Вярнуцца: Пашкевіч Алесь

Сымон Рак-Міхайлоўскі: старонкі жыцця і дзейнасці


Аўтар: Пашкевіч А.,
Дадана: 15-05-2010,
Крыніца: Пашкевіч А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: старонкі жыцця і дзейнасці // Куфэрак Віленшчыны. 2007. № 1 (12). С. 4–30.



Сымона Рак-Міхайлоўскага цяжка далучыць да забытых асобаў у беларускай гісторыі, якіх, на жаль, і да сённяшняга дня застаецца яшчэ шмат. Нават і ў савецкі час, пасля афіцыйнай пасмяротнай рэабілітацыі, ягонае імя не забаранялася пазітыўна згадваць пры разглядзе розных праблемаў гісторыі рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў міжваеннай Беларусі, у першую чаргу гісторыі заснавання і дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Ягонае імя, у адрозненне ад імёнаў многіх іншых беларускіх заслужаных дзеячоў, не было зусім прамінута ў выдадзенай у 1970-я гг. Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, хоць прысвечаны яму артыкул ніяк нельга было назваць поўным і грунтоўным [1]. Больш таго, Сымон Рак-Міхайлоўскі ў 1970-1980-х гг. быў ушанаваны проста нечувана для беларускага нацыянальнага дзеяча ва ўмовах савецкай улады: ягоным імем была названая адна з вуліц у горадзе Маладзечне, а на радзіме, ў вёсцы Максімаўцы цяперашняга Маладзечанскага раёна, усталяваны памятны камень з мемарыяльнай дошкай. Акрамя таго, да сённяшняга дня беларускія і польскія гісторыкі падрыхтавалі і апублікавалі шэраг навуковых і навукова-папулярных публікацый, прысвечаных жыццю і дзейнасці Рак-Міхайлоўскага, сярод якіх найбольш значнымі з'яўляюцца артыкулы польскай даследчыцы Аляксандры Бергман і беларускага гісторыка Уладзіміра Адамушкі [2]. Ёсць вялікія біяграфічныя артыкулы, падрыхтаваныя рознымі аўтарытэтнымі аўтарамі, і ў сучасных беларускіх энцыклапедыях і даведніках [3]. Тым не менш, нельга сказаць, што біяграфія гэтага нацыянальнага дзеяча сёння цалкам даследавана і асэнсавана. Дзеля таго ў гэтым артыкуле будзе зроблена спроба правесці пэўнае абагульненне і крытычнае асэнсаванне інфармацыі, уведзенай у шырокі ўжытак раней, з адначасовым дапаўненнем яе новымі, раней малавядомымі ці нават зусім невядомымі звесткамі [4].

Сымон Рак-Міхайлоўскі нарадзіўся 2 (паводле старога стылю 14) красавіка 1885 г. у невялікай вёсцы Максімаўка недалёка ад Радашковічаў у шматдзетнай сям'і беларусаў Алеся і Марцэлі (у дзявоцтве Рудзь) Міхайлоўскіх. Прынята лічыць, што бацькі Сымона былі сялянскага паходжання, хоць падвоенае прозвішча звычайна сведчыць аб паходжанні шляхецкім. Аднак жа нельга забывацца, што падвоенае прозвішча з усёй радні прыняў толькі Сымон, нібыта дзеля таго, што знайшоў нейкія дакументы, якія сведчылі, што менавіта так гучала прозвішча нейкага ягонага далёкага продка. Цяжка сёння сказаць, што гэта былі за дакументы і ці правільна яны былі Рак-Міхайлоўскім інтэрпрэтаваныя (інфармацыю пра сам факт іх існавання Аляксандра Бергман, якая ўпершыню ўвяла яе ў навуковы ўжытак, атрымала ў 1979 г. пры ліставанні з дачкой С. Рак-Міхайлоўскага). Вядома, аднак, што бацькі Сымона былі праваслаўнымі і зусім незаможнымі [5]. Да таго ж у дзесяць гадоў Сымон Рак-Міхайлоўскі застаўся без бацькі, таму ўжо з гэтага ўзросту мусіў дапамагаць маці карміць сям'ю. У той час самым распаўсюджаным спосабам заробку для дзяцей было найманне ў пастушкі. Не мінула гэтая доля і Сымона. Пасля, калі Сымону споўнілася 14 гадоў, ён нібыта нейкі час працаваў дрывасекам у панскім лесе каля Сёмкава Гарадка.

Ужо ў дзіцячыя гады Сымон праявіў выключныя здольнасці і ахвоту да вучобы, бо ў 1900 г., скончыўшы пачатковую школу ў Радашковічах, у 15-гадовым узросце паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў у 1904 г. У 1904-1909 гадах ён настаўнічаў ў Свянцянскім і Вілейскім паветах, праводзячы пры гэтым шырокую культурна-асветніцкую дзейнасць на вёсцы і займаючыся сярод іншага збіраннем беларускага фальклору і запісам народных песень. Апошняму вельмі спрыялі добры музычны слых і іншыя здольнасці: вядома, што Рак-Міхайлоўскі ўмеў іграць на скрыпцы. Увогуле за час свайго настаўніцтва, паводле Генадзя Каханоўскага, Сымон Рак-Міхайлоўскі запісаў больш за тысячу беларускіх песень, легенд, казак, прымавак, паралельна займаючыся вывучэннем народных абрадаў і звычаяў [6].

Пачатак ягонай педагагічнай дзейнасці прыпаў на рэвалюцыйныя падзеі ў Расіі, якія зацягнулі ў свой вір і маладога настаўніка. Ён распаўсюджваў улёткі і пракламацыі партыі эсэраў, РСДРП і Беларускай сацыялістычнай грамады, за што ў 1906 г. быў нават адміністрацыйна пакараны трохмесячным арыштам у Вілейцы. Перад гэтым ён ездзіў у Пецярбург у якасці хадака ў Дзяржаўную думу ад сялян Радашковіцкай воласці.

Недзе ў гэты ж самы час Рак-Міхайлоўскі, відаць, уключаецца і ў працэс беларускага нацыянальнага адраджэння, завязаўшы сувязі з рэдакцыяй газеты "Наша ніва". Тут неабходна зазначыць, што само месца нараджэння Сымона Рак-Міхайлоўскага спрыяла таму, што ён у будучыні стаў беларускім нацыянальным дзеячам. Непадалёк ад Максімаўкі знаходзіліся вядомыя цэнтры, з якіх праменявала на навакольныя вёскі беларуская нацыянальная ідэя: кіламетраў за 5 знаходзілася вядомая Мігаўка Аляксандра Уласава, за 15 - Карпілаўка Антона Лявіцкага (Ядвігіна Ш.). І калі наконт сувязяў Рак-Міхайлоўскага з апошнім у пачатку ягонага жыццёвага шляху нічога невядома, то з будучым рэдактарам "Нашай нівы" ён быў знаёмы з дзяцінства: сам Уласаў, выступаючы сведкам на працэсе "Грамады" ў 1928 г, заявіў, што "я ведаю абвінавачанага Рак-Міхайлоўскага з таго часу, як ён яшчэ быў пастушком. Гэта быў чалавек здольны і энергічны, заўсёды быў прыхільнікам беларускага кірунку" [7].

Рэвалюцыйная дзейнасць Рак-Міхайлоўскага падчас Першай расейскай рэвалюцыі адгукнулася яму праз некалькі гадоў пасля яе, калі ён, жадаючы працягнуць адукацыю, узнамерыўся паступаць у Віленскі настаўніцкі інстытут (па іншых звестках - у нейкую вышэйшую навучальную ўстанову ў Санкт-Пецярбургу). Не прыняты за "неблагонадежность", Рак-Міхайлоўскі, аднак, рукі не склаў і настаўніцкі інстытут усё ж такі скончыў, але не на радзіме, а ў далёкай крымскай Феадосіі. Там жа, далёка ад Бацькаўшчыны, ён мусіў пасля сканчэння інстытута і працаваць, займаючы пасаду выкладчыка чатырохкласнага вышэйшага пачатковага вучылішча і жаночай гімназіі ў горадзе Карасубазар. Гэты перыяд ягонага жыцця вывучаны мала, але дакладна вядома, што ўдалечыні ад радзімы Рак-Міхайлоўскі ўважліва сачыў за развіццём беларускага нацыянальнага руху і з'яўляўся чытачом і падпісчыкам віленскіх беларускіх газет, прытым не толькі слыннай "Нашай нівы", але таксама і газеты для беларусаў-каталікоў "Biełarus", якая выдавалася з 1913 г. лацінкай.

У Феадосіі Рак-Міхайлоўскі знайшоў і сваё сямейнае шчасце, пабраўшыся шлюбам з маладой настаўніцай-грачанкай Надзеяй Мусолавай [8]. У 1912 г. у маладой сям'і нарадзіўся сын, які атрымаў імя Рагвалод. Імя, дадзенае (несумненна, па ініцыятыве бацькі) сыну, выразна сьведчыць пра тое, якое месца ўжо тады займала ў жыцці Рак-Міхайлоўскага беларушчына (дарэчы, дачцы, якая нарадзілася ў 1919 г., было дадзена такое ж дэманстратыўна беларускае імя - Рагнеда).

Кардынальныя змены ў лёс Сымона Рак-Міхайлоўскага, як і ў лёсы мільёнаў многіх іншых беларусаў, унёс пачатак Першай сусветнай вайны. Улетку 1914 года ён быў мабілізаваны ў войска, аднак у франтавыя акопы не патрапіў, відаць, па прычыне праблемаў са здароўем. Да верасня 1917 года ён служыў пісарам у канцылярыі 24-га транспарту 5-га абознага батальёну 10 расійскай арміі на Заходнім фронце [9]. Дарэчы, якраз часамі вайсковай службы датуецца ягонае першае вядомае выступленне ў беларускім друку: 5 чэрвеня 1915 г. у газеце "Наша ніва" з'явілася карэспандэнцыя "З думак у паходзе", падпісаная псеўданімам "Сымон Рак". Праўда, насамрэч гэтая публікацыя можа быць зусім не першай. Так, з 1909 г. "Наша ніва" атрымлівала карэспандэнцыі з Феадосіі "ад уласнага карэспандэнта". Зусім не выключана, што гэтым "уласным карэспандэнтам" якраз і быў Сымон Рак-Міхайлоўскі, хоць, як вынікае з віншавальнага адрасу, прысланага ў газету з нагоды яе трохгоддзя і надрукаванага ў № 47 за 19 лістапада 1909 г., у Феадасійскім настаўніцкім інстытуце вучылася ў той час яшчэ як мінімум сямёра "сыноў Белай Русі".

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г., якая дала новы імпульс да развіцця палітычнага жыцця на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі, адкрыла Сымону Рак-Міхайлоўскаму шлях у палітыку, і гэты шлях для яго адразу стаў беларускім. У сакавіку 1917 года ён удзельнічаў у з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску, а таксама стаў сябрам адноўленай Беларускай сацыялістычнай грамады. Акрамя таго, Рак-Міхайлоўскі чынна заангажаваўся ў справу стварэння беларускага нацыянальнага войска, прымаючы ўдзел у арганізацыі беларускіх вайсковых з'ездаў. А ўжо ў кастрычніку 1917 года на з'ездзе вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту ён быў выбраны старшынёй Часовага выканаўчага камітэта створанай на гэтым з'ездзе Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Паралельна Рак-Міхайлоўскі займаўся і справай развіцця беларускай нацыянальнай адукацыі, з'яўляючыся сакратаром беларускай школьнай падкамісіі пры Менскай гарадской думе.

Браў удзел Сымон Рак-Міхайлоўскі і ў галоўнай для ўсяго беларускага нацыянальнага руху падзеі 1917 года - снежаньскім І Усебеларускім з'езде. Пры гэтым яму, як старшыні адной з найбольш уплывовых тагачасных беларускіх арганізацый, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, быў аказаны вялікі гонар - адкрыць ад імя Бюро па скліканні з'езда першае ягонае паседжанне 5 снежня 1917 г. Рак-Міхайлоўскі старшыняваў таксама яшчэ на некалькіх паседжаннях. Падчас з'езда ягоны прэзідыўм перавыбіраўся некалькі разоў, і Рак-Міхайлоўскі нязменна ўваходзіў у ягоны склад, звычайна ў якасці аднаго з намеснікаў старшыні. Акрамя таго, ён выступаў на з'ездзе па пытанні арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Пра тое, колькі сілаў і энэргіі ўклаў Рак-Міхайлоўскі ў арганізацыю з'езда, можа сведчыць той факт, што Рак-Міхайлоўскі праз чатыры дні пасля яго адкрыцця на нейкі час проста "зьлёг ад празьмернае працы" [10].

Пасля разгону з'езда Сымон Рак-Міхайлоўскі ўвайшоў у падпольна створаны Выканкам ягонай Рады, а ў студзені 1918 года разам з А.Цвікевічам і Я.Серадой быў прызначаны беларускім прадстаўніком на савецка-германскіх перамовах у Брэсце. Паводле А. Бергман, да Берасця Рак-Міхайлоўскаму давялося дабірацца пехатою. 25 лютага 1918 г. ён разам з Аляксандрам Цвікевічам падаў кароткую даведку аб гісторыі беларускага руху і аб становішчы беларускага пытання да лютага 1918 г. прадстаўніку нямецкай дэлегацыі ў Берасьці Шылеру. Але ў выніку беларускім прадстаўнікам так і не ўдалося дабіцца прызнання сябе ў якасці самастойнага суб'екта перамоваў. 3 сакавіка 1918 г. Берасцейская дамова была падпісана без уліку іх думкі.

У гэтай няўдачы, аднак, наўрад ці была персанальная віна беларускіх прадстаўнікоў, бо непрыманне пад увагу беларускіх інтарэсаў вынікала перш за ўсё з агульнай палітычнай слабасці Выканкама Рады Усебеларускага з'езда і адсутнасці ў яго рэальнай улады. Невыпадкова неўзабаве пасля такога няўдалага для беларусаў заканчэння берасцейскіх перамоваў Раку-Міхайлоўскаму разам зь Цвікевічам была даручана чарговая важная дыпламатычная місія - гэтым разам перамовы ў Кіеве з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі.

Дэлегацыя была выслана ў Кіеў адразу пасля абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Перад ёй былі пастаўлены наступныя задачы: 1) афіцыйна паведаміць УНР, а праз яе радыётэлеграф і ўсім народам, пра абвяшчэнне незалежнай БНР; 2) высветліць магчымасці атрымання грашовай пазыкі для ўрада БНР; 3) наладзіць гандлёвы абмен паміж дзьвюма краінамі і пастаянную прамую сувязь паміж іх сталіцамі. Акрамя таго, меркавалася вырашыць пытанне аб двухбаковай мяжы на аснове этнаграфічнага прынцыпу, а таксама дасягнуць міжнароднай падтрымкі Ўкраіны ў вызначэнні заходніх і паўночных межаў Беларусі на той жа аснове [11].

Адразу ж адзначым, што большасці з гэтых задачаў прадстаўнікам БНР у Кіеве рэалізаваць не ўдалося, галоўным чынам па прычыне тагачаснай геапалітычнай сітуацыі. Акрамя таго, калі казаць шчыра, шмат няўдаламу выніку перамоваў паспрыялі відавочна слабыя пазіцыі Народнага сакратарыята БНР як у міжнародных дачыненнях, так і ўнутры Беларусі. Рак-Міхайлоўскі, як відаць, гэта добра разумеў, бо 20 красавіка 1918 г. пісаў у сваім справаздачным лісце: "Перыяд рамантычных адносінаў украінцаў да беларусаў (цяпер Урад Украінскі) прайшоў; выступае на сцэну бязлітасная рэальная палітыка, дзе права на самавызначэнне можа ў слаба арганізаванай Беларусі пацярпець" [12].

У той жа час пэўных поспехаў дэлегацыі ўсё ж дабіцца ўдалося. Так, старшыня Народнага Сакратарыята БНР Язэп Варонка ў сваім лісце да братоў Луцкевічаў 5 красавіка 1918 г. пісаў, што "ўкраінскаму міністру загранічных справаў ужэ ведама аб нас. Таксама ведае аб нас ужэ Адэса і Румынія". Тут трэба адзначыць, што Адэса і Румынія даведаліся пра беларусаў у значнай ступені дзякуючы Сымону Рак-Міхайлоўскаму, бо якраз ён перадусім займаўся справай арганізацыі беларускіх вайсковых частак на тэрыторыі Украіны, у першую чаргу з фармаванняў былога Румынскага фронту. І ўвогуле, 27 красавіка 1918 г. Язэп Варонка пісаў у лісце Антону Луцкевічу ў Вільню, што "Рак-Міхалоўскі у Кіёві працуе добра" [13].

Дэлегацыя БНР была адкліканая з Кіева ў Менск 10 чэрвеня 1918 г. Аднак Рак-Міхайлоўскі вярнуўся на радзіму трохі пазней, восенню 1918 г., бо яшчэ перад канчатковым завяршэннем працы дыпламатычнай місіі выехаў у Крым, каб забраць у Менск сям'ю. За час адсутнасці Рак-Міхайлоўскага на радзіме тут адбылося шмат важных падзей. Адной з самых галоўных была высылка Радай БНР 26 красавіка 1918 г. прывітальнай тэлеграмы нямецкаму кайзеру Вільгельму. Рак-Міхайлоўскага гэты факт настолькі ўразіў і шакаваў, што ён шмат месца ў сваім чарговым лісце прысвяціў крытыцы пазіцыі сваіх калегаў. У прыватнасці, ён пісаў:

"Вось толькі аднаго я ўцяміць не магу - чаго вы паспяшаліся з наступнай тэлеграмай Вільгельму. Што вы зрабілі? Я не магу зразумець Сацыялістычную Грамаду. Як магла Грамада весці беларускі народ да Вільгельма? Як Грамада магла павяргаць сябе ў трона Вільгельма і падаваць свае галасы ў Радзе за хаўрус Беларусі дэмакратычнай з імператарскай Германіяй. Што вы зрабілі? [...] Я ня ведаю, як я магу працаваць цяпер у Грамадзе пасля гэтай тэлеграмы. [...] Толькі патрыятызм як сына Беларусі ўтрымлівае мяне пакуль што тут, каб дабіцца тут грошай, падтрымаць Раду, сакратарыят, даць магчымасць пашырыць працу, павесці агітацыю і пачаць будаўніцтва дзяржавы нашай [...]

Ах, Грамада, Грамада! Няўжо Бадунова, Грыб, члены ЦК Грамады маглі гэта зрабіць? Я яшчэ цямлю ініцыятыву Грамады ў незалежнасці Беларусі. Гэта ініцыятыва - зеніт працы Грамады, а тэлеграма - труп Грамады. Якое будзе становішча цяпер Грамады ў інтэрнацыянале? Як будуць глядзець цяпер на нас, беларускіх сацыялістаў, германскія сацыялісты, якія ўсё ж змагаюцца ў рэйхстагу з юнкерамі, на дапамогу якіх мы ўсё ж такі мелі надзею спадзявацца. Эх, браты, браты! Што вы нарабілі? І з "левого течения» пад тэлеграмай Іван Серада! Я проста не веру! Гэтага не магло быць у Радзе... Не магу верыць.

Пераканайце мяне ў тым, што гэта было патрэбна!" [14].

Прывядзенне ў гэтым тэксце такой вялікай цытаты - невыпадковае, бо выказаныя ў ёй думкі добра характарызуюць палітычны светапогляд нашага героя. Падобныя маральныя перажыванні ў той час былі характэрныя не толькі для Сымона Рак-Міхайлоўскага, але і для многіх іншых беларускіх нацыянальных дзеячоў. З'яўляючыся перакананымі прыхільнікамі перабудовы свету на сацыялістычных прынцыпах, яны адначасова былі прывязаныя да ўласнага народа, падтрымлівалі нацыянальную ідэю. Нярэдка абедзве гэтыя ідэі маглі спакойна і мірна суіснаваць у свядомасці аднаго і таго ж чалавека, але часамі бывала і зусім інакш: ідэя сацыяльнай рэвалюцыі ўваходзіла ў супярэчнасць з ідэяй нацыянальнай. Тады такім дзеячам даводзілася рабіць свой выбар, часта вельмі няпросты, а для многіх нават трагічны. Сымон Рак-Міхайлоўскі быў адным з такіх дзеячоў.

Вярнуўшыся на радзіму, ён застаў там зусім новую палітычную сітуацыю ў параўнанні з той, якая была падчас ягонага выезду з Беларусі. Зусім не існавала ўжо той палітычнай партыі, якой Рак-Міхайлоўскі быў сябрам -Беларускай сацыялістычнай грамады. Яе раскол прыспешыла сярод іншага і вышэйзгаданая высылка тэлеграмы германскаму кайзеру. У чэрвені 1918 г. раней адзіная партыя падзялілася на 3 часткі: Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ) і Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (БСДП). Прынята лічыць, што Рак-Міхайлоўскі адразу далучыўся і ўвайшоў у кіраўніцтва апошняй. Аднак жа пад праграмай Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, прынятай у жніўні 1918 г., ёсць прыпіска, што Сымон Рак-Міхайлоўскі разам з Язэпам Варонкам, Янкам Серадой, Аляксандрам Цвікевічам, Кастусём Езавітавым, Пятром Крачэўскім, Васілём Захаркам і Антонам Аўсянікам з'яўляецца прадстаўніком гэтай партыі ў Радзе БНР [15]. Магчыма, што яшчэ да свайго вяртання ў Менск Рак-Міхайлоўскі нейкім чынам выказаў сваю згоду на далучэнне менавіта да гэтай партыі, але, вярнуўшыся, чамусьці аддаў перавагу БПСД. Падобна на тое, што для Рак-Міхайлоўскага чыста праграмныя адрозненні паміж беларускімі сацыялістычнымі партыямі не мелі надта прынцыповага значэння, і рашэнне аб сяброўстве ў адной з іх прымалася ў значнай ступені пад уплывам нейкіх іншых фактараў, не выключана, што нават пад уплывам асабістых адносін з асобнымі дзеячамі. У любым выпадку, нават унутры БСДП Рак-Міхайлоўскі вылучаўся як чалавек дастаткова радыкальны, што давала яму магчымасць адначасова падтрымліваць даволі цесныя сувязі нават з найбольш левай з беларускіх сацыялістычных партый - БПСР.

Апынуўшыся ў Менску, Рак-Міхайлоўскі на нейкі час цалкам прысвяціў сябе справе арганізацыі беларускай нацыянальнай асветы. У верасні 1918 - траўні 1919 г. ён быў дырэктарам Менскіх першых беларускіх настаўніцкіх курсаў, якія былі створаны Сакратарыятам асветы БНР з дазволу камандавання германскай 10-й арміі і пасля прыходу савецкай улады былі пераўтвораныя ў 1-я Менскія беларускія педагагічныя курсы пры Менскім Беларускім педагагічным інстытуце. Таксама ён прыкладаў намаганні па заснаванні беларускіх вясковых школ і займаўся арганізацыяй дапамогі ахвярам вайны.

Актыўную дзейнасць на беларускай нацыянальнай ніве Сымон Рак-Міхайлоўскі працягваў і падчас польскай акупацыі Беларусі ў 1919-1920 гг. 10 жніўня 1919 г. у занятым палякамі Менску ўзнік прадстаўнічы орган беларускіх арганізацый - Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК), у склад якога сярод іншых дзеячаў, як прадстаўнік Рады БНР, увайшоў і Рак-Міхайлоўскі. Як і перад гэтым, асноўныя свае сілы ён у тых умовах скіраваў на арганізацыю сістэмы беларускай адукацыі, узначаліўшы Беларускую цэнтральную школьную раду і адначасова працуючы інструктарам беларускай секцыі школьнага аддзела Менскага магістрату, а таксама дырэктарам курсаў беларусазнаўства. Гэта, аднак, не азначала, што іншыя сферы дзейнасці яго наогул не цікавілі: энэргія Рак-Міхайлоўскага скіроўвалася ў самыя розныя рэчышчы, якія часам падаваліся зусім несумяшчальнымі. Так, калі ў кастрычніку 1919 г. згодна з дэкрэтам Юзафа Пілсудскага была распачата стварэнне беларускага нацыянальнага войска і дзеля гэтага была зацверджана Беларуская вайсковая камісія (БВК), Рак-Міхайлоўскі быў уключаны ў яе склад у якасці старшыні культурна-асветнай камісіі. Акрамя таго, у сакавіку 1920 г. ён (перакананы сацыяліст!) увайшоў у арганізацыйны камітэт створанага ў Менску Беларускага Праваслаўнага Народнага Брацтва імя Святых Кірыла і Лаўрэнта Тураўскіх, за мэту якога было пастаўлена "аб'яднаньне праваслаўных беларусаў дзеля абароны Сьвятое праваслаўнае Веры на Беларускай зямлі і пашырэньня нацыянальнай сьвядомасьці сярод Беларускага Народу і умацаваньня паміж братчыкамі асноваў хрысьціянскай маралі, добрага хрысьціянскага жыцьця і ўзаемнай помачы" [16]. Увайшоў Рак-Міхайлоўскі і ў склад беларускай дэлегацыі на чале з Вацлавам Іваноўскім, якая 20-24 сакавіка праводзіла перамовы са старшынёй камісіі для распрацоўкі праекта ўрэгулявання польска-беларускіх дачыненняў Леанам Васілеўскім. Падчас перамоваў беларусам удалося дабіцца выдзялення польскім бокам некаторых субсідый на развіццё беларускай нацыянальнай адукацыі [17].

З'яўляючыся сябрам Рады БНР, Сымон Рак-Міхайлоўскі, натуральна, не мог застацца ўбаку ад снежаньскіх падзей у Менску 1919 г., калі на адкрытым з дазволу польскіх уладаў паседжанні Рады адбыўся раскол апошняй. 13 снежня 1919 г. была ўтворана т. зв. Найвышэйшая Рада, якая выступала за далейшае выкананне абавязкаў прэм'ера Рады БНР Антонам Луцкевічам, у той час як іншая, большая частка ўдзельнікаў паседжання, у асноўным беларускія эсэры, стварылі Народную Раду на чале з Вацлавам Ластоўскім. Рак-Міхайлоўскі ў гэтым канфлікце падтрымаў пункт гледжання Луцкевіча і разам з Язэпам Лёсікам, Аляксандрам Уласавым, Кузьмом Цярэшчанкам і Янкам Серадой увайшоў у склад Найвышэйшай Рады. Розніца паміж прыхільнікамі дзвюх Радаў палягала на тым, што прыхільнікі Найвышэйшай Рады фактычна стаялі на больш памяркоўных прапольскіх пазіцыях, у той час як іх апаненты - на больш радыкальных і антыпольскіх. Тое, што пры такім ідэалагічным падзеле Рак-Міхайлоўскі апынуўся ў складзе Найвышэйшай Рады, выглядае не вельмі натуральным - усё ж як да гэтага, так і пасля ён стаяў на дастаткова радыкальных сацыялістычных і рэвалюцыйных пазіцыях. Тут варта адзначыць, што польскія спецслужбы ў міжваенны перыяд спрабавалі растлумачыць падобны парадокс вельмі проста: уваходжанне Рак-Міхайлоўскага і іншых блізкіх яму ідэйна дзеячоў накшталт Кузьмы Цярэшчанкі ў паланафільскія структуры (Беларускую вайсковую камісію ці Найвышэйшую Раду) нібыта адбывалася са згоды і нават па заданню кіраўніцтва леварадыкальных арганізацый з патаемнай мэтай падарваць гэтыя структуры знутры [18]. Аднак жа гэтае меркаванне пакуль не знайшло фактычнага пацверджання, хоць, улічваючы пазнейшыя відавочныя саветафільскія і камуністычныя сімпатыі таго ж Рак-Міхайлоўскага, цалкам гэтага выключаць усё ж нельга.

Між тым пасля пачатку наступлення Чырвонай Арміі на Варшаву ў 1920 г. Рак-Міхайлоўскі пакінуў Менск і перабраўся спачатку ў Ваўкавыск, а потым (у ліпені) - у Горадню. У Горадні яму і ягонай сям'і было суджана пражыць дастаткова працяглы час - да пачатку 1921 г. Спачатку, падчас кароткага перыяду існавання ў горадзе савецкай улады, ён працаваў школьным інструктарам аддзела народнай адукацыі і займаўся арганізацыяй школ у Гарадзенскім павеце. Разам з сям'ёй Смолічаў, з якімі ён у той час жыў на адной кватэры, Рак-Міхайлоўскі вырашыў застацца ў горадзе і пасля савецкага адступлення 17 ліпеня 1920 года. Паводле У. Адамушкі, ён быў вымушаны так зрабіць таму, што якраз у гэты час цяжка захварэлі на дызентэрыю ягоныя дзеці [19]. Паводле асабістых паказанняў Рак-Міхайлоўскага, якія ён даваў, з'яўляючыся ў чэрвені 1923 г. сведкам на т. зв. «працэсе 45-ці» ў Беластоку, з лета 1920 г. ён з'яўляўся сябрам Гродзенскага БНК і з'яўляўся фактычным рэдактарам гродзенскай газеты «Беларускае слова» (хоць фармальна рэдактарамі лічыліся спачатку Вячаслаў Адамовіч, а пасля Уладзімір Шалешка) [20]. Рак-Міхайлоўскі і сам дастаткова часта выступаў у гэтай газеце ў якасці публіцыста, пішучы сярод іншага і на актуальныя палітычныя тэмы, у тым ліку пра Слуцкае паўстанне, дзейнасць вайсковых фармаванняў Булак-Балаховіча і г. д.

Увогуле Рак-Міхайлоўскі пачынае рэгулярна пісаць артыкулы ў беларускія газеты з 1917 г., закранаючы ў іх розныя тэмы: культурна-асветніцкія, гістарычныя, актуальна-палітычныя. Артыкулы ягонага аўтарства можна знайсці на старонках выданняў "Вольная Беларусь", "Варта", "Беларусь", "Звон", "Родны край", "Часопісь", "Беларускае слова", "Наша думка", "Беларускі звон" і інш. Друкаваў Рак-Міхайлоўскі свае матэрыялы як пад уласным прозвішчам, так і пад шматлікімі псеўданімамі і крыптанімамі: Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак, С. Р., Р.-М., Сымон Р. Сымон Р-к. Несумненна, што не ўсе псеўданімы і крыптанімы нам да гэтага часу могуць быць вядомыя, і дзеля таго публіцыстычная спадчына Сымона Рак-Міхайлоўскага можа быць куды больш грунтоўнай за тую, якая прыведзена ў падрыхтаваным В. М. Грышкевічам бібліяграфічным дадатку да прысвечанага Рак-Міхайлоўскаму артыкула ў біябібліяграфічным даведніку "Беларускія пісьменнікі". Падаецца, што пытанне творчай спадчыны Сымона Рак-Міхайлоўскага патрабуе больш сур'ёзнага аналізу і вывучэння.

Вяртаючыся ж да гарадзенскага перыяду жыцця Сымона Рак-Міхайлоўскага, варта яшчэ адзначыць, што, паводле інфармацыі А.Бергман, ён паспяваў яшчэ ў гэты час выкладаць арыфметыку ў Гродзенскай беларускай гімназіі і шмат часу аддаваў справе ўладкавання мясцовага беларускага дзіцячага прытулку. Аднак жа ў канцы 1920 г. палітычная сітуацыя ў Беларусі пачала відавочна стабілізавацца, і Рак-Міхайлоўскаму з ягонай вялікай энергіяй, відаць, зрабілася няўтульна ў Горадні, якая апынулася на перыферыі беларускага руху. З канца верасня 1920 г. ён усё больш часу праводзіць у Варшаве і Вільні, а ў канцы студзеня 1921 г. ягоная сям'я канчаткова перабіраецца ў Вільню, дзе ў кастрычніку 1920 г. у выніку т. зв. "мецяжу" генерала Люцыяна Жалігоўскага было створана марыянеткавае дзяржаўнае ўтварэнне "Сярэдняя Літва". У гэтай "Сярэдняй Літве" склаліся напачатку дастаткова спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускамоўнай адукацыі, што знайшло адлюстраванне сярод іншага і ў тым, што пры Дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы быў створаны беларускі аддзел, загадчыкам якога стаў Браніслаў Тарашкевіч. Скарыстоўваючы гэта, Сымон Рак-Міхайлоўскі зноў актыўна ўключыўся ў культурна-асветніцкую працу. У 1920-1921 гадах ён працаваў дырэктарам Барунскай настаўніцкай семінарыі, і пра ягоную дзейнасць у гэты час да нас дайшлі некаторыя сведчанні ягоных вучняў. Так, Язэп Ермаковіч прыгадваў: "Нас, сялянскіх хлопцаў, уражвала апантанасць дырэктара, уменне запаліць аптымізм, бачыць разумнае і справядлівае, адрозніваць ад злога, несправядлівага. Гэта быў таленавіты педагог, цудоўны матэматык, дабрэйшы чалавек. Ніколі не забуду… экскурсіі ў ваколіцах Барунаў. Ён любіў прыроду, народныя песні. На ўсё жыццё запомніліся яго гутаркі пра родную мову" [21]. Іншы вучань той жа самай семінарыі, Аляксандр Стэфановіч, сцвярджаў, што "ўжо тады ён (Рак-Міхайлоўскі - А. П.) адзначаўся сваімі радыкальнымі настроямі, хоць не быў вольны ад нацыяналістычных забабонаў" [22].

У траўні 1921 г. семінарыя ў Барунах была зачынена польскімі ўладамі, пасля чаго Рак-Міхайлоўскі канчаткова перабраўся ў Вільню, дзе адразу ж, па сваёй заўсёднай звычцы, разгарнуў шматпланавую дзейнасць. Так, з лета 1921 г. ён загадваў беларускімі настаўніцкімі курсамі, адначасова з восені выкладаючы матэматыку ў Віленскай беларускай гімназіі. Акрамя таго, з першых дзён заснавання арганізацыі ён з'яўляўся сябрам Таварыства беларускай школы, быў сябрам Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта, віцэ-старшынёй Беларускай цэнтральнай школьнай рады, старшынёй Беларускага камітэта помачы пацярпелым ад вайны, прымаў даволі актыўны ўдзел у працы Беларускага выдавецкага таварыства.

Як з усяго гэтага відаць, у 1920-1921 гг. Рак-Міхайлоўскі зноў амаль цалкам аддаў свае сілы справе будавання на Віленшчыне сістэмы беларускай нацыянальнай асветы, але пры практычнай рэалізацыі гэтай задачы ён, акрамя несумненных поспехаў, зазнаў і вялікае расчараванне, сутыкаючыся з усё больш непрыхільнай да беларушчыны пазіцыяй польскага кіраўніцтва Сярэдняй Літвы. У сувязі з гэтым усё больш радыкалізуецца ягоная ўласная палітычная пазіцыя. Ужо 30 сакавіка 1921 г. Янка Чарапук пісаў да Вацлава Ластоўскага, што "Сымон Рак кажэ: адно трэба рабіць, за бомбы і рэвольвэры трэба ўзяцца" [23]. Натуральна, што пры гэтым Рак-Міхайлоўскі адчуваў маральны дыскамфорт ад свайго фармальнага сяброўства хоць і ў фактычна ўжо няіснай, але тым не менш прапольскай арганізацыі - Найвышэйшай Радзе. Адначасова ён пачынае адкрыта выказвацца за аднаўленне парушанага ў снежні 1919 г. адзінства Рады БНР. 1 красавіка 1921 г. Уладзімір Пігулеўскі пісаў да таго ж Ластоўскага: "Па пытаньню аб аб'яднаньні Найвышэйшыя раскалоліся на 2 групы: адна на чале са Смолічам лічыць гэта аб'яднаньне не на часе дзеля таго, што Ластоўскі зьвязаны з Коўнам, а гэтакім чынам сувязь з Ластоўскім азначае звязь з Коўнам, што ў сучасны момант пацягнула б за сабой поўную ліквідацыю нават усёй нацыянальна-культурнай беларускай працы, другая на чале з Ракам-Міхайлоўскім ўсяцэла стаць на аб'яднаньні, гатова злажыць паўнамоцтва: нават Рак-Міхайлоўскі сёнека мне заявіў, што апублікуе дагаворы, пад якімі маецца яго подпіс" [24]. Праўда, у красавіку 1921 г. Рак-Міхайлоўскі разам з іншымі яшчэ ўвайшоў у склад т. зв. Беларускага палітычнага камітэта, які па заданні ІІ аддзела Генеральнага штаба польскага войска мерыўся арганізаваць у Вільні Яўген Ладноў, але расчараваўся ў гэтай ідэі адным з першых. 10 ліпеня 1921 г. Рак-Міхайлоўскі разам з Кузьмом Цярэшчанкам у лісце да Браніслава Тарашкевіча абвясцілі аб спыненні нават фармальнага існавання Найвышэйшай Рады. У верасні 1921 г. Рак-Міхайлоўскі быў адным з тых, хто выступаў за паразуменне Віленскага БНК з ковенскім урадам БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім [25].

У канцы 1921 г. Рак-Міхайлоўскі актыўна падтрымаў ідэю байкота беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі выбараў у т. зв. Віленскі сейм, прызначаных польскімі ўладамі Сярэдняй Літвы на 8 студзеня 1922 г. Фактычна гэтыя выбары ігралі ролю плебісцыту, які меў развязаць спрэчку паміж Польшчай і Літвой аб будучай дзяржаўнай прыналежнасці Віленскай зямлі. Хоць пытанне аб далучэнні Віленшчыны да Беларусі і наогул аб стварэнні беларускай незалежнай дзяржавы ў гэты час ужо не стаяла, беларусам справа прыналежнасці гэтай тэрыторыі не была абыякавая: яны ў пераважнай сваёй большасці цвёрда сталі на бок Літвы, якая вуснамі свайго прэм'ера паабяцала беларусам аўтаномію. Пазіцыя па гэтым выпадку Сымона Рак-Міхайлоўскага была выкладзена ў напісаным ім, але чамусьці ў той час не апублікаваным артыкуле "Ці йсьці ў Сойм?". Аўтар артыкула пісаў сярод іншага такія словы: "Мы з усякім суседам, у тым ліку і з палякамі, хочам жыць у згодзе. Але мы ня хочам, каб кожны наш сусед, у тым ліку і паляк, цягнуў нас сілком да сябе. Мы ня можам прызнаць за палякамі права захопліваць ня польскія, а літоўска-беларускія землі сілаю аружжа. Не прызнаем таксама мы за палякамі і права распараджацца ў нашых землях, так як ім, палякам, гэта ўздумаецца, ня толькі не пытаючыся нас, але яшчэ прыгнячаючы нас". У канцы артыкула рабілася агульная выснова: "На выбары ў Сойм у такіх варунках ісці няможна, калі не хацець зрабіць сабе вялікай шкоды на доўгія гады. Дык не будзьце здраднікамі! Не ідзіце на выбары ў Віленскі Сойм! Праз Віленскі Сойм у Варшаўскую няволю!" [26].

Галасаванне ў Віленскі сейм адбылося 8 студзеня 1922 г. У выбарах узялі ўдзел 64,4% ўсіх выбаршчыкаў, і такім чынам беларускім дзеячам фактычна не ўдалося дасягнуць пастаўленай мэты. 20 лютага 1922 г. Віленскі сейм, выбраны без іх удзелу, сабраўся і прыняў рашэнне аб далучэнні Віленшчыны да Польшчы. Пасля гэтага 28 сакавіка 1922 г. Віленскі сейм быў распушчаны, а 6 красавіка гэтага ж года быў прыняты закон аб перадачы ўлады над Bіленшчынай дэлегату польскага ўрада. Да канчатковага рашэння Лігі нацый аб прызнанні ўсходніх межаў Польшчы заставаўся яшчэ амаль год, аднак мала хто сумняваўся, што гэтае рашэнне будзе пазітыўным. Такім чынам, пераходны перыяд скончыўся, і беларускім дзеячам у Вільні належала задумацца пра тактыку ў новых палітычных умовах - у складзе польскай дзяржавы.

Надзвычай важны для ўсяго беларускага руху ў Польшчы 1922 год - адзін з найбольш цьмяных у біяграфіі Сымона Рак-Міхайлоўскага. У гэты час згадкі пра ягоную асобу фактычна знікаюць са старонак беларускай прэсы, з'яўляючыся там толькі эпізадычна. Вядома, праўда, што ён у гэты час працягваў выкладчыцкую дзейнасць у Віленскай беларускай гімназіі, быў віцэ-старшынёй Беларускай цэнтральнай школьнай рады і ўзначальваў Беларускі камітэт помачы пацярпелым ад вайны. Падчас выбарчай кампаніі ў польскі парламент, у якую беларускія арганізацыі ў Польшчы актыўна ўключыліся са жніўня 1922 г., ён афіцыйна ўвайшоў у склад Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта (БЦВК) і быў пастаўлены на другім пасля Антона Аўсяніка месцы ў спісе Блока нацыянальных меншасцяў (БНМ) (тэхнічнага перадвыбарчага аб'яднання беларускай, украінскай, габрэйскай, нямецкай і расейскай нацыянальных меншасцяў Польшчы) ў Лідскай акрузе. Аднак жа дарэмна шукаць згадку ягонага прозвішча ў змешчаных на старонках беларускіх газет справаздачах аб правядзенні ў гэтай акрузе беларускіх перадвыбарчых мерапрыемстваў. Прозвішча Рак-Міхайлоўскага адсутнічае і ў спецыяльна заведзеным сшытку, дзе фіксавалася выдача грошай беларускім актывістам на перадвыбарчую агітацыю, хоць, акрамя асноўнага атрымальніка Антона Аўсяніка, у ёй адзначыліся яшчэ каля 30 асобаў з той акругі, дзе Сымон Рак-Міхайлоўскі балатаваўся [27]. Можна было б прыпусціць, што Рак-Міхайлоўскага падчас выбараў падвяло не вельмі моцнае здароўе і менавіта дзеля гэтага ён не змог у іх прыняць актыўнага ўдзелу, калі б не ўрыўкавая згадка ў лісце камуністычнага актывіста з Вільні пад мянушкай "Стасек" (Аляксандра Бергман мяркуе, што пад гэтым псеўданімам хаваўся Стасевіч, спецыяльны прадстаўнік Вацлава Багуцкага [28], высланы на час выбараў у Польшчу) ад 6 кастрычніка 1922 г.: "Шмат дапамагае мне ў працы Рак-Міх[айлоўскі]. У працы незалежнікаў ён не ўдзельнічае (вылучэнне маё - А. П.)" [29]. Факт наяўнасці кантактаў Рак-Міхайлоўскага з віленскімі камуністамі яшчэ перад парламенцкімі выбарамі 1922 г. пацвярджаў праз шмат гадоў і Антон Луцкевіч, адзначыўшы, аднак, што для яго гэта не было таямніцай і "было вядома ад яго самога" [30]. У іншым месцы Луцкевіч палічыў патрэбным адзначыць, што Рак-Міхайлоўскі быў тыпам "інтэлектуальна слабым" і "балансаваў... да кампартыі з нейкай асаблівай лёгкасцю" [31]. Янка Станкевіч, ужо на эміграцыі пасьля вайны, беручы пад сумненне асобныя факты, выкладзеныя ў свежанадрукаваных успамінах Васіля Рагулі (на той час ужо нябожчыка), адзначаў: "Ня верыцца мне, каб Рак-Міхайлоўскі быў бязьдзейны ў перадвыбарчым часе ўвосень 1922 г. (Рагуля не мянуе яго ў ліку дзейных тады.) Ён быў ведамы як рупны й дзеяльны працавень сярод народнае масы" [32]. Тым не менш, як выглядае з выкладзенага вышэй, рацыю ў дадзеным выпадку меў хутчэй Васіль Рагуля, а не Янка Станкевіч (які падчас правядзення выбарчай кампаніі ўжо знаходзіўся на вучобе ў Празе і таму ўсіх нюансаў яе правядзення мог не ведаць).

Пры сённяшнім стане даследавання праблемы цяжка нешта сцвярджаць наконт усяго гэтага зусім упэўнена. Можна, аднак, меркаваць, што відавочнае збліжэнне Рак-Міхайлоўскага з камуністамі адбылося ў 1922 г. пад уплывам ягоных асабістых кантактаў з лідэрамі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА), якая з пачатку гэтага года разгарнула сваю дзейнасць у Вільні. Так, вядомы беларускі дзеяч Сяргей Хмара (сапраўднае прозвішча Сіняк) у сваіх пазнейшых мемуарах сцвярджаў, што Рак-Міхайлоўскі "інфармацыі аб БРА меў […] непасрэдна ад братоў Канчэўскіх, ягоных старых сяброў", пра што ён нібыта сам расказваў яму і таварышам "падчас увязьненьня за Грамаду ў Каранове" [33]. Несумненна толькі тое, што Рак-Міхайлоўскі не быў на выбарах 1922 г. зусім "бясчынны" і ў пэўнай ступені знаходзіўся ў ценю толькі таму, што іграў са згоды кіраўніцтва беларускай выбарчай кампаніяй нейкую асаблівую, не да канца пры сённяшнім стане даследавання зразумелую ролю.

У любым выпадку бясспрэчна тое, што калі 28 лістапада 1922 г. Сымон Рак-Міхайлоўскі ўпершыню ўвайшоў як выбраны насельніцтвам дэпутат у будынак польскага парламента, ён ужо меў цесныя сувязі з камуністамі і ставіўся да іх з безумоўнай сімпатыяй, чым вылучаўся на фоне іншых беларускіх паслоў. Так, адзін з агентаў Камінтэрну ў Варшаве, нейкі "Янэк", які меў заданне збіраць інфармацыю ў тым ліку і пра развіццё камуністычнай дзейнасці ў парламенце, пісаў у сваім справаздачным лісце ад 5 снежня 1922 г.: "З беларусаў ёсць кіраўнік групы беларусаў, нейкі Сымон Рак-Міхайлоўскі, нейкі незалежны сацыяліст. Ён даволі сімпатычна паводзіць сябе ў адносінах да Л[анцуцкага] (адзін з двух камуністычных дэпутатаў у польскім сейме - А. П.) . Звяртаецца да яго - "таварыш". Другі - Тарашкевіч Браніслаў, беларускі сацыял-дэмакрат, і 3-ці, Аўсянік нейкі - эсэр. Акрамя іх, ёсць яшчэ нейкія два эсдэкі… Астатнія беларусы - нацыяналісты [34]. Цікава, што і Браніслаў Тарашкевіч у сваёй т. зв. "Аўтабіяграфіі…" адзначаў, што "з канца 1922 г., з пачатку 1923 г. Рак-М., будучы ўжо дэпутатам сойму, устанавіў сувязь з поўпрэдствам и атрымваў субсыдыю на прэсу [...] Пэўнымі саветафіламі ў паслявыбарчы пэрыяд 1923 г. лічыліся Рак-М. і Аўсянік [...] У гэтым саветафільстве павінна была граць значную ролю сымпатыя да захадаў савецкага ўраду па нацыянальнаму і аграрнаму пытаньнях, але разам з тым, пэўна, і стаўка на скоры прыход бальшавікоў на Заходнюю Беларусь у выніку прыпушчанай вайны (апошняе, відочна, у Аўсяніка)" [35].

Улічваючы такія палітычныя погляды і сувязі Рак-Міхайлоўскага, няма нічога дзіўнага, што менавіта яму было суджана адыграць адну з галоўных роляў у наступнай радыкалізацыі Беларускага пасольскага клуба і ўсё большым ягоным падпарадкаванні камуністычным уплывам, што ў рэшце рэшт прывяло да раскола клуба ў чэрвені 1925 г. Так, менавіта да Рак-Міхайлоўскага накіраваў Луцкевіч "адказнага супрацоўніка савецкага Палпрэдства Гальдштэйна", калі той пажадаў "усталяваць кантакт з Беларускім Пасольскім Клубам", асабіста перад гэтым пазнаёміўшы таго "з беларускім пытаннем і праявамі беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы" [36]. Падобна, што з гэтым самым чалавекам (нягледзячы на некаторую розніцу ў перадачы прозвішча) Рак-Міхайлоўскі цесна супрацоўнічаў і надалей, пра што мела звесткі польская дэфензіва. Так, у патаемным сітуацыйным рапарце аддзела бяспекі дэлегата ўрада ў Вільні 5 чэрвеня 1924 г. адзначалася: "Паводле інфармацыі, паданай даверанымі мясцовымі канфідэнтамі (якія выдатна ведаюць стан беларускіх справаў), у гатэлі "Рымскі" ў Варшаве жыве габрэй Гольдэнштадт, які дастаўляе паслу Рак-Міхайлоўскаму бальшавіцкія газеты і брашуры, а таксама грошы на агітацыйныя мэты. Узамен Рак-Міхайлоўскі дастаўляе Гольдэнштадту беларускія газеты і іншыя выданні, якія выходзяць на тэрыторыі Польшчы. Найбольш цесныя асабістыя кантакты з Рак-Міхайлоўскім утрымліваюць паслы Рагуля, Валошын і Мятла, якія таксама, несумненна, паінфармаваныя пра ягоныя адносіны з Гольдэнштадтам" [37].

Ёсць і іншыя сведчанні таго, што менавіта праз Сымона Рак-Міхайлоўскага ў значнай ступені ажыццяўлялася сувязь паслоў Беларускага пасольскага клуба з мясцовымі дзеячамі КПЗБ і эмісарамі, прысланымі з Варшавы ці Менска. Так, напрыклад, Васіль Рагуля згадваў у сваіх успамінах, што "аднойчы ў Сойме Рак-Міхайлоўскі запытаў мяне, ці знаю Ханевіча, што паходзіць з мае вёскі, які застаўся ў Саветах… Нейкі Ханевіч прыехаў з Менску для нелегальнай працы і хоча бачыцца са мною. Рак-Міхайлоўскі даў мне адрас, дзе я мог спаткаць гэтага Ханевіча" [38]. Згаданы Міхал Ханевіч, нелегальна перакінуты ў Заходнюю Беларусь з Менска для кіравання дзейнасцю КПЗБ, пасля набыў вядомасць як Міхал Гурын, стаўшы ў канцы 1924 г. адным з арганізатараў т. зв. "сэцэсіі" ў КПЗБ. Успамінаў пра сваю сустрэчу з Рак-Міхайлоўскім пасля прыбыцця ў Вільню і яшчэ адзін эмісар з БССР - Мікалай Арэхва. Арэхва сведчыў таксама і пра тое, што менавіта з Рак-Міхайлоўскім (разам з Браніславам Тарашкевічам) вясной 1925 г. ён разам з Язэпам Лагіновічам (Паўлам Корчыкам), які адмыслова для гэтага прыехаў у Польшчу, вёў перамовы пра выхад з адзінага Беларускага пасольскага клуба групы радыкальных паслоў [39]. Аляксандр Стэфановіч, дзеяч КПЗБ з Ашмянскага павета, таксама згадваў пра тое, што першым, да каго ён звярнуўся позняй восенню 1925 г. пры неабходнасці ўсталяваць сувязі з пасламі БСРГ, быў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Менавіта да Рак-Міхайлоўскага Стэфановіча нібыта накіравала ягонае кіраўніцтва [40].

Апроч усталявання кантактаў з беларускімі савецкімі ўладамі ў Менску і мясцовымі камуністамі значную працу Рак-Міхайлоўскі праводзіў таксама дзеля падтрымання сувязяў з беларускімі дзеячамі ў іншых краінах, звязанымі з урадам БНР на эміграцыі. Відаць, гэтая дзейнасць праводзілася ім у межах створанага ў 1923 г. так званага "Краёвага цэнтру". Эміграцыйныя дзеячы, калі меркаваць па ўзаемнаму ліставанню, усведамлялі значэнне асобы Рак-Міхайлоўскага ў нацыянальным руху і мелі да яго давер. Так, вясной 1923 г. Аляксандр Цвікевіч перамаўляўся "з Сымонам" "у справе [заснавання] партыі". Палута Бадунова у лісце да Вацлава Ластоўскага ад 22 кастрычніка 1923 г. называла Рак-Міхайлоўскага разам з Тарашкевічам і Мятлой сярод тых, з кім было б пажадана зрабіць патаемную сустрэчу ў Чэхіі ў гарах. Пры гэтым Ластоўскі, адпісваючы Бадуновай і просячы яе пераслаць у Вільню 50 ці 100 даляраў на імя Школьнай Рады, у прынцыпе не рэкамендаваў рабіць гэта на імя Рак-Міхайлоўскага, "каб не зьвяртаць лішне на яго ўвагі". Меў кантакты Рак-Міхайлоўскі і з Кастусём Езавітавым, які 8 студзеня 1924 г. пісаў з Люцына Вацлаву Ластоўскаму ў Коўна, што "напісаў я Раку аб грашох, але адказу не маю" [41].

Такая актыўная дзейнасць Рак-Міхайлоўскага ў якасці каардынатара розных беларускіх палітычных сілаў, несумненна, забірала ў яго шмат часу, і дзеля таго, каб паспяваць усё гэта рабіць, ён мусіў абмяжоўваць саю актыўнасць у іншых сферах дзейнасці. Так, відавочна другаснай для сябе ён, пасол сойма, лічыў, відаць, чыста парламенцкую працу. У выніку за 4 гады выканання пасольскіх абавязкаў ён усяго толькі 4 разы (12 лютага 1924 г., 6 ліпеня і 12 снежня 1925 г., 21 ліпеня 1926 г.) выступіў з сеймавай трыбуны і падаў ад свайго імя толькі 4 інтэрпеляцыі (запыты), якія ў асноўным тычыліся парушэння правоў беларускага насельніцтва ў справе атрымання адукацыі на роднай мове (з іх 3 - у пачатку 1926 г.). Фармальна ўваходзячы ў некаторыя сеймавыя камісіі (камісію аховы здароўя, прававую камісію, камісію грамадскай апекі), актыўнага ўдзелу ў іхнай працы ён таксама не браў. Затое вельмі актыўна Рак-Міхайлоўскі праводзіў пазапарламенцкую дзейнасць. Ён часта ездзіў па Заходняй Беларусі (у асноўным па Віленшчыне і паўночнай Наваградчыне) і праводзіў т. зв. "справаздачныя мітынгі", якія карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва. Права пасольскай недатыкальнасці дазваляла Рак-Міхайлоўскаму выказваць свае думкі больш адкрыта і больш радыкальна, чым тыя дзеячы, якія пасольскага мандата не мелі. Пра вастрыню ягоных выступаў на справаздачных мітынгах сведчыць сярод іншага тое, што маршалак сейма ў 1924 і 1926 гг. двойчы атрымліваў запыты віленскай пракуратуры аб дачы сеймам згоды на прыцягненне Сымона Рак-Міхайлоўскага да судовай адказнасці за заклікі да непадпарадкавання распараджэнням улады, за пашырэнне нянавісці паміж паасобнымі групамі ці класамі насельніцтва і за распаўсюджванне забароненай літаратуры. Праўда, сейм у той час адмовіўся выдаць Рак-Міхайлоўскага суду, аднак заведзеныя справы не былі канчаткова спыненыя, а толькі адкладзеныя да часу сканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў абвінавачанага.

Але выступленні на пасольскіх мітынгах, няхай сабе нават і вельмі вострыя, усё ж такі ўкладаліся ў межы польскага заканадаўства. У той жа час мы маем звесткі, што адначасова з гэтым Рак-Міхайлоўскі разам з некаторымі сваімі аднадумцамі патаемна прымаў удзел у падрыхтоўцы на тэрыторыі Заходняй Беларусі антыпольскага паўстання, не спыняючыся, як выглядае, нават перад асабістымі візітамі ў месцы фармавання партызанскіх атрадаў. Так, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Слонімшчыне Сяргей Хмара згадваў, што "нашымі ўчынкамі захапляліся, галоўным чынам, Сымон Рак-Міхайлоўскі і Васіль Рагуля… З дзесятак разоў нас наведвае патаемна пасол Рак-Міхайлоўскі… Усё гэта неафіцыйна, пераапрануўшыся ў вопратку, якая не зварочвала б увагі паліцыі… Рак-Міхайлоўскага звычайна спатыкаў наш вазак ці ў Наваельні, ці ў Дварцы, і вёз глухаманню да нас. На патаемных зборках у Казлоўшчыне ці ў адной з вёсак збіралася да 30 асоб. Такім чынам паслы маглі самі пераканацца, што ў нас за актыў і якія ў нас настроі" [42]. Пра тое, што Рак-Міхайлоўскі сур'ёзна разглядаў магчымасць хуткага выбуху беларускага паўстання, ускосна сведчыць сярод іншага тое, што ўвосень 1924 года ягоная жонка, Надзея Рак-Міхайлоўская, разам з абодвума дзецьмі звярнулася ў Управу дэлегата ўрада на горад Вільню з мэтай атрымання замежнага пашпарта на выезд у СССР і 4 кастрычніка 1924 г. гэты пашпарт атрымала. Падаецца, што ў гэтым выпадку мелі рацыю службоўцы ІІ аддзела Генеральнага штаба польскага войска, якія лічылі, што меркаваны выезд сям'і Сымона Рак-Міхайлоўскага ў БССР меў на мэце "атрыманне большай свабоды руху і магчымасць уцёкаў" для апошняга [43]. Аднак жа далейшае развіццё падзей хутка зрабіла ідэю паўстання неактуальнай, у выніку чаго Надзея Рак-Міхайлоўская з дзецьмі засталіся жыць у Вільні, разам з мужам і бацькам.

Карэктывы ў планы прыхільнікаў антыпольскага паўстання ўнесла змена пазіцыі ў гэтым пытанні (натуральна, пад ціскам з Менску і Масквы) кіраўніцтва КПЗБ. У пачатку 1925 г. кіраўніцтва кампартый Заходняй Беларусі і Польшчы прызнала памылковым курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання. Цэнтральныя камітэты КПРП і КПЗБ заклікалі камуністаў і партызан спыніць узброеную барацьбу як несвоечасовую і акцэнтаваць увагу на шырокай палітмасавай і арганізацыйнай працы сярод жыхароў заходнебеларускага краю. Дзеля выканання гэтых задачаў было вырашана заснаваць масавую беларускую радыкальную арганізацыю - Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ). Першым крокам у гэтым накірунку стаў раскол 24 чэрвеня 1925 г. Беларускага пасольскага клуба ў польскім парламенце і ўзнікненне пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады, у які першапачаткова ўвайшлі Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пятро Мятла і Павел Валошын, а трохі пазней далучыўся і Юры Сабалеўскі.

Адразу ж пасля стварэння БСРГ Сымон Рак-Міхайлоўскі актыўна ўключыўся ў працэс арганізацыйнага будаўніцтва партыі, забяспечваючы і каардынуючы ў ёй выкананне шматлікіх функцый. Ён з'яўляўся намеснікам старшыні ЦК БСРГ, быў адным з арганізатараў Цэнтральнага сакратарыята партыі (да прыходу ў канцы ліпеня 1926 г. на працу ў сакратарыят Грамады Максіма Бурсевіча - яго фактычным кіраўніком), кіраўніком яе рэдакцыйнага камітэта. Найбольш з усіх астатніх грамадоўскіх лідэраў Рак-Міхайлоўскі аддаваў часу і ўвагі справе выдання партыйных газет [44]. Акрамя таго, ён рэдагаваў «Бюлетэнь пасольскага клюбу Беларускае сялянска-работніцкае грамады», у якім друкаваліся прамовы і інтэрпеляцыі грамадоўскіх паслоў у польскім сейме. Сымон Рак-Міхайлоўскі быў і аўтарам арганізацыйнага статута Грамады, прынятага вясной 1926 года разам з партыйнай праграмай. Праз рукі Рак-Міхайлоўскага праходзіла значная частка тых фінансавых сродкаў, якія праз віленскі Беларускі кааператыўны банк паступалі для арганізацыі працы Грамады з БССР: Рак-Міхайлоўскі быў старшынёй Нагляднай рады гэтага банка.

Акрамя гэтага, Рак-Міхайлоўскі (як, дарэчы, і ўсе іншыя паслы) актыўна ўдзельнічаў у працы Таварыства беларускай школы, займаючы ў гэтым таварыстве вельмі важную пасаду - старшыні Нагляднай рады Галоўнай управы ТБШ. Аляксандра Бергман лічыла гэтую пасаду ў значнай ступені ключавой, бо, на яе думку, Рак-Міхайлоўскі фактычна займаўся падрыхтоўкай з Таварыства беларускай школы своеасаблівай "другой лініі акопаў" на выпадак дэлегалізацыі Грамады [45]. Забягаючы наперад, можна сказаць, што ў цэлым гэтай мэты дасягнуць удалося, і пасля ліквідацыі БСРГ польскімі ўладамі ТБШ сапраўды стала своеасаблівым нефармальным цэнтрам беларускага леварадыкальнага руху ў Польшчы. Праўда, з пазіцыі сённяшняга дня гэты факт далёка не заўсёды ўспрымаецца станоўча, бо самая масавая культурна-асветніцкая арганізацыя і, калі глядзець шырэй, то ўся беларуская нацыянальная адукацыя ў інтарэсах інтэрнацыянальнай сусветнай рэвалюцыі фактычна была "падстаўлена" пад урадавыя рэпрэсіі. Менавіта неабходнасцю барацьбы з камуністычнай пагрозай (якая, трэба прызнаць, далёка не заўсёды была абсалютна беспадстаўнай) польскія ўлады ў 2-ой палове 1920 і ў 1930-х гг. тлумачылі неабходнасць ліквідацыі той або іншай беларускай нацыянальнай пляцоўкі з фармальна чыста культурна-асветніцкімі мэтамі.

У цэлым жа з пералічанага добра відаць, якая тытанічная праца была праведзеная Сымонам Ракам-Міхайлоўскім пры арганізацыі дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Можна дзеля гэтага пагадзіцца з думкай Сакрата Яновіча, што "Браніслаў Тарашкевіч быў яе (Грамады - А. П.) аўтарытэтам, але моцным чалавекам Грамады быў менавіта ён, Рак" [46].

Насенне, пасеянае лідэрамі Грамады, упала на прыдатную глебу. Да пачатку 1927 г. колькасць сяброў партыі перавысіла 100 тысяч. Занепакоеныя такім дынамічным ростам відавочна апазіцыйнай у дачыненні да Польшчы палітычнай сілы, польскія ўлады наважыліся на рашучыя дзеянні. У сярэдзіне студзеня 1927 г. ўсе галоўныя лідэры БСРГ былі арыштаваныя. Сымона Рак-Міхайлоўскага такі лёс напаткаў аднаго з першых. Ён быў затрыманы 15 студзеня 1927 г. на вакзале ў Вільні.

Наступныя тры месяца жыцця Рак-Міхайлоўскага, праведзеныя ім спачатку ў віленскай турме Лукішкі, а пасля ў спецыяльнай турме для палітычных зняволеных у Вронках, падрабязна апісваюцца ім самім у дзённіку, які друкуецца ніжэй. Следства па справе грамадоўцаў вялося амаль год, а судовы працэс, які ўвайшоў у гісторыю як "працэс 56-ці", адбыўся ў Вільні ў вясной 1928 г. Сымон Рак-Міхайлоўскі, як і іншыя галоўныя лідэры Грамады, быў асуджаны на 12 год зняволення. Напрыканцы працэсу ён выступіў з заключным словам, несумненна, добра загадзя прадуманым і падрыхтаваным. У ім Рак-Міхайлоўскі засведчыў: "Ад сваёй працы я не адракаюся, насупраць, ганаруся ўсёй сваёй 20-гадовай працай і ў ваенных арганізацыях, і ў справах школьных і палітычных. Не было ніводнай галіны ў беларускай працы, у працы беларускага адраджэння, дзе б я не прымаў самы актыўны ўдзел. Усёй сваёй папярэдняй працай, як і працай у Грамадзе, магу ганарыцца і магу публічна пахваліцца. А Грамада скалыхнула наш народ і гэта - яе вялікая заслуга" [47].

Пасля вынясення судовага прысуду лідэры Грамады былі размеркаваныя па розных польскіх турмах. Рак-Міхайлоўскі быў накіраваны разам з Максімам Бурсевічам у новую для яго турму - у Каранова Пазнанскага ваяводства. Пра ягоны двухгадовы побыт там, на аснове захаваных у архіве сведчанняў камуністычнага дзеяча Рамана Новака, які сядзеў у мясцовай турме ў той жа самы час, распавядала Аляксандра Бергман. Паводле Новака, Рак-Міхайлоўскі адразу ж быў дакааптаваны ў склад кіраўніцтва турэмнай камуны палітычных вязняў, што звычайна рабілі ў дачыненні да найбольш ахвярных і знакамітых камуністаў. Але, што цікава, Новак пры гэтым акрэсліваў Рак-Міхайлоўскага як беспартыйнага (хоць увогуле прынята лічыць, што Рак-Міхайлоўскі стаў членам КПЗБ яшчэ ў 1926 г.). Бергман дапускала, што падобная сітуацыя была вынікам забароны лідэрам Грамады з боку КПЗБ раскрываць факт сваёй партыйнасці каму б то ні было дзеля таго, каб захоўваць магчымасць для развіцця левага беларускага руху на легальнай аснове, а таксама дзеля таго, каб да лідэраў Грамады адносіны турэмнай адміністрацыі былі інакшымі, чым у адносінах да камуністаў. Аднак жа малаверагодна, каб турэмная адміністрацыя, ды і ўвогуле польскія ўлады ў той час надта ўжо цікавіліся фармальным бокам справы: сам факт уваходжання Рак-Міхайлоўскага ў кіраўніцтва турэмнай камуны пераканаўча сведчыў пра тое, што да камунізму ён прынамсі неабыякавы. У той жа час звесткі наконт партыйнасці Рак-Міхайлоўскага з 1926 года, дагэтуль уведзеныя ў навуковы ўжытак - дастаткова няпэўныя. Упершыню такая інфармацыя прайшла ў 1973 г. у 9 томе "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі", на якую пасля спаслалася Аляксандра Бергман, а затым гэтая інфармацыя аўтаматычна перайшла і ў іншыя працы. Але інфармацыя, пададзеная БелСЭ, не можа сёння ўспрымацца бескрытычна - ні для кога цяпер не таямніца, што пры яе складанні проста немагчыма было цалкам абмінуць патрабаванні ідэалогіі. Ва ўсялякім выпадку, іншых якіх-небудзь сведчанняў, што Рак-Міхайлоўскі ў 1926 г. быў прыняты ў камуністычную партыю, мне дагэтуль бачыць не давялося (што зусім не азначае, што іх няма), у той час як наконт большасці іншых лідэраў Грамады такая інфармацыя маецца. Так, Браніслаў Тарашкевіч (які сам уступіў у партыю ў снежні 1925 г.) пазней сведчыў, што ў 1926 г., калі пачаўся стыхійны рост Грамады, было вырашана стварыць у яе кіраўніцтве партыйную тройку, дзеля чаго ў партыю былі прынятыя Пятро Мятла, Павел Валошын і Радаслаў Астроўскі [48]. Пра Рак-Міхайлоўскага нічога ў гэтым кантэксце не казалася. Таму зусім не выключана тое, што ён у гэты час трымаўся лініі, падобнай да той, якой на некалькі гадоў пазней трымаліся лідэры Беларускага сялянска-работніцкага клуба "Змаганьне" Язэп Гаўрылік і Ігнат Дварчанін: цеснае супрацоўніцтва з камуністамі, правядзенне часам выразна камуністычнай працы з адначасовым устрыманнем ад апошняга кроку - фармальнага ўступлення ў партыю.

Раман Новак, акрамя ўсяго іншага, згадваў, што Рак-Міхайлоўскі ў турэмнай камеры выкладаў для некаторых вязняў вышэйшую матэматыку і біялогію. Гэтым фактычна абмяжоўваюцца прамыя звесткі, якія мы маем пра жыццё Рак-Міхайлоўскага на працягу двух гадоў - з вясны 1928 па вясну 1930. Вядома яшчэ толькі, што Апеляцыйны суд, які разглядаў касацыйную скаргу Рак-Міхайлоўскага, у 1926 г. зменшыў тэрмін ягонага зняволення роўна напалову - да 6 гадоў.

Аднак, не маючы наўпроставых, мы маем некаторыя ўскосныя звесткі пра тое, што палітычныя погляды Рак-Міхайлоўскага ў турме перажывалі пэўную эвалюцыю: усё ж такі польскія вязні мелі сувязь са знешнім светам і маглі аналізаваць тыя працэсы, якія ў ім адбываліся. Пра эвалюцыю поглядаў аднаго з таварышаў Рака-Міхайлоўскага па няшчасці, былога юрыста Грамады Фабіяна Акінчыца невядомы нам камуністычны дзеяч, які сядзеў разам з ім і падпісваўся псеўданімам "Макс." сведчыў так: "Па словах ён нібы прызнае і пралетарскую рэвалюцыю, і дыктатуру пралетарыту, і савецкую ўладу, і Камінтэрн, і ленінізм і г. д., але на дзеле ён мае столькі розных "але", "аднак", "тым ня менш", што з усяго яго "камунізму" ніц не застаецца…" [49]. Так, напрыклад, Акінчыц, хоць нібыта выступаў за СССР, але лічыў, што ён ня вытрымае вайны і націску сусьветнага імпэрыялізму і ўнутранай контррэвалюцыі; выказваўся за арыентацыю на БССР, але не выключаў у пэўных умовах і арыентацыю на Нямеччыну; выступаў за савецкую ўладу і за дыктатуру пралетарыяту, але быў супраць таго, што дыктатура пралетарыяту заменена дыктатурай партыі; быў супраць вайны з СССР, але не хацеў, каб СССР яго асабіста выкарыстоўваў для антываеннай акцыі супроць Польшчы і дзеля таго лічыў, што трэба ад камуністаў адгароджвацца. Акрамя таго, Акінчыц выказваўся супраць калектывізацыі і пачатку пераследу нацыянальных дзеячоў у БССР, бо, паводле яго, "ГПУ часта бачыць нацыяналізм там, дзе яго няма". Такім чынам, за два гады знаходжання ў польскай турме Акінчыц шмат чаго перадумаў і прааналізаваў і фактычна стаў на антысавецкія пазіцыі, якіх паслядоўна трымаўся да канца сваіх дзён. Але для нас цікава галоўным чынам іншае - у тым самым лісце далей адзначалася: "Цікава, што і ў Рака і ў Бурсэвіча (як нас тут асьведаміў адзін паважны таварыш, які сядзеў з імі), таксама ёсьць шмат гэтых акінчыцоўскіх абмоўкаў" (вылучэнні мае - А. П.) [50].

Гэтая мімаходзь кінутая фраза для нас вельмі важная, бо цытаваны вышэй ліст пісаўся вясной 1930 г., зусім незадоўга да нечаканага вызвалення некаторых лідэраў БСРГ на чале з Браніславам Тарашкевічам з турмы. Мяркуецца, што польскія ўлады пайшлі на гэта з разлікам на выступленне аўтарытэтных дзеячаў у час будучай выбарчай кампаніі на баку памяркоўных беларускіх арганізацый і тым самым на аслабленне ўплываў камуністаў. У савецкай гістарыяграфіі было прынята прадстаўляць гэты крок польскіх уладаў як зроблены імі насуперак волі саміх вызваленых (так, Браніслава Тарашкевіча нібыта прыйшлося выводзіць з камеры сілай). У той жа час Фабіян Акінчыц сцвярджаў, што з усімі вызваленымі дзеячамі, і ў першую чаргу з Тарашкевічам, было дасягнута папярэдняе пагадненне аб іх лаяльнасці ў абмен на свабоду [51].

Вядома, што гэтыя сведчанні Акінчыца могуць быць патлумачаныя ягонай палітычнай заангажаванасцю, але некаторыя дадатковыя факты сведчаць пра іх праўдзівасць. Так, звяртае на сябе ўвагу тое, што так і не быў тады вызвалены яшчэ адзін з грамадоўскіх паслоў Павел Валошын, які ў маі 1929 г. даслаў ліст да пасла БСРПК І.Дварчаніна з выказваннем гатоўнасці працягу ранейшай лініі [52], а ў цытаваным вышэй лісце пра поўнае адступніцтва Акінчыца і ваганні іншых паслоў наконт Валошына зазначалася, што "затое Валошын зусім маладзец. Ён вельмі напружана працуе над сабою. Прайшоў усяго "Капіталу" і асноўныя палажэньні ленінізму. Расьце ён, дужэе і рухаецца наперад". Такім чынам, можна меркаваць, што гэты дзеяч ад зробленай яму прапановы хадайнічаць аб сваім вызваленні катэгарычна адмовіўся, і дзеля гэтага вызвалены не быў. Астатнія, у тым ліку і Сымон Рак-Міхайлоўскі, занялі, відаць, больш памяркоўную пазіцыю.

Вызвалены з турмы, Сымон Рак-Міхайлоўскі прыбыў у Вільню 5 траўня 1930 г. Адразу ж за ягоную падтрымку пачалося змаганне паміж беларускімі арганізацыямі розных палітычных арыентацый. Ёсць звесткі, што яго адразу ж наведалі Антон Луцкевіч, Язэп Шнаркевіч, паслы-"змаганцы" Ігнат Дварчанін і Язэп Гаўрылік, Фелікс Стацкевіч, Мікалай Сіняўскі. Усе яны рана ці позна заводзілі гаворку пра далейшае супрацоўніцтва з імі ў той ці іншай форме. Так, Антон Луцкевіч і Радаслаў Астроўскі прапанавалі Рак-Міхайлоўскаму працу ў якасці супрацоўніка сваёй газеты "Наперад". Фелікс Стацкевіч, старшыня Галоўнай управы Таварыства беларускай школы, меў планы, каб задзейнічаць Рак-Міхайлоўскага разам з Браніславам Тарашкевічам пры рэдагаванні і карэктуры задуманых у той час новых кніжных выданняў. Падтрымлівалі гэтыя намеры Стацкевіча паслы Ігнат Дварчанін і Язэп Гаўрылік [53].

Аднак жа вызваленыя паслы, у тым ліку і Сымон Рак-Міхайлоўскі, не спяшаліся ўключыцца ў актыўную працу на тым ці іншым баку. Паводле звестак польскай паліцыі, Рак-Міхайлоўскі адразу ж катэгарычна адмовіўся не толькі ад прапанаванай яму пасады ў газеце "Наперад", але наогул ад якіх-небудзь кантактаў з групай "культурнікаў". У размове з Феліксам Стацкевічам ён нібыта вельмі абураўся, што падчас ягонага зняволення Луцкевіч, Астроўскі і Аляксандр Коўш спрычыніліся да выдалення з Віленскай беларускай гімназіі многіх вучняў, якія былі заўважаныя ў сімпатыях да камуністаў. Але і палітычным апанентам "цэнтрасаюзнікаў" спачатку не ўдалося дабіцца вялікага поспеху: Рак-Міхайлоўскі паведаміў ім, што хоць ён цалкам іх падтрымлівае і ахвотна працаваў бы ў ТБШ, але цяпер адчувае сябе хворым і пакуль не будзе распачынаць аніякай працы" [54].

Рак-Міхайлоўскі сапраўды не меў волатаўскага здароўя, і таму на першы погляд няма нічога дзіўнага, што ён пасля трох з лішкам гадоў турмы папрасіў магчымасці адпачыць. Але звяртае на сябе ўвагу, што ўсе астатнія вызваленыя грамадоўцы, акрамя Фабіяна Акінчыца, які адкрыта падтрымаў "Цэнтрасаюз" і стаў на выразна антысавецкія пазіцыі, першапачаткова занялі аналагічную пазіцыю. Антон Луцкевіч сведчыў, што "пасля выхаду з турмы "грамадоўцы" амаль нідзе не паказваліся, тлумачачы свае паводзіны тым, што баяцца новых наскокаў з боку адміністрацыі" [55].

Такая стрыманая пазіцыя аўтарытэтных беларускіх лідэраў раздражняла і нават палохала мясцовых камуністаў, якія мелі (несумненна, з Менску ці нават з Масквы) заданне любым коштам выкарыстаць аўтарытэт былых лідэраў БСРГ у сваіх мэтах ці прынамсі іх нейтралізаваць. Адзін з тагачасных лідэраў КПЗБ у Вільні, Юрка Муха-Мухноўскі, які пакінуў свае ўспаміны аб тых часах, пісаў, што "з аднаго боку, мы былі рады таму, што адбылося, але з другога - нас непакоіла нявызначанасць палітычнай пазіцыі вызваленых". Пасля ён згадваў пра сумеснае паседжанне сябраў БСРПК "Змаганне" і вызваленых грамадоўцаў. На гэтым паседжанні, паводле Мухі-Мухноўскага, паслы-грамадоўцы выступілі выключна аднадушна, асудзілі паводзіны Фабіяна Акінчыца і выказалі сваю вернасць ідэям Грамады і "Змагання". Наступны выезд паслоў у БССР тлумачыўся Мухам выключна тым, што ў Польшчы іхнае становішча "рабілася вельмі цяжкім" [56]. У той жа час у іншых сваіх успамінах Муха апісаў гэтую сітуацыю яшчэ больш сцісла і ўнікліва, не згадаўшы аніводным словам пра ўласную занепакоенасць палітычнай пазіцыяй грамадоўцаў і пра тое, што камуністамі не выключалася магчымасць іх пераходу на больш памяркоўныя пазіцыі ў дачыненні да польскіх уладаў [57].

У надрукаваных успамінах Мухі-Мухноўскага адчуваецца наяўнасць шматлікіх недагаворак, што ў першую чаргу, несумненна, было звязана з неабходнасцю праходзіць савецкую цэнзуру. Дастаткова згадаць, што кніга ўспамінаў Мухі-Мухноўскага "Пути-дороги» была здадзена ў выдавецтва "Беларусь" ў 1967 г., а выйшла толькі ў 1973 г., праз 6 гадоў. Але ў прыватным лісце да Мікалая Арэхвы ад 21 снежня 1965 г. Муха-Мухноўскі палічыў патрэбным напісаць пра сітуацыю з нечакана вызваленымі ў 1930 г. грамадоўцамі больш адкрыта і шчыра: "Надыйшоў надзвычай адказны момант. Грамадоўцы на чале з Тарашкевічам былі выпушчаныя датэрмінова з турмы і нам патрэбна было ўсімі сіламі ўтрымаць іх ад здрады і пераходу на бок санацыі, што зрабіў Акінчыц. Нашая прапанова групе грамадоўцаў выдаць адозву, у якой выкласці сваю палітпраграму, пацвердзіць вернасць "Грамадзе" - была імі адхіленая, прыняць актыўны ўдзел у працы "Змаганьня" - таксама адхіленая, была дадзена толькі згода выехаць у БССР, што ім і было дазволена" [58].

Мы не ведаем і наўрад ці ўжо калі даведаемся, чаго каштавала былым лідэрам Грамады такое рашэнне і з дапамогай якіх аргументаў камуністы-капэзэбоўцы здолелі яго дабіцца. Несумненна толькі тое, што гэтае рашэнне аніяк не магло быць лёгкім, бо непасрэдна перад гэтым у БССР у межах сфальсіфікаванай справы т. зв. "Саюза вызвалення Беларусі" адбыліся масавыя арышты вядучых беларускіх дзеячаў, большасць з якіх той жа Рак-Міхайлоўскі добра ведаў асабіста, а з многімі яго лучылі нават і цёплыя сяброўскія сувязі. Аргументы камуністычных дзеячоў мусілі быць сапраўды надзвычай пераканаўчымі, калі людзі, якія мелі не абы-які жыццёвы досвед, палічылі за меншае зло ехаць у поўную невядомасць, у краіну, дзе набіраў сілу махавік масавых рэпрэсій супраць беларускага нацыянальнага руху. Праўда, даволі верагодна, што лідэры БСРГ разлічвалі, што іх выратуе статус шматгадовых вязняў: усё ж такі ніхто з арыштаваных тады у Менску беларускіх дзеячоў не меў за плячыма трохгадовага турэмнага стажу фактычна за правядзенне камуністычнай дзейнасці. У гэтым кантэксце цікавасць уяўляе наступнае сведчанне Антона Луцкевіча:

"Нарэшце Тарашкевіч мне паведаміў пад найвялікшым сакрэтам, што ўсе "грамадоўцы" вырашылі патаемна выехаць у БССР, сам жа ён мяркуе пасяліцца ў Гданьску. У той жа дзень я сустрэў выпадкова на вуліцы Рак-Міхайлоўскага, які пацвердзіў мне словы Тарашкевіча і сказаў, што заўтра ж яны ўсе выедуць. Рак-Міхайлоўскі казаў мне, што ўскладае вялікія надзеі на працу ў Менску, дзе выйшаў са строю цэлы шэраг беларускіх дзеячоў, абвінавачаных у "нацдэмаўшчыне". Ён меркаваў, што яго то ўжо ў гэтым не абвінавацяць (вылучэнне маё - А. П.) [59].

Адзіны з вызваленых грамадоўцаў, які не паверыў камуністам, Фабіян Акінчыц, праводзіў сваіх былых партыйных паплечнікаў, а цяпер непрымірымых апанентаў, словамі, якія, як аказаліся, былі прарочымі і цалкам спраўдзіліся ўжо праз 2 гады. Акінчыц пісаў у адмыслова прысвечанай выезду грамадоўцаў у БССР брашуры: "З Тарашкевічам і ўсімі тымі, што выехалі разам з ім, сталася яшчэ і тая прыкрая рэч, што ў сучасны мамэнт яны зьяўляюцца аб'ектам камуністычнай палітыкі і, што тут найгоршае - дык гэта тое, што ніхто з іх ня мае ніякае магчымасьці аказваць самага нязначнага ўплыву на гэтую палітыку. А ня могуць яны гэтага рабіць дзеля таго, што самі нават, каб і былі камуністамі - ніколі ня будуць мець даверу ў камуністычнай партыі. Над імі заўсёды будзе вісець падазронасьць у нацыянал-дэмакратызьме. У Саветах іх могуць толькі цярпець і пры першай магчымасьці іх пастараюцца ўсунуць куды-небудзь у цень, выкарыстаўшы першапачаткова іх асабістыя вартасьці, як грамадаўцаў, адцярпеўшых цяжкія кары ў польскіх вастрогах. Трудна сказаць, што з імі будзе далей, калі дыктатура кампартыі застанецца ў Расеі на даўжэйшы час - у адным можна толькі быць пэўным - што лёс іх можа аказацца ня лепшым ад лёсу людзей, якіх таксама камуністы перацягнулі на свой бок" [60].

Прыехаўшы разам са сваімі калегамі ў Менск, Рак-Міхайлоўскі спачатку кароткі час працаваў у сектары навукі Наркамата асветы БССР, а ў лютым 1931 г. быў прызначаны дырэктарам Беларускага дзяржаўнага гістарычнага музея. Гэтая пасада натуральным вымагала ад яго і пэўнай грамадскай актыўнасці. Рак-Міхайлоўскі таксама выбіраўся сябрам ЦВК БССР, сябрам рэспубліканскага МОПРа, членам дома вучоных і секцыі навуковых работнікаў.

Чалавеку, незнаёмаму з асаблівасцямі беларускай гісторыі, пасля азнаямлення з гэтымі сухімі фактамі, датычнымі двух гадоў жыцця Рак-Міхайлоўскага пасля прыезду ў Менск, магло б падацца, што нарэшце ў жыцці Сымона Рак-Міхалоўскага з'явілася светлая паласа і ён атрымаў магчымасць бесперашкодна займацца карыснай для беларускага народа дзейнасцю. Аднак жа, ведаючы тагачасную маральна-псіхалагічную атмасферу ў БССР, можна сумнявацца, што Рак-Міхайлоўскі ўвесь час пачуваў сябе ў Менску спакойна, камфортна і, галоўнае, бяспечна. Адразу ж пасля прыезду ў Менск грамадоўцы былі вымушаны пайсці на тое, на што, калі верыць Муху-Мухноўскаму, не пагаджаліся ў Вільні: іхныя подпісы былі змешчаны на камуністычных перадвыбарчых (выбары ў польскі парламент адбываліся ў лістападзе 1930 г.) пракламацыях, у якіх шчодра і абсалютна беспадстаўна паліваліся брудам ўсе беларускія нацыянальныя дзеячы некамуністычнай арыентацыі. Гэтым самым Рак-Міхайлоўскі са сваімі таварышамі фактычна спалілі за сабой масты. Пра магчымасць іграць нейкую самастойную ролю ў любой сферы дзейнасці з дня перасячэння польска-савецкай мяжы можна было назаўсёды забыцца. Акінчыцавы словы аказаліся прарочымі: былых заходнебеларускіх дзеячоў напоўніцу выкарыстоўвалі, але зусім ім не давяралі. Ад гэтага часу ў іх меліся толькі абавязкі і не было аніякіх правоў.

Урэшце гэта скончылася тым, што ў жніўні 1933 года ўсе былыя беларускія сеймавыя паслы разам з шэрагам іншых заходнебеларускіх дзеячоў былі арыштаваны органамі АДПУ па справе т. зв. "Беларускага нацыянальнага цэнтру". Для некага гэты факт стаў поўнай нечаканасцю, а для кагосьці - цалкам лагічнай з'явай, якая вынікала з самой прыроды бальшавіцкага рэжыму. Цікавая у гэтым сэнсе думка генеральнага консула Польскай Рэспублікі ў Менску, які адразу пасля арышту былых паслоў польскага сейма пісаў у польскую амбасаду ў Маскве: "Цяжка ў цяперашні момант вызначыць фактычныя прычыны арышту гэтых да нядаўняга часу "выпрабаваных таварышаў", якія ў дзяржаўнай іерархіі Савецкай Беларусі займалі вельмі адказныя пасады […] Падаецца, што згаданыя дзеячы ўсё ж такі прызвычаіліся да заходнееўрапейскіх умоваў і мусілі ў сваёй працы і поглядах не цалкам салідарызавацца з афіцыйнай думкай партыйных чыннікаў, а можа нават "асмеліліся" неяк гэта канкрэтна праявіць, паддаўшы крытыцы нацыянальную палітыку партыі, за што іх бязлітасна ліквідавалі" [61].

Амаль паўгода Сымону Рак-Міхайлоўскаму і іншым дзеячам давялося правесці ў турме, якая месцілася ў сутарэннях будынка менскага ГПУ. Падчас следства ім, несумненна, давялося перажыць нялюдскія катаванні, бо цяжка паверыць, каб чалавек без прымусу мог бы так самога сябе ашальмаваць. Напрыклад, 10 кастрычніка 1933 г. Сымон Рак-Міхайлоўскі засведчыў, што т. зв. "Рабоча-сялянскі блок" у польскім сейме (у які ўваходзілі пасольскія клубы БСРГ і НПХ, а таксама Камуністычная пасольская фракцыя) быў нічым іншым, як прыкрыццём для "арганізаванага Польскім Генеральным Штабам "Украінска-беларускага рэвалюцыйнага блока", а ўжо знаходзячыся ў БССР, усе беларускія радыкальныя сеймавыя паслы ўзначальвалі "контррэвалюцыйную арганізацыю "Беларускі нацыянальны цэнтр", у якой Рак-Міхайлоўскі нібыта адказваў "за арганізацыю прапагандысцкай сеткі і за паспяховае вядзенне агітацыі і прапаганды ў цэлым сярод насельніцтва БССР". Адначасова з гэтым ён нібыта праводзіў "шырокую паўстанцкую работу па вярбоўцы контррэвалюцыйных ячэек" [62].

9 студзеня 1934 года рашэннем судовай калегіі АДПУ БССР Рак-Міхайлоўскі быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання з заменай на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Прысуд выносіўся ў адсутнасці абвінавачаных і яны даведаліся пра яго ўжо толькі ў цягніку, падчас руху на вызначаныя ім месцы зняволення. Прысуд, вынесены былым беларускім паслам, не быў самым жорсткім (25 чалавек, якія праходзілі з імі па адной справе, былі адразу расстраляныя), што выглядае дастаткова дзіўным, бо менавіта ім у дакументах следства адводзілася роля лідэраў і натхняльнікаў сфальсіфікаванай чэкістамі арганізацыі. Відаць, іхныя каты не лічылі ролю гэтых людзей канчаткова вычарпанай і яшчэ разлічвалі на іх выкарыстанне ў будучыні. Мабыць, менавіта дзеля гэтага частка найбольш вядомых зняволеных, у тым ліку і Рак-Міхайлоўскі, былі аддзелены ад асноўнай масы вязняў і ў Оршы перасаджаныя ў іншы вагон, які кіраваўся на Салаўкі (асноўны эшалон рушыў у Сібір і на Далёкі Ўсход). Разам з Рак-Міхайлоўскім у сумнавядомы паўночны лагер ехалі ягоныя калегі-грамадоўцы Пятро Мятла, Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Максім Бурсевіч, Флягонт Валынец.

Жыццё Сымона Рак-Міхайлоўскага на Салаўках навечна засталося б для нас таямніцай, калі б у той самы час там жа не апынуўся ўкраінскі дзеяч Сымон Підгайны. Яму, у адрозненне ад беларускіх дзеячоў, пашчасціла вырвацца з гулагаўскага пекла і пасля вайны, ужо ў заакіянскай эміграцыі, выдаць кнігу ўспамінаў "Недостріляні", у якой колькі старонак былі прысечаны апісанню жыцця на Салаўках сасланых туды беларусаў. Ён пісаў:

"Няшчасныя й зблажэлыя прыбылі на Салаўкі гэтыя валадары, што сталіся найапошнімі нявольнікамі. Зь іх найвыдатнейшым і найбадзёршым быў Рак-Міхайлоўскі. Ня ведаю пра ягонае мінулае, ня ведаю й пра ягоную дзейнасьць у савецкай Беларусі. Магу сьцьвердзіць толькі адно, што гэты чалавек запраўды адкрыта й бяз жаднага жалю казаў: "Так нам і трэба". Мне давялося колькі разоў размаўляць з Рак-Міхайлоўскім, і ён зрабіў на мяне добрае ўражаньне. Здавалася, што чалавек, у якога галава была набіта ўшчэнт усялякім саветафільскім мэтлахам, ня можа гэтак хутка прыйсьці да памяці, але ў Рак-Міхайлоўскага гэты чад хутка разьвеяўся. Ён рашуча й катэгарычна асуджаў усё, у што так сьлепа паверыў, і так ён караў сябе за мінулае. На Салаўках ён трымаў сябе незалежна, працаваў на цяжкіх фізычных працах, скрозь і заўсёды падкрэсьліваў сваю нянавісьць да бальшавізму, да Масквы, і ўрэшце неяк у 1936 г. трапіў у вадзін з салавецкіх ізалятараў. Адтуль пра яго я ня меў жадных вестак" [63].

У адрозненне ад Сымона Підгайнага, мы звесткі пра далейшы лёс Сымона Рак-Міхайлоўскага цяпер маем. Склаўся гэты лёс гэтаксама трагічна, як і лёс многіх іншых тагачасных беларускіх дзеячоў. 23 красавіка 1938 г. ён быў паўторна арыштаваны і перавезены ў Менск, дзе 14 лістапада таго ж года Асобай тройкай НКВД БССР як агент ІІ аддзела польскага Генеральнага штаба прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Прысуд быў выкананы 27 лістапада 1938 г. Злачынцам у вачах савецкай дзяржавы Сымон Рак-Міхайлоўскі лічыўся да 18 красавіка 1956 г., калі ён быў афіцыйна рэабілітаваны па абедзвюх справах.

Такі быў жыццёвы шлях Сымона Рак-Міхайлоўскага, аднаго з найбольш вядомых і заслужаных беларускіх нацыянальных дзеячоў ХХ стагоддзя. Лагічна ўзнікае пытанне, як яго дзейнасць ацэньваць з пазіцыі сённяшняга дня. З аднаго боку, заслугі Рак-Міхайлоўскага перад беларускім народам - несумненныя. Ён стаяў ля вытокаў беларускай вайсковай справы, шмат зрабіў для развіцця беларускай нацыянальнай адукацыі і культуры, актыўна прапагандаваў беларускую нацыянальную ідэю, імкнучыся падняць яе на масавы ўзровень. З іншага боку, ён неаспрэчна ўклаў сваю лепту і ў тое, што беларускі нацыянальны рух у міжваеннай Заходняй Беларусі набыў у асноўным выразна леварадыкальны характар, што з цяперашняй перспектывы не ўспрымаецца як факт адназначна станоўчы: вельмі многім беларусам дзякуючы гэтаму давялося служыць, як пасля аказалася, цалкам чужым для беларускіх нацыянальных інтарэсаў ідэям і нават пакласці за ўвасабленне камуністычнай утопіі ўласнае жыццё. Думаецца, што адзіна правільным і справядлівым будзе ацэньваць учынкі і дзеянні Сымона Рак-Міхайлоўскага толькі з улікам таго часу і тых умоваў, у якіх яму воляй сляпога лёсу было вызначана працаваць. Вынікі самаахвярнай беларускай дзейнасці Рак-Міхайлоўскага і ягоных сучаснікаў бачныя сёння хоць бы ў тым, што беларусы як народ усё ж здолелі ацалець у віхурах ХХ стагоддзя і напрыканцы яго нават стварыць сваю дзяржаву. Што ж датычыць дзейнасці Рак-Міхайлоўскага і іншых ягоных аднадумцаў на карысць камуністычнай ідэі, то тут, як падаецца, будзе да месца нагадаць ацэнку яе з боку вядомага беларускага дзеяча, перакананага антыкамуніста Янкі Станкевіча: "Знаючы добра Луцкевіча, Тарашкевіча, Рака-Міхайлоўскага, Уласава й А. Нэканду-Трэпку (бо й гэтыя два належалі да Грамады), я з чыстым сумленьнем магу цьвердзіць, што, ідучы на супрацоўніцтва з камуністымі, яны кіраваліся вылучна дабром беларускага народу. Але вельмі абмыліліся" [64].




[1] Акаловіч Л. Рак-Міхайлоўскі Сымон // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 9. Мінск, 1973. С. 84.

[2] Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі // Беларускі каляндар 1980. Беласток, 1980. С. 135-142; Bergman A. Szymon Rak-Michajłowski // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984. S. 238-248; Адамушка У. ...І пачаць будаўніцтва дзяржавы нашай // Беларуская мінуўшчына. 1996. № 3. С. 26-29; Адамушка У. І. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі / Уклад. С. В. Барыс. Мінск, 1996. С. 267-282.

[3] Пяткевіч А. М. Рак-Міхайлоўскі Сымон // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны даведнік. Т. 5. Мінск, 1995. С. 139-140; Вабішчэвіч А. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 88-89; Ляхоўскі У. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13. Мінск, 2001. С. 284.

[4] Аўтар шчыра дзякуе за прадастаўленне некаторых неабходных для напісання гэтага артыкула дакументаў з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь сп. Уладзіміру Ляхоўскаму з Мінска.

[5] У 1927-1928 гг., падчас следства і суда над лідэрамі БСРГ у Вільні, сам Рак-Міхайлоўскі зазначаў, што ён з'яўляецца ўладальнікам 1½ гектараў зямлі, пры гэтым добраахвотна адрокся ад іх на карысць братоў. Калі прыпусціць, што ўся зямля сямейнага надзелу была падзелена паміж братамі Міхайлоўскімі пароўну, і згаданыя 1½ гектара з'яўляюцца ягонай доляй, то можна меркаваць, што бацька Сымона Рак-Міхайлоўскага валодаў як мінімум 6-цю гектарамі зямлі (вядома, што Сымон меў прынамсі трох братоў - Аляксандра, Максіма і Андрэя). Такой колькасці зямлі на той час было відавочна недастаткова для пражыцця вялікай сялянскай сям'і. Праўда, далёка не факт, што Сымон атрымаў пры падзеле колькасць зямлі, аднолькавую са сваімі братамі: у адрозненне ад іх, ён меў адукацыю і, значыць, магчымасць зарабляць сабе на жыццё па-за межамі сельскай гаспадаркі.

[6] Каханоўскі Г. Жыве аб ім памяць // Літаратура і мастацтва. 1985. 24 мая. № 21. С. 15.

[7] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 882. Воп. 1. Спр. 27. А. 347.

[8] Нягледзячы на небеларускае паходжанне сваёй жонкі, Рак-Міхайлоўскі ў сям'і карыстаўся беларускай мовай, прынамсі пасля таго, як вярнуўся з Крыма на радзіму. Гэта па асабістай просьбе Сымона Рак-Міхайлоўскага, абражанага закінутым яму судом абвінавачаннем у "абрусіцельстве", пацвердзілі некаторыя сведкі падчас віленскага працэса над кіраўнікамі Грамады ў сакавіку 1928 г. Так, Ігнат Дварчанін засведчыў, што "пасля прыезду з Прагі Чэскай у Вільню я часова жыў у сям'і пасла Рак-Міхайлоўскага і мушу зазначыць, што пасол Рак-Міхайлоўскі, як і ягоная сям'я, у размовах карысталіся беларускай мовай". Пацвердзіў беларускамоўнасць Рак-Міхайлоўскага ў сямейным жыцці таксама сенатар Вячаслаў Багдановіч (НА РБ. Ф. 882. Воп. 1. Адз. зах. 27. А. 71, 98). Жонка Рак-Міхайлоўскага ў міжваенны час была адной з актывіcтак Беларускага саюза жанчын.

[9] У крыніцах і літаратуры існуе вялікі разнабой адносна вайсковага звання, якое меў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Часам ён называецца унтэр-афіцэрам, часам прапаршчыкам, а часам - проста салдатам. У любым выпадку, да вялікіх чыноў у царскім войску Рак-Міхайлоўскі не даслужыўся: само месца службы гэтаму не спрыяла.

[10] Нашы кандыдаты // Беларускі звон. 1922. 18 кастрычніка. № 27. С. 1.

[11] Лебедзева В. БНР-УНР: першы вопыт дзяржаўных стасункаў (вясна 1918 г.) // Arche=Пачатак. 2003. № 8. С. 396.

[12] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 1. Вільня-Mенск-Нью-Йорк-Прага, 1998. С. 110.

[13] Тамсама. С. 78, 86, 132.

[14] Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі. С. 269-270.

[15] НАРБ. Ф. 325. Воп. 1. Спр. 7. А. 23.

[16] НАРБ. Ф. 368. Воп. 1. Спр.14. А.79-81адв.

[17] Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С. 209.

[18] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego / Oprac. II Oddziału Sztabu Generalnego. Warszawa, 1928. S. 92.

[19] Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі С. 270-271.

[20] Працэс беларусаў у Беластоку (ад уласнага карэспандэнта) // Нашае жыцьцё. 1923. 15 чэрвеня. № 5. С. 2. Пра тое, што Сымон Рак-Міхайлоўскі быў не проста супрацоўнікам газеты "Беларускае слова", а яе рэдактарам, ёсць таксама згадка у выданні: Parlament Rzeczypospolitej Polskiej 1919-1928 / Pod. red. H. Mościckiego i W. Dzwonkowskiego. Warszawa, 1928. S. 343.

[21] Цыт. паводле: Каханоўскі Г. Назв. твор.

[22] Стефанович А. В рядах Громады // Вильнюсское подполье: Воспоминания участников революционного движения в Вильнюсском крае (1920-1939 гг.). Вильнюс, 1966. С. 77.

[23] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 1. С. 1070.

[24] Тамсама. С. 1074.

[25] Тамсама. С. 1082-1083, 1148, 1211.

[26] Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3. Воп. 1. Спр. 206. А. 22-23.

[27] Тамсама. Спр. 210. А. 56-60, 62-64.

[28] Вацлаў Багуцкі ў 1922 г. быў загадчыкам аргаддзела ЦК КП(б)Б і займаўся, сярод іншага, справай аднаўлення дзейнасці падпольных камуністычных арганізацый у Заходняй Беларусі.

[29] Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Т. 1 (1921-1929 гг.). Минск, 1962. С. 152.

[30] Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Укл., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча. Мінск, 2003. С. 217.

[31] Тамсама. С. 226.

[32] Станкевіч Я. За родную мову й праўдзівы назоў. Вільня, 2006. С. 265.

[33] Атаман Іскра (С.Хмара). Партызанскімі сцежкамі // Слонімскі край. 2000. № 1. С. 57.

[34] Archiwum Akt Nowych (AAN) w Warszawie. Międzynarodówka Komunistyczna. Przedstawicielstwo Polskie. Sygn. 151/VII-4/32. K. 12-13.

[35] Аўтабіяграфія Браніслава Адамавіча Тарашкевіча, чл. КПП (КПЗБ) з 1925 году // Спадчына. 1996. № 4. С. 128.

[36] Луцкевіч А. Назв. твор. С. 217.

[37] Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.5148. Podteczka 3. K. 7.

[38] Рагуля В. Успаміны. Менск, 1993. С. 48.

[39] Орехво Н. С. Дела и люди КПЗБ. Минск, 1983. С. 71-72.

[40] Стефанович А. Назв. твор. С. 76.

[41] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 1. С. 1455, 1460-1461, 1463, 1494.

[42] Атаман Іскра (С.Хмара). Назв. твор. С. 48.

[43] CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2685. Podteczka Nadzieja Rak-Michajłowska.

[44] Луцкевіч А. Назв. твор. С. 224.

[45] Bergman A. Назв. твор. S. 245.

[46] Яновіч С. Моцны чалавек Грамады // Ніва (Беласток). 1985. 14 красавіка. № 15. С. 3.

[47] Заходняя Беларусь на лаве падсудных: Процэс Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Менск, 1929. С. 186.

[48] Аўтабіяграфія Браніслава Адамавіча Тарашкевіча… С. 145.

[49] НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 372. А. 1.

[50] Тамсама. А. 2.

[51] Акінчыц Ф. Чаму гэта так сталася? (Да справы выезду заграніцу былых правадыроў Грамады). Вільня, 1931. С. 8-9; Акінчыц Ф. Правакацыя беларускага народу (да справы б. старшыні Грамады Б. Тарашкевіча). Вільня, 1933. С. 17.

[52] Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Т. 2 (1929-1939). Минск, 1972. С. 19-20.

[53] AAN. Ministerstwo Spraw Wewnętrznych (MSW) 1918-1939. Sygn. 1031-dopływy. K. 50.

[54] Тамсама. K. 50-51.

[55] Луцкевіч А. Назв. твор. С. 233.

[56] Муха-Мухновский Г. М. Из Праги - на родину // Годы испытаний и мужества / Сост. Н. С. Орехво, Н. С. Сташкевич Минск, 1973. С. 106.

[57] Муха-Мухновский Г. Пути-дороги. Минск, 1973. С. 167.

[58] НА РБ. Ф. 4683. Воп. 3. Спр. 1113. А. 143.

[59] Луцкевіч А. Назв. твор. С. 233.

[60] Акінчыц Ф. Чаму гэта так сталася? С. 5-6.

[61] AAN. Ministerstwo Spraw Zagranicznych (MSZ) 1918-1939. Sygn. 5290a. K. 5.

[62] Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20-50-ых гадоў на Беларусі. Мінск, 1994. С. 66, 80-81.

[63] Підгайны С. Беларусы на Салаўках // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі / Уклад. Л. Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.С. 125.

[64] Станкевіч Я. Назв. твор. С. 266.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX