Вярнуцца: Пануцэвіч Вацлаў

Польская мова ў ХІV — ХVІІІ стст. і Каталіцкі Касьцёл у Вялікім княстве Літоўскім


Аўтар: Пануцэвіч Вацлаў,
Дадана: 07-04-2017,
Крыніца: Пануцэвіч В. Польская мова ў ХІV — ХVІІІ стст. і Каталіцкі Касьцёл у Вялікім княстве Літоўскім // Наша Вера № 2(5), № 3(6) 1998; № 1(7), № 2(8) 1999.



«Літва», №2, 1967, г. Чыкага.

У гэтым дакумантальным аглядзе мы закранаем адну з балючых справаў нашай гісторыі: праблему палянізацыі шляхты ў Вялікім княстве Літоўскім і ролю ў гэтай палянізацыі каталіцкага Касьцёла. З аднаго боку расейская, а з другога боку - польская літаратуры распаўсюдзілі погляд, быццам жаніцьба Ягайлы з Ядзьвігай у 1386 г. ды вунійнае злучэньне Польшчы з Літвою адчыніла шырока дзьверы ў Літву (Беларусь у сучаснай тэрміналёгіі) для палянізацыі верхніх слаёў нашага народу, галоўным чынам цераз каталіцкі Касьцёл. Погляд гэты часта паўтарае й нашая публіцыстыка, пераносячы падзеі ХІХ і ХХ стст., калі палянізацыя верхніх слаёў нашага народу замацавалася на часы раньняй гісторыі Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы ад Ягайлы.

У часы Ягайлы і Ягайлавічаў (1386-1572) ды і пазьней да канца 17 ст. польская мова ў самой Польшчы была мовай вясковага насельніцтва і дробнай шляхты, мовай «мужыцкай» («хлопства»), нягоднай для вышэйшых слаёў: паноў, магнатаў, багацейшай шляхты, ані нават для мяшчанства. Такой мовай дзяржавы, Касьцёла, адміністрацыі, караля і князёў, судоўніцтва, школьніцтва й навукі ды асьвечаных кругоў была ЛАЦІНА, а ў гарадох - нямецкая мова.

Першы голас за ўвядзеньне ў пісьменнасьць польскай мовы - мовы плебсу - заяўляе лацінская праца рэктара Кракаўскага універсітэту Якуба з Журавіцы аб упарадкаваньні польскай графікі і правапісу [1]. У гэтай працы пішацца, што разумна робяць некаторыя народы, пішучы ў сваёй мове сваю гісторыю, акты й дзеяньні, бо кожны зацікаўлены можа прачытаць ды зразумець без перакладчыка. Пераклад заўсёды ёсьць ненадзейны, бо можа зыначыць думкі дакуманту. Таму да абавязку грамадзяніна належыць бараніць роднай мовы.

Мацнейшы голас за польскую мову ў Польшчы падае каля 1475 г. Астрарог (Jan Ostrorog, Monumentum pro Reipublicae ordinatione). Ён дамагаецца, каб у польскіх местах казаньні для вернікаў гаварыліся не па-нямецку, але па-польску: «Што за крыўда й няслава для ўсіх палякаў, - абураецца аўтар, - у многіх мясцох у сьвятынях нашых вядуцца казаньні па-нямецку, і то з галоўнай і аздобнай амбоны. Іх слухаюць адна або дзьве жанчыны, а натоўпы палякаў таўкуцца недзе ў куце з сваім казаньнікам... Напамінаю, каб у гэтай мове (нямецкай) не навучалі. Хай вучыцца па-польску той, хто хоча жыць у Польшчы... Хачу таксама, - прадаўжае Астрарог, - каб усякія ўмовы й дзеяньні пісаліся па-польску...»

Дамаганьні дамаганьнямі, а барацьба за польскую мову казаньняў у рэпрэзэнтацыйным касьцеле ў Кракаве, у Марыяцкім касьцеле, скончылася толькі ў 1537 г., калі на просьбу паслоў шляхоцкіх на Сойме, Жыгімонт Стары загадаў увясьці польскую мову ў казаньнях у касьцеле Марыяцкім. Пад дзеяньнем гэтага здабытку ў 16 ст. пачаўся рух у Кракаве за ліквідацыю нямецкай мовы з самаўраду, царквы ды з штодзённага жыцьця. Рух гэты ў Кракаве закончыўся толькі ў 1600 г., калі Гарадская Рада Кракава вынясла пастанову, каб прысяжныя мескага суду ўрадава пачыналі справы па-польску. У іншых польскіх гарадох палянізацыя ў канцы 16 веку ішла туга, калі наогул можна аб ёй гутарыць. Зрух у бок польскай мовы быў зроблены ў сярэдзіне 16 веку з ініцыятывы нямецкага пратэстантызму ў Каралеўцы. Пайменна кн. Альбрэхт там адкрыў пратэстанцкую акадэмію, у якой рыхтаваліся кадры з веданьнем народных моваў: нямецкай, польскай, літоўскай (крывіцк.) і жамойскай, каб рэфармацыяй зламаць асновы каталіцкага Касьцёла, які базаваўся на лаціне. Супраць рэфармацыйнага руху ў Польшчы ў польскай мове ажывілася дзейнасьць каталіцкага Касьцёла, такім чынам у часы Жыгімонта Аўгуста наступіла некаторая пульсацыя польскай мовы ў літаратуры, Касьцёле ды публічным жыцьці Польшчы, што некаторыя называюць «залатым векам». Хутка гэты саламяны агонь згарэў і наступіў паварот да старых парадкаў. У 1586 г. самаўрад Торуня скасаваў польскае школьніцтва на карысьць нямецкага. У 1591 г. тая ж Гарадская Рада Торуня выдала забарону прыкладаць гарадскую пячаць пад дакумантамі ў польскай мове. Нямеччына панавала й у іншых гарадох, як у Познані, Гданьску, Вроцлаве.

Пад дзеяньнем Рэфармацыі ў Польшчы, удараючай у лаціну, апору каталіцкага Касьцёла, падымаецца польская шляхта ў сваёй барацьбе за шляхоцкую дэмакратызацыю правоў у дзяржаве. Пераломнай датай быў 1543 год. У гэтым годзе Жыгімонт Стары выдаў распараджэньне, каб запісы, позвы й прысуды былі пісаныя па-польску ў Польшчы, а лаціна аставалася урадавай мовай судоў аж да 1792 году. Ад 1543 году абвяшчаліся па-польску сеймавыя канстытуцыі. На соймах 1562, 1563, 1565 былі прынятыя пастановы аб перакладзе з лаціны на польскую мову статутаў у Польшчы. Як бачым, ад Ягайлавай жаніцьбы з Ядзьвігай, прайшло каля 200 гадоў, калі польская мова ў самой Польшчы пачала прызнавацца ды ўводзіцца ў публічнае карыстаньне.

У той час, калі ў судова-сеймавых дачыненьнях шляхта дабілася ў сярэдзіне 16 ст. некаторага ўвядзеньня польскай мовы ў Польшчы, то найбольшы супраціў на ўвядзеньне польскай мовы ў Польшчы тварыў каталіцкі Касьцёл у той жа Польшчы. Перад рэфармацыяй дазволена было простанародзьдзю гаварыць пацеры: «Ойча наш», «Прывітана будзь Марыя» (Ave Maria) і «Веру» (Credo) па-польску, але не магло быць гутаркі адносна літургічных малітваў і тэкстаў царкоўнай навукі. У 1455 г. быў абвінавачаны ў гусытызьме настаўнік Станіслаў з Пакосьці на той аснове, што ў яго нехта бачыў польскія кніжкі ды між імі Эвангельля, мабыць, па-чэску [2]. У 1562 г. - гэта прыблізна 100 год пазьней - Станіслаў Гозьюш (1504-1579), кардынал і галава каталіцкага Касьцёла ў Польшчы, гэтак выказваўся супраць увядзеньня польскай мовы ў касьцельнае карыстаньне, абасноўваючы беднасьцю польскай мовы: «Калі ўжо перакладаць царкоўныя тэксты, то на славянскую або на далмацкую мову... ад якой вышла наша мова, прытым тая ёсьць ад усіх найчысьцейшая. Тож усім ведама, што ў службе Божай некалі (у нас) ужывалі гэнай мовы (славянскай)». Далей ён даводзіць шкадлівасьць перакладаў сьв. Пісьма на народныя мовы, бо цяпер, кажа, ня толькі рамесьнікі, але і жанчыны прысабечылі «функцыі навучаньня» ды часта адводзяць сваіх мужоў ад каталіцтва [3].

Гэты самы Гозьюш у лісьце да Холмскага біскупа Якуба Уханскага з 2 лістапада 1555 г. робіць Уханскаму дакор, што напісаў да яго ліст па-польску. Ён павучае: каталіцкі біскуп павінен пісаць да католіка ў каталіцкай мове, г.зн. на лаціне. Дае пры гэтым навуку аб вышэйшасьці лаціны ад польскай мовы [4].

Буйнае разьвіцьцё рэфармацыі ў Польшчы і Літве ў трэцяй чвэрці 16 ст. з польскай мовай у сьвятынях, літаратуры і школах уключна з акадэміямі (сацыянаў, кальвінаў, арыянаў і інш.) надало польскай мове характар рэфармацыйнай «навінкі», мовы моднай, якую падтрымоўвалі шляхоцкія нізы ды вольнадумныя вярхі (Жыгімонт Аўгуст, польскія й літоўскія магнаты) разам з рэфармацыйным рухам. Шляхоцкія нізы дамагаліся польскай мовы ва ўрадах, у Касьцёле, у літаратуры, бо былі малапісьменныя ў лаціне, каб карыстацца гэтай мовай. Тлумач «Эпістоля» з 1543 г. у перакладзе на тагачасную польскую мову гэтак выясьняў патрэбу спольшчаньня: «...сярод шляхты рэдка каго можна знайсьці, хто б добра разумеў лацінскую мову» [5]. Адначасова ён сьцьвярджае нявырабленасьць тагачаснай польшчыны. (...)

Магнаты зноў, асабліва літоўскія, падтрымоўвалі рэфармацыю ў польскай мове з дзьвюх прычынаў: 1) дзеля аслабленьня ці разьбіцьця каталіцкага Касьцёла - уласьніка вялізных зямельных уладаньняў, высьлізнуўшага з-пад іхняга кантролю і 2) каб быць правадырамі рэвалюцызуючай шляхоцкай масе, а гэта значыць не згубіць над ёй кантролі. У гэтым духу дзейнічаў Жыгімонт Аўгуст, стараючыся ўсякімі спосабамі апанаваць унутраную сытуацыю, вытвараную рэфармацыяй і шляхоцкім рухам да «дэмакрацыі».

Не значыць гэта, што як магнаты, так і Жыгімонт Аўгуст «паланізавалі» Літву разам з падтрымкаю рэфармацыйнага руху. Калі паслы шляхты з Падлясься ў сваіх петыцыях дамагаліся ў Жыгімонта Аўгуста ў гадох 1565 і 1568, каб лісты з канцылярыі ВКЛ, пісаныя да іх, былі па-лаціне, або па-польску, бо нібы яны «русінскай» (зн. сёньня - беларускай) мовы не разумеюць, кароль (ён жа і Вялікі Князь Літ.) іх просьбы адкінуў, а толькі даў у канцылярыю ВКЛ інструкцыю, каб да «рускіх» лістоў для Падляскай шляхты далучаліся пераклады па-лаціне (не па-польску) [6].

Іншая рэч, што гэты самы Жыгімонт Аўгуст праводзіў «палянізацыю» самой Польшчы ды талераваў польскую мову ў Літве. Так у лацінскай інструкцыі, дадзенай паслу ў Рым да папы Паўла ІV у 1555 г., кароль выказвае пажаданьне, «каб рэлігійны культ, выконваемы ў сьвятынях публічна, адбываўся ў мове народу краіны». Пры гэтым даваўся прэцэдэнс апостальскага дазволу ў сваім часе баўгарам, а палякі таксама славяне. Мабыць, Жыгімонт Аўгуст спольшчаньнем каталіцкага Касьцёла ў Польшчы хацеў падарваць вялізныя посьпехі рэфармацыйнага руху. З гэтага часу маем інструкцыю Кракаўскай капітулы на сынод 1551, дзе выразна гаворыцца, таму што гэрэтыкі прыцягваюць да сябе людзей, шырачы сваю веру па-польску, дык трэба супрацьдзейнічыць гэрэтыкам таксама ў польскай мове [7]. Сам Жыгімонт Аўгуст на вальным сойме ў Пятркове ў 1562-63 гг. ужо вёў (першы раз) нарады па-польску, за што яму дзякаваў правадыр пратэстанцкай польскай шляхты - Мікалай Сяньніцкі [8].

У тым самым часе ў Трыдэнце адбываўся каталіцкі Сабор, які прыняў рад рэформаў для аздараўленьня каталіцкага Касьцёла ды супрацьдзеяньня рэфармацыі. Дэкрэтам з 11 ліст. 1563 г. наказвалася катахізацыя насельніцтва ў мове народнай, а таксама казаньні ў нядзелі і ў сьвяточныя дні. Гэта таксама падбадзёрвала элемэнты, якія побач сэктантаў, дамагаліся палянізацыі публічнага жыцьця ў Польшчы.

На сойме элекцыйным у Варшаве ў лістападзе і сьнежні 1575 г., выступалі ўжо цьвёрда прамоўцы з дамаганьнем, каб кандыдат на караля ведаў польскую мову. На сынодзе біскупаў у Варміі 1575 кардынал Гозьюш пагаджаецца на сьпеў некаторых песьняў у Касьцёле па-польску. Акрамя ўсяго, новыя каралі пасьля Жыгімонта Аўгуста, як француз Гэнрык Валёіз, вугорац Стэфан Баторы, швед Жыгімонт Ваза зусім ня ведалі польскай мовы, ды яна зноў заняпала, а верх узяла лаціна, якую пашыралі езуіты і іншыя законы.

Так выглядае ў агульных рысах тая расхваляна польшчына, якая расьцьвіла была маленькімі букецікамі ў выніку рэфармацыі ды палянізацыйнай акцыі Жыгімонта Аўгуста («залаты век») ды зноў завяла пасьля ягонай сьмерці. А што было ў пару Ягайлы, Казіміра, Аляксандра, Жыгімонта Старога, хай яшчэ сьведчаць далейшыя факты.

* * *

Сам Уладыслаў Ягайла, апрача сваёй роднай крывіцкай мовы і царкоўна-славянскай, іншых моваў ня ведаў і не жадаў ведаць. Мова Вялікага княства Літоўскага ўжо ад часоў Казіміра Вялікага была побач лаціны мовай дыпляматычных зносін Польшчы з Літвой, Руссю Галіцкай, Малдавіяй, Маскоўшчынай. Такім чынам у Кракаве Ягайла чуўся, як у сябе дома, а будучы чалавекам набожным ды не хочучы мяняць свайго ўсходне-славянскага абраду на рыма-лацінскі, ён разам з Ядзьвігай, якая была часткова выхаваная ва ўсходнім абрадзе яе маткай Альжбетай, з паходжаньня басьнячкай, дзе гэты абрад быў пануючы, заснавалі ў 1394 г. у Кракаве, на прадмесьці Клепарскім каля р. Рудавы вялікі манастыр і царкву для бэнэдыктынцаў усходняга абраду. Сюды былі запрошаныя бэнэдыктынцы з Прагі (Чэскай) ды дзейнічалі аж да 17 ст. Яны мелі для Ягайлы й Ягайлавічаў таксама капліцу на Вавэлі ва ўсходнім абрадзе. Як бачым, прыняцьце так званага «лацінскага» хросту Ягайлам у 1386 г. нічога не зьмяніла ў рэлігійных дачыненьнях Ягайлы і Ягайлавічаў. Яны надалей жылі сваім незалежным духовым жыцьцём.

Традыцыі незалежнага духовага жыцьця адзначаў Сымон Тэафіл Турноўскі ў кніжыцы: «Адлюстраваньне хрысціянскага набажэнства ў Польшчы і ў Літве», Вільня, 1604: «Ягайла выклікаў з чэхаў у Кракаў сьвятароў, якія не на лацінскай мове, але на славянскай зразумелай мове адпраўлялі набажэнства ў 1394 г. (...)» [9].

Польская мова пачынае пакрысе прабівацца сярод пануючай у Польшчы чужаземшчыны (нямецкай мовы, чэшскай, лаціны, славянскай) толькі ў 16 ст. У брашуры С.Фалімера з 1534 г. («O ziolach») чытаем: «Карона, не маючы ніякіх кніг на сваёй мове, была такою беднаю, што зь яе дзівіліся і насьміхаліся іншыя народы...» [10].

Марцін Бельскі ў дэдыкацыі П.Кміце («Жыціі філосафаў») 1535, пісаў: «Рэкамедую яе для пашырэньня польскай мовы, на якой перад тым ня шмат пісалася па прычыне яе цяжкасьці, так каб кожны, каму прыдзецца яе чытаць і хто на гэтай зямлі народжаны, ні ў якім разе роднаю моваю не пагарджаў».

Выхаванец кн. Альбрэхта Каралевіцкай Акадэміі Ян Сэклюцьян у прадмове да Катахізму, Каралевец, 1547, піша па-польску, бо дасюль ксяндзы глумілі польскую мову: «Бог захацеў па сваёй ласцы адкрыць нам польскую мову, на якой выдаюцца кнігі і гучыць слова Божае, якое было зглумлена і сьвятарамі занядбана».

Названы вышэй Марцін Бельскі ў сваёй «Хроніцы ўсяго сьвету», Кр. 1551, 16 гадоў ад свайго першага выказу аб неахайнасьці палякаў да свае мовы, не знаходзіць ніякага поступу: «Многія палякі пагарджаюць сваёю моваю, асабліва сьвятары, якія не толькі самі не чытаюць, але і іншым забараняюць чытаць Сьвятое Пісаньне па-польску, хаваюць яго ад простага чалавека, што ідзе супроць Бога, супроць людзей і звычаю» [11].

У іншым месцы Бельскі піша: «Русіны (г.зн. сёньняшнія беларусы) нашмат больш за нас маюць, бо на сваёй роднай мове пішуць і чытаюць, а мы _ чужаземнаю, лацінскаю.., якая не можа ісьці кожнаму з нас на паслугу, як у касьцёлах, у праве, так і ў іншых месцах, бо не кожны гэтую лаціну разумее і не кожны на ёй піша...; менавіта для іх я гэту працу здзейсьніў... таму што ў ва мне жыла любоў да Айчыны...» [12].

Мікалай Рэй, пачынальнік польскай мастацкай літаратуры, кальвін, выхаванец Каралевецкай акадэміі, у сваім творы «Вобраз», 1560, таксама выказвае сваё абурэньне, што польская мова ў пагардзе ў саміх палякаў: «Няма больш нядбалых людзей чым палякі, якія б менш за іх любілі сваю мову». У творы «Зьвярынец» Рэй супраць усялякай пагарды кідае вядомую фразу:

«А няхай народы ўсе чужыя знаюць,

Што палякі не гусі, што сваю мову маюць» [13].

Той самы Рэй у прадмове да перакладу Апакаліпсу, Кракаў, 1565, дае шырэйшы выклад, як палякі самі зглумілі й патапталі сваю мову (а што ўжо казаць быццам яна на экспарт!) (...)

Міма некаторай выпрацоўкі польскай літаратурнай мовы ў другой палове 16 веку, што сьцьвярджаў Рэй, аднак каталіцкі Касьцёл непрыхільна ставіўся да польскай мовы. Вось як Бэнэдыкт Гэрбэст у кніжаццы: «Навука сапраўднага хрысьціяніна», Кракаў, 1566, аргумантуе, чаму ён быў прымушаны пісаць па-польску: «Са сьвятарскіх вуснаў (не з кніжак) просты люд павінен шукаць Божай волі» [14].

Гэта сама сьцьвярджае Якуб Вуек, перакладчык Сьв. Пісьма на польскую мову. У «Каментары да Сьвятога Пісаньня», 1584, ён вучыць, каб вернікі лепш слухалі казаньняў, чымся чытаць рэлігійныя кніжкі. Ён прымушаны Пастыльлю выдаць па-польску, каб супрацьдзеіць уплывам рэфармацыйных кніжкаў, пісаных па-польску [15].

Галава Езуітаў Пётра Скарга ў «Казаньні аб сакрамантах» Кракаў, 1600, бароніць лаціну як мову Касьцёла. Ён кажа, што народныя мовы хутка зьмяняюцца, а старыя мовы, як лаціна, грэка й гэбраіка не зьмяняюцца. У палеміцы з Арыянамі (1608) Cкарга зноў падае прычыну пісаньня каталіцкіх кніжак па-польску: «Ерытыкі пальшчызнаю найбольш простых людзей спакушаюць; супрацьпаставіцца ім трэба тою ж моваю» [16].

Можна было б працягваць выказваньні многіх польскіх аўтараў ХVІІ і ХVІІІ стст. аб адсталасьці, беднасьці польскай мовы ды вышэйшасьці лаціны, якую нанава ўвялі ў школах езуіты, піяры, бэрнардыны і інш. законы, але гэта спрычыніцца да лішняга загружаньня нашага нарысу. У агульнасьці скажам, што ў ХVІІ-ХVІІІ стст. школьная лаціна ўжо ня здолела заглушыць прабуджанай у ХVІ веку польскай мовы ў пісьме, кніжках і публічным жыцьці, але спрычынілася да вытварэньня свайго роду моўнай трасянкі польска-лацінскай.

* * *

А вось гістарычныя факты, калі польская мова ў Польшчы пачала ўводзіцца ў дзяржаўным жыцьці. Не сталася гэта за Ягайлы і першых Ягайлавічаў!

1. Крыштоф Шыдлавецкі, кракаўскі стараста дзеля не валоданьня добра лацінай у 1522 г. упісаў у кнігі «Inasciptiones castrensia Cracoviensia»а) універсалы, склікаючыя сойм і соймікі па-польску [17].

2. Жыгімонт Стары дэкрэтам з 1521 г. загадваў радным у Кракаўскім магістраце, каб не рабілі ніякай розьніцы між палякамі і немцамі ды нікога ня крыўдзілі за тую ці іншую мову [18].

3. Першы акт караля ў польскай мове з загалоўкам лацінскім - гэта дэкрэт Жыгімонта Старога ў 1525 г. аб правядзеньні попісу войска ў Польшчы [19].

4. 15 красавіка 1526 Жыгімонт Стары распараджаецца, што суд у Касьцяне мае адбывацца ў мовах нямецкай і польскай [20].

5. У 1528 г. быў перакладзены з лаціны статут для армянаў [21].

6. 2 чэрвеня 1531 кракаўскія рамесьніцкія цэхі пастанаўляюць пераход з нямецкай мовы на мову польскую.

7. 1532 г. Жыгімонт Стары пастанаўляе, каб радныя м. Кракава ведалі мовы нямецкую і польскую.

8. На сойме ў Кракаве 1536 шляхта дамагалася, каб кароль у будучыні ставіў на абатаў і прыёраў у манастырох толькі палякаў шляхоцкага паходжаньня з веданьнем польскай мовы [22].

9. 19 лютага 1537 Жыгімонт Стары пастанаўляе, каб казаньні і сьпевы ў касьцеле Марыяцкім у Кракаве адбываліся па-польску, а нямецкія ў касьцеле сьв. Барбары [23].

10. На сойме 1539 г. польская шляхта дамагалася ад караля, каб статуты, позвы і лісты былі пісаныя па-польску, а не па-лаціне ці па-нямецку [24].

11. Першы раз былі абвешчаныя канстытуцыі кракаўскага сойму ў 1543 г. па-польску.

12. У тым-жа самым 1543 г. Жыгімонт Стары пацьверджвае, што запісы, позвы і прысуды судоў МОГУЦЬ быць пісаныя і па-польску [25].

13. Найстарэйшы дыярыюш (урывак) з нарадаў польскага сойму ў Пятркове (1547-48) напісаны па-польску [26].

14. Станіслаў Ажахоўскі апісвае вялікае абурэньне многіх з прычыны мовы біскупа Мацееўскага ў 1548 г. на паховінах Жыгімонта Старога, сказанай па-польску [27].

15. Жыгімонт Аўгуст на сойме ў Пятркове 1562-63 гг. вёў нарады па-польску.

16. Дыярыюш сойму з 1569 адзначае звадкі, калі маршалак Чарнкоўскі пачаў гаварыць па-лаціне, пасол Шафранец закрычаў: «Гавары, ягамосьць, па-польску, паколькі тут усе палякі» [28].

17. Дыпламат францускі Кароль Огер, які быў прысутны ў часе прыезду С.Баторага ў Польшчу, успамінаў, што біскуп Вармійскі (Марцін Кромэр) вітаў яго па-польску, што не спадабалася Батораму ды ён сказаў: «хоць ты духоўнік, але не навучыўся па-лаціне» [29].

18. Праграма езуіцкіх школаў (Ratio atque institutio studiorum Societatis Jezu) з 1599 г. прадбачвала навучаньне польскай мовы ў школах толькі ў дзьвюх пачатковых клясах, як прадмету. Усе іншыя прадметы і вышэйшыя клясы абавязаны вучыцца па-лаціне [30].

Абагулім сказанае. Як бачым з прыведзеных шматлікіх гістарычных фактаў, што да 1515-20 г. у самой Польшчы не было аб'яваў змаганьня за ўвядзеньне польскай мовы ў публічнае карыстаньне. Мова польская лічылася мовай плебсу, простага народу, недастойнай для пануючай клясы. Такой мовай была лаціна, а ў гарадох - нямецкая. З хвілінай канчатковага зламаньня крыжацкага закону ў вайне 1519-1521, што скончылася ў 1525 г. так зв. «голдам прускім» кн. Альбрэхта на рынку ў Кракаве, а таксама пад дзеяньнем рэфармацыі - пачаўся ў Польшчы ў нізох рух антынямецкі. А дзеля таго, што рэфармацыя выкінула кліч народных моваў супраць каталіцкай лаціны, дык нізы (дробная шляхта, мяшчане), не знаючыя лаціны, пачалі рух за польскую мову супраць нямецкай мовы і лаціны. Мова гэтая ані была апрацованай, ані ўзгоднена, але ў выглядзе пляменных дыялектаў, поўная народнага прымітывізму, якой нельга было перадаць вышэйшыя паняцьці з касьцельнай навукі ці дзяржаўна-праўныя. Патрэба жыцьця аднак змусіла першых энтузіястаў польскай мовы ў Польшчы да паступовага адшліфаваньня сырой гаворкавай мовы простага народу так, што за Жыгімонта Аўгуста прыняла яна выгляд літаратурнай мовы.

Паказьнікам на ПАЧАТАК руху за польскую мову могуць быць першыя эдыкты Жыгімонта Старога ў гадох 1520, 1522, 1525 супраць пачынаючай рэфармацыі ў Польшчы. Эдыкты ня здолелі яе затрымаць, а разам з гэтым і фармацыі польскай мовы ў Польшчы. Міма ўсяго, на працягу 16 веку польская мова ў самой Польшчы мела аграмадны супраціў з боку каталіцкага Касьцёла, магнатаў і асвечаных вярхоў. Такім чынам гаварыць аб палянізацыі ЛІТВЫ за Ягайлы і ягоных першых наступнікаў ня мае ніякіх асноваў.

* * *

Цяпер падышлі мы да пытаньня галоўнага: калі ў ЛІТВЕ (Беларусі) распаўсюдзілася польская мова, якія прычыны й дзейнікі ўспамагалі гэты працэс?

Першыя гістарычныя весткі аб тым, што ў Літве, у Наваградку і ў Вільні, знаходзілася насельніцтва з польскай простай мовай у пару Гедыміна, сьведчыць ліст Гедыміна з 26 травеня 1323 году да нямецкіх францішканаў саскай правінцыі, каб прыслалі чатырох ксяндзоў, умеючых гаварыць па-»руску», па-польску, ды па-жэмгальску («quatuor fratres scientes polonicum, semigallicum ac ruthenicum ordinatis, tales ut nunc sunt et fuerunt»)б).

Што гэта было за насельніцтва з польскай мовай, для якога трэба было духоўнікаў з веданьнем польскай мовы (перш за ўсё для споведзі) названы дакумант ані іншыя з пары Гедыміна не гавораць. Выглядае з дакуманту, што і раней былі прысыланыя францішкане з веданьнем мовы польскай (Tales ut fuerunt), мабыць пры Вітэні. Дасьледнікі [31] згодныя з тым, што польскае насельніцтва ў Літве, пачынаючы ад Мендаўга аж да Ягайлы, - гэта палонныя палякі, узятыя Літвой падчас частых наездаў. В.Абрагам палічвае ад 1246 да 1383 гадоў на аснове крыніцаў 20 вялікіх наездаў Літвы на Польшчу, якія канчаліся, апрача разбурэньняў і пажараў, рабункам усякіх вартасьцяў і вывадам многіх тысячаў палонных, мужчын, жанчын і цэлых сем'яў.

Варта мець перад вачыма гэтыя напады Літвы на Польшчу, каб пазбыцца легенды, быццам Польшча прадстаўляла пагражальную небясьпеку для Літвы ці нейкую вышэйшую культурную арганізацыю.

1246 Напад Літвы на Малапольшчу пад сам Кракаў, Monumenta Poloniae historica (MPH) ІІ, 564, 838, 877.

1260 на Плоцк у Мазуршчыне, MPH ІІ, 586;

1262 на Мазуршчыну, MPH, ІІ 807, 839. Іпат. Лет. 565. «Полона много взяша».

1273 на Люблін, MPH, ІІ, 842.

1277 на Лэнчыцу ў цэнтральнай Польшчы MPH, ІІ, 843, ІІІ, 176, узята ў палон 40.000 насельніцтва: «Litvani Lanciciam crudelissime devastaverunt abducentes secum in captivitatem preter eos, qui occisi sunt, quadraginta millia hominum utriusque sexus»в).

1286 на Гостынін у Куявах, MPH, ІІ, 851, ІІІ, 185;

1294 зноў на Лэнчыцу, МГП, ІІ, 852, ІІІ, 43. Дусбурх, Chronica 1. с. ІІІ, 250, SRP, І, 156, падае, што ліцьвіны, якіх было 800, вялі з сабой па 20 палонных.

1295 на Гнойно, MPH, ІІ, 853, 883;

1299 на Добрынскую зямлю, Дусбург, ІІІ, 277; SRP, І, 165;

1307 на Каліскую зямлю, MPH, ІІІ, 45;

1323 на Добрускую зямлю, MPH, ІІІ, 45, 119, 229; Дусбург, ІІІ, 346; SRP, І, 188: «fere XX millia hominum Christianorum ab infidelibus occisa et in servitutem perpetuam sunt reducta»г). З польскіх крыніцаў вынікае, што было палонена каля 10 тыс.

1324 на Мазуршчыну, Дусбург, ІІІ, 277, SRP, І, 191; Semkowicz, Krytyczny roźbiór Dziejów polskich Jana Długosza, Kr. 1887, 344, аспрэчвае весткі Длугаша аб тым, быццам у 1325 г. з нагоды шлюбу дачкі Гедыміна Альдоны з Казімірам Вялікім, Літва зьвярнула 20.000 палонных палякаў. Гэтага факту не пацьверджвае ніякая тагачасная крыніца.

1326 на Любускую зямлю, MPH, ІІІ, 45, 229;

1338 на Мазуршчыну, MPH, ІІІ, 119;

1350 на Лукаў, Сандомір і Каліш, MPH, ІІ, 630; «innumerabilem populum christianum in servitutem abduxerunt»д);

1368 на Пултуск, MPH, ІІ, 631;

1376 на Малапольшчу, MPH, ІІ, 675, ІІІ, 201, 212: «23 millia hominum ceperunt» - 23.000 палонных. У Яна з Чарнкова: «multitudo innumerosa populi sexus utriusque in servitutem perpetuam fuit miserabiliter abducta»е).

1383 напад Ягайлы на Мазуршчыну, вяртаньне Літве Падлясься, спусташэньне Сандоміршчыны, MPH, ІІ, 734 ды палон насельніцтва.

Другой крыніцай палонных былі паходы Літвы на Лівонію супраць нямецкіх мечаносцаў, адкуль прыводзілася жэмгальскае насельніцтва (сёньня латышы). Палонныя, як ваенная дабыча ўдзельнікаў паходу, тварыла так званую чэлядзь нявольную ў панскіх дварох і гарадох, ды ўтрымалася аж у глыб 16 ст. Першы Літоўскі Статут (1529) у раздз. ХІ, 13, выразна кажа, што чэлядзь нявольная («нявольнікі») «маюць быці чэцьверакіх прычын: первые, каторые здаўна ў няволі знаходзяцца або нарадзіліся з нявольных; другіе, каторые ПАЛОНАМ заведзены з зямлі непрыяцельскае...» Няволя гэткая называецца «вечнай», гэта ёсьць пераходзячая на патомства. Гэтаксама называюць польскія крыніцы літоўскі палон - «servitus perpetua». Пётра Дусбург (І, 4, б. 156) такжа сьцьвярджае, што палонныя ў Літве траплялі «ad perpetuam sue gentilitatis servitutem» - «у вечную няволю з сваім родам». Маюцца сьведчаньні і ў іншых крыніцах. Звольненыя з палону называліся «лібэры», «лібэртыны», «чэлядзь вольная».

Вось-жа «чэлядзь нявольная» была галоўнай працоўнай сілай на панскіх і шляхоцкіх дварох і гарадскіх пасёлках. Яна тварыла прыдворную службу, займалася рамесьніцтвам на карысьць пана, гародніцтвам і інш. Беручы пад увагу, што галоўны кантынгент палонных перад 1386 годам паходзіў з Польшчы, дык зразумелым становіццца, чаму на вялікапанскіх дварох і дварох замажнейшай шляхты найбліжэйшае асяродзьдзе было польскамоўнае, што давала магчымасьць і гаспадаром чэлядзі навучыцца па-польску. Мы ведаем, што Вітаўт, Скіргайла, Гаштаўты і іншыя князі й магнаты пачатку ХV ст. гутарылі і польскай мовай. Паводле летапісу Быхаўца (ПСРЛ т. 17,500) яшчэ пры Альгердзе Пётра Гаштаўт перайшоў на рыма-каталіцтва, сьцягнуў з Польшчы 14 францішканскіх манахаў ды збудаваў для іх кляштар пад імем Маці Божай на сваёй уласнасьці ў Вільні. Відаць, была патрэба як Гедыміну, так і Альгерду ў каталіцкіх сьвятарох дзеля абслугоўваньня каталіцкага насельніцтва ў Вільні і ваколіцах, прычым у францішканскай хроніцы [32] маецца вестка, што названы Пётра Гаштаўт быў у тым часе (1368) Віленскім біскупам. Гэтую вестку пацьвярджае запіс у старых папскіх манускрыптах у Авіньёне з датай 24 сак. 1359 аб бытнасьці ў папы Пётра, Віленскага біскупа [33]. Як бачым, яшчэ перад «Ягайлавым хростам» існавала ў Вільні біскупства лацінскага абраду з сваім біскупам, якое абслугоўвала каталіцкае насельніцтва, сярод якога вялікую групу тварыла «чэлядзь нявольная» польскага паходжаньня.

Мова польская, як мова часткі «чэлядзі нявольнай» у дзяржаўна-публічным, рэлігійным ды ў культурным жыцьці нашага народу ня мела ніякага значэньня. Яна станавілася толькі зародышам цераз мімавольнае ўспрыняцьце яе з малку (ад чэлядзі) панамі і буйнейшай шляхтай, калі пачнецца РЭФАРМАЦЫЯ ў другой чвэрці 16 ст. На працягу 150 гадоў ад Ягайлавай жаніцьбы з Ядзьвігай (1386) у Літве няма ніякіх сьлядоў у дакумантах, летапісах, літаратуры, каб ужывалася ў публічным жыцьці ці ў прыватнай перапісцы польская мова. Такой мовай была лаціна й літоўская, званая «рускай». Гэта адносіцца і да каталіцкага Касьцёла. Адным з довадаў (апрача касьцельных дакумантаў Віленскай і Медніцкай дыяцэзіяў) была спроба Казіміра Ягайлавіча ў 1453 г., пасьля сьмерці Віленскага біскупа Мацея, паставіць у Вільне выдатнага тэолага паляка Судзівоя з Чэхла. Казімір двойчы яго выклікаў у Пятркоў, дзе адбываўся польскі сойм, намаўляў, каб абняў віленскі пасад. Судзівой аднак адмовіўся, кажучы: «Generose mi Rex, Lithwanicum ydioma ignoro et iam processi in dies et annos, nec de facili possem addiscere illius gentis linguam in hac mea aetate provecta» [34]. І на гэты аргумант Казімір ня мог нічога адказаць, бо такія былі законы ў Вялікім Княстве, аб чым яшчэ будзе гутарка.

Аб адносінах ліцьвіноў (беларусаў) да польскай мовы (якая ня мела яшчэ літаратурнай апрацоўкі, а толькі ведамая была ў выглядзе розных польскіх гаворак-дыялектаў) можа сьведчыць рэктарскі суд кракаўскага універсітэту ў 1513 г., які прысудзіў чатырох студэнтаў ліцьвіноў на грашавую кару за высьмейваньне студэнтаў-палякаў з Мазовіі з іх мовы. Як прыкладовыя словы падаваліся на судзе: «stank, penk, mienk, pock, tutka, sszijeno, topka» [35].

Аднак зрух РЭФАРМАЦЫІ, які пачаўся ад секулярызацыі прусаў ды пераходу крыжакоў у пратэстантызм і падпарадкаваньне прусаў Польшчы (прысяга кн. Альбрэхта ў Кракаве, 1525), хутка ахапіў гарады Польшчы ды перакінуўся ў Літву, калі на загад Жыгімонта Старога пачаўся перасьлед сэктантаў і іх прыхільнікаў. Беглі яны тады ў Літву пад пратэктарат Мікалая Радзівіла Чорнага, канцлера ВКЛ і Віленскага ваяводы, Мікалая Радзівіла Рудога - гэтмана ВКЛ; Яна Кішкі, старосты жамойцкага і інш. Магнаты ВКЛ, у першую чаргу Радзівілы, перакінуўшыся на бок рэфармацыі, гэта значыць супраць каталіцкага Касьцёла, імкнуліся зьліквідаваць эканамічную й палітычную сілу каталіцкага Касьцёла, які валодаў вялікімі зямельнымі фондамі, звольнены быў ад дзяржаўных падаткаў й павіннасьцяў ды выйшаў з-пад палітычнага дзяржаўнага кантролю. Рэфармаваная Царква, адарваная ад Рыма, ды падпарадкаваная дзяржаве і магнатам, стварала візію ўзбуйненьня незалежнасьці і магутнасьці магнацтва. Шляхта й мяшчане таксама бачылі ў рэфармацыі эканамічныя карысьці. Вынікам Статуту (1529), дзе сказана, што духоўныя з закупных і собскіх маёнткаў абавязаны выстаўляць узброеных людзей паводле агульнага закону ды нясьці земскую і вайсковую павіннасьць.

Рэфармацыя ў сваёй барацьбе з каталіцкім Касьцёлам заўсёды выступала супраць лаціны - мовы папскай дамінацыі - за мовы нацыянальныя. Такім чынам у Літве (Беларусі) прыбыўшыя прапаведнікі шыраць на розных мовах: сярод нямецкіх выхадцаў - па-нямецку - лютэранізм, сярод славянскага насельніцтва - кальвінізм і антытрынітарства (арыянства) - па-літоўску, гэта значыць па-русінску (па-беларуску) і па-польску. Пазьней дайшлі яшчэ мовы: жамойцкая (сёньня літоўская) і расейская (Ф.Касы, Курбскі, Арцемій).

З каталіцкага боку першым водгукам для супрацьдзеяньня «гэрэтыцкім навінкам» быў загад Яна, Віленскага біскупа (няшлюбны сын Жыгімонта Старога) да ўсіх сьвятароў у 1528 г. (Statuta Vilnensis Diocesis) аб парадку ў Касьцёле, дзе ёсьць таксама гутарка аб мове пры выкананьні духоўных абавязкаў. Так ён пастанаўляе: навука ў парафіяльных школах, пры выкладзе Эвангеліі і Лістоў сьв. Паўла, павінна адбывацца па-літоўску (беларуску) і па-польску [36].

Тут маем, так сказаць, «прэвэнцыю» для каталіцкай моладзі перад рэфармацыйнымі кніжкамі і прапаведнікамі з польскай мовай. Адначасова ў названым статуце рабіўся націск, каб сакральныя формулы, як напр., пры хрышчэньні, вымаўляліся не ў народнай мове, але па-лаціне. Дзеля гэтага статут адхіляў дасюль існуючы звычай вымаўляць хросную формулку «lingua Lithuanica» (мовай літоўскай, інакш беларускай), а наказваў вымаўляць па-лаціне, каб ня было прэцэдэнсу для іншых моваў [37].

Пасьля гэтага аб польскай мове запанавала маўчаньне ў дакумантах ды ўсякіх крыніцах адносна Літвы. У гэтым часе прыціхла ў Польшчы й Літве Рэфармацыя з прычыны даволі вострых мераў Жыгімонта Старога.

Новая хваля рэфармацыі пачалася каля 1550 году пасьля сьмерці Жыгімонта Старога (1548) і пасьля выпуску сваіх гадунцоў з Каралевіцкай Акадэміі кн. Альбрэхтам. Польшча тады атрымала Рэя, Маджэўскага, Ажахоўскага, Яна Каханоўскага і іншых, што паканчалі нямецкія унівэрсітэты ў Каралеўцы ці ў іншых гарадох. З Каралеўца прыбывалі рэфарматары й у Літву. Новы кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст адразу выявіў талеранцыю да рэфармацыйнага руху, сэктанства, якое шчапілася на драбнейшыя групы. У Літве, апрача Радзівілаў і Кішкаў, у кальвінізм і антытрынітарства перайшлі Хадкевічы, Валовічы, Дарагастайскія, Глебавічы, Сапегі, Нямерычы, Пронскія, Пузіны і інш., пакідаючы каталіцтва ці праваслаўе. Ужо ў 1553 г. паўстала ў Вільні вялікая кальвінская грамада пад пратэкцыяй Радзівіла Чорнага. Гэты апошні купіў у 1577 г. у Валовіча т.зв. Гарнастаеўскі двор ды перадаў яго кальвінам у Вільні. Сам Валовіч падараваў у Вільні для кальвінаў далейшую маёмасьць. Тут паўстала кальвінская акадэмія, шпіталь, друкарня, дом малітвы, магільнік і інш. уладжаньні. У хуткім часе кальвінскія грамады творацца пад пратэктаратам магнатаў у Віцебску, Берасьці, Менску, Слуцку, Несьвіжы, Біржах і многіх іншых гарадох. Антытрынітары (арыяне) шырыліся сярод дробнай шляхты, а іх апекуном быў Ян Кішка, ідэйным правадыром - Сымон Будны. Пётр Скарга пісаў, што ў адным Наваградзкім ваяводзтве антытрынітары захапілі ў праваслаўных 650 цэркваў, а з 600 шляхоцкіх сем'яў пры праваслаўі асталося 16.

Пратэстанты мелі многа друкарняў ды выдалі ў 1555-1565 гадох шмат кніжак на беларускай і польскай мовах. Перахаваліся толькі некаторыя, кнігі Цяпінскага й Буднага. Усе іншыя былі спаленыя каталікамі пасьля перамогі над рэфармацыяй. Першае публічнае спаленьне гэрэтыцкіх беларускіх кніжак адбылося ў 1581 г. пры Сьцяпане Баторым. Віленскі біскуп Юры Радзівіл зьнішчыў Несьвіскую друкарню ды нямала выдаў грошай на скуп гэрэтыцкіх кніжак дзеля зьнішчэньня. Віленскі біскуп А.Грахоўскі разбурыў друкарню Данілы з Ленчыцы ды спаліў дысыдэнцкія кнігі.

Пратэстанты розных напрамкаў мелі свае школы. У Вільні, апрача кальвінскай акадэміі, існавала лютаранская пад кіраўніцтвам Абрама Кульвы, ліцьвіна (беларуса), вучонага эўрапейскай славы, вучня унівэрсітэтаў у Кракаве, Віттэмбэргу, у Сене. У 1542 г. Кульва перад прасьледам уцёк у Каралевец, дзе быў рэктарам унівэрсытэту. Каля 1550 г. у Вільні існавала другая лютэранская школа з Янам Вінглерам (немцам) на чале, а ўспамаганая купцом Марштакам. Былі лютэранскія школы ў Віцебску і Мэрэчы.

Кальвінскія школы, апрача Вільні, існавалі ў Слуцку, Вазьнякох, Смаргоні, Наваградку і Біржах. Арыяне мелі свае асяродкі ў Ракаве, Лоску й Семятычах.

У першай фазе дзейнасьці сэктанцкіх школаў, сярод іншых гуманітарных дысцыплінаў, была навука родных моваў, у тым ліку й беларускай. Адсюль Сымон Будны разам з Мацеям Кавечынскім і Лаўрэнцім Крышкоўскім зьвяртаўся ў дэдыкацыі, зьмешчанай у КАТАХІЗІСЕ (1562), да апякуна пратэстанцтва - Мікалая Радзівіла Чорнага з заклікам «бы сіе тэж вашы княжацкія міласьці і таго здаўна слаўнага языка славенскага разьмілаваці і оным ся бавіці рачылі. Слушна бо рэч ест, абы вашы княжацкія міласьці таго народу язык мілаваці рачылі, у каторам даўныя прэдкі і... атцы вашых княжацкіх міласьці слаўне праднейшыя прэлажэнства нясуць...» Васіль Цяпінскі ў прадмове да Эвангэльля на славянскай і літоўскай (беларускай) мовах (1570) таксама цешыўся, што выдаў Эвангэльле «ўласным языком рускім». Аднак агульны рэфармацыйны цёк паліўся польскім руслом. Масавая пратэстанцкая літаратура ў польскай мове, якая друкавалася ў Польшчы й Літве, прапаведнікі пратэстантызму, гаворачыя ў бальшыні польскай мовай ды й іх пратэктары Радзівілы й іншыя магнаты запэўнівалі перамогу польскай моўнай стыхіі. Польскай мовай сталі карыстацца і праціўнікі рэфармацыі так каталікі, як і праваслаўныя.

Якія ж тады іншыя прычыны спрыялі перамозе польскай мовы?

1) Трэба мець на ўвазе, што ў пару новага ўспыху рэфармацыі ў 1563 г. выбухла зацяжная вайна з Масквой за Лівонію, якая ў 1561 г. у Вільні прыняла пратэктарат Літвы й Польшчы, а Латгалія была далучаная да Літвы. 15.ІІ.1563 г. Іван Люты (Грозны) заняў Полацак ды наблізіўся да Вільні. Вайна цягнецца з перарывамі да 1582 г., а за гэты час тэрыторыя Літвы становіцца ваеннай прасторай, на якой у ваенных табарах сутыкаецца польская шляхта з літоўскай. Тут жа адбываецца агітацыя палякаў за цясьнейшую вунію з Польшчай, за супольнае змаганьне, за лепшыя правы для шляхты, за дэмакратызацыю і «экзэкуцыю правоў». Польская мова станавілася супольнай мовай. Ужо ў гэтым часе падляская шляхта двойчы дамагалася (1565 і 1568) ў Жыгімонта Аўгуста, каб лісты з канцылярыі ВКЛ былі пісаныя да яе па-польску, або па-лаціне, бо рускага пісьма не разумее. Жыгімонт Аўгуст абодвыя разы адкінуў гэтыя дамаганьні ды даваў інструкцыю ў канцылярыю ВКЛ, каб да лістоў, пісаных «па-руску», далучаны быў пераклад па-лаціне. Як бачым, яшчэ сам Вялікі Князь супраціўляўся перад самай Люблінскай вуніяй на ўвядзеньне польскай мовы ў Літве, тым ня менш ішоў моцны фэрмэнт у кірунку польскай мовы.

2) Другой спрыяльнай умовай для шырэньня польскай мовы ў Літве была кірыліца і традыцыйны царкоўна-славяна-рускі правапіс са скаротамі, тытламі, з традыцыйнымі слоўцамі і канчаткамі, якія былі мала зразумелыя, а нефанэтычны правапіс рабіў з народнай мовы нейкае пакалечаньне. Узяўшы пад увагу, што моладзь паноў і шляхты ў пару Жыгімонта Аўгуста вучылася ў каталіцкіх пачатковых школах па-лаціне, а пасьля прадаўжала навукі за граніцай у той жа лаціне, дык «рускае пісьмо» сапраўды было нялёгкім да чытаньня й разуменьня, тым больш, што і друк кірыліцай імітаваў традыцыйнае рукапіснае пісьмо. Для зразуменьня сказанага, хай чытач загляне да тагачаснага кірылічнага рукапісу й друку, а пераканаецца, што трэба доўгай прывычкі, каб магчы бегла чытаць таму, хто прывык да лацінскіх знакаў і фанэтычнай артаграфіі. Нічога дзіўнага, што падляская шляхта дамагалася не прысыланьня ёй гэтых неразборлівых лістоў. Самай вялікай памылкай Пранцыся Скарыны ды нашых культурнікаў 16 стагоддзя было тое, што яны, арганізуючы друкарства, не ўпросьцілі кірылічных літараў (што зрабіў на пачатку 18 ст. Капіевіч, «гражданку») ды не ўвялі фанэтычнага правапісу. Гэта можна тады было зрабіць, гледзячы на рэформы лацінскага друку ды фанэтычнага пераказу гукаў. Вінаватая ў гэтым праваслаўная царкоўная закасьцянеласьць і абмежаванасьць, якой патуралі і нашыя асьвечаныя культурнікі. Трэба проста дзівіцца, што ніхто не заняўся ўпарадкаваньнем літаратурнай нашай мовы ды напісаньнем свае ГРАМАТЫКІ з ПРАВАПІСАМ. За прыклад маглі служыць узоры моваў заходніх: лацінскай, нямецкай, польскай. Палякі ўжо мелі першую спробу польскай артаграфіі Якуба Паркашовіча ў 1440 г. Станіслаў Забароўскі ўжо друкам выдаў рад выданьняў: Оrthographia seu modus recte scribendi et legendi Polonicum idioma, 1513, 1515, 1518, 1526. Якуб Гэнрыхманн у 1532 друкам выдаў у двух томах - Grammatica Polonica. Выдаваліся і пазьней польскія граматыкі і правапісы розных аўтараў. Такім чынам нельга наракаць на недахоп адпаведных узораў. Калі «славяна-русы» (Курбскі і яго школа) малпуючы каталіцкі паварот да лаціны, сталі агітаваць за паварот славяна-рускай мовы, дык пачалі ад Граматыкі і Лямантара. Так Л.Зізані выдаў у 1596 г. у Вільні граматыку царкоўна-славянскай мовы пад назовам «Грамматика словенска» і лямантар: «Наука ку читаню і разуменю пісма словенского». Сёньня савецкая прэса выхваляе, быццам гэта быў першы лямантар беларускай мовы, а ў запраўднасьці гэта быў лямантар царкоўна-славянскай або славяна-рускай мовы з беларускім загалоўкам, паясьненьнямі ды кароткім слоўнікам нязразумелых царкоўна-славянскіх словаў. У 1613 г. Мялецій Сматрыцкі выдаў «Грамматику словенскую» ўжо без беларускіх тлумачэньняў. Другое выданьне вышла ў Іўі ў 1619 г., а ў 1648 г. яна была перавыдана ў Маскве.

Цікава зьвярнуць увагу на спробы замяніць кірыліцу беларускага пісьма лацінскімі літарамі, на жаль, паўтараючы традыцыйны нефанэтычны правапіс (зусім недарэчна!). Так, напрыклад, яшчэ ў 1548 г. Жыгімонт Стары пісаў (пісар Ян Макавецкі) ліст да Героніма Хадкевіча, кашталяна троцкага і старосты жамойцкага лацінкай:

«Žykhimunt bożeju miłostiju korol polski, najvyższy kniaź litowski, ruski, pruski, żomoydzki, mazow. i innych. Kasztelanu trockomu, starosti żomoydzkomu, P.Hieronimu Alexandowiczu Chodkiewiczu. Dajemy JM wiedat, iżeśmy wyrozumieli z niekotorych słuchow i powiestey, jakoby korol Jeho Mt. mołody W. kniaź lit., syn nasz najmileyszy, po tych pryszłych światach wielikodennych mieł tam w WKniastwie Lit. z Panieju Gastoldowoju...»

Гэтаксама лацінскімі літарамі напісаны ліст Боны да Паноў Рады ВКЛ з 4 красавіка 1548 г., толькі іншым пісарам. Лацінскімі літарамі пісалі і ў 17-18 стст., аднак недахоп правапісу і граматыкі ствараў нейкую штучную і пакалечаную мову. Таму то польская мова, якая ў канцы ХVІ стагоддзя набрала аглады і граматычнай стройнасьці, а пры гэтым у слоўніцтве не так далёкая ад беларускай, здавалася нашай шляхце найбольш падходнай. Гэтая акалічнасьць спрыяла хуткаму пераняцьцю польскай мовы перадусім у пісьменнасьці і літаратуры канца 16 ст. ды далейшых. Вынікам гэтага было ўвядзеньне ў 18 ст. польскай мовы ў дзяржаўна-рэлігійнае карыстаньне.

* * *

Падамо цяпер рад гістарычных фактаў дзеля насьвятленьня працэсу нарастаньня польскай мовы ў карыстаньні ў Літве (Беларусі).

1551 Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў рэгулямін мескай Рады («wilkierz wileński») - першы дакумант па-польску. M. Јowmianska, Wilno przed naj. mosk., Vilnia 1929, 85.

1559 Мікалай Радзівіл дамагаецца ў сваім лісьце да папскага легата Ліпамана дазволу на ўвядзеньне літургіі ў польскай мове. Mayenowa, op. cit., 82.

1563 Коштам Радзівіла выходзіць у Берасьці пераклад Бібліі на польскую мову.

1564 Мікалай Радзівіл (Рыжы) выдае першыя друкі па-польску.

1572 Сымон Будны выдае ў Несьвіжы польскую Біблію. Крытыкуе ранейшыя пераклады ды хваліць чысьціню польскай мовы.

1572 Віленскі біскуп Валер'ян Пратасевіч выдаў першы дакумант па-польску, гэта ёсьць акт фундацыі парафіяльнага касьцёла ў Шэшолах. Dr. J. Fijałek, Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę. Polska i Litwa w dziejowym stosunku, 1914, 243.

1619 Выданьне Мамонічам польскага перакладу Статуту Літоўскага 1588 г.

1633 У Вільні выходзіць польскі лямантар DLA DZIATEK. Estreicher XV, 447.

1696,1697 Гэнэральная Канфэдэрацыя пасьля бязвынікавага выбарчага сойму пастанавіла, каб пісар земскага ваяводскага суду, дзе будуць адбывацца Галоўныя Трыбунальскія Суды, запісваў пастановы па-польску, а не па-руску. Сойм вальны з 1697 пацьвердзіў у агульнасьці гэты праект, не закранаючы бліжэй справы мовы ў ВКЛ, а толькі ў «пактах конвента» паміж усімі станамі Каралеўства й Літвы з аднаго боку, а каралём Фрыдрыхам Аўгустам з другога, сказана: «У справах і пасольствах ад Рэчыпаспалітай мы, згодна даўных законаў, ня будзем карыстацца сваёй пакаёвай пячаткай або сыгнэтам, і абяцаем выдаваць усе лісты, справы і публічныя легацыі толькі на мове польскай і лацінскай, а ня іншай». Volumina legum V, 417-418.

З гэтых дакумантаў зусім не вынікае забарона літоўскай (бел.) мовы ў Літве ў лакальным карыстаньні ці ў Касьцёле, але польская мова, побач лацінскай, мела стацца публічнай мовай цэнтральных ворганаў дзяржаўнай улады.

Ці польская мова, прынятая ў Літве, абазначае ПАЛЯНІЗАЦЫЮ Літвы? Зусім не. Праз палянізацыю мы разумеем псыхічны адыход ад самастойнасьці й незалежнасьці сваёй краіны ды прызнаваньне Польшчы й польскасьці за свае этнічныя вартасьці, а сваю краіну за неразьдзельную частку Польшчы. Такой рэзыгнацыі з самастойнасьці й незалежнасьці Літвы, хоць з'яднанай з Польшчай, не выяўлялі ўсе слаі нашага народу на працягу ўсяе гісторыі: князі, магнаты, паны, шляхта, мяшчане й сяляне. Толькі пасьля паўстаньня 1863 г. пазытывізм, злучаны з польскім мітычным нацыяналізмам ХХ веку, пры нарастаньні нацыянальна-рэвалюцыйнай сьвядомасьці нізоў, спрычыніліся да засьляпленьня нашых верхніх слаёў - паноў й буйнай шляхты - ды некаторых выхадцаў з мяшчанства й сялянства - ды да зрыву са сваім народам, са сваёй гісторыяй, культурай. Гэта й былі ахвяры польскай нацыяналістычнай палітыкі, ахвяры духовага паланеньня, ахвяры палянізацыі. Спрыяльнай умовай да пераходу гэтых людзей на старану Польшчы была ня так мова, як жаданьне зберагчы свае маёнткі, становішчы ці пэрспэктыва спадзяваных выгадаў. Сама мова польская ня была вырашальнай пры пераходзе на польскі бок, бо ж мовай, уласьцівай нашым верхнім слаям у 18-19 стст., была ня польская, а француская. Урэшце кожнаму ведама, што шматлікія народы гутараць адной мовай, але супольная мова не перашкаджае ім абараняць свае самастойнасьці й незалежнасьці.

Гэтак было ў глыбейшай мінуўшчыне ў дачыненьні Літвы да Польшчы. А што датычыць вунійных зносінаў між абодвума народамі, то Літва на працягу ўсяго свайго існаваньня аж да захопу яе Масквой у канцы ХVІІІ стагоддзя не дапускала палякаў на раўні з усякімі іншымі чужынцамі да ўладаньня зямлёй, займаньня дзяржаўных і касьцельных становішчаў. Легенда аб тым, быццам цераз хрост у лацінства Ягайлы, а потым Літвы (дадайма - сымбалічны ў Вільні, Лідзе, Троках, Мэрэчы ды яшчэ некаторых мясцовасьцях), адчынілася магчымасьць для надыходу польскага духавенства ў Літву. Гэта толькі легенда, як і сам хрост Літвы, які так баламутна апісаў Длугаш. Дзеля яснасьці справы - некалькі слоў аб ХРОСЬЦЕ ЛІТВЫ.

Ставім адразу цьверджаньне: ЛІТВА НЕ БЫЛА ПАГАНСКАЙ, а выдумкі Длугаша і пазьнейшых крыніцаў, гэта мянюшка на праваслаўных і на хрысьціянскую секту багамілаў, якіх называлі маніхэйцамі і катарамі [38].

Перш за ўсё трэба адкінуць у той постаці, як яна пераказана Дусбургам (ІІІ, с.5, 252), легэнды аб КРЫВЭ - як галоўным сьвятару на падабенства папы Рымскага, якому падпарадкаваныя былі Прусы, Літва й ўся Прыбалтыка з сядзібай у РАМОВЭ (Надравія). Цэнтр гэты пасьля быццам быў перанесены ў раён Дубісы (на Літве), а пасьля ў Вільню ў падножжа замкавай гары, дзе была паганская сьвятыня з сьвятым агнём ЗЬНІЧАМ (Длугаш, Opera omnia, 1877, 438). Так як Дусбург, гэтаксама і Длугаш свае апавяданьні прадстаўлялі не як былі, але як яны хацелі, каб былі дзеля большай славы каталіцтва, у іх разумленьні самай праўдзівай веры хрысьціянскай. Такім чынам ствараюць «паганскія» прыкрасы для Літвы дзеля большай мэтазгоднасьці несенага хрысьціянства. Тагачасныя крыніцы і дакуманты не пацьвярджаюць ні КРЫВЭ, ані паганскага культу ў Вільні за часоў Ягайлы, што так фантастычна размаляваў Нарбут (Dzieje Narodu Litewskiego, I, 226, Vilnia, 1835). Наадварот, так архэалягічныя раскопкі (Галубовіч, 1939-1940) на Крывым горадзе ў Вільні выкрылі на замкавай гары сьляды праваслаўнай цэрквы з ХІ стагоддзя, як і сьведчаньні сучасьнікаў Ягайлы гавораць аб існаваньні паўсюдным у Літве хрысьціянства. Так, кардынал Пётра, біскуп Камарацэнскі, сучасьнік Ягайлы, у сваёй працы: De Manicheis Agapianis in Russia et Lithuania eorumque doctrinae ethnicismo affinitate, 1418 h. (Нарбут, І, 19, 386-394) піша:

«Сэктанты маніхэйскія, жывучы ад многіх гадоў паміж літоўскімі паганцамі, ня толькі знаходзілі вялікую свабоду, але ў многіх дамох літоўскіх паноў мелі сваіх вернікаў. Адсюль і вышла, што мала было ў Літве праваслаўных цэркваў усходняга абраду, якія ня былі заражаныя іх блудамі. Мала таго, горнучыся паўсюдна да гэтага хрысьціянства, літоўскія баяры стварылі як быццам новую сэкту, званую літоўскім маніхэізмам. Далей гэтыя фальшывыя хрысьціяне прытарнавалі сваё хрысьціянства вельмі цесна да паганізму, так што цяжка сказаць, ці літоўскае паганства зьмяшалася з хрысьціянствам, ці хрысьціянства зьлілося з паганствам. Цемра духоўных, іх каставасьць у адносінах да грамадзтва, заняпад зьверхняй улады на Русі ды прастата ў абрадах так панізілі ды прыцямнілі гэтую сэкту ўсходняга хрысьціянства, што некаторыя лічылі яе вернікаў хутчэй за паганцаў, чымся за хрысьціян... Былі сярод гэтых літоўскіх катараў сьвятары рускія, якіх ніякі біскуп не высьвячаў на прэсьбітараў, але яны самі, як быццам правам спадчыны, сыны па бацькох, пераймалі гэтыя дастойнасьці. Уцякалі таксама часта чэрнцы (манахі) з Русі ў Літву, а пажаніўшыся з дочкамі літоўскіх сьвятароў, прымалі маніхэйскі абрад ды адпраўлялі божыя службы ў цэрквах. Народ вясковы з навакольля наведваў час ад часу іхнія цэрквы; бальшыня аднак прытрымвалася старога паганства; іншыя зноў аднаго й другога».

Пацьвярджаюць існаваньне ў Літве МАНІХЭЙСТВА і крыжакі, адрозьніваючы сярод Літвы «схізматыкаў і катараў», разумеючы, мабыць, пад першымі - праваслаўных, а пад другімі - сэктантаў маніхэйскіх, як напр. (Voigt VI, 244) «weil er die Russen Schismatiker und Ketzer hegt» [39].

Такім чынам, пад культам КРЫВЭ Дусбурга трэба разумець не паганства, але БАГАМІЛЬСТВА - праваслаўную сэкту, што была апісана асабліва Длугашам і Нарбутам у паганскіх красках. У сэктанскім разуменьні галоўны сьвятар Крывэ ў Дусбурга, з вялікай уладай і аўтарытэтам у межах ЛІТВЫ, можа быць прызнаны за гістарычную праўду разам з сьвятарскаю кастай.

Калі й была ў падножжы замкавай гары ў Вільні нейкая сьвятыня пры Ягайле, то гэта магла быць толькі ЦАРКВА багамілаў, якую перарабілі на касьцёл імя сьв. Станіслава.

Зьезд у Вільні Ягайлы з кракаўскай сьвітай і духоўнікамі пры ўдзеле Вітаўта ды знатнейшых князёў і паноў Літвы, які адбыўся на пачатку 1387, перш абмяркоўваў пытаньне КАГО хрысьціць, каго лічыць «паганцам» ці на раўні паганца. Пастаноўлена было не змушаць праваслаўных да лацінскага хросту, а хрысьціць толькі сэкту маніхэйскую (Багамілаў) і то толькі ў княствах Віленскім і Троцкім - землях, належачых да Ягайлы, потым ім пераданых Скіргайле. 20 лютага 1387 г. быў выданы ведамы прывілей дзеля заахвочаньня для перайшоўшых ці тых, што пяройдуць на каталіцтва.

Трэцяга дня (22 лютага 1387) быў выстаўлены і другі дакумант аб устанаўленьні каталіцкай царквы ў Літве. У ім загадвалася «omnes nacione Lithvanos utriusque sexus... in nostris dominiis Lithvanie et Russie» [40] перайсьці на каталіцтва пад страхам прымусу. Забаранялася каталіком жаніцца з русінамі (праваслаўнымі), а калі гэткае жанімства адбывалася, то некаталіцкая старана падлягала насільнаму каталіцкаму хросту.

З усяго гэтага лягічна вынікае, што ў Літве здаўных існавала собская літоўская «катарская» (багамільская) хрысьціянская Царква, якая цяпер насільна пераводзілася ў лацінства. Інакш нельга зразумець правільна выражэньня дакуманту: «omnes nacione Lithvanos utriusque sexus». У гэтым часе літоўская дзяржава абымала вялікую «рускую», гэта ёсьць праваслаўную тэрыторыю, на якой таксама сядзелі «ліцьвіны». Якім чынам можна было адрозьніць «русіна» ад «ліцьвіна»? Па мове? То ж абодва гаварылі адной - славянскай, што выразна сцьвярджае сучасьнік, які вывучаў этнічна-рэлігійныя праблемы Літвы й Русі - Анэй Сільві Пікаляміні (Папа Пій ІІ). Жамойць была пад крыжакамі і была хрышчаная пазьней, у 1417 г. Такім чынам, прызнакам для падзелу быў прынцып рэлігійны: Русь - праваслаўныя, Літва або Ліцьвіны ў сэнсе дакумантавага «natione» - сэктанты, вернікі Літоўскай царквы. Ад гэтага часу гэтая царква станавілася КАТАЛІЦКАЙ ды яшчэ абдараванай дзяржаўнымі прывілеямі.

Ня выключаная праўдзівасьць звестак Ноўгарадзкага летапісу (ПСРЛ, т. IV, 94-95); Літоўскага Даніловіча (ПСPЛ, т. 17), Сафійскага (ПСPЛ, т. V, 242, 381) аб тым, што Ягайла ў 1387 г. у Вільні казаў двух высокапастаўленых ліцьвіноў пакараць за супраціў на паўторны хрост. Усе летапісы называюць пакараных «ліцьвінамі», не русінамі - тыповым імем на абазначэньне праваслаўных. Значыць, пакараныя мусілі быць сэктантамі, маніхейцамі, катарамі, якія ставіліся пад прымусовы хрост для пераходу ў лацінства каталіцкага Касьцёла. Вось чаму папа Урбан VІ у сваёй пацьвярджаючай бульлі 1388 на заснаваньне Віленскай дыяцэзіі хваліць Ягайлу самымі супэрлятывамі: «Паміж усіх каралёў на зямлі першае месца табе... набожны сыне Альгердаў...» Тож была зьнішчаная небясьпечная для каталіцтва і праваслаўя ГЭРЭЗІЯ, з якой на іншых землях праводзілася доўгае змаганьне. Хутка Вітаўт з Ягайлам павязуць праваслаўнага мітрапаліта Рыгора Цамбляка з біскупамі на сабор у Канстанцыю не на паўторны хрост, але для навязаньня царкоўнай ВУНІІ з заходнім Касьцёлам. Праўдзівае паганства ЖАМОЙЦАЎ мала непакоіла крыжакоў і папаў. Крыжакі праз доўгі час уладаньня Жамойдзяй нікога там не ахрысьцілі ды не зарганізавалі ніводнай парафіі.

Зразумелым цяпер становіцца і сымбалічны хрост Літвы цераз пакрапеньне, як у часе звычайнай працэсіі з пакрапеньнем, на што так абрушваліся крыжакі. Тож ведама было, што маніхэйская Літва - хрышчаная, а цяпер праводзіўся сымбалічны акт далучэньня да каталіцкага Касьцёла. Папскія ўлады таксама ня мелі нічога супраць гэтага сымбалічнага хросту Літвы, бо на крыжацкія абвінавачаньні не загадвалі нанава хрысьціць людзей паводля рымскага рытуалу, а высока хвалілі Ягайлу й ягоных памочнікаў.

Ня выключана, што сам Ягайла, хоць быў хрышчаны і выхаваны ў праваслаўнай веры сваёй маткай Юльянай (Длугаш, Opera omnia, 378-382), то знаходзіўся пад уплывамі багамілаў [41]. Ужо ўжываньне свайго імя ЯГАЙЛА аж да паўторнага хросту сьведчыць, што ён быў багамілам-маніхэйцам, а яны прызнавалі за важныя імёны паганскія. Выкарыстоўвалі гэтую дробязь крыжакі перад папскай камісіяй у судовым працэсе за Жамойць. Конрад Цольнер, вялікі магістр, двойчы называе яго «infidelis», «paganus» у сваіх лістох (Narbut, V. dad. V.). Так, у лісьце да папы называе яго: «Saepedictorum Litwanorum INFIDELIUM rex nomine Jagel una cum fratre suo SCISMATICO Skirgal [42] et aliorum INFIDELIUM et SCISMATICORUM maxima multitudine...» [43]. У лісьце да кардыналаў: «Litwanorum rex nomine Jagel adjunctis sibi regibus XI similis perfidie, ac paganorum nec non scismaticorum innumera multidudine...» [44]. Хоць ёсьць амаль атаесамленьне паняцьця «infidelis» і «scismaticus», то аднак папа разбіраўся ў паняцьцях, таму дзеля мацнейшага адрозьненьня Ягайла залічаны да паняцьця «paganus», бо «schizma» розьнілася ад каталіцтва толькі падзелам юрыздыкцыі. «Paganus» у тыя часы абазначаў і гэрэтыкаў, якія адмаўлялі асноўныя прынцыпы артадаксальных цэркваў: каталіцкай і праваслаўнай. З іншага дакуманту крыжакоў (Narbut, V, dad. II) вынікае, што і Скіргайла раней належаў, мабыць, да сэкты, а пасьля быў маткай прыведзены да праваслаўя. Аб гэтым гаворыць ліст крыжацкага магістра да маткі Юльяны, у якім крыжакі віншуюць, што, дзякуючы яе навукам, Бог паклікаў Скіргайлу «ad lucem» [45] хрысьціянства без названьня абраду, ды жадаюць ёй, каб і іншых сыноў вяла да гэтага ж «ad simile inducatis» [46]. Адсюль вынікае таксама, што сярод «іншых сыноў» быў і Ягайла. Паказваюць на маніхэйскае сэктанства Ягайлы ягоная вера ў дуалізм сілаў, Бога і чорта, якім ён ставіў дзьве сьвечкі ў Познані, каб абедзьве сілы прыдабрыць да сябе (Szajnocha VII, 71). Аней Сільві Пікаляміні называе Ягайлу - natione Tartarus - г.зн. веры катарскай.

Што датычыць ліку пераведзеных у каталіцкі Касьцёл ліцьвіноў, то бульля папы Рыгора ХІІ з 25 сак. 1410 г. - гэта значыць, зусім блізкая да так званага хросту Літвы - называе 20.000 душаў. Лік гэты невялікі, відавочна багамільская сэкта хілілася да заняпаду на карысьць праваслаўнай царквы, зарганізаванай у Літоўскую мітраполію Гедымінам у 1316 г. Сцьвярджалі гэта і крыжакі ў 1403 г. (Codex Vitoldi, y Mon. medii aevi hist., t. VI, 999):

«Ubi de Litauwica lingua iuxta legem christianam (г.зн. каталіцкага Касьцёла, 1387) baptisatur, unus ibi fortassis bene centum secundum legem rutenicam intencione erunt baptisati et multi de solemnioribus in Lituawia adhuc sunt Ruteni». Дзе з літоўскага абраду (Litauwica lingua) паводле каталіцкага абраду адзін быў хрышчаны, там прыпадала магчыма добрых сто паводле праваслаўнага абраду, якіх трэба было таксама ахрысьціць. Таму многія з знатнейшых у Літве ўсьцяж праваслаўныя.

Усяго ў 1387 г. утворана было, апрача каталіцкага біскупства ў Вільні з катэдрай сьв. Станіслава, сем парафіяў: у Медніках, у Мейшаголе, у Вількаміры, у Няменчыне, у Крэве, Гайнаве і Абольчы. Мабыць, у гэтых аколіцах яшчэ трымаліся астаткі праваслаўнай сэкты багамілаў. На Віленскага біскупа быў вызначаны былы сэрэцкі (Малдаўя) бп. францішканец Андрэй Васіла, некалі спавядальнік каралевы Вугорскай Альжбеты, па паходжаньні з зямлі Драгічынскай у Падлясьсі [47]. Пасьля яго сьмерці (1398), другім Віленскім біскупам быў Якуб Пліхта (1398-1407), таксама радавіты ліцьвін. Толькі трэці Віленскі біскуп - Мікалай (з Гажкова) (1407-1414) і чацьверты - Пётра (з Кустыні, Крак.) (1415-1421) былі па паходжаньні з Польшчы, але абодва яны былі стаўленікамі Вітаўта, калі ён стаўся валадаром Літвы. Ня значыць гэта зусім, што яны выконвалі нейкую палянізатарскую ролю ў Літве, як, напрыклад, абсаджваньне каталіцкіх парафіяў палякамі. Польшча сама ў бальшыні была абсаджана чужынцамі, пераважна чэхамі й немцамі, бо аж да 1400 году ня мела багаслоўскага аддзелу на Кракаўскім універсітэце ды дазволу на гэта ад папы. Ужо ў часе т.зв. хросту Літвы палякі ня мелі нават сваіх некалькі сьвятароў-ксяндзоў, каб удзельнічаць у сымбалічным хросьце Літвы, і Ягайла дзеля гэтай мэты запрасіў чэхаў. Длугаш (HP, ХІІІ, 439) аб гэтым пісаў: «Saltem vobis documento sim, quod a plerisque Bohemis, in jure divino et humano doctoribus, fidei rudimenta, velut novus Christianus, sugebam» [48]. Гэта значыць, што Ягайла пасьля паклікаўся, што многа вельмі ў шырэньні каталіцкай веры ў Літве зрабілі шматлікія чэхі, вучоныя ў праве кананічным і сьвецкім дактары, прыбылыя на заклік Ягайлы ў ягоны двор. Сярод іх быў знакаміты Геранім з Прагі, які даваў інфармацыі Анэю Сільвяму Пікаляміняму, пазьнейшаму папе Пію ІІ аб Літве.

Як бачым, ад самага пачатку ня было мовы аб нейкай «палянізацыі» Літвы.

Дзеля патрэбных духоўных кадраў у Літве была заснавана пры ўдзеле Ядвігі ў Празе Чэскай пры тамтэйшым унівэрсітэце асобная ды спэцыяльная (скарочаная ў навуках) ЛІТОЎСКАЯ КАЛЕГІЯ. Яна была заснавана ў 1397 годзе 20 ліпеня дэкрэтам чэскага караля Вацлава, а ў 1398 годзе пачала навукі. Быў куплены дом за 200 шырокіх праскіх грошаў на Калегію ды ўстаноўленая стыпэндыя на 12 бедных літоўскіх студэнтаў, якія хацелі стацца сьвятарамі ў сваёй бацькаўшчыне.

Рост каталіцтва ў Літве спрычыніўся да ўтварэньня ў Кракаве пры унівэрсітэце летам 1400 году тэалагічнага факультэту, ужо пасьля сьмерці Ядвігі. Але і тут была зараз жа адкрытая ЛІТОЎСКАЯ БУРСА для бедных студэнтаў ліцьвіноў. Такім чынам нешматлікае літоўскае каталіцтва ад самага пачатку было забясьпечанае сваім духавенствам.

* * *

І з пункту гледжаньня права Літва ад самага пачатку была забясьпечаная ад польскага наступу. Крэўскі дакумант 1385 г. як пачатак літоўска-польскіх адносінаў ніводным словам не гаворыць аб праве палякаў перасяліцца ў Літву ці займаць там становішчы. У ім маецца толькі запэўненьне Ягайлы «terras suas Lituaniae et Rusiae CORONAE regni Poloniae perpetuo applicare» [49].

«Applicare» - прылажыць - не значыць інкарпарацыі, рэзыгнацыі з самастойнасьці і незалежнасьці Літвы, тым больш, што гэтае «applicare» адносілася не да ПОЛЬШЧЫ, як хацелі палякі, але да КАРОНЫ, як дынастычнай Ягайлавай інстытуцыі, што тварыла фэўдальны сувэрэнітэт над падуладнымі землямі Польшчы й Літвы - самастойнымі адзінкамі.

Гэтаксама ўмова Ягайлы з Вітаўтам з 18 студзеня 1401 году (пасьля паразы Вітаўта пад Ворскляй), якая мае характар вайсковага саюзу Літвы з Польшчай, не дае нейкага права палякам на інфільтрацыю ў Літву, а толькі зьмяшчае магчымасьць, што ў выпадку безпатомнай сьмерці Вітаўта Літва вернецца ў цясьнейшае падпарадкаваньне КАРОНЕ ды польскаму каралеўству.

А нават найбольш выкарыстоўваны польскімі нацыяналістамі акт Гарадэльскай умовы між Вітаўтам і Ягайлам за подпісамі падручных з дня 2 кастрычніка 1413 году з шумнымі й «моцнымі» словамі: «incorporamus, invisceramus, appropriamus, coniugimus, adiungimus, confoederamus et perpetue anectimus» [50] абсалютна нічога не гаворыць аб скасаваньні самастойнасьці і незалежнасьці Літвы ці аб праве палякаў пераходзіць граніцы ВКЛ. Набор слоў аб цесных дачыненьнях Літвы з Каронай і Польшчай, прытым слоў з паняцьцямі супярэчнымі, якія ня маюць ніякай юрыдычнай вартасьці, ёсьць літаратурнай дэклярацыяй, што Літва ня мае намеру разарваць саюзных дачыненьняў з Польшчай і з Каронай, а ў выпадку безпатомнай сьмерці Вітаўта ягоны наступнік, вялікі князь літоўскі, мае быць пастаўлены за ведамам Кароны й Каралеўства польскага ды наадварот: новы кароль, як валадар Кароны й Польшчы, мае быць пастаўлены за згодай вялікага князя літоўскага, паноў і шляхты літоўскай. Тут маем выразна раўнапраўныя бакі: Літва й Польшча.

Палякі, міма ўсяго, прабавалі пасьля сьмерці Вітаўта (1430) супрацьставіцца аднастароннаму (літоўскаму) выбару на пасад вялікага князя СЬВІДРЫГАЙЛЫ падтрыманьнем кандыдатуры ЖЫГІМОНТА. Узьнікла ўнутраная вайна ў Літве, якая трывала да 1440 году, гэта й да сьмерці Жыгімонта Кейстутавіча. Жыгімонт стаяў на пазыцыях умовы Ягайлы зь Вітаўтам з 1401 году ды забавязваўся адступіць Кароне й Польшчы Падольле, Валынь і Холмшчыну. За тое ў дачыненьнях да праваслаўных Жыгімонт Кейстутавіч адхіліў дыскрымінацыйныя акты з 1387 і 1413, прызнаючы для праваслаўных усе «наданьні, свабоды, прывілеі й дастойнасьці», якія раней прадбачваліся толькі для каталікоў. (Трэці земскі прывілей 6 траўня 1434.)

Калі і былі якія польскія інсьпірацыі, інфільтрацыі ў жыцьцё Літвы, захоп пагранічных земляў Літвы палякамі, то гэта было ў часе ўнутранага змаганьня паміж Жыгімонтам і Сьвідрыгайлам (1432-1440), але гэтаму наступу палякаў быў паложаны канец зарганізаваным пераваротам у Літве (1440), у выніку якога быў забіты Жыгімонт Кейстутавіч, а ягоны сын Міхалушка ўцёк у Маскву, якую палякі (кардынал Алесьніцкі) хацелі выкарыстаць у далейшым як змоўніцу да аслабленьня непакорнай Літвы. Аднак з гэтага нічога ня вышла, бо Ян Гаштаўт, Віленскі ваявода, уціхамірыў краіну ды вялікім князем літоўскім паставіў КАЗІМІРА, малодшага сына Ягайлы. Вунійныя дачыненьні Літвы да Польшчы былі парваныя.

Так праграма Вітаўта аб поўнай незалежнасьці Літвы ўключна з каранаваным Вялікім Князем была адноўленая і то ў чыстай пачатковай форме: не Літва ёсьць дадаткам да Кароны й Польшчы, але Польшча ёсьць здабыткам літоўскай дынастычнай палітыкі. Адсюль тэрыторыя Літвы, яе ўнутраны лад і сувэрэннасьць ня могуць быць нарушаныя.

Паколькі пасьля сьмерці Ягайлы (1434) каралём Польшчы быў Уладыслаў (Варнэнчык), а фактычна польскія магнаты з Алесьніцкім на чале ў імені малалетняга каралевіча, дык адбываліся спробы інтэрвэнцыі ў жыцьцё Літвы па старане Жыгімонта. Аднак з гэтага нельга рабіць вываду, быццам Жыгімонт Кейстутавіч, брат Вітаўта, быў польскім стаўленікам ці агентам. Палякі толькі сваім збройным удзелам супраць Сьвідрыгайлы (12.000 конніцы пад камандваньнем Якуба з Кабылян) вымагалі ад Жыгімонта розных канцэсіяў на карысьць Польшчы, прытым самавольна захаплялі пагранічныя землі, як Валынь і Падлясьсе. Жыгімонт Кейстутавіч у цяжкай патрэбе падпісаў цэлы рад дакумантаў на карысьць Польшчы, але духова ён з гэтым не пагаджаўся.

«Мы ніколі ня былі нявольнымі, - пісаў ён да Альбрэхта Габсбурга, - ані нашае Вялікае Княства ніколі нікому, як толькі чалавечая памяць сягае, ня было падуладнае; і цяпер ня дзержым яго ад палякаў, але сядзім на сваім, пераняўшы яго з ласкі Божай паводле права наступніцтва па продках нашых, пасьля сьмерці брата нашага, сп. Вітаўта».

Длугаш - гэты вялікі польскі патрыёт, - які дзе толькі магчыма фальшаваў гісторыю на карысьць Польшчы, не бяз прычыны ў сваёй ГІСТОРЫІ даў вельмі адмоўную атэстацыю Жыгімонту Кейстутавічу: «гэта чалавек на дзіва люты й жадны... прытым прагавіты... Хітры ды падступны панявольнік...» Калі б Жыгімонт быў звычайнай пешкай у руках палякаў, яны яго велічалі б.

Як там ні было, але палітыка Жыгімонта Кейстутавіча была шкоднай для Літвы, бо давала палякам ня толькі захопніцтва пагранічных земляў, але і праніканьне ў нутро краіны. Таму то пераварот, наладжаны Янам Гаштаўтам з Чартарыскімі, вяртаў назад поўную незалежнасьць Літвы. У міжчасе польскі кароль Уладыслаў неспадзявана згінуў пад Варнай у барацьбе з туркамі (1444), а палякі, страціўшы вялікія сілы, прымушаныя былі аглядацца на Літву. У міжчасе ня было ўпэўненасьці, што да сьмерці Уладыслава. Туркі паказвалі галаву Уладыслава Варнэнчыка, але з яснымі валасамі, у той час, калі Уладыслаў Варнэнчык быў брунэтам. Была пушчаная некім вэрсія, што Варнэнчык выратаваўся ўцёкамі ды недзе знаходзіцца ў Партугаліі. Польскія магнаты ў Кракаве высылалі адумысныя пасольствы, каб выведаць праўду, але нічога канкрэтнага не маглі даведацца. Толькі ў 1445 годзе стала ясна, што Уладыслаў ня жыве, і тады рада польская пастанавіла паклікаць Казіміра - вялікага князя літоўскага - сабе на караля. Казімір ды ягоны пратэктар Ян Гаштаўт не адразу прынялі афэрту. Перш былі Літвой адабраныя ад Польшчы Падлясьсе і іншыя пагранічныя землі, якія перадаў Жыгімонт Кейстутавіч Польшчы, або палякі самі захапілі ў часе хатняй вайны ў Літве. Трэба было ўціхамірыць партыю Міхалушкі ды наладзіць парадак на ўсходнім паграніччы з Масквой. Адначасова вяліся тайныя перамовы з крыжакамі, каб наладзіць саюз супраць Польшчы і гэтым змусіць палякаў да ўступстваў.

30 лістапада 1445 адбыўся вялікі зьезд паноў Літвы, Жамойці і Русі, які пастанавіў зусім унезалежніць Літву ад Польшчы. Гэта аднак не абазначала рэзыгнацыі Літвы ад падпарадкаваньня Польшчы дынастыі Ягайлавічаў. Прыбыўшы на зьезд польскіх магнатаў у Пятркове ў тым жа годзе, прадстаўнік ад літоўскага зьезду князь Васіль Друцкі (Красны) гэтае выказаў асьведчаньне:

«Князь Казімір заняў літоўскі пасад не як ўладальнік ад польскага каралеўства часова ды заступча, якога быццам можна водля ўпадабаньня адклікаць ад княжаньня назад да каралеўства, але як законны й прыродны дзедзіч Вялікага Княства Літоўскага, які гэтае Княства мае з спадчыны сваіх бацькоў і дзядоў, вялікіх літоўскіх князёў, на аснове прыроднага права, дзе ён зусім натуральна валадарыць».

«Польскія паны, - напамінаў кн. Друцкі, - павінны быць асьцярожныя, каб дзеля свайго посьпеху не выклікалі небясьпечных войнаў, тым больш, што кн. Казімір ня быў бы ў гэтым абыякавы, але, хутчэй, моцна чуўся б пакрыўджаным, каб бяз яго рады і дазволу пасад бацькаўскі і ўрад польскага каралеўства нехта іншы меў бы дастаць».

Крыху пазьней сам Казімір сказаў польскім паслом яшчэ больш адкрыта: «Калі б хто супраць ягонай волі хацеў бы заняць польскі пасад, таго ён будзе лічыць за свайго ворага ды будзе старацца ўсімі сіламі скінуць яго ды прагнаць».

Кардынал Алесьніцкі падтрымоўваў кандыдатуру на караля Польшчы Фрыдэрыка Гогэнцолерна, і ў выпадку яго выбару Польшча магла б вайной дамагацца прылучэньня Літвы згодна з актамі вуніі. Так ён аргумантаваў. Шляхта ў Польшчы выказвалася за Балеславам Мазурскім.

У 1446 на зьездах у Парчове й Берасьці абедзьвія дзяржавы схільныя былі на кампраміс. 17 верасьня Казімір Ягайлавіч прыняў КАРОНУ ды выбар на караля Польшчы, але падкрэсьліў непарушальнай дзедзічную ўладу над Літвой, якую прызнаў за дзяржаву зусім незалежную на раўні з Польшчай. Гэтым самым гублялі ўсякае юрыдычнае значэньне літоўскія абяцанкі далучыць Літву да Польшчы. Вунія аднак не была ліквідавана. Яе хацелі Літва й Польшча. У дачыненьні да Літвы (Беларусі) Казімір і паны літоўскія на зьезьдзе ў 1446 г. у Берасьці забавязваюцца: «copulavimus et anneximus volentes ipsorum esse dominus et rector divina disponente clementia. Ipsaque dominia, Regnum et Magnum Ducatum praefata ab omnibus hostibus, ex quacunque parte ipsa invadentibus, iam de facto tueri et defensare iuxta posse nostrum promittimus, tenemur et obligamur ac ad suscipiendum eiusdem regni Poloniae dyadema et coronam pro festo S. Johannis Baptistae proxime venturo sub nostro verbo ducali, quod praesenti scripto approbamus, Cracoviam venire promittimus et spondemus et ibidem coronari iuraque, privilegia, libertates et emunitates principum, praelatorum, baronum, boyarorum, procerum, nobilium, civitatum et omnium incolarum dominii utriusque, videlicet regni Poloniae et magni ducatus Lytwaniae praefatorum, more aliorum regnum et principum praedecessorum nostrorum regni Poloniae et magni ducatus Lythwaniae ratificare, confirmare, roborare, approbare tenebimur [51].

Як бачым, так Казімір - прадстаўнік дынастыі - як і літоўскія паны былі згодныя надалей утрымоўваць вунію Літвы з Польшчай ды захоўваць дасюль існуючыя земскія прывілеі. Перад тым, як Казімір выехаў з Вільні ў Кракаў на пасад караля, ён выдаў 2 травеня 1447 г. земскі прывілей Літве (яшчэ раз пацьверджаны ў 1457 г.), у якім забавязваўся вярнуць усе страчаныя землі ВКЛ ды не дапускаць ніякага чужаземства на становішчы ў ВКЛ або валаданьне нерухомасьцямі. «Абецуем і шлюбуем іж у землях тых нашых вялікага Княства зямель, гарадоў, местаў, а любо каторых-кольвек дзедзіцтв, у валадзеньне й у дзяржаньне, а любо некаторыя урады, а любо чці, не маем даць у чэсьць нікоега чужаземца, але толька родзічам тых зямель нашых прэдрэчаных Вялікага Княства Літоўскага дамо, і нашы пасьля будучыя дадуць у дзержаньне й валадзеньне».

У дачыньнені да абсады каталіцкіх касьцёлаў прывілей пастанаўляў: «І мы... не іншаго ані іншых пастыраў маем да тых касьцёлаў афераваці, толька Вялікага Княства нашага Літоўскага тубыльца, есьлі ў годнасьці а сталасьці абычаеў найдзен будзець, а есьлі бы не, тагды іншае зямлі парсону пажытчону а пачтліву і слушну, каторая бы мела і радзіці і пажыточні быці, толькакраць колькакраць патрэба будзець» (Дзялынскі, Збор праў літоўскіх, Познань, 1841, 30.ІІІ).

Яшчэ больш дакладна вызначаў самастойнасьць й сувэрэннасьць ВКЛ Аляксандр у земскім прывілеі з 6 жніўня 1492 г. Перш за ўсё Польшча акрэсьлівалася як чужаземная (замежная) краіна, 13 пункт: «У справах публічнага дабра гэтага Вялікага Княства нашага мы абавязваемся пасылаць весьнікаў або пасланцоў пры неадкладнай у гэтым патрэбе, паводля Рады нашых паноў, да чужаземных краін, як Масковія, Заволжская Арда, Перакопская Арда, Валахія, каралеўства Польскае, княства Мазавецкае, Прусія, Лівонія, Пскоў, Вялікі Ноўгарад, Цьвер і Разань, згодна са звычаем, які захоўваўся нашымі папярэднікамі, а таксама і да іншых некаторых краінаў, куды патрабаваць будзе неабходнасьць і дабро дамініяў нашага Княства Літоўскага...»

Пункт 16: «Дастоінствы, дзяржавы і ўсе іншыя ўрады ці спадчынныя маёмасьці мы забавязваемся не раздаваць нікому з чужынцаў ці іншаземцаў, але толькі родзічам гэтых зямель В.Княства...»

Пункт 31: «Калі якая дзяўчына або ўдава пажадае выйсьці замуж у іншыя краіны, за межы Вялікага Княства Літоўскага, то атрымаўшы выправу й прыданае, яна пакідае тутэйшыя спадчынныя маемасьці ды дае забавязваньне да іх ня ўмешвацца».

Усе існуючыя земскія прывілеі пацьвярджалі наступныя Вялікія Князі: Жыгімонт Стары (18 кастрычніка 1529) і Жыгімонт Аўгуст (14 лютага 1547), забавязваючыся не дапускаць чужаземцаў на ўрады, становішчы так сьвецкія, як і касьцёльныя, а таксама ўладаньне ўсякімі добрамі ў межах Вялікага Княства Літоўскага.

Закон супраць чужынцаў быў унесены ў аснаўным сьпіску ўсіх правоў ВКЛ у Першым Літоўскім Статуце 1529 г. У разьдзеле ІІІ, п. 3 пастанаўляў:

«Тэж шлюбуем і абяцуем, іж у землях нашых таго Вялікага Княства земль і гарадоў, і мест, і каторых-кольвек дзедзіцтв, і дзержаньня, і тэж каторых-кольвек урадаў нашых або чэсьцей і дастойнасьцей жаднаму обцаму, але толька прыраджоным а тубыльцам тых земль нашых Вялікага Княства і вышай мененага ня будзем даваці, і патомкі нашы не будуць даваці ў дзяржаньне і ў пажываньне». (Статут ВКЛ 1529 г. Менск, 1960, 48).

Наступныя Літоўскія Статуты - ДРУГІ з 11 сакавіка 1566 г. і ТРЭЦІ (1588) поўнасьцю ўключаюць ранейшыя забароны чужаземцам занімаць усякія становішчы, урады й дастойнасьці, а таксама дзяржавіць ці ўладаць усякімі добрамі ў ВКЛ.

На асаблівую ўвагу заслугоўвае ІІІ Літоўскі Статут (1588) як канстытуцыйнае права Літвы ўжо пасьля Люблінскай вуніі (1569). Як ведама, палякі выкарысталі цяжкае становішча Літвы ў вайне з Масквой (1562-1582), сілай захапілі Валынь, Кіеўшчыну і Падлясьсе ды змусілі Літву да падпісаньня нявыгаднай ёй вуніі з Польшчай. Пункт 14 гэтага вунійнага акту касаваў усе супрацьпольскія бар'еры Літвы: «Усе статуты й уставы, якія яны ня былі ды ўсё роўна з якой прычыны супраць польскага народу ў Літве ўведзеныя ды замацованыя адносна набыцьця і дзержаньня маёмасьці ў Літве палякам усякім спосабам здабытыя, ці то па жонцы, або за выслугу, або купляй, ці дарунковым звычаем, менай, ці іншым шляхам згодна з звычаёвым і дзяржаўным правам, - усе гэтыя статуты, як супярэчныя праву, справядлівасьці ды супольнай братэрскай любові й уніі, а таксама супольнаму зьяднаньню, каб не маглі мець ніякай сілы ды каб заўсёды можна было так паляку ў Літве, як і ліцьвіну ў Польшчы ўсякім чэсным спосабам здабыць маёмасьць ды валодаць ёю згодна з правам тае краіны, дзе гэная маёмасьць знаходзіцца». Пункты 17-18 давалі магчымасьць палякам за пасярэдніцтвам караля займаць у Літве ўрады, становішчы й дастойнасьці, а ліцьвіном у Польшчы.

Так гэта было на паперы. У рэчаіснасьці Літва зараз пасьля сьмерці Жыгімонта Аўгуста (1572) не прызнала пастановаў Люблінскай вуніі, абмяжоўваючых самастойнасьць і сувэрэннасьць Літвы, прызнаючы толькі фэдэрацыйныя зносіны Літвы з Польшчай. Гэтыя новыя адносіны выясьніліся поўнасьцю пры Баторым ды ягоным наступніку Жыгімонце Вазе, а праўным актам, устанаўляючым дзяржаўны лад у Літве, зацьверджаным вальным соймам пад Варшавай ды новавыбраным Жыгімонтам Вазам, стаўся ТРЭЦІ ЛІТОЎСКІ СТАТУТ з 11 лютага 1588 году.

Раздзел ІІІ, арт. 12 гэтага Статуту нанова замацоўваў антыпольскую барыеру ды па-старому забараняў палякам сяліцца ў Літве ды займаць у ёй урады й становішчы. Розьніца адзначаная толькі тая, што Польшча цяпер названая «суседам» але на правох «чужаземца і загранічніка». Прачытайма поўнасьцю гэты артыкул:

«Так жэ мы гаспадар абяцуем і шлюбуем пад прысягаю нашаю, каторую ўчынілі есьмо Вялікаму Княству Літоўскаму і ўсім станам, абываталям яго, бяручы то із Статуту старога караля яго міласьці Жыгімонта Першага, таму панству Вялікаму Княству Літоўскаму данага, а ў сесь укладаючы і на то пазваляючы, што ж у том панстве Вяліком Княстве Літоўском і ва ўсіх землях, яму прыслухаючых, дастойнасьцей духоўных і сьвецкіх, гарадоў, двароў, грунтаў, староств, дзяржаў, урадаў земскіх і дворных, пасэсый, або ў дзержаньне і пажываньне, і вечнасьцей жадных чужаземцам і загранічнікам ані суседам таго панства даваці ня маем, але то ўсё мы і патомкі нашы вялікія князі Літоўскія даваці будзем павінны толька Літве, Русі, Жамойці, родзічам старажытным і ўражэнцам Вялікага Княства Літоўскага і іных земль, таму Вялікаму Княству належачых. А хто бы з чужаземцаў, загранічнікаў і суседаў таго панства і ўсіх земль, яму прыслухаючых, важылся штось таго ўпрасіці, узяці і ў дзержаньне прыйці, а, упомненый будучы, таго заразом ня пусьціў, тагды маетнасьць яго ўся маець быці ўзята да столу і скарбу нашага Вялікага Княства Літоўскага. Ведзьжа і тубыльцам, хаця і родзічам Вялікага Княства Літоўскага, дастоенства й урады ўсякія маюць быці даваны добра значным і праўдзіва, нязмышлена ў том ваяводзтве або павеце аселым. А хаця хто обцага народу за свае заслугі ў той Рэчы Паспалітай прышоў ку аселасьці з ласкі даніны нашае або каторым іным правам тады і таковы толька аселасьці онае ўжываці маець, учыніўшы первей прысягу па ўзяцьцю онае аселасьці на першых рочках гродзкіх онага павету, перад ураднікамі земскімі або гродзкімі таго ж павету, каторыя на он час там прыбыці могуць, іж маець быці верным і зычлівым таму панству Вялікаму Княству Літоўскаму так, яко і тубыльцы, і служачы службу земскую таму ж панству. Але і таковыя на дастоенства і ўсякія ўрады духоўныя й сьвецкія ня маюць быці прыпушчаны, ані ад нас гаспадара ўстаноўлены, чаго пячатары і пісары нашы з павіннасьці сваее прасьцерагаці вінны будуць». (Я.Лаппо, Літоўскі Статут 1588 г. тэкст, Каўнас, 1938, 131).

Дадайма да гэтага, што Польшча з свайго боку не блякавала так шчыльна праніканьня нашых родзічаў - ЛІЦЬВІНОЎ на становішчы й дастойнасьці ў Польшчы. Так, напрыклад, Юры Радзівіл з Несьвіскіх патэнтатаў, Віленскі біскуп і кардынал (1583) быў 9 жніўня 1591 перанесены папай Рыгорам ХІV на Кракаўскі пасад ды заняў гэтую катэдру бяз большага супраціву палякаў. Але, калі на Віленскае біскупства Жыгімонт Ваза ў паразуменьні з Радай Каралеўства Польскага вызначыў паляка, біскупа Луцкага, Бэрнарда Маціеўскага за згодай і прэканізацыяй папы Клемэнта VІІІ, паўстала доўгатрывалая вайна між Літвой і Польшчай. Перш загудзела Польшча супраць Юрага Радзівіла. На зьездах ваяводзкіх і паветавых сойміках сыпаліся пратэсты супраць караля і канцлера Яна Замойскага за пастаўленьне на чало каталіцкага Касьцёла ў Польшчы «Ліцьвіна», у той час, калі Літва забарыкавалася супраць палякаў. Замойскі бараніўся тым: «nie było tego (tedy) statutu, którym jeszcze nas Polaki od dygnitarstw W. Ks.L. odstrychnęli» (на сойме 1592). Змаганьне ішло каля васьмі гадоў, і Літва рубам стаяла нават супраць некаторай хісткасьці канцлера Льва Сапегі, які часамі здаваў пазыцыі, хочучы зрабіць ВЫНЯТАК для Мацееўскага дзеля кардынала Юрага Радзівіла на Кракаўскім пасадзе. Але Віленская Курыя і паслы літоўскія ды ўся апінія была супраць дапушчэньня паляка на становішча ў Літву. Літва супрацьстаўлялася станоўка не таму, што не хацела Мацееўскага на Віленскім пасадзе, але таму, што ён роджаны паляк у самай Польшчы, а як такога зусім не хацела, каб не было прэцэдэнсу для іншых палякаў. Зусім ня важна тое, што польская мова ў той час была ў абедзьвюх дзяржавах адной з моваў публічных. Не памагалі намаганьні і пагрозы Жыгімонта Вазы і папы Клемэнта VІІІ. Літва ўсьцяж цьвердзіла сваё: Віленскі біскуп мусіць быць «ex gente nostra Lituanorum et e medio nostri». Нават звычайныя людзі паводле кс. В.Прыалгоўскага (Żywoty biskupów wileńskich, 11, 29) абураліся: «W Wilnie wszyscy narzekali, że to byłoby nadwerężeniem praw ich i zwyczajów Litwy, poniżeniem sławy narodowej, gdyby obcy z urodzenia katedró biskupią zajął».

Барацьба на сойме (кракаўскім) 1595 і на вальным у 1597 г., а таксама папская анатэма не зьмянілі становішча: Віленскі пасад быў неабсаджаны.

Жыгімонт Ваза разам з палякамі і папай былі ўпорыстымі ды хацелі зламаць супраціў Літвы. І калі кароль разам з польскім канцлерам Замойскім выставілі грамату Мацееўскаму на заняцьце пасаду ў Вільні, канцлер Літвы Леў Сапега і падканцлер Габрыель Война адмовілі прылажыць свае пячаткі. Тады Жыгімонт за пячаткай польскага падканцлера Тарноўскага націскаў на Рым, каб супакоіць Літву. У Рыме сакру дастаў Мацееўскі, але не пасад у Вільні. Супраціў павёў цяпер бп. жамойцкі Мельхіор Гедройць, які 10 чэрвеня 1597 на паседжаньні Віленскай Капітулы заклікаў, каб у справе Мацееўскага ніхто ня сьмеў бязь ведама і дазволу станаў ВКЛ выступіць супраць законаў і свабодаў свае бацькаўшчыны. Капітула вытрымала лінію. І бой скончыўся перамогай Літвы. Пасьля сьмерці Юрага Радзівіла, які быў кардыналам і прымасам Польшчы, у 1600 г. папа Клемэнт VІІІ вызначыў Мацееўскага на прымаса Польшчы, а 16 чэрвеня 1604 даў яму кардынальскі капялюш. У Вільні на пасадзе сеў самы праўдзівы і стойкі ліцьвін Бэнэдыкт Война. Леў Сапега ў лісьце да Кр. Радзівіла з жніўня 1597 г. так выказваў сваю радасьць: «Jeśliż, czego Boże uchowaj, za pieczęcią koronną biskupstwo wilenskie Polak otrzyma, tać jusz nasze urzędy wszytkie o ziemię, bo jeśli biskupstwo, a czemu nie województwa, a czemu nie starostwa et id genus alia. A najtrudniej począć abo pieczęć złamać, nie wiem jako się ostoją drugie». Яшчэ дабітней выказаў гэтую думку Пракор Баўтрамеявіч у брашуры: «O Nominacyey Biskupa Wileńskiego», (1598, Bibl. Jag. i Kras. u Warsz.) [52] «Zostałaby ta nominacya biskupa wileńskiego na swoich nogach i otrzymałby nominowany biskupstwo wileńskie, toby już zawsze nie trzeba ni do niczego używać urzędników litewskich... Za tymby poszło, że na ine wszytkie duchowne beneficia, za presentaciami koronnemi, inwestyowałby X. biskup ktoby mu się jedno zdał, mając po sobie ten argument: jeśli więtsze beneficium, to jest biskupstwo, za nominacyą pieczętarza koronnego i pieczęcią koronną w Litwie trzymam, czemu mniejsze za tymże nie mają być trzymane? A za tym natkawszy w kathedrę i w diocesią na wiekiby Litwę prostakami poczynił et inhabiles ad omnia beneficia ecclesiastica osądził. Jeśliby biskupstwo wileńskie tak poszło, to i źmodzkie zarazem. Zaczymby przedniejszy stan odcięto i z juryzdyciej litewskiej wyjęto. Czegoby się stan drugi świecki spodziewać miał, łacno uważyć i najprostszy może. Izali nie widzicie, na co się zanosi? że za samą tą nominacyą trzy prerogatywy Litwie się ujmują: Infuіa, Pieczęć i Laska. Bo gdy Polaka na biskupstwo wileńskie nominują, najprzedniejsze dygnitarstwo senatorskie Litwie, to jest biskup Litwin ustaje, kiedy urzędnik koronny nominuje; marszałek litewski, którego urząd jest nominować, swoj urząd traci; kiedy zaś pieczęcią koronną pieczętują, pieczętarz litewski na urzędzie swym szwankuje... Jeśli teraz wszytka Rzeczpospolita Litewska pierwszego senatora o b y w a t e l a t u t e c z n e g o nie otrzyma, jako potym powiat albo wojewуdztwo jedno wojewodę, kaśtellana, starostę Litwina otrzymać będzie mogło?».

Калі раней (перад Люблінскай вуніяй 1569) бываў дапусканы сям-там паляк на некаторыя духоўныя становішчы зь недахопу сваіх, то цяпер (пасьля вуніі) бой ішоў за найважнейшае: не дазволіць палякам адчыніць вароты ў Літву, чаго ім хацелася ў тэксьце названай ды накіненай вуніі. І Літва свой бой выйграла. Аж да канца існаваньня Рэчы Паспалітай абодвух народаў пастановы аб чужаземцах і паляках у Літоўскім Статуце 1588 мелі абавязваючую сілу ды не знаходзім прыкладаў падобных да выпадку з Мацееўскім. Наадварот, пасьля Люблінскай вуніі штораз больш бачым літоўскіх маёнткаў у Польшчы ды штораз больш ліцьвіноў на высокіх польскіх становішчах.

Канчаючы гэты нарыс, мы можам сьцьвердзіць, што распаўсюджаньне польскай мовы ў Літве (Беларусі) у канцы ХVІ-ХVІІІ ст. вяжацца з рэфармацыяй і дэмакратызацыяй шляхты, з доўгімі войнамі з Масквой, калі наша шляхта побач польскай змагаліся супольна. Касьцёл каталіцкі ў асноўным рэпрэзэнтаваў лаціну і інтарэсы буйных фэадалаў супраць шляхоцкага простанародзьдзя з «простай» польскай ці крывіцкай мовамі. Польскай мовай стаў карыстацца, змагаючыся з рэфармацыяй, а калі гэтая мова набыла шырокае распаўсюджаньне ў нашай краіне - лічыў яе «народнай» мовай шляхты. Такой жа «народнай» мовай сялянства і гарадзкіх нізоў была ў разумленьні магнатаў і каталіцкага Касьцёлу мова беларуская.

Перавага польскай мовы над мовай беларускай у названым перыядзе наступіла дзеля абцяжаньня нашай мовы балястам славяна-рускага правапісу, акцыі царкоўнікаў (Курбскі і Ко), ганячай «народную» беларускую мову, ды непісьменнасьці шляхты ў «рускім пісьме».

Прыняцьце польскай мовы як мовы літаратурнага працэсу зусім не абазначала ПАЛЯНІЗАЦЫІ нашай шляхты. Магнаты й шляхта з яшчэ большай зацятасьцю адстойвалі самастойнасьць й дзяржаўную незалежнасьць сваёй краіны ды не дапускалі ў яе межы палякаў.

ПРА ВАЦЛАВА ПАНУЦЭВІЧА

У 1991г. на Беларусь прыйшла сумная вестка: 25 жнiўня ў г. Чыкага на 81-м годзе жыцця адышоў да вечнасцi славуты беларускi гiсторык цi, як паведамлялася ў кароткiм некралогу, - «...грамадскi, палiтычны i рэлiгiйны дзеяч, аўтар шматлiкiх працаў з гiсторыi i этнаграфii Беларусi» - Вацлаў Пануцэвiч.

Не па сваёй волi апынуўшыся за межамi Бацькаўшчыны, Вацлаў Пануцэвiч нiколi не губляў духовай лучнасцi з ёю, сэрцам адгукаючыся на яе крыўды i цярпеннi ды аддана працуючы на новае беларускае Адраджэнне. Ягонымi высiлкамi пабачылi свет шматлiкiя выданнi, сярод якiх - навуковыя часопiсы «Лiтва» (выдаваўся лацiнкаю) i «Беларуская царква» (кiрылiцаю), шэраг манаграфiчных публiкацыяў, з якiх асаблiвую навуковую вартасць маюць кнiгi «Лiтва i Жмудзь» (Чыкага, 1953-1954 - лацiнкаю) i «З гiсторыi Беларусi або Крывiччыны-Лiтвы (Чыкага, 1965). Менавiта да яго з найбольшым правам можна стасаваць Купалавы словы «прыйдзе новы а мудры гiсторык...». I Пануцэвiч стаўся першым сапраўды беларускiм гiсторыкам, бо глянуў на нашую мiнуўшчыну не праз расейскiя, польскiя цi савецкiя акуляры, а сваiмi ўласнымi вачыма, вачыма самога беларускага народа - суб'екта, дзейнiка сваёй гiсторыi, а не пасiўнага аб'екта вонкавых манiпуляцый i ўплываў. Гэтая яскрава выяўленая суб'ектнасць у падыходзе да мiнулага Беларусi дазволiла яму найбольш аб'ектыўна падысцi да аналiзу гiстарычных помнiкаў i, на грунце iх усебаковага вывучэння, - да праўдзiвай iнтэрпрэтацыi падзеяў.

Другая iстотная рыса Вацлава Пануцэвiча як даследчыка - гэта ягоная засяроджанасць на крынiцах. Даўнi заклiк Ad fontes! (лац. Да крынiцаў!) можна паставiць дэвiзам да ўсёй яго навуковай творчасцi. У сваiх працах ён абсалютна вольна аперуе з тэкстамi на лацiнскай, старагрэцкай, старанямецкай, а таксама на новых еўрапейскiх мовах. За гэтым хаваецца грунтоўная фiлалагiчная падрыхтоўка, характэрная для гiсторыкаў старой школы. Павага да крынiцаў, iх удумлiвае вывучэнне дапамаглi яму рашуча адкiнуць створаныя яшчэ ў часы Расейскай iмперыi догмы i стэрэатыпы, што i дагэтуль успрымаюцца як аксiёмы, хоць i не маюць пад сабою факталагiчнай асновы.

Бадай першым Пануцэвiч паставiў пытанне пра тое, якiм чынам сапраўдная назва нашай краiны - Лiтва - перамясцiлася з часам на тэрыторыю суседняй балцкай дзяржавы, якая раней называлася Жмуддзю, i як славяне-лiцвiны сталiся беларусамi. Яму належыць гiпотэза пра славянскую этымалогiю наймення Лiтва, якая атрымала розвiтак у працах яго паслядоўнiка П.Урбана i некаторых iншых даследчыкаў.

Абазнанасць у крынiцах i добрае веданне славянскiх старажытнасцяў далі яму магчымасць крытычна падысцi да папулярнай гiпотэзы «балцкага субстрату» ў фармаваннi беларускага этнасу, пад гiпнозам якой дагэтуль знаходзiцца шэраг гiсторыкаў i лiнгвiстаў, i ўнесцi свае карэктывы ў падыход да пытанняў балта-славянскага этнiчнага ўзаемадзеяння. На падставе аналiзу заходнееўрапейскiх пiсьмовых помнiкаў ХII-ХIV стст. ён давёў, што ў гэты час адбывалася не прасоўванне славянаў на балцкiя землi, а хутчэй наадварот - пад нацiскам немцаў адбывалася перамяшчэнне балцкага насельнiцтва на славянскiя тэрыторыi i перамяшчэнне балта-славянскай этнiчнай мяжы на ўсход. Досыць пераканаўча вызначае гiсторык i сацыяльна-палiтычныя дачыненнi мiж балтамi i славянамi. Ён лiчыць, што ў паганскi час на балцкiх землях спраўлялi тэакратычную ўладу славянскiя святары-жрацы святарскай касты крываў-крывiчоў i панавала пакланенне багам славянскага пантэону. Пасля прыняцця хрысцiянства панаванне славянскага элементу ў духовым i палiтычным жыццi балтаў захавалася надалей.

Вацлаў Пануцэвiч выдатна разумеў iстотную, нават вырашальную ролю канфесiйнага чыннiка ў этнiчнай кансалiдацыi народа, у фармаваннi яго нацыянальнай адметнасцi i захаваннi iдэнтычнасцi. Даследчыка цiкавiлi адносiны веравызнаўчага i нацыянальнага пачаткаў, iх значэнне ў гiсторыi беларускага народу.

Безумоўна, як першапраходца ён не быў застрахаваны ад недакладнасцяў, недасканаласцi i нават памылак у сваiх працах, цi, наадварот, ад залiшняй упэўненасцi i катэгарычнасцi; а як жывы чалавек - ад эмоцыяў, часам рэзкiх выпадаў супраць апанентаў, а iншым разам залiшняй адданасцi пэўнай iдэi, што магло весцi ў аблуду. Але галоўнай рухаючай сiлаю яго навуковай дзейнасцi было iмкненне да пошукаў i адкрыцця Праўды. Гэтае абвостранае адчуванне Праўды натхняла яго да пошукаў i ўсталявання яе ў самiм сабе. Вядома, наколькi цяжка было захаваць сваё нацыянальнае аблiчча i веру беларусам на чужыне, асаблiва католiкам. Вацлаў Пануцэвiч застаўся верным сваёй, дадзенай Богам, беларускай сутнасцi, свайму сумленню i сваёй веры, да канца жыцця застаўшыся беларусам i католiкам.

Прапануем шаноўным чытачам артыкул Вацлава Пануцэвiча з часопiса «Лiтва» (№ 2, 1967), дзе развенчваецца яшчэ адзін мiф, якi да нашага часу захоўваецца ў беларускай постсавецкай гiстарыяграфii, - пра паланiзацыю беларусаў праз каталiцкi Касцёл. Для зручнасцi чытацкае аўдыторыi артыкул транслiтараваны з лацiнкi на кiрылiцу i друкуецца ў поўным аб'ёме з мiнiмальнымi стылёвымi праўкамi. Звяртаем увагу на тое, што ў артыкуле i ў iншых працах Вацлава Пануцэвiча Лiтва - гэта Беларусь, лiтвiн - беларус, лiтоўская мова - беларуская.

Алесь ЖЛУТКА



[1] Праца адносіцца прыблізна да 1440 г. Гл. Materiaóy i Prace Komisji Językowej, Ak. Um. t. 2, 1907.

[2] W. Ulanowski: Acta capitulorum nec non iudiciorum ecclesiae. Monumenta medii aevi. T. 16 vol 2, 197-200; M.R.Mаyenowa, Walka o język w życiu i literaturze staropolskiej, W-wa 1955.

[3] St. Hozjusz, Dialogus de eo, num calicem laicis et uxores sacerdotibus permitti ac divina officia vulgari lingua peragi fas sit, Dilinga 1558. Mayenowa, op. cit, 79.

[4] F. Hipler, W. Zakrewski, Hosii epistolae. T. 2 ч. 2, Крак. 1888, б. 622-628; Mayenowa, оp. cit. 177. Цікава тут падкрэсьліць з карэспандэнцыі да Гозьюша ліст Яна Бэнэдыкта, каноніка кракаўскага з 13.12.1553, у якім ён абвінавачвае караля Жыгімонта Аўгуста, што кароль даў дазвол Бэрнарду Ваяводцы і Андрэю Трыцескаму друкаваць па-польску ў Берасьці (Буг) ды адпраўляць Імшу па-польску. Acta hist. res gest. Pol. T. 9, 1888.

[5] Mayenowa, op. cit. 67.

[6] I. T. Baranowski, Podlasie w przededniu unii Lubelskiej Przegl. hist. 179-180. Т. 8-9, 1909, б. 72; Mayenowa, op. cit. 179-18.

[7] Script. rer. Pol. t. 1, 1872, 105; Acta hist. 491; Mayenowa, 177.

[8] A. T. Działynski, Zródłopisma do dziejów unii Korony Polskiej i Wielk. Ks. Lit. cz. 2, 1856, в. 151.

[9] Mayenowa, op. cit. 121. Ekz. Bibl. Korn. 13377.

[10] ibidem, 64, Bibl. Jag. 4398.

[11] Mayenowa, op. cit. 71, 73, 77, 84, 86.

[12] ibidem.

[13] ibidem.

[14] Mayenowa, 91, 104, 107, 109, 110, 117, 118, 125.

[15] Тамсама.

[16] Тамсама.

[17] Krzysztof Opaliński, Satyry albo przestrogi do naprawy rządu. Amsterdam 1650. Mayenowa, 143, 170.

[18] K. Mecherzyński, Hist. jen. niem. Dwut. Lit. 1844.

[19] O.Balzer, Corpus iuris Polonici, t. 4, 136.

[20] T.Wierzbowski, Matricularum Regni Polon. summaria, t. 4, 406.

[21] Acta historica res gestas Pol. t. 8, 446.

[22] W. Pociecha, Walka sejmowa o przywileje kościoła, Mayenowa, 173.

[23] ibd, 173.

[24] Teczki Naruszewicza z 1539, б. 987.

[25] Mayenowa, 175; Metryka Koronna, t. 64, 231.

[26] J.U.Niemcewicz, Zbiór pam. hist, I, 1822, 23.

[27] Annales, 1554.

[28] Działynski, s. 3, 249.

[29] Karol Ogier, Dziennik podróży do Polski, 1635-36/

[30] Mayenowa, 183.

[31] Prof. dr. Władysław Abraham, Polska a chrzest Litwy, Polska i Litwa w dziejowym stosunku, Kr. 1914, 12-20. Гл. таксама Dzieła Karola Szajnochy. Jadwiga i Jagiello, t. 4-7, W-wa, 1877. Длугаш (Opera, ХІІ) падае першы напад Літвы на Польшчу ў 1204 і ў 1209 гадох.

[32] Wadding, Annales Minorum, t. VII, 249, 298.

[33] Ludewig, Reliquiae manuscriptorum, Hallae, 1737, t. XI, b. 506. Hl. taksama: Wl. Abraham, Polska a chrzest Litwy, op. cit. 15. Варта тут дадаць, што крыжакі ў сваіх лістох аспрэчвалі заслугі Ягайлы ў хрысьціянізацыі Літвы, кажучы, што Ягайла не збудаваў ніякіх сьвятыняў ані манастыроў, а тыя, што ёсьць, былі раней для католікаў, дабравольна аселых або палоненых. «Preter monasteria et Christi ecclesias antiquitus propter dispersionem et captivitatem Christi fidelium erecta seu erectas non occurrit nobis, si aliqua ecclesia inibi de novo sit erecta, de qua posset tamquam de sua gloriari"ж). Voigt, Codex dpl. Prussicus, t. V, nr 135.

[34] Міласьцівы каралю, літоўскай мовы я ня ведаю, і ўжо ў маіх старчых гадох ня ёсьць так лёгка навучыцца мовы гэтага народу». Ліст да Длугаша з 25.VІ.1472, Cod. epist. saec. XV, I, 267.

[35] W.Wislocki, Acta rectoralia Almae Univ. Studii Crac. I, 500.

[36] «Statuimus et mandamus... ut ecclesiarum rectores inibi scholas et domos ad inhabitandum habeant iuventuti scholasticae idoneam commodamque construant et parent... sacra Evangelia Epistolasque Pauli, pariter utroque Lithuano et Polono idiomate, discipulis suis ingenuis fideliter interpraetentur».
(Пастаняўляем і даручаем... каб рэктары касьцёлаў мелі альбо будавалі тамсама школы і дамы, прыдатныя для школьнай моладзі і падпарадкоўваліся... і дакладна тлумачылі тутэйшым вучням па-польску і па-літоўску Сьвятыя Эвангэльлі і Лісты Паўла.)

[37] De Baptismo. «Ubi lingua Lithuana vernacula atque communis incolis est, neve ubi maior essentia sacramenti et efficatia habenda est, ibi improbus error in verborum expressione committatur, cum infantuli baptizantur, verborum, quae in baptismo proferuntur, formula non Lithuano idyomate... sed latino sermone exprimatur...» M.Szarffenberg, 1528. (Пра Хрост. «Дзе літоўская мова - мясцовая і агульнапрынятая, і дзе не патрабуецца большай істотнасьці і дзейнасьці сакрамэнту, там дапускаюцца прыкрыя памылкі ў слоўных выразах, калі прыймаюць хрост немаўляты. Неабходна, каб слоўныя формулы, якія прамаўляюцца пры хросьце, выказваліся не літоўскаю гаворкаю, а на лацінскай мове».)

[38] Багамільства - хрысьціянская сэкта 10-14 ст., паўстаўшая на Балканах (Босьні, Баўгарыі, Сэрбіі) ды злучаўшая ў сабе нувукі паўліканаў, маніхэйцаў і мэсальян, адкідала Біблію, а прызнавала толькі Эвангэльле і некаторыя кнігі новага Тэстамэнту; выступала супраць абрадаў і тайнаў, культу крыжа і абразоў; не прызнавала афіцыяльнай царкоўнай герархіі, а мела свае абразы, сваю царкоўную арганізацыю, сваіх сьвятароў і біскупаў. Прызнавала беднасьць першахрысьціянаў за аснову дасканаласьці ды змагалася з грамадзкай няроўнасьцю. Магчыма, што БАГАМІЛЫ прыйшлі ў Літву ў ХІІ ст., калі ішоў востры прасьлед іх праваслаўнай царквой і сьвецкай уладай у Баўгарыі і Сэрбіі. Карысталіся яны славяна-рускай пісьменнасьцю.

[39] Ням.: Бо ён падтрымлівае схізматыкаў і катараў.

[40] «Усіх ліцьвіноў за паходжаннем (natione) абаякага полу». (Natio, onis f азначае па-лаціне: 1) паходжаньне; 2) племя, народ; 3) стан, каста, сэкта . - Заўв. перакл. А.Ж.).

[41] Некаторыя крыніцы называюць праваслаўную сэкту БАГАМІЛАЎ «Тартарамі», апрача намі названых імёнаў: «катараў», «кацэраў», «маніхэйцаў». Так, папа Рыгор ХІІ у лісьце з 25 сакав. 1410 г. да літоўскіх францішканаў (Bullarium Franciscanum t. VII, 203) піша: «...dudum in partibus Ruthenorum et Lithuanorum ac Tartarorum ultra viginti millia hominum Christi virtute ad fidem catholicam conversi fuerint...» («...раней у краях русінаў, ліцьвінаў і тартараў моцаю Хрыста звыш 20 тысячаў былі навернутыя да каталіцкай веры...»).

[42] Скіргайла - таксама імя «паганскае».

[43] «Кароль часта ўпамінаных няверных ліцьвінаў па імені Ягел разам са сваім братам, схізматыкам Скіргайлам, і вялікім мноствам іншых няверных і схізматыкаў...»

[44] «Кароль ліцьвінаў па імені Ягел, далучыўшы да сябе адзінаццаць князёў (regibus) аднолькава вераадступных і незьлічонае мноства паганцаў і схізматыкаў...»

[45] «да святла».

[46] «каб (Вы) прывялі да падобнага».

[47] Польская літаратура хоча бачыць у Андрэю Васіле паляка «z rodu Jastrzкbcуw» з Лэнчыцы (ля Гнезна) Wі. Abraham, Powst. Org. Koњc. Јac. na Rusi, t. I, 285-87; 340-41; Dіugosz, HP III, 469, на той аснове, што ён меў зямельную ўласнасьць у зямлі лэнчыцкай, прытым крыніцы аб гэтай уласнасьці паходзяць пасьля 1389 г. - гэта ёсьць пасьля акту з 20 лютага 1387 г. у Вільні, калі яны разам з іншымі, у тым ліку ў Драгічыне, Берасьцейшчыне і інш., былі яму прызнаныя як крыніцы прыбытку. Андрэй Васіла - так яго называе Liber privilegiorum Віленскай дыяцэзіі.

[48] «Я сам сьведчу вам, што ўспрыняў пачаткі веры як новы хрысьціянін ад многіх багемцаў, дактароў, дасьведчаных у Божым і чалавечым праве».

[49] «Навечна далучыць свае Літоўскія і Рускія землі да Кароны каралеўства Польскага».

[50] «інкарпаруем, уключаем, прысвойваем, злучаем, далучаем, дадаем паводле дамовы і навечна прыядноўваем».

[51] «далучаем і прыядноўваем, жадаючы з Божае ласкі быць іхнім панам і кіраўніком. Абяцаем і абавязваемся дзейсна клапаціцца пра самі гэтыя дзяржавы - Каралеўства і Вялікае Княства і абараняць іх ад усіх ворагаў, з якога боку яны б ні напалі. Абяцаем і прысягаем прыняць дыядэму і карону таго ж Каралеўства Польскага ў найбліжэйшае сьвята Сьв. Яна Хрысьціцеля, на што пагаджаемся ў гэтым лісьце, а таксама прыбыць у Кракаў і там каранавацца ды забавязваемся ратыфікаваць, пацьвердзіць, умацаваць і ўхваліць правы, прывілеі і вольнасьці князёў, прэлатаў, баронаў, баяраў, магнатаў, шляхты, гарадоў і ўсіх жыхароў абедзьвюх дзяржаваў, г.зн. Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага паводле звычаю іншых каралёў і князёў, нашых папярэднікаў у Каралеўстве Польскім і Вялікім Княстве Літоўскім».

[52] Брашура была напісана супраць намінацыі Мацееўскага й супраць нейкай брашуры ў яго карысьць, але дасюль няведамай. Відаць гэта з тэксту: «Wydał ktoś, imię swoje (znać że go wstyd) zataiwszy, pismo, fawor u kogoś sobie łapając...».

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX