сябе "вольным шляхціцам": у красавіку 1587 г., тады яшчэ мечнік ВКЛ адзначаў: "Лепей няхай мяне жыцця пазбавяць, чым мелі б маю вольнасць і свабоду (…) парушаць" [113].

Такім чынам, Дз. Халецкі з'яўляўся адным з самых актыўных парламентарыяў ВКЛ і Рэчы Паспалітай канца XVI ст. Удзельнічаць у парламенцкім жыцці ён пачаў яшчэ ў канцы 1570-х гг., а пік яго дзейнасці як земскага пасла прыходзіцца на канец 1580-х гг., калі Дз. Халецкі абіраўся пасольскім маршалкам на Галоўным з'ездзе ВКЛ у лістападзе 1587 г. і вальным сойме Рэчы Паспалітай 1589 г. Стаўшы ў 1590 г. сенатарам, ён бярэ ўдзел ва ўсіх соймах да сваёй смерці ў пачатку 1598 г. Дз. Халецкі ўдзельнічаў у працы ўсіх узроўняў парламенцкай сістэмы ВКЛ і Рэчы Паспалітай: павятовых соймікаў, Галоўных соймікаў і з'ездаў ВКЛ, вальных соймаў, а таксама соймаў і з'ездаў часоў бескаралеўя.

Кар'ерны рост Дз. Халецкага адбываўся дзякуючы падтрымцы магутных патронаў - А. Валовіча і К. Радзівіла. Аднак у 1590-я гг. ён усё часцей выступае як самастойны палітычны дзеяч, чаму садзейнічала не толькі сенатарская пасада, але і яго пракаралеўская пазіцыя. Хаця Дз. Халецкі і быў паслядоўным раялістам, але правы і свабоды ВКЛ стаялі для яго на першым месцы. Земскі падскарбі разгарнуў актыўную дзейнасць па рэфармаванні скарбовай сістэмы Вялікага Княства, чым выклікаў вялікае незадавальненне вышэйшых колаў палітычнай эліты сваёй Айчыны. Яго прапановы знайшлі частковую падтрымку сярод шляхты, але пытанне, ці стаў Дз. Халецкі ў гэты час лідэрам самастойнага шляхецкага руху Вялікага Княства Літоўскага, і ці існаваў такі рух увогуле, застаецца адкрытым. Нягледзячы на тое, што пры жыцці Дз. Халецкага яго прапановы не былі рэалізаваны, у далейшым частка з іх (прыкладам, увядзенне кварты, выкуп гаспадарскіх маёнткаў) усё ж была ажыццёўлена.



[1] Michalak H. Jan Zamoyski a Radziwiłłowie. Od suplikanta do mentora // Miscellanea historico-archivistica. T. 3. Radziwiłłowie XVI-XVIII wieku: w kręgu polityki i kultury. Warszawa-Łódź, 1989. S. 217-233.

[2] Ян Сэрэдыка адносіў Дз. Халецкага да магнатаў, што, на наш погляд, не зусім так: Seredyka J. Marszałkowie izby poselskiej za Zygmunta III Wazy // Władza i społeczeństwo w XVI i XVII w. Prace ofiarowane A. Mączakowi w sześćiodziesiątą rocznicę urodzin. Warszawa, 1989. S. 172, 175-176.

[3] Падрабязная біяграфія Дз. Халецкага напісана О. Галецкім: Halecki O. Chalecki Dymitr (»1550-1598) // PSB. T. III. S. 247-249. Яго дзейнасць як падскарбія разгледжана Г. Філіпчак-Коцур: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej 1587-1648. Projekty-ustawy-realizacja. Warszawa, 2006. S. 423.

[4] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588. Warszawa, 2002. S. 328; Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku: Spisy. T.11. Kórnik, 1994. S. 98.

[5] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 65. Арк. 110адв.-111, 123; Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609). Vol. I: (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 462.

[6] Sprawy wojenne króla Stefana Batorego. Dyjaryjusze, relacyje, listy i akta z lat 1576-1586 / Zebrał i wydał I. Polkowski. Kraków, 1887. S. 300, 302, 305, 307, 309, 315-316.

[7] АВАК. Т. 2. Вильна, 1867. С. 174-175; НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 72. Арк. 38-38адв., 70адв.-71.

[8] Halecki O. Chalecki Dymitr... S. 248; Sapiehowie. Materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe. T. I. Petersburg, 1890. S. 206-207, 312-319. Міравое пагадненне было заключана ў Гародні ў доме Дз. Халецкага.

[9] AGAD. AR. Dział V. Nr. 1901. Cz. I. K. 12.

[10] AGAD. AR. Dział V. Nr. 1901. Cz. I. K. 12.

[11] AGAD. AR. Dział V. Nr. 1901. Cz. I. K. 9-11.

[12] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 72. Арк. 70адв.-71.

[13] Dyjaryjusze sejmowe r. 1587: sejmy konwokacyjny i elekcyjny / Wyd. A. Sokołowski. Kraków, 1887. S. 83-84, 184-185; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 380.

[14] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 65. Арк. 236-236адв.; РНБ. Ф. 971. Авт.127. Л. 3-5; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 187. K. 7-12, 14-27, 191; Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. Warszawa, 2006. T. 1. S. 250-266; Dyjaryjusze sejmowe r. 1587… S. 57-158, 159-217; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616), wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 266-269; Lulewicz H. Gniewów o unię… S. 379-389; VL. T. II. Petersburg, 1859. S. 239-242.

[15] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911. С. 144-148; НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 65. Арк. 236адв.-238адв.; РНБ. Ф. 957. Pol. F. IV. № 130. Л. 11-12об., 213-214об., 222-225об.; Ф. 971. Авт. 127. Л. 1-2об.; Akta zjazdów... S. 267-277; Lulewicz H. Gniewów o unię… S. 375, 388, 391-400.

[16] Прынамсі, ён не падпісаў пратэстацыю ад 25 жніўня 1587 г., у якой частка прадстаўнікоў ВКЛ і Польшчы заявілі, што не прызнаюць новым каралём ні Максімільяна, ні Жыгімонта Вазы: Akta zjazdów... S. 261-262, 266.

[17] РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 227.

[18] Halecki O. Chalecki Dymitr... S. 248; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 401.

[19] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 211. K. 1-4; Akta zjazdów... S. 277-280; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 400-401.

[20] РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 227.

[21] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 65. Арк. 242адв.-247адв.; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 199-201; Akta zjazdów... S. 280-298; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 401-405.

[22] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 65. Арк. 256-261; Akta zjazdów... S. 302-314; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 405-409.

[23] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 72. Арк. 68, 70адв.-71; AGAD. Archiwum Publiczne Potockich. Zbior Dyaryuszów seymowych za panowania Zygmunta III. T. I: (1585-1607). K. 177-193, 243-307; Urzędnicy… S. 160.

[24] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 65. Арк. 261-262адв., 273, 281-281адв.

[25] Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae. Vilnae, 1758. T. I. S. 238, 242.

[26] ADR. Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki-Jana Zamoyskiego-Lwa Sapiehy. Kraków, 1885. S. 201; Halecki O. Chalecki Dymitr... S. 248; Seredyka J. Marszałkowie… S. 168, 176.

[27] ADR. S. 201.

[28] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 214. K. 1-3 (у гэтым прывілеі называлася і Камянецкая дзяржава); АВАК. Т. 7. С. 94-97; VL. Т. II. S. 289. Рашэнне аб утварэнні сталовых маёнткаў (эканомій) было паўторана ў прывілеі Жыгімонта Вазы станам ВКЛ ад 1 лютага 1588 г.: АВАК. Т. 8. С. 262-263 (тут згадак пра Камянецкую дзяржаву няма). Гл. таксама: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 346-347.

[29] Сойм 1590 г., з-за маравой пошасці, працягнуў збор гэтага мыта ў ВКЛ да 11 лістапада 1591 г.: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 255; VL. Т. 2. S. 301-302, 326.

[30] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 14. Былы патрон А. Валовіч памёр 20 лістапада 1587 г.: ADS. T. I: Listy z lat 1575-1606. Lwów, 1892. S. 25.

[31] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 76. Арк. 15.

[32] Urzędnicy... S. 156. Затрымку з намінацыяй сам Дз. Халецкі тлумачыў тым, што ў 1589 г. супраць гэтага прызначэння выступаў Я. Глябовіч, а тагачасны земскі падскарбі Ф. Скумін-Тышкевіч не хацеў пакідаць сваёй пасады: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 14.

[33] Заўважым аднак, што Дз. Халецкі не вельмі часта карыстаўся сваім правам як сенатара выступаць напачатку пасяджэнняў з прамовай (вотумам) па пытаннях, вынесеных на разгляд сойма. Так, з сямі соймаў толькі на трох вядомы яго вотум - 1590/91, 1592 і 1597 гг.: Seredyka J. Senatorowie Rzeczypospolitej na sejmach Zygmunta III Wazy (1587-1632) // Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. S. 174-178, 194; Idem. Ministrowie Rzeczypospolitej na sejmach epoki trzech Wazów (1587-1668) Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. S. 259-260.

[34] VL. T. II. S. 305-306. Таксама на сойме 1590 г. Дз. Халецкі быў прызначаны адным з правізараў, адказных за збор у Рэчы Паспалітай сродкаў для найму вялікага войска на выпадак вайны з Турцыяй: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 240; VL. T. II. S. 306-308.

[35] Дарэчы, у ВКЛ найбольшую незадаволенасць скліканнем сойма ў Кракаве выказваў К. Радзівіл: ADS. S. 97, 99-100, 104; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 289. K. 1-5; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. K. 20, 23, 28-29, 34-35; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 3.

[36] Аб канфлікце вакол віленскага біскупства ў 1591-1600 гг. гл.: Лаппо И. И. Люблинская уния и третий Литовский статут // Журнал Министерства народного просвещения. 1917. № 5. С. 89-150; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596-1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej / Wyższa szkoła pedagogiczna im. Powstańców Śląskich w Opolu. Studia i monografie, 156. Opole, 1990. S. 67-82. Аб пытанні выплаты пабораў 1593 і 1595 гг. у ВКЛ у агульных рысах гл.: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 270-273, 365.

[37] Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн., 1989. С. 118-119.

[38] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 356. K. 1. Пасля соймаў 1595 і 1597 гг. ён таксама прасіў К. Радзівіла паўплываць на шляхту ў пытанні выплаты падаткаў: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 12, 87.

[39] РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 204, 205, 206отв.; ADS. S. 127; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 342. S. 1; Nr. 344. S. 1-2; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 272.

[40] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 234-234адв., 239-240адв., 256-257, 272-275адв., 276адв.-277адв., 280-282, 283-287адв., 408адв.-409адв.; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 355. K. 3-4. Судовыя разбіральніцтвы адбываліся ў Варшаве ў кастрычніку-лістападзе 1597 г.

[41] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 295. S. 1-4; Dz. V. Nr. 1901.Cz. II. K. 12-13; Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inne odnoszące się do tego sejmu / Wyd. E. Barwiński. S. 240-241. Гл. таксама: Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 285-286. Жыгімонт Ваза, прынамсі, спачатку актыўна падтрымліваў ідэю ўтварэння Лігі: AGAD. AR. Dz. II. Nr. 325. K. 1-7.

[42] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 283. Арк. 67-67адв.

[43] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 245. K. 4-5.

[44] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 356. K. 1.

[45] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 289; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach... S. 71, 74, 76, 179; Wisner H. Wielkie Księstwo Litewskie-Korona Polska-Rzeczpospolita // Przegląd Historyczny. 1976. T. 67. Z. 4. S. 584. Аб прынцыповай пазіцыі Дз. Халецкага сведчаць і яго лісты да К. Радзівіла ўлетку 1597 г.: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 77-78, 81, 86, 89-91.

[46] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej… S. 240; VL. T. II. S. 328-329. Сенатараў у камісіі прадстаўлялі жамойцкі біскуп Мальхер Гедройц, менскі ваявода Багдан Сапега, жамойцкі кашталян Мікалай Нарушэвіч і менскі кашталян Марцін Стравінскі. Вядомы і восем дэпутатаў ад шляхты: мазырскі маршалак Ян Лавейка, жамойцкі войскі Себасцян Кестарт, полацкі гараднічы Франц Барташэвіч Жук, каралеўскі сакратар Ян Аўсяны, віцебскі земскі падсудак Рыгор Косаў, Ян Шуйскі, інстыгатар ВКЛ Мальхер Каменскі, менскі войскі Ян Быкоўскі: РНБ. Ф. 971. Авт. 321/1. №18. Л. 1-2об.; Filipczak-Kocur A. Pośmiertne problemy podskarbich litewskich Ławryna Wojny i Jana Hlebowicza // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006. S. 69-70.

[47] VL. T. 2. S. 316. Дзяржаўцы павінны былі выдаць належныя сумы Дз. Халецкаму ў Вільні на працягу двух тыдняў, пачынаючы з 24 чэрвеня 1590 г. Ад выплаты кварты вызваляліся Гарадзенская і Берасцейская эканоміі, а таксама ўладанні, што складалі забеспячэнне каралевы Ганны.

[48] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 292. K. 1-3; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 26, 33-34, 41-43, 56; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 7483. K. 1-2. У 1592 г. Дз. Халецкі і інстыгатар М. Каменскі даводзілі яшчэ, што К. Радзівіл нічога не выплаціў у скарб са старостваў у Інфлянтах: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. S. 28-30.

[49] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 283. Арк. 71адв.-72, 80адв.-81, 102адв.-103адв., 143-144, 154адв.-156. Скарбовая камісія мела прэтэнзіі да нашчадкаў былых земскіх падскарбіяў ВКЛ Лаўрына Войны і Яна Глябовіча аб правамернасці некаторых выдаткаў з падатковых грошай, сабраных у 1577-1583 гг., і да былога земскага падскарбія Ф. Скуміна-Тышкевіча аб зборы пабораў 1587 г.: Filipczak-Kocur A. Pośmiertne problemy... S. 69-84; Ibidem. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 226.

[50] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 1-8; Halecki O. Chalecki Dymitr... S. 248. Змест гэтага ліста разглядаўся таксама ў Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 351.

[51] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 3-4.

[52] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 4. Да таго ж, меў Дз. Халецкі прэтэнзіі да скарбнага ВКЛ Лукаша Мамоніча, што той за вельмі малую суму арэндуе мыта, і да паборцаў ды шафараў, што тыя не выдалі падатковых грошай на суму амаль у 100 000 злотых, і скардзіўся, што мынца (манетны двор) прыбыткаў не прыносіць: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 2-4.

[53] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 5-6. Шляхце таксама прапаноўвалася навесці парадак са старым мытам, заснаваць манетны двор і ўвогуле ліквідаваць юргельты: Ibidem.

[54] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 5.

[55] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 3, 5.

[56] Volumina Constitutionum. S. 237-238, 244. Г. Філіпчак-Коцур лічыць, што дзейнасць Дз. Халецкага інспіравалася Жыгімонтам Вазам: Filipczak-Kocur A. Z dziejów litewskiego skarbu nadwornego za Zygmunta III Wazy // Między Wschodem a Zachodem. Rzeczpospolita XVI-XVIII w. Warszawa, 1993. S. 83. Дарэчы, у інструкцыі на павятовыя соймікі перад вальным соймам 1590/91 г. Жыгімонт Ваза сам узняў пытанне «о недостаткохъ скарбу его кор(олевское) м(и)л(о)сти» у ВКЛ, а таксама аб недахопе грошай на забеспячэнне памежных замкаў, выплаты запазычанасці жаўнерам і інш.: AGAD. AR. Dz. II. Nr. 239. K. 18.

[57] ADS. S. 41, 64-65.

[58] Ibidem. S. 64. Падобна, што земскі падскарбі ўдзелу ў тым Галоўным сойміку не браў: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 18.

[59] BCzart. Collectanea do dziejów Polski z lat 1553-1611. Polska. T. II (XVI-XVII). Akta 1 (1585-1598). Rkps. 2243-IV. K. 186-190 (за магчымасць карыстацца дадзеным дакументам выказваю шчырую падзяку А. Радаману); Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 352.

[60] BCzart. Collectanea do dziejów Polski z lat 1553-1611. Polska. T. II (XVI-XVII). Akta 1 (1585-1598). Rkps. 2243-IV. K. 189.

[61] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 242. K. 5, 9. Гл. таксама: Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI-першай трэці XVII ст. Мн., 2002. С. 49-50.

[62] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 269. Можна меркаваць, што магнатэрыя ВКЛ і на сойме выступала супраць найбольш радыкальных прапаноў Дз. Халецкага. Прынамсі, і К. Радзівіл, і Л. Сапега ўдзельнічалі ў працы сойма 1590/91 г.: ADR. S. 207, 208.

[63] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 283. Арк. 79-79адв., 81-81адв., 82адв.-83адв.; VL. T. II. S. 333.

[64] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 246A. K. 1-3.

[65] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 246A. K. 1, 3. Сенатары ВКЛ згаджаліся толькі на тое, каб з перададзеных у «заставу» да уніі гаспадарскіх уладанняў, калі яны будуць выкуплены за грошы ўхваленага пабору, у скарб ішла 1/3 частка даходаў, але выключна са згоды караля.

[66] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 246A. K. 1-2.

[67] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 246A. K. 3-4. Пра Галоўны з'езд ВКЛ 1591 г. гл. таксама: ADS. S. 61; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 243-244, 246, 269-270, 354; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 252-253. Жыгімонт Ваза яшчэ прасіў літвінаў працягнуць на 2 гады ў ВКЛ "мыто ново подъвышоное ... на освобоженье и выкупъно добръ столу нашого ", але з'езд гэтага не ўхваліў: НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 283. Арк. 83адв.; ADS. S. 61.

[68] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 18, 56. Гл. таксама: Halecki O. Chalecki Dymitr... S. 248.

[69] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 37. У 1593 г. Дз. Халецкі звяртаецца і да Л. Сапегі як да "брата" і "прыяцеля", а ў 1595 г. называе яго "міласцівым панам і братам": AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 46, 48; Cz. II. K. 32.

[70] Беларускі архіў. Т. 1. Менск, 1927. С. 41-42; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 348.

[71] АВАК. Т. 8. С. 262-263. Гл. таксама спасылку 28.

[72] VL. T. II. S. 341-354. На сойме Дз. Халецкі таксама павінен быў зрабіць справаздачу аб сабраных паборах за час яго знаходжання на пасадзе падскарбія: ADS. S. 72-73, 78; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 41; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 338.

[73] РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 33-34. Друк у: АВАК. Т. 8. С. 324-325.

[74] АВАК. Т. 8. С. 326-327; РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 35-36.

[75] АВАК. Т. 8. С. 325; РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 33об.; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 257. K. 1-2. Гэтым жа дэпутатам павятовыя паборцы павінны былі аддаваць грошы і з пабору 1593 г.

[76] АВАК. Т. 8. С. 329; РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 37об.

[77] АВАК. Т. 8. С. 330; РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 39. Відымус прывілея 1588 г., выдадзены на мінулым сойме Дз. Халецкаму, на з'ездзе безумоўна разглядаўся: ён быў запісаны ў віленскія гродскія кнігі 8 жніўня 1593 г. ад імя Дз. Халецкага яго служэбнікам Янам Вярцінскім: АВАК. Т. 8. С. 261-263.

[78] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 2.

[79] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 2-3.

[80] Таксама ў Слоніме прысутнічалі Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка і Ян Абрамовіч: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. K. 35; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 2; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 285.

[81] АВАК. Т. 8. С. 332-333; ADS. S. 97-100, 104; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 289. K. 1-3; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. K. 20, 23, 34-35.

[82] VL. T. 2. S. 362. Аб лёсе гэтага рашэння гл.: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 356.

[83] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 356. K. 1.

[84] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 356. K. 1. Паводле Статута ВКЛ 1588 г. павятовая шляхта павінна была збіраць спецыяльны падатак сваім паслам "на страву" (р. 3, арт. 7): Статут Вялікага княства… С. 116-117.

[85] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 356. K. 2-3. Смаленскі кашталян Вацлаў Агрыпа прапаноўваў выдаваць на абарону дзесятую частку прыбыткаў з усіх гаспадарскіх уладанняў: AGAD. AR. Dz. II. Nr. 356. K. 1.

[86] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 346. K. 5. Калі б гэтага не адбылося, то аршанская шляхта дазваляла выкарыстаць сродкі з пабору 1591 г. на патрэбу Рэчы Паспалітай.

[87] ADS. S. 127; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 272.

[88] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 356. K. 1.

[89] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 342. K. 1-2.

[90] РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 204; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 344. K. 1-2; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 272.

[91] РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 206, гл. таксама спасылкі 52 і 53.

[92] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 355. K. 2; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 273, 357; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach... S. 11-12; VL. T. 2. S. 363-366. На сойме 1596 г. Дз. Халецкі быў прызначаны ў склад камісіі па размежаванні Падляшскага ваяводства з Берасцейскім ваяводствам і Гарадзенскім паветам, складзенай з сенатараў і земскіх паслоў Польшчы і ВКЛ: VL. T. II. S. 365.

[93] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 68-71. Падобна, што гэтыя рашэнні рэалізаваны не былі: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 355-356. Увогуле, шляхта Ваўкавыскага павета на сваім перадсоймавым сойміку ў студзені 1598 г. зазначала, што грошы, сабраныя на выкуп гаспадарскіх уладанняў у ВКЛ, так і не былі выкарыстаны па прызначэнні: AGAD. AR. Dz. II. Nr. 401. K. 1.

[94] VL. T. II. S. 370. Пасля выплаты 100 000 злотых на выкуп маёнткаў у ВКЛ засталося толькі 14405 злотых: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 273-274, 357.

[95] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 259-262.

[96] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 406.

[97] Ibidem.

[98] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 413-414.

[99] Ibidem. S. 421.

[100] Ibidem. S. 58-59, 85. Гл. таксама: Wisner H. Próby utworzenia skarbu stałego na Litwie // Kwartalnik Historyczny. 1982. R. 89. Z. 1. S. 85-89.

[101] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 286-288.

[102] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 53. Пра разрабаванне казакамі Магілёва і Хальча Дз. Халецкі пісаў у сваіх лістах да К. Радзівіла: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 47-50, 54, 62

[103] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 55.

[104] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 56. Сам Дз. Халецкі прасіў К. Радзівіла звярнуцца да Жыгімонта Вазы, каб той для абмеркавання абароны ад казакоў склікаў з'езд ВКЛ у Новагародку: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 56-57.

[105] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 59.

[106] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 63-64.

[107] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 356. K. 1.

[108] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 32. Адмоўнае стаўленне да Дз. Халецкага выказвалі і іншыя прадстаўнікі палітычнай эліты ВКЛ. Так, у траўні 1598 г. Я. Абрамовіч пісаў К. Радзівілу, што калі б новым земскім падскарбіем стаў канюшы ВКЛ Павел Сапега, то "byłbym dupło gorszy niż Chalecki": AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. K. 71.

[109] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 1, 8, 71, 93-94, 96. Як "прыяцель" Дз. Халецкі падпісваўся і ў лістах да яшчэ аднаго вышэйшага сенатара ВКЛ - трокскага ваяводы М.К. Радзівіла Сіроткі AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 34.

[110] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 68.

[111] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 29, 42; Cz. II. K. 62.

[112] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. K. 41.

[113] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. K. 9.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX