Вярнуцца: Падалінскі Уладзімір

Адлюстраванне інтэграцыйных працэсаў з Польскім каралеўствам у матэрыялах павятовых соймікаў ВКЛ ў апошняй трэці XVI ст.


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 15-04-2013,
Крыніца: Падалінскі У. Адлюстраванне інтэграцыйных працэсаў з Польскім каралеўствам у матэрыялах павятовых соймікаў Вялікага княства Літоўскага ў апошняй трэці XVI ст. // Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу: Матэрыялы міжнар. навук. канферэнцыі (Мінск, 15-17 кастрычніка 2009 г.) / Навук. рэд. С.Ф. Сокал, А.М. Янушкевіч. - Мінск: БІП-С ПЛЮС, 2010. - С. 270-285.

Спампаваць




Уладзімір Падалінскі (Мінск)

Адлюстраванне інтэграцыйных працэсаў з Польскім Каралеўствам у матэрыялах павятовых соймікаў Вялікага Княства Літоўскага ў апошняй трэці XVI ст.

Мэта інтэграцыі Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага была, па-сутнасці, сфармулявана ў акце Люблінскай уніі 1569 г., у якім сцвярджалася, што абедзьве краіны «ёсць адным непадзельным і неадрозным целам, а таксама не рознай, але адной супольнай Рэч Паспалітай, якая з дзьвюх дзяржаў і народаў у адзін народ злучылася і знітавалася » [1]. Зразумела, гэтае злучэнне адбывалася ў розных сферах жыцця новаўтворанай дзяржавы, з рознай хуткасцю і поспехам. Адной з важнейшых пляцовак палітычнай інтэграцыі Кароны і Вялікага Княства стаў супольны вальны сойм Рэчы Паспалітай. У дадзеным выпадку пад інтэграцыяй мы разумеем працэс аб'яднання ў адно цэлае асобных грамадскіх суб'ектаў (ВКЛ і Польшчы), сутнаснымі рысамі якога выступаюць узаемазалежнасць і ўзаемадапаўняльнасць гэтых суб'ектаў, а таксама супадзенне мэтаў, інтарэсаў ды каштоўнасцяў іх кіроўных сацыяльных групаў («палітычных народаў»).

У гістарыяграфіі збольшага ўвага надавалася разгляду тых фактараў і з'яў, якія падкрэслівалі адасобленае становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай [2]. Разам з тым, роля парламенцкай сістэмы супольнай дзяржавы ў палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай інтэграцыі «абодвух народаў» знаходзілася нібы на перыферыі цікавасці даследчыкаў [3]. Нашай мэтай з'яўляецца спроба вызначыць, у якой ступені дзейнасць агульнадзяржаўнага прадстаўнічага органа (сойма) уплывала на актывізацыю інтэграцыйных працэсаў паміж Польшчай ды ВКЛ, і ацаніць, наколькі гэтыя працэсы былі папулярны і запатрабаваны ў асяроддзі палітычна актыўнай шляхты Вялікага Княства на працягу апошняй трэці XVI ст.

Дадзены артыкул грунтуецца на аналізе матэрыялаў менавіта павятовых соймікаў, бо, на наш погляд, яны найбольш яскрава і выразна адлюстроўваюць грамадскую думку ў шляхецкім асяроддзі. Прынамсі, самай актыўнай яго часткі. Менавіта на сойміках як рэгіянальных цэнтрах палітычнага жыцця асэнсоўваліся актуальныя падзеі ды з'явы і адлюстроўваліся адносіны да іх з боку «палітычнага народа» ВКЛ, у тым ліку адбывалася і ацэнка уніі з Польшчай, яе вынікаў і перспектываў. Трэба прызнаць, што да нашых дзён захавалася зусім невялікая колькасць дакументаў, прынятых на павятовых сойміках Вялікага Княства за перыяд 1569-1600 гг. Калі за апошнія гады панавання караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста (1569-1572 гг.) захаваліся інструкцыі двух соймікаў [4], то за час панавання Стэфана Баторыя (1576-1586 гг.) нам невядома ніводнай соймікавай ухвалы або інструкцыі. Лепей у гэтым аспекце выглядаюць часы трох бескаралеўяў, якія перажыла Рэч Паспалітая ў апошняй трэці XVI ст. Прынамсі, мы ведаем палітычныя настроі і пазіцыі даволі шырокіх колаў віленскага, жамойцкага, лідскага, новагародскага і берасцейскага шляхецтва [5]. Пачатак панавання ў Рэчы Паспалітай Жыгімонта Вазы захаваў куды больш рэпрэзентатыўную колькасць матэрыялаў павятовых соймікаў ВКЛ. Нам вядомы пасольскія інструкцыі Віленскага і Ашмянскага паветаў на вальны сойм 1590/91 г., Віленскага павета на сойм 1595 г., Аршанскага павета на сойм 1596 г. і свайго роду пратакол пасяджэння сойміка ў Вільні перад тым жа соймам 1596 г. [6] Асабліва добра захаваліся ўхвалы соймікаў Вялікага Княства перад соймамі Рэчы Паспалітай 1597 і 1598 гг. На сойм 1597 г. вядомы інструкцыі Віленскага, Ашмянскага, Лідскага і Берасцейскага паветаў [7]. А вось на вальны сойм 1598 г. маем інструкцыі 10 соймікаў ВКЛ: віленскага, ашмянскага, вількамірскага, браслаўскага, троцкага, жамойцкага, полацкага, новагародскага, ваўкавыскага і менскага [8]. Акрамя таго, захаваліся матэрыялы рэляцыйных соймікаў пасля сойма 1595 г. (Віленскага, Ашмянскага, Упіцкага, Аршанскага, Менскага паветаў) [9].

Разгляд заяўленай тэмы варта пачаць з таго, што ўтварэнне агульнай дзяржавы стварала цэлы комплекс супольных для ВКЛ і Польшчы інтарэсаў і спраў. У першую чаргу, гэта тычылася знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай, якая, паводле ўмоў Люблінскай уніі, мела ажыццяўляцца толькі «з ведама і згоды супольнай абодвух народаў» [10].

Яшчэ перад соймам 1572 г. шляхта Троцкага ваяводства даручала сваім паслам «о Макгнуса, о короля дунского и шведског[о], (…)о починене шкод от турков в земли Спискои по смерти кролевича угорского, о Ригу (…) становити, намавити (…), згожаючися зъ их м[и]л[о]стью п[а]ны радами и иными всими станы обоего панства» [11]. Літвіны, безумоўна, падтрымлівалі супольнае з палякамі вызначэнне палітыкі ў дачыненні да тых дзяржаў, якія неслі сур'ёзную пагрозу як для Вялікага Княства, так і для Кароны, напрыклад, Турцыі. Віленскі соймік у кастрычніку 1590 г., лідскі і берасцейскі ў снежні 1596 г., ваўкавыскі ў студзені 1598 г. даручалі сваім паслам на сойме абмяркоўваць адносіны з Асманскай імперыяй разам з прадстаўнікамі Польшчы [12]. У дачыненнях Рэчы Паспалітай і Турцыі заўсёды прысутнічаў фактар небяспекі з боку татараў, які не мог не турбаваць шляхту паўднёва-ўсходніх зямель ВКЛ. Зразумела, што вырашэнне гэтай праблемы збліжала яе са шляхтай Кароны, асабліва з украінскіх зямель. Вырашаць «татарскае пытанне» разам з польскімі пасламі на вальным сойме заклікалі сваіх паслоў соймікі ў Оршы (люты 1596 г.) і Менску (студзень 1598 г.) [13]. Пасля абрання каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы, сына караля Швецыі Ёхана III, адным з важнейшых у грамадскім жыцці ўсёй Рэчы Паспалітай становіцца «шведскае пытанне». У другой палове 1590-х гг., калі рэзка абвастрыліся супярэчнасці паміж Жыгімонтам Вазам і яго стрыем, герцагам Сёдэрманландскім Карлам, сітуацыя ў Швецыі вельмі часта разглядалася на павятовых сойміках ВКЛ. Так, віленскі, ашмянскі і берасцейскі соймікі ў снежні 1596 г. даручалі сваім паслам на сойме разам з сенатарамі і пасламі Польшчы выслухаць рэляцыю пасольства Рэчы Паспалітай, якое вярнулася са Швецыі [14]. Акрамя таго, шляхта Берасцейскага павета падкрэслівала, што разам з кароннымі станамі неабходна абдумаць шляхі ўтрымання Шведскага каралеўства за Жыгімонтам Вазам [15]. Калі наступны сойм у 1598 г. разглядаў магчымасць паездкі караля і вялікага князя ў Швецыю, то ў пасольскіх інструкцыях, складзеных у ваяводствах і паветах ВКЛ, на супольнае абмеркаванне з «усімі станамі абодвух народаў» выносіліся пытанні забеспячэння спакою і бяспекі Рэчы Паспалітай падчас адсутнасці Жыгімонта Вазы (віленскі, жамойцкі, менскі соймікі), вызначэння часу яго вяртання (новагародскі соймік) і фінансавання самой выправы (менскі соймік) [16]. Некаторыя соймікі закраналі і перспектывы далейшых дачыненняў Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Ваўкавыская шляхта даручала паслам на сойме з усімі пасламі дамовіцца, што рабіць у выпадку вайны з герцагам Карлам, а полацкая шляхта загадзя заяўляла, што яна супраць уцягвання ў вайну са Шведскім каралеўствам, як Вялікага Княства, так і Кароны, з увагі на іх памежных непрыяцеляў, з якімі няма надзейных мірных дамоваў [17]. Пры гэтым інструкцыя сойміка Ваўкавыскага павета адлюстроўвала і свайго роду іерархію дзяржаўных інтарэсаў сярод мясцовай шляхты. Так, заклікаючы хутчэй далучыць Эстонію да Рэчы Паспалітай, асабліва калі пачнецца вайна, соймік у Ваўкавыску заяўляў, што нельга дагаджаць шведскім справам больш, чым справам Польшчы і ВКЛ [18]. Між іншым, Жыгімонт Ваза яшчэ на сваёй каранацыі абяцаў далучыць да Рэчы Паспалітай Эстонію, з чым, аднак, марудзіў. Заклікі сумесна з польскімі сенатарамі і пасламі дамагацца на соймах далучэння Эстоніі сустракаюцца ў інструкцыях віленскага (снежань 1594 і 1596 гг.), новагародскага і менскага (абодва ў студзені 1598 г.) соймікаў [19]. Разам з палякамі імкнуліся літвіны ўплываць і на справы Прускага герцагства, якое знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Рэчы Паспалітай. У снежні 1571 г. гарадзенскім паслам даручалася «намовяти» з палякамі ў справе захавання зямель Прускага герцагства за Рэччу Паспалітай, бо тыя найлепш абазнаны ў гэтым пытанні, а соймік Жамойцкага староства ў верасні 1587 г. заяўляў, што ў выбарах будучага герцага Прусіі павінна ўдзельнічаць і ВКЛ [20].

Падкрэслім, што і на прыярытэтным для ВКЛ усходнім напрамку знешнепалітычнай дзейнасці Рэчы Паспалітай літвіны лічылі неабходным вызначэнне разам з палякамі агульнай палітыкі ў адносінах з Маскоўскай дзяржавай. На сойме 1595 г. віленскія паслы мелі дабівацца ў Жыгімонта Вазы і ўсіх каронных станаў гарантый заключэння вечнага міру з Масквой, як з боку ВКЛ, так і Польшчы [21]. Полацкая шляхта перад соймам 1598 г. заклікала хутчэй адправіць ад сенатараў ВКЛ і Польшчы пасланца да маскоўскіх думных баяраў дзеля вызначэння часу і месца перамоў паміж камісарамі Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы аб заключэнні вечнага міру ці нават аб'яднанні абедзьвюх краін. Камісараў трэба было прызначыць на будучым сойме з ліку паслоў і сенатараў «абодвух народаў» [22]. Накіраваць з сойма 1598 г. у Маскву камісараў ад ВКЛ і Польшчы прасіў і менскі соймік, падкрэсліваючы, што мір або унія з Маскоўскай дзяржавай забяспечаць спакой усёй Рэчы Паспалітай [23]. Аб працягу перамір'я з вялікім князем маскоўскім дамаўляцца з «ыншыми станы» даручалася ў тым жа годзе і новагародскім паслам [24]. Матэрыялы соймікаў дадзенага перыяду зусім не адлюстроўваюць імкнення шляхты ВКЛ атрымаць нейкі асобны статус у стасунках са сваім усходнім суседам. Наадварот, відавочна імкненне больш актыўна прыцягнуць польскі бок да вырашэння маскоўскіх спраў, што, верагодна, магло забяспечыць больш грунтоўныя і інтэнсіўныя дыпламатычныя стасункі Рэчы Паспалітай з Масквой.

Часам на сойміках ВКЛ узнімаліся пытанні знешняй палітыкі, якія былі актуальны ў першую чаргу для Кароны, а самога Вялікага Княства фактычна не датычыліся. Так, у лютым 1596 г. смаленскі кашталян Вацлаў Агрыпа, земскі падскарбі Дзмітры Халецкі і троцкі пробашч Бенедыкт Война, выступаючы на пасяджэнні сойміка ў Вільні, заклікалі «Валахію затрымаць пры Кароне» [25].

Можна меркаваць, што ў цэлым для «палітычнага народа» ВКЛ было характэрна трымацца літары уніі ў справах знешняй палітыкі. Нават у складаныя часы бескаралеўя, у верасні 1587 г., жамойцкі соймік у інструкцыі сваім паслам на каранацыйны сойм адназначна падкрэсліваў, што адпраўленне замежных пасольстваў павінна адбывацца выключна з ведама ўсіх сенатараў абодвух народаў [26].

Супольныя праблемы для ВКЛ і Польшчы з'явіліся і ва ўнутраным жыцці Рэчы Паспалітай. Напрыклад, адной з першых такіх праблем стала пытанне ўтрымання нашчадкаў Жыгімонта Аўгуста [27]. На агульнае абмеркаванне прадстаўнікоў Вялікага Княства і Кароны таксама адкладаліся справы ўтварэння дзяржаўнага скарбу, удасканалення судовай сістэмы ВКЛ ды звычаю абрання караля і вялікага князя (Троцкае ваяводства, снежань 1571 г.), заснавання манетнага двара ў ВКЛ (Віленскае ваяводства, кастрычнік 1573 г.), выплаты грошай жаўнерам і спынення свавольстваў нізовых казакоў (Віленскі павет, кастрычнік 1590 г., Полацкае ваяводства, студзень 1598 г.), адмены задворных позваў і забеспячэння памежных замкаў (Віленскі павет, снежань 1596 г.), выканання Pacta conventa з боку караля і вялікага князя (Віленскі павет, студзень 1598 г.) і шэраг іншых [28]. Разумела вялікакняская шляхта патрэбу правядзення супольнай з палякамі палітыкі і ў адносінах да тых рэгіёнаў, якія знаходзіліся ў агульным падпарадкаванні Вялікага Княства і Кароны. Соймікі Вількамірскага і Менскага паветаў у студзені 1598 г. патрабавалі абмеркаваць з усімі соймавымі станамі сітуацыю з раздачай у Інфлянтах дзяржаваў і старостваў, бо правінцыя гэта «належыць народам кароннаму і літоўскаму» [29].

Безумоўна, як справу агульнадзяржаўнай важнасці ўспрымала шляхта ВКЛ стан канфесійных узаемаадносін у Рэчы Паспалітай. Абвастрэнне стасункаў паміж каталікамі і пратэстантамі ў канцы XVI ст., а таксама заключэнне Берасцейскай царкоўнай уніі ў 1596 г. закраналі ўвесь «палітычны народ», незалежна ад месца жыхарства. Лідская шляхта ў снежні 1596 г. даручала сваім паслам прасіць ва ўсіх соймавых станаў дапамогі дзеля захавання старадаўніх правоў розных хрысціянскіх канфесій і рэлігійнага міру ў краіне [30]. Яшчэ раней, у 1587 г., жамойцкая шляхта ў якасці прыкладу парушэння варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. прыводзіла факт разбурэння пратэстанцкага збору ў Кракаве, а віленская шляхта ў 1594 г. выказвала занепакоенасць нападамі на зборы ў Кароне [31].

Яшчэ адным фактарам, што спрыяў збліжэнню розных рэгіёнаў краіны, была практыка вынясення на разгляд павятовых соймікаў ВКЛ спраў, якія датычыліся толькі Польшчы, і наадварот. Напрыклад, перад вальным соймам 1572 г. шляхта Вялікага Княства інфармавалася аб люстратарах, якія праводзілі рэвізію свабодных каралеўскіх уладанняў у Польшчы, аб экзекуцыі некаторых маёнткаў на землях Кароны і інш. [32] А ў гаспадарскай інструкцыі перад соймам 1578 г. адзначалася непасрэдна: «А ижъ тежъ ваша милость въ одну речъ посполитую съ Короною Полскою злучени естесте, про то его королевская милость, яко потребы вашей милости, Великого Князства Литовского, на соймики Коронные подати, такъ тежъ Полские потребы, звлаща около судовъ, незгоды з духовеньствомъ, квартъ и трохъ частей, от скаръбу отъдаленыхъ, ку ведомости вашей милости донесть росказать рачылъ» [33]. На нашу думку, такая практыка садзейнічала фарміраванню ў грамадскай свядомасці шляхты ўяўленняў аб злучанасці ВКЛ і Польшчы ў сапраўды адзіны дзяржаўны механізм. Так, ужо ў 1598 г. полацкая шляхта даручала сваім паслам на сойме дабівацца, каб у Польшчы былі прызначаны люстратары каралеўскіх маёнткаў і ўладанняў памерлай каралевы Ганны, бо гэта дазволіць павялічыць паступленне ў каронны скарб кварты (¼ даходаў з даменіяльных уладанняў) [34].

Заўважым таксама, што заключэнне Люблінскай уніі ў 1569 г. стварыла сітуацыю ўзаемазалежнасці ВКЛ і Польшчы. З'явіўся шырокі спектр агульных правоў і абавязкаў усіх складовых частак Рэчы Паспалітай. Зразумела, што літвіны ў першую чаргу пільна сачылі за выкананнем такіх абавязкаў з боку палякаў. Як паказалі ўжо першыя соймавыя кампаніі, найбольш гэта датычыла польскай ваеннай дапамогі Вялікаму Княству ў Інфлянцкай вайне. Віленскі павятовы соймік у сакавіку 1570 г. і троцкі ваяводскі соймік у снежні 1571 г. падкрэслівалі, што унія непасрэдна абавязвае выступаць супраць любога ворага супольнымі сіламі [35]. У студзені 1587 г. соймік Жамойцкага староства нагадваў палякам аб іх абавязку дапамагаць ВКЛ у абароне не толькі людзьмі, але і грашыма [36].

Разам з тым, расло і пачуццё аднолькавай адказнасці за вырашэнне спраў агульнадзяржаўнай важнасці, у прыватнасці за выплату падаткаў. Віленскі ваяводскі соймік у кастрычніку 1573 г. патрабаваў усталяваць аднолькавае пакаранне, як у Кароне, так і ў Вялікім Княстве, тым асобам, хто без слушнай прычыны не выплочвае пабораў [37]. Соймік Жамойцкага староства ў верасні 1587 г. забараняў ухваляць падаткі і мыта без згоды «сойму валного обоега народу» [38]. Паслы Ашмянскага павета на сойме 1590/1591 гг. павінны былі абдумаць з усімі вялікакняскімі пасламі, на якіх умовах перадаць палякам грошы з пабору 1589 г., выбраныя ў ВКЛ [39]. А земскі падскарбі ВКЛ Дзмітры Халецкі на сойміку ў Вільні ў лютым 1596 г. непасрэдна заклікаў шляхту пароўну з палякамі несці падатковы цяжар [40]. Цікавая ў гэтым кантэксце пазіцыя віленскага рэляцыйнага сойміка ў траўні 1595 г. Шляхта адмаўлялася збіраць пабор, ухвалены на мінулым вальным сойме, пакуль на гэта не згадзяцца ўсе абывацелі Кароны. У якасці галоўнага аргумента прысутныя ў Вільні даводзілі: «Паводле звязу уніі роўна са станамі кароннымі [падаткам] падлягаць маем (…), [але] у Кароне Польскай з некаторых ваяводстваў, зямель і паветаў паслы на той пабор не дазволілі і да браціі ўзялі» [41]. Так аднолькавыя абавязкі двух складовых частак Рэчы Паспалітай рабіліся ў ВКЛ падставай для абароны сваіх партыкулярных інтарэсаў.

Вельмі важна адзначыць, што акт Люблінскай уніі ўспрымаўся шляхецкім асяроддзем Вялікага Княства як рэальны гарант абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Ужо ў 1571 г. шляхта ВКЛ абавязвала сваіх прадстаўнікоў на сойме дзейнічаць «ни в чом не отступаючи а ни нарушаючи листов и списов (…) на унею выданных, и з обу сторон на вечные ч[а]сы попрысяжоных» [42]. Ідэя раўнапраўнасці ВКЛ і Польшчы ў складзе Рэчы Паспалітай, закладзеная ў Люблінскім акце, прыводзіла да таго, што «палітычны народ» Вялікага Княства не аспрэчваў саму унію, а наадварот вельмі часта звяртаўся да яе, як да сродку абароны сваіх свабодаў. Віленскае ваяводства ў кастрычніку 1573 г. заяўляла, што землі Украіны адарваны ад ВКЛ «не через застоновенье унии» [43]. Жамойцкая шляхта ў верасні 1587 г. бачыла парушэнне «звязу» уніі ў недапушчэнні слуцкіх князёў Алелькавічаў у сенат Рэчы Паспалітай [44]. Таксама лозунг ліквідацыі парушэнняў уніі літвіны звычайна выкарыстоўвалі, каб умацаваць свае палітычныя пазіцыі ў перыяды бескаралеўя. Напрыклад, соймік Новагародскага павета ў траўні 1587 г. наказваў сваім паслам на будучай элекцыі да выбараў не прыступаць, пакуль не будуць ліквідаваны ўсе парушэнні уніі, а ўжо ўвосень таго ж года Жамойцкае староства і Берасцейскае ваяводства заяўлялі, што абранне каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы адбылося з парушэннем умоў уніі [45]. У інструкцыі віленскім паслам на сойм 1590/1591 гг. супярэчнымі ўмовам уніі называліся ідэя ўвядзення ў ВКЛ кварты і спробы палякаў адлучыць ад Берасцейскага павета Воінь (Вогінь) ды Ламазы, а ў інструкцыі ашмянскім паслам на той жа сойм - умяшанне польскага боку ў працэс рэфармавання вялікакняскага права [46]. Віленскі соймік у снежні 1594 г. бачыў парушэнне уніі ў скліканні вальнага сойма Рэчы Паспалітай у Кракаве, а не ў Варшаве, і імкненні Трыбуналу ў Любліне падпарадкаваць сваёй юрысдыкцыі значную частку Берасцейскага ваяводства [47]. Аршанская шляхта на рэляцыйным сойміку ў траўні 1595 г. пратэставала супраць планаў склікання двухтыднёвага надзвычайнага сойма Рэчы Паспалітай, як «незвычайнага, правам, звязу уніі супярэчнага» [48]. Аднак найбольш яскрава спробы літвінаў выкарыстаць умовы уніі дзеля абароны сваіх правоў выявіліся падчас вядомага канфлікту вакол віленскага біскупства (1591-1600 гг.). Намінацыю паляка на вышэйшы сенатарскі ўрад ВКЛ літвіны адназначна ўспрымалі як парушэнне сваіх правоў і вольнасцяў, замацаваных не толькі каралеўскімі прывілеямі, але і унійнай дамовай [49]. Пры гэтым вялікакняскім паслам неаднаразова даручалася на соймах прасіць дапамогі ў вырашэнні гэтага канфлікту менавіта каронных сенатараў і паслоў. На думку шляхты Вялікага Княства, дапамога ў абароне правоў - гэта быў абавязак польскага боку, ускладзены на яго якраз умовамі уніі [50].

У ВКЛ унію разумелі як саюз, які гарантаваў раўнапраўе Вялікага Княства і Кароны ў складзе супольнай дзяржавы. Гэта паслядоўна падкрэслівалі. У сакавіку 1576 г. жамойцкая шляхта заяўляла, што яна «ва ўсіх вольнасцях роўная браціі нашай панам Палякам» , а соймік Ашмянскага павета ў кастрычніку 1590 г. даручаў сваім паслам пільнаваць, каб «народ литовский ровную моц и владзу во всем мел з народом полским» [51]. Часам роўныя правы разумеліся як агульныя правы. Так, віленскі соймік у кастрычніку 1573 г. патрабаваў, каб на будучай каранацыі кароль і вялікі князь выдаў для Кароны і Вялікага Княства прывілеі з пацвярджэннем іх правоў і свабодаў «в одно слово написаны» [52]. Такое разуменне зместу уніі, на нашу думку, у перспектыве стварала спрыяльную глебу для вельмі глыбокай палітычнай інтэграцыі ВКЛ і Польшчы ды паступовай уніфікацыі іх дзяржаўных арганізмаў.

Супольныя палітычныя інстытуты Рэчы Паспалітай, асабліва, вальны сойм, давалі магчымасць шляхце ВКЛ блізка азнаёміцца з сацыяльна-палітычным досведам польскай шляхты і перанесці яго на ўласную глебу. Натуральна, гэта яшчэ больш спрыяла злучэнню двух дзяржаўных суб'ектаў. Лідскі соймік у снежні 1596 г. непасрэдна заклікаў «па прыкладу браціі нашай паноў Палякаў» увесці ў Вялікім Княстве спецыяльны падатак, які паступаў бы ў павятовы скарб [53]. Соймік Полацкага ваяводства ў студзені 1598 г. для лепшай абароны краіны гатовы быў згадзіцца на правядзенне ў паветах ВКЛ збору шляхецкага апалчэння (okazowanie). Прычым полацкая шляхта паказала тут добрае веданне польскіх законаў: у пасольскай інструкцыі падкрэслівалася, што пастанаўляць такі збор неабходна толькі так, як гэта было вызначана канстытуцыяй кароннага «экзекуцыйнага» сойма 1563 г. [54] Безумоўна, пад уплывам вопыту польскага экзекуцыйнага руху ў Вялікім Княстве набірала папулярнасць ідэя выплаты ў земскі скарб кварты з гаспадарскіх маёнткаў. Прынамсі, у кастрычніку 1590 г. за ўвядзенне кварты выступіў ашмянскі соймік, а ў лютым 1596 г. - значная частка шляхты на сойміку ў Вільні [55]. Перад вальным соймам Рэчы Паспалітай 1597 г. увядзенне ў ВКЛ кварты падтрымлівалі паслы Лідскага, Гарадзенскага і Віцебскага паветаў [56]. У 1598 г. Полацкае ваяводства прапаноўвала дзяржаўцам гаспадарскіх маёнткаў выплачваць у скарб трэцюю частку ўсіх даходаў (а за першы год трымання - увесь даход). Для аргументацыі такога падыходу прыводзіўся польскі вопыт. Калі ў Польшчы з «добраў Рэчы Паспалітай» на абарону ідзе пэўная частка даходаў (кварта), то, як адзначалася ў пасольскай інструкцыі, у ВКЛ аніякіх сродкаў з такіх уладанняў у скарб не паступае [57].

Адзначым, што падрабязнае азнаямленне шляхты Вялікага Княства з палітычнымі працэсамі ў Кароне, дазвалялі ёй не толькі пераняць нешта карыснае і патрэбнае, але і запабегчы адмоўнаму досведу. Так, полацкі соймік у 1598 г. адмыслова адзначаў негатыўныя наступствы для функцыянавання пасольскай ізбы канфліктаў, звязаных з расколам на сойміках і нязгодным выбарам соймавых паслоў, ды тлумачыў сваім прадстаўнікам, як трэба дзейнічаць у такім выпадку [58]. Відавочна, гэта была рэакцыя на падзеі сойма 1597 г., калі з-за спрэчак вакол правамоцнасці паслоў, абраных ад Валынскага і Рускага ваяводстваў, пасольская ізба распачала працу не 10 лютага, як павінна была, а толькі 15 лютага 1597 г. [59]

Нарэшце, важнае значэнне для раскрыцця заяўленай тэмы даследавання мае аналіз таго, як разумела шляхта ВКЛ сам тэрмін «Рэч Паспалітая» і як гэтае разуменне змянялася з цягам часу [60]. Мы не ставім перад сабой задачу праводзіць зараз падрабязны семантычны аналіз паняцця «Рэч Паспалітая», але адзначыць найбольш сутнасныя моманты магчыма і неабходна. Дадзены тэрмін у апошняй трэці XVI ст. выкарыстоўваўся ў соймікавай дакументацыі ў розных значэннях. Найбольш распаўсюджанымі былі два разуменні. Па-першае, «Рэч Паспалітая» як дзяржава, грамадскі інстытут, які таксама часам атаясамляўся з вальным соймам ці ўсёй шляхтай. Па-другое, «Рэч Паспалітая» як супольная дзяржава, складзеная з двух суб'ектаў - Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Заўважым, што з 1590-х гг. менавіта разуменне Рэчы Паспалітай як супольнай дзяржавы выходзіць на першае месца ў пастановах павятовых соймікаў Вялікага Княства. У значна меншай ступені паняцце «Рэч Паспалітая» выкарыстоўвалася для вызначэння толькі ВКЛ ці нават аднаго з яго рэгіёнаў. Так, у 1573 г. жамойцкі соймік ужываў наступнае азначэнне: «речи посполитое земли Жомойтское» [61]. Гэта, безумоўна, сведчыць аб даволі высокім узроўні лакальнай самасвядомасці мясцовай шляхты.

Акрамя паступовага ўмацавання за тэрмінам «Рэч Паспалітая» значэння дзяржаўнага аб'яднання Вялікага Княства і Кароны, у самым канцы XVI ст. у матэрыялах соймікаў ВКЛ з'яўляюцца і каштоўнасныя ацэнкі Рэчы Паспалітай - яе пачынаюць акрэсліваць як «сваю» або «нашу» дзяржаву. Менскі рэляцыйны соймік у траўні 1595 г. называў Карону і Вялікае Княства «сваёй» Рэч Паспалітай, а на віленскім сойміку ў лютым 1596 г. падчашы ВКЛ Крыштаф Дарагастайскі ў сваёй прамове назваў супольную дзяржаву «нашай» [62]. Больш за тое, у гэты ж перыяд шляхта ВКЛ пачынае атаясамляць Рэч Паспалітую як сваю Айчыну. Здаецца, упершыню гэта зафіксавана на рэляцыйным сойміку Віленскага павета ў траўні 1595 г. Тады ў сваёй ухвале віленская шляхта заяўляла аб сваёй гатоўнасці служыць «Айчыне сваёй Рэчы Паспалітай» [63], маючы на ўвазе, безумоўна, дзяржаўнае аб'яднанне ВКЛ і Польшчы. Перад вальным соймам 1597 г. супольную дзяржаву сваёй Айчынай называлі ўжо віленскі, ашмянскі і лідскі соймікі [64].

Працэс успрыняцця Рэчы Паспалітай як сваёй Айчыны ў гэты час толькі пачынаўся і быў даволі складаны ды незаўсёды паслядоўны. Напрыклад, тая ж лідская шляхта менш чым праз паўтары гады, у траўні 1598 г., называе «нашай Рэч Паспалітай» і «нашай Айчынай» зусім не супольную дзяржаву, а менавіта Вялікае Княства Літоўскае [65]. Тым не менш, відавочна, што якраз у канцы XVI ст. у грамадскай свядомасці шляхты ВКЛ пачынае фарміравацца ўяўленне аб супольнай Рэчы Паспалітай як аб найважнейшай каштоўнасці, а менавіта як аб сваёй дзяржаве і сваёй Айчыне. Гэта, у сваю чаргу, толькі спрыяла далейшай сацыяльнай і палітычнай інтэграцыі «палітычных народаў» Вялікага Княства і Кароны.

Такім чынам, утварэнне і дзейнасць супольнага вальнага сойма Рэчы Паспалітай у значнай ступені паскарала працэс інтэграцыі Кароны і Княства. Менавіта сойм быў тым форумам, на якім шляхта з розных рэгіёнаў краіны разам вырашала пытанні агульнадзяржаўнага значэння, а таксама магла азнаёміцца з сацыяльна-палітычным досведам сваіх новых суайчыннікаў. Найбольш інтарэсам вялікакняскага «палітычнага народа» адпавядала агульнае з польскім бокам правядзенне знешняй палітыкі і разгляд тых унутрыдзяржаўных праблем, якія так ці інакш закраналі абодва суб'екты Рэчы Паспалітай (напрыклад, канфесійныя стасункі, свавольства нізовых казакоў і інш.). Сумеснае вырашэнне літвінамі і палякамі на соймах розных пытанняў, асабліва пытанняў абароны і падаткаабкладання, спрыяла разуменню ўзаемнай залежнасці Вялікага Княства і Кароны. Акрамя таго, шляхецтва ВКЛ успрымала агульны сойм і, увогуле, унію як рэальны і дзейсны інструмент абароны сваіх правоў ды свабодаў. Гэтым, на нашу думку, і тлумачыцца адсутнасць сур'ёзнай глебы для сепаратызму ў шырокіх колах шляхты Вялікага Княства. Прынамсі, матэрыялы павятовых соймікаў апошняй трэці XVI ст. ніякіх сепаратысцкіх настрояў не адлюстроўваюць. Працэсу сацыяльна-палітычнай інтэграцыі ВКЛ і Польшчы, які якраз актывізуецца з канца XVI ст., спрыяла і тое, што сама супольная Рэч Паспалітая становіцца адной з найважнейшых каштоўнасцяў у свядомасці «палітычнага народа» ВКЛ.



[1] Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609). Vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 235.

[2] Сярод важнейшых прац неабходна назваць: Дружчыц В. Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі // Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску. 1925. № 6-7. С. 216-251; Закшэўскі А. Юрыдычна-адміністрацыйны рэгіяналізм у I Рэчы Паспалітай // Беларусіка = Albaruthenica: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне / Рэд. А. Мальдзіс і інш. Мінск, 1994. С. 16-23; Лаппо И. И. Великое княжество Литовское от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). Опыт исследования политического и общественного строя. Т. 1. СПб., 1901; Он же. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911; Лойка П.А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI-першай трэці XVII ст. Мінск, 2002; Kiaupa Z., Kiaupienė J., Kuncevičius A. The History of Lithuania (before 1795). Vilnius, 2000. P. 236-239, 243-251, 267-282; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002; Zakrzewski A. B. Odrębności systemu parlamentarnego Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI-XVIII wieku // Rzeczpospolita w XVI-XVIII wieku. Państwo czy wspólnota? / Pod red. B. Dybasia, P. Hanczewskiego, T. Kempy. Toruń, 2007. S. 107-128. На адасобленыя формы дзейнасці дэлегацыі ВКЛ на вальных соймах Рэчы Паспалітай у 1569-1600 гг. звяртаў увагу і аўтар дадзенага артыкула: Подолинский В.А. Великое Княжество Литовское в системе представительных органов власти Речи Посполитой: обособленные формы парламентской деятельности в последней трети XVI в. // Парламентаризм в Республике Беларусь: опыт становления и развития / Под ред. В. А. Божанова. Минск, 2006. С. 52-62.

[3] На інтэграцыйныя працэсы паміж ВКЛ і Польшчай у палітычнай сферы звярталася ўвага перадусім у польскай гістарыяграфіі: Błaszczyk G. Rzeczpospolita w latach 1569-1795: węzłowe probłemy stosunków polsko-litewskich // Zapiski Historyczne. 1998. T. LXIII. Z. 1. S. 59-80; Wasilewski T. Walka o zrównanie praw szlachty litewskiej z koronną od Unii Lubelskiej do początku XVIII w. // Zapiski Historyczne. 1986. T. LI. Z. 1. S. 45-62; Zakrzewski A. Paradoksy unifikacji prawa i ustroju Wielkiego Księstwa Litewskiego i Korony XVI-XVIII w. // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1999. T. LI. Z. 1-2. S. 219-238.

[4] Соймікі Віленскага павета ў сакавіку 1570 г. і Троцкага ваяводства ў снежні 1571 г.: РНБ. Ф. 971. Авт. 152. Л. 60-63 об. (Друк у: Lulewicz H. Najstarsza znana instrukcja sejmikowa z Wielkiego Księstwa Litewskiego. Sejmik wileński przed sejmem warszawskim 1570 roku // Studia Historyczno-Prawne. Prace dedykowane Profesorowi Janowi Seredyce w siedemdziesiątą piątą rocznicę urodzin i czterdziestopięciolecie pracy naukowej / Pod red. J. Dorobisza, W. Kaczorowskiego. Opole, 2004. S. 171-180); Авт. 133. Л. 64-67 об. (Друк у: Радаман А. Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета паслам на Варшаўскі сойм 1572 г. з агульнаваяводскага сойміка Трокскага ваяводства, які адбываўся ў Самілішках 9 снежня 1571 г. // Гарадзенскі палімпсест-2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XV-XX ст. / Пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. Гародня, 2009. С. 246-251). Таксама частковая інфармацыя аб працы соймікаў ВКЛ у снежні 1571 г. утрымліваецца ў: НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 56. Арк. 5 адв.-10.

[5] АСД. Т. 4: 1508-1612. Вильна, 1867. С. 11-14; РНБ. Ф. 971. Авт. 127. Л. 1-2 об.; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 93, 165, 187 (друк: Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г. // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 10. Сш. 1-2 (18-19). 2003. С. 163-174), 192, 196; Postanowienia na sejmiku wilkijskim w ziemi żmudzkiej roku 1576 marca 28 dnia // Kwartalnik Historyczny. 1902. R. 16. Z. 3. S. 457-458.

[6] АВАК. Т. 8: Акты виленского гродского суда. Вильна, 1874. С. 331-337; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 242, 346, 356; BCzart. Collectanea do dziejów Polski z lat 1553-1611. Polska. T. II (XVI-XVII). Akta 1 (1585-1598). Rkps 2243.IV. K. 185-191 (за магчымасць карыстацца дадзеным дакументам выказваю шчырую ўдзячнасць А. Радаману). Захаваліся і некаторыя ўрыўкавыя матэрыялы працы перадсоймавых соймікаў Троцкага і Ковенскага паветаў у снежні 1594 г.: AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 286, 287.

[7] АВАК. Т. 2: Акты брестского земского суда (1431-1793). Вильна, 1867. С. 149-154; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 352, 354; Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inne odnoszące się do tego sejmu / Wyd. E. Barwiński. Kraków, 1907. S. 403-419.

[8] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 243, 368, 370, 371, 373, 380, 400, 401, 402; BCzart. Rkps 2234. Nr 51. K. 237-243 (за магчымасць карыстацца дадзеным дакументам выказваю шчырую ўдзячнасць А. Радаману). Гл. таксама: Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на Варшаўскі сойм 1598 г. // Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні. 2005. № 2. С. 97-109.

[9] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 300-305, 307. Захаваліся таксама лісты лідскай шляхты з рэляцыйных соймікаў 1597 і 1598 гг.: AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 361, 383.

[10] Volumina Constitutionum. T. II. Vol. I. S. 236.

[11] РНБ. Ф. 971. Авт. 133. Л. 66; Радаман А. Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета… С. 250.

[12] АВАК. Т. 2. С. 150-151; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 401. K. 3; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 412-413, 415-416; BCzart. Rkps 2243.IV. K. 188.

[13] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 346. K. 4; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 368. K. 3.

[14] У склад гэтага пасольства, прызначанага на вальным сойме Рэчы Паспалітай 1596 г., у якасці сакратара ўваходзіў і прадстаўнік ВКЛ - каралеўскі сакратар Мікалай Сапега, сын былога менскага ваяводы Багдана Сапегі: Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 185-186, 405, 410, 417; Nagielski M. Sapieha Mikołaj // PSB. T. 35. Z. 1 (144). Warszawa - Kraków, 1994. S. 122.

[15] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 417.

[16] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 243. K. 1; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 368. K. 1; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 370. K. 1; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 373. K. 1. Гл. таксама: Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на Варшаўскі сойм 1598 г. С. 100.

[17] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 401. K. 1; BCzart. Rkps 2234. Nr 51. K. 237.

[18] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 401. K. 2.

[19] АВАК. Т. 8. С. 335; Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на Варшаўскі сойм 1598 г. С. 104; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 368. K. 2; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 373. K. 2-3; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 407.

[20] РНБ. Ф. 971. Авт. 133. Л. об.-66; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 196. K. 5. Гл. таксама: Радаман А. Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета… С. 249.

[21] АВАК. Т. 8. С. 333.

[22] BCzart. Rkps. 2234. Nr 51. K. 240-241.

[23] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 368. S. 2.

[24] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 373. K. 2. Гл. таксама: Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на Варшаўскі сойм 1598 г. С. 102.

[25] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 356. K. 1-2.

[26] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 196. K. 4.

[27] РНБ. Ф. 971. Авт. 152. Л. 60 об.-61; Lulewicz H. Najstarsza znana instrukcja… S. 178-179.

[28] РНБ. Ф. 971. Авт. 133. Л. 65-66; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 93. K. 7; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 370. K. 3; BCzart. Rkps. 2234. Nr 51. K. 238; Rkps. 2243.IV. K. 187, 190; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 407. Гл. таксама: Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель… С. 45; Радаман А. Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета… С. 249-250.

[29] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 368. K. 3; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 402. K. 4.

[30] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 412. Раіцца на сойме з польскімі пасламі ў пытанні выканання варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. аб рэлігійным міры даручаў паслам ВКЛ і Галоўны соймік у Слоніме ў сакавіку 1596 г.: РНБ. Ф. 957. Pol.F.IV. № 130. Л. 205.

[31] АВАК. Т. 8. С. 336; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 196. K. 1-2.

[32] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 270. Арк. 28-29; РНБ. Ф. 293. № 252. Л. 6 об.-7. Друк: АЮЗР. Т. 2. СПб., 1863. С. 174-175; Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Приложения. С. 10-12.

[33] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Приложения. С. 112.

[34] BCzart. Rkps. 2234. Nr 51. K. 239.

[35] РНБ. Ф. 971. Авт. 133. Л. 65 об.; Авт. 152. Л. 60, 62 об. Гл. таксама: Радаман А. Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета… С. 249; Lulewicz H. Najstarsza znana instrukcja... S. 178, 180.

[36] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 165. K. 2. Гл. таксама: Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель… С. 49; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 361.

[37] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 93. K. 8; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 148.

[38] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 196. K. 2.

[39] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 242. K. 2.

[40] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 356. K. 1. Галоўны соймік ВКЛ у сакавіку 1596 г. сцвярджаў гатоўнасць літвінаў да таго, каб « у адной Рэчы Паспалітай аднолькавыя цяжары панасілі» : AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 344. K. 2.

[41] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 303. K. 3-4.

[42] Троцкі ваяводскі соймік у Самілішках у снежні 1571 г.: РНБ. Ф. 971. Авт. 133. Л. 66; Радаман А. Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета… С. 250.

[43] Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель… С. 41; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 93. K. 4. Заўважым, што ўмовамі уніі часам спрабавалі абараніць і асабістыя маёмасныя інтарэсы. Так, у 1594 г. віленскі соймік заступіўся за Яна Гарабурду, правы якога на маёнтак Свіслач аспрэчваліся скарбам, на думку шляхты, з парушэннем «звязу уніі» : АВАК. Т. 8. С. 336.

[44] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 196. K. 6. Хаця, менавіта Люблінская унія і пакінула іх па-за межамі сената новаўтворанай дзяржавы: Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym... S. 168-169.

[45] РНБ. Ф. 971. Авт. 127. Л. 1; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 187. K. 1; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 196. K. 1. Гл. таксама: Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г. С. 165.

[46] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 242. K. 7-8; BCzart. Rkps. 2243.IV. K. 186, 188-189. Гл. таксама: Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель…С. 51-53, 73; Міхалюк Д. Памежныя спрэчкі паміж Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім у 16-17 стст. на прыкладзе Мельніцкай і Берасцейскай земляў // Гістарычны альманах. 2001. Т. 5. С. 23-53.

[47] АВАК. Т. 8. С. 332, 335.

[48] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 301. K. 1-2.

[49] BCzart. Rkps 2234. Nr. 51. K. 240; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 405.

[50] АВАК. Т. 8. С. 334; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 243. K. 2; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 370. K. 2. Пэўным выключэннем тут была пазіцыя новагародскага сойміка ў студзені 1598 г., які дазваляў абмеркаваць сітуацыю вакол віленскага біскупства з кароннымі станамі, але быў гатовы толькі на адзін раз згадзіцца на прызначэнне паляка віленскім біскупам: AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 373. K. 2. Гл. таксама: Радаман А. Інструкцыя Новагародскага сойміка паслам на Варшаўскі сойм 1598 г. С. 104.

[51] Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель... С. 43; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 242. K. 8; Postanowienia na sejmiku wilkijskim... S. 457.

[52] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 93. K. 3; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 147.

[53] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 414.

[54] BCzart. Rkps. 2234. Nr 51. K. 239; Volumina Constitutionum. T. II. Vol. I. S. 106. Яшчэ перад соймам 1597 г. за збор шляхецкага апалчэння выказвалася шляхта Віленскага, Ашмянскага, Лідскага, Вількамірскага, Троцкага, Новагародскага і Менскага паветаў: Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 407, 410, 413, 420-422. А яшчэ раней, у сакавіку 1596 г., такі збор шляхты падтрымаў і Галоўны соймік ВКЛ: РНБ. Ф. 957. № 130. Л. 206 об.

[55] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 242. K. 9; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 356. K. 1-3.

[56] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 413, 421.

[57] BCzart. Rkps. 2234. Nr 51. K. 239.

[58] BCzart. Rkps. 2234. Nr 51. K. 240.

[59] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 3-15. Пэўна, памяталі ў Полацку і сойм 1593 г., калі падобныя спрэчкі затрымалі пачатак працы на 8 дзён: AGAD. Archiwum Publiczne Potockich. Zbior Dyaryuszów seymowych za panowania Zygmunta III. T. 1: 1585-1607. S. 457-469. Гл. таксама: Opaliński E. Sejm srebrnego wieku (1587-1652). Między głosowaniem większościowym a liberum veto. Warszawa, 2001. S. 127-128.

[60] Семантыка паняцця «Рэч Паспалітая» часткова ўжо разглядалася, як у польскай, так і беларускай гістарыяграфіі: Галубовіч В. Спроба семантычнага аналізу паняццяў: ВКЛ - Рэч Паспалітая - Айчына - народ (па матэрыялах соймікавай дакументацыі полацкай шляхты першай паловы XVII ст.) // Герольд Litherland. 2006. № 17. С. 23-26; Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель... С. 87-88; Opaliński E. Kultura polityczna szlachty Polskiej w latach 1587-1652. System parlamentarny a społeczeństwo obywatelskie. Warszawa, 1995. S. 27-38; Idem. Sejm srebrnego wieku... S. 189-193.

[61] АСД. Т. 4. С. 11. А соймік Жамойцкага староства ў верасні 1587 г. увогуле вёў гаворку пра «право и волности того панства (падкрэслена намі - У.П .) земли жомоитское» : AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 196. K. 7.

[62] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 305. K. 1; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 356. K. 2. Азначэнне «наша Рэч Паспалітая» сустракаецца і ў матэрыялах працы Галоўнага сойміка ВКЛ, які адбыўся ў сакавіку 1596 г. у Слоніме: РНБ. Ф. 957. Pol.F.IV. № 130. Л. 204; AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 344. K. 1.

[63] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 303. K. 3.

[64] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 404, 409, 411. Цікава, што соймік Берасцейскага павета, які адбываўся ў той жа час, хоць і называе ўжо ўсю Рэч Паспалітую «нашай» , але Айчынай для яго яшчэ застаецца ВКЛ: АВАК. Т. 2. С. 150; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 415.

[65] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 383. K. 1.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX