Вярнуцца: Пашкевіч Алесь

Беларуская місія габрэйскага камуніста-інтэрнацыяналіста


Аўтар: Пашкевіч Алесь,
Дадана: 12-03-2011,
Крыніца: Беларуская місія габрэйскага камуніста-інтэрнацыяналіста / Падрыхтоўка да друку, прадмова, пераклад і камэнтары А.Пашкевіча // Запісы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. – Вып. 30. – Нью-Ёрк–Менск, 2006. – С. 231 – 245.



У студзені 1927 г. улады Польскай Рэспублікі распачалі акцыю па ліквідацыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) - найбуйнейшай тагачаснай беларускай арганізацыі ў гэтай краіне, колькасьць сяброў якой на момант дэлегалізацыі складала, па розных ацэнках, ад 100 да 120 тысячаў чалавек.

Арышт галоўных лідэраў БСРГ ў студзені 1927 г. выклікаў вялікія хваляваньні як у польскай, так і ў савецкай частцы Беларусі. Пратэсты прымалі розныя формы: адкрытыя вулічныя дэманстрацыі, прыняцьце пратэстных рэзалюцыяў, высылка тэлеграмаў у падтрымку арыштаваных грамадоўцаў і г.д. Першая хваля гэтых пратэстаў прыйшлася на пачатак 1927 г. і была рэакцыяй на непасрэдныя дзеянні польскіх уладаў, а другая разгарнулася вясной 1928 г., калі 56 лідэраў Грамады сталі перад судом у Вільні.

Камуністам у Менску і Маскве была ня вельмі выгадная шырокамаштабная кампанія па абароне Грамады ў БССР. Яны нябеспадстаўна апасаліся, што шырокая пратэстная акцыя спрычыніцца да згуртаваньня ўсіх беларускіх сілаў, прычым не на класавай аснове, а на нацыянальнай. Таму ў адмысловай тэлеграме першага сакратара ЦК КП(б)Б Вільгельма Кнорына, высланай да акруговых камітэтаў КП(б)Б перад абвяшчэньнем прысуду кіраўнікам Грамады, прадпісвалася ўсе пратэсты насельніцтва БССР зьвесьці да мітынгаў на плошчах, а лёзунгі выкарыстоўваць толькі датычныя да прысуду [1]. Цэнтральным газэтам было рэкамендавана абмежаваць на сваіх старонках інфармацыю пра працэс Грамады [2]. Пад асаблівы кантроль партыі была ўзятая і дзейнасьць створанага ў сакавіку Камітэта навуковых работнікаў і пісьменьнікаў БССР па абароне БСРГ. Любыя свае крокі гэты Камітэт мусіў узгадняць з партыйным кіраўніцтвам Беларусі, а тое часам пытала рады па гэтым пытаньні і ў самога Крамля.

У той жа час, не жадаючы разгортваньня асабліва шырокай пратэстнай кампаніі супраць суду над лідэрамі БСРГ на тэрыторыі БССР, камуністычныя колы намагаліся выкарыстаць факт рэпрэсіяў супраць беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы ў інтарэсах "сусветнай рэвалюцыі". Акцыі ў абарону Грамады праходзілі практычна ва ўсіх найбуйнейшых краінах Эўропы. Прытым далёка не заўсёды яны арганізоўваліся стыхійна. Так, дзеля арганізацыі гэтай кампаніі ў Заходнюю Эўропу былі адмыслова накіраваныя вядомыя беларускія дзеячы - Зьміцер Жылуновіч і Сьцяпан Некрашэвіч. Пры гэтым пытаньне іх накіраваньня вырашалася ажно ў Маскве і ўзгаднялася са Сталіным і сакратаром ЦК ВКП (б) Станіславам Касіёрам. Савецкія пасланцы разгарнулі ў Эўропе актыўную дзейнасьць, у выніку якой удалося здабыць падтрымку шэрагу вядомых грамадзкіх і культурных дзеячоў розных краінаў, дабіцца даволі шырокага асьвятленьня "грамадоўскага пытаньня" ў заходнеэўрапейскай прэсе.

Cправаздача З.Жылуновіча аб сумеснай з Некрашэвічам паездцы ў Эўропу і некаторыя іншым матэрыялы на гэтую тэму былі некалькі гадоў таму апублікаваныя ў адным з тамоў зборніка дакумэнтаў "Зьнешняя палітыка Беларусі" [3]. Пра падобную дэлегацыю ў ЗША ў гэтым зборніку згадкі няма. Але ў той жа самы час Амэрыка не заставалася ўбаку ад агульных пратэстных выступленьняў. Пратэстныя акцыі і на яе тэрыторыі набылі адносна шырокі размах. Гэта адзначалі, сярод іншых, аўтары адмысловага альманаха пра Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, які рыхтаваўся да выданьня ў 1932 - 1933 гг., але так і ня выйшаў з друку з-за рэзкай зьмены курсу камуністычнай партыі ў дачыненьні да заходнебеларускага нацыянальнага руху. У згаданым альманаху пісалася:

"Кампанія абароны Грамады ня толькі праходзіла ў капіталістычных дзяржавах Эўропы. Яна адбылася і ў Амэрыцы. Шмат у якіх мясцовасьцях Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі былі арганізаваны камітэты абароны Грамады. У арганізаваны камітэт абароны Грамады ў Амэрыцы ўваходзілі: прадстаўнікі МОПРу, амэрыканскага союзу мэталістаў, профсаюзнага аб'яднаньня Канады і рабочай партыі, прадстаўнікі левага крыла саюзу мехаўшчыкоў і працаўнікоў жаночага адзеньня, а таксама прадстаўнікі беларускіх, украінскіх і літоўскіх групіровак і прадстаўнікі антыфашысцкага альянса: Скот-Нірынг [4], Робэр, Вэнн, Тодар Дэбс, Гітлоў [5], Ольгін [6], Віктар Бэрген, прадстаўнікі газэт "Трэйхета", "Русский Голос" [7] і "Новый Мир" [8]. Арганізаваны камітэт разгарнуў вялікую абарончую кампанію па ўсёй Амэрыцы. Камітэт зьвярнуўся да ўсіх рабочых арганізацый і лібэральных групіровак з заклікам стварэньня адзінага фронту за вызваленьне сяброў Грамады і ўсіх палітзьняволеных Польшчы. На заклік пачаліся закладацца правінцыяльныя камітэты абароны Грамады, якія ладзілі дэманстрацыі, мітынгі і г. д. У радзе гарадоў Амэрыкі як Чыкаго, Нью-Ёрк і інш. адбыліся шматтысячныя дэманстрацыі і мітынгі, на якіх вынесены пратэсты і дамаганьні звольніць грамадоўцаў" [9].

Актывізацыя дзейнасьці камуністычных актывістаў у Амэрыцы пад час рэпрэсіўнай акцыі польскіх уладаў у дачыненьні да Грамады адзначалася і Вітаўтам Кіпелем у ягонай кнізе "Беларусы ў ЗША". Прааналізаваўшы тагачасную эмігранцкую прэсу, аўтар пісаў, што "Беларускія Народныя Таварыствы былі заснаваныя скрозь у большых і меншых гарадох: Бостане й Лорэньсе (штат Масачусэтс), Чыкага (штат Іліной), Дэтройце й Ґрэнд-Рэпідзе (штат Мічыґан), Ґэры (штат Індыяна), Нью-Ёрку й Бафала (штат Нью-Ёрк), Пасэіку і Ньюарку (Нью-Джэрзі), Філадэлфіі й Уілкс-Бэры (штат Пэнсылвэйнія)" [10].

Па аналёгіі з Эўропай можна было меркаваць, што і амэрыканская грамадоўская кампанія не была вынікам толькі ініцыятывы мясцовага пралетарыяту, які, згодна са старымі савецкімі канцэпцыямі, нібыта пільна сачыў за падзеямі ў Польшчы і заўсёды, падпарадкоўваючыся інстынкту клясавай салідарнасьці, гатовы быў выступіць на абарону "прагрэсыўных" арганізацыяў усяго сьвету. Цяпер жа мы маем і дакументальнае сьведчаньне таго, што кампанія па абароне Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў ЗША арганізоўвалася і накіроўвалася камуністамі з Масквы і Менску праз адмыслова высланага эмісара. Згаданы эмісар пасьля выкананьня даручэньня ў сярэдзіне 1928 г. вярнуўся ў СССР і пасьпеў якраз на І зьезд КПЗБ, які адбываўся з 25 чэрвеня па 25 ліпеня 1928 г. у пасёлку Арэхаўск Аршанскага раёну. Яго выступленьне са справаздачай аб праведзенай у Амэрыцы працы захавалася ў пратаколе, які вёўся падчас паседжаньняў зьезду.

Што ж за чалавек езьдзіў вясною 1928 г. за акіян, каб даць новы штуршок беларускаму руху ў ЗША і скіраваць яго ў патрэбнае камуністам рэчышча? Звалі яго Гершан Дуа-Боген (на зьезьдзе выступаў пад псэўданімам Гершан), па нацыянальнасьці ён быў габрэем і да часу сваёй паездкі пасьпеў здабыць вядомасьць як актыўны дзяяч міжнароднага камуністычнага руху. Дуа-Богена можна лічыць адным з характэрных і найбольш яскравых прадстаўнікоў нярэдкіх для таго часу камуністычных энтузіястаў - прапагандыстаў і праваднікоў ідэі "сусьветнай рэвалюцыі". Амэрыканская місія была толькі адным з эпізодаў той шматгадовай працы, якую ён выконваў дзеля ўвасабленьня гэтай утапічнай ідэі ў жыцьцё. Каб пераканацца ў гэтым, варта бліжэй азнаёміцца зь некаторымі фактамі ягонай, без перабольшаньня, неардынарнай біяграфіі [11].

Гершан Дуа-Боген нарадзіўся 4 сакавіка 1892 г. у польскім горадзе Седльцах у сям'і гандлёвага агента. Вучыўся ў хедэры, затым працаваў рабочым на гарбарным прадпрыемстве. Палітычную дзейнасьць распачаў у 1909 г., уступіўшы ў Габрэйскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю «Паалей-Цыён». У 1911 г. выехаў на працу ў ЗША, дзе знаходзіўся да канца 1913 г. У гэты час супрацоўнічаў з Сацыялістычнай партыяй ЗША. Пасьля вяртаньня ў Расейскую імпэрыю жыў у Варшаве, надалей зьяўляючыся сябрам Паалей-Цыёну. Падчас нямецкай акупацыі ў 1916 г. за арганізацыю першамайскай дэманстрацыі арыштаваны. Вызвалены ў лістападзе 1917 г., пасьля чаго ўзначаліў Варшаўскі камітэт Паалей-Цыёну. Перасьледаваўся польскай паліцыяй, з-за чаго ў 1920 г. выехаў у Палестыну. Менавіта там Дуа-Боген разарваў адносіны з Паалей-Цыёнам і разам зь некаторымі іншымі былымі сябрамі гэтай партыі стаў адным з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Палестыны. Аднак жа палестынскі пэрыяд жыцьця гэтага дзеяча аказаўся дастаткова кароткатэрміновым, бо яго дзейнасьць, натуральна, сустрэла актыўнае супрацьдзеяньне брытанскіх мандатных уладаў. Ратуючыся ад арышту, у канцы 1921 г. Г.Дуа-Боген зноў вяртаецца ў Польшчу, але некаторы час яшчэ застаецца сябрам Камуністычнай партыі Палестыны. Ва ўсялякім выпадку, менавіта гэтую партыю ён прадстаўляў на ІV кангрэсе Камінтэрну, які праходзіў з 5 лістапада па 5 сьнежня 1922 г. у Петраградзе і Маскве. У канцы 1922 г. Дуа-Боген робіцца сябрам Камуністычнай партыі Польшчы (КПП). У 1922 - 1927 гг. ён выконваў абавязкі сакратара Цэнтральнага габрэйскага бюро і быў сябрам Цэнтральнага прафэсійнага аддзелу пры ЦК КПП. Некаторы час уваходзіў у склад акруговага камітэту КПП ў Лодзі. У 1924 г. два разы арыштоўваўся польскімі ўладамі, але хутка вызвалены з турмы ў сувязі з захворваньнем на сухоты. Пасьля гэтага са згоды партыі Дуа-Боген выехаў на лячэньне ў СССР, дзе працягваў актыўную дзейнасьць на карысьць міжнароднага камуністычнага руху. У 1926 г. яму было даручана кіраўніцтва Цэнтральнай партыйнай школай пры ЦК КПЗБ у Менску. Адначасова Г.Дуа-Боген зьяўляўся прадстаўніком ЦК КПЗБ пры польскай сэкцыі Камінтэрну.

Менавіта гэтыя функцыі выконваў Гершан Дуа-Боген, калі ў пачатку 1928 г. яго вырашылі выкарыстаць для актывізацыі камуністычнага руху за акіянам. Пасьля вяртаньня з Амэрыкі і ўдзелу ў І зьезьдзе КПЗБ ён некаторы час кіраваў партыйнай працай на тэрыторыі Польшчы, пакуль у сакавіку 1929 г. не быў арыштаваны і пасаджаны ў турму. Прасядзеўшы ўсяго паўгода, ён зноў быў вызвалены па стане здароўя, выехаў у СССР і ў Польшчу вярнуўся толькі ў траўні 1935 г. Да гэтага ён пасьпеў папрацаваць у англа-амэрыканскім сакратарыяце Камінтэрну на пасадзе кіраўніка амэрыканскага сэктару Міжнароднай ленінскай школы (1933 - 1935 гг.). Пасьля вяртаньня ў Польшчу Дуа-Боген некаторы час кіраваў Габрэйскім аддзелам пры Краявым Сакратарыяце ЦК КПП, а трохі пазьней, стаўшы сябрам Сакратарыяту, ажыцьцяўляў апеку як над Цэнтральным габрэйскім аддзелам, так і краёвымі цэнтральнымі арганізацыямі КПЗБ і КПЗУ. У канцы 1935 г. ён актыўна дзейнічаў па стварэньні т. зв. Народнага фронту, ведучы перамовы з прадстаўнікамі Цэнтральнага выканаўчага камітэту ППС і ЦК Бунду. У чэрвені 1937 г. Дуа-Боген быў дэлегаваны ЦК КПП ў Гішпанію, дзе займаўся партыйна-палітычнай і кадравай працай у Базе міжнародных брыгадаў у Альбасэтэ. Супрацоўнічаў там з арганізацыямі і друкаванымі органамі польскіх добраахвотнікаў, у той жа час браў удзел у арганізацыі габрэйскай роты імя Н.Ботвіна. Пасьля прынятага ў Маскве летам 1938 г. рашэньня аб роспуску КПП, якое, дарэчы, Дуа-Боген адкрыта крытыкаваў, ён быў адкліканы ў Парыж, дзе працаваў карэспандэнтам амэрыканскай камуністычнай прэсы і праводзіў культурна-асьветную дзейнасьць у рабочых асяродках. У студзені 1942 г. пры дапамозе Камуністычнай партыі ЗША яму ўдалося перабрацца з Францыі на Кубу, дзе працягваў культурна-асьветную і журналісцкую працу. На радзіму, у Польшчу, вярнуўся ў верасьні 1947 г. Першапачаткова працаваў у ЦК Польскай рабочай партыі, а пасьля накіраваны на працу ў Цэнтральны габрэйскі камітэт у Польшчы. Загінуў 12 лютага 1948 г. ў аўтамабільнай аварыі, калі ехаў на спатканьне з жонкай і сынам пасьля шматгадовага расстаньня. Акрамя палітычнай дзейнасьці, Гершан Дуа-Боген быў таксама аўтарам некалькіх аповесьцяў пра грамадзянскую вайну ў Гішпаніі і жыцьцё рэвалюцыянэраў на эміграцыі. Апроч таго, ягонаму пяру належаць дзьве брашуры агітацыйнага зьместу, датычныя становішча нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, выдадзеныя выдавецтвамі Масквы і Менску [12].

Пры азнаямленьні зь біяграфіяй Г.Дуа-Богена адразу кідаецца ў вочы тое, што місія арганізацыі беларускага камуністычнага руху ў Амэрыцы была даручаная вясною 1928 г. чалавеку, які зь Беларусьсю меў вельмі мала супольнага. Сапраўды, падобна на тое, што габрэй, які нарадзіўся на тэрыторыі этнічнай Польшчы, пабыў на заробках у Амэрыцы і арганізоўваў камуністычны рух у Палестыне, да часу сваёй паездкі фактычна ня меў непасрэднага сутыкненьня з беларускім пытаньнем. Толькі апошнія некалькі гадоў перад заакіянскай камандыроўкай Г.Дуа-Боген працаваў у структуры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, аднак у гэтай інтэрнацыянальнай арганізацыі ён, відаць, больш займаўся габрэйскім пытаньнем. Пра гэта сьведчыць хоць бы тое, што другі даклад, прачытаны «Гершанам» на І зьезьдзе КПЗБ, быў цалкам прысьвечаны праблеме арганізацыі партыйнай працы сярод габрэйскага насельніцтва, а ягоны аўтар у выніку быў выбраны кіраўніком Габрэйскага аддзелу ЦК КПЗБ.

Чаму ж, у такім выпадку, менавіта на Дуа-Богене спынілі свой выбар адказныя за правядзеньне «грамадоўскай акцыі» за мяжой камуністычныя функцыянэры. Афіцыйных дакументаў на гэты конт пакуль ня выяўлена, аднак несумненна, што немалую ролю тут адыгралі колішні амэрыканскі эпізод у біяграфіі Дуа-Богена і вынесеныя ім з таго часу непасрэдныя сувязі з амэрыканскімі сацыялістамі, а таксама добрае веданьне ангельскай мовы.

Накіраваньне чалавека кшталту Гершана Дуа-Богена ў Амэрыку дзеля арганізацыі там кампаніі ў абарону разгромленай польскімі ўладамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады лішні раз пацьвярджае тое, што камуністычных дзеячоў цікавіла пашырэньне толькі клясавай, але ні ў якім выпадку не нацыянальнай сьвядомасьці сярод тых выхадцаў зь Беларусі, якія воляй лёсу апынуліся ў ЗША. І трэба сьцьвердзіць, што Дуа-Боген ускладзеныя на яго надзеі цалкам апраўдаў. Посьпех ягонай місіі чарговы раз пацьвердзіў тую выснову, якую зрабіў беларускі дзяяч Янка Чарапук адразу пасьля свайго прыезду ў ЗША летам 1922 г.: што праваслаўныя беларусы ў Амэрыцы - «элемэнт соцыалістычны і збальшэвічаны» [13]. На жаль, беларускія нацыянальна арыентаваныя дзеячы не былі ў той час у стане дастойна супрацьстаяць наступу камуністаў-інтэрнацыяналістаў.

Даклад Гершана Дуа-Богена на І зьезьдзе КПЗБ публікуецца паводле машынапісу стэнаграфічнай справаздачы, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ), фонд 242-п, вопіс 1, справа 179, аркушы 280 - 286. Тэкст стэнаграмы падаецца ў перакладзе з расейскай мовы.


Падрыхтоўка публікацыі,

прадмова і камэнтары

Алеся Пашкевіча (г. Менск)


Стэнаграма зь дзясятага (вячэрняга) паседжаньня І зьезду КПЗБ, 4 ліпеня 1928 г.

…ГЕРШАН: Таварышы, са мною павінен быў прыехаць з Амэрыкі наш таварыш беларус. На жаль, ён ня змог прыехаць, я пасьля скажу чаму, і я ад імя Цэнтральнага Бюро Расейскае сэкцыі [14] віншую і шлю братэрскае прывітаньне нашаму зьезду (Аплядысмэнты).

Калі ЦК мяне пасылаў у Амэрыку дзеля таго, каб там правесьці кампанію па абароне Грамады і зь іншага боку, калі магчыма, арганізаваць беларускую сэкцыю, прызнаюся, я сумняваўся ва ўдалым выніку гэтай паездкі.

Калі я прыехаў, то становішча было такое, што ў рэвалюцыйным руху пачалася барацьба шахцёраў, барацьба адчайная, калі ўсе правыя машыны імкнуліся зламаць тыя страйкі, якія мелі месца [15]. Зь іншага боку, наша партыя была ўцягнутая ў гэту барацьбу і ўсе сродкі ішлі на барацьбу. Я дакладна ня ведаю, але мяркую, што там ёсьць беспрацоўных ад 5 да 7 мільёнаў. Здавалася б, што партыя мае вялікія магчымасьці для вядзеньня свае працы і ў той жа самы час я лічыў, што наўрад ці ўдасца зрабіць што-небудзь для Грамады.

Я, вядома, у першую чаргу зайшоў у ЦК [16], у мяне быў да яго ліст, ён выказаў сваю згоду і аказаў садзеяньне, наколькі мог. Мы спачатку хацелі праводзіць кампанію партыйную, але яна мела б невялікае значэньне. І вось мы ўцягнулі ў гэтую кампанію лібэральную амэрыканскую інтэлігенцыю. Я зьвязаўся зь вядомымі лідэрамі рабочага руху, якія былі ў Польшчы, ведалі Пілсудзкага [17] і ставяцца да яго варожа. Адзін зь іх вядомы Р. Б. [18] і нам удалося адзіны фронт уцягнуць у партыю і прафсаюзы і амаль што ўсю амэрыканскую лібэральную інтэлігенцыю, вядомых прафэсараў, адвакатаў.

Такім чынам мы стварылі вялікі камітэт супраць польскага фашызму і дапамогі нац. меншасьцям у Польшчы. Гэты камітэт паслаў 130 асобных тэлеграмаў ад імя ўсіх вядомых людзей у Амэрыцы - Пілсудзкаму, Тарашкевічу [19] і амэрыканскаму консулу [20]. Гэта зрабіла свой уплыў. Праз чатыры тыдні амэрыканскі консул Амбасада [21] выйшаў зь вялізным мэмарыялам, у якім прызнаваў, што ўсё, пра што мы казалі - правільна. У гэтым мэмарыяле казалася: [22]

Гэта палегчыла нам працу. Тыя газэты, якія не давяралі сказанаму мною, пасьля гэтага мэмарыялу сказалі, што гэта сапраўды так. Тады нашая кампанія яшчэ больш пашырылася.

Мы правялі чатыры дэманстрацыі ў Чыкага, Нью-Ёрку, Бостане і К … [23]. Апрача таго, былі высланыя 540 тэлеграмаў, амэрыканскаму консулу Амбасада, Тарашкевічу, Пілсудзкаму і іншым, затым удалося арганізаваць пастаянны камітэт, куды ўвайшлі 34 арганізацыі рабочых, у Бостане - 23, у Чыкага - 22 і ў К… - 13. Гэта было праведзена і ў драбнейшых гарадах, дзе пастаянны камітэт вёў кампанію супроць польскага фашызму, у абарону Грамады і палітзьняволеных [24].

Калі я запытаўся, ці ёсьць там беларусы, мне адказалі, што ведаюць, што ёсьць расейская сэкцыя і магчыма, што там ёсьць беларусы. Аказалася, што ў гэтай расейскай сэкцыі няма ніводнага расейца, усе беларусы, апроч габрэяў, 95% там беларусаў. Пайшоў да іх у арганізацыю і першае пытаньне, якое яны мне задалі, што я прыехаў, каб зьнішчыць іхны рух. Я сказаў, што наадварот, для таго, каб стварыць беларускі рух, які нам неабходны, і яны пагадзіліся. Пасьля перамоваў з партыяй мы пачалі праводзіць працу: склікалі адну канфэрэнцыю, другую, і тут прыйшлі нам на дапамогу некалькі амэрыканскіх газэтаў, сярод іх «Русский Голос»; яна беспартыйная, але на ўсе сто адсоткаў Савецкая. Яна нам абяцала аказаць дапамогу і сапраўды зрабіла ўсё, што толькі магла. За час майго знаходжаньня яна зьмясьціла больш за 6 артыкулаў пра Грамаду ў Польшчы, што дапамагло стварыць пэўны настрой. Зь іншага боку, партыя разаслала цыркуляр у розныя гарады: Нью-Ёрк, Чыкага і іншыя.

Спачатку рух быў невялікі, але дзякуючы таму, што там ёсьць шмат беларусаў, якія чулі, што робіцца ў ЗБ, рух пашырыўся. Праўда, спачатку яны жахнуліся ад беларускай мовы, кажучы, як жа мы будзем пісаць нашым сваякам у Беларусь, яны нас ня будуць разумець.

Потым удалося высьветліць, што шмат арганізацыяў беспартыйных, нават царкоўных, якія былі пад уплывам папоў, далучыліся да гэтага руху [25].

Я пачаў аб'езд па Амэрыцы. Аказалася, што ўсюды ёсьць моцныя групы. Можна лічыць, што ў Амэрыцы знаходзіцца на сучасны момант прыблізна 180 тысяч беларусаў, яны ў большасьці з Горадні і Менску. Да гэтае пары ў іх не было ніякага руху. Раней прыехаў туды ВАРОНКА [26] і ЧАРЭШКА [27]. Яны хацелі паўплываць на масы і стварыць у Чыкага саюз беларусаў [28]. Таварышы ня ведалі, хто яны такія, і ўвайшлі ў гэты саюз. Празь некаторы час аказалася, што Варонка атрымлівае грошы ад Пілсудзкага дзеля таго, каб стварыць невялікую кампанію супраць Грамады, супраць рэвалюцыйнага руху. Тады партыя выкінула гэтых людзей і гэта арганізацыя стала нашай пляцоўкай.

Калі я прыехаў, то меркаваў, што кампанія, якая разгорнецца, будзе насіць невялікія памеры і думаў, што нам удасца прыцягнуць невялікія арганізацыі ў Нью-Ёрку і Чыкага. Але апошнім часам мы атрымалі 35-40 запытаў зь іншых гарадоў, у якіх усюды пішуць адное і тое ж, што мы хацелі б, каб да нас прыехалі і распавялі, што ў Вас робіцца, каб пасьля злучыцца і прыйсьці на дапамогу рэвалюцыйнаму змагарнаму пралетарыяту Заходняе Беларусі.

Я наведаў прыблізна 15 гарадоў. Усюды быў той самы адказ, як у гарадах, так і ў маленькіх мястэчках, што яны радыя нам прыйсьці на дапамогу. Мы ніколі не ўяўлялі сабе, каб нам удалася гэтая кампанія. Нам удалося зьвязацца з гэтымі арганізацыямі і пашырыць партыйны ўплыў. І вось у выніку гэтай кампаніі стварылася арганізацыя дапамогі Заходняй Беларусі [29], прычым галоўны кіраўнік гэтай арганізацыі [30] - адзін зь лепшых таварышаў, павінен быў прыехаць са мною, але ўлічваючы тое, што гэтая арганізацыя пашырылася, нельга было яе пакінуць без кіраўніка.

Вядома, прыйшлося сустрэцца ня толькі зь беларусамі, але і з габрэямі, палякамі, украінцамі і нават літоўцамі. Ёсьць такі партыйны камітэт, куды ўваходзяць усе сэкцыі.

Што датычыць украінцаў, то я якраз прыехаў у Амэрыку, калі Васылькіў і яго група адкалоліся [31]. На шчасьце, аказалася, што ўсе супраць Васыльківа, усе за нас і яны, вядома, узялі ў нашай кампаніі гарачы ўдзел.

Што тычыцца грошай, то яны ў апошні час сталі праводзіць кампанію і, як нам паведамілі, ужо паслалі некалькі тысячаў даляраў для Заходняе Ўкраіны і Заходняе Беларусі.

Габрэі нічога не зрабілі, але пасьля майго прыезду пачалася кампанія. Можна сказаць, што габрэйская сэкцыя вельмі шмат нам дапамагла. Па першае, яна самая вялікая. Яны раскіданыя паўсюдна. Я наведаў 26 гарадоў і ўсюды, акрамя расейскіх таварышаў, украінскіх і польскіх, яны мне аказвалі самую шырокую дапамогу ў арганізацыі вялікіх мітынгаў. Вынікам гэтага зьяўляецца тое, што ўтварылася адмысловая беларуская арганізацыя, а перад маім ад'ездам мы стварылі габрэйскую арганізацыю, якой да гэтай пары не было, пад кіраўніцтвам партыі. Гэта арганізацыя павінна бесперарыўна, ня толькі адзін раз у выглядзе кампаніі, зьбіраць грошы для палітзьняволеных ва ўсёй Польшчы. Яны ўжо сабралі некалькі соцень даляраў, і гэта толькі пачатак. Нельга чакаць залішне шмат, але ва ўсялякім выпадку штогод ад 3-х да 5-ці тысячаў даляраў габрэі перманэнтна змогуць зьбіраць на палітзьняволеных Польшчы.

Калі паўгады таму вельмі мала было зроблена ня толькі для Польшчы, то апошнім часам пачалося тое характэрнае, што маецца шмат таварышаў, якія вельмі даўно, гадоў з 14-15 таму былі эсдэкамі [32], ППСаўцамі [33], бундаўцамі [34] і іншымі, а цяпер знаходзяцца ў кампартыі. Гэта патроху пачало адгукацца на нашай кампаніі. Мы знайшлі разам дзясяткі актыўных таварышаў, якія былі актыўныя ў Польшчы і многія зь іх нават ня ў партыі, з дапамогай гэтай кампаніі ўвайшлі ў партыю, і гэта для нас мае велізарнае значэньне.

Было б добра, каб пры гэтай арганізацыі самай галоўнай была расейская арганізацыя, якую нам удалося стварыць. У гэтай арганізацыі, у расейскай калёніі вельмі мала партыйных сілаў, і тыя, якія ёсьць, раскіданыя на розных франтах, каб можна было паказаць таварышам беларусам, каб таварышы маглі выступаць і пісаць, як узьнікалі гэтыя арганізацыі, якія могуць разгарнуцца ў шырокія таварыствы, ня толькі дзеля грашовае дапамогі, але і для палітычнай і маральнай падтрымкі, якая мела б для нас вялізнае значэньне. Думка нашых таварышаў і мая думка, што неабходна гэтую працу, якую мы пачалі, калі мы хочам яе пашырыць, то для гэтага патрэбны пастаянны чалавек, беларус, які б над гэтым працаваў. Беларуская калёнія 5-6 гадоў таму была пад моцным нашым уплывам. Потым, калі пачалася рээміграцыя і лепшыя сілы расейскай калёніі выехалі ў СССР, мы вельмі заслаблі. Якраз тады зьявіліся белагвардзейцы. Ім, дзякуючы нашым партыйным памылкам, удалося пралезьці ва ўсе нашыя арганізацыі ўзаемадапамогі і іншыя. Гэтыя белагвардзейцы працуюць у самых горшых умовах, на шахтах і г. д. Цяпер яны пралезьлі і ў нашыя царкоўныя арганізацыі, арганізацыі ўзаемадапамогі і г. д., і маюць там моцны ўплыў, нават сярод беларусаў. Такім чынам, нам прыйдзецца змагацца ня толькі са зьявішчамі правага толку, але і з гэтымі белагвардзейцамі. У апошні год партыя праз расейскую сэкцыю пачала весьці супроць іх моцную кампанію.

Гэтая беларуская арганізацыя, якую мы зараз стварылі, можа аказаць нам вялікую дапамогу ў барацьбе супраць гэтых белагвардзейцаў, адкрытых і замаскаваных, якія ёсьць усюды - і ў Нью-Йорку, і ў Чыкага, і нават у Галівудзе, дзе яны служаць статыстамі.

Улічваючы ўсё гэта, нашыя таварышы прыйшлі да высновы, што гэту арганізацыю, якую мы зараз стварылі, трэба пашырыць ня толькі ў тым духу, каб яна была заходнебеларускай, але каб яна была беларускай арганізацыяй для самой Амэрыкі, і пад гэтымі лёзунгамі, якія несла Грамада, уцягнуць шырокія масы беларусаў, і такім чынам супрацьпаставіць беспартыйную арганізацыю розным белагвардзейскім арганізацыям.

Я рэзюмую: палітычна нам шмат што ўдалося. Гэта дэманстрацыя ў Амэрыцы мела велізарнае значэньне. Амэрыка такая краіна, што там можна пісаць колькі заўгодна і ніхто на цябе ня зьверне ўвагі, але калі ты ладзіш хоць бы маленькую дэманстрацыю, на якой будуць арыштаваныя чалавек зь 15, і калі ты загадзя па тэлефоне паведаміш усім карэспандэнтам, нават рэакцыйных газэтаў, што адбудзецца дэманстрацыя, то ўсе карэспандэнты абавязкова напішуць: адзін - што адбылася 5-тысячная дэманстрацыя, другі - 3-тысячная, трэці - 10-тысячная, хоць бы насамрэч было толькі 200 чалавек. Так што гэтыя 200 чалавек зрабілі вялікі шум па ўсёй Амэрыцы. Тое, што амэрыканская інтэлігенцыя вельмі мала мяшалася ў гэтую справу, гэта нас узмацніла і дапамагло ў нашай працы.

Мы вырашылі надалей захаваць гэты вялікі аб'яднаны камітэт, на выпадак калі давядзецца праводзіць кампаніі ня толькі грамадоўскія, але і іншыя. Гэты камітэт узяў на сябе правядзеньне ўсіх кампаніяў. Такім чынам, ёсьць ужо беларуская арганізацыя, габрэйская арганізацыя, украінская і ёсьць польская. Значыць, у цяперашні час мы маем сувязь у Амэрыцы з усімі нацыянальнасьцямі, якія жывуць у Польшчы і Зах. Беларусі. Нам удалося ў апошні час вельмі шмат расказаць пра тое, што робіцца ў нас, тое, што маса ведала з друку, але пра што яна ўсё ж хацела пачуць жывое слова. Вядома, ня тут можна пра ўсё гаварыць, але трэба сказаць адно: нам удалося стварыць сувязь, даволі моцную, паміж Зах. Беларусьсю, паміж усёй Польшчай з нашымі таварышамі, якія калісьці змагаліся, якія цяпер жывуць у Амэрыцы і не забыліся на нас, цесна зьвязаліся цяпер з намі [35]. Я спадзяюся, што тут у нас у Польшчы і ў Заходняй Беларусі будзе моцная цесная сувязь з кампартыяй Амэрыкі, зь яе нацыянальнымі часьцінамі, з рознымі арганізацыямі, якія жывуць і зьвязаныя з намі і якія дапамогуць нам у нашай барацьбе да перамогі. (Аплядысмэнты).



[1] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 4. Воп. 1. Адз. зах. 170. А. 2.

[2] Міхнюк У. М. Арыштаваць у высылцы: дак. нарыс пра Алеся Дудара. Мінск, 1996. С. 68.

[3] Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т.3 (1928 г. - чэрвень 1941 г.) / Склад. У.М.Міхнюк, У.К.Ракашэвіч, Я.С.Фалей, А.В.Шарапа. Мінск, 2001. С. 28 - 34.

[4] Нірынг Скот (1883 - 1983) - амэрыканскі пісьменьнік і журналіст, палітоляг. Аўтар шматлікіх кніг па сацыяльна-палітычных пытаньнях радыкальна-дэмакратычнай накіраванасьці.

[5] Гітлоў Бенджамін (1891-1965) - амэрыканскі левы палітык, сябра Сацыялістычнай партыі ЗША з 1907 г., пасьля адзін з кіраўнікоў кампартыі. У 1920-я гг. сябра выканкаму і прэзыдыюму Камінтэрну. Выключаны з партыі ў 1929 г., у 1933 г. канчаткова адыйшоў ад камуністычнага руху. Пасьля гэтага пісаў антыкамуністычныя кнігі.

[6] Ольгін (Новамыскі) Мойшэ (1878 - 1939) - пісьменнік, журналіст, грамадзкі дзяяч. Нарадзіўся ў Умані на Украіне, з 1914 г. жыў у ЗША. Шмат гадоў рэдагаваў левую амэрыканскую газэту «Ранішняя свабода». Актывіст Камуністычнай партыі ЗША, перакананы прыхільнік савецкага рэжыму.

[7] «Русский голос» - радыкальная расейскамоўная газэта, якая выходзіла ў ЗША пачынаючы ад пачатку ХХ стагодзьдзя.

[8] «Новый мир» - расейскамоўная газэта, якая выходзіла ў Нью-Ёрку з 1911 г. Арганізоўвалася як «орган рэвалюцыйнай думкі і дзеяньняў». Яе першым рэдактарам быў вядомы сацыял-дэмакрат Л.Г. Дэйч.

[9] НАРБ. Ф. 242-п. Воп. 1. Адз. зах. 162. А. 51-52

[10] Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Менск, 1993. С. 135.

[11] Падрабязная біяграфія Гершана Дуа-Богена зьмяшчаецца на польскім Інтэрнэт-рэсурсе http://historianiebezpieczna.kgb.pl/kom/pol/kompol39/duabogen.html

[12] Боген Д. Преследование нацменьшинств в Польше. Москва, 1927; Боген Д. Заходняя Беларусь пад крывавым бізуном польскіх акупантаў. Менск, 1931.

[13] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. Вільня-Mенск-Нью-Йорк-Прага, 1998. С. 1334.

[14] Расейская сэкцыя - Відаць, маецца на ўвазе Расейская сэкцыя Кампартыі ЗША.

[15] За 1928 г. у розных страйках на тэрыторыі ЗША узялі ўдзел больш за 300 тысяч чалавек.

[16] Маецца на ўвазе Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі ЗША, якая дзейнічала на тэрыторыі гэтай краіны зь верасьня 1919 г.

[17] Пілсудзкі Юзаф (1867-1935) - польскі палітык, з траўня 1926 г. фактычны дыктатар Польшчы.

[18] Р.Б. - расшыфраваць крыптонім не ўдалося.

[19] Тарашкевіч Браніслаў (1892-1938) - беларускі палітычны і культурны дзяяч, у 1925 - 1927 гг. старшыня Беларускай сялянска.работніцкай грамады (БСРГ). У студзені 1927 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі.

[20] Апрача таго, камуністы спрабавалі непасрэдна працаваць, хоць і з меншым поспехам, з прадстаўнікамі польскай дыпляматыі ў ЗША. Так, генэральны консул Польшчы ў Чыкага Курнікоўскі 14 красавіка 1928 г. дакладваў у польскую амбасаду ў Вашынгтоне:

"14 красавіка 1928 г. пасьля заканчэньня прыёмных гадзін, пасьля абеду ў Генэральным кансуляце зьявіліся некалькі асобаў, якія зьвярнуліся да мяне з просьбаю, ці ня мог бы я іх выслухаць, нягледзячы на закрыцьцё ўстановы. Лічачы, што ідзе гаворка пра вырашэньне справы, якая ўваходзіць у сфэру консульскіх установаў, я запрасіў гэтых асобаў у свой габінэт. Тады аказалася, што гэта - дэлегаты камуністычных арганізацыяў, а менавіта Г.Маўрэр з Міжнароднай аховы працы (International Labor Defense), Б.К.Гебэрт з польскага аддзелу Міжнароднае аховы працы, камуністычны рэдактар " Trybuny Robotniczej", якая выходзіць у Чыкага, М.Столяр з Расейскай рабочай арганізацыі, Л.Варэніца з Украінскага рабочага клюбу і І.Сямашка з Беларускага камітэту дапамогі палітычным вязьням. Гэтая дэлегацыя імкнулася падаць мне вусны пратэст супраць крымінальнага працэсу, які вядзецца супраць сяброў Беларускай сялянска-работніцкай грамады з просьбаю паведаміць пра гэты пратэст краёвым уладам і польскай амбасадзе ў Вашынгтоне, дадаючы, што ў Злучаных Штатах арганізаваны камітэт для правядзеньня пратэстных сходаў і што падобны сход адбудзецца 20 красавіка 1928 г., у 8.15 вечару па адрасу Wicker Park Hall, 20 North Avenue at Robey у Чыкага.

Я паведаміў дэлегацыі, што прыняць пратэсту і накіраваць яго краёвым уладам не магу, бо справа знаходзіцца ў руках суду, на ход якога нельга рабіць уплыў, і з гэтай прычыны я не лічу магчымым правядзеньне якой-небудзь дыскусіі на закранутую тэму. Што датычыць паведамленьня Амбасадзе пра арганізаваньне Камітэту па правядзеньні пратэстных сходаў, то тут я буду дзейнічацьу адпаведнасьці з маімі абавязкамі.

Дэлегацыя паводзіла сябе спакойна і пакінула ўстанову" (Польскі інстытут і музэй імя генэрала Сікорскага ў Лёндане (Polish Institute and Sikorski Museum). A. 5/229. Дакумэнт атрыманы аўтарам публікацыі ад сп. Юрася Грыбоўскага зь Менску).

[21] Амбасада - дадатковых зьвестак не выяўлена.

[22] У стэнаграме тэкст мэмарыялу адсутнічае.

[23] Шматкроп'е ў арыгінале.

[24] Можна меркаваць, што на ўсіх гэтых дэманстрацыях прымаліся шаблонныя рэзалюцыі, практычна ідэнтычныя з прынятай на мітынгу расейскіх ,польскіх, украінскіх і беларускіх рабочых у Чыкага:

«Мы, расейскія, польскія, украінскія і беларускія рабочыя гораду Чыкага, сабраўшыся на масавым мітынгу пратэсту супроць працэсу над прадстаўнікамі беларускай Грамады, разам з рабочымі ўсяго сьвету пратэстуем супроць фашысцкага ўраду Пільсудзкага ў Польшчы, які хоча сілаю зьнішчыць арганізацыі беларускіх рабочых і сялян. Мы пратэстуем супроць тых жорсткіх распраў, якія робяць польскія жандары над сябрамі Грамады" (Цыт. паводле: Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков (1918 - 1939), Минск, 1972, с. 159).

[25] Гэта сьцьверджаньне пацьвярджаецца дакумэнтам, прынятым на 17-ым зьезьдзе Расейскага нацыянальнага праваслаўнага таварыства, які адбыўся 21 - 22 красавіка 1928 г. у Чыкага:

«Зьезд выслухаў заклік далучыцца да пратэсту супраць «віленскага» судовага працэсу над беларускімі дэпутатамі польскага Сойму ды іншымі актывістамі Грамады. Зьезд Расейскага Нацыянальнага Праваслаўнага Таварыства, якое складаецца з эмігрантаў з Гарадзенскае, Віленскае й Менскае губэрняў, якія цяпер уваходзяць у склад Польшчы, пагадзіўся з заклікам і пратэстуе супраць судовага працэсу над беларусамі (Цыт. паводле: Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Менск, 1993, с. 119).

[26] Варонка Язэп (1891 - 1954) - вядомы беларускі нацыянальны дзяяч, які ў 1918 г. быў першым старшынём Народнага сакратарыяту Беларускае Народнае Рэспублікі. У ЗША выехаў у 1923 г. Узначальваў Беларуска-амэрыканскую нацыянальную асацыяцыю, уваходзіў у кіраўніцтва Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай Рады. Выдаваў у ЗША расейскамоўную газэту «Белорусская трибуна», вёў беларускія і расейскія праграмы на чыкагскім радыё.

[27] Чарэшка - так у тэксьце. Відаць, маецца на ўвазе вядомы беларускі дзеяч Янка Чарапук (1896 - 1957), які выехаў у Амэрыку летам 1922 г. Спачатку жыў у Нью-Ёрку, Ґрэнд-Рэпідзе, пасьля - у Чыкага. Летам 1923 года старшынём ураду БНР А.Цвікевічам прызначаны павераным у справах БНР у ЗША. Уваходзіў у склад мясцовага Беларускага нацыянальнага камітэту. З 1923 года старшыня рэвізійнай камісіі Беларуска-амерыканскай нацыянальнай асацыяцыі. Сябра Беларускага нацыянальнага саюзу, з 1935 года - Беларуска-амерыканскага задзіночаньня. Віцэ-старшыня створанай 27 кастрычніка 1941 г. Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады. Да пачатку 1950-х гадоў заставаўся ў складзе кіроўнага камітэту Рады.

[28] Відаць, маецца на ўвазе створаны Варонкам і Чарапуком «Саюз беларусаў у Чыкага».

[29] Маецца на ўвазе Агульнаамэрыканскі камітэт дапамогі народам Заходняе Беларусі, які быў створаны якраз вясной 1928 г.

[30] Асоба нявыяўленая.

[31] У пачатку 1928 г. група сяброў Камуністычнае партыі Заходняе Ўкраіны на чале зь лідэрамі т. зв. "большасьці" В.Крылыкам (Васыльківым) і Р.Кузьмою (Туранскім) адкрыта выступілі супраць рэпрэсыўнай палітыкі ў Савецкай Украіне, якую праводзіла Палітбюро ЦК КП(б)У на чале з Лазарам Кагановічам. У шматлікіх артыкулах і зваротах Васылькіў, Туранскі і іншыя сябры КПЗУ даказвалі, што ЦК КП(б)У праводзіць такую нацыянальную палітыку, якая пагражае будучыні Украіны, дамагаліся напаўненьня ўкраінскае савецкае дзяржаўнасьці рэальным зьместам. У выніку Васылькіў і Туранскі былі абвінавачаныя ў раскольніцтве, нацыяналізме і здрадзе і выключаныя з партыі і Камінтэрну. Акрамя іх, з партыі былі выключаныя яшчэ 1200 камуністаў - прыхільнікаў "большасьці". Напрыканцы 1928 г. КПЗУ - большасьць абвясьціла пра самароспуск, яе лідэры заявілі пра прызнаньне сваіх "памылак" і выехалі ў УССР. Неўзабаве ўсе яны сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў.

[32] Эсдэкі - сацыял-дэмакраты. Хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе былыя сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ).

[33] ППСаўцы - былыя сябры Польскай сацыялістычнай партыі (ППС).

[34] Бундаўцы - былыя сябры Ўсеагульнага габрэйскага саюзу ў Літве, Польшчы і Расеі (Бунду).

[35] На завязаныя Г.Дуа-Богенам сувязі, безумоўна, разьлічвалі дэпутаты пракамуністычнага Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клюбу «Змаганьне» ў польскім сойме, калі ў лістападзе 1928 г. зьвярталіся з адкрытым лістом да беларускіх рабочых і сялянаў - жыхароў Амэрыкі з просьбай аб маральнай і матэрыяльнай дапамозе.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX