Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Беларускія паланафільскія арганізацыі у Польшчы ў 1922 г. 


Аўтар: Пашкевіч А. В.,
Дадана: 28-10-2011,
Крыніца: Пашкевіч А. В. Беларускія паланафільскія арганізацыі і дзеячы падчас парламенцкіх выбараў у Польшчы ў 1922 г. // Problemy cywilizacyjnego rozwoju Bialorusi, Polski, Rosji i Ukrainy od konca XVIII do XXI wieku / Pod redakcja Piotra Franaszka, Aleksandra N. Nieczuchrina. Krakow: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagiellonskiego, 2007. S. 161–164.



БЕЛАРУСКIЯ ПАЛАНАФIЛЬСКIЯ АРГАНIЗАЦЫI І ДЗЕЯЧЫ ПАДЧАС ПАРЛАМЕНЦКIХ ВЫБАРАЎ У ПОЛЬШЧЫ Ў 1922 Г.

На лістапад 1922 г. былі прызначаны выбары ў польскі парламент. У гісторыі адноўленай Польшчы яны былі ўжо другімі (першыя адбыліся ў 1919 г.), але насельніцтва паўночна-ўсходніх ваяводстваў (Заходняй Беларусі) брала ўдзел у падобнага роду мерапрыемствах упершыню.

Беларускія нацыянальныя партыі і арганізацыі, якія дзейнічалі ў той час на тэрыторыі Польшчы, падчас гэтых выбараў здолелі дасягнуць найвышэйшага за ўвесь міжваенны перыяд узроўню нацыянальнай згуртаванасці. Большая іх частка далучылася да Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта (БЦВК), які праводзіў сваю кампанію ў складзе Блока нацыянальных меншасцяў (БНМ) Польскай Рэспублікі.

Нешматлікія заходнебеларускія палітыкі, якія адмовіліся далучыцца да БНМ, у асноўным прадэкларавалі сваю паланафільскую арыентацыю. Яны ўжо ў самым пачатку выбарчай кампаніі пастараліся звярнуць на сябе ўвагу польскага урада, разлічваючы атрымаць ад яго матэрыяльную падтрымку сваіх дзеянняў. Пры гэтым яны выстаўлялі сябе ў якасці рэальнай альтэрнатывы палітыкам, аб'яднаным у БНМ. Неўзабаве пасля стварэння апошняга, у канцы жніўня 1922 г., два вядомыя беларускія дзеячы-паланафілы, Я.Ладноў і Л.Дубейкаўскі (апошні першапачаткова ўваходзіў у склад БЦВК), выслалі да польскага ўрада мемарандум, у якім, сярод іншага, адзначалі: "Шматразова, аж да сённяшняга дня, мы прасілі ў Вас падтрымкі дзеля супрацьдзеяння арганізацыі нямецкага блока. Адказам на гэта было маўчанне. Да 8 верасня г. г. арганізацыю блока яшчэ можна прадухіліць, калі польскія ўрад і грамадства маральна падтрымаюць нас і дадуць беларуска-ўкраінскаму блоку пазыку на выбары ў сейм і сенат. Калі ж нямецка-габрэйскі блок стане здзейсненым фактам, група беларусаў, прадстаўленая Дубейкаўскім і Ладновым, якая арыентуецца на Польшчу і Францыю, вымушана будзе прызнаць, што не ішла шляхам рэальнай палітыкі, і завяршыць сваю палітычную дзейнасць. Наша група будзе вымушана саступіць тым, якія бачаць ратунак у саюзе з Наўманам і Грынбаўмам (арганізатары БНМ адпаведна з нямецкага і габрэйскага бакоў - А. П.)" [1].

Цяжка сказаць, наколькі паўплываў гэты мемарандум на пазіцыю вышэйшых дзяржаўных уладаў Польшчы. Аднак выказаныя ў ім меркаванні у цэлым супадалі з думкай самога тагачаснага начальніка дзяржавы Ю.Пілсудскага, які хацеў, "каб у сейм увайшло з крэсаў як найбольш палякаў, а з іншых нацыянальнасцяў па меры магчымасці толькі асобы, прыхільныя да польскай дзяржаўнасці" [2, s. 81-82].

Дзеля рэалізацыі гэтых намераў 23 верасня 1922 года на з'ездзе ў Баранавічах было створана Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах (ДзАК), на чале якога стаў родны брат Пілсудскага. Арганізацыйны з'езд прайшоў у вельмі ўрачыстай атмасферы, сярод іншых на ім прысутнічалі мінскі каталіцкі біскуп З.Лазінскі і валынскі праваслаўны арцыбіскуп Дыянісій. З новаствораным аб'яднаннем першапачаткова звязваліся спадзяванні, што "з яго народзіцца цэлы напрамак польскай дзяржаўнай палітыкі, абаперты на згуртаванні розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, якія жывуць на крэсах". Выказваліся надзеі, што арганізацыя стане на гэтай тэрыторыі "апірышчам здаровай дзяржаўнай думкі" [3, s. 2].

Аднак негатыўны досвед польска-беларускіх адносін папярэдніх гадоў прадвызначыў будучую няўдачу ДзАК у справе прыцягнення ў свае шэрагі беларускіх нацыянальных дзеячоў. Да яго далучыліся толькі ўжо здыскрэдытаваныя палітыкі, якія бачылі ў Польшчы "адзіную апору свайго існавання" і выказвалі давер "шляхетнаму начальніку польскага народа, паляку крэсовага паходжання, маршалу Юзэфу Пілсудскаму" [4, s. 14].

Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах адразу ж уключылася ў перадвыбарчую барацьбу. У яго выбарчай праграме былі прадугледжаны падзел зямлі паміж сялянамі, адбудова знішчаных гарадоў і вёсак, паляпшэнне побыту рабочага класа, чыноўнікаў, настаўнікаў і святарства, дапамога вайсковым інвалідам, удовам і сіротам, адчыненне нацыянальных школ, свабода рэлігійных вызнанняў, абарона Польшчы ад знешніх ворагаў, згода і ўзаемная дапамога ўсіх грамадзян краіны і г. д. [4, s. 15-16]. Але галоўнай сваёй задачай ДзАК паставіла супрацьдзеянне выбарчай кампаніі Блока нацыянальных меншасцяў. Найбольш вядомы эпізод супрацьстаяння гэтых палітычных сілаў адбыўся на з'ездзе прадстаўнікоў беларускіх павятовых і гмінных выбарчых камітэтаў Наваградскай акругі, які адбыўся 27 верасня 1922 г. ў Баранавічах. На гэты з'езд з'явіліся каля 40 дэлегатаў з мандатамі гмінных (па 1 чалавеку) і павятовых (па 2 чалавекі) камітэтаў. Прыхільнікі ДзАК С.Булак-Балаховіч, В.Адамовіч, Я.Шурпа, Р.Зямкевіч і іншыя такіх мандатаў не мелі, аднак таксама ўзялі ўдзел у з'ездзе, прытым актыўна намагаліся яго апанаваць. Адбылася вострая дыскусія, падчас якой выступалі як прыхільнікі БНМ (В.Рагуля, М.Амельяновіч і М.Кахановіч), так і прыхільнікі ДзАК (С.Булак-Балаховіч, А.Паўлюкевіч і Р.Зямкевіч). Дыскусія ў рэшце рэшт скончылася расколам з'езда. Прыхільнікі БНМ пакінулі залу паседжанняў і на другі дзень сабраліся ў іншым месцы [5, c. 2]. Варта адзначыць, што і ў далейшым паланафільскія дзеячы стараліся па магчымасці наведваць перадвыбарчыя мерапрыемствы БНМ і схіляць беларускіх выбаршчыкаў на сваю карысць. Вядома, напрыклад, пра прысутнасць Я.Міткевіча і В.Адамовіча на з'ездзе прыхільнікаў БНМ у Брэсце, дзе абодва гэтыя дзеячы выступілі з антыблокавымі прамовамі [6, s. 3]. Пры гэтым многія беларускія паланафілы, асабліва С.Булак-Балаховіч і В.Адамовіч, вялі агітацыю падкрэслена груба, не спыняючыся перад адкрытымі пагрозамі сваім апанентам [6, c. 2; 7, c. 16]. У тагачасных палітычных умовах гэта не дадавала ім папулярнасці і ўмела выкарыстоўвалася ў контрагітацыі.

Акрамя ўсяго гэтага, і без таго малаўплывовыя беларускія паланафільскія сілы яшчэ больш аслабляліся іх унутранай раз'яднанасцю. Яшчэ падчас з'езда ў Баранавічах, пасля сыходу прыхільнікаў БНМ, іх апаненты "распачалі свой сход, але скора пасварыліся паміж сабою і ні да чаго не дайшлі" [5, c. 2]. У якасці раскольніка ў самім паланафільскім асяроддзі выступаў вядомы дзеяч А.Паўлюкевіч, які зрабіў спробу выступлення асобна ад іншых арганізацый з падобнай ідэалогіяй, праводзячы з імі дыскусіі. Так, арганізаваны Паўлюкевічам перадвыбарчы з'езд у Лунінцы, які адбыўся ў сярэдзіне кастрычніка 1922 г., адзначыўся канфліктам яго арганізацыі з Аб'яднаннем беларускіх актывістаў Я.Міткевіча і сялянскай партыі "Зялёны дуб" В.Адамовіча (Дзергача) [8, s. 2].

Па пакуль дакладна невядомых меркаваннях у Лідскай і Віленскай выбарчых акругах замест спіса Дзяржаўнага аб'яднання на крэсах (на Віленшчыне - паралельна з ім) было вырашана выставіць асобныя беларускія спісы пад назвай "Аб'яднанне беларускіх беспартыйных актывістаў і "Зялёнага дуба"" (АББАіЗД). У Віленскай акрузе на першых двух месцах сеймавых спісаў Аб'яднання стаялі псаломшчыкі Я.Стракоўскі і І.Пешка, на трэцім - селянін А.Занямонец, а на чацвёртым - чыгуначнік С.Ярушэвіч [9, a. 4]. У спісе ў Лідскай акрузе першым ішоў В.Адамовіч (Дзяргач), затым Д.Камінскі, С.Ярушэвіч і А.Нарга [10, s. 3]. На сенацкім спісе ў Віленскім ваяводстве былі размешчаны 2 кандыдаты: палкоўнік Д.Якубоўскі і ўжо згаданы Я.Стракоўскі [9, a. 15].

Беларускія нацыянальныя партыі вялі шырокамаштабную агітацыю як супраць ДзАК, так і супраць АББАіЗД. Агітацыя пачалася адразу пасля вераснёўскага беларускага з'езда ў Баранавічах. Ужо 28 верасня 1922 г. прадстаўнікі выбарчых камітэтаў Наваградчыны прынялі рэзалюцыю з асуджэннем дзейнасці Булак-Балаховіча і яго паплечнікаў. Падобная рэзалюцыя была прынята і на аналагічным з'ездзе ў Лідскай выбарчай акрузе. Пасля гэтага ў беларускай прэсе рэгулярна з'яўляліся рэзка крытычныя ў дачыненні да дзеянняў паланафілаў публікацыі пад характэрнымі назвамі: "Бацька Балаховіч рабуе наш Край!", "Генарал Балаховіч зьбянтэжыўся", "Падшывальцы". Напрыканцы выбарчай кампаніі у абедзвюх віленскіх беларускіх газетах таго часу - "Беларускім звоне" і "Biełaruskaj Krynicy" - быў змешчаны артыкул пад назвай "Здраднікі Бацькаўшчыны", у якім у самых чорных фарбах апісвалася дзейнасць С.Булак-Балаховіча, Я.Міткевіча і В.Адамовіча (Дзергача). Аднак і без гэтай контрагітацыі прапаганда дзеячоў-паланафілаў не мела поспеху сярод беларускага насельніцтва, у першую чаргу па прычыне іх дрэннай асабістай рэпутацыі.

У выніку выбараў усе спісы, якія падтрымлівалі беларускія паланафілы, атрымалі сакрушальнае паражэнне. ДзАК не здолела здабыць аніводнага мандата на выбарах у сейм. У Брэсцкай акрузе яно набрала 8816 галасоў (пры патрэбных 13598), у Пінскай - 3527 (пры патрэбных 17667), у Наваградскай - 11501 (пры патрэбных 14951), у Віленскай - 6489 (пры патрэбных 13064), у Свянцянскай - 1141 (пры патрэбных 14183). Сенацкія выбары ў Палескім ваяводстве прынеслі яму 1106 галасоў (пры патрэбных 20412), а ў Віленскім - 617 (пры патрэбных 22133). Толькі ў Наваградскім ваяводстве аб'яднанне здабыло 31860 галасоў выбаршчыкаў і адзіны сенатарскі мандат. Яшчэ больш адчувальную паразу атрымала Аб'яднанне беларускіх актывістаў і "Зялёнага дуба" - за яго спісы на выбарах у сейм у Лідскай акрузе было аддадзена ўсяго 50 галасоў, а ў Віленскай - 21. Не нашмат больш галасоў атрымалі "актывісты" і падчас сенацкіх выбараў на Віленшчыне - 46 [11, s. 334, 336, 338, 341, 344, 349, 445, 447, 451].

Такія вынікі сведчылі пра відавочную маргінальнасць паланафільскага напрамку ў беларускім нацыянальным руху. Гэта сярод іншага сведчыла пра буйныя пралікі ў польскай нацыянальнай палітыцы, у выніку чаго на супрацоўніцтва з дзяржавай рашаліся толькі асобныя, практычна збанкрутаваныя палітычна беларускія дзеячы. Гэта пазней прызнавалі і польскія спецслужбы, канстатуючы, што "прычынай няўдач у дзейнасці паланафільскіх арганізацый была перш за ўсё апора польскіх уладаў на ненадзейныя альбо неадпаведныя элементы… Разняволены індывідуалізм, хваравітыя амбіцыі людзей, якія зусім не дараслі да заняцця падобнага роду пасад, магчыма, наогул пераўзыходзячых іх асабістыя магчымасці - такія былі рысы гэтых псеўдадзеячоў… з якімі нам выпала пачаць працу" [12, s. 105-106].


1. Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2664.

2. Nowak J. Wspomnienia z ławy rządowej. - Kraków, 1938.

3. Państwowe Zjednoczenie na Kresach // Kurjer Polski. - 1922. - 26 września. - Nr. 263.

4. Ładnow E. Przeciwko blokowi z Niemcami. - Baranowicze, 1922.

5. Перад выбарамі. Беларускі перадвыбарчы зьезд у Баранавічах // Беларускі звон. - 1922. - 7 кастрычніка. - № 24 (49).

6. Zjazd bloku mniejszości narodowych w Brześciu // Gazeta Wileńska. - 1922. - 8 października. - Nr. 227.

7. Рагуля В. Успаміны. - Менск, 1993.

8. Zjazd Białoruski w Łunińcu // Gazeta Wileńska. - 1922. - 15 października. - Nr. 233.

9. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3. Воп. 1. Спр. 213.

10. Kandydatury Białoruskich aktywistów i "zielonodubców" // Gazeta Wileńska. - 1922. - 6 października. - Nr. 225.

11. Rzepeccy T. i W. Sejm i Senat 1922-1927. - Poznań, 1923.

12. Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. - Warszawa, 1928.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX