Вярнуцца: Пашкевіч Алесь

Аляксандр Уласаў як беларускі палітык у міжваеннай Польшчы


Аўтар: Пашкевіч А.В.,
Дадана: 02-02-2014,
Крыніца: Пашкевіч А.В. Аляксандр Уласаў як беларускі палітык у міжваеннай Польшчы // Асоба ў гісторыі: Гераічнае і трагічнае: Матэрыялы Другой Міжнар. нав.-практ. канф. студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных, прысвечанай памяці праф. У.У. Мелішкевіча, 12 - 13 лістапада 2004 г. - Брэст: Академия, 2006. - С. 214 - 219.



У жніўні гэтага года беларуская грамадскасць адзначала 130-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Уласава. Гэты чалавек вядомы як адзін з піянераў беларускага руху, асветнік і культурны дзеяч. Гэтыя накірункі дзейнасці Уласава атрымалі даволі значнае асвятленне ў гістарыяграфіі.

Затое практычна ніякай увагі не надавалі гісторыкі даследаванню палітычнай дзейнасці Уласава, якая мела месца ў першую чаргу падчас яго жыцця ў міжваеннай Польшчы. Кожны беларускі інтэлігент у той няпросты час у той ці іншай ступені займаўся палітыкай, аднак Уласаў у 1922 годзе нават быў выбраны ў польскі Сенат, дэпутатам якога з'яўляўся да 1927 года. Атрыманне пасольскага ці сенатарскага мандата з'яўлялася ў тагачаснай Польшчы пікам палітычнай кар'еры для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў па прычыне недапушчэння іх у органы выканаўчай улады па палітычных меркаваннях.

Першыя крокі палітычнай дзейнасці А. Уласава адносяцца, аднак, яшчэ да пачатку ХХ ст. Ён стаяў ля вытокаў Беларускай сацыялістычнай грамады. Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. арганізоўваў забастоўкі ў Радашковічах і ў Менску. У 1912 г. Уласаў зрабіў нават спробу балатавання ў дэпутаты ІV Дзяржаўнай Думы, аднак не прайшоў далей за павятовыя выбары ў Вілейскім павеце [1, c.1]. Яшчэ перадрэвалюцыйнымі часамі датуецца яго першае зняволенне на 2 месяцы за публіцыстычны артыкул. У 1918-1920 гг. Уласаў паспеў спрычыніцца да працы, накіраванай на стварэнне беларускіх дзяржаўных інстытутаў, уваходзячы ў склад Рады БНР, а пасля ў склад Найвышэйшай Рады [2, c. 282-283].

Падчас парламенцкіх выбараў 1922 г. прозвішча Уласава як кандыдата фігуравала адразу на некалькіх сенацкіх спісах агульнага перадвыбарчага Блока нацыянальных меншасцяў (БНМ) Польшчы. Ён стаяў, праўда, на "непрахадных" трэціх месцах на спісах БНМ у Віленскім і Наваградскім ваяводствах. Затое першае месца сярод беларусаў (у агульным ліку пятае)Уласаў заняў на дзяржаўным спісе БНМ. З дзяржаўнага спісу Аляксандр Уласаў і здабыў сенатарскі мандат [3, s. 448].

Акрамя Уласава, у парламент прайшлі яшчэ 11 беларускіх сеймавых паслоў і 2 сенатары. І слабая даследаванасць сенатарскай дзейнасці Уласава звязаная ў першую чаргу з тым, што ў парламенце ён практычна "згубіўся" на фоне іншых беларускіх парламентарыяў. Ні разу ён не выступіў з сенацкай трыбуны, нічога не вядома пра яго справаздаўчыя мітынгі.

Несумненна, на неактыўную пазіцыю Уласава ў парламенце аказваў уплыў яго флегматычны характар, аднак яшчэ адной прычынай было агульнае аблічча галоўнага заканадаўчага органа Польшчы. Уласаў быў яскрава выяўлены цэнтрыст, які найахвотней займаўся т. зв. "арганічнай", стваральнай працай. У характарыстыцы ІІ аддзела Генеральнага штаба, складзенай адразу пасля выбараў, пра Уласава сказана так: "Беларус па нараджэнню і перакананнях. […] Калісьці сацыял-дэмакрат, цяпер хутчэй беспартыйны; ва ўсялякім выпадку найбольш памяркоўны з дзеячоў. Бясспрэчна і шчыра прыхільны Польшчы. Maе ўплыў на дзеячоў сваім тактам і асцярожнасцю. Павольны, вельмі разважлівы. […] Паддаецца ўплывам толькі разумных асобaў, якіх шануе і за імі ідзе" [4, sygn. I.303.4.2660, k. 155-156]. У парламенце ж цэнтрысцкія сілы практычна адсутнічалі, радыкалізацыя палітыкаў дасягнула вялікага памеру.

У такіх умовах найбольшых поспехаў і вядомасці дабіваліся перш за ўсё выдатныя аратары і проста дэмагогі. Уласаў ні да першых, ні да другіх не належаў. Таму і роля яго ў Беларускім пасольскім клубе здавалася малазначнай. Аднак жа ён заўсёды стараўся змякчыць супярэчнасці паміж сябрамі клуба, а таксама імкнуўся супрацьстаяць яго залішняй радыкалізацыі. У канцы 1924 г., у сувязі з развіццём партызанскага руху ва ўсходніх ваяводствах Польшчы, сур'ёзна абмяркоўвалася магчымасць дэманстрацыйнага складання ўсімі беларусамі і ўкраінцамі дэпутацкіх паўнамоцтваў і пераходу да больш радыкальных спосабаў барацьбы. Аляксандр Уласаў паставіўся да гэтай ідэі непрыхільна і разам з некалькімі іншымі парламентарыямі пратэставаў на паседжанні клуба 20 кастрычніка 1924 г. супраць падобных дзеянняў [4, sygn. I.303.4.5230, k. 87]. У выніку складанне паўнамоцтваў было спачатку адкладзенае, а пасля наогул прызнанае немэтазгодным [4, sygn. I.303.4.5230, k. 150].

Уласаў належаў да тых сяброў БПК, якія доўга захоўвалі веру ў магчымасць дасягнення пэўных саступак на карысць беларусаў з боку палякаў. У лютым 1924 г. ён разам са старшынёй клуба Б. Тарашкевічам стаў адным з сузаснавальнікаў Польска-беларускага таварыства. Гэты крок аказаўся палітычна недальнабачным і прывёў да абвастрэння рознагалоссяў у беларускіх асяродках, у першую чаргу ў парламенцкай фракцыі. Рэшта беларускіх парламентарыяў ўспрыняла дзеянні Тарашкевіча і Уласава амаль як здраду беларускай справе і выступіла з асуджэннем іх у прэсе [5, c. 74-75]. Тарашкевічу гэта гісторыя каштавала пасады старшыні клуба, Уласаву аўтарытэту яна таксама не дадала.

Малавывучаным застаецца пытанне, у якой ступені Уласаў аказаўся заангажаваны ў акцыю Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), якая дасягнула асаблівага ўздыму на заходнебеларускіх тэрыторыях у 1926-1927 гг. Ён не далучаўся да фракцыі БСРГ, застаючыся перакананым праціўнікам расколу беларускага парламенцкага прадстаўніцтва. На сумеснай нарадзе ўсіх беларускіх паслоў 10 сакавіка 1926 г. Уласаў указваў на тое, што "для карысці агульнай беларускай справы належыць безумоўна пазбыцца партыйнасці хаця б на час выбараў у новы Сейм" [6, спр. 195, а. 18]. Аднак жа вядома, што да дзейнасці Грамады Уласаў ставіўся дастаткова прыхільна, і некаторыя паседжанні грамадоўскага кіраўніцтва нават адбываліся ў яго фальварку ў Мігаўцы ў Вілейскім павеце [4, sygn. I.303.4.5230, k. 237]. Гэта, праўда, не сведчыць пра тое, што ўсе працэсы, якія адбываліся ўнутры Грамады, у першую чаргу праяўленне камуністычных тэндэнцыяў, ім безагаворачна прымаліся. З БСРГ ў той час у той перыяд у той ці іншай меры супрацоўнічала шмат беларускіх дзеячоў з дастаткова насцярожаным стаўленнем да камуністаў. Адзін з такіх дзеячоў, Антон Луцкевіч, праз некалькі гадоў засведчыў: "Мы […] ў вялікай сваёй частцы ў 1926-1927 гг. стаялі блізка да "Грамады". Бачылі ў ёй масавы беларускі рух. Але супрацьстаялі тады і сёння па-ранейшаму з усёй сілай і энэргіяй супрацьстаім спробам маскоўскіх агентаў, каб рух беларускага народу, яго кроў выкарыстаць для іх партыйных мэтаў, чужых нашаму народу" [7, спр. 30, а. 15-16].

Пра тое, што Уласаў меў падобныя погляды, можа сведчыць пазіцыя, занятая ім падчас выбараў 1928 г., ужо пасля разгрому Грамады. Гэта быў адзіны раз, калі Уласаў паспрабаваў выйсці на першыя пазіцыі ў беларускім палітычным руху, стварыўшы ўласны перадвыбарчы спіс з найбольш памяркоўных дзеячоў з ліку былых грамадоўцаў. Такую пазіцыю Уласава можна патлумачыць яго разуменнем, што залішняя радыкалізацыя беларускага руху і ўсё большае апанаванне яго камуністамі выклікае толькі ўзмацненне рэпрэсіяў з боку дзяржаўных органаў Польшчы ў дачыненні не толькі палітычных, але і культурна-адукацыйных арганізацыяў. У той жа час было відавочным, што, нягледзячы на ўздым палітычнай актыўнасці беларускага сялянства ў 1926-1927 гадах, да свядомай і паслядоўнай палітычнай барацьбы яно яшчэ не было гатовае. Падобных поглядаў прытрымоўваліся і некаторыя іншыя вядомыя дзеячы, напрыклад, Я.Станкевіч на Віленшчыне і М.Чатырка на Наваградчыне.

19 студзеня 1928 г. на паседжанні ў Вільні быў заснаваны Цэнтральны беларускі незалежны выбарчы камітэт (ЦБНВК) пад старшынствам Уласава, за мэту дзейнасці якога было прадэклараванае правядзенне дэпутатаў у Сейм і Сенат. Віцэ-старшынёй камітэта стала пляменніца Уласава Вера Тарашкевіч, жонка Б.Тарашкевіча [6, спр. 214, а. 4]. У якасці перадвыбарчых працаўнікоў меркавалася задзейнічаць блізкіх Уласаву сяброў ТБШ, настаўніцкі персанал Радашковіцкай беларускай гімназіі і групу віленскіх метадыстаў, з якімі А. Уласаў меў сталыя кантакты [4, sygn. I.303.4.2706, k. 8]. Наогул жа Уласаў ад пачатку сваёй кампаніі разлічваў дасягнуць больш шырокай падтрымкі сваёй ініцыятывы. Пра гэта можа сведчыць, у прыватнасці, дайшоўшы да нас праект дзяржаўнага спісу ЦБНВК ў Сейм, на якім фігуруюць 26 асоб, сярод іх такія вядомыя беларускія дзеячы, як усе 4 арыштаваныя паслы Грамады, Ф.Стацкевіч, Р.Шырма, А.Луцкевіч і інш. [6, спр. 214, а. 16]

Пытанне фінансавання выбарчай кампаніі вырашалася рознымі шляхамі. Па звестках польскіх спецслужбаў, дзеля здабыцця грошай на вядзенне кампаніі Уласаў праводзіў перамовы з польскімі сацыялістамі і ў рэшце рэшт атрымаў ад іх пэўную дапамогу. Тая ж крыніца сведчыць, што Уласаў выступаў пасярэднікам пры падобных перамовах з мэтай атрымання сродкаў на выбарчую кампанію Я.Станкевіча [4, sygn. I.303.4.2706, k. 8]. Ёсць сведчанні і аб спробах Уласава прынамсі маральна падтрымаць на выбарах у Наваградчыне М.Чатырку [8, c. 134].

Лёс уласаўскага выбарчага спісу быў вельмі заблытаны і цяжкі. Уласаву не ўдалося прыцягнуць да ўдзелу ў ім аўтарытэтных беларускіх дзеячоў. Пад ціскам крытыкі ён на пэўны час адмовіўся ад ідэі ўласнага спісу, пра што нават зрабіў афіцыйную заяву. Праз некаторы час, аднак, змяніў сваё рашэнне і выставіў выбарчы спіс у Сенат у адзінай, Віленскай акрузе са сваім прозвішчам на першай пазіцыі [4, sygn. I.303.4.2706, k. 8].

Адносіны іншых беларускіх палітычных сілаў да выстаўлення Уласавым сенацкага спісу былі неадназначныя. Так, частка былых грамадоўцаў разгарнула супраць Уласава моцную агітацыю, называючы яго «здраднікам і ворагам сялянска-рабочай справы, які разбівае фронт працоўнага народу» [4, sygn. I.303.4.2706, k. 8]. Аднак многія былыя сябры БСРГ ў той час яшчэ не вызначыліся са сваёй будучай палітычнай арыентацыяй і маглі хітнуцца ў любым накірунку. Нават у КПЗБ адзін час сур'ёзна разглядалася магчымасць галасавання за спіс Уласава і нават зняцця ўласнага спісу ў Віленскай акрузе на яго карысць [7, спр. 191, а. 41]. Ёсць звесткі, што пытанне аб падтрымцы Уласава ў свой час было нават пастаўленае на галасаванне Віленскага сакратарыяту і аднагалосна прынятае [7, спр. 179, а. 7]. Магчыма, не ў апошнюю чаргу таму, што ён «не быў ні камуністам, ні грамадоўцам, але ўсе яму давяралі - і камуністы, і грамадоўцы, як вельмі пэўнаму і сумленнаму чалавеку» [9, c. 16].

Заходнебеларускія камуністы, аднак, ніколі не маглі прымаць рашэнні, зыходзячы толькі са сваіх сімпатыяў і антыпатыяў. Іх ініцыятыва была асуджаная вышэйшым кіраўніцтвам. Рэзка выступілі супраць Уласава і нацыянальна скіраваныя беларускія арганізацыі, якія далучыліся да новастворанага БНМ. Уласаў са сваім спісам практычна застаўся ў ізаляцыі, без сур'ёзных саюзнікаў і матэрыяльных сродкаў. У выніку яго Спіс беларускага працоўнага народу пацярпеў поўнае паражэнне, здабыўшы ўсяго 1.146 галасоў выбарнікаў (0,6%) [10, s. 196-197].

Пасля няўдачы на выбарах Уласаў поўнасцю пакідае палітычную дзейнасць, працягваючы нейкі час культурна-асветніцкую. Хутка, аднак, радыкалы выпхнулі яго з ТБШ, а пасля закрыцця ў 1929 г. Радашковіцкай гімназіі, у якую Уласаў уклаў шмат часу і сілаў, ён наогул "траціць гумар, гасне" [9, c. 16]. Ад гэтага часу ён практычна нават у любімай ім культурнай дзейнасці адыходзіць на другі план.

Такім чынам, А.Уласава цяжка прылучыць да ліку найбольш паспяховых заходнебеларускіх палітыкаў міжваеннага перыяду. Ён не меў неабходных для сапраўднага палітыка асабістых якасцяў, не валодаў майстэрствам закулісных інтрыг, не заўсёды добра адчуваў палітычную кан'юнктуру. Таму яго дасягненні ў гэтай сферы былі больш сціплыя, чым у галіне культурна-асветніцкай дзейнасці. Аднак сенатарскі мандат даваў Уласаву вялікія паўнамоцтвы, якія з поспехам выкарыстоўваліся для аблягчэння правядзення розных непалітычных мерапрыемстваў, а таксама для абароны правоў беларускага насельніцтва перад польскімі ўладамі. Таму сенатарства Уласава дагэтуль памятаецца яго землякам з Мігаўкі і навакольных вёсак: "Аўлас, як вядома, у тым сейме бараніў Беларусь, хацеў, каб яна была знаная і паважаная ўсім светам. Роўная сярод роўных […] За Беларусь усё там біўся. Дык палякі яго адтуль выкінулі…" [11].

Літаратура

1.Перадавіца // Наша ніва. - 1912. - 27(10) верасьня.

2. Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991: Энцыклапедычны даведнік: У 3 т. Т. 2. Лавіцкі-Ятаўт. - Мн., 2003.

3. Rzepeccy T. i W. Sejm i Senat 1922-1927. - Poznań, 1923.

4. Сentralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie. Oddział II Sztabu Generalnego.

5. Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс. - Мн., 1996.

6. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3. Воп. 1.

7. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 242-п. Воп. 1.

8. Михалевская В. Д. В деревнях Новогрудчины // Годы испытаний и мужества (сост. Орехво Н. С., Сташкевич Н. С.). - Мн., 1973.

9. Ніжанкоўская В. Пра Аляксандра Уласава // Спадчына. - 1995. - № 3.

10. Rzepeccy T. i K. Sejm i Senat 1928-1933. - Poznań, 1928.

11. Асабісты архіў Уладзіміра Содаля.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX