Папярэдняя старонка: Падалінскі Уладзімір

Крыштоф Дарагастайскі - пасол на соймы Рэчы Паспалітай (1587-1596 гг.) 


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 04-03-2013,
Крыніца: Падалінскі У. Крыштоф Дарагастайскі - пасол на соймы Рэчы Паспалітай (1587-1596 гг.) // Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі: зб. навук. арт. / рэдкал.: А.А. Каваленя [і інш.] - Мінск: Беларус. навука, 2011. - С. 136-149.

Спампаваць




У гістарыяграфіі, перадусім, польскай, даволі падрабязна разгледжаны біяграфія Крыштофа Мікалая Монвіда Дарагастайскага, яго ваенная, літаратурная і грамадская дзейнасць ды нават асабістае жыццё [1]. Аднак дзейнасць славутага прадстаўніка роду Дарагастайскіх як соймавага пасла ў 1580-90-я гг. амаль выпала з-пад увагі даследчыкаў [2]. Так, К. Лепшы ў агульных рысах акрэсліў удзел К. Дарагастайскага як пасла ў соймах Рэчы Паспалітай, а Л. Ярміньскі больш падрабязна адзначыў яго працу на сойме 1596 г.:

Крыштоф Дарагастайскі меў усе перадумовы для паспяховай кар'еры: прыналежнасць да знатнага роду, уплывовы бацька - полацкі ваявода Мікалай Дарагастайскі, удзел у розных ваенных кампаніях, нарэшце, выдатная па тым часе адукацыя [3]. Гэта не магло застацца па-за ўвагай караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Напрыканцы яго панавання К. Дарагастайскі пераняў у свайго бацькі ўрад ваўкавыскага старосты. Аднак актыўна ён уключыўся ў палітычнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай толькі ў 1587 г. у часы бескаралеўя пасля смерці Стэфана Баторыя.

У чэрвені 1587 г. у Ваўкавыску адбываўся Галоўны соймік ВКЛ, на якім сенатары і прадстаўнікі павятовай шляхты абмяркоўвалі сваю пазіцыю на будучым элекцыйным (выбарчым) сойме Рэчы Паспалітай. К. Дарагастайскі ўзяў чынны ўдзел у пасяджэннях сойміка [4]. Абмяркоўваліся на ім і непасрэдныя прэтэндэнты на ўладу ў Рэчы Паспалітай: эрцгерцаг Максімільян з дынастыі Габсбургаў, вялікі князь маскоўскі Фёдар Іванавіч, шведскі каралевіч Жыгімонт Ваза [5]. Цяжка вызначыць, каго з кандыдатаў падтрымліваў ваўкавыскі староста. Польскі даследчык К. Лепшы адносіць К. Дарагастайскага да прыхільнікаў маскоўскай кандыдатуры [6]. Вядома, што ў Ваўкавыску ён быў адным з 29 падпісантаў ліста ад імя шляхты ВКЛ да імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Рудольфа II, у якім літвіны ўсё ж устрымаліся ад выказвання адназначнай падтрымкі эрцгерцагу Максімільяну [7]. Пасля заканчэння Галоўнага сойміка К. Дарагастайскі накіраваўся ў Варшаву на элекцыйны сойм, скліканы на 30 чэрвеня 1587 г.

Пра дзейнасць К. Дарагастайскага падчас элекцыі 1587 г. інфармацыі вельмі мала. Прынамсі, у пачатковы этап выбарчага сойма ваўкавыскі староста браў удзел у яго працы. Так, 16 ліпеня ён, разам з 8 сенатарамі і 16 пасламі ад шляхты ВКЛ, прыклаў сваю пячатку да універсала, які накіроўваўся ў паветы Вялікага Княства. Універсал паведамляў, што "вжо то на третюю неделю пошло, яко подали есмо их м(и)л(о)стямъ паномъ короннымъ и рыцерству … вси долегълости Великого Кн(я)зтва Лит(о)вского, чимъ ся уния нарушает, абы то направлено было перед обранемъ и номинованемъ п(а)на", але ніякіх вынікаў пакуль няма, папярэджваў, што частка прысутных на элекцыі хоча сілай навязаць астатнім свайго кандыдата, і заклікаў шляхту, якая засталася ў ВКЛ, быць гатовай у любы момант прыбыць пад Варшаву "ку ратунку боронечи всяких волностей н(а)шихъ" [8]. Важнейшым задачамі для літвінаў былі дасягненне вяртання зямель, адарваных ў 1569 г., далучэння Інфлянт да ВКЛ і заключэння перамір'я паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Без вырашэння гэтых праблем яны не збіраліся ўдзельнічаць у сумесных з палякамі пасяджэннях і абмяркоўваць кандыдатуру будучага караля і вялікага князя [9]. Аднак нічога канкрэтнага вырашыць так і не ўдалося. Канфлікты паміж рознымі групоўкамі прывялі да расколу палітычнай эліты краіны і пагрозы зрыву сойма. У выніку, шмат сенатараў і шляхты ў сярэдзіне жніўня стала проста з'язджаць з месца выбараў [10]. Падобна, што пакінуў элекцыю і К. Дарагастайскі. Прынамсі, нам нічога не вядома аб яго ўдзеле ў бурлівых падзеях, якімі было адзначана заканчэнне сойма. Ужо 19 жніўня 1587 г. адна "партыя" абвясціла каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазу, а 22 жніўня другая "партыя" - эрцгерцага Максімільяна. Абедзве намінацыі адбыліся без згоды большасці літвінаў і значнай часткі палякаў, таму прадстаўнікі ВКЛ, хто яшчэ не пакінуў сойм, і некаторыя польскія сенатары ды паслы склалі 25 жніўня пратэстацыю, у якой не прызналі ніводнага кандыдата за новага караля і вялікага князя (На элекцыі літвіны самастойна заключылі з пасламі Маскоўскай дзяржавы перамір'е на 15 гадоў - У.П.) [11].

Раскол, выкліканы абраннем адразу двух кандыдатаў, закрануў і "палітычны народ" ВКЛ. Кульмінацыяй барацьбы паміж рознымі групоўкамі ў Вялікім Княстве стаў Галоўны з'езд, які прайшоў у Вільні ў лістападзе 1587 г. Паслом ад шляхты на гэты з'езд быў і К. Дарагастайскі. У Вільні неабходна было вызначыцца, каго ж ВКЛ прызнае новым каралём і вялікім князем. Сярод шляхты нават адбылося галасаванне па кандыдатах: 70 чалавек падтрымалі Максімільяна, 13 - Жыгімонта і толькі двое, у т.л. К. Дарагастайскі, занялі нейтральную пазіцыю. Магчыма, К. Дарагастайскі прадстаўляў Ваўкавыскі павет, бо перад з'ездам удзельнічаў там у сойміку [12]. Нягледзячы на вынікі галасавання, канчатковага рашэння аб падтрымцы эрцгерцага з'езд не прыняў. Было вырашана, дарэчы, па прапанове паслоў, накіраваць адмысловае пасольства да абодвух прэтэндэнтаў. Менавіта яно павінна было дэклараваць, каго ВКЛ будзе лічыць новым каралём і вялікім князем. Аднак перад гэтым, паслы мусілі дабіцца ад яго зацвярджэння ўсіх правоў і вольнасцей ВКЛ, праекта новага Статута, рэформы Трыбунала, перамір'я з Маскоўскай дзяржавай, вырашэння пытання аб прыналежнасці Інфлянт і інш. Пасольства, у складзе 5 сенатараў і 21 пасла ад шляхты, павінна было сабрацца ў Берасці, атрымаць глейты ад прэтэндэнтаў і затым адправіцца ў Польшчу. К. Дарагастайскі ўвайшоў у шляхецкую частку пасольства [13].

Тым часам, у Каралеўстве адбыліся ўзброеныя сутыкненні паміж прыхільнікамі Максімільяна і Жыгімонта Вазы. Спроба эрцгерцага захапіць Кракаў правалілася, а папулярнасць шведскага каралевіча хутка расла. У такіх умовах у снежні 1587 г. у Берасці адбыўся чарговы з'езд ВКЛ. Яго ўдзельнікі па сутнасці схіліліся да падтрымкі Жыгімонта Вазы. Літвіны гатовы былі прызнаць яго каралём і вялікім князем пры ўмове выканання тых варункаў, што вылучыў Галоўны з'езд у лістападзе 1587 г. [14] На каранацыю ў Кракаў накіравалі новае пасольства, склад якога быў змены ў параўнанні з прызначаным у Вільні: часткі прыхільнікаў Максімільяна ў ім не аказалася. К. Дарагастайскі на з'ездзе прысутнічаў, браў удзел у яго працы і быў уключаны ў лік паслоў, але на каранацыю не паехаў [15]. Матывы яго адмовы ехаць у Кракаў дакладна не вядомы.

Пачатак панавання Жыгімонта Вазы прынёс пэўныя змены на палітычнай арэне ВКЛ. У набліжаным становішчы да новага караля апынуліся трокскі ваявода Ян Глябовіч і жамойцкі староста Ян Кішка, пачалося новае ўзвышэнне Хадкевічаў (малодшай галіны) - фаміліі ў ВКЛ надзвычай аўтарытэтнай. Так, 31 сакавіка 1588 г. браты Юры і Еранім Хадкевічы атрымалі ўрады крайчага і канюшага [16]. Дарэчы, з Хадкевічамі, праўда, з сярэдняй лініяй роду, быў звязаны К. Дарагастайскі: у 1588 г. ён ажаніўся з Соф'яй, дачкой памерлага ў 1579 г. віленскага кашталяна, жамойцкага старосты і земскага маршалка Яна Хадкевіча. Магчыма, сваяцкія сувязі і нейтральная пазіцыя падчас элекцыі, дапамаглі ваўкавыскаму старосце ў маі 1588 г. заняць пасаду стольніка ВКЛ. Дарэчы, бацька К. Дарагастайскага таксама займаў пасаду стольніка ВКЛ у 1566-1576 гг. [17] Трэба адзначыць, што К. Дарагастайскі, як кальвініст, падтрымліваў цесныя кантакты і з галоўным пратэктарам кальвінісцкага руху ў ВКЛ віленскім ваяводам Крыштофам Радзівілам.

Першы вальны сойм Рэчы Паспалітай у гады панавання Жыгімонта Вазы, які праходзіў у Варшаве ўвесну 1589 г., для "палітычнага народа" ВКЛ быў вельмі важны, бо даваў магчымасць вырашыць найбольш актуальныя для літвінаў пытанні: канчатковае вызначэнне статусу Інфлянт і зацвярджэнне перамір'я з Маскоўскай дзяржавай, заключанага ў 1587 г. [18] К. Дарагастайскі быў абраны паслом на сойм 1589 г. ад Віленскага ваяводства [19]. Хутчэй за ўсё, ён, разам з ашмянскім падкаморым Адамам Роскім, быў прадстаўніком Ашмянскага павета.

Пачатак сойма адразу даў магчымасць К. Дарагастайскаму праявіць свае здольнасці аратара і палітыка, што ён належным чынам і выкарыстаў. Так, 7 сакавіка маршалкам пасольскай ізбы быў абраны дворны падскарбі ВКЛ Дзімітры Халецкі, які спачатку доўга адмаўляўся ад гэтай адказнай пасады, але паслы ўсё ж настаялі на яго кандыдатуры [20]. Па традыцыі маршалак пасля свайго абрання павінен быў выступіць перад каралём і вялікім князем з прывітальнай прамовай. На гэты раз адбылося выключэнне - прамову агучыў не Дз. Халецкі, а К. Дарагастайскі. Невядома, чаму з прамовай не выступіў Дз. Халецкі. Верагодна, абранне пасольскім маршалкам было для яго нечаканасцю і выступіць "з чыстага ліста" не хапіла аратарскага майстэрства. Як адзначаў падканцлер Леў Сапега, для стольніка ВКЛ гэта быў экспромт і досыць удалы: "Вітанне пан стольнік наш учыніў, хаця да гэтага не падрыхтаваны, аднак, досыць добра, з пахвалой ад людзей" [21].

Вальны сойм 1589 г. для дэлегацыі Вялікага Княства склаўся даволі плённа. Са 115 прынятых канстытуцый, 14 непасрэдна датычылі ВКЛ. Быў ухвалены пабор на адзін год, а літвіны, акрамя таго, згадзіліся на прызначэнне на 2 гады ў Вялікім Княстве мыта "новападвышанага", нарэшце, быў зацверджаны пераход Інфлянт у сумеснае ўладанне ВКЛ і Польшчы [22]. На сойме сенатары і паслы, у т.л. К. Дарагастайскі, ратыфікавалі Бытамска-Бендзінскі акт аб міры і сяброўстве, заключаны прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Габсбургаў 9 сакавіка 1589 г. Ад сената і пасольскай ізбы былі прызначаны асобы, якія атрымалі паўнамоцтвы прысягнуць на гэтае пагадненне. Адным з такіх прадстаўнікоў сойма Рэчы Паспалітай быў К. Дарагастайскі [23].

Акрамя агульнадзяржаўных пытанняў, вырашаў К. Дарагастайскі на сойме і свае асабістыя справы. Так, 18 красавіка 1589 г. Жыгімонт Ваза пацвердзіў перадачу М. Дарагастайскім свайму сыну Крыштофу шарашоўскай дзяржавы ў Берасцейскім павеце. Прычым, кароль і вялікі князь адзначыў, што зацвярджае гэты дакумент за ваенныя заслугі стольніка ВКЛ, які выстаўляў за свой кошт вялікія "почты" на Інфлянцкую вайну, а таксама за пастаянныя службы пры каралеўскім двары (У маі 1589 г. К. Дарагастайскі атрымаў каралеўскі прывілей на шарашоўскую пушчу - У.П.) [24]. Напэўна, і ўдзел у працы сойма 1589 г. адыграў сваю ролю ў гэтым рашэнні Жыгімонта Вазы.

Важнейшай задачай наступнага сойма, скліканага на 8 сакавіка 1590 г., было ўхваленне новых падаткаў дзеля наёму вялікага войска, каб забяспечыць абарону краіны ад магчымай вайны з Турцыяй і татарамі, а таксама запабегчы інтрыгам Максімільяна, які не прысягнуў на ўмовы Бытамска-Бендзінскага пагаднення [25]. Для палітычнай эліты ВКЛ на першым месцы стаяла ратыфікацыя перамір'я з Маскоўскай дзяржавай. Менавіта ад вырашэння гэтага пытання залежала згода літвінаў на ўсе рашэнні сойма, паслом на які зноў быў абраны К. Дарагастайскі [26]. Жыгімонт Ваза актыўна імкнуўся ўплываць на пазіцыю як дэлегацыі ВКЛ у цэлым, так і асобных яе прадстаўнікоў. 5 красавіка 1590 г. у паветы Вялікага Княства былі высланы універсалы з абяцаннем зацвердзіць перамір'е і накіраваць у Маскву пасольства, а 11 красавіка, за 10 дзён да заканчэння сойма, К. Дарагастайскі быў прызначаны на ўрад крайчага ВКЛ. Падчас сойма адбыліся і іншыя намінацыі: земскі падскарбі Фёдар Скумін-Тышкевіч стаў новагародскім ваяводам, кашталян менскі Вацлаў Агрыпа - смаленскім кашталянам, а Дз. Халецкі - земскім падскарбіем ВКЛ [27]. Такія захады караля далі свой плён. Літвіны ўхвалілі ўсе пастановы сойма, у т.л. выдачу пазыкі ад Вялікага Княства ў 500 000 злотых польскіх на наём войска, прызначэнне падаткаў, пралангацыю збору мыта да лістапада 1591 г., аднаразовую выплату кварты (1/4 даходаў) з гаспадарскіх уладанняў у ВКЛ і інш. [28] Аднак перамога Жыгімонта Вазы была часовай. Перад тым як пакінуць Варшаву, паслы ВКЛ папярэдзілі, што падаткі будуць выплачаны толькі пры ўмове зацвярджэння перамір'я з Маскоўскай дзяржавай, і выбралі са свайго складу дэлегатаў з даручэннем, каб "ад імя іх усіх пратэставалі і ніякіх цяжараў без пэўнага міру з Масквой да браціі не прыносілі". Дэлегатамі былі паслы Віленскага ваяводства: К. Дарагастайскі, войскі ашмянскі Мікалай Адаявец і Пётр Гарабурда. Праз некаторы час пасля сойма, калі Жыгімонт Ваза так і не выканаў сваіх абяцанняў, паслы склалі пратэстацыю і адмовіліся прызнаваць падаткі, ухваленыя ў Варшаве. (Пасольства ўсё ж было накіравана ў Маскву ўвосень 1590 г. - У.П.) [29]. У дадзеным выпадку інтарэсы ВКЛ былі для новага крайчага вышэйшымі за адданасць каралю.

Фактычна, сойм 1590 г. не выканаў тых задач, што ставіў перад ім Жыгімонт Ваза. Даволі жорсткую пазіцыю занялі літвіны, і К. Дарагастайскі адыграў у тым значную ролю. На чарговым сойме (снежань 1590-студзень 1591 г.) яго сярод паслоў не сустракаем. У маі 1592 г. К. Дарагастайскі быў прызначаны падчашым ВКЛ: з аднаго боку, кароль магчыма імкнуўся забяспечыць сабе прыхільнасць, безумоўна, уплывовага ў шляхецкіх колах дзеяча, з другога, вядома, што Жыгімонт Ваза ў сваіх намінацыях кіраваўся, перадусім, прафесійнымі якасцямі кандыдата, а не толькі яго палітычнай пазіцыяй [30].

На наступным сойме ўвосень 1592 г. у Варшаве К. Дарагастайскі зноў выконваў пасольскія функцыі. Гэта быў час даволі складаных адносін шляхты з Жыгімонтам Вазам. Па краіне, асабліва ў Польшчы, шырыліся чуткі аб змове караля з Габсбургамі з мэтай перадаць уладу ў Рэчы Паспалітай эрцгерцагу Эрнэсту, а самаму з'ехаць у Швецыю [31]. У ВКЛ нарастала абурэнне з нагоды намінацыі паляка, луцкага біскупа Бернарда Мацяёўскага на пасаду віленскага біскупа [32]. Гэтыя пытанні, у т.л. расследаванне ("інквізіцыя") кантактаў з Габсбургамі, былі ўзняты і падчас пасяджэнняў сойма.

Што датычыць магчымай змовы Жыгімонта Вазы з Габсбургамі, то ў Варшаве К. Даргастайскі, хутчэй за ўсё, быў на каралеўскім баку. Яшчэ ўвесну 1592 г. ён называў "дзіўнымі" ўсе абвінавачванні, што гучалі ў Польшчы на адрас караля [33]. Ускосна пракаралеўскую пазіцыю падчашага ВКЛ пацвярджае выпадак, які адбыўся на сойме 11 верасня 1592 г. Польскі пасол Ян Шчэнсны Гербурт, актыўны прыхільнік "інквізіцыі", узгадаўшы падчас свайго выступу Жыгімонта Вазу, у знак пашаны зняў шапку. Гэты жэст К. Дарагастайскі пракаментаваў так: "Трэба не толькі шапкай, але і сэрцам". Пачаўся сапраўдны скандал, каронныя паслы даказвалі, што яны на самой справе з'яўляюцца вернымі падданымі караля. У выніку, К. Дарагастайскі заявіў, што яго словы адносіліся не да Я.Ш. Гербурта, "але in universum [у цэлым], і да сябе, і да ўсіх" [34]. А вось у канфлікце вакол віленскага біскупства К. Дарагастайскаму былі бліжэй правы і вольнасці ВКЛ. Так, 2 кастрычніка ён прасіў Жыгімонта Вазу раздаць вакантныя пасады [35]. Безумоўна, гаворка ішла і аб прызначэнні новага віленскага біскупа, і менавіта літвіна. Аднак сойм 1592 г. скончыўся без прыняцця канстытуцый. Таксама ў Варшаве К. Дарагастайскі быў абраны адным з дэпутатаў для разгляду прэтэнзій скарбовай камісіі 1591 г. да нашчадкаў былых земскіх падскарбіяў ВКЛ Лаўрына Войны і Яна Глябовіча аб правамернасці некаторых выдаткаў з падатковых грошай, сабраных у 1577-1583 гг. Аднак з-за недахопу часу разгляд гэтых спраў быў перанесены на наступны сойм [36]. Падобна, што на той сойм, які адбываўся ў маі-чэрвені 1593 г., К. Дарагастайскі паслом не абіраўся.

Канфлікт караля з палітычнай элітай ВКЛ паглыбляўся. Літвіны адмовіліся выдаць пабор, ухвалены ў 1593 г., пакуль не будзе адменена намінацыя Б. Мацяёўскага [37]. А калі новы сойм з-за магчымай вайны з Турцыяй і татарамі быў скліканы ў Кракаве, а не Варшаве, то ў ВКЛ гэта ўспрынялі менавіта як спробу Жыгімонта Вазы і палякаў усё ж дабіцца прызначэння біскупам у Вільню паляка. Гучалі заклікі нават байкатаваць сойм, але да гэтага не дайшло [38]. На сойме (люты-сакавік 1595 г.) паслы ВКЛ, сярод якіх быў і К. Дарагастайскі, доўгі час увогуле не хацелі прыступаць да працы, пакуль Жыгімонт Ваза не аддасць віленскае біскупства літвіну. Гэтага не адбылося, і паслы выступілі з пратэстацыяй, не ўхвалілі падаткаў на сойме, а перанеслі іх разгляд на рэляцыйныя соймікі [39]. Невядома, ці падчашы ВКЛ падтрымаў тую пратэстацыю, але хутка пасля сойма, 7 красавіка, К. Дарагастайскі паведамляў К. Радзівілу, што мае невялікі ўплыў на каралеўскім двары, але тлумачыў гэта сваім веравызнаннем, а не палітычнай пазіцыяй [40].

Аб дзейнасці К. Дарагастайскага ў Кракаве ў 1595 г. нам вядома вельмі мала. Яго подпіс сустракаем сярод подпісаў сенатараў, ураднікаў і земскіх паслоў Рэчы Паспалітай пад дакументам, якім Жыгімонт Ваза са згоды сойма вызваляў сына Л. Войны крайчага ВКЛ Андрэя Войну ад усялякіх прэтэнзій скарбовай камісіі 1591 г., а сам А. Война адмаўляўся ад сваіх фінансавых прэтэнзій да скарба [41].

Новая соймавая кампанія Рэчы Паспалітай 1596 г. стала пікам кар'еры падчашага ВКЛ як земскага пасла. На гэты раз К. Дарагастайскі адназначна выступаў як раяліст. У лютым 1596 г. ён узяў удзел у пасяджэнні перадсоймавага сойміка Віленскага павета. Перш за ўсё, у сваім выступе К. Дарагастайскі звярнуў увагу на праблему невыканання соймавых пастаноў, што можна лічыць ускосным папрокам да шляхты ВКЛ, якая адмаўлялася выдаваць паборы 1593 і 1595 гг. Затым ён выказаў свой погляд на пытанні, вынесеныя Жыгімонтам Вазам на разгляд соймікаў і сойма. Ідэю аб'яднання краін Еўропы ў антытурэцкай Хрысціянскай лізе лічыў вельмі патрэбнай, але папярэджваў, што ўступаць у яе трэба вельмі асцярожна, ведаючы, якія яшчэ краіны далучацца. Прапаноўваў далучыць да Лігі і Маскву. Настойліва заклікаў выдаць пабор 1593 г., спасылаючыся на тое, што ВКЛ абяцала гэта зрабіць, а ў справе віленскага біскупства, К. Дарагастайскі раіў дамаўляцца з Жыгімонтам Вазам, а не "набываць" біскупа, г.зн. не весці з каралём палітычнага гандлю. Праўда, К. Дарагастайскі не згадаў, што гэтае абяцанне падмацоўвалася канкрэтнымі ўмовамі да Жыгімонта Вазы: прызначыць віленскім біскупам толькі літвіна [42]. На сойміку К. Дарагастайскі падтрымаў ідэю земскага падскарбія Дз. Халецкага ўвесці ў Вялікім Княстве кварту з даменіяльных уладанняў, выказаўся па пытаннях абароны ад татар, прызначэння польнага гетмана ВКЛ, адмене задворных позваў і інш. [43] Пазіцыю падчашага, як і земскага падскарбія, падтрымала большасць удзельнікаў сойміка ў Вільні. У выніку, К. Дарагастайскі быў абраны паслом на сойм. Л. Ярміньскі называе другім паслом Віленскага павета Яна Чыжа, але вядома, што Я. Чыж у 1596 г. быў паслом Ашмянскага павета [44].

Затым К. Дарагастайскі ўдзельнічаў у працы Галоўнага сойміка ВКЛ у Слоніме ў сакавіку 1596 г. Прынятая там інструкцыя была даволі кампраміснай. З аднаго боку, літвіны нагадалі Жыгімонту Вазе, каб той, паводле правоў і вольнасцей ВКЛ ды сваёй прысягі, віленскае біскупства аддаў чалавеку "народа нашага, Літве", з іншага, ужо не пярэчылі выплаце падаткаў 1593 і 1595 гг. [45]

Зразумела, Жыгімонт Ваза быў зацікаўлены, каб сойм прайшоў паводле яго планаў, адпаведна, вялікае значэнне меў кіраўнік пасяджэнняў пасольскай ізбы. І на сойме пасольскім маршалкам быў абраны К. Дарагастайскі, а 29 сакавіка 1596 г. ён звярнуўся да караля з прывітальнай прамовай [46], якая мела і выразны палітычны падтэкст. Маршалак вызначыў дзве найвялікшыя праблемы ў Рэчы Паспалітай, з-за якіх і самыя моцныя дзяржавы занепадаюць: паспешнасць і гультайства. Гультайства, на яго думку, робіць краіну аб'ектам увагі для ворагаў, а паспешнасць выклікае ганарлівасць і прыводзіць да прыняцця няверных рашэнняў. Для абгрунтавання сваіх слоў К. Дарагастайскі прыводзіў прыклад заняпаду Валахіі і Венгрыі [47]. Таму, каб быў пазітыўны вынік, да любых нарадаў трэба падыходзіць грунтоўна, разглядаць пытанні ўсебакова і выконваць прынятыя рашэнні хутка. Ён сцвярджаў, што менавіта такія станоўчыя якасці ёсць у Жыгімонта Вазы, дзякуючы якому былі спынены татары і туркі, а Рэч Паспалітая не была "паспешна", без грунтоўнага абмеркавання і забеспячэння, уцягнутая ў Лігу. "Вялікім і ўважлівым учынкам, гарачнасць - вялікі непрыяцель" - рабіў выснову К. Дарагастайскі [48].

Аднак праца сойма пайшла не так, як акрэсліваў пасольскі маршалак. Пасяджэнні зацягваліся спрэчкамі пратэстантаў і праваслаўных з католікамі наконт юрыдычных норм выканання канфедэрацыі 1573 г. аб рэлігійным міры, а таксама вакол планаў уніі паміж каталіцкай і праваслаўнай царквой. У гэтай сітуацыі кальвініст К. Дарагастайскі заняў памяркоўную пазіцыю, накіраваную на тое, каб не дапусціць зрыву сойма [49]. Яшчэ адной праблемай былі патрабаванні прадстаўнікоў ВКЛ прызначыць віленскім біскупам літвіна. У Варшаве паслы Вялікага Княства, хаця і пратэставалі ў справе віленскага біскупства, але ўсё ж зацвердзілі падаткі, ухваленыя яшчэ ў 1595 г. [50] Таксама К. Дарагастайскі падпісаў 7 мая даверчы ліст паслам Рэчы Паспалітай у Швецыю на правядзенне перамоў з герцагам Карлам, які не прызнаваў Жыгімонта Вазу шведскім каралём [51].

У цэлым, сойм 1596 г. скончыўся даволі ўдала для караля. Немалая заслуга ў гэтым належала і пасольскаму маршалку. Верагодна, менавіта за яго пракаралеўскую пазіцыю падчас усёй мінулай соймавай кампаніі Жыгімонт Ваза 28 мая 1596 г. прызначыў К. Дарагастайскага дворным маршалкам ВКЛ [52]. З гэтага часу пачынаецца новы этап яго палітычнай кар'еры, ужо як сенатара Рэчы Паспалітай. Соймавая дзейнасць сенатара К. Дарагастайскага была вельмі актыўнай - да сваёй смерці ў 1615 г. ён браў удзел у 10 з 13 вальных соймаў Рэчы Паспалітай [53].

Такім чынам, К. Дарагастайскі з'яўляўся выбітным парламентарыем ВКЛ канца XVI ст. За разгледжаны час ён абіраўся паслом на элекцыйны сойм 1587 г. і не менш чым на 5 вальных соймаў Рэчы Паспалітай, а ў 1596 г. быў абраны маршалкам пасольскай ізбы. Парламенцкая дзейнасць К. Дарагастайскага, побач з сацыяльным статусам, удзелам у войнах, добрай адукацыяй і прыдворнай кар'ерай, дала магчымасць яму стаць сенатарам і рэальна ўвайсці ў склад вышэйшых кіроўных колаў краіны. Трэба адзначыць і яго аратарскае майстэрства, што праявілася на соймах 1589 і 1596 гг. У палітычным плане К. Дарагастайскага можна аднесці да раялістаў, схільнага да кампраміснага вырашэння праблемных пытанняў, хаця, інтарэсы ВКЛ для яго ніколі на другі план не адыходзілі (напр., соймы 1590 і 1592 гг.). Верагодна, праз сваяцкія сувязі палітычна мог быць блізкім да Хадкевічаў, падтрымліваў кантакты і з К. Радзівілам (яго другой жонкай у 1597 г. стала пляменніца віленскага ваяводы Соф'я). Безумоўна, далейшыя даследаванні паглыбяць веды аб пачатковым этапе палітычнай кар'еры К. Дарагастайскага.



[1] Ішчанка С. Дарагастайскі (Монвід-Дарагастайскі) Крыштоф Мікалай (2.3.1562-3.8.1615) // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1. Мн., 2005. С. 577-578; Lepszy K. Dorohostajski Krzysztof Mikołaj z przydomkiem Moniwid, h. Leliwa (1562-1615), marszałek w. lit. // Polski Słownik Biograficzny. T.5. S. 331-333; Seredyka J. Księżniczka i chudopachołek. Zofia z Radziwiłłów Dorohostajska - Stanisław Tymiński. Opole, 1995; Idem. Instrukcje "wychowawcze" Krzysztofa Dorohostajskiego dla żony Zofii Radziwiłłówny // Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. S. 141-154; Idem. Militaria Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006. S. 355-371.

[2] Jarmiński L. Bez użycia siły. Działalność polityczna protestantów w Rzeczypospolitey u schyłku XVI w. Warszawa, 1992. S. 137-150; Lepszy K. Dorohostajski Krzysztof Mikołaj. S. 331.

[3] Lepszy K. Dorohostajski Krzysztof. S. 331.

[4] AGAD. AR. Dz.II. Nr.185; Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. Warszawa, 2006. S. 241-247; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 372-373.

[5] Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616) wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 265-266; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. S. 373-374.

[6] Lepszy K. Dorohostajski Krzysztof Mikołaj. S. 331.

[7] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. S. 247-249; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616) wojewoda wileński. S. 265-266.

[8] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. S. 250-257.

[9] Dyjaryjusze sejmowe r. 1587: sejmy konwokacyjny i elekcyjny / Wyd. A. Sokołowski. Kraków, 1887. S. 61, 64, 139, 141; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. S. 379-384.

[10] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. S. 263.

[11] НГАБ. Ф.КМФ-18. Воп.1. Cпр.65. Арк. 236-236адв.; РНБ. Ф.971. Авт.127. Л. 3-6отв.; AGAD. AR. Dz.II. Nr.187 (S. 7-12, 14-27), 191; Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. S. 257-266; Dyjaryjusze sejmowe r. 1587. S. 130-158, 205-217; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616) wojewoda wileński. S. 266-269; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. S. 384-388.

[12] AGAD. AR. Dz.II. Nr.211. S. 1-4; Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. S. 277-280; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. S. 393-394, 401.

[13] НГАБ. Ф.КМФ-18. Воп.1. Cпр.65. Арк. 242адв.-247адв.; AGAD. AR. Dz.II. Nr.199-201; Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. S. 280-302; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. S. 402-405.

[14] НГАБ. Ф.КМФ-18. Воп.1. Cпр.65. Арк. 256-261; Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. S. 302-314; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. S. 406-409.

[15] НГАБ. Ф.КМФ-18. Воп.1. Cпр.65. Арк. 257; AGAD. Archiwum Publiczne Potockich. Zbior Dyaryuszów seymowych za panowania Zygmunta III. T.1 (1585-1607). S. 177-193, 243-307; Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T.1. S. 302, 309; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. S. 408.

[16] ADR. Listy ks. M.K. Radziwiłła Sierotki-Jana Zamoyskiego-Lwa Sapiehy. Kraków, 1885. S. 189-194; ADS. T.I. Lwów, 1892. S. 27-33; Lepszy K. Walka stronnictw w pierwszych latach panowania Zygmunta III. Kraków, 1929. S. 174-175; Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku: Spisy. T.11. Kórnik, 1994. S. 55, 58.

[17] Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku: Spisy. T.11. S. 187.

[18] AGAD. AR. Dz.II. Nr.224.

[19] Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae. Vilnae, 1758. T.1. S. 238.

[20] ADR. S. 201; Seredyka J. Marszałkowie izby poselskiej za Zygmunta III Wazy // Władza i społeczeństwo w XVI i XVII w. Prace ofiarowane A. Mączakowi w sześćdziesątą rocznicę urodzin. Warszawa, 1989. S. 168, 176.

[21] ADR. S. 201.

[22] Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej 1587-1648. Projekty-ustawy-realizacja. Warszawa, 2006. S. 255, 267-268, 347, 350, 355; Eādem. Senatorowie i posłowie na sejmie "pacyfikacyjnym" w 1589 r. // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1982. T.34, z.2. S. 197-212; VL. Petersburg, 1859. T.2. S. 278-280, 288-289, 296-304.

[23] Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae. S. 231-244; VL. T.2. S. 278.

[24] НГАБ. Ф.КМФ-18. Воп.1. Cпр.72. Арк. 180адв.-187; Спр.76. Арк. 18-18адв.

[25] ADR. S. 37-39, 202-204.

[26] Konopczyński W. Liberum veto: studyum porównawczo-historyczne. Kraków, 1918. S. 433-435.

[27] НГАБ. Ф.КМФ-18. Воп.1. Cпр.283. Арк. 19адв.-20адв.; Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku: Spisy. T.11. S. 59; Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego (1386-1795). Kraków, 1885. S. 37, 110, 186.

[28] VL. T.2. S. 304-326. Аб працы сойма 1590 г. гл. таксама: Жукович П. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией (до 1609 г.). С. 60-64; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej 1587-1648. Projekty-ustawy-realizacja. S. 251, 255, 258-260, 268, 350-351, 364.

[29] Konopczyński W. Liberum veto: studyum porównawczo-historyczne. S. 434-435.

[30] Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku: Spisy. T.11. S. 144; Wisner H. Rozdawnictwo i sprzedaż urzędów w czasach Zygmunta III // Przegląd Historyczny. 1970. T.61, z.3. S. 446, 450.

[31] Жукович П. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией (до 1609 г.). С. 76-85; Dyaryusze i akta sejmowe z roku 1591-1592 / Wyd. E. Barwiński. Kraków, 1911. S. 23-25, 34, 366-367, 439-441; Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł "Sierotka" (1549-1616) wojewoda wileński. S. 279-281.

[32] Лаппо И. Люблинская уния и третий Литовский статут // Журнал Министерства народного просвещения. 1917. №5. С. 89-150; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596-1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej. Opole, 1990. S. 67-82.

[33] Dyaryusze i akta sejmowe z roku 1591-1592 / Wyd. E. Barwiński. S. 24.

[34] B. Racz. Rkps.91. K. 1; Dyaryusze i akta sejmowe z roku 1591-1592 / Wyd. E. Barwiński. S. 343.

[35] Dyaryusze i akta sejmowe z roku 1591-1592 / Wyd. E. Barwiński. S. 269.

[36] Filipczak-Kocur A. Pośmiertne problemy podskarbich litewskich Ławryna Wojny i Jana Hlebowicza // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006. S. 69-74, 78-80.

[37] РНБ. Ф.957. №130. Л. 33-39отв.; АВАК. Вильна, 1874. Т.8. С. 323-330; VL. T.2. S. 348.

[38] AGAD. AR. Dz.II. Nr.289; Dz.V. Nr.16. S. 23, 31, 34-35; ADS. S. 98, 100, 104.

[39] AGAD. AR. Dz.II. Nr.326; Лаппо И. Люблинская уния и третий Литовский статут. С. 127-131; ADR. S. 112, 217-221; Filipczak-Kocur A. Skarbowość Rzeczypospolitej 1587-1648. Projekty-ustawy-realizacja. S. 270-271, 356, 365; VL. T.2. S. 354-363.

[40] Jarmiński L. Bez użycia siły. Działalność polityczna protestantów w Rzeczypospolitey u schyłku XVI w. S. 32.

[41] Filipczak-Kocur A. Pośmiertne problemy podskarbich litewskich Ławryna Wojny i Jana Hlebowicza. S. 70-78.

[42] AGAD. AR. Dz.II. Nr.356. S. 2.

[43] AGAD. AR. Dz.II. Nr.356. S. 1-2.

[44] Тамсама. S. 1-3; Jarmiński L. Bez użycia siły. Działalność polityczna protestantów w Rzeczypospolitey u schyłku XVI w. S. 137; Лаппо И. Люблинская уния и третий Литовский статут. С. 134.

[45] РНБ. Ф.957. №130. Л. 205, 206отв.; AGAD. AR. Dz.II. Nr.341, 342, 344.

[46] B. Racz. Rkps.91. K. 40-41; Jarmiński L. Bez użycia siły. Działalność polityczna protestantów w Rzeczypospolitey u schyłku XVI w. S. 139-140; Seredyka J. Marszałkowie izby poselskiej za Zygmunta III Wazy. S. 168, 177.

[47] B. Racz. Rkps.91. K. 40v.

[48] B. Racz. Rkps.91. K. 40v.-41.

[49] Jarmiński L. Bez użycia siły. Działalność polityczna protestantów w Rzeczypospolitey u schyłku XVI w. S. 144-152.

[50] AGAD. AR. Dz.II. Nr.348а; Лаппо И. Люблинская уния и третий Литовский статут. С. 133-134; Volumina Legum. T.2. S. 363-365.

[51] Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inne odnoszące się do tego sejmu / Wyd. E. Barwiński. Kraków, 1907. S. 185-186; Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596-1599. Wybrane zagadnienia polityki wewnętrznej i zagranicznej. S. 152-153.

[52] Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku: Spisy. T.11. S. 77.

[53] Seredyka J. Senatorowie Rzeczypospolitej na sejmach Zygmunta III Wazy (1587-1632) // Rozprawy z dziejów XVI i XVII wieku. Poznań, 2003. S. 195.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX