Вярнуцца: Падалінскі Уладзімір

Праблема статусу Інфлянтаў у дачыненнях палітычных элітаў ВКЛ і Польшчы (1582-1586 гг.)


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 19-02-2012,
Крыніца: Падалінскі Уладзімір. Праблема статусу Інфлянтаў у дачыненнях палітычных элітаў ВКЛ і Польшчы (1582-1586 гг.) // Acta Albaruthenica 7: Zbornik naukowy. Literatura. Język. Kultura / Red. naukowa Mikołaj Timoszuk i Mikołaj Chaustowicz. Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, Międzynarodowa Asocjacja Białorutenistów. - Warszawa, 2007. - S. 356-365.

Спампаваць




Паводле пастановы Люблінскага сойма 1569 г. Інфлянты (Лівонія, гістарычная назва зямель сучасных Латвіі і Эстоніі) пераходзілі ў агульнае падпарадкаванне Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Каралеўства Польскага, як частак ужо адзінай Рэчы Паспалітай. Далейшае вызначэнне статусу правінцыі адкладалася на наступны вальны сойм [1]. Аднак два апошнія соймы ў час панавання караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста - 1570 і 1572 гг. - гэтага пытання так і не вырашылі. Акрамя таго, паводле ўмоў перамір'я 1570 г., заключанага паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, значная частка Інфлянтаў заставалася пад кантролем апошняй [2]. У выніку паходаў 1575-1577 гг. амаль усе Інфлянты па правым беразе Дзвіны былі захоплены маскоўскімі войскамі [3]. Толькі пасля ўдалых ваенных кампаній 1579-1581 гг. правінцыя была вызвалена войскамі караля і вялікага князя Стэфана Баторыя. Згодна падпісанага 15 студзеня 1582 г. Ям-Запольскага перамір'я, усе Інфлянты, землі паўночна-ўсходняй Беларусі разам з Полацкам і Азярышчам, а таксама Усвят і Веліж, вярталіся ў склад Рэчы Паспалітай. Разам з тым, за адмову вялікага князя маскоўскага Івана IV ад усялякіх прэтэнзій на Інфлянты і Курляндыю, Маскоўскай дзяржаве былі аддадзены заваяваныя раней Вялікія Лукі, Невель, Завалочча і інш. [4] Заўважым, што гэтыя землі, калі б засталіся пад уладай Рэчы Паспалітай, мелі належаць Вялікаму Княству Літоўскаму. Пасля заканчэння вайны перад палітычнымі элітамі ВКЛ і Польшчы зноў паўставала пытанне канчатковага вызначэння статусу Інфлянтаў у складзе супольнай дзяржавы.

Разнастайныя аспекты Інфлянцкай вайны даволі грунтоўна вывучаліся польскай і расійскай гістарыяграфіяй. Свае напрацоўкі ў гэтым пытанні мае і беларуская гістарычная навука. Аднак канфлікт, які разгарэўся ў 1580-я гг. паміж кіроўнымі элітамі ВКЛ і Польшчы за прыналежнасць Інфлянтаў, не быў прадметам асобнага даследавання і зрэдку закранаўся толькі як частка больш шырокіх палітычных працэсаў у рэгіёне. Хаця, дадзены канфлікт надзвычай цікавы з п.гл. адлюстравання ўзаемных стасункаў "палітычных народаў" Вялікага Княства і Каралеўства ў супольнай Рэчы Паспалітай, імкнення літвінаў забяспечыць сабе адметны статус і абараніць свае правы ў складзе новаўтворанай дзяржавы. Разгляд заяўленага пытання ў гэтым артыкуле абмяжуем перыядам ад Ям-Запольскага перамір'я 1582 г. да смерці Стэфана Баторыя ў 1586 г.

Літвіны прынцыпова і паслядоўна дабіваліся далучэння ўсіх Інфлянтаў менавіта да ВКЛ. Яшчэ на сойме 1569 г. у Любліне прадстаўнікі Вялікага Княства, у т.л. жамойцкі староста і земскі маршалак Ян Хадкевіч, тагачасны адміністратар і гетман Інфлянтаў, выступалі за ўваходжанне гэтай правінцыі ў склад ВКЛ [5]. У часы першых двух бескаралеўяў (1572-1576 гг.) літвіны на розных перамовах і з'ездах таксама неаднаразова вылучалі пастулат аб далучэнні правінцыі да Вялікага Княства Літоўскага [6]. Нарэшце, ужо ў часы панавання Стэфана Баторыя, на Галоўным з'ездзе (сойміку) ВКЛ у Ваўкавыску ў ліпені 1577 г., было асабліва падкрэслена, што Інфлянты належаць толькі Вялікаму Княству, і іх адміністратарам, у выпадку магчымай адстаўкі Я. Хадкевіча, мусіць быць толькі літвін [7].

Пытанне прыналежнасці Інфлянтаў абудзіла гарачыя спрэчкі амаль адразу пасля падпісання перамір'я з Маскоўскай дзяржавай. У сакавіку 1582 г. у Рызе адбылася нарада (канвакацыя) сената Рэчы Паспалітай з удзелам Стэфана Баторыя, асноўнай мэтай якой было менавіта папярэдняе ўладкаванне спрэчнай правінцыі. У Рыгу прыбыла вельмі прадстаўнічая дэлегацыя сенатараў ВКЛ. На канвакацыі прысутнічалі біскупы віленскі Юры Радзівіл і жамойцкі Мальхер Гедройц, віленскі кашталян і канцлер Астафей Валовіч, трокскі ваявода Стэфан Збаражскі, трокскі кашталян, падканцлер і польны гетман Крыштоф Радзівіл, кашталяны жамойцкі Мікалай Тальваш, полацкі Ян Волмінскі і менскі, земскі падскарбі Ян Глябовіч [8]. Са справаздачай аб сітуацыі ў Інфлянтах выступіў іх фактычны кіраўнік канцлер і вялікі гетман Каралеўства Польскага Ян Замойскі. Яго рэляцыя выклікала значнае незадавальненне палітычнай эліты Вялікага Княства. Сенатары абураліся тым, што амаль усе інфлянцкія замкі, пасля іх вызвалення, апынуліся пад уладай польскіх ротмістраў, за выключэннем некалькіх нязначных, якія атрымалі літвіны [9]. На канвакацыі Я. Глябовіч, які найбольш адкрыта выказваў сваё абурэнне такой сітуацыяй, непасрэдна абвінаваціў палякаў, што тыя "нас прыводзяць да паслухмянасці, калі нас разараюць" [10]. Аднак і польскі бок не збіраўся выпускаць Інфлянты з-пад свайго кантролю. Я. Замойскі яшчэ перад заканчэннем вайны выступаў супраць таго, каб правінцыю ўзначаліў літвін [11]. Стэфан Баторый, каб неяк суцішыць незадавальненне з боку ВКЛ, прызначыў выконваць абавязкі адміністратара Інфлянтаў Ю. Радзівіла, але толькі да будучага сойма Рэчы Паспалітай [12]. Яшчэ ў Рызе была створана спецыяльная камісія для падзелу правінцыі, у склад якой увайшлі і палякі, і літвіны, а таксама былі падрыхтаваны "Артыкулы аб захаванні міру", што датычылі Інфлянтаў [13]. Падчас абвяшчэння Стэфанам Баторым "Артыкулаў" адбылася досыць сімвалічная падзея: дакумент быў выдадзены пад пячаткай Польшчы, і А. Валовіч, як канцлер, адмыслова прыклаў побач пячатку Вялікага Княства [14], такім чынам пацвердзіўшы правы ВКЛ на гэтую правінцыю.

Чарговае сутыкненне літвінаў і палякаў адбылося ў ліпені 1582 г. на канвакацыі ў Гародні, дзе прысутнічала 18 сенатараў Рэчы Паспалітай [15]. Як пісаў Я. Замойскі да Ю. Радзівіла, на нарадзе "не было amarikacye [раздражнення] ні на каго, толькі на палякаў" , але высвятленне адносінаў усё ж вырашылі перанесці на будучы вальны сойм [16].

Стэфан Баторый у ліпені 1582 г. абвясціў аб скліканні чарговага сойма Рэчы Паспалітай, які меў пачацца ў кастрычніку таго года. Адной з галоўных яго задачаў павінна было стаць абмеркаванне пасляваеннага ўладкавання (ардынацыі) Інфлянтаў. На сойме планавалася падвесці вынікі працы сумеснай польска-літвінскай камісіі, створанай у Рызе, вызначыць адміністрацыйны і судовы лад у правінцыі, абмеркаваць яе гаспадарчую арганізацыю. Неабходнасць як мага хутчэйшага вырашэння "інфлянцкага пытання" набывала надзвычайную актуальнасць у святле прэтэнзій караля Швецыі Ёхана III на шэраг замкаў у Інфлянтах (напр., Нарву, Рэвель, Белы Камень, нават Дэрпт, Пернаў ды Фелін) і правалу польска-шведскіх перамоў на гэты конт у тым жа 1582 г. [17]

Было зразумела, што на сойме паміж прадстаўнікамі ВКЛ і Польшчы зноў разгарнуцца спрэчкі па праблеме прыналежнасці Інфлянтаў. Так, яшчэ ў жніўні 1582 г. Я. Замойскі папярэджваў вялікага маршалка Каралеўства Анджэя Апаліньскага, што "трэба таго сцерагчы, каб Літва верху не брала, бо калі пусцім іх да Інфлянтаў - узбагацяцца, будуць нам у цяжар (ды і так сталася). Бо як разабралі ўсё ў Літве, што там кароль найменшага даходу не мае, тое і ў Інфлянтах учыняць, альбо тыя землі абы як страцяць" [18]. У гэтых словах відавочна пэўная пагарда да літвінаў, сумненне ў іх здольнасці эфектыўна кіраваць правінцыяй. Разам з тым, прасочваецца і нежаданне палякаў мець канкурэнцыю з боку кіроўных колаў Вялікага Княства ў сацыяльна-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Ёсць тут і закід магнатэрыі ВКЛ, якая збольшага трымала даменіяльныя ўладанні ў Вялікім Княстве, што тая сваёй дзейнасцю спустошыла земскі і надворны скарб. Такім чынам, напярэдадні сойма палітычная эліта ВКЛ атрымала надзвычай сур'ёзнага суперніка ў асобе Я. Замойскага, аднаго з самых набліжаных да Стэфана Баторыя сенатараў і папулярнага сярод "палітычнага народа" Рэчы Паспалітай дзеяча. Уплыў і аўтарытэт Я. Замойскага сапраўды быў вельмі вялікі. Нават сярод літвінаў. Менавіта да кароннага канцлера і вялікага гетмана звяртаўся ў студзені 1582 г. трокскі падкаморы, ротмістр Багдан Агінскі з просьбай дапамагчы яму атрымаць які-небудзь замак у Інфлянтах за ўдзел ў вайне з Маскоўскай дзяржавай, а ў сакавіку таго ж года ўжо смаленскі ваявода Філон Кміта-Чарнабыльскі прасіў Я. Замойскага не забывацца на яго заслугі ў Інфлянцкай вайне [19].

Безумоўна, стаўленне Я. Замойскага да літвінаў падзяляла і значная частка сенатараў ды шляхты Каралеўства. Хаця, былі ў палітычных колах Польшчы і тыя, хто за вырашэнне сваіх матэрыяльных праблемаў гатовы быў згадзіцца аддаць Інфлянты Вялікаму Княству Літоўскаму [20].

Пасяджэнні сойма распачаліся ў Варшаве 4 кастрычніка 1582 г., а маршалкам пасольскай ізбы быў абраны пісар вялікі ВКЛ Леў Сапега [21]. У Варшаву прыехала 7 сенатараў Вялікага Княства (амаль 30% ад усіх тагачасных сенатараў-літвінаў): А. Валовіч, К. Радзівіл, жамойцкі староста Ян Кішка, Ф. Кміта-Чарнабыльскі, полацкі ваявода Мікалай Дарагастайскі, М. Тальваш і Я. Глябовіч [22]. Такая актыўнасць можа часткова тлумачыцца абвастрэннем адносінаў паміж палітычнымі элітамі Польшчы і ВКЛ вакол вызначэння статусу Інфлянтаў у складзе Рэчы Паспалітай.

Літвіны, сенатары і земскія паслы, разлічвалі на сойме дамагчыся далучэння ўсёй правінцыі да ВКЛ [23]. Аднак пасяджэнні пайшлі зусім у іншым накірунку. Апазіцыйная польская шляхта бачыла ў палітыцы Стэфана Баторыя спробы абмежаваць шляхецкія свабоды і найперш права вольнай элекцыі, пытанне аб Інфлянтах і стасунках Рэчы Паспалітай са Швецыяй фактычна не разглядалася [24]. Спробы Л. Сапегі, як пасольскага маршалка, спыніць бясплённыя спрэчкі і накіраваць працу паслоў у канструктыўнае рэчышча вынікаў так і не прынеслі [25]. Сойм скончыўся 25 лістапада 1582 г., не прыняўшы аніякіх рашэнняў. Не былі прыняты нават канстытуцыі аб Інфлянтах ("Артыкулы"), узгодненыя яшчэ ўвесну ў Рызе. Стэфан Баторый зацвердзіў іх ужо пасля заканчэння вальнага сойма [26].

Зноў вырашэнне "інфлянцкага пытання" адкладалася да наступнага сойма. Трэба адзначыць, што літвіны свае інтарэсы адстойвалі не толькі галаслоўнымі заявамі. Ім неабходна была і гістарычна-прававая база для абгрунтавання сваіх прэтэнзій на поўнае валоданне Інфлянтамі. Менавіта такі характар мае дакумент, які захаваўся ў Курніцкай бібліятэцы Польскай акадэміі навук (аддзел у Познані), і мае назву " Czo za prawa X. Litewskie ma do ziemie Inflianczki a poliaczi do niei nicz niemai ą" ("Якія правы [Вялікае] Княства Літоўскае мае на зямлю Інфлянцкую, а палякі на яе нічога не маюць") [27]. Па сутнасці, гэта кароткая рукапісная гісторыя Інфлянцкай вайны, напісаная па-польску на 6 аркушах. Твор не датаваны, і невядомы яго аўтар. Аднак можна дакладна сказаць, што быў ён напісаны паміж студзенем 1582 г. і вераснем 1583 г. (у тэксце згадваюцца Ям-Запольскае перамір'е і "цяперашні" смаленскі кашталян Юры Зяновіч, які займаў гэты ўрад з 1579 г. да сваёй смерці 29 верасня 1583 г.) [28]. Хутчэй за ўсё, твор паўстаў у 1582 г., бо ў рукапісе папярэдні дакумент датаваны 31 сакавіка 1582 г. "у Рызе", а наступны - 11 студзеня 1583 г. Выкажам версію, што дадзены дакумент - прамова аднаго з сенатараў ВКЛ на канвакацыі сената, якая адбылася ў Рызе ў сакавіку 1582 г. Што датычыць аўтарства, то безумоўна твор напісаны літвінам, што вынікае з пазіцыі аўтара ў "інфлянцкім пытанні". Таксама адразу кідаюцца ў вочы надзвычай грунтоўныя і, самае галоўнае, дакладныя веды складальніка твора аб ваенных і палітычных падзеях, звязаных з Інфлянцкай вайной. Верагодна, такой падрабязнай, распісанай амаль па кожным годзе, інфармацыяй мог валодаць чалавек, непасрэдна звязаны з канцылярыяй, дзе захоўвалася Метрыка ВКЛ. Нагадаем, у Рызе ў 1582 г. прысутнічалі канцлер А. Валовіч, падканцлер і палявы гетман К. Радзівіл, земскі падскарбі і пісар Я. Глябовіч. Быў у той час у Рызе і пісар ВКЛ Л. Сапега [29]. Аднак пытанне аўтарства дадзенага дакумента застаецца адкрытым.

Апісанне падзей у дакуменце пачыналася з 1556 г. Падрабязна адзначаліся баявыя дзеянні войск Вялікага Княства ў Інфлянтах (з пералікам прозвішчаў ротмістраў) супраць войск Швецыі і Маскоўскай дзяржавы з 1558 па 1581 г., згадваліся разнастайныя перамовы і дамовы паміж ВКЛ, Польшчай і Інфлянтамі, звязаныя з ваеннай дапамогай і прыналежнасцю гэтай правінцыі [30]. Галоўны націск у творы рабіўся на тое, што ВКЛ сваімі сродкамі абараняла Інфлянты, а палякі дапамагаць не хацелі і толькі давалі абяцанні. Зазначалася, што на сойме ВКЛ 1566 г. у Гародні Інфлянты аб'ядналіся з Вялікім Княствам Літоўскім на "вечныя часы", як "адзіны народ", таму і ва ўмовах уніі з Польшчай, Інфлянты не могуць быць адарваны ад Вялікага Княства [31]. У ваенных кампаніях 1579-1581 гг. літвіны, паводле аўтара, бралі ўдзел не меншы за палякаў. Акрамя таго, польскія жаўнеры абвінавачваліся ў тым, што яны нішчылі і грабілі землі ВКЛ, у якіх мелі пастоі [32]. Аб сітуацыі пасля заключэння перамір'я ў творы выказвалася абурэнне, што ўсе староствы ў Інфлянтах аддадзены палякам, а "літва" з правінцыі выгнана. Тым больш, што літвіны былі вымушаны саступіць Маскоўскай дзяржаве шэраг ужо адваяваных у яе замкаў (Вялікая Лукі, Завалочча ды інш.). Не згаджаўся стваральнік дакумента з ідэяй падзяліць Інфлянты папалам паміж ВКЛ і Польшчай. Адзіным справядлівым выйсцем называлася перадача ўсіх Інфлянтаў пад уладу Вялікага Княства [33]. Асабліва адзначалася, што літвінаў, якія згубілі ўсё ў Інфлянтах, проста не будуць паважаць, у т.л. у Маскоўскай дзяржаве, як "нявольнікаў польскіх" [34].

Нягледзячы на ўсе намаганні, літвінам так і не ўдалося ў 1582 г. дасягнуць далучэння спрэчнай правінцыі да ВКЛ. Пачатак 1585 г. прынес ім яшчэ адно расчараванне - Інфлянты ўзначаліў паляк Станіслаў Пенкаслаўскі [35]. Пераадолець апазіцыю кіроўных колаў Польшчы і схіліць на свой бок Стэфана Баторыя літвіны паспрабавалі на новым вальным сойме Рэчы Паспалітай, скліканым на 15 студзеня 1585 г. На яго разгляд зноў выносілася пытанне ўладкавання Інфлянтаў [36].

Прадстаўніцтва на вальным сойме 1585 г. сенатараў ад ВКЛ было найбольшым за ўсе соймы часоў панавання Стэфана Баторыя. У Варшаве прысутнічала 9 сенатараў-літвінаў (36% ад усіх сенатараў ВКЛ): віленскі ваявода К. Радзівіл, А. Валовіч, трокскі кашталян і земскі падскарбі Я. Глябовіч, Ф. Кміта-Чарнабыльскі, М. Дарагастайскі, менскі кашталян Міхал Гарабурда, земскі маршалак Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, падканцлер Л. Сапега і дворны маршалак Альбрыхт Радзівіл [37].

Унутранае ўладкаванне Інфлянтаў і арганізацыя іх абароны, разам з іншымі справамі, прапаноўвалася разгледзець сенатарам і паслам Рэчы Паспалітай на самым пачатку пасяджэнняў [38]. Канчатковае вызначэнне статусу Інфлянтаў для дэлегацыі ВКЛ было хіба галоўнай задачай. Аднак праца сойма адразу была абцяжарана т.зв. "справай Збароўскіх". Падобна, што да разгляду "інфлянцкага пытання" ў Варшаве прыступілі толькі ў пачатку лютага. Прынамсі, 6 лютага адбылася таемная нарада Стэфана Баторыя і сенатараў, на якой у т.л. абмяркоўвалася і небяспека для Інфлянтаў з боку ўжо не толькі Швецыі, але й Даніі, ды забеспячэнне замкаў у правінцыі [39]. Пазней было вырашана прызначыць пасля сойма камісараў для ўрэгулявання канфлікту Рэчы Паспалітай са Швецыяй [40].

Што датычыць Інфлянтаў, то 14 лютага 1585 г. для разгляду правоў, вылучаных літвінамі на валоданне правінцыяй, была створана спецыяльная камісія, у склад якой увайшлі як земскія паслы, так і сенатары Вялікага Княства і Каралеўства [41]. На пасяджэнні 20 (або 21) лютага камісія, каб вызначыць прыналежнасць Інфлянтаў, разглядала 17 розных актаў і прывілеяў, якія адносіліся да гісторыі стасункаў гэтай правінцыі з ВКЛ, Польшчай і Свяшчэннай Рымскай імперыяй: ад дамовы паміж Вялікім Княствам і Інфлянтамі 1501 г. да зацвярджэння (канфірмацыі) уніі інфлянцкіх станаў з ВКЛ на сойме ў Гародні ў снежні 1566 г. [42] Відаць, плённых вынікаў пасяджэнне не прынесла, бо 22 лютага земскія паслы ВКЛ звярнуліся да Стэфана Баторыя з просьбай прыняць усё ж рашэнне аб статусе правінцыі. Аднак канчатковы вердыкт кароль і вялікі князь адклаў да супольнага паразумення ўсіх станаў Рэчы Паспалітай [43]. Праз тры дні К. Радзівіл і Я. Глябовіч ад імя сенатараў ВКЛ на падставе пагаднення Вялікага Княства з Інфлянцкім ордэнам 1561 г. і канфірмацыі Жыгімонта Аўгуста (уніі 1566 г.?) даводзілі відавочную, на іх думку, ранейшую інкарпарацыю Інфлянтаў у склад ВКЛ. Стэфан Баторый сваё рашэнне паставіў у залежнасць ад згоды камісіі, складзенай з сенатараў і паслоў, але абмеркаванне зноў было перанесена на наступны дзень. Сенатары-літвіны прасілі яшчэ прызначыць дэпутатаў, якія б ужо на гэтым сойме прынялі канчатковае рашэнне па спрэчнай правінцыі, і яны былі прызначаны [44]. Прынцыповую пазіцыю займалі таксама і паслы ад ваяводстваў ды паветаў ВКЛ. Так, 26 лютага, за два дні да заканчэння сойма, польскія паслы заявілі, што літвіны не жадаюць нічога абмяркоўваць, пакуль не будзе вырашана "інфлянцкая справа", а таму і аб канстытуцыях у пасольскай ізбе нічога не пастаноўлена [45]. Са свайго боку, прадстаўнікі польскай шляхты таксама не саступалі, трымаліся рашэнняў Люблінскага сойма 1569 г. і настойвалі на падзеле Інфлянтаў паміж ВКЛ і Польшчай [46].

Пасяджэнне 27 лютага цягнулася да 3-й гадзіны ночы. Пасольская ізба ніяк не магла дамовіцца аб парадку абароны Інфлянтаў. Падобна, што паслы ВКЛ ужо былі схільны да кампрамісу з палякамі: перад каралём і вялікім князем яны заявілі, што маюць права як мінімум на палову правінцыі, якую заслужылі сваімі "выдаткамі і жыццём". З увагі на знешнюю небяспеку, Стэфан Баторый зноў заклікаў паслоў прыйсці да згоды, найперш, у пытанні абароны Інфлянтаў [47]. Тым не менш, на гэтым сойме ніякіх рашэнняў так і не было прынята.

Вальны сойм скончыў сваю працу 28 лютага 1585 г. У развітальнай прамове ад імя земскіх паслоў ВКЛ віленскі войскі Ян Абрамовіч прасіў Стэфана Баторыя ўсё ж дэклараваць, што Вялікае Княства Літоўскае мае большае права на валоданне Інфлянтамі за Каралеўства Польскае [48].

Відавочна, літвіны былі расчараваны такімі вынікамі сойма. Усяго праз два тыдні пасля яго заканчэння, 12 сакавіка 1585 г., Л. Сапега даў выйсце сваім эмоцыям: "Вырвана … тая зямля Інфлянцкая ў народа літоўскага, да [абароны] якой Паляк грошам не спрычыніўся на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, як вайна за Інфлянты пачалася. Толькі зараз, калі [вайна] да заканчэння прыйшла, тады пан Паляк стаў забіраць замкі, якія за нашы [Вялікія] Лукі, Завалочча, Холм і іншыя выгандлеваныя. А мы …, не толькі ўсе скарбы літоўскія, але ўвогуле ўсю зямлю літоўскую дзеля той зямлі Інфлянцкай, баронячы яе, згубіўшы і знішчыўшы, … [Інфлянты] страцілі…" [49].

Падобна, Стэфан Баторый не хацеў прымаць канчатковага рашэння аб прыналежнасці Інфлянтаў, пакуль самі палітычныя эліты Польшчы і ВКЛ не прыйшлі б да нейкага кампрамісу. Літвінам заставалася чакаць новага вальнага сойма Рэчы Паспалітай, які планавалася склікаць у Варшаве на 2 лютага 1587 г. [50] Аднак сойм гэты не адбыўся, з-за смерці Стэфана Баторыя 12 снежня 1586 г. у Гародні.

Спрэчкі паміж літвінамі і палякамі вакол статусу Інфлянтаў працягваліся і ў гады трэцяга бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай (1586-1587 гг.) і ў першы год панавання новага караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы [51]. Толькі на вальным сойме 1589 г. былі прынятыя канстытуцыі, якія нарэшце вызначылі, што Інфлянты, згодна з рашэннямі сойма 1569 г. у Любліне, пераходзяць у супольнае падпарадкаванне ВКЛ і Польшчы [52].

Такім чынам, палітычная эліта ВКЛ амаль за пяць гадоў, што прайшлі ад падпісання Ям-Запольскага перамір'я да смерці Стэфана Баторыя, так і не здолела дасягнуць далучэння ўсіх Інфлянтаў да Вялікага Княства. У першую чаргу, гэта адбылося з-за апазіцыі польскага боку і безвыніковасці вальных соймаў Рэчы Паспалітай. Не спяшаўся займаць нейкі адзін бок у канфлікце і Стэфан Баторый. Гэты канфлікт выявіў у адносінах палітычных элітаў ВКЛ і Польшчы наяўнасць вельмі глыбокага ўзаемнага недаверу, які, напэўна, быў народжаны яшчэ падчас надзвычай супярэчлівага працэсу заключэння Люблінскай уніі. Польскі бок глядзеў на літвінаў высакамерна, апошнія, у сваю чаргу, падазравалі палякаў у спробах абмежаваць правы і свабоды Вялікага Княства. Літвіны не хацелі, каб іх краіна ў складзе Рэчы Паспалітай сталася проста правінцыяй, як Вялікая ці Малая Польшча. На заключным пасяджэнні вальнага сойма 1585 г. выбітны дзеяч таго часу А. Валовіч у сваёй прамове падкрэсліў надзвычай важны для "палітычнага народа" Вялікага Княства Літоўскага момант: "З народам Польскім … ва ўсім роўным сябе народ Літоўскі ўсведамляе"[53].



[1] Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609), vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 246.

[2] Дербов Л.А. К вопросу о кандидатуре Ивана IV на польский престол (1572-1576) // Ученые записки Саратовского гос. ун-та. 1954. Т. 39. Выпуск исторический. С. 182-183; Книга посольская Метрики Великого княжества Литовского: В 2 т. / Императ. Моск. общество истории и древностей российских. Т.1: 1545-1572 гг. / Ред. М.А. Оболенский, И.Н. Данилович. М., 1843. С. 290-301; Янушкевіч А. Інфлянцкая вайна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. Мн., 2005. С. 670-673.

[3] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 217-221, 292-292, 308.

[4] Ibidem. S. 340. Пра падрабязнасці перамоў паміж пасламі Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы ўзімку 1581/1582 года гл.: Книга посольская Метрики… Т. 2: 1576-1583 гг. / Ред. М. Погодин, Д. Дубенский. М., 1843. С. 210-245; Relacje nuncjuszów apostolskich i innych osób o Polsce od r. 1548 do 1690. Berlin-Poznań, 1864. T. 1. S. 386-450.

[5] Дневник Люблинского сейма 1569 года: Соединение Великого Княжества Литовского с Королевством Польским / Изд. М. Коялович. СПб., 1869. С. 487, 499, 598-599.

[6] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616) wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 67, 72, 94.

[7] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911. Приложения. С. 80-82.

[8] Книга посольская Метрики… Т. 2. С. 246-247; Sprawy wojenne króla Stefana Batorego. Dyjaryjusze, relacyje, listy i akta z lat 1576-1586 / Zebrał i wydał I. Polkowski. Kraków, 1887. S. 348.

[9] Sprawy wojenne… S. 347-348, 350.

[10] Ibidem.

[11] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). Опыт исследования политического и общественного строя. Спб., 1901. Т. 1. С. 173; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 340-341.

[12] Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 341; Sprawy wojenne... S. 350. Намеснікам Ю. Радзівіла стаў паляк Я.Д. Салікоўскі.

[13] Sprawy wojenne... S. 349-350.

[14] Ibidem. S. 350.

[15] Kieniewicz L. Senat za Stefana Batorego. Warszawa, 2000. S. 147.

[16] Archiwum Jana Zamoyskiego, kanclerza i hetmana wielkiego Koronnego. T. 3: 1582-1584 / Wyd. J. Siemieński. Warszawa, 1913. S. 90-91.

[17] Akta Metryki Koronnej. Co ważniejsze z czasów Stefana Batorego. 1576-1586 / Wyd. A. Pawiński. Warszawa, 1882. S. 228-230; Archiwum Jana Zamoyskiego... S. 453, 472-473; Nowodworski W. Stosunki Rzeczypospolitej ze Szwecyą i Danią za Batorego // Przegląd Historyczny. 1911. T. 12. S. 174-184, 308-314.

[18] Archiwum Jana Zamoyskiego... S. 472-473.

[19] Ibidem. S. 2, 79.

[20] Kieniewicz L. Senat... S. 270.

[21] Dyaryusze sejmowe roku 1585. W dodatkach: Ułamki dyaryusza sejmowego roku 1582, akta sejmikowe i inne akta odnoszące się do sejmu 1585 r. / Wyd. A. Czyczyński. Kraków, 1901. S. 335.

[22] Archiwum Jana Zamoyskiego... S. 475-476.

[23] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения… С. 173; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 341. Яшчэ адным актуальным пытаннем для прадстаўнікоў ВКЛ на сойме 1582 г. было зацвярджэнне праекту новага Статута: Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 года: В 2 т. Каунас, 1934. Т. 1: Исследование. Ч. 1. С. 412; Dyaryusze sejmowe... S. 342; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 345-346, 348.

[24] Dyaryusze sejmowe... S. 343-344; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 347; Nowodworski W. Stosunki Rzeczypospolitej ze Szwecyą i Danią... S. 315.

[25] Dyaryusze sejmowe... S. 340.

[26] Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 341; Volumina Constitutionum. S. 469-473.

[27] Biblioteka Kórnicka Polskiej Akademii Nauk (Kórnik). Oddział w Poznaniu. Rkps. 1538. Akta do panowania Batorego. K. 49-51v.

[28] Biblioteka Kórnicka... K. 49; Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy. T. 4: Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie XIV-XVIII wiek / pod red. A. Rachuby; Oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P. Romaniuk; Instytut Historii PAN. Warszawa, 2003. S. 87.

[29] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: В 5 т. Т. 3. СПб., 1848. С. 272. Магчыма, да пачатку 1580-х гг. адносіцца і лацінамоўны рукапісны твор Ю. Радзівіла, прысвечаны менавіта гісторыі Інфлянтаў: Pamiętnik kardynała Jerzego księcia Radziwiłła z lat 1556-1575 / Wyd. T. Wierzbowski. Warszawa, 1899.

[30] Biblioteka Kórnicka... K. 49-51.

[31] Biblioteka Kórnicka... K. 50.

[32] Ibidem. K. 50v.-51.

[33] Ibidem. K. 51-51v.

[34] Ibidem. K. 51.

[35] Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 342.

[36] Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге (РНБ). Фонд 293. Западно-русские акты. № 300. Л. 1-1отв.; Dyaryusze sejmowe... S. 352.

[37] Akta Metryki Koronnej. S. 279-280; Dyaryusze sejmowe... S. 67-68, 87, 169, 254; Kempa T. Mikołaj Krzysztof... S. 129.

[38] Dyaryusze sejmowe... S. 8-14, 321. Акрамя далучэння Інфлянтаў, земскія паслы ВКЛ зноў, як і ў 1582 г., спрабавалі на сойме дабіцца зацвярджэння Статута, але беспаспяхова. Актыўна ўзялі ўдзел літвіны (К. Радзівіл, А. Валовіч, Я. Глябовіч, М. Гарабурда, Л. Сапега) і ў перамовах з пасламі Маскоўскай дзяржавы аб заключэнні новага перамір'я паміж краінамі: Ibidem. S. 254, 256, 267.

[39] Ibidem. S. 219. Стэфан Баторый аб небяспецы для Інфлянтаў, што сыходзіла ад дацкага караля Фрыдэрыка II, інфармаваў шляхту яшчэ на перадсоймавых сойміках у канцы 1584 г.: Ibidem. S. 352. Пра канфлікт Рэчы Паспалітай з Даніяй у 1583-85 гг. вакол пільтэнскага біскупства гл.: Nowodworski W. Stosunki Rzeczypospolitej ze Szwecyą i Danią... S. 316-319.

[40] Nowodworski W. Stosunki Rzeczypospolitej ze Szwecyą i Danią... S. 320-321. Камісарам ад ВКЛ стаў берасцейскі кашталян Крыштоф Зяновіч.

[41] Dyaryusze sejmowe... S. 219, 237.

[42] Dyaryusze sejmowe... S. 255-256. Падрабязней пра дамову 1501 г. гл.: Дзярновіч А. "… in nostra Livonia". Дакументальныя крыніцы па гісторыі палітычных адносінаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Лівоніяй у канцы XV-першай палове XVI ст.: Сістэматызацыя і актавы аналіз. Т.1. Мн., 2003. С. 224-248.

[43] Dyaryusze sejmowe... S. 261. Ад імя Стэфана Баторыя адказ паслам ВКЛ агучыў Л. Сапега.

[44] Ibidem. S. 262, 263, 265.

[45] Ibidem. S. 267-268. Стэфан Баторый, са свайго боку, асаблівую ўвагу звярнуў на праблему бяспекі Інфлянтаў.

[46] Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 342. У прыватнасці, такі пастулат вылучала шляхта Кракаўскага ваяводства на перадсоймавым сойміку.

[47] Dyaryusze sejmowe... S. 270.

[48] Ibidem. S. 286.

[49] Archiwum Domu Radziwiłłów. Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki-Jana Zamoyskiego-Lwa Sapiehy. Kraków, 1885. S. 179. Таксама Л. Сапега абураўся, што палякі забралі і тыя замкі, якія раней трымалі літвіны: Кесь (Вендэн), Рыгу і інш.: Ibidem.

[50] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине… Приложения. С. 140-141.

[51] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 65. Арк. 261-262адв.; РНБ. Фонд 971. Собрание автографов П.П. Дубровского. Авт. 127. Л. 1; Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (AGAD). Archiwum Publiczne Potockich. Zbior Dyaryuszów seymowych za panowania Zygmunta III. T. 1 (1585-1607). S. 178-193, 280-291, 297-300; AGAD. Archiwum Radziwiłłów. Dz. II. №№ 165, 167, 187 (s. 2, 14-16), 196, 201, 224; Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1: Okresy bezkrólewi / Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2006. S. 289, 309, 312; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 361, 365, 372, 382-384, 386, 393-394, 405, 409, 411-418; Volumina Legum. Przedruk źbioru praw staraniem XX. Pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782 wydanego: W 8 t. T. 2. Petersburg, 1859. S. 269-270.

[52] Volumina Legum. S.278-280. Гл.таксама: Tarvel E. Stosunek prawnopaństwowy Inflant do Rzeczypospolitej oraz ich ustroj administracyjny w l. 1561-1621 // Zapiski Historyczne. 1969. T. 34, z. 1. S. 49-77.

[53] Dyaryusze sejmowe... S. 287.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX