Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Назад у СССР 


Аўтар: Пашкевіч Алесь,
Дадана: 12-11-2012,
Крыніца: Пашкевіч А. Назад у СССР // Arche Пачатак. 2008. № 6. С. 74-80.



Егорычев, В. Е. Продовольственная политика Советской власти в Беларуси (1917-1920 гг.). Гродно: ГрГУ, 2007. 135 с.

Пэўны эканамічны рост, які назіраўся ў нашай краіне ў апошнія гады, сярод іншага паспрыяў і паляпшэнню агульнага матэрыяльнага стану дзяржаўных навуковых і навукова-педагагічных устаноў. Сваё ўвасабленне гэта знайшло ў першую чаргу ў тым, што ў апошніх нарэшце з'явіліся пэўныя сродкі на выданне плёну шматгадовай навуковай працы сваіх супрацоўнікаў. Вынікам гэтага стала заўважнае ў апошні час узрастанне агульнай колькасці навуковых выданняў, у тым ліку і на гісторычную тэматыку. Праўда, пра выхад многіх з іх часам не адразу даведваюцца нават спецыялісты, прычына чаго - як правіла, мізэрныя наклады (50-100 паасобнікаў). Між тым азнаёміцца з некаторымі такімі выданнямі вельмі карысна, бо яны прымушаюць сур'ёзна задумацца над тым, што з сябе ўяўляе на сучасным этапе наша афіцыйная гістарычная навука і ў якім напрамку яна развіваецца. Нядаўна выдадзенае даследаванне гродзенскага даследчыка Уладзіміра Ягорычава "Продовольственная политика Советской власти в Беларуси (1917-1920 гг.)" - адна з такіх кніг.

Уладзімір Ягорычаў - аўтар даволі вядомы, чым у першую чаргу абавязаны сваёй надзвычайнай творчай актыўнасці, якая чамусьці асабліва абвастрылася ў новым тысячагоддзі. Апошнія гадоў з пяць Ягорычаў пры спрыянні мясцовых уладаў і роднага Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у якім працуе з далёкага 1974 года, амаль штогод выдае па папулярнай кніжцы, а часам яму ўдаецца гэта зрабіць і два разы на год [1]. У гэтых заўсёды дастаткова аб'ёмных выданнях (а таксама ў сваіх шматлікіх артыкулах, якіх ён мае нібыта ўжо больш за 1300) аўтар звяртаецца да самых розных сюжэтаў гісторыі Беларусі і Расіі (для У. Ягорычава гісторыя абодвух гэтых краін - "отечественная") найноўшага часу і ўсюды паслядоўна праводзіць адну і тую ж лінію: услаўленне нядаўняга савецкага мінулага ва ўсіх без выключэння ягоных праявах - з аднаго боку, і клеймаванне ды шальмаванне "дэмакратаў" і "нацыяналістаў" - з другога.

Апошняя кніжка, пра якую пойдзе гаворка ніжэй, вылучаецца сярод іншых як сваім адносна малым аб'ёмам (усяго 135 старонак), так і заяўленым характарам. Гэта першая кніга аўтара, названая гучным словам "манаграфія". Такім чынам, набіўшы руку на падрыхтоўцы папулярных выданняў, аўтар нарэшце вырашыў зрабіць свой важкі ўнёсак і ў т. зв. "акадэмічную" навуку.

Тэма даследавання аўтарам выбраная невыпадкова. Уладзімір Ягорычаў перакананы, што настоящее время перед исследователями стоит задача глубокого и всестороннего изучения опыта Советской власти в бо р ьбе за хлеб в Белоруссии в 1917-1920-х годах, так как продовольственная политика изучалась до сих пор историками республики не комплексно, а частично» . Асабліва, на думку аўтара, "эта проблема усугуб илась известными пертурбациями в развитии отечественной исторической науки начала 90-х годов ХХ века, когда советский период нашей истории подвергся не только и не столько тщательному научному анализу, сколько необдуманному критиканству» (с. 11).

Пасля азнаямлення са змешчаным у канцы манаграфіі спісам крыніц, выкарыстаных аўтарам пры падрыхтоўцы працы, недасведчаны чытач можа падумаць, што на самой справе Ягорычаў нават прыфарбаваў наяўны стан рэчаў і насамрэч сітуацыя выглядала яшчэ горш. "Пертурбации» ў развіцці айчыннай гістарычнай навукі (ды і сусветнай, відаць, таксама), пачаліся, як можа падацца, на добры дзесятак гадоў раней, чым сцвярджае гродзенскі даследчык. Чым іначай можна растлумачыць той факт, што з 325 пазіцыяў у спісе толькі 2 (кніга М.П. Касцюка, якая выйшла ў 1986 г., і выступленне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, надрукаванае ў 2004 г. у газеце "Знамя юности") выдадзены пасля 1979 года? І ці не дзеля выключнай беднасці літаратуры па тэме аўтар быў змушаны ўключаць у бібліяграфічны спіс сярод іншага і працы такіх вядомых "спецыялістаў па праблеме", як Л.І. Брэжнеў (2 пазіцыі) і П.М. Машэраў (1 пазіцыя)?

Тлумачэнне такому нетрадыцыйнаму падыходу аўтара да падбору крыніц пры падрыхтоўцы сваёй манаграфіі (выдадзенай, нагадаем, у 2007 г.) лёгка, аднак, знайсці, узяўшы ў рукі нядаўна выдадзены біябібліяграфічны даведнік Г. Карзенкі "Историки Беларуси в начале ХХІ столетия» (Мінск, 2007). Адгарнуўшы ў ім старонку 107, дзе размешчаны артыкул, прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху Уладзіміра Яўгенавіча Ягорычава, можна сярод іншага даведацца, што той "в 1980 г. защитил кандидатскую диссертацию "Осуществление продовольственной политики Советской власти в Белоруссии (ноябрь 1917-1920 гг.)"" . Пасля гэтага сітуацыя робіцца цалкам зразумелай: дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы вырашыў узбагаціць айчынную (ці "отечественную" ва ўласным разуменні) навуку выданнем друкам сваёй уласнай кандыдацкай дысертацыі праз 27 (!) гадоў пасля яе абароны.

Шчыра прызнаемся, што на асабістае параўнанне зместу новай кнігі Ягорычава з арыгінальным зместам ягонай старой дысертацыі час намі не марнаваўся. Але і без гэтага відаць, што змены ў колішні тэкст калі аўтарам і ўносіліся, то самыя мінімальныя. Дапрацоўка кнігі ў новых умовах абмежавалася фактычна да напісання У. Ягорычавым некалькіх кароткіх падрадковых заўваг у тых месцах, дзе неадпаведнасць тэксту сучасным рэаліям асабліва кідалася ў вочы. Так, аўтар палічыў патрэбным патлумачыць, што " термины «Белоруссия», «Советская Белоруссия» и т. п. присутствуют в работе как наиболее соответствующие фактической стороне рассматриваемых проблем, духу времени и языку документов исследуемого периода отечественной истории» (с. 3) (цікава, што ў назве кнігі, нягледзячы на гэта, усё ж такі ўжываецца "тэрмін" "Беларусь"), і што «выходные данные […] архивных учреждений и фондов здесь (у прадмове - А.П. ) приводятся согласно нормативным установлениям «доперестроечного» периода нашего развития» (с. 13). Далей, праўда, "назван ия архивов приводятся в соответствии с изменившейся аббревиатурой» і, мабыць, менавіта дзеля гэтага" возможно, приведенная структура расположения нумерации и названий фондов не свободны от неточностей» (с. 112). У канцы спісу літаратуры (на пазіцыі якога на працягу ўсёй працы акуратна рабіліся спасылкі), дададзена загадкавая фраза: "Сбой в нумерации источников произошел по техническим причинам" (с. 134). Якую функцыю можа выконваць у навуковым выданні спіс крыніц, у якім па няважна якіх прычынах адбыўся "сбой нумерации» (выяўлены, трэба думаць, яшчэ да друку манаграфіі, калі такая заўвага ў тэксце ўвогуле з'явілася), аўтар патлумачыць чытачу, на жаль, не палічыў патрэбным.

Адзін кароткі абзац на с. 12 быў устаўлены Ягорычавым у тэкст ягонай працы дзеля таго, каб прааналізаваць літаратуру, якой беларуская і расійская гістарыяграфія праблемы "пополнились за последние годы» . Годнымі быць пералічанымі ў гэтым абзацы аказаліся ўсяго толькі 6 прац (з іх адна беларуская і 5 расійскіх), якія, нягледзячы на гэта, гонару быць непасрэдна выкарыстанымі ў працы ўсё ж не заслужылі (прынамсі, у спісе літаратуры іх няма, адпаведна няма на іх і спасылак у тэксце). Цытаты з "докладов, речей и статей руковод ителей партии и Советского государства» (так называецца адзін з падраздзелаў бібліяграфічнага спісу) Брэжнева і Машэрава непасрэдна з тэксту былі ўсё ж выдаленыя (аднак жа ў пераліку крыніц і літаратуры згадка пра іхныя творы, як ужо згадвалася вышэй, захавалася), а замест іх на с. 115 з'явіўся новы абзац, які стаіць у тэксце кнігі апошнім і такім чынам нібыта мусіць падводзіць вынікі ўсяго даследавання, прысвечанага, нагадаем, перыяду 1917-1920 гг. Цытуем гэты абзац цалкам, даючы чытачу самому ацаніць, наколькі ён у дадзенай сітуацыі да месца:

"Наша страна имеет необходимые условия для обеспечения потребностей народа в продовольственных продуктах высокого качества. Сегодня «предстоит создать валообразующие регионы и хозяйства по производству основных видов сельхозпродукции - отметил Президент Республики Беларусь А.Г. Лукашенко в очередном Послании Национальному собрании и белорусскому народу. - Имеющийся в Беларуси производственный потенциал сельскохозяйственного машиностроения позволяет в сжатые сроки обеспечить техническое и технологическое переоснащение АПК» . Судьбу наш их планов решает воля, ум и энергия людей, строящих процветающую Беларусь".

Вось фактычна і ўсе новыя элементы, якія былі ўнесеныя аўтарам у ранейшы тэкст пры падрыхтоўцы яго да друку. Астатняя, асноўная частка гэтага тэксту дазваляе нам як на машыне часу перанесціся на пару дзесяткаў гадоў назад і атрымаць "асалоду" ад чытання цэлых сказаў і абзацаў, напоўненых традыцыйна напышлівай, сёння ўжо трохі прызабытай, а калісьці ўсюдыіснай камуністычнай фразеалогіяй. Так, паводле У. Ягорычава, "борьба трудящихся нашей страны за решение продовольственного вопроса, развитие социалистической революции в деревне является ярким примером успешного претворения в жизнь основополагающих принципов продовольственной политики Коммунистической партии, ленинского учения о союзе рабочего класса с крестьянством» (с. 110), а «политическим итогом проведения продовольственной политики Советской власти в Белоруссии явилось то, что коммунисты, трудящиеся республики, находясь в сложнейших условиях, сумели обеспечить победу социалистических начал на одном из самых трудных участков хозяйственной деятельности - на продовольственном фронте, сумели сломить сопротивление кулачества, обуздать мелкобуржуазную стихию с ее капиталистическими нравами и обычаями свободной торговли» (с. 113). Урэшце, «опыт Советской власти впервые в истории доказал правильность ленинских принципов продовольственной политики, полностью подтвержденных жизнью в условиях диктатуры пролетариата, опроверг клеветнические измышления меньшевиков, троцкистов и других оппозиционных сил о враждебности продовольственного курса Советского государства интересам трудящихся» (с. 115).

Такіх цытат можна было б лёгка "наскубсці" па дзесятку з любой старонкі, але і з некалькіх ужо прыведзеных добра відаць, што з сябе ўяўляе выдадзеная Ўладзімірам Ягорычавым у пачатку ХХІ ст. манаграфія, "написанная на основании большого круга документов, впервые вводимых автором в научный оборот» (с. 2). Але ўсё ж несправядліва было б ускладаць усю адказнасць за яе сённяшняе з'яўленне адно толькі на аўтара. У рэшце рэшт, кожны навуковец можа мець уласную думку, і калі У. Ягорычаў лічыць, што тэкст, напісаны ім амаль 30 гадоў таму ў зусім адрозных ад цяперашніх грамадска-палітычных ўмовах, вытрымаў выпрабаванне часам і можа сёння публікавацца без папярэдняга крытычнага пераасэнсавання - гэта ягонае права. Гэтаксама як наша права - мець думку інакшую.

Куды больш бянтэжыць нас у гэтай сітуацыі тое, што высокую думку аўтара пра актуальнасць, навізну і прафесійны ўзровень выканання ўласнага даследавання цалкам падзяляе сённяшняя эліта "флагмана" афіцыйнай навукі на Гродзеншчыне - Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Як іначай можна ўспрымаць той факт, што гэтая манаграфія была надрукавана не ў прыватным выдавецтве за ўласныя грошы аўтара (ці за асабістыя сродкі прыхільнікаў ягонага творчага таленту), а была рэкамендавана да друку Саветам факультэта гісторыі і сацыялогіі згаданага ўніверсітэта, выйшла ў універсітэцкім выдавецтве (трэба думаць, і за ўніверсітэцкія грошы), пад універсітэцкім грыфам ды пры падтрымцы тытулаваных рэцэнзентаў - доктара гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта У.П. Верхася і кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі ГрДУ В.А. Хілюты? Цікава, якімі меркаваннямі кіраваліся члены Савета, калі прымалі рашэнне аб прыняцці на сябе маральнай адказнасці за выхад нібыта навуковай (прынамсі дэкларатыўна) працы, у якой былі проста праігнараваныя ўсе дасягненні (нават калі браць пад увагу толькі чыста факталагічны аспект, цалкам прамінаючы метадалагічны) беларускай і расійскай гістарыяграфіі (пра еўрапейскую і сусветную зноў жа маўчым) апошніх 30-ці гадоў? Што магло іх схіліць да прызнання адпаведнай крытэрыям навуковасці працы, у якой нумары многіх спасылак не адпавядаюць нумарам пазіцый у бібліяграфічным спісе?

Пастаўленыя пытанні, вядома, рытарычныя, аднак увогуле гатоўнасць прафесуры Гродзенскага універсітэта даць згоду на друк пад сваім грыфам любой, нават безнадзейна састарэлай і нядбайна аформленай працы, абы тая была падрыхтаваная "сваім чалавекам", толькі лішні раз пацвярджае даўно вядомы факт, што сёння навукова-педагагічныя ўстановы ў Беларусі, у першую чаргу правінцыйныя, усё больш ухіляюцца ад выканання сваёй натуральнай ролі мясцовых духоўных і інтэлектуальных цэнтраў і ператвараюцца ў навуковым плане ў своеасаблівыя саматужныя майстэрні, якія спецыялізуюцца на штампаванні вялікай колькасці безаблічнай "навуковай" прадукцыі сумнеўнай якасці. Прынцыповасць жа навукоўцаў і іх вернасць навуковай этыцы успрымаюцца там не іначай як дзівацтва. У выніку сваім фармальным падыходам да навуковай ацэнкі прац, падобных да манаграфіі У. Ягорычава, члены Савета факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта ставяць пад сумнеў уласную навуковую кампетэнцыю і дыскрэдытуюць сваю навуковую ўстанову, цалкам абясцэньваючы і прафануючы яе грыф. Увогуле ўся афіцыйная гістарычная навука да сённяшняга дня настолькі глыбока загрузла ў багне фармалізму, крывадушнасці і звычайнага цынізму, што можна смела казаць пра сапраўдную яе дэградацыю. І ці знойдзе яна ў сабе ў бліжэйшы час жаданне і ўнутраныя сілы, каб пачаць з гэтай багны вылазіць - вялікае пытанне.

Аляксандр Пашкевіч



[1] Егорычев В. Е. Что-то с памятью нашей стало… Критические заметки по вопросам отечественной истории. Лида, 2002. 279 с.; 2-е изд. Лида, 2005; Егорычев В. Е. На крутых поворотах истории, или "Historia est magistra vitae!". Лида, 2003. 417 с.; Егорычев В. Е. Многоликая Клио, или Наедине с исторической правдой. Гродно, 2005. 494 с.; Егорычев В. Е. История в событиях и лицах (взгляд через призму времени). Гродно, 2006. 448 с.; Егорычев В. Е. На переломе эпох. Гродно, 2007. 381 с.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX