Папярэдняя старонка: Падалінскі Уладзімір

Соймавае прадстаўніцтва Полацкага ваяводства ў канцы XVI ст. Спроба аналізу 


Аўтар: Падалінскі Уладзімір,
Дадана: 03-09-2013,
Крыніца: Падалінскі У. Соймавае прадстаўніцтва Полацкага ваяводства ў канцы XVI ст. Спроба аналізу / У. Падалінскі // Полацкі музейны штогоднік: (зборнік навуковых артыкулаў за 2010 г.) / уклад. Т.А. Джумантаева, А.У. Шумовіч, Т.Р. Смірнова. - Полацк: НПГКМЗ, 2011. - С. 155-163.

Спампаваць




У XVI ст. шляхта ўсіх зямель Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) актыўна ўцягваецца ў грамадскае жыццё краіны, пашырае свае сацыяльна-палітычныя правы. Важную ролю ў гэтых працэсах адыгрывала развіццё парламенцкай сістэмы ВКЛ і пазней Рэчы Паспалітай. Аналіз соймавага прадстаўніцтва розных рэгіёнаў Вялікага Княства дазваляе больш комплексна і глыбока вывучыць склад лакальных шляхецкіх эліт, іх палітыка-прававую культуру і свядомасць. У дакладзе паслы Полацкага ваяводства на соймы Рэчы Паспалітай канца XVI ст., абраныя на сойміку ў Полацку (да 1579 г. - у Лепелі і Дзісне), разглядаюцца праз прызму іх маёмаснага становішча, сацыяльнага і этнічнага паходжання, канфесійнай прыналежнасці і з пункта гледжання іх палітычнай кар'еры.

За перыяд 1575-1600 гг. нам вядомы 15 шляхціцаў (належалі да 12 шляхецкіх родаў), якія рэпрэзентавалі Полацкае ваяводства як мінімум на 21 сойме Рэчы Паспалітай. Так, Ян Лопат быў полацкім паслом на элекцыйным сойме 1575 г. ды вальных соймах 1578 і 1579/80 гг. [1] На элекцыях 1575 і 1587 гг. полацкую шляхту прадстаўляў Дзмітры Корсак [2]. Міхал Друцкі-Саколінскі абіраўся з Полацка паслом на элекцыйны сойм 1587 г. і вальны сойм 1589 г. [3] На двух вальных соймах 1597 і 1598 гг. полацкім паслом з'яўляўся Якуб (?) Сямашка [4]. Таксама, як мінімум, двойчы ў працы соймаў Рэчы Паспалітай браў удзел полацкі падкаморы Міхал Францковіч-Радзімінскі : у 1587 (элекцыя) і 1590 гг. [5] Прынамсі па адным разе Полацкае ваяводства на соймах супольнай дзяржавы прадстаўлялі Мікалай Шчыт (1578 г.), Вацлаў Друцкі-Саколінскі (1587 г., канвакацыя), Юры Катавіцкі (1587 г., элекцыя), Васіль Рэвут (1589 г.), Фрыдрых Ветрынскі (1593 г.), Абрам Мялешка (1593 г.), Яраш Корсак (1596 г.), Ян Корсак-Галубіцкі (1600 г.) і Аляксандр Тышкевіч (1600 г.) [6]. Акрамя таго, у студзені 1598 г. на перадсоймавым сойміку ў Полацку мясцовая шляхта абрала земскім паслом выбітнога парламентарыя і жаўнера Рэчы Паспалітай канца XVI-пачатку XVII ст. Пятра Стаброўскага [7].

У маёмасным плане сярод полацкіх паслоў пераважала дробная шляхта, г.зн. тая, якая валодала менш як 50 сялянскімі "службамі" і, адпаведна, выстаўляла ў войска ад 1 да 4 коннікаў [8]. Менавіта да гэтай катэгорыі шляхты ў другой палове XVI ст. адносіліся роды Друцкіх-Саколінскіх і Францковічаў-Радзімінскіх [9]. З вялікай доляй верагоднасці да дробнай шляхты можна аднесці і Лопатаў, Шчытоў, Рэвутаў, Катавіцкіх, Ветрынскіх, Сямашкаў. Да даволі вядомага ў Рэчы Паспалітай роду (лінія Міхайлы Тышкевіча) належаў А. Тышкевіч, але ў канцы XVI ст. гэтая лінія Тышкевічаў значна разраслася і, напэўна, таксама адносілася да дробнай шляхты [10]. Даволі заможны яшчэ ў пачатку XVI ст. род Корсакаў у выніку частых войнаў з Маскоўскай дзяржавай да сярэдзіны таго стагоддзя згубіў значную частку сваіх уладанняў і збяднеў [11]. Дробнай шляхтай можам лічыць і Я. Корсака, і Я. Корсака-Галубіцкага. За выключэннем хіба Дз. Корсака, чый бацька Васіль у 1552 г. ставіў у войска 8 коннікаў, г.зн. належаў да сярэдняй шляхты [12]. Да сярэдняй шляхты можна аднесці А. Мялешку, які ў 1565 г. ставіў у войска ВКЛ 5 коннікаў [13]. Падобна, што да гэтай маёмаснай катэгорыі належаў і П. Стаброўскі [14].

Па сацыяльным паходжанні большасць соймавых паслоў Полацкага ваяводства ў канцы XVI ст. належала да нязнатнай, мясцовай шляхты: Ветрынскія, Катавіцкія, Лопаты, Рэвуты, Сямашкі, Шчыты. Роды Мялешак, Стаброўскіх, Францковічаў-Радзімінскіх, хоць і мелі ўладанні ў розных паветах ВКЛ, але таксама адносіліся да нязнатных. Знаць была прадстаўлена ў невялікай колькасці: да княжацкіх родаў Вялікага Княства адносіліся два прадстаўнікі Друцкіх-Саколінскіх, а да "панскіх" - толькі А. Тышкевіч. Асаблівае месца займаў полацкі шляхецкі род Корсакаў, які хоць і не належаў да княжацкіх або "панскіх", але меў вялікае сацыяльна-палітычнае значэнне і аўтарытэт на Полаччыне яшчэ з XV ст. Сярод 15 вядомых соймавых паслоў з Полацка сустракаем трох Корсакаў (20%).

У этнічным плане абсалютная большасць паслоў, абраных у разглядаемы час на полацкім сойміку, адносілася да шляхты з родаў беларускага паходжання: Ветрынскія, Корсакі, Лопаты, Друцкія-Саколінскія, Стаброўскія, Сямашкі, Тышкевічы, Шчыты, Катавіцкія (верагодна). Балцкае паходжанне мелі Мялешкі і, магчыма, Рэвуты, але ў XVI ст. гэтыя роды былі праваслаўнымі, а зн. моцна русінізаваны [15]. М. Францковіч-Радзімінскі паходзіў з роду, прыбыўшага ў Вялікае Княства з Польшчы [16]. Што датычыць канфесійнай прыналежнасці полацкіх паслоў у другой палове XVI ст., то гэтае пытанне патрабуе яшчэ даволі падрабязнага вывучэння. Аднак і зараз можна казаць, што яна была неаднароднай. У соймавым прадстаўніцтве пераважалі пратэстанты (М. Францковіч-Радзімінскі, П. Стаброўскі, Я. Сямашка) і, пэўна, праваслаўныя (М. Друцкі-Саколінскі, А. Мялешка, В. Рэвут?). З канца XVI ст. павялічваецца колькасць католікаў (В. Друцкі-Саколінскі, А. Тышкевіч) і ўніятаў (Я. Корсак-Галубіцкі).

Адназначна можна сцвярджаць, што соймавыя паслы з Полацкага ваяводства належалі да рэгіянальнай палітычнай эліты. Так, 8 асобаў трымалі разнастайныя павятовыя ўрады на Полаччыне [17]. Дз. Корсак і Я. Корсак-Галубіцкі з'яўляліся полацкімі харужымі ў 1589-1594 і 1597-1620 гг. адпаведна. Акрамя таго, Я. Корсак-Галубіцкі быў полацкім гараднічым. Урад мясцовага падкаморыя з 1583 па 1603 г. займаў М. Францковіч-Радзімінскі, а ўрад павятовага маршалка з 1591 па 1595 г. - В. Друцкі-Саколінскі. Сярод полацкіх паслоў неаднаразова сустракаем ураднікаў мясцовага земскага суда. Ю. Катавіцкі паслядоўна займаў пасады земскага пісара (1580-1602 гг.) і падсудка (1602-1617 гг.), Я. Корсак у 1599-1611 гг быў земскім суддзём, а А. Тышкевіч - пісарам земскім (1602-1611 гг.) і земскім суддзём (1611-1644 гг.). Падкрэслім, што ўрады земскіх суддзі, падсудка і пісара, а з 1588 г. падкаморага і харужага, былі выбарнымі, што, на наш погляд, дадаткова сведчыць аб папулярнасці сярод мясцовай шляхецкай супольнасці тых асоб, якія іх займалі. Да таго ж, Я. Сямашка ў 1593 г. з'яўляўся полацкім намеснікам [18]. Яшчэ тры асобы трымалі ўрады па-за Полацкім ваяводствам. П. Стаброўскі быў цівуном вяйшвянскім у Жамойці, А. Мялешка з'яўляўся слонімскім маршалкам, а М. Друцкі-Саколінскі - маршалкам аршанскім. Таксама 3 асобы былі дзяржаўцамі розных старостваў: Я. Лопат - старостам дрысенскім, М. Друцкі-Саколінскі - азярышчанскім і П. Стаброўскі - трэйданскім. Выкананне місіі соймавага пасла спрыяла кар'ернаму росту не толькі на лакальным, але і на агульнадзяржаўным узроўні. Тры шляхціцы, якія ў канцы XVI ст. абіраліся на соймы з Полацкага ваяводства, затым сталі сенатарамі Рэчы Паспалітай. Так, М. Друцкі-Саколінскі быў кашталянам віцебскім (1605-1613 гг.) і ваяводам полацкім (1613-1621 гг.), Я. Корсак-Галубіцкі займаў пасады кашталяна дэрпцкага (1620-1621 гг.) і полацкага (1621-1625 гг.), а П. Стаброўскі з 1600 па 1609? г. з'яўляўся кашталянам парнаўскім [19].

Разглядаемыя асобы бралі ўдзел у палітычным жыцці і на лакальным або рэгіянальным узроўні. Напрыклад, ім даручаліся функцыі зборшчыкаў падаткаў у ваяводстве. Полацкімі паборцамі былі М. Шчыт (1578 г.), Ю. Катавіцкі (1581 г.) і Я. Корсак-Галубіцкі (1590 г.) [20]. На сойме 1589 г. Я. Корсак быў вызначаны шафарам (адказным за паступленне і размеркаванне падаткаў) у Полацкім ваяводстве, а М. Друцкі-Саколінскі - паборцам у Аршанскім павеце; у 1590 г. Я. Корсак выконваў функцыі паборцы ў Новагародскім павеце [21]. Я. Лопат у 1578 г. быў прызначаны каралеўскім паслом на соймік Полацкага ваяводства перад вальным соймам 1578 г. [22] Сярод удзельнікаў Галоўных з'ездаў Вялікага Княства сустракаем Я. Лопата (май-чэрвень 1576 г.), Ю. Катавіцкага (красавік 1580 г.), Дз. Корсака (красавік 1576 г. і лістапад 1587 г.) і М. Францковіча-Радзімінскага (лістапад 1587 г.) [23]. Акрамя таго, Дз. Корсак удзельнічаў у працы Галоўнага сойміка ВКЛ, які адбываўся ў ліпені 1577 г. у Ваўкавыску [24]. Полацкія соймавыя паслы неаднаразова абіраліся мясцовай шляхтай дэпутатамі Трыбунала ВКЛ: Дз. Корсак (1582 і 1583 гг.), Я. Корсак (1586 і 1598 гг.), В. Друцкі-Саколінскі (1588 г.), М. Друцкі-Саколінскі (1594 і 1598 гг.), А. Мялешка (1596 г.), Я. Корсак-Галубіцкі (1595, 1604 і 1618 гг.), П. Стаброўскі (1599 г.), Я. Сямашка (1600 г.) [25]. Акрамя таго, М. Шчыт абіраўся дэпутатам Трыбунала ў 1586 г. ад Віленскага павета, А. Мялешка - у 1584, 1594 і 1600 гг. ад Слонімскага павета, В. Рэвут - у 1590 і 1597 гг. ад Мсціслаўскага ваяводства, М. Друцкі-Саколінскі - у 1590 г. ад Аршанскага павета, Я. Корсак-Галубіцкі - у 1598 г., магчыма, таксама ад Аршанскага павета [26]. Той жа Я. Корсак-Галубіцкі прыцягваўся каралеўскім дваром да выканання дыпламатычных місій: у 1596 і 1598 гг. ён прызначаўся ганцом у Маскоўскую дзяржаву [27]. Нарэшце, М. Друцкі-Саколінскі і П. Стаброўскі абіраліся соймавымі пасламі і з іншых рэгіёнаў ВКЛ. На сойм 1600 г. М. Друцкі-Саколінскі накіраваўся як пасол Віцебскага ваяводства [28]. У сваю чаргу, П. Стаброўскі толькі ў канцы XVI ст. прадстаўляў, акрамя полацкай, слонімскую (1597 г.) і аршанскую шляхту (1596 і 1600 гг.), а яшчэ ўдзельнічаў у працы соймаў 1590 і 1592 гг., але невядома з якіх паветаў на іх быў абраны [29]. Таксама невядома, які рэгіён ВКЛ прадстаўляў на вальным сойме Рэчы Паспалітай 1590 г. А. Мялешка [30].

Відавочна, што з Полацка абіраліся на соймы шляхціцы аўтарытэтныя і папулярныя, як на ўзроўні ваяводства (Дз. Корсак, Я. Корсак-Галубіцкі, Я. Лопат, Я. Корсак, Ю. Катавіцкі) ці пэўнага рэгіёна (М. Друцкі-Саколінскі, А. Мялешка), так і на ўзроўні ўсяго Вялікага Княства (П. Стаброўскі). Што датычыць Дз. Корсака, то яго варта лічыць адным з нефармальных лідэраў палітычна актыўнай полацкай шляхты, прынамсі значнай яе часткі, у 1570-80-я гг. Вядома, напрыклад, што на элекцыйным сойме 1575 г. ён, адзіны з усіх земскіх паслоў ВКЛ, выказаўся за выбар каралём польскім і вялікім князем літоўскім шведскага караля Ёхана III, пры немагчымасці прагаласаваць за вялікага князя маскоўскага Івана IV [31]. У чэрвені 1577 г. частка полацкай шляхты сарвала працу сойміка, скліканага перад Галоўным соймікам ВКЛ, які меў адбыцца ў Ваўкавыску ў ліпені таго года: " для якихсь волностей своихъ пану воеводе Полоцъкому соймику отъправовати не допустили" [32]. "Апазіцыйная" шляхта абрала і свайго пасла ў Ваўкавыск. Ім стаў Дз. Корсак, які, верагодна, і быў адным з ініцыятараў гэтага канфлікту. Не выключана, што яго прычынай было парушэнне права полацкай шляхты самастойна абіраць свайго ваяводу. У ліпені 1576 г. кароль і вялікі князь Стэфан Баторый прызначыў новым полацкім ваяводам Мікалая Дарагастайскага, ні словам не згадаўшы ў сваім прывілеі асаблівых вольнасцей шляхты Полацкага ваяводства [33]. Пра значную папулярнасць Дз. Корсака ў ваяводстве сведчыць і тое, што ў 1589 г. ён быў прызначаны мясцовым харужым без выбараў, бо ўся полацкая шляхта і ваявода М. Дарагастайскі прасілі за яго кандыдатуру перад каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазам [34].

Дзейнасць полацкіх паслоў на соймах Рэчы Паспалітай у канцы XVI ст. даследаваць даволі праблематычна з прычыны недахопу крыніц. Напрыклад, за XVI ст. вядомы змест толькі адной пасольскай інструкцыі, складзенай на перадсоймавым сойміку ў Полацку ў студзені 1598 г., якая адлюстроўвае пазіцыю мясцовай шляхты па шырокім спектры праблем агульнадзяржаўнага і лакальнага значэння [35]. Можна яшчэ дадаць, што ў канцы XVI ст. полацкая шляхта актыўна дабівалася рэалізацыі свайго права абіраць ваяводу. Так, у інструкцыю для сенатараў і земскіх паслоў ВКЛ, складзеную на Галоўным сойміку ў 1589 г., была ўнесена просьба аб захаванні ў сіле і выпраўленні парушэнняў " полацкага прывілея " [36]. Безумоўна, гаворка вялася аб праве полацкай шляхты выбіраць свайго ваяводу. На Галоўным сойміку ў 1596 г. у інструкцыю зноў быў унесены пастулат полацкай і віцебскай шляхты: " прывілеі Полацкія і Віцебскія старадаўнія, каб in suo robore [у сваёй сіле] захаваліся ў справе элекцыі іх м. Паноў ваяводаў ", а паслы ВКЛ гэта палажэнне " канстытуцыяй зацвердзіць на сойме маюць " [37]. Аднак вальныя соймы 1589 і 1596 гг. ніякіх рашэнняў па гэтым пытанні не прынялі. Пад час соймавай кампаніі 1597 г. полацкая шляхта зноў узгадала аб сваіх асаблівых правах, тым больш, што ў студзені таго года памёр полацкі ваявода М. Дарагастайскі. На паседжанні Галоўнага сойміка ВКЛ 1597 г. полацкі пасол Я. Сямашка і слонімскі пасол П. Стаброўскі заклікалі, акрамя іншага, узняць на сойме пытанне аб выбарах полацкага ваяводы. І сапраўды, на сойме Жыгімонту Вазе была пададзена петыцыя ад пасольскай ізбы, у якой утрымлівалася і просьба аб тым, каб Полацкае ваяводства само абірала свайго ваяводу [38]. Адказ караля на конт элекцыі полацкага ваяводы, на жаль, невядомы. Хутчэй за ўсё, новы ваявода Андрэй Сапега ў ліпені 1597 г. быў проста прызначаны Жыгімонтам Вазам [39]. Тым не менш, на нашу думку, такая паслядоўная пазіцыя полацкай шляхты ў адстойванні сваіх старадаўніх правоў дазваляе паставіць пытанне аб даволі высокім узроўні яе лакальнай самасвядомасці.

Далейшага вывучэння патрабуе пытанне ўплыву пратэкцыянісцкіх адносін і суседска-сваяцкіх сувязяў на працу сойміка Полацкага ваяводства і, адпаведна, на вызначэнне яго соймавага прадстаўніцтва. Папярэдне, можна адзначыць, што Я. Корсак-Галубіцкі быў кліентам канцлера Льва Сапегі, а М. Францковіч-Радзімінскі з'яўляўся кліентам біржанскіх Радзівілаў [40]. У палітычным плане вельмі блізка звязаны з віленскім ваяводам Крыштафам Радзівілам быў П. Стаброўскі [41]. Аднак наколькі шырока на той момант былі распаўсюджаны пратэкцыянісцкія ўплывы ў асяроддзі полацкай шляхты адназначна сказаць немагчыма. Дарэчы, згаданы вышэй канфлікт на сойміку 1577 г. паказвае, што шляхта ваяводства не была маналітнай у сваіх сацыяльна-палітычных арыентацыях. Вядомы таксама канфлікт на сойміку ў студзені 1598 г. Полацкі ваявода, католік А. Сапега спрабаваў не дапусціць абрання пасламі на сойм двух пратэстантаў. Соймік не саступіў ваяводзе, і А. Сапега выступіў з пратэстацыяй супраць абраных паслоў і складзенай ім інструкцыі [42]. Разам з тым, пытанне існавання розных палітычных груповак сярод мясцовай шляхты таксама чакае свайго больш падрабязнага даследавання.

На жаль, абмежаваная і раскіданая па розных архівах ды бібліятэках база захаваных крыніц не дазваляюць пакуль правесці падрабязнае даследаванне персанальнага складу і дзейнасці соймавага прадстаўніцтва Полацкага ваяводства ў XVI ст. Тым не менш, можна зрабіць некаторыя папярэднія высновы. Полацкімі пасламі на соймы Рэчы Паспалітай, як правіла, абіралася дробная, у меншай ступені сярэдняя, мясцовая шляхта з нязнатных родаў. У этнічным плане дамінавала шляхта беларускага паходжання, а канфесійная прыналежнасць паслоў была неаднароднай. Інтарэсы Полацкага ваяводства на соймах прадстаўлялі асобы, якіх можна аднесці да рэгіянальнай палітычнай эліты. Былі сярод іх і нефармальныя шляхецкія лідары (Дз. Корсак, П. Стаброўскі). Актыўная парламенцкая дзейнасць спрыяла палітычнай кар'еры шляхціца і на лакальным, і на агульнадзяржаўным узроўні. Пытанні існавання розных груповак і распаўсюджанасці пратэкцыянісцкіх адносін сярод шляхты, ды іх уплыву на фарміраванне соймавай рэпрэзентацыі Полацкага ваяводства ў канцы XVI ст. патрабуюць свайго далейшага і больш глыбокага вывучэння.



[1] Варонін В. Дрыса ў XVI ст. // Commentarii Polocenses Historici-Полацкія гістарычныя запіскі. Т.1. 2004. С. 28; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (НГАБ). КМФ-18. Воп. 1. Спр. 272. Арк. 58адв.; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 228.

[2] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 1: Okresy bezkrólewi / Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2006. S. 262; Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 228-229, 380.

[3] Akta zjazdów stanów... T. 1. S. 261; Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae. Vilnae, 1758. T. 1. S. 239. Гл. таксама: Nagielski M. Sokolińsk (Drucki Sokoliński) Michał // Polski Słownik Biograficzny (PSB). T. 40/1, z. 164. Warszawa-Kraków, 2000. S. 44-46.

[4] Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie (AGAD). Archiwum Radziwiłłów (AR). Dz. V. Nr. 16. S. 65; Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inne odnoszące się do tego sejmu / Wyd. E. Barwiński. Kraków, 1907. S. 422; Jarmiński L. Bez użycia siły. Działalność polityczna protestantów w Rzeczypospolitey u schyłku XVI wieku. Warszawa, 1992. S. 171, 213. Магчыма, у 1597 г. полацкім паслом мог быць Рыгор Сямашка, які пад час сойма знаходзіўся ў Варшаве: НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 285. Арк. 172.

[5] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3861. S. 4-6; Akta zjazdów stanów... T. 1. S. 261, 266.

[6] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 272. Арк. 58адв.; AGAD. AR. Dz. II. №348а. S. 3; Akta zjazdów stanów... T. 1. S. 261, 266; Codex diplomaticus… S. 239; Filipczak-Kocur A. Pośmiertne problemy podskarbich litewskich Ławryna Wojny i Jana Hlebowicza // Litwa w epoce Wazów. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin / Pod red. W. Kriegseisena i A Rachuby. Warszawa, 2006. S. 83; Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów na sejmie walnym warszawskim 9 II-21 III 1600 r. // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Pracy Historyczne. 2004. Zeszyt 131. S. 89-107; Volumina Constitutionum. T. II (1550-1609), vol. 2 (1587-1609). Warszawa, 2008. S. 27.

[7] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 16. S. 65; Jarmiński L. Bez użycia siły. S. 213. Гл. таксама: Byliński J., Wasilewski T. Stabrowski Piotr h. Lubicz z odmianą // PSB. T. 41/2, z. 169. Warszawa-Kraków, 2002. S. 282-285.

[8] Крытэрыі падзелу шляхты на маёмасныя групы гл.: Падалінскі У. Палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 16, сш. 1 (30). 2009. С. 5-6; Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569-1648. Warszawa, 2009. S. 30.

[9] Пра маёмасны стан полацкай шляхты ў сярэдзіне XVI ст. гл.: Rewizya województwa Połockiego z roku 1552 // Scriptores Rerum Polonicarum. T. 2. Kraków, 1880. S. 212-247. У 1567 г. М. Францковіч-Радзімінскі ставіў у войска 4 коннікаў: Русская историческая библиотека (РИБ). Т. 33: Литовская Метрика. Отдел третий. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи Литовского войска. Петроград, 1915. Стб. 832.

[10] Niesiecki K. Herbarz Polski / Wyd. J. Bobrowicz. T. 9. Lipsk, 1842. S. 173-184.

[11] Гэта выразна відаць пры параўнанні колькасці коннікаў, якіх Корсакі выстаўлялі ў войска ВКЛ у 1528 і 1552 гг.: Насевіч В. Корсакі // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Мн., 2006. С. 137-138; Rewizya województwa Połockiego z roku 1552. S. 212-225.

[12] Rewizya województwa Połockiego z roku 1552. S. 216-217.

[13] РИБ. Т. 33. Стб. 259.

[14] Byliński J., Wasilewski T. Stabrowski Piotr... S. 282, 284.

[15] У канцы XVI ст., акрамя Васіля, вядомы таксама Раман, Фёдар і Багдан Рэвуты, што, амаль адназначна, гаворыць пра іх праваслаўнае веравызнанне. Пра род Мялешак гл.: Czarnocki K. Historie o Mieleszkach / do druku podał K. Czarnocki. Warszawa, 2008.

[16] Liedke M. Od prawosławia do katolicyzmu. Ruscy możni i szlachta Wielkiego Księstwa Litewskiego wobec wyznań reformacyjnych. Białystok, 2004. S. 196, 203, 255.

[17] Інфармацыя аб полацкіх урадніках даецца па: Радаман А., Галубовіч В., Вілімас Д. Земскія ўраднікі Полацкага ваяводства… С. 73-80.

[18] Брэгер Г. Рэдкі ўзор транслітэрацыі кірыліцай польскамоўнага дакумента канца XVI ст. у Вялікім Княстве Літоўскім // Silva rerum nova: Штудыі ў гонар 70-годдзя Георгія Я. Галенчанкі / Уклад. А. Дзярновіч, А. Семянчук. Вільня-Мінск, 2009. С. 53-54.

[19] Таксама ў 1621 г. М. Друцкі-Саколінскі быў прызначаны смаленскім ваяводам, але памёр, так і не прыняўшы ўраду: Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego (1386-1795). Kraków, 1885. S. 46, 52, 103, 123, 126, 139. Пра Я. Корсака-Галубіцкага гл.: Wasilewski T. Korsak Jan Hołubicki // PSB. T. 14. Warszawa-Kraków, 1968-1969. S. 105.

[20] Volumina Constitutionum. T. II, vol. 1 (1550-1585). Warszawa, 2005. S. 429, 461; T. II, vol. 2. S. 166-167.

[21] Volumina Constitutionum. T. II, vol. 2. S. 135, 136, 167.

[22] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911. Приложения. С. 118.

[23] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). Опыт исследования политического и общественного строя. Спб., 1901. Т. 1. С. 176; Akta zjazdów stanów... T. 1. S. 169, 182, 184, 279, 290.

[24] Akta zjazdów stanów... T. 2: Okresy panowań królów elekcyjnych XVI-XVII wiek / Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2009. S. 55-56.

[25] Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582-1696): spis / pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2007. S. 62, 64, 71, 75, 92, 95, 99, 105, 108, 111, 123, 164.

[26] Deputaci Trybunału Głównego... S. 66, 70, 81, 93, 103, 106, 111.

[27] Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге (РНБ). Ф. 971. Собрание автографов П.П. Дубровского. Авт. 234. № 157. Л. 1-1отв.; Русско-белорусские связи. Сб. документов (1570-1667 гг.) / Отв. ред. Л.С. Абецедарский, М.А. Волков. Мн., 1963. С. 39; Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика / Liet. istorijos inst. Kn. 594: 1585-1600 / Parengė A. Baliulis. Vilnius, 2006. P. 217-223.

[28] Radaman A., Ferenc M. Rejestr senatorów i posłów... . S. 89-107. Верагодна, быў паслом Аршанскага павета.

[29] Byliński J., Wasilewski T. Stabrowski Piotr... S. 282-283.

[30] Volumina Constitutionum. T. II, vol. 2. S. 140. Хутчэй за ўсё, быў паслом Слонімскага павета.

[31] Lulewicz H. Gniewów o unię... S. 228-229.

[32] Akta zjazdów stanów... T. 2. S. 55.

[33] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 56. Арк. 43адв.-45; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 53-54.

[34] Радаман А., Галубовіч В., Вілімас Д. Земскія ўраднікі Полацкага ваяводства… С. 74.

[35] Biblioteka Muzeum Narodowego im. Książąt Czartoryskich w Krakowie. Rkps. 2234. Nr. 51. K. 237-243. За магчымасць карыстацца копіяй дадзенага дакумента выказваю шчырую ўдзячнасць сп. А. Радаману.

[36] Akta zjazdów stanów... T. 2. S. 88.

[37] Ibidem. S. 121.

[38] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 92, 422.

[39] Nagielski M. Sapieha Andrzej // PSB. T. 34/1, z. 140. Wrocław etc., 1992. S. 572.

[40] РНБ. Ф. 971. Авт. 234. № 157. Л. 1; Ragauskienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės kancleris Mikalojus Radvila Rudasis (Apie 1515-1584 m.). Vilnius, 2002. P. 331-332, 373.

[41] Byliński J., Wasilewski T. Stabrowski Piotr... S. 282-285.

[42] Jarmiński L. Bez użycia siły. S. 213-214; Nagielski M. Sapieha Andrzej. S. 572.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX