Вярнуцца: Пашкевіч Алесь

Беларускі пасольскі клуб і польскія партыі ў парламенце Польшчы І склікання


Аўтар: Пашкевіч А. В.,
Дадана: 22-06-2010,
Крыніца: Пашкевіч А. В. Беларускі пасольскі клуб і польскія партыі ў парламенце Польшчы І склікання (1922 – 1927 гг.): супрацоўніцтва і канфрантацыя // Шлях да ўзаемнасці: Матэрыялы ХІІ Міжнар. навук. канф., Гродна, 11–12 лістапада 2004 г. / Пад рэд. С. Мусіенкі, П. Скрабко. – Гродна: ГрДУ, 2006. – С. 173–177.



У лістападзе 1922 года на ўсёй тэрыторыі Польшчы адбыліся парламенцкія выбары, у якіх упершыню ўзялі ўдзел беларускія нацыянальныя арганізацыі. Выбары склаліся для беларусаў паспяхова. Выступіўшы ў працэсе іх у блоку з іншымі нацыянальнымі меншасцямі Польшчы, беларусы здолелі ў выніку правесці ў парламент 11 сеймавых паслоў і 3 сенатараў. Усе гэтыя парламентарыі ўтварылі Беларускі пасольскі клуб (БПК), які адразу стаў адным з асноўных цэнтраў заходнебеларускага нацыянальнага руху.

Уваход беларусаў у парламент адразу ж паставіў на павестку дня пытанне далейшай тактыкі і адносінаў з іншымі парламенцкімі групамі. Расстаноўка сілаў у парламенце была вельмі хісткая, таму што ніводная палітычная групоўка не мела там вырашальнай большасці. З 444 сеймавых паслоў і 111 сенатараў 89 і 25 адпаведна належалі да нацыянальных меншасцяў, астатнія прадстаўлялі польскія партыі розных накірункаў. Правы фланг парламента быў прадстаўлены Народна-нацыянальным клубам (эндэкі) з 98 пасламі і 29 сенатарамі, клубам Хрысціянска-нацыянальнай партыі (27 паслоў і 11 сенатараў) і клубам Нацыянальнай рабочай партыі (18 паслоў і 3 сенатары). Цэнтрысцкія пазіцыі, але са зрухам управа, займалі Польская народная партыя (ПСЛ) "Пяст" (70 паслоў і 17 сенатараў) і Хрысціянска-дэмакратычная партыя (хадэкі) (42 паслы і 7 сенатараў)). Нарэшце, партыі левага накірунку былі прадстаўленыя перш за ўсё Польскай народнай партыяй (ПСЛ) "Вызваленне" (48 паслоў і 8 сенатараў) і Польскай сацыялістычнай партыяй (ППС) (41 пасол і 7 сенатараў). Існавала ў парламенце і камуністычная фракцыя, якая першапачаткова ўключала ўсяго двух чалавек [1, s. 35, 37].

Адносіны прадстаўнікоў гэтых партыяў да беларускага нацыянальнага руху ў цэлым і яго парламенцкага прадстаўніцтва ў прыватнасці не былі аднолькавымі. Не было адзінства нават у пытанні самой правамернасці і карыснасці існавання ў парламенце фракцыяў нацыянальных меншасцяў і адпаведна ўдзелу іх прадстаўнікоў у вырашэнні задач вялікай дзяржаўнай важнасці. Эндэкі трымаліся думкі, што нацыянальныя меншасці павінныя быць адхіленыя ад удзелу ў актыўным палітычным жыцці. Наадварот, польскія сацыялісты і вызваленцы існаванне меншасцевых фракцыяў у польскім парламенце лічылі за вялікую карысць для Польшчы, у першую чаргу дзеля фармавання яе пазітыўнага іміджу за мяжой [2, pos. 45, ł. 38].

Свае погляды на вырашэнне нацыянальных праблемаў прадстаўнікі розных польскіх партыяў выказалі падчас абмеркавання ў Сейме праграмнага выступлення прэм'ер-міністра Польшчы У.Сікорскага ў студзені 1923 года. Лідэр эндэкаў С.Гламбінскі адкрыта заявіў, што "лёсы нашай Айчыны павінная вырашаць польская большасць. […] Калі ідзе гаворка пра быццё дзяржавы і лёсы самой дзяржавы, то могуць вырашаць толькі тыя, якія ўсім сэрцам і ўсёю душою адданыя дзяржаве"[2, pos. 8, ł. 20]. Хадэк В.Карфанты, хоць і адзначыў, што "грамадзянін іншай нацыянальнасці, польскі грамадзянін іншай мовы, калі стаіць лаяльна на грунце польскай дзяржавы, мае права на апеку і карыстанне ўсімі правамі, якія яму дае польская Канстытуцыя", беларускіх дзеячоў акрэсліў як "людзей, варожых нашай дзяржаве і нашай дзяржаўнай думцы, якія сёння пераўвасобіліся з маскалёў на нейкіх беларусаў"[2, pos. 10, ł. 17].

Выступленні прадстаўнікоў левых партыяў С.Тугута (ПСЛ "Вызваленне") і Н.Барліцкага (ППС), наадварот, вызначаліся прыязнасцю да нацыянальных меншасцяў. Абодва выразна выказаліся за выпрацоўку спецыяльнай дзяржаўнай меншасцевай праграмы і за поўнае раўнапраўе ўсіх грамадзян Польшчы [2, pos. 8, ł. 39-40; pos. 9, ł. 16-17].

У такіх умовах належала працаваць беларускім парламенцкім прадстаўнікам, і зыходзячы з гэтага вырашалася пытанне пра магчымых саюзнікаў. Пазіцыю БПК па гэтаму пытанню прадставіў старшыня клуба Б.Тарашкевіч у інтэрв'ю, дадзеным пасля выбараў: "Выразна ідзём з польскай лявіцай. Маем зусім ясную сацыяльную праграму, прынятую нашым сеймавым клубам і зацверджаную віленскім з'ездам. Паўтараю, што для нас магчымае толькі супрацоўніцтва з польскай лявіцай"[3, s. 3]. Падобныя падыходы былі адлюстраваныя і ў прынятым неўзабаве статуце клуба [4, спр. 207, а. 3-7].

Надзея на некаторыя саступкі з боку польскіх уладаў і разлік на падтрымку з боку польскіх левых партыяў схілілі кіраўніцтва БПК да адыходу ад прынятай першапачаткова тактыкі безадказнай апазіцыі ў адносінах да польскіх уладаў. Беларусы, нягледзячы на мноства крытычных заўваг на адрас польскіх уладаў, якія ўтрымоўваліся ў першым праграмным выступленні Тарашкевіча, галасавалі за ўдзяленне вотуму даверу ўраду Сікорскага. Яшчэ раней беларускія галасы аказаліся сярод тых, якія забяспечылі выбранне на пасаду прэзідэнта Польшчы спачатку Г.Нарутовіча, а потым С.Вайцяхоўскага.

Першапачаткова здавалася, што супрацоўніцтва клубаў славянскіх меншасцяў і левых польскіх партыяў сапраўды мае нядрэнныя перспектывы. Так, паслы з "Вызвалення" і ППС падчас дыскусіі над Законам аб амністыі горача падтрымоўвалі распаўсюджанне яе амністыі на дзеячоў, якія ўчынілі "дзеянне на шкоду дзяржавы, у паразуменні з іншай дзяржавай, калі гэта выплывала з нацыянальных матываў"[2, pos. 51, ł. 19]. Адносіны з польскімі левымі партыямі былі на пачатку працы парламента настолькі добрыя, што ў беларускіх асяродках сур'ёзна разглядалася патэнцыйная магчымасць блакавання ў наступных выбарах беларускіх арганізацыяў з "Вызваленнем" [5, sygn. I.303.4.2664, podteczka 1].

Аднак праз некаторы час пачалі зазначацца глыбокія супярэчнасці паміж беларускімі дзеячамі і польскай лявіцай. Так, хаця "Вызваленне" выступала за як найхутчэйшае правядзенне зямельнай рэформы, аднак падтрымоўвала палітыку вайсковага асадніцтва дзеля змяншэння перанаселенасці ў цэнтральных польскіх ваяводствах. У выніку "Вызваленне" галасавала за выдзяленне крэдыту асаднікам. Наконт умоваў правядзення зямельнай рэформы таксама існавалі супярэчнасці. І "Вызваленне", і ППС дапускалі выплату грашовых кампенсацыяў памешчыкам за забраныя ў іх землі, у той час як беларускія і ўкраінскія паслы выступалі за канфіскацыю памешчыцкіх земляў без выкупу [6, c. 273-274].

Канчаткова ж да расчаравання беларускіх паслоў у магчымасці пазітыўнага супрацоўніцтва з ПСЛ "Вызваленне" і ППС спрычынілася справа з прыняццем моўных законаў у ліпені 1924 г. Спецыяльна створаная камісія распрацавала праект, які прадугледжваў перш за ўсё стварэнне ва ўсходніх ваяводствах утраквістычных (дзвюхмоўных) школ. Аднак радыкалізацыя беларускай палітычнай эліты, пад уплывам перш за ўсё пераўтварэнняў, якія ішлі ў той час у БССР, зайшла ўжо вельмі далёка. Законы былі прынятыя галасамі выключна польскіх партыяў. "Вызваленне" і ППС, хоць і з агаворкамі, таксама галасавалі за прыняцце законаў, расцэньваючы іх як "першы крок у напрамку істотнага ўрэгулявання згоднага сужыцця народаў" [2, pos. 146, ł. 27]. Беларускія паслы падчас разгляду гэтага праекту ў парламенце рэзка выступілі супраць яго, у знак пратэсту разам з пасламі іншых нацыянальных меншасцяў пакінуўшы залу паседжанняў [2, pos. 146, ł. 73]. Салідарна з імі выступілі таксама некалькі паслоў беларускага паходжання з "Вызвалення". С.Балін і У.Шакун 9 ліпеня 1924 г. пакінулі гэты клуб [4, спр. 212, а. 5] і, паводле сведчання В.Рагулі, падалі заяву аб прыёме ў БПК [7, с. 35]. Балін у сваёй прамове ад 10 ліпеня 1924 года заявіў: «законы гэтыя […] былі падрыхтаваныя абсалютна без усялякага паразумення з меншасцевымі клубамі, і, заяўляю гэта, без усялякага паразумення нават з тымі беларускімі пасламі, якія працуюць у польскіх клубах […] Таму таксама мы, беларускія паслы з Беларускага клуба*, вымушаныя былі ўчора выступіць як супраць гэтага закона, так і супраць усялякіх прапаноў ураду, які сёння праводзіць экстэрмінацыйную палітыку ў адносінах да нашых земляў…" [2, pos. 147, ł. 4-5].

Пасля гэтых падзеяў адносіны беларусаў з ППС і "Вызваленнем" так і не наладзіліся. Да ўсяго ж "Вызваленне" пасля гэтага перажыло раскол. 11 лістапада 1924 г. адзін з яго паслоў С.Ваявудскі стварыў новую радыкальную Незалежную сялянскую партыю (НПХ), пасольскі клуб якой спачатку, акрамя самога Ваявудскага, складалі беларусы па паходжанню А.Бон, А.Шапель і Ф.Галавач, потым жа да іх далучыліся таксама Балін з Шакунам.

Ваявудскі пасля гэтага несумненна спрычыніўся таксама да канчатковага скрышталізавання пазіцыі беларускіх радыкальных паслоў у польскім Сейме, дзейнічаючы перш за ўсё праз свайго даўняга знаёмага Б.Тарашкевіча. У першай палове 1925 года адбыліся некалькі сумесных пасяджэнняў БПК і пасольскага клуба НПХ, у выніку якіх большасць беларускіх паслоў выказалася за тое, што "нацыянальная аснова павінная быць адсунутая на задні план, на першы ж павінная быць высунутая аснова супольнай з польскімі рабочымі масамі барацьбы супраць буржуазіі і капіталізму, а таксама аб'яднанне ўсіх нацыянальнасцяў з мэтаю стварэння адзінага сацыяльнага фронту" [8, s. 107]. Такое збліжэнне двух клубаў, аднак, не ўсе беларускія паслы ўжо ў той час прымалі. Таму эвалюцыя палітычнай платформы часткі беларускіх паслоў прывяла ў рэшце рэшт да канчатковага расколу ў беларускім руху. Левыя паслы на чале з Б.Тарашкевічам заснавалі пасольскі клуб Беларускай рабоча-сялянскай грамады (БСРГ), вакол якога пасля была створаная масавая палітычная партыя. Другая частка Беларускага пасольскага клуба, перш за ўсё паслы А.Станкевіч, Ф.Ярэміч і В.Рагуля, стала ў апазіцыю адносна Грамады.

Саюзнікамі клуба БСРГ на тэрыторыі парламента сталі пасольскі клуб НПХ і Камуністычная пасольская фракцыя (КПФ), якая восенню 1924 года павялічылася да 6 асоб пасля далучэння 4-х украінскіх паслоў левай арыентацыі. Паслы гэтых 3-ох фракцыяў утварылі т. зв. Рабоча-сялянскі блок (РСБ). Першай праведзенай сумеснай акцыяй гэтага блока стала выступленне з уласным праектам зямельнай рэформы, які меў хутчэй прапагандысцкі характар. Далей паслы РСБ пастаянна падавалі супольныя інтэрпеляцыі і прапановы, каардынавалі выступленні з парламенцкай трыбуны [9, s. 96-97]. Да іншых левых партыяў паслы Грамады ставіліся з недаверам і асцярожнасцю. На клубным пасяджэнні ў сакавіку 1926 года гэтае пытанне адмыслова разглядалася. "Вызваленне" і ППС атрымалі акрэсленне "ваўкоў у авечай шкуры", і супраць іх было вырашана праводзіць інтэнсіўную барацьбу. Грамадоўскія паслы абавязваліся выкрываць сапраўднае аблічча гэтых партыяў і іх ролю падчас сваіх выступленняў на пасольскіх мітынгах. Што датычыць утворанай непасрэдна перад гэтым новай сялянскай партыі Странніцтва Хлопскага (СХ), то БСРГ згаджалася цесна супрацоўнічаць з ім пры ўмове прызнання за беларусамі па прыкладу НПХ усіх нацыянальных правоў. На наступных парламенцкіх выбарах вырашана было выступаць у саюзе з гэтымі партыямі [5, sygn. I.303.4.5249]. Належыць, аднак, адзначыць, што СХ не апраўдала спадзяванні лідэраў БСРГ, і на яго была ў рэшце рэшт распаўсюджаная тая ж тактыка, што і ў дачыненні ППС і "Вызвалення".

Затое зусім іншую пазіцыю ў дачыненні да супрацоўніцтва з НПХ занялі беларускія парламентарыі - апаненты Грамады. А.Станкевіч рэзка выступаў супраць гэтага яшчэ да афіцыйнага падзелу клуба. Галоўным аргументам было абвінавачванне лідэра партыі С.Ваявудскага ў супрацоўніцтве з ІІ аддзелам Генеральнага штаба. У прэсе рэгулярна змяшчаліся артыкулы, у якіх выказваліся сумненні ў шчырасці яго новай палітычнай арыентацыі. Ваявудскага абвінавачвалі ў фактычным кіраванні дзейнасцю БСРГ праз уплыў на яе лідэраў, а таксама ў перадачы інфармацыі аб дзейнасці беларускіх арганізацый польскім уладам. Трэба адзначыць, што маршалкоўскі суд, які ў лютым 1927 г. разглядаў абвінавачванне Ваявудскага ў супрацоўніцтве з ІІ аддзелам пасля выбару ў паслы і ў свядомай правакацыі беларускага руху, не знайшоў прамых доказаў яго віны. Беларускія парламентарыі, аднак, засталіся пры ранейшай думцы пра Ваявудскага [7, c. 55-56].

Належыць адзначыць, што ў дачыненні да астатніх левых партыяў беларускія паслы з неграмадоўскага лагера таксама ілюзіяў не мелі. Пасол В. Рагуля ў сеймавай прамове ад 25 чэрвеня 1925 г. наўпрост заявіў: "т. зв. лявіца, ППС і "Вызваленне", будучы, скажу прама, далёка большымі абаронцамі асадніцтва, далёка большымі прыхільнікамі выдзірання зямлі ад нашага сялянства, чым нават правіца, праводзіць […] у адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў палітыку здрады і ашуканства" [2, pos. 221, ł. 51].

Згаданыя польскія партыі зрабілі яшчэ адну спробу паправіць не вельмі добрыя адносіны з нацыянальнымі меншасцямі адразу пасля майскага перавароту 1926 г., зробленага Ю.Пілсудскім. У чэрвені 1926 г. парламенцкая лявіца выступіла ў Сейме з дэкларацыяй, у якой асудзіла ўсялякія праявы ўціску на нацыянальнай глебе і пастулявала вырашэнне нацыянальнага пытання ва ўсходніх ваяводствах Польшчы на аснове тэрытарыяльнай аўтаноміі [10, s. 111]. Аднак гэтая дэкларацыя не знайшла падтрымкі ні ў адным з беларускіх парламенцкіх асяродкаў. БСРГ пад уплывам камуністаў даўно пакінула ідэю аўтаноміі, а рэшта беларускіх дзеячоў засведчыла, што "ў беларускім грамадстве няма веры ў сілу і шчырасць да нас польскай дэмакратыі" [11, s. 1].

Арышт грамадоўскіх паслоў і наступны разгляд пытання аб іх выдачы ў Сейме яшчэ раз засведчылі розніцу пазіцыяў клубаў нацыянальных меншасцяў і польскіх левых партыяў. Супраць выдачы паслоў суду з польскіх партыяў выступілі толькі прадстаўнікі камуністаў, НПХ і ППС. Праўда, некалькі дзеячоў з праўрадавага Клуба працы не пагадзіліся з пазіцыяй свайго клуба і ў знак пратэсту пакінулі яго склад [12, c. 2].

Своеасаблівае падсумаванне вынікаў беларуска-польскага супрацоўніцтва ў польскім парламенце І склікання зрабіў Ф.Ярэміч у сваёй апошняй прамове з сеймавай трыбуны: "Украінскае, беларускае і літоўскае грамадства, і сацыялісты, і несацыялісты, павінныя сказаць, што не маюць ніякага даверу да т. зв. польскай лявіцы, што яна нават горшая, здрадлівейшая, чым правіца, якая адразу проста імкнецца да мэты. […] Сёння польская дэмакратыя ідзе не наперад у напрамку развіцця і разбудовы дэмакратычных правоў, але адступае назад" [2, pos. 334, ł. 16].

Такім чынам, у 1922-1927 гадах спробы беларускіх дзеячоў у сваёй парламенцкай дзейнасці знайсці саюзнікаў у выглядзе польскіх партыяў левай арыентацыі не прынеслі поспеху. Першапачатковыя прыязныя адносіны паступова перараслі ў адкрытую канфрантацыю. Сярод прычынаў гэтага можна назваць і натуральнае несупадзенне польска-беларускіх інтарэсаў, і неразуменне лідэрамі абодвух палітычных лагераў імкненняў адзін аднаго. Вельмі вялікае значэнне меў таксама знешні фактар: нацыянальныя і сацыяльныя пераўтварэнні, якія ажыццяўляліся ў той час у СССР. У выніку беларуска-польскае супрацоўніцтва ў парламенце звялося ў рэшце рэшт толькі да цеснага саюзу паслоў клуба БСРГ з малалікімі прасавецкімі фракцыямі КПФ і НПХ, адваротным бокам чаго стала паглыбленне расколу ў беларускім нацыянальным руху.


Крыніцы

1.Jachymek J. Charakterystyka składu osobowego Sejmu i Senatu w II Rzeczypospolitej // Rola posła i senatora w II Rzeczypospolitej / Pod red. J. Jachymka. - Lublin, 1989.

2. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres I (1922-1927). Sprawozdania stenograficzne z posiedzeń.

3. Wiadomości polityczne. Dążenia i taktyka Białorusinów // Słowo. - 1922. - 1 grudnia. - Nr 103.

4. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Фонд 3. Воп. 1.

5. Сеntralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie. Oddział II Sztabu Generalnego.

6. Цітова А. Беларускі дэпутацкі клуб і праблема аграрнай рэформы ў польскім сейме ў 1922-1925 гг. // Беларусіка=Albaruthenica: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне / Рэд. А. Мальдзіс і інш. - Мн., 1994.

7. Рагуля В. Успаміны. - Мн., 1993.

8. Bergman А. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. - Warszawa, 1984.

9. Zaporowski Z. Między Sejmem a wiecem. Działalność Komunistycznej Frakcji Poselskiej w latach 1921-1935. - Lublin, 1997.

10. Śliwa M. Ludowcy i socjaliści w parlamencie II Rzeczypospolitej. - Warszawa, 1995.

11. Ab čym pomnić treba // Biełaruskaja Krynica. - 1926. - 20 čerwienia. - Nr 20.

12. Пасол Хамінскі бароне арыштаваных паслоў // Сялянская ніва. - 1927. - 9 лютага. - № 13.



* Вылучэнне аўтарскае.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX