Папярэдняя старонка: Пануцэвіч Вацлаў

Кс. Вінцэсь Гадлеўскі 


Аўтар: Пануцэвіч Вацлаў,
Дадана: 18-03-2013,
Крыніца: Пануцэвіч Вацлаў. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі // Спадчына 1993. №3. С. 51-71.; 1993. №5. С. 81-94.; 1993. №6. С. 69-85.



Дзяржаўны Муж i Правадыр Народу

Друкуецца паводле часопіса «Беларуская Царква», № 28, Чыкага, 1965.

1993. №3. С. 51-71.

У часе апошняй вайны ў канцы 1942 году быў арыштованы нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў Менску, а потым расстраляны адзін зь вялікіх беларускіх патрыётаў, няўтомны барацьбіт за вызваленьне беларускага народу й стварэньне сваёй дзяржаўнасьці ў духу нацыянальнай беларускай ідэялёгіі, якую ён таксама выпрацоўваў. Сёньня, у 23 гады ад яго мучаніцкай сьмерці, калі тая-ж самая барацьба беларускага народу i за вызваленьне i за сваю ідэялёгію прадаўжаецца, нам неабходна мець перад вачыма гэтага запраўды вялікага дзяржаўнага мужа, каб браць прыклад зь яго стойкасьці й непахіснасьці, каб чэрпаць зь яго навукі асновы нашай вызвольна-незалежніцкай думкі.

Неабходнасьць шырэйшага нарысу аб гэтым выдатным чалавеку паўстае таму, што дасюль, апрача некалькіх пасьмертных зацемак аб ім у розных часапісах, ня маем больш дакладнага прадстаўленьня ягонай асобы, дзейнасьці ды ягонай ідэялёгіі. Пры гэтай нагодзе дзякую Вельмі Паважаным Суродзічам, якія адгукнуліся на мой заклік аб перасланьні ў нашую рэдакцыю матарыялаў i ўспамінаў аб кс. В. Гадлеўскім, а пайменна: а. Л. Гарошку, а. Я. Гэрмановічу, др. В. Грышкевічу, др. Ст. Грынкевічу, А. Беленісу, Я. Чарнэцкаму i іншым, весткі якіх значна папоўнілі недахопы дадзеных аб сьв. п. В. Гадлеўскім.

***

Кс. Вінцэсь Гадлеўскі нарадзіўся 16-га сьнежня 1888 г. у мястэчку Поразава Ваўкавыскага павету. Аб яго Кс. ВІНЦЭСЬ ГАДЛЕЎСКІ. бацькох i родных мы ня маем ніякіх вестак. Вельмі праўдападобна, што яго бацькі, апрача магчымых іншых заняткаў, займаліся таксама дробным земляробствам, як гэта бывала паўсюдна па нашых мястэчках, бо цяга да собскай зямлі была й у кс. В. Гадлеўскага. Як вынікае зь лісту а. В. Шутовіча да а. Я. Тарасэвіча, з 30 чэрв. 1939 г. кс. Гадлеўскі, ужо будучы сьвятаром, купіў быў у вёсцы каля Сьвіслачы - Галабуды - кусочак зямлі. З таго-ж ліста даведываемся, што ў яго была сястра, якая вышла замуж за «мазура», які ў Сьвіслачы гандляваў сьвінямі. Магчыма, што іншыя яго родзічы аставаліся ў Поразаве.

Добрае веданьне сялянскага быту ды сельскай эканомікі вылажыў кс. В. Гадлеўскі ў сваім артыкуле: «Як памагчы беларускім ройстам» , дзе рэкамандуе ўзьняцьце сялянскага дабрабыту шляхам вывучэньня рамесьніцтва, гандлю, фабрычнага промыслу й вольных прафэсыяў. Собскае набыцьцё кавалачка зямлі каля Сьвіслачы лучыцца зь ягонымі ідэялягічнымі поглядамі аб вартасьці зямлі для беларуса. У названым артыкуле знаходзім выклад гэтай плятформы:

«Зямля ёсьць галоўным варштатам працы для земляробскага народу. Усе іншыя варштаты працы (рамясло, гандаль i г. д.) займаюць у сучасным беларускім палажэньні другараднае значэньне, чаго за нармальнае зьявішча палічыць ня можна, бо кожны народ павінен працаваць пры ўсіх варштатах працы. Да зямельнага варштату працы беларус прывык, зжыўся зь ім спрадвякоў, i трэба прызнаць, што яго любіць... Зямля была заўсёды для беларуса галоўным i першым варштатам працы. Гэты варштат дае беларускаму народу сродкі да жыцьця й забясьпечвае яго існаваньне. Прывязанасьць беларуса да зямлі мае такжа вялікае нацыянальнае значэньне, бо бароніць яго ад асыміляцыі, перахоўвае нацыянальныя вартасьці ды прычыняецца да разьвіцьця патрыятызму. Беларус любіць сваю Бацькаўшчыну, i гэтая любоў дае яму сілу ператрываць усякія нягоды. Апрача гэтага, яна яму памагае захаваць сваю нацыянальнасьць. Ен яе загубіць тады, калі зрухнецца зь места й пойдзе ў сьвет. Дзеля гэтага губіць часта сваю нацыянальнасьць у сьвеце рамесьнік, работнік, гандляр, але ня губіць яе земляроб-селянін, які сядзіць на месцы. З гэтай прычыны ўважаем нашае сялянства за фундамант беларускай нацыі, падставай яе жыцьця й жаралом будучай рамесьніцкай, работніцкай, гандлярскай i інтэлігенцкай наслойкі...».

У сьвятле гэтага выкладу становіцца зразумелаю цяга да собскай зямлі i ў кс. Гадлеўскага. Нямецкія сацыялёгі таксама даводзілі, што кожны немец, незалежна ад працы, якую ён выконвае, ці месца, дзе жыве, павінен мець хоць невялікі кавалачак собскай зямлі, бо гэтая зямля дасьць яму большую прывязанасьць да свае Бацькаўшчыны ды ня дасьць послуху на інтэрнацыянальныя або касмапалітычныя ідэі, якія раскладаюць нацыю. Гэтага ўсяго не разумеў кс. В. Шутовіч, нягледзячы на сваё сялянскае паходжаньне, калі ён у названым лісьце высьмейвае Гадлеўскага за куплю зямлі ды яшчэ ў вёсцы зь ня вельмі рамантычным назовам: Галабуды!

Ня ведаем далей нічога пра раньнія школьныя гады Вінцуся Гадлеўскага. Спадзявацца трэба, што пачаткавую школу наведваў ён у Поразаве, а прогімназію ў Сьвіслачы. Відаць, што ў школе выявіў любоў да навукі ды высокія здольнасьці, бо, паступіўшы ў 1908 г. у Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю, адразу паказаў сябе як самы здольны з усяго свайго курсу сэмінарыст Дзеля гэтых здольнасьцяў i поступаў у навуцы быў высланы ў 1912 (пасьля сканчэньня сэмінарыі й высьвячэньня на дыякана ў 1911 г.) на кошт Віленскай дыяцэзіі ў Пецярбурскую Духоўную акадэмію на далейшыя навукі.

У часе яго навукі ў Віленскай духоўнай сэмінарыі была ўжо там цэлая грамада студэнтаў, сьведамых сваёй беларускай нацыі, будучых беларускіх сьвятароў, як Ст. Глякоўскі, Антон Шышка, Язэп Рэшэць, Язэп Гэрмановіч, Ул. Талочка, Я. Семашкевіч, Фр. Рамэйка, В. Родзька, Я. Барсука, М. Пятроўскі, К. Стэповіч, Віктар Шутовіч, Адам Станкевіч i многа іншых. Як успамінае ў сваім лісьце а. Я. Гэрмановіч - Вінцэсь Гадлеўскі ў Віленскай сэмінарыі «не выяўляў беларускай дзейнасьці, але й польскасьці ў ім ня было відаць». Мабыць, ён самавызначаўся, вывучаў беларускае нацыянальнае пытаньне (у сэмінарыі была беларуская бібліятэчка й беларускія часапісы) больш розумам, чымся пачуцьцямі, што было згодна зь ягонай разважлівай натурай.

Наша дагадка мае й падмацаваньні. У Пецярбурскай духоўнай акадэміі, дзе ў 1912 годзе (год прыезду туды Гадлеўскага) паўстаў беларускі гурток пад духовым кіраўніцтвам праф. Браніслава Эпімах-Шыпілы, - Гадлеўскі адразу ўключыўся ў беларускую дзейнасьць ды чытаў у 1913 г. для сяброў гуртка (які налічваў да 70 чалавек) рэфэрат: «Аб нацыянальным характары беларусаў». Нажаль, зноў нам не хапае падробнасьцяў аб дзейнасьці Вінцэся Гадлеўскага ў названым гуртку. Пралат др. П. Татарыновіч успамінае, што «кс. В. Гадлеўскі быў адным з выдатнейшых навукова ды ідэйна беларускіх абсальвэнтаў каталіцкай Акадэміі ў Пецярбурзе. Скончыў яе з навуковай ступеняй Магістра Тэалёгіі ў 1917 годзе, выносячы зь ейнага, ведамага ў нашай гісторыі, там зьнічу адраджэнска-беларускага здарова-ідэйны энтузіязм, зь якім зараз на першым сваім становішчы пры Менскай катэдры кінуўся ў вір патрыятычнакаталіцкай працы...»

Сьвятарства атрымаў у 1914 г. пасьля другога курсу Акадэміі.

Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 году, як ведама, закіпела ў Менску (і ў іншых гарадох) беларускае вызвольнае жыцьцё. Кс. В. Гадлеўскі падаўся ў самы цэнтар беларускага жыцьця - у Менск, дзе аднавілася Менская каталіцкая дыяцэзія зь япіскапам З. Лазінскім на чале. Лазінскі, па паходжаньні беларус, быў магілеўскім канонікам (хіратанізаваны 23.7.1918) i зараз пасьля рэвалюцыі высланы быў мітр. Адвардам Ропам у Менск дзеля арганізацыі Менскай дыяцэзіі. Тамжа плянавалася Менская духоўная сэмінарыя. Вось-жа кс. В. Гадлеўскі ўжо ў красавіку 1917 г. быў у Менску ды быў адным з арганізатараў першага Зьезду беларускага каталіцкага духавенства ў гэтым месьце, які адбыўся 24-25 траўня 1917 г. На гэтым зьезьдзе кс. В. Гадлеўскі чытаў два рэфэраты: 24 тр.- «Акцыя палітычна-народная каталіцкага духавенства на Беларусі ў нашых часох» i 25 тр. - «Стварэньне каталіцкай партыі». Ужо з самай тэматыкі рэфэратаў мы бачым, што а. Гадлеўскі зь першых пачаткаў сваёй грамадзскай дзейнасьці вызначаў сябе як палітыка з мэтай арганізацыі так царкоўнага, як i агульнабеларускага жыцьця. Зьезд прыняў пастановы аб беларусізацыі каталіцкай царквы на ўсёй прасторы Беларусі, выдаваньня беларускіх газэт, часапісаў i кніжак каталіцкага напрамку ды арганізаваньня хрысьціянскай дэмакратычнай партыі. У выніку гэтых пастановаў ад 8.9.1917 г. начала выдавацца ў Пецярбурзе газэта «Крыніца» пад рэдакцыяй кс. Л. Хвецькі; летам 1917 архіяп. Роп выдаў загад аб ужываньні мовы беларускай у казаньнях ды была ўтвораная Беларуская Хрысьціянская Дэмакратычная Злучнасьць, якая пазьней была перамененая ў БХД (Беларускую Хрысьціянскую Дэмакрацыю). Ва ўсіх гэтых напрамках дзейнічае энэргічны кс. В. Гадлеўскі, прымаючьі таксама актыўны ўдзел i ў агульна-беларускім вызвольным руху. Гэтак ён быў разам зь іншымі ўдзельнікам першага Ўсебеларускага Кангрэсу ў Менску (17-30 сьн. 1917), які паклікаў да жыцьця БНР (Беларускую Народную Рэспубліку), ды сябрам Рады БНР, якая абвесьціла Незалежнасьць Беларусі 25.3.1918 г. Ён піша артыкулы ў «Крыніцу», якая пераносіцца зь Пецярбургу ў Менск, пад псэўдонімам В. Скальманоўскі ды салА дзейна бярэ ўдзел у беларусізацыі каталіцкай царквы, у арганізацыі беларускага школьніцтва i каапэрацыі. Менскі яп. Лазінскі ў 1918 г. прыхільна адносіўся да беларусізацыі каталіцкай царквы. Ен сам 6 сьн. 1918 году сказаў казаньне пабеларуску ў Менскай катэдры. У Менску ў лістападзе 1918 году была адчыненая беларуская духоўная сэмінарыя пад рэктарствам праф. Фабіяна Абрантовіча, ведамага беларускага царкоўнага дзеяча. Аб гэтай сэмінарыі варта падаць зацемку «Крыніцы» (№ 12, 1919): «Дужа цікавы i шмат значачы праяў у жыцьці беларускага народу - гэта клерыкі беларусы. У тутэйшай Каталіцкай Сэмінарыі ўсіх 29 клерыкаў; з гэтых 25 асобаў - беларусы. Значыць, творацца цэлыя кадры маладога духавенства, якое з цэлай моцай выступае ў абароне свайго пакрыўджанага народу. Есьць тут i касьцёл (капліца) для беларусаў, дзе кожную нядзелю кс. праф. Абрантовіч адпраўляе сьв. Імшу, гаворыць беларускія навукі, а хор пяе сьвятыя беларускія песьні».

Сам кс. Гадлеўскі ня быў прафэсарам у гэтай сэмінарыі але працуючы ў курыі меў магчымасьць аддзейнічаць на розныя праявы беларускага руху. Рух гэты ўтрымаўся да 1921 году. Мабыць, увесь гэты час кс. Гадлеўскі прабываў у Менску. Пасьля Рыскага дагавору (сакавік 1921) Менская дыецэзіяльная курыя (управа) была перанесеная ў Нясьвіж, куды пераехаў i кс. Гадлеўскі, дзе атрымаў пасаду школьнага прэфэкта. З гэтага часу бытнасьці кс. В. Гадлеўскага ў Нясьвіжы К. Абрамовіч, адказваючы на артыкул Тапорскай аб беларусах, пісаў у «Вядомосьцях»: «Кс. Гадлеўскі, названы сп. Тапорскай мучанікам за беларускую справу... зрабіўся слаўным у дзяржаўнай гімназіі i ў Нясьвіжы пасьля таго, як кінуў чарніліцу ў вучня-паляка, які ня мог адказаць на пытаньне, кім быў Мацей Бурачок...».

Як там у запраўднасьці было, мы ня маем ніякіх іншых вестак. Але ўжо сам факт падстаўляньня кс. Гадлеўскаму польскім лягерам беларускай тэматыкі сьведчыць, што ён быў стойкім патрыётам i на становішчы школьнага прэфэкта.

Побыт кс. Гадлеўскага ў Нясьвіжы быў нядоўгі - да 1922 году, калі то бп. Лазінскі з сваей духоўнай сэмінарыяй і курыяй пераехаў у Пінск, а ў Вільні пад бп. Матулевічам (тады была т. зв. «Сярэдняя Літва») прадстаўляліся большыя магчымасьці працы для беларускага духавенства. У Вільні тварыўся беларускі нацыянальны цэнтар, ішлі дамаганьні перад Рымам вызначэньня беларускага біскупа-суфрагана, увядзеньня беларускай мовы ў духоўнай сэмінарыі i г. д. Ясная рэч, што ў так рухлівым часе кс. В. Гадлеўскі ня мог сядзець у Нясьвіжы ці ехаць у Пінск. Зь Вільняй ён увесь час трымаў кантакт ды засіляў «Крыніцу» (якая туды пераняслася зь Менску) сваімі артыкуламі. Варта над імі бліжэй спыніцца, каб пазнаць тагачасныя погляды маладога беларускага барацьбіта. Вось артыкул «Незалежнасьць Беларусі i Каталіцкі Касьцёл», друкованы ў № 10 «Крыніцы» за 1921 г. (Вільня, 3 красавіка 1921 г.):

«Раніцай 25 сакавіка 1918 г. у Менску Беларускім, у вясёлых праменьнях вясновага ўсходзячага сонца, як раз у дзень вялікага хрысьціянскага сьвята Багавешчаньня (Зьвяставаньня), пасьля гарачых, праз цэлую ноч, спрэчак, Беларуская Народная Рада абвесьціла незалежнасьць Беларусі. Быццам тая ластаўка, гэта вестка абудзіла вялікую радасьць паўсюды, дзе б'ецца хоць адно сэрца беларуса. Рэлігія, наказуючы паважаць бацькоў, няменш, канечна, наказвае паважаць Бацькаўшчыну, як супольную матку ўсяго народу. I якім добрым дзецям не баліць сэрца, не заходзяць сьлязьмі вочы, калі яны прымушаны бачыць многавяковую крыўду, страшэнны зьдзек i горкія пакуты свайго бацькаўскага краю?! Дык дзеля гэтага матчынага краю, узмацавалася сярод сьвядомых беларусаў каталікоў маральным пульсам рэлігійных вераньняў i пераконаньняў. Бачным знакам працы каталіцкага беларускага грамадзянства, якая папярэдзіла агалашэньне незалежнасьці Беларусі, была дужа шчырая, поўная ахвярнасьці праца ў Беларускай Народнай Радзе ксяндза Гадлеўскага. Даволі прыхільным быў тады да беларусаў i кс. О'Рурке, які ў тую пару кіраваў менскай дыяцэзіяй.

Ня трэба многа гаварыць аб аснаўных адносінах каталіцкага касьцёла да адраджэньня беларускага народу i незалежнасьці Беларусі: яны ясныя. У адраджэньні ўсіх славянскіх народаў, якія належаць да вялікай каталіцкай сям'і (чэхі, славакі, харваты, славенцы, украінцы), бачым спогад Касьцёла i немалую помач з боку каталіцкага духавенства. Маючы свае рэлігійныя мэты, Касьцёл, аднак, заўсёды рады i хоча памагчы кожнаму народу ў так важнай для яго справе вольнага й незалежнага быту. Нават дзікія народы паўдзённай Афрыкі многа карыстаюць з помачы каталіцкіх місіянэраў, якія, працуючы над дзікім ix языком i пачаткамі пісьменства, кладуць першыя фундаманты пад будову будучай ix самабытнасьці.

Што датычыць беларусаў, дык Касьцёл ня толькі ў аснове аказаў сваё спагаданьне нашаму адраджэньню, але й на практыцы. Біскуп Дэнісэвіч i арцыбіскуп Роп сьмела запратаставалі проціў той нягоднай работы, якая жадала растаптаць беларускую народнасьць i памяшаць яе з суседнімі народнасьцямі. Разам зь імі, а нат раней яшчэ, працаваў для народу гурток ксяндзоў-беларусаў. Зь віленскай дыяцэзіі гэта былі: кс.кс. Гадлеўскі, Станкевіч, Цікота, Пятроўскі, Пякарскі, Шутовіч, Шолкевіч, Рамэйка i інш., а з Магілеўскай: кс.кс. Абрантовіч, Лупіновіч, Неманцэвіч, Хоміч, Матвейчык, Астрамовіч, Лісоўскі, Хведзька, нябошчык Будзька i інш. Шмат ім прышлося цярпець за свае народныя перакананьні з боку абаламучанага эндэкамі-ксяндзамі народу. Яшчэ цяпер націск шавіністычна настроенага польскага духавенства [моцны] на Беларусі, але няма той сілы, што зможа ўстрымаць дзяцей народу дружна стаяць пры сваёй Бацькаўшчыне ў цяжкую для яе часіну. Вытрывайма!

Прыйшоў 1919 г., i Беларусь, замест стацца вольнай i незалежнай, апынулася пад польскай акупацыяй, i ў унутраныя справы Беларусі замест прававітай Бел. Нар. Рады пачаў мяшацца... варшаўскі сойм. Найперш у варшаўскім сойме ў справе будучыні Беларусі выступіў арцыбіскуп Тэадаровіч, вядомы польскі патрыёт i чалавек, здаецца, разумны, аднак тутака ён пад уплывам усепольскіх законных праектаў зусім разьмінуўся з традыцыйна каталіцкім становішчам у адносінах да яго ўсіх народаў, бо з аратарскай трыбуны публічна цешыўся думкаю, што палякі пакончаць публічна з будаваньнем Беларусі. Захацелася надта армянскаму арцыбіскупу вялікай Польшчы аж да Дняпра.

У 1917 г. у Вільні выдавец «Дзеньніка Віленьскего» яўна казаў, што пры добрай польскай працы за 25 год ня будзе беларусаў.

У падобным духу ўлада (асабліва інспэктар кс. Любянец) Віленскай духоўнай сэмінарыі рабіла ўплыў на клерыкаў вучняў.

Што сказаў нядаўна аб беларусах арц. Грынёвіцкі, усе добра помнім.

Ведаем такжа, што некулькі тыдняў таму добра ведамы віленскі панскі палітык кс. Маціевіч у варшаўскім сойме абвяшчаў сьвету, што беларусаў зусім няма.
Сьвяткуючы трэйцюю гадавіну абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, трэба добра адрозьніць прынцыповае й практычнае становішча Каталіцкага Касьцёла i яго прадстаўнікоў да справы беларускай ад галасоў людзей ачадзеўшых панскім духам, або польскіх ці палякуючых ксяндзоў.

Хай увесь Беларускі народ й усё беларускае грамадзянства цьвёрда верыць, што паміж імі i каталіцкім касьцёлам у справе адраджэньня беларускай народнасьці i дзяржаўнасьці прынцыповых нязгодаў няма й быць ня можа».

В. Скальманоўскі

Цікавіўся ў гэтым часе кс. Гадлеўскі таксама i беларускай гісторыяй. У № 12 «Крыніцы» за 1921 г. (16 красавіка) знаходзім артыкул «Аб беларускіх казаньнях у палове XIX веку», падпісаны тымжа псэўдонімам В. Скальманоўскі, які мы ведаем, што адносіцца да В. Гадлеўскага. У гэтым артыкуле Гадлеўскі падае цікавыя думкі, годныя ўвагі:

«Найцяжэйшы для беларусаў быў век XIX. У страшэннай небясьпецы была наша народная самабытнасьць, наша родная мова. Аднак Боскі провід, дапускаючы на нас такую пробу, усёж-такі ня кінуў нас без апекі. У хвіліну, калі нарадзілася ў Расеі чорная сотня, а палякі пачалі забаўляцца думкамі аб Польшчы «ад мора да мора», былі яшчэ на Беларусі справядлівыя людзі, што не хацелі сваей рукі прыкладаць да дрэннае справы дзеля пераробкі праз каталіцкі Касьцёл беларусаў на палякаў. Куток, які адзін сярод агульнага зьдзеку над беларускім народам быў вольны ад апалячаньня, знайшоўся ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі, у Магілеўшчыне, дзе, як напр. у Ульле, Позіню i інш., у 1861 г. i раней ксяндзы гаварылі казаньні пабеларуску. Дайшлі да нас рукапісы гэтых казаньняў, якія напэўна прадстаўляюць вельмі цэнны матарыял да гісторыі каталіцкай літаратуры ў беларускай мове. Чатыры з гэтых казаньняў у рукапісах былі ў кс. Антона Навіцкага, цяперашняга інспэктара духоўнай сэмінарыі ў Аглоне (Лацьвія). Цяпер яны ёсьць у кс. Гадлеўскага, прэфэкта ў Нясьвіжы.

Дык бачым, што вельмі добра зрабіў бп. Роп, калі ад паўночна-ўсходняй часткі Віленскай дыяцэзіі пачаў уводзіць беларускую мову да дадатковага набажэнства ў касьцеле. Гэта было зусім разумна й практычна.

Жменка гэтых фактаў - найлепшы адказ для ўсіх, якія яшчэ цяпер супроць яснай праўды, быццам беларускія казаньні - нешта новае, выдумка апошніх дзён».

Вінцук Скальманоўскі

Заданьні Сялянства

«Ворагі нашага сялянства i партыі стараюцца разьбіваць еднасьць нашага сялянства. Яны карыстаюцца тым, што нашы сяляне дзеляцца паводля рэлігіі на дзьве часткі: праваслаўных i каталікоў. Яны стараюцца адных i другіх абаламуціць, пасварыць ix між сабой і, уцягваючы ў рэлігійную барацьбу брата з братам, адцягнуць сялянства ад таго, што для яго найважнейшае: ад жаданьня зямлі.

У іншых мясцох - бліжэй да вялікіх местаў - частка нашага сялянства забылася роднае мовы i пачала гаварыць ламаным польскім або маскоўскім языком. I з гэтага карыстаюць тыя, хто дагэтуль жыў зь цяжкой мужыцкай працы, сам нічога ня робячы. Ворагі нашы распальваюць ненавісьць, яны кажуць: ты паляк, а ты рускі, а ты беларус, - значыць, дарогі вашыя розныя. Няпраўда ўсё гэта! Мана бязглуздная! Бо ці ты каталік, ці праваслаўны, ці ты перакручваеш родную мову на польскі ці маскоўскі лад, - ты ўсё роўна сябра нашае мужыцкае грамады, ты таксама, як i другія, церпіш ад уціску адміністрацыі i паноў, пакутуеш на сваім вузенькім шнурочку, i табе таксама, як i другім, патрэбная зямля.

Але калі мы начнем між сабой калаціцца, калі паслухаем хітрых намоваў нашых ворагаў i падзелімся на «польскіх» i «рускіх», дык зямлі ня ўбачым, як сваіх вушэй! Бо наша ўнутраная сварка разаб'ець нашы сілы, разаб'ець нашу магутную грамаду, i мы ня здолеем узяць таго, што нам па справядлівасьці належыцца... Толькі арганізацыя дасьць нам зямлю... Такой арганізацыяй павінен быць i будзе БЕЛАРУСКІ СЯЛЯНСКІ САЮЗ...

Нашы ворагі, якія хочуць пажывіцца беларускай зямлёй, беларускім дабром, намаўляюць нашых сялян, каб яны дамагаліся далучэньня нашай Бацькаўшчыны ці то да Варшавы, ці то да Масквы, ці яшчэ некуды. Яны вядуць агітацыю на тое, каб мы выбіралі дэпутатаў у Варшаўскі сойм ці на Усерасейскі ўстаноўчы сход. Ведама, у сойме ў Варшаве ці ў Маскве беларусы загінуць у вялікай грамадзе іншых дэпутатаў. Іx галасы не спрычыняцца да палепшаньня долі роднага краю. Вось значыцца, усё наша сялянства павінна цьвёрда стаяць за НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ, за тое, каб мы мелі свой собскі сойм, дзе мы былі-б гаспадарамі. Барацьба за незалежнасьць Беларусі павінна быць баявым клічам усяго сьвядомага сялянства нашай Бацькаўшчыны. Тымчасам мы яшчэ свайго Сойму ня маем. Паводле Рыскага міру наша зямля падзелена між Польшчай i Савецкай Расеяй. Нам прыдзецца яшчэ нейкі час жыць пад чужой уладай i слаць дэпутатаў у Варшаву. Але i там яны павінны змагацца за Беларусь. Яны павінны змаўляцца зь сялянамі іншых нацыянальнасьцяў, павінны падтрымоўваць ix у ix барацьбе зь іхнімі панамі, за тое яны падтрымаюць нас у нашых дамаганьнях.

Апрача Варшавы й Масквы, ёсьць яшчэ i Літва (Летува), да якой можа аказацца прылучанай частка Беларусі. Тады з гэтай часткі мы будзем слаць дэпутатаў у ЛетувіскІ сойм. Дык-жа i тут нам трэба будзе рабіць сваю беларускую работу, бароцца за незалежнасьць i аб'еднаньне ўсіх частак Беларусі. Усё гэта паказвае, што наша сялянства ці то пад Масквой, ці пад Польшчай, ці пад Летувай павінна стварыць адну арганізацыю, каторай-бы не разарвалі праведзеныя на нашай зямлі гранічныя межы. Не забывайма, што Беларускі народ - гэта бязмала ўсё народ хлебаробаў, i лік наш не малы - ДВАНАЦЦАЦЬ МІЛЬЁНАЎ ДУШ! I калі гэтая сялянская армія будзе добра арганізованая, калі ўсе мы будзем ведаць, куды i якой дарогай нам трэба ісьці, дык мы дойдзем да незалежнасьці ды здабудзем зямлю i ўладу для народу». Г. В.

Так кс. Гадлеўскі яшчэ ў 1921 годзе выказваў прынцыпы беларускай незалежніцкай ідэялёгіі. Цікава яшчэ пачуць ягоныя тагачасныя погляды ў рэлігійных i дэмакратычных справах.

Так, у № 28 «Крыніцы» (18 верасьня 1921) знаходзім цікавы артыкул КС. Гадлеўскага: «Яшчэ аб тым, як эндэкі разумеюць у нас працу дзеля вуніі». У ім а. Гадлеўскі высьмейвае артыкул нейкага Я. Нямовы, друкованы Ў польскай газэце «Новэ жыце» (Горадня) - «Цо встшымуе православных од повроту до вяры ix ойцув», выказваючы поўную ігнаранцыю польскіх эндэкаў у справах праваслаўных i каталіцкіх.

«Вось прадусім кажа гэны пісака,- піша Гадлеўскі,- што праваслаўныя ня маюць правідловага паняцьця аб Богу. Мы даўно цікавіліся розьніцамі паміж верай каталіцкай i праваслаўнай, чыталі богаведныя кнігі, аднак ніколі ня прыйшлося нам сустрэць такі закід. Навука праваслаўнай Царквы аб Богу, Яго трох асобах, Яго прыметах i дзеяньнях, за выключэньнем паходжаньня Духа сьв. «і ад сына», ёсьць тая самая, што i ў кожным каталіцкім катахізьме. Пашто тады выдумоўваць нейкія новыя розьніцы, быццам мала гэтых, i каму патрэба яшчэ больш углыбляць пропасьць між абедзьвімі верамі?

Возьмем другое. У канцы артыкулу Нямова дужа важна піша: «праваслаўе, як такое, патурае сапсаванай чалавечай натуры». Кожную рэлігію можна зразумець так плытка, што легка будзе кожнаму да яе належыць. Праваслаўе, як такое, зусім не патурае слабасьцям чалавека, а наадварот, з усходняй вострасьцю i рашуча вымагае яно барацьбы з папсаванай людзкой натурай. Далей Нямова піша: «Вымаганьні ад вернікаў у праваслаўнай царкве невялікія: крыху посту, крыху паклонаў, некалькі сьвечак - вось i ўсё...» I тут няпраўда. Добра ведаюць усе, апрача Нямовы, што праваслаўная Царква пастоў мае куды больш, чым каталіцкі Касьцёл, літургія куды даўжэйшая, сьвечак ставіцца таксама больш, больш робіцца паклонаў i г. д. Дзе-ж тут уступкі людзкой натуры. Так праўда стаіць з паверхнага боку, як i з унутранага; тэта будзе злоснае перакручваньне праўды, калі хто адважыцца прыпісаць самой Царкве, як такой, што яна задаволіваецца аднымі толькі паклонамі, сьвечкамі ды селядцамі ў посныя дні, а не патрабуе шчырага абнаўленьня душы».

Аб дэмакрацыі кс. Гадлеўскі выказаўся у артыкуле «Ці ксёндз можа быць дэмакратам?» («Крыніца», № 29, 25 верасьня 1921): «Дэмакратычнасьць,- чытаем у артыкуле, - можна разумець як прыналежнасьць да партыі, якая мае дэмакратычныя клічы i бязумоўна на свайго сябру ўскладае вельмі адказны абавязак партыйнага паслухмянства. Можна, аднак, дэмакратычнасьць разумець i інакш: як зварочваньне найбольш увагі на тыя клясы жыхароў, якія найбольш працуюць i найбольш былі дагэтуль пакрыўджаныя сучасным паўсюдным парадкам. Калі гутарка ідзе аб тым, ці можа ксёндз быць дэмакратам, то адказ на гэта пытаньне можам даць такі: ксёндз не павінен належаць да дэмакратычнай партыі, як партыйны сябра (таксама i да ўсякай іншай), але кожны ксёндз павінен быць гарачым староньнікам шырока ўзятай дэмакратычнасьці, бо гэтага вымагае простая справядлівасьць, дабро рэлігіі i касьцёла... Ксёндз павінен быць з народам, а народ з ксяндзом! Без народу ксёндз ні для каго непатрэбны, бо, як кажа сьв. Паўла, ён для людзей пастаўлены. Ці ксёндз можа быць дэмакратам? Дзіўнае пытаньне. Лепей было-б спытацца: ці ксёндз можа ня быць дэмакратам?»

У Вільні на пачатку 1922 г. (асабліва ў лютым) адбывалася заўзятая барацьба за Вільню й Віленшчыну ў зьвязку з польскай акцыяй далучэньня так зв. Сярэдняй Літвы да Польшчы. Беларусы, Жамойцы, Жыды ўтварылі супольны фронт байкоту выбараў у Сойм Віленскі, назначаны на 8 студзеня 1922 г. Яшчэ 10 сьнежня 1921 г. урад БНР (Ластоўскага) выдаў інструкцыю, у якой выказваў прычыны байкоту, што:

Утварыўся ў Вільні Беларускі Нацыянальны Камітэт з прадстаўнікоў розных партыяў, як нацыянальнае прадстаўніцтва Заходняй Беларусі, у які між іншымі ўваходзіў ад Беларускай Хрысьціянскай Дэмакрацыі кс. Вінцэсь Гадлеўскі. Змаганьне завастрылася, калі Аляксюк з сваёй групай зарганізавалі палянафільскі Цэнтральны Беларускі Выбарчы Камітэт. «Голас Праўды» з дня 27 сьнежня 1921 гэтак характарызаваў здрадніцкую работу Аляксюка: «Беларусы! Ведайце, што хто з вас дасьць свой голас на сьпіскі Аляксюка, зробіць нягодны праступак, бо дапаможа здраднікам нашага народу прадаваць нашу бацькаўшчыну. Беларусы! Хай у часе выбараў ані водная рука не падымецца, каб кінуць свой голас на сьпіскі Аляксюка. Ведайце, што ніводзін праўдзівы Беларус, ніводзін чэсны сын беларускага народу ня згодзіцца выставіць сваю кандыдатуру Ў Сойм, а тыя, што ёсьць на гэных сьпісках, - гэта сьведамыя здраднікі ды адступнікі ад свайго народу».

Усё паказвае на той незалежніцкі кірунак i кс. Гадлеўскага, які ў Вільні іграў у тым часе не апошнюю ролю, хоць яшчэ на чале беларускіх арганізацыяў не стаяў.

Пасьля далучэньня Сярэдняй Літвы да Польшчы на некаторы час наступіла зацішша ў польскім наступе на беларусаў. Віленскі бп. Матулевіч быў зацьверджаны Рымам, дык ён крыху сьмялей пачаў дапамагаць i беларусам. Кс. Адам Станкевіч увайшоў у Сойм ад БХД, разгарнулася шырокая беларуская нацыянальная дзейнасьць. У каталіцкіх парахвіях пачалі ўмацоўвацца беларускія ксяндзы i за згодай бп. Матулевіча сталі ўжываць у казаньнях i дадатковых набажэнствах беларускай мовы. У канцы жніўня 1924 году Жодзіская парахвія аказалася бяз пробашча, i туды быў назначаны кс. В. Гадлеўскі.

Жодзішкі, малое мястэчка на прыгожым беразе р. Вільлі на вышыні возера Вішнеў, ляжыць збоку большых дарогаў, куды менш заглядалі «культурнікі» з захаду й усходу, хоць некалі тут быў езуіцкі калідж. Пра Беларусь народ тут да прыезду кс. Гадлеўскага амаль нічога ня чуў. Навакольнае насельніцтва каталіцкае было выхоўвана ягонымі папярэднікамі ў польскім патрыятычным духу паводля накіненай аксіёмы: «каталік тое, што паляк». I вось у гэты ціхі куток прыязджае кс. Гадлеўскі, малады, энэргічны, гарачы патрыёт свайго народу, захапляючы аратар. 7 верасьня 1924 году выступіў ён з бойкім беларускім казаньнем да парахвіянаў, напоўніўшых сьвятыню. Народ быў захоплены. Ен ня толькі не пратэставаў, але сам поўнасьцю хутка ўключыўся ў беларускае адраджэньне. Стаў маліцца, пяяць песьні ў касьцеле ў роднай беларускай мове. Два гады працы ў Жодзішках кс. Гадлеўскага (1924-27 гг.) былі перавыхаваўчай школай для парахвіянаў. Больш ста гадоў высілкаў палянізатараў лопнулі, як мыльны пузыр. Кс. Гадлеўскі ня толькі гаварыў пабеларуску, ён вучыў народ, пераконваў, будзіў нацыянальны патрыятызм i незалежніцкую сьведамасьць. Памочнікамі ў яго былі беларускія газэты, кніжкі, беларускія песьні, прадстаўленьні ды арганізацыі. Усё гэта калола вочы далёкіх i мясцовых палянізатараў. Гадунец кс. Гадлеўскага з Жодзішак М. Мароз успамінае, што палякі й палякуючыя ix прыслужнікі стараліся асьмяшыць кс. Гадлеўскага, як «мужыцкага» ксяндза, але гэта ім не ўдавалася. Так напр., аднойчы кс. Гадлеўскі ехаў празь мястэчка вярхом на кані. Мясцовы войт, стоячы з групай людзей на вуліцы, хацеў пасьмяяцца з ксяндза:

- Які гэта ксёндз, што езьдзіць вярхом на кані! То-ж Хрыстос езьдзіў толькі на асьле.

- Гэта праўда, - адказаў яму Гадлеўскі, - але аслоў няма. Быў адзіны, ды таго выбралі за войта!

Народ зарагатаў! Едкі i спрытны адказ стаўся насьмешышчам над войтам, бо гэты жарт маланкай абляцеў усю парахвію.

У Жодзіскі касьцёл хутка пачаў прыходзіць народ зь іншых парахвіяў, зь вёсак i мястэчкаў, каб пачуць захапляючыя беларускія казаньні. Жодзішкі сталіся слаўнымі на ўсю Заходнюю Беларусь. Але ня доўга магчымым было разгарнуць вялікую дзейнасьць кс. Гадлеўскаму. Палякі пабачылі ў каталіцкім беларускім руху вялізную адраджаючую сілу. Таму ў 1925 яны дамагліся падпісаньня з Ватыканам канкардату (10.2), выгаднага для польскай шавіністычнай палітыкі. Пайменна ў 12 i 19 параграфах гаварылася, што ўжываньне беларускай мовы ў набажэнствах i катахізацыі дзяцей узалежніваецца ад згоды польскага япіскапату. Супраць гэтай несправядлівай палітыкі Польшчы, падтрыманай Ватыканам, выступіў з пратэстам урад БНР пад старшынствам В. Ластоўскага. Пратэст гэты таксама падпісалі прабываючыя тады ў Рыме на студыях аа. Станіслаў Глякоўскі й Францісь Чарняўскі. Нажаль, урад БНР ня меў дыпляматычных зносінаў з Ватыканам, i пратэст супраць канкардату астаўся бяз адказу. Асобны пратэст супраць канкардату падпісалі: а. Абрантовіч, а. др. Рэшэць - праф. Віленскай сэмінарыі; а. В. Гадлеўскі - пробашч Жодзіскі i а. Адам Станкевіч - пасол у Сойм.

Згодма з канкардатам, Віленская каталіцкая дыяцэзія была паднесена да годнасьці мітраполіі (каб даць большую самастойную ўладу Віленскаму стаўленіку), але перад гэтым пад націскам польскіх уладаў мусіў зрачыся свайго становішча бп. Юры Матулевіч, а мітрапалітам быў назначаны бп. Ян Цепляк, нядаўна выпушчаны з Саветаў ды прабываючы ў Амэрыцы. У часе падарожжа ў Эўропу дзеля абняцьця Віленскага пасаду бп. Цепляк памёр. Такім чынам вакуючы пасад абняў 24.6.1926 г. Рамуальд Ялбжыкоўскі, які зь месца пачаў беларусажэрчы курс ды ліквідацыю беларускасьці, сям-там уведзенай беларускімі сьвятарамі. Пачаўся прасьлед сьвятароў беларусоў, пасьля таго як злажылі 12 ліст. 1926 г. мітрапаліту мэмарыял з дамаганьнямі: 1) неадкладна ўвясьці ў Віленскай дух. сэмінарыі выклады беларускай мовы, гісторыі й літаратуры; 2) прыдзяліць беларусам католікам адзін касьцёл у Вільні; 3) дапусьціць беларускую мову як урадавую на раўні з лацінскай i польскай у адносінах да духоўных уладаў; 4) распарадзіцца, каб у парахвіях зь беларускім насельніцтвам казаньні й дадатковыя набажэнствы правіліся пабеларуску; 5) каб сьвятары беларусы былі прызначваныя ня ў польскія, але ў беларускія парахвіі. Мітр. Ялбжыкоўскі адхіліў усе гэтыя справядлівыя дамаганьні, ды ўзяўся за бел. сьвятароў. У студзені 1927 ён зьліквідаваў беларускія казаньні ў Барадзенічах, а пробашча гэтай парахвіі а. В. Шутовіча выслаў у Трысьцену на заходняй ускраіне Беласточчыны ды панізіў яго на вікарага. Наступная атака была скірована на Жодзішкі, на кс. В. Гадлеўскага.

Яшчэ раней, пайменна 26 красавіка 1925 году, у Жодзішках адбылася першая атака на беларушчыну. Прыязджала тады вызначаная адміністратарам Віленскай мітраполіі адумысная камісія пад старшынствам Сьвірскага дзекана - палянізатара ў асысьце паліцыі. Камісія праводзіла ў касьцеле сход жодзіскіх парахвіянаў у справе галасаваньня, якая мова мае быць у сьвятыні. Было загадана, каб тыя, каторыя хочуць мовы беларускай, выходзілі на цьвінтар ды станавіліся каля званіцы, а тыя, што хочуць польскай, - на другім канцы цьвінтара. Паліцыя загадзя кардонам ахапіла цьвінтар ды выставіла на пострах кулямёт. Вынік гэтага «галасаваньня» быў паражаючы для польскіх уладаў: на беларускім баку быў натоўп у некалькі тысяч, а на польскім - жменка ўраднікаў, асаднікі, даношчыкі ды прыбыўшыя зь іншых парахвіяў, усяго пару сот чалавек. Відзячы гэткую перавагу беларускага боку, палянізатары выклікалі суматоху. Настаўніца Паплаўская напала на кс. Гадлеўскага, які стаяў пры званіцы, ды начала яго турбаваць. Людзі кінуліся на абарону, інтэрваніявала паліцыя, якая адкрыла страляніну з кулямёта (напострах), народ зьмяшаўся, стаў разьбягацца, патурбаваўшы некалькі атакуючых польскіх актывістаў. Было выклікана зь Вілейкі войска, але, пакуль яно прыйшло, народ разышоўся.

Ня могучы гэткім спосабам зьліквідаваць беларускай мовы ў жодзіскай сьвятыні (для групы палякуючых адбываліся набажэнствы папольску а гадз. 10-й у нядзелі й сьвяты), польскія ўлады павялі прасьлед кс. Гадлеўскага. Хутка яго арыштавалі ды пасадзілі ў Лукіскую турму ў Вільні, абвінавачваючы яго ў падбухторваньні насельніцтва супраць уладаў. Супраць гэтага зьняволеньня кс. Гадлеўскага ды ўмешваньня паліцыі ca зброяй у касьцельныя справы быў пададзены Беларускім пасольскім клюбам пратэст-інтэрпэляцыя міністру ўнутраных справаў 26 чэрвеня 1925 г. Суд прымушаны быў апраўдаць кс. Г., паколькі жодзіскі паліцыйны скандал стаўся голасны ва ўсёй Польшчы ды адбіўся рэхам заграніцай. Кс. Гадлеўскі, як нацыянальны герой, вяртаўся ў Жодзішкі. Тысячы народу ад самых Смаргонь да Жодзішак сустракалі свайго ўлюбленага Пастыра, высьцілаючы яго паваротную дарогу кветкамі. Слава яго разыходзілася на ўсю Зах. Беларусь... У наступным 1926 г. зноў яго арыштоўвала паліцыя, абвінавачваючы яго ў зьнявазе польскай улады, калі ён, як пробашч у Жодзішках, ня вышаў на спатканьне Віленскага ваяводы, калі той наведаў Жодзішкі. Але i гэтым разам ня доўга прышлося яму сядзець на Лукішках, паколькі суд прызнаў паліцыйныя абвінавачаньні не абаснаванымі.

Тады яшчэ палякі ў Вільні ня мелі на мітрап. пасадзе такога пагромшчыка беларусаў, якім быў Ялбжыкоўскі. З хвілінай пераняцьця ім улады расправа з кс. Гадлеўскім пайшла хутка. У сакавіку 1927 г. паліцыя зноў змайстравала абвінавачаньне на кс. Гадлеўскага - гэтым разам падстаўляючы яму «здраду стану», быццам ён распаўсюджвае рэвалюцыйную дактрыну (часамі ён заахвочваў моладзь пяяць песьню «Адвеку мы спалі» - успамінае сп. М.), якая мае на мэце адарваць ад Польшчы беларускія землі. Кс. Гадлеўскі быў арыштованы і пасаджаны ўжо ня ў Вільні, але ў Варшаве, у Макатоўскай турме. Відаць, спадзяваліся, што Віленскі суд зноў яго звольніць, а ў Варшаве ніхто не заступіцца за гэтага небясьпечнага для польскай шавіністычнай палітыкі чалавека. Так i сталася. Варшаўскі суд засудзіў яго на 2 гады зьняволеньня. У тым самым часе польскі ўрад павёў шырокі фронт гвалтоўнага наступу на ўсё беларускае нацыянальнае жыцьцё ў Зах. Беларусі. Адбываўся пагром «Грамады», ТБШ, Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры, старшынёй якога быў кс. Гадлеўскі, i інш. беларускіх арганізацыяў i ўстановаў.

Пасьля арышту й зьняволеньня кс. Гадлеўскага ў Жодзішкі быў прысланы кс. Дроніч, верны служка польскай шавіністычнай палітыкі, нэрвова кантужаны. Каб апанаваць сытуацыю ў часе вялікага абурэньня парахвіянаў пасьля арышту кс. Гадлеўскага, новы стаўленік прыкінуўся часова таксама «беларусам». Ен на сваім першым выступе перад народам казаў, што калі народ хоча казаньняў пабеларуску, то ён будзе гаварыць, i нічога ня зьменіцца ў касьцеле. I гэткія казаньні ён стаў гаварыць у чыстай беларускай мове. Народ паспакайнеў, хоць не давяраў яму, бо адчуваў, што ў новага ксяндза няма той шчырасьці, якую бачыў у кс. Гадлеўскага. Так справа цягнулася з паўгоду, пакуль не засудзілі кс. Гадлеўскага ды ў Жодзішках людзі паспакайнелі. Тады адной нядзелі кс. Дроніч пастанавіў скінуць маску. Вось ён пасьля Імшы выйшаў на сярэдзіну касьцёла з манстранцыяй у руках i папольску голасна сказаў прысягу «крулёвай короны польскей» (гэтак арх. Ялбжыкоўскі крыху раней перамянаваў Вострабрамскую Маці Божую), што ёй будзе верны ды больш ня будзе гаварыць у касьцеле «мовай простай, беларускай», але «мовай народу, якога выбрала сама Прачыстая Дзева».

У адказ на гэта народ зашумеў. Загрымела беларуская рэлігійная песьня, якая заглушыла адступніка-камэдыянта. Перапалоханы, кс. Дроніч уцёк з манстранцыяй з касьцёла. Вызваная паліцыя арыштавала Хвалька, Грыба, Старчынскага i 12 іншых, як пачынальнікаў песьні, абвінавачваючы ix у падбухторваньні народу да бунту. Пасьля чатырох тыдняў ix выпусьцілі. Цяпер народ Прыняў іншую тактыку, не пяяў песьняў у часе польскага казаньня, але масава выходзіў зь сьвятыні, так што ніхто яго ня слухаў. Сам кс. Дроніч, як перадае Барбара Тапорская («Вядомосьці», № 34, з 26 жн. 1962), удаваў героя, апавядаючы, як ён быццам «ашукаў» беларусаў: «Я ім (беларусам) казаў - «добра, даражэнькія, пастараюся, толькі ў мяне зь беларушчынай крыху тугавата, але буду вучыцца». I вось, як я ім сказаў казаньне адно, другое, трэйцяе так, што людзі ад сьмеху не маглі паўстрымацца, дык у выніку самі да мяне прышлі й сказалі: «Хай ксёндз лепш ужо гаворыць папольску, а то стыдна нават слухаць». Ясная рэч - гэта звычайная выдумка.

Ніякія хітрыкі й выдумкі кс. Дроніча i ягоных польскіх апякуноў не памагалі. Жодзішкі асталіся стойкімі ў сваім нацыянальным змаганьні з палянізатарамі. Яны прадаўжалі яго аж да заняпаду Польшчы. Штогод вялікія групы вернікаў з Жодзішак бралі ўдзел у беларускіх пілігрымках на Кальварыю ў Вільні. Апошняя такая група з Жодзішак налічвала ў 1939 годзе 100 чалавек.

У 1938 г. кс. Дроніча замяніў новы палянізатар кс. Ян Яськевіч. Жодзішкі зноў заяўляюць свае дамаганьні на права роднай мовы ў сьвятыні. У «Шляху Моладзі» (№ 16, з 25 ліпеня 1938) чытаем:

«Жодзішкі, Вялейскага павету. У нас здарыўся нябывалы й нячуваны выпадак. Усё бадай насельніцтва ў нас беларускае, а ксёндз пробашч «паляк». У часе вялікодніх сповядзяў пайшоў выспавядацца да кс. Яна Яськевіча - пробашча Жодзіскай парахвіі - беларус каталік Антон Грышкевіч зь вёскі Паніжаны I, ясна, пачаў спавядацца пабеларуску. Пачуўшы беларускую мову, кс. Яськевіч нявытрымаў i зажадаў, каб грам. А. Грышкевіч спавядаўся папольску. Калі-ж ён сказаў, што папольску ня ўмее, дык тады пробашч крыкнуў на яго: «то ідзь сповядаць сен до Вільна до ксендза бялорусіна!», i ca злосьцю пакінуў спавядніцу ды ўцёк».

Жодзішкі адведаў кс. Гадлеўскі ў 1929 годзе пасьля выхаду з турмы. Прыехаў ён акружной дарогай - перш адведаў Друю, дзе жылі беларусы-марыяне, а пасьля празь Вішнева заглянуў у Жодзішкі. Аднак паліцыя i кс. Дроніч не дапусьцілі яго ў касьцёл. Ен толькі меў нагоду адведаць актыўнейшых сваіх выхаванкаў i заахвоціць ix да далейшай стойкасьці.

Другі раз адведаў Жодзішкі кс. Гадлеўскі ўжо ў часе вайны, 12 ліпеня 1942 г., ужо як Галоўны Школьны Інспэктар Беларусі. А 12 гадз. ён адправіў у касьцеле ўрачыстае набажэнства ў перапоўненай сьвятыні. У касьцеле былі таксама кіраўнік школьнага аддзелу Сівіца i інспэктар ЦТО Янэкэ разам з прадстаўнікамі мясцовай беларускай адміністрацыі.

«Пасьля 15-годняга перапынку ў жодзіскай сьвятыні зноў загрымела беларуская рэлігійная песьня, зноў пачулі людзі беларускае казаньне, якое выклікала ў шмат каго сьлёзы радасьці»,- пісала «Бел. Газэта»

«А 5-й гадзіне папаўдні адбылося адчыненьне Дому Беларускае Культуры. Вялікая заля загадзя ўжо была поўная людзьмі. Як толькі зьявіліся на залю госьці зь Менску, хор Беларускае Самапомачы пад кіраўніцтвам СП. Трызны прапяяў беларускі нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Гасьцей прывітаў i пачаў урачысты сход начальнік раёну СП. Брылеўскі, які зараз перадаў голас прадстаўніку генэральнага камісара...

Спадар Сівіца ў сваёй зьмястоўнай прамове закрануў усе актуальныя справы. Гаворачы аб мінуўшчыне, ён падчыркнуў, што добра ведае аб тым, як беларусаў прасьледвалі палякі i як цяпер нават яны робяць беларусам розныя перашкоды. Але дарма! Беларускі народ пры дапамозе Вялікае Нямеччыны пераможа ўсе перашкоды й здабудзе лепшую будучыню... Вы, беларусы, цяпер вольныя, i да вас ніколі больш ня вернуцца ані Сікорскі, ані Сталін. Вы атрымаеце шырокія правы. Перад вамі стаяць вялікія заданьні. Ваша зямля шмат дзе ляжыць адлогам. Яна мусіць быць выкарыстаная.

Генэральны Камісар Беларусі даў загад, каб беларуская культура мела ўсе магчымасьці да разьвіцьця, i заявіў, што беларускі народ варты таго, каб для яго працаваць. Бёларуская мова ёсьць прыгожая, заявіў пабеларуску Сівіца. Беларусы павінны быць гордыя зь яе. Я быў сяньня ў касьцеле й цешыўся, што мог там пачуць беларускую мову й беларускую песьню, якой не дапускалі палякі, выганяючы беларускіх ксяндзоў. Больш гэта не паўторыцца ніколі!

Адчыненьне Дому Беларускае Культуры ў Жодзішках зьяўляецца довадам, што беларускі народ жыве i што беларуская культура жыве й разьвіваецца. Дык няхай-жа жыве Беларусы - гэтым клічам у беларускай мове закончыў сваю пра'мову сп. Сівіца.

Наступным прамоўцам быў Галоўны інспэктар беларускіх школаў кс. В. Гадлеўскі. Ен, між іншым, сказаў: «Беларускі народ меў багата ворагаў, яны сядзелі ў воласьці, у паліцыі, у школе, у ўрадах i касьцёлах. Яны гвалтам выгналі беларускую мову з касьцёла ў Жодзішках i гвалтам адарвалі ксяндза беларуса ад гэтай парахвіі, у якой пакінуў ён частку свайго сэрца й душы. Але, не зважаючы на прасьлед i перашкоды, беларускі народ трымаўся свайго. Беларуская стыхія трывала, i яна ператрывала тых, што зьдзекваліся зь яе. Праўда, адвечныя ворагі Беларусі, палякі, усьцяж i цяпер выяўляюць сваю дзейнасьць. Яны стараюцца прасьледываць беларусаў нават пры нямецкай уладзе, але й гэтаму прыходзяць канцы. Беларускі народ узяўся за будаўніцтва сваей Бацькаўшчыны. I мы тут сабраныя, прысягаемся, што збудуем Беларусь вольнай, шчасьлівай i багатай...»

Пасьля гэтага адбыліся выступы хору Беларускай Самапомачы, беларускі паказ, танцы, дэклямацыі, якія выклікалі буру воплескаў. На другі дзень госьці знаёміліся з новазарганізаваным раённым беларускім адміністрацыйным апаратам у Жодзішках, наведалі школьны раённы інспэктарыят i наагул пазнавалі мясцовыя жыцьцёвыя абставіны. Гутаркі i знаёмствы сьцьвярджалі, што ў Жодзішках запраўды пачалася новая паважная беларуская праца, што запраўды будуецца тут новае жыцьцё, новая адроджаная Беларусь...»

Гэта быў вынік грамадзкай i нацыянальнай працы кс. В. Гадлеўскага за час 1924-1927 у Жодзішках.

У Макатоўскім вастрозе кс. В. Гадлеўскі не змарнаваў часу, але напісаў «Гісторыю Новага Закону» для беларускай школы, якую пасьля выдаў у Вільні (1930), а таксама працаваў над перакладам «Новага Тэстамэнту».

Выйшаўшы зь зьняволеньня ў 1929 годзе, кс. Гадлеўскі асеў у Вільні, уладзіўшыся пры манастырскім шпіталі сьв. Язэпа ў якасьці капэляна ды прэфэктам у школе пры манастыры Бэрнардынак. Выконваў таксама абавязкі спавядальніка пры манастыры жаночым сьв. Кацярыны. Кс. Віктар Шутовіч у сваім лісьце да а. Я. Тарасэвіча ў Амэрыцы нават зайздросьціў ягонаму матарыяльнаму становішчу: «Цяпер нішто сабе жывецца кс. Гадлеўскаму ў Вільні. У школе ён мае этат, за што месячна яму выплачваецца больш як па 200 зл. А гадзін працы ў тыдзень ён палавіну мае меней за мяне. Законьніцы са шпіталя сьв. Язэпа добра кормяць КС. Гадлеўскага, як свайго капэляна».

У нацыянальна-беларускай працы ён надалей да 1936 г. супрацоўнічаў з БХД, БНК ды навуковымі ўстановамі. Нажаль, у нас няма падробных матарыялаў зь ягонай дзейнасьці за гады 1929-1935. Ведаедл толькі, што ён прымаў удзел у важнейшых выступах беларускіх арганізацыяў, згуртованых пры Хрысьціянскай Дэмакрацыі i Бел. Нацыянальным Камітэце, прымаў удзел у штогодніх пілігрымках беларусоў у Кальварыю, час ад часу выступаў з казаньнямі ў касьцеле сьв. Мікалая, дзе была дазволена служба i беларуская мова для віленскіх беларусоў. Аб адным такім казаньні на 25 сакавіка ўспамінае др. В. Жук-Грышкевіч: «Чуў адно ягонае казаньне ў касьцеле сьв. Мікалая на 25 сакавіка. У якім годзе? - не магу прыпомніць. Казаньне было на высокім узроўні, што да зьместу й красамоўства, ды вельмі патрыятычнае». Ен быў надалей старшынёй Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры ды разгортваў у ім дзейнасьць у вельмі ЦЯЖКІХ умовах польскага прасьледу. Ведаем далей, што 25 сакавіка 1934 г. КС. Гадлеўскі чытаў рэфэрат на ўрачыстай акадэміі ў Вільні.

У канцы 1935 году я асабіста запазнаўся з кс. Гадлеўскім ды да верасьня 1939 г. быў яго супрацоўнікам. Перш я сустрэўся з кс. Адамам Станкевічам ды ягонымі супрацоўнікамі, што гуртаваліся пры вул. Завальная, № 1, дзе была друкарня i ўсе ўстановы БХД. Кс. Гадлеўскі ў гэтым часе вельмі крытычна адносіўся да ідэялягічнай дзейнасьці кс. А. Станкевіча i ягонай групы. У гэтым часе Масква мантавала ў заходніх краінах i ў Заходняй Беларусі так званы «народны фронт», быццам супрацьвагу на рост нацыяналізму й фашызму. У запраўднасьці гэта была маскоўская надбудоўка для праводжаньня сваіх сымпатыяў, чаго нельга было рабіць над камуністычнай ці сацыялістычнай вывескай. У Вільні промотарам «народнага фронту» была група левых Дэмбінскага, што выдавала часапіс «Попросту». Група гэтая спагадна выказвалася да беларускага вызвольнага руху ды востра крытыкавала польскую шавіністычную палітыку. Кс. Станкевіч сымпатызаваў гэтай групе, што выклікала ў кс. Гадлеўскага падазрэньні, што маскоўская правакацыя з «народным фронтам» зусім зьліквідуе беларускі незалежніцкі рух. Таму насіўся з думкай стварэньня «беларускага нацыянальнага фронту», як антытэзу да «народнага фронту» - маскоўскага паходжаньня. Ужо ў 1935 годзе кс. Гадлеўскі меў пачаткі групы да мантаванага «беларускага фронту». Сюды належаЛІ, апрача яго самога, адв. Мікола Шкялёнак, інж. Л. Дубейкоўскі i інш.

Кс. В. Гадлеўскі на мяне зрабіў прыцягаючае ўражаньне. Таму я таксама далучыўся да ягонай групы. Я адчуваў у ім чалавека глыбока думаючага, перанятага лесам свайго народу ды незалежніка. Усё гэта мне болей падабалася, чымся дзейнасьць кс. Адама Станкевіча i ягонай групы.

Выхадным пунктам да дзейнасьці на шырэйшую скалю для кс. Гадлеўскага была замена групай кс. Адама Станкевіча на пачатку 1936 БХД (Бел. Хр. Дэмакрацыі) на Беларускае Народнае Аб'еднаньне (БНА) з праграмай, патураючай клічы «народнага фронту». Апрача гэтага, кс. А. Станкевіч у гэтым духу выказаўся ў травеньскім нумары «Попросту», выдаванага Дэмбінскім, галоўным дырыжорам «народнага фронту» ў Вільні. У выніку гэтага ў палавіне травеня 1936 адбылася нарада групы кс. Гадлеўскага, на якой пастаноўлена выдаваць газэту «Беларускі Фронт».

Ужо сам назоў газэты задуманы быў як галоўны кліч новага нацыянальнага руху, што меў даць народу сваю собскую ідэялёгію ды разьвязку розных праблемаў: палітычных, эканамічных, гістарычных, культурных i г. д. Адсюль газэта «Беларускі Фронт» зь першага нумару сталася кузьняй беларускага нацыянальнага сьветапогляду. Большую частку газэты запаўняў сам кс. Гадлеўскі сваімі ідэялягічнымі артыкуламі i палітычнымі аглядамі міжнародных i беларускіх падзеяў, даваў аналіз ключевых нацыянальных пытаньняў, пераацэньваў мінулыя здарэньні ды паказваў на нацыянальна-беларускія пэрспэктывы. Мы падаем ніжэй важнейшыя яго артыкулы ў поўным перадруку, каб чытач сам мог зразумець i ацаніць высілак кс. Гадлеўскага, ягоную нацыянальную дасьпеласьць ды ягоныя жаданьні, якім павінен быць беларускі незалежніцкі рух.

Ясная рэч, «Беларускі Фронт» ня мог талераваць розных ідэялягічных ухілаў нашых палітычных дзеячоў з розных лягераў. Адсюль выклікаў нездаваленьне так БХД, як i камунізуючых групаў ці падтрымоўваючых савецкую акцыю «народнага фронту».

Ужо першыя нумары «Беларускага Фронту», выяўляючыя сутнасьць «народнага фронту» ды яго шкоду для беларускага вызвольнага руху, стварылі запору для маскоўскай дывэрсіі й правакацыі. Многія сымпатыкі «погляду на ўсходнюю Беларусь» хацелі бачыць у акцыі Гадлеўскага польскую руку ды інспірацыю. Дзеля дакумантацыі падамо тут, што пісаў «Шлях Моладзі» (№ 15 (131) з 30 чэрвеня 1938):

«Непаважна выглядае, калі хто-небудзь малады ня мае сваіх усталеных поглядаў, далека, аднак, горш, калі чалавек старэйшы, ды яшчэ з вышэйшай асьветай, пачынае шукаць сам ня ведае чаго: раз гаворыць адно, другі раз другое, круціць, чапляецца да іншых i на іншых звальвае ўсе беды. Сьлядамі такіх людзей на беларускім грунце ў сучасны мамэнт ідзе кс. мгр. В. Гадлеўскі із сваім часапісам «Беларускі Фронт». Гэты часапіс усьцяж шукае да ўсіх прычэпкаў, а асабліва да «Шляху Моладзі», i ўжо ня можа выцярпець, каб не зрабіць якой-небудзь нам прытычкі. Разумеем, як шкоднай для беларускага руху ёсьць нязгода й сваркi, ня можам, аднак, не бараніцца ад беспадстаўных нападкаў «Беларускага Фронту», які ў апошнім № 6 з 5.6.38 выпісвае нябывалыя рэчы.

Мы ўжо пісалі, як беспадстаўна ды нячэсна «Бел. Фронт» у мінулых гадох стараўся прышпіліць нам кляймо бязбожнікаў i Леніна, тады калі «Шлях Моладзі» выступаў i выступае супроць камуністых, а такжа i супраць бязбожніцтва. Пісалі мы такжа, як да бесканечнасьці «Б. Фронт» цьвердзіў, што «Шл. Моладзі» вёў нейкія гутаркі з «Кур'ерам Повшэхным», калі гэткіх гутарак ня было. Не перастае такжа «Б. Фронт» пісаць, што «Шл. Моладзі» быў проціў ажыўленьня дзейнасьці «Беларускага Гаспадарскага Зьвязу», тады калі «Шлях Мол.» якраз выступіў ня проціў «Зьвязу», але проціў пісаніны «Б. Фронту», каторая давала ўладам падставы для зьліквідаваньня «Зьвязу». Вось як пісаў у № 10 3.5.ХІ.37 г. «Бел. Фронт» у зацемцы «Ажыўленьне дзейнасьці «Зьвязу», дзе даслоўна гэтак сказана: «Як мы чулі, заложаны ў 1928 г. д-рам Янам Станкевічам «Беларускі Гаспадарчы Зьвяз» ажыўляе сваю дзейнасьць. Мэты «Зьвязу» такія самыя, як i зачыненага «Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры»... далей: «пажадана было-б, каб «Зьвяз»... замяніў закрытыя беларускія арганізацыі»...

Хіба-ж усім ясна, што гэтая вестка для «Зьвязу» i для беларускага жыцьця ёсьць шкоднай. Бо калі пішацца, што «Зьвяз» мае такія самыя мэты, як арганізацыя закрытая, ды мае гэтую арганізацыю замяніць, то тым уладам, якія закрылі папярэднюю арганізацыю, даюцца тыя-ж самыя матывы i дзеля закрыцьця «Зьвязу». Прачытаўшы такую вестку, мы й запыталіся, ці гэта бязглузьдзе, ці правакацыя, бо так яно выглядала й выглядае, а «Б. Ф.» перакручвае ката дагары нагамі й піша, што «Ш. М.» быў проціў ажыўленьня «Зьвязу»...

Дзіўную сапраўды ролю адыгрывае «Б. Ф.». Адначасна трэба сказаць, што дзіўныя сапраўды переломы перажывае й радактар «Б. Ф.» кс. Гадлеўскі. Ягоныя погляды дзіўна зьменныя. Вось, напр., у 1934 г. кс. В. Гадлеўскі ў сваім рэфэраце на ўгодкі 25 сак. 1918 г. аб няспрытнай тэлеграме Рады БНР да нямецкага кайзэра Вільгельма ў 1918 г. гэтак казаў: «Углядаючыся на гэту справу (тэлеграмы) ў пэрспэктыве 16-ці гадоў, мы даходзім да перакананьня, што высылка тэлеграмы была памылкай» («Бел. Крыніца», 1934, № 19). А ў 1937 г. аб гэтай-жа ён кажа: «Я хоць ня быў ініцыятарам тэлеграмы, аднак уважаў яе разам з Радай за акт вялікага дыпляматычнага значэньня». I цяпер кс. В. Г. тэлеграму гэтую бароніць. («Б. Фронт» за сьнеж. 1937).

Далей кс. Гадлеўскі, пачынаючы выдаваць «Б. Ф.» i гаворачы, што будзе шукаць сродкаў на выдаваньне гэтага часапісу, выказаўся вялікім прыхільнікам украінцаў i за супрацоўніцтва зь імі, што зусім было зразумелым. Тымчасам сёлета ў № 5 (з 5 траўня з 7) «Б. Фронту», у артыкуле «Усходняя Эўропа й Беларусь», баючыся 40 мільёнаў украінцаў, радзіць Маскве й Варшаве ласкава зьвярнуць увагу на Беларусь, якая, «узяўшы спадчыну па Полацку», магла-б павясьці «заўзятае змаганьне супраць Вялікае Украіны», бо яна можа мець «прэтэнсіі да беларускага Палесься, Бельшчыны, а нават Беласточчыны - што пры ведамай нацыянальнай дынаміцы ўкраінскага народу пагражае клопатамі для беларускага народу».

Калі «Хр. Думка» зьвярнула ўвагу на такую непажаданую й неактуальную ў сучасны момант пісаніну для дабра беларуска-ўкраінскіх адносінаў i што на справу гэтых адносінаў, бязумоўна, ня могуць мець уплыву такія варожыя выступленьні, як нейкага Піліпчука ў украінскім «Вістнйку», ды што пляны «Б. Ф.» якраз зыходзяцца з плянамі польскага санацыйна-нацыяналістычнага палітыка др. Бабжанскага, дык «Б. Фронт» удае, што аб Бабжанскім ня чуў, i кажа, што «Б. Ф.» у 1936 г. аб украінцах пісаў вунь як прыхільна... Выбачайце, але ў паважных людзей прынята ўважаць важным апошняе слова, а ня тое, што ён гаварыў пару гадоў таму назад...

Але на гэтым не канчаюцца некансэквэнцыі й пераломы кс. В. Гадлеўскага. Ведаем, што кс. Гадлеўскі ў сваім часе быў пробашчам у Жодзішках Вялейскага павету, ды адтуль думаў нават прывясьці бел. пілігрымку Ў Кальварыю. Праўда, не зрабіў гэтага не з свае віны, але пасьля ў 1935 г. браў удзел у бел. пілігрымцы, ладжанай Беларускім Касьцельным Камітэтам у Вільні. Сёлета й летась, калі арганізавалася беларуская пілігрымка ў Кальварыю i калі ўсе бадай беларускія часапісы ў кожным нумары падавалі аб ёй весткі, бо ня кожны нумар акуратна на вёску даходзіць, кс. Гадлеўскі ў «Б. Ф.» ані слоўцам не ўспамянуў аб беларускай пілігрымцы ды ані сёлета, ані ў мінулым годзе ў бел. пілігрымцы ня браў удзелу. Беларускія-ж пілігрымкі маюць запраўды вялікае рэлігійнае й нацыянальнае значэньне, i ў ix бяруць удзел беларусы ўсіх кірункаў, за выняткам камуністых...».

Мы падалі гэты артыкул амаль поўнасьцю, бо ў ім ёсьць выказ за некалькі гадоў нездавальненьня праціўнай групы. З гэтага артыкулу мы бачым, што праціўнікі Гадлеўскага ня мелі ніякіх важкіх аргумантаў супраць яго. Закід зь «Зьвязамі», быццам зацемка ў «Б. Ф.» пахне нейкім даносам, - не вытрымоўвае крытыкі, паколькі сам Гадлеўскі быў старшынёй да самага закрыцьця Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры. Гадлеўскі выказаўся зусім пазытыўна адносна «Зьвязу», што ён будзе праводзіць тую самую работу, што i Інстытут Гаспадаркі й Культуры, зачынены палякамі, каб народ гэтую новую арганізацыю лічыў за сваю ды пад шыльдай «Зьвязу» прадаўжаў дзейнасьць Інстытуту, бо-ж «Бел. Фронт» выдаваўся для беларусаў, а не для польскай улады. Адносна гэнай тэлеграмы ў 1918 годзе да нямецкага кайзэра, то «Шлях Моладзі» сам сабе пярэчыць, раз ён робіць закід Гадлеўскаму, што ён мяняе палітычныя погляды (1934-1937), то зноў хапаецца за выгадны сабе выказ кс. Гадлеўскага, кажучы «ў паважаных людзей прынята ўважаць важным апошняе слова, а ня тое, што ён гаварыў пару гадоў таму назад». Але хіба найлепш будзе, калі мы дамо слова самому кс. Гадлеўскаму ў абароне самога сябе.

«Шлях Моладзі», - піша кс. Гадлеўскі, - паводля свайго звычаю, перакручваючы ўсё дагары нагамі, а потым, пішучы «круці ды меру знай», напаў на нас у даўзёрным артыкуле, у якім стараецца сябе абяліць, а ачарніць «Б. Ф.» . I чаго ў тым артыкуле няма? І справа «Зьвязу», якога па сьмерці «Ш. М.» ужо бароніць i хваліць; i справа «Калосься», у якім была не беларуская i не кітайская, але расейская цытата; i справа беларуска-ўкраінскіх адносінаў, якую мы з свайго боку грунтоўна выясьнілі; i справа тэлеграмы да Вільгельма, якую 20 гадоў таму назад выслала Рада БНР i якая мела тады сапраўды вялікае значэньне дыпляматычнае; i справа маўчаньня «Б. Ф.» аб Кальварыі; i справа зьменнасьці нашей палітыкі; ёсьць нават прытычка кс. Гадлеўскаму, што не хадзіў разам з «Ш. М.» у Кальварыю, - словам, цэлая літанія ўсялякіх закідаў i прытычак. Але рэкорд пабіў цяпер «Шлях Мол.» тым, што палічыў усіх, хто ня быў сёлета ў Кальварыі, за камуністых... бо кажа, што ў Кальварыю ходзяць беларусы ўсіх кірункаў, апрача камуністых!..

Але вернемся да закідаў «Ш. М.». Праўду кажучы, гэтыя закіды бадай усе старыя, ужо некалькі разоў у рэдакцыі «Ш. М.» адаграваныя й намі выясьняныя, дык мы над імі ня будзем спыняцца, а адкажам толькі на новыя.

1. Наш часапіс ёсьць палітычны й агульна-беларускі, прызначаны для ўсіх беларусаў бяз розьніцы веравызнаньня. Таму мы ўважаем, што такі часапіс агітаваць за працэсію аднаго веравызнаньня не павінен, няхай гэта робяць рэлігійныя часапісы або адозвы.

2. Ісьці ці ня ісьці на Кальварыю - ёсьць асабістай справай кожнага чалавека, у тым ліку i кс. Гадлеўскага. Толькі цікава, чаму «Ш. М.» так моцна хацеў-бы бачыць на Кальварыі i кс. Гадлеўскага разам з сабою?

3. Што датычыць зьменнасьці палітыкі «Б. Ф.» ці кс. Гадлеўскага, скажам коратка: палітыка наша асталася нязьменнай, а зьменнай ёсьць якраз палітыка Бел. Народнага Аб'еднаньня i яго правадыроў.

Каб палітыка БНА асталася нязьменнай, «Б. Фронт» быў-бы разам. А калі яна зьмяніла свой кірунак, супрацоўніцтва сталася немагчымым. Уважаем, што правадыры БНА сяньняшняй сваей паліт. вядуць беларускі народ на блудныя дарогі. Гэта бачаць усе. Не паможа тут ніякая маска й крутня. З гэтай палітыкай мы супрацоўнічаць ня можам».

Думаючы аб сваёй нацыянальнай ідэялёгіі, кс. В. Гадлеўскі i М. Шкялёнак зусім правільна паставілі пад крытычную прызму адносіны да нашых суседзяў: жамойцаў i ўкраінцаў, якія, мала-па-малу, выкарыстоўваючы нашую барацьбу з Масквой i Варшавай ды шуканьне салідарнасьці з народам!, якім таксама пагражаюць названыя імпэрыялісты, разьвівалі наступ на нашу тэрыторыю ды на нашую гісторыю ды не жадаюць адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці, згодна этнаграфічнай i геаграфічнай праўды. Адсюль паяўляюцца артыкулы ў «Б. Ф.»: «Беларускае літвафільства» i «Да літоўска-беларускіх адносінаў» дзе паддаюцца крытыцы гэтыя адносіны i ё абаснаваньне, што ЛІТВА ў гістарычным значэньні - гэта тое, што БЕЛАРУСЬ сяньня, а прэтэнсіі Жамойці (Летувы) на нашыя землі нічым не абаснаваныя. Гэтаксама «Бел. Фронт» выясьняў ды даваў адбой украінскім захопнікам, што ПАЛЕСЬСЕ належыць да беларускай этнаграфічнай тэрыторыі, ад якой мы ніколі не адрачэмся ў імя добрых беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў. Усе гэта нэрвавала тых беларускіх палітыкаў, якія спэкулявалі на ўступках так адносна жамойцаў, як украінцаў. Ведама, гэта былі першыя крытычныя крокі ў фармаваньні беларускай незалежніцкай ідэялёгіі, i яны яшчэ не вырашаюць поўнасьцю пытаньня нашай гістарычнай i этнічнай сапраўднасьці, як мы гэта разумеем сяньня, але ўжо сам факт стаўляньня гэтых праблем ды выкрываньне ўсякага ўгодніцтва з суседзямі коштам нашых нацыянальных вартасьцяў, - гэта вялікі ўклад у нашае нацыянальнае адраджэньне.

Далей кс. Гадлеўскі дае ў «Б. Ф.» цэлы рад ідэялягічных артыкулаў, каб беларусам даць асновы собскай нацыянальнай незалежніцкай ідэялёгіі, як: «Тварэньне беларускага цэнтру»; «Аб самавызначэньні народаў»; «Народ - нацыя»; «Аб славянскай ідэі»; «Патрэба нацыянальнай ідэі»; «Што такое нацыяналізм»; «На восі Токіо - Бэрлін» i інш., i то ў часе, калі пачынае насьпяваць сучасная атмасфэра чуцьцём вялікіх сусьветных пераменаў. Так мог пісаць толькі чалавек вялікага розуму ды вялікіх патрыятычных палётаў, чаго не маглі зразумець людзі нявысокіх уздымаў. Так, напрыклад, кс. В. Шутовіч, як шчыры пераказьнік настрояў Хадэцыі, пісаў у сваім лісьце да а. Я. Тарасэвіча: «Я не чытаю ягонага «Б. Ф.», я ня зношу ягоных там разважаньняў - эсеяў. Я коратка Табе тут прадстаўлю жменку думак кс. Гадлеўскага зь ягонага «Б. Ф.». На гэта хопіць аднаго нумару газэты, які я цяпер маю пад рукамі. Тутака я знаходжу рэчы, якія не ліцуюць з каталіцкім духоўнікам. Вось якія погляды кс. Гадлеўскага: сягоньня рэлігія - гэта рэч прыватная ў публічным жыцьці, а тымбольш у палітыцы яна не адыгрывае ролі. Сягоньня важны для сьвету нацыяналізм. У гэтых думках я знаходжу капітальную памылку кс. Гадлеўскага. Сягоньня рэлігія й Бог - гэта рэчы, за якія ідзе вайна на сьвеце... Такое яго цьверджаньне нязгоднае з хрысьціянскай філязофіяй i навукай... Каталіцкаму ксяндзу ды захоплівацца гітлерызмам, як гэта робіць наш кс. Гадлеўскі, ёсьць таксама нешта не выразнае... Далей кс. Гадлеўскі надта сьмела б'е ў эндэкаў. Але гэты народ у сучаснасьці малую адыгрывае ролю i для беларусаў ён зусім нястрашны. Сучасны ўрад дык эндэкаў ня любіць. Затое i наш Гадлеўскі з усей сілы б'е па эндэках. На пахілае дрэва i козы скачуцы»

У сымпатыях прогітлероўскіх вінаваціць кс. Гадлеўскага й хадэцкая прэса. Ці гэта так было? Мы думаем, што гэта няпраўда. Кс. Гадлеўскі пільна сачыў за падзеямі перад другой вайной i верыў, што перамену ў жыцьці Беларускага народу можа прынясьці новая вайна, як пазытыўнае зьявішча ва ўмовах абсалютнага паняволеньня Масквой i Варшавай. У гэтым няма ніякай недарэчнасьці, ані дзіва. Сам кс. Шутовіч у іншых лістох да а. Я. Тарасэвіча зьвязваў вялікія надзеі на новую вайну ды рыхтаваўся да місыйнай працы на родных прасторах, калі вайна пераменіць пануючае становішча.

Кс. Гадлеўскі адносіўся да гітлерызму вельмі крытычна i не спадзяваўся, што ён пазытыўна разьвяжа беларускае пытаньне. Аб гэтым ён пісаў яшчэ ў 1938-39 гг. Гэтак пасьля захопу Нямеччынай Чэхаславаччыны Гадлеўскі, пасьля дакладнай аналізы падзеяў, выводзіў: «Прыглядаючыся ўважна да ўсіх гэтых справаў, трэба яшчэ раз адзначыць, што першай праблемай, якая высоўваецца на парадак дня ў эўрапэйскай палітыцы, тэта праблема нацыянальная. Яе ўзялася вырашаць расістоўская Нямеччына, ня так з прынцыпу, як з тактыкі: карыстаючыся з запутаных нацыянальных праблемаў, Нямеччына думае пашыраць сваё панаваньне на ўсход. Трэба прызнаць, што запутанасьць нац. праблемаў, а такжа ахвота Няллеччыны распутаць гэтыя праблемы - робіць зь Нямеччыны вялікую й грозную сілу ў вачох Саветаў i іншых. Толькі ці Нямеччына распутае гэтыя праблемы? Мы баімся, што яна можа запутаць ix яшчэ болей! На гэта ёсьць некаторыя даныя, але аб ix другім разам».

У артыкуле «Канфлікт на далёкім Усходзе i на блізкім захадзе» («Бел. Фронт», № 9 (31) Гадлеўскі пісаў: «Беларусы, як чуваць з Саветаў, не баяцца новай сусьветнай вайны. Ня толькі ў імя правіла, што «голы разбою не баіцца», але яшчэ дзеля глыбейшых прычынаў; кажуць, што без вайны беларуская справа ня будзе пастаўлена на парадак дня. Некаторыя беларусы нават хочуць вайны! Нам здаецца, што вайна толькі тады была-б пажаданай, калі-б яна дала беларускаму народу нейкую карысьць, інакш кажучы, калі-б беларускі народ мог яе выкарыстаць. А калі-б вайна прынясла толькі зьнішчэньне - гэта быў-бы дрэнны выхад!»

У артыкуле «Падзел Чэхаславаччыны» («Б. Фронт», № 7 (41) з 1 крас. 1939) кс. Гадлеўскі шчыра выказваў свой спагад для Чэхаў, якія лучылі ў нямецкую няволю: «Пры ўсіх засьцярогах адносна чэскай палітыкі мы, аднак, выражаем свой спагад Чэхаславаччыне. Робім гэта зь дзьвюх прычынаў: раз - што чэскі народ заўсёды хацеў i хоча быць незалежным i за гэтую незалежнасьць у даўнейшых часох вёў заўзятае змаганьне, а па другое, - што беларусы для чэскага народу чуюць вялікую ўдзячнасьць. У Празе беларуская эміграцыя з Саветаў i іншых краёў, дзе беларусы церпяць прасьлед, знаходзіла прыпынак i помач, а беларуская моладзь у чэскіх школах мела магчымасьць здабыць для сябе вышэйшую асьвету ды гэтым павялічыць рады бел. інтэлігенцыі. Апроч гэтага, прычынай нашай спагаднасьці да чэскага народу ёсьць факт, што гэты народ страціў сваю незалежнасьць i волю не дабравольна, але пад прымусам, пры гэтым Нямеччына адступіла ад свайго прынцыпу самаазначэньня народаў. Прынцып сілы, тасаваны адносна Чэхаславаччыны, можа выклікаць пры кожнай сусьветнай ці эўрапэйскай буры розныя камплікацыі ў Сярэдняй Эўропе й можа нарабіць Нямеччыне шмат клопатаў. Бо жывога народу, які хоча жыць i які імкнецца да волі, ня можа зьніштожыць ніякая сіла. У жыцьці народаў павінен панаваць ня прынцып сілы й няволі, але прынцып вольнага сужыцьця».

У тым-жа самым нумары «Б. Ф.» кс. Гадлеўскі аналізуе пачаткі нямецкага «Дранг нах Остэн» у зьвязку зь нямецкім захопніцтвам Клайпэды За аснову сваіх разважаньняў бярэ артыкул В. Вельгорскага «Два шляхі» ў «Кур'еры Віленскім». «Выпадкі апошніх дзесяці дзён, - паўтарае Гадлеўскі, - мелі даволі выразнасьці, каб можна было на ix падставе вытычыць дарогі паходу гітлероўскай Нямеччыны на ўсходзе Эўропы. ёсьць ix дзьве: балтыцкая й чорнаморская. «Бурштынавы» шлях, узноўлены пасьля многіх стагодзьдзяў, прынёс пры першым удары неабыякую здабычу. Тэўтоны палажылі руку ізноў на нёманскім гарляку, на Клайпэдзкім порце. Перайшлі яны адначасна карыта гэтай ракі ды занялі магутны прычолак на яе паўночным беразе, расьцягваючы ўладу на паласу ўздоўж ніжняга бегу Немана, званую ў іхняй мове «Мэмэльлянд». Згэтуль адчыняюцца шырокія пэрспэктывы на Лівонію й Фінскую затоку, адкуль яны муселі адыйсьці ў 1918 годзе.

Балтыцкія краі - гэта пярэдні пляцдарм дзеля паходу на Расею, гэта далейшае пашыраньне гаспадарчых уплываў у басэйне Дзьвіны, пасьля апанаваньня басэйну Немана. Заключаны ў Бэрліне 22.3.39 летувіска-нямецкі дагавор аб перадачы Клайпэды Нямеччыне мае ў сабе цікавы артыкул 4-ты, у якім чытаем: «Абедзьвія стораны забавязваюцца не тасаваць узаемнага гвалту, ані памагаць у тасаваньні гвалту, скіраванага проціў аднаго з контрагентаў нейкім трэйцім». Інтэнцыяй гэтага артыкулу ёсьць вывесьць Летуву з ігры, асуджэньне яе на нэўтральнасьць у выпадку, напрыклад, збройнага змаганьня між Польшчай а Нямеччынай...

Кірунак чорнаморскага шляху быў у апошнях дзесяці днях ня толькі Нямеччынай вызначаны, але й пройдзены ў маланкавым тэмпе па лініі Вена - Канстанца»... Далей апісваецца нямецкае захопніцтва дзяржаваў на Балканах i ў Дунайскім басэйне.

«А дзе-ж месца Польшчы ў гэтай праграме? Як бачым, абодва шляхі, на якіх разгарнуўся ў сямімілёвых ботах паход германства, абхапляюць Польшчу сваімі кляшчамі з поўначы й поўдня, як васьмярніца ахапляе нурца ў глыбіні акіяну...»

Камантуючы англа-савецкае пагадненьне, заключанае ў чэрвені 1939 г., ды прыняцьце бальшавікоў да антынямецкіх альянтаў, Гадлеўскі прадбачваў вельмі хуткі няллецкі паход на Усход, пайменна на пачатак верасьня. Але ці з гэтага цешыўся? У апошнім нумары «Беларускага Фронту» (50-м), выданым 15 жніўня 1939 г., Гадлеўскі пicaў:

«Некаторыя думаюць, што сутнасьць нямецка-польскага канфлікту ляжыць у Гданску i ў г. зв. «карыдоры». Аднак такая думка ёсьць памылковая, бо сутнасьць гэтага канфлікту ляжыць ва ўсходніх плянах Нямеччыны, аб якіх мы ўжо няраз пісалі, а з другога боку - у супраціве Польшчы гэтым плянам. Інакш кажучы, Польшча лягла ўпоперак дарогі нямецкім імкненьням на ўсход, i вось у гэтым факце трэба шукаць найглыбейшай прычыны сяньняшняга канфлікту між Нямеччынай i Польшчай. Ідзе цяпер пра тое, ці Нямеччына затрымаецца перад гэтай перашкодай, ці папрабуе яе зламаць? Усё сьведчыць аб тым, што Нямеччына прыгатаўляецца да гэтага другога выхаду, а Гданск зьяўляецца толькі адным з адрэзкаў, дзе можа пачацца змаганьне...

Нас, беларусаў, цікавіць найболей пытаньне: якою цаною i чыім коштам пашырае Нямеччына свае ўплывы ў Латвіі, асабліва ў Летуве? Весткі аб кантакце Летувы зь Нямеччынай даходзяць да беларускага грамадзтва ўжо здаўных i выклікаюць у ім зразумелае ўражаньне. Для ўсіх ясна, што калі Летува пасьля страты Клайпэды арыентуецца (ці прабуе арыентавацца) на Нямеччыну, то мае ад гэтай апошняй нейкія абяцаньні. Якія? Можа Вільня й Віленшчына? А можа часьць Горадзеншчыны? Але-ж гэтыя мясцовасьці, як мы ўжо няраз даводзілі, не зьяўляюцца летувіскімі! Значыць, нагарода за Клайпэду мелася-б адбыцца коштам беларускага народу!»

Апазыцыя перад самай другой сусьветнай вайной падазравала кс. Гадлеўскага ў нейкім супрацоўніцтве з польскімі адміністрацыйнымі ўладамі, а на довад сваіх падазрэньняў паказвала на цэнзурны рэжым, які нібы вастрэй прасьледывае іншыя беларускія газэты й часапісы, чымся «Беларускі Фронт»; на высяленьне зь Вільні (15 сьн. 1938) кс. А. Станкевіча, інж. А. Клімовіча ды а. У. Талочкі; на арышты й дэпартацыі ў Картуз-Бярозу (31 жн.-8 вер. 1939) многіх з групы кс. А. Станкевіча (Я. Шутовіча, Я. Найдзюка, В. Ярмалковіча), лявізуючых (М. Анцукевіч, У. Паўлюкоўскі, С. Хмара i інш.) у той час, калі ані кс. Гадлеўскі, ані хто зь ягонай групы ня быў выселены зь Вільні ані арыштованы перад вайной. Нават кс. В. Шутовіч у названым раней лісьце да а. Я. Тарасэвіча вінаваціць кс. Гадлеўскага: «Я не хачу казаць таго, каб кс. Гадлеўскі быў вінен у тым, што ў кс. Станкевіча некалькі разоў была рэвізія, што кс. Станкевіч быў змушаны пакінуць Вільню, але факт фактам астаецца, што кс. Гадлеўскі ў гэтыя справы таксама мачаў свае рукі. А штож з таго, калі цяпер ксёндз Гадлеўскі астаўся ў Вільні, а кс. Станкевіча тамака няма?»...

Ці ўсё гэта падобнае на праўду? Я думаю, што не. Нават праціўнікі не змаглі даць ніводнага спраўджанага доваду на свае дагадкі, «Беларускі Фронт» на працягу свайго існаваньня (50 нумароў) быў 8 разоў сканфіскованы, а за артыкул «Дзяржаўная незалежнасьць Беларусі» («Бел. Фронт», № 8 (30), жнівень 1938) выдавец газэты студэнт В. Пануцэвіч атрымаў год вастрогу. Гэта сьведчыць, што ніякай палёгкі ў польскай цэнзуры «Беларускі Фронт» ня меў. Справа высяленьня кс. А. Станкевіча i А. Клімовіча зь Вільні ў 1938 г. цесна вяжацца з польскай шуміхай у мэтах захапіць Летуву (Жамойць) на падабенства Заользя, каб выпярадзіць Нямеччыну пасьля таго, як разышліся весткі, што яна рыхтуецца захапіць Клайпэду. Хіба многія помняць той час, калі на жамойцкай граніцы рабіліся правакацыі з забойствам свайго пагранічніка, а на мітынгах у Вільні агітатары падбухторвалі натоўп «На Ковно! На Ковно!». Восьжа тады былі арыштованыя многія жамойцкія дзеячы ў Вільні, а кс. Станкевіч, А. Клімовіч i кс. У. Талочка былі выселены ў канцы 1938 зь Вільні як жамойцкія прыхільнікі. Арышт зноў i вываз у Картузкую Бярозу людзей з табару «народнага фронту» i немцаў лучыцца з тайным дагаворам Рыбэнтроп - Молатаў (24 жн. 1939), у якім немцы й Масква дагаварыліся падзяліць польскую дзяржаву. Кс. Гадлеўскі i яго група, паколькі былі i антыгітлероўскага й антыбальшавіцкага напрамку, у вачох польскіх палітыкаў не прадстаўлялі небясьпекі.

Ня значыць гэта зусім, што кс. Гадлеўскі спрыяў палякам ды гатовы быў бараніць ix інтарэсаў. Абсалютна не. Пасьля выбуху вайны 1 верасьня 1939 г. я, едучы ў свой полк (81) у Горадню, як змабілізованы польскімі ўладамі, па дарозе, 4 верасьня, адведаў у Вільні кс. В. Гадлеўскага ў ягоным памешканьні на Вострабрамскай вуліцы ды меў доўгую гутарку зь ім на тэму ваеннай сытуацыі i пэрспэктыў на будучыню. Кс. Гадлеўскі мне дэтальна прадставіў магутнасьць нямецкага ўдару на Польшчу i казаў, што за тыдзень не астанецца сьледу з польскай дзяржавы. Што да будучыні, то радзіў мне пры першай нагодзе перайсьці на нямецкі бок, куды i ён думае перайсьці, i там «будзем бачыць, што рабіць». Гаворачы аб паляках, ён паказваў на поўную недалужнасьць польскай палітыкі, на нечуванае засьляпленьне нацыяналістычнае, што вядзе няўхільна да гібелі гэтую дзяржаву, што, магчыма, дасьць новыя магчымасьці для беларускага народу.

Я пайшоў на фронт i апынуўся 22 верасьня ў савецкім палоне, парваўшы кантакт з кс. Гадлеўскім аж да 1942 г. Тымчасам кс. Гадлеўскі зь некаторымі сваімі сябрамі з надыходам бальшавікоў у Вільню (17 верасьня) уцёк у Коўню. Жамойцы былі пад уражаньнем нядаўняй страты Клайпэды, дык адносіліся да ўцекачоў зь Вільні даволі спагадна, тымбольш, што 10 кастрычніка 1939 г. быў падпісаны ў Маскве дагавор аб перадачы саветамі Жамойці Вільні й Віленшчыны. Узамен за «дарунак» Масква ўстанаўляла свае ваенныя базы й гарнізоны ў жамойцкіх гарадох.

Кароткі побыт КС. Гадлеўскага ў Коўні (ад 17 верасьня да 30 кастрычніка 1939 г.) зацяжыў на ўсёй далейшай ягонай палітыцы ды на ягоным лёсе, ды стаўся плодны ў многія здарэньні, якія адбыліся на Беларусі ў Другой сусьветнай вайне.


1993. №5. С. 81-94.

Перш за ўсё кс. Гадлеўскі поўнасьцю пераканаўся ў правільнасьці сваіх ранейшых прадбачваньняў, што гітлероўская Нямеччына нясе новыя торгі беларускай прасторай (згода на перадачу Жамойці Вільні й Віленшчыны) ды ад яе спадзявацца нельга адбудовы беларускай дзяржавы. З другога боку, пераканаўся ў ультрашавіністычнай палітыцы жамойцаў, якія на працягу сваей незалежнасьці (1918-1939) вялі палітыку гвалту, яшчэ большага як палякі, над беларускім насельніцтвам Ковеншчыны, ня даўшы ніводнай беларускай школы ды ізаляваўшы беларускіх дзеячоў i ix арганізацыі да самай Коўні з забаронай усякіх кантактаў з насельніцтвам. Сам кс. Гадлеўскі выязджаў з Коўні ў м, Еўя ля К., дзе сустрэў масы беларускага насельніцтва, стомленага жамойцкім тэрорам i наглай жамойцкай асыміляцыяй, надзеючагася на перамены ў новай вайне. На вестку, што зьявіўся на правінцыі беларускі ксёндз, людзі з навакольных вёсак i хутароў сталі прыбываць да яго натоўпамі. Даведаўшыся аб гэтым, жамойцкія ўлады забаранілі кс. Гадлеўскаму мець усякі кантакт з насельніцтвам ды выехаць яму загадалі назад у Коўню. У Коўні ў гэтым часе існавалі наступныя беларускія арганізацыі: «Цэнтр Беларускага Руху ў Літве», «Беларускае Культурна-Прасьветнае Таварыства» i «Беларускі Нацыянальны Саюз у Літве» зь некаторымі прыбудоўкамі, як «Беларуская Хатка», «Беларускі Тэатр». Усе гэтыя арганізацыі й устайовы былі фінансованыя жамойцкім урадам пад умовай, каб дзейнасьць ix зводзілася толькі для вонкавай рэпрэзэнтацыі, а не выхаваньня беларускага насельніцтва ў Летувіскай дзяржаве. Адсюль не дазволена было арганізаваць беларускія школы, арганізацыі моладзі, выдаваць часапісы й кніжкі. Усё беларускае насельніцтва, якое сягала 250. 000 у межах жамойцкай дзяржавы перад далучэньнем Вільні й Віленшчыны, было паддадзенае наглай дэнацыяналізацыі. Група беларускіх дзеячоў, як інж. Душэўскі, А. Матач, В. Барысэвіч, Якавюк, Боеў, ладзілі час ад часу зборышчы, прадстаўленьні для беларусоў старэйшага пакаленьня, фінансавала з сваіх субсыдыяў беларускі рух кс. Станкевіча ў Вільні, ды гэта ўсё. Цяпер з далучэньнем да жамойцкай дзяржавы Вільні й Віленшчыны гэтая дэнацыяналізацыйная палітыка жамойцаў пагражала беларускай гістарычнай сталіцы i ўсёй Віленшчыне. Кс. Гадлеўскі, як дзяржаўны муж, ня мог пагадзіцца на страту вялікай часткі роднага краю зы слаўнай сталіцай. Трэба было шукаць выхаду ў новай вайне, каб не паўтарыліся выпадкі i сумны лёс Беларусі пасьля Берасьця, Рыгі i Вэрсалю.

У гэтым часе ў Коўні вытварыўся найбольш актыўны пункт міжнароднага выведу. Тут зыходзіліся ніці заходніх альянтаў, як i таталітарных саюзьнікаў - Нямеччыны й Саветаў. Кс. Г., здаецца, навязаў кантакт з англа-амэрыканскім выведам з аднаго боку ў мэтах арганізацыі антынямецкага супраціву, ды зь нямецкай разьведкай, спадзяючыся хуткай вайны Нямеччыны з Саветамі, каб магчы разгарнуць арганізацыю беларускага руху ва ўмовах вайны, каб беларускі народ вышаў з вайны пераможна. У гэткім пляне ўсякія саюзьнікі браліся пад увагу, перш за ўсё палякі, у абароне якіх падняліся заходнія дзяржавы, як Францыя, Англія, Амэрыка, i ix саюзьнікі, якія найлепш адчувалі на сваёй скуры так немцаў, як i бальшавікоў.

Пасьля верасьнёвай катастрофы польскі ўрад i вялікая хваля палякаў апынуліся на эміграцыі, галоўным чынам у Францыі. Пачалася вельмі вострая крытыка недалужнасьці польскага ўраду i польскай неразумнай палітыкі раней i на чужыне. Вытыкалі палякі свайму ўраду, што ўтвораная 9.XI 1.1939 Нацыянальная Рада без удзелу беларусоў i ўкраінцаў ёсьць прадаўжэньнем фатальнай польскай палітыкі адносна гэтых народаў. Дамагаліся поўнай рэгабілітацыі вязьняў з Картуз-Бярозы, бэшталася дурната кіруючай клікі i эндэцыі. Рабіла гэта ўражаньне, што палякі пад цяжарам Божай кары ацьверазелі ды пачнуць супрацоўніцтва з народамі, якія апынуліся ў падобным палажэньні. Адсюль кантакты кс. Гадлеўскага з Язэпам Мацкевічам, які сярод палякаў займаў актыўнае становішча ў Вільні ды рэпрэзэнтаваў адмоўны кірунак да ранейшай шавіністычнай польскай палітыкі, ды шукаў спосабаў наладжаньня супрацоўніцтва зь беларусамі дзеля абароны Вільні й Віленшчыны ад надыходзячага зжамойдзеня.

27 кастрычніка 1939 г. жамойцкія войскі занялі Вільню на падставе дагаворанасьці з Масквой. Два дні пазьней вяртаецца ў Вільню i кс. Гадлеўскі. Ен на свае вочы бачыць новую трагэдыю беларускага народу: з аднаго боку, тое жудаснае засьлепленьне жамойцаў, ашаломленых чадам жамойцкіх фантастаў, быццам Вільня й Віленшчына, дзе толькі было каля трох працэнтаў жамойцкага насельніцтва, супроць усёй гістарычнай i этнаграфічнай праўды дададзеныя да ix невялікай дзяржавы, прынясуць шчасьце й славу для іхняга невялікага народу, а з другога боку, пабачыў аблічча кс. Станкевіча i ягонай групы, праяў сэрвілізму, апрабату зь беларускага боку гэтага захопніцтва найбольш сьвятой часткі нашай бацькаўшчыны пры дапамозе вялікіх i жудасных панявольнікаў Масквы й Нямеччыны за нечувана мізэрныя канцэсіі, дадзеныя беларусам, запраўдным гаспадаром. Каб ня быць галаслоўнымі, падамо тут рад фактаў з гэтага часу, якія пакажуць аблічча так жамойцаў, як i беларускіх угоднікаў.

Так, «Крыніца» (№ 1(698) з 17 лістапада 1939) пісала:

«10 кастрычніка сёлета ў Маскве між урадам Літвы i СССР быў падпісаны дагавор, на падставе якога Вільня, як адвечная літоўская сталіца, i часьць-Віленшчыны адыйшла да Літоўскай Рэспублікі».

Кс. Адам Станкевіч, як правадыр 20-ці гадовай калябарацыі з Жамойцяй, гэтак вітаў жамойцкую армію 23 ліст. 1939 у Віленскім тэатры:

«У пахмурныя восеньскія дні ў 1905 г. 34 гады таму ў Вільні адбыўся літоўскі сойм, які перад усім сьветам заявіў, што літоўскі народ хоча быць зноў вольным i незалежным. У пахмурныя восеньскія дні 1920 г. 19 гадоў таму, паддзельная літоўска-беларуская, а ў запраўднасьці польская, дывізія Жэлігоўскага займала Вільню. Кроў літоўскага войска зрасіла родную зямельку. У імжыстыя восеньскія дні, сёлета, 29 кастрычніка, Літоўская армія зноў увайшла ў сталіцу Літвы - Вільню... Дзіўна прыгожа тут дзеіць права кантрасту: сум i радасьць, няволя й воля, крыўда й справядлівасьць, паняволеньне й перамога. Сымбалем, аднак, усей красы, усей праўды, усяго сэнсу сьвяточнага, радаснага й паэтычнага настрою літоўскай душы сяньня ёсьць літоўская армія. Яна - сымбаль нацыянальных ідэалаў літоўскага народу, яна сымбаль яго самастойнасьці й незалежнасьці, яна верны стражнік, гатовы ў кожную хвіліну сваёй крывёй бараніць Літву, яе граніцы, яе славу й гордасьць - сталіцу Вільню. Агульна нацыянальным сымбалем ідэалаў літоўскага народу ёсьць Вітіс-Пагоня. Армія - гэта жывая Вітіс-Пагоня.

Так неяк злажылася, што ў гэтыя гістарычныя дні, калі Вітіс-Пагоня дасягнула Вільні й заўладала ёю, як сваею спадчынаю, прачытаў я прыгожы твор літоўскага краснага пісьменства «Тэвішке» - Вайділутэс. Твор гэты дзіўна сучасны, дзіўна складна датарноўваецца да апошніх гістарычных літоўскіх падзеяў, да сталіцы Вільні. Галоўны герой Клемэнсас Даўгела працуе ў Вільні, снуючы думкі аб вольнасьці й незалежнасьці літоўскага народу. Неразлучна працуе зь ім на народнай ніве Міра Клімавічуте, верны прыяцель i павернік яго дум i яго сэрца. Надыходзіць вайна. Забірае яна жыцьцё Міры. Клемэнсас астаецца адзін з парай малалетніх дзетак. - Ня плач, дзіцятка, - пацяшае Даўгела сваю маленькую дачушку, - мама хутка прыдзе. - Тады, калі літоўцы атрымаюць Вільню? - Так, дачушка, калі вызвалім Вільню, тады вернецца наша мама. Вільня, як бачым, гэта маці Літвы. Малая сірата Літвінка - гэта народ Літоўскі. Пацешыць належна гэтую сірату здолее толькі яе маці - Вільня»...

Блізкі супрацоўнік кс. Адама Станкевіча й ягоны гадунец - магістар Ян Шутовіч, адзначаў падобнымі словамі 22-я ўгодкі незалежнасьці Жамойці 16 лютага 1939 г.:

«16 лютага ўся Літва сьвяткуе 22-я ўгодкі здабыцьця незалежнага дзяржаўнага існаваньня й свабоды. Радасьць з гэтага немалая як у самых ліцьвіноў, так i ў тых, хто зьяўляецца ix прыяцелям i другам...

Сёлета асабліва ўрачыста й радасна гэты юбілей будзе адзначаны, дзеля таго, бо гістарычная сталіца Літвы - Вільня - зь яе вокругам - вярнулася да свайго натуральнага дзяржаўнага арганізму».

Што беларусы атрымалі ад новых акупантаў, якіх сэрвілісты называлі сваімі «прыяцелямі» i якім безь ніякіх засьцярог аддавалі «на вечнасьць» беларускую Вільню й Віленшчыну? Можна сказаць, нічога, бо тое, што новыя захопнікі далі, было так мізэрным, што цяжка залічыць да нейкіх беларускіх канцэсіяў. Перш за ўсё беларускай інтэлігенцыі не давалі магчымасьці заняць нейкія становішчы. Нават група кс. Станкевіча знайшлася паза ўвагай засьлепленых жамойцкіх шавіністых, ды з трудом імкнулася зьберагчы астаткі сваіх пазыцыяў, якія мела пад польскім панаваньнем. Нават сам кс. Адам Станкевіч у № 7 «Крыніцы» (з 8.XI 1.1939) дзякаваў за дапамогу кс. Глякоўскаму: «Шчыра дзякую на гэтым месцы кс. др. Ст. Глякоўскаму за яго грамадзкасьць, каторую выявіў, дабравольна ўступаючы мне свае лекцыі ў беларускай прогімназіі. У праціўным разе, бяручы патрэбныя мне да дырэктарства лекцьііі ў іншых вучыцялёў, пазбавіў-бы ix працы або сам мусіў-бы зрачыся дырэктарства».

У школьніцтве жамойцкія акупанты дазволілі толькі на беларускую прогімназію (3-х клясовую, без старэйшых ліцэальных клясаў) i на адну пачаткавую школу. Не далі таксама беларусом ніводнай каталіцкай сьвятыні, так што далей муселі задаволіцца адной гадзінай у касьцеле сьв. Мікалая, як гэта было пры паляках. Не дазволілі на беларускія арганізацыі, якія існавалі ў Вільне пры паляках, а падпарадкавалі групу кс. Адама Станкевіча «Беларускаму Цэнтру», пераносячы яго з Коўні ў Вільню, мабыць, каб у Коўне зусім зьліквідаваць дасюль існуючыя ізаляваныя прапагандовыя беларускія арганізацыі, а ix спрактыкаванае ў паслухмянасьці жамойцам кіраўніцтва перасунуць у Вільню для тыхжа самых асыміляцыйных мэтаў. Часова трымаліся чатыры крамы беларускай каапэрацыі, зарганізаванай перад прыходам у Вільню жамойцаў, але яны не атрымалі падтрыманьня жамойцкіх уладаў, так што ўсё гаспадарчае жыцьцё апынулася ў руках новых акупантаў.

Згодна з асыміляцыйным пашпартавым законам, арт. 14 якога пастанаўляў прымусова жамойдзіць славянскія прозьвішчы, беларусы былі тэрорам змушаныя запісвацца жамойцамі з перакручваньнем сваіх прозьвішчаў на жамойцкі лад. Аб палажэньні беларускага студэнцтва i інтэлігенцыі найлепш гаворыць артыкул В. Ярмалковіча («Крыніца», № 22 з 19 сак. 1940 г.): «З канцом 1939 Унівэрсытэт Сьцяпана Баторага ў Вільні скончыў свой быт... Многа беларускага студэнцтва УСБ пакінула Вільню, выязджаючы ў Савецкую Беларусь, а частка тут асталася. Паўстаў новы Віленскі Унівэрсытэт. Існуюць ужо два факультэты: права i гуманістыкі, з выкладовай літоўскай мовай. Ідзе ўжо нармальная праца. Беларусаў студэнтаў спаткаў, аднак, цяжкі лёс. У зьвязку з тымі падзеямі, што адбыліся, шмат беларускіх студэнтаў страцілі тыя жаролы, зь якіх чэрпалі дагэтуль на сваё ўтрыманьне, пагоршыліся многа матарыяльныя варункі. Частка студэнтаў ужо агулам адпала: не змагла ўступіць у новы Унівэрсытэт. Трэба было шукаць якой-колечы працы, каб неяк жыць. Адныя пайшлі ў Біржу Працы, каб дастаць 2 тыдні ў месяц працы з лапатай, іншыя шлі за старажоў з «пэнсіяй» па 60 літаў месячна. Частка, аднак, беларусаў паступіла на Унівэрсытэт. Хацелі яны неяк закончыць начатую навуку. Некаторыя прынятыя як студэнты, іншыя, як вольныя слухачы, пакуль не здадуць экзамену зь літоўскай мовы, якой беларускія студэнты яшчэ не пасьпелі пазнаць. Але гэта яшчэ нічога; працавітасьць беларуса i добрая воля прафэсараў могуць яшчэ гэта перамагчы. Прыйшло другое - плата за навуку. За кожны сэмэстр трэба плаціць 100 літаў, да гэтага даходзяць яшчэ іншыя платы. I вось гэта адыграла вырашаючую ролю, бо зь беларусаў ад аплаты ніхто ня быў звольнены, ані нікому зь ix ня прызнана стыпэндыя.

Хто-ж зь беларусаў у цяперашніх абставінах мог гэту аплату ўнясьці?

Некаторыя беларускія студэнты ўжо забіраюць свае дакуманты, іншыя, маючы лепшыя крыху абставіны, яшчэ робяць апошнія высілкі, але i гэтых, з прычыны неаплаты ў тэрміне належнасьці за навуку, выкасоўваюць зь сьпіскаў Унівэрсытэту. Разам з гэтым перастае існаваць у Вільні i Беларускі Студэнцкі Саюз, па 20-цёх гадох i ахвярнай працы...»

Як бачым, пануючае жудаснае адношаньне жамойцаў да беларусоў - запраўдных ліцьвіноў, - ды ўгодніцкае адношаньне да ix кс. А. Станкевіча i ягонай групы не магло не выклікаць абурэньня ў кс. Гадлеўскага i іншых патрыётаў незалежнікаў, якія гуртаваліся вакол яго. Такім чынам, ужо ў канцы 1939 г. спачатку ў памешканьні кс. Гадлеўскага на Вострабрамскай вул., № 21, а пасьля ў др. Грабінскага й у Беларускім Музэі ім. Івана Луцкевіча, які быў пад наглядам др. Б. Грабінскага пасьля арышту бальшавікамі Антона Луцкевіча, зарганізавалася Беларуская Незалежніцкая Партыя. У галоўнае кіраўніцтва гэтай партыі ўваходзілі, між іншым, адв. М. Шкялёнак, др. Станіслаў Грынкевіч (псыхіятр), інж. Ч. Ханяўка, др. Я. Станкевіч. Былі выпрацаваныя галоўныя прынцыпы беларускай незалежніцкай палітыкі. Праграму склаў кс. Гадлеўскі пазьней, у часе свайго побыту ў Варшаве, у 1940 годзе.

Дзеля таго, што незалежніцкая група кс. Гадлеўскага ня мела сваёй прэсы для адзейваньня на беларусаў, было выкарыстанае існуючае яшчэ да вайны Беларускае Навуковае Таварыства зь сядзібай у Беларускім Музэі пры Вострабрамскай вуліцы, № 9, дзейным старшынёй якога быў М. Шкялёнак - побач кс. Гадлеўскага выдатны незалежнік i тэарэтык незалежніцкага руху. Вось-жа што другі тыдзень ладзіліся там публічныя лекцыі, на якія прыходзілі беларусы з розных угрупаваньняў i розных поглядаў. Тэматыка лекцыяў i довады былі загадзя абмяркованыя i ўзгодненыя на патайных зборках незалежніцкай групы, якая часта зьбіралася ці то перад лекцыямі, ці пасьля ix у тым-жа Беларускім Музэі. Разглядаліся таксама справы актуальнай палітыкі i спосабы, якімі беларусы павінны супрацьстаўляцца на наступ новых акупантаў. Актыўны сябра незалежніцкай групы др. Стан. Грынкевіч, выкарыстоўваючы сваё ранейшае супрацоўніцтва з гр. кс. А. Станкевіча, пашыраў незалежніцкія погляды i ў гэтай групе, што цьверазіла многіх пачаткавых прыхільнікаў палітыкі кс. А. Станкевіча. Між іншымі, напр., Язэп Найдзюк у крыху пазьнейшым часе (у Менску) станецца блізкім супрацоўнікам кс. Гадлеўскага.

Як вымоўны прыклад дзейнасьці незалежніцкай групы можна падаць артыкул, зьмешчаны ў «Крыніцы» (№ 18, 28-29 крас., 1940) др. Янкі Станкевіча: «Літовец, Літве, у Літве», у якім на аснове лінгвістычных довадаў аўтар аспрэчвае погляд «літвафілаў», быццам назовы «Літва, ліцьвін, літоўскі» адносяцца да Жамойці (званай цяпер Летувай), якая нібы была тварцом Вялікага Княства Літоўскага; а калі гэтыя назовы адносіліся i да славянаў-беларусаў, то гэта нібы і як назовы дзяржаўныя ці тэрытарыяльныя. Вось-жа др. Я. Станкевіч у канцовым выснаве свайго артыкулу пісаў: «за гістарычнай Літвы нас звычайна называлі Ліцьвінамі, даўгі час i пазьней, а часткава нас i цяперака гэтак завуць. У вадносінах да нашага народу назоў «Літва, Ліцьвін» быў назовам нацыянальным, а не тэрытарыяльным, як няправільна думае сп. Матач. Ня трэба на гэта лепшага доваду за той, аб якім зацеміў сам аўтар лісту, пайменна, што «нашу мову звалі літоўскай», бо гаворыць не зямля, але народ. Калі, аднак, сп. Матачу гэтага доваду мала, дык прывяду яшчэ i іншыя. У той самы час, як нас звалі Ліцьвінамі, Жыдоў ані Цыганоў Ліцьвінамі ня звалі, хоць яны жылі ў той самай Ліцьве, што й мы. Некаторыя ўсходнія землі беларускія, як напрыклад, заходняя Калужчына, былі адно колькі дзесяткаў год у Літоўскім гаспадарстве, аднак беларускае насельніцтва гэных земляў i дагэтуль сумежныя Маскоўцы завуць Ліцьвінамі, Літвой, калі тымчасам Украінцаў Ліцьвінамі ніхто не заве, хоць Украіна была каля 200 год пад Літвою. Мала гэтага, у той самай гктарычнай Украіне, у павеце Сарненскім i Аўруцкім ды ў Радомысьльскім у Кіеўшчыне жыве беларускае насельніцтва, каторае Украінцы таксама завуць «Літвой, Ліцьвінамі».

Выкарыстоўвалася й польская прэса ў Вільні, у асаблівасьці «Газэта Цодзенна», што была пад рэдакцыяй Язэпа Мацкевіча, які быў у кантакце з кс. Гадлеўскім i яго групай. Так у № 27 з 27 студзеня 1940 г. гэтай газэты быў зьмешчаны артыкул «Правда о руху бялорускім», мабыць, на аснове інфармацыяў кс. Гадлеўскага. Нажаль, мы ня маем гэтага нумару польскай газэты, а карыстаемся палемічным адказам на гэты артыкул у «Крыніцы» (№ 8 (717) з 30.1.40). Вось-жа «Крыніца» піша, што інфармацыі кс. Гадлеўскага нязгодныя з праўдай, што «гэны беларус сяньня даволі далёкі ад беларускага актыўнага жыцьця...». «Зь інфармацыяў ягоных выглядае, - піша «Крыніца», - што беларусы ў Літве падзеленыя на варожыя лягеры, што існуюць нейкія розныя варожыя сабе палітычныя партыі, што тое ўсё, што фактычна робіцца, быццам ня згоднае з праўдай i г. д. Тымчасам усё гэта ня праўда, а жыцьцё беларусаў у Літве выглядае гэтак. Да апошніх гістарычных падзеяў у нашым краі існавала некалькі беларускіх палітычных кірункаў. Адыход Вільні й часьці Віленшчыны да Літвы, ясная рэч, палітычнае беларускае жыцьцё радыкальна зьмяніў. Праграмы ўсіх беларускіх партыяў цяпер сталіся неактуальным!. Само жыцьцё змусіла беларусаў датасавацца да заіснаваўшых абставінаў. Зрабіла гэта нават i найсільнейшая беларуская палітычная група - «Беларускае Народнае Аб'еднаньне». Усе зразумелі, што беларусы ў Літве - гэта нацыянальная меншасьць, якая, адклаўшы на бок палітычныя погляды, перш за ўсё павінна аб'яднацца й узяцца за беларускую культурную працу ў рамах Літоўскай канстытуцыі i літоўскіх законаў. Гэтак i сталася. Асяродкам такой працы стаўся «Цэнтр», які на грунце культурным запраўды лучыць у сабе быўшыя палітычныя групы...

«Гаворыцца ў «Газэце Цодзеннэй» на падставе ўсё гэнага інфарматара i аб недахопах у «Крыніцы» ідэі беларускай незалежнасьці. Але нам здаецца, што ў беларускай нацыянальнай ідэі, якой служыць «Крыніца» 22 гады, знаходзіцца ўсё. Іншая рэч, ці сяньня тут у Вільні падыманьне гэтага пытаньня не выглядала-б на грубую правакацыю. Нам здаецца, што ў гэтым ўсім ёсьць нейкія махінацыі палякаў зь беларусамі ў надзеі, што новая Польшча будзе лепшая i беларусам у ёй будзе, як у раі, бо гэтак сказаў польскі ўрад у Парыжы. Ведама, у ігру гэткіх польскіх плянаў уваходзіць i жаданьне сварыць беларусаў зь літоўцамі ды разьядаць ix добрыя дасюлешнія адносіны...».

З гэтага палемічнага артыкулу мы бачым, што «інфарматар» - кс. Гадлеўскі - прадстаўляў палітычнае становішча сярод беларусоў у Вільні ў часе жамойцкай акупацыі ня так, як гэтага хацелі жамойцкія калябаранты, зводзячыя беларускую праблему на палажэньне нацыянальнай меншасьці ды зданую на асыміляцыю. Вытыкаў таксама адсутнасьць у калябаранцкім воргане «Крыніца» ідэі беларускай незалежнасьці. Ясная рэч, гэткай ідэі ў «Крыніцы» быць не магло, паколькі яна прызнавала «законнасьць» i «справядлівасьць» у анэксіі жамойцамі Вільні й Віленшчыны ды гэта выказвала на працягу свайго 22-годняга існаваньня.

У тымжа самым нумары «Крыніцы» на другой бачыне зьмешчаны другі артыкул «Кансалідацыя беларусаў», дзе даводзіцца, што быццам кансалідацыя беларусоў вакруг групы кс. А. Станкевіча пачалася пры паляках «пры часох бясслаўнага панаваньня ваяводы Бацянскага», што цяперашні «Цэнтр» ёсьць цэнтрам беларускага руху ў Вільні i г. д. Але самай цікавай ёсьць дапіска да гэтага артыкулу:

«Р. S. Па напісаньні й наборы гэтага артыкулу зьявілася ў «Газ. Цодзеннэй» «Правда о руху бялорускім» у асьвятленьні кс. В. Гадлеўскага. Дагэтуль кс. Гадлеўскі яшчэ не скарыгаваў гэнай сваей «праўды». Спадзяюся, што рэдакцыя «Крыніцы» скажа а6 ёй сваё слова, баронячыся ад стаўленых ёй у «Праўдзе» палітычных сугэстыяў i інсынуацыяў. Таксама хіба-ж дачакаецца адказу й сама «Газ. Ц.», якая ўсьцяж чуецца «заскочанай» надрукаваным у «Крыніцы» артыкулам «Савецкі Саюз i Славянства» i, не дачакаўшыся мэрытарычнага адказу, шукае сама адказу ад выгадных ей новых рэпрэзэнтантаў «огулу бялорускего». Урэшце, на асноведзі ўсіх гэтых фактаў трэба сьцьвердзіць, што ўсякая дывэрсія й вылазкі беларусаў - «дзеячоў» ці «радавых», - калі-б яны праяўлялі свае даўнейшыя навыкі й хранічныя хваробы, трэба рашуча кляйміць. Гэтага вымагае дабро нацыі (якой? - рэд.) й шырака зразумелыя інтарэсы беларусаў». Я. Курган.

Гэта быццам быў «голас» з народу, што дамагаўся «рашуча кляйміць» кожнага, хто адважыўся-б паказаць на служальчасьць новым акупантам ці быў-бы нездаволены з акупантаў. «Крыніца» абуралася на «няўдзячнасьць» палякаў, якія за прызнаньне ім дзяржаўных гімназіяў з польскай мовай навучаньня гэтак дэманстравалі сваю варожасьць да захопнікаў Вільні:

«Калі прыходзяць у клясу вучыцялі ліцьвіны i зачынаюць сваю працу, ува ўсёй клясе пачынаюць вучні марматаць, а на сьценах віднеюцца напісаныя розныя клічы, часта зьневажаючьія Літву; псуюць мапу Літвы, публічна сьмяюцца зь літоўскага языка, часам так перашкаджаюць, што немагчымая ніякая праца, поўна іранічных твараў з шовіністычнымі ўсьмешкамі; на лекцыях аплёўваюць ліцьвіна-вучыцеля, паказваючага навуковыя абразкі, укрыта й сьведама ломяць школьны інвэнтар чарніліцамі i іншымі рэчамі»

Усё гэта ў разумленьні «Крыніцы» - «дывэрсія й вылазкі».

Што датычыць дзейнасьці незалежніцкай групы празь Беларускае Навуковае Таварыства, то нам цяжка даць поўны абраз усіх зборак, тэмаў дакладаў i ходу дыскусіяў, паколькі ня маем запісаў гэтага Таварыства. Можам толькі падаць некаторыя весткі. Так, напр., 17 сьнежня 1939 г. др. Я. Станкевіч чытаў рэфэрат на тэму: «Бітва пад Клецкам 1506 г.» 14 студ. 1940 др. Я. Станкевіч у моўнай сэкцыі Таварыства чытаў рэфэрат: «Як разьвязаць пытаньне аб колькасьці беларускіх (крывіцкіх) плямёнаў». У № 16 «Крыніцы» знаходзім зацемку: «У Беларускім Навуковым Таварыстве лекцыі чытаюцца кожную другую нядзелю а гадз. 11-й. Найбліжэйшая лекцыя адбудзецца 28 студзеня 1940». Нажаль, не падаецца назоў тэмы лекцыі. Яе падае № 8 (717) «Крыніцы» з 30.1.1940, дадаючы цікавыя весткі аб зацікаўленасьці гэтымі лекцыямі шырокіх беларускіх кругоў у Вільні, што добра ілюструе ўплывы групы кс. Гадлеўскага на беларускую інтэлігенцыю ў Вільні пад жамойцкай акупацыяй:

«Беларускае навуковае жыцьцё.ў Вільні канцэнтруецца, як ведама, у Беларускім Навуковым Т-ве, якога сядзіба месьціцца пры Беларускім Музэі ім. Івана Луцкевіча, Вострабрамская вул., № 9. Бел. Нав. Т-ва раз у два тыдні ладзіць свае зборкі, падчас якіх чытаюцца на розныя 'гэмы зь беларусазнаўства рэфэраты й праводзіцца над імі дыскусія. Апошняя зборка Т-ва адбылася ў мін. нядзелю. З дакладам выступаў др. Станіслаў Грынкевіч. Гаварыў ён на тэму, якая ня месьціцца ў звычайнай тэматыцы зборак, бо «Аб шчасьці, як зьявішчы псыхалягічным». Даклад выпаў цікава, як ня менш цікавая была дыскусія над ім. З асаблівым задавальненьнем трэба падчыркнуць факт вялікага зацікаўленьня зборкамі ў беларусоў Вільні. На нядзельнай зборцы да таго было многа прысутных, што трэба было шукаць абшырнейшага памешканьня ды знайсьці яго ў гасьціннылл будынку Беларускай прагімназіі. Навуковае жыцьцё ў Вільні, як бачым, разьвіваецца».

25 лютага 1940 г. у тым-жа Нав. Т-ве чытаў рэфэрат др. Ст. Грынкевіч на тэму: «Народ i Культура». А6 іншых лекцыях, у асаблівасьці аб лекцыях кс. Гадлеўскага, мы ня маем вестак. Беларусы, якія былі прысутныя на гэтых лекцыях, ня могуць прыпомніць тэмаў. Успамінаюць, што з нагоды 25 сакавіка кс. Гадлеўскі апавядаў свае ўспаміны, як сябра Рады БНР, абвесьціўшай незалежнасьць Беларусі 25 сак. 1918 г. у Менску. Успамінаюць таксама, што чыталі рэфэраты М. Шкялёнак, Ч. Будзька, М. Пяцюкевіч i інш.

На патайных зборках групы даваліся агляды міжнарод'ных падзеяў, выказваньні прэсы ды рабіліся выснавы адносна беларускага народу. Асабліва жывой тэмай быў ход нямецкай вайны ў Эўропе, адношаньні немцаў да падбітых народаў, а таксама спадзяваньні на хуткую вайну Нямеччыны з Саветамі. Так, кс. Гадлеўскі, як i ўся група, былі згоднымі, што хутка Немцы заатакуюць Савецкі Саюз i што ён гэтага ўдару ня выдзержыць. Думалі, што Гітлер маланкава разаб'е СССР, але так скрывавіцца, што ня ў сілах будзе супрацьставіцца Альянтам ды будзе імі пераможаны. З узгляду на такую пэрспэктыву мяркавалася ў першай фазе вайны Нямеччыны з Саветамі падтрымаць Нямеччыну дзеля хутчэйшага разьбіцьця бальшавікоў i вызваленьня ўсяе этнаграфічнай Беларусі, а ў другой фазе, калі выступяць супольнымі сіламі Альянты для падаўленьня Нямеччыны, стацЦа іхнімі саюзьнікамі ды вынішчаць немцаў на тэрыторыі Беларусі. Ніхто тады не прадбачваў, што немцы выявяць на Ўсходзе жудасна неразумную палітыку вынішчаньня народаў, палітыку гвалту й тэрору, замест здабываньня прыяцеляў i супрацоўнікаў. Відаць, часовыя ўдачы гітлероўцаў у эўрапэйскіх апэрацыях 1940 г. поўнасьцю засьляпілі i так невялікі ix палітычны розум.

Выходзячы з гэткага прадбачваньня, незалежніцкая група сьпешна мантавала арганізацыйную сетку незалежнікаў. Зь Вільні высылаліся людзі так у Зах. Беларусь, што была пад бальшавікамі, як i ў Польшчу й Нямеччыну, дзе начало будзіцца арганізацыйнае жыцьцё беларусоў. У Бэрліне паўстала Беларускае Прадстаўніцтва i Камітэт Самапомачы (інж. Шкутка), ад 3 сьнежня пачала выходзіць беларуская газэта «Раніца», празначаная для беларусоў на эміграцыі й для ваеннапалонных з польскай арміі, якія пачалі арганізавацца. У Варшаве быў заснованы Беларускі Нацыянальны Камітэт (др. Мік. Шчорс). Такія-ж камітэты заснаваліся: у Лодзі, Кракаве, Познані, а ў Белай на Падлясьсі нават пачала разьвівацца беларуская адміністрацыя сярод тамтэйшага беларускага насельніцтва. Вось-жа група кс. Гадлеўскага старалася мець кантакт зь віднейшымі беларусамі, каб з самага пачатку падсказаць ім незалежніцка-вызвольны плян дзеяньня.

Прадбачваючы, што бальшавікі ізноў забяруць Вільню, кс. Гадлеўскі прадставіў плян адыходу незалежніцкай групы ў Варшаву з мэтай вытварэньня там новага незалежніцкага цэнтру. Плян гэты быў прыняты. Дзеля выкананьня яго М. Шкялёнак зь іншым сябрам групы езьдзілі ў Коўню ў нямецкі кансулят, дзе перадалі сьпісак сяброў групы, якія адыдуць у Нямеччыну ці ў Генэральную Губэрню (Польшчу). Сьпісак быў прыняты ды была зробленая дагаворанасьць, што асобы на ім памешчаныя могуць пераходзіць нямецкую мяжу, дзе ім будзе аказана далейшая помач у транспартацыі да месца зборнага. Гэтая дагаворанасьць мела месца прыблізна 10 чэрвеня 1940 г., калі бальшавікі рабілі шуміху й правакацыі, каб мець «асновы» для заняцьця Прыбалтыкі. 15.VI. 1940 г., якраз калі Гітлер трыумфальна ўваходзіў у Парыж i Францыя скапітулявала, Масква заняла Прыбалтыку. Перад гэтым, аднак, частка групы кс. Гадлеўскага адышла ў Нямеччыну. Перш зь Вільні выехаў на нямецкае пагранічча др. Я. Станкевіч, а сьцьвердзіўшы рэальнасьць пераходу мяжы, даў умоўленую тэлеграму кс. Гадлеўскаму. Хутка прыехалі на вызначанае месца: кс. Гадлеўскі, Шкялёнак i Аляхновіч, які беспасярэдня да групы не належаў i на названым сьпіску не знаходзіўся. Перайшоўшы граніцу, усе былі адвезеныя ў Сувалкі, дзе пагранічныя нямецкія ўлады спраўджвалі тоесамасьць асобаў. Такім чынам Аляхновіч быў зьвернены назад ды прапушчаны цераз жамойцкую граніцу. Іншыя сябры групы кс. Гадлеўскага пераходзілі нямецкую мяжу ў розных мясцох ды былі высыланыя ў Варшаву. Такім чынам бальшыня групы апынулася ў Варшаве. Некаторыя сябры асталіся на месцы так у Вільні, як i ў іншых мясцовасьцях Зах. Беларусі, каб падрыхтоўваць вызвольна-незалежніцкую работу ва ўмовах савецкай акупацыі.

Астаўшыяся пад савецкай акупацыяй, патрыёты-незалежнікі так у Вільні, як i ў іншых гарадох Зах. Беларусі, аж да выбуху нямецкасавецкай вайны праводзілі падрыхтаваўчую патрыятычную дзейнасьць, стараючыся ахапіць некаторыя ўплывовыя становішчы ў культурным, гаспадарчым i палітычным жыцьці, у школьніцтве й адміністрацыі. Яны выходзілі з заложаньня: пакуль бальшавікі ўмацуюцца на мясцох ды змантуюць сваю савецкую (у сэнсе навадненьня партыйных кадраў) гегемонію, неабходна выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб узьняць беларускае насельніцтва й яго пасыўную інтэлігенцыю на беларусізацыю Зах. Беларусі i ўзбуджэньне беларускага патрыятызму. Гэткі нацыянальны ўздым быў неабходны, каб сустрэць надыходзячую вайну.

Апынуўшыся ў Варшаве, кс. Гадлеўскі i ягоныя сябры адразу прыступілі да мантаваньня новага цэнтру ды ахапленьня сваімі ўплывамі ўсяе беларускай эміграцыі ва ўсіх заходніх краінах. Зараз М. Шкялёнак быў высланы ў Бэрлін для пераняцьця рэдактарства газэты «Раніца» i Беларускага Камітэту Самапомачы ды дзеля ўключэньня тамтэйшых беларускіх дзеячоў у беларускую вызвольна-незалежніцкую працу. Такім чынам вытварылася ў Бэрліне незалежніцкая група, у якую ўваходзілі: А. Шкутка, інж. М. Абрамчык, В. Тумаш, А. Крыт, Ст. Грынкевіч, В. Камароўскі i інш. Прадаўжэньнем яе ў Парыжы была такая-ж група Рыдлеўскага, у Празе Чэск. група прэз. БНР Захаркі, у Рыме - група кс. Ч. Сіповіча.

Сам кс. Гадлеўскі, як шэф незалежніцкага руху, спыніўся ў Варшаве, называў сябе старшынёй Беларускага Нацыянальнага Фронту. Гэты афіцыяльны ягоны тытул быў змадыфікованым прадаўжэньнем даваеннага «Беларускага Фронту». Афіцыяльная палітычная плятформа гэтага «Беларускага Нацыянальнага Фронту» была надрукованая на адным лістку ды распаўсюджваная сярод беларусоў у Нямеччыне, Генэральнай Губэрні (Польшча), у Францыі й Чэхіі. Гэта не была нейкая партыйная праграма, так як i «Бел. Нац. Фронт» ня быў партыяй, але беларускай патрыятычнай арганізацыяй, мэтай якой было аб'яднаньне ўсіх беларусоў незалежніцкага напрамку. Адначасова шыльда «Б. Нац. Фронту» служыла кс. Гадлеўскаму прыкрыцьцём ягонай запраўднай дзейнасьці, іменна тварэньня групаў «Беларускай Незалежніцкай Партыі», заданьнем якіх было ў далейшым ахапіць густой сеткай усю Беларусь пасьля спадзяванага нямецкага паходу на Ўсход, паказьнікам чаго была праводжаная ў тым часе нямецкая (i савецкая) канцэнтрацыя войскаў на савецкім паграніччы.

Кс. В. Гадлеўскі мала ўдзяляўся ў гэтым часе культурнай i арганізацыйнай дзейнасьці Варшаўскага Камітэту, на чале якога стаяў сябра ягонай групы др. М. Шчорс i яго заступнік інж. Ч. Ханяўка. Ен усёчыста быў заняты падпольнай незалежніцкай дзейнасьцяй. Перш за ўсё ён напісаў праграму БНП дзеля дэтальнага зьвязаньня пад прысягай сяброў у вернасьці яе ідэялёгіі й кіраўніцтву. У праграме БНП між іншым гаварылася: «Мэтай БНП зьяўляецца здабыцьцё i забясьпечаньне на будучыню незалежнасьці Беларусі...» «Да сваёй мэты БНП ідзе праз баявы зрыў народных масаў да збройнага змаганьня, падрыхтаванага шляхам: а) згуртаваньня пад сьцягам БНП усіх актыўных беларускіх сілаў; б) палітычна-ідэалягічнага вышкаленьня сваіх сяброў i іхняй бязупыннай працы й дзейнасьці сярод найшырэйшых гушчаў беларускага народу; в) баявога вышкаленьня сваіх сяброў; г) баявога супрацоўніцтва зь іншымі народамі, якія змагаюцца за сваю незалежнасьць ды прызнаюць права на яе беларускаму народу».

Гэты апошні пункт праграмы, праўдападобна, стаіць у зьвязку з пачаткавым кантактам кс. Гадлеўскага (за пасярэдніцтвам праф. В. Іваноўскага) з польскім падпольлем, пайменна, з прадстаўніком ураду Сікорскага на Польшчу Гротам-Равэцкім, які знаходзіўся ў Варшаве. Равэцкі тэарэтычна, дзеля тактычных мяркаваньняў, стаяў на становішчы, што ў барацьбе зь немцамі й бальшавікамі падпольная акцыя ўсіх паняволеных народаў павінна адбывацца ў супрацоўніцтве Так Равэцкі, як i польскае падпольле, ніколі гэткага «супрацоўніцтва» не лічылі за абавязваючае, а калі пачалася вайна немцаў з бальшавікамі ды нямецкая армія пайшла ў глыб Беларусі, палякі пры дапамозе немцаў і на сваю руку началі перабіваць актыўнейшых беларусоў. Адзін зь сяброў кс. Гадлеўскага ўспамінае, што ўжо першы рапарт з вызваленага Беластоку, дзе немцы растралялі 44 беларускіх сялянаў, уданых палякамі, разьвеяў усякія ілюзыі так кс. В. Гадлеўскага, як і ўсяе групы аб супрацоўніцтве з палякамі, настаўляючы ўсіх нэгатыўна да палякаў.

Паводле арганізацыйнай структуры, БНПартыя, як падпольная, тварылася невялікімі трупамі вакол паасобных арганізатараў, прычым склад вышэйшага кіраўніцтва быў ведамы толькі некатарым сябром. Звычайна радавыя сябры ведалі толькі сяброў свае групы й свайго кіраўніка ды ведалі агульна, што падобныя групы існуюць у іншых мясцовасьцях зь нейкім галоўным кіраўніцтвам. Лучнасьць з гэтым галоўным кіраўніцтвам утрымоўвалі зьвязныя. Адсюль паасобныя арганізатары ўважаліся часам за правадыроў незалежніцкай партыі, ня ведаючы, ці не раскрываючы, вышэйшае кіраўніцтва. Так, напрыклад, у Варшаве адным з арганізатараў БНП быў др. Янка Станкевіч, у іншых беларускіх асяродках, у Лодзі і Кракаве - Усевалад Родзька.

Кс. Гадлеўскі многа аддаваў часу на ідэялягічнае выхаваньне маладых кадраў дзеля спадзяванай вайны. Вышаўшыя з палону маладыя беларусы-вайскоўцы тварылі найбольш ідэйны й гарачы матарыял, як У. Родзька, др. Вітушка, Лазінскі, Валанцей, Касмовіч, Зыбайла і інш. Зь іх Усевалад Родзька стаўся найбольш актыўным арганізатарам незалежніцкага падпольнага руху на Беларусі пасьля ачышчэньня яе ад бальшавікоў.

Апрача «маладняка», кс. Гадлеўскі мантаваў і незалежніцкую групу зь беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Апрача кс. П. Татарыновіча, які быў з кс. Гадлеўскім у Варшаве, сюды ўваходзілі: кс. Рыбалтоўскі, Малец, Ст. Глякоўскі. Дзеля наладжаньня сувязі з заходнімі дзяржавамі летам 1941 году быў высланы ў Штакгольм (Швэцыя) Альбэрт

Асоўскі, архітэкт. Год пазьней (1942 г.) туды былі высланы Б. Лукашык i Я. Федарчук. Такім чынам гэтая група ў Швэцыі сталася як быццам беларускай амбасадай па-за нямецкай i савецкай дамінацыямі.

Не пакідалася з нагляду i тэрыторыя Зах. Беларусі, акупаваная бальшавікамі. На пачатку верасьня 1940 г. Варшаўскі Камітэт па інсьпірацыі кс. Гадлеўскага ды пры супрацоўніцтве зь немцамі высылаў у Заходнюю Беларусь выведнікаў з заданьнем навязаць сувязь з астаўшыміся там сябрамі. Выведнікі былі злоўленыя савецкімі ворганамі бясьпекі. Адзін зь ix быў выкарыстаны для контршпіянажу на карысьць Саветаў, пад страхам рэпрэсіяў на ягонай сястры. Яму было дадзенае заданьне тое самае, якое ён атрымаў у Варшаве, з тым, каб ён пасьля перамоваў з намечанымі асобамі данёс савецкім ворганам бясьпекі. Выведнік змушаны быў даць расьпіску на згоду. Ен адведаў між іншымі i мяне ў Горадні. Паколькі ў той час шмат рабілі розных правакацыяў i арыштаў, я пры спатканьні незнаёмага выведніка быў настарожаны ды павёў так гутарку, каб даведацца больш аб дзейнасьці беларусоў у Нямеччыне й Варшаве, у асаблівасьці групы кс. Гадлеўскага, чымся выказаць сваю згоду на пераход у Польшчу ці паказаць тут нашую патрыятычную дзейнасьць. Паколькі ў крыжовым агні маіх пытаньняў выведнік захоўваўся супярэчліва ці наагул не хацеў адказваць, ўпэўніўся, што ён на савецкім баку. Тады заявіў яму, што не жадаю мець з групай кс. Гадлеўскага й Варшаўскім Камітэтам ніякіх дачыненьняў. Паколькі я прасьлядзіў гэтага выведніка, калі ён выйшаў з майго памешканьня, што ён пайшоў проста ў галоўнае НКВД у Горадні, дык я пайшоў у раённы аддзел (дзе я жыў) i заявіў аб бытнасьці ў мяне выведніка зь Нямеччыны. Тут здарылася даволі сьмешная справа. Дыжурны энкавудзіст (жаўнер) добра не дачуў майго апавяданьня аб выведніку, а зразумеў, што я маю нейкія прэтэнсіі да чалавека, які мяне адведаў i якога я падаваў рысапіс. ён умяшаўся ў гутарку i спытаўся:

Што вы хочаце ад гэтага маладога чалавека? Ен працуе ў нас.

На гэта другі энкавудзіст, якому я апавядаў, крыва глянуў на яго, i зараз мяне перадаў нейкаму ахвіцэру энкавудзісту, які быў у аддзельным пакоі. Той мяне стаў распытваць перш, хто я такі. Ен ужо ведаў, дзе.і кім я працую. Пра выведніка зусім не хацеў слухаць, толькі сказаў:

Чаму вы не арыштавалі перабежчыка?

Як можна арыштаваць чалавека? - я адказаў.- Гэта справа ворганаў бясьпекі. Я думаю, што вы зможаце яшчэ яго ў горадзе злавіць!

Як ягонае прозьвішча?

А я яго зусім не пытаўся! Бо ці-ж выведнік скажа праўду?

Гэта зьірытавала энкавудзістага. Ён груба крыкнуў на мяне:

Выходзь адсюль! Ідзі шукай гэтага перабежчыка, а калі знойдзеш, прывядзі яго сюды! - Я стаў адгаварывацца, што як я яго магу знайсьці? Хіба, калі ён зноў да мяне прыйдзе, то буду старацца вас павядоміць!

Да не разгаварывай много! Ухади! Он до тебя больш не придет! - сказаў па-грубіянску.

Пасьля гэты выведнік адведаў др. Грабінскага ў Вільні. А таму, што др. Грабінскі не дагадаўся пакрыжаваць пляны НКВД, дык пасьля быў арыштованы i дапытваны ў справе падасланай візыты.

Пасьля гэтага выведніка з даным бальшавіцкім заданьнем перакінулі назад у Генэральную Губэрню, i ён вярнуўся ў Варшаву, расказаўшы аб усім.

У гэтым часе ў Нямеччыне «дзейнічыў» таксама Ф. Акінчыц, чалавек з буйнай длінуўшчынай: функцыянэр ГПУ ў часе бальшавіцкай рэвалюцыі, потым супрацоўнік польскага выведу, сябра Грамады, потым «правадыр» «Беларускай Нацыянал-СацЫялістычнай Партыі», якая старалася быць у сваёй праграме адпаведнікам нацыстоўскай партыі. Для характарыстыкі гэтага чалавека прыпамінаецца мне абразок з 1938 г. Калі між Японіяй i Саветамі вытварыўся канфлікт, у Вільню прыязджаў японскі аташэ з Латвіі на перамовы зь беларусамі ў справе арганізацыі эвэнтуальнай беларускай дывэрсіі. Перамовы вяла група Акінчыца (Акінчыц - Казлоўскі). З гэтага нічога ня вышла. Тады Акінчыц шукаў кантактаў зь гітлероўцамі ў Гданску, але на падтрымку (грашовую) немцы не пайшлі. Вярнуўшыся зьбянтэжаны, меў нараду, на якой я быў прысутны. Акінчыц казаў: «ніхто ня хоча нас купляць. Быў я i ў ваяводы Віленскага, але i там адмовілі мне».

У Нямеччыне Акінчыц адведываў лягеры палонных ды шукаў кандыдатаў-беларусоў да свае «партыі». Наведваў таксама i Варшаўскі Камітэт, дзе спачатку мелася ягоная «група». Хутка, аднак, людзі пазналіся на Акінчыцы, які пагражаў за ўсякі «ўхіл» ад праграмы «партыі» «карай сьмерці», i «партыя» развалілася. Пазьней, ужо пасьля выбуху вайны з саветамі, Акінчыц будзе арганізаваць беларусоў з савецкіх палонных у трупы нацысцкіх прапагандыстаў i калябарантаў, на якіх спрабуюць аперціся немцы, пасьля лучэньня на сьляды беларускай кансьпірацыі, мантованай кс. Гадлеўскім. У 1940-41 гг. Акінчыц яшчэ ня ведаў аб існаваньні беларускай кансьпірацыі, але вычуваў, што група кс. Гадлеўскага адносіцца да яго зь недаверам, дык шукаў прычыны гэтага ў тлумачэньні: «аглядаюцца на Англію». Паколькі немцы арыентаваліся, што Акінчыц ня мае папулярнасьці сярод беларусоў, дык трымалі яго ў рэзэрве, як вернага служку.

Вясной 1941 г. ужо ўвесь сьвет трубіў праз свае радыёстанцыі аб хуткай вайне Нямеччыны з Саветамі. У травені ББС падавала нават дакладны тэрмін: канец чэрвеня 1941 г. У выніку гэтага пачалася непасрэдная падрыхтоўка i кс. Гадлеўскага.

Ён аб'ехаў усе беларускія згуртаваньні ў Генэральнай Губэрні й Нямеччыне i прыняў ад сяброў сваей незалежніцкай групы прысягу на вернасьць незалежніцкага змаганьня. Ясная рэч, запрысяжаньне адбылося ў поўнай тайніцы. Другой справай была падрыхтоўка т. зв. Першага Штурмовага Зьвязу, быццам першай «кадрувкі» Пілсудзкага. Пайменна зь ініцыятывы кс. Гадлеўскага ў канцы 1940 г. зь беларусоў палонных з польскай арміі быў утвораны адумысны зьвяз (прыблізна 52 чал.), які прайшоў адумыснае прашкаленьне ў Прусах Усходніх у партызанцкай i дывэрсыйнай акцыі, а пасьля коратка перад нямецкім наступам быў скінены на парашутах на тылы савецкай арміі ў раёне Беластоку. Частка дэсанту была злоўлена НКВДзістамі i замучана, аднак балыиыня выканала сваё заданьне i ўцалела. Праводняй ідэяй у тварэньні Першага Штурмовага Зьвязу было жаданьне даць пачаткі беларускай збройнай сілы. Адначасова Першы Штурмовы Зьвяз выканаў сымбалічную ролю: ён першы заатакаваў адвечнага ворага беларускага народу Маскву й першы ступіў на родную зямлю, прыносячы баявую вестку, што пачалося змаганьне за вызваленьне.

Іншай падрыхтоўкай да пачатку вайны быў сьпісак беларусоў, здольных да арганізацыі беларускай адміністрацыі, паліцыі, гаспадаркі, школьніцтва i г. д. Тэты сьпісак быў перададзены нямецкім уладам з мэтай перавозу ix у Беларусь, як толькі яна будзе ачышчана ад бальшавікоў. Гэткі сьпісак быў складзены Варшаўскім Камітэтам без належнай палітычнай праверкі кандыдатаў, што было прычынай пранікненьня на Беларусь агентаў польскага падпольля, агентаў бальшавіцкіх i элемэнтаў з групы расейскіх салідарыстаў. Паколькі запатрабаваньне людзей на пасылку было вялікае, а адпаведных сяброў у Камітэце было ня шмат, дык цяжка было вымагаць большай сэлекцыі з боку кіраўніцтва Камітэту. Кс. Гадлеўскі, як ужо была мова, займаўся падрыхтоўкай падабраных людзей да асобнай палітычна-незалежніцкай работы.

19 чэрвеня 1941 г., гэта ёсьць на тры дні перад пачаткам нямецкага паходу на ўсход, адбыўся зьезд прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў i ўстановаў зь Нямеччыны й Генэральнай Губэрні ў мэтах стварэньня адзінага палітычнага цэнтру для кіраваньня далейшымі пачынаньямі, калі пачнецца вайна. Захаваўся пратакол гэтай нарады які варта тут зьмясьціць, каб зразумець у гэтай нарадзе ролю кс. В. Гадлеўскага.

«Прысутныя: з Райху - адвакат Мікалай Шкялёнак - Старшыня Беларускага Камітэту Самапомачы ў Нямеччыне; дыпл. інж. Анатоль Шкутка - Кіраўнік Беларускага Прадстаўніцтва ў Нямеччыне; др. Вітаўт Тумаш - Старшыня Ліцманштацкага Аддзелу Бел. Камітэту Самапомачы ў Нямеччыне; з Ген. Губэрні: кс. Вінцэсь Гадлеўскі - Дэлегат Беларускага Камітэту ў Ген. Губ. i Старшыня Беларускага Нацыянальнага Фронту.

Бяручы пад увагу, што арганізацыйнае жыцьцё беларускай эміграцыі ў Нямеччыне й Г. Губэрні натолькі разьвілося, што стаецца жыцьцёвая й гістарычная неабходнасьць - стварэньня цэнтральнай установы для кіраваньня, плянаваньня й каардынацыі беларускай нацыянальнай працы ў Нямеччыне й Г. Губэрні, прысутныя аднагалосна вынясьлі наступныя пастановы:

1. Стварыць ад сяньняшняга дня Беларускі Нацыянальны Цэнтр у наступным складзе:

Др. Мікалай Шчорс, Старшыня Беларускага Камітэту ў Генэральнай Губэрні;

Адвакат Мікалай Шкялёнак, Старшыня Беларускага Камітэту Самапомачы Ў Нямеччыне й рэдактар беларускай газэты «Раніца»;

Дыпл. інж. Анатоль Шкутка, Кіраўнік Беларускага Прадстаўніцтва Ў Нямеччыне;

Кс. мгр. Вінцэсь Гадлеўскі, Старшыня Беларускага Нацыянальнага Фронту;

Ііж. Часлаў Ханяўка, заступнік старшыні й пісар Беларускага Камітэту ў Г. Губэрні;

Др. Вітаўт Тумаш, Старшыня Ліцманштацкага Аддзелу Бел. Камітэту Самапомачы ў Нямеччыне.

2. На Старшыню Беларускага Нацыянальнага Цэнтру выбраны др. Мікалай Шчорс.

3. Ва ўсіх справах кіраваньня, плянаваньня й каардынацыі беларускае нацыянальнае працы, пастановы павінны прымацца бальшынёй галасоў сяброў Беларускага Нацыянальнага Цэнтру. У прыпадку роўнасьці пераважае голас Старшыні. Пастановы Бел. Нац. Цэнтру маюць для ўсіх ягоных сяброў абавязваючае значэньне.

4. Паседжаньні Беларускага Нац. Цэнтру склікаюцца Старшынёй Цэнтру з собскай ініцыятывы або на жаданьне прынамсі трох сяброў Цэнтру. У прыпадку немагчымасьці зьезду сяброў Цэнтру, дапушчаецца апытальны спосаб галасаваньня.

5. Да Бел. Нац. Цэнтру могуць быць пакліканы новыя сябры.

Пратакол гэты падпісаны ў шасьці (6) экзэмплярах, зь якіх кожны зьяўляецца арыгіналам.

(-) В. Гадлеўскі (-) А. Шкутка (-) Др. М. Шчорс (-) Др. В. Тумаш (-) М. Шкялёнак

Бэрлін, 19-га чэрвеня 1941 г.»

Як бачым, Беларускі Нацыянальны Цэнтр у Бэрліне быў задуманы групай КС, Гадлеўскага як легальны цэнтральны ворган, неабходны для каардынацыі дзеяньняў да часу стварэньня новага цэнтральнага soprany ўжо на вызваленай Беларусі.

Так плянавалі беларусы-незалежнікі з кс. Гадлеўскім.


1993. №6. С. 69-85.

Пачатак нямецкага паходу на ўсход застаў кс. Гадлеўскага ў Бэрліне. Ён на сябе ўзяў ролю сьпікэра ў Бэрлінскім радыё, абвяшчаючы беларускаму Народу гістарычную падзею, пачатак вайны супраць маскоўскага бальшавізму. Першы выступ кс. Гадлеўскага мне прышлося самому чуць праз радыё ў Горадні 22 чэрв. 1941 г. Кс. Гадлеўскі клікаў беларускі народ паўстаць супраць бальшавіцкіх прыгнятальнікаў ды дапамагаць нямецкай арміі. Ясная рэч, тэксты гэтых выступленьняў ня былі спантанічныя i самога кс. Гадлеўскага, але напісаныя i перакладзеныя ў адумысным прапагандовым бюро «Вінэта», дзе была i беларуская рэдакцыя.

Як доўга выступаў кс. Гадлеўскі ў ролі сьпікэра ў Бэрліне, у мяне няма дадзеных. Думаю, што не далей як да палавіны ліпеня 1941. 16 ліпеня 1941 Розэнбэрг быў назначены Гітлерам на становішча міністра для «Ост», i ён тады выслаў барона Аўгена Энгельгарта (нямецкага маёнткаўладальніка зь Беларусі), аўтара ведамай кніжкі «Вайсрутэніен», (напісанай для Розенбэрга i іншых нямецкіх палітыкаў яшчэ ў 1941 г. i апублікованай у 1943) на Беларусь дзеля вывучэньня становішча на «вызваленых» прасторах. Энгельгарт узяў сабе да помачы кс. Гадлеўскага, i яны аб'ехалі аграмадную прастору, ачышчаную ад бальшавікоў, пайменна: Вільню i Віленшчыну, Дзьвінск, Рыгу, Віцебск, Барысаў, Менск, Баранавічы, Слонім, Беласток. Усюды кідалася ў вочы, з аднаго боку, страшэннае зьнішчэньне, нанесенае так адыходзячымі бальшавікамі, як i нямецкім наступам, а з другога - аграмадны тэрор у аблавах на жыдоў, камуністых i ўдаваных палякамі i іншымі ворагамі беларусоў быццам камуністых, помета за кароткі пэрыяд савецкай акупацыі зах. Беларусі.

Але найцікавейшае тое, што кс. Гадлеўскі наслухаўся ад Энгельгарта ў часе паездкі. Ен расказаў яму аб усіх яму ведамых тайных плянах немцаў на ўсходзе, паказваючы на практыцы адносіны немцаў да насельніцтва - вынік нямецкай падрыхтаваўчай палітыкі. Энгельгарт, як беспартыйны, быўшы барон, выхаваны ў гуманітарных ідэях 19-га i пачатку 20-га ст., варожа адносіўся да гітлерызму ды ў гэтым усьведамляў свайго спадарожніка, маючы да яго давер, як беларускага незалежніка i сьвятара. ён казаў кс. Гадлеўскаму, што гітлероўцы заваявалі ўсход i Беларусь, каб зрабіць з насельніцтва сваіх парабкаў безь ніякіх большых пэрспэктываў. Апавяданьне Энгельгарта ня толькі ўпэўнівала кс. Гадлеўскага ў сутнасьці палітыкі гітлероўцаў, але настарожвала яго, каб лішнім словам не папасьць пад абух гэтай палітыкі, паколькі так сьмела i без агаворак гаварыў Энгельгарт, як быццам правакатар. Лб гэтым гаварыў пазьней кс. Гадлеўскі сваім беларускім супрацоўнікам, вярнуўшыся з паездкі. Далейшыя падзеі паказалі, што Энгельгарт зусім шчыра апавядаў безь ніякай задняй думкі [...].

Вярнуўшыся з паездкі па Беларусі на пачатку жніўня 1941 г., Гадлеўскі працуе над плянам раней начатым: шуканьня сувязяў з заходнімі альянтамі беспасярэдня. Паколькі па ўсёй Беларусі ўжо была наладжаная кансьпірацыйная сетка сяброў БНПартыі, якія былі немцамі паразвожаныя ў першых двух тыднях вайны па вызначаных мясцовасьцях i пастаўленыя на адказныя становішчы так адміністрацыйныя, як i паліцыйныя, Гадлеўскі выпрацоўваў праект праграмы кансьпірацыйнай працы. У адным з пунктаў гэтай праграмы былі прадбачаныя вайсковыя фармацыі беларускай антынямецкай партызаншчыны. Усе гэтыя праекты прадстаўляе кс. Гадлеўскі ў канцы жніўня 1941 г. на нарадзе групы ў Варшаве. Праект Гадлеўскага быў прыняты амаль поўнасьцю. Зайшлі толькі спрэчкі адносна кандыдата, праектаванага Гадлеўскім, як дэлегата на выезд заграніцу. Дэлегаты зьезду настойвалі; каб выехаў Гадлеўскі, на што ён быў спачатку згадзіўся, але потым прасіў згоды вярнуцца яшчэ на Беларусь «хоць на некулькі месяцаў», бо выезд такі заграніцу ён лічыў прадчасным. Тады быў высланы ў Швэцыю архітэкт Асоўскі, удзельнік у акцыях Першага Штурмовага Зьвязу, за што быў узнагароджаны немцамі жалезным крыжом i дзеля гэтага меў большыя магчымасьці пранікнуць у Швэцыю.

На гэтым зьезьдзе ў Варшаве быў прысутны між іншымі i Ўсевалад Родзька, які працаваў бурмістрам у Віцебску i быў душой кансьпірацыі. Ен ужо тады меў пры сабе № 1 БЮЛЕТЭНЮ Беларускай Незалежніцкай Партыі, магчыма, сьвежа адбіты пры ўдзеле Гадлеўскага ў Варшаве.

Пасьля гэтага зьезду кансьпірацыя набрала большага размаху: была праграма, былі вытычныя, былі пэрспэктывы ў сувязі з Альянтамі.

Адной з праяваў замежнай дзейнасьці групы кс. Гадлеўскага была арганізацыя Беларуска-Амэрыканскай Нацыянальнай Рады ў Чыкаго. Пайменна Асоўскі, едучы ў Швэцыю (цераз Нарвэгію), атрымаў адрысы Янкі Чарапука i а. Я. Рэшэця ў Чыкаго ад кс. Гадлеўскага й даручэньне, каб пераслаць туды заклік арганізаваць у Чыкаго беларусоў ды пачаць дзейнічыць перад Вашынгтонам i Альянтамі ў справе Беларусі. Атрымаўшы гэтыя лісты, так Чарапук, як i Я. Рэшэць з а. Я. Тарасэвічам зактывізавалі яшчэ да гэтай справы сп. I. Лабача, М. Аблажэя, Я. Варонку i П. Чопку. Такім парадкам у памешканьні I. Лабача на Аўгуста bld была заснованая 7-га верасьня 1941 году Беларуска-Амэрыканская Нацыянальная Рада. У склад ейнага ўраду ўвайшлі а. Я. Тарасэвіч - старшыня, Янка Чарапук - заступнік, I. Лобач - сакратар. У праграме арганізацыі гаварылася:

1. Барацьба супраць камуністычнай прапаганды, якая тады шырока пранікала сярод беларусоў.

2. Аб'яднаньне беларусоў вакол БАНРады.

3. Выхаваньне ў нацыянальна-культурным напрамку моладзі i старэйшых.

4. Абарона інтарэсаў Беларускага Народу.

Арганізацыя была зацьверджаная ў Штаце Ілінойс. Дзейнасьць праводзілася рознымі шляхамі. Айцец Янка Тарасэвіч доўгі час адзін раз у тыдзень (поўгадзіны) прамаўляў аб беларускіх справах, беларускай культуры й беціарускіх патрэбах, заклікаючы да гурту вакол БАНРады. Гутаркі праводзіў у трох мовах: пабеларуску, парасейску й па-ангельску. Апрача гэтага, праводзілася іншая прапагандовая праца: пісалі ў газэты расейскія, польскія, жамойцкія, амэрыканскія, громячы напады ворагаў, якія сваімі выпадамі стараліся пашкодзіць беларускаму народу, цьвердзячы, што няма беларусоў, а ёсьць толькі «рускія» i «палякі». Далей пісалі ў энцыкляпэдыю «Брытаніка», якая зьмясьціла артыкул пра Беларусь з картай. БАНР пісала i ў Вашынгтон, прэзыдэнту Рузвэльту ды розным сэнатарам i кангрэсмэнам у справе Беларусі i яе межаў, асабліва калі камуністы аддалі Вільню Ліцьве, а Беласток Польшчы (1945). Пісалі аб гэтым i ангельскаму амбасадару, i ангельскаму міністру замежных спраў Ідэну ў часе яго побыту ў Вашынгтоне. Пісалі ў Парыж, баронячы перад вялікімі мужамі межы i справы беларускія

Ясная рэч, што дзeйнacьць БАНРады была ведамая й нямецкім палітыкам, што завастрала ix чуйнасьць вакол беларускага пытаньня. Так, напрыклад, у інфармацыйнай кніжцы «Вайсрутэніен» Энгельгарта (б. 215) падаецца нават адрыс БАНРады: 669 Урайтвуд авэ. Чыкаго, Ілл. (адрыс Я. Варонкі) з заўвагай, што на чале яе стаіць б. Старшыня міністраў i мін. замежных справаў БНР - Язэп Варонка. Гаворыцца таксама, што Янка Чарапук стаіць на чале арганізацыі беларускіх студэнтаў, да якой належыць 60 сяброў.

Як бачым, кс. Гадлеўскі сваёй ініцыятывай змог скалыхнуць нават беларусоў у далёкай Амэрыцы.

Загадам Гітлера з 17 ліпеня 1941 г. была вызначаная цывільная адміністрацыя ў Прыбалтыцы й Беларусі.

Фактычна гаўляйтар В. Кубэ з сваёй адміністрацыяй лераняў цывільную ўладу на Беларусі на пачатку верасьня 1941 г. У гэтым часе прыехаў у Менск i кс. В. Гадлеўскі.

У тым часе ў Менску ўжо было сяк-так наладжанае адміністрацыйнае жыцьцё ды была тут ужо група незалежніцкая. Так, бурмістрам гораду быў др. Вітаўт Тумаш, на чале Менскае акругі стаяў Радаслаў Астроўскі, некаторыя працавалі ў гарадзкой управе, некаторыя ў паліцыі так у горадзе, як i акрузе, некаторыя займаліся культурнымі й рэлігійнымі справамі. Сярод актыўнейшых сяброў быў прыехаўшы ў Менск у гэтым часе і др. Янка Станкевіч, Аркадзь Арэхва і інш. Першая зборка БНПартыі (група Менск) адбылася ў сярэдзіне верасьня 1941 г. На зборцы былі абмяркованыя актуальныя справы беларускай нацыянальнай палітыкі ў Менску ва ўмовах нямецкай цывільнай адміністрацыі. Адзінай легальнай у той час грамадзка-нацыянальнай беларускай арганізацыяй была Беларуская Народная Самапомач (БНС) пад кіраўніцтвам др. Івана Ермачэнкі. Гэта арганізацыя з дапаможнай хутка ператварылася ў агульную беларускую нацыянальную арганізацыю, пераймаючы справы культурныя, школьныя, рэлігійныя, вайсковыя, сацыяльнай апекі i інш. Бальшыня дзеячоў гуртавалася сярод БНСамапомачы або ля «Беларускай Газэты», якая выходзіла ў Менску пад рэд. Ул. Казлоўскага. Кс. Гадлеўскі быў назначаны пры школьным аддзеле Генэральнага Камісарыяту Беларусі (начальнікам якога быў польскі немец - Сівіца) Галоўным Школьным інспэктарам.

Школьніцтва з прычыны ваенных падзеяў было поўнасьцю разбурана. Ня было падручнікаў, сшыткаў, паперы. Ня было ўсюды патрэбных настаўнікаў, школьных будынкаў. Трэба было ўсё пачынаць ад пачатку. Але вялікая энэргія й энтузіязм кс. Гадлеўскага пераадолелі найцяжэйшыя недастаткі. Клопаты пры арганізацыі школьніцтва давалі яму значную свабоду руху па ўсёй беларускай акрузе, мець зносіны зь людзьмі ды зь сябрамі незалежніцкага руху. Такім чынам Гадлеўскі часта наведваў Вільню ў пошуках школьных дапаможнікаў ды дзеля кантакту з сваімі людзьмі - кансьпіратарамі. Вільня сталася цяпер галоўным цэнтрам кансьпірацыі. Думаем, што дапаможнай сілай тут быў кс. Ул. Тдлочка. Тут быў уведзены ў кансьпірацыю i палк. Кастусь Езавітаў, які жыў у Рызе, але трымаў цесную сувязь зь Вільняй.

Апрача школьных i кансьпірацыйных справаў кс. Гадлеўскі ад самага пачатку свайго быцьця ў Менску многа ўлажыў працы ў адбудову зьнішчанага бальшавікамі царкоўнага жыцьця. Гэтак аднавіў ён Менскую каталіцкую катэдру, якая пры бальшавікох была замененая на гарадзкі гараж. Ужо пад канец 1941 г. у катэдры пачаліся набажэнствы, на якія прыходзілі масы людзей зь Менску й ваколіцаў. У працы пастырскай памагалі яму іншыя беларускія сьвятары: кс. Ст. Глякоўскі, кс. П. Татарыновіч, кс. Малец, кс. Рыбалтоўскі. Беларускія казаньні, беларускія песьні, беларускія кніжкі да набажэнства, прывезеныя зь Вільні, тварылі пачатак вялікага каталіцкага руху ў Менску й Меншчыне, бо туды выязджалі ці на даўжэй спыняліся беларускія ксяндзы. Рух гэты выклікаў нездаваленьне рэакцыйных расейскіх элемэнтаў, якія бачылі ў ім «езуіцкую» хвалю на ўсход. Некаторыя беларусы лучаць разьвіцьцё каталіцкага адраджэньня ў Менску й Меншчыне i нездаволенасьць зрусіфікованых элемэнтаў, ці засьлепленых абаронцаў праваслаўя, з прычынай арышту й сьмерці кс. Гадлеўскага ў канцы 1942 г. Мы, аднак, уважаем, што прычыны арышту ЯГО былі іншыя, зьвязаныя з мантаванай ім кансьпірацыяй.

***

У той самы час, калі немцы, захопленыя сваімі ўдачамі на Ўсходзе, марылі аб стварэньні на развалінах савецкай імпэрыі нямецкай прасторы ці нямецкіх калёніяў ды нэгатыўна ставіліся да незалежніцкіх рухаў усіх народаў на гэтай прасторы,- замацоўваўся цесны саюз паміж Саветамі а заходнімі Альянтамі. Ужо 30 ліпеня 1941 г. у Лёндыне было падпісанае савецка-польскае пагадненьне, у сілу якога Сталін забавязаўся адхіліць важнасьць усіх дагавораў зь Нямеччынай з 1939 г., між іншымі й дагаворанасьці аб падзеле былой польскай дзяржавы. Такім чынам заходняя Беларусь «юрыдычна» станавілася зноў часткай польскай дзяржавы ў вачох Альянтаў. Ужо 30 лістапада 1941 Сікорскі быў у зборным польскім лягеры ў Куйбышэве, а 3 сьнежня разам з Андэрсам быў прыняты Сталіным у Маскве. У перамовах былі закранутыя пытаньні зах. Беларусі:

Сталін: Мне здаецца, што нашыя забавязаньні не выклікаюць у Вас даверра.

Сікорскі: Мяне дзівіць, чаму Вы польскіх грамадзянаў, якія ў 1939-41 з занятых акругаў былі забраныя ў чырвоную армію або вывезеныя ў рабочыя батальёны, ня хочаце звольніць.

Сталін: Як то? Мы ix звольнілі.

Андэрс: Звальненьне з гэтых батальёнаў пачалося, але звальняюцца толькі палякі. Прыгэтым афіцыяльна павядомлена, што беларусаў, украінцаў i жыдоў ня будуць звальняць, хоць яны былі i цяпер ёсьць польскія грамадзяне, бо Вы ўсе ўмовы зь Нямеччынай абвесьцілі за няважныя.

Сталін: На што Вам здаліся беларусы, украінцы i жыды? Вам патрэбныя толькі палякі, яны найлепшыя жаўнеры!

Сікорскі: Я думаю цяпер не аб людзях, бо ix можна выменяць на савецкіх грамадзянаў, але я прынцыпова стаю за прызнаньне граніцаў Польскай рэспублікі з 1939 г, Такім чынам усе польскія грамадзяне з 1939 г. ёсьць i цяпер польскімі грамадзянамі. Нельга пры дапамозе сілы ствараць дакананых фактаў. Гэтага ніхто не прызнае на Захадзе.

Сталін: Яны бралі ўдзел у плебісцыце i сталіся савецкімі грамадзянамі.

Андэрс: Яны гэта зрабілі недабравольна, а што датычыць беларусоў, то яны ўважаюць сябе за палякаў i былі ў вайне добрымі жаўнерамі.

Сікорскі: Вы казалі ўчора, што сьвет будзе сьмяяцца, калі ўся польская армія пакіне Расею. Я мушу да гэтага дадаць, што ўвесь сьвет будзе сьмяяцца, калі я згаджуся на дыскусію адносна граніцаў з 1939 г., якія былі нарушаныя сілай дзеля стварэньня фактаў.

Сталін: Дык ня будзем сварыцца за граніцы

У вачох немцаў дагавор Сталіна зь Сікорскім i Андэрсам, дзе заходняя Беларусь i беларусы лічыліся «польскімі», стварала небясьпеку, што беларусы лёгка могуць супрацоўнічыць з Альянтамі. Штопраўда, Саветы, міма прыхільнай гутаркі Сталіна, цягнулі перамовы з палякамі ды з Англіяй i Амэрыкай i аж да эвакуацыі арміі Андэрса ў Пэрсію не згадзіліся выразна прызнаць за Польшчай зах. Беларусі i зах. Украіны; але фармаваньне польскага войска ў Расеі i на блізкім Усходзе, стварэньне 30 травеня 1942 цэнтральнага штабу партызанскага руху пры Галоўнай Кватэры Сталіна ды разьвіцьцё сільных польскіх падпольных злучэньняў на тэрыторыі Беларусі - выклікала перапалох. Помню, як у красавіку 1942 г. нямецкія ворганы бясьпекі вынюхвалі ў Баранавіцкай акрузе, дзе перад вайной прабываў ген. Андэрс, сьляды сымпатыяў да яго сярод беларускага насельніцтва. У гэтым часе немцы (СД) арыштавалі некалькі чалавек, прысланых зь Беларускага Камітэту ў Варшаве, у Баранавічах i Слоніме за супрацоўніцтва з польскім падпольлем ды сталі падазраваць прыехаўшых беларусоў у змове з палякамі. Ясная рэч, былі праведзеныя тайныя сьпіскі «польскага» элемэнту на Беларусі: ксяндзоў, прыбыўшых з Ген. Губэрні абшарнікаў, асаднікаў i апалячаных сялянаў, віднейшых інтэлігентаў, якія стаялі вонках нямецкай адміністрацыі. Але самае галоўнае, даручана было Ф. Акінчыцу ў Бэрліне вынюхаць сярод беларусоў эвэнтуальную антынямецкую кансьпірацыю.

У гэтым часе разьвіцьцё незалежніцкай беларускай кансьпірацыі значна пашырылася, амаль у кожным акруговым i павятовым цэнтрах існавала незалежніцкая група. Адбываліся зборкі, нарады аб ваенна-палітычным становішчы, аб абароне насельніцтва перад вывазам у Нямеччыну, асабліва моладзі, на якую палявалі нямецкія арбайтсамты. Дзеля гэтага на пачатку 1942 г. у большых беларускіх асяродках разгарнулася акцыя: а) арганізаваць большыя злучэньні беларускай паліцыі, каб выціснуць ненадзейны элемэнт. У гэтых мэтах пры БНС у Менску была адчынена падахвіцэрская паліцыйная школа пад кіраўніцтвам кап. Ф. Кушаля, быў утвораны чыгуначны батальён (каля тысячы чалавек) пад камандай капітана Сажыча, Беларускі Наваградзкі Эскадрон, паліцыйныя злучэньні пры павятовых цэнтрах, спэцыяльныя аддзелы пры СД i нямецкай паліцыі, ад чэрвеня 1942 г. шматлікія злучэньні Беларускай Самааховы i некаторыя іншыя; б) арганізаваць беларускія сярэднія школы так агульныя, як прафэсіянальныя. Такім чынам у Баранавічах, Наваградку, Слоніме, Вялейцы, Глыбокім, Менску, Слуцку i інш. мясцовасьцях паўсталі розныя сярэднія школы, якія зьвязвалі моладзь у большых асяродках, выхоўвалі яе ў патрыятычна-незалежніцкім духу ды перашкаджалі немцам вывозіць у Нямеччыну на прыгонную работу.

Ясная рэч, скрываньня непрыхільнасьці да немцаў ня было, паколькі кожную рэч трэба было вялікім высілкам здабываць ды ўсюды бараніцца перад нямецкай агрэсіяй i нахабнасьцю. У такіх умовах заданьне Акінчыца ня было цяжкім.

Ф. Акінчыц пасьля пачатку вайны з бальшавікамі займаўся выбіраньнем зь лягераў савецкіх палонных беларусоў на нямецкіх прапагандыстых, кіраўнікоў моладзі i іншых калябарантаў, «школячы» ix у бараках пад Бэрлінам. Меў там некалькі дапаможных нямецкіх i беларускіх інструктараў. Выведнае заданьне атрымаў Акінчыц на печатку травеня 1942 году, калі немцы былі вельмі насьцярожаныя ўмовай Англіі з Саветамі, саюзам з Амэрыкай, падпісаньнем Саветамі Атлянтыцкай карты, арганізацыяй польскага войска i г. д.

Абцяжае Акінчыца ў дэнунцыяцыйнай дзейнасьці i яго ўласнаручны дакумант, зложаны нямецкім ворганам бясьпекі, які быў знойдзены бальшавікамі пасьля капітуляцыі Нямеччыны ды імі апублікованы. Пайменна 27 кастрычніка 1942 г. Акінчыц наведаў Баранавічы i тут меў тайную параду з «сваімі людзьмі», якія служылі ў аддзеле прапаганды пры акруговым камісары - Бядрыцкім, Шпакам i іншымі ў справе «ачысткі» адміністрацыі ад «ненадзейных элемэнтаў» i замены ix людзьмі з Акінчыцавай групы. Даслоўна Акінчыц пісаў: «Необходимо реорганизовать местное управленіе, допустить к таковому и белорусов, но только таких, которые определенно стоят на точке зренія переустройства Европы на новых основаніях разделяют основные положенія націонал.-соц. идеологій. Все белорусскіе органйзаци, полиция и т. п. должны быть проникнуты этой идеологией. Элементы враждебные должны быть обезврежены, либо уничтожены. Необходима политическая сегрегация белорусского общества и систематическое его перевоспитание по политической линии...» Крыху пазьней (пачатак 1943) Бядрыцкі падаў немцам запіску ад імені групы Акінчыца аб «государственном устройстве Белоруссии после войны». У гэтай запісцы між іншым пісалася: «С окончанием войны с Советами, государственное устройство Белоруссии (Центральная и окружные власти) на период по крайней мере 30-40 лет нам, идеологическим и политическим сторонникам г-на Акинчица Ф. И. - представляется в следующем виде:

1. О полной государственной независимости Белоруссии, как самостоятельного государства, не может быть и речи...».

Гэтыя намаганьні Акінчыца i яго людзей былі дапаўненьнем дэнунцыяцыйнай акцыі ды мелі заахвоціць немцаў да поўнай «чысткі» беларускага грамадзтва. Я думаю, што першы раз (у чэрвені 1942) Акінчыц перадаў у Менскае СД правізарычны й далека некамплектны сьпісак «дэмакратаў» з кс. Гадлеўскім на чале, але адносна i ix не для ўсіх даў абцяжаючыя матарыялы (бо ix ня меў). Немцы стараліся рознымі спосабамі й правакацыямі знайсьці абвінавачальны матарыял, каб ліквідаваць іж. [...]

Кс. Глякоўскі аднойчы выказаўся аднаму з сваіх людзей, калі ён яго інфармаваў, што арганізацыя незалежніцкая ў Менску разьвіваецца ды налічвае некалькі дзесяткаў сяброў, ён пахваліў яго i дадаў: «і ў нас ёсьць салідная група». Пад гэтай «групай» кс. Г. разумеў групу каталіцкага духавенства. Ня выключана, што на Акінчыцавым сьпіску знайшліся некаторыя сябры гэтай «групы». Такім чынам на гэтым сьпіску праўдападобна апрача Гадлеўскага былі: кс. кс. Ст. Глякоўскі, Малец, А. Неманцэвіч ды нават а. А. Коўш, бо ix арышт адбыўся ў мес. чэрвень-ліпень 1942, якраз «на сьвежую руку» Акінчыцавай дэнунцыяцыі. Так кс. кс. Глякоўскі i Малец былі арыштованыя 22 чэрвеня 1942 году ў Менскім тэатры, пасьля ўрачыстасьці з нагоды ўстанаўленьня «мужоў даверра» пры Галоўнай управе Беларускай Народнай Самапомачы. Навочныя сьведкі апавядаюць, што названыя ксяндзы (апранутыя ў сутанны) не падымали рукі пагітлероўску ў часе салюту, а толькі стаялі. Гэта зьвярнула ўвагу прысутных на ўрачыстасьці эсдоўцаў, якія пасьля ўрачыстасьці i арыштавалі ix. Ясная рэч, эсдоўцы, маючы ў памяці сьвежы сьпісак Акінчыца «дэмакратаў» i кансьпірантаў, пільна сачылі за паводзінамі сабранай беларускай верхавіны i калі заўважылі непадняцьце пагітлероўску рукі двух каталіцкіх сьвятароў [...], дык гэта гітлероўцаў упэўнівала, што сьвятары гэтыя - сябры кансьпірацыі, дык ix i арыштавалі зь месца. Я быў прысутны на многіх беларускіх урачыстасьцях у часе нямецкай акупацыі, дзе былі й немцы. У часе гімнаў ці салютаў зьнікомая меншыня падымала рукі, людзі станавіліся, зьнімалі шапкі, i ніхто нікому не рабіў ніякіх прыкрасьцяў. Мала таге, гітлероўцы часам крыва глядзелі, калі нехта пагітлероўску ix вітаў. Яны ўважалі, што гітлероўскае прывітаньне толькі для немцаў, а не для чужынцаў. Хай, напр., адважыўся-б пагітлероўску вітацца жыд, паляк ці нават беларускі селянін! Ня было такога загаду, каб вітацца пагітлероўску. Але ў даным выпадку ксяндзы не таму былі арыштованыя, што не падымалі рук пагітлероўску, але што гэта ўпэўнівала гітлероўцаў, што маюць перад сабой сяброў кансьпірацыі.

Падобная справа вышла й з а. Антонам Неманцэвічам. Ён злажыў заяву нямецкім уладам з просьбай аб дазволе паехаць у Львоў да мітр. Шаптыцкага ў справах службовых, як Экзарх Беларускай Царквы Усходняга Абраду, у сярэдзіне чэрвеня 1942 г., гэта ёсьць калі СД мела ўжо Акінчыцавы сьпісак. Ясная рэч, немцы хапіліся за гэтую заяву. Яны не далі дазволу на чыгунку, але запрапанавалі свой самаход з сваім шофэрам, каб прасьлядзіць экзарха. Пасьля павароту ў Альбэртын Неманцэвіча, СД яго арыштавала 4 ліпеня 1942 году ды адвезла ў Менск. Вываз у Менск i там замучэньне экзарха дадаткова сьведчыць, што Менскае СД вяло справу Акінчыцавай дэнунцыяцыі i паездку Неманцэвіча да Шаптыцкага расцэньвала як кансьпірацыйнае шуканьне кантактаў так з украінцамі, як i з Рымам. Памятайма, што мітр. Шаптыцкі браў актыўны ўдзел у праклямацыі незалежнай Украіны 30 чэрвеня 1941 г. у Львове i стварэньні ўкраінскага ўраду Бандэры, разагнанага немцамі. Ен-жа быў выдаў 1 ліп. 1941 пастырскі ліст, заклікаючы да высілкаў у стварэньні незалежнай украінскай дзяржавы. У Львове быў цэнтр украінскай антынямецкай кансьпірацыі. Такім чынам, немцам ужо было дастаткова, што а. Неманцэвіч праўдападобна езьдзіў у Львоў з кансьпірацыйнымі заданьнямі ад групы кс. Гадлеўскага. Яны спадзяваліся, што ад яго атрымаюць больш матарыялаў у справе беларускай кансьпірацыі. [...]

Што робіць у гэтым часе кс. В. Гадлеўскі? 22 чэрвеня 1942 г., калі былі арыштованыя ў Менскім тэатры каталіцкія ксяндзы, кс. Гадлеўскі з праф. В. Іваноўскім былі ў Баранавічах на ўрачыстасьці першай гадавіны «вызваленьня» Беларусі. Кс. Гадлеўскі затрыллаўся ў мяне. Наагул быў вельмі маламоўны, неяк маральна прыгнечаны, але яшчэ нічога ня ведаў аб акцыі Акінчыца, вычуваў толькі зьмену нямецкіх адносінаў на вельмі халодныя. Адведаў таксама дзеля высандаваньня нямецкіх настрояў баранавіцкае СД, але i там сустрэўся зь вельмі халодным спатканьнем. Ён вычуваў, што нешта дзеіцца, чуўся без настрою ды пакінуў урачыстасьць, якая адбывалася ў гарадзкім парку, кажучы, што чуецца змучаным. Таго-ж самага дня выехаў у Менск. Мяне ня дзівілі гэткія паводзіны кс. Гадлеўскага, бо я сам яму апавядаў, якія рэчы дзеюцца ў акрузе, як церпіць народ ад немцаў i іншых ворагаў.

«Выкрыцьцё» беларускай кансьпірацыі зь месца змусіла немцаў да ўступкаў. Таго-ж самага дня, калі арыштавалі яны беларускіх ксяндзоў у Менску, яны муселі прыкрыць гэты наскок устанаўленьнем «мужоў даверу» пры Беларускай Самапомачы, з тым, што галоўная ўправа Самапомачы становіцца дарадчым ворганам пры Ген. Камісарыяце Беларусі, а акруговыя i раённыя старшыні Самапомачы - мужамі даверу пры гебітскамісарах i зондэрфюрэрах у раёнах. Адначасова дазволена БНС арганізаваць Беларускую Самаахову, пачаткі беларускага войска, з тым, што немцы забясьпечаць узбраеньнем, а Самапомач харчаваньнем i адзеткам. Ясная рэч, немцы толькі з палітычных мяркаваньняў хацелі неяк супакоіць беларусоў, ведаючы, што Самапомач ня ў сілах забясьпечыць харчаваньнем i вопраткай Самааховы, паколькі ўсё гаспадарчае жыцьцё Беларусі было пад вострай кантроляй ды кіраўніцтвам немцаў. Успомнім пратакол Бормана з нарады ў Галоўнай Гасподзе Фюрэра з 17 ліпеня 1941, дзе прынята пастанова, каб нікому з «айнгаймішаў» не даваць зброі ў рукі, ані тварыць вайсковых злучэньняў, бо яны могуць выступіць супраць немцаў. Цяпер страх немцаў перад беларускай кансьпірацыяй змусіў ix тэарытычна адмовіцца ад гэтага прынцыпу. I гэта не была нямецкая ласка, але першая заваёва кансьпірацыйнай дзейнасьці кс. Гадлеўскага. Другой заваёвай была зьмена нямецкай палітыКІ адносна разьвіцьця беларускай культуры. Дасюль немцы ахвотна падтрымоўвалі расейцаў, палякаў i іншых (украінцаў) на тэрыторыі Беларусі, гамуючы імкненьні беларусоў да ўвядзеньня дамінацыйнай ролі для беларускай мовы й беларускай культуры на тэрыторыі Беларусі. Немцы прыпісвалі сабе ролю пана, а ўсе «айнгаймішы» ставіліся на тым самым узроўні свайго палітычнага i культурнага становішча. Цяпер 25 чэрвеня Генэральны Камісар у «Мінскэр Цайтунг» апублікаваў сваю адозву да беларускага народу, у якой прызнаваў Беларусь жыцьцёвым прасторам беларускага народу, дзе мае свабодна разьвівацца беларуская мова й культура. Адначасова быў дадзены зь Менску загад да ўсіх гебітскамісараў Беларусі падтрымаць беларусізацыю адміністрацыі, школьніцтва, цэрквы ды масавую акцыю ў адкрываньні Беларускіх Дамоў Культуры па гарадох, мястэчках i сёлах. [...]

Кс. Гадлеўскі, вярнуўшыся ў Менск, даведаўся аб арышце беларускіх ксяндзоў, пробаваў ix разам зь іншымі дзеячамі бараніць, але без рэзультату. Шавель, начальнік паліцыі ў Менску, які супрацоўнічыў з СД, павядоміў беларусоў, што небясьпечна лішне дамагацца ў справе кс. Глякоўскага i іншых, бо немцы нешта выкрылі больш паважнае, чымся індындэнт у Менскім тэатры. Для кс. Гадлеўскага i ягонай групы было ясна, што немцы на тропе кансьпірацыі.

Кс. Гадлеўскі цяпер вырашыў зрачыся з становішча Галоўнага Інспэктара Школаў ды паціху выехаць зь Менску ў Бэрлін. Арышт беларускіх ксяндзоў у Менску змушаў яго заняцца душпастырскай працай у Менскай катэдры.

Як апошняе выкарыстаньне свайго «інспэктарства» кс. Гадлеўскі езьдзіў зь Сівіцай у Жодзішкі на адкрыццё там Беларускага Дому Культуры. Аб гэтай паездцы мы пісалі раней, апісваючы жодзіскі пэрыяд дзейнасьці Гадлеўскага. Паездка ў Жодзішкі ахапала i іншыя заданьні. [...]

Паездка ў Вільню, хоць ня зусім па дарозе, мабыць, лучыцца з жаданьнем Гадлеўскага сустрэцца з тамтэйшымі сябрамі кансьпірацыі ды абгаварыць сытуацыю.

У гутарцы з старымі сябрамі ў Жодзішках кс. Гадлеўскі ўжо выказваў свой плян адысьці з Школьнага Інспэктарату, выехаць зь Менску ды заняцца выключна далейшым этапам незалежніцкай падрыхтоўкі ў цэнтры. Радзіў, каб тыя, што яшчэ знаходзяцца ў Нямеччыне, не выязджалі адтуль. [...]

У канцы ліпеня 1942 кс. Гадлеўскі злажыў заяву аб звальненьні. Якія матывы ён падаў - дакладна няведама. Есьць мяркаваньні, што ён падаў як прычыну адыходу ад Інспэктарату жаданьне пераняць душпастырскую працу ў Менскай катэдры, дзе ня было беларускіх сьвятароў. Іншыя думаюць на аснове гутарак з кс. Гадлеўскім, што ён мог падаць свой намер выехаць у Бэрлін для працы ў д-ра Шульца (у аддзеле прапаганды), зь якім ён супрацоўнічаў раней. Мне здаецца, што гэтая апошняя вэрсія найбольш праўдападобна, бо коратка перад ягоным арыштам ён казаў др. Я. Станкевічу, што яму немцы не даюць дазволу на выезд.

Паводле нас, гэты крок Гадлеўскага найбольш яму пашкодзіў i, думаем, быў прысьпяшэньнем яго арышту. Немцам стала вельмі падазронай справа яго выезду з Менску ці нават адыход ад Інспэктарату, паколькі яны й i так на аснове дэнунцыяцыі Акінчыца лічылі яго лідэрам англа-дэмакратычнага напрамку. Яны звольнілі Гадлеўскага, але паставілі яго пад нагляд. На Школьны Інспэктарат вызначылі д-ра Скурата.

Кс. Гадлеўскі заняўся цяпер душпастырствам у Менскай катэдры, разгарнуўшы прыгожую працу.

Час адыходу кс. Гадлеўскага ад Школьнага Інспэктарату (жнівень-сьнежань 1942) - гэта час вялікіх падзеяў у ходзе вайны i на Беларусі.

У красавіку 1942 г. у Маскоўшчыне была арганізованая спэцыяльная школа пад назовам: «Особый белорусский сбор для подготовки подпольщиков и бойцов партизанских отрядов». За некалькі месяцаў было перакінена на Беларусь больш за 2600 вышкаленых дывэрсантаў. 9 жніўня 1942 быў утвораны пад кіраўніцтвам П. З. Калініна «Беларускі Штаб партызанскага руху».

У жніўні-верасьні ўжо былі выкрытыя ў большых гдрадох Беларусі бальшавіцкія падпольныя арганізацыі - «Беларускі антыфашыстоўскі саюз», у якіх удзельнічалі i многія мясцовыя беларусы й беларуская інтэлігенцыя. Паявіліся першыя буйнейшыя партызанскія аддзелы, да якіх сталі пераходзіць некаторыя супрацоўнікі зь немцамі, СД, паліцыі, адміністрацыі i г. д. Начала разгортвацца антынямецкая падпольная бальшавіцкая прапаганда, заклікаючая насельніцтва да актаў сабатажу, дывэрсіі i пераходу на бок партызанаў. Восеняй 1942 пад кантроляй партызаншчыны знаходзіліся цэлыя раёны ва ўсіх акругах Беларусі, дарогі i шляхі злучэньняў апынуліся пад бязустаннай небясьпекай. Усё гэта даводзіла да шаленства немцаў ды ўзбуджала ў ix падазрэньні, што «беларуская кансьпірацыя» супрацоўнічае з бальшавікамі на загад Англіі. Такое ўражайьне ў ix магло паўстаць, бо запраўды штаб брытыйскі ў другой палавіне 1942 г. (i пазьней, у 1943) сільна дамагаўся i націскаў на антынямецкае падпольле, каб дзейнічаць разам з савецкім падпольлвм у мэтах нанясеньня большага ўрону на нямецкіх тылох. Паколькі АК трымалася тактыкі Равэцкага ды адносілася паўстрымана да брытыйскага загаду, немцы стараліся выкарыстаць польскія падпольныя фармацыі. Яны сталі не чапаць польскага падпольля АК, даваць ім зброю, харчы, каб заахвоціць да антыбальшавіцкага дзеяньня. Палякі гэта выкарысталі да барацьбы зь беларускім нацыянальным рухам, яшчэ раз маніфэстуючы свой палітычны прымітывізм. Такім чынам адбыліся па ўсёй Зах. Беларусі шматлікія напады аддзелаў АК на актыўнейшых беларусоў на вёсках, мястэчках i гарадох. Асабліва актыўную дзейнасьць палякі выявілі ў Вялейшчыне (напад на Жодзішкі), у Віленшчыне, Лідчыне, Слонімшчыне, Горадзеншчыне, у раёне пушчы Налібакі. Польскія агенты, засеўшыя пры падтрымцы немцаў у адміністрацыі, паліцыі, у гаспадарчых установах, у арганізацыі Тодт вялі вызываючую антыбеларускую дзейнасьць. Для ілюстрацыі хай паслужыць выпадак у Лідзкім гебітскамісарыяце. У верасьні 1942 г. я наведаў з адным беларускім ахвіцэрам Ліду. Мы зайшлі ў будынак гебітскамісара, дзе знаходзіўся беларускі школьны інспэктарат, i зьвярнуліся да стоража, які нас сустрэў у калідоры, дзе знаходзіцца бюро школьнага інспэктара? Гэны «стораж» адразу вышчарызіўся на нас:

- Цо, хамы, запомнелісьце юж мувіць по польску? Я не розумем вашэго хамскего ензыка!

Ня зьдзержаўся мой сябра, ахвіцэр:

- Я цябе, ляша, навучу культуры! - I заехаў яму ў фізіяномію.

Паляк падняў крык i пабег у бюро да немца скаржыцца, што вось на калідоры два «тыпы» яго пабілі, за тое, што ён паляк.

Немец вызьверыўся на нас. Мы спакойна адказалі, што здарылася, ды заўважылі, што немцы далёка не заедуць, калі акружацца такімі людзьмі, як вось гэты чалавек. Абураны немец выгнаў нас з свайго бюра.

У Стоўпцах «польскія легіёны АК» рабілі парады перад касьцёлам у прысутнасьці немцаў.

Восеняй 1942 г. нямецкая афэнзыва на Каўказ i Баку заламалася. Пацярпела няўдачу i афэнзыва ў Курскай дузе. У сярэдзіне лістапада нямецкія войскі прымушаны былі перайсьці да абароны. Немцы ў часе летняй афэнзывы змабілізавалі больш свайго войска ды патрабавалі больш рабочай сілы ў сваёй гаспадарцы. З пачаткам школьнага году 1942-1943 немцы вырашылі зьліквідаваць усе беларускія сярэднія школы, а моладзь вывесьці на работы. Яшчэ на пачатку 1942 г. Ген. Камісар Кубэ пісаў у газэце «Дойтшэ цайтунг ін Остлянд»: «Беларусь можа цяпер пасылаць у Нямеччыну тысячы сваіх юнакоў i дзяўчат у веку ад 18-25 год як земляробскіх работнікаў». У зьвязку з гэтым немцы не дапускалі да масавага адкрываньня сярэдніх школаў, з чым кс. Гадлеўскі, як Галоўны Інспэктар, меў нямала клопату. Цяпер, восеняй, яны думалі, што пры новым Школьным Інспэктары справа будзе лягчэйшай ды яны зьліквідуюць беларускія школы звычайнай «хапанкай». Вось-жа 12 верасьня 1942 г. гебітскамісар Баранавіцкай акругі Вэрнэр паклікаў да сябе школьнага інспэктара Міхалоўскага й бурмістра гор. Баранавічы Ю. Сабалеўскага на тайную параду ды сказаў, што 14 верасьня ў панядзелак, а гадз. 10 раніцы, пачнецца акцыя вывазу школьнай моладзі зь сярэдніх школаў у горадзе i што яны, беларусы, павінны ў гэтай акцыі дапамагчы. Усякія супрацьдзеяньні будуць строга пакараныя. Інспэктар i бурмістр ня мелі нічога сказаць на гэта, i моўчкі пайшлі. Баючыся нямецкіх рэпрэсіяў, яны трымалі нямецкі загад у тайніцы, гэта значыць нічога не прадпрымалі ў дапамогу немцам, ані супраць.

А вызначанай гадзіне 14 верасьня нямецкая паліцыя з сабакамі акружыла мэдычную й гандлёвую школы i начала гнаць моладзь на пляцы дзеля адпраўкі ў зборны высыльны лягер каля чыгуначнай станцыі. Паўстала паніка сярод моладзі, пратэст настаўнікаў. Бальшыня вучняў разьбеглася. Яны павядомілі іншыя сярэднія школы аб акцыі, як адміністрацыйную школу, матуральны курс, мастацкую школу. Такім чынам нямецкая акцыя поўнасьцю не ўдалася, бо нават i тыя вучні, што былі загнаныя ў лягер, адтуль паўцякалі. Хутка вестка гэтая абляцела ўсю акругу ды моладзь усіх школаў (і пачатковых) разьбеглася. Падобна не ўдаліся такія хапанкі i ў іншых мясцовасьцях. Немцы бесіліся ад злосьці, арыштавалі а. Л. Гарошку - дырэктара мэдычнай школы, але пад націскам беларускага актыву яго выпусьцілі, баючыся яшчэ большых наступстваў.

Немцы падазравалі, што ix правал з хапанкай моладзі ёсьць чарговым супрацівам добра зарганізованай «беларускай кансьпірацыі», мы з свайго боку даказвалі немцам: нямецкія мэтоды i безгалоўе - найлепшы памочнік бальшавіцкай прапаганды, i што за ўсе няўдачы вінаватыя яны самыя. Некалькі месяцаў ня было заняткаў па ўсёй заходняй Беларусі, i толькі на публічнае прырачэньне нямецкіх уладаў, Што яны больш ня будуць чапаць беларускага школьніцтва так сярэдняга, як i пачатковага, пачаліся зноў заняткі.

Кс. Гадлеўскі мусіў цяжка перажыць разгон немцамі беларускага школьніцтва, хоць сам не стаяў афіцыяльна на чале яго. Ен спадзяваўся ў недалёкай будучыні, што немцы ў сваім шаленстве абрушацца на ўвесь беларускі незалежніцкі рух. Ілюстрацыяй гэтага могуць быць успаміны А. Пякарскага (БАЦЬКАЎШЧЫНА, нр. 51-52 з 25 сьнежня 1952 «Сумная гадавіна»). Ен пісаў:

«Памятаю, восеняй 1942 году я прывёз кс. Гадлеўскаму матарыялы з б. польскага архіву аб судовым працэсе, у якім, як галоўны абвінавачаны, выступаў кс. Гадлеўскі i быў засуджаны на два гады вастрогу (справа Жодзішак, 1927). Частка польскага архіву была ў 1939 годзе вывезена бальшавікамі ў Вялейку. Пераглядаючы архіў, я натрапіў на багаты матарыял у справе прасьледываньня палякамі беларусаў наагул, а кс. Гадлеўскагаі ў асаблівасьці. Прыехаўшы.ў Менск, забягаю да кс. Гадлеўскага, зь якім лучылі мяне блізкія й шчырыя дачыненьні. Пасьля даўжэйшай гутаркі перадаў яму прывезены матарыял. Кс. Гадлеўскі з зацікаўленьнем разгледзіў усё, расказаў мне шырэй аб сваім судовым працэсе й змаганьні за беларускую мову ў касьцёлах Заходняй Беларусі, матарыялаў, аднак, прыняць не хацеў. «Завязі, - сказаў, - лепш кс. Адаму ў Вільні, ён піша цяпер працу аб палажэньні беларусаў пад Польшчай пась'ля першай сусьветнай вайны. Ты ведаеш, я тут няпэўны. Чалавек ня ведае ні дня ні гадзіны...» Гаварыў гэта з сумам».

Немцы пакуль што не чапалі кс. Гадлеўскага. Але ў міжчасе пагоршылася нямецкае становішча. 19 лістапада 1942 г. савецкія войскі перайшлі ў наступленьне пад Сталінградам. Яны разьбілі флянгі немцаў i абкружылі ix 330-тысячную армію. У сьнежані 1942 прадаўжаліся вельмі цяжкія баі, але ўжо было відаць, што акружаная армія будзе зьліквідованая й немцам прыдзецца ўцякаць на паўдзённым фронце. Бальшавікі й Альянты ўзьнялі ціск на проціўнямецкае падпольле, зьнішчаць нямецкія тылы. Кс. Гадлеўскі зразумеў, што надыходзіць хвіліна, калі трэба таксама дзеіць. Аб гэтым падае факты сп. Пякарскі ў сваіх успамінах:

«На пачатку сьнежня 1942 г. адбываўся ў Менску курс раённых кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы. Ад Жодзіскага раёну быў высланы на курс Ізыдар Шусьціцкі, былы парахвіянін кс. Гадлеўскага. Бязумоўна, прыехаўшы ў Менск, Шусьціцкі адведаў кс. Гадлеўскага. У гутарцы з Шусьціцкім кс. Гадлеўскі не скрываў свайго варожага становішча да нямецкай палітыкі й даў Шусьціцкаму да зразумленьня, што працу ў бюры трэба будзе хутка замяніць на іншую, а замест алаўка трэба будзе ўзяць вінтоўку ды зллагацца з акупантамі...» [...].

Далей Пякарскі перадае, мабыць, з апавяданьня Шусьціцкага, апошні перад арыштам выступ кс. Гадлеўскага ў Менску.

15 сьнежня 1942 г. група беларускай інтэлігенцыі сабралася у Генэральным Школьным Інспэктараце, - піша Пякарскі, - каб ушанаваць гадавіну адкрыцьця Першага Ўсебеларускага Кангрэсу 1917 г. у Менску. Вокны памешканьня былі завешаныя цёмнымі шторамі. Рэфэрат чытаў кс. Гадлеўскі - асабісты ўдзельнік Кангрэсу... Раптам гасьне сьвятло - нехта злосна выключыў электрычныя коркі. Тады кс. Гадлеўскі запальвае дзьве сьвечкі й гаворыць: «Як першыя хрысьціяне зьбіраліся пры агні сьвечак i паходняў у катакомбах, так i нам сяньня давялося запаліць сьвечкі. Верма, аднак, так, як i яны верылі, што справа нашай незалежнасьці, за якую змагаўся Першы Ўсебеларускі Кангрэс, сьвятая i перамога будзе за намі!..»

Многія лічаць, што гэты выступ кс. Гадлеўскага прысьпяшыў ягоны арышт. Перад Калядамі 1942 г. кс. Гадлеўскі злажыў заяву ў Галоўны Камісарыят на выезд у Бэрлін Падобную заяву злажыў i др. Я. Станкевіч на выезд у Прагу Чэскую да сваёй сям'і. Ад'язджаючы зь Менску, др. Я. Станкевіч сустрэў у Самапомачы кс. Гадлеўскага i сказаў яму, што выязджае ў Прагу. А Гадлеўскі зь нейкім страхам выказаўся: «А мне не даюць». Зь іншага ліста др. Я. Станкевіча вынікае, што ён выехаў зь Менску ў Прагу цераз Бэрлін 15 сьнежня 1942 г. Гэта значыць, у той дзень, калі чытаў кс. Гадлеўскі свае ўспаміны аб Першым Кангрэсе пры сьвечцы. Немцы яго не хацелі выпусьціць з-пад нагляду, спадзяючыся ўсякіх нечаканасьцяў у зьвязку з палажэньнем на ўсходнім фронце. Такім чынам ягоны рэфэрат на тэму незалежнасьці Беларусі паказваў на яго актывізацыю. Сьвятло магло згаснуць прыпадкова, але маглі патушыць нямецкія агенты, каб наглядаць, як будзе захоўвацца Гадлеўскі i яго слухачы. У кожным выпадку, немцы баяліся, што кс. Гадлеўскі можа ўцячы ў часе Калядаў 1942, калі рух людзей ёсьць ажыўлены й кантроля ўтрудненая. Таму 24 сьнежня 1942 г. яго i арыштавалі, спадзяючыся ад яго, як ад лідэра незалежніцкай беларускай групы, даведацца аб удзельніках i дэталях арганізацыі. Ужо сам факт, што ніхто ў хуткім часе ня быў арыштованы зь сяброў БНПартыі ці наагул зь незалежніцкай групы, довад, што кс. Гадлеўскі нікога й нічога не выдаў, пераносячы ўсе ведамыя нямецкія катаваньні.

Арышт кс. Гадлеўскага не зьмяніў становішча. Перад немцамі стаяла надалей «беларуская кансьпірацыя», хай i страціўшая свайго правадыра. Хуткая, якбыццам арганізованая рэакцыя незалежнікаў, атака на, Акінчыца й яго забойства Матусэвічам - гэтага маральнага спраўцу трагэдыі кс. Гадлеўскага, упэўнівала немцаў, што «кансьпірацыя беларуская» далей існуе й дзейнічае. Вось чаму немец, што мяне дапытваў пасьля сьмерці Акінчыца, выразіўся: «цяпер пэўне беларусы радыя, што Акінчыц забіты!»

Інтэрвэнцыі беларусоў у справе арышту кс. Гадлеўскага ня мелі ніякага посьпеху. Немцы пусьцілі вестку, што ён вывезены ў Рыгу (дзе быў Райхскамісар Остлянду), але ў гэта ніхто ня верыў, тым больш што гаспадыня кс. Гадлеўскага ў студзені 1943 г. атрымала зь менскае турмы, дзе быў вязьнены кс. Гадлеўскі, ягоную верхнюю вопратку. Усім стала ясна, што ён быў замучаны ў Менску.

Цікавыя весткі перадае др. Я. Станкевіч, што яму сказаў Сівіца, беспасярэдні начальнік кс. Гадлеўскага. Др. Я. Станкевіч сустрэў Сівіцу ў Бэрліне ў часе Калядаў 1942 г., i той яго павядоміў аб арышце Гадлеўскага. «Сівіца выказаў думку, - успамінае др. Я. Станкевіч, - што кс. В. Гадлеўскі арыштаваны з прычыны змаганьня сярод самых беларусаў». Што гэта былі за змаганьні, Сівіца не казаў. Трэба сумнявацца, каб Сівіца, які, магчыма, выехаў на Коляды ў Бэрлін у часе арышту Гадлеўскага, ці можа i раней, ведаў запраўдныя прычыны арышту, аб якіх нямецкія ворганы бясьпекі не паведамлялі i немцаў, як толькі вышэйшыя ворганы бясьпекі. Калі-б гэта толькі былі змаганьні самых беларусоў, як гэта было ў прыпадку змаганьня зь ераманахам Ул. Фінкоўскім, то справа ня скончылася-б так трагічна, як скончылася. Сівіца, мабыць, выказаў сваю собскую думку. Магчыма, што ён мог ведаць аб інтрызе й дэнунцыяцыі Акінчыца, i назваў гэта «змаганьнем самых беларусоў». Называць па імені ён ня мог.

Ідэя «беларускай кансьпірацыі» i антынямецкага супраціву беларускай незалежніцкай групы пасьля сьмерці кс. Гадлеўскага пачала мець немалыя дасягненьні. Ясная рэч, дапаможнымі ў гэтым былі міжнародныя падзеі, становішча на франтох i ў самай Беларусі. Тым ня менш у тых самых фактычных абставінах што да вонкавых дзейнікаў, беларусы юрыдычна вырвалі ад немцаў найбольш іменна дзякуючы ідэі кс. Гадлеўскага.

Успомнім перш за ўсё, што перад вайной казаў А. Розэнбэрг аб беларусах:

«Беларусь - найбольш адсталая культурна i гаспадарча частка СССР... Узбуджэньне собскага незалежнага жыцьця ці нейкага дзяржаўнага ў ёй арганізму - доўгатрывалая й цяжкая справа...»

«Некалі ў Беларусі быў даволі сільны незалежніцкі рух, але ён быў зьнішчаны бальшавікамі...»

«Беларусь - добрая прастора для нямецкай калянізацыі розных іншанацыянальных шкодных элемэнтаў...»

А тымчасам на Беларусі немцы знайшлі гардыйскі вузел, якога разьвязаць ня былі ў стане. На Беларусі паўстаў найбольшы антынямецкі супраціў у цэлай Эўропе. У 1943 г., міма страшнага тэрору, у нямецкіх руках былі толькі большыя гарады Беларусі. Цэлыя раёны вакол гэтых гарадоў былі паза нямецкай кантроляй. А i ў гарадох узрываліся будынкі СД (Менск, Слуцак, Магілеў i г. д.), электрастанцыі, тэатры, розныя ўстановьі. Чыгункі i шосы знаходзіліся ў бязустаннай небясьпецы ўзрываў мінаў i абстрэлу. Беларускія сяляне й работнікі, службоўцы i інтэлігенцыя ўключаліся ў савецкае падпольле ці пераходзілі ў партызанскія рады. Немцы сталі падазраваць, што «беларуская кансьпірацыя» цесна супрацоўнічае з бальшавікамі. Найбольш шуму нарабіла бомба, падложаная ў ложак Генэральнага Камісара Беларусі Вільгельма Кубэ ў Менску, якая i забіла яго 22 верасьня 1943 году. Нямецкія тэрарыстычныя рэпрэсаліі наводзілі яшчэ большы супраціў ды пераход дасюлешніх супрацоўнікаў зь немцамі ў антынямецкае падпольле. Немцам цяжка было разабрацца, хто ix прыяцель, а хто кансьпіратар. Яны сталі апірацца на элемэнтах крымінальных, карыерыстах ці быўшых энкавудыстах, якія лучылі ў апалы, а пасьля пайшлі на нямецкую службу. Але ўсе гэтыя элемэнты, выкарыстоўваныя толькі да канкрэтных брудных заданьняў i якіх найчасьцей пасьля немцы ліквідавалі самі, не маглі даць патрэбнай немцам бясьпекі, бо гэтыя элемэнты, па-перша, былі таксама чужыя сярод беларускага насельніцтва, ня мелі ў яго даверра, а падругое, самі ведалі, што ix чакае за брудную службу з боку самых немцаў.

У разумленьні немцаў «беларуская кансьпірацыя» заходняга тыпу, г. зн. змагаючыся за сваю незалежнасьць зь верай у перамогу дэмакратычных сілаў вольнага сьвету, прадстаўлялася «меншым злом», меншай небясьпекай, чымся бальшавіцкі вораг, які насядаў на ўсходнім фронце ды скідаў штораз новыя сілы на нямецкіх тылох. Вось чаму немцы прымушаныя былі адмовіцца ад палітыкі прасьледу беларускага незалежніцкага руху ды сталі яго падтрымоўваць. Такім чынам у другую гадавіну паходу на ўсход 22 чэрвеня 1943 г. абвяшчаюць утварэньне СБМ (Саюзу Беларускай Моладзі), утвараюць у Альбэртыне ля Слоніма адумысную школу для праваднікоў, даюць уніформу i грошы на выхаваньне беларускай моладзі ў духу беларускіх нацыянальных ідэалаў. Успомнім год 1942, калі так немцы палявалі на беларускую моладзь ды рабілі хапанкі на сярэднія школы; цяпер, у куды горшых ваенных абставінах, яны змушаныя былі пайсьці не на вываз, але на арганізаваньне яе ў беларускія рады ды даць сярэднія i вышэйшыя школы.

Адначасова было пакліканае да жыцьця Беларускае Навуковае Таварыства з цэнтраляй у Менску дзеля згуртаваньня беларускіх вучоных для разьвіцьця беларускай навукі й культуры.

У палітычным напрамку была ўтвораная Беларуская Рада Даверу з 16 асобаў, як адміністрацыйна-нацыянальны дарадчы ворган пры боку Генэральнага Камісарыяту.

Ані Саюзу Моладзі, ані Навуковага Таварыства, ані Рады Даверу ці падобных інстытуцыяў i арганізацыяў немцы не далі стварыць іншым народам на ўсходзе.

На першым паседжаньні Рады Даверу на пачатку ліпеня 1943 г. супольна зь немцамі дайшло зь месца да скандалу. Беларускі актыў рэзка i востра выступіў супраць нямецкай палітыкі, атакуючы ў сваіх выступах адказных кіраўнікоў Генэральнага Камісарыяту. Сход быў спынены. Пасьля немцы раіліся, які знайсьці выхад з сытуацыі. Частка немцаў дамагалася прыняць вострыя меры супраць старшыні Рады праф. Іваноўскага i старшыні Самапомачы Ю. Сабалеўскага другая частка немцаў уважала, што палітыка тэрору будзе мець яшчэ горшыя наступствы ў абліччы нямецкіх няўдачаў на ўсходнім фронце.

Сход Рады не ўзнаўляўся, а праводзіліся парады дзеля кампрамісу. Аднак беларускія незалежнікі дамагаліся большых уступстваў зь нямецкага боку.

Забойства Ген. Камісара Кубэ яшчэ больш страханула немцаў. Наступнік Кубы CC ген. фон Готбэрг прымушаны быў пайсьці на большыя ўступкі Ў беларускім пытаньні i згадзіўся (ясна, з акцэптацыяй Бэрліна i Гітлера) на ўтварэньне беларускай установы з большымі паўнамоцтвамі, чымся былі прызнаныя для Рады Даверу. Так была пакліканая да жыцьця 21 сьнежня 1943 (амаль у гадавіну арышту кс. Гадлеўскага) Беларуская Цэнтральная Рада з Радаславам Астроўскім на чале.

БЦР як беларускае прадстаўніцтва сталася ня толькі ворганам дарадчым ва ўсіх пытаньнях палітыкі Генэральнага Камісара, але ў справах вайсковых, сацыяльнай апекі, школьніцтва i культурнага жыцьця атрымала самастойныя функцыі. Пэўне-ж, гэта яшчэ не самастойны дзяржаўны беларускі ворган, але ў народабойчай палітыцы немцаў на ўсходзе - немалая заваёва беларускіх незалежнікаў. Ізноў трэба падкрэсьліць, што яна ня мае адпаведніка ў іншых народаў з-пад нямецкай акупацыі. Беларускі народ легальна стаў на шлях будаўніцтва сваёй самастойнасьці i будучай дзяржавы - гэта значыць у так кароткім часе стала ажыўляцца ідэя, за якую згінуў кс. Гадлеўскі. Далей разьвіцьцё падзеяў мусіла ісьці па высяканым напрамку. 6-га сакавіка 1943 г. прэзыдэнт БЦР абвесьціў мабілізацыю на Беларусі (у межах Ген. Камісарыяту) у мэтах стварэньня Беларускай арміі, Беларускай Краёвай Абароны.

I пачаткі беларускай арміі былі створаныя. Пэўне-ж немцы, прымушаныя даць беларусам значныя канцэсіі, стараліся зьвясьці ix да мінімум. Доўгі час не давалі зброі, амундараваньня й ваеннага эквіпунку, баючыся, што зараз беларусы могуць абрушыцца на немцаў. Тым ня менш беларускі народ, прасьледываны так бальшавікамі, як i палякамі за ідэю сваёй самастойнасьці, цяпер уздымаўся да самастойнага жыцьця. Вялікай маніфэстацыяй ідэі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі было надзвычай шумнае сьвяткаваньне 25 сакавіка 1944 г. угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 г., першы раз ад 23 гадоў з масавымі дэфілядамі арганізацыяў, школаў, паліцыі, войска, працаўнікоў адміністрацыі, з аграмаднымі зборышчамі-мітынгамі на пляцох, з нацыянальнымі сьцягамі, прамовамі i г. д. Наглядальнікі такой масавай незалежніцкай дэманстрацыі ў Баранавічах 25 сакавіка 1944 гаварылі: «за 20 гадоў польскага панаваньня Баранавічы ня бачылі гэткай дзяржаўнай польскай маніфэстацыі 3 мая».

I апошнім праявам маніфэстацыі незалежніцкай ідэі беларусаў (супраць выказваньняў калябарантаў з групы Акінчыца) было легальнее скліканьне Другога Усебеларускага Кангрэсу 27 чэрвеня 1944 г. у Менску. Няважна, што дэлегаты на Кангрэс ня былі выбіраныя «дэмакратычным» спосабам, няважна, што ў падрыхтоўцы да скліканьня Кангрэсу памагалі немцы. Важна, што толькі на Беларусі немцы згадзіліся на скліканьне гэткага Кангрэсу, які публічна заняў становішча й плятформу акту 25 сакавіка 1918 г.- гэта ёсьць плятформу незалежнай беларускай дзяржаўнасьці. З гэтага Кангрэсу некаторыя памылкова робяць вывад, быццам ён БЦР вынес на дзяржаўнае ўзвышша, ці даў ёй мандат поўнамоцтваў ад народу. Кангрэс быў завяршэньнем нацыянальнай беларускай маніфэстацыі так перад надыходзячымі бальшавікамі, як i перад немцамі i ўсім сьветам, што беларускі народ не адмовіцца ад сваёй самастойнай дзяржавы ды касуе ўсе «законныя» абаснаваньні, ці то маскоўскія, ці польскія, на паўторную акупацыю захопнікаў. Ва ўмовах бальшавіцкай навалы, калі фронт набліжаўся да Менску, ня было мовы займацца пытаньнямі аб стварэньні самастойнай беларускай дзяржаўнай улады, што, ведама, не адпавядала i нямецкім акупантам, таму БЦР, як нямецкі твор, знайшла толькі беларускую апрабату, як нацыянальнае прадстаўніцтва на час вайны для абароны нацыянальных беларускіх інтарэсаў. I гэта ўсё.

Той, хто становіцца на пазыцыі часовай нямецкай акупацыі ды хоча бачыць у II Кангрэсе волю беларускага народу да далейшага ўтрымоўваньня БЦР, як беларускага «дзяржаўнага» прадстаўніцтва, не разумее ані незалежніцкай ідэі кс. В. Гадлеўскага, ані волі II Кангрэсу.

Кс. В. Гадлеўскі змагаўся й згінуў за ідэалы 25 сакавіка, за ідэалы поўнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў яе этнаграфічных межах, а не за нейкія часовыя й пераходныя формы нацыянальнага прадстаўніцтва. Ён вучыў, што ўсякія гістарычныя ўмовы павінны быць выкарыстаныя, а войны ў асаблівасьці, дзеля арганізацыі баёвых нацыянальных сілаў да галоўнай мэты - здабыцьця поўнай незалежнасьці ў саюзе з дэмакратычнымі сіламі Захаду. Такім чынам i апошняя вайна зь нямецкай акупацыяй Беларусі (1941-44) разглядалася як гістарычная падзея, якая павінна была выкарыстаная дзеля ўзьняцьця нацыянальнай сьведамасьці народу й арганізацыі баявых сілаў, каб у канцовым выніку дайсьці да незалежнасьці Беларусі. У гэтым этапе такія дасягненьні, як БНС (Бел. Нар. Самапомач), СБМ (Саюз Беларускай Моладзі), БАПЦ (Бел. Прав. Аўтак. Царква), БНТ (Бел. Навуковае Таварыства), БКТ (Бел. Культурнее Тавар.), БЦР (Бел. Цэнтральная Рада), БКА (Бел. Краевая Абарона) i інш.- гэта дадатнія здабыткі-ступенкі ў нацыянальным змаганьні за дзяржаўную незалежнасьць, i ix нельга лічыць за мэту нашай незалежніцкай ідэалёгіі ці нават за трывалую часовую форму, калі зьмяніліся абставіны. Нашай мэтай была i ёсьць ідэя 25 сакавіка, ідэя БНР - Беларускай Нацыянальнай Рэспублікі, да якой трэба ісьці бліжэйшымі шляхамі. [...]

Адным з вынікаў нацыянальнага ўздыму ў апошняй вайне ёсьць увядзеньне БССР у Арганізацыю Аб'еднаных Народаў i на міжнародную арэну, не гаворачы ўжо аб сучаснай параўнальна вялікай беларускай палітычнай эміграцыі.

Вось такія дасягненьні ідэі кс. В. Гадлеўскага ў часе апошняй вайны. А найважнейшым - гэта ідэйнае адзінства беларускіх патрыётаў, якія адкінулі былі ўсякія сваркі i палітычныя розьніцы, а змагаліся за адну мэту: незалежнасьць Беларусі.

На заканчэньне нашай працы аб кс. Гадлеўскім - некалькі слоў зь ягонай характарыстыкі:

Сярэдняга росту, крэпкага складу, прысадзісты, круглатвары зь сінімі вачыма, глыбока асаджанымі, лоб крыху пахілены, брытая лысая галава; паходка жвавая, голас звонкі, палкі прамоўца ў стылі палітычнага аратара - вось галоўныя рысы вонкавага выгляду кс. В. Гадлеўскага.

У кс. Гадлеўскага пераважаў розум над пачуцьцямі, лягічная развага над пачуцьцёвымі ўзьлётамі. Адсюль людзі адчувалі ў сутыку зь ім нейкую замкнёнасьць, настарожанасьць, часамі шарпаватасьць. Аднак у таварыстве ўмеў быць вясёлы, гутарлівы, дасьціпны ды прытым талеранцыйны aднocна поглядаў ці пераконаньняў іншых.

Хоць меў усе даныя на правадыра высокай якасьці, заўсёды сябе ня высоўваў на першае месца, стараўся быць у цяні, хоць не адыходзіў ад ідэі, якую праводзіў. Ніколі не пісаў аб сабе ды не адзначаў ніякіх сваіх юбілеяў, не любіў самарэклямы. Тое, што гаварыў або пісаў,- гэта былі глыбока прадуманыя думкі, дасьпелыя да вонкавага выяву. Жалезная лёгіка ягоная зьядноўвала да яго беларусаў усіх рэлігійных i палітычных пераконаньняў, выклікала пашану ў чужынцаў. Яго гарачую любоў да Бацькаўшчыны, яго непадкупныя незалежніцкія прынцыпы яшчэ ніхто не асьмеліўся зачапіць. Ен павінен стацца прыкладам нашай нацыянальнай стойкасьці, нашага патрыятызму й нашай ахвярнасьці.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX