Вярнуцца: Падалінскі Уладзімір

Палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. Political elite of the Lida district in the last third of the 16-th century


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 10-02-2012,
Крыніца: Палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. – Т. 16, сш. 1 (30). 2009. – С. 3–30.

Спампаваць




The article provides a pattern of analysis of personal composition of political elite at local level (on a sample of Lida district), its social and property status, family and cliental relations of its representatives, as well as the ways of entering (channels of recruiting to) the elite group. The level of political culture and consciousness of the top representatives of Lida gentry corporation is also reflected by the author. By local political elite the author means a group of people who possessed real power and recognition in the district, who actively participated in social and political life and influenced decision-making both at local and state level.

The author concludes that in the last third of the sixteenth century the political elite of the Lida district was mostly composed of local petty gentry, and in a much lesser extent – of middle gentry. Such noble families of the Grand Duchy of Lithuania (GDL) as Aliakhnovič, Valčkovič, Douhird, Zawiša, Lukomski, Radziwill, Skinder, Tratsiak, Tryzna, Jundzill families were widely represented in the local elite. One group of the Lida elite took part in social and political life primarily at the state level, another group was mostly present at the local level, and the third group combined those two levels.

The author asserts that the channels of recruiting to the regional elite group were determined by the origin, family relations, personal skills, military service, and – in a greater extent – were influenced by favoritism. Lida gentry were greatly influenced by the GDL magnates, primarily by Radziwills of the Biržai family. It was caused both by the overwhelming domination of magnates over gentry in social and economic terms, and by a certain frustration of local gentry by the King’s policy and by the institute of the General Diet (Valny Sojm). Nevertheless, political culture and consciousness of the Lida local gentry was dynamic and in a process of constant development. This was influenced by the reforms in the GDL in the middle of 1560s, formation of the Commonwealth and common parliamentary institutions, which introduced the experience of political struggle of polish gentry, as well as political experience gained during the periods of interregna. As for the ethnic origin or religious orientation, those factors did not influence the opportunity for gentry to enter the local political elite.

Translated by Siarhei Salei


Рэформы сярэдзіны 1560-х г. істотна змянілі дзяржаўны лад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Утварэнне паветаў, увядзенне земскіх, гродскіх і падкаморскіх судоў, з'яўленне інстытута павятовых соймікаў, нарэшце, прыняцце Статута ў 1566 г. значна ўзмацняла палітычна-прававое становішча шляхецкага стану ў краіне [1]. Безумоўна, такія маштабныя новаўвядзенні спрыялі актыўнаму ўцягванню ў грамадска-палітычнае жыццё краіны даволі шырокіх колаў сярэдняга і дробнага шляхецтва, эвалюцыі і росту ўплываў рэгіянальных палітычных элітаў. Рэгіянальныя эліты выконвалі важную функцыю трансляцыі патрэбаў і інтарэсаў павятовай шляхты да вышэйшых кіроўных колаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Пад павятовай палітычнай элітай мы разумеем групу людзей, якія валодалі рэальнай уладай і аўтарытэтам у павеце, актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці і ўплывалі на прыняцце рашэнняў, як у межах павета, так і на дзяржаўным узроўні. Адпаведна, да палітычнай эліты павета, на нашу думку, можна аднесці павятовых ураднікаў (старостаў, падстаростаў, павятовых маршалкаў, падкаморыяў, харужых, войскіх, стольнікаў, падстоліяў), членаў земскага і гродскага суда, актыўных удзельнікаў соймікаў, паслоў на вальныя соймы і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, мясцовых зборшчыкаў падаткаў (паборцаў). Мэта артыкула - аналіз на прыкладзе Лідскага павета асабовага складу павятовай эліты, сацыяльнага і маёмаснага статусу, сваяцкіх і кліентальных сувязяў яе прадстаўнікоў, шляхоў уваходжання (каналаў рэкрутацыі) у межы эліты. Звернем увагу на палітычную культуру і ўзровень палітычнай свядомасці вышэйшых колаў лідскай шляхецкай карпарацыі.

Для даследавання палітычнай эліты Лідскага павета існуе шырокая база крыніц. Аналізу яе (эліты) асабовага складу дапамагаюць выдадзеныя спісы мясцовых земскіх і гродскіх ураднікаў і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, а таксама генеалагічныя працы А. Банецкага, К. Нясецкага і інш. [2]. Сацыяльны і маёмасны статус лідскай шляхты прасочваецца па матэрыялах попісаў войска Вялікага Княства 1565 і 1567 г. [3]. Для вывучэння палітычнай свядомасці і культуры шляхты апошняй трэці XVI ст. важнае значэнне маюць матэрыялы працы лідскага павятовага сойміка [4]. Безумоўна, неабходны і падрабязны аналіз розных відаў крыніц у матэрыялах Метрыкі ВКЛ, ухвалаў з'ездаў, вальных соймаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і г.д.

У другой палове XVI ст. у Лідскім павеце знаходзіліся ўладанні такіх значных магнацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ, як Гарнастаі, Давойны, Пацы, Радзівілы [5]. Паводле попісу 1567 г. на тэрыторыі павета свае маёнткі мелі валынскі ваявода князь Аляксандр Чартарыйскі, берасцейскі кашталян Ян Гайка, князі Аляксандр Палубенскі і Андрэй Вішнявецкі, прадстаўнікі родаў Солтанаў, Нарбутаў, Скумінаў-Тышкевічаў і інш. [6]. Аднак непасрэдна ў палітычным жыцці Лідскага павета яны фактычна не ўдзельнічалі. За выключэннем, бадай, віленскага ваяводы і канцлера Мікалая Радзівіла Рудога, які быў лідскім старостам больш за трыццаць гадоў: з 1547 да 1579 г. [7]. Хаця і ён уплываў на справы павета хутчэй ускосна, праз сваіх намеснікаў (падстаростаў), ураднікаў і кліентаў з ліку мясцовай шляхты [8]. Наступнікам М. Радзівіла на пасадзе старосты, якая, дарэчы, давала адміністрацыйную і значную судовую ўладу, а значыць і вялікі ўплыў у павеце, у 1579 г. стаў віленскі войскі Ян Абрамовіч [9]. Ён ужо больш актыўна браў удзел у розных палітычных падзеях на тэрыторыі Лідскага павета.

Павятовыя ўрады займалі пераважна прадстаўнікі мясцовай дробнай шляхты [10]. Згодна са звесткамі попісу 1567 г. у войска ВКЛ па адным конніку выстаўлялі лідскі харужы Рыгор Горла і будучы мясцовы гродскі суддзя Ян Даўлюд, па два коннікі ставілі віленскі гродскі суддзя Марцін Юхновіч-Сонгін (у канцы 1570-х г. будзе займаць урад лідскага падстаросты) і лідскі гродскі суддзя Мацей Сцяпанавіч, а таксама будучыя мясцовыя гродскія суддзі Ян Контрым ды Іван Быхавец і гродскі пісар Багдан Перапеча [11]. Лідскі земскі падсудак Мікалай Навіцкі выстаўляў у 1567 г. са сваіх маёнткаў у войска не толькі 2 вершнікаў, але і аднаго драба [12]. Па сваім эканамічным становішчы крыху вылучаліся пісары Лідскага павета земскі Ян Сіруць і гродскі Адам Гімбут, як і Юрага Лябедскі, бацька будучага лідскага войскага Юрыя Юрагі. Кожны з трох у 1567 г. ставіў у войска 4 коннікаў і 2 драбаў [13]. Да беднай і нязнатнай шляхты, на нашу думку, можна аднесці і такіх лідскіх ураднікаў, як гродскі пісар (1577) і харужы (1580-1604) Павел Круневіч, стольнік (1590-1597) і земскі падсудак (1597-1630) Станіслаў Тукала, стольнік (1597-1598) Станіслаў Вайшвіла, гродскі суддзя (1574) Ян Няшыцкі, гродскі суддзя (магчыма, з 1592) Аляксандр Пакаршынскі, гродскі пісар (магчыма, з 1585) Рафаэль Рожчыц [14].

Сярод палітычнай эліты Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. сустракаюцца таксама і прадстаўнікі знатных, "панскіх" родаў ВКЛ: Валчковічаў, Доўгірдаў, Завішаў, Скіндэраў, Траццякоў, Юндзілаў. Так, у 1568 і 1574 г. як лідскі падстароста згадваецца Станіслаў Юндзіл, павятовым маршалкам з 1566 да 1582 г. быў Ян Валчковіч (Волчак), падкаморыем у 1595-1596 г. - Ян Завіша [15]. Земскімі суддзямі ў 1566-1581 і 1586-1607 г., адпаведна, былі Себасцян Траццяк і Мікалай Скіндэр, з 1588 да 1615 г. урад лідскага земскага пісара трымаў Войцех Скіндэр, гродскім (1571, 1576) і земскім (1576-1588) пісарам быў Андрэй Доўгірд [16]. Прадстаўнік княжацкага роду Лукомскіх, Яраслаў Лукомскі, у канцы XVI - пачатку XVII ст. займаў пасады лідскага падстаросты (1590-1592), земскага падсудка (1592-1597) і лідскага падкаморыя (1597-1602) [17]. Розныя ўрады ў Лідскім павеце трымалі і выхадцы з такіх вядомых у гісторыі ВКЛ родаў, як Аляхновічы і Трызны. Так, лідскім падкаморыем у 1566-1593 г. быў Мікалай Аляхновіч, а Ян Трызна ў 1586 г. быў прызначаны лідскім земскім суддзём, але ўрад па нейкіх прычынах не прыняў [18]. Уплывовыя пазіцыі меў у павеце род Нелюбовічаў: Ян Нелюбовіч у 1589?-1612 г. быў павятовым маршалкам, Вацлаў Нелюбовіч з 1599 г. - мясцовым стольнікам [19]. Тым не менш, нават прадстаўнікі знатных родаў па сваім маёмасным статусе збольшага ўсё роўна належалі да дробнай шляхты. Той жа попіс войска 1567 г. фіксуе, што М. Аляхновіч і С. Траццяк ставілі ў войска 3 коннікаў і аднаго драба кожны, а М. Скіндэр - толькі аднаго конніка [20]. A вось С. Юндзіл са сваіх маёнткаў у Лідскім, Ковенскім паветах і Мсціслаўскім ваяводстве выстаўляў у войска ВКЛ адразу 8 коннікаў і 3 драбаў, таксама 8 коннікаў у 1565 г. у войска выстаўляў і Я. Валчковіч [21]. Іх, на нашу думку, варта лічыць прадстаўнікамі сярэдняга шляхецтва Вялікага Княства. Магчыма, да сярэдняй шляхты можна аднесці і Я. Трызну, сына смаленскага кашталяна Рыгора Трызны, які ў 1567 г. ставіў у войска 22 коннікі і 11 драбаў [22]. У канцы XVI ст. значныя зямельныя ўладанні сканцэнтраваў у сваіх руках Я. Абрамовіч і вывеў свой род у шэрагі заможнай шляхты [23]. Аднак ніхто з іх нават блізка не мог параўнацца па сваім сацыяльна-эканамічным становішчы з М. Радзівілам Рудым. Віленскі ваявода і лідскі староста ў 1567 г. выставіў у войска ВКЛ 400 коннікаў і 200 драбаў [24].

Некаторыя лідскія шляхцічы рабілі даволі паспяховую кар'еру на павятовым узроўні. За апошнюю трэць XVI ст. па два ўрады займалі П. Круневіч (гродскі пісар, харужы), А. Доўгірд (гродскі і земскі пісар), М. Юхновіч-Сонгін (падстароста, земскі падсудак), С. Тукала (стольнік, земскі падсудак), Еранім Абрамовіч (войскі, падстароста), а князь Я. Лукомскі паслядоўна трымаў тры ўрады (падстароста, земскі падсудак і падкаморы) [25]. У сваю чаргу, Я. Сіруць прайшоў у сваёй кар'еры праз усе пасады земскага суда Лідскага павета: ад пісара (1566-1576) і падсудка (1576-1581) да суддзі (1581-1586) [26]. Варта адзначыць, што ў апошняй трэці XVI ст. два прадстаўнікі лідскай шляхты ўвайшлі ў склад сената Рэчы Паспалітай. Лідскі староста і віленскі войскі Я. Абрамовіч у 1593 г. атрымаў намінацыю на ўрад менскага, а ў 1596 г. - смаленскага ваяводы, у тым самым 1596 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза прызначыў лідскага падкаморыя Я. Завішу мсціслаўскім, a ў 1599 г. - віцебскім ваяводам [27].

Каналы рэкрутацыі ў склад павятовай палітычнай эліты і магчымасць далейшага кар'ернага росту вызначаліся некалькімі фактарамі. Па-першае, вялікую ролю адыгрывалі пратэкцыянісцкія адносіны. Ужо попіс войска Вялікага Княства 1567 г. адлюстраваў шырокае распаўсюджанне ў Лідскім павеце стасункаў "патрон - кліент". Найбольшы ўплыў у павеце меў віленскі ваявода і лідскі староста М. Радзівіл Руды. У попісе згадваюцца 12 кліентаў віленскага ваяводы з ліку мясцовай шляхты [28]. Значна менш, 5 кліентаў, меў гаспадарскі маршалак Ян Шымковіч, а віленскі кашталян, вялікі гетман ВКЛ Рыгор Хадкевіч і староста жамойцкі, земскі маршалак Ян Хадкевіч - па 4 [29]. Таксама кліентаў сярод лідскай шляхты мелі біскупы віленскі Валерыян Пратасевіч і кіеўскі Мікалай Пац, кашталяны віцебскі Павел Пац і берасцейскі Я. Гайка, падканцлер і дворны маршалак ВКЛ Астафей Валовіч, падчашы Мікалай Кішка, лоўчы Рыгор Валовіч, князі Раман Сангушка і А. Вішнявецкі ды інш. [30].

Патроны актыўна дапамагалі сваім кліентам займаць разнастайныя павятовыя ўрады. М. Радзівіл Руды, як мясцовы староста, сам прызначаў падстаростаў і фармаваў склад гродскага суда [31], як правіла, з ліку сваіх кліентаў. Прынамсі, можна сцвярджаць, што падстаросты С. Юндзіл і М. Юхновіч-Сонгін, гродскі суддзя М. Сцяпанавіч, гродскія пісары А. Гімбут і П. Круневіч былі кліентамі менавіта віленскага ваяводы [32]. Кліентальна з М. Радзівілам быў звязаны і яго наступнік на пасадзе лідскага старосты Я. Абрамовіч [33]. У 1580 г. па пратэкцыі М. Радзівіла і А. Валовіча лідскім харужым стаў П. Круневіч [34]. А вось адзін з вышэйшых урадаў у павятовай ерархіі - урад падкаморыя - займаў М. Аляхновіч, кліент іншага буйнога магната ВКЛ - Я. Хадкевіча [35]. Заўважым, што яшчэ два кліенты жамойцкага старосты атрымалі ўрады ў Лідскім павеце толькі пасля смерці ў 1579 г. свайго патрона: Б. Перапеча стаў гродскім пісарам у 1581 г., а М. Скіндэр - земскім суддзём толькі ў 1586 г. [36] Пазней, у 1590-я г., свой уплыў на лідскую шляхту распаўсюдзіў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Пры падтрымцы пячатараў Вялікага Княства (канцлер Л. Сапега і падканцлер Габрыэль Война) у 1592 г. урад земскага падсудка атрымаў князь Я. Лукомскі, а ў 1597 г. яго, дзякуючы пратэкцыі менавіта Л. Сапегі, Жыгімонт Ваза прызначыў на пасаду лідскага падкаморыя [37]. З чарэйскай лініяй Сапегаў быў звязаны і Я. Трызна, адзін з апекуноў жонкі (сваёй сястры Аляксандры) і дзяцей памерлага ў 1576 г. Дзмітрыя Сапегі [38]. Блізкія сувязі з Я. Абрамовічам у 1590-я г. меў лідскі гродскі пісар Р. Рожчыц [39].

Вялікае значэнне для таго, каб увайсці ў склад рэгіянальнай палітычнай эліты, мелі сваяцкія сувязі, знатнае паходжанне, аўтарытэт сярод шляхты. Найважнейшыя павятовыя ўрады, як ужо адзначалася, займалі прадстаўнікі знатных родаў ВКЛ: Аляхновічаў, Валчковічаў, Доўгірдаў, Завішаў, Лукомскіх, Радзівілаў, Скіндэраў, Траццякоў, Трызнаў, Юндзілаў. Сваяцкія сувязі таксама дапамагалі рабіць кар'еру. Так, Лаўрын Сонгін, сын земскага падсудка М. Юхновіча-Сонгіна, у 1589 г. быў лідскім падстаростам, а М. Скіндэр, сын трокскага земскага суддзі Мікалая Скіндэра, - земскім суддзём Лідскага павета ў 1586-1607 г. [40]. Брат Я. Абрамовіча Пётр у 1589-1602 г. трымаў урад лідскага падстолія, а іх, верагодна, стрыечны брат Еранім - лідскага войскага (1585-1614) і падстаросты (1592-1605) [41]. Праз шлюбы лідская шляхта раднілася з іншымі шляхецкімі родамі ВКЛ: А. Гімбут быў звязаны з родам Доўгірдаў, Я. Завіша-з родам Трызнаў, а Я. Лукомскі - з чарэйскай лініяй Сапегаў (яго жонкай была пляменніца канцлера Л. Сапегі), Сіруці радніліся з Юндзіламі, а Скіндэры - з Шэметамі [42]. Напэўна, павятовая эліта ў немалой ступені магла дапамагчы сваім дзецям, братам ці сваякам у атрыманні пасадаў [43]. Ды і ўвогуле шляхецкая карпарацыя Лідскага павета ў другой палове XVI ст. не была нейкай замкнёнай групай. Роды тых жа Доўгірдаў, Завішаў, Лукомскіх, Трызнаў і Юндзілаў мелі ўладанні ў іншых паветах і ваяводствах ВКЛ. Былі выпадкі, калі шляхцічы займалі пасады ў розных паветах краіны. Так, лідскі староста Я. Абрамовіч быў таксама віленскім войскім, лідскі маршалак Я. Валчковіч быў віленскім канюшым і падканюшым, лідскі падстароста М. Юхновіч-Сонгін-віленскім гродскім суддзём, а падкаморы М. Аляхновіч - цівуном дырвянскім у Жамойцкім старостве.

Частка шляхцічаў магла заваяваць аўтарытэт і заслужыць палітычны аванс дзякуючы сваім заслугам перад дзяржавай і інтэлектуальным здольнасцям. У1586 г. Стэфан Баторый у намінацыйным прывілеі на ўрад лідскага земскага суддзі для Я. Трызны характарызаваў яго не толькі як чалавека, які добра праявіў сябе ў ваенных дзеяннях, але і "в праве посполитом умеетного" [44]. Безумоўна, і Я. Сіруць, прайшоўшы з 1566 да 1586 г. ад пасады пісара да ўраду суддзі ў лідскім земскім судзе, належаў да "людей добрыхъ, цнотливыхъ, ростропныхъ, в праве умеетныхъ" [45], г.зн. валодаў добрымі ведамі ў галіне права і меў аўтарытэт у шляхецкім асяродку Лідскага павета.

На нашу думку, прыкладам асобы, у кар'еры якога праявіліся ўсе гэтыя фактары - і пратэкцыянісцкія ўплывы, і знатнае паходжанне, і аўтарытэт сярод мясцовай шляхты, - быў лідскі земскі суддзя С. Траццяк. Сын земскага харужага Вялікага Княства, "пан" С. Траццяк карыстаўся падтрымкай віленскага ваяводы і лідскага старосты М. Радзівіла Рудога [46]. А пра яго ўплывовае становішча ў Лідскім павеце сведчыць тое, што паводле попісу войска ВКЛ 1567 г. сярод мясцовай шляхты ён меў як мінімум двух кліентаў: Я. Даўлюда і Мікалая Шмігірыча [47]. Магчыма, дзякуючы падтрымцы С. Траццяка, Я. Даўлюд у 1580-я г. займаў пасаду лідскага гродскага суддзі.

Пры характарыстыцы асабовага складу мясцовай эліты адзначым яшчэ некалькі момантаў. Па-першае, памежнае становішча Лідскага павета між зонамі рассялення балцкага і славянскага этнасаў прывяло да таго, што сярод лідскай шляхты сустракаюцца прадстаўнікі родаў як літоўскага (Аляхновічы, Доўгірды, Завішы, Юндзілы), так і беларускага (Лукомскія, Навіцкія, Нелюбовічы, Траццякі, Трызны) паходжання [48]. Па-другое, павятовыя ўрады ў Лідскім павеце займалі асобы розных хрысціянскіх канфесій: кальвіністы Р. Рожчыц і С. Тукала, праваслаўныя, хутчэй за ўсё, Р. Горла і І. Быхавец, каталік П. Абрамовіч. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў апошняй трэці XVI ст. этнічнае паходжанне і канфесійная прыналежнасць не ўплывалі на магчымасць шляхціча ўвайсці ў склад павятовай палітычнай эліты. На першым месцы стаяла прыналежнасць да адзінага "палітычнага народа" ВКЛ і магчымасць карыстацца адпаведнымі сацыяльна-палітычнымі правамі.

З асяродку павятовай палітычнай эліты ў разгляданы час можна вылучыць шэраг асобаў, якія актыўна прадстаўлялі Лідскі павет у грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай: выбіраліся соймавымі пасламі і дэпутатамі Трыбунала, прызначаліся паборцамі і гаспадарскімі пасламі на соймікі.

Нашы звесткі пра лідскіх паслоў на соймы Рэчы Паспалітай, на жаль, даволі абмежаваныя. На Люблінскім сойме 1569 г. Лідскі павет прадстаўлялі Шчасны Губа і Садзібор Доўгірд. Іх подпісы і пячаткі сустракаем пад актам Люблінскай уніі [49]. Таксама акт уніі пацвердзіў і Я. Валчковіч, які, як гаспадарскі маршалак, уваходзіў у склад сената ВКЛ [50]. У працы элекцыйнага сойму 1575 г. браў удзел М. Аляхновіч, які фактычна, як і ўсе прадстаўнікі ВКЛ, пры выбарах новага караля і вялікага князя падтрымаў кандыдатуру эрцгерцага Эрнеста з дынастыі Габсбургаў [51]. На элекцыі ўлетку 1587 г. вядома прысутнасць лідскіх шляхцічаў Л. Сонгіна і Яна Хаецкага, таксама паслом Лідскага павета, напэўна, быў і Андрэй Завіша [52]. У розных з'ездах ВКЛ часоў першых двух бескаралеўяў у Рэчы Паспалітай (1572-1576) удзельнічалі Я. Абрамовіч, Я. Валчковіч, С. Траццяк, В. Нелюбовіч, Я. Даўлюд [53]. Магчыма, пасламі Лідскага павета на вальныя соймы Рэчы Паспалітай былі А. Завіша ў 1589 г. і Я. Абрамовіч ды Абрам Юндзіл у 1593 г. [54]. Дарэчы, віленскі войскі і лідскі староста Я. Абрамовіч удзельнічаў і ў працы вальнага сойму 1585 г., аднак невядома, прадстаўніком якога павета ён у той час быў [55]. У 1597 г. на сойме інтарэсы лідскай шляхты прадстаўлялі віленскі гродскі пісар Шчасны Багуматка і гаспадарскі дваранін Філіп Лімант [56]. Адным з земскіх паслоў ВКЛ на наступны сойм Рэчы Паспалітай, які праходзіў у Варшаве ў 1598 г., быў Я. Трызна. Не выключана, што абраны ён быў на сойміку Лідскага павета. Заўважым, што напярэдадні вальнага сойму, на Галоўным сойміку ВКЛ у Слоніме, Я. Трызна быў выбраны пасольскім маршалкай [57], а гэта яскрава сведчыць пра яго аўтарытэт сярод шляхты, і не толькі лідскай. На апошнім у XVI ст. вальным сойме Рэчы Паспалітай пасламі Лідскага павета былі падстолі лідскі П. Абрамовіч і мазырскі староста Юры Радзівіл [58].

Значна лепей нам вядома прадстаўніцтва Лідскага павета ў Трыбунале ВКЛ. За перыяд 1582-1600 г. як мінімум па адным разе лідская шляхта абірала дэпутатам у Трыбунал Л. Сонгіна (1585, магчыма), М. Аляхновіча (1586), А. Доўгірда (1586), М. Юхновіча-Сонгіна (1589), Каспера Доўгірда (1592), С. Тукалу (1593), Андрэя Монтаўта (1595), С. Вайшвілу (1596), Р. Рожчыца (1597), Яўхіма Лапату (1597), А. Юндзіла (1598) [59]. У 1599 г. на дэпутацкім сойміку ў Лідзе дэпутатам Трыбунала ВКЛ быў абраны сенатар Рэчы Паспалітай - мсціслаўскі ваявода Я. Завіша, былы лідскі падкаморы [60]. Па два разы ў апошняй трэці XVI ст. трыбунальскімі суддзямі абіраліся М. Скіндэр (1582 і 1588), Я. Лукомскі (1592 і 1598), Ф. Лімант (1593 і 1600) [61]. Былі выпадкі, калі шляхта іншых паветаў ВКЛ дэлегавала ў Трыбунал прадстаўнікоў палітычнай эліты Лідскага павета. Так, лідскі харужы П. Круневіч абіраўся дэпутатам у 1598 г. ад Мазырскага, А. Монтаўт - у 1608 г. ад Пінскага, а лідскі гродскі пісар Р. Рожчыц - у 1612 г. ад Віленскага павета [62]. Неаднаразова ў склад Трыбунала ўваходзіў лідскі староста Я. Абрамовіч: у 1583, 1586 (у гэты год быў абраны трыбунальскім маршалкам), 1594, 1598 і 1601 г. [63], але ці прадстаўляў ён хоць раз менавіта лідскую шляхту, нам дакладна не вядома. Сапраўдныя рэкардсмены сярод "трыбуналістаў" Лідскага павета - Я. Нелюбовіч і Я. Трызна. Абодва ў канцы XVI - пачатку XVII ст. па 7 разоў былі дэпутатамі Трыбунала ВКЛ: Я. Нелюбовіч - у 1582, 1583, 1585, 1589, 1595, 1601 і 1604 г., а Я. Трызна -у 1584,1590,1591,1594, 1596, 1600 і 1606 г. [64]. Відавочна, што папулярнасцю і аўтарытэтам яны карысталіся не толькі ў асяродку лідскай шляхты, але і сярод шляхты ўсяго ВКЛ. Пра гэта сведчыць тое, што абодва абіраліся маршалкамі Трыбунала. Калі Я. Нелюбовіч выконваў функцыі маршалка аднойчы, у 1589 г. (маршалак віленскай кадэнцыі), то Я. Трызна - цэлых чатыры (!) разы - у 1584, 1594 (двойчы - маршалак наваградскай кадэнцыі), 1596 і 1606 г. [65].

Функцыі паборцаў у Лідскім павеце ў апошняй трэці XVI ст. выконвалі Астафей Барэйка (пабор, прызначаны на сойме ВКЛ 1566/67), А. Гімбут (паборы 1567 і 1568), Ш. Губа (пабор 1569), С. Траццяк (паборы 1568 і 1577), А. Доўгірд (паборы 1578 і 1580), М. Юхновіч-Сонгін (пабор 1581), Есіф Халецкі (пабор 1589), В. Скіндэр (пабор 1590), Е. Абрамовіч (пабор 1593) і Мацей Браніцкі (пабор 1596) [66]. У пэўнай ступені даручэнне збору падаткаў можа сведчыць пра высокі давер да той ці іншай асобы з боку павятовай шляхецкай супольнасці. Гаспадарскім паслом на павятовы соймік у Лідзе перад вальным соймам 1572 г. быў прызначаны Я. Сіруць, а С. Траццяк выступаў гаспадарскім паслом на лідскім павятовым сойміку цэлых тры разы: перад соймамі Рэчы Паспалітай 1576 і 1578 г., а таксама перад Галоўным соймікам ВКЛ 1577 г. [67]. Лідскі павятовы маршалак Я. Валчковіч быў гаспадарскім паслом на Галоўным сойміку Вялікага Княства ў Ваўкавыску ў студзені 1582 г. [68] Удзел лідскай шляхты ў грамадска-палітычным жыцці быў даволі актыўны, пра што сведчаць захаваныя да нашых дзён матэрыялы працы соймікаў Лідскага павета. Так, на сойміку ў Лідзе 6 верасня 1587 г., што адбыўся пасля элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай, прысутнічала як мінімум 53 чалавекі [69]. Ліст да віленскага ваяводы Крыштафа Радзівіла з лідскага рэляцыйнага сойміка ад 21 красавіка 1597 г. сваімі пячаткамі зацвердзіла 19 шляхцічаў, а 20 траўня 1598 г. пад аналагічным лістом падпісалася 17 прадстаўнікоў шляхты Лідскага павета [70]. Для параўнання, як мінімум 60 шляхцічаў удзельнічала ў працы сойміка Наваградскага павета 12 траўня 1587 г. перад элекцыйным соймам 1587 г. [71]. У снежні 1594 г. ліст да К. Радзівіла з перадсоймавага сойміка Трокскага павета быў зацверджаны 12 пячаткамі, а да лістоў віленскаму ваяводзе з рэляцыйных соймікаў Віленскага і Упіцкага паветаў у траўні 1595 г. свае пячаткі прыклалі 10 і 9 шляхцічаў адпаведна [72]. Інструкцыю паслам Берасцейскага павета на вальны сойм 1597 г. падпісала 19 асобаў [73]. Дарэчы, у 60 чалавек на канец XVI ст. ацэньваў сярэднюю колькасць палітычных актывістаў для кожнага павятовага сойміка ВКЛ беларускі гісторык П. Лойка [74]. Аднак у параўнанні з агульнай колькасцю павятовай шляхты адсотак актыўных удзельнікаў грамадска-палітычнага жыцця быў зусім невялікі. У матэрыялах попісу войска ВКЛ 1567 г. сустракаюцца звесткі пра больш за 700 шляхцічаў, якія мелі свае ўладанні ў Лідскім павеце [75], у той час калі за ўсю апошнюю трэць XVI ст. уласна да лідскай павятовай эліты можна аднесці недзе 60-70 чалавек.

Лідская шляхта актыўна праяўляла сябе не толькі на лакальным узроўні, але і на дзяржаўным. Так, на Галоўны з'езд ВКЛ, скліканы на кастрычнік 1587 г. пасля элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай, Лідскі павет дэлегаваў адразу 19 (!) сваіх прадстаўнікоў [76]. З'езд у кастрычніку скончыўся безвынікова, і ў лістападзе 1587 г. адбыўся новы Галоўны з'езд, на якім прадстаўнікі "палітычнага народа" Вялікага Княства вызначаліся ў сваёй падтрымцы камусьці з двух кандыдатаў на ўладу ў Рэчы Паспалітай [77]. Па выніках галасавання шляхецкіх паслоў за эрцгерцага Максімільяна аддалі свае галасы 15 шляхцічаў Лідскага павета, за шведскага каралевіча (і будучага караля і вялікага князя) Жыгімонта Вазу - ніводнага [78]. Між іншым, Я. Абрамовіч і Я. Трызна былі на з'ездзе ўключаны ў склад пасольства для перамоваў з абодвума прэтэндэнтамі на ўладу. Аднак калі ў снежні 1587 г. палітычная эліта ВКЛ фактычна падтрымала кандыдатуру Жыгімонта Вазы, то ў склад дэлегацыі Вялікага Княства на каранацыйны сойм у Кракаў ні Я. Абрамовіч, ні Я. Трызна не ўвайшлі [79]. Што датычыць Я. Абрамовіча, то ён яшчэ на вальным сойме Рэчы Паспалітай 1585 г. праявіў сябе сапраўдным лідэрам земскіх паслоў ВКЛ [80].

Важнай функцыяй павятовай эліты было ператварэнне інтарэсаў і імкненняў рэгіянальнай шляхецкай супольнасці ў палітычныя рашэнні і дзеянні. Нават фрагментарныя звесткі аб працы соймікаў Лідскага павета ў разгляданы час адлюстроўваюць багаты спектр палітычных пазіцый лідскай шляхты ў сферы грамадскага, эканамічнага і рэлігійнага жыцця, у галіне знешняй палітыкі. Цікавілі яе, натуральна, і мясцовыя праблемы, і дзяржаўныя. На апошнім вальным сойме ВКЛ, які адбыўся ў 1568 г. у Гародні, лідскія паслы прадставілі Жыгімонту Аўгусту тры просьбы, якія тычыліся мясцовых павятовых справаў. Па-першае, шляхта прасіла, каб паседжанні земскага суда адбываліся "не по корчмамъ", а ў гаспадарскім замку ў Лідзе або ў нейкім іншым спецыяльным месцы. Другая просьба датычыла вызначэння адзінага харужага для ўсяго Лідскага павета. І, нарэшце, лідскія паслы скардзіліся на парушэнне юрысдыкцыі Лідскага павета з боку "вряду Городенского" [81]. У 1587 г. лідская шляхта даручала сваім прадстаўнікам на Галоўным з'ездзе ВКЛ разгледзець пытанне аднаўлення пасля элекцыі дзейнасці ў павеце каптуровага суда [82]. Інструкцыя паслам на вальны сойм 1597 г. утрымлівала шырокае кола пытанняў, якія датычылі як уласна Вялікага Княства, так і ўсёй Рэчы Паспалітай: арганізацыі абароны ад Турцыі, утварэння Хрысціянскай лігі, адносінаў з Маскоўскай дзяржавай, далучэння Эстоніі, выплаты падаткаў, становішча скарбовай сістэмы, працэдуры працы сойму, рэформы Трыбунала ВКЛ, выплаты "ўпамінак" татарам, падаўлення казацкіх бунтаў і інш. [83].

Дакументы канца XVI ст. дазваляюць у пэўнай ступені акрэсліць сістэму каштоўнасцяў, якія былі найважнейшымі для эліты Лідскага павета і непасрэдным чынам уплывалі як на яе стаўленне да палітычнага ладу Рэчы Паспалітай, так і на грамадскую пазіцыю лідскай шляхты. Матэрыялы працы соймікаў Лідскага павета 1587, 1596, 1597 і 1598 г. [84] яскрава сведчаць, што найперш мясцовую шляхецкую супольнасць, як "вольны народ", хвалявала захаванне і строгае выкананне яе правоў, вольнасцяў і свабодаў. Важную ролю ў свядомасці лідскай палітычнай эліты адыгрывала ўяўленне аб неабходнасці падтрымкі ў краіне міру, згоды і любові. Забеспячэнне справядлівасці і роўнасці ў межах шляхецкага стану таксама трэба залічыць у лік найважнейШЫХ каштоўнасцяў лідскай палітычнай эліты. У цэлым падобная сістэма каштоўнасцяў была характэрна для палітычнай свядомасці шляхты беларускіх зямель канца XVI - пачатку XVII ст. [85]. Адначасова ў свядомасці палітычна актыўных колаў шляхты Лідскага павета асэнсоўваліся і ўяўленні аб найбольш негатыўных з'явах тагачаснага грамадскага жыцця. Найважнейшымі праблемамі лідскі соймік бачыў унутраны грамадскі неспакой (niepokуj) і "разорванье" сярод шляхецтва Рэчы Паспалітай. Таксама надзвычай небяспечным было пашырэнне ў краіне нянавісці, беспарадкаў, сварак, звадак і гвалту. У першую чаргу, гэтыя адмоўныя з'явы паглыбляліся з-за парушэння ў дзяржаве мірнага сółснавання прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій [86]. Непасрэдным вынікам такіх працэсаў, на думку лідскай шляхты, маглі быць, ні больш ні менш, заняпад і пагібель Рэчы Паспалітай. Адпаведна была сфармулявана і свайго роду ідэальная матывацыя палітычнай дзейнасці для кожнага шляхціча: "доброго речи посполитое радети" [87]. А наступны сказ з пасольскай інструкцыі на вальны сойм 1597 г. можна разглядаць як уяўленне палітычнай эліты Лідскага павета аб галоўным абавязку караля і вялікага князя адносна яго падданых: "Да міру і згоды прывесці, і тыя беспарадкі супакоіць, пакрыўджаным справядлівасць учыніць і кожны стан у яго вольнасцях і правах Кароль Я[го] М[іласць], згодна са сваёй прысягай, захаваць і пакінуць мае, а адрозным у веры і ўсім ласку сваю Гаспадарскую аднолькавую паказваць" [88].

З пункту гледжання сістэмы каштоўнасцяў адбывалася і ацэнка шляхтай усіх палітычных інстытутаў і падзей у Рэчы Паспалітай. Можна сцвярджаць, што легітымацыя палітычнай сістэмы супольнай дзяржавы з боку лідскай павятовай эліты была безумоўнай. Аднак прынамсі ў 1590-я г. ацэнка інстытутаў вальнага сойму і нават каралеўскай улады была даволі негатыўнай. Рэляцыйны соймік Лідскага павета 21 красавіка 1597 г. адзначаў, што на мінулым сойме "нічога суцяшальнага нам і Айчызне нашай мілай, пажытэчнага, пастаноўлена быць не магло. Правы нашы і вольнасці парушаны і памешаны былі…" [89]. Амаль праз год, 20 траўня 1598 г., на наступным рэляцыйным сойміку, лідская шляхта заяўляла, што соймы адбываюцца "з абразай правоў і вольнасцяў нашых шляхецкіх" [90]. Зразумела, што такія настроі непасрэдна ўплывалі на палітычную пазіцыю лідскай павятовай эліты. Глыбокую незадаволенасць шляхецкай супольнасці Лідскага павета палітычнай сітуацыяй у Рэчы Паспалітай перадаў невядомы аўтар кароткага дыярыуша Галоўнага сойміка ВКЛ 1597 г. у Слоніме, які так занатаваў частку выступлення лідскага соймавага пасла Ф. Ліманта: "O niewoli Litewskiej niepotrzebnie siła mówił" [91].

У канцы XVI ст. актыўная частка шляхты Лідскага павета вельмі часта займала апазіцыйнае становішча ў дачыненні да палітыкі Жыгімонта Вазы. Напрыклад, на 23 лютага 1592 г. Жыгімонт Ваза склікаў Галоўны з'езд ВКЛ, які павінен быў ухваліць падаткі на забеспячэнне ўласных фінансавых патрэбаў караля і вялікага князя, у т.л. і звязаных з яго будучым вяселлем [92]. На павятовым сойміку ў Лідзе, які адбываўся ў пачатку лютага 1592 г. (магчыма, супаў з дэпутацкім соймікам), шляхта даволі эмацыйна выступіла супраць гэтай ініцыятывы. Як паведамляў Л. Сапега трокскаму ваяводу Мікалаю Крыштафу Радзівілу, " w Lidzie dudy nadęte były " [93]. Лідская шляхта, як і частка іншай шляхты ВКЛ, заяўляла, што з'езд скліканы супраць права [94], не хацела ўхваляць ніякіх падаткаў і ўвогуле высылаць паслоў на з'езд і патрабавала склікання сойму. Толькі пад уплывам прысутнага на сойміку лідскага старосты Я. Абрамовіча мясцовае шляхецтва ледзьве згадзілася абраць паслоў на Галоўны з'езд, але ім было забаронена згаджацца на якія-небудзь падатковыя ўхвалы [95].

Доўгі час лідская шляхта адмаўлялася выплачваць пабор, ухвалены Галоўным з'ездам ВКЛ 1593 г. на паездку Жыгімонта Вазы ў Швецыю. Справа ў тым, што пабор зацвярджаўся з пэўнымі варункамі для караля і вялікага князя, а менавіта з умовай, што віленскім біскупам будзе прызначаны толькі ліцвін [96]. Аднак Жыгімонт Ваза настойваў на намінацыі віленскім біскупам паляка Бернарда Мацяёўскага, што толькі паглыбляла яго канфлікт з палітычнай элітай Вялікага Княства. У сваю чаргу, лідская шляхта паслядоўна прытрымлівалася пастановы Галоўнага з'езда. Калі ў 1596 г., пасля вальнага сойму, частка шляхты ВКЛ ужо схілялася да таго, каб выдаць Жыгімонту Вазу пабор 1593 г., то, паводле паведамлення Я. Абрамовіча К. Радзівілу, "у Ашмянах і Лідзе нават і не думаюць аб гэтым" [97]. Перад вальным соймам Рэчы Паспалітай 1597 г. лідскі соймік заявіў: "…пабор [1593 г.], які не на сойме, але з добрай волі быў Я [го] К[аралеўскай] М[іласці] з пэўнымі кандыцыямі абяцаны, што не выканана, і зараз яго даваць не дазваляем" [98]. У 1597 г. шляхта Лідскага павета ўсё ж часткова выплаціла спрэчны пабор. Тым не менш, лідскі паборца Е. Абрамовіч увосень 1597 г. быў выкліканы ў гаспадарскі суд у справе аб нявыплаце ў скарб усіх падатковых грошай. Аднак на разбіральніцтва ў Варшаву ні Я. Абрамовіч, ні яго прадстаўнік нават не з'явіліся [99]. Дарэчы, у канфлікце вакол віленскага біскупства лідская шляхта таксама прынцыпова супрацьстаяла Жыгімонту Вазу. Перадсоймавы соймік Лідскага павета ў снежні 1596 г. зазначаў у інструкцыі сваім паслам: "Віленскае біскупства, паводле права, нікому іншаму, толькі ліцвіну, каб было нададзена" [100]. Аб пэўным недаверы да каралеўскай улады з боку лідскай шляхты можа сведчыць і яе зварот перад соймам 1597 г. да Генрыкавых артыкулаў 1573 г. у справе ўвядзення ў Рэчы Паспалітай інстытута сенатараў-рэзідэнтаў. Так, у інструкцыі паслам даручалася дабівацца, каб "сенатары alternatim пры Каралі паводле канстытуцыі" знаходзіліся [101]. Гэтыя факты вымагаюць больш глыбокага аналізу гіпотэзы аб тым, што ВКЛ у канцы XVI - пачатку XVII ст. было адным з тых рэгіёнаў Рэчы Паспалітай, дзе каралеўская ўлада мела найбольшы аўтарытэт сярод шляхецтва [102]. Напэўна, ступень даверу да палітыкі караля ў розных рэгіёнах Вялікага Княства была неаднолькавай.

Затое можна смела сцвярджаць, што велізарным аўтарытэтам і ўплывам сярод лідскай шляхты ў канцы XVI ст. карыстаўся адзін з буйнейшых магнатаў Рэчы Паспалітай віленскі ваявода К. Радзівіл, сын былога віленскага ваяводы, канцлера і лідскага старосты М. Радзівіла Рудога. Эліта Лідскага павета, расчараваная палітычнымі працэсамі ў краіне і вынікамі працы вальных соймаў, скардзячыся на "няласку Караля Памазанца Божага", "нежаданне іншых Паноў Сенатараў" і, напэўна, не вельмі верачы ва ўласныя сілы, бачыла адзіным абаронцам сваіх правоў і вольнасцяў менавіта К. Радзівіла [103]. Лідская шляхта на рэляцыйных сойміках 1597 і 1598 г. называла віленскага ваяводу "апекуном" і "айцом Айчыны", а сябе - не інакш як яго вернымі слугамі [104]. Шляхта таксама звярталася да К. Радзівіла, каб той "аб Айчыне клапаціцца не пераставаў, а мы пры В[ашай] К[няжацкай] М[іласці] …. здароўе і маёмасці нашы ахвяруем, цвёрда стоячы пры В[ашай] М[іласці], нашым м[іласцівым] пане" [105]. Пра шырокае распаўсюджванне пратэкцыянісцкіх уплываў сярод лідскага шляхецтва ўжо згадвалася вышэй. Відавочна, што магнатэрыя і ў апошняй трэці XVI ст. працягвала дамінаваць у сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ [106].

Не была самастойнай лідская павятовая эліта, прынамсі амаль адразу пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г., у такой важнай функцыі, як вызначэнне свайго прадстаўніцтва на вальным сойме Рэчы Паспалітай. Так, перад соймам 1572 г. кандыдатуры паслоў ад Лідскага павета, як і яшчэ 9 паветаў ВКЛ, вызначалі не столькі мясцовая шляхта, колькі А. Валовіч і М. Радзівіл Руды: "П[ан] Траццяк, суддзя, калі В[аша] М[іласць] (М. Радзівіл. - У. П.) захочаш яго ўжываць. А мог бы разам з ім і….. п[ан] Юндзіл, або як В[аша] М[іласць] пажадаеш, бо я (А. Валовіч. - У .П.) з імі размаўляў, не адмаўляюцца" [107]. Уплывы біржанскай лініі Радзівілаў на вызначэнне лідскай соймавай рэпрэзентацыі выразныя і ў пазнейшыя часы. Паслом на сойм 1597 г. быў абраны кліент К. Радзівіла Ш. Багуматка, а на сойм 1600 г. - пляменнік віленскага ваяводы Ю. Радзівіл [108]. Можна меркаваць, што патроны тым ці іншым чынам спрыялі ў выбары залежных ад сябе шляхцічаў і ў дэпутаты Трыбунала ВКЛ [109].

Разам з тым нельга сцвярджаць, што лідская шляхта была толькі пасіўным выканаўцам волі найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Верагодна, менавіта ў Лідскім павеце, побач з Наваградскім, Берасцейскім і Пінскім, у час бескаралеўя пасля смерці Жыгімонта Аўгуста была прынята адна з першых у Вялікім Княстве каптуровых ухвал [110]. Пасольская інструкцыя Лідскага павета на сойм 1597 г. утрымлівае шэраг важных пастулатаў, якія сведчылі пра даволі высокі ўзровень палітычнай свядомасці мясцовай шляхты і не заўсёды адпавядалі інтарэсам магнатэрыі ВКЛ. Напрыклад, для лепшай арганізацыі абароны краіны соймік у Лідзе прапанаваў увесці выплату кварты (¼ даходаў) з гаспадарскіх уладанняў, дзяржаўцамі якіх, як правіла, былі прадстаўнікі магнацкіх родаў. Таксама прапаноўвалася праводзіць у паветах збор шляхецкага апалчэння (okazowanie), якім былі б ахоплены і дзяржаўцы даменіяльных маёнткаў, і сенатары [111].

Яшчэ шэраг пастулатаў паслам Лідскага павета на сойм 1597 г. адлюстроўвае прагматычную пазіцыю і добрыя веды мясцовай эліты наконт актуальных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця сваёй краіны. Лідская шляхта замест уступлення Рэчы Паспалітай у склад антытурэцкай Хрысціянскай лігі прапаноўвала заключыць мір з самой Турцыяй, а таксама-вечны мір з Маскоўскай дзяржавай [112]. У справе абароны дзяржавы ад магчымай вайны з Турцыяй відавочнае імкненне шляхты перакласці яе цяжар з сябе перш за ўсё на каралеўскую ўладу. За сродкі караля і вялікага князя меркавалася пабудаваць некалькі замкаў і набыць гарматы, снарады і порах, на абарону магла быць выкарыстана маёмасць памерлай каралевы Ганны, якая, на думку складальнікаў інструкцыі, павінна была перайсці ў скарб Рэчы Паспалітай. Толькі на абарончыя патрэбы павінны былі ісці і сродкі з ухваленых раней пабораў, а вось на новыя падаткі, асабліва на пагалоўны, згаджацца паслам катэгарычна забаранялася [113]. Не збіралася лідская шляхта ўдзельнічаць у выплаце "ўпамінак" татарам, якія пастаянна пагражалі ўкраінскім землям, бо "Валынь, Падляшша, Кіеў, Падолле з нашай Літоўскай еднасці (spółku) узяты" [114]. Клапаціліся ў Лідзе і пра ўнутраныя справы ВКЛ. Паслам даручалася на сойме 1597 г. дамагацца ўтварэння камісіі з сенатараў і паслоў, якая б у Вільні выслухала справаздачу земскага падскарбія аб стане скарбу Вялікага Княства, пераносу паседжанняў Трыбунала толькі ў адну Вільню, прыняцця канстытуцыі, каб па прыкладзе Польшчы ў кожным павеце ВКЛ былі заснаваны свае павятовыя скарбы [115].

Напрыканцы звернем увагу яшчэ на адну акалічнасць, а менавіта на працэс апалячвання лідскай шляхты. Можна сцвярджаць, што ў апошняй трэці XVI ст. гэты працэс праходзіў даволі хутка і ахапіў шырокія колы мясцовага шляхецтва. Так, калі ўхвала Лідскага павета 1587 г. была напісана на старабеларускай мове, то ўжо ўсе вядомыя нам матэрыялы лідскага сойміка 1596-1598 г. створаны на польскай мове. Лідскі маршалак Я. Нелюбовіч падпісваў акты Трыбунала ВКЛ у 1589 г. па-старабеларуску, а вось пад лістамі з рэляцыйных соймікаў Лідскага павета 1597 і 1598 г. падпісваўся ўжо толькі па-польску [116]. Красамоўны факт: з 17 чалавек, што паставілі свае подпісы пад лістом да К. Радзівіла з рэляцыйнага сойміка 1598 г., толькі адзін - П. Навіцкі - падпісаўся па-старабеларуску [117].

Такім чынам, палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. складалася збольшага з мясцовай дробнай і, у значна меншай ступені, сярэдняй шляхты. Сярод павятовай эліты шырока былі прадстаўлены знатныя роды ВКЛ (Аляхновічы, Валчковічы, Доўгірды, Завішы, Лукомскія, Радзівілы, Скіндэры, Траццякі, Трызны, Юндзілы). Частка лідскай эліты ўдзельнічала ў палітычным жыцці перадусім на дзяржаўным узроўні (Я. Трызна, М. Аляхновіч, Ф. Лімант, з пэўнымі агаворкамі Я. Абрамовіч), другая частка канцэнтравала сваю дзейнасць на лакальным узроўні (Я. Сіруць, С. Траццяк), а трэцяя - спалучала абодва гэтыя ўзроўні (Я. Нелюбовіч, А. Доўгірд, Я. Лукомскі, Е. Абрамовіч, М. Юхновіч-Сонгін, П. Круневіч). У 1590-я г. на авансцэну выйшла новае пакаленне, якое прадстаўляла Лідскі павет у грамадскім жыцці краіны пачатку XVII ст.: С. Тукала, В. Скіндэр, Р. Рожчыц, А. Пакаршынскі.

Шляхі ўваходжання ў склад рэгіянальнай эліты вызначаліся паходжаннем, сваяцкімі сувязямі, асабістымі здольнасцямі, ваеннымі заслугамі і ў значнай ступені пратэкцыянісцкімі ўплывамі. Лідская шляхта знаходзілася пад вялікім уплывам магнатэрыі Вялікага Княства, перадусім, біржанскіх Радзівілаў. Гэта было абумоўлена як велізарнай перавагай магнатаў над шляхтай у сацыяльна-эканамічным плане, так і пэўным расчараваннем мясцовага шляхецтва ў каралеўскай палітыцы і інстытуце вальнага сойму. Тым не менш палітычная культура і свядомасць лідскай павятовай эліты знаходзілася ў дынаміцы і пастаянна расла. На гэты працэс уплывалі рэформы ў ВКЛ сярэдзіны 1560-х г., утварэнне Рэчы Паспалітай і супольных парламенцкіх структур, што давала магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з вопытам палітычнай барацьбы польскай шляхты, а таксама палітычны досвед перыядаў бескаралеўяў. А вось этнічнае паходжанне або канфесійная прыналежнасць не ўплывалі на магчымасць шляхціча ўвайсці ў склад павятовай палітычнай эліты.

Безумоўна, палітычная эліта Лідскага павета, яе асабовы склад, палітычна-прававая культура і свядомасць патрабуюць свайго далейшага даследавання. У першую чаргу, гэта можа быць аналіз колькасных і якасных зменаў у эліце пад час яе эвалюцыі ў часе, унутраных сувязяў і ўзаемадзеяння з іншымі павятовымі элітамі, параўнанне з аналагічнымі групамі як у Вялікім Княстве Літоўскім, так і ўсёй Рэчы Паспалітай, вывучэнне грамадскай думкі і палітычнай практыкі лідскай шляхты.



[1] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 45-62.
[2] Boniecki A. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887; Ciechanowiecki A., Rachuba A.Rys genealogiczny rodziny Abramowiczów na Wornianach // Przegląd Wschodni. T. II, z. 3 (7). 1992/93. S. 595-609; Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582-1696):spis / pod red. A. Rachuby; oprac. H. Lulewicz i A. Rachuba; Instytut historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa, 2007; Niesiecki K. Herbarz Polski / Wyd. J.N. Bobrowicz. T. 1-10. Lipsk,1839-1840; Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy.T. 1: Województwo Wileńskie XIV-XVIII wiek / Pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2004.
[3] Русская историческая библиотека (РИБ): в 39 т. / Акад. наук.Археогр. комиссия. Т. 33: Литовская Метрика. Отдел третий. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи Литовского войска /Ред. С.Л. Пташицкий. Петроград, 1915.
[4] Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (AGAD). Archiwum Radziwiłłów (AR). Dz. II. Nr. 192, 354, 361, 383; Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inneodnoszące się do tego sejmu / Wyd. E. Barwiński. Kraków, 1907. S. 411-415.
[5] Грицкевич А.П. Распределение магнатских и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.) // Вопросы истории. Вып. 5. Минск, 1978. С. 95; Starożytna Polska pod wzgłędem historycznym, geograficznym i statystycznym opisana / Przez M. Bałińskiego i T. Lipińskiego. T. III. Wielkie Księstwo Litewskie opisane przez M. Bałińskiego. Warszawa, 1846. S. 252-264.
[6] РИБ. Т. 33. Стб. 437, 440, 469, 474, 498, 502, 503, 531.
[7] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 386.
[8] Так, у падрабязным itinerarium М. Радзівіла, складзенымлітоўскай даследчыцай Р. Рагаўскене, яго прысутнасць уЛідзе зафіксавана толькі адзін раз - 24 кастрычніка 1549 г.:Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kanclerisMikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515-1584 m.). Vilnius, 2002.P. 407-418.
[9] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 386.
[10] Крытэрыі падзелу шляхты на катэгорыі ў адпаведнасці з колькасцю коннікаў, выстаўленых у войска, прапаноўвалі А. Грыцкевіч і М. Спірыдонаў: Грицкевич А.П. Распределение магнатских… С. 96-97; Спірыдонаў М. Паны і прыгонныя // Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Навагруд. р-на. Мінск, 1996. С. 95. На нашу думку, да дробнай шляхты больш лагічна адносіць тых, хто валодаў менш як 50 сялянскімі "службамі", г.зн. выстаўляў у войска ад 1 да 4 коннікаў, да сярэдняй шляхты варта адносіць тых, хто валодаў ад 50 да 249 "службаў" (ад 5 да 24 коннікаў), да заможнай, буйной шляхты - уладальнікаў мінімум 250 "службаў" (25-99 коннікаў) і да найбуйнейшай шляхты, магнатаў - уладальнікаў больш як 1000 сялянскіх "службаў" (больш як 100 коннікаў).
[11] РИБ. Т. 33. Стб. 747, 749, 754, 755, 757, 759, 784; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 362, 368.
[12] РИБ. Т. 33. Стб. 749. Гл. таксама: Vilimas D. LDK pavietų žemės teismų pareigūnai (1566-1588 m.): Pirmoji pavietų bajoriškųjų juristų karta // Lituanistica. 2002. Nr. 4. P. 7.
[13] РИБ. Т. 33. Стб. 509, 510, 783; Urzędnicy Wielkiego Księstwa…T. 1. S. 346, 349, 397.
[14] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 360, 368, 389.
[15] РИБ. Т. 33. Стб. 245-252, 487-506; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 337, 358, 362.
[16] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 349, 372; Vilimas D.LDK pavietų žemės… P. 16.
[17] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 358, 360, 362.
[18] Ibidem. S. 358, 372; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 16.Верагодна, пазней Я. Трызна стаў гаспадарскім маршалкам. Прынамсі, у верасні 1591 г. ён фігуруе менавіта як "маршалокъ его королевской милости": Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (АВАК): в 39 т. Т. 30: Акты трокского подкоморского суда. Вильна, 1904. С. 85.
[19] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 337-338, 389.
[20] РИБ. Т. 33. Стб. 532, 778, 788.
[21] РИБ. Т. 33. Стб. 239, 756.
[22] Тамсама. Стб. 436-437. Гл. таксама: Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика / Liet. istorijos inst. Kn.51: 1566-1574. Vilnius, 2000. P. 304-306.
[23] Ciechanowiecki A., Rachuba A. Rys genealogiczny… S. 600.
[24] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половинеXVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев,1911. С. 580.
[25] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 316, 346, 349, 358, 360,362, 389.
[26] Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 16.
[27] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 4: Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie XIV-XVIII wiek / pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2003. S. 216; Wolff J. Senatorowie i dygnitarze WielkiegoKsięstwa Litewskiego (1386-1795). Kraków, 1885. S. 25, 30.
[28] РИБ. Т. 33. Стб. 496, 534-535, 750, 752-756, 759, 766; Гл.таксама: Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 372-376 (неўлічаны Ян Няшыйка (Няшыцкі?) і Войцех Баран).
[29] РИБ. Т. 33. Стб. 492, 754-755, 775, 778-780, 786, 791-792.
[30] РИБ. Т. 33. Стб. 446, 748, 753, 755, 771, 775-776, 784-785, 790.
[31] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / Т. І. Доўнар, У. М. Сатолін, Я. А. Юхо; Рэдкал.: Т. І. Доўнар і інш. Мінск, 2003. С. 109.
[32] РИБ. Т. 33. Стб. 756, 759; Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 66-67; Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 332, 335, 359, 373. Да 1579 г., калі ўрад лідскага старосты атрымаў Я. Абрамовіч, гродскімі суддзямі былі таксама Я. Контрым, Я. Няшыцкі і І. Быхавец, а гродскім пісарам - А. Доўгірд: Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 368.
[33] Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 277.
[34] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ).КМФ-18. Воп. 1. Спр. 66. Арк. 158-159; Спр. 212. Арк. 117адв. (Інфармацыя А. Радамана.)
[35] РИБ. Т. 33. Стб. 778.
[36] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 346, 372. Падобную сітуацыю назіраем і з кліентам Р. Хадкевіча (памёр у 1573 г.) І. Быхаўцом, які стаў лідскім гродскім суддзём толькі ў 1577 г.:ibidem. S. 368.
[37] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 76. Арк. 382-282адв.; Спр. 77. Арк.313-313адв.; Спр. 78. Арк. 141адв.-142; Спр. 83. Арк. 261адв.-262; Спр. 283. Арк. 127-127адв. (Інфармацыя А. Радамана.)
[38] Sapiehowie. Materjaіy historyczno-genealogiczne i majątkowe:W 3t. T. 1. Petersburg, 1890. S. 111, 323-330. Дарэчы, бацькаЯ. Трызны, Р. Трызна, за ваенныя заслугі ў Інфлянцкай вайнекарыстаўся заступніцтвам М. Радзівіла Рудога і Я. Хадкевіча:Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 325.
[39] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 393адв.; AGAD. AR. Dz.V. Nr. 16. S. 67.
[40] Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 362, 372.
[41] Ciechanowiecki A., Rachuba A. Rys genealogiczny… S. 597, 599,608-609; Urzędnicy Wielkiego Księstwa… T. 1. S. 362, 365, 397.
[42] Вилимас Д. К вопросу о конфессиональных ориентацияхурядников земских судов ВКЛ в конце XVI века (пробапервичного анализа) // Канструкцыя і дэканструкцыя Вялікага княства Літоўскага: матэрыялы міжнар. навук. канф., Гродна, 23-25 красавіка 2004 г. /пад рэд. Н.У. Сліж. Мінск, 2007. С. 49;РИБ. Т. 33. Стб. 776, 783; Sapiehowie. S. 189-190; UrzędnicyWielkiego Księstwa… T. 1. S. 358.
[43] Пра ўтварэнне сістэмы ўзаемадапамогі паміж земскімі ўраднікамі і іх сваякамі ды стварэнне своеасаблівых дынастый"юрыстаў" у павятовых земскіх судах ВКЛ у канцы XVI ст. гл.:Вилимас Д. К вопросу о конфессиональных… С. 46-50.
[44] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 72. Арк. 36адв. У тым жа прывілеі, дарэчы, таксама дадавалася, што прызначаецца Я. Трызна земскім суддзём па пратэкцыі "некаторых паноў-рад".
[45] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. С. 96.
[46] Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios… P. 315.
[47] РИБ. Т. 33. Стб. 747, 779. Напрыклад, па два кліенты сярод лідскай шляхты мелі таксама А. Валовіч і Я. Гайка: Тамсама. Стб. 748, 753, 776, 784.
[48] У беларускай гістарыяграфіі ўжо звярталася ўвага на гэтуюз'яву: Грицкевич А.П. Распределение магнатских… С. 102-104.
[49] Akta unii Polski z Litwą 1385-1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 351, 354, 356. Ш. Губа ў 1561-1563 г.быў ротмістрам пешай роты, дыслакаванай у Інфлянтах, а ў1567 г. ставіў у войска ВКЛ двух коннікаў: РИБ. Т. 33. Стб.757; Янушкевіч А.М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкаявайна 1558-1570 гг. Мінск, 2007. С. 163, 165.
[50] Akta unii… S. 349, 353, 355. Па ўмовах Люблінскай уніі 1569 г. гаспадарскія і павятовыя маршалкі ВКЛ апынуліся па-за сенатам Рэчы Паспалітай: Rachuba A. Wielkie Księstwo… S.169.
[51] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskiew latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 228-229.
[52] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1: Okresy bezkrólewi / Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2006. S. 247, 261,266. Л. Сонгін і Я. Хаецкі ў Варшаве занялі нейтральную пазіцыю, а вось А. Завіша, верагодна, падтрымаў кандыдатуру шведскага каралевіча Жыгімонта Вазы. У прыватнасці, у дыярыушы элекцыйнага сойму 1587 г. адзначана, што за Жыгімонта Вазу аддалі свае галасы "двое Завішаў", дарэчы,як і "князь Лукоўскі (Лукомскі?) з Літвы": Dyjaryjusze sejmower. 1587: sejmy konwokacyjny i elekcyjny / Wyd. A. Sokołowski.Kraków, 1887. S. 120, 127.
[53] Akta zjazdów… S. 86, 101.
[54] Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae.Vilnae, 1758. T. 1. P. 238; Filipczak-Kocur A. Pośmiertne proble my podskarbich litewskich Ławryna Wojny i Jana Hlebowicza // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006. S. 82-83.
[55] Akta Metryki Koronnej. Co ważniejsze z czasów Stefana Batorego. 1576-1586 / Wyd. A. Pawiński. Warszawa, 1882. S. 266; Dyaryusze sejmowe roku 1585. W dodatkach: Ułamki dyaryusza sejmowego roku 1582, akta sejmikowe i inne akta odnoszące się dosejmu 1585 r. / Wyd. A. Czyczyński. Kraków, 1901. S. 267, 286.
[56] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411. У 1598 г. Ш. Багуматка быў соймавым паслом ад Віленскага павета: AGAD. AR. Dz.II. Nr. 370. S. 1.
[57] Rachuba A. Wielkie Księstwo… S. 156.
[58] Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów na sejmie walnym warszawskim 9 II-21 III 1600 r. // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Pracy Historyczne. 2004, z. 131. S.89-107. Пасля заканчэння сойму Ю. Радзівіл быў прызначанытрокскім кашталянам: Wolff J. Senatorowie i dygnitarze… S. 65.
[59] Deputaci Trybunału Głównego… S. 68, 70, 77, 85, 88, 95, 98,101,104. З іх яшчэ С. Тукала і Р. Рожчыц прадстаўлялі лідскуюшляхту ў Трыбунале ў пачатку XVII ст. - у 1602 і 1606 г.адпаведна: Ibidem. S. 116, 128.
[60] Цалкам верагодна, што разам з Я. Завішам у Лідзе дэпутатам быў абраны і мазырскі староста Ю. Радзівіл, які потым стаў маршалкам віленскай кадэнцыі Трыбунала: Ibidem. S. 107-110.Дарэчы, у 1591 г. Я. Завіша ўжо абіраўся ў Трыбунал ВКЛ, але невядома ад якога павета: Ibidem. S. 85.
[61] Deputaci Trybunału Głównego… S. 61, 74, 85, 88, 104, 110.Акрамя таго, Я. Лукомскі засядаў у Трыбунале ад Лідскагапаветаў 1601 г., а Ф. Лімант - у 1605г.: Ibidem. S. 113,125.УXVII ст. суддзямі Трыбунала ВКЛ абіраліся: лідскія земскі пісар В. Скіндэр у 1602 і 1613 г., гродскі суддзя А. Пакаршынскі ў 1604і 1612 г., войскі Е. Абрамовіч у 1614 г., а таксама Ш. Багуматкаў 1608 г.: Ibidem. S. 116, 122, 134, 145, 148, 151.
[62] Ibudem. S. 106, 135, 145.
[63] Ibidem. S. 63, 70, 72, 94, 106, 115.
[64] Ibidem. S. 61, 63, 65, 68, 76-77, 79, 82, 91-92, 95, 97-98, 110,113, 122, 128.
[65] Ibidem. S. 65, 76, 91, 97, 128.
[66] АВАК: в 39 т. Т. 3: Акты брестского гродского суда. Вильна, 1870.С. 274; НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 275адв.-276; РИБ.Т. 30: Литовская Метрика. Отдел первый-второй. Ч. 3: Книги публичных дел / Ред. И.И. Лаппо. Юрьев, 1914. С. 417, 451; Lietuvos Metrika. Kn. 532:1569-1571. Vilnius, 2001. P. 79; Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609), vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 428, 438, 461; Volumina Legum. Przedruk źbiorupraw staraniem XX. Pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782 wydanego: W 8t. Petersburg, 1859-1860. T. 2.1859. S. 303,325, 364. У падатковым універсале 1596 г., магчыма, памылка,і пад М. Браніцкім маецца на ўвазе Мацей Бральніцкі, які ў 1603 г. прадстаўляў Лідскі павет у Трыбунале ВКЛ: Deputaci Trybunału Głównego… S. 119.
[67] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половинеXVI столетия. Приложения. С. 54, 71, 118; Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге (РНБ). Ф. 293.Западно-русские акты. № 252. Л. 1.
[68] АВАК: в 39 т. Т. 7: Акты гродненского гродского суда. Вильна, 1874. С. 179.
[69] Ухвала лідскага сойміка была зацверджана 53 пячаткамі:AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 2.
[70] Ibidem. Nr. 361. S. 1-2; nr. 383. S. 1-2. Зразумела, колькасцьшляхты на гэтых сойміках магла быць і большай: Rachuba A.Wielkie Księstwo… S. 97. На абодвух сойміках прысутнічалі Я. Нелюбовіч (верагодна, ён, як павятовы маршалак, і кіраваў соймікавымі пасяджэннямі), С. Тукала, Е. Абрамовічі некаторыя іншыя.
[71] Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам наэлекцыйны сойм 1587 г. // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 10,сш. 1-2 (18-19). 2003. С. 163.
[72] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 287. S. 2; nr. 302. S. 3; nr. 300. S. 3.
[73] АВАК. Т. 2: Акты брестского земского суда. Вильна, 1867.С. 154.
[74] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI - першай трэці XVII ст. Мінск, 2002. С. 36-37.З іншага боку, польскі даследчык А. Рахуба не згаджаецца з разлікамі, якія выводзяць сярэднюю колькасць удзельнікаў соймікаў ВКЛ у 50 чалавек: Rachuba A.Wielkie Księstwo… S. 98.
[75] РИБ. Т. 33. Стб. 431-1378.
[76] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1. Імі былі: лідскі староста і віленскі войскі Я. Абрамовіч, Андрэй і Ян Завішы, Я. Трызна, падкаморы М. Аляхновіч, харужы П. Круневіч, земскі суддзя М. Скіндэр, земскі падсудак М. Юхновіч-Сонгін, войскі Е. Абрамовіч, Яні Вацлаў Нелюбовічы, Ян і Андрэй Скіндэры, Ян Багуматка, Войцех Александровіч, Іван Бака, Мацей Міцковіч, Пётр Навіцкі, Аляксандр Сіруць.
[77] Пра гэтыя два Галоўныя з'езды ВКЛ гл.: Lulewicz H. Gniewówо unię… S. 395-405.
[78] Лідскімі пасламі, што прагаласавалі за Максімільяна,былі: Я. Абрамовіч, Я. Трызна, П. Круневіч, М. Юхновіч-Сонгін, Е. Абрамовіч, Ян (або Вацлаў) Нелюбовіч, П. Навіцкі, падстароста Матыс Саковіч Камароўскі, Я. Даўлюд, Р. Рожчыц, П. Абрамовіч, Л. Сонгін, Б. Перапеча, Якуб Гаўрыловіч і Цімафей Бокей: Akta zjazdów… S. 277-280.
[79] Ibidem. S. 287-298, 308-311; Lulewicz H. Gniewów o unię…S. 407-409. Хутчэй за ўсё, гэта было звязана з іх палітычнайпазіцыяй.
[80] Dyaryusze sejmowe roku 1585. S. 267, 286.
[81] РИБ. Т. 30. Стб. 505-506.
[82] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1. Гл. таксама: Akta zjazdów…S. 242-243.
[83] Соймік адбываўся ў лідскім замку 30-31 снежня 1596 г. Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411-415. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 48, 54, 57-58, 136.
[84] AGAD. AR. Dz. II. NrNr. 192, 354, 361, 383; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 411-415. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 42, 92.
[85] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 86-93.
[86] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 383. S. 1; Dyaryusze sejmowe roku 1597.S. 412.
[87] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 192. S. 1.
[88] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 412.
[89] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1.
[90] Ibidem. Nr. 383. S. 1. Мела лідская шляхта і цалкам канкрэтныя прэтэнзіі: зацягвання тэрміну працы сойму больш чым 6 тыдняў, позняе і недакладнае выданне соймавых канстытуцый.Узнімалася і пытанне аплаты "стравы" паслам на сойм, хаця яно ўжо было вырашана Статутам ВКЛ: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мінск, 1989.С. 116-117; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 414.
[91] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 421.
[92] Rachuba A. Wielkie Księstwo… S. 253.
[93] Archiwum Domu Radziwiłłów (ADR). Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki - Jana Zamoyskiego - Lwa Sapiehy. Kraków, 1885.S. 212.
[94] Падаткі можна было ўхваляць толькі на вальным сойме: Volumina Constitutionum. S. 329, 358.
[95] Такое ж рашэнне прыняў віленскі соймік (супраць з'езда выступаў і віленскі ваявода К. Радзівіл), на сойміку ў Менску ўвогуле не абралі паслоў, а вось трокскі соймік падтрымаў Жыгімонта Вазу: ADR. S. 212-213. Галоўны з'езд ВКЛ 1592 г.так і не прыняў аніякіх пастановаў: Rachuba A. WielkieKsięstwo… S. 253.
[96] АВАК. Т. 8: Акты виленского гродского суда. Вильна, 1874.С. 323-330. Гл. таксама: Лаппо И.И. Люблинская уния и третий Литовский статут // Журнал Министерства народного просвещения. 1917. № 5. С. 89-150; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596-1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej. Opole, 1990. S. 67-82.
[97] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 46.
[98] Разам з тым, у пастанове сойміка адзначалася, што калі ўсё ж на сойме ўсе сенатары і паслы пагодзяцца на выдачу гэтага пабору, то атрыманыя сродкі павінны быць выкарыстаны толькі для абароны ад Турцыі і на наём жаўнераў: Dyaryuszesejmowe roku 1597. S. 413-414.
[99] З Лідскага павета было сабрана 1648 злотых 20 грошаў, а суму нявыплачанага пабору скарб ацэньваў у 629 злотых польскіх:НГАБ. КМФ-18. Спр. 285. Арк. 275адв.-276, 409.
[100] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 412.
[101] Ibidem. S. 414; Volumina Constitutionum. S. 327-328, 368.Прынамсі ў Польшчы шляхта бачыла ў сенатарах-рэзідэнтах магчымасць кантролю за палітыкай караля: Czapliński W.Walka pierwszych Wazów polskich ze stanami // Acta Universitatis Wratislaviensis. Nr. 504. Historia XXXIV. Studia z dziejów Rzeczypospolitej szlacheckiej. Wrocław, 1981. S. 7-30.
[102] Opaliński E. Postawa szlachty Polskiej wobec osoby królewskiej jako instytucji w latach 1587-1648. Próba postawienia problematyki //Kwartalnik Historyczny. 1983. R. 90, № 4. S. 807.
[103] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1; nr. 383. S. 1.
[104] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1; nr. 383. S. 1. Гл. таксама: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 98. Гэтыя лісты з рэляцыйных соймікаў Лідскага павета нагадваюць хутчэй панегірык на адрас К. Радзівіла.
[105] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 1.
[106] Zakrzewski A. Odrębności systemu parlamentarnego Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI-XVIII wieku // Rzeczpospolita w XVI-XVIII wieku. Państwo czy wspólnota? / Zbiór studiów pod red. B. Dybasia, P. Hanczewskiego, T. Kempy. Toruń, 2007.S. 126-127.
[107] Lulewicz H. Sejmiki litewskie przed sejmem 1572 roku. Projekt obsady funkcji poselskich // Litwa w epoce Wazów. S. 126-127.Невядома, ці былі абраны С. Траццяк і С. Юндзіл пасламі натой сойм. Затое вядома, што пад час сойму 1572 г. у Варшавезнаходзіўся Я. Трызна: Lietuvos Metrika. Kn. 51. P. 304-306.
[108] Гл. спасылкі 56 і 58.
[109] У канцы XVI ст. падобная практыка была распаўсюджана ў Польшчы. Аднак і ў ВКЛ чуліся незадаволеныя галасы шляхты, у прыватнасці наваградскай, каб у Трыбунал "нічыіх юргельтнікаў дэпутатамі не абіралі": Sokołowski W. Politycy schyłku złotego wieku. Małopolscy przywódcy szlachty i parlamentarzyści w latach 1574-1605. Warszawa, 1997. S. 50-56, 79.
[110] Радаман А. Шляхецкія з'езды і соймікі Новагародскага паветаі праблема ўзнікнення каптуровых судоў у Вялікім КняствеЛітоўскім, Рускім і Жамойцкім у час бескаралеўяў другой паловы XVI ст. // Вестник Академии МВД Республики Беларусь.2004. № 1(7). С. 133-134.
[111] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 413.
[112] Ibidem. S. 412-413.
[113] Ibidem. S. 413-414. У выпадку заключэння вечнага міру з Маскоўскай дзяржавай на абарону ад Турцыі маглі быць перакінуты жаўнеры і артылерыя з маскоўскага памежжа.
[114] Ibidem. S. 414.
[115] Ibidem. У павятовы скарб павінен быў ісці падатак як са свецкіх маёнткаў, у т.л. сенатарскіх, так і духоўных.
[116] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 361. S. 2; nr. 383. S. 1; Raudeliūnas V.,Wisner H. Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego.1581-1648 // Kwartalnik Historyczny. 1968. R. 93, № 4. S. 966.
[117] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 383. S. 1.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX