Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Супрацоўніцтва парламенцкіх прадстаўніцтваў беларусаў і ўкраінцаў у ІІ Рэчы Паспалітай 


Аўтар: Пашкевiч Алесь,
Дадана: 27-03-2010,
Крыніца: Пашкевіч А. Супрацоўніцтва парламенцкіх прадстаўніцтваў беларусаў і ўкраінцаў у ІІ Рэчы Паспалітай // Полякі, українці, білоруси, літовці у міжвоєнній Польщі (1921 – 1939): Зб. матеріалів Міжнар. наук. конф., Дрогобич, 8 – 9 жовтня 2004 р. / Упорядн. Василь Футала. – Дрогобич: “Коло”, 2005. – С. 245 – 258.



Згодна з шэрагам унутраных і міжнародных дакументаў усiм нацыянальным меншасцям у міжваеннай Польшчы гарантавалася стварэнне з боку дзяржавы спрыяльных умоваў для iх нацыянальнага развiцця. Аднак на практыцы гэтыя дэкларацыi выконвалiся слаба, што вымушала прадстаўнiкоў няпольскiх народаў, у тым ліку беларусаў і ўкраінцаў, пастаянна змагацца за свае нацыянальныя i сацыяльныя правы.

Адной з формаў барацьбы ўкраiнскага i беларускага народаў з паланiзацыяй i нацыянальнай дыскрымiнацыяй быў удзел у выбарах i дзейнасцi прадстаўнiчых органаў улады Польскай Рэспублiкi, у першую чаргу Сейма i Сената. Гэта давала магчымасць абудзiць актыўнасць народа падчас выбарчай кампанii, а пасля, карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, выступаць з парламенцкай трыбуны, складаць iнтэрпеляцыi i прапановы, арганiзоўваць сустрэчы з выбаршчыкамi, засноўваць друкаваныя выданнi i г. д. Такім чынам адначасова вырашаліся 3 задачы: прапаганда iдэяў нацыянальнага вызвалення сярод уласных народаў, давядзенне сваёй пазiцыi да польскага ўраду i раскрыццё перад усёй сусветнай супольнасцю хаваемага палякамi факту iснавання ў Польшчы шматмiльённых славянскiх меншасцяў.

Беларусаў і ўкраінцаў не было ў першым парламенце адноўленай Польшчы, т.зв. Заканадаўчым Сейме. Выбары ж у польскi дзвюхпалатны парламент I склiкання былi прызначаныя на лiстапад 1922 года. Беларускiя i ўкраiнскiя нацыянальныя дзеячы прынялi рашэнне ўзяць актыўны ўдзел у гэтых выбарах i стварылi свае выбарчыя камiтэты. Аднак сур'ёзнаю перашкодаю для поспеху на выбарах маглi стаць патрабаваннi польскага выбарчага закона, згодна з якiм 372 з 444 паслоў Сейма выбiралiся ў акругах непасрэдна насельніцтвам, а 72 праходзiлi па дзяржаўнаму спiсу (са 111 сенатараў - 93 i 18 адпаведна). Права на атрыманне мандатаў па дзяржаўнаму спiсу мелi толькi тыя партыi, якiя атрымалi мандаты не менш, чым у 6-цi акругах, што для беларусаў i ўкраiнцаў было маларэальна, улiчваючы байкот выбараў украiнскiм насельнiцтвам Усходняй Галiцыi i своеасаблiвы падзел на выбарчыя акругi, у ходзе якога iмкнулiся да паветаў з няпольскiм насельнiцтвам далучаць чыста польскiя паветы. У якасці прыкладу можна прывесці выбарчую акругу № 4 з цэнтрам у Бельску, якая была расцягнутая максімальна на захад з уключэннем у яе разам з Бельскім і Белавежскім паветамі са значным працэнтам нацыянальных меншасцяў таксама Высокамазавецкага і Востраўскага паветаў з бясспрэчнай перавагай польскага насельніцтва [1]. Акрамя таго, было прынятае рашэнне, што ва ўсходніх выбарчых акругах з вялікай удзельнай вагой няпольскага насельніцтва 1 мандат будзе прыпадаць на 86000 чаловек (у цэнтральнай Польшчы - на 70000) [2].

Гэтыя абставiны вымушалi нацыянальныя меншасцi Польшчы шукаць партнёраў для стварэння шырокага перадвыбарчага блоку. Беларусы i ўкраiнцы з'яўлялiся ў гэтым плане натуральнымi саюзнiкамi, улiчваючы этнiчную блiзкасць двух народаў i падабенства становiшча Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны ў складзе Польшчы. У вынiку перамоваў 25 лiпеня 1922 г. быў утвораны беларуска-ўкраiнскi блок, да якога 7 жнiўня прылучылiся таксама прадстаўнiкi рускай нацыянальнай меншасцi. Да гэтага "Славянскага блока" пасля пажадалi далучыцца i прадстаўнiкi яўрэйскага i нямецкага народаў, у вынiку чаго 17 жнiўня 1922 г. на канферэнцыi ў Варшаве быў створаны Блок нацыянальных меншасцяў (БНМ) Польскай Рэспублiкi [3]. Гэта было чыста тэхнiчнае, а не iдэалагiчнае аб'яднанне, i кожная нацыя мела поўную свабоду ў выбары лозунгаў, пад якiм яна будзе iсцi на выбары. На заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх тэрыторыях стварэнне блока зрабіла магчымым злучэнне галасоў абедзвюх меншасцяў (галоўным чынам сельскага насельніцтва) з галасамі яўрэйскага насельніцтва, якое ў шмат якіх гарадах і мястэчках было самай шматлікай нацыянальнай групай. З-за цяжкага матэрыяльнага стану славянскiх меншасцяў было заключанае асобнае пагадненне з яўрэямi i немцамi, згодна з якiм апошнiя прымалi на сябе асноўны цяжар фiнансавання перадвыбарчай кампанii ў абмен на саступку на iх карысць некалькiх пасольскiх мандатаў [4]. Тым не менш, улічваючы безумоўную колькасную перавагу беларусаў і ўкраінцаў у параўнанні з яўрэямі сярод насельніцтва ўсходніх ваяводстваў, яўрэйскія палітыкі вымушаныя былі пагадзіцца на размяшчэнне на першых месцах спісаў блока ў гэтых акругах прадстаўнікоў дадзеных народаў, тым самым практычна гарантуючы ім месцы ў будучым парламенце [5].

Беларусы і ўкраінцы ў час падрыхтоўкі да заключэння выбарчага саюза першапачаткова імкнуліся быць пасярэднікамі ў справе прымірэння розных яўрэйскіх арганізацый. Але ў рэшце рэшт яны вымушаныя былі адмовіцца ад гэтай ролі пасля таго, як лідэр Яўрэйскай народнай партыі (фалькістаў), якая адмовілася ад удзелу ў блоку - Наах Прылуцкі пачаў выкарыстоўваць у сваёй антыблокавай агітацыі магчымасць выстаўлення беларусамі і ўкраінцамі на сваіх спісах былых удзельнікаў вайсковых фармаванняў Сымона Пятлюры і Станіслава Булак-Балаховіча, маючых дачыненне да яўрэйскіх пагромаў 1919-1920 гадоў [6]. Належыць, аднак, адзначыць, што сапраўднай прычынай выхаду фалькістаў з блока было незадавальненне імі колькасцю абяцаных ім пасольскіх мандатаў. Ні пятлюраўцы, ні балахоўцы не бралі ўдзелу ў акцыі Блока нацыянальных меншасцяў, падтрымоўваючы ў ходзе выбарчай кампаніі праўрадавае Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах, а украінцы і беларусы рэзка адмежаваліся ад іх, востра крытыкуючы ў сваёй прэсе, сярод іншага і за правядзенне яўрэйскіх пагромаў [7].

Памiж беларусамi i ўкраiнцамi ў рамках блока таксама ўзнiк невялiкi канфлiкт, звязаны з даўнiмi гiстарычнымi спрэчкамi адносна нацыянальнай прыналежнасцi насельнiцтва ў дзвюх выбарчых акругах Палескага ваяводства - Пiнскай i Брэсцкай, а таксама Бельскай акрузе (№ 4) Беластоцкага ваяводства. Аднак у рэшце рэшт праблема была вырашаная шляхам прыняцця кампрамiснага рашэння, паводле якога, не вырашаючы канчаткова гэтага пытання, было вырашана аддаць беларусам першыя месцы ў сеймавым спісе блока ў Бельскай і Пінскай акругах, украінцам жа - два першыя месцы ў Брэсцкай акрузе [8].

Нягледзячы на тое, што Брэсцкая выбарчая акруга была прызнаная ўкраiнскай, а Пiнская - беларускай, адпаведна беларускiя i ўкраiнскiя нацыянальныя дзеячы, якiя жылi на iх тэрыторыях, не ўхiлялiся ад актыўнага ўдзелу ў выбарчай кампанii. У мястэчках Косава і Пружаны (выбарчая акруга № 59) дзейнічалі беларускія павятовыя выбарчыя камітэты [9]. Вядомы беларускi музыка Рыгор Шырма, якi жыў у той час у Пружанах, пiсаў у Вiльню да аднаго з кiраўнiкоў беларускай выбарчай кампанii Бранiслава Тарашкевiча: "Даўно чакаю ад Беларускага Нацыянальнага Камiтэта перадвыбарную лiтаратуру i iнструкцыi… Настрой насельнiцтва павета спрыяльны на карысць блока, трэба толькi глыбей правесцi ў масы прапаганду… Пераканаўча прашу выслаць "Беларускi звон" i ўсё, што можа быць карысным для перадвыбарчай кампанii" [10]. Першым у сенацкiм спiсе БНМ па Палескаму ваяводству iшоў украiнец, i Беларускi цэнтральны выбарчы камiтэт заклiкаў беларускае насельнiцтва падтрымаць яго [11].

Напружаная перадвыбарчая праца прынесла поспех. Блок нацыянальных меншасцяў дабiўся выдатнага вынiку, атрымаўшы на выбарах у Сейм 1397538 галасоў (15,9 %) i правёўшы 66 паслоў (з iх 20 украiнскiх i 11 беларускiх), а на выбарах у Сенат - 919407 галасоў (18,35 %) i 23 сенатары (6 украiнскiх i 3 беларускiх) [12]. Пасольскія мандаты у Брэсцкай акрузе здабылі ўкраінцы Сяргей Хруцкі і Васіль Дзмітрыюк, у Пінскай і Бельскай акругах - беларусы Фабіян Ярэміч і Сымон Якавюк. Сенатарам у Палескім ваяводстве быў выбраны ўкраінец Іван Пастэрнак [13].

Пасля выбараў у польскiм парламенце былi ўтвораныя Беларускi пасольскi клуб і Украiнскае парламенцкае прадстаўніцтва, якiя ўключалi ўсiх беларускiх i ўкраiнскiх паслоў i сенатараў, выбраных са спiсу Блока нацыянальных меншасцяў. Акрамя таго, у Сейме iснаваў прапольскі Украiнскi сялянскi клуб "Хлiбороби" з 5-цi паслоў на чале з Міколам Ількавым, выбраных у Усходняй Галiцыi, але амаль нiякiх кантактаў з iм прадстаўнiкi Украiнскага клуба не падтрымоўвалi [14]. Некалькі паслоў беларускага паходжання ўвайшлі ў Сейм па спісах польскіх партыяў, перш за ўсё ПСЛ "Вызваленне" [15].

Нягледзячы на вiдавочны поспех на выбарах, беларускiя i ўкраiнскiя прадстаўнiкi складалi ў парламенце невялiкiя працэнты ад агульнай колькасцi паслоў i сенатараў, таму былi проста вымушаныя пастаянна супрацоўнiчаць па розных пытаннях. Адзiнага магутнага фронту нацыянальных меншасцяў у парламенце ад пачатку стварыць не ўдалося, нягледзячы на тое, што некаторыя дзеячы, як адзін з лідэраў сіяністаў Іцхак Грынбаўм, імкнуліся выбарчае адзінства захаваць. Грынбаўм лічыў, што гэта магло б даць меншасцям рэальны ўплыў на кіраванне дзяржавай, улічваючы адсутнасць еднасці сярод польскіх партыяў [16]. Аднак вялізная розніца інтарэсаў практычна стопрацэнтна гарадскога яўрэйскага насельніцтва і пераважна сялянскага беларускага і ўкраінскага прадвызначыла фіяска ідэі адзінага меншасцевага фронту. Не ўдалося стварыць нават паміжклубнай узгадняльнай камісіі. Таму ўсе меншасці выступалі разам у парламенце толькі ў выпадку якіх-небудзь мерапрыемстваў ураду, скіраваных супраць нацыянальных меншасцяў наогул. Як прыклад можна прывесці салідарнае выступленне ўсіх нацыянальных меншасцяў супраць урадавага праекта т. зв. моўных законаў у ліпені 1924 г., што скончылася сумесным пакіданнем імі залы паседжанняў [17].

Беларусы ж i ўкраiнцы былi блiзкiя не толькi па мове i культуры, але i па праблемах, што стаялi перад абодвума народамi. Нават праграмныя ўстаноўкi двух клубаў, зачытаныя з парламенцкай трыбуны 23 студзеня 1923 г. прадстаўнiкамi Беларусi Браніславам Тарашкевiчам i Украiны Самойлам Пiдгiрскiм, утрымоўвалi падобныя патрабаваннi: спыненне каланiзацыi ўскраiн, увядзенне самакiравання, правядзенне аграрнай рэформы, стварэнне ўмоваў для развiцця нацыянальных культуры i адукацыi i г. д. Абодва клубы спачатку занялi лаяльныя пазiцыi ў адносiнах да польскай дзяржавы, разлiчваючы дабiцца саступак з яе боку [18].

Ёсць звесткі, што адразу пасля выбараў цеснае паразуменне паміж беларускімі і ўкраінскімі пасламі ў Сейме і Сенаце было замацаванае адмысловым сумесна складзеным пагадненнем. Сярод іншага адзначалася неабходнасць склікання беларуска-ўкраінскага з'езду з мэтаю абгаворвання ўсіх спраў і стварэння Рады нацыянальнай думкі для ўплыву на дзейнасць парламентарыяў абодвух народаў [19]. Cур'ёзна абмяркоўвалася ідэя стварэння адзінага парламенцкага беларуска-ўкраінскага прадстаўніцтва, аднак у рэшце рэшт прынятае рашэнне аб існаванні асобных клубаў дзеля падкрэслівання нацыянальных адметнасцяў. Аднак і ў наступныя гады час ад часу чуліся галасы, што "перажываны мамэнт асабліва вымагае здзяйснення думкі аб канфедэрацыі Беларускага і Украінскага Клубаў - і то неадкладнага", што "будзе наогул сімвалам еднасці нашых народаў" [20]. Праўда, да практычнай рэалізацыі гэтых ідэяў на працягу працы парламента І склікання так і не дайшло.

Рэальнае супрацоўнiцтва беларускiх i ўкраiнскiх парламенцкiх прадстаўнiкоў iшло па некалькiх накiрунках. Адным з iх была падача сумесных iнтэрпеляцый маршалку Сейма аб розных парушэннях правоў мясцовага насельнiцтва з боку адмiнiстрацыйных i палiцэйскiх органаў на тэрыторыi Заходняй Беларусi цi Заходняй Украiны, а таксама спешных прапаноў па розных пытаннях [21]. Другiм накiрункам было падняцце ў выступленнях з парламенцкай трыбуны пытанняў, датычных жыцця абодвух народаў. Падчас разгляду ўсіх важных законаў беларускія і ўкраінскія паслы і сенатары бралі слова, каб выступіць з абвінавачаннем на адрас уладаў і польскага грамадства. Cупрацоўніцтва прадстаўнікоў двух народаў было звычайнай справай і падчас працы сеймавых і сенацкіх камісій. Часам адзін пасол прадстаўляў у Камісіі інтарэсы абодвух клубаў. Так, украінец Сяргей Назарук у 1925-1927 гг. працаваў у Вайсковай камісіі як прадстаўнік адначасова Украінскага і Беларускага клубаў [22]. Папраўкі да законаў адпаведна таксама афармляліся ў якасці прапановы ад імя абодвух клубаў [23].

У сувязi з невыкананнем польскiмi ўладамi беларускiх i ўкраiнскiх патрабаванняў славянскiя меншасцi хутка эвалюцыянавалi ад пазiцыi супрацоўнiцтва з уладамi да становішча безадказнай апазiцыi. Афіцыйна пра гэта было заяўлена 26 траўня 1923 г. у выступленнях Підгірскага і Тарашкевіча падчас бюджэтнай дыскусіі [24]. Частка паслоў усё больш лявела i радыкалiзавалася, што прывяло ў рэшце рэшт да расколу абодвух клубаў. У лютым 1924 г. у Украiнскiм клубе ўтварылiся сацыял-дэмакратычная фракцыя i групоўка аўтанамiстаў-федэралiстаў, а ў 2-ой палове 1924 г. - фракцыя Украiнскага сацыялiстычнага аб'яднання "Сялянскi саюз". 6 лiстапада 1924 г. 4 сацыял-дэмакратычныя паслы ўступiлi ў Камунiстычную пасольскую фракцыю (КПФ). 9 верасня 1927 г. 4 левыя паслы i 1 сенатар утварылi новы пасольскi клуб - Украiнскага сялянска-рабочага аб'яднання "Сельроб". Гэты клуб, аднак, не паспеў развіць актыўнай дзейнасці з-за хуткага роспуску парламента. Аналагiчныя працэсы адбывалiся i ў Беларускiм пасольскiм клубе: у студзенi 1924 г. унутры яго стварылася сацыял-дэмакратычная фракцыя, а 24 чэрвеня 1925 г. 4 левыя паслы ўтварылi новы пасольскi клуб Беларускай сялянска-работнiцкай грамады (БСРГ) [25]. Сябры новага клуба задэкларавалі радыкальны шлях барацьбы за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне Заходняй Беларусі.

Пасля гэтых падзеяў беларуска-ўкраiнскае ўзаемадзеянне перамясцiлася ў сферу супрацоўнiцтва паслоў БСРГ з украiнскiмi камунiстычнымi пасламi, а астатняй часткi Беларускага пасольскага клуба - з рэшткамi Украiнскага клуба. Аднак даволi часта беларускiя i ўкраiнскiя паслы розных поглядаў аб'ядноўвалi свае намаганнi, калi дзеяннi польскай улады закраналi iнтарэсы нацыянальных рухаў у цэлым. Так, 10 снежня 1926 г. паслы БСРГ, БПК, УПК i КПФ падалi сумесную прапанову аб стварэннi следчай камiсii ў справе палiцэйскага бясчынства на з'ездзе БСРГ у вёсцы Старабярозава Бельскага павету [26]. А пасля арышту грамадоўскiх паслоў у пачатку 1927 г. паслы Украiнскага пасольскага клуба апублiкавалi 29 студзеня 1927 г. паведамленне, у якiм выказвалi беларусам глыбокае спачуванне [27].

Пасля роспуску парламента восенню 1927 г. ў сакавiку 1928 г. адбылiся новыя выбары. На гэты раз адзiнства як сярод беларусаў, так i сярод украiнцаў не было. Нацыянальна арыентаваныя беларускiя i ўкраiнскiя дзеячы здолелi дасягнуць згоды з яўрэямi i немцамi i зноў стварылi Блок нацыянальных меншасцяў, спіс якога гэтым разам атрымаў № 18. Левыя сiлы выставiлi свае спiсы. Асобна iшлi на выбары i прадстаўнiкi паланафiльскiх арганiзацый. Беларуска-ўкраiнскае пагадненне аб падзеле палескіх акруг страціла сілу, і гэтым разам у іх былі выстаўленыя кандыдаты ад абодвух народаў. Гэта прывяло да сур'ёзнага канфлікту ў Брэсцкай акрузе. 31 студзеня 1928 г. Кобрынскі павятовы выбарчы камітэт БНМ выдаў адозву супраць пастаўлення на другой пазіцыі акруговага спісу №18 "навязанага звонку" беларуса А. Пазняка, аргументуючы свой пратэст "значнай перавагай сярод мясцовага насельніцтва асоб украінскага паходжання". Пасля гэтага камітэт выйшаў са складу Блока нацыянальных меншасцяў і далучыўся да Украінскага народна-гаспадарчага спісу на чале з паслом папярэдняга Сейма Антонам Васыньчуком [28].

На тэрыторыi Палесся вялiкi ўплыў мелi левыя пракамунiстычныя сiлы, самай значнай з якiх быў украiнскi "Сельроб", які з-за ўнутранага расколу выставіў на выбарах 2 спісы кандыдатаў. Выбарчы спiс "Сельробу-лявіцы" №19 стаў асноўным для ўсіх левых сiлаў на Палессi, i на яго карысць працавалi як украiнскiя, так i беларускiя камунiсты. У гэты спіс быў уключаны і атрымаў у выніку сеймавы мандат беларус Іван Грэцкі, які пазней далучыўся да Беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба "Змаганьне". Аднак без пэўных праблемаў ва ўзаемных зносінах не абыйшлося і тут. Беларускія камуністы Пружаншчыны адмовіліся падпарадкавацца рашэнню Брэсцкага акруговага камітэта кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) аб падтрымцы "Сельробу" і выставілі свой спіс №41 Беларускага культурнага рабоча-сялянскага аб'яднання. Такія дзеянні Пружанскага раённага камітэта былі ацэненыя КПЗБ як "нацыяналістычны ўхіл" [29].

Трэба адзначыць, што перадвыбарчая расстаноўка сілаў 1928 года кардынальна адрознівалася ў параўнанні з 1922 г. На гэты раз непасрэдна перад выбарамі была створаная моцная праўрадавая партыя - Беспартыйны Блок Супрацоўніцтва з Урадам (ББСУ). Мясцовая адміністрацыя прaявіла вялікае ўмяшальніцтва ў выбарчыя справы, падтрымоўваючы спіс ББСУ. Да гэтага кіраўнікоў рэгіянальнай адміністрацыі заклікаў асабіста міністр унутраных спраў Ф. Славой-Складкоўскі на агульнапольскай канферэнцыі ваяводаў, якая адбылася ў студзені 1928 г. Ваяводы ў сваю чаргу выдавалі спецыяльныя цыркуляры старостам, якімі апошнія абавязваліся актыўна ўдзельнічаць у выбарах на баку ўраду [30]. У выніку гэтага пасля выбараў у суме Вярхоўны суд Польшчы атрымаў 183 выбарчыя пратэсты, большасць з якіх паступілі з тэрыторыі т. зв. усходніх крэсаў [31]. Пасля разгляду гэтых пратэстаў вынікі выбараў у 7 акругах былі ў 1930 г. прызнаныя несапраўднымі і прызначаныя новыя выбары.

У выніку выбараў па розных спісах украінцы правялі 46 паслоў і 11 сенатараў, а беларусы - 10 паслоў і 2 сенатары. З тэрыторыі непасрэднага беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння - Палесся прайшлі 2 ўкраінскія і 1 беларускі пасол. Праўда, Блок нацыянальных меншасцяў не здолеў на гэты раз узяць тут нiводнага мандата, атрымаўшы ў Брэсцкай акрузе 10166 галасоў (5,9%), а ў Пінскай - 13088 (9,1%) . Двух паслоў (украінца Міколу Хама і беларуса Івана Грэцкага) сумеснымі намаганнямі беларусаў і ўкраінцаў правяла ў Брэсцкай акрузе "Сельроб-лявіца" (набрала 53681 голас (31,3%)), а адзін (украінец Максім Чучмай) атрымаў мандат у Пінскай акрузе са спісу "Сельробу" №8 (14958 галасоў (10,3%)). Атрыманню яшчэ аднаго мандата для "Сельроба-лявіцы" на Брэстчыне перашкодзіла толькі ўжо згаданае адлучэнне пружанскіх камуністаў (спіс Беларускага культурнага рабоча-сялянскага аб'яднання атрымаў у Брэсцкай акрузе 9830 галасоў (5,7%) (7788 з іх - на Пружаншчыне)) [32].

Адразу ж пасля выбараў утварыліся некалькі беларускіх і ўкраінскіх клубаў: Украінскі клуб (26 паслоў), Клуб "Сельробу" (4 паслы), Клуб Украінскай Сацыялістычнай радыкальнай партыі (8 паслоў), Беларускі клуб (4 паслы), Беларускі рабоча-сялянскі пасольскі клуб "Змаганьне" (5 паслоў) і некалькі іншых, зусім дробных. Прадстаўнікі Украінскага клуба, аснову якога складалі сябры Украінскага нацыянальна-дэмакратычнага аб'яднання (УНДО), выбраныя ў Усходняй Галіцыі, рабілі спробы ўтварэння адзінага ўкраінскага парламенцкага прадстаўніцтва і, пацярпеўшы няўдачу ў гэтым накірунку, прапанавалі аб'яднацца паслам з Беларускага клуба. Беларусы пагадзіліся, бо малая колькасць уласнага клуба не давала ім магчымасці брання ўдзелу ў працы парламенцкіх камісіяў. Так быў утвораны Украінска-беларускі пасольскі клуб, які з'яўляўся групоўкай федэратыўнага характару: Беларускі і Украінскі клубы складалі ў ім аўтаномныя часткі. Падчас бюджэтнай дыскусіі 29 сакавіка 1928 г. беларусы з аб'яднанага клуба выступалі з асобнымі праграмнымі дэкларацыямі [33]. Аб'яднаны Украінска-беларускі клуб праіснаваў да 7 лістапада 1928 г., калі па дакладна невядомай прычыне беларускія паслы скіравалі ліст да маршалка Сейма аб выхадзе з УБПК і стварэнні асобнага беларускага клуба. Магчыма, на прыняцце гэтага рашэння паўплываў факт, што асабістыя адносіны паміж паасобнымі беларускімі і ўкраінскімі пасламі не заўсёды былі бясхмарнымі па прычыне рознагалоссяў у пытанні тактыкі і метадаў барацьбы. Захаваліся сведчанні беларускага пасла Паўла Карузы, што адзін з кіраўнікоў агульнага клуба Дмітро Паліеў патрабаваў ад яго і калегі па клубу Альбіна Стэповіча радыкалізацыі дзейнасці, што з'яўлялася для іх непрымальным [34]. Не салідарызаваўся старшыня Беларускага клуба Фабіян Ярэміч і з рэзкаю дэкларацыяй старшыні Украінскага клуба Дмітра Лявіцкага на IV Кангрэсе еўрапейскіх нацыянальных меншасцяў восенню 1928 г. ў Жэневе [35].

Тым не менш, падчас парламенцкай працы і надалей захоўвалася супрацоўніцтва паміж Беларускім і Украінскім клубамі, бо яны грунтаваліся на агульнай аснове - нацыянальнай [36]. Cупрацоўніцтва гэтае набывала часам арганізаваныя формы і мела вялікае значэнне для нацыянальных рухаў у цэлым. Так, 27 лістапада 1929 г. адбыліся сумесныя нарады украінскіх, беларускіх і літоўскіх дзеячоў, за мэту якіх быў прадэклараваны "пошук супольнай платформы для адзінай тактыкі як на тэрыторыі парламента, так і за яго межамі". Непасрэднай падзеяй, якая падштурхнула меншасці да больш цеснага аб'яднання, называлася "наяўная ўнутраная палітычная сітуацыя ў Польшчы і звязанае з ёй пытанне змены Канстытуцыі, а таксама магчымыя блізкія выбары" [37]. Нарада праходзіла ў памяшканні Украінскага парламенцкага клуба ў Варшаве, і ў ёй удзельнічалі сярод іншых дзеячоў 13 украінскіх і 5 беларускіх паслоў і сенатараў. Вынікам перамоваў стала стварэнне Узгадняльнага камітэта трох меншасцяў.

Паралельна з агульнымі перамовамі адбылася спецыяльная нарада беларускіх і украінскіх парламентарыяў, прысвечаная пытанню стану праваслаўнай царквы ў Польшчы. У выніку перамоваў вырашана было "стварыць парламенцкую камісію, якая занялася б справамі абароны праваслаўнай царквы, прыгатаваннем і ў найбліжэйшы час аб'яўленнем у Сейме праекту канкардату праваслаўнай царквы ў Польшчы" [38]. Такая камісія была неадкладна створаная і на пэўны час стала цэнтрам, які аб'ядноўваў апазіцыйных уладам праваслаўных дзеячоў. На паседжаннях 20 і 21 снежня 1929 г., пасля абнародавання рашэння царкоўных уладаў аб скліканні царкоўнага сабора, сябры камісіі сярод іншага выступілі з ініцыятывай склікання шырокай нарады прадстаўнікоў свецкіх і духоўных колаў праваслаўнага грамадства дзеля абмеркавання найбольш балючых пытанняў. Таксама было вырашана выслаць мемарыял, датычны гэтай справы, у Лігу Нацыяў [39].

Актыўнае супрацоўніцтва развівалася і паміж левымі нацыянальнымі клубамі, у першую чаргу паміж пасламі Беларускага рабоча-сялянскага клуба "Змаганне" і пасольскага клуба "Сельроб-еднасць", узніклага пасля аб'яднання двух частак "Сельроба". Так, беларускі пасол Я. Гаўрылік у сваёй прамове ад 25 лютага 1930 г. абараняў права як беларускіх, так і ўкраінскіх левых паслоў на свабоднае правядзенне мітынгаў, на атрыманне клубных памяшканняў у будынку Сейма і г. д. Тут жа ён пратэставаў супраць паліцэйскага гвалту 15 лютага 1930 г. на другім кангрэсе "Сельроба-еднасці" ў Львове, на якім, дарэчы, з прывітальным словам выступіў беларускі пасол І. Грэцкі [40].

Дзейнасць польскіх Сейма і Сената ІІ склікання скончылася 25 жніўня 1930 г., калі маршал Пілсудскі сваім указам распусціў парламент і даў загад аб арышце апазіцыйных паслоў. Новыя выбары павінныя былі адбыцца ў лістападзе 1930 г. Падчас выбарчай кампаніі быў створаны Украінска-беларускі выбарчы блок, у якія украінцы былі прадстаўленыя перш за ўсё УНДА, беларусы ж - партыямі дэмакратычна-хрысціянскай плыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй (БХД) i Беларускім сялянскім саюзам (БСС). Заключэнне гэтай дамовы было прынятае негатыўна лідэрамі астатніх беларускіх групаў, у першую чаргу Цэнтральнага саюза беларускіх культурна-асветных арганізацый і інстытуцый ("Цэнтрасаюза"). Лідэры "Цэнтрасаюза" імкнуліся да стварэння сумеснага чыста беларускага выбарчага блока і выступалі за пераход да т. зв. "арганічнай", культурніцкай працы, адсунуўшы чыста палітычныя патрабаванні на задні план. Блок з украінцамі разглядаўся імі як дэманстрацыйная палітычная акцыя, таму лідэрам БХД і БСС было ўльтыматыўна запрапанавана разарваць з імі адносіны. Аднак апошнія не пагадзіліся на ліквідацыю раней заключанай дамовы, бо стварэнне супольнага блока нацыянальных меншасцяў адпавядала праграмным лініям абедзвюх партыяў [41]. На думку аднаго з лідэраў БХД кс. Адама Станкевіча, Беларусь знаходзілася на скрыжаванні дзвюх розных культур (заходняй і ўсходняй), прадстаўнікі кожнай з якіх імкнуцца да асіміляцыі беларусаў. Каб захаваць у такіх умовах сваю нацыянальную адметнасць, беларусы мусяць аказваць супраціў чужым уплывам, шукаючы пры гэтым паразумення з украінцамі і літоўцамі як з натуральнымі саюзнікамі, якія таксама знаходзяцца ў падобнай сітуацыі [42].

Падчас гэтых выбараў надалей трымалася супрацоўніцтва беларускіх і ўкраінскіх левых арганізацыяў на Палессі. Сябры КПЗБ збіралі подпісы насельніцтва як на выбарчыя спісы "Змаганьня", так і Сельроба [43]. Адна з камуністычных перадвыбарчых адозваў, якая распаўсюджвалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі, была скіраваная супраць пацыфікацыі, якая праводзілася ў гэты час на Заходняй Украіне [44].

Выбарчая кампанія 1930 г. на ўсходніх землях Польшчы была праведзеная з нябачанымі парушэннямі з боку ўладаў. Амаль усе спісы, выстаўленыя беларускімі і ўкраінскімі левымі арганізацыямі, былі ануляваныя па фармальных прычынах, астатнім жа меншасцевым партыям рабіліся розныя перашкоды. У выніку гэтага ўдалося сур'ёзна зменшыць колькасць украінцаў у Сейме і Сенаце (19 паслоў і 3 сенатары) і амаль ліквідаваць беларускае парламенцкае прадстаўніцтва. Tолькі лідэр Беларускага сялянскага саюза Фабіян Ярэміч атрымаў пасольскі мандат з дзяржаўнага спісу Украінска-беларускага блока. Працуючы ў Сейме, ён выступаў з сеймавай трыбуны ў абароне правоў як беларускага, так і ўкраінскага насельніцтва, звяртаючы ўвагу на ўзмацненне асіміляцыйнай палітыкі і дамагаючыся хуткага вырашэння шэрагу вострых пытанняў [45].

Падчас новых выбараў у Сейм у 1935 г., якія праводзіліся паводле новага выбарчага закона, што практычна пазбаўляў шанцаў выбрання кандыдатаў у паслы ад нацыянальных меншасцяў, беларускія арганізацыі прынялі тактыку іх байкоту. Частка ж украінскіх арганізацыяў, у тым ліку і самая ўплывовая - УНДО, нягледзячы ні на што, рашылася на ўдзел, пайшоўшы на заключэнне пагаднення з ББСУ. Ёсць звесткі, што ўкраінцы прапаноўвалі правесці ў Сейм таксама аднаго беларуса, аднак беларусы не адгукнуліся на гэтую прапанову з-за ўнутраных рознагалоссяў. Паводле сведчання Адама Станкевіча, асноўнай перашкодай да паразумення з украінцамі сталі асабістыя амбіцыі Фабіяна Ярэміча [46].

Такім чынам, у 20-я гг ХХ ст. прадстаўнікі беларускага і ўкраінскага народаў на тэрыторыі польскай дзяржавы цесна супрацоўнічалі паміж сабой падчас выбарчых кампаніяў і ў ходзе парламенцкай працы, стварыўшы тым самым своеасаблівы адзіны фронт славянскіх нацыянальных меншасцяў у барацьбе супраць дыскрымінацыйнай палітыкі польскага ўраду. Узаемныя адносіны беларусаў і ўкраінцаў не былі зусім пазбаўленыя ад праблемаў і непаразуменняў. Аднак палітычная мэтазгоднасць і наяўнасць агульнай небяспекі з боку польскай дзяржавы не дазвалялі пэўным тэрытарыяльным спрэчкам, у першую чаргу датычным тэрыторыі Палесся, перарасці ў сур'ёзны канфлікт. Таму беларуска-ўкраінскія саюзніцкія адносіны былі ў той час моцнымі і неразарвальнымі.



[1] Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 213. А. З0.

[2] Hemmerling Z. PSL "Wyzwolenie" w parlamentach II Rzeczypospolitej 1919-1931. - Warszawa, 1990. - С. 136.

[3] Як утварыўся Блёк Нацыянальных Меншасьцяў // Беларускi Звон. - 1922. - 28 верасьня. - С. 3.

[4] Рагуля В. Успамiны. - Мн., 1993. - С. 17.

[5] Кандыдаты ў Сойм і Сэнат ад Блеку (хаўрусу) Нацыянальных Меншасьцей // Беларускі Звон. - 1922. - 14 кастрычніка. - № 26. - С. 2-3.

[6] Rudnicki Sz. Żydzi w parlamencie II Rzeczypospolitej. - Warszawa, 2004. - S. 130.

[7] БДАМЛіМ. Ф. 3. Вoп.1. Адз. зах. 208. А. З; "Бацька" Балаховіч рабуе наш Край // Беларускі Звон. - 1922. - 7 кастрычніка. - № 24. - С. 3.

[8]БДАМЛiМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 209. А. 26.

[9] Адрасы Беларускіх Выбарных Камітэтаў // Беларускі Звон. - 1922. - 20 верасьня. - № 20. - С. 4.

[10]БДАМЛiМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 209. А. 28.

[11] Нашы Кандыдаты у Сэнат // Беларускi Звон - 1922. - 6 лiстапада. - С. 2.

[12] Rzepeccy T. i W. Sejm i Senat 1922-1927. - Poznań, 1923. - S. 486, 532-534.

[13] Ibidem. - S. 134, 333-336.

[14] Зайцев О. Ю. Представники українських політичних партій Західної України в парламенті Польщі (1922-1939 рр.) // Український історичний журнал. - 1993. - №. 1. - С. 74-75.

[15] Рагуля В. Цыт. выд. - С. 21.

[16] Zaporowski Z. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej 1919-1939. Działalność posłów, parlamentarne koncepcje Józefa Piłsudskiego, mniejszości narodowe. - Lublin, 1992. - S. 166.

[17] Synger B. Od Witosa do Sławka. - Paryż, 1962. - S. 35.

[18] Sprawozdanie stenograficzne z 10 pоsiedzenia Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 23 stycznia 1923 r. - Ł. X/39-40, 69-74.

[19] Сentralne Archiwum Wojskowe (CAW). Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2664. Dokument 2.

[20] Задачы дня // Змаганьне. - 1924. - 31 студзеня. - № 10. - С. 1; "За вашу і нашу волю" // Змаганьне. - 1924. - 25 лістапада. - № 10. - С. 1.

[21] Iнтэрпэляцыi беларускiх паслоў у польскi сойм. 1922-1926 гг. - Мн., 1927. - С. 3-4, 7-20.

[22] Archiwum Akt Nowych (AAN). Buro Sejmu RP 1919-1939. Sygn. 21. S.36, 38, 59, 76.

[23] Kozubski B. Walka o nową ordynację wyborczą do Sejmu i ciał samorządowych // Natio. - 1927. - № 2-3. - S. 10.

[24] Sprawozdanie stenograficzne z 40 pоsiedzenia Sejmu Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 26 maja 1923 r. - Ł. 56-58, 66-67.

[25] Parlament Rzeczypospolitej Polskiej. 1919-1927. Pod red. H. Mościckiego i W. Dzwonkowskiego. - Warszawa, 1928. - S. 326-330, 338-340.

[26] Posłowie rewolucyjni w Sejmie (lata 1920-1935). - Warszawa, 1961. - S. 615.

[27] Кабяк С. У. Сувязi працоўных Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны ў рэвалюцыйным руху (1921 - 1939) // Этнасацыяльныя i культурныя працэсы ў заходнiм рэгiёне Беларусi: гiсторыя i сучаснасць. Матэрыялы рэспублiканскай навуковай канферэнцыi. - Гродна, 1998. - С. 140.

[28] AAN. Ministerstwo Spraw Wewnętrznych (MSW) 1918-1939. Sygn. 1031-dopływy. K. 359.

[29] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 25. А. 66.

[30] Czubiński A. Centrolew. Kształtowanie się i rozwój demokratycznej opozycji antysanacyjnej w Polsce w latach 1926-1930. - Poznań,1963. - S. 93.

[31] Ajnenkiel A. Parlamentaryzm w II Rzeczypospolitej. - Warszawa,1975. - S. 267.

[32] Mniejszości narodowe w wyborach do Sejmu i Senatu w r. 1928. - Warszawa, 1928. - S. 264-265.

[33] Zaporowski Z. Ukraińsko-Białoruski Klub Sejmowy (marzec-listopad 1928 r.) // Pogranicze. Studia z dziejów stosunków polsko-ukraińskich w XX wieku / Praca zbiorowa pod red. Z. Mańkowskiego. - Lublin, 1992. - S. 9-12.

[34] Biblioteka Sejmowa. Archiwum Sejmu. Kolekcja materiałów archiwalnych posłów i senatorów II Rzeczypospolitej (1919-1939). Materiały Pawła Karuzo. Wspomnienia osobiste (nagranie magnetofonowe).

[35] CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2681. K. 265.

[36] Zaporowski Z. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej 1919-1939. Działalność posłów, parlamentarne koncepcje piłsuczyków, mniejszości narodowe. - S. 128-131.

[37] AAN. MSW 1918-1939. Sygn. 1038. K. 17.

[38] Narady cerkiewnych działaczy ukraińskich i białoruskich // Wiadomości Ukraińskie. -1929. - 28 listopada. - Nr. 21.- S. 2.

[39] Akcja parlamentarzystów w sprawach cerkwi prawosławnej // Wiadomości Ukraińskie. -1929. - 21 grudnia. - Nr. 41. - S. 2.

[40] НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 156. А. 2-3.

[41] Wappa E. Okoliczności powstania Centralnego Związku Białoruskich Organizacji i Instytucji Kulturalno-Oświatowych ("Centrasajuzu") i jego udział w wyborach 1930 r. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1994. - Nr.1. - S. 69.

[42] Stankievič А. Biełaruski chryścijanski ruch. - Vilnia, 1939. - S. 238-239.

[43] НА РБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах.147. А. 74.

[44] Тамсама. Адз. зах. 67. А. 57.

[45] Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. - Gdańsk, 1992. - S. 68.

[46] Cтанкевіч А. Каляндарныя запісы / Падр. публ. М. Казлоўскага і С. Лескеця // Куфэрак Віленшчыны. - 2004. - № 1(9). - С. 151.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX