Вярнуцца: Падалінскі Уладзімір

Прадстаўнікі Гарадзенскага павета на соймах Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVI ст.


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 09-03-2012,
Крыніца: Прадстаўнікі Гарадзенскага павета на соймах Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVI ст. // Леў Сапега (1557-1633 гг.) і яго час: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2007. - С. 31-38.

Спампаваць




На вальным сойме 1565-1566 гг. у Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ) была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа. Краіна была падзелена на 12 ваяводстваў і Жамойцкае староства (фактычна мела статус ваяводства), якія, у сваю чаргу, падзяляліся на 30 судовых паветаў. Сярод іншых, быў утвораны і Гарадзенскі павет, які, побач з Трокскім, Ковенскім і Упіцкім паветамі, стаў складовай часткай Трокскага ваяводства [22, с. 47, 53]. Паветы сталі цэнтрамі адміністрацыйнага, ваеннага, судовага і палітычнага жыцця рэгіянальных шляхецкіх карпарацый [4, с. 105]. Утварэнне паветаў стала надзвычай важным момантам у станаўленні парламенцкай сістэмы дзяржавы. Павятовая шляхта атрымала магчымасць "отъ кождого суду земского" абіраць на сойм "по две особы" [9, с. 79-80]. Пасля заключэння Люблінскай уніі ў 1569 г., паслы ўжо абіраліся на супольны вальны сойм Рэчы Паспалітай [28, с. 236]. Шляхта актыўна ўключалася ў палітычнае жыццё краіны як паўнапраўны яго ўдзельнік.

Вывучэнне прадстаўніцтва паветаў ВКЛ на соймах Рэчы Паспалітай дае магчымасць даследаваць рэгіянальныя эліты, іх грамадскую пазіцыю і дзейнасць, палітычную культуру і прававую свядомасць, падзел на розныя групоўкі і барацьбу паміж імі і г.д. Ад заключэння уніі да канца XVI ст. (1569-1600 гг.) нам вядомы шэраг асобаў, якія рэпрэзентавалі інтарэсы шляхты Гарадзенскага павета на соймах Рэчы Паспалітай: Пётр Валовіч, Ян Клюкоўскі, Канстанцін і Януш Кунцэвічы, Іван, Рыгор і Фёдар Масальскія, Ян Мялешка, Мікалай і Ян Пётр Сапегі, Юры Тышкевіч.

На Люблінскім сойме 1569 г. адным з гарадзенскіх паслоў быў Ян Клюкоўскі [11, с. 356]. Захаваліся звесткі аб яго ўдзеле ў соймавых пасяджэннях. Так, напрыканцы сойма Мальхер Сноўскі, каралеўскі маршалак і новагародскі земскі суддзя, ініцыяваў ухваліць у Княстве падатак для выкупу закладзеных даменіяльных уладанняў і ўвесці з іх кварту (1/4 частка даходаў) на абарону дзяржавы. Такая прапанова перш за ўсё закранала эканамічныя інтарэсы дзяржаўцаў і старостаў, якія паходзілі з асяроддзя магнатэрыі, але была ў інтарэсах сярэдняй і дробнай шляхты, бо кварта ў будучым магла замяніць падаткі. Аднак гэтую ініцыятыву падтрымалі не ўсе. Катэгарычна супраць выступілі Я. Клюкоўскі і два паслы Трокскага павета, і прапанова М. Сноўскага не была рэалізавана [1, с. 609, 617-619]. Цікава, што Клюкоўскія былі кліентамі аднаго з буйнейшых магнатаў ВКЛ віленскага ваяводы, канцлера Мікалая Радзівіла Рудога, а сам Я. Клюкоўскі быў сваяком трокскага кашталяна, падканцлера Астафея Валовіча [7, с. 211; 21, с. 122; 24, с. 337-339].

Яшчэ адным прадстаўніком Гарадзенскага павета на Люблінскім сойме быў гарадзенскі земскі суддзя князь Іван Масальскі , яго подпіс і пячатку, як і Я. Клюкоўскага, сустракаем пад актам уніі [11, с. 356]. Верагодна, не без іх удзелу ў 1569 г. было ўзнята пытанне аб утварэнні ў ВКЛ новых ваяводстваў: Гарадзенскага і Ковенскага. Аднак Жыгімонт Аўгуст гэтую прапанову адхіліў [2, с. 500; 4, с. 83].

Цікавую і, разам з тым, неадназначную інфармацыю аб палітычнай культуры гарадзенскай шляхты дае соймікавая кампанія перад вальным соймам 1572 г. У сувязі з пашырэннем пошасці, у Трокскім ваяводстве (падобная сітуацыя была ў Віленскім і Новагародскім ваяводствах) на 9 снежня 1571 г. быў скліканы агульны для ўсіх яго паветаў перадсоймавы соймік у Самілішках. Мясцовая шляхта, у т.л. і гарадзенская, чатыры дні не прыступала да працы, пратэстуючы супраць дасланых ім соймавых лістоў і гаспадарскай інструкцыі, зацверджаных толькі малой каралеўскай пячаткай, а не пячаткамі канцлера ці падканцлера ВКЛ. Пасля доўгіх спрэчак, прысутныя на сойміку трокскі ваявода Стэфан Збаражскі і А. Валовіч усё ж упэўнілі шляхту выбраць паслоў і скласці ім інструкцыю [3, с. 88-90, 443-444; 6, спр. 56, арк. 7-8адв.; 20, с. 70-73].

У інструкцыі для гарадзенскіх паслоў былі закрануты важнейшыя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі краіны: усталяванне раўнапраўнага, рэальнага курсу грошай ВКЛ і Польшчы, утварэнне манетнага двара і дзяржаўнага скарбу Рэчы Паспалітай, рэформа судовай сістэмы, адносіны з Крымскім ханствам і абарона ад Маскоўскай дзяржавы, забаранялася згаджацца на новыя падаткі [8]. Разам з тым, вядома, што і змест інструкцыі, і кандыдатуры паслоў вызначала не столькі шляхта, колькі вышэйшая знаць ВКЛ: М. Радзівіл, віленскі кашталян Рыгор Хадкевіч, жамойцкі староста, земскі маршалак Ян Хадкевіч, А. Валовіч і дворны маршалак Мікалай Крыштоф Радзівіл. Так, А. Валовіч прапаноўваў наступных кандыдатаў на ролю паслоў ад Гарадзенскага павета: гарадзенскага павятовага маршалка Івана Валовіча, Аляксандра Хадкевіча (сына Р. Хадкевіча), земскага харужыя ВКЛ Богуша Міцуту, гараднічага гарадзенскага Яна Валовіча (пляменніка А. Валовіча) [21, с.125]. На жаль, нам не вядома, хто з іх усё ж быў абраны.

У часы першых бескаралеўяў у Рэчы Паспалітай (1572-1573, 1574-1576 гг.) Гарадзенскі павет неаднаразова прадстаўляў Я. Клюкоўскі. На з'ездзе ВКЛ у студзені 1573 г. ён, ужо гарадзенскі гараднічы, быў выбраны ў шляхецкую частку дэлегацыі на канвакацыю ў Варшаве, на якой планавалася вызначыць месца і час абрання новага караля і вялікага князя [10, с. 64]. У красавіку 1576 г. Я. Клюкоўскі ўвайшоў у склад пасольства ВКЛ на каранацыю Стэфана Баторыя, якое было накіравана ў Кракаў са з'езда ў Гародні [10, с. 173]. Паслы павінны былі пратэставаць супраць каранацыі як супярэчнай Люблінскай уніі (адбывалася без згоды ВКЛ), патрабаваць ад Стэфана Баторыя не выкарыстоўваць тытул вялікага князя літоўскага і склікаць новы элекцыйны сойм. Літвіны, калі б каранацыя ўсё ж адбылася, увогуле пагражалі разарваць унію і абраць уласнага вялікага князя [20, c. 257-263]. Справа ў тым, што на той момант палітычная эліта ВКЛ была расколатая ў пытанні падтрымкі кагосьці з трох прэтэндэнтаў на ўладу ў Рэчы Паспалітай: вялікага князя маскоўскага Івана IV, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максімільяна II і трансільванскага князя Стэфана Баторыя [27, с. 24]. Як адзін з прадстаўнікоў Трокскага ваяводства ўвайшоў Я. Клюкоўскі і ў склад пасольства, прызначанага з'ездам ВКЛ у Мсцібогаве, якое ў Варшаве 29 чэрвеня 1576 г. прызнала Стэфана Баторыя вялікім князем літоўскім, пасля таго як той прысягнуў на захаванне правоў і вольнасцей Княства [3, c. 142-149; 10, с. 182, 184; 20, c. 277, 280-284].

Цяжка меркаваць, як ставілася да названых кандыдатаў гарадзенская шляхта. Лагічна меркаваць, што Я. Клюкоўскі, а значыць і шляхта, якая яго выбірала, прытрымліваўся пазіцыі сваіх патронаў, Радзівілаў, г.зн. быў прыхільнікам прэтэндэнта з дынастыі Габсбургаў. Затое ў час бескаралеўя 1574-1576 гг. гарадзенская шляхта не была адзінай у гэтым пытанні. Так, на з'ездзе ў Стэнжыцах у 1575 г., дзе адбылася дэтранізацыя Генрыха Валуа, пасол Гарадзенскага павета Канстанцін Кунцэвіч збіраўся перадаць польскім паслам лісты ад шляхты ВКЛ, у якіх літвіны выказваліся супраць Максімільяна II і гатовы былі падтрымаць элекцыю Івана IV. У выніку, К. Кунцэвіч быў проста арыштаваны слугамі Я. Хадкевіча [18, с. 147].

За час панавання Стэфана Баторыя нам вядомыя толькі два паслы ад Гарадзенскага павета на соймы Рэчы Паспалітай. Так, на сойм 1576 г. былі абраны гарадзенскі падсудак Рыгор Масальскі і ротмістр Юры Тышкевіч [3, с. 156; 6, спр. 56, арк. 99адв.]. Яны, разам з іншымі пасламі і сенатарамі ВКЛ, выступілі з пратэстацыяй, дзе заявілі, што "отъ становъ корунъныхъ обороны жадное водле повинъностей ихъ, на унии поприсяжоное, не мають", і ўсе страты Княства ў выпадку вайны адбудуцца з-за далучэння да Польшчы украінскіх зямель у 1569 г. і "за непостановеньемъ слушного посилъку и порадное обороны" [3, с. 154-156]. Адной з галоўных задачаў для літвінаў на тым сойме было вызначэнне ўмоў польскай дапамогі для ВКЛ у абароне ад Маскоўскай дзяржавы. Прадстаўнікі Княства пастаянна нагадвалі польскім паслам аб іх абавязках, згодна з умовамі уніі, аказваць такую дапамогу. Палякі бачылі выйсце ў скліканні супольнага паспалітага рушання ВКЛ і Польшчы, аднак, не маглі дамовіцца аб варунках збору шляхецкага войска з літвінамі, якія хацелі, каб "шкоды в тягненью отъ войска Корунъного обывателемъ великого князства Литовского не было" [3, с. 155]. У выніку, дэлегацыя ВКЛ на паспалітае рушанне не згадзілася, падала згаданую пратэстацыю, а сойм, нягледзячы на ўсе захады Стэфана Баторыя, пытанне арганізацыі абароны краіны так і не вырашыў [6, спр. 56, арк. 35-36адв., 96адв.-99адв.; 20, с. 297-299]. Дарэчы, верагодна, што менавіта той самы Ю. Тышкевіч, ужо як каралеўскі маршалак, у 1586 г. быў абраны маршалкам Трыбунала ВКЛ [25, с. 966]. Гэта сведчыць аб яго папулярнасці і аўтарытэце сярод "палітычнага народа" ВКЛ.

На вальных соймах Рэчы Паспалітай, часта з ліку паслоў, абіраліся павятовыя паборцы (зборшчыкі падаткаў). Так, на сойме 1578 г. паборцам у Гарадзенскім павеце быў прызначаны гарадзенскі земскі пісар Андрэй Катовіч [6, спр. 272, арк. 60адв.; 28, с. 429], а на соймах 1579/80 і 1581 гг. - князь Фёдар Масальскі [28, с. 439, 461]. Пазней, у 1589 і 1590 гг., паборцам абіраўся князь Леў Масальскі [29, с. 303, 325]. Аднак іх вызначэнне на соймах не дазваляе нам сцвярджаць, што яны былі соймавымі пасламі.

У часы трэцяга бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай (1586-1587 гг.) гарадзенская шляхта актыўна ўдзельнічала ў палітычным жыцці краіны. На элекцыйным сойме ўлетку 1587 г. былі абраны адразу два каралі і вялікія князі: шведскі каралевіч Жыгімонт Ваза і эрцгерцаг Максімільян. Рэч Паспалітая фактычна апынулася ў стане грамадзянскай вайны. У лістападзе 1587 г. у Вільні працаваў Галоўны з'езды ВКЛ, на якім літвіны павінны былі вызначыць, каго яны будуць прызнаваць за вялікага князя. У выніку галасавання, большасць выказаліся за Максімільяна [14, nr. 211]. Галасы прадстаўнікоў Гарадзенскага павета падзяліліся паміж кандыдатамі пароўну: эрцгерцага падтрымалі Я. Клюкоўскі і каралеўскі маршалак князь Ф. Масальскі, а шведскага каралевіча - гарадзенскія падкаморы Мікалай Сапега і земскі суддзя князь Р. Масальскі [14, nr. 211, s. 2-3]. З'езд абраў пасольства, якое павінна было правесці перамовы з абодвума кандыдатамі. У яго склад увайшлі таксама Ф. Масальскі і М. Сапега [14, nr. 200, nr. 201]. Абодва прадстаўнікі Гарадзенскага павета бралі ўдзел і ў пасяджэннях каранацыйнага сойма 1587/88 г., на якім літвіны прызналі каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазу [6, спр. 65, арк. 257-258; 10, с. 309].

Падтрымка ў часы бескаралеўя будучага караля і вялікага князя спрыяльна адбілася на кар'еры як Р. Масальскага, так і М. Сапегі. Князь Р. Масальскі стаў у 1589 г. гарадзенскім падкаморым [6, спр. 74, арк.505-505адв.]. У 1590 г. ён быў абраны паслом на сойм Рэчы Паспалітай. На сойме Р. Масальскі, разам з сенатарамі віленскім кашталянам Янам Кішкам, трокскім ваяводам Янам Глябовічам, канцлерам Львом Сапегам, падканцлерам Габрыэлем Войнам, земскім падскарбіем Дзімітрыем Халецкім і пасламі віленскім цівуном Янам Пацам, Андрэем Цеханавецкім, Абрамам Мялешкам, быў прызначаны ў склад Ваеннай рады [29, с. 305-306]. Гэта быў дарадчы орган пры Жыгімонце Вазе, утвораны ў сувязі з небяспекай вайны з Турцыяй. Хаця паўнамоцтвы Рады былі абмежаваны толькі справамі аб дачыненнях з Турцыяй і татарамі (напр., вядзенне перамоў, арганізацыя паспалітага рушання), але ўваходжанне ў яе склад безумоўна сведчыла аб даверы з боку караля і вялікага князя. На хуткі найм вялікага войска, якое б магло супрацьстаяць Турцыі, Польшча і ВКЛ абавязаліся выдаткаваць 1 000 000 і 500 000 злотых польскіх адпаведна. Р. Масальскі быў прызначаны адным з правізораў, г.зн. адказным за збор гэтых сродкаў [29, с. 306-308]. На тым сойме шляхце Гарадзенскага павета таксама дазволілі сабраць грошы на пабудову спецыяльнага будынку для земскага суда, а пакуль судовыя пасяджэнні павінны былі адбывацца ў памяшканні гарадзенскага замка [29, с. 317]. Напэўна, Р. Масальскі, які быў і падсудкам, і суддзём у павеце, не мог не паўплываць на прыняцце падобнага рашэння.

Заўважым, што сын Р. Масальскага Лукаш Феліцыян у сярэдзіне 1590-х гг. фігуруе як кліент трокскага ваяводы М.К. Радзівіла [19, с. 217]. Ці быў яго бацька таксама кліентальна звязаны з Радзівіламі нам, на жаль, не вядома.

У сваю чаргу, М. Сапега ў 1589 г. атрымаў дворны ўрад кухмістра ВКЛ. Адбылося гэта шмат у чым дзякуючы пратэкцыі яго стрыечнага брата Л. Сапегі. Менавіта ён неаднаразова на працягу яшчэ 1588 г. прасіў віленскага ваяводу Крыштофа Радзівіла, каб той пасадзейнічаў атрымаць у Жыгімонта Вазы ўрад кухмістра для М. Сапегі, а не для Яна Шэмета, пратэжэ трокскага ваяводы Яна Глябовіча [12, с. 193; 13, с. 27-28]. Новы кухмістр актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё Рэчы Паспалітай. У 1589 г. М. Сапега абіраўся паслом на сойм, на якім быў прызначаны шафарам у Трокскім ваяводстве, г.зн. адказным за збор ухваленых у краіне падаткаў [16, c. 238; 29, с. 304]. Ён жа браў удзел у сойме 1593 г., праўда, як пасол Трокскага павета [31]. Верагодна, менавіта М. Сапега быў паслом на сойме 1595 г., дзе быў уключаны ў склад соймавай камісіі, створанай для правядзення перамоў аб заключэнні Хрысціянскай лігі, антытурэцкага саюза еўрапейскіх дзяржаў (хаця, гэта мог быць таксама Мікалай, але прадстаўнік коданьскай лініі Сапегаў, сын былога менскага ваяводы Багдана Сапегі) [14, nr. 295, s. 3]. Увогуле, у канцы XVI ст. у Гарадзенскім павеце ўзрастае ўплыў чарэйскай лініі Сапегаў. Так, на вальным сойме 1600 г. гарадзенскімі пасламі былі Ян Пётр Сапега і яго стрыечны брат кухмістр Мікалай (абодва - стрыечныя браты канцлера Л. Сапегі) [14, nr. 411, s. 1; 23; 26, с. 162, 200]. Я.П. Сапега хаця і не зрабіў значнай палітычнай кар'еры, але ярка вызначыўся ў ваенных кампаніях, як унутры Рэчы Паспалітай (падаўляў рокаш М. Зэбжыдоўскага), так і па-за яе межамі (удзельнічаў у вайне са Швецыяй 1600-1629 гг. і ў паходах на Маскоўскую дзяржаву ў 1608-1611 гг.).

Вядомы яшчэ некалькі прадстаўнікоў Гарадзенскага павета на соймах Рэчы Паспалітай у 1590-я гг. Соймавымі пасламі ў 1593 г. былі чашнік ВКЛ Пётр Валовіч і Ян Мялешка [31], апошні ў 1597 г. быў гарадзенскім стольнікам [6, спр. 285, арк. 181адв.]. У 1597 г. паслом на сойм абіраўся гарадзенскі харужы Януш Кунцэвіч . Дзякуючы яго выступу 29 студзеня 1597 г. на Галоўным сойміку ВКЛ у Слоніме, можам вызначыць тыя праблемы, якія найперш хвалявалі гарадзенскую шляхту на той час. Я. Кунцэвічу даручалася на сойме дабівацца рэвізіі выкарыстання мінулых пабораў і забаранялася згаджацца на новыя падаткі. Пасол павінен быў выступіць за ўвядзенне кварты з каралеўскіх уладанняў, шукаць кампраміс у канфлікце вакол пасады віленскага біскупа (з 1591 г. Жыгімонт Ваза спрабаваў прызначыць паляка Б. Мацяёўскага віленскім біскупам, а літвіны ўпарта супраціўляліся) і сачыць, каб у гэтай справе канцлер і падканцлер ВКЛ не выдавалі прывілеяў палякам. Таксама яму трэба было ўзняць пытанне аб размежаванні паветаў [17, с. 421].

Сярод канстытуцый соймаў Рэчы Паспалітай 1590-х гг. знаходзім тыя, якія непасрэдна датычылі інтарэсаў гарадзенскай шляхты. Напрыклад, у 1596 г. была створана камісія па размежаванні польскага Падляшскага ваяводства з Берасцейскім ваяводствам і Гарадзенскім паветам (аднак пытанне не было вырашана, і сойм 1598 г. зноў да яго вярнуўся), а ў 1598 г. Гародні, таксама як і ў Троках, Коўна, Новагародку, Віцебску, Берасці і Менску, было дазволена праводзіць ярмаркі [29, с. 365, 371, 373].

Яшчэ выкажам адну здагадку. Цалкам верагодна, што Гарадзенскі павет на вальных соймах Рэчы Паспалітай мог прадстаўляць мечнік, а затым дворны і земскі падскарбі ВКЛ, вядомы палітычны дзеяч таго часу Дзімітры Халецкі . Ён быў паслом Трокскага ваяводства на соймах 1579/80 і 1589 гг., на апошнім з якіх быў абраны нават маршалкам пасольскай ізбы [20, с. 328; 12, с. 201-202; 16, c. 238]. На жаль, у вядомых нам крыніцах не ўказана, ад якога павета ён выбіраўся паслом. Аднак вядома, што Дз. Халецкі меў уладанні ў Гарадзенскім павеце (напр., Бержнікі, Каменка і інш.) і ўвесну 1598 г. быў пахаваны ў Гародні [15, s. 2].

Такім чынам, Гарадзенскі павет у апошняй трэці XVI ст. быў прадстаўлены на соймах Рэчы Паспалітай як правіла мясцовай палітычнай элітай. Да пачатку 1590-х гг. першую ролю адыгрываў княжацкі род Масальскіх. У канцы XVI ст. павялічваецца значэнне чарэйскай лініі Сапегаў, а таксама, падобна, роду Валовічаў. А гэта ўжо былі фаміліі, якія знаходзіліся на вышэйшым, агульнадзяржаўным узроўні палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай. Праўда, ніхто з адзначаных паслоў так і не стаў сенатарам (не кажам пра Дз. Халецкага, бо не ведаем дакладна, паслом якіх паветаў ён быў). Гарадзенскімі пасламі былі, як правіла, павятовыя ўраднікі: падкаморы, харужы, земскія суддзя, падсудак. Аднак абіраліся і дворныя ўраднікі ВКЛ: каралеўскі маршалак, кухмістр, чашнік. Цікава адзначыць, што зафіксаваны выпадак абрання соймавым паслом ротмістра, што ў Рэчы Паспалітай было надзвычай рэдкім выпадкам [30, с. 38]. Гарадзенскія паслы досыць актыўна ўдзельнічалі ў працы соймаў, што можна растлумачыць уваходжаннем павета ў склад другога па іерархіі, пасля Віленскага, ваяводства Вялікага Княства. Можна меркаваць, што збольшага гарадзенская шляхта займала пракаралеўскую пазіцыю. А вось у часы бескаралеўя яна не была адзінай, што часам прыводзіла да ўнутраных канфліктаў (напр., у 1587 г.) [5, с. 38-39]. Фрагментарныя звесткі аб працы соймікаў Гарадзенскага павета адлюстроўваюць адносна высокі ўзровень палітычнай культуры мясцовай шляхты. Аднак гэтае пытанне застаецца адкрытым, як і пытанне ўплыву пратэкцыянісцкіх адносін на фарміраванне соймавага прадстаўніцтва Гарадзенскага павета.


Спіс крыніц і літаратуры.

1. Дневник Люблинского сейма 1569 года: Соединение Великого Княжества Литовского с Королевством Польским / Изд. М. Коялович. СПб., 1869.

2. Документы Московского архива Министерства юстиции. М., 1897. Т. 1.

3. Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). Опыт исследования политического и общественного строя. Спб., 1901. Т. 1.

4. Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911.

5. Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI-першай трэці XVII ст. Мн., 2002.

6. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Cпр. 56, 65, 74, 272, 285.

7. Рагаускене Р. Радзивилл Рыжий и Радзивилл Сиротка: преемственность клиентуры в Великом княжестве Литовском в XVI в. // На шляхах да ўзаемаразумення. Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 15. Мн., 2000. С. 209-215.

8. Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге. Фонд 971. Собрание автографов П.П. Дубровского. Авт. 133. Л. 64-66отв.

9. Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / Т.І. Доўнар, У.М. Сатолін, Я.А. Юхо; Рэдкалегія Т.І. Доўнар і інш. Мн., 2003.

10. Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1: Okresy bezkrólewi / Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2006.

11. Akta unii Polski z Litwą 1385-1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932.

12. Archiwum Domu Radziwiłłów. Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki-Jana Zamoyskiego-Lwa Sapiehy. Kraków, 1885.

13. Archiwum Domu Sapiehów wydane staraniem rodziny. / Wyd. dr. A. Prochaska. T.I (listy z lat 1585-1606). Lwów, 1892.

14. Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dz. II. Nr. 200, 201, 211, 295, 411.

15. Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dz. V. Nr. 1898.

16. Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae. Vilnae, 1758. T. 1.

17. Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inne odnoszące się do tego sejmu / Wyd. E. Barwiński. Kraków, 1907.

18. Floria B. Magnateria litewska a Rosja w czasie drugiego bezkrólewia // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1977. № 22. S. 143-158.

19. Kempa T. Urzędnicy i klienci Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. Poznań, 2003. T.IX. S. 193-221.

20. Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002.

21. Lulewicz H. Sejmiki litewskie przed sejmem 1572 roku. Projekt obsady funkcji poselskich // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006.

22. Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002.

23. Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów na sejmie walnym warszawskim 9 II-21 III 1600 r. // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Pracy Historyczne. 2004. Zeszyt 131. S. 89-107.

24. Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kancleris Mikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515-1584 m.). Vilnius, 2002.

25. Raudeliūnas V., Wisner H. Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego. 1581-1648 // Kwartalnik Historyczny. 1968. R. 93, №4. S. 947-968.

26. Sapiehowie. Materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe: W 3 t. Petersburg, 1890-1894. T. 1.

27. Sprawy wojenne króla Stefana Batorego. Dyjaryjusze, relacyje,listy i akta z lat 1576-1586 / Zebrał i wydał I. Polkowski. Kraków, 1887.

28. Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609), vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005.

29. Volumina Legum. Przedruk źbioru praw staraniem XX. Pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782 wydanego: W 8 t. Petersburg, 1859-1860. T. 2. 1859.

30. Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z czasów Zygmunta III i Władysława IV Wazy. Wydanie II. Warszawa, 2001.

31. dziedzictwo.polska.pl/katalog/skarb,Zgoda_sejmu_na_wyjazd_Zygmunta_III_Wazy_do_Szwecji_z_dnia_15_VI_1593_roku,gid,182814,cid,1072.htm. Дата доступу: 31.03.2007.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX