Вярнуцца: Падалінскі Уладзімір

Уплыў пратэкцыянізму на фарміраванне складу канцылярыі і скарба ВКЛ у апошняй трэці XVI ст.


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 26-02-2012,
Крыніца: Падалінскі Уладзімір. Уплыў пратэкцыянізму на фарміраванне складу канцылярыі і скарба ВКЛ у апошняй трэці XVI ст. // Молодежь в науке - 2007: прил. к журн. "Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". В 4 ч. Ч. 2. Серия гуманитарных наук / редкол.: П.Г. Никитенко (гл. ред.), В.В. Гниломедов [и др.]. - Минск: Белорус. наука, 2008. - С. 223-226.

Спампаваць




Уплыў пратэкцыянізму на фарміраванне складу канцылярыі і скарба ВКЛ у апошняй трэці XVI ст. *

УДК [947.6+947.45+947.78]-89"15"+354(476+474.5+477.8)-89"15"

Ул.А. Падалінскі.Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, Мінск

Пратэкцыянізм у сацыяльна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай у ранні Новы час (XVI-XVII стст.), як і ў Заходняй Еўропе, хаця, і з пэўнымі асаблівасцямі, атрымлівае шырокае распаўсюджванне. Найбольш уплывовыя прадстаўнікі палітычнай эліты выкарыстоўвалі цэлую сістэму заступніцтва і падтрымкі сярэдняй ды дробнай шляхты. Яны праз фінансавае заахвочванне, пратэкцыю пры раздачы манархам пасад і зямель маглі кантраляваць шляхту і накіроўваць яе дзейнасць у патрэбнае рэчышча. Адпаведна, такая шляхта забяспечвала інтарэсы сваіх патронаў на павятовых сойміках і вальным сойме, у судах і пры каралеўскім двары, інфармавала аб бягучых падзеях. Часам, кліенты давалі патронам грашовыя пазыкі. У дадзеным артыкуле паспрабуем вызначыць, у якой ступені пратэкцыянісцкія адносіны ўплывалі на фарміраванне складу цэнтральных устаноў кіравання ВКЛ (канцылярыі і скарба) у апошняй трэці XVI ст.

На сённяшні дзень праблематыка пратэкцыянізму ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай найбольш актыўна вывучаецца ў польскай гістарыяграфіі. Вядомая даследчыца У. Аўгустыняк закранала ў сваіх працах пытанні асаблівасцей магнацкага патранату ў Вялікім Княстве, значэння кроўных сувязей у развіцці пратэкцыянісцкіх адносін, персанальны склад кліентаў Крыштофа Радзівіла (1585-1640 гг.) [1, 2, 3, 4]. Кліентэлу Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, яе дзейнасць у розных сферах сацыяльна-палітычнага жыцця ВКЛ вывучаў Т. Кэмпа [5]. Выбітны гісторык А. Мончак правёў грунтоўнае параўнаўчае даследаванне нефармальных структур улады (адносін "патрон - кліент") у Рэчы Паспалітай і Еўропе ранняга Новага часу [6, 7]. Уплыў пратэкцыянісцкіх адносін паміж магнатамі і шляхтай на дзейнасць сойміка Трокскага павета ў XVI-XVIII стст. у пэўнай ступені адлюстраваны ў працы А. Закшэўскага [8].

З'явы пратэкцыянізму і кліентэлы ў ВКЛ у XVI-XVII стст. даследуюцца і ў сучаснай літоўскай гістарыяграфіі. Неабходна адзначыць працы Р. Рагаўскене, у якіх разглядаецца фарміраванне і развіццё кліентэлы роду Радзівілаў (Мікалая Радзівіла Рудога і, часткова, М.К. Радзівіла Сіроткі) [9, 10]. Даследаванню кліентальных адносін у ВКЛ прысвечана і дысертацыя А. Васіляўскаса (за інфармацыю аб дадзенай працы шчыра дзякую А. Радаману) [11]. Д. Вілімас часткова закранае праблематыку пратэкцыянізму ў ВКЛ пры вывучэнні рэгіянальных, павятовых эліт [12].

У айчыннай гістарычнай навуцы, на жаль, да гэтага часу няма спецыяльных даследаванняў, якія б закраналі феномен пратэкцыянізму ў сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ XVI ст. Не разгледжаны ў гістарыяграфіі і ўплыў пратэкцыянісцкіх адносін на фарміраванне ў XVI ст. складу такіх дзяржаўных структур улады, як канцылярыя і скарб.

Працяглы час канцылярыя і скарб у ВКЛ адыгрывалі тэхнічную, а не самастойную ролю. Аднак, асабліва ў XVI ст., па меры ўскладнення дзяржаўнага справаводства, праз іх праходзіла ўсё больш пытанняў унутранай і знешняй палітыкі краіны. Гэтыя органы займаліся дакументаваннем рашэнняў вялікага князя, Паноў-рады і вальнага сойма, эканамічным і фінансавым кіраваннем, судовым справаводствам, натарыяльнай дзейнасцю, мелі рысы пасольскай службы [13, с. 27-43, 131-137; 14]. Супрацоўнікі канцылярыі і скарба набывалі ўсё большае значэнне пры выкананні разнастайных рашэнняў манарха ці сойма, а кіраўнікі - і пры прыняцці гэтых рашэнняў. Адпаведна, палітычная эліта ВКЛ імкнулася кантраляваць асабісты склад гэтых уладных устаноў, што давала ёй дадатковыя магчымасці ўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы ў краіне. Акрамя таго, урады канцлера, падканцлера або земскага падскарбія давалі магчымасць быць амаль пастаянна каля караля і вялікага князя, а значыць і мець адпаведны аўтарытэт ды ўплыў у кіроўных колах ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Узначальвалі канцылярыю канцлер і падканцлер (пасада ўведзена ў 1566 г.), акрамя іх у склад гэтай установы ўваходзілі рэгенты (з 1590-х гг.), пісары, сакратары, дзякі [14].

Канцылярыя ВКЛ у апошняй трэці XVI ст. знаходзілася амаль пад поўным уплывам Радзівілаў. З 1566 па 1579 г. канцлерам быў М. Радзівіл Руды, які адначасова трымаў урад віленскага ваяводы - вышэйшы свецкі сенатарскі ўрад у ВКЛ. А яго сын - Крыштоф Радзівіл Пярун - з 1579 па 1585 г. займаў пасаду падканцлера, і таксама з'яўляўся трокскім кашталянам (а з 1584 г., пасля смерці свайго бацькі, - віленскім ваяводам). Астатнія кіраўнікі канцылярыі дадзенага перыяду былі ў той ці іншай ступені звязаны з родам Радзівілаў. Першым падканцлерам ВКЛ з 1566 па 1579 г., а затым, да сваёй смерці 20 лістапада 1587 г., канцлерам, быў Астафей Валовіч, у палітычнай дзейнасці, як правіла, блізкі да Радзівілаў. Аднак ужо з канца 1560-х гг. ён выступае як самастойны дзеяч. А. Валовіч з'яўляўся адным з самых набліжаных людзей да каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх Жыгімонта Аўгуста (прынамсі, у апошнія гады яго панавання) і Стэфана Баторыя. Зрабіў ён і бліскучую палітычную кар'еру: з 1561 г. займаў пасаду дворнага маршалка, з 1569 г. - трокскага, а з 1579 г. - віленскага кашталяна. Можна сцвярджаць, што А. Валовіч быў адным з самых уплывовых дзеячаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 1570-80-х гг. З лютага 1585 г. пасаду падканцлера, а з красавіка 1589 г. пасаду канцлера ВКЛ, займаў Леў Сапега. Пачатак яго кар'еры шмат у чым быў звязаны менавіта з пратэкцыяй Радзівілаў. Л. Сапега ў сваіх лістах называў сябе "слугой даўнім, верным і добразычлівым" віленскага ваяводы К. Радзівіла, а таксама "выхаванцам дому" Радзівілаў [15, с. 178-179]. Ды й пасаду падканцлера ён атрымаў, дзякуючы падтрымцы магутных патронаў. У канцы 1584 г. на гэты ўрад прэтэндаваў менскі кашталян і земскі падскарбі Ян Глябовіч. Аднак К. Радзівіл і віленскі кашталян А. Валовіч рэкамендавалі Стэфану Баторыю менавіта кандыдатуру Л. Сапегі [15, с. 177], які і стаў у 1585 г. падканцлерам ВКЛ.

Часам, за кіроўныя пасады ў канцылярыі сярод палітычнай эліты Вялікага Княства разгортвалася сапраўдная барацьба. У 1588 г., адразу пасля каранацыі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы, у яго бліжэйшым атачэнні апынуліся трокскі ваявода Я. Глябовіч і жамойцкі староста Ян Кішка. Яны ў сваіх інтарэсах актыўна ўплывалі на новага караля пры раздачы розных урадаў, у т.л. і ў канцылярыі ВКЛ. Так, Я. Глябовіч і Я. Кішка спрабавалі дамагчыся ў Жыгімонта Вазы намінацыі падканцлерам чашніка ВКЛ Яна Паца. Аднак супраць гэтых планаў выступіў Л. Сапега, які, у сваю чаргу, на пасаду падканцлера прапаноўваў кандыдатуры менскага кашталяна Вацлава Агрыпы ці пісара Габрыэля Войны. У выніку, ён здолеў заблакіраваць намінацыю Я. Паца [15, с. 189], і пазней падканцлерам ВКЛ стаў менавіта Г. Война. Л. Сапега тлумачыў сваю пазіцыю тым, што В. Агрыпа і Г. Война ўжо маюць багаты досвед працы ў канцылярыі і іх не трэба нічому вучыць [15, с. 189]. Разам з тым заўважым, што В. Агрыпа з'яўляўся радзівілаўскім кліентам [10, с. 168, 306-307], і Г. Война, падобна, таксама быў блізкім да Радзівілаў [5, с. 198].

Важную ролю ў арганізацыі працы канцылярыі адыгрывалі пісары, таму палітычная эліта ВКЛ жадала бачыць на гэтых пасадах "сваіх" людзей. У апошнія гады панавання Жыгімонта Аўгуста і ў часы Стэфана Баторыя большасць пісараў канцылярыі ВКЛ з'яўляліся кліентамі віленскага ваяводы, канцлера М. Радзівіла Рудога: Мікалай Нарушэвіч (займаў пасаду пісара з 1562 па 1575 г.), Мацей Савіцкі (1566-1581 гг.), Міхал Гарабурда (1566-1585 гг.), Вацлаў Агрыпа (1576-1586 гг.), Мікалай Ясенскі (1576-1600? гг.) [10, с. 168, 306-307, 309-310, 313-318]. Яшчэ адным радзівілаўскім кліентам сярод пісараў канцылярыі Вялікага Княства быў Гальяш Пельгрымоўскі (1586-1605 гг.) [16]. Акрамя таго, як ужо адзначалася, падтрымкай Радзівілаў карысталіся Л. Сапега (быў пісарам у 1581-1585 гг.) і, верагодна, Г. Война (1585-1589 гг.). Праўда, былі ў канцылярыі ВКЛ вывучаемага часу і пісары, якія мелі іншых патронаў. Лаўрын Война, пісар у 1566-1580 гг. (пры гэтым, з 1569 г. дворны, а з 1576 г. земскі падскарбі), у палітычным плане быў блізкім да галоўнага канкурэнта Радзівілаў у ВКЛ у 1560-70-я гг. - віленскага кашталяна, жамойцкага старосты і земскага маршалка Яна Хадкевіча [17, с. 237]. Пісар Андрэй Абрынскі (Харытановіч) (1576?-1589 гг.) у 1579 г. фігуруе як "прыяцель" А. Валовіча [18, спр. 272, арк. 151адв.], а яго брат Ілля Абрынскі, новагародскі харужы, з'яўляўся ў сярэдзіне 1570-х гг. кліентам Я. Хадкевіча [19, с. 198].

У пачатку панавання Жыгімонта Вазы пазіцыі Радзівілаў у канцылярыі ВКЛ па-ранейшаму заставаліся трывалымі. Так, 23 красавіка 1589 г. пісарам стаў Яраш Валовіч (займаў гэтую пасаду да 1618 г.). Як адзначалася ў намінацыйным прывілеі, прызначэнне адбылася "за прычынай паноў-рад" [18, спр. 76, арк. 1адв.-2]. Вядома, што Я. Валовіч з'яўляўся кліентам М.К. Радзівіла Сіроткі [5, с. 198]. Пазней, у 1598 г., ён таксама выступаў як "прыяцель" канцлера Л. Сапегі [18, спр. 285, арк. 381адв.]. Яшчэ адным новым пісарам ВКЛ у 1589 г. стаў Мацей Война (да 1607 г.) - пляменнік падканцлера Г. Войны.

Пратэкцыянісцкія адносіны можна выявіць і пры прызначэнні на іншыя ўрады ў канцылярыі - рэгента і сакратара. Заўважым, што спробы аналізу сакратарыяту Жыгімонта Аўгуста і Стэфана Баторыя ўжо рабіліся ў польскай гістарыяграфіі, але роля кліентальных сувязяў на фарміраванне яго персанальнага складу зусім не разглядалася [20; 21]. Шэраг пісараў, пра якіх ужо вялася гаворка, папярэдне трымалі ўрад сакратара: А. Абрынскі, В. Агрыпа, Я. Валовіч, Г. Война, М. Война, М. Нарушэвіч, Г. Пельгрымоўскі, М. Савіцкі, Л. Сапега. Сярод сакратароў, якія не атрымалі пасады пісара, сустракаем значную колькасць магнацкіх кліентаў, у прыватнасці, Радзівілаў: Дамінік Абрынскі, Цыпрыян Базылік, Станіслаў Барташэвіч, Андрэй Волан, Аўгусцін Ратундус, Ян Чыж і інш. [5, с. 200, 212; 10, с. 168, 307-309, 314-315, 319]. Захаваліся сведчанні, як па пратэкцыі тых ці іншых магнатаў іх кліенты станавіліся сакратарамі. Так, па просьбе М. Радзівіла Рудога і М.К. Радзівіла Сіроткі ў 1574 г. Генрых Валуа прызначыў сакратаром Ераніма Макавецкага [5, с. 209; 20, с. 42]. Стэфан Баторый у лістападзе 1576 г. па пратэкцыі Я. Хадкевіча надаў пасаду сакратара Яну Аўсянаму [18, спр. 56, арк. 86адв.], а ў красавіку 1582 г. - Францішку Градоўскаму, за якога прасілі М. Радзівіл Руды і К. Радзівіл [18, спр. 65, арк. 129адв.-130]. Рэгентам канцылярыі ВКЛ у канцы XVI ст., а затым і пісарам, быў кліент канцлера Л. Сапегі Аляксандр Корвін-Гасеўскі [15, с. 225].

Пратэкцыянізм меў месца і пры прызначэнні ўраднікаў скарба. На чале скарба ВКЛ стаяў земскі падскарбі, яму дапамагаў апарат, які складаўся са скарбнага, скарбных пісараў, дваран і сакратароў [22, с. 224-238]. Дворны падскарбі ў Вялікім Княстве рэальнай уладай фактычна не валодаў і быў хутчэй тытулярным ураднікам [22, с. 334-344]. Адзначым, што земскія падскарбіі ВКЛ адначасова трымалі і ўрад пісара.

Розныя магнацкія групоўкі імкнуліся ўплываць на прызначэнне земскіх падскарбіяў ВКЛ. З 1566 па 1575 гг. гэты ўрад трымаў ужо згаданы як кліент Радзівілаў М. Нарушэвіч, а ў 1576 г. земскім падскарбіем стаў Л. Война, як адзначалася вышэй, блізкі да Я. Хадкевіча. Пасля смерці Л. Войны ў канцы 1580 г. Стэфан Баторый прызначыў на пасаду земскага падскарбія даўняга палітычнага апанента Радзівілаў Я. Глябовіча [23, с. 207, 212-213]. У чэрвені 1586 г. гэты ўрад атрымаў Фёдар Скумін-Тышкевіч, якога Р. Рагаўскене адносіць да радзівілаўскіх кліентаў [10, с. 324]. Аднак вядома, што ў лістападзе 1576 г. Я. Хадкевіч прасіў Стэфана Баторыя пацвердзіць Ф. Скуміну-Тышкевічу прывілей аб наданні двух сёлаў у Жамойцкім старостве [18, спр. 56, арк. 95]. У 1590 г. пры актыўным садзеянні віленскага ваяводы К. Радзівіла ўрад земскага падскарбія атрымаў дворны падскарбі Дзімітры Халецкі [24, №. 1901, cz. 1, s. 14]. Пасля смерці ў студзені 1598 г. Дз. Халецкага, на яго пасаду прэтэндаваў кухмістр ВКЛ Мікалай Сапега, але ў красавіку 1598 г. нясвіжскія Радзівілы - кракаўскі біскуп Юры Радзівіл і трокскі ваявода М.К. Радзівіл Сіротка - "выпатрабавалі" ў Жыгімонта Вазы намінацыю земскім падскарбіем менскага ваяводы Яна Завішы [24, №. 16, s. 67, 70].

Аб важнасці гэтай пасады сведчыць наступны факт. Увосень 1584 г. Я. Глябовіч нават не хацеў прымаць урад трокскага кашталяна, толькі каб не згубіць пасады земскага падскарбія [25, с. 359-360]. У той жа час, ён пачаў дабівацца намінацыі падканцлерам ВКЛ [15, с. 177]. Для такога амбітнага палітычнага дзеяча як Я. Глябовіч было важней трымаць зусім нізкі ў іерархіі сенатарскіх пасадаў "міністэрскі" ўрад земскага падскарбія ці падканцлера, чым адзін з вышэйшых - трокскага кашталяна.

Буйнейшыя магнаты Вялікага Княства хацелі бачыць адданых сабе асобаў і на пасадзе скарбнага, які быў па сутнасці намеснікам земскага падскарбія. З 1558 па 1584 г. скарбным ВКЛ быў Іван Зарэцкі - кліент М. Радзівіла Рудога [10, с. 327]. Можна меркаваць, што і наступны скарбны - Лукаш Мамоніч (1585-1606 гг.) - таксама быў кліентальна звязаны з Радзівіламі. Прынамсі ў 1588 г., Л. Мамоніч прасіў К. Радзівіла дапамагчы яму атрымаць ад Жыгімонта Вазы льготы ў арэндзе мыт, за што абяцаў віленскаму ваяводзе пастаянна служыць і прадстаўляць "добрыя падарункі" [26, с. 58-59]. Што датычыць скарбных пісараў, то яны, падобна, прызначаліся з ліку кліентаў ("слуг") земскіх падскарбіяў ВКЛ. Так, у маі 1586 г. скарбным пісарам "за пода немъ и залеценьемъ" Ф. Скуміна-Тышкевіча быў прызначаны Андрэй Ільгоўскі, а Ян Вярцінскі, скарбны пісар у 1590-я гг., з'яўляўся "слугой" Дз. Халецкага [18, спр. 72, арк. 37; спр. 285, арк. 408адв., 409 адв.]. Заўважым, што ў 1592 г. Л. Сапега называў нейкага Ільгоўскага (можа як раз Андрэя?) "даўнім слугой" роду Хадкевічаў [27, k. 151].

Разам з тым адзначым, што каралі і вялікія князі не былі пасіўнымі выканаўцам волі магнатаў. Менавіта яны ацэньвалі і прафесійныя якасці, і асабісты аўтарытэт, і палітычную дзейнасць кандыдатаў, толькі ад іх залежала канчатковае рашэнне аб той ці іншай намінацыі. Напрыклад, Жыгімонт Ваза больш за год чакаў з прызначэннем канцлера ВКЛ, пакуль у 1589 г. не надаў гэты ўрад Л. Сапезе. Не дзіва, што некаторыя намінанты гэтага караля і вялікага князя (напрыклад, Л. Сапега, Г. Война, Дз. Халецкі) станавіліся адданымі раялістамі. Заўважым, што і самі магнацкія "пратэжэ" затым маглі стаць самастойнымі палітычнымі дзеячамі. Найбольш яскравыя таму прыклады - кар'ера і грамадска-палітычная дзейнасць Л. Сапегі і Дз. Халецкага.

Такім чынам, у сувязі з ростам значэння канцылярыі і скарба ў дзяржаўным жыцці ВКЛ у XVI ст., палітычная эліта Вялікага Княства актыўна імкнулася кантраляваць іх дзейнасць. Галоўным інструментам дасягнення дадзенай мэты з'яўляліся пратэкцыянісцкія адносіны. Персанальны склад гэтых інстытутаў улады фарміраваўся, галоўным чынам, з ліку шляхецкіх кліентаў вышэйшай знаці ВКЛ. Найбольшы ўплыў на функцыянаванне і склад канцылярыі і скарба Вялікага Княства ў апошняй трэці XVI ст. мелі Радзівілы, у першую чаргу, біржанскія. Аднак праблема выкарыстання пратэкцыянізму ў палітычнай практыцы Вялікага Княства Літоўскага патрабуе свайго далейшага, больш грунтоўнага даследавання.

Літаратура

1. A u g u s t y n i a k U. Znaczenie więzów krwi w systemach nieformalnych w Rzeczypospolitej pierwszej połowy XVII wieku na przykładzie klienteli Radziwiłłów birżańskich // Kultura staropolska-kultura europejska. Prace ofiarowane J. Tazbirowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Kom. red. S. Bylina et al.; PAN, Instytut Historii. Warszawa, 1997. S. 205-210.

2. A u g u s t y n i a k U. Dwór i klientela Krzysztofa Radziwiłła (1585-1640). Mechanizmy funkcjonowania patronatu. Warszawa, 2001.

3. A u g u s t y n i a k U. Specyfika patronatu magnackiego w Wielkim Księstwie Litewskim w XVII wieku. Problemy badawcze // Kwartalnik Historyczny. 2002. R. CIX, № 1. S. 97-110.

4. A u g u s t y n i a k U. W służbie hetmana i Rzeczypospolitej. Klientela wojskowa Krzysztofa Radziwiłła (1585-1640). Warszawa, 2004.

5. K e m p a T. Urzędnicy i klienci Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. Poznań, 2003. T. IX. S. 193-221.

6. M ą c z a k A. Klientela. Nieformalne systemy władzy w Polsce i Europie XVI-XVIII w. Wyd. 2. Warszawa, 2000.

7. M ą c z a k A. Rządzący i rządzeni. Władza i społeczeństwo w Europie wczesnonowożytnej. Wyd. 2, poprawione i uzupełnione. Warszawa, 2002.

8. Z a k r z e w s k i A. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI-XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000.

9. Р а г а у с к е н е Р. Радзивилл Рыжий и Радзивилл Сиротка: преемственность клиентуры в Великом княжестве Литовском в XVI в. // На шляхах да ўзаемаразумення. Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 15. Мн., 2000. С. 209-215.

10. R a g a u s k i e n ė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kancleris Mikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515-1584 m.). Vilnius, 2002.

11. V a s i l i a u s k a s A. Local Politics and Clientage in the Grand Duchy of Lithuania 1587-1632: Ph.D. Thesis. / A. Vasiliauskas. London, 2001.

12. В и л и м а с Д. Элита и повседневность земских судов Упитского повета 1566-1588 гг. (по материалам упитских земских судов) // Соціум. Альманах соціальної історії. 2006. Вып. 5. С. 41-50.

13. Г р у ш а А. І. Канцылярыя Вялікага княства Літоўскага 40-х гадоў XV-першай паловы XVI ст. Мн., 2006.

14. Р ы б а к о ў А. Канцылярыя Вялікага княства Літоўскага // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Мн., 2006. С. 38.

15. Archiwum Domu Radziwiłłów. Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki-Jana Zamoyskiego-Lwa Sapiehy. Kraków, 1885.

16. Г р ы ц к е в і ч А. Радзівіл Крыштоф (мянушка Пярун; 1547-1603) // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Мн., 2006. С. 490.

17. L u l e w i c z H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002.

18. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 56, 65, 72, 76, 272, 285.

19. Р а д а м а н А. Намінацыйны ліст (прывілей) вялікага князя літоўскага Стафана Баторага Іллі Іванавічу Харытановічу на пасаду новагародскага харужага ад 15 жніўня 1576 г. // Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні. 2006. № 3. С. 196-202.

20. K i e n i e w i c z L. Sekretariat Stefana Batorego. Zbiorowość i kariery sekretarzy królewskich // Społeczeństwo staropolskie. Studia i szkice. T. IV. Warszawa, 1986. S. 33-69.

21. K o r o l k o M. Poczet sekretarzy królewskich Zygmunta Augusta (1548-1572) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1986. T. 31. S. 45-85.

22. F i l i p c z a k - K o c u r A. Skarbowość Rzeczypospolitej 1587-1648. Projekty-ustawy-realizacja. Warszawa, 2006.

23. K e m p a T. Rywalizacja Radziwiłłów i Chodkiewiczów o pierwsze miejsce w elicie politycznej Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 60. i 70. XVI wieku // History, culture and language of Lithuania. Poznań, 2000. S. 195-219.

24. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dz. V. №№ 16, 1901.

25. Archiwum Jana Zamoyskiego, kanclerza i hetmana wielkiego Koronnego. T. 3 (1582-1584). Warszawa, 1913.

26. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной России, издаваемый при управлении Виленского учебного округа: В 14 т. Т. 7 (1433-1791). Вильна, 1870.

27. Biblioteka Miejska im. Raczyńskich w Poznaniu. Rkps. 77. Listy oryginalne.



* Артыкул напісаны ў межах навукова-даследчай працы БРФФД № Г06М-212 "Пратэкцыянізм як форма сацыяльных і палітычных паводзін у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст." (выканаўцы У.А. Падалінскі, А.А. Радаман, А.М Янушкевіч).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX