Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Парламенцкія формы змагання ў міжваеннай Польшчы 1921 - 1930 гг. 


Аўтар: Пашкевіч Аляксандр Васільевіч,
Дадана: 29-10-2009,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ
Дзяржаўная навуковая ўстанова

ІНСТЫТУТ ГІСТОРЫІ


На правах рукапісу


УДК [947.6 + 328.32 (= 826) (438) (091)] "1921/1930"



Пашкевіч Аляксандр Васільевіч


ПАРЛАМЕНЦКІЯ ФОРМЫ ЗМАГАННЯ ЗА НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ І САЦЫЯЛЬНЫЯ ПРАВЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА Ў МІЖВАЕННАЙ ПОЛЬШЧЫ (1921 - 1930 гг.)


07.00.02 - айчынная гісторыя



Дысертацыя на суісканне вучонай ступені

кандыдата гістарычных навук


Навуковы кіраўнік - доктар гістарычных навук, акадэмік

Касцюк Міхаіл Паўлавіч


Мінск - 2006



ЗМЕСТ

СПІС СКАРАЧЭННЯЎ І АБРЭВІЯТУР...3

УВОДЗІНЫ...4

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА Працы ...6

1. Гістарыяграфія і крыніцы ...10

1.1. Стан даследавання праблемы ...10

1.2. Крыніцы ...16

2. ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ І ПЫТАННЕ ЎДЗЕЛУ Ў ПАРЛАМЕНЦКІХ ВЫБАРАХ У 1921 - 1-Й ПАЛОВЕ 1922 гг. ...21

2.1. Выбары ў Вiленскi сейм у 1921 - 1922 г. і адносiны да іх беларускай грамадскасцi ...21

2.2. Заходнебеларускае грамадства ў пошуку форм палiтычнага змагання ў 1-й палове 1922 г. 30

3. ПАРЛАМЕНЦКАЕ ЗМАГАННЕ ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАГА НАСЕЛЬНІЦТВА Ў 2-ОЙ ПАЛОВЕ 1922 - 1927 гг. ...37

3.1. Выбары ў сейм i сенат 1922 г. у Заходняй Беларусі ...37

3.2. Беларускае парламенцкае прадстаўніцтва ў 1922 - 1925 гг.: эвалюцыя палiтычнай платформы i раскол ...44

3.3. Дзейнасць беларускiх паслоў i сенатараў у 1925 - 1927 гг. ...58

4. ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАЯ ГРАМАДСКАСЦЬ І ПАРЛАМЕНЦКАЕ ЗМАГАННЕ Ў 1928-1930 гг. ...71

4.1. Удзел заходнебеларускіх партый і арганізацый у выбарах у сейм і сенат у 1928 г. ...71

4.2. Парламенцкая дзейнасць беларускiх прадстаўнікоў у 1928 - 1930 гг. ...79

4.3. Заходнебеларускія нацыянальныя арганізацыі на парламенцкіх выбарах 1930 г. ...92

ЗАКЛЮЧЭННЕ ...101

СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ ...104

ДАДАТКІ ...129



СПІС СКАРАЧЭННЯЎ І АБРЭВІЯТУР

АБВК - Агульнабеларускі выбарчы камітэт.

ББСУ - Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам.

БНК - Беларускі нацыянальны камітэт.

БНМ - Блок нацыянальных меншасцей.

БНР - Беларуская Народная Рэспубліка.

БПДА - Беларускае праваслаўнае дэмакратычнае аб'яднанне.

БПК - Беларускі пасольскі клуб.

БПНС - Беларуская партыя незалежных сацыялістаў.

БРНП - Беларуская радыкальная народная партыя.

БСРГ - Беларуская сялянска-работніцкая грамада.

БСРПК - Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб.

БРА - Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя.

БСС - Беларускі сялянскі саюз.

БХД - Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

БЦАВК - Беларускі цэнтральны аб'яднаны выбарчы камітэт.

БЦВК - Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт.

ВКБСР - Выбарчы камітэт беларускіх сялян і работнікаў.

Д.О.К. ІІІ (D.O.K. III - Dowództwo Okręgu Korpusu III) - Камандаванне ІІІ вайсковай акругі-корпусу.

КП(б)Б - Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі.

КПЗБ - Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.

КПП - Камуністычная партыя Польшчы.

КПФ - Камуністычная пасольская фракцыя.

НКУС - Народны камісарыят унутраных спраў.

НПХ (NPCh - Niezależna Partia Chłopska) - Незалежная сялянская партыя.

ППС (PPS - Polska Partia Socjalistyczna) - Польская сацыялістычная партыя.

ПСЛ (PSL - Polskie Stronnictwo Ludowe) - Польская народная партыя.

РНА (РНО - Русское национальное объединение) - Рускае нацыянальнае аб'яднанне.

РСБ - Рабоча-сялянскі блок.

СХ (SCh - Stronnictwo Chłopskie) - Стронніцтво Хлопске (Сялянская партыя).

ТБШ - Таварыства беларускай школы.

УБВБ - Украінска-беларускі выбарчы блок.

УНДА (УНДО - Українськє Національно-Демократичне Об'єднання) - Украінскае нацыянальна-дэмакратычнае аб'яднанне.

УБСК - Украінска-беларускі сеймавы клуб.

ЦАВК - Цэнтральны агульнабеларускі выбарчы камітэт.

ЦБНВК - Цэнтральны беларускі незалежны выбарчы камітэт.

Цэнтрасаюз - Цэнтральны саюз беларускіх культурна-асветных арганізацый і інстытуцый.


УВОДЗІНЫ

Ваенныя і рэвалюцыйныя падзеі 1914-1920 гг. на тэрыторыі Беларусі прыспешылі развіццё беларускага нацыянальнага руху, які перад Першай сусветнай вайной быў перш за ўсё культурна-асветніцкім. У час войнаў і рэвалюцый ён набыў і палітычны характар. Вельмі важнымі для наступнага развіцця гэтага руху сталі 20-я - 30-я гг. ХХ ст., калі сітуацыя ў Еўропе ў цэлым стабілізавалася, а этнічна беларускія землі былі падзелены, увайшоўшы ў склад розных краін. Заходнебеларускія землі пры гэтым былі далучаны да Польшчы.

Нездавальняючае становішча беларускага насельніцтва ў складзе міжваеннай польскай дзяржавы вымушала яго да пастаяннага змагання за свае нацыянальныя і сацыяльныя правы. Яно вялося па двух напрамках: рэвалюцыйная барацьба і парламенцкае змаганне. І калі вывучэнню першага накірунку беларускія даследчыкі заўсёды надавалі шмат увагі, то другі звычайна заставаўся на заднім плане.

У той жа час нават сам факт удзелу беларускіх нацыянальных партый і арганізацый у якасці самастойнай сілы ў парламенцкіх выбарах у Польшчы і правядзенне дэпутатаў-беларусаў быў знамянальным. Гэтым даваўся пераканаўчы адказ на заявы крытыкаў беларускага руху, што апошні з'яўляецца ўнутранай справай нешматлікіх інтэлігенцкіх колаў і не мае ніякіх шанцаў на больш шырокую падтрымку. Адначасова аспрэчвалася і сцверджанне пра нібыта адсутнасць беларусаў у Заходняй Беларусі.

Пад паняццем "Заходняя Беларусь" у працы разумеюцца тыя тэрыторыі міжваеннай Польшчы, на якіх кампактна жыло беларускае насельнітва і на якія распаўсюджвалі свае ўплывы беларускія нацыянальныя партыі і арганізацыі, перш за ўсё ў час выбарчых кампаній у парламент. Гэты рэгіён у той час прыблізна ахопліваў тэрыторыі Віленскага, Навагрудскага (цалкам) і Палескага (без Камень-Кашырскага і Сарненскага паветаў) ваяводстваў, а таксама Гродзенскага, Ваўкавыскага, Бельскага, Беластоцкага і Сакольскага паветаў Беластоцкага ваяводства. Менавіта ў гэтых межах у тэксце ўжываецца тэрмін "ЗаходняяБеларусь" і вытворныя ад яго.

Паняцце "нацыянальныя правы беларускага народа" ўключае ў сябе тыя правы, забеспячэнне якіх гарантавала б беларускаму насельніцтву у межах Польшчы паўнавартаснае развіццё як нацыянальнай супольнасці. У першую чаргу тут маюцца на ўвазе права на беларускамоўную адукацыю, на ўжыванне роднай мовы ў адміністрацыйных і рэлігійных установах, на бесперашкодную дзейнасць нацыянальна-культурных арганізацый. Пад паняццем "сацыяльныя правы беларускага народа" разумеюцца тыя правы, забеспячэнне якіх гарантавала б беларускаму насельніцтву павышэнне агульнага ўзроўню яго жыцця. Змаганне за гэтыя правы заключалася перш за ўсё ў барацьбе за правядзенне справядлівай зямельнай рэформы і аказанне дзяржаўнай дапамогі ў ажыццяўленні пасляваеннай адбудовы, супраць палітыкі вайсковага асадніцтва, несправядлівай сістэмы падаткаабкладання і злоўжыванняў мясцовых адміністрацыйных і паліцэйскіх улад. У рэальнай практыцы змаганне за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа было ўзаемазвязана і праводзілася адначасова.

Пад парламенцкімі формамі змагання разумеецца дзейнасць, скіраваная на практычную рэалізацыю нацыянальных і сацыяльных правоў з дапамогай легальных дэмакратычных механізмаў, гарантаваных дзяржаўным заканадаўствам. Перш за ўсё гэта ўдзел беларускіх нацыянальных арганізацый у выбарчых кампаніях у польскі парламент і наступная дзейнасць выбраных нацыянальных прадстаўнікоў у яго складзе.

Храналагічна даследаванне ахоплівае перыяд ад пачатку 1921 да лістапада 1930 г. Крайнімі яго пунктамі вызначаны выбары ў Віленскі сейм 8 студзеня 1922 г. (падрыхтоўка да якіх ішла на працягу ўсяго 1921 г.) і выбары ў польскія сейм і сенат 16 і 23 лістапада 1930 г. адпаведна. Выбары ў Віленскі сейм цікавяць нас як першая магчымасць для заходніх беларусаў - жыхароў Віленшчыны ўдзелу ў выбарчай кампаніі, праўда, скарыстаная імі не поўнасцю. У той жа час выбары 1930 г. былі апошнімі парламенцкімі выбарамі ў міжваеннай Польшчы, у якіх актыўны ўдзел бралі беларускія нацыянальныя арганізацыі. Няўдача ў іх прывяла да фактычнай ліквідацыі беларускага прадстаўніцтва ў польскім парламенце, пасля чаго магчымасць змагацца за свае правы парламенцкімі метадамі аказалася для заходніх беларусаў практычна страчана.


АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ПРАЦЫ

Актуальнасць тэмы дысертацыі. Працэс пабудовы беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, які адбываецца ў сучасны перыяд, вымагае ад грамадства ведання яе вытокаў. Пры гэтым важна ведаць усе асаблівасці развіцця нацыянальнага беларускага руху ў розных гістарычных абставінах.

У 20-я - 30-я гг. ХХ ст. беларускі нацыянальны рух развіваўся ва ўмовах падзеленасці беларускага народа паміж рознымі дзяржавамі. Кожная з іх мела адметнасці ў палітычным уладкаванні, адпаведна і беларускі рух на іх тэрыторыях меў розныя ўмовы для развіцця. Польшча, у склад якой уваходзіла заходняячастка этнічна беларускіх зямель, афіцыйна давала сваім грамадзянам магчымасць рэалізацыі ўласных патрабаванняў парламенцкім шляхам. Гэтым паспрабавалі скарыстацца і заходнебеларускія нацыянальныя дзеячы.

Дадзены аспект змагання беларусаў у міжваеннай Польшчы не атрымаў вычарпальнага адлюстравання ў айчыннай гістарыяграфіі. Да гэтай пары тут заставалася шмат не да канца высветленых пытанняў. Між тым беларускае парламенцкае прадстаўніцтва займала важнае становішча ў заходнебеларускім нацыянальным руху, з'яўляючыся па сутнасці яго кіраўнічым цэнтрам. Ва ўмовах недаступнасці для непалякаў пасад у польскіх дзяржаўных органах выканаўчай улады ўдзел у выбарах і наступная праца ў парламенце была для беларусаў фактычна адзінай легальнай магчымасцю займацца палітычнай дзейнасцю. У час выбарчых кампаній у парламент актывізоўвалася дзейнасць беларускіх партый, у выніку чаго паглыбляліся іх кантакты з насельніцтвам, павялічвалася колькасць прыхільнікаў беларускай ідэі.

У гэтай сітуацыі мы не можам абысціся без усебаковага вывучэння дзейнасці заходнебеларускіх нацыянальных арганізацый у час парламенцкіх выбараў у міжваеннай Польшчы і наступнай дзейнасці выбраных народам прадстаўнікоў. Акрамя высвятлення і тлумачэння многіх раней невядомых фактаў, сёння патрабуе перагляду шэраг стэрэатыпных падыходаў, якія склаліся ў дачыненні да гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы ў айчыннай гістарыяграфіі.

Таму ў сучасны момант наспела неабходнасць з улікам дасягненняў айчыннай і замежнай гістарычнай навукі сістэмна прааналізаваць дзейнасць прадстаўнікоў заходнебеларускай грамадскасці ў час выбарчых кампаній і ў парламенце міжваеннай Польшчы, даць ёй ацэнку, выявіць дасягненні і пралікі беларускіх парламентарыяў, паказаць іх уплыў на жыццё грамадства.

Сувязь працы з буйнымі навуковымі праграмамі, тэмамі. Дадзенае даследаванне выканана ў межах тэмы "Беларусь у сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах ХХ ст.", якая распрацоўвалася ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20021020). Тэрмін выканання: 2003 - 2005 гг.

Мэта і задачы даследавання. Мэта працы - аналіз удзелу заходнебеларускіх партый і арганізацый міжваеннага перыяду ў выбарчых кампаніях у парламент Польскай Рэспублікі і разгляд наступнай парламенцкай дзейнасці выбраных дэпутатаў-беларусаў.

Дасягненне мэты даследавання патрабавала вырашэння наступных задач:

- вызначыць прычыны і перадумовы парламенцкага змагання прадстаўнікоў беларускага грамадства ў міжваеннай Польшчы;

- высветліць значэнне парламенцкіх выбарчых кампаній для пашырэння беларускай нацыянальнай свядомасці сярод заходнебеларускіх інтэлігенцыі і сялянства;

- прааналізаваць асноўныя напрамкі дзейнасці дэпутатаў-беларусаў у польскім парламенце, прасачыць змену іх парламенцкай тактыкі ў залежнасці ад наяўнай палітычнай сітуацыі;

- акрэсліць асноўныя фактары ўнутранага і знешняга ўздзеяння на беларускія фракцыі ў польскім парламенце і выявіць ступень уплыву кожнага з іх;

- вызначыць прычыны змяншэння ролі парламенцкага змагання ў палітычнай дзейнасці беларусаў у Польшчы ў канцы 1920-х гг.

Аб'ектам даследавання з'яўляецца беларускі нацыянальны рух у міжваеннай Польшчы.

Прадмет даследавання - арганізацыя і правядзенне выбарчых кампаній беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, змаганне выбраных народам прадстаўнікоў за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў польскім парламенце, іх узаемаадносіны з іншымі палітычнымі сіламі.

Метадалогія і метады праведзенага даследавання. Пры выкананні працы аўтар карыстаўся гісторыка-генетычным метадам, з дапамогай якога высвятляліся ўзаемасувязі заходнебеларускага нацыянальнага руху 1920-х гг. з дзейнасцю беларускіх нацыянальных дзеячаў у папярэдні перыяд. Гісторыка-параўнальны метад даў магчымасць вызначыць падабенствы і адрозненні ў правядзенні выбарчых кампаній і наступнай парламенцкай працы паслоў-беларусаў у параўнанні з прадстаўнікамі іншых нацыянальных меншасцей. Таксама ў працы выкарыстоўваліся агульналагічныя і агульнанавуковыя метады пазнання.

Навуковая навізна і значнасць атрыманых вынікаў. У дысертацыі ўпершыню:

- падрабязна разгледжана дзейнасць заходнебеларускіх нацыянальных партый і арганізацый у час выбарчых кампаній у польскі парламент;

- праведзены шматбаковы аналіз парламенцкай дзейнасці выбраных беларускіх прадстаўнікоў;

- прасочаны ўплыў на гэтую дзейнасць важнейшых як унутры-, так і знешнепалітычных фактараў;

- высветлены пытанні ўзаемадзеяння заходнебеларускага нацыянальнага руху з падобнымі рухамі іншых нацыянальных меншасцей Польшчы;

- паказаны ўплыў беларускіх парламенцкіх фракцый на заходнебеларускае палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё, роля іх як безумоўных цэнтраў заходнебеларускага нацыянальнага руху;

- у навуковы ўжытак уведзены новыя архіўныя матэрыялы.

Практычная значнасць атрыманых вынікаў. Высновы і матэрыялы дысертацыі могуць быць выкарыстаны пры выкладанні гісторыі развіцця беларускага нацыянальнага руху ў навучальных установах Рэспублікі Беларусь. Даследаванне таксама можа быць крыніцай звестак пры падрыхтоўцы агульных прац і навучальных дапаможнікаў як па гісторыі Беларусі ў цэлым, так і Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы ў прыватнасці.

Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:

1. Пераход заходнебеларускіх нацыянальных арганізацый да парламенцкіх форм барацьбы ў межах польскай дзяржавы быў выкліканы перш за ўсё агульнай стабілізацыяй палітычнага становішча ў Еўропе і ў сувязі з гэтым стратай спадзяванняў большасці заходнебеларускай нацыянальнай інтэлігенцыі на здабыццё ў бліжэйшы час дзяржаўнай незалежнасці.

2. Выбары ў польскі парламент мелі вялікае значэнне для развіцця кантактаў заходнебеларускай інтэлігенцыі, якая мела актыўную грамадзянскую пазіцыю, з беларускім насельніцтвам у межах Польскай Рэспублікі. У час выбарчых кампаній да беларускага руху далучалася шмат людзей, якія перад гэтым удзелу ў ім не прымалі.

3. Беларускае парламенцкае прадстаўніцтва практычна адразу пасля свайго стварэння стала сапраўдным цэнтрам заходнебеларускага нацыянальнага руху, на які арыентавалася ў сваёй дзейнасці большая частка беларускіх нацыянальных арганізацый у Польшчы. Вялікі ўплыў беларускіх паслоў і сенатараў на палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі абумоўліваўся, тым фактам, што яны, у адрозненне ад іншых нацыянальных дзеячаў, атрымалі свае паўнамоцтвы непасрэдна з рук самога народа.

4. У сувязі з грамадска-палітычнымі абставінамі ў польскай дзяржаве беларускія парламентарыі некалькі разоў мянялі сваю тактычную лінію, аднак ніводная з іх да канца сябе не апраўдала, перш за ўсё па прычыне негатоўнасці да рэальных саступак на карысць беларусаў польскіх дзяржаўных улад і парламенцкай большасці. Тым не менш, дзейнасць беларускіх прадстаўнікоў мела вялікае значэнне для павышэння ўзроўню нацыянальнай свядомасці беларусаў у Польшчы.

5. Раскол беларускага парламенцкага прадстаўніцтва ў 1925 г. адбыўся перш за ўсё пад уплывам знешніх фактараў, у першую чаргу ціску з боку камуністычных сіл. У той жа самы час цэнтрабежныя тэндэнцыі ў Беларускім пасольскім клубе (БПК) мелі свае асаблівасці ў параўнанні з іншымі падобнымі фракцыямі польскага парламента па прычыне цесных сувязей часткі дэпутатаў з лідэрамі т. зв. "сэцэсіі" ў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ).

6. Адсутнасць адзінства ў асяродку заходнебеларускага нацыянальнага руху разам са зменай агульнай палітычнай сітуацыі ў Польшчы пасля дзяржаўнага пераварота 1926 г. стала галоўнай прычынай няўдач беларускіх арганізацый на парламенцкіх выбарах 1928 і 1930 гг. Няздольнасць прыйсці да паразумення паміж сабой нават ідэалагічна блізкіх дзеячаў сведчыла пра незавершанасць працэсу фарміравання заходнебеларускай палітычнай эліты.

Асабісты ўклад суіскальніка. Пры напісанні дысертацыі аўтарам выкарыстоўваліся разнастайныя архіўныя матэрыялы, значная частка якіх уведзена ў навуковы ўжытак упершыню. Важным аспектам асабістага ўкладу з'яўляецца аналіз удзелу заходнебеларускіх нацыянальных палітычных партый і грамадскіх арганізацый у выбарчых кампаніях у т. зв. Віленскі сейм і польскі парламент у 1920-я гг. Аўтар паказаў, што ўдзел у гэтых кампаніях меў важнае значэнне для ўсталявання і паглыблення кантактаў заходнебеларускай інтэлігенцыі з насельніцтвам. Аўтар прыйшоў да высновы, што на дзейнасць беларускіх прадстаўнікоў у польскім парламенце вялікае ўздзеянне аказвалі знешнія фактары, у асноўным пад уплывам якіх адбыўся раскол парламенцкага прадстаўніцтва, і разам з тым усяго заходнебеларускага нацыянальнага руху.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі. Вынікі даследавання дакладваліся на 9 міжнародных і беларускіх канферэнцыях: 2-й беларуска-польскай канферэнцыі архівістаў «Беларуска-польскія архіваліі: стан і перспектывы» (10-11 кастрычніка 2001 г., г. Мінск), Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларусь-Украіна: гістарычны вопыт узаемаадносін" (18-19 сакавіка 2003 г., г. Мінск); Рэспубліканскай канферэнцыі маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі "Моладзь у навуцы" (28 кастрычніка - 2 лістапада 2003 г., г. Мінск); Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі "Сучасныя праблемы гістарыяграфіі" (28 лістапада 2003 г., г. Мінск); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Пілсудскі свету - свет Пілсудскаму: міжнародныя аспекты жыцця і дзейнасці Юзэфа Пілсудскага» (20-21 сакавіка 2004 г., г. Люблін), Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Канфесіі ў Беларусі: гісторыя, сучаснасць» (7-8 кастрычніка 2004 г., г. Брэст), Навукова-практычнай канферэнцыі "І.М.Ігнаценка - гісторык, выкладчык, арганізатар навукі" (28 снежня 2004 г., г. Мінск), Дванаццатай штогадовай міжнароднай міждысцыплінарнай канферэнцыі па іўдаіцы (1-3 лютага 2005 г., г. Масква), Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларуская сялянска-работніцкая грамада ў кантэксце нацыянальнага Адраджэння ХІХ-ХХ ст." (4 - 5 чэрвеня 2005 г., г. Мінск).

Апублікаванасць вынікаў. Вынікі даследавання апублікаваны ў 14 артыкулах, у тым ліку 5 - у навуковых часопісах, 9 - у матэрыялах навуковых канферэнцый. Агульны аб'ём друкаваных матэрыялаў склаў 95 стар.

Структура і аб'ём дысертацыі. Дысертацыя складаецца са спісу скарачэнняў і абрэвіятур, уводзін, агульнай характарыстыкі працы, чатырох глаў, заключэння, спісу выкарыстаных крыніц і літаратуры (479 назваў) і 10 дадаткаў. Агульны аб'ём дысертацыі - 162 стар., з іх бібліяграфія - 25 стар., дадаткі - 34 стар.


1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ

1.1. Стан даследавання праблемы

Першыя спробы даследавання становішча беларускага насельніцтва ў Польшчы былі зроблены яшчэ ў 20-я - пачатку 30-х гг. ХХ ст. У БССР у гэты час выдаецца шэраг прац, прысвечаных дадзенай тэматыцы [156; 151, 24; 106; 18; 233]. Сярод іншых аспектаў закраналіся пытанні парламенцкіх выбарчых кампаній на тэрыторыі Заходняй Беларусі і наступнай дзейнасці прадстаўнікоў беларускага народа ў польскіх cейме і сенаце. Аднак варта адзначыць, што пераважная большасць гэтых выданняў была не столькі навуковага, колькі прапагандысцкага характару, таму мела ўсе характэрныя для падобнага роду літаратуры хібы. У выніку апісанню парламенцкай барацьбы беларускіх партый і арганізацый надавалася прыкметна менш увагі, чым разгляду дзейнасці рэвалюцыйных арганізацый. Тым не менш, некаторыя аўтары і ў тых умовах пэўным чынам закранулі дадзены аспект. У першую чаргу тут можна адзначыць брашуры М. Лучаніна і Я. Багданскага з Л. Бабровічам, артыкул "Сучасная Польшча і Заходняя Беларусь" у зборніку "ЗаходняяБеларусь". У 1926 г. быў выдадзены зборнік "Інтэрпэляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм" [115], у вялікай прадмове да якога сярод іншага аналізаваліся некаторыя аспекты дзейнасці беларускіх парламентарыяў. Характэрна, што першапачаткова ў беларускай савецкай гістарыяграфіі ў цэлым станоўча ацэньвалася дзейнасць усіх без выключэння беларускіх паслоў і сенатараў, нават тых, якія не далучыліся да пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) ў 1925 г. Іх апазіцыя Грамадзе ацэньвалася як "памылка". У гэтым сэнсе паказальны артыкул У.Каліноўскага, у якім паслы Ф.Ярэміч і А.Станкевіч называліся "выдатнымі беларускімі грамадзянскімі і палітычнымі дзеячамі", і пры гэтым адзначалася, што "для сьвядомай часткі насельніцтва Заходняй Беларусі памылкі ў паводзінах і праграме "Сялянскага Саюзу" - бясспрэчны; справа толькі ў тым, наколькі заснавацелі "Сялянскага Саюзу" самі памыліліся і наколькі яны сьвядома сказілі ісьціну" [117, c. 133, 135].

Аднак з цягам часу афіцыйная савецкая гістарыяграфія, адлюстроўваючы ўсе асноўныя тэндэнцыі палітычнага і грамадскага развіцця ў СССР, праводзіць больш выразнае размежаванне. Дзейнасць сеймавых паслоў з клуба БСРГ, а пазней з Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба (БСРПК) "Змаганне", ацэньвалася выключна станоўча, у той час як на іх беларускіх апанентаў навешваліся шматлікія ярлыкі. Так, заснаваныя і кіраваныя пасламі А.Станкевічам, Ф.Ярэмічам і В.Рагулем арганізацыі называліся "контр-рэвалюцыйнымі партыямі - агентамі польскага імпэрыялізму, абаронцамі інтарэсаў заможных кляс Польшчы і Заходняй Беларусі" [17, c. 28].

У 1930-я гг. адбыўся радыкальны паварот савецкай партыйнай і дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да заходнебеларускага руху. Змены праявіліся ў рэпрэсіях супраць яго кіраўнікоў. Пад іх патрапілі практычна ўсе былыя беларускія дэпутаты, якія прытрымоўваліся ў сваёй дзейнасці прасавецкай арыентацыі. Таму кардынальна змяняецца і раней станоўчая ацэнка іх дзейнасці ў тагачаснай савецкай гістарыяграфіі, якая ўсё больш страчвала навуковы характар. Красамоўнай ілюстрацыяй тагачаснага стану гістарычнай навукі ў савецкай Беларусі могуць служыць назвы некаторых выдадзеных тады "навуковых" прац па заходнебеларускай праблематыцы: "Выкрыцьце правакатарскай банды Луцкевіча-Дварчаніна - перамога нацыянальна-вызваленчага руху на Заходняй Беларусі", "Як беларуская Хадэцыя гандлюе крывёю рабочых і сялян" [22; 65] і інш. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што месцам выдання гэтых брашур пазначалася Вільня, усе яны выдаваліся ў Мінску і прызначаліся выключна для прапагандысцкіх мэтаў [201, a. 162 - 163].

Польскія гісторыкі ў міжваенны перыяд не праяўлялі асаблівай цікавасці да даследавання беларускай праблематыкі ў ІІ Рэчы Паспалітай. Выходзілі ў друк толькі невялікія працы, на старонках якіх у першую чаргу звярталася ўвага на дэмаграфічныя, гаспадарчыя і культурныя праблемы Заходняй Беларусі, а пра палітычную дзейнасць беларускіх прадстаўнікоў згадвалася толькі мімаходзь [460; 461; 444; 386; 471]. Праўда, у 1928 г., пасля заканчэння тэрміну дзеяння парламента І склікання, польскія навукоўцы выдалі з гэтай нагоды грунтоўнае, багата ілюстраванае выданне [395], у якім сярод іншага былі змешчаны дастаткова падрабязныя артыкулы па гісторыі кожнай з існаваўшых парламенцкіх фракцый, а таксама біяграфіі ўсіх паслоў і сенатараў з фотакарткамі. Некаторыя датычныя іх цікавыя факты і статыстыка прыводзіліся на старонках тагачасных навукова-папулярных выданняў, прысвечаных агульнай дзейнасці польскага парламента [370; 379]. На стыку гістарыяграфіі і крыніцазнаўства знаходзяцца змястоўныя парламенцкія рэпартажы журналіста Б.Сінгера, якія ўжо ў пасляваенны час былі выдадзены асобнай кнігай у Парыжы [449]. У іх аўтар значную ўвагу надаваў разгляду становішча ў сейме і сенаце клубаў нацыянальных меншасцей, у тым ліку беларускага.

Аднак у цэлым вялікую цікавасць да палітычнага жыцця беларускага грамадства ў гэты час фактычна праяўлялі толькі прадстаўнікі розных польскіх спецслужбаў, і менавіта іх супрацоўнікамі былі напісаны некалькі даволі грунтоўных аналітычных прац. Сярод іх вылучаецца падрыхтаваны афіцэрамі ІІ аддзела Генеральнага штаба польскага войска "Кароткі нарыс беларускага пытання" [372], у якім падрабязна разглядаюцца многія праблемы палітычнай дзейнасці беларусаў у Польшчы, у тым ліку і парламенцкай. Гэта выданне з'яўляецца перш за ўсё каштоўнай гістарычнай крыніцай, але аналітычны характар выкладання фактаў дазваляе залічыць яго і да гістарыяграфіі. Падобныя агульныя выданні польскіх МУС і МЗС, падрыхтаваныя таксама ў першую чаргу дзеля выкарыстання ў практычнай дзейнасці гэтых устаноў, значна саступаюць "Кароткаму нарысу..." як па інфармацыйнаму напаўненню, так і па глыбіні аналізу [458; 357]. У той жа час несумненную каштоўнасць мае аналітычная справаздача МУС, цалкам прысвечаная дзейнасці БСРПК "Змаганне" [333]. Сама назва працы - "Б.С.Р.П.К. як агентура Камінтэрну" характарызуе стаўленне аўтараў да дзейнасці беларускіх леварадыкальных парламентарыяў.

Поўная забарона на вывучэнне палітычнай дзейнасці беларусаў у міжваеннай Польшчы, якая існавала ў СССР ад часу рэпрэсіравання КПЗБ у 1938 г., фактычна дзейнічала да 1956 года. У гэты перыяд дадзеная праблематыка часткова закраналася толькі ў кнізе Я. Найдзюка, выдадзенай у час нямецкай акупацыі [177].

Новы этап у вывучэнні жыцця часткі беларускага народа ў складзе польскай дзяржавы пачаўся пасля крытыкі культу асобы Сталіна на ХХ з'ездзе КПСС у 1956 годзе. З 2-ой паловы 50-х да пачатку 90-х гг. ХХ ст. у БССР выйшла шмат літаратуры па раней забароненай тэматыцы. Выданні закраналі розныя аспекты гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, аднак асноўная ўвага аддавалася вывучэнню гісторыі КПЗБ. Першым з выданняў падобнай тэматыкі выйшла ў свет невялікае даследаванне М. С. Арэхвы [13]. Пасля гэтага ў 1960-я гг. з'явілася калектыўная праца "Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921-1939 гг.)" [247], а таксама манаграфіі У.А.Палуяна, І.В. Палуяна, А. М. Мацко, Т.Ю.Глінскай, А.А.Сарокіна і інш [235; 162; 173; 259]. Тое, што гэтымі працамі фактычна з нуля распачыналася навуковае даследаванне праблемы, вызначыла як іх вартасці, так і недахопы. Кожнае з выданняў з'яўлялася ў пэўным сэнсе наватарскім, бо разглядала новую, раней практычна недаследаваную тэму, уводзячы ў навуковы ўжытак шматлікія архіўныя дакументы. Аднак іх аўтары з самага пачатку падпарадкоўваліся пэўным канонам у асвятленні тэмы, поўнасцю адпаведным пануючай у дзяржаве камуністычнай ідэалогіі. Гэтая ідэалогія практычна не пакідала месца на даследаванне парламенцкага змагання беларусаў у міжваеннай Польшчы, бо апошняе апрыёрна разглядалася як другараднае ў параўнанні з рэвалюцыйнай барацьбой, і таму не вартае больш пільнай увагі. Тым не менш, гісторыкі не маглі абысці увагай такія значныя з'явы ў гісторыі заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху, як Беларуская сялянска-работніцкая грамада і Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб "Змаганне". Сярод іншага ў большай ці меншай ступені разглядалася дзейнасць лідэраў гэтых арганізацый - сеймавых паслоў. Асабліва шмат у параўнанні з іншымі ўдзяліў гэтаму ўвагі ў сваёй манаграфіі пра БСРГ У. А. Палуян [211]. Акрамя таго, А.С.Ліс у сярэдзіне 1960-х гг. напісаў змястоўную і цікавую біяграфію аднаго з самых знакамітых і яскравых беларускіх парламентарыяў - Браніслава Тарашкевіча [144]. Дзейнасці Тарашкевіча ў якасці сеймавага пасла прысвечаны 2 раздзелы гэтай працы.

У 70-80-я гг. ХХ ст. ў беларускую гістарычную навуку прыйшло шмат новых даследчыкаў заходнебеларускай праблематыкі - П.І. Зялінскі, У.Ф. Ладысеў, С.У. Кабяк, А.А. Віхраў, Г. Б. Ватковіч, М.А. Ракевіч, С.В. Говін і інш. Працягвалі актыўную дзейнасць А.М. Мацко, У.А. Палуян, І.В. Палуян, Б.С. Клейн. Адпаведна значна ўзрасла агульная колькасць прац па гісторыі міжваеннай Заходняй Беларусі, у першую чаргу па гісторыі КПЗБ [162; 60; 61; 62; 137; 138; 123; 107; 108; 121; 136; 234; 236]. Праўда, парламенцкая дзейнасць беларусаў у Польшчы па-ранейшаму заставалася на перыферыі даследаванняў. Аднак у параўнанні з папярэднім часам даследаванне працы КПЗБ у час выбарчых кампаній і некаторых аспектаў дзейнасці парламенцкіх фракцый левага напрамку ўсё ж рабілася больш грунтоўна, хоць асноўны акцэнт па-ранейшаму ставіўся на вывучэнне пазапарламенцкай працы леварадыкальных паслоў. Некаторыя даследчыкі ў сваіх працах нават выдзялялі на гэта асобныя раздзелы. Так, напрыклад, П. І. Зялінскі ў адной са сваіх манаграфій вылучае раздзел "Праца КПЗБ у рэвалюцыйна-дэмакратычных арганізацыях і выбарчых кампаніях" [107, c. 72 - 98], а У. Ф. Ладысеў - "Гістарычны вопыт парламенцкай дзейнасці КПЗБ" [136, c. 35 - 53]. Даволі падрабязна розныя аспекты дзейнасці БСРПК "Змаганне" разглядаюць У. А. Палуян [211; 234] і С. В. Говін [74].

Цікавы матэрыял утрымліваецца ў шэрагу прац М.С. Сташкевіча (адна з іх - у сааўтарстве з І. І. Коўкелем) [267; 126; 268]. Праўда, нягледзячы на заяўленыя шырокія храналагічныя рамкі - 1917 - 1925 гады, падрабязны аналіз падзей ва ўсіх выданнях фактычна заканчваецца 1921 ці 1922 гадамі. Тым не менш, гэтыя працы маюць значэнне для разумення перадумоў для пачатку парламенцкага змагання беларусаў у міжваеннай Польшчы.

Акрамя прац па гісторыі КПЗБ некаторыя, часцей за ўсё ўрыўкавыя, звесткі пра асобныя напрамкі дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў у польскім парламенце, змяшчаюцца ў манаграфіях беларускіх навукоўцаў 50-80-х гг. ХХ ст., прысвечаных пэўным пытанням сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця заходнебеларускіх зямель у складзе Польшчы ў міжваенны перыяд. Асабліва тут трэба адзначыць працы А. А. Сарокіна і Б. Я. Кухарава, прысвечаныя развіццю сельскай гаспадаркі ў Заходняй Беларусі [258; 133].

Паралельна з беларускімі даследчыкамі ў гэты час тэму распрацоўвалі польскія гісторыкі. Сярод іх асабліва вылучаюцца працы А.Бергман. Яна ў 1977 г. выдала кнігу пра Б.Тарашкевіча [322], а ў 1984 г. выйшла ў свет грунтоўная праца "Беларускія справы ў ІІ Рэчы Паспалітай" [323], дзе былі абагулены вынікі больш чым 30-гадовай творчай дзейнасці даследчыцы. Акрамя гісторыі леварадыкальных арганізацый А. Бергман упершыню ў сваіх даследаваннях закранула, хоць і павярхоўна, праблему дзейнасці ў польскім парламенце беларускіх цэнтрысцкіх пасольскіх клубаў.

Праблематыка парламенцкай барацьбы беларусаў у той ці іншай ступені закраналася і ў агульных працах, прысвечаных польскаму парламентарызму. У першую чаргу тут трэба згадаць фундаментальныя працы А.Айнэнкеля [296; 297]. Асобны артыкул пра дзейнасць беларускіх прадстаўнікоў у польскім парламенце І склікання выдаў С. Стэмпень [447]. Некаторыя аспекты выбарчых кампаній у паўночна-ўсходніх ваяводствах Польшчы і наступнай дзейнасці беларускіх парламентарыяў прама ці ўскосна закраналіся ў шэрагу прац польскіх даследчыкаў таго перыяду, прысвечаных гісторыі польскіх палітычных партый і арганізацый і нацыянальнаму пытанню ў міжваеннай Польшчы [354; 356; 348; 349; 350; 351; 455].

Канец 80-х - пачатак 90-х гадоў ХХ ст. распачаў новы этап у гісторыі беларускай гістарыяграфіі. Пасля падзення камуністычнай сістэмы гісторыкі займелі магчымасць распрацоўваць тыя праблемы, даследаванне якіх раней не віталася. Не стала выключэннем і азначаная тэма. Адбылося агульнае павелічэнне колькасці даследаванняў, у якіх у той ці іншай ступені разглядаліся розныя аспекты дзейнасці беларускіх фракцый у парламенце міжваеннай Польшчы. У першую чаргу тут трэба адзначыць артыкулы А. Сідарэвіча, А. Цітовай, Н. Мяшковіч, М. Ключынскага [256; 284; 175; 290; 122]. Абудзіўся інтарэс і да вывучэння біяграфій беларускіх парламентарыяў, у працэсе якога былі выяўлены шматлікія невядомыя раней факты з іх жыцця і дзейнасці. Артыкулы пра І.Дварчаніна, Я.Гаўрыліка, С.Рак-Міхайлоўскага, Б.Тарашкевіча, В.Багдановіча, Ф.Ярэміча, А.Станкевіча, С.Якавюка апублікавалі У.Адамушка, М. Бандарэнка, А.Ліс, Ю.Лабынцаў, С.Ёрш, А.Пяткевіч, А.Сідарэвіч, А.Вашкевіч, Дз. Нарэль і інш. [2; 3; 5; 20; 56; 57; 134; 135; 145; 239; 255] Кнігу, прысвечаную жыццю і дзейнасці І.Дварчаніна, выдалі гродзенскія даследчыкі Я.А.Місарэвіч і М.Д.Каралёў [166]. Яна ўтрымлівае вялікі фактаграфічны матэрыял, аднак значным яе недахопам з'яўляецца захаванне стэрэатыпнага падыходу да апісання палітычнай дзейнасці гэтай асобы. Біяграфічныя артыкулы пра большасць беларускіх прадстаўнікоў у парламенце міжваеннай Польшчы, а таксама пра БПК і звязаныя з ім арганізацыі былі ўключаны ў шматтомнае выданне "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі" [2; 4; 48; 49; 50; 51; 54; 67; 72; 99; 120; 132; 141; 142; 143; 147; 153; 164; 168; 169; 212; 213; 251; 253; 254], а таксама ў іншыя беларускія біяграфічныя даведнікі [66; 160; 161; 240].

Дзейнасць арганізацыі "Змаганне" ў Заходняй Беларусі ў 1927 - 1930 гг. стала тэмай дысертацыйнага даследавання В.В.Даніловіча [88]. Асобныя раздзелы працы прысвечаны ўдзелу беларускіх радыкальных арганізацый у парламенцкіх выбарах 1928 і 1930 гг., а таксама дзейнасці дэпутатаў БСРПК "Змаганне" ў польскім сейме ў 1928 - 1930 гг. Аўтар зрабіў спробу перагледзець некаторыя стэрэатыпныя ацэнкі, прынятыя раней у айчыннай гістарыяграфіі ў дачыненні да адзначанай арганізацыі. Асобныя аспекты дзейнасці паслоў "Змагання" разгледжаны аўтарам і ў шматлікіх апублікаваных ім навуковых артыкулах [82; 83; 84; 85; 86; 87; 89; 90; 91; 92; 93].

Закранаў пытанне змагання беларускіх прадстаўнікоў у польскім парламенце А. М. Вабішчэвіч [46, 47]. Праўда, у асноўным пад увагу аўтара патрапіла пазапарламенцкая дзейнасць беларускіх паслоў і сенатараў, якая мела на мэце змяненне дыскрымінацыйнай палітыкі польскага ўрада ў культурна-адукацыйнай сферы, аднак гэта не выключала выхаду і на разгляд уласна парламенцкай працы паслоў-беларусаў у азначаным накірунку.

Шмат даследаванняў з'явілася ў гэты перыяд у Польшчы. Спецыяльныя раздзелы выбарам у сейм і сенат і наступнай дзейнасці беларускіх парламентарыяў прысвяцілі ў сваіх працах К. Гамулка і М.Куркевіч [364; 365; 366; 374]. У кнізе З. Тамчонак, прысвечанай дзейнасці ў Заходняй Беларусі польскіх левацэнтрысцкіх партый, ёсць інфармацыя пра ход выбарчых кампаній у паўночна-заходніх выбарчых акругах [456]. Гісторыі т. зв. Сярэдняй Літвы і выбарам у Віленскі сейм прысвяцілі свае навуковыя даследаванні З. Краеўскі і А. Срэбракоўскі [371; 443]. Усе гэтыя працы абапіраюцца ў асноўным на крыніцы польскага паходжання, у той час як беларускія матэрыялы практычна адсутнічаюць. У той жа час бясспрэчнай вартасцю гэтых манаграфій з'яўляецца шырокае асвятленне пытанняў агульнага характару.

На сучасным этапе польскімі гісторыкамі вядзецца праца над пяцітомным біяграфічным даведнікам "Паслы і сенатары ІІ Рэчы Паспалітай" [399; 400], у якім сярод іншых ёсць біяграфічныя артыкулы пра беларускіх парламентарыяў. Аўтары даведніка ўводзяць у навуковы ўжытак некаторыя раней невядомыя факты з іх жыцця, выяўленыя ў польскіх архівах, аднак у цэлым адсутнасць узаемадзеяння пры падрыхтоўцы выдання з беларускімі калегамі адмоўна адбіваецца на паўнаце звестак пра многіх паслоў і сенатараў.

Вылучаюцца сярод іншых здабыткаў польскай гістарыяграфіі на заходнебеларускую тэматыку працы, падрыхтаваныя прадстаўнікамі беластоцкай школы, часцей за ўсё беларусамі па паходжанні. Вартасць манаграфій і артыкулаў гісторыкаў з Беластока вызначаецца тым, што яны працуюць на стыку дзвюх гістарыяграфічных традыцый. Асобныя аспекты дзейнасці беларускіх сеймавых паслоў і сенатараў закраналі ў сваіх даследаваннях Я.Мірановіч, Х. Маецкі, М.Мароз, Х. Глагоўска, Я. Вапа [383; 165; 378; 362; 363; 69; 70; 71; 459; 464].

Несумненную важнасць для даследавання пытання месца беларускіх фракцый у польскім парламенце маюць працы польскіх гісторыкаў, прысвечаныя дзейнасці парламенцкіх прадстаўніцтваў іншых нацыянальных меншасцей, а таксама асобных польскіх партый [368; 451; 476; 477; 358; 410]. Найбольшую цікавасць для нас уяўляюць даследаванні на тэму дзейнасці ўкраінскага парламенцкага прадстаўніцтва [393; 394; 105], улічваючы культурную і сацыяльную блізкасць беларускага і ўкраінскага народаў і нязменныя саюзніцкія адносіны іх прадстаўнікоў у польскіх парламентах усіх скліканняў. Таму ўсе працэсы, якія адбываліся ўнутры адной з фракцый, непазбежна ўплывалі на складванне адносін у другой.

У той жа час, нягледзячы на адзначаныя вышэй дасягненні, ні ў беларускай, ні ў польскай гістарыяграфіі да гэтай пары не было асобнага грунтоўнага даследавання, тэмай якога з'яўлялася б парламенцкая дзейнасць беларусаў у міжваеннай Польшчы. Асабліва мала вывучанай заставалася праца ў польскім парламенце беларускіх дзеячаў цэнтрысцкай палітычнай арыентацыі.


1.2. Крыніцы

Важнай крыніцай па гісторыі парламенцкага змагання беларусаў у міжваеннай Польшчы з'яўляюцца статыстычныя выданні, якія выпускаліся пасля заканчэння выбарчых кампаній. З гэтых выданняў мы можам атрымаць інфармацыю пра вынікі выбараў як на тэрыторыі ўсёй Польшчы, так і ў асобных ваяводствах і паветах [470; 411; 412; 384; 468; 469; 446].

Каштоўныя звесткі пра дзейнасць беларускіх паслоў і сенатараў непасрэдна ў польскім парламенце даюць іх прамовы з трыбуны сейма або сената. Пасяджэнні абедзвюх палат польскага парламента стэнаграфаваліся, а стэнаграфічныя справаздачы пасля выдаваліся. Згодна з польскімі законамі, абавязковаму друкаванню ў афіцыйных сеймавых выданнях падлягалі і ўсе пададзеныя парламенцкімі клубамі і паасобнымі пасламі і сенатарамі інтэрпеляцыі і прапановы, а таксама праекты законаў. Таму большая частка гэтых дакументаў даступная сучаснаму даследчыку ў выглядзе т. зв. "сеймавых і сенацкіх друкаў (выданняў)". У выдадзеных у якасці дадаткаў да стэнаграфічных справаздач і "друкаў" паказальніках даецца статыстычны аналіз дзейнасці кожнага сеймавага пасла [436; 437]. Акрамя таго, статыстычныя звесткі пра парламенцкія клубы і асобных дэпутатаў змяшчаюцца ў спецыяльных выданнях, прысвечаных персанальнаму складу сейма і сената на пэўныя даты, а таксама ў інфармацыйных даведніках і паказальніках, падрыхтаваных у 1920-я гады А.Бэлцікоўскай [320; 405].

На аснове афіцыйных стэнаграфічных справаздач тэксты сеймавых прамоў пасля маглі свабодна перавыдавацца і распаўсюджвацца. У выніку гэтага практычна ўсе прамовы беларускіх прадстаўнікоў пасля былі перадрукаваны на старонках заходнебеларускіх перыядычных выданняў, а таксама выдаваліся асобнымі брашурамі ці ў складзе тэматычных зборнікаў парламенцкіх прамоў. Найбольш цікавыя выступленні беларускіх дэпутатаў друкаваліся і ў пасляваенны час як у польскіх, так і ў беларускіх выданнях [274; 238]. Інтэрпеляцыі і прапановы дэпутатаў-беларусаў друкаваліся ў заходнебеларускай прэсе нараўне з прамовамі. Адзін час выходзілі нават спецыяльныя бюлетэні берларускіх парламенцкіх фракцый, якія поўнасцю запаўняліся прамовамі і інтэрпеляцыямі беларускіх паслоў і сенатараў [42; 43; 44]. Акрамя таго, у 1926 г. у савецкай Беларусі быў выдадзены вялікі зборнік інтэрпеляцый беларускіх паслоў у польскі сейм, які, праўда, па задуме стваральнікаў, павінен быў мець перш за ўсё не навуковае, а агітацыйнае значэнне [115].

У 1960 - 1970-я гады беларускія і літоўскія навукоўцы падрыхтавалі некалькі публікацый дакументаў, датычных гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы [39; 40; 245; 246]. Асноўнае месца ва ўсіх зборніках займалі дакументы, якія датычылі рэвалюцыйнай барацьбы, аднак невялікая частка апублікаваных матэрыялаў непасрэдна ці ўскосна закранала і праблему выбараў у парламент і наступнай дзейнасці беларускіх дэпутатаў. Польскімі навукоўцамі ў гэты час быў падрыхтаваны зборнік прамоў і інтэрпеляцый рэвалюцыйных сеймавых паслоў, у які былі ўключаны і асобныя дакументы, датычныя дзейнасці беларускіх парламентарыяў [401].

Шмат цікавых матэрыялаў было ўведзена ў навуковы ўжытак у складзе дакументальных зборнікаў, якія выходзілі пачынаючы з канца 1980-х гг. [113; 12; 110; 111]. Усе гэтыя выданні ўтрымліваюць дакументы на тэму парламенцкай дзейнасці беларусаў у міжваеннай Польшчы, якія дазваляюць скласці пэўнае ўражанне пра ўзаемаадносіны і ўзаемаўплыў беларускіх палітыкаў у Польшчы, урада БНР на эміграцыі і камуністычных улад Мінска і Масквы. Акрамя гэтых зборнікаў, выключна важнае значэнне маюць апублікаваныя ўласнаручныя паказанні А.Луцкевіча, дадзеныя ім у час следства ў НКУС ў 1939 г., а таксама "Аўтабіяграфія" Б.Тарашкевіча, якая таксама фактычна з'яўляецца дакументам следчага характару [11; 52].

Сярод дакументальных публікацый, выдадзеных у апошнія гады польскімі навукоўцамі, вылучаюцца матэрыялы маршалкоўскага суда над С.Ваявудскім, лідэрам Незалежнай партыі хлопскай (НПХ) і кіраўніком яе парламенцкай фракцыі [448]. У час суда разглядалася абвінавачанне С.Ваявудскага ў супрацоўніцтве з ІІ аддзелам польскага Генеральнага штаба і наўмыснай правакацыі ім беларускіх нацыянальных дзеячаў. Паказанні многіх сведкаў па справе праліваюць святло на многія ценявыя бакі дзейнасці беларускіх парламентарыяў.

Важнае значэнне маюць успаміны розных беларускіх і польскіх дзеячаў, якія ў большай ці меншай ступені былі звязаныя ў сваёй дзейнасці з беларускім парламенцкім прадстаўніцтвам. Самі паслы і сенатары пакінулі сведчанняў пра сваю парламенцкую дзейнасць адносна няшмат, сярод іншага і па прычыне пагібелі многіх з іх у сталінскіх лагерах. Пры гэтым паўнавартаснымі мемуарамі сярод гэтых сведчанняў можна лічыць практычна толькі кнігу ўспамінаў В.Рагулі, выдадзеную ў 1957 г. у ЗША і пасля перавыдадзеную ў Мінску [241], а таксама некалькі кароткіх артыкулаў П.Крынчыка, якія выйшлі ў складзе зборнікаў успамінаў дзеячаў камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі [130; 131]. Усе іншыя сведчанні былых беларускіх парламентарыяў носяць вельмі спецыфічны характар. Так, ужо згаданую "Аўтабіяграфію" Б.Тарашкевіча варта ацэньваць хутчэй як паказанні ў час следства ў савецкім НКУС. Успаміны беларускага пасла П.Карузы, запісаныя яго пляменнікам Р.Карузам на магнітафонную стужку ў 1974 г., маюць характар прыватнай гутаркі і не прызначаліся для друку [329]. Што тычыцца ўспамінаў пра парламенцкую дзейнасць беларускіх прадстаўнікоў, апублікаваных адразу пасля заканчэння працы парламента І склікання сенатарам В.Багдановічам, то яны мелі характар перадвыбарчай справаздачы аб папярэдняй дзейнасці і друкаваліся перш за ўсё з мэтай пераканання выбаршчыкаў у неабходнасці паўторнай аддачы сваіх галасоў за тыя ж кандыдатуры [16; 17].

Да крыніц мемуарнага характару можна ўмоўна залічыць і матэрыялы палемікі вакол ужо згаданых успамінаў В.Рагулі, якая разгарнулася пасля выхаду ў свет апошніх у беларускім эмігранцкім друку. У палеміцы бралі ўдзел былыя беларускія дэпутаты Я.Станкевіч і А.Стагановіч, якія, абгрунтоўваючы свой пункт гледжання, часта спасылаліся на ўласную памяць і прыводзілі многія раней невядомыя шырокай публіцы факты [260; 263; 264]. Ёсць звесткі пра тое, што А. Стагановіч пакінуў і паўнавартасныя ўспаміны пра сваю парламенцкую дзейнасць, аднак яны да гэтага часу знаходзяцца ў валоданні яго сваякоў у ЗША і пакуль не ўведзены ў навуковы ўжытак [289].

Шмат месца ўдзелу ў выбарчых кампаніях і наступнай працы левых беларускіх дэпутатаў у парламенце ўдзяляюць у сваіх успамінах некаторыя былыя члены КПЗБ, якія нейкім чынам былі звязаныя з імі [53; 170; 171; 125; 19; 38; 206]. Вельмі змястоўныя і цікавыя - успаміны аднаго з лідэраў "сэцэсіі" ў КПЗБ М.Гурына, якія пачалі пісацца і выдавацца ў 1927 - 1928 гг., але засталіся няскончанымі з-за забойства іх аўтара [76; 77; 78; 79; 80].

Безумоўную каштоўнасць для даследавання тэмы маюць таксама мемуары польскіх дзеячаў, якія мелі тое ці іншае дачыненне да праблемы парламенцкай дзейнасці беларусаў у Польшчы. У першую чаргу тут трэба згадаць успаміны маршалка сейма І склікання М.Ратая [406]. Асаблівае значэнне мае апісанне ім закулісных падзей, што мелі месца перад арыштам паслоў з клуба БСРГ ў студзені 1927 г. Гэтаму самаму пытанню прысвечана і частка ўспамінаў тагачаснага міністра ўнутраных спраў А.Мэйштовіча [172]. Цікавую інфармацыю даюць таксама мемуары і дзённікавыя запісы некаторых іншых высокапастаўленых чыноўнікаў Польскай Рэспублікі - Ю.Новака, С.Тугута, В.Вітаса, К.Сьвітальскага і інш [390; 454; 465; 452]. Ход парламенцкіх выбараў 1928 і 1930 гг. у Заходняй Беларусі апісаў у сваіх успамінах сеймавы пасол беларускага паходжання ад прадзяржаўнага Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам (ББСУ) Г.Шыманоўскі [450]. Трэба згадаць і пра мемуары аднаго з лідэраў парламенцкай фракцыі Незалежнай партыі хлопскай, якая ў свой час была найбліжэйшым саюзнікам сеймавага клуба БСРГ - А.Фідэркевіча [359].

Важнай крыніцай па праблеме з'яўляюцца матэрыялы заходнебеларускага перыядычнага друку. Галоўную каштоўнасць, натуральна, маюць для нас тыя выданні, якія ў розны час афіцыйна ці неафіцыйна з'яўляліся органамі беларускага парламенцкага прадстаўніцтва, Віленскага БНК альбо партый і арганізацый, кіраўнікамі якіх былі беларускія паслы альбо сенатары. На старонках гэтых выданняў рэгулярна друкаваліся артыкулы з аналізам розных аспектаў дзейнасці беларускіх парламентарыяў, а таксама змяшчаліся справаздачы пра пасяджэнні парламента і ўдзел у іх беларусаў. Газеты таксама адыгрывалі вялікую ролю ў час выбараў ў якасці сродкаў агітацыі, таму змешчаныя ў іх у той час матэрыялы даюць шмат інфармацыі пра ход выбарчых кампаній.

Архіўныя матэрыялы па тэме захоўваюцца як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Вялікі комплекс дакументаў пра дзейнасць беларускіх парламенцкіх фракцый леварадыкальнага характару захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Асаблівую цікавасць уяўляюць фонды № 242-п "Прадстаўніцтва ЦК Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі пры ЦК КПБ(б)", № 4-п (Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі), № 60-п і № 4863 (Інстытут гісторыі партыі). У асноўным у гэтым дакументальным комплексе адлюстраваны погляд на праблему з боку афіцыйных камуністычных улад СССР і БССР, заходнебеларускіх камуністаў, а таксама прадстаўнікоў блізкіх да іх палітычных напрамкаў. Сярод дакументаў - матэрыялы розных партыйных мерапрыемстваў КПЗБ, справаздачы заходнебеларускіх камуністычных функцыянераў у ЦК КПЗБ, рашэнні і пастановы па заходнебеларускім пытанні КПБ(б), перапіска асобных дзеячаў і інш. Аналіз гэтых матэрыялаў дазваляе скласці ўяўленне як пра непасрэдныя дзеянні прадстаўнікоў леварадыкальнай плыні беларускага нацыянальнага руху ў час выбарчых кампаній і парламенцкай працы, так і ўплыў на іх дзейнасць Масквы і Мінска.

У той жа час у фондзе № 325 (Рада Беларускай Народнай Рэспублікі) НАРБ ёсць матэрыялы, якія датычаць уплываў на дзейнасць заходнебеларускіх нацыянальных дзеячаў з боку беларускага нацыянальнага ўрада на эміграцыі. Гэтыя дакументы лагічна дапаўняюць змешчаныя ў зборніку "Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі".

Непасрэдна ад беларускіх арганізацый паходзіць большасць дакументаў, якія захоўваюцца ў фондзе № 3 "Калекцыя дакументаў Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні" Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Асноўную частку матэрыялаў гэтага фонда па разглядаемай тэме складаюць дакументы, звязаныя з правядзеннем перадвыбарчых кампаній у парламент у 1922 і 1928 гг., у першую чаргу матэрыялы беларускіх арганізацый, што забяспечвалі кіраванне імі.

Важнае значэнне для вывучэння тэмы маюць некаторыя з дакументаў, якія захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі (ЦНБ) імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асабліва карыснымі з'яўляюцца матэрыялы фонда № 4 (асабісты фонд А.Станкевіча). У яго склад уваходзяць як матэрыялы асабістага паходжання, так і некаторыя дакументы афіцыйнага характару.

Розныя аспекты дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў у польскім парламенце адлюстроўваліся ў дакументах польскіх дзяржаўных устаноў. Унікальная інфармацыя ўтрымоўваецца ў дакументальных фондах польскай контрразведкі, якія захоўваюцца ў Цэнтральным вайсковым архіве (ЦВА) ў Рэмбертаве (Польшча). Да іх адносяцца як фонд ІІ аддзела Генеральнага штаба польскага войска, так і фонды ІІ аддзелаў тэрытарыяльных вайсковых акруг. Склад іх дакументаў у дачыненні да беларускага руху разнастайны. Тут ёсць і агульныя агляды гэтага руху, і шматлікія справаздачы ІІ аддзелаў за пэўныя перыяды часу (гадавыя, паўгадавыя, квартальныя, месячныя, тыднёвыя і г. д.). Значны дакументальны комплекс складаюць першасныя матэрыялы, на аснове якіх пасля складаліся абагульняючыя дакументы (даклады і рапарты розных устаноў і службовых асоб, данясенні шматлікіх інфарматараў - канфідэнтаў, службовая і прыватная перапіска і інш.).

Акрамя разведкі, сачылі за заходнебеларускім нацыянальным рухам і іншыя польскія ўстановы, у кампетэнцыю якіх уваходзіла ахова дзяржаўнай бяспекі краіны і вывучэнне нацыянальнага пытання. У першую чаргу гэта Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) і дзяржаўная паліцыя. Іх дакументы ў сучасны момант захоўваюцца ў Архіве новых актаў (ААН) у Варшаве. Асаблівую цікавасць маюць штомесячныя справаздачы аб дзейнасці нацыянальных і т. зв. "падрыўных" арганізацый, якія рыхтаваліся ў польскім МУС. Некаторыя з гэтых справаздач былі выдадзены друкам пад грыфам "Для службовага карыстання" [441; 442]. Гэтае самае міністэрства ў свой час складала і штотыднёвыя агляды прэсы нацыянальных меншасцей Польшчы.

Некаторыя дакументы, датычныя дзейнасці беларускіх парламентарыяў, захоўваюцца ў тым жа архіве ў фондзе Міністэрства замежных спраў (МСЗ) Польшчы. У першую чаргу яны датычаць петыцый і мемарыялаў, якія беларусы высылалі ў міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ў Лігу нацый, а таксама іх удзелу ў кангрэсах еўрапейскіх нацыянальных меншасцей. У фондзе Прэзідыўма Рады міністраў Польшчы знаходзяцца адказы ўрада на інтэрпеляцыі беларускіх паслоў і сенатараў. Матэрыялы ўрадавых расследаванняў па інтэрпеляцыях беларусаў у адукацыйных і рэлігійных справах захоўваюцца ў складзе фонда Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы. У той жа час непасрэдна сеймавы архіў амаль цалкам загінуў у час вайны, і сярод яго рэштак цікавых для нас дакументаў практычна няма.

Гібель парламенцкага архіва прадвызначыла і нешматлікасць дакументаў па разглядаемаму перыяду ў сучасным архіве польскага сейма. Праўда, цяпер яго супрацоўнікі праводзяць працу па збіранні матэрыялаў да біяграфій міжваенных паслоў і сенатараў Польшчы, у тым ліку і беларускіх. Найбольш каштоўныя для нас падобныя матэрыялы - успаміны на магнітнай стужцы і асабістыя дакументы, якія датычаць беларускага пасла П. Карузы. Некаторыя матэрыялы сабраны і пра іншых паслоў і сенатараў.

Такім чынам, наяўны комплекс крыніц, датычных удзелу заходнебеларускіх арганізацый у парламенцкіх выбарах у міжваеннай Польшчы і наступнай дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў у польскім парламенце, дае магчымасць правесці ўсебаковае і аб'ектыўнае даследаванне гэтай тэмы.


2. ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ І ПЫТАННЕ ЎДЗЕЛУ Ў ПАРЛАМЕНЦКІХ ВЫБАРАХ У 1921 -- 1-Й ПАЛОВЕ 1922 гг.

2.1. Выбары ў Вiленскi сейм у 1921 - 1922 г. і адносiны да іх беларускай грамадскасцi

У кастрычніку 1920 г., пасля захопу Вільні войскамі польскага генерала Л.Жалігоўскага на карце Ўсходняй Еўропы фармальна з'явілася новая дзяржава пад назвай "СярэдняяЛітва", якая, акрамя горада Вільні, уключала ў сябе Ашмянскі, Віленска-Трокскі і Свянцянскі паветы [99, c. 483]. Фактычна "незалежнасць" гэтага ўтварэння служыла толькі шырмаю для прыкрыцця польскай улады над спрэчнымі з Літвой тэрыторыямі. Справа вызначэння будучай дзяржаўнай прыналежнасці гэтых тэрыторый стала на пэўны час праблемай еўрапейскага значэння. Варыянтаў яе вырашэння было некалькі, і ў якасці аднаго з іх адразу ж была агучана ідэя выбараў мясцовага парламента, які на сваім пасяджэнні прыняў бы пастанову па гэтым пытанні.

Адразу пасля заняцця Вільні Л.Жалігоўскі заявіў, што "мы ставім сабе за задачу скліканне прадстаўнікоў краю ў Вільні, якія ад імя ўсяго насельніцтва аб'явяць сваю, нічым не звязаную волю і вырашаць наш будучы лёс" [296, s. 58]. Тады ж пачалася падрыхтоўка да выбараў. 1 лістапада 1920 г. быў выдадзены адпаведны дэкрэт "у справе выбараў у сейм у Вільні", у якім дата выбараў прызначалася на 9 студзеня 1921 г. 26 лістапада 1920 г. Жалігоўскім быў падпісаны выбарчы закон і прызначаны выбарчы камісар [443, c. 46].

Віленскія беларускія арганізацыі адразу мусілі прымаць рашэнне адносна свайго стаўлення да гэтых выбараў. Пры гэтым сама акцыя генерала Жалігоўскага першапачаткова была прынята дастаткова прыхільна беларускімі дзеячамі, якія непасрэдна перад ёй атрымалі абяцанні блізкіх да кіраўніка Польшчы Ю.Пілсудскага колаў, што на тэрыторыі Віленшчыны будзе ўтворана дзяржава пад назвай "ЗаходняяБеларусь" [140, c. 24]. Аднак у апошні момант польскія палітыкі адмовіліся ад сваіх першапачатковых планаў, стварыўшы "Сярэднюю Літву", у кіраўніцтве якой, праўда, знайшлося месца беларусам В.Іваноўскаму і Б.Тарашкевічу. Апошні ў якасці аднаго з аргументаў за падтрымку акцыі Жалігоўскага прывёў тое, што "ў Вільні будзе створаны Краёвы Сойм па ўсёй Сярэдняй Літве. Увесь народ гэтага краю зможа выказацца і гэта нас павінна больш-менш задаволіць" [285, c. 299].

Як відаць з гэтага выказвання Б.Тарашкевіча, беларускія дзеячы першапачаткова спадзяваліся на тое, што планаваны краёвы сейм у Вільні сапраўды будзе прадстаўніцтвам усяго насельніцтва рэгіёна. Аднак наступныя падзеі хутка пераканалі беларусаў, што польскі бок пераследуе толькі ўласныя інтарэсы. Дагавор аб перамір'і і прэлімінарных умовах міру, падпісаны Польшчай з савецкай Расіяй 12 кастрычніка 1920 г., фактычна прадвызначаў будучы падзел Беларусі. Як непасрэдную рэакцыю на гэты акт можна расцэньваць адкліканне раней дадзенай санкцыі Віленскага БНК на ўваход Іваноўскага і Тарашкевіча ў Часовую камісію Сярэдняй Літвы, якое адбылося ў сярэдзіне кастрычніка, а таксама выступленне БНК з пісьмовым зваротам супраць аб'яўленай Жалігоўскім мабілізацыі 16 лістапада 1920 г. Канчаткова рысу пад прапольскімі ілюзіямі беларусаў падвёў добраахвотны выхад Іваноўскага з Часовай камісіі ў снежні 1920 г. [285, c. 300 - 301)]

У такіх умовах усё больш на пазіцыю беларускіх палітыкаў стаў уплываць другі суб'ект спрэчкі за Вільню - Літва. З-за невялікай колькасці літоўскага насельніцтва на Віленшчыне літоўскія палітыкі з Коўна з мэтай ажыццяўлення ціску на Варшаву і ўздзеяння на міжнародную грамадскую думку пайшлі на выкарыстанне беларускай карты. 11 лістапада 1920 г. была падпісана дамова паміж урадам БНР у выгнанні на чале з В.Ластоўскім і ўрадам Літоўскай Рэспублікі, згодна з якой беларусы абавязваліся знаходзіцца на баку Літвы ў час яе канфлікту з Польшчай і аддавалі ў яе распараджэнне свае вайсковыя фарміраванні. Літоўцы за гэта пагаджаліся аказваць беларусам матэрыяльную і дыпламатычную падтрымку. Спрэчныя пытанні паміж бакамі, у тым ліку і балючае пытанне мяжы, павінны былі вырашацца шляхам перагавораў [357, c. 48 - 49]. Урад Ластоўскага пасля гэтага развіў актыўную і небеспаспяховую агітацыю сярод беларускіх палітыкаў у Вільні, пераконваючы іх аб'яднацца. У час польска-беларускіх перагавораў у Рызе восенню 1920 г. эміграцыйны ўрад БНР быў прызнаны Найвышэйшай Радай, якая перад гэтым выказвалася за паразуменне з Польшчай [353, s. 200].

Усе гэтыя падзеі адбіліся на пазіцыі беларускіх дзеячаў адносна выбараў. У беларускай віленскай прэсе пачалі ўсё часцей з'яўляцца артыкулы, скіраваныя супраць удзелу ў іх. Асноўнымі аргументамі супраць выбараў называліся: "1) не вярнуліся яшчэ з Расіі нашы бежанцы-беларусы; 2) тэрыторыя (правізарычная) для плебісцыту, або выбару ў Сойм, зусім штучна выкраена з абшараў беларускага і літоўскага; 3) плебісцыт, загаданы Лігай народаў, будзе вырашаць пытанне аб далучэнні ці да Польшчы, ці да Літвы, абмінаючы трэцюю страну - Беларусь...; 4) Сойм у Вільні пры сучасных варунках і пры асновах, на якіх ён склікаецца, не выкажа голасу ўсіх нацыянальнасцей краю" [155, c. 1]. Адзначаючы, што сама ідэя склікання сейма ў Вільні здаўна ўваходзіла ў праграмы многіх нацыянальных партый і арганізацый, падкрэслівалася, што "цяперашні сойм - ...грубая фальсіфікацыя таго, аб чым у свой час задумваліся лепшыя людзі нашага краю" [59, c. 2].

У студзені 1921 г. ў Вільні адбыўся з'езд прадстаўнікоў беларускіх палітычных арганізацый як Віленшчыны, так і іншых тэрыторый, на якім у асноўным абмяркоўвалася праблема выбараў. Частка дэлегатаў выказвалася за ўдзел у выбарах з падтрымкай Польшчы, другая частка - за ўдзел у выбарах на антыпольскай платформе, трэцяя- за байкот. У выніку да агульнага рашэння беларускія палітыкі прыйсці не здолелі і рашыліся толькі на зварот да польскага ўрада са спецыяльнай дэкларацыяй з просьбай аб прызнанні правоў беларускай мовы ў арганізацыях і ўстановах, стварэнні беларускіх школ і ўліку жыццёва важных інтарэсаў беларускага насельніцтва [372, c. 118 - 119].

Аднак і самі выбары ў прызначаны тэрмін адбыцца не змаглі. Адной з прычын гэтага былі ўнутраныя рознагалоссі сярод польскіх палітыкаў, перш за ўсё паміж Ю.Пілсудскім, у той час прыхільнікам федэрацыі Польшчы і Літвы, і сеймавай большасцю, якая выказалася за непасрэднае далучэнне Віленшчыны да Польшчы. Вялікі ўплыў на развіццё падзей аказала пазіцыя еўрапейскіх дзяржаў, якія імкнуліся вырашыць віленскую праблему шляхам дасягнення кампрамісу паміж Польшчай і Літвой. Пад ціскам Лігі нацый польскія палітыкі пагадзіліся сесці за стол перагавораў з літоўцамі. Таму тэрмін выбараў спачатку быў перанесены на 6 лютага 1921 г., а 1 лютага 1921 г. Жалігоўскі сваім дэкрэтам наогул адклаў іх правядзенне на неакрэслены тэрмін [443, c. 48 - 49].

Польска-літоўскія перагаворы пачаліся 20 красавіка 1921 г. ў Брусэлі пад кіраўніцтвам старшыні Савета Лігі нацый бельгійца П.Гіманса. Праект апошняга прадугледжваў кантанальную пабудову літоўскай дзяржавы з ковенскім і віленскім кантонамі і агульнай сталіцай у Вільні. Літва мусіла заключыць з Польшчай канвенцыі ў ваеннай, гандлёвай і знешнепалітычнай сферах. Праект прымаўся Польшчай, але адхіляўся Літвой [365, s. 192]. Другі праект Гіманса прадугледжваў толькі аўтаномію віленскай акругі ў складзе Літвы. Аднак на гэта не пагадзіліся ўжо палякі. Да восені 1921 г. польска-літоўскія перагаворы зайшлі ў тупік, і на парадак дня зноў выйшла правядзенне выбараў у Віленскі сейм. Старшыня польскай дэлегацыі Ш.Ашкеназі пасля прыняцця Саветам Лігі нацый у верасні 1921 г. другога праекта Гіманса заявіў, што "польскі ўрад трымаецца той думкі, што лёс Віленшчыны можа вырашыць толькі воля мясцовага насельніцтва" [287, c. 40].

На працягу ўсяго часу польска-літоўскіх перагавораў Рада БНР з Коўна рабіла пастаянныя спробы пераадолець рознагалоссі ў беларускім нацыянальным руху і аб'яднаць усе раздробленыя групы пад сваім кіраўніцтвам. Ад віленскіх беларусаў, аднак, бескампрамісна патрабавалася "адрачыся голасна ад змоў і супольнай працы з палякамі" [12, c. 1046]. Аднак частка віленчукоў, расчараваўшыся ў паляках, мела вялікія сумненні і наконт шчырасці намераў літоўскага ўрада. Гэтыя сумненні выліліся на старонкі беларускага віленскага друку. У час падрыхтоўкі да польска-літоўскіх перагавораў у Брусэлі літоўскаму падыходу ў беларускім пытанні давалася наступная ацэнка: "Беларусам таксама аўтаномія... абяцаецца. Не звяртайце, беларусы, увагі на тое, што цяперашняе міністэрства беларускіх спраў у Коўне - гэта экспазытура русіфікацыі і нямецка-чарнасоценных інтрыг. Гэта ўсё нічога, пераменіцца, як дастанем Вільню, а тым часам знайце сваё дзела і на ўвесь свет крычыце проціў палякаў" [58]. Частка беларускіх дзеячаў яшчэ працягвала спадзявацца на магчымыя змены ў палітыцы Польшчы: "Калі ідзе гутарка аб Польшчы сучаснай, аб Польшчы Грабскіх і Дмоўскіх, дык хіба не знойдзецца ніводнага беларуса, каторы бы сказаў: так! Але апрача гэтай панскай Польшчы ёсць і тая другая - народная, тая, што на адзін момант паказала свой праўдзівы твар, выганяючы наездчыкаў і творачы сапраўды дэмакратычны ўрад... З той другой Польшчай мы хочам і можам ісці" [116].

Аднак поўнае ігнараванне беларускіх інтарэсаў польскім бокам і гаспадаранне польскай адміністрацыі канчаткова падарвалі веру беларускіх дзеячаў у шчырасць польскіх намераў у дачыненні да беларускага нацыянальнага руху. З'явілася і разуменне неабходнасці поўнага аб'яднання сіл дзеля магчымасці рэальнага ўплыву на вырашэнне беларускага пытання. 8 верасня 1921 г. старшыня Віленскага БНК Ф.Ярэміч выслаў ліст да прэм'ера беларускага ўрада ў Коўне В. Ластоўскага, у якім заклікаў да палагоджання ўсіх узаемных спрэчак, ад якіх "церпіць беларуская справа" [12, c. 1210 - 1211]. Урэшце, у канцы верасня 1921 г. па ініцыятыве Ластоўскага ў Празе адбылася Беларуская нацыянальна-палітычная канферэнцыя, у якой узялі ўдзел беларускія дзеячы з розных краін. У рэзалюцыях, выдадзеных па выніках гэтай канферэнцыі, усе актыўныя беларускія сілы заклікаліся да "самай рашучай рэвалюцыйнай барацьбы ўсякімі маючыміся ў іх распараджэнні спосабамі супроць падзелу Беларусі", а ад Лігі нацый і ўсіх народаў свету вымагалася "адкінуць агідны польскі шавінізм і імперыялізм у яго этнаграфічныя межы за Буг і Нарэў". Літва прызнавалася "векавым гістарычным сябрам беларускага народа, з якім яе звязвае агульнасць як палітычных, гэтак і эканамічных інтарэсаў" [12, c. 1220 - 1221, 1224]. Нягледзячы на афіцыйную крытыку Лігі нацый за яе ігнараванне беларусаў пры вырашэнні віленскага пытання, у выступленнях удзельнікаў канферэнцыі падкрэслівалася вера "ў дзяржаўны розум вялікіх дзяржаў" [267, c. 132]. Адзінай легітымнай заканадаўчай уладай у Беларусі прызнавалася Рада БНР, як "вышэйшы орган беларускага народу, бяручый свой пачатак ад Усебеларускага кангрэсу 1917 года". Пастанову аб гэтым сярод іншых падпісалі, хоць і з агаворкамі, і прадстаўнікі Віленскага БНК [12, c. 1229]. Такім чынам, да восені 1921 г. адбылася фактычная кансалідацыя заходнебеларускага нацыянальнага руху і аб'яднанне яго вакол Рады БНР з рэзідэнцыяй у Коўне. Прапольскую арыентацыю захавала толькі арганізацыя "Краёвая сувязь", на чале якой стаяў П.Аляксюк.

У такім стане беларускі нацыянальны рух падыйшоў да моманту, калі ў сувязі з правалам польска-літоўскіх перагавораў палякі вырашылі самастойна вырашыць віленскую праблему, ізноў пачаўшы падрыхтоўку да выбараў у Віленскі сейм. Іх намеры былі негалосна падтрыманыя Францыяй, якая зрабіла Польшчы толькі некаторыя рэкамендацыі для палягчэння міжнароднага прызнання выбараў [443, c. 52 - 53]. 16 лістапада 1921 г. польскі Заканадаўчы сейм пасля дыскусіі прыняў пастанову аб пашырэнні выбарчай тэрыторыі на Лідскі і Браслаўскі паветы, а 30 лістапада Жалігоўскі перадаў уладу ў Сярэдняй Літве А.Мэйштовічу, прызначыўшы перад гэтым выбары на 8 студзеня 1922 г.

У выніку выбары павінны былі адбыцца на тэрыторыі, роўнай 20211 км² (з іх на ўласна Сярэднюю Літву прыпадалі 13014 км²), з насельніцтвам 741 тыс. чалавек. Польскія афіцыйныя крыніцы сведчылі, што на гэтай тэрыторыі жылі 68% палякаў, 11,5% яўрэяў, 8,8% беларусаў, 7,2% літоўцаў, 2,8% іншых, 1,3% т. зв. "тутэйшых" [371, c. 94 - 95]. Праўдзівасць гэтых лічбаў выклікае вялікія сумненні. Улічваючы амаль поўнае супадзенне паводле гэтай статыстыкі колькасці беларускага насельніцтва і насельніцтва праваслаўнага веравызнання (8,8 і 8,9% адпаведна), бясспрэчным з'яўляецца факт амаль поўнага атаясамлівання польскімі статыстыкамі канфесійнага фактару з нацыянальным. Практычна ўсе беларусы-каталікі ўключаліся ў рубрыку палякаў.

6 снежня 1921 г. урад БНР у Коўне сабраўся на спецыяльнае пасяджэнне, на якім прыняў пастанову аб байкоце выбараў у Віленскі сейм, аргументаваўшы сваю пазіцыю тым, што "тэрыторыя т. зв. Срадковай Літвы штучна выразана з цэлага краю і не становіць ні эканамічнага, ні палітычнага самаістнага арганізму, што выбары ў Сойм маюць адбывацца пад польскай акупацыяй і пад прэсам акупацыйных улад, што актыўныя беларускія сілы загнаны акупацыйнымі ўладамі Сярэдняй Літвы ў турмы, канцэнтрацыйныя лагеры і ў эміграцыю, а астаўшыеся на месцы тэрарызаваны" [12, c. 1252].

Пра гэтую пастанову, безумоўна, ведалі члены Віленскага БНК, якія сабраліся на пасяджэнне 10 снежня 1921 г. Але рашэнне аб байкоце выбараў было прынята імі яшчэ раней. У пачатку лістапада 1921 г. ва ўсіх беларускіх віленскіх газетах паведамлялася: "Мы, беларусы, да выбараў не пойдзем... Пры сучасных варунках вольныя выбары немагчымыя, дык немагчымае і вырашэнне правільнае і справядлівае лёсу нашай роднай Віленшчыны" [1].

На вышэйзгаданым снежаньскім пасяджэнні рашэнне аб байкоце было толькі канчаткова аформлена спецыяльнай дэкларацыяй. У ёй пасля пераліку асноўных прычын прынятага рашэння рабілася выснова, што "выкананне волі народаў у Віленскім сойме... магчымае толькі пры ўдзеле ўсяго насельніцтва і ўсіх нацыянальнасцей гэтага краю, пры ўмовах абсалютнай роўнасці, пры фактычным забеспячэнні грамадскіх і нацыянальных свабод, пры даўжэйшым перыядзе часу і пры пашырэнні выбараў у Віленскі сойм на ўсю беларускую тэрыторыю, адарваную ад Расіі. Толькі ў гэтых умовах магчымае аб'яднанне ўсіх народаў гэтага краю на дзяржаўнай тэрыторыі і сапраўднае волевыяўленне мясцовага насельніцтва" [372, s. 134]. Падобныя пастановы былі прыняты таксама літоўскім і яўрэйскім віленскімі нацыянальнымі камітэтамі.

Краёвая сувязь П.Алексюка адказала на прыняцце пастановы БНК правядзеннем у Вільні ўласнага з'езда, які адбыўся 12-13 снежня 1921 г. [474]. На ім была прынята выніковая рэзалюцыя, у якой сярод іншага прысутнічалі пункты аб выказванні ўдзячнасці польскаму народу за вызваленне беларускіх зямель і станаўленні на грунт аб'яднання беларускага народа з польскім з прызнаннем польскай дзяржаўнасці ўзамен за аўтаномію для Беларусі. З гэтага лагічна вынікала рашэнне "прыняць удзел і працаваць сярод беларускага народа ў напрамку выбараў у сейм Сярэдняй Літвы і ў Варшаўскі сейм Польскай Рэспублікі" [372, s. 136 - 137]. Пасля з'езда на тэрыторыі, дзе павінны былі адбывацца выбары, распаўсюджвалася адозва, у якой беларускае насельніцтва заклікалася "стаць поплеч з братнім польскім народам, які падае нам руку і разам ісці з ім і змагацца за нашу і іх долю і волю" [28, a. 28]. Ад імя з'езда высылаліся тэлеграмы вышэйшым кіраўнікам Польшчы і генералу Жалігоўскаму з падзякай за "вызваленне" Заходняй Беларусі [129, c. 268].

Арганізаваны Краёвай сувяззю з'езд выклікаў вялікае ўзрушэнне ў беларускіх палітычных асяродках. Супраць Алексюка была распачата шырокая кампанія ў прэсе. У спецыяльным тлумачэнні БНК сцвярджалася, што выбраны на з'ездзе камітэт з'яўляецца "арганізацыяй, створанай на польскія грошы, групуе вакол сябе прадажны элемент і служыць польскім, а не беларускім інтарэсам" [199, a. 94]. Шматлікія нараканні выклікала сярод іншага сама арганізацыя з'езда. Дэлегаты яго нікім не выбіраліся, а запрашаліся асабіста арганізатарамі, прытым многія не ведалі пра сапраўдную мэту мерапрыемства. На саміх пасяджэннях панавала напружаная атмасфера, бо кожны, хто намагаўся выступіць з пратэстам супраць планаў арганізатараў, адразу ж выдаляўся з залы. Пасля заканчэння з'езда ў Віленскі БНК і рэдакцыі беларускіх газет паступіла шмат скаргаў ад удзельнікаў мерапрыемства, у якіх выказвалася нязгода з прынятымі на ім рэзалюцыямі [28, a. 3 - 8, 14, 17 - 18].

Распачатая кампанія ў прэсе канчаткова знішчыла і без таго небездакорную рэпутацыю Алексюка. У беларускай прэсе адзначалася, што "Аляксюк - гэта беларускі здраднік, адступнік і вырадак. Ён выракся беларусаў і прадаў за польскія маркі наш сялянскі люд" [355]. Шырока абмяркоўвалася тэма нібыта прысвоеных Алексюком грамадскіх грошай, друкаваліся шматлікія доказы гэтага [282]. Прозвішча Алексюка стала тады сімвалам згодніцтва і нават нацыянальнай здрады не толькі для беларусаў, але і для іншых няпольскіх нацыянальнасцей Віленшчыны.

Краёвая сувязь атрымлівала падтрымку палякаў у самых розных сферах. Яшчэ ў маі 1921 г. віленскі стараста выдаў цыркуляр каменданту віленскай паліцыі, у якім адзначалася, што газета Краёвай сувязі "Jednaść" "выступае пад лозунгам адзінства з Польшчай, таму не трэба яму перашкаджаць і стрымліваць распаўсюджванне штотыднёвіка на тэрыторыі Сярэдняй Літвы, а ўплываць там, дзе ёсць беларускае насельніцтва, на пашырэнне яго чытання" [331]. Пра небескарыслівасць занятай Алексюком у час выбараў пазіцыі сведчыць таксама дайшоўшая да нас пазнейшая перапіска паміж польскімі міністэрствамі, асноўнай тэмай якой было прадастаўленне ўзначальваемаму ім кааператыву пэўных ільгот [317, k. 5 - 13].

У апошні месяц перад выбарамі на пазіцыю няпольскіх народаў Віленшчыны паспрабавала непасрэдна паўплываць Францыя. У першай палове снежня 1921 г. адбылася сустрэча французскага дэлегата Шардзіньі з прэм'ерам Рады БНР В.Ластоўскім і міністрам замежных спраў БНР А.Цвікевічам у Коўне [199, a. 94]. 17 снежня 1921 г. гэты французскі прадстаўнік сустракаўся ўжо з віленскімі беларускімі дзеячамі [210]. Беларуская прэса не падавала падрабязнасцей сустрэч, аднак не хавала таго, што справа выбараў на іх уздымалася. З іншых крыніц вядома, што Шардзіньі ўгаворваў беларусаў узяць удзел у выбарах узамен за прадастаўленне ім аўтаноміі [26, a. 1].

Актыўнасць французскага прадстаўніка вымушала літоўскае кіраўніцтва да канкрэтызацыі сваіх прапаноў нелітоўскаму насельніцтву Віленскага краю. Прэм'ер Літвы К.Грынюс 17 снежня 1921 г. у сваім выступленні з трыбуны літоўскага сейма зачытаў дэкларацыю, у якой гарантаваў рэгіёну аўтаномію з сеймам у Вільні і забеспячэнне ў ёй нацыянальных правоў для ўсіх жыхароў. Кажучы пра беларусаў, прэм'ер адзначыў, што "беларускі народ... можа быць пераконаны, што ў Літоўскай Рэспубліцы будуць абаронены яго мова, культура і рэлігія" [12, c. 1256]. Беларуская віленская прэса прыхільна прыняла гэтую дэкларацыю, адзначаючы, што "Літва сказала нам сваё шчырае слова, якога мы чакалі даўно" [154]. Місія Шардзіньі, такім чынам, скончылася няўдачай.

Аднак, нягледзячы на гэта, сам факт выступлення французскага прадстаўніка ў якасці лабіста польскіх інтарэсаў не пакідаў беларусам ілюзій адносна прызнання Лігай нацый вынікаў выбараў у Віленскі сейм. Гэта відавочна вынікае са зместу артыкула, змешчанага ў апошнім перадвыбарчым нумары газеты "Беларускі звон". Публіцыст выдання адзначаў: "Ліга Народаў - Ліга пераможцаў. Для кантыненту Еўропы Ліга - гэта Францыя. Францыя, якая ачмуціўшыся чадам перамогі, нікога і нічога не бачыць, ды і не хоча бачыць... А раз гэта так, дык наш голас, хаця бы нават з трыбуны Сярэднялітоўскага Сойму, быў бы голас крычачага ў пустэльні... Наша надзея - гэта вера ў свой уласны, усвядомлены народ, а таксама ў сусветную дэмакратыю, а не ў цяперашніх камандзёраў Еўропы" [112].

Галасаванне ў Віленскі сейм адбылося 8 студзеня 1922 г. У ім узялі ўдзел 64,4% ўсіх выбаршчыкаў. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, сярод беларускага насельніцтва прагаласаваў 41% (у вясковых акругах - 44,5%) [470, s. 156].

Цяжка аналізаваць гэтыя лічбы. Нават сярод польскіх даследчыкаў, якія некрытычна ставяцца да афіцыйных звестак адносна нацыянальнай структуры насельніцтва Віленшчыны, існуюць рознагалоссі ў адносінах да ацэнкі пазіцыі беларускага насельніцтва. Але трэба не забывацца, што польская дзяржаўная статыстыка можа выкарыстоўвацца толькі для вызначэння выбарчых паводзін праваслаўнай часткі беларускага насельніцтва. Наконт галасавання беларусаў-каталікоў можна рабіць толькі пэўныя дапушчэнні. Так, у некаторых гмінах колькасць выбаршчыкаў-хрысціян, не ўзяўшых удзелу ў галасаванні, значна перавышала колькасць афіцыйна зафіксаваных там беларусаў і літоўцаў. Напрыклад, у Опсаўскай гміне Браслаўскага павета, паводле афіцыйнай статыстыкі, жылі толькі 219 беларусаў, "тутэйшых" і рускіх (усе яны ўлічваліся разам) і 13 літоўцаў, а не галасавалі 1331 чалавек хрысціянскага веравызнання [470, s. 155]. Вядома, сёння цяжка вызначыць, у якой ступені на падобную пазіцыю выбаршчыкаў уплывала беларуская агітацыя, а ў якой іншыя фактары.

Правалам скончыліся выбары для групы Алексюка. Яго Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, які выставіў свае спісы ў Камайскай і Ашмянскай акругах, набраў усяго 2400 галасоў і не правёў ніводнага дэпутата. Можна меркаваць, што на гэту няўдачу Алексюка ў той ці іншай ступені паўплывала і праведзеная супраць яго кампанія ў беларускай прэсе.

Як бы то ні было, неаспрэчным з'яўляецца тое, што большая частка насельніцтва ўдзел у выбарах прыняла. Гэта не абавязкова сведчыла пра яго польскасць, але часта пра недахоп нацыянальнай свядомасці. Вядомы польскі палітык В.Вітас успамінаў, што "мясцовае насельніцтва выглядала ашаломленым, не вельмі разумеючы, што каля яго рабілася... Здзіўляла, што калі вясковы люд імкнуўся да Польшчы без ніякіх разважанняў, то частка інтэлігенцыі падымала розныя пытанні" [465, s. 199 - 200]. Падобная ацэнка сітуацыі змяшчалася і ў рапарце польскага Таварыства стражы крэсовай: "Становішча на Віленшчыне можна ахарактарызаваць такім чынам: вёска - гэта чысты аркуш, на якім можа пісаць кожны, хто хоча і ўмее" [368, s. 64].

Фактычна беларускім дзеячам не ўдалося дасягнуць пастаўленай мэты. 20 лютага 1922 г. Віленскі сейм, выбраны без іх удзелу, сабраўся і прыняў рашэнне аб далучэнні Віленшчыны да Польшчы. Нягледзячы на гэта, нельга сказаць, што тактыка байкоту выбараў, прынятая беларускімі дзеячамі, была адназначна памылковая, як лічылі некаторыя даследчыкі [322, s. 63; 256, c. 139]. Адпаведная пастанова прымалася з улікам міжнароднай сітуацыі. Удзел у выбарах мог прынесці беларусам правядзенне максімум некалькіх паслоў, якія ніякага ўплыву на рашэнні Віленскага сейма зрабіць бы не змаглі. У той жа час, ва ўмовах удзелу ў вырашэнні віленскага пытання еўрапейскіх дзяржаў, заставалася надзея, што пры ўзгодненым байкоце выбараў прадстаўнікамі ўсіх няпольскіх нацыянальнасцей Віленшчыны еўрапейскія дзяржавы схіляцца да перадачы Вільні Літве.

Прызнанне Віленшчыны літоўскай для беларусаў было важным таму, што Літва да 1922 г. заставалася адной з нямногіх дзяржаў, зацікаўленых у падтрымцы беларускіх дзяржаватворчых памкненняў. Пры гэтым можна было спадзявацца, што пасля вырашэння ўласных тэрытарыяльных праблем літоўскі ўрад не адмовіўся б ад выканання сваіх ранейшых абяцанняў па прычыне нязначнай колькасці літоўскага насельніцтва на Віленшчыне і неабходнасці супрацьдзеяння безумоўна ўплывоваму там польскаму элементу. Не маючы надзеі хутка літуанізаваць шматлікае славянскае насельніцтва, літоўскі ўрад проста вымушаны быў бы спрыяць пашырэнню на Віленшчыне прыязнай да сябе беларускасці, змяншаючы гэтым сферу ўплыву варожай польскасці. Безумоўна, як прадстаўнікі Віленскага БНК, так і дзеячы ўрада Ластоўскага мелі шматлікія прэтэнзіі да літоўскіх афіцыйных улад. Так, урад БНР лічыў, што "прыняты літоўскай дэлегацыяй пункт (у апошнім праекце Гіманса - А. П.), па якому дзяржаўнай мовай прызнаецца толькі польская і літоўская, з'яўляецца крыўдай Беларускаму народу, які... многа разоў выступаў супроць польскіх прэтэнзій на Віленшчыну перад Лігай Нацый і заўсёды высказываўся за сувязь яе з Літвой" [197, a. 12]. Аднак беларуска-літоўскія супярэчнасці не ішлі ні ў якое параўнанне з беларуска-польскімі.

У дачыненні да Польшчы пераважная большасць беларускіх палітыкаў ніякіх ілюзій ужо даўно не мела. Шматлікія прыклады невыканання палякамі дадзеных імі раней абяцанняў і вялікі ўплыў нацыяналістаў на дзяржаўную палітыку не давалі надзеі на тое, што пасля далучэння Віленшчыны да Польшчы польскія ўлады будуць лічыцца з беларускім рухам. Зрэшты, палякі і не хавалі таго, што іх не вельмі цікавіць беларуская пазіцыя, пра што сведчаць, напрыклад, ліквідацыя з 1 студзеня 1922 г. дэпартамента беларускай асветы пры Часовай камісіі Сярэдняй Літвы [366, s. 201], ці адмова Галоўнага выбарчага камісара прыняць заяву БНК на беларускай мове [198, a. 19]. Толькі польскія левыя партыі выказваліся за вядзенне больш гнуткай палітыкі ў беларускім пытанні [199, a. 54]. Але ўплыў гэтых партый на дзяржаўную палітыку Польшчы быў дастаткова абмежаваны, да таго ж папярэдні негатыўны вопыт прымушаў беларусаў скептычна ставіцца да польскіх абяцанняў.

У такіх умовах адзіным аргументам за ўдзел у выбарах магла б быць магчымасць прапаганды ў час выбарчай кампаніі беларускай ідэі сярод насельніцтва. Аднак тут беларускія палітыкі знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад рашэння віленскіх літоўцаў, і байкот выбараў з боку апошніх вымушаў іх заняць аналагічную пазіцыю. Але байкот выбараў быў актыўны, і беларусы імкнуліся ў меру магчымасці праводзіць прапаганду сваіх ідэй. Польскія спецслужбы адзначалі, што беларускія газеты ананімна і бясплатна рассылаліся да ўсіх войтаў і солтысаў. Распаўсюджваліся брашуры, дзе беларуская пазіцыя выкладалася ў папулярнай форме [286]. Разгарнулі агітацыю ксяндзы-беларусы. Пэўную ролю ў працы з насельніцтвам адыгрывалі беларускія кааператывы і школы. Што датычыць праваслаўных святароў, то адзначалася, што "праваслаўнае духавенства... наогул у сучасны момант захоўвае вялікую стрыманасць і асцярожнасць у дачыненні да ўсялякіх палітычных акцый. Аднак асобы, найбольш схільныя да неадкладнай палітычнай дзейнасці, ахвотна хаваюцца пад прыкрыццё беларускага руху, каб такім чынам узмацніць антыпольскія настроі" [314, k. 237].

Польскія ўлады былі занепакоены магчымасцю выкарыстання беларускімі дзеячамі выбарчай кампаніі для пашырэння сувязі з насельніцтвам. У спецыяльнай інструкцыі адзначалася, што "пажадана, каб сярод прадстаўнікоў Віленскай зямлі былі прадстаўлены меншасці... Аднак непажаданыя расклейванне плакатаў з праграмамі, выезды кандыдатаў у паслы і скліканне мітынгаў" [365, s. 195]. На час выбараў не было дазволена выданне газет беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў "Krynica" i "Świetač". Праводзіліся арышты найбольш актыўных беларускіх дзеячаў [445, s. 160 - 162].

Улічваючы вышэйпададзенае, беларуская агітацыя, безумоўна, ахапіла толькі невялікую частку насельніцтва Сярэдняй Літвы і не магла аказаць значнага ўплыву на вынікі выбараў. Аднак некаторыя беларусы ўпершыню пачулі пра існаванне асобнага беларускага народа менавіта ў гэты час, чаму ёсць сведчанні сучаснікаў [208, c. 10].

28 сакавіка 1922 г. Віленскі сейм быў распушчаны, а 6 красавіка гэтага ж года быў прыняты закон пра перадачу ўлады над Bіленшчынай дэлегату польскага ўрада. Да канчатковага рашэння Лігі нацый аб прызнанні ўсходніх межаў Польшчы заставаўся яшчэ амаль год, аднак, улічваючы пазіцыю Францыі, мала хто сумняваўся, якім яно будзе. Такім чынам, пераходны перыяд скончыўся, і беларускім дзеячам у Вільні належала задумацца пра тактыку ў новых палітычных умовах - у складзе польскай дзяржавы.


2.2. Заходнебеларускае грамадства ў пошуку форм палiтычнага змагання ў 1-й палове 1922 г.

Пасля рашэнняў, прынятых Віленскім сеймам, палітычныя межы ва Ўсходняй Еўропе у значнай ступені перадвызначаліся. Відавочным было, што справа стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці ў заходняй частцы Беларусі пацярпела паражэнне і значнай частцы беларусаў пэўны час прыйдзецца жыць у складзе польскай дзяржавы. Гэта разумелі некаторыя віленскія беларускія дзеячы, ужо ў лютым 1922 г. пішучы: "Ня гледзячы на тое, што Вэрсальскі мір пакінуў неразьвязанымі доўгі сьцяг важных палітычных пытаньняў... "раўнавага" сама сабой устанаўліваецца, калі не ламаючы, дык абходзячы ўсе папяровыя трактаты... "Раўнавага" ў Эўропе патрывае мо некалькі гадоў, пакуль ня прыйдзе новая завіруха, ад якое мо вельмі зьменіцца палітычная карта Эўропы. Тады і палажэньне беларусаў можа сур'ёзна зьмяніцца - на дабро, ці мо і на зло. Вось-жа ад таго, што мы здолеем зрабіць за гэтыя гады, будзе залежаць і ўвесь наш нацыянальны быт. Будзем сільнымі культурна і эканамічна - дык сваё возьмем! Будзем кволымі, слабымі - дык такая-ж будзе і доля наша!" [291].

На працягу ўсёй першай паловы 1922 г. ішло вызначэнне далейшай тактыкі віленскіх беларускіх дзеячаў. Польскія ўлады адразу пасля выбараў правялі рэпрэсіі супраць беларускага руху, тым самым значна яго паслабіўшы. У ноч з 19 на 20 студзеня 1922 г. у Вільні па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з замежнымі, варожымі Польшчы ўрадамі, былі арыштаваны 33 беларускія і літоўскія дзеячы, якія вылучаліся сваёй актыўнасцю. Сярод арыштаваных аказаліся беларусы М. Гарэцкі, А. Карабач, У. Пракулевіч, А. Якубецкі і інш. Хоць ніякай віны арыштаваных даказаць не ўдалося, іх тым не менш без суда ноччу з 4 на 5 лютага вывезлі на тэрыторыю нейтральнай зоны паміж Польшчай і Літвой і там пакінулі без права вяртання ў Польшчу. Фактычна гэтай акцыяй быў абезгалоўлены Віленскі БНК.

Такія дзеянні польскіх улад, безумоўна, не дадавалі сімпатый да польскай дзяржавы з боку беларускіх нацыянальных дзеячаў. Мала надзей, аднак, заставалася і на хуткую змену дзяржаўнай прыналежнасці хоць бы часткі Заходняй Беларусі. Праўда, спачатку яшчэ былі пэўныя спадзяванні на рашэнні Генуэзскай канферэнцыі, што праходзіла з 10 красавіка па 19 мая 1922 г. На ёй прысутнічала дэлегацыя БНР, якая падала свой мемарандум, пратэстуючы супраць Рыжскай дамовы і патрабуючы яе адмены і прызнання незалежнасці БНР. Таксама адбыліся сустрэчы беларусаў са старшынёй канферэнцыі А.Фактам, генуэзскім арцыбіскупам, членамі дэлегацыі Англіі, а таксама з такімі ж неафіцыйнымі дэлегацыямі з іншых непрызнаных частак былой Расійскай імперыі [124, c. 8 - 9]. Была пададзена таксама заява на імя старшыні ўрада Літвы В.Гальванаўскаса аб згодзе на далучэнне да Літвы Віленшчыны з Вільняй "з гарантаваннем інтарэсаў беларускага жыхарства як асобнага народу" [139, c. 52]. Аднак практычныя вынікі ўсіх гэтых дзеянняў былі зусім сціплыя і звяліся фактычна толькі да інфармавання еўрапейскай грамадскасці пра існаванне беларускага пытання.

Беларускія палітыкі ў Вільні ўважліва, але без асаблівай надзеі сачылі за разгортваннем падзей у Генуі. Праўда, першапачаткова выказваліся асцярожныя меркаванні, што "аканчальнае "wcielenie" Віленшчыны да Польшчы пастаўлена польскім урадам у залежнасьць ад таго, як пойдуць справы ў Генуі... і мы йшчэ шмат чаго можам прыждаць!" [387]. Аднак праз кароткі час пасля пачатку канферэнцыі рабілася выснова: "З пэўнасцю можна сказаць, што ў Генуі аб беларусах ніхто не заікнецца... Эўропа будзе адбудоўвацца. Але ж гэта - Эўропа, у якой мы беларусы голасу не маем і нас адбудова Эўропы ня тычыцца... Так, беларусам спадзевацца няма каго: што самі зробім, тое й будзем мець!" [288].

Пэўнае ўражанне на беларускіх дзеячаў аказаў Рапальскі дагавор паміж Германіяй і савецкай Расіяй ад 16 красавіка 1922 г. Ён даў падставу адзначыць, што "ў Эўропе насьпявае перастройка фундамэнту міру і палітычнай раўнавагі - перастройка, якая ... суліць шмат новага ў справах Усходняй Эўропы, якія, здавалася, ужо былі разьвязаны аканчальна" [157]. Мелася на ўвазе меркаванае вяртанне абодвух краін у лік вялікіх еўрапейскіх дзяржаў і спадзяванне ў сувязі з гэтым на новую пастаноўку беларускага пытання на міжнародным узроўні. А да гэтага часу патрэбна было падумаць пра тактыку беларускага руху ў межах польскай дзяржавы.

У складзе гэтай дзяржавы трэба было намагацца вырашаць шматлікія праблемы, што трывожылі беларускае насельніцтва, асноўнымі сярод якіх былі:

1) Праблема зямельнай рэформы. Польскі аграрны закон ад 15 ліпеня 1920 г. прадугледжваў перадачу беззямельнаму і малазямельнаму сялянству, як польскаму, так і беларускаму, зямель публічнага характару, прыватных зямель, касцёльных і інш [115, c. XVI]. Аднак ён па сутнасці так і застаўся на паперы. Канстытуцыя Польскай Рэспублікі, прынятая 17 сакавіка 1921 г., дапускала абмежаванне прыватнай уласнасці толькі "ў вышэйшых інтарэсах" пры поўнай яе кампенсацыі. Вярхоўны суд Польшчы на аснове Канстытуцыі ануляваў пастановы зямельных органаў аб адчужэнні зямель у маёнтках пры няпоўнай кампенсацыі іх кошту ў параўнанні з рынкавымі цэнамі, прызнаўшы іх неканстытуцыйнымі [258, c. 67 - 68]. Такім чынам, асноўная маса зямлі ў Заходняй Беларусі заставалася ў руках буйных уладальнікаў, у пераважнай большасці прадстаўнікоў польскай нацыянальнасці. Памешчыкі-беларусы валодалі толькі 4,1% усёй памешчыцкай зямлі [165, c. 78].

2) Праблема вайсковага асадніцтва. Згодна з законам, прынятым 17 снежня 1920 г., устанаўліваўся парадак надзялення зямлёю заслужаных жаўнераў польскага войска і ствараўся асобны фонд з зямельных плошчаў, размешчаных на ўсходніх ускраінах Польшчы, куды перадаваліся і прыватнаўласніцкія землі, пакінутыя гаспадарамі, пры ўмове, што ўладальнікі не вернуцца на свае надзелы да 1 красавіка 1921 г. [258, c. 67 - 68] Асаднікі займалі тыя землі, якія мясцовыя сяляне ўжо пачалі абрабляць і мелі надзею атрымаць ва ўласнасць, таму беларускае сялянства бачыла ў іх сваіх ворагаў, з імі адбываліся штодзённыя канфлікты. Да ўсяго гэтага самі асаднікі сваімі паводзінамі выклікалі да сябе непрыязь, што прызнавалася нават польскімі дзеячамі правага палітычнага напрамку: "Гэта зусім неадпаведны элемент, які прыносіць больш шкоды, чым карысці польскасці. Трывожыць тое, што яны займаюцца п'янствам і да такой ступені не прызнаюць права ўласнасці, што не шануюць яго нават ва ўзаемаадносінах паміж сабой" [471, s. 14]. У выніку незадавальненне асадніцтвам з боку беларускіх сялян было такое вялікае, што нават некаторыя мясцовыя памешчыкі, як, напрыклад, Я.Пузына і Э.Вайніловіч публічна выступалі супраць правядзення гэтай палітыкі [364, s. 42].

3) Праблема пасляваеннай адбудовы сялянскіх гаспадарак. У час вайны ў Заходняй Беларусі былі знішчаны каля 600 000 будынкаў [115, c. XXIV - XXV]. Яшчэ 28 лютага 1919 г. сеймам быў прыняты закон, згодна з якім урад абавязваўся выдаваць за кошт дзяржавы будаўнічы матэрыял на адбудову знішчаных у час ваенных дзеянняў жылых будынкаў і гаспадарчых пабудоў у памеры ўстаноўленых вайсковых страт. Закон ад 18 ліпеня 1919 г. прадугледжваў, што дзяржаўная дапамога можа адбывацца як у форме выдачы незваротнай субсідыі, так і крэдытавання. Закон не рабіў розніцы паміж грамадзянамі розных нацыянальнасцяў, аднак на практыцы атрымаць будматэрыялы сялянам-беларусам было няпроста. Лес выдаваўся ў першую чаргу вайсковым асаднікам, а беларусы часта чакалі яго гадамі [392, s. 60 - 62].

4) Праблема беларускіх школ. У час нямецкай акупацыі беларусам удалося адкрыць каля 350 беларускіх школ, якія на працягу 1919-1921 гг. былі практычна ўсе зачынены польскімі ўладамі. У Навагрудскім ваяводстве 15 лістапада 1921 г. быў наогул выданы цыркуляр, які забараніў выкарыстанне беларускай мовы ў школах не толькі ў якасці мовы выкладання, але і як дапаможнай мовы [47, c. 38 - 39]. У 1921/1922 школьным годзе на Віленшчыне было зафіксавана 36 беларускіх школ, у Навагрудчыне і Беласточчыне - па 1, на Палессі - ніводнай [366, s. 208]. Польскія ўлады аргументавалі сваю палітыку адсутнасцю адпаведным чынам падрыхтаваных беларускіх настаўніцкіх кадраў, аднак у той жа час 250 беларускіх настаўнікаў, якія прайшлі перападрыхтоўку на курсах у Кракаве ў 1921/22 гг., былі ў большасці накіраваны на працу па-за межы Заходняй Беларусі [46, c. 18 - 19].

5) Рэлігійная праблема. Праваслаўная царква, да якой належала большасць беларускага насельніцтва ў Польшчы, пасля аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы ад становішча прывілеяванай канфесіі перайшла да падпарадкаванага ў адносінах да каталіцтва стану, сутыкнуўшыся з раней невядомымі праблемамі. Значная колькасць святароў не здолела атрымаць польскага грамадзянства. Праваслаўнае святарства небеспадстаўна разглядалася палякамі як актыўны русіфікацыйны і антыпольскі элемент, таму знаходзілася пад пастаянным падазрэннем і наглядам паліцыі. Пачала праводзіцца т. зв. акцыя рэвіндыкацыі пад лозунгамі вяртання каталіцкаму касцёлу раней забраных у яго для патрэб праваслаўнай царквы будынкаў. Выказваліся прапановы аб пазбаўленні праваслаўных прыходаў вялікіх зямельных абшараў, атрыманых імі ў час расійскага панавання. Беларускія каталіцкія ксяндзы падвяргаліся пастаянным ганенням з боку ўлад за ўдзел у беларускім жыцці і правядзенне ў сваіх парафіях беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці [445, s. 158 - 161].

6) Праблема высокіх падаткаў і розных павіннасцяў. Падатковы цяжар нераўнамерна размяркоўваўся на розныя пласты насельніцтва. Памешчыкі павінны былі плаціць за 1 га зямлі ў 1,5-2 разы менш, чым малазямельныя сяляне, якімі пераважна з'яўляліся беларусы [68, c. 58]. Беларускія сяляне мусілі, акрамя таго, бясплатна даваць падводы для абслугоўвання паліцыі і чыноўнікаў, выконваць дарожныя павіннасці - шарваркі і г. д. [179, c. 220]

7) Праблема злоўжыванняў адміністрацыі. Мясцовая адміністрацыя ў паўночна-ўсходніх ваяводствах фармавалася перш за ўсё з чыноўнікаў, якія паходзілі з Цэнтральнай Польшчы. Нават на пасады самага ніжэйшага ўзроўню - солтысаў, войтаў, лаўнікаў - часцей за ўсё прызначаліся мясцовыя асаднікі. Распаўсюджанай была практыка накіравання на "крэсы" тых чыноўнікаў, якія не з лепшага боку зарэкамендавалі сябе ў іншых месцах.

Было зразумела, што гэтыя і іншыя праблемы патрэбна было неяк вырашаць, а наконт тактыкі змагання за свае правы ў першай палове 1922 г. сярод беларускіх палітыкаў існавалі вялікія рознагалоссі. Дзеячы, звязаныя з урадам БНР, адкідалі ўсялякую магчымасць нават ускоснага прызнання дзяржаўнасці Польшчы на тэрыторыі Заходняй Беларусі і выказваліся за правядзенне ўзброенай барацьбы. У 1922 г. з невялікіх узброеных груп былі ўтвораны тактычныя фарміраванні, якія павінны былі праводзіць паўстанцкую акцыю з надзеяй на хуткі польска-літоўскі канфлікт. Асноўныя паўстанцкія атрады, звязаныя з урадам БНР, канцэнтраваліся ў Белавежскай пушчы пад камандаваннем атаманаў В.Разумовіча-Хмары, Г.Шыманюка і інш [165, c. 84 - 85]. Таксама ў гэты час даволі шырока разгарнулася дзейнасць партызанскіх груп, арганізаваных камуністамі ці блізкімі да іх сіламі. У 2-ой палове 1922 г. з левага крыла партыі беларускіх эсэраў утварылася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), якая выступала за рэвалюцыйную барацьбу на аснове саюзу рабочых і сялян [179, c. 226]. У выніку па ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі ў пачатку 1920-х гг. пракацілася хваля дыверсійных нападаў на дзяржаўныя ўстановы і аб'екты, а таксама на памешчыцкія маёнткі. Толькі ў 1922 г. былі зарэгістраваны 878 партызанскіх аперацый [259, c. 33 - 39].

Аднак асноўная частка беларускіх дзеячаў з Вільні не лічыла ўзброеную барацьбу адзіна магчымай ў тых умовах. Яны небеспадстаўна меркавалі, што падобныя дзеянні могуць толькі пагоршыць становішча беларусаў, таму ў склаўшыхся ўмовах на першае месца павінна выйсці пазітыўная праца ў межах польскай дзяржаўнасці. Да такога рашэння беларускіх віленскіх дзеячаў падштурхоўвала ў першую чаргу змена літоўскай палітыкі ў дачыненні да беларускага пытання. Літоўцы пасля выбараў у Віленскі сейм не лічылі патрэбным надалей рабіць нейкія шырокія жэсты ў бок беларусаў, і, хоць не разрывалі канчаткова адносіны з урадам Ластоўскага, аднак памер зробленых імі саступак не мог задаволіць беларусаў з Вільні. Яны, хацелі, каб кандыдатура міністра беларускіх спраў у Літве была ўзгоднена з беларусамі, а віленскім беларускім культурным установам была дадзена матэрыяльная дапамога [26, a. 1]. Але гэтай дапамогі віленскія беларускія арганізацыі так і не дачакаліся. Пасля доўгай валакіты ў чэрвені 1922 г. гэта справа ад Рады міністраў была перададзена ў веданне літоўскага міністэрства замежных спраў, што азначала як яе далейшае зацягванне, так і звядзенне на больш нізкі ўзровень. Даведаўшыся пра гэта, прадстаўнікі Вiленскага БНК у Коўне А. Карабач і У. Пракулевіч 22 чэрвеня 1922 г. склалі свае паўнамоцтвы [26, a. 2].

Другім фактарам, які схіляў беларусаў да пераходу на больш памяркоўныя пазіцыі, была агульная сітуацыя ў Польшчы і той палітычны лад, які ў ёй усталяваўся. Адразу пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы ў 1918 г. было абвешчана, што ўладкаванне новай дзяржавы будзе дэмакратычным. Вышэйшай прадстаўнічай уладай у гэтай дзяржаве павінен быў быць сейм. Першы польскі т. зв. Заканадаўчы сейм быў абраны ў 1919 г. Заходнебеларускія тэрыторыі ў ім прадстаўлены не былі, бо ў час выбараў на іх ішлі ваенныя дзеянні. Галоўнай задачай Заканадаўчага сейма было прыняцце асноўных законаў, неабходных для функцыянавання самастойнай дзяржавы. Перш за ўсё ішла гаворка пра Канстытуцыю, якая была прынята 17 сакавіка 1921 г.

Сакавіцкая канстытуцыя адкрыла новы этап у гісторыі польскага парламентарызму, бо ўвяла замест ранейшага аднапалатнага дзвюхпалатны парламент, які складаўся з сейма і сената і выбіраўся шляхам усеагульных выбараў. Цэнтральнае месца ў сістэме дзяржаўнай улады займаў сейм. Урад нёс перад ім поўную палітычную адказнасць, мусіў валодаць яго даверам і падаваць у адстаўку па яго патрабаванні. Паўнамоцтвы сената ў параўнанні з сеймам былі больш сціплыя і ён павінен быў, па задуме лабіраваўшых яго ўвядзенне правых партый, "забяспечваць дзяржаву перад залішне радыкальнымі мерапрыемствамі большасці сейма". Прэзідэнт у адпаведнасці з Канстытуцыяй выбіраўся на 7 гадоў на аб'яднаным пасяджэнні сейма і сената. Яго ўладныя паўнамоцтвы былі хутчэй сімвалічнымі, чым рэальнымі [298, s. 85 - 86].

Такім чынам, парламент у Польшчы меў вялікія паўнамоцтвы, і праз яго прадстаўнікам нацыянальных меншасцей пры наяўнасці пэўных умоў у прынцыпе было магчыма праводзіць некаторыя карысныя для сябе рашэнні або не дапускаць прыняцця шкодных. У Заканадаўчы сейм з нацыянальных меншасцей уваходзілі 11 яўрэяў і 6 немцаў. Такая малая колькасць не дазваляла рэальна ўплываць на дзяржаўную палітыку, аднак яны дастаткова паспяхова выкарыстоўвалі парламенцкую трыбуну для давядзення сваёй пазіцыі да польскага ўрада і выкрыцця польскай дыскрымінацыйнай палітыкі перад міжнароднай супольнасцю. Пры ўзгодненасці ж пазіцый з прадстаўнікамі польскіх левых партый магчымасці меншасцей значна ўзрасталі, і ў канчатковым прыняцці некаторых дэмакратычных элементаў Канстытуцыі была заслуга і нешматлікіх прадстаўнікоў яўрэяў і немцаў [410, s. 124].

Улічваючы гэта, беларусы маглі разлічваць, што і ім пры ўдалых выніках выбараў можна будзе скарыстацца з магчымасцяў, якія давала парламенцкая праца. Ужо ў сакавіку 1922 г. на старонках віленскай беларускай прэсы з'яўляюцца сцверджанні, што "ў Польшчы ўсё-ж такі існуе ўстанова, у якой і мы, Беларусы, можам заняць належнае нам месца і бараніць нашага патаптанага права канстытуцыйнай дарогай. Гэта - польскі дзяржаўны Сойм... Нам трэба безумоўна выкарыстаць соймавую трыбуну, каб голасна і ясна - перад усенькім светам - высказаць усе нашы крыўды, нашы патрэбы, нашы дамаганні" [293].

Тым не менш, да канчатковага рашэння аб удзеле ў выбарах прайшоў яшчэ некаторы час, і на яго прыняцце вялікае значэнне меў апісаны вышэй ход падзей у Генуі. На гэтым фоне сярод беларусаў у Вільні разгортвалася палеміка. Прыхільнікі ўдзелу ў выбарах сцвярджалі, што парламенцкая трыбуна - гэта адзіны шлях да абароны беларускіх нацыянальных інтарэсаў, што выступленні беларускіх прадстаўнікоў адкрыюць перад усім светам хаваемы палякамі факт існавання ў Польшчы двухмільённага беларускага насельніцтва. Нарэшце, у якасці самага галоўнага аргумента прыводзілася тое, што выбарчая кампанія павінна значна паўплываць на абуджэнне ў беларускіх масах нацыянальнай самасвядомасці і на іх грамадскую актывізацыю. Праціўнікі ўдзелу лічылі, што сам падобны факт раўназначны з прызнаннем беларусамі захопу Польшчай заходнебеларускіх зямель і адрачэннем ад ідэі дзяржаўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі [149, c. 212].

Прыхільнікамі першай пазіцыі былі такія вядомыя беларускія дзеячы, як А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч і інш. Пад іх уплывам было прызнана неабходным выслаць афіцыйных прадстаўнікоў БНК на прыём, наладжаны Ю.Пілсудскім з нагоды прыняцця польскім урадам улады над Віленшчынай, а таксама на аўдыенцыю ў старшыні Рады міністраў Польшчы А.Панікоўскага, устрымаўшыся ў той самы час ад удзелу ў мерапрыемствах выразна ўрачыстага характару. У час прыёмаў беларусы прадставілі польскім вышэйшым асобам свае пастулаты. Старшыня БНК Ф.Ярэміч у сваім выступленні асабліва падкрэсліў, што "польскі ўрад мае не толькі правы, але і абавязкі, якія вынікаюць з валодання краем. Беларускае насельніцтва, лаяльна выконваючы свае абавязкі польскіх грамадзян, мае права патрабаваць ад польскай дзяржавы забеспячэння культурна-асветніцкіх і эканамічных патрэбаў" [372, s. 144 - 145].

У красавіку 1922 г. пры БНК была створана Палітычная камісія, задачамі якой было вызначэнне формулы пераходу да працы на грунце польскай дзяржаўнасці і выпрацоўка праграмы выбарчай кампаніі ў Варшаўскі сейм [165, c. 82]. У пачатку мая 1922 г. Ф.Ярэміч адзначыў у інтэрв'ю віленскай "Gazecie Krajowej", што "мы стаім на грунце польскай дзяржаўнасці, але просім гарантавання нам права на штодзённы побыт і культурнае развіццё. Сваю пазіцыю мы акрэсліваем наступным чынам: будзе талерантнасць - будзе і лаяльнасць" [372, s. 147].

Дэкларацыя Ярэміча была ўспрынята ў беларускіх асяродках неадназначна. Некаторыя члены БНК, што старшыня камітэта пайшоў занадта далёка і заняў залішне прапольскую пазіцыю. Тым не менш, да расколу камітэта справа не дайшла, а Ярэміч быў абавязаны выступіць з абвержаннем сваіх слоў [372, s. 148]. Ён гэта патрабаванне выканаў, заявіўшы, што інтэрв'ю сапраўды мела мейсца, але некаторыя з апублікаваных у газеце пытанняў або зусім ня закраналіся, або не зусім дакладна былі сфармуляваны [294].

Гэты канфлікт, хоць і прывёў да змены кіраўніцтва БНК (Ярэміча на пасадзе старшыні змяніў А.Луцкевіч), аднак прынцыпова не паўплываў на ў цэлым лаяльны да польскай дзяржавы напрамак дзейнасці камітэта. Ужо пасля апісаных падзей БНК выслаў да дэлегата польскага ўрада ў Вільні адмысловую дэлегацыю для прадстаўлення сваіх бягучых патрабаванняў, а на пасяджэнні 28 мая 1922 г. прыняў пастанову, у якой, не зракаючыся ідэалу непадзельнай і незалежнай Беларусі, але лічачыся пры гэтым з фактам далучэння да Польшчы ўсёй Заходняй Беларусі і з сучасным палітычным станам беларускай справы, паставіў сабе за задачу "ўсебаковую абарону правоў беларускага насельніцтва пад уладай польскай дзяржавы, ужываючы ўсялякія праўныя сродкі, дапушчальныя Канстытуцыяй Польшчы" [372, s. 149 - 150]. Канчатковае рашэнне аб прыняцці актыўнага ўдзелу ў бліжэйшых выбарах у польскі парламент і заснаванні выбарчага камітэта, прынятае на пасяджэнні БНК 1 ліпеня 1922 г., непасрэдна вынікала з дадзенай пастановы. Пры гэтым праціўнікаў удзелу ў выбарах сярод членаў камітэта да гэтага часу практычна не засталося, і адпаведнае рашэнне было прынята аднагалосна [149, c. 212].

Пэўны ўплыў на прыняцце падобнага рашэння аказаў і шэраг прыязных беларусам крокаў, якія зрабілі ў першай палове 1922 г. прадстаўнікі польскіх левых партый і краёвых дэмакратычных арганізацый. Так, гэтыя партыі і арганізацыі выступілі з пратэстам супраць арышту беларускіх і літоўскіх віленскіх дзеячаў, што было адзначана ў спецыяльнай дэкларацыі БНК [372, s. 140]. Прадстаўнікі гэтых арганізацый прысутнічалі на ўрачыстасцях з нагоды гадавіны абвяшчэння БНР, а лідскі рэгіянальны з'езд партыі "Оdrodzenie-Wyzwolenie" выслаў беларусам віншаванне з нацыянальным святам, падпісанае паслом сейма Бараноўскім [292]. Урэшце, іншы пасол ад гэтай партыі - Я.Рудзінскі, закрануў беларускую справу ў сейме, запатрабаваўшы з трыбуны аўтаноміі для ўсходніх ваяводстваў, бо "гэтага вымагае... істотная патрэба гэтага краю, які ня ёсьць аднародны польскі, бо мае такжа насяленьне беларускае, літоўскае і жыдоўскае" [388]. Усё гэта дазваляла спадзявацца, што прадстаўнікі польскай лявіцы будуць аказваць падтрымку беларусам і ў парламенце новага склікання. Гэта яшчэ больш узмацняла надзеі дабіцца паляпшэння становішча беларускага насельніцтва ў Польшчы з дапамогай дэмакратычных механізмаў.

Такім чынам, да сярэдзіны 1922 г. асноўныя беларускія арганізацыі ў Польшчы паспяхова справіліся з унутранымі рознагалоссямі ў справе тактыкі далейшага змагання. На гэта аднолькава паўплывалі як знешнія, так і ўнутраныя фактары. У выніку з ліпеня 1922 г. непасрэдна распачалася першая ў гісторыі беларускага нацыянальнага руху паўнавартасная выбарчая кампанія.


3. ПАРЛАМЕНЦКАЕ ЗМАГАННЕ ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАГА НАСЕЛЬНІЦТВА Ў 2-ОЙ ПАЛОВЕ 1922 -1927 ГГ.

3.1. Выбары ў сейм i сенат 1922 г. у Заходняй Беларусi

Тэрыторыі, на якіх больш ці менш кампактна жылі беларусы, увайшлі ў склад 9 выбарчых акруг: № 4 - з сядзібаю ў Востраве, № 5 - у Беластоку, № 6 - у Гродне, № 59 - у Брэсце, № 60 - у Пінску, № 61 - у Навагрудку, № 62 - у Лідзе, № 63 - у Вільні i № 64 - у Свянцянах. Нацыянальны склад жыхароў у гэтых выбарчых акругах быў неаднародны. Вясковае насельніцтва найчасцей мела слабую свядомасць і часта пры акрэсленні сваёй нацыянальнасці арыентавалася толькі на веравызнанне. Асабліва складаная сітуацыя была на тэрыторыі Палесся, дзе насельніцтва ў большасці ўвогуле не атаясамлівала сябе з ніводным народам, i за яго галасы змагаліся дзеячы як беларускага нацыянальнага руху, так і ўкраінскага. Вялікі працэнт гарадскога і местачковага насельніцтва складалі яўрэі. Значная частка нават беларускамоўнага каталіцкага насельніцтва лічыла сябе палякамі.

На вышэйпералічаныя акругі было выдзелена 48 пасольскіх мандатаў. На Беластоцкае, Палескае, Навагрудскае і Віленскія ваяводствы, якія складалі акругі на выбарах у сенат, прыходзілася 14 мандатаў [362, s. 125].

На час перадвыбарчай кампаніі быў створаны Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт (БЦВК) на чале з А.Луцкевічам. Праграма камітэта прадугледжвала прызнанне польскай дзяржавы, барацьбу за тэрытарыяльную аўтаномію, школу на роднай мове, правядзенне зямельнай рэформы, роўнасць усіх рэлігійных вызнанняў, тэрытарыяльную арганізацыю войска і г. д. [256, c. 140] (Гл. Дадатак 1).

Сур'ёзнаю перашкодаю для поспеху беларусаў у выбарчай кампаніі маглі стаць патрабаванні польскага выбарчага закона, прынятага Заканадаўчым сеймам 28 ліпеня 1922 г. (Гл. Дадаткі 2, 3). Паводле яго, быў уведзены т. зв. дзяржаўны спіс. З 444 паслоў сейма 372 выбіраліся ў акругах непасрэдна насельніцтвам, а 72 уваходзілі з дзяржаўнага спісу (з 111 сенатараў - адпаведна 93 i 18) [412, s. 28]. Выдзеленыя для гэтага спісу мандаты дзяліліся паміж партыямі прапарцыянальна агульнай колькасці галасоў, аддадзеных за той ці іншы спіс на тэрыторыі ўсёй краіны. Правам атрымання мандатаў з дзяржаўнага спісу карысталіся толькі тыя партыі, якія атрымалі мандаты як мінімум у 6-ці розных акругах. Гэтая норма была нявыгадная для нацыянальных меншасцей, ніводная з якіх не магла самастойна правесці паслоў і сенатараў у столькіх акругах [241, c. 12]. Была ўхвалена таксама прапанова, што на "крэсах" 1 мандат павінен прыпадаць на 86000 чалавек (у цэнтральнай Польшчы - на 70000). У выніку гэтага было забрана ў суме 19 мандатаў ва ўсходніх акругах [368, s. 136]. Да таго ж пры вызначэнні межаў выбарчых акруг ўлады імкнуліся далучаць да паветаў з перавагай няпольскага насельніцтва чыста польскія тэрыторыі. Прыкладам гэтага можа быць выбарчая акруга № 4, якая была расцягнута максімальна на захад з уключэннем у яе разам з Бельскім і Белавежскім паветамі са значнай працэнтнай доляй нацыянальных меншасцей Высокамазавецкага і Востраўскага паветаў з несумненнай перавагай польскага насельніцтва [32, a. 30]. Улічваючы ўсе гэтыя фактары, БНК на пасяджэнні 29 мая 1922 г. прызнаў праект выбарчага закона несправядлівым і не дапускаючым стварэння беларускага прадстаўніцтва ў сейме [365, s. 221].

З мэтаю выхаду з такой цяжкой сітуацыі БЦВК аб'яднаўся з падобнымі камітэтамі іншых нацыянальных меншасцей у адзіным перадвыбарчым блоку. Аб'яднанне нацыянальных меншасцей дазваляла ім здабыць пэўную колькасць мандатаў з дзяржаўнага спісу, а таксама аб'яднаць рэшткі галасоў усіх меншасцей, атрымліваючы тым самым магчымасць правядзення большай колькасці паслоў у акругах [32, a. 30].

Першы крок да арганізацыі блока быў зроблены ў пачатку жніўня 1922 г., калі беларусы, украінцы і рускія стварылі т. зв. "Славянскі блок". Прапанова славянскім меншасцям аб'яднаць сілы з боку яўрэяў і немцаў была зроблена яшчэ ў ліпені, але беларусы, украінцы і рускія доўгі час вагаліся, не даючы канчатковага адказу. Сумненні прадстаўнікоў славянскіх народаў выклікалі няўпэўненасць у пазітыўнай ацэнцы блока з яўрэямі з боку ўласных народаў, цяжкое пытанне падзелу мандатаў і, магчыма, паралельныя прапановы аб заключэнні выбарчага саюзу з боку некаторых польскіх партый [11, c. 68]. У сваю чаргу яўрэі, ведучы перагаворы аб заключэнні саюзу, абсалютна не ўяўлялі сілы беларусаў і ўкраінцаў у якасці партнёраў па блоку, што выклікала пэўныя цяжкасці, не даючы ім магчымасці вызначыцца з памерам неабходных саступак на карысць дадзеных меншасцей. У рапарце МЗС Польшчы адзначалася, што «наколькі блок яўрэяў з немцамі складае пэўную сілу, таму што вядома, якія ўплывы маюць дадзеныя партыі, што ўваходзяць у блок, настолькі ў адносінах да беларусаў такі блок з'яўляецца толькі пагадненнем, пры заключэнні якога абыйдзены самы выразны, але няўлоўны фактар: воля і тэндэнцыі «нізоў» - масы выбаршчыкаў» [315, k. 294].

Канчатковае збліжэнне пазіцый адбылося ў час сустрэчы прадстаўнікоў усіх нацыянальных меншасцей 14 жніўня 1922 г. Пасля яе 17 жніўня на канферэнцыі ў Варшаве ўзнік Блок нацыянальных меншасцей (БНМ) Польскай Рэспублікі, у які ўступілі прадстаўнікі беларускага, украінскага, рускага, нямецкага і яўрэйскага народаў [410, s. 129]. Улічваючы безумоўную колькасную перавагу беларусаў і ўкраінцаў у параўнанні з яўрэямі сярод насельніцтва ўсходніх ваяводстваў, яўрэйскія палітыкі вымушаны былі пагадзіцца на размяшчэнне на першых месцах спісаў блока ва ўсходніх акругах прадстаўнікоў дадзеных народаў, тым самым практычна гарантуючы ім будучыя месцы ў парламенце [119, c. 2 - 3]. Было таксама заключана пагадненне, згодна з якім выбыўшыя па нейкіх прычынах у час выканання дэпутацкіх абавязкаў парламентарыі павінны былі замяшчацца асобамі той жа нацыянальнасці, нягледзячы на чарговасць кандыдатур у спісе [410, s. 159]. Блок быў арганізацыяй выключна тэхнічнай і, як падкрэслівалася ў прамовах дэлегатаў паасобных нацыянальнасцей на нарадзе 17 жніўня, хоць у выбарах выступіў як палітычная партыя, але ў ніякім выпадку не меў мэтаю непарыўнага саюзу ўсіх нацыянальных меншасцей пасля выбараў [394, s. 143]. Толькі некаторыя дзеячы, як адзін з лідэраў польскіх сіяністаў І.Грынбаўм, мелі ў душы надзею на ўтрыманне адзінства фронту меншасцей у працэсе далейшай парламенцкай дзейнасці, лічачы, што гэта магло б даць ім рэальны ўплыў на кіраванне дзяржавай [477, s. 166].

Нягледзячы на тэхнічны характар блока, яго стварэнне было ацэнена палякамі як праява варожасці да Польшчы. Была разгорнута актыўная кампанія пад антысеміцкімі і антынямецкімі лозунгамі з мэтаю адпіхнуць ад яўрэяў і немцаў славянскія меншасці. Яна, аднак, не мела поспеху. Будучы беларускі пасол сейма В.Рагуля ўспамінаў: "Наша боязь, што сялянства будзе супраць блоку з жыдамі, aказалася беспадстаўнаю. Сяляне глядзелі на гэты саюз цвяроза, як на крайнюю неабходнасць" [241, c. 18]. Іншы ўдзельнік выбарчай кампаніі згадваў наступны факт: "Выступае ксёндз і дакарае беларусоў у тым, што яны ідуць разам з яўрэямі, а сяляне яму на гэта адказваюць: "яўрэі нашы браты, мы змагаемся супроць вас - палякаў" [53, c. 14].

Спіс блока, у якім на галоўных пазіцыях былі прадстаўнікі немцаў і яўрэяў, атрымаў выбарчы нумар 16. БНМ ішоў на выбары з патрабаваннямі свабоды арганізацый, партый, друку і рэлігійных вызнанняў, спынення асадніцтва, перадачы зямлі на тэрыторыі "ўсходніх крэсаў" беларускім і ўкраінскім сялянам і г. д. [32, a. 30] Мэтай праграмы, разлічанай на прыцягненне як мага большай колькасці выбаршчыкаў, было дасягненне паразумення не толькі паміж рознымі нацыянальнасцямі, але таксама паміж рознымі класамі і сацыяльнымі пластамі ўнутры кожнай з меншасцей.

У час падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі ўдзельнікі блока імкнуліся да хоць бы часовага вырашэння праблем у асабістых адносінах. Так, паміж беларусамі і ўкраінцамі ў межах блока ўзнік невялікі канфлікт, звязаны з даўнімі спрэчкамі ў справе нацыянальнай прыналежнасці насельніцтва ў Брэсцкай (№ 59) i Пінскай (№ 60) выбарчай акругах Палескага ваяводства, а таксама Бельскай акрузе (№ 4) Беластоцкага ваяводства. У рэшце рэшт гэта пытанне была вырашана прыняццем кампраміснага рашэння, паводле якога было вырашана аддаць беларусам першыя месцы на спісе Блока ў Бельскай і Пінскай акругах, а ўкраінцам - два першых месца ў Брэсцкай акрузе [31, a. 26]. Першым на сенацкім спісе БНМ у Палескім ваяводстве быў пастаўлены ўкраінец, i БЦВК заклікаў беларускае насельніцтва да яго падтрымкі [203].

Складанасці прыйшлося пераадольваць і ў беларуска-яўрэйскіх адносінах. Беларусы і ўкраінцы першапачаткова імкнуліся быць пасрэднікамі ў справе дасягнення выбарчага паразумення розных яўрэйскіх арганізацый, але ў рэшце рэшт вымушаны былі адмовіцца ад гэтай ролі. Адбылося гэта пасля таго, як лідэр Яўрэйскай народнай партыі (фалькістаў), якая адмовілася ад удзелу ў блоку - Н.Прылуцкі пачаў выкарыстоўваць у сваёй антыблокавай агітацыі магчымасць выстаўлення беларусамі і ўкраінцамі на сваіх спісах былых удзельнікаў вайсковых фарміраванняў С.Пятлюры і С.Булак-Балаховіча, маючых дачыненне да яўрэйскіх пагромаў 1919-1920 гадоў [410, s. 130]. Аднак сапраўднай прычынай недалучэння фалькістаў да блока было незадавальненне колькасцю абяцаных ім пасольскіх мандатаў. Ні пятлюраўцы, ні балахоўцы не бралі ўдзелу ў акцыі БНМ, падтрымліваючы ў ходзе выбарчай кампаніі праўрадавае Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах, а зблакаваныя ўкраінцы і беларусы рэзка адмежаваліся ад іх, востра крытыкуючы ў сваёй прэсе, сярод іншага і за правядзенне ў свой час яўрэйскіх пагромаў [30, a. 3; 23].

У час выбарчай кампаніі 1922 г. беларусам удалося дасягнуць, бадай што, самага высокага ўзроўню нацыянальнага адзінства за ўвесь міжваенны перыяд. У склад БЦВК увайшлі прадстаўнікі ўсіх найбуйнейшых беларускіх партый. У выбарчую кампанію масава ўключылася беларуская інтэлігенцыя, усе палітычныя згуртаванні і арганізацыі. Да акцыі падключылася і беларускае святарства, як праваслаўнае, так і каталіцкае [322, s. 72 - 73]. Акрамя беларускіх арганізацый, да БЦВК выказалі жаданне далучыцца прадстаўнікі стараверскай грамады. Для старавераў былі адмыслова выдзелены некалькі месцаў у сеймавых спісах БНМ у Гродзенскай і Свянцянскай акругах, у выпадку ж іх нетрапляння ў парламент беларусы абавязваліся "ўзяць на сябе абарону правоў і інтарэсаў стараверскага насельніцтва Польшчы" [266].

Галоўнымі супернікамі БНМ у час выбараў у паўночна-ўсходніх ваяводствах павінны былі быць польскія партыі, якія высоўвалі пастулаты радыкальных сацыяльных рэформ і ўлічвалі ў сваіх праграмах імкненні нацыянальных меншасцей. Перш за ўсё гэта былі Польская народная партыя (ПСЛ) "Вызваленне" і Польская сацыялістычная партыя (ППС). ПСЛ "Вызваленне" мела арганізацыйныя структуры на Віленшчыне, якія засталіся ад часу выбараў у Віленскі сейм, на астатніх тэрыторыях распаўсюджвалася прэса партыі. У перадвыбарчых плакатах "Вызвалення" прапагандаваліся адбудова вёскі, бясплатная адукацыя, раздача зямлі, роўныя правы ўсіх грамадзян Польскай Рэспублікі без розніцы іх мовы і веравызнання [365, s. 223 - 224]. У сваёй дзейнасці "Вызваленне" імкнулася да ахопу сваім уплывам вёсак, населеных беларусамі. Сярод кандыдатаў у паслы ад гэтай партыі знаходзіліся людзі, якія прылічалі сябе да беларускага народа [456, s. 79].

ППС да пачатку выбарчай кампаніі таксама ўжо мела на ўсходніх землях арганізацыйныя структуры і была добра падрыхтавана да правядзення агітацыйнай працы. Яе праграма, якая ўключала пастулаты сацыяльных рэформ, а таксама правоў нацыянальных меншасцей на культурна-асветніцкае развіццё на ўласнай мове, мела вялікія шанцы на пазітыўнае ўспрыманне насельніцтвам. Найбольшы ўплыў гэта партыя мела на Палессі і ва ўсходніх паветах Навагрудскага ваяводства [456, s. 80].

Вялікую цікавасць да выбараў на "крэсах", асабліва паўночна-ўсходніх, праявіў начальнік дзяржавы Ю.Пілсудскі. Ён хацеў, "каб у сейм увайшло з крэсаў як найбольш палякаў, а з іншых нацыянальнасцей па меры магчымасці толькі асобы, прыхільныя да польскай дзяржаўнасці" [390, s. 81 - 82]. З гэтай мэтай 23 верасня 1922 года на з'ездзе ў Баранавічах было створана Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах, на чале якога стаў родны брат Ю.Пілсудскага. Аб'яднанне паспрабавала прыцягнуць да сябе беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных дзеячаў, аднак скончылася гэта няўдачай. Да яго далучыліся толькі малаўплывовыя палітыкі накшталт В.Адамовіча і Я.Ладнова [377, s. 14]. Акрамя гэтага, у Лідскай і Віленскай акругах былі выстаўлены спісы прапольскага Аб'яднання беларускіх беспартыйных актывістаў і "Зялёнага Дуба", з якімі шчыльна супрацоўнічаў генерал С.Булак-Булаховіч [365, s. 225]. Некалькі кандыдатаў-беларусаў былі ў спісах ПСЛ "Вызваленне". Нешматлікія радыкальныя групы, звязаныя з эміграцыйным урадам БНР В.Ластоўскага, заклікалі насельніцтва байкатаваць выбары [36, s. 150 - 151]. Беларускія камуністы абавязваліся працаваць на карысць спісу Саюза пралетарыяту горада і вёскі. Выдаваная імі ў час выбараў газета "Барацьба" афіцыйна выступала супраць БНМ, прадстаўляючы яго як "саюз буржуазіі і спекулянтаў супраць працоўнага народа" [107, c. 73]. Аднак на практыцы камуністы таксама нярэдка ставілі нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя і далучаліся да выбарчай кампаніі БНМ. І.Валевіч успамінаў, што "былі такія характэрныя настроі, што "агульны вораг - гэта палякі", і таму трэба яднацца з яўрэямі, хто б яны ні былі, з немцамі, да якога б класа яны не належалі... Некаторыя таварышы, нават даволі актыўныя ў нашай партыі, ніяк не маглі зразумець, чаму, будучы, напрыклад, сакратаром ячэйкі або раённай арганізацыі, нельга ў той жа час быць упаўнаважаным спісу № 16 у выбарчым камітэце" [53, c. 14].

У час выбарчай кампаніі шырока распаўсюджваліся прэса, а таксама адозвы, брашуры і плакаты. Аднак, улічваючы непісьменнасць большасці выбаршчыкаў, на першае месца ў агітацыі выходзілі перадвыбарчыя мітынгі, на якіх перад насельніцтвам выступалі кандыдаты ў паслы, а таксама іх давераныя асобы. Дастаткова часта ў такіх мітынгах бралі ўдзел прадстаўнікі розных палітычных сіл, якія праводзілі дыскусіі паміж сабой, імкнучыся перацягнуць на свой бок сабраны натоўп. Многія польскія партыі дзеля ўстанаўлення лепшага кантакту з выбаршчыкамі шырока ўжывалі ў сваёй перадвыбарчай працы ў заходнебеларускіх акругах беларускую і рускую мовы, выдаючы на іх літаратуру і ўжываючы іх на мітынгах. Падобнай тактыкі трымаліся, напрыклад, ПСЛ "Вызваленне", ППС і Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах [158].

Найбольш частымі і небяспечнымі апанентамі ў час перадвыбарчых мітынгаў для прадстаўнікоў БЦВК былі агітатары "Вызвалення". Абодва бакі галоўны акцэнт у агітацыі рабілі на сацыяльных праблемах, найбольш балючых для беларускіх сялян: зямельнай рэформе, вайсковым асадніцтве, адбудове краю і г. д. Асаблівага напружання барацьба гэтых двух груповак дасягнула на Віленшчыне і Навагрудчыне [101, c. 40; 241, c. 19 - 20]. "Вызваленне" як польская партыя мела ў гэтай барацьбе пэўную падтрымку ўлад, у тым ліку матэрыяльную [448, s. 53]. Супраць "Вызвалення" і ППС беларусы праводзілі маштабную акцыю ў прэсе, шырока прапагандуючы сярод іншага факты галасавання гэтых партый у сейме за закон аб вайсковым асадніцтве і ўдзел лідэра ППС І.Дашынскага ў заключэнні Рыжскай мірнай дамовы. Пры гэтым у прынцыпе не выключалася магчымасць супрацоўніцтва са згаданымі партыямі ў час будучай працы ў сейме: "Скажам яшчэ раз: у Сойме мы пойдзем у хаўрусе з польскай дэмакратыяй, сялянамі і работнікамі проці польскага панства, якое ўціскае ў роўнай меры і іх, і нас. Але ў Сойм мы пашлем сваіх паслоў, мы не аддамо сваіх галасоў хоць бы найлепшым паляком. Мы пакажам, што беларусам не трэба чужых апекуноў, бо мы самі здолеем бараніць нашы справы і паказаць усяму свету нашы крыўды" [174].

Даволі заблытаным з'яўляецца пытанне фінансавання выбарчай кампаніі беларусаў і ступень заангажавання ў гэтую справу знешніх сіл. Выбаршчыкі з Беларусі, натуральна, мала што маглі ахвяраваць. Па гэтай прычыне БЦВК заключыў пагадненне з саюзнікамі па блоку - яўрэямі і немцамі наконт фінансавай дапамогі з іх боку, за што на карысць апошніх саступаліся некалькі мандатаў. Несумненна, пэўныя сумы ў выбарчы фонд БНМ прыйшлі з-за межаў Польшчы. Аднак ацэнкі, зробленыя некаторымі польскімі дзеячамі і службамі адразу пасля выбараў, што савецкія і нямецкія грошы складалі ў агульным выбарчым фондзе блока каля 80% [299, k. 94], хутчэй за ўсё, завышаныя. Сродкі на перадвыбарчую кампанію ва ўсходніх ваяводствах праходзілі праз цэнтральны камітэт БНМ у Варшаве, але частку грошай скарбнік Славянскага блока М.Сярэбранікаў атрымліваў у ЦК Нямецкага саюза [337]. Немцы наогул узялі найбольшы ўдзел у фінансавым забеспячэнні кампаніі, аднак вялікія сумы, згодна са звесткамі польскага МЗС, уклалі ў выбары і яўрэі. Пры гэтым фінансаванне кампаніі БНМ і тэхнічны бок яе правядзення, паводле ацэнак польскіх спецслужбаў, аказаліся на вышыні. Так, агенты блока мелі ў сваім распараджэнні нават дастаткова рэдкія ў тыя часы веласіпеды, на якіх сістэматычна аб'язджалі вёскі, раздаючы агітацыйную літаратуру [315, k. 242].

Дзяржаўныя ўлады і паліцыя часам стваралі цяжкасці правядзенню перадвыбарчай агітацыі на карысць БНМ. Часцей за ўсё яны праяўляліся ў дробязных прыдзірках, кароткачасовых затрыманнях, канфіскацыях выбарчай літаратуры, спробах незапісання "няпэўных" асоб у выбарчыя спісы. Нягледзячы на ўсё гэта, выбары 1922 г. лічацца найбольш свабоднымі за ўсю гісторыю міжваеннай Польшчы, i, у прынцыпе, у час іх усе палітычныя сілы мелі магчымасць праводзіць агітацыю. Пра адносную дэмакратычнасць выбараў сведчыла, напрыклад, тое, што пры выяўленні розначытанняў у напісанні імён і прозвішчаў асобных кандыдатаў у выбарчым спісе БНМ па Гродзенскай акрузе мясцовая акруговая камісія абмежавалася толькі выкрэсліваннем са спісаў дадзеных кандыдатаў [96, a. 19]. Ужо на наступных выбарах гэта было падставай для анулявання ўсяго спісу. Шырокамаштабныя рэпрэсіі прымяняліся толькі ў дачыненні да камуністаў, аднак, напрыклад, кандыдат-беларус з БНМ В.Рагуля беспакарана прапагандаваў у Навагрудскай акрузе ідэі, блізкія да камуністычных [336, podteczka 2].

У выніку БНМ дасягнуў несумненнага поспеху, атрымаўшы на выбарах у сейм 1397538 галасоў (15,9% агульнай колькасці) i здабыўшы 66 пасольскіх мандатаў (сярод іх 11 беларускіх), a ў выбарах у сенат - 919407 галасоў (18,35%) i 23 сенатарскія мандаты (3 беларускія) [412, s. 532 - 534]. У тых акругах, дзе беларусы складалі большасць выбаршчыкаў, спіс №16 заняў першае месца, атрымаўшы 16 мандатаў у сейм і 4 - у сенат. 4 пасольскія мандаты блок здабыў у Навагрудскай акрузе, 3 - у Брэсцкай, па 2 - у Лідскай, Свянцянскай і Беластоцкай, па 1 - у Пінскай, Бельскай і Гродзенскай. 2 сенатарскія мандаты былі атрыманыя ў Палескім ваяводстве, па 1 - у Віленскім і Навагрудскім. Значных поспехаў дасягнулі таксама ПСЛ "Вызваленне" (12 пасольскіх і 2 сенатарскіх мандатаў) і ППС (5 пасольскіх і 1 сенатарскі мандат) [412, s. 532 - 534]. Затое Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах панесла поўнае паражэнне: не здабыло ніводнага пасольскага мандата і толькі адзін сенатарскі.

У парламент увайшлі 11 беларускіх паслоў і 3 сенатары. Такі вынік быў успрыняты беларускімі дзеячамі як безумоўны поспех, хоць колькасць паслоў і сенатараў і не адпавядала рэальнай долі беларускага насельніцтва ў структуры насельніцтва т. зв. "усходніх крэсаў". Аднак тагачасныя нацыянальная і палітычная свядомасць беларускага насельніцтва значна адставала нават ад свядомасці ўкраінскіх сялян з Валыні, дзе БНМ забраў усе магчымыя мандаты. Акрамя таго, перадвыбарчая агітацыя ў некаторых акругах вялася недастаткова актыўна, у выніку чаго пасольскія мандаты Ф.Ярэміча ў пінскай акрузе №60 і С.Баранава ў гродзенскай акрузе №6 былі атрыманы ў значнай ступені дзякуючы галасам яўрэйскага насельніцтва [303, k. 268].

Вынікі выбараў былі прызнаны ў беларускіх асяродках за вялікую перамогу нацыянальнага руху, нягледзячы на пазнейшую заяву Б.Тарашкевіча ў сейме, што "мы пераступілі гэтыя парогі ў колькасці, не адпаведнай колькасці нашага беларускага насельніцтва" [415, ł. 30]. Пры аналізе выбараў падкрэслівалася, што "пабеда дасталася не "Блоку Нацыянальных Меншасцей" і не "Вызваленню", a выключна беларускай ідэі - беларускаму штандару, пад якім ішоў і №16, і №3 (нумар выбарчага спісу ПСЛ "Вызваленне" - А. П.). У гэтым-то крыецца наша падвойная пабеда... Мы - дый не адны мы, а ўвесь свет - пераканаліся, што, нягледзячы на смяротны прысуд нашаму народу, зроблены польскім урадам... народ беларускі жыве, жыць хоча і жыць будзе, як бы яго ні ўціскала пануючая нацыя" [202]. У дакладах польскіх спецслужбаў падкрэслівалася як трывожны фактар для польскіх улад "завязанне беларускай выбарчай сеткай шырокага і сталага кантакту з народнымі масамі - з'ява, якая першы раз сустракаецца ў гісторыі адраджэнцкага беларускага руху: народ і палітызаваная інтэлігенцыя непасрэдна сутыкнуліся і пачалі ўзаемадзейнічаць паміж сабой" [7, a. 6 - 7].

Такім чынам, першы ў гісторыі арганізаваны ўдзел у парламенцкай выбарчай кампаніі завяршыўся для беларускіх арганізацый значным поспехам. У выніку выбараў беларуская супольнасць у Польшчы заснавала сваё парламенцкае прадстаўніцтва, якое праз некаторы час стала сапраўдным цэнтрам нацыянальнага руху ў заходнебеларускім краі.


3.2. Беларускае парламенцкае прадстаўніцтва ў 1922 - 1925 гг.: эвалюцыя палiтычнай платформы i раскол

У выніку парламенцкіх выбараў 1922 г. пасламі ад беларусаў, выбранымі са спісу БНМ, сталі А.Аўсянік, С.Баран, У.Каліноўскі, М.Кахановіч, П.Мятла, В.Рагуля, С.Рак-Міхайлоўскі, Б.Тарашкевіч, А.Станкевіч, С.Якавюк і Ф.Ярэміч, сенатарамі - В.Багдановіч, А.Назарэўскі і А.Уласаў (Гл. Дадатак 4). Некалькі беларусаў па паходжанні і самаўсведамленні (С.Балін, А.Бон, Ф.Галавач, У.Шакун, А.Шапель) сталі сеймавымі пасламі са спісу Польскай народнай партыі (ПСЛ) "Вызваленне", у склад фракцыі якой яны пачаткова і ўваходзілі.

Адразу пасля выбараў беларускія паслы і сенатары, выбраныя са спісе БНМ, стварылі БПК на чале з Б.Тарашкевічам. Утварэнне нацыянальнага парламенцкага прадстаўніцтва азначала з'яўленне новага цэнтра беларускага руху ў Польшчы. Тагачасны нефармальны яго лідэр А.Луцкевіч пазней адзначаў, што паслы "сталі цяпер першымі людзьмі ў Заходняй Беларусі, вышэй за якіх не было нікога. Іх жаданне і воля з'яўляюцца адзіна вырашальнымі ва ўсіх пытаннях, бо яны для гэтага атрымалі ўсенародны мандат" [11, c. 72].

Вылучэнне парламентарыяў на вядучыя пазіцыі ў нацыянальным руху вызначалася той роляй, якую яны адыгрывалі ў палітычным жыцці міжваеннай Польшчы, асабліва на пачатку яе гісторыі. Паслы і сенатары мелі парламенцкі імунітэт "у межах выканання мандату". Гэты імунітэт ахопліваў не толькі дзейнасць на тэрыторыі сейма і сената, але таксама справаздачныя мітынгі і іншыя праявы актыўнасці парламентарыяў. Гэта давала беларускім паслам і сенатарам вялікія перавагі ў правядзенні палітычнай працы ў параўнанні з тымі дзеячамі, якія ў парламент не ўваходзілі. Паслы маглі склікаць справаздачныя мітынгі, не пытаючыся дазволу мясцовых выканаўчых улад. Любая друкаваная інфармацыя - поўны ці частковы перадрук стэнаграфічных справаздач з пасяджэнняў сейма і яго камісіяў, а таксама ўсе дэпутацкія запыты і прапановы, абвешчаныя на паседжаннях парламента, не падлягалі канфіскацыі і былі вольныя ад цэнзуры [477, c. 6, 5 - 16]. Таму парламенцкі клуб у тых умовах заканамерна вылучаўся на цэнтральныя пазіцыі ва ўсім нацыянальным руху, пры гэтым часцей за ўсё выходзячы за межы парламенцкай дзейнасці.

У хуткім часе пасля пачатку дзейнасці парламента ў персанальным складзе БПК адбыліся пэўныя змены. У 1923 г. Вярхоўным судом Польшчы не быў прызнаны пасольскі мандат У.Каліноўскага па прычыне адсутнасці польскага грамадзянства, і яго замяніў П.Валошын, селянін з Беласточчыны. У тым жа 1923 г. за арганізацыю беларускага партызанскага руху быў арыштаваны пасол С.Баран і асуджаны судом на 4 гады строгай турмы. С.Якавюк пазбег такога самага лёсу, толькі эміграваўшы ў Літву [122, c. 151]. У выніку мандаты Барана і Якавюка аказаліся для беларусаў практычна страчанымі. Мандат Якавюка быў афіцыйна ануляваны 6 мая 1925 г., аднак кандыдат-яўрэй, які стаяў на чарговым месцы ў спісе БНМ у Бельскай акрузе, насуперак перадвыбарчым дамоўленасцям адмовіўся адрачыся ад мандата на карысць беларуса М.Якімовіча. Што тычыцца паўнамоцтваў С.Барана, то, згодна з выбарчым законам, пазбаўленне пасла волі не цягнула за сабой аўтаматычную страту ім мандата [412, s. 70].

Адразу пасля стварэння БПК былі прыняты яго статут і рэгламент (Гл. Дадатак 5). Гэтыя дакументы вызначалі ўнутраную арганізацыю і абавязкі членаў клуба, платформу БПК і аснову яго тактыкі. Паводле гэтых дакументаў, БПК павінен быў заняць у парламенце становішча "безадказнай апазіцыі", не беручы на сябе ніякай адказнасці за польскую дзяржаўную палітыку [29, a. 3 - 7].

Палітычныя пастулаты БПК былі прадстаўлены ў першай прамове, сказанай з сеймавай трыбуны яго старшынёй Б.Тарашкевічам 23 студзеня 1923 г. пры абмеркаванні кандыдатуры на пасаду прэм'ера Польшчы У.Сікорскага (Гл. Дадатак 6). Палітычная платформа клуба змяшчала патрабаванні тэрытарыяльнай аўтаноміі, правядзення зямельнай рэформы, ліквідацыі вайсковага асадніцтва, дзяржаўнай дапамогі ў адбудове зруйнаваных вайной гаспадарак, дапушчэння беларускай мовы ў дзяржаўныя ўстановы, увядзення дэмакратычных органаў мясцовага самакіравання і г. д. [415, ł. 39]

Адносная малалікасць БПК змушала яго членаў да пошуку саюзнікаў у сценах парламента. Згодна са статутам клуба, патэнцыяльнымі саюзнікамі ў дасягненні нацыянальных мэт вызначаліся клубы нацыянальных меншасцей, а сацыяльных - польскія дэмакратычныя групы [29, a. 3 - 7]. Натуральнымі саюзнікамі былі для беларусаў украінскія паслы і сенатары, з'яўляючыся блізкімі ім як у культурным і сацыяльным плане, так і па палітычнай платформе. Амаль адразу ж пасля выбараў было падпісана пагадненне аб цесным супрацоўніцтве паміж беларускімі і ўкраінскімі парламентарыямі [336, podteczka 1]. Існавалі нават намеры стварэння аб'яднанага прадстаўніцтва, але ад гэтага кроку стрымала жаданне падкрэсліць нацыянальныя адметнасці [283].

Але і без адзінага клуба на працягу ўсяго парламенцкага склікання існавала рэальнае ўзаемадзеянне беларускiх i ўкраiнскiх парламенцкiх прадстаўнiкоў, якое iшло па некалькiх напрамках. Адным з iх была падача сумесных iнтэрпеляцый маршалку сейма аб розных парушэннях правоў мясцовага насельнiцтва з боку адмiнiстрацыйных i палiцэйскiх органаў на тэрыторыi Заходняй Беларусi цi Заходняй Украiны, а таксама спешных прапаноў па розных пытаннях [115, c. 3 - 4, 7 - 20]. Другiм напрамкам было ўключэнне ў выступленні з парламенцкай трыбуны пытанняў, датычных жыцця абодвух народаў. Cупрацоўніцтва прадстаўнікоў двух народаў было звычайнай справай і ў час працы сеймавых і сенацкіх камісій. Часам адзін і той жа пасол прадстаўляў у камісіі інтарэсы абодвух клубаў [301, k. 36, 39, 61, 76].

Што тычыцца парламенцкіх клубаў іншых нацыянальных меншасцей, то, нягледзячы на шматлікія выпадкі супрацоўніцтва прадстаўнікоў беларусаў і ўкраінцаў з яўрэямі і немцамі ў сейме і сенаце, яно не мела пастаяннага характару па прычыне вялікай адрознасці асноўных інтарэсаў гэтых меншасцей. Але ўсе яны выступалі разам у парламенце ў выпадку якіх-небудзь мерапрыемстваў урада, скіраваных супраць нацыянальных меншасцей наогул.

Клубы польскіх левых груповак, перш за ўсё ППС і ПСЛ "Вызваленне", спачатку ўспрымаліся беларусамі як безумоўныя саюзнікі ў барацьбе за свае сацыяльныя пастулаты. Такую пазіцыю прадставіў Б.Тарашкевіч у адным з першых паслявыбарчых інтэрв'ю [463]. Левыя польскія палітыкі сапраўды заўсёды выступалі за больш справядлівую палітыку ў дачыненні да нацыянальных меншасцей. Прысутнасць іх у польскім парламенце польскія сацыялісты і "вызваленцы" лічылі "вялікім палітычным козырам у руках польскай дыпламатыі" [419, ł. 38], а паслы гэтых фракцый у час дыскусіі над законам аб амністыі горача падтрымлівалі яе распаўсюджанне на дзеячаў, якія зрабілі cупрацьзаконныя дзеянні "па нацыянальных матывах" [420, ł. 19]. Адносіны з польскімі левымі партыямі былі на пачатку працы парламента настолькі добрыя, што ў беларускіх асяродках сур'ёзна разглядалася патэнцыяльная магчымасць блакавання ў наступных выбарах беларускіх арганізацый з "Вызваленнем" [336, podteczka 1]. Аднак хутка гэтыя адносіны сапсаваліся па прычыне падтрымкі "Вызваленнем" праектаў некаторых законаў, якія зусім не задавальнялі беларусаў.

Калі прадстаўнікі левых польскіх партый яшчэ маглі ў пэўных умовах расцэньвацца беларускімі дэпутатамі як саюзнікі, то з правымі партыямі адносіны былі заўсёды складаныя. Правыя, у першую чаргу нацыянальныя дэмакраты (эндэкі) і хрысціянскія дэмакраты (хадэкі), выступалі супраць самой магчымасці нацыянальных меншасцей неяк уплываць на лёсы краіны. Лідэр эндэкаў С.Гламбінскі адкрыта заявіў з сеймавай трыбуны, што "лёсы нашай Айчыны павінна вырашаць польская большасць... Калі ідзе гаворка пра быццё дзяржавы і лёсы самой дзяржавы, то могуць вырашаць толькі тыя, якія ўсім сэрцам і ўсёю душою адданыя дзяржаве" [413, ł. 20].

Прытрымліванне беларускімі дэпутатамі першапачаткова вызначанай тактыкі выклікала пэўныя цяжкасці. Ужо само рашэнне аб удзеле ў выбарах з самага пачатку было няпростым і выклікала вялікія спрэчкі ў беларускіх нацыянальных асяродках, таму што "дапускала надта важны і адказны кампраміс паміж нацыянальна-дзяржаўным ідэалам Незалежнай Беларусі і той рэальнай сучаснасцю, якая была створана Рыскім Трактатам... Гэтая супярэчнасць аднолькава абясцэньвала як тактыку ідэйных пратэстаў і дэманстрацый, таксама і лінію практычнай парламенцкай працы" [269].

З-за такой супярэчлівай сітуацыі пастанова аб "безадказнай апазіцыі" не адразу стала праводзіцца ў жыццё. Кіраўніцтва клуба з самага пачатку заняло самастойную пазіцыю па гэтым пытанні, спадзеючыся на некаторыя саступкі з боку польскіх улад. Расстаноўка сіл у парламенце дазваляла на гэта разлічваць. Ніводная палітычная групоўка не мела там вырашальнай большасці. З 444 сеймавых паслоў 89 былі з фракцый нацыянальных меншасцей, 48 - з ПСЛ "Вызваленне", 41 - з ППС [369, s. 35, 37], г. зн. патэнцыяльных саюзнікаў БПК. Аптымізму дадавалі прыязныя да нацыянальных меншасцей праграмныя выступленні прадстаўнікоў вышэйадзначаных польскіх клубаў у час зацвярджэння ўрада У.Сікорскага [413, ł. 39 - 40; 414, ł. 16 - 17].

Усе гэтыя фактары паспрыялі таму, што беларуская фракцыя ў парламенце, нягледзячы на многія крытычныя заўвагі ў бок польскіх улад, якія ўтрымліваліся ў першым, праграмным выступленні Б.Тарашкевіча 23 студзеня 1923 г., усё ж галасавала за аказанне вотуму даверу ўраду. Яшчэ раней беларускія галасы былі ў ліку тых, якія забяспечылі выбранне на пасаду прэзідэнта Польшчы спачатку Г.Нарутовіча, а пасля С.Вайцяхоўскага. Перад першым турам галасавання за прэзідэнта беларусы разам з іншымі прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей вылучалі і сваю кандыдатуру на гэту пасаду - прафесара Я.Бадуэна дэ Куртэнэ (Гл. Дадатак 7).

Паслы-беларусы імкнуліся выкарыстаць у сваёй працы ўсе легальныя магчымасці, якія давалі ім польскія законы аб парламенце. Па-першае, яны выкарыстоўвалі кожную магчымасць выступіць з сеймавай трыбуны (Гл. Дадатак 8). Пасяджэнні сейма стэнаграфіраваліся, а стэнаграмы выдаваліся, таму змест парламенцкіх дыскусій рабіўся вядомы як унутры краіны, так і за яе межамі. У выступленнях паслоў ад нацыянальных меншасцей звычайна закранаўся ўвесь комплекс нацыянальных праблем, часам нават не вельмі датычных да тэмы дыскусіі.

У пачатку парламенцкай працы беларускія прадстаўнікі праяўлялі зацікаўленасць і да актыўнай заканатворчай працы. Кожны з іх стаў сябрам пэўнай сеймавай ці сенацкай камісіі. Недахоп крыніц не дазваляе зрабіць грунтоўнага аналізу гэтага аспекта дзейнасці беларускіх паслоў і сенатараў, аднак можна дапусціць, што актыўную дзейнасць яны праяўлялі ў зямельнай і асветніцкай камісіях, у якіх выпрацоўваліся законы, датычныя найбольш важных для беларусаў пытанняў: зямельнай рэформы і школьніцтва. У пачатку жніўня 1923 г. на пасяджэнні БПК было пастаноўлена ў час летніх парламенцкіх вакацый распрацаваць уласныя праекты некалькіх законаў [336, podteczka 2].

Дзеля больш эфектыўнай працы было праведзена некаторае размеркаванне функцый сярод членаў клуба. Унутры яго былі створаны спецыяльныя камісіі. Кожнай з іх кіраваў пасол або сенатар, які быў найбольш дасведчаны ў тым ці іншым пытанні. Так, напрыклад, царкоўную камісію ўзначаліў былы рэктар Віленскай праваслаўнай семінарыі В.Багдановіч [134, c. 216].

Вялікае распаўсюджанне ў працы беларускіх парламенцкіх прадстаўнікоў атрымала падача інтэрпеляцый (запытаў) вышэйшым дзяржаўным чыноўнікам. У іх былі выкладзены факты парушэння тых альбо іншых правоў беларускага насельніцтва польскімі мясцовымі паліцэйскімі і адміністрацыйнымі ўладамі [115, c. 3 - 35]. Звычайна інтэрпеляцыі складаліся на аснове скаргаў насельніцтва, якія сотнямі паступалі на адрас БПК. Іх напісаннем займалася спецыяльная юрыдычная камісія клуба [134, c. 217]. Надрукаваныя ў прэсе або асобнымі брашурамі, інтэрпеляцыі рабіліся даступныя шырокай грамадскасці, маючы вялікае агітацыйнае значэнне і ўплываючы на складванне грамадскай думкі. Для падачы інтэрпеляцыі патрабаваліся не менш за 15 дэпутацкіх подпісаў, таму разам з беларусамі іх заўсёды падпісвалі саюзнікі ад нацыянальных меншасцей і левых польскіх партый [144, c. 63 - 64].

Беларускія паслы выкарыстоўвалі свае паўнамоцтвы ў тым ліку і дзеля вынясення беларускай справы на міжнародную арэну. Пастаянна знаходзілася на павестцы дня справа падачы беларускімі парламентарыямі скаргі ў Лігу нацый. Першы падобны мемарыял быў пададзены ў 1923 г. ад імя ўсіх нацыянальных меншасцей Польшчы. Хоць мемарыял быў накіраваны ад імя розных эмігранцкіх арганізацый, аднак матэрыялы для яго збіралі пасольскія сакратарыяты пад кіраўніцтвам саміх паслоў [334, podteczka 15, k. 4 - 5]. Польскія ўлады, якія падпісалі ў свой час шэраг міжнародных трактатаў з абавязальніцтвам захоўваць правы нацыянальных меншасцей, у той міжнароднай сітуацыі хацелі мець добры імідж у вачах вялікіх дзяржаў, таму ўсімі сіламі імкнуліся не дапускаць з'яўлення падобных мемарыялаў. Факт высылкі мемарыяла 1923 г. прэм'ер-міністр В.Вітас ацаніў у час выступлення ў сейме як "варты асуджэння", бо "нацыянальныя меншасці ў Польшчы карыстаюцца поўнай свабодай канстытуцыйных правоў і апекай урада" [421, ł. 12]. Аднак неадпаведнасць слоў дзеянням вымушала беларускіх паслоў і надалей прымяняць такую форму змагання, як накіраванне скаргаў на адрас аўтарытэтных міжнародных арганізацый. Рашэнні аб зборы матэрыялаў для перадачы іх на разгляд Лігі нацый прымаліся беларускімі пасламі летам 1924 г. [334, podteczka 21, k. 35 - 36] і вясной 1925 г. [334]

Праз пэўны час унутры беларускага прадстаўніцтва пачало праяўляцца незадавальненне першапачатковай тактыкай клуба, асабліва пасля таго, як стала відавочным нежаданне польскіх левых партый на практыцы дапамагаць беларусам у рэалізацыі іх нацыянальных пастулатаў. Першае расчараванне чакала беларускіх прадстаўнікоў ужо праз тры тыдні пасля іх рашэння аб падтрымцы ўрада Сікорскага. 12 лютага 1923 г. пры абмеркаванні праграмнага выступлення міністра замежных спраў Польшчы прадстаўнікам беларусаў і ўкраінцаў не было дадзена права голасу, нягледзячы на іх вялікае жаданне выступіць з пратэстам супраць падзелу беларускіх і ўкраінскіх этнаграфічных тэрыторый. Пасля гэтага абураныя паслы-беларусы выдалі спецыяльны камунікат, у якім выказалі пратэст супраць дзеянняў большасці сейма і падкрэслілі непрызнанне беларускім народам усходніх межаў Польшчы [343, k. 73]. Найбольш радыкальныя члены клуба прапаноўвалі зрабіць у сейме абструкцыю і адрачыся ад мандатаў. Прапанова падтрымкі не атрымала, аднак у справаздачы віленскай паліцыі інцыдэнт ацэньваўся як "пераломны момант, бо з гэтага часу беларуская справа скіравалася ў новую каляіну" [343, k. 61].

Дадзеная сітуацыя прадэманстравала сярод іншага значную розніцу пазіцый унутры знешне адзінага беларускага прадстаўніцтва. Трохі больш чым праз месяц гэта розніца вылілася ў даволі сур'ёзную крызісную сітуацыю ўнутры БПК. 23 сакавіка 1923 г. Б.Тарашкевіч выступіў у сейме з вострай прамовай, у якой, пратэстуючы супраць выдзялення новых крэдытаў для асаднікаў на т. зв. "крэсах", перасцярог палату, што "прыйдзе некалі такая ноч, у якую ўсе асадніцкія калоніі могуць пайсці з дымам пажараў і пылам братняй крыві" [416, ł. 27]. Гэтыя словы выклікалі вялікі скандал і абурэнне прадстаўнікоў усіх польскіх партый, у сувязі з чым пазіцыі БПК ў сейме значна пагоршыліся. Памяркоўная частка клуба запатрабавала сыходу Тарашкевіча з пасады старшыні клуба на карысць А.Станкевіча, радыкальная частка гэтаму супрацьстаяла. Гэтым разам канфлікт удалося вырашыць, і Тарашкевіч застаўся старшынёй клуба. Зрэшты, сам ён у той час выказваўся за паразуменне з палякамі, і вострыя словы былі выкліканы хутчэй недахопам палітычнага вопыту, чым жаданнем абвастрэння адносін [336, podteczka 1].

Аднак агульная тэндэнцыя была такая, што ў сувязi з невыкананнем польскiмi ўладамi патрабаванняў беларускіх прадстаўнікоў у парламенце апошнія хутка радыкалізаваліся. 26 мая 1923 г. Б.Тарашкевіч у час бюджэтнай дыскусіі аб'явіў, што БПК здымае з сябе адказнасць за ўрад і пераходзіць у апазіцыю. Адначасова ён падкрэсліў, што беларускія парламентарыі прадстаўляюць лаяльнае беларускае грамадства і жадаюць праводзіць пазітыўную працу, але ўрад сам мусіць першы "працягнуць руку" [417, ł. 67]. Ёсць звесткі, што рашэнне аб пераходзе ў апазіцыю не было аднагалосным, і яго праціўнікам быў А.Станкевіч, які ў той час кароткачасова займаў пасаду старшыні клуба. Аднак апошні з-за хваробы прапусціў пасяджэнне і таму не здолеў пераканаць членаў клуба да галасавання за ўрад [336, podteczka 1].

Пасля адстаўкі ўрада Сікорскага 31 мая 1923 г. на пасяджэнні Палітычнай рады Віленскага БНК было прынята рашэнне заняць апазіцыйную і чакальную пазіцыю ў дачыненні да новага ўрада на чале са старшынёю ПСЛ "Пяст" В. Вітасам [342]. Гэтае рашэнне агучыў у час свайго выступлення 2 чэрвеня 1923 г. старшыня БПК Б.Тарашкевіч. Аднак адначасова ён зазначыў, што "дарэмна п. Тугут (старшыня клуба ПСЛ "Вызваленне" - А. П.) закідае нам, што мы гатовыя выступіць супраць любога польскага ўрада таму, што гэты ўрад - польскі. Гэта няпраўда, бо іншаму ўраду мы аказалі падтрымку, безумоўна, умоўную, і калі гэты ўрад не выканаў сваіх абяцанняў, палічылі, што далей несці адказнасць за гэты ўрад перад сваім народам мы не можам" [418, ł. 74]. Такім чынам, падтрымка ўрада беларускімі пасламі не адмаўлялася ў прынцыпе, аднак за гэта патрабаваліся канкрэтныя саступкі.

Між тым частка членаў клуба ўжо ў гэты час была гатова поўнасцю адмовіцца ад парламенцкай працы. Згодна з інфармацыяй ІІ аддзела Генеральнага штаба, сярод некаторых беларускіх паслоў існавала тэндэнцыя «пазначыць сваё асаблівае становішча ў адносінах да польскай дзяржаўнасці праз непрыманне ўдзелу ў сеймавых сесіях» [342]. Не апошнюю ролю на пашырэнне такіх настрояў ўплывалі працэсы, якія адбываліся якраз у той час у Украінскім клубе, у якім 23 мая 1923 г. ўтварылася сацыялістычная фракцыя.

Радыкалізацыю настрояў у БПК часова ўдалося стрымаць, аднак у цэлым назіраўся бясспрэчны зрух дзейнасці паслоў на працу па-за парламентам. У мэтах абуджэння актыўнасці і свядомасці беларускага сялянства, а таксама дзеля пашырэння сваіх уплываў паслы-беларусы сталі часцей выяжджаць у правінцыю, арганізуючы справаздачныя мітынгі. Звычайна яны праводзіліся ў атмасферы вялікага эмацыйнага напалу, і ў час іх казаліся вострыя прамовы, якія часта фармальна знаходзіліся ў супярэчнасці з польскім заканадаўствам. Для больш эфектыўнай працы сярод насельніцтва БПК стварыў рэгіянальныя сакратарыяты, якія ўзніклі ў многіх гарадах і мястэчках. На пасяджэнні БПК 21 чэрвеня 1923 г. была прынята пастанова, каб усе беларускія паслы надыходзячыя сеймавыя вакацыі скарысталі на агітацыйную працу і падабралі сабе адпаведных памочнікаў [342]. Увогуле ж на пасяджэнні клуба 19 чэрвеня 1923 г. пры абмеркаванні наяўнай сітуацыі толькі Б.Тарашкевіч выступаў за захаванне лаяльнасці да ўлад, выказваючы перакананне, што яшчэ магчымым з'яўляецца мірнае вырашэнне беларускай справы [342].

30 верасня 1923 г. ў Віленскім БНК адбылася гадавая справаздача старшыні БПК Б.Тарашкевіча. У ёй ён падкрэсліў, што як урад Сікорскага, так і ўрад Вітаса ў цэлым варожа ставіліся да беларускіх парламентарыяў, таму апошнім не ўдалося дасягнуць ніякіх практычных вынікаў. Тым не менш, старшыня клуба выказваўся за працяг спробаў пазітыўнай парламенцкай працы і агучыў план унясення ў час найбліжэйшай сеймавай сесіі шэрагу ўжо распрацаваных праектаў законаў. Праўда, Тарашкевіч тут жа выказаў свае сумненні ў магчымасці правядзення гэтых законаў праз парламент па прычыне варожых адносін сеймавай большасці [334, podteczka 15, k. 3].

Рэакцыя на справаздачу засведчыла, што пазіцыя БПК ў парламенце у цэлым знаходзіла падтрымку ў найбуйнейшых беларускіх асяродках. Была прынята рэзалюцыя, што "Беларускі пасольскі клуб лаяльна выконваў свае абавязкі ў дачыненні да насельніцтва Заходняй Беларусі, згодна з выбарчымі пастулатамі". Дэпутаты заклікаліся, "каб і надалей з яшчэ большай энергіяй ішлі цяперашнім шляхам, утрымліваючы як мага большую сувязь з вёскай" [334, podteczka 15, k. 3]. Супраць рэзалюцыі выступіў толькі адзін чалавек.

У снежні 1923 г. пайшоў у адстаўку ўрад Вітаса, і новы ўрад было даручана фарміраваць лідэру "Вызвалення" С. Тугуту. Гэта абудзіла ў беларускіх парламентарыяў пэўныя надзеі, бо Тугут быў шырока вядомы сваімі дэмакратычнымі поглядамі і прыхільнымі адносінамі да нацыянальных меншасцей. Перад галасаваннем у сейме Б. Тарашкевіч сустрэўся з Тугутам і выставіў яму патрабаванні, пры ўмове выканання якіх была б магчымай падтрымка яго кандыдатуры з боку БПК. Асноўнымі былі культурна-асветніцкія вымаганні, аднак ішла гаворка і пра змяншэнне выдаткаў на армію, спыненне тэрору супраць мясцовага насельніцтва, адмену закона аб асадніцтве, прызначэнне ваяводамі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах беларусаў і г. д. [37, c. 73]. Многія з гэтых патрабаванняў былі на той час невыканальныя, аднак ужо самім фактам уступлення ў перагаворы з уладамі члены БПК хацелі засведчыць імкненне да кампрамісу. Аднак Тугут у рэшце рэшт адмовіўся ад фарміравання ўрада, не здолеўшы дабіцца падтрымкі правацэнтрысцкіх фракцый. У выніку быў сфарміраваны пазапарламенцкі кабінет У.Грабскага.

Тым часам супярэчнасці сярод беларускіх парламентарыяў працягвалі нарастаць, на што вялікі ўплыў аказаў знешні фактар, у першую чаргу пачатак правядзення палітыкі беларусізацыі ў БССР. Да 1924 г. ў БПК канчаткова вызначылася група паслоў, якія не хавалі сваёй незадаволенасці лаяльным стаўленнем кіраўніцтва клуба да польскіх улад і патрабавалі пераходу на больш радыкальныя пазіцыі. У прэсе адзначалася: "Прыглядаючыся да ўсіх беларускіх партыйных груп, якія маюць сваё прадстаўніцтва ў Сойме... мы бачым, што ніводная з іх ня мае свае, стройнае арганізацыі ў Клюбе. З пункту нацыянальнага гэта мо' і карысна; але з сацыяльнага карысць ад такой нескрысталізаванасці выклікае паважныя сумненні... Мы думаем, што працэс крысталізацыі існуючых у беларускім Пасольскім Клюбе палітычных і сацыяльных кірункаў будзе вельмі карысным перш за ўсё для самога Клюбу і яго дзейнасьці" [159]. Пры гэтым прапагандавалася ідэя адзінага сацыяльнага фронту народаў Польшчы [9]. У студзені 1924 г. паcлы С.Рак-Міхайлоўскі, П.Мятла, П.Валошын і В.Рагуля заснавалі новую партыю - Беларускую партыю незалежных сацыялістаў (БПНС), якая за асноўную мэту паставіла стварэнне аб'яднанай Беларускай рабоча-сялянскай рэспублікі, а асноўным сродкам для ажыццяўлення гэтай мэты лічыла масавы рэвалюцыйны рух [211, c. 42].

Супярэчнасці ў БПК публічна праявіліся ў лютым 1924 г., калі старшыня клуба Б.Тарашкевіч і сенатар А.Уласаў, якія яшчэ мелі пэўныя паланафільскія ілюзіі, сумесна з прадстаўнікамі т. зв. "краёвай дэмакратыі" ў Вільні арганізавалі Польска-беларускае таварыства, якое дэкларавала сабой выключна культурна-асветніцкія мэты. Дзеянні Тарашкевіча і Уласава былі з абурэннем успрыняты іншымі членамі клуба. На спецыяльным пасяджэнні 28 лютага 1924 г. было падкрэслена, што абодва дзеячы дзейнічалі на ўласную адказнасць, таму іх дзеянні не азначаюць змены асноў клубнай палітыкі, які, як і раней, стаіць на пазіцыі самавызначэння народаў, незалежнасці і аб'яднання беларускіх зямель, а ў межах Польскай Рэспублікі дамагаецца для іх аўтаноміі [346]. У выніку ўсіх гэтых падзей Тарашкевіч вымушаны быў адмовіцца ад старшынства. 24 сакавіка 1924 г. старшынёй клуба быў выбраны В.Рагуля, намеснікамі якога сталі С.Рак-Міхайлоўскі і В.Багдановіч [395, s. 339].

Безумоўна, сітуацыя з Беларуска-польскім таварыствам была толькі фармальнай зачэпкай для ажыццяўлення змены клубнага кіраўніцтва. Незадавальненне лаяльнай палітыкай Тарашкевіча нарастала ў клубе даўно, і да пачатку 1924 г. у ім выразна вызначылася ўплывовая радыкальная фракцыя. На яе фарміраванне ад самага заснавання БПК значна ўплывалі знешнія фактары, у першую чаргу працэсы, якія адбываліся ў савецкай Беларусі.

Камуністы, згодна са сведчаннем А.Луцкевіча, пачалі праяўляць увагу да БПК адразу пасля выбараў 1922 г. Менавіта тады ён сам, а таксама С.Рак-Міхайлоўскі мелі шэраг сустрэч з адказным супрацоўнікам савецкага пасольства Гальдштэйнам па ініцыятыве апошняга. Іх вынікам было складанне спісу мерапрыемстваў, пажаданых для рэалізацыі ў савецкай Беларусі [11, c. 73 - 74], многія з якіх сталі элементамі распачатай неўзабаве палітыкі беларусізацыі. Савецкі Саюз аказваў і пэўную матэрыяльную падтрымку беларускаму нацыянальнаму руху ў Польшчы [241, c. 41]. Пра мэтанакіраваную працу камуністаў, скіраваную на раскол у БПК, казаў на ІІІ канферэнцыі КПЗБ ў студзені 1926 г. адзін з лідэраў гэтай партыі Л. Аранштам (Артур): "Пачынаючы з 1924 г. мы вядзём кампанію за раскол сеймавых фракцый па класавых швах... І ў... 1925 г. мы дабіліся гэтага раскола" [73, c. 82]. З пачатку 1924 г. з пасламі асабіста працаваў адзін з кіраўнікоў КПЗБ М.Гурын. У тым жа 1924 г. перагаворы з беларускімі пасламі праводзілі іншыя асобы з кіраўніцтва КПЗБ - С.Мертэнс-Скульскі і А.Данэлюк-Стэфанскі [321, s. 86].

Праўда, М.Гурын, які быў прысланы на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь з Мінска, заняў асаблівую пазіцыю ў дачыненні да даручанага яму задання ажыццявіць раскол у БПК. Ён лічыў, што БПК павінен выставіць праграму аўтаноміі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы і абмежавацца арганізацыяй радыкальнай фракцыі ўнутры знешне адзінага клуба. Саюзнікам Гурына ў клубе быў яго тагачасны старшыня В.Рагуля. Па сведчанні Гурына, калі ён выказаў яшчэ вясной 1924 г. думку, што "калоць Клюб ня трэба, а толькі арганізаваць соцыялістычную фракцыю, якая-б узяла лейцы ў свае рукі, але ня зрывала з Клюбам, ён (Рагуля - А. П.) напалавіну згадзіўся... Трэба прызнаць, што Рагуля вытрымаў сваю пазыцыю да канца..." [78, c. 4]. Гэтае сцверджанне можна было б лічыць сумнеўным, тым больш што выказана яно было ўжо пасля таго, як Гурын адыйшоў ад камунізму і перайшоў да супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Аднак падобныя звесткі змяшчаюцца і ў аўтабіяграфіі Б. Тарашкевіча: "Адносна клуба было вырашана так: стварыць у ім сваю большасць, а астатніх выключыць. Але стварэнне гэтай большасці тармазілася і зацягвалася па прычыне ўхілення Рагулі" [52, c. 55 - 56].

Вяртанне ў склад БССР у сакавіку 1924 г. часткі этнаграфічна беларускіх тэрыторый аказала вялікае пазітыўнае ўздзеянне на беларускіх палітыкаў у Польшчы. Пад уражаннем ад яго беларускія паслы разам з Віленскім БНК прынялі нават спецыяльную рэзалюцыю ад імя т. зв. "Краёвага цэнтра", у якой прапаноўвалі скласці свае паўнамоцтвы Радзе БНР у эміграцыі.

Рэакцыя на гэтую прапанову з боку кіраўніцтва Рады БНР была стрыманая. Яе старшыня П.Крэчэўскі ў сваім лісце ў адказ ацэньваў дзеянні бальшавікоў толькі як часовыя тактычныя крокі і ўказваў на небяспеку таго, што камунізацыя беларускага руху можа даць козыры ў рукі палякаў для рэпрэсій у дачыненні да яго [200, a. 93 - 94].

Тым часам працэсы радыкалізацыі і павароту на ўсход у БПК усё больш нарасталі. Набывалі прасавецкія сімпатыі нават ранейшыя прыхільнікі польскай арыентацыі, як, напрыклад, Б.Тарашкевіч. Яшчэ ў сакавіку 1924 г. ён казаў з сеймавай трыбуны, што "прадастаўленне шырокай аўтаноміі -... толькі ад гэтага пункту, панове, можа наступіць такі патрэбны паварот у адносінах" [422, ł. 61], аднак ужо ў чэрвені ён жа канстатаваў: "Тэрытарыяльная аўтаномія на доўгі час не вырашыла б справу, але, можа, трохі б яе залатала. Аднак... беларускі народ бачыць толькі факты і сёння ўсё больш звяртае свае вочы на ўсход, дзе ёсць магчымасць культурнага развіцця і шмат робіцца, каб цяжкое сённяшняе эканамічнае становішча селяніна было палепшана"[423, ł. 18 - 19]. Адначасова ён заявіў, што "мы не можам мець даверу і да сейма... Хіба толькі якая рэвалюцыя гэтую справу разгорне і цалкам яе вырашыць" [423, ł. 19].

У значнай ступені пераломным момантам стала сітуацыя, якая склалася ў сувязі з разглядам у сейме праекта т. зв. "моўных законаў". Гэтыя законы ўводзілі для тэрытарыяльных нацыянальных меншасцей т.зв. "утраквістычныя" (дзвюхмоўныя) школы. Таксама вызначаліся даволі абмежаваныя правілы выкарыстання нацыянальных моў у дзяржаўных установах. Законы з'яўляліся пэўным крокам наперад у параўнанні з ранейшым часам, аднак у тагачасных умовах, на фоне беларусізацыі ў БССР і агульнай радыкалізацыі настрояў, яны не маглі нікога задаволіць, тым больш што ранейшая практыка польскіх улад выклікала падазрэнні, што законы застануцца на паперы. У выніку ў час іх разгляду ў канстытуцыйнай камісіі сейма 3 ліпеня 1924 г. прадстаўнікі ўсіх нацыянальных меншасцей выступілі з прамовамі, у якіх выказваліся супраць урадавага праекта. Адной з галоўных прэтэнзій была распрацоўка праекта моўных законаў без узгаднення з імі. На другі дзень пасяджэння камісіі ўсе няпольскія дэпутаты дэманстратыўна пакінулі залу [391, s. 100 - 101].

Падобная атмасфера панавала і на пленарным пасяджэнні сейма 9 ліпеня 1924 г., у павестку дня якога было ўнесена пытанне канчатковага прыняцця законаў. Прадстаўнікі няпольскіх клубаў выступілі з пратэстнымі прамовамі, а ў час галасавання ўсе дэпутаты-непалякі пакінулі залу пасяджэнняў, спяваючы патрыятычныя песні на розных мовах [449, s. 35].

Далучыліся да дэманстратыўных выступленняў і паслы беларускага паходжання, якія ўваходзілі ў сеймавую фракцыю ПСЛ "Вызваленне". Паслы С.Балін і У.Шакун дэманстратыўна пакінулі клуб "Вызвалення" і выдалі адмысловую дэкларацыю, у якой заявілі што "новым адрачэннем ад сваёй праграмнай пазіцыі "Вызваленне" вырвала апошнюю выспачку грунту, на якім было магчымае любое супрацоўніцтва беларусаў з польскім клубам" [32, a. 5]. Пасля гэтага Балін і Шакун падалі заяву аб прыёме ў БПК [241, c. 35].

Прыняцце моўных законаў, у распрацоўцы якіх узяў актыўны ўдзел лідэр ПСЛ "Вызвалення" С.Тугут, стала тым пунктам, пасля якога паслы ад славянскіх нацыянальных меншасцей канчаткова адмовіліся ад супрацоўніцтва ў сейме з "Вызваленнем" і ППС, абвінавачваючы гэтыя партыі ў схаваным шавінізме. Такое акрэсленне дзеянняў прадстаўнікоў гэтых партый не было зусім слушным, бо, хоць яны і галасавалі за прыняцце законаў, аднак падкрэслівалі, што лічаць іх толькі першым крокам насустрач нацыянальным меншасцям [424, ł. 26 - 27]. Сам С.Тугут адзначыў, што асабіста гатовы да больш значных саступак меншасцям, аднак прапанаваны праект - кампрамісны і толькі ў такім выглядзе мае шанцы прайсці праз парламент [424, ł. 5].

Аднак ва ўмовах, якія склаліся да сярэдзіны 1924 г., падобны закон ужо не мог задаволіць жаданняў беларускіх парламенцкіх прадстаўнікоў. На іх пазіцыю ўплываў сярод іншага і размах партызанскага руху ва ўсходніх ваяводствах Польшчы. Узброенае паўстанне падавалася непазбежнай і вельмі хуткай справай. Нават на пасяджэннях БПК сталі разглядацца прапановы адмовы беларусаў ад дэпутацкіх мандатаў і наступнага выезду ў БССР [344]. Польскія спецслужбы адзначалі намеры беларускіх і ўкраінскіх паслоў дэманстрацыйна абвясціць пра адрачэнне ад мандатаў і склікаць пасля гэтага ўласны з'езд у Пінску [334]. Польскія ўлады не выключалі магчымасці такога ходу падзей. Пра гэта сведчыць уключэнне пытання аб магчымым скліканні з'езда беларускіх і ўкраінскіх парламентарыяў на пасяджэнне Палітычнага камітэта Савета міністраў Польшчы 21 жніўня 1924 г. і прыняцце на ім рашэння ў выпадку падобнага разгортвання падзей «дэпутатаў арыштаваць і знесціся з маршалкам сейма па пытанні аб іх выдачы» [110, c. 107 - 108].

Аднак да радыкальных дзеянняў справа ў той час не дайшла. Пасля правядзення чарговых перагавораў з дэпутатамі Украінскага і Яўрэйскага клубаў 20 кастрычніка 1924 г. на пасяджэнні БПК ў Вільні было прынята рашэнне часова ўстрымацца ад складання мандатаў. На гэта, безумоўна, паўплывала адмоўнае стаўленне да гэтай ідэі часткі беларускіх парламентарыяў, у прыватнасці паслоў Ярэміча і Кахановіча, сенатараў Уласава і Назарэўскага [343, k. 87]. Да больш асцярожнага і крытычнага стаўлення да савецкай палітыкі заклікаў паслоў і старшыня Рады БНР П.Крачэўскі. У сваім лісце да А.Аўсяніка ад 5 кастрычніка 1924 г. ён пісаў: "Пакуль ідзе пытаньне аб усесьветнай рэвалюцыі Саветчыкі выкарыстоўваюць усё што пападаецца ім пад руку але - будзьце пэўны, калі паўстане аб іхнем супакою і істнаваньні, то яны і пальцам не крануць, каб абараняць Заходнюю Беларусь ад Палякоў... Вось чаму мы Вас заўжды паперэджалі і паперэджаем, каб Вы, трымаючы у сваіх руках галоўны нэрв заходне-беларускай палітыкі не перагіналі кія ні у адзін бок ні у другі, а вялі сваю незалежную беларускую палітыку" [12, c. 1541 - 1542].

Аднак з Радай БНР і яе кіраўніцтвам у той час лічыліся вельмі мала. Арыентацыя на ўсход у палітыцы БПК праяўлялася ўсё больш яскрава, і на яе канчатковае фарміраванне вялікі ўплыў аказвалі агульныя тэндэнцыі, якія адбываліся ў парламенце. 6 лiстапада 1924 г. чацвёра з пяці ўкраінскіх паслоў, якія яшчэ ў ліпені 1924 г. стварылі асобны Украінскі сацыял-дэмакратычны клуб, абвясцілі пра сваё далучэнне да Камунiстычнай пасольскай фракцыі (КПФ) [393, s. 45]. У той жа час польская газета "Rzeczpospolita" паведаміла, што і некаторыя з членаў БПК заявілі пра далучэнне да гэтай фракцыі. Рэакцыя на гэта паведамленне афіцыйных улад савецкай Беларусі ўскосна сведчыць, што такія планы прынамсі абмяркоўваліся. Так, старшыня ЦВК БССР А.Чарвякоў у спецыяльным каментарыі для прэсы адзначыў, што "гэтага трэба было чакаць, бачачы ўсе крокі беларускіх паслоў у сойме... Каб застацца правадыром вызваленчаскага руху працоўных Заходняй Беларусі, яны павінны зліць сваю працу ў сойме з камуністычнай партыяй" [81]. Аднак прамога далучэння беларускіх паслоў да КПФ усё ж не адбылося. Нельга выключаць непасрэднага ўздзеяння на сітуацыю М.Гурына, які праз два месяцы стаў адным з заснавальнікам т. зв. "сэцэсіі" ў КПЗБ. Тарашкевіч сведчыў, што "Рака, Мятлу і Рагулю Гурын... дурыў "антываршаўскімі" аргументамі: варшавякі-камуністы, залішне, маўляў, заціскаюць беларусаў, нам крыўдна" [52, c. 56 - 57]. У выніку справа абмежавалася заключэннем у сейме толькі "тэхнічнага" блока паміж КПФ, БПК і рэштай Украінскага клуба. Пагадненне прадугледжвала супольныя выступленні прадстаўнікоў клубаў у сеймавых камісіях без фармальнага аб'яднання [156, c. 30].

У той жа час 11 лістапада 1924 г. у сейме адбылася яшчэ адна падзея, якая мела значны ўплыў на развіццё далейшых працэсаў у БПК. Быў створаны пасольскі клуб Незалежнай сялянскай партыі (Незалежнай партыі хлопскай - НПХ), аснову якога склалі паслы-беларусы А.Шапель, Ф.Галавач і А.Бон, якія пакінулі клуб "Вызвалення". Трохі пазней да гэтага клуба далучыліся і С.Балін з У. Шакуном. Стваральнікам НПХ і яе старшынёй стаў С.Ваявудскі, якога ў свой час абвінавачвалі ў супрацоўніцтве як з савецкімі, так і з польскімі спецслужбамі. НПХ, якая трымалася ў сваёй дзейнасці выразна леварадыкальнага кірунку, можна ацэньваць як першую з легальных масавых арганізацый у Польшчы, на стварэнне якіх аказаў уплыў Камінтэрн.

Пасля з'яўлення НПХ пачалася непасрэдная падрыхтоўка да стварэння падобнай арганізацыі на беларускім грунце. Ваявудскі са сваёй фракцыяй адыграў тут не апошнюю ролю. У першай палове 1925 года адбыліся некалькі супольных пасяджэнняў БПК і пасольскага клуба НПХ, у выніку якіх "большасць беларускіх паслоў выказалася за тое, што... нацыянальная аснова павінна быць адсунута на задні план, на першы ж павінна быць высунута аснова супольнай з польскімі рабочымі масамі барацьбы супраць буржуазіі і капіталізму, а таксама аб'яднанне ўсіх нацыянальнасцей з мэтай стварэння адзінага сацыяльнага фронту" [323, s. 107].

Камуністы-сэцэсіяністы пачалі кампанію ў сваёй прэсе супраць Ваявудскага. Яго называлі "адным з катаў польскай дэфензівы ў Мінску, які расстрэльваў беларускіх сялян-паўстанцаў у час польскага захопу Усходняй Савецкай Беларусі", а таксама абвінавачвалі ў "паланізацыі беларускіх сялян" [448, s. 182]. У абарону Ваявудскага выступілі Б.Тарашкевіч і С.Рак-Міхайлоўскі, якія засведчылі, што "грамадзянін Ваявудскі, прыкамандзіраваны афіцэрам у 2 аддзел, выконваў абавязкі не ў дэфензіве, а ў якасці шэфа секцыі па справах нацыянальнасцей і друку. Мы яго ведаем як чалавека, асабіста па-сяброўску настроенага да беларускага адраджэнцкага руху" [204].

Гурын адразу запатрабаваў ад Тарашкевіча і Рак-Міхайлоўскага адмовіцца ад гэтай характарыстыкі. Рак-Міхайлоўскі, паводле сведчання М.Гурына ў час маршалкоўскага суда над С.Ваявудскім у 1927 г., на гэта пагадзіўся, а Тарашкевіч вагаўся. Аднак Ваявудскі, паводле Гурына, паабяцаў у выпадку іх адмовы ад сваіх слоў раскрыць факты супрацоўніцтва Тарашкевіча і Рак-Міхайлоўскага з ІІ аддзелам Генеральнага штаба польскага войска у канцы 1910-х гг. (што сапраўды мела месца) і такім чынам дыскрэдытаваць увесь беларускі рух. На пасяджэнні БПК праз некалькі дзён пасля таго большасць клуба прагаласавала за рэзалюцыю, неспрыяльную Ваявудскаму, аднак пад ціскам Тарашкевіча яна апублікавана не была [448, s. 183 - 184]. Сам Ваявудскі ў час маршалкоўскага суда запярэчыў, што ён аказваў ціск на паслоў Тарашкевіча і Рак-Міхайлоўскага, аднак не адмаўляў, што некаторыя з іншых членаў БПК ў той час адкрыта выступілі супраць яго [448, s. 189].

Як бы там ні было, адмовы Рак-Міхайлоўскага і Тарашкевіча ад сваёй папярэдняй заявы не адбылося. Больш таго, вясной 1925 г. ідэі аб пераходзе БПК з нацыянальнай на класавую платформу пачалі адкрыта выказвацца на старонках беларускай прэсы. Гэта супала па тэрмінах з сустрэчай высокіх функцыянераў КПЗБ П.Корчыка і М.Арэхвы з Тарашкевічам і Рак-Міхайлоўскім, на якой абмяркоўваліся "перспектывы развіцця нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі" [73, c. 83]. 1 красавіка 1925 г. у прэсе было адзначана, што "арганізацыя масаў, арганізацыя нашага працоўнага сялянства на грунце іх выразных клясавых інтарэсаў павінна быць галоўнай задачай сяньняшняга дня" [104], а ўжо 9 красавіка рабілася выснова, што "тое самае жыцьцё, якое прымусіла ў свой час усе беларускія групы й кірункі йсьці адзіным нацыянальным фронтам, цяпер вымагае перагляду гэтага становішча, трэбуе вырашэньня пытаньня аб магчымасьці ці немагчымасьці адзінага сацыяльнага фронту [*] ў нашым парляманцкім прадстаўніцтве" [21].

25 красавіка 1925 г. ў выступленні з сеймавай трыбуны Б. Тарашкевіч заявіў: "Мы сёння мусім выразна сказаць свайму народу... што там, дзе кіруе буржуазія, дзе кіруе памешчыцтва... не можа быць ні сацыяльнага вызвалення, ні хоць бы якіх нацыянальных правоў, не кажучы ўжо пра аўтаномію... Так ці іначай, ці шляхам вайны, ці ў выніку яе, у рэшце рэшт будзе сацыяльная рэвалюцыя, і толькі гэтая сацыяльная рэвалюцыя можа даць нам палітычныя правы, прынесці нам нацыянальнае адраджэнне і вызваленне" [425, ł. 48 - 49].

Аднак не ўсе беларускія паслы далучыліся да гэтай дэкларацыі. Да гэтага часу ў БПК вылучыліся група, апазіцыйная новаму напрамку палітыкі Тарашкевіча. У асноўным незадавальненне яе членаў было выклікана не так прасавецкай арыентацыяй большасці сваіх калег, як актыўным супрацоўніцтвам беларускіх паслоў з НПХ на чале з С.Ваявудскім. А. Луцкевіч сведчыў, што "да мяне... сталі звяртацца некаторыя паслы... са скаргамі на Тарашкевіча. Яны наракалі на тое, што Тарашкевіч... залішне шмат увагі надае зносінам з Ваявудскім... і іншымі падобнымі дзеячамі... У Клубе маюцца апасенні, што ўплыў названых польскіх дзеячаў можа скіраваць дзейнасць Тарашкевіча на шлях, неадпаведны беларускім інтарэсам" [149, c. 220].

Апазіцыйную частку парламентарыяў фактычна ўзначаліў А.Станкевіч. Ужо праз тры дні пасля заявы Тарашкевіча ён выступіў са сваёй прамовай, дзе засведчыў: "Становішча нашага насельніцтва на самой справе цяжкое з культурнага і асветнага пункту погляду... Але што датычыць выхаду з гэтага цяжкога становішча, то я заяўляю, што не бачу яго ў тых канцэпцыях, якія прадставіў мой калега пан Тарашкевіч у сваёй прамове... Я бачу выхад для нашай культуры і нашага нацыянальнага адраджэння ў нацыянальнай і культурнай свядомасці беларускіх масаў і ў арганізацыі гэтых мас на поўнасцю сваім, родным грунце" [426, ł. 17]. Дзеянні Ваявудскага і яго партыі Станкевіч успрымаў як правакацыю беларускага руху і лічыў, што паглыбленне супрацоўніцтва з НПХ сімвалізуе "поўнае банкруцтва беларускага незалежнага руху ў Польшчы... выраджэньне здаровай беларускай думкі, якая аказалася-б няздатнай стварыць свайго камунізму, хоць-бы для тых, хто яго хоча і ўважае за патрэбны" [373]. Выйсце з наяўнай сітуацыі Станкевіч бачыў у стварэнні арганізацыі, якая абапіралася б на шырокія масы беларускага сялянства.

Падзел БПК рабіўся ўсё больш верагодным. Пасля выступлення Станкевіча ў сейме ў беларускай прэсе рабілася выснова, што "адзіны нацыянальны фронт пры самаабароне выступленьнем дэп. кс. Станкевіча не нарушаецца. Але ўжо ясна відаць, што пры наступленьні прадстаўнікі беларускага народу будуць ісьці да аднае мэты - рознымі шляхамі" [249].

Нягледзячы на гэта, некаторыя дзеячы нават у такіх умовах рабілі захады на недапушчэнне падзелу БПК. Прынцыповым яго праціўнікам быў А.Луцкевіч, які ў той час яшчэ захоўваў пэўны палітычны ўплыў. Ён, паводле ўласных сведчанняў, угаворваў Тарашкевіча не даводзіць справу да падзелу клуба, а абмежавацца стварэннем у ёй толькі асобнай "радыкальнай секцыі" [149, c. 221 - 222]. Аднак 24 чэрвеня 1925 г. паслы Б.Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла і П. Валошын аб'явілі пра выхад з адзінага БПК і стварэнне пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) на чале з Б.Тарашкевічам. Другая частка БПК, перш за ўсё паслы А.Станкевіч, Ф.Ярэміч і В.Рагуля, да БСРГ не далучылася і фармальна стала да яе ў апазіцыю. Старшынёй гэтага клуба быў выбраны Ф.Ярэміч.

Падзел парламенцкага прадстаўніцтва завяршыў першы этап у гісторыі парламенцкага змагання беларусаў у міжваеннай Польшчы. За два з паловай гады, якія папярэднічалі падзелу, беларускія прадстаўнікі ў выніку шавіністычнай і нягнуткай нацыянальнай палітыкі польскіх улад практычна страцілі спадзяванні абараніць свае правы, карыстаючыся чыста парламенцкімі формамі змагання. Сітуацыю скарысталі знешнія сілы, у першую чаргу камуністычныя ўлады суседняга СССР, якія праз мясцовыя падкантрольныя Камінтэрну арганізацыі здолелі пераканаць частку беларускіх парламентарыяў у неабходнасці пераходу з нацыянальных на класавыя пазіцыі. Утварэнне пасольскага клуба БСРГ стала лагічным завяршэннем працэсаў агульнай радыкалізацыі і падпадання часткі беларускіх паслоў пад камуністычны ўплыў.


3.3. Дзейнасць беларускiх паслоў i сенатараў у 1925 - 1927 гг.

Падзел беларускага парламенцкага прадстаўніцтва адбыўся ва ўмовах, калі ў сейме разглядаўся вельмі важны для беларускага грамадства праект закона аб парцэляцыі і асадніцтве. У беларускай прэсе адзначалася, што "для беларускіх паслоў будзе генаральная баталія ня толькі аб зямлю для нашых беззямельнікаў і малазямельнікаў... але і аб права беларускага народу быць гаспадаром у сваёй старонцы". Праўда, адразу ж пры гэтым адзначалася, што барацьба будзе "зусім няроўнай і наперад засуджанай на паражэньне" [109].

Нягледзячы на вышэй апісанае няўхільнае нарастанне супярэчнасцей паміж асобнымі пасламі, канчатковае рашэнне аб утварэнні новага клуба было, падобна на тое, прынятае літаральна ў апошні момант. Пра гэта можа сведчыць тое, што ў нумары тагачаснага неафіцыйнага друкаванага органа БПК - газеты "Іскра", які выйшаў праз 3 дні пасля падзелу клуба, было паведамлена толькі пра сам гэты факт, аднак яму не давалася ніякіх шырокіх каментарыяў па прычыне "неатрымання інфармацыі ад паслоў". Выказвалася меркаванне, што гэтая падзея азначае "праяву перастройкі палітычных груповак у Сойме", якая "трэба думаць, будзе адбывацца ўжо не паводле нацыянальнага прынцыпу, а сацыяльнага" [229]. Нават у аднаднёўцы "Рэха", якая выйшла пасля забароны "Іскры" 8 ліпеня 1925 г., падавалася інфармацыя, што клуб БСРГ сваёй праграмнай дэкларацыі яшчэ не апублікаваў, а сутнасць рознагалоссяў паміж дзвюма фракцыямі тлумачылася агульнымі фразамі, што "новая беларуская парляманцкая фракцыя... шукае новых шляхоў змагання за ідэалы нашага працоўнага народу, веручы ў зьдзяйсьненьне іх ня шляхам парлямантарызму, а выключна ў сувязі з сусьветнымі вялікімі здарэньнямі і перастройкай сацыяльнага ладу ў Польскай Дзяржаве... Астаўшыяся ў складзе старога Беларускага Пасольскага Клюбу беларускія паслы і сэнатары йдуць далей шляхам парляманцкае барацьбы за правы беларускага народу, як і маніліся, ідучы ў Сойм і Сэнат" [176]. Орган беларускіх хадэкаў "Krynica" падаў кароткую нататку пра падзел БПК толькі 12 ліпеня 1925 г., адзначыўшы, што "прычыны выхаду покульшто няведамы" [473].

Афіцыйна прычыну рознагалоссяў паміж дэпутатамі дзвюх фракцый пастараўся сфармуляваць толькі 11 ліпеня 1925 г. старшыня клуба БСРГ Б.Тарашкевіч у сваім інтэрв'ю левай газеце "Walka" ("Барацьба") (нумар быў канфіскаваны ўладамі). Тарашкевіч паведаміў, што "мы рэвалюцыйныя сацыялісты і інтэрнацыяналісты, у той час як нашы калегі з беларускага клуба стаяць на грунце нацыянальным. Яны яшчэ прытрымліваюцца лозунга аўтаноміі Беларусі і ўводзяць сябе ў зман, нібыта выгандлююць у польскага ўрада палёгку для народа. У нас няма гэтых ілюзій" [37, c. 81].

Тое, што такія прычыны падзелу прыводзіліся толькі з-за нежадання выяўлення сапраўдных, можа сведчыць хоць бы параўнаўчы аналіз тагачасных выступленняў прадстаўнікоў абедзвюх частак беларускага парламенцкага прадстаўніцтва. Ужо на другі дзень пасля падзелу В.Рагуля, які застаўся ў БПК, напрыканцы вельмі вострай прамовы падкрэсліў, што "з мэтай замены гэтага закона ў духу, які адпавядае імкненням беларускага народа, мы будзем прапаноўваць папраўкі, аднак загадзя выдатна ведаем, што ніякія нашыя папраўкі не будуць прынятыя..." [427, ł. 54]. Дакладна такой жа тактыкі трымаліся і паслы БСРГ, якія таксама прапаноўвалі папраўкі да закона, загадзя ведаючы, што большасць сейма іх адхіліць [428, ł. 36, 49, 76]. Прынцыповых разыходжанняў у поглядах беларускіх дэпутатаў з розных фракцый на сутнасць аграрнай рэформы не было, і ўсе папраўкі аднаго клуба безагаворачна падтрымліваліся другім [284, c. 272].

У рэшце рэшт, нават персанальны склад БПК, які застаўся пасля аддзялення клуба БСРГ, наводзіць на думку, што падзел клуба адбыўся не толькі і не столькі з-за глыбокіх ідэалагічных разыходжанняў. Толькі недалучэнне да Грамады пасла А. Станкевіча і сенатараў В.Багдановіча і А. Назарэўскага выглядала ў гэтай сітуацыі лагічным, бо яшчэ раней яны выступалі з крытыкай пазіцыі сваіх калег. Аднак, напрыклад, В.Рагуля увесь папярэдні перыяд з'яўляўся адным з найбольш радыкальных беларускіх паслоў, што праявілася ў выбранні яго старшынёй клуба пасля адстаўкі Тарашкевіча. У час справаздачных мітынгаў ён раней заўсёды выступаў на рускай мове з леварадыкальных і прасавецкіх пазіцый, чаму ёсць шматлікія сведчанні [386, s. 24; 471, s. 11]. Ёсць звесткі і пра пэўны ўдзел Рагулі ў арганізацыі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, які таксама насіў прасавецкі характар [15, c. 41]. Паслы Ярэміч і Аўсянік таксама ў 1922-1925 гадах лічыліся несумненнымі палітыкамі левай арыентацыі і саветафіламі [372, s. 220]. За год настроі ўсіх згаданых парламентарыяў карэнным чынам не змяніліся, пра што можа сведчыць танальнасць іх выступленняў у сейме, а таксама паводзіны ў першыя месяцы пасля стварэння БСРГ.

Так, яшчэ перад расколам клуба быў распрацаваны план далейшых паводзін беларускіх парламентарыяў, згодна з якім, нават нягледзячы на падзел, збольшага дзейнічалі пасля ўсе беларускія паслы. План прадугледжваў перш за ўсё ўзмацненне арганізацыйнай працы на месцах, і ўсе беларускія парламентарыі без розніцы клубнай прыналежнасці ў час летніх канікул праводзілі арганізацыйную дзейнасць, а таксама заснаванне сялянскіх камітэтаў дзеля наступнай рэвалюцыйнай барацьбы за зямлю. Асаблівую актыўнасць у гэтым кірунку праяўлялі разам з пасламі Грамады члены БПК Аўсянік і Рагуля. Апошні, паводле справаздачы віленскай паліцыі, у жніўні 1925 г. нават абвясціў пра сваё ўступленне ў БСРГ, прытым, праводзячы энергічную працу на карысць Грамады на тэрыторыі Навагрудчыны, арганізаваў адпраўку сялянамі падзяк за абарону інтарэсаў беларускага насельніцтва як на адрас клуба БСРГ, так і БПК [345]. Падобную падзяку, таксама на адрас абодвух клубаў, прыслала ў тыя дні і рэдакцыя газеты "Голас беларуса" з Латвіі [280].

Улічваючы вышэйадзначанае, сам факт вылучэння новай пасольскай фракцыі яшчэ не азначаў канчатковага падзелу беларускага парламенцкага прадстаўніцтва на 2 ідэалагічна сфарміраваныя плыні. У справаздачы віленскай паліцыі падкрэслівалася, што "Беларускі пасольскі клуб ужо з даўніх часоў працаваў у гэтым напрамку і ў імя тых самых палітычных і сацыяльных ідэалаў, якія з'яўляюцца палітычнай асновай платформы Беларускай сялянска-работніцкай грамады" [345]. У першыя месяцы існавання двух беларускіх фракцый паміж іхнімі членамі не даходзіла да вялікіх ідэалагічных дыскусіяў, таму iх у гэты час можна ацэньваць хутчэй не як праціўнікаў, а як саюзнікаў.

Саюзнікамі яны заставаліся і ў час разгляду ў сейме ўжо згаданага законапраекта аб аграрнай рэформе ў чэрвені-ліпені 1925 г. Пасля адхілення сеймавай большасцю ўсіх сваіх паправак паслы з БПК пасля адпаведнай заявы Ф. Ярэміча ў знак пратэста пакінулі залу пасяджэнняў [429, ł. 10]. Паслы з БСРГ разам з камуністамі і дэпутатамі з клуба НПХ былі выключаны з пасяджэння маршалкам за правядзенне сеймавай абструкцыі [351, s.192].

Аднак неабходна адзначыць, што клуб БСРГ разам з КПФ і клубам НПХ выступілі з уласным праектам закона, які прадугледжваў канфіскацыю памешчыцкай і царкоўнай зямлі плошчай звыш 30 гектараў, перадачу яе зямельным камітэтам і падзел без выкупу паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі [235, c. 83]. Гэты чыста дэманстратыўны і адразу адхілены сеймам праект быў унесены 26 чэрвеня 1925 г., і, магчыма, менавіта з гэтым звязана фарсіраванне працэсу вылучэнне клуба БСРГ з БПК. У беларускай савецкай прэсе менавіта пытанне, ці далучацца ўсім клубам да гэтага праекта, адразу ж падавалася за фармальную прычыну падзелу, праўда, з агаворкаю, што "сапраўдныя прычыны сягаюць глыбей і датычаць таксама і іншых пытанняў" [39, c. 295]. Вядома, што спачатку польскае прадстаўніцтва пры Камінтэрне, якому падпарадкоўвалася КПП, рэкамендавала дабівацца, каб пад праектам закона падпісаліся беларускія і ўкраінскія паслы, а таксама частка паслоў з левых польскіх партый [351, s. 192]. Аднак камуністам удалося дабіцца толькі падтрымкі НПХ, што давала ім усяго 11 подпісаў, у той час як сеймавы рэгламент патрабаваў для ўнясення прапановы падтрымкі 15 паслоў [408, s. 138]. Можна меркаваць, што супраць супольнага выступлення з КПФ і НПХ пад уплывам М.Гурына выступіў старшыня БПК В.Рагуля, а таксама А.Станкевіч. Магчыма, таму камуністам і прыйшлося спешна ажыццяўляць даўно задуманы раскол у БПК.

Пры гэтым нават пасля фактычнага ажыццяўлення падзелу клуба камуністы не мелі адзінай пазіцыі, якую форму мусіць прыняць дзейнасць новай парламенцкай фракцыі і ў перспектыве масавай арганізацыі. У жніўні 1925 г. ў Гданьску адбылася нарада ЦК КПП і ЦК КПЗБ з удзелам Б.Тарашкевіча, на якой у асноўным абмяркоўвалася пытанне будучай праграмы БСРГ. Першапачатковы варыянт мала чым адрозніваўся ад праграмы кампартыі, аднак пасля доўгіх спрэчак перамагла думка, што павінна быць створана масавая легальная арганізацыя, фармальна не звязаная з камуністамі [206, c. 74]. Гэта рашэнне было пацверджана на IV канферэнцыі КПП і ІІІ канферэнцыі КПЗБ, якія адбыліся ў канцы 1925 - пачатку 1926 гг. у Маскве. Нелегальна прысутны на абедзвюх канферэнцыях Б.Тарашкевіч у час іх працы быў афіцыйна прыняты ў камуністычную партыю. Было спецыяльна агаворана, што яго членства афішыравацца не будзе, і ён не ўвойдзе ў склад КПФ, але будзе падпарадкоўвацца яе дырэктывам [206, c. 84].

Да канца 1925 г. не было заўважана ніякай ідэалагічнай палемікі членаў двух беларускіх клубаў на старонках беларускай прэсы. Наадварот, выданні бакоў дастаткова прыязна адгукаліся ў гэты час аб дзейнасці адзін аднаго. Так, напрыклад, "Жыцьцё беларуса" змясціла на сваіх старонках прамовы Ф.Ярэміча і А.Станкевіча ў сейме, справаздачу аб паездцы Ярэміча на кангрэс еўрапейскіх нацыянальных меншасцей у Жэневу. Усе публікацыі былі вытрыманы ў прыязным для згаданых паслоў тоне [257; 55; 231].

Сітуацыя змянілася ў канцы лістапада 1925 г., калі паслы Ярэміч і Рагуля стварылі новую партыю - Беларускі сялянскі саюз (БСС). Фактычна стварэнне гэтай партыі было рэалізацыяй ранейшых ідэй А.Станкевіча. Наогул, ксёндз А.Станкевіч фактычна з'яўляўся сапраўдным лідэрам БПК з пункту погляду ідэалогіі, будучы паслядоўным, у адрозненне ад многіх сваіх калег, праціўнікам апанавання беларускага руху камуністамі. Вялікую ролю Станкевіча ў клубе адзначалі ў сваіх паслявыбарчых каментарыях нават польскія публіцысты, лічачы, што афіцыйнае невыбранне яго на пасаду старшыні БПК пасля падзелу было абумоўлена толькі яго становішчам духоўнай асобы і нежаданнем па гэтай прычыне ўваходу ў адкрыты канфлікт з касцёльнымі ўладамі [438]. Магчыма, пэўная доля рацыі ёсць у змешчаным у справаздачы польскай разведкі дапушчэнні, што Рагуля і Ярэміч заснавалі сваю партыю са згоды Масквы дзеля таго, каб перахапіць гэту ідэю ў А.Станкевіча [340, ł. 90 - 91].

Гэта тым больш верагодна з-за наяўнасці цэлага шэрагу фактаў, якія сведчаць, што некаторыя апазіцыйныя да БСРГ дэпутаты нават пасля падзелу адзінага клуба не былі вольныя ад непасрэдных савецкіх уплываў. Так, 31 ліпеня 1925 г. на закрытым пасяджэнні сакратарыята ЦК КП(б)Б разглядалася прапанова В.Рагулі аб паездцы беларускіх дэпутатаў польскага сейма па Еўропе, якая, праўда, была адхілена [110, c. 159]. Перад Берлінскай канферэнцыяй 15 кастрычніка 1925 г., на якой была ліквідавана Рада БНР, на падобным пасяджэнні сакратарыята 6 кастрычніка 1925 г. было прынята рашэнне аб магчымым выступленні на канферэнцыі таго ж Рагулі ў якасці прадстаўніка Віленшчыны [110, c. 177]. Пра прысутнасць Рагулі ў Берліне звестак не выяўлена, аднак віленскія арганізацыі прадстаўляў старшыня БПК Ф.Ярэміч, які без пярэчанняў падпісаў рэзалюцыю канферэнцыі аб прызнанні ўрада БССР адзіным правамоцным беларускім урадам [372, s. 279].

У тэзісах ЦК КП(б)Б, прысвечаных пытанню беларускай эміграцыі, членам БПК давалася наступная характарыстыка: "Нацыяналістычна настроеныя, палавінчатыя... баяцца рэвалюцыйных захадаў і дзеянняў, яны яшчэ не прыйшлі ўшчыльную да Грамады і Кампартыі. Знаходзяцца ў блізкіх зносінах з Грамадой, а некаторыя з іх, як напрыклад Рагуля, падзяляюць цалкам палітычную праграму Грамады, вагаючыся ўступіць у яе па сваіх персанальных якасцях" [113, c. 193]. Безумоўна, гэтую ідэалагічную блізкасць некаторых членаў БПК мела на ўвазе кіраўніцтва КПП, выпускаючы 10 снежня 1925 г. адкрыты ліст да членаў парламенцкіх фракцый левых польскіх партый, а таксама Беларускага і Украінскага клубаў з прапановай склікаць супольную канферэнцыю дзеля наступнага стварэння адзінага рабоча-сялянскага фронту [351, s. 192]. Гэта прапанова ў той час не знайшла шырокай падтрымкі, што не перашкодзіла прадстаўніку КПФ О.Скрыпе казаць на ІV канферэнцыі КПП у канцы 1925 г. пра магчымасць далучэння членаў некаторых фракцый, у тым ліку і БПК, да агульнага рабоча-сялянскага блока ў сейме [403, s. 136 - 137].

Мяркуючы з усяго, А.Станкевіч і сам не зусім давяраў сваім калегам па клубу. Таму, хоць ён і пайшоў у студзені 1926 г. на заключэнне пагаднення з Ярэмічам і Рагулем аб супрацоўніцтве як у сейме, так і на тэрыторыі Заходняй Беларусі [340], скансалідаванасць БПК была даволі слабая. У справаздачы ІІ аддзела ІІІ вайсковай акругі (з цэнтрам у Гродне) за І квартал 1926 г. пры характарыстыцы адносін у клубе адзначалася, што "Ярэміч і Рагуля, хоць афіцыйна з клуба не выйшлі, трымаюць з ім толькі вольную сувязь. Ксёндз Станкевіч таксама мае намер выйсці з клуба" [340]. У сакавіку 1926 г. клуб "па асабістых прычынах" пакінуў пасол А.Аўсянік, які перад гэтым цесна супрацоўнічаў з пасламі Грамады. Пасля гэтага ён стаў т. зв. "дзікім" паслом, не далучыўшыся ні да якой сеймавай фракцыі [395, s. 342 - 344, 348]. Такім чынам, з сакавіка 1926 г. БПК складаўся толькі з 3 паслоў і 3 сенатараў, а клуб БСРГ пасля далучэння да яго вясной 1926 г. увайшоўшага замест М. Кахановіча Ю.Сабалеўскага налічваў 5 паслоў.

На працягу 1926 г. усе 3 асноўныя заходнебеларускія легальныя палітычныя партыі, да якіх належалі беларускія парламентарыі, апублікавалі свае афіцыйныя праграмы. Пры аналізе гэтых дакументаў выяўляецца практычная ідэнтычнасць усіх закладзеных у іх патрабаванняў. Праграмы БСРГ і БСС адрозніваліся па сутнасці толькі прызнаннем у першай неабходнасці саюза сялян і рабочых, а ў другой - падкрэсліваннем несупадзення інтарэсаў сялянства і пралетарыяту. БХД ў гэтым пытанні салідарызавалася з БСС, аднак рэзка выступала супраць прысутнага у праграмах як БСРГ, так і БСС пастулата аддзялення царквы ад дзяржавы. Самі па сабе гэтыя праграмныя адрозненні не маглі быць сур'ёзнымі перашкодамі для дасягнення кампрамісу паміж лідэрамі паасобных партый ва ўмовах наяўнасці сур'ёзнага агульнага праціўніка ў асобе польскіх улад, тым больш што, напрыклад, супярэчнасці паміж БСРГ і БСС мелі чыста тэарэтычны характар па прычыне вельмі малой колькасці рабочых-беларусаў. Таму прычыны няпростых адносін паміж двума беларускімі клубамі і асобнымі парламентарыямі трэба шукаць перш за ўсё ва ўплыве знешніх фактараў, а таксама, магчыма, у асабістых амбіцыях.

Першым з такіх знешніх фактараў было бясспрэчнае падпарадкаванне ўсёй дзейнасць БСРГ дырэктывам Камінтэрна. Асабліва вялікае значэнне гэты факт меў для А.Станкевіча, які быў паслядоўным праціўнікам апанавання беларускага руху камуністамі, што неаднаразова публічна падкрэсліваў. Будучы прыхільнікам ліквідацыі ўрада БНР на эміграцыі як лішняй, на яго думку, арганізацыі, ён выступаў супраць перадачы яго паўнамоцтваў ураду БССР. Праўда, А.Станкевіч прызнаваў пэўныя пазітыўныя дасягненні, зробленыя ў БССР у культурным плане, прытым рабіў гэта нават у выступленнях з сеймавай трыбуны. Так, ён засведчыў, што "ў шмат якіх пунктах савецкай палітыкі не падзяляю, стаўлюся да яе крытычна, аднак у галіне беларускай нацыянальнай культуры, таксама з агаворкамі, з майго пункту погляду мушу прызнаць вялікія дасягненні" [431, ł. 52]. Нярэдка подпіс Станкевіча прысутнічаў на інтэрпеляцыях і прапановах, складзеных камуністамі, калі выкладзеныя ў іх патрабаванні не супярэчылі яго ўласным поглядам [401, s. 567, 610 - 611, 615]. Аднак, тым не менш, у цэлым Станкевіч лічыў камунізм шкоднай ідэалогіяй і меў сумненні ў шчырасці камуністаў пры правядзенні нацыянальнай палітыкі ў БССР.

Вострую крытыку БСРГ праводзілі пасля заснавання ўласнай партыі і лідэры БСС паслы Ф.Ярэміч і В.Рагуля, сярод іншага выступаючы з крытычнымі ў адносінах да савецкай рэчаіснасці артыкуламі. У сакавіку 1926 г. В.Рагуля з сеймавай трыбуны агучыў негатыўнае стаўленне паслоў БПК да ратыфікацыі консульскай дамовы паміж Польшчай і СССР, ацаніўшы яе як "новы акт, які намагаецца перакрэсліць імкненні беларускага народа да незалежнасці і аб'яднання ўсіх этнаграфічных беларускіх зямель у адно цэлае". Праўда, у дадзеным выпадку, улічваючы вышэйпрыведзеныя факты прасавецкіх дзеянняў Ф.Ярэміча і асабліва В.Рагулі ў першыя месяцы пасля падзелу беларускага парламенцкага прадстаўніцтва, ёсць пэўныя сумненні ў шчырасці іх тагачасных антысавецкіх і антыкамуністычных настрояў.

Аднак існаваў і другі важны фактар знешняга ўздзеяння, які лагічна выцякаў з першага. У выкананне дырэктыў Камінтэрна, у сейме ў чэрвені 1925 г. быў утвораны т. зв. рабоча-сялянскі блок (РСБ), у які ўвайшлі КПФ і пасольскія клубы БСРГ і НПХ. Першай праведзенай сумеснай акцыяй гэтага блока стала ўжо згаданае выступленне з уласным праектам зямельнай рэформы. Далей паслы РСБ пастаянна падавалі супольныя інтэрпеляцыі і прапановы, каардынавалі выступленні з парламенцкай трыбуны [476, s. 96 - 97]. Пасольскі клуб НПХ па-ранейшаму ўзначальваў С.Ваявудскі, а БПК складалі яго былыя палітычныя праціўнікі. Таму нельга выключаць, што менавіта праблема стаўлення да НПХ і персанальна С.Ваявудскага, а не праграмныя адрозненні, стала тым фактарам, які рабіў немагчымым пераадоленне супярэчнасцей паміж членамі дзвюх беларускіх фракцый. Праўда, імя Ваявудскага да пэўнага часу не гучала ў час публічнай крытыкі дзеянняў БСРГ з боку паслоў БПК, аднак з самага пачатку ўзаемнай канфрантацыі сцвярджалася, што "разьбіўшы супольны беларускі фронт і ўвайшоўшы ў блізкую лучнасьць з "Niezależnaj Partyjaj Chłopskaj", якая мала чаго супольнага мае з беларускім сялянствам - нашыя таварышы, паводле нашых поглядаў, зрабілі палітычную памылку, якая можа некарысна адбіцца на інтарэсах нашага народу" [242].

Нягледзячы на ўзаемную крытыку ў прэсе, у парламенцкай тактыцы двух клубаў пасля падзелу ніякай розніцы не было. Як грамадоўцы, так і паслы БПК да гэтага часу практычна поўнасцю расчараваліся ў магчымасцях парламенцкай працы, таму асноўную ўвагу прысвячалі стварэнню партыйных структур на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Усе паслы за гэты час правялі многа справаздачных мітынгаў. У парламенце ж усе беларускія дэпутаты часцей за ўсё абмяжоўваліся падачай шматлікіх інтэрпеляцый, а таксама вострымі выступленнямі з сеймавай трыбуны. Танальнасць гэтых выступленняў абсалютна не рознілася ў прадстаўнікоў абодвух клубаў. Як тыя, так і другія заўсёды крытыкавалі палітыку польскіх урадаў, прыводзілі шматлікія факты парушэння правоў беларускай нацыянальнай меншасці і патрабавалі правядзення радыкальных рэформ. Такім чынам, на тэрыторыі сейма ўдавалася захоўваць адзіны беларускі фронт, калі ішла гаворка пра парушэнне тых ці іншых правоў беларускага насельніцтва. Сенатар В.Багдановіч сведчыў, што "і пасьля падзелу з Грамадой там, у Сойме, мы працавалі з ёй у поўным кантакце што да нацыянальных пытаньняў. Працавалі ў гэтых пытаньнях, можна сказаць, як адзін клюб. Няпраўда тое, быццам сваркі з імі пачаліся ў нас там у Сойме... Ня там у Варшаве, а тут, у Вільні, знайшлася ня добра скіраваная воля, якая асабіста перасварыла ўсіх нашых "генералаў", якая давяла нашае разьдзяленьне да становішча, пры якім стала немагчыма злучэньне ў вярхох" [17, c. 12 - 13].

Вядома, што нават пасля расколу беларускага парламенцкага прадстаўніцтва ўсе беларускія паслы і сенатары часам збіраліся на сумесныя пасяджэнні для выпрацоўкі агульнай пазіцыі па некаторых важных для заходнебеларускай грамадскасці пытаннях. У сярэдзіне студзеня 1926 г. адбылося аб'яднанае пасяджэнне з нагоды выдання пастановы польскага ўрада аб выкананні прынятага раней сеймам закона "Аб парцэляцыі і асадніцтве", якое скончылася вынясеннем сумеснай рэзалюцыі, "каб усе беларускія арганізацыі і групы неадкладна пачалі інтэнсіўную і шырокую агітацыю... ў справе падачы сялянамі заяў на надзяленне іх зямлёй" [27, a. 16 - 17]. У пачатку лютага 1926 г. на пасяджэнні выканаўчага камітэта БСС у Варшаве, на якім прысутнічаў і А.Станкевіч, Ф.Ярэміч прапанаваў наладзіць адносіны з БСРГ, чаму ніхто не пярэчыў [340, k. 28]. 10 сакавіка 1926 г. на сумеснай нарадзе рабілася спроба аднаўлення адзінства беларускага парламенцкага прадстаўніцтва. Але нягледзячы на тое, што некаторыя парламентарыі, як, напрыклад, А.Уласаў, лічылі, што "для карысці агульнай беларускай справы належыць безумоўна пазбыцца партыйнасці хаця б на час выбараў у новы сейм", практычных вынікаў гэта нарада не прынесла. Катэгарычна супраць паразумення выступілі перш за ўсё А.Станкевіч з боку БПК і Б.Тарашкевіч з боку БСРГ [27, a. 17 - 19]. Магчыма, што змена першапачатковай пазіцыі ў гэтым пытанні А.Станкевіча (які ў лютым 1926 г. сцвярджаў, што "барацьба з Грамадой безнадзейная, і трэба, хутчэй за ўсё, ісці з ёй на кампраміс") адбылася ў сувязі з адмовай лідэраў БСРГ прыняць прапанову сваіх апанентаў аб тэрытарыяльным размежаванні сферы ўплываў 3-ох партый [340, k. 28].

Згаданыя перагаворы былі звязаны з пытаннем падрыхтоўкі да новых парламенцкіх выбараў, якія, як тады меркавалася, маглі быць прызначаны ў любы момант. Гэтаму пытанню было прысвечана адно з пасяджэнняў пасольскага клуба БСРГ ў сакавіку 1926 г., на якім абмяркоўвалася пытанне стаўлення ў якасці магчымых выбарчых саюзнікаў да польскіх левых партый, БСС і БХД. ПСЛ "Вызваленне" і ППС атрымалі акрэсленне "ваўкоў у авечай шкуры", і супраць іх было вырашана праводзіць інтэнсіўную барацьбу. Грамадоўскія паслы абавязваліся выкрываць сапраўднае аблічча гэтых партый у час сваіх выступленняў на мітынгах. Што датычыць утворанай непасрэдна перад гэтым у выніку чарговага расколу ў ПСЛ "Вызваленні" новай сялянскай партыі - Стронніцтва Хлопскага (СХ), то БСРГ згаджалася цесна супрацоўнічаць з ёй, але пры ўмове прызнання за беларусамі па прыкладу НПХ усіх нацыянальных правоў. На наступных парламенцкіх выбарах вырашана было стварыць з гэтымі партыямі "агульны фронт для рашучай барацьбы з ворагамі пралетарыяту" [372, s. 315]. Канкурэнтныя беларускія арганізацыі прыроўніваліся да ППС і "Вызвалення". Было вырашана ў праграмных прамовах паслоў Грамады "тлумачыць масам пра дзейнасць БСС і шкоду, якую гэтая арганізацыя прыносіць беларускаму руху" [345].

Паводле звестак польскай разведкі, у пачатку красавіка існаваў ужо канкрэтны план выбарчай кампаніі Грамады, які падрыхтаваў Б.Тарашкевіч. У Варшаве нібыта нават адбылася супольная нарада ў гэтай справе прадстаўнікоў БСРГ, КПФ, НПХ і СХ. У выніку была прынята папярэдняяпастанова аб выстаўленні супольнага спісу ва ўсіх выбарчых акругах. БСРГ павінна была ўзяць на сябе асноўны цяжар агітацыі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах, аднак Віленска-Троцкі павет аддаваўся НПХ, а некаторыя мясцовасці Вілейскага і Валожынскага паветаў - камуністам. Да выбарчага блока магчымым было далучэнне іншых груп, якія выстаўляюць лозунгі дыктатуры сялян і рабочых і барацьбы за рабоча-сялянскі ўрад. Прыняцце канчатковай пастановы ў гэтай справе планавалася на канец мая 1926 г., аднак гэтаму перашкодзіла ўзброенае выступленне Ю.Пілсудскага [340, k. 91 - 92].

БХД і БСС ў асобе сваіх лідэраў паслоў А.Станкевіча, Ф.Ярэміча і В.Рагулі таксама абмяркоўвалі праблемы будучай выбарчай тактыкі. Яны дамовіліся ўтрымліваць саюз паміж сабою і выстаўляць супольныя спісы на раўнапраўнай аснове. З польскімі левымі партыямі і БСРГ пры гэтым меркавалася праводзіць змаганне [27, a. 31 - 32]. Аднак пасля апублікавання праграмы БСС, у якой быў змешчаны пастулат аддзялення царквы ад дзяржавы, адносіны паміж лідэрамі дзвюх партый пагоршыліся, магчымасць выбарчага саюза стала ацэньвацца як сумнеўная, а кіраўнікамі БХД - нават як шкодная. Кожная з партый схілялася да самастойнага ўдзелу ў будучых выбарах з выстаўленнем сваіх спісаў толькі ў некалькіх выбарчых акругах [340, k. 103].

Частка беларускіх палітыкаў абараняла ідэю адзінага беларускага перадвыбарчага фронту. Так, А.Луцкевіч лічыў, што "разбіццё беларускіх галасоў на некалькі спісаў можа пагражаць стратай паловы ці нават больш месцаў у сейме і сенаце" [340, k. 91]. Падобнай думкі трымаўся і А.Уласаў, сцвярджаючы, што ў выпадку расколу "беларускі народ будзе канчаткова збіты з панталыку, не ведаючы, за каго ён сапраўды павінен галасаваць" [340, k. 15]. Аднак думка гэтых палітыкаў, якія не мелі за сабой значнай палітычнай сілы, не вельмі ўлічвалася астатнімі беларускімі дзеячамі.

Асноўнымі саюзнікамі клуба БСРГ на тэрыторыі парламента, як ужо згадвалася, сталі пасольскі клуб НПХ і КПФ. Да іншых левых польскіх партый паслы Грамады ставіліся з недаверам і асцярожнасцю. П.Валошын выказваўся пра іх у выступленні з сеймавай трыбуны: "Партыі гэтыя, асабліва на беларускіх і ўкраінскіх землях, ідуць у адным шэрагу з усёй буржуазіяй, а часта нават ідуць наперадзе ў справе паланізацыі і каланізацыі, у справе падаўлення вызваленчага руху беларускіх і ўкраінскіх сялян і работнікаў" [428, ł. 49].

Беларускія паслы з неграмадоўскага лагера ў дачыненні да польскай парламенцкай лявіцы таксама ілюзій не мелі. В.Рагуля ў сеймавай прамове ад 25 чэрвеня 1925 г. адкрыта заявіў, што "т. зв. лявіца, ППС і "Вызваленне", будучы, скажу прама, далёка большымі абаронцамі асадніцтва, далёка большымі прыхільнікамі выдзірання зямлі ад нашага сялянства, чым нават правіца, праводзіць... у адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў палітыку здрады і ашуканства" [427, ł. 51]. Асноўнымі саюзнікамі БПК у сейме ў такіх умовах сталі парламентарыі з клубаў іншых нацыянальных меншасцей, перш за ўсё ўкраінскага. Праўда, гэтыя клубы таксама былі значна аслабленыя ўнутранымі супярэчнасцямі і нават расколамі. Да таго ж паслы і сенатары Яўрэйскага кола 7 ліпеня 1925 г. заключылі спецыяльнае пагадненне з польскім урадам У.Грабскага. Беларускія дэпутаты занялі выразна негатыўную пазіцыю ў дачыненні да гэтага акта, і ў выніку беларуска-яўрэйскае супрацоўніцтва ў парламенце практычна звялося да кантактаў БПК з групай сіяністаў на чале з І. Грынбаўмам, якая выступала супраць пагаднення з урадам, але складала ў яўрэйскай фракцыі меншасць. Такім чынам, практычна апынуўшыся ва ўмовах палітычнай ізаляцыі, паслы БПК мусілі часта разглядаць у якасці саюзнікаў у многіх справах тыя ж самыя КПФ і нават НПХ, з якімі было выдана даволі шмат сумесных інтэрпеляцый і прапаноў.

Дзяржаўны пераварот, здзейснены Ю. Пілсудскім у маі 1926 г., выклікаў у беларускіх палітычных асяродках даволі вострыя дыскусіі. У першыя дні пасля яго паслы як з клуба БСРГ, так і з БПК, занялі чакальную пазіцыю, не падтрымаўшы пераварот прама, але адкрыта яго і не асуджаючы. Грамадоўская прэса ў тыя дні пісала: "Нягледзячы на тое, што ў мінулым п. Пілсудскі ня здьзейсьніў зусім сваіх абяцанак... - беларускія... сяляне і работнікі хочуць бачыць у цяперашнім выступленні марш. Пілсудскага шчырую волю пакласці ў аснову далейшай палітыкі Польшчы сацыяльную справядлівасьць" [216].

На пасяджэнні ЦК БСРГ 15 мая 1926 г. да створанага ўрада на чале з К.Бартэлем лідэры партыі паставілася крытычна, а ў адносінах да Пілсудскага прызналі, што маршал не выканаў ускладзеных на яго надзей рабочых і сялян і ў барацьбе за ажыццяўленне сваіх мэт трэба ісці далей, чым рашыўся пайсці маршал [372, s. 314 - 315]. Тым не менш, Б.Тарашкевіч пазітыўна ацэньваў нанясенне Пілсудскім паражэння польскай правіцы і лічыў неабходным выданне ў такіх умовах спецыяльнай дэкларацыі з пералікам сваіх пастулатаў [340, k. 95]. Такая дэкларацыя была апублікавана 19 мая 1926 г.

Аб'яўленыя парламентам выбары новага прэзідэнта Польшчы выклікалі пэўнае згуртаванне беларускіх сіл. Ноччу з 17 на 18 мая 1926 г. БПК і пасольскі клуб БСРГ правялі аб'яднанае пасяджэнне, на якім прынялі рашэнне падтрымаць кандыдата польскай лявіцы, калі яго праграма дзейнасці не будзе супярэчыць інтарэсам беларускага насельніцтва [340, k. 95].

20 мая 1926 г. адбылося надзвычайнае пасяджэнне БПК, на якім была абмеркавана наяўная палітычная сітуацыя, а таксама выпрацоўвалася пазіцыя паслоў-беларусаў ў дачыненні да новага ўрада К.Бартэля і выбараў прэзідэнта Польшчы. На пасяджэнні БПК па першым пытанні было адзначана, што ўрад складаецца з тых самых асоб, якія ўжо былі на міністэрскіх пасадах і якія варожа ставіліся да беларускага пытання і да беларускага народа. Таму было вырашана адмовіць ураду ў вотуме даверу. Дэбаты па кандыдатуры Ю.Пілсудскага на пасаду прэзідэнта не прывялі да канчатковага рашэння і былі адкладзеныя да наступнага пасяджэння [27, a. 37 - 39].

29 мая, за два дні да паседжання Нацыянальнага схода, на якім павінен быў быць выбраны новы прэзідэнт, лідэраў сеймавых фракцый прыняў прэм'ер Бартэль. Угаворваючы прадстаўнікоў меншасцевых клубаў галасаваць за Пілсудскага, ён прапанаваў беларускім паслам падаць спіс сваіх патрабаванняў, над выкананнем якога абяцаў падумаць. Ад узяцця на сябе канкрэтных абавязкаў абодва бакі ў час гэтай аўдыенцыі ўхіліліся [241, c. 59 - 60].

У выніку дыскусіі ўнутры беларускіх парламенцкіх клубаў працягваліся амаль да апошняга моманту [359, s. 327]. У рэшце рэшт, не атрымаўшы ад Пілсудскага ніякіх канкрэтных абяцанняў, паслы абедзвюх беларускіх фракцый рашыліся на ўстрыманне ад галасавання [472; 207]. Такую ж пазіцыю занялі паслы БПК у час паўторнага галасавання пасля адмовы Пілсудскага ад прэзідэнцтва, паслы ж БСРГ дэманстратыўна галасавалі за кандыдытуру пасла з клуба НПХ А.Фідэркевіча, "каб гэтым адзначыць салідарнасць з працоўнымі масамі Польшчы ў змаганні з польскім капіталізмам і абшарніцтвам" [207].

Першапачатковыя ваганні членаў клуба БСРГ ў пытанні адносін да перавароту Пілсудскага знаходзіліся ў цеснай сувязі з пазіцыяй КПП, пленум ЦК якой 26 мая 1926 г. прыняў рашэнне аб галасаванні камуністычных паслоў за Пілсудскага ў выпадку, калі б іх галасы мелі вырашальнае значэнне. Гэта рашэнне было адменена толькі пасля тэрміновага ўмяшання ў справу выканаўчага камітэта Камуністычнага інтэрнацыяналу [476, s. 150]. Адпаведна змене пазіцыі КПФ змяніліся і пазіцыі клубаў БСРГ і НПХ.

Пасля майскага перавароту паспрабавалі наладзіць сапсаваныя адносіны з парламенцкімі клубамі нацыянальных меншасцей левыя польскія партыі. У чэрвені 1926 г. Клуб Працы (праўрадавы), ПСЛ "Вызваленне", ППС і СХ выступілі ў Сейме з дэкларацыяй, у якой асудзілі ўсялякія праявы ўціску на нацыянальнай глебе і пастулявалі вырашэнне нацыянальнага пытання ва ўсходніх ваяводствах Польшчы на аснове тэрытарыяльнай аўтаноміі [451, s. 111]. Аднак гэтая дэкларацыя не знайшла падтрымкі ні ў адным з беларускіх парламенцкіх асяродкаў. БСРГ пад уплывам камуністаў даўно пакінула ідэю аўтаноміі, а рэшта беларускіх дзеячаў засведчыла, што "ў беларускім грамадстве няма веры ў сілу і шчырасць да нас польскай дэмакратыі" [295].

Новыя дзяржаўныя ўлады Польшчы пасля перавароту ў сваёй далейшай практычнай дзейнасці прынялі тактыку непасрэднага кантакту з беларускім насельніцтвам, ігнаруючы яго афіцыйных прадстаўнікоў. Пра гэта сведчыла незапрашэнне прэм'ерам Бартэлем беларускіх і ўкраінскіх парламентарыяў на кансультацыі ў час падрыхтоўкі да галасавання ў Сейме ў справе паўнамоцтваў для ўрада ў ліпені 1926 г. [338, k. 526] Таму дэпутаты абодвух беларускіх клубаў працягнулі сваю тактыку вострай апазіцыі адносна ўсіх мерапрыемстваў польскага ўрада. Усе беларускія паслы аднагалосна выступілі супраць унясення змен у Канстытуцыю, якія пашыралі ўладу ўрада і прэзідэнта Польшчы і адначасова абмяжоўвалі паўнамоцтвы парламента. На месцах стала праводзіцца актыўная прапагандысцкая праца пад антыўрадавымі лозунгамі, вынікам якой стаў значны рост уплываў Грамады.

Характэрна, што ў сваёй сеймавай прамове ад 21 ліпеня 1926 г. пасол В.Рагуля фактычна выказаўся за аднаўленне добрых стасункаў з БСРГ [430, ł. 9]. Аднак ужо ў жніўні 1926 г. пачалося новае абвастрэнне адносін, якое праявілася ў першую чаргу ва ўзмацненне атакі на НПХ з боку паслоў БПК, пры гэтым стала непасрэдна закранацца асоба С.Ваявудскага. Цікава, што гэта адбылося пасля сустрэчы В.Рагулі ў Гродне з незадоўга да гэтага выпушчаным з польскай турмы М.Гурыным [241, c. 50]. Нам невядомы змест іх размовы, аднак прыблізна з гэтага часу ў прэсе БСС і БХД рэгулярна змяшчаліся крытычныя артыкулы, у якіх пастаянна згадвалася пра мінулае Ваявудскага і выказваліся сумненні ў шчырасці яго новай палітычнай арыентацыі [389]. Гэтага дзеяча абвінавачвалі ў фактычным кіраванні дзейнасцю БСРГ праз уплыў на яе лідэраў, а таксама ў перадачы інфармацыі пра дзейнасць беларускіх арганізацый польскім уладам [252]. Трэба адзначыць, што маршалкоўскі суд, які ў лютым 1927 г. разглядаў абвінавачванне Ваявудскага ў супрацоўніцтве з ІІ аддзелам пасля атрымання пасольскага мандата і ў свядомай правакацыі беларускага руху, не знайшоў прамых доказаў яго віны, але беларускія парламентарыі засталіся пры сваёй ранейшай думцы.

Магчымасці парламенцкай працы, дастаткова абмежаваныя для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей і да майскага перавароту, пасля яго звузіліся да мінімуму. Праўда, БПК па ініцыятыве А.Станкевіча 15 ліпеня 1926 г. падаў на імя міністра асветы спецыяльны мемарыял, які датычыў праблем беларускай нацыянальнай адукацыі, але пазітыўнага адказу на яго так і не атрымаў [340, k. 148, 193]. Таму ў дзейнасці дэпутатаў абедзвюх фракцый пазапарламенцкая праца ў гэты перыяд набыла яшчэ большае значэнне, хоць пасля пераварота і яе ажыццяўленне было абцяжарана.

Фікцыяй стала нават парламенцкая недатыкальнасць, што беларускія дэпутаты адчулі на практыцы. 5 снежня 1926 г. на павятовым з'ездзе БСРГ ў Старабярозаве Бельскага павета прысутныя там паслы-грамадоўцы П.Валошын і П.Мятла былі жорстка пабітыя паліцыяй [163, c.156; 235, c. 108 - 109]. Гэты факт стаў прычынай для пэўнага згуртавання беларускіх сіл у сейме. Паслы БПК паставілі свае подпісы пад супольнай інтэрпеляцыяй-пратэстам разам з пасламі БСРГ, НПХ, КПФ і Украінскага клуба. 11 снежня 1926 г. В.Рагуля, А.Станкевіч і Ф.Ярэміч былі запрошаны на ўрачыстае снеданне на кватэры Б.Тарашкевіча, якое ладзілі паслы БСРГ ў гонар дэпутата-лейбарыста англійскага парламента А.Шэферда, які цікавіўся беларускім рухам [340, k. 224].

У студзені 1927 г. адбыўся арышт 4-х паслоў з Грамады (Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, П. Мятлы і П.Валошына), праведзены з парушэннем рэгламенту сейма. Рэгламент вызначаў, што пасол можа быць арыштаваны без згоды сейма толькі ў выпадку, калі непасрэдна заспеты на месцы злачынства. Гэтая ўмова выканана не была. Акцыя рыхтавалася загадзя і была папярэдне ўзгоднена з маршалкам сейма М.Ратаем, які нават сам рэдагаваў прысланы міністрам унутраных спраў А.Мэйштовічам адказ на свой фармальны запыт з гэтай нагоды, каб надаць яму больш-менш прыстойную форму [406, s. 454] .

Антыграмадоўская акцыя была ацэнена членамі БПК як выпад польскіх улад супраць усяго беларускага руху. Старшыня клуба накіраваў 2 пратэсты на імя маршалка сейма. Разам з пасламі некалькіх іншых клубаў паслы БПК падалі спешныя прапановы аб адстаўцы маршалка сейма, недаверы ўраду Пілсудскага і неадкладным вызваленні арыштаваных паслоў. Паслы Ярэміч і Рагуля выступілі з вострымі прамовамі ў абарону паслоў БСРГ у час разгляду пытання аб іх выдачы суду. Рагуля, сярод іншага, сказаў: "Калі яны змагаліся з паланізацыяй нашага народу, з абдзіраннем яго, з парушэннямі яго элементарных правоў, то яны мусілі змагацца з гэтым... Мы таксама змагаемся з гэтым, і калі іх месца ў астрозе, то і нашае - таксама, бо і мы з тым самым змагаемся, што і яны..." [432, ł. 50]. Аднак, нягледзячы на ўсе пратэсты, сейм большасцю галасоў легітымізаваў дзеянні паліцыі.

Пасля арышту паслоў Грамады паслы з БПК, якія засталіся на волі, да канца склікання вялікай актыўнасці ў парламенце не праяўлялі, тым больш што сейм у той перыяд збіраўся рэдка. Акрамя гэтага, і без таго сціплыя магчымасці БПК былі яшчэ больш абмежаваны забаронай займацца палітычнай дзейнасцю ксяндзу А.Станкевічу, выдадзенай віленскім мітрапалітам 12 красавіка 1927 г. [385, s. 149] Таму ўвага паслоў-беларусаў была поўнасцю паглынутая падрыхтоўкай да будучых парламенцкіх выбараў. Важным пытаннем для іх стала справа новага выбарчага закона ў парламент, а таксама закона аб выбарах у органы мясцовага самакіравання, прыняцце якіх у гэты час актыўна лабіравалі прадстаўнікі правых польскіх партый. Прыняцце адзначаных законаў яшчэ больш абмежавала б шанцы палітыкаў-непалякаў на атрыманне дэпутацкіх мандатаў. Па гэтай прычыне паслы БПК выступілі супраць прапанаваных законапраектаў сумесна з дэпутатамі іншых нацыянальных меншасцей. Праўда, не маючы дастаткова сіл для рэальнага ўплыву на ход разгляду гэтых праектаў у сеймавай канстытуцыйнай камісіі, 15 сакавіка 1927 г. ўсе прадстаўнікі нацыянальных меншасцей выступілі з сумеснай заявай, у якой гаварылася пра поўную немагчымасць далейшай пазітыўнай працы над праектамі законаў у сувязі з антыменшасцевай змовай польскіх дэпутатаў. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне «ўхіліцца ад далейшага ўдзелу ў працы камісіі і пакінуць тым самым адказнасць за гэту працу тым, хто яе робіць» [466, s. 161]. Але ў рэшце рэшт справа да разгляду прапановы аб змяненні выбарчага закона ў сейме так і не дайшла.

Апошнім важным пытаннем для БПК ў парламенце першага склікання была справа магчымага павелічэння колькаснага складу клуба. Пасля разгрому БСРГ заяву на ўступленне ў БПК падаў адзіны з яе паслоў, што застаўся на волі - Ю.Сабалеўскі, які быў ахвотна прыняты ў клуб. Падобнае жаданне выказалі таксама былыя члены клуба НПХ У.Шакун і А.Шапель. Іх рашэнне было пачаткова прынята клубным кіраўніцтвам пазітыўна, у беларускай прэсе з задавальненнем падкрэслівалася, што гэтыя паслы "нарэшце вярнуліся ў свой нацыянальны клуб" [209]. Аднак у рэшце рэшт у лістападзе 1927 г. ім было адмоўлена ў канчатковым прыёме ў клуб на той падставе, што гэтыя паслы "на працягу пяці гадоў зрабілі шмат шкоды беларускаму народу, належачы да розных польскіх, варожых да беларускіх спраў арганізацый, а таксама дзеля таго, што пасля падачы ў Беларускі клуб заявы не выказалі аніякіх пачынанняў у кірунку направы іх мінулай шкодніцкай працы" [214]. Ніякіх іншых матываў прыняцця такога рашэння не падавалася, аднак улічваючы факт, што прэса БХД з самага пачатку даволі стрымана паведаміла пра далучэнне гэтых дэпутатаў да БПК, можна дапусціць, што гэта адразу не спадабалася А.Станкевічу, які, магчыма, апасаўся правакацыі з боку гэтых былых паплечнікаў С.Ваявудскага.

Дзейнасць БПК ў польскім парламенце І склікання скончылася разам з роспускам сейма і сената 28 лістапада 1927 года. Практычныя дасягненні беларускіх парламентарыяў аказаліся малымі, бо ім не ўдалося перашкодзіць прыняццю ніводнага ўрадавага законапраекта, нявыгаднага беларусам. Але ўжо самой сваёй прысутнасцю ў парламенце беларускія дэпутаты сведчылі пра існаванне беларускай праблемы ў Польшчы. Да таго ж дэпутацкія паўнамоцтвы значна палягчалі агітацыйную працу сярод насельніцтва, што паспрыяла несумненнаму павышэнню нацыянальнай свядомасці беларускага сялянства.

Пасля расколу беларускае парламенцкае прадстаўніцтва ўжо не аб'ядноўвала ўвесь нацыянальны рух. Паасобныя беларускія фракцыі адыгрывалі кіраўнічую ролю толькі для асобных плыняў гэтага руху, хоць часцей за ўсё аб'ядноўвалі свае намаганні пры неабходнасці абароны сваіх інтарэсаў. Частка беларускіх дэпутатаў, якая поўнасцю падпала пад уплыў Камінтэрну, у выніку не здолела дапрацаваць у парламенце адведзены законам тэрмін і была, нягледзячы на пасольскую недатыкальнасць, арыштавана. Гэта азначала сярод іншага ўзмацненне выканаўчай улады ў Польшчы і сведчыла пра тое, што беларускім дэпутатам, выбраным у новы парламент, прыйдзецца працаваць у іншых умовах, чым іх папярэднікам.


4. ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАЯ ГРАМАДСКАСЦЬ І ПАРЛАМЕНЦКАЕ ЗМАГАННЕ Ў 1928-1930 ГГ.

4.1. Удзел заходнебеларускіх партый і арганізацый у выбарах у сейм і сенат у 1928 г.

Новыя парламенцкія выбары былі прызначаны на 4 і 11 сакавіка 1928 г. Беларускае грамадства ў Польшчы падыйшло да іх у раз'яднаным стане. Гэтую сітуацыю добра ахарактарызаваў журналіст найбуйнейшай тагачаснай заходнеўкраінскай газеты "Діло": "Найбольшы раскол, акрамя ўкраінцаў і яўрэяў, праяўляецца сярод беларускага грамадства... Развал, празмерная партыйнасць, асабістыя амбіцыі, прыкрытыя псеўдапраграмамі, недахоп грамадска-палітычнай дасведчанасці - вось што кідаецца ў вочы сярод беларускага грамадства" [230]. У сувязі з падобнымі тэндэнцыямі многімі спецыялістамі падкрэслівалася, што "вынікі выбараў у сейм 1928 г. абсалютна непрадказальныя і могуць быць зусім нечаканымі для ўсіх" [395, s. 341].

Адразу ж пасля роспуску парламента пачаліся перагаворы паміж паасобнымі беларускімі групамі ў справе іх аб'яднання ў час выбарчай кампаніі. Ф. Ярэміч выказаў ідэю стварэння адзінага беларускага выбарчага фронту, да якога далучыліся б усе беларускія арганізацыі, акрамя паланафільскіх [384, s. 53 - 54]. Аснова для аб'яднання павінна была быць чыста нацыянальная, праграмныя рознагалоссі мусілі часова адыйсці на задні план. Пры гэтым поўнасцю адхілялася ідэя выбарчага кампрамісу з любымі польскімі партыямі: "Няхай сабе ў гэтых розных [беларускіх] партыях і напрамках палітычнага жыцця выпрацоўваюцца і выяўляюцца істотныя, галоўныя патрэбы і імкненні беларускага народу, але і пры розніцы палітычных праграмаў павінен быць адзін нацыянальны фронт, павінна быць аб'яднанне ўсіх палітычных сіл на адной нацыянальнай дарозе. Інакш мы будзем не ў сілах абараніць сваю нацыянальную справу. Наадварот, учасце беларусаў у партыях польскіх нацыянальнасцей волей-няволей наложыць на іх нейкія свае абліччы і гэта разаб'е беларусаў нацыянальна" [45].

Аднак пасля двух месяцаў перагавораў ідэя адзінага беларускага фронту правалілася. У тагачаснай польскай прэсе падкрэслівалася, што ва ўнутрыбеларускіх адносінах "часта вырашаюць не пытанні падставовага значэння, але хутчэй пытанні асабістага плану, асабістыя адносіны, што існуюць паміж паасобнымі дзеячамі і палітычнымі верхаводамі" [326, s. 546].

У выніку ў час выбараў беларускі рух падзяліўся на 4 асноўныя палітычныя лагеры:

1) аб'яднанне БХД, БСС і Беларускага праваслаўнага дэмакратычнага аб'яднання (БПДА, партыя пад кіраўніцтвам В.Багдановіча), а таксама аднаго з двух існаваўшых да таго часу БНК у Вільні. Гэта група стварыла 10 снежня 1927 г. Беларускі цэнтральны аб'яднаны выбарчы камітэт (БЦАВК), праграма якога, ухваленая на з'ездзе дэлегатаў усіх груп-заснавальнікаў 28 снежня 1927 г., уключала ўсе асноўныя нацыянальныя і сацыяльныя пастулаты [362, s. 134] Гэта група ішла на выбары ў складзе Блока нацыянальных меншасцей, які быў створаны 28 лістапада 1927 г. на нарадзе 11 прадстаўнікоў беларусаў, украінцаў, яўрэяў, немцаў і літоўцаў і гэтым разам быў значна вузейшы ў параўнанні з 1922 годам [384, s. 61]. Ад уступлення ў яго адмовілася большасць левых арганізацый усіх меншасцей, рускія арганізацыі, а таксама яўрэйскія артадаксальныя групы. Пасля першапачатковай згоды на ўдзел у блоку прынялі рашэнне аб выхадзе з яго і правядзенні байкоту выбараў таксама і літоўцы.

2) радыкальныя былыя грамадоўцы, якія праводзілі кампанію ў цесным саюзе з КПЗБ і выставілі мясцовыя спісы пад назваю "Змаганне за інтарэсы сялян і работнікаў". Цэнтральны выбарчы камітэт гэтага аб'яднання ўзнік у снежні 1927 г. Яго стварэнне было выклікана імкненнем камуністаў да заснавання новай легальнай арганізацыі замест распушчанай Грамады. Радыкальны беларускі пасольскі клуб пасля выбараў павінен быў стаць кіраўнічым цэнтрам прасавецкага руху ў Заходняй Беларусі. У рэзалюцыі VІІІ пленума ЦК КПЗБ, які адбыўся ў студзені 1928 г. і быў цалкам прысвечаны выбарчай кампаніі, за асноўную задачу ў ёй была пастаўлена "папулярызацыя праграмы Кампартыі сярод найшырэйшых мас i найцяснейшага саюзу выбарчай кампаніі са штодзённай эканамічнай і палітычнай барацьбой рабоча-сялянскіх мас з мэтаю арганізацыі выступленняў супраць існуючага рэжыму і тэрору, стасаванага ім" [85, c. 92]. У якасці перадвыбарчай праграмы дэкларавалася "барацьба супраць фашызму, за рабоча-сялянскі ўрад, за самавызначэнне паняволеных народаў і аб'яднанне Заходняй Беларусі з Савецкай Беларуссю, барацьба супраць імперыялістычнай вайны, у абарону Савецкага Саюза, барацьба супраць здрадніцкай тактыкі нацыяналістычных і рэфармісцкіх партый" [123, c. 57 - 58]. "Змаганне" ішло на выбары ў складзе леварадыкальнага блока, у які уваходзілі таксама КПП, Саюз сялянскай лявіцы "Самопомоц", ППС-лявіца і ўкраінская партыя Сельроб-лявіца [163, c. 131]. Пастулявалася, што барацьба на выбарах ідзе "паміж дзвюма і толькі дзвюма сіламі: паміж фашызмам і рэвалюцыяй" [351, s. 280].

Саюзніцтва ў рамках блока прадугледжвала працу ўсіх яго ўдзельнікаў на карысць той арганізацыі, чые шанцы на перамогу ў той ці іншай акрузе выглядалі больш рэальнымі. Таму ў Брэсцкай і Гродзенскай акругах мясцовыя беларускія леварадыкалы працавалі на карысць адпаведна Сельроба-лявіцы (спіс № 19) і Рабоча-сялянскага адзінства (спіс № 13, фактычна КПП) [92, c. 13]. На гэтыя спісы ставіліся і беларускія кандыдаты [234, c. 66]. Аднак мноства розных аднародных спісаў у адной акрузе стварала леварадыкальным сілам шмат цяжкасцяў. Так, на практыцы не заўсёды лёгка ўдавалася пераканаць прыхільнікаў той ці іншай партыі ці арганізацыі ў неабходнасці зняцця ўласнага спісу на карысць іншага. У выніку, напрыклад, у Пінскай акрузе засталіся адначасова і спіс № 13, і спіс № 19, распыліўшы тым самым галасы выбаршчыкаў. Часта канчатковае вызначэнне адбывалася вельмі позна, і ўжо не заставалася часу на агітацыю за той ці іншы нумар [351, s. 281 - 282].

3) Беларускія нацыянальныя арганізацыі і дзеячы, якія выказваліся за заняцце больш памяркоўнай пазіцыі ў адносінах з польскай дзяржавай і за пашырэнне культурна-асветнай працы сярод беларускага насельніцтва за кошт абмежавання палітычнай. З'яўленне падобнай плыні ў беларускім руху тлумачылася разуменнем часткі дзеячаў, што залішняярадыкалізацыя беларускага руху і ўсё большае апанаванне яго камуністамі выклікае толькі ўзмацненне рэпрэсій з боку улад у дачыненні не толькі палітычных, але і культурна-асветніцкіх арганізацый. У той жа час было відавочным, што, нягледзячы на ўздым палітычнай актыўнасці беларускага сялянства ў 1926-1927 гадах, да свядомай і паслядоўнай палітычнай барацьбы яно яшчэ не было гатовае. Адзінага перадвыбарчага камітэта гэтай плыні створана не было, існавалі толькі рэгіянальныя спісы на чале з асобнымі дзеячамі, даволі вядомымі ў Заходняй Беларусі. Так, на Віленшчыне і Лідчыне Я.Станкевіч заснаваў "Выбарчы камітэт беларускіх сялян і работнікаў", на Віленшчыне А.Уласаў - Цэнтральны беларускі незалежны выбарчы камітэт (ЦБНВК). У Навагрудчыне асноўную працу праводзіў настаўнік мясцовай беларускай гімназіі М.Чатырка. Праграмы ўсіх адзначаных груповак мала адрозніваліся ад праграмы БЦАВК [384, s. 55]. Хоць канчатковага аб'яднання ўсіх гэтых груп не адбылося, але пэўнае супрацоўніцтва паміж імі існавала. Так, па звестках польскіх спецслужбаў, Уласаў выступаў пасрэднікам пры перамовах з польскімі сацыялістамі з мэтай атрымання сродкаў на выбарчую кампанію Я.Станкевіча [341, k. 8]. Ёсць сведчанні і пра спробы Уласава прынамсі маральна падтрымаць на выбарах у Навагрудчыне М.Чатырку [167, c. 134].

4) Беларускія паланафільскія арганізацыі, якія мелі розную тактыку. Беларуская нацыянальная рада А.Паўлюкевіча стварыла Цэнтральны агульнабеларускі выбарчы камітэт (ЦАВК) і выставіла ўласныя спісы, прэзентуючы яго як "адзіны, які будзе выстаўляць кандыдатуры з паветаў і праўдзівых, шчырых, умеркаваных беларускіх дзеячаў без розніцы, ці гэта селянін з ролі, ці прадстаўнік беларускай працоўнай інтэлігенцыі" [33, a. 11]. Аднак з самага пачатку выбарчай кампаніі арганізацыя пачала развальвацца, яе пакінулі віцэ-старшыня ЦК М.Пятровіч і шэраг іншых дзеячаў [243]. Таму і так нязначныя ўплывы Беларускай нацыянальнай рады ўпалі практычна да нуля.

Беларуская радыкальна-народная партыя (БРНП) Ф.Умястоўскага 27 лістапада 1927 г. далучылася да выбарчай кампаніі Краёвай народнай партыі "Аб'яднанне", якая ў сваю чаргу пайшла на выбары ў складзе праўрадавага Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам (ББСУ) [362, s. 135].

Адзначаныя плыні беларускага руху пазначыліся адразу пасля абвяшчэння новых выбараў. Аднак напачатку абсалютна незразумелай была база іх падтрымкі. Звязана гэта было з нявызначанасцю пазіцый многіх былых членаў Грамады, асабліва на правінцыі. Іх палітычнае вызначэнне ішло ўвесь перыяд перадвыбарчай кампаніі, і практычна да яе канца захоўвалася вялікая няпэўнасць. Так, у другой палове студзеня 1928 г. у паліцэйскай сітуацыйнай справаздачы з Берштаў Гродзенскага павета адзначалася, што "гурткі Таварыства беларускай школы і былыя члены БСРГ, як выглядае... самі да гэтага часу не прыйшлі да паразумення, за які спіс галасаваць... Толькі пасля вызначэння спісу, за які павінны быць аддадзены галасы, гурткі Таварыства беларускай школы маюць праводзіць агітацыю сярод беларускага насельніцтва" [95, a. 4 - 5]. Нават камуністы і радыкальныя грамадоўцы не пазбеглі ваганняў, у шэрагу выпадкаў схіляючыся да супрацоўніцтва з іншымі беларускімі групамі. У рэзалюцыі па паслявыбарчай справаздачы Сакратарыята ЦК КПЗБ адзначаліся "тэндэнцыя ў часткі кіраўнічых колаў радыкальнага руху адмежавацца ад рабоча-сялянскага блока ўсіх працоўных Польшчы і арганізаваць адзіны беларускі нацыянальны фронт, уключаючы і групу Янкі Станкевіча, паслабленне барацьбы з беларускімі згоднікамі, ... нацыяналістычныя настроі, недаацэнка кіруючай ролі Камуністычнай партыі ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе і радыкальна-сялянскім руху" [190, a. 144].

Характэрна, што ў перадвыбарчай адозве Лідскага і Свянцянскага райкамаў КПЗБ, выдадзенай у студзені 1928 г., крытыкаваліся польскія левыя партыі, але не згадваліся беларускія нацыянальныя арганізацыі [39, c. 498 - 501]. Найбольш яскравымі прыкладамі парушэння ўстановак вышэйшага кіраўніцтва КПЗБ былі агітацыя радыкальных грамадоўцаў на выбарах у сенат у Навагрудскай акрузе за спіс БНМ на чале з В.Рагулем замест агітацыі за ануляваны спіс Рабоча-сялянскага адзінства [241, c. 66 - 67], а таксама адмова камуністаў Пружаншчыны падпарадкавацца рашэнню Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ аб падтрымцы спісу "Сельроба"-лявіцы і выстаўленне імі ўласнага спісу №41 Беларускага культурнага рабоча-сялянскага аб'яднання, блізкага да арганізацыі Я.Станкевіча [185, a. 66]. Гэтыя ініцыятывы рэгіянальных дзеячаў былі пасля асуджаны кіраўніцтвам КПЗБ [63, c. 35]. У выніку ў той ці іншай колькасці былыя грамадоўцы прысутнічалі ў складзе ўсіх беларускіх груповак, якія супернічалі паміж сабой [304, k. 369].

Акрамя вялікіх аб'яднанняў, у паўночна-ўсходніх акругах былі выстаўлены таксама дробныя мясцовыя беларускія спісы, якія не прэтэндавалі на мандаты, але яшчэ больш збівалі з панталыку выбаршчыкаў. Так, на выбарах у сейм у акрузе №61 былі выстаўлены 6 беларускіх спісаў, у акругах № 59 i 62 - 4, № 63 - 3, на выбарах у сенат акрамя спісу №18 БНМ у Навагрудскім ваяводстве - 6 беларускіх спісаў, у Віленскім ваяводстве - 3 [362, s. 135].

Кожная з беларускіх палітычных плыняў мела свае крыніцы фінансавання выбарчай кампаніі. Несумненны быў удзел у матэрыяльным забеспячэнні дзейнасці "Змагання" з боку СССР. У рапарце польскай разведкі адзначалася, што "нягледзячы на распаўсюджанне чутак пра нібыта недахоп сродкаў, грамадоўцам заўсёды хапала грошай на: 1) выплату пастаяннага заробку шматлікім супрацоўнікам і агітатарам на правінцыі, 2) пакрыццё дэфіцытаў, якія дае выданне пастаянна канфіскоўваемых выданняў, 3) скліканне павятовых канферэнцый і з'ездаў, 4) арганізацыю выбарчых камітэтаў на правінцыі, 5) грашовую падтрымку арганізацый, салідарных з пункту погляду напрамку дзейнасці, 6) выданне агітацыйнай літаратуры, вельмі часта канфіскаванай і іншыя выбарчыя працы, якія паглынаюць вялікія грашовыя сумы" [341, k. 12]. На выбарчую кампанію Я.Станкевіча і А.Уласава, хутчэй за ўсё, пэўная частка сродкаў была атрымана ад мясцовых ваяводаў. Ёсць звесткі і пра дапамогу гэтым дзеячам з боку польскіх сацыялістаў [241, c. 64; 341, k. 8]. Фінансаванне кампаніі БНМ ўзялі на сябе, як і ў 1922 г., немцы і яўрэі [241, c. 64].

Прадстаўнікі розных накірункаў беларускага руху зацята змагаліся паміж сабой, імкнучыся здыскрэдытаваць суперніка. На канкурэнтаў навешваліся самыя розныя ярлыкі. Радыкалы пісалі, што "ролю падгалоскаў агентаў фашыстаўскай буржуазіі ўзялі на сябе, аб'ектыўна кажучы, дзве роднасныя сабе групы - Сельсаюз з Хадэкамі або буржуазны блок меншасцей і "санаваны" (аздароўлены) ад скампрамітаванай дэфензіўна-даносчыцкай шайкі Сельсаюз пад новай фірмай "Сялянскай Партыі" Янкі Станкевіча" [94]. У лістоўцы БЦАВК адзначалася, што "Янка Станкевіч і ніштожная купка купленых ім людзей - гэта найгоршыя шкоднікі нашай справы, бо вышлі з гушчы гэтага самага народу, каб цяпер прыгатовіць яму, за юдашовы сярэбранікі, правал на выбарах" [33, a. 36]. Разам з гэтым кідаецца ў вочы памяркоўнасць крытыкі прыхільнікамі БЦАВК радыкальных грамадоўцаў. Магчыма, гэта звязана з захаваннем да самага апошняга моманту надзей на дасягненне перадвыбарчага паразумення з імі [332]. Раскол, аднак, аказаўся залішне глыбокі.

Пра глыбіню расколу ў тагачасным беларускім руху сведчыў сярод іншага той факт, што беларускія паслы і сенатары парламента І склікання, якія ў 1922 годзе здабылі мандаты са спісу адзінага блока, гэтым разам апынуліся на розных спісах партый-супернікаў. Паслы Ф.Ярэміч, В.Рагуля, Ю.Сабалеўскі і сенатар В.Багдановіч падтрымалі акцыю БНМ. З імі разам працаваў і вызвалены з турмы па амністыі ў канцы 1926 г. пасол С.Баранаў [303, k. 294 - 295]. Прозвішчы былых паслоў Грамады былі дэманстратыўна змешчаны на запасных спісах "Змагання" [308, k. 32 - 33, 55 - 61]. Самастойную кампанію, як ужо было згадана, намерваўся праводзіць сенатар А.Уласаў [327, s. 65]. Сенатар А.Назарэўскі, які першапачаткова быў адным з заснавальнікаў БДПА, у снежні 1927 года рашыўся на выхад з гэтай партыі і далучэнне да праўрадавага "праваслаўнага блока" на чале з мітрапалітам Дыянісіем [250]. А.Аўсянік спачатку меў намер праводзіць супольную выбарчую кампанію з лідэрам адроджанай партыі беларускіх эсэраў Я.Мамонькам, аднак хутка адмовіўся ад сваіх планаў [341, k. 31]. Што тычыцца А.Станкевіча, то ён на гэты раз не здолеў прыняць актыўны ўдзел у выбарах з-за вышэйзгаданай забароны яму духоўнымі ўладамі займацца палітычнай дзейнасцю.

У час выбараў 1928 года беларускія партыі супернічалі як са старымі палітычнымі праціўнікамі, так і з новастворанымі групамі. Самай сур'ёзнай сярод апошніх быў Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам (ББСУ), створаны на мяжы 1927 і 1928 гадоў. У Блок уступілі рознародныя элементы, якія разлічвалі на дасягненне поспеху за кошт асабістага аўтарытэту Ю.Пілсудскага, прапаганды лозунга беспартыйнасці на фоне расчаравання насельніцтва ў ранейшых партыях, a асабліва выкарыстання магчымасцей тэрытарыяльнага адміністрацыйнага апарату [404, s. 236]. Былі зроблены паспяховыя крокі для здабыцця падтрымкі вышэйшай царкоўнай іерархіі. Так, пінскі каталіцкі біскуп З.Лазінскі выдаў пастырскі ліст, у якім заклікаў урад памагчы ўтварыць у парламенце "шчыра каталіцкую большасць" [376, s. 2, 5].

Зыходзячы з настрояў насельніцтва ў кожнай акрузе, вырашалася пытанне аб кандыдатах на спісе ББСУ. У Заходняй Беларусі прызнавалася неабходным выстаўленне кандыдатаў левых поглядаў. Віленскі ваявода У.Рачкевіч наўпрост выказаўся пра непажаданасць на спісах ББСУ у сваіх акругах князёў і графаў [452, s. 310 - 311]. Лідэры блока імкнуліся да абмежавання ў парламенце колькасці і ўплываў прадстаўніцтва нацыянальных меншасцей [348, s. 54 - 55].

Акрамя ББСУ, пэўнымі ўплывамі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах валодалі польскія левыя партыі. Аднак ППС, ПСЛ "Вызваленне" і СХ пайшлі на выбары значна аслабленымі. Зніжэнне іх уплыву тлумачылася адсутнасцю прагрэсу ў правядзенні зямельнай рэформы і ростам уплыву ў асяроддзі беларускіх сялян арганізацый з больш радыкальнай сацыяльнай праграмай [381, s. 366]. Поспех у выбарах польскім левым партыям магло прынесці толькі аб'яднанне сіл, але кожная з партый пайшла на выбары самастойна, што перадвызначыла іх няўдачу ў выбарах [456, s. 129 - 133].

Асобную выбарчую кампанію праводзілі прадстаўнікі некаторых нацыянальных меншасцей, якія жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і не ўвайшлі ні ў БНМ, ні ў сялянска-рабочы выбарчы блок. На гэты раз адкрыта праявіліся беларуска-ўкраінскія супярэчнасці па пытанні нацыянальнай прыналежнасці насельніцтва на Палессі. Як у Пінскай, так і ў Брэсцкай акругах гэтым разам на спісе БНМ былі выстаўлены кандыдаты ад абодвух народаў, што выклікала непрыняцце з боку часткі ўкраінцаў. 31 студзеня 1928 г. Кобрынскі павятовы камітэт БНМ выдаў адозву супраць пастаўлення на другой пазіцыі брэсцкага акруговага спісу №18 «навязанага звонку» беларуса А.Пазняка, аргументуючы свой пратэст «значнай перавагай сярод мясцовага насельніцтва асоб украінскага паходжання». Пасля гэтага камітэт выйшаў са складу БНМ [305, k. 359]. Таксама на тэрыторыі Палескага ваяводства актыўную дзейнасць разгарнула правае крыло ўкраінскага Сельроба (спіс № 8).

Асобна на гэты раз пайшлі на выбары рускія арганізацыі Польшчы, у першую чаргу Рускае нацыянальнае аб'яднанне (РНА). Такое рашэнне было выклікана сутыкненнем нацыянальных інтарэсаў з аднаго боку рускіх, а з другога - беларусаў і ўкраінцаў. У беларускім друку адзначалася, што "на гэтых выбарах яны (рускія - А. П.) хацелі б увайсці ў яго (БНМ - А. П.), але хацелі б, каб мы іх "прасілі" аб гэтым, бо "гонар" іхны перашкаджае ім прызнаць сілу і значэнне беларускага ці ўкраінскага народу, з якімі павадыром РНО хацелася б ісці нават не поплеч, як роўны з роўным, а кіраваць і верхаводзіць" [270]. Да таго ж рускія прасілі для сябе колькасць мандатаў, зусім не адпаведную іх палітычнаму ўплыву. Незадавальненне беларусаў выклікала і ўзмацненне актыўнасці рускіх арганізацый у сельскай мясцовасці ў Заходняй Беларусі [467]. У выніку РНО выставіла ўласны спіс пад №20.

Пытанне падзелу мандатаў стала асноўнай прычынай неўваходу ў БНМ літоўскіх арганізацый. Апошнія хацелі атрымаць за сваю падтрымку тры першыя месцы ў Свянцянскай акрузе, што зусім не адпавядала іх рэальнаму ўплыву. У выніку яны рашыліся на байкот выбараў. Беларусы пракаментавалі гэтае рашэнне, што "практычна разважаючы пытанне, мы павінныя сцвердзіць, што ад гэтага выхаду мы не трацім роўна нічога, бо літоўскія галасы ніколі не далі б нам столькі мандатаў, сколькі б мы павінны былі ім даць" [271].

Выбары 1928 г. праходзілі ў больш складаных умовах, чым папярэднія ў 1922 г. Больш умешвалася ў выбарчыя справы мясцовая адміністрацыя, якая падтрымлівала спіс ББСУ. Да гэтага яе кіраўнікоў заклікаў асабіста міністр унутраных спраў Ф.Славай-Складкоўскі на агульнапольскай канферэнцыі ваяводаў у студзені 1928 г. Ваяводы ў сваю чаргу выдавалі цыркуляры старостам, у якіх абавязвалі апошніх узяць актыўны ўдзел у выбарах на баку ўрада [354, s. 93]. У перадвыбарчы перыяд у Заходняй Беларусі былі арыштаваны каля 600 чалавек [323, s. 50].

Паўсюдна імкнуліся да анулявання па фармальных прычынах патэнцыяльна канкурэнтных спісаў. Часта ўлады не дапускалі нават іх падачы ў выбарчую камісію, арыштоўваючы напярэдадні ўпаўнаважанага разам з усімі сабранымі подпісамі. Калі спіс усё ж уносіўся, аказваўся ціск на асоб, падпісаўшых яго, з мэтаю дабіцца адклікання подпісу [38, s. 126]. Звычайна падобная практыка прымянялася ў адносінах да леварадыкальных спісаў, аднак у Лідскай акрузе былі таксама ануляваны сеймавыя спісы БНМ і СХ. Многія выбаршчыкі не атрымалі магчымасці прагаласаваць з-за недапушчэння іх на выбарчыя ўчасткі, што выклікала сялянскія хваляванні ў Гродзенскай і Брэсцкай акругах [39, c. 506 - 507; 199, a. 116, 195 - 196]. Распаўсюджана была практыка канфіскацыі друкаваных выданняў, асабліва леварадыкальных [74, c. 56 - 57]. У суме ў Вярхоўны суд Польшчы паступілі 183 выбарчыя пратэсты, у большасці з тэрыторыі т. зв. "усходніх крэсаў" [297, s. 267].

Такія ўмовы дзейнасці аказалі ўплыў на тактыку правядзення агітацыі. Характэрным адрозненнем ходу выбарчай кампаніі 1928 г. ў параўнанні з кампаніяй 1922 г. была малая колькасць перадвыбарчых мітынгаў. Перш за ўсё агітацыя праводзілася мясцовымі аддзеламі грамадскіх і культурных арганізацый [327, s. 63]. На карысць БЦАВК працавалі дзеячы Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, на карысць выбарчага камітэта "Змаганне" - дзеячы ТБШ, на карысць ЦАВК - дзеячы таварыства "Прасьвета" [304, k. 370]. Камітэт "Змаганне", апасаючыся рэпрэсій з боку ўлад, ужываў у час сваёй кампаніі розныя хітрыкі, распаўсюджваючы агітацыйныя матэрыялы ў выглядзе маленькіх рознакаляровых картак, папяроснай паперы альбо брашур з замаскіраванай вокладкай [248, s. 198]. Усе палітычныя сілы праводзілі "нумарковую кампанію", распаўсюджваючы сярод насельніцтва гатовыя выбарчыя карткі з нумарамі свайго спісу. Падобныя карткі з адпаведнымі інструкцыямі друкаваліся і на старонках беларускай прэсы (Гл. Дадатак 9).

Раздробленасць беларускіх сіл, памножаная на злоўжыванні мясцовай адміністрацыі, прывяла да не вельмі ўдалых для беларусаў вынікаў выбараў. Вялікага поспеху ў 4-х паўночна-ўсходніх ваяводствах дасягнуў ББСУ, які здабыў на гэтых тэрыторыях 22 пасольскія i 10 сенатарскіх мандатаў. ПСЛ "Вызваленне" i ППС у параўнанні з выбарамі 1922 г. пацярпелі поўнае паражэнне, атрымаўшы толькі 2 і 3 пасольскія мандаты адпаведна. На тэрыторыі 2 акруг у Палескім ваяводстве адносна добрых вынікаў дасягнулі дзве часткі ўкраінскага Сельроба, атрымаўшыя разам 3 мандаты (2 - лявіца ў Брэсцкай акрузе і 1 - правіца ў Пінскай акрузе), a таксама РНА, якому ўдалося правесці аднаго пасла ў Пінскай акрузе [411, s. 21 - 25, 121 - 130, 191 - 196].

Беларусы з БНМ здолелі правесці 3-ох паслоў у Свянцянскай акрузе і атрымалі 1 дадатковы мандат з дзяржаўнага спісу. "Змаганне" правяло 3-ох паслоў у Навагрудскай акрузе. Спіс Я.Станкевіча атрымаў 2 мандаты ў Лідскай акрузе, у значнай ступені дзякуючы ануляванню тут усіх астатніх беларускіх спісаў. Ад Сельроба-лявіцы ў Брэсцкай акрузе ў сейм прайшоў беларус І.Грэцкі, які пазней далучыўся да БСРПК. У сенат беларусам удалося здабыць толькі 2 мандаты, абодва ад БНМ. Акрамя гэтага, па спісе ББСУ прайшлі 4 паслы нібыта беларускага паходжання, але яны нічым не праявілі сябе ў нацыянальным руху ні да гэтага, ні пасля [35, c. 164].

Такім чынам, беларусам па выніках выбараў у агульнай колькасці ўдалося правесці ў польскі парламент 10 паслоў і 2-ух сенатараў. Гэта не нашмат рознілася ад колькасці дэпутатаў, праведзеных у мінулы раз. Аднак, калі ў 1922 г. ўсе яны складалі адзіную фракцыю, то цяпер яны былі расколатыя і з'яўляліся хутчэй супернікамі, чым саюзнікамі. Да таго ж усе парламентарыі прадстаўлялі практычна толькі Віленшчыну і Навагрудчыну, у той час як у 1922 г. былі і паслы ад Беласточчыны і Піншчыны. Усё гэта схіліла беларускіх дзеячаў да прызнання вынікаў выбараў за несумненнае паражэнне нацыянальнага руху, якое тлумачылася як аб'ектыўнымі, так і суб'ектыўнымі прычынамі. У паслявыбарчых нумарах беларускай прэсы пры аналізе вынікаў выбараў падкрэслівалася, што "для народу, які жыве ў якой-небудзь дзяржаве як меншасць, няма большага няшчасця, чым падзел нацыянальнага фронту на групы... Вынікі выбараў паказалі, што там, дзе было больш нацыянальнай свядомасці, галасаванне, нягледзячы на рэпрэсіі, дало лепшыя вынікі. З гэтага відаць, што найгалоўнейшае - гэта свядомасць, пры якой і рэпрэсіі толькі яшчэ больш памогуць справе аб'яднання і згуртавання нацыянальных мас" [272].

Такім чынам, выбары ў польскі парламент у 1928 г. завяршыліся для беларусаў горш, чым папярэднія. Хаця ім і ўдалося захаваць сваё парламенцкае прадстаўніцтва, дасягнутыя вынікі былі больш сціплыя, чым чакалася. Прычынай гэтага сталі як рэпрэсіі ўлад, так і расколатасць беларускага руху. Спробы пераадолення раздробленасці поспеху не прынеслі па прычынах як асабістых амбіцый лідэраў, так і несамастойнасці пэўных палітычных груповак. У цэлым выбары не толькі не паспрыялі пераадоленню рознагалоссяў у беларускім народным руху, але яшчэ больш іх паглыбілі.


4.2. Парламенцкая дзейнасць беларускiх прадстаўнікоў у 1928-1930 гг.

Новы польскі парламент, які пачаў працаваць пасля выбараў 1928 г., адрозніваўся ад папярэдняга існаваннем у ім вялікай праўрадавай фракцыі - ББСУ, якая налічвала 122 паслы і 46 сенатараў. Польскія правыя партыі (клубы Нацыянальна-народнага саюза, Хрысціянскай дэмакратыі і Нацыянальнай рабочай партыі) мелі разам 71 пасла і 18 сенатараў, людоўцы (ПСЛ "Пяст", ПСЛ "Вызволене" і Стронніцтво Хлопске) - 87 паслоў і 13 сенатараў, ППС - 63 паслы і 10 сенатараў, камуністы - 7 паслоў, нацыянальныя меншасці - 88 паслоў і 24 сенатары [369, s. 39, 41]. Ніводны з палітычных лагераў зноў не меў безумоўнай парламенцкай большасці. Нягледзячы на гэта, змену палітычных умоў функцыянавання парламента ў краіне ў параўнанні з ранейшым часам засведчыў кіраўнік Польшчы Ю.Пілсудскі, загадаўшы на першым пасяджэнні новавыбранага парламента выдаліць з залы наладзіўшых яму абструкцыю камуністычных паслоў. Гэта дзеянне поўнасцю супярэчыла тагачасным польскім законам аб парламенце і правах дэпутатаў і было абсалютна немагчыма ў час працы сейма і сената І склікання.

Адразу ж у новым парламенце стварыліся дзве фракцыі, якія аб'ядноўвалі паслоў і сенатараў беларускай нацыянальнасці. Паслы Ф.Ярэміч, А.Стэповіч, П.Каруза, К.Юхневіч, а таксама сенатары В.Рагуля і В.Багдановіч, выбраныя са спісу БНМ, стварылі БПК на чале з Ярэмічам. Беларускія паслы А.Стагановіч, І.Дварчанін і Я.Гаўрылік, выбраныя са спісу Цэнтральнага выбарчага камітэта "Змаганне за інтарэсы сялян і работнікаў", стварылі пасольскі клуб з той жа назвай (з мая 1929 г. Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб (БСРПК)) на чале з Гаўрылікам, да якога хутка далучыліся таксама І.Грэцкі, які прайшоў у сейм са спісу ўкраінскай левай партыі "Сельроб-лявіца", і Ф.Валынец, абраны са спісу "Выбарчага камітэта беларускіх сялян і работнікаў" (ВКБСР). Па-за фракцыямі застаўся беларускі пасол Я.Станкевіч, які таксама атрымаў мандат са спісу ВКБСР (Гл. Дадатак 4).

Палітычная платформа БПК знайшла адлюстраванне ў дэкларацыі, якую Ф.Ярэміч агучыў у канцы сваёй першай прамовы з сеймавай трыбуны 30 сакавіка 1928 г.: "Святым ідэалам кожнага народа з'яўляецца яго незалежнасць... Па гэтай прычыне мы, прадстаўляючы шырокія масы сярмяжнага народу, стоячы на грунце самавызначэння народаў і маючы ў сэрцах сваіх ідэал аб'яднанай і незалежнай Беларусі, будзем заўсёды змагацца за гэтыя ідэалы нашага народа, якія адначасова з'яўляюцца ідэаламі ўсяго чалавецтва" [433, ł. 35]. Прадстаўнік "Змагання" І.Дварчанін у прамове 31 мая 1928 г. заявіў, што "cейм з'яўляецца замаскаваным інструментам эксплуатацыі і ўціску ў руках буржуазіі і яе фашысцкай дыктатуры... Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб заклікае працоўныя масы Заходняй Беларусі, каб яны сталі ў супольных шэрагах з працоўнымі масамі ўсіх нацыянальнасцей Польшчы і змагаліся ў абарону сваіх інтарэсаў супраць уціску і эксплуатацыі капіталістаў і памешчыкаў без розніцы нацыянальнасцяў" [434, ł. 32, 34]. Такім чынам, для прадстаўнікоў першага клуба галоўнае значэнне мела абарона нацыянальных правоў, а для прадстаўнікоў другога - класавых. Я.Станкевіч у першай сваёй прамове даў зразумець, што разлічвае на змену дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларусаў, заклікаўшы сейм выдзеліць дзяржаўныя субсідыі на беларускую асвету. Ён падкрэсліў, што "калі папярэдні сейм зусім не ўлічваў патрэб нашага народа, то я б хацеў, каб цяперашні сейм змяніў сваё стаўленне і прыняццем гэтай папраўкі зрабіў першы крок да выпраўлення надзвычай складаных адносін паміж беларускім народам і польскай дзяржавай, таму што пры сучасных умовах нармальнае сужыццё проста немагчымае, і ад гэтага церпіць не толькі наш народ, але і дзяржава" [433, ł. 51] (Гл. Дадатак 10).

Расчараваныя не вельмі добрымі для беларусаў вынікамі выбарчай кампаніі, беларускія паслы, якія атрымалі мандаты са спісу БНМ, адразу пасля выбараў зрабілі спробу аб'яднання ўсіх беларускіх сіл. У прэсе з'явіўся заклік да ўсіх беларусаў працаваць супольна, не зважаючы на спіс, з якога кожны з паслоў увайшоў у сейм [302, k. 90]. Чарговым крокам да супрацоўніцтва былі арганізаваныя Ф. Ярэмічам і В. Багдановічам чытанні па праблемах беларусазнаўства, на якія ў якасці дакладчыкаў былі запрошаны і бралі ўдзел І. Дварчанін і Я. Станкевіч [441, s. 13, 17]. У выніку І.Дварчанін, паводле інфармацыі польскай разведкі, 4 лістапада 1928 г. заключыў пагадненне з БСС і БХД, згодна з якім прадугледжвалася ўтрыманне адзінага нацыянальнага фронту на культурніцкім грунце. Саюз быў заключаны на "свабоднай" аснове, г. зн. кожная партыя магла праводзіць сваю далейшую працу згодна з уласнымі праграмнымі і тактычнымі ўстаноўкамі, але пры гэтым прадугледжвалася ўстрыманне ад узаемных нападак у прэсе. Пагадненне, праўда, не прадугледжвала далучэнне да яго Я.Станкевіча, дзейнасць якога была ацэнена як "шкодная і нават правакацыйная" [341, k. 194].

У той жа самы час Я. Станкевіч, вядомы ў беларускім грамадстве сваімі антыкамуністычнымі поглядамі, сам адразу ж засведчыў немагчымасць свайго супрацоўніцтва з клубам "Змаганне", адмовіўшыся падпісаць складзеную яго членамі прапанову аб спыненні судовай справы супраць паслоў БСРПК І. Грэцкага і А. Стагановіча. Сваю пазіцыю ён аргументаваў правакацыйнасцю тону прапановы, якая магла толькі пагоршыць становішча арыштаваных [324, s. 216]. Што тычыцца напружаных адносін паміж членамі БПК і паслом Я.Станкевічам, то іх карані трэба шукаць хутчэй не ў палітычнай сферы, а ў сферы асабістых адносін. Беларуская сялянская партыя (БСП) Я.Станкевіча ўтварылася ў сярэдзіне 1927 г. ў выніку скандальнага расколу ў тым самым БСС, лідэры якога ўваходзілі ў кіраўніцтва БПК [303, k. 56]. З таго часу Я.Станкевіч і Рагуля з Ярэмічам захавалі непрыязь адзін да аднаго. Менавіта гэтым можна растлумачыць адкрытую варожасць паміж гэтымі дэпутатамі, бо непераадольных праграмных адрозненняў паміж імі не было.

Аднак і пагадненне паміж БПК і "Змаганнем" таксама хутка было разарвана. Лёс паслоў "Змагання" з самага пачатку быў цесна звязаны з камуністычнай партыяй, унутры якой менавіта ў гэты час пачалі пашырацца лявацка-сектанцкія тэндэнцыі. Яшчэ ў час выбарчай кампаніі ў камуністычнай прэсе падкрэслівалася, што "Кампартыя ідзе на выбары для таго, каб правесці ў Сейм такіх паслоў, якія з сеймавай трыбуны будуць выяўляць фашысцкія злачынствы гэтак сама, як гэта рабілі камуністычныя паслы ў папярэдніх сеймах" [333, s. 6]. Беручы пад увагу тое, што ЦК КПЗБ фактычна вызначаў змест і задачы дзейнасці клуба, ні пра якое сур'ёзнае паразуменне з "буржуазнымі нацыяналістамі" ў тых умовах не было гаворкі. Аказваючы паслам "Змагання" рознага кшталту падтрымку, перш за ўсё матэрыяльную, кіраўніцтва кампартыі вымагала ад іх безумоўнага падпарадкавання ўсім рэзалюцыям, ухваленым яе кіраўнічымі органамі. У выніку на пасяджэнні клуба "Змаганне" 7 снежня 1928 г. прымірэнчыя дзеянні І.Дварчаніна былі востра скрытыкаваны іншымі членамі клуба, у першую чаргу Я.Гаўрылікам і Ф.Валынцом. Было падкрэслена, што "аздараўленне адносін паміж групамі і партыямі не змяшчаецца ў тым, каб заключаць з імі якія-небудзь пагадненні, але трэба аддзяліць дробнамяшчанскі элемент ад рабочай ідэалогіі і адкрыта, пры кожнай магчымасці выступаць супраць згодніцкіх напрамкаў як шкодных для беларускіх народных масаў". Удзел Дварчаніна ў чытаннях быў прызнаны за ганебны факт, недастойны прадстаўніка сялянска-работніцкага клуба [341, k. 195]. Аднак дагэтуль на працягу месяца члены клуба не выказвалі незадавальнення дзеяннямі Дварчаніна, таму нельга выключаць тут непасрэднага ўплыву на іх пазіцыю кіраўніцтва камуністычнай партыі.

Несумненна, што менавіта з-за гэтага ўплыву за два з паловай гады дзейнасці польскага парламента ІІ склікання зафіксавана зусім мала праяваў супрацоўніцтва ўсіх беларускіх дэпутатаў. Калі такія выпадкі і здараліся, то яны былі прыватнай ініцыятывай паслоў і звычайна асуджаліся КПЗБ. У якасці падобных выступленняў можна прыгадаць адмову ўсіх беларускіх дэпутатаў удзельнічаць у арганізаваных з нагоды 10-годдзя аднаўлення польскай дзяржаўнасці ўрачыстасцях [90, c. 42], сумеснае выступленне ўсіх беларускіх прадстаўнікоў супраць ліквідацыі беларускай гімназіі ў Радашковічах у 1929 г. [364, s. 67], а таксама спробы БСРПК ў верасні 1929 г. склікаць сумесную нараду з БПК у сувязі з парламенцкім крызісам з падачай некалькіх сумесных інтэрпеляцый аб незаконных дзеяннях адміністрацыйных улад [90, c. 43].

Паслы і сенатары з БПК, у адрозненне ад паслоў "Змагання", не хацелі наогул адмаўляцца ад чыста парламенцкай працы. Таму адразу пасля пачатку працы парламента яны прынялі прапанову прадстаўнікоў Украінскага пасольскага клуба, аснову якога складалі члены Украінскага нацыянальна-дэмакратычнага аб'яднання (УНДА), выбраныя ва Ўсходняй Галіцыі, аб утварэнні агульнага клуба, бо малалікасць уласнай фракцыі рабіла немагчымым для беларусаў удзел у працы камісій. Так стварыўся Украінска-беларускі сеймавы клуб (УБСК) федэратыўнага характару. Украінскі і Беларускі клубы складалі ў ім аўтаномныя часткі [478, s. 9]. Аб'яднанне з украінцамі дало магчымасць беларускім паслам увайсці ў склад некаторых сеймавых камісій. Аднак украінцы не пагадзіліся на выдзяленне беларусам месца ў найбольш важных для апошніх камісіях - зямельнай і асветніцкай [304, k. 403].

Аб'яднаны беларуска-ўкраінскі клуб існаваў да 7 лістапада 1928 г., калі беларускія паслы заявілі пра выхад з УБСК і стварэнне асобнага БПК. Магчыма, на прыняцце гэтага рашэння паўплываў факт, што паміж паасобнымі беларускімі і ўкраінскімі пасламі былі рознагалоссі па тактычных пытаннях. Захаваліся сведчанні беларускага пасла П.Карузы, што адзін з кіраўнікоў агульнага клуба Д.Паліеў патрабаваў ад яго і калегі па клубу А.Стэповіча радыкалізацыі дзейнасці, што з'яўлялася для апошніх непрымальным [329]. Не салідарызаваўся старшыня БПК Ф.Ярэміч і з рэзкай дэкларацыяй старшыні Украінскага клуба Д.Лявіцкага на IV Кангрэсе еўрапейскіх нацыянальных меншасцей восенню 1928 г. ў Жэневе [339, k. 265]. Тым не менш, і пасля падзелу супрацоўніцтва паміж БПК і Украінскім клубам захоўвалася, бо яны грунтаваліся на агульнай аснове - нацыянальнай [477, s. 128 - 131].

Cупрацоўніцтва гэта набывала часам арганізаваныя формы і мела вялікае значэнне для нацыянальных рухаў у цэлым. Так, 27 лістапада 1929 г. адбылася сумесная нарада ўкраінскіх, беларускіх і літоўскіх дзеячаў, за мэту якой быў прадэклараваны "пошук супольнай платформы для адзінай тактыкі як на тэрыторыі парламента, так і за яго межамі". Непасрэднай падзеяй, якая падштурхнула меншасці да больш цеснага аб'яднання, называлася "наяўная ўнутраная палітычная сітуацыя ў Польшчы і звязанае з ёй пытанне змены Канстытуцыі, а таксама магчымыя блізкія выбары". Ініцыятарамі нарады былі беларускія дзеячы [330]. Сярод удзельнікаў нарады, якая праходзіла ў памяшканні Украінскага парламенцкага клуба ў Варшаве, былі 13 украінскіх і 5 беларускіх паслоў і сенатараў. Вынікам перагавораў стала стварэнне ўзгадняльнага камітэта трох меншасцей [307, k. 17].

Паслы з БПК ў гэты перыяд у значнай ступені адыходзяць ад тактыкі вострай, але бясплённай апазіцыі і прыкладаюць намаганні для атрымання некаторых рэальных саступак з боку ўрада ў культурна-адукацыйнай сферы [241, c. 66 - 67]. Таксама яны карэктуюць сваю пазіцыю адносна супрацоўніцтва з польскімі левымі партыямі, узяўшы курс на ўзаемадзеянне з імі ў важных для сябе справах. Добра характарызуе пазіцыю членаў клуба ў гэтым пытанні выказванне Ф.Ярэміча наконт пазіцыі БПК пры разглядзе ў сейме справы прапанаванай клубам ББСУ змены Канстытуцыі ў сакавіку 1929 г.: "Увесь час польская лявіца ў адносінах да нас, нацыянальных меншасцей, не займала выразнай пазіцыі, але часцяком салідарызавалася ў справе правоў нацыянальных меншасцей з правай большасцю. Аднак у гэтай барацьбе пры змене канстытуцыі, арыентуючыся на польскую, а таксама міжнародную дэмакратыю, мы аддаём свае галасы за прапановы польскай лявіцы" [328, s. 64].

Практычна ідэнтычную пазіцыю займаў і Я.Станкевіч. Ён заяўляў, што беларускі народ з тагачасным станам нацыянальнай свядомасці яшчэ не гатовы да паўнавартаснага палітычнага змагання, і таму прапаноўваў засяродзіцца ў першую чаргу на культурнай і гаспадарчай працы, не правакуючы польскія ўлады на рэпрэсіі супраць беларускага нацыянальнага руху. У сваіх прамовах ён заўсёды крытыкаваў дзеянні польскіх улад, скіраваныя на задушэнне беларускіх асветніцкіх і культурных арганізацый, закрыццё беларускіх школ і г. д., але пры гэтым падкрэсліваў лаяльнасць да польскай дзяржаўнасці.

Калі ў парламенце ішла гаворка пра справы агульнанацыянальнага значэння, паслы БПК, як і Я.Станкевіч, звычайна адкідалі палітычныя рознагалоссі, нават калі карысныя беларусам прапановы ўносілі ідэалагічныя апаненты. Так, прапанову БСРПК ў справе адміністрацыйных перашкод дзейнасці Таварыства беларускай школы на пасяджэнні камісіі асветы Сейма 13 сакавіка 1929 г. пры адсутнасці прадстаўнікоў клуба, падаўшага прапанову, падтрымліваў пасол БПК А.Стэповіч [440]. Што тычыцца адсутнасці ў гэты час у камісіі прадстаўнікоў БСРПК, то яе можна растлумачыць пастаяннай барацьбой камуністычнай партыі супраць "легалісцкіх тэндэнцый і... пераацэнкі значэння парламенцкай працы ў сейме" [191, a. 131].

Дзейнасць БСРПК ў парламенце наогул практычна звялася да агучвання з сеймавай трыбуны дэманстратыўных прамов з крытыкай польскіх улад і прапагандай камуністычных ідэалаў, а таксама да падачы пратэстных інтэрпеляцый. Апошнія звычайна насілі настолькі рэзкі характар, што маршалак сейма неаднаразова адмаўляўся іх прымаць у першапачатковым выглядзе [185, a. 92 - 93; 192, a. 6 - 7]. Ролю саюзнікаў паслоў БСРПК ў сейме адыгрывалі толькі таксама нешматлікія КПФ і Украінскі пасольскі клуб "Сельроб-еднасць", што не давала ім ніякіх шанцаў на правядзенне якіх-небудзь сваіх патрабаванняў праз парламент [476, s. 98 - 99]. Асноўны акцэнт паслы гэтага клуба зрабілі на пазапарламенцкай працы, кіруючы рознымі палітычнымі кампаніямі КПЗБ: антываеннай, школьнай, прафсаюзнай, абароны ТБШ, абароны Грамады, выбараў на Еўрапейскі сялянскі кангрэс у Берліне, супраць "белага тэрору", супраць "фашысцкай дыктатуры Пілсудскага" і г. д. [235, c. 75] За 1929 г. і першую палову 1930 г. дэпутаты клуба "Змаганне" арганізавалі 59 буйных мітынгаў, сходак і масовак [107, c. 87]. Вялікія намаганні паслы прыкладалі для арганізацыі выдання газет, адозваў і брашур камуністычнага зместу. Іх справаздачныя мітынгі звычайна канчаліся сутычкай з паліцыяй [247, c. 226 - 227], і кожны з 5-ці паслоў меў каля дзесятка заведзеных крымінальных спраў за антыдзяржаўныя выступленні [309, k. 5 - 6]. Неаднаразова справа аб выдачы паслоў БСРПК суду разглядалася на пасяджэннях сеймавай камісіі рэгламенту і пасольскай недатыкальнасці [306, k. 33]. У той жа самы час мясцовыя органы ўлады пры неафіцыйнай падтрымцы цэнтральных некалькі разоў праводзілі рэпрэсійныя дзеянні супраць мясцовых прадстаўніцтваў клуба. 25 жніўня 1929 г. паліцыя ў час пасяджэння клуба з удзелам павятовых актывістаў зрабіла вобыск у будынку яго цэнтральнага сакратарыята і арыштавала ўсіх прысутных, за выключэннем паслоў. 30 студзеня 1930 г. там жа быў праведзены паўторны вобыск з канфіскацыяй папер і арыштам некаторых супрацоўнікаў [259, c. 108 - 109].

Для палягчэння агітацыйнай працы БСРПК на правінцыі прымянялася практыка стварэння адпаведнага выканаўчага апарату - рэгіянальных сакратарыятаў накшталт падобных структур БПК ўзору 1922 г. Цэнтральны сакратарыят БСРПК быў арганізаваны ў Вільні 15 красавіка 1929 г. На працягу наступных некалькі месяцаў стварыліся 16 павятовых сакратарыятаў [235, c. 75]. У гэтых сакратарыятах працавалі мясцовыя актывісты, сярод якіх пэўную колькасць складалі члены КПЗБ. Актыўная дзейнасць мясцовых сакратарыятаў БСРПК, якая нярэдка набывала выразна камуністычную афарбоўку, часта правакавала рэпрэсіі супраць беларускага нацыянальнага руху, прычым не толькі леварадыкальнага. Сваё расчараванне і трывогу з гэтай нагоды выказвалі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, сярод іх некаторыя раней прыхільныя радыкальным ідэям, накшталт паэта і грамадскага дзеяча са Скідзеля Гродзенскага павета П.Сеўрука. Апошні пісаў у сваім лісце да паслоў "Змагання": "Адно, што зрабілі "правадыры" нашага народу, і што Вы цяпер робіце у далейшым часу - гэта нейкая недарэчная фікцыя сялянска-работніцкай еднасьці, адчуваная па шаблону розных сацыялізмаў і марксізмаў з рознымі бязсэнсоўнымі клічамі за "сялянска-работніцкі урад" - сялянска-работніцкая еднасьць і г.д... Яна вырасла з сацыялізму, створана работніцкім рухам заходняе Эўропы... і гэты вось вытвар прынесены на грунт народу бадай выключна сялянскага, зусім не знаёмага ні з сацыялізмамі, ні з палітыкамі... дзеля таго, каб вясьці яго да лепшае будучыні. Але ж, ці ж не выглядае гэта на пародыю!" [273, c. 232 - 233].

Парламенцкая тактыка БСРПК накіроўвалася камуністычнай партыяй, а на пасяджэннях клуба звычайна прысутнічаў прадстаўнік КПЗБ [125, c. 97]. Аднак большасць паслоў клуба "Змаганне" не былі ідэйнымі камуністамі, а хутчэй прадстаўлялі левае крыло нацыянальна-вызваленчага руху. Таму, хоць знешне і здавалася, што гэты пасольскі клуб знаходзіцца пад поўным кантролем камуністаў, паміж апошнімі і дэпутатамі клуба рэгулярна ўзнікалі непаразуменні і супярэчнасці. Яшчэ на І з'ездзе КПЗБ летам 1928 г. некаторыя дэлегаты называлі памылкай камуністычнай партыі выстаўленне на выбарчым спісе "Змагання" І.Дварчаніна [189, a. 4, 181]. Добра характарызуе сітуацыю даклад саветніка палпрэдства СССР у Польшчы Ю.М.Кацюбінскага, які датычыў гутаркі, праведзенай апошнім з Я.Гаўрылікам. Кацюбінскі сведчыў, што Гаўрылік "увесь час падкрэсліваў, што ён не камуніст і з "Вашымі", як ён пастаянна кажа, ён нічога агульнага не мае, не адказвае за іх дурноту, але ў душы ён большы рэвалюцыянер, чым "Вашы"... Палітычна ён чалавек мала развіты і вельмі сыры. Ён лічыць, што ім трэба завязаць непасрэдную сувязь з Савецкай Беларуссю, так як сувязь з польскай Кампартыяй вельмі дыскрэдытуе. Наогул яны вельмі незадаволены гэтай сувяззю..." [111, c. 34].

Дзеяч КПЗБ А.Канчэўскі (Уладак), які пэўны час адказваў за сувязь з БСРПК (фактычна за кіраванне ім) пісаў у лютым 1929 г., што "кампанія па барацьбе з голадам сустракаецца з поўным незразуменьнем яе значэньня як у партыі, так і пасярод нацыянальна вызваленчых колаў, а ў першую чаргу ў Б.С.Р. Клюбе... У пас[ольскім]. Клюбе ізноў некаторыя адзінкі хварэюць на баязьнь перад масамі" [192, a. 47]. Тады ж ён адзначаў, што "Г[аўрылік], на якога безумоўна найбольш пасрэдна і беспасрэдна (часта міма яго волі) мае ўплыў белсанацыя, вельмі часта робіць глупствы... Прымаючы пастанову аб уваходзе Г[аўрыліка] ў тройку, мы не учлі, што канцэнтруючы ў яго руках старшын[ства] і скарбн[ікоўства], не толькі стаўляем яго ў курс усіх справаў, але робім яго фактычным кіраўніком клюбу" [192, a. 45].

КПЗБ імкнулася выкарыстаць усе свае наяўныя механізмы для поўнага забеспячэння падпарадкавання паслоў БСРПК сваім дырэктывам і немагчымасці іх выхаду з-пад кантролю. Польскае міністэрства ўнутраных спраў мела звесткі, што пасол А.Стагановіч перад пастаўленнем сваёй кандыдатуры на выбарчы спіс "Змагання" даў пісьмовае абяцанне адмовіцца ад мандата па першаму патрабаванню КПЗБ [306, k. 52]. Можна меркаваць, што падобныя абяцанні былі ўзяты і ў астатніх членаў клуба. Праўдзівасць жа інфармацыі МУС пацвярджаецца аператыўнасцю вырашэння камуністамі пытання аб складанні Стагановічам пасольскіх паўнамоцтваў пасля адмовы апошняга выконваць патрабаванні кампартыі. Адпаведная пастанова была прынята на пасяджэнні Краёвага бюро ЦК КПЗБ 25 лютага 1929 г., а адмова Стагановіча ад мандата адбылася ўжо 1 сакавіка 1929 г. [180, a. 38 - 39]

На месца Стагановіча ў БСРПК увайшоў селянін са Слонімшчыны, член КПЗБ П.Крынчык, са з'яўленнем якога і без таго няпростыя адносіны ў клубе яшчэ больш абвастрыліся. Крынчык трымаўся больш левых поглядаў, чым астатнія члены клуба, і на яго камуністы зрабілі галоўную стаўку пры рэалізацыі сваёй палітыкі поўнага кіравання клубам. Таму Крынчык у сваёй дзейнасці часта дазваляў сабе ігнараваць думку кіраўніцтва клуба, пра што сам згадваў у сваіх пазнейшых успамінах [130, c. 75]. Такія яго паводзіны выклікалі ўсё больш актыўнае непрыманне і нават абурэнне астатніх членаў клуба. У рэшце рэшт гэта вылілася ў вострую канфліктную сітуацыю паміж П. Крынчыкам і І. Грэцкім. Канфлікт знешне насіў чыста асабісты характар, аднак у той жа час выразна засведчыў расстаноўку сіл унутры клуба і глыбокія супярэчнасці паміж яго членамі ў палітычных пытаннях [185, a. 106].

Да вырашэння канфлікту мусіў падключыцца ЦК КПЗБ, тым больш, што з асабістымі адносінамі ў клубе была непасрэдна звязана адмова яго членаў узяць удзел у дэманстрацыйным выступленні камуністычнай фракцыі ў сейме 5 снежня 1929 г. у час разгляду прапановы левых сеймавых фракцый аб недаверы ўраду. Члены БСРПК проста не з'явіліся на пасяджэнне сейма і адзін з адказных камуністычных функцыянераў, ацэньваючы гэты факт, пісаў у сваім лісце ў ЦК КПЗБ, што "яны, зразумела, атрымалі ад нас вялікую нахлабучку... Бюро... пастанаўляе прапанаваць ім выдаць спецыяльны камунікат, дзе яны павінны растлумачыць перад масамі ў парадку самакрытыкі прычыны сваёй адсутнасці ў гэты дзень у сейме і выказаць сваю салідарнасць з кам[уністычнай] фракцыяй" [192, a. 111 - 112]. Тэкст заявы быў уласнаручна напісаны камуністычным куратарам клуба А.Канчэўскім [196, a. 62 - 64]. Некаторыя даследчыкі дзейнасці БСРПК, ацэньваючы гэтую заяву, адзначаюць, што "сумленнае прызнанне парламентарыямі перад выбаршчыкамі сваёй памылкі было і застаецца выключна рэдкім крокам, які садзейнічаў ўзмацненню ўзаемадаверу паміж імі" [166, c. 37]. Аднак адзначаная несамастойнасць паслоў пры выданні гэтай заявы выклікае сумненне ў правамернасці падобнай ацэнкі.

Ва ўсялякім выпадку, пасля апісаных падзей камуністычнымі функцыянерамі адзначалася, што "перад сябрамі [*] пастаўлена рабром праблема кіраўніцтва ў нацыянальна-вызваленчым руху. Раскрытыкаваныя памылкі, ідучыя па лініі недаацэнкі небяспекі нацыянал-фашысцкага лагеру... Яшчэ і сёння яны не бачаць "на практыцы" класавага расслаення вёскі... Легалізм, які мяжуе з супрацоўніцтвам з фашысцкай дыктатурай... Недастатковаць і бяспланавасць масавай працы, асабліва па лініі горада" [192, a. 111 - 112]. У каментарыі ЦК КПЗБ да заявы паслоў БСРПК адзначалася, што "памылка беларускіх сялянска-работніцкіх паслоў адлюстроўвае тыя ваганні, якія перажываюць інтэлігенцкія колы вярхушкі нацыянальна-вызваленчага руху... Усе гэтыя... з'явы... ставяць перад партыяй з усёй вастрынёй пытанні ўмацавання палітычнага і арганізацыйнага кіравання ў нацыянальна-вызваленчым руху" [185, a. 13 - 14] .

Камуністы імкнуліся таксама стрымліваць самыя дробныя памкненні паслоў БСРПК да завязвання кантактаў з прадстаўнікамі польскіх радыкальных, але не камуністычных арганізацый. Так, негатыўна быў ацэнены факт правядзення Ф.Валынцом 23 чэрвеня 1929 г. сумеснага справаздачнага мітынга ў мястэчку Ячна Сакольскага павета з сеймавым паслом Я.Савіцкім з фракцыі Стронніцтва Хлопскага. Гэтая з'ява была ацэнена як "грубая палітычная памылка, хутчэй нават палітычная непісьменнасць". Асаблівае абурэнне выклікала ў камуністаў тое, што Валынец "даў магчымасць гэтаму сацыял-фашысту выступіць перад масамі ў ролі свайго пратэктара, даючы яму прадставіць сябе масам і беручы, можна сказаць, з яго рук слова" [185, a. 105].

Час дзеяння польскага парламента ІІ склікання прыпаў якраз на тыя гады, калі Ю.Пілсудскі ствараў рэжым аднаасобнага кіравання. Парламент у тагачасным выглядзе з'яўляўся перашкодай для яго, таму паміж Пілсудскім і сеймам ішла пастаянная барацьба. У гэтай барацьбе Пілсудскі часта выкарыстоўваў права лаяльнага да яго прэзідэнта І.Масціцкага сваімі дэкрэтамі адчыняць і зачыняць сеймавыя сесіі. У выніку сейм збіраўся дастаткова рэдка. Так, напрыклад, ад 25 сакавіка да 5 снежня 1929 г. не адбылося ніводнага паўнавартаснага сеймавага пасяджэння.

У такіх умовах нават больш памяркоўныя беларускія парламентарыі мелі зусім мала магчымасцей для правядзення пазітыўнай парламенцкай працы, нягледзячы на тое, што, па сведчанню В.Рагулі, у гэты час "Ярэміч адкінуў тактыку вострай апазыцыі і перайшоў да тактыкі гутарак з палякамі" [241, c.69]. Таму яны ў гэты час імкнуліся яшчэ больш, чым раней, выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы дзеля вынясення беларускага пытання на разгляд міжнародных арганізацый і інстытутаў. Так, калі віленскі біскуп Р.Ялбжыкоўскі 10 снежня 1928 г. выдаў пастырскі ліст з забаронай каталікам належаць да БХД і чытаць яе друкаваны орган - газету "Biełaruskaja Krynica", то гэты ліст стаў аб'ектам вострай крытыкі з боку А.Стэповіча ў час яго сеймавай прамовы ад 7 лютага 1929 г. [435, ł. 47 - 48]. Яшчэ раней, 22 студзеня 1929 г., паслы-хадэкі А. Стэповіч і П. Каруза падалі папскаму нунцыю ў Польшчы мемарыял у гэтай справе, дадаўшы да яго праграму БХД. Нунцый абяцаў паслам перадаць гэтыя матэрыялы самому папу, аднак ніякага пазітыўнага для сябе выніку беларусы так і не дачакаліся [445, s. 225].

15 жніўня 1929 г. паслы і сенатары з Беларускага пасольскага клуба выслалі вялікі мемарыял-скаргу ў Лігу нацый. У ім знайшлі адлюстраванне парушэнні правоў беларускага насельніцтва Польшчы ў галіне адміністрацыі і самакіравання, эканамічнай, асветнай і рэлігійнай сферы. Напрыканцы мемарыялу рабілася выснова, што "польскі ўрад супраць усякіх міжнародных забавязаньняў і законаў Польскай Рэспублікі, праз вынарадавеньне і ўціск, пазбаўляе Беларусаў элемэнтарных варункаў культурнага, нацыянальнага і культурнага разьвіцьця". Ліга нацый заклікалася да "скіраваньня адпаведных, знаходзячыхся ў яе кампетэнцыі крокаў, у мэце праўнай абароны беларускага насяленьня, жывучага ў межах Польскай Дзяржавы" [173, c. 6 - 7].

Гэты мемарыял выклікаў негатыўную рэакцыю з боку польскіх улад, таму што міжнародная арганізацыя адрэагавала на яго і запатрабавала тлумачэнняў. Мемарыял адразу быў акрэслены як "паклёпніцкі" [334, k. 146]. 6 мая 1930 г. гэты дакумент нават быў канфіскаваны і забаронены да распаўсюджвання [445, s. 225]. Аднак рэальных рычагоў уплыву на нацыянальныя ўрады Ліга нацый не мела. Таму палякі пасля паўтарагадовай перапіскі абмежаваліся ў рэшце рэшт стандартнай "адпіскай", тым больш што канчаткова гэта справа разглядалася ўжо ў зусім іншай палітычнай сітуацыі, пасля роспуску Ю.Пілсудскім парламента з адначасовым арыштам лідэраў апазіцыі [312, k. 172 - 235].

У той жа час, нягледзячы на агульнае памяншэнне ролі заканадаўчай галіны ўлады ў палітычнай сістэме Польшчы пасля майскага перавароту 1926 г., менавіта да часу працы беларускіх прадстаўнікоў у парламенце ІІ склікання адносіцца практычна адзінае іх рэальнае дасягненне на парламенцкім грунце за ўвесь час. У канцы 1929 г. ім удалося дабіцца выдзялення сеймам 200 тысяч злотых на пабудову будынку беларускай гімназіі ў Навагрудку, 250 тысяч злотых на беларускія настаўніцкія курсы і беларускую настаўніцкую семінарыю і 50 тысяч злотых на друкаванне беларускіх падручнікаў [195, a. 2]. У дадзеным выпадку апраўдала сябе тактыка памяркоўных беларускіх паслоў, у першую чаргу Я.Станкевіча, які, не маючы магчымасці, як пазафракцыйны пасол, працаваць у камісіях, тым не менш імкнуўся выкарыстаць свае асабістыя кантакты з лідэрамі польскіх левых партый для атрымання некаторых саступак польскай улады на карысць беларускай адукацыі. Сам ён пазней тлумачыў, што гэта ўдалося зрабіць "паразумеўшыся зь лідэрам ППС Недзялкоўскім, з маршалкам сойму Дашынскім (таксама ППС), і, маючы паддзяржаньне ППС, з прадстаўнікамі левых клюбаў, вылучаючы Пяста" [263]. У той жа самы час тагачасны сенатар В.Рагуля атрыманне згаданых сум звязваў выключна з намаганнямі старшыні БПК Ф.Ярэміча [241, c. 69]. У 50-я гг. ХХ ст. гэта пытанне стала прадметам дыскусіі на старонках беларускага эмігранцкага друку, дзе апаненты прыпісвалі ўсю заслугу выключна ўласнаму боку і адмаўлялі якую б то ні было пазітыўную ролю іншага [260; 263].

Фактычна, аднак, атрыманне субсідый стала вынікам агульных намаганняў. Я.Станкевіч сапраўды агучыў з сеймавай трыбуны патрабаванне выдзялення пэўных сум на беларускую адукацыю з польскага бюджэту яшчэ ў самай першай сваёй прамове ад 30 сакавіка 1928 г. [433, ł. 51] Аднак і іншыя паслы-беларусы дабіваліся той жа мэты пры дапамозе ўласных каналаў. У свой час падкрэслівалася і ў перадвыбарчай лістоўцы Я. Станкевіча на дадатковых выбарах у сейм у 1930 г. [195, a. 2].

У любым выпадку, пры галасаванні ў справе крэдытаў у сейме як паслы з БПК, так і Я.Станкевіч галасавалі за выдзяленне грошай, хоць і самі не вельмі верылі ў магчымасць рэалізацыі гэтага закона. У беларускай прэсе адзначалася, што "самы факт, што ў Сойме знайшлася большасьць галасоў, патрэбная дзеля правядзеньня гэных паўмільёна злотых, якія зьяўляюцца толькі кропляй у моры нашых культурна-асьветных (ня кажучы аб эканамічных) патрэб, - мы-б хацелі разглядаць, як зьявішча сымптоматычнае" [41]. Часткова інструкцыі КПЗБ у чарговы раз парушылі і паслы БСРПК, якія галасавалі супраць асігнавання сродкаў на будынак беларускае гімназіі і бурсы ў Навагрудку, але падалі свае галасы за крэдыты на настаўніцкія курсы і семінарыю. Але праз некаторы час яны былі прымушаны выступіць з публічным пакаяннем за "зробленую памылку" ў сваім афіцыйным органе [281].

Гэта сітуацыя стала ў пэўнай ступені пераломнай для беларускіх радыкальных паслоў. Да пачатку 1930 г. лідэры БСРПК пераканаліся ў немагчымасці прыйсці да паразумення з кіраўніцтвам КПЗБ. Лявацкія тэндэнцыі ў кампартыі пашырыліся да гэтага часу настолькі, што многія патрабаванні камуністычных функцыянераў былі непрымальныя нават для найбольш радыкальнага з паслоў П.Крынчыка. Так, апошні не прыняў выкладзеную яму прапанову адмовіцца ад практыкі падачы ўладам дэкларацый на адкрыццё беларускіх школ і падаваць замест іх дэкларацыі на адкрыццё "працоўных" (фактычна камуністычных - А. П.) школ [193, c. 57 - 58].

У лютым-сакавіку 1930 г. Я.Гаўрылік і І.Дварчанін склалі спецыяльны мемарандум, які быў пасланы ў Камінтэрн. У ім паслы выказвалі думку, што БСРПК павінен вылучаць не толькі сацыяльна-класавыя, але і нацыянальныя патрабаванні - у справах школ на роднай мове, рэвіндыкацыі праваслаўных цэркваў і г. д. [90, c. 44 - 45] Аднак лявацкія тэндэнцыі, якія яскрава праяўляліся тады ў КПЗБ, былі адлюстраваннем аналагічных працэсаў у Камінтэрне, таму паслы так і не дачакаліся адказу на свой мемарыял.

У снежні 1929 г. пайшоў у адстаўку з пасады міністра юстыцыі адзін з арганізатараў выбарчай кампаніі ББСУ ў 1928 г. С.Цар. Пасля гэтага Вярхоўны суд краіны нарэшце прыступіў да разгляду даўніх скаргаў на выбарчыя злоўжыванні, у выніку чаго былі ануляваны вынікі выбараў у 6-ці акругах, у тым ліку заходнебеларускіх Лідскай і Свянцянскай [354, s. 99]. Страцілі свае мандаты 5 паслоў-беларусаў - Я.Станкевіч, Ф.Валынец, П.Каруза, А.Стэповіч і К.Юхневіч. Новыя выбары былі прызначаны на 25 мая 1930 г. ў Лідскай акрузе і на 15 ліпеня - у Свянцянскай. Заходнебеларускія камуністы апасаліся, што новыя выбары будуць прызначаны і ў Навагрудскай акрузе [194, a. 105], але суд у рэшце рэшт прызнаў выбары на Навагрудчыне справядлівымі.

Усе беларускія партыі прынялі рашэнне ўключыцца ў выбарчую кампанію. БСРПК ішоў на выбары ў саюзе з кампартыяй і ППС-лявіцай. Улічваючы тое, што Лідская акруговая выбарчая камісія спачатку пакінула ў сіле зробленае ў 1928 г. ануляванне некаторых спісаў і забараніла выстаўляць новыя спісы, паслы БСРПК спачатку намерваліся агітаваць за дэманстратыўнае галасаванне за ануляваны спіс №13 "Рабоча-сялянскага адзінства" [305, k. 34]. Для правядзення выбарчай кампаніі быў створаны акруговы выбарчы камітэт Беларускага сялянска-работніцкага выбарчага клуба "Змаганне".

Пэўны час дыскутавалася праблема, якое рашэнне прыняць у сувязі з паслом Ф.Валынцом, які ў свой час прайшоў у сейм са спісу Я.Станкевіча. Хоць першапачаткова выказваліся прапановы падтрымання гэтага спісу дзеля паўторнага правядзення Валынца, было вырашана праводзіць кампанію, накіраваную на пазбаўленне мандата Станкевіча, бо "Янка Станкевіч прыносіць больш шкоды, чым Валынец карысці" [305, k. 34]. Таму Ф.Валынец зняў сваю кандыдатуру са спісу Станкевіча і заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за спіс, вызначаны БСРПК [305, k. 48].

У красавіку 1930 г. Лідская акруговая выбарчая камісія перагледзела сваё папярэдняе рашэнне і дазволіла ўдзельнічаць у перавыбарах тым партыям і арганізацыям, спісы якіх былі ануляваны ў час выбараў 1928 г. У выніку гэтага БСРПК выставіў свой спіс на чале з Ф.Валынцом і распачаў за яго агітацыю, не заўсёды пры гэтым дакладна выконваючы інструкцыі ЦК КПЗБ.

Сакратар Віленскага акруговага камітэта КПЗБ пісаў у ЦК партыі: "Падрыхтоўка да выбараў... працякае нармальна, але маем цяжкасці ў кантактах працы з нашымі сябрамі. Дзе б мы што-небудзь ні рыхтавалі - яны не прыязджаюць; яны самі пазначылі сабе план работы, але нас не інфармуюць. Нашым планам яны не падпарадкоўваюцца, так што атрымліваецца паралельнасць... Яны наогул не адчуваюць цяпер кіраўніцтва, нас не слухаюць" [193, a. 387]. Супраціўленне паслоў інструкцыям партыі праявілася сярод іншага ў складанні выбарчых спісаў, на якіх аказаліся змешчаны толькі прозвішчы кандыдатаў-беларусаў, насуперак пастулату, што КПЗБ ідзе на выбары "на аснове рэвалюцыйнага саюза пралетарыяту з працоўным сялянствам усіх нацыянальнасцяў". Практычна ігнараваліся патрабаванні камуністаў "папулярызаваць пяцігадовы план у СССР, калектывізацыю і г. д., асабліва апошнюю", "указваць на абвастрэнне небяспекі ўзброенага нападу на СССР... паказваючы на праявы нападу: акцыя манархістаў супраць "забойства Куцепава ГПУ"..., разрыў Мексікі з СССР..., пробная мабілізацыя Д.О.К.ІІІ" [195, a. 97]. Беларускія паслы насуперак гэтаму асноўны акцэнт у сваёй перадвыбарчай агітацыі зрабілі на больш блізкіх для заходнебеларускага сялянства праблемах: зямельнай палітыцы польскага ўрада, узмацненні рэпрэсій і г. д. [40, c. 82 - 84] Прымусовая калектывізацыя і рэлігійны пераслед у СССР называліся "высмактанымі з пальца весткамі, якія служаць антысавецкай агітацыі" [305, k. 43].

Пасля выбараў ЦК КПЗБ выдаў рэзалюцыю, у якой падкрэслівалася, што "у выбарчай агітацыі недастаткова... нададзена ўвагі пытаньням сялянскай палітыкі СССР і БССР, у асаблівасьці справе калектывізацыі... Як на вялікую памылку з боку кіраўнікоў кампаніі належыць адзначыць адсутнасьць на сьпісу Рабоча-сялянскага блёку кандыдатаў жыдоўскага пралетарыяту, польскага і літоўскага, што не магло не адбіцца на нашым доступе да жыдоўскіх, польскіх і літоўскіх працоўных мас" [195, a. 87].

У той жа самы час агітацыя іншых беларускіх арганізацый ў час гэтых выбараў аказалася абмежаванай, у значнай ступені з-за недахопу неабходных матэрыяльных сродкаў [305, k. 47]. БХД і БСС, якія ішлі на выбары ў складзе Блока нацыянальных меншасцей, непасрэдна перад выбарамі ўступілі ў канфлікт са сваімі саюзнікамі па блоку - яўрэямі. Апошнія, узважыўшы шанцы БНМ на мандаты ў Лідскай і Свянцянскай акрузе, выказалі незадавальненне, што іх кандыдаты стаяць на залішне далёкіх месцах, і запатрабавалі ад другога ў спісе блока кандыдата-беларуса адрачэння ад свайго месца на карысць кандыдата-яўрэя. У адваротным выпадку яны абяцалі наогул выйсці з блока. У рэшце рэшт яўрэяў удалося пераканаць устрымацца ад такіх радыкальных дзеянняў, аднак удзел апошніх у перадвыбарчай кампаніі быў мінімальны. Гэта адбілася і на фінансаванні кампаніі [279]. У выніку БХД і БСС праводзілі агітацыю практычна самастойна, завастраючы ўвагу выбаршчыкаў перш за ўсё на негатыўных працэсах, якія адбываліся ў той час у СССР, і крытыкуючы БСРПК за іх падтрымку і прапаганду [8, a. 1].

Я.Станкевіч таксама меў у час выбараў праблемы фінансавага і арганізацыйнага плану. У сваёй агітацыі ён імкнуўся выкарыстоўваць лозунгі пазітыўнай працы і актыўна прапагандаваў факт выдзялення ўладамі крэдытаў на беларускую адукацыю [195, a. 1 - 2]. Аднак пры тагачаснай радыкалізацыі насельніцтва Станкевіч меў няшмат шанцаў на поспех, тым больш што супраць яго іншыя беларускія арганізацыі распачалі інтэнсіўную агітацыю.

Выбары ў Лідскай акрузе прынеслі адносны поспех БСРПК, якому ўдалося набраць 24670 галасоў і здабыць 2 пасольскія мандаты (іх атрымалі Ф.Валынец і М.Верамей, былы студэнт электрамеханічнага інстытута ў Празе). Спіс БНМ набраў 5557, а спіс Я.Станкевіча - усяго 1265 галасоў. Агульную перамогу тут здабыло Стронніцтво хлопске (39462 галасы і 5 пасольскіх мандатаў) [195, a. 84 - 87]. Аднак адзін з выбраных па спісу СХ паслоў, В.Станулевіч, быў цесна звязаны з І.Дварчаніным і збіраўся пасля прыняцця прысягі далучыцца да БСРПК [265, с. 226]. Выбары адзначаліся нізкай актыўнасцю выбаршчыкаў (галасавалі ўсяго 30% маючых права голасу), што сведчыла пра вялікае расчараванне выбаршчыкаў у магчымасцях парламенцкай барацьбы.

У Свянцянскай акрузе на спісе "Змагання" былі размешчаны кандыдаты іншых нацыянальнасцяў, аднак сам спіс быў ануляваны акруговай камісіяй. Тым не менш, за яго дэманстратыўна прагаласавалі каля 9000 выбаршчыкаў. Аднак камуністы ўсё роўна засталіся незадаволеныя перадвыбарчай кампаніяй, у першую чаргу малой колькасцю агітацыйных мерапрыемстваў, слабой работай сярод небеларускага насельніцтва і "заціраннем камуністычнага твару". Удзел у галасаванні прынялі толькі 27% выбаршчыкаў акругі, з якіх большасць прагаласавалі за Стронніцтво Хлопске (21642 галасы і 3 мандаты). БНМ атрымаў 12385 галасоў і здабыў толькі адзін мандат замест ранейшых трох (яго атрымаў П.Каруза) [184, a. 20 - 22].

Нягледзячы на тое, што па выніках дадатковых выбараў у Лідскай і Свянцянскай акругах некалькі беларусаў атрымалі пасольскія мандаты, прысягу да самага роспуску сейма яны прыняць не паспелі. Таму некалькі апошніх месяцаў праца беларускіх дэпутатаў у парламенце была практычна паралізавана: БПК у сейме прадстаўляў толькі Ф.Ярэміч, а 4 паслы БСРПК былі паглынуты пазапарламенцкай працай. 19 жніўня 1930 г., пасля справаздачнага мітынга ў вёсцы Алекшыцы Гродзенскага павета, быў арыштаваны І.Дварчанін. Яго калегі па клубу падалі з гэтай нагоды інтэрпеляцыю міністру ўнутраных спраў, якая, аднак, не дала выніку. А 30 жніўня парламент наогул быў датэрмінова распушчаны, і рэшта беларускіх радыкальных паслоў (акрамя І.Грэцкага і М.Верамея) таксама былі арыштаваны.

Такім чынам, у польскім парламенце ІІ склікання беларускія прадстаўнікі мелі няшмат магчымасцей для правядзення пазітыўнай працы як з-за ўнутранай расколатасці, так і агульнай сітуацыі ў краіне. Тым не менш, больш памяркоўным беларускім парламентарыям шляхам кампрамісу з левымі сеймавымі фракцыямі ўдалося дабіцца асігнавання некаторых сум з польскага бюджэту на патрэбы беларускай адукацыі. У той жа самы час беларускія леварадыкальныя паслы вымушаны былі ў сваёй дзейнасці кіравацца інструкцыямі кампартыі з яе інтэрнацыянальнай ідэалогіяй, хоць рабілі гэта часцей за ўсё неахвотна. Сярод беларускіх сялян большы ўплыў у той час мелі паслы БСРПК, аднак заўважалася агульная тэндэнцыя змяншэння цікавасці насельніцтва да палітыкі. Найбольш выразна адзначаная тэндэнцыя выявілася ў надзвычай малой актыўнасці выбаршчыкаў у час дадатковых выбараў у Лідскай і Свянцянскай акругах вясной і летам 1930 г.


4.3. Заходнебеларускія нацыянальныя арганізацыі на парламенцкіх выбарах 1930 г.

Выбары ў новыя сейм і сенат былі прызначаны на 16 i 23 лістапада 1930 г. адпаведна. Адразу пасля роспуску парламента быў выдадзены загад аб арышце ўсіх камуністычных паслоў. Акрамя таго, арыштаваны былі лідэры партый т. зв. Цэнтралева, а таксама «тыя былыя паслы, дзейнасць якіх стварала прычыны для ўмяшальніцтва права і толькі пасольская недатыкальнасць ахоўвала іх да гэтага перад адказнасцю» [296, s. 155].

Падобныя дзеянні ўлады выразна сведчылі, што на дэмакратычныя выбары спадзявацца не варта і ўлада прыкладзе ўсе намаганні, каб у новы парламент прайшло як мага менш апазіцыйных кандыдатаў. Нягледзячы на гэта, адразу пасля роспуску парламента пачалася падрыхтоўка беларусаў да новых выбараў. Віленскі БНК заклікаў усе беларускія нацыянальныя арганізацыі не разбіваць сваіх сіл і ісці на выбары адзіным супольным нацыянальным фронтам. З гэтай мэтай БНК на агульным сходзе 9 верасня 1930 года арганізаваў часовую агульнабеларускую выбарчую камісію, якой даручыў склікаць з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый і паасобных дзеячаў дзеля стварэння адзінага Беларускага выбарчага камітэта [325, s. 358].

Да часу выбараў у беларускім нацыянальным руху існавалі 3 асноўныя плыні:

1)Прыхільнікі камуністаў, якія гуртаваліся ў 1928-1930 гг. вакол Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба, 4 з 5-ці членаў якога пасля роспуску парламента былі арыштаваны, а адзін (І.Грэцкі) пазбег такога самага лёсу толькі дзякуючы своечасовай эміграцыі.

2)Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), Беларускі сялянскі саюз (БСС) і Беларускае праваслаўнае дэмакратычнае аб'яднанне (БПДА). Прадстаўнікі гэтых партый стварылі Агульнабеларускі выбарчы камітэт (АБВК), пастулюючы, што "палітычным ідэалам кожнага народу ёсць яго поўная палітычная і культурная незалежнасць, а святым палітычным правам павінна быць права свабоднага самастанаўлення аб сваёй палітычнай і нацыянальнай долі", аднак "у сучасны момант, як народ складаючы частку насялення Польскай Рэспублікі, Беларускі Народ, жывучы ў Польскай Дзяржаве, павінны карыстацца тою поўнаю свабодаю і роўнасцю з другімі насяляючымі Польшчу народнасцямі, якія ўстаноўлівае Канстытуцыя Польскай Рэспублікі". Для гарантавання гэтага патрабавалася "выдзяленне беларускіх часцін з польскіх адміністрацыйных вокругаў, куды яны далучаны з асобнымі палітычнымі мэтамі". Акрамя таго, праграма камітэта прадугледжвала змаганне за зямлю, абарону лясоў і прыродных багаццяў, змаганне за правы і інтарэсы рабочых, змаганне за змяншэнне падаткаў і палепшанне эканамічнага жыцця, абарону роднай школы, абарону поўнай свабоды ўсіх рэлігій і інш. [232]

3)Створаны непасрэдна перад выбарамі Цэнтральны саюз беларускіх культурна-асветных арганізацый і інстытуцый ("Цэнтрасаюз"). Сярод яго членаў было шмат вядомых у беларускім нацыянальным руху дзеячаў. Палітычным крэда гэтай групоўкі стала «мабілізацыя ўсіх беларускіх груп радыкальнага характару на грунт пазітыўнай культурна-асветнай працы». Пры гэтым арганізацыя адмаўлялася ад абвінаваўчых лозунгаў, накіраваных супраць польскай дзяржавы [459, s. 66]. Змаганне за правы беларускага насельніцтва прадугледжвалася толькі метадамі і спосабамі, згоднымі з існуючымі законамі Польшчы [178, s. 8]. У цэлым жа выбарчая праграма "Цэнтрасаюза" адрознівалася ад праграмы АБВК практычна толькі фармулёўкамі.

Як і ў час двух папярэдніх выбараў, у 1930 г. выказваліся ідэі аб заключэнні БНМ Польшчы. Аднак сур'ёзных крокаў для іх рэалізацыі ніхто не прадпрымаў. Прадстаўнікі яўрэйскай грамадскасці называлі БНМ узору 1928 г. карыкатурай, адкідаючы пры новых умовах усялякую магчымасць выбарчага супрацоўніцтва, у першую чаргу з украінцамі. Як супрацьблокавыя аргументы яны прыводзілі распачатую галіцыйскімі ўкраінцамі акцыю непадпарадкавання, а таксама пашыранасць сярод украінцаў антысеміцкіх настрояў. У выніку нават архітэктар папярэдніх двух блокаў І.Грынбаўм прызнаў гэтым разам падобнае аб'яднанне за неадпаведнае нацыянальным інтарэсам [479, s. 626].

У беларусаў адносіны з яўрэямі ў той час таксама сапсаваліся. Іх пагаршэнню паспрыялі спрэчкі беларускіх і яўрэйскіх палітыкаў у час перавыбараў у Лідскай і Свянцянскай акругах. Пра гэта казаў Ф.Ярэміч у адным са сваіх інтэрв'ю, адзначаючы адначасова, што "беларусаў з украінцамі, якіх адвеку звязаў агульны лёс, і сёння аб'ядноўваюць найлепшыя стасункі" [335, c. 61]. Таму ў час гэтых выбараў беларускія хадэкі і сельсаюзнікі дамовіліся з украінскімі арганізацыямі і заснавалі "Украінска-беларускі выбарчы блок" (УБВБ), дзяржаўны спіс якога атрымаў № 11. Стварэнне гэтага аб'яднання адпавядала праграмам абедзвюх партый [459, s. 69].

Паразуменне з украінцамі прадуглежджвала, што беларусы павінны былі праводзіць выбарчую кампанію ў Бельскай, Беластоцкай, Гродзенскай, Брэсцкай, Навагрудскай, Лідскай, Віленскай і Свянцянскай акругах. Аднак недахоп сродкаў абмежаваў магчымасці беларусаў, таму выбарчая акцыя АБВК практычна абмежавалася Навагрудчынай, Лідчынай, Віленшчынай і Свянцяншчынай. Да таго ж і БХД і БСС былі аслаблены расколам, які адбыўся ў іх шэрагах непасрэдна перад выбарамі. Ініцыятарамі расколу сталі былыя беларускія паслы А.Стэповіч (БХД) і К.Юхневіч (БСС), якім гэтым разам не знайшлося месца на спісе УБВБ. Яны стварылі асобную арганізацыю Беларускіх незалежных радыкалаў і выставілі ўласны спіс у Свянцянскай акрузе. Гэтым дзеячам удалося перацягнуць на свой бок групу моладзі з БХД, а таксама, дзякуючы радыкалізму праграмы - частку былых "змаганцаў". Абодва паслы праявілі вялікую асабістую энергію ў час кампаніі, але гэта не дало ім поспеху. Дзейнасць "незалежных радыкалаў" прывяла толькі да яшчэ большага расцярушвання беларускіх галасоў у Свянцянскай акрузе [341, k. 22 - 23].

Геаграфічна абмежаванай тэрыторыямі Віленскага і Навагрудскага ваяводства аказалася і кампанія "Цэнтрасаюза". Арганізацыя аказалася здольная да выстаўлення сваіх спісаў толькі ў тых самых акругах, што і УБВБ.

У Палескім і Беластоцкім ваяводствах беларускія нацыянальныя дзеячы дзейнасці амаль не праводзілі. Толькі камуністы зрабілі спробы выставіць спісы ва ўсіх акругах. Астатнім беларускім арганізацыям проста не хапала на гэта сіл. УБВБ, праўда, зрабіў спробу выставіць сеймавы спіс у Беластоцкай акрузе, аднак ён быў ануляваны, а кандыдаты арыштаваны [102]. У тым жа Беластоку была выдадзена беларуская аднаднёўка "Адозва!", якая заклікала да аддачы галасоў у выбарах за тых асоб, якія будуць змагацца за беларускія нацыянальныя інтарэсы. Аднак далей за гэта яе аўтары не пайшлі [457, s. 257].

Факт невядзення перадвыбарчай працы ў палескіх акругах лідэры "Цэнтрасаюза" імкнуліся выкарыстаць у барацьбе з БХД, абвінавачваючы кіраўнікоў апошняй у запраданні ўкраінцам карэнных беларускіх зямель Палесся ўзамен за абяцанне мандата з дзяржаўнага спісу [341, k. 20].

Былыя прыхільнікі БСРПК, падобна як на выбарах 1928 г., трымаліся тактыкі адначасовага выстаўлення некалькіх выбарчых спісаў. Так, у Навагрудскай выбарчай акрузе было прынята рашэнне аб выстаўленні 3-ох сеймавых спісаў і 2-ух сенацкіх [316, k. 20 - 21]. Выбарчая агітацыя камуністаў скіроўвала выбаршчыкаў на барацьбу з усімі некамуністычнымі групоўкамі: "Час выступіць адзіным рэвалюцыйным фронтам працоўных мас усіх нацыянальнасцей пад кіраўніцтвам Кампартыі на няшчадную барацьбу супраць фашысцкай дыктатуры і яго агентаў - ППС, "Стронніцтва хлопскага", "Вызвалення" і беларускіх нацыянал-фашыстаў" [40, c. 105]. Камуністы нават і не хавалі, што ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі толькі з дэманстратыўнымі мэтамі, і практычныя вынікі ў выглядзе колькасці праведзеных прадстаўнікоў іх цікавяць мала [40, c. 104]. Адна з перадвыбарчых лістовак так і называлася - "Ісьці масай да выбараў - з думкай аб узбройным паўстаньні!" [182, a. 39 - 40]. Камуністамі рабіліся спробы стварэння мясцовых выбарчых камітэтаў у вёсках і мястэчках, на прадпрыемствах у гарадах. Улады, аднак, адразу правялі арышты іх асноўных актывістаў і анулявалі ўсе акруговыя спісы. Але і пасля гэтага вялася агітацыя за галасаванне за ануляваныя спісы [234, c. 188].

Незадоўга перад выбарамі, вясною 1930 г., адбылося датэрміновае вызваленне з турмы былых паслоў БСРГ Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага і П.Мятлы, а таксама іншых лідэраў партыі Ф.Акінчыца і М.Бурсевіча. Мяркуецца, што польскія ўлады пайшлі на гэта з разлікам на выступленне аўтарытэтных дзеячаў у час будучай выбарчай кампаніі на баку памяркоўных беларускіх арганізацый і тым самым на аслабленне ўплываў камуністаў. Ф.Акінчыц лічыў, што з усімі вызваленымі дзеячамі было дасягнута папярэдняе пагадненне аб іх лаяльнасці ў абмен на свабоду. Ускосна пра гэта можа сведчыць тое, што яшчэ адзін з грамадоўскіх паслоў, П.Валошын, які ў маі 1929 г. даслаў ліст да пасла БСРПК І.Дварчаніна з выказваннем гатоўнасці працягу ранейшай лініі [40, c. 19 - 20], вызвалены ў той час не быў.

Аднак падзеі пайшлі зусім незапланавана. За падтрымку вызваленых былых грамадоўцаў адразу ж пачалося суперніцтва паміж беларускімі арганізацыямі розных напрамкаў. Так, з адзначанымі дзеячамі правялі сустрэчы лідэры "Цэнтрасаюза" А.Луцкевіч і Я.Шнаркевіч, паслы-змаганцы Я.Гаўрылік і І.Дварчанін, адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы Ф.Стацкевіч [305, k. 50 - 51]. Мала вядома пра змест гэтых размоў, як і пра іншыя падрабязнасці закуліснай барацьбы за падтрымку былых грамадоўскіх лідэраў. Аднак у рэшце рэшт Б.Тарашкевіч актыўна далучыўся да выбарчай кампаніі "Змагання", узначаліўшы яго выбарчы камітэт. Кіраваў ён выбарчай кампаніяй з тэрыторыі вольнага горада Гданьска, хоць фактычнае кіраўніцтва ажыццяўлялі мясцовыя актывісты КПЗБ [311, k. 5 - 6]. Астатнія вызваленыя грамадоўцы рашыліся на выезд у БССР. Толькі Ф.Акінчыц адмежаваўся ад камуністаў і далучыўся да "Цэнтрасаюза", узначаліўшы ў час выбараў яго кампанію.

Тарашкевіч і яго паплечнікі разгарнулі шырокую агітацыйную кампанію супраць палітычных канкурэнтаў. Былі выдадзены шэраг адозваў, у якіх іншыя беларускія арганізацыі паліваліся брудам. Пры гэтым не звярталася ўвагі на праўдзівасць інфармацыі і карэктнасць фармулёвак. Так, пра «Цэнтрасаюз» у сваіх адозвах Тарашкевіч выказваўся так: "правакатары магутнай рабоча-сялянскай арганізацыі "Грамады"; пагромшчыкі ўсіх беларускіх культурна-прасьветных арганізацый; узрыўшчыкі і падкопнікі пад ТБШ; платныя шпікі польскай дэфензівы, саджаючыя за турэмныя краты рэвалюцыйную моладзь; лёкаі польскай буржуазіі, фашызуючыя беларускія школы; разбойнікі, арганізуючыя бандыцкія напады на Беларускі сялянска-рабочы пасольскі клуб "Змаганне"; грабары сацыяльна-нацыянальнага вызваленчага руху працоўных Заходняй Беларусі; агенты і памагатыя польскага фашызму, гатовячыя ваенны напад на бацькаўшчыну працоўных - БССР" [185, a. 107]. КПЗБ выступала адкрыта з агітацыяй за спіс Сялянска-рабочага адзінства, і з яе перадвыбарчых лістовак практычна зніклі нацыянальныя акцэнты. Прапаганда камуністаў мела выразную сацыяльна-класавую і інтэрнацыянальную накіраванасць. У іншай адозве таго ж Тарашкевіча адзначалася, што "хто хоча рашуча і ўпарта змагацца за: зямлю бяз выкупу працоўным сялянам і сельска-гаспадарчым работнікам, за сямігадзінны рабочы дзень, павелічэньне заработнай платы, за звальненьне ад падаткаў работнікаў, сялянскай і гарадзкой беднаты і масаў серадняцтва, той, галасуючы за ўняважнены раб[оча]-сялянскі сьпісак "Змаганне", пойдзе пад сьцяг інтэрнацыянальнага антыфашыстоўскага рабоча-сялянскага блёку, які вядзе безупынную барацьбу проці панаваньня капіталу і яго дыктатуры - за работніцка-сялянскі ўрад, які толькі і зможа даць і забяспечыць поўнае сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне працоўных" [10, c. 4]. Праблемы чыста нацыянальныя, накшталт беларускай нацыянальнай адукацыі, у адозве наогул не закраналіся.

Гэта стала падставай для ацэнкі камуністаў з боку Беларускага нацыянальнага камітэта як "маючых няшмат агульнага з беларускай нацыянальнай справай" [385, s. 188]. Таму на далучэнне радыкалаў да агульнага беларускага нацыянальнага выбарчага фронту ніхто не разлічваў, і гаворкі пра гэта нават не вялося. Перагаворы паміж беларускімі палітычнымі сіламі абмежаваліся ў выніку толькі размовамі паміж "Цэнтрасаюзам" і БХД з БСС. Аднак лідэры «Цэнтрасаюза» імкнуліся да стварэння толькі агульнабеларускага выбарчага блока, а блок з украінцамі разглядаўся імі як дэманстратыўная палітычная акцыя. Таму лідэрам БХД і БСС было ўльтыматыўна запрапанавана адмовіцца ад яго, на што апошнія не пагадзіліся [459, s. 69]. Хутчэй за ўсё, гэта з'яўлялася толькі зачэпкай для зрыву перагавораў, сапраўднай жа яго прычынай была няздольнасць прыйсці да паразумення ў справе падзелу мандатаў.

У час выбараў 1930 г. усе беларускія арганізацыя сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі, чаму сярод іншага паспрыялі праведзеныя за некалькі месяцаў да таго выбарчыя кампаніі ў Лідскай і Свянцянскай акругах, у якіх беларусы патрацілі апошнія сродкі. У выніку толькі камуністы, якія атрымлівалі матэрыяльную дапамогу з СССР, маглі сабе дазволіць выдаць звыш 50 тысяч лістовак і адозваў, 130 тысяч лозунгаў і каля 100 тысяч розных карыкатур [107, c. 93]. Астатнія вымушаны былі звяртацца да сваіх прыхільнікаў з просьбай працаваць выключна за ідэю. Хадэкі і сельсаюзнікі разлічвалі атрымаць пэўную матэрыяльную дапамогу ад саюзнікаў-украінцаў, аднак пасля пачатку пацыфікацыі ва Ўсходняй Галіччыне і арышту ўкраінскіх паслоў папярэдняга парламента гэтая справа спынілася [341, k. 19 - 20].

Непасрэдна пасля роспуску парламента прэзідэнт Польшчы І.Масціцкі выдаў распараджэнне аб карах за выбарчыя злоўжыванні [296, s. 156]. Гэта, аднак, быў толькі фармальны дакумент. Выбарчая кампанія 1930 г. была праведзена з вялікімі парушэннямі з боку ўлад. Амаль усе спісы, выстаўленыя беларускімі левымі арганізацыямі, былі ануляваны па фармальных прычынах. Былі ануляваны таксама спісы УБВК ў Беластоцкай і Лідскай акругах. Астатнім партыям і арганізацыям рабіліся розныя перашкоды. У Палескім ваяводстве ў час выбараў у Сенат былі пакінуты толькі 2 выбарчыя спісы: № 1 (ББСУ) і № 17 Блока абароны правоў яўрэйскай нацыянальнасці [446, s. 127]. Праводзіліся арышты выбарчых актывістаў. Здараліся нават факты фізічнай ліквідацыі ўпаўнаважаных апазіцыйных спісаў, як гэта здарылася з упаўнаважаным камуністычнага спісу ў Брэсце [128, c. 3].

Арганізатары выбарчай кампаніі ва ўсходніх ваяводствах нават не хавалі таго, што імі пры яе правядзенні былі зроблены значныя злоўжыванні. Адзін з іх, Т.Галуўка, публічна заяўляў: "Аб'ектыўна мушу сказаць, што вельмі нам дапамог - вельмі яму за гэта ўдзячны - пасол Пужак, бо ён быў у галоўнай выбарчай камісіі, якая пры дапамозе графолага анулявала ўсе камуністычныя спісы ў колькасці, здаецца, шасці, сярод іх і спіс "Змагання"... Калі ж лакальныя камуністычныя спісы не дайшлі да акруговых выбарчых камісій, то гэта, на самой справе, сведчыць толькі пра тое, што наша адміністрацыя працуе належным чынам і на нашых ускраінах камунізм сёння не можа гаспадарыць так, як гаспадарыў перад гэтым" [453, s. 261]. А. Айнэнкель пісаў пра "арганізаваныя там (на т. зв. "крэсах" - А. П.) у вёсках пасля набажэнстваў кур'ёзныя шэсці, на чале якіх знаходзіўся праваслаўны святар, а ў канцы паліцыянт. Яны згуртавана "дэманстратыўна" маршыравалі да выбарчых участкаў, дзе адкрыта ўкладвалі ў урны папярэдне атрыманыя нумаркі з "адзінкай" [296, s. 159]. У дачыненні да тых, хто супраціўляўся, прымянялася практыка штрафавання за парушэнні, непасрэдна з выбарамі не звязаныя. Адзін з актывістаў выбарчай кампаніі з Пінска дакладваў у справаздачы: "Паліцыя пачала... штрафаваць сялян за што папала. За багры па 25 злотых, за коміны, за брамы... Калі не было да чаго прычапіцца, то за тое, што куры сядзелі пад печчу, а ў нас то ў кожнай гаспадарцы куры пад печчу. У час выбараў штрафы сыпаліся за тое, што дзіця адзін дзень да школы не пойдзе - па 10 злотых... То ўсё за тое, што не галасавалі за № 1" [186, a. 150]. Ва ўмовах невысокай грамадскай свядомасці і адпаведна малой ахвярнасці насельніцтва падобная практыка прыносіла пажаданы плён. Уладамі праводзілася агітацыя супраць прынцыпу тайнасці галасавання, і ўсе прыхільнікі маршала Пілсудскага заклікаліся галасаваць "адкрыта і дэманстратыўна", так, каб укінуты нумар быў "добра бачны ўсім, хто знаходзіцца ў пакоі, а таксама членам Выбарчага камітэта" [313, k. 64]. Зробленыя парушэнні сталі падставай для выслання Беларускім нацыянальным загранічным камітэтам 21 жніўня 1931 г. петыцыі ў Сакратарыят Лігі нацый [313, k. 55 - 57].

Праўрадавы ББСУ выступаў на выбарах, як і ў 1928 г., пад нумарам 1. Менавіта дзеля яго поспеху на выбарах былі прыкладаліся намаганні мясцовай адміністрацыі. Пры гэтым рэпрэсіі ў час выбараў прымяняліся не толькі супраць беларускіх арганізацый, але наогул супраць любой апазіцыі да санацыйнага рэжыму.

Выбарчыя спісы ББСУ складаліся мясцовымі органамі ўлады і ўзгадняліся ваяводамі. Працягвалася практыка 1928 г. змяшчэння на іх прозвішчаў кандыдатаў з ліку мясцовых праваслаўных беларусаў "польскай культуры". Часцей за ўсё гэтым асобам адводзілася чыста прадстаўнічая роля, і ставіліся яны на даволі далёкіх месцах. Так, праваслаўныя кандыдаты ў Навагрудскай акрузе Г.Шыманоўскі і П.Курусь атрымалі ў мясцовым спісе ББСУ толькі 4-е і 7-е месцы адпаведна (усяго з акругі выбіраліся 6 паслоў) [450, s. 128]. Аднак сам факт прысутнасці такіх людзей у спісе і нават атрыманне некаторымі з іх пасольскіх мандатаў шырока выкарыстоўваўся ў прапагандысцкіх мэтах як унутры краіны, так і за яе межамі [313, k. 69].

Вынікі выбарчай кампаніі ў польскі парламент у 1930 г. ў акругах з вялікай колькасцю беларускага насельніцтва былі практычна аднолькавыя: амаль усе пасольскія і сенатарскія мандаты атрымаў Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам. Толькі ў Беластоцкім ваяводстве і ў Вільні некалькі мандатаў удалося атрымаць польскім правым партыям і Цэнтралеву. Вынікі беларускіх партый былі слабымі: у Навагрудскай акрузе № 61 спіс Украінска-беларускага блока № 11 здабыў 1789 галасоў, а спіс № 22 «Цэнтрасаюза» - 3623 голаса. У Лідскай акрузе № 62 спіс № 22 атрымаў 3487 галасоў. У Віленскай акрузе № 63 за Украінска-беларускі блок было пададзена 309 галасоў (з іх 132 - у Вільні), за «Цэнтрасаюз» - 21 голас (10 - у Вільні). У Свянцянскай акрузе № 64 галасы паміж трыма выстаўленымі тут беларускімі спісамі размеркаваліся наступным чынам: Украінска-Беларускі блок - 5435 галасоў, «Цэнтрасаюз» - 5249 галасоў, спіс Беларускіх незалежных радыкалаў - 1997 галасоў. На выбарах у сенат Украінска-беларускі блок набраў у Віленскім ваяводстве 1775 галасоў і ў Навагрудскім - 624 галасы, "Цэнтрасаюз" - 1219 і 525 адпаведна [446, s. 116 - 119, 126 - 127]. Такая колькасць атрыманых галасоў выбаршчыкаў не дазваляла правесці ніводнага пасла ці сенатара. У выніку толькі лідэр БСС Ф.Ярэміч атрымаў пасольскі мандат з дзяржаўнага спісу Украінска-беларускага блока. Беларускае парламенцкае прадстаўніцтва было практычна ліквідавана, хоць са спісу ББСУ прайшлі яшчэ ў сейм праваслаўныя паслы Г.Шыманоўскі (Навагрудская акруга) і В.Куц (Лідская акруга), а таксама сенатар В.Сядун з Навагрудскага ваяводства. Пасля забойства ў 1931 г. пасла Т.Галуўкі на яго месца ўвайшоў яшчэ адзін праўрадавы беларус П.Курусь [450, s. 128]. Ад нацыянальных спраў гэтыя парламентарыі, аднак, былі даволі далёкія і ў парламенце адыгрывалі ролю звычайных статыстаў. Толькі Шыманоўскі праводзіў пэўную дзейнасць, скіраваную на абарону рэлігійных правоў праваслаўнага насельніцтва.

Улічваючы ўмовы правядзення выбараў, пра аналізе і ацэнцы іх вынікаў узнікаюць пэўныя цяжкасці. А.Айнэнкель лічыць, што, нягледзячы на ўсе парушэнні, у час т. зв. "брэсцкіх" выбараў іх удзельнікі маглі зрабіць канкрэтны палітычны выбар. Доказам гэтага, на яго думку, з'яўляецца аддача 53,2% галасоў выбаршчыкаў па ўсёй Польшчы за праціўнікаў урадавага лагера [296, s. 161]. Аднак непраўдападобна высокі працэнт прагаласаваўшых за ББСУ на тэрыторыі паўночна-ўсходніх выбарчых акруг дае падставы сумнявацца ў правамернасці падобных высноў прынамсі ў дачыненні да гэтых акруг.

Некаторыя польскія даследчыкі, аналізуючы вынікі гэтых выбараў, адзначалі, што вялікую ролю ў дасягненні перамогі ББСУ, акрамя шматлікіх фальсіфікацый, адыграў асабісты аўтарытэт сярод насельніцтва Ю.Пілсудскага [361, s. 77; 450, s. 129]. Падобныя сцверджанні можна прызнаць слушнымі для тэрыторыі цэнтральных ваяводстваў Польшчы, аднак у дачыненні да беларускага насельніцтва апеляцыя да аўтарытэту Пілсудскага некарэктная. З першых дзён усталявання польскай улады на беларускіх тэрыторыях у 1919 г. польскія цывільныя і вайсковыя ўлады праводзілі гвалтоўную палітыку ў дачыненні да беларускага насельніцтва, што выклікала непрыхільнае стаўленне да польскай дзяржавы. Гэта адпаведна азначала і непрыязь да яе стваральніка і ўмацавальніка, якім быў Пілсудскі. Пра адсутнасць вялікага аўтарытэту кіраўніка дзяржавы сярод беларускіх сялян сведчыць і поўны правал падтрыманага самім маршалам і ўзначаленага яго родным братам Дзяржаўнага аб'яднання на крэсах на дастаткова дэмакратычных выбарах 1922 г. Акрамя таго, рэзкі колькасны рост відавочна апазіцыйнай ў адносінах да польскіх улад БСРГ адбыўся пасля дзяржаўнага перавароту Пілсудскага ў 1926 г.

Патрэбна яшчэ дадаць, што выбары 1930 г. адбываліся ва ўмовах цяжкага эканамічнага крызісу, які закрануў усе галіны гаспадаркі. Так, за перыяд з 1928 да 1930 гг. кошт жыта знізіўся на 52,3%, бульбы - на 52,6%, малака - на 19,7%, буйной рагатай жывёлы - на 14,7%, свіней - на 7,3% [375, s. 189]. Прыбыткі большасці сялянскіх гаспадарак у 4-ох паўночна-усходніх ваяводствах Польшчы за гэты перыяд знізіліся амаль на 40% [236, c. 54]. Вельмі сумнеўна, каб пры такіх умовах маглі масава змяняцца ў лепшы бок негатыўныя і да крызісу адносіны да дзяржаўнага кіраўніцтва.

Пэўная доля ісціны ёсць у словах С.Элскага, які сцвярджаў, што "выбары ў Сейм і Сенат несумненна паказваюць, што шырокія масы крэсовага насельніцтва паверылі ў рэальнасць польскай дзяржаўнасці і зразумелі, што да дабрабыту і спакою вядзе ніякi іншы шлях, як менавіта той, які паказвае дзяржаўная польская думка" [357, s. 74]. Пры выбарах у 1922 г. і нават у 1928 г. у насельніцтва сапраўды існавалі настроі, што польская дзяржаўнасць на т. зв. "усходніх крэсах" нетрывалая і непазбежны хуткі пергляд межаў. У 1930 г. трываласць польскай дзяржаўнасці ўжо мала падвяргалася сумненню, а падзеі ў БССР (расправа над нацыянальнымі дзеячамі, пачатак калектывізацыі) паспрыялі аслабленню прасавецкіх сімпатый. Гэта тэндэнцыя ў пэўнай ступені закранула і тых дзеячаў, якія дагэтуль у той ці іншай ступені супрацоўнічалі з БСРПК. Некаторая іх частка перайшла на нацыянальныя пазіцыі і далучылася да іншых беларускіх арганізацый. Так, на спісах «Цэнтрасаюза» апынуліся былыя прыхільнікі БСРПК К.Крук і І.Малец [310, k. 50 - 52]. Ёсць звесткі пра імкненне навязаць кантакты з мясцовымі нацыянальнымі дзеячамі з боку Беластоцкага акруговага камітэта КПЗБ [128, c. 9].

Праведзеныя рэпрэсіі і фальсіфікацыі не даюць магчымасці ацаніць сапраўдны памер уплываў беларускіх арганізацый сярод насельніцтва Заходняй Беларусі. Пэўныя высновы, аднак, зрабіць можна. Так, бясспрэчна пацвердзілася недастатковая палітычная спеласць і актыўнасць беларускага насельніцтва. Гэта дазволіла ўладам дасягнуць такіх добрых для сябе вынікаў. Вялікую ролю адыгралі зусім сціплыя практычныя дасягненні беларускіх прадстаўнікоў у парламентах папярэдніх двух скліканняў, што прывяло да расчаравання ў эфектыўнасці парламенцкіх метадаў барацьбы. Жыхар Пастаўскага павета (Свянцянская выбарчая акруга) В.Мядзёлка занатаваў у сваім дзённіку: "Галасавалі зусім мала з прычыны пагоды, а найбольш тое, што ў народа паўстала апатыя да ўсяго палітычнага з прычыны тэрору, ... людзі страцілі давер у галасаванне, а хто і галасаваў, то за № 1, Пілсудскага, здаліся на яго ласку і будуць глядзець, што ён зробіць" [152, c. 149].

Пра тое, што пры большай кансалідацыі вынікі выбараў маглі б быць зусім іншымі, сведчыць прыклад Заходняй Украіны. Украінцы ўдзельнічалі ў выбарах у сітуацыі, калі ва Ўсходняй Галіцыі польскімі ўладамі праводзілася жорсткая пацыфікацыя. Большасць заходнеўкраінскіх палітычных лідэраў былі арыштаваны, ціск на насельніцтва быў непараўнальна большы, чым у Заходняй Беларусі. Але такая сітуацыя яшчэ больш згуртавала заходнеўкраінскую грамадскасць. Упершыню з 1922 г. нацыянальныя партыі аб'ядналіся, а насельніцтва, нягледзячы на рэпрэсіі, у значнай сваёй частцы галасавала за ўкраінскіх кандыдатаў. У выніку спіс № 11 атрымаў ва Усходняй Галіцыі 30,8% галасоў, а на Валыні - 12,6%. Былі праведзены 21 пасол (адзін з іх - беларус Ф.Ярэміч, які прайшоў па дзяржаўнаму спісу) і 4 сенатары [105, c. 75 - 76].

У Заходняй Беларусі падзеі пайшлі па іншаму сцэнарыю. Беларускія дзеячы не здолелі пераступіць праз уласныя амбіцыі і пайшлі на выбары асобнымі групамі, некаторыя з якіх не мелі сур'ёзных праграмных адрозненняў. Асабістыя інтарэсы лідэраў былі пастаўлены вышэй за нацыянальныя. Адбыўся падзел і без таго не вельмі моцных сіл, што прадвызначыла поўны правал на выбарах. Гэта дазваляе зрабіць выснову аб незавершанасці працэсу фарміравання беларускай нацыянальнай эліты, што стала адной з галоўных прычын наступных несумненных поспехаў польскай дзяржаўнай палітыкі 1930-х гадоў, накіраванай на асіміляцыю беларусаў і знішчэнне беларускага нацыянальнага руху.

З афіцыйных вынікаў выбараў можна, аднак, зрабіць і такую выснову, што намаганні беларускіх дзеячаў па нацыянальнаму ўсведаменню насельніцтва не прайшлі зусім дарма. «Цэнтрасаюз», Украінска-беларускі блок і Беларускія незалежныя радыкалы ішлі на выбары з выразна нацыянальнымі лозунгамі, і за іх усіх агулам на выбарах у сейм былі аддадзены 21910 галасоў. Улічваючы, што гэтым разам не заключаўся выбарчы саюз з яўрэямі і дэманстратыўна асобна ішлі камуністы з іх інтэрнацыянальнай ідэалогіяй, гэтых людзей можна лічыць прыхільнікамі беларускай нацыянальнай ідэі. Прытым прыхільнікамі дастаткова перакананымі, бо ва ўмовах ціску, рэпрэсій і непрыхаванага прасоўвання кандыдатаў урадавага блока аддача голаса за іншы спіс наўрад ці магла адбывацца выпадкова і несвядома.

Колькасць прагаласаваўшых за беларускія спісы, безумоўна, складала невялікую долю ў агульнай колькасці выбаршчыкаў у Віленскім і Навагрудскім ваяводствах, дзе былі выстаўлены беларускія спісы - усяго 3,25%. Аднак гэта лічба адлюстроўвае толькі мінімальны парог уплываў беларускіх арганізацый. Пры ўмове дэмакратычных выбараў яна была б, несумненна, большай. Таму варта адзначыць як пазітыў той факт, што беларускі нацыянальны рух у канцы 20-х-пачатку 30-х гадоў ужо меў пэўнае кола сваіх перакананых прыхільнікаў, і іх колькасць дасягала дзесяткаў тысяч толькі ў заходняй частцы Беларусі.

Выбары 1930 г. былі апошнімі выбарамі ў міжваеннай Польшчы, у якіх прымалі ўдзел беларускія нацыянальныя арганізацыі. Наступныя выбары ў 1935 г. праходзілі ўжо паводле новага выбарчага закона, які канчаткова ператвараў іх у фармальнасць. Таму ўсе беларускія групы прынялі рашэнне аб байкоце выбараў. Сітуацыя паўтарылася і ў 1938 г. Такім чынам, выбары 1930 г. сталі апошняй магчымасцю для беларусаў праверыць свае сілы ў выбарчай барацьбе і засведчылі паглыбленне крызісу ў беларускім нацыянальным руху, які доўжыўся ад разгрому Грамады і які не ўдалося пераадолець да самага канца існавання ІІ Рэчы Паспалітай.


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Вопыт парламенцкага змагання беларускіх арганізацый у міжваеннай Польшчы сведчыць, што беларускі нацыянальны рух пасля арганізацыйнага перыяду пачатку ХХ ст. да пачатку 1920-х гг. здолеў выйсці на палітычную арэну ў якасці самастойнай актыўнай сілы.

1. Рашэнні спачатку аб байкоце выбараў у Віленскі сейм, а затым аб удзеле ў выбарах у польскі парламент у 1922 г. прымаліся лідэрамі заходнебеларускіх нацыянальных арганізацый з улікам наяўнай міжнароднай сітуацыі. Да 1922 г. беларускія палітыкі мелі рэальныя надзеі на прыняцце еўрапейскімі дзяржавамі рашэння аб перадачы Віленскай зямлі Літве. Такое вырашэнне "віленскага пытання" ацэньвалася імі як больш карыснае для беларускай справы, чым прызнанне Віленскай зямлі польскай, бо літоўскі ўрад, у адрозненне ад польскага, абяцаў беларусам шырокую аўтаномію. Пасля пастановы Віленскага сейма ў сакавіку 1922 г. аб далучэнні Віленшчыны да Польшчы пытанне аб будучай дзяржаўнай прыналежнасці гэтай тэрыторыі фактычна вырашалася. Уключэнне ўсіх заходнебеларускіх зямель у склад Польскай Рэспублікі выглядала непазбежным. У сувязі з гэтым заходнебеларускія нацыянальныя дзеячы вымушаны былі перагледзець сваю ранейшую тактыку, пераходзячы ад змагання за нацыянальную незалежнасць да абароны правоў беларускага насельніцтва ў межах польскай дзяржавы [218; 228].

2. Усе выбарчыя кампаніі ў польскі парламент, у якіх удзельнічалі беларускія арганізацыі, адбываліся ў розных палітычных абставінах, што абумовіла розніцу ў метадах іх правядзення. Калі выбары 1922 г. былі адносна дэмакратычнымі, то выбары 1928 і асабліва 1930 гг. праходзілі пад моцным ціскам улад з шырокім выкарыстаннем апошнімі т. зв. "адміністрацыйнага рэсурсу". Гэта адбівалася і на выніках, якіх удавалася дасягнуць у час выбараў беларускім нацыянальным арганізацыям. Аднак, хоць знешне кожная з кампаній паказвала змяншэнне ўплываў беларускіх партый, удзел ва ўсіх выбарах і наступная праца ў заканадаўчых органах міжваеннай Польшчы безумоўна палегчылі заходнебеларускім дзеячам арганізацыйную працу сярод насельніцтва. У час выбарчых кампаній беларускія дзеячы здолелі дабрацца да многіх раней недаступных ім мястэчак і вёсак і ўцягнуць у працу шмат асоб, якія перад гэтым не бралі ўдзелу ў беларускім руху. Гэта паспрыяла хоць і адносна невялікаму, але несумненнаму павышэнню ўзроўню нацыянальнай свядомасці беларусаў у Польшчы. Акрамя таго, выбарчыя кампаніі і наступная праца ў парламенце садзейнічалі развіццю саюзніцкіх адносін беларусаў з іншымі нацыянальнымі меншасцямі Польшчы [221; 222; 225; 226; 227].

3. Беларускае парламенцкае прадстаўніцтва практычна адразу пасля свайго стварэння стала сапраўдным грамадска-палітычным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы. Такі яго статус прадвызначаўся перш за ўсё становішчам беларускіх паслоў і сенатараў як легітымных прадстаўнікоў заходнебеларускага насельніцтва, атрымаўшых свае паўнамоцтвы з рук самога народа. Ранейшы цэнтр заходнебеларускага руху - Віленскі Беларускі нацыянальны камітэт, не меў падобнага статусу, і таму з цягам часу займеў падпарадкаванае становішча ў адносінах да БПК. Усе працэсы, якія адбываліся ўнутры беларускага парламенцкага прадстаўніцтва, мелі вялікае ўздзеянне на агульны стан усяго беларускага руху. Дэпутаты парламента, як правіла, уваходзілі ў кіраўнічыя органы большасці іншых заходнебеларускіх нацыянальных арганізацый. Такое становішча захоўвалася на працягу ўсіх 20-х гг. ХХ ст. [219; 220; 223; 224; 396]

4. На прыкладзе дзейнасці беларускіх парламентарыяў выразна відаць эвалюцыя адносін прадстаўнікоў заходнебеларускай нацыянальнай эліты ў дачыненні да польскай дзяржавы. Спачатку яны стаялі на пазіцыі "будавання беларускага нацыянальнага дома з апорай на Польшчу" і займалі лаяльную пазіцыю ў адносінах да гэтай дзяржавы, што знайшло сваё адлюстраванне ў рашэнні прыняць удзел у выбарах прэзідэнта Польшчы ў снежні 1922 г. і асабліва ў аказанні вотуму даверу ўраду У.Сікорскага ў студзені 1923 г. Аднак па прычыне адсутнасці саступак з боку польскіх улад беларускія парламентарыі хутка пераканаліся ў нерэальнасці надзей на дапамогу з боку Польшчы і перайшлі да безумоўнай апазіцыі ў дачыненні да ўсіх урадаў. Змяніліся з часам і адносіны да польскіх партый левага палітычнага напрамку. Калі спачатку беларускія парламентарыі ўспрымалі апошніх як сваіх патэнцыяльных саюзнікаў у змаганні за сацыяльныя правы, то пасля несупадзення пазіцый па некаторых прынцыповых пытаннях практычна адмовіліся ад далейшага супрацоўніцтва з імі. Галоўнымі прычынамі гэтага была радыкалізацыя настрояў беларускіх паслоў і сенатараў пад уплывам пазітыўных працэсаў у БССР і немагчымасць прыняцця лідэрамі польскіх дэмакратычных партый узросшых беларускіх патрабаванняў. Толькі ў канцы 1920-х гг., пад уплывам нарастання негатыўных з'яў у СССР і кароткачасовай адноснай лібералізацыі польскай дзяржаўнай палітыкі, памяркоўная частка беларускіх парламентарыяў перагледзела сваю пазіцыю ў дачыненні да супрацоўніцтва з левымі польскімі сеймавымі фракцыямі і здолела ў саюзе з імі дабіцца ад урада выдзялення крэдытаў на патрэбы беларускай адукацыі.

Практычныя вынікі парламенцкага змагання прадстаўнікоў заходнебеларускага грамадства ў 1920-х гг. аказаліся меншымі, чым чакалася, у першую чаргу таму, што польскія ўлады не ўспрымалі беларускі нацыянальны рух як сур'ёзны палітычны фактар, і таму не лічылі патрэбным рабіць сур'ёзныя саступкі на яго карысць. Тым не менш, беларускае парламенцкае прадстаўніцтва ў міжваеннай Польшчы адыграла істотную для свайго народа ролю, ужо самой сваёй прысутнасцю ў сейме і сенаце засведчыўшы існаванне беларускай праблемы ў польскай дзяржаве. Статус афіцыйных прадстаўнікоў беларускага насельніцтва Польшчы дадаваў аўтарытэту голасу беларускіх дзеячаў і на міжнароднай арэне. Яны неаднаразова выкарыстоўвалі свае паўнамоцтвы для зваротаў са скаргамі ў аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі, і тым самым звярталі ўвагу сусветнай супольнасці на невыкананне польскімі ўладамі сваіх абавязальніцтваў па забеспячэнні правоў нацыянальных меншасцей [220; 223; 224; 244; 396].

5. На дзейнасць беларускага прадстаўніцтва ў польскім парламенце значны ўплыў аказалі знешнія фактары. Галоўным з іх была ўнутраная і замежная палітыка, якую ажыццяўлялі камуністычныя ўлады суседняга СССР. Менавіта пад уплывам камуністаў у чэрвені 1925 г. адбыўся падзел БПК, пасля чаго беларускае парламенцкае прадстаўніцтва перастала існаваць як інстытут, што аб'ядноўваў заходнебеларускі нацыянальны рух. Падобныя цэнтрабежныя працэсы адбываліся тады таксама ў Украінскім пасольскім клубе і парламенцкіх фракцыях левых польскіх партый, але ў выпадку БПК яны мелі спецыфіку па прычыне дзейнасці якраз у той час т. зв. "сэцэсіі" ў КПЗБ, з лідэрамі якой частка беларускіх дэпутатаў мела цесныя сувязі. Пасля падзелу паасобныя беларускія фракцыі сталі адыгрываць кіраўнічую ролю толькі для пэўных частак нацыянальнага руху. Галоўным падзяляльным фактарам стала пытанне вылучэння на першы план у сваёй дзейнасці нацыянальных або класавых патрабаванняў. Асабліва яскрава адзначаныя супярэчнасці праявіліся ў час дзейнасці парламента ІІ склікання ў суперніцтве паміж пасламі БСРПК "Змаганне" з аднаго боку і Беларускага пасольскага клуба і Я.Станкевіча з другога [220; 221; 223; 396].

6. Асноўнымі прычынамі фактычнага спынення заходнебеларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў канцы 1920-х гг. арганізаванага парламенцкага змагання сталі як скіраваная на ўзмацненне выканаўчай улады і падпарадкаванне ёй заканадаўчай дзяржаўная палітыка, прынятая на ўзбраенне пасля майскага перавароту 1926 г., так і адсутнасць адзінства ў асяродку заходнебеларускага нацыянальнага руху. Раздрабленню беларускіх сіл спрыялі асабістыя амбіцыі асобных лідэраў беларускіх партый і арганізацый. У час выбарчых кампаній і парламенцкай працы шмат сіл і сродкаў беларускія палітыкі гублялі на барацьбу паміж сабой пры наяўнасці моцнага агульнага праціўніка - польскіх улад і палітычных партый. У той жа час праграмныя адрозненні паміж палітычнымі апанентамі часта былі мінімальныя. Такая сітуацыя негатыўна адбівалася на эфектыўнасці дзеянняў беларускіх палітыкаў, што асабліва яскрава праявілася ў час выбарчых кампаній 1928 і 1930 гг., а таксама ў час працы ў парламенце ІІ склікання ў 1928-1930 гг. Няздольнасць паставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй за асабістыя сведчыла пра незавершанасць працэсу фарміравання заходнебеларускай палітычнай эліты [217; 220; 223; 226; 227].

У цэлым дзейнасць заходнебеларускіх прадстаўнікоў у польскім парламенце ў 1920-я гг. стала адметнай з'явай у гісторыі развіцця беларускага нацыянальнага руху. Яе можна расцэньваць як зараджэнне беларускага парламентарызму ў сучасным разуменні гэтага слова. Працяглы час гэты вопыт заставаўся незапатрабаваным, аднак на сучасным этапе развіцця беларускай дзяржаўнасці ён безумоўна павінен улічвацца.


СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ

1. Аб Сойме у Вільні // Беларускія ведамасьці. - 1921. - 7 ліст. - С. 4.

2. Адамушка У. І. Гаўрылік Язэп Емяльянавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2: Беліцк - Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. - Мінск, БелЭН, 1994. - С. 498 - 499.

3. Адамушка У. І. Ігнат Дварчанін - рэвалюцыянер, гісторык, паэт // Сыны і пасынкі Беларусі / Уклад. Барыс С. В. - Мінск: Полымя, 1996. - С. 257-264.

4. Адамушка У. Мятла Пётр Васілевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5: М - Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 1999. - С. 251.

5. Адамушка У. І. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі / Уклад. Барыс С. В. - Мінск: Полымя, 1996. - С. 267-282.

6. Адамушка У. І. Язэп Амяльянавіч Гаўрылік // Беларускі гістарычны часопіс. - 1995. - № 2. - С. 174-182.

7. Аддзел рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі (ЦНБ) імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Ф.4. Воп. 1. Адз. зах. 62.

8. Аддзел рукапісаў ЦНБ імя Я.Коласа НАНБ. Ф. 4. Воп. 1. Адз. зах. 69.

9. Адзіны фронт // Змаганне. - 1923. - 2 сьнеж. - С. 1.

10. Акінчыц Ф. Правакацыя беларускага народу. - Вільня: Друк. У.Знамяроўскага, 1933. - 36 с.

11. Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подгот. к печати, введение и комментарии В. Н. Михнюка, Н. М. Климовича и А. Н. Гесь. - Минск: БелНИИДАД, 1997. - 204 с.

12. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. - Вільня-Mенск-Нью-Йорк-Прага: БІНіМ; Тав. беларускага пісьменства "Наша ніва", 1998. - С. 851 - 1721.

13. Арэхва М.С. Рэвалюцыйны рух у Заходняй Беларусі ў гады белапольскай акупацыі. - Мінск: Белдзяржвыдавецтва, 1958. - 32 с.

14. Асноўныя тэзісы плятформы Беларускага Цантральнага Выбарнага Камітэту, прынятыя на Конфэрэнцыі ў Вільні 9 - 10 жніўня 1922 г. // Беларускі звон. - 1922. - 8 вер. - С. 1.

15. Атаман Іскра (С.Хмара). Партызанскімі сцежкамі // Слонімскі край. - 2000. - № 1. - C. 35 - 57.

16. Багдановіч В. Беларускі Пасольскі Клюб і яго праца ў Сойме і Сэнаце ў 1922-1927 г. // Праваслаўная Беларусь. - 1928. - 10 студз. - С. 4 -6.

17. Багдановіч В. Беларускі Пасольскі Клюб і яго праца ў Сойме і Сэнаце ў 1922-1927 г. (аканчаньне) // Праваслаўная Беларусь. - 1928. - 28 студз. - С. 10 - 13.

18. Багданскі Я., Бабровіч Л. Аб клясавай барацьбе ў Заходняй Беларусі ў часы Беларускай сялянска-работніцкай грамады. - Менск: Друкарня БАН, 1932. - 72 с.

19. Багданчук А. І. У барацьбе за правядзенне нашых дэпутатаў у польскі сейм // У суровыя гады падполля. Успаміны былых членаў КПЗБ - актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. - Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. - С. 103 - 113.

20. Бандарэнка М. Ігнат Дварчанін // Полымя. - 2000. - № 6. - С. 116 - 129.

21. Барацьба завастраецца // Беларуская доля. - 1925. - 9 крас. - С. 1.

22. Барун П. Выкрыцьце правакатарскай банды Луцкевіча-Дварчаніна - перамога нацыянальна-вызваленчага руху на Заходняй Беларусі. - Вільня, 1933. - 23 с.

23. "Бацька" Балаховіч рабуе наш Край // Беларускі Звон. - 1922. - 7 кастр. - С. 3.

24. Башко А. П. Сымон Рак-Міхайлоўскі: жыццяпіс славутага беларускага рэвалюцыянера // Ашмяншчына: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай знакамітым людзям, гісторыка-архітэктурным помнікам, гістрычным падзеям і мясцінам Ашмяншчыны ў ХVІ-ХХ стагоддзях, праведзенай 15 кастрычніка 1993 г. - Гродна-Ашмяны, 1995. - С. 98-101.

25. Беларуская сялянска-работніцкая грамада. - Менск: Белдзяржвыдавецтва, 1928. - 55 с.

26. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 172.

27. БДАМЛіМ. Ф.3. Воп. 1. Адз. зах. 195.

28. БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 206.

29. БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 207.

30. БДАМЛіМ. Ф. 3. Вoп.1. Адз. зах. 208.

31. БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 209.

32. БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 212.

33. БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 213.

34. Беларускі календар на 1923 год. - Вільня: Друкарня «Друк», б. г. - 40 с.

35. Беларускі календар на 1929 год. - Вільня: б. м., б. г. - 223 с.

36. Беларускі партызан: Месячн. безпартыйная часопісь Змагароў за Бацькаўшчыну // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1994. - Nr. 1. - S. 138-161.

37. Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1996. - 192 с.

38. Бернштэйн І. Г. Выбары ў польскі сейм у Пінску // У суровыя гады падполля. Успаміны былых членаў КПЗБ - актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. - Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. - С. 124 - 127.

39. Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Документы и материалы: Сб.: В 2 томах. Т. 1 (1921-1929 гг.). - Минск.: Госиздат БССР, 1962. - 620 с.

40. Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Документы и материалы: Сб.: В 2 томах. Т. 2 (1929 - 1939 гг.). - Минск: Беларусь, 1972. - 560 с.

41. Бюджэтныя крэдыты на беларускую асьвету // Наперад. - 1930. - 19 лют. - С. 1.

42. Бюлетэнь Беларускага Пасольскага Клюбу. - Вільня, 1925. - № 1 - 3.

43. Бюлетэнь Пасольскага Клюбу Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады. - Вільня, 1925. - № 1 - 7.

44. Бюлетэнь Соймавага Клюбу «Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада». - Вільня, 1926. - № 8 - 16.

45. В. Б. Якім шляхам? // Праваслаўная Беларусь. - 1927. - 15 кастр. - С. 2.

46. Вабішчэвіч А. М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). - Брэст: БрДУ, 2004. - 116 с.

47. Вабішчэвіч А. М. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. - 1994. - № 2. - С. 38 - 46.

48. Вабішчэвіч А. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2001. - С. 88.

49. Вабiшчэвiч А. Станкевіч Адам Вікенцьевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2001. - С. 403.

50. Вабiшчэвiч А., Ляхоўскі У. Станкевіч Янка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2001. - С. 404.

51. Вабішчэвіч А. Уласаў Аляксандр Мікітавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2001. - С. 578-579.

52. Валахановіч А.І., Міхнюк У. М. Споведзь у надзеі застацца жывым. - Мінск: БелНДІДАС,1999. - 197 с.

53. Валевіч І. Р. Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі (успаміны падпольшчыка 1921-1925 гг.). - Менск: Агітмассектар, 1935. - 48 с.

54. Васілеўскі Ю. Кахановіч Міхаіл Сілуянавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 4: Кадэты - Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 1997. - С. 153.

55. Вастрожная справа ў Польшчы (Прамова пас. Ярэміча ў Сойме 28.Х.25 пры першым чытаньні ўставу аб вязьніцтве) // Жыцьцё беларуса. - 1925. - 12 ліст. - С. 2.

56. Вашкевіч А. Ксёндз Адам Станкевіч // Куфэрак Віленшчыны. - 2005. - №1 (10). - С. 4-35.

57. Вашкевіч А., Нарэль Дз. Сымон Якавюк: адраджэнец, спекулянт, манархіст і савецкі дыверсант // Arche = Пачатак. - 2005. - № 5. - С. 176 - 232.

58. Вільня, 17 красавіка 1921 г. // Беларускі звон. - 1921. - 17 крас. - С. 1.

59. Вілянчук. Раней і цяпер // Наша Думка. - 1921. - 7 студз. - C. 1.

60. Віхраў А. А. Баявы памочнік КПЗБ (1921-1928 гг.). - Мінск: БДУ, 1975. - 128 с.

61. Вихрев А. А. Борьба комсомола Западной Белоруссии за экономические и политические интересы трудящейся молодёжи. - Минск: Наука и техника, 1971. - 24 с.

62. Воткович Г. Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929-1933 гг.). - Минск: Изд-во БГУ, 1975. - 128 с.

63. Вынікі выбарчай кампаніі ў Заходняй Беларусі (рэзалюцыя, прынятая ІХ Пленумам ЦК КПЗБ) // Рэзалюцыі ІХ-га Пленуму ЦК КПЗБ. - Вільня: Выд-ва КПЗБ, 1928. - 62 с.

64. Галасы Расейцаў // Праваслаўная Беларусь. - 1928. - 7 сак. - С. 4 - 5.

65. Гарадоцкі А. Як беларуская Хадэцыя гандлюе крывёю рабочых і сялян. - Вільня, 1934. - 34 с.

66. Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя / Нав.-рэд. савет: У. Конан (адк. рэд.) і інш. - Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. - 752 с.: іл.

67. Гесь А., Ліс А. Каліноўскі Уладзімір Сямёнавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 4: Кадэты - Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 1997. - С. 33.

68. Гісторыя Беларускай ССР у 5-ці тамах. Т. 4. - Мінск: Навука і тэхніка, 1975. - 640 с.

69. Глагоўска Л. Браты Стаповічы // Беларусіка=Albaruthenica: Кн. 8: Беларусь - Расія - Японія = Беларусь - Россия - Япония: Матэрыялы Першых Астравецкіх краязнаўчых чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча / Рэд. Г. Брэгер і інш. - Мінск: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. - С. 70 - 76.

70. Глагоўска Л. З дзейнасці беларускіх парламентарыяў на Гродзеншчыне ў 1922-1930 г. // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа: Зб. навук. прац / Адк. рэд. А. М. Пяткевіч. - Гродна: ГрДУ, 2003. - С. 128 - 137.

71. Глагоўская А. Кар'еру пачынаў у Цеханаўцы // Спадчына. - 1994. - № 6. - С. 13 - 18.

72. Глагоўская Г. Стаповіч (Стэповіч) Альбін Мацвеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2001. - С. 405.

73. Глинская Т. Ю. КПЗБ - руководитель освободительной борьбы трудящихся Западной Белоруссии, 1924-1928 гг. - Минск: Беларусь, 1965. - 200 с.

74. Говін С. В. Друк Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.). - Мінск: Выд-ва БДУ, 1974. - 95 с.

75. Годы испытаний и мужества (сост. Орехво Н. С., Сташкевич Н. С.) - Минск: Беларусь, 1973. - 416 с.

76. Гурын М. З недалёкага мінулага // Беларускі дзень. - 1928. - 12 лют. - С. 2 - 3.

77. Гурын М. З недалёкага мінулага // Беларускі дзень. - 1928. - 19 лют. - С. 3 - 6.

78. Гурын М. З недалёкага мінулага // Беларускі дзень. - 1928. - 26 лют. - С. 2 - 4.

79. Гурын М. З недалёкага мінулага // Беларускі дзень. - 1928. - 4 сак. - С. 2 - 4.

80. Гурын М. З недалёкага мінулага // Беларускі дзень. - 1928. - 18 сак. - С. 2 - 5.

81. Да далучэньня некаторых беларускіх дэпутатаў да камуністычнай фракцыі ў сойме. Анкета «Савецкай Беларусі» // Савецкая Беларусь. - 1924. - 21 ліст. - С. 1.

82. Даніловіч В. В. Абвастрэнне палітычнага становішча ў Польшчы. Ліквідацыя арганізацыі "Змаганне" // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. - 1998. - № 4. - С. 86 - 90.

83. Даніловіч В. В. Асаблівасці структуры і складу арганізацыі "Змаганне" // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. - 2003. - № 2. - С. 82 - 85.

84. Даніловіч В. В. Барацьба арганізацыі "Змаганне" за вызваленне палітычных зняволеных // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. - 1999. - № 3. - С. 111 - 116.

85. Даніловіч В. В. Вытокі арганізацыі "Змаганне" // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. - 1998. - № 2. - С. 90 - 96.

86. Даніловіч В. В. Гісторыя арганізацыі "Змаганне" ў архіўных матэрыялах і дакументах // Архівы на шляху ХХІ стагоддзя: гісторыя, спадчына, сучаснасць. Матэрыялы Другога беларуска-французскага архіўнага семінара. Мінск, 8-10 лютага 2000 г. / Пад рэд. К. І. Козака, У. Н. Сідарцова, М. Ф. Шумейкі. - Мінск: НА РБ, 2003. - С. 97 - 100.

87. Даніловіч В. В. Дзейнасць арганізацыі "Змаганне" па падрыхтоўцы да Еўрапейскага сялянскага кангрэса // Пытанні гісторыі Беларусі: Зб. навук.арт./ Пад агуль. рэд. А. М. Лютага. - Мінск: Бел. дзярж. пед. ун-т. імя Максіма Танка,1998. - С. 188 - 195.

88. Даніловіч В. В. Дзейнасць арганізацыі «Змаганне» ў Заходняй Беларусі (1927-1930 гг.). Аўтарэферат дысертацыі на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук / 07.00.02 - айчынная гісторыя. - Мінск: БДПУ імя М. Танка, 2000. - 21 с.

89. Даніловіч В. В. Дзейнасць мясцовых сакратарыятаў клуба паслоў сейма ад арганізацыі "Змаганне" // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. - 1999. - № 1. - С. 77 - 82.

90. Даніловіч В. В. Дзейнасць пасольскага клуба "Змаганне" ў польскім сейме // Назаўсёды разам: да 60-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. - Мінск, 2001. - С. 41 - 46.

91. Даніловіч В. В. Друк арганізацыі "Змаганне" // Пытанні гісторыі Беларусі: Зб. навук.арт./ Пад агуль. рэд. А. М. Лютага. - Мінск: Бел. дзярж. пед. ун-т. імя Максіма Танка,1998. - С. 80 - 85.

92. Даніловіч В. В. Парламенцкія выбары 1928 г. у Польшчы і ўтварэнне арганізацыі «Змаганне» // Назаўсёды разам: гісторыя нацыянальна-дзяржаўнага станаўлення Беларусі (да 65-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР): Матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 28 верас. 2004 г. - Мінск: БДПУ, 2004. - С. 9 - 18.

93. Данилович В. В. Сотрудничество организации «Змаганне» с Товариществом белорусской школы // Актуальные проблемы исследований в области гуманитарных и естественных наук: Сб. науч. ст. / под ред. А. А. Гируцкого, Т. А. Григорьева, А. А. Гримотя, А. П. Житко, Н. А. Цыркун. - Мінск: БГПУ им. М. Танка, 1998. - С. 176-179.

94. Два лягэры // Думка працы. - 1928. - 21 студз. - С. 1.

95. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ). Ф. 17. Воп. 1. Адз. зах. 171.

96. ДАГВ. Ф. 59. Воп. 1. Адз. зах. 20.

97. Дмитріюк В. Спомин з років 1918-1927 // Пастернак Є. Нарис історії Холмщини і Підляшшя (Новіші часи). - Вінніпеґ-Торонто, 1968. - С. 357-375.

98. Дубік С. Беларуска-літоўскія ўзаемаадносіны ў 1918 - 1924 гг. // Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце: Матэрыялы гіст. семінараў, якія адбыліся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры ў 2001 г. / Уклад. В. Астрога, У.Калаткоў; Пад рэд. Н. Стужынскай. - Мінск: Выд-ва "Адукацыя і выхаванне", 2002. - С. 53 - 82.

99. Дубік С., Чарнякевіч А. СярэдняяЛітва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2001. - С. 483-485.

100. Ёрш С. «Дзядзька Ярэміч»: 10 гадоў ГУЛАГу за патрыятызм // Наша слова. - 1995. - 19 крас. - С. 4.

101. Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. - Таронта: Выд. фонд успамінаў з беларускага жыцьця, 1993. - ХVІ, 797 с.

102. З Беларускага жыцьця. Пад Польшчай // Беларускі кліч. - 1930. - 1 ліст. - С. 3.

103. Загідулін А. М. Кампаніі рэвіндыкацыі як элемент палітыкі польскіх улад у Заходняй Беларусі (1918 - 1939) // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія і сацыялогія. Культуралогія. Педагогіка. Псіхалогія. Правазнаўства. Філалогія. - 2003. - № 3. - С. 18 - 26.

104. Задачы дня // Беларуская доля. - 1925. - 1 крас. - С. 1.

105. Зайцев О. Ю. Представники українських політичних партій Західної України в парламенті Польщі (1922-1939 рр.) // Український історичний журнал. - 1993. - №. 1. - С. 72-84.

106. ЗаходняяБеларусь на лаве падсудных: Процэс Беларускай сялянска-работницкай Грамады 23 лютага-22 мая 1928 г. - Менск: БДВ, 1929. - 252 с.

107. Зелинский П. И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923-1938. - Минск: Университетское, 1986. - 135 с.

108. Зелинский П. И., Ракевич Н. А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. - Минск: Изд-во БГУ, 1977. - 142 с.

109. Змаганне за зямлю // Іскра. - 1925. - 24 чэрв. - С. 1.

110. Знешняяпалітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 2 (1923-1927 гг.) / Склад. У. М. Міхнюк, У. К. Ракашэвіч, Я. С. Фалей, А. В. Шарапа. - Мінск: БелНДІДАС, 1999. - 461 с.

111. Знешняяпалітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т.3 (1928 г. - чэрвень 1941 г.) / Склад. У.М.Міхнюк, У.К.Ракашэвіч, Я.С.Фалей, А.В.Шарапа. - Мінск: БелНДІДАС, 2001. - 321 с.

112. І. А. Што нам рабіць? // Беларускі звон. - 1922. - 6 студ. - С. 2.

113. Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918-1945: Сб. документов. В 2 ч. Ч. 1. 1918-1928 / Сост. Н. С. Сташкевич и др. - Минск: Беларусь, 1990. - 357 с.

114. Ільін А. Раман Скірмунт у грамадска-палітычным і культурным жыцці Піншчыны ў 20 - 30-я гг. 20 ст. // Гістарычны альманах. - 2003. - Т. 8. - С. 98 - 106.

115. Інтэрпэляцыі беларускіх паслоў у польскі cойм (1922-1926 гг.) - Менск: Белдзяржвыдавецтва, 1927. - 496 с.

116. Каліноўскі В. Дзьве Польшчы // Беларускі звон. - 1921. - 28 крас. - С. 6.

117. Каліноўскі У. Політычныя партыі і аб'яднаньні ў сучаснай Польшчы // Полымя. - 1926. - № 4. - С. 125 - 144.

118. Кандыдатура кс. Пятроўскага // Голас праўды (аднаднёўка). - 1921. - 27 сьнеж. - С. 3.

119. Кандыдаты ў Сойм і Сэнат ад Блеку (хаўрусу) Нацыянальных Меншасьцей // Беларускі Звон. - 1922. - 14 кастр. - С. 2-3.

120. Каханоўскі Г. А. Верамей-Пабядзінскі Мікалай Сцяпанавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2: Беліцк - Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. - Мінск, БелЭН, 1994. - С. 246.

121. Клейн Б. С. За дело правое: Борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920-1938 гг.). - Минск: Беларусь, 1986. - 175 с.

122. Ключынскі М. В. Дзейнасць беларускай пасольскай фракцыі ў Польскім парламенце: ад стварэння да расколу // Назаўсёды разам: гісторыя нацыянальна-дзяржаўнага станаўлення Беларусі (да 65-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР): Матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 28 верас. 2004 г. - Мінск: БДПУ, 2004. - С. 149 - 154.

123. Кобяк С. В. Под знаменем пролетарской солидарности: компартия Западной Белоруссии в борьбе за интернациональное сплочение трудящихся (1923 - 1929 гг.). - Минск: Беларусь, 1979. - 142 с.

124. Ковалева Л. А. Забытые страницы истории (Борьба представителей БНР за независимость Белоруссии на Генуэзской конференции). - Могилев: МГПИ им. А.А. Кулешова, 1992. - 16 с.

125. Ковальский Ю. С послами клуба "Змаганне" // Годы испытаний и мужества (сост. Орехво Н. С., Сташкевич Н. С.) - Мінск: Беларусь, 1973. - С. 92 - 98.

126. Ковкель И. И. , Сташкевич Н. С. Почему не состоялась БНР? (Из истории политического банкротства националистической контрреволюции в Белоруссии 1918-1925 гг.). - Минск: Голас Радзімы, 1980. - 125 с.

127. Конан У. М. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі. - Мінск: Выд-ва "Про Хрысто", 2003. - 128 с.

128. Корчык П. Вынікі фашыстоўскай выбарчай кампаніі ў Заходняй Беларусі // Бальшавік. - 1931. - № 1. - С. 1 -11.

129. Коўкель І. І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў // Беларусіка=Albaruthenica: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне / Рэд. А. Мальдзіс і інш. - Мінск: Навука і тэхніка, 1994. - С. 259 - 269.

130. Кринчик П. С. «Неприкосновенность» послов // Годы испытаний и мужества (сост. Орехво Н. С., Сташкевич Н. С.) - Мінск: Беларусь, 1973. - С. 71 - 84.

131. Крынчык П. С. Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе // У суровыя гады падполля. Успаміны былых членаў КПЗБ - актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. - Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. - С. 161 - 167.

132. Крынчык Павел Сямёнавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 4: Кадэты - Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 1997. - С. 278.

133. Кухарев Б. Е. Сельское хозяйство Западной Белоруссии (1919-1939 гг.). - Минск: Вышэйшая школа, 1975. - 112 с.

134. Лабынцаў Ю., Шчавінская Л. Хрысціянская любоў і культура супраць насілля: духоўная спадчына В. Багдановіча ў нашы дні (Беларусь, Літва, Польшча, Расія) // Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі: Матэрыялы Міжнар. сімпозіума, Мінск, 9-10 ліп. 2002 г.: У 2 кн. Кн. 2 / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. - Мінск: "БелСаЭС "Чарнобыль", 2003. - С. 207 - 221.

135. Лабынцев Ю. Витебчанин Вячеслав Богданович - белорусский сенатор II Речи Посполитой: церковная, политическая и литературная деятельность // Беларуска-руска-польскае супастаўляльнае мовазнаўства і літаратуразнаўства: Зборнік матэрыялаў IV міжнароднай навуковай канферэнцыі. Віцебск, 24-26 красавіка 1997 г. Ч. 2. - Віцебск: Выдав. ВДУ, 1997. - С. 286 - 288.

136. Ладысев В. Ф. В борьбе за демократические права и свободы (Из исторического опыта Компартии Западной Белоруссии, 1926 - 1938 гг.). - Минск: Беларусь, 1988. - 189 с.

137. Ладысеў У. Ф. КПЗБ - арганізатар барацьбы за дэмакратычныя правы і свабоды (1934-1938). - Мінск: БДУ імя У.І.Леніна, 1976. - 167 с.

138. Ладысеў У. Шлях да свабоды. З гісторыі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 1919-1939 гг. - Мінск: Полымя, 1978. - 132 с.

139. Ладысеў У., Брыгадзін П. Рада БНР пасля Рыжскага дагавора 1921 г., ці Канец нацыянальнага рамантызму // Беларускі гістарычны часопіс. - 1997. - №1. - С. 48 - 53.

140. Латышонак А. Беларуская палітыка Пілсудскага ўвосень 1920 г. // Рыжскі мірны дагавор 1921 г. і лёсы народаў Усходняй Еўропы: Матэрыялы міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі (Мінск, 16-17 сакавіка 2001 г.) / Пад навук. рэд. У. Ф. Ладысева. - Мінск: БДУ, 2001. - С. 23 - 27.

141. Ліс А. С. Аўсянік Антон // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1: А-Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш. - Мінск, БелЭН, 1993. - С. 232.

142. Ліс А. С. Багдановіч Вячаслаў Васілевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1: А-Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш. - Мінск, БелЭН, 1993. - С. 271.

143. Ліс А. С. Баран (Баранаў) Сяргей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1: А-Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш. - Мінск, БелЭН, 1993. - С. 295 - 296.

144. Ліс А. С. Браніслаў Тарашкевіч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1966. - 167 с.

145. Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч: трагічны пошук свабоды // Назаўсёды разам: да 60-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. - Мінск, 2001. - С. 47 - 53.

146. Ліс А. Каруза Павел Іосіфавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Усвея - Яшын / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2003. - С. 397 - 398.

147. Ліс А. Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі - Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2003. - С. 504 - 505.

148. Ліс А. Ярэміч Фабіян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Усвея - Яшын / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2003. - С. 306.

149. Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Укл., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча. - Мінск: "Беларускі кнігазбор", 2003. - 288 с.

150. Луцкевіч Л., Войцік Г. Аляксандар Уласаў. - Вільня, 2001. - 18 с.

151. Лучанін М. ЗаходняяБеларусь пад панаваньнем Польшчы. - Менск: ДВБ, 1926. - 56 с.

152. Лянкевіч Т. Хатні каляндар В. С. Мядзёлкі // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. - Мінск: БелЭн, 1998. - С. 147 -151.

153. Ляхоўскі У., Міхнюк У. Рагуля Васіль Цімафеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2001. - С. 45 - 46.

154. M. K. Літва і Віленшчына // Беларускія Ведамасьці. - 1922. - 1 студ. - С. 1.

155. М. К-ч. Віленскі Сойм, плебісцыт і беларусы // Наша Думка. - 1920. - 31 сьнеж. - С. 3.

156. М. С. Сучасная Польшча і Заходняя Беларусь // ЗаходняяБеларусь: Зборнік. - Менск: БДВ, 1925. - С. 3 - 32.

157. Малішэўскі М. З палітычнага туману // Беларускі звон. - 1922. - 4 ліп. - С. 1.

158. Mалішэўскі M. Падшывальцы // Беларускі звон. - 1922. - 27 кастр. - С. 1.

159. "Малы парлямант" // Змаганне. - 1923. - 23 ліст. - С. 1.

160. Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991: Энцыклапедычны даведнік: У 3 т., Т. 1. Абрамовіч-Кушаль. - Мінск.: ATHENAUEM, 2002. - 480 с.

161. Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991: Энцыклапедычны даведнік: У 3 т., Т. 2. Лавіцкі-Ятаўт. - Мінск: ATHENAUEM, 2003. - 380 с.

162. Мацко А. Н. Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933-1939). - Минск: Изд. АН БССР, 1963. - 206 с.

163. Мацко А. Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнёта буржуазии и помещиков (1918-1939 гг.). - Минск: Беларусь, 1972. - 336 с.

164. Мікула Я. І., Міхнюк У. М. Валошын Павел Пятровіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2: Беліцк - Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. - Мінск, БелЭН, 1994. - С. 214.

165. Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. - Санкт-Пецярбург: Неўскі прасцяг, 2003. - 244 с.

166. Місарэвіч Я. А., Каралёў М. Д. І. С. Дварчанін. Гісторыка - біяграфічны нарыс. - Гродна: Абласное аддзяленне Беларускага фонду культуры, 1995. - 302 с.

167. Михалевская В. Д. В деревнях Новогрудчины // Годы испытаний и мужества (сост. Орехво Н. С., Сташкевич Н. С.) - Мінск: Беларусь, 1973. - С. 127-135.

168. Міхнюк У. М. Валынец Флягонт Ігнатавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2: Беліцк - Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. - Мінск, БелЭН, 1994. - С. 214.

169. Міхнюк У. Назарэўскі Аляксей Васілевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5: М - Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 1999. - С. 271.

170. Муха-Мухновский Г. М. Из Праги - на родину // Годы испытаний и мужества (сост. Орехво Н. С., Сташкевич Н. С.) - Мінск: Беларусь, 1973. - С. 99-109.

171. Муха-Мухновский Г. М. Пути-дороги. - Минск.: Беларусь, 1973. - 207 с.

172. Мэйштовіч А. Прычыны маёй адстаўкі / Публікацыя А. Смаленчука // Гістарычны альманах. - 2001. - Т. 8. - С. 215 - 224.

173. Мэморыял Беларускага Пасольскаго Клюбу ў Лігу Народаў у справе палажэньня Беларускага Народу ў межах Польскай Рэспублікі, пададзены 15 жніўня 1929 году. - Вільня, б. д. - 8 c.

174. Мялешка Ів. Самі за сябе! // Беларускі звон. - 1922. - 1 кастр. - С. 1.

175. Мяшковіч Н. Я. Некаторыя аспекты дзейнасці беларускіх паслоў у польскім сейме 1922-1928 гг. // Берасцейскі хранограф. - 1999. - Вып. 2. - С. 25 - 33.

176. На палітычным гарызоньце // Рэха (аднаднёўка). - 1925. - 8 ліп. - С. 1.

177. Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. - Менск: Навука і тэхніка, 1993. - 414 c.

178. Наказ Галоўнай Рады Цэнтральнага Саюзу Беларускіх Культурна-Асьветных і Гаспадарскіх Арганізацыяў і Інстытуцыяў кандыдатам на паслоў у Сойм і Сэнат, прыняты і зацьверджаны на І Сэсіі Галоўнай Рады - 27 верасьня 1930 г. у зьвязку з выбарамі. - Вільня: Беларуская Друкарня імя Ф. Скарыны, 1930. - 15 с.

179. Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. - Мінск: Беларусь, 1995. - 560 с.

180. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 4. Воп. 21. Адз. зах. 169.

181. НА РБ. Ф. 60-п. Воп. 3. Адз. зах. 606.

182. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах.10.

183. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 25.

184. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 30.

185. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 96.

186. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 106.

187. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах.147.

188. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 156.

189. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 162.

190. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 179.

191. НАРБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 199.

192. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 211.

193. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 217.

194. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 278.

195. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 330.

196. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 367.

197. НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 409.

198. НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 111.

199. НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 115.

200. НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 179.

201. НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 217.

202. НА РБ. Ф. 4683. Воп. 3. Адз. зах. 1123.

203. Наша пабеда // Беларускі Звон. - 1922. - 18 ліст. - С. 1.

204. Нашы Кандыдаты у Сэнат // Беларускі Звон. - 1922. - 6 ліст. - С. 2.

205. Ніжанкоўская В. Пра Аляксандра Уласава // Спадчына. - 1995. - № 3. - С. 9 - 17.

206. Орехво Н. С. Дела и люди КПЗБ. - Минск: Беларусь, 1983. - 287 с.

207. Паведамленьне Соймавага Клюбу Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады ў справе ўчасьця ў выбарах Прэзыдэнта Польскай Рэспублікі // Беларуская справа. - 1926. - 4 чэрв. - С. 1.

208. Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. - Варшава: «Беларускія ведамасьці»; Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Літве, 2003. - 144 c.

209. Палітычная хроніка. Новае павелічэньне Беларускага пасольскага Клюбу // Праваслаўная Беларусь. - 1927. - 1 кастр. - С. 13 - 14.

210. Палкоўнік Шардзіньі ў Вілен. Бел. Нацыянальным Камітэце // Беларускія Ведамасьці. - 1921. - 20 сьнеж. - С. 6.

211. Палуян У. А. Беларуская сялянска-рабочая грамада. - Мінск: Навука і тэхніка, 1967. - 223 с.

212. Палуян У. А. Блок нацыянальных меншасцей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2: Беліцк - Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. - Мінск, БелЭН, 1994. - С. 49.

213. Палуян У. Грэцкі Іван Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3: Гімназіі - Кадэнцыі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 1996. - С. 168.

214. Паслы Шакун і Шапель не прыняты ў Беларускі Пасольскі Клюб // Сялянская ніва. - 1927. - 9 ліст. - С. 3.

215. Пастановы ІІІ конфэрэнцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. - Вільня: Выд-ва ЦК КПЗБ, 1926. - 68 с.

216. Пасьля перамогі // Беларуская справа. - 1926. - 19 траўня. - С. 1.

217. Пашкевіч А.В. Аляксандр Уласаў як беларускі палітык у міжваеннай Польшчы // Асоба ў гісторыі: Гераічнае і трагічнае: Матэрыялы Другой Міжнар. нав.-практ. канф. студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных, прысвечанай памяці праф. У.У. Мелішкевіча, 12 - 13 лістапада 2004 г. - Брэст: Академия, 2006. - С. 214 - 219.

218. Пашкевіч А.В. Байкот беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі выбараў у Віленскі сейм у 1922 г.: аналіз вынікаў // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. - 2005. - № 5. - Ч. 2.- С. 53 - 55.

219. Пашкевіч А.В. Беларускае прадстаўніцтва ў польскім парламенце ў 1922-1930 гг.: сучасны стан даследавання праблемы // Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі: Матэрыялы Рэсп. навук.-практ. канф., 28 лістапада 2003 г.; Рэдкал.: У. В. Тугай (гал. рэд.) і інш. Ч. 2.- Мінск: БДПУ, 2003. - С. 521-526.

220. Пашкевіч А.В. Беларускае прадстаўніцтва ў польскім парламенце ў 1925-1927 гг.: пытанне ўзаемаадносінаў // Сборник трудов молодых учёных Национальной Академии наук Беларуси. Том 1. Отделение гуманитарных наук и искусств. - Минск: ИООО «Право и экономика», 2003. - С. 237 - 241.

221. Пашкевіч А. В. Беларуска-ўкраiнскае ўзаемадзеянне пад час выбарчых кампанiяў i ў парламенце II Рэчы Паспалiтай // Беларусь-Украіна: гістарычны вопыт узаемаадносін: Матэрыялы міжнароднай навук. канф. (Мінск, 18-19 сакавіка 2003 г.) / Рэдкал.: У. І. Навіцкі (гал. рэд.), М. П. Касцюк (нам. гал. рэд.) і інш. - Мінск: Інстытут гісторыі НАНБ, 2004. - С. 269 - 272.

222. Пашкевіч А. В. Дакументы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва па парламенцкай барацьбе беларускага народа ў ІІ Рэчы Паспалітай // Беларуска-польскія архіваліі: Стан і перспектывы. Матэрыялы 2-ой беларуска-польскай канферэнцыі архівістаў 10-11 кастрычніка 2001 года, Мінск / Рэд. К. І. Козак. - Мінск: НА РБ, 2003. - С. 136 - 138.

223. Пашкевіч А. В. Дзейнасць беларускіх паслоў і сенатараў цэнтрысцкай арыентацыі ў парламенце Польскай Рэспублікі ІІ склікання (1928-1930 гг.) // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія і сацыялогія. Культуралогія. Педагогіка. Псіхалогія. Правазнаўства. Філалогія. - 2006. - № 1 (36). - С. 21 - 25.

224. Пашкевіч А. В. Праблема беларусізацыі каталіцкай царквы ў дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў у парламенце міжваеннай Польшчы (1922-1930) // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць: зб. матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Брэст, 7-8 кастрычніка 2004 г.). - Брэст: Выд-ва БрДУ, 2005. - С. 63 - 67.

225. Пашкевич А. В. Сотрудничество евреев и славянских национальных меньшинств в ходе парламентских выборов в межвоенной Польше // Берасцейскі хранограф. - 2004. - Вып. 4. - С. 187 - 198.

226. Пашкевіч А. Удзел беларускіх арганізацый у выбарах польскага парламента ў 1928 г. // Беларускі гістарычны часопіс. - 2006. - № 1. - С. 19 - 25.

227. Пашкевіч А. В. Удзел заходнебеларускіх нацыянальных арганізацый у выбарах польскага парламента (1922 г.) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. - 2006. - № 1. - С. 58 - 64.

228. Пашкевич А. В., Чернякевич А. Н. Опыт легальной политической борьбы в белорусском национальном движении накануне выборов в парламент II Речи Посполитой 1922 года // Сельское хозяйство - проблемы и перспективы. Сб. науч. трудов УО «Гродненский государственный аграрный университет»/ Под ред. чл.-кор. НАН Беларуси Пестиса В.К. Т. 1. - Гродно: УО «ГГАУ», 2005. - С. 23 - 27.

229. Перастройка фронту // Іскра. - 1925. - 27 чэрв. - С. 1.

230. Перед выборами. Розбиття серед білорусів // Діло. - 1928. - 19 січня. - С. 2 - 3.

231. Першы кангрэс нацыянальных меншасьцяў Эўропы у Жэневе // Жыцьцё беларуса. - 1925. - 4 ліст. - С. 1.

232. Плятформа Агульнага Беларускага Выбарнага Камітэту «Украінска-Беларускага Блёку» // Беларускі кліч. - 1930. - 1 ліст. - С. 2 - 3.

233. Политические партии в Польше, Зап. Белоруссии и Зап. Украине / Под ред. С. Скульского. - Минск: Изд-во Белорусской АН, 1935. - 335 с.

234. Полуян В. А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927-1939 гг.). - Минск: Наука и техника, 1978. - 360 с.

235. Полуян В. А., Полуян И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг. - Минск: Госиздат БССР, 1962. - 223 с.

236. Полуян И. В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса 1929-1933 гг. - Минск: Навука і тэхніка, 1991. - 205 с.

237. Праграма і арганізацыйны статут Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. - Вільня, 1926. - 20 с.

238. Прамовы Альбіна Стаповіча ў Сойме // Спадчына. - 1994. - № 6. - С. 18 - 24.

239. Пяткевіч А. Ігнат Дварчанін як драматычная постаць на скрыжаванні палітычных і культурных шляхоў // Беларусіка=Albaruthenica: Кн. 6: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мінск: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. - С. 321 - 326.

240. Пяткевіч А. М. Людзі культуры з Гродзеншчыны: Даведнік. - Гродна: ГрДУ, 2000. - 356 с.

241. Рагуля В. Успаміны. - Менск: ВЦ «Бацькаўшчына», 1993. - 94 с.

242. Рагуля В., Ярэміч Ф. Падзел у Беларускім Пасольскім Клюбе // Сялянская ніва. - 1925. - 6 сьнеж. - С. 1.

243. Развал Паўлюкевічаўшчаны // Думка працы. - 1928. - 7 студз. - С. 1.

244. Рапарты Р.Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штаба польскага войска за 1922 г. / Публікацыя А.В.Пашкевіча і А.М. Чарнякевіча // Беларускі археаграфічны штогоднік. - Выпуск 6. - Мінск: Археаграфічная камісія Белкамархіва, БелНДІДАС, 2005. - С. 248 - 260.

245. Революционное движение в Вильнюсском крае. 1920-1940 гг. Документы и материалы. - Вильнюс: Минтис, 1978. - 448 с.

246. Революционный авангард трудящейся молодежи Западной Белоруссии (1921-1939 гг.). Сборник документов. - Минск: Изд-во БГУ, 1978. - 328 с.

247. Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921-1939 гг.) / Под ред. А.Н.Мацко и В.Е.Самутина. - Минск: Беларусь, 1966. - 420 с.

248. Розеншейн Д. И. В Центральной редакции // Годы испытаний и мужества (сост. Орехво Н. С., Сташкевич Н. С.) - Мінск: Беларусь, 1973. - С. 196 - 206.

249. Рознымі шляхамі // Беларуская доля. - 1925. - 6 траўня. - С. 1.

250. Саборанін. "Мітрапалічы блёк" // Праваслаўная Беларусь. - 1928. - 1 студ. - С. 8 - 10.

251. Саўчанка Н. Сабалеўскі Юрый Аляксандравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі-Усая / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск, БелЭН, 2001. - С. 184.

252. Свой М. Дзе здраднікі? // Сялянская ніва. - 1927. - 12 студ. - С. 2.

253. Сідарэвіч А. М. Беларускі пасольскі клуб // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1: А-Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш. - Мінск, БелЭН, 1993. - С. 451.

254. Сідарэвіч А. М. Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1: А-Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш. - Мінск, БелЭН, 1993. - С. 459.

255. Сідарэвіч А. Ксёндз Адам Станкевіч і яго справа: Да 100-годзьдзя з дня нараджэньня // Хрысьціянская думка. - 1992. - № 1. - С. 20 - 34.

256. Сидоревич А. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. - 1990. - № 7. - С. 91 - 167.

257. Сойм. Кс. Станкевіч - аб палажэньні ў Зах. Беларусі // Жыцьцё беларуса. - 1925. - 7 ліст. - С. 1 - 2

258. Сорокин А. А. Аграрный вопрос в Западной Белоруссии (1920-1939 гг.). - Минск: Наука и техника, 1968. - 204 с.

259. Сорокин А. А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии. - Минск: Изд. БГУ, 1970. - 172 с.

260. Стагановіч А. У абарону «Успамінаў» В. Рагулі // Бацькаўшчына (Мюнхен). - 1958. - 10 жніўня. - С.3 - 4.

261. Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. - Вільня: Шлях моладзі, 1934. - 129 с.

262. Станкевіч А. Словы з высокай трыбуны (Соймавыя прамовы) / Пераклад і прадмова А. Пашкевіча // Куфэрак Віленшчыны. - 2005. - №1 (10). - С. 98 - 110.

263. Станкевіч Я. Колькі зацемкаў да Стагановічавае абароны "Успамінаў" В.Рагулі // Бацькаўшчына (Мюнхен). - 1958. - 14 вер. - С. 4.

264. Станкевіч Я. На бакох "Успамінаў" В.Рагулі // Бацькаўшчына (Мюнхен). - 1958. - 18 траўня. - С. 3.

265. Станулевіч В.І. У радах Незалежнай сялянскай партыі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. - Мінск: БелТА, 2003. - С. 225 - 227.

266. Стараверы - з Беларусамі // Беларускі звон. - 1922. - 20 вер. - С. 2.

267. Сташкевіч М. С. Непазбежнае банкруцтва (з гісторыі палітычнага краху нацыяналістычных партый у Беларусі. 1917-1925 гг.). - Мінск: Голас Радзімы, 1974. - 143 с.

268. Сташкевич Н. С. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии (1917 - 1925). - Минск: Университетское, 1985. - 304 с.

269. Суліма. Беларускі Клюб у Польскім Сойме // Новае жыцьцё. - 1923. - 20 крас. - С. 3.

270. Сябра. Мы і «Р. Н. О.» // Праваслаўная Беларусь. - 1928. - 16 лют. -С. 2.

271. Сябра. Нацыанальный Склад Блёку (прычыны не уваходу літоўцаў і расейцаў) // Праваслаўная Беларусь. - 1928. - 28 студз. - С. 5.

272. Cябра. "Пасьля бою " // Праваслаўная Беларусь. - 1928. - 24 сак. - C. 4.

273. Сяўрук П. Да "правадыроў" беларускага народу / Прадмова А. Павача // Arche = Пачатак. - 2005. - № 4. - С. 231 - 234.

274. Тарашкевіч Б. Выбранае: крытыка, публіцыстыка, пераклады / Укладанне, уступ, каментарыі А. Ліса. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. - 319 с.

275. Токць С.М. Беларуская вёска на мяжы эпох: Змены ў этнічнай самасвядомасці сялянства ва ўмовах распаду традыцыйнага аграрнага грамадства (па матэрыялах Гарадзеншчыны 19 - першай трэці 20 ст.). - Гродна: ГрДУ, 2003. - 191 с.

276. Токць С. Выбары ў парламент на Гарадзеншчыне ў 1920-х гадах // Пагоня. - 2000. - 12 кастр. - С. 5.

277. Токць С. Выбары ў парламент на Гарадзеншчыне ў 1920-х гадах (працяг) // Пагоня. - 2000. - 19 кастр. - С. 5.

278. У суровыя гады падполля. Успаміны былых членаў КПЗБ - актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. - Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. - 361 с.

279. Хроніка. Да выбараў у Лідзкім вокрузе // Наперад. - 1930. - 2 крас. - С. 3.

280. Хроніка. Прывітаньне беларускім дэпутатам // Селянін (аднаднёўка). - 1925. - 8 жніўня. - С. 4.

281. Хроніка. Прызнаньні Сялянска-Работніцкага Клюбу // Наперад. - 1930. - 2 крас. - С. 3.

282. Хроніка. Суд у справе Алексюка // Беларускі голас (аднаднёўка). - 1921. - 11 сьнеж. - С. 2.

283. Хруцький С. Українці і Білорусини на соймовій арені у Варшаві (З львівського Діла) // Свобода. - 1924. - 17 мая. - С. 2.

284. Цітова А. Беларускі дэпутацкі клуб і праблема аграрнай рэформы ў польскім сейме ў 1922-1925 гг. // Беларусіка=Albaruthenica: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне / Рэд. А. Мальдзіс і інш. - Мінск: Навука і тэхніка, 1994. - С. 269 - 276.

285. Ціхаміраў А. В. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска-савецкай вайны (1918-1921 гг.). - Мінск: УП "Экаперспектыва", 2003. - 400 с.

286. Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы. - Б. м: Камітэт абароны Беларусі, б. г. - 15 с.

287. Шубин И. (Самарин). Париж - Варшава - Вильно (Виленщина на перекрестке империалистических путей Франции). - М.: «Красная новь», 1923. - 112 с.

288. Эскэ. Адбудова Эўропы // Беларускі звон. - 1922. - 22 крас. - С. 1.

289. Юрэвіч Л. Мэмуары на эміграцыі: Крыніцазнаўчае дасьледаваньне. - Менск, 2005. - 332 с.

290. Якуш Н. М. Дзейнасць беларускай дэпутацкай фракцыі ў польскім сейме (1922-1925 гг.) // Труды Белорусского государственного технологического университета. Сер. V. Политология. Философия. История. Филология. Вып. ХI. - Минск, 2003. - С. 53 - 55.

291. Ярашэўскі. «Вялікая» палітыка і нашы задачы // Беларускі звон. - 1922. - 24 лют. - С. 1.

292. Ярашэўскі. Голас сялянства // Беларускі звон. - 1922. - 22 крас. - С. 2.

293. Ярашэўскі. Чарговая справа // Беларускі звон. - 1922. - 4 сак. - С. 3.

294. Ярэміч Ф. Пісьмо да рэдакцыі // Беларускі звон. - 1922. - 13 траўня (мая). - С. 4.

295. Ab čym pomnić treba // Biełaruskaja Krynica. - 1926. - 20 čerw. - S. 1.

296. Ajnenkiel A. Historia Sejmu Polskiego. T. II. Cz. II. II Rzeczpospolita. - Warszawa: PWN, 1989. - 420 s.

297. Ajnenkiel A. Parlamentaryzm II Rzeczypospolitej. - Warszawa: Wiedza Powszechna, 1975. - 412 s.

298. Ajnenkiel A. Ustrój i prawo Drugiej Rzeczypospolitej // Polska odrodzona 1918-1939: państwo, społeczeństwo, kultura / Pod red. J. Tomickiego. - Warszawa: Wiedza Powszechna, 1988. - S. 51 - 118.

299. Archiwum Akt Nowych (AAN). Ambasada Rzeczypospolitej Polskiej w Moskwie. Sygn. 107.

300. AAN. Biuro Sejmu RP 1919-1939. Sygn. 13.

301. AAN. Biuro Sejmu RP 1919-1939. Sygn. 21.

302. AAN. Ministerstwo Spraw Wewnętrznych (MSW) 1918-1939. Sygn. 958.

303. AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 961.

304. AAN. MSW 1918-1939. Sygn.1021-dopływy.

305. AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 1031-dopływy.

306. AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 1032-dopływy.

307. AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 1038.

308. AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 1079-dopływy.

309. AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 1080-dopływy.

310. AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 1081-dopływy.

311. AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 1202.

312. ААN. Ministerstwo Spraw Zagranicznych (MSZ) 1918-1939. Sygn. 1270.

313. AAN. MSZ 1918-1939. Sygn. 2273.

314. AAN. MSZ 1918-1939. Sygn. 6103.

315. AAN. MSZ 1918-1939. Sygn. 9343.

316. AAN. Nowogródzki Urząd Wojewódzki. Sygn. 975/36.

317. AAN. Prezydium Rady Ministrów 1918-1939. Sygn. 151/22.

318. Barszczewski A. Przemówienia sejmowe Bronisława Taraszkiewicza // Powstanie i działalność Białoruskiej Włościańsko-Robotniczej Hromady na Białostocczyźnie (Materiały z sesji popularnonaukowej). - Białystok: Wydział Propagandy KW PZPR, 1973. - S. 110 - 115.

319. Barszczewski A., Bergman A., Tomaszewski J. Ignacy Dworczanin białoruski polityk i uczony = Ihnat Dwarczanin biełaruski palityk i wuczony. - Warszawa: Wyd. Uniwersytetu Warszawskiego, 1990. - 101 s.

320. Bełcikowska A. Stronnictwa i związki polityczne w Polsce. - Warszawa: Skład Główny SA "Dom Książki Polskiej", 1925. - 1086 s.

321. Bergman A. KPZB a Hromada // Powstanie i działalność Białoruskiej Włościańsko-Robotniczej Hromady na Białostocczyźnie (Materiały z sesji popularnonaukowej). - Białystok: Wydział Propagandy KW PZPR, 1973. - S. 81 - 123.

322. Bergman A. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. - Warszawa: Książka i Wiedza, 1977. - 241 s.

323. Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. - Warszawa: PWN, 1984. - 287 s.

324. Białorusini. Białoruskie pzedstawicielstwo parlamentarne. Sprawa senatora B.Rahuli. Deklaracje białoruskie w Sejmie. Interpelacje. Prasa białoruska o wyborach i o pierwszych wystąpieniach posłów białoruskich // Sprawy Narodowościowe. - 1928. - Nr. 2. - S. 214 - 219.

325. Białorusini // Warszawska Informacja Prasowa. Wszystkie Stronnictwa. - 1930. - 29 września. - № 38 (167). - S. 358 - 359.

326. Białorusini. Akcja przedwyborcza // Sprawy Narodowościowe. - 1927. - Nr. 5-6. - S. 546 - 549.

327. Białorusini. Kampanja wyborcza. Rozbicie białoruskiej akcji wyborczej. Białorusini w Bloku Mniejszości Narodowych. Samodzielna akcja poszczególnych grup białoruskich. Wynik wyborów // Sprawy Narodowościowe. - 1928. - Nr. 1. - S. 63 - 69.

328. Białorusini.Klub Białoruski. Wywiad specjalny "Wszystkich Stronnictw" z pos. Fabjanem Jeremiczem, prezesem Klubu Buałoruskiego // Warszawska Informacja Prasowa. Wszystkie stronnictwa. - 1929. - Nr. 11 (92). - S. 164 - 166.

329. Biblioteka Sejmowa. Archiwum Sejmu. Kolekcja materiałów archiwalnych posłów i senatorów II Rzeczypospolitej (1919-1939). Materiały Pawła Karuzo.

330. Biełaruska-ukrainska-litoŭski blok // Biełaruskaja krynica. - 1929. - 6 śniež. - S. 1.

331. Biełaruski hołas // Беларускі голас (аднаднёўка). - 1921. - 11 сьнеж. - С. 1.

332. Byŭšaja "Hramada" i wybary // Biełaruskaja krynica. - 1928. - 16 lut. - S. 1.

333. B. W. R. K. P. jako agentura Kominternu. - Warszawa: Wydział Narodowościowy MSW, 1930. - 109 s.

334. Centralne Archiwum Wojskowe (CAW). Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2475.

335. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2479.

336. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2664.

337. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2669.

338. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2673.

339. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2681.

340. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2696.

341. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2706.

342. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.5229.

343. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.5230.

344. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.5248.

345. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.5249.

346. CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.5261.

347. Chojnowski A. Koncepcje polityki narodowościowej rządów polskich w latach 1921-1939. - Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk: Ossolineum, 1979. - 262 s.

348. Chojnowski A. Piłsudczycy u władzy. Dzieje Bezpartyjnego Bloku Współpracy z Rządem. - Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Łódź: Ossolineum, 1986. - 294 s.

349. Chojnowski A. Zasady białoruskiej polityki piłsudczyków // Polska - Polacy - mniejszości narodowe. - Wrocław - Warszawa - Kraków: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1997. - S. 269 - 278.

350. Cimek H. Legalne chłopskie partie rewolucyjne w Drugiej Rzeczypospolitej. - Białystok: KAW, 1988. - 159 s.

351. Cimek H. Sojusz robotniczo-chłopski w Polsce 1918-1939. - Warszawa: Książka i Wiedza, 1989. - 504 s.

352. Czajowski J. Senat Rzeczypospolitej Polskiej pierwszej kadencji 1922-1927: pozycja prawnokonstytucyjna i praktyka ustrojowa. - Warszawa: Wyd. Sejmowe, 1999. - 246 s.

353. Czerniakiewicz A. Polsko-białoruskie stosunki wzajemne w końcowym etapie wojny polsko-sowieckiej // Rok 1920. Z perspektywy osiemdziesięciolecia / Red. nauk. A. Ajnenkiel. - Warszawa: Neriton, 2001. - S. 195 - 203.

354. Czubiński A. Centrolew. Kształtowanie się i rozwój demokratycznej opozycji antysanacyjnej w Polsce w latach 1926-1930. - Poznań: Wyd-wo Poznańskie, 1963. - 341 s.

355. D. Alaksiuk // Беларускі голас (аднаднёўка). - 1921. - 11 сьнеж. - С. 1.

356. Dymek B. Niezależna Partia Chłopska 1924-1927. - Warszawa: Książka i Wiedza, 1972. - 460 s.

357. Ełski S. Sprawa białoruska. Zarys historyczno-polityczny. - Warszawa: Drukarnia Współczesna, 1931. - 107 s.

358. Fałowski J. Parlamentarzyści mniejszości niemieckiej w Drugiej Rzeczypospolitej. - Częstochowa: Wyd-wo Wyższej Szkoły Pedagogicznej, 2000. - 425 s.

359. Fiderkiewicz A. "Dobre czasy": wspomnienia z lat 1922-1927. - Warszawa: Iskry, 1958. - 392 s.

360. Garbiński J., Turonek J. Białoruski ruch chrześcijański XX wieku. Słownik biograficzno-bibliograficzny. - Warszawa: SOW, 2003. - 528 s.

361. Garlicki A Od Brześcia do maja. - Warszawa: Czytelnik, 1986. - 317 s.

362. Głogowska H. Białorusini w parlamentach II Rzeczypospolitej // Przemiany społeczne, kwestie narodowościowe i połonijne / Pod red. A. Chodubskiego. - Toruń: Adam Marszałek, 1994. - S. 123 - 144.

363. Głogowska H. Los białoruskiego posła Sergiusza Baranowa // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1995. - № 2 (2). - S. 146 - 159.

364. Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. - Gdańsk: Politechnika Gdańska, 1992. - 179 s.

365. Gomółka K. Między Polską a Rosją. - Warszawa: Warszawska Oficyna Wydawnicza, 1994. - 262 s.

366. Gomółka K. Polskie ugrupowania polityczne wobec kwestii białoruskiej. 1918-1922. - Warszawa: COM SNP, 1994. - 267 s.

367. Grabski W. Dwa lata pracy u podstaw państwowości naszej. - Warszawa: Nakładem księgarni F.Hoesicka, 1927. - 373 s.

368. Hemmerling Z. PSL "Wyzwolenie" w parlamentach II Rzeczypospolitej 1919-1931. - Warszawa: Wyd. Uniwersytetu Warszawskiego, 1990. - 337 s.

369. Jachymek J. Charakterystyka składu osobowego Sejmu i Senatu w II Rzeczypospolitej // Rola posła i senatora w II Rzeczypospolitej / Pod red. J. Jachymka. - Lublin: Uniwersytet im. M. Curie-Skłodowskiej, 1989. - S. 29 - 52.

370. Konopczyński W. Sejm 1922-1927 bez obsłonek. - Kraków: "Głos Narodu", 1928. - 68 s.

371. Krajewski Z. Geneza i dzieje wewnętrzne Litwy Środkowej (1920-1922). - Lublin: Ośrodek Stud. Polon. i Społeczn. PZKS w Lublinie, 1996. - 171 s.

372. Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. - Warszawa: Oddział II Sztabu Generalnego, 1928. - VII+414+XVIII s.

373. Krušyna M. Šukańnie nowych daroh // Krynica. - 1925. - 3 traŭnia. - Nr. 18. - S. 2.

374. Kurkiewicz M. Sprawy białoruskie w polityce rządu Władysława Grabskiego. - Warszawa: Neriton, 2005. - 131 s.

375. Landau Z., Tomaszewski J. Zarys historii gospodarczej Polski 1918-1939. Wyd. 6-te, uzupełnione. - Warszawa: Książka i wiedza, 1999. - 352 s.

376. List pasterski w sprawie wyborów do Sejmu i Senatu Zygmunta, z Bożego zmiłowania i Stolicy Apostolskiej łaski Biskupa Pińskiego Czcigodnemu Duchowieństwu i Wiernemu Ludowi Diecezji // Piński Przegląd Diecezjalny. - 1928. - 20 stycznia. - № 2. - S. 2 - 5.

377. Ładnow E. Przeciwko blokowi z Niemcami. - Baranowicze, 1922. - 16 s.

378. Majecki H. Działalność Białoruskiego Włościansko-Robotniczego Klubu Poselskiego na Białostocczyźnie w latach 1928-1930 // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Praca zbiorowa pod red. J. Tomaszewskiego, E. Smułkowej i H. Majeckiego. - Warszawa: PWN, 1988. - S. 219 - 229.

379. Malicki J. K. Marszałek Piłsudski a Sejm. Historia rozwoju parlamentu polskiego 1919-1936. - Warszawa: Dom Książki Polskiej Sp. Akc., 1936. - 551 s.

380. Milewski J. J. Frekwencja w wyborach do Sejmu w okresie międzywojennym (Białystok, pow. Białystok, Bielsk Podlaski, Sokółka) // Białostocczyzna. - 1991. - Nr. 1. - S. 23 - 25.

381. Milewski J. J. Władze i ugrupowania polityczne polskie wobec kwestii białoruskiej w Polsce w okresie międzywojennym // Z dziejów Europy Środkowo-Wschodniej. Księga pamiątkowa ofiarowana prof. dr. hab. A. Serczykowi w 60 rocznicę Jego urodzin. - Białystok: Dział Wydawnictwa Filii Uniwersytetu Warszawskiego w Białymstoku, 1995. - S. 361 - 370.

382. Milewski J. J. Z dziejów województwa Białostockiego w okresie międzywojennym. - Białystok: Instytut Historyczny Uniwersytetu w Białymstoku, 1999. - 137 s.

383. Mironowicz E. Białoruś. - Warszawa: Trio, 1999. - 300 s.

384. Mniejszości narodowe w wyborach do Sejmu i Senatu w r. 1928. - Warszawa: Wyd. MSW, 1928. - 331 s.

385. Moroz M. "Krynica": Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. - Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2001. - 230 s.

386. Murdelio M. "Sęp nam wyjada nie serce lecz mozgi", Jak tworzyliśmy hurtki, Do obrońców sprawy białoruskiej. - Wilno: Drukarnia "ZNICZ", 1927. - 30 s.

387. N. N. Генуя і Вільня // Беларускі звон. - 1922. - 12 крас. - С. 1.

388. N. N. У Генуі і дома // Беларускі звон. - 1922. - 13 траўня (мая). - С. 1.

389. Niezależna Partja Chłopska i "Грамада" // Сялянская ніва. - 1926. - 4 сьнеж. - С. 2.

390. Nowak J. Wspomnienia z ławy rządowej. - Kraków: Księgarnia Św. Wojciecha, 1938. - 156 s.

391. Ogonowski J. Uprawnienia językowe mniejszości narodowych w Rzeczypospolitej Polskiej 1918-1939. - Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2000. - 288 s.

392. Pacuk J. Polityka państwa polskiego wobec ludności białoruskiej w latach 1919-1926. Problemy podstawowe / Praca doktorska. - Warszawa: Uniwersytet Warszawski, 1980. - 374 s.

393. Papierzyńska-Turek M. Ewolucja ideowo-polityczna ukraińskiej grupy poselskiej w Sejmie II Rzeczypospolitej w latach 1922-1927 // Z pola walki. - 1975. - Nr. 1. - S. 35 - 61.

394. Papierzyńska-Turek M. Sprawa ukraińska w Drugiej Rzeczypospolitej 1922-1926. - Kraków: Wyd. Literackie, 1979. - 391 s.

395. Parlament Rzeczypospolitej Polskiej 1919-1928 / Pod. red. H. Mościckiego i W. Dzwonkowskiego. - Warszawa: Druk. Narodowa, 1928. - 381 s.

396. Paškievič A. Józef Piłsudski i białoruska elita narodowa w II Rzeczypospolitej - lata 1918-1935 // Żar niepodległości. Międzynarodowe aspekty życia i działalności Józefa Piłsudskiego / Pod red. L. Maliszewskiego. - Lublin, 2004. - S. 75 - 90.

397. Pietrzak M. Rządy parlamentarne w Polsce w latach 1919-1926. - Warszawa: Książka i Wiedza, 1969. - 353 s.

398. Pobóg-Malinowski W. Najnowsza historia polityczna Polski. 1864-1945. T. 2. Cz. I. - Londyn: Gryf Printers, 1956. - 665+ 28 s.

399. Posłowie i senatorowie Rzeczypospolitej Polskiej 1919 - 1939. Słownik biograficzny / Oprac. autorskie M. Smogorzewska. T. 1. A - D. - Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 1998. - 496 s.

400. Posłowie i senatorowie Rzeczypospolitej Polskiej 1919 - 1939. Słownik biograficzny / Oprac. autorskie M. Smogorzewska. T. 1. E - J. - Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2000. - 359 s.

401. Posłowie rewolucyjni w Sejmie (lata 1920-1935). - Warszawa: Książka i wiedza, 1961. - 667 s.

402. Powstanie i działalność Białoruskiej Włościańsko-Robotniczej Hromady na Białostocczyźnie (Materiały z sesji popularnonaukowej). - Białystok: Wydział Propagandy KW PZPR, 1973. - 178 s.

403. Protokoły IV Konferencji Komunistycznej Partii Polski (1925 r.) // Z Pola Walki. -1962. - Nr. 3 (19). - S. 100 - 150.

404. Próchnik A. Pierwsze piętnastolecie Polski niepodległej. - Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1983. - 441 s.

405. Przewodnik praktyczny po Sejmie i Senacie Rzeczypospolitej Polskiej / Oprac. A. Bełcikowska. - Warszawa: Skład Główny SA "Dom Książki Polskiej", 1925. - 127 s.

406. Rataj M. Pamiętniki 1918-1927. - Warszawa: Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, 1965. - 490 s.

407. Regulamin obrad Senatu z 1923 r. / Oprac. T. Koperska // Przegląd Sejmowy. - 1993. - Nr. 4. - S. 133 - 156.

408. Regulamin Sejmu z 1923 r. / Oprac. T. Koperska // Przegląd Sejmowy. - 1993. - Nr. 2. - S. 133 -156.

409. Regulamin Zgromadzenia Narodowego dla wyboru Prezydenta Rzeczypospolitej z 1922 r. / Oprac. T. Koperska // Przegląd Sejmowy. - 1993. - Nr. 3. - S. 141 - 146.

410. Rudnicki Sz. Żydzi w parlamencie II Rzeczypospolitej. - Warszawa: Wyd. Sejmowe, 2004. - 474 s.

411. Rzepeccy T. i K. Sejm i Senat 1928-1933. - Poznań: Księgarnia Rzepeckiego, 1928. - 254 s.

412. Rzepeccy T. i W. Sejm i Senat 1922-1927. - Poznań: Karol Rzepecki, 1923. - 550 s.

413. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 8 posiedzenia z dnia 20 stycznia 1923 r.

414. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 9 posiedzenia z dnia 22 stycznia 1923 r.

415. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 10 posiedzenia z dnia 23 stycznia 1923 r.

416. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 30 posiedzenia z dnia 23 marca 1923 r.

417. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 40 pоsiedzenia z dnia 26 maja 1923 r.

418. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 42 pоsiedzenia z dnia 2 czerwca 1923 r.

419. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 45 pоsiedzenia z dnia 12 czerwca 1923 r.

420. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 51 pоsiedzenia z dnia 26 czerwca 1923 r.

421. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 67 posiedzenia z dnia 9 października 1923 r.

422. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 112 posiedzenia z dnia 19 marca 1924 r.

423. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 129 posiedzenia z dnia 13 czerwca 1924 r.

424. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 146 posiedzenia z dnia 9 lipca 1924 r.

425. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 196 posiedzenia z dnia 25 kwietnia 1925 r.

426. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 198 posiedzenia z dnia 28 kwietnia 1925 r.

427. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 221 posiedzenia z dnia 25 czerwca 1925 r.

428. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 228 posiedzenia z dnia 6 lipca 1925 r.

429. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 239 posiedzenia z dn. 20 lipca 1925 r.

430. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 296 posiedzenia z dnia 21 lipca 1926 r.

431. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 302 posiedzenia z dnia 24 września 1926 r.

432. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I. Sprawozdanie stenograficzne z 317 posiedzenia z dnia 4 lutego 1927 r.

433. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres IІ. Sprawozdanie stenograficzne z 4 posiedzenia z dnia 30 marca 1928 r.

434. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres IІ. Sprawozdanie stenograficzne z 13 posiedzenia z dnia 31 maja 1928 r.

435. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres IІ. Sprawozdanie stenograficzne z 47 posiedzenia z dnia 7 lutego 1929 r.

436. Skorowidz osobowy do sprawozdań stenograficznych z posiedzeń plenarnych Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej od 28 listopada 1922 r. do 3 listopada 1927 r. Okres I. - 730 s.

437. Skorowidz osobowy do sprawozdań stenograficznych z posiedzeń plenarnych Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej od 27 marca 1928 r. do 29 marca 1930 r. Okres II. - 350 s.

438. Smreczyński K. O istocie białoruskiego rozłamu // Słowo. - 1925. - 12 lipca. - S. 2.

439. Solarczyk M. Duchowni katoliccy w parlamencie II Rzeczypospolitej. - Warszawa: Drukarnia Herman & Herman, 2002. - 436 s.

440. Sprawa biełaruskaj aświety ŭ Sojmawaj aświetnaj kamisii // Biełaruskaja krynica. - 1929. - 22 sak. - S. 2.

441. Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za listopad-grudzień 1928 r. - Warszawa: Wydział Narodowościowy MSW, 1929. - 84 s.

442. Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za październik, listopad i grudzień 1929 r. - Warszawa: Wydział Narodowościowy MSW, 1930. - 140 s.

443. Srebrakowski A. Sejm Wileński 1922 roku. Idea i jej realizacja. - Wrocław: Wyd. UWr., 1993. - 142 s.

444. Srokowski K. Sprawa narodowościowa na Kresach Wschodnich. - Kraków: Druk. "Czasu", 1924. - 56 s.

445. Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. - Vilnia: Vyd. "Chryścijanskaja Dumka", 1939. - 272 s.

446. Statystyka wyborów do Sejmu i Senatu z dnia 16 i 23 listopada 1930 roku // Statystyka Polski. - Ser. C. - Z. 4. - Warszawa: Gł. Urząd Statystyczny, 1935. - XXXII, 136 s.

447. Stępień S. Działalność posłów białoruskich w Sejmie RP w latach 1919-1927 // Studia Historyczne. - 1981. - Z. 2. - S. 261 - 276.

448. Sylwester Wojewódzki przed Sądem Marszałkowskim. - Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 1997. - 272 s.

449. Synger B. Od Witosa do Sławka. - Paryż, 1962. - 212 s.

450. Szymanowski G. Dwanaście lat - wspomnienia z lat 1927-1939. - Toruń: Jan Marszałek, 1998. - 228 s.

451. Śliwa M. Ludowcy i socjaliści w parlamencie II Rzeczypospolitej. - Warszawa: Wydawnistwo Sejmowe, 1995. - 166 s.

452. Świtalski K. Diariusz 1919-1935. - Warszawa: Czytelnik, 1992. - 840 s.

453. Tadeusz Hołówko o demokracji, polityce i moralności życia publicznego / Wstęp, wybór i opracowanie A. Chojnowski. - Warszawa: Wydawnictwo Sejnowe, 1999. - 301 s.

454. Thugutt S. Autobiografia. - Warszawa: Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, 1984. - 195 s.

455. Tomaszewski J. Rzeczpospolita wielu narodów. - Warszawa: Czytelnik, 1985. - 288 s.

456. Tomczonek Z. Ruch ludowy na kresach północno-wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej. - Białystok: Politechnika Białostocka, 1996. - 283 s.

457. Traczuk J. Prasa białoruska w II Rzeczypospolitej (1918-1939) // Studia polono-slavica-orientalia. Acta literaria. - 1992. - № 13. - S.185 - 373.

458. Urbański Z. Mniejszości narodowe w Polsce. - Warszawa: Wyd. "Mniejszości Narodowych", 1932. - 380 s.

459. Wappa E. Okoliczności powstania Centralnego Związku Białoruskich Organizacji i Instytucji Kulturalno-Oświatowych ("Centrasajuzu") i jego udział w wyborach 1930 r. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1994. - № 1. - S. 63 - 72.

460. Wasilewski L. Litwa i Białoruś. Zarys historyczno-polityczny stosunków narodowościowych. - Warszawa-Kraków: Wyd. J. Mortkowicza, Tow. Wyd. w Warszawie, 1925. - 252 s.

461. Wasilewski L. Sprawa kresów i mniejszości narodowych w Polsce. - Warszawa, 1925. - 105 s.

462. Wiadomości polityczne. Dążenia i taktyka Białorusinów // Słowo - 1922. - 1 grudnia. - S. 3.

463. Wiadomości polityczne. Zjazd Białoruski // Gazeta Krajowa. -1921. - 14 grudnia. - S. 1.

464. Wieliczko M. Ignacy Dworczanin poseł białoruskiej mniejszości narodowej // Rola posła i senatora w II Rzeczypospolitej / Pod red. J. Jachymka. - Lublin: Uniwersytet im. M. Curie-Skłodowskiej, 1989. - S. 275 - 305.

465. Witos W. Moje wspomnienia. T. 2. Cz. II. - Warszawa: Ludowa Współdzielnia Wydawnicza, 1990. - 672 s.

466. Wspólne oświadczenie klubów mniejszości narodowych w Sejmie i Senacie w sprawach ustaw samorządowych, złożone d. 15 marca 1927 r. // Warszawska Informacja Prasowa. Wszystkie Stronnictwa. - 1927. - Nr. 9. - S. 161.

467. Wybarnyja sprawy. Maskalam chočycca mieć wybarščykaŭ // Biełaruskaja krynica. - 1928. - 13 stud. - S. 3.

468. Wybory do ciał ustawodawczych w województwie Nowogródzkim w r. 1928. - Nowogródek: Drukarnia Wydziału Politycznego w Nowogródku, 1928. - 298 s.

469. Wybory do Sejmu i Senatu w roku 1922 i w roku 1928. Cz. 2. - Warszawa: Gazeta Administracji i Policji Państwowej, 1929. - 712 s.

470. Wybory do Sejmu w Wilnie, 8 stycznia 1922. Oświetlenie akcji wyborczej i jej wyników na podstawie źródeł urzędowych. - Wilno: Wydawnictwo Generalnego Sekretariatu Wyborczego, 1922. - 173 s.

471. Wydźga W. Z wycieczki na Kresy (Województwo Nowogródzkie). - Warszawa: Chrz. Narod. Stronnictwo Polnicze, 1923. - 16 s.

472. Z apošnich padziejaŭ u Polščy // Biełaruskaja Krynica. - 1926. - 7 čerw. - S. 1

473. Z biełaruskaha żyćcia. Raździeł Biełaruskaha Pasolskaha Klubu // Krynica. - 1925. - 12 lip. - S. 7.

474. Z ruchu wyborczego. Białorusini wobec wyborów // Gazeta Wileńska. -1921. - 10 grudnia. - S. 2.

475. Zaporowski Z. Białorusini w Sejmie RP II kadencji 1928 - 1930 // Annales Universitatis Mariae Curie-Składowska. Lublin - Polonia. - 1999/2000. - Sectio F. - Vol. LIV - LV. - S. 247 - 259.

476. Zaporowski Z. Między Sejmem a wiecem: Działalność Komunistycznej Frakcji Poselskiej w latach 1921 - 1935. - Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 1997. - 189 s.

477. Zaporowski Z. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej 1919-1939. Działalność posłów, parlamentarne koncepcje Józefa Piłsudskiego, mniejszości narodowe. - Lublin: Wyd. UMCS, 1992. - 265 s.

478. Zaporowski Z. Ukraińsko-Białoruski Klub Sejmowy (marzec-listopad 1928 r.) // Pogranicze. Studia z dziejów stosunków polsko-ukraińskich w XX wieku / Praca zbiorowa pod red. Z. Mańkowskiego. - Lublin: UMCS, 1992. - S. 7-18.

479. Żydzi. Wybory do Sejmu i Senatu // Sprawy Narodowościowe. - 1930. - Nr. 5-6. - S. 626 - 629.


ДАДАТАК 1

АСНОЎНЫЯ ТЭЗІСЫ ПЛАТФОРМЫ

БЕЛАРУСКАГА ЦЭНТРАЛЬНАГА ВЫБАРЧАГА КАМІТЭТА,

ПРЫНЯТЫЯ НА КАНФЕРЭНЦЫІ Ў ВІЛЬНІ 9 - 10 ЖНІЎНЯ 1922 Г. [*]

1) Абарона правоў Беларускага насяленьня. Задэклярованыя Констытуцыяй правы нацыянальных меншасьцяў павінны быць праведзены адносна да беларусаў ува ўсё правадаўства і ў адміністрацыйную практыку.

Дзеля забясьпечаньня апошняга ў межах Беларускае тэрыторыі беларусы павінны быць дапушчаны бяз ніякіх агранічэньняў на адміністрацыйныя ўрады ўсіх інстанцый.

Свабода нацыянальнае беларускае школы ўсіх ступеняў, утрыманьне на кошт скарбу.

Роўныя правы для беларускай мовы з урадовай мовай у адміністрацыі і судзе.

Поўная свабода грамадзкае і эканамічнае арганізацыі, свабода сходаў, слова і друку.

2) Поўная салідарнасьць усіх нацыянальных меншасьцяў у абароне правоў усіх іх разам і кожнае асобна.

Паразуменьне з польскай дэмократыяй на грунце абароны права, поступу і эканамічных інтарэсаў працоўнага народу.

Барацьба з усімі праявамі адміністрацыйнага гвалту.

3) Поўная свабода для ўсіх рэлігій. Абарона кожнага вызнаньня ад уціску улады. Барацьба з урадовай палітыкай, якая імкнецца падзяліць на два варожыя абозы напалову каталіцкае, напалову праваслаўнае беларускае насяленьне дарогай фаворызацыі аднаго і уцісканьня другога вызнаньня.

4) Хутчэйшае правядзеньне ў жыцьцё зямельнае рэформы. На Беларускай тэрыторыі - уся зямля Беларускаму працоўнаму народу! Зямельная рэформа ня можа служыць мэтам польскае колонізацыі на Беларускіх абшарах. Пры раздзеле дворных зямель між тутэйшымі сялянамі цяжар зямельнае рэформы ня можа быць узложаны выключна на ўласьнікаў-непалякаў.

Землі ўцякачоў, дагэтуль не вярнуўшыхся з Расеі, ні ў якім прыпадку не падлягаюць конфіскацыі.

Пакуль ня будзе праведзена ў жыцьцё зямельная рэформа, - абарона дробных арандатараў ад усялякіх гвалтаў з боку двароў і адміністрацыі.

Абарона беларускіх лясоў ад аднабочнае і рабунковае гаспадаркі ураду. Хутчэйшае правядзеньне ў жыцьцё нацыяналізацыі лясоў.

5) Работніцкае пытаньне. 8-гадзінны рабочы дзень.

Поўная свабода работніцкае арганізацыі дзеля барацьбы за ідэалы рабочага народу.

Абавязак улады забясьпечыць права на працу кожнаму работніку.

Самая шырокая дзяржаўная падмога работнікам дзеля разьвіцьця прасьветы і прафэсыянальнага узгадаваньня. Дзяржаўнае забясьпечаньне на прыпадак хваробы, старасьці, інваліднасьці і безрабоцьця.

6) Грамадзкая арганізацыя. Чым хутчэйшае правядзеньне ў жыцьцё на ўсіх Беларускіх абшарах валаснога і павятовага самаўпраўленьня з забясьпечаньнем праўдзівае свабоды выбараў у валасныя і павятовыя самаўрады.

Выдзяленьне беларускіх часьцін з польскіх ваяводзтваў, куды яны далучаны дзеля поланізатарскіх мэтаў.

Утварэньне з усіх Беларускіх абшараў асобнае аўтаномнае адзінкі з краёвым соймам у Вільні.

7) Тэрыторыяльная арганізацыя арміі.

8) Запраўдная дзяржаўная помач рээмігрантам-беларусам, бойкотованым цяпер урадам.

9) Барацьба проці фаворызацыі урадам этнографічна польскага цэнтру коштам няпольскіх "акраін".

10) Абарона кватарантаў ад эксплуатацыі камянічнікамі.

11) Помач рэамігрантам, Адбудова ўрадам усіх зруйнаваных вайной гаспадарак. Зварот на кошт скарбу ўсяго жывога і мёртвага інвэнтару.

Крыніца: [14].


ДАДАТАК 2

ВЫТРЫМКІ З ВЫБАРЧАГА ЗАКОНА Ў СЕЙМ ПОЛЬСКАЙ РЭСПУБЛІКІ, ПРЫНЯТАГА 28 ЛІПЕНЯ 1922 Г.

Раздзел І.

Права выбірання.

Арт. 1

Права выбару паслоў у Сейм мае, за выключэннем вайскоўцаў тэрміновай службы, кожны грамадзянін Польскай Рэспублікі без розніцы полу, якому на дзень абвяшчэння выбараў у "Dzienniku Ustaw" споўніўся 21 год і які паводле патрабаванняў гэтага закона выбарчага права не пазбаўлены...

...Раздзел ІІ.

Выбіральнасць.

Арт. 5

1. Выбірацца ў Сейм могуць усе грамадзяне Польскай Рэспублікі, якія маюць выбарчае права, не выключаючы і вайскоўцаў тэрміновай службы, незалежна ад месца жыхарства ў краіне ці за яе межамі, якім на дзень абвяшчэння выбараў споўнілася 25 гадоў.

2. Рашэнне па праву выбіральнасці, пастаўленаму пад сумненне, прымае выключна Вярхоўны суд.

Арт.6.

1. Дзяржаўныя адміністратыўныя чыноўнікі ўсіх рангаў, а таксама суддзі і судовыя чыноўнікі не могуць выбірацца ў тых выбарчых акругах, у якіх выконваюць свае абавязкі.

2. Гэта патрабаванне не датычыць чыноўнікаў, якія выконваюць абавязкі пры цэнтральных уладах.

Арт. 7.

1. Дзяржаўныя і самаўрадавыя служачыя, за выключэннем міністраў, дзяржаўных сакратароў і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў з моманту выбрання паслом атрымліваюць на час дзейнасці пасольскага мандата неаплачваемы адпачынак.

2. Гады, патрачаныя на выкананне пасольскага мандата, залічваюцца ў працоўны стаж.

Арт. 8.

Вайскоўцы ў выпадку выбару ў паслы на час дзеяння пасольскага мандата пераводзяцца ў стан адпачынку з вызваленнем ад усялякай службовай залежнасці без права нашэння мундзіра.

...Раздзел VІІІ.

Спісы кандыдатаў.

Арт. 44

1. Пасольскія кандыдатуры ў выбарчай акрузе павінны аб'яўляцца пісьмова старшыні акруговай выбарчай камісіі не пазней, чым за 30 дзён перад выбарамі.

2. Кандыдатура можа быць выстаўлена толькі са згоды кандыдата. Яго заява з уласнаручным подпісам павінна быць пададзена старшыні акруговай выбарчай камісіі не пазней, чым за 22 дні перад выбарамі. Акрамя гэтага, заява павінна ўтрымліваць сцверджанне, што кандыдат лічыць сябе грамадзянінам Польскай Дзяржавы і, паводле сваіх звестак, валодае выбарчым правам. Пры адсутнасці такой заявы кандыдат павінен быць выкраслены са спіса.

3. Ніхто не можа ў адной і той жа выбарчай акрузе выстаўлены на двух ці больш спісах кандыдатаў.

Арт. 45.

Заява павінна быць падпісана разам ці на асобных дэкларацыях не менш чым 50 выбаршчыкамі, якія жывуць у выбарчай акрузе.

Арт. 46.

Колькасць кандыдатаў на акруговым спісе не можа перавышаць дзвюхразовай колькасці паслоў, якія выбіраюцца ў гэтай акрузе.

Арт. 47.

1. Асобы, якія выстаўляюць акруговы спіс кандыдатаў, павінны адначасова ў пісьмовай заяве вызначыць сваю паўнамоцную асобу, якая мае права весці перагаворы з выбарчымі ўладамі і падаваць ад імя выстаўляючых спіс заявы ў справе выстаўлення.

2. Акрамя паўнамоцнай асобы, адначасова належыць вызначыць яе намесніка.

3. Большасць падпісаўшыхся за выстаўленне спісу кандыдатаў можа пісьмова заявіць, што адклікае паўнамоцную асобу ці яе намесніка і прызначае новую паўнамоцную асобу ці яе намесніка. Гэтая заява будзе прызнана сапраўднай, калі для кожнай падпісаўшай яго асобы будуць прыведзены звесткі, пералічаныя ў арт. 48 і калі ўласнаручнасць подпісу будзе пацверджана прынамсі кіраўніком гміны ці старшынёй участковай выбарчай камісіі.

4. Новапрызначаная паўнамоцная асоба заступае на мейсца адкліканай з таго моманту, калі камісія пацвердзіць, што адкліканне было зроблена ў адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага артыкула.

5. Камісія абавязана пададзенае адкліканне неадкладна разгледзець і прыняць па яму рашэнне.

Арт. 48.

Выбаршчыкі, якія падпісаліся за выстаўленне акруговага спісу, павінны падаць побач са сваім разборлівым подпісам свой узрост, прафесію і дакладны адрас такім чынам, каб не было ніякіх сумненняў адносна асобы падпісаўшага.

Арт. 49.

1. Кожны выстаўлены спіс кандыдатаў можа пазначацца ці назвай партыі, якая яго выстаўляе, ці іншымі словамі, якія адрозніваюць спіс ад усіх іншых спісаў.

2. Пазначэнні, якія могуць уводзіць выбаршчыкаў у зман, не дазваляюцца.

3. Пазначэнне спісу ў якасці спісу партыі патрабуе згоды ўлад гэтай партыі, калі б гэта пытанне было закранута прадстаўніком іншага спіса.

4. У выпадку выказвання прэтэнзій па гэтым пытанні паўнамоцнымі асобамі старшыня акруговай камісіі павінен заклікаць зацікаўленых паўнамоцных асоб да паразумення, а калі яно не будзе дасягнута, акруговая камісія пазначае лісты згодна з сапраўдным становішчам паводле прадстаўленых доказаў, а спісы, партыйны характар якіх застаўся нявысветлены - пакідае без пазнакі.

Арт. 50.

Заява кандыдата, што ён пагаджаецца на змяшчэнне сваёй кандыдатуры на акруговым спісе кандыдатаў, можа быць зроблена і праз тэлеграф, аднак пры ўмове, што самае позняе перад надрукаваннем спісу будзе прыслана пісьмовая заява кандыдата.

Арт. 51.

1. У выстаўленых спісах кандыдатаў трэба падаць прозвішча, імя, узрост, прафесію і месца жыхарства кожнага кандыдата так, каб не магло быць сумненняў у дачыненні да яго асобы.

2. Прозвішчы кандыдатаў павінны пазначацца чарговымі нумарамі, пачынаючы ад 1, у парадку першынства на атрыманне мандатаў.

Арт. 52.

Старшыня акруговай выбарчай камісіі павінен выдаць пісьмовае пацверджанне выстаўлення спісу кандыдатаў, а таксама падачы заявы кандыдатаў аб прыняцці кандыдатуры і аб'явы аб прылучэнні акруговага спісу да дзяржаўнага спісу (арт. 57).

Арт. 53.

Старшыня акруговай выбарчай камісіі правярае, ці адпавядаюць выстаўленыя спісы кандыдатаў патрабаванням закона, пра выяўленыя ж недахопы і памылкі ён паведамляе паўнамоцнай асобе спісу самае позняе праз 3 дні пасля падачы спісу.

Арт. 54.

Калі згаданыя недахопы і памылкі не будуць выпраўленыя паўнамоцнай асобай спісу на працягу 5 дзён, адпаведная выбарчая камісія заяўляе пра несапраўднасць усяго пададзенага спісу цалкам ці несапраўднасць кандыдатур, якіх гэтыя памылкі датычаць, і паведамляе пра сваё рашэнне паўнамоцнай асобе.

Арт. 55.

У выпадку выстаўлення ў выбарчай акрузе ў вызначаны тэрмін (арт. 44): а) некалькіх спісаў з агульнай колькасцю кандыдатаў, не большай за колькасць паслоў, якія прыпадаюць на гэтую акругу; b) толькі аднаго спісу кандыдатаў. - галасаванне не адбываецца, і выбранымі лічацца: у выпадку а) - усе выстаўленыя кандыдаты, прычым калі іх колькасць меншая за колькасць паслоў, якія выбіраюцца з акругі, то мандаты, што па гэтай прычыне застаюцца, перадаюцца на карысць дзяржаўнага спісу; у выпадку b) - асобы, якія стаяць на столькіх першых месцах спісу, колькі паслоў павінна быць выбрана з акругі. Акрамя гэтага, у дадзеным выпадку павінна быць прыменена патрабаванне, змешчанае ў арт. 97 пункт 2.

Арт. 56.

1. У выпадку выстаўлення некалькіх спісаў з агульнай колькасцю кандыдатаў большай за колькасць паслоў, выбіраных у акрузе, акруговая выбарчая камісія пасля канчатковага вызначэння спісаў арганізуе іх друк на выбарчых афішах пад адпаведнымі ім нумарамі і назвамі, з улікам чарговасці іх нумароў. Адначасова належыць на гэтай самай афішы змясціць дзяржаўныя спісы кандыдатаў, пра далучэнне да якіх абвясцілі выстаўленыя ў акрузе спісы.

2. Подпісаў, змешчаных на заявах аб выстаўленні спісаў кандыдатаў, друкаваць не трэба.

3. Выбарчыя афішы самае позняе за 12 дзён перад выбарамі павінны быць у дастатковай колькасці разасланыя ўчастковым выбарчым камісіям з даручэннем іх расклейвання. Адначасова выбарчую афішу належыць выслаць у Галоўнае статыстычнае ўпраўленне.

Арт. 57.

1. Паўнамоцная асоба акруговага спісу кандыдатаў можа падаць старшыні акруговай выбарчай камісіі пісьмовую заяву, што свой спіс далучае да адзначанага ў заяве дзяржаўнага спісу кандыдатаў, аднак толькі ў тым выпадку, калі акруговы спіс, які яна прадстаўляе, мае такую самую назву, што і дзяржаўны спіс.

2. Гэтая заява павінна быць пададзена не пазней, чым за 22 дні да выбараў, іначай здабытыя гэтым спісам мандаты застануцца пры падзеле мандатаў з дзяржаўных спісаў няўлічанымі. Гэтую заяву старшыня акруговай выбарчай камісіі павінен неадкладна пераслаць генеральнаму выбарчаму камісару.

3. Мандаты з акруговых спісаў, не далучаныя ні да якога дзяржаўнага спісу, не будуць улічвацца пры падзеле мандатаў з дзяржаўнага спісу.

Арт. 58.

1. Дзяржаўныя спісы кандыдатаў павінны падавацца пісьмова Генеральнаму выбарчаму камісару не пазней, чым за 40 дзён да выбараў.

2. Заява павінна быць падпісана не менш чым 5-цю пасламі ці сенатарамі папярэдняга Сейма ці Сената, або не менш чым 1000 выбаршчыкамі з дзвюх выбарчых акруг па не менш чым 500 з кожнай акругі. У гэтым выпадку заява можа быць падпісана ў асобных дэкларацыях.

3. Адна і тая ж асоба не можа падпісаць больш чым адну заяву.

4. Колькасць кандыдатаў на дзяржаўным спісе не можа перавышаць 100.

Арт. 59.

1. Кандыдатура можа быць выстаўлена толькі са згоды кандыдата. Адпаведная заява кандыдата, забяспечаная яго ўласнаручным подпісам, павінна быць уручана старшыні Дзяржаўнай выбарчай камісіі не пазней,чым за 32 дні да выбараў. Акрамя таго, гэта заява павінна ўтрымліваць сцверджанне, што кандыдат лічыць сябе грамадзянінам Польскай Дзяржавы і, паводле сваіх звестак, валодае выбарчым правам. Пры адсутнасці такой заявы кандыдат павінен быць выкраслены са спісу.

2. Ніхто не можа быць выстаўлены на двух ці больш дзяржаўных спісах кандыдатаў.

Арт. 60.

1. Генеральны выбарчы камісар не пазней чым за 30 дзён да выбараў абвяшчае ў "Monitorze Polskim" па правілах выстаўленыя дзяржаўныя спісы кандыдатаў у форме, вызначанай Дзяржаўнай выбарчай камісіяй.

2. Спісы будуць адзначаны парадкавым нумарам згодна з чарговасцю іх падачы.

Арт. 61.

1. Патрабаванні арт. 47 - 54 уключна павінны адпаведна прымяняцца ў дачыненні да дзяржаўных спісаў.

2. Акруговыя спісы, якія абвясцілі пра сваё далучэнне да дзяржаўнага спісу, будуць адзначацца тым самым парадкавым нумарам, што і адпаведныя дзяржаўныя спісы. Іншыя акруговыя спісы атрымаюць парадкавыя нумары згодна з чарговасцю іх падачы, пачынаючы ад нумара, наступнага пасля нумара дзяржаўнага спісу, адзначанага найвышэйшым нумарам, нават калі гэты нумар у акрузе не ўжываецца.

3. Ніводны спіс не будзе адзначацца дзевятым нумарам.

Раздзел ІХ.

Аб галасаванні.

Арт. 62.

1. Правядзенне акта галасавання даручаецца ўчастковай выбарчай камісіі.

2. З моманту пачатку галасавання і да моманту яго заканчэння ў выбарчым памяшканні павінны бесперапынна прысутнічаць як мінімум старшыня і два члены выбарчай камісіі або іх намеснікі.

3. Калі не хапае членаў да гэтай колькасці, старшыня можа ўдакладніць склад камісіі, дадаўшы ў яе склад адну ці дзве пісьменныя асобы з ліку прысутных выбаршчыкаў.

4. Старшыня камісіі і член камісіі, выбраны для пісання пратакола, не могуць адначасова пакідаць выбарчае памяшканне.

Арт. 63.

Доступ да выбарчага памяшкання маюць толькі выбаршчыкі і давераныя асобы выбарчых груп, вызначаныя паўнамоцнымі прадстаўнікамі з ліку мясцовых выбаршчыкаў па адной для кожнай камісіі, або намеснікі гэтых давераных асоб па адным для кожнай з іх.

Арт. 64.

Напярэдадні выбараў, пачынаючы з 6-ці гадзін вечара, і цэлы дзень выбараў продаж на разліў і пастаўка алкагольных вырабаў забаронены на ўсёй выбарчай тэрыторыі.

Арт. 65.

1. Старшыня можа выдаліць з памяшкання асоб, якія парушаюць спакой ці агітуюць, з забаронай вяртання, аднак не пазбаўляючы іх права аддачы голасу.

2. Паўнамоцную асобу ці яго намесніка выбарчая камісія можа выдаліць з выбарчага памяшкання толькі пасля беспаспяховасці папярэдняга напамінку, зазначаючы гэты факт і яго прычыны ў пратаколе камісіі.

Арт. 66.

У час галасавання нельга ні ў выбарчым памяшканні, ні ў будынку, у якім яно знаходзіцца, ні таксама на вуліцы і на плошчы перад уваходам у будынак на адлегласці 100 метраў выступаць з прамовамі, раздаваць карткі для галасавання і якім-небудзь чынам агітаваць.

Арт. 67.

У тым выпадку, калі б натоўп перакрываў выбаршчыкам доступ да выбарчага памяшкання ці выбарчай урны, старшыня камісіі прымяняе адпаведныя меры, каб забяспечыць выбаршчыкам свабодны доступ.

Арт. 68.

З мэтай забеспячэння выканання загадаў старшыні, скіраваных на ўтрыманне бяспекі і спакойнага ходу выбарчага акта, адміністратыўныя ўлады даюць у яго распараджэнне варту адпаведнай сілы.

Арт. 69.

1. Стол, за якім сядзіць выбарчая камісія, трэба паставіць так, каб ён быў бачны з усіх бакоў. Давераныя асобы будуць сядзець за сталом камісіі. На стале павінна стаяць выбарчая ўрна, якая мусіць быць зроблена так, каб без адкрыцця з яе немагчыма было выцягнуць карткі для галасавання.

2. Экзэмпляр гэтага выбарчага закона павінен знаходзіцца на стале камісіі для агульнага ўжытку.

3. Перад пачаткам галасавання камісія і давераныя асобы павінны пераканацца, што ўрна пустая. З гэтага моманту і да заканчэння галасавання яе ў ніякім выпадку адчыняць нельга.

Арт. 70.

1. Галасаванне адбываецца з дапамогай картак для галасавання. Карткі для галасавання павінны быць белага колеру. На картцы павінен быць змешчаны толькі акрэслены словамі ці лічбамі нумар спісу кандыдатаў, за які выбаршчык аддае свой голас.

2. Нумар можа быць надрукаваны механічным спосабам ці напісаны ад рукі.

Арт. 71.

1. Карткі для галасавання будуць укладацца ў канверты, праштампаваныя штампам старшыні акруговай выбарчай камісіі. Канверты павінны быць зроблены з непразрыстай паперы ў фармаце 9Х12 см.

2. Усе канверты, прызначаныя для аднаго выбарчага ўчастка, павінны быць аднолькавага колеру.

3. Канверты не будуць адзначаны ніякім іншым адметным знакам, акрамя штампа.

4. Праштампаваныя канверты дастаўляе старшыня акруговай выбарчай камісіі за кошт дзяржавы.

Арт. 72.

Галасаванне пачынаецца а 9 гадзіне раніцы і доўжыцца без перапынку да 9 гадзіны вечара.

Арт. 73.

1. Галасаванне адбываецца публічна наступным чынам. Выбаршчык, наблізіўшыся да стала, за якім сядзіць выбарчая камісія, называе сваё прозвішча і імя. Пасля праверкі членам камісіі, які вядзе пратакол, ці знаходзяцца названыя прозвішча і імя ў спісе выбаршчыкаў, выбаршчык атрымлівае праштампаваны канверт для галасавання і ўручае яго старшыні камісіі, які, праверыўшы штамп на канверце і не заглядаючы ўсярэдзіну, укідае яго ў выбарчую ўрну. Адначасова члены камісіі побач з прозвішчам выбаршчыка ў абодвух экзэмплярах спісу адзначаюць, што ён свой голас аддаў.

2. Выбаршчыкі, якія па прычыне фізічных недахопаў не могуць выканаць дзеянняў, акрэсленых у гэтым артыкуле, могуць карыстацца дапамогай асобы, якой яны давяраюць.

Арт. 74.

Старшыня не можа прыняць для галасавання картку, якую выбаршчык хоча аддаць без укладання яе ва ўрадавы канверт, а таксама старшыня не павінен прымаць канвертаў, пазначаных якім-небудзь знакам, акрамя ўрадавага штампа.

Арт. 75.

1. Кожны член камісіі і кожная давераная асоба можа выказваць сумненні ў дачыненні да сапраўднасці асобы галасуючага. Гэтыя сумненні могуць быць выказаны толькі да таго часу, пакуль асоба, пра якую ідзе гаворка, не прагаласавала.

2. У такім выпадку старшыня выбарчай камісіі са згоды камісіі можа запатрабаваць ад галасуючага пасведчанне яго асобы; калі асоба, сапраўднасць якой пастаўлена пад пытанне, не прадставіць дакументаў, прызнаных камісіяй дастатковымі, ён можа спаслацца на паказанні двух сведкаў, асабіста знаёмых хоць бы аднаму члену камісіі. Прозвішчы гэтых сведкаў і прозвішча члена камісіі, які ведае іх асабіста, будуць адзначаны ў пратаколе камісіі.

3. Рашэнне камісіі ў справе сапраўднасці асобы выбаршчыка не можа быць зменена.

4. У выпадку неаднагалоснасці ў прыняцці папярэдніх рашэнняў гэта належыць адзначыць у пратаколе.

Арт. 76.

1. Калі камісіі будзе прадстаўлена пастанова Вярхоўнага Суда, што выбаршчык быў незаконна запісаны ў спіс выбаршчыкаў, камісія павінна не дапускаць выбаршчыка да аддачы голаса і выкрасліць яго са спіса.

2. Калі камісіі будзе прадстаўлена пастанова Вярхоўнага Суда, што выбаршчык быў незаконна не запісаны ў спіс выбаршчыкаў, камісія павінна ўключыць яго ў спіс выбаршчыкаў, пасля чаго дапусціць да аддачы голаса.

3. Усе падобнага роду выпадкі павінны адзначацца ў пратаколе камісіі...

...Арт. 97.

1. Пасламі з акруговага або дзяржаўнага спісу становяцца асобы, пачаргова змешчаныя на столькіх першых месцах спісу кандыдатаў, колькі на гэты спіс прыпадае пасольскіх мандатаў.

2. Калі на акруговыя спісы прыпадае больш пасольскіх мандатаў, чым на іх ёсць кандыдатаў, незанятыя пасольскія мандаты з гэтых спісаў пераходзяць на карысць дзяржаўнага спісу, пра далучэнне да якога абвясціў згаданы акруговы спіс...

...Арт. 98.

1. Калі адна і тая ж асоба была адначасова выбрана па некалькіх акруговых спісах або па дзяржаўнаму і акруговаму спісах, яна павінна на працягу тыдня пасля абвяшчэння вынікаў выбараў па дзяржаўным спісе ў "Monitorze Polskim" падаць Генеральнаму выбарчаму камісару заяву, які менавіта мандат прымае.

2. Калі такая заява не была пададзена ў вызначаны тэрмін, гэтую асобу належыць лічыць выбранай па акруговаму спісу і аддаць мандат паводле арт. 99 наступнаму кандыдату з дзяржаўнага спісу, а калі б гэта асоба была выбрана па некалькіх акруговых спісах - належыць лічыць яе выбранай па тым спісе, за які было аддадзена больш галасоў, а ў выпадку роўнасці галасоў - паводле жэрабя.

Арт. 99.

1. Абвяшчаючы вынік выбараў, старшыня акруговай або Дзяржаўнай выбарчай камісіі называе асоб, прозвішчы якіх размяшчаліся пасля выбраных паслоў на наступных месцах на спісе - зменшчыкамі паслоў, у той чарговасці, у якой яны змешчаны на спісе.

2. Кожны зменшчык мае права саступіць першынство асобе, якая стаіць у спісе непасрэдна за ім, аднак без прымусовай адмовы ад права замены...

Крыніца: [412, c. 22, 27 - 28, 44 - 55].


ДАДАТАК 3

ВЫТРЫМКІ З ВЫБАРЧАГА ЗАКОНА Ў СЕНАТ ПОЛЬСКАЙ РЭСПУБЛІКІ, ПРЫНЯТАГА 28 ЛІПЕНЯ 1922 Г.

Арт.1.

Выбары сенатараў адбываюцца пры адпаведным прымяненні патрабаванняў выбарчага закона ў сейм, калі гэты закон не змяшчае іншых патрабаванняў.

Арт.2.

1. Права выбару мае кожны выбаршчык у Сейм, які на дзень абвяшчэння выбараў мае поўныя 30 гадоў і на той дзень жыве на тэрыторыі выбарчай акругі прынамсі год, лічачы ў адваротным парадку ад дня абвяшчэння выбараў у "Dzienniku Ustaw".

2. Умова аднагадовага пражывання не датычыць: а) нядаўна паселеных каланістаў, b) рабочых, якія змянілі месца жыхарства ў выніку змены месца працы, а таксама с) дзяржаўных служачых, пераведзеных па службе.

Арт. 3.

1. Выбірацца ў Сенат могуць усе грамадзяне Польскай Рэспублікі, якія маюць выбарчае права, незалежна ад месца жыхарства ў краіне ці за яе межамі, якім на дзень абвяшчэння выбараў споўнілася 40 гадоў, не выключаючы і вайскоўцаў.

Арт.4.

Выбаршчыкі з усёй тэрыторыі Польскай Рэспублікі выбіраюць 111 сенатараў, з якіх 93 - з акруговых спісаў,а 18 - з дзяржаўных спісаў.

Арт. 5.

Кожнае ваяводства складае адну выбарчую акругу; сталічны горад Варшава складае асобную выбарчую акругу...

...Арт.7.

Участкі для галасавання пры выбарах у Сенат адпавядаюць участкам для галасавання, вызначаным для выбараў у Сейм.

Арт.8.

Выбары ў Сенат Прэзідэнт Рэспублікі прызначае адначасова з прызначэннем выбараў у Сейм.

Арт. 9.

Дзень галасавання прызначаецца на наступную нядзелю пасля дня выбараў у Сейм. Аднак усе тэрміны, якія адлічваюцца назад ад дня выбараў, будуць лічыцца ад дня выбараў у Сейм...

...Арт. 14.

1. Асобы, якія выстаўляюць дзяржаўны спіс на сеймавых выбарах, могуць заявіць, што выстаўляюць таксама дзяржаўны спіс кандыдатаў на выбарах у Сенат і просяць пазначыць спіс кандыдатаў у Сенат тым самым нумарам, якім будзе пазначаны іх спіс кандыдатаў у Сейм. Такую просьбу належыць задаволіць ў тым выпадку, калі дзяржаўны спіс кандыдатаў у Сенат сапраўды будзе выстаўлены ў вызначаны тэрмін.

2. Калі адна і тая ж група паслоў або група выбаршчыкаў выставіла толькі дзяржаўны спіс кандыдатаў у Сейм і не выставіла такі ж спіс у Сенат, то нумар, які гэты спіс атрымаў на выбарах у Сейм, не можа быць выкарыстаны для пазначэння якога-небудзь дзяржаўнага ці ваяводскага спісу пры выбарах у Сенат.

3. Гэтыя патрабаванні маюць аналагічнае прымяненне таксама пры пазначэнні нумарамі ваяводскіх спісаў кандыдатаў у Сенат, якія не аб'явілі пра сваё далучэнне да ніводнага з па правілах выстаўленага дзяржаўнага спісу кандыдатаў...

Крыніца: [412, c. 73 - 77].


ДАДАТАК 4

СПІС БЕЛАРУСКІХ ПАСЛОЎ І СЕНАТАРАЎ

І скліканне (1922 - 1927)

Паслы

Прозвішча і імя

Час працы ў парламенце

Акруга і спіс, з якога быў выбраны

Клуб

Аўсянік Антон

1922 - 1927

Лідская, БНМ

БПК, з 1926 па-за фракцыямі

Баран Сяргей [*]

1922 - 1927

Гродзенская, БНМ

БПК

Валошын Павел

1923 - 1927

Ваўкавыская, БНМ

БПК, з 1925 БСРГ

Каліноўскі Уладзімір

1922 - 1923

Ваўкавыская, БНМ

БПК

Кахановіч Міхал

1922 - 1925

Навагрудская, БНМ

БПК

Мятла Пятро

1922 - 1927

Свянцянская, БНМ

БПК, з 1925 БСРГ

Рагуля Васіль

1922 - 1927

Навагрудская, БНМ

БПК

Рак-Міхайлоўскі Сымон

1922 - 1927

Лідская, БНМ

БПК, з 1925 БСРГ

Станкевіч Адам

1922 - 1927

Свянцянская, БНМ

БПК

Сабалеўскі Юрый

1926 - 1927

Навагрудская, БНМ

БСРГ, з 1927 БПК

Тарашкевіч Браніслаў

1922 - 1927

Дзяржаўны спіс, БНМ

БПК, з 1925 БСРГ

Якавюк Сямён [*]

1922 - 1925

Востраўская, БНМ

БПК

Ярэміч Фабіян

1922 - 1927

Пінская, БНМ

БПК


Сенатары

Прозвішча і імя

Час працы ў парламенце

Ваяводства і спіс, з якога быў выбраны

Клуб

Багдановіч Вячаслаў

1922 - 1927

Віленскае ваяв., БНМ

БПК

Назарэўскі Аляксей

1922 - 1927

Навагрудскае ваяв., БНМ

БПК

Уласаў Аляксандр

1922 - 1927

Дзяржаўны спіс, БНМ

БПК


ІІ скліканне (1928 - 1930)

Паслы

Прозвішча і імя

Час працы ў парламенце

Акруга і спіс, з якога быў выбраны

Клуб

Валынец Флягонт

1928 - 1930

Лідская, ВКБСР

БСРПК

Верамей Мікалай [*]

1930

Лідская, "Змаганне"

БСРПК

Гаўрылік Язэп

1928 - 1930

Навагрудская, "Змаганне"

БСРПК

Грэцкі Іван

1928 - 1930

Брэсцкая, Сельроб-лявіца

БСРПК

Дварчанін Ігнат

1928 - 1930

Навагрудская, "Змаганне"

БСРПК

Каруза Павел

1928 - 1930

Свянцянская, БНМ

БПК

Крынчык Павел

1929 - 1930

Навагрудская, "Змаганне"

БСРПК

Стагановіч Аляксандр

1928 - 1929

Навагрудская, "Змаганне"

БСРПК

Станкевіч Янка

1928 - 1930

Лідская, ВКБСР

Па-за фракцыямі

Стэповіч Альбін

1928 - 1930

Свянцянская, БНМ

БПК

Юхневіч Канстанцін

1928 - 1930

Свянцянская, БНМ

БПК

Ярэміч Фабіян

1928 - 1930

Дзяржаўны спіс, БНМ

БПК


Сенатары

Прозвішча і імя

Час працы ў парламенце

Ваяводства і спіс, з якога быў выбраны

Клуб

Багдановіч Вячаслаў

1928 - 1930

Віленскае ваяв., БНМ

БПК

Рагуля Васіль

1928 - 1930

Навагрудскае ваяв., БНМ

БПК


ДАДАТАК 5

СТАТУТ БЕЛАРУСКАГА ПАСОЛЬСКАГА КЛЮБА Ў СЕЙМЕ І СЕНАЦЕ ПОЛЬСКАЙ РЭСПУБЛІКІ

І. Склад Беларускага Пасольскага Клюбу.

§1. У Беларускі Пасольскі Клюб уваходзяць паслы-беларусы Сойму і Сэнату.

ІІ. Плятформа Б.П.К.

§2. У аснову плятформы Б.П.К. кладзецца абарона правоў беларускага насяленьня ў межах Польскае Рэчыпаспалітай. Загварантаваныя Вэрсальскай умовай і абяцаныя канстытуцыяй Польскае Рэчыпаспалітае правы нацыянальных меншасьцяў павінны быць праведзены адносна да беларусаў ува ўсё правадаўства і адміністрацыйную практыку.

Утварэньне з усіх беларускіх зямель асобнай аўтаномнай адзінкі з краёвым соймам у Вільні.

Выдзяленьне беларускіх часьцін з польскіх ваяводзтваў, куды яны далучаны дзеля полонізатарскіх мэтаў.

§3. Пакуль ня будзе праведзена ў жыцьцё тэрытарыяльная аўтаномія Беларускіх зямель, Б. П. К. трэбуе выпаўненьня ніжэйпісаных пастулятаў без адкладу:

а) У межах Беларускае тэрыторыі беларусы павінны быць дапушчаны бяз ніякіх агранічэньняў на адміністрацыйныя ўлады ўсіх інстанцыяў. Чужыя элемэнты і адміністрацыя павінны быць неадкладна заменены мясцовымі людзьмі.

b) Правядзеньне неадкладна культурна-нацыянальнае аўтаноміі для беларусаў. Свабода беларускае нацыянальнае школы ўсіх ступеняў, утрыманьне на кошт скарбу.

с) Роўныя правы для беларускай мовы з урадовай мовай у адміністрацыі і судзе.

d) Поўная свабода грамадзкіх і эканамічных арганізацый; свабода сходаў, слова і друку.

е) Барацьба проці фаворызацыі ўрадам этнаграфічна польскага цэнтру коштам няпольскіх акраін.

с) Спыненьне ўсіх праяваў самавольства і гвалту адміністрацыі.

f) Чым хутчэйшае правядзеньне ў жыцьцё на Беларускіх абшарах валаснога і павятовага самаупраўленьня з забесьпячэньнем праўдзівае свабоды дэмакратычных выбараў у валасныя і павятовыя самаўрады.

g) Тэрытарыяльная арганізацыя арміі.

§4. Поўная свабода ўсіх рэлігій. Абарона кожнага вызнаньня ад уціску і інгерэнцыі ў царкоўнае жыцьцё з боку дзяржаўнае ўлады.

§5. Перагляд закону аб зямельнай рэформе і хутчэйшае правядзеньне яго ў жыцьцё.

На беларускай тэрыторыі - уся зямля беларускаму працоўнаму народу бяз ніякага выкупу.

Неадкладнае скасаваньне закону аб "асадніцтве". Высяленьне ўсіх чужых "асаднікаў" з беларускай тэрыторыі і падзел іх зямлі між мясцовымі сялянамі.

Скасаваньне закону аб конфіскацыі зямель уцекачоў, не вярнуўшыхся з Расеі пасьля 1 красавіка 1921 году і зварот ужо сконфіскованых зямель іх уласьнікам. Пакуль ня будзе праведзена ў жыцьцё зямельная рэформа, - абарона дробных арандароў і ужыткоўнікаў ад усялякіх гвалтаў з боку двароў і адміністрацыі. Надзяленьне іх ужыткаванай зямлёй згодна з агульным плянам рэформы.

§6. Абарона беларускіх лясоў ад аднабочнае і рабунковае гаспадаркі ураду. Хутчэйшае правядзеньне ў жыцьцё нацыяналізацыі лясоў.

§7. Устанаўленьне 8-гадзіннага рабочага дня.

Поўная свабода работніцкіх арганізацыяў дзеля барацьбы за ідэалы рабочага народу.

Абавязак улады забясьпечыць права на працу кожнаму работніку.

Самая шырокая дзяржаўная памога работнікам дзеля разьвіцьця прасьветы і прафэсыянальнага узгадаваньня. Дзяржаўнае забясьпечаньне на прыпадак хваробы, старасьці, інваліднасьці і безрабоцьця.

§8. Запраўдная дзяржаўная помач рээмігрантам-беларусам, байкатаваным цяпер урадам. Адбудова на кошт скарбу ўсіх зруйнаваных вайной гаспадарак і зварот усяго жывога і мёртвага інвэнтара.

§9. Выбарнасьць міравых судзьдзяў, увядзеньне інстытуту лаўнікаў і суда прысяжных.

У межах беларускіх зямель - датарнаваньне беларускага права да быту беларускага сялянства.

§10. Замена фінансавае сыстэмы ураду, абапертае на спойваньне народу гарэлкай.

§11. Абарона інтарэсаў кватэрантаў.

ІІІ) Асновы тактыкі Б. П. К.

§12. Тактыка Беларускага Пасольскага Клюбу апіраецца на гэткіх аснаўных палажэньнях:

а) Ідучы ў Сойм і Сэнат дзеля абароны правоў беларускага насяленьня, Б.П.К. займае становішча безадказнае опозіцыі, значыць, не прыймае на сябе ніякага адказу за дзяржаўную польскую палітыку.

b) У справах нацыянальных Б. П. К. імкнецца да захаваньня салідарнасьці з другімі нацыянальнымі меншасьцямі Польскае Рэчыпаспалітае, захоўваючы асабліва цесны кантакт з Украінскім Пасольскім Клюбам.

с) У справах сацыяльных Б.П.К. імкнецца да захаваньня салідарнасьці з усімі дэмократычнымі групамі Сойму і Сэнату, у тым ліку з польскай дэмократыяй.

d) Ува ўсіх справах агульнай палітыкі Б.П.К. захоўвае сабе вольную руку.

§13. Кожнае тактычнае выступленьне, не абнятае палажэньнямі §12, павінна быць абгаворана і прынята Б.П.К.

§14. Б.П.К. на сваіх пленарных сходах можа зьмяняць, разьвіваць і дапаўняць палажэньні §12.

ІV. Унутраная арганізацыя.

§15. Выканаўчымі органамі Б.П.К. зьяўляюцца:

а) прэзыдыум, або арганізацыя лідэраў;

b) сэкрэтарыят;

с) камісіі, твораныя пастановамі пленуму Клюбу.

§16. Прэзыдыум складаецца з старшыні, двух намесьнікаў як і старшыні сэкрэтарыяту. Адзін з намесьнікаў старшыні прэзыдыуму бярэ на сябе абавязкі сэкрэтара прэзыдыуму. Прэзыдыум выбіраецца пленумам на адзін год.

§17. Абавязкі Прэзыдыуму.

а) адказвае за выступленьні ў Сойме і Сэнаце ад імя Б.П.К.

Увага. У дыскусіі аб паадзінокіх пытаньнях могуць выступаць усе сябры Б.П.К. па паразуменьні з пленумам або прынамсі прэзыдыумам.

b) перагаворы з другімі пасольскімі клюбамі і партыямі.

с) перагаворы з урадам.

d) Агульнае прадстаўніцтва Б.П.К.

§18. Сэкрэтарыят складаецца з пяцёх сяброў Б.П.К. і трох заступнікаў, выбраных пленумам на адзін год.

Увага. У сэкрэтарыят уваходзяць паслы ад выбарных акругоў Лідзкага, Сьвянцянскага, Навагрудзкага, Пінскага і Гарадзеншчыны (Горадня - Беласток - Остраў)

§19. Сэкрэтарыят выбірае спаміж сваіх сяброў галоўнага сэкрэтара, які зьяўляецца старшынёй сэкрэтарыяту, і яго намесьніка.

Галоўны сэкрэтар прыймае учасьце ўва ўсіх засяданьнях прэзыдыуму Б.П.К.

§20. Абавязкі сэкрэтарыяту:

а) сувязь з насяленьнем;

b) заступніцтва ва ўсіх справах, кіраваных да Б.П.К. насяленьнем;

с) арганізацыя сэкрэтарыятаў Б.П.К. у-ва ўсіх выбарных акругох;

d) арганізацыя аб'ездаў акругоў дэпутатамі;

е) асьведамленьне насельніцтва аб працы Б.П.К.

V. Абавязкі сяброў Б.П.К.

§21. Кожын пасол павінен узяць на сябе частку работы Б.П.К., ад якой ня можа адхіляцца бяз важнае прычыны і бяз згоды пленуму.

§22. Кожын пасол павінен акуратна бываць на засяданьнях Клюбу, Сойму (Сэнату) і камісіяў, у якіх працуюць.

§23. Кожын пасол павінен прынамсі раз у месяц быць у сваім окрузе і вясьці тамака актыўную працу.

§24. Кожын пасол абавязваецца плаціць у касу Б.П.К. устаноўленую складку на асноўныя патрэбы Клюбу.

§25. Кожын пасол, які не зьяўляецца на засяданьнях Клюбу, або Сойму (Сэнату), павінен паразумецца з прэзыдыумам Б.П.К., калі няма асобнае пастановы пленуму ў гэтай справе.

Увага. Тое ж датычыцца выездаў.

§26. Кожын пасол бязумоўна падчыняецца клюбовай дысцыпліне.

VІ. Клюбовая дысцыпліна.

§27. Пры галасаваньні і выступленьнях з трыбуны ўва ўсіх пытаньнях, вынікаючых з плятформы і клюбовае тактыкі, кожын сябра Б.П.К. абязаны пілнавацца клюбовае дысцыпліны.

Ніякія сэпаратныя выступленьні паслоў або прэзыдыуму не дапускаюцца.

§28. У прыпадках, калі-б пастанова пленуму (апрача пытаньняў праграмных) рэзка разыходзіцца з партыйнымі поглядамі паадзінокіх сяброў Б.П. Клюбу, ці была нязгодна з іх сумленьнем, - гэтыя сябры, пасьля разгляду пленумам іх матываў, могуць быць звольнены ад абавязку галасаваньня за гэткую пастанову, але павінны зусім устрымацца ад галасаваньня.

§29. У прыпадках цяжкога парушэньня клюбовае дысцыпліны, альбо адступніцтва ад плятформы, або выяўленьня шкоднае для беларускага насяленьня дзейнасьці - пленум Б.П.К. мае права выключыць сябра Клюбу з свайго складу.

§30. Выключаны з Б.П.К. або самахоць выступіўшы з яго пасол, калі няма на тое іншае пастановы Клюбу, абязаны злажыць з сябе свой пасольскі мандат.

VІІ. Зьмена статуту Б.П.К.

§31. Зьмены гэтага статуту могуць быць роблены пастановамі пленуму, зробленымі большасьцяй ня менш дзесяцёх галасоў сяброў Беларускага Пасольскага Клюбу.

Сябры Клюбу: Ф.Ярэміч, В.Багдановіч, В.Рагуля, А.Назарэўскі, М.Кахановіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Аўсянік, Б.Тарашкевіч, С.Якавюк, П.Мятла, С.Баран, А.Станкевіч, У.Каліноўскі, А.Уласаў, П.Валошын.

Крыніца: [29, a. 1 - 2]


ДАДАТАК 6

ПРАГРАМНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ БПК

Ў ПОЛЬСКІМ ПАРЛАМЕНЦЕ І СКЛІКАННЯ,

АБНАРОДАВАНАЯ СТАРШЫНЁЙ КЛУБА Б.ТАРАШКЕВІЧАМ

У ЧАС ВЫСТУПЛЕННЯ З СЕЙМАВАЙ ТРЫБУНЫ

23 СТУДЗЕНЯ 1923 Г.

...Стоячы на грунце тэрытарыяльнай аўтаноміі з краёвым сеймам у Вільні да часу ўвядзення аўтаномнага статута мы вымагаем:

1) неадкладнага перапынення штучнай каланізацыі і ліквідацыі вайсковага асадніцтва,

2) пераходу ўсіх лясоў на карысць дзяржавы і неадкладнага выдання адпаведнага закона, які ўнармоўваў бы высяканне лясоў з мэтай забеспячэння краю ад знішчэння,

3) увядзення ў жыццё зямельнай рэформы, якая забяспечвала б перш за ўсё інтарэсы мясцовага малазямельнага і беззямельнага сялянства і надзяляла б яго зямлёй без выкупу...

...4) вяртання рэпатрыянтам зямлі, сканфіскаванай дзяржавай.

5) адбудовы зруйнаваных вайной вёсак і мястэчак, а таксама дапамогі рэпатрыянтам.

6) павышэння ўзроўню земляробчай культуры, перш за ўсё краёвай, праз заснаванне аграномных, тэхнічных і рамесніцкіх школ.

7) свабоды арганізацый ў эканамічнай сферы.

8) неадкладнага выдання законаў, якія забяспечвалі б беларускаму народу культурную і асветніцкую аўтаномію.

9) дапушчэнне беларускай мовы да самаўрадаў, адміністрацыі і судоў.

10) неўмяшання адміністратыўных улад у рэлігійнае жыццё...

...11) адміністрацыі з мясцовых элементаў.

12) увядзення дэмакратычных самаўрадаў.

13) судоў прысяжных і выбіральнасці міравых судоў.

14) тэрытарыяльнай арганізацыі войска.

Крыніца: [415, ł. 39 - 40].


ДАДАТАК 7

ЛІСТ ЗА ВЫЛУЧЭННЕ КАНДЫДАТАМ У ПРЭЗІДЭНТЫ ПОЛЬШЧЫ ЯНА БАДУЭНА ДЭ КУРТЭНЭ З ПОДПІСАМІ БЕЛАРУСКІХ ПАСЛОЎ І СЕНАТАРАЎ, СНЕЖАНЬ 1922 Г.

Крыніца: [300, a. 4]

ЛІСТ ЗА ВЫЛУЧЭННЕ КАНДЫДАТАМ У ПРЭЗІДЭНТЫ ПОЛЬШЧЫ ЯНА БАДУЭНА ДЭ КУРТЭНЭ З ПОДПІСАМІ БЕЛАРУСКІХ ПАСЛОЎ І СЕНАТАРАЎ, СНЕЖАНЬ 1922 Г..



























ДАДАТАК 8

СПІС ПРАМОЎ БЕЛАРУСКІХ ПАСЛОЎ НА ПЛЕНАРНЫХ ПАСЯДЖЭННЯХ СЕЙМА ЗА ПЕРЫЯД З 1923 ПА 1930 ГГ.

1 скліканне (1922 - 1927)

Дата

Прамоўца

Нагода

23.01.1923

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праграмным выступленні старшыні Рады Міністраў

26.01.1923

Б.Тарашкевіч

Асабістая заява

07.02.1923

А.Станкевіч

Дыскусія па праекце бюджэту на час ад 1 студзеня да 31 сакавіка 1923 г.

20.03.1923

С.Баран

Абгрунтаванне спешнасці прапановы пасла кс. А.Станкевіча ў справе арыштаў дзяржаўнай паліцыяй беларусаў на Гродзеншчыне

20.03.1923

А.Станкевіч

Абгрунтаванне ўласнай прапановы ў справе вязняў-беларусаў, зняволеных у турме ў Гродне і Беластоку

23.03.1923

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па справаздачы аб прапанове пасла Брыля ў справе крэдытаў для асаднікаў

26.05.1923

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб бюджэце на час ад 1 красавіка да 30 чэрвеня 1923 г.

02.06.1923

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праграмным выступленні старшыні Рады Міністраў

14.06.1923

А.Станкевіч

Абгрунтаванне спешнасці прапановы БПК ў справе парушэння Канстытуцыі праз зняволенне пасла Барана

26.06.1923

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб амністыі

28.06.1923

Б.Тарашкевіч

Справаздача па прапанове ў справе пераследу беларускага школьніцтва

31.07.1923

В.Рагуля

Абгрунтаванне спешнасці прапановы БПК аб спыненні выканання адміністрацыйнага распараджэння Дэлегата ўрада ў Віленскай зямлі аб прыняцці ў валоданне дзяржавы маёмасці на вул. Вострабрамскай, № 9 у Вільні і інш.

03.08.1923

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па бюджэце на 1923 год

12.10.1923

А.Станкевіч

Дыскусія па заяве старшыні Рады Міністраў і міністра фінансаў

20.11.1923

Б.Тарашкевіч

Складанне парадку дня наступнага пасяджэння

27.11.1923

В.Рагуля

Абгрунтаванне спешнасці прапановы Беларускага клуба ў справе злоўжыванняў жаўнераў 26 палка ўланаў у мястэчку Гарадзея Нясвіжскага павета

04/05.12.

1923

Б.Тарашкевіч

Справаздача па прапанове ў справе пераследу беларускага школьніцтва

11.12.1923

Ф.Ярэміч

Абгрунтаванне спешнасці прапановы Беларускага клуба ў справе карных экспедыцый паліцыі ў Косаўскім павеце

14.12.1923

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

21.12.1923

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праграмным выступленні старшыні Рады Міністраў

04.01.1924

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб паўнамоцтвах для прэзідэнта Рэспублікі ў сферы санацыі скарбу

12.02.1924

С.Рак-Міхайлоўскі

Абгрунтаванне спешнасці прапановы паслоў з Беларускага клуба ў справе катавання вязняў на «ўсходніх крэсах»

15.02.1924

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праектах законаў: 1) аб гарадской гміне; 2) аб выбарчым законе для гарадскіх гмінаў; 3) аб вясковай гміне; 4) аб выбарчым законе для вясковых гмінаў; 5) аб павятовых камунальных саюзах; 6) аб выбарах у павятовыя сеймікі

26.02.1924

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб вызваленні былых чыншавікоў і дзяржаўцаў ва ўсходніх ваяводствах

14.03.1924

П.Валошын

Дыскусія па праекце закона аб адбудове будынкаў, знішчаных у час вайны

11.03.1924

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце папраўкі да закона аб дзяржаўнай цывільнай службе

19.03.1924

Б.Тарашкевіч

Супраць спешнасці прапановы Клуба Народна-нацыянальнага саюза аб забеспячэнні Польшчы выхаду да мора ў сувязі з вырашэннем пытання Клайпеды і ўціскам палякаў у Гданьску

07.04.1924

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб бюджэце на ІІ квартал 1924 г.

08.04.1924

Б.Тарашкевіч

Выступленне супраць спешнасці прапановы польскіх клубаў у справе пераследу палякаў у Літве

10.04.1924

Б.Тарашкевіч

Асабістая заява

11.04.1924

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб забеспячэнні і выкарыстанні французскага крэдыту

23.05.1924

П.Мятла

Абгрунтаванне спешнасці прапановы Беларускага клуба ў справе адабрання ад праваслаўных царквы ў Весялушы Дунілавіцкага павета Віленскай зямлі

13.06.1924

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1924 год

18.06.1924

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1924 год: бюджэт Міністэрства ўнутраных спраў

01.07.1924

А.Станкевіч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1924 год: бюджэт Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы

08.07.1924

В.Рагуля

Дыскусія па праекце бюджэту на 1924 год: бюджэт Міністэрства зямельных рэформ

09.07.1924

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праектах законаў: а) аб дзяржаўнай мове і мове ў адміністрацыйных установах; б) аб працоўнай мове судоў, пракурорскіх і натарыяльных устаноў; в) аб арганізацыі школьніцтва.

15.07.1924

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб умацаванні і папраўленні дзяржаўнай казны і паляпшэнні грамадскай гаспадаркі

29 і 30.10.

1924

В.Рагуля

Справа прапаноў, датычных замежнай палітыкі ўрада

04.11.1924

В.Рагуля

Дыскусія па праекце бюджэту на 1925 год

04.12.1924

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце закона аб дадатковым праекце бюджэту на 1924 год: бюджэт Міністэрства ўнутраных спраў

04.12.1924

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб дадатковым праекце бюджэту на 1924 год: бюджэт Міністэрства зямельных рэформ

05.12.1924

Б.Тарашкевіч

Абгрунтаванне спешнасці прапановы Беларускага клуба ў справе нападу на пасла Ярэміча

10.12.1924

А.Станкевіч

Дыскусія па праекце закона аб дадатковых крэдытах на 1924 год

10.12.1924

Б.Тарашкевіч

Справа парадку дня

19.02.1925

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце папраўкі да закона аб выкананні зямельнай рэформы

27.02.1925

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб іншаземцах

03.03.1925

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце закона аб сходах, скліканых пасламі і сенатарамі

19.03.1925

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб межах дзяржавы

02.04.1925

Б.Тарашкевіч

Выступленне за спешнасць прапановы клуба ПСЛ «Вызваленне» аб роспуску сейма

25.04.1925

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб бюджэце на 1925 год

28.04.1925

А.Станкевіч

Дыскусія аб праекце бюджэту на 1925 год: бюджэт Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы

30.04.1925

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1925 г.: бюджэт Міністэрства ўнутраных спраў

06.05.1925

П.Валошын

Дыскусія па праекце бюджэту на 1925 год: бюджэт Міністэрства юстыцыі

09.06.1925

Б.Тарашкевіч

Абгрунтаванне спешнасці прапановы Беларускага клуба ў справе нападу на пасла Ярэміча

09.06.1925

Ф.Ярэміч

Абгрунтаванне спешнасці прапановы Беларускага клуба ў справе забойства Вайтовіча

25.06.1925

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

30.06.1925

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

06.07.1925

С.Рак-Міхайлоўскі

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

06.07.1925

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

06.07.1925

П.Валошын

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

06.07.1925

П.Мятла

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

17.07.1925

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

17.07.1925

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб парцэляцыі і асадніцтве

20.07.1925

Ф.Ярэміч

Выступленне па фармальным пытанні

22.10.1925

А.Станкевіч

Дыскусія па праектах законаў аб: праекце бюджэту на 1926 год, змякчэнні фінансавага крызісу, падтрымцы вытворчасці, абмежаванні выдаткаў дзяржавы

28.10.1925

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце закона аб арганізацыі турэмнай справы

11.11.1925

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб сродках змякчэння фінансавага крызісу

25.11.1925

П.Валошын

Дыскусія па ўрадавай дэкларацыі

26.11.1925

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праграмным выступленні старшыні Рады Міністраў

12.12.1925

С.Рак-Міхайлоўскі

Дыскусія па бюджэце на І квартал 1926 г.

17.12.1925

П.Мятла

Дыскусія па праектах законаў: а) аб бюджэце на І квартал 1926 г.; б) аб сродках забеспячэння бюджэтнай раўнавагі

29.12.1925

П.Мятла

Дыскусія па праекце закона аб выплаце падаткаў прадуктамі земляробства

29.12.1925

А.Станкевіч

Дыскусія па праекце закона аб выплаце падаткаў прадуктамі земляробства

30.12.1925

П.Валошын

Дыскусія па праекце закона аб іншаземцах

30.12.1925

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце закона аб іншаземцах

03.02.1926

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб ратыфікацыі консульскай канвенцыі паміж Польшчай і Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік

12.02.1926

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб выдзяленні перавозных сродкаў для выканання будаўніцтва і ўтрымання грамадскіх дарог і мастоў

02.03.1926

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб ратыфікацыі гарантыйнай дамовы паміж Польшчай і Францыяй і арбітражнай дамовы паміж Польшчай і Германіяй, падпісаных у Лондане 1 снежня 1925 г.

22.03.1926

Ф.Ярэміч

Дыскусія па справаздачы камісіі, створанай для вывучэння становішча ў турмах

22.03.1926

Б.Тарашкевіч

Справа парадку дня наступнага пасяджэння

24.03.1926

Ю.Сабалеўскі

Дыскусія па справаздачы камісіі, створанай для вывучэння становішча ў турмах

26.04.1926

Ф.Ярэміч

Дыскусія па бюджэце на май 1926 г. і ўдакладненне бюджэту на час ад 1 да 30 красавіка 1926 г.

28.04.1926

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па бюджэце на май і чэрвень 1926 г.

22.06.1926

Б.Тарашкевіч

Справа парадку дня наступнага пасяджэння

25.06.1926

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб удакладненні бюджэту на час ад 1 мая да 30 чэрвеня і аб бюджэце на час ад 1 ліпеня да 30 верасня 1926 г.

25.06.1926

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб удакладненні бюджэту на час ад 1 мая да 30 чэрвеня і аб бюджэце на час ад 1 ліпеня да 30 верасня 1926 г.

05.07.1926

А.Станкевіч

Дыскусія па праекце закона аб змене Канстытуцыі ад 17 сакавіка 1921 г.

06.07.1926

П.Валошын

Дыскусія па праекце закона аб змене Канстытуцыі ад 17 сакавіка 1921 г.

17.07.1926

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб змене Канстытуцыі ад 17 сакавіка 1921 г.

21.07.1926

В.Рагуля

Дыскусія па праекце закона аб упаўнаважанні прэзідэнта выдаваць распараджэнні з сілай закона

21.07.1926

Ю.Сабалеўскі

Дыскусія па праекце закона аб упаўнаважанні прэзідэнта выдаваць распараджэнні з сілай закона

21.07.1926

С.Рак-Міхайлоўскі

Дыскусія па праекце закона аб упаўнаважанні прэзідэнта выдаваць распараджэнні з сілай закона

24.09.1926

А.Станкевіч

Дыскусія па праекце закона аб удакладненні бюджэту на ІІІ квартал і аб бюджэце на ІV квартал 1926 г.

24.09.1926

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце закона аб удакладненні бюджэту на ІІІ квартал і аб бюджэце на ІV квартал 1926 г.

16.11.1926

Б.Тарашкевіч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1927/1928 год.

14.12.1926

Ф.Ярэміч

Дыскусія па бюджэце на ІV квартал 1926 г. і на І квартал 1927 г.

25.01.1927

Ю.Сабалеўскі

Удакладненне парадку дня

27.01.1927

Ю.Сабалеўскі

Дыскусія над папярэднім праектам бюджэту на 1927/1928 гг.

29.01.1927

В.Рагуля

Дыскусія па праекце бюджэту на 1927/1928 год: бюджэт Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы

04.02.1927

В.Рагуля

Дыскусія над справаздачай аб прапанове выдачы суду пяці паслоў: Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, П.Валошына, П.Мятлы і Ф.Галавача

04.02.1927

Ф.Ярэміч

Дыскусія над справаздачай аб прапанове выдачы суду пяці паслоў: Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, П.Валошына, П.Мятлы і Ф.Галавача

05.02.1927

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1927/1928 год: бюджэт Міністэрства ўнутраных спраў

06.07.1927

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праектах законаў: аб вясковай гміне; аб гарадской гміне; аб павятовых камунальных саюзах

07.07.1927

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце закона аб вясковай гміне

2 скліканне (1928 - 1930)

30.03.1928

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту на час ад 1 красавіка да 30 чэрвеня 1928 г.

30.03.1928

Я.Станкевіч

Дыскусія па праекце закона аб дзяржаўных інвестыцыях

15.05.1928

Я.Гаўрылік

Дыскусія па справе выдачы суду пасла Е.Сахацкага

29.05.1928

Я.Гаўрылік

Абгрунтаванне спешнай прапановы Беларускага клуба «Змаганне за правы сялян і работнікаў» у справе здзекаў, зробленых пастарункавым Раўбэ над жыхарамі калоніі «Завань»

30.05.1928

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1928/29 г.

30.05.1928

П.Каруза

Абгрунтаванне ўласнай прапановы аб аказанні дапамогі насельніцтву, якое закрануў голад

31.05.1928

І.Дварчанін

Дыскусія па праекце бюджэту на 1928/29 год

01.06.1928

Я.Гаўрылік

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства зямельных рэформ на на 1928/29 год

01.06.1928

Я.Станкевіч

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства зямельных рэформ на на 1928/29 год

02.06.1928

П.Каруза

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства рэлігійных вызнанняў і народнай асветы на 1928/29 год

04.06.1928

Я.Станкевіч

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства рэлігійных вызнанняў і народнай асветы на 1928/29 год

08.06.1928

І.Дварчанін

Абгрунтаванне неадкладнай прапановы Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба ў справе прыпынення крымінальнага пераследу паслоў А.Стагановіча і І.Грэцкага

12.06.1928

Ф.Валынец

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства юстыцыі на 1928/29 год

12.06.1928

П.Каруза

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства юстыцыі на 1928/29 год

19.06.1928

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце закона аб амністыі з нагоды гадавіны атрымання незалежнасці польскай дзяржавы і праектаў гэтай амністыі, прапанаваных Парламенцкім саюзам польскіх сацыялістаў, Украінска-беларускім клубам, клубам ПСЛ «Вызваленне» і клубам Стронніцтва Хлопскага

19.06.1928

Я.Гаўрылік

Дыскусія па праекце закона аб амністыі з нагоды гадавіны атрымання незалежнасці польскай дзяржавы і праектаў гэтай амністыі, прапанаваных Парламенцкім саюзам польскіх сацыялістаў, Украінска-беларускім клубам, клубам ПСЛ «Вызваленне» і клубам Стронніцтва Хлопскага

13.11.1928

Я.Гаўрылік

Абгрунтаванне спешнай прапановы Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба ў справе ліквідацыі беларускай гімназіі ў Радашковічах

14.11.1928

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1929/30 год

16.11.1928

П.Каруза

Абмеркаванне папраўкі да закона аб вызваленні былых чыншавікоў, былых вольных людзей і шматгадовых дзяржаўцаў ва ўсходніх ваяводствах

16.11.1928

Ф.Валынец

Абгрунтаванне прапановы Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба ў справе пераследу культурна-асветніцкай працы сярод беларусаў

23.11.1928

Ф.Ярэміч

Абмеркаванне папраўкі да закона аб вызваленні былых чыншавікоў, былых вольных людзей і шматгадовых дзяржаўцаў ва ўсходніх ваяводствах

23.11.1928

П.Каруза

Абмеркаванне папраўкі да закона аб вызваленні былых чыншавікоў, былых вольных людзей і шматгадовых дзяржаўцаў ва ўсходніх ваяводствах

23.11.1928

А.Стэповіч

Дыскусія па праекце законаў: 1) аб павышэнні і выроўніванні зямельных падаткаў і аб унармаванні спагнання камунальнага падатку, 2) аб паніжэнні падатку на абарот, 3) аб папраўцы да закона аб падатках на памяшканні; 4) аб пастаянным падатку на маёмасць

30.11.1928

Я.Станкевіч

Асабістая заява

22.01.1929

Я.Гаўрылік

Дыскусія а) па прапанове пасла В.Славэка аб пераглядзе Канстытуцыі і б) па справе дадатковага рэгламенту ў сувязі з пераглядам Канстытуцыі

31.01.1929

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1929/30 год

31.01.1929

І.Дварчанін

Дыскусія па праекце бюджэту на 1929/30 год

04.02.1929

К.Юхневіч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1929/30 год. Частка VІІ. Бюджэт Міністэрства ўнутраных спраў

07.02.1929

А.Стэповіч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1929/30 год. Частка ХІІІ. Бюджэт Міністэрства рэлігійных вызнанняў і народнай асветы

07.02.1929

Я.Станкевіч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1929/30 год. Частка ХІІІ. Бюджэт Міністэрства рэлігійных вызнанняў і народнай асветы

07.02.1929

Ф.Валынец

Дыскусія па праекце бюджэту на 1929/30 год. Частка ХІІІ. Бюджэт Міністэрства рэлігійных вызнанняў і народнай асветы

07.02.1929

І.Грэцкі

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства юстыцыі на 1929/1930 гг.

22.02.1929

І.Дварчанін

Абгрунтаванне неадкладнай прапановы Беларускага сялянска-работніцкага клуба ў справе пераследу беларускай сялянска-работніцкай прэсы

04.03.1929

Я.Гаўрылік

Выступленне супраць спешнай прапановы клуба Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам у справе неадкладнай дапамогі насельніцтву ў закранутых голадам паўночных паветах Віленскага ваяводства

04.03.1929

П.Каруза

Дыскусія па прапанове пасла В.Славэка аб змене Канстытуцыі Польшчы

13.03.1929

Я.Гаўрылік

Дыскусія па праекце закона аб ратыфікацыі пратаколаў, падпісаных у Маскве 9 лютага 1929 г. паміж Эстонскай Рэспублікай, Латвійскай Рэспублікай, Польскай Рэспублікай, Румынскім каралеўствам і Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік аб неадкладным увядзенні ў жыццё ў адносінах паміж вышэйзгаданымі дзяржавамі антываеннага дагавора, падпісанага ў Парыжы 27 жніўня 1928 г.

13.03.1929

П.Каруза

Дыскусія па праекце закона аб ратыфікацыі пратаколаў, падпісаных у Маскве 9 лютага 1929 г. паміж Эстонскай Рэспублікай, Латвійскай Рэспублікай, Польскай Рэспублікай, Румынскім каралеўствам і Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік аб неадкладным увядзенні ў жыццё ў адносінах паміж вышэйзгаданымі дзяржавамі антываеннага дагавора, падпісанага ў Парыжы 27 жніўня 1928 г.

13.03.1929

Я.Гаўрылік

Удакладненне парадку дня наступнага пасяджэння

15.03.1929

Я.Гаўрылік

Абгрунтаванне спешнай прапановы Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба ў справе нечуванага гвалту, зробленага функцыянерамі дзяржаўнай паліцыі Вільні ў дачыненні да асобы пасла І.Грэцкага

05.12.1929

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту на 1930/31 год

21.12.1929

І.Грэцкі

Дыскусія па прапановах у справе змянення рэгламенту сеймавых пасяджэнняў: а) паслоў Лібермана, Руга, Хацінскага, Я.Домбскага, М.Ратая і М.Недзялкоўскага; б) Нацыянальнага клуба

15.01.1930

Я.Гаўрылік

Дыскусія па праграмным выступленні старшыні Рады Міністраў

03.02.1930

П.Крынчык

Дыскусія па праекце бюджэту на 1930/31 год

06.02.1930

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства юстыцыі на 1930/1931 гг.

06.02.1930

І.Дварчанін

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства юстыцыі на 1930/1931 гг.

06.02.1930

П.Каруза

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства зямельных рэформ на 1930/1931 гг.

06.02.1930

І.Грэцкі

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства зямельных рэформ на 1930/1931 гг.

07.02.1930

Ф.Ярэміч

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства рэлігійных вызнанняў і народнай асветы на 1930/1931 гг.

08.02.1930

А.Стэповіч

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства ўнутраных спраў на 1930/1931 гг.

08.02.1930

Ф.Валынец

Дыскусія па праекце бюджэту Міністэрства ўнутраных спраў на 1930/1931 гг.

25.02.1930

Я.Гаўрылік

Дыскусія па спешнай прапанове клуба ПСЛ «Вызваленне», Парламенцкага саюза польскіх сацыялістаў і клуба Стронніцтва Хлопскага ў справе цыркуляра міністра ўнутраных спраў ад 22 кастрычніка 1928 г. № ІІ 959/28, высланага ваяводам і старастам, які рабіў правядзенне пасольскіх мітынгаў залежным ад дазволу адміністрацыйных улад


ДАДАТАК 9

СТАРОНКА ГАЗЕТЫ «ПРАВАСЛАЎНАЯ БЕЛАРУСЬ» ЗА 16 ЛЮТАГА 1928 Г., ЦАЛКАМ ЗАНЯТАЯ ВЫБАРЧЫМІ КАРТКАМІ ДЛЯ ГАЛАСАВАННЯ ЗА СПІС № 18 (БНМ)

СТАРОНКА ГАЗЕТЫ «ПРАВАСЛАЎНАЯ БЕЛАРУСЬ» ЗА 16 ЛЮТАГА 1928 Г., ЦАЛКАМ ЗАНЯТАЯ ВЫБАРЧЫМІ КАРТКАМІ ДЛЯ ГАЛАСАВАННЯ ЗА СПІС № 18 (БНМ).



























ДАДАТАК 10

ПРАГРАМНЫЯ ДЭКЛАРАЦЫІ БЕЛАРУСКІХ ПАСЛОЎ ПОЛЬСКАГА СЕЙМА ІІ СКЛІКАННЯ З РОЗНЫХ ФРАКЦЫЙ, АБНАРОДАВАНЫЯ ПАДЧАС ВЫСТУПЛЕННЯЎ З СЕЙМАВАЙ ТРЫБУНЫ Ў 1928 Г.

Д.10.1. Вытрымка з прамовы старшыні Беларускага пасольскага клуба Ф. Ярэміча на 4 пасяджэнні сейма 30 сакавіка 1928 г.

...Канчаючы маю прамову, ад імя Беларускага клуба зачытваю наступную дэкларацыю:

Святым ідэалам кожнага народа з'яўляецца яго незалежнасць. Гэта нармальнае і здаровае імкненне кожнага здольнага да жыцця нацыянальнага арганізму. Ажыццяўленне права самавызначэння народаў прамінула беларускі народ, які неаднаразова даказваў сваё імкненне да незалежнасці.

Па гэтай прычыне мы, прадстаўляючы шырокія масы сярмяжнага народу, стоячы на грунце самавызначэння народаў і маючы ў сэрцах сваіх ідэал аб'яднанай і незалежнай Беларусі, будзем заўсёды змагацца за гэтыя ідэалы нашага народа, якія адначасова з'яўляюцца ідэаламі ўсяго чалавецтва.

Невялікая наша колькасць у гэтай Палаце, але яе хопіць на тое, каб з гэтай высокай трыбуны заўсёды казаць пра вялікую крыўду, якая робіцца беларускаму народу.

Мы зазначаем сваё негатыўнае стаўленне да цяперашняга ўрада і будзем галасаваць супраць праекта бюджэту.

Крыніца: [433, ł. 35].

Д.10.2. Выступленне пазафракцыйнага ("дзікага") беларускага пасла Я. Станкевіча на 4 пасяджэнні сейма 30 сакавіка 1928 г.

Я буду гаварыць ад імя беларускага сялянскага прадстаўніцтва. Сёння мне не далі слова пры другім чытанні часовага бюджэту, таму я вымушаны абмежавацца наяўным пунктам сённяшняга пасяджэння, г. зн. надзвычайнымі дзяржаўнымі інвестыцыямі. Аднак мушу адзначыць, што ў бюджэце, нават у часовым, зусім не ўлічваюцца патрэбы трохмільённага беларускага народа. Калі ідзе гаворка пра надзвычайныя інвестыцыі, то на беларускіх землях ёсць шматлікія будынкі, якія ўзніклі працай і сродкамі беларускага народа, але гэты народ зусім імі не карыстаецца, дзеля таго, што палітыка ранейшых урадаў, як і цяперашняга, не дае такой магчымасці. Мы цяпер зноў павінны вызначыць вялікія сумы на пабудову новых будынкаў, але не бачым грошай на пабудову дамоў для беларускага народа. Мы павінны атрымаць сумы на пабудову дамоў для жабракоў. Я ведаю, што староствы змяшчаюцца ў неблагіх дамах і маглі б застацца ў іх і надалей. У той жа самы час беларускія культурныя ўстановы не маюць памяшканняў і вымушаны знаходзіцца ў самых горшых будынках. Гэта самае можна сказаць і пра беларускія сярэднія школы, дзе людзі душацца ў малых і сярэдніх памяшканнях. Беларускі музей у Вільні недаступны для грамадскага наведвання, бо рэчы не могуць быць адпаведна раскладзены і робіцца яшчэ горш, бо ў благім, вільготным памяшканні ўсё гніе, з-за чаго адбываюцца вялікія нацыянальныя і агульначалавечыя страты.

Дзеля гэтага мы прапануем наступную папраўку да закона аб надзвычайных дзяржаўных інвестыцыях: на рамонт будынкаў беларускіх гімназій у Навагрудку, Клецку і Радашковічах па 600 000 злотых, на пабудову будынка для беларускай гімназіі і адначасова беларускага музея ў Вільні - 1 мільён злотых, а таксама на будаўніцтва памяшкання беларускай настаўніцкай семінарыі ў Лідзе, якая павінна быць адчынена ў пачатку наступнага школьнага года - 600 000 злотых.

Акрамя таго, з сумы 5 мільёнаў злотых на культурныя мэты, на стварэнне спецыяльнага фонда для падтрымкі культурных беларускіх мэт - 200 000 злотых, а менавіта на беларускія гімназіі і культурна-асветніцкія таварыствы, як Таварыства беларускай школы і да яго падобныя.

Пан віцэ-прэм'ер Бартэль сказаў, што гэтыя сумы пойдуць менавіта на згаданыя мэты і падаў тут пэўны пералік. Я думаю, што гэта будзе зусім правільна і добра, калі ў гэтым удакладненні мы пойдзем далей. Мой пералік, паколькі датычыць культурных мэт, з'яўляецца мінімальнай задачай. Я наўмысна зрабіў яго вельмі малым, дзеля таго, каб не было нават ценю сумлення, што ён можа быць прыняты Высокай Палатай. Калі папярэдні сейм зусім не ўлічваў патрэб нашага народа, то я б хацеў, каб цяперашні сейм змяніў сваё стаўленне і прыняццем гэтай папраўкі зрабіў першы крок да выпраўлення надзвычай складаных адносін паміж беларускім народам і польскай дзяржавай, таму што пры сучасных умовах нармальнае сужыццё проста немагчымае, і ад гэтага церпіць не толькі наш народ, але і дзяржава.

Крыніца: [433, ł. 50 - 51].

Д.10.3. Вытрымка з прамовы намесніка старшыні Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба "Змаганне" І.Дварчаніна на 13 пасяджэнні сейма 31 мая 1928 г.

Замест прамовы я зачытаю дэкларацыю Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба... Мы, прадстаўнікі працоўных мас Заходняй Беларусі, выступаючы тут, у польскім сейме, перш за ўсё мусім заявіць, што эксплуатуемыя і ўцісканыя масы Заходняй Беларусі, якія паслалі нас сюды, не мелі надзеі, што сейм зможа змяніць іх цяжкае становішча. На падставе вопыту працы папярэдняга сейма працоўныя масы Заходняй Беларусі ўсведамляюць, што сейм з'яўляецца замаскаваным інструментам эксплуатацыі і ўціску ў руках буржуазіі і яе фашысцкай дыктатуры. Шырокія працоўныя масы Заходняй Беларусі ведаюць, што калі іх прадстаўнікі ў гэтых заканадаўчых Палатах патрабуюць сваіх правоў, патрабуюць выпраўлення галоднага, прыгонніцкага становішча мас, тады сейм выдае работніцка-сялянскіх паслоў на кару фашысцкаму ўраду. Так званыя прадстаўнікі народа, вялікая частка якіх прайшла ў сейм з дапамогай тэрору, ашуканстваў і фальсіфікацыі выбараў, вечна засядаюць у сеймавых крэслах, у той час як сапраўдныя абаронцы і пасланцы мільённых мас - паслы Грамады і тысячы найлепшых сыноў беларускага народа... разам з іншымі сялянска-работніцкімі пасламі сядзяць у турмах і падвалах дэфензівы...

... Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб заклікае працоўныя масы Заходняй Беларусі, каб яны сталі ў супольных шэрагах з працоўнымі масамі ўсіх нацыянальнасцей Польшчы і змагаліся ў абарону сваіх інтарэсаў супраць уціску і эксплуатацыі капіталістаў і памешчыкаў без розніцы нацыянальнасцей. Беларускі сялянска-работніцкі клуб выстаўляе наступныя задачы змагання: супраць нацыянальнага прыгнёту, за поўнае самавызначэнне прыгнечаных народаў, за поўнае раўнапраўе ўсіх нацыянальнасцей. Супраць паланізацыі, за поўнае моўнае раўнапраўе прыгнечаных народаў з польскім народам, за ўсеагульнае дзяржаўнае навучанне для дзяцей працоўных мас, за адзіную свецкую працоўную школу на роднай мове.

Супраць палітыкі ўзбраення, вайсковых павіннасцей, ваенных трактатаў, за поўнае раззбраенне, заключэнне дагавора аб ненападзе з Савецкім Саюзам.

Супраць фашысцкай зямельнай палітыкі, супраць памешчыцка-кулацкай камасацыі, дзікай парцэляцыі і ліквідацыі сервітутаў, супраць асадніцтва, за зямлю без выкупу для сялян.

Супраць капіталістычнай рацыяналізацыі, фашызацыі прафсаюзаў, за павышэнне заробкаў, за 8-гадзінны працоўны дзень, абарону правоў жанчын і моладзі, за дзяржаўную дапамогу для ўсіх беспрацоўных у горадзе і на вёсцы. Супраць дарагоўлі, за вызваленне ад падаткаў працоўных мас, перакладанне ўсіх падаткаў на маёмасныя класы, за адбудову за кошт дзяржавы зруйнаваных вайной сялянскіх гаспадарак, за беззваротныя крэдыты і дапамогі для сялянскай беднаты.

Супраць палітычнага ўціску і тэрору, за поўную свабоду слова, прэсы, аб'яднанняў і арганізацыі рабочых, сялян і паняволеных народаў, за свабоду забастовак, за вызваленне ўсіх палітычных вязняў, за вызваленне зняволеных і асуджаных работніцка-сялянскіх паслоў. Супраць фашысцкай дыктатуры капіталістаў і памешчыкаў, за рабоча-сялянскі ўрад. Супраць імперыялістычнай вайны, за братэрскае сужыццё ўсіх народаў.

З гэтага выцякаюць і нашыя адмоўныя адносіны да бюджэту, аднак пра гэта мы яшчэ будзем казаць пры разглядзе бюджэтаў асобных міністэрстваў.

Крыніца: [434, ł. 32, 34].



[*] Тут і далей у цытатах вылучэнні курсівам і іншымі спосабамі пераносяцца з арыгінальнага тэксту.

[*] Для азначэння паслоў БСРПК камуністычныя дзеячы ў сваёй карэспандэнцыі даволі часта карысталіся тэрмінам "сябры".

[*] Тут і далей у дадатках беларускамоўныя дакументы друкуюцца з захаваннем усіх асаблівасцей тагачаснага правапісу.

[*] Арыштаваны ў 1923 г. і да канца 1926 г. быў зняволены, але фармальна мандат за ім захоўваўся і ў турме.

[*] У канцы 1923 г. пад пагрозай арышту эміграваў у Літву, але фармальна пазбаўлены мандата толькі ў 1925 г.

[*] Быў выбраны паслом на дадатковых выбарах у маі 1930 г., але да роспуску сейма не паспеў прыняць прысягу.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX