Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Турэмны дзённік Сымона Рак-Міхайлоўскага 


Аўтар: Пашкевіч А.,
Дадана: 15-05-2010,
Крыніца: Рак-Міхайлоўскі С. Турэмны дзённік / Падр. да друку і прадмова А. Пашкевіча // Куфэрак Віленшчыны. 2007. № 1 (12). С. 48–97.



Турэмны дзённік, які прапануецца ўвазе чытачоў, вёўся Сымонам Рак-Міхайлоўскім, арыштаваным па справе Беларускай сялянска-работніцкай грамады, з 15 студзеня 1927 г., першага дня ягонага зняволення, да 12 чэрвеня гэтага самага года. Да канца сакавіка дзённікавыя запісы рабіліся вязнем рэгулярна, а пасля - толькі час ад часу.

Несумненна, гэты дзённік - крыніца надта спецыфічная, бо і пісаўся ён у вельмі своеасаблівых умовах. Умовы стварэння гістарычнага дакумента зрабілі непасрэдны ўплыў і на ягоны змест. Дарэмна, напрыклад, на старонках дзённіка шукаць інфармацыю, якая б дазваляла нам зазірнуць за кулісы тагачаснага беларускага палітычнага жыцця ў Польскай Рэспубліцы, актыўным удзельнікам і адным з лідэраў якога быў аўтар. Наадварот, Сымон Рак-Міхайлоўскі наўмысна імкнуўся не пісаць у ім нічога, што магло б у выпадку канфіскацыі дзённіка турэмнымі ўладамі пашкодзіць яму самому і ягоным таварышам, а часам нават і свядома занатоўваў відавочна непраўдзівую інфармацыю, асабліва калі гаворка ішла пра кантакты Грамады з нелегальнай Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі.

Нягледзячы на вышэйадзначанае, дзённік мае несумненную навуковую вартасць, бо дае нам магчымасць паглядзець на жыццё арыштаваных у студзені 1927 года лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады знутры, прытым даведацца пра гэта не ад старонніх назіральнікаў, а з першых вуснаў. Гэта тым больш важна дзеля таго, што да гэтага часу працэс ліквідацыі БСРГ польскімі ўладамі ў пачатку 1927 г. вывучаны намі фактычна толькі са знешняга боку. Так, мы ведаем пра асноўныя захады польскіх уладаў, скіраваныя на ліквідацыю цэнтральных і рэгіянальных арганізацыйных структур Грамады, прытым сёння вядома нават і пра тое, як гэтая акцыя планавалася, практычна рэалізоўвалася і юрыдычна абгрунтоўвалася польскімі ўладамі [1]. Дайшлі да нас шматлікія весткі і пра масавыя пратэсты супраць рэпрэсій у дачыненні да Грамады, хваля якіх пракацілася ў той час як па тэрыторыі Заходняй Беларусі, так і за яе межамі. Але пра тое, як сябе пачувалі самі кінутыя ў турму грамадоўцы, у якіх умовах яны ўтрымліваліся, як давалі рады пабытовым цяжкасцям, асабліва на першым этапе зняволення, калі вязні ўтрымліваліся ў строгай ізаляцыі - гэты аспект доўгі час заставаўся для нас таямніцай, якую гэтая публікацыя, вядома, не высвятляе канчаткова, але прынамсі прыадчыняе.

Тэкст дзённіка падаецца ў дадзенай публікацыі паводле машынапіснай копіі, якая захавалася ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (Ф. 242-п (Прадстаўніцтва ЦК Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі пры ЦК КПБ(б)), воп. 1, спр. 108, а. 1-60). Рукапісны арыгінал дзённіка пакуль што не выяўлены. У сувязі з тым, што асновай для публікацыі стаў не арыгінал, а копія дзённіка, асаблівасці аўтарскай арфаграфіі захоўваліся толькі часткова, у той час як лексічныя - цалкам. Акрамя таго, належыць адзначыць, што шматлікія ў тэксце польскамоўныя цытаты, якія Рак-Міхайлоўскі, відаць, пісаў лацінкай, у машынапісе былі перададзены кірыліцай, прытым часта са скажэннямі. Можна меркаваць, што асноўнай прычынай гэтага сталі недастатковыя тэхнічныя магчымасці (адсутнасць лацінскіх літар у пішучай машынцы) і неналежны ўзровень валодання польскай мовай з боку машыністкі. Дзеля гэтага ўсе кірылічныя польскамоўныя цытаты, якія сустракаюцца ў першапачатковым тэксце, у дадзенай публікацыі перадаюцца лацінкай і ў адпаведнасці з правіламі сучаснага польскага правапісу. У каментарыях даецца пераклад кожнага польскамоўнага выразу на беларускую мову.

Алесь Пашкевіч


***


15.І.27 г.

СУБОТА. Забеспакоены тэлеграмамі з Радашковіч і з Маладэчна, надасланымі ў Цэнтр[альны] Сэкр[этарыят] Грамады аб нейкіх выпадках у в. Туркоўшчына, Ракаўскай воласьці, Маладэчанскага павету, дзе быццам пры нейкіх арыштах мелі месца біцьцё і катаваньне заарыштаваных, я па просьбе Сэкрэтарыяту, нягледзячы на тое, што дрэнна чуўся на здароўі, выехаў вечарам 13/1 у Маладэчна, даўшы туды наперад у камітэт павятовы тэлеграму, каб мяне спаткалі на вакзале, дабы па дарозе мець сякія-такія інфармацыі і, можа, сапутніка ў далейшай дарозе.

На просьбы аб прыезьдзе каго-небудзь з паслоў выехаў іменна я дзеля таго, што гэта - мой павет і што нікога з вольных паслоў у гэты дзень у Вільні не было. Пасьпяшыў з выездам яшчэ дзеля таго, што нібы - як значылася ў тэлеграмах - прыймала ўчасьце ў арыштах, а значыць і ў біцьці - і войска з КОП [1], а добра мне былі памятны біцьцё і катаваньне праз агентаў КОП (10 baon w Krasnem nad Uszą [2]) Бяганскага і Вайтовіча, з каторых першы застаўся калекай, а другі быў забіты [3]. У Красным спадзяваўся я спаткаць палкоўніка Пытэля, з якім яшчэ на Вялікдзень у 1924 г. прывялося пазнаёміцца ў Максімаўцы [4]. Ад яго я меўся таксама дастаць інфармацыі аб выпадках у Туркаўшчыне.

Ад сябры павятовага камітэту, які спаткаў мяне ўначы на вакзале ў Маладэчне, я даведаўся, што, як казала яму сястра ці маці аднаго з арыштаваных, якая з просьбай аб ратунку заарыштаваных ад біцьця прыязджала спэцыяльна ў Маладэчна - уначы з 11 на 12 студзеня войска і паліцыя абкружылі кардонам усю вёску Туркаўшчыны, якая ляжыць зусім блізка да граніцы, зрабілі вобыскі і ў пуні аднаго гаспадара знайшлі камуністычную літаратуру і што да гэтае пуні былі нібы сьвежыя сьляды 2-х чалавек аж да самай граніцы. Чалавека гэтага і яшчэ 4-х асобаў заарыштавалі і адаслалі ў Краснае. Пры арышце ў вёсцы тых пяцёх, з якіх адзін нібы быў нават сакратаром мясцовага гуртка Грамады, моцна пабілі, а матку аднаго з арыштаваных жаўнер ударыў прыкладам так, што тая зьмярцьвела; ледзь адмаялі яе, націраючы грудзь ёй сьнегам.

Лічучы, што ў Туркаўшчыне, як у вёсцы прыгранічнай, сам магу натрапіць на непрыемнасьць з боку войска і паліцыі, ды што да яе ад ст. Аляхновічы вёрст каля 17, а прыйдзецца ехаць уначы (а быў мароз і завіруха), ды што, урэшце, карысьці вялікай не прынясу на мейсцы, а матар'ялу аб пабіцьці можна будзе вытрабаваць і дастаць у Сойме па пошце, я, не забраўшы з сабой нікога з сябраў Павятовага Камітэту, паехаў цягніком начным у Краснае.

Раніцай 14/І а гадзіне 10 бачыўся з палкоўнікам Пытэлем у Красным і даведаўся, што тыя 4 (а не 5) асобы заарыштаваны як камуністы, якія нібы пераносілі кам[уністычную] літаратуру з-за граніцы; што аднак жа нікога з іх не біта (palcem nie tknięto [5]), што тэлеграмамі сваімі яны беспакоілі грамадзкую думку зусім беспадстаўна і г. д. Нарэшце даведаўся, што заарыштаваныя адпраўлены ўжо ў Маладэчна. Адвітаўся я з Пытэлем і пастанавіў паехаць днеўным цягніком у Маладэчна, каб там адначасна і зрабіць рэвізію касы Камітэту і працы яго.

Да цягніка заставалася яшчэ гадзіны паўтары і я, седзючы ў пакойчыку нейкага заезду, пачаў нават пісаць прадмову да прышыкаванага да друку майго зборніка беларускіх народных мэлёдый і песьняў.

Прыехаўшы ў Маладэчна каля гадзіны другой-трэцяй і паабедаўшы ў Камітэце, я пайшоў быў да Komendy Policji Państwowej [6], але каманданта не застаў; пастанавіў наведацца ўвечары. А тым часам спраўдзіў у Камітэце квітарыюм і прыходна-расходную кнігу. За справаздаўчы час паступіла (за 2 няпоўных месяцы) сяброўскіх складак больш тысячы злотых. Заўважыў некаторыя недакладнасьці, на што зьвярнуў увагу сяброў Камітэту. Парабіў сабе нататкі ў сваім блёк-нотэсе, каторы ад мяне забрана ў Komendzie Policji na m. Wilno [7] 15/І.

Вечарам ад заступніка камэнданта ў Маладэчне даведаўся я, што 4 асобы, заарышт[аваныя] ў Туркаўшчыне, пасаджаны ў "арышце" ў Маладэчне, што іх абсалютна не біта, што дапрос ужо адбыўся, што ёсьць "dowody ich winy" [8] і што прыехаў нават падпракурор з Вільні ў гэтай справе да старосты павят[овага] і што там у Старостве адбываецца нарада, на якой ёсьць і sędzia śledczy [9] і сам камэндант. Апошні, вярнуўшыся, можа даць больш падробныя інфармацыі ў цікавячай мяне справе.

Неўзабаве вярнуўся камэндант, але прыняў мяне надта холадна; большых інфармацый мне ня даў; трымаўся надта замкнута. Відаць - скрываў нешта, быў негутарлівым.

Уначы з 14 на 15 а гадзіне 5 быў я ўжо на вакзале. Кінулася мне ў вочы значная лічба паліцыі ў зале ІІ клясы, дзе сядзеў я, якая ўсё чамусьці паглядала ў мой бок - як быццам я быў пад сталай яе абсэрвацыяй - і ня мала шпікоў - агентаў тайнае паліцыі. Я, як звычайна, не зьвяртаў на іх увагі. Чытаў газэту, пайшоў у віленскі цягнік, заняў вольнае месца ў купэ 1 кл. і лёг спаць.

Раніцай 15/І а гадзіне 7 прыяжджаю ў Вільню, каб пабыць суткі адны дома, а на заўтра а 6 гадз. рана ехаць у Ліду на першае паседжаньне пашыранага - праз вызначаныя 3 гады, ад Сэкрэтарыяту - павятовага Камітэту.

У дзьвярах пры праходзе на вакзал заступае мне дарогу якісь тып і патрабуе легітымацыю. Бачу, што гэта шпік. З абурэньнем не спаўняю яго просьбы. Кліча ён тут жа атамана паліцыянта, якому я і паказваю сваю пасольскую легітымацыю. Прозьвішча маё, відаць, ужо вядома шпіку. Ён просіць мяне і паліцыянта ісьці за ім. Куды? "Do Komisariatu przy dworcu" [10]. Сонны яшчэ зусім, скіроўваюся ў камісарыят, каб высьветліць прычыну непаразуменьня. Чакаю ў прысутнасьці паліцыянта якіх мінут 10-15. Урэшце выходзіць той самы шпік, прыкамандыроўваюць да мяне нейкага вярзілу-паліцыянта і вядуць мяне "do Komendy Policji Państwow[ej] na m. Wilno" на Завальнай вуліцы. І ў галаву мне не прыходзіць магчымасьць арышту. Прыходзім. Кабінет начальніка тайнай паліцыі. Сядзяць двое паліцэйскіх афіцэраў. Саджуся, куру, чакаю. Чую нейкае запытаньне па тэлефону кудысьці: "Ну, як там з Тарашкевічам? [11]". "Aha!". "Dobrze" [12]. Думаю сабе - нешта мусіць сур'ёзнае, тут мусіць зусім ня простае непаразуменьне? Ахвіцэры паліцэйскія сядзяць, як укапаныя. Прыходзіць начальнік і запірае за сабой дзьверы на ключ. Дрэнны, думаю, знак, але ўсё ж мысьлю, што гэта - непаразуменьне нейкае.

"Pan jesteś zaaresztowany!" - заяўляе ён павышаным голасам. "Jakie powody?" - пытаюся. "Na skutek polecenia prokuratora przy sądzie okręgowym w Wilnie z dnia 14 stycznia" [13]. Ілюзіі зьніклі: ачнуўся ўжо зусім, але ўсё-ж лічу, што гэта - непаразуменьне нейкае. Як жа? Зламана канстытуцыя! Скасавана "nietykalność poselska"? Што-ж гэта мела-б значыць? Распачынаецца ваяўнічы фашызм? Мейштовіч [14] пачынае паказываць свае пазуры? У прачытаным перад гэтым нумары "Dz[iennika] Wil[eńskiego]" [15] з дня 15/І, які я закупіў на вакзале, нічога-ж новага, трывожнага я не знайшоў быў.

"Przeprowadzić osobistą rewizję!" [16] - камандуе начальнік. Нават не пратэстуючы, аддаю свой партфэль, які са мною быў у дарозе, і выймаю ўсё з кішэняў: грошы, легітымацыю, блёк-нотэс, рэвальвэр "Браўнінг" і інш. рэчы.

Рэвальвэр, блёк-нотэс, грошы 195 злотых, тры пачкі белай паперы з партфэлю (запісана на адным аркушы прадмова да зборніку песьняў, падручны аркуш у часе спраўджаньня прыходна-расходнай кнігі Маладэч[анскага] Пав[ятовага] Камітэту і толькі рэшта - чыстай) забіраюцца ад мяне, а роўна і кішэньковы каляндарык, і робіцца сьпіс знойдзеных гэных пры мне рэчаў.

Робіцца дапрос, як і ранейшы сьпіс у прысутнасьці нейкіх падазронага віду двух тыпаў, нібы сьведкаў.

"Czy przyznaje się Pan do winy że należy do Komunistycznej Partii Polski?" [17] - дапрашывае начальнік. "Не, - адказваю - належу да Соймавага Клюбу і да партыі Белар[ускае] Сял[янска]-Раб[отніцкае] Грамады". Пішуць пратакол, што да віны не прызнаецца і г. д.

Дапрос скончаны. У асыстэнцыі камэнданта паліцыі, які сядзіць обок [18] са мной, і агента палітычнае паліцыі, які сядзіць побач з шофэрам, шыбка мчымся а гадзіне 8 рана ў турму на Лукішкі [19].

Канцэлярыя. Чырвоная карта пракурора аб маім арышце ў руках урадоўца турмы. Асыста зьнікла. Пішацца турэмны мой фармуляр. Далей - дэталічны вобыск, разьдзяюся да бялізны, і ўрэшце, а гадзіне 9, я ўжо ў "цэлі" [20] 115. Неўютна, дзіка, і галоўнае - ніяк не магу прывесьці ў парадак свае мысьлі: так усё шыбка і неспадзявана сталася.

Галодны. Зьеў толькі ў часе вобыску ў турме маленькі бутэрброд, які застаўся ў маім партфэлі з падарожы. Сьнеданьне ў турме раздана было а гадзіне 6-7. Чакаю абеду. Хаджу бесперастанку па сваёй камеры. Абед. Даюць міску нейкага крупніку, зваранага з бульбай: хлеба не дано, бо пры праверцы ранішняй у турме мяне яшчэ ў камэры 115 не было.

Грошай няма; заставіла іх у сябе паліцыя. Чаму? Дагадацца не магу. Выпрасіў канвэрт і паперы, напісаў ліст жонцы. Нехта з адміністрацыі турэмнай на маю просьбу аб папяросах і на заяву аб часовым безграшоўі прысылае мне "Фервор" 20 штук і пушку сярнічак. Куру без перастанку.

Урэшце змарыў мяне сон і а гадзіне 7 вечарам кладуся спаць. Успакоіўся трохі; спадзеючыся, што непаразуменьне з маім арыштам павінна-ж праз суткі якія высьветліцца, засыпаю моцна на цьвёрдым турэмным сяньніку, прыкрыўшыся ад холаду (стаялі на дварэ маразы) апрача турэмнае коўдры і сваім цёплым футрам.

Так скончыўся для мяне дзень 15 студзеня, поўны неспадзяванак і недамыслаў.


16. І. 27 г.

НЯДЗЕЛЯ. Прачнуўся а гадзіне 5. Праверка. Чую: "едэн, два, два, едэн, едэн, едэн" [21] і ўсё стукаюць ваконцы ў дзьвярох паасобных камэр. Набліжаюцца крокі да маіх дзьвярэй. Шыбка адчыняецца ваконца і зачыняецца, чуваць голас "едэн". Зьмена "вёдраў". Кончылася. Разносяць каву: згатаваная з цыкорыяй вада, чуць-чуць падсалоджаная. Хочацца есьці, сёрбаю яе драўлянай турэмнай лыжкай з бляшанай бела-паліванай міскі.

Адміністрацыя і нізшая служба адносяцца добра. Маючы надзею, што жонка зложыць на маё імя па атрыманьні ліста майго трохі грошай, іду ў кантору і купляю сабе хлеба, масла і келбас, а таксама табакі і гільз і папярос. Чую сябе ўжо лепі, чым учора. Самая "цэля" ўжо нібы сталася лепшай. Аглядаю яе дакладна. Куты вільготныя і аблупіліся. На сьценах, пакрытых жоўтай алейнай фарбай, поўна розных надпісаў і рысункаў нязграбных: гармата, кулямёт з істужкай, перагоначны апарат, сэрца, пранізанае крыжам і кінжалам, вычарчаныя кругі, рысункі людзей у стылю егіпецкім і асірыйскім, розныя надрапаныя на сьценах прозьвішчы, мусіць, былых тут узьнікаў, а нават і надпісы на сьценах і дзьвярох з літаратуры клёзэтнай.

Прачытываю раз і два вывешаную на сьцяне табліцу: "Przepisy dla więźniów" [22]. Так, я - вязень. Пасол Сойму, асоба нетыкальная, выбранец народу, выбранец, на якога пала 60.000 галасоў [23], цяпер - вязень. Не выданы Соймам, не утраціўшы права на мандат пасла, не затрыманы "na uczynku gorącym zbrodni pospolitej" [24], а сяджу ў турме. Канстытуцыя зламана, нетыкальнасьць у адносінах да мяне, як да беларускага пасла, скасавана. Што ж сталася такое? Няўжо-ж у самым дзеле мне хоча нехта прыпісаць і даказаць працу нібы маю ў Камуністычнай партыі Польшчы? Якія повады, якія прычыны, якія доказы? Ламаю галаву, правяраю працу ў Грамадзе. Не знаходжу адказу на ахапіўшыя мяне пытаньні.

Вечарам справа становіцца ясьней. А гадзіне 8 клічуць мяне да кабінэту начальніка турмы. За сталом - "sędzia śledczy do spraw szczególnej wagi Bobrowski [25]". На стале паперы і кніжачка - праграма Грамады. Распачынаецца "pierwsze badanie" [26]. Па сканчэньню фармальнасьцяў - імя, прозьвішча, адукацыя, век, маёмасьць, сямейнае становішча і г. д. - агалашаецца паказаньне даносчыкаў - нейкіх Білеўскага ці Вілеўскага [27] і Міхала Гурына [28]. Галавач [29], маўляў, дагаварыўся з Камінтэрнам у 23 ці 24 годзе аб тварэньні сэкцый Крэстінтэрну [30] ў Польшчы, Тарашкевічу нібы на нарадзе яго ў Гданьску [31] даручана стварыць Беларускую Грамаду, на якую мэту ён, нібы, дастаў вялікія грошы ад Камінтэрну, што Тар[ашкевіч] падпісаў пэўныя нейкія ўмовы з Камінтэрнам і нібы забавязаўся падпарадкаваць Грамаду вымогам і інструкцыям Камінтэрну і г. д., што скіроўваў людзей з-за граніцы ў Польшчу і вызначаў ім як камуністам працу ў Польшчы, нібы-то ў Грамадзе; што на грошы Камінтэрну заложаны ў Вільні Бел[арускі] Каап[эратыўны] Банк для фінансаваньня нібы працы Грамады і г. д. і г. д.

Слухаю я і думаю: а прычым-жа тут арышт мяне, Рак-Міхайлоўскага? Калі-ж маё прозьвішча нават у даносе гэтых, нейкіх несумленных людзей, не ўспамінаецца? Раптам - "Poseł Rak-Michajłowski", чуецца далей - "przyjmował u siebie ludzi, przybyłych z Rosji i tak samo skierowywał ich na pracę w Polsce" [32]… Дзе? Калі? Каго? - жаднага адказу - ні прозьвішча, ні даты… Слухаю данос той да канца і нідзе больш не ўжываецца маё прозьвішча. Мысьлю сабе: што-ж гэта за містыфікацыя? Адкуль гэта звалілася? І прычым-жа, урэшце, тут я?

Чытаньне з перарывамі, з нейкімі пропускамі невядомых мне мейсцаў тэй пісаніны, урэшце, скончылася.

Пачынаю тлумачыць прычыны падзелу Бел[арускага] Пасол[ьскага] Клюбу ў Сойме, утварэньне Клюбу і партыі Грамады з уласнай ініцыятывы групы паслоў і часткі беларускага грамадзянства; выясьняю становішча Грамады, як партыі, праўда, радыкальнай, апазіцыйнай, сацыялістычнай па духу, зусім ні ад каго незалежнай… "A skąd Hromada posiada pieniędzy?" [33] - пытаецца. Адказываю: "за 32 месяцы пасольства свайго - ад лістападу 1922 г. да ліпеня 1925 г. стварылі мы з працэнтных адлічак ад "дыет пасольскіх" жалезны фонд, які і пайшоў у першы час на арганізацыйныя выдаткі Грамады - на друкі, на прапаганду; далей - ахвяры ад паслоў Грамады і складкі грашовыя сяброў Грамады. Аплата працаўнікоў у Сэкрэтарыяце - мізэрная, і дзеля таго нам хватала коштаў, хоць часамі бывала і надта трудна".

Мае довады, аднак-жа, не пераканалі пана Баброўскага і выташчыўшы мне "przestępstwa z art." [34] 102 і 110 [35], ён агаласіў сваю дэцызію, што ў стасунку да мяне ўтрымаць і надалей, "jako środek zapobiegawczy - areszt" [36].

Вярнуўся я ў сваю камеру прыгнечаным. Пабачыў я, што цаною ўсякіх беспадстаўных і несумленных даносаў і хітрых камбінацый улада хоча спыніць працу Грамады, ударыўшы па яе вярхох - па паслох; бо ў словах судзьдзі Баброўскага я пачуў, што такія-ж артыкулы выстасаваны Тарашк[евічу] і Валошыну [37], а значыцца, і яны заарыштаваны. Не ўдалося ўладам штрафамі і арыштамі (Дзісенскі павет, Пастаўскі, Слонімскі, Ваўкавыскі, Маладэчанскі, Вялейскі, Горадзенскі і інш.) спыніць на нізох рост і ўплывы Грамады, дык хапіліся за вярхі, ломячы гэтым нават сваю ж канстытуцыю, якою прывыклі - як надта лібэральнай - хваліцца ў Эўропе.


17.І.1927 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Трэбую паперы і пішу тэлеграму да маршалка Сойму Ратая [38] і "skargę incendentalną do sądu Okręgowego w Wilnie" [39] на дэцызію судзьдзі Баброўскага.

У тэлеграме да Ратая ўказваю, што арыштавалі мяне проціканстытуцыйна, бо не на "uczynku gorącym zbrodni pospolitej" мяне затрымалі, што трымаюць мяне ў турме зусім бяспраўна і беспадстаўна; прашу аб адноснай інтэрвэнцыі.

У скарзе да Акружнога Суду пішу, што ў жадныя дагаворы з прадстаўнікамі і органамі ўлады суседніх дзяржаў я не ўваходзіў і не падпісваў; жадных дагавораў і ўмоў з імі не рабіў; што камуністым ня быў і не зьяўляюся ім цяпер; што працу ў Грамадзе, якая ўтварылася з уласнай ініцыятывы групы беларускіх паслоў (а не пад чыю-кольвек дыктоўку) вёў згодна з яе праграмай без жадных укрытых мэтаў; што Грамада - партыя ні ад каго не залежная, мае свае зусім легальныя мэтады працы, сваю ідэалёгію, што Грамада нічога супольнага ня мела і ня мае з Камун[істычнай] Партыяй Польшчы ці з Кампартыяй Зах[одняй] Беларусі. Што з гэтых прычын лічу зусім няправільнай з боку Баброўскага пастанову аб выстасаваньні проці мяне арт. 102 і 110 К. К. і лічу зусім бяспраўнай, ня згоднай з канстытуцыяй ягоную дэцызію аб маім арышце, бо я ня быў затрыманы на "gorącym uczynku zbrodni pospolitej". Адсюль просьба - скасаваць дэцызію судзьдзі Баброўскага аб маім арышце.


18.І.27 г.

АЎТОРАК. Прывыкаю да жыцьця ў турме. Нічога. Адно нэрвуе мяне - гэта няяснасьць становішча.

Чакаю адказу ад акружнога суда на сваю скаргу і ад маршалка Сойму на сваю тэлеграму.

Ад жонкі прыносяць мне шмат яды рознай, коўдру, войлачны дыван пад ногі і бялізну. Пры ўспаміне аб жонцы і дзецях і аб іх цяперашнім лёсе і перажываньнях спазмы пачынаюць сьціскаць мне горла. Цяжка за сям'ю, якая засталася без свайго кармільца; за дзяцей, што без майго падтрыманьня ў выпадку больш доўгага быцьця ў турме змушаны будуць жыць у нэндзы, а прытым-жа хваравітыя.

Гарачае ўчасьце жонкі, выявіўшаеся ў яе апецы, у прысылцы… [40] і іншых рэчаў, узварушыла мяне да сьлёзаў. Узяў сябе ў рукі, супакоіўся. Прагавіта накінуўся на прынесеную ежу.

Дастаў учорашні № "Dz[iennika] Wil[eńskiego]", з якога даведаўся, што арыштаваны Тарашк[евіч], Валошын і я і што на другі дзень заарыштаваны былі Мятла [41] і Галавач. Ого! Шкада, што я так ідэальна ізаляваны! Цікава было-б пабачыць іх!

А ізаляцыя запраўды ідэальная. Забілі ўчора нават ваконца ў дзьвярох і найменшыя шпарочкі (шчэлінкі) ў дзьвярох замазалі найстараньнейшым чынам кітам. На спацэр выводзяць аднаго, як зусім пуста на калідоры. З майго вакна (камэра на партэры) нікога не відаць і нічога не відаць на голым і пустым панадворку, апрача вартавога з карабінам.


19.І.27 г.

СЕРАДА. Прывыкаю. Устаю а 5 гадзіне, кладуся а 8-9. Не адмаўляюся ад ежы турэмнай - гарачая і ёсьць трохі кісьлі іншым разам. Усе гэтыя дні займаўся гімнастыкай і чытаў кнігі з агульнай турэмнай бібліятэкі і як для разрыўкі толькі выбраў найбольш белетрычныя. Стараюся не нудзіцца.

Дзівіць мяне толькі і непакоіць, што дагэтуль ня маю жаднага адказу ад Акружнога суда, а тым больш ад маршалка Сойму. Пачынаю лічыць, што справа - дрэнь. Не маю спосабу і магчымасьці пратэставаць проці бяспраўя, учыненага нада мной. Трыбуна соймавая і шпальты газэт закрыты для мяне; паднесьці пратэст там я не магу. Нашуся з думкай абвесьціць галадоўку. Так! Галадоўку! Сам, адзін. Бо ні з кім з калегаў-паслоў скамунікавацца няма ніякае магчымасьці: ізаляваны найідэальнейшым чынам. Калі да заўтра не высьветліцца маё становішча, дык днём заўтра пачынаю галадоўку на знак пратэсту проці гвалту, учыненага нада мною.

Галадоўка! Страшэннае слова для майго слабага здароўя. Лёгкія ў мяне слабыя, закатараныя ўжо ад 1907 году. Маю хранічны бранхіт; ад частых прастуд забіваў мяне кашаль. Летась пасьля перанесенай у пастаянных разьездах (а ня дома, у ложку) грыпы змушаны быў легчы на 1½ месяцы ў санаторыю для хворых на лёгкія [42]. Доктар выпраўляў адразу пасьля санаторыі на курорт, у Закапанае, каб мог я лепш падрамантаваць сябе. Але дзе ж там? Праца і таварышы па Клюбу не пусьцілі. Замест даўжэйшага адпачынку прышлося ізноў і яшчэ мацней ударыць у хамут і везьці цяжкі воз народнае нядолі. Спаць нармальна ня мог і рэгулярнага не было сталаваньня. А доктар прыказаў есьці ў дзень па 5 разоў, хоць і патроху. Але дзе ж там?

Здароўе дрэннае і для майго арганізму галадоўка - павольная сьмерць. А калі-б і перанёс галадоўку, дык у далейшым ніколі не прывядзеш, чалавек, свайго арганізму хоць бы да такога стану, у якім ён цяпер. Бо магчымы - апрача яшчэ больш аслабленых лёгкіх - і катар жалудка. Ніколі потым такому чалавеку не паправіцца. Дрэнна! Пачакаю да заўтра. Можа "заўтра" што-небудзь прынясе з сабой.

Найгорш тое, што галадоўка мая будзе адбывацца тут, нікому няведамая: няма магчымасьці і ня ўмею даць знаць аб гэтым на волю.

Думкі аб патрэбе ў прынцыпе галадоўкі не выходзяць з галавы.

Спаць! Досыць! Сяньня маю ўжо мяккую падушку, прысланую жонкай. Выгодней будзе спаць.

Ізноў пры ўспаміне аб сям'і асірацелай цяжка становіцца на сэрцы.

Эх, доля!


20.І.27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Думка аб абвешчаньні галадоўкі не выходзіць з галавы ад самага рана. Адказу ні на скаргу, ні на тэлеграму німа. Буду галадаваць! Пастанавіў!

Галадую. А чацьвертай гадзіне дня праз дазорцу, што на калідоры, заявіў адміністрацыі турмы аб сваім рашэньні. Завязаў усю сваю ежу, прынесеную з дому, у сурвэтку, і ня толькі хлеб, масла, каўбасу, але нават цукар, сухую гарбату і какао, і папрасіў вынесьці з камеры гэны сувісьцель.

Галадую, галадую на знак пратэсту проці бяспраўя. Мяне, як беларускага пасла, нягледзячы на Канстытуцыю, можна хапаць на дарозе; пракурор - страж закону - арыштоўвае, судзьдзя пастанаўляе трымаць у судзе пасла, нявыданага Соймам? Дзе ж правы? Дзе ж загварантаваная Канстытуцыяй нетыкальнасьць пасольская? Для беларуса, хоць нават ён быў паслом Сойму, няма ўставу Канстытуцыйнага. Трэба спыніць працу беларускага пасла, дык можна зламаць Канстытуцыю!

Эх, жыцьцё ты, жыцьцё!

Абкрычалі Грамаду розныя "Dz[ienniki] Wil[eńskie]", "Słowo" [43], "Kur[jery] Wil[eńskie]" [44] і інш. на ўсю Польшчу, што Грамада і "komunizująca i wywrotowa" [45]. А ўрад і рад гэтаму. Думка грамадзянства польскага - а праз газэты варшаўскія, якія таксама на ўсе лады лаялі Грамаду - і грунт заграніцай падрыхтаваны для ўдараў па Грамадзе.

Падрыхтавана ўсё добра. Пара біць Грамаду! Ды як жа яе ліквідаваць? Разьлілася яна, як мора, абхапіла сваімі гурткамі, сваёй арганізацыяй усе беларускія землі ў межах Польшчы. Сталася тэрытарыяльнай і амаль не манапольнай партыяй тут, выціснуўшы "Wyzwolenie" [46], "Piasta" [47] зусім, ліквідуючы ППС [48], сабіраючы ў свае рады ня толькі сялян, але і работнікаў у месьце. Што ж будзе ў выпадку новых выбараў у Сойм? Гэта ж ні адзін польскі пасол не пападзе ў Сойм ад "Kresów Wschodnich"? "Zagrożony stan polskiego posiadania i państwowości polskiej" [49] - вось як вылі эндэцкія [50] газэты.

Ні адна, ня толькі беларуская, але і польскія старыя партыі, не налічалі ў сябе столькі сяброў, бо Грамада налічае да ста тысяч - сіла вялікая, калі б яе ўдалося і быў час усьведаміць і нацыянальна, і сацыяльна, і палітычна.

А значыцца, трэба спыніць, нягледзячы ні на што, хоць бы зламаўшы Канстытуцыю.


21.І.27 г.

ПЯТНІЦА. Галадую. Ня так гэта, урэшце, трудна ў першы дзень. Пад вечар толькі стала ныць у жываце. Цэлы дзень чытаў кнігі.

Начальнік турмы ўвечары прыйшоў намаўляць мяне зьмяніць маю пастанову аб галадоўцы. Доўга ўмаўляў і талкова, разумна. Успомніўшы мне аб сям'і, якую я гублю, руйнуючы сваё здароўе, ударыў на мае хворыя струны. Ізноў спазмы ў горле зьявіліся: цяжка мне стала нават гаварыць; душыла нешта ў горле. Але я застаўся пры сваім рашэньні - дачакацца выданьня мяне праз Сойм. На гэтым гутарка скончылася.

Ня маю жадных ілюзій што да прыхільнай дэцызіі большасьці цяперашняга Сойму ў адносінах да нас - беларускіх паслоў. Выданьне адбудзецца, але дэцызія Сойму ўсё ж такі нібы мае ў сабе нешта прадугледжанае канстытуцыйным правам, а то - жарты! - проста за каўнер пасла і ў турму!

Прынесьлі суконную дарожку ў маю камеру. Добра; цяплей у ногі.

Далі пару газэт. Даведаўся, што апрача пяцёх паслоў адбыліся арышты і ў Сакратарыяце (сяньня, выходзячы яшчэ на спацыр, чуў голас Бурсевіча [51] і, здаецца, Назарука [52] кажух бачыў праз ваконца аднэй камеры і голас яго чуў) і ў Тав[арыстве] Белар[ускай] Школы, дзе заарыштаваны былі Астроўскі [53] і Шнаркевіч [54] ды Коўш [55] - дырэктар і бухгальтэр (адначасна) Белар[ускага] Каап[эратыўнага] Банку; што, урэшце, вобыск адбыўся і ў Луцкевіча [56]. "Повальное избиение младенцев» рознага віду і пераконаньняў.

Паход проці радыкальнага беларускага грамадзянства і нават проці тых, якія да Грамады ніколі не належалі.


22.І.27 г.

СУБОТА. Галадую і далей на знак пратэсту. На спацыру быў, але надта мала: чую слабасьць. Чытаю кнігі; адводжу свае думкі ад патрэбаў жалудка. Куру папяросы. Робіцца млосна, п'ю ваду.

Ня ведаю аб сваіх калегах паслох; калі яны таксама на знак пратэсту галадуюць, то добра. Прынамсі, можа, тады вестка аб галадоўцы якім-небудзь чынам дастанецца на сьвет. А гэта ўжо мела б пэўнае ўражаньне.

Дастаў квіт-паведамленьне турэмнай канцэлярыі, што на маё імя зложана ў канцэлярыі 50 злотых. Мілая Надзя [57]! Як яна апякуецца нада мною. А то-ж да гэтага часу на маім рахунку было толькі 75 грош. Тыя 195 злотых, якія пры першым вобыску былі забраны ад мяне ў паліцыі, дагэтуль ня зьвернены.


23.І.27 г.

НЯДЗЕЛЯ. Чацьверты дзень галадоўкі. Есьці ўжо ня хочацца. Толькі шуміць у вушох і неяк круціць у галаве. Робіцца млосна, асабліва ў сярэдзіне дня; маленькімі глыткамі п'ю халодную ваду. Вядра ўжо сам не выстаўляю, ды і на што яго мяняць, калі ў ім апрача акуркаў нічога няма. Ваду гатаваную падаюць, не адмаўляюся прынімаць яе. У мінуты млоснасьці патрэбна.

Дастаў праз пракурора некалькі газэт ад жонкі. Даведаўся, што рэгуляміновая камісія Сойму мае разглядаць унёсак Мейштовіча аб выданьні зарыштаваных паслоў у панядзелак заўтра, а Сойм будзе дэцыдаваць лёс нашае справы 25 студзеня. Чую, што хопіць сілаў у мяне дачакацца таго дня.

Кантына. Сёньня ў кантыне ўзяў надта мала гільзы, сярнічак, сьвечку, паперы, канвэртаў і сшытак - разам на тры злотых, у той час як у тую нядзельку набіраў быў прадуктаў на 13 зл.

Есьці ня хочацца абсалютна. Чую толькі слабасьць, круціцца галава; ныюць неяк зубы, як быццам чуецца, што арганізм на сваю патрэбу выцягвае з іх фосфар.

Дастаў сьвежы № "Dz[iennika] Wil[eńskiego]". Дазнаўся зьмест унёску. А як жа ўсё перакручана, гэтулькі там маны і злоснага лгарства! Усё ёсьць, усякіх небыліц поўна, абы толькі запакаваць і адсунуць ад працы ненавісных беларускіх паслоў Грамады!

Добра думаю, ці ёсьць рацыя далей галадаваць, калі ўжо ясна відаць, што большасьць Сойму будзе за выданьнем; гэта відаць з пастановаў асобных клюбаў.

Усё ж такі не! Буду трымацца і далей пры сваёй пастанове, хоць і бачу па твары сваім, як змізарнеў ужо я, што здароўе сваё, і без таго кволае - руйную я зусім. Буду галадаваць! Ня доўга чакаць. Голад не дакучае зусім, а па спыненьні галадоўкі пастараюся добра карміцца, ізноў займацца гімнастыкай - а мо' і наганю тады страчанае.

А калі прыдзецца памерці? Ну, што-ж? Маю ўжо 42 гады. Папрацаваў досыць; здабыў імя. Няхай ведаюць беларускія працоўныя масы, якія спатыкаюць выяўленьне ў адносінах да іх бяспраўя на кожным кроку, што іх пасол, іх абаронца і прадстаўнік дабравольна прыняў на сябе варункі павольнай сьмерці, ня могучы прымірыцца з фактам небывалага бяспраўя. Няхай маё імя ў лічбе мучанікаў за беларускі народ! Так!

Дзеці, жонка!... О, каб вы ведалі, як я страдаю цяпер пры мысьлі аб вас!


24. І. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Галадую пяты дзень. Нічога! Пазьней устаю, раней кладуся ў ложка - слабасьць. На спацыр выходзіць ужо не магу. Вядра не мяняюць, бо гэта - лішняе. Не падмятаю камеры, бо не магу, сіл няма; ды яно і не патрэбна, бо чыста зусім. Шыбаў у вокнах не выціраю, бо трудна падняцца на табурэтку - круціцца галава. Найбольш сяджу і чытаю. Разы тры-чатыры магу яшчэ паволі прайсьціся ўздоўж сваёй камеры. Штаны зусім спаўзаюць, нягледзячы на тое, што ўжо пазаўчора яшчэ спронжку зацягнуў да самага канца, да "адказу". Прабую закруціць хлясьцік пры спронжцы, каб як-небудзь яшчэ больш сьціснуць штаны ў паясьніцы. Ускураў, але мала памагае. Трымаецца паясьніца штаноў аж на самых толькі клубах. Калошы штаноў соўгаюцца пры хадзьбе па падлозе. Падкасываю іх.

Як шкода і нудна, што жадных газэт сёньня, у панядзелак, дастаць ня можна. А выпісаў жа сабе я праз адміністрацыю турэмную яшчэ 20/І газэты з даты 15. І. 27 г.: "Dz[iennik] Wil[eński]", "Głos Prawdy" [58], "Robotnik" [59], якія - як сказаў начальнік турмы - могуць быць аддаваны мне проста праз турэмную адміністрацыю, без асаблівай цэнзуры пракурора. Але і гэных газэт - старых №№ іх з 15/І яшчэ няма.

Праз начальніка турмы выпісаў з 15-га ж студзеня ўсе віленскія беларускія газэты: "Наша справа" [60], "Narodny Zwon" [61], "Маланка" [62], "Сялянская ніва" [63] і "Biełaruskaja krynica" [64]. Ну, але на іх прыдзецца доўга чакаць, бо яны перад даручэньнем мне павінны прайсьці праз пэўнае мытарства - прагляд пракурора… Калі ж я дачакаюся роднае прэсы? З "Dz[iennika] Wil[eńskiego]" даведаўся, што "Наша справа" двойчы, а "Сял[янская] ніва" адзін раз былі сканфіскаваны якраз за артыкулы ў зьвязку з ганебным арыштаваньнем беларускіх паслоў.

Так! "Dz[iennik] Wil[eński]" і "Słowo" глумяцца над намі і бясчэсьцяць так, як ім хочацца, а беларускай прэсе затыкаюць рот, калі яна хоча бараніць сваіх паслоў і аб'ектыўна высьвятляць праўду.

Гуляе фашызм ува ўсю!

Пабачым, што ж прынясуць заўтрашнія газэты!


25.І.27 г.

АЎТОРАК. Сяньня - шосты дзень маёй галадоўкі. Слабасьць павялічваецца, але цікава, што есьці ня хочацца абсалютна.

Дазорца калідорны паведамляе, што прынясьлі мне з дому ежу. Адмаўляюся прыняць, бо нашто мне яна? Каб галадоўку перарваў, дык я ж маю яшчэ трохі ўсякіх запасаў. Не прыняў! Можа скемяць дома, якія прычыны змушаюць мяне не прыймаць дакармленьня. Бедная жонка! якім ударам будзе для яе, калі дагадаецца яна аб повадах, якія змушаюць мяне, чалавека з падупаўшым наогул здароўем, адмаўляцца ад прыняцьця дакармленьня! Колькі будзе сьлёз і душэўных мук.

Але адмовіўся і - скончана. Чую ўжо зачарствеўшым сябе ў сваёй пастанове. Няхай будзе, што будзе!

Ізноў прынесьлі - як і раней было - цэлую пачку газэт польскіх, якія - нават польскія - прагледжаны пракурорам. Як відаць з пісьма жонкі, гэта - ужо другая пачка газэт, якія яна пасылае мне. Відаць - добрая рука падбірала газэты, калі ў іх знаходжу самыя цікавыя для мяне рэчы ў зьвязку з адбыўшыміся арыштамі. У "Kur[jerze] Wil[eńskim]" зьмешчаны пратэст Упр[авы] Т[аварыст]ва Бел[арускай] Школы (Уласаў [65] і Шырма [66]) і Пэдаг[агічнай] Рады Віл[енскай] Бел[арускай] Гімн[азіі] проці арышту Рад[аслава] Астроўскага; у другім № "Kur[jera] Wil[eńskiego]" ліст да рэдакцыі, падпісаны жонкай Астроўскага [67], якая зьбівае інсінуацыі "Dz[iennika] Wil[eńskiego]" і "Słowa" адносна яе мужа. У "Kur[jerze] Por[annym]" [68] запрос Цэнтр[альнага] Сэкрэтарыяту Грамады да пракурора аб тым, ці лічыцца Сакратарыят закрытым, бо ў ім стаіць паліцэйская варта і забірае карэспандэнцыю Грамады.

Пасьля гадзіны 2-й дастаў сьвежы № "Dz[iennika] Wil[eńskiego]". Чытаю: "Sprawa w Sejmie o wydaniu zaaresztowanych posłów" [69]. Бачу, што зьбіралася рэгуляміновая Камісія, на якой быў прысутны Мейштовіч і пракурор Віл[енскага] Ак[руговага] Суда Прылуцкі, аўтар унёску; маршалак Ратай. Ярэміч [70] занёс пратэст проці разгляду ўнёску. "Зламана ўжо канстытуцыя, хочаце яшчэ зламаць і рэгулямін". Патрэбаваў фармальнага праходу ўнёску праз Сойм, мусіць спадзеючыся, "што Сойм адкіне ўнёсак". Наіўны!

А мне час галадоўкі працягнуў яшчэ больш на адзін дзень… Ну што ж? Глупства! Калі я ўжо ад яды адвык і ня чую жаднае патрэбы яе. Але цікава адно, што голас мой стаўся зусім глухім і слабым. Калі даводзіцца што-небудзь сказаць дазорцу, дык неяк словы выходзяць з маіх вуснаў надта паволі, у расьцяжку, і зусім ціхія, глухія. Ныюць зубы, ныюць почкі; што раз, то мацней з кожным днём адчуваю тыя мейсцы ў лёгкіх - абедзьве верхнія часткі і бакавая ніжняя частка справа - злы зусім стан якіх быў сканстатаваны ў мяне - як быў у санаторыі - на апараце Рэнтгена. Сяньня гэтыя мейсцы адчуваю чамусьці асабліва моцна. Дрэнна! З такім здароўем - пачынаю сабе разважаць - трэба да галадоўкі, да яе абвешчаньня, адносіцца асьцярожней. Бо памерці тут не дадуць, будуць сілай падкармліваць (а аслабеўшы чалавек не адаб'ецца!), а здароўе зруйнуеш дашчэнту.

Што ж рабіць? Не! Пачакаю да заўтра! А ногі, нягледзячы на тое, што абуты зусім цёпла, і рукі неяк асабліва зябнуць, мёрзнуць. Адціраю рукі; саграваю ногі, хоць бы зусім павольным і ціхім шаганьнем па сваёй камеры. Сяджу ўжо 5 дзён увесь час у сваім футры, якое чую - адбірае мне к вечары плечы зусім. Рукі сталіся бледныя, вечна сьцюдзёныя; у люстэрку бачу, што вочы неяк глыбока ўваліліся ў арбіту; вочы сумныя, без жыцьця; шчокі ўваліліся; скура на твары блядым пазнаў - цела [71] сталася нейкая сухая.

Але дзіўна, што ў той час, як у першыя дні - да галадоўкі - у турме, так і на волі заўсёды ў мяне, нават у холад, пот быў пад пахамі рук, цяпер, у часе галадоўкі, хоць адзеты наогул надта цёпла і не скідаю з сябе футры - пад пахамі зусім суха.

Сяньняшні дзень неяк асабліва багаты перажываньнямі. Нягледзячы на агульнае аслабленьне, думкі ў мяне чыстыя, ясныя; плывуць лягічна, без пераскокаў. Чую нейкі сталы духовы спакой; адзінота і цішыня спрыяюць, мусіць, гэтаму.

Інспэктар турмы, чалавек сапраўды робячы добрае ўражаньне, зайшоўшы ў камеру, радзіць мне перарваць галадоўку, бо высьвятленьне справы майго арышту можа працягнуцца - кажа - яшчэ не адзін і не два, а можа і некалькі дзён; што здароўе сваё я ўжо і без таго за гэтыя шэсьць дзён парадкам-такі падарваў, адмаяцца і ад гэтага будзе цяжка, а скуткі далейшае галадоўкі могуць быць зусім гібельны для здароўя ў далейшым; права турэмнае вымагае, каб аслабеўшых зусім сілком дакармліваць, а гэтая рэч для галадуючага і прыкрая і непрыемная - "адміністрацыя змушана будзе дакармліваць вас сілком, уміраць не дамо, не маема права".

У далікатны спосаб яму аднак-жа адказаў я, што галадоўкі не спыню. Ён выйшаў. Але спакой мой ізноў быў нарушаны гэтаю гутаркаю. На самым дзеле. Ілюзій быць ня можа: Сойм выдасьць нас - беларускіх паслоў; правіцовая большасьць будзе рада нават выпадку пазбавіцца нас у Сойме і спыніць нашую працу на правінцыі; пераважная большасьць Сойму - ад крайняй правіцы аж да "Вызваленьня" ўключна - будзе галасаваць за выданьнем. Мой пратэст - галадоўка ня можа выйсьці з маёй камеры на шырокі сьвет. Змарную толькі зусім сваё здароўе, якое паправіць у далейшым у турме будзе немагчымым, а калі б і быў звольнены, то доўга прыйдзецца і дома ачуньваць ад гэтай нават шасьцідзённай галадоўкі, і на які месяц часу я і на волі работнік буду ніякі. Што ж рабіць?...

Ці гэтая мая шляхотная пастанова аб галадоўцы-пратэсту пасьля ўсяго гэтага [мае] якую-небудзь рацыю разумную? Пачынаю ўжо сумнявацца ў гэтым… Дрэнна.

Куру, выпіў глыток вады; кладуся спаць. Заўтра аканчальна надумаюся, што рабіць.


26. І. 27 г.

СЕРАДА. Сёмы дзень галадоўкі.

Дазорцы нават выяўляюць мне сваё спачуцьцё і ўгаварываюць спыніць галадоўку, цьвердзячы, што я стаў зусім непадобны да таго, якім зьявіўся сюды. Нейкі дазорца старэйшага веку, які запрапанаваў мне выйсьці на спацыр, пачуўшы маю адмову, што з прычыны крайняй слабасьці ізноў і ізноў адмаўляюся ад спацыру, з спачуцьцём да мяне заявіў, што працяг далейшай маёй галадоўкі можа зрабіць тое, што я ўжо ніколі не папраўлю свайго здароўя. Добрыя вочы, бясхітрасны чалавек, гаворыць - віджу - праўду. Спачуцьцё шчырае, людзкае прачытаў я ў яго ваччу. Аднак адказаў яму, што да атрыманьня газэт сьвежых пастановы сваёй не зьмяню.

Сяджу, зябну, чытаю, куру.

Інспэктар прыносіць нейкую паперу. Абвяшчае, што Акр[ужны] Віл[енскі] суд, разгледзеўшы справу інцындэнтальных скаргаў Мятлы, Рак-Міхайлоўскага і Галавача на дэцызію сьледчага судзьдзі Баброўскага аб трыманьні нас у турме пастанавіў - скаргі нашыя адхіліць. Значыцца, суд прызнаў правільным трыманьне нас у турме. Так! Чаго ж іншага можна было і спадзявацца?!... Расьпісываюся, што пастанова мне абвешчана.

Інспэктар пры аказіі гэтай ізноў прабуе ўгаварываць мяне спыніць галадоўку. Адказываю, што за дзень гэты падумаю, а вечарам - пасьля атрыманьня газэт - скажу сваё рашучае ў гэтай справе слова.

Дазорца дакладае, што мне прынесьлі з дому, відаць, ежу, і пытаецца, ці прыйму? Адмаўляюся. Ведаю, што гэта будзе надта балець жонцы, але не магу прыняць, бо трымаюся пры сваёй ранейшай пастанове.

Сьцюдзёна, зябну, хукаю на блядыя сьсінелыя рукі, тру халодны нос; шуміць у вушах, галава кругом ходзіць. Слабасьць крайняя, надзвычайная; чую, што сілы зусім гаснуць.

Трымацца далей ці не? Ці ёсьць рацыя далей галадаваць? А мо', запраўды, спыніць галадоўку? Можа гэта выгадней будзе? Можа мае сілы, веды і здольнасьці яшчэ спатрэбяцца роднаму народу, справе беларускай? Пачакаю вечара, пачакаю газэт.

Маю сьвежы № "Dz[iennika] Wil[eńskiego]". Бурлівае паседжаньне сойму. Унёсак аб выданьні заарыштаваных паслоў скіроўвае марш[алак] Ратай афіцыяльна на разгляд рэгуляміновай камісіі (а там ён можа ж быць і некалькі дзён!), нікому слова ў гэтай справе не даецца. Воевудзкі [72] за выкрыкі выключаецца на цэлы месяц (небывалая кара!). Клюбы нацыян[альных] меншасьцяў - славянскіх, відаць - НПХ [73] і камуністы злажылі ўнёсак аб выражэньні недаверыя Ратаю і ўраду.

Так! Гарачы дзень… Цікава, як будзе адбывацца разгляд у Сойме істоты справы выданьня нас.

Думаю, што ў рэгулям[іновай] камісіі дыскусія над унёскам будзе цягнуцца ў часе не аднаго, а некалькіх паседжаньняў. Можа, па вырашэньні - праблематычным - справы там, унёсак пападзе на пленум Сойму праз якіх 4-5 дзён, а то і праз тыдзень - калі будзе нядзельны і панядзелкавы перарыў.

Ці варта галадаваць далей? Гэта ж прыйшлося б ад сяньняшняга дня яшчэ галадаваць дзён 7-8; пакуль вестка аб дэцызіі Сойму дойдзе ў маю камеру! Сяньня ж, вечарам, трэба-такі прыняць пэўную пастанову. Ужо, урэшце, давёў я сабе, што далейшая галадоўка, нішчачы аканчальна маё здароўе - бессэнсоўная, бо калі магла б яна скончыцца, невядома. Бо невядома, калі Сойм здэцыдуе?

Пад вечар заходзіцца ў маю камеру начальнік турмы, на спатканьне якога я ледзь мог падняцца з мейсца. Прапануе падумаць добра і спыніць галадоўку, бо канстатуе крайняе маё аслабленьне і свой абавязак застасаваньня лекарскіх агледзін майго стану здароўя. Адказываю, што я яшчэ краплюся, яшчэ аканчальна не намысьліўся, але ад агледзін лекарскіх не адмаўляюся.

Зьяўляецца доктар турэмны Завадзкі, галоўны доктар мястовага шпіталю. Выслухвае сэрца, шчупае слабы мой пульс, глядзіць язык - і шчыра радзіць спыніць галадоўку.

Яшчэ я ўпорствую. Нягледзячы на надзвычайную слабасьць, духам - бодры я.

Па выхадзе начальніка і доктара доўга і ўсебакова разважаю, што ж рабіць далей? Не запісываю тут маіх мысьляў над гэтым пытаньнем, бо гэта было б паўтарэньнем вышэйшага зафіксаванага сяньня і ў аўторак 25/І. Нанова перадумваю ўсё, узважваю і, урэшце, позьнім вечарам, хіляючыся, падыходжу да дзьвярэй і - званю…

Зьяўляецца дазорца. Абвяшчаю яму, што галадоўку спыняю, каб замэльдаваў аб гэтым адміністрацыі турмы і каб прынёс мне вару і малака.

Кладуся ўжо спаць, выпіў я паўкубка цёплага малака, разбаўленага вадой.

Так скончылася мая сямідзённая галадоўка.


27. І. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Пасьля перанесенай галадоўкі п'ю малако, разбаўленае яшчэ вадой. У часе абеду піў ужо малако без вады і зьеў адзін размочаны сухар. Самапачуцьце папраўляецца, як быццам пасьля цяжкай хваробы; ня чую азнобу. Але дзіўна адно, што нават малако і тое чуецца ў жываце, як нешта лішняе. І наогул есьці неяк зусім ня хочацца.

Раніцай прынесьлі мне, урэшце, з затрыманых і адабраных у мяне ў турме ў першы дзень - 15/І - каўнерык і гальштух.

Прынесьлі раніцай і ў дзень газэты. Маю і "Dz[iennik] Wil[eński]", і "Słowo", і "Kurjera Wil[eńskiego]", і "Robotnik", і "Rzeczposp[olitą]" [74]. Чытаю і нават паміж абедзеным часам і вячэрай адважыўся зьесьці адзін апэльцын.

Не шкадуючая свайго часу і ног жонка ізноў прынесла мне ежы. Прыняў толькі малако, апэльцыны, варэньне і папяросы ды бялізну; хлеб адаслаў назад. Шмат маю харчоў яшчэ з тых, што былі мне прынесены да часу распачацьця галадоўкі.

На спацыр сяньня не выходзіў зусім - чую яшчэ слабасьць. Але ўсё ж па камеры ходзячы ног ужо не валаку за сабой.

Ранейшы ўнылы, прыгнечаны настрой зьнікае. Пачынаю прымірацца з лёсам, супакойваючы свой бунтарскі дух, праявы якога тут у адзіночцы, пры гэткай гэрмэтычнай ізаляцыі ні да чаго не прывядуць.


28. І. 27 г.

ПЯТНІЦА. Стараюся папраўляцца пасьля галадоўкі. Ужо ем ня толькі малочнае, а і мясное - з прынесенага жонкай. Чытаю.

Ведаю, што сяньня-заўтра вырашыцца справа мая ў Сойме. Уважаючы на газэтныя рэляцыі, лічу магчымым даць усе 90% за тое, што выданы буду. Ужо наперад прыміраюся з лёсам, што прыдзецца тут быць значна даўжэй, чым мысьліў у першы дзень, як дастаўся сюды.

Але, глупства! Няма злога бяз добрага. Маю прынамсі адпачынак. А ён так мне патрэбен! Праўда - не зусім санаторыйна-курацыйны адпачынак, але ўсё ж адпачынак, адпачынак ад штодзённай беганіны, ад рваньня нэрваў, ад клопату, ад вялікіх, непасільных абавязкаў, ад вечнага незадавальненьня тым, што ня ўсё пасьпяваеш, чалавек, зрабіць у свой час, што нават на іменную-прыватную карэспандэнцыю часамі прыходзіцца адказваць праз якія тыдні два-тры. А тут ціха, спакойна; адзіноцтва не абцяжарвае, а нават спрыяе ўнутранаму спакою.

Што ж? Выдадуць - буду жыць тут да суда, а там паглядзім, як вырашыць суд?!.

P. S. Сяньня першы раз за дзевяць дзён, пачынаючы з 20/І, меў вечарам "стул".


29. І. 27 г.

СУБОТА. Жыцьцё ў турме ідзець звычайным парадкам. А як пасьля нядаўняй сваёй галадоўкі, дык нават зусім добра: перамена настрою на лепшы, унутраны супакой.

Цікава, што дасьць у нашай справе сяньняшняе паседжаньне Сойму. Прадбачу - бура з боку Сабалеўскага [75], адзінага цяпер з Грамады ў Сойме, з боку Н.П.Х., славянскіх меншасьцяў і камуністаў, але… большасьць напэўна будзе за выданьнем. Ну, што ж? Будзем сядзець. Аднак-жа, не сумляваюся ні на мінуту, справа наша будзе ісьці сваім шляхам: ускалыхнутае народнае мора супакойвацца ня будзе: народ будзе дамагацца свайго, знойдуцца і адпаведныя кіраўнікі замест нас, так цяпер ізаляваных як я, што ня ведаю нават, што творыцца ў самай турме - ці ведаюць нават тут седзячыя палітычныя, што пяць паслоў беларускіх сядзяць тут у гэрмэтычна ізаляваных камерах пад адным з імі дахам.

Ад пракурора сяньня прыйшло паведамленьне мне і Тарашкевічу, якое мне прачытана, што № 7 "Нашае Справы" даручаны нам ня будзе. Для "увязьнёных" і "Наша Справа" "увязьнёна"!


30. І. 27 г.

НЯДЗЕЛЯ. "Dz[iennik] Wil[eński]" (суботні №) усьлед за "Gł[osem] Prawdy" паведамляе аб шырокай "дэнунцыятарскай" [76] працы пасла С. Ваявудзкага [77]. Н.П.Х. і камуністы ў Сойме выпусьцілі камунікат аб абароне Ваявудзкага ад нападаў фашыстоўскай пілсудчыны. Цікава, што прынясуць далейшыя дні ў гэтай справе.

Напісаў сяньня вялікі ліст жонцы. Цэлы дзень праглядаю прысланыя мне з 15/І аж 13 №№ "Głosu Prawdy" і чытаю "Коллектывізм" Вандэрвэльдэго [78].

На жаль вялікі, сяньняшняга "Dz[iennika] Wil[eńskiego]" не дастаў.


31. І. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. І газэты дастаў, а нічога новага не прынесьлі яны. Справа мая ў Сойме будзе вырашацца толькі ў чацьверг, 3/ІІ.


1. ІІ. 27 г.

АЎТОРАК. Чытаю "Семья Муратовых" Шэллера Міхайлава [79].


2. ІІ. 27 г.

СЕРАДА. Ну, заўтра ўжо, урэшце, Сойм скажа сваё слова! Напэўна выдасьць - большасьць Сойму без усялякага гумліву - будзе за гэта.

Шкода, што сяньня жадных газэт мне не прынесена; нават "Dz[iennika] Wil[eńskiego]". Што б гэта значыла? Ці ня сталася чаго ў самой турме?

Дастаў ізноў з дому пасылку бялізны і ежы. Ніяк не магу прывыкнуць - быць спакойным у гэты час: там жонка, гэтак вечна ўсё блізка прыймаючая да сэрца, чакае там пры браме турмы… Самы факт і зьмест пасылкі сьведчаць, што яна яшчэ не дастала майго ліста, напісанага ў нядзелю. Доўга ж у пракурора трымаюць нашыя лісты!

Гімнастыкай займаюся. Ем як у санаторыі, стараючыся нагнаць страчанае ў часе галадоўкі.


3. ІІ. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Сяньня вечарам дастаў ліст ад жонкі і сяньня адпісаў, каб заапекавалася нарыхтаваньнем маёй справы судовай з Лапурка [80], якая вызначана, здаецца, на 14 ці на 15/ІІ.

Цяперашняя мая справа лічыцца пад нумарам 39/27, як "więźnia śledczego" [81].

Высылаю ліст заўтра, у пятніцу.


4. ІІ. 27 г.

ПЯТНІЦА. Ліст жонцы выслаў. Няхай наймаюць там адваката. Хачу напісаць пракурору просьбу аб дазволе мне быць асабіста на судзе ў справе абвінавачваньня мяне і доктара Лапуркі за… [82] у друку.

Рэгуляміновая камісія Сойму ўчора 3/ІІ пастанавіла 7 проці 4 галасоў выдаць пяць паслоў. Сойм не разглядаў яшчэ. Рэфэрэнт пасол Добжаньскі [83] (Z. L. N. [84]) гаварыў 5 гадзін на тайным паседжаньні рэг[уляміновай] камісіі.


5. ІІ. 27 г.

СУБОТА. Учора 4/ІІ Сойм большасьцю галасоў пастанавіў выдаць пяць заарыштаваных паслоў.

Унёсак Шрайбэра [85] (Жыдоўскае кола [86]) аб паноўным разглядзе справы ў Рэгул[ямінавай] Камісіі (падкамісія з 3-х асоб для дэтальн[ага] разгляду справы) праваліўся: было "за" 106, а "проці" 163.

Іменнае галасаваньне за выданьне дало гэткія вынікі:

Тарашкевіч: "за" 159, "проці" 89, неважн. 12.

Рак-Міхайлоўскі: "за" 166, "проці" 83, неважн. 11.

Мятла Пятро: "за" 166, "проці" 83, неважн. 4.

Валошын: "за" 165, "проці" 85, неважн. 9.

Галавач: "за" 165, "проці" 84, неважн. 10.

Рэзультаты першага і другіх галасаваньняў выклікалі вялікую дэманстрацыю з боку меншасьцяў, Н.П.Х. і камуністаў.

Проці выданьня галасавалі: "Wyzwolenie", П.П.С., Н.П.Х., камуністы, жыды, немцы, беларусы, украінцы і пасол Хамінскі [87] з "Клюбу Працы" [88], які з-за гэтага перад паседжаньнем Сойму выйшаў з партыі "Клюб Працы".

"Związek Chłopski" [89] ад галасав[аньня] ўстрымаўся. Рэфэраваў унёсак аб выданьні ў Сойме пасол Добжаньскі (Z.L.N.); "за" выданьне выступілі: пас. Марвег [90] (Z.L.N.) і Строньскі [91]; "проці" выступілі: Рагуля [92], Шрайбэр, Лібэрман [93], Балін [94] і Сахацкі [95].

"N.P.Ch.", Stron[nictwo] Chłopskie [96], Piast, Wyzwolenie, Białoruska Hromada і Klub Ukraiński атрымалі 2/ІІ тэлеграмы з Масквы, датаваныя 31/І, ад "Крэстінтэрну", што апошні ня меў жадных стасункаў з зарыштаванымі пасламі і што жадным арганізацыям у Польшчы грашовых субсыдыяў не даваў.

У м. Косаве на Палесьсі мела мейсца 3/ІІ дэманстрацыя, у якой прыймалі ўчасьце сябры Грамады. Паліцыя страляла ў дэманстрантаў: 5 забіта і 5 ранена. У лічбе забітых апазнана трох сэкрэтароў гурткоў Грамады.

Сярод заарыштаваных у Валожынскім павеце 22 асобы сяброў Грамады, 16/І і пасаджаных у турму ў Вялейцы, некаторыя, як піша "Dz[iennik] Wil[eński]", былі адначасна "członkami" [97] К.П.З.Б.

Пасол Галка [98] выйшаў з "Вызваленьня" і цьвердзіць, што "Вызваленьне" праз Ваявудзкага даставала грошы на сваю працу ад 2-га аддзелу.

На трэці дзень пасьля заарыштаваньня 5 паслоў (а знача 18/І) Масква згадзілася на далучэньне да Савецкай Беларусі яшчэ 2-х паветаў ("Głos Prawdy"). Якія гэта паветы? Ці ня Себежскі і Невельскі!

Арышты сяброў Грамады, мусіць, выдатнейшых, адбыліся, як піша "Dz[iennik] Wil[eński]", амаль не ўва ўсіх паветах Зах[одняй] Беларусі. Значыцца, улада пастанавіла зусім зьліквідаваць Грамаду. Бо набліжаюцца выбары. Узялася ўлада ўжо і за беларускіх хадэкаў. Ксяндза Гадлеўскага [99] на 2 гады садзяць у кляштар у Горадні, ксяндза Шутовіча [100] вырываюць з Барадзеніч [101] і садзяць вікарам у Лідзе [102].

П.П.С на Палесьсі зрабіла зьезд з усіх паветаў палескіх. Відаць, рыхтуюцца ўжо да выбараў.

Пасол Гэльман [103] шуміць у Віленска-Троцкім павеце, закладаючы свой саюз дробных "rolników kresowych" [104].

Так, выбары, відаць, набліжаюцца.

Усім нам пяцём прышпілілі прыналежнасьць да К.П.З.Б. Значыцца, сядзім моцна. Ня здолелі проста заарыштаваць за Грамаду - дык ухітрыліся прышпіліць іншае. Абы толькі дапяць мэты.


6. ІІ. 27 г.

НЯДЗЕЛЯ. Чытаю "Бесы" Дастаеўскага [105].


7. ІІ. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Сяньня першы раз адведзіла мяне жонка. Як яна, бедная, гаруе: відаць з кожнага руху, з кожнае рысы твару… Спатканьне і гутаркі нашы адбываліся ў прысутнасьці паліцэйнага ахвіцэра турмы і "aplikanta rządowego" [106]. Апрача дробных хатніх справаў і адрочаньня судовай справы з Лапурка, ні аб чым ня можна было гаварыць, т. е. не датыкацца зусім справы абвінавачваньня цяпер майго.


8. ІІ. 27 г.

АЎТОРАК. З "Dz[iennika] Wil[eńskiego]" даведаўся, што ў Савецкай Беларусі адбылося больш 100 мітынгаў пратэсту проці белага тэрару ў Польшчы і тамаваньня рэвалюцыйнага руху - у зьвязку з арыштаваньнем паслоў Грамады. Найбольшыя дэманстрацыі пратэсту адбыліся нібы ў Менску, Мазыры, Слуцку, Бабруйску і Гомелю [107].

П.П.С. у Сойме ўнесьлі інтэрпэляцыю ў справе крывавых выпадкаў у часе маніфэстацыі ў Косаве-Палескім, дзе паліцыяй і "strzelcami" [108] ("Głos Prawdy") было забіта 5 асоб і цяжка ранена 5. Лічба лёгка-раненых невядома, адбываюцца арышты ўчасьнікаў дэманстрацыі.

В "Głosie Praw[dy]" даведываюся, што ў Сойме, у часе разгляду справы аб выдачы паслоў адбылася і паўтаралася тройчы небывалая дэманстрацыя з боку Н.П.Х., украінцаў, беларусаў і камуністаў, кончыўшаяся сьпевамі "Не пара, не пара" [109] і "Шалейце, шалейце, скажэнныя каты" [110].


9. ІІ. 27 г.

СЕРАДА. Прынесена цэлая кіпа газэт: "Kur[jer] Wil[eński]", "Robotn[ik]", "Głos Prawdy". Пераглядаю. Чытаю Іоана Фостэра Фрасэра [111] "Як Амэрыка працуе".


10. ІІ. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Напісаў ліст жонцы (ужо 4-ты), каб дастала паўнамоцтвы на пераказ ёй маіх грошай у Бел[арускі] каап[эратыўны] банк і каб аплаціла мае даўгі.

Сяньня быў пракурор Штэйнман з сваім заступнікам у маёй "цэлі". Звычайна, відаць, начальніцкі абход.

Жонцы сяньня напісаў і аб тым, каб забрала ад адв[аката] Родзевіча [112] і пераслала паслу Хруцкаму [113] ўнёсак аб выданьні мяне за мітынг у м. Лоск у 1923 годзе [114].

Пракурор быў у мяне ў камеры, у шапцы на галаве. Ня думаю, каб гэта была "форма" ("уніформ") афіцыйная пракурора, бо толькі ў гэтым выпадку ня можна было б закінуць яму недахоп узгадаваньня. Пры другіх такіх "адведзінах" яго зраблю - як пасол яшчэ Сойму - гісторыю яму, або і сам надзену пры гэтым шапку.


11. ІІ. 27 г.

ПЯТНІЦА. З "Kur[jeru] Wil[eńskiego]" даведываюся, што 30/І адбыўся зьезд "Партыі працы" ў Ашмяне. На Зьезьдзе было 70 дэлегатаў і каля 400 гасьцей. Выступаў пасол Хаміньскі, выціскаючы з Ашм[янскага] павету "пястаўцаў". Старшыня зьезду (сэкр[этар] "Wileńsk[iego] zarządu Wojewódzkiego, p. Gacki" [115]), адчыняючы зьезд, вітаў уладу ў асобе прысутных на зьезьдзе старасты і павятовага камэнданта, і прыбылых дэлегатаў.

Так, дзе не пасьпела апанаваць Грамада, дык лезуць туды і "Вызвал[еньне]", і "Пяст", і ўрэшце "Партыя працы".

У дэпазытавай кнізе турмы (дзе ўпісаны мае грошы) маё прозьвішча стаіць у гэтым годзе - 15/І. 27 г. - пад № 263. Сяньня 11/ІІ. 27 г., расьпісваючыся, іначай, сьцьвярджаючы дадатак у кантыне з маіх грошай, заўважыў я апошні № 573. Значыцца, за 27 дзён прыбыла народу ў Лукішках, 310 асобаў! Вось пакуюць!


12. ІІ. 27 г.

СУБОТА. Субота пачалася, як і кожны дзень. Але вечар гэтага дню прынёс надзвычайную мне неспадзяванку. (Пішу гэта з апазьненьнем на шэсьць дзён - 18/ІІ, бо толькі праз 6 дзён вярнулі мне мой гэты сшытак).

Вот жа ў суботу а 6 гадзіне вечара, чуць скончана была вячэра, адчыняюцца дзьверы маёй камеры ў Лукішках ("цэля" № 115) і дазорца заяўляе, каб я сабраў усе свае рэчы, бо зараз жа буду пераведзены з гэтае камеры.

Памятаючы, што начальнік турмы аднаго разу дэкляраваў даць мне больш сухую і чысьцейшую камеру і што гэта паўтарыў ён мне ў прысутнасьці пракурора Штэйнмана 10/ІІ, я хуценька зьвязаў пасьцель, склаў у прынесены дазорцай мяшок прадукты, закручваючы іх на скорую руку ў паперу - бо чаго ж там асабліва пакавацца, калі спадзяюся, можа прыдзецца перанесьці іх некалькі крокаў? - паклаў у мяшок свае кнігі - задачнікі і гэты сшытак - ды і кнігі турэмныя, што былі ў мяне з турэмнае бібліятэкі.

Гатова ўсё. Чакаю, калі паклічуць пераносіцца ў другую камеру… Хаджу па камеры, куру, і ўжо неяк нават не хацелася б пераносіцца ў другую камеру - прывык да першай сваёй - 115. Аж прыходзіць раптам ізноў дазорца і просіць аддаць яму турэмныя кнігі, не забіраць з сабой. Чаму, пытаюся, ці ж у новай камеры не прыйдзецца карыстацца з гэтай-жа бібліятэкі? Маўчыць; кнігі забірае і выходзіць…

Задумаўся я… Што б гэта значыла? няўжо зьбіраюцца нас вывезьці з Лукішак? Не, мысьлю, з якой жа рацыі? Але для чаго ж адабралі кнігі? Напэўна вывезуць! А куды? Ну, напэўна, у Стэфанаўскую турму ў Вільні. Бо Лукішкі і так перапоўнены; жарты, за 27 дзён прыбыло ўжо сюды 310 асобаў! Служба Лукішак - думаю - пераладована працай, бо ўжо паслы і Грамадаўцы сядзяць у адзіночках і па адным толькі ходзяць на спацыр, дык вартаўнікам і службе (дазорцам) зашмат працы і, мусіць, дзеля гэтага пракурор пастанавіў перанесьці нас у Стэфанаўскую турму.

Ну, што ж? У Стэфанаўскую дык у Стэфанаўскую, абы толькі не з Вільні.

Прыходзіць дазорца, бярэць адзін клумак, я другі, ідзем па калідору. "Направа?" - пытаюся. "Не, проста, а потым налева!". Камера, да выходных дзьвярэй… Ага, значыцца выяжджаць прыдзецца…

Пакой для баданьняў… Што гэта?! Тут укладаюць свае рэчы Мятла, Валошын, зараз прыходзіць за мной сюды ж Тарашкевіч і, урэшце, праз мінуты дзьве, Галавач… Чыноўнік магазыновы варочае нам забраныя ў мяне 15/І рэчы, квітуем атрыманьне з паваротам (але толькі квітуем, а грошай на рукі не даюць) сваіх грошай, што былі ў дэпазыце турмы.

Можа звальненьне? Шэпт чуваць тарсасьць (?) [116]. Якое ж, кажу, звальненьне, калі грошай не варочаюць, ды бачыш, колькі стаіць у калідоры паліцыянтаў.

Уваходзіць у гэты ж пакой камэндант паліцыі… "Куды ж вы нас высылаеце?" - пытаемся ў начальніка, прысутнага тут, ды ў інспэктара. "Ня ведаем" - адказваюць. Пытаемся ў камэнданта: "Куды ж вы нас павезіцё?". - "Я і сам ня ведаю". Што за туманы?... Ну, зразумела, не скажуць; трэба ж трымаць усё ў сакрэце, каб перавозка абыйшлася ціха.

Грошы нашыя з дэпазыту, гадзіньнікі і легітымацыі пасольскія забірае сабе камэндант паліцыі, прыстаўляе да нас па адным паліцыянту - у кожнага карабін у руках, штык пры боку, патранташы на поясе - пералічвае нас, спраўджае прозьвішчы, зайшоўся ў канцэлярыю на хвіліну - мусіць расьпісацца ў атрыманьні нас, пяцёх, і - павялі.

На хаду, па калідоры, прашчаемся з начальнікам і інспэктарам, дзякуем за людзкае абыходжаньне з намі, голас Мятлы чуваць - "я так прывык ужо, што нават шкода расставацца з Лукішкамі!". Выходзім. Іду першым. За мной паліцыянт, як і за кожным. Нясу ўжо сам абодва свае клумкі. Панадворак. Вялікі грузавы закрыты з усіх бакоў аўтамабіль. Садзімся туды, чарадуючыся з паліцыянтамі. Шуміць матор; асьвятляе нас у аўто старэйшы паліцыянт ліхтарыкам: "Proszę w drodze zupełnie nie rozmawiać!" [117]. Гасіцца ліхтарык. У аўто - пяць паслоў і 6 паліцыянтаў; побач з шофэрам камэндант. Рэшта паліцыянтаў на другім аўто, якое сунецца за намі.

Я сяджу ў правым пярэднім куце; праз ваконца маленькае сьпераду бачу праз нейкі час, што едзем… па Завальнай вуліцы! Значыцца, не ў Стэфанаўскую турму ў Вільні?! Ага, вывозяць з Вільні. Няўжо ў Варшаву? Прыглядаюся ізноў… Не, гэта не Завальная… Едзем на Антокаль… Што гэта? Няўжо-ж расстрэл? Пачынаю ўважлівей прыглядацца, але далей перашкаджае ўжо мне паліцыянт; забараняе глядзець.

Аўтамабіль сьцішае ход, застанавіўся. Выходзім. Гляджу… Не, не Антокаль! А вуліца за чыгуначным мастом на Вострабрамскай, вуліца, што ідзець роўналежна чыгунцы, адгароджанай тут высокім таўстым частаколам. У агародцы гэтай адчынена ўжо фортка. Уваходзім, падымаемся па сходках наверх, на чыгуначны насып… Вагон з закратаванымі вокнамі; пры вагоне некалькі паліцыянтаў і 2-3 шпікоў з начальнікам палітычнае паліцыі на чале. (Той самы начальнік, што арыштаваў мяне). Пасколькі з аўто вылез я апошнім, дык апошнім падымаюся ў вагон, нікога ўжо з паслоў ня бачу; мяне запіраюць у цесную "цэлю"; два маленькія ўвярху закратаваныя ваконцы, дзьве лаўкі, столік; шчыльна зачыненыя і замкнутыя дзьверы.

Сьцюдзёна. Вагон не агрэты. Стукаю ў дзьверы, клічу камэнданта, прашу паклапаціцца аб атапленьні вагона. Наўмысьля гутару моцна, каб другія чулі, дзе сяджу. Камэндант адказвае, што як прычэпяць да цягніка, дык будзе цёпла; прапануе услугі паліцыянтаў-канвойных наконт вару і газэт. Даю чайнік. Прыносяць гарбату мне, газэты, запаліў сьвечку, чытаю сяньняшняга "Dz[iennika] Wil[eńskiego]", учорашнюю "Warszawiankę" [118]; п'ю гарбату, грэюся.

За сьцяной пачынае адзывацца, кашляць Тарас [119] - сусед. Стукае ад холаду нагамі.

Сьцюдзёна, страх проста! Мароз к вечару куды як пакрапчэў.

Ну, празябну - думаю сабе. Добра яшчэ калі толькі ў Горадню, а як жа далей?! Гэтакі холад, а звычайныя цягнікі гэтак марудна ідуць. Хоць бы не далей Беластоку.

Доўга цягаюць туды-сюды нашу рухомую, слаба асьветленую турму. З вакна нічога абсалютна не відаць. Прычапілі, урэшце, да цягніка. Сьвісток; паехалі. Упэўнены я зусім, што едзем на заходні паўдзён. Так, едзем з вячэрнім цягніком, што едзець праз Горадню і Беласток у Варшаву.

Разы два-тры адчыняюць на мой стук дзьверы маёй камеры (розныя вымысьляю прычыны, каб толькі выйсьці, абы толькі пагутарыць). Прабую даведацца ад паліцыянтаў, - куды вязуць нас? "Ня ведаем!" - адно цьвердзяць. І запраўды, ня ведалі яны абсалютна, куды павінны ехаць з намі. Гэта сьцьвердзілася пасьля.

Як мінулі Горадню, ну я парашыў тады, што абавязкова вязуць нас у Беластоцкую турму, якая дастасавана да адбываньня "ciężkiego więzienia" [120].

Але ж у Беласток звозяць вязьняў, як маняцца абменьваць іх з Літвой ці з Саветамі… Няўжо ж на абмен?! Не! Яшчэ ж і суду не было.

Рашаю адно. Проста вязуць у Беласток, каб далей было ад сваякоў, каб пазбавіць нас прыносу з дому - як гэта было ў Вільні - ежы, каб утрудніць і ўмарудзіць перапіску, каб пазбавіцца дакукі ад аб'ясьненьняў з нашымі жонкамі наконт сьвіданьняў і г. д.

Значыцца, у Беласток. Так, не іначай! Але каго ж гэта вязуць яшчэ з намі ў вадным вагоне? На другі ж бок вагону налічыў я яшчэ пяць цэляў. А мо' пустыя? Не! Чуваць стукі і адтуль… Аднак голас незнаёмы нейкі. Цікава!... А куды ж іх? Можа так, як і нас, у Беласток…

Сьцюдзёна! Ох, як сьцюдзёна. Скачуць з нагі на нагу і паліцыянты ў калідоры. Амаль не на кожнай станцыі клічуць кандуктара і істопніка, каб паправіў трубы для аграваньня. Стукаюць малаткамі, чую - круцяць нешта, ізноў стукаюць і не памагае. Холад і мароз як і раней. На маё новае стуканьне і інтэрвэнцыю да камэнданта канвою наконт аграваньня камэндант выясьняе, што паправіць трубаў аказалася немагчымым…

Замыкаюць ізноў мае дзьверы. Пачынаю грэцца гімнастыкай. Закручываю ногі коўдрай, падымаю іх на стол і прыкрываю зьверху падушкай, аблакачываюся ў куце на другі клумак і пачынаю драмаць…

…Чую ўзможаны рух на калідоры за дзьвярмі. Нарада, як вывадзіць нас. Ага, значыцца, ужо ў Беластоку, думаю сабе. (Але ўжо гэта нядзеля).


13 лютага 1927 г.

НЯДЗЕЛЯ. Выходзім з вагону. Абапал кожнага з нас паліцыянты. Шмат новае паліцыі. Выстраіваюць нас у шарэнгу. Аж бачу, што акрамя нас, пяцёх паслоў, стаяць у шарэнзе Астроўскі, Коўш, Бурсэвіч, Акінчыц [121] і Назарук. Ага, вот каго яшчэ з намі транспартуюць.

Зьдзіўленьню майму няма меры: гэта ж не беластоцкі вакзал, а "dworzec Wileński" [122] у Варшаве. Вось куды нас прытарабанілі - думаю. Значыцца, у Макатоўскую турму павязуць. Відаць, для таго, каб лягчэй тут было рабіць канфрантацыю з арыштаванымі нядаўна камуністамі (бо закідаюць жа нам кантакт з К.П.П. і з К.П.З.Б.).

Вядуць нас на панадворак вакзалу ланцугом, аднаго за другім; за кожным ідзець паліцыянт. Кругом - маса паліцыі. Стаіць на пэроне публіка, прыглядаецца. Чуваць галасы: "komuniści, na pewno" [123]. Тарас, Мятла, Галавач, Акінчыц, Бурсэвіч - усе абросшыя за месяц бародамі.

Панадворак бакавы пры вакзале. Дзьве турэмныя чорныя карэты крытыя, запрэжаныя па пары добрых коней; вакенцы ў карэтах маленькія, закратаваныя і заплеценыя дротам. Кругом карэтаў конная паліцыя з голымі шаблямі. Бачу на карэце аднэй надпіс: "Więzienie karne. Długa 13" [124]. Дык што ж гэта за новасьць? Значыцца, не ў Макатоўскую, а ў нейкую турму захудалую на "Długiej". Прабую даведацца ад паліцыянта - куды едзем. Ня ведаю!

Саджуся першым у карэту. Рассаджываюцца другія. Прыказ - не гаварыць у дарозе. З намі ў карэце той жа віленскі канвой.

Шыбка нясецца па варшаўскім бруку наша карэта першай. Абапал карэты скачуць конныя паліцыянты з голымі шаблямі ў руках. У ваконца бачу - праехалі ўжо мост Панятоўскага, едзем па Маршалкоўскай, народу на вуліцах мала - раніца, гадзін 7. Коні рысьсю ідуць увесь час. Раптам бачу, што павярнула карэта наша на Хмельную, што пры "Dworcu Głównym" [125]. Няўжо ж, думаю сабе, на другі вакзал нас толькі перавозяць? Значыць, павязуць недзе далей. І запраўды, карэта застанаўляецца недзе ў незнаёмым мне пункце на Хмельнай вуліцы.

Нейкі час сядзім яшчэ ў карэце. Адчыняюцца дзьверы, пачынаем выходзіць, я - апошні. Ізноў усе выстраены на пэроне - далёка ад будынку вакзалу - ізноў пералічаны і - садзіцца ў другі вагон, па двое ў кожнае купэ і па двое паліцыянтаў-канваіраў.

Вагон прасторнейшы, чысьцейшы, а самае галоўнае - цёплы. Добра. Пападаю ў купэ, дзе ўжо сядзіць Коўш. Вітаемся, паліцыянты напамінаюць, што гаварыць ня можна.

Камэндант прапануе нам услугі канвою для набыцьця вару і газэт, папяросаў, ежы. Набываем.

Пытаемся камэнданта, куды ж, урэшце, ён думае яшчэ везьці нас? У Пазнань? У Вронкі [126], ці ў "Świętokrzyskie więzienie" [127], дзе, як ужо ведама, больш трох гадоў ніхто выседзець ня можа, умірае, як ужо было сьцьверджана з трыбуны Соймавай прадстаўнікамі "komisji więziennej" [128]. Камэндант адказвае, што яму самому ня ведама. Ну, паложым, яму то ведама, але трэба трымаць у сакрэце, бо іначай, калі б ведалі мы ў Вільні, што вывозяць нас да "Świętokrzyżа", дык так спакойна не далі б сябе вывезьці.

Няўжо ж у "Świętokrzyskie"? Скандал, павольная сьмерць, а галоўнае - сазнаньне таго, што цябе там чакае.

Каб хоць трохі з'арыентавацца, пытаюся камэнданта аб маршруце дарогі і ці хутка даедзем. "Nie wiem" [129] - і толькі.

Сумна. Дзялюся ўкрадкай і адрывачна сваімі домысламі з Коўшам. Той - зусім дрэнна настроены, упаў духам. Пачынаю разважаць яго (а пры гэтым і сябе!), што пабаяцца публічнае апініі, не павязуць да "Święt[ego]. Krz[yża]", праз дні 2-3 ужо будзе ў газэтах, куды нас вывезьлі. Дазнаюцца ж нашы сем'і ў панядзелак у Лукішках, што нас ужо там няма, пачнуць дабівацца праўды ад пракурора, зацікавяцца гэтым некаторыя з паслоў у Сойме. І калі толькі ў "Św[iętym] Krz[yżu]" апынімся, дык скандал будзе ў Сойме, у прэсе загранічнай, а тут яшчэ сьвежа прачытаная газэтная вестка, што выдатнейшыя сябры "Ляйбар[ысцкай] партыі" [130] просяць лістом прэзыдэнта і Пілсудзкага [131] аб амністыі для палітвязьняў у Польшчы. Не, у "Św[ięty] Krz[yż]" нас не павязуць.

"А можа нас амністуюць?!" - шэпча зьбялелымі губамі ўвесь час бледны ўсё Коўш. Сьмяюся я. Новае пытаньне Коўша шэптам: "А можа нас вязуць куды-небудзь у глуш, каб расстраляць?". - Ды кіньце Вы чорныя думкі!" - урэшце голасна ўжо кажу яму я. Азіраецца паліцыянт і напамінае, што трэба маўчаць.

Пачынаю сьнедаць. На мігі прапаную Коўшу гарбату і закуску. Адмаўляецца, ня можа есьці. Сядзіць замысьлёны.

Прыносяць газэты: раз… [132] усё-ж. Цягнік а гадзіне 8½ - 9 рушыцца з мейсца. Вагон наш блізка да паравоза, цёпла. Пачынаю загаварывацца з канвоем. Пры грукаце цягніка яны сьмялей і падтрымліваюць гутарку. Дрэнная пэнсія іх, цяжары і беспакойства службы - першыя тэмы. Далей - болей, час уплывае патроху. Гутару патроху ўрыўкамі і з Коўшам. Коўш у расе.

Прыходзіць камэндант, бачыць на Коўшу расу і крыж; пачынае камэндант усправедлівяць сябе, што ён ня ведаў аб духоўным сане Коўша і дзеля гэтага толькі эскартуе і Каўша мундуравая паліцыя. Але што і сам "ksiądz proboszcz" [133] вінен, чаму не патрабаваў, каб паліцыянты былі для яго пераадзеты ў цывільнае. Просіць па-начальніцку, аднак жа прабачэньня ў Каўша; кажа, што яму (камэнд[анту]) могуць быць па скарзе Каўша непрыемнасьці… Коўш урачыста заяўляе камэнданту, што ён і ня думаў і ня думае падымаць з-за гэтага справу і ніколі не падыме.

"Але куды ж Вы нас вязіцё? пане камэндант?" - пытаецца Коўш. - Можа ў Пазнань? - "Nie wiem!" - адзін адказ увесь час.

Патроху ўрыўкамі перакідваемся пад грукат калёс фразамі з Коўшам. Ён бачыўся ў Лукішках, так як і я, з сваёй жонкай; што яна пры спатканьні не плакала, а жонка Астроўскага на адведзінах мужа свайго не ўстрымалася і заплакала. "Маладзец, думаю сабе, мая Надзя: нэрвовы чалавек, а ўсё ж узяла сябе ў рукі і гутарылі мы з ёй нешта мінут 20 зусім спакойна і нават нібы весела, жартуючы і радзячы толькі адно аднаму дбаць аб здароўі".

Едзем. Цягнік ідзець добра. Ніяк не магу з'арыентавацца, куды едзем. Незнаёмыя нейкія станцыі і назвы іх. Першы раз на гэтай дарозе… Па доўгай падарожы (такой, прынамсі, выдалася яна мне) урэшце станцыя "Łódź" [134]. Дык куды ж мы едзем? У Пазнань, напэўна!

Прыяжджаем увечары ў Пазнань. Ну, думаю, скончылася наша трасаніна ў вагоне! Без малога суткі ў рухомым вагоне. Жарты?!

Зьвязваю свае клумкі, рыхтуюся да выхаду. Думаю, што ў Пазнані павінна ж быць, ды напэўна і ёсьць турма. Ужо, нават, рады я і дзялюся гэтым з Коўшам, што "Św[ięty] Krzyż" мы абмінулі; ня будзем там. Будзем у добрай турме ў Пазнані.

Чакаем прыказу выхадзіць. А ўсё вагон наш стаіць і стаіць. Выхадзіць не прапануюць; камэндант кудысьці прапаў. Праходзіць паўгадзіны, гадзіна. Пачынаюць цягаць наш вагон туды-сюды. Праходзіць яшчэ колькі часу. Прычапляюць да цягніка. Едзем, нібы, на захад, а праўдзівей усяго на паўднёвы захад. Так нам выдаецца. Куды? Ніхто ня ведае. Камэндант упарта маўчыць.

Прыяжджаем каля 9 гадз. увечары на нейкую захудалую станцыю: у фанарох на пэроне цьмяныя звыклыя танныя лямпачкі; цьмяна асьветляны толькі два-тры вакны малага станцыйнага будынку. Кругом цемра. Стаім мінут 20. Руху на станцыі жаднага. Злучыліся ўжо і канваіры нашыя, выехаўшыя з дому на скорую руку і не спадзяваючыся такой далёкай падарожы. Наш вагон ужо адчэплены. Паравоз ад'ехаў. Абходзіць камэндант нашыя купэ-камэры і апавяшчае, што можам класьціся спаць, бо невядома колькі часу прыдзецца быць у гэтым вагоне, бо няведама, ці паедзем адсюль і куды паедзем. "А ў Пазнань мы ня вернемся?" - пытаюся. "Невядома" - адказывае. - Хутчэй за ўсё, што не!".

Што за таямнічасьць, чым яе тлумачыць? Куды ж нас думаюць запакаваць? Здаецца ж на захад далей і турмаў вялікіх нідзе няма, ды і граніца ж нямецкая блізка? Куды ж нас вязуць? А мо' на гэтай станцыі глухой высадзяць каля поўначы, і проста павядуць у поле? (Прыпамінаецца мне ранейшы домысл Каўша аб магчымасьці расстрэлу. Адкідаю, аднак жа, гэту думку).

Змучаны больш як суткі цэлыя сядзеньнем у вагоне, хвалююся домысламі аб мейсцы нашае ссылкі. Супакоіваюся, урэшце, пачынаю драмаць… Сьвісток паравоза. Чую - прычапляюць нас. Паліцыянты-канваіры кажуць, што ўжо пасьля 10 гадзіны ночы. (З нас арыштаваных ніхто ня мае ні гадзіньніка, ні грошай, ні нават ножыка).

Едзем, ізноў нібы на захад. Пры паравозе толькі адзін наш вагон, як кажуць паліцыянты.

А 12 ½ ночы прыехалі. "WRONKI" - бачым надпіс на станцыі. На пэроне стаяць асобы ў турэмных форменных вопратках. "Адміністрацыя турмы "Вронкі", думаю. Дык вось куды нас прывезьлі!

Прыказ зьбірацца, выхадзіць. Ізноў выстраіцца. Ізноў адзін за адным, у перамежку з канваірамі-паліцыянтамі ідзём па дарожцы ўпрост да нейкі высокіх цёмных гмахаў. Абгародка - каменная высокая сьцяна. Турма "Вронкі", дзе найбольш адбываюць "ciężkie więzienie".

Уваходзім у шырачэзны калідор і доўгі былой нямецкай турмы. Нас 10 чалавек, паліцыянтаў чалавек 20, некалькі чалавек турэмнае адміністрацыі і службы.

Расстаўляюць нас кожнага з яго клумкамі пры дзьвярох паасобных цэляў. Мяне пры 17, Астроўскага пры 15 і г. д., усё праз адну цэлю… Ідэальная ізаляцыя!... Па другі бок калідора бачу пры дзьвярох № 6 Тараса. Усіх праз адну цэлю.

Мая цэля (17) - першая з краю, з яе і зачынаюць. Адчыняюць дзьверы, запаліваюць электрыку. Уваходжу. Камера - большая, чым у Вільні я меў - шырэйшая на цэлы шаг; сьцены і суфіт чыста выбелены.

Праз некалькі мінут мусіць ужо ўсіх зачынілі. Уваходзіць начальнік турмы і камэндант, які прывёз нас. "Здача - прыём", думаю.

Цішыня ўвесь час на калідоры, якая была і пры нашым уваходзе. Дзьверы адчынены. Паліцыянты яшчэ ўсе на калідоры, бачу праз дзьверы; глядзяць у камеру.

Называю начальніку - на яго запытаньне - сваё прозьвішча; той аднатоўвае ў сьпісе, які трымае ў руках, і прапануе лажыцца ўжо і адпачываць з дарогі. "А рэчы свае, што за дзьвярмі, у калідоры, я магу забраць да цэлі?" - пытаюся начальніка. "Не, яны падлягаюць перагляду" - адказывае.

"Dobranoc". "Do widzenia" [135] далі на адходзе і - загрохалі дзьверы і замкі.

Так - Вронкі!

Цэля не агрэта; сьцюдзёна. Разьдзяваюся і кладуся спаць. Закрываюся як мага цяплей. Раптам - праз мінут 15 - адмыкаюць - чую - дзьверы, лямпачка электрычная яшчэ гарыць, уваходзяць двое чыноў турэмных і рэвізуюць маю адзежу.

Усё ў парадку. Выйшлі; замкнулі дзьверы. Кладуся аканчальна спаць.


14. ІІ. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Раніца. Сьвітае. Тры разы па пяць удараў у звон. Запальваецца лямпачка. Уставаць. Кава і хлеб. Мая ежа, прывезеная з сабой, і рэчы яшчэ за дзьвярмі. Без свайго цукру кава - не смачная. Але галодны я і холадна ў камеры; сьпяшаюся піць каву, пакуль гарачая; чуць выпрасіў, каб далі мне з свайго клумка пачку папяросаў.

Камера чыстая, прасторная: 7х4 крокаў; суфіт - скляпеньне. Чыста выбелены. Падлога асфальтавая, чорная; такія ж дзьверы і падаконьнік, укосны; вакно на шэсьць шырокіх шыбаў; прасьвет яго большы ў шырыню, чым у вышыню. Ніжні край вакна нароўні з галавой. Ніжэйшыя тры шыбы зьлёгка матавыя; замест форткі адчыняецца адразу ўся верхняя частка рамы з трыма шыбамі. Ад кручка-засоўкі спускаецца ўніз палка, за якую, цягнучы, адчыняюць верхнюю частку вакна.

Чорны калёрыфэр (чорная, у тры вяршкі ў дыямэтры труба ад падлогі да суфіту) цэнтральнага апаляньня ўжо награваецца. Грэю каля яго рукі. Грэюся гімнастыкай.

Столік белы на чатырох ножках, пераносны. Гэткі ж зэдлік. На сьцяне шафка, а ў ёй турэмныя шчоткі для абутку і адзежы, сальнічка, дошка "для мяса", каменная белая міска і шклянка; на вешалцы над шафкай - ручнік, сьцірка для судзьдзя і мяшок-капшучок для нажа сталовага. Гэта ўсё пры правай ад дзьвярэй сьцяне. У пярэднім куце пры гэтай сьцяне - бліжэй да вакна - вешалка для вопраткі, а ў заднім куце - бліжай да дзьвярэй - калёрыфэр.

Пасярэдзіне, пры левай сьцяне, стаіць ложка. У куце каля дзьвярэй стульчак для "начнога судзьдзя", таксама белага, каменнага. У пярэднім куце, што да вакна - жбан-гарлач для вады, белая міска для ўліваньня і невялікае вядро для бруднае вады; на нізкай вешалцы - шчотка-мяцёлка для падлогі, савочак для сьмяцьця, анучка для сьціраньня пылу і другая для выціраньня вакна, як яно запатнее. Усё прадугледжана і кожная рэч мае сваё мейсца. Сплювачка таксама белая, каменная. Усе рэчы чысьцюсенькія, як і бялізна на ложку, дзе коўдра ўложана ў чысты чахол.

Агульнае ўражаньне куды лепшае, чым у Лукішках; відаць - турма тут багацейшая на рэчы, пазасталыя ад былых заборцаў - немцаў, і адміністрацыя стараецца падтрымліваць раней заведзены тут парадак.

6 гадзін рана ўставаць; 7 - кава; 10 - вар; 10-11 спацырую на панадворку-палісадніку; (а перад гэтым а 9,40 [136]) а 12 гадзіне абед; а 3.30 вар для гарбаты; 6 - вячэра; 7 - спаць, але я выгаварыў сабе права класьціся спаць а 9 вечара, прыплачваючы за 2 гадзіны электрыкі (бо сьвечкі паліць у камеры не дазваляецца; ды гэта і добра; няма чаду і дыму ад іх).

Цэлы дзень ішла разборка і рэвізія важных рэчаў; толькі вечарам выдалі мне ў камеру мае прадукты, затрымаўшы ў дэпазыце непатрэбнае мне: партфэль, пулярэс, гадзіньнік, лішні ручнік, дзьве пасьцілкі, восем сьвечак, 2 свае шчоткі - для вопраткі і абутку.

Раскладаю, парадкую, абжываюся.


15. ІІ. 27 г.

АЎТОРАК. Сяньня ўжо месяц майго турэмнага жыцьця.

Пачынаю карыстацца тут кнігамі з турэмнае бібліятэкі.

Выпісаў сяньня сабе "Głos Prawdy", "Gazetę Poranną Warsz[awską]" [137], "Dz[iennik] Wil[eński]". Але, відаць, хутка не давядзецца атрымліваць іх, бо адміністрацыя аб усім зьвяртаецца да Віл[енскага] Пракуратара.

Задачнікі, прывезеныя мною, затрыманы адм[іністрацыяй] турмы і будуць аддадзены толькі пасьля атрыманьня дазволу ад Пракурора, як паведамлена мяне.

Абагрэта мая камера зусім добра. Суха і цёпла. Дыванік-войлак аберагае ногі ад холаду асфальтавае падлогі.

Умовіўся плаціць за дадатковыя гадзіны за электрыку; маю сьвет да 9 гадзіны.


16. ІІ. 27 г.

СЕРАДА. Прывыкаю тут. Знаходжу, што нават лепі, чым у Лукішках. Ува ўсім парадак, чыстата і акуратнасьць. На калідорах ціха; дазорцы далікатны.

Спацыру маю гадзіну. Цікава ў гэтым розьніца паміж Лукішкамі і Вронкамі. Там - на невялікім панадворку пярацёнявідная [138] дарожка, шырынёй аршыны два; тут - мы адзіночнікі спацыруем на доўгім і шырокім панадворку-палісадніку; але каб ня мог чалавек разглядзецца на бакі, на вокна турмы, спацыр адбываецца на градцы (ляха), якая мае форму эліпсіса, прычым вышыня градкі будзе паўтары пядзі, шырыня верхняе плошчы (па якой ідзеш) мае дзьве пядзі (толькі!), ніжняя частка градкі - чатыры пядзі шырыні; градка насыпана з звычайнага грунту, чуць азірнешся ці паглядзіш убок - зараз нага спаўзе з градкі і сам пахілішся, што зараз жа заўважа пільнае вока вартаўніка-"дазорцы". Хітрая спадчына ад немцаў!

У Лукішках вартаўнік у часе майго спацыру меў заўсёды толькі рэвальвэр, ды і той на поясе пад кажухом, а тут - заўсёды карабін на плячы. Адразу неяк надта прыкра гэта было, а цяпер і не зважаю, не прымячаю.


17. ІІ. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Закупіў сабе пісьменных прыладаў і ежы трохі.

Напісаў сёньня ліст жонцы і ліст да Бел[арускага] каап[ератыўнага] банку ў Вільні з просьбай, каб мае ўклады і грошы на бягучым рахунку былі пераведзены на імя маёй жонкі.

Аднаабразнае ўсё ж такі жыцьцё: адзін дзень зусім падобны да другога, задачнікаў мне яшчэ не вярнулі: творчай працай заняцца нельга.

Чытаю, займаюся старанна гімнастыкай, ем і ем, убіраю свой пакой-камеру. Цёпла, аж душна, часта праветрываю, "напушчаю кіслароду" - мімаволі ўспомніўся выраз Уласава. Відаць, што мусіць ён прывык у турме свайго часу (як рэдактар) [139] "напускаць кісларод" і прыглядацца, каб нічога не было на падлозе, бо і я прымячаю за сабой, што гэтая прывычка пачынае ў мяне разьвівацца.


18. ІІ. 27 г.

ПЯТНІЦА. Ужо мусіць апублікавана ў газэтах аб ператранспартаваньні нас з Вільні, бо "Głos Prawdy", які я даставаў у Лукішках, ужо прыходзіць мне сюды. Сяньня дастаў №№ яго за 15 і 16. ІІ.

У адным з старых №№ "Gł[osu] Pr[awdy]", якія дастаў я сяньня, з паваротам з канцэлярыі турмы, выпадкова знайшоў надта цікавую для сябе зацемку, на якую мушу зарэагаваць. Гэта - у № за 19/І -27 г. пад загалоўкам: "Jak posłowie zachowują się w więzieniu?" [140] надрукавана, як тэлеграма з Вільні ад 18/І ніжэй паданае:

"Aresztowane posłowie Taraszkiewicz i Rak-Michajłowski osadzeni w więzieniu na Łukiszkach usiłują demonstrować, łamiąc znajdujące się w celi przedmioty i napadając na funkcjonarjuszy więzienia. Aresztowani domagają się zwolnienia" ("A. W."). [141]

Хто пусьціў у ход вымысел? Каму гэта было патрэбна?... Хоць ужо цяпер позна, але напішу начальніку Лукішскае турмы, каб зрабіў спраставаньне, ды каб выясьніў гэтым, што не ламаньне мэбляў у турме (чаго абсалютна не было) паслужыла прычынай пераводу нас у Вронкі, а нейкія іншыя камбінацыі пана Мейштовіча.


19. ІІ. 27 г.

СУБОТА. Ура! Сем'і нашы ня толькі ўжо ведаюць аб перавозе нас у Вронкі, але і помняць добра аб нас. Сяньня дастаў прывезеную мне з Вільні бялізну і ўсякае ежы; у выбары прадуктаў відаць руку жонкі маёй. Але цікава, што на карце сьпісу рэчаў значыцца - ад Веры Тарашкевіч [142]. Відаць, згаварыліся нашыя кабеты-гаротніцы, каб па чарзе пад'яжджаць сюды і прывазіць усё нам патрэбнае. Дык, відаць, што Вера Тарашк[евіч], дастаўшы, можа, яшчэ дазвол на сьвіданьне з Тарасом, прыехала першая. Магчыма нават, што таварышыў ёй у дарозе дзядзька яе сэнат[ар] Уласаў, бо дарога і далёкая, і незнаёмая. Ды, здаецца, прадуктамі яна надзяліла ня толькі мяне, ну, вядома, і свайго мужа, але, мусіць, і другіх, бо сяньня нешта наогул рух нейкі адбываўся на нашым калідоры перад і пасьля атрыманьня мною ад яе прадуктаў. (Вядома, што прадукты гэтыя атрымліваюцца заўсёды праз турэмную адміністрацыю).

Маю цяпер ежы надоўга… Цікаўную, дапраўды, заўважыў я за сабою рэч адну, у турме, і то ня першы раз сяньня. Як з'ясі, чалавек, уволю, дык лепшы мой настрой, весялейшы, і нейкі ўнылы настрой апаноўвае цябе, калі нясмашнае нясеш да рота і ўстаеш з-за стала з напаўгалодным жыватом. На волі розьніца гэтая ня так рэзка вызначалася.


20. ІІ. 27 г.

НЯДЗЕЛЯ. Неяк так манатонным становіцца жыцьцё ў турме, што мусіць я ў скорым часе зусім закіну гэты свой дзёньнік… Няма жадных новых уражаньняў, ад жыцьця адарваны, няма тых падмываючых душу, да працы пытаньняў, якія меў на волі. Вось тых часоў дзёньнік, дык быў бы цікавы, але… не было калі яго весьці… А цяпер? Цяпер - ёсьць час, ды няма аб чым пісаць. Хіба вось што! Напісаць сваю аўтабіяграфію. Яна ж такі, прызнацца, далёка ня бедная ў мяне. Так, напісаць…


21. ІІ. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Які слаўны пагодны дзянёк сяньня! Неба яснае, чыстае, сонца грэе зусім па-веснавому; заглядала ўчора папоўдзень і сяньня ў маю камеру. Аж весялей неяк! Здаецца, што ўжо не адзін. Сьветла, ясна! Спацыр у такія дні куды цікавейшы, чым у пахмурныя. Тады - нудна, не так ужо каб надта, але ўсё ж нудна.

Учора і сяньня - зусім вясна. Сьнегу тут ужо зусім няма. Ды як дазорцы кажуць, дык тут і ў сярэдзіне зімы рэдка ўтрымліваецца сьнег падоўгу. Зусім - захад, Эўропа!

Што гэта?! Сяньня ізноў прадукты дастаў ад Веры Тарашкевіч: сала, хлеб, гарбата. Няўжо яна, гаротніца, сядзіць тут ад суботы?

Бедныя аднак жа гэтыя нашыя жонкі! Яны, відаць, больш адчуваюць гора і зьвялічаюць яго больш, чым мы… Я, прынамсі, зусім спакоен, а выабражаю сабе, што творыцца ў душы Надзі? Так яна ўсім праймаецца!

Сяньня вярнулі мне, урэшце, задачнікі, і далі дазвол трымаць у камеры чарніла і пяро. Але неяк - ліха яго ведае! - і ахвоты няма прыймацца за працу. Ахвотней неяк чалавек бярэцца за кніжку Славацкага [143], нават Крашэўскага [144]. Прыемней і лягчэй! Ці то яшчэ мазгі патрабуюць адпачынку, што няма дагэтуль зуду да творчай працы?

Дастаю дагэтуль толькі "Głos Prawdy". Ды і з таго інспэктар нешта выразае; відаць, што весткі з жыцьця турмаў - аб галадоўках, забурэньнях і г. д. Бо на маю інтэрвэнцыю сяньня ён у гэтай справе даў у адказ, што выразаюцца весткі, зусім не датычачыя маёй справы, за якую сяджу, але што ёсьць правілы, якія забавязваюць яго выразаць тое з вестак газэтных аб жыцьці ў турмах, што магло б уплываць на псыхалёгію вязьня…

Дастаў сяньня ліст ад жонкі. Ведае, бедная, аб усім і ўважае "вываз" нас з Вільні як страшную жорсткасьць. З ліста бачу, што сюды прыехалі для падрыхтаваньня дакармленьня нас усіх Ант[аніна] Астроўская і Вера Тарашкевіч, якіх падарожу аплачваюць усе сваякі заарыштаваных-вывезеных, у складчыну.

Дастаў, урэшце, выпісаны мною "Kur[jer] Wil[eński]" за 16, 17, 18. ІІ і "Gł[os] Pr[awdy]" за 17.ІІ. Усе газэты маюць шмат выразаных мейсц.


22. ІІ. 27 г.

АЎТОРАК. Выразкі з газэт робяцца неміласэрдна. Нават у "Dz[ienniku] Wil[eńskim]", на якім стаіць штамп "Skontrolowano w urzędzie prokuratorskim przy sądzie okręgowym w Wilnie" [145] і ёсьць выразка значнага разьмеру і на ўсіх чатырох страніцах турэмнае кляймо "Cenzurowano" [146].

Пазаўчора старшы дазорца паклікаў мяне на вагу. Важыўся ў аднэй бялізьне. Важу 64 кіло; а памятаю, што на трэці дзень пабыту ў Лукішках важыў 70 кіло. Вялікая сплата: 6 кіло за якія-небудзь тры тыдні… Трэба ўзяць сябе ў рукі - менш нудзіцца, больш займацца гімнастыкай і есьці (хоць і не смашная гэтая турэмная страва), есьці хоць прымушаючы сябе, ды менш курыць.


23. ІІ. 27 г.

СЕРАДА. Сяньня лазьня. Дазорца азнайміў, што нібы лазьня будзе штотыдня. Але я пэўны, што будзе праз два тыдні, як і ў Лукішках. Мыцьцё тут у лазьні, як і ў Лукішках - у адзіночкі (ізноў падстава - сьціслая ізаляцыя!). Мыцца даводзіцца пад "душам" увесь час, у цеснай загародцы з дошчак. Начыньня ніякага. Рэгулюе ваду нейкі вязень-"істопнік", сядзіць нямы, як рыба; воддаль трохі ад мяне сядзіць вартоўны-дазорца.

Парыкмахера прыводзяць да мяне ў камэру толькі раз на тыдзень.

Сяньня газэты ізноў з дзюркамі. У Вільні памёр Ян Басановіч [147], літвін, патрыярх літоўскага адраджэньня. Польскі ўрад прапусьціў у Вільню на хаўтуры Басановіча дэлегацыю выдатнейшых літвіноў з Коўна. Рачкевіч [148], Віленскі ваявода, прыслаў Літоўскаму нацыянальнаму Камітэту ў Вільні [149] спачуваючую тэлеграму. Відаць, урад нарыхтоўвае дарогу да паразуменьня з Літвой [150]. Перад труной нябожчыка Басановіча было несена каля 60 вянкоў, некаторыя з літоўскімі нават нацыянальнага колеру істужкамі. Прапеты быў літоўскі нацыянальны гімн пры апусканьні труны ў "дол". Былі і "antypaństwowe przemówienia" [151], як піша "Dz[iennik] Wil[eński]", і ўсё ж ніхто не заарыштаваны. Адбылася ўрачыстая акадэмія на чэсьць Басановіча, якая таксама закончылася сьпевам літоўск[ага] нац[ыянальнага] гімну. На хаўтурах, як і на акадэміі, апрача літвіноў былі і палякі (Крыжаноўскі [152], Бабянскі [153], Абрамовіч [154]) і беларусы, ад якіх пры пахароннай працэсіі былі несены два вянкі. Кс. Станкевіч [155] на могілках Роса сказаў па-беларуску прамову пры магіле Басановіча.


24. ІІ. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. З "Kur[jeru] Wil[eńskiego]" даведываюся сяньня, што ў Вільні 21.ІІ. адбыўся суд над рэдактарам "Беларускае Справы" [156] Сымонам Макулікам [157], за зьмешчаныя ў газэце артыкулы ў сканфіскаваных №№ 21 з дня 10.VII.26 г. "13.000 асаднікаў польскіх на Усходзе" і "8-му зьезду парабкаў"; у № 22 з 11.VІІ.26 г. "Амністыя" з крытыкай на ўрад Пілсудзкага і ў № 26 з 24. VІІ. 26 г. за артыкул "Палітычныя вязьні Горнага Шлёнску да ўсіх работнікаў", які артыкул быў перадрукаваны з польскай газэты "Sprawiedliwość".

Макулік прыгавораны за артыкул "Амністыя" на адзін год турмы, а за арт[ыкул] "Палітвязьні Горнага Шлёнску…" на 2½ гадоў крэпасьці; судовых аплат 160 злотых і безадкладны арышт, калі падсудны не ўнясець залогу 10.000 злотых.

Адкуль жа ён, бедната, можа ўзяць гэтыя грошы? Страшэнна жорсткі прыгавор! Нават справаздаўца "Kur[jeru] Wil[eńskiego]" (№ 42 (79) ад 22.ІІ.) піша ў канцы: "Zaznaczyć należy, że dotychczas jest to w sprawach prasowych w Polsce najsroższy wyrok" [158].

Ну, а ў "Dz[ienniku] Wil[eńskim]" дык аж рукі паціраюць ад уцехі, што так знаменіта "został ukarany" [159] рэдактар органу Грамады!


25. ІІ. 27 г.

ПЯТНІЦА. У Лукішках так заўсёды крошкаў ад хлеба высыпаў праз фортку на падаконьнік знадворку. Была ўцеха, як прыляталі вераб'і і весела клявалі іх, або як адганяла іх варона. Там поўна было вераб'ёў, а будучы сытымі, давольнымі, як жа весела шчабяталі яны! Тут няма гэтай моды ды і нельга высыпаць, бо падаконьнікі вузкія, крошкі могуць зваліцца на зямлю; а галоўнае, што пад самай сьцяной па-над вокнамі ходзіць вартаўнічы-дазорца, і няма тут каля турмы нават вераб'ёў і варон. Няма шчэбету птушынага.

Учора, у часе спацыру, а гадзіне 4 вечарам бачыў гусей, якія варочаліся з выраю. Чамусьці прыпомніўся мне адзін позьні вечар, у вёсцы Паташнікі, Кемелішскай воласьці, Сьвянц[янскага] павету ў 1907 годзе (дзе я быў вучыцелем), дзе раньняй вясной давялося мне чуць і бачыць паварот птушак розных з выраю. Усё паветра, здаецца, было поўна крыкаў, піску птушынага на розныя лады заклікаў… Было цёмна, вясна забірала свае правы. І неяк жа весела было на душы мне, хоць адзін быў сярод шэрых яшчэ палёў і безлістоўных дрэваў. Молад быў я, поўны сілаў і надзей. І волен быў я! 20 вёснаў прайшло з таго часу… Бачыў учора гусей… Таксама адзін, не, не адзін - у куце стаіць і пазірае на мяне вартаўнічы-дазорца з карабінам на плячы, кругом высокія з пабурэўшай чырвонай цэглы сьцены, хаджу наўкруг па вузенькай градцы-сьцежачцы. Няволя!...

Якая ж розьніца паміж тым вечарам у 1907 г. і сёлета - у 1927 годзе!...

Сяньня прачытаў у ""Kur[jerze] Wil[eńskim]" (№ 44 (73) ад 24.ІІ.27 г.) артыкул Ст. Любіч-Маеўскага [160] "Эўропа ці Азія?", дзе аўтар - дырэктар польскай урадавай гімназіі ў Вялейцы-Павятовай застанаўляецца над тым, чаму ўрад павінен пастарацца накінуць беларусам лацінку замест гражданкі. Як жа бэсовіць аўтар акадэмічную канфэрэнцыю, якая адбылася ў сьнежані 1926 году ў Менску! [161]... Аканчальны вывад яго - Заходняя Беларусь у Польшчы, то зн. у Эўропе, дзеля гэтага трэба лацінку беларусам; няхай, маўляў, пазастаецца для азіяцкай часткі Беларусі, што знаходзіцца на ўсход ад Рыжскае лініі, гражданка… "Ster kulturalnego życia Białorusina" [162] павінна ўзяць у свае рукі Польшча і пашыраць культуру беларускую - праз лацінку - на ўсход. Гэтым, маўляў, Польшча ашчасьлівіць беларусаў і назаўсёды прыхіліць іх да сябе.

За ўвесь час сваёй працы ў Вялейцы Любіч-Маеўскі першы раз, здаецца, забраў публічна голас у справе беларускае культуры. Далейшы прапагатар лацінкі асьмеліўся выступіць публічна, бо Міністэрства асьветы ўжо абвясьціла, што ў 1927-1928 шк[ольным] годзе маніцца адчыніць курсы для беларускіх вучыцялёў, ды, відаць, яшчэ з тае прычыны, што Любіч-Маеўскі вядзець працу па ўкладаньню беларускіх школьных падручнікаў лацінкай, дык, мусіць, хочаць падгатаваць да выпуску іх у сьвет калі не беларускую, дык польскую грамадзкую думку. Магчыма, што ўрад нават спрабуе друкаваць і накідаць нашаму народу праз утраквістычныя школы [163] разам з выкладаньнем прадметаў навукі па-польску і беларускую грамату лацінкай. Можа нават не пашкадуе грошай, каб неяк нібы закідаць прорву, якая ўтварылася паміж урадам і ўрадавай школай з аднаго боку, а беларускім насяленьнем - з другога… Прымус жыцьця! Гвалт над пасламі, ахвярамі беларускага руху, трэба ж неяк затумоўваць, заціраць. Маўляў, "dla zbrodniarzy Rząd bezlitośny, coż dotyczy spokojnego ludku białoruskiego, to Rząd jest bardzo tolerantny" [164]… Пажывём - пабачым, якія з гэтых экспэрымэнтаў будуць скуткі - як прыдзецца лацінка і ці будуць школы беларускія, хоць цаною ізаляваньня правадыроў руху беларускага.


26. ІІ. 27 г.

СУБОТА. Сяньня атрымаў прыказаньне замыкаць на дзень ложак - падносіць яго і зачэпліваць кручком за прабой у сьцяне. Дзеля таго, мусіць, каб днём ня мог ужываць пасьля абеду свайго санатарыйнага "Легекуру" [165].

Першая ластавачка рэпрэсіяў, хоць і ня надта балючая, але відавочная і не зусім прыемная для вока, бо замест ложка, у парадку засланага - рудзеюць пры сьцяне дошкі ісподу ложка… Як дазорца казаў (на маё запытаньне, за што такая кара адносна мяне), дык замкнёны ложкі ва ўсіх на нашым калідоры, бо тут - такі парадак. Добры парадак, нечага казаць! У Лукішках аб гэтым нам і не заікаліся…


27. ІІ. 27 г.

НЯДЗЕЛЯ. Як кажа дазорца, дык мая камера ёсьць шырэйшая за другія камеры; паветра маю больш. Апрача таго, верхнюю палавіну вакна - нібы фортку - адчыняю часта, бо ў камеры ў мяне цёпла і так суха, што табака высыхае за адзін дзень ды і хлеб чарсьцьвее надта шыбка, нягледзячы на тое, што запасны хлеб - з турэмных порцый і свой куплены шчыльна запакоўваю ў паперу.

Правая сьцяна (ад дзьвярэй) маёй камеры прымыкае да пральні і цэнтральнага аграваньня. Самая сьцяна гэта цёплая, і праз гэта, мусіць, такая ўдалая цёплая мая камера.

Дастаўшы раней неяк на гадзіны тры каталёг кніг турэмнай бібліятэкі, зрабіў выбар кніг - і цыркулююць яны па ўсім нашым калідоры. Ёсьць добрыя рэчы, і цяпер я … [166] мне таварышамі зусім задаволены.

Першы раз заўважыў сяньня, як нехта падглядаў тут праз "вочка" ў маю камеру. Адхіляецца заслонка пры вочку з калідора так ціха (не так, як у Лукішках), што трудна было б спазрыць, але быў я пры самых дзьвярох і сам, уласьне, разглядаў гэтае вочка… і падыйшоў жа нехта там да дзьвярэй так ціха, што нічога тут чуваць не было. "Дыбісбляньскі" [167].

Значыцца, падглядаюць і тут, ці не падымаецца хто на століку пры вакне.


28. ІІ. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Мімаволі прыпомнілася мне сяньня, што жонка мая, як спадчыну ад сваёй маткі, мае веру (хоць, праўда, не зусім!) у тое, што калі разаб'ецца люстэрак, дык у хаце будзе няшчасьце, можа нават памрэць хтось з блізкіх.

Меў я невялікі кішанковы люстэрак і сяньня раніцай разьбіў, зусім разьбілася, вываліўшыся з рук, на кавалачкі.

Цяпер і я бачу, што гэта - няшчасьце, бо набыць другі люстэрчык тут, у турме, трудна.

А маю пры гэтым і другую непрыемнасьць, зусім, праўда, незалежную ад разьбіцьця люстэрка; усе мае харчы ўчора скончыліся, як з той пачкі, што ў той панядзелак была надана, так і з закупленага праз адміністрацыю. Пакуль прывязуць заказаную мною праз дазорцу пакупку, пройдзе дні тры-чатыры. А мець адно толькі турэмнае - цяжка! Сяньня раніцай чуць падсалоджаная "кава" (цыкорыя) з сухім чорным хлебам, без нічога болей, зусім туга ішла. Проста прымушаў сябе есьці. Дрэнна! Неяк нават і гімнастыкай ня хочацца займацца.

Досыць на сяньня. Сумна!


Брава! (дапісываю вечарам). Дастаў пасылку (не па пошце), усялякіх харчоў. Але цікава, што ўжо на картцы напісана было не ад Веры Тарашкевіч, а ад Рак-Міхайлоўскай… Няўжо ж жонка аж сюды ўжо прыехала? Можа, дастала дазвол на "widzenie się" [168].

Але і вечар прайшоў, а мяне ніхто ня выклікаў. Відаць, калі і прыехала на самым дзеле жонка, дык, мусіць, дазволу ня мае, каб спаткацца, пагаварыць. Вось дык ужо не непрыемнасьць проста, а няшчасьце для нас абаіх. (А можа, люстэрак тут што-небудзь і значыць?).

Прыпамінаецца мне вечар 13. І. 27 г. дома, у Вільні на Сьвянцянскай 14. Выяжджаў я тады а 10 увечары ў Маладэчна (і адтуль ужо не вярнуўся дамоў, а папаў у Лукішкі). У сталовым пакоі а 8½ вечара былі апрача мяне і жонкі мама мая, наша слуга з Максімаўкі і яе братава Зося, якая служыла на другім этажы і забеглася да нас наверх. Мела з сабой карты, прыйшла да братавай на верх, паваражыць ёй. (Гэтая дзяўчына раней, неяк летась, была служыла ў нас і таксама, як і цяперашняя, лічылася проста - як і заўсёды ў нас - членам сям'і. Усе любілі яе, асабліва дзеці. Вот жа жонка, жартуючы, запрапанавала Зосі паваражыць, як будзе паводзіцца мне ў дарозе. Тая, параскідаўшы неяк карты на стале, пачала класьці на сярэднюю (на маю) і раптам ахнула, а за ёю, пабялеўшы і спужаўшыся, пачала глядзець на мяне жонка: "На сэрцы чорная і абапал чорныя!..." - сказала жонка ўзварушаным голасам і "хоць ня веру я картам", кажа, "але нешта нядобрае мае быць!"…

Я, сьмеючыся і жартуючы перад ад'ездам як заўсёды (а раз'езды былі ж частыя і да іх ня толькі я, але і сям'я ўжо прывыкла была), не зьвяртаючы жаднай увагі на варажбу, папрашчаўся наскара з сям'ёй і паехаў… і не вярнуўся дамоў.

Вось табе і нічога нязначучая варажба! Калі ж сяньня такі настрой на люстэркі ды на варажбу, дык чаму ж не запісаць і таго, што бачыў сяньня ўва сьне! А бачыў нябожчыка Аўг. Кавалеўскага [169] ў яго Бакштах, а там Войціка [170], чамусьці, і Шантырову [171] паміж другімі гасьцямі.

Цікава будзе з часам спраўдзіць, што было ў гэты дзень у мяне дома (якія здарэньні) і што было з Войцікамі.


1. ІІІ. 1927 г.

АЎТОРАК. У працягу паўмесяца, як я тут знаходжуся, ні разу не атрымаў зусім цэлай газэты. У кожнай ёсьць выразаныя мейсцы, а то па два і па тры ў адным №, і то ня толькі ў "Dz[ienniku] Wil[eńskim]" ці ў "Kur[jerze] Wil[eńskim]", але і ў "Głosie Prawdy", дзе выразаныя мейсцы якраз прыпадаюць на "Kronikę Wileńską" [172]. Што там робіцца ў Вільні? Ня можна сказаць, каб выразаліся толькі весткі з жыцьця Грамады, бо часамі ў "Dz[ienniku] Wil[eńskim]" усё ж пападаюцца ўсякія зьядлівыя нататкі аб гэтым жыцьці і аб паасобных сяброх яе… Можа, ізноў галадоўка ў турме Лукішскай і эксцэсы, зьвязаныя з гэтай галадоўкай? Але ж так акуратна выразаецца, што нават і ¼ літары не застаецца - усё ж можна было б дамысьліцца… Мусіць такі галадоўка і катаваньні пры штучным дакармліваньні, бо што ж бы новага магло быць тэмай для адозвы ад імя "Polskiej Ligi Obrony Praw Człowieka i Obywatela [173] w sprawie więźniów politycznych i więziennictwa w Polsce" [174], ці інакш, для "Listu otwartego" [175]. Ліст гэны ўрад сканфіскаваў. На ім былі подпісы Тугутта [176], Сьмяроўскага [177], сэнатараў з ППС Ліманоўскага [178] і Поснэра [179], потым адвакатаў, пісьменьнікаў і інш.

І якая злосьць разьбірае, што мы тут бясьсільны, каб змусіць аддаваць нам газэты нашыя цэлымі. Можна было б напісаць пракурору, але ж гэта не паможа, бо мо' нават ад яго самога - ды гэта і напэўна - існуе такі прыказ, выразаць некаторыя весткі, пакуль мы пад сьледзтвам.

У рубрыцы "Sprawy białoruskie" [180] "Dz[iennik] Wil[eński]" паведамляе аб канфіскаце № 10 газэты белар[ускай] "Наш Голас" [181] (Ага! Ужо № 10 ёсьць, значыцца, газэта наша, як і раней, выходзіць два разы ў тыдзень) за артыкул "Ці ёсьць у Польшчы фашызм?".

Аб зьняцьці канфіскаты ў № 19 "Сялянскае Нівы" (даўно была канфіската, я быў яшчэ на волі) і аб тым, што на зацемку ў № 9 газэты "Наш голас" аб тым, што Паўлюкевіч [182], Валэйша [183] і Мамонька [184] служаць у дэфэнзыве, што нібы Мамонька запатрабаваў ад рэдактара "Нашага Голасу" даць у працягу 24 гадзін доказы гэтага і што - як паведамляе "Вил[енское] Утро" [185] - зьявіўшыся назаўтра 23.ІІ.27 г. да рэдактара і не атрымаўшы задавальняючага адказу, Мамонька ўдарыў рэдактара "Н[ашага] Г[оласу]" крэслам па галаве, нанёсшы яму гэтым рану.

Уладыслаў Знамяроўскі [186], былы зыц-рэдактар "Krynicy" ў 1923 г., асуджаны Акр[уговым] Судом за зьмяшчэньне ў № 4 "Krynicy" артыкулу "Суд над беларусамі", у якім нібы "zawarte było wychwalanie zbrodni zdrady stanu" [187], на тры тыдні арышту.

Радуецца "Dz[iennik] Wil[eński]", што нібы ў Ашмянскім павеце зусім няма гурткоў Грамады і што нібы сяляне з паветаў Дзісьненскага, Пастаўскага, Дунілавіцкага, Вялейскага і Маладэчанскага адмаўляюцца атрымліваць літаратуру і газэты "Грамады" ("Delegacja do posterunku policyjnego w Kozłowsku gm. Łużskiej od pobliskich wsi" [188]).

Усьлед за "Głosem Wileńskim" [189] (№ 9 "tygodnik" [190]) "Dz[iennik] Wil[eński]" у № 44 ад 24.ІІ. 27 г., паказваючы, што ў Дзісьн[енскім] павеце (15 мясцовасьцяў), у Вялейскім (7), у Маладэчанскім (11) і ў Браслаўскім (1) польскай школе загражаць пачынае беларуская школа, заклікае польскую люднасьць да склад[аньня] дэклярацый за польскую школу. Да гэтага ж чыну заахвочвае польскае грамадзянства і "Kownocki" праз "Zarząd Wil[eńskiego]. Koła Związku Ludowo-Narod[owego]" [191].

20. ІІ. 27 г. адбылося ў Вільні "zebranie członków wil[eńskich] kół dzielnicowych Z. L.-N." [192], на якім выступаў пасол Зьвежыньскі [193] і паміж іншым сказаў: "Opozycja Z. L.-N. jest opozycją twórczą, opozycją, która nieraz zmusza rząd do czynów, sprzecznych z jego wolą, lecz pożytecznych i zbawiennych dla Państwa Polskiego. Za przykład może służyć sprawa represji w stosunku do białoruskiej "Hromady" [194]. ("Dz[iennik] Wil[eński] z dn. 23.II. 27 r. № 43).


2. ІІІ. 27 г.

СЕРАДА. Цяпер стала зусім ясным, чаму тут так выразаюць з газэт шмат вестак. Тут мае сілу турэмны рэгулямін нямецкі яшчэ, і паводле яго тут адміністрацыя цэнзуруе газэты. Уніфікацыі рэгулямінаў турэмных трох забораў яшчэ не адбылося, і дзеля гэтага тут так, а ў Вільні - інакш. Вот яшчэ адзін мамэнт разгадкі таго, чаму Мейштовіч прыказаў перавезьці нас з Вільні сюды. Ясна зусім, што нечага кампраметавацца, нечага пісаць да яго (ці да пракурора) аб адмене гэнага рэгуляміну адносна нас… Мала таго, што адарваць ад кроўных сваякоў, ад родных мейсц, але і зьдзеквацца маральна - даваць газэты з выразкамі…


3. ІІІ. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Зусім неспадзявана меў тут спатканьне з жонкай. Бедная, дапяла аж сюды! Прыехалі апрача яе і Астроўская, і Тарашкевічыха, і жонка Каўша. Прыехаў і судзьдзя сьледчы Баброўскі, які быў прысутным пры маім спатканьні з жонкай, ну, мусіць, і пры другіх сьвіданьнях. На гутаркі з жонкай меў права я толькі 20 мінут. Неспадзяванае такое спатканьне заўсёды мае ў сабе пэўныя мінусы, бо якраз важнейшых момантаў ніколі не парушыш; гаворыцца неяк урыўкамі, сьпешна. Найгорш тое, як я дазнаўся - што пракуратура ня хоча выдаваць жонцы грошай з маіх укладаў у Бел[арускім] Каап[эратыўным] Банку; нібы ўжо накладзены арышт на мае ашчаднасьці, уложаныя ў Банку. Проста скандал! Ня ведаю, як паправіць бяду, надта каюся, што складаў у Банк грошы не на жончына, а на сваё імя. А не дастаючы дыет з Сойму з 1. ІІ., пакінуў сям'ю сваю зусім бяз грошай.


4. ІІІ. 27 г.

ПЯТНІЦА. Спатканьне з жонкай вывела мяне проста з раўнавагі. Асабліва не магу сабе дараваць памылкі, што грошы зложаны не на імя жонкі. Трэба будзе напісаць пракурору.

Сяньня быў вызваны Баброўскім на "badanie" [195]. Ізноў, ці знаю нейкага Білеўскага, Бельскага ці інакш Бабіча, а роўна Гурына. Што за людзі - ня ведаю, хоць, праўда, сказаў, што апошняга прозьвішча чуў, з газэт [196]. Пытаўся, ці знаю Аляксандра Рыжага [197] і Шаўлюка [198] з Валожынскага павету (давераныя, кажа, асобы "Грамады") і нейкага Зеновіча [199] з Лебедзева. Адказаў я, што Рыжага спатыкаў я адзін раз у Трабах, як абранага мясцовымі людзьмі на сэкрэтара гуртка [200], а нейкага вучыцеля Шаўлюка - помню - ведаю, бо быў нейкі Шаўлюк на курсах вучыц[ельскіх] у Вільні ў 1921 г., як я быў дырэктарам. Але што яны цяпер ёсьць камуністымі, як цьвердзіць судзьдзя, гэтага ня ведаю. Што ж датычыць Зеновіча, то ведаю добра аднаго Зеновіча Пётру [201] вучыцеля, родам, здаецца, з Лебедзева, які цяпер кіраўніком польскай школы ў Міхневічах, але ён палітыкай не займаецца і да Грамады не належыць. Судзьдзя даў уразумець, што не аб гэтым ідзе, не аб Пётра, а аб нейкага Фэльку ці што, нібы камуніста. Я адказаў, што ня ведаю, такога не спатыкаў. На запытаньне яго, колькі маю я грошай у Белар[ускім] Каап[эратыўным] Банку, я сказаў, што калі на першым баданьні - да выданьня мяне соймам - я казаў агульнікава, дык цяпер скажу выразна і ясна, бо мне нечага таіць: маю на бягучым рахунку 2.275 зл. 889 доляраў ды тэрміновых укладаў на 50 доляраў, і што аб гэтым я пісаў ужо праз пракурора жонцы сваёй яшчэ 4 лютага.

Сяньня дастаў прывезеную жонкай коўдру (узамен на ранейшую, старую) і шмат усякае ежы. Прывезла яна і гарнітур стары, але замяніць на цяперашні мой не ўдалося. Мусіць з тым і паехала назад.

Прыпамінаюцца мне ўчорашнія словы жонкі: "Можа захварэла, сад адбіраюць у яе… Так бяда і ідзець за бядой і бяду вядзець". Бедная Надзя! Усе беды найбольш на яе галаву, яна адчувае іх найбалючэй.


5. ІІІ. 27 г.

СУБОТА. Рэзультаты "widzenia się" з жонкай і ўчорашняга "badania" меў сяньня бяссонную ноч, баліць галава. Наогул, нейкі дрэнны настрой.

Сяньня, урэшце, прынесьлі закуп, лішні, фактычна, цяпер для мяне пасьля прывезенага жонкай. Ну што ж? Трэба папраўляцца, наганяць тое, што страціў за час хоць так нядоўгага пабыту ў турме. А страціў шмат. Па прыбыцьці ў Лукішкі, дзе мяне ставілі на вагу, важыў 70 кілё, тут 16. ІІ. важыў ужо толькі 64 кілё (страціў 6 кілё - 15 хунтаў), учора 4. ІІІ. важыў (у лазьні тут важацца) 65 кілё. Да прадтурэмнай вагі не хапае яшчэ 5 кілё, г. зн. каля 13 хунтаў. Дрэнь справа! У запісках дазорцы бачыў вагу Астроўскага - 75½ кілё; вось гэта я разумею! На цэлых 10 кілё, ці 25 хунт. больш, чым я.


6. ІІІ. 27 г.

НЯДЗЕЛЯ. Манатонна ідзець жыцьцё. Мусіць, у далейшым буду натаваць толькі факты і перажываньні больш выдатныя, не ведучы ўжо штодзённага запісу.


10. ІІІ. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Сяньня адведаў маю камеру дэлегат з Міністэрства Справядлівасьці з Варшавы.

"Jakie są skargi?" [202] - пытаецца, нібы маючы на мэце іх ухіліць. Я, ведаючы, што нічога ён для мяне, як для беларускага пасла, ужо акрычанага ў газэце, ня зробіць, жадных скаргаў не выяўляў. Паказаў яму толькі некалькі найбольш "зарэштаваных" ножніцамі турэмнага цэнзара нумароў газэт польскіх. Той паціснуў плячамі - відаць было яго неахвоту і бясьсільле папраўляць гэта; прысутны пры гэтым начальнік турмы заявіў, што мае на гэта на падставе неадменнага рэгуляміну і адпаведны ліст ад Віленскай пракуратуры.

На маё запытаньне, калі ж, урэшце, будзе спаўняцца адносна мяне "okólnik Makowskiego" [203], што датычыць 2-х гадзіннага ў дзень спацыру, адказаў за яго начальнік, што праводзіць гэта ў жыцьцё трудна і невядома, ці будзе нават праведзена. (Як і раней, маю толькі адну гадзіну спацыру).


12. ІІІ. 27 г.

СУБОТА. З "Kur[jeru] Wil[eńskiego]" даведаўся (№ 56-205 ад 10. ІІІ.), што 7. ІІІ. выйшаў у сьвет № 1 газэты "Беларускі Дзень" [204], як орган культурна-асьветны, пад рэдакцыяй Францішка Умястоўскага [205]. Заменены, значыцца, Паўлюкевіч са сваім "Белар[ускім] Словам" [206] на Ўмястоўскага; ясна, што гэта будзе новы палёнафільскі орган. Але ці не спаткае і Ўмястоўскага лёс Паўлюкевіча ў грамадзянстве беларускім?

Былі нататкі ў газэтах, што нібы Міністэрства асьветы мае не перашкаджаць утварэньню беларускіх школ і нават маніцца ўласным коштам сарганізаваць курсы для беларускага вучыцельства. Словам - нібы мае пачацца эра паменшаньня стасункаў у галіне беларускага школьніцтва. А вось толькі што прачытаў, што Віленскі куратар загадаў сваім прыказам ад 26. ІІ., каб з 1. ІІІ. ува ўсіх няпольскіх гімназіях было заведзена ў першых 3-х клясах выкладаньне па-польску гісторыі Польшчы. Значыцца, усё - па-старому: гаворыцца і пішацца ў газэтах нібы адно, а робіцца другое.

"Гарбатага толькі магіла паправіць" - як кажа прыказка.


17. ІІІ. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Сяньня абвешчана мне, што "Urząd prokuratorski w Wilnie" [207] не аддасьць маёй жонцы ліста майго ад 5. ІІІ. і афіцыяльнага майго паўнамоцтва на імя жонкі аб праве на карыстаньне нашымі ашчаднасьцямі, зложанымі на маё імя ў Бел[арускім] Каап[эратыўным] Банку.

Паведаміла мяне сяньня адміністрацыя, што ў справе спраставаньня ілжывай весткі "Głosu Prawdy" аб тым, як захоўваўся я ў Лукішках ("біў дазорцаў, ламаў мэблі, дзьверы і вокна") - аб чым я зьвярнуўся быў свайго часу пісьмом адсюль да начальніка Лукішскае турмы - начальнік "Лукішак" запрасіў аб дазвол на зьмяшчэньне спраставаньня да Міністэрства Справядлівасьці (!).


18. ІІІ. 27 г.

ПЯТНІЦА. Надыйшоў ужо мне "Narodny Zwon", але не выдаюць на рукі, палажылі ў дэпазыт: няма дазволу ад Віленскай пракуратуры на права атрымліваньня мною гэнае газэты. Пішу заяву аб гэтым пракурору і трэбую выдачы мне гэтае газэты і права на атрымліваньне ўсіх беларускіх газэт, якія выходзяць у Вільні.

Важыўся. Ужо важу 67½ кілё, мала што засталося мне да 70 кілё - перадгаладовачнай вагі ў Лукішках.

Затрымаў пракурор мой ліст ад жонкі. Сяньня пішу новы, але такі, што працы на чытаньне дам яму на добрых паўгадзіны. Паўтараю ўсё, што было ў папярэднім лісьце, выкідаючы справу грашовую. Пагляджу, затрымае гэты ці не. На ўсякі выпадак пакідаю сабе копію ліста, каб пасьля затрэбаваць ад яго матывы - за што ліст затрыманы (у выпадку, калі затрыманы будзе і гэты).

Німа збавеньня! Нічога пісаць нельга! Жаднае газэты беларускай дагэтуль ня меў у руках з часу арыштаваньня, і не даюць дагэтуль!

З "Dz[ienniku] Wil[eńskiego]" сяньня даведаўся, што Цэнтр[альны] Сэкр[этарыят] аднавіў сваю дзейнасьць. На чале яго стаў Кэпель [208]. Ц[энтральны] С[экрэтарыят] Грамады выдаў адозву са ўсіх гурткоў Грамады, прапануючы безадкладна сабраць залеглыя сяброўскія складкі. У адозве ўспамінаецца, што Грамада мае ўжо 105 тысячаў сяброў.

Значыцца, праца не замёрла.

Але адначасна бачым, што цэлы рад вучыцялёў бел[арускіх] гімн[азій] мае быць аддалены ад работы ў гімназіях нашых і то людзей, нічога агульнага ня маючых і не меўшых з Грамадой: "Nielojalni względem Państwa" [209] - Сіняўскі [210], Заморын [211], Савіцкі [212], Міхалевіч [213], Паўловіч [214]… Разгром культурных белар[ускіх] інстытуцый, а Радашкоўскай гімназіі дык Куратар проста пагражае зачыненьнем… Санацыя!...


19. ІІІ. 27 г.

СУБОТА. Сяньня атрымаў першы раз беларускія газэты. З Вільні (відаць, з канцэлярыі пракуратуры) даставілі мне пачку старых газэт, дзе былі:

1) "Наш Голас" № 5 ад 9. ІІ. 27 г.

2) "Сялянская Ніва" №№ 10, 11, 12 і 15 ад 29. І. і 5. ІІ.; 13. ІІ

3) "Виленское утро» № 1916 ад 13. II. 27 г. (нядзеля).

4) "Słowo» № 35 ад 13. II. 27 г. (нядзеля).

5) "Kur[jer] Wil[eński]" № 35 ад 13. II. 27 г. (нядзеля).

6) "Dzien[nik] Wil[eński]» № 35 ад 13. II. 27 г. (нядзеля)

7) "Głos Prawdy» № 41 ад 12. II. 27 г. (субота)

8) "Robotnik» № 41 ад 11. II. 27 г. (пятніца)

Відаць, гэта газэты, закупленыя жонкай у нядзелю 13.ІІ. і дастаўленыя ў Лукішкі і там былі прыняты, хоць нас ужо там не было - былі вывезены адтуль у суботу, напярэдадні.

"Сялянская Ніва" ішла мне ўжо ў Лукішкі па пошце (на прысл[аных] экз[эмплярах] ёсьць паштовыя маркі), і гэтыя №№ ад канца студзеня і пачатку лютага даручаны мне толькі сягоньня, г. зн. на 49-ты дзень.


21. ІІІ. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Атрымана сяньня мною тут першая пасылка ад жонкі, а ў ёй веснавое паліто і харчы. Цікавая рэч, што паліто выдалі толькі пераглядзеўшы яго, перамацаваўшы і панеўраўшы [215], як калісьці гарнітур, прывезены сюды жонкай для мяне: каліхоська (?) [216] падпорана ў трох мясцох, шарынарка [217] ў двух. Мусіць, шукана было запісак ці чаго там іншага.


25. ІІІ. 27 г.

ПЯТНІЦА. Сяньня зьявіўся тут пракурор Віленскага Апэляцыйнага суда. Што за прычына прыезду - няведама. Быў у маёй камеры якіх мінут 10; відаць быў і ў другіх. Які галоўны повад прыезда - выясьніць не ўдалося… "Bardzo grzeczny człowiek!..." [218] Дэкляраваў мне павялічыць час спацыру да 1½ гадз., зьменшыць лічбу выразак у газэтах і папробаваць выясьніць фінансавы бок паўнамоцтва майго да жонкі. Але на спаўненьне гэтых абяцанак маю мала надзеі, правільней - жаднай.

Ці не выкліканы яго прыезд сюды якімі-небудзь дамаганьнямі дэлегацыі жонак заарыштаваных да Бартэля [219] (Астроўская і Тарашкевічава)? Можа, гэта дэлегацыя дабіваецца пераводу нас у Вільню, а пракурор… Ён вывеў адсюль уражаньне, што нам добра тут, што мы ня маем жадных нараканьняў і здаволены сваім месцам пабыту.

Сяньня вечарам інспэктар прынёс мне - мусіць прывезеную пракурорам - "Decyzję Sędziego Śledczego Bobrowskiego o postawienie mnie w stan oskarżenia" [220], уматываваная дэцызыя, аб выдачы якой я складаў яму свайго часу просьбу. Трэба будзе падумаць добра і напісаць скаргу.

Зьмест дэцызыі такі, што каб можна было выкарыстаць дапамогу якога-небудзь адваката, дык скарга магла б быць надта салідная і зусім разьбіваючая гэную дэцызыю.


27. ІІІ. 27 г.

НЯДЗЕЛЯ. Сяньня веснавы дзень. А нудна сяньня як ніколі. Газэт ня маю сяньня, кніга прачытана ўчора і не заменена, чытаць няма чаго. Нудна, нудна. Што дня вока бачыць адно, адно і тое самае. Кожная драбнічка, здаецца, ужо тысячу разоў была на ваччу… Нудна!

Учорашні "Dz[iennik] Wil[eński]" прынёс вестку аб ліквідацыі Грамады і Бел[арускага] Каап[эратыўнага] Банку. Павятовыя камітэты і гурткі Грамады на вёсках адміністрацыя пазачыняла. Грамада аб'яўлена нелегальнай партыяй; пазабраны ад усіх гурткоў усе паперы, ну, мусіць, заразам і грашовыя складкі з касы гурткоў і камітэтаў. Адбываюцца ізноў арышты ў зьвязку з паліцэйскай ліквідацыяй гурткоў. Адначасна зачынена і Н.П.Х.

Бон [221], Шакун [222] і Шапель [223] абвесьцілі ў газэтах аб сваім выхадзе з Н.П.Х.

Аб зачыненьні праз Мін[істэрства] Унутр[аных] Спр[аў] Грамады і Н.П.Х. абвясьціў Віленскі ваявода ў форме "odezwy do ludności" [224] 21. ІІІ. 27 г.


28. ІІІ. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Шэрае жыцьцё, нуднае. А на волі, як бачым з газэт, спрытныя людзі хочуць апаноўваць сваімі ўплывамі беларускае насяленьне, якое ўваходзіла ў склад або прыхільна было да прымусова ліквідуемай Грамады.

20. ІІІ. 27 г., г. зн. напярэдадні абвяшчэньня аб зачыненьні Грамады, выйшаў у Горадні № 1 газэты на беларускай мове "Беларуская доля" [225], як тыднёвік культурна-асьветнага Т-ва "Аб'еднаньне" [226]. Рэдактар - А. Брушка [227]. "Przychylne stanowisko zajmuje pismo wobec Rządu" [228] - піша "Kur[jer] Wil[eński]" (№ 70). Можна дагадвацца, хто нарыхтаваў гэтую газэту ў Горадні і разьлічае на пашырэньне сваёй працы ў Горадзеншчыне. (А ў Вільні "Беларускі Дзень" рэдагуе Францішак Умястоўскі ды, мусіць, друкуе лацінкай [229]).

20. ІІІ. 27 г. у Горадні выйшаў № 1 польскага тыднёвіка "Nasza Ziemia" [230], орган п[ана] пасла Казімежа Лашкевіча [231] з Клюбу Працы Пілсудзкага.

З 1.ІV. 27 г. польскія хадэкі ў Горадні пачнуць выдаваць свой тыднёвік "Życie Robotnicze".

Так! Грамада здушана, газэты яе адна за другой пазачыняны. Пачынаецца культываваньне гніластных атрутных грыбоў.


14.IV. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Сяньня толькі дастаў адказ ад пракуратуры ў Вільні на сваю просьбу аб дазволе на атрымліваньне беларускіх газэт. Дазволена толькі: "Сялянская Ніва", "Biełar[uskaja] Krynica", "Беларускі Дзень", "Беларускае Слова". Не дазволены: "Narodny Zwon", "Наш голас", "Маланка", "Саха" [232], "Заранка" [233] і "Наша воля" [234].


15. IV. 27 г.

ПЯТНІЦА. Сяньня - тры месяцы турмы ўжо маю… Важыўся. "Жывой вагі" (бо важыўся голы, у лазьні) маю ўжо 70 кілё, значыцца, прыйшоў ужо да сваёй вагі на волі, бо 15. І. 27 г. важыў таксама 70 кілё. За 7 дзён галадоўкі ў Лукішках страціў быў 70 - 64 = 6 кілё; цяпер іх ужо вярнуў… Але трэба будзе гнаць і далей. Не зашкодзіць мець на запас некалькі кілё - прыгадзіцца на працу, як пакіну ўрэшце сьцены турмы. Некалі ж гэта здарыцца, будзе.


5. V. 27 г.

ЧАЦЬВЕРГ. Атрымаў сяньня 15 злотых. Судзячы па пячатцы на пераводзе, дык, мусіць, ад камітэту помачы паліт[ычным] вязьням з Варшавы, вул. Смольна, 7. Ці не ад Сэмпалоўскай [235]?

Сяньня вечарам перавялі нас усіх 9 у будынак турмы І - галоўны. Зьмясьцілі праз камеру, усіх на IV паверху, на самым верхнім. Чаму перавялі? Невядома. Там было ціха, бо мала вязьняў было; нас было 9 на першым этажы да на другім ці на 3 якіх 20-25 кабет (крымінальных). А тут повен будынак мужчын - вязьняў крымінальных. Гмах непамерна вялікі, даўжэнны. Мая камера № 487; меншая, чым у тым будынку ІІІ мая пад № 17, бо тая была 4 крокі ў шырыню, а гэта толькі 3; тая ў куб. мэтрах мела 30, а гэта толькі 23 м.


16. V. 27 г.

ПАНЯДЗЕЛАК. Нудна, аднастайна ўсё. Ніяк не магу ўзяцца за задачнік. Закідаю на гэтым і свой дзёньнік. Хачу змусіць сябе да апрацаваньня папулярнай кніжкі па сельскай гаспадарцы (у форме гутаркі) пад загалоўкам "Як дабіцца лепшых ураджаяў?". Папрабую. А можа і заахвочуся гэтай працай, бо чую, што разьленіваюся ўжо.


10. VI. 27 г.

ПЯТНІЦА. Сяньня меў пабачаньне з жонкай.

Было сяньня і 3-е "badanie": цягнулася аж 3 гадзіны, ад 6 да 9 вечара. Жадных новых закідаў няма. Але відаць, што за ўсякую цану хочуць упячы. Суд мае адбыцца праз месяцы 2-3. Абвінавачаных мае фігурыраваць у працэсе каля 100 асоб; словам, гранд-працэс. Але добра і тое, што пасьля сяньняшняга дапросу, заканчываючага сьледзтва, спыніцца такая строгая ізаляцыя; маняцца нас пасадзіць ніба па 2-3.

11 і 12. VI. таксама меў адведзіны жонкі.




[1] Гл., напрыклад: Смалянчук А. Разгром "Грамады": за кулісамі палітычнага скандалу // Гістарычны альманах. 2003. Т. 8. С. 214-227.


[1] Корпус аховы памежжа (КАП) - адмысловае фармаванне польскага войска, створанае ў 1924 г. для аховы ўсходняй дзяржаўнай мяжы. У ім служылі ў асноўным жаўнеры з заходніх рэгіёнаў Польшчы.

[2] 10 батальён у Красным на Ушы (пол.).

[3] Былы настаўнік Сільвестр Бяганскі, жыхар вёскі Костыкі Касцяневіцкай гміны Вілейскага павета, быў арыштаваны 23 снежня 1924 г. і, паводле інтэрпеляцыі Беларускага пасольскага клуба ад 3 сакавіка 1925 г., на працягу двух тыдняў быў страшна катаваны рознымі спосабамі службоўцамі 10 батальёна КАП, у выніку чаго застаўся інвалідам. Селянін Антон Вайтовіч, жыхар вёскі Сычавічы Радашкавіцкай гміны Вілейскага павета, быў арыштаваны ў канцы студзеня 1925 г. Згодна з інтэрпеляцыяй, пададзенай 24 лютага 1925 г. беларускімі пасламі, "зроблена яму 35 цяжкіх ран, жывому чалавеку пускалі кроў, катавалі і білі яго, пакуль нешчасьлівы не сканаў на руках у катаў". Ягоная жонка, не здолеўшы перажыць гэтае гора, скончыла жыццё самагубствам, пакінуўшы двух дзяцей круглымі сіротамі.

[4] Максімаўка - вёска ў тагачасным Маладзечанскім павеце, радзіма Сымона Рак-Міхайлоўскага.

[5] Пальцам не кранута (пол.).

[6] Камендатура дзяржаўнай паліцыі (пол.).

[7] У камендатуры дзяржаўнай паліцыі на горад Вільню (пол.)

[8] Доказы іхнай віны (пол.)

[9] Следчы суддзя (пол.)

[10] У камісарыят пры вакзале (пол.).

[11] Тарашкевіч Браніслаў (1892-1938) - беларускі дзеяч, пасол сейма, з 1925 г. старшыня Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ).

[12] "Ага". "Добра" (пол.)

[13] "Вы арыштаваныя". - "Якія прычыны? - "У выніку рашэння пракурора пры акруговым судзе ў Вільні ад 14 студзеня" (пол.).

[14] Мэйштовіч Аляксандр (1864 - 1943) - польскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, памешчык зь Віленшчыны. У 1927 г. міністр юстыцыі Польшчы.

[15] "Dziennik Wileński" ("Віленскі штодзённік") - штодзённая газета, якая выдавалася ў Вільні ў 1916-1938 гг.

[16] "Правесці асабісты вобыск" (пол.).

[17] "Ці прызнаеце Вы віну, што належыце да Камуністычнай партыі Польшчы?" (пол.).

[18] Побач (пол.).

[19] Лукішкі - галоўная турма ў Вільні.

[20] Ад польскага "cela" - камера.

[21] "Адзін, два, два, адзін, адзін, адзін" (пол.).

[22] "Правілы для вязняў (пол.).

[23] Тут Рак-Міхайлоўскі трохі перабольшвае. На парламенцкіх выбарах у лістападзе 1922 г. за сеймавы спіс Блока нацыянальных меншасцяў (а не асабіста за Рак-Міхайлоўскага) было аддадзена не 60000, а 44230 галасоў.

[24] "На гарачым учынку звычайнага злачынства" (пол.). Паводле польскага заканадаўства, пасол сейма мог быць затрыманы без згоды на тое сейма толькі ў тым выпадку, калі ён быў заспеты на месцы злачынства.

[25] Следчы суддзя па асабліва важных справах Баброўскі (пол.).

[26] "Першы допыт" (пол.).

[27] Білеўскі (Вілеўскі) - адзін з псеўданімаў, якія меў Аляксандр Бабіч - сябра КПЗБ, які быў у 1925 г. вылучаны на партыйную перападрыхтоўку ў Менск. У студзені 1926 г. браў удзел у ІІІ канферэнцыі КПЗБ у якасці госця. Быў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1926 г. і ў турме ў Бельску пагадзіўся супрацоўнічаць з паліцыяй. Быў сведкам на працэсе Грамады і на працэсе 133-х камуністаў у Вільні. Адвакаты грамадоўцаў падчас працэсу выявілі ў ягоных паказаннях шмат супярэчнасцяў.

[28] Гурын (Маразоўскi) (сапр. Ханевіч) Мiхал (1891 - 1928) - беларускі дзеяч. У 1924 г. быў падпольна пасланы зь Менску ў Заходнюю Беларусь для арганізацыі камуністычнага руху. Быў адным з лідэраў т. зв. «сэцэсіі» ў КПЗБ у 1924-1925 гг. Пасьля сядзеў у польскай турме, пасьля выхаду з якой выказваўся за супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. 16 сакавiка 1928 г., быў забіты ў Вільні як правакатар.

[29] Галавач Фэлікс (1886 - 1972) - беларуска-польскі грамадска-палітычны дзеяч. У 1922 - 1927 гг. быў паслом у польскі сейм, прайшоў у яго ў Лідзкай акрузе па сьпісе ПСЛ "Вызваленне". Падкрэсьліваў сваё беларускае паходжанне. У 1924 г. адзін са стваральнікаў і лідэраў Незалежнай сялянскай партыі. Быў арыштаваны ў студзені 1927 г. разам з пасламі ад БСРГ. Вызвалены праз 18 месяцаў без суда.

[30] Міжнародны сялянскі савет (Крестинтерн) - міжнароднае аб'яднанне радыкальных сялянскіх партый і арганізацый розных краін, якое было створана ў кастрычніку 1923 г. і дзейнічала да пачатку Другой сусветнай вайны.

[31] Маецца на ўвазе канферэнцыя прадстаўнікоў КП(б)Б, КПЗБ і БСРГ, якая адбылася ў жніўні 1926 г. у курортным горадзе Сопаце каля Гданьска.

[32] "Пасол Рак-Міхайлоўскі… прымаў у сябе людзей, якія прыбылі з Расіі, і таксама накіроўваў іх на працу ў Польшчы" (пол.).

[33] "А адкуль Грамада мае грошы?" (пол.).

[34] "Злачынствы паводле артыкулаў" (пол.).

[35] Артыкул 102 Крымінальнага Кодэкса Расійскай імперыі, які ў 1927 г. яшчэ дзейнічаў у Польшчы на тэрыторыі былога т. зв. "расійскага забору", прадугледжваў адказнасць за ўдзел у змове, створанай для замаху на дзяржаўны лад Польшчы альбо на цэласнасць яе дзяржаўнай тэрыторыі - 8 гадоў цяжкай турмы (катаргі). 110 артыкул гэтага самага Кодэкса прадугледжваў для польскіх грамадзян, вінаватых у 1) падбухторванні іншаземнага ўрада да ваенных ці іншых варожых у дачыненні да Польшчы дзеянняў або да разрыву мірных дамоўленасцяў, або да ўхілення ад такіх дамоўленасцяў; 2) абяцанні іншаземнаму ўраду перад аб'яўленнем вайны ад сябе ці ад іншых асобаў, садзейнічаць ягоным вайсковым аперацыям супраць Польшчы - ад 4 да 15 гадоў цяжкай турмы.

[36] "У якасці стрымальнага сродку - арышт" (пол.).

[37] Валошын Павал (1891-1937) - беларускі палітычны дзеяч. У 1923 - 1927 гг. пасол польскага сейма, адзін са стваральнікаў БСРГ.

[38] Ратай Мацей (1884 - 1940) - польскі палітык, адзін зь лідэраў сялянскага (людовага) руху ў міжваеннай Польшчы. Быў паслом сейма ў 1919 - 1935 гг. і ягоным маршалкам у 1922 - 1927 гг.

[39] "Інцэндэнтальную скаргу ў акруговы суд у Вільні" (пол.).

[40] Пропуск у дакуменце.

[41] Мятла Пятро (1890-1936) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1927). Адзін са стваральнікаў і лідэраў БСРГ.

[42] Як паведамляла 22 красавіка 1926 г. грамадоўская газета "Беларуская справа", Сымон Рак-Міхайлоўскі захварэў у студзені 1926 года і на працягу 2-3 тыдняў быў вымушаны ляжаць у ложку. У санаторыі ён знаходзіўся з 15 сакавіка гэтага ж года, і, як пісалася ў газеце, "можна спадзявацца, што ў траўні месяцы пасол Рак-Міхайлоўскі ізноў прыступіць да працы".

[43] "Słowo" ("Слова") - штодзённая газета, орган віленскіх кансерватараў. Выдавалася з 1922 па 1940 г. у Вільні.

[44] "Kurjer Wileński" ("Віленскі кур'ер") - польская газэта, якая выходзіла ў Вільні ў 1924 - 1940 гг.

[45] "Камунізуючая і падрыўная" (пол.)

[46] Польская народная партыя (ПСЛ) «Вызваленьне» (Polskie Stronnictwo Ludowe (PSL) "Wyzwolenie") - польская сялянская партыя левацэнтрысцкай арыентацыі, якая дзейнічала ў 1915 - 1931 гг.

[47] Польская народная партыя (ПСЛ) "Пяст" (Polskie Stronnictwo Ludowe (PSL) "Piast") - правацэнтрысцкая сялянская партыя ў Польшчы, якая існавала ў 1913 - 1931 гг.

[48] Польская сацыялістычная партыя (ППС) (Polska Socjalistyczna Partia - PPS) - левая палітычная партыя ў Польшчы, заснаваная ў 1893 г. У міжваенны час дзейнічала на ўсёй тэрыторыі Польшчы і заўсёды мела даволі значны ўплыў.

[49] "Пад пагрозай польскі маёмасны стан і польская дзяржаўнасць" (пол.).

[50] Эндэкі - сябры Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі.

[51] Бурсевіч Максім (1890-1937) - заходнебеларускі грамадска-палітычны дзеяч. Быў кіраўніком сакратарыята БСРГ.

[52] Біяграфічных звестак не выяўлена.

[53] Астроўскі Радаслаў (1887-1976) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Віцэ-старшыня БСРГ ў 1925 - 1927 гг., дырэктар Беларускага кааператыўнага банка.

[54] Шнаркевіч Язэп (1886 - 1974) - беларускі нацыянальны дзеяч. Адзін з арганізатараў БСРГ, кіраўнік яе Цэнтральнага камітэта ў Вільні.

[55] Коўш Аляксандр (1890 - 1943) - беларускі грамадcка-палітычны і рэлігійны дзеяч, праваслаўны святар, адзін з лідэраў БСРГ.

[56] Луцкевіч Антон (1884-1942) - беларускі дзеяч, нефармальны кіраўнік заходнебеларускага руху ў пачатку 20-х гадоў.

[57] Рак-Міхайлоўская Надзея - жонка Сымона Рак-Міхайлоўскага.

[58] "Głos Prawdy" ("Голас праўды") - штодзённая газета, якая выдавалася ў Варшаве ў 1926-1929 гг.

[59] "Robotnik" ("Рабочы") - штодзённая газета, афіцыйны орган ППС. Выдавалася ў Варшаве з 1894 да 1939 г.

[60] "Наша справа" - грамадска-палітычная і літаратурная газета, орган БСРГ. Выдавалася ў верасні 1926 г. і ў снежні 1926 - студзені 1927 г. у Вільні пад рэдакцыяй К. Запольскага. Выйшла 16 нумароў, 3 з іх канфіскавана.

[61] "Narodny Zwon" - грамадска-палітычная і літаратурная газета, орган БСРГ. Выдавалася ў снежні 1926 - сакавіку 1927 г. у Вільні лацінскім шрыфтам. Выйшла 12 нумароў, 5 з іх канфіскавана.

[62] "Маланка" - беларуская гумарыстычна-сатырычная газета, орган БСРГ. Выдавалася ў Вільні ў 1926 - 1928 гг. Многія нумары былі канфіскаваныя.

[63] «Сялянская ніва» - беларуская газэта, друкаваны орган Беларускага сялянскага саюза. Выходзіла ў Вільні з 6 снежня 1925 па 7 ліпеня 1930 гг. (у 1928 - 1930 гг. - нерэгулярна).

[64] "Biełaruskaja krynica" - беларуская газэта, друкаваны орган беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Выдавалася з перапынкамі у 1917 - 1940 гг. (у 1917 - 1925 і ў 1939 - 1940 гг. насіла назву « Krynica").

[65] Уласаў Аляксандр (1874 - 1941) - беларускі грамадска-палітычны і культурна-асветніцкі дзеяч, у 1922 - 1927 гг. сенатар.

[66] Шырма Рыгор (1892 - 1978) - беларускі культурны і грамадскі дзеяч, у міжваенны перыяд адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы.

[67] Астроўская Антаніна (1884 - пасля 1941) - жонка Радаслава Астроўскага.

[68] "Kurjer Poranny" ("Ранішні кур'ер") - штодзённая газета, якая выдавалася ў Варшаве з 1877 па 1939 гг.

[69] "Справа ў Сейме аб выданні арыштаваных паслоў" (пол.).

[70] Ярэміч Фабіян (1891-1958) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1935).

[71] Так у дакуменце. Відаць, маецца на ўвазе цэра (ад польскага "cera") - скура на твары.

[72] Ваявудскі Сільвестр (1892 - 1938) - польскі грамадска-палітычны дзеяч. Меў маёнтак на Лідчыне. У 1918 - 1922 гг. штатны афiцэр ІІ аддзелу Польскага генштаба. У 1922-1927 гг. пасол сейма Польшчы, выбраны са спісу ПСЛ «Вызваленне». Адзiн са стваральнікаў і лiдэраў Незалежнай сялянскай партыі.

[73] Незалежная сялянская партыя (НПХ) (Niezależna Partia Chłopska - NPCh) - польская радыкальная сялянская партыя, якая існавала ў 1924 - 1927 гг. Цесна супрацоўнічала з камуністамі, фактычна была адпаведнікам Беларускай сялянска-работніцкай грамады на этнічна польскіх землях.

[74] "Rzeczpospolita" ("Рэспубліка") - газета, выходзіла ў Варшаве ў 1920 - 1932 гг. 2 разы на дзень (зранку і ўвечары).

[75] Сабалеўскі Юры (1889 - 1957) - беларускі нацыянальны дзеяч. У 1926 - 1927 быў дэпутатам польскага сейма, уваходзіў у пасольскі клуб БСРГ, затым у Беларускі пасольскі клуб.

[76] Даносчыцкая (ад пол. denuncjatorska).

[77] 28 студзеня 1927 г. у газеце "Głos Prawdy" быў надрукаваны артыкул пад назвай "Пасол Ваявудскі ў ролі новага Азэфа", у якім гэты дзеяч абвінавачваўся сярод іншага ў тым, што ўжо пасля выбараў у паслы, як мінімум да 1923 г., ён выконваў ролю платнага агента дэфензівы, збіраючы інфармацыю пра беларускіх паслоў. Пры гэтым менавіта ягоная інфармацыя нібыта магла спрычыніцца да вынясення арыштаваным паслам цяжкіх прысудаў. Вынікам скандалу, які выбухнуў пасля гэтага паведамлення, стала вынясенне справы Ваявудскага на разгляд Маршалкоўскага суда. Суд над С.Ваявудскім адбываўся з 29 студзеня па 2 сакавіка 1927 года. Бясспрэчных доказаў віны Ваявудскага ў наўмыснай правакацыі беларускіх парламентарыяў суд у выніку сваёй працы не выявіў. Аднак было ўстаноўлена, што С.Ваявудскі з'яўляўся "мужам даверу Рэферата па нацыянальных адносінах пры ІІ аддзеле Польскага Генштабу" і "між іншым, дастаўляў інфармацыю аб палітыцы Беларускага клуба ў Сейме і аб некаторых беларускіх дзеячах", а таксама "браў грошы ад Рэферата па нацыянальных адносінах з распіскамі аб атрыманні".

[78] Вандэрвэльдэ Эміль (1866 - 1938) - бельгійскі сацыяліст, з 1900 г. старшыня Міжнароднага сацыялістычнага бюро ІІ Інтэрнацыяналу. Рак-Міхайлоўскі, відаць, меў на ўвазе ягоную працу "Калектывізм і прамысловае развіццё", напісаную ў 1896 годзе.

[79] Шэлер-Міхайлаў Аляксандр Канстанцінавіч (1838 - 1900) - расійскі пісьменнік.

[80] Больш падрабязнай інфармацыі пра асобу Лапыркі і пра сутнасць судовай справы не выяўлена.

[81] "Вязня пад следствам" (пол.)

[82] Пропуск у тэксце.

[83] Дабжаньскі Стэфан Анджэй (1883 - 1945) - польскі палітык, адвакат. У 1922 - 1927 гг. пасол сейма са спісу Нацыянальна-народнага саюза (эндэкаў).

[84] Народна-нацыянальны саюз (Związek Ludowo-Narodowy) - назва парламенцкай фракцыі польскіх нацыянал-дэмакратаў (эндэкаў), якія стаялі на выразна нацыяналістычных пазіцыях.

[85] Шрэйбер Давід (1874 - 1941) - габрэйскі грамадска-палітычны дзеяч, адвакат з Усходняй Галіччыны. Прыхільнік сіянісцкага руху. Пасол сейма ў 1922 - 1927 гг., уваходзіў у т. зв. Габрэйскае кола.

[86] Жыдоўскае кола (Koło Żydowskie) - афіцыйная назва габрэйскай нацыянальнай фракцыі ў польскім парламенце І склікання.

[87] Хаміньскі Людвік (1890 - 1958) - польскі грамадска-палітычны дзеяч, прыхільнік краёвай ідэі. Жыў у Вільні. У 1922-1927 гг. быў паслом сейма Польшчы, у 1922 - 1925 гг. уваходзіў у пасольскі клуб ПСЛ "Вызваленне", у 1925 - 1927 гг. - у Клуб працы. Выступаў на працэсе над лідэрамі БСРГ вясной 1928 г. у якасьці сведкі.

[88] Клуб працы - парламенцкая фракцыя, якая была ўтворана ў 1925 г. у выніку чарговага расколу ў парламенцкім клубе ПСЛ "Вызваленне". У яго ўваходзілі такія вядомыя польскія палітыкі, як Казімір Бартэль, Станіслаў Тугут, Мар'ян Касцялкоўскі. У 1926 г. падтрымаў травеньскі пераварот Пілсудскага, пасля чаго фактычна з'яўляўся праўрадавай фракцыяй. На аснове парламенцкага клуба была ўтворана Партыя працы, якая ў 1928 г. увайшла ў склад Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам.

[89] "Związek Chłopski" ("Сялянскі саюз") - польскія палітычная партыя і сеймавы клуб, якія былі заснаваны ў 1924 г. групай левых паслоў, якія перад гэтым выйшлі з ПСЛ "Пяст" і ПСЛ "Вызваленне". У 1926 г., пасля аб'яднання з пасольскім клубам "Народнае адзінства" ("Jedność Ludowa") стаў называцца "Сялянская партыя" ("Stronnictwo Chłopskie"). Відаць, менавіта пасольскі клуб гэтай партыі мае тут на ўвазе Рак-Міхайлоўскі.

[90] Марвэг Ян (1885 - 1936) - польскі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст. У 1922 - 1927 гг. пасол сейма ад Народна-нацыянальнага саюза.

[91] Строньскі Станіслаў (1882 - 1955) - польскі палітык, прыхільнік нацыянальных дэмакратаў. Рэдагаваў правыя часопісы «Rzeczpospolita" i "Warszawianka". У 1919 - 1935 гг. быў паслом сейма, у 1927 г. уваходзіў у фракцыю Народна-нацыянальнага саюза.

[92] Рагуля Васіль (1879-1955) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1927), сенатар (1928-1930).

[93] Лібэрман Герман (1870 - 1941) - польскі палітык і адвакат, адзін з лідэраў ППС. Пасол сейма ў 1919 - 1933 гг., пасля жыў у эміграцыі ў Францыі. Адзначаўся прыхільным стаўленнем да нацыянальных меншасцяў Польшчы, быў адным з адвакатаў Вінцэнта Гадлеўскага на судзе ў 1926 г.

[94] Балін Станіслаў (1897 - 1937) - польска-беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Заўсёды падкрэсліваў сваё беларускае паходжанне. З 1922 па 1927 г. быў паслом польскага сейма, першапачаткова ўваходзіў у пасольскі клуб ПСЛ "Вызвалення". У ліпені 1924 г. выступіў у сейме з пратэстам супраць прыняцця т. зв. моўных законаў, нявыгадных беларусам і іншым нацыянальным меншасцям. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Незалежна сялянскай партыі.

[95] Сахацкі (Чашэйка-Сахацкі) Ежы (1892 - 1933) - польскі камуністычны дзеяч, у 1924 - 1927 і 1928 гг. пасол польскага сейма, уваходзіў у Камуністычную пасольскую фракцыю.

[96] Сялянская партыя (Stronnictwo Chłopskie) - партыя, якая ўтварылася ў 1925 г. у выніку аб'яднання некалькіх драбнейшых польскіх сялянскіх партый. Выступала сярод іншага за зямельную рэформу без выкупу, нацыяналізацыю прамысловасці і г. д. Існавала да 1931 г.

[97] "Сябрамі" (пол.).

[98] Галка Антон (1896-1967) - польскі грамадска-палітычны дзеяч, пасол сейма ў 1922 - 1927 гг., выбраны ў Свянцянскай выбарчай акрузе са спісу ПСЛ "Вызваленне". Пасля выхаду з "Вызвалення" ў 1927 г. далучыўся да Сялянскай партыі.

[99] Гадлеўскі Вінцэнт (1888-1942) - беларускі каталіцкі святар і палітык.

[100] Шутовіч Віктар (1890-1960) - беларускі каталіцкі святар.

[101] Барадзенічы - вёска ў Браслаўскім павеце (цяпер раёне). Кс. Віктар Шутовіч быў святаром у мясцовым касцёле з 1917 да 1927 г.

[102] Насамрэч Віктар Шутовіч быў накіраваны не ў Ліду, а ў вёску Трысцяны на Беласточчыне.

[103] Гэльман Станіслаў (1869 - ?) -польскі грамадска-палітычны дзеяч, пасол сейма ў 1922 - 1927 гг., выбраны ў Наваградскай выбарчай акрузе са спісу ПСЛ "Вызваленне". У 1925 г. выйшаў з "Вызвалення" і далучыўся да Сялянскай партыі.

[104] Маецца на ўвазе Саюз дробных сялян усходніх земляў, які С. Гэльман беспаспяхова намагаўся заснаваць на працягу 1927 г. Пасля правалу сваёй задумы ён 29 верасня 1927 г. вярнуўся назад у Сялянскую партыю.

[105] Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч (1821 - 1881) - расійскі пісьменнік.

[106] "Дзяржаўнага юрыста" (пол.).

[107] Мітынгі пратэсту супраць арышту лідэраў Грамады сапраўды пракаціліся па ўсёй БССР. Пратэсты прымалі розныя формы: адкрытыя вулічныя дэманстрацыі, прыняцце пратэстных рэзалюцый, высылка тэлеграмаў у падтрымку арыштаваных грамадоўцаў і г.д. Аднак усе падобныя мерапрыемствы строга кантраляваліся камуністычнымі ўладамі.

[108] "Стшэльцы" ("стральцы") - сябры польскай дзяржаўнай маладзёжнай арганізацыі "Стралецкі саюз" (Związek Strzelecki"), якая была заснавана ў 1919 г. і падпарадкоўвалася польскаму Міністэрству вайсковых спраў.

[109] Маецца на ўвазе вядомая ўкраінская песня на словы Івана Франка, якая была напісана ў 1880 г. і пачыналася словамі "Не пора, не пора, москалеві й ляхові служити».

[110] Маецца на ўвазе знакамітая ўкраінская рэвалюцыйная песня "Шалійте, шалійте, скажені кати» аўтарства вядомага ўкраінскага навукоўца і грамадска-палітычнага дзеяча Аляксандра Калесы.

[111] Фрэйзер (Fraser) Джон Фостэр (1868-1936) - англійскі журналіст і падарожнік, аўтар шэрагу кніг пра розныя краіны свету.

[112] Родзевіч Вацлаў - віленскі адвакат, які часта выступаў абаронцам падчас судовых працэсаў над беларускімі дзеячамі. Падчас працэсу над лідэрамі Грамады ў Вільні вясной 1928 г. выступаў у якасці сведкі.

[113] Хруцкі Сяргей (1887 - пасля 1939) - украінскі грамадска-палітычны дзеяч, пасол сейма ў 1922 - 1935 гг., у 1922 г. быў выбраны ў Берасцейскай выбарчай акрузе са спісу Блока нацыянальных меншасцяў. З 1925 г. сябра Украінскага нацыянальна-дэмакратычнага аб'яднання (УНДА).

[114] Пасольскі мітынг у мястэчку Лоск Валожынскага павета быў праведзены Сымонам Рак-Міхайлоўскім 27 верасня 1923 г. Запыт пракурора пры акруговым судзе ў Вільні аб атрыманні згоды сейма на прыцягненне Рак-Міхайлоўскага да судовай адказнасці за нібыта дапушчаныя ім падчас мітынгу заклікі да непадпарадкавання распараджэнням улады і пашырэнне нянавісці паміж паасобнымі групамі насельніцтва маршалак сейма атрымаў 2 красавіка 1924 г. У той час сейм пазбавіць Рак-Міхайлоўскага пасольскай недатыкальнасці не пагадзіўся.

[115] "Віленск[ай] ваяводскай управы, п. Гацкі" (пол.).

[116] Так (разам з пытальнікам) у дакуменце.

[117] "Прашу ў дарозе зусім не размаўляць!" (пол.).

[118] "Warszawianka" - штодзённая газета, якая выдавалася ў Варшаве з 1924 па 1928 гг.

[119] Тарас - псеўданім Браніслава Тарашкевіча.

[120] «Цяжкай турмы, катаргі" (пол.).

[121] Акінчыц Фабіян (1886-1943) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, працаваў у Грамадсе ў якасці юрыста.

[122] "Віленскі вакзал" (пол.).

[123] "Камуністы, дакладна" (пол.).

[124] "Карная турма, Длуга, 13" (пол.).

[125] "Галоўным Вакзале" (пол.).

[126] Вронкі - палітычная турма, якая знаходзілася ў аднайменным горадзе ў Пазнанскім ваяводстве.

[127] Сьвентакшыская турма - турма, якая знаходзілася ў Келецкім ваяводзтве Польшчы ў будынках былога т. зв. Сьвентакшыскага бенедыктынскага манастыра на Лысай гары (адсюль назва). Ад найбліжэйшага горада да яе трэба было, паводле інфармацыі сеймавай турэмнай камісіі, ехаць 4 гадзіны Прызначалася ў асноўным для ўтрымання асуджаных на пажыццёвае зняволенне.

[128] "Турэмная камісія" - спецыяльная сеймавая камісія, створаная ў лютым 1924 г. для вывучэння становішча ў польскіх турмах з мэтай выявіць выпадкі злоўжыванняў і здзекаў над вязнямі на тэрыторыі Польшчы. Ад Беларускага пасольскага клуба ў яе ўваходзіў Фабіян Ярэміч. Камісія наведала 24 польскія турмы і ў выніковай справаздачы аб сваёй працы, складзенай 23 студзеня 1926 г., адзначыла шматлікія выпадкі парушэнняў закона з боку турэмнай адміністрацыі. У сейме прадстаўнікі камісіі прадстаўлялі сваю справаздачу ў канцы сакавіка 1926 г.

[129] Не ведаю (пол.).

[130] Лейбарысцкая партыя (Партыя працы) - адна з вядучых палітычных партый у Вялікабрытаніі, паводле арыентацыі - сацыял-дэмакратычная. У 1927 г. знаходзілася ў апазіцыі.

[131] Пілсудскі Юзаф (1867-1935) - польскі палітык, з траўня 1926 г. фактычны дыктатар Польшчы.

[132] Пропуск у тэксце.

[133] Ксёндз-пробашч (пол.).

[134] Лодзь (пол.).

[135] "Дабранач". "Да пабачэння" (пол.).

[136] Так у дакуменце. Відаць, гэтыя словы спачатку былі памылкова напісаныя С. Рак-Міхайлоўскім, а пасля ім жа выкраслены, бо ў машынапісе пасля іх ёсць расейскамоўны надпіс у дужках - "Вычеркнуто".

[137] "Gazeta Poranna Warszawska" ("Ранішняя варшаўская газета") - польская газета, якая выходзіла ў 1925-1935 гг., орган польскіх нацыянал-дэмакратаў.

[138] Так у дакуменце.

[139] Аляксандр Уласаў быў асуджаны расійскімі ўладамі 22 студзеня 1910 г. на 2 месяцы зняволення ў астрозе за "антыдзяржаўныя" публікацыі ў газеце "Наша ніва", якую ён рэдагаваў.

[140] "Як паслы паводзяць сябе ў турме" (пол.).

[141] "Арыштаваныя паслы Тарашкевіч і Рак-Міхайлоўскі, пасаджаныя ў турму на Лукішках, намагаюцца дэманстраваць, ламаючы прадметы, якія знаходзяцца ў камеры, і нападаючы на супрацоўнікаў турмы. Арыштаваныя дамагаюцца вызвалення" ("А. В.") (пол.).

[142] Тарашкевіч (па другому мужу Ніжанкоўская) Вера (1901-1998) - жонка Браніслава Тарашкевіча, пляменніца Аляксандра Ўласава.

[143] Славацкі Юліюш (1809-1849) - польскі паэт.

[144] Крашэўскі Юзаф Ігнацы (1812-1887) - польскі пісьменнік, гісторык, публіцыст.

[145] "Пракантралявана ў пракурорскай управе пры акруговым судзе ў Вільні" (пол.).

[146] "Праверана цэнзурай" (пол.)

[147] Басановіч Ян (Басанавічус Ёнас) (1851-1927) - літоўскі гісторык, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч.

[148] Рачкевіч Уладзіслаў (1885 - 1947) - польскі дзяржаўны дзеяч, у 1926 - 1930 гг. - віленскі ваявода.

[149] Літоўскі нацыянальны камітэт у Вільні - галоўны прадстаўнічы орган літоўскіх інстытуцый у Польшчы, існаваў у 1919-1937 гг.

[150] Польшча і Літва на працягу ўсяго міжваеннага перыяду мелі напружаныя адносіны, бо літоўцы не хацелі прызнаць факту перадачы Польшчы горада Вільні. Да снежня 1927 г. гэтыя дзве дзяржавы фармальна ўвогуле знаходзіліся ў стане вайны.

[151] Антыдзяржаўныя прамовы (пол.).

[152] Кшыжаноўскі Браніслаў (1876 - 1943) - польскі грамадска-палітычны дзеяч, сенатар у 1922 - 1927 гг., выбраны ў Віленскім ваяводстве са спісу ПСЛ "Пяст". Пасля заключэння ў 1923 г. гэтай партыяй пагаднення з эндэкамі далучыўся да ПСЛ "Вызваленне".

[153] Бабяньскі Аляксандр (1853 - 1931) - генэрал-лейтэнант, адвакат. Быў абаронцам на многіх судовых працэсах над беларускімі дзеячамі ў Польшчы, у тым ліку і на т. зв. "працэсе 56-ці" над лідэрамі БСРГ.

[154] Абрамовіч Людвік Кааль (1879 - 1939) - польскі гісторык, грамадскі дзяяч, журналіст, выдавец. У 1911 - 1939 гг. рэдагаваў віленскую польскую газэту «Przegląd Wileński".

[155] Станкевіч Адам (1892-1949) - беларускі палітык, каталіцкі ксёндз, пасол польскага сейма (1922-1927).

[156] "Беларуская справа" - грамадска-палітычная і літаратурная газета, орган БСРГ. Выдавалася з 9 красавіка па 31 ліпеня 1926 г. у Вільні. Выйшла 29 нумароў, 8 з іх канфіскавана.

[157] Макулік Сымон - паходзіў з мястэчка Крынкі на Гарадзеншчыне. Быў адным са шматлікіх "зіц-рэдактараў" (г. зн. рэдактараў фармальных, але не фактычных) грамадоўскай газеты "Беларуская справа". Арыштаваны 21 кастрычніка 1926 г.

[158] "Трэба адзначыць, што пакуль гэта па справах прэсы ў Польшчы - самы строгі прысуд" (пол.).

[159] Быў пакараны (пол.).

[160] Любіч-Маеўскі Станіслаў (1878 - 1941) - польска-беларускі грамадскі і культурны дзяяч. У міжваенны пэрыяд быў дырэктарам польскай гімназіі ў Вілейцы. У 1929 г. у Львове выдаў беларускі "Лемантар" (лацінкай), які крытыкавалі многія беларускія мовазнаўцы за шматлікія паланізмы і русізмы.

[161] Маецца на ўвазе акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу, якая праходзіла ў Менску 14-21 лістапада 1926 г.

[162] Стырно культурнага жыцця беларуса (пол.).

[163] Утраквістычныя школы - школы, выкладанне ў якіх, часцей за ўсё фармальна, вялося на дзвюх мовах - польскай і беларускай.

[164] "Да злачынцаў урад бязлітасны, што ж датычыць спакойнага беларускага народзіку - то ўрад тут вельмі талерантны" (пол.).

[165] Так у дакуменце.

[166] Слова неразборлівае.

[167] Так у дакуменце.

[168] Спатканне (пол.).

[169] Біяграфічных звестак не выяўлена.

[170] Войцік Антон (1898 - 1948) - беларускі журналіст, рэдактар, перакладчык.

[171] Шантырова. Маецца на ўвазе жонка Антона Войціка, вядомая беларуская дзяячка Людвіка Сівіцкая-Войцік (Зоська Верас) (1892-1991), першым мужам якой быў беларускі дзеяч Фабіян Шантыр (1887-1920).

[172] Віленскую хроніку (пол.).

[173] Польская ліга абароны правоў чалавека і грамадзяніна - грамадская арганізацыя, якая існавала ў Польшчы ў 1921-1937 гг. і мела за задачу абарону дэмакратычных свабод, супраціў палітычнаму пераследу і нецярпімасці.

[174] Польскай лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна ў справе палітычных вязняў і турэмнай справы ў Польшчы" (пол.).

[175] Адкрытага ліста (пол.).

[176] Тугут Станіслаў Аўгуст (1873 - 1941) - польскі палітык, у 1922 - 1924 гг. старшыня ПСЛ «Вызваленне». У 1924 - 1925 гг. быў міністрам без партфеля ва ўрадзе У.Грабскага, курыраваў нацыянальныя праблемы.

[177] Смяроўскі Яўген (1878 - 1932) - польскі грамадска-палітычны дзеяч, пасол сейма ў 1922 - 1927 гг., у 1922 - 1925 гг. сябра клуба ПСЛ "Вызваленне". Пасля выхаду з "Вызвалення" ў 1925 г. далучыўся да Клуба працы, але хутка выйшаў і адтуль.

[178] Ліманоўскі Баляслаў (1835-1935) - польскі палітык, грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, гісторык. Быў сябрам ППС, у 1922-1935 гг. з'яўляўся сенатарам ад гэтай партыі.

[179] Поснэр Станіслаў (1868-1930) - польскі палітык і грамадска-палітычны дзеяч, сябра ППС. У 1922-1930 гг. - сенатар.

[180] "Беларускія справы" (пол.).

[181] "Наш голас" - грамадска-палітычная і літаратурная газета, орган БСРГ. Выдавалася з 26 студзеня да 28 лютага 1927 г. пад рэдакцыяй Альберта Эйсака. Выйшла 11 нумароў, 5 з іх канфіскавана.

[182] Паўлюкевіч Арсень (1889 - ?) - беларускі палітычны дзеяч, лекар. У сярэдзіне 1920-х гадоў быў стваральнікам і кіраўніком шэрагу беларускіх палянафільскіх арганізацый: Часовай беларускай рады, «Прасьветы», «Беларускай хаткі», Беларускага камітэту для спраў самакіраваньня, Беларускай нацыянальнай рады, Беларускай нацыянальнай партыі.

[183] Валэйша Станіслаў - беларускі грамадскі дзеяч. У пачатку 1920-х гг. арганізатар і старшыня Беларускага грамадзянскага сабрання ў Вільні, пасля актывіст паланафільскіх арганізацый. Заснаваў т. зв. Беларускі клуб у Вільні, які ў 1925 г. быў зачынены польскімі ўладамі як асяродак азартных гульняў.

[184] Мамонька Язэп (1889-1937) - беларускі дзеяч, адзін з лідэраў беларускіх эсэраў. У 1926 - 1928 гг. дзейнічаў у Вільні, беспаспяхова намагаўся ўтварыць беларускую нацыянальную сацыялістычную партыю.

[185] "Виленское утро" - штодзённая расейская газета, якая выдавалася ў Вільні ў 1921-1928 гг.

[186] Знамяроўскі Уладзіслаў - беларускі грамадска-культурны дзеяч, рэдактар, выдавец. У 1920 - 1930-х гг. меў у Вільні прыватнае выдавецтва. Рэдагаваў шэраг беларускіх віленскіх газет, за што прыцягваўся да судовай адказнасці.

[187] "Утрымлівалася ўсхваленьне злачынства дзяржаўнай здрады" (пол.).

[188] "Дэлегацыя ў паліцэйскі пастарунак у Казлоўску Лужскай гміны ад навакольных вёсак" (пол.).

[189] "Głos Wileński" - штотыднёвая газета "для гарадоў і вёсак", якая выдавалася ў Вільні ў 1921-1932 гг.

[190] Тыднёвік (пол.).

[191] Управу Віленскага гуртка Народна-нацыянальнага саюза (пол.).

[192] Сход сяброў віленскіх раённых гурткоў Н[ародна]-Н[ацыянальнага] С[аюзу] (пол.)

[193] Звяжыньскі Аляксандр (1880-1958) - польскі грамадска-палітычны дзеяч, пасол сейма ў 1922 - 1935 гг., у 1922 г. выбраны ў Вільні з эндэцкага спісу.

[194] "Апазіцыя Н.-Н. С. з'яўляецца апазіцыяй творчай, апазіцыяй, якая неаднаразова змушала ўрад да дзеянняў, супярэчных ягонай волі, але карысных і збаўчых для Польскай дзяржавы. За прыклад можа служыць справа рэпрэсій у адносінах да беларускай "Грамады" (пол.).

[195] Допыт (пол.).

[196] Тут Рак-Міхайлоўскі, улічваючы магчымасць азнаямлення следства з ягоным дзённікам, піша відавочную няпраўду: Міхала Гурына, які ў 1924-1925 гг. цесна кантактаваў з беларускімі пасламі, ён не ведаць проста не мог.

[197] Рыжы Аляксандр - рэгіянальны дзеяч КПЗБ, у канцы 1920-х гг. - старшыня Ашмянскага павятовага камітэта Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба "Змаганне".

[198] Біяграфічных звестак не выяўлена.

[199] Біяграфічных звестак не выяўлена.

[200] Рак-Міхайлоўскі мае на ўвазе сустрэчу з Аляксандрам Рыжым на партыйным сходзе ў Трабах Валожынскага павета 12 ліпеня 1926 г., які адбыўся замест ягонага справаздачнага мітынгу, забароненага паліцыяй

[201] Біяграфічных звестак не выяўлена.

[202] Якія ёсць скаргі? (пол.).

[203] Цыркуляр Макоўскага (пол.). Маецца на ўвазе адпаведны цыркуляр, выдадзены ў 1926 г. міністрам юстыцыі Польшчы Вацлавам Макоўскім (1880-1942).

[204] "Беларускі дзень" - штотыднёвая грамадска-палітычная, літаратурная і сельскагаспадарчая газета, якая выдавалася ў 1927 - 1928 гг. у Вільні Ф. Умястоўскім.

[205] Умястоўскі Францішак (1882 - 1940) - беларускі культурны і грамадска-палітычны дзеяч, у 1927-1928 гг. старшыня Беларускай радыкальна-народнай партыі.

[206] «Беларускае слова» - беларуская газета, друкаваны орган Часовай беларускай рады, а затым Беларускай нацыянальнай рады. Выходзіла з 3 лютага 1926 г. да 9 сакавіка 1928 г. пад рэдакцыяй Т.Вернікоўскага.

[207] Пракурорская ўправа ў Вільні (пол.).

[208] Кэпель Мітрафан - беларускі дзеяч, старшыня Бацькоўскага камітэта пры Віленскай беларускай гімназіі, старшыня Рэвізійнай камісіі Беларускага грамадзянскага сабрання. З 1926 г. - сябра БСРГ, быў сябрам і скарбнікам Галоўнай Управы ТБШ.

[209] Нелаяльныя ў дачыненні да дзяржавы (пол.).

[210] Сіняўскі Мікалай - настаўнік Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў матэматыку і гімнастыку.

[211] Заморын Міхал - беларускі педагог, настаўнік беларускай і расейскай моваў, геаграфіі, гімнастыкі ў Віленскай беларускай гімназіі.

[212] Савіцкі Іван - беларускі настаўнік і грамадскі дзеяч левай арыентацыі, выкладаў сусветную гісторыю і гісторыю Беларусі ў Віленскай беларускай гімназіі. У 2-ой палове 1920-х гг. быў старшынёй Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта.

[213] Міхалевіч Аляксандр -выкладчык нямецкай і лацінскай моваў у Віленскай беларускай гімназіі і ў 1930-я гг. нейкі час яе дырэктар.

[214] Паўловіч Сяргей (1875 - 1940) - беларускі нацыянальны і рэлігійны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Аўтар многіх школьных падручнікаў і рэлігійных выданняў.

[215] Так у дакуменце.

[216] Так (з пытальнікам) у дакуменце.

[217] Так у дакуменце.

[218] Вельмі ветлівы чалавек! (пол.).

[219] Бартэль Казімір (1882-1941) - польскі палітык, у траўні-верасні 1926 г. прэм'ер-міністр.

[220] Рашэнне следчага суддзі Баброўскага аб пастаўленні мяне ў стан абвінавачвання (пол.).

[221] Бон Адольф (1890 - 1944) - польска-беларускі грамадска-палітычны дзеяч. З 1922 па 1927 г. пасол польскага сейма, спачатку ўваходзіў у пасольскі клуб ПСЛ "Вызваленне", з 1924 г. - у пасольскі клуб НПХ. У 1927 г. адзін з арганізатараў Радыкальнай сялянскай партыі беларускіх земляў.

[222] Шакун Уладзімір (1883 - 1944) - польска-беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Залічваў сябе да беларускай нацыянальнасці. З 1922 па 1927 г. пасол польскага сейма, прайшоў у яго ў Наваградзкай акрузе са спісу ПСЛ "Вызваленне". З 1924 г. - адзін з лідэраў НПХ. У 1927 г. адзін з арганізатараў Радыкальнай сялянскай партыі беларускіх земляў.

[223] Шапель Антон (1891 - 1944 (?)) - польска-беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Залічваў сябе да беларускай нацыянальнасці. З 1922 па 1927 г. быў паслом польскага сейма, прайшоў у яго ў Свянцянскай акрузе са спісу ПСЛ "Вызваленне". З 1924 г. - адзін з лідэраў НПХ. У 1927 г. адзін з арганізатараў Радыкальнай сялянскай партыі беларускіх земляў.

[224] Адозвы да насельніцтва (пол.).

[225] "Беларуская доля" - беларуская паланафільская газета, якая выдавалася ў Горадні ў 1927 г. Выйшла 2 нумары (20 і 29 сакавіка 1927 г.).

[226] Маецца на ўвазе Беларускае таварыства "Еднасць" ( "Zjednoczenie" ), якое арганізавалася ў Гродне ў пачатку сакавіка 1927 года. У праўленне арганізацыі, абранае 31 сакавіка 1927 г., увайшлі мясцовыя паланафільскія дзеячы Мікалай Адамовіч (старшыня), Аляксей Кабычкін (віцэ-старшыня), Аляксандр Аршун і Юры Ксёнка (сакратары), скарбнік А.Грыгор'еў.

[227] Брушка А. - беларускі паланафільскі дзеяч з Гродна. У сакавіку 1920 г. на выбарах у Гродзенскі БНК за ягоную кандыдатуру прагаласавалі ўсяго 56 чалавек з амаль 100. У 1927 годзе з'яўляўся рэдактарам газеты «Беларуская доля», якая выдавалася Беларускім таварыствам "Еднасць".

[228] "Прыхільнае становішча займае выданне ў дачыненні да ўрада" (пол.).

[229] Насамрэч газета "Беларускі дзень" выдавалася Францішкам Умястоўскім кірылічным шрыфтам.

[230] "Nasza Ziemia" ("Наша зямля") - штотыднёвая газета, прысвечаная "жыццю і патрэбам крэсовай вёскі". Выходзіла ў 1927 - 1928 гг. у Горадні.

[231] Лашкевіч Казімір (1888-1978) - польскі грамадска-палітычны дзеяч, пасол сейма ў 1922 - 1927 гг., выбраны ў Гарадзенскай выбарчай акрузе са спісу ПСЛ "Пяст". У снежні 1923 г. перайшоў у т. зв. Сялянскі саюз, а пасля - у Партыю працы. У 1930-1932 гг. быў віцэ-прэзідэнтам Горадні.

[232] "Саха" - сельскагаспадарчы часопіс, які выдаваўся ў Вільні Аляксандрам Уласавым у 1927-1931 гг. Да гэтага выходзіў у 1912 - 1913 гг. у Вільні і ў 1913 - 1915, 1920 гг . у Менску

[233] "Заранка" - ілюстраваны часопіс для дзяцей пад рэдакцыяй Людвікі Войцік (Зоські Верас). Выходзіў у Вільні ў 1927-1929 і 1931 гг.

[234] "Наша воля" - грамадска-палітычная і літаратурная газета, орган БСРГ. Выдавалася з 4 па 12 сакавіка 1927 г. у Вільні пад рэдакцыяй Міхася Машары. Выйшла 4 нумары, 2 з іх канфіскавана.

[235] Сэмпалоўская Стэфанія (1870-1944) - польская грамадска-асветная дзяячка, з 1919 г. прадстаўляла ў Польшчы савецкае Таварыства Чырвонага Крыжа.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX