Вярнуцца: Падалінскі Уладзімір

Грамадская думка шляхты Вялікага Княства Літоўскага канца канца XVI ст.


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 30-03-2012,
Крыніца: Грамадская думка шляхты Вялікага Княства Літоўскага канца XVI ст. (на прыкладзе соймавай кампаніі Рэчы Паспалітай 1595 г.) // Спадчына. - 2008. № 1. - С. 12-24.

Спампаваць




Грамадская думка шляхты Вялікага Княства Літоўскага канца XVI ст. (на прыкладзе соймавай кампаніі Рэчы Паспалітай 1595 г.).

Вальны сойм 1595 г. склікаўся ў досыць няпросты для дзяржавы час. Рэч Паспалітая знаходзілася па сутнасці на пярэднім краі барацьбы еўрапейскіх краінаў з экспансіяй Турцыі і яе васалаў, крымскіх татараў. У сярэдзіне 1590-х гг. у Еўропе асаблівую папулярнасць набыла ідэя стварэння Хрысціянскай Лігі - антытурэцкага саюза хрысціянскіх дзяржаў. Найбольш актыўна прасоўвалі ў жыццё гэтую ідэю імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Рудольф II і папа рымскі Клімент VIII [1]. Для Рэчы Паспалітай у гэтай геапалітычнай гульні адводзілася адна з галоўных роляў. Аднак далучэнне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) да Лігі несла і значную пагрозу Рэчы Паспалітай - непасрэдны ваенны канфлікт з Турцыяй ды татарамі. Знешнепалітычныя цяжкасці дапаўняліся і ўнутранымі праблемамі. У прыватнасці, у 1591 г. разгарэўся канфлікт палітычнай эліты ВКЛ з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Вазам, звязаны са спробай караля і вялікага князя прызначыць на пасаду віленскага біскупа (вышэйшы сенатарскі ўрад у Вялікім Княстве) паляка, луцкага біскупа Бернарда Мацяёўскага [2].

Самымі актуальнымі задачамі для Рэчы Паспалітай у 1594 г. былі далучэнне (або недалучэнне) да Хрысціянскай Лігі і, адпаведна, забеспячэнне грунтоўнай абароны краіны ў сувязі з магчымай вайной з Турцыяй. Паводле Генрыкавых артыкулаў, такія важныя пытанні знешняй палітыкі кароль і вялікі князь мог вырашаць толькі са згоды сойма [3]. Ужо ў кастрычніку 1594 г. Жыгімонт Ваза вырашыў склікаць новы вальны сойм Рэчы Паспалітай у Кракаве [4]. Прайсці ён меў у пачатку 1595 г.

Некаторыя аспекты (фінансавыя, рэлігійныя, палітычныя) працы сойма 1595 г. і яго вынікі ўжо разглядаліся ў польскай, расійскай і беларускай гістарыяграфіі [5]. Тым не менш, спецыяльнага комплекснага даследавання, прысвечанага гэтаму сойму, да гэтага часу няма. Нас, перш за ўсё, соймавая кампанія 1595 г. (павятовыя соймікі - Галоўны соймік - вальны сойм - рэляцыйныя соймікі) будзе цікавіць з пункту гледжання адносінаў шляхты ВКЛ да караля і вялікага князя ды польскага боку, яе ацэнкі актуальных пытанняў сацыяльна-палітычнага жыцця, адлюстравання стасункаў у межах палітычнай эліты Княства. Звернем таксама ўвагу і на ўзровень палітычнай культуры тагачаснага беларускага і літоўскага шляхецтва.

Жыгімонт Ваза ў пачатку лістапада 1594 г. разаслаў сенатарам Рэчы Паспалітай лісты ( deliberatoria), у якіх паведамляў плануемы час і месца склікання сойма і даведваўся, збольшага, фармальна, іх меркаванне на гэты конт [6]. Больш разгорнутая і абгрунтаваная пазіцыя караля і вялікага князя адносна мэтаў будучага сойма была выкладзена ў інструкцыі каралеўскім паслам на перадсоймавыя соймікі, разасланай у паветы ВКЛ і Польшчы, верагодна, у канцы лістапада-пачатку снежня 1594 г. [7]

Галоўным пытаннем для сенатараў і земскіх паслоў павінна было стаць абмеркаванне адносінаў з Турцыяй. У інструкцыі асабліва падкрэслівалася, што "туркі ўжо адкрылі сабе брамы ў Рэч Паспалітую" і трымаюць існае паміж дзяржавамі перамір'е пакуль ім гэта патрэбна. У сувязі з гэтым, надзвычайную актуальнасць набывала аб'яднанне намаганняў усіх хрысціянскіх краінаў у барацьбе з агрэсіяй "паганцаў". Дзеля большага ўздзеяння на грамадскую думку шляхты аўтар (ці аўтары) інструкцыі звярталіся да гісторыі ВКЛ і Польшчы. "Палітычнаму народу" нагадвалі, што яшчэ з часоў Жыгімонта Старога рабіліся спробы аб'яднаць хрысціянскія краіны для сумеснага супрацьстаяння туркам і татарам, але ўсё было марна. Зараз, як адзначалася ў каралеўскай інструкцыі, падобны саюз паспрыяў бы не толькі пашырэнню славы і вольнасці шляхты Рэчы Паспалітай, але й захаванню славы ўсяго хрысціянства. Па меркаванні караля і вялікага князя, Кракаў найбольш пасаваў для правядзення сойма з увагі на магчымасць больш аператыўна рэагаваць на небяспеку з боку Турцыі і Крымскага ханства, таму Жыгімонт Ваза мусіў адступіць ад "права і звычаю" ды склікаць на 6 лютага 1595 г. вальны сойм менавіта там, а не ў Варшаве [8]. Магчыма таксама, што ў Кракаве было зручней кантактаваць з пасольствамі вядучых краінаў Еўропы, у першую чаргу, Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Першыя непаразуменні выклікала месца працы будучага сойма. Яшчэ ў пачатку лістапада ў адказе на deliberatoria менскі ваявода Ян Абрамовіч прапаноўваў правесці сойм не ў Кракаве, а ў Любліне [9]. Па словах канцлера ВКЛ Льва Сапегі, ён прасіў караля і вялікага князя ўсё ж прызначыць сойм у Варшаве [10]. Тым не менш, Жыгімонт Ваза свайго рашэння не змяніў і гэта стала каталізатарам выбуху незадаволенасці сярод часткі палітычнай эліты як у Вялікім Княстве, так і ў Каралеўстве [11]. Сярод літвінаў "апазіцыю" ўзначаліў першы свецкі сенатар ВКЛ, адзін з буйнейшых магнатаў Рэчы Паспалітай віленскі ваявода і вялікі гетман Крыштоф Радзівіл.

Пачатковым этапам соймавай кампаніі ў Княстве сталі павятовыя соймікі, скліканыя на 29 снежня 1594 г., на якіх мясцовая шляхта павінна была абраць паслоў і скласці для іх інструкцыю з даручэннямі на сойм, «о чомъ водле листовъ нашы х г[о] с[по]д[а]ръскихъ и тежъ въ своихъ потребахъ радити, намовляти и становити будуть» [12]. Гэтым разам павятовая шляхта на сойміках абмяркоўвала не толькі каралеўскую інструкцыю, як звычайна, але і ліст К. Радзівіла, які той разаслаў у паветы і ваяводствы ВКЛ 20 снежня 1594 г. [13] Гэты ліст з'яўляецца надзвычай цікавым помнікам грамадска-палітычнай думкі Беларусі і Літвы канца XVI ст., у якім адлюстраваны погляды аднаго з вядучых палітычных дзеячаў Вялікага Княства на ўнутраную і знешнюю палітыку Рэчы Паспалітай, яго стаўленне да польскай кіроўнай эліты і да уніі з Польшчай і таксама шматлікія іншыя аспекты.

К. Радзівіл па сутнасці ўступіў у завочную палеміку з каралём і вялікім князем адносна мэтаў сойма. Віленскі ваявода ў першую чаргу здзіўляўся, што ў каралеўскай інструкцыі на соймікі гаворыцца аб небяспекі ад татараў і "нізовых" казакоў толькі для Польшчы, але ні словам не згадваецца падобная небяспека для ВКЛ. На думку К. Радзівіла, казакі пагражалі Вялікаму Княству, асабліва, Віцебскаму і Менскаму ваяводствам, куды больш, чым землям Кароны [14]. Па пытанні ўтварэння Хрысціянскай Лігі, найважнейшым для Жыгімонта Вазы, ён увогуле выказваўся толькі ў самым канцы свайго ліста, прычым, вельмі негатыўна. К. Радзівіл даводзіў шляхце, што пакуль няма дакладнай упэўненасці наконт аб'яднання ўсіх хрысціянскіх дзяржаў у барацьбе супраць Турцыі і не заключаны вечны мір ці нават унія з Маскоўскай дзяржавай, то ніякім чынам нельга згаджацца на ўступленне Рэчы Паспалітай у Лігу толькі са Свяшчэннай Рымскай імперыяй і нямецкімі дзяржавамі. Віленскі ваявода апасаўся, што ўвесь цяжар вайны з Турцыяй ляжа на плечы ВКЛ і Польшчы. Акрамя таго, ён не давяраў ініцыятарам стварэння Лігі. К. Радзівіл падазраваў, што яны затым заключаць перамір'е з туркамі і пачнуць вайну ўжо з Маскоўскай дзяржавай, ад чаго найбольш пацерпіць менавіта Вялікае Княства, "маючы амаль усе памежныя замкі нашы на памежжы маскоўскім занядбаныя, а некаторыя ўжо і абрушаныя" [15].

Адлюстравалася ў лісце віленскага ваяводы і яго стаўленне да польскай палітычнай эліты. Ліст быў прасякнуты крыўдай, што палякі часта ігнаруюць інтарэсы ВКЛ. Так, К. Радзівіл апеляваў да мінулых часоў. Былі выпадкі, пісаў віленскі ваявода, што і татары знаходзіліся да Княства бліжэй, чым зараз да Кракава, і вялікі князь маскоўскі з войскам ў Дынемборку (суч. - Даўгаўпілс) за 24 мілі ад Вільні стаяў, але палякі, нягледзячы на небяспеку для літвінаў, не дазволілі склікаць сойм у ВКЛ. Згадаў ён і 1569 год, калі Польшча "Валынь і Кіеў" прыўлашчыла пад сваю ўладу. Для К. Радзівіла Люблінская унія зусім не аб'яднала літвінаў і палякаў у "адзіны народ": паляка Б. Мацяёўскага ён называў чалавекам "іншага народа" [16]. Аднак адзначым, саму унію паміж ВКЛ і Польшчай К. Радзівіл пад сумнеў не ставіў, падкрэсліваў "павагу да звязу Уніі", але зазначаў, што літвіны павінны дапамагаць палякам, не забываючыся пры гэтым на свае інтарэсы [17].

Безумоўна, вялікае абурэнне ў К. Радзівіла выклікала незвычайнае месца правядзення сойма. Віленскі ваявода называў як кароткатэрміновыя, так і доўгатэрміновыя наступствы склікання вальнага сойма ў Кракаве. Па-першае, ён бачыў непасрэдную пагрозу для ВКЛ ад ворагаў (перш за ўсё, казакоў і татараў) падчас ад'езду "людзей першых ад нас на той сойм незвычайны і такі далёкі". Па-другое, гэта магло стаць прэцэдэнтам для правядзення ў Кракаве не толькі вальных, але і элекцыйных соймаў [18]. А гэта было надзвычай важна і непрымальна для літвінаў. Справа ў тым, што ў Рэчы Паспалітай перамагла ідэя асабістага ўдзелу ў выбарах караля і вялікага князя кожнага шляхціца (т.зв. элекцыя viritim) [19]. Вялікая ж адлегласць ад месца элекцыі і ледзьве не пастаянная знешняя небяспека выклікалі б немагчымасць шырокага прадстаўніцтва ВКЛ у Кракаве, што, у сваю чаргу, абумовіла б значную колькасную перавагу палякаў на выбарчым сойме. У такім выпадку, літвіны фактычна згубілі б магчымасць уплываць на вынікі выбараў. Аднак сапраўдную мэту склікання сойма менавіта ў Кракаве К. Радзівіл бачыў у тым, што Жыгімонт Ваза і палякі "… ўчыняць, што захочуць: і біскупам віленскім паляка на ганьбу, на парушэнне правоў і вольнасцей нашых і на апошнюю амаль згубу народа нашага там, у Кракаве, куды нас перадусім для гэтага заганяюць, прызначаць" [20]. Дарэчы, у сувязі з такімі падазрэннямі, гучалі ў лісце і ноткі недаверу да некаторых прадстаўнікоў палітычнай эліты ВКЛ, у прыватнасці, да канцлера Л. Сапегі і падканцлера Габрыэля Войны. К. Радзівіл заклікаў шляхту даручыць сваім паслам на сойме "нагадаць панам пячатарам, каб у парушэнне правоў і вольнасцей нашых нікому (паляку ці іншага чужога ( вылучана мной - Ул.П.) народа) прывілей на віленскае біскупства не пацвярджалі" [21].

У сваім лісце К. Радзівіл прапаноўваў шляхце абмеркаваць на сойміках і канкрэтную тактыку дзеянняў падчас сойма. Віленскі ваявода схіляўся нават да ідэі адправіць у Кракаў толькі дэлегацыю ад сенатараў і паслоў ВКЛ. Фактычна, гэта быў заклік да частковага байкоту сойма. У Кракаве паслы павінны будуць прасіць Жыгімонта Вазу, паводле канстытуцыі 1588 г. "Аб вакансіях" [22], адразу прызначыць літвіна на віленскае біскупства, а калі гэты пастулат не будзе выкананы, то скласці пратэстацыю і пакінуць сойм. Канчатковае вырашэнне пытання, ці ехаць у Кракаў усім або толькі адмысловай дэлегацыі, К. Радзівіл пакідаў на абмеркаванне сенатараў і земскіх паслоў на Галоўным сойміку ВКЛ у Слоніме [23]. Адзінай магчымасцю абараніць свае правы, свабоды і вольнасці, на думку К. Радзівіла, была ўпэўненая і цвёрдая пазіцыя літвінаў. Ён нагадваў шляхце рашэнні двух Галоўных з'ездаў Вялікага Княства ў 1591 і 1593 гг. [24], а таксама прыводзіў зусім нядаўні прыклад Швецыі. Так, у 1594 г. Жыгімонт Ваза (сын шведскага караля Ёхана III, які памёр у 1592 г.), калі знаходзіўся ў Стакгольме, каб атрымаць шведскую карону, вымушаны быў пайсці на шэраг саступак мясцовай шляхце, найперш у канфесійным плане [25]. К. Радзівіл падкрэсліваў, што шведы здолелі адстаяць свае правы, хаця і не мелі такіх свабодаў, якія мае шляхта Рэчы Паспалітай, толькі дзякуючы сваёй аднадушнасці [26].

Такім чынам, віленскі ваявода бачыў у правядзенні вальнага сойма ў Кракаве, які ён называў не інакш як "пасткай кракаўскай", непасрэдную пагрозу правам і свабодам ВКЛ. Відавочнымі былі вельмі напружаныя і канфліктныя адносіны К. Радзівіла (і можна смела казаць, значнай часткі "палітычнага народа" Княства) з Жыгімонтам Вазам і польскім бокам. Галоўнай прычынай канфлікту была спроба намінацыі каралём і вялікім князем, пры актыўнай падтрымцы часткі палітычнай эліты Польшчы [27], паляка на пасаду віленскага біскупа, што адназначна ўспрымалася ў ВКЛ як парушэнне сваіх правоў. І калі Жыгімонт Ваза лічыў галоўнай небяспекай для Рэчы Паспалітай Турцыю, то К. Радзівіл бачыў небяспеку зусім у іншым: "Мы абараняемся ад ворагаў не толькі дзеля ўласнасці і здароўя, але й дзеля вольнасцей. Хто іх будзе парушаць - той нам за турка" [28].

Незадаволенасці месцам склікання сойма не хавалі і некаторыя іншыя сенатары. Я. Абрамовіч, палітычна блізкі да К. Радзівіла [29], звяртаў увагу на вялікую адлегласць Кракава ад ВКЛ - "… ад Оршы, Віцебска, Мсціслаўля 200 міль", - а значыць, і на надзвычайную дарагавізну для шляхты ўдзелу ў соймавай кампаніі. Не давяраў менскі ваявода і афіцыйнай прычыне склікання сойма ў нязвыклым месцы і выказваўся вельмі катэгарычна: "Дзеля таго так і ўчынілі, падобна, каб з Літвы нікога не было (у Кракаве - Ул.П.) і зрабіць з нас Казла і Барана" [30]. Я. Абрамовіч збіраўся абавязкова ўзяць удзел у працы сойміка Менскага павета і абяцаў К. Радзівілу дзейнічаць на ім паводле меркаванняў віленскага ваяводы [31]. Відавочна, што ў ВКЛ частка палітычнай эліты збіралася актыўна супрацьдзейнічаць планам Жыгімонта Вазы. Дарэчы, негатыўнае стаўленне некаторых літвінаў да палітыкі караля і вялікага князя часткова магло караніцца і ў канфесійнай сітуацыі ў краіне. К. Радзівіл і Я. Абрамовіч, лідэры пратэстанцкага руху ў ВКЛ, падкрэслівалі пракаталіцкую арыентацыю Жыгімонта Вазы. К. Радзівіл называў ідэю склікання сойма ў Кракаве "рымскай практыкай", а Я. Абрамовіч заяўляў, што каралём Рэчы Паспалітай "ксяндзы … кіруюць" [32].

Разам з тым, былі сярод сенатараў ВКЛ і тыя, хто ў цэлым застаўся на баку караля і вялікага князя. Так, Л. Сапега непасрэдна перад пачаткам соймікаў папярэджваў трокскага ваяводу Мікалая Крыштофа Радзівіла, што ў ВКЛ з'явіліся заклікі на сойм не ехаць, а адправіць толькі паслоў з пратэстацыяй. Канцлер выказваў сумнеў, што такі сцэнар будзе рэалізаваны ў Княстве, і абвінавачваў некаторых польскіх сенатараў, менавіта арцыбіскупа гнезненскага Станіслава Карнкоўскага (між іншым, вышэйшага сенатара Рэчы Паспалітай), у правакаванні К. Радзівіла на апазіцыйныя выступленні [33]. Жыгімонт Ваза, безумоўна, ужо ведаў пра магчымы супраціў яго планам на сойміках ВКЛ, таму таксама актывізаваў дзейнасць сваіх прыхільнікаў. Напрыклад, ён заклікаў М.К. Радзівіла ўзяць чынны ўдзел у працы перадсоймавага сойміка Трокскага або Новагародскага павета ды Галоўнага сойміка ў Слоніме і паўплываць на іх рашэнні [34]. На павятовых сойміках павінна была разгарэцца сапраўдная барацьба за настроі шляхты паміж аднадумцамі К. Радзівіла і раялістамі.

Шляхта некалькіх паветаў ВКЛ, на жаль, невядома якіх, заняла самую крайнюю пазіцыю. У інструкцыях сваім паслам яна заклікала не прызнаваць гэты сойм, у Кракаў не ехаць, а толькі адправіць з Галоўнага сойміка паслоў з пратэстацыяй [35]. На сойміках ішла барацьба і за абранне адпаведных паслоў, адданых той ці іншай "партыі". Так, адным з паслоў ад Менскага павета, пэўна, не без уплыву менскага ваяводы, быў абраны Ян Гарабурда, маёмасныя інтарэсы якога ў спрэчцы з земскім падскарбіем ВКЛ Дзімітрыем Халецкім і задворным судом актыўна абараняў Я. Абрамовіч і, падобна, таксама К. Радзівіл [36]. Паслом ад Ашмянскага павета быў абраны кліент віленскага ваяводы Ян Чыж, каралеўскі сакратар [37]. Вельмі важнае значэнне для далейшай палітычнай барацьбы ў Вялікім Княстве мела пазіцыя "преднейшихъ" соймікаў - Віленскага і Трокскага.

На сойміку ў Троках з'явілася адразу два сенатары ВКЛ - М.К. Радзівіл і дворны маршалак Мікалай Тальваш. Падобна, выбар паслоў і абмеркаванне зместу пасольскай інструкцыі былі вельмі напружанымі. Пра гэта ўскосна можа сведчыць працягласць працы сойміка - цэлых тры дні, з 29 па 31 снежня. Яго дакладных рашэнняў мы не ведаем, аднак, хутчэй за ўсё, трокскі ваявода ўпэўніў прысутную шляхту заняць памяркоўную пазіцыю. Прынамсі ў адказе на ліст К. Радзівіла, накіраванага з Трокаў, ані словам не згадваецца яго крытыка на адрас Жыгімонта Вазы і адзначаюцца толькі моманты, звязаныя з забеспячэннем абароны ВКЛ падчас правядзення сойма [38].

Больш падрабязна нам вядома пазіцыя віленскага сойміка, дзякуючы захаванай інструкцыі для абраных паслоў, а менавіта стольніка ВКЛ Яна Глябовіча і Аляксандра Хадкевіча [39]. У працы сойміка, якая цягнулася два дні, браў удзел і К. Радзівіл. Рашэнні, прынятыя ў Вільні, былі свайго роду арыенцірам для шляхты Княства. Як адзначаў Дз. Халецкі, з Віленскага павета "звычайна як exprincipalibus [з самага галоўнага] другія паветы прыклад бяруць" [40]. У першую чаргу, віленскі соймік звярнуў увагу на супрацьпраўнае скліканне сойма ў Кракаве. Паводле ўмоў Люблінскай уніі, соймы Рэчы Паспалітай праводзіліся ў Варшаве, толькі ў надзвычайным выпадку кароль мог яго сабраць у іншым горадзе, але абавязкова са згоды сенатараў ВКЛ і Польшчы [41]. Аднак зараз, зазначалася ў інструкцыі, сойм быў скліканы ў Кракаве без уліку меркавання сенатараў-літвінаў. Вырашэнне пытання, ці ехаць на сойм усім, ці адправіць толькі дэлегацыю ад сенатараў і земскіх паслоў, адкладалася на Галоўны соймік - "і на што там усе сенатары і паслы згадзяцца, на тым і паслы нашы застацца маюць" [42]. Асаблівае значэнне ў Вільні надалі канфлікту вакол віленскага біскупства. Шляхта дакарала Жыгімонта Вазу, што той да гэтага часу не аддаў урад віленскага біскупа "чалавеку народа нашага Літоўскага", хаця і павінен быў гэта зрабіць "паводле правоў нашых і павіннасці сваёй панскай да нас" [43]. Фактычна паўтараючы ліст К. Радзівіла, шляхта даручала сваім паслам прасіць караля і вялікага князя згодна з канстытуцыяй "Аб вакансіях" прызначыць на пачатку сойма віленскім біскупам літвіна. Пакуль гэтага не адбудзецца, паслам забаранялася прыступаць да абмеркавання любых соймавых спраў. У выпадку, калі Жыгімонт Ваза гэтага не зробіць, то Я. Глябовіч і А. Хадкевіч павінны былі "як добрыя сторажы правоў і вольнасцей нашых, не ўступаючы ні ў якія соймавыя справы, з пратэстацыяй толькі ўчыненай, да нас ... назад вярнуцца…" [44]. Віленскія паслы мелі таксама даручэнне на сойме заклікаць польскіх сенатараў і паслоў, каб тыя, паводле ўмоў уніі, дапамаглі літвінам абараніць іх правы ў гэтым канфлікце. Адзначым, што інструкцыя вытрымана ў досыць спакойным тоне адносна палякаў, якія неаднаразова называліся "братамі" [45].

Прысутная ў Вільні шляхта мела і крыху іншы ад Жыгімонта Вазы погляд на асноўныя задачы будучага сойма. Літвіны выказвалі гатоўнасць, "з-за любові братэрскай і звязу уніі", дапамагаць польскаму боку ў абароне ад турак, але заўважалі, што "ў суседа [пажар] гасячы, на ўласны дом увагу мець патрэбна", таму паслам даручалася найперш паклапаціцца аб абароне ВКЛ ад татараў ды аб заключэнні вечнага міру ці уніі з Маскоўскай дзяржавай [46]. Між іншым, некаторыя сенатары (М.К. Радзівіл і Я. Абрамовіч) пры вызначэнні галоўнай небяспекі для Рэчы Паспалітай на першае месца ставілі пагрозу не ад Турцыі, а менавіта ад крымскіх татараў [47]. Соймік у Вільні, апрача іншага, узняў яшчэ шэраг пытанняў як прыватнага характару, так і агульнадзяржаўнага, у т.л. аб забеспячэнні абароны ВКЛ ад "нізовых" казакоў, аб далучэнні да Рэчы Паспалітай Эстоніі, аб канфесійным спакоі ў краіне, аб парушэнні канстытуцый аб Інфлянтах і інш. [48]

Такім чынам, канчаткова вызначыць пазіцыю адносна скліканага сойма сенатары і паслы ВКЛ павінны былі на Галоўным сойміку ў Слоніме, які паводле Статута, меў пачацца за два тыдні да вальнага сойма, г.зн. 23 студзеня 1595 г. На ім сенатары і паслы, "знесши впосродокъ себе и иструкцыи всих земль и поветов, мають межы себе намовы спольные в мил[о]сти братерской о всихъ потребах земъских чинити, приводечисе до одного слушного зрозуменья и уваженья речей ку доброму речи посполитое" [49]. Вядома, што ў пасяджэннях Галоўнага сойміка ўдзельнічалі як мінімум тры сенатары ВКЛ - К. Радзівіл, М.К. Радзівіл і Я. Абрамовіч [50]. Безумоўна, спрэчкі ў Слоніме былі надзвычай складанымі. У Польшчы нават з'явіліся чуткі, нібыта К. Радзівіл і Я. Абрамовіч на Галоўным сойміку заклікалі паслоў ледзьве не да мяцяжу супраць Жыгімонта Вазы [51] Аднак усё ж было вырашана ехаць у Кракаў у поўным складзе. Справа ў тым, што ідэя частковага байкоту сойма не была папулярна нават у прыхільнікаў віленскага ваяводы. Яшчэ ў канцы снежня 1594 г. Я. Абрамовіч даводзіў К. Радзівілу неабходнасць удзелу ў сойме трыма прычынамі. Па-першае, не атрымалася б сабраць усіх сенатараў і паслоў у Слоніме: хтосьці паехаў бы адразу ў Кракаў, мінаючы Галоўны соймік, а частка сенатараў ужо там і знаходзілася. Па-другое, кароль і вялікі князь меў поўнае права, "са згоды абодвух народаў", склікаць сойм не толькі ў Варшаве, а з сенатараў ВКЛ далёка не ўсе былі супраць такога рашэння, у прыватнасці, Дз. Халецкі. Па-трэцяе, у адсутнасць літвінаў Жыгімонт Ваза і палякі змогуць правесці на сойме любыя патрэбныя ім рашэнні, і "… біскупства [віленскае] дадуць каму заўгодна" [52]. Такім чынам, дзейнічаць усім скансалідавана не атрымалася б, а значыць і частковы байкот не меў сэнсу. Пэўна, і дзейнасць раялістаў мела свае вынікі - Жыгімонт Ваза дзякаваў М.К. Радзівілу за яго чынны ўдзел у сойміках у Троках і Слоніме [53]. Сенатары і земскія паслы ўсё ж накіраваліся на сойм, але К. Радзівіл, нягледзячы на настойлівыя заклікі Л. Сапегі і Дз. Халецкага, каб запабегчы ўсялякай небяспецы для ВКЛ падчас правядзення сойма, як вялікі гетман, застаўся ў Княстве і ў Кракаў не паехаў [54].

На вальным сойме 1595 г. прысутнічала як мінімум восем сенатараў ад ВКЛ: віленскі кашталян Павел Пац, М.К. Радзівіл, жамойцкі староста Юры Хадкевіч, новагародскі ваявода Фёдар Скумін-Тышкевіч, Я. Абрамовіч, Л. Сапега, Г. Война і Дз. Халецкі [55]. Вядомы і некаторыя земскія паслы Княства. Акрамя згаданых ужо Я. Глябовіча, А. Хадкевіча, Я. Чыжа і Я. Гарабурды, на сойм былі абраны падчашы Крыштоф Дарагастайскі, рэферэндар Багдан Храптовіч, Ян Корсак (ад Ашмянскага павета), Мікалай Служка (ад Менскага павета), Мікалай Сапега [56]. Праца ў Кракаве праходзіла ў напружанай атмасферы. Жыгімонт Ваза не хаваў сваёй незадаволенасці дзейнасцю К. Радзівіла на сойміках ВКЛ і, па сутнасці, абвінавачваў яго і некаторых палякаў у спробах сарваць сойм. Не падабалася каралю і вялікаму князю і адсутнасць віленскага ваяводы ў Кракаве, прычым, аргументы, што К. Радзівіл застаўся ў Княстве дзеля забеспячэння абароны, сур'ёзна не ўспрымаліся [57]. Праўда, і літвіны мелі прэтэнзіі да Жыгімонта Вазы. У першую чаргу, наконт пасады віленскага біскупа. Спрэчкі вакол гэтага канфлікту адбываліся і ў сенаце, і ў пасольскай ізбе.

Жыгімонт Ваза спецыяльна прызначыў некалькіх польскіх сенатараў давесці літвінам правамоцнасць намінацыі паляка на пасаду віленскага біскупа. ВКЛ у дыскусіі прадстаўляў Л. Сапега. Ён прапанаваў кампраміс: толькі адзіны раз дазволіць паляку атрымаць урад у Княстве, бо ўсё ж кракаўскім біскупам з 1591 г. быў літвін Юры Радзівіл (з нясвіжскай лініі роду), але адпаведнай соймавай канстытуцыяй са згоды ўсіх станаў ВКЛ, "аднагалосна і добраахвотна", зацвердзіць, каб больш у Княстве нікому акрамя літвінаў, а ў Кароне акрамя палякаў, ніякіх урадаў, ад сенатарскіх да ніжэйшых, не надавалі [58]. Аднак Жыгімонт Ваза і польскі бок працягвалі настойваць на сваім, і ніякіх вынікаў тыя спрэчкі не прынеслі.

Яшчэ больш драматычныя падзеі разгортваліся ў пасольскай ізбе. З самага пачатку пасяджэнняў земскія паслы ВКЛ адмовіліся ўдзельнічаць у абмеркаванні абароны Рэчы Паспалітай ці прыступаць да якіх-небудзь іншых спраў, пакуль віленскае біскупства не будзе нададзена літвіну [59]. Спрэчкі цягнуліся амаль да апошніх дзён працы сойма. Так, 11 сакавіка Дз. Халецкі паведамляў, што паслы Княства, без выканання сваіх патрабаванняў, нават не хочуць прыступаць да канклюзіі, г.зн. да заключнага сумеснага абмеркавання каралём, сенатам і пасольскай ізбой прынятых рашэнняў. Польскія паслы, у сваю чаргу, саступаць не збіраліся, чакалі пакуль літвіны выступяць з пратэстацыяй, каб усю віну ў зрыве сойма, што Дз. Халецкі лічыў цалкам верагодным, перакласці на паслоў ВКЛ [60].

Хаця Жыгімонт Ваза так і не выканаў патрабаванняў паслоў ВКЛ, яны ўсё ж сойм не сарвалі. Паводле саміх літвінаў, яны, зважаючы на актуальныя небяспекі для дзяржавы і патрэбы хрысціянства, не хацелі быць прычынай аслаблення краіны, таму і пайшлі на кампраміс, каб усё, што абмяркоўвалася на сойме, змагло быць рэалізавана. Падобнага меркавання прытрымліваліся і "немалая частка" сенатараў ад ВКЛ [61]. Зразумела, што і самім літвінам не было выгодна яшчэ больш паглыбляць існы канфлікт. Хаця, некаторыя паслы Княства займалі досыць радыкальную пазіцыю. Я. Гарабурда хацеў унесці ў канцылярыю пратэстацыю нават супраць усяго сойма. Аднак Л. Сапега, як канцлер, адмовіўся яе прымаць, бо палічыў, што дастаткова было паслу пратэставаць толькі наконт спраў, датычных ВКЛ, а не Польшчы [62]. А паслы Упіцкага павета ўвогуле не згадзіліся з рашэннямі сойма і з'ехалі з Кракава [63].

Вальны сойм Рэчы Паспалітай скончыўся 21 сакавіка 1595 г., на ім былі прыняты толькі чатыры канстытуцыі і падатковы універсал [64]. Стваралася спецыяльная камісія для вядзення перамоў з прадстаўнікамі еўрапейскіх дзяржаў аб умовах стварэння Хрысціянскай Лігі. Падобна, па ініцыятыве літвінаў у тэкст адпаведнай соймавай ухвалы быў уключаны пункт аб патрэбе правядзення перамоваў і з вялікім князем маскоўскім Фёдарам Іванавічам. Камісарамі ад ВКЛ былі прызначаны сенатары М.К. Радзівіл, Я. Абрамовіч, Л. Сапега, Дз. Халецкі і паслы А. Хадкевіч, М. Сапега, Я. Чыж, Б. Храптовіч [65]. Яшчэ пастанаўлялася, што наступны сойм будзе надзвычайным, г.зн. будзе цягнуцца толькі два тыдні (а не шэсць, як звычайны). Прадугледжвалася, што на ім будуць разгледжаны выключна пытанні, звязаныя з зацвярджэннем і рэалізацыяй рашэнняў, прынятых вышэйазначанай камісіяй, і абаронай краіны. У канстытуцыі асабліва агаворвалася, што такое скліканне сойма з'яўляецца выключэннем і ў далейшым усё будзе адбывацца паводле правоў і звычаяў Рэчы Паспалітай [66].

У Кракаве быў ухвалены пабор на абарону краіны, але прадстаўнікі Княства і некаторых зямель Кароны, спаслаўшыся на свае абмежаваныя паўнамоцтвы, перанеслі яго зацвярджэнне на абмеркаванне рэляцыйных соймікаў [67]. Таксама ў падатковым універсале адзначалася, што сойм ухваляе ў ВКЛ пабор, які быў прызначаны яшчэ соймам 1593 г. і летам таго ж года зацверджаны Галоўным з'ездам Княства ў Вільні, і 100 000 польскіх злотых з яго неабходна было выдаткаваць на патрэбы Жыгімонта Вазы [68]. Амаль адразу пасля заканчэння сойма адбылася нарада сенатараў з каралём і вялікім князем, на якой абмяркоўваліся магчымыя дзеянні супраць татараў. Было вырашана для дапамогі палякам пачаць у ВКЛ наём жаўнераў, акрамя таго, на Княства ўскладвалася задача забяспечыць войска харчаваннем, жывёлай, гарматамі, кулямі, порахам, сялянамі для рамонту дарог і г.д. Фінансаваць усё прадугледжвалася за кошт ухваленых на сойме падаткаў, а таксама Жыгімонт Ваза і сенатары вырашылі звярнуцца да шляхты ВКЛ з просьбай выдаткаваць 30-40 000 зл. з рэшты старых пабораў [69].

На заключным пасяджэнні ад імя ўсіх паслоў ВКЛ да Жыгімонта Вазы звярнуўся Я. Чыж. Ён падкрэсліў, што земскія паслы ад сваіх выбарцаў мелі даручэнне не пачынаць на сойме ніякіх спраў, пакуль віленскі біскуп не будзе прызначаны "паводле правоў нашых", аднак, дзеля інтарэсаў Рэчы Паспалітай, яны ўсё ж прыступілі да працы. Таму літвіны звярталіся да караля і вялікага князя, як да "абаронцы правоў і вольнасцей сваіх", і прасілі прызначыць біскупа "з народа нашага". Паслы ВКЛ заяўлялі, што будуць і надалей абараняць свае правы, бо "маюць Бога і святую справядлівасць за сабою". У выпадку станоўчага вырашэння канфлікту, яны абяцалі, што ва ўсіх патрэбах караля і Рэчы Паспалітай "паводле сіл сваіх абавязак свой цалкам і верна аддадуць". А калі Жыгімонт Ваза так і не прызначыць літвіна віленскім біскупам, то паслы папярэджвалі, што шляхта Княства, "з-за такога вялікага прыніжэння правоў і вольнасцей", можа і не выканаць рашэнняў сойма [70]. Канцылярыя ВКЛ разаслала ва ўсе ваяводства і паветы Княства лісты з паведамленнем, што іх паслы ў Кракаве "ні на што … не згадзіліся" [71].

Такім чынам, прадстаўнікі Вялікага Княства пакінулі Кракаў, праявіўшы цвёрдасць і паслядоўнасць у абароне сваіх правоў ды інтарэсаў, не сарвалі сойм і перанеслі зацвярджэнне ўхваленых падаткаў на канчатковы разгляд рэляцыйных соймікаў. Аднак пра поўнае адзінства літвінаў казаць не выпадае. Так, перад сваім ад'ездам з Кракава Я. Абрамовіч меў размову з Ю. Радзівілам. Кракаўскі біскуп папярэджваў менскага ваяводу, што той са сваёй цвёрдасцю ў справе спрэчнага біскупства "застанецца ні з чым". Маўляў, яму (Ю. Радзівілу) і Жыгімонту Вазе пісалі "двое першых з Літвы" і за дапамогу ў вырашэнні іх прыватных патрэбаў абяцалі паляка "прывесці" на віленскае біскупства, таксама падобнае абяцанне даваў і адзін з соймавых паслоў ВКЛ на прыватнай сустрэчы з Ю. Радзівілам [72].

Праз тыдзень пасля заканчэння сойма, Жыгімонт Ваза прызначыў у ВКЛ рэляцыйныя соймікі, на якіх паслы павінны былі праінфармаваць павятовую шляхту аб прынятых у Кракаве рашэннях. Аднак гэтыя соймікі склікаліся не праз 4 тыдні пасля сойма, як вызначалася ў Статуце 1588 г., а, з-за "лихое и далекое дороги" для паслоў, больш чым праз 6 тыдняў - 5 мая 1595 г. [73]

Хутка па сойме былі выдадзены соймавыя канстытуцыі і падатковы універсал, якія адразу выклікалі пратэст літвінаў. Так, А. Хадкевіч у пачатку красавіка 1595 г. унёс у кнігі гродскага суда ў Любліне пратэстацыю. Пасол Віленскага павета заявіў, што у надрукаваных канстытуцыях і універсале аказалася шмат рэчаў, "аб якіх на сойме ніякай згадкі не было", у прыватнасці, аб прызначэнні 100 000 зл. на патрэбы Жыгімонта Вазы. Таксама А. Хадкевіч пратэставаў, што ва універсале не было пазначана, што ўсе паслы ВКЛ перанеслі разгляд пытання аб ухваленні новага падатку "да браціі", г.зн. на рэляцыйныя соймікі [74].

Рэляцыйныя соймікі, якія адбываліся ў маі 1595 г., яскрава адлюстравалі настроі, збольшага, негатыўныя, што панавалі ў асяроддзі шляхты ВКЛ, таксама выявілі ступень яе палітычнай свядомасці і культуры. Рашэнні соймікаў былі поўныя прэтэнзій да Жыгімонта Вазы, палякаў і некаторых прадстаўнікоў уласнай палітычнай эліты.

У першую чаргу, шляхта, што брала ўдзел у сойміках, пратэставала супраць парушэння, на яе думку, правоў "палітычнага народа" і законаў Рэчы Паспалітай. Так, Упіцкі павет называў скліканне вальнага сойма ў Кракаве супрацьпраўным, а віленская шляхта лічыла парушэннем сваіх правоў скліканне рэляцыйных соймікаў пазней, чым праз 4 тыдні пасля сойма, як гэта вызначала "права паспалітае" [75]. Шляхта Віленскага і Аршанскага паветаў была незадаволена тым, што ў надрукаваныя канстытуцыі і універсал былі ўключаны рэчы, якія на сойме не былі пастаноўлены, і, наадварот, некаторых ухваленых пытанняў (напр., аб пераносе літвінамі зацвярджэння падаткаў на рэляцыйныя соймікі) там не аказалася [76].

Апратэстоўвала шляхта ВКЛ і самі рашэнні вальнага сойма. Упіцкі і Аршанскі паветы выступілі супраць склікання надзвычайнага сойма. Аршанская шляхта не згаджалася на такі сойм, лічыла яго супярэчлівым "правам і звязу уніі" і нават абяцала не пасылаць туды сваіх паслоў, а ўпіцкая шляхта эмацыйна адзначала, што скліканне надзвычайнага сойма прывядзе да яшчэ большай "згубы і знішчэння … Вялікага Княства Літоўскага" [77]. Сумненне ў мэтазгоднасці правядзення такога сойма выказваў і Л. Сапега [78].

Адмоўнай была рэакцыя шляхты ВКЛ і на фінансавыя ўхвалы сойма. Нягледзячы на ўсе заклікі і просьбы Жыгімонта Вазы, канцлера і вялікага гетмана Кароны Яна Замойскага, Л. Сапегі і Дз. Халецкага да К. Радзівіла паўплываць на шляхту, каб тая не толькі зацвердзіла падаткі, але і выдавала іх як мага хутчэй [79], гэтага не адбылося. У прынцыпе, рэляцыйныя соймікі гатовы былі зацвердзіць прыняты ў Кракаве пабор, зважаючы на "братэрскую міласць" да палякаў, якім небяспека ад Турцыі і татараў пагражала ў першую чаргу, і на інтарэсы ўсяго хрысціянства, але толькі ў тым выпадку, калі на тое будзе "згода ўсіх станаў" Княства. Па сутнасці, літвіны пераносілі канчатковае вырашэнне гэтага пытання на разгляд або новага сойма, або партыкулярнага Галоўнага з'езда ВКЛ. Такую пазіцыю выказалі соймікі Віленскага, Ашмянскага, Упіцкага, Аршанскага, Менскага паветаў і Жамойкага староства [80]. Віленская шляхта падкрэслівала, што "права паспалітае і соймавыя канстытуцыі" забараняюць на такіх сойміках пастанаўляць штосьці без паразумення з усімі станамі Княства, а толькі тое, што было ўхвалена на сойме пры ўсеагульнай згодзе, чаго, як вядома, у Кракаве не адбылося [81].

Акрамя таго, соймік у Вільні адзначыў яшчэ дзве прычыны, чаму прысутныя на ім адмовіліся зацвярджаць падаткі. Па-першае, шляхта спаслалася на тое, што ў такой маленькай колькасці і без першых сенатараў ВКЛ яна, каб не парушыць "права паспалітае, вольнасці нашыя і звычаі", нічога пастанаўляць не можа [82]. Адзначым, аднак, што Статут 1588 г. вызначаў, што "хто бы не прибылъ [на соймік, праўда, перадсоймавы - Ул.П.] под тое все подлегаеть, што се тамъ становить" [83]. Хутчэй за ўсё, шляхта не столькі баялася парушыць закон, колькі шукала прычыну не зацвярджаць падаткаў. Дарэчы, упіцкая шляхта таксама не хацела на сойміку нічога ўхваляць з прапаноў Жыгімонта Вазы без "згоды старшых паноў", у прыватнасці К. Радзівіла [84]. Па-другое, віленская шляхта адзначала, што паводле ўмоў Люблінскай уніі згодзіцца на пабор толькі ў тым выпадку, калі такая згода будзе і ва ўсіх паветах і ваяводствах Польшчы [85]. Што датычыць выдання пабору (100 000 зл.), пастаноўленага ў 1593 г., то на гэты конт пазіцыя соймікаў была яшчэ больш адназначнай. Віленская, аршанская і менская шляхта нагадвалі, што той пабор быў ухвалены з пэўнымі ўмовамі да Жыгімонта Вазы, якія ён не выканаў, таму нідзе ў ВКЛ падаткі нават і не збіралі [86]. Менскі рэляцыйны соймік асабліва адзначаў, што і абмяркоўваць нічога ў справе пабору 1593 г. без супольнай згоды ўсіх станаў Княства ён не можа, бо "аб гэтых 100 000 зл. не было аніякай згадкі ні на сойміках, ні на з'ездзе ў Слоніме, ні на сойме ў Кракаве, ні ў коле пасольскім" [87]. Без згоды ўсіх станаў, а менавіта без згоды Галоўнага з'езда, адмовілася віленская і менская шляхта выдаць 40-50 000 зл. з рэшты старых пабораў на забеспячэнне войска Рэчы Паспалітай [88].

Агульны негатыўны настрой шляхты ВКЛ у адносінах да мінулага сойма яскрава адлюстроўвае выраз з ліста упіцкай шляхты да К. Радзівіла: "… паслы нашы з Кракава нічога добрага не прывезлі, а толькі пратэстацыі", а прычыну гэтай сітуацыі тая ж шляхта бачыла ў "няласцы" з боку караля і вялікага князя і нежаданні палякаў лічыцца з правамі ды вольнасцямі Вялікага Княства [89]. Больш памяркоўна выказвалася шляхта Ашмянскага павета. Яна гатова была згадзіцца з усімі прапановамі Жыгімонта Вазы, калі гэта прынясе карысць Рэчы Паспалітай і не парушыць правоў "палітычнага народа" ВКЛ. Аднак ашмянская шляхта таксама чакала ад караля і вялікага князя, што ён нарэшце выканае просьбы да яго, прадстаўленыя ад усіх станаў Вялікага Княства [90]. Відавочна, што гаворка тут у першую чаргу вялася аб прызначэнні літвіна на пасаду віленскага біскупа.

Праўда, прэтэнзіі шляхта мела не толькі да Жыгімонта Вазы і палякаў, але і да некаторых прадстаўнікоў палітычнай эліты Княства. Так, соймік у Оршы зазначаў, што некаторыя паслы ВКЛ, нягледзячы на інструкцыі ад выбарцаў і рашэнне Галоўнага сойміка ў Слоніме, прыступілі да соймавых спраў. Такім паслам аршанская шляхта нагадвала, што дзеянні супраць волі "браціі сваёй" і пастаноў Галоўнага сойміка з'яўляюцца "парушэннем, вялікай абразай правоў і вольнасцей нашых" [91]. Аднак найбольшых нараканняў выклікала праца на сойме канцылярыі ВКЛ. Рэляцыйны соймік у Вільні скардзіўся, што яна не хацела прымаць пратэстацыі, і паслы павінны былі іх уносіць у іншыя гродскія суды [92]. Шляхта таксама ўскладала на канцылярыю віну за тое, што ў соймавыя канстытуцыі і падатковы універсал былі ўнесены рэчы, якія на сойме нават не абмяркоўваліся. У выніку, Л. Сапега вымушаны быў апраўдвацца перад К. Радзівілам. Ён узгадваў, што пратэстацыя Я. Чыжа аб віленскім біскупстве была прынятая, а канстытуцыі і універсал рэдагаваліся канцлерам Кароны і польскімі пасламі, а канцылярыя Княства ў гэтым удзелу не брала, бо літвіны адмовіліся ўхваляць пабор на сойме [93].

Падчас соймавых кампаній 1591 і 1593 гг. пасля рэляцыйных соймікаў Жыгімонт Ваза склікаў у Вільні Галоўны з'езд, але ў 1595 г., нягледзячы на настойлівыя просьбы палітычнай эліты ВКЛ, гэтага не адбылося [94]. Афіцыйна тлумачылася гэта недахопам часу на арганізацыю ваеннай кампаніі супраць татараў, але, верагодна, кароль і вялікі князь таксама хацеў запабегчы далейшым кансалідаваным выступленням "апазіцыйнай" шляхты Вялікага Княства. Пытанні, так і не вырашаныя ў час сойма і соймікаў 1595 г., у першую чаргу, ухваленне падаткаў, утварэнне Хрысціянскай Лігі і барацьба з Турцыяй ды татарамі, канфлікт вакол віленскага біскупства, былі важнейшымі і падчас працы наступнага вальнага сойма Рэчы Паспалітай (ад ідэі надзвычайнага сойма Жыгімонт Ваза ўсё ж адмовіўся), скліканага ўжо ўвесну 1596 г. [95]

Такім чынам, вальны сойм Рэчы Паспалітай 1595 г. адлюстраваў значную напружанасць у дачыненнях часткі палітычнай эліты ВКЛ, як з Жыгімонтам Вазам, так і з польскімі кіроўнымі коламі, што было выклікана канфліктам вакол прызначэння паляка віленскім біскупам. Шляхта Вялікага Княства бачыла ў каралі і вялікім князі галоўнага абаронцу сваіх прывілеяў і свабодаў і ні ў якім разе не ставіла пад сумнеў аўтарытэт, вяршэнства каралеўскай улады ў дзяржаве. Разам з тым, на яе думку, забеспячэнне і выкананне правоў "палітычнага народа" было непасрэдным абавязкам караля, таму канфлікт з віленскім біскупствам успрымаўся як абмежаванне вольнасцей шляхты ды, увогуле, ВКЛ, і выклікаў сярод літвінаў значную незадаволенасць палітыкай Жыгімонта Вазы. Соймавая кампанія 1595 г. паказала існаванне ў палітычнай эліце Княства недаверу да сваіх польскіх партнёраў па супольнай дзяржаве. Частка літвінаў абвінавачвала палякаў у ігнараванні інтарэсаў ВКЛ, спробах схіліць караля да парушэння правоў Княства, а менавіта ўсё ж прызначыць паляка віленскім біскупам. Беларуская і літоўская шляхта падкрэслівала сваю адметнасць у дачыненні да палякаў і Кароны. Тым не менш, можна сцвярджаць, што "палітычны народ" ВКЛ не аспрэчваў каштоўнасці і неабходнасці уніі з Польшчай, падкрэсліваў сваю павагу да яе ўмоў, а палякі, нягледзячы ні на што, былі для яго "братамі", бліжэйшымі саюзнікамі.

Адзначым, што нельга казаць аб палітычнай эліце ВКЛ як аб нейкай аднароднай групе. Кракаўскі сойм яскрава паказаў яе падзел на раялістаў (М.К. Радзівіл, Л. Сапега, Дз. Халецкі) і "апазіцыю" (К. Радзівіл, Я. Абрамовіч). Раскол закрануў і шляхецтва. Частка займала досыць радыкальную пазіцыю (напр., Упіцкі і Менскі паветы), а частка схілялася да поўнай падтрымкі Жыгімонта Вазы. У пэўнай ступені, такі раскол выклікаў недавер і незадаволенасць шляхты дзейнасцю канцылярыі Княства.

Сойм і соймікі 1595 г. адлюстравалі адносна высокі ўзровень палітычнай культуры шляхты ВКЛ. Удзельнікі гэтай соймавай кампаніі выявілі досыць глыбокія веды аб працэсах як ва ўнутранай, так і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай. Шляхецтва Вялікага Княства не было пасіўным удзельнікам палітычнага жыцця. Яно фармулявала свае правы ды інтарэсы і актыўна выступала ў іх абарону пры стварэнні Хрысціянскай Лігі, пры вызначэнні захадаў па абароне ад Турцыі і татараў і, безумоўна, пры вырашэнні канфлікту вакол віленскага біскупства. Адмова ўхваляць рашэнні сойма, напрыклад, падатковыя, былі для літвінаў важным сродкам ціску на Жыгімонта Вазу для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Шляхта ў падмацаванне сваёй пазіцыі часта спасылалася на "правы і звычаі" ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Праўда, спасылкі на канкрэтныя прававыя нормы ці традыцыі часам насілі і кан'юнктурны характар з мэтай зняць з сябе адказнасць за прыняцце або не прыняцце таго ці іншага рашэння.

Адзначым, што дакладна невядома наколькі вялікай была колькасць шляхты, якая брала ўдзел у сойміках [96]. Адкрытым застаецца і пытанне самастойнасці павятовага шляхецтва. Сенатары ВКЛ актыўна выкарыстоўвалі сваю сацыяльна-палітычную вагу і кліентальныя сувязі, каб забяспечыць прыняцце на сойміках патрэбных ім рашэнняў і выбар адданых паслоў.



[1] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616) wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 285-286.

[2] Падрабязней пра гэты канфлікт, які цягнуўся да 1600 г., гл.: Лаппо И. И. Люблинская уния и третий Литовский статут // Журнал Министерства народного просвещения. 1917. № 5. С. 89-150; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596-1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej / Wyższa szkoła pedagogiczna im. Powstańców Śłąskich w Opolu. Studia i monografie, 156. Opole, 1990. S. 67-82.

[3] Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609), vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 236, 326-327.

[4] Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 9 кастрычніка 1594 г. Archiwum Domu Sapiehów (далей - ADS) / Wyd. A. Prochaska. T. 1 (Listy z lat 1575-1606). Lwów, 1892. S. 96.

[5] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej 1587-1648. Projekty-ustawy-realizacja. Warszawa, 2006. S. 270-271, 365-367; Jarmiński L. Bez użycia siły. Działalność polityczna protestantów w Rzeczypospolitey u schyłku XVI wieku. Warszawa, 1992. S. 67-105; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 284-285; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 154, 201, 255-256; Жукович П. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией (до 1609 г.). Спб., 1901. С. 119-132; Лаппо И. И. Люблинская уния… С. 124-133; Падалінскі У. Кракаўскі сойм 1595 года ў палітычным жыцці ВКЛ // Сборник трудов молодых ученых НАН Беларуси. Т. 1. Мн., 2003. С. 233-237.

[6] Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Варняны, 11 лістапада 1594 г. Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (далей - AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей - AR). Dział V. Nr. 16. S. 19-20; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 284; Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z czasów Zygmunta III i Władysława IV Wazy. Wyd. II. Warszawa, 2001. S. 29.

[7] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 325. S. 1-7.

[8] Ibidem. S. 1-6.

[9] Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Варняны, 11 лістапада 1594 г. Ibidem. Dz. V. Nr. 16. S. 20.

[10] Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 4 студзеня 1595 г. ADS. S. 99.

[11] Жукович П. Сеймовая борьба… С. 119; Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 13 снежня 1594 г. ADS. S. 97.

[12] Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (далей - АВАК): В 39 т. Вильна, 1865-1915. Т. 8: Акты виленского гродского суда. 1874. С. 332; Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн., 1989. С. 115-116. Паводле Статута (Раздзел 3, артыкул 6), соймікі мелі быць скліканы не пазней, чым за 6 тыдняў да сойма, г.зн. 26 снежня, але, напэўна, з-за свята Нараджэння Хрыстова, іх пачатак адклалі на тры дні.

[13] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 289. S. 1-5.

[14] Ibidem. S. 1.

[15] Ibidem. S. 3-4.

[16] Ibidem. S. 1-3.

[17] Ibidem. S. 2-3.

[18] Ibidem. S. 1-3.

[19] Kieniewicz L. Senat za Stefana Batorego. Warszawa, 2000. S. 36-39, 51-56, 70.

[20] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 289. S. 1.

[21] Ibidem. S. 3.

[22] Volumina Legum (далей - VL). Przedruk źbioru praw staraniem XX. Pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782 wydanego: W 8 t. Petersburg, 1859-1860. T. 2. 1859. S. 258.

[23] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 289. S. 2-3.

[24] Пастановы Галоўных з'ездаў 1591 і 1593 гг. адназначна вызначалі, што віленскае біскупства можа быць нададзена толькі літвіну: АВАК. Т. 8. С. 327-328, 330; Российская национальная библиотека (далей - РНБ) в Санкт-Петербурге. Ф. 957. Pol. F. IV. № 130. Л. 36отв.-37, 39-39отв.; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 294. S. 4-6.

[25] Жукович П. Сеймовая борьба… С. 121.

[26] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 289. S. 2.

[27] Так, Л. Сапега не сумняваўся, што Жыгімонт Ваза паступіў бы паводле "права паспалітага і жадання народа нашага", г.зн. прызначыў бы ўсё ж віленскім біскупам літвіна, каб не "тыя, хто караля яго міласць на тое наводзяць, каб нам даў паляка на [віленскае] біскупства": Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 1 чэрвеня 1595 г. Archiwum Domu Radziwiłłów (далей - ADR). Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki-Jana Zamoyskiego-Lwa Sapiehy. Kraków, 1885. S. 219. Гл. таксама: Лаппо И. И. Люблинская уния… С. 124, 126, 129-130; Я. Замойскі да К. Радзівіла. Замосце, 16 красавіка 1595 г. ADR. S. 112; Л. Сапега да К. Радзівіла. Гародня, 2 лютага 1594 г., і Варшава, 22 мая 1595 г. ADS. S. 80, 110.

[28] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 289. S. 2.

[29] Кар'ерны рост Я. Абрамовіча адбываўся па пратэкцыі віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, бацькі К. Радзівіла: Lietuvos Metrika / Liet. istorijos inst. Kn. 51: 1566-1574. Vilnius, 2000. P. 277. Пра цеснае палітычнае супрацоўніцтва з К. Радзівілам яскрава сведчаць лісты Я. Абрамовіча: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16.

[30] Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Варняны, 13 снежня 1594 г. Ibidem. S. 23.

[31] Ibidem. Гл. таксама Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Сірвінцяны, 23 снежня 1594 г. Ibidem. S. 31.

[32] Ibidem. Dz. II. Nr. 289. S. 3; Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Варняны, 14 верасня 1595 г. Ibidem. Dz. V. Nr. 16. S. 41.

[33] Л. Сапега да М.К. Радзівіла. Варшава, 27 снежня 1594 г. ADS. S. 98.

[34] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 285.

[35] Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 8 лютага 1595 г. ADS. S. 100.

[36] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 305. S. 1; Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Варняны, 11 лістапада 1594 г., і Дз. Халецкі да К. Радзівіла. Ражанка, 14 студзеня 1595 г. Ibidem. Dz. V. Nr. 16. S. 20-21; nr. 1901. Cz. II. S. 1.

[37] Ibidem. Dz. II. Nr. 307. S. 1; Kempa T. Urzędnicy i klienci Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. Poznań, 2003. T. IX. S. 212.

[38] Трокскі соймік да К. Радзівіла. Трокі, 31 снежня 1594 г. AGAD. AR. Dz. II. Nr. 287. S. 1-2. Акрамя М.К. Радзівіла і М. Тальваша, гэты ліст сваімі пячаткамі пацвердзілі яшчэ 10 прадстаўнікоў мясцовай шляхты: Мікалай Быхавец (дарэчы, адзіны, хто падпісаўся па-старабеларуску), цівун і гараднічы трокскі Бальцар Стравінскі, трокскі падкаморы Багдан Агінскі, каралеўскі сакратар Дзмітры Карп і інш. Пра дзейнасць на гэтым сойміку М.К. Радзівіла: Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 284-285.

[39] АВАК. Т. 8. С. 331-337.

[40] Дз. Халецкі да К. Радзівіла. Вільня, 7 ліпеня 1597 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. S. 87.

[41] Volumina Constitutionum. S. 243, 246.

[42] АВАК. Т. 8. С. 332-333.

[43] Там же. С. 333.

[44] Там же. С. 333-334; Лаппо И. И. Люблинская уния… С. 125-126. У інструкцыю таксама быў уключаны заклік да пячатараў (Л. Сапегі і Г. Войны), каб яны не зацвярджалі "прывілея на біскупства віленскае, акрамя літвіна, ніякай іншай нацыі чалавеку": АВАК. Т. 8. С. 334. Лаппо И. И. Люблинская уния… С. 126.

[45] АВАК. Т. 8. C. 333-334.

[46] Там же. С. 333.

[47] Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Варняны, 11 лістапада 1594 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 20. У гэтым лісце менскі ваявода ўвогуле паставіў пад сумнеў рэальнасць небяспекі ад Турцыі. Пра пазіцыю М.К. Радзівіла гл.: Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 284.

[48] АВАК. Т. 8. С. 334-337. Між іншым, соймік выступіў на баку Я. Гарабурды ў яго канфлікце з задворным судом: Там же. С. 336, таксама гл. спасылку 36.

[49] Статут… С. 117 (Р. 3, арт. 8).

[50] Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Кракаў, 8 лютага 1595 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 35; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 285.

[51] Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Кракаў, 8 лютага 1595 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 34-35. Гл. таксама: Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, люты 1595 г. ADS. S. 104.

[52] Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Сірвінцяны, 23 снежня 1594 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 28-29.

[53] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł… S. 285.

[54] Дз. Халецкі да К. Радзівіла. Ражанка, 14 студзеня 1595 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. S. 3; Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 8 лютага 1595 г. ADS. S. 100-101.

[55] Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 12 лютага, і Варшава, 22 мая 1595 г. ADS. S. 103, 110; Seredyka J. Senatorowie Rzeczypospolitej na sejmach Zygmunta III Wazy (1587-1632) // Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. S. 176. Вядома, што ў апошні дзень сойма ў Кракаве знаходзіўся трокскі кашталян Аляксандр Пронскі, але няма ніякіх звестак аб яго працы на сойме: Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 28 сакавіка 1595 г. ADR. S. 218.

[56] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 295. S. 3; nr. 305. S. 1; nr. 307. S. 1; Filipczak-Kocur A. Pośmiertne problemy podskarbich litewskich Ławryna Wojny i Jana Hlebowicza // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006. S. 77-78. М. Сапега - або сын былога менскага ваяводы Багдана Сапегі, або кухмістр ВКЛ; абодва на той момант знаходзіліся ў Кракаве: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей - НГАБ). КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 31адв.

[57] Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 8 лютага 1595 г. ADS. S. 100, 104; Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Кракаў, 8 лютага 1595 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 34. Такія настроі, увогуле, былі пашыраны ў Кракаве.

[58] Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 22 мая 1595 г. ADS. S. 110; Лаппо И. И. Люблинская уния… С. 129-130. Падчас гэтай спрэчкі ў сенаце таксама прысутнічалі М.К. Радзівіл, Ф. Скумін-Тышкевіч, Я. Абрамовіч, Дз. Халецкі і Г. Война.

[59] Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 28 сакавіка 1595 г., і Я. Замойскі да К. Радзівіла. Замосце, 16 красавіка 1595 г. ADR. S. 112, 217.

[60] Дз. Халецкі да К. Радзівіла. Кракаў, 11 сакавіка 1595 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. S. 7.

[61] Лаппо И. И. Люблинская уния… С. 128-129.

[62] Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 1 чэрвеня 1595 г. ADR. S. 221. Прычым, Л. Сапега зазначаў, што літвінам не трэба закранаць польскія справы, бо "…мы не жадаем, каб яны ( палякі - Ул. П. ) аб справах нашых унутраных ведалі".

[63] Шляхта Упіцкага павета да К. Радзівіла. Панявеж, 3 мая 1595 г. AGAD. AR. Dz. II. Nr. 300. S. 1. Нам не вядомы паслы на сойм 1595 г. ад Упіцкага павета. Аднак у той час у Кракаве знаходзіўся упіцкі стольнік Ян Млечка, які і мог быць адным з двух паслоў ад гэтага павета: НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 9.

[64] VL. T. 2. S. 354-363. Паслы, надзвычай незадаволеныя месцам склікання сойма, нават прапаноўвалі прыняць канстытуцыю, якая б зацвердзіла правядзенне соймаў выключна ў Варшаве. Праўда, такое рашэнне так і не было прынята: Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, люты 1595 г. ADS. S. 104.

[65] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 295. S. 1-4.

[66] Жукович П. Сеймовая борьба… С. 122; VL. Т. 2. S. 355.

[67] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 270-271; VL. T. 2. S. 355-363. У выпадку надзвычайнай небяспекі з боку Турцыі станы Рэчы Паспалітай згаджаліся на скліканне паспалітага рушання, аб чым спецыяльнымі лістамі былі праінфармаваны ўсе паветы ВКЛ: НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 283. Арк. 267; VL. T. 2. S. 362-363.

[68] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 365; VL. T. 2. S. 348, 362.

[69] Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 28 сакавіка, і Варшава, 22 красавіка 1595 г. ADR. S. 218-219; ADS. S. 107-108.

[70] Лаппо И. И. Люблинская уния… С. 127-129. Адпаведную пратэстацыю Я. Чыж унёс у канцылярскія кнігі 22 сакавіка 1595 г. Там же. С. 127-128; Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 1 чэрвеня 1595 г. ADR. S. 221. Таксама вядома, што на сойме 1595 г. Я. Абрамовіч быў адным з падпісантаў пратэстацыі супраць парушэння Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., якая абараняла рэлігійны мір у краіне: Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Вільня, 15 красавіка 1595 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 44.

[71] Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 1 чэрвеня 1595 г. ADR. S. 220.

[72] Я. Абрамовіч да К. Радзівіла. Варняны, 14 верасня 1595 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 42.

[73] Статут… С. 117 (Р. 3, арт. 9; паводле Статута соймікі павінны былі б адбыцца 18 красавіка); AGAD. AR. Dz. II. Nr. 294. S. 1; Rachuba A. Wielkie Księstwo... S. 201.

[74] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 326. S. 1. Гл. таксама: Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 271, 365.

[75] Шляхта Упіцкага павета да К. Радзівіла. Панявеж, 3 мая, і шляхта Віленскага павета да Жыгімонта Вазы. Вільня, 6 мая 1595 г. AGAD. AR. Dz. II. Nr. 300. S. 1; nr. 304. S. 1. Гл. таксама: Ibidem. Nr. 303. S. 1.

[76] Ibidem. Nr. 301. S. 1; nr. 303. S. 1-2.

[77] Ibidem. Nr. 300. S. 1; nr. 301. S. 2.

[78] Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 1 чэрвеня 1595 г. ADR. S. 220.

[79] Л. Сапега да К. Радзівіла. Кракаў, 28 сакавіка 1595 г. Ibidem. S. 219; Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 22 красавіка 1595 г. ADS. S. 107-108; Дз. Халецкі да К. Радзівіла. Сандамір, 26 красавіка 1595 г. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. S. 12. Дарэчы, К. Радзівіл з-за хваробы не прысутнічаў на рэляцыйных сойміках ВКЛ: Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 22 мая 1595 г. ADS. S. 111.

[80] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 300. S. 1-2; nr. 301. S. 3-4; nr. 303. S. 4; nr. 305. S. 1; nr. 307. S. 1-2; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 271; Rachuba A. Wielkie Księstwo... S. 255.

[81] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 303. S. 4. Сапраўды, Статут прадугледжваў, што на рэляцыйных сойміках паслы павінны толькі давесці шляхце "ведомость достаточную, штобы на которомъ со йме в справахъ и потребахъ речы посполитое, справили и постановили": Статут… С. 117 (Р. 3, арт. 9).

[82] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 303. S. 3.

[83] Статут… С. 116 (Р. 3, арт. 6).

[84] Шляхта Упіцкага павета да К. Радзівіла. Панявеж, 3 мая 1595 г. AGAD. AR. Dz. II. Nr. 300. S. 1-2.

[85] Ibidem. Nr. 303. S. 3-4.

[86] Ibidem. Nr. 301. S. 4; nr. 303. S. 4-5; nr. 305. S. 3; Галоўны з'езд ВКЛ 1593 г. прасіў Жыгімонта Вазу адмовіцца ад намінацыі віленскім біскупам паляка, што шляхта лічыла парушэннем сваіх правоў і вольнасцей, і прызначыць на гэтую пасаду літвіна, у адваротным выпадку, пагражала не выдаць пабор: РНБ. Ф. 957. Pol. F. IV. № 130. Л. 36отв.-37, 39-39отв.; АВАК. Т. 8. С. 327-328, 330.

[87] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 305. S. 3.

[88] Ibidem. Nr. 303. S. 4; nr. 305. S. 2-3; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej... S. 271.

[89] Шляхта Упіцкага павета да К. Радзівіла. Панявеж, 3 мая 1595 г. AGAD. AR. Dz. II. Nr. 300. S. 1-2.

[90] Ibidem. Nr. 307. S. 2.

[91] Ibidem. Nr. 301. S. 1.

[92] Ibidem. Nr. 303. S. 2. Гл. таксама спасылку 74.

[93] Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 1 чэрвеня 1595 г. ADR. S. 220-221.

[94] Ibidem. S. 220; Л. Сапега да К. Радзівіла. Варшава, 22 красавіка 1595 г. ADS. S. 107; Rachuba A. Wielkie Księstwo... S. 252-256.

[95] РНБ. Ф. 957. Pol. F. IV. № 130. Л. 204-208.

[96] Ліст трокскага перадсоймавага сойміка да К. Радзівіла быў зацверджаны 12 пячаткамі: AGAD. AR. Dz. II. Nr. 287. S. 2 (гл. таксама спасылку 38). На інструкцыі віленскім паслам на сойм было «печатей притисненныхъ и подписовъ рукъ не мало»: АВАК. Т. 8. С. 337. Лісты да К. Радзівіла з рэляцыйных соймікаў Віленскага і Упіцкага паветаў сваімі пячаткамі пацвердзілі 10 і 9 шляхціцаў адпаведна: AGAD. AR. Dz.II. Nr. 302. S. 3; nr. 300. S. 3. Зразумела, што на сойміках колькасць шляхты магла быць і большай за колькасць пячатак.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX