Папярэдняя старонка: Падалінскі Уладзімір

Павятовая палітычная эліта ў святле дзейнасці гарадзенскага сойміка ў другой палове XVI ст. 


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 26-12-2012,
Крыніца: Падалінскі У. Павятовая палітычная эліта ў святле дзейнасці гарадзенскага сойміка ў другой палове XVI ст. // Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XV-XX ст. Пад рэд. А.Ф. Смаленчука, Н.У. Сліж. - Гародня, 2009. - С. 179-199.

Спампаваць




Уладзімір Падалінскі
кандыдат гіст. навук
(Мінск)

Комплексны аналіз складу і дзейнасці рэгіянальных палітычных элітаў дае магчымасць больш глыбока вывучаць сацыяльна-палітычную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага (далей - ВКЛ). Менавіта павятовыя эліты фармулявалі інтарэсы ды жаданні шырокіх колаў шляхецтва і транслявалі іх на вышэйшы ўзровень дзяржаўнага жыцця. Актыўнае ўцягванне сярэдняй і дробнай шляхты ў палітычны працэс ВКЛ, а пазней і Рэчы Паспалітай, якое пачалося з рэформаў 1564-1566 гг., вяло да росту палітыка-прававой культуры і свядомасці шляхецтва, да з'яўлення ў яго межах новых лідараў і праграмаў. У паветах паскорылася афармленне мясцовых шляхецкіх асяродкаў, якія мелі ўладу, аўтарытэт, уплывы і актыўна ўдзельнічалі ў палітычным жыцці. Шляхта атрымала магчымасць стаць той сілай, з якой павінна была б лічыцца як каралеўская ўлада, так і магнатэрыя.

Цэнтрамі рэгіянальнага палітычнага жыцця сталі ўтвораныя ў 1560-80-х гг. павятовыя соймікі (перадсоймавыя, элекцыйныя, грамнічныя або дэпутацкія, рэляцыйныя). Праз прызму дзейнасці сойміка Гарадзенскага павета ў другой палове XVI ст. паспрабуем адлюстраваць асабовы склад мясцовай палітычнай эліты, яе сацыяльны і маёмасны статус, каналы рэкрутацыі і шляхі кар'еры. Адпаведна, важнай будзе інфармацыя аб кліентальных і сваяцкіх сувязях у асяроддзі мясцовай шляхецкай карпарацыі. Таксама паспрабуем выявіць грамадскія пазіцыі гарадзенскай павятовай эліты, яе самастойнасць або несамастойнасць у прыняцці і рэалізацыі палітычных рашэнняў.

Што датычыць вывучэння рэгіянальных элітаў ВКЛ XVI ст. у беларускай і замежнай гістарыяграфіі, то спецыяльна дадзеная тэматыка фактычна не разглядалася [1]. Адзначым, што і вядомых матэрыялаў, датычных непасрэдна працы гарадзенскага павятовага сойміка, надзвычай мала [2]. Таму аналіз будзе праводзіцца па выніках працы сойміка: на аснове інфармацыі аб абраных соймавых паслах ці дэпутатах Трыбунала, земскіх урадніках ці павятовых паборцах, дзейнасці гарадзенскай шляхты на розных узроўнях палітычнага жыцця краіны. Заўважым, што па-за межамі даследавання застанецца тая частка гарадзенскай шляхты, аб удзеле якой у палітычным жыцці павета няма ніякіх звестак.

Аналіз асабовага складу палітычна актыўнай шляхты Гарадзенскага павета яскрава паказвае, што сярод мясцовай эліты важнейшую ролю адыгрывалі такія знатныя (княжацкія і "панскія") роды, як Валовічы, Масальскія і Сапегі .

Прадстаўнікі "панскага" роду Валовічаў займалі ў другой палове XVI ст. розныя павятовыя пасады. Урад гарадзенскага гараднічыя ў 1567-1572 гг. трымаў Ян Валовіч , а падстолія - Крыштаф Валовіч (1591-1594 гг.). Вышэйшую павятовую пасаду - урад павятовага маршалка займаў у 1565-1582 гг. Іван Валовіч . Адначасова ён быў і гаспадарскім маршалкам, г.зн. да Люблінскай уніі 1569 г. уваходзіў у склад Паноў-Рад ВКЛ. З 1578 па 1582 г. Іван Валовіч з'яўляўся гарадзенскім старостам і, адпаведна, валодаў вышэйшай адміністрацыйнай і значнай судовай уладай у павеце [3]. Прадстаўнікі роду займалі і выбарныя пасады, што безумоўна сведчыла аб іх высокім аўтарытэце і ўплыве сярод гарадзенскай шляхты. У 1590 г. мясцовым земскім падсудкам стаў Еранім Валовіч , а ў 1600 г. на ўрад падкаморыя на элекцыйным сойміку быў абраны, а затым зацверджаны каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Вазам, Павел Валовіч [4]. Валовічы вельмі актыўна рэпрэзентавалі інтарэсы гарадзенскай шляхты на ўзроўні як ВКЛ, так і ўсёй Рэчы Паспалітай. Паслом на вальны сойм 1593 г. абіраўся чашнік ВКЛ (1589-1624 гг.) Пётр Валовіч , на элекцыйным сойме 1587 г. гарадзенскую шляхту мог прадстаўляць прысутны там Андрэй Валовіч [5]. Цалкам верагодна, што пасламі з Гародні маглі быць таксама Іван Валовіч (1572 г.), Андрэй Валовіч (1596 г.), Павел Валовіч (1597 г.). Усе яны знаходзіліся ў Варшаве непасрэдна ў час або адразу пасля соймавых пасяджэнняў [6]. Дададзім, што ў якасці каралеўскага пасла на сойміку ў Гародні перад соймам 1578 г. выступаў Крыштаф Валовіч [7]. Падчас другога бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай на з'ездзе ВКЛ у Гародні 8-20 красавіка 1576 г. адным з гарадзенскіх паслоў, выбраных на павятовым сойміку 25 сакавіка, быў Іван Валовіч [8]. На грамнічных сойміках шляхта Гарадзенскага павета часта дэлегавала Валовічаў у склад Трыбунала Вялікага Княства. Дэпутатамі абіраліся вялікі харужы (1592-1611 гг.) Андрэй Валовіч у 1593 і 1600 гг., Павел Валовіч у 1599 г. і, ужо як гарадзенскі падкаморы і гараднічы, у 1602 г., чашнік Пётр Валовіч у 1600 і 1604 гг. [9]

Яшчэ адным родам, па ўплывах у Гарадзенскім павеце супаставімым з Валовічамі, быў княжацкі род Масальскіх (алекшыцкая лінія і лінія на Рачках і Сапежышках). У даследуемы час яны таксама займалі разнастайныя павятовыя ўрады, у т.л. і вышэйшыя. Іван Масальскі яшчэ ў першай палове 1560-х гг. быў гарадзенскім падстаростам, а ў 1565 г. стаў земскім суддзём Гарадзенскага павета. Намінацыя на такі важны павятовы ўрад адназначна сведчыць, на нашу думку, пра вялікі аўтарытэт Івана Масальскага сярод мясцовага шляхецтва. У сваю чаргу, яго сын Фёдар Масальскі з 1582 па 1617 г. трымаў вышэйшы ў павятовай іерархіі ўрад гарадзенскага маршалка (адначасова быў і гаспадарскім маршалкам) [10]. А вось прадстаўнік іншай лініі роду Рыгор (Григорей) Масальскі зрабіў бліскучую кар'еру на павятовым узроўні. Стаўшы ў 1569 г. гарадзенскім неваднічым, затым ён паслядоўна займаў пасады мясцовага земскага падсудка (1574-1578 гг.), суддзі (1578-1589 гг.) і падкаморыя (1589-1597 гг.). Звернем увагу, што ўсе тры апошнія ўрады былі выбарнымі, таму ролю Рыгора Масальскага ў грамадскім жыцці Гарадзенскага павета ў канцы XVI ст. пераацаніць цяжка [11]. Пра ступень даверу да Масальскіх з боку мясцовай шляхты сведчыць і той факт, што ім як мінімум чатыры разы давяралі функцыю павятовых зборшчыкаў падаткаў. Паборцамі ў Гарадзенскім павеце былі браты Фёдар і Леў Масальскія , якія збіралі падаткі, прызначаныя на соймах 1579/80, 1581 і 1589, 1590 гг., адпаведна [12]. Акрамя таго, дэпутатамі Трыбунала абіраліся Фёдар Масальскі (1584 г.), Юры Масальскі (1594 г.) і Рыгор Масальскі (1597 г.) [13]. Прадстаўляў гэты род гарадзенскую шляхту і на з'ездах ВКЛ, і на соймах Рэчы Паспалітай. У час трэцяга бескаралеўя Фёдар Масальскі браў удзел у працы троцкага ваяводскага сойміка 22-24 студзеня 1587 г., Галоўных з'ездаў ВКЛ 8-20 лістапада і 19-24 снежня таго ж года, у лістападаўскім з'ездзе ўдзельнічаў таксама і Рыгор Масальскі [14]. Што датычыць вальных соймаў Рэчы Паспалітай, то на Люблінскім сойме 1569 г. Гарадзенскі павет рэпрэзентаваў Іван Масальскі, на каранацыйным сойме 1587/88 г. - яго сын Фёдар Масальскі, а Рыгор Масальскі станавіўся соймавым паслом як мінімум двойчы - у 1576 і 1590 гг. [15] Гарадзенскім паслом у 1581 г. мог быць Фёдар Масальскі, бо вядома аб яго знаходжанні ў Варшаве 17 сакавіка, праз некалькі дзён пасля сойма і, нагадаем, менавіта тады ён быў абраны павятовым паборцам [16].

Важнае месца ў палітычнай эліце Гарадзенскага павета ў канцы XVI ст. займалі і прадстаўнікі чарэйскай лініі Сапегаў. Найбольш актыўна праявілі сябе ў гэты час браты Мікалай і Леў Сапегі , якія трымалі адны з вышэйшых урадаў у павеце: Мікалай у 1582-1589 гг. быў падкаморым, а Леў з 1590 па 1611 г. займаў выбарную пасаду земскага суддзі [17]. Мікалай Сапега таксама рэпрэзентаваў гарадзенскую шляхту на розных прадстаўнічых форумах краіны. Ён абіраўся дэпутатам Трыбунала ў 1596 і 1601 гг., удзельнічаў у працы Галоўных з'ездаў ВКЛ у лістападзе і снежні 1587 г., каранацыйнага сойма 1587/88 г., з'яўляўся паслом Гарадзенскага павета на вальных соймах Рэчы Паспалітай 1589 (верагодна) і 1600 гг. [18] Гарадзенскім паслом на сойм 1600 г. быў і Ян Пётр Сапега , прычым, на пасяджэнні Галоўнага сойміка ў Слоніме (26-29 студзеня 1600 г.) ён быў абраны пасольскім маршалкам [19]. Таксама звернем увагу на той факт, што на працягу амаль 16 гадоў важнейшы павятовы ўрад старосты трымалі ў сваіх руках прадстаўнікі яшчэ аднаго "панскага" роду - Хадкевічаў . Віленскі кашталян і вялікі гетман Рыгор (Грыгорей) Хадкевіч быў гарадзенскім старостам у 1563-1573 гг., а яго сын Аляксандр - у 1573-1578 гг. [20] Між іншым, да Люблінскай уніі гэты ўрад даваў права ўваходзіць у склад Паноў-Рады ВКЛ [21]. Аднак у палітычным жыцці Гарадзенскага павета Хадкевічы ўдзельнічалі хутчэй ускосна, праз розныя шляхі ўплыву на мясцовае шляхецтва, пра што гаворка пойдзе ніжэй.

Даволі значную ролю ў мясцовай эліце адыгрывалі такія шляхецкія роды, як Кунцэвічы , Мялешкі, у меншай ступені Катовічы . Фёдар Кунцэвіч з'яўляўся выбарным земскім пісарам Гарадзенскага павета (1566-1567 гг.), а затым быў прызначаны павятовым харужым (1567-1589 гг.). У 1568 г. ён выконваў функцыі паборцы ў павеце, а ў 1588 г. на дэпутацкім сойміку ў Гародні быў абраны ў склад Трыбунала ВКЛ [22]. Яго брат Канстанцін Кунцэвіч браў удзел у працы з'езда ў Стэнжыцах у 1575 г. [23] А вось сын Фёдара, Якуб Кунцэвіч , без сумнення быў адным з самых папулярных дзеячаў сярод гарадзенскай шляхты ў канцы XVI-пачатку XVII ст. Менавіта ён стаў першым выбарным мясцовым харужым і займаў гэты ўрад больш за 50 гадоў, з 1589 па 1645 г. [24] Акрамя таго, Якуб Кунцэвіч абіраўся з Гарадзенскага павета паслом на вальны сойм 1597 г. і як мінімум 6 разоў дэпутатам Трыбунала ВКЛ - у 1589, 1592, 1594, 1598, 1617, 1625 гг. [25]

На розных узроўнях дзяржаўнага жыцця Гарадзенскі павет прадстаўлялі Мялешкі. Васіль Мялешка ў 1569-1573 гг. займаў выбарны ўрад гарадзенскага земскага падсудка [26]. Яго сын Кандрат Мялешка ўдзельнічаў у Галоўным з'ездзе ВКЛ у лістападзе 1587 г., абіраўся ў 1591 г. з Гародні дэпутатам Трыбунала ВКЛ, а ў першай палове XVII ст. займаў амаль усе выбарныя павятовыя пасады: земскага пісара, падсудка, суддзі і падкаморыя [27]. Іншы прадстаўнік гэтага роду Ян Мялешка свой кар'ерны рост пачаў з пасады гарадзенскага стольніка (1593-1598 гг.), а закончыў на элекцыйным урадзе падкаморыя (1598-1600 гг.) [28]. Рэпрэзентаваў ён інтарэсы Гарадзенскага павета на сойме 1593 г., а таксама ў Трыбунале ў 1590 і 1597 гг. [29]

Што датычыць Катовічаў, то рост іх уплываў у павеце прыходзіцца на 1560-70-я гг. З 1566 па 1574 г. пасаду гарадзенскага падкаморыя трымаў Павел Катовіч , які ў 1570 г. быў нават намініраваны на маршалка, але ўрад па нейкіх прычынах не атрымаў, а Андрэй Катовіч у 1568 г. быў абраны мясцовым земскім пісарам (займаў пасаду да 1605 г.) [30]. У перыяд другога бескаралеўя Андрэй Катовіч быў адным з прадстаўнікоў гарадзенскай шляхты на З'ездзе ВКЛ у красавіку 1576 г. У тым жа 1576 г. ён з'яўляўся гаспадарскім паслом на перадсоймавым сойміку ў Гародні, а вальны сойм 1578 г. прызначыў яго паборцам у Гарадзенскім павеце [31]. Не выключана, што Андрэй Катовіч якраз і быў гарадзенскім паслом на тым сойме, бо вядома яго прысутнасць у Варшаве 4 сакавіка 1578 г., г.зн. на наступны дзень пасля заканчэння соймавых пасяджэнняў [32].

Фрагментарны ўдзел у палітычным жыцці Гарадзенскага павета ў другой палове XVI ст. бралі роды Войнаў, Міцутаў, Глядавіцкіх, Сапоцькаў . Гарадзенскім земскім пісарам быў Лаўрын Война (1565-1566 гг.). Пазней яго сын, крайчы ВКЛ (1592-1620 гг.) Андрэй Война , будзе займаць пасаду гарадзенскага старосты (1602-1615 гг.). Рыгор (Hrehor) Грычына-Война ў 1576-1593 гг. трымаў урад павятовага войскага [33]. Богуш Міцута ў 1565-1567 гг. з'яўляўся мясцовым харужым, Якуб Міцута ўдзельнічаў у працы сойміка Троцкага ваяводства ў студзені 1587 г., а Еранім Міцута прадстаўляў у 1599 г. Гарадзенскі павет у Трыбунале ВКЛ [34]. Мясцовы гродскі пісар (1567, 1569 г.) і суддзя (1578 г.) Станіслаў Глядавіцкі збіраў у Гарадзенскім павеце падатак, прызначаны Галоўным соймікам Вялікага Княства 1577 г., а ў 1586 г. быў гарадзенскім прадстаўніком у Трыбунале; Ян Глядавіцкі з'яўляўся павятовым паборцам у 1568 г. [35] З 1574 па 1582 г. урад гарадзенскага падкаморыя трымаў Шыман Сапоцька , а Міхал Сапоцька , павятовы войскі з 1601 г., двойчы абіраўся мясцовай шляхтай дэпутатам Трыбунала: у 1596 і 1601 гг. [36]

Трэба таксама адзначыць шэраг асобаў, якія пакінулі значны адбітак у палітычнай гісторыі Гарадзенскага павета і ўсяго ВКЛ. Перш за ўсё, гэта Ян Клюкоўскі і Юры Тышкевіч . Гарадзенскі гараднічы (1573-1582 гг.) і староста (1582-1601 гг.) Ян Клюкоўскі абіраўся паслом на Люблінскі сойм 1569 г., удзельнічаў у з'ездах ВКЛ у снежні 1572-студзені 1573 г., красавіку і траўні-чэрвені 1576 г., лістападзе 1587 г., уваходзіў у склад дэлегацый Вялікага Княства Літоўскага на канвакацыйны сойм 1573 г., каранацыю 1576 г. і варшаўскі з'езд у канцы чэрвеня таго ж года [37]. Абіраўся ён і паборцам у Гарадзенскім павеце, напрыклад, на рэляцыйным сойміку ў чэрвені 1596 г. [38] Юры Тышкевіч, які паходзіў з "панскага" роду, прадстаўляў Гарадзенскі павет на вальным сойме 1576 г., у 1577 г. на сойміку ў Гародні перад Галоўным соймікам ВКЛ выконваў функцыі каралеўскага пасла, а ў 1586 г., ужо як гаспадарскі маршалак, быў абраны дэпутатам Трыбунала (прычым, быў маршалкам новагародскай кадэнцыі) [39]. Даволі добрую кар'еру на павятовым узроўні зрабіў Ян Дзевялтоўскі , які спачатку заняў пасаду стольніка (1589-1593 гг.), а затым стаў войскім (1593-1601 гг.), акрамя таго, ён трымаў урады гарадзенскага гараднічыя (1598-1601 гг.) і войта (1593-1601 гг.) [40]. Магчыма, Ян Дзевялтоўскі якраз з сойміка ў Гародні быў абраны ў 1588 г. у Трыбунал ВКЛ [41]. Варта дадаць, што выбарную павятовую пасаду земскага падсудка ў Гарадзенскім павеце займалі таксама Іван Макаровіч (1565-1569 гг.) і Рыгор (Григорей) Дзяльніцкі (1578-1590 гг.) [42].

Такім чынам, аналіз асабовага складу палітычна актыўнай гарадзенскай шляхты дазваляе сцвярджаць, што вядучую ролю ў мясцовай эліце адыгрывалі прадстаўнікі знатных родаў ВКЛ: Валовічы, Масальскія, Сапегі, Хадкевічы, у меншай ступені Тышкевічы і Храптовічы. Яны займалі вышэйшыя павятовыя ўрады, у т.л. і выбарныя, прадстаўлялі Гарадзенскі павет на соймах і з'ездах, абіраліся дэпутатамі Трыбунала. Арыстакратычную афарбоўку гарадзенскай палітычнай эліты падкрэслівае і прысутнасць у яе шэрагах асобаў, якія займалі дворныя, дыгнітарскія ўрады ВКЛ: гаспадарскія маршалкі Іван Валовіч, Фёдар Масальскі, Юры Тышкевіч, кухмістр Мікалай Сапега, харужыя ВКЛ Богуш Міцута і Андрэй Валовіч, чашнік ВКЛ Пётр Валовіч, рэферэндар Багдан Храптовіч [43]. Разам з тым, даволі моцныя пазіцыі мелі ў павеце і некаторыя нязнатныя шляхецкія роды, напрыклад, Кунцэвічы, Мялешкі, Катовічы і інш.

Паводле свайго маёмаснага становішча большасць гарадзенскай палітычнай эліты адносілася да дробнай шляхты [44]. Так, згодна са звесткамі попісу войска ВКЛ 1567 г. Іван Макаровіч выстаўляў на вайну са сваіх маёнткаў 4 коннікаў (у т.л. аднаго за сваю сястру) і 4 драбаў, Ян Мялешка - 3 коннікаў і 1 драба, Шыман Сапоцька і Канстанцін Кунцэвіч - 3 коннікаў і 2 драбаў кожны, Фёдар Кунцэвіч і Богуш Міцута - 2 коннікаў і 1 драба кожны, Ян Клюкоўскі - 2 коннікаў (з маёнткаў жонкі, бо сам знаходзіўся "на службе господарьской"), Ян і Станіслаў Глядавіцкія - кожны па 1 конніку, а Рыгор Дзяльніцкі і яго браты Дзмітры і Давыд "з ыменья своего Вилькиницкого неделеного" разам ставілі 1 конніка [45]. Нават прадстаўнікі знатных родаў далёка не заўсёды мелі вялікія маёнткі. Так, Рыгор Масальскі выстаўляў у войска са сваіх уладанняў 4 коннікаў і 2 драбаў, Іван Валовіч - 2 коннікаў і 3 драбаў, Мікалай Сапега - 2 коннікаў і 1 драба [46].

Разам з тым заўважым, што некаторыя з гэтых шляхцічаў мелі на руках даволі вялікія фінансавыя сродкі. Напрыклад, дадаткова за свой кошт, "на ласку господарьскую", Фёдар Кунцэвіч ставіў у войска 1 конніка, Богуш Міцута - 2 коннікаў, Рыгор Масальскі - 3 коннікаў, Іван Валовіч - 5 коннікаў, а Іван Макаровіч - адразу 9 коннікаў [47]. Таксама красамоўны факт, у 1584 г. Рыгор Масальскі набыў у Андрэя Сапегі маёнткі Сапежышкі і Дэвягола за 15 000 коп літоўскіх грошай [48]. Значна менш было сярод гарадзенскай эліты сярэдняй шляхты: "пан" Юры Тышкевіч выстаўляў у войска 8 коннікаў і 4 драбаў, а князь Іван Масальскі - 15 коннікаў і 8 драбаў [49]. Да сярэдняй шляхты адносіліся і бацькі Багдана Храптовіча, будучага рэферэндара ВКЛ, і Юрыя Масальскага. Пётр Храптовіч у 1565 г. ставіў у войска 15 коннікаў, а Міхал Масальскі ў 1567 г. - 6 коннікаў і 3 драбаў [50]. Да буйной, заможнай шляхты трэба аднесці земскага пісара Гарадзенскага павета Лаўрына Войну, які ў 1567 г. выставіў 35 коннікаў і 24 драбы, а да магнатэрыі належаў віленскі кашталян, вялікі гетман, гарадзенскі староста Рыгор Хадкевіч, які ставіў у войска 407 коннікаў і 200 драбаў [51].

Што датычыць каналаў рэкрутацыі ў склад павятовай палітычнай эліты, то безумоўна адным з галоўных такіх каналаў было шляхетнае паходжанне , пра што гаворка ўжо вялася. Яшчэ сярод асноўных шляхоў кар'ернага росту былі асабістыя здольнасці і аўтарытэт шляхціча. Яскравым таму сведчаннем ёсць кар'ера Рыгора Масальскага, які паслядоўна трымаў чатыры павятовыя ўрады, прычым, тры з іх выбарныя: гарадзенскага неваднічыя, земскага падсудка, суддзі і, нарэшце, падкаморыя. Чатыры ўрады займаў і Ян Дзевялтоўскі, які быў гарадзенскім стольнікам, войскім, гараднічым і войтам. Відавочна, аўтарытэтам сярод шляхты карысталіся асобы, якія неаднаразова прадстаўлялі Гарадзенскі павет на розных дзяржаўных форумах (соймы, з'езды часоў бескаралеўя, Трыбунал), напрыклад, Якуб Кунцэвіч, Мікалай Сапега, Ян Клюкоўскі, Фёдар і Рыгор Масальскія. Важнае, калі не галоўнае, значэнне для ўваходжання ў межы эліты мелі сваяцкія сувязі . Прадстаўнікі палітычнай вярхушкі Гарадзенскага павета актыўна радніліся як паміж сабой, так і з уплывовымі асобамі ВКЛ, што, несумненна, дапамагала ім займаць павятовыя ўрады і прадстаўляць свой рэгіён на дзяржаўным узроўні грамадскага жыцця. Так, жонак з роду Валовічаў мелі Павел Катовіч і Ян Клюкоўскі, Андрэй Валовіч быў пляменнікам (сынам сястры) земскага падскарбія Дзмітрыя Халецкага, а Павел Валовіч быў жанаты на дачцы віленскага кашталяна Ераніма Хадкевіча [52]. Жонкай Мікалая Сапегі была дачка Івана Масальскага, а дачка Паўла Катовіча была жонкай Льва Масальскага, Рыгор Масальскі меў жонку з роду Макаровічаў, а Іван Валовіч - з Мялешкаў, Канстанцін Кунцэвіч быў жанаты на дачцы Рыгора Войны, а яго сястра Аўдоцця з'яўлялася жонкай Рыгора Дзяльніцкага [53]. Праўда, нельга ідэалізаваць такія сувязі. Напрыклад, гарадзенскі войскі Рыгор Война быў жанаты на Багуміле з чарэйскай лініі Сапегаў. Аднак гэта не запабегла яго судоваму працэсу ў 1584-1586 гг. з гарадзенскім падкаморыем Мікалаем і Львом Сапегамі, стрыечнымі братамі Багумілы [54]. Можна заўважыць, што ўплыў і аўтарытэт бацькі дапамагаў і дзецям зрабіць добрую кар'еру. Такую сітуацыю можам назіраць, напрыклад, у выпадку сыноў Івана Валовіча і Івана Масальскага. Заўважым таксама, што Масальскія ў канцы XVI ст. настолькі ўмацавалі свае эканамічныя і палітычныя пазіцыі, што дазволіла наступнаму пакаленню роду ўзвысіць свой сацыяльны статус - увайсці ў лік сенатараў Рэчы Паспалітай [55]. Важна было і мець сваякоў уплывовых у маштабе ўсёй краіны. Так, для Валовічаў гэта быў Астафей Валовіч, для Сапегаў - Леў Сапега.

Даволі важным каналам рэкрутацыі ў межы павятовай эліты для гарадзенскай шляхты былі пратэкцыянісцкія ўплывы . Можна прывесці шэраг фактаў, калі атрыманне нейкага ўраду або маёнтка былі вынікам менавіта пратэкцыі ўплывовага магната. Так, пасады ў гарадзенскім гродскім судзе ў той час, калі павятовымі старостамі былі Рыгор і Аляксандр Хадкевічы, займалі Іван Масальскі і Станіслаў Глядавіцкі, што з вялікай доляй верагоднасці можа сведчыць аб іх кліентальных сувязях са старэйшай лініяй Хадкевічаў [56]. Леў Сапега клапаціўся для гарадзенскага падкаморыя Мікалая Сапегі аб урадзе кухмістра ВКЛ у 1588-1589 гг. (праўда, тут гаворка ідзе больш пра сваяцкія сувязі, чым кліентальныя), для ротмістра Ераніма Валовіча, будучага земскага падсудка, - аб наданні сёлаў у крычаўскай дзяржаве (Мсціслаўскае ваяводства) і пляцу ў Мсціслаўі ў красавіку 1589 г., а таксама разам з троцкім ваяводам Мікалаем Крыштафам Радзівілам для Яна Мялешкі - аб урадзе гарадзенскага падкаморыя ў 1598 г. [57] У XVII ст. пратэкцыяй Льва Сапегі карыстаўся таксама і Кандрат Мялешка [58]. У 1600 г. Павел Валовіч стаў гарадзенскім падкаморым "за залецаньем" Мікалая Крыштафа Радзівіла і надворнага маршалка Пятра Весялоўскага [59].

Аднак, на нашу думку, для фарміравання палітычнай эліты Гарадзенскага павета ўсё ж больш важную ролю ў другой палове XVI ст. адыгрывалі менавіта сваяцкія сувязі. А вось ваенныя заслугі, як шлях кар'ернага росту, падобна, значна менш быў характэрны для гарадзенскай шляхты. У вайсковай сферы актыўна сябе праявілі хіба толькі Юры Тышкевіч і Рыгор Война. Абодва ў 1560-я гг. з'яўляліся ротмістрамі найманых конных рот, удзельнічалі ў важнейшых ваенных падзеях першага перыяду Інфлянцкай вайны: Юры Тышкевіч браў удзел у аблозе і штурме Тарваста ў жніўні 1561 г., магчыма, быў удзельнікам славутай бітвы пад Улай 26 студзеня 1564 г., Рыгор Война вызначыўся ў бітве пад Сушай у ліпені 1567 г., абодва ўдзельнічалі ва ўзяцці Улы ў жніўні 1568 г. [60] Хутчэй за ўсё, вайсковая дзейнасць і стала глебай для іх пазнейшай грамадскай актыўнасці і кар'ернага росту. Вайсковы вопыт, праўда, невялікі, меў за сваімі плячыма і Ян Клюкоўскі: у 1561-1563 гг. ён узначальваў роту драбаў у Інфлянтах [61]. Пэўны вайсковы вопыт, безумоўна, меў і ротмістар Еранім Валовіч. У цэлым, здаецца, што для гарадзенскай шляхты ў другой палове XVI ст. былі ўласцівы пацыфісцкія настроі. На сойме ВКЛ 1568 г. паслы Гарадзенскага павета прасілі Жыгімонта Аўгуста вярнуць шляхце, якая не выйшла ў паспалітае рушанне, канфіскаваныя за гэта маёнткі і замяніць пакаранне грашовым штрафам [62]. А ў 1597 г. Дзмітры Халецкі інфармаваў віленскага ваяводу і вялікага гетмана Крыштафа Радзівіла, што гарадзенская шляхта наўрад ці выйдзе ў скліканае гетманам рушанне для барацьбы з казацкім бунтам Севярына Налівайкі [63].

Шляхі кар'еры для некаторых гарадзенскіх шляхцічаў не спыніліся на павятовым узроўні. Земскі пісар Гарадзенскага павета Лаўрын Война стаў пісарам вялікім ВКЛ (1566 г.), а затым падскарбіем дворным (1569 г.) і земскім (1576 г.), дворным падскарбіем у 1619 г. стаў і гарадзенскі староста Павел Валовіч, павятовы харужы Богуш Міцута ў 1569 г. быў прызначаны вялікім харужым ВКЛ (займаў гэты ўрад да 1591 г.), гарадзенскі падкаморы Мікалай Сапега атрымаў намінацыю на ўрад кухмістра (1589-1611 гг.), а мясцовы войскі Рыгор Война ў 1593 г. увайшоў у склад сената Рэчы Паспалітай, як берасцейскі кашталян [64].

Заўважым таксама, што частка прадстаўнікоў гарадзенскай палітычнай эліты сваю дзейнасць звязвала і з іншымі рэгіёнамі Вялікага Княства. На вальных соймах Рэчы Паспалітай Кандрат Мялешка прадстаўляў Новагародскае ваяводства (1589 г.), Мікалай Сапега - Троцкі павет (1593 г.), Андрэй Валовіч - Жамойць (1598 і 1600 гг.), а Рыгор Война як адзін з прадстаўнікоў Берасцейскага ваяводства ўвайшоў у склад делегацыі ВКЛ на з'езд у Варшаве ў канцы чэрвеня 1576 г., на якім літвіны прызналі Стэфана Баторыя каралём і вялікім князем [65]. Рыгор Дзяльніцкі абіраўся на сойме 1578 г. паборцам на мытных каморах у Юрбарку (Жамойцкае староства), Леў Сапега на сойме 1581 г. - паборцам у Віцебскім павеце, на сойме 1589 г. Кандрат Мялешка быў прызначаны паборцам у Слонімскім павеце, а Мікалай Сапега і Еранім Валовіч - шафарамі ў Троцкім і Мсціслаўскім ваяводствах, адпаведна [66]. У Трыбунале ВКЛ Юры Тышкевіч прадстаўляў Віленскі (1584 г.), Рыгор Война - Берасцейскі (1594 г.), Кандрат Мялешка - Слонімскі (1596 і 1598 гг.), Леў Сапега - Аршанскі павет (1598 г.), Еранім Валовіч - Мсціслаўскае ваяводства (1595 і 1599 гг.) [67]. У 1576 г. Рыгор Дзяльніцкі з'яўляўся гаспадарскім паслом на перадсоймавым сойміку ў Коўна, а Мікалай Сапега ў верасні 1587 г. браў удзел у працы сойміка Віленскага павета [68]. Урэшце, частка шляхта займала пасады ў іншых ваяводствах і паветах ВКЛ. Леў Сапега быў віцебскім войскім, Рыгор Война трымаў урад ваўкавыскага земскага суддзі, Андрэй Валовіч быў жамойцкім падстаростам, а затым земскім суддзём, Еранім Валовіч - мсціслаўскім стольнікам, падстаростам і земскім суддзём [69].

На жаль, захавалася вельмі мала інфармацыі аб удзеле прадстаўнікоў Гарадзенскага павета ў сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ і Рэчы Паспалітай у другой палове XVI ст. Гэта, безумоўна, ускладняе вызначэнне грамадскіх пазіцый мясцовай шляхты. Аднак некаторыя меркаванні выказаць магчыма. Прынамсі, можна казаць аб тым, што ў разглядаемы час гарадзенская эліта знаходзілася пад значным уплывам першых асобаў палітычнай сцэны ВКЛ, а таксама звычайна займала лаяльную пазіцыю ў адносінах да каралеўскай улады.

У 1560-80-х гг. у Гарадзенскім павеце найбольшы ўплыў мелі Астафей Валовіч і Рыгор Хадкевіч. Паводле попісу войска ВКЛ 1567 г. менавіта яны мелі найбольшую колькасць кліентаў сярод мясцовай шляхты: 5 і 3 адпаведна [70]. Дарэчы, адным з кліентаў Астафея Валовіча выступае Мікалай Сапега, будучы гарадзенскі падкаморы. Можна меркаваць, што з Астафеем Валовічам звязаны былі земскі пісар Андрэй Катовіч і будучы реферэндар ВКЛ Багдан Храптовіч. Прынамсі, яны выступаюць сведкамі адзін у аднаго пры заключэнні розных маянтковых пагадненняў [71].

На нашу думку, ускосна можа сведчыць пра цесныя сувязі Юрыя Тышкевіча з Валовічамі наступны факт. У канцы 1567 г. яго конную роту ў 150 жаўнераў павінны былі ўтрымліваць падканцлер і маршалак дворны Астафей Валовіч, яго брат, лоўчы ВКЛ Рыгор (Григорей) Валовіч і іх дзядзька, новагародскі кашталян Рыгор (Григорей) Валовіч [72]. Таксама Астафей Валовіч меў магчымасць уплываць на гарадзенскую палітычную эліту праз сваяцкія сувязі. Як ужо адзначалася, Валовічы займалі вядучае становішча сярод мясцовай шляхты. Рыгор Хадкевіч і яго сын Аляксандр, як гарадзенскія старосты, зразумела, мелі сур'ёзныя ўплывы ў павеце, валодалі адміністрацыйнай уладай, фарміравалі склад мясцовага гродскага суда. Верагодна, цесныя стасункі з Хадкевічамі мог мець земскі падсудак Рыгор Дзяльніцкі, бо прынамсі яго брат Дзмітры з'яўляўся кліентам Рыгора Хадкевіча [73]. Здаецца відавочным, што Рыгор Хадкевіч і Астафей Валовіч у значнай ступені і вызначалі грамадскія пазіцыі палітычнай эліты Гарадзенскага павета.

Так, на Люблінскі сойм 1569 г. з Гародні былі абраны Іван Масальскі, блізкі да Хадкевічаў, і Ян Клюкоўскі, праз шлюб звязаны з Валовічамі [74]. Дарэчы, на тым сойме Ян Клюкоўскі адназначна выступіў супраць планаў выкупу закладзеных гаспадарскіх уладанняў у ВКЛ і выплаты з іх кварты, супраць чаго выступала і магнатэрыя Вялікага Княства [75]. Хадкевіч і Валовіч вызначалі прадстаўніцтва Гарадзенскага павета на сойм 1572 г.: менавіта яны яшчэ ўвосень 1571 г. абмяркоўвалі прыкладнае кола будучых паслоў. Як паведамляў Астафей Валовіч віленскаму ваяводзе і канцлеру Мікалаю Радзівілу, гэта былі Аляксандр Хадкевіч (сын Рыгора Хадкевіча), Іван і Ян Валовічы (стрыечны брат і пляменнік Астафея Валовіча, адпаведна) і Богуш Міцута [76].

Соймік Троцкага ваяводства ў Самілішках (9-14 снежня 1571 г.) перад соймам 1572 г. таксама прадэманстраваў уплывы Астафея Валовіча. Агульны для ўсіх паветаў ваяводства соймік, скліканы ў адным месцы з-за надзвычай моцнай маравой пошасці, пачаўся з канфлікту. Невялікая колькасць троцкай, гарадзенскай і ковенскай шляхты, прыехаўшай у Самілішкі (з Упіцкага павета не з'явіўся ніхто), выказала пратэст з нагоды незвычайнага склікання сойміка і няправільнага, на іх думку, афармлення соймавых лістоў ды адмовілася пачынаць працу. Аднак троцкі ваявода Стэфан Збаражскі і кашталян Астафей Валовіч усё ж здолелі ўпэўніць шляхту абраць соймавых паслоў і скласці ім інструкцыю, прычым, яе тэкст быў ідэнтычны для ўсіх паветаў [77]. Пазней, у час трэцяга бескаралеўя, калі Астафей Валовіч стаў у ВКЛ фактычна галоўным прыхільнікам абрання новым каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы, то сярод шляхецкіх прыхільнікаў шведскага каралевіча адным з самых актыўных выступаў як раз кліент віленскага кашталяна і канцлера гарадзенскі падкаморы Мікалай Сапега [78].

Пасля згасання ў канцы 1570-х гг. старэйшай лініі Хадкевічаў і смерці ў 1587 г. Астафея Валовіча, Гарадзенскі павет паступова пераходзіць пад уплыў Льва Сапегі. Як ужо адзначалася, у 1590-х гг. ён для сваіх сваякоў і кліентаў хадатайнічаў перад Жыгімонтам Вазам аб наданні пасадаў і зямель, а тыя даволі часта абіраліся соймавымі пасламі і дэпутатамі Трыбунала. Род Валовічаў, які ў канцы XVI ст. разросся, здрабнеў і згубіў сваіх найбольш магутных прадстаўнікоў, мусіў шукаць новых апекуноў. Так у павеце сталі расці ўплывы нясвіжскіх Радзівілаў, з якімі кліентальна былі звязаны браты Андрэй і Павел Валовічы. Па пратэкцыі троцкага ваяводы Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі ў 1600 г. гарадзенскім падкаморым стаў Павел Валовіч, а Андрэй Валовіч у 1598 г. быў падстаростам жамойцкім, калі старостам быў Станіслаў Радзівіл [79]. Дарэчы, Павел Валовіч праз шлюб быў звязаны яшчэ і з віленскім кашталянам Еранімам Хадкевічам. Яскрава ілюструюць сітуацыю з уплывамі магнатэрыі ВКЛ на мясцовую шляхту вынікі перадсоймавага і дэпутацкага соймікаў Гарадзенскага павета 1599/1600 г. Пасламі на вальны сойм Рэчы Паспалітай сталі сваякі Льва Сапегі кухмістр Мікалай і Ян Пётр Сапегі, а дэпутатамі Трыбунала ВКЛ былі абраны кліент нясвіжскіх Радзівілаў харужы ВКЛ Андрэй Валовіч і яго траюрадны брат, чашнік ВКЛ Пётр Валовіч [80].

Падкрэслім адзін даволі важны момант. Нягледзячы на вялікія зямельныя ўладанні ў Гарадзенскім павеце, біржанскія Радзівілы на мясцовую палітычную эліту мелі мінімальны ўплыў. Попіс 1567 г. фіксуе ў павеце толькі па адным кліенце Мікалая Радзівіла Рудога і яго сына, падчашыя ВКЛ Крыштафа Радзівіла [81]. З павятовых ураднікаў таксама толькі адзін, земскі падсудак Васіль Мялешка, з'яўляўся кліентам віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла [82]. Дарэчы, і значна пазней стасункі гарадзенскай шляхты з біржанскімі Радзівіламі назваць добрымі ніяк нельга. Напрыклад, у 1636 г. падкаморы ВКЛ Януш Радзівіл адзначаў, што сярод абывацеляў Гарадзенскага павета ён мае мала прыхільнікаў, затое шмат праціўнікаў [83].

На нашу думку, менавіта ўплыў такіх палітыкаў, як Астафей Валовіч або Леў Сапега, якіх несумненна можна аднесці да раялістаў, вызначаў звычайна пракаралеўскія пазіцыі гарадзенскага сойміка. Напэўна, пад уплывам Астафея Валовіча інструкцыя гарадзенскім паслам на сойм 1572 г. была складзена, у цэлым, у адпаведнасці з жаданнямі Жыгімонта Аўгуста. Кароль і вялікі князь хацеў на сойме ўзняць пытанне аб сваім разводзе з Кацярынай з дынастыі Габсбургаў, але хацеў зрабіць гэта не асабіста, а рукамі земскіх паслоў. Па яго задуме, паслы павінны былі прасіць яго жыць разам з каралевай, а ён указаў бы прычыны, па якіх гэта немагчыма, адпаведна, сойм мусіў бы заняцца справай разводу. У выніку, на першым месцы ў пасольскай інструкцыі, зацверджанай у Самілішках у снежні 1571 г., стаяў пункт, у якім паслоў абавязвалі высветліць, чаму кароль і каралева не жывуць разам, прычым, пакуль паслы не атрымаюць «слушный отказ», ім даручалася «далей в справах иных не поступоват» [84]. Можна таксама ўзгадаць, што ў склад Ваеннай рады, дарадчага органа пры каралі і вялікім князі, утворанага на сойме Рэчы Паспалітай 1590 г. у сувязі з надзвычайнай небяспекай вайны з Турцыяй і сфарміраванага выключна з раялістаў, увайшоў гарадзенскі падкаморы Рыгор Масальскі [85].

У 1590-х гг. падчас шматлікіх канфліктаў палітычнай эліты ВКЛ з Жыгімонтам Вазам, у т.л. і вакол ухвалення падаткаў, звесткі аб антыкаралеўскай пазіцыі гарадзенскага сойміка адсутнічаюць [86]. Калі меркаваць па выступленні Якуба Кунцэвіча на Галоўным сойміку ў Слоніме ў студзені 1597 г., то пастава гарадзенскіх паслоў на сойме таго года таксама была даволі кампраміснай у адносінах да палітыкі караля і вялікага князя [87]. Падкрэслім, што галоўнымі ініцыятарамі апазіцыі ў гэты час выступалі біржанскія Радзівілы, а менавіта віленскі ваявода Крыштаф Радзівіл і звязаныя з ім палітычныя сілы. Разам з тым, у прынцыповым для Вялікага Княства канфлікце вакол прызначэння Жыгімонтам Вазам паляка віленскім біскупам у 1591-1600 гг. гарадзенская шляхта выступала ў абарону правоў і свабодаў сваёй Айчыны. Напрыклад, паслам на сойм 1597 г. даручалася шукаць шляхі мірнага вырашэння гэтага канфлікту, а стольнік Ян Мялешка ў чэрвені таго ж 1597 г. быў адным з тых, хто падпісаў ліст сенатараў і шляхты ВКЛ да Бернарда Мацяёўскага. У ім яго намінацыю на віленскага біскупа называлі супярэчнай праву і папярэджвалі, што нават сілай не дапусцяць яго да атрымання гэтай пасады [88].

Выкажам меркаванне, што яшчэ адным фактарам, які мог уплываць на раялісцкія пазіцыі гарадзенскай шляхты, было адносна частае знаходжанне ў Гародні караля і вялікага князя і яго двара (асабліва гэта тычыцца Стэфана Баторыя, у меншай ступені Жыгімонта Вазы). Нездарма, як падаецца, гарадзенская шляхта актыўна прыцягвалася да выканання разнастайных гаспадарскіх даручэнняў. Так, Лаўрын Война праводзіў у 1558-1561 гг. валочную памеру ў дзяржаўных маёнтках Гарадзенскага павета, у 1570 г. каралеўскі камісар Іван Валовіч ажыццяўляў рэвізію незанятай маскоўцамі часткі Полацкага ваяводства, а ў 1580 г. ён з'яўляўся рэвізорам "замков украинныхъ" [89]. У 1584 г. Фёдар Масальскі быў прызначаны Стэфанам Баторым камісарам у справе размежавання Белавежскай пушчы, а Рыгор Масальскі як каралеўскі камісар у 1595 г. разбіраў спрэчкі паміж Копцямі і Нарушэвічамі [90]. Акрамя таго, Іван Макаровіч у 1567 г. быў шафарам пры каралі і вялікім князі, Рыгор Дзяльніцкі ў 1578 г. выступае як каралеўскі рэвізор, а Іван Валовіч у тым жа годзе - як пісар двароў гаспадарскіх [91]. Праўда, не заўсёды шляхта спраўлялася з такімі заданнямі. У студзені 1586 г. Стэфан Баторый пазбавіў Яна Клюкоўскага права арэндаваць гарадзенскае маставое, перавоз на р. Котры і млыны гарадзенскай эканоміі, з-за не выканання арэнды [92].

Важнае месца мелі даручэнні дыпламатычнага характару. Гарадзенскія шляхцічы былі прыставамі пры маскоўскіх паслах: Іван Валовіч у 1566 г., Рыгор Масальскі ў 1580 г., Мікалай Сапега ў 1586 г. [93] Ян Дзевялтоўскі двойчы ў якасці ганца накіроўваўся ў Маскву. У 1590 г. ён ездзіў за глейтам для "вялікага" пасольства Рэчы Паспалітай, а ў 1593 г. дастаўляў карэспандэнцыю паміж Жыгімонтам Вазам і вялікім князем маскоўскім Фёдарам Іванавічам [94]. Магчыма, менавіта актыўным удзелам у такіх місіях і тлумачыцца яго хуткі кар'ерны рост у 1590-х гг. Даволі актыўна гарадзенская шляхта рэкрутавалася і ў склад дворных ураднікаў, пра што гаворка ўжо вялася вышэй.

Тым не менш, палітычныя пазіцыі гарадзенскай шляхты былі неаднароднымі, а ўплывы буйнейшых магнатаў ВКЛ неўсеахопнымі. У 1568 г. разгарэўся канфлікт шляхты з ураднікамі мясцовага старосты Рыгора Хадкевіча, якія сталі збіраць са шляхецкіх слуг і падвод мыта "новыя незвычайныя". У выніку, паслы Гарадзенскага павета ў тым жа годзе вынеслі гэтую спрэчку на разгляд Жыгімонта Аўгуста і вальнага сойма ВКЛ [95]. Частка шляхты падтрымлівала ідэю ўвядзення кварты з закладзеных даменіяльных уладанняў. Яна была непапулярная сярод магнатэрыі Вялікага Княства Літоўскага, якая часта і была трымальнікам такіх маёнткаў. Гарадзенскі пасол Якуб Кунцэвіч на Галоўным сойміку 1597 г. сваё выступленне пачаў з таго, што заклікаў "кварту з добр Караля Я[го] М[ілас]ці дазволіць" [96].

Асабліва яскрава розныя палітычныя пазіцыі ў асяроддзі гарадзенскай шляхецкай эліты выяўляліся падчас бескаралеўяў у Рэчы Паспалітай. У час другога бескаралеўя на з'ездзе ў Стэнжыцах 1575 г., дзе вырашалася пытанне аб дэтранізацыі Генрыха Валуа, пасол Гарадзенскага павета Канстанцін Кунцэвіч збіраўся перадаць паслам з Польшчы лісты ад шляхты ВКЛ, у якіх тая выказвалася ў падтрымку на будучай элекцыі маскоўскага князя Івана IV і выступала супраць кандыдатуры Максімільяна II Габсбурга. Аднак ён быў проста арыштаваны слугамі віленскага кашталяна, жамойцкага старосты і земскага маршалка Яна Хадкевіча [97]. У самым пачатку трэцяга бескаралеўя, 17 студзеня 1587 г., частка гарадзенскай шляхты без згоды троцкага ваяводы Яна Глябовіча і мясцовага старосты Яна Клюкоўскага правяла павятовы соймік, на якім ухваліла каптур. Такія дзеянні выклікалі пратэст палітычнай эліты ўсяго Троцкага ваяводства на сойміку 22-24 студзеня 1587 г. Удзельнікі сойміка, у т.л. і прадстаўнікі Гарадзенскага павета Фёдар Масальскі і Якуб Міцута, прызналі прыняты каптур незаконным і скасавалі яго: "… видечы их таковое постановене неслушное, и ку уближиню великому, касуем и, внивеч оборачаючы, обяваям то всим, иж нихто под тот час тот их каптур не подлегает" [98].

Раскол сярод гарадзенскай шляхты выявіўся і ў пытанні падтрымкі кандыдатаў на ўладу ў Рэчы Паспалітай. На Галоўным з'езде ВКЛ у лістападзе 1587 г. за эрцгерцага Максімільяна Габсбурга галасавалі Ян Клюкоўскі, Фёдар Масальскі, Кандрат Мялешка, Марцін Скарульскі (у 1588-1597 гг. гарадзенскі гараднічы), Аляксей Пакаршынскі, а за шведскага каралевіча Жыгімонта Вазу, і будучага караля і вялікага князя, свае галасы аддалі Мікалай Сапега і Рыгор Масальскі [99].

Такім чынам, можна сцвярджаць, што вядучае месца сярод палітычнай эліты Гарадзенскага павета ў другой палове XVI ст. займалі прадстаўнікі знатных родаў ВКЛ (Валовічы, Масальскія, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы). Разам з тым, і нязнатная шляхта актыўна праяўляла сябе ў грамадскім жыцці, як павета, так і ўсёй дзяржавы (Кунцэвічы, Ян Клюкоўскі, Катовічы, Міцуты і інш.). Па сваім маёмасным статусе большасць палітычна актыўнай гарадзенскай шляхты належала да дробнага шляхецтва. Уласна павятовая эліта ўяўляла з сябе невялікую групу людзей - каля 30-40 чалавек за ўвесь перыяд даследавання. Важнейшымі каналамі рэкрутацыі ў межы лакальнай эліты з'яўляліся сваяцкія сувязі, знатнае паходжанне, аўтарытэт і асабістыя здольнасці шляхціча, пратэкцыянісцкія ўплывы і, у меншай ступені, ваенныя заслугі. Кар'ерны рост і палітычная дзейнасць не абмяжоўваліся толькі мясцовым павятовым узроўнем. Гарадзенская шляхта займала дворныя, дыгнітарскія ўрады, уваходзіла ў склад сената Рэчы Паспалітай (праўда, гэта былі адзінкавыя выпадкі), удзельнічала ў палітычным жыцці іншых паветаў ВКЛ і на дзяржаўным узроўні. У другой палове XVI ст. Гарадзенскі павет знаходзіўся пад уплывам вядучых палітыкаў Вялікага Княства (Астафея Валовіча, Льва Сапегі, Рыгора Хадкевіча), а вось уплывы біржанскіх Радзівілаў былі мінімальнымі. Гарадзенскі соймік займаў збольшага пракаралеўскую пазіцыю, аднак, ёсць факты і вылучэння самастойных пастулатаў (напрыклад, увядзенне кварты), і расколу мясцовай эліты, асабліва, у часы бескаралеўяў. Да шляхецкіх лідараў Гарадзенскага павета ў другой палове XVI ст., у першую чаргу, можна аднесці Рыгора Масальскага, Якуба Кунцэвіча, Яна Клюкоўскага, Мікалая Сапегу, Фёдара Масальскага.



[1] Некаторыя аспекты праблемы закранаў літоўскі даследчык Д. Вілімас: Вилимас Д. Элита и повседневность земских судов Упитского повета 1566-1588 гг. (по материалам упитских земских судов) // Соціум. Альманах соціальної історії. 2005. Вып. 5. С. 41-50; Он же. К вопросу о конфессиональных ориентациях урядников земских судов ВКЛ в конце XVI века (проба первичного анализа) // Канструкцыя і дэканструкцыя Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 2007. С. 46-50; Vilimas D. LDK pavietų žemės teismų pareigūnai (1566-1588 m.): Pirmoji pavietų bajoriškųjų juristų karta // Lituanistica. 2002. Nr. 4. P. 3-27. У беларускай гістарыяграфіі дадзеная праблематыка разглядалася фрагментарна. Цікавасць маюць матэрыялы навуковай канферэнцыі "Павятовая шляхта ВКЛ: гісторыя, геральдыка, генеалогія, культура (XVI-XVIII ст.)" (друк: Герольд Litherland. №17. Год V-VI. Горадня, 2006). У 2005-2007 гг. у межах БРФФД праект па даследаванні полацкай лакальнай эліты ажыццявіў беларускі гісторык В. Галубовіч: "Лакальныя палітычныя эліты ў Вялікім Княстве Літоўскім: арганізацыя, функцыянаванне, гістарычныя лёсы (на прыкладзе шляхты Полацкага ваяводства ў 1588-1667 гг.)" (праект № Г05М-190). Даследаваннем шляхты і прадстаўнічых структураў улады Новагародскага павета другой паловы XVI-першай паловы XVII ст. займаецца А. Радаман: Радаман А. Элекцыйныя соймікі Новагародскага павета ў другой палове XVI ст. // Гісторыя Беларусі: новае ў даследаванні і выкладанні. Ч. 2. Мінск, 1999. С. 109-115; Ён жа. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г. // Беларускі Гістарычны Агляд (далей - БГА). Т. 10, сш. 1-2 (18-19). 2003. С. 163-174; Ён жа. Шляхецкія з'езды і соймікі Новагародскага павета і праблема ўзнікнення каптуровых судоў у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім у час бескаралеўяў другой паловы XVI ст. // Вестник Академии МВД Республики Беларусь. 2004. № 1(7). С. 132-136; Ён жа. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на Варшаўскі сойм 1598 г. // Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні. 2005. №2. С. 97-109; Ён жа. Палітычныя кар'еры Есіфа Галаўні і яго сыноў у Наваградскім павеце ВКЛ (другая палова XVI-першая палова XVII ст.) // Герольд Litherland. №17. Год V-VI. Горадня, 2006. С. 72-76; Ён жа. Вайсковыя шляхецкія з'езды (попісы і зборы паспалітага рушэння) Наваградскага павета ў другой палове XVI ст. // Парламенцкія структуры ўлады ў сістэме дзяржаўнага кіравання Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у XV-XVIII стагоддзях. Мінск, 2008. С. 220-231; Radaman A. Uchwała sejmikowa powiatu nowogródzkiego z 1568 r. a system finansowania posłów sejmowych Wielkiego Księstwa Litewskiego // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. Warszawa, 2006. S. 145-156. Спроба аналізу лідскай павятовай эліты зроблена аўтарам: Падалінскі У. Палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. // БГА. Т. 16, сш. 1 (30). 2009. С. 3-30.

[2] Нацыянальны гістарычны архіў у Мінску (далей - НГАБ), ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 56, арк. 5адв.-10; спр. 289, арк. 6адв.-7; Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге (далей - РНБ). Ф. 971. Собрание автографов П.П. Дубровского. Авт. 133. Л. 64-66отв., 68-70. Аснову для вывучэння лакальных элітаў даюць выдадзеныя спісы земскіх ураднікаў ВКЛ, у т.л. і гарадзенскіх: Радаман А., Галубовіч В., Вілімас Д. Земскія ўраднікі Гарадзенскага павета ВКЛ (другая палова XVI-першая палова XVII ст.) (далей - Земскія ўраднікі) // Герольд-Litherland. №17. Год V-VI. Горадня, 2006. С. 98-109; Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego: Spisy. T. 2: Województwo Trockie XIV-XVIII wiek. Warszawa, 2009. S. 239-357.

[3] Земскія ўраднікі… С. 98, 107; Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / Рэдкал. Т.І. Доўнар і інш. Мінск, 2003. С. 109; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 50, 169; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 252, 268, 310, 337. Пра Валовічаў гл.: Niesiecki K. Herbarz Polski. T. 9. Lipsk, 1842. S. 414-423.

[4] Соймік для абрання падкаморыя адбыўся 22 жніўня 1600 г.: Земскія ўраднікі… С. 99-100, 102-103; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 299, 302. Е. Валовіч займаў сваю пасаду да 1608 г., П. Валовіч - да 1615 г., калі быў прызначаны гарадзенскім старостам. Пры гэтым, апошні ў 1601-1623 гг. быў і гарадзенскім гараднічым: Ibidem. S. 253, 338.

[5] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1: Okresy bezkrólewi. Warszawa, 2006. S. 256; Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego (1386-1795). Kraków, 1885. S. 202, 209. Пра гарадзенскіх паслоў і іх дзейнасць на вальных соймах Рэчы Паспалітай 1569-1600 гг. гл.: Падалінскі У. А. Прадстаўніцтва Гарадзенскага павета на соймах Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVI ст. // Леў Сапега (1557-1633 гг.) і яго час: зб. навук. арт. Гродна, 2007. С. 31-38. Павятовыя соймікі адбываліся 12 траўня 1587 г. і, верагодна, 23 сакавіка 1593 г. (за шэсць тыдняў да сойма, які распачаўся 4 мая): Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мінск, 1989. С. 115-116; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 371.

[6] НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 257, арк. 30адв.; спр. 285, арк. 89, 179адв.

[7] Соймік быў прызначаны на 17 снежня 1577 г.: Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911. С. 97-99, 118.

[8] Akta zjazdów... S. 168-169; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 246-250.

[9] Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582-1696): spis. Warszawa, 2007. S. 89, 108, 111, 116, 122. Дэпутацкія соймікі адбываліся з 1582 г. штогод 2 лютага.

[10] Земскія ўраднікі… С. 98, 101; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 268, 305-306, 321; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 17.

[11] Земскія ўраднікі… С. 99, 101, 102; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 278, 298, 301, 321; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 17; Праўда, электам Р. Масальскі ў 1589 г. не абіраўся, а быў прызначаны падкаморым. Гл. таксама біяграфію Р. Масальскага: Wiśniewski J. Massalski (Mosalski) Hrehory Afanasewicz // Polski Słownik Biograficzny (далей - PSB). T. 20/1, z. 84. Wrocław etc., 1975. S. 134-135.

[12] Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609), vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 439, 461; Volumina Legum. Przedruk źbioru praw staraniem XX. Pijarów w Warszawie od roku 1732 do roku 1782 wydanego: W 8 t. T. 2. Petersburg, 1859. S. 303, 325.

[13] Deputaci Trybunału... S. 66, 92, 101.

[14] Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI-першай трэці XVII ст. Мінск, 2002. С. 38; Akta zjazdów... S. 279, 280, 287, 292, 309.

[15] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). Опыт исследования политического и общественного строя. Спб., 1901. Т. 1. С. 156; Akta unii Polski z Litwą 1385-1791. Kraków, 1932. S. 351, 354, 356; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 408; Volumina Legum. S. 306. Перадсоймавыя соймікі склікаліся на 10 траўня 1569 г., 1 верасня 1576 г. і 1 лютага 1590 г.: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: В 5 т. Т. 3. СПб., 1848. С. 191; Archiwum Domu Radziwiłłów (далей - ADR). Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki-Jana Zamoyskiego-Lwa Sapiehy. Kraków, 1885. S. 99-100; Archiwum Domu Sapiehów wydane staraniem rodziny (далей - ADS). T. I. Lwów, 1892. S. 48-51; Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика / Liet. istorijos inst. Kn. 532: 1569-1571. Vilnius, 2001. P. 30-37.

[16] НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 65, арк. 108-108адв. Сойм завяршыўся 8 сакавіка.

[17] Земскія ўраднікі… С. 99, 101; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 298, 321. Іх падрабязныя біяграфіі гл.: Lulewicz H. Sapieha Lew h. Lis (zm. 1610) // PSB. T. 35/1, z. 144. Warszawa-Kraków, 1994. S. 83-84; Idem. Sapieha Mikołaj h. Lis (zm. 1611) // Ibidem. S. 120-122.

[18] НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 289, арк. 6адв.-7; Akta zjazdów... S. 280, 288, 292, 309; Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae. Vilnae, 1758. T. 1. S. 238; Deputaci Trybunału... S. 98, 114; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 408; Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów na sejmie walnym warszawskim 9 II-21 III 1600 r. // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Pracy Historyczne. 2004. Zeszyt 131. S. 89-107. Соймікі ў Гародні павінны былі адбывацца 23 студзеня (верагодна, бо сойм пачаўся 6 сакавіка) 1589 г. і 29 снежня 1600 г.: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. С. 115-116; ADS. S. 227.

[19] НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 289, арк. 6адв.-7; Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (далей - AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей - AR). Dz. II. Nr. 411; Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów... S. 89-107.

[20] Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 337. Гл. таксама: Jasnowski J. Chodkiewicz Grzegorz (Hrehory) // PSB. T. 3. Kraków, 1937. S. 358-359.

[21] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, 1915. С. 172.

[22] Земскія ўраднікі… С. 101, 104; Русская историческая библиотека (далей - РИБ): В 39 т. Т. 30: Литовская Метрика. Отдел первый-второй. Ч. 3: Книги публичных дел. Юрьев, 1914. Стб. 451; Deputaci Trybunału... S. 74; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 241, 286; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 17.

[23] Floria B. Magnateria litewska a Rosja w czasie drugiego bezkrólewia // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1977. № 22. S. 147. Вядома, што ён (Косътанътинъ Кунъцовичъ Жорославски й ) знаходзіўся ў Варшаве 6 сакавіка 1578 г., а сойм завершыў сваю працу 3 сакавіка. Не выключана, што яго побыт там быў звязаны з выкананнем пасольскіх функцый: НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 56, арк. 39адв.

[24] Земскія ўраднікі… С. 101; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 241.

[25] Deputaci Trybunału... S. 77, 86, 92, 105, 160, 184; Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inne odnoszące się do tego sejmu. Kraków, 1907. S. 421. Павятовы соймік быў прызначаны на 30 снежня 1597 г.: ADS. S. 146.

[26] Земскія ўраднікі… С. 102; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 301; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 17. Аб родзе Мялешкаў гл. навукова-мастацкую працу: Czarnocki K. Historie o Mieleszkach / do druku podał K. Czarnocki. Warszawa, 2008.

[27] Земскія ўраднікі… С. 100, 101, 103, 104; Akta zjazdów... S. 279; Deputaci Trybunału... S. 83; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 286, 299, 302, 321.

[28] Земскія ўраднікі… С. 99, 106-107; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 299, 341. Элекцыйны соймік адбыўся 27 лютага 1598 г.

[29] Падалінскі У. А. Прадстаўніцтва Гарадзенскага павета… С. 36; Deputaci Trybunału... S. 80, 101.

[30] Земскія ўраднікі… С. 98-99, 104; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 268, 286, 298; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 17. Дарэчы, П. Катовіч з'яўляўся суддзём Гарадзенскага павета яшчэ да правядзення агульнай земскай рэформы ў ВКЛ: Метрыка Вялікага княства Літоўскага: Кніга 44 (1559-1566). Мінск, 2001. С. 134; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 315.

[31] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. С. 54; Akta zjazdów... S. 169; Volumina Constitutionum. S. 429.

[32] НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 272, арк. 60адв. Дарэчы, прысутнічаў А. Катовіч у Варшаве і амаль адразу пасля завяршэння працы вальнага сойма 1572 г., адпаведна, цалкам мог і тады з'яўляцца гарадзенскім паслом: Тамсама, спр. 257, арк. 30адв.

[33] Земскія ўраднікі… С. 104, 105; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 286, 338, 349; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 17; Wolff J. Senatorowie i dygnitarze... S. 227.

[34] Земскія ўраднікі… С. 100-101; Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 38; Deputaci Trybunału... S. 108; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 241. П. Лойка называе Я. Міцуту земскім харужым, але гэта немагчыма, бо на той момант урад вялікага харужыя ВКЛ трымаў Б. Міцута: Wolff J. Senatorowie i dygnitarze... S. 202.

[35] Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (далей - АВАК): В 39 т. Т. 3. Вильна, 1870. С. 274; РИБ. Т. 30. Стб. 451; Deputaci Trybunału... S. 71; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 282, 315.

[36] Земскія ўраднікі… С. 99, 106; Deputaci Trybunału... S. 98, 114; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 298, 349.

[37] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения... С. 142-149; Akta unii... S. 351, 354, 356; Akta zjazdów... S. 64, 173, 182, 184; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 257-263, 277, 280-284; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 252, 337. З 30 красавіка 1589 г. Я. Клюкоўскі захаваў за сабой толькі павятовы гродскі суд, а вось кіраванне маёнткамі гарадзенскага староства перайшло ў рукі земскага падскарбія ВКЛ Фёдара Скуміна-Тышкевіча: НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 65, арк. 248; спр. 76, арк. 13адв.-14адв.

[38] Я. Клюкоўскі збіраў паборы, прызначаныя ў 1593 і 1595 гг.: НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 285, арк. 276адв.-277, 287адв., 617-617адв.; Volumina Legum. S. 364.

[39] Соймік прызначаўся на 22 чэрвеня 1577 г.: Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной России: В 14 т. Т. 4. Вильна, 1867. С. 30-32; Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения… С. 156; Он же. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. С. 72; Deputaci Trybunału... S. 70-71; Niesiecki K. Herbarz Polski. S. 182. Кадэнцыя - сесія Трыбунала. Праходзілі ў Вільні, Троках (да 1588 г.), Новагародку і Менску.

[40] Земскія ўраднікі… С. 106; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 253, 340, 349, 354.

[41] Deputaci Trybunału... S. 76.

[42] І. Макаровіч быў і гарадзенскім неваднічым: Земскія ўраднікі… С. 102; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 278, 301-302; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 17. Можна таксама ўзгадаць такіх асобаў, як Сасін Пуцята Раеўскі і рэферэндар ВКЛ "пан" Багдан Храптовіч, якія двойчы з Гародні абіраліся дэпутатамі Трыбунала Вялікага Княства - у 1590, 1595 і 1598 і 1608 гг. адпаведна: Deputaci Trybunału... S. 80, 95, 105, 134.

[43] Акрамя іх, можна яшчэ назваць берасцейскага кашталяна, гаспадарскага маршалка Яна Гайку, які займаў урад гарадзенскага канюшыя ў 1553-1579 гг., дворнага падскарбія Пятра Весялоўскага - гарадзенскага неваднічыя ў 1596-1621 гг., крайчыя Андрэя Войну, гарадзенскага старосту ў пачатку XVII ст.: Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 258, 278, 338.

[44] Да дробнай шляхты адносім тых, хто валодаў менш за 50 сялянскімі "службамі", г.зн. выстаўляў у войска ад 1 да 4 коннікаў, да сярэдняй шляхты адносім тых, хто валодаў ад 50 да 249 "службаў" (ад 5 да 24 коннікаў), да заможнай, буйной шляхты - уладальнікаў мінімум 250 "службаў" (25-99 коннікаў) і да буйнейшай шляхты, магнатаў - уладальнікаў звыш 1000 сялянскіх "службаў" (больш за 100 коннікаў): Падалінскі У. Палітычная эліта Лідскага павета… С. 5-6. Блізкія падыходы да вызначэння маёмасных групаў шляхты існуюць зараз і ў польскай гістарыяграфіі: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569-1648. Warszawa, 2009. S. 30.

[45] РИБ. Т. 33: Литовская Метрика. Отдел третий. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи Литовского войска. Петроград, 1915. Стб. 523, 673-674, 676, 677, 692, 694, 708. Дарэчы, паводле попісу войска ВКЛ 1565 г. Я. Мялешка ставіў 4 "служэбнікаў", Б. Міцута і К. Кунцэвіч - 3 коннікаў, С. Глядавіцкі - 1 конніка, а таксама конніка "на ласку гаспадарскую": Там же. Стб. 258, 346, 355.

[46] Там же. Стб. 445, 462, 532-533, 701.

[47] Там же. Стб. 462, 532-533, 673-674, 677, 708.

[48] Праўда, сума падаецца надзвычай вялікай - 37 500 злотых польскіх: Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 8; Wiśniewski J. Massalski (Mosalski) Hrehory... S. 134. Фінансава-гаспадарчая дзейнасць Р. Масальскага была надзвычай актыўнай: Wiśniewski J. Massalski (Mosalski) Hrehory... S. 134.

[49] РИБ. Т 33. Стб. 472, 515-516. Да сярэдняй шляхты належаў і Беняш Валовіч, брат І. Валовіча, які ў 1565 г. ставіў у войска ВКЛ 5 коннікаў, а ў 1567 г. - 8 коннікаў і 4 драбаў: Там же. Стб. 255, 487.

[50] Там же. Стб. 247, 471.

[51] Там же. Стб. 431-434, 460-461. Гл. таксама: Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. С. 579.

[52] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. I. S. 58; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 298, 299, 337.

[53] Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня (Сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў 16-18 ст.). Гародня-Wrocław, 2008. С. 220; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 11; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 268, 298, 301, 302.

[54] Sapiehowie. Materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe: W 3 t. T. 1. Petersburg, 1890. S. 204-210, 312-319.

[55] Андрэй Фёдаравіч Масальскі стаў берасцейскім кашталянам (прызначаны ў 1627 г.), менскім (1643 г.) і берасцейскім (1645 г.) ваяводам, а Аляксандр Рыгоравіч Масальскі - дорпацкім (1627 г.) і смаленскім (1631 г.) кашталянам, менскім ваяводам (1638 г.): Wolff J. Senatorowie i dygnitarze... S. 10, 26, 100, 103-104, 132. Гл. таксама: Wasilewski T. Massalski (Mosalski) Aleksandr // PSB. T. 20/1, z. 84. Wrocław etc., 1975. S. 133; Ibid. Massalski Andrzej // Ibidem. S. 133-134.

[56] І. Масальскі быў падстаростам, а С. Глядавіцкі - гродскім пісарам і суддзём: Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 282, 305-306, 315. Староста асабіста прызначаў сваіх намеснікаў і фарміраваў склад гродскага суда: Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. С. 109.

[57] Земскія ўраднікі… С. 99, 107; НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 76, арк. 12адв.-13адв.; ADR. S. 193; ADS. S. 27-28.

[58] Земскія ўраднікі… С. 104.

[59] Тамсама. С. 100.

[60] Янушкевіч А.М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558-1570 гг. Мінск, 2007. С. 47-48, 107-108, 162, 171-172, 174-176, 180, 187-189, 250-251, 270. За ўдзел у бітве пад Сушай Р. Война атрымаў зямельнае наданне на Піншчыне.

[61] Тамсама. С. 163, 165. Таксама ў 1560 г. Я. Клюкоўскі адказваў за забеспячэнне ўзбраеннем і правіянтам гарнізонаў у Зэльбурку і Марыенгаўзэне: Тамсама. С. 261.

[62] РИБ. Т. 30. Стб. 503.

[63] Як, дарэчы, і шляхта з Віленскага, Троцкага, Ковенскага, Берасцейскага паветаў і Жамойцкага староства: AGAD. AR. Dz. V. Nr. 1901. Cz. II. S. 53-58. Гл. таксама: Lulewicz H. Nieformalne zjazdy senatorsko-szlacheckie w Wielkim Księstwie Litewskim na przykładzie wydarzeń z lat 1595-1596 (inwazja S. Nalewajki) // Парламенцкія структуры ўлады... С. 205-219.

[64] Wolff J. Senatorowie i dygnitarze... S. 99, 186, 191, 192, 202, 232, 271.

[65] Падалінскі У. А. Прадстаўніцтва Гарадзенскага павета… С. 36; AGAD. AR. Dz. II. Nr. 243. S. 1; Akta zjazdów... S. 182, 184; Codex diplomaticus... S. 242; Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów... S. 89-107.

[66] Volumina Constitutionum. S. 427, 461; Volumina Legum. S. 303-304. На сойме 1579-80 гг. паборцам у Слонімскім павеце быў абраны Юры Масальскі: Volumina Constitutionum. S. 439. Шафар - адказны за паступленне і размеркаванне падаткаў.

[67] Deputaci Trybunału... S. 65, 93, 96, 99, 105, 106, 109. У 1590 г. М. Сапега абіраўся ў Трыбунал, але не вядома з якога павета: Ibidem. S. 82.

[68] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. С. 54; Akta zjazdów... S. 269.

[69] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 243. S. 1; Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku: Spisy. T. 11: Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVIII wieku. Spisy. Kórnik, 1994. S. 28; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 302, 321; Vilimas D. LDK pavietų žemės… P. 22; Volumina Legum. S. 304.

[70] Кліентамі А. Валовіча былі Павел Буйвід, Мікалай Сапега, Міхайла Тышкевіч, Адам Шэмбелы, Якуб Градмацкі, а кліентамі Р. Хадкевіча - Матыс Спудвілоўскі, Андрэй Безсякерскі і Дзмітры Дзяльніцкі: РИБ. Т. 33. Стб. 445, 690-691, 692, 694, 700, 701. Таксама па адным кліенце сярод гарадзенскай шляхце мелі троцкі кашталян Юры Хадкевіч (Андрэй Дабрылеўскі) і Беняш Валовіч (Рафал Заневіч): Там же. Стб. 692, 707. Заўважым, што попіс 1567 г. фіксуе адносна нешырокае распаўсюджанне кліентальных сувязяў сярод гарадзенскага шляхецтва. Для параўнання, попіс змяшчае інфармацыю аб 22 шляхцічах Гарадзенскага павета, кліентальна звязаных з магнатэрыяй або сярэдняй шляхтай ВКЛ, у той жа час у Лідскім павеце сустракаюцца 42 магнацкія і шляхецкія кліенты.

[71] НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 257, арк. 30адв.; спр. 272, арк. 56адв.

[72] Янушкевіч А.М. Вялікае Княства Літоўскае… С. 265.

[73] РИБ. Т. 33. Стб. 694.

[74] Akta unii... S. 356. Гл. таксама спасылкі 52 і 56.

[75] Дневник Люблинского сейма 1569 года: Соединение Великого Княжества Литовского с Королевством Польским. СПб., 1869. С. 609, 617-619. Кварта - ¼ частка даходаў.

[76] А. Валовіч таксама прапаноўваў Беняша Валовіча ў якасці пасла з Ашмянскага павета: Lulewicz H. Sejmiki litewskie przed sejmem 1572 roku. Projekt obsady funkcji poselskich // Litwa w epoce Wazów. S. 125-126.

[77] НГАБ, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 56, арк. 5адв.-10; РНБ. Ф. 971. Авт. 133. Л. 68-70. Гэты канфлікт ужо даволі падрабязна апісаны ў гістарыяграфіі: Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения… С. 86-90; Lulewicz H. Gniewów o unię… S. 70-75.

[78] Akta zjazdów... S. 280. Дарэчы, як мінімум з элекцыі 1587 г. за кандыдатуру Жыгімонта Вазы выказваецца і падканцлер ВКЛ Л. Сапега, траюрадны брат М. Сапегі: ADS. S. 21; Dyjaryjusze sejmowe r. 1587: sejmy konwokacyjny i elekcyjny. Kraków, 1887. S. 143.

[79] AGAD. AR. Dz. II. Nr. 243. S. 1. Таксама гл. спасылку 59. Заўважым, што з сярэдзіны 1590-х гг. пры двары М.К. Радзівіла Сіроткі знаходзіўся сын гарадзенскага падкаморыя Рыгора Масальскага Лукаш Феліцыян: Kempa T. Urzędnicy i klienci Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. Poznań, 2003. T.IX. S. 217.

[80] Deputaci Trybunału... S. 111; Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów... S. 89-107. Цікава, што ў 1600 г. А. Валовіч быў абраны і соймавым паслом з Жамойці: гл. спасылку 65.

[81] Андрэй Гаркоўскі і Макар Курч: РИБ. Т. 33. Стб. 691, 695. Аб уладаннях біржанскіх Радзівілаў у Гарадзенскім павеце гл.: Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня… С. 195, 214-215, 217; Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kancleris Mikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515-1584 m.). Vilnius, 2002. P. 376-404. Адзначым, што Р. Рагаўскене паводле звестак попісу 1567 г. называе 4 кліентаў М. Радзівіла сярод гарадзенскай шляхты, але ўсе яны, у т.л. і В. Мялешка, выходзілі ў войска ВКЛ не з Гарадзенскага, а з іншых паветаў ВКЛ. А вось А. Гаркоўскага літоўская даследчыца зусім не ўлічыла: Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios... P. 372, 374, 376.

[82] Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios... P. 374. Кліентам М. Радзівіла Рудога быў і Васіль Клюкоўскі - бацька Я. Клюкоўскага: Ibidem. P. 337-339.

[83] Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z czasów Zygmunta III i Władysława IV Wazy. Wyd. II. Warszawa, 2001. S. 40.

[84] РНБ. Ф. 971. Авт. 133. Л. 64-64отв.; ADR. S. 1; Listy króla Zygmunta Augusta do Radziwiłłów. Kraków, 1999. S. 606. Параўн.: Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 72.

[85] Volumina Legum. S. 305-306. Гл. таксама: Падалінскі У. Ліст полацкага падкаморыя Міхала Францковіча да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла (погляд пасла ВКЛ на вальны сойм Рэчы Паспалітай 1590 г.) // Commentarii Polocenses Historici-Полацкія гістарычныя запіскі. Т. 3. 2006. С. 47.

[86] Падалінскі У. Грамадская думка шляхты Вялікага Княства Літоўскага канца XVI ст. (на прыкладзе соймавай кампаніі Рэчы Паспалітай 1595 г.) // Спадчына. 2008. № 1. С. 12-24; Ён жа. Ухваленне падаткаў на вальных соймах Рэчы Паспалітай як фактар палітычнай барацьбы (1593-1598 гг.) // Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні. 2009. № 3. С. 157-176.

[87] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 421.

[88] Ibidem; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596-1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej. Opole, 1990. S. 71, 178.

[89] Варонін В.А. Рэестр путных баяр Полацкага ваяводства 1585 г. Мінск, 2009. С. 19; Метрыка Вялікага княства Літоўскага: Кн. 70 (1582-1585). Мінск, 2008. С. 129; Писцовая книга Гродненской экономии. Ч. 1. Вильна, 1881. Гл. таксама: Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня… С. 17, 21-22, 113, 238-239.

[90] Ф. Масальскі быў прызначаны камісарам па просьбе крайчыя ВКЛ Канстанціна Астрожскага і яго жонкі: АВАК. Т. 2. Вильна, 1867. С. 174-176; Wiśniewski J. Massalski (Mosalski) Hrehory... S. 134.

[91] РИБ. Т. 33. Стб. 708; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 301, 302, 337.

[92] Lietuvos Metrika. Kn. 71: 1585-1586. Vilnius, 2008. P. 63-64.

[93] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: В 5 т. Т. 3. СПб., 1848. С. 259; Беларускі архіў: У 3 т. Т. 3: XV-XVIII ст. Менск, 1930. С. 36-37; Niesiecki K. Herbarz Polski. S. 416.

[94] Русско-белорусские связи. Сб. документов (1570-1667 гг.). Минск, 1963. С. 30-31; Lietuvos Metrika. Kn. 594: 1585-1600. Vilnius, 2006. P. 98-107, 208-212.

[95] РИБ. Т. 30. Стб. 503-504. Жыгімонт Аўгуст, па-сутнасці, перадаў вырашэнне гэтага канфлікту ў рукі самога Р. Хадкевіча.

[96] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 421.

[97] Floria B. Magnateria litewska... S. 147; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 205.

[98] Цыт. па: Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель… С. 38-39. Гл. таксама: Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 360-361. Каптур - пастанова, якая вызначала парадак судаводства падчас бескаралеўя.

[99] Akta zjazdów... S. 279-280; Urzędnicy Wielkiego Księstwa... S. 252-253.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX